Папярэдняя старонка: Дзярновіч Алег

Палтэск'я - паўночная Троя   


Аўтар: Дзярновіч А. І.,
Дадана: 20-02-2015,
Крыніца: Дзярновіч А. І. Палтэск'я - паўночная Троя: вобраз Полацка ў скандынаўскіх крыніцах ХІ-ХІІІ стст. // Studia Historica Europae Orientalis = Исследования по истории Восточной Европы. Вып. 6. Мн.: РИВШ, 2013. С. 76-90.

Спампаваць




Резюме
Полоцк был хорошо известен в исландских сагах и памятниках древне-скандинавского письменности и выступал там в довольно прозрачной форме – Pal(l)teskjа. В деталях описания Палтескъи в "Саге о Тыдрека Бернском", и в образе города, созданным Саксона Грамматика, безусловно чувствуется определенный героический канон, ситуационный и лингвистический. Но этот стереотип никак не стыкуется с описаниями древнерусского города. Из 12-ти описанных в сагах и других скандинавских памятниках городов Руси только Полоцк выделяется своими укреплениями. Системой защиты и значимостью в регионе Полоцк IX—X вв. привлекал такое внимание северных путешественников, которые приближались к нему по Двине, что скандинавские скальды были готовы создавать фантастический образ этого неблизкий и одновременно достижимого города. Актуализации образа Полоцка в североевропейской хроникарной традиции XII в. способствовали политические и династические союзы князей полоцкой династии с польскими князями и датскими королями.


Полацк вельмі добра вядомы ў ісландскіх сагах і помніках старажытнаскандынаўскага пісьменства ды выступае там у даволі празрыстай форме - Pal(l)teskjа [13, p. 148-153]. Мяркуецца, што скандынаўская Palteskjа можа адлюстроўваць старажытную форму, зафіксаваную так-сама ў рускіх крыніцах - Полтескъ [1, с. 218; 5, с. 123-125]. І вось вакол гэтага Палтэск'і ў скандынаўскіх паданнях разварочваюцца самыя неверагодныя падзеі.

Атыла і Тыдрэк Бернскі штурмуюць Полацк

Самыя архаічныя звесткі, вядома, у трансфармаваным выглядзе, захоўвае «Сага пра Тыдрэка Бернскага». Вандраванні на працягу стагоддзяў гэтага легендарнага героя праз эпас розных германскіх народаў здольныя захапіць розум. Гэтым разам скандынаўскі герой знаходзіўся ў войску гунскага правадыра Атылы, які: «Ідзе... з гэтым войскам на Русь і на Польшчу і паліць бургі і замкі паўсюль, дзе ён праходзіць. І прыйшоў конунг Атыла з усім сваім войскам да горада, які завецца Палтэскья. Горад гэты так умацаваны, што яны не ведаюць, як яго ўзяць. Быў там магутны каменны мур, вялікія вежы і шырокія ды глыбокія равы, а ў горадзе было вялікае войска для яго абароны, і тыя, хто ахоўваў войска, баяліся мала войска конунга Атылы» (Раздзел 310 [3, с. 183-184; 7, с. 625]).

Калі стала зразумелым, што Пальтэскью не ўзяць прыступам, Атыла загадаў паставіць намёты ды падзяліў войска на тры часткі: «пад сваёй харугвай ён ставіць 10 тысячаў, а іншых 10 тысячаў рыцараў размяшчае ў іншым стане, а над імі начальнікам Тыдрэка Бернскага, а за тым аддзелам хадзіла ўслед багата валацугаў, а ў трэцім стане ставіць ён 10 тысяч рыцараў пад кіраўніцтвам маркграфа Радынгейра, і мелася ў яго вялікая група блазнаў».

Усе тры начальнікі ўсталёўваюць у сваіх станах ўласныя шатры насупраць гораду, «і шмат дзён змагаюцца яны з гараджанамі, здзяйсняючы шмат вялікіх учынкаў, і кожны з бок церпіць ад іншага вялікія страты». Так працягвалася тры месяцы, пакуль конунг Тыдрэк не прапанаваў конунгу Атыле падзяліць сілы - некаму застацца пад Палтэск'ю, а іншым рушыць далей на Русь. Атыле ж здавалася, што «гарадскі мур значна парушаны, бо дзень і ноч дзейнічалі сценабітныя машыны, якія рухалі не менш 300 чалавек, і было іх багата ў кожным аддзеле». І адказваў конунг Атыла конунгу Тыдрэку: «Дарагі дружа, так шмат намаганняў зрабіў я на тое, каб узяць гэты горад, што не жадаю з'ехаць адсюль перш, чым мой сцяг будзе пастаўлены на бастыёнах горада».

Урэшце рэшт Тыдрэк са сваім аддзелам сышоў да Смаланду (Смаленска), а праз тры дні Атыла «робіць такі моцны штурм гораду [Палтэск'ю] з ваеннымі машынамі і самастрэламі, што ім удаецца ўзяць горад. І ў гэты дзень гуны ўвайшлі ў горад з усім сваім войскам, перабілі шмат людзей ды ўзялі незлічоную здабычу, амаль увесь горад зраўнялі з зямлёй. У той час былі здзейснены ўчынкі, якія яшчэ можа бачыць кожны, хто прыходзіць у гэты горад» (Раздзел 313 [3, с. 186; 7, с. 627]).

Вядома, апісанні Полацка, ды яшчэ ў Атылавы часы, у V ст., выглядаюць нерэальна. Гэтая сага кажа нам хутчэй пра вобраз Полацка ў германскай міфалогіі і пра тое значэнне, якое гэтаму гораду надавалі скандынавы ў Познім Сярэднявеччы. Але тут трэба крыху разабрацца з самімі персанажамі выправы на Палтэск'ю.

Скандынаўскі персанаж Тыдрэк наўпрост паходзіць ад Дытрыха - героя германскага цыкла эпічных паданняў, найстаражытнейшая частка якіх узнікла яшчэ ў эпоху Вялікага перасялення народаў (IV-VII стст.) [2]. Гэтыя паданні, распавядаючы пра мінулае, стваралі цэльную карціну народнага жыцця і прадстаўлялі ў гарманічнай цэльнасці свет эпічны і свет герояў-волатаў.

У аснове сюжэту пра Дытрыха Бернскага ляжыць паданне аб сварках знакамітага караля остготаў Тэадорыха (475-526 гг.) з правадыром германскіх наймітаў Адаакрам, які памёр у 493 г. Сам жа Адаакр паходзіў з германскага племені скіраў, а ягоны бацька, Эдыка, належаў да атачэння гунскага правадыра Атылы, «біча Божага», як яго называлі сярэднявечныя аўтары, а таксама «Хроніка Літоўская і Жамойцкая» [12, с. 16]. Дык вось, Эдыка быў забіты Тэадымірам - бацькам Тэадорыха, што і стала адной з падставаў варажнечы двух лідэраў варварскага свету - Тэадорыха і Адаакра. Але ў далейшым, у працэсе складання эпасу, менш папулярнае імя Адаакра замянілася на імя остгоцкага караля IV ст. Германарыха, дзяржава якога, праўдападобна, кантралявала і паўднёвызаходнія землі сучаснай Беларус, але была змецена гунамі.

Каб далей не блукаць сярод імёнаў гістарычных і эпічных персанажаў варварскай Еўропы, варта адцеміць толькі адну асаблівасць, важную таксама для нас - прысутнасць у гэтым старажытным эпічным германскім цыкле гунскага сюжэту. Тэадорых-Дытрых, вораг Германарыха, праводзіць гады свайго выгнання пры двары Атылы, само паданне пра Дытрыха ўваходзіць у эпічны кола легенд пра Атылу. Апошні ж ёсць вельмі важнай фігурай для вуснай германскай традыцыі, у якой памяць пра правадыра гунаў перадавалася з пакалення ў пакалення. У эпасе Атыла фігуруе ў спісе вялікіх германскіх уладароў і ставіўся на першае месца сярод легендарных германскіх каралёў. У пэўным сэнсе, як Рурык стаў легендарным пачынальнікам генеалагічнага дрэва рускіх князёў, так і Атыла распачынае лік германскіх валадароў. І сапраўды, у сярэдзіне V ст. гэты гунскі правадыр здолеў аб'яднаць пад сваёй уладай варварскія плямёны ад Рэйна да Паўночнага Прычарнамор'я. Праз стагоддзе пасля Атылы гоцкі гісторык Іардан так пісаў пра валадара варвараў: «Уладар усіх гунаў і правадыр плямёнаў ледзь не ўсёй Скіфы, адзіны ў свеце, годны здзіўлення па неймавернай славе сваёй сярод усіх варвараў» [8, c. 178]. У адрозненні ад царкоўнай традыцыі, у вусных паданнях гэты грозны гун характарызуецца як слаўны ўладар, гасцінны і справядлівы з васаламі.

Паданні пра Дытрыха ўтрымліваюць архаічныя сюжэты індаеўрапейскай міфалогіі, у тым ліку матыў змагання бацькі з сынам, які мае старажытнагрэцкія (Адысей і Тэлегон) ды персідскія (Рустэм і Зараб) паралелі. У сваіх пазнейшых формах паданні пра Дытрыха перасякаюцца з класічным германскім цыклам «Нібелунгаў».

У пралогу да сагі было сказана, яна «складзена паводле аповедаў нямецкіх людзей, а нешта паводле іх песняў, якімі забаўлялі знакамітых людзей, [і песні гэтыя] складзены адразу пасля падзей, пра якія гаворыцца ў гэтай сазе. І хоць бы ты ўзяў па чалавеку з кожнага гораду па ўсёй Саксоніі, усе яны распавядуць гэтую сагу на адзін лад: прычына гэтаму - іх старажытныя песні» [3, с. 131].

Паданні пра Дытрыха Бернскага ўпершыню пачалі запісваць, верагодна, у ХІ ст. на поўдні Нямеччыны, у Падунайскіх абласцях [7, c. 573]. З Саксоніі гэтыя паданні перайшлі ў скандынаўскую літаратуру, а ў першай палове ХІІІ ст. у Нарвегіі розныя версіі падання былі аб'яднаныя і запісаная такім чынам «Сага пра Тыдрэка». У самой Германіі паданні пра Дытрыха перастаюць распавядаць у эпоху Трыццацігадовай вайны (1618-1648 гг.), але ў Скандынавіі (Даніі і Нарвегіі) пра Тыдрэка яшчэ працягвалі спяваць гераічныя балады, а на вулканічных базальтах Фарэрскіх выспаў, якія размешчаныя ў Паўночнай Атлантыцы паміж Шатландыяй і Ісландыяй ды належаць Даніі, песні-балады пра Дытрыха Бернскага бытавалі яшчэ ў канцы ХІХ ст. І паўсюль у Скандынаўскім свеце распавядалася пра штурм Атылаю Полацка.

Безумоўна, войны гунаў на Русі і штурм Полацка ёсць міфалагізаваным сюжэтам, перанясеннем падзей Х-ХІ ст. на эпоху Вялікага перасялення народаў [11, с. 65-75]. Даследчыкі скандынаўскай гісторыі спрабавалі яшчэ ў ХІХ ст. суаднесці падзеі Тыдрэк-сагі з вядомымі фактамі з гісторыі рэгіёна. У апісаннях сагі бачаць трансфармаваныя паведамленні пра войны саксонцаў з балтыйскімі славянамі, і, у прыватнасці, падзеямі 983 г., калі «вільцы» («венеды») узнялі паўстанне ды ўзялі Брандэнбург. Гісторыка-паэтычныя паданні пра паходы саксаў на славян, змяшаліся з паўднёва-нямецкім паданнем пра Атылу і Дытрыха. Таксама ў «Сазе пра Тыдрыка Бернскага» бачаць рэха падзей канца ХІІ ст. і пачатку ХІІІ ст., калі дацкі кароль Кнут V прымусіў памеранскага герцага Баляслава да пакорлівасці [3, с. 8-10]. А галоўны вораг Атылі і Тыдрэка на Русі - конунг Вальдэмар, магчыма, увасабляе ў сябе рысы як кіеўскага князя Уладзіміра, так і польскага караля Баляслава, сюзерэна Кіева ў 1016-1018 гг. Таму Вальдэмар з сагі ёсць каралём Русі і Польшчы.

Якім чынам, праз якія мастацкія прыёмы, рэальны Полацк робіцца мі фічным цэнтрам прыцягнення старажытна-скандынаўскай літаратуры добра ілюструе аналіз наступнага тэксту, аўтар якога нават вядомы паводле імя.

Саксон Граматык і яго Іліён

Мова пойдзе ўжо пра лацінамоўную «Гісторыю данаў» («Gesta Danorum») дацкага храніста другой паловы ХІІ ст., вядомага як Саксон Граматык (памёр пасля 1208 г.). Уласна прыдымак «Граматык» яму было дадзена ўжо ў XIV ст. у знак прызнання ягонага стылістычнага майстэрства - лаціністы адзначаюць несумненны мастацкі і моўны талент аўтара «Гісторыі данаў». Хутчэй за ўсё, ён атрымаў адукацыю паза межамі Даніі, магчыма ў Францыі, дзе квітнелі традыцыі лацінскай адукацыі. Але пра біяграфію самога Саксона сцвярджаць што-небудзь пэўнае немагчыма. Непасрэдна ў сваім тэксце аўтар прыгадвае, што ягоныя дзед і бацька служылі ў войску караля Вальдэмара І, а сам Саксон быў ужо на службе, не ваеннай, у Вальдэмара ІІ. Часам гісторыкі называюць яго дарадцам і капеланам караля.

Манументальны твор «Гісторыя данаў» складаецца з 16 кніг, у якіх выкладаецца гісторыя дацкіх каралёў ад легендарных часоў да 1187 г. Крыніцамі інфармацыі і натхнення для Саксона былі сярэднявечныя хронікі, язычніцкія скандынаўскія легенды, ісландскія сагі, дацкія песні і, што важна для нас, антычная літаратура. Саксон Граматык стварыў выразныя карціны сярэднявечнай жыцця, а таксама яркія замалёўкі асобных чалавечых лёсаў. Для наступных генерацый ён захаваў многія паўночныя народныя легенды і эпічныя паданні, якія распаўсюджваліся ў вуснай форме.

Хронікапісанне Саксона Граматыка аказалася вельмі важным і для гісторыі сусветнай літаратуры. Як у нарвежскай сазе пра Тыдрэка Бернскага мы сустракаем прататыпа рускага Ільі Мурамца - Іліяса з Русі, так і Саксон Граматык данёс да адукаванай публікі легенду пра Гамлета, прынца Ютланд скага, які помсціць за здрадніцкае забойства бацькі. У канцы ІІІ кнігі «Гісторыі данаў» якраз і распавядаецца паданне пра Гамлета, якое ўжо ў 1600-1601 гг. выкарыстаў пры напісанні сваёй класічнай і самай вялікай па аб'ёму п'есы Уільям Шэкспір [16; 15, p. 370-372.]. Праўда, брытанскі аўтар змясціў акцэнты - Гамлет Шэкспіра не звыклы трагічны герой, што ажыццяўляе помсту дзеля Боскай справядлівасці, а меланхолік і першы літаратурны герой, які рэфлексуе. Імкнучыся ажыццявіць свой план, Гамлет прыходзіць да высновы, што адным ударам немагчыма аднавіць гармонію - і гэтае разуменне падштурхнула дацкага каралевіча да адчужэння ад свету і ды зрабіла яго самотнікам. Безумоўна, такая шэкспіраўская трактоўка вобраза Гамлета не супадае з бачаннем Саксона Граматыка, які пісаў, што «па-майстэрску абараніўшы сябе, адважна адпомсціўшы за бацьку, ён прымушае нас дзівіцца, адвагай ён слаўнейшы ці мудрасцю» [9, с. 78].

Застаецца пытанне, ці непасрэдна ў Саксона Граматыка запазычыў Шэкспір сюжэт пра Гамлета, ці ўзяў яго, як мяркуюць даследчыкі, з п'есы яшчэ аднаго авантурнага ангельскага аўтара другой паловы XVI ст. Томаса Кіда? Большая частка твораў гэтага драматурга і блюзнера страчана ці не паддаецца атрыбуцыі. Хроніка ж Саксона Граматыка была выдадзена ўпершыню ў 1514 г. у Парыжы, так што брытанскія аўтары ў канцы XVI ст. мелі доступ да тэксту хронікі з яе легендарнымі сюжэтамі.

Для нас сюжэт з прататыпам Гамлета цікавы вось яшчэ чаму. Сам Саксон Граматык называе дзедам Гамлета караля Рорыка. І частка даследчыкаў гісторыі і літаратуры ўжо паспяшылі атаясаміць гэты персанаж з мяркуемым заснавальнікам рускай дынастыі Рурыкам [14, с. 221-230]. Усё ж гэта розныя асобы - легендарны кароль Рорык уладарыў над Зеландыяй і Даніяй у VII ст. і выдаў сваю дачку дачка Геруту (Гертруду ў Шэкспіра) за Гарвендзіла, пасля таго, як той вярнуўся з паспяховай экспедыцыі супраць нарвежскіх вікінгаў. Гарвендзіла ХІХ стаў каралём Ютландыі (мацерыковай часткі Даніі) і бацькам прынца Гамлета. Мяркуемый Рурык - Рорык Ютландскі, - замацаваўся ў нідэрландскіх Фрызах, і не вядома, ці дасягаў Усходняй Еўропы, у сярэдзіне ІХ ст.

Але вернемся непасрэдна да адукаванага саксонца. Сабраўшы паўночна-еўрапейскія паданні пра войны данаў, аўтара іх гісторыі асаблівую ўвагу надаў аднаму гораду на Русі - Палтэск'ю. Вось як, паводле Саксона Граматыка, выглядала выправа легендарнага караля Фрода І пад гэты горад:

«Пераканаўшыся, што сілай горада не перамагчы, ён пайшоў на хітрасць. Пры невялікай колькасці сведкаў ён адправіўся ў таемнае месца і загадаў паўсюль абвясціць, што ён памёр, каб тым самым усыпіць ворага. Дзеля пераканаўчасці быў здзейснены абрад пахавання і насыпаны пахавальны курган. Да таго ж воіны, свядома паказваючы смутак, прайшлі ў працэсіі за нібыта памерлым правадыром. Пачуўшы пра гэта, кароль горада Веспасій, які ўжо амаль атрымаў перамогу, так нядбайна паставіўся да абароны, што, даўшы магчымасць ворагам ўварвацца ў горад, быў забіты сярод гульняў і забаваў» [17, lib. II, cap. ІІІ: 8; 6, c. 634].

Падобная ваенная хітрасць у Саксона Граматыка апісваецца яшчэ раз [17, lib. II, cap. ІІІ: 8]. Аналагічны сюжэт сустракаецца ў ісландскай «Сазе пра Гаральда Суворага», але там дзеянні адбываюцца ў Сіцыліі [10, c. 407-408]. Іншыя нарманскія паралелі сюжэтам з Саксона Граматыка знаходзяць у аповедах пра захоп горада Луна Гастынгам - гэты дацкі ваяр у 859-862 гг. разам з Б'ёрнам Жалезнабокім здзейсніў гістарычны паход вікінгаў на ўзбярэжжы Міжземнага мора. У 860 г. пры ўзяцці горада Луна ў Паўночнай Італіі (Лігурыі) ён выкарыстаў незвычайную ваенную хітрасць - вікінг прыкінуўся вельмі хворым і папрасіў хросту. Потым ён нібы памёр і ягоныя таварышы дамагліся хрысціянскага пахавання ў гарадскім саборы. У выніку, вікінгі ўварваліся ў абложаны горад ды разбурылі яго [34, c. 38]. Паводле легендарных звестак, ужо ў Францыі Гастынг усё ж прыняў хрост і заключыў мір з каралём Карлам ІІ Лысым, які паабяцаў свайму новаму васалу графства Шартр.

Але ёсць яшчэ адна важная акалічнасць гэтых легендарных гісторыі - паводле Саксона Граматыка Гастынг (лац. Hadingus) быў бацькам караля Фрода І. І таму існуе вялікая спакуса атаясаміць эпічныя падзей «Гісторыі данаў» з нейкімі рэальнымі выправамі ў Паўночнай Еўропе. Тым больш, што пад Палтэск'ю Фрода апынаецца ў выніку паходу ва Усходнюю Балтыю, нават прыводзіцца магчымая дата такога паходу - выправа данаў у 853 г. на куршаў [34, c. 40; 35, p. 72]. Амельян Прыцак ідзе яшчэ далей - атаясамляе дацкага Гастынга і Аскольда рускіх летапісаў. Паводле гэтага ўкраінска-амерыканскага гісторыка Гастынг і Б'ёрн Жалезнабокі, сын Рагнара (адпаведна - Дзір), сустрэліся ў 860 г. у Полацку перад паходам на Канстанцінопаль [36, c. 234-236]. Гэта вельмі рызыкоўнае атаясамленне. Але, нават каля яно і справядлівае, то зразумела, што легендарныя падзеі ІХ ст. мусілі быць запісаныя ў канцы ХІІ ст. праз пэўныя мастацкія фільтры, з дапамогаю якіх яны і дайшлі ад вуснай традыцыі да стадыі пісьмовай фіксацыі. Сюжэт з фальшывым пахаваннем мае тут асаблівае значэнне.

Фактычна, узяцце горада пасля працяглай аблогі з дапамогаю хітрасці - гэта «вандроўны сюжэт», запазычаны скандынаўскімі наратарамі з антычнай грэка-рымскай культуры [18, s. 89]. У апісанні Саксонам Граматыкам ўзяцця Палтэск'ю мы бачым вельмі блізкія паралелі з аблогай старажытнай Троі - Іліона, якія сталі галоўным сюжэтам старажытна-грэцкай эпічнай паэмы «Іліяды», аўтарства якой прыпісваецца Гамеру (VIII ст. да н.э.). Асновай для «Іліяды» паслужылі шматлікія архаічныя грэцкія паданні пра подзвігі герояў. Пасля доўгай і беспаспяховай аблогі Троі грэкі таксама пайшлі на хітрасць, збудаваўшы, паводле парады Адысея, драўлянага каня, у якім схаваліся лепшыя воіны ахейцаў. А ўначы грэкі перабілі гарнізон Троі. Так і Палтэск'ю, гэтую паўночную Трою, можна было ўзяць толькі з дапамогай тайнай, падступнай задумы.

Аналіз звестак пра Полацк у Саксона Граматыка ставіць пытанне, якім чынам гэтая інфармацыя трапіла на старонкі хронікі і, увогуле, у Данію. Гісторыя дынастычных сувязей Дацкага каралеўства і Полацкай зямлі могуць даць тут падказкі.

Менскі храм і каралеўскія шлюбы

У 1949 г. ва ўсходняй частцы Менскага замчышча быў ускрыты каменны падмурак царквы [19, с. 205-207, 213-228]. Пры ўсей дыскусійнасці пытання часу закладкі гэтага падмурку (а навуковая палеміка не сціхае і сёння) [20, с. 53], не выклікае сумневаў, што гэты храм пачалі будаваць у найстаражытнейшы перыяд існавання Менскага замчышча ў ХІ-ХІІ стст. (найбольш абгрунтаванай выглядае версія закладкі падмуркаў у ХІІ ст. [19, с. 207, 213], а не ў ХІ ст. (ці, яшчэ канкрэтней, паміж 1071-1085 гг.) [21, с. 198]. Паводле сваіх будаўніча-тэхнічных асаблівасцяў гэты храм не мае дакладнага аналагу сярод культавых манументальных пабудоў Старажытнай Русі [21, с. 189]. Да такіх асаблівасцяў можна аднесці: 1) асноўны будаўнічы матэрыял храма - бутавы камень, дэфіцытны для нашага геалагічнага рэгіёну, у той час, як асноўным матэрыялам для будаўніцтва храмаў на Русі была плінфа (тонкая абпаленая цэгла); 2) выкарыстоўванне для аздаблення ўнутраных сцен храма вапняковых цэглападобных плітак (вапняк - яшчэ больш дэфіцытны матэрыял у нашым рэгіёне, а сама практыка абкладкі ім унутраных сцен храмаў таксама з'яўляецца нетрадыцыйнай для дойлідства Старажытнай Русі); 3) квадратныя ў плане чатыры калоны ўнутранай прасторы храма; 4) геаметрычная выразнасць плана храма, якая ў сваёй аснове мае квадрат.

Малы Азярэцк. Возера Азярэцкае.

У свой час Эдуард Загарульскі, які ўслед за першаадкрывальнікам Васілём Тарасенка даследаваў падмурак мінскага храма, ставіў пытанне: чаму Менск, які быў палітычна звязаны з Полацкім княствам, не выкарыстоўваў досвед полацкага манументальнага дойлідства пры пабудове сваёй замкавай царквы? [21, с. 200] Калі выйшла ў свет кніга Эдуарда Загарульскага «Древний Минск» [22], брытанскі аўтар агляду гэтай кнігі Вера Рыч адзначыла, што рэшткі мінскага храма маюць шмат агульнага з кафедральным саборам у Бру Берсэе [23, с. 56] (Аркнейскія астравы Шатландыі). Зразумела, тут мова не ідзе пра непасрэдныя запазычанні з Шатландыі, а пра тое, што мінскі храм упісваецца ў раманскую архітэктурную канцэпцыю і яго будаўнікі маглі паходзіць з заходнеславянскіх зямель, найперш, з Польшчы.

У першай палове ХІІ ст. у вакол Полацкай зямлі і яе ўжо напаўнезалежных удзелаў склалася ўнікальная сітуацыя палітычных праектаў і матрыманіяльных саюзаў. Каля 1135/1136 гг., верагодней за ўсё ў Польшчы, быў заключаны шлюб сына менскага князя Глеба Усяславіча (памёр у 1119) Валадара Глебавіча (1090-я - пасля 1167) і Рыксы (1116 - пасля 1155), дачкі польскага князя Баляслава ІІІ Крывавуснага (1086-1138). У выніку гэтага шлюбу была аформлена даволі разнародная кааліцыя - саюз Баляслава ІІІ з князямі Полацкай зямлі супраць дацкага караля Эрыка ІІ (каля 1090 - 1137) і яго хаўруснікаў - спадкаемцаў Уладзіміра Манамаха, князёў кіеўскіх і наўгародскіх. Што звязвала дацкага караля і Манамахавічаў? Рэч у тым, што Эрыка ІІ быў жанаты на Мальфрызе Мсціславаўне, дачцы кіеўскага князя Мсціслава Уладзіміравіча (1076-1132), вядомага таксама як Гаральд. Польскага і полацкіх жа князёў звязалі іх супярэчнасці з Даніяй і Кіевам, адпаведна. Палітычныя змены і смерць некаторых з галоўных суб'ектаў гэтага саюзу (Эрыка ІІ і Баляслава ІІІ) прывялі да распаду гэтай складанай палітыка-матрыманіяльнай камбінацыі, а потым і самога шлюбу [25, с. 262-263]. У канцы 1140-х гг. Рыкса развялася з Валадаром, а затым узяла новы шлюб з аўдавелым шведскім каралём Сверкерам. Зрэшты, яшчэ да шлюбу з Валадаром Глебавічам Рыкса ўжо была замужам за Магнусам Моцным, сынам дацкага караля Нільса. Шлюб гэты, дарэчы, і даваў падставы Баляславу ІІІ умешвацца ва ўнутрыдацкія справы. Але ж палітычны і сямейны саюз Рыксы і Валадара Глебавіча таксама даў плён - каля 1140 г. у іх нарадзілася дачка Сафія.

У 1151 г. Валадар Глебавіч стаў менскім князем - яго брат Расціслаў Глебавіч (1090-я - пасля 1161/1162) з менскага пасаду перамясціўся на полацкі, вызваліўшы тым самым для Валадар удзельнае княства [26, с. 16-18; 27, с. 88]. І ўжо як менскі князь Валадар Глебавіч выдаў замуж за дацкага караля Вальдэмара І (14.01.1131-12.05.1182) сваю дачку Сафію (шлюб адбыўся 23 кастрычніка 1157). Няма нічога ўнікальнага ў тым, што рускімі летапісамі Сафія не згадваецца, прычына гэтага - фрагментальнасць падобных наратыўных крыніц. Затое княжну і каралеву Сафію досыць добра ведаюць дацкія крыніцы і, найперш, пра яе піша Саксон Граматык, указваючы, што бацька Sophiam быў русінам («patre Ruteno») [28, Lib. 14.14.2. P. 393, 3]. Пэўны час у гістарыяграфіі паходжанне Сафіі было дыскусійным [29, с. 163; 30, с. 180-181; 31, с. 21-22]. Сёння ж большасць гісторыкаў бачаць у Сафіі дачку менавіта Валадара Глебавіча [32, с. 58].

І вось гэтыя матрыманіяльныя лініі праводзяць нам сувязь паміж раманскім храмам ХІІ ст. у Менску і палітычнай актыўнасцю дынастыі полацкіх князёў у Паўночнай Еўропе. Настойлівыя кантакты з польскім дваром маглі паспрыяць усталяванню культурных і тэхналагічных сувязей паміж Полаччынай і Польшчай. У сваю чаргу, на дацкім каралеўскім двары звесткі пра Полацк і Менск маглі таксама патрапіць ад Сафіі Валадараўны (каля 1140 - 5.05.1198). На дацкім двары менская князёўна мела сучаснікам слыннага храніста Саксона Граматыка (1150 - пасля 1216). Мужу Сафіі, каралю Вальдэмару І служылі дзед і бацька храніста Саксона.

Сфармулюем тут працоўную гіпотэзу - легендарныя звесткі з часоў Вялікага перасялення народаў былі трансфармаваныя Саксонам Граматыкам пад уплывам лацінскай вучонасці, а Полацк апынуўся ў эпіцэнтры гераічнай выправы Атылы пад уплывам дынастычнага фактару. Зразумела, дзеля абгрунтавання гэтага палажэння патрэбна яшчэ дадатковая тэксталагічная праца, параўнанне розных наратываў. Але, прынамсі пакуль што, гэтая версія выглядае лагічна абгрунтаванай.

Сафія Валадараўна мела статус каралевы-кансорта, гэта значыць, што як жонка манарха яна не мела паўнамоцтваў на дзяржаўнае кіраванне. Ужо пасля смерці караля Вальдэмара І у 1182 г. Сафія ўзяла новы шлюб з ландграфам Цюрынгіі Людвікам ІІІ Пабожным (1151/1152-16.10.1190) ландграф Людвік быў актыўным ўдзельнікам руху крыжакаў, асабіста выправіўся ў Трэці крыжовы паход, удзельнічаў у аблозе Акры. На зваротным шляху Людвік захварэў і памёр на Кіпры. Але, як выглядае, са сваёй жонкай Сафіяй ён развёўся яшчэ раней. Гэты шлюб быў бяздетным.

Сафія ж вярнулася ў Данію, дзе працягвала валодаць досыць высокім статусам. У шлюбе з Вальдэмарам І у яе было васьмёра дзяцей - два сыны і шэсць дачок. Абодва сыны сталі дацкімі каралямі Кнудам VI і Вальдэмарам II, дачка Інгеборга была жонкай французскага караля, а дачка Рыкса - жонкай шведскага караля. Відавочна, і ў аўдавелым статусе Сафія Валадараўна аказвала заўважны ўплыў на дацкі двор. Пасля яе смерці ўдовую каралеву пахавалі побач з яе першым мужам Вальдэмарам І ў каралеўскай некропалі ў саборы Св. Бенедыкта Нурсійскага ў Рынгстэдзе (Зеландыя).

Для нашай жа тэмы маецца яшчэ адна вельмі важная акалічнасць. Крыніцы сведчаць, што каралева Сафія і князь Валадар падтрымлівалі сувязь і надалей, пасля шлюбу Сафіі. Аўтар канца ХІІ ст. манах Уільям Кентэрберыйскі паведамляў пра тое, што нехта Клімент, вяртаючыся з Русіі, вёз дары Сафіі, каралеве данаў, якія былі пасланыя яе бацькам каралём.але Клімен быў схоплены ў Вінляндыі - заселеным венедамі Памор'і. Даведаўшыся пра гэты выпадак, Сафія звярнулася да свайго мужа караля Вальдэмара. Урэшце рэшт, пасля нарады з Лундскім арцыбіскупа, супраць рабаўнікоў разам са знатнымі людзьмі каралеўства быў выпраўлены сын Вальдэмара і Сафіі Кнут, які якраз чакаў пасвячэння ў рыцарства [33, с. 41; 25, р. 260]. Такім чынам, Кнут здабываў рыцарства, абараняючы гонар свайго дзеда Валадара Глебавіча. Гэты падзеі адбываліся каля 1176-1178 гг. Саксон Граматык таксама апісвае эпізод з нападам славянскіх піратаў на пасольства караля Вальдэмара, якое вярталася з дарункамі ад цесця караля [28, Lib. 14.57.1. Р. 517, 33]. У той час Валадар Глебавіч вёў змаганне за дамінацыю Менска ў Полацкай зямлі і, нават, у 1167 г. быў полацкім князем. Такім чынам, сувязі паміж Даніяй і Полацкай зямлёй у канцы ХІІ ст. не спыняліся. Полацк працягваў павялічваць у Паўночнай Еўропе свой «вобразны капітал».

У дэталях апісання Палтэск'і ў «Сазе пра Тыдрэка Бернаскага», і ў вобразе горада, створаным Саксонам Граматыкам, безумоўна адчуваецца пэўны гераічны канон, сітуацыйны і лінгвістычны [4, c. 50, 54]. Але, як звяртае нашую ўвагу маскоўская скандынавістка Таццяна Джаксан, гэты стэрэатып ніяк не стасуецца з апісаннямі старажытна-рускага горада: «Для старажытнарускіх гарадоў дадзенае апісанне ўнікальнае!» [5, с. 133]. З 12-ці апісаных у сагах і іншых скандынаўскіх помніках гарадоў Русі толькі Полацк вылучаецца сваімі ўмацаваннямі. Сістэмай абароны і значнасцю ў рэгіёне Полацк ІХ-Х стст. прыцягваў такую ўвагу паўночных вандроўнікаў, якія набліжаліся да яго па Дзвіне, што скандынаўскія скальды былі гатовыя ствараць фантастычны вобраз гэтага няблізкага і адначасова дасягальнага горада. Палітычныя і дынастычныя сувязі Полацкай зямлі з Польшчай і Даніяй не дазвалялі знікнуць Полацку са старонак паўночна-еўрапейскіх хронік ужо пасля перыяду актыўнага скандынаўскага пранікнення ў Падзвінне. Апроч таго, спрабуючы вывучаць раннюю палітычную гісторыю Полацка, мы намацваем зусім неверагодныя сюжэты, якія звязваюць гэты горад з гісторыяй культуры і літаратуры Еўропы.

Спіс літаратуры

1. Брим, В. A. Путь из Варяг в Греки / В.А. Брим // Известия АН СССР. - Серия VII. Отделение обществ. наук. - 1931. - № 2. - С. 201-247.
2. Вельтман, А. Ф. Аттила и Русь IV и V века. Свод исторических и народных преданий / А. Ф. Вельтман. - М.: Унив. типография, 1898. - 113 с.
3. Веселовский, А. Н. Русские и вильтины в саге о Тидреке Бернском (Веронском) / А. Н. Веселовский // Известия Отделения русского языка и словесности Российской Академии Наук. - СПб., 1906. Т. XI. - Кн. 3. - С. 1-190.
4. Глазырина, Г. В. Русский город в норвежской саге: К вопросу о достоверности исторических описаний в сагах / Г. В. Глазырина // Древнейшие государства на территории СССР. Материалы и исследования. 1982 г. - М.: Наука, 1984. - С. 48-55.
5. Джаксон, Т. Н. Austr í Görðum: древнерусские топонимы в древнескандинавских источниках / Т. Н. Джаксон. - М.: Языки славянской культуры, 2001. - 208 с.
6. Из «Датской истории» Саксона Грамматка // Откуда есть пошла Русская земля. Век VI-X / Ред. Кузьмин А.Г. - М.: Молодая гвардия, 1986. - Кн. 1: Про- исхождение народа. - С. 632-646.
7. Из саги о Тидреке Бернском // Откуда есть пошла Русская земля. Век VI-X / ред. А. Г. Кузьмин - М.: Молодая гвардия, 1986. - Кн. 1: Происхождение народа. - С. 573-632.
8. Иордан. О происхождении и деянии гетов (Getica) / Вступит. статья, пер., коммент. Е. Ч. Скржинской. - СПб: Алетейя, 2000. - 512 с.
9. Саксон Грамматик (Saxo Grammaticus). Деяния датчан (Сага о Гамлете из книги III) / пер. Т. И. Кузнецовой // Зарубежная литература средних веков: Хрестоматия / сост. Б. И. Пуришев. - М.: Высшая школа, 2004. - С. 70-78.
10. Снорри Стурлусон. Круг Земной = Heimskringla / отв. редактор: М. И. Стеб лин-Каменский. Издание подготовили: А. Я. Гуревич, Ю. К. Кузьменко, О. А. Смирницкая, М. И. Стеблин-Каменский. - М.: Наука, 1980. - 687 с.
11. Филин, Н. В. Об историческом прототипе Ильи Муромца / Н. В. Филин // Армагеддон: Актуальные проблемы истории, философии, культурологии. - 2000. - Кн. 7. - С. 56-87.
12. Хроника Литовская и Жмойтская // Полное собрание русских летопи- сей. - М.: Наука, 1975. - Т. 32. - С. 15-128.
13. Jacobsson, Gunnar. A rare variant of the name of Smolensk in old Russian / G. Jacobsson // Scando-Slavica. - 1964. - Vol. 10. - Issue 1. - P. 148-153.
14. MacKenzie, Donald A. Teutonic Myth and Legend. An Introduction to the Eddas & Sagas, Beowulf, The Nibelungenlied, etc. - London, 1912. (Republishing: Forgotten Books, 2008). - 424 p.
15. Muir, Kenneth. [Review work:] Saxo Grammaticus and the Life of Hamlet: A Translation, History and Commentary. By William F. Hansen // Shakespeare Quarterly. - Vol. 35. - No. 3 (Autumn 1984). - P. 370-372.
16. Saxo Grammaticus and the Life of Hamlet: a Translation, History, and Commentary / By William F. Hansen. - Lincoln: University of Nebraska Press, 1983. - XIV, 202 p.
17. Saxo Grammaticus. The History of the Danes, Book I-IX / Transl. Peter Fisher, Edited by Hilda Ellis Davidson. - Cambridge: D. S. Brewer, 1979-1980. - V. I-II.
18. Stender-Petersen, A. Die Varägersage als Quelle der altrussischen Chronik / A. Stender-Petersen // Acta Jutlandica. - 1934. - Bd. VI: 1 (Humanistisk serie, 16). - 256 S.
19. Тарасенко, В. Р. Древний Минск (по письменным источникам и данным археологических раскопок 1945-1951 гг.) / В. Р. Тарасенка // Материалы по археологии БССР. - Мн.: АН БССР, 1957. - Т. 1. - С. 182-257.
20. Материалы по археологии Беларуси. Сб. научных статей. - Минск: Медисонт, 2011. - Вып. 22: Минское замчище: материалы исследований северо-вос- точной части в 2009 году (участок 1, раскопы 1, 2) / А. М. Медведев, И. В. Ганецкая, А. В. Войтехович, В. И. Кошман, Н. А. Плавинский, С. Д. Дернович. - 238 с.
21. Загорульский, Э. М. Возникновение Минска / Э. М. Загорульский. - Минск: БГУ, 1982. - 358 с.
22. Загорульский, Э. М. Древний Минск / Э.М. Загорульский. - Минск: Госиздат БССР, 1963. - 199 с.
23. V. R. Drevnii Minsk (Ancient Miensk). E. M. Zagoril'skii. Gos. Izd. BSSR. Minsk, 1963. 120 pp., ill. (in Russian) / Vera Rich // The Journal of Byelorussian studies. - 1965. - Vol. I. - No. 1. - Year I. - P. 56.
24. Раппопорт, П. А. Археологические исследования памятников русского зодчества X-XIII вв. / П. А. Раппопорт // Советская археология. - 1962. - № 2. - С. 61-80.
25. Lind, John. De russiske ægteskaber: Dynasti- og alliancepolitik i 1130'ernes Danske borgerkrig (The Russian Marriages. Dynastic and Political Coalitions During the Danish Civil War of the 1130s.) / J. Lind // Historisk tidsskrift (København). - 1992. - B. 92. - H. 2. - P. 225-263.
26. Алексеев, Л. В. Западные земли домонгольской Руси: очерки истории, археологии, культуры: в 2 кн. / Л. В. Алексеев; Ин-т археологии РАН. - М.: Наука, 2006. - Кн. 2. - 167 с.
27. Загарульскі, Э. М. Заходняя Русь: ІХ-ХІІІ ст. / Э.М. Загарульскі. - Минск: Універсітэцкае, 1998. - 260 с.
28. Saxo Grammaticus. Gesta Danorum / Primum a C. Knabe & P. Herrmann recensita. Recognoverunt et ediderunt J. Olrik & H. Raeder. - Copenhagen: Hauniae, 1931. - Tomus I: Textus continens. - LI, 609 pp.
29. Джаксон, Т. Н. Исландские королевские саги как источник по истории Древней Руси и её соседей. X-XIII вв. / Т. Н. Джаксон // Древнейшие государства на территории СССР. Материалы и исследования. 1988-1989 гг. - М.: Наука, 1991. - С. 5-169.
30. Джаксон, Т. Н. Исландские королевские саги о Восточной Европе (середина XI - середина XIII в.). Тексты, перевод, комментарий / Т. Н. Джаксон. - М.: Ладомир, 2000. - 366 с.
31. Самонова, М. Н. Полоцкое княжество в системе династических связей и политических взаимоотношений Руси со Скандинавией и Польшей в ХI - начале XIII в. / М. Н. Самонова // Studia Historica Europae Orientalis. - Мн.: РИВШ, 2012. - Вып. 5. С. 7-25.
32. Литвина, А. Ф. Выбор имени у русских князей в X-XVI вв. Династическая история сквозь призму антропонимики / А. Ф. Литвина, Ф. Б. Успенский. - М.: Индрик, 2006. - 904 с.
33. Уильям Кентерберийский. Житие и чудеса святого Фомы / пер. В. И. Матузовой // Английские средневековые источники IX-XIII вв.: Тексты, перевод, комментарий. - М.: Наука, 1979. - С. 40-42.
34. Латышонак, А. Saxo Grammaticus, легендарныя паходы датчанаў па Дзьвіне ў ІХ стагодзьдзі і пачаткі Полацкага княства / А. Латышонак // Латышо- нак А. Нацыянальнасць - беларус. - Вільня; Беласток: Інстытут беларусістыкі; БГТ, 2009. - С. 34-47.
35. Baranauskas, T. Saxo Grammaticus on the Balts / T. Baranauska // Saxo and the Baltic Region. A Symposium / Edited by Tore Nyberg. - Odense: University Press of Southern Denmark, 2004. - P 63-79.
36. Пріцак, О. Походження Русі. Стародавні скандинавські джерела (крім ісландських саг) / О. Пріцак. Переклад з англійської О. Буценка та Ю. Олійника. - К.: Обереги, 1997. - Т. І. - 1080 с.
 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX