Да 1940-х гг. адным з цэнтраў праваслаўнай царквы ў Гродна быў архірэйскі дом на сучаснай вуліцы Горкага, дзе месцілася рэзідэнцыя епіскапаў Гродзенскай епархіі. Гэты будынак у 1849 г. быў прададзены памешчыкам Леапольдам Валіцкім праваслаўнаму ведамству для размяшчэння архірэйскай рэзідэнцыі і жытла для святароў. Акрамя гэтага, у розныя гады ў архірэйскім доме дзейнічалі псаломшчыцкія курсы, іканапісная майстэрня, знаходзіўся царкоўна-археалагічны музей, а ў 1919 г. размяшчалася нават беларуска-літоўская ваенная камендатура горада. Адным з галоўных атрыбутаў будынкаў падобнага роду была наяўнасць у іх дамавых храмаў.
У 2014 г. у Літоўскім дзяржаўным гістарычным архіве аўтарам гэтых радкоў быў выяўлены цікавы дакумент - вопіс дамавой царквы Гродзенскага архірэйскага дома і яе маёмасці. Гэты дакумент уяўляе сабою сшытак памерам А4 з рукапісным тэкстам. Ён не мае дакладнага датавання, але, калі меркаваць па змесце, быў напісаны не пазней за 1905 г. У вопісе ёсць звесткі аб месцазнаходжанні дамавой царквы архірэйскага дома і яе інтэр'еры. Так, згодна з дакументам, царква была створана па распараджэнні епіскапа Брэсцкага, вікарыя Літоўскай епархіі Яўгенія (Шэрашылава) у 1873 г. і асвечана ў гонар Віленскіх пакутнікаў Антонія, Іаана і Яўстафія. Яна знаходзілася на другім паверсе будынка з правага боку ад параднай лесвіцы. У самой царкве над уваходнымі дзвярыма знаходзіліся хоры для пеўчых, куды з 1905 г. вяла асобная драўляная лесвіца з параднага ўвахода. Як было пазначана ў дакуменце: "В церкви два света по сем окон вверху и внизу с надлежащей отделкой".
Па вопісе можна прасачыць асноўныя рысы інтэр'ера храма. У алтары знаходзіўся драўляны прастол на цагляным падмурку вышынёю 20 вершкоў. Іканастас, горняе месца храма і царскія вароты былі зробленыя з дубу і мелі разьбяное аздабленне. На царскіх варотах былі размешчаныя іконы Дабравешчання Прасвятой Багародзіцы і чатырох евангелістаў, уверсе - выява Святога Духа. Верх іканастаса быў увенчаны трыма крыжамі. Па правы бок ад царскіх варотаў размяшчалася ікона Збавіцеля, а злева - ікона Божай Маці. На паўночных дзвярах іканастаса знаходзіўся абраз пакутніка Яўгенія, на паўднёвых - прападобнага Максіма Грэка. Перад іканастасам размяшчаліся два зробленыя з дубу клірасы. У алтары на горным месцы была ікона Праабражэння Гасподняга. Далей у дакуменце ідзе пералік і характарыстыка іконаў у храме, сярод іх - абразы Віленскіх пакутнікаў, прападобнапакутніка Афанасія Брэсцкага, пакутніка Гаўрылы Беластоцкага, Прасвятой Багародзіцы Кіева-Пячорскай і інш.
У канцы дакумента ёсць інфармацыя аб званіцы храма. Яна знаходзілася на паўднёвым баку архірэйскага дома на балконе трэцяга паверха. На званіцы размяшчаліся пяць званоў: адзін вялікі і чатыры маленькія.
У вопісе не пазначана, хто з'яўляўся яго аўтарам ці складальнікам. Мяркуем, што гэта інфармацыя будзе карыснай для будаўнікоў і архітэктараў, якія сёння займаюцца рэстаўрацыяй і аднаўленнем будынка, што на пачатку 1990-х гг. быў вернуты праваслаўнай царкве.
Аляксандр Горны,
Гродна