Папярэдняя старонка: Горны Аляксандр

Беларускае школьніцтва на Лідчыне: новыя дакументы 


Аўтар: Горны Аляксандр,
Дадана: 14-04-2017,
Крыніца: Горны Аляксандр. Беларускае школьніцтва на Лідчыне: новыя дакументы // Лідскі Летапісец 2016. № 4(76). С. 65-66.



У 2015 г. адзначалася 100-годдзе беларускамоўнага школьніцтва новага часу. Паводле вядомых на сённяшні час фактаў, летазлічэнне беларускамоўнай адукацыі можна пачынаць з даты 13 лістапада 1915 г., калі ў Вільні намаганнямі А. Пашкевіч (Цёткі) і Б. Пачопкі была адкрыта першая школа з беларускай мовай выкладання. Нягледзячы на даволі добрую распрацаванасць дадзенай тэмы ў беларускай гістарыяграфіі [1], многія яе аспекты, і ў першую чаргу праблема пашырэння беларускага школьніцтва ў розных мясцовасцях акупаванай немцамі Беларусі ў 1915 - 1918 гг. патрабуюць дастаткова крапатлівага вывучэння як з боку гісторыкаў, так і краязнаўцаў.

Працуючы з вялікім масівам дакументаў беларускіх нацыянальных арганізацый міжваеннага перыяду ў Цэнтральным дзяржаўным архіве Літвы, якія былі сістэматызаваны і сталі даступны даследчыкам толькі ў 2012 г., аўтарам гэтых радкоў былі выяўлены некалькі дакументаў, якія ўтрымліваюць цікавыя звесткі па гісторыі станаўлення беларускага школьніцтва на Лідчыне. Дакументы, якія публікуюцца ніжэй, захоўваюцца ў фондзе № 361, вопіс 1 ("Беларускія арганізацыі. Таварыства беларускай школы"), справа 28, якая змяшчае карэспандэнцыю Цэнтральнай беларускай школьнай рады за 1925 г. (LCVA. F. 361. Ap. 1. B. 28). Згодна з вопісам фонду дадзеная справа была сфарміравана толькі ў 2015 г. Дакументы ўяўляюць сабой тры рукапісныя аркушы, два з якіх напісаны адным чалавекам - жыхаром вёсцы Панямонцы Лідскага павета А. Пышко на беларускай мове. Трэці дакумент з'яўляецца заявай упаўнаважаных з вёсак Збляны і Краснае ў Цэнтральную беларускую школьную раду, якая напісана па-руску дарэвалюцыйнай арфаграфіяй з невялікай колькасцю беларусізмаў. Дакументы ў справе не пранумараваныя.

У публікаваных дакументах прадстаўлена кароткая гістарычная даведка аб стварэнні першых беларускіх школ на тэрыторыі Лідскага павета, адлюстраваны тыя праблемы, з якімі сутыкнуліся беларускія актывісты пры арганізацыі нацыянальнага школьніцтва ў міжваеннай Польшчы. Дакументы ўпершыню ўводзяцца ў навуковы аварот і змогуць безумоўна дапоўніць, а недзе нават і скарэктаваць тыя сведчанні аб гісторыі беларускамоўнай адукацыі на Лідчыне, якія сёння маюцца ў распараджэнні краязнаўцаў і гісторыкаў [2].


№ 1
У Цэнтральную Беларускую Школьную Раду

Александр Пышко, жіх.[ар]
вёскі Понемунцы[3], Беліцкай
гміны, Лідзкага павету

Да вайны ў нашай вёсцы істнавала расейская школа і быў пастаўляны новы школьны будынак, хоць вучыцца ў ім ня усьпелі. Як прышлі немцы, то яны адчынілі ў нас школу беларускую з выкладаням мовы нямецкай. З прыходам палякоў школы ня было да 1923 г. і школьны будынак пуставаў. У восені 1922 году пад час выбараў ў Сойм і Сэнат, сяляне нашай вёскі зрабілі прыгавар аб адкрыцьці беларускай школы; прыгавар гэты пацьверджаны войтам Беліцкай гміны, быў паданы ў кастрычніку месяцы Лідзкаму Школьнаму Інспэктару, а копію з яго я перадаў у Раду. Вясною 23 году селянамі зноў быў зробляны такі прыгавар, пацьверджаны войтам і таксама пры паданьні пяраданы Лідзкаму Школьнаму Інспэктару, а копію і з яго я перадаў у Раду. Акрамя гэтага я ад сябе пісаў заяву пану Старшыні Рады Тарашкевічу [4] і прасіў каб ён паклапаціўся перад Беластоцкім куратарам аб адкрыцьці у нас школы. На гэтыя нашы прыгавары і паданьні Лідзкі Інспэктар ніякага адказу ня даў, але з восяні 1923 г. адчыніў польскую школу замест беларускай і прыслаў вучыцеля паляка. Вучыцель гэты прозьвішчам Вінцэнты Новак (Бог яго ведая скуль ён) вось ужо два гады як працуя ў нашай школе, а навучыў дзяцей толькі разным непатребным гульням, а чытаць… толькі тыя трохі брыдуць (?), бацькі якіх самы знаюць літары, але такіх дужа нямнога. Нават і пад штрафы падводзіць мала - лёгка вучыць. Беларуская мова ў школе ня выкладаецца і прыватнай школы няма, бо сяляне адчыніць прыватную школу баяцца школьнага Інспэктара і паліцыі, ды ў дабавак бедныя, хоць і дужа хацеліб мець школку ў роднай мове.

Цяпер некалькі слоў аб Зблянскай школе Беліцкай гміны. Там да вайны істнавалі 2 школы: адна 2-х клясовая мяшаная, а другая [не разчытаць] клясовая дзеля дзяўчат. За вайну школьныя будынкі былі знішчаны, асабіста 2-х клясоўка. У 1919 г. стараньнямі вучыцеля Петры Зайкі была адчынена беларуская "жондовая" [5] школа, але ўжо ў 1920 г. ператворана на прыватную, а вучыцель Зайка быў змушаны ехаць ў Кракаў [6]. На яго месца была прыслана вучыцелька і заявіла, што школа будзя польскай. Тады сяляне, дужа абураныя гэтай справай, запратэставалі і ў школе стала выкладацца і беларуская мова. У восяні бягучага навуковага году ў Збляне прыслалі вучыцеля з Кракаўскіх курсантаў - беларуса (прозьвішча яго ня знаю), але школа лічыцца польскаю, а беларуская мова выкладаецца як прадмет. Дзяцей ў школу ходзіць мала, бо сяляне школаю нездаволяны, але парадзіць сабе таксама нічога ня могуць. Дый на вакола, ня толькі ў нашай гміне, а і па усіх вёсках Лідчыны, жыхары-беларусы хацеліб мець школы ў роднай мове, але як языковыя законы замярлі, та ўсе прыціхлі і нават прыгавараў аб адкрыцьці родных школак рабіць баяцца.

А. Пышко.

26/І 1925 г.


№ 2
У Цэнтральную Беларускую Школьную Раду

Александра Пышко, ж. в. Понемунцы,
Беліцкай гміны, Лідзкага павету

У вёсках Беліцкай гміны: Зблянах [7], Краснай [8] і Понемунцах істнуюць польскія школы. Але цяпер, калі сяляне даведаліся, што можна на падставе законаў перарабіць гэтыя школы ў беларускія, то ўсе, якія маюць дзяцей школьнага ўзросту, як адзін дружна сталі пісаць дэклярацыі і пасылалі ў Беліцу да войта гміны пана Вадэйкі, каб сцьвердзіў іх подпісы. На ўсе захады перад панам войтам, ён пасьвядчыць подпісы адмовіўся, мотывуючы тым, што не мае распараджэньня ад Староства. А калі яму прыняслі закон і даказалі, што згодна з законам ён павінен гэтае зрабіць, то ўсё ж такі войт не пасьвядчыў ані аднаго подпісу, а сказаў: рабіце што хочаце, а я сьвядчыць не буду! Пасьля ўсяго гэтага павесілі бедакі свае голавы і ня ведаюць што рабіць. Час ўжо кароткі, а не пацьверджаных деклярацыяў Інспэктар ня прымець. І прыходзіцца бедным аставацца з думкаю, што школы польскія застануцца як былі, а дзетак нашых будуць ізноў ганяць туды карамі ды штрафамі.

А па гэтаму прашу як найхутчэй паведаміць вёскі: Збляны, Красную і Понемунцы, што трэба зрабіць, каб ня спазьніцца з падачаю дэклярацый.

А. Пышко.

10/ІІІ. 1925 г.


№ 3
В Центральную Школьную Беларускую Раду в Вильне

Уполномоченных жителей
деревень Збляны и Красной
Белицкой гмины, Лидского павету,
Кулеша и Рудзевича

Заявление

10 сего марта, мы обращались к Войту Гмины Белица К. Водэйко с просьбай о засвидетельствовании подписей грамадзян деревень Збляны и Красной на дэкляраціях об открытии нашей родной школы, причем п. войт отказался засвидетельствовать подписи грамадзян ссылаясь на неполучение на этот счет распоряжений. После чего нами была предъявлена ему беларусская газета "Беларуская Доля" [9], в которой были выдержки законов об открытии беларускай школы, но и это не было принято во внимание.

Кулеш, Рудзевич.



[1] На наш погляд, найбольш грунтоўнай працай па дадзенай тэматыцы з'яўляецца наступнае выданне: Ляхоўскі. У. Школьная адукацыя ў Беларусі падчас нямецкай акупацыі (1915 - 1918 гг.). Вільня-Беласток, 2010.

[2] Гл. напр.: Лаўрэш Л. Пачаткі беларускамоўнай адукацыі на Лідчыне // Наша слова. 2015. № 34. С. 2.

[3] Цяпер вёска Панямонцы Лідскага раёна.

[4] Тарашкевіч Браніслаў (1892-1938) - беларускі грамадска-палітычны дзеяч, філолаг, педагог. У міжваенны перыяд з'яўляўся кіраўніком шэрагу беларускіх культурна-асветніцкіх арганізацый.

[5] "Жондовая" - тут паланізм, ад слова "rząd" - урад, маецца на ўвазе ўрадавая, дзяржаўная школа.

[6] У міжваенны перыяд польскія ўлады некалькі разоў арганізоўвалі ў Кракаве курсы для настаўнікаў беларускай мовы. Курсы не карысталіся асаблівай папулярнасцю з-за сваёй нізкай кваліфікацыі.

[7] Цяпер вёска ў Лідскім раёне.

[8] Цяпер вёска ў Лідскім раёне.

[9] "Беларуская доля" - беларуская грамадска-палітычная газета, якая выдавалася ў Вільні з 11 студзеня па 22 траўня 1925 г., неафіцыйны орган Беларускага пасольскага клуба ў польскім сойме.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX