24 студзеня 2024 г. спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння грамадскага i культурнага дзеяча, журналіста, літаратурнага крытыка, гісторыка Янкі Шутовіча. Ён быў яскравым прадстаўніком таго пакалення міжваеннай заходнебеларускай моладзі, якое, атрымаўшы выдатную адукацыю еўрапейскага ўзроўню, не далучылася да польскай культуры, а захавала ў сабе беларускую ідэнтычнасць i пашырала яе ў складаных умовах паланізацыі. Калі старыя культурныя дзеячы змяншалі сваю актыўнасць ці сыходзілі з грамадскай сцэны, то моладзь у 1930-я гг. падхоплівала эстафету i працягвала ствараць новыя праекты па падтрымцы беларускай культуры ў Заходняй Беларусі, выдаваць кнігі, пісаць вершы, арганізоўваць імпрэзы. Лёсы гэтага пакалення заходнебеларускага "маладняка" склаліся па-рознаму - нехта стаў вядомым i шанаваным літаратарам у савецкай Беларусі, нехта быў вымушаны эміграваць, нехта кардынальна змяніў род заняткаў. Янка Шутовіч да канца сваіх дзён захоўваў любоў да беларускага слова i культуры, хоць i жыў у пасляваенным літоўскім Вільнюсе.
Артыкул у PDF