Папярэдняя старонка: Дзярновіч Алег

Літоўская мова ў Вялікім Княстве Літоўскім 


Аўтар: Дзярновіч Алег,
Дадана: 09-10-2012,
Крыніца: Палітычная сфера № 16-17(1-2), 2011. С. 115-143.

Спампаваць




Літоўская мова ў Вялікім Княстве Літоўскім: паміж функцыяй і статусам

Версія артыкула з малюнкамі ў PDF


Уводзіны, або казус 1529 года

На самым пачатку траўня 1529 года ад імя найвышэйшай судовай інстанцыі - «з росказанья господарского» - ураднікі (чыноўнікі) цэнтральнай і рэгіянальнай (Віленскага ваяводства) адміністрацыі Вялікага Княства Літоўскага накіравалі ў Эйшышскую воласць Лідскага павета (сёння ў складзе Салечніцкага раёна Віленскага павета Літоўскай Рэспублікі) судовага выканаўцу (дэцкага) Васіля Бяляніна. Той мусіў на месцы апытаць сведкаў наконт спрэчнай маёмаснай справы паміж баярынам гаспадарскім Пятром Сумарокам і падданым эйшышскім Сенькам Івашкавічам. Судовая інстанцыя, якую ўзначальваў маршалак гаспадарскі Мацей Войцехавіч Клочка , «приказали есьмо Сумороку и тому Сеньку Ивашковичу, абы наперодъ до тыхъ светъковъ ни одинъ з них не ездилъ, але бы ехали оба з децкимъ».
Сумарок жа адпрасіўся не ехаць разам, а застацца ў Вільні. Якое ж было здзіўленне дэцкага, калі па дарозе ў Эйшышкі ён спаткаў Сумарока, «аж он от светковъ едеть». Далей жа судовы чыноўнік пачаў пытаць у пазывальніка: «"Сумороче, где светъки", - и он ми указалъ светъковъ у березнику. Потомъ, кгды светки передо мною стали и хотели сознати справедливост(ь), и Суморокъ почалъ имъ говорити по-литовски (вылучана мной. - А. Дз.) передо мною и просилъ их: "Для Бога не вы дайте мя, а што есьми вамъ обецалъ, то дамъ, а вас в том не вы дамъ"». І дэцкі, «видячы несправедивость Суморокову, тых светъковъ есьми не пыталъ» (Lietuvos Metrika, 1995: 90, CXXI-CXXII, № 113). Дадамо, што Пётра Сумарок урэшце з-за спробы подкупу сведкаў прайграў у судзе сваю справу.
Гэтая, па-свойму ардынарная для свайго часу гісторыя, была зафіксаваная ў VI Кнізе судовых справаў Метрыкі ВКЛ. Але выпадкі, калі ў Метрыцы - матэрыялах Канцылярыі ВКЛ непасрэдна фіксуецца выкарыстанне літоўскай мовы, вельмі рэдкія. А вышэй прыведзеная цытата тым больш цікавая, што ілюструе працэдуру судовага працэсу.
Такім чынам, мы бачым, што ў першай палове XVI стагоддзя літоўская мова магла быць зразумелая для судовых чыноўнікаў, прынамсі некаторых з іх. Але дэцкі адмыслова паведаміў суду, што пазывальнік перайшоў на літоўскую мову, каб схаваць сутнасць размовы. У той жа час судовая дакументацыя вялася на мове, якая ў самой Метрыцы ВКЛ пазначалася як «руская». І адбывалася гэта яшчэ да зацвярджэння II і III Статутаў ВКЛ 1566 і 1588 гадоў, у якіх быў вызначаны афіцыйны статус мовы Канцылярыі ВКЛ.
Два адчуванні з'яўляюцца ў гэтай сувязі. Пры моцным жаданні мы можам казаць пра рэальную маргіналізацыю літоўскай мовы ў дзяржаве, якая мела назву Вялікае Княства Літоўскае. Пазывальнік у нашай гісторыі, Пётра Сумарок, сапраўды спадзяваўся, што чыноўнік, які прыехаў з Вільні, не зразумее літоўскай гаворкі. Іншы варыянт ацэнкі па дзеяў літоўская мова была рэальным фактарам грамадскага жыцця Вялікага Княства.

І. Жывая гаворка і крыптамова

XV стагоддзе дае нам прыклады выкарыстання літоўскай мовы ў палітычнай сферы, але на ўзроўні прыватных перамоваў, як гэта было на Луцкім з'ездзе манархаў у студзені 1429 года. У сваім лісце да Ягайлы ад 17 лютага 1429 года Вітаўт прыгадвае абставіны той сустрэчы. Калі Рымскі кароль Сігізмунд распачаў з польскім каралём гаворку пра каралеўскую каранацыю Вітаўта, а Ягайла пачаў пагаджацца, то асцярожны Вітаўт звярнуўся да свайго стрыечнага брата і караля наўмысна па-літоўску (як гэта было зафіксавана ў лацінскім дакуменце: «nos vero in lithwanico diximus ad vos») з прапановаю не спяшацца і параіцца з польскімі прэлатамі ды саноўнікамі (Codex epistolaris Vitoldi, 1882: 816, Nr. 1345).
Паводле справаздачы гданьскіх мяшчанаў, якія ў 1492 годзе прыбылі ў Вільню для сустрэчы з Казімірам Ягайлавічам і Панамі-Радаю ВКЛ, падчас перамоваў яны сутыкнуліся і з польскаю, і з літоўскаю, і з русінскаю (старабеларускаю) мовамі: «Daruff wart manchfaldig handelt gehat itzundt Polnisch, itzundt Lithows, itzundt Reuszch» (Hansisches Urkundenbuch, 1916: 364).
Грунтуючыся на гэтым выпадку сучасны літоўскі гісторык Артурас Дубоніс (2004: 209) сцвярджае, што «вусны варыянт літоўскай мовы стаў - можна з упэўненасцю падкрэсліць, - адной з моў дыпламатыі ва Усходняй і частцы Цэнтральнай Еўропы». Але, як бачым са звароту Вітаўта да Ягайлы, вялікі князь літоўскі наўмысна перайшоў на літоўскую гаворку ў размове з польскім каралём, каб не быць зразуметым іншымі, замежнымі ўдзельнікамі нарады. У гэтым выпадку літоўская мова выконвала функцыю не дыпламатычнай, а крыптамовы.
Але ж у самім Вялікім Княстве частка літоўскай эліты ў XV стагоддзі яшчэ дбала пра тое, каб гаспадар мог зразумець мову сваіх балтамоўных падданых. Дзякуючы польскаму храністу Яну Длугашу мы ведаем, што калі ў 1440 годзе з Кракава ў Вільню прыбыў новаабраны вялікі князь Казімір Ягайлавіч, мясцовая знаць занялася навучэннем гаспадара літоўскай мове і звычаям (мясцоваму праву): «Pauci qui remanserant, odio et arte Lithuanorum tempore succedente exclusi sunt, veriti, ne native affect plus esset Polonis quam Lithuanis affectus, officials Lithuanos adiungung et ipsum linguam et mores suos instruunt» (Dlugossii, 2001: 256). Якой «літоўскай мове» маглі навучаць маладога Казіміра ў Троках паводле ацэнак Длугаша? Выглядае, што літоўскай у сучасным разуменні тэрміну, бо ў лацінскай тэрміналогіі ды польскай традыцыі вельмі добра размяжоўвалася «літоўскае» і «рускае» (у абодвух выпадках датычнае Вялікага Княства Літоўскага ў XV стагоддзі). Падобна таксама, што для маладога каралевіча першай ад нараджэння ў 1427 годзе ў Кракаве была польская мова. Абранне ж Казіміра вялікім князем літоўскім сталася магчымым дзякуючы ўдзелу ў гэтай палітычнай інтрызе такіх важных родаў літоўскага паходжання, як Кежгайлы, Гаштольды і Радзівілы (Ochmański, 1982: 113).
Але ўжо ў XVI стагоддзі адбыўся адыход ад такой моўнай практыкі. Да сярэдзіны гэтага стагоддзя літоўская мова выйшла з ужытку пры вялікакняскім двары (Дубоніс, 2004: 211).

II. Пісьмовая мова катэхізацыі

Усе вышэй прыведзеныя прыклады тычыліся ўжывання вуснай мовы. Шэраг лінгвістаў мяркуе, што ўсе тыпы пісьма цалкам выхо дзяць за межы мовазнаўства і што гэтая навука мае абмежавацца вывучэннем толькі гукавай (гутарковай) мовы. Але канадскі даследнік Генры Алан Глісан праз сваю канцэпцыю дэскрыптыўнай лінгвістыкі даводзіць, што паміж маўленнем і пісьмом існуе цесная непарыўная сувязь (Глисон, 2002: 404). Пры вывучэнні і маўлення, і пісьма нярэдка выкарыстоўваюцца аднолькавыя метады, а іх структуры аказваюцца падобнымі ў шмат якіх аспектах. Усё ж неабходна вельмі выразна адмяжоўваць вуснае маўленне ад мовы пісьмовай і, у тым ліку ў гістарычных даследаваннях, асобна абумоўліваць гэты феномен пісьмовую мову.
Вядомыя нам прыклады першай пісьмовай фіксацыі літоўскай мовы ў ВКЛ на пачатку XVI стагоддзя былі спарадычныя - яны датычаць рэлігійнай сферы і паўсталі ў асяроддзі францішканаў (Зинкявичюс, 1996: 100). Найстаражытнейшым ёсць запіс паўсядзённых малітваў, зроблены на апошняй старонцы кнігі «Tractatus sacerdotalis», выдадзенай на лаціне для святароў у Страсбургу ў 1503 годзе. Гэтая кніга належала францішканскаму манастыру ў Вільні, і аўтар запісу, хутчэй за ўсё, быў манахам (Зинкявичюс, 1999: 30). Гэты тэкст знайшлі не так і даўно - у 1962 годзе ў Бібліятэцы Віленскага ўніверсітэта. Дыялекталагічны аналіз тэксту, калі верыць літоўскім даследнікам, указвае на паўднёвы ўсход Віленскага краю, на паласу Дзевянішкіс - Тробай - Лазунай і далей на тэрыторыю сучаснай Беларусі (Zinkevičius, 1988: 237-239).
Ужо ў апошняй чвэрці ХХ стагоддзя Сігітас Нарбутас знайшоў каля 100 кароткіх запісаў (асобных словаў і фразаў) па-літоўску, якія таксама паходзяць з пачатку XVI стагоддзя. Гэтыя запісы былі зробленыя ў лацінскай літургічнай кнізе, выдадзенай у 1501 годзе ў Ліёне (Narbutas, Zinkevičius, 1989: 325-336). Запісы выкананыя адною і тою ж рукою, і почырк нагадвае той, якім быў зроблены найстаражытнейшы літоўскі запіс. Дыялекталагічна мова гэтых запісаў блізкая да гаворак рэгіёну Трокі Эйшышкі (Zinkevičius, 1988: 239-240; Narbutas, Zinkevičius, 1989: 337-341). Яшчэ адна характэрная асаблівасць як і ў выпадку з выданнем 1503 года, кніга 1501 года таксама належала францішканскаму кляштару, што сведчыць пра асаблівую ролю францішканаў, гэтага ордэну місіянераў і афіцыйнага жабрацтва, у выкарыстанні моваў розных этнічных супольнасцяў для далейшай катэхізацыі. У гэтым яны папярэднічалі езуітам эпохі Рэформы царквы (Контррэфармацыі).
Сігітас Нарбутас знайшоў яшчэ адзін кароткі літоўскі запіс у зборніку лацінскіх казанняў (Homilii). Гэты запіс-маргіналія быў зроблены паміж 1530 і 1579 гадамі (Narbutas, 1995: 56-59). Сам запіс вельмі кароткі, але Зігмас Зінкявічус ацэньвае яго як вельмі інфарматыўны (Zinkevičius, 1995: 62-65). Верагодна, гэты запіс зрабіў ксёндз Павел, пробашч касцёла святой Марыі Магдаліны, які прэзентаваў гэтую кнігу ў 1579 годзе кляштару францішканаў. У такім разе вынікае, што, магчыма, літоўскаю моваю карысталіся не толькі манахі ордэну францішканаў, але і парафіяльныя святары тых касцёлаў, дзе ў казаннях магла гучаць літоўская мова (Зинкявичюс, 1999: 31).
Цэнтральная ўлада імкнулася таксама, па магчымасці, да забеспячэння штату святароў у мясцовасцях, дзе жылі этнічныя літоўцы, асобамі, што валодалі літоўскаю моваю. Напрыклад, 3 жніўня 1511 года кароль і вялікі князь Жыгімонт у сваім распараджэнні намесніку Жыжмарскаму пісаў: «Велели есмо в того костела жижморского мети каплана, што бы вмел по­литовский казати, и мистра» (Lietuvos Metrika, 2003: 110-111, № 72). 27 студзеня 1524 года той жа манарх у прывілеі эйшышскаму плябану сярод іншага ўказваў, каб каплан мог звяртацца да парафіянаў па-літоўску : «…presbyteros idoneos, quorum saltem unus idiomate Lithuanico praedicare populo Dei bene sciat et debeat» (Lietuvos Metrika, 2001: 559, № 720).
Чаму ж забеспячэнне літоўскамоўнымі святарамі было такое актуальнае для ўнутранай палітыкі вялікіх князёў? Рэч у тым, што ў рамках каталіцкай традыцыі літургія ў касцёле адбывалася на лаціне, але непасрэдна звяртацца да парафіянаў трэба было на мове, якую яны разумелі.
Праўдападобна, што і ў ранейшыя перыяды хрысціянізацыі Літвы ад місіянераў патрабавалася веданне літоўскай мовы. Кажам тут «перыяды», бо ў адной з апошніх сваіх працаў «Вытокі хрысціянства ў Літве: Хрысціянства ўсходняга абраду паводле звестак анамастыкі» Зігмас Зінкявічус паказвае, што яшчэ да афіцыйнага хросту Літвы ў 1387 годзе ўсходнехрысціянская хваля была «выключна інтэнсіўная і пакінула глыбокія сляды ва ўсёй гісторыі літоўскага народу» (Zinkevičius, 2005: 76-77). Пра гэта сведчыць найстаражытнейшы пласт царкоўнай тэрміналогіі літоўскай мовы, які з'явіўся разам з пранікненнем хрысціянства ўсходняга абраду: Kalėdos (Каляды), kūčios (куцця), Velykos (Вялікдзень), krikštas (хрост), bažnyčia (бажніца) (Zinkevičius, 2005: 8-11). [1] Таксама цэлы шэраг літоўскіх асабовых імёнаў звязаны з распаўсюджваннем усходняга хрысціянства (Грумадене, 2005: 202-204).
Руцэ Зігмаса Зінкявічуса, апроч іншага, належыць рэканструкцыя працэсу перакладу першых хрысціянскіх малітваў на літоўскую мову (Zinkevičius, 1996: 51; Zinkevičius, 2000). Аўтар даводзіць, што гэтыя пераклады былі зробленыя яшчэ ў часы караля Міндоўга і традыцыя выкарыстання гэтых малітваў ніколі не перапынялася. Падобная канцэпцыя выглядае лагічнай і досыць верагоднай. Але трэба дадаць, што гэта ўсё ж рэканструкцыя, і найбольш раннюю фіксацыю тэкстаў літоўскіх малітваў мы маем у той самай кнізе 1503 года.
Падобная дэталізаваная оптыка, наведзеная на помнікі пісьмовасці Вялікага Княства Літоўскага, дазваляе нам знаходзіць пацвярджэнні фіксацыі асобных выпадкаў ужывання літоўскай мовы. Але, разам з тым, гэтыя прыклады толькі акцэнтуюць увагу на публічна абмежаваным статусе літоўскай мовы. Агульная сацыялінгвістычная і палітычная сітуацыя, як вынікае ў тым ліку і з пазітыўных прыкладаў фіксацыі, не была спрыяльная для функцыянавання літоўскай мовы на дзяржаўным узроўні.
Сучасны польскі гісторык Гжэгаж Блашчык, аналізуючы выкарыстанне розных моваў у ВКЛ, нават робіць акцэнтаваную выснову пра тое, што літоўская мова «не мела шанцу на існаванне як дзяржаўная» (Błaszczyk, 2002: 305). А літоўскі гісторык Антанас Тыла, кажучы пра адкрытасць Вялікага Княства Літоўскага як дзяржавы, адзначае: «але ж яно занадта мала клапацілася ў той час пра захаванне і развіццё этнічнай культуры літоўцаў» (Тила, 1996: 5). Апісваючы такую выбітную падзею, як з'яўленне ў 1547 годзе ў Каралеўцы (Кёнігсбергу) першай друкаванай літоўскай кнігі «Catechizmusa prasty szadei…» («Простыя словы катэхізіса»), выдадзенай Марцінам (Марцінасам) Мажвідасам (Mažvydas, 1974), Юратэ Кяўпене адзначае: «Дадзены М. Мажвідасам у сярэдзіне XVI стагоддзя імпульс не знайшоў водгаласу ў Літве» (Kiaupa, Kiaupienė, Kuncevičius, 1998: 186).

ІІІ. Пачаткі літоўскага кнігадрукавання

Адзін з вершаў, змешчаных выдадзеным Марцінам Мажвідасам «Catechizmusa prasty szadei…» («Простыя словы катэхізіса»), меў прысвячэнне «Ad Magnum Ducatum Lituaniae» («Да Вялікага Княства Літоўскага»):

AD MAGNVM DVCATVM LITVANIAE
Fausta ducum magnorum altrix,
Lituania clara,
Haec mandata Dei, suscipe mente pia,
Ne te, cum dederis rationes ante tribunal
Augustum, magni iudicis ira premat.


ВЯЛІКАМУ КНЯСТВУ ЛІТОЎСКАМУ
Шчаслівая радзіма вялікіх князёў,
слаўная Літва,
Гэты наказ Божы прымі з настроем,
Каб цябе, калі паўстанеш перад судом
Высокім, не раздушыў бы гнеў вялікага суддзі.


Марцінас Мажвідас быў беглым пратэстантам з Жамойці, і таму зразумела, што мова ягонай кнігі нясе адбітак жамойцкіх гаворак. У выніку можна сцвярджаць, што гістарычна літоўскае кнігадрукаванне пачалося з жамойцкага. У далейшым жа ў аснову літоўскай літаратурнай мовы ляглі найбольш архаічныя заходнеаўкштайцкія гаворкі.
Кніга Мажвідаса паходзіла са сталіцы Прускага герцагства. І ў далейшым у XVI стагоддзі статыстыка друку кніг на літоўскай мове была на карысць Каралеўца - да канца стагоддзя там выдалі 22 кнігі, у той час як у самім Вялікім Княстве - 8 (Zinkevičius, 1988: 9); паводле Марыі Тапольскай (Тopolska, 2002: 169-170): 32 і 14 кніг адпаведна. Традыцыя літоўскамоўнага кнігадрукавання ў ВКЛ была запачаткаваная ў 1595 годзе Мікалаем Даўкшам (Мікалаюсам Даўкшасам), які коштам Жмудскага біскупа Мельхіёра Гедройця (Ulčinaitė, 1999: 444-453; Lukšaitė, 1999: 404) выдаў уласны пераклад «Катэхізіса» іспанскага езуіта Якуба Лядэсмы «Kathechismas arba mokslas kiekwienam priwalvs» (Mikolajus Daukšos, 1995; Lebedys, 1963).
У XVII стагоддзі сітуацыя змянілася. Розныя даследнікі даюць крыху адрозныя звесткі, але агульная тэндэнцыя, што праяўляецца ў іх, нязменная. Паводле польскай даследніцы гісторыі кнігадрукавання Марыі Тапольскай (Тopolska, 2002: 169-170), да 1660 года ў Прусіі выдалі яшчэ 20 кніг па-літоўску, а ў ВКЛ - ужо 25. Літоўскі лінгвіст Зігмас Зінкявічус (Zinkevičius, 1988: 9), а ўслед за ім расійскі філолаг і балтыст Уладзімір Тапароў (Топоров, 1999: 237) называюць 22 кнігі ў Прусіі супраць 32 у ВКЛ. Але ж у XVIII стагоддзі першынства «Малой Літвы» ў Прусіі перад Вялікім Княствам Літоўскім аднавілася - 243 выданні супраць 167.
Пры гэтым мова літоўскіх кніг, што друкаваліся ў дастаткова кампактнай Прусіі, была, як адзначаюць лінгвісты, даволі чыстая і больш аднародная, чым на прасторах Вялікага Княства, дзе дыялектныя асаблівасці выяўляліся ў большай ступені. У тым ліку менавіта таму літоўская нацыянальная свядомасць пачала выспяваць менавіта ў Прусіі, а сучасная літоўская агульнанацыянальная літаратурная мова нясе на сабе вельмі моцны адбітак мовы літоўцаў так званай Малой Літвы - тэрыторыі ў былым Прускім герцагстве (Palionis, 1967: 7; Zinkevičius, 1988: 9; Топоров, 1999: 237).
Каб зразумець прычыну цікавасці прускіх герцагскіх уладаў да літоўскага кнігадрукавання, трэба ўзяць да ўвагі пратэстанцкую канцэпцыю беспасярэдняга звароту чалавека да Бога і персанальнага асэнсаванага чытання Святога Пісання. Такая практыка якраз і патрабавала шырокай пісьменнасці вернікаў і друкавання святых тэкстаў на народных мовах, незалежна ад іх сацыяльнага статуса.
У самім ВКЛ пачынаюць выдавацца такія важныя для нармалізацыі мовы кнігі, як слоўнікі, напрыклад першы слоўнік літоўскай мовы (польска-лацінска-літоўскі) «Dictionarium trium linguarum» езуіта і прафесара Віленскай акадэміі Канстанціна Шырвіда (Канстанцінаса Шырвідаса). Першае выданне выйшла ў свет у Вільні каля 1620 года і было разлічанае на студэнтаў, якія вывучаюць паэтыку і рыторыку. Слоўнік змяшчаў каля 1400 словаў і быў настолькі папулярны, што перавыдаваўся ў 1629, 1631, 1642, 1677 і 1713 гадах. Але гэтая папулярнасць мела і адваротны бок - да сярэдзіны ХІХ стагоддзя слоўнік Шырвіда заставаўся адзіным надрукаваным у ВКЛ слоўнікам літоўскай мовы, іншыя ж літоўскія слоўнікі выдаваліся ў Прусіі.
Характэрная рыса - аўтары літоўскіх выдавецкіх ініцыятываў публічна абгрунтоўвалі матывы сваёй дзейнасці. У сваёй галоўнай працы - перакладзе «Postilla Catholica. To iest Kazania na Ewangelie Niedzielne» польскага езуіта, тэолага Якуба Вуека - літоўскі каталіцкі святар і асветнік Мікалай Даўкша (Вільня, 1599) (Daukšos Postilė, 1926) змясціў дзве прадмовы, адна з якіх была скіраваная на абарону роднай мовы. Менавіта мову Даўкша лічыў неабходнаю ўмоваю існавання народу і атаясамліваў яе з паняццем Радзімы. Такі патрыятычны падыход падаецца нечаканым, больш адпаведным сучасным уяўленням. Высвятляецца, што этнічная свядомасць у XVI стагоддзі мела праявы сярод адукаваных элітаў Вялікага Княства Літоўскага, якія разумелі яе сувязь з дзяржаўнымі інстытутамі, пра што сведчаць і Беларуска-літоўскія летапісы.

ІV. XVI стагоддзе: Дзе месца літоўскай мовы?

Як мы бачым з прыкладу судовага следства 1529 года, можна ка заць пра білінгвізм этнічных літоўцаў, якія апроч ведання роднай мовы былі здольныя разумець таксама афіцыйную мову справаводства ВКЛ (у гэтым выпадку, зразумела, гаворка ідзе не пра эліту - Паноў-Раду, якія былі, безумоўна, лінгвістычна кампетэнтныя). Больш за тое, некаторыя ўраднікі цэнтральнага апарату ВКЛ нелітоўскага паходжання на функцыянальным узроўні таксама маглі валодаць вуснаю літоўскаю гаворкаю, каб мець магчымасць эфектыўна выконваць свае службовыя абавязкі. Прынамсі, вядома, што дэцкі Васіль Бялянін быў «русінам» ВКЛ з паходжання.
Важнай ілюстрацыяй працэсу ўзаемаўплыву моваў ёсць запазычанні. Тут таксама існуюць пэўныя разыходжанні ў статыстыцы. Беларускія мовазнаўцы адзначаюць асіметрыю беларуска-літоўскіх (славяна-балцкіх) уплываў. Працяглае суіснаванне на тэрыторыі сучаснай Беларусі карэннага балцкага насельніцтва з прыбылымі славянамі абумовіла фармаванне ў мове першых значнага паводле аб'ёму суперстрату [2], а ў мове-пераемніцы другіх - балцкага лексічнага субстрату [3] (Лексічныя балтызмы, 1969; Булыка, 1980; Лаучюте, 1982). У той час як у старалітоўскай мове словы беларускага паходжання складалі значны пласт, у старабеларускай мове літоўская лексічная плынь абмяжоўваецца чатырма дзясяткамі адзінак (Свяжынскі, 2005: 60).
У сваю чаргу Канстанцінас Яблонскіс у сваёй працы, а таксама ў яшчэ не апублікаваных матэрыялах зафіксаваў каля 250 літуанізмаў у канцылярскай (старабеларускай) мове (Зинкявичюс, 1996: 73). Хутчэй за ўсё, гэтыя разыходжанні звязаныя з розніцай у абранай тэрыторыі, па якой даюцца звесткі. Найбольш літуанізмаў Яблонскіс зафіксаваў у дакументах, створаных на тэрыторыі этнічнай Літвы. А ўжо за межамі гэтай тэрыторыі іх колькасць набліжаецца да пяцідзесяці. Варта адзначыць, што працягваецца маштабны праект выдання «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы» (1982-2011), і колькасць выяўленых лексічных літуанізмаў, відавочна, будзе павялічвацца. Галоўная прычына з'яўлення літуанізмаў у старабеларускай мове існаванне спецыфічных сацыяльных і эканамічных з'яваў у ВКЛ. Гэта тыя рэаліі, якім трэба было даваць назвы для дакументавання працэсаў, што адбываліся.
У некаторых позніх актах (сярэдзіны XVI-XVII стагоддзяў) апроч літуанізмаў часам сустракаюцца цэлыя літоўскія фразы, запісаныя кірыліцаю, як, напрыклад, у Судовых актах Вількамірскага (Укмергскага) замка 1623 года : «Жыноки ку нежыдеси илкгай ант ся света» («Ведай, што доўга не будзеш квітнець на гэтым свеце») (Зинкявичюс, 1996: 74). Як бачым, была запісаная менавіта прыказка. Такім чынам, у канцылярскіх установах Вялікага Княства Літоўскага XV-XVII стагоддзяў так і не ўзнікла ніводнага акта, цалкам створанага на літоўскай мове і адрасаванага жыхарам сваёй дзяржавы. Хоць дакументы фіксуюць абмежаванае бытаванне вуснай літоўскай мовы ў публічнай сферы ў XVI стагоддзі.
Магдэбургская дакументацыя сведчыць, што ў гарадскім жыцці Коўна і Вільні ў XVI стагоддзі літоўская мова была адною з моваў вуснай камунікацыі. Віленскі вількюр (гарадскі статут) ад 18 лістапада 1551 года пастанаўляў, каб выклік на суд і вырак суда абвяшчаўся «po polsku i po litewsku, i po rusku, aby wszyscy, ktorzy by słuchali, rozumieli» (Dubiński, 1788: 96). У Коўне прывілей 1540 года вызначаў публічнымі мовамі польскую і літоўскую (Kiaupa, 2000: 28). Зразумела, што менавіта ў Коўне літоўская мова мела найбольш моцныя пазіцыі. Крыніцы 1562 года паведамляюць пра польскага хлопчыка, які навучаўся літоўскай мове ў сям'і літоўцаў, а ў 1567 годзе такім жа чынам літоўскай і польскай мовам навучаўся нямецкі хлопчык (Lebedys, 1976: 192). Апроч гэтага, няведанне літоўскай мовы сталася прычынай адстаўкі ў 1538 годзе лаўніка Ковенскай магдэбургіі немца Андрэаса Войта: «…er sproch halben dem, er im litauischen nicht wol erfaren sei» (Дубоніс, 2004: 217). Рашэнне Віленскага магістрата пра пошліны, заверанае ў 1522 годзе Жыгімонтам Аўгустам, прадугледжвала, што складзены акт мусіў агучвацца герольдамі на польскай, «рускай» і літоўскай мовах, каб усе, каго гэта тычылася, зразумелі змест дакумента. Такім чынам, пры агучванні акт перакладаўся з мовы канцылярыі - польскай, старабеларускай або лаціны.
Паўторымся - у гэтых выпадках размова ідзе менавіта пра гутарковую форму мовы. Неразмежаванне вуснай і пісьмовай формаў мовы ды іх функцыяў можа прывесці да спрэчнай канцэпцыі, паводле якой гісторыкі абвяшчаюць літоўскую мову адною з афіцыйных моваў ВКЛ, адначасова адкідаючы само паняцце дзяржаўнай мовы ў дачыненні да XV-XVII стагоддзяў, як гэта робіць Артурас Дубоніс (2004: 205-219) [4]. Хоць сам аўтар канцэпцыі акрэслівае агульную сацыялінгвістычную сітуацыю ў ВКЛ: «Такім чынам, падобна на тое, што мы маем справу з лінгвістычным супольным жыццём (суіснаваннем) і раўнавагаю, якія склаліся за стагоддзі ў ВКЛ, а не з праблемаю дзяржаўнай мовы. Улады клапаціліся пра падтрымку полілінгвізму» (Дубоніс, 2004: 218).

V. Моўныя эксперыменты і практыкі XVII-XVIII стагоддзяў

Такім чынам, цягам XVI стагоддзя мы можам назіраць вельмі цікавыя і адначасова супярэчлівыя культурныя працэсы. Веданне літоўскай гаворкі было неабходным чыноўнікам сярэдняга звяна для кваліфікаванага выканання службовых абавязкаў у асобных рэгіёнах ВКЛ, але літоўская мова так і не змагла здабыць статуса адной з афіцыйных канцылярскіх моваў Княства. І гэта адбывалася ў эпоху, калі ўжо ўзнікла літоўскае кнігадрукаванне (праўда, у Прусіі) ды пачалі адпрацоўвацца літаратурныя нормы пісьмовай літоўскай мовы. Але XVII стагоддзе прыўносіць сюды пэўныя навацыі, што праўда, яны пакідаюць яшчэ больш пытанняў.
За часамі караля і вялікага князя Уладзіслава IV Вазы з'яўляюцца першыя афіцыйныя дакументы ВКЛ, выдадзеныя па-літоўску. Гэта пасланні Уладзіслава IV 1639 і 1641 гадоў, якія пашыраліся ў Прусіі. Ва ўніверсале ад 22 сакавіка 1639 года (Pakarklis, 1960: 58-59, il. 2; Kulnytė, 1990: il. 158) манарх Рэчы Паспалітай забараняе сваім падданым, а найперш меліся на ўвазе жыхары Мазураў і Падляшша, паляваць у лясах Прускага герцагства.
Універсал ад 22 жніўня 1641 года (Pakarklis, 1960: 58-59, il. 3) сведчыць пра імкненне цэнтральнай улады абмежаваць перасяленне сялянаў з Рэчы Паспалітай у Прусію, і ў сувязі з гэтым праводзіцца падзел судовай кампетэнцыі паміж дзвюма дзяржавамі. Абедзве гэтыя граматы былі надрукаваныя ў Прусіі ды прускімі ўладамі гатычным шрыфтам, прынятым у Прусіі. Відавочна, што гэтыя ўніверсалы, падрыхтаваныя ў каралеўскай канцылярыі Уладзіслава IV (хутчэй за ўсё, на лаціне), былі перакладзеныя на літоўскую мову ў Прускай канцылярыі ды выдадзеныя з захаваннем актавага пратакола, з пазначэннем нават месца пячаткі - L. S. Як бачым, і гэтыя літоўскамоўныя ініцыятывы сыходзілі з прускага боку. Тым больш што менавіта ў Прусіі яшчэ з XVI стагоддзя існавала практыка выдання афіцыйных дакументаў па-літоўску.
Але ж на XVII і асабліва на XVIII стагоддзе прыпадае час выдання літоўскіх лемантароў. Першы такі дыдактычны матэрыял быў складоваю часткаю Катэхізіса Мажвідаса, у якім на чатырох старонках змяшчаліся алфавіт і практыкаванні для чытання складоў. Другі літоўскі лемантар зноў быў складоваю часткаю катэхізіса «Pradzia pamoksla del Mazu Weykialu... Katechizmas maziasnis...» («Пачатак казання для малых дзетак... Катэхізіс малы...»), падрыхтаванага кальвіністамі ВКЛ (магчыма, Самуэлем Бітнэрам), але выдадзенага зноў жа ў Каралеўцы ў 1690 годзе з фундацыі Людвікі Караліны Радзівіл - прадстаўніцы Біржанскай кальвінскай часткі княскага роду ВКЛ. Гэты катэхізіс задарма распаўсюджваўся ў кальвінскіх школах паўночнай часткі Літвы. Яшчэ адзін літоўскі лемантар надрукавалі ў Каралеўцы ў 1708 годзе, але менавіта для лютэранскіх школаў Прусіі.
У Вялікім Княстве зноў жа спазняліся з выданнем лемантароў. Маюцца звесткі, што ў Вільні ў друкарні францішканаў у 1752 годзе апублікавалі лемантар жмудскі, але ён не захаваўся. Першы ж вядомы каталіцкі лемантар «Moksłas skaytima rasztolę kiszko del mazuwaykialu = Nauka czytania pisma polskiego dla małych dziatek» («Навука чытання пісьма польскага для малых дзетак») быў выдадзены ў Вільні паміж 1759-1761 гадамі. Як бачым, гэты лемантар арыентаваўся на навучанне літоўскіх школьнікаў асновам польскай мовы і на 64 старонках змяшчаў паралельныя тэксты палітоўску і па-польску. Менавіта з гэтай кнігі пачынаецца сістэматычнае перавыданне літоўскіх лемантароў для пачатковых школаў ВКЛ (захаваліся выданні 1763 і 1766 гадоў). Нарэшце, наступае момант, калі з дзвюхмоўных лемантароў выпала польская частка - і ў выданні 1783 года яе ўжо няма. Што праўда, дакладнай даты з'яўлення толькі літоўскамоўнай версіі лемантара мы не ведаем, хоць і мяркуецца, што гэта адбылося цягам 1766-1776 гадоў. Надалей лемантар называўся ўжо «Moksłas skaytima raszta lietuwiszka dieł mazu wayku» («Навука чытання пісьма літоўскага для малых дзетак»).
Надалей, цягам 1776-1790 гадоў у Акадэмічнай (універсітэцкай) друкарні гэтыя лемантары штогод выдаваліся накладам ад 325 да 2350 асобнікаў (у сярэднім - каля 1000 асобнікаў). І хоць попыт на пачатковую польскамоўную адукацыю быў большы (наклады польскіх лемантароў вагаліся ад 510 да 2805 асобнікаў, сярэдні наклад - 1600 асобнікаў), такое пашырэнне літоўскіх лемантароў было сапраўдным поспехам літоўскамоўнай адукацыі.

Табл. 1. Наклады лемантароў (паводле кнігаў даходаў і выдаткаў друкарні Галоўнай школы Літвы - Віленскага ўніверсітэту, 1776-1790 гады)

Год

1776

1777

1778

1779

1780

1781

1782

1783

1784

1785

1786

1787

1788

1789

1790

Разам

Літоўскія лемантары

560

1500

325

795

1020

950

1640

788

325

820

980

750

945

1360

2350

15108

Польскія лемантары

510

1535

2270

3016

1370

870

2196

1030

610

1055

1695

990

2625

1890

2805

24467

Крыніца: (Urbelionienė, 1985: 128).

Адначасова набірала дынаміку і літоўскае кнігадрукаванне. З сярэдзіны XVII стагоддзя колькасць літоўскамоўных кніжак павялічвалася з кожным дзесяцігоддзем. Цягам 1750-1759 гадоў выйшлі з друку 46 выданняў (21 назва), у 1760-1769 гадах - 40 выданняў (21 назва), у 1770-1779 гадах - 59 выданняў (31 назва) (Urbelionienė, 1985: 128; Narbutas, 2006: 330).
Адначасова набірала дынаміку і літоўскае кнігадрукаванне. З сярэдзіны XVII стагоддзя колькасць літоўскамоўных кніжак павялічвалася з кожным дзесяцігоддзем. Цягам 1750-1759 гадоў выйшлі з друку 46 выданняў (21 назва), у 1760-1769 гадах - 40 выданняў (21 назва), у 1770-1779 гадах - 59 выданняў (31 назва) (Urbelionienė, 1985: 128; Narbutas, 2006: 330).
Увогуле, гэта была гердэраўская эпоха з яе павышанаю цікавасцю да этнічных праяваў і, адпаведна, ідэяў дэмакратызацыі адукацыі. Нямецкі гісторык культуры Ёган Готфрыд Гэрдэр (1744-1803) не так добра ўяўляў месца балцкіх моваў у гісторыі індаеўрапеістыкі, але бачыў іх архаіку і каштоўнасць: «Паходжанне літвы, куры і летаў, якія жывуць на Усходнім [Балтыйскім. - А. Дз.] моры, не вядомае, але, відаць, іншыя народы цяснілі іх да таго часу, пакуль ужо не было куды выцясняць. Хоць мова іх змешаная, у яе ёсць асаблівы характар, мова гэтая - атожылак найстаражытнай матэрыі, паходжаннем з далёкіх мясцінаў» (Гердер, 1977: 465).
Увогуле ж, у XVIII стагоддзі паводле лінгвістычнай наменклатуры тэрмін «літоўская мова» быў вельмі выразна замацаваны менавіта за тою балцкаю гаворкаю, якую мы сёння разумеем як літоўскую мову. На сваёй мапе «Europa Polyglotta. Linguarum Genealogiam ex hibens, una cum literis, scribendiques, modis, omnium gentium» нямецкі лінгвіст Готфрыд Гэнзэль (1724-1785) размеркаваў мовы Еўропы і даў прыклады іх паводле алфавітаў і першых радкоў малітвы «Ойча наш» (Hensel, 1741). Словы «Tewe musu kursey esi danguy. Szweskis wardas Tawo» пад надпісам «Lithuanica» не пакідаюць сумнення наконт моўна-этнічнай інтэрпрэтацыі тэрміну.
Усё ж дзяржаўны механізм ВКЛ і Рэчы Паспалітай не стымуляваў такіх працэсаў, і літоўская мова вельмі павольна прабівалася ў афіцыйныя інстытуцыі. Трэба было нейкае ўзрушэнне, змена асноваў, каб дзяржаўныя інстанцыі нарэшце пачалі выдаваць акты і ўніверсалы па-літоўску. І такою падзеяй сталася Канстытуцыя 3 траўня 1791 года, тэкст якой у Вялікім Княстве перакладаецца ўжо па-літоўску, як і некаторыя дакументы Паўстання Касцюшкі (Tumelis, 1997: 11-40).
У чым жа прычына таго, што літоўская мова здолела так позна, толькі ў канцы XVIII стагоддзя, падысці да дасягнення ўзроўню мовы афіцыйных актаў Вялікага Княства Літоўскага?

VI. Спробы адказу: білінгвізм ці дыгласія?

У перыяд сярэдзіны XIII - першай паловы XIV стагоддзяў, калі толькі ўзнікала і ўсталёўвалася дзяржава, вядомая потым пад афіцыйнаю назваю Вялікае Княства Літоўскае (варыянт: Літоўскае і Рускае), у яе гістарычным рэгіёне існавалі толькі дзве канцылярскія традыцыі: лацінская і «руская» (кірылічная). Урэшце гэтыя традыцыі і прыняла канцылярыя літоўскіх уладароў - можна сцвярджаць, што з канца XIV стагоддзя «руская» мова выконвала функцыі афіцыйнай канцылярскай (дзяржаўнай) (Błaszczyk, 2002: 302). І гэтую мову з кірылічнаю графікай можна ўжо цалкам апраўдана называць старабеларускаю, бо яна значна адышла ад пачатковага графічнага старажытнарускага ўзору і пачала адлюстроўваць, пры ўсім кансерватызме графічных сродкаў, мясцовыя моўнакультурныя рэаліі. Далей гэты працэс «беларусізацыі» канцылярскай мовы, з уключэннем асобных паланізмаў, літуанізмаў (балтызмаў) і адлюстраваннем спецыяльнай гаспадарча-прававой лексікі, толькі нарастаў цягам XV-XVI стагоддзяў. Лаціна поруч са старабеларускаю была другою канцылярскаю моваю ВКЛ XIV-XVI стагоддзяў. Што праўда, ва ўнутранай дакументацыі старабеларуская мова яўна пераважала. Аснову ж сваёй графічнай сістэмы яна ўзяла са стараславянскай.
І лаціна, і стараславянская мова былі праяваю ўніверсалізму - толькі розных цывілізацыйных рэгіёнаў: заходнехрысціянскага і візантыйскага цывілізацыйнага кола ва Усходняй Еўропе - Візантыйскай Супольнасці Нацыяў, паводле Дзмітрыя Абаленскага (Оболенский, 1998: 11,13). Спецыфіка ж поствізантыйскай культурнай сітуацыі ў тым, што гэты «кірылічны» ўніверсалізм трансфармаваўся ў мясцовы феномен пісьмовую старабеларускую мову. У гэтых умовах глыбокіх культурных зрухаў і трансфармацыі XIV-XV стагоддзяў літоўская мова яшчэ не мела сваёй уласнай культурнай пісьмовай традыцыі (асобныя эксперыменты ў гэтым кірунку назваць традыцыяй нельга). Таму Тымаці Снайдэр (2010: 37) і сцвярджае, што «ў палітыцы польска­літоўскай дзяржавы яна не адыгрывала колькі­небудзь значнай ролі».
Але гутарковая літоўская мова ў ХV-XVI стагоддзях у ВКЛ функцыянавала не толькі як сродак зносін сялянаў. Яна цыркулявала ў некаторых мяшчанскіх асяродках (найперш у Коўне і ў нейкай ступені ў Вільні) ды мела сімпатыкаў сярод найвышэйшых слаёў грамадства. І тут хаваецца пэўны парадокс. З аднаго боку, мы бачым жывую традыцыю трансляцыі вуснай літоўскай мовы, яе прыхільнікі ў XVI стагоддзі займалі ў Вялікім Княстве высокія пасады, а дзякі і пісары літоўскага паходжання наўпрост уплывалі на фармаванне моўнай культуры і традыцыяў Канцылярыі ВКЛ, сведчаннем чаго служаць, апроч іншага, літуанізмы ў старабеларускай літаратурна-пісьмовай мове. З іншага боку, літоўская мова ў XVI-XVII стагоддзях так і не зрабілася моваю актаў у Вялікім Княстве, і асобныя словы ды фразы ў іншамоўных тэкстах толькі падкрэсліваюць гэтае становішча.
І падобная сітуацыя склалася і захоўвалася ў перыяд, калі ўжо ўзнікла практыка кнігадрукавання на літоўскай мове ды распачаўся працэс выпрацоўвання яе кніжна-літаратурнай нормы. Магчыма, сваю ролю тут выканаў канфесійны фактар, бо першыя літоўскія кнігі былі падрыхтаваныя пратэстантамі і друкаваліся ў лютэранскай Прусіі пры падтрымцы герцагскай улады з яўнаю мэтаю катэхізацыі мясцовых літоўцаў (Дзярнович, 2005: 19). Але ўжо напрыканцы XVI стагоддзя літоўскім кнігадрукаваннем пачалі займацца і езуіты. Паспрабуем адказаць на пастаўленыя пытанні праз аналіз сацыялінгвістычнай сітуацыі.
Відавочна, што Вялікае Княства Літоўскае належала да тых супольнасцяў, дзе звычайнаю з'яваю было выкарыстанне больш чым адной мовы, зрэшты, як і ў большасці еўрапейскіх дзяржаваў. У такой рухомай моўнай сістэме трэба адрозніваць парадак засваення моваў5 ад ступені актуальнага іх выкарыстання. Гэты падзел, а таксама тэрміны і сімвалы прапанаваў Уілфрэд Уайтлі,а пашырыў ідэю Роджэр Бэл (Белл, 1980: 155).

Табл. 2. Мова: паслядоўнасць засваення і выкарыстання

Храналагічны аспект

Статус мовы

Умоўнае пазначэнне

Дыяхранічны

Першая мова

Другая мова

L1

L2

Сінхранічны

Першасная мова

Другасная мова

PL

SL


Прыклад этнакультурнай сітуацыі ВКЛ нам цікавы яшчэ і таму, што ілюструе: існуюць грамадствы, дзе ёсць сацыяльна абгрунтаваная і культурна значная функцыянальная дыферэнцыяцыя моваў, якія выкарыстоўваюцца ў гэтым грамадстве. Фактычна гэта азначае, што ў грамадстве ўсталёўваецца згода адносна таго, што адныя мовы маюць «высокі» статус, а іншыя - «нізкі». Звычайна ў такой сітуацыі назіраецца функцыянальны падзел паміж гэтымі дзвюма разнавіднасцямі: «высокая» мова захоўваецца для «фармальнага», «публічнага» выкарыстання, часта прызнаецца моваю афіцыйнага справаводства (як у выпадку са старабеларускаю моваю паводле ІІ і ІІІ Статутаў ВКЛ) або юрыдычна аформленаю дзяржаўнаю моваю (гэта ўжо з'ява позняга Новага і Найноўшага часу). Гэтая мова вылучаецца больш складанымі і кансерватыўнымі лінгвістычнымі прыкметамі, чым «нізкая» мова.
«Высокая» мова можа мець ўвасабленне ў старажытнай літаратуры, захоўваецца і шануецца ў супрацьвагу «хатняму», неафіцыйнаму статуса «нізкай» мовы з яе зменлівай і часта «спрошчанаю» структураю, абмежаванай вуснымі каналамі камунікацыі (Белл, 1980: 176). Для пазначэння такой сітуацыі незбалансаванага дзвюхмоўя з рознымі функцыянальнымі сферамі ўжывання амерыканскі лінгвіст Чарлз Фэргюсан (1921-1998) у 1959 годзе ўвёў тэрмін «дыгласія» (Ferguson, 1959: 325-340).
Білінгвізм ёсць вынікам выкарыстання індывідам або грамадствам больш чым адной мовы (моўнага коду). Дыгласія ж ёсць вынікам ацэнкі функцыянальнага падзелу гэтых моваў, і таму білінгвізм і дыгласія могуць сустракацца ў моўных супольнасцях разам ці асобна. Магчымыя тры тыпы адносінаў паміж білінгвізмам і дыгласіяй: толькі білінгвізм, толькі дыгласія і спалучэнне білінгвізму з дыгласіяй.
Але і гэтай канстатацыі ўзаемаперапляценняў моўных кодаў будзе не дастаткова, каб ацаніць сацыяпсіхалагічны эфект шматмоўя. Як сцвярджаюць сацыялінгвісты, сярод супольнасцяў, дзе большасць складаюць білінгвы, паняцце «розныя мовы» выглядае мала апраўданым, хіба што ў сэнсе «розныя стылі» (Белл, 1980: 190-191). Відавочна, такая сітуацыя магчымая ў выпадку «развітага» білінгвізму - калі ў наяўнасці сапраўды факт свабоднага валодання чальцамі супольнасці рознымі моўнымі кодамі. У такіх выпадках пераключэнне кодаў часта адбываецца па-за свядомасцю ўдзельнікаў працэсу камунікацыі і пазней імі не прыгадваецца. Гэты факт прымушае зноў усумніцца ў сцверджанні пра маналітнасць моўных структураў, з якога вынікае ўяўленне пра мовы як пра дыскрэтныя (перарывістыя) утварэнні, падзеленыя выразнымі межамі. Гэтыя развагі тычацца мовы як кодавай сістэмы, а не яе сацыяльнага значэння. У грамадстве нават выкарыстанненекалькіх дзясяткаў словаў можа ўспрымацца як «іншая мова». Асобнаю моваю ёсць тое, што ўспрымаецца як асобная мова, не зважаючы на структуру.
Паспрабуем суаднесці гэтыя метадалагічныя напрацоўкі з эмпірычным досведам вывучэння этнамоўнай і этнакультурнай сітуацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім - і менавіта на базе найперш дакументальных ды наратыўных пісьмовых крыніцаў. Пры аналізе сфераў ужывання літоўскамоўнымі жыхарамі ВКЛ іншых моваў неабходна рабіць разбіўку паводле сацыяльных стратаў (слаёў). Для аналізу мы абралі XVI стагоддзе, калі яшчэ захоўваўся высокі афіцыйны статус старабеларускай мовы, але таксама пачыналася пашырэнне літоўскай пісьмовай мовы. Пры гэтым цягам XVI стагоддзя адбываліся значныя змены ў лінгвістычнай сітуацыі, таму ў нашым аналізе перыяд разбіты на дзве часткі. Папярэднія вынікі падсумавання існых даследаванняў лінгвістычнай сітуацыі падведзеныя для першай паловы XVI стагоддзя (табліца 3).

Табл. 3. Сферы ўжывання моў літоўскамоўнымі жыхарамі ВКЛ (першая палова XVI ст.)

Сацыяльныя страты / Рэгіён

Прыватна-сямейная сфера

Гаспадарчыя-дзелавыя адносіны і справаводства

Сфера афіцыйнай публічнай камунікацыі (дзяржаўныя і судовыя канцылярыі)

Рэлігійная сфера

Магнатэрыя і Паны-Рады

літ. (L1?-PL?);

пол. (L2-SL);

ст.-бел. (L2-SL)

ст.-бел. (L1-PL);

пол. (L2-SL);

лац. (L2-SL)

ст.-бел. (L1-PL);

пол. (L2-SL);

лац. (L2-SL)

пол. (L1-SL);

лац. (L2-PL)

Сярэдняя шляхта, дзяржаўныя службоўцы (урады) / Літоўскамоўныя рэгіёны

літ. (L1-PL?);

ст.-бел. (L2-SL?);

пол. (L2-PL)

ст.-бел. (L1-PL);

пол. (L2-SL);

лац. (L2-SL)

ст.-бел. (L1-PL);

пол. (L2-SL);

лац. (L2-SL)

пол. (L1-SL);

лац. (L2-PL)

Дробная баяры-шляхта / Літоўскамоўныя рэгіёны

літ. (L1-PL);

ст.-бел. (L2-SL)

ст.-бел. (L1-PL);

пол. (L2-SL)

ст.-бел. (L1-PL);

пол. (L2-SL)

літ. (L1-SL);

лац. (L2-SL);

пол. (L2-PL?)

Купцы і мяшчане /

Коўна, часткова Вільня і Трокі

літ. (L1-PL);

ст.-бел. (L2-SL)

літ. (L1-SL);

ст.-бел. (L2-PL);

пол. (L2-SL)

ст.-бел. (L1-PL);

пол. (L2-SL);

лац. (L2-SL)

літ. (L1-PL);

лац. (L2-SL);

пол. (L2-SL)

Сяляне / Літоўскамоўныя рэгіёны

літ. (L1-PL)

літ. (L1-SL);

ст.-бел. (L2в-PL)

ст.-бел. (L1в-PL)

літ. (L1-PL)


Разбіўка моваў паводле функцыянальных сфераў рабілася на падставе аналізу пісьмовых дакументальных крыніцаў, багата якіх пачынае з'яўляцца менавіта ў канцы XV - першай палове XVI стагоддзяў у сувязі з пачаткам сістэматычнага вядзення Метрыкі ВКЛ. Але трэба прызнаць, што пабудова рэлевантнай табліцы ступеняў падобных суадносінаў патрабуе далейшай распрацоўкі і вывядзення статыстычнай інфармацыі з масіву пісьмовай дакументацыі. Усё гэта патрабуе далейшых даследаванняў. Пакуль жа гэтая табліца, якая прадугледжвае дыскусійнасць, можа паслужыць пачатковым пунктам для абмеркавання методыкі даследавання этналінгвістычнай сітуацыі ў ВКЛ.
Але адну тэндэнцыю трэба прызнаць і адлюстраваць у працягу нашай табліцы - гэта ўзмацненне пазіцыяў польскай мовы. Сярод чатырох моваў ВКЛ (старабеларускай, лаціны, літоўскай і польскай) толькі дзве мелі найбольшыя шанцы на атрыманне (або ўтрыманне) статуса мовы камунікацыі паміж народамі Вялікага Княства ў сярэдзіне XVI стагоддзя: старабеларуская і польская. У выніку цягам XVII стагоддзя перамагла польская мова. І ў гэтым працэсе былі сімвалічныя маркеры. У 1521 годзе ў ВКЛ прагучала першае казанне па-польску. Першы вядомы ліст магната ВКЛ, напісаны па-польску, датуецца 1531 годам, і належаў ён галаве «літоўскіх сепаратыстаў» Альбрэхту Гаштольду. У 1538 годзе ў Метрыку ВКЛ, якая стваралася пераважна на старабеларускай мове, быў унесены першы праўны акт, запісаны па-польску. Але сімвалічнаю мяжой у працэсе паланізацыі грамадства ВКЛ Гжэгаж Блашчык (Błaszczyk, 2002: 306-307) лічыць 1563 год - год выдання па-польску «Радзівілаўскай» або «Берасцейскай» Бібліі. І тут трэба падкрэсліць ролю Мікалая Радзівіла Чорнага і ўвогуле дзеячаў Рэфармацыі ў пашырэнні пальшчызны ў Вялікім княстве.
З улікам працэсу пашырэння польскай мовы, а таксама з'яўлення літоўскага кнігадруку і новага віду старабеларускага пісьменства і кнігадруку - рэфармацыйнага, варта ўнесці змены ў нашую табліцу сферы ўжывання моваў для другой паловы XVI стагоддзя (табліца 4).

Табл. 4. Сферы ўжывання моў літоўскамоўнымі жыхарамі ВКЛ, а таксама жыхарамі літоўскага паходжання (другая палова XVI ст.)

Сацыяльныя страты / Рэгіён

Прыватна-сямейная сфера

Гаспадарчыя-дзелавыя адносіны і справаводства

Сфера афіцыйнай публічнай камунікацыі (дзяржаўныя і судовыя канцылярыі)

Рэлігійная сфера*

Магнатэрыя і Паны-Рады

пол. (L1-PL);

ст.-бел. (L2-SL)

пол. (L1-PL);

ст.-бел. (L2-SL);

лац. (L2-SL)

пол. (L1-PL);

ст.-бел. (L2-SL);

лац. (L2-SL)

пол. (L1-SL);

лац. (L2-PL);

ст.-бел. (L2-SL)

Сярэдняя шляхта, дзяржаўныя службоўцы (урады) / Літоўскамоўныя рэгіёны

літ. (L1 ?-PL?);

ст.-бел. (L2-SL);

пол. (L2-SL)

ст.-бел. (L1-PL?);

пол. (L2-SL);

лац. (L2-SL)

ст.-бел. (L1-PL);

пол. (L2-SL);

лац. (L2-SL)

пол. (L1-SL);

лац. (L2-PL)

ст.-бел. (L2-SL)

Дробная баяры-шляхта / Літоўскамоўныя рэгіёны

літ. (L1-PL);

ст.-бел. (L2-SL)

ст.-бел. (L1-PL);

пол. (L2-SL)

ст.-бел. (L1-PL);

пол. (L2-SL)

літ.(L1-SL);

лац. (L2-SL);

пол. (L2-PL?);

ст.-бел. (L2-SL)

Купцы і мяшчане /

Коўна, часткова Вільня і Трокі

літ. (L1-PL);

ст.-бел. (L2-SL)

літ. (L1-SL);

ст.-бел. (L2-PL);

пол. (L2-SL)

ст.-бел. (L1-PL);

пол. (L2-SL);

лац. (L2-SL)

літ. (L1-SL);

лац. (L2-SL);

пол. (L2-PL?);

ст.-бел. (L2-SL)

Сяляне / Літоўскамоўныя рэгіёны

літ. (L1-PL)

літ. (L1-SL);

ст.-бел. (L2в-PL)

ст.-бел. (L1в-PL)

літ. (L1-PL)


*У рэлігійная сферы ужыванне старабеларускай мовы для ўсіх катэгорый насельніцтва (мяшчанства, шляхта і магнатэрыя) звязана з пратэстанцкай літаратурай. Для дробнай шляхты і мяшчан літоўская мова ў рэлігійнай сферы мела, апроч гутарковай, таксама пісьмова-кніжную форму, для сялян - пераважна гутарковую форму.


Для ўдакладнення інфармацыі, змешчанай у табліцы, трэба каротка патлумачыць прынцыпы сацыяльнага падзелу ўнутры шляхты. Крытэрыямі тут выступае велічыня зямельных уладанняў. Свае сістэмы ўнутрыстанавага падзелу прапаноўвалі даследнікі гісторыі ВКЛ Мацей Любаўскі (Любавский, 1900: 355-358), Мітрафан Доўнар-Запольскі (1927: 15-16), Ежы Ахманьскі (Ochmański, 1963: 154-155), Анатоль Грыцкевіч (Грицкевич, 1978: 96-97) і Валеры Мянжынскі (Менжинский, 1987: 170-172). Міхаіл Спірыдонаў (Спиридонов, 1993: 30-32) прааналізаваў гэтыя розныя сістэмы і вылучыў свае выразныя крытэрыі ўмоўнага падзелу стану землеўласнікаў. Вызначыць прыблізныя памеры зямельных уладанняў магчыма паводле Попісаў войска ВКЛ 1528, 1565 і 1567 гадоў, дзе паведамляецца пра колькасць «коней» (конных ваяроў), якія выстаўляліся прапарцыйна колькасці належных феадалам сялянскіх «службаў» (адзінка абкладання павіннасцямі) або «дымоў» (гаспадарак).

Табл. 5. Катэгорыі землеўласнікаў (феадалаў) паводле колькасці "коней", якія выстаўляліся імі ў войска ВКЛ ў 1528 і 1567 гг.

п/п

Катэгорыя феадалаў

Колькасць "коней"

Памеры зямельных уладанняў

1528 г.

1567 г.

у службах

у "дымах"

у службах

у "дымах"

1

Найдрабнейшыя

1

0-15

0-31

0-19

0-39

2

Дробныя

2-10

16-87

32-175

20-109

40-219

3

Сярэднія

11-50

88-407

176-815

110-509

220-1019

4

Буйныя

51-100

408-807

816-1615

510-1009

1020-2019

5

Найбуйнейшыя (магнаты)

101 і больш

808 і больш

1616 і больш

1010 і больш

2020 і больш


Крыніца: Спиридонов, 1993: 31

Для даследавання моўна-культурнай сітуацыі мэтазгодна мадыфікаваць гэтыя катэгорыі землеўладальнікаў і выкарыстоўваць падзел на тры групы: 1) магнатэрыя і Паны-Рада (аб'ядноўвае катэгорыі 4 і 5 паводле Спірыдонава) - гэты падыход бліжэйшы да крытэрыяў Любаўскага, які да найбуйнейшых землеўладальнікаў адносіў усе роды, прадстаўленыя ў Радзе, незалежна ад колькасці выстаўленых «коней»; 2) сярэдняя шляхта, дзяржаўныя службоўцы - урады (супадае з катэгорыяй 3 паводле Спірыдонава); 3) дробная баярышляхта (аб'ядноўвае катэгорыі 1 і 2 паводле Спірыдонава).
Таксама для адэкватнага разумення інфармацыі, пададзенай у табліцах 3 і 4, неабходна абумовіць рэгіёны ВКЛ, дзе літоўская мова ў розных яе гутарковых версіях выкарыстоўвалася ў XVI стагоддзі. З пункту гледжання этнадыялектнага раянавання этнаграфічнай Літвы гэта: Жамойць (жамойцкія дыялекты), Аўкштота (гістарычны статус якой не зусім зразумелы), Судовія (па левым беразе Нёмна) і Дзукія (не да канца зразумела, як гэты этнакультурны рэгіён суадносіцца з гістарычнаю Віленшчынаю). З пункту гледжання адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу сярэдзіны XVI стагод дзя (паўсталага ў выніку рэформы 15651566 гадоў), да літоўскамоўнага арэалу ВКЛ належаць Жамойцкае староства (княства), Троцкае ваяводства (з паветамі Троцкім, Ковенскім, Упіцкім, Гарадзенскім) і Віленскае ваяводства (з паветамі Віленскім, Ашмянскім, Лідскім, Вількамірскім, Браслаўскім). Зразумела, усходнія і паўднёвыя рэгіёны гэтага абшару (найперш Віленскага, а таксама паўднёвыя рэгіёны Троцкага ваяводстваў) яшчэ з Х стагоддзя былі зонаю моўных балта-славянскіх кантактаў, таму даволі няпростай уяўляецца праблема вызначэння паўднёва-ўсходняй мяжы літоўскамоўнага арэалу ў Вялікім Княстве Літоўскім XVI стагоддзя. Паводле распрацовак польскіх даследнікаў, у старажытнарускія часы гэтая мяжа праходзіла прыкладна па лініі: возера Асвея - Дзісна Пліса - Будслаў - Заслаўе - Рубяжэвічы - Дзераўная - Беліца Слонім - Ваўкавыск (Łowmiański, 1983: 51-58). Да ХІV стагоддзя лінія гэтай мяжы перасунулася з левага на правы бераг Нёмна і праходзіла пара лельна рэчышчу ракі - па так званай лініі Сафарэвіча (мяжы канцэнтрацыі паселішчаў з назвамі на -ішкі) (Safarewicz, 1967: 257-259). Для XVI стагоддзя Ежы Ахманьскі размяшчае літоўска-беларускамоўную мяжу ў даволі шырокім пасе на «ашмянска-менскім» памежжы - на мяжы паміж Ашмянскім і Менскім паветамі. Пры гэтым Ахманьскі карыстаецца аналізам сеткі каталіцкіх парафіяў, прыкметамі тапанімістыкі і антрапанімічнымі звесткамі з гаспадарчых інвентароў (Ochmański, 1981: 42-56). У цэлым прапанаваная Ахманьскім тэрыторыя «Lithuania Propria» («уласна Літвы», «Літвы ў вузкім сэнсе тэрміну») XVI стагоддзя адлюстроўвае нашае бачанне масіву літоўскіх гаворак у ВКЛ з тым толькі важным удакладненнем, што да самой Вільні цягнуўся цераспалосны пас балтаславянскіх паселішчаў.

Некаторыя вынікі

Падсумоўваючы, можна адзначыць, што ў шматэтнічным і шматкультурным грамадстве Вялікага Княства Літоўскага XV-XVІI стагоддзяў існавала моўная сітуацыя «мноства дыгласіяў» [5], калі за кожнаю моваю былі даволі выразна замацаваныя пэўныя грамадскія функцыі. У адрозненне ад білінгвізму дыгласія як сацыялінгвістычны феномен прадугледжвае ацэнку тым, хто гаворыць, сваіх ідыёмаў паводле шкалы «ўрачыстае - будзённае». У адной і той жа грамадскай сферы адначасова не выкарыстоўваліся дзве моўныя сістэмы (афіцыйная і народная).
Этнічныя літоўцы сярод дробнай шляхты і купецтва ВКЛ, якія ў паўсядзённым і побытавым жыцці маглі размаўляць на літоўскай мове, у публічнай сферы выкарыстоўвалі афіцыйную мову справаводства - «рускую» (старабеларускую). Лаціна заставалася моваю літургіі, але казанні ў шматлікіх выпадках прамаўляліся па-літоўску. Па-за рэлігійнаю сфераю лаціна была моваю дыпламатыі і найважнейшых унутраных актаў.
Помнікі ж літоўскага пісьменства XVI стагоддзя заставаліся выключна рэлігійнымі (Дубасова, 2005: 28), прычым мелі функцыянальнасць як бы другога плану - дапаможную. Пры гэтым большасць эліты ВКЛ у XVI стагоддзі не ведала літоўскай мовы, бо значная частка ліцвінскай шляхты вяла свой радавод з «русінскага» баярства, а сярэдняя шляхта (у тым ліку і цэнтральныя ўраднікі) літоўскага паходжання паступова губляла веды балцкіх гаворак. Аднак дробная шляхта на тэрыторыях, дзе функцыянавалі балцкія гаворкі, яшчэ захоўвала камунікацыйныя веды ў гаворках сваіх сялянаў. Таксама частка каталіцкага мяшчанства Коўна і часткова Вільні магла быць носьбітамі літоўскай мовы яшчэ ў XVI стагоддзі. З'яўленне літоўскага кнігадруку найперш у Прусіі, а потым і ў ВКЛ дало пачатак працэсу кадыфікацыі літоўскай мовы, што, праўдападобна, прывяло да стабілізацыі ведання гэтага моўнага коду сярод мяшчанства і дробнай шляхты на этнічна літоўскіх тэрыторыях. Магчыма таксама, што працэс славянізацыі (спачатку беларусізацыі, а потым і паланізацыі) гэтых слаёў замарудзіўся, але гэтая гіпотэза патрабуе праверкі праз далейшыя даследаванні.
Славянамоўнае насельніцтва на тэрыторыі сучаснай Беларусі, дзе ўсё яшчэ працягваліся працэсы балтаславянскіх ўзаемаўплываў, у паўсядзённым жыцці выкарыстоўвала свае дыялекты. Пісьмовая ж старабеларуская мова выконвала функцыю афіцыйнай і была багатая на прававыя тэрміны, для разумення якіх патрабавалася падрыхтаванасць. Моваю Праваслаўнай царквы заставалася «славянская» (царкоўнаславянская), якая паступова напаўнялася мясцовымі лінгвістычнымі рэаліямі ды пераўтваралася ў царкоўнаславянскую мову мясцовай рэдакцыі.
Мова справаводства («руская») зведала значныя змены цягам XVXVI стагоддзяў. Маючы з самага пачатку свайго развіцця ў якасці асновы пісьмовую старажытнарускую мову, гэтая мова ўсё больш перайначвалася лексічна, а таксама арфаграфічна і граматычна, набываючы тыя рысы, што дазваляюць беларускім лінгвістам і гісторыкам называць яе старабеларускаю (пры ўсім кансерватызме графічных сродкаў гэтай мовы і, вядома, маючы на ўвазе яе пісьмова-літаратурную норму). Афіцыйная канцылярская мова - гэта функцыя літаратурна-пісьмовай мовы. Дыскусійнасць тут заключаецца ў вызначэнні, у якой ступені вусная гаворка ўплывала на літаратурна-канцылярскую норму і ў якой ступені мова справаводства паўплывала на развіццё вуснай беларускай мовы. Эвалюцыя старабеларускага пісьма звязаная з імкненнем наблізіцца да жывога маўлення і пераадолець уплыў кніжнай традыцыі, што можна назіраць цягам усяго XVI стагоддзя.
Натуральна, папярэдняя характарыстыка сітуацыі дыгласіі разглядае перыяд да пашырэння ў ВКЛ польскай мовы, што можна акрэсліць як негвалтоўную паланізацыю элітаў ВКЛ.
Падобна, што ў XVI стагоддзі ў ланцугу трансляцыі літоўскай мовы ўтварыліся разрывы сярод эліты. Імаверна, аўтары і прапагандысты этнагенетычнай канцэпцыі «рымскага паходжання» літоўскага баярства ўжо не валодалі свабодна літоўскаю моваю, бо змаглі абвясціць яе версіяй лацінскай. З пункту гледжання індаеўрапеістыкі гэтыя мовы (лацінская і літоўская) сапраўды блізкія, але зусім не ёсць адной і той жа для чалавека, які ведае хоць адну з іх. Аўгусціну Ратундусу так і не ўдалося рэалізаваць прапанаваную ім у прадмове да лацінскага перакладу Статута ВКЛ 1566 года лінгвістычную праграму максімальнага ўвядзення лацінскай мовы, гэта значыць «больш чыстай» літоўскай мовы. Хоць тут таксама мы бачым цікавую спробу лінгвістычнага эксперыменту - публічнага замацавання за лацінаю функцыі літаратурна-пісьмовай формы літоўскай мовы, якая разумелася ў шырокім сацыякультурным кантэксце. Фактычна, Ратундус прапаноўваў выбудаваць «унутраную дыгласію».
І дасягненні ў літоўскамоўным кнігадрукаванні сярэдзіны XVI - XVIII стагоддзяў, і абмежаванае функцыянаванне літоўскай мовы ў публічнай сферы XV-XVII стагоддзяў (сітуацыя дыгласіі), і дыскрымінацыя ХІХ стагоддзя, поруч з іншымі чыннікамі, паўплывалі на фармаванне канцэпцыі сучаснай літоўскай нацыі, для якой захаванне і абарона роднай мовы сталіся нацыяўтваральнымі фактарамі.

Літаратура

1. Белл, Роджер Т. (1980). Социолингвистика. Цели, методы и проблемы. Пер. с англ. Москва: Международные отношения.
2. Булыка, А. М. (1980). Лексічныя запазычанні ў беларускай мове XIV-XVIII ст. Мінск: Навука і тэхніка.
3. Гердер, И. Г. (1977). Идеи к философии истории человечества. Пер. А. В. Михайлова. Москва: Наука.
4. Глисон, Г. (2002). Введение в дескриптивную лингвистику. Пер. с анг. Общ. ред. В. А. Звягинцева. Москва: Прогресс.
5. Грумадене, Л. (2005). «Антропонимия как свидетельство наличия многоязычия в Литве XVI в.», у Мовы Вялікага Княства Літоўскага: матэрыялы IV Міжнароднай навуковай канферэнцыі (Брэст, 18­19 мая 2004 г.). Брэст: Акадэмія.
6. Грицкевич, А. П. (1978). «Распределение магнатских и шляхетских владений в Белоруссии по их величине и этнической принадлежности владельцев (XVI в.)», в Вопросы истории, Межведомственный сборник, Минск: БГУ, Вып. 5: 94-105.
7. Гістарычны слоўнік беларускай мовы (1982-2011). Мінск: Навука і тэхніка; Беларуская навука. Вып. 1-31.
8. Дзярновіч, Алег (2004). «Працяг традыцыі» у METRICIANA: Даследаванні і матэрыялы Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага. 3: 11-17.
9. Дзярнович, Олег (2005). «Литовский язык в мультикультурном обществе Великого княжества Литовского XV-XVII веков», в Исторический путь литовской письменности. Вильнюс: Институт литовского языка.
10. Доўнар-Запольскі, Мітрафан (1927). «Сацыяльна-эканамічная структура ЛітоўскаБеларускай дзяржавы ў XVI-XVIII сталецьцях», в Гістарычна­архэолёгічны зборнік. 1: 1-66.
11. Дубасова, А. (2005). «Орфография литовских памятников XVI века в контексте орфографических опытов соседей», в Исторический путь литовской письменности. Вильнюс: Институт литовского языка.
12. Дубоніс, Артурас (2004). «Да праблемы дзяржаўнай мовы ў Вялікім Княстве Літоўскім», в METRICIANA: Даследаванні і матэрыялы Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага. 3: 205-219.
13. Зинкявичюс, Зигмас (1996). Восточная Литва в прошлом и настоящем. Вильнюс: Mokslo ir enciklopedijų leidykla.
14. Зинкявичюс, Зигмас (1999). «Древнейшие литовские тексты до Мартинаса Мажвидаса», в Мартинас Мажвидас и духовная культура Великого княжества Литовского XVI века. Вильнюс-Москва: Baltos lankos.
15. Лаучюте, Ю. А. (1982). Словарь балтизмов в славянских языках. Ленинград: Наука.
16. Лексiчныя балтызмы ў беларускай мове (1969): (Матэрыялы для абмеркавання). Мiнск: Інстытут мовазнаўства ім. Якуба Коласа АН БССР.
17. Любавский, М. К. (1900). Литовско­русский Сейм. Опыт по истории учреждения в связи с внутренним строем и внешней жизнью государства. Москва: Университетская тип.
18. Менжинский, В. С. (1987). «Структура феодального землевладения Великого княжества Литовского (По материалам Переписи войска 1528 г.)», История СССР. 3: 164-178.
19. Оболенский, Дмитрий (1998). Византийское Содружество Наций. Шесть византийских портретов. Москва: Янус-К.
20. Свяжынскі, Уладзімір (2004). «Вяртаючыся да дыскусіі пра афіцыйную мову ВКЛ», у METRICIANA: Даследаванні і матэрыялы Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага. 3: 220-227.
21. Свяжынскі, Уладзімір (2005). «Народы і мовы», у Вялікае Княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 2 т. Т. 1. Мінск: БелЭн.
22. Снайдэр, Тымаці (2010). Рэканструкцыя нацый: Польшча, Украіна, Літва і Беларусь, 1569-1999 гг. Мінск: Медысонт.
23. Спиридонов, М. Ф. (1993). Закрепощение крестьянства Беларуси (XV-XVI вв.). Минск: Навука і тэхніка.
24. Тила, А. (1996) «Слово к читателю», в Зинкявичюс, Зигмас. Восточная Литва в прошлом и настоящем. Вильнюс: Mokslo ir enciklopedijų leidykla.
25. Топоров, Владимир (1999). «Мартинас Мажвидас в контексте его времени (К 450-летию со дня выхода в свет первой литовской книги)», в Мартинас Мажвидас и духовная культура Великого княжества Литовского XVI века. Вильнюс-Москва: Baltos lankos.
26. Błaszczyk, Grzegorz (2002). Litwa na przełomie średniowiecza i nowożytności: 14921596. Poznań: Wydawnictwo Poznańskie.
27. Codex epistolaris Vitoldi magni ducis Lithuaniae (1882). Wyd. A. Prochaska. Kraków: Sumptibus Academiae Literarum Crac.
28. Daukšos Postilė (1926): fotografuotinis leidimas. Kaunas: Lietuvos un-tas.
29. Dlugossii, Joannis. (2001). Annales seu cronicae incliti Regni Poloniae. Liber 11 et 12: 1431-1444. Varsaviae: PWN.
30. Ferguson, Charles A. (1959) «Diglossia», Word, 15: 325-340.
31. Mažvydas, Martynas (1974). Pirmoji Lietuviška knyga. Tekstą ir komentarus paruošė M. Ročka, Vilnius: Vaga.
32. Mikolajus Daukšos 1595 metų katekizmas (1995). Parengė V. Jakštienė, J. Palionis. Vilnius: Mokslo ir enciklopedijų leidykla.
33. Dubiński, Piotr (1788). Zbiór praw y przywilejów miastu stolecznemu W(ielkiego) X(ięstwa) L(itewskiego) Wilnowi nadanych. Na żądanie wielu miast Koronnych, jako też Wielkiego Księstwa Litewskiego ułożony i wydany przez Piotra Dubińskiego, burmistrza wileńskiego. Wilno: W Drukarni J. K. Mci przy Akademij.
34. Hansisches Urkundenbuch (1916). Bd. 11. Ed. v. W. Stein. München; Leipzig: Verlag der Buchhandlung des Waisenhauses.
35. Hensel, Gottfried (1741). Synopsis universae philologiae, sive unitas el harmonia linguarum totius orbis. Nuremberg: In Comissis Apud Heredes Hommanianos.
36. Kulnytė, Birutė, sudarytoja (1990). Lietuvos istorijos paminklai: iš Lietuvos istorijos ir etnografijos muziejaus rinkinių. Vilnius: Lietuvos istorijos ir etnografijos muziejus.
37. Kiaupa, Zigmantas (2000). «Kauno miesto vaitas ir jo aktų knygos XVI a. - XVII a. pirmojoje pusėje», in Z. Kiaupa, J. Kiaupienė, E. Rimša, J. Sarcevičienė (sud.), Kultūrų sankirtos: skiriama doc. dr. Ingės Lukšaitės 60­mečiui. Vilnius: Diemedis.
38. Kiaupa, Z., Kiaupienė, J., Kuncevičius, A. (1998). Lietuvos istoria iki 1795 metų. Vilnius: Valstybinis leidybos centras.
39. Lebedys, Jurgis (1963). Mikolajus Daukša. Vilnius: Valstybinė grožinės literatūros leidykla.
40. Lebedys, Jurgis (1976). Lietuvių kalba XVII-XVIII a. viešajame gyvenime. Vilnius: Mokslas.
41. Lietuvos Metrika (1995). Knyga Nr. 225 (1528-1547): 6­oji Teismų bylų knyga (XVI a. pabajgos kopija). Spaudai parengė S. Lazutka, I. Valikonytė ir kt. Vilnius: Vilniaus Universiteto leidykla.
42. Lietuvos Metrika (2001). Knyga Nr. 12 (1522-1529): Užrašymų knyga 12. Parengė Darius Antanavičius ir Algirdas Baliulis. Vilnius, Žara.
43. Lietuvos Metrika (2003). Knyga Nr. 9 (1511-1518): Užrašymų knyga 9. Parengė Krzysztof Pietkiewicz. Vilnius, Žara.
44. Lietuvos TSR istorija (1986). T. 1: Nuo seniausių laikų iki 1917 metų. Red. kol. B. Vaitkevičius, M. Jučas, V. Merkys. 2 leid. Vilnius: Mokslas.
45. Lukšaitė, Ingė (1999). Reformacija Lietuvos Didžiojoje Kunigaikštystėje ir Mažojoje Lietuvoje: XVI a. trečias dešimtmetis - XVII a. pirmas dešimtmetis. Vilnius: Baltos lankos.
46. Łowmiański, H. (1983). Studia nad dziejami Wielkiego Księstwa Litewskiego. Poznań: UAM.
47. Narbutas, S. (1995). «Lietuviška marginalija 1530 m. Homilijose», Kultūros barai, 2: 56-59.
48. Narbutas, S. (2006). «Litewskie piśmiennictwo» in Kultura Wielkiego Księstwa Litewskiego. Analizy і obrazy. Kraków: Universitas.
49. Narbutas, S., Zinkevičius, Z. (1989). «Lietuviškos glosos 1501 m. mišiose», Baltistica, Priedas, 3 (2): 325-341.
50. Ochmański, J. (1963). Powstanie i rozwój latyfundium biskupstwa wileńskiego (1387-1550): Ze studiów nad rozwojem wielkiej własności na Litwie i Białorusi w średniowieczu. Poznań: UAM.
51. Ochmański, J. (1981). Litewska granica etniczna na wschodzie od epoki pliemiennej do XVI w. Poznań: UAM.
52. Ochmański, J. (1982). Historia Litwy. Wrocław; Warszawa; Kraków; Gdańsk: Ossolineum.
53. Pakarklis, P. (1960). Prūsijos valdžios gromatos, pagraudenimai ir apsakymai lietuviams valstiečiams. Redagavo K. Jablonskis. Vilnius: Valstybinė politinės ir mokslinės literatūros leidykla.
54. Palionis, Jonas (1967). Lietuvių literatūrinė kalba XVI­XVII a. Vilnius: Mintis.
55. Plihál, Katalin and Hapák, Jozsef (2003). Maps of Europe 1520­2001. A Selection. Budapest: Helikon.
56. Safarewicz, J. (1967). Studia językoznawcze. Warszawa: PWN.
57. Тopolska, Maria Barbara (2002). Społeczeństwo i kultura w Wielkim Księstwie Litewskim od XV do XVIII wieku. Poznań - Zielona Góra: Bogucki Wydawnictwo Naukowe.
58. Tumelis, Juozas (1978). «Gegužės Trečiosios konstitucijos ir Ketverių metų seimo nutarimų lietuviškas vertimas», Lietuvos istorijos metraštis. 1977 m.: 95-105.
59. Tumelis, Juozas (Paruošė) (1997). Tado Kosciuškos sukilimo (1794) lietuviškieji raštai. Vilnius: Žara.
60. Ulčinaitė, E (1999). «Merkelis Giedraitis - vyskupas, mecenatas, poetas», Naujasis židinys, 9/10: 444-453.
61. Urbelionienė, V. (1985). «1547-1861 m. lietuviškų knygų statistika», in Narbutas S. (red.), Iš bibliografijos aruodų. Vilnius: LTSR Knygų Rūmai.
62. Zinkevičius, Zigmas (1988). Lietuvių kalbos istorija. T. 3: Senųjų raštų kalba. Vilnius: Mokslas.
63. Zinkevičius, Zigmas (1995). «Mintys, kurios kyla susipažinus su Sigito Narbuto atrasta lietuviška marginalija 1530 m. Homilijose», Lituanistica, 3 (23): 62-65.
64. Zinkevičius, Zigmas (1996). Lietuvių kalbos istorija. Vilnius: Mokslo ir enciklopedijų leidykla.
65. Zinkevičius, Zigmas (2000). Lietuvių poteriai: Kalbos mokslo studija. Vilnius: Mokslo ir enciklopedijų leidybos institutas.
66. Zinkevičius, Zigmas (2005). Krikščionybės ištakos Lietuvoje: Rytų krikščionybė vardyno duomenimis. Vilnius: Katalikų Akademija.


[1] Застаецца дадаць, што большасць прыведзеных Зінкявічусам словаў мае беларускія формы, пра што літоўскі лінгвіст не піша, спасылаючыся толькі на грэцкія і ўсходнеславянскія крыніцы запазычання.
[2] Суперстрат - уплыў мовы прышлага насельніцтва на мову карэннага ў выніку культурнага панавання нейкай этнічнай супольнасці, якой не хапіла крытычнай масы для асіміляцыі гэтага карэннага насельніцтва. Пры гэтым мясцовая моўная традыцыя не абрываецца, але ў ёй адчуваецца іншамоўны уплыў (у рознай ступені і на розных узроўнях).
[3] Субстрат - уплыў мовы карэннага насельніцтва на іншую мову, звычайна пры пераходзе супольнасцяў з першай мовы на другую. У адрозненне ад запазычання прадугледжвае шырокае этнічнае змяшэнне і моўную асіміляцыю прышэльцамі карэннага насельніцтва праз стадыю дзвюхмоўя.
[4] Глядзі таксама дыскусію, выкліканую гэтым тэкстам (Свяжынскі, 2004: 220-227; Дзярновіч, 2004:12-17).
[5] У сітуацыі «проста» дыгласіі дзве мовы існуюць у становішчы функцыянальнага балансу. У сітуацыі ж адначасовага функцыянавання ў розных сферах некалькіх моваў, як у ВКЛ, мы можам казаць пра сітуацыю «мноства дыгласіяў».
 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX