Даўно заўважана, што дзяржаўная мяжа ВКЛ у значнай ступені супадала з арэалам жыхарства беларускага этнаса [1]. Пачаткі гэтай дзяржавы выводзяцца з Верхняга і Сярэдняга Панямоння - вобласці, якая да пачатку 20 ст. захоўвала назву "Літва" і сёння з'яўляецца часткай беларускай этнічнай тэрыторыі. Між тым, у гістарыяграфіі распаўсюджана памылковае атаясамленне сённяшняй Літвы (Lietuva) з памянутай Літвой гістарычнай. Цяперашняе этнічнае напаўненне гэтай назвы: Літва = Аукштота + Жамойць, часта механічна пераносіцца на сярэднявечча.
Каб пазбегнуць падобнай блытаніны, патрэбна разгледзець эвалюцыю тэрміну, разабрацца ва ўзаемаадносінах яго сучаснага і сярэднявечнага значэнняў, высветліць ролю гістарычнай Літвы ў гісторыі беларусаў і летувісаў.
Першая вядомая гісторыкам ўзгадка пра Літву ў пісьмовых крыніцах знойдзена ў т.зв. Кведлінбургскіх аналах (Annales Quedlinburgenses) 11 ст. Хроніка паведамляе пад 1009 г., што актыўны хрысціянскі місіянер - святы Бруна прыняў пакутніцкую смерць ад язычнікаў на мяжы Русі з Літвой (in confinio Rusciae et Lituae) [2].
"Аповесць мінулых часоў" - першы летапісны твор усходніх славянаў, створаны ў пачатку 12 ст., называе Літву сярод народаў, якія маюць ўласную, адрозную ад славянаў мову [3]. Літва ўпамінаецца таксама ў некаторых сярэднееўрапейскіх хроніках 12 ст. [4] З 12 ст. (асабліва з 80-х гадоў) тэрмін "Літва" трывала замацаваўся на старонках усходнеславянскіх летапісаў, што было звязана з узрастаннем ваенна-рабаўнічай актыўнасці летапісных літоўцаў. Яны нападалі на дальніх і бліжніх суседзяў, за выключэннем некаторых роднасных ім плямёнаў (жамойтаў, прусаў, яцвягаў), а таксама ўсходніх славянаў, якія засялялі землі будучай Беларусі (Падзвінне, Падняпроўе, Панямонне). З апошнімі балцкія плямёны, у тым ліку літоўцы, знаходзіліся ў працяглым мірным кантакце, паступова падпадаючы пад уплыў іхняе культуры [5].
Верагодна, рускія летапісцы, засвоіўшы назву пагранічнага з усходнімі славянамі племя, пераносілі гэтую назву на сваякоў-суседзяў літоўцаў. Розніцу між гэтымі астатнімі славяне пачалі заўважаць пры бліжэйшым знаёмстве. Падобнае здарылася з немцамі, калі яны ў вусці Дзвіны першых сустрэлі ліваў і ў выніку пераважна балцкая краіна стала Лівоніяй (Livland) па назве гэтага угра-фінскага племяні. Гэтаксама па імені пагранічнага са славянамі племя была названа Прусія, заселеная роднаснымі, але ўсё ж адрознымі між сабой саюзамі плямёнаў [6]. Тут старажытная назва краіны захавалася і пасля кардынальнай змены этнічнай сітуацыі на карысць немцаў.
Даволі рана (магчыма раней за літоўцаў) усходнія славяне сутыкнуліся з яцвягамі, таму першыя звесткі пра іх у рускіх крыніцах (ятвяг Гунарев) адносяцца да 10 ст. Жамойць не мела непасрэднай мяжы з Руссю, таму ў летапісах з'яўляецца значна пазней - у 13 ст. [7]
На працягу 2 тысячагоддзя паняцце "Літва" прайшло складаны шлях развіцця, перш чым стабілізавалася ў пачатку 20 ст. У ходзе эвалюцыі яно набыло тры сэнсавыя значэнні (яшчэ ў пачатку 20 ст. гэта заўважыў польскі гісторык Аскар Халецкі [8]): 1. палітонім, ці абазначэнне ўсёй дзяржавы - ВКЛ; 2. харонім, ці "Літва ў вузкім сэнсе" (тэрмін уведзены Любаўскім) - гістарычны цэнтр дзяржавы; 3. Літва ў сэнсе этнаграфічным (этнаграфічна балцкім).
Палітонім "Літва" аб'ядноўваў усе тэрытарыяльныя складнікі дзяржавы, жыхароў якой незалежна ад іх этнічнай ці канфесійнай прыналежнасці за мяжой называлі "ліцвінамі". Па назіранню Халецкага ўжо ў афіцыйнай тытулатуры Міндаўга ўжывалася толькі адна назва Літвы, хоць дзяржава складалася як з балцкіх так і ўсходнеславянскіх земляў. Дадатак "Русь" з'явіўся ў тытуле гаспадара толькі пры Гедыміне, калі да дзяржавы былі далучаныя некаторыя землі Русі [9].
У гісторыкаў, як правіла, не ўзнікае праблемаў з дакладным ужываннем назову Літва ў сэнсе палітоніма. Інакш выглядае сітуацыя з двума астатнімі значэннямі. У гістарыяграфіі часта блытаецца монаэтнічнае (балцкае) разуменне тэрміну "Літва" з аднайменным сярэднявечным харонімам - абазначэннем ядра ВКЛ - тэрыторыі са змешаным балта-славянскім насельніцтвам. Іншымі словамі, на сярэднявечча пераносіцца сітуацыя 20-га ст., калі названы тэрмін (саманазва Летува) замацаваўся за этнічна балцкай тэрыторыяй. У выніку ўзнікаюць праблемы з адэкватнай ацэнкай сутнасных момантаў гісторыі ВКЛ, асабліва пачаткаў гэтай дзяржавы.
Аналіз пісьмовых крыніц паказвае, што існуючыя ў іх тры варыянты тэрміну "Літва", маюць пэўную іерархію, якая ў ходзе гістарычнага працэсу перацярпела значныя змены. У ходзе эвалюцыі адно разуменне тэрміну набывала першаснае значэнне, другое адыходзіла на задні план. З утварэннем ВКЛ важнейшае першаснае значэнне набыло разуменне Літвы ў якасці назвы ядра дзяржавы (тэрыторыі з балта-славянскім насельніцтвам). Адначасова на другім плане існавала ўсведамленне і балцкаэтнічнага напаўнення тэрміна (мова, свядомасць этнічнай блізасці часткі Літвы да Жамойці) [10]. Становішча кардынальна змянілася ў 20-м ст. пасля ўтварэння балцкай дзяржавы, прыняўшай назву "Летува" (Lietuva) і заявіўшай правы на гістарычную спадчыну ВКЛ.
Межы хароніма "Літва" дастаткова надзейна акрэсленыя Міхалам Спірыдонавым. Прааналізаваўшы вялікую колькасць дакументаў, даследчык вывеў: "Выкладзеныя даныя дазваляюць сцвярджаць, што ў 16 ст. сучаснікі адносілі да Літвы перш за ўсё этнічна літоўскія Віленскі, Вількамірскі, Ковенскі, Троцкі і Упіцкі паветы, а таксама поўнасцю ці часткова "беларускія" паветы ВКЛ: Браслаўскі, Віленскі, Ваўкавыскі, Гарадзенскі, Лідскі, заходнюю частку Менскага, большую частку Ноўгарадскага, амаль увесь Ашменскі і Слонімскі." Мяжу між Літвой і Руссю "у найбольш агульным выглядзе", на думку Спірыдонава, можна правесці па 28 мерыдыяну ад Грынвіча [11]. У агульных рысах за Літву ў 13-19 ст. можна прыняць Наваградчыну, Гарадзеншчыну і Віленшчыну.
Адносна гэтай лакалізацыі сярод даследчыкаў спрэчак няма. Найбольш дыскутуецца праблема лакалізацыі пачатковай Літвы 11-12 ст. Польскія і летувіскія даследчыкі шукаюць яе на тэрыторыі сучаснай Летувы, беларускі гісторык Мікола Ермаловіч размясціў старажытную Літву на тэрыторыі Беларусі паміж Наваградкам і Менскам.
Аналіз пісьмовых крыніц у комплексе з археалагічнымі матэрыяламі паказвае, што найбольш правільным застаецца прыблізнае стогадовай даўнасці акрэсленне Літвы, зробленае Мацеем Любаўскім "вобласць правых прытокаў Нёмана, пераважна ракі Віліі".
У гістарыяграфіі распаўсюджана думка, што тэрытарыяльнае пашырэнне хароніма "Літва" адбылося праз далучэнне да яго суседніх усходнеславянскіх тэрыторый, якія цалкам страцілі сваю адметнасць і з сярэдзіны 13 ст. пачалі лічыцца Літвой [12]. Апошняя тэза з'яўляецца памылковай, бо як добра вядома, у складзе Літвы адметнасць трацілі балцкія, а не ўсходнеславянскія землі. Балцкая частка гістарычнай Літвы падвяргалася моцнай усходнеславянскай асіміляцыі. Дзяржаўныя ўлады ў ВКЛ яшчэ больш узмацнілі гэты працэс, хоць кіруючая дынастыя і частка вышэйшай арыстакратыі былі балцкага паходжання. На балцкай тэрыторыі ўстанаўлівалася сістэма кіравання па ўзору ўсходнеславянскіх земляў і ў якасці дзяржаўнай уводзілася русінская (старабеларуская) мова.
Пераўтварэнне пачатковай балцкай Літвы ў балта-славянскую, па ўсёй верагоднасці, праходзіла двума шляхамі: праз каланізацыйны рух усходніх славянаў на балцкія землі і праз дзейнасць ў змешанай балта-славянскай зоне, узнікшай каля сярэдзіны 13 ст. новай дзяржавы - Вялікага Княства Літоўскага.
Канчаткова гэты харонім адыйшоў у гісторыю пасля 1-й святовай вайны, калі назву "Літва" (Lietuva) прыняў для сваёй дзяржавы новы балцкі этнас, сфармаваны на тэрыторыі Жамойці і Аукштоты. Апошняя была часткай гістарычнай Літвы, найменш падданай славянскай асіміляцыі. Тэрыторыя гістарычнай Літвы захавала адметнасць і ў 20 ст., што дало падставы этнографам выдзеліць яе ў асобны гісторыка-этнаграфічны рэгіён Беларусі (Панямонне) [13]. Панямонне разам з Падняпроўем лічыцца рэгіёнам, адыграўшым рашаючую ролю ў фармаванні агульных рысаў размоўнай беларускай мовы [14].
[1] Седов В.В. Славяне Верхнего Поднепровья и Подвинья. Москва, 1970. С. 181; Bednarczuk L. Wokoł etnogenezy Białorusinów // Acta Baltico-Slavica. 16. 1984. S. 33-48.
[2] Annales Quedlinburgenses // Monumenta Germaniae Historica. Skriptorum. Ed.G.H.Pertz. T.3. Hannoverae, 1839. P. 80; Meysztowicz W. Szkice o świętym Brunie-Bonifacym // Sacrum Poloniae Millennium. T.5. Rzym, 1958. S. 495-496.
[3] Повесть временных лет. Москва-Ленинград, 1950. Ч.1. С.13: "А се суть инии языци, иже дань дають Руси: чюдь, меря, весь, мурома, черемись, мордъва, пермь, печера, ямь, литва, зимигола, корсь, норома, либь: си суть свой языкъ имуще, от колена Афетова, иже живуть въ странахъ полунощныхъ."
[4] Gudavičus E. "Lietuvos" vardas XI a.-XII a. I pusés šaltiniuose // Lietuvos TSR Mokslµ Akademijos darbai. A serija. Vilnius, 1983. T. 3(84). P. 79-88.
[5] Седов В.В. Литовские племена // Финно-угры и балты в эпоху средневековья. Москва, 1987. С. 381-417; Зверуго Я.Г. Верхнее Понеманье в 9-13 вв. Минск, 1989. С. 14-17.
[6] Кулаков В.И. Земля пруссов и "прусские земли" // Балто-славянские исследования 1985 г. Москва, 1987. С. 95-101.
[7] Łowmiański H. Geografia polityczna Bałtów w dobie plemiennej // Lituano-Slavica Posnaniensia. Studia Historica. I. Poznań, 1985. S. 59-60.
[8] Halecki O. Litwa, Ruś i żmudź jako części składowe Wielkiego Księstwa Litewskiego // Rozprawy Akademii Umiejętności. Wydział Historyczno-Filozoficzny. Seria II. T.59. Kraków, 1916. S. 215-216.
[9] Тамсама. С. 216-217.
[10] Długosz Jan. Roczniki... Ks.1-2. Warszawa, 1961. S.286: "Прусаў, літоўцаў і жамойтаў аб'ядноўвала супольнасць тых самых звычаяў, мовы і паходжання"; Эразм Цёлак казаў у 1501 г., што літоўцы захоўваюць уласную мову, хоць карыстаюцца мовай русінаў // Vetera Monumenta Poloniae et Lithuaniae Gentiumque finitimarum Historiam illustrantia. T.2. Ed.A.Theiner. Romae, 1861. N.289. P.277.
[11] Спиридонов М.Ф. "Литва" и "Русь" в Беларуси в 16 в. // Наш Радавод. Ч.7. Гродна, 1996. С. 208.
[12] Halecki O. Litwa, Ruś i Żmudź ... S. 216; Pociecha W. Królowa Bona (1494-1537). T.3. Poznań, 1958. S. 1; Ochmański J. Litewska granica etniczna na wschodzie od epoki plemiennej do XVI wieku. Poznań, 1981. S. 73.
[13] Цітоў В.С. Народная спадчына: Матэрыяльная культура ў лакальна-тыпалагічнай разнастайнасці. Мінск, 1994. С. 258-279.
[14] Пилипенко М.Ф. Возникновение Белоруссии: новая концепция. Минск, 1991. С. 90.