Папярэдняя старонка: Краўцэвіч А.К.

Майстар - наш продак 


Аўтар: Краўцэвіч Алесь,
Дадана: 20-03-2010,
Крыніца: Мінск 'Народная асвета' 1990.

Спампаваць




Кніга для вучняў


ББК 63.4(2)

К78


Рацэнзенты:

Э. М. 3агарульскі , доктар гістарычных навук, прафесар;

Г. В. Штыхаў, доктар гістарычных навук, прафесар



Краўцэвіч А. К.

Майстар - наш продак: Кн. для вучняў. - Мн.: Нар. асвета, 1990. - 88 с: іл. - (Школьнікам - аб гісторыі БССР). ІSВН 5-341-00448-5.


Кніга расказвае аб звычайных на першы погляд рэчах -місках, талерках, кафлі, падкоўках і г. д. Але зроблены яны 400-500 гадоў назад. Праз іх вывучэнне здабываюцца звесткі аб развіцці рамяства, гандлю, аб эканамічных адносінах у старажытным грамадстве, аб духоўнай культуры нашых продкаў. Прызначана вучням сярэдняга і старэйшага узросту.

ББК 63.4(2)+63.3(2Б)


©Выдавецтва «Народная асвета», 1990



ДА ЧЫТАЧА

Наша гаворка аб звычайных, на першы погляд, рэчах. На самай справе, шпго можа быць незвычайнага ў гліняных гаршках, місках, талерках, пячной кафлі або жалезных падкоўках на боты? Але ёсць адна акалічнасць, праз якую названыя рэчы аказваюцца не такімі звыклымі, як здаецца. Справа ў тым, што зроблены гэтыя гаршкі, міскі, падкоўкі 400-500 гадоў назад. Калі параўноўваць, напрыклад, посуд сучасны і старажытны, то адразу відаць, што ён адрозніваецца і формай, і аздабленнем, і матэрыялам, з якога зроблены. А старажытная кафля настолькі непадобная на сучасную, што распазнаць яе можа толькі спецыяліст. Часта такія простыя рэчы - адзінае, што засталося ад старажытнага паселішча. Праз іх вывучэнне навукоўцы здабываюць разнастайную гістарычную інфармацыю. Тут звесткі аб развіцці рамяства, гандлю, аб эканамічных адносінах у старажытным грамадстве, аб духоўнай культуры нашых продкаў і г. д.

Наша кніга раскажа пра тое, як старажытныя рэчы здабываюцца, як яны вырабляліся, што могуць паведаміць аб далёкім мінулым. Гаворка пойдзе галоўным чынам аб рэчах 14-17 стст. Гэта вельмі цікавы час, бо якраз тады, у 14-17 стст., адбывалася фарміраванне беларускага народа.


СКАРБНІЦА СТАРАЖЫТНЫХ РЭЧАЎ

Абсалютная большасць археалагічнай інфармацыі здабываецца праз вывучэнне культурнага слоя. Вобразна кажучы, тут закапаны хлеб археолага. А ў вогуле, што гэта такое культурны слой? У чым яго каштоўнасць? Культурны слой - прынятая ў археалогіі назва пласта зямлі на месцы ўсіх чалавечых пасяленняў, які ўтрымлівае сляды ці рэшткі дзейнасці чалавека: старажытныя збудаванні, рэчы, будаўнічае і гаспадарчае смецце, попел з печаў і вогнішчаў і г. д.

Майстар - наш продак.

Нічога не праходзіць бясследна. Людзі і падзеі далёкага мінулага, аб якіх мы не маем пісьмовых звестак, не згінулі без слядоў. Толькі сляды гэтыя трэба знайсці. Магчымасць пошукаў (часта адзіную) нам дае культурны слой. Менавіта ў ім часткова захаваўся важны прадукт дзейнасці даўніх людзей, які немагчыма вывучыць ніякімі іншымі сродкамі, акрамя археалагічных. Гэта матэрыяльная культура. Да яе належыць усё, што створана чалавекам і. мае матэрыяльнае ўвасабленне, ці, калі казаць прасцей, усё, што зроблена чалавекам і што можна памацаць рукамі.

Вядома, толькі з дапамогай археалогіі нельга вывучыць усю матэрыяльную культуру, бо не ўсе рэчы трапляюць у зямлю. А тыя, што трапілі, не ўсе захаваліся. У сваю чаргу тыя, што захаваліся, не ўсе адкапаны археолагамі. Рэчы ж, знойдзеныя археолагамі, не ўсе дастаткова поўна вывучаны.

Няцяжка здагадацца, што культурны слой цікавіць нас толькі таму, што ў ім захоўваюцца старажытныя рэчы. Капаць «пустыя», без знаходак, культурныя наслаенні - часцей за ўсё марная трата часу. Але, з другога боку, для археолага вельмі важна тое, каб рэч была знойдзена ў культурным слоі ў працэсе археалагічных раскопак, а не прынесена невядома адкуль. Чаму гэта важна? - спытае чытач. Гліняны збан - ёсць гліняны збан, і якая розніца, выкапаны ён рыдлёўкай археолага ці каўшом экскаватара. Розніца ёсць, мы растлумачым яе крыху пазней, а пакуль просім чытача паверыць нам на слова.

На месцы існавання любога паселішча зямля паступова «падрастае» за кошт адкладання культур нага слоя. Хуткасць яго нарастання залежыць ад працоўнай актыўнасці, колькасці жыхароў на паселішчы, ад роду іх заняткаў, ад кліматычных умоў. Накапленне зямлі праходзіць непрыкметна, але вынікі яго бываюць даволі значнымі. Мяркуйце самі, культурны слой на Старым замку ў Гродне дасягае таўшчыні больш за 8 м, на мінскім

Замчышчы - 8, у Віцебску 9-11, у Брэсце - 7, у Слоніме - 5 м. Такі ж малюнак і ў іншых старажытных беларускіх гарадах. Можна падлічыць, з якой прыблізна хуткасцю ідзе гэты працэс. Так, у Гродне пасяленне на Старым замку з'явілася ў 10 ст. Атрымліваецца, што сярэдняя хуткасць нарастання культурнага слоя каля 0,8 см у год. Гэта, вядома, грубая прыкідка, таму што накапленне зямлі праходзіць вельмі нераўнамерна. У межах .аднаго паселішча таўшчыня наслаенняў можа значна вагацца. У нашых мястэчках, напрыклад, найбольшай магутнасці яны дасягаюць у цэнтры ля плошчы (тут самая шчыльная забудова).

Як жа ўтвараецца культурны слой? Як адбываецца гэты няспынны непрыкметны рух, хуткасць якога вымяраецца сантыметрамі ў стагоддзе, а вынікам становяцца шматмятровыя пласты зямлі?

Уявім сабе такі малюнак. Шмат гадоў таму назад, дапусцім, тысячу, група людзей выбрала сабе месца для жылля. Не будзем гадаць, што прымусіла іх пакінуць ранейшае жытло. Вось яно - абранае месца. Гэта пагорак з плоскай вяршыняй на высокім абрывістым беразе вялікай ракі каля ўпадзення ў яе маленькай. I ў малой рэчкі таксама стромкія берагі. Толькі вузкай перамычкай можна трапіць на гэты пагорак-мыс, які густа парос вялізнымі соснамі. Амаль ідэальнае месца для жылля ў тыя небяспечныя часы, калі толькі ўмацаванае паселішча ў цяжкадаступным месцы магло гарантаваць адносную бяспеку жыхарам. I вось ссечаны хвоі, расчышчана пляцоўка, пабудавана жыллё. Вакол будынкаў жаўцее на сонцы тоўсты слой сасновых трэсак. Гэта і ёсць першае культурнае наслаенне. Паступова трэскі цямнеюць, пакрываюцца зямлёй, якую прыносяць вятры і людзі на падэшвах. За некалькі дзесяткаў гадоў на паселішчы нарастае невялікі слой цёмнай зямлі, у якім дзе-нідзе знаходзяцца згубленыя або кінутыя рэчы - будучыя археалагічныя знаходкі.

Але вось мірнае жыццё перарываецца нападам ворагаў. Пасёлак спалены, і на месцы будынкаў засталіся толькі чорныя плямы пажарышчаў. Праз нейкі час сюды зноў прыйшлі людзі, выраўнялі месца і пабудавалі новыя дамы. Пачаўся новы этап утварэння культурнага слоя. У гэты раз ссечаныя з тоўстых абчасаных па баках бярвенняў дамы стаялі больш часу і іх ніжнія вянцы аказаліся закрытымі зямлёй. Калі гэтыя будынкі адслужылі свой час і іх разабралі, то не сталі выкопваць засыпаныя бярвенні, а проста на старых месцах паставілі новыя дамы. У некаторых нашых гарадах нарастанне слоя ішло з такой хуткасцю, што за час існавання будынкаў (40-50 гадоў) пад зямлёй заставаліся 5-6, а то і болей вянцоў! Гэта 1-1,2 м. Слой закрываў нават частку дзвярнога праёма. Неверагодна, скажаце вы. А як жа тады адчыняліся дзверы? Цяжка сказаць, але што такое магчыма, кожны жадаючы можа пераканацца на ўласныя вочы, калі пабывае ў Брэсце ў музеі «Старажытнае Бярэсце». Тут у павільёне экспануецца ўчастак старажытнага горада, у культурным слоі якога археолагам П. Ф. Лысенкам знойдзены рэшткі будынкаў у 10-12 вянцоў! Каб можна было ўваходзіць у такую пабудову, патрэбна расчысціць прастору перад дзвярыма.

Уважлівы назіральнік даволі лёгка выдзеліць культурныя наслаенні на фоне карэнных слаёў зямной паверхні. Культурны слой адрозніваецца ад жоўтых, чырвоных, белых пластоў пяску, гліны, суглінку сваім шэрым, блізкім да чорнага колерам. У нашых гарадах і мястэчках пераважаюць светла-шэрыя і цёмна-шэрыя наслаенні. С практыкаванаму воку няцяжка заўважыць у іх праслойкі вуголля (сляды вогнішча ці пажару). На цёмным фоне прыкметна выдзяляюцца жоўтыя і чырвоныя праслойкі пяску, гліны, цэглы, а яшчэ лепш - белай вапны. Такія пласты пяску або гліны ў цёмных наслаеннях таксама лічацца культурным слоем, бо яны занесены сюды чалавекам. Напрыклад, старажытныя валы, якія большай часткай складаюцца з пяску і гліны, той жа культурны слой, бо гэтыя абарончыя насыпы зроблены рукамі чалавека. Карэнныя пласты зямлі, на якіх залягаюць культурныя наслаенні, археолагі называюць мацерыком.

На розных помніках бывае розны па характару культурны слой. Напрыклад, у мураваных замках ён насычаны шматлікімі праслойкамі будаўнічых матэрыялаў, якія засталіся ад будаўніцтва, рамонтаў і перабудоў. У гарадах і мястэчках культурны слой у асноўным светла- і цёмна-шэры. Чаргаванне разнастайных слаёў і праслоек у культурным пласце называецца стратыграфіяй. Гэтак жа завецца і вывучэнне гэтых праслоек. Асноўная задача стратыграфіі - высвятленне часу і абставін утварэння кожнай праслойкі.

Вось мы стаім на дне раскопу каля адной з яго сценак. Сценка гэтая - вертыкальны разрэз культурнага слоя ад дзённай паверхні да мацерыка. Дзённая паверхня на мове археолагаў - сучасны ўзровень паверхні зямлі. Няхай гэта будзе адзін з раскопаў на тэрыторыі Мірскага замка. Правёўшы позіркам знізу ўверх ад чырвонай глінянай падсыпкі ўнізе да зялёнай траўкі наверсе, мы ў адно імгненне прасачылі працэс, які адбываўся тут на працягу ажно 50 0 гадоў. Са старажытных дакументаў нам вядома, што будаўніцтва замка пачалося ў канцы 15-пачатку 16 ст. Папярэдне, каб атрымаць роўную будаўнічую пляцоўку, сюды была навезена гліна з пяском, а потым выраўнена паверхня будучага замкавага двара. Вось гэтая падсыпка выдзяляецца ў ніжняй частцы разрэзу. Але пад ёй відны цёмны культурны слой. Адкуль ён тут? Пасля таго як гэты слой быў выяўлены і даследаваны, высветлілася, што да будаўніцтва замка на гэтым месцы знаходзілася паселішча. Па рэчах, якія трапіліся ў слоі (гаршковая кафля, гаршкі, шпоры), стала зразумелым, што яно існавала ў другой палове 15 ст. і загінула, відавочна, у часе пажару. Аб гэтым сведчыць праслойка вугалю (як вызначаецца датаванне рэчаў, гаворка пойдзе ніжэй).

Вось прама на слоі падсыпкі залягаюць вапна, кавалкі цэглы і дахоўкі. Гэта свой адбітак пакінуў першы этап будаўніцтва замка. Менавіта такую цэглу і такую дахоўку выкарыстоўвалі нашы дойліды ў канцы 15-пачатку 16 ст. Па характару наслаенняў, якія залягаюць вышэй, можна меркаваць, што жыццё ў замка было неспакойнае і багатае на падзеі. Светла-шэры слой насычаны рэшткамі будаўнічых матэрыялаў, якія накапіліся пад час шматлікіх дабудоў, перабудоў і рамонтаў. Перад намі своеасаблівы летапіс. Каб яго прачытаць, спатрэбілася настойлівая шматдзённая праца цэлага калектыву даслед­чыкаў. У гэтым амаль аднародным, на першы погляд, слоі ўдалося выдзеліць праслойку рамонту замкавага палаца канца 16-пачатку 17 ст., будаўніцтва 2-й паловы 18 ст. і інш. Зрабіць гэта дапамаглі знаходкі цэглы, дахоўкі, кафлі.

А вось для параўнання раскоп на адлегласці 500 м ад замка, закладзены на тэрыторыі гарадскога пасёлка Мір. Сценка раскопу па колеру значна адрозніваецца ад замкавай. Сярэднявечны культурны слой тут чорнага, цёмна-шэрага і светла-шэрага колеру. Стракатыя праслойкі гліны, вапны, пяску сустракаюцца даволі рэдка, многа іх толькі ў самых верхніх слаях 19-пачатку 20 ст. У гэты час вялося найбольш актыўнае мураванне будаўніцтва ў пасёлку.

Вывучэнне культурнага слоя шляхам раскопак мае адну немалаважную асаблівасць - яго нельга паўтарыць, як, напрыклад, фізічны ці хімічны дослед. Любы даследаваны ўчастак культурных наслаенняў знішчаны назаўсёды. Таму методыка археалагічных раскопак накіравана на тое, каб у ходзе даследаванняў атрымаць як мага больш інфармацыі. Працэс раскопак адлюстроўваецца ў спецыяльнай дакументацыі. Яна павінна складацца так, каб праз любы час спецыяліст, які не прымаў удзелу ў раскопках, мог па дакументацыі аднавіць іх ход з найбольшай яснасцю. У такім выпадку заўсёды можна праверыць правільнасць вывадаў, зробленых аўтарам даследаванняў.

Археалагічны раскоп - гэта не проста вялікая яма прамавугольнай або квадратнай формы. Ен разбіваецца на квадраты памерам, звычайна, 2х2 м,. кожны з якіх мае свой нумар. Гэта робіцца, каб дакладней азначыць месца кожнай знаходкі. Напрыклад, у квадраце № 3 знайшлі кавалак глінянай талеркі. Варта напісаць на ім «кв. 3» - і любому стане зразумелым, у якім месцы раскопу гэта адбылося. Каб яшчэ больш удакладніць месца знаходкі, ад двух бакоў квадрата па восі каардынат вымяраецца адлегласць да адкапанай рэчы.

Чым глыбей залягае знаходка, тым яна старажытнейшая. Раскопкі вядуцца па пластах таўшчынёй звычайна 20 см. Здымаецца 20 см, затым наступныя 20 і так да мацерыка. Кожны пласт атрымлівае нумар зверху ўніз.

На кожнай знаходцы (ці на бірачцы да яе), акрамя нумара квадрата і пласта, скарочана пішацца назва помніка, год раскопак і нумар раскопу. Увесь надпіс можа выглядаць, напрыклад, так: Аш. - 85; р. - 2; пл. - 7 кв.-3

Ён расшыфроўваецца проста: Ашмяны, 1985 год, раскоп № 2, пласт №7, квадрат № 3. Гэты надпіс дае магчымасць навуковай апрацоўкі знаходак праз любы час пасля правядзення раскопак. Можа быць і так, што на знаходцы ставіцца толькі нумар, а ўсё астатняе пад гэтым нумарам запісана ў спецыяльнай кнізе - калекцыйным вопісе. Рэчы без такога «пашпарта» напалову губляюць навуковую каштоўнасць.

Археалагічны шурф адрозніваецца ад раскопу толькі меншымі памерамі, капаецца гэтак жа, як раскоп.

Ход раскопак пастаянна фатаграфуецца і замалёўваецца. Акрамя таго, вядзецца дзённік, ужо ўпамянуты калекцыйны вопіс, вопіс індывідуальных знаходак. У дзённіку апісваецца працэс раскопак дзень за днём, пласт за пластом. У апісанні звесткі аб характары культурнага слоя, знаходках, іх датаванні і г. д. У калекцыйны вопіс заносяцца ўсе знаходкі, а ў вопіс індывідуальных знаходак - найбольш цікавыя рэчы.

Методыка раскопак вельмі далікатная рэч, на розных помніках яна мае сваю спецыфіку. Уласныя асаблівасці маюць раскопкі беларускіх гарадоў і мястэчак. Складанасць іх заключаецца, галоўным чынам, у шчыльнай сучаснай забудове. Старажытныя цэнтры гарадоў і мястэчак і ў наш час, за рэдкім выключэннем, адыгрываюць значную ролю ў жыцці пасяленняў. Тут размешчаны жылыя дамы, дзяржаўныя ўстановы, грамадскія пабудовы. Праведзены тэлефонныя кабелі, водаправод, каналізацыя. У такіх выпадках бывае цяжка знайсці месца для раскопак.

Перад даследчыкамі стаяць важныя задачы вывучэння матэрыяльнай культуры жыхароў, высвятлення часу засялення розных раёнаў паселішча, пошук помнікаў архітэктуры, якія не захаваліся на паверхні зямлі, і інш. Да таго моманту, калі рыдлёўка археолага ўваткнецца ў культурны слой, неабходна правесці вялікую і крапатлівую падрыхтоўчую працу ў архівах і бібліятэках. Асноўная задача падрыхтоўкі - вызначэнне месцаў, найбольш прыдатных для раскопак. Гарады і буйныя мястэчкі ў канцы сярэднявечча займалі значную плошчу, часам у 2-3 дзесяткі гектараў. Не ўсе ўчасткі тэрыторыі паселішчаў аднолькава прыгодны для раскопак. Напрыклад, калі пачнеш капаць на старажытным агародзе, то толькі марна патраціш час, бо слой там пусты. Праз вывучэнне старых планаў, гравюр, дакументаў высвятляецца размяшчэнне старажытных вуліц і пабудоў, што неабходна археолагам для арганізацыі навуковых даследаванняў.

Адна з асноўных і самых складаных задач археалагічнай навукі - датаванне знойдзеных рэчаў - вызначэнне часу іх вырабу. Рашэнне гэтай задачы дасягаецца з дапамогай сістэмы супастаўленняў, назіранняў, з выкарыстаннем метадаў гістарычных, а таксама прыродазнаўчых навук. Ужо тое, што мы ведаем глыбіню знаходкі, мае пэўнае значэнне. Рэчы, якія залягаюць глыбей, больш старажытныя, чым тыя, што выяўлены вышэй. Праўда, ёсць верагоднасць перакопу, калі ў выніку якіх-небудзь ранейшых земляных работ, рэчы пераблытваюцца, перамешваюцца. Археолаг многае гатовы аддаць, абы толькі працаваць з непатрывожаным культурным слоем без ямаў і перакопаў. Часам ёсць даволі надзейныя сродкі вызначэння цэласнасці слоя. Напрыклад, сярод цёмных наслаенняў залягае паласа жоўтай гліны ці пяску. Калі гэтая паласа непарушаная, то непарушаны і слой пад ёй.

Ужываюцца такія складаныя метады датавання знаходак як, напрыклад, дэндрахраналагічны. Яго сутнасць у тым, што па гадавых кольцах на дрэве можна дакладна сказаць, у якім годзе гэта дрэва спілавалі. I калі мь раскапалі драўляны зруб, зроблены з бярвенняў, спілаваных, напрыклад, у 1504 г,, то можна сцвярджаць, што рэчы, знойдзеныя ў зрубе і побач з ім у тым жа слоі, датўюцца пачаткам 16 ст. Калі такія ж рэчы знойдзены ў іншым месцы, мы ўжо ведаем, як іх датаваць. Часам лёс падносіць археолагам падарункі. Чаго варта, напрыклад, знаходка шматколернай кафлі ў Мірскім замку, на якой стаіць дата вырабу: 158 3. Бывае, на кафлінах сустракаецца цэлы надпіс на лацінскай мове: Аппо сіотіпі 1627, які перакладаецца як «Лета гасподня 1627».

Каб авалодаць методыкай археалагічнай навукі, трэба не толькі праслухаць курс лекцый ва універсітэце, прачытаць шмат кніг, але і неаднаразова прымаць удзел у экспедыцыях. На жаль. у наш час сустракаюцца выпадкі, калі непадрыхтаваныя людзі, у тым ліку школьнікі, часам нават на чале з настаўнікам, самавольна праводзяць раскопкі археалагічных помнікаў. Нічога, акрамя шкоды, такія «даследаванні» не прыносяць. Не апраўдвае падобныя дзеянні імкненне вывучаць гісторыю свайго краю ці набыць экспанаты для школьнага музея. Такія раскопкі з'яўляюцца злачынствам і караюцца законам.

Разнастайныя земляныя работы ў гарадах і мястэчках, такія, як капанне катлаванаў пад падмуркі дамоў, траншэй для водаправода, цеплатрасы, каналізацыі, разбураюць і перамешваюць слаі, разбураюць рэшткі старажытных збудаванняў, у першую чаргу вулічныя насцілы, помнікі архітэктуры і інш. Невыпадкова ў апошнія гады прымаюцца меры для аховы культурнага слоя беларускіх гарадоў і мястэчак 14-17 стст. як помнікаў археалогіі. У навукова-вытворчым аб'яднанні «Белрэстаўрацыя» распрацаваны ахоўныя зоны культурнага слоя гарадоў Гродна,

Навагрудка, Полацка, Віцебска, Мсціслава, Нясвіжа, гарадскога пасёлка Мір. 3 уводам у дзеянне гэтых зон усе земляныя работы ў іх межах павінны праводзіццца толькі з дазволу археолагаў і пасля таго, як участак гэтых работ будзе даследаваны.

А цяпер, паважаны чытач, запрашаем цябе ў падарожжа па некаторых старажытных гарадах і мястэчках услед за археалагічнай экспедыцыяй.


ЯК ШУКАЛІ МІРСКУЮ РАТУШУ

Першае наша падарожжа ў Мір. Гэта гарадскі пасёлак у Гродзенскай вобласці. Славуты ён сваім прыгажуном-замкам, пабудаваным у канцы. 15-пачатку 16 ст.
Замак даследуюць гісторыкі, мастацтвазнаўцы, архітэктары, археолагі, малююць мастакі, наведваюць шматлікія турыстычныя дэлегацыі. Значна меней увагі надаецца пасёлку, хаця ўзрост яго на сто гадоў большы, а гісторыя не менш цікавая і багатая на падзеі. Па летапісных крыніцах Мір вядомы з 1395 г.

На працягу другой паловы 13 і ўсяго 14 ст. нашы продкі з усіх сіл адбіваліся ад сквапных суседзяў-крыжакоў, што з агнём і мячом прыходзілі да нас з Прусіі і Лівоніі. У 1395 г. крыжакі на чале з гросмайстрам Конрадам фон Юнгінгенам спалілі Драгічын, Навагрудак, Мір і Ліду. Адсюль вынікае, што паселішча ўзнікла не пазней чым у 14 ст. Размясцілася яно на перакрыжаванні дарог, што злучаюць Мінск са Слонімам, Слуцк з Навагрудкам і далей з Вільняю.

Пасля крыжацкага нападу Мір у хуткім часе быў адноўлены. У 1434 г, вялікі князь Жыгімонт Кейстутавіч падараваў яго віленскаму кашталяну [1] Сенку Гедыгольдавічу. Разам з дваром вялікі князь аддаваў васалу людзей, што там жылі, і ў іх ліку «Дзямідаса сваякамі і сынамі».

Кім ён быў, гэты адзіны вядомы нам па імю жыхар Міра 15 ст.? Можа, ганчаром? А можа, ён быў кавалём, мулярам? Гэта так і застанецца для нас невядомым. Але тое, што ў Міры жыло шмат умелых рамеснікаў, сумненняў не выклікае. 3 сярэднявечных дакументаў вядома, што тут плённа працавалі ткачы, шаўцы, пекары, краўцы, бондары, калёснікі, ганчары, мёдавары, муляры і інш. У канцы 17 ст. рамеснікі Міра аб'ядноўваліся ў чатыры цэхі: ткацкі, ганчарны, кравецкі і шавецкі. Асабліва славіліся мірскія ганчары. Менавіта іх вырабы самыя шматлікія сярод знаходак. У цэнтры пасёлка дастаткова адзін раз капануць рыдлёўкай, каб натрапіць на кавалкі гаршка, міскі ці якога іншага керамічнага начыння.

3 1490 г. Мір належыць роду Ільінічаў. Пры першым уладальніку з гэтата роду Юры Ільінічу, прыблізна каля 1495 г., быў закладзены замак. Відавочна, у гэты час узведзены ўмацаванні і вакол пасёлка, бо вядома, што Мікалай Хрыстафор Радзівіл, да якога Мір перайшоў у 1568 г., загадаў пабудаваць ужо новыя ўмацаванні. Пры Радзівілах узведзены шэраг вялікіх будынкаў. Фарны касцёл св. Мікалая пабудаваны ў 15 87 г. з дрэва, у 1599-4605гг. ён стаў мураваным. Гарадская ратуша з'явілася ў сувязі з тым, што 27 снежня 1579 г. Міру даравана няпоўнае Магдэбургскае права. У цэнтры пасёлка быў збудаваны шпіталь [2]. Да канца 19 ст. былі шырока вядомы мірскія конскія кірмашы. Росквіт іх падае на той перыяд, калі гандаль коньмі знаходзіўся ў руках цыганоў. Пэўны час у горадзе жыў цыганскі кароль.

У сучасным гарадскім пасёлку амаль нічога не напамінае аб сярэднявечным Міры - горадзе рамеснікаў і гандляроў. Няма старажытных брам-варот, што стаялі на чатырох выездах з горада. Не дымяць на агародах горны, загружаныя посудам. Не ўзвышаецца над плошчай ратуша, у якой калісьці засядаў магістрат. Ды і самой плошчы няма, на яе месцы разбіты сквер. Толькі Траецкая царква і Мікалаеўскі касцёл - апошнія сведкі даўніх часоў, неаднаразова рамантаваныя і перабудаваныя, яшчэ стаяць з абодвух бакоў былой плошчы.

Не захаваліся шэдэўры мірскіх рамеснікаў. У сярэднявеччы кожны прэтэндэнт на званне майстра павінны быў даказаць сваю кваліфікацыю праз выраб дасканалай рэчы-шэдэўра, ці «штукі», як тады казалі. Мы не ведаем, што стала з шэдэўрамі мірскіх майстроў, куды закінуў іх лёс за мінулыя 40 0-500 гадоў, нават нельга сказаць, як яны выглядалі. Праўда, адна «штука» ўсё-ткі засталася. Вось яна - пяцівежавы замак-прыгажун у паўкіламетры ад цэнтра пасёлка.

Тое, што мы знайшлі.пад час раскопак, нельга назваць шэдэўрамі. Гэта, у асноўным, звычайныя бытавыя рэчы. Праўда, звыклымі яны былі для тых людзей, што карысталіся імі калісьці. Для нас гэтыя, збаны, гаршкі, талеркі, шкляніцы, кварты, падсвечнікі - каштоўныя гістарычныя крыніцы і музейныя экспанаты.

Ужо адразу пасля пачатку раскопак стала зразумелым, што можна спадзявацца на цікавыя знаходкі: на былой плошчы выявіліся чатыры слоі каменных бруковак, размешчаных адзін над адным. Гэта сведчанне напружанага кіпучага жыцця. А дзе ў старыя часы віравала жыццё, там зараз раздолле археолагу. Як жа брукоўкі апынуліся пад зямлёй? Нарастанне культурнага слоя ішло хутка, бо ў Міры штогод адбываліся дзевяць буйных кірмашоў, ды яшчэ праводзіліся штотыднёвыя таргі. Калі брукоўка цалкам пакрывалася зямлёй, насыпалі пясок, каб выраўняць паверхню плошчы, і насцілалі новы рад камянёў. Па знаходках на бруку розных рэчаў (кавалкі гаршкоў, падкоўкі, цвікі і інш.) вызначаны час збудавання кожнага насцілу. Самую ніжнюю брукоўку паклалі ў 17 ст., самую верхнюю -у 19 ст.

Чаму мы пачалі капаць менавіта на плошчы, а не ў іншым месцы? Справа ў тым, што недзе тут была ратуша. Акрамя агульнай задачы даследавання культурнага слоя пасёлка, у нас была і больш канкрэтная мэта - пошукі ратушы. Будынак ратушы не захаваўся да нашага часу, на паверхні зямлі ад яго не засталося ніякіх слядоў. А пад зямлёй? Вельмі верагодна. Ратуша ў гарадах і мястэчках будавалася грунтоўна і надоўга. Яна выдзялялася на фоне навакольнай забудовы надзвычайнымі памерамі і формамі і наглядна дэманстравала моц і славу горада. Пад вялікі будынак рабілі вялікія падмуркі, якія не так проста разбурыць, тым больш, што яны пад зямлёй. Вядома, што мірская ратуша стаяла на плошчы ці побач з ёй. Здавалася б, цяпер знайсці будынак проста. Але на самай справе, калі ўзяць плошчу ды яшчэ прылеглую да яе тэрыторыю, атрымліваецца паласа памерам прыблізна 150х50 метраў. Ды ў дадатак край плошчы шчыльна забудаваны.

Пачалі капаць пасярэдзіне і замест ратушы трапілі на брукоўку. Культурны слой на плошчы не вельмі вялікі - 60 -120 см таўшчынёй. Знаходак было многа, як і ўсюды ў Міры, а вось рэшткаў ратушы мы тут не знайшлі, хаця выкапалі чатыры шурфы. Якраз, калі канчалі апошні, падышоў міранін і паведаміў, што непадалёку ён капае гаспадарчую яму і натрапіў на нейкі цагляны мур, які не бярэ ні рыдлёўка, ні лом. Па памерах цэглы і сістэме муроўкі (а яны ў розныя часы былі рознымі) мы высветлілі, што пакладзены мур у 17 ст. Раскопкі на гэтым месцы адкрылі на глыбіні 1,8 м рэшткі лёхаў вялікага будынка. Столь лёхаў была арачнай, аб чым сведчыць характэрны нахіл сцен. Падмурак выкладзены з буйных камянёў, якія ўпоперак дасягаюць велічыні да 60 см. Рэшткі драўлянай падлогі лёхаў знойдзены на глыбіні 3,8 м. Ад яе засталіся амаль цалкам спарахнелыя кавалкі дошак. На падлозе ляжаў гліняны кубачак, пакрыты зялёнай палівай. Ён аказаўся зусім цэлым, толькі без вушка. Такія прыгожыя зграбныя па форме начынні ўжывалі ў 17 ст.

Па ўсёй верагоднасці, мы знайшлі ратушу. Праўда, па пісьмовых крыніцах вядома, што недзе каля плошчы знаходзіўся мураваны шпіталь, падараваны гораду Радзівіламі. Але большасць дробных на першы погляд фактаў сведчыць на карысць ратушы. Па-першае, малаверагодна, што шпіталь быў такі вялікі, з глыбокімі лёхамі. Па-другое, наш будынак знаходзіцца якраз на аднолькавай адлегласці. ад царквы і касцёла. Такое размяшчэнне ратушы побач з Плошчай у цэнтры архітэктурнага ансамбля - характэрная з'ява для многіх гарадоў Беларусі. Цалкам ускрыць лёхі і высветліць дакладныя памеры будынка не ўдалося - перашкаджаюць навакольныя дамы.

Знешні выгляд мірскай ратушы мы можам уявіць сабе толькі праз вывучэнне падобных збудаванняў, якія захаваліся ў іншых гарадах Беларусі, напрыклад у суседнім Нясвіжы. Відавочна, яна мела высокую, у некалькі паверхаў вежу. На вежы, звычайна, мацаваўся гарадскі гадзіннік. Галоўны ўваход знаходзіўся з боку плошчы, і гадзіннік таксама размяшчаўся з гэтага ж боку. У спецыяльным памяшканні ратушы захоўваліся ўзоры мераў вагі і даўжыні.

Калі пакупнік абвінавачваў прадаўца ў недамеры, недавазе тавару, то ён вёў гандляра ў ратушу. Там тавар узважвалі ці мералі праўдзівымі мерамі. У Германіі узор меры даўжыні ў выглядзе жалезнага бруса ўмуроўваўся ў сцяну будынка на гандлёвай плошчы. Спрэчку наконт недамеру тканіны, вяроўкі ці чаго іншага можна было вырашыць на месцы. Магчыма, такое было і ў Міры.

Паступова ў ходзе раскопак павялічвалася інфармацыя аб матэрыяльнай культуры старажытнага паселішча. Здабываліся матэрыялы з дапамогай шурфа і раскопаў, якія закладваліся ў розных частках пасёлка. На другі год даследаванняў высветлілася, што найбольш цікавае для нас месца знаходзіцца непадалёк ад плошчы, на захад ад яе. У разведачным шурфе тут выяўлены найбольш магутны культурны слой, які дасягае таўшчыні больш за 3 м. Гэтым шурфам мы натрапілі на скарб манет канца 17-пачатку 18 ст. Удача рэдкая, бо на плошчы ў дзесяткі гектараў ямкай памерам 2х2 м трапіць на невялікую купку манет удаецца. не часта. Гэта было так нечакана, што хлопец, які капаў шурф, сам археолаг, схапіў грошы ў жменю і з радасным крыкам адным духам выскачыў з паўтараметровай ямы. Ён зусім забыўся, што такія знаходкі абавязкова трэба фатаграфаваць тут жа на месцы, дзе яны знойдзены. Усяго ў скарбе 93 манеты. Калісьці яны былі загорнуты ў кавалак тканіны, якая за трыста гадоў спарахнела.

Толькі на манетах, што ляжалі па краях слупкоў, захаваўся адбітак гэтай тканіны. Манеты з мірскага скарбу Называюцца солідамі, зроблены яны з медзі ў 1660-1661г. 1663-1666 гг. На кожнай маецца выява ў профіль караля Рэчы Паспалітай Яна II Казіміра Вазы, а на адваротным баку - выява герба. У адных выпадках Гэта арол - герб каралеўства Польскага, у другіх - герб Вялікага княства Літоўскага - Пагоня (коннік з мячом).

Пасля такой знаходкі не дзіўна, што на наступны год на месцы шурфа быў закладзены раскоп. У ім на адлегласці каля 2 м ад скарба трапілі на... другі скарб. Ён знаходзіўся ў гаршку з адбітай верхняй часткай. I хоць на дне гаршка ляжалі ўсяго чатыры манеты, каштавалі яны намнога больш за першы скарб, бо ўсе зроблены са срэбра. Тут былі два талеры, бітыя ў Антверпене ў 1633 і 1647 гадах, прускі шасцігрошавік Фрыдрыха Вільгельма I 1686 г. і шасцігрошавік Рэчы Паспалітай Яна II Казіміра Вазы 1665 г. У другой палове 17 ст. 90 солідаў складалі адзін злоты. За адзін злоты можна было купіць ад 50 да 100 яек ці 20 літраў малака. Такія грошы мог зарабіць муляр за дзень працы. Чатыры срэбныя манеты з другога скарба мелі вартасць каля 10 злотых.

Менавіта ў тым пасёлку, дзе знойдзены скарбы, выяўлены і найбольш старажытныя знаходкі - кавалкі гаршкоў канца 14-пачатку 15 ст. Па ўсёй верагоднасці, тут было першапачатковае паселішча.

На паўднёвай ускраіне пасёлка адзін з шурфаў прыйшоўся на нейкую пабудову з цэглы. Давялося і тут закладваць раскоп. Высветлілася, што натрапілі мы на горан для абпалу керамічных вырабаў. Па знаходках кавалкаў посуду вызначылі, што датуецца ён, другой паловай 17-18 стст. Працэс абпалу вырабаў быў самым адказным і складаным у працы ганчара. Ад правільнага выканання яго залежала якасць прадукцыі. Таму вялікае значэнне надавалася прыстасаванню для абпалу - горану. Ён павінен быць. аб'ёмістым, каб можна было загружаць вялікую партыю рэчаў, добра трымаць цяпло, бо для якаснай загартоўкі вырабаў патрэбна на працягу некалькіх гадзін падтрымліваць тэмпературу ў 800-9 00 градусаў. Увесь працэс абпалу цягнуўся ў сярэднім 10-14 гадзін. Мірскі горан двухкамерны, у плане круглы. Ніжняя камера прызначалася для закладкі дроў, у верхнюю ў некалькі радоў загружаўся посуд, кафля ці якія іншыя керамічныя вырабы. Перамычка паміж камерамі абапіралася на слупок, складзены з цэглы-сырцу. Слупок гэты называўся «дзядком» ці «бабкай». Каб павялічыць тэмпературу абпалу, у перамычцы, звычайна, рабіліся адтуліны. Але ці былі яны ў мірскім горане, сказаць цяжка, бо ад яго захавалася толькі ніжняя частка і «дзядок». Аднак па рэштках знешняй сценкі можнарэканструяваць вонкавы выгляд горана Форма яго была блізкай да паўсферы, гэта калі разрэзаць шар напалову і пакласці плоскай паверхняй уніз. Зверху ўся паўсфера абмазана тоўстым слоем гліны.

Побач з горнам пасля некалькіх тыдняў карпатлівай працы расчысцілі каменны падмурак жылога дома другой паловы 17 ст. Дом меў даволі значную для тых часоў плошчу - 36 кв. м. На вялізных камянях падмурка захаваўся рад цаглін. Магчыма будынак быў цагляным, але не выключана, што знойдзены ў адным з куткоў рад цаглін пакладзены, каб выраўняць паверхню падмурка драўлянага дома.

Але самая цікавая знаходка з гэтага дома - важнейшая за сам падмурак - кафляная печка. I раней археолагі знаходзілі рэшткі печак, але гэта былі бясформенныя развалы гліны і цэглы. А ў нас яна захавалася на вышыню больш за метр. Добра прасочваецца канструкцыя пячной адтуліны, выкладзеная з паўкруглым завяршэннем. Кафля з печкі абадраная (відавочна, яе выкарысталі ў другі раз), мы маем толькі мураванае тулава. Але адна кафліна з ніжняга кута печы знайшлася. Кафля ўпрыгожана выявай фантастычных жывёл - пачвар. Майстар-разьбяр, відаць, быў па характару вясёлы, і пачвары ў яго атрымаліся зусім не страшнымі, а хутчэй добрымі. Пад час расчысткі ўнутранай прасторы печкі высветлілася, што яна выкарыстоўвалася не толькі для абагрэву памяшкання, але і для прыгатавання ежы. На самым подзе ў слоі вугалёў знойдзены косткі птушак.

Цяжка сказаць, хто жыў у гэтым доме. Не знойдзена рэчаў, якія маглі. б навесці на думку адносна прафесіі гаспадара. Адзіная зачэпка знаходзіцца за межамі будынка, літаральна ў метры ад падмурка. Гэта горан. Са значнай доляй верагоднасці можна дапусціць, што будынак і горан суіснавалі. У такім выпадку гаспадаром дома быў ганчар. Мала верагодна, што ганчар збудаваў свой горан амаль упрытык да чужога дома.

Зямля Міра хавае ў сабе яшчэ шмат таямніц, не менш цікавых за тыя, што ўжо раскрыты. Вясной 1987 г. атрымана паведамленне, што ў водаправоднай траншэі на заходняй ускраіне старога Міра адкрыта старажытная муроўка з каменняў і цэглы. Па ўсёй верагоднасці, гэта Слонімская брама, адна з чатырох, што стаялі на выездах з паселішча. Другая такая ж муроўка адкапана на паўночным выездзе з пасёлка. Гэта, відавочна, Віленская брама.

У 1988 г. спецыяльная экспедыцыя занялася даследаваннем выяўленых пабудоў. Адначасова вывучаліся рэшткі сярэднявечных умацаванняў, вялася разведка культурнага слоя ў недаследаваных яшчэ частках пасёлка. Па той прычыне, што старадаўнія дарогі не змянілі свой накірунак да нашага часу, усе мірскія брамы, дакладней іх рэшткі, знаходзяцца пад гэтымі дарогамі. Вось і з усёй Віленскай брамы ўдалося раскапаць толькі бакавую сценку на ўзбочыне заасфальтаванай Чырвонаармейскай (былой Віленскай) вуліцы. Траншэя два з паловай метры шырынёй і 12 даўжынёй ускрыла магутны мур шырынёй 1,9 м, які складзены з цэглы-пальчаткі і буйных каменняў. Ён залягае на глыбіні амаль двух з паловай метр аў.

Узніклі складанасці з пошукамі Мінскай брамы. На дакладна разлічаным месцы не было знойдзена нічога, акрамя рэшткаў насцілу даўняй дарогі, зробленага з галля. Толькі другая траншэя, закладзеная бліжэй да цэнтра, трапіла якраз на мур брамы. Яна вельмі падобна на Віленскую тэхнікай муроўкі і матэрыялам.

Зараз мы дакладна можам паказаць месцы размяшчэння ўсіх чатырох мірскіх брамаў. Слонімская выяўлена будаўнічай траншэяй, Мінская і Віленская даследаваны археалагічна, а Нясвіжскай няма дзе больш быць, толькі перад мастом праз Міранку. Пасля таго як былі адшуканы брамы, сталі вядомы дакладныя памеры сярэднявечнага горада і ў археолагаў зніклі сумненні, накшталт: а ці ў тым месцы мы капаем?

Адна з траншэяў прарэзала частку абарончага вала і рова каля вул. Ленінградскай (былая Завальная). Зараз на паверхні зямлі ад іх амаль нічога не засталося, відавочна, у 18-19 стст. роў і вал былі знівеліраваныя. 3 раскопак відаць, што роў часткова запоўнены глінай з вала.

Некалькі гадоў раскопак у Міры прынеслі разуменне планіровачнай структуры сярэднявечнага горада, і гэта дапамагае выбіраць месца для раскопак. Так, трэба асцерагацца закладваць і раскопы блізка каля культавых пабудрў. Культурны слой вакол цэркваў і касцёлаў перамешаны шматлікімі старымі пахаваннямі, слядоў ад якіх на павёрхні нё захавалася.

Амаль ля самых вуліц ў бёларускіх гарадах і мястэчках цягнулася суцэльная лінія будынкаў. Слой тут таксама перамешаны ямамі пад падмуркі і склепы. Самы багаты на знаходкі слой знаходзіцца ў глыбіні двара на адлегласці 10-15 м ад вуліцы. Сюды часта выкідвалі непатрэбныя рэчы: бітыя гаршчкі, кафлю і інш. Далей, у глыбіні сядзібы, пачыналіся агароды - месца для археолага нецікавае.

У Міры ўжо акрэслены выгодныя для раскопак пляцы і спадзяёмся, што нас там чакаюць новыя цікавыя знаходкі.


НА НАВАГРУДСКІХ ПАГОРКАХ

Для беларусаў горад Навагрудак [3] такое ж святое месца, як Кракаў для палякаў, або Кіёта для японцаў, бо тут была першая сталіца беларуска-літоўскай дзяржавы. Навагрудак па свайму геаграфічнаму становішчу непадобны на іншыя старажытныя беларускія гарады. Ён размясціўся воддаль ад рэк (найзручных старадаўніх дарог) на самых высокіх вяршынях Навагрудскага ўзвышша. Акрамя вышыні гары, зручнай для абароны, заснавальнікі Новага горада ўлічылі яшчэ вельмі важную акалічнасць - з-пад гары чысцюткім струменем выбіваецца крыніца. Відавочна, спалучэнне гэтых двух абставін - высокай гары і блізкай вады - і вызначыла выбар месца пад жытло. А адбылося гэта аж у канцы 10 ст. і, відаць, у добры час, бо гораду было наканавана доўгае і багатае на значныя падзеі жыццё. Першае летапіснае ўпамінанне аб ім адносіцца толькі да сярэдзіны 13 ст., гэта значыць, што амаль трыста гадоў гісторыі горада даступныя толькі археолагам.

Немалую ролю ў росквіце Навагрудка адыгралі даволі ўрадлівыя глебы наваколля. Мы ж ведаем, што асновай гаспадаркі нашых продкаў у тыя часы было земляробства. Што ўжо казаць пра багацце мясцовых лясоў на звяроў, а рэчак і азёраў на рыбу.

Як бы там ні было, але праз дзвесце гадоў пасля ўзнікнення Навагрудак быў вялікім горадам у росквіце. Аказваецца, у.гэты час, у 12 ст., некаторыя жылыя будынкі Навагрудка мелі ў вокнах шкляныя шыбы, што нават для самога Кіева было рэдкасцю. Багатыя навагрудчане маглі сабе дазволіць раскошу піць са шклянога посуду, прывезенага аж з Сірыі і Ірана, а сцены сваіх дамоў упрыгожыць фрэскавым роспісам.

Як вы можаце здагадацца, аб усіх гэтых цікавых дэталях нам расказалі археолагі. Больш чым дваццаць гадоў запар у старажытным цэнтры Навагрудка - Замкавай гары і Малым замку - працавала экспедыцыя ленінградскіх археолагаў пад кіраўніцтвам Ф. Д. Гурэвіч, Велізарная калекцыя знойдзеных рэчаў дала магчымасць напісаць кнігу і не адзін дзесятак артыкулаў аб старажытным Навагрудку, аб яго гаспадарцыі побыце жыхароў.

Аднак ленінградскіх даследчыкаў цікавіў галоўным чынам найдаўнейшы перыяд жыцця горада - 10-13 стст. Яны не праводзілі раскопак за межамі старадаўняга цэнтра (выключэнне даследаванні М. К. Каргера ля Барысаглебскай царквы 12 ст.). Амаль цалкам па-за іх увагай засталіся пазнейшыя часы - 14-17 стст. А менавіта тады тут віравала ці не самае бурлівае, багатае на падзеі жыццё. Праўда, пачаўся гэты перыяду 13 ст., калі Навагрудчына, як і ўсё Панямонне, стала ядром новай дзяржавы, праз сто з невялікім гадоў буйнейшай у Еўропе. Менавіта багатая Навагрудчына была асяродкам, да якога праз энергічную дзейнасць яе князёў імкліва далучаліся ўсё новыя ўсходнеславянскія і літоўскія землі, склаўшыя ў рэшце рэшт Вялікае княства Літоўскае.

У 14-16 стст. у Навагрудку будуецца і пастаянна. ўмацоўваецца магутнейшы сямівежавы мураваны замак, горад з'яўляецца цэнтрам ваяводства, уваходзіць у шэраг буйнейшых у дзяржаве. Ён разрастаецца, спускаецца ў навакольныя нізіны, але асноўная тэрыторыя размяшчаецца на пагорках вакол Замкавай гары.

У 14 ст. да Навагрудка неаднойчы прыходзілі крыжацкія загоны. Яны рабавалі навакольных жыхароў, забіралі іх у няволю, спрабавалі ўзяць навагрудскі замак. Аб адным такім паходзе вельмі яскрава расказвае нямецкі храніст. У 1314 г. крыжацкае войска выправілася на Навагрудак. Напад быў дэталёва спланаваны, нават прадугледжаны два склады харчовых прыпасаў па дарозе, на той выпадак, калі давядзецца вяртацца ні з чым. Такая прадбачлівасць аказалася нялішняй. Па ўсёй дарозе да Навагрудка крыжакі сустракалі толькі спаленыя вёскі без жыхароў. Апошнія, папаліўшы свае сядзібы, пахаваліся з дабром па лясах. Дапяўшы да горада, захопнікі беспаспяхова спрабавалі захапіць замак. Навагрудчане мужна бараніліся. Калі ж сярод крыжакоў пачаўся голад, то іх камандзіры былі вымушаны спыніць аблогу і ратавацца. Аднак вярнуцца назад да прусаў здолелі толькі адзінкі, астатнія загінулі, большай часткай ад голаду, бо гарадзенскі староста Давыд з дружынай захапіў абодва склады харчавання, перабіўшы варту.

Пасля таго як крыжакоў разграмілі пад Грунвальдам у 1410 г. (слынны ўдзел у той бітве прыняла навагрудская харугва), з гэтым ворагам было скончана.

Але аб'явіўся іншы, не менш небяспечны - крымскія татары. Імклівая татарская конніца далятала праз бязлюднае Дзікае поле да беларускіх зямель часта раней, чым даходзіла вестка аб іх выправе. Абраўшы месца пад лагер - кош, татары разляталіся ў розныя бакі рабаваць, паліць, браць у палон. Яны даходзілі да Навагрудка, хоць і не маглі стварыць сур'ёзнай пагрозы яго ўмацаванням. Менавіта з Навагрудка ўлетку 1506 г. войска пад началам князя Міхала Глінскага выйшла ў свой скрытны паход, каб неспадзеўкі заспець татараў у кошы пад Клецкам, вынішчыць іх, вызваліць шматлікі палон (40 тыс. людзей) і пакрыць сябе славай у вачах наступных пакаленняў.

Як і большасць іншых беларускіх гарадоў, Навагрудак атрымаў (у 1511 г.) самакіраванне па Магдэбургскаму праву і займеў уласны герб.

Непадалёку ад замка на гандлёвай плошчы будуецца ратуша, там праводзіць свае паседжанні магістрат, захоўваюцца ўзоры мераў вагі, ёмістасці і даўжыні. Горад працягвае сваё жыццё, якое складаецца са штодзённых клопатаў яго насельнікаў. Клопатаў самых розных: аб кавалку хлеба і выратаванні душы, аб даху над галавой і пошуках праўды. I гэтыя клопаты пакідаюць часам свой след у зямлі, дакладней, у культурным слоі ў выглядзе самых разнастайных рэчаў. Здараецца, што след гэты - адзіны напамін аб тых людзях.

У 1987-1988 гг. нам давялося праводзіць археалагічныя раскопкі на тэрыторыі горада, не ў замку, а на пасадах, з мэтай высвятлення хаця б прыблізных межаў паселішча 15-17 стст., часу засялення асобных раёнаў. Разам з тым даследаваліся рэшткі кляштару былога манастыра дамініканцаў, каб потым яго адрэстаўрыраваць.

Як і ў астатніх гарадах Панямоння, раскопкі мелі складанасці, бо Навагрудак жыве на сваіх ранейшых пляцах, якія шчыльна забудаваныя. Нават некаторыя вуліцы завуцца гэтак жа, як і 50 0 гадоў таму назад (напрыклад, Гродзенская, Мінская, Замкавая). Часта даводзіцца закладаць раскопы не ў тым месцы, дзе мяркуецца: найбольш цікавы слой, а там, дзе ёсць вольны пляц.

Археалагічныя раскопкі ўпершыню ўскрылі нечапаны яшчэ археолагамі культурны слой познясярэднявечнага горада. Хоць яны і невялікія па плошчы, усяго каля 180 кв. м, але ўжо прынеслі пэўны плён, бо далі новыя матэрыялы па культуры і памерах тагачаснага горада. Так, рэчы 12-13 стст. былі знойдзены на даволі значнай адлегласці ад старажытнага цэнтра, каля аптэкі па вуліцы Гродзенскай і каля кляштару дамініканцаў. Калі побач з аптэкай выкапаныя толькі фрагменты венцаў гліняных гаршкоў, то ля дамініканцаў ёсць, акрамя таго, шкляныя бранзалеты і праселка. Гэтыя знаходкі даюць магчымасць рабіць высновы аб значных памерах неўмацаванага пасада горада эпохі Кіеўскай Русі. У 12-13 стст. ужо быў заселены суседні з дзядзінцам (Замкавая гара) і ўмацаваным вакольным горадам (Малы замак) пагорак, дзе зараз стаіць фарны касцёл. Акрамя таго, даўно вядома, што ў гэты час было абжыта наваколле царквы Барыса і Глеба. Навагрудак тады займаў практычна ўсе пагоркі вакол дзядзінца. Значная плошча пасада - сведчанне значнасці паселішча, гэтак жа як і багацце жыхароў вакольнага горада, аб якім мы ўжо ўпаміналі.

Далейшае тапаграфічнае развіццё Навагрудка ішло ў адпаведнасці з традыцыямі еўрапейскага горадабудаўніцтва і асаблівасцямі мясцовага рэльефу. У познім сярэднявеччы асновай планіроўкі паселішча стала гандлёвая дарога з Вільні, што ўваходзіла ў горад з поўначы, а за плошчай разгаліноўвалася на дзве часткі: на Мінск і Ляхавічы. У адпаведнасці з асаблівасцямі рэльефу і напрамку гандлёвых шляхоў сфарміраваліся абрысы галоўнай плошчы - рынку. Яна мае форму трохкутніка. Можна меркаваць, што тут нашы продкі, улічыўшы асаблівасці мясцовасці, на выгоду зручнасці прынеслі ў ахвяру горадабудаўнічую традыцыю, якая дыктавала чатырохвугольную форму галоўнай плошчы, як гэта было ва ўсіх суседніх гарадах. Урэшце ў Навагрудку сфарміравалася барочная планіроўка з плаўнай крывізной вуліц і архітэктурнымі дамінантамі- гмахамі культавых пабудоў, якія акаляюць плошчу з трох бакоў.

Пасля далучэння Беларускага Панямоння да Расійскай імперыі быў складзены праект перапланіроўкі Навагрудка (у пачатку 19 ст.), аднак ён застаўся няздзейсненым.

Тая акалічнасць, што вуліцы з часоў сярэднявечча амаль не змянілі свой напрамак, аблягчае працу археолагам, бо дае магчымасць акрэсліць прыблізнае месцазнаходжанне сядзіб даўніх жыхароў горада. Таўшчыня культурнага слоя Навагрудка значна вагаецца. На дзядзінцы (Замкавая гара) ён складае каля 5 м, на вакольным горадзе ад 1-1,2 м у цэнтры пляцоўкі да больш за 3 м па краях. На тэрыторыі пасадаў слой таксама залягае нераўнамерна. Адна з прычын гэтаму - няроўны рэльеф, бо за доўгія гады адбылося паступовае змыванне наслаенняў з пагоркаў у больш нізкія месцы. Нашымі раскопкамі на пасадзе выяўлены наслаенні ад 1 да 4 м таўшчынёй. Яны галоўным чынам светла-шэрага колеру, у верхніх пластах часта сустракаюцца праслойкі гліны, пяску, многа будаўнічых матэрыялаў.

Сабрана вялікая калекцыя археалагічнага матэрыялу 12-19 стст., сярод якой многа цікавых рэчаў. Як звычайна, самую значную частку знаходак складае непаліваны керамічны посуд. Гэта гаршкі, макотры, накрыўкі. Яны часта ўпрыгожаны прамымі або хвалістымі лініямі.

Сярод паліванага посуду таксама гаршкі, макотры, а яшчз кубкі, рынкі. Цікавы фрагмент кубка з хвалістымі сценкамі. Мораныя начынні, да якіх належаць гаршкі, макотры, міскі і талеркі, часта арнаментаваны глянцаваным арнаментам. Сярод знаходак ёсць два фрагменты рэдкага ў нас посуду, прывезенага з берагоў Рэйна.

Усе гэтыя простыя, здавалася б, малакаштоўныя рэчы маюць вялікую вартасць таму, што яны паказваюць масавую матэрыяльную культуру, культуру менавіта народную, якую іншымі сродкамі прасачыць амаль немагчыма.

Вельмі цікавыя па сваіх у першую чаргу мастацкіх вартасцях знаходкі кафлі. Яна таксама была шырока распаўсюджаная і багата арнаментаваная. У наваколлях Навагрудка знойдзены экземпляры кафлі адной з самых старажытных на Беларусі ў выглядзе цыліндрычнага начыння з даволі нядбайна апрацаванай паверхняй. У час раскопак на пасадзе таксама знойдзена гаршковая кафля, але пазнейшая - 15-16 стст. з прамавугольным вусцем. Значна больш у калекцыі карабковых кафлін 17 ст. Яны тэракотавыя або пакрытыя зялёнай палівай і ўпрыгожаныя разнастайнымі малюнкамі. Найчасцей ужываўся раслінны арнамент (выявы разнастайных галін, кветак, гронак), радзей геаметрычны (квадраты, трохкутнікі і інш.). Асаблівую цікавасць выклікаюць кафліны з геральдычным арнаментам, або зааморфным (выявы жывёл), сюжэтным (напрыклад, паляванне), антапаморфным (выявы чалавека) ці міфалагічным (выявы анёлаў) аздабленнем. Вось кафля з выявай нейкай крылатай жывёлы пад каронай ці сцэна палявання на аленя і г. д. Сярод знаходак кафліны ад розных частак печы: сцянныя, гзымсавыя, кафля-каронка. Кафля 18 ст. ужо не такая дасканалая па аздабленню, яна проста гладкая, без арнаменту.

Акрамя названых керамічных рэчаў, знойдзены фрагменты падсвечнікаў, гліняныя люлькі і вялікая колькасць будаўнічай керамікі: цэгла, дахоўка.

Намнога менш, чым керамічных, трапляецца вырабаў з металу: цвікі, нажы, падкоўкі да абутку, скабянка і г. д.

Нашы продкі з 16 ст. актыўна карысталіся шкляным посудам. У навагрудскай калекцыі ёсць бутэлькі, кварты, стопкі, кубкі, збаны, куфлі. Да 17-18 стст. належаць фрагменты аконнага шкла прамавугольнай формы. I ў познім сярэднявеччы навагрудчане ўжывалі імпартны посуд, аб чым сведчыць фрагмент венецыянскага начыння 16 ст. з нашай калекцыі. Заўважана цікавая заканамернасць - чамусьці знаходкі шклянога посуду канцэнтруюцца галоўным чынам на тэрыторыі манастыроў, цэркваў, касцёлаў. Вось і ў Навагрудку большая частка шклянога посуду знойдзена каля касцёла дамініканцаў і Барысаглебскай царквы.

Усе рэчы з нашых раскопак перададзены ў Навагрудскі гісторыка-краязнаўчы музей. Па выніках даследаванняў складзена ахоўная зона культурнага слоя горада, у якую ўключана тэрыторыя Навагрудка 17 ст.


ПАСЕЛІШЧЫ НАРЭЧЦЫ АШМЯНЦЫ

На паўночным захадзе Беларусі, каля мяжы з Літвой, знаходзіцца невялікі горад Ашмяны. Ціхі, прыемны гарадок. Ен утульна размясціўся на абодвух берагах Ашмянкі - прытока Віліі - уздоўж старажытнага мінска-віленскага шляху. Першае летапіснае ўпамінанне аб Ашмянах выяўлена ў «Хроніцы Літоўскай і Жамойскай» за 1341 г. У некаторых дарэвалюцыйных выданнях датай заснавання паселішча называецца 1040 год, але сучасныя гісторыкі ніякіх пацвярджэнняў гэтаму не маюпь. Нямецкія хронікі паведамляюпь, што крыжакі ў 1384 г. (па другіх звестках у 1385 г.) зрабілі чарговы паход на беларускія і літоўскія землі. На гэты раз яны напалі на Крэўскае княства, дзе пад началам магістра Конрада Цолнера знішчылі ўсё на сваім шляху аж да Ашмян.

Звестак аб гістарычным мінулым горада засталося няшмат. Вялікая колькасць дакументаў, якія захоўваліся ў самім горадзе, пад час шматлікіх войнаў загінула. Вось некалькі выпісак з гродскіх кніг ашмянскага павета, звязаных з вайной са шведамі ў пачатку 18 ст.: «... у годзе 1702 месяца мая 9 дня да месца Ашмяны прыбыло вялікае шведскае войска. Там, паколькі непрыяцель рабіў усё, што хацеў, то, акрамя іншага, у склепе, дзе былі ў захаванні акты ўсяго ашмянскага павета і іншых паветаў і ваяводстваў, земскія кнігі, справы, законы, магістрацкія запісы, дакументы аб шляхецкім стане, скрыні з кнігамі разбіты, кнігі па падворку параскіданы. Іншыя паабдзіраны, расшарпаны і іншыя ці праз непрыяцеляў шведаў, ці праз іншых розных людзей і абывацеляў таго ж павета розныя дакументы з тых кніг павыдзіраны... найбольш кніг ад года 16 83 аж да года 1696 дашчэнту згінула».

Добра яшчэ, што гарадскія ўлады пасля адыходу шведаў сабралі значную частку архіва і вярнулі ў месца ранейшага захавання. Пазней, ужо пасля французскай навалы 1812 г., пад час пошукаў інвентароў і карт Ашмянскага староства, высветлілася, што амаль усе яны загінулі.

3-за свайго месцазнаходжання побач са сталіцай Вялікага княства Літоўскага Вільняй Ашмяны часта траплялі ў самы вір палітычных падзей сярэднявечча. Апошні прыход крыжакоў адбыўся ў 1402 г. Комтур Вільгельм з Хельфенштэйну, пусціўшыся да Меднікаў, знайшоў іх ужо спаленымі самімі жыхарамі і таму павярнуў у ваколіцы Ашмян, рабуючы і палячы ўсё, што траплялася пад руку. Але нядоўга ўжо заставалася тэўтонцам гуляць па чужой зямлі. Цераз восем гадоў каля Грунвальда пад націскам аб'яднанага Войска Польскага каралеўства і Вялікага княства Літоўскага, чэшскіх, венгерскіх, татарскіх атрадаў ушчэнт разляцелася моц і слава ордэна і з крыжацкімі набегамі было скончана назаўсёды.

У 1432 г. у Ашмянах адбыліся драматычныя падзеі, звязаныя з барацьбой за ўладу паміж дзвюма групоўкамі феадалаў. Стаўленік адной з іх - вялікі князь Свідрыгайла з невялікім атрадам знаходзіўся ў ашмянскім двары. На яго знянацку напаў сапернік Жыгімонт Кейстутавіч з моцным войскам. Світа Свідрыгайлы разбеглася, а сам ён з 14 коннікамі ледзьве паспеў уцячы ў Полацк. Неўзабаве справа дайшла да рашаючай бітвы, перамогу ў якой атрымаў Жыгімонт. У гонар такой падзеі ён каля 14 34 г. фундаваў пры ашмянскім касцёле (пабудаваным яшчэ Ягайлам ці Вітаўтам) калегію.

Трэба адзначыць, што Ашмяны бачылі на сваім веку не толькі вайсковыя калоны, але і такія працэсіі, як праезд да Вільні дачкі маскоўскага князя Івана Васільевіча князёўны Алены. Яна накіроўвалася ў сталіцу, каб уступіць у шлюб з вялікім князем літоўскім Аляксандрам.

У межы сучаснага горада ўваходзіць мясціна, якая называецца Старыя Ашмяны. Мяркуюць, што тут знаходзілася першапачатковае паселішча. У 1505 г. вялікі князь Аляксандр аддаў Старыя Ашмяны манахам-францысканцам, збудаваўшы ім тут касцёл і кляштар. У гэты час разрастаецца новая частка Ашмян, там, дзе зараз знаходзіцца цэнтр.

У 16 ст. горад стаў цэнтрам павета. Ашмяны не мелі Магдэбургскага права і ўпраўляліся вялікакняжацкай адміністрацыяй, але ўжо ў часы княжання Жыгімонта Старога (150 6-1548 гг.) карысталіся зацверджанымі дзяржавай правамі і прывілеямі, паміж мяшчанамі былі распісаны падаткі. Гараджане вызваляліся ад пастою войска, варты, дастаўкі лістоў. Ашмянскімі старастамі ў розныя часы былі прадстаўнікі буйнейшых магнацкіх родаў княства: Радзівілаў, Сапегаў, Зяновічаў, Пацаў і інш. У цэнтры горада пад час раскопак знойдзена некалькі фрагментаў кафлі 17 ст. з геральдычным арнаментам. На адным з іх захавалася частка выявы арла - родавага знака Радзівілаў. Магчыма, мы знайшлі кафліну ад печы, якая належала Багуславу Радзівілу, што быў ашмянскім старастам у 1650 г.

У другой палове 16 ст. першы стараста з Радзівілаў заклаў тут кальвінскі збор. У 1667 г. быў фундаваны касцёл св. Троіцы і пры ім кляштар дамініканцаў. Пры апошнім каралі Рэчы Паспалітай у 1792 г. Ашмяны атрымалі герб, які самі сабе выбралі: на адным баку рука з вагамі, на другім - шчыт, паміж ім унізе бык, а пад быком надпіс: Memoria Stanislai Augusti 1792 (памяць Станіслава Аўгуста).

Такі вось кароценькі нарыс гісторыі горада да 19 ст. Многае яшчэ застаецца няясным або зусім невядомым. Напрыклад, як адказаць на такое пытанне: калі ўсё ж былі заснаваны Ашмяны? Першае пісьмовае ўпамінанне - 1341 г. Але ад узнікнення паселішча да ўпамінання аб ім у пісьмовых крыніцах можа прайсці шмат часу, дзесяткі або нават сотні гадоў. Каб далёка не хадзіць за прыкладам, возьмем такія гарады Беларускага Панямоння, як Ваўкавыск або Слонім. У летапісах яны ўпершыню сустракаюцца пад 1252 г., хоць фактычна гэтыя паселішчы ўзніклі ўжо ў канцы 10-пачатку 11 ст.

Праз вывучэнне нешматлікіх і адрывачных летапісных звестак гісторык Р. В. Баравы прыйшоў да высновы, што Ашмяны існавалі ўжо ў 13 ст. як цэнтр невялікага княства. Цікава было б яшчэ ведаць, ці быў у Ашмянах замак (аб ім пісалі дарэвалюцыйныя даследчыкі), а калі быў то дзе, як развіваўся горад, ці праўда, што першапачатковае паселішча знаходзілася ў Старых Ашмянах і г. д. Гісторыкі пакуль не могуць даць дакладныя адказы на гэтыя пытанні. Таму невыпадкова ўлетку 1984 г. у Ашмянах з'явіліся археолагі. Яны прыехалі па запрашэнню аддзела культуры райвыканкома, каб паспрабаваць вырашыць праблему з дапамогай метадаў сваёй навукі. У больш вузкім сэнсе задача стаяла так - знайсці культурны слой першапачатковага паселішча і высветліць яго характар - было яно ўмацаваным ці не. Паколькі мы не ведаем ніякага помніка (напрыклад, гарадзішча), які можна звязаць з летапіснымі Ашмянамі, то раскопкі былі сканцэнтраваны ў межах сучаснага горада.

Археалагічныя даследаванні працягваліся і ў 1985 г. Раскопкі вяліся ў двух месцах: у Старых Ашмянах (вуліца Кастрычніцкая) і ў цэнтры горада. Як ужо ўпаміналася, у Ашмянах уздоўж ракі па абодвух яе баках цягнуцца ланцугі пагоркаў і асноўная частка горада размешчана паміж імі і ракой. Зразумела, калі замак быў, то ён мусіў займаць адну з пануючых над наваколлем вышынь. Але слядоў умацаванага збудавання на пагорках у Старых Ашмянах няма: ніякіх хоць бы намёкаў на валы, равы; культурны слой таксама адсутнічае. Аўтар сам з рыдлёўкаю у руках абхадзіў і агледзеў усе ваколіцы горада па абодвух берагах ракі. У многіх месцах вяршыні і схілы пагоркаў узараны, а, як вядома, на ўзаранай зямлі сляды паселішча шукаць значна лягчэй, чым пракопваць дзірван. Пошукі поспеху не прынеслі.

Але вернемся да раскопак. Задоўга да пачатку археалагічнага даследавання ўжо праводзілася падрыхтоўчая праца. Збіраліся матэрыялы па архівах, археолагі выязджалі на агляд будучых месцаў раскопак. Трэба адзначыць, што сустракалася нямала цяжкасцей. На самай справе, не так проста весці раскопкі ў горадзе. Акрамя шчыльнай забудовы, трэба ўлічыць яшчэ падземныя камунікацыі. Дрэнна прыйшлося б археолагам, каб не зацікаўленыя ашмянцы. Вельмі хутка з гарадскімі службамі былі ўладкаваны ўсе пытанні адносна месца раскопак. Мясцовыя жыхары ахвотна пускалі нас капаць на свае падворкі, дапамагалі ў арганізацыі даследаванняў. 3 іх дапамогай у Старых Ашмянах былі знойдзены падмуркі кляштару францысканцаў 16 ст. Кляштар знаходзіўся побач з касцёлам. Відавочна, будынак быў вялікім, бо падмуркі, складзеныя з буйных камянёў, на гліне залягаюць на глыбіню больш як 2,5 м. Тут жа знойдзена цэгла-пальчатка памерам 29,5х17х8 см. 3 такой цэглы ў канцы 15-пачатку 16 ст. пабудаваны Мірскі замак.

У наваколлі касцёла ўдалося намацаць участак са светла-шэрым культурным слоем, таўшчынёй больш за 1 м. Гэты слой перамешаны шматлікімі пахаваннямі, неглыбокімі і вельмі густа размешчанымі. Відавочна, могілкі доўга функцыяніравалі або да іх дабавілася масавае пахаванне, магчыма, звязанае з адным з іншаземных нашэсцяў ці эпідэміяй.

Магільныя насыпы даўно зніклі, таму на паверхні зямлі пахаванні не прасочваюцца і некаторыя дамы пабудаваны прама на іх. Менавіта ў гэтым перамешаным слоі знойдзены самыя старажытныя рэчы з Ашмян. Гэта некалькі кавалкаў непаліваных гаршкоў, міска, наканечнік стралы. Гаршкі, падобныя на ашмянскія, вядомы з Гродна, Ваўкавыска, Брэста, Пінска і маюць шырокае датаванне-12-13 і пачатак 14 ст. Міска адносіцца да 12-14 стст., наканечнік стралы датуецца больш вузка - 14 ст. Можна меркаваць, што найстаражытныя рэчы датуюцца не раней за 14 ст.

У цэнтры горада таўшчыня культурных наслаенняў вагаецца ад 0,6 да 1,3 м. Удалося выявіць непатрывожаныя ўчасткі і ў адным месцы нават закласці два невялікія раскопы. У гарадскіх наслаеннях выдзяляюцца два пласты. Верхні - таўшчынёй 0,3-1 м утрымлівае праслойкі гліны, пяску, бітай цэглы. Знаходкі з яго датуюцца 17-20 стст. Ніжні пласт цёмна-шэрага колеру ёсць толькі ў раёне, што прылягае да плошчы. Рэчы, знойдзеныя ў ім, адносяцца да 15-17 стст. У двух месцах побач з плошчай, як і ў Міры, у зямлі выяўлены каменныя брукоўкі, адна 17, другая 19 ст. Найбольш старажытныя знаходкі (гаршкі, фрагменты падкоў, ключ) адносяцца да 15 ст.

У выніку раскопак можна прапанаваць найбольш верагодную рэканструкцыю схемы тапаграфічнага развіцця горада. Старажытнае паселішча размяшчалася на правым беразе Ашмянкі ў Старых Ашмянах. Дакладнае месца паселішча акрэслена каля падэшвы аднаго з пагоркаў, там, дзе знаходзяцца руіны касцёла францысканцаў. Падставы для такой высновы: знаходкі чатырох кавалкаў непаліваных гаршкоў, цэлага профілю міскі 12-14 стст., наканечніка стралы 14 ст. Адсутнасць не патрывожанага культурнага слоя паселішча можна вытлумачыць размяшчэннем на яго месцы могілак. Пасяленне было невялікім, яно займала плошчу каля 0,3 га. Відавочна, тут знаходзіўся летапісны «двор Ашмяна». Могілкі на гэтым месцы ўзніклі ў сувязі з будаўніцтвам у 16 ст. касцёла францысканаў. Да пачатку будаўніцтва двор быў перанесены на другі бераг ракі, дзе зараз цэнтр горада.

3 інвентароў 17 ст. вядома, што ў гэты час «двор Ашмянскі» - адміністрацыйны цэнтр павета, размяшчаўся на поўдзень ад плошчы. У 15-16 стст. асноўная тэрыторыя горада знаходзілася на левым беразе ракі ў 1,5 км ад Старых Ашмян. Тут сфарміравалася сетка вуліц, якая без значных змен захавалася да нашага часу. У аснове гарадскога плана ляжаць тры дарогі: Вільня-Мінск дзяржаўнага значэння, а таксама мясцовыя шляхі: На Жупраны-Смаргонь і Гальшаны-Навагрудак. Дзве старажытныя ашмянскія вуліцы захавалі свае назвы да нашых дзён (яшчэ адно сведчанне аб увазе мясцовых жыхароў да гісторыі свайго горада). Гэта вуліцы Гальшанская і Барунская. Па археалагічных знаходках можна меркаваць, што раней за іншыя заселены ўчасткі вакол плошчы і гэта не дзіўна - даўнейшыя людзі і гэтак жа, як і сучасныя, імкнуліся пасяліцца ў цэнтры.

Яшчэ адным вынікам раскопак стала багатая калекцыя рэчаў з побыту сярэднявечных ашмянцаў, але аб ёй гаворка яшчэ наперадзе. Немалаважна і тое, што два дзесяткі мясцовых школьнікаў значна папоўнілі свае веды аб родным горадзе. Можна спадзявацца, што пры выпадку яны здолеюць самастойна вызначыць гістарычную вартасць трапіўшай ім у рукі старажытнай рэчы і перадаць яе ў музей.


МЯСТЭЧКІ КАЛЯ ЗАМКАЎ

Гальшаны і Любча - старажытныя беларускія мястэчкі, размешчаныя на перакрыжаванні гандлёвых шляхоў. Зараз яны мястэчкамі не называюцца: Гальшаны - вёска, а Любча - гарадскі пасёлак.

Мястэчкі займалі прамежкавае становішча паміж гарадамі і вёскамі. Жыхары іх займаліся сялянскай працай, а акрамя таго, валодалі якім-небудзь рамяством, вялі гандаль. Мястэчкі вырасталі, звычайна, з вёсак, у адных выпадках, дзякуючы зручнаму размяшчэнню на гандлёвых шляхах, у другіх - у выніку волі гаспадара. Вялікі князь, ці магнат, у валоданні якога знаходзілася пасяленне, даваў прывілей на вядзенне гандлю, арганізацыю кірмашоў, і гэта станавілася штуршком да хуткага росту паселішча. Большая частка мястэчак на Беларусі з'явілася ў канцы 15-16 стст. у выніку развіцця таварна-грашовых адносін. Якраз 15-16 стст. Беларусь перажыла адносна спакойна. Былі войны, былі набегі татар, але яны не прынеслі такога спусташэння, як гэта адбылося пазней, у другой палове 17 ст.

Неабходнасць у пасяленнях местачковага тыпу была, відаць, вялікай, бо вырасталі яны, як грыбы пасля дажджу. У сярэдзіне 17 ст. па падліках гісторыка 3. Ю. Капыскага ў Беларусі было 425 мястэчак. Большасць гэтых старажытных паселішчаў, у тым ліку Гальшаны і Любча, да нашага часу захавала сваю старажытную планіроўку. Яна надзвычай простая і ў аснове мае перакрыжаванне дзвюх ці больш старажытных дарог, што ў межах пасялення становяцца вуліцамі. Будынкі выцягваліся ўздоўж вуліц-дарог. Тут было выгодна сяліцца рамеснікам, бо лягчэй можна знайсці пакупніка на свае вырабы. Гандлярам таксама даспадобы жыллё, якое размешчана каля гандлёвага шляху. Паступова паселішча разрасталася. Каля самага перакрыжавання ўзнікала плошча, прычым прымыкала да яго збоку, каб не перашкаджаць у час кірмашоў праходу ці праезду падарожнікаў, якім няма патрэбы спыняцца. Побач з плошчай знаходзяцца касцёл ці царква або тое і другое разам, бо тут заўсёды больш чым дзе людзей і маюцца зручныя пад'езды.

I вось прайшло ўжо не менш пяцісот гадоў, а плошча ўсё на тым жа месцы, дзе была з самага пачатку, старажытныя дарогі бягуць у тых жа кірунках, па тых жа самых мясцінах. Каго толькі не прыводзілі гэтыя дарогі ў мястэчка ў кірмашныя дні. Тут віравалі, хвалілі свой тавар мясцовыя і прыезджыя гандляры, прапаноўвалі вырабы рамеснікі, прыцэньваліся да патрэбных у гаспадарцы рэчаў сяляне з навакольных вёсак, шляхцюкі з фальваркаў. Былі тут і вандроўнікі, і студэнты, і цыганы з мядзведзем, і артысты з батлейкай. Гандляры прыязджалі не толькі з беларускіх гарадоў, але і з замежных. Сярэднявечныя местачковыя кірмашы аказаліся настолькі жывучай і трывалай формай гандлю, што дзе-нідзе дажылі да нашых дзён.

Гальшаны і Любча - тыповыя беларускія мястэчкі. У 16-17стст. яны былі амаль аднолькавымі па памерах, мелі пад паўтары сотні дамоў кожнае. Але папярэдняе іх развіццё ішло рознымі шляхамі. Гальшаны па пісьмовых крыніцах вядомы з 13 ст. У двух кіламетрах ад сучаснай вёскі, каля дарогі на Баруны, на высокім пагорку знаходзіцца гарадзішча. Гэтае гарадзішча і селішча побач з ім і было старажытнымі Гальшанамі. Валодаў імі род князёў Гальшанскіх. Даследчыкі мяркуюць, што пасля таго, як у другой палове 16 ст. пасяленне адышло да Сапегаў, то новыя ўладальнікі перанеслі рэзідэнцыю з гарадзішча на бераг Лусты (Гальшанкі). Тут у 16 ст. пачалі, а ў 17 ст. скончылі будаўніцтва замка, які зараз ляжыць у руінах. А яшчэ пасля Вялікай Айчыннай вайны ён быў цэлы. Спатрэбілася цэгла на будаўніцтва клуба і большую частку помніка разбурылі. На яго тэрыторыі зараз размешчаны кароўнік. Мястэчка на беразе Лусты існавала яшчэ да з'яўлення замка. У 15 ст. у Гальшанах быў пабудаваны касцёл, у 16 - Кальвінскі сабор. У пачатку 17 ст. узведзены манастыр і касцёл францысканцаў. У канцы 16 ст. у мястэчку пачала дзейнічаць паперня, у якой выраблялася якасная папера для пісьма і друку.

Першыя звесткі аб Любчы адносяцца да 15 ст., дакладней, да 1499 г. Вялікі князь Аляксандр дараваў двор Любчу падскарбію [4] Ф. Храптовічу. На працягу 16 ст. гаспадары мястэчка мяняліся некалькі разоў. У 15 28 годзе яно перайшло да А. Гаштольда, з 15 74 г. Належала Яну Кішку, а з 1606 г. Любча - уладанне Радзівілаў. У другой палове 16 ст. пачалі ўзводзіць замак - рэзідэнцыю Яна Кішкі. Для будаўніцтва абрана прыгожая мясціна над Нёманам на паўднёва-ўсходняй ускраіне мястэчка.

Дабудова і перабудова замка і палаца працягваліся і пры наступных уладаль нік ах. У 1590 г. мястэчка атрымала Магдэбургскае права і ў сувязі з гэтым займела свой герб: у блакітным полі срэбная падкова рагамі ўніз, у ёй два залатыя крыжы, а трэці зверху. У падкове два ласасі, адзін галавой уверх, другі - уніз. Адначасова Любча атрымала права праводзіць штотыднёвыя таргі і два кірмашы штогод.

Развіццю мястэчка спрыяла яго месцазнаходжанне па беразе Нёмана, бо буйныя рэкі, як вядома, - зручныя гандлёвыя шляхі. У 1592 г. у Любчы заснавана друкарня. Першым друкаром у ёй быў Пётр Кміта. У 1644 г. Уладзіслаў IV пацвердзіў Магдэбургскае права і дараваў мястэчку новыя прывілеі і герб: каменная брама і рыцар са шчытом і мячом.

На малюнку Любчы, выкананым I. Нарановічам-Наронскім у сярэдзіне 17 ст., на выяздах з мястэчка відаць чатыры брамы, а ў заходняй частцы паселішча - дзве вежы і агароджа. Недалёка ад замка паказаны Кальвінскі сабор 16 ст.

Чаму ж мы пачалі капаць менавіта ў Гальшанах і Любчы, а не ў якім іншым мястэчку? Справа ў тым, што пачаліся даследаванні ў Гальшанскім і Любчанскім замках. Іх вяла экспедыцыя навукова-вытворчага аб'яднання «Белрэстаўрацыя» пад кіраўніцтвам I. М. Чарняўскага. Паралельна з гэтай экспедыцыяй мы пачалі вывучаць самыя пасяленні, каб мець нейкае агульнае ўяўленне і аб замках і аб мястэчках. Трэба адзначыць, што раскопкі ў мястэчках былі невялікімі па аб'ёму, але вельмі цікавымі, таму што гэта адно з першых археалагічных даследаванняў беларускіх мястэчак.

Пытанняў перад намі стаяла шмат. Які тут культурны слой? Ці захоўваюцца ў ім дрэва, скура і іншыя арганічныя матэрыялы? Якія старажытныя рэчы могуць трапіцца? Ці адрозніваецца археалагічны матэрыял з мястэчак ад гарадскога?

У нашых мястэчках цяжка знайсці непарушаны культурны слой. I гэта не дзіўна. У Гальшанах, Любчы, гэтак жа як і ў іншых такіх паселішчах, з часу іх узнікнення да нашых дзён не спыняецца інтэнсіўнае жыццё. Людзі працягваюць сяліцца на тых месцах, дзе жылі іх бацькі, дзяды, прадзеды, уладкоўваюцца, капаюць скляпы, раўкі пад падмуркі і г. д. Усё гэта не спрыяе добраму захаванню культурнага слоя.

Асабліва адчувальным недахоп месцаў для раскопак быў у Гальшанах. У цэнтры паселішча вакол плошчы захавалася шчыльная старая забудова. Ледзь-ледзь можна ўціснуцца з шурфам паміж дамамі, прычым з рызыкай трапіць на перамешаны слой. Адзіная свабодная пляцоўка побач з плошчай размешчана каля касцёла.

Шурф, закладзены за касцёльнай агароджай, прыйшоўся якраз на могілкі. Адзін з шурфаў на ўскраіне вёскі паказаў нязначны па таўшчыні і бедны знаходкамі культурны слой. Усё-такі тры шурфы ўдалося ўклініць на тэрыторыю ля плошчы і трапіць якраз на амаль непарушаны слой. Менавіта тут ён найбольшы па таўшчыні - 1,4 м. Знаходкі ў верхнім пласце адносяцца да 18-20 стст. У ніжнім пласце таўшчынёй 0,7-1 м знойдзены рэчы 15-17 стст. (керамічны посуд, кафля, цэгла, дахоўка).

У шурфах ля цэнтра трапіліся і самыя цікавыя знаходкі: кафля ў выглядзе гаршкоў, а таксама звычайныя карабковыя, металічныя і шкляныя вырабы, керамічны посуд. Тут жа выяўлены і самыя старажытныя рэчы - фрагменты гаршкоў і кафлі 15-16 стст. Да вельмі рэдкіх знаходак належыць кавалак формы для вырабу кафлі.

У Любчы старая забудова вакол цэнтра не захавалася, але яе месца занялі сучасныя будынкі, так што праблемы з раскопкамі былі такія ж, як у Гальшанах. Высветлілася, што можна знайсці некранутыя ўчасткі культурнага слоя, насычанага рознымі старажытнымі рэчамі. У скверыку на месцы былой плошчы ўдала трапілі на каменны падмурак. Ён залягае неглыбока, відавочна, гэта рэшткі гандлёвых радоў 19 ст. Шурфы, закладзеныя вакол былой плошчы, дазволілі высветліць магутнасць (1,3 м), характар слоя, сабраць цікавую калекцыю знаходак.

Два шурфы заклалі непадалёк ад замка, каля таго месца, дзе ў 16 ст. быў Кальвінскі сабор і друкарня. Слой тут аказаўся даволі бедным, знайшлі ўсяго некалькі фрагментаў керамічнага посуду 17-18 стст. На жаль слядоў старажытных будынкаў не трапілася. I гэта не дзіўна, бо было б цудам на такой плошчы двума маленькімі шурфамі выявіць той жа сабор ці друкарню. Мы не мелі магчымасці правесці тут больш грунтоўныя даследаванні, і давялося адкласці пошукі на неакрэслены час. Багацейшым на знаходкі аказаўся культурны слой каля плошчы. Па знаходках высветлілася, што верхнія 0,5 м утварыліся на працягу 18-20 стст. У слаях, размешчаных на 20-25 см глыбей, знойдзены рэчы 17-18 стст. А ў самым ніжнім пласце таўшчынёй каля 0,3 м выяўлены кавалкі керамічнага посуду 15-17 стст.

Найбольш старажытныя рэчы з Любчы - кавалкі непаліваных гаршкоў - знойдзены менавіта ля плошчы. Яны датуюцца 15 ст. Удалося сабраць поўны профіль вялікага керамічнага начыння - макотры. Яна ўпрыгожана наляпным пасам. Сярод іншых цікавых знаходак трапілася унікальная: паліхромная кафля - медальён з выявай таўсташчокага вусатага твару нейкага шляхцюка. Гэта адзіная паліхромная кафля з раскопак у Любчы. Для яе аздаблення спатрэбілася белая і сіняя палівы.

У выніку невялікіх, можна сказаць, разведачных даследаванняў высветлілася, што культурны слой у мястэчках раўнамерна адкладваўся вакол плошчы і найбольшай магутнасці дасягнуў менавіта побач з ёй. Тут даўней ішло і ідзе зараз самае інтэнсіўнае жыццё. Чым далей ад цэнтра, тым танчэйшы слой. Нягледзячы на тое што зямля ў многіх месцах перакапана, у мястэчках магчыма праводзіць археалагічныя раскопкі і знаходзіць цікавыя рэчы. Дрэва і скура ў мястэчкавай зямлі захоўваюцца дрэнна. У Гальшанах адзіная знаходка вырабу са скуры - падэшва бота канца 19-пачатку 20 ст. з набітай на абцас падкоўкай.

Складваецца такое ўражанне, што значных адрозненняў паміж рэчамі, знойдзенымі ў гарадах і ў мястэчках, няма. Зразумела, матэрыял з горада і багацейшы, і больш разнастайны. Напрыклад, паліхромная кафля ў мястэчках рэдкасць, для гарадоў жа знаходкі такіх кафлін - звычайная з'ява. Гэта не дзіўна, бо ў гарадах жыло больш багатых людзей, якія маглі прыдбаць дарагую печ са шматколернай кафлі. Тое ж самае можна сказаць і пра шкляны ці керамічны імпартны посуд. Праўда, нельга забываць, што археалагічныя даследаванні мястэчкаў толькі пачынаюцца, а ў гарадах ідуць ужо дзесяткі гадоў. Таму рана рабіць нейкія канкрэтныя высновы. Асноўная праца яшчэ наперадзе. Даследчыкаў старажытных беларускіх мястэчак, несумненна, чакаюць цікавыя знаходкі і адкрыцці.


ЗРОБЛЕНА РУКАМІ ПРОДКАЎ

Матэрыяльная культура Беларусі 14-18 стст., на жаль, яшчэ дрэнна вывучана. У навуцы склалася дзіўная сітуацыя. Няблага даследавана археолагамі 10-13 стст., этнографы добра вывучылі матэрыяльную культуру 19-пачатку 20 ст., а паміж гэтымі перыядамі засталася белая пляма. Яна закрывае цікавейшую эпоху нашай гісторыі. У гэты час у нетрах феадалізму зараджалася і мацнела новая грамадская фармацыя - капіталістычная. У 14-17 стст. адбывалася станаўленне беларускага народа. Усё гэта адбілася і на матэрыяльнай культуры. Ужо па тых рэчах, якія ў нас ёсць, можна вызначыць, што матэрыяльная культура 14-17 стст. характарызуецца вялікім багаццем і разнастайнасцю.

У апошнія часы прыкметны пэўныя зрухі. Над вывучэннем матэрыяльнай культуры позняга сярэднявечча зараз працуюць больш за дзесятак спецыялістаў-археолагаў, і можна спадзявацца, што ў хуткім часе плён іх стане прыкметным.

У папярэдняй частцы кнігі апавяданне ішло аб раскопках у чатырох паселішчах, якія маюць багатую гісторыю. У мінулым гэта былі пасяленні рознага тыпу. Гальшаны і Любча - мястэчкі, Ашмяны - горад, а аб Міры даследчыкі і зараз спрачаюцца, як яго назваць - горадам ці мястэчкам. Агульнае ў іх тое, што ва ўсіх чатырох пасяленнях археалагічныя даследаванні праводзіліся ўпершыню і здабыты матэрыял цалкам новы і амаль невядомы навукоўцам, а тым больш шырокаму чытачу.

У якасці працоўнай сілы пад час раскопак былі занятыя мясцовыя школьнікі, большая частка знойдзеных рэчаў адкапана іх рукамі. У ходзе даследаванняў у вучняў заўважана павышэнне цікавасці да гісторыі роднага краю. Таму мы спадзяёмся, што нашы раскопкі вырашалі не толькі навуковыя задачы, але і адыгралі пэўную выхаваўчую ролю.

Не менш цікавымі былі экспедыцыі ў іншыя гарады, такія, як Гродна, Ліда, Слонім, Мазыр, Чачэрск, Мсціслаў і інш. Знаходкі ў некаторых з іх таксама выкарыстаны ў нашым апавяданні.

У культурных адкладаннях 14-17 стст., калі параўноўваць іх з папярэднім перыядам, назіраецца павелічэнне колькасці знаходак, а таксама большая іх разнастайнасць. 3 14 ст. вядомы пячная кафля і дахоўка, з 15 ст. распаўсюджваецца паліваны керамічны посуд, з канца 16 ст. - мораны. У 15 ст. з'яўляюцца абутковыя падкоўкі. У слаях канца 16-пачатку 17 ст. пачынаюць трапляцца гліняныя люлькі. На працягу 14-17 стст. значна павялічваецца выпуск керамічнага посуду, пашыраецца яго асартымент. У Міры, напрыклад, наслаенні 17 ст. утрымліваюць да 500 фрагментаў керамічнага посуду на 0,8 кубічных метраў зямлі (квадрат памерам 2X2 м і глыбінёй - 20 см).

Аб даўніх рэчах з раскопак у беларускіх гарадах і мястэчках (у асноўным, панямонскіх) будзе далейшае наша апавяданне.


Керамічны посуд

3 даўніх часоў у жыцці чалавека значную ролю адыгрывае звычайная гліна. Сучасная навука стварыла вялікую колькасць танных і трывалых матэрыялаў, без якіх нельга ўявіць побыт чалавека нашых дзён. Але адзін са старажытнейшых будаўнічых матэрыялаў - гліна, у значнай ступені ўтрымлівае свае пазіцыі ў побыце (посуд і інш.), будаўніцтве (цэгла, дахоўка, трубы, пліткі), тэхніцы, скульптуры, прыкладным мастацтве і г. д. А ў мінулым значэнне гэтага трывалага і пластычнага матэрыялу было яшчэ большым. Як і зараз, людзі выраблялі з гліны цэглу, каб збудаваць сабе жыллё, дахоўку, каб закрыць дом ад дажджу і снегу, пліткі, каб наслаць падлогу. 3 гліны рабіліся печы і кафля, а найбольш шырока яна ўжывалася для вытворчасці посуду. Невыпадкова, што гліняныя вырабы складаюць большасць сярод знаходак, сабраных пад час раскопак. Асабліва многа іх у познясярэднявечных слаях. У побыце беларусаў шырока ўжывалася дрэва, але старажытныя вырабы з яго, у адрозненне ад гліняных, захоўваюцца далёка не ўсюды. Гэта таксама адна з прычын перавагі вырабаў з гліны сярод археалагічных знаходак.

Зразумела, мы знаходзім, за рэдкім выключэннем, рэчы, якія трапілі ў зямлю ў сапсаваным выглядзе. У выпадку з посудам мы маем справу з чарапкамі. Шмат часу займае рэканструкцыя начыння, калі трэба сярод дзесяткаў і сотняў вельмі падобных кавалкаў адшукаць патрэбныя і скласці які-небудзь гаршчок ці міску. Праўда, для рэстаўрацыі дастаткова сабраць толькі адзін бок начыння, але абавякова ад нізу да верху. Калі вядома дакладная вышыня і форма посуду, то няцяжка дарабіць недастаючыя часткі.

Керамічны посуд, знойдзены ў познясярэднявечных гарадах і мястэчках, можна падзяліць на тры вялікія групы: непаліваны, паліваны і мораны (ці дымлёны). Гэты падзел абапіраецца на асаблівасці абпалу і апрацоўкі паверхні начынняў. Мораны посуд у адрозненне ад непаліванага і паліванага абпальваўся ў закупораным горне без доступу паветра. Паліваны посуд пакрываўся тонкім слоем с пецыяль нага рэчыва, якое называецца палівай. Гэта рабілася галоўным чынам для паляпшэння якасці вырабаў, каб сценкі не прапускалі вільгаці, каб гліняны пыл не дамешваўся да харчовых прадуктаў. Выкарыстоўвалі паліву і з мэтай аздаблення начынняў.

Па хатняму ўжытку посуд падзяляецца на кухонны (гаршкі, патэльні, макацёры) і сталовы (міскі, талеркі, кубкі, чаркі і інш.). Частыя знаходкі керамічнага посуду зрабілі яго асноўным датуючым матэрыялам [5] у археалогіі. Археолагі аддаюць шмат часу і намаганняў на даследаванне керамічнага матэрыялу і яго датаванне.

Калі сярод знаходак у слаях 14-17 стст. першае месца па колькасці займае керамічны посуд, то сярод посуду больш за ўсё непаліваных начынняў. Асноўную масу непаліванага посуду складаюць гаршкі. Менавіта яны найбольш прыдатныя на ролю датуючага матэрыялу, бо ў кожны больш-менш працяглы адрэзак часу гаршкам была ўласціва свая асаблівая форма. Найбольш характэрная прыкмета для датавання форма верхняй часткі посуду (венца). На вялікай тэрыторыі ў побыце выкарыстоўваліся гаршкі з амаль аднолькавай формай. Такія-сякія нязначныя асаблівасці ў выраб мог унесці кожны майстар, але тыповыя формы былі традыцыйна агульнымі. Акрамя формы венца, датаваць гаршчок дапамагаюць форма тулава, склад глінянай масы, з якой зроблены посуд, характар апрацоўкі паверхні і г. д.

Застаецца толькі вызначыць, якія гаршкі характэрны для розных часоў. Гэта вельмі складаная задача, бо багацце формаў стварае значныя цяжкасці.

Гаршкі 14-16 стст. адрозніваюцца якасцю глінянай масы. Яны зроблены з тлустай гліны з дамешкам жарствы [6] ці пяску. Абпал нераўнамерны і чарапок у разломе трохслойны - паверхні посуду абпалены якасней, чым сярэдзіна. Гаршкі 17 ст. выраблены з лепш перамешанай глінянай масы, абпал раўнамерны, разлом мае аднастайны чырванаваты колер. Значная частка знойдзеных гаршкоў не арнаментавана. Сустракаюцца начынні, упрыгожаныя разнастайнымі ўзорамі ў выглядзе прамых і хвалістых ліній, ёсць камбінаваны арнамент. У набор непаліванай керамікі з нашых раскопак уваходзяць, акрамя гаршкоў, макотры, рынкі, латкі, накрыўкі, міскі, талеркі, збаны, стопкі.

Макотры, інакш макацёры ці цёрлы, служылі для прыгатавання расліннай ежы, замесу цеста, захавання сыпучых прадуктаў. Дыяметр іх дасягае звыш 3 0 см, а таўшчыня сценак 1 см і болей. Некаторыя макотры з вонкавага боку ўпрыгожваліся арнаментам з прамых або хвалістых ліній, часам замест ліній налепвалі валік з зашчыпамі, як у макацёра з Любчы. Некаторыя макотры арнаментаваліся хвалістымі лініямі прама па адагнутаму венчыку.

Рынкі - гэта патэльні на трох ножках і з ручкай у выглядзе ўтулкі. Ножкі прырабляліся, каб зручна і роўна паставіць патэльню на вуголлях. Дарэчы, вядомы і знаходкі гаршкоў на ножках. У ручку рынкі можна было ўставіць драўляную рукаятку. Латкі - тыя ж патэльні толькі без ножак. Для гаршкоў і рынак вырабляліся накрыўкі. Некаторыя рабіліся са спецыяльнай ручкай, якую можна было выкарыстоўваць і ў якасці ножкі. Тады сама накрыўка пры патрэбе станавілася міскай. Значна радзей гаршкоў і макотраў сустракаюцца непаліваныя міскі, талеркі, збаны, кубкі. Яны часцей за ўсё рабіліся паліванымі ці моранымі.

Паліваны керамічны посуд у гарадах і мястэчках увайшоў ва ўжыванне з другой паловы 15 ст. Гэта вызначана на першых яго знаходках у культурных наслаеннях гэтага часу. Знаходкі паліванага посуду не такія шматлікія ў параўнанні з непаліваным. Гэта галоўным чынам гаршкі з ручкай, міскі, талеркі, кубкі, рынкі, збаны. Ужывалася паліва двух колераў: зялёнага і карычневага. Сустракаюцца разнастайныя адценні колеру. Яны залежалі ад хімічнага складу паліва. Якасць пакрыцця добрая, паліва не разбурылася нават пасля шматгадовага знаходжання ў зямлі, толькі ў некаторых начынняў яна адслойваецца, калі трохі націснуць пальцам на сценку. У большасці выпадкаў паліва наносілася толькі на ўнутраную паверхню посуду, што пацвярджае яе ўтылітарную функцыю, гэта значыць, галоўнай мэтай была не прыгажосць, а лепшая якасць вырабаў. Абпал паліванага посуду раўнамерны, сценкі тонкія, добра адгладжаныя. Арнамент лінейны (з прамых ліній) і сетчаты (наносіўся спецыяльным штампам). 3 другой паловы 17 ст. вядомы паліхромны і распісны посуд з раслінным арнаментам.

Найбольш раннія знаходкі моранага посуду выяўлены ў культурных наслаеннях канца 16-пачатку 17 ст. Праз спецыяльныя ўмовы абпалу без доступу кіслароду начынні набывалі цёмна-цэры, блізкі да чорнага колер.

Такую кераміку называюць яшчэ дымлёнай. Сценкі моранага посуду добра прагладжаны, абпал раўнамерны па ўсёй іх таўшчыні. Часам бывае цяжка адрозніць моранае начынне ад закопчанага непаліванага. Дапамагае колер разлому чарапка. У дымлёнага посуду ён шэра-сталёвы.

Асартымент моранага посуду складаецца з гаршкоў, макотраў, місак, талерак, збаноў. Часта дымлёныя начынні ўпрыгожаны глянцаваным арнаментам у выглядзе елачак, розных камбінацый прамых і хвалістых ліній. Такія ўзоры наносіліся спецыяльнай прыладай па ўжо гатоваму вырабу. Па этнаграфічных матэрыялах вядома, што для глянцавання ўжываўся крэмень.

У культурным слоі нашых гарадоў і мястэчак зрэдку сустракаецца керамічны посуд, прывезены з Заходняй Еўропы. Гэта, у асноўным, рэйнская кераміка - так званы «каменны тавар». Яна выраблялася ў нямецкіх землях з гліны, што здабывалася на берагах Рэйна. Пад час абпалу вырабы з гэтай гліны набывалі шчыльнасць і цвёрдасць каменя і вызначаліся высокай якасцю. Гэта забяспечыла каменнаму тавару збыт далёка за межамі Германіі.

Керамічны посуд з Міра, Ашмян, Гальшан, Любчы вельмі блізкі па формах і тэхналогіі вырабу да керамікі з іншых гарадоў і мястэчак Беларусі. Удалося вылучыць толькі адзін тып непаліваных гаршкоў 17 ст., які можна назваць спецыфічным для Ашмян і ваколіцы. Гэта начынні з закругленым, трохі патоўшчаным краем без венца. У некаторых з іх па закругленаму краю праходзіць невялікае паглыбленне, або выступ. Акрамя Ашмян, такія начынні характэрны для мястэчак Гальшаны і Крэва, што размешчаны непадалёк ад горада. Відавочна, мы маем справу з асаблівасцю вытворчасці посуду ў басейне буйнейшага прытока Нёмана - Віліі і басейне Беразіны.

Здзіўляе дасканаласць і ўвага да дэталяў у вырабах старажытных майстроў, рацыянальныя і адначасова прыгожыя формы керамічных начынняў. Уражвае менавіта спалучэнне рацыянальнай і мастацкай дасканаласці. Узяць, напрыклад, гаршкі. Яны ўмяшчальныя, пузатыя, але адначасова зграбныя, прапарцыянальныя. Горла дастаткова шырокае, каб зручна было ўкладаць і вымаць, але не настолькі, каб стаць непрыгожым. Тое самае і з дном. Абрысы посуду здаюцца такімі натуральнымі і адзіна магчымымі, што проста не ўяўляеш, як можна зрабіць іх інакш.

Задумацца аб агромністай працы многіх пакаленняў ганчароў, у выніку якой знойдзены такія простыя і адначасова дасканалыя формы, дапамог выпадак. Мы вялі даследаванні ў Мазыры. Частым госцем на раскопе быў мясцовы мастак-кераміст. Ён цікавіўся сярэднявечным посудам і аднойчы з нашых слоў зрабіў рынку. Калі мы параўналі яе са старажытнай знаходкай, то кінулася ў вочы, наколькі сучасны выраб уступае даўнейшаму. А рабіў копію майстар высокай кваліфікацыі.

На жаль, традыцыі народнага ганчарства - аднаго са старажытнейшых рамёстваў - на Беларусі амаль цалкам страчаны, і невядома, ці ўдасца іх аднавіць.


Кафля

Кафляныя вырабы бадай што самыя цікавыя са звычайных рэчаў, якія трапляюцца пры раскопках. Вызначыць час іх вырабу даволі лёгка, таму сама кафля добры датуючы матэрыял для другіх рэчаў, знойдзеных разам з ёй. Акрамя гістарычнай каштоўнасці, старажытныя кафляныя вырабы выклікаюць зацікаўленасць як творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Вельмі цікава рабочым-землякопам (а гэта, у асноўным, школьнікі і студэнты) пад час раскопак даставаць з зямлі кафліны з разнастайнымі выявамі раслін, звяроў, людзей.

Такія знаходкі часам здзіўляюць і саміх археолагаў, як, напрыклад, было са мной у Любчы, калі з толькі што ачышчанай ад зямлі кафліны раптам глянула шырока расчыненае вока нейкага таўсташчокага і вусатага дзецюка. Таленавіты майстар-разьбяр 17 ст. стварыў тыповы вобраз ганаровага шляхцюка.

Мала хто ведае, што самая старажытная кафля вельмі падобна на гаршчок. Яна з'явілася на Беларусі ў 14 ст. I з-за свайго падабенства на вядомае ўсім начынне
называецца гаршковай. Падабенства настолькі вялікае, што яшчэ 30-40 гадоў назад нават археолагі лічылі гэтыя кафліны посудам. У нашы землі кафля прыйшла з Заходняй Еўропы, дзе вядома з другой паловы 13 ст. Беларускае слова «кафля» паходзіць ад нямецкага «Kachel». Відавочна, першымі кафлямі былі гаршкі. На жаль, немагчыма ўстанавіць, якому разумнаму чалавеку прыйшло ў галаву ўмуроўваць іх у глінянае тулава печы. Аднак практычная выгода ад такой канструкцыі яўная - гаршкі, устаўленыя ў печ донцам уніз, вусцем вонкі, выконвалі ролю своеасаблівага каларыфера - нагнятальніка цёплага паветра з печы ў памяшканне.

Самыя раннія кафліны з Беларусі адносяцца да пачатку 14 ст. Яны знойдзены ў Навагрудку, Полацку, Лідскім замку і ўяўляюць сабой цыліндры вышынёй 24-26 см, зробленыя з грубага глінянага цеста з дамешкам буйной жарствы.

Людзі ва ўсе часы дбалі не толькі аб, практычнай выгодзе, але і аб прыгажосці. Майстры-кафляры пачалі свае вырабы аздабляць. Гэта рабілася шляхам фігурнага афармлення верхавіны кафлі - вусце набывала выгляд трох- ці чатырохпялёсткавай разеткі. Такія кафліны з'явіліся ў нас ужо ў сярэдзіне 14 ст. і ўжываліся да канца 15 ст.

У Полацку знойдзена кафля, у якой кветка з пялёсткамі размешчана на ўнутранай паверхні донца. 3 канца 14 ст. пачалі вырабляць кафліны з прамавугольным або квадратным вусцем. Яны былі больш выгоднымі, бо з такіх кафлін можна выкласці значна большую па плошчы цеплавую паверхню.

Нарэшце, спецыяльна для размяшчэння арнаменту прыдумалі вонкавую пласціну, і кафля набыла звыклы для нас выгляд. Даследчыкі ўстанавілі, што на Беларусі гэта адбылося на мяжы 14 і 15 ст., але нам такая кафля да гэтага часу не траплялася. Называецца кафля з вонкавай пласцінай карабковай. Вонкавая пласціна не пагаршала рабочыя вартасці вырабу, а камбінацыя кафлін з разнастайнымі ўзорамі ператварала печ у закончаны твор мастацтва. Пласціна выраблялася асобна ад ніжняй часткі кафлі - румпы.

Арнамент атрымліваўся выпукла-рэльефным (у 15-16 стст. разам з выпуклым ужываўся паглыблены рэльеф). Пласціна адціскалася ў форме, зробленай з дрэва або гліны, затым прымацоўвалася румпа, сфармаваная на ганчарным коле. Для замацавання кафлі на печы з дапамогай дроту ў румпе рабілі дзве адтуліны. Форму, у якой адціскалася вонкавая пласціна, выразалі кваліфікаваныя майстры-разьбяры. Трэба адзначыць, што гаршковая кафля ўжывалася побач з карабковай яшчэ ў 16 і нават у 17 ст.

Найбольш раннія знаходкі карабковай кафлі ў Панямонні датуюцца канцом 15-16 стст. Кафля гэтага часу мае квадратную вонкавую пласціну (17х17 см) з высокай рамкай па краях. Румпа ў іх высокая, квадратная. У 16 ст. узнікла некалькі відаў арнаменту, якія існавалі і ў пазнейшыя часы, напрыклад выява вазы з кветкамі. Быў распаўсюджаны раслінны арнамент, а таксама геаметрычны. У першай палове 16 ст. у вытворчасці беларускай кафлі пачынае ўжывацца паліва зялёнага колеру. 3 дапамогай знаходкі кафліны з датай (археолаг А. А. Трусаў) устаноўлена, што паліхромную кафлю ў нас выраблялі ўжо ў 8 0-х гадах 16 ст.

Сапраўдны росквіт кафлярскай справы прыйшоўся на 17 ст. Выраблялася тэракотавая, зялёная паліваная, паліхромная кафля. Апошняя была самай дарагой, для яе вытворчасці ўжываліся зялёная, белая, сіняя, жоўтая, карычневая палівы. Печы са шматколернай кафлі станавіліся каштоўным аздабленнем жылога памяшкання ці параднай залы. Мець такія печы маглі толькі вельмі багатыя людзі. Напрыклад, у Міры, старажытным паселішчы рамеснікаў і гандляроў, знойдзены ўсяго два невялікія фрагменты паліхромнай кафлі 17 ст. А побач, у Мірскім замку - адной з рэзідэнцый князёў Радзівілаў, знаходкі такіх кафлін лічацца сотнямі.

Кафля ўпрыгожвалася разнастайным арнаментам. Найбольш распаўсюджаным быў раслінны. Акрамя таго, наносілі геаметрычныя (разнастайныя лініі, ромбікі, квадраты), зааморфныя (выявы жывёл), геральдычныя (выявы шляхецкіх і дзяржаўных гербаў), партрэтныя, сюжэтныя (розныя маляўнічыя і міфалагічныя сцэны) узоры. 3 расліннага арнаменту найбольш часта сустракаецца сіметрычная выява стылізаваных галін, сцяблін, кветак. На кафлях з геральдычным арнаментам звычайна ёсць літары: ініцыялы і загалоўныя літары тытула ўладальніка герба. Часам у ніжняй частцы пласціны размешчана дата вырабу. Вонкавая пласціна кафлін 17 ст. прамавугольная, па краях акружана адзінарнай або падвойнай рамкай.

У сярэдзіне 17 ст. з'яўляецца кафля без рамкі з так званым «дывановым» арнаментам, калі адна кафліна ўтрымлівала толькі частку ўзору, а закончаны малюнак складваўся з чатырох кафлін.

У 18 ст. распаўсюджваецца распісная кафля, мода на якую пайшла з Галандыі. У гэты час пачалі вырабляць кафлю з гладкай вонкавай пласцінай без арнаменту. У некаторых старых дамах да нашага часу захаваліся кафляныя печы канца 19-пачатку 20 ст. з рэльефным арнаментам, але ён ужо не такі багаты, як у сярэднявеччы.

У адпаведнасці з месцам, якое кафліны займаюць на тулаве печы, яны падзяляюцца на сцянныя, гзымсавыя, кутнія, паясковыя, каронкі, перамычкі, кафлі-медальёны, дахоўкі і макаўкі. Знешні выгляд печаў змяняўся паступова. З'яўленне каронак (14-15 стст.), гзымсавых і кутніх кафлін (сярэдзіна - другая палова 16 ст.) звязана з ускладненнем формы печаў: Кафліны-медальёны мацаваліся ў цэнтры печы, а магчыма, вешаліся на сценах для аздаблення памяшкання. Выраблялася кафля з добра прамешанага цеста, якое пасля абпалу набывала чырвоны колер.

Кафляныя печы атрымалі вельмі шырокае распаўсюджванне ва ўсіх мясцінах Беларусі. Да 19 ст. іх можна было сустрэць усюды: ад сялянскай хаты да палаца магната. Праўда, знешні выгляд печак моцна розніўся. Сціпла аздобленыя печы простых людзей не ішлі ні ў якое параўнанне з шыкоўнымі. «шмат'яруснымі» паліхромнымі печамі магнатаў, зробленых адпаведна апошняй модзе. Каб задаволіць вялікі попыт на кафлю, патрэбна была арганізацыя масавай вытворчасці.

Археалагічныя знаходкі сведчаць аб дзейнасці кафляроў у многіх гарадах і мястэчках. Часта мы знаходзім кафліны, зробленыя ў адной форме, прычым адны з іх тэракотавыя, а другія паліваныя ці паліхромныя. Знаходка ў Гальшанах фрагмента формы для вырабу вонкавай пласціны гаворыць на карысць існавання кафлявай вытворчасці іў гэтым мястэчку.

Ва ўсіх нашых паселішчах, акрамя Любчы, знойдзена як карабковая, так і гаршковая кафля. У Любчы, па ўсёй верагоднасці, гаршковая кафля не выяўлена па прычыне невялікага аб'ёму прац. У Міры, акрамя кафлін з найбольш распаўсюджаным арнаментам (сіметрычны ўзор у выглядзе кветак, сцяблін, галін і інш.), адкапаны кафліны з узорам у выглядзе фантастычных жывёлін, ільвоў, рыбы, са стылізаваным геральдычным арнаментам. Нярэдка сустракаюцца выявы арла - радавога знака ўладальнікаў Міра князёў Радзівілаў - буйнейшых магнатаў не толькі Беларусі, але і ўсяго Вялікага княства. У Любчы (у 17 ст. таксама радзівілаўская вотчына) знойдзены падобныя выявы.

У калекцыі любчанскай кафлі, акрамя партрэта-медальёна, цікавасць выклікаюць кафліны з дывановым арнаментам другой паловы - канца 17 ст.: у куце вонкавай пласціны размешчана выява кветкі з тонкімі пялёсткамі. На адной кафлі маецца толькі чвэрць малюнка. Каб атрымаць поўную выяву, патрэбна скласці чатыры такія кафліны.

У Ашмянах знойдзены рэдкі тып пячной каронкі другой паловы 16 ст., пакрытай зялёнай палівай. Форма яе напамінае застыўшыя язычкі полымя. Яшчэ да пачатку раскопак у Старых Ашмянах на агародзе прама на паверхні зямлі знайшлі кавалак кафліны з выявай чалавека ў поўны рост. У Бярозаўцы былі знойдзены і кафліны-дахоўкі канца 16-пачатку 17 ет. з лускавым узорам.

Мы спадзяёмся, што людзі яшчэ ўспомняць аб харастве і зручнасці кафляных печак. Дарэчы, гэта ўжо адбываецца ў Еўропе, у прыватнасці, на нямецкіх землях, адкуль прыйшла да нас кафля. У ФРГ нават выпушчана кніга «Зрабі сам кафляную печ», у якой даюцца падрабязныя рэкамендацыі па вырабу кафлі ў хатніх умовах. Даволі проста ажыццявіць прамысловы выпуск арнаментаванай кафлі. Яе можна з поспехам выкарыстаць у гарадскіх дамах з цэнтральным ацяпленнем. Калі рабрыстыя ацяпляльныя батарэі, якія не вызначаюцца асаблівай эстэтычнай каштоўнасцю, пакрыць кафлінамі з рознымі ўзорамі, то атрымаецца невялікая печка - сапраўднае ўпрыгожанне нашага дома.

Няма неабходнасці ў пошуках арнаментальных сюжэтаў. Археолагі могуць прапанаваць прамысловасці дзесяткі відаў арнаментаў, распрацаваных старажытнымі майстрамі і апрабаваных на працягу некалькіх стагоддзяў. Яны добра падыдуць да любога інтэр'еру.


Будаўнічыя матэрыялы, хатнія рэчы

У часы позняга сярэднявечча ў гарадах і мястэчках Баларусі шырокае распаўсюджанне набыло мураванае будаўніцтва. Адпаведна, значна павялічыўся выпуск будаўнічых матэрыялаў. Цэглу ўжывалі, галоўным цынам, для збудаванняў замкаў, цэркваў, касцёлаў, ратушаў, гарадскіх брам. Праўда, большая частка жылых пабудоў рабілася з дрэва. Па валочнай памеры такога буйнога горада, як Гродна, складзенай у 1560 г., мы налічылі ўсяго 9 мураваных жылых будынкаў. У той жа час у горадзе быў мураваны замак, ратуша, карчма, 6 цэркваў і 2 касцёлы. Знаходкі будаўнічых матэрыялаў (цэглы, дахоўкі, плітак падлогі) частая з'ява ў гарадскіх і местачковых культурных наслаеннях позняга сярэднявечча. Асабліва многа іх у слаях канца 16-17 стст. А пад час раскопак на тэрыторыі мураваных замкаў рэшткі будаўнічых матэрыялаў сустракаюцца часцей, чым керамічны посуд.

Датаванне старажытных будаўнічых матэрыялаў падрабязна распрацавана археолагам А. А. Трусавым. У выніку знаходкі цэглы, дахоўкі, таксама як і кафлі і керамікі, дапамагаюць датаваць іншыя рэчы. Фармат цэглы не бьгў пастаянным, для кожнага гістарычнага перыяду характэрны свае памеры. Калі ў 11-12 стст. шырока ўжывалася плінфа (тонкая і шырокая цэгла), то ўжо ў 13 ст. з'яўляецца вялікапамерная цэгла. Доўгі час, аж да 18 ст., на адным з шырокіх бакоў цэглы праводзіліся паглыбленыя барозны - гэта таксама прыкмета старажытнасці вырабу.

Найбольш старажытныя формы беларускай дахоўкі, знойдзеныя ў Лідскім і Навагрудскім замках, адносяцца да канца 14-пачатку 15 ст. Яны ўяўляюць сабой паўцыліндрычны жолаб з высокім мацавальным шыпам. У 15 ст. на змену жалобчатай прыходзіць плоская дахоўка. Жалобчатая выкарыстоўваецца толькі для пакрыцця сутыкаў і вуглоў даху. Плоская дахоўка была асноўным матэрыялам для пакрыцця даху і на працягу 16-17 стст. На мяжы 17-18 стст. з'яўляецца хвалістая дахоўка. Семнаццатым стагоддзем датуюцца знаходкі керамічных плітак падлогі. Ужываліся як тэракотавыя, так і пакрытыя зялёнай, карычневай палівай пліткі розных формаў: чатырохвугольныя, квадратныя, крыжападобныя, зоркападобныя.

Значна радзей, чым посуд, кафля, будаўнічыя матэрыялы ў культурным слоі 14-17 стст. сустракаюцца такія керамічныя вырабы, як рыбалоўныя грузікі, падсвечнікі, люлькі.

Падсвечнікі рабіліся на адну, дзве або тры свячы. Ножкі ў іх высокія і даволі тонкія, каб пад час пераноскі ямчэй брацца.

Люлькі пачынаюць сустракацца ў наслаеннях канца 16-пачатку 17 ст. У гэтыя часы на Беларусі стаў вядомы тытунь. Люлькі багата арнаментаваліся, пакрываліся зялёнай, карычневай, жоўтай палівай. Ёсць мораныя экземпляры цёмнага колеру. У верхнюю адтуліну закладвалася порцыя тытуню, у бакавую, меншую па дыяметру,
устаўлялася драўляная ці касцяная дэталь - цыбук. Формай і матэрыялам ад мясцовых вырабаў адрозніваюцца прывазныя галандскія люлькі. Яны маюць спецыяльную ножку, каб люльку можна было паставіць на стол ці якую іншую роўную паверхню. Вырабляліся гэтыя люлькі з белай гліны.


Вырабы з металу

Вырабы з жалеза ў сярэднявеччы займалі (і займаюць зараз) галоўнае месца сярод прылад працы. Уласна кажучы, археалагічны тэрмін «жалезны век» цалкам падыходзіць да сярэднявечнага, а таксама новага і навейшага часу. Акрамя прылад працы, у сярэднявеччы з чорнага і каляровага металаў вырабляліся зброя, упрыгожанні, рэчы, неабходныя ў побыце. Каштоўныя металы выкарыстоўваліся як грошы.

На жаль, металічныя вырабы ў культурным слоі захоўваюцца намнога горш, чым кераміка. Часта каразійныя наросты дэфармўюць рэч настолькі, што цяжка вызначыць яе прызначэнне. У такіх выпадках даводзіцца шмат часу траціць на расчыстку вырабаў і іх кансервацыю (спыненне карозіі).

Колькасць металічных рэчаў 14-17 стст., здабытых пад час раскопак беларускіх гарадоў і мястэчак, з кожным годам узрастае, але, на жаль, навуковых прац ім прысвечана вельмі мала. Даследчыкі звычайна прыводзяць шырокае датаванне вырабаў з металу - 14-17 стст., значна радзей- 16-17 стст. Цяпер высветлілася, што з дапамогай дадзеных стратыграфіі і аналагаў з суседніх тэрыторый можна датаваць іх больш дакладна. У калекцыю выкапнёвых металічных вырабаў уваходзяць прылады працы, рэчы з побыту, зброя, рыштунак конніка і каня. Гэта нажы, сякеры, цвікі, замкі, ключы, нажніцы, відэльцы, пражкі, крэсіва, абутковыя падкоўкі, наканечнікі стрэл, шпоры і г. д.

Найчасцей трапляюцца цвікі. У залежнасці ад прызначэння іх падзяляюць на будаўнічыя, мацавальныя, шпалерныя, абутковыя і падкоўныя. Усе яны ў сячэнні квадратныя або прамавугольныя. Памеры будаўніча-мацавальных цвікоў моцна вагаюцца, даўжыня можа быць ад 4 да 12-13 і болей сантыметраў, сячэнне стрыжня - 0,3-1 см. Плешка вялікая, круглая. Такі цвік можна адрозніць ад сучаснага з першага погляду. Намнога меншыя памеры ў шпалерных (імі мацавалася фурнітура, скураныя ўпрыгожанні і інш.), а таксама ў абутковых і падкоўных. Апошнія нярэдка знаходзяць разам з падковамі. Увогуле, цвікі цяжка датаваць, таму што і ў 10-13 і ў 14-17 стст. яны былі амаль аднолькавымі.

Познясярэднявечныя замкі падзяляюцца на дзве групы: вісячыя і ўнутраныя. Да 15 ст. у Беларускім Панямонні бытавалі вісячыя. замкі цыліндрычнага тыпу. Яны замыкаліся без ключа, патрэбна было проста ўставіць дужку ў гняздо, а адмыкаліся з дапамогай спецыяльнага ключа, які сціскаў спружынкі і вызваляў дужку. Такая канструкцыя была шырока распаўсюджана ў 10-13 стст. 3 15 ст. пачалі ўжывацца замкі, падобныя на сучасныя, з паўкруглай дужкай, якая свабодна адкідваецца. Корпус у іх мае выгляд конуса, шара ці прызмы. Ключы ад гэтых замкоў таксама падобныя на сучасныя. Каб адкрыць унутраны замок, патрэбна было адсунуць засаўку, часта даволі масіўную. Таму для гэтай справы ўжываліся вялікія ключы.

Нажы таксама падзяляюцца на два тыпы: чаранковыя і з прыкляпанымі тронкамі. Адначасова ўжываліся нажы абодвух тыпаў, але перавагу ў познім сярэднявеччы мелі тыя, што з тронкам. Адзін такі нож з Лідскага замка выдзяляецца незвычайна вялікімі памерамі. Луска, прыліпшая да яго ляза, падказала, што ён выкарыстоўваўся для трыбушэння рыбы.

Крэсіва - спецыяльная прылада для здабывання агню. Ёй наносіўся ўдар па крэменю, каб атрымаць іскры. Формы крэсіваў маглі быць рознымі. Сярод нашых знаходак былі найчасцей авальныя, радзей - складанай канфігурацыі крэсівы.

Нажніцы па прынцыпу дзеяння падзяляюцца на спружынныя і шарнірныя. Канструкцыя і форма спружын ных нажніц з даўніх часоў амаль не змянілася. Лічыцца, што вялікія нажніцы такога тыпу, даўжынёй да 20 см, выкарыстоўваліся для стрыжкі авечак, раскрою тканіны, а маленькія, да 10 см даўжынёй, - прылада цырульніка. У шарнірных, звыклых у нашым побыце нажніц, рукаятачныя стрыжні заканчваюцца кольцам. Па яго канструкцыі можна вызначыць датаванне вырабу. У найбольш старых нажніц кольцы не суцэльныя, а ўяўляюць сабой загнутую скабу. Нажніцы з суцэльным зварным кольцам з'яўляюцца ў нас у 14-15 стст.

Добрым датуючым матэрыялам для познясярэднявечных помнікаў служаць абутковыя падкоўкі. У познім сярэднявеччы ўжываліся, галоўным чынам, падкоўкі, якія мацаваліся да абцаса з дапамогай шыпоў. Мода на абцасы мянялася, але вузкія і шырокія, нізкія і высокія абцасы ад хуткага зносу засцерагаліся амаль аднолькавымі падагнанымі пад абцас падкоўкамі.

Найбольш раннія экземпляры такіх вырабаў уяўляюць сабой сагнутую дугой вузкую і высокую пласцінку з трыма шыпамі.

Па раскопках старажытнага Ноўгарада яны вядомыў слаях, пачынаючы з 14-15 стст. Нашы звесткі паказваюць, што ў Беларусі, у прыватнасці ў Панямонні, высокія падкоўкі пачалі ўжывацца ў 15-16 стст. Па ўсёй верагоднасці, даволі значная вышыня падковак абумоўлена хуткім зносам. Вырабляліся яны з мяккага жалеза, таму доўга служыць не маглі. Мы часта знаходзім падкоўкі, сярэдзіна якіх сцёрта ледзь не на ўсю вышыню. Пастаянная нагрузка на абцас прыводзіла да таго, што шыпы разгойдваліся, і падкоўкі губляліся. Сведчанне гэтаму- знаходкі ў культурньім слоі цэлых, амаль не ношаных экземпляраў.

3 часам форма абутковых падковак змянялася - памяншалася вышыня і павялічвалася шырыня. У 17 ст. ужываліся і плоскія падкоўкі з шыпамі. Нарэшце, у слаях канца 17-18 стст. знаходзім плоскія падкоўкі без шыпоў, якія мацаваліся да абцаса цвікамі. У Гальшанах у слоі 18-19 стст. знойдзена падэшва бота якраз з такой падкоўкай.

Наканечнікі арбалетных стрэл - частая знаходка ў замках, асабліва такіх баявых, як Гродзенскі, Лідскі, Навагрудскі, Крэўскі, якія ў 14 ст. стварылі трывалую заслону крыжацкім набегам. Цікава, што ў Мірскім замку, збудаваным у канцы 15-пачатку 16 ст. або ў Гальшанскім, Любчанскім замках 16 ст., не знойдзена ні аднаго наканечніка ад арбалетнай стралы. Да гэтага часу арбалеты ўжо выйшлі з шырокага ўжытку. У 14-15 стст. яны ўжываліся, галоўным чынам, пад час аблогі і абароны гарадоў.

Па спосабу мацавання да дрэўца стралы наканечнікі падзяляюцца на ўтулкавыя і чаранковыя. Прызначаліся арбалетныя стрэлы (па старому «балты») для паражэння ворага, закрытага бранёй. Каб надаць страле сілу для прабіцця сталёвага даспеху, патрэбна было выпускаць яе са страшэннай хуткасцю. Гэта забяспечвала канструкцыя арбалета. Для ўзмацнення бранябойнай сілы наканечнікі рабіліся вялікімі - даўжынёй да 16 см, шырынёй да 3 см і цяжкімі - вагой да 200 г, з гранёнымі галоўкамі.

У Лідскім замку пад час раскопак знойдзены конскі чэрап, у якім тырчаў наканечнік арбалетнай стралы, загнаны ў косць амаль на ўсю даўжыню. Зрэдку трапляюцца дэталі арбалета. Так, у Гродзенскім замку знойдзены так званы «арэх» - асноўная дэталь спускавога прыс тасавання.

У Лідскім замку выяўлена адна рэч, з дапамогай якой, па нашаму меркаванню, нацягвалася арбалетная цеціва. Гэта невялікі крук, які праз спецыяльныя заклёпкі мацаваўся да скуранога пояса. Больш зручным для такой справы быў двайны крук, але даследчыкі ўстанавілі, што ўжываўся і адзінарны, падобны лідскаму.

Працэс нацягвання цецівы ў 14 ст. адбываўся так: стралок устаўляў нагу ў спецыяльнае стрэмя на канцы арбалета, чапляў паясным крукам за цеціву, пры гэтым ён нахіляўся ўперад. Затым выпрамляўся, пакуль цеціва не трапляла ў паз на арэху. Накладвалася страла, і зброя была гатова да стрэлу. Пазней быў вынайдзены больш дасканалы механізм нацягвання цецівы з дапамогай калаварота. Недахопам арбалета была невялікая ў параўнанні з лукам хуткасць страляння. Спрактыкаваны лучнік мог выпусціць у 3-4 разы больш стрэл, чым арбалетчык за той жа час. Болт па сіле ўдару пераўзыходзіў звычайную стралу, але значна ўступаў ёй па даўжыні палёту.

Наканечнікі стрэл для лука адрозніваюцца ад арбалетньіх памерамі, вагой і формай. Яны меншыя, больш плоскія і лягчэйшыя. Вось як, напрыклад, знойдзеныя ў Старых Ашмянах, або наканечнікі 16-17 стст. з Лідскага замка. Маскоўскім даследчыкам А. Ф. Мядзведзевым распрацавана падрабязная класіфікацыя наканечнікаў стрэл 8-14 стст. для Усходняй Еўропы. Ашмянская знаходка па гэтай класіфікацыі належыць да 14-га тыпу чаранковых наканечнікаў.

Шпоры ў слаях 14-17 стст. - даволі рэдкая знаходка. У гэтыя часы на Беларусі карысталіся выключна шпорамі з кольцамі, хаця раней на іх месцы мацаваўся востры шып. Карыстацца шыпам было нязручна, бо каб пусціць шпору ў дзеянне, трэба было ставіць стапу нагі амаль пад прамым вуглом да бока каня. Кольца ўжываць намнога зручней і, з'явіўшыся на нашых землях у 13 ст., яно хутка выцясніла шып. У розныя часы кольца мела розную колькасць зубцоў. Устаноўлена, што да 14 ст. рабілі кольца з 4 шыпамі, а ў 15 ст. і пазней - іх было ўжо 6-8 штук. Да бота шпора прывязвалася раменьчыкамі, для мацавання якіх на канцах дужак шпоры рабіліся адтуліны. Калі, акрамя конніка, пачалі надзяваць даспехі і на каня, спатрэбіліся вельмі доўгія шпоры, такія, напрыклад, як знойдзеныя . ў Лідскім замку.

Там, дзе знаходзяць шпоры, з такім жа поспехам могуць трапіцца падковы. Большасць знойдзеных падкоў падобны на сучасныя, форма ў іх авальная, шырыня дугі памяншаецца да канцоў. Паміж сабой яны адрозніваюцца не толькі памерамі, але і некаторымі канструкцыйнымі дэталямі. У адных на канцах маюцца выступы, у другіх - дзіркі, у адных пасярэдзіне дугі выступае паўкруглая тонкая дзюбка, у другіх яе няма.

Многія падковы знаходзяць з падкоўнымі цвікамі. Гэта значыць, яны былі ўжо. выкарыстаны і трапілі ў слой непасрэдна з капыта. Цікавы экземпляр знойдзены ў Міры ў слаях 15-16 стст. Мірская падкова меншая за іншыя, ёй можна было падкаваць толькі пярэднюю частку капыта.

Нярэдка ў познясярэднявечным слоі сустракаюцца манеты. Найчасцей трапляюцца медныя соліды Яна Казіміра. Масавы выпуск солідаў пачаўся па загаду гэтага караля Рэчы Паспалітай у канцы 1659 г. Кошт іх быў невялікі, але паколькі выпусцілі солідаў вельмі многа, то для нас яны каштоўны як датаваны матэрыял, бо на кожнай манеце стаіць дата вырабу. Намнога радзей асобных манет археолагам трапляюць клады.

Некаторыя вырабы з металу з Беларускага Пашімоння вядомы ў адзінкавых экземплярах. У слаях канца 16-17 стст. у Лідскім (1) і Мірскім (3) замках знойдзены відэльцы з двума доўгімі зубамі. Да 16 ст. адносіцца варган - старажытны музычны інструмент, адкапаны ў Лідскім замку. Па форме гэта колбападобны стрыжань з язычком пасярэдзіне. Каб карыстацца варганам, яго бралі ў рот і пальцамі краналі за язычок.

Ролю рэзанатара выконвала поласць рота. У выніку можна было атрымліваць кароткія або працяглыя меладычныя гукі.

16-17 стст. датуецца аднаражковы падсвечнік з Лідскага замка і фрагмент скрабніцы для чысткі каня. Да больш ранняга перыяду (14-15 стст.) належыць рыбалоўны кручок - блясна - таксама з Ліды. Цікавая і рэдкая знаходка з Лідскага замка - медыцынскі інструмент - прыстасаванне для пускання крыві.

Гродзенскія школьнікі аднойчы прынеслі ў музей рэч незвычайнай формы, прызначэння якой яны не ведалі. Так нам у рукі трапіла рэдкая зброя - алёбарда другой паловы 16 ст. Яна цудоўна захавалася. Высветлілася, што яе знайшлі ў рачным пяску, што быў выкінуты на бераг Нёмана земснарадам. Цяпер, дзякуючы школьнікам, у Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі з'явіўся новы каштоўны экспанат.

Пад час агляду рэштак познясярэднявечнага паселішча каля вёскі Бярозавец Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці знойдзена прылада для адлівання куль. Паколькі разам з кулялейкай выяўлены фрагменты кафлі другой паловы 16 ст., то яе таксама аднеслі да гэтага часу. Кулялейка зроблена па прынцыпу абцугоў і калі свінец, заліты ў формачку, астываў, яна раскрывалася і гатовая куля выпадала. Адліваць кулі ў такой прыладзе - даволі марудная справа, але яны былі аднолькавымі па памеры, а значыць, і зручнымі для стральбы.

Старажытныя вырабы з металу пасля аднаўлення і кансервацыі займаюць сваё месца сярод іншых рэчаў у археалагічных экспазіцыях музеяў.


Вырабы са шкла

У побыце сярэднявечнага гараджаніна, як і местачкоўца, знаходзілі пастаянны ўжытак разнастайныя вырабы са шкла. Гэта галоўным чынам посуд: шкляніцы, стопкі, чаркі, бакалы, бутлі, кварты, біклагі, слоікі, а таксама аконнае шкло і ўпрыгожанні. Асноўны попыт на шкляныя вырабы забяспечвалі мясцовыя майстэрні - гуты. У замках феадалаў знойдзены імпартны посуд, у прыватнасці, прывезены з Венецыі. Мясцовы посуд вырабляўся з бясколернага або зеленаватага шкла. Прыкметай старажытнасці вырабу з'яўляецца цёмны або каляровы налёт - паціна, які лёгка адлушчваецца. Наяўнасць на донцы посуду незашліфаванага следу ад понціі - палкі, на якой трымалі выраб пад час фармавання, таксама дапамагае адрозніць сярэднявечны выраб ад больш позняга.

У 16-18 стст. ужываліся цыліндрычныя шкляніцы, зробленыя з бясколернага шкла, якія вакол донца ўпрыгожваліся хвалістым наляпным пасам. У Лідскім замку знойдзены шкляніцы з двайным і нават з трайным пасам. 16-17 стст, датуюцца цыліндрычныя шкляніцы на цыліндрычным жа паддоне. Край у паддона плаўна адагнуты вонкі.

Бакалы вырабляліся з бясколернага шкла з зеленаватым адценнем. Яны адрозніваюцца адзін ад другога па формах ножак і ступакоў. Радзей сустракаюцца келіхі. Чаркі характарызуюцца тоўстымі сценкамі і масіўнымі донцамі. Тулава ў іх цыліндрычнае або злёгку звужваецца да донца. Найбольшае распаўсюджванне яны атрымалі ў 17 ст. Сустракаюцца чаркі, сценкі якіх дэкарыраваны вертыкальнымі рэбрамі. Адна з разнавіднасцей гэтага посуду мае тонкае плаўна ўвагнутае донца.

Кварты па форме і матэрыялу, з якога зроблены, падзяляюцца на два віды. Агульная ў іх толькі форма корпуса. Ён у плане прамавуголыіы і завяршаецца пакатымі акругленымі плечыкамі, якія пераходзяць у горла з кароткай шыйкай і нядбайна апрацаваным вусцем. Першыя вырабляліся з тоўстага зялёнага неасветленага шкла, вуглы сценак у іх вострыя. У кварт другога віду, зробленых з тонкага асветленага шкла зеленаватага і жаўтаватага адценняў, дно злёгку ўвагнутае ўсярэдзіну, а вуглы сценак скруглены. Абодва віды былі ва ўжытку прыблізна ў адзін і той жа час - 16-18 стст.

У гарадскім пасёлку Мір, Мірскім і Гальшанскім замках у слаях 17 ст. знойдзены фрагменты бутляў - вялікіх начынняў з шырокім горлам і кароткай шыйкай. Рэдка сустракаюцца ў культурным слоі шкляныя флаконы, міскі. У старажытных беларускіх гарадах у наслаеннях 14 ст. трапляюцца кавалкі шкляных бранзалетаў. Гэтае ўпрыгожанне было шырока распаўсюджана ў ранейшыя часы, алеўжо ў канцы 13-14 стст. выйшла з ужытку. У слаях 17-18 стст. часта трапляюцца кавалкі аконнага шкла. Шыбы вырабляліся круглымі або прамавугольнымі. Рознакаляровае шкло ўжывалася для вытворчасці пацерак. Несумненна, што праз вывучэнне старажытнага шкла шмат цікавай для сябе інфармацыі могуць здабыць і сучасныя шкларобы.


Каменныя і касцяныя вырабы

Каменныя тачыльныя брускі - звычайная знаходка ў слаях 14-17 стст. Многія з іх доўгі час былі ў справе і таму моцна сцёртыя. Часцей за ўсё форма іх прамавугольная, часам абодва канцы скругленыя. Знойдзены экземпляры з адтулінамі для падвешвання.

Каменныя ядры - знаходкі, характэрныя для старажытных замкаў. Яны былі знойдзены ў слаях 14-15 стст. на такіх помніках, як Лідскі, Навагрудскі, Гродзенскі замкі. Паверхня ядраў добра апрацавана, форма ў большасці выпадкаў блізкая да правільнага шара, памеры самыя розныя. Нам трапляліся экземпляры дыяметрам ад 6 да 40 см. Выкарыстоўваліся ядры, галоўным чынам для кідання з каменекідальных машын пад час аблогі ўмацаваных паселішчаў. Невыпадкова верхняя храналагічная мяжа актыўнага выкарыстання каменных ядраў прыпадае на канец 15 ст. У 16 ст. асноўную ролю пад час аблогі ўмацаваных гарадоў і замкаў пачалі выконваць гарматы, а каменекідальныя машыны адышлі ў мінулае. Каменныя ядры малых памераў маглі выкарыстоўваць і для стральбы з гармат.

У беларускіх лясах і пушчах заўсёды было многа дзікіх звяроў, на якіх многа і паспяхова палявалі нашы продкі. Праз вывучэнне дадзеных раскопак у Гродзенскім замку стала вядома, што паляванне было адным з асноўных заняткаў яго жыхароў. Нават у старажытным гербе горада змешчана выява аленя з крыжам паміж рагамі. Гэта знак святога Губерта - патрона паляўнічых. Зразумела, што старажытныя майстры не пакінулі без увагі такую сыравіну, як косць. Яе заўсёды было ў дастатку. 3 косці выраблялі грабяні, іголкі, гузікі, тронкі нажоў, разнастайныя накладкі, шахматныя і шашачныя фігуркі. Часта на рагах і касцях, знойдзеных у раскопе, відаць спілы, гэта значыць для нейкага вырабу адпілавалі зручны кавалак. Накладкі з косці ўпрыгожвалі многія рэчы, напрыклад калчаны, футляры для лукаў, похвы і інш. Самыя накладкі, як правіла, упрыгожаны кружочкамі розных дыяметраў або камбінацыямі з ліній, а таксама раслінным арнаментам. Тронкі нажоў складаліся з двух палавін, якія мацаваліся з дапамогай заклёпак. Вядомы знаходкі наборных тронкаў нажоў. Тыя ж самыя арбалетныя «арэхі» вырабляліся з косці..


ЗАКЛЮЧЭННЕ

Мы расказалі аб некаторых выкапнёвых рэчах, якія часта трапляюцца ў культурным слоі нашых гарадоў і мястэчак. Вядома, гэтыя рэчы далёка не ўся тагачасная матэрыяльная культура, а толькі невялікая яе частка. Найболып каштоўныя рэчы, асабліва зробленыя з каштоўных металаў, вельмі рэдка трапляюць у культурны слой. Тыя ж скарбы з манет дайшлі да нас толькі таму, што гаспадар па нейкай прычыне не змог іх забраць.

Як мы ўжо ўпаміналі, у слаях 15-17 стст., як правіла, дрэнна захоўваюцца вырабы з дрэва і скуры. Заўважана, што для добрага іх захавання патрэбна, каб над гэтымі рэчамі ляжаў слой шчыльнай зямлі таўшчынёй не менш як 2м. На такой глыбіні рэчы не падлягаюць рэзкаму ваганню тэмпературы і вільготнасці, як гэта бывае ў верхнім слоі.

Наяўнасць пастаяннага хіміка-фізічнага асяроддзя спрыяе доўгаму захаванню арганічных матэрыялаў. Такія спрыяльныя ўмовы ўтварыліся на тэрыторыі многіх нашых старажытных гарадоў, дзе маюцца магутныя культурныя наслаенні. Пад час раскопак тут знаходзяць надзвычай цікавыя вырабы са скуры (ад абутку да амуніцыі) і дрэва (ад абчасаных бярвенняў да цацачных мячоў), а таксама зерне і сцябліны розных раслін.

На развітанне яшчэ раз напомнім чытачам, што вартасць старажытных рэчаў вызначаецца не коштам у грашах, а той гістарычнай інфармацыяй, якую рэчы ўтрымліваюць. Таварышы, дапамажыце археолагам і гісторыкам у іх цяжкай працы! Прыносьце ў музей усё, што Вам здаецца старажытным і вартым увагі. Гэта таксама ўклад у вывучэнне гісторыі роднага краю і шанаванне памяці нашых з Вамі продкаў.


Змест

Да чытача

Скарбніца старажытных рэчаў

Як шукалі мірскую ратушу

На навагрудскіх пагорках

Паселішчы на рэчцы Ашмянцы

Мястэчкі каля замкаў

Зроблена рукамі продкаў

Керамічны посуд

Кафля

Будаўнічыя матэрыялы, хатнія рэчы

Вырабы з металу

Вырабы са шкла

Каменныя і касцяныя вырабы

Заключэнне


Навукова-папулярнае выданне Школьнікам аб гісторыі БССР

КРАЎЦЭВІЧ Аляксандр Канстанцінавіч

МАЙСТАР - НАШ ПРОДАК Кніга для вучняў

Загадчык рэдакцыі Ю. М. СУВОРАУ.

Рэдактар Л. А. СЕВАСЦЯНЧЫК.

Малодшы рэдактар Ф. П. ПІНЧУК.

Мастак Ф. Я. СЕЛЯЗНЕУ.

Мастацкі рэдактар Р. I. КРАСІНСКІ.

Тэхнічны рэдактар 3 I. РАМАНКЕВІЧ.

Карэктар I. С. ЯРОМЧЫК.



[1] Кашталян - камендант замка, памочнік ваяводы ў Вялікім княстве Літоўскім у 15-18 стст.

[2] Даўней так называлася багадзельня

[3] Сучаснаяафіцыйная назва- Навагрудак- польскі варыянт беларускага Наваградка.

[4] Падскарбій - вышэйшая спужбовая асоба ў Вялікім княстве Літоўскім, загадваў дзяржаўным скарбам.

[5] Датуючы матэрыял - рэчы з устаноўленым часам вырабу, па якіх датуюцца астатнія матэрыялы і самыя культурныя наслаенні.

[6] Буйны калючы пясок, які ўтвараецца ад разбурэння горных парод.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX