ПЛАНЕТА ВЕНЕРА Ў ТРАДЫЦЫЙНЫХ УЯЎЛЕННЯХ БЕЛАРУСАЎ
МЕСЦА ЭТНІЧНЫХ МЕНШАСЦЕЙ У БЕЛАРУСКІМ ФАЛЬКЛОРЫ
ЭТНАГРАФІЯ
УДК 39 (=161.3)
Д.В. Скварчэўскі
(Мінск, БДУ)
ПЛАНЕТА ВЕНЕРА Ў ТРАДЫЦЫЙНЫХ УЯЎЛЕННЯХ БЕЛАРУСАЎ
В статье рассматриваются традиционные представления белорусов о планете Венера. Проанализированы наиболее распространённые народные названия планеты и связанный с ней комплекс поверий, суеверий и т.п. Особое внимание уделено роли, отводимой Венере в белорусских заговорах. Итогом является попытка реконструкции мифологических сюжетов, связанных с божествами планеты Венера. Обращает на себя внимание их близость с представлениями других индоевропейских народов.
Венера - планета, блізкая да Зямлі і бліжэйшая за яе да Сонца. З Зямлі яна выглядае як зорка. Яна ніколі не аддаляецца далёка ад Сонца, добра адбівае сонечнае святло, таму яе вельмі проста знайсці на небе і назіраць за ёю. Максімальнай яркасці Венера дасягае незадоўга да ўзыходу або заходу Сонца. Характэрнай асаблівасцю планеты з'яўляецца яе роўны белы колер. Паводле сваёй яркасці яна пераўзыходзіць самыя яркія зоркі. Усё гэта стварыла добрыя падставы для назірання, што знайшло адлюстраванне ў беларускім фальклоры. У дадзеным артыкуле мы разгледзім месца і ролю планеты Венера ў традыцыйных уяўленнях і міфалагічнай свядомасці беларусаў на падставе этнаграфічных крыніц.
Планета Венера мае шматлікія назвы - Зарніца, Зараніца, Заранка, Світальна Зорка, Вечарніца, Вечарнічка, Вечэрня зора, Звярыніца, Воўча Звязда і інш. Падобныя назвы сустракаюцца і ў іншых індаеўрапейскіх мовах, напрыклад: літ. Au š rin ė, Vakarin ė, Ž v ė rin ė, Au š ros ž vaig ž d ė, Vakar ų ž vaig ž d ė , лат. Auseklis , пол. Wieczornica , Wilcza Gwiazda , Zwierzonka , Zwiernica , Zaranka , Zaraneczka , Zarannica , чэш. Zviretnice , Zornice , Zorni č ka , Ve č erni č ka , Ve č ernice , слав. Ve č ernica , Zve č ernica , Ve č erca , харв. Zornica , балг. Зорница, Зуратъ, Деница, Утреница, Вечерница , рус. Утренняя зарница, Зарница, Заряница, Зарянка, Зурница , укр. Зірниця, Зарница і г.д. Трэба адзначыць, што ў асноўным назвы планеты паходзяць ад часу яе з'яўлення на небе. Відавочна, што астронімы супадаюць, а гэта можа сведчыць аб вельмі старажытных каранях паходжання назвы Венеры, да таго ж, назіраюцца і шматлікія падабенствы ўяўленняў аб гэтай планеце ў індаеўрапейцаў. Гэта дапамагае рэканструяваць беларускія традыцыйныя погляды на Венеру ў тых выпадках, калі не хапае ўласных звестак. Асобную групу складаюць шматлікія назвы і пазначэнні Венеры, якія сустракаюцца ў замовах.
У народнай свядомасці Венера ў сваёй ранішняй (Зарніца) і вячэрняй (Вечарніца) бачнасці не атаясамляецца [1, с. 81, 183], а ўспрымаецца як два розныя нябесныя аб'екты са сваімі функцыямі. Згодна з запісам А. Сержпутоўскага, Зарніца - гэта вельмі ясная зорка, што свеціць раненька, будзіць людзей і кліча іх на работу; Вечарніца - вячэрняя зорка, якую Бог пасылае агледзець зямлю перад надыходам начной цемры [2, с. 31] . Адсюль вынікае, што з'яўленне на небе гэтых зорак выкарыстоўвалася дзеля вызначэння часу - калі трэба ўставаць і пачынаць працу, а калі наступае ноч (адпаведна - заканчэнне працы і час адпачынку). Таксама з запісу А. Сержпутоўскага вынікае, што гэтыя зоркі падпарадкоўваюцца Богу, дапамагаюць яму. У замовах яны паўсюдна называюцца «гасподнімі (ці божымі) памочніцамі». Лічым мэтазгодным прывесці літоўскае павер'е, згодна з якім Ранішняя і Вячэрняя зоркі з'яўляюцца дочкамі Сонца, якія яму служаць: Ранішняя зорка рыхтуе Сонцу сняданак, а Вячэрняя сцеле ложак [3, s. 173]. Імаверна, што і ў беларускай традыцыі існавала ўяўленне аб Зарніцы і Вечарніцы як аб дочках Бога. Аб гэтым сведчаць узгадванні ў замовах: « Дзве зары-зараніцы, родныя сястрыцы » [4, с. 123, № 338].
Назву Венеры «Заранка» прыводзіць у сваім слоўніку В. Ластоўскі [5, с. 58]. Яна паходзіць ад таго, што Венера добра бачная зранку. Назва «Світальна Зорка» тлумачыцца проста: ранняе ўзыходжанне зоркі над небакраем; яна сустракаецца ў паўночна-заходніх беларускіх гаворках [6, с. 398]. У палескіх гаворках Венера вядома пад назвай «Вечэрня зора» [7, с. 164].
Калі паходжанне назваў «Зарніца» і «Вечарніца» зразумелае - так Венера завецца ў залежнасці ад часу з'яўлення на небе і назірання за ёй - то назвы кшталту «Звярыніца» і «Воўча Звязда» не зусім зразумелыя. Гэтыя назвы прыводзіць А. Кіркор. Ён пісаў, што за ўзыходам «Воўчай Звязды» назіралі на Каляды. Раскрываючы змест калядных міфаў беларусаў, А. Кіркор лічыў, што Грамаўніца (Цёця) - жонка Перуна, якой адпавядае на небе Венера, у калядную ноч нараджае божыча - Дажбога (яму на небе адпавядае Сонца), а цёмныя сілы ў выглядзе дзікіх звяроў імкнуцца забіць маці з сынам [8, с. 253]. Менавіта таму людзі на Каляды назіраюць за гэтай зоркай, бо яе з'яўленне азначае багіню, якая здолела выратавацца. Неабходна заўважыць, што міф, узгаданы А. Кіркорам, наўрад ці можна лічыць аўтэнтычным, а таму трэба вельмі крытычна ставіцца да гэтых звестак, хаця назвы Венеры з'яўляюцца сапраўднымі. Пачатак Каляд звязваецца са з'яўленнем на небе першай зоркі. Калядная зорка, з якой ходзяць калядоўшчыкі, - сімвалічнае выяўленне сапраўднай зоркі, магчыма, Венеры. Калі ўлічваць тлумачэнні А. Кіркора, то назва «Воўча Звязда» («Звярыніца») утварылася ад звяроў (ваўкоў), якія пераследуюць багіню. Літоўцы тлумачылі падобныя назвы тым, што з моманту ўзыходу гэтай зоркі дзікія звяры выходзяць на начное паляванне [3, s. 172]. Магчыма, з гэтым звязана і такая назва Венеры, як «Мядзведзіца» [9, с. 177].
Планета Венера ў традыцыйных уяўленнях заўсёды выступае як жаночы персанаж. Гэта асабліва падкрэсліваецца ў замовах з дапамогай выразаў кшталту «родныя сястрыцы», «божыя памашніцы», «красныя дзявіцы». Падаецца невыпадковым, што А. Кіркор надзяляе Венеру функцыямі маці, бо ў замовах сустракаецца і такі зварот: «Матка Зорка!» [4, с. 36, № 14], які можа быць аднесены да Венеры. У доказ гэтага можна прывесці той факт, што ў славянскіх мовах Венера часта пазначалася проста як «зорка», а таксама некаторыя іншыя яе назвы ўтвараліся менавіта ад гэтага слова [10, с. 50]. Для беларускіх міфалагічных уяўленняў характэрны сюжэт, дзе Месяц і Сонца ці Месяц і Венера (Вечарніца, альбо Зарніца) утвараюць сямейную пару. Асабліва добра ён прасочваецца ў вясельных песнях. М. Доўнар-Запольскі вывучаў вобразы Месяца і Сонца ў беларускай вясельнай паэзіі і адзначаў: «Беларуская народная паэзія, пераважна вясельная, захавала рэшткі паданняў аб вяселлі Месяца з Сонейкам ці з зарой. Гэта боская шлюбная пара, прататып чалавечага шлюбу, з'яўляецца апякункай апошніх; да Месяца і Сонца звяртаюцца песні з надзеяй на іх блаславенне, асвячэнне шлюбу» [11, с. 352]. Яшчэ ён адзначаў, што нявеста часам называецца «зоранькай», параўноўваецца з ёй, так, што песні пяюць то аб вяселлі Месяца з Сонцам, то Месяца з зоранькай, ранішняй зарой [11, с. 347]. Ч. Пяткевіч прыводзіць такія звесткі: «Венера - Зарніца і Вечарніца альбо Месяцова дружына ці таварышка; гэтая апошняя назва была запазычана ад засцянковай шляхты: «Тая зорачка, што так прыгожа свеціцца, гэта… таварышка месяца» [12, с. 282]. Такім чынам, Венера замест Сонца выступала як нявеста (ці жонка, сяброўка) Месяца. Пэўныя паралелі можна правесці з балцкім міфам «Нябеснае вяселле», змест якога ў наступным: Месяц, муж Сонца, заляцаецца да Ранішняй (ці Вячэрняй) зоркі, пасля чаго Пяркунас (ці Сонца) мячом рассякае твар здрадніка-Месяца, прычым гэта паўтараецца перыядычна і пастаянна (такім чынам тлумачыцца змена квадраў Месяца). Хутчэй за ўсё, Месяц у міфы заляцаецца да Вячэрняй зоркі, бо ў гэты час Сонца знікае з неба. Венера паўстае як саперніца Сонца, бо сваім бляскам яна пераўзыходзіць усе астатнія зоркі на небе.
Традыцыйна ў міфалогіі Венера - жаночы персанаж, аднак ёсць звесткі, якія ўказваюць на існаванне і мужчынскага персанажа. У Латвіі ён завецца Auseklis. У адным з варыянтаў міфа «Нябеснае вяселле» распавядаецца, як Сонца выдае сваю дачку замуж за Аўсэкліса, але Месяц адымае ў яго нявесту, з-за чаго Сонца разрубае яго мячом. Наяўны беларускі матэрыял сведчыць пра тое, што мужчынскі персанаж Венеры ў нас невядомы. Аднак не выключана, што беларускі міфалагічны персанаж Аўсень можа быць роднасным латышскаму Аўсэклісу. Вобраз першага звязаны з Новым годам, а вобраз другога - з Венерай у ранішняй бачнасці. Прычым імя Аўсень можа быць этымалагічна суаднесена з такімі персанажамі індаеўрапейскай міфалогіі, як лат. Усыньш , літ. Аўшра , лац. Аўрора , вед. Ушас , ст.-грэц . Эас [1, с. 29]. Усе тыя боствы з'яўляюцца ўвасабленнем світанку, зары, узыходу Сонца, а гэта як раз той час, калі на небе бачна Венера (Ранішняя зорка). Гэтае пытанне патрабуе далейшага грунтоўнага вывучэння.
Як ужо адзначалася, планета Венера даволі часта ўзгадваецца ў замовах, прычым у кожным з відаў (ад усіх хваробаў, любоўныя замовы, паляўнічыя і гаспадарчыя замовы і г.д.). Можна патлумачыць і прычыну такога частага і шырока распаўсюджанага згадвання Зарніцы і Вечарніцы, бо яны - «божыя памашніцы», самі маюць нябеснае паходжанне, а таму могуць дапамагчы людзям данесці іх просьбы да Бога. Перш чым прывесці прыклады назваў Венеры ў замовах, трэба адзначыць, што ў іх ранішняя і вячэрняя зоркі даволі часта атаясамляюцца з зарой - свячэннем неба перад узыходам або заходам Сонца. Аднак нярэдка ўдакладняюць: «Добрай парой, вячэрняй зарой, вячэрняй зараніцай, божай памашніцай, прыступі, памажы рабе божай…» [4, с. 309, № 1038]. З гэтага прыкладу бачна, што час ранняй (вячэрняй) зары, калі з'яўляецца на небе Зарніца (Вечарніца) - найбольш спрыяльны час сутак для «шаптання». Пра здольнасць Венеры дапамагаць людзям у знахарстве і чараўніцтве сведчыць яе назва «Ведзьмерагіна», якая захавалася на беларуска-літоўскім памежжы. Гэты астронім паходзіць ад спалучэння беларускага слова «ведзьма» і літоўскага ragana «ведзьма» [9, с. 177].
Таксама не трэба блытаць і атаясамляць боства зары з боствамі ранішняй і вячэрняй бачнасці Венеры, нягледзячы на падабенства іх функцый у замовах. Беларускаму боству зары будуць адпавядаць вед. Ушас, грэч. Эас, лац. Аўрора, літ. Аўшра, лат. Усыньш, а Зарніца і Вечарніца з'яўляюцца самастойнымі персанажамі, хаця назва «зара-зараніца» часам у замовах адносіцца і да зары, і да Венеры.
Зарніца і Вечарніца ў замовах узгадваюцца разам ці паасобку і маюць наступныя назвы і пазначэнні: «Вячэрняя зара-зараніца, усяму свету памашніца»; «Зоры-зараніцы, божы памашніцы»; «Дзве зары-зараніцы, родныя сястрыцы»; «Зоры-заранічкі, божы памашнічкі»; «Ранішняя зараніца, божая памашніца»; «Вячэрняя зарніца, гасподняя памашніца»; «Зоры-зараніца, гасподні памашніцы»; «Зоры-заранічкі, Богу памашнічкі»; «Зарніцы, родныя сястрыцы»; «Зоры-зараніцы, красныя дзявіцы»; «Ранняя (Вячэрняя) зорачка» і інш. Зара ў сваю чаргу мае назвы: «Зара-зараніца, Гасподня памашніца»; «Зара-заранічка, божая памашнічка»; «Зара зарушчая»; «Святая гасподня, вялікая зара-зараніца, (рабы Дар'і) памашніца»; «Ранная зара»; «Ранняя зарыца, усяму свету памашніца»; «Зара-зараніца, божая памашніца»; «Зара-зараніца, спутняя памашніца» і інш. У замовах Зарніца і Вечарніца дапамагаюць людзям самі ці з'ўляюцца пасярэднікамі паміж людзьмі і Богам, да якога звяртаюцца за дапамогай. Звычайна згадваюцца дзве зары, але ёсць і замовы, дзе іх тры, напрыклад: «На моры, акіяне ляжыць тры псы: адзін чорны, адзін рабы, трэці белы. Чорны выбрэхуе вячэрнюю зару, а рабы палуношную, а белы ранішнюю» [4, с. 88, № 204]. Магчыма, тут адбылося сумяшчэнне павер'яў аб дзвюх зарніцах (сёстрах), якія дапамагаюць людзям, і аб трох Долях (таксама сёстрах), якія вызначаюць лёс кожнага чалавека. Паданне аб трох Долях запісаў А. Сержпутоўскі [2, с. 283 - 285]. Можа ўзнікнуць пытанне: а чаму ў замовах Долі выступаюць як зоры (зоркі)? Адказ на гэтае пытанне лёгка адшукаць: сузор'е Арыёна (дакладней, яго частка - Пояс Арыёна) мае назву «Тры сястры» [1, с. 507] і складаецца з трох зорак, выцягнутых амаль у правільную простую лінію. Таму павер'і, якія адлюстраваны на зорным небе, маглі сумясціцца.
Падсумоўваючы, адзначым наступнае. Вобраз планеты Венера знайшоў адлюстраванне ў беларускім фальклоры і традыцыйных павер'ях. У народнай свядомасці Венера ўспрымалася як два асобныя нябесныя целы - Зарніца і Вечарніца, падзел якіх адбыўся ў адпаведнасці з часам, калі планета бачна на небе, прычым яны не атаясамляліся. Прасочваюцца два міфалагічныя сюжэты з удзелам Зарніцы і Вечарніцы:
1. Дзве сястры - служкі Бога («божыя памашніцы») і яго магчымыя дочкі, якія выконваюць даручэнні Бога, дапамагаюць людзям: адна абуджае раніцай, кліча на працу, а другая заклікае адпачываць і даглядае за зямлёй перад надыходам начной цемры;
2. Вечарніца (ці Зарніца) выступае як жаночая пара Месяца (нявеста, жонка). Гэтая сямейная пара ўдзельнічае ў фармаванні сусвету і спрыяе чалавечым шлюбам.
Венера адлюстроўвае ў міфалагічнай свядомасці жаночы, мацярынскі пачатак. Дзве яе бачнасці часта выступаюць як дзявіцы-сёстры. Таксама ў замовах часта зоры-зараніцы ўзгадваюцца побач з Багародзіцай, напрыклад: «Госпаду Богу памалюся, Прачыстай мамке пакланюся, я з словам, Бог з помаччу. Зоры-заранічкі, божыя памашнічкі, памагалі Богу, памажыце і нам…» [4, с. 341. № 1170]. Да Венеры (Зарніца, Вечарніца) звяртаюцца ў замовах ад усіх хвароб і напасцяў, з практычнымі гаспадарчымі мэтамі, бо Венера - прадстаўнік нябеснай сферы, мае боскі характар, мае сувязь з Богам і з'яўляецца пасярэднікам паміж людзьмі і ім. Зарніца і Вечарніца таксама спрыяюць дабрабыту і дастатку.
Folk knowledge about Venus is described in this paper. There are also analyzed the meaning of Belarusian names of Venus and presented materials about the mythological interpretation of the origin of Venus. The ethnographic material shows that Venus played a significant role in Belarusian cosmology and mythology. In consciousness of Belarusians Venus divided into different celestial bodies with specifically functions.
Спіс крыніц і літаратуры
1. Беларуская міфалогія: энцыкл. слоўнік / С. Санько [і інш.]; склад. І. Клімковіч. - 2-е выд., дап. - Мінск: Беларусь, 2006. - 599 с.
2. Сержпутоўскі, А.К. Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў / А.К. Сержпутоўскі, навук. рэд. А.С. Фядосік; прадм. У.К. Касько. - Мінск: Універсітэцкае, 1998. - 301 с.
3. Vaiškūnas, J. Etnoastronomia litewska / J. Vaiškūnas // Etnolingwistika, T. 11, red. J. Bartmińskі, Uniwersytet Marii Curie-Skłodowskiej. - Lublin, 1999. - S. 165 - 175.
4. Замовы / уклад., сістэм. тэкстаў, уступ. арт. і камент. Г.А. Барташэвіча; рэдкал.: А.С. Фядосік (гал. рэд.) [і інш.] - Мінск: Навука і тэхніка, 1992. - 596 с.
5. Ластоўскі, В. Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік / В. Ластоўскі. - Коўна, 1924. - 832 с.
6. Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча. - Мінск: Навука і тэхніка, 1984. - Т. 4. - 616 с.
7. Тураўскі слоўнік. - Мінск: Навука і тэхніка, 1982. - Т. 1. - 255 с.
8. Живописная Россия: Отечество наше в его земельном, историческом, племенном, экономическом и бытовом значении / под общей редакцией П.П. Семёнова: Т. 3. Ч. 1: Литовское Полесье; Ч. 2: Белорусское Полесье. - Спб., М., 1882. - 490 с.
9. Вайшкунас, Й. Народная астронимия белорусско-литовского пограничья / Й. Вайшкунас // Балто-славянские исследования. Вып. 15. - М.: Индрик, 2004. - С. 168 - 179.
10. Младенова, Д. Звездното небе над нас. Етнолингвистично изследване на балканските народни астроними / Д. Младенова. - София, 2006. - 421 с.
11. Довнар-Запольский, М.В. Исследования и статьи / М.В. Довнар-Запольский. - Киев, 1909. - Том 1. - 487 с.
12. Пяткевіч, Ч. Рэчыцкае Палессе / Ч. Пяткевіч, уклад., прадм. У. Васілевіча; пер. з пол. Л. Салавей і У. Васілевіча. - Мінск: Беларускі кнігазбор, 2004. - 672 с.
Навуковы кіраўнік - В.А. Варонін , кандыдат гістарычных навук, дацэнт.
УДК 398.9 (=161.3)
І.Г. Бачыла
(Мінск, БДУ)
МЕСЦА ЭТНІЧНЫХ МЕНШАСЦЕЙ У БЕЛАРУСКІМ ФАЛЬКЛОРЫ
Беларусь стала второй родиной для татар, евреев, цыган, литовцев, русских, украинцев, поляков и др. Фольклор является особым источником при исследовании этнических меньшинств в Беларуси, их положения, отношений с местным населением. Среди многочисленных жанров беларусского фольклора значительное место в осмыслении образа «инородца» занимают поговорки, пословицы, сказки. Основным способом их возникновения были многочисленные жизненные наблюдения, исторические ситуации. Причем чаще всего подобные наблюдения основывались на антиномии мы-они, свои-чужие. Всю совокупность названных фольклорных жанров, посвященных образу «чужого», условно можно разделить на два типа: те, что раскрывают наиболее специфические черты характера и поведения; и те, что характеризуют социальное положение представителей различных этнических групп.
Асаблівай крыніцай для вывучэння этнічных меншасцей на Беларусі, іх становішча, стасункаў з мясцовым насельніцтвам з'яўляецца фальклор. Часам ён можа даць не адразу бачную, але больш цікавую інфармацыю, чым, напрыклад, статыстыка. Даследчыкі вывучаюць этнічныя меншасці тут і цяпер. Па-за межамі ўвагі могуць заставацца многія характэрныя рысы іх культуры, асаблівасці паводзінаў і, што вельмі істотна, «гістарычны вобраз». Народны ж вопыт і назіранні, дзякуючы сувязі паміж пакаленнямі і традыцыйнасці фальклору, здольныя перадаць самае яркае і выбітнае ў характарыстыцы тых, хто жыў побач з беларусамі на працягу стагоддзяў.
Сучаснае чалавецтва атрымала ў спадчыну ад мінулага дзве-тры тысячы этнічных супольнасцей. Пры гэтым нераўнамернасць гістарычнага працэсу прывяла да значных адрозненняў паміж імі як па ўзроўню развіцця, так і па маштабах. Гэта абумовіла асаблівую стракасць этнічнай структуры ва ўсім свеце: зараз амаль адсутнічаюць этнічна гамагенныя дзяржавы. Да такіх умоўна можна аднесці толькі 12 краін (9 % дзяржаў) [1, с. 13]. Этнічная меншасць уяўляе сабой спецыфічны від этнічнай супольнасці. Часцей за ўсё гэты тэрмін выкарыстоўваецца ў дачыненні да групы людзей, якія ў сілу абставін адарваліся ад карэннага этнасу. У выніку гэтага яны вымушаны жыць і прыстасоўвацца да новых рэалій часу ўжо ў межах іншага этнасу. Этнічную меншасць характарызуе шэраг уласцівасцей. Па-першае, своеасаблівы культурны комплекс. Па-другое, яна ў значнай ступені саступае (як бачна з назвы) тытульнаму этнасу. Па-трэцяе, стратэгія пражывання: этнічныя меншасці рассяляюцца ўжо ва ўстойлівай этнасацыяльнай прасторы, і для таго, каб захаваць этнакультурную ідэнтыфікацыю, адначасова яе прадстаўнікі вымушаны выпрацоўваць лінію паводзінаў у межах мясцовага насельніцтва.
Сёння ў самых розных краінах пражывае больш за пяць тысяч этнічных меншасцей. Шэраг з іх знайшлі прытулак і ў нашай краіне, прычым адбылося гэта яшчэ ў часы Сярэднявечча. На працягу стагоддзяў Беларусь стала другой радзімай для татар, цыган, літоўцаў, рускіх, палякаў, украінцаў. Адносна тытульнага этнасу - беларусаў - іх колькасць была нязначнай, і рассяляліся яны часцей за ўсё дысперсна (за выключэннем стараабрадцаў). Адпаведна дадзеным перапісу 1897 г., на тэрыторыі Беларусі пражывала 156 тысяч палякаў, 280 тысяч рускіх, 910 тысяч яўрэяў і 311 тысяч украінцаў [2, с. 144 - 146]. Прадстаўнікі этнічных меншасцей, што пражывалі на Беларусі, адрозніваліся ад мясцовага насельніцтва не толькі культурай, але часам знешнім выглядам. Так, напрыклад, яўрэі насілі доўгі сюртук (лапсярдак), падпярэзаны шырокім поясам, а на галаве - цюбецейку (ярмолка). А пра палякаў гаварылі так: «Па чом пазнаць ляха? - па тым, што на чрэве бляха» [3, с. 139].
Узаемаадносіны беларусаў з прадстаўнікамі іншых этнічных груп у цэлым можна ахарактарызаваць як станоўчыя і бесканфліктныя. Аднак пры гэтым яны ўсё роўна будаваліся на ўяўленнях беларусаў аб тым, што гэта іншыя, у многім непадобныя да іх людзі. Менавіта таму асобныя этнічныя меншасці яшчэ ў XVIII - XIX стст. сталі цікавым аб'ектам для параўнальнага вывучэння. Даследчыкі звярталі ўвагу не толькі на матэрыяльную культуру этнічных меншасцей, але і на асаблівасці іх духоўнай культуры, чалавечыя якасці. Так, у 1867 г. у свет выйшла кніга «О происхождении и состоянии литовских татар» знакамітага даследчыка А.В. Мухлінскага. У межах дадзенай працы аўтар імкнуўся раскрыць сутнасць шырокага кола праблем: першае з'яўленне татар у Літве, межы іх рассялення, асаблівасці матэрыяльнай і духоўнай культуры. Крыху пазней, у 1883 г., была надрукавана праца «Литовские евреи» С.А. Бершадскага. Асноўная ўвага даследчыка была звернута на становішча яўрэяў у Вялікім Княстве Літоўскім.
Сярод шматлікіх жанраў беларускага фальклора значную ролю ў асэнсаванні вобраза іншародца адыгралі павучальныя і мудрыя сваёй маральна-практычнай філасофіяй прыказкі, прымаўкі і казкі [4, с. 13]. Яны з'яўляюцца ўдалай і змястоўнай крыніцай па вывучэнню стаўлення беларусаў да прадстаўнікоў іншых этнасаў. Так, напрыклад, прыказкі і прымаўкі, з'яўляючыся самымі кароткімі па форме, у той жа час найбольш трапна перадаюць інфармацыю. Адначасова казкі, нягледзячы на ўласцівыя ім элементы фантастыкі, грунтуюцца ў першую чаргу на сінтэзаванні рэальных з'яў, тыпізацыі канкрэтных фактаў з жыцця грамадства [4, с. 12]. Асноўным спосабам узнікнення прыказак, прымавак і казак былі разнастайныя жыццёвыя назіранні, гістарычныя сітуацыі, рысы характару людзей. Прычым падобныя назіранні вельмі часта вяліся на аснове антыноміі мы - яны, свае - чужыя. Мяжой у дадзенай антытэзе маглі быць роднасныя сувязі, сацыяльная няроўнасць, знешнія характарыстыкі: «Чужое сваім не заві», «Хто не шануе чужога, той свайго не мае» [5, с. 437 - 441], «Свой насоў цяплей чужога кожуха» [6, с. 481] , «Свое лычко лучше чужого раменцу» [6, с. 482]. Кожны народ імкнецца асэнсаваць сябе, сваё месца ў гісторыі і культуры. Намаляваць для сябе партрэт чужога - суседа, іншаземца ці іншаверца - гэта значыць у пэўнай ступені асэнсаваць самога сябе, сваю ўнікальнасць і адметнасць. У народнай культуры адносіны да прадстаўнікоў іншых этнасаў вельмі часта вызначаюцца праз паняцце этнацэнтрызму, калі свае традыцыі, свая рэлігія, свае звычаі і свая мова ўспрымаюцца як адзіна сапраўдныя і правільныя: «Свой свайму паняволі брат», «Свой хоць над вадою патрасець, але ж у ваду не ўнясець», «Род, племя блізка, а свой род бліжэй» [5, с. 139].
Вобраз чужога фарміруецца як агульныя веды наконт рэлігіі і быта, абрадаў і рытуалаў, мовы і вераванняў этнічных суседзяў. У народнай свядомасці чужынец - гэтапрадстаўнік іншаэтнічнай супольнасці, судатычны з катэгорыяй «іншасвету» і «варожага» ў адрозненне ад «карэнных», «мясцовых». Адна з галоўных рысаў чужынца - іншамоўнасць - з'яўлялася тоеснай немаце або прыроднай незразумелай мове. Чужынцам таксама вельмі часта прыпісваліся разнастайныя хібы фізічнага, разумовага і маральнага чыну. Лічылася, напрыклад, што ў адрозненне ад «людзей», у жыдоў няма душы, а толькі «пара», як у жывелаў, а рускія валодаюць невысокімі разумовымі здольнасцямі: «Не дуры Маскву, яна і так дурная» [7, с. 557].
«Інакшасць» чужынцаў палягае ў іх суаднясенні з «нячыстай сілай». У беларускім фальклоры чорт вельмі часта выступае ў вобразе, напрыклад, «чорнага маскаля». Чужынцу прыпісваліся і моцныя чарадзейскія здольнасці (пераважна дэструктыўнага кшталту). У беларускіх замовах як шкаданоснае фігуруе «вока цыганскае, жыдоўскае, татарскае, маскоўскае». Меркаваная сувязь чужынцаў з нячыстай сілай рабіла катэгарычна недапушчальным іх удзел у рытуалах каляндарнага і сямейнага цыклаў. Так, напрыклад, жыдоў і цыганоў ніколі не бралі ў кумы на радзіны. Такія ўяўленні пра іншародцаў былі характэрныя не толькі для беларусаў, а наогул для ўсіх славян. Прадстаўнікі іншых этнасаў маглі выступаць у выглядзе пэўнага міфічнага народа, веліканаў, людаедаў. Такімі, па ўяўленнях рускіх, былі «чудзь», «паны», «літва». Гэтыя іншародцы адрозніваліся сваёй сілай і ростам, валодалі скарбамі, забівалі і з'ядалі людзей, а потым таемна знікалі [8, с. 213].
У прыкметах, звязаных з іншародцамі, выяўляюцца і станоўчыя рысы, і функцыі. Шчаслівай прыкметай лічыцца ў славян прыход у хату ў пэўныя каляндарныя святы іншародца- палазніка. Нованароджаны будзе здаровым, калі ў першы раз яго пакорміць цыганка (сербскае павер'е). У сем'і, дзе пастаянна паміралі дзеці, запрашалі да нованароджанага іншародца (у паўднёвых славян). Трактоўка вобраза чужога ў беларускім фальклоры дынамічна развіваецца паміж двума палюсамі - непрыняцця і талерантнасці [8, с. 215]. Менавіта ў гэтай палярнасці і заключаецца ўнікальнасць усяго комплекса ўяўленняў пра чужых, які адлюстроўвае і этнаканфесійную палеміку, і грамадскае супрацьстаянне, і культурны ўзаемаўплыў [9, с. 7].
На фарміраванне фальклорнага вобраза чужога ўплывала мадэль культурнага суседства, якая склалася ў тым ці іншым рэгіёне. Напрыклад, для станаўлення комплекса стэрэатыпных уяўленняў пра яўрэяў было немалаважным, у якім асяроддзі яны фарміраваліся - сярод жыхароў мястэчак з дамінуючым яўрэйскім насельніцтвам ці ў сельскай мясцовасці, дзе нешматлікія яўрэйскія сем'і жылі ў акружэнні суседзей-славян (Палессе) [9, с. 39]. З местачковага асяроддзя, дзе дагэтуль захаваліся матэрыяльныя рэшткі «яўрэйскай прысутнасці» (могілкі, сінагогі), можна атрымаць значны пласт расповедаў, выслоўяў, якія датычацца яўрэяў. Хаця местачковае яўрэйства складала дастаткова абасобленую групу насельніцтва, суседзі- славяне маглі назіраць за іх абрадавымі дзеяннямі, культурай.
На Палессі тып рэгіянальнай культуры быў іншым: нешматлікія яўрэйскія сем'і жылі ў акружэнні сельскага насельніцтва, у такіх жа, як і палешукі, хатах, бліжэйшае мястэчка знаходзілася за некалькі дзясяткаў кіламетраў. Мясцовыя жыхары амаль нічога не ведалі пра рэлігійнае жыццё яўрэяў, пра іх культавыя рытуалы. Пры такой адсутнасці матэрыяльных рэштак чужой культуры тут складвалася сваё бачанне іншародцаў: яўрэі ў многіх выпадках станавіліся сваімі чужымі, якія раствараліся ў мясцовай культуры.
Уяўленні пра чужую веру і чужы народ знаходзяць адлюстраванне ў фальклорных легендах і звязаных з імі павер'ях [9, с. 8], прычым прадстаўнікі кожнай з існуючых на Беларусі меншасцей надзяляліся асаблівым комплексам характарыстык. Усю сукупнасць такога роду прыказак, прымавак і казак умоўна можна падзяліць на два віды:
· Творы, што перадавалі найбольш спецыфічныя якасці характару і паводзінаў.
Дзякуючы працяглым назіранням, шчыльным стасункам, беларусы адзначалі асноўныя якасці тых, з кім ім прыходзілася мець справы. Найбольш яскравым і распаўсюджаным персанажам беларускага фальклору з'яўляецца яўрэй (жыд). Прадстаўнікі гэтай этнічнай групы, па ўяўленнях беларусаў, з'яўляліся асобамі дастаткова ненадзейнымі, хітрымі, якія імкнуцца выключна да асабістых выгод: «Рупь - не деньги, а жид - не брат» [10, с. 216] , «Як бог да Шлемкі, гэтак і Шлемка да Бога» [10, с. 126]. Адзначаныя рысы характару жыдоў знаходзяць яскравае адлюстраванне і ў казках. Так, у казцы «Мужык Раман і жыды» яўрэі імкнуцца падмануць мужыка, купіць тавар танней або ўвогуле не заплаціць яму за яго. Аднак за сваю залішнюю сквапнасць ім урэшце прыйшлося паплаціцца: мужык Раман змог прадаць ім не толькі «цялешкі, якія куды захочуць - туды самі і едуць», але і «саламяны капялюш, які сам плаціць за гаспадара», а таксама «сякеру, якая ажыўляе пакойнікаў» [6, с. 300 - 304]. Адначасова праз дадзены сюжэт наскрозь праходзіць параўнанне і галоўная ідэя - адзін мужык (у дадзеным выпадку свой) разумнейшы за трох жыдоў (вобраз чужога).
Яшчэ з большай доляй упэўненасці беларусы характарызавалі яўрэяў як людзей ліслівых - «Ходзіць жыдок ходарэм перад панам Хведарам» [10, с. 217]; аматараў залішняга самахвальства - «Кожны жыдок хваліць свой крамок» [10, с. 55].
Беларусы нярэдка звязвалі з жыдамі і некаторыя з'явы надвор'я (дождж пры сонцы - жыдоўскі дождж). Падчас абраду выклікання дажджу на Палессі ў калодзеж кідалі гаршчок, украдзены ў суседзяў-яўрэяў, аблівалі жыдоў вадой (в. Барбараў Мазырскага раёна). Для народнай дэманалогіі характэрныя ўяўленні аб яўрэях - знахарах, уяўленні аб хапуне (чорт хапае жыда ў судную ноч) [7, с. 174].
Асаблівае месца ў беларускім фальклоры займаюць цыганы - вельмі самабытная і ахутаная таямнічасцю этнічная група, продкі якой паходзяць з паўночнай Індыі. У сярэдзіне XV ст. яны з'явіліся ў Вялікім Княстве Літоўскім і набылі тут прызнанне як кавалі, ювеліры, каняводы, музыкі, спевакі, танцоры і муштроўшчыкі жывёл, а жанчыны сталі вядомыя праз сваю варажбу і знахарства [7, с. 545]. Народны вопыт надзяляе цыганоў наступнымі якасцямі:
- гультайства - «Цыган да месяца: дарма ў Бога хлеб ясі - свеціш, а не грэеш» [3, с. 337]. Беларусы адначасова надзялялі цыганоў кемлівасцю і хітрасцю, якія дапамагалі нядрэнна жыць цыгану-абібоку. Аб гэтым выгадным сімбіёзе распавядае беларуская казка «Цыган і поп» [6, с. 332]. Згодна з сюжэтам, дамовіўся цыган выкасіць у папа траву. Аднак за цэлы дзень ён паспеў толькі выспацца і добра падсілкавацца, а трава засталася няскошанай. Калі ж цыган вечарам прыйшоў да папа за разлікам, той, не ведаючы, што трава засталася няскошанай, усе ж такі пашкадаваў цыгану сала і даў за працу толькі пірог. Кемлівы цыган не разгубіўся і пажадаў папу: «Не даў сала, каб табе трава стала!». На другі дзень паехаў поп на луг - трава стаіць няскошаная. Так цыган і працу не выканаў, дык яшчэ за гэта і плату атрымаў. У такой канцоўцы казкі адлюстравана спецыфіка ўспрыняцця цыганоў беларусамі.
- самахвальства - «Кожны цыган сваю кабылу хваліць» [10, с. 55];
- смеласць - «Цыган галее дык смялее» [10, с. 116];
- вынослівасць, стойкасць - «Гартоўны, як цыганскае дзіця» [3, с. 359].
Як і астатнія іншародцы, цыганы надзяляліся таксама звышнатуральнымі якасцямі. Напрыклад, у в. Кармазы Старадарожскага раёна, паводле падання, цыганка пракляла царкву, і тая правалілася. Утварылася возера, якое пасля стала балотам [7, с. 545].
· Творы, што выяўлялі сацыльнае становішча, якое займалі ў грамадстве прадстаўнікі розных этнічных груп.
На працягу ўсёй сваёй гісторыі беларусы, як і астатнія славянскія народы, з павагай і адданасцю адносіліся да працы. Нездарма народная мудрасць павучае: «Праца не паганіць чалавека, а корміць, поіць і вучыць», «Без працы не есці пірагоў» [11, с. 20]. Пры гэтым традыцыйным заняткам на беларускай зямлі заўсёды лічылася земляробства: «Паміраць збірайся, а жыта сей», «Хто зямлі дае, таму і зямля дае» [11, с. 16 - 17]. Менавіта працавітасць і пашана да зямлі з'яўляліся найбольш важнымі крытэрыямі, праз якія беларусы ладзілі свае стасункі з іншародцамі. Адсюль спецыфічная, адрозная ад земляробства, дзейнасць цыганоў (крадзеж коней, варажба) і жыдоў (карчмарства, ліхвярства, гандаль) таксама набывалі для беларусаў знакавую форму. Такое супрацьпастаўленне ярка выражана ў некаторых казках, дзе ў якасці чужых выступалі жыды, цыганы, палякі, татары, а ў якасці сваіх - мужык, селянін. Вось прыклады назваў некаторых такіх казак: «Цыган і поп» [6, с. 332], «Мужык і цыган» [6, с. 333], «Цыган и крестьянин» [6, с. 333], «Цыган і гаспадар» [6, с. 334]. У дадзеным выпадку агульны для беларусаў занятак - праца на зямлі - выступае як аб'яднаўчы фактар, прыкмета прыналежнасці да катэгорыі сваіх. Напрыклад, у назве казкі «Цыган і гаспадар» закладзена супрацьпастаўленне чужога - цыгана і працавітага чалавека, чалавека справы, свайго - гаспадара. У адрозненне ад апошняга, цыган выступае ў казцы як чалавек без уласнай справы. Адзінае, дзе ён добра спраўляецца, - гэта крадзеж. У якасці памочніка цыгана, па ўяўленнях беларусаў, выступае чорт.
Асноўны пласт прыказак, прымавак і казак, што распавядалі пра заняткі і палажэнне прадстаўнікоў этнічных груп у беларускім грамадстве, часцей за ўсё тычыўся яўрэяў. Гэта было абумоўлена іх асаблівым становішчам. Асноўным відам іх дзейнасці быў гандаль, у якім яны праяўлялі сябе як асобы здольныя. Канкураваць з імі ў гэтай сферы мясцовае насельніцтва не мела магчымасці: «Гандляваць лягчэй у краме, чым касіць у пана», «Крамар як камар: дзе сядзе, там і п'е» [3, с. 66]. Народная мудрасць таксама сцвярджае: «Карчмарова вока і праз лахманы грыўню бачыць» [3, с. 66] , «Шынкар п'яніцу любіць, ды дачкі за яго не аддасць» [3, с. 77]. Гандаль жа гарэлкай набліжаў жыдоў да нячыстай сілы (гарэлка як вынаходка чорта), рабіў іх паслугачамі «ліхога». Паказальна, што паводле фальклорнай традыцыі, пачатковым месцазнаходжаннем жыдоў з'яўлялася пекла, адкуль іх за пляшку гарэлкі выпусціў п'яніца, пасля чаго яны рассяліліся па ўсёй зямлі. Аднак і пасля смерці жыд (як і большасць іншых чужынцаў) не можа патрапіць у рай і зноў апынаецца ў пекле: «Пана гром забіў, жыда чорт ухапіў» [7, с. 557 - 559].
З канца XVIII ст. стаўленне ўлад да яўрэяў мяняецца, яны пазбаўляюцца шэрагу сваіх колішніх прывілеяў. Адпаведна закону аб мяжы яўрэйскай аселасці 1794 г. яўрэям забаранялася займацца сельскай гаспадаркай, а таксама прадпісвалася сяліцца выключна ў гарадах і мястэчках. Найбольш яскрава сэнс гэтага закона перадаецца ў наступнай беларускай прыказцы: «Нядобра, калі жыд пазнае грунт, а мужык пазнае хунт» (селянін павінен трымацца зямлі, а яўрэй - гандлю) [10, с. 73] . У цэлым жа ўсякія дачыненні катэгорыі чужынца да аграрнага цыкла ўсведамляліся карэнным насельніцтвам як вельмі небяспечны фактар. Так, калі пры выправе на раллю сустаракаўся жыд, працу трэба было перанесці на наступны дзень. У адваротным выпадку замест збожжа магло ўрадзіць адно зелле [7, с. 557 - 559].
Часцей героямі беларускіх прымавак, прыказак і казак станавіліся яўрэі, цыгане. Па-за межамі народнай увагі заставаліся рускія, украінцы. Для гэтага існавалі свае падставы. Па-першае, падобныя па культуры і ладу жыцця ўкраінцы, рускія нярэдка маглі ўваходзіць у катэгорыю сваіх. Па-другое, асноўным крытэрыем аднясення да катэгорыі сваіх на той час для беларусаў быў паказчык рэлігіі. Фактар канфесійнай прыналежнасці ўвогуле адыгрывае ў сістэме каштоўнасцей народнай культуры важную ролю. Прыналежнасць да дамінуючай канфесіі з'яўляецца для прадстаўнікоў любога этнаса галоўнай умовай таго, што ён - неад'емная частка свайго народа. Менавіта таму ў фальклорных уяўленнях пра сваю веру і свой народ прыкмета канфесійнасці вельмі часта атаясамліваецца з прыкметай этнічнасці [9, с. 76]. Так і для беларусаў усе, хто спавядаў адзіную з імі рэлігію, аўтаматычна станавіліся сваімі. Адпаведна яўрэі, што спавядалі іўдаізм, і «цыганы-атэісты» ў гэтыя шэрагі не траплялі. У былым Пінскім павеце блізу в. Кухоцкая Воля пра тры курганы запісана паданне, што ў адным пахаваны татары, у другім - прыгнаныя аднекуль жыды і ў трэцім - хрысціяне [12, с. 174]. Адрозная рэлігія чужынцаў фармавала ў мясцовага насельніцтва перакананне, што, напрыклад, татары і жыды «моляцца чорту», «каб загубіць хрысціян». І варта даць грошай на тры жыдоўскія школы, як рабіны праз свае малітвы навядуць смерць на ворага замоўцы [7, с. 557 - 559]. Рускія ж фігуруюць у беларускім фальклоры як хрысціяне наогул. Па паданню, на гары Гарадзішча блізу праліва паміж азёрамі Снуды і Струста некалі жыў рускі баярын, у якога было дзве дачкі. Недзе тут у зямлі ляжыць вялікі праваслаўны крыж, і калі яго адкапаць, то ўсе «каталікі» (іншаверцы) навакольных вёсак павінны будуць перайсці ў праваслаўе [7, с. 435 - 436].
Жанры беларускага фальклора акрэсленых тыпаў маглі ўжывацца ў двух накірунках. З аднаго боку, з іх дапамогай выдзеленыя ўласцівасці пераносіліся на ўсіх прадстаўнікоў этнічнай меншасці, нават калі асобным яе членам яны не былі характэрныя. Так, вобраз хітруна-яўрэя і цыгана-абібока станавіўся збіральным. З другога боку, перанос мог адбывацца і ў дачыненні да сваіх, калі яны валодалі акрэсленымі спецыфічнымі якасцямі. Нездарма народны вопыт павучае: «Чужога добрага не гань, а свайго дрэннага не хвалі» [13, с. 85].
Прыказкі, прымаўкі, казкі, такім чынам, з'яўляюцца спецыфічнай гістарычнай крыніцай, якая можа даць каштоўную інфармацыю па многіх, здавалася б, ужо цалкам вывучаных пытаннях, у тым ліку па гісторыі этнічных меншасцей. Адначасова яны валодаюць важнымі асаблівасцямі: прыказкі і прымаўкі, напрыклад, не маюць канкрэтнага адрасату; казкі ж увабралі ў сябе ўвесь каларыт назіранняў за жыццём людзей на працягу цэлых эпох. Гэтыя асаблівасці забяспечваюць прыказкам, прымаўкам, выслоўям і казкам шырокае поле ўжывання.
During centuries Belarus became the second native land for the Tatarians, the Jewry, the Romany, the Lithuanians, the Russians, the Ukrainians, the Poles and others.Folklore is special source by reseach the ethnic minorities in Belarus, their position and attitude with local population. Among the numerous genres of belarussian folklore the sayings, proverbs, fairy tales have an important place in understanding of the charakter «outlander». All of the folklore genres, that are devoted to the charakter «foreign» , can be devided into 2 types: those, that uncover the most specific personality traits and behavior; and those, that charakterize social position of the representatives the ethnic groups.
Спіс крыніц і літаратуры
1. Альтерматт, У. Этнонационализм в Европе / У. Альтерматт. - М.: Изд. центр РГГУ, 2000. - 366 с.
2. Терешкович, П.В. Этническая история Беларуси XIX - начала XX вв. / П.В. Терешкович. - Минск: БГУ, 2004. - 221 с.
3. З вечнага: зборнік фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў Случчыны / Міністэрства культуры БССР, Рэспубліканскі навукова-метадычны цэнтр культуры; рэдкал.: Р.В. Родчанка [і інш.]. - Выд. 2-е, дап. - Мінск: РНМЦ культуры, 1990. - 62 с.
4. Янкоўскі, Ф.М. Беларускія народныя прыказкі і прымаўкі / Ф.М. Янкоўскі. - Мінск, 1957. - 168 с.
5. Прыказкі і прымаўкі / АН БССР, І-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору / рэд.: А.С. Фядосік. - Мінск: Навука і тэхніка, 1976. - Кн. 1. - 560 с.
6. Шейн, П.В. Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-западного края: у 2 т. / П.В. Шейн. - СПб.: Типография императорской АН, 1893. - Т. 2: Сказки, анекдоты, легенды, предания, воспоминания, пословицы, загадки, приветствия, ворожба, проклятия, ругань, заговоры, духовные стихи и проч. - 715 с.
7. Беларуская міфалогія / склад. І. Клімковіч. - Мінск: Беларусь, 2004. - 591 с.
8. Славянская мифология/ Ин-т славяноведения и балканистики Рос. АН. - М.: Эллис Лак, 1995. - 414 с.
9. Белова, О. В. Этнокультурные стереотипы в славянской народной традиции / О. В. Белова. - Москва: Индрик, 2005. - 287 с.
10. Аксамітаў, А.С. Прыказкі і прымаўкі: тлумачальны слоўнік беларускіх прыказак і прымавак / А.С. Аксамітаў. - Мінск: Беларуская навука, 2000. - 319 с.
11. Мудрасць жыцця / складальнік А.І. Гурскі. - Мінск: Мастацкая літаратура, 2007. - 93 с.
12. Беларускі фальклор / рэдкалегія: Г.П. Пашкоў (галоўны рэдактар) [і інш.]. - Т. 1. - А - К. - 765 с.
13. Прыказкі і прымаўкі: у 2 кн. / АН БССР, І-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору / рэд. А.С. Фядосік. - Мінск: Навука і тэхніка, 1976. - Кн. 2. - 560 с.
Навуковы кіраўнік - С.А. Захаркевіч , кандыдат гістарычных навук, дацэнт.