Абарончая лінія, складзеная з некалькіх магутных замкаў, паўстала пры заходняй мяжы Вялікага княства Літоўскага ў XIV ст. падчас зацятага змагання гэтай дзяржавы з Тэўтонскім ордэнам. Вайна паміж імі распачалася яшчэ ў XIII ст., дакладней, у 1283 г. адразу пасля канчатковай заваёвы Прусіі крыжакамі. Ордэнскі храніст Пётр Дзюзбург напісаў пра той год: «Exlicit bellum Prussie. Incipit bellum Lethowinorum» [1, с. 146].
У гэтай вайне стратэгічная ініцыятыва належала крыжакам. Невялікая па тэрыторыі, аднак, добра загаспадараваная ордэнская дзяржава ў Прусіі карысталася моцнай маральнай і матэрыяльнай падтрымкай усяго каталіцкага Захаду. З перанаселеных нямецкіх земляў у Прусію перасяляліся сяляне, прычым у значных колькасцях. Многія еўрапейскія арыстакраты і рыцары амаль кожны год выбіраліся ў Прусію, каб браць удзел у крыжовых паходах супраць язычнікаў Жамойці і Аукштоты.
Мілітарная актыўнасць рыцараў-манахаў не змяшчалася ў цесных межах апошніх у Еўропе паганскіх земляў. Кіраўнікі крыжацкай дзяржавы выкарыстоўвалі шматлікія атрады еўрапейскіх рыцараў таксама для паходаў на хрысціянскія землі ВКЛ -- Гарадзеншчыну і Наваградчыну.
Галоўная задачай Ордэна на тым этапе было злучэнне па сушы Прусаў з ордэнскай філіяй у Лівоніі. На шляху крыжакоў ляжала Жамойць, таму яна становіцца галоўным аб'ектам ордэнскіх паходаў. На пачатку XIV ст. Ордэн адчуваў сябе ў Прыбалтыцы настолькі ўпэўнена, што, не спыняючы атаку на Жамойць, мог адначасова весці вайну супраць ВКЛ і Польшчы [2, с. 338-371].
З канца ХІІІ ст. арганізацыя абароны ад экспансіі Ордэна становіцца галоўнай задачай знешняй палітыкі ВКЛ. Вырашаліся не проста вынікі чарговай вайны, справа ішла пра існаванне дзяржавы. Рэгулярныя малыя і вялікія напады з суседніх Прусаў накіроўваліся непасрэдна ў цэнтральную вобласць дзяржавы, г.зн. у г.зв. «уласна Літву» (у гістарыяграфіі ўжываецца таксама тэрмін «Літва ў вузкім сэнсе»). У навуковай літаратуры гэтая сярэднявечная Літва часта атаясамляецца з сённяшняй Летувай. У сапраўднасці, да ўласна Літвы ў сярэднявеччы належалі не толькі этнічныя летувіскія землі, але і беларускія, якія складалі яе асноўную частку. Гэтая вобласць складалася з Наваградскай, Віленскай, Гарадзенскай земляў і часткі Менскай зямлі. Такім чынам, лакалізацыя гістарычнай Літвы значна адрозніваецца ад размяшчэння сучаснай Летувы.
Дакладныя межы гэтай «Літвы ў вузкім сэнсе», ад якой пачыналася ВКЛ, былі акрэслены спецыяльнымі даследаваннямі ў 80-я -- 90-я гады ХХ ст. Паводле Ежы Ахманьскага: «Згодна з крыніцамі, за ўласна Літву ў ХV-XVI ст. належыць прыняць: два этнічна летувіскія ваяводствы -- Віленскае і Троцкае, Браслаў, Менск, Наваградак з г. зв. Чорнай Руссю (Ваўкавыск, Слонім, Камянец) і Гародню» [3, с. 73]. Яшчэ дакладней акрэсліў месцазнаходжанне гістарычнай Літвы Міхаіл Спірыдонаў: «... у XVI ст. сучаснікі адносілі да Літвы перш за ўсё этнічна летувіскія Віленскі, Вількамірскі, Ковенскі, Троцкі і Упіцкі паветы, а таксама поўнасцю ці часткова «беларускія» паветы ВКЛ: Браслаўскі, Віленскі, Ваўкавыскі, Гарадзенскі, Лідскі, заходнюю частку Менскага, большую частку Наваградскага, амаль увесь Ашмянскі і Слонімскі» [4, с. 208] (мал. 1).
У XIV ст. большую частку тэрыторыі Літвы складала міжэтнічная кантактная зона са змяшаным балта-славянскім насельніцтвам [5, с. 5-30]. Гарады ў гэтай зоне былі ўсходнеславянскія, а вясковая ваколіца -- змяшаная балта-славянская.
Менавіта для абароны гэтай біэтнічнай Літвы як цэнтральнай вобласці дзяржавы ў XIV ст. быў створаны магутны абарончы пас, складзены з замкаў у Ваўкавыску, Гародні, Наваградку, Слоніме, Лідзе, Крэве, Медніках, Вільні, Троках, Коўне [6, с. 37-44, 102-103]. Да гэтай групы можам таксама аднесці замак у Бярэсці, які хоць і знаходзіўся трохі далей на Падляшы, але таксама браў удзел у барацьбе з крыжакамі.
Пачаткі замкавага будаўніцтва ў басейне Нёмана акрэслены межамі ХХ-ХХІ ст., калі ў ходзе славянскай каланізацыі балцкіх земляў з'яўляюцца першыя протагарадскія паселішчы ў Наваградку, Гародні і Ваўкавыску. Умацаваныя цэнтры гэтых беларускіх гарадоў, якія традыцыйна складаліся з дзвюх частак (дзядзінец і кружны горад, у XIV ст. іх называлі Верхнім і Ніжнім замкамі), таксама ўвайшлі ў абарончую сістэму, скіраваную супраць крыжакоў. Яшчэ ад XIІ-ХІІІ ст. падставовымі ўмацаваннямі гэтых замкаў былі земляныя валы, насыпаныя на драўляныя канструкцыі -- «гародні» і пастаўленыя на іх драўляныя сцены і вежы.
На мяжы ХІІІ і XIV ст. у ВКЛ распачынаецца замкавае будаўніцтва паводле зусім іншых -- гатычных узораў. Найбольшая заслуга ў арганізацыі будаўніцтва новых, ужо мураваных, замкаў належыць вялікаму князю Гедыміну (1316-1341 г.). Праўда, не ён распачаў і не ён закончыў гэтае будаўніцтва, але менавіта ад яго кіравання можна казаць пра замкавы абарончы пас Літвы як дзеючую сістэму.
Будаўніцтва мураваных замкаў, распачатае пры Гедыміне з вялікім размахам, абапіралася на ўзоры ордэнскіх замкаў суседніх Прусаў. Крыжакі былі вядомымі майстрамі вайсковай справы, у тым ліку ў будове замкаў. З дапамогай умела збудаванай сістэмы замкаў, якая пакрывала ўсю тэрыторыю Прусаў, крыжакам удалося перамагчы і трымаць у пакоры мясцовыя плямёны. Абарончыя вартасці гэтых замкаў ведалі і ліцвіны, бо не аднойчы спрабавалі іх здабыць падчас ваенных паходаў.
Традыцыі гатычнай архітэктуры былі вядомыя ў беларускай частцы Літвы яшчэ з другой паловы ХІІІ ст. праз пасрэдніцтва валынскіх земляў. Г.зв. вежы валынскага тыпу, ці гатычныя вежы, у той час з'явіліся пасярод драўляных сценаў у Берасці, Камянцы, Гародні і Наваградку [7, с. 6-10]. Да сённяшняга дня ў добрым стане захавалася толькі знакамітая Белая Вежа ў Камянцы.
У траўні 1323 г. вялікі князь Гедымін звярнуўся з лістамі да рамеснікаў ганзейскіх гарадоў з запрашэннем перасяляцца ў Літву, гарантуючы ім розныя вольнасці і прывілеі [8]. Магчыма, некаторыя з гэтых запрошаных майстроў бралі ўдзел у замкавым будаўніцтве на Літве.
Новыя замкі былі дакладна дапасаваныя да асаблівасцяў рэльефу. Мураваныя сцены, складзеныя з палявога камення і цэглы, мелі да 3 м шырыні, да 15 м вышыні і да 100 м даўжыні. Яны ўтваралі няправільны прамавугольнік. У двух процілеглых кутах будаваліся магутныя вежы (спачатку адна, а пазней, часам праз некалькі дзесяцігоддзяў -- другая). У адрозненне ад старых замкаў, размешчаных на ўзвышшах, новыя ставіліся пры балотах, а замак у Троках -- на востраве сярод возера. Замак у Лідзе (мал. 2) быў збудаваны пры зліцці дзвюх малых рэчак з моцна забалочанымі берагамі. Праз злучэнне рэчышчаў каналам замкавая пляцоўка аказалася цалкам аточаная вадой. Рэчкі і балоты найлепш засцерагалі ў цёплыя пары года, калі найчасцей адбываліся крыжацкія напады. У Крэве пад замак выбралі не высокую горку, а размешчаны побач мыс, утвораны зліццём дзвюх забалочаных крыніцаў. У межах сценаў даўжынёй 72, 85, 97 і 108 м апынулася нават частка мокрага лугу.
Абарончыя вартасці новых замкаў правяраліся вельмі хутка пасля іх узвядзення. Малыя і буйныя часці крыжакоў рэгулярна прыходзілі іх здабываць. Аблогі і штурмы найчасцей канчаліся няўдала, хоць здараліся і адваротныя выпадкі. Замкі ў асноўным паспяхова выконвалі свае функцыі як пункты абароны і месца сховішча навакольных жыхароў падчас небяспекі, як склады рыштунку і зброі, як месцы канцэнтрацыі войскаў перад паходам.
У некаторых з гэтых замкаў (найчасцей у Віленскім, Троцкім і Крэўскім) у XIV ст. адбываліся драматычныя падзеі і прымаліся рашэнні агульнаеўрапейскага значэння. У Крэўскім замку ў 1382 г. страціў жыццё Кейстут Гедымінавіч, зняволены сваім пляменнікам Ягайлам, а сыну Кейстута Вітаўту ўдалося хітрасцю адтуль уцячы. Крэўская унія 1385 г. між ВКЛ і Польшчай аказала вялікі ўплыў на гісторыю Цэнтральна-Усходняй Еўропы і, між іншым, прадвырашыла лёс ордэнскай дзяржавы ў Прусах. Аднак яшчэ чвэрць стагоддзя пасля заключэння уніі ў Крэве вайна з крыжакамі працягвалася і вымагала вялікай напругі сілаў. У ходзе гэтай вайны на мяжы XIV-XV ст. быў перабудаваны Гарадзенскі замак. Уласна кажучы, па загаду Вітаўта на месцы старых драўляных умацаванняў быў збудаваны мураваны гатычны замак (мал. 3). Паступова станавіўся мураваным і замак у Наваградку.
Пасля Грунвальдскай бітвы замкі на захадзе Літвы ўжо не мелі значнага ваеннага значэння, паколькі крыжацкія напады спыніліся назаўсёды. У XV -- пачатку XVІ ст. да Літвы часам даходзілі загоны крымскіх татараў, аднак, то была толькі кароткачасовая пагроза. Пасля Люблінскай уніі 1569 г. Літва апынулася ў цэнтры агромністай тэрыторыі Рэчы Паспалітай і на працягу наступных ста гадоў не падвяргалася якой-небудзь значнай ваеннай пагрозе. Толькі ў XVІІ ст. падчас вайны з Масквой 1654-1667 г. маскоўскія войскі здабывалі памянутыя замкі без асаблівых цяжкасцей, паколькі яны не былі дапасаваныя да новых умоваў артылерыйскай аблогі і знаходзіліся ў занядбанні.
Існаванне і шматвекавыя дзеі гатычных замкаў на тэрыторыі гістарычнай Літвы мелі вялікае значэнне для гісторыі рэгіёну, у тым ліку і гісторыі ХХ ст.
Па-першае, яны аказалі значнае ўздзеянне на лакальную арганізацыю прасторы. Найлепш гэта відаць на прыкладзе Ліды. Археалагічныя даследаванні паказалі, што гэты горад пачынаўся ад невялікай вёсачкі на востраве сярод балотаў. Менавіта будаўніцтва магутнага замка прыцягнула новых жыхароў да гэтага не надта прыдатнага для жылля месца. Праз нейкі час Ліда становіцца горадам і цэнтрам павета. Такім самым чынам было прыспешана развіццё Крэва.
Па-другое, з'яўленне гэтых замкаў можна ацаніць як важнае матэрыяльнае сведчанне змены цывілізацыйнай арыентацыі на землях Літвы і Беларусі, г.зн. пераход ад візантыйскай традыцыі да заходнееўрапейскай.
Па-трэцяе, рэстаўрацыя сярэднявечных замкаў у ХХ ст. стала важным чыннікам нацыянальнага адраджэння беларусаў і летувісаў. Папулярызацыя гісторыі гэтых замкаў, праца над іх адбудовай дапамагалі ўкараненню ў масавую свядомасць усведамлення сувязі гэтай зямлі з еўрапейскай традыцыяй, якая была перарваная расійскім панаваннем.
Летувісам удалося гэта зрабіць больш паспяхова за беларусаў, галоўным чынам дзякуючы існаванню незалежнай летувіскай дзяржавы ў міжваенны перыяд. Традыцыі архітэктурнай рэстаўрацыі захаваліся ў Летуве да сённяшняга дня, і пасля другой сусветнай вайны мураваныя замкі XIV ст. на тэрыторыі Летувы былі старанна закансерваваныя, а замак у Троках адноўлены ў памерах нават большых, чым было ў сапраўднасці.
Беларусам пасля першай сусветнай вайны не ўдалося стварыць незалежную дзяржаву, і цяпер сярэднявечныя замкі тут ляжаць у руінах. Найбольш высілкаў пакладзена на аднаўленне замка ў Лідзе, які меў быць цалкам адбудаваны ў 1985 г. Аднак рэстаўрацыйныя працы тут не закончаныя да сённяшняга дня.
ЗАМКІ ГЕДЫМІНА ПРЫ ЗАХОДНЯЙ МЯЖЫ ЛІТВЫ - Гаворка ідзе пра гістарычную Літву ў складзе Віленшчыны, Гарадзеншчыны і Наваградчыны.
Спіс літаратуры:
- Petri de Dusburg. Chronika terrae Prussiae // SPR. -- Leipcig, 1861. -- Bd.1.
- Łowmiański H. Agresja Zakonu Krzyżackiego na Litwę w wiekach XII-XV // Przegląd Historyczny. -- 1954. -- T. 45.
- Ochmański J. Litewska granica etniczna na wschodzie od epoki plemiennej do XVI w. -- Poznań, 1981.
- Спиридонов М.Ф. «Литва» и «Русь» в Беларуси XIV в. // Наш Радавод. -- Гродна, 1996. -- Ч. 7.
- Краўцэвіч А. Праблема лакалізацыі сярэднявечнай Літвы // Białoruskie Zeszyty Historyczne. -- Białystok, 1997. -- N 8.
- Lietuvos architekturos istoria. Nuo seniausiu laiki iki 17 a. vidurio. -- Vilnius, 1987.
- Ткачев М.А. Замки Белоруссии. -- Мн., 1987.
- Gedymino Laiśkai. -- Vilnius, 1966.