Папярэдняя старонка: Дзярновіч Алег

План 'Новага Места' Мiнска 1804 г. 


Аўтар: Дзярновіч Алег,
Дадана: 20-03-2011,
Крыніца: Алег Дзярновіч. План “Новага Места” Мiнска 1804 г.: новая iканаграфiчная крынiца са збораў Мiнскага Кола Варшаўскага Таварыства Апекi над Помнiкамi Мінуўшчыны // Мінск і мінчане: дзесяць стагоддзяў гісторыі (да 940-годдзя горада): матэрыялы Міжнар. Навук.-практ. канф. (Мінск, 7—9 верас. 2007 г.). Мінск: Беларуская навука, 2008. С. 185—189.



Новая iканаграфiчная крынiца са збораў Мiнскага Кола Варшаўскага Таварыства Апекi над Помнiкамi Мінуўшчыны [1]

Мiнскае Кола Варшаўскага Таварыства Апекi над Помнiкамi Мінуўшчыны

Іканаграфічнае крыніца, якая рэпрэзэнтуецца і аналізуецца ў гэтай публікацыі, паходзіць са збораў матэрыялаў Мінскага Кола Варшаўскага Таварыства Апекі над Помнікамі Мінуўшчыны (Mińskie Koło Warszawskiego Towarzystwa Opieki nad Zabytkami Przeszłości; далей - Мінскае Кола). Таму мае сэнс крыху спыніцца на гісторыі гэтай арганізацыі, якая была ўтвораная ў 1916 г. ў мэтах выратавання і кансервацыі помнікаў. Але галоўнай задачай Мінскага Кола стала захавання ад вывазу ў глыб Расіі культурных каштоўнасцяў, якія былі, з пункту гледжання заснавальнікаў таварыства, важныя для польскай дзяржаўнасці. Гэта было звязанае з паспешлівай эвакуацыяй расійскіх установаў, інстытуцый і архіваў з абшараў заходніх губерній Расіі ў выніку наступу нямецкіх войскаў.

Мінскае Кола дзейнічала як філія Варшаўскага Таварыства Апекі Апекі над Помнікамі Мінуўшчыны, што паўстала ў 1906 і праіснавала да пачатку ІІ Сусветнай вайны ў 1939 г. Фактычна Мінскае Кола з 1918 г. замяніла сабою дзейсны на Міншчыне з сакавіка 1916 г. Аддзел Помнікаў пры Цэнтральным Грамадзянскім Камітэце (Centralny Komitet Obywatelski), створаным для апекі над польскімі уцекачамі з абшараў, што ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітае апынуліся пад прускай ці расійскай уладай. Сярод іншых, у склад Управы Мінскага Кола ўвайшлі Станіслаў Неканда Трэпка, Караль Біске, Ян Віткевіч, Станіслаў Дангель, Тадэўш Корзан, Ян Ельскі. У рамках інстытуцыі дзейнічала пяць секцый: мастацкая, архітэктурная, бібліятэчна-гістарычная, культурная, Старога Мінска. Галоўным чынам Мінскае Кола займалася інвентарызацыяй прадметаў, якія былі эвакуаваныя ці згубленыя на чыгунцы; падрыхтоўкай спісаў каштоўных матэрыялаў у правінцыі; складаннем бібліяграфіі польскіх публікацыяў і паланістычных матэрыялаў у расійскай прэсе; папулярызацыяй публікацыяў, якія мелі на мэце зазначэнне дасягненняў польскай навукі на тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага; арганізацыяй акцый вяртання культурных каштоўнасцяў і архіваліяў з абшараў Міншчыны і прылеглых тэрыторыяў; зборам матэрыялаў і захаваннем іх на спецыяльных складах.

Да 1918 г. Мінскае Кола накіравала на абшарах Мінскай губерні 50 ратавальных і інвентарызацыйных экспедыцый, наладзіла 2 мастацкіх выставы і 21 публічных лекцыі. Колькасныя паказчыкі дзейнасці арганізацыі ўражваюць - на склады Мінскага Кола было звезена каля 600 пакункаў, што ўтрымлівалі каля 36 тыс. прадметаў: гравюр, абразоў, шкляных вырабаў, зброі і г. д., а таксама архіўных матэрыялаў. Выключна польская арыентацыя таварыства прывяла да стратаў для Беларусі вялікай колькасці каштоўнасцяў. У лістападзе 1918 г., пасля адыходу з Мінска нямецкіх войскаў, Кола арганізавала "3 транспарты" да Варшавы. Вывезеныя прадметы былі размешчаныя там у спецыяльных складах. Агулам Мінскаму Колу ўдалося вывесці 255 скрыняў (9 вагонаў) матэрыялаў [2].

Пасля заняцця Мінска Чырвонай Арміяй частка дзеячоў Мінскага Кола, каб працягваць справу рэвіндыкацыі (вывазу ў Варшаву мінскіх каштоўнасцяў), утварыла так званую Калегію Старажытнасцяў пры Камісарыяце Асветы. Рэшта ўдзельнікаў Мінскага Кола выехала ў Варшаву. У пачатку 1919 г. у Мінск прыбыла камісія, якая мелася заняцца далейшым лёсам сабраных на Міншчыне матэрыялаў. У склад камісіі ўваходзілі, між іншых, прадстаўнік Генеральнага камісара Ўсходніх земляў Уладзіслаў Рацкевіч, а таксама старшыня Мінскага Кола Станіслаў Неканда Трэпка. Увосень 1919 г. Мінскае Кола пераўтварылася ў Аддзел Помнікаў пры арганізацыі пад назваю Стража Крэсова, якая далейшыя рэвіндыкацыйныя працы праводзіла пры дапамозе войска. Аддзел Помнікаў забяспечываў захаванне, інвентарызацыю і арганізоўваў транспартыроўку да Варшавы сабраных матэрыялаў. Фактычным працягам дзейнасці Мінскага Кола стала праца Змешанай камісіі да спраў рэвіндыкацыі і рээвакуацыі польскай маёмасці, утворанай у выніку падпісання 18.03.1921 Рыжскай дамовы [3]. Мінскія каштоўнасці пры згодзе Савецкай улады метадычная працягвалі вывозіцца ў Варшаву.

У Варшаве з 1920-х гадоў вывезеныя каштоўнасці захоўваліся ў зборах Нацыянальнага Музея. У 1950-1951 гг. архіўная частка гэтых матэрыялаў, інвентарызаваных у Нацыянальным Музеі пад датамі 1495-1922 гг., была перададзеная ў Галоўны Архіў Старажытных Актаў (AGAD), дзе і захоўвацца ў нашыя дні.

Палеаграфічнае апісанне дакумента

План паўднёвай ускраіны Мінска Правы картуш плана. (Новае маста, Кашары, Ляхаўка) План 1804 г.. 1804 г. захоўваецца ў Галоўным Архіве Старажытных Актаў (AGAD, Варшава) у Фондзе 202 "Мінскага Кола Варшаўскага Таварыства Апекі над Помнікамі Мінуўшчыны" і мае сігнатуру № 47. Гэта арыгінал. Стан захавання добры. План выкананы на паперы ў аркуш (53,7 х 31 см) чорным атрамантам. Папера не мае філіграняў. План змешчыны ў рамку, якая адступае ад знешніх бакоў аркуша на 1,5-2 см. У часе захоўвання дакумент згінаўся ў 4 стосы па гарызанталі.

Уверсе злева пазначана арыентацыя плана па баках свету - павернутая да правага кута страла паказвае на Поўнач. Знізу злева і справа план упрыгожаны дзвюмя віньеткамі, унутры якіх змешчаны тлумачальныя тэксты. З правага боку: "MAPPA / Nowego miasta, Koszarow, / i Lachowki. Przez ucznow / Wyższych czterech Klass / wymierzona. Zawierająca / Włok 7, Mo[rgów] 25, Prę[tów] 34 y Pręc[ików]: 37 [4], / w Roku 1804 [5] M[iesą]cu Junij / Dnia 30 /" [6]. У віньетцы злева напісана: "Tę Mappę / Zrysował y Prze/niosł na Papier / Wincenty / Woyniewicz, Uczeń Klassy III".

Унізе пад планам сінім пастэльным алоўкам іншым почыркам зроблены надпіс "Mappa Miasta Mińska". Надпіс, праўдападобна, выкананы ў часы дзейнасці Мінскага Кола [7]. На адвароце аркуша маецца тлумачальная паметка, выкананая іншым почыркам (магчыма, ў ХІХ ст.): "Mappa Koszar i Lachowki, / Mińskie przedmiesci. 1804". Таксама на адвароце маецца адціснутая, круглая, выкананая атрамантам пячатка Мінскага Кола. Па акружнасці надпіс: "Warszawskie Towarz(ystwo) Opieki nad Zabytkami Przeszłości". Ва ўнутраным коле надпіс: "Koło Mińskie".

Паводле аркуша выкарыстання з планам знаёміліся беларускі даследчык Уладзімір Сосна (20.IV.1997) і польскі даследчык Міхал Міля (? Michał Mila) (24.ХІ.1998).

Тапаграфічныя рэаліі пачатку ХІХ ст. і іх карэляцыі з сучаснай горадабудаўнічай сітуацыяй

На плане адлюстраваны паўднёва-ўсходнія прадмесці Мінска - менавіта ў гэтым кірунку з пачатку ХІХ ст. Левы картуш плана. стаў актыўна развівацца горад уздоўж Свіслачы за мяжой былых умацаванняў. У гэтым кірунку знаходзіўся вялікі пагорак, зручны для жыллёвага будаўніцтва паводле санітарных прычынаў. Той пагорак і стаў ядром новай часткі Мінска - Новым Рынкам, ці Новым Местам (сёння Тэатральны сквер каля Купалаўскага тэатру). Сваю назву прадмесце атрымала ад новастворанай плошчы, на якой у нядзелі ладзіліся гарадскія кірмашы Раён Мінска, адзначаны на плане 1804 г. Сучасны план. [8] (да 1840-х гадоў) [9]. Жылыя кварталы гэтага раёну атрымалі простакутнюю форму і выразную геаметрычную сетку вуліц, утвораную шляхам працягу ў паўднёва-ўсходнім напрамку старажытных вуліц Дамініканскай (ад 1866 г. [10] Петрапаўлаўская, сёння Энгельса), Францішканскай (у далейшым Губернатарская, сёння Леніна) і Феліцыянскай (у далейшым Багадзельная, сёння Камсамольская). На ўсход, бліжэй да ракі, паралельна ім развіліся вуліцы Кашарская (ад 1866 г. Батальённая, ад 1882 г. Скобелеўская, сёння Чырвонаармейская) і Паліцэйская (Янкі Купалы). Перпендыкулярна гэтым новым вуліцам былі праведзеныя тры новыя: Магазінная (Кірава ад Свярдлова да Купалы), якая атрымала назву ад размешчаных непадалёк новых правіянцкіх складоў; Лошыцкая (у сярэдзіне ХІХ ст вул. Новага рынку - Бульвар, ад 1866 г. Базарная, ад 1870-х гадоў [11] Падгорная, цяпер Карла Маркса); Захараўская (праспект Незалежнасці ад вул. Камсамольскай да Янкі Купалы) [12]. Праўдападобна, правобраз гэтай новай тапаграфічнай структуры мы знаходзім у левай (паўночнай) частцы плана - з выразным акрэсленнем пагоркавага ландшафта. А менавіта, тут можна пабачыць трасіроўку будучай вуліцы Магазіннай, а таксама паўднёвыя працягі вуліцаў Францішканскай, Дамініканскай і будучых вуліц Кашарскай і Паліцэйскай (пералік зроблены паводле плану знізу ўверх). Відавочна, тут мы маем справу з пачатковым этапам планавання і развіцця Новага Места.

На ўсход ад Новага места знаходзілася прадмесце Кашары. Тут у выгіне ракі было выбранае месца будаўніцтва казармаў для сталага размяшчэння Растоўскага мушкецёрскага палка Смаленскай дывізіі [13]. Ад казармаў (кашараў) і паходзіць назва прадмесця. Таксама на Кашарскай плошчы Мінскі губернатар прымаў вайсковыя парады. Ужо на плане Мінска 1858 г. гэтая мясцовасць пазначаная, як "Деревянные казармы, занимаемыя ныне Военнымъ Гошпиталемъ» [14]. Як тапанімічны след тых часоў і сёння захаваўся завулак Казарменны. У пачатку ХХ ст. Кашары сталі прамысловым раёнам горада Пагорак на перакрыжаванні вул. Першамайскай і Чырвонаармейскай, адзначаны на плане 1804 г. Сучаснае фота. [15]. Усё прадмесце працінала вуліца Кашарская (сёння Чырвонаармейская). Але на плане 1804 г. яна яшчэ не пазначаная. Дакладней, гэтая вуліца не абазначаная на месцы самога прадмесця Кашары, але ў Новым Месцы назначаны распланаваны кавалак вуліцы, які потым стане працягам вул. Кашарскай. Пакуль жа на Плане мы бачым толькі шэраг пабудоваў казармаў, а таксама распланаваны на самым усходзе прадмесця сквер ля ракі (існуе і сёння).

Паўднёвей Кашараў (у паўднёва-ўсходнім кірунку ад Новага Места) знаходзіцца самая старажытная з трох адлюстарваных на плане 1804 г. часта Мінска - Ляхаўка. Мяркуецца, што назва мае этнічнае паходжанне [16] - гэтае прадмесце магло быць месцам кампактнага размяшчэння польскіх пасяленцаў (падобную назва, відавочна, маглі даць не палякі, а менавіта беларускае насельніцтва Мінска). Вёска Ляхава Лука фіксуецца на паўднёвай ускраіне горада ўжо ў XVI ст. [17] У XVIII ст. гэтая мясцовасць была вядомая ўжо як Ляхаўская Слабада (гл. План 1793 г.) [18]. У выніку развіцця прадмесця на працягу ХІХ ст. узніклі Верхняя Ляхаўка (сучасных трохкутнік вуліц магазіннай / Ульянаўскай, Каломенскай / Свярдлова і Беларускай) ды Ніжняя Ляхаўка (вакол сённяшняй вуліцы Кастрычніцкай, а таксама прырэчнай часткі вуліцы Магазіннай / Ульянаўскай). У канцы ХІХ ст. Ляхаўка стала важным фабрычным раёнам, чаму паспрыяла зручнае размяшчэнне раёна на беразе ракі і паблізу чыгункі Кашарская плошча. Выгляд з поўдня. Сучаснае фота. [19]. На Плане 1804 г. раён будучай Верхняй Ляхаўкі паказаны, як тэрыторыя з сенажацямі, ворнымі землямі і толькі з некаторымі будынкамі. Затое досыць выразна прарысаваны раён Ніжняй Ляхаўкі - на паўвостраве, у выгіне Свіслачы. Тут даволі падрабязна выяўлены маёнтак, вядомы таксама паводле Плану 1858 г. як двор Ляхаўскі [20]. Увогуле, маляўнічасць Свіслачы адзначалі многія аўтары ХІХ ст. Уладзіслаў Сыракомля пісаў, што "цудоўныя сенажаці аздабляюць яе берагі; дзе-нідзе дрэвы стаяць купамі, а дзе-нідзе адкрываецца від альбо на прыгожае прадмесце Ляхаўка, альбо на горад ці поле" Тыповая забудова пачатку ХХ ст. прадмесця Верхняя Ляхаўка (завулак Круглы, д. 2). Сучаснае фота. [21] (візуальная перспектыва з боку Губернатарскага парка / парка імя М. Горкага). "Берагі галоўнай ракі, яе затокі і рукавы ўтвараюць шмат дзе цудоўныя пейзажы; некалькі прыгожых пагоркаў аздабляюць раўніну, а багатая расліннасць вабіць пышнымі дрэвамі, весяліць выглядам багатай збажыны і пашы... Рака Свіслач плыве то па зялёнай сенажаці, засланяючыся вянком прыгожых вольхаў, то перарываючыся доўгім мостам, перакінутым праз яе затокі. І ўсё гэта разам стварае непаўторны, запамінальны малюнак. Спічакі касцёлаў і гмахі, што здалёк кідаюцца ў вочы, надаюць Мінску выгляд горада нашмат большага, чым ёсць ён на самой справе" [22].

Таксама на Плане 1804 г. выразна прасочваецца трасіроўка будучай вуліцы Ніжне-Ляхаўскай (цяпер Кастрычніцкай), што праходзіла якраз праз маёнтак. Частка гэтай вуліцы быў мост праз Свіслач на прох апорах (падобна, што прыблізна ў гэтым месцы праходзіць і сучасны мост). Паўднёвей, на правым беразе Свіслачы заўважна трасіроўка вул. Верхне-Ляхаўскай (? у канцы ХІХ ст. Круглай, сучасная Беларуская) [23].

Варта прыгадаць яшчэ адзін важны гістарычны аб'ект, які месціўся ў названых прадмесцях Мінска - на беразе Свісласы, на своеасаблівай мяжы Кашараў і Ляхаўка (у раёне сучаснага рэстарана "Старое рэчышча") знаходзілася паганскае капішча, якое паводле этнаграфічных матэрыялаў [24], дзейнічала яшчэ ў самым пачатку ХХ ст. Культавы камень Дзед, або Старац, цяпер захоўваецца ў мінскім Музеі валуноў, а тэрыторыя самога капішча ад 1994 г. унесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі (шыфр ІаІЕ400069) [25].

Калі паглыбляешся ў гісторыю мінскіх вуліц і прадмесцяў, пачынаеш вастрэй адчуваць, наколькі ненатуральнымі з пункту гледжання гісторыі горада і палітычна кан'юнктурнымі з'яўляюцца некаторыя тапанімічныя назвы ХХ ст. - яны не ўлічваюць ні абставінаў паходжанне вуліц, ні ландшафтныя асаблівасці розных частак горада, ні сацыяльна-эканамічныя аспекты іх развіцця. План паўднёвых прадмесцяў Мінска 1804 г. зноў звяртае нашую ўвагу на неабходнасць паважлівага і ашчаднага стаўлення да тапанімічнай спадчыны Мінска.



[1] Архіўная праца ў Варшаве стала магчымаю дзякуючы дапамозе "Касы Мяноўскага" - Фундацыі Падтрымкі Навукі, за што аўтар выказвае падзяку гэтым інстытуцыям.

[2] Archiwum Główne Akt Dawnych. Zespół 202. Zbiór materiałów Mińskiego Koła Warszawskiego Towarzystwa Opieki nad Zabytkami z lat 1804-1908. Inwientarz (opracowała Dorota Lewandowska). S. 1.

[3] Гэтыя пытанні падрабязней асветлены: Sprawozdanie Wydziału Zabytków Straży Kresоwej // Wschód Polski. 1920, Nr. 6-7; Sochaniewicz K. Sprawa rewindykacji archowów i mienia kulturalnego Polski od Rosji // Wschód Polski. 1921, Nr. 8-9; Szwankowski E. Archiwum Miejskie w Warszawie // Straty bibliotek i archiwów warszawskich w zakresie rękopiśmiennych źródeł historycznych. T. 2. Warszawa, 1956.

[4] Зямельныя меры і адзінкі абкладання: 1 валока складалася з 20 маргоў, або 9000 прутоў (21,36 га). 1 прут, як адзінка вымярэння даўжыні і плошчы, складаўся з 10 пруцікаў; як зямельная мера ўяўляў сабой простакутнік памерам 1 шнур х 1 пруцік (23,72 м 2). Гл.: Baraniecki M. A. O miarach prawnych i zwyczajowych w Polsce // Wschechświat. 1883, T. 4, z. 44; Скурат К. У. Даўнія беларускія меры (лексічны аналіз). Мн., 1974.

[5] Словы "Roku 1804" падкрэсленыя чырвоным пастэльнымс алоўкам, праўдападобна, супрацоўнікамі Мінскага Кола ў пачатку ХХ ст.

[6] Польскія тэксты ХІХ ст. падаюцца ў арыгінальным напісанні, без пазначэння дыякрытычнага знака над ó.

[7] Надпісы і паметы, зробленыя чырвоным і блакітным алоўкам, былі выкананыя ўдзельнікамі Мінскага Кола пад час апрацоўкі і вывазу матэрыялаў у Варшаву, гл.: AGAD. Zespół 202. Zbiór materiałów Mińskiego Koła Warszawskiego Towarzystwa Opieki nad Zabytkami z lat 1804-1908. Inwientarz. S. 3.

[8] Шпилевский П. М. Путешествие по Полесью и Белорусскому краю. Мн., 1992. С. 149.

[9] Минск: Исторический очерк. Мн., 1994. С. 25. Тут публікуецца ўрывак тэксту з выдання: Россия: полное географическое описание нашего отечества / Под ред. В. П. Семенова. Т. 9. Верхнее Поднепровье и Белоруссия. Спб., 1905.

[10] Гісторыя Мінска. Мн., 2006. С. 220.

[11] Гісторыя Мінска. С. 221.

[12] Пазняк З. Рэха даўняга часу. Мн., 1985. С. 74.

[13] Гісторыя Мінска. С. 215.

[14] Гісторыя Мінска. С. 184-185.

[15] Гл. падрабязней: Чернявская Т. И., Петросова Е. Ю. Памятники архитектуры Минска XVII - начала ХХ в. Мн., 1984. С. 122-123.

[16] Гісторыя Мінска. С. 227.

[17] Дулеба Г. І., Чарняўская Т. І. Забудова вуліцы Кастрычніцкай // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Мінск. Мн., 1988. С. 92; Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1. Мн., 2001. С. 552.

[18] Гісторыя Мінска. С. 193.

[19] Гл. падрабязней: Чернявская Т. И., Петросова Е. Ю. Памятники архитектуры Минска XVII - начала ХХ в. С. 123-127. Гл. здымкі Ляхаўкі таго часу: Мінск учора і сёння / Аўтар-складальнік В. І. Каляда. Мн., 1989. С. 168, № 249; Шибеко З. В., Шибеко С. Ф. Минск: Страницы жизни дореволюционного города. Мн., 1990. С. 23, 39. Апісанне жылой драўлянай забудовы гл.: Лакотка А. І. Сілуэты старога Мінска: Нарысы дарўлянай архітэктуры. Мн., 1991. С. 67-70.

[20] Гісторыя Мінска. С. 184.

[21] Сыракомля Ул. Мінск: Беглы позірк на цяперашні стан Мінска // Сыракомля Ул. Добрыя весці: Паэзія, проза, крытыка. Мн.,1993. С. 329.

[22] Сыракомля Ул. Мінск. С. 322-323.

[23] Гл. план 1898 г.: Шибеко З. В., Шибеко С. Ф. Минск. Дадатак.

[24] Ляўкоў Э. А. Маўклівыя сведкі мінуўшчыны. Мн., 1992. С. 43-53; Кацар М. Паганскае капішча ў Менску ў ХІХ - пачатку ХХ ст. // Druvis. Almanach Centru etnakasmalogiji. № 1, 2005. C. 129-133.

[25] [Электронны рэсурс] Рэжым доступу: http://nashabelarus.iatp.by/Svod/spis-minsk.htm

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX