Папярэдняя старонка: Краўцэвіч А.К.

Як увайсці ў археалогію 


Аўтар: Краўцэвіч А.,
Дадана: 18-12-2014,
Крыніца: Краўцэвіч А. Як увайсці ў археалогію? \\ Białoruskie Zeszyty Historyczne. Беласток, 2014. № 41. С. 239-243.



Падручнікі па археалогіі - рэдкая з'ява, як і сама навука, мяркуючы па мізэрнай колькасці прафесійных археолагаў ва ўсім свеце. Тым большая ўцеха, што ў нашай не самай вялікай Айчыне за апошнія гады з'явіліся ажно два дапаможнікі з мэтай "Уводзінаў у археалогію", падрыхтаваныя археолагамі са шматгадовым палявым досведам.

Першая праца ў памерах брашуры (Левко О.Н., Введение в археологию: пособие, Могилев: УО «МГУ им. А.А.Кулешова», 2009. - 100 с.) напісаная спецыяльна для студэнтаў 1-га курса гістфака Магілёўскага дзяржуніверсітэта; другая, нашмат большая па аб'ёме (Калядзінскі Л., Уводзіны ў археалогію, Гродна: ТАА "ЮрСаПрынт", 2012. - 240 с. іл.) рэкамендаваная кафедрай археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін БДУ для студэнтаў ВНУ усёй Беларусі.

Гэтыя два навучальныя дапаможнікі моцна розняцца паміж сабой не толькі памерамі, але і аўтарскім падыходам да справы: спосабам падачы матэрыяла, стылем напісання, навуковай сумленнасцю.

Калі казаць пра брашуру Вольгі Ляўко, дык хоць яна мае 100 старонак, пяру аўтаркі належыць менш паловы (С. 3 - 37 і 90 - 97). Большую частку складаюць ілюстрацыі і тэксты іншых аўтараў, перанесеныя з раней апублікаваных кніг. Пры гэтым не заўсёды дакладна ўказваецца адкуль тэкст узяты (напрыклад, на с. 66, аўтар А.Іоаннісян) або адсутнічае імя аўтара ў загалоўку тэкста (с. 86). Калі ўлічыць, што названыя дадаткі набраныя меншым шрыфтам, то ўклад аўтаркі ў працу, на вокладцы якой стаіць толькі адно яе прозвішча, яшчэ меншы.

Па меры азнаямлення з аўтарскай часткай брашуры становіцца зразумелым, што і яна ў значнай ступені не з'яўляецца плёнам працы В.Ляўко, а перапісаная з расейскага перакладу ангельскага Археалагічнага слоўніка (Брей У., Трамп Д., Археологический словарь: Пер. с англ., Москва: Прогресс, 1990). Адсюль і спецыфічная тэрміналогія, напрыклад, ірландскія тэрміны для абазначэння гарадзішчаў - "рат" і "кэшэл", або "контурнае гарадзішча" (у Ляўко - стар. 5 - 6; у Брэя і Трампа - стар. 208, 118). Таксама слова ў слова з ангельскага слоўніка перапісаны тэкст пра свайныя паселішчы (у Ляўко - стар. 6, у Брэя і Трампа - стар. 219) і шмат чаго яшчэ. Спасылкі на названую ангельскую працу адсутнічаюць. Выбар крыніцы плагіяту зразумелы, бо калі перапісваць з агульнавядомых падручнікаў археалогіі, то гэта лёгка выяўляецца, а тут даволі рэдкая кніга замежных аўтараў…

Там жа, дзе аўтарка спрабавала пераказаць чужы тэкст сваімі словамі ці прапаноўвала ўласныя фармулёўкі, атрымалася нешта няўцямнае, цяжка зразумелае нават прафесіяналам. Бывае, што сказ, перапісаны аднекуль часткова, а не цалкам, можа змяніць сутнасць. Напрыклад, як у дэфініцыі В.Ляўко паняцця "археалагічная культура" (с. 27): "Культурой называют общность (группу), ограниченную во времени и пространстве". Паводле такой дэфініцыі мы можам назваць археалагічнай культурай, напрыклад, пасажыраў аўтобуса, або наведнікаў рэстарану. У ангельскім археалагічным слоўніку напісана трохі інакш: "Если для определенной территории в данный период характерна какая-либо общность (группа), ограниченная во времени и пространстве, ее называют Культурой". (с. 128; таксама цьмяна, бо гэты сказ толькі частка параграфу пра дэфініцыю археалагічнай культуры).

Не адразу ўдаецца зразумець, напрыклад такую фразу з тэксту В.Ляўко: "Из области физических свойств вещей археологическое исследование переходит в языковую сферу: свои наблюдения и характеристики археолог формулирует в терминах научного языка и излагает в полевой документации, приобретающей значение источника". (с. 4); Вось яшчэ на той жа старонцы: "Информация о прошлом создается в процессе изучения археологических источников" (мне здавалася, што інфармацыя не ствараецца а, здабываецца). Там жа не зусім дакладнае назіранне: "Ведя раскопки и изучая коллекции, археолог ничего не может «прочесть», т.к. предметы не предназначались для передачи сообщений. В этом главное отличие вещественных источников от письменных". Тут недакладнасць, бо вядома шмат выпадкаў перадачы пісьмовага паведамлення праз рэчы - напрыклад, шматлікія графіці на мурах старажытных храмаў, змяшчэнне на рэчах імёнаў іх уладальнікаў, ці іншых надпісаў. У прыватнасці, самы старажытны надпіс славянскім алфавітам на ўсходнеславянскіх землях з першай чвэрці Х ст., змешчаны на археалагічным артэфакце - карчазе (гліняны амфарападобны посуд) і складаецца з аднаго слова - гороухша ці гороушна (магчыма, азначае гарчыцу) [1].

Да археалагічных помнікаў аўтарка адносіць "помнікі духоўнага жыцця", маючы на ўвазе рэчы звязаныя з праявамі апошняга.

Як вядома, паселішчы першабытных людзей называюцца "стаянкамі" па прычыне пастаяннага перамяшчэння іх насельнікаў, звязанага са зменай месцаў палявання. Аўтарка ж лічыць, што "Люди еще не умели строить долговременные капитальные жилища". В.Ляўко заблытвае дэфініцыю горада, калі піша: "В античную эпоху и, особенно в средние века, почти повсеместно появляются четкие различия между сельским поселением (селищем) и городским (городищем)" Адсюль вынікае, што аўтарка не адрознівае гарадзішча ад горада, што выглядае дзіўным, бо яна сама шмат гадоў вяла раскопкі сярэднявечных гарадоў. Як вядома археолагі выпрацавалі дакладную дэфініцыю ўсходнеславянскага і, прыватнасці беларускага, сярэднявечнага горада [2].

Жанр працы, на вокладцы якой В.Ляўко паставіла сваё прозвішча, акрэслены надзвычай лапідарна, адным словам ‑ "Пособие". Анатацыя інфармуе, што выданне прызначанае для студэнтаў першага курса гістфака, спецыяльнасці гісторыя (археалогія) Магілёўскага універсітэта. Пасля азнаямлення з названай працай і высвятлення абставінаў яе з'яўлення становіцца зразумелым, што сапраўднае прызначэнне брашуры - "пособие" да асноўнага заробку аўтаркі (аднаразовага ў выглядзе ганарару і шматкротнага праз атрыманне звання прафесара).

Студэнтам-магілёўцам можна толькі паспачуваць і параіць дзеля азнаямлення з археалогіяй скарыстацца іншым падручнікам. Напрыклад, дапаможнікам " Уводзіны ў археалогію" Лявона Калядзінскага, які ўяўляе сабой процілегласць "пособию" В. Ляўко і прадстаўляе пазітыўную яму альтэрнатыву. Калі "пособие" выглядае шэрым і невыразным як па зместу, так і ў матэрыяльным увасабленні, то падручнік Л.Калядзінскага напісаны не толькі на належным навуковым узроўні, літаратурна апрацаванай мовай, але забяспечаны шматлікімі каляровымі ілюстрацыямі.

Тэкст складаецца з 9 раздзелаў, якія прадстаўляюць практычна ўвесь спектр дзеяння археалагічнай навукі:

1. Узнікненне і станаўленне паняцця "археалогія";

2. Віды археалагічных помнікаў;

3. Культурны пласт. Археалагічныя комплексы і культуры;

4. Віды археалагічнай дзейнасці. Археалогія ў кірунках і метадах даследавання;

5. Спецыфічныя метады палявых археалагічных даследаванняў;

6. Археалагічная перыядызацыя. Метады датавання археалагічных помнікаў;

7. Археалогія ў сістэме дакладных прыродазнаўчых і гуманітарных навук;

8. Апрацоўка артэфактаў. Навуковая справаздача аб палявых даследаваннях;

9. Ахова і захаванне помнікаў археалогіі. музеіфікацыя археалагічных аб'ектаў.

На першы погляд такая структура працы можа здацца занадта складанай і падрабязнай як для Уводзінаў у навуку, некаторыя тэмы паўтараюцца, напрыклад, перыядызацыя і метады датавання (раздзел 6) пераклікаюцца з раздзелам па апрацоўцы артэфактаў (раздзел 8). Аднак, калі пачынаеш чытаць працу, пра такія нюансы забываеш, найперш па той прычыне, што тэкст насычаны цікавымі прыкладамі і апісаннямі археалагічных адкрыццяў.

Шмат для каго будзе нечаканасцю даведацца пра важнасць археалогіі ў вывучэнні найноўшай гісторыі, у прыватнасці аўтар дэталёва распавядае пра свой удзел у даследаванні масавых пахаванняў у Курапатах пад Менскам. Археалогія ў гэтым выпадку дапамагла абвергнуць усе сумненні і фальсіфікацыі, якія мелі на мэце схаваць праўду пра людабойства, выкананае сталінскімі карнымі органамі на савецкіх грамадзянах. Аўтар нават выдзеліў спецыяльны падраздзел "Археалогія і палітыка" (7.3.3. с. 172).

У адрозненне ад брашуры В.Ляўко, якая наўпрост перапісвала ангельскую працу, у Л.Калядзінскага аповяд вядзецца менавіта пра беларускую археалогію, але адначасова прысутнічае еўрапейскі і святовы кантэкст. Старанна і ўдала падабраныя ілюстрацыі, выдатна дапаўняюць тэкставы матэрыял і, несумненна, аблягчаюць чытачам знаёмства з такой спецыфічнай навукай як археалогія. Цікавая дэталь - студэнты-практыканты, якія часта прысутнічаюць на ілюстрацыях, абавязкова персаніфікаваныя, пад кожным падпісана імя і прозвішча, што сведчыць пра павагу да навучэнцаў з боку іх выкладчыка.

Зразумела, гэтая праца не ідэальная і можа ўдасканальвацца. У прыватнасці, ілюстрацыі лепш падаваць не асобнымі блокамі, а ў прывязцы да тэксту, які яны ілюструюць. А так ілюстрацыі да аднаго раздзелу часам трэба шукаць па розных частках кнігі. Часам аўтар нібы забягае наперад, напрыклад, тэрмін "стратыграфічная прывязка" можна сустрэць раней, чым аповяд пра стратыграфію (стар. 36 і 43). Месцамі варта паправіць лексіку, напрыклад, замест "дваранства", належыць пісаць "шляхта", замест "пабег" - "уцёкі" і г.д. Як на мой погляд, зашмат у кнізе цытатаў па-расейску, нават там, дзе без іх можна абыйсціся.

Не зусім дакладна паказаная прычына добрай захаванасці рэчаў арганічнага (таксама металёвага) паходжання. Аўтар лічыць, што гэта залежыць ад вільготнасці (добрая кансервацыя) ці сухасці (дрэннае захаванне) культурнага пласта (с. 44 - 45). У сапраўднасці, ступень захаванасці арганікі залежыць ад хуткасці нарастання культурнага слоя, г.зн. ад інтэнсіўнасці жыцця на аб'екце. Калі за кароткі перыяд пласт набірае значную таўшчыню (1,5 - 2 м), то яна забяспечвае галоўную ўмову кансервацыі ‑ стабільнае фізіка-хімічнае асяроддзе.

Нягледзячы на асобныя неістотныя недахопы, праца Лявона Калядзінскага заслугоўвае таго, каб быць прынятай Міністэрствам адукацыі ў якасці аднаго з базавых падручнікаў для вышэйшых навучальных установаў Беларусі. Кнігу належыць выдрукаваць вялікім накладам у мастацкім афармленні, бо яна знойдзе сваіх чытачоў далёка за межамі студэнцкай аўдыторыі.

Аляксандар Краўцэвіч,
(Гародня-Беласток)


[1] Алексеев Л.В., Смоленская земля в IX-XIII вв., Москва 1980, с. 250 - 251; Можейко Н.С., Игнатенко А.П., Древнерусский язык: Учеб. пособие для ист. фак. ун-тов и пед. ин-тов., Мінск 1988, с. 34, 64.

[2] Белорусская археология: Достижения археологов за годы Советской власти, Минск, Наука и техника, 1987. с. 85; Седов В., Начало городов на Руси [в:] Труды V международного конгресса славянской археологии, т. 1, вып. 1, Москва, 1987, с. 12-31.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX