Непахісны сенатар: вопыт біяграфіі Вячаслава Багдановіча
Гісторыю Заходняй Беларусі міжваеннага дваццацігоддзя немагчыма ўявіць без Беларускага пасольскага клуба - фракцыі польскага парламента, якая напрацягу 8 гадоў бездакорна абараняла канстытуцыйныя правы беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы на вышэйшым палітычным узроўні. Адным з прызнаных лідараў гэтага клубу быў Вячаслаў Васілевіч Багдановіч - сенатар Польскай рэспублікі, вядомы абаронца Праваслаўя і вялікі патрыёт сваёй Айчыны. Яго жыццёвы і творчы шлях - прыклад высокага патрыятызму і паслядоўнага служэння сваёй веры.
Сям'я сельскага святара Васіля Багдановіча дала беларускай культуры трох выбітных сыноў. Так было наканавана лёсам, што ў беларускі рух ішлі сем'ямі, а часцей брацкімі тандэмамі: браты Луцкевічы, браты Гарэцкія, браты Цвікевічы. У выпадку з Багдановічамі мы сустракаем цэлае трыа. Малодшы з іх, Анатоль, пасля заканчэння гісторыка-філалагічнага факультэта Варшаўскага ўніверсітэта настаўнічаў у розных кутках Беларусі, затым працаваў у БДУ і Інбелкульце. Як выдатны мовазнаўца і педагог, з'яўляўся сакратаром Арфаграфічнай камісіі Інбелкульта, удзельнічаў у стварэнні праектаў беларускага правапісу 1930 і 1933 гг. Яго падручнік для тэхнікумаў і самаадукацыі "Беларуская мова" і сёння не страціў сваёй педагагічнай вартасці. Не вытрымаўшы ціску з боку сталінскай рэпрэсіўнай машыны, у 1934 г. ён пакіне БССР і пераедзе ў Расію, дзе будзе працаваць выкладчыкам рускай мовы ў Астраханскім, Магнітагорскім і Краснадарскім педінстытутах. Генадзь Багдановіч, сярэдні брат, таксама абярэ дарогу настаўніцтва. Ён скончыць Віцебскую духоўную семінарыю і Яраслаўскі Дзямідаўскі ліцэй, да 1917 г. будзе працаваць настаўнікам у Вілейцы і Кінешме (Кастрамская губерня). Потым далучыцца да беларускага руху, стане сябрам Беларускай Сацыялістычнай Грамады і як прадстаўнік гэтай партыі ўвойдзе ў Асобую нараду па падрыхтоўцы праекта закона аб выбарах ва Устаноўчы Сход Расіі. Апынуўшыся ў 1919 г. у Заходняй Беларусі, Генадзь Багдановіч будзе стаяць ля вытокаў Віленскай беларускай гімназіі, выкладаць там гісторыю Беларусі і геаграфію. У гэтыя часы ён вызначыцца таксама і як рэдактар часопіса "Незалежная думка". У 1924 г., паверыўшы ў савецкую прапаганду, пераедзе ў БССР і ўладкуецца выкладчыкам у віцебскіх навучальных установах. Праз 6 гадоў яго арыштуе ДПУ па вядомай справе "Саюз вызвалення Беларусі" і ў 1937 г. Генадзь Багдановіч загіне ў зняволенні, як і сотні іншых прадстаўнікоў беларускай інтэлектуальнай эліты.
Старэйшы з гэтай тройкі - герой нашага артыкула - пражыў яскравае жыццё і пакінуў значны след у беларускай гісторыі і гісторыі Праваслаўнай Царквы, які яшчэ не да канца ацэнены сучаснымі нашчадкамі.
Вячаслаў Багдановіч нарадзіўся 26 верасня 1878 г. у мястэчку Дзісна Віленскай губерні. Як выхадца з духоўнага саслоўя, яго ўжо з малых гадоў выхоўвалі ў атмасферы ведаў і пабожнасці. Пасля заканчэння школы ён паступіў у Віцебскую праваслаўную семінарыю, якую, паводле анкеты выкладчыкаў Віленскай беларускай гімназіі 1921 г., з пэўных прычын не скончыў. Затым прага навукі прывяла яго ў Кіеўскую Духоўную Акадэмію. У сценах вядомай Акадэміі Вячаслаў пачаў старанна вывучаць філалогію і багаслоўе, абраўшы тэмай свайго кандыдацкага даследавання рускамоўнае казанне сярэдзіны ХІХ ст. (вынікі гэтага даследавання былі надрукаванны ў выданні "Учено-богословские и церковно-практические опыты студентов Киевской духовной академии. Вып. 1. Киев, 1904. С. 95-121). 12 чэрвеня 1903 г. малады чалавек атрымаў дыплом кандыдата багаслоўя "с правом получения степени магистра чрез представление удовлетворительных для сей степени новых сочинений". Але Багдановіч вырашыў спыніцца на дасягнутам і вярнуцца на Радзіму. У гэтым жа годзе ён прыехаў у Віцебск і ўладкаваўся на пасаду выкладчыка біблейскай і царкоўнай гісторыі ў сваю першую alma-mater- духоўную семінарыю. Акрамя гэтага, падрабляў настаўнікам музыкі ў Віцебскай мужчынскай гімназіі. У Віцебску будучы беларускі сенатар таксама атрымаў першы вопыт грамадскай дзейнасці: ён прымаў актыўны ўдзел у выбарах у Дзяржаўнаю Думу 3-га склікання, падтрымліваючы кандыдатуру беларускага гісторыка і краязнаўца А. Сапунова. Між іншым гэты эпізод з яго жыцця вельмі часта падкрэсліваўся ў беларускай прэсе, асабліва падчас парламенцкіх выбараў у Польшчы 1922 і 1928 гг.
Маладога настаўніка, актыўнага, таленавітага і рознабакова адоранага (Багдановіч меў выдатныя мастацкія і музыкальныя здольнасці), адразу заўважылі духоўныя і адукацыйныя ўлады. Вясной 1907 г. ён быў прызначаны інспектарам Мінскай духоўнай семінарыі, а ўжо ўвосень 1907 г. яго пераводзяць на тую ж пасаду ў праваслаўную семінарыю ў Вільню. З гэтага часу жыццё Вячаслава Багдановіча будзе неразрыўна звязана з горадам Гедыміна, з яго інтэлігенцыяй і праваслаўным насельніцтвам. Акрамя сумленнай працы інспектара, ён у гэты час ўваходзіў у Літоўскі епархіяльны вучылішчны савет і выконваў абавязкі ахоўніка епархіяльнага сховішча старажытных каштоўнасцей. Па-ранейшаму надаваў увагу грамадска-асветнай працы - быў скарбнікам і кіраўніком паломніцкага аддзела Віленскага Свята-Духаўскага брацтва ды нават з'яўляўся рэдактарам аднаго нумару "Вестника", які выдавала гэтае брацтва. Але пачатак Першай сусветнай вайны ўнёс свае змены ў спакойнае жыццё. У 1915 г. Літоўская духоўная семінарыя разам з усёй адміністрацыяй і выкладчыцкім складам была эвакуіравана ў Разань, дзе і праіснавала фактычна да кастрычніка 1917 г. Тут, пры дапамозе Багдановіча, выхаванцы семінарыі змаглі знайсці сабе жыллё ў памяшканнях Гаўрылаўскага прытулку. За часы бежанства ён не пакінуў пасады інспектара, як і раней выкладаў багаслоўскія дысцыпліны і паспеў нават паўдзельнічаць як дэлегат міран Літоўскай епархіі ў Памесным саборы 1917 - 1918 гг. Пры яго ўдзеле на саборы быў прыняты адмысловы парадак абрання патрыярха: першы раз абіралася пэўная колькасць кандыдатаў, на другі раз сярод гэтых кандыдатаў вызначаліся тры асобы з ліку якіх, па жэрабю, выбіраўся патрыярх. Між іншым, В. Багдановіч пакінуў для гісторыі вельмі цікавыя ўспаміны аб працы сабора і своеасаблівыя замалёўкі яго удзельнікаў (на сённяшні час выяўленна каля 205 малюнкаў).
Пасля заканчэння вайны ў Вільню вярнуліся толькі трое супрацоўнікў перадваеннай семінарыі: інспектар В. Багдановіч, выкладчыкі У. Нядзельскі і В. Прадцечанскі. Дзякуючы неверагодным высілкам гэтых людзей, увосень 1919 г. заняткі ў семінарыі аднавіліся. Спачатку працавалі толькі 2 старэйшых багаслоўскіх класа, праз 2 гады выкладанне пачалося ва ўсіх класах, а да семінарыі таксама былі далучаны 4 класы духоўнага вучылішча. Выконваць абавязкі рэктара адроджанай семінарыі стаў Вячаслаў Багдановіч (стаць паўнавартасным рэктарам ён не мог, бо не меў духоўнага сану). Менавіта дзякуючы яму, у семінарыі ў ва ўсіх класах быў ўведзены такі прадмет, як беларуская мова. Таксама ў гэтыя часы ён быў рэдактарам «Литовских епархиальных вестей" і, па некаторых звестках, з'яўляўся псаломшчыкам віленскай могілкавай царквы св. Ефрасінні. Але паступова ў Вільне пачыналіся цяжкія часы для Праваслаўя. Віленшчына, якая ў 1922 г. стала часткай Польшчы, ў поўнай ступені адчула ўсе "прывабнасці" польскай канфесійнай палітыкі. Абвяшчэнне на варшаўскім сінодзе аўтакефаліі Праваслаўнай Царквы ў межах Польскай дзяржавы было негатыўна сустрэта многімі святарамі і міранамі. Сярод іх быў і архіепіскап віленскі Елеўферый, які не згадзіўся падпарадкавацца варшаўскаму мітрапаліту Георгію ды польскім інтарэсам. Нязгоду з польскай аўтакефаліяй ды падтрымку свайму іерарху выказаў таксама В. Багдановіч. Пры гэтым апошні не выступаў катэгарычна супраць аўтаноміі ці нават аўтакефаліі як з'явы царкоўнага права. Багдановіч падкрэсліваў, што палякі, як народ выключна каталіцкі па веравызнанню, не могуць мець уласную праваслаўную царкву, якая адразу ж стане зброяй супраць праваслаўных славянскіх меншасцей. Аднак іншыя славяне-праваслаўныя, у тым ліку і беларусы, могуць утвараць свае аўтаномныя альбо аўтакефальныя цэрквы, але пры гэтым выканаць дзве неабходныя ўмовы: 1) атрымаць згоду ўсяго праваслаўнага народа праз сваіх духоўных кіраўнікоў на царкоўным саборы і 2) атрымаць згоду мацярынскай царквы. Калі гэтыя умовы будуць цалкам вытрыманы, царква атрымае самакіраванне на поўных кананічных падставах. Але ў Польшчы кананічнасць была толькі мрояй. Увосень 1922 г. па просьбе мітрапаліта Георгія ўлады арыштоўваюць нязгодных архіепіскапа Елеўферыя і В. Багдановіча і накіроўваюць іх у прыгарад Кракава ў адзіны з каталіцкіх кляштараў. Вячаслава Васілевіча таксама пазбавілі пасадаў рэдактара і рэктара. У семінарыі з'явілася новае памяркоўнае кіраўніцтва; пасля на яе пячатцы замест праваслаўнага крыжа будзе выразаны белы арол. Але Багдановіч не прабыў доўга ў вязніцы - пад націскам грамадскасці яго хутка вызвалілі, а ўладыку Елеўферыя прымусілі выехаць за межы Польшчы, у Літву. З гэтага часу пачнецца новая старонка ў жыцці нашага героя, наскрозь прасякнутая барацьбой за сваю веру, за свой народ.
Зацікаўленнасць беларускім нацыянальным рухам у Багдановіча, верагодна, узнікла яшчэ падчас жыцця ў эвакуацыі. Настальгія па радзіме ды пражыванне ў чужым асяроддзі змушалі многіх бежанцаў па-іншаму глядзець на свае палітычныя перакананні і густы. Багдановіч у гэтыя часы таксама мог адчуваць моцныя ўплывы малодшых братоў, якія ўжо трывала далучыліся да барацьбы за самавызначэнне беларускага народа. Па некаторых звестках, тагачасны інспектар віленскай семінарыі ўдзельнічаў у першым з'ездзе бежанцаў з Беларусі, які праходзіў 24 - 27 верасня 1917 г. у Маскве пад патранатам Беларускай народнай грамады. У рэзалюцыі з'езда ўтрымлівалася патрабаванне шырокага абласнога самакіравання для Беларусі. Але больш актыўна ўключыцца ў беларускую грамадска-культурную працу Вячаслаў Багдановіч зможа толькі пасля прыбыцця ў Вільню. У верасні 1921 г. ён стаў правадзейным сябрам Таварыства беларускай школы (ТБШ) і віленскага Беларускага нацыянальнага камітэта (БНК). Дзякуючы старанням Багдановіча, для новаўтворанай Віленскай беларускай гімназіі было вылучана памяшканне ў знакамітых "базыльянскіх мурах" на Вострабрамскай вуліцы, дзе ў той час месцілася таксама праваслаўная семінарыя. У самой гімназіі ён пэўны час выкладаў Закон Божы і матэматыку.
Як чалавека вядомага і энергічнага, Вячаслава Багдановіча не магло абмінуць віленскае і агульнапольскае палітычнае жыццё. У красавіку 1922 г. ён, разам з Б. Тарашкевічам і А. Луцкевічам, ўвайшоў у склад Палітычнай камісіі БНК, якая займалася падрыхтоўкай да парламенцкіх выбараў у Польшчы. У выбарчую кампанію масава ўключылася беларуская інтэлігенцыя, усе палітычныя аб'яднанні і партыі, нават беларускае духавенства, як праваслаўнае, так і каталіцкае. Згодна з даследчыкамі, 1922 г. стаў годам самага высокага ўзроўню нацыянальнага адзінства беларусаў у міжваеннай Польшчы. Для больш паспяховай кардынацыі выбарчай акцыі беларускія палітыкі ўтварылі Беларускі цэнтральны выбарчы камітэт, у якім вядучае месца належала і Вячаславу Багдановічу, як знаўцу Праваслаўя і асобе, найбольш набліжанай да праваслаўнага духавенства (разам з Багдановічам ў камітэце працавалі такія беларускія праваслаўныя дзеячы, як М. Красінскі і прот. М. Пліс). У некаторых крыніцах сустракаюцца звесткі, што менавіта Вячаслаў Васілевіч адным з першых прапанаваў праект блока славянскіх меншасцяў падчас будучых выбараў, паступова пашыраючы яго і на неславянскія народы. Ідэя гэта была хутка рэалізавана - 17 жніўня 1922 г. на канферэнцыі ў Варшаве прадстаўнікі беларусаў, украінцаў, рускіх, яўрэяў і немцаў падпісалі дэкларацыю аб утварэнні Блоку Нацыянальных Меншасцей, каб агульным фронтам і сумеснымі намаганнямі весці барацьбу за парламенцкія крэслы. Выбарчы спіс блока атрымаў нумар 16. На так званых "крэсах усходніх" па спісу БНМ праходзілі вядомыя беларускія палітыкі і грамадскія дзеячы: Б. Тарашкевіч, С. Рак-Міхайлоўскі, Ф. Ярэміч, А. Уласаў і інш. У 63-й Віленскай выбарчай акрузе падчас выбараў у сенат - верхнюю палату польскага парламента - спіс БНМ узначаліў Вячаслаў Багдановіч - на той час ужо намеснік старшыні Беларускага цэнтральнага выбарчага камітэта. Атрымаўшы перамогу, ён стаў першым у найноўшай гісторыі беларускім сенатарм, чым у будучыні вельмі ганарыўся.
У літаратуры часта сустракаюцца звесткі, быццам бы В. Багдановіч быў абраны ў сенат выключна рускім насельніцтвам Віленшчыны. Такое меркаванне з'яўляецца грубай гістарычнай памылкай. У тагачаснай Польшчы выкарыстоўвалася прапарцыйная сістэма выбараў, паводле якой выбаршчыкі галасавалі не за пэўнага кандыдата, а за спіс, які прадстаўляў палітычную партыю, блок альбо рух. У дадзеным выпадку за спіс № 16, пад якім ішоў Блок Нацыянальных Меншасцяў, у Віленскім ваяводстве маглі аддаць свае галасы не толькі рускія, але і беларусы, украінцы, яўрэі і нават немцы, карацей прадстаўнікі ўсіх тых народаў, інтарэсы якіх абараняў згаданы блок. Таму нельга лічыць, што Багдановіча правяла ў сенат нейкая пэўная этнічная супольнасць, але разам з гэтым прызнаем, што рускія і беларусы складалі большасць сярод яго выбаршчыкаў. Нагадаем таксама, што Багдановіч ішоў на выбары ад імя беларускіх палітычных сілаў, і таму роля беларускіх выбаршчыкаў тут магла быць вырашальнай. Аднак сам сенатар неаднаразова падкрэсліваў падчас сваіх выступаў, што гаворыць ад імя усіх меншасцей, якія прывялі яго ў парламент.
У польскія сейм і сенат 1 склікання беларусы змаглі правесці 14 сваіх прадстаўнікоў. Для больш цеснай і кансалідаванай працы беларускія паслы (дэпутаты) неўзабаве аб'ядналіся ў Беларускі пасольскі клуб, які праіснаваў на польскім палітычным даляглядзе фактычна да 1930 г. В. Багдановіч займаў у клубе пасаду кіраўніка царкоўнай камісіі. Напрацягу 8 гадоў (у 1928 г. яго пераабралі сенатарам у другі раз) ён бездакорна абараняў праваслаўнае насельніцтва Польшчы ад бесталковай дзяржаўнай канфесійнай палітыкі і паланізацыі. З сенацкай трыбуны Багдановіч адлюстроўваў жудасныя факты пераследу ўладамі праваслаўнага духавенства, зачынення праваслаўных храмаў і перадачы іх католікам, абураўся памяркоўным стаўленнем да гэтага афіцыйнай "аўтакефальнай" іерархіі. Беларускі сенатар паўсюдна падкрэсліваў неабходнасць свабоднага ўнутранага развіцця царквы і вырашэння царкоўных праблем кананічным (саборным) шляхам. За дзень да афіцыйных урачыстасцей з нагоды абвяшчэння аўтакефаліі, 16 верасня 1925 г., ён абнародваў пратэст, які быў падпісаны таксама іншымі беларускімі пасламі. У ім падпісанты заяўлялі, што "акт аўтакефаліі ўтвораны бязь ведама і ўдзелу праваслаўнага народу і што выразіць свае жаданьні ў гэтым пытаньні дарогай кананічнай (на саборы) гэтаму народу дадзена не было" 1 . Але віну за крызіс у Праваслаўі Багдановіч ўскладваў не толькі на духоўныя і свецкія ўлады, але і на шэраговае духавенства, якое зусім не жадала выступаць супраць антыправаслаўнай урадавай палітыкі. Адносна гэтага ён пісаў: "Прыязджае да мяне ў сэнат дэлегацыя ад сялян аднэй парахвіі гарадзенскай эпархіі. Просяць бараніць іх, бо ў іх зачынілі іхны прыход. Ідзем разам з імі да міністэрства. Пытаемся. А там раз'ясьняюць, што на зачыненне гэтай парахвіі згадзіўся сам архіерэй - вось і подпіс яго пад згодай. - Як так? А чаго-ж не запыталіся гэтага ў парахвіян? - "Acooniwiendzą ciparafijanie? Onisaminiewiendzą, coimpotrzebna"… Вось і ўся справа. Калі-б бараніў справу архіерэй, - гэта было-б надужыцьцем і можна было-б бараніць яе і ў Сойме. А так… надужыцьця няма. Наадварот: "згода" і ўсё ў парадку!".
Сенатар пастаянна адгукаўся на любыя праявы антыправаслаўнай палітыкі ў Польшчы і спрабаваў сваім умяшаннем вырашыць наспелыя праблемы. Напрыклад, у мае 1925 г. ён выступаў на мітынгу ў Жыровічах, дзе ў прысутнасці 300 чалавек абараняў мясцовы праваслаўны манастыр ад нападаў католікаў. Пасля мітынгу Багдановіч сабраў шмат скаргаў ад праваслаўных беларусаў. Скаргі да яго прыходзілі і з Беластоку, дзе мясцовыя ўлады не дазвалялі вернікам дабудаваць праваслаўны сабор, на даху якога нават ўжо параслі бярозы і рабіны. "Чырвоная рабіна - пісаў сенатар, - здавалася мне нібы чырвоным сьцягам, які вырас на мейсцу крыжа…". Багдановіч выступаў і супраць разбурэння Александра-Неўскага сабора ў Варшаве. Пад яго кіраўніцтвам у Вільні ладзіліся мітынгі-пратэсты супраць увядзення так званага "новага" стылю ў праваслаўны каляндар, на якіх ён выступаў з гарачымі прамовамі. Як сапраўдны хрысціянін і патрыёт, у сенаце Вячаслаў Васілевіч абараняў нават беларускіх каталіцкіх ксяндзоў, якіх улады пераследвалі за патрыятычную дзейнасць.
Падчас сваёй працы ў парламенце, дый пасля, Вячаслаў Багдановіч меў трывалыя кантакты з прадстаўнікамі Маскоўскага патрыярхата: архіепіскапам Елеўферыям, патрыярхам Ціханам, рыжскім архіепіскапам Іаанам (Померам) і інш. У 1924 г. сенатар разам з прот. Лукой Голадам і беларускім паслом Міхаілам Кахановічам утварылі ініцыятыўную групу па арганізацыі царкоўнай абшчыны пры капліцы св. Кацярыны у Звярынцы - прадмесці Вільні. Створаная ў маі 1925 г. абшчына, была адзінай на тэрыторыі тагачаснай Польшчы, якая захоўвала юрысдыкцыю Маскоўскай патрыярхіі. Падчас набажэнстваў у капліцы Багдановіч выконваў абавязкі псаломшчыка. У крыніцах таксама сустракаюцца звесткі, што напрыканцы 1920-х гг. сенатар меў намер разам са святаром Ракецкім арганізаваць у весцы Суцькава на Смаргоншчыне другі прыход, які б не падпарадкоўваўся Варшаўскай мітраполіі, але праект гэты так і не быў рэалізаваны. За сваю цвёрдую пазіцыю ў царкоўных справах, Багдановіч і яшчэ восем яго паслядоўнікаў у чэрвені 1925 г. спецыяльным актам былі адлучаны ад Польскай праваслаўнай царквы і пазбаўлены права мець любыя кантакты з праваслаўнымі на тэрыторыі Польшчы. Але афіцыйная іерархія не магла не прызнаць вялікі аўтарытэт, які меў сенатар Багдановіч сярод грамадства і вернікаў не толькі ў Заходняй Беларусі, але і па ўсёй Еўропе. Таму, хоць і абвясціўшы адлучэнне, яна ўсялякімі шляхамі імкнулася наладзіць з ім сувязі і схіліць яго на свой бок. Асабліва гэта выявілася падчас падрыхтоўкі да так званага Усепольскага царкоўнага сабора, які планавалася склікаць у канцы 1920-х гг. Летам 1928 г. па асабістаму даручэнню мітрапаліта Дыянісія гродзенскі епіскап Аляксей (Грамадскі) запрасіў Багдановіча на сустрэчу. Падчас размовы епіскап усяляк падкрэсліваў памылковасць адлучэння сенатара ад царквы і запрашаў яго прыняць удзел на будучым саборы. Але госць быў непахісны. Ён згадзіўся прыняць удзел толькі як прадстаўнік выгнанага архіепіскапа Елеўферыя і толькі пры яго ўласнай згодзе. Аднак паўдзельнічаць у саборы хоць у якім-небудзь статусе Багдановічу так ніколі і не давялося - сабор не быў скліканы і застаўся ўсяго толькі міражом саборнасці польскага праваслаўя.
У гэтыя часы Вячаслаў Багдановіч не забываў і беларускую грамадска-палітычную працу. З кастрычніка 1927 г. ён разам з протаіерэем Лукой Голадам пачаў выдаваць беларускамоўны "царкоўна-грамадзкі і палітычны" часопіс "Праваслаўная Беларусь". Трэба заўважыць, што сенатар быў не толькі арганізатарам і натхняльнікам гэтага выдання, але фактычна і адзіным яго аўтарам. Пад уласным прозьвішчам ды пад рознымі псеўданімамі (В. Васілевіч, Саборанін, псеўданім "Сябра" верагодна таксама належыць В. Багдановічу) ён змяшчаў у часопісе бліскучыя артыкулы, у якіх закраналіся самыя розныя праблемы рэлігійнага і палітычнага жыцця: узаемадачыненні царквы і дзяржавы, пытанні саборнасці і аўтакефаліі, адносіны да праваслаўя ў іншых усходнееўрапейскіх краінах і Польшчы, міжпалітычныя стасункіі г.д. Акрамя гэтага, на старонках "Праваслаўнай Беларусі" былі змешчаны апрацаваныя дзённікавыя запісы В. Багдановіча аб Памесным Саборы 1917 - 1918 гг. пад агульнай назвай "10 гадоў таму назад", а таксама яго артыкулы-успаміны аб Віленскай праваслаўнай семінарыі і Беларускім пасольскім клубе. Вялікая ўвага надавалася своеасаблівай "завочнай" палеміцы з прыхільнікамі аўтакефальнага ладу. У артыкулах "Бяз грунту", "Мітрапалічы блёк", "Адказ мітрапаліта Дыанізыя мітрапаліту Сергію", "Аўтокефалія" і інш. сенатар указваў на штучнасць існуючай царкоўнай іерархіі і сцвярджаў, што яна займаецца больш палітыкай і дзяржаўнымі інтарэсамі, чым хрысціянскім выхаваннем сваёй шматнацыянальнай паствы. У трэцім нумары часопіса была надрукавана праграма і статут "Праваслаўнага Беларускага Дэмакратычнага Аб'яднання" (ПБДА) - партыі, якая павінна была аб'яднаць прыхільнікаў свабоднага развіцця Праваслаўнай Царквы ды праціўнікаў мітрапаліта Дыянісія. У праграме аб'яднання нават прапаноўвалася аддзяліць царкву ад дзяржавы, каб у будучыні пазбегнуць умяшання з боку апошняй. Але трэба заўважыць, што гэтая палітычная сіла, якая складалася з В. Багдановіча і літаральна двух-трох яго аднадумцаў, была ў некаторай ступені эфемернай арганізацыяй, партыяй "на паперы". Весткі пра яе ўтварэнне з'явіліся непасрэдна перад парламенцкімі выбарамі 1928 г. з мэтай пашырэння аўдыторыі беларускага нацыянальнага руху і пошука новых прыхільнікаў падчас выбарчай кампаніі. З'яўляючыся выключна "тэхнічнай" партыяй і зрабіўшы сваю справу, пасля выбараў ПБДА фактычна нічым не вызначылася на заходнебеларускай палітычнай арэне, хаця і праіснавала прыблізна да 1935 г. Але сам факт з'яўлення беларускай праваслаўнай партыі з хрысціянска-дэмакратычнымі элементамі ў ідэалогіі адлюстроўвае жаданне яе арганізатараў узняць праблемы Праваслаўнай царквы ў Польшчы на больш высокую палітычную плоскасць.
Грамадска-палітычная дзейнасць В. Багдановіча не абмяжоўвалася выданнем "Праваслаўнай Беларусі" і стварэннем ПБДА. 19 чэрвеня 1927 г. ён быў абраны раднікам Віленскай гарадской рады ад Аб'яднанага беларуска-расійскага блока. Праз месяц, у ліпені 1927 г. Багдановіч стаў старшынёй Беларускага нацыянальнага камітэта - фактычна цэнтральнай арганізацыі беларусаў на "усходніх крэсах". Абранне на такую адказную пасаду сведчыла пра значны давер, які меў сенатар у асяроддзі беларускіх дзеячоў. Ён быў пастаянным удзельнікам беларускіх літаратурных і культурных імпрэзаў, арганізоўваў некаторыя з іх, напрыклад мерапрыемсты, прысвечаныя 500-годдзю з дня смерці вялікага князя Вітаўта. З'яўляўся адным з утваральнікаў і кіраўнікоў віленскага аддзела Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры. Як выдатны музыка, В. Багдановіч паклаў на ноты некалькі вершаў беларускіх паэтаў, напрыклад "К сонцу" Янкі Купалы, і нават верш сваёй вучаніцы - Наталлі Арсенневай - "Неба сіняе, сіняе будзіць душу" (паводле А. Клімовіча аўтарства раманса "Зорка Венеры" на словы М. Багдановіча таксама належыць В. Багдановічу). Бліскучы знаўца і прыхільнік беларускай культуры, ён быў аўтарам літаратуразнаўчых нарысаў пра творчасць Я. Купалы і Я. Коласа, артыкула пра народны хор Р. Шырмы і г.д. У гэтыя часы Багдановіча таксама хвалявала праблема ўзаемадачыненняў роднай мовы і царквы. Прызнаючы неабходнасць ужывання беларускай мовы ў казаннях і дадатковых набажэнствах, ён, у той жа час, падкрэсліваў усю карысць захавання ў літургічнай практыцы царкоўна-славянскай мовы, як непаўторнай з'явы агульнаславянскай і беларускай культуры. "Для нас беларусоў, - пісаў Багдановіч, - царкоўна-славянская мова з'яўляецца гістарычнай падставай нашай культуры… Мы стаім за родную мову і ў духоўнай школе, і ўва ўсім адміністраціўным жыцьці царквы. Не выключаем і так званага "дадатковага набажэнства", якой у свой час дазволіў… перавадзіць на беларускай мове патрыарх Ціхан яшчэ ў 1921 г. А калі славянская мова пазастанецца ў галоўным багаслужэньні беларускага народу, то гэта нічуць ня перашкодзіць яго нацыянальнаму адраджэньню і росту яго роднай культуры, а нават дапаможа гэтаму". У гісторыю беларускай літаратуры В. Багдановіч увайшоў таксама як аўтар першага агіяграфічнага твора ("Сьв. Віленскія мучанікі і дзіватворцы Антоній, Іоанн Евстафій - патроны Беларусі"), напісанага на новабеларускай літаратурнай мове. Але пра гэта чамусьці сёння мала прыгадваецца.
У міжваеннае дваццацігоддзе В. Багдановіч вызначыўся і як выдатны спецыяліст па рускай літаратуры і філасофіі, якімі цікавіўся яшчэ ў дарэвалюцыйную пару. Пэўны час ён быў кіраўніком Рэлігійна-філасоўскага гуртка пры Віленскім рускім таварыстве. У рускіх часопісах і газетах Польшчы нярэдка можна было сустрэць глыбокія артыкулы Багдановіча, прысвечаныя аналізу творчых дасягненняў М. Салтыкова-Шчадрына, Ф. Дастаеўскага, Д. Меражкоўскага, М. Лескова, паэтаў Сярэбранага веку. У сярэдзіне 1920-х гг. перад рускімі студэнтамі Віленскага ўніверсітэта ён чытаў лекцыі па гісторыі рускай літаратуры часоў Асветніцтва. Адной з апошніх яго прыжыццёвых прац быў змястоўны біяграфічны нарыс, напісаны па апублікаваных мемуарах аб апошніх днях М. Лермантава ("Почти сто лет назад"). Акрамя гэтага, Вячаслаў Багдановіч быў папулярызатарам і прыхільнікам рускай рэлігійнай філасофіі, што таксама знайшло сваё адлюстраванне ў яго творчасці. Ён вывучаў адну з найважнейшых плыняў рускай філасофіі - сафіянства, аналізаваў забытае ў тыя часы гістарыясофскае вучэнне К. Ляонцьева, рэцэнзаваў кнігі М. Бярдзяева і М. Лоскага. Трэба адзначыць, што толькі ў апошнія часы былі зроблены некаторыя спробы вывучэння і пэўнай сістэматызацыі шматграннай творчай спадчыны Багдановіча, якая па-ранейшаму мала вядома сучасным даследчыкам. А яна, безумоўна, магла б быць карыснай не толькі для гісторыкаў, але і для літаратуразнаўцаў, філосафаў і культуролагаў.
У 1930 г. Вячаслаў Багдановіч не быў абраны ў сенат у трэці раз і яго палітычная дзейнасць у верхняй палаце польскага парламента скончылася. Пачаліся цяжкія часы - не было сталага заробку. Нялёгка было атрымаць і заслужанную пенсію: урад не спяшаўся падтрымліваць свайго былога праціўніка і крытыка. У пошуках працы Багдановіч планаваў нават пераехаць у Рыгу, дзе яму прапаноўвалі месца настаўніка рускай мовы ў беларускай школе. Аднак пры ўсім гэтым не хацеў пакідаць Вільні, горада, дзе жылі яго сям'я ды сябры, дзе кожны квартал нагадваў дзесяццігоддзі пражытага і здзейсненнага. Пра гэта ён пісаў рыжскаму архіепіскаму Іаану: "Я, кажется, сам писал Вам, Владыко, что, конечно, прежде всего желал бы устроиться в Вильне, с которой связывают меня обстоятельства и идейного и житейского характера… Поэтому, когда отсутствие определенных перспектив, а также (а это главное) ресурсов на день насущий заставили меня "обратить взоры" на Латвию, то я и здесь прежде всего думал о возможности устроиться временно без семьи". Пакінуць Заходнюю Беларусь Багдановічу так і не прышлося, ён уладкаваўся выкладчыкам літаратуры ў Віленскую рускую гімназію, у якой будзе працаваць да 1939 г. Тут былы сенатар вызначыўся не толькі як выдатны педагог, але і як арганізатар тэатральнага гуртка, рэжысёр-пастаноўшчык шматлікіх спектакляў і канцэртаў па творах рускіх класікаў ды нават дэкаратар і касцюмер. Не пакідаў і грамадскай працы - з'яўляўся кіраўніком Царкоўнай камісіі Беларускага нацыянальнага камітэта. Праўда ў 1935 г. ён быў вымушаны пакінуць камітэт у знак пратэсту супраць празмернага ўплыву на арганізацыю маладых дзеячоў Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі. Між іншым, Багдановіч, нягледзячы на некаторыя палітычныя разыходжанні, меў вельмі блізкія і цёплыя стасункі з лідэрамі беларускай хадэцыі, некалькі разоў выступаў на з'ездах гэтай партыі.
Надта цікавы і малавядомы яшчэ адзін факт з "паслясенатарскага" жыцця Вячаслава Васілевіча: у часы матэрыяльных цяжкасцяў сябры прапаноўвалі яму прыняць духоўны сан. Аднаму з іх ён пісаў: "Сознавая свои недостоинства, я все же никогда принципиально не был против этого. Единственным принципиальным препятствием здесь могло бы служить разве лишь несогласие Владыки Елевферия, без благословения которого я бы… не предпринял бы этого шага". Але Багдановіч не рашыўся зрабіць гэты крок і віны літоўскага архіепіскапа тут няма. Далучацца да кагорты польскіх "аўтакефальных" святароў ён не жадаў, як і ствараць "кананічны" прыход, што прывяло бы зноў да пераследаў і астракізму. Таксама не ведаў, як растлумачыць простым прыхаджанам, якія мала разбіраюцца ў царкоўным праве, чаму іх святар… адлучаны ад царквы. Прыняцце духоўнага сана - справа даволі адказная, і Багдановіч, як чалавек вельмі сумленны, не мог вырашыць яе хутка і неабдумана. Магчыма, калі б лёс вызначыў яму большы час, то крок гэты ён усё ж такі зрабіў бы.
1 верасня 1939 г., калі пачалася Другая сусветная вайна, Вячаслаў Багдановіч, разам з іншымі беларускімі і ўкраінскімі грамадска-палітычнымі дзеячамі, як асоба недабранадзейная і небяспечная, быў арыштаваны польскімі ўладамі і вывезены ў знакаміты канцлагер у Бярозу-Картузскую. Там ён, у жорсткіх умовах, правёў больш за два тыдня і 17 верасня, выкарыстаўшы неразбярыху, уцёк з лагеру разам з іншымі зняволеннымі. Прыехаўшы 26 верасня ўжо ў савецкую Вільню, Багдановіч жадаў вярнуцца да грамадска-царкоўнай і педагагічнай працы. Па некаторых звестках, ён прызнаў Саветы і станоўча ставіўся да ўз'яднання Заходняй і Усходняй Беларусі як да акта гістарычнай справядлівасці. Але новая ўлада мела наконт яго іншыя погляды. У кастрычніку 1939 г. ён, які і дзясяткі іншых беларускіх дзеячоў і патрыётаў, быў арыштаваны органамі НКУС. З гэтага часу след былога сенатара Польскай рэспублікі губляецца. Па адной з версій, яго без суда і следства расстраляюць у Вілейцы.
Вячаслаў Багдановіч пакінуў Беларусі вялікую колькасць сваіх твораў, ідэй, разважанняў, не да канца ацэненых і прачытаных. Вельмі шкада што сёння ведаюць іх, як і самога Багдановіча, толькі адзінкі. Можа ўжо прышоў час праваслаўным у Беларусі ўспомніць свайго земляка, які калісьці адзіны зрабіў выклік няпраўдзе і стаяў на абароне кананічнасці і царкоўнай свабоды. Выдадзены Беларускім экзархатам РПЦ збор твораў гэтага публіцыста, сенатара і багаслова быў бы добрым напамінам пра яго самаахвярнае служэнне Праваслаўнай царкве і свайму народу.
1Тут і далей у цытатах захоўваецца арыгінальных правапіс тых часоў