УДК 821.161.3-4
ББК84(4Беи)-44 К78
Пераклад на англійскую мову Андрэя Бурсава
Translated from Belarusan into English by Andrei Bursau
Пад агульнай рэдакцыяй Міхася Скоблы
Мастак Ігар Гардзіёнак
Кніга выйшла дбаннем i накладам спадара Анатоля Луневіча
Аўтар выказвае шчырую падзяку сп. Анатолю Луневічу, без якога гэтая праца не змагла б дайсці да чытача. Вялікая ўдзячнасць прафесару Юрасю Бохану за грунтоўную навуковую кансультацыю па выявах матэрыяльнай атрыбутыкі Сярэднявечча
Краўцэвіч, А. К.
К78 Гедымін (1316 - 1341). Каралеўства Літвы i Русі = Hiedymin. (1316 - 1341). Kingdom of Lithuania and Rutenia : нарыс / Алесь Краўцэвіч ; пер. на англ, мову Андрэя Бурсава ; пад аг. рэд. Міхася Скоблы ; маст. Ігар Гардзіёнак. - Мінск : Татарнікава С. Ю., 2012. 152 с.: іл (Жыццяпіс вялікіх князёў літоўскіх = The Lives of the Great Dukes of Lithuania). ISBN 978-985-90263-1-7.
Нарыс з серыі «Жыццяпіс вялікіх князёў літоўскіх», прысвечаны вялікаму князю Гедыміну, напісаны прафесійным гісторыкам. Усе пададзеныя гістарычныя факты, а таксама высновы аўтара, грунтуюцца на навуковым аналізе гістарычных крыніц. Кніга будзе прыдатная як тым, хто навучаецца ці вучыць гісторыі, так i ўсім аматарам.
УДК 821,161.3-4 ББК 84(4Бей)-44
©Краўцэвіч А.К., 2012
ISBN 978-985-9G263-1-7
© Бурсаў А. в., пераклад, 2012
© Гардзіёнак І.Л., ілюстрацыі, 2012
© Афармленне, Выдавец Татарнікава С. Ю., 2012
Гісторыкі часам гавораць, што гісторыю твораць народы. Можна з гэтай тэзай згаджацца ці яе аспрэчваць, але несумненна адно: непасрэдныя рашэнні (у тым ліку i лёсаносныя для народаў) прымаюцца канкрэтнымі асобамі. Індывідуальнасць гэтых асобаў накладвае свой непаўторны адбітак на хаду гістарычнага працэсу, надае яму менавіта тую, якая ёсць, а не іншую форму рэалізацыі. Асоба ў гісторыі гэта заўсёды цікава. Мне здаецца, што малавядомая беларусам гісторыя дзяржавы, якая стала калыскай для сучаснага беларускага народу, можа стаць да нас бліжэй, калі звязаць яе з жыццём i лесам ейных гаспадароў вялікіх князёў літоўскіх. Гаспадар так у нас даўней тытулавалі кіраўніка дзяржавы. Адсюль пайшло слова спадар ветлівая форма звароту ў сучаснай беларускай мове, гэтаксама як у іншых народаў ад тытулаў каралёў паходзяць звароты: пан у палякаў i чэхаў, сіньёр у італьянцаў ды гішпанцаў, месье у французаў i г.д.
Уступ
У пачатку 14 ст. Літва [1] ўвайшла ў новы i, як нам сёння вядома, найслаўнейшы перыяд сваей гісторыі. Папярэдняе паўстагоддзе жыцця беларуска-ліцвінскай дзяржавы нібы захінутае змрокам, з якога зрэдку высвечваюцца постаці яе гаспадароў, каб праз імгненне зноў схавацца у гістарычнай цемры. Гісторык, заглыбіўшыся у скупыя i фрагментарныя крыніцы, нібы аднаўляе мазаіку па невялікіх ацалелых яе частках. Ён больш дадумвае i ўяўляе, чым бачыць i адчувае тагачаснае напружанае жыццё, дзе чутныя водгукі змагання, конскі тупат i лязгат зброі, але дакладна не відно, што там адбываецца, хто з кім б'ецца i хто каго перамагае.
Аднак сучасны гісторык мае моцную падтрымку ў сваёй рэканструкцыі гістарычнага працэсу ён ведае вынік. Так, мы ведаем, што вынік 13 стагоддзя для Вялікага Княства Літоўскага быў станоўчы - дзяржава ацалела i працягвала жыць, нягледзячы на вельмі сур'ёзныя, як вонкавыя, так i ўнутраныя пагрозы.
Ніхто з насельнікаў тагачаснай Літвы (нават добра інфармаваныя вялікія князі) не прадбачыў, што чакае краіну ў новым, 14 стагоддзі. Ліцвіны не маглі ведаць пра вялікі еўрапейскі крызіс сярэдзіны стагоддзя; аб працягу вайны з крыжакамі (яна будзе доўжыцца яшчэ больш за сто гадоў). Не маглі яны таксама ведаць, што іхняй Літве ў гэтым стагоддзі наканавана стаць сапраўды вялікай дзяржавай.
Раздзел першы. Пачатак гаспадарання
У 14 ст. над Літвой пачалі патроху рассейвацца гістарычныя поцемкі, i ў пэўны момант з ix глыбіні выступіў на арэну гісторыі новы i, без перабольшання, вялікі гаспадар Гедымін кароль Літвы i Русі (так ён тытулаваўся ў лацінскіх дакументах).
Біяграфічная даведка
Гедымін сын вялікага князя Пукувера, брат вялікага князя Віценя. Дата нараджэння невядомая (мяркуецца, што нарадзіўся каля 1275 г.), скончыў жыццё каля 1340 - 1341 гг.
Пераняў вышэйшую ўладу каля 1316 г. пасля смерці брата. Выявіў надзвычайныя здольнасці дзяржаўнага дзеяча i дыпламата. Быў нетыповым сярэднявечным манархам аддаваў перавагу дыпламатыі перад вайной. Дзеля дасягнення знешнепалітычных мэтаў эфектыўна выкарыстоўваў дынастычныя шлюбы сваіх дзяцей.
Больш чым удвая павялічыў тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага. Сабраў у адзінай дзяржаве ўсе галоўныя гістарычныя вобласці Беларусі Панямонне, Берасцейшчыну, Турава-Піншчыну, Полаччыну i Віцебшчыну, што спрычынілася да паспяховага этнагенезу сучаснага беларускага народу. Значна ўзняў маестат [2] уладара Літвы, здабыў прыжыццёвую славу i аўтарытэт далёка за межамі дзяржавы. Заснаваў вялікую дынастыю, якая больш двухсот гадоў кіравала некалькімі краінамі Сярэдне-Усходняй Еўропы. Галоўная палітычная памылка: сваім тастаментам падзяліў дзяржаву між сынамі на вялікія ўдзельныя княствы, што прывяло да яе дэцэнтралізацыі i аслаблення.
Паходжанне Гедыміна застаецца нявысветленым, для нас недаступныя яго дзіцячыя i юнацкія гады з-за адсутнасці гістарычных крыніц. Аднак імя i чыны Гедыміна настолькі трывала ўвайшлі ў свядомасць некалькіх пакаленняў тагачасных людзей, што нават праз стагоддзі ворагі лічылі неабходным ачарніць вялікага князя, каб зняславіць усю пачатую ім дынастыю. Версію пра неарыстакратычнае паходжанне Гедыміна i узурпацыю ім літоўскага трона прыдумалі ідэолагі Тэўтонскага ордэна ў пачатку 15 ст. Яна мела давесці, што Гедымін, будучы канюшым у Віценя, забіў гаспадара i захапіў ягоны трон. Невыпадкова версія гэтая ўзнікла неўзабаве пасля Грунвальдскай бітвы, калі дасягнула апагею варожасць крыжакоў да ўнукаў Гедыміна Ягайлы i Вітаўта.
Маскоўскія летапісцы 16 ст. у працяг крыжацкіх памкненняў таксама імкнуліся прынізіць варожую ім ліцвінскую дынастыю. Паводле адной з маскоўскіх версій, папярэднік Гедыміна Віцень паходзіў з роду смаленскіх ці полацкіх князёў, Вызваліўшыся з татарскай няволі, ён уцёк у Жамойць i ажаніўся там з дачкой бортніка. Калі Віцень загінуў ад удару маланкі, ягоны «раб i канюшы» Гедымін узяў за жонку ўдаву вялікага князя i меў ад яе сямёра сыноў. Паводле іншай маскоўскай легенды, Гедымін быў дробным рускім баярынам, якога маскоўскі князь паслаў прылучыць да Масквы землі за Дняпром, спустошаныя татарамі. Аднак Гедымін нібыта прысвоіў сабраныя сродкі ды землі i самавольна самаабвясціўся вялікім князем літоўскім: «назваўся ад ix князь вялікі Гедымін літоўскі першы, вялікіх гасудароў рускіх нязгодаю i міжусобнымі сварамі». Веры гэтым легендам навукоўцы таксама не даюць, бо з'явіліся яны акурат у разгар маскоўска-ліцвінскіх войнаў, калі Масква імкнулася абгрунтаваць свае гістарычныя правы на землі, якія адбірала ў Літвы сілай зброі.
Варта зазначыць, што ўласныя летапісы Вялікага Княства Літоўскага, наадварот, падкрэслівалі легітымнасць дынастыі Гедыміна. Віценя яны называюць сынам Трайдэна, які, у сваю чаргу, паходзіў ці то з Жамойці, ці то з роду полацкіх князёў. Гедымін жа быў сынам Віценя. Гэтую версію можна сустрэць нават у сучаснай гістарыяграфіі. Аднак яшчэ ў 19 ст. гісторыкі звярнулі ўвагу на аўтэнтычны дакумент, датаваны 2 кастрычніка 1323 г., ліст ратманаў Рыгі да Гедыміна. У тым лісце рыжане зазначалі, што Гедымін гатовы падпісаць з імі мір, «як было ў нас з вашым братам i папярэднікам, светлай памяці Віценем» (sicut Vithene bone memorie frater vester et antecessor (выдзелена мною. A.K.), nobiscum habit). Даследчыкі звяртаюць увагу, што тэрмін «брат» ужыты ў дакуменце ў сэнсе пакрывенства, а не як абазначэнне калегі па манаршай пасадзе.
Атрымліваецца, Гедымін заняў вялікакняскі сталец дарослым чалавекам. Калі прыняць за прыблізны час ягонага нараджэння 1275 г., то ў 1315 г. Гедымін мусіў мець 40 гадоў. Ведаем, што ён да таго часу набыў ужо немалы вайсковы досвед. Аднак спачатку было невядома, як новы гаспадар пакажа сябе на найвышэйшай дзяржаўнай пасадзе, бо нават выдатны вайсковы кіраўнік далёка не заўжды становіцца добрым дзяржаўным дзеячам. Вось i Гедымін у першыя гады свайго гаспадарання нічым асаблівым не вызначыўся i не «засвяціўся» ў пісьмовых крыніцах.
Аднак пазней выявілася, што гаспадар проста, як кажуць, «узяў паўзу» ў пачатку кіравання. Гедымін разглядаўся на новым месцы ды займаўся малапрыкметнай, але важнай i няпростай працай, назіраў, думаў i будаваў планы. Не спяшаўся прымаць адказныя рашэнні, не парушаў звыклую хаду спраў, пакуль добра ў ix не разабраўся. Аналізаваў сітуацыю ў краіне i за яе межамі, прадумваў стратэгію, тактыку i канкрэтныя дзеянні. Кажучы сучаснай мовай, працаваў над уласнай палітычнай праграмай i стратэгіяй яе рэалізаідыі. Гэта заняло ў яго не менш шасці-сямі гадоў. Часы тады ўвогуле былі нетаропкія...
У 14 ст. еўрапейскае сярэднявечча ўвайшло ў сваю апошнюю фазу, якую знакаміты галандскі медыявіст Ёхан Хёйзінга назваў «восенню сярэднявечча». Спачатку ніхто не здагадваўся, што распачаліся вялікія перамены, ацэненыя сучаснымі гісторыкамі як заняпад феадальнай Еўропы. З усёй паўнатой i сілай агульнаеўрапейскі крызіс увідавочніўся неўзабаве пасля смерці Гедыміна, у канцы 40-х гадоў. А ў пачатку ягонага гаспадарання жыхары Еўропы яшчэ не маглі скласці ў адзінае цэлае ўсе тыя трывожныя падзеі, якія адбываліся на розных частках кантыненту.
Ужо ў пачатку стагоддзя ў Заходняй Еўропе праявіліся прыкметы застою ў гаспадарцы. Некалькі неўраджаяў запар у 1314-1317 гг. выклікалі голад, які ахапіў многія краіны Еўропы i паглыбіў гаспадарчы крызіс. Узрасла смяротнасць i запаволіўся натуральны прырост насельніцтва.
Яшчэ адной прыкметай цяжкіх часоў сталі вострыя палітычныя i сацыяльныя канфлікты. Па Еўропе пракацілася хваля першых сялянскіх i гарадскіх бунтаў, сярод якіх вылучаліся размахам сялянскі рух пад кіраўніцтвам Дальчына у Італіі, сялянска-гарадское паўстанне ў Фландрыі. Як заўсёды бывае ў час крызісу, узмацніліся містычныя настроі, з'явіліся новыя рэлігійныя рухі i секты. Сацыяльная напруга ў многіх месцах вылівалася ў антыжыдоўскія выступы, якія нярэдка прымалі форму пагромаў. Вынікам стала масавая эміграцыя жыдоў з нямецкіх земляў, між іншым, на тэрыторыю Сярэдне-Усходняй Еўропы.
Спрэчка Французскага каралеўства з папствам прывяла да гэтак званага «авіньёнскага палону папаў» (Авіньён горад на паўднёвай мяжы Францыі), які працягваўся 70 гадоў У 1312 г. нямецкаму каралю Генрыху VII ўдалося наладзіць у Рыме сваю каранацыю на імператара. Праз год з невялікім новы імператар памёр, i распачалася вайна паміж двума прэтэндэнтамі на ягоны трон. Гэтая сітуацыя дапамагла вызваліцца з-пад нямецкай апекі адной з імперскіх правінцый Швейцарыі. Перамога швейцарцаў над войскамі Леапольда Габсбурга паклала пачатак незалежнасці ix краіны.
Папа рымскі Ян XXII таксама спрабаваў выкарыстаць нямецкую спрэчку для ўзмацнення сваёй пазіцыі ў Італіі i ўсёй Еўропе ды выступіў з дэкларацыяй вяршэнства духоўнай (папскай) улады над свецкай (імператарскай). У выніку з новай сілай разгарэўся стары канфлікт паміж папамі i нямецкімі імператарамі за дамінацыю ў Заходняй Еўропе.
Незадоўга да смерці Гедыміна ў 1337 г. распачалася Стогадовая вайна паміж Францыяй i Англіяй. У Іспаніі ў гэты час заканчвалася выгнанне арабаў маўраў. Апошняя арабская дзяржава на Пірынейскай паўвыспе Гранадскі эмірат пасля цяжкай паразы маўраў у 1340 г. ад хрысціянскіх войскаў магла ўжо толькі абараняцца.
Адначасова ў шэрагу еўрапейскіх дзяржаў праявіліся тэндэнцьп да цэнтралізацыі. На пачатку 14 ст. моцная цэнтральная ўлада існавала ў Англіі, Францыі, Кастыліі i Арагоне (апошнія дзве дзяржавы ў 15 ст. аб'ядналіся, стварыўшы Іспанскае каралеўства). Паступова ў многіх краінах аформілася гэтак званая саслоўна-прадстаўнічая манархія, дзе каралеўская ўлада былачасткова абмежаваная прадстаўнічымі органамі грамадскіх станаў (парламентамі), найперш стану феадальнага. У Даніі, Швецыі i Нарвегіі правілам стаў удзел у парламенце прадстаўнікоў вольнага сялянства, асабліва шматлікага ў Скандынавіі. Аднак надалей раздробленымі заставаліся Італія, дзе дамінавалі буйныя гарадскія камуны (вялікую кар'еру рабіла Венецыя), i Германія з моцнымі ўплывамі буйных феадалаў.
Аб'яднаўчыя працэсы паступова набіралі моц ў Сярэдне-Усходняй i Паўднёва-Усходняй Еўропе. На Балканах узмацнілася Сербія, асабліва пад кіраўніцтвам сучасніка Гедыміна цара Стэфана Душана (1331-1355). Гэтая краіна вяла паспяховыя войны з Балгарыяй (на некаторы час нават змусіла тую да васальнай залежнасці) i Візантыяй. Аднак пасля смерці цара Стэфана Сербія распалася на шэраг варагуючых паміж сабой удзелаў.
На пачатку 14 ст. адбылося аб'яднанне ў адзіную дзяржаву шэрагу румынскіх земляў, раскінутых ад Карпат да Дуная. У 1324 г. вялікі ваявода Басараб I назваў сваю краіну Цара Ромынянска, г. зн. Румынская краіна (іншая назва Валахія). Землі сённяшняй Малдовы да сярэдзіны 14 ст. заставаліся пад уладай Залатой Арды.
На паўвыспе пад назвай Малая Азія ў пачатку стагоддзя выявілася новая сіла, якая неўзабаве вырасла ў найвялікшую праблему Еўропы на цэлае наступнае паўтысячагоддзе Асманская Турцыя. Эмір Асман Газі (1307-1326), ад імя якога дзяржава была пазней названая Асманскай, падпарадкаваў i аб'яднаў суседнія невялічкія турэцкія княствы. Уже з другой чвэрці 14 ст. турэцкая дзяржава раскачала наступ на аслабелую Візантыю. Магутная некалі Візантыйская імперыя набліжалася да свайго канца. Спробы візантыйцаў спыніць туркаў з дапамогай наёмнага каталонскага войска закончылася правалам. У 1320-1328 гг. імперыю руйнавала міжусобная вайна. Акрамя таго, у 20-я 30-я гг. Візантыя вяла цяжкія i беспаспяховыя войны з Балгарыяй i Сербіяй, што яшчэ больш аслабіла яе перад турэцкай экспансіяй. Ужо недалёка быў той час, калі туркі пераправяцца цераз Басфор i пачнуць заваёўваць Еўропу.
Паступова ўзмацнялася цэнтральная ўлада i ў Венгерскім каралеўстве. Да гэтага спрычынілася новая дынастыя італа-анжуйскага паходжання, якую запачаткаваў у Венгрыі Карл Роберт. Пасля больш чым паўтаравяковага перыяду раздробленасці пачаўся працэс цэнтралізацыі польскіх земляў. Куяўскі князь Уладзіслаў Лакетак з вялікай цяжкасцю прыбраў да рук уладу над асноўнымі польскімі землямі Малапольшчай i Вялікапольшчай (страціўшы на карысць Тэўтонскага ордэна Памор'е) i ў 1320 г. арганізаваў, пры маўклівай падтрымцы папы рымскага, сваю інаўгурацыю на караля Польшчы. Ягоную справу працягнуў i дасягнуў у ёй небывалых поспехаў сын Казімір (зяць Гедыміна), нездарма названы Вялікім.
На ўздыме знаходзілася дзяржава Тэўтонскага Ордэна ў Прусах. Некалькі дзесяцігоддзяў пасля поўнага скарэння мясцовых плямёнаў рыцары выкарысталі для загаспадарання здабытай краіны. Моцна дапамаглі ім у гэтым каланісты з перанаселеных нямецкіх земляў, якія пачалі масава наплываць у заміраны край. Ордэн вёў даволі паспяховую вайну з Літвой, а ў 1308 г. здабыў багатае польскае Памор'е з буйным балтыйскім портам Гданьскам.
Уся Паўночна-Усходняя ці Уладзімірская Русь (будучая Расея) надалей знаходзілася ў васальнай залежнасці ад Залатой Арды. Тамтэйшыя ўдзельныя князі актыўна змагаліся за палітычнае першынство, здабываючы ад хана ярлык на вялікае княжанне ўладзімірскае. Рускія князі лічылі ардынскіх ханаў сваімі законнымі сюзерэнамі i ніякага змагання з «ігам» не вялі. Паступова ў першы шэраг пачалі выбівацца князі маскоўскія, якія заявілі прэтэнзіі на лідэрства ў рэгіёне. Прэцэдэнт стварыў князь Юры Данілавіч (1303-1325), здабыўшы ў 1317 г. ярлык на вялікае княжанне. Ягоны брат i пераемнік Іван Данілавіч па мянушцы Каліта (1325-1340) сучаснік Гедыміна заставаўся верным васалам Арды i адначасова ўзмацняў пазіцыю Масквы. Яму ўдалося захаваць тытул вялікага князя ўладзімірскага да канца жыцця, якое ён закончыў блізка па часе з Гедымінам. Менавіта ў часы Каліты i Гедыміна быў аднатаваны першы маскоўска-ліцвінскі канфлікт, які, аднак, не прывёў да непасрэднага збройнага сутыкнення.
Дзяржава, атрыманая Гедымінам у спадчыну, была не надта вялікай (ахоплівала гістарычную Літву Наваградчыну, Віленшчыну i Гарадзеншчыну), але добра арганізаванай i з моцнай цэнтральнай уладай. Да гэтага нямала спрычыніўся блізкі заходні сусед дзяржава Тэўтонскага ордэна ў Прусах. Супрацьстаянне з ёй стала на той час галоўнай знешнепалітычнай праблемай для Літвы, яна вымагала канцэнтрацыі сілаў i сродкаў.
Яшчэ ад 13 ст., дакладней ад 1283 г., рыцары-крыжакі вялі метадычную вайну з Літвой, мэтай якой было яе падпарадкаванне, хрышчэнне ў каталіцтва і далучэнне да ордэнскай дзяржавы. Крыжацкія войскі сягалі далека ўглыб краіны i маглі пагражаць самой сталіцы, як тое здарылася з Наваградкам у 1314 г., калі ордэнскі атрад спаліў гарадскія пасады. Напады, засады, паходы ў адказ у Прусы, штурмы i абароны замкаў спусташэнне земляў, захопы палонных усё гэта стала звыклай рэальнасцю ў жыцці краіны. У любы момант бяда ў выглядзе вояў, ахінутых шэрымі i белымі плашчамі з выявай чорнага крыжа, магла абрынуцца на кожнага ад самага беднага смерда да найзнатнейшага баярына. Адсюль вынікада агульнае ўсведамленне патрэбы i непазбежнасці прускай вайны. Арганізатары абароны краіны вялікія князі літоўскія, асабліва калі яны былі паспяховымі ваярамі, маглі разлічваць на разуменне i падтрымку. Уся краіна бачыла ў ix абаронцаў i збаўцаў, Можна з пэўнасцю сцвярджаць, што ў перыяд другой паловы 13-14 ст. адна з дзвюх галоўных функцый дзяржавы менавіта абарона ад знешняга ворага дамінавала i моцна ўплывала на другую фармаванне i падтрыманне ўнутранага правапарадку. У 80-я гг. 13 пачатку 15 ст. Літва кшталтавалася i гартавалася ў гарніле прускай вайны.
Апісанні ліцвінска-крыжацкага змагання паказваюць, што яно вялося амаль на роўных, хоць стратэгічнай ініцыятывай надалей валодалі тэўтонскія рыцары (Гедымін прыклаў шмат высілкаў, каб гэтую ініцыятыву перахапіць). Ліцвіны часта выкарыстоўвалі супраць братоў-рыцараў іхнія ж метады i неаднойчы здабывалі перамогі. Вайна вялася пераважна на жамойцкім i гарадзенскім накірунках. Яе дэталі вядомыя з апошняй часткі «Хронікі Прускай зямлі», якая належыць пяру ордэнскага храніста Пятра Дусбурга i заканчваецца 1326 г. Дусбург апісваў сучасныя яму падзеі, якія добра ведаў, а ў некаторых i сам прымаў удзел. Адсюль вынікае даследчыцкі давер да ягоных звестак, да таго ж пацверджаных іншымі крыніцамі. Цікава, што Дусбург не напісаў пра змену гаспадара на ліцвінскім троне, напэўна, не звярнуў на тэта асаблівай увагі, бо не чакаў пераменаў ліцвінскай палітыкі ў адносінах да яго краіны. Упершыню пра Гедыміна ён узгадаў толькі ў 1324 г. пры апісанні няўдалага хрышчэння гаспадара Літвы. Такую няўважлівасць храніста да змены манарха ў суседняй краіне, з якой вядзецца цяжкая вайна, можна лічыць дадатковым сведчаннем пераемнасці ліцвінскай палітыкі ад Віценя да Гедыміна.
Аднак з'яўленне Гедыміна на чале перыферыйнай i напалову паганскай дзяржавы не прайшло незаўважаным у еўрапейскіх палітычных цэнтрах. На пачатку ягонага кіравання ў 1317 г. папа рымскі Ян XXII выслаў булу да не названага па імені «князя ліцвінаў» з заклікам прыхінуцца да ўлоння святой рымскай царквы. Некаторыя звесткі дазваляюць меркаваць, што сітуацыяй часовай няпэўнасці ў Літве, звычайнай пасля змены кіраўніка дзяржавы, спрабавалі скарыстацца валынскія князі суседзі калісьці грозныя, а цяпер аслабелыя i запалоханыя. У 1316 г. яны (тады кіравалі Андрэй i Леў Юр'евічы) падпісалі вайсковы саюз з Тэўтонскім ордэнам, які меў, беручы пад увагу варожыя ліцвінска-ордэнскія адносіны, выразна антылітоўскую скіраванасць.
У дзяржаве Гедыміна справы ішлі сваёй чаргой. А першай у чарзе была вайна з Ордэнам. Звесткі з ордэнскай хронікі выразна сведчаць, што браты-рыцары мелі немалы шанцунак перад вайсковай сілай ліцвінаў, У пачатку гаспадарання Гедыміна, зімой 1317 г., на думку храніста, «Бог цудоўным чынам вырваў братоў i ix войска з кіпцюроў смерці». Цудоўнае выратаванне адбылося дзякуючы прыроднаму катаклізму, які прадухіліў сутыкненне буйнога крыжацкага атраду з ліцвінскім войскам. Напэўна, было каго баяцца, калі добра прыгатаванае крыжацкае войска, сабранае з дзвюх правінцый, на чале з вялікім маршалам, узрадавалася, што так i не сустрэлася з ліцвінска-жамойцкім войскам, якое тры дні чакала крыжакоў, але так i не дачакалася. Страшная начная бура з віхурай i завываннем напалохала людзей i коней так, што ўсе паразбягаліся па лесе. З цяжкасцю пазбіраўшы коней, крыжакі палічылі за лепшае вярнуцца д ад ому, а потым даведаліся, «што вялікая колькасць няверных стаяла пад зброяй i тры дні накала братоў i ix войска, i калі б хрысціяне тады ўвайшлі да той акругі, ніхто з ix не ўратаваў бы жыццё».
Летам таго ж году комтур Рагнеты спрабаваў знянацку захапіць «замак Гедыміна» у Жамойці, але ягоная залога даведалася пра надыход ворага i наладзіла абарону. Крыжакам удалося толькі спаліць прадмесце. З апісання гэтых двух эпізодаў можна меркаваць, што ліцвіны мелі добра арганізаваную глыбокую выведку, якая своечасова выяўляла падрыхтоўку крыжацкіх паходаў.
У хроніцы Дусбурга можна знайсці цікавыя дэталі адносінаў да крыжакоў звычайных вяскоўцаў з Жамойці. Падчас згаданага паходу рагнецкага комтура конь аднаго з крыжацкіх вояў спатыкнуўся, ягоны гаспадар вылецеў з сядла i так бразнуўся аб зямлю, што страціў прытомнасць. Калі ён апрытомнеў, то не ўбачыў ані сваіх таварышаў, ані каня. Занепакоены крыжацкі вой пабрыў назад у Прусы. Неўзабаве ён выйшаў да жамойцкай вёскі i запытаў у яе жыхароў дарогу на Рагнету. Тыя, напалоханыя выглядам узброенага ордэнскага жаўнера, паказалі дакладны кірунак. Потым, пабачыўшы, што крыжак усяго адзін, сяляне сабраліся ў грамаду, свіснулі сабак i кінуліся яго лавіць. Той, пачуўшы крыкі пагоні i брэх сабак, зашыўся ў лес. «Тым часам няверныя, якія раз за разам падыходзілі да яго i атачылі з усіх бакоў, зусім яго не бачылі, нібы Бог ix асляпіў. Урэшце стаміліся i кінулі пошукі.» Шчасліва вярнуўшыся ў Рагнету i нават не скінуўшы васковы рыштунак, немец пабег у касцёл, дзе, укленчыўшы, дзякаваў Богу за ўратаванне.
У 1319 г. не надта удалы паход на Прусы зладзіў Давыд Гарадзенскі. Здабычу, што праўда, сабраў, але крыжакі яе адбілі. Аднак у наступным 1320 г. ордэнскі маршал падчас выправы на Медніцкую акругу пацярпеў паразу i быў забіты. Парэшткі ягонага атраду «шмат дзён i начэй блукалі па бязлюдных ваколіцах, і хоць мучыў ix голад, аднак вярнуліся. Толькі брата Герхарда самбійскага войта, пасадзілі ў поўным узбраенні на каня i спалілі дзеля ахвяры сваім башкам».
Як i даўней, на дапамогу Ордэну прыходзілі атрады еўрапейскіх рыцараў. У 1322 г. у Прусы прыбылі ca сваімі аддзеламі паны з Сілезіі, Германіі, Люксембурга i Чэхіі. Разам з тэўтонскімі рыцарамі яны напалі на некалькі жамойцкіх воласцяў i спустошылі ix. Падчас штурму замка Пістэ абаронцам прыйшлося цяжкавата, бо крыжаносцы мелі на сабе такія добрыя даспехі, «што калі яны ўзыходзілі на сцены, залога замка не магла ix стрымаць ані кап'ём, ані мечам, аніякім іншым відам зброі. Урэшце два, тры ці болей няверных браліся за кап'ё i ўпіралі яго ў грудзі або спіны тых, хто уваходзіў на гару, i так, папіхаючы, скідвалі ix са сценаў». Штурм спыніўся толькі з надыходам ночы. На наступны дзень, калі крыжаносцы шыхтаваліся да бою, залога замка запрасіла міру i дала закладнікаў, абяцаючы прызнаць уладу Ордэна. Але (увага гаворка пра ўплывы Гедыміна!) «пад націскам ліцвінскага караля свайго абяцанку пазней не стрымала». Гэты запіс сведчанне таго, што Жамойць не ўваходзіла ў склад Вялікага Княства Літоўскага, але ў саюзе з ім змагалася супраць Ордэна.
Зімой наступнага года толькі моцныя маразы змусілі ордэнскіх i прыбылых ім на дапамогу еўрапейскіх рыцараў спыніць паход на Літву i завярнуць з паловы дарогі. У 1324 г. падобная зімовая выправа была сарваная «з прычыны слабога лёду».
Напруга на паўночна-заходніх межах адцягвала туды ўвагу i сілы гаспадарства. Ад апошніх дзесяцігоддзяў 13 ст. значна паменшала актыўнасць ліцвінаў на усходнім i паўднёвым кірунках. Яны яўна ўнікалі сутыкнення з магутным сюзерэнам усходняй i паўднёвай Русі Залатой Ардой.
Фактычна закончылася процістаянне Літвы з Галіцка-Валынскім княствам з прычыны аслаблення апошняга ў выніку мэтанакіраванай палітыкі Залатой Арды. Пры ўсходніх межах ляжалі здаўна прыязныя i палітычна залежныя ад Літвы Полацкая i Віцебская землі, якія шукалі ў ёй апоры супраць інфлянцкіх немцаў. Ля заходняй мяжы знаходзіліся раздробленыя мазавецкія княствы, некаторыя з ix былі звязаныя з Літвой традыцыйнымі дынастычнымі сувязямі. Яны асцерагаліся моцнага суседа, але таксама ўсведамлялі небяспеку як з боку Ордэна, так i з боку Польскага каралеўства, якое паволі ажывала.
Ад часоў Пукувера вялікакняская ўлада ў Літве перадавалася ад аднаго пакалення да другога ў межах аднаго дынастычнага роду, да якога іншыя арыстакратычныя сем'і дараўнацца ўжо не маглі. Бунты маленькіх князькоў прадстаўнікоў балцкай родавай арыстакратыі, заканчваліся ix смерцю або ўцёкамі ў ордэнскую дзяржаву.
Пра гэта сведчаць ордэнскія крыніцы, якія неаднакроць пераказваюць звесткі пра надзелы зямлёй ліцвінскіх уцекачоў, але толькі часова, да заваёвы Ордэнам Літвы: «да моманту, пакуль яны не вернуць свае ўладанні, пакінутыя ў Літве».
Першай паспяховай знешнепалітычнай акцыяй Гедыміна стаў шлю б ягонага сына Альгерда з віцебскай княжной Марыяй Яраслаўнай. Летапісец запісаў пад 1318 г.: «князь віцебскі сыноў не меў, узяў яго да дочкі Віцебск узяць». Праз некалькі гадоў, пасля смерці цесця, Альгерд стаў віцебскім князем, а беларуска-ліцвінскае гаспадарства мірна павялічылася яшчэ на адну беларускую зямлю краіну багатых гарадоў на еўрапейскім гандлёвым гасцінцы Дзвіне.
Жаніцьба Альгерда стала другой (першай выйшла замуж за аднаго з мазавецкіх князёў ягоная сястра Елізавета) у чарадзе падобных шлюбаў, а пазней выявілася, што яна з'яўлялася часткай агульнай палітычнай дактрыны ягонага бацькі. Стрыжнем дактрыны Гедыміна была не вайна, а дыпламатыя. Гаспадар зрабіў дынастычныя шлюбы эфектыўным інструментам сваёй знешняй палітыкі.
Дзяцей Гедымін меў шмат як сапраўды вялікі чалавек, ён быў вялікі ва ўсіх адносінах, у тым ліку сямейных. Паводле крыніц няясна, колькі разоў Гедымін быў жанаты, выказваліся меркаванні як пра адну, так пра дзве i нават тры жонкі. «Хроніка Быхаўца» беларуска-літоўскі летапіс, які дайшоў да нас у копіі 16 ст., называе толькі адно імя Еўна. Усяго Бог паслаў Гедыміну больш тузіна дзетак, якія нарадзіліся паміж 1300 i 1321 гг. Гісторыкі налічылі па розных крыніцах чатырнаццаць Гедымінавых дзяцей, аднак выказваюць розныя меркаванні адносна чарговасці ix народзінаў.
У пачатку 20-х гг. 14 ст. выявілася, што вялікі князь закончыў разглядацца. Гедымін пачаў дзейнічаць адразу актыўна i рашуча, удала камбінуючы i выкарыстоўваючы адначасова як дыпламатыю, так i вайну.
Раздзел другі. Дыпламатычны марш на Захад
Уся дзейнасць Гедыміна засведчыла, што паводле сваёй натуры ён быў творцам, а не знішчальнікам, i больш дыпламатам, чым ваяром. Аднак у сярэднявеччы вайна выглядала даволі звычайным спосабам высвятлення міждзяржаўных адносінаў. Не мог без яе абысціся i Гедымін. Але калі існавала магчымасць выбару паміж зброяй i дамовай, ён схіляўся да дыпламатыі.
Гедымін займеў дастатковы вайсковы досвед яшчэ падчас службы па даручэнні бацькі на жамойцка-крыжацкай мяжы, пазней дасканаліў свае навыкі праз супрацоўніцтва з братам Віценем. Несумненна, гэты досвед паўплываў на ягонае бачанне сродкаў i метадаў вядзення дзяржаўнай дзейнасці. З другога боку, гаспадара, напэўна, натхніў удалы прыклад мірнага, без гвалту, прырашчэння земляў дзяржавы праз шлюб Альгерда з віцебскай князёўнай. Трохі раней, каля 1316 г., Гедымін аддаў дачку (у хрышчэнні мела імя Елізавета) за аднаго з суседніх мазавецкіх князёў Вацлава (яго называлі яшчэ Ванько) Плоцкага. Такім чынам працягвалася традыцыя шлюбаў паміж мазавецкай i ліцвінскай дынастыямі, запачаткаваная ў часы Трайдэна, i ўмацоўваліся асновы мірнага суседства з зямлёй, якая патэнцыйна магла выбраць i саюз з ворагам Літвы Ордэнам. Пазней гаспадар арганізаваў яшчэ некалькі шлюбаў сваіх дзяцей, усе з далёкім палітычным прыцэлам (прымаецца, што мінімальны шлюбны ўзрост на той час 14 гадоў).
Каля 1319 1320 г. дачка Гедыміна Марыя пабралася з цверскім вялікім князем Дзмітрыем, заклаўшы пачатак больш чым векавому саюзу Літвы з горадам Цвер'ю асноўным спадужнікам Масквы ў аб'яднанні Уладзіміра-Суздальскай Русі (пазней яшчэ адну дачку Гедымін выдаў i за маскоўскага князя).
Важныя стратэгічныя наступствы меў шлюб Любарта Гедымінавіча з валынскай князёўнай, які адбыўся дзесьці да 1322 г. (дакладная дата невядомая). Праз два дзесяцігоддзі факт гэтага шлюбу даў Любарту фармальную падставу прэтэндаваць на ўсё Галіцка-Валынскае княства. Гедымін i надалей працягваў арганізоўваць палітычныя шлюбы па меры таго, як падрасталі ягоныя дзеці.
Актыўныя дзеянні Гедыміна, якія распачаліся ад пачатку 20-х гадоў 14 ст., не абмяжоўваліся адной дыпламатыяй. Гаспадар мусіў браць пад увагу увесь комплекс дзяржаўных праблемаў i выкарыстоўваў у ix вырашэнні самыя розныя метады, сярод якіх у сярэднявеччы найбольш распаўсюджаным была вайна. Пасля даволі працяглага перапынку, у пачатку 20-х гг., аднавіліся ліцвінскія напады на Польшчу. Паходы 1321, 1323, 1324 гг. былі скіраваныя на паасобныя землі Мазовіі. Гедымін тут праводзіў класічную палітыку сябраваў з аднымі мясцовымі князямі (не чапаў уладанне зяця Ванька Плоцкага), ваяваў з другімі i тым самым дасягаў сваёй мэты не дапускаў аб'яднання, якое магло прынесці небяспеку ягонай краіне.
Найбольшым поспехам дыпламатыі ліцвінскага гаспадара магло стаць спыненне вайны з Тэўтонскім ордэнам. Тут сітуацыя выглядала значна больш складанай i неспрыяльнай для Літвы, чым на усходзе, Ордэнская дзяржава не мела ні жадання, ні патрэбы, прынамсі да сканчэння заваёвы Жамойці, мірыцца з Вялікім Княствам Літоўскім. Мір з Літвой скасоўваў усе далёкасяжныя стратэгічныя планы Ордэна, найперш, заваёву Жамойці, дзеля аб'яднання па сушы Прусаў з Інфлянтамі. Дасягнуўшы гэтай мэты, крыжацкая дзяржава станавілася б наймацнейшай у Прыбалтыцы. Літва ж не магла дапусціць захопу крыжакамі Жамойці, бо потым прыходзіла чарга на яе.
У часы Гедыміна дзяржава Тэўтонскага ордэна ў Прусах знаходзілася на ўздыме i пастаянна нарошчвала свае сілы. Захапіла Гданьскае Памор'е, засяліла Прусы тысячамі нямецкіх каланістаў (не толькі вяскоўцамі, але гараджанамі i рыцарамі), мела рэгулярную вайсковую падтрымку еўрапейскага рыцарства. Ордэн быў зацікаўлены ў вайне з Літвой i меў падставы спадзявацца на поспех.
Сёння мы разумеем, што галоўная мэта Гедыміна наладзіць мірныя адносіны з ордэнскай дзяржавай у Прусах была на той час недасягальнай. Гедымін у гэтай справе відавочна пераацэньваў магчымасці дыпламатыі. Пра тое, што гаспадар верьгў у поспех замірэння з крыжакамі, хоць бы i наперакор ix планам, сведчыць тая энергія, з якой ён павёў дыпламатычную атаку. I Гедыміну ўсё ж удалося, праўда ня цалкам i ненадоўга, дасягнуць сваёй мэты ў 1323 г. праз падпісанне г. зв. Віленскага замірэння. Дарога да гэтага пагаднення аказалася вельмі няпростай. Гедыміну давялося патраціць нямала высілкаў 1 энергіі, каб правесці па ёй крыжакоў «д'ябальскім выкрунтасам», як пазней пісалі біскупы з ордэнскай дзяржавы ў Прусах.
Ордэн якраз меў вайсковыя клопаты пасля згаданай ужо няўдалай выправы на Жамойць у 1320 г, Тады загінуў вялікі маршал, а войт Самбіі (прыморскай прускай вобласці) быў спалены на рытуальным паганскім вогнішчы. У 1322 г. ліцвіны здзейснілі спусташальны паход на нямецкія ўладанні ў Эстоніі. У 1323 г. да гарадзенскага старасты Давыда прыбылі ганцы з Пскова з заклікам пра дапамогу ў абароне ад інфлянцкіх рыцараў. Атрымаўшы згоду гаспадара, Давыд з войскам пераадолеў некалькі сотняў кіламетраў i змусіў немцаў зняць аблогу Пскова. Удзячны пскоўскі летапісец запісаў: «Божым жа паспяшаннем прыехаў князь Давыд з Літвы з мужы сваімі і... прагнаў ix за Вялікую раку i парокі [3] ix адабраў i гароды ix i іншыя ix ізмыслення запаліў, i адбеглі немцы з многім стыдом i срамам...». Давыд жа з разгону прайшоўся глыбокім рэйдам па Інфлянтах, сягнуўшы аж да ўладанняў дацкага караля ў Эстоніі.
Гедымін выдатна разумеў, што з Ордэнам можна справіцца, толькі пазбавіўшы яго збройнай дапамогі з боку рыцарства Заходняй Еўропы. Гэта магчыма было ажыццявіць, стаўшы часткай каталіцкай Еўропы, ці, прынамсі, пераканаўшы яе, што Літва імкнецца ёю стаць. Гэтую задачу Гедымін пачаў рэалізоўваць двума шляхамі: па-першае, даводзіў еўрапейцам, што Літва спрыяльная для ix краіна; па-другое, дэманстраваў жаданне хрысціцца па каталіцкім звычаі. У апошнім (дэкларацыі хрышчэння дзеля замірэння з Ордэнам) Літва ўжо мела даўні досвед, пачынаючы ад Міндаўга i да часоў Віценя. Гэта быў адпрацаваны вялікімі князямі літоўскімі дыпламатычны прыём у змаганні з Ордэнам.
У студзені 1323 г. Гедымін распачаў шырока спланаваную дыпламатычна-прапагандысцкую акцыю па абодвух кірунках. Яна складалася як з дэкларацыяў, так i канкрэтных дзеянняў. Сваім рупарам гаспадар абраў грамадзянаў Рыгі, якія былі жыццёва зацікаўленыя ў мірным гандлі ва ўсёй Прыбалтыцы i Белай Русі. Акрамя таго, рыжане здаўна знаходзіліся ў сур'ёзным канфлікце з інфлянцкай філіяй Тэўтонскага ордэна, i гэтаксама даўно карысталіся ліцвінскай збройнай дапамогай супраць інфлянцкіх рыцараў-крыжакоў. Менавіта ў рыжскай канцылярыі рыхтаваліся на лаціне тагачаснай афіцыйнай мове Заходняй Еўропы знакамітыя лісты Гедыміна. Рыжане дапамаглі не толькі напісаць пасланні ліцвінскага гаспадара, але i даставіць ix адрасатам. Лісты былі скіраваныя да папы рымскага, буйнейшых паўночнанямецкіх гарадоў (Брэмен, Готланд, Грэйфевальд, Зунд, Кёльн, Любек, Магдэбург, Расток, Штральзунд, Штэцін усе, як i Рыга, сябры магутнай Ганзы, якая дамінавала на Паўночным i Балтыйскім морах), а таксама да манаскага ордэна дамініканаў. Са зместу лістоў вынікае, што яны мелі мэтай не толькі нашкодзіць Ордэну падарваць ягоную рэпутацыю ў Еўропе. Гедымін сапраўды намерваўся адкрыць сваю краіну для заходнееўрапейцаў. Ён, несумненна, быў у курсе вялікага каланізацыйнага руху з перанаселенай Заходняй Еўропы на ўсход (г. зв. каланізацыя на нямецкім праве) i ведаў пра ягоныя выгоды хоць бы на прыкладзе загаспадарання нямецкімі i польскімі каланістамі ордэнскіх Прусаў.
З ліста да рымскага першасвятара, датаванага студзенем 1323 г., відаць, што Гедымін выдатна арыентаваўся ў падзеях амаль стогадовай гісторыі сваёй краіны ён напамінаў, як ягоны «папярэднік кароль Міндаўг быў навернуты ў хрысціянскую веру, але з-за абуральных несправядлівасцяў i бясконцых здрадаў магістра i братоў Тэўтонскага ордэна ўсе ад веры адпалі, таксама як i мы, у выніку чынімых нам крыўдаў да сённяшняга дня знаходзімся ў аблудзе нашых продкаў». Яшчэ нагадваў, як вялікі князь Віцень запрасіў да сябе двух місіянераў манахаў-францішканаў i збудаваў ім касцёл, а тэўтонскія рыцары «паслалі вакольнымі дарогамі атрад i падпалілі гэты касцёл». Гедымін сцвярджаў, што ён не з'яўляецца ворагам каталіцкай веры, i таксама прыняў у сябе манахаў францішканаў i дамініканау, даўшы ім поўную свабоду пропаведзі i хрышчэння. Спецыяльна дзеля гэтага збудаваў два касцёлы ў сваёй сталіцы Вільні i аднавіў спалены крыжакамі касцёл у Наваградку. У канцы паслання вялікі князь заявіў пра свой намер хрысціцца i, што самае цікавае, наўпрост назваў прычыны, якія схілілі яго да такога рашэння. Варта дакладна працытаваць гэты фрагмент ліста, бо праз некаторы час справа дайшла да спрэчкі наконт ягонай дакладнай інтэрпрэтацыі: «Але цяпер, святы i правялебны ойча, мы старанна ўмольваем, каб Вы звярнулі ўвагу на нашае гаротнае становішна, бо мы гатовыя, як i іншыя хрысціянскія манархі, ва ўсім Вам следаваць i прыняць каталіцкую веру, абы толькі нас ні ў чым не прыцяснялі вышэйзгаданыя мучыцелі, а менавіта, вышэйзгаданыя магістр i браты». Гэтае дакументальнае сведчанне напэўна, самае дакладнае i шчырае вытлумачэнне прыхільнасці да каталіцтва не толькі Гедыміна, але i ўсіх вялікіх князёў літоўскіх, якія выдавалі падобныя дэкларацыі. Яно таксама сведчыць, што Гедымін кіраваўся найбліжэйшымі, больш тактычнымі, чым стратэгічнымі, мэтамі. Гаспадар не разумеў (пэўна, i не мог тады яшчэ зразумець) вялікага стратэгічнага значэння далучэння яго краіны да цывілізацыі Захаду.
Прызнанне Гедыміна фактычна сведчыла, што Тэўтонскі ордэн меў поспех у выкананні сваёй афіцыйнай місіі сілавога пашырэння каталіцкай веры. Іншая справа, што існавала відавочная супярэчнасць паміж афіцыйнай ідэалагічнай дактрынай Ордэна i ягонымі канкрэтнымі матэрыяльнымі інтарэсамі ў Прыбалтыцы. Паводле духу i літары дактрыны, ордэнскія рыцары павінны былі адразу ж спыніць любыя ваенныя дзеянні пасля згоды паганскага ўладара прыняць хрысціянства. Аднак на той час Ордэн ужо страціў свой экстэрытарыяльны характар i быў арганізацыяй тэрытарыяльнай меў уласную дзяржаву галоўную апору, гарантыю i сродак свайго існавання. Дзяржава развівалася паводле ўласнай логікі, для яе нармальнага функцыявання i выжывання ў варожым атачэнні найперш патрэбна было забяспечыць павелічэнне тэрыторый. Канкрэтнай i жыццёва важнай задачай стала аб'яднанне па сушы Прусаў з Інфлянтамі, менавіта праз заваёву Жамойці. На перашкодзе стаялі не толькі жамойты (прынамсі, большая ix частка), але i Вялікае Княства Літоўскае. Акрамя таго, кіраўнікі Ордэна несумненна задаваліся пытаннем; што ім рабіць, калі ў Прыбалтыцы не застанецца язычнікаў? Кінуць усё здабытую неймаверным высілкам краіну, наладжаную дзяржаву i пераносіцца ў іншае месца, туды, дзе ёсць патрэба змагацца з паганцамі, напрыклад, татарамі? (Такая прапанова крыжакам, дарэчы, складалася.) Пакінуць свае замкі, здабыткі, дабрабыт i пачынаць усё ад пачатку, без аніякіх гарантый на поспех. Прагматычныя дзяржаўныя інтарэсы вымагалі наяўнасці ў Прыбалтыцы язычнікаў, каб апраўдваць сваю тут прысутнасць, атрымліваць з Еўропы збройную i матэрыяльную дапамогу (у тым ліку i праз функцыяванне сваіх канвентаў у розных краінах на Захадзе).
Паводле такой логікі, калі ліцвінскі гаспадар дэкляруе гатоўнасць прыняць хрысціянства, то трэба даказаць, што насамрэч ён хітруе, прыкідваецца i не намераны выконваць сваёй абяцанкі. Не прыналежныя да Тэўтонскага ордэна хрысціянскія місіянеры не могуць мець у Літве добрых умоваў для працы. Адсюль сцвярджэнне Гедыміна пра мэтавае знішчэнне крыжацкім атрадам касцёла ў Літве нельга лічыць неверагодным.
Неўзабаве гаспадар выслаў чарговы ліст (25 студзеня 1323 г.) да грамадзянаў нямецкіх гарадоў, у якім паведаміў пра перапіску з папам рымскім, пра сваё жаданне хрысціцца (увага ужо ў другім лісце пра гэта размова), пра станоўчы адказ папы i, галоўнае, запрасіў на сталае жыхарства ў сваю краіну прадстаўнікоў розных грамадскіх станаў: святароў, рыцараў, збраяносцаў, купцоў, лекараў, рамеснікаў. Пералічваў нават рамесныя спецыяльнасці: кавалёў, вознікаў, шаўцоў, гарбароў, млынароў, пекараў, лавачнікаў ды іншых адмыслоўцаў. Запрашаліся таксама сяляне, якім гаспадар гарантаваў зямельны надзел i вызваленне ад падаткаў на дзесяць гадоў. Зварот да жыхароў менавіта нямецкіх земляў тлумачыцца тым, што да ix было найбліжэй, таму нямецкія выхадцы пераважалі сярод каланістаў у Польшчы, Чэхіі, Венгрыі (адсюль тэрмін «каланізацыя на нямецкім праве»).
Не атрымаўшы адказу з Еўропы на працягу чатырох месяцаў (можна меркаваць, што пры тагачаснай камунікацыі гэта быў не надта працяглы тэрмін), Гедымін 26 траўня 1323 г. адправіў новы ліст да нямецкіх гарадоў, у якім можна адчуць ужо ноткі раздражнення з-за адсутнасці рэакцыі на ранейшыя прапановы. Гедымін напамінаў, што ён у сваёй зямлі гаспадар, i ягонае слова мае тут сілу. Прыпамінаў таксама, што ягоныя продкі «паслалі да вас сваіх паслоў i граматы, даравалі вам зямлю, але ніхто з вашых не прыйшоў, ні адна сабака з ix уладанняў не адказала ўдзячнасцю на гэтае дараванне». Але апошнія словы не павінны палохаць адрасатаў, бо, калі продкі абяцалі нешта, то Гедымін дасць удвая больш. Гаспадар зноў паўтарыў запрашэнне пераязджаць на жыхарства ў ягоную краіну розным людзям з жонкамі, дзецьмі i з хатняй жывёлай, гарантуючы абарону i вызваленне ад падаткаў.
Напэўна, адсутнасць якой-небудзь заўважальнай перасяленчай плыні з нямецкіх земляў у Літву тлумачыцца тым, што каланізацыйны паток не паспеў дайсці да Літвы. У часы Гедыміна ўжо выявілася вычарпанне дэмаграфічных рэсурсаў на захадзе Еўропы. Тут ужо адчуліся першыя праявы крызісу: неўраджаі, голад, павышаная смяротнасць і, як наступства, дэмаграфічны спад.
Хоць звесткі пра перасяленне ў Літву выхадцаў з Германіі не захаваліся, але сучасныя даследчыкі выказалі меркаванне, што распачатае Гедымінам буйное замкавае будаўніцтва, якое вялося ў гатычным стылі, не магло абысціся без еўрапейскіх спецыялістаў.
У сваіх пісаных лацінай лістах Гедымін тытулаваў сябе «каралём літоўцаў i рускіх», або «каралём літоўцаў i многіх рускіх», ужываў таксама тытул князя Семігаліі. Падставы для гэтага былі, бо ўжо на пачатку 20-х гг. 14 ст. да ягонай дзяржавы належалі не толькі княствы Панямоння i частка сучаснай Летувы (Аўкштота), але новадалучаныя беларускія землі. Пад пратэкцыю ліцвінскага гаспадара аддаліся плямёны семігалаў, Жамойць таксама падтрымлівала цесны саюз з Літвой.
Сёння мы ведаем, што пасланні Гедыміна з'яўляліся часткай вялікай дыпламатычнай гульні, мэтай якой было аслабленне, а па магчымасці поўная ліквідацыя ваеннай пагрозы з боку Ордэнскай дзяржавы. Тэўтонскі ордэн успрымаўся ў Заходняй Еўроле як перадавы атрад заходняга хрысціянства i цывілізацыі, які яе не толькі бараніў, але i пашыраў. Як ужо гаварылася, Гедымін разумеў каб дасягнуць мэты, трэба самому стаць часткай той цывілізацыі i найперш прыняць хрысціянства. Навязваючы перапіску з рымскім першасвятаром, запрашаючы ў сваю краіну каланістаў, Гедымін рабіў паслядоўныя крокі ў набліжэнні да Еўропы. У задуманай справе ён выкарыстоўваў тыя заходнееўрапейскія анклавы ў Прыбалтыцы, якія мелі ўласныя парахункі з крыжакамі i моцна цярпелі ад парушэння гандлю праз пастаянныя крыжацкія войны. Гаворка найперш пра месцічаў Рыгі, асабліва зацікаўленых у спакойным гандлі, таму праглых міру ва ўсёй Усходняй Прыбалтыцы. У лісце-адказе на пасланне Гедыміна, напісаным да пачатку кастрычніка 1323 г., магістрат Рыгі абгаворваў гэтае жыццёва важнае для горада пытанне. Рыжскія ратманы звярталіся да Гедыміна: «слаўны правіцель пан Гедымін, божайласкай кароль літоўцаў i рускіх», i заяўлялі, што ахвотна адклікаюцца на яго прапанову «падпісаць з намі мір, падобна таму, як было ў нас з вашым братам i папярэднікам, добрай памяці Віценем» (вось тое, цытаванае ўжо, дакументальнае сведчанне пра характар пакрывенства Гедыміна з Віценем). Са зместу ліста вынікала занепакоенасць рыжанаў агрэсіўнымі паводзінамі тэўтонскіх рыцараў, якія нібыта «насуперак міру, не баяцца бязлітасна забіваць нашых грамадзянаў як у самым нашым горадзе, так i па-за ім. Так што мы не ведаем, ці не захочуцъ яны калі-небудзь захапіць нас i наш горад». Таму рыжскія грамадзяне ўмольна просяць «яго светласць» у выпадку нападу братоў-рыцараў абавязкова прыйсці на дапамогу гораду i не падпісваць аніякай мірнай дамовы з рыцарамі без удзелу рыжанаў.
У гэтым лісце ўпамінаецца адна цікавая асоба - Давыд Гарадзенскі. Рыжане пішуць, што да ix дайшлі звесткі, нібыта Давыд стаў пскоўскім князем (магчыма, затрымаўся ў Пскове на нейкі час пасля паходу 1322 г.), i просяць Гедыміна пасярэднічаць у наладжванні з ім добрых адносінаў. Пра характар стасункаў паміж Гедымінам i Давыдам сведчыць фраза: «паколькі вы з ім асабліва блізкія сябры».
Трывалы мір можна забяспечыць толькі з пазіцыі сілы. Яшчэ старажытныя рымляне казалі: «Si vis расет, para helium» («Хочаш міру, рыхтуйся да вайны»). Гедымін дзейнічаў у духу гэтай лацінскай прымаўкі, i яскравым таму прыкладам стала ўражальнае па маштабах замкавае будаўніцтва пры заходніх рубяжах краіны. Менавіта Гедымін распачаў будову першых у краіне цалкам мураваных замкаў: у Лідзе, Крэве, Медніках, Троках, Вільні, Коўне. Гэтыя магутныя абарончыя збудаванні ўзводзіліся на ўзор ордэнскіх гатычных замкаў і, як мяркуецца, пры ўдзеле нямецкіх майстроў. Разам з гарадскімі ўмацаванымі цэнтрамі ў Гародні, Ваўкавыску, Слоніме, Наваградку новыя замкі стварылі абарончую лінію пры заходняй мяжы дзяржавы магутную заслону ад ордэнскіх нападаў. Яе з поўным правам можна назваць «заходнім шчытом Гедыміна». Невыпадкова ўсе яны размешчаныя не на самой мяжы, а трохі на аддаленні. Калі крыжацкае войска пераходзіла мяжу, залога мела час, каб паспець арганізаваць абарону, сабраць навакольных баяраў i вяскоўцаў пад прыкрыццё замкавых сценаў.
Дыпламатычная актыўнасць Гедыміна дала эфект ужо ў тым самым 1323 г. Пад канец верасня ў Вільню з'ехаліся паслы ўсіх асноўных палітычных суб'ектаў Усходняй Прыбалтыкі (за выняткам галоўнага прускай філіі Тэўтонскага ордэна). Прыбылі пасланнікі ад горада Рыгі, рыжскага архібіскупа i рыжскай капітулы, эзэльскага, дэрптскага біскупаў, прадстаўнікі манашскіх ордэнаў дамініканаў i францішканаў, намесніка дацкага караля і, што важна, паслы «ад магістра i ўсіх братоў з Лівоніі».
2 кастрычніка 1323 г. усе паўнамоцныя паслы i ліцвінскі гаспадар падпісалі г. зв. Віленскую дамову, якая абвяшчала мір Літвы з «усімі хрысціянамі, якія накіроўваюць да нас сваіх паслоў i хочуць падтрымліваць з намі мір». Мэтай гэтай дамовы была гарантыя спакойнага гандлю ва ўсім рэгіёне «усе шляхі па сушы і па вадзе павінны быць адкрытыя i свабодныя любому чалавеку для прыходу і прыезду ад іх і да нас, і ад нас да іх без якіх-небудзь перашкодаў». Пералічваліся землі, якія ахопліваліся дамовай: «Аўкштота i Жамойць, Пскоў i ўсе землі рускіх, якімі мы валодаем; з боку паноў зямлі Рыжскае біскупства i горад Рыга; з боку магістра Мемель i зямля Курляндыя i ўсё, прыналежнае да Інфлянтаў, што падлягае ўладзе магістра i яго братоў; з боку біскупа Эзеля усё яго біскупства i ўсё, чым ён валодае, з боку біскупа Дэрпта - усёяго біскупства і ўсё, чым ён валодае, з горадам Дэрптам; з боку караля Даніі Гарыя, Вірляндыя, Алентакен i ўсё, чым ён валодае». Дамова прадугледжвала таксама парадак вырашэння магчымых канфліктаў.
Як можна ацаніць вынікі гэтай акцыі? Яна не магла стаць да канца ўдалай, бо, як ведаем, мір быў невыгодны адной з галоўных сілаў рэгіену Ордэнскай дзяржаве ў Прусах. У лісце яе васалаў прускіх біскупаў сцвярджалася, што гэтая мірная дамова стала вынікам хітрыкаў i крывадушнасці ліцвінаў. Аднак некаторы час, прынамсі вонкава, прускія крыжакі мусілі яе выконваць. Па-першае, яны фармальна ў ёй удзельнічалі, бо мір падпісалі прадстаўнікі адной з ордэнскай філій інфлянцкія рыцары. Па-другое, паколькі за мір адзіным фронтам выступілі ўсе прыбалтыйскія дыяспары Захаду, то крыжакам не выпадала выглядаць у вачах Еўропы адшчапенцамі. Некалькі гадоў пасля віленскай дамовы не было чуваць пра буйныя бітвы i паходы ў Прыбалтыцы. У гэтым бачыцца асноўны поспех дыпламатыі Гедыміна i значэнне Віленскай дамовы.
У сапраўднасці, аднак, спакою не было. Па дарогах гойсалі банды рабаўнікоў, таму гандлёвыя сувязі фактычна аказаліся перарванымі. Гедымін скардзіўся на падтрымку Інфлянцкім ордэнам бандыцкіх атрадаў, якія нападалі на памежныя землі Літвы і рабавалі полацкія воласці. Вялікі князь абвінавачваў рыцараў у прычыненні крыўды ягоным паслам, нягледзячы на глейты [4] бяспекі.
Гедымін імкнуўся пашырыць заміраную прастору i ў 1326 г. выслаў адмысловае пасольства ў Вялікі Ноўгарад, якое было там зычліва прынятае. Як паведаміў мясцовы летапіс: «... прыехалі паслы з Літвы... i дакончылі мір з ноўгарадцамі i з немцамі».
Несумненнай няўдачай дыпламатычнай акцыі Гедыміна аказалася адсутнасць сярод падпісантаў Віленскага міру Ордэнскай дзяржавы ў Прусах. Гэта азначала, што галоўная мэта, дзеля якой патрацілася столькі высілкаў, дасягнутая не была. Далейшыя падзеі, ужо ў наступным 1324 г., паказалі, што расчараваны няпоўным поспехам сваёй дыпламатычнай акцыі Гедымін не давёў яе да канца. Ён адмовіўся ад прыняцця каталіцтва.
Раздзел трэці. Няўдалы каталік
У сярэднявечнай Еўропе пытанне веры мела прынцыповае ідэалагічнае значэнне. Вера сведчыла пра прыналежнасць да той ці іншай цывілізацыі сваёй або чужой. Хрысціянскі свет тады вызначаўся агрэсіўнасцю і, апрача мірнага місіянерства, дапускаліся гвалтоўныя сродкі яго пашырэння, вяліся бясконцыя «войны за веру».
У Сярэдне-Усходнюю Еўропу хрысціянства пачало пранікаць ужо ў развітым сярэднявеччы, Акрамя місіянерскай дзейнасці i гвалтоўнага хрышчэння ў часе тэрытарыяльнай экспансіі (яскравы прыклад нямецкія войны з палабскімі славянамі) яно пашыралася ў выніку палітычнага рашэння ўладара язычніцкай краіны. Харватыю змусілі хрысціцца франкі ў 8 ст. Чэхія хрысцілася у 9 ст., Польшча, Кіеўская Русь i Венгрыя у 10 ст.
Хрышчэнне паганскай краіны азначала далучэнне яе да кола еўрапейскай цывілізацыі, а яе ўладара да шэрагу еўрапейскіх манархаў суб'ектаў міжнароднага права. Для ліцвінскіх гаспадароў прыняцце хрысціянства ў каталіцкай версіі было надзвычай важнай палітычнай праблемай, паколькі ix краіна стала аб'ектам атакі моцнай мілітарнай арганізацыі заходняга хрысціянства Тэўтонскага ордэна. Пачынаючы ад Міндаўга, практычна кожны новы гаспадар сутыкаўся з гэтай праблемай i агалошваў дэкларатыўныя абяцанкі прыняць каталіцтва, абы толькі перасталі атакаваць краіну рыцары-крыжакі.
Гедымін таксама абвясціў сваё жаданне хрысціцца па каталіцкім абрадзе (двойчы пра гэта была гаворка ў цытаваных вышэй лістах), i папа рымскі Ян XXII распачаў адпаведныя прыгатаванні. Ён адмыслова выбраў i выслаў у чэрвені 1324 г. у Прыбалтыку сваіх паўнамоцных легатаў, якія павінны былі зрабіць дзве важныя справы: правесці абрад хрышчэння ліцвінскага гаспадара, гэта значыць, далучыць да каталіцкага свету яшчэ адну краіну, i разабраць спрэчку Ордэна з ліцвінамі i інфлянцкімі немцамі (найперш, архібіскупам рыжскім i горадам Рыгай). Легаты прыбылі ў Рыгу ў кастрычніку 1324 г. i адразу прыступілі да выканання сваёй місіі. Найперш папярэдзілі кіраўніцтва Ордэна пра няўхільнае захаванне міру з Літвой, потым выслалі паслоў да Гедыміна, каб абгаварыць арганізацыю ягонага хрышчэння.
Захавалася надзвычай цікавая дэталёвая справаздача легатскіх пасланнікаў пра тую паездку. З прычыны важнасці справы паслы вельмі падрабязна занатоўвалі не толькі падзеі, у якіх удзельнічалі, выказванні самога Гедыміна, але i сабраную ў розных разменах інфармацыю, нават намёкі, а таксама свае ўражанні ад размоваў з лрыдворнымі ліцвінскага гаспадара. Гедымін запрасіў ix да сябе адразу ж у дзень прыезду i прыняў лісты ад легатаў (таксама ад рыжскага архібіскупа, двух інфлянцкіх біскупаў i рыжскага магістрату). Размову пра справы гаспадар перанёс на наступны дзень, патлумачыўшы тым, што паслы стаміліся з дарогі i павінны спярша адпачыць. На наступны дзень легатскія паслы, ідучы на ранішнюю імшу, правялі размову з манахам-францішканінам Мікалаем выпытвалі ў яго пра намеры Гедыміна адносна хрышчэння i прасілі парады, як найлепей выканаць сваю місію. Нягледзячы на ўсе ix старанні, з Мікалая ўдалося выцягнуць толькі адну, але вельмі важную інфармацыю (са слоў Мікалая вынікала, што ён належаў да гаспадарскай рады) «намеры караля змяніліся такім чынам, што ён зусім не хоча прымаць веру Хрыстову». Гэтая навіна моцна ўразіла паслоў, і, ледзь дачакаўшыся заканчэння імшы, яны кінуліся з роспытамі да іншых францішканаў братоў Генрыха i Бертольда. Тыя паведамілі, што сапраўды «ў караля былі добрыя намеры, але, на жаль, nad уплывам іншых, ненакана ўзніклых абставінаў, ён цалкам змяніў i адхіліў сваю першапачатковую задуму». Манахі падазравалі, што да такога рашэння Гедыміна схіліў якраз брат Мікалай. Ix саміх на працягу ўжо цэлага году не запрашалі на каралеўскія парады, i да гэтага нібыта таксама прыклаў руку Мікалай. Размова была перарваная гаспадарскім пасланнікам, які паклікаў братоў Бертольда i Генрыха да Гедыміна (яшчэ раней той выклікаў Мікалая).
Пасля снедання пасланнікі легатаў атрымалі запрашэнне на аўдыенцыю да гаспадара, і калі на яе з'явіліся, то «знайшлі яго у каралеўскіх палатах разам з яго дарадцамі, прыкладна дваццаццю, што нам было вельмі непрыемна, бо мы спадзяваліся ўбачыць яго аднаго». Напэўна, паслы мелі яшчэ надзею паўплываць на гаспадара, паспрабаваць пераканаць яго ў прыватнай размове, а тут патрапілі на афіцыйную аўдыенцыю, дзе ім даводзілася чакаць толькі абвяшчэння ўжо прынятага раней рашэння.
Тым не менш, параіўшыся між сабой, паслы вырашылі дзейнічаць, «і, каб здабыць яго прыхільнасць, пачалі апавядаць аб прыбыцці паноў легатаў i аб працэсе супраць братоў Ордэна, i пра вяртанне пасля падпісання міру палонных i ix дабра, за што ёй вельмі дзякаваў i быў задаволены». Паслы напомнілі Гедыміну пра ягонае пасланне да папы рымскага, вобразна апісалі, як той «з невымоўнай радасцю» пасланне прыняў i на наступны ж дзень загадаў склікаць кардыналаў, каб прачытаць ім пасланне, пачаў старанна выбіраць адпаведных людзей для выканання місіі ў Літве i не мог адразу ix знайсці. Але праз некаторы час выслаў паўнамоцных легатаў, якія прыбылі ў Рыгу. «Пасланыя ж яны дзеля Вашага навяртання ў хрысціянства, якога доўга дамагаліся Вы i Вашыя продкі, i з вялікім нецярпеннем жадаюць бачыць Вас, бо яны накіраваныя сюды дзеля Вашага ўратавання i ўзвышэння Вашага каралеўства».
Выслухаўшы паслоў, Гедымін запытаў, ці ведаюць яны пра змест паслання, «якое ён скіраваў пану апостальскаму намесніку i архібіскупу і ўсяму свету». Тыя адказалі, што так, кароль у ім выказаў жаданне прыняць хрысціянскую веру i хрысціцца. Тады Гедымін заявіў ён не загадваў нічога такога пісаць, а калі брат Бертольд напісаў, «то няхай гэта ўпадзе на яго галаву. А калі ў мяне быў калі-небудзь такі намер, то няхай мяне ахрысціць д'ябал». Далей Гедымін сказаў: «Няхай хрысціяне шануюць бога па-свойму, рускія па-свойму, а мы шануем бога па нашым звычаі, i ва ўсіх нас адзін бог». Сваю прамову гаспадар завяршыў філіпікай супраць хрысціянаў-каталікоў, найперш крыжакоў, выкрываў ix несправядлівасць, схільнасць да гвалту, жорсткасць, ненасытнасць i абвінаваціў у парушэнні ўсеагульнага міру, падпісанага ў мінулым годзе. Менавіта гэтая справа надзвычай цікавіла гаспадара, i ягоныя людзі спецыяльна дапытваліся ў пасланцаў, ці будзе мірная дамова выконвацца.
Акрамя таго, па даручэнні Гедыміна было праведзенае дазнанне адносна зместу ягоных лістоў, менавіта наяўнасці ў ix абяцання прыняць каталіцтва. Манахі-пісцы сцвярджалі яны не пісалі нічога, што б не зыходзіла з вуснаў манарха. Адзін з ix, францішканін Бертольд, настойваў на дакладнай перадачы ў лісце словаў караля, менавіта, што «той жадае быць пакорлівым сынамі ўвайсці ва ўлонне святой мацеры-царквы». Тады ўпаўнаважаны Гедыміна спытаў: «Значыць, ты прыпамінаеій, што кароль не загадваў табе пісаць пра хрышчэнне?». Усе прысутныя манахі запэўнілі, што «быць пакорлівым сынам» i «ўвайсці ваўлонне святой мацеры-царквы» ёсць нішто іншае як хрышчэнне.
Пасланнікі легатаў зрабілі апошнюю безнадзейную спробу пераламаць хаду справы. Яны папрасілі ў Гедыміна прыватнай аўдыенцыі, але той ужо быў заняты перамовамі з татарскімі пасламі (цікавая дэталь пра адносіны Літвы са стэпавой дзяржавай), таму прыслаў на сустрэчу давераных людзей сяброў сваёй рады. Не маючы іншага выйсця, паслы з Рыгі прасілі тых запэўніць гаспадара, што калі ён усё ж вырашыць прыняць хрост, то дасягне такога ж вялікага гонару, як i іншыя хрысціянскія каралі, i нават большага. Папскія легаты маюць усе паўнамоцтвы даць каралю ўдвая больш, чым ён пажадае, «карацей кажучы, ён стане такім вялікім i магутным каралём i валадаром, як ніхто на свеце».
Зрабіўшы такім чынам усё магчымае, каб пераканаць гаспадара, паслы пачалі распытваць усіх, каго толькі маглі, пра прычыны такіх паводзін Гедыміна. Ім расказалі, што нібыта ордэнскія рыцары падкупілі ўплывовых жамойцкіх нобіляў, i тыя падняліся супраць Гедыміна ды пачалі пагражаць, што калі Гедымін ахрысціцца, то яны захопяць яго самога i ягоных сыноў i ўсіх ягоных блізкіх ды з дапамогай тэўтонскіх рыцараў выганяць з ягонай краіны i ўсіх вынішчаць. Нібыта русіны таксама пагражалі гаспадару. Таму ён i адмовіўся ад ранейшага рашэння i не адважваецца больш гаварыць пра хрышчэнне ў каталіцтва. Манахі-францішкане нагаварылі яшчэ на свайго брата Мікалая, нібыта ён адгаворваў гаспадара ад хрышчэння. Калі Гедымін прасіў таго рады ў гэтай справе, Мікалай нібыта адказаў: «Вы шануеце рыжскага архібіскупа як бацьку, а ён сам сябе не можа абараніць, ён жа добры дванаццаты год знаходзіцца ў Рыме па сваіх справах i да гэтага часу няма гэтаму канца. Значыцца, як Вас абароніць той, хто сабе самому не можа дапамагчы?! А пан апостальскі намеснік так далека, што Вы будзеце цалкам i поўнасцю знішчаны перш чым ён прыйдзе з дапамогай. Але калі Вы хочаце ісці гэтай дарогай, то Вы павінны аддаць перавагу якому-небудзь магутнаму каралю, як кароль Венгрыі ці Чэхіі. Яны змогуць Вас бараніць i аберагаць».
Яшчэ легатскім паслам пераказалі ca слоў адной прыдворнай кабеты, нібыта гаспадар спачатку быў цвёрды ў сваім рашэнні прыняць каталіцкі хрост, пасля афіцыйнай адмовы ён некалькі начэй перажывау i «горка плакау i, перастаўшы, пачынаў зноў, i нібыта кожную ноч ён такрабіў тройчы».
Пакінуўшы ўбаку перажыванні Гедыміна, якія, дарэчы, маглі быць плёнам фантазіі жанчыны або манаха, які перадаў аповед далей, можам зрабіць пэўныя высновы са згаданай справаздачы. Галоўная выснова Гедымін успрымаў справу свайго хрышчэння ў каталіцтва як палітычны акт, ён не перажыў раптоўнае духоўнае азарэнне пакліканне да Хрыста, як гэта спрабавалі прыпісаць яму некаторыя гісторыкі ў 19 ст. Ён, несумненна, адчуваў расчараванне ад фактычнай няўдачы сваёй дыпламатычнай акцыі. Мірная дамова 1323 г., дзеля якой гаспадар паклаў шмат высілкаў, хоць i падтрыманая аўтарытэтам папы рымскага, не прывяла да спадзяванага міру i спакою ў Прыбалтыцы.
На цікавыя высновы наводзіць таксама спосаб, з дапамогай якога гаспадар ухіліўся ад выканання дэкларацыі. Мяркуючы па ўсім, яна сапраўды мела месца. У паводзінах Гедыміна адчуваецца сапраўдны манарх, які дбае пра свой аўтарытэт у дзяржаве i за яе межамі. Манарх не можа не датрымаць дадзенага слова (гісторыя захавала некалькі цікавых апісанняў датрымання свайго слова Гедымінавым унукам Вітаўтам), таму справа была навернутая так, нібыта слова ўвогуле не было.
Справаздача легатскіх паслоў утрымлівае шмат важнай для гісторыкаў інфармацыі. З яе вынікае, што гаспадар несумненна быў паганцам (не праваслаўным хрысціянінам), паходзіў з нейкага балцкага этнасу (літовец, яцвяг, жамойт ці інш.) i вызначаўся ўласцівай для жыхароў гістарычнай Літвы рэлігійнай талерантнасцю. Пры вялікім князі функцыявала рада (зародак пазнейшага дзяржаўнага інстытуту паноўрады) у складзе каля дваццаці чалавек, да яе належаў, прынамсі, адзін каталіцкі манах, а склад залежаў ад волі манарха. Упамінанне пра размову Гедыміна з татарамі сведчыць, што Вялікае Княства Літоўскае мела дыпламатычныя кантакты з Залатой Ардой.
Пра няўдалую справу хрышчэння Гедыміна згадвае таксама Пётр Дусбург, які даў сваю інтэрпрэтацыю i далучыў да яе некаторыя дэталі. Па інфармацыі ордэнскага храніста, пасланцы папскіх легатаў вярнуліся з Літвы ў Рыгу ў канцы лістапада 1324 г. Разам з імі прыбыў пасол Гедыміна, які меў даручэнне афіцыйна перадаць легатам адказ Гедыміна ў справе прыняцця каталіцтва. На аўдыенцыі ў легатаў ліцвінскі пасол, «муж шляхетнага роду... ад імя свайго караляў прысутнасці легатаў i вялікай колькасці прэлатаў i інійых верных, якія стаялі навакол, урачыстым голассш абвясціў, што кароль ніколі не Ьаваў згоды на ніякія пасланні ў справе хрышчэння яго i ягоных падданых i ніколі не пасылаў ix да Святога айца; ён ніколі не даваў загаду, каб такія пасланні былі публічна адчытаныя у прыморскіх местах i іншых рэгіёнах каралеўства. Дадаў, што сам кароль злажыў прысягу багам ніколі не прымаць іншага вызнання, акрамя таго, у якім памерлі ягоныя продкі Што справа сапраўды выглядае так, пацвердзілі ўсёй грамадзе памянутыя пасланнікі. Калі легаты тое пачулі, то з тым адказам вярнуліся ў апостальскую сталіцу».
Паводле Дусбурга, мірную дамову паміж Літвой i прыбалтыйскімі немцамі арганізавалі папскія легаты, а не Гедымін. Змяшаўшы да адной купы справы мірнага дагавору i хрышчэння ліцвінскага гаспадара, храніст менавіта Гедыміна абвінаваціў у парушэнні міру ў Прыбалтыцы. Замест таго, каб дбаць пра хрышчэнне сваё i сваіх падданых, той нібыта «пайшоў па слядах сваіх папярэднікаў і ўвесь свой высілак скіраваў на знішчэнне веры i вернікаў». Не выклікае даверу сцвярджэнне храніста, што «пасля зацвярджэння мірнай дамовы браты i астатнія хрысціяне з інфлянцкай, прускай i іншых суседніх краін без ваганняў паверылі, штоў жо не будуць больш весці войнаў». Вось у апошняе цяжка паверыць. Не так проста было братам-рыцарам адрачыся ад свае жыццёвых інтарэсаў ды спыніць адмабілізаваную i нацэленую на вайну ордэнскую ваенную машыну. Ваяваць за хрысціянскую веру было ix галоўным i адзіным прызначэннем. А Пётр Дусбург, як вядома, храніст менавіта ордэнскі. Каб падкрэсліць падступныя намеры ліцвінскага ўладара, ён паведамляе, што калі на двары Гедыміна яшчэ знаходзіліся пасланнікі легатаў, той выслаў войска ў напад на Інфлянты «вось якую вялікую ганарлівасць паказаў ён у справе прыняцця сакраменту хрышчэння».
Справа яшчэ не даспела. Гедымін, як i папярэднія гаспадары, бачыў i ацэньваў толькі найбліжэйшую палітычную перспектыву, менавіта непасрэдныя выгоды для сябе i краіны ў выніку прыняцця хрысціянства па каталіцкім абрадзе. Чалавек свайго часу, ён не мог ацаніць усе далёкасяжныя наступствы гэтага кроку далучэння да заходне-еўрапейскай цывілізацыі. Паводзіны Гедыміна ў рэлігійных справах паказваюць, што ён разглядау ix пераважна (калі не выняткова) праз прызму палітычных інтарэсаў сваей дзяржавы. Прауда, чалавек яго ўзроўню быў у стане ацаніць i найбліжэйшыя тактычныя выгоды ад прыняцця каталіцызму. Навідавоку быў прыклад Польшчы хрысціянскай краіны, таксама варожай Ордэну. Польскія каралі неаднаразова распачыналі судовыя працэсы супраць крыжакоў, абвінавачваючы тэўтонскіх рыцараў у беспадстаўнай агрэсіі. Хоць тыя працэсы палякі часцей прайгравалі, але актыўнасць рыцараў стрымлівалі, хоць бы на час вядзення самога працэсу. Ды i рэпутацыі Ордэна гэтыя судовыя разборкі наносілі шкоду, калі хрысціянскі манарх абвінавачваў i шырока агалошваў факты агрэсіі супраць хрысціянскіх земляў.
Дадатковай праблемай была сітуацыя памежжа паміж дзвюма цывілізацыямі, у якой знаходзілася Літва. Несумненна, Гедымін браў пад увагу супярэчнасці паміж рознымі галінамі хрысціянства каталіцтвам i праваслаўем. Апошняе здаўна (ад 11 ст.) было прысутнае ў Літве, І якраз да дзяржавы Гедыміна далучаліся новыя беларускія землі, у якіх праваслаўнае хрысціянства бясспрэчна дамінавала.
Гедымін разумеў важнасць рэлігійнага пытання i надаваў яму шмат увагі. Менавіта Гедымін спрычыніўся да стварэння першай праваслаўнай Літоўскай мітраполіі са сталіцай у Наваградку (выказвалася таксама версія, што яна паўстала ўжо пры Віцені). Пра літоўскую мітраполію захавалася мала сведчанняў у крыніцах, першая звестка датычыць прысутнасці літоўскага мітрапаліта на сінодзе ў Канстанцінопалі ў 1317 г. Засталася інфармацыя пра яго ўдзел у канстанцінопальскім сііюдзе ў 1327 i 1329 гг.; тым разам у актах называлася імя Феафіл. Невядома, аднак, ці гэтая асоба была тым самым літоўскім мітрапалітам паміж 1317 1327 гг. Пасля смерці Феафіла, якая наступіла каля 1330 г., літоўская мітраполія ліквідавалася, бо «замала было на Літве хрысціянаўж Пасля 1330 г. звесткі пра яе на доўгі час зніклі з крыніц. Выказвалася меркаванне, што Гедымін даволі лёгка атрымаў згоду канстанцінопальскага патрыярха на стварэнне ўласнай мітраполіі, бо паказаў таму перспектыву хрышчэння паганскай Літвы.
Гаспадар дзейнічаў у тыповай сітуацыі памежжа, якая высоўвае праблему выбару цывілізацыйнай арыентацыі. I ў гэтым выпадку відавочны палітычны разлік Гедыміна уласная мітраполія меў за мэту цясней з'яднаць у дзяржаве новадалучаныя праваслаўныя землі i прыцягнуць да Літвы новыя, у першую чаргу, беларускія. Невядома дакладная тэрыторыя, якая падлягала літоўскаму мітрапаліту. Мяркуецца, што яна ахоплівала Наваградчыну, магчыма, частку Аўкштоты, i павялічвалася па меры далучэння да Вялікага Княства Літоўскага беларускіх земляў.
Гедымін, як ён сам засведчыў у размове з пасланнікамі папскіх легатаў, лічыў мэтазгодным захоўваць веру сваіх продкаў. Гэта было звычайнай справай утакім спецыфічным рэгіёне як Панямонне. Тут нават у славянскай яго частцы Наваградчыне, Гарадзеншчыне i Віленшчыне хрысціянства не мела такіх трывалых i даўніх традыцый, як на астатніх беларускіх землях. Праваслаўе прыйшло сюды амаль на сто гадоў пазней (у другой палове канцы 11 ст.) І распаўсюджвалася не гвалтоўна, а мірна праз місіянерства. Векавое сужыццё хрысціянаў з язычнікамі прывяло да спецыфічнай сітуацыі рэлігійнай талерантнасці, пра што найлепш выказаўся сам Гедымін («кожны шануе Бога па-свойму»).
Сёння яшчэ можна сустрэць меркаванні некаторых гісторыкаў пра пачуццё вышэйшасці ліцвінаў-язычнікаў над нібыта заваяванымі імі суседзямі-хрысціянамі. Аднак пра адваротнае сведчыць адсутнасць фактаў насаджвання паганскага культу. Наадварот, крыніцы толькі i адзначаюць, што справа ўвесь час ішла пра прыняцце паганцамі хрысціянства ў праваслаўнай або каталіцкай форме.
Гедымін адносіўся да рэлігійных справаў чыста прагматычна, з палітычным разлікам. Ягоная дзяржава значна пашырылася за кошт праваслаўных земляў, адсюль зычлівая ўвага гаспадара да гэтай канфесіі. Варта ўзгадаць лёгкасць, з якой дзеці Гедыміна прымалі праваслаўе, прыходзячы княжыць на беларускія i ўкраінскія землі.
У каталіцызме гаспадар бачыў нашмат менш палітычных перспектываў. Цікава, што парада, якую даў Гедыміну манах-францішканін Мікалай (не спадзявацца ў барацьбе з Ордэнам на папу рымскага, а лепей хаўрусавацца з якім-небудзь блізкім каралём), рэалізавалася ўжо ў наступным годзе. Гедымін падпісаў антыкрыжацкую вайсковую дамову з польскім каралём Уладзіславам Лакеткам.
Раздзел чацвёрты. Першы ліцвінска-польскі саюз
З даўніх часоў раздробленая Польшча была лёгкай здабычай для ваяроў і з Літвы. Рэгулярныя імклівыя напады, якія сягалі аж да Малапольшчы i Вялікапольшчы (а гэта больш за тры сотні кіламетраў дарогі), прыносілі багатую здабычу. Невыпадкова найбліжэйшыя да Літвы мазавецкія князі шукалі міру i саюзу з небяспечным суседам i наладжвалі з ліцвінскімі князямі дынастычна-шлюбныя сувязі. Ад часоў Трайдэна можна казаць нават пра адпаведную традыцыю. Але сярод саміх мазавецкіх князёў не было адзінства, бо амаль кожны мацнейшы сярод ix не толькі марыў пра аб'яднанне ўсяго Мазоўша менавіта пад сваёй уладай, але праводзіў уласную, часта няўзгодненую з іншымі, вонкавую палітыку. Невялікія па тэрыторыі землі Мазоўша ў 14 ст. апынуліся паміж трох сілаў, нібы між трох агнёў. Акрамя падужэлай Ордэнскай дзяржавы i Вялікага Княства Літоўскага на захадзе пачало адраджацца Польскае каралеўства. Мазаўшане мусілі манеўраваць, i хоць стараліся, па магчымасці, заставацца нейтральнымі, часцей былі змушаныя выбіраць які-небудзь саюз ці то добраахвотна, ці то пад прымусам абставінаў. Асобным мазавецкім княствам удалося такім чынам пратрымацца даволі доўга, а апошняе з ix было змушанае ўвайсці ў склад Польскага каралеўства толькі ў 1526 1529 гг.
Ліцвіны не ўпускалі зручнага выпадку парабаваць землі Мазоўша. Паколькі Мазовія не была ўключана ў спіс земляў, ахопленых віленскай мірнай дамовай, ліцвінскае войска на чале з Давыдам Гарадзенскім у канцы лістапада 1324 г. напала на Плоцкую зямлю i нанесла ёй вялікую шкоду. Пётр Дусбург, абвінавачваючы Гедыміна ў парушэнні міру з хрысціянамі, дэталёва апісвае, як ліцвіны абрабавалі i спалілі горад Пултуск - рэзідэнцыю плоцкага біскупа, i сто трыццаць вёсак таго ж біскупа i плоцкага князя Земавіта II (не закраналіся ўладанні князя Вацлава Ванька, за якім была замужам дачка Гедыміна), шмат шляхецкіх i манастырскіх маёнткаў, трыццаць касцёлаў, забілі ці забралі ў палон больш за чатыры тысячы чалавек. Трохі раней зяць Гедыміна Вацлаў быў ініцыятарам двух ліцвінскіх нападаў (паходы 1321 i 1323 гг.) на Добжыньскую зямлю, якой кіравала варагуючая з ім княгіня Анастасся удава Земавіта I. Абодва разы быў разбураны горад Добжынь, а самой зямлі нанесеныя вялікія страты.
На польскіх землях пасля больш чым векавой палітычнай раздробленасці пачала праяўляцца тэндэнцыя да аднаўлення цэнтралізаванай дзяржавы. Заканчэнне перыяду феадальнай раздробленасці ў Польшчы звязваецца з каранацыяй Уладзіслава Лакетка ў 1320 г. I хоць адроджанае Польскае каралеўства было адносна невялікім - уключала толькі Малапольшчу, Вялікапольшчу i Серадскую зямлю (займала трохі больш за 100 тысяч квадратных кіламетраў), яно паступова ўваходзіла ў сілу i пачынала прыглядацца да новых земляў, якія лічыла сваімі з прычыны ix этнічнай польскасці ці колішняй прыналежнасці да дзяржавы дынастыі Пястаў. Аб яднаная польская дзяржава пазбавілася найперш залежнасці ад нямецкіх імператараў, а потым i «пратэкцыі» рымскіх папаў. Ад апошняй засталася толькі плата - «дынарыя святога Пятра» ад сялянаў i гараджанаў, ды яшчэ царкоўнай дзесяціны i анатаў [5] ад духавенства. Польскія каралі ўвесь час імкнуліся (і часта дасягалі мэты) забраць сабе хоць частку касцельных даходаў.
Гедымін, па ўсёй верагоднасці, прыслухаўся да парады свайго радцы манаха Мікалая i вырашыў завязаць хаўрус не з далёкім, таму мала прыдатным папам рымскім, а з найбліжэйшым моцным манархам. Найлепей для гэтага надаваўся польскі кароль блізкі па тэрыторыі i кроўна зацікаўлены ў паўстрыманні крыжакоў. Мір быў выгодны i польскаму каралю, бо спыняў ліцвінскія наезды, на якія палякі не мелі рады, прынамсі ніводнага паходу ў адказ за некалькі дзесяткаў гадоў яны не правялі.
Ліцвінскі гаспадар прыступіў да новай дыпламатычнай акцыі з уласцівай яму адказнасцю ды грунтоўнасцю. Найперш паціху, без лішняга розгаласу, правёў адпаведную падрыхтоўку скантактаваўся з польскім каралём i хутка ўзгадніў з ім неабходныя дэталі. Праўда, у гістарыяграфіі выказваліся меркаванні, што ініцыятарам саюзу быў Лакетак. У прынцыпе, не так істотна, хто пачаў першы, але якраз у той час Гедымін праводзіў свой слынны дыпламатычны марш на Захад. Дамова з польскім каралём магла быць ягоным складнікам. Лакетак таксама разумеў праблему змагання з Ордэнам у адзіноце. А здабыць ён хацеў шмат чаго, найперш, вярнуць польскае Памор'е (захопленае крыжакамі ў 1308 г.) з буйным i багатым горадам рэгіёну Гданьскам. Нянавісць да нямецкіх крыжакоў-хрысціянаў аказалася мацней за непрыязнасць да паганскага манарха ды усе крыўды i страты ад ліцвінскіх наездаў. Каб гэтыя крыўды раптоўна не ўсплылі i не ўскладнілі саюзных адносінаў, было прынятае рашэнне замацаваць дамову шлюбам дзяцей (ужо спраўджаная тактыка Гедыміна). Шлюб польскага каралевіча Казіміра (будучага караля Казіміра Вялікага) з ліцвінскай князёўнай Альдонай (у хрышчэнні, абавязковым у вачах каталіцкай Еўропы, Ганнай) Гедымінаўнай адбыўся 16 кастрычніка 1325 г. у сталічным Кракаве. Хронікі паведамляюць, што пасагам маладой сталі 20 тысяч палякаў, захопленых ліцвінамі падчас рабаўнічых наездаў, i цяпер вернутых на радзіму, следам за шлюбным картэжам ліцвінскай князёўны.
Неўзабаве, ужо ў наступным 1326 г., справа дайшла да першага выпрабавання польска-ліцвінскага саюзу. Лакетак вырашыў выкарыстаць ліцвінаў, каб палічыцца з яшчэ адным нямецкім ворагам брандэнбуржцамі, якія непакоілі i паступова адкройвалі землі ад ягонай дзяржавы з паўночнага захаду. Папярэдне ён падпісаў замірэнне з прускімі крыжакамі, каб забяспечыць, па-першае, тыл на час сваёй адсутнасці, па-другое, гарантаваць вольны праход ліцвінам уздоўж ордэнскай мяжы. Гедымін выслаў у падмогу палякам праверанага военачальніка i сваю давераную асобу Давыда Гарадзенскага на чале адборнага атраду з 1200 вершнікаў. Выправа праходзіла вельмі паспяхова. Нечакана з'явіўшыся ў ваколіцах Франкфурта-над-Одэрам, саюзнікі страшэнна спустошылі ваколіцу. Немцы, насамперш тэўтонскія рыцары, дэталёва апісалі i разгаласілі па Еўропе зверствы ліцвінаў, абвінаваціўшы польскага караля ў змове з язычнікамі супраць хрысціянаў (хоць сярод ліцвінаў, несумненна, былі i хрысціяне, напрыклад, ix правадыр праваслаўны князь Давыд). Па звестках храністаў, ліцвіны вывелі каля 6 тысяч палонных i спалілі 140 вёсак i касцёлаў. На зваротнай дарозе ix правадыр быў забіты, паводле польскага гісторыка 15 ст. Яна Длугаша, мазавецкім рыцарам Анджэем Гостам за ранейшыя крыўды, учыненыя Давыдам мазаушанам. Ордэнскі храніст Пётр Дусбург сучаснік гэтай падзеі (ягоная хроніка заканчваецца якраз у 1326 г.) апісаў яе так: «За тым войскам пайшоу адзін паляк, які перажываў з-за такой вялікай разні хрысціянаў. Ён прыкідваўся прыяцелем няверных. У адпаведным месцы i часе, у прысутнасці многіх людзей, забіў Давыда, кашталяна Гародні i кіраўніка той вайсковай выправы, які, як казалася вышэй, учыніў веры i вернікам агромністае зло». Паход 1326 г. меў шырокі, з палітычнымі наступствамі, розгалас у Еўропе. З аднаго боку ён прынёс Польшчы непрыемнасці, бо саюз з язычнікамі супраць хрысціянаў зашкодзіў рэпутацыі каралеўства (яшчэ праз сто гадоў яго ўспаміналі на саборы ў Канстанцы). З другога боку Лакетак атрымаў канкрэтныя матэрыяльныя набыткі да яго дзяржавы была далучаная тэрыторыя на памежжы Вялікапольшчы, Памор'я i Сілезіі.
Наступны сумесны выступ адбыўся ўжо ў 1327 г. Тады распачалася вайна Польшчы супраць Мазоўша i Ордэна і, падобна, Лакетак настойваў на ўдзеле ў ёй Гедыміна. Аднак у таго да канца года трымаўся мір з рыцарамі, зацверджаны папскімі легатамі. Тым не менш, Гедымін не ўхіліўся ад саюзнага абавязку ягоныя войскі заатакавалі крыжацкага хаўрусніка Віскую зямлю адно з мазавецкіх княстваў, якое падпісала абарончы саюз з Ордэнам. Невыпадкова ліцвінская атака скіроўвалася менавіта на гэтага, а не на іншага крыжацкага саюзніка Плоцкае княства, бо ў апошнім замужам за князем Ваньком была родная дачка Гедыміна. На зямлю Ванька Плоцкага напаў кароль Лакетак.
Два гады пазней, калі крыжакі арганізавалі вялікі паход на Жамойць, польскі кароль, верагодна, па ўзгадненні з Гедымінам, напаў на Прусы, i ордэнскае войска было вымушанае вярнуцца, каб бараніць сваю зямлю. Гэтая акцыя палякаў мела для ix цяжкія наступствы. Аб'яднаныя ордэнскія i чэшскія войскі занялі Добжыньскую зямлю, а чэшскі кароль узяў ленную прысягу ад Вацлава (Ванька) Плоцкага. Дзяржава Лакетка апынулася нібы ў абцугах паміж дзвюма магутнымі сіламі Ордэнам i Чэшскім каралеўствам.
У 1330 г. палякі i ліцвіны зноў выступілі разам вялікім паходам на ордэнскую дзяржаву. Лакетак меў яшчэ ў сваім распараджэнні атрад венгерскіх вершнікаў. Аднак, калі Гедымін на чале сваіх харугваў з'явіўся на ўмоўленае месца, якое было вызначана на варожай тэрыторыі (пад Брадніцай у Хэльмінскай зямлі), то не знайшоў там ані Лакетка, ані яго войска. Пазней выявілася, што польскі кароль у паход выступіў, але зусім у іншым кірунку. На месца спаткання ён планаваў прыйсці пазней (напэўна, разлічыў, што крыжакі ў гэты час будуць занятыя Гедымінам). Апынуўшыся на варожай тэрыторыі, адзін без саюзніка, Гедымін ацаніў такія паводзіны Лакетка як парушэнне саюзных абавязкаў (можна здагадацца, якія моцныя словы гучалі на адрас палякаў, што «не ставіліся» ва ўмоўленым месцы). Калі манархі, нарэшце сустрэліся, то таксама, напэўна, не забракла прыкрых словаў. Алею ў агонь падліў камандзір венгерскага атраду, заявіўшы, што ён не жадае ваяваць супраць хрысціянаў у саюзе з паганцамі. Справа скончылася, калі Лакетак заплаціў кампенсацыю за парушэнне дамовы (кароль ліцвінаў i русінаў не дазваляў жартаў ca сваім маестатам) i павярнуў сваё войска дадому. Першы ў гісторыі ліцвінска-польскі саюз даў сур'ёзную трэшчыну.
Магчыма, для Гедыміна больш рацыянальным рашэннем было б стрымаць свой гнеў i скарыстацца з прысутнасці польскіх войскаў, каб разам працягнуць паход i нанесці крыжакам як найбольшую шкоду. Ён дзейнічаў, на першы погляд, пад уплывам эмоцый. Аднак уся чыннасць Гедыміна на становішчы манарха супярэчыць такой ацэнцы. Ён таму i стаў вялікім палітыкам, што ўмеў стрымацца i абстрагавацца ад эмоцый, прымаючы важныя рашэнні. Вялікі гаспадар i ў тым выпадку пэўна ведаў, што рабіў. Відаць, можна пагадзіцца з меркаваннямі тых гісторыкаў, якія сапраўднай прычынай спынення паходу лічаць пазіцыю камандзіра венгерскага атраду. Немалаважнай таксама была страта даверу да саюзніка.
У 1331 г. адбылася апошняя сумесная акцыя, дакладней, яе спроба. Як i раней, было дамоўлена пра адначасовы напад палякаў i ліцвінаў на ордэнскую тэрыторыю з двух бакоў. Аднак ліцвінская выправа сарвалася з прычыны небывалага разліву рэк. Не здабыўшы нічога ў Прусах, ліцвіны падчас вяртання з паходу дазволілі сабе рабункі польскіх земляў. Пасля гэтага выпадку абодва бакі ўжо не выказвалі ахвоты да працягу супрацоўніцтва, i пра нейкія сумесныя дзеянні гаворка не ішла, прынамсі, крыніцы пра гэта маўчаць.
Фактычна ліцвінска-польскі саюз распаўся, але не адышоў цалкам у нябыт. Хоць наперадзе ў Польшчы з Літвой была ўпартая барацьба i шматгадовая вайна за галіцка-валынскую спадчыну, якая разгарэлася ўжо пасля смерці Лакетка i Гедыміна, досвед першай супрацы не прайшоў марна. Пра яго памяталі i праз два з паловай стагоддзі.
Напярэдадні Люблінскай уніі ў 1569 г. шляхецкія публіцысты ўспаміналі пра «першае сяброўства i канфедэрацыю нашых продкаў пры Лакетку i Гедыміне 250 гадоў таму».
Пасля няўдалай выправы 1331 г. адзінай жывой повяззю паміж дзвюма краінамі заставалася да самой сваёй смерці ў 1339 г. польская каралева Ганна Гедымінаўна. Менавіта да гэтага году трываў перапынак у ліцвінскіх нападах на землі Польскага каралеўства. Гедымін шанаваў сваю дачку, i гэта дало падставы польскім гісторыкам назваць яе «амбасадарам польска-ліцвінскага збліжэння».
У літаратуры можна спаткаць розныя ацэнкі першай спробы польска-ліцвінскага ўзаемадзеяння ад самых песімістычных да цалкам станоўчых. Сапраўды, яна прынесла як выгоды, так i страты для саюзнікаў, прычым, здаецца, большыя выгоды атрымаў усё ж ліцвінскі бок. Прынамсі, Гедымін, у адрозненне ад Лакетка, не страціў нічога ні ca сваёй тэрыторыі, ні з рэпутацыі ў вачах каталіцкай Еўропы (яна i так была не найлепшай).
Польска-ліцвінскі вайсковы саюз выклікаў занепакоенасць кіраўнікоў Ордэнскай дзяржавы. Яны прынялі меры, каб пазбегнуць падобнай сітуацыі на будучы час. На сустрэчы манархаў Сярэдне-Усходняй Еўропы у Вышаградзе ў 1335 г. ордэнскія паслы запатрабавалі ад палякаў абяцанкі, што як хрысціяне тыя не будуць больш аб'ядноўвацца з ліцвінамі супраць такіх жа хрысціянаў ордэнскіх братоў. Крыжакі дамагліся свайго праз некалькі гадоў, калі абвастрылася польска-ліцвінская спрэчка за спадчыну галіцка-валынскай дзяржавы. Трактат, падпісаны ў Калішы ў 1343 г., прывёў да прыпынення польска-ордэнскіх войнаў аж да пачатку 15 ст. Вялікае Княства Літоўскае зноў засталося са сваім галоўным ворагам сам-насам.
Раздзел пяты. Кароль Літвы і Белай Русі
Найбольш яскрава дыпламатычны талент Гедыміна праявіўся на ўсходнім знешнепалітычным напрамку. Тут практычна ўсе ягоныя поспехі былі дасягнутыя без ужывання зброі. Зразумела, нельга ўсе дасягненні прыпісваць выключна дыпламатычнаму таленту гаспадара. Але вельмі важнай справай было ягонае жаданне i ўменне дзейнічаць мірнымі сродкамі. Міжнародная сітуацыя таму спрыяла. Беларускія землі на ўсход i поўдзень ад Літвы былі надзвычай прыхільныя да а6'яднання з ёй з прычыны пагрозы з боку Залатой Арды. Татары трымалі пад сабой усходнюю, паўночную i паўднёвую Русь i нічога не мелі супраць, каб пашырыць свае ўплывы на захад.
Ужо ў першы перыяд гаспадарання Гедымін стварыў рэальныя падставы для таго, каб называцца «каралём ліцвінаў i русінаў». Менавіта так тытулавалі яго за межамі Літвы, напрыклад, магістрат горада Рыгі i ордэнскі храніст Пётр Дусбург. Акрамя ўласна Літвы, якую Гедымін атрымаў у спадчыну разам з усімі яе ўнутранымі праблемамі ды знешнімі ворагамі, ягоная дзяржава паступова сабрала ўсе галоўныя гістарычныя вобласці Беларусь Менавіта за гэтымі землямі (Полаччына, Віцебшчына, Магілёўшчына, Гомельшчына) у Вялікім Княстве Літоўскім трывала замацавалася назва «Русь» (не называліся так ні ўкраінскія, ні расейскія тэрыторыі).
Уваход Русі ў беларуска-літоўскае гаспадарства адбываўся эвалюцыйна, плаўна i натуральна, без відавочнага гвалту. Напэўна, з гэтай прычыны нам невядомыя дакладныя даты ix далучэння усё праходзіла спакойна, без бразгання зброяй, гвалту, захопаў, забойстваў. Таму тагачасныя летапісцы з храністамі не заўважылі сам момант аб'яднання, а толькі канстатавалі вынік.
Беларускія землі найбліжэй суседзілі з Літвой (якая i сама была напалову беларускай) i здаўна падтрымлівалі з ёй цесныя адносіны. Яны ўжо прынамсі пару стагоддзяў былі мірнымі i часта саюзнымі. Надалей працягвалася павольная i непрыкметная, але ў гістарычнай перспектыве надзвычай важная праца працэс балта-славянскіх кантактаў, дакладней натуральная беларусізацыя балтаў, у тым ліку літоўцаў.
Да збліжэння Русі з Літвой штурхала пагроза татарскага панавання. Выбар быў прадвызначаны: з аднаго боку чужынцы заваёўнікі з далёкага стэпу, з другога суседская i роднасная Літва. Да сёння гісторыкаў дзівіць адсутнасць у крыніцах дакладнай інфармацыі пра амаль усе тэрытарыяльныя набыткі Гедыміна ніхто не ведае, калі i якім спосабам далучаліся паасобныя землі. А то былі не абы-якія здарэнні не кожны год дзяржава павялічвае сваю тэрыторыю, ды яшчэ гэтак значна на землі Віцебскую i Полацкую, Палессе (Турава-Пінскую зямлю), Падляшша, магчыма, Магілёўшчыну i Гомельшчыну (г. зв. Падняпроўскія воласці). Да сённяшняга дня некаторыя гісторыкі лічаць, што Гедымін падпарадкаваў яшчэ ладны кавалак Украіны Кіеўскую зямлю, хоць большасць адносіць тое да часоў ягонага сына Альгерда.
Яшчэ гісторыкі здаўна спрачаюцца пра храналогію i метады пашырэння гаспадарства Гедыміна. Зразумелай выглядае сітуацыя з Віцебшчынай шлюб Альгерда з віцебскай князёўнай дазволіў мірна звязаць гэтую зямлю з Літвой (але не пазбавіць яе значнай аўтаноміі). Прыблізна ў той жа час i таксама мірным шляхам да Літвы далучылася і Полацкая зямля, якая яшчэ ў 12 ст. страціла сваё палітычнае адзінства i падзялілася на некалькі самастойных княстваў: Полацкае, Віцебскае, Менскае, Друцкае, Лагойскае і інш. У беларускай літаратуры можна знайсці звесткі, што Полацак увайшоў у Вялікае Княства Літоўскае ў 1307 г., калі прыняў князем брата Віценя i Гедыміна Гердзеня, а таксама што канчатковае злучэнне Полацка з Літвой адбылося каля 1326 г., калі полацкім князем стаў іншы брат Гедыміна Воін (пад канец жыцця Гедыміна там ужо сядзеў яго сын Нарымунт у хрышчэнні Глеб). Аднак трэба асцярожна карыстацца тэрмінамі кшталту «ўваход», «далучэнне», бо дакументы i надалей сведчылі пра значную самастойнасць Полацка не толькі ва ўнутраных, але i ў міжнародных справах. Напрыклад, ліцвінска-інфлянцкая дамова ад 1 лістапада 1338 г. была падпісаная не толькі са згоды вялікага князя з сынамі i баярамі, але i «епіскапа Полацка, караля i горада Полацка, караля Віцебска i горада Віцебска, якія ўсе на гэтым вышэйзгаданым міры цалавалі крыж». Да таго ж, Полацак мог самастойна заключаць з Інфлянтамі асобныя дамовы, якія датычылі канкрэтных справаў умоваў i правілаў гандлёвых аперацый, асабліва гэта тычылася гандлю на вагу. Так было ў грамаце, створанай між 1338-1341 г., калі полацкі князь Глеб i епіскап Рыгор самастойна дамаўляліся з Рыгай.
Ліцвінска-полацкія адносіны зафіксаваныя крыніцамі як саюзныя ўжо ў 12 ст. Ад моманту ўтварэння Вялікага Княства Літоўскага Полацак знаходзіўся ў сферы яго палітычных уплываў (успомнім праліцвінскіх князёў на полацкім стальцы - Таўцівіла, Гердзеня). Літва здаўна выступала абаронцам полацкіх правоў перад інфлянцкімі немцамі ў прыбалтыйскім гандлі. Таму момант змены статусу ад залежнасці да фармальнага ўваходу ў дзяржаву прайшоў незаўважна, не выклікаўшы здзіўлення i ўвагі навакольных назіральнікаў. Тым больш, што i Полацак. i Біцебск далучыліся да Літвы на правах шырокай аўтаноміі, якая была пісьмова аформленая ў выглядзе г. зв. абласных прывілеяў першых у гісторыі дзяржавы. Да нас гэтыя прывілеі дайшлі ў копіях з 16 ст., б о кожны новы вялікі князь выдаваў ix пісьмовае пацвярджэнне. Лічыцца, што ўпершыню на пісьме гэтыя прывілеі былі складзеныя ў апошнім дзесяцігоддзі 14 ст., а яшчэ раней абавязвала традыцыйная вусная дамова-прысяга, на-стары лад «рад».
Гедымін са сваёй прыхільнасцю да дыпламатыі ўмацаваў i пашырыў слынны прынцып палітыкі вялікіх князёў літоўскіх у новадалучаных землях «старыны не рушыці, а навіны не ўводзіці». Яшчэ ад часоў Міндаўга была закладзена традыцыя «лагоднага» падпарадкавання земляў Русі з захаваннем ix значнай аўтаноміі. Зусім не так, як тое рабіла Масква ва Уладзіміра-Суздальскай Русі. Там рэалізоўваўся мангольскі метад вынішчэнне ўсяго i ўсіх, хто хоць бы тэарэтычна мог аказаць супраціў.
У Вялікім Княстве Літоўскім жыхарам Полаччыны i Віцебшчыны гарантавалася захаванне адвечных правоў. Нават пасля фармальнага ўключэння гэтых земляў у склад дзяржавы ў статусе ваяводстваў аўтаномія ix надалей захоўвалася. Яна праяўлялася ў згодзе на ваяводу, уласнай, адрознай ад Літвы, сістэме адміністрацыі. Прызначаючы прадстаўнікоў цэнтральнай улады намеснікаў i ваяводаў, гаспадар абавязкова мусіў улічваць волю палачанаў i віцяблянаў: «даваці ваяводу па-старому, па ix волі; i каторы будзе ім ваявода нялюбы... то нам ваяводу ім іншага даць, па ix волі». Палачане i віцябляне захоўвалі манаполію на ўсе пасады мясцовага кіравання. Судовая ўлада гаспадарскай адміністрацыі абмяжоўвалася «а ваяводзе нашаму полацкаму мяшчан не судзіці аднаму, судзіці яму з баярамі i мяшчанамі». Надалей важным органам самакіравання заставалася традыцыйнае веча, якое вырашала справы выбару ўладаў, нясення вайсковых павіннасцяў, розныя гаспадарчыя справы. Заканамерна, што першыя земскія прывілеі датычылі менавіта Віцебска і Полацка. Гэтыя землі, па-першае, мелі найдаўнейшыя на Беларусі, таму і самыя трывалыя традыцыі ўласнай дзяржаўнасці; па-другое, былі i заставаліся буйнымі, багатымі i ўплывовымі цэнтрамі рамяства i гандлю, якія кантралявалі значную дзялянку міжнароднага дзвінскага гандлёвага шляху. У мірных дамовах Вялікага Княства Літоўскага з Вялікім Ноўгарадам i Псковам яшчэ ў сярэдзіне 15 ст. побач акрэслення «ліцвін» выступалі тэрміны «палачанін» i «віцяблянін», г. зн. жыхары гэтых гарадоў не цалкам атаясамліваліся з Літвой. Залежнасць Полацкай i Віцебскай земляў ад Літвы выяўлялася ў выплаце падаткаў у дзяржаўны скарб i адбыванні вайсковай павіннасці.
Непрыкметна да Вялікага Княства Літоўскага далучылася Меншчына. Наўгародскі летапіс назваў менскага князя сярод паслоў Літвы ў 1326 г. Тады ў Вялікі Ноўгарад прыбыло пасольства Гедыміна ў складзе: брата вялікага князя Воіна полацкага князя, менскага князя Васіля i князя Хведара Святаслававіча. Па ўсёй верагоднасці, у той жа час да Літвы далучыліся невялікія Лукомльскае i Друцкае княствы, размешчаныя паміж Менскам i Полацкам.
Палессе ці Турава-Пінская зямля даўнейшая тэрыторыя племяннога саюзу дрыгавічоў, таксама незаўважна апынулася ў Літве. Ужо ў канцы 12 пачатку 13 ст. яна палітычна раздзялілася на некалькі самастойных княстваў, цэнтрамі якіх былі Тураў на Прыпяці, Пінск на Піне, Слуцак на Случы, Клецак на Лані. У сярэдзіне 13 ст. гэтыя княствы трапілі ў палітычную залежнасць ад Галіцка-Валынскай дзяржавы. Даўнія i прыязныя ix адносіны з суседняй Літвой, напэўна, жывіліся, між іншым, спадзяваннем на вызваленне ад гэтай залежнасці. Мясцовыя князі, па сведчанні валынскага летапісца, здаўна мелі неахвоту («лесць») да галіцка-валынскіх уладароў. Найбольш яскравым эпізодам ліцвінска-пінскіх адносінаў у 13 ст. была палітычная i збройная падтрымка пінчукамі сына Міндаўга Войшалка ў ягонай барацьбе за бацькоўскі трон. Дакументальнай канстатацыяй факту трывалага ўваходу Палесся ў Вялікае Княства Літоўскае, менавіта ў гаспадарскі дамен, стаў тастамент Гедыміна, па якім у галоўным палескім горадзе Пінску быў пасаджаны ягоны сын Нарымунт.
Калі параўноўваць з Полацкам i Віцебскам, то праўны статус Турава-Пінскай зямлі выглядаў трохі інакш. Ліцвінскія ўплывы тут былі не менш даўнімі, а ўласныя мясцовыя сілы не такімі моцнымі, каб дамагчыся асобнага аўтаномнага акту-прывілею. Таму палескія княствы ўваходзілі ў Вялікае Княства паступова i непрыкметна для сучасных гісторыкаў, на падставе ліцвінскага права, i станавіліся часткай вялікакняскага дамену.
Аднак, у нас ёсць сведчанні, што i тут кардынальна не змянялася традыцыйная сістэма адносінаў ды шанаваліся мясцовыя правы i звычаі. Напрыклад, калі вялікі князь Аляксандр Казіміравіч (1492-1506) пачаў раздаваць у Берасцейскай зямлі «валосткі ў дзяржаву» баярам з уласнай Літвы, то мясцовыя баяры падалі яму скаргу, паказваючы, што гэтыя «валосткі» яны спрадвеку «трымалі» па чарзе. Гаспадар прызнаў слушнасць прэтэнзіі i аднавіў ранейшы парадак.
Гедымін далучыў да Вялікага Княства Літоўскага яшчэ Падляшша памежную вобласць на сутыку ўкраінскага, беларускага i мазавецкага этнічных масіваў. Наймацнейшымі тут былі ўплывы ўкраінскія (валынскія), i гэтая зямля (назва яе абазначае геаграфічнае месцазнаходжанне каля Польшчы «пад ляхамі») здаўна належала да Галіцка-Валынскай дзяржавы. Галоўныя яе гарады Драгічын, Мельнік (абодва на рацэ Буг міжнароднай гандлёвай артэрыі), Бельск i Бранск былі заснаваныя ўсходнімі славянамі. Як часта здаралася ў сярэднявеччы, межы зямлі не былі стабільнымі i маглі змяняцца. Так у 11-12 ст. да Падляшша належаў яшчэ горад Берасце з ваколіцай.
Гісторыкі вызначаюць час далучэння Падляшша да Літвы па-рознаму некаторыя адносяць да апошніх гадоў кіравання Гедыміна 1336-1340, а большасць паказваюць на мяжу 1323 1324 гг. i лічаць яго вынікам паразумення паміж Лакеткам i Гедымінам, якое ў сваю чаргу стала пралогам польска-ліцвінскага саюзу ў 1325 г.
Берасцейская зямля, памежная з гістарычнай Літвой, падтрымлівала з ёй самыя цесныя адносіны. Па словах слыннага гісторыка Літвы Мацея Любаўскага, Берасцейская зямля з зямлёй Літоўскай «знаходзілася ў адносінах, можна сказаць, пераходных, не зусім з ёй злілася, але i не была ужо аддзеленая ад не так рэзка, як іншыя землі». Другі па значнасці горад зямлі пасля Берасця Кобрын ужо ў 13 ст. стаў цэнтрам асобнага ўладання ў складзе Галіцка-Валынскай дзяржавы. Да Літвы Кобрынскае княства таксама далучылася незаўважна, прынамсі, для сучасных гісторыкаў. Дакументы другой паловы 14 ст. сведчаць, што гэта было ўладанне Альгерда. Кобрынскае княства ўвайшло ў склад Троцкага ваяводства i захоўвала адміністрацыйную самастойнасць да сярэдзіны 16 ст. Паводле тагачасных геаграфічных уяўленняў, на ўсход ад Кобрына пачыналася ўжо Палессе.
Заходняя частка Падляшша найбольш падлягала польскім, у першую чаргу мазавецкім уплывам. Мазавецкія князі часамі далучалі некаторыя яго тэрыторыі да сваіх уладанняў, сюды паступова наплывалі мазавецкія каланісты, якія прыносілі свае прававыя нормы. Адсюль вынікала значна меншая сувязь заходняй часткі Падляшша з уласна Літвой.
Сукупнасць вядомай нам інфармацыі сведчыць пра мірнае далучэнне беларускіх земляў да беларуска-літоўскага гаспадарства. Ужо сам факт недахопу дакладных звестак паказвае на адсутнасць вайны i гвалту, бо навакольныя летапісцы з храністамі звычайна не абміналі ўвагай войны i хваляванні ў суседзяў. Усе пералічаныя землі здаўна (па меншай меры з 12 ст.) мелі даўнія сувязі з Літвой i ўваходзілі ў яе «пояс бяспекі», дзе ліцвіны ніколі, крый Божа, не дапускаліся набегаў i гвалтаў.
Цікава параўнаць далучэнне да Літвы беларускіх земляў i Жамойці. Не выклікае сумненняў сувязь апошняй з Бялікім Княствам Літоўскім, але няма поўнай яснасці пра характар гэтай сувязі. Вядома, што існавала сціслае вайсковае супрацоўніцтва. Паводле крыніц, ліцвінскія войскі актыўна ўдзельнічалі ў абароне жамойцкай мяжы i праводзілі сумесныя або скаардынаваныя з жамойтамі вайсковыя аперацыі супраць Ордэна. Вядома, што на даручэнне Пукувера ягоныя сыны Віцень i Гедымін кіравалі асобнымі замкамі ў Жамойці арганізоўвалі абарону i набіраліся каштоўнага вайсковага досведу ў бітвах з найлепшым войскам Еўропы.
Гедымін заахвочваў жамойтаў да барацьбы з крыжакамі, прысылаў вайсковую дапамогу i запрашаў жамойцкіх вояў да ўдзелу ў сваіх выправах. Аднак вядомыя выпадкi, калі гаспадар ігнараваў інтарэсы жамойтаў. Напрыклад, у ліцвінска-ордэнскай мірнай дамове з 1338 г. Жамойць не была ўключаная ў спіс земляў, ахопленых мірам, таму крыжакі яе надалей рабавалі. З другога боку, Ордэн з усіх сілаў стараўся пасварыць Жамойць з Літвой, прапаноўваў выгодны саюз то ліцвінам, то жамойтам, абавязкова паасобку, шчодра ўзнагароджваў уцекачоў з Жамойці. Часамі жамойты паддаваліся на гэтыя намовы i выступалі супраць Гедыміна. У справе з хрышчэннем Гедыміна ix прадстаўнікі дазвалялі сабе нават пагражаць ліцвінскаму гаспадару. Адсюль вынікае выснова Жамойць не ўваходзіла ў склад Гедымінавага «каралеўства Літвы i Русі». Важнейшы таму доказ раздзел Гедымінам Азяржавы паміж сынамі не закрануў Жамойці. Найверагодней можна казаць пра цесны саюз або сюзерэнітэт Гедыміна (як тое было з Семігаліяй) над Жамойцю. Гэтая зямля знаходзілася ў сферы жыццёвых інтарэсаў Ордэнскай дзяржавы як мост да злучэння па сушы яе прускай i Інфлянцкай філіяў. Жамойты змагаліся за сваю незалежнасць i пры магчымасці выбару схіляліся да братняй Літвы, хоць нейкая частка мясцовай арыстакратыі была гатовая да саюзу з Ордэнам, дзеля захавання, па прыкладзе прусаў, асабістых зямельных уладанняў i грамадскай пазіцыі. У 14 ст. Жамойць стала арэнай жорсткай барацьбы паміж Ордэнам з аднаго боку i жамойтамі з Літвой з другога. Ліцвінскія гаспадары пад ціскам абставінаў неаднаразова згаджаліся на перадачу яе крыжакам. Справа закончылася толькі ў наступным 15 ст., калі паводле Мельнскай польска-ліцвінска-ордэйскай дамовы 1422 г. Жамойцкая зямля ўвайшла ў Вялікае Княства Літоўскае. Вынікае, што аб'яднанне ў Вялікім Княстве Літоўскім земляў, з якіх склалася сённяшняя Летува, адбылося на стагоддзе пазней, чым беларускіх. Сучасным ахвотнікам высвятлення этнічнай прыналежнасці гістарычнай Літвы варта звярнуць увагу на гэты гістарычны факт. Тады лягчэй будзе знайсці адказ на пытанне: чыёй дзяржавай у 14 ст. было Вялікае Княства Літоўскае беларускай ці летувіскай?
Тытул «кароль Літвы i Русі» (яшчэ раз звернем увагу у ім аніяк не прысутнічала Жамойць) Гедымін мог ужываць у лацінскіх дакументах з поўным правам. Ba ўласных летапісах Вялікага Княства Літоўскага (у навуковай гістарыяграфіі яны называюцца «беларуска літоўскімі»), якія пісаліся ў 15 16 ст., менавіта ад Гедыміна пачынаецца верагоднае апісанне гістарычных падзеяў, хоць i пра ягоную асобу засталося шмат легендарнай інфармацыі.
Гедымін перанёс сталіцу ў Вільню стары крывіцкі горад (узнік у 11-12 ст.) на рацэ Віліі буйным прытоку Немана. Легенда, змешчаная ў беларуска-літоўскіх летапісах, неправамерна прыпісвае Гедыміну заснаванне горада. Нібыта падчас палявання ён заначаваў на прыгожай гары над ракой Вільняю (упадае ў Вілію) i ўбачыў у сне на той гары вялікага жалезнага ваўка, «а ў яго ўнутры раве так, нібы сто ваўкоў вые». Язычніцкі святар-варажбіт патлумачыў гаспадару: жалезны воўк азначае сталічны горад, а моцны рык значыць, «што слава яго будзе гучаць па ўсім свеце». Уражаны Гедымін адразу ж заклаў на гэтым месцы горад. Насамрэч, на месцы Вільні ў 1 тыс. н. э. існавала балцкае паселішча. У 11-13 ст. ка гэтае, пакінутае ўжо ранейшымі жыхарамі месца, прыйшлі славянскія каланісты полацкія крывічы i заснавалі паселішча, якое разраслося ў горад. Верагодна, перанос сталіцы на Вілію быў выкліканы стратэгічным разлікам адсюль было зручней кіраваць найважнейшым заходнім вектарам замежнай палітыкі. Справы з Ордэнам як на поўначы (Лівонія-Інфлянты), так i на захадзе (Прусы), пастаянна патрабавалі імгненнага рэагавання, найперш, хуткага збору войска ў выпадку небяспекі.
Сучасныя даследаванні паказалі, што ў Вялікім Княстве Літоўскім Руссю называлі ўсходнюю частку сучаснай Беларусі Полаччыну, Віцебшчыну, Магілёўшчыну. Гісторыкі выявілі гэта ў дакументах 16 ст., але пачаткі такой традыцыі, несумненна сягаюць часоў Гедыміна, калі названыя вобласці ўвайшлі ў склад беларуска-літоўскага гаспадарства. Усе рэгіёны дзяржавы ў 16 ст. (да Люблінскай уніі) мелі дакладныя назвы: побач з Літвой і Руссю у дакументах выступаюць Палессе, Падляшша, Жамойць, Валынь, Кіеўшчына, Падолле. Яны захоўвалі ўласную спецыфіку адміністрацыйнага ўладкавання. У дзяржаву Гедыміна ўвайшла менавіта «беларуская» Русь. Гэтаксама русінамі называліся паводле веравызнання праваслаўныя жыхары іншых вобласцяў, у тым ліку Літвы i Падляшша. Адсюль вынікалі рэальныя падставы i поўнае права Гедыміна тытулавацца «каралём Літвы i Русі».
Захоўваючы шырокую аўтаномію i мясцовыя традыцыі, беларускія землі ўсё цясней ядналіся вакол Літвы як палітычна, так i эканамічна. Беларуская мова стала афіцыйнай, а таксама літаратурнай мовай на тэрыторыі Вялікага Княства. У самой Літоўскай зямлі працягваўся працэс балта-славянскіх, а дакладней летувіска-беларускіх кантактаў, вынікам якога была паступовая беларусізацыя (у тым ліку сялянская) паўночнай летувіскай часткі (Віленшчына - Аўкштота). Менавіта ад Гедыміна распачаўся г. зв. «залаты век» Беларусі найбольш поўнае i гарманічнае развіццё беларускай культуры, калі яна ахоплівала ўсю грамадскую структуру краіны ад сялянскага стану да вялікіх князёў. У сапраўднасці «залаты век» заняў больш двух стагоддзяў працягваўся аж да Люблінскай уніі i петым ніколі ўжо не паўтарыўся. Аднак ён заклаў асновы нацыянальнага жыцця, якія ператрывалі ўсе нягоды, асіміляцыі, фізічнае вынішчэнне насельнікаў гэтай зямлі. Дзякуючы таму сярэднявечнаму «залатому веку» сёння існуе яшчэ беларускі народ.
Раздел шосты. Выпрастаная спружына
Міжнародная сітуацыя i, галоўнае, унутраны стан дзяржавы Гедыміна давалі яму даволі шырокае поле для актыўнай знешнепалітычнай дзейнасці. На галоўным заходнім кірунку пасля некалькіх гадоў адноснага спакою ўсё вярнулася «на кругі свае», г. зн. зноў распачалася звыклая вайна. Ордэнскія войскі, пачынаючы ад 1328 г., кожны год праводзілі па адным, а то i па два паходы супраць Літвы i Жамойці. Асноўнымі аб'ектамі нападаў прускіх крыжакоў былі Гародня i розныя воласці ў Жамойці. У тым самым 1328 г. ордэнскія войскі атакавалі Гародню i яшчэ дзве мясцовасці ў Жамойці. I так працягвалася да самой смерці Гедыміна. Полацкая зямля цярпела ад інфлянцкіх рыцараў (паходы ў 1333, 1334 гг.) У 1334 г. ордэнскае войска дайшло нават да ваколіц новай сталіцы Гедыміна Вільні.
Ліцвіны таксама рэгулярна выпраўляліся супраць прускіх i інфлянцкіх рыцараў, але ix паходы адбываліся значна радзей. Акрамя згаданых ужо выправаў у рамках польска-ліцвінскага саюзу (1330, 1331 гг.), Гедымін арганізаваў вайсковыя паходы ў 1329, 1336, 1337, 1338 гг. Як заўжды, гаспадар умела выкарыстоўваў дыпламатыю. У 1338 г. ён выключыў з гульні Інфлянцкі ордэн, падпісаўшы з ім мір, які не датычыў Ордэнскай дзяржавы ў Прусах.
Прускія i рускія справы былі вельмі важнымі, але, напэўна, не толькі яны займалі Гедыміна. Узмацненне Польшчы i Літвы, асабліва далучэнне да апошняй Падляшша, пагоршыла ліцвінска-мазавецкія адносіны. Мазавецкія князі, якія самі мелі прэтэнзіі на Падляшша, змянілі арыентацыю 1 замест Польшчы ды Літвы пачалі збліжэнне з Ордэнам. Адказам на польска-ліцвінскі саюз (1325 г.) была вайсковая дамова 1326 г. трох мазавецкіх князёў (у тым ліку i зяця Гедыміна Вацлава).
З Ордэнам пра ўзаемную дапамогу ў выпадку нападу ворагаў. Натуральна, меўся на ўвазе напад палякаў ці ліцвінаў. Калі справа неўзабаве дайшла да вайны (у 1327 г.), то Ордэн выступіў у саюзе з мазаўшанамі, а Гедымін збройна дапамагаў палякам.
Пазней мазавецкія князі стараліся захоўваць нейтралітэт, але часам зноў збліжаліся то з Польшчай, то Ордэнам. Мірныя адносіны з Літвой для ix закончыліся ў 1336 г., калі Гедымін выслаў на Мазовію свае войскі на чале з сынамі, сярод якіх былі Альгерд i Кейстут. Выправа прайшла паспяхова, ліцвіны прывялі з чужьоны шматлікі палон. Аднак напад на Мазовію ў наступным годзе закончыўся паразай ліцвінскага войска. Мазавецкая пагоня заспела яго на пераправе праз Нараў, i шмат ліцвінскіх вояў загінула. Наступны паход на Мазовію адбыўся прыканцы гаспадарання Гедыміна ў верасні 1340 г.
Важнай справай для Літвы былі адносіны з Галіцка-Валынскім княствам, дзе перарвалася лінія ўласнага княскага роду. Паводле крыніц, двух апошніх галіцка-валынскіх князёў Андрэя i Льва Юр'евічаў не было ў жывых ужо ў 1323 г. Сем гадоў раней, у 1316 г., гэтыя князі, адчуваючы пагрозу як з боку Польшчы, так і з боку Літвы, аднавілі саюз з ix ворагам Тэўтонскім ордэнам, які для Валыні рэальнай пагрозы не нёс. Антылітоўскую скіраванасць саюзу ў тэксце дамовы палічылі за лепшае замаскаваць. Пісалася, што галіцка-валынскія князі будуць бараніць тэўтонскіх рыцараў ад татараў (фактычна рыцарам не страшных) i «адусялякага варожага нападніка». Ордэнская дзяржава якраз вяла актыўйыя баі з Літвой, таму няцяжка здагадацца, хто быў тым «варожым нападнікам».
Апошнім галіцка-валынскім князем стаў Баляслаў сын сястры Юр'евічаў Марыі i мазавецкага князя Трайдэна. У сувязі з новым княжаннем на Валыні Баляслаў перайшоў з каталіцтва ў праваслаўе пад імем Юры. Таму ў гістарыяграфіі ён выступае з падвойным імем Юры-Баляслаў або Баляслаў-Юры. Новы князь у 1327 г. пацвердзіў працяг прыязных адносінаў з Ордэнам, але адначасова не ўхіліўся ад збліжэння з Вялікім Княствам Літоўскім. У 1331 г. Юры-Баляслаў узяў у Плоцку шлюб з дачкой Гедыміна, папярэдне ахрысціўшы яе пад імем Яўфімія (скарочана ў крыніцах Офка). Акрамя таго, Гедымін заклаў фармальныя праўныя падставы для прэтэнзій ягоных наступнікаў на галіцка-валынскую спадчыну, ажаніўшы (дата шлюбу дакладна невядомая) свайго сына Любарта з тутэйшай князёўнай. Гэтая камбінацыя нагадвае справу з Віцебскам, толькі там, у адрозненне ад Валыні, усё прайшло мірна. Як інфармуе пазнейшы запіс у беларуска-літоўскім летапісе, «а Любарта прыняў уладзімірскі князъ да дачкі, ва Уладзімір і ў Лучэск (Луцк А.К.) i ва усю зямлю Валынскую». Невядома, праўда, з чыёй дачкой ажаніўся Любарт аднаго з Юр'евічаў ці ca сваёй пляменніцай дачкой Юрыя-Баляслава (у навуковай літаратуры выказвалася i такая версія). Пасля смерці Юрыя-Баляслава, якая наступіла ў адзін год з Гедымінам, Любарт Гедымінавіч прад'явіў i падтрымаў сілай зброі свае правы на галіцка-валынскую спадчыну.
Да сённяшняга дня выклікае дыскусіі сярод гісторыкаў праблема ўзаемаадносінаў дзяржавы Гедыміна з Кіеўскай зямлёй. Летапісная традыцыя з 16 ст. Прыпісвае Гедыміну падпарадкаванне гэтай зямлі, гэтаксама як i Галіцка-Валынскага княства. Навуковы аналіз крыніц паказаў супярэчлівасць гэтых звестак. Дакладна вядома, што Валынь захавала незалежнасць да 1340 г. тут кіравалі свае князі. З Кіевам сітуацыю праясніць складаней з прычыны адсутнасці інфармацыі. Часта даследчыкі абапіраюцца ў сваіх высновах на аналіз аднаго эпізоду з 1331 г., вядомага na летапісным пераказе. У гэтым годзе кіеўскі мітрапаліт Феагност высвяціў на наўгародскага архіепіскапа выбранага наўгародцамі кандыдата уладыку Васіля. Для рукапалажэння кандыдат у суправаджэнні наўгародскіх пасаднікаў выехаў ва Уладзімір-Валынскі тагачаснае месцазнаходжанне рэзідэнцыі мітрапаліта. Дарога напрасткі пралягала праз Беларусь.
Як паведамляюць летапісы, Гедымін затрымаў пасольства i адпусціў толькі тады, калі наўгародцы абавязаліся прыняць князем на адзін з удзелаў у сваей зямлі ягонага сына Нарымунта. У Валыні Васіль быў высвечаны ў сан, але i назад вярнуцца спакойна яму не ўдалося. Амаль услед за наўгародцамі да мітрапаліта прыбылі паслы ад Пскова i Гедыміна з просьбай рукапалажыць для Пскова асобнага ад Ноўгарада біскупа Арсенія. Гэтаму запярэчылі наўгародцы, бо Пскоў здаўна належаў да ix епархіі (што давала падставы Ноўгараду лічыць яго сваім прыгарадам). Мітрапаліт прыслухаўся да аргументаў наўгародскай дэлегацыі i адмовіўся паставіць для Пскова асобнага епіскапа: «Арсеній ад'ехаў з пскавічамі пасрамлёны ад мітрапаліта». Але i Гедымін, чыя пратэкцыя была праігнараваная. таксама палічыў сябе абражаным. Свядомы гэтага ўладыка Васіль вырашыў вяртацца дадому, абмінаючы тэрыторыю Літвы «паміж Літвой i Кіевам уходам бегучы». У дарозе наўгародцаў дагнала вестка ад мітрапаліта, што «князь літоўскі адпусціў на вас 500 чалавек літвы, вас паймаці». Мінуўшы Кіеў, Васіль пад'ехаў да Чарнігава i тут: «навучэннем д'ябальскім прыгнаў князь Хведар кіеўскі з баскакам [6] у 50 чалавек разбоем, i ноўгарадцы асцерагліся i стаялі насупраць сябе, мала зло не ўчынілася паміж імі, а князь, дазнаўшы сораму, пабег прэн, а ад Бога кары неўцёк, бо памерлі ў яго коні».
Удзел кіеўскага князя ў пераследзе няўгодных Гедыміну наўгародцаў даў падставы некаторым гісторыкам меркаваць пра залежнасць Кіева ад дзяржавы Гедыміна.
З другога боку прысутнасць пры Хведары кіеўскім баскака пацвярджае падпарадкаванне яго княства татарам. Выказвалася таксама меркаванне, што Кіеў мог мець падвойную залежнасць i ад татараў, i ад Літвы. Хоць у нас няма рэальных падстаў казаць пра падпарадкаванне Кіева Гедыміну, але нельга не заўважыць наяўнасці тут уплываў магутнага ўладара Літвы. У адным з тагачасных дакументаў упамінаецца брат Гедыміна Хведар. Выказвалася меркаванне, што тым братам мог быць князь Хведар кіеўскі (як Воін быў князем полацкім).
Некаторыя дадзеныя дазваляюць казаць пра істотныя палітычныя ўплывы Гедыміна ў значка аддаленых ад Літвы Смаленскай i Северскай землях (да апошняй належалі дробныя гарады-дзяржавы; Ноўгарад-Северскі, Чарнігаў, Бранск, Казельск, Навасільск i інш.). Аднак i тут характар ix залежнасці ад беларуска-літоўскага гаспадарства дакладна не высветлены. Напрыклад, у дамове з Рыгай у 1340 г. смаленскі князь назваў Гедыміна старэйшым братам.
Несумненна, Гедымін павінен быў браць пад увагу «татарскі фактар». Ягоная дзяржава паступова пашыралася i падыходзіла да межаў падлеглых татарам рускіх княстваў. Нягледзячы на перыядычныя крызісы i ўнутраныя хваляванні, Залатая Арда ў 14 ст. заставалася магутнай сілай, з якой лічыліся ўсе навакольныя манархі. Мы не маем дэталёвых сведчанняў пра ліцвінска-татарскія адносіны ў часы Гедыміна, але ведаем, што яны падтрымліваліся. Пра гэта сведчаць рэдкія, але выразныя ўпамінанні ў крыніцах. Прыпомнім, як у 1324 г. падчас візіту пасланцоў папскіх легатаў тыя занатавалі прысутнасць пры двары Гедыміна татарскіх паслоў, з якімі гаспадар вёў перамовы. У сваю чаргу, ліцвінскія паслы бывалі i ў Ардзе. Адсутнасць заўважных ліцвінска-татарскіх канфліктаў можна патлумачыць дзвюма прычынамі. Па-першае, Гедымін далучаў да сваёй краіны беларускія землі, якія ні фармальна, ні фактычна не былі «ў волі татарскай». Ні Полацак з Віцебскам (у адрозненне ад Вялікага Ноўгарада), ні Тураў з Пінскам не плацілі даніны татарам i не пасылалі ў Арду паслоў даваць прысягу васальнай вернасці. Дарэчы, на гэтым факце грунтуецца адна з версіяў паходжання назвы Беларусі: Белая значыць вольная, свабодная ад татараў.
Пакуль Гедымін дзейнічаў у беларускай прасторы, сутыкненне з татарамі яму рэальна не пагражала. Са стэпавікамі ліцвінскі гаспадар паводзіўся ў сваім стылі асцярожна, дыпламатычна, аддаючы перавагу мірным кантактам, а не ваенным нападам. Ханы Залатой Арды таксама жадалі б пашырэння падуладнай ім тэрыторыі, але найлепшыя часы ix дзяржавы засталіся ў мінулым. Раней ці пазней ліцвінска-татарскія супярэчнасці павінны былі давесці да сур'ёзнага канфлікту, i сталася тое ў часы гаспадарання сына Гедыміна - вялікага князя Альгерда.
Тым не менш, i пры Гедыміне адносіны з Ардой нельга назваць ідылічнымі, бо ліцвінскі гаспадар пашыраў свае ўплывы таксама на землі з Вялікага Княства Уладзімірскага, якое было непасрэдна падпарадкавана Залатой Ардзе. Паміж мясцовымі князямі адбывалася жорсткая барацьба за ханскі ярлык на вялікае княжанне, ці, іначай, за лідарства ў Паўночна-Усходняй Русі будучай Расеі. Асноўнымі прэтэндэнтамі спадужнікамі ў гэтай барацьбе ў часы Гедыміна былі Цверскае i Маскоўскае княствы. Як вядома, Гедымін наладжваў кантакты i з адным, i з другім, выдаўшы сваіх дачок за цверскага i маскоўскага князёў. Паступова выявілася, што маскоўскія князі аказаліся больш спрытнымі i ўдачлівымі ў здабыванні прыхільнасці татарскіх ханаў ды знішчэнні сваіх канкурэнтаў. Адсюль па заўсёднай логіцы знешняй палітыкі вынікала збліжэнне Гедыміна са слабейшымі цверскімі князямі, i ахаладжэнне адносінаў з маскоўскімі. У сваю чаргу, уладары Цверскага княства шукалі ў Літве апоры i падтрымкі супраць Масквы. У выніку пачаў афармляцца ліцвінска-цверскі саюз, які трываў амаль паўтары сотні гадоў.
Да аслаблення Цверы значна спрычынілася антытатарскае паўстанне ў 1327 г. (мясцовы князь Аляксандр беспаспяхова спрабаваў яго спыніць), калі цверычы перабілі татарскі атрад разам з ханскім паслом Чалханам (летапісны Шчалкан) стрыечным братам хана Узбека. Ацалелыя ардынцы ўцякалі праз верную ім Маскву. За імі да хана скіраваўся ўласнай асобай маскоўскі князь Іван Данілавіч (Каліта), каб засведчыць сваю вернасць i ачарніць спадужніка-цверыча. Менавіта маскоўскі князь i правёў карную экспедыцыю, якая страшэнна спустошыла Цверскую зямлю, стаўшы на чале войска рускіх князёў i татарскага атраду. Цверскі князь Аляксандр Міхайлавіч уцёк спачатку ў Ноўгарад, а калі яго там не прынялі, у Пскоў. У1329 г. Іван Данілавіч дабраўся i туды прыйшоў з войскам сваім i іншых рускіх земляў (у тым ліку з ноўгарадскай Дружынай). Напалоханыя пскавічы выправілі Аляксандра з горада, i той знайшоў палітычны прытулак у Вялікім Княстве Літоўскім у Гедыміна. Праз два гады Аляксандр Міхайлавіч вярнуўся ў Пскоў, каб сесці тут «з рукі» Гедыміна i княжыць шэсць гадоў.
Аднак Аляксандр цверскі не жадаў адмаўляцца i ад сваёй бацькаўшчыны. Ён паразумеўся з Узбекам, у 1337 г. выправіўся у Арду, афіцыйна павініўся перад ханам, той усё дараваў i літасціва вярнуў яму княства Цверскае. У сваю чаргу, візіт хану зрабіў князь маскоўскі Іван Каліта (зімой 1338-1339 г.), пасля чаго адносіны Узбека да Аляксандра цверскага рэзка змяніліся. Хан выклікаў яго ў сваю стаўку i праз некаторы час (у выніку маскоўскіх інтрыг) загадаў забіць разам з сынам Хведарам. Іван Каліта, наадварот, атрымаў ад татарскага сюзерэна новыя «пажалаванні». Гісторыкі выказалі меркаванне, што трагічны лёс цверскіх князёў быў абумоўлены ix сувязямі з Гедымінам, якія перад ханам раскрыў у сваёй інтэрпрэтацыі Іван Каліта. У выніку Іван Данілавіч стаў першым маскоўскім князем, які захаваў за сабой Вялікае Княства Уладзімірскае да самой смерці.
Маскоўскі князь пашыраў свае ўладанні i ўплывы пад шырмай павелічэння ўладанняў татарскіх. У якасці аднаго з чарговых аб'ектаў да паглынання прызначалася суседняя Смаленская зямля. Мясцовы князь Іван Аляксандравіч выбраў больш талерантную Літву i прызнаў сваім сюзерэнам Гедыміна. Гэта азначала стан вайны паміж Ардой i Літвой. Зімой 1339-1340 г. татарскае войска выправілася паходам на Смаленск. Дапаможныя ім рускія войскі арганізаваў вялікі князь маскоўскі. Паход закончыўся беспаспяхова, а Іван Каліта хутка памёр (31 сакавіка 1340 г.)
Пскоўская рэспубліка ад самога пачатку княжання Гедыміна падтрымлівала з ім добрыя адносіны, пра што сведчыць збройная выправа Давыда Гарадзенскага ў абароне пскоўскіх інтарэсаў у 1322 г. Акрамя таго, пратэкцыя ліцвінскага гаспадара дапамагала пскавічам у прыбалтыйскім гандлі, а таксама ў справе незалежнасці ад Вялікага Ноўгарада. Праўда, у выпадку асаблівай патрэбы, напрыклад, збройнай пагрозы, Пскоў паддаваўся вялікаму князю маскоўскаму. Але той быў далёка i яшчэ занадта слабы, таму купецкая рэспубліка зноў i зноў вярталася да палітыкі шукання пратэкцыі ў Літве. У апісаным эпізодзе са спробай займець асобнага ад Ноўгарада епіскапа, пскоўскае пасольства суправаджалі i падтрымлівалі паслы Гедыміна.
Ліцвінскі гаспадар наладзіў, хоць не адразу, мірныя адносіны i з Вялікім Ноўгарадам. У 1324 г. ягоныя войскі выйшлі на памежжа з Наўгародскай зямлёй: «ваяваша Літва Ловаць i ўганіша ix наўгародцы, i біша я, а іныя убежаша». Гэтая параза ліцвінаў паўплывала на замірэнне з Вялікім Ноўгарадам у 1326 г., якое на паўтары сотні наступных гадоў стала асновай добрасуседскіх ліцвінска-наўгародскіх адносінаў. Ініцыятарам выступіў дыпламат Гедымін, бо менавіта яго пасольства прыехала ў Ноўгарад у гэтай справе. Яно акрэсліла статус памежных наўгародскіх воласцяў, якія знаходзіліся пад суверэнітэтам Ноўгарада, але плацілі падатак таксама Літве г. зв. чорную куну. Такім спосабам Літва станавілася гарантам недатыкальнасці гэтых наўгародскіх тэрыторый найбольш аддаленых ад цэнтра, таму праблематычных падчас абароны. Акрамя таго, наўгародцы прынялі на свае воласці князем сына Гедыміна Нарымонта. Гэта адбылося праз два гады пасля абяцання, атрыманага Гедымінам ад наўгародскага архіепіскапа Васіля падчас ягонага праезду праз Літву. Уплыў на запрашэнне Нарымонта меу канфлікт з маскоўскім князем, які падбіраўся да багатых наўгародскіх уладанняў. Наўгародскі летапіс адзначыў пад 1333 г.: «Сем же лете въложи Бог в сердце князю Литовьскому Наримонту, нареченному в крещении Глебу, сыну великого князя Литовьскаго Гедимина. И приела в Новъгород, хотя поклонитися святей Софеи; и послаша новгородци по него Григорью и Олександра, и позваша его к собе; и прииха в Новъгород, хотя поклонитися, месяца октября; и прияша его с честью, и целова крест к Великому Новуграду за один человек; и даша ему Ладогу, и Ореховый, и Корельскыи, и Карельскую землю, и половину Копорья в отцину и в дедину, и его детем». Як сапраўдны дыпламат, Гедымін пастараўся нейтралізаваць i маскоўскага візаві у канцы 1333 г. быў арганізаваны шлюб Айгусты Гедымінаўны (у хрышчэнні Настассі) з сынам Івана Каліты Сімяонам. Аднак гэты шлюб не паклаў пачатак добрым адносінам з Масквой (таксама як пазней, у 15 ст., шлюб прапраўнука Гедыміна Аляксандра i маскоўскай князёўны Алены). Для Гедыміна, які выхоўваўся на заходняй школе дыпламатыі, шлюб дзяцей абавязваў, прынамсі, да хоць бы фармальнага міру, маскоўскі сват падобнымі этычнымі нюансамі не пераймаўся.
У наступным 1334 г. наўгародцы памірыліся з Калітой, а Нарымонт пакінуў наўгародскую тэрыторыю i ад'ехаў у Літву. Ад кармлення ён не адмовіўся, пакінуўшы на воласцях намеснікаў. Пра ix наўгародскія крыніцы ўпамінаюць яшчэ ў 1338 i 1347 гг. Адказам Гедыміна на наўгародска-маскоўскае збліжэнне быў збройны наезд на наўгародскую воласць Таржок.
У такой сітуацыі Іван Данілавіч Каліта мусіў падтрымаць свой аўтарытэт ды задэманстравацца надзейным саюзнікам гарантам наўгародскай бяспекі. Упершыню ў гісторыі маскоўскі князь насмеліўся збройна выступіць супраць Вялікага Княства Літоўскага. Аб'ектам ягонай атакі сталі невялікія гарадкі ва ўсходняй частцы Смаленскай зямлі; Асечан, Расна i інш. Хоць гэта не была непасрэдна тэрыторыя дзяржавы Гедыміна, але сучаснікі ўспрымалі ix як літоўскія: «... i паслаў князь вялікі, папалілі гарадкі літоўскія Асечан i Расну i іншых гарадоў многа». Гэта першы вядомы з крыніц збройны канфлікт Масквы з Літвой, а канкрэтней, з залежным ад яе княствам Смаленскім. Справа не дайшла яшчэ да непасрэднай сустрэчы на полі бою. Спадужнікі на той час, можна сказаць, мелі розную вагавую катэгорыю. Масква толькі-толькі выбівалася на першыя ролі ў сваім рэгіёне (Паўночна-Усходняй Русі), а Літва ўжо вырастала ў наймацнейшую дзяржаву ва ўсёй Усходняй Еўропе. Яе тэрыторыя імкліва павялічвалася. Гедымін збіраў плён цяжкой працы сваіх папярэднікаў. Ліцвінская спружына пачала выпроствацца.
Раздзел сёмы. Тастамент Гедыміна
Гедымін загадзя паклапаціўся пра спадчыну, якую меўся пакінуць сваім дзецям. А дзяцей у яго было шмат, па розных звестках сем ці восем сыноў i шэсць дачок. Ёсць розныя меркаванні адносна чарговасці ix народзінаў. Вось адна з дэталёва апрацаваных рэканструкцый:
- НАРЫМУНТ нарадзіўся каля 1300-1302 г.;
- ЕЛІЗАВЕТА (жонка плоцкага князя Вацлава Ванька) - нарадзілася каля 1301-1304 г.;
- ВІТАЎТ нарадзіўся каля 1302-1304 г.;
- АЛЬГЕРД нарадзіўся каля 1303-1305 г.;
- МАРЫЯ (жонка Дзмітрыя Грозныя Вочы, вялікага князя цверскага) нарадзілася каля 1304-1307 г.;
- КАРЫЯТ нарадзіўся каля 1305-1308 г.;
- ЯЎНУТ нарадзіўся каля 1306-1309 г.;
- КЕЙСТУТ нарадзіўся каля 1308-1310 г.;
- АЛЬДОНА (жонка польскага караля Казіміра IV) нарадзілася каля 1311-1313 г.;
- АЮБАРТ нарадзіўся каля 1312-1315 г.;
- МАНІВІД нарадзіўся каля 1313-1315 г.;
- ІМЯ невядомае (Яўфімія?) (жонка галіцка-уладзімірскага князя Баляслава Юрыя II) нарадзілася каля 1314-1317 г.;
- ІМЯ невядомае (Алена?) (жонка казельскага князя Андрэя) нарадзілася каля 1315-1319 г.;
- АЙГУСТА (Настасся) (жонка маскоўскага вялікага князя Сімяона Гордага) нарадзілася каля 1316-1321 г.
Дапускаецца таксама, што усе дзеці маглі быць ад аднаго шлюбу з прыгаданай Еўнай. Гэтая прыблізная храналагічная рэканструкцыя, як i іншыя падобныя, зробленая на падставе розных звестак пра дату шлюбу названых асобаў.
У вялікага чалавека i даробак аказаўся вялікі. Пра многія набыткі Гедыміна (прыкладам пра далучаныя да ягонай дзяржавы новыя тэрыторыі) мы даведваемся толькі з яго тастаменту. Ён быў складзены ў апошнія гады жыцця вялікага князя, гэта значыць пасля 1338 г. Змест тастаменту да нас дайшоў дзякуючы вельмі сцісламу пераказу пазнейшага беларуска-літоўскага летапісу: «Мантывіду бацька даў Карачаў [7] і Слонім, Нарымонту Пінск, бацьку караля [8] - Крэва, да тага ж князь віцебскі сыноў не меў i прыняў (Альгерда) да дачкі ў Віцебск у зяці, Яўнута пасадзіў у Вільні на вялікае княжанне, Кейстуту даў Трокі, Карыяту Ноўгарадок, а Любарта прыняў уладзімірскі князь да дачкі ва Уладзімір i ў Луцк i ва ўсю зямлю валынскую». З гэтага кароткага, але надзвычай каштоўнага, запісу відаць, што гаспадар дзяліў між сынамі галоўнае ўладанне, ядро дзяржавы Літву, ды яшчэ найбліжэй размешчанае i найшчыльней з ёй звязанае Пінскае княства.
У гэтай Літве, якую дзеля адрознення ад агульнай назвы дзяржавы называюць у гістарыяграфіі «ўласна Літвой», удзелы атрымалі пяць сыноў вялікага Гедыміна: Яўнут, Альгерд, Кейстут, Манівід i Карыят. Летапіс упамінае яшчэ Віцебскую i Валынскую землі. Пра Віцебск ведаем, што ён, падобна Полацку, у наступныя часы захаваў значную аўтаномію. Гэта дадаткова пацвярджаецца тастаментам. Гедымін не мог свабодна распараджацца Полацкай i Віцебскай землямі як сваімі патрыманіяльнымі ўладаннямі ў Літве. Віцебскім князем Альгерд стаў не з волі бацькі, а па рашэнні мясцовага асяродка ўлады. Каб забяспечыць сыну больш трывалае становішча, бацька перадаў яму яшчэ важны ўдзел у самой Літве. Таксама i Нарымонт, які быў прыняты князем на шэраг ноўгарадскіх воласцяў, атрымаў ад бацькі больш гарантаванае ўладанне Пінскае княства.
Любарту ў самой Літве ўладання не дасталася, магчыма, бацька ведаў пра ягонае пэўнае становішча на Валыні. Паколькі ліцвінскі летапісец рабіў гэты запіс нашмат пазней, дзесьці ў канцы 15 ст., таму ўжо ведаў, чым скончыліся прэтэнзіі Любарта на галіцка-валынскую спадчыну.
Не выклікае сумнення, што пры Гедыміне да дзяржавы было далучанае Падляшша; гісторыкі дыскутавалі толькі пра канкрэтную дату гэтай падзеі. У 13 ст. гэтая зямля належала валынскім князям, але была, як напісаў Мацей Любаўскі: «палітычна адзінай i замкнутай у сабе, ca сваімі асаблівымі інтарэсамі i памкненнямі, ca сваім галоўным городам Берасцем. Гэтае палітычнае адзінства я на захоўвала ў першую пару пасля далучэння да Літвы пры вялікім князі Гедыміне». I тут бачым імкненне Гедыміна да захавання мясцовых традыцый. Калі Альгерд з Кейстутам пасля смерці бацькі перанялі ўладу у дзяржаве, то Падляшша дасталося Кейстуту разам з Гарадзенскім княствам. Адсутнасць у пераліку Гарадзенскай зямлі можна вытлумачыць тым, што яна ўжо ад 13 ст. была адміністрацыйна звязаная з Трокамі i таму разам з імі адышла да Кейстута.
Гедымін нікому з сыноў не адпісаў Жамойці, гэтая зямля ўвогуле не ўпамянутая ў тастаменце. Адносіны Жамойці з Літвой складваліся няпроста, хоць пэўнымі выглядаюць тут два нюансы. Па-першае, мела месца даўняе ліцвінска-жамойцкае збліжэнне на глебе супольнага змагання супраць Ордэна; па-другое, Жамойць у склад дзяржавы Гедыміна не ўваходзіла.
Падобным чынам выглядала справа з Семігаліяй. Гедымін у дакументах тытулаваўся князем семігалаў, заступаўся за ix парад папам рымскім, абвінавачваў крыжакоў у спусташэнні іхняй зямлі. Як вядома, ліцвінска-семігальскія прыязныя адносіны сягаюць сваімі пачаткамі яшчэ ў 13 ст., да часоў вялікага князя Трайдэна. Як i ўЖамойці, даўняя традыцыя супрацы фармавалася на глебе сумеснай барацьбы супраць ордэнскіх рыцараў, тым разам інфлянцкіх.
Тастамент гаспадара пралівае святло на тэрыятарыяльны абсяг i ўнутранае ўладкаванне дзяржавы Гедыміна. Сваім дзецям Гедымін перадаваў дзяржаву нашмат большую па тэрыторыі за тую, якую ён прыняў пасля брата Віценя. Асноўным яе ядром па-ранейшаму была Літва Верхняе i Сярэдняе Панямонне вобласць з беларускімі гарадамі Наваградкам, Гародняй, Слонімам, Ваўкавыскам, Вільняй i мяшанай беларуска-летувіскай вясковай ваколіцай. На поўначы Літвы жыло шчыльнай масай балцкае, пераважна летувіскае насельніцтва, якое было язычніцкім і не мела гарадоў, на поўдні беларускае з ужо трывалымі хрысціянскімі традыцыямі i развітымі гарадамі. Паміж двума этнічнымі масівамі не існавала выразнай мяжы, а мелася шырокая кантактная зона, у якой мясцовыя балты паступова беларусізаваліся.
Гэтая «ўласна Літва» i была тым першапачатковым Вялікім Княствам Літоўскім, якое адваёўвалі, баранілі i перадавалі далей папярэднікі Гедыміна. За час яго гаспадарання Літва «абрасла» новымі землямі, у першую чаргу найбліжэйшымі да яе межаў. Прыросту не назіралася толькі на прускім i інфлянцкім напрамках. Там ішла вайна, у якой Літва сама мусіла бараніцца, каб не аддаваць ні свае тэрыторыі, ні землі саюзнікаў.
Гедымін упершыню аб'яднаў у адной дзяржаве амаль усе гістарычныя вобласці Беларусі (акрамя Смаленска) i накінуў палітычную залежнасць ад Літвы размешчаным далей за імі ўкраінскім i рускім землям. Уплывы Вялікага Княства Літоўскага пашыраліся па Усходняй Еўропе, як хвалі-кругі на спакойнай вадзе.
На падставе тастаменту можна рабіць высновы i пра прынцып наследавання ўлады ў Літве. Запавет Гедыміна паказвае, што ягоная дзяржава выглядала дастаткова тыпова для сярэднявечча i была патрыманіяльнай манархіяй. Паводле тагачаснага права яна лічылася ўласнасцю гаспадара. Той перадаваў яе дзецям i дзяліў між імі паводле ўласнага рашэння. Таксама найвышэйшая ўлада перадавалася не па праве старшынства, а па волі вялікага князя. На вялікакняскім пасадзе у Вільні Гедымін пакінуў не старэйшага сына Нарымунта, а Яўнута, якога бацька па нейкіх прычынах выдзяляў сярод іншых. Гэтае рашэнне першая праява традыцыі перадачы вярхоўнай улады ў Літве, якая працягнулася пры Альгердзе i Кейстуце. Яно таксама сведчыць пра надзвычайна моцную пазіцыю цэнтральнай улады, увасобленай у вялікім князі.
Каб не ствараць падставы для палітычнага спадужніцтва паміж старэйшымі i малодшымі прадстаўнікамі роду, Гедымін не пакінуў зямельных уладанняў у Літве сваім братам: полацкаму князю Воіну i Хведару (верагоднаму князю кіеўскаму).
Гісторыкі да гэтага часу не высветлілі, па якіх прычынах Гедымін ажыццявіў менавіта такі падзел. Найперш, ім незразумелая сітуацыя з Яўнутам чаму яго бацька пакінуў на пасадзе вялікага князя, але асабістае ўладанне зрабіў меншым, а гэта значыць слабейшым, чым у Альгерда i Кейстута. Тыя атрымалі размешчаныя побач з Вільняй Трокі i Крэва. Альгерд, да таго ж, меў Віцебскую зямлю, а Кейстут Гарадзенскую і, як мяркуецца, Падляшша. Першае, што прыходзіла ў галаву даследчыкам, простае тлумачэнне маўляў, Яўнут быў улюбёнцам Гедыміна.
Аднак Гедымін усім сваім жыццём i дзейнасцю давёў, што ён з'яўляўся дастаткова разумным i дальнабачным палітыкам, каб кіравацца адной бацькоўскай прыхільнасцю. Вядомы польскі гісторык Генрык Пашкевіч прыйшоў да іншай высновы: Гедымін у гэтым выпадку, як заўсёды, добра прадумаў сваё рашэнне. Уладар Вільні павінен быў стаць рэгулятарам узаемаадносінаў паміж братамі, у той час, як два наймацнейшыя князі (Альгерд i Кейстут) мелі прыкрываць ды забяспечваць два самыя важныя напрамкі знешняй палітыкі захад i ўсход. Кожны з сыноў на сваім удзеле меў дакладна вызначанага ворага на мяжы, кожны адрабляў сваю дзялку: Альгерд з паўночнай i ўсходняй Руссю; Кейстут з Мазовіяй i асабліва з Ордэнскай дзяржавай у Прусах; Яўнут наладжваў адносіны з Інфлянтамі; Карыят дзейнічаў на паўднёва-усходнім кірунку; Нарымунт на паўднёвым (татарскім); Любарт разбіраўся з Польшчай; толькі Манівід не прысутнічаў у гэтай схеме.
Гедымін спадзяваўся на згоду паміж нашчадкамі, на свой аўтарытэт i шанаванне сваёй апошняй волі. Можна сабе ўявіць, як вялікі ліцвін сядзіць у палацы віленскага замка, акружаны сынамі i дарадцамі, вяршыць дзяржаўныя справы. Рухі ягоныя нетаропкія, пастава спакойная і велічная. Гаворыць таксама нетаропка, важка, кожнае слова мае значэнне i ловіцца ў лёт. Гаспадар не прывык да непаслушэнства, пакуль ён жывы, не можа быць i намёку на нейкі канфлікт ці нязгоду між сынамі. Іншая справа, калі тыя сталі самастойнымі палітычнымі дзеячамі кіраўнікамі ўдзелаў. На жаль, пры ўладзе рэдка бывае поўнае паразуменне. Разлікі вялікага гаспадара на згоду ў родзе пасля ягонай смерці аказаліся памылковымі. Яўнут на галоўным пасадзе краіны надоўга не затрымаўся.
Дзіўным выглядае такі палітычны пралік, як падзел дзяржавы на ўдзелы для сыноў. Больш рацыянальным рашэннем было б перадаць усю ўладу аднаму, а рэшце пакінуць толькі невялікія ўладанні для пракорму ды падтрыманьня прэстыжнага статусу князёў Гедымінавічаў. Не выклікае сумнення, што пры жыцці бацькі дзеці жылі i дзейнічалі заадно, як сапраўды адзіная сям'я. Ці Гедымін сапраўды верыў, што так будзе i надалей, калі яны застануцца без яго? Ці проста не мог дапусціць палітычнай дэградацыі сыноў, выгадаваных бацькам на дзяржаўных мужоў, якія кіравалі немалымі Землямі?
Канфлікт паміж рацыяй стану i бацькоўскай любоўю стаў, напэўна, самай вялікай супярэчнасцю ў жыцці вялікага гаспадара, i ён яе вырашыў па-бацькоўску. Але з пазіцыі рацыі стану Гедымін памыліўся падзяліўшы краіну на вялікія ўдзелы, якія захоўвалі аўтаномію, ён стварыў падставы для раздраблення дзяржавы. Выпраўляць ягоны пралік, наноў цэнтралізаваць дзяржаву пачалі Альгерд з Кейстутам (яны, напрыклад, падзялілі між сабой удзелы Манівіда i Карыята пасля смерці апошніх), а наступствы ліквідаваў толькі ўнук Вітаўт.
Заканчэнне
Гедымін вывеў нашу дзяржаву з пачатковых межаў, у якіх яна была замкнёная пад націскам знешніх сілаў, i запачаткаваў бурлівы рост Вялікага Княства Літоўскага ў геаграфічнай i палітычнай прасторы сярэднявечнай Еўропы. Поспеху справы спрыяла тое, што гэты гаспадар жыў i дзейнічаў у адпаведных часах i абставінах, збіраў плён працы сваіх продкаў i выконваў сапраўды жыццёва важныя для краіны задачы. Але ў ix рэалізацыю Гедымін прыўнёс уласную індывідуальнасць t непаўторнасць. Найперш гаспадар цаніў спакойную, мірную, мала заўважальную працу вышэй гучнай, слаўнай i бурлівай вайны. Ён клапаціўся найперш не пра сваю асабістую славу, а пра дабро краіны. Яму хапіла інтуіцыі i інтэлекту, каб зразумець, што моц дзяржавы дасягаецца яе дабрабытам, а той здабываецца найперш мірнай стваральнай працай, а не рабаўнічымі ваеннымі паходамі.
Мірна i непрыкметна нават для сучаснікаў Гедымін упершыню аб'яднаў у адзінай дзяржаве ўсе старажытныя гістарычныя вобласці Беларусі. Менавіта гэтае з'яднанне прыспешыла працэс фармавання сучаснага беларускага народу i забяспечыла ягоны гістарычны поспех. Злучэнне дзвюх галоўных частак Беларусі: Літвы (Наваградчына, Гарадзеншчына, Віленшчына) i Русі (Полаччына, Віцебшчына, Магілёўшчына, Гомельшчына) адлюстравалася ў тытуле гаспадара, зафіксаваным у міжнародных актах «кароль Літвы i Русі».
Гедымін быў,вялікім дыпламатам, прадбачлівым, цярплівым i няўхільным па дарозе да мэты. Варта ўзгадаць бліскуча падрыхтаваны Віленскі мір 1323 г. i здзіўленне ворагаў, якія неспадзеўна, насуперак іхняй волі, аказаліся ў яго ўцягнутыя.
Нарэшце, вялікі гаспадар паказаў сябе моцным мужчынам, які запачаткаваў адну з найслаўнейшых у Еўропе дынастый. Гедымінавічы не толькі больш двух стагоддзяў сядзелі на літоўскім вялікакняскім стальцы, але былі польскімі, венгерскімі ды чэшскімі каралямі. Нават у варожай Маскве князі з роду Гедыміна ставіліся вышэй за Рурыкавічаў.
Захаваныя дакументальныя звесткі паказваюць, што Гедымін паводзіў сябе як сапраўдны еўрапейскі манарх. Дбаў пра вышыню свайго маестату. Меў агромністую ўладу, мог распараджацца дзяржавай па ўласным разуменні, не пытаючыся нічыёй згоды. Пры гаспадары функцыявала рада, якая не мела сталага інстытуцыйнага складу i якую Гедымін фармаваў па сваім жаданні. Да яго паслуг быў багаты скарб; можна толькі ўявіць, колькі каштавала будаўніцтва замкаў пры заходняй мяжы. Ягоная дзяржава ні ад каго не залежала нават фармальна. Hi ад Залатой Арды, як Масква, ні ад нямецкага імператара ці папы рымскага, як Польшча ці Чэхія, ні ад Візантыі. Акрамя Тэўтонскага ордэна, навакол не было аніводнага суседа, якога Гедымін мусіў асцерагацца. Новыя зямельныя набыткі толькі дадавалі яму сілы i аўтарытэту ды, нібы ланцуговая рэакцыя, цягнулі за сабой наступныя. Гедыміну ўдавалася амаль усё, i гаспадар палічыў, што i пасля ягонай смерці станецца так, як ён вырашыў. Аднак надышлі новыя часы i іншыя абставіны, якія дыктавалі новыя рашэнні.
Асноўная літаратура:
Gedimino laiśkai. Vilnius, 1966.
Nikźentaitis А. Gediminas. Vilnius, 1989.
Paszkewicz H. Jagellonowie a Moskwa. T. 1.: Litwa a Moskwa w 13-14 w. Warszawa, 1933.
Piotr z Dusburga. Kronika ziemi Pruskiej. Toruń, 2004.
[1] Літва гістарычныя землі, тэрытарыяльнае ядро Вялікага Княства Літоўскага; складаецца з Наваградчыны, Гарадзеншчыны, Віленшчыны i заходняй часткі Меншчыны. Тэрмін ужываўся таксама як скарочаная назва ўсёй дзяржавы пасля далучэння іншых гістарычных тэрыторый: Русі, Падляшша, Палесся, Жамойці, Валыні, Кіеўшчыны, Падолля.
[2] Маестат (старабел.) каралеўская годнасць.
[3] Парок камнекідальная машына.
[4] Глейт - (старабел.) ахоўная грамата, пропуск для свабоднага праезду па пэўнай тэрыторыі.
[5] Анаты ад сярэдзіны 13 ст. аднаразовая выплаты на карысць біскупаў, абатаў, якія атрымлівалі вакантнае царкоўнае ўладанне, у памеры гадавога даходу з яго.
[6] Баскак - ханскі намеснік на васальных землях, збіральнік падаткаў.
[7] Паводле іншых крыніц Манівіду быў аддадзены не Карачаў за Бранскам, а Кернаў (Кернава). Гэта выглядае больш лагічным, бо дзялілася ўласна Літва, а не г.зв. землі-анексы.
[8] Гаворка пра бацьку Ягайлы Альгерда.