У міжваенны перыяд у Заходняй Беларусі, якая ўваходзіла ў склад Польшчы, назіраўся працяг актыўнага развіцця беларускага нацыянальнага руху. Ва умовах палітычнага плюралізму выразна вылучыліся асобныя ідэалагічныя плыні гэтага руху з супрацьлеглымі праграмнымі мэтамі і ўстаноўкамі. Нярэдка паміж прадстаўнікамі той ці іншай плыні вялася вострая канфрантацыя, якая, часам, выходзіла за межы палітычнага дыскурса. У гэтым аспекце цікавым і маладаследаваным з'яўляецца праблема барацьбы паміж беларускімі нацыянальна-дэмакратычнымі і паланафільскімі групамі ў міжваеннай Польшчы.
У верасні 1924 г. у Вільні утварылася Часовая беларуская рада (ЧБР) - арганізацыя прапольскай арыентацыі. Яе кіраўніком быў прызначаны доктар А. Паўлюкевіч [1, арк. 52]. У асяроддзі беларускага насельніцтва рада актыўна прапагандавала ідэі лаяльных адносін да польскіх уладаў. Да таго ж паланафілы шырока крытыкавала дзейнасць Беларускага пасольскага клуба ў польскім парламенце (БПК) і віленскага Беларускага нацыянальнага камітэта (БНК), лічылі гэтыя структуры шкоднымі, пракамуністычнымі і антыдзяржаўнымі [2]. Нярэдка крытыка паланафілаў пераходзіла дапушчальныя межы і пераўтваралася ў звычайныя напады, высмейванні і абразы, накіраваныя на адрас дзеячоў вышэй згаданых арганізацый.
Беларускі пасольскі клуб і блізкі да яго БНК у сваёй дзейнасці імкнуліся захаваць статус цэнтра беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху ў міжваенай Польшчы [1, арк. 50]. Многія з прадстаўнікоў гэтых арганізацый у сярэдзіне 1920-х гг. лічылі праўрадавую рыторыку непрымальнай і меркавалі, што паланафільская акцыя, фінансуемая ўладамі і спецслужбамі, у шмат чым накіравана на паслабленне беларускага руху ў Польшчы. Крытыкуючы паланафільства ідэалагічна, беларускія палітыкі, тым не менш, прымалі і некаторыя практычныя меры ў барацьбе са сваімі канкурэнтамі.
У 1925 г. у асяроддзі дзеячоў з БПК і БНК быў распрацаваны план па расколу Часовай беларускай рады. Меркавалася, што частка сяброў ЧБР, незадаволеная дзейнасцю кіраўніцтва, павінна была выйсці з арганізацыі, пераехаць у Гродна і стварыць "Беларускую Раду", якая знаходзілася б у блізкіх стасунках з БПК. У Гродна планавалася ўтварыць адзін з цэнтраў беларускага руху, распачаць выданне беларускай газеты і інш. [3, арк. 75]. Як падкрэслівала польская паліцыя, дадзены план быў цалкам адобраны тагачасным лідарам беларускага актыву ў Польшчы А. Луцкевічам. Рэалізацыяй плана і стварэннем у Гродна новай палітычнай структуры павінен быў займацца беларускі пасол польскага сейма, сябра БПК Антон Аўсянік [3, арк. 75].
У чэрвені 1925 г. Аўсянік пачаў праводзіць перамовы з дзеячом ЧБР Б. Друцкім-Падбярэзскім па выступленні апошняга супраць Паўлюкевіча і пераездзе ў Гродна. Разам з Друцкім-Падбярэзскім у перамовах таксама прымалі ўдзел М. Касцевіч (Макар Краўцоў) і У. Більдзюкевіч, якія былі набліжаны да ЧБР. Усе гэтыя дзеячы выказвалі незадаволенасць самаўладнымі паводзінамі Паўлюкевіча, які самастойна распараджаўся фінансамі арганізацыі і не выплачваў грошай сваім супрацоўнікам. Так, яны з'яўлялі, што кіраўнік ЧБР пасля атрымання субсідыі ад Дэлегатуры польскага ўраду ў Вільні забраў сабе каля 800 злотых у якасці пенсіі, астатнія грошы расходваліся безгаспадарча на вялікую арэндную плату і г.д. [3, арк. 76]. М. Касцевіч, які апекваўся паланафільскай прэсай, крытыкаваў Паўлюкевіча ў нежаданні падтрымліваць друкаваны орган ЧБР "Грамадскі голас".
У сваю чаргу Аўсянік прапаноўваў згаданым дзеячам падтрымку, у тым ліку і грашовую. Ён быў гатовы выдаткаваць грошы на беларускую газету, якая б выдавалася ў Гродна і знаходзілася пад кантролем БПК [3, арк. 76]. Галоўную ролю ў яе выданні павінен быў адыгрываць М. Касцевіч, які з'яўляўся аўтарытэтным беларускім журналістам і рэдактарам. Аўсянік нават падкрэсліваў, што беларускія паслы сейма гатовы былі дараваць Касцевічу яго ранейшыя "грахі" і супрацоўніцтва з Паўлюкевічам [3, арк. 75].
Нягледзячы на зробленыя захады, стварыць раскол у ЧБР Аўсяніку так і не ўдалося. Як паведамляла паліцыя, Паўлюкевіч, адчуваючы, "што над яго галавой збіраецца бура", пачаў умацоўваць свае пазіцыі ў арганізацыі. 18 чэрвеня 1925 г. адбылося паседжанне ЧБР, на якім супраць Паўлюкевіча выступілі толькі Касцевіч і Друцкі-Падбярэзскі [3, арк. 76 - 77]. Астатнія члены рады падтрымалі свайго лідара. Не ўвянчалася поспехам і спроба стварэня беларускай арганізацыі ў Гродна. У канцы чэрвеня 1925 г. адбыўся раскол у самім БПК, са складу якога выйшлі левыя і леварадыкальныя дзеячы [4, с. 57]. Можна дапусціць, што пасля гэтых падзей "місія Аўсяніка" фактычна была скончана.
Такім чынам, у 1925 г. беларускія нацыянальна-дэмакратычныя арганізацыі зрабілі спробу ліквідацыі паланафільскай Часовай беларускай рады. Нягледзячы на адсутнасць запланаванага выніку, дадзеная акцыя Беларускага пасольскага клуба засведчыла глыбокі ўнутраны і маральны крызіс, у якім знаходзілася беларускае паланафільства ў гэтыя часы.
Літаратура:
1. Дзяржаўны архіў Гродзенская вобласці - Ф. 662. - Воп. 3. - Спр. 24.
2. Паўлюкевіч, А. Хто вінавайцы? // Грамадскі голас. - 1925. - № 23. - С. 2 - 3.
3. Lietuvos centrinis valstybes archyvas. - F.15. - Ap. 2. - B. 232.
4. Пашкевіч, А. В. Парламенцкія формы змагання за нацыянальныя і сацыяльныя правы беларускага народа ў міжваеннай Польшчы (1921 - 1930 гг.): дыс. … канд. гіст. навук: 07.00.02 / А. В. Пашкевіч. - Мінск, 2006. - 162 c.