Папярэдняя старонка: Краўцэвіч А.К.

Міндоўг. Пачатак вялікага гаспадарства   


Аўтар: Краўцэвіч Алесь,
Дадана: 30-11-2007,
Крыніца: Мінск, 2005.




Жыццёпіс Вялікіх Князёў Літоўскіх

Гістарычна-навуковае эсэ
навукова-літаратурная аповесць


Змест

  1. Літва - Краіна Лесу
  2. Кар'ера першабытнага ваяра
  3. Пачатак Вялікага Княства. Першыя выпрабаванні
  4. Каралеўства Літва (1253-1260 г.)
  5. Справа зроблена
  6. Асноўныя даты ў жыццёрысе Міндоўга
  7. Каментары

Гісторыкі часам гавораць, што гісторыю твораць народы. Можна з гэтым згаджацца ці аспрэчваць, але несумненна адно: непасрэдныя рашэнні (у тым ліку і лёсаносныя для народаў) прыймаюцца канкрэтнымі асобамі. Індывідуальнасць гэтых асобаў накладвае свой непаўторны адбітак на ход гістарычнага працэсу, надае яму менавіта тую, якая ёсць, а не іншую форму рэалізацыі. Асоба ў гісторыі- гэта заўсёды цікава, заўжды па-чалавечы. Мне здаецца, што невядомая беларусам гісторыя дзяржавы, у якой нарадзіўся сучасны беларускі народ, можа стаць да нас бліжэй, калі звязаць яе з жыццём і лёсам гаспадароў - Вялікіх Князёў Літоўскіх. Гаспадар - так у нас тытулавалі кіраўніка дзяржавы. Адсюль пайшло слова спадар - ветлівая форма звароту ў сучаснай беларускай мове, гэтаксама як у іншых народаў ад тытулаў каралёў паходзяць звароты: пан - у палякаў і чэхаў, сеньёр - у італьянцаў ды гішпанцаў, месье - у французаў і г.д.

Алесь Краўцэвіч


Уступ.

Міндоўг - легендарная постаць беларускай гісторыі. Першы Вялікі Князь Літоўскі, першы і апошні кароль Літвы [1]. Нарадзіўся на мяжы 12 і 13 ст. (дакладная дата невядома), загінуў у 1263 г. Паходзіў з багатага балцкага роду [2], меўшага ўладанні ў Літоўскай зямлі [3].

3 маладых гадоў прымаў актыўны ўдзел у ваенна-рабаўнічых набегах старажытных літоўцаў на Польшчу, Русь, Прыбалтыку. Здолеў не толькі ацалець пры гэтым небяспечным занятку, але і высунуцца на адно з першых месцаў сярод такіх жа ваенных правадыроў. Быў надзелены непаспалітымі ваеннымі і дыпламатычнымі здольнасцямі, вызначаўся жорсткім і рашучым характарам.

Менавіта на яго трапіў выбар гаспадароў багатага горада-дзяржавы Наваградка, калі ў саракавых гадах 13 ст. мангольскія тумены залілі крывёю і агнём усю паўднёвую ды усходнюю Русь і як паветра неабходнан стала асоба, здольная арганізаваць абарону Панямоння ад бязлітасных азіяцкіх заваёўнікаў.

Так Міндоўг стаў заснавальнікам новай дзяржавы - Вялікага Княства Літоўскага - калыскі сучасных беларускага і летувіскага народаў. Дзікун-язычнік прычыніўся да пачаткаў вялікай хрысціянскай краіны, першым адчуўшы яе жыццёвую патрэбу ў повязі з заходнееўрапейскай цывілізацыяй.

Час узнікнення Вялікага Княства Літоўскага прыпаў на канец 40-х гадоў 13 ст. Міндоўг быў вельмі важнай фігурай у гэтым працэсе, але напэўна не адзінай і, відавочна, не самай галоўнай, бо ўсё пачыналася задоўга да яго нараджэння - на некалькі стагоддзяў раней...

Літва - Краіна Лесу.

Пад канец 1 тысячагоддзя нашай эры, (дакладней, у 988 г.) у жыцці ўсходніх славянаў здарылася надзвычайная падзея. Кіеўскі князь Уладзімір Краснае Сонейка ўвёў на падуладных яму землях хрысціянства. Новая вера ў адзінага бога Хрыста прыйшла "ад усходу" - з Візантыі і гэта не было выпадковасцю. Візантыйская (або інакш - Усходнерымская) імперыя з'яўлялася буйнейшым святовым асяродкам цывілізацыі. Высокі ўзровень гаспадарчага жыцця, вытанчаная культура, дзівосная архітэктура, багацце шматлікіх гарадоў (самым вялікім, багатым і шыкоўным быў сталічны Канстанцінопаль - Царград, ж яго называлі славяне) - усё выклікала захапленне і зайздрасць навакольных варварскіх народаў. Моц візантыйскага войска доўгі час служыла надзейнай заслонай ад зайздросных суседзяў. img/c.jpg Да багатага і моцнага хочацца быць падобным. Адсюль ўзнікала імкненне суседніх народаў, у тым ліку славянскіх (сербаў, балгараў, русінаў), пераймаць лад жыцця і культуру рамеяў-візантыйцаў. Прыняцце новай веры азначала далучэнне Русі да кола краінаў хрысціянскай цывілізацыі. Аднак простаму люду не так лёгка было гэта патлумачыць. Народ не хацеў разумець, чаму іх князь так хоча быць падобны да царградскага базілеўса [4] і навошта дзеля гэтага трэба выракацца сваіх спрадвеку шанаваных багоў: Велеса, Хорса, Даждзьбога, Страбога, Сімарга і галоўнага сярод іх Пяруна. Праўда, як паказвае гісторыя, князі і не мелі такой звычкі - разводзіць доўгія тлумачэнні ды ўгаворы сярод паспалітага люду. Новую веру ўводзілі рашуча і гвалтоўна, не пытаючыся нічыіх густаў і меркаванняў. Выконваючы абрад хрышчэння вадой, людзей натоўпамі заганялі ў рэкі. Знішчалі даўнія святыя мясціны - язычніцкія капішчы, затоптвалі вечныя святыя агні-знічы, а драўляныя выявы старажытных багоў ламалі, секлі, палілі, пускалі па вадзе, можа быць таксама ў знак хрышчэння. Кіеўскі летапісец апавёў пра тое, як уводзілася новая вера ў Ноўгарадзе: "Пуцята хрысціў мечам, а Дабрыня агнём".

Зразумела, здараліся выпадкі нязгоды, супраціву і адкрытых паўстанняў. Іх часта ачольвалі язычніцкія святары - валхвы, абавязкам якіх была служба старадаўнім багам, ахова іх векавечнага спакою. Княскія дружыны, складзеныя з прафесыйных, выдатна ўзброеных вояў-рыцараў, хутка спраўляліся з сялянскімі натоўпамі. Для незадаволеных ды няскораных (дысідэнтаў, як кажуць сёння) заставаўся адзін даволі дзейсны спосаб супраціву - уцёкі як найдалей, у мясціны, куды хрысціянства яшчэ не дабралася...

Якраз тады, у канцы 10 ст. далёка на поўнач ад Кіеўскай зямлі на малалюдных і скрозь пакрьпых густымі лясамі абшарах, дзе збірае свае воды Нёман са шматлікімі прытокамі: Лошай, Усой, Ушой, Бярэзіной, Сэрвяччу, Молчадзю, ВІлляй, Шчарай, Зэльвянкай, Россю, Котрай ды інш., узнікла некалькі славянскіх паселішчаў. Некаторыя іх назвы, прайшоўшыя праз ус ю гісторыю Беларус і і с ёння нам добра знаёмыя: Наваградак, Гародня, Ваўкавыск, Слонім [5].

За мінулыя пасля апошняй вайны паўстагоддзя навукоўцы-археолагі добра пакапаліся ў гэтых гарадах на месцы тых першых паселішчаў, якія да сёння захаваліся ў памяці людзей пад назвамі "Стары замак" і "Новы замак" (Гародня), "Замкавая гара" і "Малы замак" (Наваградак), "Замчышча" (Слонім), "Шведская гара" і "Замчышча" (Ваўкавыск). Праз вывучэнне агромністай колькасці здабытых у зямлі старадаўніх рэчаў навукоўцы высветлілі, што першымі жыхарамі-заснавальнікамі гэтых паселішчаў у канцы 10 ст. былі ўсходнія славяне, менавіта дрыгавічы і валыняне. Цікава, што самыя першыя знаходкі, звязаныя з хрысціянскім культам (крыжыкі, каменныя абразкі, пласцінкі з хрысціянскімі выявамі), пачалі трапляць у культурны слой толькі ад другой паловы - канца 11 ст., ці амаль праз стагоддзе пасля ўвядзення хрысціянства на Русі. 1 гэта важкае матэрыяльнае сведчанне на карысць меркавання, што на Панямонне ў канцы 10 ст. прыйшлі менавіта славяне-язычнікі, уцёкшыя ад гвалту над іх старадаўняй верай. Зразумела, хрысціянства ўрэшце дайшло і сюды, але мясцовае язычніцтва-паганства яшчэ доўга трымалася ў народнай памяці і пакінула трывалы след у мясцовых традыцыях ды звычаях. Даследчыкі мяркуюць, што гэты след застаўся нават на мясцовых хрысціянскіх храмах. Напрыклад, гарадзенскія мураваныя цэрквы 12 ст. (на паверхні зямлі ацалела адна з іх - знакамітая Каложа - Барысаглебская царква на беразе Нёмана) славяцца сваімі багаіымі каляровымі ўбраннямі сценаў, створанымі, як мяркуецца, пад уплывам мясцовых язычніцкіх традыцый.

Славяне (дрыгавічы і валыняне) паступова рухаліся ў кірунку Панямоння ад Прыпяці, уверх па яе прытоках: Лясной, Ясельдзе, Бобрыку, Цне, Лані, Случы. Пераадолеўшы водападзел між Неманам і Прыпяццю, перасяленцы выйшлІ да левых нёманскіх прытокаў: Росі, эльвянкі, Шчары, Беразіны І ўжо па Іх дабраліся да самога Нёмана - будучай вялікай беларускай ракі. Тут мясціліся рэдкІя і нешматлікія паселішчы балтаў-яцвягаў, якія памясцоваму называліся дайнова. Панямонне было толькі часткай этнічнай тэрыторыі яцвягаў, асноўная яцвяжская земля ляжала далей на захад (сучасная Беласточчына ў Польшчы). Да сённяшняга дня на месцах рассялення гэтага даўно загінуўшага народа, захаваліся вёскі з назвамі "Яцвезь" і "Дайнова".

img/cc.jpg

На берагах Нёмана язычнікі-славяне спаткаліся з язычнікамі-балтамі. Навукоўцы лічаць, што гэта была ўжо не першая іх сустрэча. Самыя раннія сляды славянскіх паселішчаў на Панямонні археолагі датуюць яшчэ 7 ст. н.э. Іх пакінулі невялікія групы дрыгавічоў і полацкіх крывічоў, якія часам даходзілі сюды з поўдня і з усходу. Але ў канцы 10 ст. усходнія славяне з'явіліся на Панямонні ў значна большай колькасці - узнікла, як кажуць гісторыкі, каланізацыйная хваля.

У старажытнасці і сярэднявеччы каланізацыя новых земляў часта суправаджалася вострымі канфліктамІ 3 мясцовым насельніцтвам. Напрыклад, многія нямецкія гарады ва усходняй частцы Германй, або ў Прусіі былі збудаваныя на месцы захопленых і знішчаных славянскіх і балцкіх паселішчаў. Да такіх гарадоў належыць, у прыватнасці, сучасная нямецкая сталіца - Берлін. На тэрыторыі Беларусі (у тым ліку на Панямонні) славянская каланізацыя (пачалася ў 6 - 7 ст. н.э.) праходзіла зусім інакш - мірным шляхам і не суправаджалася вынішчэннем або выцясненнем тубыльцаў. Мясцовае насельніцтва было нешматлікае і рэдкае, каланістаў прыходзіла таксама не надта шмат, таму жыццёвай прасторы хапала для ўсіх.

Магчыма, на пачатку адносінаў здараліся канфлікты. Зразумела, мала каму спадабаецца, калі нехта прыйдзе і паселіцца ў тваім лесе, на зямлі, якая спрадвеку была ўласнасцю твайго роду. Але зямлі і лесу было так многа, а людзей тут жыло так мала, што ваяваць не было патрэбы. У дрымучых панямонскіх лясах, дзе-нідзе раздзеленых палянамі ды балотамі, месца хапала ўсім. Перасяленцы не захоплівалі абжытыя балтамі мясціны, а будавалі свае паселішчы на свабодных пагорках і палянах-лядах. Былі б толькі ахвота і сіла церабіць тутэйшыя дрымучыя лясы. Займай колькі хочаш месца, выпальвай лес, выкарчоўвай пні, ды ўзворвай глебу, а попел пасля выпалу - гатовае ўгнаенне. Так узнікала "ляда" - мясціна, адваяваная ў лесу. Сёння на Панямонні нават у мясцовасцях, дзе лесу засталося няшмат, часта можна сустрэць вёскі з назвамі "Ляда" ці "Ляды", якія дакладна паказваюць на іх паходжанне. Мяркуецца нават, што горад Ліда (адзін з буйнешых на Гарадзеншчыне), таксама вырас на месцы старадаўняй лясной вёсачкі "Ляда", толькі назва за мінулыя стагоддзі трохі змянілася.

Славяне знаходзіліся на больш высокай ступені грамадскага развіцця чым мясцовыя балты. Яны ўжо мелІ ўласную пісьмовасць, ведалі феадальную дзяржаўную арганізацыю, валодалі складанымі рамёствамі, умелі будаваць гарады. Тубыльцы-балты хупса зразумелі, што з прышлымі людзьмі можна сябраваць і выгодна гандляваць. Славянскія рамеснікі ўмелі рабіць прыгожыя і выдатныя па рабочых вартасцях рэчы. У суседнім славянскім паселішчы можна было набыць дасканала выкаваныя з гартаванай сталі прылады працы і зброю: востры і даўгавечны серп, касу, выдаіны нож ці меч. Ніхто не мог лепш за гарадскога майстра-русіна сфармаваць на ганчарным коле зручныя, прыгожыя і адначасова моцныя ды трывалыя гліняныя гаршкі і збаны.

Гандаль - найлепшы сродак мірных кантактаў. Тубыльцы хутка пачалі разумець, а потым паступова засвойваць славянскую (русінскую ці старабеларускую) мову, некаторыя з іх перасяляліся ў заснаваныя славянамі гарады, жаніліся з русінкамі, а мясцовыя дзяўчаты выходзілі замуж за, хлапцоў-русінаў. Прыбышы таксама прыглядаліся да мясцовай культуры, пераймалі найбольш адпаведныя тутэйшым прыродным умовам прылады працы і прыёмы гаспадаркі, спосабы будоўлі жытла. Славянскія майстры-рамеснікі навучыліся вырабляць адметныя сваімі формамі і дэкорам балцкія ўпрыгожванні, якія мелі попыт сярод мясцовых модніц.

Звесткі лінгвістыкі (мовазнаўства) і археалогіі сведчаць пра тое, што доўгі час на Панямонні жыло змешанае балта-славянскае насельніцтва. Праз вывучэнне тапанімічных [6] матэрыялаў мовазнаўцы прыйшлі да высновы, што на сённяшні дзень на Панямонні сярод масы славянскіх назваў паселішчаў, мясцовасцей, рэчак захавалася шмат тапонімаў балцкага паходжання, якія засталіся з часоў сярэднявечча. Побач з вёскамі, якія завуцца тыпова паславянску, як, напрыклад, Курылавічы, Мілявічы, Малькавічы, месцяцца балцкія, як Бершты, Бакшты, Жодзішкі, Дзевянішкі, Котчына, Букштава і г.д.

Рух славянскіх перасяленцаў адбываўся ў асноўным ўздоўж рэкаў, а ў аддаленні ад гэтых найважнейшых старажытных шляхоў - у міжрэччах, заставаліся групы (часам даволі вялікія) балцкага насельніцтва. Некаторыя з гэтых "астравоў" існавалі даволі працяглы час. Самым вядомым з'яўляецца невялікая тэрыторыя ў ваколіцах Дзятлава, дзе яшчэ ў канцы 19 ст. мясцовыя жыхары маглі паміж сабой размаўляць на адным з дыялектаў летувіскай мовы, хоць усе навакольныя вёскі спрадвеку гаварылі па-беларуску.

Калі на карту Панямоння нанесці адкрытыя і даследаваныя археолагамі тагачасныя (11-13 стст.) балцкія і славянскія паселішчы, ды выдзеліць іх асобнымІ колерамі, то добра відаць, што яны размешчаныя ўперамешку, як бы плямамі раскіданыя па ўсяму Панямонню. Усе гарады тут былі славянскія (Гародня, Наваградак, Вільня, Ваўкавыск, Слонім і іншыя), а ваколіцу ўтваралі вясковыя паселішчы: славянскія, балцкія, або вёскі са змешаным насельніцтвам. На поўначы бліжэй да Аўкштоты (усходняя частка сучаснай Рэспублікі Летува) больш было паселішчаў балцкіх, на поўдні каля мяжы з асноўнымі усходнеславянскімі землямі - славянскіх.

Найболей заглыбленымі ў балцкую тэрыторыю гарадамі аказаліся: на поўначы - Вільня, заснаваная крывічамі на маляўнічых пагорках узбярэжжа Віліі, а на паўночным захадзе - дрыгавіцкая Гародня на Нёмане. У міжрэччы Нёмана і Віліі якраз паміж Гародняй і Вільняй захавалася выспа балцкіх (летувіскіх земляў), якая сёння вузкім клінам уваходзіць у тэрыторыю Беларусі, што добра відаць па характэрным выгіне дзяржаўнай мяжы паміж Беларуссю і Летувай.

Тэрыторыю са змешаным насельніцтвам навукоўцы назвалі кантактнай зонай паміж балтамі і славянамі. У сярэднявеччы яна размяшчалася прыблізна ў прасторы паміж Менскам і Вільняй і ўяўляла сабой доўгую паласу зямлі шырынёй каля 200 км, працягнутую амаль на поўтысячы кіламетраў ад Бярэсця да Браслава на Віцебшчыне.

Гэтая кантактная зона не была пастаяннай і нерухомай, яна павольна, але няўхільна перамяшчалася ў паўночным і паўночна-заходнім кірунку. Вельмі добра пра гэтае перамяшчэнне напісаў спецыяліст, які яго даследаваў - навуковец-мовазнаўца Хведар Клімчук: "На працягу шэрагу стагоддзяў да самага пачатку 20 ст., а месцамі і пазней, адбывалася паступовае перамяшчэнне гэтай кантактнай зоны ў паўночна-заходнім кірунку. Па-першае, у прылеглых да яе раёнах летувіскае насельніцтва засвойвала беларускую мову і станавілася двухмоўным. Па-другое, у многіх месцах гэтай зоны летувіская мова паступова саступала свае пазіцыі беларускай". У такі спосаб павялічвалася этнічная тэрыторыя беларусаў.

Гэты рух працягваўся нават у найноўшы час. У сярэдзіне 50-х гадоў 20 ст. этнографы зафіксавалі яго праявы на сучаснай мяжы паміж Летувай і Беларуссю. Жыхары прыгранічных вёсак распавядалі навукоўцам, што іх бацькі гаварылі па-летувіску, а самыя яны гэтай мовы не ведаюць і гавораць па-беларуску. Як сказаў адзін селянін: "Старыя гаварылі па-літоўску. Мой бацька быў чысты ліцьвяк, а мяне ўжо можна прадаць па-літоўску, нічога не панімаю".

Вынікам працэсу балта-славянскіх кантактаў было пашырэнне беларускай этнічнай тэрыторыі, якая ў 19 ст. ахапіла ўжо большую частку Віленшчыны.

* * *

Дзесьці ў канцы 10 ст. славяне перайшлі Нёман і сустрэліся з новымі балцкімі плямёнамі, якія займалі землі па сярэднім цячэнні Віліі і называліся літвой ці літоўцамі. Далей на поўнач і захад жылі іншыя балцкія плямёны: нальшаны, дзяволтва, жамойты. Напачатку славяне яшчэ не ўмелі іх адрозніваць і ўсю новаадкрытую краіну пачалі зваць імем пагранічнага племяні - Літва. Ад беларусаў гэтую назву перанялі іншыя ўсходнеславянскія народы, а таксама палякі, немцы, а затым і ўся Еўропа.

Спецыялісты-навукоўцы заўважылі, што ўзнікненне такіх назваў - алаэтнонімаў (імя народу, дадзеная яму іншымі народамі), калі краіна называецца па імю яе пагранічнага племяні, з'ява распаўсюджаная па ўсім свеце.

Такім жа чынам утварыліся і назвы двух суседніх балцкіх краінаў: Лівоніі і Прусіі. Нямецкія купцы і місіянеры ў канцы 12 ст. прыплылі праз Балтыйскае мора да вусця Заходняй Дзвіны, першымі сустрэлі тут ліваў і па імю гэтага племяні ўсю краіну пачалі называць - Лівоніяй (Livland). Тое самае адбылося з Прусіяй - краіна атрымала назву ад імя пагранічнага з польскімі землямі племяні прусаў.

Першыя пісьмовыя сведчанні пра Літву адносяцца да 11 ст., а самае ранняе ўпамінанне звязана з апісаннем смерці вядомага хрысціянскага місіянера святога Бруна. У аналах (запісы падзеяў па гадах) горада Кведлінбурга запісана, што святы Бруна ў 1009 г. прыняў пакутніцкую смерць ад рук язычнікаў "на мяжы Русі і Літвы. Першы летапісны твор усходніх славянаў "Аповесць мінулых часоў", на падставе даўнейшых вусных паданняў назваў "літву" сярод плямёнаў, якія плоцяць даніну Русі і маюць уласную мову.

На Русі "Літвой" сталі называць усё Верхняе і Сярэдняе Панямонне, менавіта Наваградчыну, Гарадзеншчыну і Віленшчыну, хоць там побач з балтамі жылі і славяне. Калі хтосьці з Русі выбіраўся на Панямонне ў славянскі Наваградак або Ваўкавыск у гандлёвых ці іншых справах, то казаў: "Еду ў Літву". Менавіта гэтая Літва стала ядром, потым цэнтральнай вобласцю Вялікага Княства Літоўскага - дзяржавы, паклаўшай пачатак сучасным беларускаму і летувіскаму народам. Сёння гэтую вобласць гісторыкі называюць гістарычнай Літвой. На самым Панямонні яшчэ доўгі час жыла памяць пра пачатковую балцкую Літву на берагах Віліі, але з цягам часу яна назаўсёды адышла ў мінулае.

Пазней, калі Вялікае Княства Літоўскае далучыла да сябе агромністую тэрыторыю ад Балтыйскага да Чорнага мора, тэрмін "Літва" набыў яшчэ адно значэнне, менавіта стаў назвай гэтай буйнейшай у Еўропе дзяржавы. Яе жыхароў называлі ліцвінамі ці літоўцамі, незалежна былі яны балтамі ці славянамі і незалежна ад мясцовасці ў якой пражывалі. А ў самой дзяржаве Літвой па-ранейшаму называлі Верхняе і Сярэдняе Панямонне - ці Наваградчыну, Гарадзеншчыну, Віленшчыну і частку Мешпчыны. Так яе адрознівалі ад іншых частак дзяржавы, менавіта: Русі (Полаччына і Магілёўшчына), Жамойці, Падляшша (у басейне Заходняга Буга), Палесся, Падолля, Валынскай, Кіеўскай земляў.

Мову, на якой гаварыла большасць жыхароў Літвы (гэтаксама як і ўсёй дзяржавы), называлі русінскай (па сучаснай тэрміналогіі - старабеларускай). Адначасова частка балтаў у Літве, асабліва ў паўночнай яе частцы - Аўкштайтыі, захоўвала сваю мову, якая звалася літоўскай. На мове вельмі блізкай да аўкштайтскай гаворкі размаўлялі таксама жыхары Жамойці. Пра гэтых балтаў сакратар вялікага князя Аляксандра Эразм Вітэліус казаў у 1501 г. у прамове да папы рымскага: "літоўцы, стаўшы каталікамі, не страцілі ўласнай мовы, але часцей ужываюць мову рускую (г.зн. беларускую) паколькі яна прыгажэйшая і лягчэйшая". Так утваралася гістарычная Літва.

Нават пасля захопу Вялікага Княства Літоўскага Расейскай імперыяй у канцы 18 ст. назва "Літва" трымалася за Панямоннем усё 19 ст. Толькі ў пачатку 20 ст. гэтую назву канчаткова пераняла балцкая дзяржава, створаная народам, узнікшым на аснове плямёнаў жамойтаў і аукштайтаў - паўночным суседам беларусаў. Сваю краіну людзі гэтага народу называюць на сваёй мове "Летува", а сябе завуць " lietuviai" - летувісы. Так і мы будзем іх называць у гэтай кнізе, каб не блытаць з сярэднявечнымі літоўцамі ці літвінамі, сярод якіх былі як балты так і славяне. Адметнасці традыцыйнай сялянскай культуры гістарычнай Літвы захаваліся да нашага часу, таму этнографы выдзелілі яе ў асобную этнаграфічную зону Беларусі.

У сярэдзіне 13 ст., калі на Панямонні распачаўся працэс утварэння дзяржавы, тут яшчэ жыло змешанае балта-славянскае насельніцтва і адбываўся актыўны працэс балта-славянскіх кантактаў. Утварэнне новай дзяржавы аказалася цесна звязаным з гэтым працэсам, праходзіла пад яго моцным і, варта адзначыць, дабратворным уплывам. Папярэдні двухвекавы вопыт мірнага супрацоўніцтва аказаўся вельмі дарэчы, калі прыйшла патрэба стварыць новую дзяржаўную арганізацыю для абароны агульнай айчыны ад татараў і крыжакоў.

Даследчыкі неаднаразова выказвалі меркаванне, што на Панямонні ў Гародні і Наваградку, а таксама ў недалёкім Полацку ў 12-13 стст. Вялося ўласнае летапісанне. Аднак да сённяшняга дня ніводнага мясцовага летапісу не знойдзена. Не захаваліся таксама полацкія летапісы. Таму інфармацыю пра мясцовае жыццё навукоўцам даводзіцца па крупіцах збіраць з летапісаў суседніх краёў, найперш кіеўскага, ноўгарадскага, галіцка-валынскага. Шмат цікавых звестак пра пачаткі Вялікага Княства Літоўскага ўтрымліваюць нямецкія хронікі з Лівоніі і Прусіі. Трохі інфармацыі пра панямонскія справы 13 ст. можна знайсці ў польскіх, венгерскіх і іншых еўрапейскіх хроніках.

Звестак пра 13 ст. - час утварэння Вялікага Княства Літоўскага ўвогуле захавалася няшмат, бо летапісцы і храністы суседніх краінаў найперш пісалі пра жыццё сваіх мясцінаў, а пра Літву ўзгадвалі ў асаблівых выпадках. Напрыклад, калі іхнія дзяржавы ваявалі з Вялікім Княствам Літоўскім, або калі ў Літве адбываліся нейкія надзвычайныя падзеі: міжусобная вайна, хрышчэнне, каранацыя, ці забойства вялІкага князя.

Ад 12 ст. звесткі пра панямонскія справы пачалі з'яўляцца ва ўсходнеславянскіх, найперш у кіеўскіх, летапісах. Галоўным чынам гэта былі паведамленнІ пра Гародню і Гарадзенскае княства. Пад 1116 г. у летапісе ўпамянуты князь Усеваладка - праўнук Яраслава Мудрага, за якога знакаміты Уладзімір Манамах аддаў замуж сваю дачку Агаф'ю. У запісе пад 1128 г. Усеваладка названы гарадзенскім князем. Гарадзенскае княства ў гэты час знаходзілася ў палітычнай залежнасці ад Кіева. Той жа Усеваладка, а потым яго сыны Барыс, Глеб і Мсціслаў прымалі ўдзел у ваенных паходах, арганізаваных кіеўскімі князямі. У 1144 г. Усевалад кіеўскі выдаў замуж дзвюх дачок Усеваладкі гарадзенскага за чарнігаўскага і тураўскага князёў.

Такім чынам, летапіс засведчыў, што ў 12 ст. на Панямонні існавала ўсходнеславянская дзяржава - Гарадзенскае княства, якое ўваходзіла ў палітычную сістэму Кіеўскай Русі. Улічваючы, што Гародня была ўсходнеславянскім горадам у глыбі балцкай этнічнай тэрыторыі, можам з пэўнасцю сцвярджаць, што Гарадзенскае княства складалася з тэрыторый заселеных як балтамі, так і славянамі.

Да 1132 г. адносіцца першае і адзінае летапіснае паведамленне пра ўдзел гарадзенцаў у паходзе на Літву, зноў жа, па загаду з Кіева. Невядома, куды дакладна вадзіў аб'яднаныя войскі кіеўскі князь Мсціслаў, але можна меркаваць, што Усеваладка гарадзенскі не ваяваў супраць сваіх мясцовых балтаў. Напэўна, гэтая няўдалая выправа (кіяўлянаў на адваротнай дарозе пабілі) была скіраваная далей на поўнач ад Гародні. Іншых звестак пра балта-славянскія канфлікты на Панямонні на працягу наступных стагоддяў крыніцыне падаюць.

У наступным 13 ст. летапісцы і храністы пісалі больш пра Наваградак, напэўна таму, што гэты горад стаў самым вялікім і багатым на Панямонні. Шматгадовыя археалагічныя раскопкі (ад 1956 г. да пачатку 80-х гг. 20 ст.) адкрылі вельмі цікавую мясцовую культуру, незвычайнае багацце якой здзівіла нават спецыялістаў-археолагаў. Асабліва ўражвае абсяг гандлёвых сувязяў сярэднявечнага Наваградка - ад земляў Русі, Прыбалтыкі да Заходняй Еўропы і Блізкага Усходу: Візантыі, Сірыі, Ірану.

Чалавек, якому было наканавана стаць творцам-заснавальнікам Вялікага Княства Літоўскага нарадзіўся ў Літве нашмат пазней пасля прыходу сюды славянаў-язычнікаў. Прайшло ўжо сама меней два стагоддзі і тут шмат што змянілася. Панямонне ўжо было заселенае нашмат шчыльней, у паўднёвай яго частцы насельніцтва як славянскае так і балцкае даўно прыняло хрысціянства (ад другой паловы 11 ст.) На момант з'яўлення на свет Міндоўга тут віравала бурлівае эканамічнае жыццё, аб'яднанае вакол разросшыхся гарадоў. Менавіта багатыя панямонскія гарады сталі галоўнай апорай ягонай дзяржавы. Але пра гэта трохі пазней...

Кар'ера першабытнага ваяра

80-я гады 12 ст. летапісы і хронікі зазначылі значны ўзрост мілітарнай актыўнасці старажытных літоўцаў. Вайсковыя атрады балтаў - летапісных літоўцаў, з небывалай дагэтуль рэгулярнасцю пачалі выпраўляцца ў рабаўнічыя паходы ва ўсіх кірунках ад роднага Панямоння. На падставе летапісных паведамленняў гісторыкі зрабілі выснову пра пераход літоўцаў у гэты час да новай стадыі развіцця першабытнага грамадства - гэтак званага перыяду ваеннай дэмакратыі - прадвесніка з'яўлення дзяржавы. У гэты час асноўным заняткам мужчынаў становіцца вайна. Яны шмат часу праводзяць у ваенных паходах, галоўнай мэтай якіх з'яўляецца захоп здабычы ў выглядзе розных матэрыяльных каштоўнасцяў: дарагіх рэчаў, рабоў і жывёлы, прадуктаў харчавання.

Дэмакратыя праяўлялася ў тым, што галоўныя рашэнні ў жыцці племяні прымаліся на агульных сходах свабодных ваяроў. Аднак падобныя сходы не заўсёды можна было правесці пад час ваеннага паходу, калі побач вораг і трэба хутка прымаць правільнае рашэнне: біцца, ўцякаць ці ўступаць у перамовы. Таму спецыяльна на час паходу абіраўся правадыр, чалавек,якому можна было даверыць кіраванне ў такой важнай і небяспечнай справе як ваенная выправа.

Вайсковымі правадырамі станавіліся асобы, якія мелі аўтарытэт сярод супляменнікаў і ўжо паказалі сваю дасведчанасць у ваеннай справе. Весці атрад у паход мог племянны старэйшына, або нехта з аўтарытэтных воінаў. Усё залежала ад даверу, хтосьці мог павесці за сабой дзесятак сяброў, за іншым ішлі сотні і тысячы ваяроў. Праўда, вялікія атрады збіраліся рэдка, толькі пад час самых важных выправаў ці абароны ад моцнага ворага. Вялікім войскам цяжка кіраваць, яно не надта паваротлівае і хуткае ў паходзе, дзе ўсё залежыць якраз ад хуткасці і нечаканасці манеўра.

Найчасцей у паход выпраўляліся невялікія рухомыя атрады, здольныя да доўгіх хуткіх пераходаў. Яны знянацку з'яўляліся на тэрыторыі ворага, рабавалі ўсё, што маглі і каго толькі маглі, і стараліся гэтак жа хутка знікнуць. Аднак абцяжараныя здабычай і палоннымі, воі ўжо не былі такімі рухлівымі, як у пачатку нападу. Часта рабаўнічыя атрады самыя станавіліся ахвярай помсты мясцовых жыхароў, якія арганізоўвалі пагоню, даганялі нападнікаў і адбіралі здабычу.

Цікавыя апісанні падобных паходаў занатаваў у сваёй "Хроніцы Лівоніі" святар латгалаў (Латвія), ён жа знакаміты прыбалтыйскі храніст 13 ст. Генрых Латвійскі. Так, зімой 1205 г. адзін са старэйшынаў племяні семігалаў угаварыў сваіх саюзнікаў - лівонскіх немцаў, падпільнаваць у засадзе і напасці на літоўскі атрад, калі ён будзе вяртацца з паходу на землі эстаў. Літоўскія ваяры ішлі па зімовай дарозе адзін за адным, след у след, змясціўшы пасярэдзІне калоны палонных (каля тысячы). Дазорныя літоўцаў заўважылі свежыя сляды на снезе і спыніліся, адчуўшы небяспеку. Паступова надыйшлі астатнія і ўсе сабраліся ў адну купу. Толькі тады семігалы, сядзеўшыя ў засадзе, убачылі, што літоўцаў вельмі шмат і пабаяліся зачынаць бойку. На літоўскіх вояў ударылі закаваныя ў бронь нямецкія рыцары. Нечаканасць нападу згуляла сваю ролю і літоўцы пачалі разбягацца ва ўсе бакі. Тады асмялелі і ўступілІ ў бітву семігалы. Было перабіта мноства літоўскіх вояў, а таксама палонных эстаў. Потым пераможцы разыйшліся па сваіх селішчах. Семігалы павезлі з сабой на санях галовы забітых літоўцаў.

Ноўгарадскі летапіс паведамляе як у 1245 г. князь Аляксандр Яраслававіч (Неўскі), даведаўшыся пра напад літоўцаў на наўгародскую зямлю, падняў сваю дружыну, дагнаў ворагаў пад Тарапцом і многіх пазабіваў, у тым ліку 8 князькоў (правадыроў). Падобна, у гэтую нешчаслівую выправу на ноўгарадскія землі выправілася некалькі літоўскіх атрадаў са сваімі правадырамі.

У бітвах з літоўцамі вызначыўся знакаміты пскоўскі князь 13 ст. Даўмонт - забойца Міндоўга. Сам па паходжанню літовец, ён княжыў у Нальшанах, а ў 1265 г. уцёк у Пскоў, ратуючыся ад помсты вялікага князя Вайшэлка. Хрысціўшыся пад імем Цімафей, ён верна служыў новай радзіме і праславіўся ў бітвах са сваімі землякамі. Неўзабаве пасля ўдамавення ў Пскове Даўмонт пайшоў у паход на сваю радзіму і, як падае пскоўскі летапіс, "паланіў зямлю літоўскую, айчыну сваю і княгіню Гердзеневу паланіў і яе дзяцей і ўсё княства яго паваяваў і вярнуўся з мноствам палону...".

Жыць з вайны - справа хоць і прыбытковая, але ж і вельмі небяспечная. Можна ў некалькіх удалых нападах сабраць багацце, а пасля ў адным няўдалым - развітацца з жыццём. Выжывалі самыя моцныя, здольныя і ўдачлівыя. Паступова асобныя правадыры назапашвалі значныя матэрыяльныя багацці і станавіліся ўплывовымі людзьмі. Падтрыманыя сваёй адданай дружынай - камандай прафесыйных вояў, яны пераўтвараліся ў фактычных кіраўнікоў асобных тэрыторый. Такую кар' еру, па ўсёй верагоднасці, зрабіў бацька Міндоўга. Пазней па яго слядах пайшоў і наш герой.

Ваяўнічыя літоўцы выдатна разумелі каштоўнасць добрага суседства. Яны падтрымлівалі сяброўскія адносіны і ніколі не ваявалі з бліжэйшымі да Панямоння ўсходнеславянскімі землямі - Турава-Пінскай і Полацкай. Сярод некалькіх дзесяткаў летапісных паведамленняў пра ваенныя паходы летапісных літоўцаў на Прыбалтыку, Польшчу, Валынь, Кіеў, Смаленск, Вялікі Ноўгарад, Пскоў няма ніводнай узгадкі пра іх напады на Пінск, Тураў, Полацак, не кажучы ўжо пра Наваградак, Гародню і іншыя беларускія гарады, размешчаныя ў балта-славянскай кантактнай зоне.

Старажытная Літва была акружана як бы "пасам бяспекі" з прылеглых мірных земляў, праз якія літоўцы маглі безперашкодна праходзіць пад час паходу і вяртацца назад на радзіму. Ворагу, прагнаму помсты, не так лёгка было дабрацца да літоўскіх паселішчаў - трэба было прайсці як мінімум пару сотняў кіламетраў праз гэтыя заміраныя з літоўцамі землі. Суседзі-славяне таксама цанілі мірныя адносіны з балтамі. Яны безперашкодна прапускалі іх атрады праз сваю тэрыторыю, а пры зручным выпадку і самі былі не супраць да іх далучыцца. Так, напрыклад, зрабілі палачане ў 1198 і 1258 г. калі хадзілі разам з літоўскімі атрадамі ваяваць супраць свайго суперніка - Смаленска. У 1203 г. васал Полацка князь Усевалад з Герцыке з саюзным літоўскім атрадам нечакана з'явіўся каля Рыгі, забраў жывёлу з пашы і захапіў двух святароў, якія разам з пілігрымамі секлі лес. У 1245 г. пінскі князь патаемна паслаў ганца папярэдзіць літоўскі атрад пра надыход валынскага войска.

Ваенную здабычу ці па-старабеларуску - "лупы", удачлівыя балтыйскія ваяры прадавалі ў бліжэйшых панямонскіх гарадах. Літоўскіх правадыроў ужо цікавілі не толькі рабы і жывёла, але і прывезеныя здалёк шыкоўныя рэчы: каштоўная зброя, добрае віно, дарагія тканіны, вьпанчаныя ўпрыгожванні, начынні для ежы і піцця. Усё гэта можна было набыць у тых жа славянскіх гарадах Панямоння, чые купцы мелі кантакты амаль з усёй Еўропай і Блізкім Усходам.

Некаторыя з такіх рэчаў былі знойдзеныя пад час археалагічных раскопак у Наваградку. Ювелірныя вырабы, вытанчаныя шкляныя начынні з майстэрняў Заходняй Еўропы, ВЬашыі, Сірыі, Ірану былі сапраўднымі атрыбутамі раскошы і каштавалі як на той час цэлыя маёнткі. Няблага працавалі і мясцовыя славянскія ўмельцы. Археолагі раскрылі ў Наваградку цэлы квартал майстроў-ювеліраў, якія спецыялізаваліся на вырабах з золата. Выглядае на тое, што, яны знаходзілі багатых пакупнікоў і добра на іх зараблялі. Некаторыя дамы ў гэтым ювелірным квартале былі двухпавярховымі, мелі на сценах фрэскавы роспіс, а ў вокнах ўстаўленыя шкляныя шыбы - вялікая на той час рэдкасць і раскоша! Наваградак у 13 ст. стаў багацейшым горадам Панямоння. Вільні - будучай сталіцы Вялікага Княства, у тыя часы было да яго далёка.

Пра бацьку Міндоўга мы ведаем толькі, што ён быў багатым і уплывовым чалавекам. Храніст 13 ст. паведамляў, што паслы жамойтаў, стараючыся дагадзіць Міндоўгу, казалі: "Твой бацька быў магутным уладаром і не меў сабе роўных у Літве". Імя бацькі засталося невядомым, хоць пазнейшыя летапісцы (15-16 ст.) называлі яго Рынгольдам. Аднак у дакументах 13 ст. такая асоба нідзе не ўпаміналася, таму сучасныя гісторыкі прызналі гэтае імя міфічным, прыдуманым пазнейшымі храністамі.

Пра самога Міндоўга звестак таксама захавалася не вельмі многа. Амаль усе яны прысвечаны дзяржаўнай дзейнасці нашага героя і вельмі рэдка характарызуюць яго асабовасць. Невядома калі ён нарадзіўся, які меў рост, целасклад, голас, колер валасоў і вачэй. Усе вядомыя партрэтныя выявы Міндоўга, дарэчы, як і наступных за ім вялікіх князёў аж да Ягайлы, то творы фантазіі іх аўтараў-мастакоў. Пра індывідуальнасць асобы Міндоўга: ягоны характар, атрыманае выхаванне і інш. мы можам меркаваць, зыходзячы з нешматлікіх звестак пра паходжанне, род заняткаў, зробленыя справы і ўчынкі.

Багацце і аўтарытэт бацькі ад самага моманту нараджэння забяспечылі Міндоўгу высокае грамадскае становішча. Тым не меньш, паводле сярэднявечнай практыкі, калі хлопец падрос, яму давялося цалкам самастойна сцвярджаць сваю вартасць ваяра і ваеннага кіраўніка ў небяспечных ваенных выправах. Як вядома, характар і разумовыя здольнасці, ў адрозненне ад багацця і радавітасці, не абавязкова перадаюцца ад бацькоў дзецям. Аднак у нашым выпадку сын не толькі аказаўся варты свайго бацькі, але нашмат яго пераўзышоў.

Несумненна, Мівдоўг быў асобай з яркай індывідуальнасцю. Напэўна, не выпадкова менавіта яго наваградцы абралі сабе за князя. Ягоныя нестандартныя і дакладна разлічаныя палітьганыя ды дыпламатычныя рашэнні адыгралі не апошнюю ролю ў справе пабудовы дзяржавы. Тагачасныя летапісцы з храністамі таксама не выпадкова пісалі пра яго больш чым пра іншых князёў. Пры ўсёй нешматлікасці звестак аб Міндоўгу, іх усё-такі намнога больш чым пра яго наступнікаў: Вайшэлка, Траняіу, Трайдэна, Віценя.

Несумненна, Міндоўга з малых гадоў вучылі ваеннай справе - сына ваяра рыхтавалі да вайны. У сына князя не было праблемаў з харчаваннем, у адрозненне ад большасці людзей сярэднявечча, якія елі мала, рэдка і часта былі змушаныя галадаць. Значыць, можна меркаваць, што наш герой атрымаў добрую фізічную загартоўку і калі не быў надзелены магутным целаскладам (людзі ў сярэднявеччы былі пераважна дробнымі), то па меньшай меры мусіў мець высакародную паставу, характэрную для людзей, прывыкшых валадарыць. Пры двары бацькі - багатага і ўплывовага балцкага нобіля, хлопчык рос у атмасферы ўвагі і пашаны да сваёй асобы. Такія людзі з маленства прывыкаюць загадваць і, звычайна, лічаць цалкам натуральным, што іх жаданне з'яўляецца для навакольных законам.

Валынскі летапІсец 13 ст. засведчыў, што калі МІндоўг "пачаў княжыць адзІн ва ўсёй зямлі Літоўскай; стаў ганарыцца вельмі і ўзнёсся славаю і гонарам вялікім і нікога не ставіў уровень з сабой". Такія паводзіны характэрныя для людзей прагных да ўлады ў любыя часы, а тым больш у сярэднявеччы з яго культам фізічнай сІлы, ды калі яшчэ носьбіт улады не абцяжараны лішняй культурай і цывілізаванасцю. Забіваючы і зганяючы з зямлі кроўных сваякоў-канкурэнтаў, Міндоўг дабіраўся да ўлады цалкам у адпаведнасці з традыцыямі свайго часу. Несумненна, ён быў чалавекам прагным да ўлады і гатовым дорага за яе заплаціць. Безумоўна, ен любіў гэтай уладай пакарыстацца, як у эпізодах з захопамі чужых жонак (пра іх гаворка будзе пазней). Ужо ў маладым узросце Міндоўг быў адным з пяці "старэйшых" князёў на Літве.

Варта падзіву тое ўменне і дакладнасць, з якой гэты, здавалася б, дзікун-паганец здолеў з'арыентавацца ў тонкасцях вялікай міжнароднай палпыкі, уводзіў сваю краіну і ўваходзіў сам у свет еўрапейскай цывілізацыі. Напэўна, у яго былі неблагія дарадцы, ды і самога Міндоўга не выпадае лічыць цалкам дзікуном, чыстым ад цывілізацыйных уплываў. Напэўна, ён тое-сёе пабачыў пад час паходаў на багатыя хрысціянскія землі. Не магло не пакінуць свой след даўняе знаёмства ягоных продкаў і яго самога з усходнеславянскай культурай. Адзін з аўтараў 13 ст. - манах-місіянер, які прысутнічаў на каранацыі Міндоўга, пісаў пра лёгкасць прапаведання хрысціянства сярод яцвягаў, літоўцаў і нальшанцаў, бо яны "ад самай калыскі ўзгадаваныя хрысціянскімі карміліцамі". Вельмі верагодна, што Міндоўг умеў чытаць і пісаць (зразумела, кірыліцай, бо ў балтаў сваёй пісьмовасці яшчэ не было).

Міндоўг быў, несумненна, вялікім дзяржаўным мужам, аднак яго асоба чамусьці не выклікае ў мяне асаблівай цікавасьці. Ён - тыповы прадстаўнік сярэднявечнага манарха, які больш ваяваў, чым мірна кіраваў сваёй краінай. Прага ўлады і гатоўнасць пайсці дзеля яе на ўсё - звыклая з'ява сярод людзей з неразвітым духоўным жыццём. Такое захаванне не патрабуе ні асаблівага інтэлекту, ні значнай духоўнай працы над сабой (іншы прыклад - сын Міндоўга Вайшэлк). Наадварот, чым ніжэйшы інтэлект, тым выразней выяўляецца такая прага да ўлады. Міндоўг быў здольнейшы і ўдачлівейшы за іншых правадыроў, меў лепшыя стартавыя магчымасці для кар'еры. Спадарыня Гісторыя распарадзілася так, што яго асабістыя інтарэсы супалі з важнейшай грамадскай патрэбай Панямоння - арганізацыяй моцнай дзяржавы. Менавіта дзякуючы гэтаму супадзенню, а яшчэ спрыяльным знешнім умовам, дзяржава ўдалася і Міндоўг заняў ганаровае месца ў пантэоне герояў нашай гісторыі.

Ён паклаў пачатак арыентацыі Літвы на Заходнюю Еўропу, але рабіў тое пад ціскам абставінаў, не ўсведамляючы значэння гэтага сапраўды стратэгічнага цывілізацыйнага выбару. Прыняў каталіцтва і карону ад папы рымскага, але праз некалькі гадоў адмовіўся ад хрышчэння і, здаецца, не надаваў асаблівага значэння свайму каралеўскаму тытулу.

Сёння ў Летуве славяць Міндоўга як вялікага летувіскага патрыёта і называюць будаўніком першай летувіскай дзяржавы. На Беларусі яго часам паказваюць як выбітнага рупліўца беларушчыны. Аднак у 13 ст. яшчэ не існавалі сучасныя летувіскі і беларускі народы. Міндоўг не мог ведаць, што праз сем стагоддзяў пасля яго смерці ўзнікнуць летувіская і беларуская дзяржавы, таму і не мог пакласці жыццё на іх стварэнне. Ён будаваў дзяржаву з падручных сродкаў і там, дзе гэта аказалася мажлівым - у балта-славянскай кантактнай зоне, будаваў для сябе і сваіх дзяцей, карыстаючыся зручным момантам і спрыяльным складам абставінаў.

У гэтым будаўніцтве выкарыстоўваўся той матэрыял, які меўся ў наяўнасці. У бліжэйшым яго атачэнні былі як балты так і усходнія славяне. Напрыклад, летапіс упамінае ваяводу Міндоўга - разанца Астафія Канстанцінавіча (магчыма, той пакінуў радзіму у час татарскага пагрому). Побач меліся гатовыя ўзоры дзяржаўнасці ў выглядзе мясцовых усходнеславянскіх княстваў з іх развітымі дзяржаўнымі інстытутамі ды сістэмай феадальнай іерархіі і Міндоўг іх цалкам засвоіў. Пад рукой была акультураная і распрацаваная русінская мова, якая падыходзіла да абслугі гэтай дзяржаўнасці і яна стала ў Літве дзяржаўнай.

У пісьмовых крыніцах (Галіцка-Валынскі летапіс) імя Міндоўга ўпершыню ўпамінаецца пад 1219 г. у апісанні мірнай дамовы групы балцкіх князёў з Галіцка-Валынскай дзяржавай. Міндоўг названы на чацьвёртым месцы сярод пяці "старэйшых" князёў. Адсюль можна вывесці, што наш герой у 1219 г. знаходзіўся ўжо ў дастаткова свядомым узросце. Ведаючы дату яго смерці (1263 г.), і улічыўшы, што яна адбылася не з натуральных прычынаў, можам прыняць, што Міндоўг нарадзіўся не раней мяжы 12 і 13 ст. У тым жа запісе летапісец дадаў, што Міндоўг забіў князя Вішымунта Булевіча "і жонку яго забраў і браццю яго пабіў, Едзівіла, Спрудэйка".

Вядома, што Міндоўг валодаў уласным замкам - "градам" на мове славянскага летапісу, ці "бургам", як запісана ў нямецкай хроніцы. Летапіс апавядае як пад час вайны з валынянамі Міндоўг зачыніўся "ва градзе варуце". Адсюль гісторыкі вывелі назву ягонага родавага замку - "Варута". Аднак іншыя даследчыкі прапаноўваюць чытаць гэты фрагмент рукапіснага тэксту "ва градзе ва Руце". Няма згоды сярод гісторыкаў адносна месца знаходжання гэтага граду. На працягу другой паловы 19-20 ст. даследчыкі назвалі паўтара дзесятка мясцовасцей і канкрэтных мясцінаў у Летуве і Беларусі, дзе мог быць замак Міндоўга. Некаторыя з гэтых мясцінаў знаходзяцца не менш чым у двух сотнях кіламетраў адна ад другой.

Умацаванні ў міндоўгавым замку былі, несумненна, драўлянымі і таму не захаваліся да нашага часу. Адзінае, што магло застацца - узвышша са слядамі абарончых равоў і валоў. Але падобных узвышшаў-гарадзішчаў у Паўночнай Беларусі і Летуве вядома некалькі дзесяткаў. Звужае поле пошуку ўказанне летапісу, што Міндоўг княжыў у Літоўскай зямлі. То была самая паўднёвая частка Аўкштоты і яе мяжа з Наваградскай зямлёй праходзіла прыблізна па Неману. Гэта значыць, уладанне Міндоўга знаходзілася дзесьці ў міжрэччы Нёмана і яго буйнейшага прытока - Віліі. Тут ужо гарадзішчаў значна меньш.

Самым магутным і прыгожым з іх з 'яўляецца гарадзішча каля мястэчка Гальшаны Ашмянскага раёну, збудаванае на найвышэйшай у той мясцовасці гары з незвычайнай назвай "Карабель". Выдатна захаваныя валы, праз якія і сёння не так лёгка перабрацца, парослая травой пляцоўка на вяршыні, з якой праглядаецца наваколле на дзесяткі кіламетраў. Археалагічныя раскопкі сцвердзілі, што тут у 13 ст. быў менавіта феадальны замак. Праўда, мясцовая легенда звязвае яго з імем ворага Міндоўга - князя Даўмонта. Аднак, легенда можа памыляцца (як часта і бывае), ды і мы добра ведаем, што Даўмонт княжыў у Нальшанах, а, значыць, далёка на поўнач ад гэтых мясцінаў.

Падчас турыстычных выцечак у Гальшаны неаднойчы даводзілася назіраць за ўражаннямі сучасных школьнікаў, якіх мы прыводзім на вяршыню "Карабля". Разгарачаныя і развесялёныя пад'ёмам, яны выбягаюць на край замкавай пляцоўкі і раптоўна аціхаюць, агаломшаныя нечаканай велічнасцю відовішча. Проста пад нагамі рассцілаецца бясконцая чарада рознавысокіх акруглых пагоркаў Ашмянскага ўзвышша, перарэзаных маляўнічымі лагчынкамі і пафарбаваных зялёна-шэраватымі пяшчотнымі і няяркімі, толькі гэтай зямлі ўласцівымі колерамі. Менавіта тут, на вяршыне сярэднявечнага замку найбольш востра і хвалююча перажываецца момант кантакту з даўно мінулай эпохай. І ўжо зусім няцяжка ўявіць, як сем стагоддзяў таму гэтаксама сцішана разглядаўся адсюль па роднай зямлі сам Міндоўг - першы вялікі князь літоўскі...

Пачатак Вялікага Княства. Першыя выпрабаванні

У пачатку 13 ст. прайшло ўжо больш двухсотгадоў пасля рассялення на Панямонні ўсходніх славянаў. За гэты час тут стварылася свая мясцовая сістэма ўзаемаадносінаў паміж людзьмі з розных плямёнаў. Мірна ўжываліся і выгодна супрацоўнічалі ўсходнеславянскія гарады-дзяржавы (самы багаты і ўплывовы сярод іх - Наваградак) і балцкія племянныя арганізацыі, у межах якіх паступова ўзрасталі ўплывы ваяўнічых ваенных правадыроў. Гарадскія рамеснікі забяспечвалі неабходнымі рэчамі суседзяў-гараджанаў і вяскоўцаў з наваколля. Багатыя гандляры выпраўляліся ў далёкія небяспечныя падарожжы за рэдкімі і дарагімі таварамі ў Кіеў, Полацак, Вялікі Ноўгарад, за Чорнае ці Балтыйскае мора. Балцкія воі прывозілі ў гарады сваю ваенную здабычу, каб выменяць яе на патрэбныя ім тавары ці атрыбуты раскошы: дарагую зброю, адукаваных рабоў, пародзістых коней, каштоўнасці, дзівосныя заморскія рэчы.

Ваявалі і гінулі ў бясконцых паходах іхнія правадыры. Тыя, каму ўдавалася ацалець, патроху збіралі багацці, будавалі і ўмацоўвалі свае замкі - сядзібы, памнажалі ўласныя дружыны і паступова бралі ў свае рукі кіраванне ваколіцай. Упамінанне валынскім летапісам "старэйшых князёў" сведчыць пра тое, што некаторым з правадыроў удалося пераўзысці іншых багаццем і сілай. Водгукі таго суперніцтва чуйныя і ў тагачаснай нямецкай хроніцы, напрыклад, у апісанні як жамойты кажуць Міндоўгу, што яго бацька быў "вялікім правадыром" і не меў сабе роўных у Літве.

Эвалюцыя першабытнага грамадства да дзяржавы займае шмат часу. Праходзяць дзесяцігоддзІ ў варожасці і калатнечы, супернікі пільна сочаць адзін за адным, ствараючы і парываючы часовыя саюзы, каб толькі не даць узвысіцца каму-небудзь з канкурэнтаў. Ніхто не жадае саступаць. Аднак раней ці пазней сярод групы самых моцных павінна з'явіцца асоба, якая сілай ды хітрасцю пераўзыйдзе супернікаў, захопіць замкі і землі суседзяў і такім чынам пакладзе пачатак дзяржаве. Далейшы поспех залежыць ужо ад збежнасці многіх фактараў: спрыяльнай унутранай сітуацыі (ці не перагрызуцца між сабой нашчадкі аб'яднальніка, ці не набяруць сілы дзеці яго ворагаў) і ад знешніх абставінаў (ці хопіць сілаў у суседніх краінаў задушыць маладую дзяржаву - непажаданага суперніка).

На Панямонні, таксама як і ў іншых балцкіх землях уласная балцкая дзяржава сфармавацца не паспела, бо для гэтага не хапіла часу. Надзвычайныя знешнія абставіны 13 ст., найперш актывізацыя нямецкай узброенай каланізацыі Прыбалтыкі, парушылі ход дзяржаваўтваральных працэсаў. Напачатку нямецкую атаку прынялі на сябе жыхары Ніжняга Паддзвіння і Прусіі. Пакуль яны супраціўляліся, на Панямонні мелася трохі часу (некалькі дзесяткаў гадоў) каб паспець арганізавацца для абароны.

Яшчэ адна пагроза нечакана насунулася ад паўднёвага ўсходу з прычарнаморскага стэпу. Бязлітасныя, выдатна арганізаваныя азіяцкія заваёўнікі - мангола-татары, адным імклівым націскам разбілі полаўцаў і выйшлі да межаў Русі. У 1223 г. аб'яднанае войска рускіх князёў выправілася ў стэп і было ўшчэнт разгромленае на рацэ Калцы. Хан - пераможца загадаў наслаць памост на целах пасечаных рускіх князёў і справіў на ім пераможны пір. Дарога на Русь была адкрытая, але па невядомых прычынах манголы павярнулі назад у азіяцкія стэпы. Тады бяда аддалілася гэтак жа хутка як і прыйшла.

Нейкі час пра мангола-татараў не было чутно, але праз пятнадцаць гадоў яны вярнуліся, на гэты раз назаўжды. У 1238 г. за некалькі тыдняў агнём і шабляй спустошылі ўсю Уладзіміра-Суздальскую зямлю. У 1239 г. былі знішчаныя Пераяслаў і Чарнігаў. На наступны год дайшла чарга да Кіева. Пасля некалькіх тыдняў аблогі, штурму, адчайнай сечы на вуліцах багацейшы і слаўнейшы славянскі горад - маці гарадоў рускіх, быў разрабаваны і цалкам знішчаны. Некалькі дзесяткаў тысяч жыхароў страцілі жыццё, іншых забралі ў палон. Папскі легат [7] францішканец Плана Карпіні быў у Кіеве праз шэсць гадоў пасля пагрому і пакінуў такі запіс: "Калі мы там ехалі, то бачылі мноства людскіх чэрапаў і касцей на палях. Горад гэты быў вельмі вялікім і людным, а цяпер як бы на нішто зведзены. Ёсць там заледзьве дзьвесце будынкаў, а люд знаходзіцца ў найвялікшай няволі".

У 1241-1242 г. хан Бату з баямі правёў свае непераможныя тумены праз Галіцка-Валынскую зямлю, Малапольшчу, Венгрыю і дасягнуў берагоў Адрыятычнага мора. Ахвярай мангола-татараў стала недалёкае ад Панямоння Бярэсце. Адзін з татарскіх загонаў адхіліўся на поўнач ад асноўнай лініі паходу і завітаў сюды, пасля чаго як запісаў летапісец, князі "Даніла і Васілька ... не маглі ў поле выйсці з-за смуроду ад мноства забітых...". На гэты раз бяда абмінула Літву, прайшла толькі па самым краёчку, дыхнула жарам ў твар. Аднак на працяг спакойнага жыцця спадзявацца не выпадала. Усе галоўныя гандлёвыя сувязі на поўдні аказаліся перарванымі. Татарскае войска ў любы момант магло з'явіцца і на Панямонні.

У прычарнаморскіх стэпах хан Бату стварыў вялізную мангола-татарскую дзяржаву. Ад залатога шатра ў галоўнай ханскай стаўцы, якая звалася ардой, усю дзяржаву пачалі называць Залатой Ардой. Мангольская прысутнасць на Русі стала пастаяннай і пагрозлівай рэальнасцю. Галіцка-Валынскі князь Даніла Раманавіч вымушаны быў у 1246 г. ехаць у ханскую сталіцу і, стоячы на каленях, прасіць у хана ярлык - дазвол на кіраванне ўласнай дзяржавай. Ханская ласка на некаторы час ацаліла Галіцка - Валынскае княства і яно некалькі дзесяцігоддзяў заставалася самай моцнай дзяржавай на Русі. Нягледзячы на ўласную залежнасць ад татараў, гэтая ўсходнеславянская дзяржава ўдзельнічала ў вялікай еўрапейскай палітыцы і рэальна прэтэндавала на валоданне Панямоннем.

Сёння, ведаючы як развіваліся гістарычныя падзеі, мы можам сказаць, што надзвычайная знешняя пагроза ў сярэдіне 13 ст. аказалася для тагачаснага панямонскага грамадства сапраўдным Выклікам Гісторыі. Усё, а менавіта, само існаванне мясцовага грамадства, залежала ад таго, ці будзе сфармуляваны адпаведны Адказ. Жыхары Панямоння (як балты так і славяне) сталі перад неабходнасцю стварэння моцнай дзяржаўнай арганізацыі, якая б здолела надзейна абараніць іх ад знешняга ворага. І такая дзяржава паўстала, дзякуючы збежнасці некалькіх спрыяльных фактараў.

Па шчасліваму геаграфічнаму палажэнню Панямонне аказалася ўбаку ад галоўных кірункаў татарскіх пахожаў. Другая пагроза з паўночнага захаду рэальна праявілася на некалькі дзесяцігоддзяў пазней. Тэўтонскі ордэн вышаў да заходняй мяжы Панямоння толькіў 1283 г., бо мусіў паўстагоддзя пераломваць супраціў тубыльцаў у Прусіі. На поўначы лівонскія немцы таксама былі занятыя вайной з мясцовымі плямёнамі, разборкамі між сабой, ды з суседнімі Пскоўскай і Ноўгарадскай рэспублікамі. На поўдні галіцка - валынскія князі знаходзіліся пад пастаяннай пагрозай татарскага нашэсця і не мелі дастаткова сілаў, каб спыніць працэс утварэння панямонскай дзяржавы, хоць зрабілі для гэтага ўсё магчымае. Паміж пачаткам 40-х і пачаткам 80-х гадоў 13 ст. Панямонне атрымала адносна спакойны адрэзак часу, якога аказалася дастатковым для фармулёўкі Адказу на Выклік Гісторыі.

На самым Панямонні меліся ў наяўнасці гатовыя ўзоры дзяржаўнасці ў выглядзе мясцовых усходнеславянскіх княстваў, а таксама добрыя ваенныя арганізатары - правадыры балцкіх ваенных дружынаў. Дарэчы прыйшоўся больш чым двухвекавы вопыт мірнага балта-славянскага супрацоўніцтва. Будаўніцтва новай дзяржавы пачалося праз палітычны саюз самага багатага ўсходнеславянскага гораду-дзяржавы (Наваградка) і самага магутнага балцкага правадыра (Міндоўга). У выніку дамовы, заключанай паміж Наваградкам і Міндоўгам, апошні стаў наваградскім князем (да Наваградскай зямлі належалі таксама Слонім і Ваўкавыск, магчыма і Гародня).

Гісторыя не захавала сведчанняў пра тое, як дамаўляліся наваградчане з Міндоўгам. Невядома, хто быў ініцыятарам, мы не ведаем таксама акалічнасцяў і дэталяў перагавораў. У тыя часы нашыя продкі яшчэ не мелі звычаю афармляць падобныя пагадненні на паперы ў выглядзе юрыдычных дакументаў. Дамову змацоўвалі вуснаю клятваю, хрысціяне прысягалі на бібліі, язычнікі кляліся сваімі багамі. Аднак няма сумненняў, што такі саюз быў створаны, бо пра яго дзейнасць сведчаць тагачасныя летапісы і хронікі.

Гісторыкі здаўна дыскутавалі пра абставіны з'яўлення Міндоўга ў Наваградку. Яшчэ ў 19 ст. узнікла версія (сёння яна афіцыйна прынята ў Летуве), быццам Міндоўг гвалтам стаў наваградскім князем, збройнай рукой захапіўшы горад і ягоныя землі. Але тады ўзнікае пытанне, чаму наваградчане падтрымлівалі гэтага князя і разам з ім ваявалі супраць галіцка-валынскіх князёў, гэта значыць, супраць сваіх суродзічаў-русінаў? Маглі ж яны адкрыць гарадскія брамы аднаверцам, калі падышло валынскае войска, і такім чынам вырвацца з-пад улады князя-паганца. Аднак дзеянні жыхароў Наваградка, як і іншых беларускіх гарадоў Панямоння, выразна паказваюць, што гэтыя русіны не звярталі асабістай увагі на этнічнае сваяцтва ці хрысціянскую роднасць, а больш дбалі пра свае жыццёвыя інтарэсы, абаронцам якіх яны лічылі балта Міндоўга, а не аднаверца і русіна Данілу Раманавіча - князя галіцка-валынскага. Беларускі даследчык Мікола Ермаловіч стварыў уласную рэканструкцыю тых падзеяў. Ён прыйшоў да высновы, што Міндоўг прыйшоў у Наваградак як уцякач, пацярпеўшы паразу ў міжусобнай вайне ў Літве. Наваградчане далі яму грошы і войска, і Міндоўг пайшоў заваёўваць для іх сваю радзіму - Літву ўжо як служылы князь наваградскі. Паводле Ермаловіча, гэтая Літва была востравам балцкага насельніцтва ў беларускім абшары і мясцілася паміж Наваградкам, Маладзечнам, Менскам, Клецкам і Слонімам [8]. Даследчык вывеў, што тая заваёва і дала пачатак Вялікаму Княству Літоўскаму. Такім чынам, па Ермаловічу атрымалася, што не летувісы заваявалі беларусаў, а, наадварот, наваградцы падпарадкавалі сабе балцкую Літву. А паколькі тая старажытная Літва размяшчалася на тэрыторыі сучаснай Беларусі, то ўсе гэтыя падзеі належаць выключна да беларускай гісторыі, а Вялікае Княства Літоўскае ад пачатку з'яўлялася беларускай дзяржавай.

Рэканструкцыя Ермаловіча моцна супярэчаць погляду летувіскіх гісторыкаў, але абедзьве версіі маюць і нешта агульнае - іх аўтары бачаць адносіны паміж мясцовымі балтамі і славянамі як адназначна варожыя. Аднак спецыялісты - мовазнаўцы і археолагі ў выніку шматгадовых даследаванняў у Панямонні - на месцы утварэння дзяржавы, прыйшлі да высновы, што адносіны паміж балтамі (продкамі летувісаў) і славянамі (продкамі беларусаў) насілі мірны характар. Пра іх развіццё распавядалася ў папярэднім раздзеле гэтай кнігі.

Дзяржава стваралася на аснове супрацоўніцтва, а не ўзброенага канфлікту. Злучэнне двух галоўных сілаў Панямоння: самага значнага на Панямонні горада і аднаго з мацнейшых балцкіх кунігасаў дало саюзнікам магчымасць аб' яднаць усё Верхняе і Сярэдняе Панямонне ў адзіную дзяржаву. Яе тэрыторыя напачатку складалася з Наваградскай зямлі і родавага ўладання Міндоўга ў зямлі Літоўскай. Хоць пісьмовых звестак пра тыя падзеі захавалася вельмі мала, на падставе запісаў славянскага Галіцка-Валынскага летапісу і нямецкай Старэйшай рыфмаванай лівонскай хронікі, мы можам прасачыць, як нараджалася новая дзяржава. Праз супастаўленне інфармацыі з розных крыніцаў магчыма нават вызначыць прыблізную дату стварэння саюзу Наваградка з Міндоўгам, гэта значыць, знайсці пачатак Вялікага Княства Літоўскага.

Яшчэ ў 1238 г. у Наваградку кіраваў князь са славянскім імем Ізяслаў, а Міндоўг, напэўна, гаспадарыў у нейкай частцы Літоўскай зямлі (той, што на Віліі). Пад той датай - 1238 г. летапісец занатаваў, што галіцка-валынскі князь Даніла Раманавіч "узвёў на Кандрата (мазавецкага князя - А.К.) Літву Міндоўга, Ізяслава Наўгародскага". Той жа Галіцка-Валынскі летапіс інфармуе, што, прыблізна, у 1248 г. Міндоўг выгнаў з Літоўскай зямлі сваіх пляменнікаў Таўцівіла і Эрдзівіла і захапіў іх уладанні. Пляменнікі пабеглі ва Уладзімір-Валынскі прасіць дапамогі ў князёў Раманавічаў. Тыя прынялі ўцекачоў і адразу разгарнулі актыўную дыпламатычную і ваенную падрыхтоўку да вайны з Міндоўгам. Неўзабаве, зімой 1249/50 г. валынскія войскі накіраваліся ў першую ваенную выправу супраць Міндоўга, але мэтай іх паходу быў Наваградак! Гэта азначае, што Міндоўг ужо знаходзіўся ў Наваградку, а аперацыя 1248 г. па выгнанню сваякоў-канкурэнтаў і захопу іх уладанняў была першай праявай ягонага саюзу з наваградчанамі і першай палітычнай акцыяй новай дзяржавы. Таму менавіта год 1248 можна прыняць як дату пачаткаў Вялікага Княства Літоўскага.

Хуткая і адназначна варожая рэакцыя князёў Раманавічаў на, здавалася б, сямейны канфлікт сведчыла пра сур'ёзны намер галіцка-валынскіх князёў захаваць свае ўплывы ў Панямонні шляхам ліквідацыі мясцовага дзяржаватворчага асяродку. Дзеля гэтага яны пайшлі на разрыў традыцыйных прыязных адносінаў з Міндоўгам, якія працягваліся амаль тры десяцігоддзі, пачынаючы яшчэ з 1219 г., калі Міндоўг удзельнічаў у заключэнні міру з Валынню. Пазней, у 1238 г., як ужо згадвалася, Даніла Раманавіч атрымаў ваенную дапамогу ад Міндоўга супраць Конрада Мазавецкага. У 1245 г. Раманавічы зноў шукалі вайсковай падтрымкі ў Літве і "паслана была ад Міндоўга дапамога" - засведчыў летапісец. Таму выглядала цалкам натуральным, што пад час канфлікту з пляменнікамі ў 1248 г. Міндоўг, у сваю чаргу, прасіў Раманавічаў не прымаць і не падтрымоўваць выгнанцаў. Аднак валынскія князі не толькі адмовілі свайму даўняму прыяцелю, але сабралі войскі і пайшлі на яго вайною. Яны баяліся цалкам страціць панямонскія землі.

Па заданню Раманавічаў жамойцкі князь Вікінт падняў супраць Міндоўга Яцвезь і палову Жамойці. Лівонскі ордэн [9] таксама вырашыў выступіць супраць Міндоўга і магістар лівонцаў напісаў да князя Данілы: "дзеля цябе створым мір з Вікінтам, хоць ён многа нашых братоў пагубіў". Згадзіліся падтрымаць валынянаў і мазавецкія князі, але абяцанага войска не прыслалі. Уся падрыхтоўка да вайны заняла каля года, а зімой 1249/50 адбыўся ўжо памянуты паход на Наваградскую зямлю.

Цікава, што удзельнікі гэтай вайны не лічылі сваё этнічнае пакрывенства такім важным, як гэта хочацца бачыць некаторым сённяшнім даследчыкам. Славянскія гарады Панямоння актыўна падтрымлівалі балцкага князя Міндоўга і змагаліся з валынянамі - сваімі славянскімі суродзічамі і аднаверцамі. Пінскія князі-славяне патаемна паслалі вестку атраду ліцвінаў пра набліжэнне валынскага войска, а ў другіх выпадках валыняне "няволяю" змусілі пінчукоў да ўдзелу ў паходзе на Панямонне. А балты - жамойты і яцвягі, блізкія па крыві і веры да Міндоўга, ваявалі супраць яго на баку славянскай Галіцка-Валынскай дзяржавы.

Зімовы паход 1249/50 г. распачаў пяцігадовую вайну, якая стала першым сур'ёзным выпрабаваннем маладой дзяржавы. Валыняне раздзяліліся на тры аддзелы: адзін пад камандай Васілька пайшоў на Ваўкавыск, другі на чале з сынам Данілы (верагодна, Раманам) - на Слонім, а сам Даніла вырушыў на Здзітаў. Спустошыўшы ваколіцы і не ўзяўшы ніводнага з названых гарадоў (летапісец пра гэта маўчыць), войска павярнула на поўдзень - дамоў на Валынь.

У 1250 г. саюзнікі вырушылі ў новы паход на Панямонне. На гэты раз ён быў арганізаваны як напад з двух процілеглых бакоў. 3 Валыні выступіў Таўцівіл са сваён дружынай, узмоцненеай атрадамі русінаў і полаўцаў. Адначасова з поўначы на Панямонне ўкрочыла войска лівонцаў на чале з краёвым магістрам Андрэем фон Сцірландам. Лівонская хроніка паведамляе, што рыцары ішлі на Літву праз Нальшаны і кіраваліся да замку (бургу) Міндоўга. Пра ход ваенных дзеянняў валынскі летапісец запісаў толькі адзін сказ: "многае ваяванне было паміж імі". 3 гэтага паходу Таўцівіл на Валынь не вярнуўся, а накіраваўся ў Рыгу, дзе немцы сустрэлі яго з пашанай і ахрысцілі па свайму каталіцкаму абраду.

Маладая панямонская дзяржава, з некалькіх бакоў аточаная ворагамі (на поўдні - Галіцка-Валынскае княства, на захадзе - Яцвягія, на паўночным захадзе - Жамойць, на поўначы - Лівонія), вымушана была змагацца з імі сам-насам і таму апынулася ў цяжкім становішчы. Выйсце са складанай сітуацыі было знойдзена з дапамогай дыпламатыі. Міндоўг выслаў пасольства да магістра Лівонскага ордэна, якое паведаміла пра жаданне князя прыняць хрышчэнне па каталіцкаму абраду. Паколькі Ордэн з'яўляўся арганізацыяй, спецыяльна створанай для хрышчэння прыбалтыйскіх язычнікаў, ландмайстар Андрэй фон Сцірланд прыняў прапанову і распачаў падрыхтоўку да правядзення абраду хрышчэння ўладара Літвы. Такім спосабам Лівонскі ордэн з ворага быў ператвораны ў саюзніка панямонскай дзяржавы.

Міндоўг першым выкарыстаў эфектыўны дыпламатычны прыём, які потым шмат разоў ужывалі яго наступнікі. Вялікія князі літоўскія: Віцень, Гедымін, Альгерд, Кейстут, Ягайла ў самыя цяжкія моманты змагання з Тэўтонскім ордэнам дэкляравалі сваё жаданне прыняць каталіціва, каб хоць на нейкі час аслабіць ваенны націск крыжакоў. Кіраўніцтва Ордэна не магло ігнараваць іх галосныя заявы, каб не страціць у вачах хрысціянскай Еўропы сваю рэпутацыю змагароў за веру. Гэтая рэпутацыя давала ім вельмі важную вайсковую падмогу ў выглядзе еўрапейскіх рыцараў-добраахвотнікаў. Ваенныя поспехі колькасна нешматлікага Ордэна моцна залежалі ад удзелу ў баявых дзеяннях рыцарскіх атрадаў з розных краінаў Еўропы, якія штогод выбіралІся ў Прыбалтыку, каб у вайне з язычнікамі за хрысціянскую веру заслужыць ўратаванне душы. Папа рымскі прыраўноўваў гэтыя выправы да крыжовых паходаў у Палестыну, якія мелі на мэце вызвалення хрысціянскіх святыняў з-пад улады мусульманаў.

Хрышчэнне Міндоўга адбылося ў пачатку 1251 г. Не захавалася звестак пра месца гэтагай падзеі, але гісторыкі лічаць, што абрад адбыўся ў храме галоўнага горада дзяржавы - Наваградка. Абрад раводзіў святар Лівонскага ордэну айцец Хрысціян. Для ўдзелу ў цэрымоніі прыбыў магістар Андрэй з вялікай свІтай. Разам з Міндоўгам хрысціліся двое яго малодшых сыноў Рукль і Рэпекль, жонка Марта (старэйшы сын Вайшэлк ужо быў праваслаўным хрысціянінам) і людзі з бліжэйшага атачэння - "мноства паганцаў" (multi paganorum), як сказана ў папскай буле [10]. Адразу пасля правядзення абраду Міндоўг выслаў спецыяльнае пасольства да папы з лістамі, дзе паведамляў пра сваё хрышчэнне і прасіў каталіцкага першасвятара прыняць яго разам з усёй краінай пад апеку рымскай царквы. Папа выказаў згоду ў спецыяльна прыгатаванай буле.

Замірэнне з Лівонскім ордэнам аслабіла варожую Міндоўгу кааліцыю. Пасля хрышчэння вялікага князя ордэнскія войскі ваявалі ўжо на баку панямонскай дзяржавы. Аднак закончыць гэтую першую для маладой дзяржавы, таму, напэўна, і самую цяжкую вайну ўдалося толькі праз некалькі гадоў. У тым жа 1251 г. Таўцівіл узначаліў чарговы вялікі паход на Літву. Саюзнае войска ў складзе атрадаў жамойтаў, яцвягаў, русінаў (валынянаў) і полаўцаў зноў вырушыла супраць Міндоўга. Той не прыняў бой у адкрытым полі, а засеў у сваім умацаваным паселішчы-замку. Апісваючы гэты эпізод вайны, летапісец упамянуў назву таго замку - "град імем Варута" (па іншай версіі - Рута). Многія гісторыкі лічаць той "град" родавым замкам Мівдоўга і да сённяшянга дня спрачаюцца пра ягонае мес цаз находжанне.

Аблога саюзнікам не ўдалася. Міндоўг уначы выслаў свой атрад, які знянацку напаўшы на лагер абложнікаў, "разагнаў і русь і яцвягаў". Назаўтра з замку выступілі немцы, а на іх рушылі русіны, полаўцы і яцвягі. Летапісец паведамляе: "на раніцу выехалі немцы з самастрэламі і паехала на іх русь ды полаўцы са стрэламі і яцвягі з суліцамі [11] і ганяліся па полю, быццам гуляліся". Не здабыўшы "града", саюзныя войскі адступілі на Жамойць ва ўладанне Вікінта.

Міндоўг, у сваю чаргу, "сабраў сілу вялікую", вырушыў на Жамойць і падступіў да замка Вікінта. Біцца з ім выехаў ТаўцівІл з валынянамі, полаўцамі і жамойтамі. У бойцы паводле няяснага летапіснага запісу адзін полавец параніў пад Міндоўгам каня, або нават самога князя. У саюзнікаў быў забіты князь Вішымонт, магчыма, той самы Вішымонт Булевіч, у якога МІндоўг забраў жонку (летапісны запіс пад 1219 г.). Пасля бітвы Міндоўг вярнуўся ў сваю зямлю.

Зімой 1251/1252 г. валынскае войска з дапаможным атрадам полаўцаў зноў выступІла на Панямонне ў кірунку Наваградка. Войска вёў сам князь ДанІла Раманавіч. Па дарозе ў Пінску ён змусіў мясцовых князёў супраць іх волі прыняць удзел у гэтай выправе. Летапісец запісаў: "князі ж пінскія хірыкі строілі, іх няволяю забралі з сабою на вайну". Праз апісанне дэталяў гэтага паходу можна зразумець тактыку тагачасных войнаў. Ваенныя дзеянні праводзіліся ў форме нечаканых кароткіх нападаў, мэтай якіх было пусташэнне варожай тэрыторыі і захоп умацаваных гарадоў ды замкаў. Паваяваўшы некалькі дзён ці пару тыдняў, войска са здабычай вярталася дадому. Падрыхтоўку да паходу вялі патаемна, на варожую тэрыторыю стараліся напасці знянацку, каб яе жыхары не паспелі сабраць войска або прыгатавацца да абароны ў замках.

На гэты раз нечаканы напад не атрымаўся. На мяжы пінскай і наваградскай земляў пры возеры Зьята (каля сённяшняй вёскі Калонск Івацэвіцкага раёну Берасцейскай вобласці) валынскае войска сутыкнулася з ліцвінскім дазорам, гналася за ім да самай ракі Шчары, але захапіць або знішчыць ліцвінскі атрад не ўдалося. Тады валыняне спыніліся і сабралі ваенную раду. Войска адмовілася ісці далей, бо ўжо не было спадзеву на нечаканасць нападу, "вестка ўжо ёсць пра нас" - казалі воі. Князь Даніла пагрозамі і ўгаворамі пераканаў сваіх воінаў ісці далей, але вялікага поспеху гэты паход не прынёс. Трохі папалілі вёсак, набралі палону і вярнуліся. Стандартная фраза летапісца: "назаўтра паланілі ўсю зямлю наваградскую і вярнуліся ў дамы свае" сведчыць, што ніводнага значнага ўмацавання валыняне не здабылі. Яцвяжскі атрад, які ішоў ім на падмогу, не змог дабрацца да месца сустрэчы з-за вялікіх снегападаў.

У 1252 г. валынскаму войску, якое вялі брат Данілы Васілька і сын Раман, удалося захапіць Гародню (напэўна, неўмацаваную частку горада). Другі вайсковы аддзел валынянаў пад началам самога Данілы Раманавіча ў той самы час ваяваў Літоўскую зямлю. Пры апісанні гэтага паходу Наваградак упершыню названы літоўскім горадам. Летапісец запісаў, што Даніла Раманавіч пайшоў вайной "на Літву, на Наваградак". У адказ Міндоўг выправіў сваё войска на Валынь пад камандай сына (напэўна, Вайшэлка), якое спустошыла ваколіцы Турыйска.

Адначасова Міндоўг праводзіў актыўную дыпламатычную дзейнасць, каб як хутчэй законьчыць гэтую цяжкую вайну. Яго паслы прыехалі да Данілы Раманавіча з прапановай памірыцца і замацаваць згоду шлюбам сына Данілы і дачкі Міндоўга. Да таго ж высветлілася, што Міндоўг перацягнуў на свой бок яцвягаў і жамойтаў, дакладней проста падкупіў іх правадыроў - "пераканаў срэбрам многім". Таму Таўцівілу прыйшлося уцякаць з Жамойці (ён і прывёз на Валынь гэтую навіну). Аднак Даніла Раманавіч прапанову Міндоўга тады не прыняў.

Хоць Міндоўгу ўдалося разбурыць варожую кааліцыю, аднак гэта яшчэ не азначала канец вайны. Даніла Раманавіч у 1252 г. зноў вадзіў войска на Наваградак. Пра ход і вынікі гэтага паходу летапіс маўчыць.

Варта згадаць, што Панямонне было толькі адным з кірункаў знешнепалітычнай дзейнасці галіцка-валынскіх князёў, якія актыўна ўдзельнічалі ў вялікай еўрапейскай палітыцы. Яшчэ ў 1247 ці 1248 г. папа рымскі прапанаваў Данілу Раманавічу прыняць каралеўскі тытул і даслаў на Валынь каралеўскую карону. Летам 1253 г. князь Даніла, па дамоўленасці з венгерскім каралём, выступіў у паход на Сілезію, у якім удзельнічалі выгнаныя з Літвы пляменнікі Міндоўга - Таўцівіл і Эрдзівіл. А восенню таго года адбылася каранацыя Данілы ў Драгічыне (зараз гэты горад знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы). Цікава, што ягоны вораг - вялікі князь літоўскі Міндоўг каранаваўся ад папы рымскага ў тым самым годзе. Справа выглядае так, як быццам адзін другога хацеў апярэдзіць, аднак далейшыя падзеі паказалі, што ні Літва, ні Валынь каралеўствамі не засталіся.

Вайна ўрэшце закончылася ў 1254 г. мірным пагадненнем на умовах больш выгодных для Галіцка-Валынскай дзяржавы. Напэўна, заключэнне міру было прыспешана ўласнымі праблемамі князёў Раманавічаў. У 1254 г. на Валынь напалі татары, а даўні вораг Раманавічаў князь Ізяслаў Мсціславіч нечаканым нападам захапіў Галіч. Паводле мірнай дамовы з Літвой, Вайшэлк ад імя бацькі перадаў старэйшаму сыну Данілы Раману Наваградак, а ад сябе самога - Слонім і Ваўкавыск. Пагадненне замацавалі шлюбам дачкі Міндоўга з малодшым сынам Данілы Шварнам. Галіцка-Валынскае княства ўмацавала свае пазіцыі ў Панямонні, аднак цалкам зліквідаваць новаўтвораную мясцовую дзяржаву не ўдалося. Першае выпрабаванне Міндоўг вытрымаў.

Праз апісанне гэтай дамовы мы можам атрымаць ўяўленне пра палітычную сістэму на Панямонні ў самым пачатку Вялікага Княства Літоўскага. Міндоўг з'яўляўся кіраўніком дзяржавы і меў сядзібу ў Наваградку, Вайшэлк кіраваў другімі важнейшымі гарадамі: Слонімам і Ваўкавыскам (невядома да каго належала Гародня).

Пасля заканчэння вайны, у выніку дамовы, наваградскім князем стаў Раман Данілавіч. Калі бацьку Рамана спатрэбілася ваенная дапамога, ён напрамую звязаўся з сынам і Раман прыйшоў да яго з наваградскай дружынай. А праз паўгода ў падобнай сітуацыі Рамана з наваградцамі прыслаў да Данілы Міндоўг. Адсюль можам меркаваць, што Міндоўг захаваў становішча вярхоўнага кіраўніка, але яго ўлада над Раманам была хутчэй намінальнай. У летапісе ўпамінаюцца таксама падначаленыя Раману князі Глеб Ваўкавыскі (з яго дачкой Раман узяў шлюб) і Ізяслаў Свіслацкі. 3 пэўнай доляй верагоднасці можна меркаваць, што гэта былі прадстаўнікі славянскІх княскіх родаў, якія раней страцілі свае ўладаннІ ў выніку прыходу МІндоўга да ўлады ў Наваградку, а цяпер вярнуліся на свае пасады.

У новай сістэме адносінаў не ўдзельнічаў Вайшэлк. Ён пастрыгся ў манахі. Напэўна, такое рашэнне было для яго больш прыймальным, чым становішча князя без княства. Яно задавальняла таксама князёў Раманавічаў, бо прыняцце пастрыгу азначала адыход Вайшэлка ад актыўнага свецкага і дзяржаўнага жыцця. Аднак праз десяць гадоў ен вярнуўся да дзяржаўнай дзейнасцІ, што было выклікана гвалтоўнай смерцю бацькі.

Вайна з Галіцка-Валынскім княствам не спыніла развіццё новай дзяржавы, а толькі на нейкі час яго затрымала. Балцка-славянскі саюз даказаў сваю жыццяздольнасць.

Каралеўства Літва (1253-1260 гг.)

Хрышчэнне Міндоўга, яго сяброўства з Лівонскім ордэнам дапамагло Літве выстаяць у вайне з паўднёвым суседам. Пазней высветлілася, што прыняцце каталіцтва (хоць і часовае) вялікім князем мела велізарнае значэнне для гісторыі дзяржавы і моцна паўплывала на жыццё ўсіх насяляючых яе народаў. Міндоўг зрабіў першы крок на шляху збліжэння яго краіны з заходнееўрапейскай цывілізацыі. Хоць летапісец пісаў пра Міндоўга, што "хрышчэнне яго ільсцівым (падманным - А.К.) было" і пазней ён сапраўды вярнуўся да паганства, тым не меньш пачатак быў пакладзены. Праўда, спатрэбілася яшчэ больш чым сто гадоў, каб арыентацыя на Еўропу прыняла форму свядомага палітычнага рашэння і ажыццявіў яго вялікі князь Ягайла.

Міндоўг распачаў даволі актыўную перапіску з рымскімі папамі, звязаную з яго хрышчэннем, прыняццем пад апеку рымскай курыі і, самае галоўнае, з правядзеннем каранацыі. Лісты самога Міндоўга да нас не дайшлі, але пра іх змест можна здагадвацца з захаваных у архівах адказаў рымскіх першасвятароў Інакенція IV і Аляксандра IV.

Самай важнай падзеяй першага хоць даволі непрацяглага этапу дыпламатычнага кантакту Вялікага Княства Літоўскага з духоўным галавою Захада было ўзвядзенне Міндоўга ў каралеўскі сан. Адмысловае пасольства Міндоўга прасіла ў папы дазволу на каранацыю новахрышчанага манарха і сустрэлі з боку першасвятага поўнае разуменне і адабрэнне. Папа Інакенцій IV распачаў грунтоўную падрыхтоўку да гэтай падзеі. Ён накіраваў спецыяльныя булы кіраўнікам бліжэйшых да Літвы епархій: да куронскага эзэльскага біскупаў [12] з даручэннем падтрымаць акцыю і дапамагчы ў яе правядзенні. Сваім прадстаўніком, які ад імя першасвятара павінен быў правесці цэрымонію каранацыі папа прызначыў хельмінскага [13] біскупа Генрыха.

Аднак падрыхтоўка зацягнулася на некалькі гадоў. Магчыма, справе перашкаджала вайна Вялікага Княства Літоўскага з Галіцка-Валынскай дзяржавай, можа быць і сам Міндоўг не надаваў асаблівай вагі такой фармальнасці як набыццё каралеўскага іьпулу. Тым не менш каранацыя адбылася ў 1253 г. Невядома дакладна месца каранацыі (гэтаксама як і ранейшага хрышчэння), хоць у распараджэнні навукоўцаў маецца дакумент, пакінуты сведкам гэтай цэрымоніі, каталіцкім манахам-місіянерам. Дакумент гэты - "Апісанне земляў" быў выяўлены не так даўно, у 1979 г. амерыканскім гісторыкам у Дубліне (Ірландыя). Аўтар гэтага твору займаўся місіянерствам на Панямонні якраз у той час, калі адбывалася каранацыя Міндоўга і яму ўдалося нават на ёй прысутнічаць. Нажаль, ніякай новай інфармацыі гэты невядомы па імю манах у сваім апісанні земляў не падаў. Яго запісы, зробленыя ў другой палове 13 ст., яшчэ раз падцвярджаюць, што Літва межавала з Руссю, што паміж імі меліся ажыўленыя кантакты і што місіянеру было вельмі лёгка несці хрысціянства да язычнікаў - яцвягаў, літоўцаў і нальшанцаў, бо яны "ад самай калыскі ўзгадаваныя хрысціянскімі карміліцамі". Адкрыцці такіх крыніцаў здараюцца надзвычай рэдка і даследчыкі спадзяваліся знайсці ў "Апісанні земляў" нейкую новую інфармацыю. Адным толькі ўпамінаннем месца каранацыі, аўтар дапамог бы вырашыць даўнюю спрэчку даследчыкаў пра месцазнаходжанне першай сталіцы Вялікага Княства Літоўскага. Хоць сённяшнія гісторыкі схіляюцца да думкі, што сталіцай быў самы значны горад Панямоння на той час - Наваградак, аднак прамых звестак крыніцаў пра гэта няма.

Ліцвінскія паслы вярталіся ад папы і на адваротнай дарозе заехалі ў Рыгу. Ландмайстар Лівонскага ордэна, даведаўшыся пра дазвол папы на каранацыю Міндоўга, загадаў зрабіць дзве кароны (адна для будучага караля, другая - для каралевы) і упрыгожыць іх каштоўнымі камянямі. Потым ландмайстар і прыбыўшы да Рыгі папскі пасланнік біскуп Генрых, павезлі іх у Літву. Вядома, што каранацыя адбылася, але апісання гэтай урачыстасці мы не маем. Тым не менш, ёсць магчымасць даволі дэталёва рэканструяваць ход гэтай працэдуры, што і зрабіў летувіскі гісторык Зянонас Івінскіс. Справа ў тым, што захавалася даволі шмат дэталёвых апісанняў каранацыяў іншых еўрапейскіх манархаў. Усе яны арганізоўваліся папамі рымскімі і былі вельмі падобнымі між сабой нават у дробных дэталях.

Абрад каранацыі Міндоўга адбываўся ў храме, магчыма, у царкве (каталіцкіх касцелаў на Панямонні тады яшчэ не было). Верагодна, гэтым храмам была мураваная царква Барыса і Глеба ў Наваградку, збудаваная ў 12 ст. Яна захавалася да сённяшняга дня, хоць і ў значна змененым выглядзе пасля перабудоваў у 16 і 17 ст. ст.

Можна ўявіць сабе, што адбывалася тут у той летні дзень 1253 году ад Раства Хрыстова... Уся плошча перад царквой і прылягаючая вуліца запоўнена шматлікім шумлівым натоўпам. Узброеныя воі-дружыннікі двумя шэрагамі трымаюць калідор сярод народу ад вуліцы да ўваходу ў храм. Вось паказалася ўрачыстая працэсія. Доўгім ланцужком яна працягнулася ад вуліцы да самых дзвярэй храма. Вышытыя срэбрам і золатам харугвы і строі святароў, манахі ў доўгіх балахонах з капюшонам - карычневыя ў францысканаў і белыя ў дамініканцаў. Наперадзе ў поўным ўрачыстым строі, належным яго сану, выступае біскуп Генрых. За ім два яго памочнікі - куронскі і эзэльскі біскупы, пад рукі вядуць будучага караля. Калі галава працэсіі наблізілася да брамы храма, да неба паляцелі ўзнёслыя і таямнічыя гукі ўрачыстага лацінскага спеву. За дзвярыма ў паўзмроку храма пераліваецца і таямніча зіхаціць ад мноства палаючых свечак шматколерная маёлікавая падлога [14].

Міндоўга праводзяць па ёй да самага алтара, ён укленчвае, потым кладзецца на дыван, пасцелены ля самых алтарных прыступак. Зямны ўладар паказвае сваю пакору перад царом нябесным, лежачы ніцма пад яго тронам. Біскуп Генрых уздымае над ліцвінам рукі і голасна прамаўляе: "Божа, уратуй караля!" Міндоўг павольна падымаецца і ўссядае на каралеўскі трон, злева ад яго сядае каралева. Пачынаецца ўрачыстая каранацыйная імша. Усё прадумана і адпрацавана да найменьшых дробязяў. Кожны яе ўдзельнік знаходзіцца на сваім, зараней вызначаным месцы. Каралева на працягу ўсёй цэрымоніі застаецца на сваім троне па левую руку ад каралеўскага крэсла.

Вось Міндоўг павольна ўстае са свайго трона, яго плечы ахінаюць каралеўскай мантыяй і падводзяць да алтара, ён зноў кладзецца перад ім на падлогу, яго цела з выпрастанымі ў бакі рукамі ўтварае выяву крыжа. Хор без перапынку спявае літургічныя спевы, заканчваючы кожны верш падзякай-маленьнем да Бога: "Дзякуем табе, пачуй нас!" Міндоўг просіць біскупа блаславіць яго і пасвяціць на каралеўскую годнасць. Тут спевы сціхаюць, Міндоўг устае і біскуп перад алтаром задае яму шэсць урачыстых пытанняў: ці будзе ён памяркоўным уладаром, ці будзе бараніць хрысціянскую веру, ці будзе справядлівым манархам, ці будзе клапаціцца аб дзяржаве, ці будзе апекавацца беднымі і сіротамі і, нарэшце, ці будзе да канца паслухмяны папе і святой рымскай царкве. Паводле звычаю, на кожнае пытанне патрэбна было тройчы адказваць згодай па-латыні: "fiat, fiat, fiat", аднак асобы, якія не валодалі латынню, маглі адказваць на сваёй, мясцовай мове. Па ўсёй верагоднасці, так было і з Міндоўгам.

Пасля бласлаўляльнай малітвы пачалася самая важная частка цэрымоніі - памазанне асвечаным алеем (адсюль манархаў называюць часам "памазаннікамі Божымі") [15]. Біскуп Генрых намазаў галаву, грудзі і плечы караля святым алеем. Затым пачалося ўбранне Міндоўга ў каралеўскі строй. Пасля ўручэння каралеўскага меча, зашпількі для каралеўскай мантыі, божаму памазаніку перадалі атрыбуты каралеўскай улады: берла і дзяржаву, а на галаву ўсклалі каралеўскую карону.

На пячатцы Міндоўга, адбітак якой дайшоў да нас з 1255 г., ён якраз паказаны ў гэтым строі: берла і дзяржава ў руках, на галаве - карона (рысы твару аднавіць немагчыма, бо ў тыя часы мастакі не паказвалі індывідуальнае аблічча чалавека, выява на пячатках і манетах была сімвалам манарха). Старэйшая лівонская рыфмаваная хроніка паведамляе, што карону на галовы Міндоўга і яго жонкі ўскладаў ландмайстар Лівонскага ордэна Андрэй фон Сцірланд. Магчыма, так яно і было, бо менавіта дзякуючы ландмайстару і адбылася гэтая каранацыя. Удзел яго ў гэтай справе выклікаў нараканні ў Рызе, там лічылі, што выгадней было б рабіць стаўку на больш паслухмянага Таўцівіла.

Невядома, ці ўсведамляў цалкам сам Міндоўг значэнне гэтай дзеі як для сябе, так і для ўсёй дзяржавы. Падобна, што не. Ды і не мог ён тады ведаць, што кладзе пачатак новай эпосе ў гісторыі краіны. Далейшыя падзеі паказалі, што для яго гэта была дымламатычная акцыя, якая дапамагла ў цяжкі час наладзіць добрыя адносіны з Ордэнам - моцным і небяспечным суседам. Як толькі небяспека мінула, гэтае сяброўства перастала Міндоўга цікавіць. Калі жамойты праз сем гадоў пасля ягонай каранацыі разграмілі рыцараў-крыжакоў ля возера Дурбе, Міндоўг парваў і з імі і з хрысціянствам. Але тым не менш, у хуткім часе пасля свайго хрышчэння і каранацыі Міндоўг пачаў клапаціцца пра працяг дынастыі. Ён напісаў ліст да папы з прозьбай каранаваць на дзяржаву аднаго а сваіх сыноў. Напэўна, гаворка ішла пра наступнага пасля Вайшэлка (які быў у гэты час манахам) Рукля. Папа выказаў сваю згоду булай ад 6 сакавіка 1255 г., аднак невядома ці гэтая цэрымонія адбылася.

Так распачалася кароткая (да 1260 г.) гісторыя каралеўства Літва. Наступныя за Міндоўгам гаспадары дзяржавы ў дакументах, напісаных на лацінскай мове, часам называлі сябе каралямі (як Гедымін), але на каралеўства не каранаваліся. За імі ўмацаваўся тытул "Вялікі Князь", а дзяржава (у скарочаным варыянце) стала называцца Вялікім Княствам Літоўскім Рускім і Жамойцкім. Гэты тьтул можна знайсці на пазнейшых дакументах, складзеных у 14, 15, 16 ст. Дадаткі "рускі", "жамойцкі", "інфлянцкі" з'яўляліся ў тьтуле гаспадара пасля далучэння да панямонскай дзяржавы чарговых земляў. У прыватнасці, назва "Русь" упершыню была ўведзена ў тытул Гедыміна, калі да Вялікага Княства Літоўскага далучылася Полаччына і Віцебшчына.

Кароткай аказалася таксама гісторыя першага каталІцкага біскупства ў Літве. Папа, даведаўшыся пра хрышчэнне Міндоўга, ўжо 17 ліпеня 1251 г. напісаў ліст да хельмінскага біскупа з даручэннем знайсці адпаведную кандыдатуру на першага біскупа Літвы. Ім стаў святар Лівонскага ордэна Хрысціян, за якога папу прасіў сам Міндоўг. Пасвяціць Хрысціяна на годнасць біскупа было даручана галоўнаму, паводле царкоўнай іерархіі, святару ў Прыбалтыцы - рыжскаму арцыбіскупу Альберту. Але пад час цэрымоніі Альберт змусіў новага біскупа прысягнуць на вернасць яму, а не папе рымскаму. Міндоўг у сваім лісце прасіў першасвятара прыняць новае біскупству пад непасрэдную юрысдыкцыю апостальскай сталіцы і папа выдаў адпаведную булу. Пасвячэнне адбылося каля 1253-1254 г., а ў тым жа 1254 г. Міндоўг надзяліў Хрысціяна землямі ў Жамойці - самым логаве зацятых язычнікаў, якія, да іаго ж, фактычна не належалі да дзяржавы Міндоўга. Гісторыкі мяркуюць, што новы біскуп, па ўсёй верагоднасці, нават не змог ніводнага разу наведаць гэтыя "свае" ўладанні. Магчыма, такое дараванне Міндоўга можна расцэньваць як не надта шчырую прыхільнасць да новай веры. Польскія хронікі паведамляюць, што прыблізна ў гэты час галава польскай каталіцкай царквы - гнезненскі арцыбіскуп высвяціў на біскупа Літвы нейкага манаха-дамініканіна Віта. Паколькі кароль Міндоўг афіцыйна падтрымаў біскупа Хрысціяна, то ў 1255 г. папа Аляксандр IV вызваліў Віта ад біскупскіх абавязкаў.

Сваё сяброўства з Міндоўгам імкнуліся як найвыгодней для сваёй справы выкарыстаць браты-рыцары Лівонскага ордэна. За падтрымку ў вайне з Галіцка-Валынскім княствам, за дапамогу ў справе хрышчэння і каранацыі патрэбна было плаціць. Рыцары пажадалі ад Міндоўга некалькі зямельных дараванняў, той пагадзіўся, і выдаў даравальныя граматы зноў жа на землі, якія яму не належалі і якія рыцарам трэба было яшчэ заваяваць. Аднак лівонцы былі задаволеныя, бо атрымалі ад законнага, прызнанага папай хрысціянскага манарха (а не язычніка) афіцыйныя дакументы на валоданне вельмі важнымі для іх тэрыторыямі. Тытул хрысціянскага караля надаваў падпісаным Міндоўгам дакументам юрыдычную сілу ў вачах усёй Еўропы. А падораныя землі знаходзіліся якраз паміж Прусіяй і Лівоніяй. Злучэнне ў адзінае цэлае тэрыторый прускай і лівонскай філіяў Тэўтонскага ордэну было важнейшай стратэгічнай задачай рыцараў-крыжакоў (дарэчы, вырашыць яе ім так і не ўдалося). Даравальныя граматы Міндоўга можна было прад'яўляць папе рымскаму і еўрапейскім манархам ды сабіраць еўрапейскіх рыцараў на святую вайну - падпарадкаванне і хрышчэнне гэтых язычніцкіх земляў.

Даследчыкі доўга спрачаліся аб праўдзівасці гэтых дакументаў, якія дайшлі да нас у копіях 14 ст. Урэшце, частка з іх была прызнаная сапраўднымі, а некаторыя - фальсіфікатамі, створанымі ў Тэўтонскім ордэне. Напрыклад, яўная фальшыўка - дакумент пра пераход ўсёй Літвы да Ордэна ў выпадку, калі ў Міндоўга не застанецца нашчадкаў. Крыжакі з Тэўтонскага ордэну неаднаразова падраблялі падобныя дакументы, а потым выкарыстоўвалі іх для апраўдання сваіх тэрытарыяльных прэтэнзій. Традыцыя складання пісьмовых юрыдычных актаў прыйшла да еўрапейцаў як спадчына Рымскай імперыі ўжо ў раннім сярэднявеччы, а ў Вялікім Княстве Літоўскім умацавалася толькі пад канец 15 ст.

Ва Усходняй Еўропе яна на той час была практычна невядомая. Дамаўляліся вусна, хрысціяне давалі клятву на Бібліі, а язычнікі - паводле сваіх звычаяў. Калі ўлічыць псіхалогію сярэднявечнага чалавека, падробку крыжакамі зямельных дараванняў нельга прызнаць неабвержным сведчаннем іх амаральнасці. Для чалавека таго часу ісцінай з'яўлялася не тое, што было на самой справе, а тое, што павінна быць паводле божага закону. Пашыраючы сваю ўладу на паганскія землі, Тэўтонскі ордэн выконваў святую місію - прыносіў сюды "святло праўдзівай веры хрысціянскай" і лічылася неістотным, якімі сродкамі гэта дасягалася.

Усяго вядома дзесяць такіх дакументаў-прывілеяў Міндоўга, з іх чатыры (некаторыя лічаць, што болей) аказаліся падробкамі. Але гэтыя фальсіфікаты былі выкананыя прыблізна ў той самы час, таму для гісторыкаў служаць таксама каштоўнымі гістарычнымі крыніцамі. Сапраўднымі прызнаныя:

  • прывілей 1253 г., выдадзены купцам горада Рыгі на свабодны гандаль у Літве,
  • прывілеі-дараванні Лівонскаму ордэну земляў у Жамойці (1253г.), зямлі Селоніі (1255 г.), Дайноўскай зямлі, Скаловіі і Жамойці (1259 г.),
  • ліст да папы рымскага з просьбай зацвердзіць дараванне Селоніі (1255 г.) і
  • надзяленне зямлёй біскупа Хрысціяна (1254 г.).

Сяброўства Міндоўга з крыжакамі аказалася нядоўгім. Як толькі пазіцыі Тэўтонскага ордэна ў Прыбалтыцы пахіснуліся, Міндоўг парваў і з ім і, па ўсёй верагоднасці, з хрысціянствам. Галіцка-Валынскі летапісец запісаў: "хрышчэнне яго ільсцівым было".

Становішча крыжакоў у Прыбалтыцы пад канец гаспадарання Міндоўга настолькі пагоршылася, што пад пытаннем аказалася нават само існаванне тут Тэўтонскага ордэну. Пачаткам крызісу стаў жахлівы разгром жамойтамі ордэнскага войска, а таксама дапаможных атрадаў датчанаў і пскавічоў, ля возера Дурбе ў 1260 г. Адразу па ўсёй Прусіі ўзнялося антыордэнскае паўстанне сярод здавалася ужо пакораных, мясцовых пляменаў. Лес ордэна вІсеў на валаску, рыцары сядзелі, зачынІўшыся па замках, абложаныя тубыльцамі. Паўстанне працягвалася аж да 1274 г. І было задушана толькі дзякуючы пастаяннаму падыходу войскаў з Еўропы.

Паводле інфармацыі Рыфмаванай лівонскай хронікі Міндоўг, парваў сяброўства з Ордэнам пад націскам жамойтаў, якія ўзамен абяцалі прызнаць яго ўладу над іх краем. Так сама перапыніліся кантакты з рымскай курыяй і адышло ў нябыт "каралеўства Літва". Напэўна, Міндоўг не мог падтрымліваць гэтыя кантакты без пасрэднііцва Ордэна, альбо не бачыў у іх перспектывы. І тут ён моцна памыляўся. Ягоныя хрышчэнне і каранацыя сталі першымі крокамі на дарозе да Еўропы, першай праявай стратэгічнага выбару, які прадвырашыў лёсы краіны і насяляючых яе народаў на многія стагоддзі наперад. Праўда, сучаснікі і наступнікі Міндоўга яшчэ не ўсведамлялі ўсяго значэння цывілізацыйнага выбару і дзеля тактычных часовых выгодаў не раз ад яго адступаліся, як і наш герой. Аднак ён зрабіў галоўнае - паклаў пачатак усёй справе...

Справа зроблена

Разрыў прыязных адносінаў з лівонскай філіяй Тэўтонскага ордэна аказаўся магчымым яшчэ і таму, што значна аслабла небяспека для Літвы з боку Галіцка-Валынскай дзяржавы. Князі Раманавічы ўжо не хацелі парушаць мірныя адносіны з Літвой, іхнія ўплывы на Панямонні былі адноўленыя пасля вайны 1249-1254 г., а ў іх дзяржавы хапала іншых знешнепалітычных праблемаў. Галоўнай была залежнасць ад мангола-татараў. Менавіта татарскі хан - сюзэрэн галіцка-валынскіх князёў, прымусіў іх да парушэння міру з Літвой.

Татары пільна сачылі за знешнепалітычнай дзейнасцю мацнейшай на той час русінскай дзяржавы і ў патрэбныя моманты яе разбуралі. Нечакана ў 1258 г. на яе тэрыторыі з'явілася вялікае татарскае войска на чале з ваяводай Бурундаем, які заявіў Даніле Раманавічу: "іду на Літву, калі ты са мной мірны, ідзі са мною". Сын Данілы Раман сядзеў у гэты час князем у Наваградку і толькі намінальна быў падпарадкаваны Міндоўгу. Зразумела, князь Даніла не хацеў ісці вайной на ўласнага сына. Аднак адмовіцца было немагчыма, бо тады замест Літвы татары абрынуліся б на яго дзяржаву. Адзінае, што ён змог зрабіць - ухіліцца ад асабістага ў дзелу ў паходзе. Назваўшыся хворым, Даніла выправіў замест сябе брата Васільку.

Выправа была кароткай. Татарскія і валынскія войскі знішчальнай віхурай пранесліся па Літве і павярнулі назад. Летапісец паведамляе, што пад час гэтага паходу Раман Данілавіч быў схоплены Вайшэлкам і Васілька безпаспяхова шукаў пляменніка па ўсяму Верхняму Панямоншо. Больш пра Рамана крыніцы не згадваюць, выглядае на тое, што жывым ён з палону не выбраўся.

У наступным 1259 г. татары пад пагрозай вайны змусілі галіцка-валынскіх князёў разбурыць умацаванні сваіх гарадоў, што зрабіла краіну безабароннай перад татарскай конніцай. Гэтыя падзеі значна змянілі палітычную сітуацыю на Панямонні - залежнасць Вялікага Княства Літоўскага ад паўднёвага суседа знікла. Аслабленае Галіцка-Валынскае княства пазней яшчэ спрабавала вярнуць свае ўплывы на Панямонні, але ўжо безпаспяхова. Пачынаючы ад 1258 г. галіцка-валынскія войскі калі і хадзілі вайной на Панямонне, то амаль заўсёды ў таварыстве з татарамі, магчыма па той прычыне, што ўласных сілаў было ўжо замала.

Панямонская дзяржава патроху набірала моцы і была ўжо ў стане праводзіць актыўныя наступальныя аперацыі. У чэрвені 1262 г. пасланы Міндоўгам атрад, імклівым маршам прайшоў каля 300 км па тэрыторыі Мазовіі і знянацку захапіў у Яздаве (сённяшняя Варшава) мазавецкага князя Земавіта разам з яго сынам Конрадам. Земавіт быў забіты, а Конрада вывезлі ў палон у Літву. У тым жа годзе войскі Міндоўга ў адказ за напад валынянаў пад кіраўніцтвам Васілька Раманавіча пустошылі іх землі каля Каменя.

Вялікае Княства Літоўскае паспяхова ваявала і на сваіх паўночных рубяжах. У 1262 г. Міндоўг заключыў саюз з Вялікім Ноўгарадам, скіраваны супраць Лівонскага ордэна. У тым жа 1262 г. разам з войскам жамойцкага князя Траняты Міндоўг арганізаваў паход на сталіцу Лівонскага ордэна - Вендэн.

Гэтыя праявы актыўнай знешнепалпычнай дзейнасці сведчаць пра тое, што маладая дзяржава на пачатку 60-х гадоў 13 ст. праз паўтара дзесяцігоддзі пасля свайго заснавання, пад канец кіравання першага яе гаспадара давяла суседзям сваю жыццяздольнасць і цвёрда станавілася на ногі. Хто мог ведаць, што ў недалёкай будучыні яе чакаюць новыя цяжкія выпрабаванні, на гэты раз паўсталыя ў самой краіне.

Унутраны крызіс распачаўся з забойства Міндоўга. Паводле галіцка-валынскага летапісца, у сваёй гвалтоўнай смерці быў вінаваты сам вялікі князь. Учынак, які непасрэдна прычыніўся да яго пагібелі, сведчыць пра характар нашага героя. Неблагі ваенны правадыр, выдатны палітык і дыпламат, ён заставаўся паводле псіхічнага складу чалавекам свайго часу і паходжання. Ваяка, загартаваны ў баях і паходах, чалавек на пераходзе ад першабытнага грамадства да сярэднявечнага, дзікун, напэўна, далёкі ад тонкасцяў культуры і цывілізацыі. Летапісец паведамляе, што калі памерла жонка Міндоўга, той запрасіў на пахаванне яе сястру, якая была замужам за нальшанскІм князем Даўмонтам. Пасля пахавання Міндоўг не адпусціў жанчыну дамоў і патлумачыў ёй, маўляў, жонка паміраючы, наказала яму ажаніцца з яе сястрой, "бо іншая так дзяцей не дагледзіць". Смяротна абражаны муж паланянкі - Даўмонт нальшанскі, быў вымушаны змаўчаць, "бо сіла яго была малая, а таго вялікая".

Аднак Даўмонт таксама быў чалавекам свайго часу, калі помста за крыўду лічылася святым абавязкам. Ён патаемна ўступіў у змову супраць Міндоўга з жамойцкім князем Транятам. Зручны выпадак надарыўся восенню 1263 г. калі Міндоўг выправіў сваё войска ў паход на Бранск. Даўмонт таксама мусіў браць удзел у гэтай выправе, але з дарогі нечакана павярнуў назад, напаў на двор Міндоўга і забіў яго разам з двумя малодшымі сынамі Руклем і Рэпеклем.

Смерць Міндоўга распачала ўнутраны крызіс у дзяржаве, які працягваўся некалькі гадоў. Яго забойства пацягнула за сабой шэраг іншых і справа ягонага жыця апынулася пад пагрозай. Тым не менш, дзяржава ацалела. Па-першае, гэтаму паспрыялі знешнія абставіны: Лівонская філія ордэна яшчэ не аправілася ад паразы 1260 г., пруская філія была занятая ліквідацыяй паўстання мясцовых плямёнаў, а потым канчатковым пакарэннем Прусіі (да 1283 г.). Другі небяспечны сусед - Галіцка-Валынскае княства, быў аслаблены татарамі і таксама не ствараў сур'ёзнай пагрозы. Па-другое, аказалася моцнай і трывалай аснова маладой дзяржавы - палітычны саюз багатых гарадоў і моцных кунігасаў. Гэты балта-славянскі саюз, які аб'ядноўваў мацнейшыя палітычныя сілы Панямоння, прайшоў праз увесь час нараджэння і станаўлення дзяржавы і неадменна аднаўляўся з прыходам кожнага новага пакалення. Змяняліся толькі дзеючыя асобы.

Забойства Міндоўга спавадавала крызіс створанага ім гаспадарства. Але ягонай галоўнай справе было наканавана доўгае жыццё. Выпешчаная ім дзяржава не загінула, яна вытрымала ўнутраныя смуты і змаганні са знешнімі ворагамі. Пасля ягонай смерці жыць ёй заставалася яшчэ больш пяці стагоддзяў, дакладней 532 гады...

Заканчэнне

Ад эпохі, у якой жыў і дзейнічаў Міндоўг, да нашага часу захавалася вельмі мала пісьмовых крыніцаў, але незвычайная асабовасць гэтага чалавека пакінула ў іх выразны адбітак. Аказалася, што пра Міндоўга мы ведаем нашмат больш, чым пра ўсіх наступных, разам узятых, вялікіх князёў літоўскіх з 13 ст. Справы і сама асоба нашага героя мелі розгалас далёка за межамі краіны, выдаваліся важнымі і цікавымі для сучаснікаў, таму Міндоўг трапіў ва ўсе усходнеславянскія летапісы і многія еўрапейскія хронікі. Несумненна, гэтая слава звязана з галоўнай справай ягонага жыцця - удзеле ў стварэнні адной з найбуйнейшых еўрапейскіх дзяржаваў.

Міндоўгаў жыцёрыс паказвае, што ён быў чалавекам свайго часу - сярэднявечным ваяром, здольным на жорсткія, часам шалёныя ўчынкі. Адзін з іх непасрэдна прычыніўся да ягонай смерці. Яму не ўдалося стварыць дынастыю. Двое малодшых сыноў загінулі разам з бацькам, старэйшы - Вайшэлк, быў забіты некалькі гадоў пазней.

Сёння Міндоўг лічыцца нацыянальным героям Летувы і амаль забыты на Беларусі. Адзіным месцам у нашай краіне, дзе пра Міндоўга памятаюць да сённяшняга дня і дзе нават малыя дзеці могуць распавясці пра справы нашага героя - то ягоны стольны горад, першая сталіца Вялікага Княства Літоўскага - Наваградак. Магчыма, якраз гэтыя падросшыя дзеці прычыняцца да таго, што помнік пачынальніку беларуска-літоўскага гаспадарства - конная выява Міндоўга ў поўным баявым строі будзе стаяць на належным ёй мейсцы - галоўнай плошчы беларускага Наваградка.

Асноўныя даты ў жыццёрысе Міндоўга

  • Канец 12 - пачатак 13 ст. - нараджэнне
  • 1219 г. - у дамове з валынскімі князямі названы сярод пяці мацнейшых літоўскіх кунігасаў
  • 1248 г. - стаў наваградскім князем і падпарадкаваў Літоўскую зямлю, чым паклаў пачатак утварэнню Вялікага Княства Літоўскага
  • 1251 г., пачатак - хрышчэнне ў каталіцтва
  • 1253 г. - каранацыя з санкцыі папы рымскага (адбывалася, найверагодней, у Наваградку)
  • 1248 - 1254 г. - вайна ВКЛ з Галіцка-Валынскай дзяржавай
  • 1263 г., восень - забойства Міндоўга

Літаратура:

  1. Генрих Латвийский. Хроника Ливонии. Москва-Ленинград, 1938.
  2. Грушевський М. Хронольогія подій Галіцько-Волинськоі літописи // Записки Наукового Товариства імени Шевченка. Львів, 1901. Т. 41. С. 1 - 72.
  3. Клнмчук Ф.Д. К истории распространения белорусских говоров в юго-восточной Литве // Балто-славянскне нсследовання. 1980. Москва, 1981. С.214-221.
  4. Краўцэвіч А.К. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. Жэшаў, 2000.
  5. Насевіч В.Л. Пачаткі Вяликага Княства Літоўскага: Падзеі і асобы. Мн., 1993.
  6. Полное собрание русских летописей. Москва, 1962.
  7. Ivinkis Z. Mindaugas und seine Krone // Zeitschrift fur Ostforschung. 3.
  8. Jahrgang. 1954. Heft 3. S. 360 - 386.
  9. Maleczynski K. W sprawie autentycznosci dokumentow Mendoga z lat 1253 - 1261 // Ateneum Wilenskie. Wilno, 1936. R. 11. S. 1 - 60.

Каментары

[1] Маецца на ўвазе пачатковая тэрыторыя ВКЛ ці гістарычная Літва 13-19 стст., якая складалася з Наваградчыны, Гарадзеншчыны, Віленшчыны і часткі Меншчыны.

[2] Балты - навуковы тэрмін для абазначэння групы плямён і народаў, якія гавораць (ці гаварылі) на балтыйскіх мовах; галоўным арэалам іх пражывання з'яўляецца Прыбалтыка. 3 сённяшніх народаў да балтаў адносяцца летувісы і латышы. У мінулым існавалі яшчэ саюзы плямёнаў: прусаў, яцвягаў, куршаў, селонаў, галіндаў.

[3] Літоўская зямля - тэрыторыя ў сярэднім цячэнні Віліі, дзе ў 10-12 ст. жыло балцкае племя "літва". Літ. з. была пагранічнай з Руссю балцкай вобласцю, таму ўсходнія славяне найперш спаткаліся з літоўцамі. Адсюль літоўцамі пачалі называць і другія роднасныя ёй плямёны: дзяволтву, нальшаны і інш. Ад Літ. з. пайшла назва галоўнай вобласці дзяржавы (гістарычная Літва).

[4] Базілеўс - тытул візантыйскага імператара.

[5] Сённяшнія іх афіцыйныя назвы - польскамоўныя: Навагрудак ад "Nowogrodek", Гродна ад " Grodno" і г.д. (таксама, Мінск - Minsk, замест беларускага Менску).

[6] Тапаніміка - раздзел мовазнаўства, які даследуе геаграфічныя назвы - тапонімы.

[7] Легат - дыпламатычны прадстаўнік папы рымскага

[8] Большасць гісторыкаў, у тым ліку аўтар гэтай кнігі, лічаць такое акрэсленне межаў Літвы памылковым. На самой справе, Літоўская зямля размяшчалася ў сярэднім цячэнні Віліі.

[9] Лівонскі ордэн - філія Тэўтонскага ордэна ў Лівоніі (сучасная Латвія і частка Эстоніі). У беларускай гістарыяграфіі выкарыстоўваюцца таксама назвы "Інфлянты" і "Інфлянцкі ордэн".

[10] Була - так называўся адбітак круглай пячаткі папы рымскага, падвешаны да лістоў каталіцкага першасвятара, таму і самыя пасланні зваліся "буламі"

[11] Суліца -кап'е з кароткім дрэўкам, прызначанае перадусім для кідання.

[12] Куронія - Куронія вобласць на ўзбярэжжы Балтыйскага мора (Латвія); Эзэль - эстонскі востраў на Балтыцы (сёння называецца Саарэма).

[13] Хельмна - горад у Прусіі, зараз у складзе Польшчы.

[14] Пад час раскопак ў 1961-1962 г. археолагі выявілі сцены пачатковай царквы 12 ст. і знайшлі таксама рэшткі тагачаснай падлогі, выкладзенай з рознакаляровых маёлікавых плітак.

[15] Што Міндоўг прайшоў гэты абрад можна лічыць устаноўленым дакладна, бо ў адным са сваіх дакументаў паведамляе, што ён памазаны на Літоўскае каралеўства і ўвянчаны каралеўскай каронай.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX