Даўнія спрэчкі пра малако
Тое, што знешнія ўмовы жыцця і традыцыі харчавання маюць уплыў на фізіялагічныя асаблівасці чалавечых папуляцый, інтуітыўна падаецца слушным многім людзям. Але гэтую залежнасць можна перавесці на мову навукі. Апошнія даследаванні генетыкаў дазваляюць лепш зразумець даўнія культурныя і біялагічныя працэсы.
Малако - не для ўсіх
Дзеля нармальнага засваення такога даўняга еўрапейскага напою, як малако, чалавеку патрэбны асобны фермент - лактаза, які расчапляе малочны цукар лактозу. Гэты складаны па сваёй структуры цукар забяспечвае да 30 % энергетычнай вартасці малака - астатні ўнёсак робяць тлушчы і бялкі. Для сысуноў (млекакормячых) характэрна тое, што ў кішэчнікі дзіцяня з цягам часу, у працэсе сталення, выпрацоўка гэтага спецыяльнага ферменту скарачаецца. Тут мы маем справу з адаптацыйным механізмам, які прымушае дзіцё паступова адмаўляцца ад матчынага малака ды пераходзіць да дарослай ежы. Дарослы чалавек папросту фізіялагічна не прыстасаваны да ўжывання малака. Але еўрапейцы складаюць тут пэўны феномен: "еўрапейскі стандарт" - гэта высокая актыўнасць ферменту лактазы і здольнасць піць малако ў сталым узросце.
Спецыфіка еўрапейцаў
Першым лагічным абгрунтаваннем падобнай з'явы стала версій, вылучаная ў пачатку 1970-х гадах амерыканскім даследчыкам МакКрэкерам - стабільная актыўнасць фермента лактазы была падтрыманая натуральным адборам у народаў, якія займаліся малочнай жывёлагадоўляй. А гэта, якраз, спецыфіка паўночных індаеўрапейцаў.
На мяжы IV-III тыс. да н. э. жыццё старажытных індаеўрапейцаў спазнала значныя змены, выкліканыя цыклічнымі ваганнямі глабальнага клімату - агульная тэмпература панізілася, узрасла кантынентальнасць, а гэта значыць, што больш спякотнае лета чаргавалася з усё больш суворай зімой. У вынікі ўраджайнасць збожжавых панізілася і земляробства перастала даваць гарантаваныя сродкі для забеспячэння жыцця чалавека ў зімовыя месяцы. Наадварот, жывёлагадоўля, у тым ліку і малочная, стала набываць для супольнасцяў індаеўрапейцаў усё большае значэнне. Але павелічэнне статкаў патрабавала пашырэння пашаў ды пошуку новых тэрыторыяў. Наступіў перыяд засваення суседніх зямель і ўжыванне малака выконвала тут сваю ролю.
Праблема ўсё ж палягае ў тым, што гэтая тэорыя, хоць і найбольш вядомая, не знаходзіць археалагічнага пацвярджэння. Картаграфаванне знаходак шкілетаў буйной рагатай жывёлы паказвае, што ў Еўропе мяжа пашырэння малочнай жывёлагадоўлі з моманту яе зараджэння і да ранняга Сярэднявечча перамяшчалася практычна дакладна з Поўдня на Поўнач. Частата ж пашырэння сярод людзей ферменту лактазы, які расчапляе малако, нарастае з Паўднёвага-Ўсходу на Паўночны-Захад. Мінімальная колькасць людзей, якія няздольныя засвойваць малочны цукар, жыве ў Швецыі, Даніі, Нідэрландах і Англіі (ад 1 % да 6 % прадстаўнікоў гэтых этнічных груп). Наадварот, у насельніцтва тэрыторый, блізкіх да зонаў прыручэння буйной рагатай жывёлы на Блізкім Усходзе і Індастане, вялікая доля людзей з абмежаванай актыўнасцю гэтага ферменту.
Такім чынам, гіпотэза пра ўплыў малочнай жывёлагадоўлі на пашырэнне стабільнай актыўнасці фермента лактазы не атрымаў фактычнага пацверджанняў у "чыстым выглядзе". Сярод насельніцтва ранненеалітычнай Еўропы здольнасць спажываць цэльнае малако дарослымі была рэдкай ці адсутнічала. Пра тое кажа аналіз ДНК з косных парэшткаў некалькіх ранненеалітычных паселішчаў на тэрыторыі Ўсходняй Германіі, Польшчы і Літвы.
Замест вітаміну D
Скептычныя адносіны да занадта просталінейнай трактоўкі "жывёлагадоўчай" канцэпцыі пачалі складвацца практычна адразу, пасля яе ўзнікнення. Вынікам дыскусіі стала з'яўленне цэлага шэрагу прац, аўтары якіх даводзілі, што здольнасць засвойваць малако - гэта экалагічна адаптацыйная прыкмета. Спажываючы малако, чалавек засвойвае кальцый ва ўмовах дэфіцыту вітаміну D пры недахопе ўльтрафіялетавага апраменьвання ці, прасцей кажучы, у працяглыя перыяды рэдкага сонца. А гэта і ёсць паўночнаеўрапейская зіма.
Асноўная функцыя вітаміну D - забеспячэнне нармальнага росту і развіцця костак ды папярэджванне рахіту. Вітамін D есць унікальным - гэта адзіны вітамін, які дзейнічае і як уласна вітамін, і як гармон. Дэфіцыт жа вітаміну D - з'ява даволі пашыраная і можа выклікаць праблемы росту клетак органаў, найбольшы з якіх ёсць скура. Навукоўцы таксама займаюцца пошукамі доказу таго, што доўгатрывалы дэфіцыт вітаміну D прыводзіць да захворвання ракам.
Дык вось, эксперыментальна даказана, што лактоза цэльнага малака спрыяе ўсмоктванню і засваенню кальцыю, фізіялагічна дапаўняе дзеянне вітаміну D! Праверка гіпотэзы пра значэнне ультрафіялетавага (сонечнага) апраменьвання паказала, што ў рэгіёнах умеранай кліматычнай зоны з невысокай інтэнсіўнасцю апраменьвання, доля людзей са стабільнай актыўнасцю ферменту лактазы вышэй, чым ў больш паўднёвых і цяплейшых рэгіёнах.
Нядаўнія даследаванні таксама паказалі, што ў арэале Паўночнага мора і паўднёвага берагу Балтыйскага мора, максімальную генетычную разнастайнасць мае таксама і буйная рагатая жывёла. Гэта сведчыць пра інтэнсіўныя намаганні па вывядзенню парод свойскай жывёлы, якія рабілі мясцовыя народы.
Такім чынам, малако сталася ў рэгіёнах, параўнаўча бедных ультрафіялетам, своеасаблівай заменай вітаміну D [1]. Народы паўднёвых рэгіёнаў Еўропы (іспанцы і італьянцы) таксама ўжываюць цэльнае малако, але ў меншым аб'ёме. У іх рацыёне пераважаюць сыры і кісламалочныя прадукты, якія ўтрымліваюць значна менш малочнага цукру, чым уласна малако. Развіццё сыраварства можна разглядаць таксама, як прыстасаванне да клімату - пры цяплыні малако доўга не захоўваецца.
Памылка Альендэ
Уяўленне пра тое, што тыповае для еўрапеоідаў ёсць, апрыёры, нормай для іншых народаў, згуляла ў 1970-я гады злы жарт з праграмай дапамогі найбяднейшым, пераважна індзейскім, сем'ям Чылі. Гэтую праграму рэалізоўваў прэзідэнт Чылі ў 1970-1973 гг., сацыяліст Сальвадор Альендэ, сам медык-педыятар паводле адукацыі. Сацыяльная праграма Альендэ ўключала ў сябе лозунг "Кожнаму дзіцяці - шклянку малака ў дзень!"
У той час яшчэ не было вядома, што ў амерыканскіх індзейцаў здольнасць да выпрацоўцы ферменту лактазы ў дзяцей знікае даволі рана і практычна адсутнічае ў дарослых. І такая рэакцыі арганізму індзейцаў зусім лагічна з гледзішча сучасных генетычных і гістарычных даследаванняў. Мутацыя, якая дазволіла сінтэз ферментаў па перапрацоўцы малака, распаўсюдзілася сярод насельніцтва Старога Свету пасля ўзнікнення жывёлагадоўлі. А да гэтага часу продкі амерыканскіх індзейцаў ужо пакінулі Паўночна-Ўсходнюю Азію праз так званы "Берынгаў мост" - старажытны шырокі перашыек паміж Амерыкай і Азіяй на месцы сённяшняга Берынгава праліву, што знік больш за 12 тыс. да н. э. Паводле сучасных уяўленняў, міграцыя індзейцаў адбывалася некалькімі незалежнымі адна ад адной хвалямі паміж 70 тыс. і 12 тыс. гадоў да н. э. Узнікненне ж жывёлагадоўлі лічаць адной з фундаментальных рысаў так званай "неалітычнай рэвалюцыі". А першыя культуры неаліту ў Старым Свеце з'явіліся каля 7 тыс. гадоў да н. э., калі амерыканскія індзейцы ўжо засвойвалі свае новыя прасторы.
Нашчадкі старажытных перасяленцаў, чылійскія індзейцы, непрыхільна паставіліся да ўсёй праграмы прэзідэнта Альендэ, бо іхныя дзеці хварэлі ад атрыманай "дапамогі".
У Савецкім Саюзе таксама не было вядома, што ў карэнных народаў Сібіры дзеці, і тым больш дарослыя, не пераносяць малака. Дзяцей тубыльцаў звозілі ў інтэрнаты, дзе давалі ім "здаровае" харчаванне, якое ўключала і малако. Дзеці хварэлі, але замест неабходнай змены рэжыму харчавання іх нашпігоўвалі антыбіётыкамі ад кішэчных інфекцыяў.
А што беларусы?
У сярэдзіне XIX ст. жыхарка Барысаўскага павету Ганна Цюдзявіцкая ў сваёй кнізе парад "Літоўская гаспадыня" пісала, што "таму, хто жыве недалёка ад горада ці мястэчка, непараўнальна выгадней прадаваць свежае малако..., чым масла і сыр (іх робяць толькі з малочных прадуктаў, якія не ўдалося збыць)" [2]. Аграрны крызіс 1880-х, калі параходы з Аргенціны і паравозы з Украіны напоўнілі ўвесь свет танным збожжам, паказаў нерэнтабельнасць традыцыйнага земляробства ў Беларусі [3]. На адаптацыю на новых умоў спатрэбілася да дваццаці гадоў, на працягу якіх жывёлагадоўля, найперш малочная, стала асноўнай галінай сельскай гаспадаркі Беларусі.
Але яшчэ раней, гістарычна беларусы апынуліся як бы на мяжы розных зон ужывання малака. Як паўночныя еўрапейцы, беларускія дзеці вельмі добра перастравуюць гэты напой. Генетычная і міграцыйная гісторыя продкаў беларусаў даволі складаная і сярод дарослага насельніцтва Беларусі да траціны маюць першасную гіпалактазію - непераноснасць малочнага цукру (лактозу). Па-просту, ім непрыемна піць цэльнае малако. Адносна парашковага, а толькі такое мы можам набыць у нашых крамах, працэнт непераноснасці рэзка змяншаецца. У гэтай статыстыцы беларусы ідуць услед за літоўцамі ды палякамі. Сярод расіянаў існуе вялікае разнос лічбаў - зважаючы на рэгіёны. Вось як можна размеркаваць народы паводле непрыхільнасці (фізіялагічнай) да малака:
Шведы 1 %
Галандцы 2 %
Датчане 3 %
Ірландцы 4 %
Ангельцы 6 %
Немцы 15 %
Фіны 17 %
Эстонцы 23-28 %
Літоўцы 30-37 %
Вугорцы 37 %
Французы 37 %
Палякі 37 %
Беларусы 39 %
Расіяне (славяне) 36-53 %
Украінцы 42 %
Грэкі 45-66 %
Італьянцы 50-70 %
Казахі 79-87 %
Паўночныя кітайцы 92 %
Кітайцы Тайваня 100 %
Японцы 100 %
Як бачым, беларусы ўваходзяць у тую групу, дзе ўжыванне малака ёсць традыцыйным і арганізмы большасці прадстаўнікоў гэтага этнасу прыстасаваныя да такога напою і прадукту. Хоць беларусы досыць выразна, як і іхныя суседзі, у здольнасці спажываць малако саступаюць іншым паўночным еўрапейцам - паўночна-заходнім.
Чаму беларусы любяць грыбы і не адмовяцца ад кілішка гарэлкі - чытайце ў наступных выпусках серыі "Гены і харчаванне"
[1] Боринская С. А., Козлов А. И., Янковский Н. К. Гены и традиции питания // Этнографическое обозрение. 209, № 3. С. 120.
[2] Літоўская гаспадыня. Мн., 1993. С. 236.
[3] Наша страва. Мн., 2009. С. 302-303.