Замак-кастэль
Усё ж агульную гісторыка-культурную прастору не проста разарваць нават палітычнымі межамі. Медніцкі замак размешчаны зусім недалёка ад Крэўскага - на адлегласці 45 км і ў двух кіламетрах ад сучаснай літоўска-беларускай мяжы. Гэтыя замкі належаць да аднаго тыпу і шмат у чым сімвалічна павязаны паміж сабой. Таму не выпадкова, што ўсходняя вежа Медніцкага замка, у кірунку да Крэва, мела назву Крэўскай. Паводле мясцовага падання, запісанага яшчэ Уладзіславам Сыракомляй, гэтыя замкі ўзводзіліся адначасова, будавалі іх браты-волаты, а падчас мулярных працаў яны пазычалі адзін аднаму прылады ды перакідваліся таксама будаўнічымі матэрыяламі.
Медніцкі замак - найвялікшы з замкаў-кастэляў ВКЛ, адзін з першых мураваных замкаў Вялікага Княства. Найбольш прынятай датыроўкай пабудовы замка з'яўляецца першая палова XIV ст. Плошча дзядзінца замка складае 1,85 га, а разам з абарончымі ровам (глыбінёй 6-7 м) і валамі плошча фартыфікацыйнага комплексу дасягала 6,5 га. Сцены мелі вышыню 14-15 м, таўшчыню ў ніжняй частцы складала 1,9 м. На вышыні 11 м знаходзілася баявая галерэя, якая налічвала 280 байніц.
Як і ў Крэве, у паўночна-ўсходнім куце Медніцкага замка мелася галоўная вежа-данжон. Яе вышыня дасягала 30 м і яна выступала за лінію муроў замка. Данжон меў пяць ярусаў, з якіх тры верхніх былі жылыя. Іншыя тры вежы пабудаваны па цэнтры заходняга, усходняга і паўднёвага муроў ды абаранялі ўваходы замак, абарончыя якасці якога зніжала такая вялікая колькасць брамаў. Такая вялікая колькасць ўваходаў напэўна звязана з функцыяй Медніцкага замка як "фольксбурга" - замка, куды падчас варожых нападаў збегалася навакольнае насельніцтва.
Уладанні Альгерда
Меднікі (літ. Medininkai), гэтаксама як і Крэва, належалі да ўладанняў Альгерда; тут часта любіла бываць ягоная жонка цвярская князёўна Юльяна. Блізкасць да сталіцы - Вільні, - прадвызначыла як зручнасць размяшчэння Меднікаў, так і стварыла для замка дадатковыя праблемы. Прынамсі, у адрозненні ад Крэва, нам вядомы рэйды нямецкіх рыцараў на Меднікі. У 1385 г. вялікі магістр Конрад фон Ротэнштайн дэманстратыўна наладзіў пад мурамі замка рыцарскі турнір, але пра ўзяцце замка не паведамляецца. У 1402 г. нямецкіх саюзнікаў навёў на Меднікі Свідрыгайла. У той год, праўдападобна, былі спалены драўляныя ўмацаванні замка ды вакольны горад Меднікаў. Гэты ж князь адзначыўся і ў Крэўскім замку, які ён спаліў пад час штурму ў 1433 г.
Як і Крэўскі, Медніцкі замак панёс значныя страты пад час Першай Сусветнай вайны - значная частка заходняга муру была разабрана нямецкімі войскамі ў мэтах атрымання бутавага камню для будаўніцтва дарогі на Мінск.
Гісторыя аднаўлення
Археалагічныя і архітэктурныя даследаванні Медніцкага замку праводзіліся віленскімі спецыялістамі ў 1955-1956 і 1960-1962 гадах. А ў канцы 1960-х гадоў была праведзена кансервацыя руінаў замка, дзякуючы якой яго рэшткі захаваліся да 1990-х гадоў. Бо ў 1993 г. распачалася рэканструкцыя вежы-данжона паводле праекту архітэктара Ёнаса Глямжы. Гэтыя працы падтрымліваў Міжнародны фонд аднаўлення Медніцкага замку, створаны Амерыкана-літоўскай асацыяцыяй інжынераў і архітэктараў.
Бадай што найбольш моцным імпульсам у справе рэстаўрацыі Медніцкага замку стаў грант Еўрасаюзу ў памеры 3 млн. еўра. Дзякуючы гэтым сродкам была завершана рэканструкцыя галоўнай вежы і адчынена там экспазіцыя. Як жа выглядае Медніцкі замак пасля рэстаўрацыі і якія метадалагічныя напрацоўкі там былі выкарыстаны? Нас гэтае пытанне асабліва хвалюе, бо зараз у стадыі канцэптуальнай распрацоўкі знаходзіцца праект кансервацыі і рэканструкцыі Крэўскага замка. Увогуле, з раскопак Крэве я і ездзіў у канцы кастрычніка 2012 г. адмыслова ў Меднікі.
Што зроблена?
Адноўлены зусім не ўсе вежы і сцены замка. Рэканструявана ўласна толькі вежа-данжон і маленькія кавалкі сцен паабапал яго. Іншыя сцены замка закансерваваныя і пакрыты дахоўкай на ўзроўні кансерванцыі, але не рэканструкцыі.
Медніцкі замак захаваўся не на шмат лепш за Крэўскі, у тым ліку і сама вежа. Але усё ж адзін з кутоў медніцкай вежы дасягаў у ХХ ст. яе пятага яруса. У той час, як у Крэўскім замку муры Княскай вежы пасля абстрэлаў Першай сусветнай вайны толькі трохі дасягаюць трэцяга яруса. Трэба адзначыць, што пры рэканструкцыі знешняга аб'ёму данжону літоўскія рэстаўратары дзейнічалі прафесійна і вельмі тактоўна да аўтэнтыкі - мяжа паміж старажытнымі канструкцыямі і адноўленай муроўкай візуальна ўспрымаецца выразна.
Гэтак дакладна зроблена і ўнутры вежы. Сцены нашых ранніх гатычных будынкаў не тынкаваліся, пакідаючы навідавоку добра апрацаваную муроўку з каменя ці цэглы. Тынкоўка ж наносілася на скляпенні, што стварала своеасаблівы эстэтычны кантраст. У медніцкім данжоне на самым высокім пятым ярусе можна вельмі добра пабачыць розніцу паміж старажытнай і сучаснай муроўкамі.
Пад час працы ў Крэве мяне ўвесь час інтрыгавала пытанне, як можна было перамяшчацца ўнутры вежы. Рэч у тым, што тунель для лесвіцы быў зроблены ўнутры самой сцяны вежы - скляпенні для лесвіц не прабівалі. Такі тунель серпанцінам апаясваў усё вежу. У Крэўскім замку захаваліся фрагменты такога тунелю. Як гэта працуе ў нашых данжонах, я нарэшце пабачыў у Медніках - сапраўды, у такім праходзе аднаму чалавеку можна перамяшчацца. Цяпер зразумела, чаму вязніца для Кейстута, калі верыць нашым хронікам, магла быць зроблена ў цокальным паверсе Княскай вежы Крэўскага замка. У гэтую вежу можна было трапіць толькі з баявой галерэі на ўзроўні трэцяга яруса вежы, унізе ўваходу ў яе не было. І на другі, і на першы (цокальны) ярус можна было прайсці толькі па такім тунелі. На кожным жа з ярусаў меўся арачны ўваход у гэты тунель. Уваход у тунель з цокальнага яруса (яруса вязніцы і арсеналу) Княскай вежы Крэўскага замку ўвосень 2012 г. мы ўскрылі.
Ці ўдасца схавацца ад сучаснасці?
У рэканструкцыі Медніцкага замку ёсць сапраўды ўдалыя рашэнні. Але чым больш ходзіш па медніцкаму данжону, тым застаецца больш пытанняў, на якія пакуль няма адказаў. І прыступкі ў тунелі, і перакрыцці паміж ярусамі выкананыя з бетону. Праўда, гэта не хаваецца.
І ў Крэве, і ў Медніках не ўсе ярусы данжонаў мелі скляпенні. У Крэве, праўдападобна, скляпенні былі вымураваны на трох ніжніх ярусах, а два верхніх ярусы мелі перакрыцці з драўляных бэлек. У Медніках скляпенне было адноўлена рэстаўратарамі толькі на верхнім ярусе (у ніжнія ярусе скляпенні часткова захаваліся). Відавочна, у першую чаргу з-за меркаванняў пажарнай бяспекі, а таксама з тэхналагічных прычын, пляскатыя перакрыцці на іншых ярусах зроблены бетоннымі. Між іншым, таксама з меркаванняў пажарнай бяспекі з баявых галерэяў адноўленых фрагментаў сцен паабапал данжону, спускаюцца металёвыя пажарныя лесвіцы.
Але сапраўдны шок для наведвальнікаў гатычнага данжону выклікае шкляны ліфт, які працінае вежу ад ніжняга да верхняга ярусаў. Што ж, свая логіка ў гэтым ёсць. Калі грошы выдаткоўваў Брусэль, то мусяць выконвацца і прынцыпы паліткарэктнасці - адноўлены замак павінен быць даступным таксама інвалідам. З іншага боку, інваліды сапраўды маюць законнае права на дасягальнасць сваёй гісторыка-культуранй спадчыны. Як гэта вырашаць тэхналагічна? Пакуль пакідаю гэтую тэму для развагаў і дыскусій.
Падобна, што пры рэстаўрацыі ад сучаснасці не ўдасца схавацца ніяк. Тут праблема, хутчэй, метадалагічная і этычная - што можа дазволіць сабе архітэктар-рэстаўратар, каб выканаць актуальныя інжынерна-канструктарскія патрабаванні, але нанесці найменшую шкоду помніку?
Спрэчныя фрэскі
І яшчэ адзін вельмі цікавы сюжэт. У прэсе ўжо пісалася пра выяўленне ў Княскай вежы Крэўскага замку вялікай колькасці фрагментаў фрэсак, ці, дакладней, сценапісу. Было вядома, што фрагменты фрэсак знаходзілі таксама ў Медніках.
Ужо пазней, літаральна гэтымі днямі, я нарэшце змог пазнаёміцца з выявамі аўтэнтычных медніцкіх фрэсак. І па каларыстыцы, і па тэхналогіі яны ідэнтычны раннім крэўскім! Гэта вельмі архаічны сюжэт - нанесеная вохрай (чырвоным колерам) на светлы фон так званая "пляцёнка" (арнамент з перакрыжаваннем ліній і палос). Усё выглядае досыць лагічны - у Альгердавых, а потым Ягайлавых, рэзідэнцыях у Крэве і Медніках працавала адна і тая ж арцель майстроў, якія выканалі ўпрыгожанне скляпенняў і аконных праёмаў вежаў у падобнай стылістыцы.
Але пры аднаўленні скляпенняў і фрэсак на верхнім ярусе медніцкага данжону літоўскія рэстаўратары пайшлі па больш дэкаратыўнаму шляху. Відавочна, паводле аналогій, яны стварылі хутчэй рэнесансныя фрэскі з раслінным арнаментам, таксама гатычныя фрэскі з выявай фантастычных жывёл еўрапейскага Сярэднявечча. Каларыстыка таксама была пры гэтым радыкальна змененая.
Наперадзе - Крэва
Знаёмства з вынікамі сённяшняга этапу рэканструкцыі Медніцкага замку для нас важнае яшчэ і таму, што наперадзе аднаўленне досыць падобнага замку - Крэўскага. Паводле папярэдняй канцэпцыі плануецца закансерваваць замкавыя сцены і рэканструяваць Княскую вежу. Ці ўдасца нашым архітэктарам утрымацца на тонкай грані мадэрнізму і аўтэнтыкі?
Захаванне ды рэпрэзентацыя аўтэнтычных канструкцый ёсць несумненнай заслугай рэстаўратараў Медніцкага замка. Сімпатыю выклікае выкарыстанне сучасных матэрыялаў, зробленых у адпаведнасці з гістарычнымі - цэглы і дахоўкі. Бетон усё ж кідаецца ў вочы. А агульная канцэпцыя прадстаўлення матэрыялу з'арыентаваная на дэкаратыўнасць, а не аўтэнтыку.
Для сябе я вызначаю, што, фактычна, літоўскія рэстаўратары выканалі не навуковую рэканструкцыю вежы, а правялі музеіфікацыю руінаў - яны пасадзілі прыгожы футляр на захаваныя старажытныя муры. Гэтым самым аўтэнтычныя муры былі захаваныя і прапанаваныя для агляду наведвальнікам.
Наколькі мне вядома, беларускія рэстаўратары плануюць пры аднаўленні Княскай вежы Крэўскага замку максімальна захаваць архітэктурна-вобразныя рашэнні даўніх дойлідаў. У гэтым сэнсе некаторыя прыёмы рэстаўратараў Меднікаў будуць для іх прыкладам досведу выканання зусім іншай, у пэўным сэнсе супрацьлеглай канцэпцыі рэстаўрацыі. Будзем спадзявацца, што мэты нашых архітэктараў удасца рэалізаваць пры практычным выкананні праекту рэстаўрацыі Крэўскага замка.