Аўтарскае адступленне
Прайшло амаль 20 гадоў з часу археалагічнага вывучэння кляштару картузаў у Бярозе, калі мне давялося паглядзець дакументальную стужку нямецкага рэжысёра Філіпа Гронінга (Philip Gröning) "Вялікае маўчанне" ("Le Grand Silence"), прысвечаны сучаснаму жыццю манахаў-картузаў. Філіп Гронінг здымаў свой фільм на працягу 2005 г. у казачна прыгожых французскіх Альпах у Grande Chartreuse - кляштары картэзіянцаў (ці, інакш, картузаў), адкуль і пачалося развіццё гэтага аскетычнага манаскага закону. У 1984 г. нямецкі рэжысёр накіраваў у Картэзіянскі ордэн ліст з просьбай дазволіць яму зрабіць дакументальны фільм пра іх. Манахі адказалі, што возьмуць час падумаць і самі звернуцца да Гронінга. Прайшло 16 гадоў і з Ордэна паступіла паведамленне, што яны гатовыя. Рэжысёр сам, без асістэнтаў і каманды, пражыў шэсць месяцаў у кляштары, здымаючы штодзённыя малітвы, працы, рытуалы і рэдкія вонкавыя выправы манахаў. Аўтар фільма ня столькі адлюстроўваў жыццё кляштара, як імкнуўся перадаць яго духоўную атмасферу. Па-за кадрам няма ні музыкі, ні галасоў - толькі гукі кляштара, насельнікі якога далі зарок маўчання. Тое, што застаецца, агаломшвае - толькі час, месца і святло. У Вялікім Маўчанні распускаецца мяжа паміж экранам і гледачамі. Гэта больш развагі, чым дакументальны фільм [1].
Сціслая гісторыя Ордэна картузаў
Першы прыстанак картузаў быў заснаваны Св. Бруна Кёльнскім у 1084 г. у Шартрэзскіх гарах (французскія Альпы) паблізу Грэнобля. Назва Ордэна паходзіць ад назову першага кляштару - Вялікая Шартрэза (La Grande Chartreuse), па-лаціне Cartusia. На працягу 1122-1127 гг. Гвіга, пяты прыёр кляштару ў Шартрэзе, стварыў Рэгулы (Consuetudines) грамады, якія сталі Статутам усіх кляштараў, што прынялі звычаі, прапанаваныя С. Бруна. Афіцыяльна ордэн картузаў быў зацверджаны Папам рымскім Інакенціем ІІІ у 1133 г.
Ордэн існаваў напачатку толькі ў Францыі, але ў перыяд з канца ХІІ па канец XIV ст. кляштары картузаў пашырыліся па ўсёй Еўропе, ад Ірландыі і да Польшчы. Пікам развіцця Ордэна стаў канец XVI ст., калі ў свеце налічвалася 196 кляштараў.
Ордэн картузаў (Ordo Cartusiensis, O Cart.) - самае закрытае манаскае брацтва ў Рыма-Каталіцкай Царкве [2]. Іхны Статут патрабуе зарокаў самотнасці і маўчання, заняткі духоўным удасканаленнем і фізічнай працай, істотныя абмежаванні ў ежы. Картузы вядуць напаўпустэльніцкае і строга сузіральнае жыццё. Натхнёныя досведам бацькоў-пустэльнікаў, картузы, ажыццявіўшы сінтэз пустэльніцтва і жыцця ў грамадзе, злучыўшы перавагі абодвух гэтых шляхоў, змякчыўшы суровасць абсалютнай адзіноты супольным укладам. Такім чынам, удалося аб'яднаць пустэльніцкае жыццё з штодзённай сумеснай літургіяй, адзіноту з духам братэрства, знайсці раўнавагу паміж самотніцтвам і грамадою. Аднак жыццё манахаў-картузаў праходзіць пераважна ў самоце. Аснову духоўнасці картузаў складаюць поўны сыход ад свету, сузіральнае жыццё ў вялікай, амаль вечнай маўклівасці, адзінота, суровы аскетызм і сталае малітоўнае служэнне. "Нашае таварыства, у сутнасці, заснаванае дзеля сузіральнага жыцця, таму павінна добрасумленна выконваць ізаляцыю ад знешняга свету" (Рэгулы). Але духоўная свабода застаецца неад'емным прынцыпам супольнасці картузаў.
Кожная манаская келля (эрэм) складаецца з кубікула, ці жылога пакоя, дзе манах моліцца, спіць і есць; асобнага садзіка; майстэрні; прыбіральні. Застаючыся ізаляванымі адна ад адной, усе келлі маюць выхад у супольную галерэю, злучанаю з царквой. Набажэнства займае ў карутзаў большую частку дня і ночы. Картузы не ўжываюць мяса нават у выпадку хваробы, а раз на тыдзень маюць пост, харчуючыся толькі хлебам і вадой. У картузаў няма супольных памяшканняў для трапзы. На працягу вялікай часткі году манахі-пустэльнікі харчуюцца раз на дзень, атрымліваючы ежу пра асобнае вакенца ў амбуляторыя - галерэі. Гэтае вакенца мае два павароты - каб ні з кім не сустрэцца.
Картузы найстражэйшым чынам выконваюць зарок маўчання, аднак падчас штотыднёвага "спатымента" - энергічнага трох ці чатырохгадзіннага шпацыру, браты вольна гутараць адзін з адным. Манахі ніколі не пакідаюць ваколіцаў свайго кляштару і не ўдзельнічаюць у ніякім служэнні. На працягу дзевяцісотгадовай гісторыі Ордэна іхны вобраз жыцця практычна не змяніўся. Строгасць рэгулаў зрабіла Ордэн картузаў адносна нешматлікім і ў пэўнай ступені элітарным.
Манахі-браты прысвячаюць сябе служэнню манахам-айцам і падзяляюць той самы ідэал яднання з Богам. Клапоцячыся пра задавальненне матэрыяльных патрэбаў кляштара, яны робяць магчымым самотнае жыццё манахаў-айцоў, якія не могуць пакідаць свае келлі дзеля працы. Тым не менш манахі-браты звычайна працуюць у адзіноце і таксама вядуць пераважна самотнае жыццё.
Картузы займаюцца рамёствамі і перапіскаю кніг, а па свайму адукацыйнаму статусу яны стаяць вышэй за ордэны манахаў-жабракоў. Картузы славяцца сваёй дабрачыннасцю, а сусветную вядомасць атрымаў іхны эліксір даўгалецця - зёлкавы ліквор "Шартроз".
Казімір Леў Сапега - фундатар Бярозаўскай Картузіі
Ключавой фігурай для гісторыі заснавання Картузіі ў Бярозе, адзіным кляштары картузаў у Вялікім Княстве Літоўскім, з'яўляецца Казімір Леў Сапега [3] (15.07.1609 - 19.01.1656), чацвёрты, наймалодшы сын слыннага канцлера ВКЛ Льва Сапегі. Бацькам яму была забяспечаная добрая адукацыя - ён навучаўся ў Віленскай акадэміі, езуіцкім калегіуме ў Мюнхене, а таксама ва ўніверсітэтах - Інгальштацкім, Лёвенскім, Балонскім. Падобна, валодаў 7 мовамі [4]. Кар'ера Казіміра Льва на Радзіме была таксама паспяховай - ён абіраўся паслом на соймы, дэпутатам Трыбуналу ВКЛ. Ад 1631 па 1637 г. ён выконваў функцыі каралеўскага сакратара і вялікага пісара ВКЛ, а з 1637 па 1645 гг. быў маршалкам дворным. У 1645 г жа ён стаў падканцлерам ВКЛ. Маёмасныя магчымасці Казіміра Льва былі сапраўды вялікімі - ён з'яўляўся старастам Гарадзенскім (1631-1636), Слонімскім (1644-1651), Рагачоўскім. Кароль Ян Казімір у чэрвені 1649 г. перадаў падканцлеру ВКЛ вельмі прыбытковую Берасцейскую эканомію. Для нашага сюжэту вельмі важным ёсць той факт, што па сваім браце Яне Станіславе Казімір Леў атрымаў вялікую фамільную маёмасць у Берасцейскім ваяводстве [5], якая і стала ядром велізарнай латыфундыі з цэнтрам у Ружанах. Менавіта сярод гэтых маёнткаў і знаходзілася Бяроза.
Казімір Леў быў вядомы са сваіх шматлікіх фундушах на карысць каталіцкіх касцёлаў (Сямяцічы, Дзятлава, Ружаны, Наваградак, Горкі, Бешанковічы, Бярэсце) і кляштараў (Бярэсце, Сапежын, Наваградак, Слонім), а таксама больш як 20 уніяцкіх цэрваў [6]. 63 тыс. талераў выдаткаваў ён на срэбную труну Язафата Кунцэвіча. Вядомай была ягоная капэла і выдатная бібліятэка ў Ружанах (каля 3 тыс. тамоў), перададзеная ім Віленскай Акадэміі - так званая Bibliotheca Sapiehana, перанесеная ў Вільню ў 1666 г. Для той жа Акадэміі Сапега фундаваў у 1641 г. кафедры кананічнага і цывільнага права. Казімір Леў уважаўся за найбольш адданага абаронца Каталіцкага Касцёлу. Разам з тым гісторыкі не прызнаюць за ім выдатных здольнасцяў і хутчэй адмаўляюць палітычнага значэння. Але ж Казімір Леў уважаўся за добрага прамоўцу, а ягоная "Oratio ad Reipublicae Poloniae senators" (1649) была вельмі папулярнай сярод шляхты. Набожнасць, як лічыцца, спрычынілася да заснавання Сапегам кляштару картузаў [7].
Не да канца ясным застаецца пытанне, чаму падканцлер ВКЛ запрасіў асесці на прыналежных яму землях менавіта картузаў. Даследчыкі гісторыі картузій у Рэчы Паспалітай ужо выказвалі меркаванні, што Казімір Леў мог пазнаёміцца з картузамі падчас сваіх падарожжаў па Еўропе - той час Ордэн перажываў новы ўздым у перыяд пасля Рэфармацыі [8]. Вядома, такую магчымасць не варта адкідаць, але ж першы дакумент на тэматыку фундацыі кляштара, які фіксуецца - гэта ліст канвенту Гданьскай Картузіі 1646 г. да падканцлера ВКЛ, у якіх манахі апісвалі найслыннейшыя фундушы, што атрымліваў іхны Ордэн [9]. У гэтым лісце мецца важная фраза, якая сведчыць, што да праекту запрашэння картузаў ва ўладанні Казіміра Льва Сапегі непасрэднае дачыненне меў Эмануль Бжастоўскі, пісар Слонімскі, "qui sapientissime consuluii Fundatori, ut Cartusianos in his locis… fundaret" [10]. Рафал Віткоўскі мяркуе, што гэты ліст картузаў стаў адказам на зварот падканцлера [11]. Ліставанне паміж Казімірам Львом Сапегам, кіраўніцтвам Ордэна і Гданьскай Карутзіяй, якое доўжылася тры гады, закончылася вырашэннем усіх фармальнасцяў і матэрыялізацыяй фундацыі. У чэрвені 1648 г. закладны камень новага кляштару быў пакладзены папскім нунцыем Янам дэ Тарэсам у прысутнасці многіх прадстаўнікоў роду Сапегаў. Казімір Леў выдаткаваў 10 000 злотых на пабудову святыні і, для пачатку, 6 келляў. Сапега перадаў новаму кляштару шэраг сваіх уладанняў: само мястэчка Бяроза з навакольнымі ўладаннямі; апроч таго, картузы атрымалі дзве вёскі ў Слонімскім павеце - Мілейкі і Замасцянка, мястэчка Бусяж. Гэтыя наданні былі зацверджаныя на генеральным Варшаўскім сойме ў 1653 г. Мяркуецца, што такі фундуш быў адным з самых значным у Вялікім Княстве Літоўскім на той час [12]. Фундатар перадаў таксама кніжкі для бібліятэкі кляштара.
У адрозненні ад большасці каталіцкіх кляштараў, што будаваліся ў гарадах, кляштар картузаў у Бярозе быў заснаваны ў мясцовасці з містычнай аўрай - тут некалі адбылося цудоўнае з'яўленне драўлянага крыжа з выявай распятага Хрыста. У выніку, Картузія ў Бярозе атрымала адпаведную назву - "Sanctae Crucis".
Сам фундатар не дачакаўся заканчэння будоўлі кляштара, бо 19 студзеня 1656 г. у ноч а першай гадзіне памёр у Брэсце. Але і ў тастаменце адпісаў значныя сродкі на Бярозаўскую Картузію. Кансэкрацыя касцёлу адбылася 6 чэрвеня 1666 г. і яе праводзіў крэўны фундатара Жамойцкі біскуп Аляксандр Сапега. Нарэшце парэшткі Казіміра Льва былі пахаваныя ў Картузіі, у паўднёвай сцяне храма, як тое завяшчаў фундатар [13]. Для Сапегаў з Чарэйска-Ружанскай лініі кляштар у Бярозе стаў родавым некропалем [14]. У 1757 г. пахаванне Казіміра Льва Сапегі было ўскрытае, а ў 1764 г. парэшткі падканцлера былі перапахаваныя ў новай труне (як можна зразумець з тэксту дакумента 1868 г., тут меўся на ўвазе знешні саркафаг) [15].
У зачыненым пасля Паўстання 1830-1831 гг. кляштары яшчэ працягваў дзейнічаць касцёл - як парафіяльны. Але 24.08.1866 віленскі генерал-губернатар Канстанцін фон Каўфман паведамляў міністру ўнутраных спраў пра рашэнне разабраць касцёл [16]. У кастрычніку 1868 г. урна з сэрцам Казіміра Льва Сапегі была знойдзена ў сценах касцёла пад час яго разбурэння, якім кіраваў надворны саветнік Козыраў [17]. Паводле ўспамінаў Рамуальда Траўгута, з крыпты касцёла былі таксама вынятыя металёвыя труны Сапегаў "у вельмі добрым стане і з надпісамі" ды перапахаваныя "на мясцовых могілках непадалёку касцёла" [18]. Але ў кастрычніку 1869 г. пахаванні Сапегаў былі ўскрытыя вандаламі-скарбашукальнікамі, што стала нагодай для паліцэйскага следства, зрэшты, безвыніковага [19]. На могілках адбылося паўторнае пахаванне Сапегаў [20].
Нічога невядома пра пазнейшы перанос гэтых пахаванняў у іншае месца. На мясцовых жа могілках, якія знаходзяцца побач з кляштарам, узвышаецца пірамідальная стэла, якая паводле меркаванняў мясцовых жыхароў і з'яўляецца надмагільным абеліскам пахаванняў Сапегаў [21]. Паводле знешніх параметраў, гэтая стэла выкладзена з цэглы, узятай з будынкаў кляштара. Калі гэта сапраўды месца пахаванне Сапегаў, то Бяроза мае адзіны некропаль гэтага роду на тэрыторыі сучаснай Беларусі.
Архітэктурная структура і адметнасць Бярозаўскага кляштара [22]
Гісторыя і вонкавая аблічча кляштара ў Бярозе прыцягвала аўтараў і мастакоў ужо ў ХІХ ст.
Найбольш вядомай з'яўляецца класічная гравюра Бярозскай Картузіі паводле малюнка Напалеона Орды [23]. Для сваёй творчасці Н. Орда выбраў тэхніку алоўкавага малюнка, падмаляванага акварэллю, гуашам ці сепіяй, якой дасканала валодаў. Менавіта гэтая тэхніка малявання ва ўмовах падарожжа дазваляла аператыўна і найбольш дакладна адлюстроўваць натурны архітэктурны краявід. Мастак абраў адзіны фармат паперы (даўжыня каля 30 см), наклеенай на планшэтку [24]. Гравюры на камені з малюнкаў Орды зрабіў Алаіз Місуровіч на літаграфічным камбінаце Максымільяна Фаянса ў Варшаве. Менавіта ў выглядзе гравюр малюнкі Орды сталі шырока вядомымі і папулярнымі. Па Гродзенскай ж губерні, у склад якой тады ўваходзіла Бяроза, мастак рэгулярна вандраваў на працягу 1860-1877 гг., гэта значыць ужо пасля закрыцця кляштара расійскімі ўладамі. Але паводле малюнкаў комплекс кляштара з касцёлам выглядаў на той час яшчэ дастаткова маляўніча і прывабна. Подпісы пад апублікаванымі малюнкамі на польскай і французскай мовах Орда рабіў сам. Напэўна тэхнічнай памылкай друку з'яўляецца датаванне залажэння кляштара пад гравюрай Бярозскай Картузіі 1618 г. ("Klasztor Kartuzуw zaіożony r. 1618 przez X. Lwa Sapiehę w pięknej i bogatej okolicy nad rzeką Jasioіdą, roku 1706 zdobywany przez Karola XII króla Szwedzkiego") - мусіў быць 1648 год. Таксама памылкова фундатарам кляштара тут названы Леў Сапега, а не ягоны сын Казімір Леў [25].
Яшчэ адная досыць вядомая гравюра Бярозскай Картузіі была выкананая Браніславам Падбельскім, вядомым сваімі працай для варшаўскага "Tygodnikа Illustrowanego": "Dawny klasztor kartuzуw w Berezie (Rysowaі Podbielski, podіug szkicu z miejsca nadesіanego)" [26]. Сітуацыйна гэты дзве гравюры паказваюць падобную сітуацыі - частку кляштарнага комплексу з касцёлам і галоўнай брамаю. Таксама і першыя гістарычныя апісанні кляштару пачалі з'ўляцца з сярэдзіны ХІХ ст., калі манахаў тут ужо не было.
Найбольш жа дакладнае ўяўленне пра архітэктуру комплексу па стану ў першай трэці ХІХ ст. даюць абмерныя чарцяжы 1830-х гадоў, якія захоўваюцца ў Расійскім Дзяржаўным Ваенна-Гістарычным Архіве ў Маскве [27]. Ліквідацыя кляштара пасля Паўстання 1830-1831 гг. ды размяшчэнне на ягонай тэрыторыі расійскага вайсковага гарнізону спрычыніліся да з'яўлення гэтых чарцяжоў, выкананых на даволі высокім узроўні.
Цэнтрам планіровачнай і аб'ёмна-прасторавай кампазіцыі ўсяго комплексу была трохнефавая базіліка касцёла з бязвежавым фасадам, злёгку раскрапаванага плоскім рызалітам (частка будынка, якая выступае за лінію фасада на ўсю яго вышыню). Дакладна пасярэдзіне касцёл падзяляўся на дзве часткі: уваходную - з нефамі, злучанымі міжнефавымі аркадамі (для звычайных парафіян), і алтарную - з моцна выцягнутым прэсбітэрыем (прастора перад галоўным алтаром), да якога далучалася васьмігранная вежа-званіца. Абапал прэсбітэрыя размяшчаліся аддзеленыя ад яго мураванымі сценамі вузкія капліцы, завершаныя з усходу невялікімі гранёнымі апсідамі. Алтарная частка прызначалася менавіта для манахаў-самотнікаў. Функцыянальны падзел храма на асобныя часткі ажыццяўляўся пры дапамозе папярочнай галерэі, якая акрэслівала мяжу паміж манаскай і свецкай часткамі комплексу. Да галоўнай апсіды, унутры двара эрэмаў манахаў-самотнікаў, далучалася шматярусная вежа-званіца, якая выконвала ролю акцэнтацыі кампазіцыйнага цэнтра ансамбля, пабудаванага ў эстэтычнай канцэпцыі сталага Барока. Галерэя з абодвух бакоў касцёлу пераходзіла ў шырокі светлы калідор, які ўтвараў замкнёны, блізкі да квадрату ўнутраны двор кляштару на ўсход ад касцёлу. Ад асноўнага калідору перпендыкулярна адыходзілі кароткія калідоры, якія злучалі малыя комплексы з трох пакояў і невялічкім агародзе пры іх - гэты і былі манаскія эрэмы (келлі). Кожны міні-комплекс эрэма быў абнесены ў сваю чаргу таксама мураванай сцяной - такім чынам, жытло манахаў-самотнікаў было ізаляванае ад навакольнага свету.
Але апроч гэтай зачыненай часткі кляштарнага комплексу існавала больш адкрытая для парафіянаў частка, што знаходзілася адразу за галоўнай брамай, на поўнач ад касцёлу. Гэтая частка комплексу, паводле сведчанняў з сярэдзіны ХІХ ст., называлася Гасціннай, бо падарожнікі знаходзілі там начлег і харчаванне [28]. Менавіта тут размяшчаўся двухпавярховы палац Сапегаў. У гэтай частцы комплекса знаходзіліся таксама аптэка і гаспадарчыя карпусы кляштара. Будаўніцтва асноўных будынкаў ансамбля было завершанае да 1689 г., пра што сведчыла дата на франтоне галоўнай брамы. У больш позні час былі ўзведзеныя яшчэ некалькі службовых будынкаў уздоўж паўночнай сцяны кляштара, а з поўдня і ўсходу ад яго створаны пладовы сад з сажалкай. Увесь комплекс быў дадаткова абнесены мураванай сцяной з невялічкімі вежамі і ровам. Агульная плошча комплекса перавышала 1,5 га.
У паўднёвай сакрыстыі касцёлу знаходзіўся ўваход у крыпту, у якой знаходзіліся ганаровыя пахаванні, у тым ліку 15-ці прадстаўнікоў роду Сапегаў. Могілкі для законнікаў размяшчаліся ўнутры кляштарнага двара.
Ансамбль кляштара вызначаўся надзвычайным адзінствам архітэктурнай задумы і дасканаласцю яе ўвасаблення, арыгінальнасцю і самабытнасцю аб'ёмна-прасторавай кампазіцыі, што было абумоўлена спалучэннем спецыфікі ордэнскага статуту картузаў, формаў італьянскага барока ды мясцовых будаўнічых традыцый [29].
Трэба сказаць, што кляштар у Бярозе не пакідае ў спакоі беларускіх аўтараў, разнастайныя матэрыялы даведачна-энцыклапедычнага [30] і публіцыстычнага [31] характару пра мінулае і сучасны стан помніка працягваюць з'яўляцца, прыцягваючы ўвагу публікі.
АРХЕАЛАГІЧНАЕ ДАСЛЕДАВАННЕ БЯРОЗАЎСКАЙ КАРТУЗІІ
Нягледзячы на ўсю архітэктурную значнасць кляштара картузаў у Бярозе (гістарычна - Бярозе-Картузскай, сёння раённы цэнтр Брэсцкай вобласці Беларусі), археалагічныя даследаванні тэрыторыі помніка ўпершыню праводзіліся толькі ў 1989-1990 гг. Хоць была ўскрытая была даволі значная плошча - 3 раскопы (агульная плошча 425 м) і 24 шурфы (агульная плошча 102 м). Даследаванні праводзіліся экспедыцыя тагачаснага інстытута "Белспецпраектрэстаўрацыя", поўная назва якога расшыфроўваецца наступным чынам - Беларускі Спецыялізаваны Інстытут па Распрацоўцы Праектнай Дакументацыі для Рэстаўрацыі Помнікаў Гісторыі і Культуры [32]. У той час на зломе эпохаў рабіліся намаганні, каб правесці кансервацыю ацалелых будынкаў кляштару і непасрэднаю мэтаю археалагічных раскопак было ўдакладненне архітэктурнай гісторыі комплексу, а таксама вывучэнне культурнага слою на тэрыторыі помніка. Такім чынам, ускрываліся падмуркі незахаваных пабудоваў, а таксама даследаваліся падмуркі і падземныя канструкцыі тых будынкаў, што існуюць дагэтуль [33].
Агульная стратыграфія
У тых месцах, дзе няма перакопаў, стратыграфічная сітуацыя выглядае наступным чынам:
1. Зверху знаходзіцца пласт гумусу таўшчынёй 0,1 м.
2. Ніжэй залягае шэры альбо светла шэры пласт сярэдзіны ХІХ - ХХ ст., таўшчынёй 0,4-0,6 м. Будаўнічы друз гэтага пласту ёсць слядамі разбурэння кляштару.
3. Яшчэ ніжэй знаходзіцца цёмна-шэры альбо шэры пласт таўшчынёй да 1 м, які датуецца канцом XVII - пачаткам XIX ст. - перыядам паўнацэннага існавання кляштару. У гэтым пласце была сабраная найбольшая колькасць знаходак. Тут прысутнічаюць сляды як разбурэнняў, так і адбудоваў кляштару: праслойкі вуголля, будаўнічы друз (фрагменты цэглы, дахоўкі, вапны), светлага пяску.
4. Далей знаходзіцца чорны альбо цёмна-шэры пясок, магутнасць пласта якога дасягае 0,2-0,4 м. Практычна, гэта пласт засыпанай глебы, на якой распачалося будаўніцтва кляштару; яго можна трактаваць як будаўнічы гарызонт. Прысутнічае будаўнічае смецце - фрагменты цэглы, нязначнай колькасці вапны.
Асобна вылучаецца шэрая праслойка часоў будаўніцтва. Яна мае ўжо значную вільготнасць, некалькі разоў на яе ўзроўні адбывалася завадненне шурфоў - вада прасочвалася з мацерыковай пароды.
5. Мацярык - шэры суглінак, радзей гліна альбо светлы пясок. Гэта алювіяльныя адкладанні. Увогуле Бяроза знаходзіцца ў Піна-Мухавецкім раёне Палескай ландшафтнай правінцыі, для якой характэрныя нізінныя алювіяльныя тэрасаваныя ландшафты [34]. Алювіяльныя адкладанні ўтвараюцца ў рэчышчах водных патокаў, складаюць поймы і тэрасы рачных далін і сустракаюцца ў пахаваным стане. Што важна - спецыфіка гэтых парод паўплывала на тэхналогію будаўніцтва кляштара.
Канструкцыя падмуркаў
Заляганне трывалых пародаў заўважна ніжэй тагачасных гумусавых слаёў, а таксама значная вільготнасць мацерыковага грунту прывялі да ўтварэння своеасаблівай тэхнікі выкладання падмуркаў кляштару. На Іл. 5: 1 адлюстравана схема тыповага для Бярозаўскага кляштару картузаў у XVII-XVIII ст. падмурка.
Зверху знаходзіцца цагляная муроўка; пад ёй залягае муроўка з камянёў, якая часта гарызантальна выступае над "заліўкай"; ніжэй знаходзіцца ўласна "заліўка". Апошняя ўтваралася наступным чынам - выкапаны ў мацерыку роў літаральна заліваўся вапнавай рошчынай, ужо ў якую кідалі камяні. Такі прыём прывёў да таго, што ў стратыграфіі будаўнічы роў не вызначаецца, а лінія мацерыка вызначаецца вышэй, чым лінія падэшвы падмурка. Магутны слой вапны захоўваў ад намакання асноўны будаўнічы матэрыял - цэглу. Бо ва ўмовах сталага кантакту вады з кіслародам адбываецца досыць хуткая дэструкцыя цэглы. "Каменная" праслойка ўмацоўвала падмурак, на які ціснула маса гмаху. У месцах кантактаў падмуркаў розных збудаванняў, падмуркі дадаткова ўмацоўваліся рошчынай. Звяртае на сябе ўвагу шырокае выкарыстанне ў падмурках камянёў (валуноў да 0,6-0,8 м у папярочніку).
У будынку палаца Сапегаў ды іншых збудаванняў XVII ст. на ўзроўні дзённай паверхні мур звонку абкладзены цэглай (27,5-28 х 14,5-15 х 8 см), якая выкарыстана па тыпу пліткі - пляскатай паверхняй звонкі. Гэтак было зроблена з мэтаю захавання муроўкі будынка ад знешніх уздзеянняў у месцах кантакту з глебай.
Дзядзінец кляштара
Трэба адзначыць, што на вядомых абмерных чарцяжах кляштару, зробленых каля 1835 г. [35], адзначаныя не ўсе будынкі, рэшткі якіх былі выяўлены пад час раскопак.
Шурфам № 10 (у двары, правей брамы - паводле плану) быў ускрытыя падмурак невядомага будынку. Падмурак выкладзены з камянёў, замацаваных вапнавай рошчынай. Папярэдне ён датуецца другой паловай XVII - пачаткам XVIII ст.
Ва ўсходняй частцы Раскопа № 1, якім ўскрываўся Дом рамесніка адразу з правага ад брамы боку, па-за межамі будынка выяўленыя рэшткі лёхаў XVII ст., што былі знішчаныя ў XVIII ст., магчыма, пад час Паўночнай вайны. Усе гэтыя звесткі ўзбагачаюць і ўскладняюць архітэктурную гісторыю кляштара.
Унутры дзядзінца знойдзеныя рэшткі каменнай брукоўкі XVIII ст. Напэўна, двор захоўваўся ў добрым санітарным стане і рэгулярна прыбіраўся: на брукоўцы практычна няма знаходак.
Будаўніча-архітэктурныя асаблівасці пабудоваў і матэрыялы
У будынках XVII - першай паловы XVIII ст. падлога пакрывалася квадратнымі керамічнымі пліткамі (параметры: 21-21,2 х 21-21,2 х 5-5,5 см). Гэтыя пліткі былі выяўленыя, у тым ліку, у ацалелай вежы, якая знаходзіцца злева (на захад) ад брамы (Шурф № 14). Падобныя пліткі падлогі вядомыя ў Беларусі з XVI ст., вельмі блізкія аналагі выяўлены пры раскопках Наваградскай Барысаглебскай царквы (паліваная плітка пачатку XVII ст., раскопкі М. Каргера) і Магілёўскага Мікольскага манастыра (паліваная плітка другой паловы XVII ст.), падобныя квадратныя непаліваныя пліткі знойдзеныя пад час даследаванняў Мірскага замку (канец XVI - XVII ст.) і Менскага Дамініканскага касцёлу (XVII ст.) [36]. У вежы кляштара картузаў падлога ў некалькіх месцах была пашкоджаная, а ў цэнтры наўмысна ў падлозе зроблена адтуліна дыяметрам прыкладна 0,75 м. Верагодна, у XVIII ст. вежа была пашкоджана і, каб зрабіць новыя перакрыцці паміж паверхамі, прыйшлося умацаваць драўляны слуп, які і ўтварыў адтуліну ў падлозе вежы.
У паўднёва-заходнім гэтай жа куце вежы знойдзены рэшткі печы. Яна была вымураваная ўжо на пліткавай падлозе XVII ст., прычым з цаглін, якія ўжо былі ў карыстанні - бакі цаглін адбітыя. Цэгла, якая датуецца XVIII ст., мае памеры 31,5-33 х 15,5-16 х 6-6,5 см, колер - ярка-чырвоны. На сцяне, перад якой знаходзілася печ, маюцца сляды нішы з арачным завяршэннем. Пад час узвядзення пячы нішу заклалі разнастайнымі будаўнічымі матэрыяламі (у тым ліку і пліткай падлогі). Скляпенне печы, падобна, супадала з узроўнем аркі былой нішы.
Характэрнай рысай ацяпляльнай сістэмы кляштару з'яўляліся цеплавыя каналы. Такі канал, у прыватнасці, выяўлены ў палацы Сапегаў. Ён пачынаўся ад каміну, ішоў пад падлогай, у тым ліку і пад подам яшчэ адной печы, атрымліваючы, такім чынам, дадатковае цяпло. У выніку цяпло ад печаў і каміна выкарыстоўвалася досыць рацыянальна.
Як ужо адзначалася, асноўны будаўнічы матэрыял - цэгла. Вылучаецца цэгла XVII ст., параметры якой 27-28 х 14,5-15 х 6-6,5 см, колер светла-карычневы, дамешкі з дробных каменьчыкаў, абпал раўнамерны. Найбольш блізкая па параметрам цэгла паводле апублікаванай інфармацыі з рэшткаў жылых карпусоў Брацкага манастыра ў Магілёве (сярэдзіна - другая палова XVII ст.): 26-27 х 15-16 х 6-6,5 см [37].
Значна радзей у другой палове XVII ст. выкарыстоўвалася цэгла памерамі 30-31 х 14-14,5 х 7,5-8 см. Паверхня цэглы роўная. У XVIII ст. такой цэглай выкладалася падлога ў памяшканнях кляштара.
Муроўка сцен кляштара - рэнесансавая крыжовая. Пры такім тыпе муроўкі рады цэглы выкладаліся наступным чынам: адзін цалкам з лажкоў (даўжэйшай частцы цэглы), другі, другі - цалкам з тычкоў (найвузейшая частка), чарговы зноў з лажкоў і г. д. Прычым лажок і верхні ды ніжні тычок камбінаваліся такім спосабам, што ў абрысах утваралі крыж [38]. Але ў Бярозаўскім кляштары такая схема муроўкі строга не вытрымлівалася. Цэгла змацоўвалася вапнавай рошчынай. Шво таўшчынёй 2-2,5 см.
Падчас раскопак была знойдзена таксама дахоўка - пляскатая і хвалістая. Першая датуецца XVII ст., адзін бок у яе скруглены. Таўшчыня дахоўкі ў сярэднім 2 см. Шып у разрэзе трапецыявідны, вышынёй 2,5-3 см. На ўнутранай, крыху ўвагнутай паверхні дахоўкі маюцца неглыбокія барозны. На знешняй паверхні бачны сляды ад фармовачнай рамкі. У раскопах і шурфах каля касцёла знойдзены пераважна зялёнапаліваныя экземпляры, паліва якіх мае насычаны зялёны колер. Можна меркаваць, што дах касцёла быў пакрыты паліванай дахоўкай. Гэтая дэталь аднаўляе для нас і мастацкі вобраз помніка - смарагдавы дах белага тынкаванага гмаху на фоне блакітнага палескага неба. І калі ставіць за мэту аднаўленне барочнай эстэтыкі кляштара, то падобную каляровую гаму трэба абавязкова ўлічваць. Але ж у ХІХ ст., як вядома, дах касцёлу быў пакрыты медзянымі бляхамі, які паводле распараджэння Гродзенскага губернатара ад 1866 г. выкарысталі для пакрыцця даху царквы Аляксандра Неўскага ў Гродне. Каля брамы, апроч зялёнапаліванай, была знойдзеная таксама дахоўка, пакрытая светла-карычневай палівай. Магчыма, дах брамы быў пакрыты рознакаляровай дахоўкай, якая ўтварала арнамент.
Знойдзеная кафля датуецца сярэдзінай XVII - пачаткам XIX ст. - перыядам існавання кляштара. Адзін з улюблёных матываў бярозаўскай кафлі - раслінны. Ён выкарыстоўваўся на працягу XVII ст., а таксама на пачатку XVIІI ст., калі знікае бакавая рамка. Большасць кафлі XVII ст. з раслінай арнаментацыяй зялёнапаліваная і толькі каля 30 % такой кафлі - тэракотавая. Быў знойдзены цэлы асобнік зялёнапаліванай кафлі. У цэнтры арнаментальнага матыву досыць традыцыйны для беларускага кафлярства элемнет - валошка. Але закампанавана яна ў рэнесансную рамку - пэўная архаічная рыса для мастацтва таго часу.
Цікавымі з'яўляюцца нешматлікія фрагменты геральдычнай кафлі. Геральдычны матыў звязаны з родам Сапегаў - заснавальнікамі кляштара. Іх герб "Ліс" ёсць асноўным элементам дэкоры тэракотавай кафлі сярэдзіны - другой паловы XVII ст. Фрагменты дробныя і цалкам дакладна аднавіць такую кафлю не выпадае. Але заўважна спецыфіка: герб "Ліс" - перакрыжаваная дзвюмя рысачкамі страла, мае своеасаблівы картуш, што акантоўвае рысачкі. Дзве лініі картуша сыходзяцца каля нізу дрэўка стралы. З Сапегамі, напэўна, звязаныя і манаграмы на зялёнапаліванай кафлі. На захаванай частцы паверхні кафлі выразна бачныя літары "S", "L", "B" - першыя дзве гіпатэтычна можна прыняць за пачатковыя літары словаў "Сапега" і "Літоўскі", што адпавядае сітуацыі. На гэтым жа фрагменце бачны і геральдычны картуш. Фрагмент кутняй зялёнапаліванай кафлі сярэдзіны XVII ст. з літарай "К" ("Казімір" - ?) аздоблены выяваю крыла (арла?).
Нязвыклым можна назваць дэкор кафлі другой паловы XVІII ст. Кафля мае гладкую паверхню, а яе пласціна пакрытая цёмна-жоўтай, светла-карычневай альбо салатавай палівай. Потым па гэтаму фону былі нанесены палосы ды плямы карычневага. Зялёнага, салатавага колеру - своеасаблівы сюррэалізм XVIII ст., тым больш дзіўны, што гэта кафля з кляштару, дзе панаваў аскетычны лад жыцця. Менавіта такой кафляй былі аздоблены печы ў вежы, а таксама ў палацы. Падобную ж каляровую гаму мае і гзымсавая кафля таго ж часу [39]. Сярэдзінай XVІII ст. датуюцца таксама гладкая кафля, пакрытая шчыльнай зялёнай палівай.
Керамічны посуд
Увесь керамічны посуд бярозаўскай калекцыі паводле прынцыпаў тэхналагічнай апрацоўкі можна падзяліць на чорнадымлены (84 % знойдзеных фрагментаў), паліваны (10 %) і тэракотавы (6 %). Чорнадымлены посуд быў самым пашыраным на працягу XVII-XVIII ст. у Бярозаўскім кляштары. Гэтым Бяроза рэзка адрозніваецца, да прыкладу, ад таксама палескага Століна, дзе абсалютная большасць посуду выраблялася з тлустай белай гліны. Але бярозаўскі чорнадымлены посуд спецыфічны і на ўзроўні марфалагічным, а не толькі тэхналагічным. Прафіліроўка венцаў мае няшмат аналагаў у іншых гарадах і рэгіёнах Беларусі. Досыць шырокі асартымент чорнадымленага посуду, гаршчкі ж складаюць 50 % яго. У XVII ст. гаршчкі мелі амаль вертыкальную шыйку на пукатых плечуках, альбо крыху адхіленую ў вонкавы бок шыйку з патаўшчэннем у месцы пераходу шыйкі ў плечукі. Найбольш распаўсюджаны дыяметр венцаў 13, 15, 19 см. Першы тып у нейкай ступені падобны да віцебскіх гаршчкоў тыпу А групы 2 [40]. Бярозаўскія гаршчкі гэтага часу багата арнаментаваныя глянцаваннем.
У XVIII ст. профіль сценак гаршчкоў набывае "S"-падобную форму, назіраецца і пераходны варыянт да традыцыйнай формы. Калі не ўлічваць завяршэнне вянца, то сваімі плаўнымі абрысамі гэты тып гаршчкоў нагадвае гаршчкі з Мірскага замка (тып І, ІІ) [41]. З канца XVIII ст. ужываюцца гаршчкі з адхіленай у вонкавы бок шыйкай, уверсе венца патоўшчанае. Дыяметры венцаў XVIII ст. у параўнанні з XVII ст. маюць тэндэнцыю да павелічэння (20-21 см). Глянцаванне выкарыстоўвалася і ў XVIII ст., але малюнак строга не вытрымліваўся, сістэма "сетачкі" парушалася. У XVII ст. мела распаўсюджанне чорнадымленае начынне пераходнай формы ад гаршчкоў да макотраў, калі адцягнутае венца набліжаецца да гарызантальнага.
Макацёры складаюць прыблізна 10 % чорнадымленага посуду. Калі ў XVII ст. адцягнутасць венца не такая значная, дык у XVIIІ ст. венцы прыкметна адцягваюцца ў вонкавы бок, патаўшчаюцца, а знутры маюць раўчук альбо зрэз. Дыяметр венцаў макацёраў у XVIIІ ст. павялічваецца з 22-28 да 31-32 см.
Прыблізна 20 % чорнадымленага посуду складаюць збаны. Іхная прафіліроўка ў XVIIІ ст. робіцца больш простай, але венца можа набываць і вонкавы гзымсік. Дыяметр венцаў збаноў досыць стабільны - 12 см.
Даволі распаўсюджаныя сярод керамічнага матэрыялу былі місы - каля 20 % чорнадымленага посуду. Прафіліроўка іх досыць стандартная на працягу XVII-XVIІI ст., але ў XVII ст. венца заканчвалася выразным патаўшчэннем альбо невялічкім адхіленнем у вонкавы бок, што ў XVIIІ ст. згладжваецца. Дыяметр венцаў вытрымліваецца ў параметрах 25-30 см, асобныя экзэмпляры дасягаюць 15 ды 35 см. Прычым павелічэнне варыятыўнасці назіраецца ў XVIIІ ст. У місах асабліва шырока выкарыстоўваўся глянцаваны арнамент. У асобных выпадках місы аздабляліся слядамі прыціскання пазногцяў па вонкавым баку.
Да канца не высветлена прызначэнне чорнадымленага вырабу з утулкай. Выяўлены ён быў у слаях XVIІ ст. і, магчыма, быў злівам буйнога начыння. Варта адзначыць такі цікавы від посуду, як керамічныя чорнадымленыя друшлякі, фрагменты якіх знойдзены на тэрыторыі кляштара. У калекцыі маецца таксама фрагмент тэракотавага друшляка, але ў параўнанні з чорнадымленымі сценкі яго заўважна таўсцейшыя і дасягаюць 2 см.
Увогуле ж тэракотавы посуд у Бярозе найбяднейшы па асартыменце і па колькасці (6 %). Тэракотавыя гаршчкі XVIІ ст. маюць невялікую прамую шыйку з вонкавым валікам. На працягу XVIІІ ст. абрысы венцаў спрашчаюцца, уверсе назіраецца патаўшчэнне.
Паліваны посуд складае 10 % ад усяго керамічнага начыння. Прафіліроўка венцаў гаршчкоў у XVIІ ст. больш складаная, чым у XVIІІ ст. Звычайна звонку яны маюць гзымсік. Дыяметры венцаў канцэнтруюцца ў дзвюх групах: 8-10 см і 15-23 см. У XVIІІ ст. венцы прамыя, злёгку патоўшчаныя. Найбольш распаўсюджаныя дыяметры 10 і 23 см. Донцы паліванага начыння маюць дыяметры 8-11 см, асобныя экземпляры - 6 і 16 см. У XVІIІ ст. шырока ўжываліся паліхромныя талеркі і місы з наступнай дэкаратыўнай сістэмай: блякла-ружовы фон, раслінны роспіс цёмна-зялёнымі і бэзавымі палівамі. У калекцыі маюцца зялёнапаліваныя рынкі другой паловы XVIІ ст.; вылучаецца невялікае, дыяметрам 10 см ("на адно яйка") начынне. Пэўна, наяўнасць падобнага аднаасобнага посуду звязаная з кляштарным ладам жыцця, дзе яскрава прысутнічалі пустэльніцтва і адзінота. Бо посуд "на адну порцыю" быў знойдзены яшчэ дадаткова - гэта накрыўкі дыяметрам 6 см і 7,2 см, гаршчок дыяметрам донца 5 см і венца 9 см.
Шляны посуд
Найбольшую цікавасць выклікае шкляніца, знойдзеная ў слаях XVIІІ ст. Непасрэдна знаходка зроблена ў Раскопе 1, якім былі ўскрытыя падмуркі будыку паміж брамаю і касцёлам і вядомага паводле пісьмовых крыніцаў як Дом рамесніка (магчыма, таксама майстэрня). На ўсход ад будянка знойдзены два сутарэнні, перакрытыя скляпеннымі. Паводле канструкцыйных асаблівасцей і выкарыстанага матэрыялу яны датуюцца другой паловай XVIІ ст. Бачна, што яны біла пашкоджаныя, магчыма, падчас Паўночнай вайны. У пласце XVIІІ ст., што запаўняе сутарэнні, і была выяўлена шкляніца.
Начынне мае вышыню 118 мм, дыяметр венца 90 мм, донца - 65 мм. Ташчыня шкла ўверсе каля 2 мм, у прыдоннай частцы дасягае 3,5 мм. Шкло бясколернае, шкляніца мае 8 граняў, аздобленых ручной гравіроўкай. На дзвюх суседніх гранях арнамент розны, але далей ён паўтараецца. Архітэктоніка шкляніцы гарманічна вытанчаная. Лініі яе стромкія, рэльефна пазначаныя лёгкімі вальцаванымі гранямі. Вертыкальная дамінанта формы крыху стрымліваецца важкім устойлівым донцам. Празрыстыя, поўныя паветра сценкі імкліва раскрываюцца ля вусця, нібы зліваюцца з прасторай і ствараюць забыты, хоць і даўно знаёмы прыродны вобраз чашы. Дапаўняе кампазіцыю тонка гравіраваны дэкаратыўны пас. Само дэкаратыўнае поле шкляніцы падзеленае на 8 (па колькасці граняў) звязаных між сабой медальёнаў, малюнак якіх паўтараецца. Па-сутнасці, чаргуюцца два кампазіцыйных матывы: трыліснік спалучаецца з выявамі перлін і чатырохпялёсткавых кветак. Па краі вусця цягнецца прыгожы шлячок у выглядзе хвалістай лініі. Таксама хвалістая лінія, але з большым крокам, замыкае дэкаратыўнае поле ля донца. Вальцаваныя грані, супастаўленне празрыстых сценак і важкага донца, вертыкальных ліній формы і гарызантальных дэкору, пышнасць аздобы, утвораная дзякуючы ламаным увогнутым кампазіцыям, сімвалічнасць вобраза (выява трылісніка - сімвал Хрыста, чысціні абранай мэты; выява перліны - таксама сімвал чысціні, цнатлівасці поглядаў), сведчыць пра безумоўна барочны характар шкляніцы.
Датаваць жа шкляніцу можна, відаць, не раней, як сярэдзінай XVIІІ ст. Добрая тэхнічная якасць шкла, даволі высокі ўзровень гравіраваных кампазіцый (паводле аналагаў), стылявыя асаблівасці дэкору апраўдваюць такое датаванне [42]. Яно, дарэчы, супадае і з датаваннем паводле стратыграфіі. Рысы. Блізкія да згаданых, сустракаюцца ў шкляным посудзе сярэдзіны XVIІІ ст., выяўленым на Старым месце ў Варшаве і атрыбутаванага як правінцыйны сярэдненямецкі, магчыма, саксонскі тып [43].
Адкуль жа паходзіць знойдзеная ў бярозе шкляніца? Падабенства дэкору бярозаўскай знаходкі і польскіх аналагаў дазваляе меркаваць, услед за С. Цэпеляй, што перад намі таксама выраб правінцыйнай багемскай альбо саксонскай школы. Гэта між іншым, пацвярджае і хімічны склад шкляніцы [44].
Застаецца высветліць, якім шляхам шкляніца магла трапіць ў Беларусь. Рынак правінцыйных нямецкіх гутаў быў абмежаваны, гэтак сама, як і беларускіх. У пэўнай меры, аднак, правінцыйнай сярэдненямецкай школай можна лічыць і першыя беларускія шкляныя мануфактуры Радзівілаў і Тызенгаўзаў, бо вядома, што да канца 50-х - пачатку 60-х гадоў XVIІІ ст. у сваёй дзейнасці яны выкарыстоўвалі пераважна нямецкія (ці багемскія) узоры і тэхналогію [45]. Такім чынам, бярозаўская шкляніца магла быць зроблена на адной з гэтых мануфактур. Да такой высновы вядзе нас і незашліфаваны след ад понціі на донцы пасудзіны, што часцей вылучаюць як традыцыйную адметнасць беларускага шкларобства [46]. Апублікаваныя ўзоры ўрэцка-налібоцкага шкла, тым не менш, паказваюць, што наўпроставага падабенства паміж дэкаратыўнай сістэмай арнаментыкі гэтых узораў і бярозаўскай знаходкі няма, але відавочнае стылёвае адзінства шкляніцы і посуду, выяўленага Маяй Яніцкай ў Дзяржаўным Эрмітажы (Санкт-Пецярбург), Нацыянальным музеі ў Варшаве і атрыбутаванага ёй як гродзенскі [47]. Калі атрыбутацыя не памылковая, то бярозаўскую шкляніцу таксама можна лічыць вырабам Гродзенскай шкляной мануфактуры [48]. Больш дакладным доказам мясцовага паходжання гэтага вырабу паслужыў бы параўнальны аналіз хімічнага складу бярозаўскай шкляніцы з хімічным складам шкла беларускіх мануфактур. Аднак такіх звестак мы, на жаль, не маем. Прыведзеная формула шкла (Табл. 1, 2, 3) супадае з вядомай формулай багемскага шкла - яе. Згадаем, маглі выкарыстоўваць і беларускія гутнікі.
Знаходка такой каштоўнай рэчы ў кляштары робіцца зразумелым, калі ўлічыць, што тут існаваў палац Сапегаў [49]. Шкло на той час было дарагім таварам, асабліва, шкло, па-мастацку аздобленае.
Табліца 1. Хімічны склад шыхты шкла ў вагавых %
Палутарныя вокіслы і TiO 2 |
Шчолачныя вокіслы |
||||||||||||||
SiO 2 |
Fe 2O 3 |
Al 2O 3 |
TiO 2 |
Сума |
CaO 2 |
MgO |
MgO |
K 2O |
Na 2O |
P 2O 5 |
P 2O 5 |
S агул. |
Cl агул. |
||
82,61 |
0,81 |
0,62 |
0,03 |
1,46 |
5,83 |
1,01 |
0,51 |
13,71 |
-- |
13,71 |
0,07 |
0,15 |
0,11 |
||
адносная хібнасць, % |
1,0 |
0,2 |
0,5 |
0,05 |
-- |
0,1 |
0,5 |
0,05 |
0,1 |
0,3 |
-- |
0,05 |
0,05 |
0,05 |
|
Табліца 2. Хімічны склад шыхты шкла ў мольных %
SiO 2 |
Al 2O 3 х 10 -2 |
FeO х 10 -2 |
CaO х 10 -2 |
MgO х 10 -2 |
K 2O х 10 -2 |
Na 2O х 10 -2 |
(P 2O + PO) х 10 -2 |
Al 2O 3 SiO 2 |
K 2O Na 2O |
K 2O + Na 2O SiO 2 |
1,37 |
0,61 |
0,13 |
10,4 |
2,51 |
14,55 |
-- |
27,59 |
0,004 |
-- |
0,106 |
У бярозаўскай калекцыі сустракаецца і іншы вытанчаны посуд. Напрыклад, парфумнае (?) начынне XVIІІ ст. з бэзавага шкла, якое сваёй сегментацыяй стварае вобраз перліны. У XVIІІ ст. былі ва ўжытку і слоікі светла-зялёнага шкла, у якім бачныя бурбалкі паветра і дамешкі ў фармовачную масу.
Металічныя вырабы
Усю калекцыю металічных вырабаў можна падзяліць на некалькі групаў паводле прызначэння. Асабліва шматлікая група скабяна-будаўнічых прыладаў. Для рэстаўратараў вельмі цікавай будзе дзвярная ручка XVIІІ ст. з рознымі па плошчы мацавальнымі пляцоўкамі. Каваныя цвікі XVIІІ ст. найчасцей маюць простакутні папярэчны разрэз. Вылучаюцца цвікі, што ўжываліся пры мацаванне і аздобе, напрыклад, дзвярэй. Іхнія плешкі павялічаныя да 30 мм у дыяметры. Знойдзены цыркуль пачатку ХІХ ст.
Група ўжытковых рэчаў нешматлікая. Латуневая лыжка знойдзена ў слаі канца XVIІІ ст. - пачатку ХІХ ст. Другой паловай XVІІ - пачаткам XVIІІ ст. датуецца ножык, ручка якога была насаджаная на тронкі. Латуневая пракладка паміж ручкай і працоўнай часткай відавочна пазнейшая. Спінка выступае на 7 мм, рабочая частка моцна спрацаваная.
Сельскагаспадарчы інвентар прадстаўлены дзвюма матыкамі. Адная з іх датуецца XVIІІ ст. і мае адтуліну для дрэўка ў адной плоскасці з рабочай часткай. Матыка канца XVIІІ - першай паловы ХІХ ст. мае плоскасць працоўнай часткі, якая знаходзіцца перпендыкулярна да папярочнага сячэння ўтулкі. Гэтая жа матыка мае адтуліну для цвіка.
Наяўнасць працоўнага інвентару не выпадковая. Вышэй ужо адзначалася вялікая гаспадарчая дзейнасць кляштара, у тым ліку і аграрная: апрацоўка садоў, гародаў, вырошчванне лекавых зёлак. Пад час раскопак была знойдзеная рэч, якая адлюстроўвае яшчэ адну спецыфічную рысу дзейнасці бярозаўскіх картузаў. У літаратуры ХІХ ст. згадвалася пра развядзенне чарапахаў, да мяса якіх манахі былі вялікімі ахвотнікамі [50]. На Палессі вядомы тып аўтахтонавай балотнай чарапахі ("жоўлы" ў палескіх гаворках). Але знойдзены ў слаях XVIІІ ст. фрагмент панцыра чарапахі належаў не аўтахтону. Гэта панцыр чарапахі сухапутнай, не вельмі маладой, завезенай з-за межаў Беларусі; косць акамянела, значыць чарапаха не выкапнёвая [51] і яе можна датаваць па пласту.
Асноўныя высновы па выніках археалагічных даследаванняў
Аналіз археалагічнай інфармацыі дазваляе прыйсці да наступных высноваў:
1) датаванне найстаражытнейшых матэрыялаў сярэдзінай XVIІ ст. дазваляе сцвярджаць, што кляштар быў заснаваны на незаселеным месцы;
2) падчас будаўніцтва кляштара тэхнічныя прыёмы будоўлі цесна ўвязваліся з умовамі прыроднага асяроддзя;
3) кляштар мае значна больш складаную архітэктурную гісторыю ў параўнанні з сітуацыяй, што адлюстраваная на планах першай паловы ХІХ ст.;
4) у матэрыяльнай культуры (у прыватнасці, у керамічным посудзе) адлюстравалася спецыфіка індывідуальнага кляштарнага жыцця;
5) Бярозаўскі кляштар картузаў ёсць узорным помнікам развіцця матэрыяльнай культуры рэгіёна ў добра вызначаных храналагічных межах: сярэдзіна XVIІ ст. - 20-я гады ХІХ ст.
Алег ДзярновічІнстытут гісторыі НАН Беларусі (Мінск)
[1] Рэцэнзент "The New York Times" адзначаў: "The psychology and philosophy of asceticism are not Mr. Grцning's concern. He is after something more elusive and, from an aesthetic as well as an intellectual point of view, more valuable: a point of contact with the spiritual content of intense religious commitment. He finds it by means of a visual style and an editing scheme that match the feeling and structure of the days and seasons as they pass through the charterhouse" (A. O. Scott. Lives Lived at a Monk's Pace, Allowing Time for the Spirit to Flourish [in:] The New York Times , February 28, 2007).
[2] Даволі падрабязную бібіляграфію гл.: Witkowski, Rafal. Saeculum Cartusiae Berezanae // Lituano - Slavica Poznanensia. Studia Historica. VII. Poznań, 1997. S. 177, przyp 3; S. 178, przyp. 9. Гл. таксама: Христиаство. Энциклопедический словарь / Под ред. С. С. Аверинцева. Т. 1. Москва, 1993. С. 693.
[3] [Gorczak B.] Sapiehowie. Materiaіyhistoryczno - genealogiczne i majątkowe. T. 2. Petersburg, 1891. S. 13-45; Ożarowski, Konstanty. Les Sapieha: etude généalogique . Wilna, 1872. S. 13-14; Rachuba A. Sapieha Kazimierz Leon (Lew) // Polski słownik biograficzny. T. 35/1, z. 144. S. 31-37; Urzędnicy centralni i dostojnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego XIV-XVIII wieku. Spisy / Oprac. Henryk Lulewicz i Andrzej Rachuba // Urzędnicy dawnej Rzeczypospolitej XII-XVIII wieku. Spisy / Pod red. Antoniego Gąsiorowskiego. Tom XI. Kórnik, 1994. S. 74, 77, 136, 148, 238; Вялікае княства Літоўскае : Энцыклапедыя ў 2 т. Т. 2. Мн., 2006. С. 548.
[4] Rachuba A. Sapieha Kazimierz Leon. S. 31.
[5] Rachuba A. Sapieha Kazimierz Leon. S. 35.
[6] Гл. таксама: Kałnin, Walentyn. Architektura Białorusi w świetle mecenatu Radziwiłłów i Sapiehów // Przegląd Wschodni . T. VII, z. 3(27). S. 648.
[7] Dangel St. Rok 1831 w Mińszczyźnie . T. II. Warszawa, 1925. S. 162.
[8] Гл.: Popowska M. Rys dziejów kartizji bereskiej w latach 1648-1831 // Ateneum Wileńskie . R. 13 (1938), z. 1. S. 53; Czaplewski P. Kartuzja kaszubska . Gdańsk, 1966. S. 39-41.
[9] Schwengel G. Propago Sacri Cartusiensis per Germanium pars I. Appendix / ed. W Brauer, J. Hogga // Analecta Cartusiana . T. 90:3. Salzburg, 1981. P. 167-169, 173-174.
[10] Schwengel G. Appendix. P. 173.
[11] Witkowski, Rafal. Pierwsze lata kartuzji Sanctae Crucis w Berezie // Litwa i jej sąsiedzi od XII do XX wieku . Poznań, 1994. S. 142.
[12] Мараш Я. Н. Ватикан и католическая церковь в Белоруссии (1569-1795) . Мн., 1971. С. 141.
[13] Dołżański L. Dawny klasztor kartuzów w Berezie // Tygodnik Illustrowany . 1861, Nr. 99, 5-17 sierpnia. S. 65.
[14] Witkowski R. Saeculum Cartusiae Berezanae. S. 174.
[15] Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (Гродна) (далей - НГАБ (Г.)). Ф 1, воп. 6, спр. 1937, арк. 49; Синкевич Н. Судьба погребения Казимира Леона Сапеги // Гістарычная брама . 2008, № 1. С. 50-51.
[16] Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў, С.-Пецярбург. Ф. 821, воп. 125, адз. зах. 2801, арк. 44-45; Кнырэвіч С. Як адны разбуралі кляштар, а другія спрабавалі яго ратаваць // Гістарычная брама . 2008, № 1. С. 47.
[17] НГАБ (Г.). Ф 1, воп. 6, спр. 1937, арк. 46-47; Синкевич Н. Судьба погребения Казимира Леона Сапеги. С. 51.
[18] Traugutt. Dokumenty. Listy. Wspomnienia / Zebraі i opracowaі ks. J. Jarzкbowski. Londyn, 1970. S. 49.
[19] НГАБ (Г.). Ф 1, воп. 6, спр. 1937, арк. 98; Синкевич Н. Судьба погребения Казимира Леона Сапеги. С. 52.
[20] Traugutt. Dokumenty. Listy. Wspomnienia. S. 50.
[21] Синкевич Н. Судьба погребения Казимира Леона Сапеги. С. 54.
[22] За сваю амаль двухсотгадовую гісторыю кляштар пакінуў даволі значную колькасць дакументаў, якія былі прадметам аналізу гісторыкаў: Witkowski R. Pierwsze lata kartuzji Sanctae Crucis w Berezie; Witkowski R. Szkice z dziejów Kartuzji Bereskiej 1648-1831 // Lituano - Slavica Poznanensia . Studia Historica. VII. Poznań, 1997. S. 73-118; Witkowski R. Saeculum Cartusiae Berezanae // Тамсама. S. 173-244; Akt wizytacji Kartuzji Berkiej z roku 1830 / Do druku przygotowaі i wstкpem opatrzyі Rafal Witkowski // Lituano - Slavica Poznanensia . Studia Historica. IX. Poznań, 2003. S. 331-400; Witkowski R. Bereza / Bjaroza // Monasticon Cartusiense . Bd. 2. ( Analecta Cartusiana . Bd. 185/2. Hrsg. von G. Schlegel, J. Hogg). Salzburg, 2004. S. 142-148. Tаксама апублікавана праца па гісторыі бібліятэкі кляштара: Nierzwicki, Krzysztof. Die Klosterbibliothek der Kartause "Sanctae Crucis" in Bereza Kartuska / überzetzt von Olga Jachowicz // Analecta Cartusiana . Bd. 198. Salzburg, 2004. 258 S.; Рэцэнзія Рафала Віткоўскага: Lituano - Slavica Poznanensia . Studia Historica. XІ. Poznaс, 2005. S. 285-288.
[23] Album widoków historycznych Polski poswięcony rodakom . Zrysowany z natury przez Napoleona Ordy. Warszawa, 1875. Seryja 1. Nr. 7. З апошніх публікацый: Беларусь у малюнках Напалеона Орды. Другая палова ХІХ ст . / Укладанне А. М. Кулагін, У. А. Герасімовіч. Мн., 2001. № 14, с. 27; Напалеон Орда. З фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі / Укладанне В. К. Чаропка, У. А. Герасімовіч. Мн., 2006. С. 24.
[24] Кулагін А. М. Талент, аддадзены Радзіме // Беларусь у малюнках Напалеона Орды. С. 7.
[25] Адзначым тут недастатковую навуковую рэдактуру апошняга беларускага выдання альбома гравюр, бо вышэй прыведзены тэкст быў тут перакладзены на беларускую і англійскую мовы наўпрост, без каментарыяў і ўдакладненняў: Напалеон Орда. З фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі . С. 24.
[26] Dołżański L. Dawny klasztor kartuzуw w Berezie // Tygodnik Illustrowany . 1861, Nr. 99, 5-17 sierpnia. S. 65.
[27] Расійскі дзяржаўны ваенна-гістарычны архіў (РГВИА). Ф. 349, оп. 17, д. 1591-1594. Гл. : Квитницкая Е. Д. Архитектура Белоруссии XIV-XVIII вв. // Всеобщая история архитектуры . Т. 6. Москва. 1968. С. 494, іл. 28; Квітніцкая А. Д. Кляштар у Картузскай Бярозе // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі . 1973, № 4. с. 19-23.
[28] T. K. O kartuzach w Berezie // Tygodnik Ilustrowany . Nr. 105. 1861, 16-28 września. S. 119-120.
[29] Габрусь, Тамара. Па надзвычай строгаму статуту // Мастацтва . 1994, № 11. С. 59-62; [Габрусь, Тамара]. Па надзвычай строгаму статуту // Страчаная спадчына / Уклад. Т. В. Габрусь. Мн., 1998. С. 133-138; Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока . Мн., 2001. С. 123-125; Габрусь Т. В. Мураваная сакральная архітэктура XVI-XVIII стст. // Архітэктура Беларусі: нарысы эвалюцыі ва ўсходнеславянскім і еўрапейскім кантэксце . У 4 т. Т. 2: XV - сярэдзіна XVIII ст. Мн., 2006. С. 218-220. Гл. таксама літаратуру, прысвечаную архітэктуры комплекса: Miłobędzki A. Architektura polska XVII wieku. Teksty . Warszawa, 1980. S. 283-286; Дзярновіч А., Калнін В. Гісторыка-археалагічныя даследаванні Бярозаўскага кляштару картузаў // З глябі вякоў. Наш край: Гісторыка-культуралагічны зборнік . Мн., 1992. С. 120-149; Слюнькова И. Н. Монастыри восточной и западной традиции. Наследие архитектуры Беларуси . Москва: Прогресс-традиция, 2002. С. 180-183, 538-539.
[30] Чантурыя У. А. Кляштар картэзіянцаў // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць . Мн.: БСЭ, 1984. С. 117-118; Ярашэвіч А. А. Бярозаўскі кляштар картэзіянцаў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі . У 6 т. Т. 2. Мн.: БелЭн, 1994. С. 171; Бярозаўскі касцёл і кляштар картэзіянцаў // Беларуская энцыклапедыя : У 18 т. Т. 2. Мн.: БелЭн, 1996. С. 411; Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларус і: Энцыклапедычны даведнік. Мн.: БелЭн, 2000 (2-е выд.: 2001). С. 167-168, 206; Ярашэвіч А. А. Бярозаўскі кляштар картэзіянцаў // Рэлігія і царква на Беларусі: Энцыклапедычны даведнік . Мн.: БелЭн, 2001. С. 60; Ярашэвіч А. А. Бярозаўскі кляштар картэзіянцаў // Вялікае княства Літоўскае : Энцыклапедыя. У 2 т. Т. 1. Мн.: БелЭн, 2005 (2-е выд.: 2007). С. 364-365.
[31] Селеня Е. В., Сикорин Н. Д. Берёза: Историко-экономический очерк . Мн., 1977; Селеня Е. В. Берёза: Историко-экономический очерк . Мн., 1988. С. 4-5; Дзярновіч А. Маўклівы кляштар князя Сапегі // Наша ніва . 1991, № 3 (перадрук: Гістарычная брама (Брэст). № 1, 1997 (у Інтэрнэце: brama.brest.by/nomer1/artic03.shtml; w3.bresttelecom.by/~brama/nomer1/artic03.shtml); Маўклівы кляштар Сапегі // Найясьнейшая Рэч Паспалітая : Цывілізацыя-Культура-Рэлігія-Палітыка-Авантура-Героіка-Успамін. Мн., 2007. С. 92-98); Мартинович, Виктор. «Мертвый город» может спать спокойно - за двести лет о березовском монастыре забыли и местные жители, и историки, и археологи // Белорусская Деловая Газета . № 766. 2000.05.13; Орден картезианцев // История орденов средневековья / Авт.-сост. И. Е Гусев. Мн.: Харвест, 2007. С. 93-108 (гэтая публікацыя поўніцца памылкамі). Рэгулярныя фотарэпартажы ў газеце "Наша Ніва": nn.by/index.php?c=ar&i=13999; nn.by/index.php?c=ar&i=18735
[32] Архіў Інстытута "Белспецпраектрэстаўрацыя". Аб'ект 406-89. Інв. № 3-6 (Дзярновіч А. Справаздачы аб архітэктурна-археалагічных даследаваннях помніка архітэктуры XVII ст. - кляштара картэзіянцаў у г. Бяроза Брэсцкай вобласці ў 1989-1990 гг. ).
[33] Папярэднія вынікі даследавання гэтага этапу былі апублікаваныя: Дзярновіч А., Калнін В. Гісторыка-археалагічныя даследаванні Бярозаўскага кляштару картузаў. С. 137-149; Дзярновіч А. Бярозаўскі кляштар картэзіяннцаў // Археалогія і нумізматыка Беларусі : Энцыклапедыя. Мн., 1993. С. 109; Ляўко В. М. Манастырскія комплексы // Археалогія Беларусі . У 4 т. Т. 4: Помнікі XIV-XVIII стст. Мн., 2001. С. 116, 225-226, мал. 119-120; таксама ў гэтым выданні: С. 9, 351, 425 (мал. 194), 442 (мал. 216-8), 567.
[34] Ландшафты Белоруссии / Под ред. Г. И. Марцинкевича, Н. К. Клуциновой. Мн.: Университетское, 1989. С. 179-187.
[35] РГВИ. Ф. 349, оп. 17. д. 1591-1594; Квітніцкая А. Д. Кляштар у Картузскай Бярозе // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі . 1973, № 4. С. 20.
[36] Трусаў А. А., Чарняўскі І. М. Керамічныя падлогі ў інтэр'ерах помнікаў дойлідства беларускага сярэдневякоўя // Помнікі культуры: Новыя адкрыцці . Мн., 1985. С. 192; Трусаў А. Манументальнае дойлідства Беларусі XI - XVIII стагоддзяў: Гісторыя будаўнічай тэхнікі . Мн.: Лекцыя, 2001. С. 36, 107.
[37] Трусов О. А. Памятники монументального зодчества Белоруссии XI - XVII вв.: Архитектурно-археологический анализ . Мн., 1988. С. 107.
[38] Гл.: Трусов О. А. Памятники монументального зодчества Белоруссии XI - XVII вв. С. 83.
[39] Найбольш цікавыя асобнікі кафлі і керамічнага посуду былі рэстаўраваны мастаком-керамістам Марыяй Угрыновіч ды перададзены ў фонды Бярозаўскага гісторыка-краязнаўчага музея (гл.: Архіў Інстытута "Белспецпраектрэстаўрацыя". Аб'ект 406-89. Інв. № 7. Альбом фотаздымкаў цэлых (рэстаўраваных) керамічных вырабаў).
[40] Левко О. Н. Методика изучения позднесредневековой керамики Витебска // Древности Белоруссии и Литвы . Мн., 1982. С. 134-135.
[41] Зданович Н. И. Неполиваная посуда Мирского замка // Древности Литвы и Белоруссии . Вильнюс, 1988. С. 146, Мал. 1.
[42] Сташкевіч Ала, Дзярновіч Алег. Госця або пані? Па слядах адной знаходкі // Мастацтва . 1991, № 12. С. 68.
[43] Ciepiela S. Szkіo osiemnastowiecznie starej Warszawy . Warszawa, 1977. S. 24-25, foto 8; s. 36-37, foto 24.
[44] Хімічны аналіз быў зроблены ў лабараторыі Інстытута "Белспецпраектрэстаўрацыя" Ігарам Раханскім.
[45] Яніцкая М М. Беларускае мастацкае шкло ( XVI - XVIII ст.) . Мн., 1977. С. 39-41, 76-77; Яніцкая М М. Гісторыя шкляной вясёлкі . Мн., 1986. С. 59.
[46] Яніцкая М М. Беларускае мастацкае шкло ( XVI - XVIII ст.) . С. 39-40.
[47] Яніцкая М М. Беларускае мастацкае шкло ( XVI - XVIII ст.). С. 76-77, Фота 88, 89, 92, 93; Гісторыя беларускага мастацтва : У 6 т. Т. 2: Другая палова XVІ - канец XVIІІ ст. Мн.. 1988. С. 318-319.
[48] Сташкевіч А., Дзярновіч А. Госця або пані? С. 68.
[49] Архіў Інстытута "Белспецпраектрэстаўрацыя". Аб'ект 406-89. Інв. № 6. Калнін В. Комплексныя навуковыя вышукі. Гісторыка-архіўныя і бібліяграфічныя вышукі. Дадатак. 01.01. КВН. Кн.2. С. 78.
[50] Iwanowski E . Wspomnienia lat minionych . Kraków, 1876. S. 584-585.
[51] Першаснае вызанчэнне праведзена ў Інстытуце заалогіі НАН Беларусі. Інфармацыя атрыманая ад С. Драбянкова.