Нездавальняючы стан тэарэтычнай падрыхтоўкі белага праваслаўнага святарства з'яўляўся адной з асноўных прычын заключэння Брэсцкай уніі 1596 г. Менавіта таму ўжо з пачатку XVII ст. уніяцкія іерархі асаблівую ўвагу надавалі стварэнню ўласнай сістэмы адукацыі. Найбольшых поспехаў у гэтым накірунку дасягнуў базыльянскі ордэн (створаны ў 1618 г.), які да канца XVIII ст. меў разгалінаваную сетку кляштарных школаў і паспяхова канкураваў у сферы адукацыі моладзі з ордэнамі езуітаў і піяраў. Справа ж па стварэнні парафіяльных школак пры уніяцкіх цэрквах мела значна больш сціплыя вынікі. Паводле стану на 1682 г. з 204 уніяцкіх цэркваў Цэнтральнай Беларусі парафіяльныя школкі дзейнічалі толькі пры пяці - Св. Тройцы у г. Мінску, Св. Юр'я ў г. Ляхавічы, Унебаўзяцця Панны Марыі ў м. Турэц, Св. Тройцы ў м. Мір і Св. Мікалая ў г. Бабруйску. Апошняя была заснавана яшчэ на пачатку XVII ст. Некалькі кніг з яе бібліятэкі зараз захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі.
Пасля скасавання езуіцкага ордэна ў Рэчы Паспалітай і ўтварэння Адукацыйнай Камісіі ў 1773 г. у справе адкрыцця парафіяльных школ адбыўся пэўны прагрэс. Уніяцкі мітрапаліт Ясон Юноша-Смагаржэўскі ў 1783 г. адзначаў: «Паколькі парафіяльныя школкі, самімі дзедзічамі і Найсвятлейшай Адукацыйнай Камісіяй заснаваныя, з'яўляюцца вельмі карыснымі і для царквы, і для краіны, візітатар мусіць дамовіцца і параіцца з дваром, парохам [1] і парафіянамі пра спосаб паўстання гэтых школак і ўтрымання іх дзе толькі будзе магчыма» [2]. Такім чынам паўнамоцтвы па адкрыцці школ перадаваліся непасрэдна парохам і калятарам [3]. Гэтая ініцыятыва дала свой плён. На тэрыторыі кожнага дэканата да канца ХVIII ст. была заснавана як мінімум адна парафіяльная школа. Парохі, якія курыравалі навучальны працэс, набылі званне дэканацкіх інструктараў.
У фондзе «Беларуская грэка-уніяцкая духоўная кансісторыя» намі была адшукана справа, якая дазваляе прасачыць асноўныя стадыі адкрыцця і функцыявання адной з падобных парафіяльных школ, а менавіта ў м. Божына Ігуменскага пав. [4]
На тэрыторыі Ігуменскага пав. ў канцы XVIII ст. існавала адна парафіяльная школа - пры царкве Св. Іллі у м. Дукора. Але пасля смерці ў 1806 г. яе нязменнага кіраўніка Стэфана Кляеўскага яна практычна спыніла сваю дзейнасць.
Тым часам, ігуменскі дэкан Ян Беліновіч шукаў магчымых фундатараў, якія б згадзіліся выдаткаваць сродкі на адкрыццё новай школы. І такі чалавек быў знойдзены, як ні дзіўна, сярод мясцовых святароў.
Беліновіч высветліў, што значнымі грашовымі сумамі валодае яго падначалены, святар царквы ў в. Капланцы Ігуменскага пав. Сымон Аксянкевіч [5]. А паколькі той не меў нашчадкаў, то дэкан угаварыў яго большую частку грошай адпісаць на адкрыццё новай парафіяльнай школы.
Для адкрыцця новай установы было прапанавана мястэчка, у якім жыў сам дэкан - Божына. Да таго ж мястэчка знаходзілася блізка адначасова і ад Ігумена, і ад межаў Бабруйскага і Барысаўскага пав. Быў яшчэ адзін несумненны плюс - Беліновіч меў добрыя адносіны з ўладальнікам Божынскага маёнтка Казімірам Плятэрам. Такім чынам, пад уздзеяннем дэкана Сымонам Аксянкевічам на патрэбы школы былі вылучаны 3000 срэбных рублёў, з якіх уладальнікі маёнтка абавязваліся выплочваць шэсць працэнтаў штогод (180 рублёў). Са свайго боку Плятэр аддаў ва ўласнасць школы выгадны будынак у цэнтры мястэчка і пляц пад агарод. Утрыманне будынку і печаў у ім у належным стане таксама браў на сябе ўладальнік Божына (Гл. Дадатак 1.). Настаўніку быў забяспечаны пазачарговы памол збожжа на млынах у маёнтку і вольная нарыхтоўка дроваў у Божынскай пушчы. [6]
У 1813 г. фундатар школы Сымон Аксянкевіч склаў тэстамэнт, у якім адпісаў усю сваю маёмасць на рознага кшталту дабрачыннасць. Грашовыя зберажэнні былі размеркаваныя пароўну паміж усімі цэрквамі Ігуменскага пав., кнігі (на трох мовах: польскай, царкоўнаславянскай і старабеларускай) перададзеныя каад'ютару (памочніку святара) капланцоўскай царквы. Аксянкевіч пакінуў па сабе яшчэ адну цікавую памятку, а менавіта - загадаў ад ягонага імя адліць звон на суму ў 300 срэбных рублёў. Гэты звон, з пазначаным на ім імем і прозвішчам фундатара, павінен быў вісець на званіцы Божынскай царквы для напаміна ўсім вернікам (а найперш, навучэнцам школы) аб асобе фундатара. [7]
Такім чынам, неабходная матэрыяльная база для школы была. Хапала таксама ахвотнікаў сярод святарства і шляхты ўладкаваць сюды сваіх дзяцей.
На першы план выходзіла праблема выкладчыкаў. Новы час патрабаваў новых падыходаў. Тое, што ўсе дысцыпліны будзе выкладаць мясцовы святар, як гэта было на працягу XVII-XVIII ст.ст., ўяўлялася проста недапушчальным.
Казімір Плятэр агаворваў, што выкладчыкамі ў школе павінныя быць людзі з найлепшай адукацыяй (Гл. Дадатак 1). Паколькі тэрыторыя Ігуменскага пав. уваходзіла ў склад Віленскай навучальнай акругі, ад імя Плятэра быў складзены зварот да кіраўніцтва Віленскага універсітэта з мэтай накіравання ў Божынскую школу выкладчыка. Віленскі універсітэт прызначыў апекуном школы Мінскую гімназію. Такім чынам, у Божынскай школе паводле штату было два настаўнікі - мясцовы святар (відавочна, выкладчык дысцыплін, звязаных з рэлігіяй: Закон Божы, гісторыя царквы, катэхізіс і інш.) і свецкі выкладчык.
Пасля таго, як маёнтак Божына ў 1811 г. перайшоў ад Плятэраў да Ясенскіх, у выплаце працэнтаў на школу пачаліся перабоі. [8] Новы пан меў вялікія пазыкі і не хацеў штогадова сплачваць святару грошы. Тады ў 1813 г. кіраўніцтва Віленскага універсітэту дамаглося таго, каб сродкі на ўтрыманне выкладчыка пераводзіліся непасрэдна ў Мінскую гімназію. З аднаго боку гэта спрасціла выплату працэнтаў і яна зрабілася рэгулярнай. З другога боку зменшыўся ўплыў божынскіх святароў на арганізацыю навучальнага працэса ў школе. Канфлікт паміж духоўнымі і свецкімі апекунамі праз многія гады прывёў да закрыцця школы.
Нам удалося ўстанавіць прозвішчы трох выкладчыкаў Мінскай гімназіі, якія працавалі ў Божыне. Першы - Марцін Жылінскі, які выкладаў ад самага пачатку да 20-х гг. ХІХ ст. 17 траўня 1823 г. выкладчыкам у школе працаваў настаўнік Антон Бачкоўскі [9]. Школа налічвала 24 вучні. Трэці - Ян Палянскі. Ён працаваў з сярэдзіны 20-х гг. ХІХ ст. і да закрыцця школы ў 1836 гг. (Гл. Дадатак 2.)
На працягу першага года выкладчык так і не быў прызначаны. Набеглыя працэнты (180 рублёў срэбрам) былі далучаныя да асноўнага капіталу. А Сымон Аксянкевіч унёс дадатковыя ўмовы: каб кожны навучэнец школы ў часе ранішняга набажэнства мовіў за фундатара (за Аксянкевіча) малітву «Богородіце Дево, радуйся», а святары, чые дзеці будуць праходзіць навучанне, штогод адпраўлялі па адной імшы за фундатара. А выкладчыку канкрэтна агаварыў памер ганарара: 36 польскіх злотых (5,4 срэбнага рубля) штогод [10]. 9 снежня 1807 г. Аксянкевіч унёс яшчэ тысячу срэбных рублёў на ўтрыманне пры Божынскай царкве шпіталя на шэсць жабракоў [11].
Дзейнасць школы тэрытарыяльна абмяжоўвалася: да навучання прымаліся дзеці уніяцкіх святароў і беднай ваколічнай шляхты Ігуменскага, Бабруйскага, Барысаўскага і Мінскага пав.
Першапачаткова школа задумвалася для падрыхтоўкі святарскіх дзяцей. Вучні са свецкіх шляхціцаў і мяшчан былі як бы на другім плане. Але з цягам часу пад уздзеяннем выкладчыкаў Мінскай гімназіі працэс навучання набываў усё больш свецкі характар. Дакументы сцвярджаюць, што ў 1828 г. у Божынскай школе ўжываўся прынцып узаемнага навучання - т.зв. ланкастэрская сістэма [12]. Асаблівасцю гэтай сістэмы, як вядома, было тое, што рэлігійныя дысцыпліны выкладаліся павярхоўна. Рэлігійнае выхаванне абмяжоўвалася чытаннем урыўкаў з Бібліі без дадатковых тлумачэнняў і разбораў тэксту. З кожным годам у сценах Божынскай школы вучылася ўсё менш святарскіх сыноў. Іх выцясняла свецкая шляхта і мяшчане.
У 1827 г. у школе вучылася 36 дзяцей [13]. Настаўнік даваў пачатковыя навыкі чытання і пісання. Тым, хто паказваў поспехі, выкладалася арыфметыка, катэхізіс і «навукі, што адпавядаюць 1-му і 2-му класу» [14].
У 1828 г. у школе навучалася ўжо толькі 20 вучняў. Нам удалося адшукаць поўны спіс навучэнцаў (Гл. Табл. 1.):
Табліца 1. Спіс навучэнцаў Божынскай школы з пазначэннем іх паходжання [15].
Прозвішча, імя, імя бацькі |
Паходжанне |
Абрамовіч Антон сын Яна |
Шляхецкае |
Азямблоўскі Вінцэнт сын Тадэвуша |
Шляхецкае |
Араноўскі Адам сын Цыпрыяна |
Шляхецкае |
Галіцкі Адам сын Юрыя |
Шляхецкае |
Дзенісевіч Антон сын Якуба |
Духоўнае |
Замбрыцкі Тадэвуш сын Антона |
Шляхецкае |
Ліпніцкі Марцэлі сын Рыгора |
Шляхецкае |
Навадворскі Тадэвуш сын Антона |
Шляхецкае |
Панятоўскі Цыпрыян сын Людвіка |
Шляхецкае |
Пятровіч Гіляры сын Тамаша |
Шляхецкае |
Сакалоўскі Юзаф сын Адама |
Шляхецкае |
Тамаровіч Ян сын Лявона |
Мяшчанскае |
Хлявінскі Антон сын Казіміра |
Шляхецкае |
Хлявінскі Лаўрэн сын Казіміра |
Шляхецкае |
Хлявінскі Станіслаў сын Казіміра |
Шляхецкае |
Шафаловіч Антон сын Яна |
Духоўнае |
Шафаловіч Аўгустын сын Яна |
Духоўнае |
Шпакоўскі Тамаш сын Яна |
Шляхецкае |
Яцантовіч Юзаф сын Вінцэнта |
Шляхецкае |
Яцантовіч Юры сын Вінцэнта |
Шляхецкае |
Паводле стану на 1819 г. на тэрыторыі Літоўска-Віленскай епархіі 5 выхаванцаў Божынскай школы ужо працавалі ў якасці парохаў - 3 у Бабруйскім і 2 у Ігуменскім пав. [16]
Уплыў выкладчыкаў Мінскай гімназіі на навучэнцаў праявіўся ў адным цікавым аспекце. У 20-х гг. ХІХ ст. сярод уніяцкіх святароў Ігуменшчыны і іх дзяцей атрымалі распаўсюджанне масонскія ідэі.
Сярод спісаў асабовага складу масонскіх лож 1800-1822 гг. [17] намі ідэнтыфікаваны святар в. Капланцы Ян Клімантовіч і сын святара м. Пагост Цыпрыян Беліновіч. Апошні з'яўляўся масонам 3-й ступені і захавальнікам пячаткі Мінскай ложы «Паўночная паходня».
Род Беліновічаў з'яўляўся самым уплывовым на Ігуменшчыне (6 парафіяльных святароў Ігуменскага дэканату ў 1819 г. - Беліновічы [18]). Такім чынам, колькасць удзельнікаў масонскіх лож сярод уніяцкага кліру на самой справе магла быць яшчэ большай. На карысць такой высновы ўскосна сведчыць і паасабовая праверка святароў Ігуменскага дэканату 19-21 ліпеня 1826 г. на прадмет прыналежнасці да патаемных таварыстваў. Праверку ініцыяваў мітрапаліт Язафат Булгак, непасрэднае кіраўніцтва ажыццяўляў настаяцель Браслаўскага базыльянскага кляштара, Аршанскі біскуп Адрыян Галаўня, раней - «усердный член Виленской масонской ложи» [19]. Хаця ў выніку неабходныя падпіскі аб няўдзеле ў патаемных таварыствах далі ўсе святары, чатыры з іх першапачаткова выдавалі сябе за хворых, быццам бы не маглі трымаць у руках пяро [20]. Праверку давялося паўтарыць 4 жніўня таго ж году. Кіраваць праверкай, што называецца «на месцы», было даручана духоўнаму кіраўніку Божынскай парафіяльнай школы Рыгору Беліновічу.
Апошняя воля нябожчыка Аксянкевіча выконвалася да 1835 г. У Божынскай школе вучыліся дзеці як духоўных, так і свецкіх асобаў уніяцкага веравызнання. Але, хоць Аксянкевіч і рабіў акцэнт на святарскіх дзецях: «каб перш за ўсё адукоўваліся дзеці грэка-уніяцкіх святароў» [21], з цягам часу святарскіх сыноў навучалася ўсё менш і менш.
Урэшце, на навучальны 1836 год выкладчык Ян Палянскі абвясціў, што ад гэтага часу на навучанне ў школу будуць прымацца толькі свецкія асобы. Але гэтая ініцыятыва прывяла да таго, што школа была ператворана ў духоўнае вучылішча для святарскіх дзяцей. Указам Дэпартамента народнай асветы ад 25 кастрычніка 1837 г. Божынская школа была перададзена ў падпарадкаванне праўлення Беларускай грэка-уніяцкай духоўнай семінарыі [22].
Дадатак 1.
Фундуш святара царквы ў в. Капланцы Ігуменскага пав. С. Аксянкевіча на заснаванне парафіяльнай школы ў м. Божына Ігуменскага пав. 09.03.1807. (Фрагмент).
Kazimierz hrabia Plater, starosta subocki, czynią wiadomo tym moim wieczysto funduszowym dokumentem j[ego miłosci] x[iędz]u Symonowi Axienkiewiczu, plebanowi unijackiemu kapłaneckiemu i następcom jego wydanym na to iż ia, hrabia Plater z rąk xiędza Axienkiewicza rubli srebrnych trzy tysiące № 3000 wziowszy, wieczyscie one wedłe umowy dobrowolney z tym że xiędzem stanowiący się na maiętności Bożyńskiey, w powiecie Ihumieńskim sytuowany w Schedzie, na mnie wypadaiącey, pod następnemi kondycyami y warunkami lokuią i ubiespieczam:
1mo. Od summy dopioro wziętey trzech tysięcy rubli srebrnych, a nigdy przez nikogo sciągnąc się nie mogącey, procent szosty srybrom corocznie zgóry na utrzymanie przy cerkwi Bożyńskiey szkołki parochialney z ubogich dzieci kapłańskich obrządku unitskiego i szlachty takoż ubogiey złożyć się winny ja, Plater, zpłacać obowiązuię się i sukcessorowie moi winni będąc.
2do. Na szkołke parafialną budynek przy cerkwi Bożyńskiey z morgiem ogrodu przeznaczaiąc, poprawkę małą dachu lub piecow w szkołce z częsci moiey na dwor Bożyński obowiązek przyimuię.
3tio. Opał do tey że szkołki z puszczy Schedy moiey Bożynskiey z samych powałow kosztem utrzymuiącego szkołkę przysposobić się powinny. Tudzież mliwo dla professora bez miarki y czerhi ma być wolne.
4to. W zdarzeniu przypadkowego spalenia się szkołki zabudować oną de novo z drzewa puszczy Bożyńskiey częsci moiey expensum summy procentowey dozwalam. Waruiąc to dla siebie, aby professorowie w tey szkołce ludzie z naylepszey konduity i doskonali utrzymywani byli, tudzież porządek regularny zachowywany był.
Jakowy dokument na wieczne czasy przez żadną stronę wzruszyć się nie mogący przy swiadectwie pieczętarzy ręką własną podpisuię.
Datt w Mińsku tysiąc osmset siodmego roku marca 9 dnia.
НГАБ. Ф. 3245. Воп. 2. Спр. 472. Арк. 11-11 адв.
Дадатак 2.
Рапарт ігуменскага дэкана Р. Беліновіча Беларускай грэка-уніяцкай духоўнай кансісторыі аб забароне выкладчыкам Мінскай гімназіі Я. Палянскім вучыцца ў Божынскай парафіяльнай школе дзецям уніяцкіх святароў. 23.01.1836. (Фрагмент).
Paroch cerkwi Bożyńskiey, j[ego miłość] x[iądz] Jan Szafałłowicz, znayduiąc w roku ninieyszym odmianę znadwerężenie zamiarów i ofiary uczynioney zeszlego fundatora s[więtey] p[amięci] w[ielebnego] j[ego miłosci] x[iędza] Symona Axinkiewicza, parocha Kapłaneckiego, a mianowicie co do szkołki parafialney przy cerkwi Bożyńskiey exystuiącey, a pod rozrządzeniem Zwierzchnosci Duchowney i parocha Bożyńskiego być powinney, sumy 3000 rubli srebrnych do szostego corocznego wiecznego procentowania nauczyciela, na dobrach Bożynie opartey y prawnie zabespieczoney z warunkiem iżby w oney nadwszystko dzieci kapłanow greko-unitskich były edukowane, kiedy odmówione onych przyięcie przez nauczyciela j[ego miłosci] p[ana] Polańskiego zostało, wszedł do dziekana z raportem w sposobie zaradzenia takowey przeciwności. Dziekan przeto przyiowszy takowy raport, przenosi w autentyku Przeswiętnemu Konsystorzowi, i odwołuiąc się do dokumentow j[asnie] w[ielmożnego] graffa Michała Platera w roku 1807 marca 9 dnia formalnie uczynionego i w sądzie ziemskim ihumieńskim przyznanego oraz do testamentu zeszłego fundatora s[więtey] p[amięci] w[ielmożnego] j[ego miłości] x[iędza] Symona Axinkiewicza w archiwum Przeświętnego Konsystorza zlokowanych znaiduiących się, prosi iżby ta ofiara od kapłana greko-unitskiego celem wsparcia nędznych i sposobu do edukacji dzieci kapłańskich niemaiących oznaczona, a dziś na inny przedmiot obrocana, została w mocy swoiey utrzymana, bowiem zebrani do oney szkoły Bożyńskiey uczniowe, synowie kapłańscy, zostali przez nauczyciela Polańskiego Jana, z oney wydalonemi. I iuż oney uważać nie chcą za parafialną, i dla dzieci iedynie kapłańskich przez kapłana greko-unitskiego uformowaną lecz szlachecką dla mieszczan i włoscian. W czem szukaiąc skutecznego zarzadzenia Przeświątnego Konsystorza ninieyszy raport dziekan przenosi i on z uszanowaniem podpisuię.
Kanonik dziekan Ihumieński Grzegorz Bielinowicz.
НГАБ. Ф. 3245. Воп. 2. Спр. 472. Арк. 1-1адв.
Спіс выкарыстаных крыніц:
1. Бобровский П. И. Противодействие базилианскаго ордена стремлению белаго духовенства к реформам Русской греко-униятской церкви. По документам Греко-униятскаго (2-го) департамента римско-катол. коллегии и министерства народнаго просвещения. Вильна: Губернская Типография, 1888.
2. НГАБ. - Ф. 136. - Воп. 1. - Спр. 41256. - Генеральныя візіты Ашмянскага, Бабруйскага, Барысаўскага, Віленскага, Ігуменскага, Курляндскага і Мінскага дэканатаў. 1819 г.
3. НГАБ. - Ф. 136. - Воп. 1. - Спр. 41262. - Дэканскія візіты Ігуменскага дэканата. 1823 г.
4. НГАБ. - Ф. 136. - Воп. 1. - Спр. 41266. - Фундушы цэркваў Ігуменскага дэканата. 1828 г.
5. НГАБ. - Ф. 136. - Воп. 1. - Спр. 41285. - Генеральныя візітацыі Блонскага і Пухавіцкага дэканатаў. 1783-1784 гг.
6. НГАБ. - Ф. 3245. - Воп. 2. - Спр. 472. - Справа аб заснаванні ў м. Божына Ігуменскага пав. Мінскай губ. духоўнай вучэльні на базе былой свецкай. 1836-1838 гг.
7. Швед В. Масонскія ложы на землях Беларусі (канец XVIII - першая чвэрць ХІХ ст.) // Вольныя муляры ў беларускай гісторыі. Канец XVIII - пачатак ХХ ст. - Вільня: Gudas, 2005.
8. Lietuvos Valstybes Istorijos Archivas. - F. 634. - Ap. 1. - B. 61. - Генеральныя візіты Дзісенскага дэканата. 1819 г.
9. LVIA. - F. 634. - Ap. 2. - B. 334. - Справа аб выдачы падпісак святарамі Ігуменскага пав. аб няўдзеле ў патаемных таварыствах. 1826 г.
10. Greckokatolickie dekanaty błoński i puchowicki w latach 1783-1784. Wstęp i opracowanie I. Wodzianowska. - Sandomierz, 2006. - 292 s.
[1] Парох - парафіяльны святар.
[2] Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (далей НГАБ). Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41285. Арк. 9.
[3] Калятар - землеўласнік, на землях якога знаходзілася царква.
[4] НГАБ. Ф. 3245. Воп. 2. Спр. 472.
[5] Аксянкевіч Сымон. Высвечаны ў сан святара мітрапалітам Ф. Грабніцкім. З 27 сакавіка 1760 г. святар царквы ў в. Капланцы Аршанскага (з 1795 - Ігуменскага) пав.
[6] НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41262. Арк. 133.
[7]НГАБ. Ф. 3245. Воп. 2. Спр. 472. Арк. 14 адв.
[8] НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41256. Арк. 452 адв.
[9] НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41262. Арк. 133.
[10] НГАБ. Ф. 3245. Воп. 2. Спр. 472. Арк. 12.
[11] НГАБ. Ф. 3245. Воп. 2. Спр. 472. Арк. 12 адв.
[12] НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41266. Арк. 66 адв.
[13] НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41266. Арк. 66 адв.
[14] НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41266. Арк. 66 адв.
[15] НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41266. Арк. 66-66 адв.
[16] НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41256; Lietuvos Valstybes Istorijos Archivas. F. 634. Ap. 2. B. 334.
[17] Швед В. Масонскія ложы на землях Беларусі (канец XVIII - першая чвэрць ХІХ ст.) // Вольныя муляры ў беларускай гісторыі. Канец XVIII - пачатак ХХ ст. - Вільня: Gudas, 2005. - С. 70.
[18] НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41256.
[19] Бобровский П. И. Противодействие базилианскаго ордена стремлению белаго духовенства к реформам Русской греко-униятской церкви. По документам Греко-униятскаго (2-го) департамента римско-катол. коллегии и министерства народнаго просвещения. Вильна: Губернская Типография, 1888. - С. 30.
[20] Lietuvos Valstybes Istorijos Archivas. F. 634. Ap. 2. B. 334. S. 2.
[21] НГАБ. Ф. 3245. Воп. 2. Спр. 472. Арк. 1.
[22] НГАБ. Ф. 3245. Воп. 2. Спр. 472. Арк. 23.