Працэс балта-славянскіх кантактаў на Панямонні і ўтварэнне Вялікага княства Літоўскага
Месца нараджэння ВКЛ знаходзіцца ў Верхнім і Сярэднім Панямонні — на тэрыторыі, якая задоўга да пачаткаў гэтай дзяржавы стала месцам сустрэчы і ажыўленага кантакту двух буйных этнічных масіваў — балцкага і ўсходнеславянскага.
Праблема балта-славянскіх кантактаў на землях Беларусі на першы погляд можа падацца далёкай ад тэмы генезісу ВКЛ. Гэтыя працэсы цяжка параўноўваць па параметрах як храналагічных, так і геаграфічных. Першы толькі на Панямонні працягваўся больш тысячагоддзя, другі заняў гістарычна нязначны адрэзак часу — у некалькі дзесяткаў гадоў [1] . Аднак тая акалічнасць, што два працэсы, звязаныя з арганізацыяй жыццядзейнасці буйных чалавечых супольнасцей у пэўны гістарычны момант супалі ў часе і прасторы, пераканаўча сведчыць аб іх узаемасувязі. Балта-славянскі кантакт аказаўся самай значнай гістарычнай з’явай на Панямонні за апошнія паўтары тысячагоддзя. Адсюль вынікае непазбежнасць яго ўплыву на працэс стварэння і фармавання ВКЛ.
На сённяшні дзень узаемасувязь названых працэсаў даследавана далёка няпоўна. Як яны развіваліся і які менавіта ўплыў меў першы на другі і наадварот? Каб адказаць на гэтыя пытанні, мусім найперш высветліць ход працэсу міжэтнічных кантактаў да пачатку генезісу ВКЛ і пасля заканчэння апошняга. Не менш важна таксама акрэсліцца з вызначэннем пачатковага цэнтра, ядра дзяржавы, разабрацца, як паўстала і як эвалюцыянавала паняцце Літвы гістарычнай, якую яшчэ называюць услед за першым даследчыкам гэтай праблемы Мацеем Любаўскім „уласна Літоўскай зямлёй” ці „вялікім княствам у цесным сэнсе” [2] .
Працэс балта-славянскіх кантактаў на Панямонні з-за яго геаграфічнага маштабу, храналагічнай працягласці, уплыву на жыццё тутэйшых чалавечых супольнасцей можна адназначна ацаніць як буйнейшую гістарычную з’яву ў рэгіёне на працягу ўсяго 2 тыс. н.э. У сваю чаргу названыя кантакты з’яўляліся часткай яшчэ больш разлеглага ў часе і прасторы працэсу балта-славянскага ўзаемадзеяння, распачатага каля трэцяй чвэрці 1 тыс. н.э. і ахапіўшага ўсю тэрыторыю сучаснай Беларусі, а таксама прылеглыя раёны Летувы, Латвіі, Расіі і Украіны. Сучасная навука лічыць названы працэс важным чыннікам этнагенезу беларусаў [3] .
Галоўным зместам працэсу быў каланізацыйны рух славян (той іх часткі, якая пазней стала ўсходнімі славянамі) на землі, занятыя балтамі, кантакт з тубыльцамі, асіміляцыя апошніх і, як вынік, кардынальная змена этнічна-культурнай сітуацыі ў зоне кантакту. Балта-славянскае ўзаемадзеянне разгортвалася нераўнамерна як у храналагічным, так і геаграфічным вымярэнні. Напачатку (ад 6-7 ст.ст. н.э.) яго актыўным участкам было Верхняе Падняпроўе і Падзвінне. Славянізацыя мясцовага балцкага насельніцтва тут была ў асноўным завершана ўжо ў 12-13 ст.ст. [4] У басейне Нёмана названы працэс актывізаваўся ў канцы 10 ст. і працягваўся да пачатку — сярэдзіны 20 ст.
Да з’яўлення славянаў на Панямонні гэты рэгіён быў часткай арэалу балцкай культуры штрыхаванай керамікі (7-6 ст.ст. да н.э. — 4-5 ст.ст. н.э.), якая займала тэрыторыю сярэдняй Беларусі і ўсходняй Летувы. На змену гэтай культуры прыходзіць банцараўская культура (6-8 ст.ст. н.э.). Лічыцца, што яна склалася ў выніку змяшання прышлых носьбітаў культуры тыпу Абідні з плямёнамі культур днепра-дзвінскай і штрыхаванай керамікі. Банцараўская культура займала Верхняе Падняпроўе, Верхняе Панямонне, Верхняе і Сярэдняе Падзвінне. Большасць даследчыкаў (Пётр Траццякоў, Яўген Шміт, Валянцін Сядоў, Ірына Русанава, Аляксей Мітрафанаў) лічыць яе балцкай. Назвы плямёнаў, стварыўшых гэтую культуру засталіся невядомымі, паколькі яны былі асіміляваны славянамі яшчэ да з’яўлення першых усходнеславянскіх пісьмовых твораў — летапісаў.
Таксама на аснове культуры штрыхаванай керамікі ўзнікла культура ўсходнелітоўскіх курганоў (4-12 ст.ст.), помнікі якой размешчаны ва ўсходняй і паўднёва-усходняй Летуве і паўночна-заходняй Беларусі (ад сярэдняга цячэння Нёмана на захадзе да возера Свір на ўсходзе). Лічыцца, што гэтыя пахавальныя помнікі пакінуты ўсходнелетувіскімі плямёнамі, менавіта аўкштайтамі.
Культура доўгіх курганоў Паўночнай Беларусі (другая палова 1 тыс н.э.) займала Беларускае Падзвінне і Верхняе Падняпроўе. Помнікі гэтай культуры сустракаюцца таксама і ў нашым рэгіёне, менавіта ў вярхоўях Віліі і Нёмана. Яна сфарміравалася на аснове аднаго з варыянтаў банцараўскай культуры ў выніку рассялення славянаў і асіміляцыі імі мясцовага балцкага і угра-фінскага насельніцтва. Культура атаясамліваецца археолагамі з полацкімі крывічамі. Георгій Штыхаў лічыць, „што ў доўгіх курганах пахаваны славянізаваныя балты ці славяне з моцным уплывам матэрыяльнай культуры балтаў” [5] .
Як ужо ўпаміналася, разгортванне працэсу балта-славянскага ўзаемадзеяння на Панямонні пачалося значна пазней, чым у Падняпроўі і Падзвінні. У 1 — пачатку 2 тыс. н.э. Верхняе і Сярэдняе Панямонне, сярэдняе цячэнне Заходняга Буга займала культура каменных курганоў, якая атаясамляецца з яцвягамі. У каменных курганах 11-13 ст.ст. сустракаюцца рэчы як балцкіх так і славянскіх тыпаў, што лічыцца сведчаннем славянізацыі балцкіх плямёнаў.
Вынікам эвалюцыі каменных курганоў сталі каменныя магілы 10-17 ст.ст. (размешчаныя на Беларускім Панямонні), у інвентары якіх выразна адлюстраваўся працэс разгортвання балта-славянскіх кантактаў.
На момант пачатку генезісу ВКЛ (каля сярэдзіны 13 ст.) балта-славянскія кантакты на Панямонні мелі ўжо сваю шматвяковую гісторыю. Для дасягнення мэтаў нашага даследавання, відавочна, патрэбна сканцэнтравацца на двух важных аспектах названага працэсу, менавіта, эвалюцыі балта-славянскай мяжы і характару ўзаемаадносін між прышэльцамі і тубыльцамі.
З’яўленне славянскіх паселішчаў у басейне Нёмана адбылося, паводле меркавання даследчыкаў, дзесьці ў другой палове 1 тыс. н.э. [6] Археолагі лічаць, што ў гэты час названы рэгіён быў заняты рэдкімі і нешматлікімі балцкімі паселішчамі. Каланізацыйны рух славян у пачатковай фазе не вызначаўся актыўнасцю і балта-славянскую этнічную мяжу ў 6 ст. даследчыкі акрэсліваюць прыблізна па лініі Прыпяці [7] .
Наступным пасля Прыпяці важным міжэтнічным рубяжом на пачатку 2 тыс. стала лінія вадападзелу між Дняпром і Нёманам. Звяртае на сябе ўвагу цікавая акалічнасць, якую цяжка назваць выпадковай: усе без выключэння акрэсленыя даследчыкамі варыянты межаў (на розныя этапы) характарызуюцца ў сваім галоўным кірунку паралельнасцю да лініі гэтага водападзелу. Лічыцца, што славяне ішлі па рэках, у даным выпадку ўверх па прытоках Прыпяці. Відавочна, рубеж водападзелу на нейкі час стаў натуральным бар’ерам, свайго роду стартавай лініяй перад пачаткам новага этапу славянскага руху, распачатага, па ўсёй верагоднасці, у канцы 10 ст. Пры тэндэнцыі славянскага руху да раўнамернасці не дзіўна, што пазней кантактная балта-славянская зона развівалася паралельна лініі водападзелу.
Актывізацыя славянскага, дакладней, ужо ўсходнеславянскага, каланізацыйнага руху на Панямонне зафіксавана прыблізна з канца 10 — пачатку 11 ст. Менавіта ў гэты час усходнімі славянамі былі заснаваны асноўныя гарады рэгіёна, захаваўшыя сваё значэнне да сённяшняга дня: Наваградак, Гародня, Ваўкавыск, Слонім, падобна і Вільня. Адной з верагодных прычын названай актыўнасці можна лічыць прымусовую хрысціянізацыю ўсходніх славян, якая была праведзена якраз у канцы 10 ст. Гвалтоўная замена карэннага светапогляду чалавека познеродавага грамадства магла прывесці да адтоку часткі незадаволенага насельніцтва ў разведаную ўжо панямонскую вобласць [8] . На карысць гэтага меркавання сведчыць зафіксаванае археолагамі ў Наваградку і іншых гарадах Панямоння даволі позняе (2-я палова — канец 11 ст.) з’яўленне прадметаў хрысціянскага культу [9] .
На Панямонні сустрэліся некалькі каланізацыйных плыняў — крывіцкая — з усходу, дрыгавіцкая і валынская — з паўднёвага ўсходу і поўдня. З паўднёвага захаду да Панямоння даходзілі і мазавецкія каланісты. Этнаграфічная экспедыцыя АН Беларусі ў 1954 г. вызначыла, на думку яе кіраўніка Міхала Грынблата, зону сутыкнення між крывіцкай і дрыгавіцкай плынямі. Месца сустрэчы акрэслена на паўночны ўсход ад Гародні па лініі Радунь — Воранава — Ашмяны — Астравец і ўяўляе сабой паласу змешаных гаворак, пераходную ад паўднёва-заходняй да паўночна-ўсходняй групы беларускіх гаворак [10] . На Панямонні славяне сустрэліся з яцвягамі (у вобласці левых прытокаў Нёмана [11] ) і аўкштайтамі (культура ўсходнелітоўскіх курганоў у басейне Віліі).
Актывізацыя славянскай каланізацыі Панямоння ў канцы 10 ст. значна змяніла этнічную сітуацыю ў рэгіёне. Лічыцца, што на час утварэння Кіеўскай дзяржавы балта-славянская мяжа праходзіла прыблізна па лініі: воз. Асвейскае — Дзісна — Пліса — Будслаў — Заслаўе — Рубяжэвічы — Дзераўная — Беліца — Слонім — Ваўкавыск [12] .
Для вырашэння надзвычай складанай праблемы эвалюцыі этнічнай мяжы даследчыкі выкарыстоўвалі розныя крытэрыі і матэрыялы: археалагічныя, тапанімічныя, антрапанамічныя, пісьмовыя, этнаграфічныя, у тым ліку звесткі аб канфесійным падзеле насельніцтва. Аднак усе гэтыя крытэрыі (акрамя этнаграфічных даследаванняў канца 19-20 ст.ст.), па-першае, не здольныя паказаць дастаткова выразную лінеарную мяжу, па-другое, не даюць надзейных падстаў для яе датавання.
Для прыкладу разгледзім адзін з асноўных і шырока ўжываных крытэрыяў размежавання балтаў і ўсходніх славян — менавіта, па канфесійнай прыналежнасці насельніцтва (каталікі — летувісы, праваслаўныя — беларусы). Так, Ежы Ахманьскі, прааналізаваўшы межы перавагі каталіцызму (іх аўтары: Рэклус, Пакштас, Грынблат), прыняў, што мяжа каталіцызму на Віленшчыне ў канцы 18 ст. павінна цалкам адпавядаць арэалу летувіскай мовы ў ранейшую эпоху [13] . Мовазнаўца Гаўчас следам за Ахманьскім лічыць, што „веравызнанне насельніцтва ў канцы 14 ст. (на час увядзення каталіцтва ў Літве. — А. К.) патрэбна лічыць асноўным паказчыкам, які адрозніваў летувісаў ад беларусаў” [14] . Аднак тут жа гэты аўтар удакладняе, што на момант хрышчэння летувісаў у каталіцтва (1387 г.) частка летувіскага насельніцтва на ўскраінах этнічнай тэрыторыі ўжо была праваслаўнай і такой засталася.
Узнікае яшчэ пытанне: дзе ўзяць даныя аб канфесійных падзелах на канец 14 ст.? Гаўчас, як і другія даследчыкі, выкарыстоўвае пры аналізе сітуацыі канца 14 ст. матэрыялы значна пазнейшыя, у даным выпадку запозненыя больш чым на паўтысячагоддзя, менавіта даныя перапісу 1921 г. з агаворкай, што за мінулыя вякі „адбыліся змены ў гэтым плане”. Такой агаворкі, на мой погляд, далёка не дастаткова. Змены, якія адбыліся за пяць вякоў, між 14 і 20 ст.ст. амаль не даследаваліся, але можна не сумнявацца, што яны былі значнымі.
У 1434 г. польскі тэолаг Мікалай Казлоўскі паведаміў сабору ў Базелі, што кароль Ягайла перавёў у каталіцтва шмат схізматыкаў-праваслаўных. Біскуп Якуб з Сенна дакладваў у 60-х гадах таго ж стагоддзя папе рымскаму Пію ІІ, што Ягайла прывёў да каталіцкай веры не толькі летувісаў, але і значную частку русінаў, менавіта ў тых месцах, дзе апошнія жылі сярод летувісаў, або па суседству, у аддаленні ад праваслаўных парафій [15] .
Можна ўпэўнена сцвярджаць, што ўжо ад 15 ст. мела месца тэндэнцыя да пераходу праваслаўных феадалаў рознага этнічнага паходжання (часта і іх сялян) у каталіцызм, па прычыне прывілеяванага становішча каталікоў у дзяржаве. Тэндэнцыя гэтая ўзмацнілася асабліва пасля Люблінскай уніі і пазней у часы контррэфармацыі. Адпаведныя прыклады з другой паловы 15 і пачатку 16 ст. прыводзіць Ахманьскі. У 1476 г. князь Аляксандр Гальшанскі надае касцёлу ў Лебедзеве (каля Маладзечна) уладанні і сялян, з якіх усе (14) маюць „рускія” імёны. Ахманьскі даказвае пры гэтым, што князь Гальшанскі (частка роду была праваслаўнай, частка — каталіцкай) фундуе касцёл з мэтай перахрышчэння праваслаўных у каталіцтва. Яшчэ прыклад. Гаспадарскі пісар Іван (Івашка) Сапега перайшоў з праваслаўя ў каталіцызм і ў 1501 г. атрымаў дазвол на фундацыю касцёла ў Іказні, каб у ім службу адпраўляў ксёндз паводле каталіцкага абраду для вернікаў, якімі будуць „tam Latini, quam Rutheni” [16] .
Ніхто з даследчыкаў яшчэ не даказаў, што такія выпадкі былі выключэннем у краіне, дзе праваслаўны феадал, перайшоўшы ў „лацінскую веру”, аўтаматычна атрымліваў дадатковыя і даволі значныя правы і магчымасці для кар’еры. Асабліва рэальнымі такія магчымасці былі менавіта на Панямонні — галоўнай вобласці дзяржавы. Да Люблінскай уніі, калі пашыраецца паланізацыя шляхты ВКЛ, феадалы як каталіцкага, так і праваслаўнага веравызнання ва ўмовах дамінавання ўсходнеславянскай культуры стваралі даволі аднародную этнічна-культурную масу. З усяго вышэйсказанага напрошваецца выснова, што канфесійная прыналежнасць як крытэрый этнічнай ідэнтыфікацыі насельніцтва Верхняга і Сярэдняга Панямоння ў часы сярэднявечча выглядае, па меншай меры, сумніўна і патрабуе значнай карэкцыі.
Пэўную папраўку дазваляе ўнесці інфармацыя аб т.зв. старакаталіцкім насельніцтве, якое пражывае ў парафіях, заснаваных між 14 і канцом 16 ст. (прыняцце Брэсцкай царкоўнай уніі). Акрэсленая паводле гэтай папраўкі мяжа перавагі т.зв. старакаталіцкага насельніцтва можа быць прынята да ўвагі па той прычыне, што яна ў агульных рысах згаджаецца з мяжой, вызначанай на аснове даных тапанімікі. Гаворка ідзе аб т.зв. „лініі Сафарэвіча”. Мовазнаўца Ян Сафарэвіч правёў яе на аснове картаграфавання перавагі айконімаў з суфіксам -ішкі. Устанавіўшы, што ў раёнах з летувіскім насельніцтвам колькасць такіх айконімаў складае ад 12 да 15%, даследчык акрэсліў паўднёва-ўсходнюю мяжу мясцовасцей, дзе такія назвы складаюць не менш як 4%. Прызнаўшы атрыманы вынік за мяжу ў „старэйшай фазе рассялення летувіскага насельніцтва”, даследчык адзначыў яе яўнае супадзенне з мяжой між раёнамі з перавагай каталіцкага або праваслаўнага насельніцтва [17] . Працу Сафарэвіча дапоўніў Гаўчас, скарыстаўшы яшчэ айконімы з другімі летувіскімі суфіксамі, каранямі і канчаткамі.
Значнае супадзенне мяжы, акрэсленай па двух розных крытэрыях, нельга назваць выпадковым. Лінія Сафарэвіча, па ўсёй верагоднасці, з’яўляецца вехай, якая зафіксавала нейкі этапны момант эвалюцыі этнічнай сітуацыі Панямоння. Паколькі яна ў асноўных рысах супадае з мяжой перавагі каталіцкага (старакаталіцкага — Грынблат) насельніцтва, то, ведаючы дату хрышчэння летувісаў (1387 г.), даследчыкі прызнаюць названую мяжу адпаведнай сітуацыі канца 14 ст. і больш ранейшых часоў. Блізкі да лініі Сафарэвіча кірунак мае этнічная балта-славянская мяжа 12-13 ст.ст., прапанаваная Лаўмяньскім.
Варта адзначыць таксама значнае супадзенне яе з мяжой распаўсюджвання айконімаў, звязаных з яцвягамі (беларуская назва Ятвезь і яе летувіскі адпаведнік — Dajnava) [18] . Такія цяжкія для тлумачэння супадзенні сведчаць аб заблытанасці і складанасці сярэднявечнай этнічнай сітуацыі на Панямонні.
Для акрэслення мяжы на больш раннія часы выкарыстоўвалася размяшчэнне айконімаў Крывічы, Русакі, Рубяжэвічы. У аснове гэтага метаду ляжыць дапушчэнне, што Крывічы — перыферыйная назва ўсходнеславянскага арэала ў племянную эпоху, а Русакі — у часы Кіеўскай Русі. Апошнія, адпаведна, прынятыя за больш познія. Правёўшы мяжу паводле гэтага крытэрыю, Ахманьскі датаваў яе 7-8 ст.ст. Надзейнасць падобнага метаду праверыць вельмі складана. Методыка Ахманьскага не дазваляе пазбавіцца некалькіх спрэчных момантаў. Напрыклад, чаму не выдзяляюцца айконімы, звязаныя з дрыгавічамі? Можа балты ў канцы 1 — пачатку 2 тыс. усіх усходніх славян называлі крывічамі (як славяне называлі ўсіх аўкштайтаў літоўцамі)? Як датаваць айконім Рубяжэвічы? Можа назва Русакі больш позняга паходжання і звязана з пазнейшымі (14-18 ст.ст.) межамі гістарычных раёнаў ВКЛ: Русі, Літвы і Палесся? Такая сувязь выглядае даволі праўдападобнай у выпадку з этнонімам Літва, бо яшчэ ў 20 ст. палешукі называлі беларусаў на поўнач ад Пружан ліцвінамі.
Даследчыкі праводзяць свае лінеарныя межы, агаворваючы, або разумеючы апрыёры іх значную ўмоўнасць. Лінія Сафарэвіча — то мяжа адноснай перавагі назваў на -ішкі. Мяжа па канфесійнаму крытэрыю паказвае перавагу адной канфесіі над другой. Акрэсленне прыблізнай мяжы паводле верагодных крытэрыяў яшчэ не дае магчымасці гэтую мяжу датаваць. Можна казаць толькі аб адноснай храналогіі, якая адлюстроўвае ўстойлівую і нязменную тэндэнцыю да перамяшчэння мяжы (кантактнай зоны) у кірунку на поўнач і паўночны захад, гэта значыць з тэрыторыі славянскай на балцкую.
Урэшце патрэбна прызнаць, што акрэсленне нават прыблізнай лінеарнай мяжы выглядае справай надзвычай складанай (калі не безнадзейнай) па дзвюх прычынах: па-першае, славянскі рух адбываўся пастаянна, па-другое, лінеарнай мяжы фактычна не існавала; між двума этнасамі мелася шырокая рухомая паласа — зона змешанага балта-славянскага насельніцтва.
Гэтыя акалічнасці мелі значны ўплыў на распрацоўкі Генрыка Лаўмяньскага, праведзеныя яшчэ ў 30-х гадах і пацверджаныя даследчыкам у 60-я гады. Лаўмяньскі прапанаваў разглядаць мяжу ў „двух аспектах”: палітычным і этнічным. Палітычную мяжу даследчык лічыў з’явай надзвычай стабільнай (ад 7 да 19 ст. — ад племяннога ладу да межаў паветаў, а потым губерняў) і акрэсліваў яе кірунак на 12-13 ст.ст. па гарадах: Гародня — Ваўкавыск — Слонім — Наваградак — Мінск — Заслаўе — Лагойск. Аднак, на думку гісторыка, дрыгавіцкае і крывіцкае насельніцтва вельмі рана пранікла на балцкую тэрыторыю і стварыла там свае энклавы, меўшыя тэндэнцыю да расшырэння і асіміляцыі мясцовага насельніцтва. Тым не менш гэтая пагранічная паласа („pasmo tego pogranicza”) заставалася ў складзе летувіскай племянной арганізацыі. Згадзіўшыся ў асноўных рысах з такой характарыстыкай кантактнай зоны, дадам, што па сведчанню археалогіі і на тэрыторыі пералічаных вышэй усходнеславянскіх гарадоў-дзяржаў побач са славянамі жылі таксама і балты.
Мяжу „суцэльнага” балцкага насельніцтва Лаўмяньскі прапаноўвае прыблізна па пунктах (пакідаючы іх на балцкім баку): Мерач — Эйшышкі — Ашмяны — упоперак возера Свір — на поўнач да верхняй Дзісны [19] . Палітычную мяжу Лаўмяньскага ўдакладняў Ахманьскі. Ён заўважыў, што крывічы перайшлі Нёман каля Беліцы і крывіцка-летувіская мяжа праходзіла каля Ваўкавыска па рацэ Зэльвянцы [20] . Аднак у гэтай удакладненай мяжы на 12-13 ст.ст. (гэтаксама як і ў лініі Лаўмяньскага) ёсць адзін сур’ёзны „прарыў”, менавіта — у кірунку на Вільню. Але аб гэтым трохі пазней.
Аб існаванні вялікай кантактнай зоны са змешаным балта-славянскім насельніцтвам на Панямонні сведчаць археолагі і лінгвісты [21] . Для вывучэння гэтай праблемы аўтар выкарыстаў вынікі археалагічных даследаванняў за апошнія 30 гадоў [22] . На карту Панямоння былі нанесены археалагічныя помнікі другой паловы 1 і першых стагоддзяў 2 тыс. н.э., этнічную прыналежнасць якіх, балцкую ці славянскую, даследчыкам удалося акрэсліць [23] .
На карце відаць, што славянскія і балцкія помнікі размешчаны ўперамешку больш-менш шчыльнымі „плямамі”. На поўначы, бліжэй да балцкага масіву больш скупленыя балцкія, на поўдні адпаведна — славянскія помнікі. Усе гарады — усходнеславянскія, а вясковая ваколіца — як балцкая так і славянская. Славянскія помнікі маюць тэндэнцыю да размяшчэння ўздоўж рэк, балцкія — у міжрэччах. Асобны від помнікаў складаюць т.зв. каменныя магілы. Адны даследчыкі лічаць іх балцкімі, дакладней, яцвяжскімі [24] , іншыя — помнікамі „старажытнарускага насельніцтва Чорнай Русі, насельніцтва, якое склалася ў выніку цеснага ўзаемадзеяння яцвягаў са славянамі” [25] . Больш дакладнае раздзяленне энклаваў балцкага або славянскага насельніцтва ў кантактнай зоне — справа вельмі складаная, яна патрабуе суцэльнага археалагічнага абследавання тэрыторыі зоны.
Такім чынам, можам вывесці, што ў 11-14 ст.ст. у басейне Сярэдняга Нёмана лінеарнай этнічнай мяжы паміж балтамі і славянамі не было. Адпаведным рэальнаму стану рэчаў будзе казаць аб кантактнай зоне, ці паласе шырынёй каля сотні (у кірунку Вільні — больш) кіламетраў. Прапанаваныя даследчыкамі лінеарныя межы характарызуюцца вялікай ступенню ўмоўнасці і прыблізнасці. Яны з большай ці меншай дакладнасцю адлюстроўваюць толькі тэндэнцыю да перавагі на пэўных храналагічных этапах працэсу аднаго этнічнага элемента над другім у межах кантактнай зоны між двума этнічнымі масівамі. У кантактнай зоне балты і славяне жылі ўперамешку, больш-меньш кампактнымі „плямамі” [26] . Гарады ў гэтай зоне: Гародня, Наваградак, Ваўкавыск, Слонім, Здзітаў, Астрэя, Вевярэск, Вільня былі ўсходнеславянскімі, але абслугоўвалі ўсю балта-славянскую ваколіцу. Доўгатэрміновае суіснаванне прыводзіла да паступовай асіміляцыі балцкага насельніцтва славянскім, якое ў сваю чаргу пераймала ад тубыльцаў многія элементы матэрыяльнай і духоўнай культуры. Працэс узаемадзеяння добра відаць на характары матэрыяльнай культуры. Росквіт панямонскіх гарадоў у 12-13 ст.ст. (багацце іх матэрыяльнай культуры ўразіла нават спецыялістаў-археолагаў) выкліканы, на мой погляд, гэтым балта-славянскім супрацоўніцтвам.
І пасля 14 ст. эвалюцыя балта-славянскай кантактнай зоны працягвалася, захоўваючы свой характар і кірунак на паўночны захад. Вось выснова мовазнаўцы: „На працягу шэрагу стагоддзяў да самага пачатку 20 ст., а месцамі і пазней, адбывалася паступовае перамяшчэнне гэтай кантактнай зоны ў паўночна-заходнім кірунку. Па-першае, у прылеглых да яе раёнах летувіскае насельніцтва засвойвала беларускую мову і станавілася двухмоўным. Па-другое, у многіх месцах гэтай зоны летувіская мова паступова саступала свае пазіцыі беларускай” [27] .
Можна заўважыць, што з канца 10 да пачатку 20 ст. эвалюцыя названай зоны адбывалася ў прасторы між Менскам і Вільняй. Мяжой гэтай тэрыторыі з усходнеславянскага боку быў у агульных рысах водападзел між Дняпром і Нёманам [28] . Паўночна-заходняй (балцкай) граніцай стала беларуска-летувіская моўна-этнічная мяжа пачатку — сярэдзіны 20 ст. Тэрыторыя, акрэсленая гэтымі межамі, з’яўляецца геаграфічнай прасторай працэсу балта-славянскага ўзаемадзеяння ў 2 тыс. н.э. Яна ж стала месцам нараджэння ВКЛ, ядром і цэнтральнай вобласцю гэтай дзяржавы. У 13 ст. за гэтай тэрыторыяй замацавалася назва „Літва”, якую яна ўтрымлівала да пачатку 20 ст. Сёння этнографы выдзяляюць яе ў асобны гісторыка-этнаграфічны рэгіён (Панямонне) [29] .
Другая буйная фаза балта-славянскага ўзаемадзеяння (15 — пачатак 20 ст.) праходзіла галоўным чынам на поўнач ад лініі Сафарэвіча. Мовазнаўца Лешэк Беднарчук зазначае: „чарговы этна-лінгва-культурны рубеж (назвы на -ішкі, прагістарычнае балцкае насельніцтва, перавага каталіцызму) усходнія славяне перакрочылі толькі ў часы гістарычныя, ахапіўшы ўрэшце ў 19 ст. амаль усю Віленшчыну” [30] . Дзея адбывалася ўжо ў полі зроку т.зв. пісьмовай гісторыі, што дало магчымасць лепш яе вывучыць. Асабліва гэта тычыцца 19 — пачатку 20 ст., калі далучаюцца „жывыя” этнаграфічныя матэрыялы, здабытыя непасрэдна на месцы дзеяння.
Асноўны характар працэсу заставаўся нязменным — славізацыя (беларусізацыя) тэрыторый, заселеных летувісамі (на якую пазней накладваецца паланізацыя і русіфікацыя). Можна казаць толькі аб змене формаў працэсу. Як выдаецца, лінія Сафарэвіча адлюстравала тэндэнцыю да запавольвання (ці перапынення на нейкі час) развіцця ўсходнеславянскай прысутнасці на Панямонні шляхам каланізацыйнага руху. Аднак запавольванне каланізацыйнай плыні ўсходнеславянскага насельніцтва не азначала спынення славянізацыі (беларусізацыі) рэгіёна на поўнач ад лініі Сафарэвіча.
Сваё тлумачэнне этнічных змен у Летуве, на якое і сёння спасылаюцца некаторыя даследчыкі, выказаў яшчэ ў першай палове 19 ст. Міхал Баліньскі. Вядомы краязнаўца вывеў, што беларускае насельніцтва прыйшло на этнічна летувіскія землі ў другой палове 17 ст., пасля „патопу” — вядомых войнаў, якія разам са стыхійнымі бедствамі вынішчылі значную частку насельніцтва Летувы [31] . Выснова гэтая гучыць не вельмі пераканаўча хаця б па той прычыне, што тыя самыя войны і эпідэміі пагубілі не менш людзей і ў беларускай частцы ВКЛ. Пісьмовыя крыніцы не даюць падстаў сцвярджаць аб якім-небудзь значным міграцыйным руху ў гэтыя часы беларусаў (ці, напрыклад, палякаў) на абсяг летувіскага арэала.
Відавочна, узмацненне славянскай (беларускай) прысутнасці на Віленшчыне ў гэты час адбывалася на аснове ўжо наяўнага тут у 15 ст. усходнеславянскага насельніцтва і не ў апошнюю чаргу дзякуючы дамінаванню ў ВКЛ старабеларускай мовы і культуры. Беларускія энклавы, прасунутыя шырокім клінам уздоўж рэчышча Віліі, паступова пашыраліся (галоўным чынам праз асіміляцыю навакольнага балцкага насельніцтва), утварыўшы да пачатку 20 ст. суцэльны беларускамоўны абшар з летувіскімі астравамі ў аддаленні ад асноўных рэк і дарог. Урэшце на пачатку 20 ст. Аляксандр Брукнер канстатаваў: „сёння ў Віленскай губерні ў даўняй Аўкштоце агромністую перавагу маюць беларусы, летувісы складаюць там толькі дваццаць працэнтаў, а „гудаў” там амаль у тры разы болей” [32] .
Аб раннім усходнеславянскім рассяленні на поўнач ад лініі Сафарэвіча ёсць сведчанні як археалагічныя — для 12-13 ст.ст. так і пісьмовыя — ад 80-х гадоў 14 ст. Гэта датычыць у першую чаргу Вільні і яе ваколіц. Археалагічныя раскопкі на Верхнім віленскім замку (дзядзінцы) прывялі іх аўтараў Алену і Уладзіміра Галубовічаў да высновы, што тут на месцы балцкага паселішча (1 тыс. н.э.) пасля перапынку, магчыма ў некалькі стагоддзяў, з’явілася іншае паселішча — славянскае. Над культурным пластом першага паселішча (слой VI) у верхняй частцы слою V і ў слоі Vd даследчыкі зафіксавалі амаль выключна кераміку, характэрную для славянскіх магільнікаў 11-13 ст.ст. [33] „Сляды новага паселішча, зусім іншага характару, чым першае, з’яўляюцца большай часткай у пачатку феадальнай эпохі і характарызуюцца інвентаром, тыповым для старажытнарускіх гарадзішчаў. Калі ўзнікла новае паселішча, дакладна сказаць немагчыма” [34] .
Вільня 14 ст., дзякуючы свайму сталічнаму статусу, неаднаразова выступае ў тагачасных пісьмовых крыніцах. З Хронікі Віганда з Марбурга вядома аб існаванні тут у 1383 г. „civitas Rutenica” [35] (рускі горад). На рэканструкцыі тапаграфіі Вільні канца 14 ст. Ежы Ахманьскі паказвае ў два разы больш праваслаўных цэркваў (12), чым касцёлаў [36] . Можна меркаваць, што ў сталіцы ВКЛ у 15-16 ст.ст. не толькі ў „рускім горадзе”, але па ўсіх яго пасадах, у тым ліку і „ляцкім” (каталіцкім) канцы, дамінавала „руская” мова.
Па ўсёй верагоднасці, гэты горад быў заснаваны ўсходнімі славянамі, як і ўсе астатнія гарады ў рэгіёне: Гародня, Наваградак і інш. Адрозненне толькі ў тым, што ён размяшчаўся на ўчастку крывіцкай каланізацыі. Характэрна таксама гідранімічная аналогія з беларускімі гарадамі — на месцы заснавання горада ў раку Вілію (па-летувіску — Нярыс) упадае рэчка назовам Вільня, гэтаксама як Палота ў Полацку, Гараднічанка ў Гародні, Случ у Слуцку, Менка ў Мінску і г.д.
У прывілеі 1387 г., якой вялікі князь Ягайла надаваў свайму брату Скіргайле шэраг зямельных уладанняў, ёсць цікавыя звесткі аб этнічным вобліку мясцовасцей у ваколіцах Вільні і ў Троцкім княстве, якое Якубоўскі і Лаўмяньскі бачылі як этнічна балцкую тэрыторыю. Пералічаныя ў дакуменце імёны баяраў і назвы вёсак, размешчаных паблізу Вільні і Трокаў (на поўдзень і паўднёвы ўсход), носяць выразны ўсходнеславянскі характар: „в Солчніцах і ў той воласці, тое сяло Іванава, што Андрэй дзяржаў Барысавіч” (Салечнікі — каля 40 км ад Вільні), „на Вацэ сяло, што Барыс дзяржаў” (10-20 км ад Вільні). Сёлы „Лебядзеўскай воласткі” ў ваколіцы Крэва (каля 90 км ад Вільні) таксама маюць выразна русінскія назвы: „Дзьмітрыева сяло”, „Груздовіца”, „Анцыпарава сяло і Скалубіна і Тургенева сяло” [37] .
Аб моўна-этнічнай сітуацыі ў Літве 15-16 ст.ст. ёсць сведчанні сучаснікаў. У 1403 г. кіраўніцтва Тэўтонскага ордэна заяўляла, што на час прыняцця каталіцтва ў 1387 г. сярод летувіскага баярства была такая вялікая перавага рускай мовы, веры і звычаяў, што на аднаго літоўца-язычніка прыпадала можа сотня літоўцаў-русінаў. Нават з папраўкай на неаб’ектыўнасць гэтае сведчанне заслугоўвае ўвагі, асабліва ў святле іншых падобных паведамленняў [38] . Ян Длугаш пісаў, што літоўцы жывуць разам і ўперамешку з русінамі (gentis quoque Ruthenicae convictus et commixtio) і ў выніку кантактаў з імі страцілі шмат сваіх першасных рыс характару. У 1501 г. сакратар вялікага князя і каталіцкі святар Эразм Вітэліус (Цёлак) у прамове да папы рымскага Аляксандра VI засведчыў, што „літоўцы, стаўшы каталікамі, не страцілі ўласнай мовы (linquam propriam observant), але часцей ужываюць мову рускую, г.зн. беларускую, паколькі яна прыгажэйшая і лягчэйшая, а русінаў (г.зн. беларусаў, а не расіянаў-маскалёў) у Вялікім княстве Літоўскім амаль палова; да чужынцаў адносяцца з уласцівай ім прыроднай ветлівасцю і зычлівасцю” [39] (пераклад і каментарыі Яна Фіялка — А. К.). Заслугоўвае даверу таксама сведчанне Ераніма Пражскага, які быў каталіцкім місіянерам у Літве ў часы гаспадарання вялікага князя Вітаўта. Па яго справаздачы, мова народа Літвы прызнана славянскай, а літоўцы залічаны да славян [40] .
Прыняцце ад самага пачатку ўсходнеславянскай мадэлі арганізацыі дзяржавы прывяло да дамінавання ў гістарычнай Літве ўсходнеславянскай (беларускай) культуры, хоць мяркуецца таксама аб ужыванні ў дзяржаўным жыцці літоўскай (летувіскай) мовы [41] . Даследчыкі звярнулі ўвагу на значнае супадзенне этнічнай мяжы беларусаў з дзяржаўнай мяжой ВКЛ [42] . Дзяржаўны статус старабеларускай мовы спрыяў беларусізацыі мясцовых балтаў. Мовазнавец Соф’я Кужова лічыць, што „ў летувіскай дзяржаве запанавала русінская мова, прычым не толькі як дзяржаўная і афіцыйная мова (як, напрыклад, латынь у сярэднявечнай Польшчы), але як мова хатняя і сямейная ў колах магнацкіх, а потым баярскіх” [43] . Да другой паловы 16 ст. працэс беларусізацыі ахопліваў усе сацыяльныя слаі балцкай часткі Літвы, ад сялян да вялікіх князёў. Цікава, што гэты працэс, галоўным чынам сярод сялянства, працягваўся і пасля страты беларускай культурай дамінуючай ролі ў выніку паланізацыі і русіфікацыі.
Характар міжэтнічных узаемаадносін
Важнейшае значэнне як для характарыстыкі самога працэсу кантактаў, так і для аналізу генезісу ВКЛ мае высвятленне характару ўзаемаадносін прышэльцаў з тубыльцамі, менавіта, варожымі яны былі ці мірнымі? Ад адказу ў значнай ступені залежыць сутнасная ацэнка нашай галоўнай праблемы — генезісу ВКЛ.
Для сучасных археолагаў і лінгвістаў, якія займаліся вывучэннем працэсу балта-славянскіх кантактаў, адказ настолькі відавочны, што яны звычайна не канцэнтруюць на ім увагу. Калі ўсё-такі выказваюцца на гэтую тэму, то сцвярджаюць мірны характар балта-славянскіх адносін. Вось характэрнае выказванне археолага аб этнічнай сітуацыі ў Верхнім Панямонні ў 10-13 ст.ст.: „Прыйшоўшыя сюды, славянскія плямёны знаходзіліся ў цесным кантакце з жыўшымі тут, відавочна, невялікімі групамі, балцкімі плямёнамі, узаемна ўзбагачаючы сваю матэрыяльную і духоўную культуру” [44] .
Іншая справа гісторыкі, якія займаліся генезісам ВКЛ і звярталіся да працэсу балта-славянскіх кантактаў у пошуках даных для сваёй тэматыкі. Гэтыя экскурсы, як правіла, адзначаны выразным уплывам традыцыйнай канцэпцыі ўтварэння ВКЛ. Аналіз працэсу міжэтнічнага ўзаемадзеяння адбываўся шляхам пераносу на яго схем, уласцівых гэтай канцэпцыі. Так здарылася з акрэсленнем узаемаадносін між прышэльцамі-славянамі і тубыльцамі-балтамі. Фармаванне навукі аб генезісе ВКЛ адбывалася ў час бурнага развіцця нацыянальных рухаў і барацьбы за ўтварэнне нацыянальных дзяржаў. Дух свайго часу — атмасферу за сцвярджэнне ўласнай нацыянальнай годнасці — гісторыкі міжволі пераносілі на сярэднявечча і шукалі ў пачатках ВКЛ „барацьбы двух народных пачаткаў” (акрэсленне Уладзіміра Антановіча).
Імператыў ідэі міжэтнічнай барацьбы задаў накірунак развіцця ўсёй гістарыяграфіі ВКЛ. Гісторыкі падступалі да вывучэння генезісу ВКЛ з зараней падрыхтаванай канцэптуальнай схемай, якая прадугледжвала абавязковы міжэтнічны канфлікт. Традыцыйная канцэпцыя генезісу ВКЛ грунтавалася на тэзе аб заваёве балтамі суседніх усходнеславянскіх земляў. Відавочна, па гэтай прычыне тэза аб балта-славянскай канфрантацыі стала лічыцца адпаведнай і для працэсу міжэтнічных кантактаў. У сваю чаргу пастулат аб адвечнай балта-славянскай варожасці стаў адным з галоўных блокаў у падмурку т.зв. балцкай канцэпцыі генезісу ВКЛ. Атрымалася замкнутае кола.
Гісторыя канфрантацыі падаецца наступным чынам: спачатку ўсходнія славяне перамагалі і цяснілі балтаў, потым па меры раздраблення і аслаблення Русі балты ў сваю чаргу перайшлі ў наступ. Паступова балцкая экспансія з ваенна-рабаўнічай перарастае ў тэрытарыяльна-захопніцкую. Апошняя развівалася паралельна з фармаваннем балцкай (летувіскай) дзяржавы (польская версія) ці, узмацніўшыся ў выніку паўстання названай дзяржавы, прывяла да пераўтварэння яе ў ВКЛ (савецка-летувіскі варыянт канцэпцыі).
Найбольш характэрна такі падыход праявіўся ў працы Ежы Ахманьскага, прысвечанай балта-славянскай мяжы да 16 ст. Лейтматывам у адносінах між балтамі і ўсходнімі славянамі на працягу больш чым паўтысячагоддзя (7-13 ст.ст.), паводле гэтага аўтара, з’яўлялася непарыўная канфрантацыя, а менавіта „змаганне за тэрыторыі”. На думку даследчыка, гэта была не проста варожасць, а ўзброеная барацьба. На першым яе этапе — 7-9 ст.ст. адбылося сутыкненне літоўцаў і крывічоў. Адносіны між імі ў 10-12 ст.ст. характарызуюцца палітычнай перавагай Полацка. На трэцім этапе — другая палова 12 — сярэдзіна 13 ст. адбыўся „трыумф Летувы”. „Паўстаўшая каля сярэдзіны 13 ст. летувіская дзяржава аб’яднала пад сваёй уладай усе этнічныя летувіскія землі і заняла таксама тэрыторыі, прылеглыя да карэннай Летувы і заселеныя русінамі. Летува вярталася ў свае старыя этнічныя межы з-пад рускай экспансіі” [45] .
Вядома, што ў 12 ст. балцкія плямёны, акрэсленыя ў летапісах назвай „Літва”, уступілі ў стадыю познеродавага грамадства — перыяд т.зв. ваеннай дэмакратыі, калі вайна „вядзецца цяпер толькі дзеля рабаўніцтва, становіцца пастаянным промыслам” [46] . Пісьмовыя крыніцы (усходнеславянскія летапісы, польскія і нямецкія хронікі) зафіксавалі дзесяткі рабаўнічых паходаў літоўцаў амаль ва ўсіх кірунках: на польскія, галіцка-валынскія, чарнігаўскія, смаленскія, ноўгарадскія, пскоўскія землі, на Лівонію і землі эстаў. У той жа час да Аўкштоты і Жамойці амаль з усіх бакоў ( з захаду, поўдня, усходу) прылягалі „мірныя” тэрыторыі. Яны складаліся як з балцкіх (Яцвягія, Прусія), так і бліжэйшых усходнеславянскіх земляў: Наваградчына, Гарадзеншчына, Полацкая і Турава-Пінская землі. Сярод шматлікіх апісанняў літоўскіх бясчынстваў, даследчыкам не ўдалося знайсці прамога ці вартага даверу ўскоснага сведчання аб нападзе летапісных літоўцаў на Наваградак, Гародню, Ваўкавыск, Мінск, Полацк ці іншыя гарады будучай Беларусі. І, наадварот, маюцца прамыя сведчанні крыніц аб полацка-літоўскім, пінска-літоўскім, наваградска-літоўскім супрацоўніцтве. Апошняй акалічнасці даследчыкі або не прыдавалі значэння або ў азарце дыскусіі не заўважалі. Між тым яна ставіць пад сумненне саму аксіёму балта-славянскай канфрантацыі.
Канфрантацыйная версія прадугледжвае перарастанне рабаўнічых нападаў у тэрытарыяльныя захопы. Зноў жа гісторыкі не могуць прадставіць сведчанні такіх захопаў. Усе вядомыя выпадкі прыходу літоўскіх кунігасаў на княжанне ва ўсходнеславянскія гарады ў 13 ст. адбыліся праз запрашэнне.
Пскоўскі летапіс у паведамленні пра выгнанне з Пскова ў 1213 г. князя Уладзіміра Тарапецкага называе яго „літоўскім князем” [47] . Відавочна, гэты князь меў літоўскае паходжанне, быў прыняты ў Пскоў і хрышчаны ў праваслаўе. У 1248 г. папа піша ліст да „новаахрышчанага” князя Полацка (выказвалася думка, што адрасатам папы быў Таўцівіл [48] ). „Новаахрышчаны” стан князя ўсходнеславянскага горада з’яўляецца доказам яго паганскага (балцкага) паходжання і адначасова сведчаннем мірнага прыходу на полацкі стол. Дэталёва апісана ў летапісах з’яўленне ў Пскове князя Даўмонта ў 1265 г. [49] У гэтым выпадку ніяк не выпадае казаць, што, уцёкшы ад помсты Вайшэлка выгнанец збройнай сілай прымусіў пскавічоў выклікнуць сябе князем. Для Пскова, як і для Полацка і іншых усходнеславянскіх гарадоў, не так важна было этнічнае паходжанне служылага князя, як яго ваенныя здольнасці ды вернасць дзяржаве. Даўмонт са сваім статусам выгнанца наўрад ці мог спадзявацца на лепшую кар’еру дзе-небудзь у іншым месцы. Не дзіўна, што гэты здольны вайсковы кіраўнік старанна даводзіў вернасць сваёй новай радзіме і найперш у баях са сваімі былымі этнічна блізкімі суайчыннікамі.
Ужо ўпаміналася, што мірны характар працэсу балта-славянскага ўзаемадзеяння (у тым ліку і яго панямонскай фазы) не выклікае сумненняў у большасці даследчыкаў [50] . Відавочна, маглі мець месца канфлікты прышэльцаў з тубыльцамі, асабліва на ранняй стадыі кантактаў, але асновай балта-славянскага ўзаемадзеяння было мірнае супрацоўніцтва. Аб гэтым яскрава сведчыць сам факт наяўнасці вялікай кантактнай зоны. Характару працэсу на Панямонні цалкам адпавядае вызначэнне лінгвістаў Тапарова і Трубачова для Верхняга Падняпроўя: „Відавочна, славянскі рух адбываўся як натуральнае паступовае пранікненне з асіміляцыяй балтыйскага элемента ў розны час і ў розных частках гэтай тэрыторыі” [51] .
Вынікам супрацоўніцтва стала перамешванне прышлых славян з мясцовымі балтамі і ўтварэнне новай этнічнай агульнасці — беларусаў. Актыўным і культурна дамінуючым бокам былі ўсходнія славяне, і таму новы этнас стаў пераважна славянскім.
Пісьмовыя крыніцы, археалагічныя і лінгвістычныя матэрыялы не даюць падстаў для сцвярджэння, што ўзнікшая на Панямонні новая дзяржава — ВКЛ прыпыніла ці змяніла ход і характар працэсу балта-славянскіх кантактаў. Няма доказаў на тое, што ў выніку ўтварэння ВКЛ балты спынілі рух славян і пачалі па-новаму каланізаваць ужо асвоеныя славянамі тэрыторыі. Супярэчыць гэтаму таксама і пазнейшы нязменны характар самога працэсу кантактаў. Тэзас Ахманьскага аб „вяртанні Летувы ў свае ранейшыя межы” можа быць расцэнена толькі як даніна традыцыйнаму, але тым не менш памылковаму стэрэатыпу балта-славянскай канфрантацыі.
Такім чынам, мы выйшлі на галоўную для нас праблему ўзаемасувязі працэсу балта-славянскіх кантактаў з генезісам ВКЛ. Тое, што ўзаемасувязь гэтая мела месца, сумненняў не выклікае. Па-першае, мы бачым, што паўстаўшая дзяржава не супярэчыла, а хутчэй адпавядала самой логіцы, дапамагала разгортванню працэсу кантактаў і сама фармавалася ў яго межах. Па-другое, працэс балта-славянскага ўзаемадзеяння на Панямонні са свайго боку значна паўплываў на генезіс ВКЛ.
На час утварэння гэтай дзяржавы балта-славянскае ўзаемадзеянне было буйнейшай гістарычнай з’явай у рэгіёне. Дзяржава ўзнікла ў балта-славянскай кантактнай зоне і з самага пачатку складалася як з тэрыторый славянізаваных, так і балцкіх. Шматвяковы вопыт і напрацаваныя формы арганізацыі сумеснага жыцця дапамаглі ў крытычны (па знешніх прычынах) момант арганізавацца для стварэння дзяржавы, якая мела на сабе выразны адбітак супрацоўніцтва двух этнасаў. Кіруючая дынастыя і частка арыстакратыі мелі балцкае паходжанне, сістэма дзяржаўнай арганізацыі, сістэма права, дзяржаўная мова і большасць насельніцтва — усходнеславянскае. Усё гэта дазваляе вывесці, што ўзнікненне ВКЛ можна лічыць у пэўным сэнсе часткай працэсу балта-славянскага ўзаемадзеяння.
Такім чынам, у заключэнне падсумуем:
— Міжэтнічныя кантакты на Панямонні былі часткай буйнога працэсу балта-славянскага ўзаемадзеяння (працягласцю ў паўтары тысячагоддзя), ахапіўшага тэрыторыю сучаснай Беларусі і прылеглыя раёны суседніх краін. Сутнасцю працэсу было пранікненне славян на землі, занятыя балтамі, і асіміляцыя апошніх.
— На Панямонні названы працэс актывізаваўся ў канцы 10 — пачатку 11 ст. і працягваўся ўсё 2 тыс. н.э. У ім удаецца выдзеліць два буйныя этапы: канец 10-14 ст.ст. і 15-20 ст.ст. На першым этапе адбываўся актыўны каланізацыйны рух усходніх славян уздоўж рэчышчаў Нёмана і Віліі. Быў пераадолены рубеж водападзела Дняпра і Нёмана і заснаваны шэраг гарадоў. У 15 — першай палове 20 ст. павелічэнне ўсходнеславянскай (беларускай) прысутнасці адбывалася галоўным чынам за кошт пашырэння культурнага ўплыву на мясцовых балтаў. Беларусізацыя летувісаў (у асноўным сялянства) працягвалася і пасля страты беларускай культурай дамінуючай ролі ў рэгіёне на карысць польскай і расійскай культур.
— Лінеарнай мяжы між этнасамі не было, існавала вялікая кантактная зона, якая перамяшчалася ў паўночна-заходнім кірунку на прасторы прыблізна між Менскам і Вільняй.
— Важнейшай рысай балта-славянскіх кантактаў было мірнае супрацоўніцтва.
— Утварэнне ў кантактнай зоне ВКЛ не перапыніла і не змяніла характару працэсу, а, наадварот, спрыяла яго разгортванню праз прыняцце ўсходнеславянскай мадэлі дзяржаўнага будаўніцтва і старабеларускай мовы ў якасці дзяржаўнай. Адсюль сам генезіс ВКЛ можна разглядаць як праяву ці эпізод працэсу балта-славянскага ўзаемадзеяння. Сведчаннем гарманічнай узаемасувязі названых працэсаў з’яўляецца паспяховае развіццё ВКЛ, якое перарасло тэрытарыяльна не толькі Панямонне, але і ўсю зону балта-славянскага кантакту.
— Немалаважная дэталь: працэс беларусізацыі да сярэдзіны 16 ст. (да Люблінскай уніі) ахопліваў усе сацыяльныя слаі балтаў, ад сялянства да магнатэрыі і кіруючай дынастыі.
— Працэс моўнай асіміляцыі летувісаў беларусамі зафіксаваны даследчыкамі яшчэ ў 20 ст. [52]
— Шматвяковыя міжэтнічныя кантакты на Панямонні сталі часткай этнагенезу беларусаў.
Streszczenie
W kontaktach bałto-słowiańskich na obszarze Białorusi należy szukać genezy utworzenia Wielkiego Księstwa Litewskiego. Przenikanie się Bałtów i Słowian występowało także na terenie dzisiejszej Łotwy, Litwy, Rosji i Ukrainy. W wyniku tych kontaktów następowała dość szybka słowianizacja Bałtów. Na obszarze Białorusi proces ten był szczególnie intensywny w XII-XIV w.
Summary
The origin of the Grand Duchy of Lithuania should be looked for in contacts between Balts and Slavs. Interpenetration of Balts and Slavs also took byace on the territory occupied by present-day Latvia, Lithuania, Russia, and Ukraine. Due to these contacts Balts were quickly Slavianized. On the territory of Belarus this process was particularly intense in the 12th-14th centuries.
[1] Быў настолькі паспяховым, што створаная ім дзяржава перарасла тэрытарыяльна не толькі Панямонне, але і ўсю зону балта-славянскага кантакту.
[2] Артыкул на гэтую тэму гл.: А. Краўцэвіч, Праблема лакалізацыі сярэднявечнай Літвы, „Białoruskie Zeszyty Historyczne”, 1997, Nr 8, s. 5-30.
[3] В. В. Седов, Славяне Верхнего Поднепровья и Подвинья, Москва 1970, с. 162-192; ён жа, Балты и славяне в древности по данным археологии, [в:] Из древнейшей истории балтских народов по данным археологии и антропологии, Рига 1980, с. 20; Этнаграфія Беларусі: Энцыклапедыя, Мінск 1989, с. 59-60; Я. Г. Зверуго, Верхнее Понеманье в 9-13 вв., Минск 1989, с. 15-17; Г. В. Штыхаў, Крывічы: Па матэрыялах раскопак курганоў у Паўночнай Беларусі, Мінск 1992, с. 106-107.
[4] В. В. Седов, Славяне Верхнего Поднепровья и Подвинья, с. 191, 162; Я. Г. Зверуго, Верхнее Понеманье..., с. 14-15.
[5] Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыклапедыя, Мінск 1993, с. 230.
[6] Ф. Д. Гуревич, Древности Белорусского Понеманья, Москва — Ленинград 1962, с. 144.
[7] Я. Г. Зверуго, Славяне и балты в междуречье Верхнего Днепра и Среднего Немана, [в:] Проблемы этнической истории балтов, Рига 1985, с. 67; А. П. Непокупный, Балто-северославянские языковые связи, Киев 1976, с. 63 (карта).
[8] А. К. Краўцэвіч, Гарады і замкі Беларускага Панямоння 14-18 ст.ст.: Планіроўка, культурны слой, Мінск 1991, с. 60-61.
[9] Ф. Д. Гуревич, Об этническом составе населения древнего Новогрудка, [в:] Acta Baltico-Slavica, Białystok 1969, r. VI, s. 222: „у горадзе, дзе, безумоўна, большасць насельніцтва была славянскай, да канца 11 ст. няма ніякіх прыкмет хрысціянства. Магчыма, што прыхільнасць да язычніцтва таксама была адной з прычын, спрыяўшых з’яўленню тут насельніцтва, якое імкнулася пазбегнуць хрысціянізацыі”; гл. таксама: Ф. Д. Гуревич, Детинец и окольный город древнерусского Новогрудка в свете археологических работ 1956-1977 гг., „Советская археология”, 1980, № 4, с. 88-89; Я. Г. Зверуго, Верхнее Понеманье..., с. 196.
[10] М. Я. Гринблат, Белорусы. Очерки происхождения и этнической истории, Минск 1968, с. 90-91.
[11] В . В. Седов Курганы ятвягов, „Советская археология”, 1964, № 4, с. 36-51.
[12] Я. Г. Зверуго, Верхнее Понеманье ... с. 15.
[13] J. Ochmański, Litewska granica etniczna na wschodzie od epoki byemiennej do XVI wieku, Poznań 1981, s. 39-45.
[14] П. Гаучас, К вопросу о восточных и южных границах литовской этнической территории в средневековье, [в:] Балто-славянские исследования, Москва 1988, с. 195-196.
[15] J. Fijałek, Uchrześcijanienie Litwy przez Polskę i zachowanie w niej języka ludu, Kraków 1914, s. 6, 13.
[16] J. Ochmański, Litewska granica... s. 38, 43.
[17] J. Safarewicz, Studia językoznawcze, Warszawa 1967, s. 257-259.
[18] А. П. Непокупный, Лингвогеографические связи литовских и белорусских форм названий г. Дятлово и его окрестностей // Балто-славянские исследования, Москва 1974, с. 144-154; ён жа, Балто-северославянские языковые связи, Киев 1976, с. 106-108.
[19] H. Łowmiański, Początki Polski, Warszawa 1967, t. 3, s. 81-82.
[20] J. Ochmański, Litewska granica..., s. 32.
[21] Я . Г . Зверуго , Верхнее Понеманье ..., с . 15; J. Tyszkiewicz, Proces sławizacji ziem dorzecza Niemna w 6-11 ww., „Przegląd Historyczny”, 1973, t. 64, s. 20 (mapa 2); Ф . Д . Климчук , К истории распространения белорусских говоров в юго - восточной Литве , [ в :] Балто - славянские исследования . 1980, Москва 1981, с. 214.
[22] А. Краўцэвіч, Да праблемы ўтварэння Вялікага Княства Літоўскага, „Białoruskie Zeszyty Historyczne”, Białystok 1996, Nr 1 (5), s. 5-22.
[23] Там жа, карта 1, 2 і дадатак; На картах амаль адсутнічаюць даныя з летувіскай тэрыторыі, паколькі летувіскія археолагі, як правіла, не акцэнтуюць увагі на этнічнай інтэрпрэтацыі археалагічных помнікаў.
[24] А. В. Квятковская, Каменные могильники Беларуси 11-17 вв., Дыс. ... канд. гіст. навук, Мінск 1994.
[25] В. В. Седов, Литовские племена, [в:] Финно-угры и балты в эпоху средневековья, Москва 1987, с. 417.
[26] А. Краўцэвіч, Да праблемы ўтварэння Вялікага Княства Літоўскага, s. 10. Акрэсленая ў гэтай публікацыі зона кантактаў занадта ўмоўная, тут яна ўдакладнена.
[27] Ф. Д. Климчук, К истории распространения белорусских говоров..., с. 214.
[28] З лініяй водападзелу між Дняпром і Нёманам супадае таксама мяжа хароніма „Літва” 13-19 ст.ст. і, урэшце, мяжа этнаграфічнай зоны беларусаў „Панямонне”.
[29] В. С. Цітоў, Народная спадчына: Матэрыяльная культура ў лакальна-тыпалагічнай разнастайнасці, Мінск 1994, с. 251-279.
[30] L. Bednarczuk, Wokół etnogenezy Białorusinów, [w:] Acta Baltico-Slavica, 1984, t. 16, s. 46.
[31] M. Baliński, T. Lipiński, Starożytna Polska pod względem historycznym, geograficznym i statystycznym, Warszawa 1846, t. 3, s. 122.
[32] A. Brückner, Polacy a Litwini. Język i literatura, [w:] Polska i Litwa w dziejowym stosunku, Warszawa — Lublin — Łódź — Kraków 1914, s. 362-363.
[33] В. и Е. Голубовичи, Кривой город Вильно, „Краткие сообщения Института истории материальной культуры АН СССР”, Москва 1945, вып. 11, с. 124.
[34] В. и Е. Голубовичи, Кривой город Вильно, с. 125.
[35] Scriptores rerum Prussikarum, Leipzig 1863, Bd. 2, s. 623.
[36] J. Ochmański, Historia Litwy. s. 62 (mapa).
[37] J. Jakubowski, Opis Księstwa Trockiego z 1387 r., „Przegląd Historyczny”, 1907, t. 5, z. 1, s. 45.
[38] Гл .: П . Урбан , Пра нацыянальны характар Вялікага Княства Літоўскага й гістарычны тэрмін „ Літва ”, [ у :] Запісы , Мюнхэн 1964, кн . 3, с . 35-89.
[39] J. Fijałek, Uchrześcijanienie Litwy..., s. 17, 12-13.
[40] J. Fijałek, Uchrześcijanienie Litwy..., s. 50-52.
[41] K. Jablonskis, Lietuviµ kultüra ir jos veikéjai, Vilnius 1975, p. 36-46; Z. Zinkevičius, Lietuviµ antroponimika, [w:] Vilnius lietuviµ asmenvardžiai XVII a. pradžioje, Vilnius 1977, p. 24-33.
[42] В . В . Седов , Славяне Верхнего Поднепровья и Подвинья , с . 181; L. Bednarczuk, Wokół etnogenezy Białorusinów, s. 47.
[43] Z. Kurzowa, O mowie Polaków na kresach wschodnich, Kraków 1993, s. 17.
[44] К. В. Павлова, Население Верхнего Понеманья по материалам курганных могильников окрестностей Новогрудка, [в:] Древнерусское государство и славяне, Минск 1983, с. 47.
[45] J. Ochmański, Litewska granica..., s. 24.
[46] Ф. Энгельс, Происхождение семьи, частной собственности и государства, [в:] Маркс К., Энгельс Ф. Избр. соч.: В 9 т., Москва 1987, т. 6, с. 230.
[47] Псковские летописи (под ред. А. Н. Насонова), Москва 1955, вып. 2, с. 77.
[48] M. Taube, Russische uhd litauische Fürsten an der Düna zur Zeit Eroberung Livlands. (12. und 13. Jahrhundert), [in:] Jahrbücher für Kultur und Geschichte der Slaven, N. F., 1935, Band. 11, Heft 3/4, s. 405-406.
[49] В. И. Охотникова, Повесть о Довмонте (исследования и тексты), Ленинград 1985.
[50] Я. Г. Зверуго, Верхнее Понеманье ..., с. 15; В. В. Седов, Славяне Верхнего Поднепровья и Подвинья, с. 192; ён жа, Литовские племена, с. 417; J. Tyszkiewicz, Proces slawizacji ziem dorzecza Niemna ..., s. 6, 16-18, 20 (mapa 2); Е. М. Катонова, Данные гидронимии о балто-славянских контактах на севере Белоруссии, [в:] Материалы. Этнолингвистические балто-славянские контакты в настоящем и прошлом, Москва 1978, с. 85; Г. В. Штыхаў, Крывічы, с. 95, 106.
[51] В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев, Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья, Москва 1962, с. 173.
[52] A. Brückner, Polacy a Litwini..., s. 347-348, 362-363; М. Я. Гринблат, К вопросу об участии литовцев в этногенезе белорусов, [в:] Вопросы этнической истории народов Прибалтики. Труды Прибалтийской объединенной комплексной экспедиции, Москва 1959, т. І, с. 530, 543.