Папярэдняя старонка: Горны Аляксандр

Беларускія паланафілы і праблемы мясцовага самакіравання ў Заходняй Беларусі міжваеннага часу 


Аўтар: Горны А.С.,
Дадана: 23-06-2012,
Крыніца: Горны, А.С. Беларускія паланафілы і праблемы мясцовага самакіравання ў Заходняй Беларусі міжваеннага часу (па матэрыялах перыядычнага друку) // Белорусская политология: многообразие в единстве. Политическое знание в современном социальном и образовательном пространстве: тез. докл. V междунар. науч.-практ. конф. Ч. 1. - Гродно: ГрГУ, 2012. - С. 140 - 143.



Пасля заключэння Рыжскай мірнай дамовы 1921 г., як вядома, заходняя частка Беларусі ўвайшла ў склад Польскай дзяржавы. Да гэтага часу, беларускі нацыянальны рух, які ўжо значна ўзмацніў свае пазіцыі ў гэтым рэгіёне за папярэднія гады, стутыкнуўся з паступовым выкрышталізоўваннем ўнутры сябе асобных палітычных плыняў, кожная з якіх па-рознаму бачыла будучыню Заходняй Беларусі і беларускага народа ў цэлым. Адным з такіх напрамкаў было беларускае паланафільства, якое заявіла аб сабе яшчэ ў 1919 г. Прадстаўнікі гэтай плыні лічылі, што пры лаяльным супрацоўніцтве з польскімі ўладамі можна дасягнуць пэўных саступак для беларусаў. Паступова, ва ўмовах Заходняй Беларусі, паланафілы развівалі сваю палітычную праграму. Аднак нязменнай заставалася варожасць да амаль усіх беларускіх палітычных арганізацый дэмакратычнай і левай арыентацыі.

Адной з вядучых паланафільскіх арганізацый у Заходняй Беларусі ў 1920-я гг. была Часовая Беларуская Рада (потым мела назву Беларуская Нацыянальная Рада - А.Г.), якая была ўтворана ў 1924 г. у Вільні [1, с. 1]. Пад яе кантролем знаходзіўся шэраг іншых устаноў: культурна-асветнае таварыства "Прасвета", рэдакцыя газет "Грамадскі голас" і "Беларускае слова". Першапачаткова дзейнасць Рады не вызначалася сваёй актыўнасцю і зводзілася толькі да выдання ўласнай газеты. Але пасля майскага перавароту 1926 г. у Польшчы і, асабліва, пасля ўтварэння Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады дзеячы ЧБР актывізавалі сваю працу і арганізавалі некалькі палітычных акцый у Заходняй Беларусі. Сярод іх быў удзел у выбарах і працы органаў гміннага самакіравання.

Паводле заканадаўства, адным з элементаў сельскага самакіравання ў Польшчы з'яўлялася гмінная рада, у кампетэнцыю якой уваходзілі распарадчыя і кантралюючыя функцыі ў сельскай гміне. Членамі гміннай рады былі радныя, якія выбіраліся па двухступеннай сістэме. Першыя выбары ў органы самакіравання ў Польшчы адбыліся яшчэ падчас польска-савецкай вайны. Наступныя былі прызначаны на 1927 г. [2, с. 34].

Многія беларускія нацыянальныя арганізацыі не надалі значнай увагі выбарчай кампаніі 1927 г. і не зрабілі пэўных арганізацыйных захадаў да правядзення перадвыбарнай акцыі. Беларускія паланафілы, наадварот, выкарысталі падыходзячы момант да пашырэння сваіх ідэй сярод сельскага насельніцтва. У чэрвені 1927 г. быў утвораны "Цэнтральны Беларускі Нацыянальны Выбарны Камітэт" які аб'яднаў прыхільнікаў прапольскай арыентацыі і Беларускай Нацыянальнай Рады [3, с. 1]. Неўзабаве на правінцыю былі разасланы ўпаўнаважаныя і інструктары камітэта для правядзення агітацыі [4, с. 1]. Аднак па прычыне арганізацыйнай слабасці і непапулярнасці паланафілы змаглі разгарнуць працу толькі ў некалькіх паветах Віленскага і Наваградскага ваяводстваў.

Хутка на старонках паланафільскага друку была распачата агітацыйная і інфармацыйная кампанія, накіраваная, перад усім, супраць быўшых сябраў БСРГ, якія ўдзельнічалі ў выбарах. Выбарны Камітэт паланафілаў заклікаў вылучаць у радныя "працавітых і шчырых людзей", якія не будуць займацца "высокай палітыкай" і "дэмагогіяй", а вырашаць канкрэтныя мясцовыя праблемы. Даволі актыўна выкарыстоўвалася нацыянальная і антыпартыйная рыторыка, падкрэслівалася, што інтарэсы нацыі павінны быць вышэй за інтарэсы асобнай партыі [3, с. 1]. Нават спісы, па якіх вылучаліся прыхільныя да паланафілаў кандыдаты, мелі назву "беларускіх нацыянальнальных". Пры гэтым іх праграма не вылучалася радыкальнымі патрабаваннямі ў нацыянальнай ды культурнай сферах.

Да гэтага часу няма дакладных лічбаў радных, якіх правялі ў гмінныя рады беларускія нацыянальныя арганізацыі і групоўкі ў 1927 г. Паводле беларускай прэсы, у органы самакіравання агулам прайшло 335 беларусаў, сярод якіх 19 сяброў Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, 10 - Беларускага Сялянскага Саюза і 102 - былых грамадаўцаў [5, с. 3]. Аднак лічбы гэтыя падаюцца вельмі заніжанымі. Так, па іншых звестках, толькі ў Віленскім ваяводстве было абрана звыш 500 былых членаў БСРГ [2, с. 34]. Цяжка вызначыць і дакладную колькасць радных, якія ішлі па паланафільскім спісам. Па падліках аўтара артыкула, беларускія паланафілы правялі ў гмінныя самаўрады каля 122 чалавек [6, с. 1; 7, с. 1]. Яны атрымалі перавагу ў 3-х гмінах Слонімскага і ва ўсіх гмінах Нясвіжскага і Маладзечанскага паветаў. У Сіняўскай гміне Нясвіжскага і Палачанскай гміне Маладзечанскага паветаў прыхільнікі Беларускай Нацыянальнай Рады былі абраны нават войтамі (кіраўнікамі гміннай рады) [8, с. 2]. Але гэтыя дадзеныя з'яўляюцца даволі спрэчнымі і патрабуюць дадатковага вывучэння. Нам, прынамсі, невядома, ці былі ўсе гэтыя абраныя радныя свядомымі прыхільнікамі паланафільства альбо з'яўляліся проста людзьмі з неўстойлівымі палітычнымі поглядамі.

Безумоўна, паланафілы атрымалі пэўны поспех на мясцовых выбарах, які яны імкнуліся замацаваць дзеля пашырэння сваёй грамадскай базы. Яшчэ да сканчэння выбараў у паланафільскай прэсе было абвешчана аб утварэнні Беларускага камітэта па справах самаўрадаў, вакол якога, пад лозунгам "практычнай творчай працы", павінны былі згуртавацца беларускія радныя. Падкрэслівалася, што камітэт будзе даваць розныя парады па пытанням мясцовага самакіравання, высылаць на правінцыю ўсялякія інструкцыі, выступаць пасярэднікам паміж раднымі і ўладай [9, с. 2]. Нягледзячы на гэтыя заявы, арганізацыя фактычна не разгарнула шырокай дзейнасці і заставалася яшчэ адной паланафільскай установай, якая знаходзілася на перыферыі беларускага руху ў Польшчы. Бадай што адзінай масавай акцыяй камітэту было скліканне ў Вільне з'езда гмінных радных-беларусаў 6-7 лістапада 1927 г. на які прыбыло 103 дэлегаты ў асноўным прапольскай арыентацыі (між іншым сярод гасцей з'езду былі заўважаны такія беларускія дзеячы, як эсэр Я. Мамонька, пасол сейма А. Назарэўскі, выдавец Ф. Умястоўскі і інш.) [10, с. 1 - 4].

У 1927 - 1929 гг. беларускія паланафілы таксама выдавалі адмысловы часопіс, прысвечаны справам мясцовага самакіравання пад назвай "Беларускі радны". Рэдакцыя выдання ставіла наступную мэту: "імкненне да згоды, паразумення і супольнай працы на грунце самаўрадавым беларускага і польскага грамадзянства для агульнага дабра Краю і Дзяржавы" [11, с. 1]. У часопісе ў асноўным змяшчаліся матэрыялы, прысвечаныя сацыяльна-гаспадарчым праблемам Заходняй Беларусі, у тым ліку меліярацыі, шляхам зносінаў, супрацьпажарнай ахове, эміграцыі, але не прапісваліся вострыя і злабадзённыя пытанні сельскага жыцця. Амаль у кожным нумары друкаваліся самаўрадавая хроніка і юрыдычныя парады. Па фінансавых прычынах "Беларускі радны" выдаваўся неперыядычна і ў хуткім часе ўвогуле перастаў выходзіць.

Трэба адзначыць, што разыгрываючы "самаўрадавую карту" беларускія паланафілы імкнуліся выйсці ў сваёй дзейнасці за межы гарадскіх цэнтраў і заваяваць сімпатыі сельскіх жыхароў. У некаторых мясцовасцях Заходняй Беларусі ім гэта ўдалося. Аднак па прычыне сваёй памяркоўнасці і праўрадавай лаяльнасці, яны былі асуджаны на хуткае паражэнне. Вёска з вялікімі эканамічнымі праблемамі, на якія накладваўся яшчэ і нацыянальны ўціск, патрабавала не "творчай працы", а канкрэтных рэформаў і пераўтварэнняў. Але дзеячы паланафільскіх арганізацый не маглі даць адпаведныя адказы на гэтыя выклікі, што прадвызначыла паступовы заняпад прапольскага кірунку ў беларускім нацыянальным руху.


Спіс выкарыстаных крыніц

1. Добры пачатак // Грамадзкі голас. - 1924. - № 27. - С. 1.

2. Борка, А. Мясцовыя органы дзяржаўнага кіравання і самакіравання ў Заходняй Беларусі (1921 - 1939 гг.) : манагр. / А. Борка. - Гродна : ГрДУ, 2011. - 139 с.

3. Беларусы - выбаршчыкі ! // Беларускае слова. - 1927. - № 19. - С. 1.

4. Ад Цэнтральнага Камітэту // Беларускае слова. - 1927. - № 19. - С. 1.

5. З Беларускага жыцьця // Беларуская крыніца. - 1927. - № 34. - С. 3.

6. Выбары да гмінных і месцовых самаўрадаў // Беларускае слова. - 1927. - № 21. - С. 1.

7. Выбары да гмінных самаўрадаў // Беларускае слова. - 1927. - № 22. - С. 1.

8. Пратэст Беларускага нацыянальнага выбарчага камітэту // Беларускае слова. - 1927. - № 26. - С. 2.

9. Беларусы - радныя! // Беларускае слова. - 1927. - № 22. - С. 2.

10. Першы Зьезд Гмінных Радных - Беларусаў у Вільні // Беларускае слова. - 1927. - № 37. - С. 1 - 4.

11. Ад Рэдакцыі // Беларускі радны. - 1927. - № 1. - С. 1.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX