Грымасы гісторыі: Эпідэміі і захворванні ў беларускай гісторыі
Даследванне тэмы эпідэмій і масавых захворванняў у Беларусі XІV-XVII ст. дазваляе больш крытычна азірнуцца на мінулае, якое яшчэ прапагандыстам французскага Асветніцтва ўяўлялася маральна і фізічна здаравейшым за тлумную цяпершчыну. Але ж і падстаў для поўнага песімізму, скіраванага ў мінулае, у нас таксама няма - і тады людзі шукалі і часам знаходзілі санітарныя і грамадскія механізмы супрацьстаяння хваробам. Калі тая эпоха не была "залатым векам", то таксама яна не была і перыядам татальных пакутаў.
Найбольшую вядомасць атрымалі эпідэміі чумы. Мяркуецца, што сапраўдныя маштабы пандэміі набыла чума 1346-1351 гг., якая прыйшла з Усходняга Кітаю і ад якой у Еўропе загінула да 34 мільёнаў чалавек. Па Беларусі мы маем толькі асобныя згадкі, як пра Полацк у 1349 г., калі "мор быў на людзей". У Маскве, калі чума ў 1353 г. дасягнула гэтага гораду, ад эпідэміі памёр і сам вялікі князь Сімяон Горды. "Чорнай смерці" сярэдзіны XIV ст. прысвечана вялікая колькасць літаратуры, але ж прычыны адноснай стрыманасці яе праяваў у Беларусі не да канца зразумелыя. Вядома, значэнне тут магла мець і меншая урбанізацыя Беларусі ў параўнанні з Заходняй Еўропай. У тым жа Маскоўскім княстве традыцыйна адбывалася канцэнтрацыя людзей у адным вялікім горадзе, дзе яны станаві ліся лёгкай здабычай бактэрый.
Змаганне з эпідэміямі
Нягледзячы на абмежаваныя магчымасці тагачаснай медыцыны, улады спрабавалі змагацца з пашырэннем эпідэмій. Разніца з сучаснасцю у тым, што ў XIV-XVII ст. практычна не было шансаў вылечыць тых, хто захварэў. Але ж адказныя ўлады Вялікага Княства Літоўскага бралі на сябе абавязак паўстрымаць хваробы і не даць ім распаўсюдзіцца на большыя тэрыторыі.
У 1536 г. кароль і вялікі князь Жыгімонт Стары выдаў інструкцыю для жыхароў Вільні, якая стала ўзорам для паводзінаў насельніцтва і іншых гарадоў Вялікага Княства. Найперш месцічам прапаноўвалася складаць тастаменты, каб у далейшым сярод іхных сваякоў не ўзнікалі маёмасныя спрэчкі. Уладам места прадпісвалася пакінуць дзейснай толькі адну гарадскую браму, выставіць ля яе варту, якая б не ўпускала ў горад людзей, што прыбылі з заражанай мясцовасці. Ключы ж ад іншых брам магістрат павінен быў захоўваць у недатыкальнасці. Лекары ж абавязваліся інфармаваць бурмістраў пра любыя новыя выпадкі захворванняў. Менавіта пасля гэтага акта Жыгімонта ў Вільню была праведзена вада па трубам, а пры кляштарах і шпіталях заснаваны грамадскія лазні. У 1571 г. кароль і вялікі князь Жыгімонт Аўгуст заснаваў адмысловае ведамства, якое павінна было займацца "змяншэннем наступстваў мору" - contubernium.
Самаізаляцыя ў тых умовах была адным з найбольш эфектыўных сродкаў перашкоды пашырэння эпідэмій. Калі, напрыклад, у другой палове XV ст. гарадскія ўлады Полацка атрымлівалі звесткі пра пачатак эпідэмій у Рызе, яны выстаўлялі кардоны і спынялі так выгодны гандаль з гэтым ганзейскім горадам, "бо гэта ёсць ва ўсіх землях такі звычай".
Невядомыя хваробы
Між тым пісьмовыя крыніцы фіксуюць цэлы шэраг хваробаў, вызначэнне якіх выклікае цяжкасці. У 1530 г., паводле сведчанняў сучаснікаў, "заражаны былі морам ў летнія месяцы многія гарады і вёскі". Гэта была эпідэмія "ангельскай потавай гарачкі", якая суправаджалася сімптомамі павышанай тэмпературы, галаўнымі болямі, санлівасці і, што стала вельмі адметным - рэзкай патлівасцю. Вельмі частка вынікам гэтай хваробы была смерць.
Эпідэміолагі сцвярджаюць, што цяпер "ангельскай потавай гарачкі" не фіксуецца. Праўдападобна, гэта магла быць адна з формаў грыпу, сярод штамаў якога увесь час адбываюцца мутацыі. Адпаведна, і чалавецтва выпрацоўвае імунітэт да розных формаў грыпу. Усё ж, гэтая хвароба рэгулярна вяртаецца ды падносіць нам непрыемныя сюрпрызы у выглядзе новых форма захворвання.
Яшчэ адну нязвыклую хваробу апісаў у 1695 г. менскі ваявода Крыштаф Завіша. У сваім "Дыярыюшы" ваявода занатаваў, як гэтая хвароба "курчыла людзей, з-за чаго паміралі хутка і ў якім доме пачыналася гэта, там усе паміралі". Найбольш гэтая бяда закранала сялян.
Незалежна ад Завішы свае назіранні падобнай пакінуў нам яшчэ адзін жыхар Менску канца XVII ст. ксёндз Бэргаф: "Бог дапусціў на гэтае ж ваяводства страшную і заразную хваробу, якая шмат ахвяраў забрала з класы бяднейшага люду. Гэта былі невыносныя сутаргі, якія калі каго-небудзь паражалі, той ад моцнага болю выгінаўся, а прыходзіў у сябе, збягаў у лясы як пазбаўлены розуму чалавек, а калі яго лавілі людзі, то выяўляў жахлівую пражэрлівасць і еў за дзесяцярых".
Аналізуючы гэтыя апісанні. Яшчэ ў другой палове 1980-х гадоў беларускі гісторык Валянцін Грыцкевіч выказаў меркаванне, што ўсе названыя сімптомы характэрныя для паражэння цэнтральнай нервовай сістэмы і бываюць, да прыкладу, пры энцэфаліце. Праўда, гісторык адзначае, што цяжкае захворванне нервовай сістэмы, выкліканае клешчавым энцэфалітам, стала выяўляцца ў жыхароў лясных раёнаў Беларусі толькі ў другой палове ХХ ст. Пра захворваннях, выкліканых укусамі інфекцыяваных кляшчэй, у чалавека назіраецца ліхаманка і сутаргі. Але лічыцца, што гэтыя кляшчы былі занесеныя ў Беларусь пасля Другой Сусветнай вайны.
Ёсць жа яшчэ адна хвароба, сімптомы якой вельмі нагадваюць апісаныя. Гэта эргатызм - харчовы таксікоз, які ўзнікае ў выніку спажывання спарынні.
Сялянскае бедства
Спарыння - гэта род грыбоў, які паразітуе на агулам 170-ці культурных і дзікарослых злакаў, часцей за ўсё на жыце і пшаніцы. Увесну гэтыя грыбкі прарастаюць на глебе, утвараючы да 30 мясістых пурпуровых неаформленых целаў на доўгай ножцы з чырванаватымі галоўкамі. Каварны грыб выдзяляе ліпкую саладкаватую вадкасць ("мядзвяную расу"), якая прываблівае інсектаў. Насякомыя і распаўсюджваюць споры грыбка ды выклікаюць масавае заражэнне раслін. Урэшце, грыбок-паразіт пачынае засвойвацца ў злаку. У каласках раслін замест зерняў утвараюцца буйныя ражкі, спачатку фіялетавага, потым чорнага колеру. Вось у гэтых ражках і ўтрымліваюцца алкалоіды (біялагічна актыўныя рэчывы на аснове азоту) спарынні, якія выклікаюць атручэнне людзей і жывёл.
У даўнія часы, калі з-за кліматычных умоў развіццё спарынні ўзмацнялася, узнікалі так званыя эпідэміі "Антоніева вагню". З памеленым зернем, праз муку спарыння трапляла ў сялянскія хлеб ці кашы і выклікала сутаргі і працяглыя спазмы мускулатуры. Суседзі ці сваякі пацярпелых маглі таксама назіраць псіхічныя расстройствы, парушэнне функцый вачэй, якое пазней пераходзіла ў катаракту. Вельмі часта пасля пакутаў наступала смерць хворага. Менавіта такія сімптомы апісваў ваявода Завіша.
У Беларусі масавае масавае развіццё спарынні назіралася ў некаторыя гады на тарфяна-балотных глебах Палесся, на пасевах паблізу вадаёмаў і лясоў з павышанай вільготнасцю паветра. Толькі ў XVIII ст. медыцына, са спазненнем, здолела вельмі выразна дыягнаставаць прычыны выпадкаў скрайняй псіхічнай неўраўнавагі, агрэсіі і сутаргаў земляробаў. Ужо медыкі былі здольныя падказваць уладам, што трэба было рабіць у такіх сітуацыях - займацца канкрэтнымі хворымі, правяраць пасевы, але не ўводзіць каранцін у цэлых рэгіёнах. Таксама пашырэнне ў XVIII ст. бульбы як асноўнай харчовай культуры сялянства зменшыла рызыкі ад спарынні. Сучаснае развіццё агратэхнікі дазваляе практычна цалкам пазбавіцца ад спарынні - менавіта праз культуру земляробства, нават не ўжываючы хімікаліі.
Але гісторыя са спарыннёй атрымала нечаканы працяг ужо ў ХХ ст.
"Дзень Ровара"
У 1938 г. у Базэлі швейцарскі хімік Альберт Гофман (Albert Hofmann), праводзячы ў фармакалагічных мэтах эксперыменты са спарыннёй, сінтэзаваў рэчыва, названае ім LSD. Праз пяць гадоў, паўтараючы сінтэз амаль забытага прэпарату, доктар Гофман адкрыў псіхадэлічны эфект LSD - 16 красавіка 1943 г. навуковец выпадкова атрымаў ін'екцыю праз кончык уласнага пальца. Праз тры дні, 19 красавіка Гофман свядома прыняў 250 мікраграм LSD і выпрабаваў больш моцны эфект. Гэтая дата ўвайшла ў гісторыю сусветнага андэграўнда як Дзень Ровара - доктар Гофман сеў на ровар і, пад галюцынагенным уздзеяннем LSD, асабліва нічога не памятуючы, дабраўся з лабараторыі да дому.
Напачатку LSD сапраўды выкарыстоўвалася ў гомеапатычных дозах як лекі супраць некаторых псіхічных растройстваў, мігрэні і дэпрэсіі. LSD апынулася вельмі прыдатным для лекавання некаторых фізіялагічных расстройстваў жаночага арганізму. Але ў 1960-х гадах сітуацыя радыкальна змянілася. Як адзначаў сам Гофман, прэпарат быў "выкрадзены" моладзевым рухам бурлівых 60-х у ЗША, стаў своеасаблівым сімвалам "моладзевай рэвалюцыі". Гэты апарат, які адметны сваім моцным уздзеяннем, даволі хутка праявіў свае негатыўныя наступствы. Прадстаўнікі контркультур сталі актыўна выкарыстоўваць псіхадэлічны эфект LSD, які, у сваю чаргу, выклікаў стан псіхалагічнай залежнасці. Адпаведна і ўлады абвясцілі LSD вайну, забараніўшы прэпарат, у тым ліку, і ў псіхіятрычнай практыцы. Сам Гофман называў LSD "лекамі для душы" і быў засмучаны тым, што вынайдзены ім прэпарат сышоў у андэграўнд. Вынаходнік прызнаваў, што LSD можа быць небяспечным у дрэнных руках. Сваю кнігу, напісаную ў 1979 г. Гофман так і назваў - "LSD: Маё праблемнае дзіця". Памёр вынаходнік зусім нядаўна, 29 красавіка 2008 г., на 102 годзе жыцця.
Сёння LSD застаецца адным з элементаў клубнай культуры. Гэта адзін з найбольш моцных і небяспечных сродкаў, якія ўздзейнічаюць на падсвядомасць чалавека. Да таго ж LSD вельмі цяжка выяўляць - у Мінск яго завозяць у выглядзе марак (паперак, прамочаных невялікай колькасць рошчыны). Ёсць нейкая грымаса гісторыі ў тым, што пераможаны ў сельскагаспадарчай вытворчасці грыбок-паразіт даў аснову для стварэння іншай небяспекі.
Але ж для вытворчасці LSD недзе ж спарынню вырошчваюць!