Горад Ліда ўпершыню ўпамінаецца праз пісьмовыя крыніцы паміж 1323 i 1328 гадамі. Развіццю паселішча, відавочна, спрыяла ўзвядзенне ў першай палове XIV ст. пры зліцці рэчак Лідзеі i Каменкі магутнага мураванага замка тыпу «кастэль». Лідскі замак уваходзіў у абарончы пояс, створаны на заходніх межах Вялікага княства Літоўскага для абароны ад нападаў крыжакоў. Такое сваё прызначэнне ён неаднойчы апраўдваў на працягу XIV-XV стст. У XVI-XVII стст. збудаванне страціла ваенна-стратэгічнае значэнне, але яго працягвалі выкарыстоўваць. Тут праходзілі сеймікі, суды, захоўваліся архівы Лідскага земскага суда. Моцна разбураны пад час вайны Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай у 1659 i ў 1702 гг. (Паўночная вайна), замак быў занядбаны. Матэрыялаў, якія б распавядалі цікавыя гісторыі пра замак у больш познія перыяды, раскопкі не даюць.
Горад Ліда - тыповы прыклад паселішча, якое стала горадам у познім сярэднявеччы. Асноўная яго тэрыторыя размяшчалася на роўнай пляцоўцы паміж балоцістымі рэчышчамі Лідзеі i Каменкі. З самага пачатку існавання Ліда была неўмацаваным пасяленнем: тут адсутнічаюць рэшткі валоў i равоў, якія зараз аблегчылі б пошукі найстаражытнага ядра.
Відавочна, да збудавання замка Ліда ўяўляла сабой невялікае вясковае паселішча. Самыя раннія матэрыялы, якія адносяцца да XIV ст., знойдзены непадалёк ад замка, прыблізна ў 100 м на паўночны захад ад яго.
у XV-XVII стст. у Лідзе сфарміравалася тыповая для беларускіх гарадоў планіровачная структура з двума цэнтрамі: замак i рыначная плошча з ратушай, злучаныя Замкавай вуліцай.
У 1970 г. невялікія раскопкі на тэрыторыі замкавага двара правёў
М. Ткачоў. Ён вызначыў, што замак збудаваны на пясчанай падушцы, а паўночна-ўсходняя вежа ўзведзена пасля 1384 г. або на мяжы XIV- XV стст., гэта значыць пазней за паўднёва-заходнюю. У 1974 г. шурфоўку замкавага двара ажыццявіў Я. Звяруга, але ва ўсіх 12 шурфах выявіў толькі перамешаны культурны слой.
Аўтары гэтага артыкула з 1977 па 1985 гг. правялі на тэрыторыі замка шэраг археалагічных даследаванняў, якія выявілі шмат новага з гісторыі Ліды i замка. Мы выбралі каля 3260 кв. м культурнага слою, а гэта больш паловы плошчы замкавага двара.
Магутнасць культурнага слою на тэрыторыі Лідскага замка вагаецца ад 0,2-0,4 м пасярэдзіне двара, да 1,5-2 м - каля сцен. У паўночна-ўсходнім куце развал вежы дасягаў вышыні 5-6 м. У многіх месцах слой перамешаны познімі перакопамі. Да 2-й сусветнай вайны на тэрыторыі замка размяшчаўся склад боепрыпасаў - у мацерыку (мацерыком у гэтым выпадку мы называем штучную падсыпку з пяску, гліны i каменняў) выяўлены ямы з мінамі i снарадамі.
Амаль ва ўсіх раскопах, размешчаных каля замкавых сцен, выяўлены фрагментарныя праслойкі вугалёў, якія залягаюць на мацерыку на слоі будаўніцтва замка. З гэтага можна вывесці, што ўсе, ці амаль усе пабудовы на двары згарэлі пад час моцнага пажару, які здарыўся ў XIV ст. Гэты пажар, верагодна, можна звязаць з першым вядомым нам нападам крыжакоў на замак. У 1384 г. яны захапілі ўмацаванне прыступам пасля папярэдняй аблогі. Тое, што каля ўсходняй i паўднёвай сцен пад праслойкай вуголля амаль няма культурнага слою, тлумачыцца адсутнасцю на гэтым месцы ў XIV ст. жылых пабудоў. Не знойдзены тут i рэшткі печаў, а кафлі выяўлена намнога менш, чым на участках каля заходняй i паўночнай сцен. Хутчэй за ўсё, каля ўсходняй i паўднёвай сцен у XIV ст. i пазней знаходзіліся гаспадарчыя пабудовы, якія не ацяпляліся.
На глыбіні 0,6-0,8 м ад дзённай паверхні амаль на ўсіх вывучаных участках замкавага двара ёсць праслойка будаўнічага смецця i вугалёў таўшчынёй 0,1-0,3 м. Праз знаходкі (у тым ліку i манетны скарб) яна датуецца прыблізна сярэдзінай XVII ст. Відавочна, гэтая праслойка звязана з разбурэннямі замка, якія адбыліся пад час вайны з Маскоўскай дзяржавай.
Культурны слой Лідскага замка датуецца XIV-XVII стст. Пазнейшых наслаенняў амаль няма. На падворку бліжэй да ўсходняй сцяны знойдзены два калодзежы, якія, мяркуючы па запаўненню, былі засыпаныя ў сярэдзіне - другой палове XVII ст. Каля заходняй i паўночнай сцен, а таксама паўночна-ўсходняга кута знойдзены каменні ад падмуркаў драўляных пабудоў, а ў двух 3 ix - поды кафляных печаў.
На тэрыторыі гарадскога пасаду культурны слой дасягае таўшчыні да 2,5 м. У верхніх пластах сустракаецца бітая цэгла, вапна. Паводле матэрыялаў бурэнняў «насыпны слой» найбольшай таўшчыні (4,8- 5,2 м) знаходзіцца на ўчастках у 300 м на паўночны захад ад замка. Хутчэй за ўсё ён утварыўся пад час засыпкі рэчышча Каменкі ў 70-я гады XX ст.
Участкі каля замка на поўнач, поўдзень i ўсход ад яго раней былі забалочаныя. Шурфы i свідравіны зафіксавалі тут тарфяную глебу. Каля былой гандлёвай плошчы ў слаі 1,6 м таўшчынёй сабраны матэрыялы канца XV - пач. XX стст., а каля былога касцёла піяраў (слой таўшчынёй каля 1 м) знаходкі датуюцца XVIII-ХІХ стст. У шурфах на пясчаных узвышшах, размешчаных за рэчкамі на паўднёвы ўсход i паўднёвы захад ад замка, сярэднявечны культурны слой не выяўлены.
На характар матэрыяльнай культуры замка наклаў адбітак яго статус дзяржаўнай крэпасці. Тут размяшчалася залога, якая знаходзілася на скарбовым забеспячэнні, раскошай у побыце салдаты не вылучаліся. У адрозненне ад прыватных замкаў, у Лідскім не знойдзена дарагая паліхромная кафля ці венецыянскі шкляны посуд, затое шмат зброі i рыштунку вершніка i каня. Падаўляючая большасць новых знаходак належыць да часу актыўнага выкарыстання замка - XIV-XVII стст.
У калекцыю ўваходзяць прылады працы, бытавыя рэчы, узбраенне, ваенны рыштунак. Самую шматлікую групу складаюць цвікі: будаўнічыя (мацавальныя), дэкаратыўна-шпалерныя i падкоўныя. Храналогія ix бытавання шырокая. Так, абутковыя падкоўкі з'яўляюцца ў канцы XV - пачатку XVI стст.
Нажы знойдзены як чаранковыя, так i 3 прыкляпанымі драўлянымі ці касцянымі накладкамі. Першыя належаць галоўным чынам да XIV- XV стст., другія бытавалі пачынаючы з XIV ст. i да нашага часу. У познім сярэднявеччы яны складаюць большасць.
У калекцыі акрамя таго ёсць двухзубыя відэльцы XVI-XVII стст., шарнірныя нажніцы, крэсівы XIV- XVI стст., ключы i фрагменты замкоў XIV-XV стст., ключы XVI- XVII стст. круглай i трохвугольнай формы, спражкі. У адзіным экземпляры знойдзены: дрымба XVI ст., сякера XIV-XV стст., скрабніца для чысткі коней XVI-XVII стст., медыцынскі інструмент для пускання крыві XIV-XVII стст., кручок-блясна i просты рыбалоўны кручок, серп, восьці, цуглі, падсвечнік. У наваколлі замка знойдзены рэдкія ўзоры халоднай зброі: кінжал i кароткі меч.
Цікавасць выклікаюць рэчы з узбраення i рыштунку вершніка i каня. Наканечнікі арбалетных стрэлаў датуюцца XIV-XV стст. Наканечнікі стрэлаў ад лука - усе чаранковыя. Шпоры, блізкія да распаўсюджаных у Еўропе тыпаў. Некаторыя з ix маюць дугу ў выглядзе выгнутей літары «V», іншыя - «U» падобныя.
Конскія падковы падзяляюцца на некалькі разнавіднасцей: з выступамі на канцах або ў цэнтры дугі (адгортка), з адтулінамі на канцах дугі ці без выступаў i без адтулін.
Пад час раскопак сабрана некалькі дзесяткаў манет. Каля паўночнай сцяны Ў 1978 г. знойдзены скарб з 5 білонавых манет (скарб апрацаваны супрацоўнікам гістфака Белдзяржуніверсітэта А. Плавінскім):
- солід Сігізмунда 111 Вазы (1587-1632). Рэч Паспалітая (каралеўства), манетны двор Рыгі ХХХО (1590, 1600, 1610 г.);
- солід Сігізмунда III Вазы. Рэч Паспалітая, манетны двор Рыгі 1610 г.;
- грош 1536 г. Сігізмунд II Аўгуст (1545-1572). Вялікае княства Літоўскае, манетны двор Крэмніц;
- дынарый 1566 г. Максіміліан II (1564-1576). Венгрыя;
- солід. Стэфан Баторый (1576- 1586). Рэч Паспалітая (каралеўства), манетны двор Рыгі. 1582 г.
Адзін жыхар Ліды перадаў дзве рэдкія манеты, знойдзеныя, паводле яго слоў, у вежы замка. Гэта дынарыі Вялікага княства Літоўскага, якія адносяцца да канца XIV - пачатку XX стст.
У 1986 г. у раскопе каля ўсходняй сцяны знойдзены вагі для малых узважванняў ca складнымі каромысламі. Яны маюць аналагі сярод знаходак XII-XIII стст., але ў нашым выпадку ix датыроўка звязана з перыядам выкарыстоўвання замка - XIV-XVII стст.
Цікавая дэталь упрыгожвання конскай збруі - срэбраная бляшка з выявай птушкі, знойдзеная ў мацерыковай яме ў раскопе каля паўднёвай сцяны.
Знойдзены i посуд, які па асаблівасцях тэхналогіі вырабу дзеліцца на тры асноўныя групы: непаліваны, паліваны i дымлёны (мораны). Па прызначэнню ён падзяляецца на кухонны i сталовы. Да першага адносяцца гаршкі, накрыўкі, начынні тыпу слоікаў, макотры (цёрлы), патэльні-рынкі. Сталовы посуд - міскі, талеркі, кубкі, стопкі, куфлі, збаны - у асноўным паліваны ці мораны.
Большая частка непаліванай керамікі неарнаментаваная (гэта адна з асаблівасцей лідскага матэрыялу). На астатняй частцы фрагментаў маецца лінейны, хвалісты i хвалісталінейны арнамент. ёсць фрагменты з наляпным валікам прамавугольнага сячэння i ў выглядзе зашчыпаў, а таксама з паяском з насечак трохвугольнай формы. Другі від посуду з гэтай групы - начынні з вертыкальным горлам, іx адметная рыса - абавязковы арнамент на плечуку.
Да непаліванага посуду таксама належаць начынні ў форме слоікаў, прызначаныя для захоўвання ежы (няма слядоў нагару i копаці), макацёры ці цёрлы; патэльні-рынкі з ручкай у выглядзе глінянай утулкі, у якую ўстаўлялася драўляная рукаятка. Знойдзены адзінкавыя фрагменты непаліваных місак i збаноў. Непаліваныя накрыўкі падзяляюцца на два тыпы: звонападобныя i конусападобныя.
Паліваная кераміка ўвайшла ва ўжытак у другой палове - канцы XV ст. У параўнанні з непаліванай яе знойдзена значна менш. Гэта гаршкі з ручкай, міскі, талеркі, збаны, рынкі, стопкі, куфлі з ручкамі i накрыўкамі.
Знойдзены i дымлёны посуд - гаршкі, макотры, міскі, збаны, большасць з ix арнаментавана лашчонымі ўзорамі з прамых i хвалістых ліній.
Некаторыя фрагменты керамікі маюць заходне-еўрапейскае паходжанне. Напрыклад, кераміка XVI -XVII стст.- так званы «каменны тавар».
На замкавым падворку знойдзена каля трох дзесяткаў гліняных грузікаў для рыбалоўных сетак. Па форме яны авальныя (часам круглыя), біканічныя або цыліндрычныя.
Шкляны посуд складаецца са шкляніц (асноўны тып посуду для піцця), бутэлек, квартаў, келіхаў, стопак. У адзіным экземпляры знойдзены флакон 3 жоўтага празрыстага шкла. Большасць посуду, як i ваконнага шкла, зроблена з бясколернай і празрыстай зеленаватай масы. Есць шклянцы з малочнага шкла.
Кварты маюць чатырохсценныя тулавы 3 рабрыстымі або скругленымі вугламі. Келіхі розняцца памерамі стоп, велічынёй i колькасцю «яблыкаў» i дыскаў паміж чашай i стапой. Вопыт раскопак у іншых гарадах i замках паказвае, што распаўсюджванне шклянога посуду адбылося ў XVI-XVII стст. Да XIV- XV стст. З лідскай калекцыі можна аднесці толькі флакон з жоўтага шкла.
На тэрыторыі замка знойдзены i вырабы 3 каменю - каля 40 ядраў 3 вапняку i граніту. Дыяметр ix вагаецца ад 4 да 37 см. Есць авальныя ядры. Акрамя каменекідальных машын ядры невялікіх памераў маглі выкарыстоўвацца для стральбы з гармат. Датуюцца яны XIV- XV стст.
Выяўлены каменныя тачыльныя брускі, прасліцы, фрагмент жорнаў. Каменная сякера з адтулінай для рукаяткі і наканечнік стралы эпохі бронзы, відавочна, былі завезеныя на тэрыторыю замка разам з глебай для падсыпкі будаўнічай пляцоўкі.
У касцяных вырабах маюцца накладкі i пласцінкі з арнаментам i неарнаментаваныя. Двухбаковы грэбень без арнаменту XIV ст., іголка, ігольніца, гузік. Дзве шахматныя фігуры датуюцца XV-XVI стст. Адна з ix - тура, ад якой захавалася толькі ніжняя частка. Магчыма, гэта аснова пешкі, бо дыяметр асновы менш за дыяметр ладдзі. Цікавыя накладкі на рукаяткі нажоў, кольцы з лінейным арнаментам, шашка. Сабраны вялікі астэалагічны матэрыял, у тым ліку косці i рогі тура i зубра.
Археалагічны матэрыял з раскопак пасаду не адрозніваецца ад замкавага. Можна выдзеліць некалькі рэчаў, знойдзеных у горадзе. Гэта формачка XVI-XVI I стст. для адліўкі куляў, кафля з міфалагічным арнаментам, зялёна-паліваны спараны посуд для спецый XVIII - XIX стст., парцалянавая люлька.
Сабраная, апрацаваная i часткова адрэстаўраваная калекцыя археалагічных знаходак экспануецца ў Лідскім краязнаўчым музеі.