Папярэдняя старонка: Лыч Л.М.

Міжваенная беларусізацыя і яе ўрокі 


Аўтар: Лыч Леанід,
Дадана: 11-02-2015,
Крыніца: Мінск, 2011.

Спампаваць




Леанід ЛЫЧ

Міжваенная беларусізацыя і яе ўрокі

Мінск, 2014


Кніга прысвечана раскрыццю адной з самых адметных і ў той жа час трагічных старонак у гісторыі змагання беларускага народа за сваё нацыянальна-культурнае адраджэнне ва ўмовах існавання савецкай сістэмы. У ходзе такога лёсавызначальнага нацыянальнага руху з усёй паўнатой выявілася вялікае жаданне беларусаў быць народам з самабытнай культурай і мовай. Беларусізацыя не зрабіла іх такімі з-за масавых фізічных рэпрэсій 1930-х гадоў. Набыты ёю вопыт нацыянальна-культурнага Адраджэння і да нашых дзён уяўляе вялізную практычную каштоўнасць.
Разлічана на шырокае кола людзей, заклапочаных праблемай выратавання беларускага народа ад страты сваёй нацыянальнай ідэнтычнасці.


Змест

Ад аўтара. 4

1. Гістарычная непазбежнасць. 9

2. На ўзровень дзяржаўнай палітыкі 37

3. У беларусізацыі з'явіліся апаненты.. 81

4. Адраджэнцаў абвінавачваюць у "нацдэмакратызме". 96

5. Надзея не знікае. 110

6. Рэпрэсіі спаралізавалі нацыянальны рух. 128

7. Судны дзень нацыянальна-культурнага Адраджэння. 158

8. Гістарычныя ўрокі беларусізацыі 167

Дадатак.. 182

1. Інстытут беларускай культуры ў святле дзяржаўнай палітыкі беларусізацыі 183

2. Упоравень з часам.. 200

3. Першыя пяць гадоў у СССР. 233

4. Дзяржаўная палітыка беларусізацыі на старонках газеты "Звезда" ("Зьвязда") 249

5. Ён паўтарыў лёс многіх. 263


Кнігу прысвячаю сям'і Галіны Сіўчык за яе актыўную пазіцыю ў беларускім нацыянальна-культурным Адраджэнні на рубяжы ІХ - ХХ стагоддзяў.


Ад аўтара

Адным з найбольш даследаваных перыядаў гісторыі Савецкай Беларусі з'яўляецца даваенны, на што маецца дастаткова важкіх падстаў. Што б сёння пра яго не пісалася, але менавіта на гэтыя гады прыпала не якое-небудзь кароткатэрміновае існаванне беларускай дзяржаўнасці, а больш чым дваццацігадовае. Хаця нашу даваенную дзяржаўнасць нельга іншым словам назваць, як сімвалічная, аднак яна ўсё ж была і адыграла пэўную ролю ў жыцці беларускага народа. Пры іншым збегу абставін, ён мог бы і ўвогуле застацца без уласнай дзяржавы ці нават яшчэ ў больш урэзаных палітычных правах. Ворагаў, асабліва ў першыя два-тры гады пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, у яе хапала.

На працягу міжваеннага перыяду перш за ўсё карэнныя змены адбываліся ў сацыяльна-эканамічным жыцці БССР. Іншая справа, што не ўсім ім можна даць пазітыўную адзнаку. Праўда, раней яе давалі, прычым не адно пакаленне беларускіх гісторыкаў. У індустрыялізацыі рэспублікі, калектывізацыі яе сельскай гаспадаркі бачыліся толькі дробныя, невартыя сур'ёзнай увагі недахопы. Больш аб'ектыўнымі былі гісторыкі, публіцысты, пісьменнікі, калі паказвалі дасягненні БССР у развіцці адукацыі, культуры і навукі. Тут і сапраўды адбывалася такое, што ў ХІХ стагоддзі не магло прыйсці ў голаў нават самым вялікім аптымістам. Беларусь дасягнула буйных поспехаў у развіцці не толькі школьнай адукацыі . Была створана даволі шырокая сетка сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў. І самае важнае, нават недасягальнае для нашых дзён, уся сістэма адукацыі на працягу многіх гадоў будавалася на беларускай нацыянальнай культурна-моўнай аснове, чаго да гэтага стагоддзямі не назіралася ў нас. У першыя гады пасля рэвалюцыі звесткі, прычым даволі аб'ектыўныя, давалі маладым пакаленням пра мінулае іх роднага краю, у чым вялікая заслуга яго айчынных гісторыкаў. Стварэнне такой сістэмы адукацыі, якая ўзгадоўвала маладыя пакаленні беларусаў у нацыянальным духу, на культурна-моўных традыцыях уласнага народа, нельга іншымі словамі назваць, як гістарычнае дасягненне, бо на працягу папярэдніх больш як двух стагоддзяў яна выступала ў агіднай, злачыннай ролі паланізатара і русіфікатара.

Многімі для таго часу несумненна буйнымі дасягненнямі ў нацыянальна-культурным развіцці наш народ абавязаны дзяржаўнай палітыцы беларусізацыі, сапраўдны, афіцыйны пачатак якой быў пакладзены праз прыняцце 15 ліпеня 1924 года адпаведнага нарматыўнага акта. Хаця пад уздзеяннем жорсткай царскай русіфікатарскай палітыкі многія беларусы развучыліся шанаваць уласныя культурныя традыцыі, выракліся роднай мовы, у цэлым палітыку беларусізацыі падтрымаў народ, што забяспечыла ёй заканамерны поспех. Упершыню пасля такога працяглага, надзвычай стратнага для нацыянальна-духоўнага жыцця беларусаў часу яно пачало развівацца на сваёй культурна-моўнай аснове. Не будзе памылкай сказаць, што ўжо ў першыя гады правядзення дзяржаўнай палітыкі беларусізацыі ўдалося закласці надзейны падмурак пад беларускае нацыянальна-культурнае Адраджэнне. І яно здзейснілася б у поўным аб'ёме, будзь на гэта воля агульнасаюзнага Цэнтра. Такой волі не мелася ў яго. У пачатку 1930-х гадоў рэзка звужаюцца маштабы нацыянальна-культурнага Адраджэння, а неўзабаве праз вялікія старанні саміх уладаў на змену яму прыйшла дэбеларусізацыя. Нацыянальны фактар перастаў адыгрываць колішнюю пазітыўную ролю ў развіцці культуры. Для яе цяпер галоўным лічыўся сацыялістычны змест, а не яе форма: нацыянальная мова, нацыянальна-культурныя традыцыі. І пры ўсямернай падтрымцы дзяржавы такая культура з другой паловы 1930-х гадоў няблага развівалася ў БССР.

Гісторыкі не памыліліся, даючы станоўчую адзнаку культурным набыткам рэспублікі за ўвесь міжваенны перыяд. Вось толькі зусім несправядліва, ўто ў гэтым яны не бачылі цалкам заслужанай ролі беларусізацыі. Наадварот, яе ўсяляк імкнуліся апаганьваць, публічна называючы вырадкам беларускіх буржуазных нацыяналістаў. Затым бальшавіцкія ідэолагі нават забаранілі ўжываць сам тэрмін "беларусізацыя", каб народ забыўся на яе. Здзейсніцца такому перашкодзіла вайна з Германіяй, бо ў сувязі з ёю ўзнікла патрэба ратавацца ад анямечвання, што было рэальна толькі праз прыстасаваную да акупацыйнага рэжыму беларусізацыю. А вось у пасляваеннай Беларусі, калі ўсе сферы яе грамадскага жыцця адарваныя ад роднага грунту ўлады аддалі пад рускую мову, ужо ніхто не асмеліўся супрацьпаставіць дзяржаўнай русіфікацыі хоць заснаваную на ініцыятыве саміх людзей беларусізацыю. Усё пайшло не тым шляхам. Народ пераўтварыўся ў пасіўнага, маўклівага сузіральніка русіфікатарскага працэсу. На тэрмін "беларусізацыя" партыя наклала табу. Нават студэнты гістарычных факультэтаў нічога не ведалі пра яго. Ён не ўзгадваўся ні ў адным з выпускаў "Гісторыі Беларусі", ні ў "Беларускай Савецкай Энцыклапедыі". Пэўны час беражліва, як вялікую каштоўнасць, захоўвалі гэтае дарагое слова ў памяці толькі актыўныя ўдзельнікі, сведкі даваеннага нацыянальна-культурнага Адраджэння. Іх жа з кожным годам станавілася ўсё менш і менш.

Што б пустога многія людзі не гаварылі пра Гарбачоўскую перабудову, але акурат толькі яна прывяла ў нацыянальны рух усе савецкія народы, у тым ліку і беларускі. Ужо дзесьці на другі-трэці год перабудовы старонкі перыядычнага друку, прычым і самых высокіх партыйных органаў, запаланіла слова "беларусізацыя". Трапіла яно на старонкі выдадзенага ў 1993 годзе першага тома "Энцыклапедыі гісторыі Беларусі" (аўтар артыкула Аляксей Кароль), а праз два гады гэтай знакавай падзеі ў лёсе Бацькаўшчыны знайшлося месца ў другой частцы "Нарысаў гісторыі Беларусі". Ганаруся, што рэдкалегія названай кнігі даверыла мне напісанне адпаведнага параграфа. Па праблеме міжваеннай беларусізацыі праводзіліся "круглыя сталы", адзін з якіх у Інстытуце гісторыі Акадэміі навук Беларусі. Многія аж за галаву хапаліся абедзвюма рукамі, даведаўшыся, як багата чаго пазітыўнага ў айчыннай гісторыі звязана з дзяржаўнай палітыкай беларусізацыі.

З усталяваннем прэзідэнцкай сістэмы кіравання нашай краінай карэнным чынам змянілася стаўленне ўлады да беларускай мовы. Яе пры маўклівай згодзе народа мэтанакіравана вывелі адусюль, дзе яна паспела зацвердзіцца ў якасці рабочай за кароткі час беларускага нацыянальна-культурнага Адраджэння канца 1980-х-пачатку 1990-х гадоў. Беларуская мова так і не стала рэальна дзяржаўнай, як гэта ёй гарантуецца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і няма ніякіх надзей, што такое можа адбыцца пры сучасным далёкім ад нацыянальнага ідэалу палітычным рэжыме. Відаць, па гэтай прычыне праблема міжваеннай беларусізацыі страціла папулярнасць не толькі ў палітыкаў, афіцыйных ідэолагаў, бюджэтнай інтэлігенцыі, але і ў значнай часткі неабыякавых да нацыянальнай ідэі людзей. Такому абыякаваму стаўленню да разгляданай праблемы няма ніякага апраўдання. Гісторвя беларускага народа працягваецца. Спадзяюся, на яе шляху яшчэ будуць узлёты і да іх трэба быць заўжды падрыхтаваным. Каштоўны матэрыял для такой падрыхтоўкі дае нам міжваенная беларусізацыя, якой я і прысвяціў сваю кнігу. Буду бясконца рады, калі ад азнаямлення са зместам яе чытач не толькі ўзбагаціць свае веды па гісторыі роднай Бацькаўшчыны, але і будзе ўсяляк садзейнічаць набліжэнню чарговага беларускага нацыянальнага Адраджэння, актыўна, самааддана змагацца за давядзенне яго да пераможнага завяршэння. Бацькаўшчына захавае свой твар, уласцівую яе народу этнічную адметнасць, толькі жывучы ў беларускай нацыянальнай культуры і мове. Іншага нам не дадзена.

Аўтар выказвае вялікую падзяку ГА "Бацькаўшчына" за бясплатны набор на кампутары тэксту яго кнігі.

Кніга выдадзена ў аўтарскай карэктуры і рэдакцыі.

1. Гістарычная непазбежнасць

Рэальная магчымасць нацыянальнага адраджэння беларускага народа, якая адразу ўзнікла пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года, пэўны час з вялікай цяжкасцю і значнымі перашкодамі пераўтваралася ў жыццё. Прычын гэтаму шмат, але галоўнае - адсутнасць уласнай дзяржавы [1] * якой толькі і падуладна было развязванне дадзенай архіскладанай праблемы. Паколькі Беларусь пасля кастрычніка 1917 года не стала незалежнай, суверэннай дзяржавай, а знаходзілася ў складзе Расійскай Федэрацыі ці ў ваенна-адміністратыўнай зоне кайзераўскіх войск, за нацыянальна-культурнае адраджэнне народа даводзілася брацца ініцыятыўным чынам, самапасам. Пахвальна, што ў асяроддзі беларусаў знайшлося тады нямала моцна апантаных нацыянальнай ідэяй людзей. Мэтанакіравана, актыўна і напорыста дзейнічалі яны як на тэрыторыі савецкай Беларусі, так і на занятай войскамі кайзераўскай Германіі з той толькі розніцай, што ў першым выпадку адраджаць, развіваць беларускую культуру даводзілася не толькі пры поўнай адсутнасці ўласнай дзяржавы, але і пры ўсебаковай залежнасці ад палітыкі Расійскай Федэрацыі і абавязкова на сацыялістычным грунце, а ў другім - у значнай ступені будучы самастойнай у пытаннях нацыянальна-культурнага развіцця народа.

Паўсюдна звярталася асаблівая ўвага, каб усе, хто ўжо далучыўся ці яшчэ толькі далучаўся на нацыянальнага Адраджэння, валодалі і карысталіся беларускай мовай. Па стаўленні да яе вызначалася адданасць той ці іншай асобы беларускай справе. І звычайна хто па-сапраўднаму жыў яе інтарэсамі, пры ўсіх нагодах не цураўся роднай мовы. Але здаралася і такое, што на хвалі беларускага вызваленчага руху з'яўляліся дзеячы, якія ў моц розных прычын прытрымліваліся зусім іншых пазіцый у дачыненні да беларускай мовы, за што яны рэзка крытыкаваліся ў прагрэсіўным нацыянальным друку. Вось як пра такіх людзей з Выканаўчага Камітэта Вялікай Беларускай Рады (ВБР) пісалася ў газеце "Вольная Беларусь" (1917, 8 лістапада): "На пасяджэнні (названага Камітэта. - Л. Л.) 31 кастрычніка ўсе даклады, якія чыталіся, і ўсе прамовы, якія гаварыліся, ў большасці вяліся на расійскай мове. За вылучэннем 3−4 сяброў камітэту ніхто па-беларуску гаварыць не ўмее. Трэба думаць, што гэта з'явішча выпадковае і з часам беларуская мова запануе там, дзе яна павінна горда зычэць і красавацца. Людзі, стаўшыя на чале беларускага руху, павінны навучыцца чытаць, пісаць і гаварыць па-беларуску". 1

Прыведзеная цытата датычыць зусім не шараговых у нацыянальным Адраджэнні асобаў, а саміх сяброў Выканаўчага Камітэта Вялікай Беларускай Рады, утворанай у Менску за дзень да Кастрычніцкай рэвалюцыі. У Камітэт, які з'яўляўся каардынацыйным цэнтрам беларускага нацыянальна-вызваленчага руху, трымаўся прагрэсіўнага курсу на развіццё беларускай культуры і мовы, уваходзіла 24 чалавекі, якія мелі вялікія заслугі перад беларускім нацыянальна-вызваленчым рухам, а вось роднай мовай валодалі далёка не ўсе, бо ў свой час даводзілася закончыць руска- ці польскамоўныя навучальныя ўстановы. Каб хутчэй пераадолець гэты сур'ёзны для дзяржаўнага дзеяча недахоп, многія сябры Камітэта ўжо ў самы сціслы тэрмін імкнуліся авалодаць беларускай мовай і будаваць на ёй сваю працу.

Апроч няведання беларускай мовы, разгарнуць нацыянальна-адраджэнскі рух у патрэбных маштабах парашкаджала засілле ў розных органах мясцовай улады і кіравання, усялякага роду ўстаноў і арганізацый асобаў некарэннага насельніцтва, выхаваных у духу вялікарускага дзяржаўнага шавінізму ці агрэсіўнага кшталту польскага нацыяналізму, якія самым адмоўным чынам ставіліся да беларускай ідэі. Таму і ў паслярэвалюцыйнай Беларусі з вялікім болем у сэрцы ўспрымаліся наступныя радкі з верша Янкі Купалы:

У беларускім вольным краі,

З ярэмнай збрыўшы стараны,

Царыць тужынец, а ў паслугах

Хто?

− Беларускія сыны!

Але такое становішча не магло заставацца бяззменным. Літаральна кожны дзень уносіў у яго пазітыўныя карэктывы, адбывалася ўзмацненне здаровых беларускіх пачаткаў. Высокаадукаваныя, інтэлігентныя, са здаровай этнічнай самасвядомасцю людзі, якія сваёй галоўнай мэтай паставілі вывесці беларускі народ на шырокі шлях нацыянальнага Адраджэння, зусім апраўдана першачарговую ўвагу надавалі культурна-асветніцкай рабоце ў масах, бо толькі такім чынам іх можна было хутка далучыць да сваіх гістарычных традыцый, выклікаць зацікаўленасць да сваёй багатай і адметнай духоўнай спадчыны, так нялюбай чужынцамі. Добра разумелі гэта і дзяржаўныя дзеячы абвешчанай у сакавіку 1918 года ва ўмовах нямецкай акупыцыі незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Беларусь яшчэ не ведала такога велізарнага патоку інфармацыйнага матэрыялу па нацыянальнай праблеме, розных аспектах культуры, народнай адукацыі, які з незвычайнай радасцю атрымліваў чытач на старонках перыядычнага друку напярэдадні Кастрычніцкай рэвалюцыі і ў першыя гады пасля яе. Найчасцей такі матэрыял змяшчалі газеты "Вольная Беларусь" (Менск, май 1917 - лістапад 1918 гг.; выдавец Беларускі Нацыянальны Камітэт, рэдактар Язэп Лёсік), "Беларускі шлях" (Менск, сакавік - жнівень 1918 г.; выдавец таварыства "Заранка", рэдактары Павел Аляксюк, Алесь Прушынскі), "Беларусь" (Менск, 21 кастрычніка 1919 - 9 кастрычніка 1920 гг.; выдаўцы Ядзвіга Луцэвіч, Часовы Беларускі Нацыянальны Камітэт, Кузьма Цярэшчанка *, рэдактары Ядзвіга Луцэвіч, Язэп Лёсік); часопіс "Беларускае жыццё" (Вільня - Менск, жнівень 1919 - ліпень 1920 гг.; рэдактар-выдавец Францішак Аляхновіч). У розныя часы ў Гародні выдавалі часопіс "Бацькаўшчына", газеты "Беларус", "Беларускі народ" і "Часопіс Міністэрства Беларускіх Спраў". Усяго ж у перыяд існавання БНР у нас выходзіла дзевяць беларускіх газет і часопісаў, функцыянавала дзесяць беларускіх выдавецтваў, дзе быў арганізаваны масавы выпуск падручнікаў і твораў мастацкай літаратуры на нацыянальнай мове.

Ураду Беларускай Народнай Рэспублікі ўдалося дасягнуць немалога поспеху і ў іншых сферах духоўнай культуры, у значнай ступені дзякуючы таму, што ўжо да гэтага былі зроблены першыя крокі па нацыянальна-культурным Адраджэнні і што апошняму не перашкаджалі кайзераўскія акупацыйныя ўлады. Яшчэ ў студзені 1916 года камандуючы войскамі Усходняга фронта генерал-фельдмаршал Паўль фон Гіндэнбург прызнаў на захопленай тэрыторыі Беларусі яе карэннае насельніцтва як цалкам самабытнае, а яго мову роўнапраўнай з усімі тымі, што тут выкарыстоўваліся. У красавіку 1918 года Народны Сакратарыят БНР прыняў гістарычнай важнасці пастанову аб абвяшчэнні беларускай мовы адзінай дзяржаўнай і абавязковай для афіцыйнага ўжытку на ўсёй тэрыторыі рэспублікі. Скрозь і паўсюдна распачалася праца па стварэнні беларускіх школ, розных нацыянальных культурна-асветніцкіх устаноў, заснаванні ў Менску Беларускага ўніверсітэта.

Дзякуючы глыбока ўзважанай палітыцы ўраду БНР у галіне нацыянальнай культуры, тут удавалася нямала чаго карыснага зрабіць і ў той час, калі наша зямля знаходзілася пад уладай варожых да ўсяго беларускага польскіх інтэрвентаў. Не на чужым, а на ўласным нацыянальным падмурку, да прыкладу, ладзіў культурнае жыццё старажытны беларускі горад Слуцк. Тут пры культурна-асветніцкай гімназіі дзейнічала вельмі папулярная ў случакоў арганізацыя "Папараць-кветка", пры якой меліся літаратурная, краязнаўчая і драматычна-харавая секцыі, у якіх налічвалася звыш 200 удзельнікаў. Калі з лета 1920 года драматычны калектыў гэтай арганізацыі ўзначаліў вопытны педагог і рэжысёр Уладзіслаў Галубок, з'явілася магчымасць прыступіць да прафесійнага паказу сур'ёзных беларускіх драматычных твораў. У ліку першых былі пастаўлены "Паўлінка" Янкі Купалы, "Суд", "Госць з катаргі", "Бязвінная кроў", "Душагубы", "Апошняе спатканне" самога Уладзіслава Галубка, "Модны шляхцюк" Каруся Каганца.

Спрыяльныя ўмовы для арганізацыі жыцця нашага краю паводле яго гістарычных традыцый і спецыфікі ўласнай духоўнай спадчыны юрыдычна ўзніклі дзякуючы заснаванню 1 студзеня 1919 года Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Пасля стагоддзяў жорсткага, няспыннага нацыянальнага ўціску беларускі народ, дамогшыся стварэння сваёй уласнай дзяржаўнасці, не думаў камусьці помсціць за свае спрадвечныя пакуты. У Маніфесце Часовага Рабоча-сялянскага Савецкага Урада Беларусі, абвешчаным 1 студзеня 1919 года, было запісана: "Рабочыя, сяляне і ўвогуле працоўныя ўсіх нацыянальнасцей (падкрэслена мною. - Л. Л.), якія жывуць на Беларусі, карыстаюцца роўнымі правамі і знаходзяцца пад абаронай рэвалюцыйных законаў". Толькі шкада, што неўзабаве значная частка яе тэрыторыі адышла да Расійскай Федэрацыі, а на астатняй пачалі ўладарыць польскія легіянеры. Інтэрвенцыянісцкія планы апошніх не ўдалося сарваць аб'яднанымі сіламі створанай у лютым 1919 года Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (ЛітБел). 25 жніўня 1919 года пад ударамі палякаў паў яе апошні павятовы горад Зарасай. Урад і Кампартыя ЛітБела прадоўжылі сваю дзейнасць на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі ў горадзе Смаленску.

Так хутка страціўшы дзяржаўную незалежнасць у форме БССР, беларускі народ і ў гэтых экстрэмальных умовах не бездзейнічаў, а настойліва шукаў шляхі яе аднаўлення. На захопленай палякамі тэрыторыі адразу ж шырокія прасцягі набыў нацыянальна-вызваленчы рух, які ў многіх месцах узначалілі, накіравалі ў пажаданае рэчышча бальшавікі, што паходзілі з карэннага насельніцтва. У значнай ступені бальшавікам удавалася ў здаровым нацыянальным духу ўплываць і на настрой тых беларусаў, якія апынуліся па-за межамі сваёй Бацькаўшчыны. А сярод іх было не мала людзей, што пад уздзеяннем рэвалюцыйных падзей імкнуліся вывесці свій народ на шлях незалежнага нацыянальна-дзяржаўнага развіцця, на які, як яны паспелі пабачыць падчас знаходжання ў эвакуацыі, ужо сталі многія нацыі і народнасці былой Расійскай імперыі. Не можа не здзіўляць, што менавіта ў эвакуаваных на ўсход беларусаў і сярод створаных тут імі розных грамадска-палітычных структур існавала вельмі вялікая павага да духоўнай спадчыны роднага краю, да ўжывання беларускай мовы, што можа разглядацца як сведчанне карэнных пазітыўных зрухаў у нацыянальнай самасвядомасці беларусаў. І вельмі важна, што беларуская мова прабівала сабе шлях у заснаваныя там школы, афіцыйныя перыядычныя выданні, адкуль ёй ужо не так цяжка было трапіць і ў службовае справаводства, г. зн. зрабіць сур'ёзны крок да набыцця статусу афіцыйнай.

З такіх прагрэсіўных пазіцый глядзеў на гэтае пытанне Беларускі Нацыянальны Камісарыят (аддзел Наркамнаца РСФСР), * друкаваным органам якога з'яўлялася перашая савецкая беларускамоўная газета "Дзянніца". З 1 сакавіка 1918 года яна выдавалася ў Петраградзе, а з 6 красавіка таго ж года і да 24 лютага 1919 года - у Маскве. Ад гэтага часу беларускія палітычныя колы ў Расіі засталіся без свайго нацыянальнага перыядычнага органа. На вялікае шчасце, гэта цягнулася нядоўга. Так, у нялёгкі для нашага народа час, калі рэшткі ўрадавых органаў былой Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі вымушаны былі хоць неяк функцыянаваць і ва ўмовах эвакуацыі, у Смаленску прымаецца рашэнне пачаць выдаваць з 1-га лютага 1920 года на беларускай мове газету "Савецкая Беларусь" *. У перадавым артыкуле яе першага нумара гаварылася: "Мы, прыступаючы сягоньня да працы па выданню нашай газэты, газэты беларускіх сялян і рабочых, апавяшчаем: мы хочам быць, мы будзем выявіцелямі волі беларускага народу, сялян і рабочых". І немалы час газета "Савецкая Беларусь" і сапраўды з'яўлялася нацыянальнай трыбунай.

За развіццё культурнай працы на беларускай мове і выданне беларускай літаратуры катэгарычна выказаўся шэраг нарад камуністаў-беларусаў, што адбыліся ў Смаленску. Неабходна адзначыць, што абсалютная бальшыня палітыкаў, інтэлігенцыі беларускай нацыянальнасці, якая ехала на працу ў Менск пасля выгнання адсюль у ліпені 1920 года польскіх інтэрвентаў, значна вырасла, пасталела ў плане этнічнай самасвядомасці, была натхнёнай высокароднай мэтай аддаць усе свае сілы справе нацыянальна-культурнага адраджэння роднай Бацькаўшчыны, асабліва вяртанню на законны пасад яе мовы, якая на працягу некалькіх сотняў гадоў з'яўлялася падчаркай ва ўласнай хаце. Рабіць гэта намераваліся без усялякага ўшчамлення інтарэсаў тых, хто жыў разам з беларусамі на іх гістарычнай тэрыторыі. Дэкларацыя аб паўторным абвяшчэнні (такое адбылося пасля выгнання польскіх інтэрвентаў) незалежнай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі (31 ліпеня 1920 г.) назвала Беларусь "краінай беларускіх, рускіх, польскіх і яўрэйскіх рабочых і сялян". У ёй меўся і такі пункт: "Устанавіць поўнае паўнапраўе моваў (беларускай, рускай, польскай і яўрэйскай) у зносінах з дзяржаўнымі ўстановамі і ў арганізацыях і ўстановах народнай асветы і сацыялістычнай культуры". [2]

Акурат з такіх пазіцый зыходзілі дзяржаўныя і партыйныя органы, ствараючы савецкі перыядычны друк. У рэдакцыйным артыкуле "Нашы заданьні" першага нумара беларускамоўнага часопіса "Полымя", які выйшаў у снежні 1922 года, падкрэслівалася гэта наступным чынам: "… мы не выяўляем перад сабою беларускае культурнае працы адколатаю ад культурнае працы іншых жывучых у Беларусі нацыяў. Культурная работа працоўных грамадаў аднэй нацыянальнасці заўсёды злыгана з культурным жыцьцём і работаю прадстаўнікоў другое нацыянальнасці. Бяз узаемнага ўплыву і супрацоўніцтва ня можа быць правідловага культурнага развіцьця". Праўда, часопіс, называючы сябе марксісцкім, асуджаў ідэі незалежніцтва, беларускай старадаўшчыны. Ён запрашаў працаваць на сваіх старонках тых, хто хоча пасабіць "нам вызваліць беларускую культурную работу ад станкоў народніцтва й нацыяналістычнай рэакцыі". 1 У першым нумары часопіса выступалі Цішка Гартны, Міхась Чарот, Алесь Гурло, Андрэй Александровіч, Янка Журба, Змітрок Бядуля, Янка Нёманскі.

Ва ўсім тым, што датычыла праблемы нацыянальнага адраджэння краю, бальшавікі-беларусы імкнуліся працаваць у поўнай згодзе з дзяржаўнымі органамі, што асабліва выявілася ў час другой сесіі Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта (ЦВК) Саветаў Беларусі, якая праходзіла ў лютым 1921 года. Па ініцыятыве ЦК КП(б)Б у даклад Наркама асветы БССР, які выносіўся на парадак дня з'езда, было спецыяльна ўключана беларускае пытанне. Характэрна, што яно было ўзнята некалькі часу раней, чым адбыўся Х з'езд РКП(б) (сакавік 1921 г.), на якім грунтоўна абмяркоўвалася нацыянальнае пытанне, на працяглы перыяд вызначаліся шляхі яго развязвання ва ўмовах поліэтнічнай дзяржавы - Расійскай Федэрацыі.

Магчымасць вольнага развіцця нацыянальнай культуры найбольш радавала тых, хто яшчэ да Кастрычніцкай рэвалюцыі рашуча стаў на шлях нацыянальна-культурнага Адраджэння. Вось як некалі вызначыў не толькі сваю, але і ўсяго беларускага народа пазіцыю па гэтым пытанні Янка Купала ў вершы "Годзе!" (упершыню надрукаваны ў 1921 г. як дадатак да кніжкі М. Арол "Хто вінаваты"):

Годзе заходняй ці ўсходняй культуры!

Для беларуса цана ім адна.

Усе вы, панове, аднолькай натуры:

З сэрца чужога кроў ссалі б да дна.

Вашу карысць нам і вашы заслугі

Добра ўжо скеміў таптаны народ;

Добра вядомы і путы і пугі,

Песціў якімі ваш захад і ўсход.

Даводзіцца толькі шкадаваць, што як у першыя дні пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, так і пазней, калі ўжо тэрыторыю Беларусі вызвалілі ад польскіх інтэрвентаў, сярод адкамандзіраваных сюды Масквою дзяржаўных і партыйных дзеячоў знаходзілася ўсё ж нямала асобаў, якія ці не разумелі, ці не хацелі разумець яе карэнных нацыянальных інтарэсаў. Па гэтай прычыне ніяк не ўдавалася адразу ж пасля другога абвяшчэння БССР нацыянальна-культурнаму адраджэнню беларускага народа надаць сапраўдны дзяржаўны характар. Ажыццяўляць у гэтым плане дзейнасць даводзілася вельмі асцярожна, з аглядкай, не толькі на Маскву, але і па баках, улічваючы настрой яе пасланцоў, асабліва бальшавікоў. Пэўныя дасягненні на шляху адраджэння былі хутчэй за ўсё вынікам дзейнасці неабдзеленых нацыянальнымі перакананнямі людзей, а не палітыкай саміх дзяржаўных ці партыйных органаў. Таму не дзіўна, што намаганні паасобных наркаматаў і ведамстваў, адміністрацыйных раёнаў і груп насельніцтва ў справе практычнай рэалізацыі прагрэсіўных ідэй рэвалюцыі ў галіне нацыянальнай палітыкі насілі лакальны, ініцыятыўны, а не дзяржаўна-прававы характар, часта прыпыняліся на паўшляху, не зрабіўшы станоўчага ўплыву на стан нацыянальнага жыцця беларускага народа.

Невыносна цяжкі груз мінулага сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту адарваў душы многіх беларусаў ад сваіх гістарычных каранёў, культурных традыцый, істотна прытупіў нацыянальную самасвядомасць. З прычыны шматвяковай паланізацыі і русіфікацыі прэстыжнасць беларускай культуры і мовы знізілася нават ва ўяўленнях саміх жа яе носьбітаў. У той неверагодна цяжкі час не знайшлося ні ў школах, ні ў цэрквах пачэснага месца для беларускай мовы. І пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі шырока распаўсюджваліся чуткі, што ў беларусаў увогуле не было і няма арыгінальнай, самабытнай мовы, што размаўляюць яны на мясцовых дыялектах рускай альбо польскай моваў. Усё гэта, зразумела, не так проста было пераадолець у псіхалогіі асноўнай масы беларусаў, хаця маладая пралетарская дзяржава зыходзіла з зусім іншых метадалагічных прынцыпаў пры закладцы, збудаванні новага падмурка міжнацыянальных дачыненняў.

Характар і змест нацыянальнай палітыкі ў паслярэвалюцыйнай Беларусі ў многім прадзвычаіліся не толькі яе ўнутранымі патрэбамі, асаблівасцямі, але і тымі велізарнымі пераменамі, якія адбываліся на абсягах былой Расійскай імперыі ў цэлым у гэтай сферы грамадскіх дачыненняў. Стварыўшы ўласную суверэнную дзяржаву, і беларускі народ атрымаў магчымасць будаваць жыццё на нацыянальным грунце з улікам сваіх гістарычных, эканамічных, духоўных традыцый. І вельмі важна, што прынцыпова новая, пазітыўная пазіцыя паасобных дзяржаўных, партыйных кіраўнікоў рэспублікі пачала адразу ж фармавацца датычна роднай мовы беларускага народа, бо без поўнага раскабалення апошняй нельга было сур'ёзна гаварыць пра яго нацыянальную суверэннасць. Па-іншаму ж да беларускай мовы і нельга было ставіцца. Як-ніяк, а на ёй у той час размаўляла пераважная бальшыня жыхароў рэспублікі, хаця стагоддзямі доўжыліся іх паланізацыя, русіфікацыя. Таму пры ўсёй важнасці, спрыяльнасці для беларускай справы шырока разгорнутага нацыянальна-адраджэнскага руху на ўсёй тэрыторыі былой царскай Расіі і, у тым ліку і ў нашым краі, у яго ў наяўнаўсці меліся яшчэ і магутныя ўнутраныя фактары, якія падштурхоўвалі ўрад і партыю бальшавікоў неадкладна рабіць штосьці канкрэтнае па развязванні нацыянальнага пытання. На пазіцыю дзяржаўных і партыйных органаў асабліва моцны ўплыў рабіла беларуская нацыянальная інтэлігенцыя, якая не толькі добра разумела ўсе нюансы дадзенай праблемы, але і жадала актыўна ўдзельнічаць у яе неадкладнай рэалізацыі.

Здаровыя, пргрэсіўныя сілы беларускага народа працягвалі даражыць ідэяй нацыянальнага Адраджэння нават і тады, калі лёс закідваў іх за межы роднай Бацькаўшчыны. Такіх людзей было нямала, асабліва з ліку палітыкаў, заможных і адукаваных пластоў насельніцтва. Часта прычынай пакінуць Айчыну з'яўлялася жаданне атрымаць дзесьці прэстыжную адукацыю, што стала даволі модным для моладзі Савецкай Беларусі. На такі шлях стаў і случанін Паўлюк Жук, абраўшы для сябе Ціміразеўскую сельскагаспадарчую акадэмію ў Маскве. Да таго як выехаць на вучобу, ён у 1920 годзе ў Слуцку на спецыяльных курсах набыў неблагія веды па беларусазнаўстве, паспеў надрукаваць некалькі сваіх твораў на старонках шэрагу беларускіх газетаў і часопісаў. Не парываў сувязі з імі, як і стаў вучыцца ў Маскве за агранома, бо меў што сказаць сваім аднагодкам, добра ведаў пра ролю моладзі ў беларускім Адраджэнні. Слушныя парады выказаны ім у 1922 годзе ў газеце "Савецкая Беларусь" у артыкуле "Аб беларускім студэнцтве". Там ён напісаў: "Цяпер наш святы абавязак перад адраджэннем Беларусі і яе прагрэса зрабіць так, каб усе гэтыя жывыя, маладыя, поўныя сілы і энергіі і творчыя сілы краю не зыходзілі на бок, не лезлі туды, дзе жывецца весялей і вальготней, чым у "спрадвеку заплаканым краю", а працавалі дома…

Беларусі патрэбны абавязкова сыны свае краіны, узброеныя шырокімі пазнаннямі па ўсіх напрамках, ва ўсіх галінах навукі. Нашым дэвізам павінна быць высунутая жыццём і пацверджаная гісторыяй ісціна: "Пазнай самога сябе - пазнай свой край". *

Не адрываліся ад родных каранёў і многія іншыя студэнты Беларусі, набываючы веды па-за яе межамі. Найбольшую карысць прынеслі ёй тыя, хто па заканчэнні вучобы вярнуўся дамоў і актыўна ўключыўся ў будаўніцтва новага жыцця.

Упершыню з усёй канкрэтнасцю і выразнасцю было заяўлена пра неабходнасць арганізацыі дзяржаўнага і грамадскага жыцця Беларусі на роднай мове народа, які даў назву самой дзяржаве, у снежні 1920 года на другім Усебеларускім з'ездзе Саветаў, а затым у лютым 1920 года на ІІ сесіі ЦВК Саветаў Беларусі. Адзін з пунктаў (№ 4) рэзалюцыі з'езда па дакладзе аб народнай асвеце меў такую фармулёўку: "Стварэнне сеткі ўстаноў, якія ўсебакова абслугоўваюць культурныя патрэбы масаў на ўсіх мясцовых мовах, падрыхтоўка для іх работнікаў асветы, выданне для іх літаратуры на мясцовых мовах і прыцягненне максімуму камуністычных сіл да гэтай працы".

Яшчэ далей у гэтым адраджэнскага характару напрамку пайшла ІІ сесія ЦВК Саветаў Беларусі, на якой былі ўсхвалены даволі канструктыўныя для таго часу практычныя мерапрыемствы па правядзенні нацыянальнай палітыкі. Разглядаючы пытанне аб мясцовых мовах, ЦВК Саветаў Беларусі прадпісаў "Наркамасветы зрабіць захады да ўзмацнення працы на мове пераважнай большасці працоўнага сялянства Беларусі - мове беларускай. Наркамасветы павінен у сваёй працы зыходзіць з няўхільнай перспектывы планамернага і паступовага пераходу ўстаноў, у якіх навучаюцца і выхоўваюцца дзеці беларусы, на іх матчыну беларускую мову выкладання. За выкананне гэтага задання павінны ўзяцца яшчэ ў бягучым (1921. - Л. Л.) годзе". Пільная ўвага звярталася на курсавую падрыхтоўку настаўнікаў, якія маглі б выкладаць на беларускай мове. Свой уклад у вырашэнне дадзенай праблемы павінны былі ўнесці Мінскі інстытут народнай адукацыі і трохгадовыя курсы ў Барысаве і Бабруйску. Вялікае значэнне надавалася выданню літаратуры на мясцовых мовах. "Выданне ж падручнікаў, дзіцячага часопіса, навукова-папулярнай і палітычнай літаратуры на беларускай мове, − адзначалася на сесіі ЦВК Саветаў Беларусі, − павінна быць пастаўлена, як ударна задача" Наркамасветы і яго органаў, у прыватнасці Дзяржвыда.

Пад уплывам адраджэнскага руху карэнным чынам мянялі свае пазіцыі ў лепшы бок многія партыйныя кіраўнікі, у іх ліку і Вільгельм Кнорын (латыш па нацыянальнасці), які ў пачатку 20-х гадоў знаходзіўся на пасадзе Сакратара ЦК КП(б)Б. Выступаючы на неаднаразова згаданай мною сесіі ЦВК Саветаў Беларусі, ён з усёй катэгарычнасцю заявіў, што трэба адрачыся ад погляду, што пытанне аб мове ёсць пытанне нацыяналістычнае, што, наадварот, гэта цалкам адпавядае духу камунізму. Кожнае дзіця мае права вучыцца на сваёй роднай мове, таму нельга ісці на сумеснае выхаванне дзяцей, якія размаўляюць на розных мовах, бо такі дзіцячы інтэрнацыянал ёсць задушэнне свабоды. В. Кнорын выказаў думку, што ў школах беларускай мове трэба даць такія ж правы, як і рускай, бо хаця пераход навучання дзяцей на беларускай мове яшчэ справа і далёкага будучага (практыка не пацвердзіла гэтага. - Л. Л.), аднак ён будзе мець велізарнае палітычнае і міжнароднае значэнне. * Шкада толькі, што ў такім пытанні гэты партыйны дзеяч не заўсёды быў паслядоўны і з незвычайнай лёгкасцю мяняў на яго погляды ў залежнасці ад характару палітычнай сітуацыі, што будзе паказана мной ніжэй.

Практычныя спробы надаць ва ўсіх адносінах прагрэсіўнаму беларускаму нацыянальнаму руху планамерны, арганізаваны характар, зразумела, не маглі не сустрэць сур'ёзнага супраціўлення. Прычым чынілася яно не якімі-небудзь шараговымі, а ўплывовымі арганізацыямі і ўстановамі, высокімі дзяржаўнымі і партыйнымі асобамі. Таму распрацаваныя накіды і планы па нацыянальна-культурным Адраджэнні ажыццяўляліся не з такім размахам, як таго хацелася шчырым змагарам за ідэалы народа. Даводзілася звяртацца за падтрымкай і, вядома ж, не ў апошнюю чаргу ў ЦК КП(б)Б, які ўвесь час імкнуўся прыбраць да сваіх рук найважнейшыя пытанні нацыянальна-культурнага будаўніцтва. Вось чаму на пачатку лютага 1921 года менавіта і паслала ў гэты орган прынцыпова важны паводле свайго зместу ліст група камуністаў (32 чалавекі). У іх ліку былі даволі вядомыя ў той час на Беларусі грамадска-палітычныя і культурныя дзеячы: Аляксандр Адамовіч (супрацоўнік Бабруйскага павятовага аддзела народнай асветы), Сцяпан Булат (настаўнік, загадчык аддзела Наркамасветы ЦК КП(б)Б, рэдактар газеты "Савецкая Беларусь"), Язэп Каранеўскі (загадчык аддзела сацыяльнага выхавання Наркамата асветы БССР), Міхась Кудзелька (літ. псеўданім Міхась Чарот). У тым лісце паведамлялася, што з прычыны неразумення некаторымі высокімі кіраўнічымі асобамі характару беларускага руху, няведанню мінулага краю, раз'яднання з працоўнымі масамі маюць месца сур'ёзныя памылкі ў арганізацыі жыцця на Беларусі. Гэта група, бадай, першай, афіцыйна заявіла аб неабходнасці вярнуць Беларусі губерні і паветы, што адышлі да Расійскай Федэрацыі нібыта з-за непрадбачанасці ваенна-палітычнагша становішча, рэальнай пагрозы захопу іх Польшчай. У лісце абгрунтоўвалася неабходнасць хутчэйшага стварэння сеткі беларускіх нацыянальных школ, што вынікала як з меркаванняў міжнароднага характару, так і настрояў саміх працоўных, узнімаліся праблемы выдання на беларускай мове падручнікаў, абавязковага ўжывання яе пры напісанні дэкрэтаў, загадаў і г. д. Група глыбока заклапочаных лёсам народа камуністаў выказала ўпэўненасць у падтрымцы яе цэнтральнымі (рэспубліканскімі) органамі партыі, "у перамозе інтэрнацыянальных прынцыпаў камунізму ў беларускім пытанні".

Аднак на практыцы такога не адбылося. Ліст разглядаўся на адкрытым пасяджэнні ЦК КП(б)Б у прысутнасці ўсіх яго падпісантаў. Праўда, частка іх ужо паспела адмовіцца ад подпісу. Відаць, і тады партыйныя функцыянеры ўмелі прамываць мазгі "бунтаўшчыкам". У тую ж ноч службоўцы Надзвычайнай камісіі (рэпрэсіўны савецкі орган) зрабілі вобыскі на кватэрах кіраўнікоў групы, прычым найбольш "небяспечных" з іх арыштавалі. Чынілася ж гэта супрацьзаконная акцыя ў час, калі сакратаром ЦК КП(б)Б быў В. Кнорын. Самым трагічным аказаўся лёс Сцяпана Булата, які з мая 1921 года працаваў сакратаром ЦК КП(б)Б і загадчыкам аддзела агітацыі і прапаганды. Пры загадкавых абставінах ён загінуў у ліпені 1921 года ва ўзросце 28 гадоў. На гэтую падзею Я. Купала адгукнуўся вершам "На смерць Сцяпана Булата".

Шырокія перспектывы для разгортвання стваральнай дзейнасці разняволеных Кастрычнікам народаў былой царскай Расіі, у тым ліку і беларускага, адкрывалі рэвалюцыі Х з'езда РКП(б) (сакавік 1921 г.) "Аб чарговых задачах партыі ў нацыянальным пытанні" і ХІІ з'езда РКП(б) (красавік 1923 г.) "Па нацыянальным пытанні". Для нас яны мелі надзвычай важнае значэнне, бо першыя ж крокі па нацыянальным адраджэнні Беларусі, як ужо пісалася, паказалі, што ў яго ёсць сур'ёзныя праціўнікі, асабліва сярод прысланых Масквою кіраўнічых партыйных работнікаў, якія гатовы былі выкарыстаць любыя сродкі, каб не даць беларускаму народу стаць на ўласныя ногі. Рашэнні памянёных партыйных з'ездаў, наадварот, ставілі мэтай абараніць нацыянальныя інтарэсы раней прыгнечаных народаў Расіі, дапамагчы ім развіць сваю эканоміку і культуру.

Да часу адкрыцця Х з'езда РКП(б) у рэспубліцы, як адзначалася вышэй, былі зроблены толькі першыя крокі дзеля дапамогі яе карэннаму насельніцтву адчуць сябе гаспадаром у роднай хаце. Але і гэта ўжо не падабалася паасобным партыйным кіраўнікам з верхніх эшалонаў, што яскрава выявілася і ў час пасяджэнняў Х з'езда РКП(б). Шмат каго з яго дэлегатаў моцна ўразіў змест прачытанай у голас запіскі, якую прадстаўнікі ад камуністаў Беларусі падалі ў прэзідыум з'езда. У ёй гаварылася, што ў нашым краі камуністы штучна ўводзяць беларускую нацыянальнасць. Адвесці гэты гнюсны паклёп на беларускі народ давялося аднаму з тагачасных бальшавіцкіх лідараў Іосіфу Сталіну, які часта займаў правільную, узважаную пазіцыю ў нацыянальным пытанні, бо добра ведаў, як небяспечна ісці насуперак волі і настроям масаў у такой далікатнай і сур'ёзнай справе. Не памыляўся ён і ў дадзеным выпадку, сказаўшы дэлегатам з'езда наступнае: "Гэта няправільна, таму, што існуе беларуская нацыя, у якой ёсць свая мова, адметная ад рускай, з прычыны чаго ўзняць культуру беларускага народа можна толькі на роднай яго мове". 1

Маючы такую катэгарычную падтрымку ад аўтарытэтнага партыйнага форуму, заклапочаная ідэяй нацыянальна-культурнага адраджэння беларусаў палітычныя дзеячы цяпер маглі смялей брацца за развязванне дадзенай надзвычай важнай для іх народа праблемы. Пацвярджаецца гэта шматлікімі прыкладамі разгортвання нацыянальнай ініцыятывы як на месцах, у самай гушчы народа, так і ў верхніх эшалонах дзяржаўнай улады, партыйнага кіраўніцтва. І вельмі важна, што зараз гэтай ініцыятыве імкнуліся надаць яшчэ больш мэтанакіраваны, абавязковы характар, прычым галоўную ролю тут брала на сябе рэспубліканская партыйная арганізацыя. Гэта яскрава вынікае з рэзалюцый ХІІ Усебеларускай партканферэнцыі (УП з'езда) КП(б)Б, што праходзіла ў сакавіку 1923 года і была прысвечана разгляду нацыянальнага пытання. На канферэнцыі адзначалася, што "Камуністычная партыя ў поўнай адпаведнасці са сваёй праграмай у галіне нацыянальнага пытання павінна зрабіць усе захады да наладжвання працы на беларускай мове (падкрэслена мною. - Л. Л.) ствараючы нармальныя ўмовы для развіцця беларускай культуры", што "кіраўніцтва гэтай працай павінна быць ускладзена на партыйныя арганізацыі ў цэлым як у цэнтры, як і на месцах". 1 Вельмі каштоўным палажэннем рэзалюцыі з'яўлялася ўказанне на тое, што працэс пашырэння ўплыву беларускай культуры неабходна ўвязваць "з наяўнасцю дастаткова падрыхтаваных, класава-выхаваных і рэвалюцыйна-вытрыманых работнікаў", бо ў асяроддзі кіраўніцкага апарату розных сфераў дзяржаўнага і грамадскага жыцця рэспублікі было нямала людзей, якія ў сваёй паўсядзённай практычнай дзейнасці менш за ўсё лічыліся з інтарэсамі мясцовых рабочых і сялян, на законныя нацыянальныя патрабаванні беларускага народа глядзелі з пазіцый вялікарускага дзяржаўнага шавінізму. Без рашучага пераадолення такіх настрояў сярод работнікаў рэспубліканскага дзяржаўнага і партыйнага апаратаў, а таксама кіраўнікоў усіх астатніх катэгорый нельга было спадзявацца на дасягненне жаданага поспеху ў нацыяналь-культурным развіцці Беларусі.

Яшчэ больш выразна акрэсліліся ў практычнай дзейнасці партыйнай арганізацыі рэспублікі многія прынцыпова важныя аспекты рэгулявання нацыянальна-культурнага адраджэння беларускага народа пасля таго, як у пачатку чэрвеня 1923 года ЦК РКП(б) правёў у Маскве нараду па нацыянальным пытанні, у працы якой бралі ўдзел і прадстаўнікі ад КП(б)Б. У адпаведнасці з выказанай на нарадзе пазіцыяй аб арганізацыі ў межах рэспублік нацыянальных вайсковых часцей і на Беларусі ўжо ў ліпені таго ж года была створана "Беларуская Міліцыйная дывізія". У яе з усяго Саюза выклікаліся ваенныя спецыялісты родам з Беларусі. Неадкладна з вайскоўцамі было наладжана праходжанне службы з улікам нацыянальных асаблівасцяў, культурна-моўнай спадчыны краю, што аблягчаліся даволі паспяховай працай вайсковай Тэрміналагічнай камісіі Інбелкульта.

У кастрычніку 1923 года Цэнтральнае бюро КП(б)Б правяло нараду з сакратарамі павятовых партыйных арганізацый, на якой грунтоўна абмяркоўвалася, што ў бліжэйшы час трэба зрабіць па развязванні нацыянальнага пытання на Беларусі. Зразумела, цэнтральнае месца на нарадзе заняў лёс мясцовых моў і галоўным чынам беларускай, як мовы пераважнага па колькасці насельніцтва рэспублікі. Некаторыя кіраўнікі і супрацоўнікі дзяржаўных устаноў ужо ў 1924 годзе павінны былі пачаць вывучаць мясцовыя мовы. "У далейшым, − заяўлялася ў дакументах нарады ЦК КП(б)Б, − на працягу наступнага году паступова ўводзіць мовы, у першую чаргу беларускую, ва ўстановах Наркамасьветы, Наркамзему, Наркамваену, Міліцыі, у судовых інстытуцыях (у першым часе судагаварэньне), не пошце і тэлеграфе, найраней у паветах і валасьцёх. Для поўнага прыстасаваньня судавядзеньня да мясцовых патрэбаў усе кодэксы ў двухгадовы тэрмін павінны быць перакладзены на мясцовыя мовы, пасьля чаго ўвесь судовы працэс цалкам праводзіцца на мясцовых мовах. У той жа тэрмін адбываецца перападгатоўка і падгатоўка судовых працаўнікоў…"

Далей на нарадзе ЦБ КП(б)Б зазначалася, што ва ўсіх школах без выключэння трэба ўводзіць беларускую мову як абавязковую, прапаноўвалася павялічыць беларускі сялянскі элемент у сямігодках, тэхнікумах і вышэйшай школе, асабліва на Рабфаку і Педфаку, у Вяскова-Гаспадарчым Інстытуце, пашырыць у самыя бліжэйшыя часы выдавецкую працу на беларускай мове па пытаннях мясцовага жыцця, а таксама выдання на ёй марксісцкай і партыйнай літаратуры . Калі школы пралітграматы пераводзіліся на мясцовыя мовы, дык раённыя партшколы ў Мінску і Бабруйску павінны былі працаваць толькі на беларускай мове. Яна ж станавілася рабочай і ў Цэнтральнай партшколе Мінска. Нарада цалкам ухваліла праведзеную работу па беларусізацыі праваахоўных органаў і вайсковага жыцця ў рэспубліцы, сфармуляваўшы наступным чынам сваю палітыку: "Знаходзячуюся на тэрыторыі Беларусі міліцыйную дывізію лічыць базай для сфарміраваньня беларускай нацыянальнай часьціны… Папоўніць камандны й політычны склад дывізіі беларусамі, знаючымі беларускую мову. Укомплектаваць дывізійную школу мясцовымі ўраджэнцамі і ўвесьці ў школу выкладаньне мясцовых моваў і камандаваньне ў беларускай мове. У далейшым лічыць патрэбным перабудаваньне 6-х пяхотных курсаў у школу каманднага складу мясцовай беларускай вайсковай часьціны. Згодна з гэтым перафармаваць курсы па моўнаму і нацыянальным прызнакам. Паступова, на працягу году перавесьці ўсе органы Нарваенкамату на беларускую мову ў пісьменных і ваенных зносінах." 1

Неабходна адзначыць, што Нарваенкамат, у адрозненне ад некаторых іншых дзяржаўных органаў кіравання, даволі аператыўна і рашуча ўзяўся за падвядзенне нацыянальнага грунту пад сферу сваёй ваенна-прафесійнай дзейнасці. Беларусізацыя жыцця вайскоўцаў адразу ж прыняла планамерны і цэнтралізаваны характар. Яе правядзенне ў практыку стала адной з найважнейшых задач, заснаванай ў пачатку красавіка 1924 года Заходняй ваеннай акругі, штаб якой знаходзіўся ў Менску. У яе штабе функцыянавала спецыяльная камісія, якая займалася перакладам на беларускую мову вайсковых статутаў, распрацоўкай беларускамоўнай ваеннай тэрміналогіі.

Хаця задума аб беларусізацыі вайсковага жыцця ў сваёй аснове з'яўлялася надзвычай важнай і крайне неабходнай, аднак, як высветлілася на практыцы, тэрмін для яе выканання быў вызначаны ўсё ж нерэальны, занадта кароткі. Таму з розных раёнаў СССР не ўдалося адклікаць патрэбную колькасць ваенных спецыялістаў беларускай нацыянальнасці, а нямала камандзіраў, што служылі на Беларусі і не паходзілі з яе карэннага насельніцтва, наўмысна праяўлялі пасіўнасць, а часам нават пад усялякімі падставамі тармазілі правядзенне нацыянальнай палітыкі ў войску.

На гістарычным шляху беларускага Адраджэння сустракаліся цяжкасці і іншага парадку, прычым даволі незвычайныя. Па незалежных ад самой Беларусі прычынах, тут мо як нідзе ў іншых рэспубліках, на пачатку 20-х гадоў адчувалася вострая патрэба ў грунтоўных навуковых, а таксама навукова-папулярных публікацыях, у якіх у даступнай форме, пры належнай дакладнасці, праз глыбокі аналіз гістарычнай практыкі былі б раскрыты вузлавыя аспекты нацыянальна-моўнай палітыкі. Такую задачу смела паставіў і шмат што зрабіў для яе паспяховага вырашэння першы рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Уладзімір Пічэта, не будучы сам беларусам па нацыянальнасці. Бачачы, з якой цяжкасцю, а часам пры адкрытым ці завуаліяваным супраціўленні службовых асобаў ідзе ўкараненне беларускай мовы ў справаводства дзяржаўных, партыйных, адміністрацыйна-гаспадарчых органаў, у сістэме народнай асветы, ён выдае ў жніўні 1924 года на рускай мове невялікую паводле свайго памеру, але вельмі змястоўную, павучальную брашурку пад назвай "Беларуская мова як фактар нацыянальна-культурны", якая дапамагала многім беларусам карэнным чынам змяніць сваё стаўленне да гэтага найкаштоўнейшага гістарычнага і духоўнага скарбу. Кожны, хто прачытаў зазначаную працу, больш не даймаў сябе думкамі, існуе ці не існуе арыгінальная, самабытная беларуская мова. Вучоны гісторык пераканаўча даказаў, што ў беларусаў была і ёсць родная мова, адметная ад блізкародасных ёй рускай, украінскай і польскай моваў. Народжанае ад азнаямлення з брашурай усведамленне таго, што ты ўступаеш у культурным развіцці суседнім народам толькі з прычыны вялікіх несправядлівасцей да цябе чужых палітычных рэжымаў, што ў далёкім мінулым твае продкі ні ў чым не адставалі ад суседніх этнасаў, выклікала ў шырокіх масаў беларускага народа заканамернае жаданне аддаць усе свае сілы і энергію нацыянальнаму Адраджэнню. У. Пічэта безпамылкова вызначыў, што галоўнай апорай у гэтым Адраджэнні можа і павінна стаць інтэлігенцыя, як найбольш адукаваны і нацыянальна самасвядомы пласт беларускага народа. І ў цэлым яна ахвотна адгукнулася на слушныя парады выдатнага вучонага, актыўна ўключылася ў вывучэнне і прапаганду роднай духоўнай спадчыны з тым, каб усё лепшае з яе паставіць на службу моцна запозненаму нацыянальна-культурнаму адраджэнню беларусаў.

Зыходзячы з складанасці адраджэнскага працэсу на Беларусі, вельмі важным з'яўлялася правільнае вызначэнне месца і ролі ў ім дзяржаўных і партыйных органаў, тым больш што паміж імі даволі часта існавалі яшчэ і ў час, калі абазначыліся першыя пазітыўныя зрухі ў правядзенні нацыянальнай палітыкі, істотныя разыходжанні па яе найбольш прынцыповых пытаннях. Камуністы, зыходзячы з партыйных інтарэсаў, прыкладвалі вялікія намаганні, каб забяспечыць тут сабе ключавыя пазіцыі. У многім ім гэта ўдалося зрабіць і галоўнае, што без асаблівай канфрантацыі з дзяржаўнымі органамі. З такім поглядам пагаджаўся і галоўны дойлід паслярэвалюцыйнага беларускага нацыянальна-культурнага Адраджэння гісторык Усевалад Ігнатоўскі, які ў 1921−1926 гг. працаваў наркамам асветы БССР. З улікам рэалій першых гадоў мірнага будаўніцтва ён стаяў за тое, "каб партыя ўзяла ў свае рукі кіраўніцтва беларускай працай, падгатаваўшы патрэбны лік працаўнікоў на беларускай мове. Апроч таго, трэба пашырыць выдавецтва марксысцкае літаратуры на беларускай мове". 1

Іншых пазіцый, як толькі марксісцкіх, у тагачасным разуменні партыяй бальшавікоў, не шукалі сабе пры развязванні нацыянальнага пытання дзяржаўныя органы Беларусі. Тут у іх, за рэдкім выключэннем, было поўнае паразуменне з партыяй камуністаў. І трэба сказаць, што толькі там, дзе яно сапраўды дасягалася, існавала рэальная магчымасць паспяховага ўвасаблення беларускай ідэі ў жыццё. Што рабілася партыяй у гэтым напрамку, ужо нямала гаварылася вышэй, аднак ёсць патрэба спыніцца на аналізе яшчэ аднаго яе вельмі важнага дакумента, паколькі ён з'явіўся на свет упярэдадзень маючай адбыцца на Беларусі гістарычнай падзеі ў нацыянальна-культурным Адраджэнні - пераходу да дзяржаўнай палітыкі беларусізацыі. Такім дакументам былі Рэзалюцыі пленума ЦК КП(б)Б, які праходзіў 6−9 ліпеня 1924 года. Будучы добра асвядомленым аб патаенным і адкрытым супраціўленні паасобных камуністаў правядзенню на Беларусі прагрэсіўнага курсу ХІІ партз'езда РКП(б) па нацыянальным пытанні, ЦК КП(б)Б на гэтым пленуме палічыў неабходным "зрабіць захады, якія забяспечваюць ужыванне роднай мовы ва ўсіх установах і арганізацыях, якія абслугоўваюць мясцовае насельніцтва", прызнаў ненармальным, што хаця беларуская нацыянальнасць з'яўляецца пераважнай па колькасці, яе "мова да гэтага часу мае вельмі абмежаванае распаўсюджанне ў дзяржаўных, грамадскіх і прафесійных установах і арганізацыях", таму падкрэслівалася, "трэба стварыць умовы, якія найбольш спрыялі б развіццю і выкарыстанню беларускай мовы з тым, каб з фармальна раўнапраўнай зрабіць яе фактычна раўнапраўнай мовай, якая б заняла належнае месца ў Беларускай Рэспубліцы… У мэтах папулярызацыі і ўкаранення беларускай мовы ў зносіны паміж працоўнымі, усе члены партыі, якія валодаюць беларускай мовай, павінны пры сваіх выступленнях ужываць пераважна беларускую мову". Прызнаўшы на тэрыторыі рэспублікі раўнапраўнымі беларускую, рускую, яўрэйскую і польскую мовы, пленум ЦК КП(б)Б выказаўся за тое, што перавагу ўсё ж трэба аддаваць выкарыстанню беларускай мовы ў грамадскім жыцці. Валоданне ёю, а таксама рускай прызнавалася абавязковым для ўсіх супрацоўнікаў савецкіх, прафесійных і грамадскіх арганізацый і ўстаноў, а некаторыя, па роду службы, павінны былі ведаць яшчэ і яўрэйскую, польскую, украінскую і латышскую мовы. Пры адсутнасці такіх ведаў нельга было працаўладкоўваць на пэўныя, часта прэстыжныя і добра аплатныя пасады. Толькі ў выключных выпадках дазвалялася залічваць такіх асобаў на працу дый то тэрмінам не больш як на шэсць месяцаў. Усе дакументы агульнасаюзнага значэння рэкамендавалася выдаваць на беларускай і рускай мовах. Перавод службовага справаводства на беларускую мову ў першую чаргу павінны былі ажыццяўляць тыя ведамствы, дзейнасць якіх непасрэдна датычыць беларускага насельніцтва. 1

2. На ўзровень дзяржаўнай палітыкі

Практычны вопыт усё больш пераканаўча сведчыў, што паспяхова развязваць надзвычай складаную праблему нацыянальнага адраджэння беларускага народа можна толькі пры ўмовах, калі гэтаму будзе нададзены мэтанакіраваны характар, калі яна стане самастойным кампанентам дзяржаўнай палітыкі. Асабліва выразна пачало гэта ўсведамляцца пасля вяртання ўвесну 1924 года Беларусі Віцебскай і Магілёўскай губерняў, перададзеных па воле партыйнага Цэнтра ў Крамлі пяць гадоў таму назад Расійскай Федэрацыі. На працягу тых гадоў усё іх жыццё будавалася ў аснове сваёй па рускаму ўзору.

Улічваючы звязанае з гэтым ускладненне задач і адсюль вострую неабходнасць неадкладнага надання палітыцы нацыянальнага адраджэння беларускага народа дзяржаўнага характару, другая сесія ЦВК БССР (ліпень 1924 г.) афіцыйна аб'явіла аб пераходзе да беларусізацыі, прыняўшы спецыяльную пастанову "Аб практычных мерапрыемствах па правядзенні нацыянальнай палітыкі". У шырокім сэнсе пад беларусізацыяй разумелася: арганізацыя школ, вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў на беларускай мове, развіццё беларускай літаратуры, выданне беларускіх кніг, навукова-даследчая праца па ўсебаковым вывучэнні Беларусі; вылучэнне беларусаў на кіраўнічую партыйную, савецкую, прафсаюзную і грамадскую працу; перавод службовага справаводства дзяржаўнага, партыйнага, прафсаюзнага, кааператыўнага апаратаў і частак Чырвонай Арміі, што дыслакаваліся на тэрыторыі рэспублікі, на беларускую мову.

Шлях, які выбрала сабе маладая беларуская дзяржава, не быў чымсьці зусім новым для іншых рэспублік СССР. У многіх з іх палітыцы нацыянальнага адраджэння надалі статус дзяржаўнай значна раней, чым на Беларусі. У гэтай лёсавызначальнай справе намнога ўперад за яе выйшла і суседняя Украіна. Украінізацыю выхаваўчых і навучальных устаноў тут ужо распачалі ў 1917 годзе, хаця сапраўдны пералом у гэтым адбыўся ў лістападзе 1922 года, калі прынялі Кодэкс законаў аб народнай асвеце УССР. У адпаведнасці з ім украінскай мове, як мове бальшыні насельніцтва рэспублікі, надавалася агульнадзяржаўнае значэнне: яе выкладанне станавілася абавязковым правілам для ўсіх навучальна-выхаваўчых устаноў. Дэкрэтам Савета Народных Камісараў УССР ад 27 ліпеня 1923 года "Аб мерапрыемствах па ўкраінізацыі навучальна-выхаваўчых і культурна-асветных устаноў" прадугледжвалася ўжо да 1 жніўня наступнага года закончыць перавод такіх устаноў сацыяльнага выхавання на ўкраінскую мову. Не выключана, што прыклад Украіны падштурхнуў і палітычных дзеячоў Беларусі больш рашуча, без прамаруджвання заняцца нялёгкай, але пачэснай справай свайго нацыянальнага адраджэння.

Цэнтральнае месца ў мерапрыемствах, прынятых у сувязі з аб'яўленнем палітыкі беларусізацыі, адводзілася беларускай мове. І гэта была зусім правільная, да канца ўзважаная пазіцыя ЦВК БССР, бо ў рэспубліцы, дзе на карэннае насельніцтва даводзілася прыкладна 80 працэнтаў усіх жыхароў, яго мова выконвала вельмі мізэрны аб'ём сацыяльных функцый. Пераважала, як і ў дарэвалюцыйны час, руская мова. Не знаходзілася таксама адпаведнага месца ў грамадскім жыцці для выкарыстання яўрэйскай і польскай моў, хаця носьбітаў іх мелася нямала на Беларусі. Каб пакласці канец такой навязанай царызмам несправядлівасці, было афіцыйна заяўлена, што на тэрыторыі БССР прызнаюцца раўнапраўнымі мовы беларуская, яўрэйская, руская і польская. І першым дзяржаўным актам, які быў складзены на чатырох пералічаных мовах, з'явілася прынятая 25 ліпеня 1924 года пастанова ЦВК і СНК БССР "Аб землебудаўніцтве працоўных жыдоў". Праўда, у "Собрании узаконений и распоряжений рабоче-крестьянского правительства Белорусской Социалистической Советской Республики" яе надрукавалі толькі 24 снежня таго ж года. Выдалі ж гэтую пастанову на ўсіх асноўных мясцовых мовах толькі з прычыны яе выключнай важнасці.

Прызнаючы раўнапраўнымі беларускую, рускую, яўрэйскую і польскую мовы, вышэй згаданая сесія ЦВК БССР палічыла патрэбным запісаць такое: "З прычыны значнай перавагі ў БССР насельніцтва беларускай нацыянальнасці, беларуская мова выбіраецца, як мова пераважная для зносін паміж дзяржаўнымі, прафесійнымі і грамадскімі ўстановамі і арганізацыямі." Моваю зносін органаў БССР з органамі СССР і саюзных рэспублік прызнавалася руская.

Паколькі ў адпаведнасці з палітыкай беларусізацыі патрэбна было надаць такую важную ролю роднаму слову асноўнай нацыянальнасці БССР, узнікла пільная неабходнасць паланамернага ўводу яго ў розныя сферы грамадскага жыцця і ў першую чаргу ў дзейнасць рэспубліканскага дзяржаўнага і партыйнага апаратаў, бо не паказаўшы самім на практыцы такога прыкладу ў развязванні дадзенай жыццёва важнай праблемы, цяжка было разлічваць, што яе рэалізацыя знойдзе актыўную падтрымку, глыбокае разуменне на ўсіх астатніх паверхах кіравання грамадствам, а таксама ў працоўных калектывах, навучальных установах, сярод самога народа. І такі прыклад быў паказаны, паказаны ў вышэйшай ступені прыстойна, з належнай эфектыўнасцю. Гістарычныя для лёсу беларускай нацыі рашэнні другой сесіі ЦВК БССР на доўгі час прадвызначылі ход падзей у рэспубліцы.

У вялікую заслугу тым дзяржаўным дзеячам, якія знаходзіліся ля вытокаў, бралі непасрэдны ўдзел у распрацоўцы, правядзенні мерапрыемстваў па беларусізацыі, трэба паставіць іх настойлівыя намаганні па наданні ёй канкрэтнага характару па часе і ў прасторы. Такая канкрэтнасць вельмі добра прасочваецца і па тэрмінах беларусізацыі саміх дзяржаўных органаў улады і кіравання, заканамерным жаданні хутчэй вывесці іх на правы фланг у ажыццяўленні заснаванай на прынцыпах сапраўднага інтэрнацыяналізму нацыянальнай палітыкі ў рэспубліцы. Згодна з рэзалюцыямі другой сесіі ЦВК БССР беларусізацыю апаратаў самога ЦВК, Саўнаркама, Наркамасветы і Наркамаземляробства планавалася завяршыць за адзін год, наркаматаў унутраных спраў, юстыцыі, сацыяльнага забеспячэння, пошты і тэлеграфа - за два, усіх астатніх устаноў і арганізацый - за тры.

Пасля таго, як беларусізацыю аб'явілі дзяржаўнай палітыкай, шэраг важных мерапрыемстваў у гэтым напрамку ажыццявілі рэспубліканскія і акруговыя партыйныя, прафсаюзныя і камсамольскія органы, адміністрацыйна-гаспадарчы апарат наркаматаў і ведамстваў, паасобных прадпрыемстваў і арганізацый. Практычна не маелася аніводнага наркамату або ведамства без спецыяльна распрацаваных імі мерапрыемстваў па беларусізацыі сферы сваёй дзейнасці. Але ўсё ж прыклад паказала сама кампартыя рэспублікі. У першую чаргу тут можна назваць студзеньскі (1925) пленум ЦК КП(б)Б, галоўным пытаннем якога былі "Чарговыя задачы КП(б)Б у нацыянальнай палітыцы". Народ чакаў, а дзе неабходна было прасіў у партыі канкрэтнага адказу, што яна збіраецца рабіць, каб у рэспубліцы няўхільна праводзіўся курс на раўнапраўнае развіццё ўсіх нацый; спадзяваўся, верыў, што, дзякуючы ўдумліваму, цвярозаму падыходу яна вырашыць даволі складанае і ва ўмовах Беларусі нацыянальнае пытанне. І ў гэтым ён не памыляўся, бо ў сваёй палітыцы КП(б)Б проста не магла не ўлічваць тых пазітыўных працэсаў, што адбываліся ў нацыянальным жыцці ўсіх астатніх савецкіх рэспублік з тым, каб на падставе аналізу набытага імі вопыту і самой пайсці на карэнныя перамены ў фармаванні міжнацыянальных дачыненняў на Беларусі. Што датычыла палітыкі беларусізацыі, дык і ў ёй за асноўнае звяно партыя прызнавала беларускую мову, пастаянна патрабуючы ад Бюро ЦК і акругкамаў актыўна ўдзельнічаць у распрацоўцы мерапрыемстваў па вывучэнні беларускай мовы ўсёй партарганізацыяй. У той час быў вельмі шырока вядомы і папулярны дэвіз партыі: "Уся КП(б)Б павінна гаварыць на беларускай мове". Сваю пазіцыю ў дачыненнях да апошняй так растлумачыў народу студзеньскі пленум: "Пры раўнапраўі ўсіх нацыянальнасцей, пры абавязку з боку ўраду і партыі забеспячэння развіцця культуры кожнай з іх, пры прызнанні дзяржаўнымі мовамі 4-х (маюцца на ўвазе беларуская, руская, яўрэйская і польская. - Л. Л.) - пры ўсім гэтым, аднак, справа развіцця мовы, літаратуры, школы, ўсёй культуры на беларускай мове прызнаецца першай і асноўнай справай." Прычына такога паважлівага стаўлення да беларускай мовы заключалася ў тым, што ў той час, як зазначалася вышэй, абсалютная бальшыня насельніцтва рэспублікі падала на беларусаў, а роднаму слову іх не знаходзілі належнага месца ў грамадскім жыцці.

Памылкова было б думаць, што правільную, узважаную лінію ЦК КП(б)Б у пытаннях беларусізацыі адразу ж з поўным разуменнем падтрымалі ўсе без выключэння камуністы, бо і сярод іх знаходзілася шмат асобаў, моцна зараджаных рускім вялікадзяржаўным шавінізмам і беларускім нацыянальным нігілізмам. На нашу бяду, у рэспубліцы жыло і працавала нямала такіх вялікаросаў, якія, паводле слоў У. Леніна "вякамі… убіралі ў сябе пад прыгнётам памешчыкаў і капіталістаў ганебныя і паганыя забабоны вялікарускага шавінізму." Спадзявацца, што яны з разуменнем паставяцца да прагрэсіўных ідэй беларусізацыі не было аніякай надзеі. Вось як тагачасную сітуацыю ў Менску характырызаваў карэспандэнт газеты "Правда" (18 чэрвеня 1925) А. Антонаў: "… у Менску абывацель скардзіцца на беларусізацыю… Адзін з раённых сакратароў, напрыклад, на пытанне, якія адносіны партыйцаў да беларусізацыі ў раёне, адказаў коратка: "На жаль, наплявацельскія." А. Антонаў станоўча ацэньваў нацыянальную палітыку партыйнай арганізацыі рэспублікі, якая ў надзвычай складаных умовах імкнулася ўсяляк паглыбляць працу па беларусізацыі і разважае далей так: "А калі ёсць яшчэ партыйцы, у якіх адносіны да беларускай мовы наплявацельскія - сорамна ім, дрэнныя яны камуністы." Змяншэння ўплыву камуністаў падобных поглядаў на моўную сітуацыю імкнуліся дамагчыся не адміністрацыйным шляхам, а праз глыбока прадуманую растлумачальную працу з імі.

У якасці яшчэ аднаго прыкладу свядомага рэгулявання партыяй пытанняў моўнай палітыкі можна спаслацца і на рэзалюцыі кастрычніцкага (1926) пленума ЦК КП(б)Б. Імі Бюро ЦК абавязвалася "даць цвёрдую дырэктыву кіраўнікам устаноў аб уводзе планавасці і сістэмы ў працы па пераводзе апаратаў устаноў на беларускую мову. Нацкамісія ЦВКа, а таксама ЦКК і РСІ (Цэнтральная Кантрольная Камісія і Рабоча-сялянская інспекцыя. - Л. Л.) павінны ажыццяўляць строгі і сталы нагляд за дакладным выкананнем гэтай дырэктывы." Прызнавалася неабходным "усю працу партыйнага і камсамольскага апаратаў перавесці да 1-га студзеня 1927 года на беларускую мову." І гэта тады нікому не здавалася нейкім дыктатам зверху, голым адміністраваннем, бо справа ж датычыла не асабістага, а грамадскага жыцця, выбар мовы для абслугоўвання якога залежыць не ад пажадання той ці іншай групы людзей, а таму павінен знаходзіцца ў выключнай кампетэнцыі адпаведных дзяржаўных і грамадскіх органаў, якія, карыстаючыся нарматыўнага характару палажэннямі, высновамі навуковых даследаванняў, абавязаны давесці да ведама свайго народа чоткую праграму моўнага развіцця, прычым не толькі на бліжэйшую, але і на самую далёкую перспектыву, і з цвёрдай апорай на масы няўхільна праводзіць яе на практыцы. Пры такім падыходзе мову карэннай нацыі краіны рэальна выратаваць нават на стадыі поўнага заняпаду.

Досыць правільную пазіцыю на гэтым пленуме заняла партыя ў дачыненні да зрусіфікаванай часткі работнікаў савецкіх устаноў, якая, як і трэба было чакаць, на пашырэнне маштабаў беларусізацыі ў рэспубліцы "рэагавала ўзмацненнем вялікадзяржаўных настрояў у сваім асяроддзі." Падобнае ж назіралася і сярод некаторай часткі яўрэйскай і польскай інтэлігенцыі. Партыя ў такой сітуацыі не збіралася ўжываць нейкія адміністрацыйныя санкцыі, а толькі патрабавала паляпшэння арганізацыі растлумачальнай работы ў масах аб ролі беларусізацыі, дзе, з'яўлялася, наперадзе "яшчэ вялікая і складаная праца, выкананне якой з'яўляецца адной з найважнейшых чарговых задач партыі". З мэтай іх паспяховай рэалізацыі пленум пагадзіўся з прынятым на Бюро ЦК КП(б)Б 27 жніўня 1926 года рашэннем аб пераводзе з 1 студзеня 1927 года газеты "Звезда" на беларускую мову. Ужо ў наступным, 1927годзе, меркавалася значна павялічыць выданне ўсіх відаў літаратуры на нацыянальнай мове карэннага насельніцтва рэспублікі. Ставілася задачай "зрабіць рашучыя захады да паскарэння тэмпу прыстасавання клубаў, нардамоў, хатаў-чытальняў і іншых культурна-асветніцкіх устаноў у горадзе і вёсцы для абслугоўвання працоўных на роднай мове". Пленум рэзка крытыкаваў адказных за правядзенне нацыянальнай палітыкі асобаў, што яны не выканалі прынятых у 1925 годзе рашэнняў аб тэрмінах пераводу ўстаноў на беларускую мову, выдання тэрміналагічных слоўнікаў, аб аб'ёмах выпуску на ёй папулярнай і іншай літаратуры, "аб правядзенні на роднай мове работы па ліквідацыі непісьменнасці сярод дарослага насельніцтва, у прыватнасці сярод беларусаў." *

Каб надзейна абараніць беларусізацыю ад актыўнага і пасіўнага супраціўленняў ёй, першы сакратар ЦК КП(б)Б Аляксандр Крыніцкі палічыў неабходным заявіць у студзені 1927 года на Х з'ездзе партыі, што ў дачыненні да савецкага і партыйнага апаратаў "мы павінны праводзіць беларусізацыю ў парадку цвёрдай дырэктывы і звальняць тых супрацоўнікаў, якія не хочуць або не здольны яе выконваць." Усё гэта дапамагала ажыццяўляць праграму нацыянальна-культурнага адраджэння беларускага народа на належным дзяржаўна-прававым узроўні, пазбягаць тых істотных памылак, якія, напэўна ж, вельмі часта ўзнікалі б, калі б у дадзенай справе панавала стыхія, калі б абапіраліся на адну грамадскую ініцыятыву.

Ідэю беларусізацыі не ўсюды падтрымалі журналісты, хаця і ведалі, якую вялікую ролю маглі б яны адыграць у гэтай важнай справе. Некаторыя з рэдакцый газет абмежаваліся толькі напісаннем на беларускай мове назвы свайго друкаванага органа ці загалоўкаў рубрык. Такі падыход многія шчырыя змагары за беларускае Адраджэнне справядліва лічылі абразай і для народа і для яго роднай мовы. З рэзкай крытыкай выступіў і Алесь Дудар, пішучы: "… гэта загаловачная "беларусізацыя" сьведчыць аб вельмі кепскім зьявішчы. Адпаведны орган (ім часцей за ўсё з'яўляліся партыйныя органы. - Л. Л.) выдае пастанову , а некаторыя зусім неадпаведныя работнікі, якія сядзяць у рэдакцыі і якім гэтыя пастановы не да смаку, робяць падтасоўку: заместа газеты на зразумелай мове падносяць сялянству "беларускія" загалоўкі і ўсімі сіламі адцягіваюць беларусізацыю газеты." Заканчваўся яго артыкул словамі: "Прыйдзецца такі за "Лёска" ўзяцца" 1, г. зн. узяцца журналістам за вывучэнне беларускай граматыкі, аўтарам якой з'яўляўся Язэк Лёсік.

Абвясціўшы беларусізацыю афіцыйнай палітыкай, дзяржава і партыя своечасова і сур'ёзна паклапаціліся аб распрацоўцы эфектыўнай сістэмы кіравання ёю, прыцягненні да гэтай справы шырокага кола актывістаў. Практычна ўся работа па беларусізацыі была сканцэнтравана ў руках створанай у адпаведнасці з прынятай у 1924 годзе Прэзідыумам ЦВК БССР пастановай Камісіі па ажыццяўленні нацыянальнай палітыкі ЦВК БСССР, на чале якой стаяў вядомы ў рэспубліцы дзяржаўны дзеяч Аляксандр Хацкевіч (18951937). Аналагічныя камісіі былі створаны пры акруговых выканаўчых камітэтах. Сталымі штатнымі работнікамі як цэнтральнай (рэспубліканскай), так і акруговых камісій па ажыццяўленні нацыянальнай палітыкі былі толькі іх адказныя сакратары. Выкананне ж усёй бягучай работы такіх камісій ускладалася на апараты адпаведных выканкамаў.

Менавіта толькі са стварэннем пры ЦВК БССР і выканкамах акругаў камісій па ажыццяўленні нацыянальнай палітыкі ўдалося поўным ходам разгарнуць працу па ўсіх напрамках беларусізацыі, а не толькі на ніве народнай адукацыі, як гэта ў асноўным рабілася на пачатку 20-х гадоў. Найважнейшым напрамкам беларусізацыі і найбольш складаным кампанентам яе ажыццяўлення з'яўлялася ўкараненне беларускай мовы ў службовае справаводства. Сусветны вопыт, у т. л. і самога беларускага народа, сведчыў, што без дасягнення любой мовай такога статусу ў яе вельмі мала надзеі на выжыванне, належную прэстыжнасць у грамадстве. Правільна зразумець неабходнасць пазаканкурэнтнага валадарства беларускай мовы ў афіцыйным справаводстве дапамаглі дзяржаўным і партыйным работнікам, кіраўнікам наркаматаў і ведамствам, прадпрыемстваў і ўстаноў пазітыўны вопыт у развязванні аналагічнай праблемы шэрагу саюзных і аўтаномных рэспублік СССР, асабліва Украінскай ССР, а таксама азнаямленне са згаданай вышэй брашурай У. Пічэты, у якой ён пісаў: "У міністэрствах, канцылярыях, судах адбываецца сталая словатворчасць. З гэтага боку заканадаўчыя акты, справаводства судовых і адміністрацыйных устаноў маюць велізарнае значэнне для развіцця мовы. Тыя народы, што жылі нядоўга ўласным палітычным жыццём, дзякуючы чаму справаводства на нацыянальнай мове не магло атрымаць вялікага развіцця, знаходзяцца ў дачыненні да развіцця мовы ў менш спрыяльных варунках у параўнанні з тымі, хто меў уласнае нацыянальнае справаводства… Каралеўскія пісары (меліся на ўвазе англійскія. - Л. Л.) такія ж стваральнікі мовы, як пісьменнікі, навукоўцы і прадстаўнікі іншых ліберальных прафесій." 1

На момант пераходу да беларусізацыі дзяржаўнага, партыйнага, прафсаюзнага і камсамольскага апаратаў, усіх звёнаў кіравання наркаматаў і ведамстваў веданне беларускай мовы іх работнікамі знаходзілася на нізкім узроўні, бо ніхто з іх не меў магчымасці спецыяльна займацца яе вывучэннем, набываючы калісьці прафесію ў рускамоўных навучальных установах. Нельга было лічыць падрыхтаванымі да беларусізацыі службовага справаводства і многіх з тых, хто валодаў толькі навыкамі вуснай беларускай мовы. Таму зусім справядліва адзіным рэальным выйсцем з гэтага тупіковага становішча прызнавалася паўсюднае вывучэнне яе на спецыяльна ўтвораных курсах для супрацоўнікаў такіх апаратаў. Вынікі аказаліся даволі суцяшальнымі. Сярод кіраўнічых кадраў, службоўцаў канцэлярый нязменна павялічвалася ўдзельная вага асоб, якія былі ў стане весці сваю работу на беларускай мове. Так, калі ў 1925 годзе ў цэнтральных (рэспубліканскіх) установах толькі 22 працэнты агульнай колькасці супрацоўнікаў валодала беларускай мовай, а ў акруговых і раённых - 36, дык ужо ў 1926 годзе адпаведна 54 і 42, у 1927 годзе - 80 і 70 працэнтаў. Апошнія дзве лічбы даюць падставы сцвярджаць, што вызначаныя ў 1924 годзе другой сесіяй ЦВК БССР тэрміны беларусізацыі дзяржаўнага апарату, наркаматаў і ведамстваў сталіся зусім рэальнымі і ў асноўным вытрымліваліся. Аналізуючы вышэй прыведзеныя лічбы, бачым, калі беларусізацыя апарату цэнтральных (рэспубліканскіх) устаноў спачатку прыкметна адставала ад акруговых і раённых, дык ужо праз два гады яны выйшлі наперад, што можа разглядацца як доказ сур'ёзнага падыходу вышэйшых органаў улады і кіраўніцтва рэспублікі да вырашэння гэтай лёсавызначальнай для беларускай нацыі праблемы.

З кожным годам усё больш магутнае выкарыстанне беларускай мовы ў розных сферах грамадскага жыцця, асабліва ў службовым справаводстве, навуцы, вышэйшых звёнах народнай асветы, рабіла відавочным яе (мовы) недасканаласць. І тут няма нічога дзіўнага: у беларускай мовы з ласкі нашых "добразычліўцаў" адсутнічала практыка абслугоўвання пералічаных сфер. Далей трываць такое становішча не збіраліся ўсе тыя, хто жыў святымі ідэаламі беларусізацыі. Мінулі ўсяго толькі няпоўныя два з паловай гады пасля надання ёй цалкам заслужанага статусу дзяржаўнай, як у Менск з самой Беларусі і з-за мяжы з'ехалася каля 70 вядомых навукоўцаў для ўдзелу ў працы Акадэмічай Канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу. Сярод іх рэктар Літоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта Біржышка, прафесары Ю. Галамбек (Варшаўскі ўніверсітэт), П. Растаргуеў (Маскоўскі ўніверсітэт), М. Фасмэр (Берлінскі ўніверсітэт), латышскі паэт Ян Райніс. Доўжылася канферэнцыя ажно цэлы тыдзень (1421 лістапада 1926 г.). Са змястоўным дакладам выступіў на ёй сам Народны камісар асветы БССР Антон Баліцкі. Непасрэдна праблеме рэформы беларускага правапісу прысвяцілі свае грунтоўныя выступленні буйныя спецыялісты ў галіне беларускай філалогіі С. Некрашэвіч, Я. Лёсік, В. Ластоўскі і іх калегі з-за межаў БССР Ю. Галамбек, П. Растаргуеў. Што датычыць выступлення дацэнта Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках Гаўрылы Гарэцкага, дык яно нібыта прызначалася для нашых дзён: "Усе гамы беларускага руху павінны зьліцца ў адзін развой адраджэньня беларускай культуры… І калі будзе створана да канца беларусізацыя вышэйшай школы, тады будзе дасягнута поўная беларусізацыя асьветы, беларусізацыя культуры, будзе ўтворана беларуская навука… Факт дзяржаўнага будаўніцтва Савецкай Беларусі павінен быць падмацаваны… утварэннем навуковай беларускай мовы, самастойнай беларускай навукі. Толькі тады будзе цалкам запоўнена гістарычная гама будаўніцтва беларускай культуры." 1 З агалошанай старшынёй Акадэмічнай канферэнцыі Усеваладам Ігнатоўскім рэзалюцыі найбольш важнае тэарэтычнае і практычнае значэнне мелі наступныя пункты: "б) дзяржаўнасьць беларускай мовы вымагае яе глыбокага далейшага дасьледаваньня і апрацаваньня… д) важныя ў культурным жыцьці кожнага народу пытаньні правапісу і азбукі ў беларускіх умовах набываюць асаблівую важнасьць і падлягаюць далейшаму ўсебаковаму дасьледаваньню і апрацаваньню." 2 У заключнай частцы выступлення з вуснаў гэтага самага аўтарытэтнага ў рэспубліцы навукоўца (з'яўляўся старшынёй Інстытута беларускай культуры ) прагучала: "Наш рабоча-сялянскі народ творыць мову, навука працуе над ёй…" І рабілася гэта на высокім прафесійным узроўні, да таго ж яшчэ і людзьмі цвёрдай нацыянальнай пазіцыі. Тады ў хуткім з'яўленні на свет дасканалага беларускага правапісу мала хто сумняваўся.

Беларусізацыя не магла не паўплываць на характар царкоўна-рэлігійнага жыцця. Асноўная хрысціянская канфесія - праваслаўе па духу сваім была тыпова рускай з'явай, каталіцкі касцёл меў арыентацыю на польскія ідэалы. Праўда, з перадачай Польшчы згодна з Рыжскай дамовай значнай паводле памераў беларускай этнічнай тэрыторыі роля яго ў БССР была малапрыкметнай. Да таго ж адмоўна ўплывалі на дзейнасць гэтай канфесіі далёка не сяброўскія дачыненні паміж СССР і Польшчаю. Сур'ёзных намераў не мелася аднавіць у БССР гвалтоўна скасаваную ў 1839 годзе свецкімі і духоўнымі ўладамі царскай Расіі ўніяцкую царкву. А вось ідэя стварэння беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы імпанавала многім як духоўным, так і свецкім колам грамадства, бо гэта, несумненна, толькі спрыяла б беларускаму нацыянальна-культурнаму Адраджэнню, у найбольшай ступені адпавядала б ідэалам самой беларусізацыі.

Першым крокам да такой царквы стала абранне ў 1922 годзе на Менскім епархіяльным з'ездзе яе мітрапаліта Мелхіседэка - беларуса па паходжанні (у свеце - Міхаіл Паеўскі). Пасля абвяшчэння БССР нейкі час працаваў вікарным епіскапам слуцкім, затым епіскапам мінскім і тураўскім. Не толькі тагачаснае, але і колішняе мясцовае жыццё ведаў дасканала, што заўжды мае немалаважнае значэнне для такой высокай царкоўнай асобы, як мітрапаліт. Ідэя царкоўна-рэлігійнай незалежнасці была папулярнай і сярод епархій беларускіх земляў, што да вясны 1924 года знаходзіліся ў складзе Расійскай Федэрацыі. Ад гэтага часу епархіі выходзяць з-пад юрысдыкцыі Маскоўскага патрыярхату і аб'ядноўваюцца ў Беларускую аўтаномную праваслаўную царкву. У канцы 1920-х гадоў у яе ўваходзіла 500 парафій. Паколькі БАПЦ не збіралася парываць з рускімі традыцыямі, з аднаго боку, і падзяляла курс на сацыялістычнае будаўніцтва - з другога, да яе памяркоўна ставіліся і Маскоўскі патрыярхат, у ўлады БССР, што дапамагло ёй праіснаваць да 1934 года. Зусім іншы лёс напаткаў Беларускую аўтакефальную праваслаўную царкву: у 1925 годзе на адкрытым палітычным працэсе ў Менску мітрапаліта Мельхіседэка прыгаварылі да трох гадоў зняволення, з чым не пагадзіўся Маскоўскі патрыярхат, якога падтрымалі і савецкія рэпрэсіўныя органы. У тым жа годзе беларускага незалежнага (толькі не ад Масквы!) мітрапаліта арыштоўваюць і высылаюць на спецпасяленне ў далёкі і халодны Краснаярскі край. Пасля заканчэння тэрміну ссылкі ў Беларусь не вярнуўся. Адданыя Мельхіседэку людзі змаглі стварыць у 1927 годзе БАПЦ, аднак з прычыны ўзмацнення ў СССР у 1929 годзе барацьбы з рэлігіяй ідэя аўтакефаліі была пахавана. Але да яе вярнуліся ў гады фашысцкай акупацыі.

Распачаўшы будаваць жыццё па-новаму, не на чужым, а на ўласным нацыянальным грунце, беларусы павінны былі прынцыпова інакш глянуць на сваё мінулае, якое з "дапамогаю" іх нядобразычліўцаў аказалася ці вельмі сфальсікаваным, ці даўно забытым людзьмі. Адданыя ідэі беларусізацыі інтэлігентныя сілы выдатна разумелі, што без адраджэння гістарычных традыцый, творчага выкарыстання духоўных каштоўнасцей мінулага, якія на працягу многіх стагоддзяў ствараліся папярэднімі пакаленнямі, немажліва будзе паспяхова ажжыцяўляць нацыянальна-культурнае адраджэнне Беларусі. Крайне неабходнае вяртанне да такіх традыцый і каштоўнасцяў карэнным чынам павінна было б паўплываць на ўзбагачэнне гістарычнай памяці і ўзмацненне кансалідацыйных працэсаў у беларускім грамадстве. Была рацыя, што ў першую чаргу вырашылі вярнуць народу памяць пра яго славутага сына першадрукара і асветніка Францішка Скарыну. У шэрагу ажыццёўленых з гэтай мэтай захадаў, бясспрэчна, найбольш важным з'явілася правядзенне ў 1925 годзе святкавання 400-годдзя беларускага кнігадрукавання, заснаванага Скарынам. Апроч літаратараў, важны ўклад дзеля адраджэння ў памяці беларускага народа гэтага выдатнага дзеяча Сярэднявечча ўнеслі мастакі і скульптары. Сярод твораў Скарыніяны сваімі мастацкімі вартасцямі выдзяляліся скульптурны партрэт першадрукара Заіра Азгура (1924), жывапісны - Янкеля Кругера (1925), літаграфія Абрама Бразэра (1926). Як вынікае, да вяртання памяці пра выдатнага дзеяча эпохі Адраджэння далучыліся і прадстаўнікі яўрэйскай нацменшасці Беларусі.

Упершыню ў сваім жыцці многія беларусы пачулі шчырую праўду і яшчэ пра аднаго слыннага сына, смелага і адважнага змагара за нацыянальную незалежнасць Кастуся Каліноўскага. Гэтую праўду першым адкрыў народу вядомы беларускі гісторых Усевалад Ігнатоўскі. З яго лёгкай рукі, пісаў у паказаннях у час арышту наркам асветы БССР Антон Баліцкі, паэты ўсхвалялі нацыянальнага героя беларускага народа "ў сваіх вершах, мастакі малявалі карціны, скульптары ляпілі бюсты, Белдзяржкіно здымала фільм і г. д.", 1 а рэжысёр і драматург Еўсцігней Міровіч напісаў і паставіў (сумесна з Аскарам Марыксам) у Менску ў 1923 годзе п'есу "Кастусь Каліноўскі".

І ўсё ж патрэбнай колькасці нацыянальна-самасвядомых, інтэлектуальных, прафесійна падрыхтаваных людзей для ажыццяўлення прадугледжаных палітыкай беларусізацыі мерапрыемстваў яўна неставала, як неставала і неабходнага мясцовага матэрыялу, які можна было б выкарыстаць для гэтай мэты. Адсутнасць многага з таго, на чым можна было шпарчэй развіваць, узбагачаць нацыянальную культуру народа, часта штурхала да некрытычнага і празмернага ў колькасных адносінах запазычвання чужых духоўных каштоўнасцяў, што сур'ёзна непакоіла сапраўдных прыхільнікаў, актыўных змагароў за беларускую ідэю. Вось як наконт гэтага выказаў сваю заклапочанасць Міхаць Зарэцкі ў кнізе "Падарожжа на новую зямлю" (Мн., 1929): "… дакуль мы будзем жыць гэтым пазадзьдзем чужой культуры, якое з тупым салдацкім самаздаволеньнем "прэпадносілі" нам нашыя суседзі і якое мы прыймалі як чыстае збожжа? Дакуль мы будзем збіраць з чужога стала ўбогія аб'едкі, аддаючы сваё дабро на агульную пагарду і зругу?" М. Зарэцкі цвёрда стаяў за тое, каб з суседніх культур браць у меру і толькі самае праўдзівае, неабходнае, чаго пакуль бракуе на радзіме.

Нельга не пагадзіцца і з такой яго слушнай думкай, выказанай у прамове на ўстаноўчым з'ездзе Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў і паэтаў (лістапад 1928 г.): "У нас бываюць такія разлады, хіба расійскія творы, перакладзеныя на беларускую мову, не з'яўляюцца ўкладам у беларускую пралетарскую літаратуру, хіба п'еса расійская, рэвалюцыйная, добрая п'еса, ня ёсць уклад у беларускую культуру. Вось таварышы, мы павінны разам з вамі канкрэтна і раз на заўсёды сказаць, не. Гэта ёсць уклад у пралетарскую літаратуру наогул, але не ў беларускую." 1

Пазней, калі бальшавіцкія ідэолагі, спецслужбы пачнуць ганенні на М. Зарэцкага, і гэтыя праўдзівыя выказванні таксама будуць пастаўлены яму ў віну. Але, відаць, думаць і рабіць інакш ён не мог, бачачы, як асобы вялікадзяржаўных ці нігілістычных поглядаў адчайна супраціўляюцца заканамернаму жаданню беларускага народа выжыць, адрадзіцца, сцвярджацца ў сваёй этнакультурнай самабытнасці. Пасля столькіх гадоў, дзе гвалтоўнай, а дзе і старанна вытанчанай асіміляцыі людзей з шкоднымі, варожымі поглядамі на ўсё нацыянальна-беларускае было нямала ў нашым краі.

Ужо і ў той час досыць ходкім было ўсялякае канкрэтнае дзеянне па адраджэнні беларускага пачатку беспадстаўна называюць шавінізмам ці нацыяналізмам. Гэтую шкодную тэндэнцыю добра ахарактарызаваў у газеце "Савецкая Беларусь" (1925, 21 кастрычніка) навуковы сакратар медыцынскай секцыі Інбелкульта Павел Трамповіч: "Калі толькі дзе-небудзь звернуць увагу на цяжкае становішча беларускае працы, больш чым павольны рух беларусізацыі, альбо напомняць, дзе гэта патрэбна, аб тым, што тут Беларусь,  як адразу падымаецца шчаціна ў шматлікіх асоб.

Адказ даецца не па зместу прамовы альбо ўвагі, адразу пачынаюцца дакоры ў "заалёгічным шавінізме" і іншыя недарэчнасці."

Асабліва лёгка ўдавалася распаліць антыбеларускія настроі вялікарускім дзяржаўнікам сярод насельніцтва вернутых у 19241926 гг. ад Расійскай Федэрацыі БССР Віцебшчыны, Магілёўшчыны і Гомельшчыны. Гэтыя тэрыторыі з'яўляліся этнічна беларускімі і знаходжанне іх у складзе РСФСР пярэчыла нормам справядлівых стасункаў паміж дзвюма рэспублікамі, што вельмі добра разумелі ў Маскве. Зусім інакш глядзелі на законнасць вяртання БССР яе гістарычных зямель вялікарускія шавіністы, якіх, дарэчы, нямала было і на Гомельшчыне. Тут з'явіўся нават верш "На смерть губернии", у якім даецца такая злосная ацэнка вяртанню Гомельшчыны БССР:

Разделили нас, не спросившися,

Распродали родимый наш край,

Утешенье есть только в лозунге:

Всяк, кто может, скорей удирай. 1

Русіфікатарскія настроі на Беларусі падаграваліся і тымі поглядамі, якія фармаваліся на апошнюю і на тэрыторыі самой Расійскай Федэрацыі. Яе друк, у адрозненне ад замежнага, амаль зусім маўчаў аб тым, што пазітыўнага адбывалася ў справе нацыянальна-культурнага адраджэння беларусаў, у працэсах кансалідацыі іх, як тады прынята было гаварыць, у сацыялістычную нацыю. Не толькі сярод многіх рускіх па нацыянальнасці палітыкаў, але і інтэлігентаў быў досыць папулярным тэзіс аб перавагах іх культуры і мовы над усімі астатнімі, што функцыянавалі, развіваліся ў СССР. Афіцыйныя структуры вельмі ахвотна пускалі ў друк усё тое, што садзейнічала папулярызацыі такіх ідэй, незалежна ад таго, хто быў іх аўтарам. Занадта шчыраваў у тыя гады В. Ваганян. У кнізе "О национальной культуре" (М.  Л., 1927) ён, нібыта выконваючы сацыяльны заказ рускіх шавіністаў, проста бессаромна пісаў, што руская мова - "Гэта мова ўсесаюзнай камуністычнай культуры, якую мы выпрацоўваем усе разам. Але да гэтага ўсяго руская мова ёсць міжнацыянальная мова нашага Саюзу… што без гэтай міжнацыянальнай мовы Саюз не можа існаваць" (с. 129), хаця, напэўна ж, ён добра ведаў, што Швейцарыя існуе, не маючы адзінай агульнадзяржаўнай мовы.

Гэтак жа варожа В. Ваганян быў настроены і супраць нацыянальных культур, прычым да такой ступені, што выклікаў на сябе вострую крытыку з боку прагрэсіўнай інтэлігенцыі Савецкага Саюза. Не прыняў яго антыінтэрнацыяналістычнага погляду на духоўнае жыццё нярускіх народаў і друкаваны орган ЦК саюза работнікаў асветы "Просвещение национальностей", заяўляючы, што В. Ваганян у сваёй кнізе "О национальной культуре" выказаў такія думкі, што калі іх сур'ёзна прыняць, дык тут (у духоўным жыцці нярускіх народаў), па сутнасці ўжо зусім непатрэбныя аніякая работа ні дзяржаўных структур, ні грамадска-палітычных арганізацый, ні саміх людзей. Асабліва небяспечнай часопіс прызнаваў такую з многіх "перлінак" В. Ваганяна: "Цяпер ужо барацьба за камунізм увайшла ў такую стадыю, калі нацыянальныя культуры служаць для яе самым моцным тормазам; барацьба за камунізм немажліва без самай рашучай барацьбы з нацыянальнай культурай." 1

Праблема гарманічных суадносін паміж нацыянальным і інтэрнацыянальным у беларускай культуры асаблівае значэнне набыло ў дачыненні да мастацкага кіно, бо яно, па-першае, адразу ж стала выходзіць на шырокую аўдыторыю і, значыцца, істотна ўплываць не толькі на мастацкае развіццё, але і на нацыянальнае формаванне асобы; па-другое,  у значнай ступені адрывала карэннае насельніцтва Беларусі ад уласнай духоўнай спадчыны, бо многія кінафільмы выходзілі на экраны без дубліравання на буларускую мову і былі прысвечаны розным праблемам гісторыі і культуры іншых народаў. Перавага чужой тэматыкі над мясцовай у беларускім кіно адразу ж занепакоіла творчую інтэлігенцыю. Першым з такой нагоды прабіў трывогу пісьменнік Міхась Зарэцкі. Яго артыкулы ў газеце "Савецкая Беларусь": "Два экзамены. Да пытання аб тэатральнай крытыцы" (18 студзеня 1928) і "Чым пагражае нам Дзяржкіно. Та крытыкі тэматычнага плана" (2 і 3 лістапада 1928) аб'ектыўна паказвалі, якім шляхам ішоў на Беларусь гэты параўнальна ўсё яшчэ новы для яе від мастацтва. М. Зарыцкі перасцярагаў ад неразумных тут запазычванняў з любых культур, у т. л. і з рускай, і беспамылкова лічыў, што ўсё лепшае ў беларускім кіно павінна "арганічна вырастаць з глебы нашае беларускае культуры". Да гэтых праўдзівых слоў варта было б і сёння прыслухацца нашаму кінематографу, які часта грэбуе як беларускай мовай, так і мясцовай тэматыкай, стаіць упапярок на шляху нацыянальна-культурнага Адраджэння. Не раз востра выказваўся па пытанні дадзенага віду мастацтва і пісьменнік Анотоль Вольны, вялікі гнеў у якога выклікалі знятыя "беларускай кінафабрыкай" стужкі "Прастытутка", "Масква кабацкая" галоўным чынам з-за свайго зместу.

Пахвальна, што на бок беларусізацыі адразу ахвотна і зусім усвядомлена стала моладзь, бачачы ў ёй важны інструмент у нацыянальна-духоўным пераўтварэнні роднага краю. На вялікае шчасце, тады яна, не да прыкладу сённяшняй, прытрымлівалася, ва ўсіх дачыненнях, цвярозага ладу жыцця, не ведала павальнага захаплення алкаголем, наркаманіяй, нікацінам, дзікай маскультурай, рэальна глядзела на рэчы. І галоўнае, ёй ніяк нельга было адмовіць у працавітасці, што дапамагала ў дасягненні не толькі добрых вынікаў на вытворчасці, але і ў авалодванні ведамі. Асабліва вызначаліся ў гэтым выхадцы з сельскай моладзі, якой на доўгі час наканавана было стаць сапраўдным генератарам пісьменніцкай, навуковай, педагагічнай інтэлігенцыі. У час беларусізацыі з асяроддзя такой моладзі выйшла столькі талентаў, на што не разлічвалі нават самыя гарачыя прыхільнікі Адраджэння.

Добрымі справамі ўславіла сябе і студэнцкая моладзь. Праціўнікі беларусізацыі з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу неаднаразова "падбівалі" яе выступіць супраць выкладання прадметаў у інстытутах і тэхнікумах на беларускай мове. І сям-там навучэнцы і студэнты, галоўным чынам небеларускай нацыянальнасці, ці беларусы з гарадоў, паддаваліся гэтай шкоднай ідэалагічнай апрацоўцы мазгоў. Аднак бальшыня прыхільна ставіліся да беларусізацыі навучальна-выхаваўчага працэсу, справядліва бачачы ў гэтым важны сродак падрыхтоўкі нацыянальна самасвядомай беларускай інтэлігенцыі, у якой у той час такую вострую патрэбу меў наш край.

Нарэшце разбуджаная ад летаргічнага сну нацыя выявіла незвычайную здольнасць у стварэнні і ўзбагачэнні свайго духоўнага патэнцыялу. Найперш гэта датычыла мастацкай інтэлігенцыі і яе асноўнага асяродка - пісьменніцкага. Хутка заявілі аб сабе і вучоныя. Гістарычная заслуга навуковай, мастацкай інтэлігенцыі заключалася ў тым, што яна ў гранічна сціслы тэрмін тэарэтычна і псіхалагічна падрыхтавала шырокія масы людзей жыць паводле прагрэсіўных стандартаў беларусізацыі. Ажыццяўленню яе ідэй дарэшты прысвяцілі свой талент не сотні, а тысячы людзей самых розных творчых прафесій, для якіх лёс нацыі заўсёды быў даражэй за ўласнае жыццё. У кагорту такіх самаадданых творцаў штогод уліваліся ўсё новыя і новыя маладыя генерацыі беларусаў. Гісторыя нашай Бацькаўшчыны яшчэ не ведала такога масавага і актыўнага далучэння беларусаў да нацыянальнай ідэі, як у перыяд беларусізацыі 20-х гадоў. Толькі самыя вялікія песімісты ці заўзятыя праціўнікі адраджэнскага працэсу не верылі ў рэальнасць гэтай высакароднай задумы.

Цалкам апраўдала на практыцы, што пры правядзенні беларусізацыі партыйныя і савецкія органы рэспублікі самую сур'ёзную ўвагу надавалі ўцягненню ў актыўную стваральную дзейнасць на карысць беларускай культуры і асобаў небеларускай нацыянальнасці. Сродкі масавай інфармацыі ахвотна давалі ім магчымасць паўдзельнічаць у абмеркаванні дадзенай праблемы. Вось, да прыкладу, як выказаўся па ёй на старонках часопіса "Полымя" (1928, № 1, с. 111) А. Каплан: "… нам катэгарычна трэба заганіць байкі аб тым, што справу будаўніцтва беларускае культуры трэба даручыць толькі беларусам. Кожны камуніст , якой бы ён не быў нацыянальнасьці, павінен гэтай справай займацца, зусім зразумела, у рамках, адведзеных яму яго культурным узроўнем".

Каб не на словах, а на самой справе быць актыўным удзельнікам у беларускім нацыянальна-культурным працэсе, многія прадстаўнікі неасноўнага насельніцтва рэспублікі не пашкадавалі свайго часу і дасканала авалодалі беларускай мовай, добра ведалі гісторыю і культуру, асаблівасці нашага краю. Беларусізацыя 20-х гадоў дала багата прыкладаў плённай работы вялікай арміі прадстаўнікоў рускай, яўрэйскай, польскай, украінскай, татарскай і іншых нацыянальнасцей на ніве беларускай культуры. Вышэй ужо гаварылася, якую карысць зрабіў для яе першы рэктар БДУ У. Пічэта.

Ідэю беларусізацыі адразу ж прыняў і плённа працаваў над яе ажыцяўленнем ураджэнец Цвярской губерні Мікалай Байкоў. Яму, выпускніку Маскоўскай духоўнай акадэміі, сваю працоўную дзейнасць давялося пачаць у 1913 годзе з выкладання філасофскіх і педагагічных дысцыплін у Менскай духоўнай семінарыі. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года выкладаў у свецкіх педагагічных навучальных установах, адначасова працуючы сакратаром Тэрміналагічнай, затым - Слоўнікавай камісіі, што функцыянавалі пры Інбелкульце, а пазней пры Беларускай акадэміі навук. Як навуковец М. Байкоў спачатку заявіў пра цябе на педагагічнай ніве, выдаўшы ў 19211922 гадах працы "Асноўныя прынцыпы арганізацыі школы" і "Нарысы па гісторыі ідэі працоўнага выхавання". Пазней стаў выступаць па розных пытаннях беларускай філалогіі і літаратуразнаўства, сярод якіх найбольшае значэнне мелі "Паэма "Новая зямля" як манументальны твор беларускай паэзіі" (1923), "Да пытання аб чужаземных словах у нашай мове" (1927), "Месца Янкі Купалы ў беларускай літаратуры" (1928). Разумеючы велізарную патрэбу слоўнікаў для хутчэйшай рэалізацыі задач беларусізацыі, М. Байкоў вырашае ледзь не цалкам прысвяціць сябе лексікаграфічнай працы. Тут ён пакінуў вельмі адметны след: у 1924 годзе разам з М. Гарэцкім выдаў "Практычны расійска-беларускі слоўнік" (перавыдадзены ў 1926 г.), у 1925 і 1928 гадах разам з С. Некрашэвічам - "Беларуска-расійскі слоўнік" і "Расійска-беларускі слоўнік", у 1927 годзе разам з А. Бараноўскім - "Практычны беларускі вайсковы слоўнік". Аднаго пералічэння гэтых прац дастаткова, каб бачыць, які каштоўны ўклад для беларусізацыі ў прыватнасці і беларускага нацыянальна-культурнага Адраджэння у цэлым унёс вучоны-філолаг рускага паходжання. Гэта добра разумелі праціўнікі беларускай ідэі. Ужо ў 1930 годзе арыштоўваюць М. Байкова, не даўшы яму разам са сваімі калегамі завяршыць працу па складанні слоўніка жывой беларускай мовы, у картатэцы якога налічвалася каля 4 мільёнаў слоў. Матэрыялы для слоўніка беззваротна загублены, што нанесла вялікую непапраўную шкоду нашай культуры і мове.

Дарагой і роднай была ідэя беларусізацыі для ўраджэнца з Малдавіі Пятра Бузука (18911938). Прафесарам філалогіі ў БДУ ён пачаў працаваць з 1925 года, калі яшчэ толькі набывала размах беларусізацыя і стаяла шмат перашкод на яе шляху. На пераадоленне гэтых перашкод і была скіравана ўся дзейнасць таленавітага мовазнаўца ў час, калі ён загадваў дыялекталагічнай камісіяй Інбелкульта (з 1926) знаходзіўся на пасадзе дырэктара Інстытута мовазнаўства Беларускай акадэміі навук (19311933). Яго праца "Спроба лінгвістычнай геаграфіі Беларусі" (1927) і да нашых дзён не страціла сваёй навуковай каштоўнасці. П. Бузук вядомы яшчэ пад псеўданімам П. Росіч як беларускі паэт, член літаратурнага аб'яднання "Маладняк". Багатыя лінгвістычныя веды яго вельмі спатрэбіліся ў час, калі ў рэспубліцы вялася праца па ўдакладненні правапісу і графікі беларускай мовы. Гэта толькі ў нашай антыдэмаграфічнай дзяржаве было магчыма, каб за такую адданасць і актыўны ўдзел у беларускім Адраджэнні П. Бузука ў 1931 годзе арыштавалі (трымалі пад вартай каля месяца), а ў 1934 годзе саслалі ў Волагду.

Амаль аналагічны лёс напаткаў гарачага прыхільніка беларусізацыі акадэміка АН БССР Івана Замоціна рускага па паходжанні (родам з Цвярской губерні). На Беларусь ён прыехаў у 1922 годзе, будучы ўжо доктарам філалагічных навук і ў званні прафесара. Менавіта на такую пасаду залічылі яго і ў БДУ, а праз два гады па сумяшчэнні стаў працаваць у Інбелкульце. У 1931 годзе І. Замоцін дырэктар Інстытута літаратуры і мастацтва Беларускай акадэміі навук. У яго працах знайшлі глыбокае і аб'ектыўнае асвятленне многія актуальныя аспекты беларускага літаратуразнаўства. У самы час з'явіліся два выпускі яго кнігі "Мастацкая літаратура ў школьным выкладанні" (Мн., 1927, 1928.). Пры ўсёй службовай занятасці ён знаходзіў час для сістэматычных публічных выступленняў перад самымі рознымі аўдыторыямі па праблемах беларускай культуры і літаратуры.

Хутка і дасканала авалодаў беларускай мовай прафесар БДУ ураджэнец Сімбірскай губерні Аляксандр Вазнясенскі (18881966), якога рэктар гэтай навучальнай установы У. Пічэта характарызаваў як аднаго з самых таленавітых педагогаў. Калі праціўнікі беларусізацыі вырашылі нейкім чынам пазбавіцца ад А. Вазнясенскага, У. Пічэта з такімі словамі выступіў у яго абарону: "Мы не так багаты навуковымі сіламі, каб аслабаняцца ад тых, якія ўкараніліся на Беларусі, і якія на працягу 7 год з энтузіазмам працавалі ў сценах Беларускага Дзяржаўнага Універсітэта." 1 А што ён і сапраўды праяўляў энтузіазм, сведчаць выдадзеныя ім за час працы ва ўніверсітэце (19211930) літаратурныя творы: "Паэтыка М. Багдановіча" (Коўна, 1926), "Асноўныя прынцыпы пабудовы беларускай навукі аб літаратуры" (Мн., 1927), "Паэмы Янкі Купалы (Сюжэтная пабудова і стыль)" (Мн., 1927), "Ля вытокаў мастацкай прозы Якуба Коласа" ("Полымя". 1928. № 8; 1929. №№ 14) і шэраг іншых, сярод якіх асаблівую каштоўнасць мелі артыкулы па беларускім тэатразнаўстве. Беспамылкова прадбачачы сур'ёзную небяспеку далейшага знаходжання ў БССР з-за разгорнутай у ёй барацьбы з нацыянальнымі патрыётамі, А. Вазнясенскі ў пачатку 1930-х гадоў выехаў у Расію, мо дзякуючы чаму і ўсцярогся ад рэпрэсій.

Вядомы выпадкі паважлівага стаўлення да нашага нацыянальнага Адраджэння і з боку вучоных небеларускага паходжання, якія працавалі ў галіне прыродазнаўчых навук. У такіх выпадках патрабавалася значна больш намаганняў і часу, каб інтэгравацца ў беларускую культуру, авалодаць беларускай мовай. Гэтых цяжкасцей зусім не спужаўся ўраджэнец Ніжагародскай губерні Мікалай Прыляжаеў, які з 1924 года пачаў працаваць прафесарам у БДУ. У адрозненне ад некаторых сваіх калег, што ў штыкі сустрэлі беларусізацыю, падбухторвалі супроць яе студэнтаў, М. Прыляжаеў, маючы на той час за плячыма больш за пяць дзесяткаў гадоў, засеў за вывучэнне беларускай мовы і пачаў адным з першых ва ўніверсітэце чытаць на ёй курс арганічнай хіміі. У 1940 годзе М. Прыляжаеву было нададзена званне акадэміка АН БССР.

Шэраг выкладчыкаў і прафесараў негуманітарнага профілю не толькі ў патрэбным аб'ёме авалодалі і вольна чыталі на беларускай мове лекцыі, але і пісалі на ёй падручнікі. У якасці прыкладу можна назваць выпускніка Маскоўскага ўніверсітэта І. Багаяўленскага, які з 1919 года пачаў працаваць у Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі і тут выдаў у 1932 годзе на беларускай мове падручнік "Аналітычная геаметрыя". Самай высокай пахвалы заслугоўвае прафесар матэматыкі БДУ, акадэмік АН БССР Цэлясцін Бурстын (18881938). Біяграфія яго шмат у чым незвычайная: нарадзіўся ў Тарнопалі (Галіцыя), скончыў Венскі ўніверсітэт, у 1929 годзе запрошаны на працу ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, дзе неўзабаве ўзначаліў кафедру матэматыкі, а з 1931 года - Фізіка-тэхнічны інстытут Беларускай акадэміі навук і ў гэтым жа годзе стаў яе правадзейным членам. На беларускай мове выдаў кнігі "Матэматычныя працы" (1932), "Фізічныя метады матэматыкі", "Курс дыферэнцыяльнай геаметрыі" (абедзьве ў 1932 г.). Вось толькі канцоўка жыцця ў Ц. Бурстына была безрадаснай: у кастрычніку 1938 года стаў ахвярай сталінскіх рэпрэсій. І гэта яшчэ далёка не поўны пералік небеларусаў, што актыўна ўдзельнічалі ў нацыянальным адраджэнні нашага краю.

Варта таксама зазначыць, што напярэдадні абвяшчэння беларусізацыі афіцыйнай палітыкай, а таксама ў першыя гады яе правядзення і партыйную арганізацыю рэспублікі ўзначальвалі інтэрнацыяналістычных поглядаў асобы небеларускай нацыянальнасці ўраджэнцы Кастрамскога павета і г. Цвер Аляксей Асаткін-Уладзімірскі (майжнівень 1924) і Аляксандр Крыніцкі (верасень 1924май 1927), якія з належным разуменнем паставіліся да вырашэння нацыянальнай праблемы ў нашым краі. Апошні з іх за гранічна сціслы тэрмін так добра авалодаў беларускай мовай, што чытаў на ёй свае даклады. Паважлівымі адносінамі да беларускай культуры і мовы вызначаўся першы сакратар ЦК КП(б(Б Ян Гамарнік (лістапад 1928 - кастрычнік 1929), ураджэнец украінскага горада Жытомір. Для яго хапіла аднаго года, каб па-беларуску выступаць з дакладамі. Затое, "вельмі стараннымі,  паводле вобразнага выразу сучаснага гісторыка Аляксея Караля,  праваднікамі курсу, які начыста адмаўляў беларусізацыю", былі камандзіраваныя ў рэспубліку для заняцця пасадаў першага сакратара ЦК КП(б)Б Канстанцін Гей (студзень 1930 - студзень 1932) і начальнік Дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення (ДПУ) БССР Рыгор Рапапорт. Калі для першага (нарадзіўся ў Пецярбургу) Беларусь з'яўлялася толькі месцам праходжання службы, дык другому, як ураджэнцу Глуска, яна была родным краем. Аднак у барацьбе з г. зв. беларускім нацдэмакратызмам фактар месца нараджэння не адыгрываў аніякай ролі: як адзін, так і другі дзейнічалі бязлітасна, з бальшавіцкім размахам, як прынята тады было гаварыць. Але пра ўсё гэта размова будзе крыху пазней.

Прыхільнае, за нязначным выключэннем, стаўленне прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў да беларусізацыі абавязвала і беларусаў як карэннае насельніцтва стала дбаць пра задавальненне ўсіх жыццёва важных патрэбаў тых, хто абраў Беларусь сваёй радзімай. Між іншым такое гуманістычнае стаўленне да нацыянальнасцяў вынікала з самога характару беларусізацыі. І неабходна сказаць, што дадзены аспект нацыянальнай палітыкі быў увасоблены не толькі на паперы, але і паслядоўна праводзіўся ў жыццё. Пра гэта можа сведчыць і раздзел "Хроніка жыдоўскай культуры" часопіса "Полымя" № 3 за 1925 год, у якім паведамлялася наступнае: "Цэнтральнае праўленьне саюзу краўцоў Беларусі з вясны перашло поўнасьцю як у сваім дзелаводзтве, так і ў выдачы розных масавых саюзных дакументаў на жыдоўскую мову. Адначасова гэта мерапрыемства праводзіцца ва ўсіх гарадах Беларусі, дзе толькі існуе аддзяленьне краўцоў.

Часопісь краўцоў "Чырвоная Голка" выходзіць дзесятым нумарам, стаўшы органам як краўцоў Беларусі, так і Украіны" (с. 171).

Тут жа паведамлялася, што "са ўсяго ліку жыдоўскіх дзяцей Беларусі звыш 47 проц. вучыцца на жыдоўскай мове… Існуюць два жыдоўскіх рабочых універсітэты - у Менску і Бабруйску, 4 школы для ўзрослых, 5 вячэрніх школ для моладзі і 90 розных гурткоў на жыдоўскай мове. Для масавай працы на жыдоўскай мове ў гарадах Беларусі прыстасавана 7 клюбаў і 30 клюбаў для кустароў. Акрамя таго, маецца 17 зьмешаных клюбаў" (с. 171).

Падобнае ў развіцці нацыянальных меншасцяў Беларусі няцяжка было б адшукаць у месцах кампактнага пражывання палякаў, латышоў і інш. Адзінымі, хто амаль зусім не ўключыўся ў нацыянальна-культурнае адраджэнне, былі беларускія татары, і не таму, што ў гэтым мо ім перашкаджала карэннае насельніцтва рэспублікі, а па прычыне, што сярод саміх іх прадстаўнікоў не знайшлося дастаткова асобаў, якія глыбока ўсвядомілі б значэнне такога працэсу і маглі ўзначаліць яго. А не знайшлося таму, што вельмі глыбокія карані пусціла - і, вядома ж, не па віне беларусаў - культурна-моўная асіміляцыя гэтай этнічнай групы. Аднойчы, магчымасць заявіць пра сябе з'явілася ў яе, гэта калі на пасадзе першага сакратара ЦК КП(б)Б знаходзіўся А. Крыніцкі, далёкія продкі якога - беларускія татары. Лічыцца, што жылі яны паблізу ад Менска ў Крыніцах, адкуль і паходзіць іх прозвішча. Як ураджэнец горада Цвер, Аляксандр Крыніцкі мог і не ведаць пра ўсё гэта. Аднак быць катэгарычным у такім сцвярджэнні няма важкіх падстаў, бо некаторыя яго родзічы, высланыя за ўдзел у паўстанні 1863 года, не раз спрабавалі вярнуцца на Беларусь і нават колькі гадоў жылі тут да Першай сусветнай вайны, а затым яшчэ і ў 20-я гады. Але галоўнае не ў гэтым. Факт застаецца фактам, што А. Крыніцкі і пальцам не крануў, каб штосьці карыснае зрабіць для адраджэння культуры, абуджэння этнічнай самасвядомасці сваіх прашчураў, бо, відаць, і сам быў пазбаўлены яе. І пазней ніхто не праяўляў ініцыятывы ў вырашэнні татарскага пытання на Беларусі, што паслужыла прычынай для першага сакратара ЦК КП(б)Б В. Кнорына, каб заявіць: "Зусім слабая ў нас работа сярод трэцяй групы нацыянальнасцей (татары і г. д.). Трэба паставіць пытаньне хаця-б аб элементарнейшым іх абслугоўванні." 1 На жаль, яно не было як след пастаўлена, бо карэнным чынам змянілася не ў лепшы бок само нацыянальнае жыццё на Беларусі.

У кожнай важнай справе - а беларусізацыя мае ўсе падставы належаць да такой катэгорыі - трэба ўмець выбраць найгалоўнейшы ўчастак, ад поспехаў на якім у вырашальнай ступені залежыць дасягненне вызначанай мэты. Ідэолагамі беларускага нацыянальна-культурнага Адраджэння ўдалося знайсці такі ўчастак. У комплексе распрацаваных урадам і партыяй мерапрыемстваў па беларусізацыі грамадскага жыцця ў рэспубліцы зусім справядліва вялікая роля надавалася народнай адукацыі, бо многімі добра разумелася, што пазітыўныя зрухі ў гэтай галіне абавязкова станоўча адаб'юцца на нацыянальна-культурным Адраджэнні ў цэлым. Пасля глыбокага, удумлівага аналізу рэальнага становішча было прынята адзіна правільнае рашэнне: беларусізацыю ажыццяўляць раўналежна ва ўсіх катэгорыях навучальных і выхаваўчых устаноў, г. зн. пачынаючы ад дзіцячых садоў і канчаючы тэхнікумамі і інстытутамі. Увядзенне беларускац мовы ў навучальна-выхаваўчы працэс двух апошніх тыпаў устаноў практычна здымала праблему беларусізацыі ў працоўных чатырох- і сямігадовых школах, паколькі яны былі зацікаўлены навучаць дзяцей на той мове, якая з'яўлялася рабочай для тэхнікумаў і інстытутаў.

Добра прадбачачы, якія могуць быць цяжкасці на шляху беларусізацыі школы, урад і партыя рэспублікі патрабавалі рацыянальнага спалучэння ў гэтай справе адміністрацыйных метадаў з глыбокай старанна прадуманай растлумачальнай працай у масах аб ролі моў у лёсе кожнага народа. У якасці прыкладу спаслацца тут можна на рашэнні кастрычніцкага (1925) пленума ЦК КП(б)Б, у якіх запісана: "Пры правядзенні нацпалітыкі ў школьнай справе ў шэрагу таварышаў сустракаюцца памылкі дваякага роду. Адна з іх заключаецца ў імкненні заняць пасіўную пазіцыю ў гэтым пытанні і адмовіцца ад ініцыятывы зверху. Між тым, працяглая прыгнечанасць і ўціск беларускай і яўрэйскай культуры прывялі да ўкаранення нават у масах насельніцтва гэтых нацыянальнасцей погляду на беларускую і яўрэйскую мовы, як непаўнапраўныя. Пры гэтых варунках адмова ад ініцыятывы зверху (папярэдні накід сеткі, агітацыя за навучанне дзяцей на роднай мове г.д.) азначала б аб'ектыўна ўступку русіфікатарскім традыцыям, і таму не адпавядае нацыянальнай палітыцы партыі. Другая памылка выяўляецца ў спробе праводзіць нацпалітыку ў школьнай справе голымі метадамі адміністравання і камандавання, што пленум прызнае зусім недапушчальным". 1

Карысны нам сёння ўрок беларусізацыі 20-х гадоў - асабліва пільная ўвага партыі і ўрада да выкладчыцкага корпусу вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. Менавіта ён больш за ўсё ўпарціўся беларусізацыі, паколькі яму найцяжэй было перавучыцца з рускай мовы на беларускую і так дасканала авалодаць апошняй, каб магчы на высокім прафесійным узроўні чытаць на ёй свае лекцыі. Каб найхутчэй дамагчыся пазітыўнага зруху ў гэтым, давялося свядома пайсці нават на ўвядзенне рознага характару заахвочвальных мер для актыўных праваднікоў нацыянальнага ідэалу ў сферы адукацыі.

Засяроджанне ўвагі дзяржаўных і партыйных органаў на праблеме беларусізацыі ўсіх, а не якога-небудзь аднаго звяна сістэмы народнай асветы, плённая работа ў гэтым напрамку яе кіруючых кадраў давалі станоўчыя вынікі. У 1926/27 н. г. з агульнага ліку працоўных школ чатырох- і сямігодак на беларускія прыпадала 85 і 67%. 2 Праз два гады з агульнай колькасці школ чатырохгодак 5 818 было беларускіх 5 456, адпаведна па сямігодках 372 і 279. 3 Беларуская мова стала абавязковым прадметам выладання ў рускіх, яўрэйскіх, польскіх і іншых нацыянальных школах.

Напачатку ў асноўным захоўваліся вызначаныя тэрміны правядзення беларусізацыі ў вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай школе, асабліва педагагічнага профілю. Так, у 1926/27 н. г. з 14 педагагічных тэхнікумаў на беларускай мове працавалі 10, яўрэйскай - 3, польскай - 1. Выкладанне прадметаў ў сельскагаспадарчых тэхнікумах удалося беларусізаваць на 63%, у сельскагаспадарчых школах - на 67, прафшколах - на 60, рабфаках на 69 і толькі ў БДУ імя У. І. Леніна - пакуль што на 31%. Цалкам вялося выкладанне прадметаў на беларускай мове ў Магілёўскай саўпартшколе першай ступені і ў такой жа школе другой ступені ў Віцебску, ва ўсіх пунктах па ліквідацыі непісьменнасці і ў школах для малапісьменных, што абслугоўвалі беларускае насельніцтва, у першых групах (г. зн. у першы год навучання) школ павышанага тыпу і школах рабочай моладзі.

Станоўчыя зрухі прыкметна абазначыліся і на ўсіх астатніх напрамках беларусізацыі. Не "ўстаялі" перад ёю і вайсковы падраздзяленні рэспублікі. І не "ўстаялі" таму, што бальшыня высокіх вайсковых начальнікаў добра разумела, што войска павінна жыць паводле тых культурна-гістарычных традыцый, што і сам народ, якога яно абараняе. Да таго ж па лініі дзяржавы і вайсковага камандавання, грамадскасці праводзілася адпаведная праца па плаўным і адначасова трывалым укараненні ідэй беларусізацыі ў свядомасць і жыццё салдатаў і афіцэраў. З мэтай забеспячэння патрэбаў вайсковых падраздзяленняў у літаратуры пры Дзяржвыдавецтве БССР ствараецца спецыяльны вайсковы сектар. У 1927 годзе выходзіць з друку праца беларускіх мовазнаўцаў М. Байкова і А. Бараноўскага "Практычны беларускі вайсковы слоўнік. Частка І. Расейска-беларуская мова", у якім выкарыстана шмат арыгінальнага лексічнага матэрыялу, падрыхтаванага Вайсковай камісіяй Інбелкульта. У Слоўнік увайшло каля 10 тысяч слоў і ўстойлівых словазлучэнняў. 1 І ў вайсковым жыцці дастаткова прыкладаў паважлівага стаўлення асобаў некарэннага насельніцтва да палітыкі беларусізацыі. У гэтай сувязі дазволю сабе яшчэ раз згадаць пра вельмі паказальны факт, што ў БДУ лекцыі па ваеннай справе чытаў рускі ваеначальнік Георгій Жукаў, які ў 1943 годзе стане Маршалам Савецкага Саюза.

Пад дабратворным уплывам узважанай, заснаванай на прынцыпах гуманізму нацыянальнай палітыкі поўнапраўнай, сапраўднай гаспадыняй уваходзіла беларуская мова ў тэатры, навуку, цікавымі творамі папаўнялася мастацкая літаратура, шырокім фронтам вялося вывучэнне гісторыі і культуры беларускага народа, што карэнным чынам паўплывала на стаўленне да яе былых праціўнікаў і недобразычліўцаў. Станоўчае ўздзеянне беларусізацыі на нацыянальнае жыццё карэннага насельніцтва добра відаць і па кнігавыдавецкай справе: у 1925 годзе на беларускай мове выйшла 175 назваў кніг, у 1927 годзе - 389, у 1929 годзе - 559. 1

Пра ўсе гэтыя пазітыўныя з'явы ў нацыянальна-культурным адраджэнні беларусаў так пісаў першы сакратар ЦК КП(б)Б В. Кнорын: "… прыціхлі ўжо самыя зацятыя вялікадзяржаўныя шавіністыя з былых падатных інспектараў і выкладчыкаў казённых гімназій, прыціхлі тыя "культурныя" мяшчане, якія па сваёй тупасьці ўсё яшчэ не разумеюць, як могуць быць створаны ў былой заняпалай правінцыі царскае Расіі, якая абярнулася ў Беларускую Соцыялістычную Савецкую Рэспубліку, на нядаўна яшчэ слаба разьвітай і малакультурнай беларускай мове буйныя культурныя каштоўнасьці".

Не гэтак прыкметнымі былі зрухі з беларусізацыяй у нізавых звёнах грамадскага жыцця, непасрэдна ў саміх працоўных калектывах. І трэба сказаць, што такое нярадаснае становішча па-сур'ёзнаму хвалявала партыю і ўрад. У матэрыялах, падрыхтаваных да правядзення ў 1930 годзе свайго ХІІІ з'езда, партыя палічыла стан развязвання дадзенай праблемы зусім незадавальняючым, прыводзячы такія лічбы: "… у клюбах масавай працы праводзіцца на 21,6 проц. на беларускай мове, 4,8 проц. на яўрэйскай мове, 0,4 проц. на польскай мове, 73,2 проц. на расійскай мове. На прадпрыемствах масавая праца пераведзена на бел. мову на 27,4 проц., на яўрэйскай мове - 3,2 проц., на польскай мове - 0,2 проц., на расійскай мове - 70,2 проц." 2

Ва ўсім тым станоўчым, што давялося дасягнуць у галіне беларусізацыі, вельмі вялікая роля асобаў, што актыўны ўдзел у нацыянальна-вызваленчым руху бралі яшчэ напярэдадні Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года, у час нямецкай і польскай інтэрвенцыі, а таму вымушаныя былі з прыходам на Беларусь савецкай улады падацца ў эміграцыю, каб ухіліцца ад пакарання. Знаходзячыся на чужыне, яны ўвесь час сачылі за тым, што адбывалася на Бацькаўшчыне ў плане яе нацыянальнага адраджэння. Хто ў найменшай ступені лічыў сябе віноўным перад бальшавікамі, той ужо на пачатку 20-х гадоў адважыўся вярнуцца на радзіму. Гэтакай рээміграцыі ўсяляк садзейнічалі ўрад і камуністычная партыя Беларусі. На настрой нашай палітычнай эміграцыі вельмі моцна паўплывала рашэнне ўрада СССР аб далучэнні ў 1924 годзе да БССР Віцебскай і Магілёўскай губерняў і часткі беларускіх паветаў Смаленскай губерні, што ў лютым 1919 года ў адпаведнасці з указаннем У. Леніна былі перададзены Расіі. За якія-небудзь паўтара-два гады пасля ўзбуйнення БССР чужыя краіны пакінула большасць тых палітыкаў і грамадскіх дзеячоў, што знаходзіліся на службе ва ўрадавых органах і ўстановах Беларускай Народнай Рэспублікі. З пункту гледжання агульнабеларускіх інтарэсаў такі крок зусім апраўданы, бо на месцы можна было куды больш прынесці карысці народу, чым знаходзячыся ўдалечыні ад яго. Што ж датычыць пытання асабістай бяспекі кожнага, хто вяртаўся дахаты, такі крок, трэба прызнаць неабдуманым, бо вельмі ж лёгка было цяпер стаць ахвярай у руках тых, з кім яшчэ гэтак нядаўна вёў барацьбу. І ад такой трагедыі сапраўды ім не ўдалося ўхіліцца. Але гэта адбудзецца ў 30-я гады. Цяпер жа нікога з іх, як гэта было раней з тымі, хто вярнуўся на Беларусь, не пакрыўдзілі. Дапамаглі з працаўладкаваннем. Так, старшыню міністраў апошняга складу Рады БНР Аляксандра Цвіцкевіча ўладкавалі на пасаду неадменнага сакратара Інбелкульта, памочніку міністра пры ўрадзе Скарападскага Івану Краскоўскаму з дазволу самога нармкама асветы БССР У. Ігнатоўскага далі месца дацэнта БДУ. Ён вельмі станоўча характарызаваўся рэктарам гэтай установы за актыўны здзел у беларусізацыі яе навучальна-выхаваўчага працэсу.

Без усялякага прамаруджвання і вельмі плённа выкарыстаў свой прыезд на Бацькаўшчыну А. Цвікевіч. Не мінула і года, як яго цікавейшую працу "Западноруссизм". Нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў ХІХ і пачатку ХХ в." сталі друкаваць у часопісе "Полымя". Глыбокія тэарэтычныя веды, уменне аналізаваць і рабіць правільныя высновы з канкрэтнага фактычнага матэрыялу дазволілі аўтару аб'ектыўна паказаць, як у адзін з самых складаных і цяжкіх часоў у гісторыі беларускага народа, калі, здавалася б, Расійская імперыя кінула ўсё дзеля яго асіміляцыі, выспявалі сілы для самаахвярнай барацьбы за сваё нацыянальнае вызваленне. Нястомна працавалі на карысць беларускай справы і іншыя зваротнікі, для якіх асабліва ахвотна расчыніў свае дзяржаўныя дзверы Інбелкульт. Таму Зміцер Жылуновіч (літ. псеўданім Цішка Гартны) глыбока памыляўся, не меў падставы пісаць, што ў той жа час у гэтай установе "згруздзілася ўся контррэвалюцыйная радаўшчына", 1 г. зн. былыя сябры Рады БНР.

Прыемныя, радасныя звесткі пра поспехі ў будаўніцтве на нацыянальным грунце новага жыцця ў роднай Бацькаўшчыне падштурхнулі і колішняга сябра ўрада БНР Палуту Бадунову вярнуцца ў 1925 годзе з Прагі ў Менск. Праўда, на той час здароўя ў яе не было, каб і самой актыўна ўключыцца ў адраджэнскі працэс. Даліся ў знакі страшэнныя пакуты, што выпалі на жаночы арганізм падчас знаходжання ў польскіх і савецкіх турмах, у т. л. і ў Маскоўскай Бутырцы. У адрозненне ад іншых зваротнікаў, яна, з прычыны кепскага здароўя, не змагла пакінуць адметнага следу на якой-небудзь дзялянцы грамадскага жыця Беларусі. Працавала настаўніцай у школе, на курсах беларусазнаўства ў Гомелі.

Бальшавіцкая прапаганда падзейнічала і на былога афіцэра рускага экспедыцыйнага корпуса ў Францыі, ураджэнца з-пад Менска М. Падгаецкага, які пасля дэмабілізацыі ў 1919 годзе жыў у Парыжы. У 1927 годзе ён вярнуўся на Беларусь і колькі гадоў працаваў у газеце "Рабочий". Аднак сацыялістычныя парадкі сталіся не даспадобы М. Падгаецкаму, і ён нелегальна выехаў ізноў у Францыю, дзе выдаў на французкай мове кнігу ўспамінаў "Чырвоная навальніца", у якой рэзка крытыкаваў "таталітарна-дэспатычны твар камунізму ў БССР". 2

Усталяваны на Беларусі ў 30-я гады антыдэмакратычны рэжым не дазволіў многім зваротнікам да канца выкарыстаць багаты творчы патэнцыял, невычэрпную любоў да сваёй радзімы дзеля яе хутчэйшага і сапраўднага нацыянальна-культурнага росквіту.

Як вялікую заваёву ў рэалізацыі праграмы беларусізацыі, трэба прызнаць значнае павелічэнне ўдзельнай увагі беларусаў у складзе кіраўнічых работнікаў партыйнага, савецкага, прафсаюзнага і камсамольскага апаратаў. Ужо ў 1927 годзе з агульнай колькасці членаў местачковых саветаў дэпутатаў працоўных беларусаў было 53%, яўрэяў - 40,5, палякаў - 2,2, вялікаросаў - 2,5, гарадскіх саветаў адпаведна - 45,1, 30,6, 2,5 і 14,5%. Праўда, гэта было значна ніжэй за ўдзельную вагу беларусаў у агульнай колькасці насельніцтва. Недастатковае прадстаўніцтва беларусаў у местачковых і гарадскіх саветах дэпутатаў працоўных тлумачылася тым, што ў гэтых тыпах населеных пунктаў усё яшчэ нізкі працэнт падаў на карэнных жыхароў рэспублікі. Затое намнога лепш беларусы былі прадстаўлены ў больш высокіх эшалонах улады і органах кіравання. У тым жа годзе сярод членаў райвыканкамаў на іх падала 79%, акругвыканкамаў - 60, ЦВК БССР - 55. Здаралася і такое, што шукаючы на кіруючую пасаду чалавека, які валодаў бы беларускай мовай, даводзілася "выпушчаць з-пад увагі яго сацыяльнае становішча". 1

Такая ж тэндэнцыя з вылучэннем беларусаў на кіраўнічыя пасады назіралася і ў партыйных органах, хаця пра аптымальную нацыянальную структуру апошніх няма падстаў пісаць. У кастрычніку 1925 года ў складзе выбарных асобаў КП(б)Б на беларусаў даводзілася 48%, рускіх - 18 (а год назад - 28). Адноснае скарачэнне ў такіх органах назіралася і сярод яўрэяў. 2 Пад канец 1927 года ў Цэнтральнай кантрольнай камісіі КП(б)Б на беларусаў падала 50%, рускіх - 12,5, яўрэяў - 12,5, палякаў - 10,7, латышоў - 8,9, у акруговых кантрольных камісіях адпаведна - 45,7, 17,8, 21,5, 10,0 і 8,6%. 1 Аднак з вылучэннем кадраў карэннай нацыянальнасці ў партыйныя органы ў Беларусі ўвесь час справы былі значна горшыя, чым у многіх іншых рэспубліках. Праілюструем гэта данымі за 1925 год: удзельная вага прадстаўнікоў такога насельніцтва ў цэнтральных рэспубліканскіх партыйных органах Беларусі складала 43%, Туркменістана - 69, Башкірыі - 50, у губернскіх і акруговых органах Беларусі − 53%, Азербайджана - 94, Арменіі - 92. 2 Пэўная віна ў гэтым была і ЦК УсеКП(б), які стараўся мець больш сваіх пасланцаў у партыйных органах Беларусі як заходнім фарпосце СССР.

З задавальненнем адзначаючы пазітыўныя зрухі ў ажыццяўленні палітыкі беларусізацыі, дзяржаўныя і партыйныя кіраўнікі, а разам з імі і многія прадстаўнікі навуковай і мастацкай інтэлігенцыі не пакідалі заяўляць, што рэспубліка стаіць толькі на пачатку гэтага гістарычнага шляху. Даволі крытычна на ход вырашэння дадзенай праблемы глядзеў першы сакратар ЦК КП(б)Б В. Кнорын, заяўляючы, што ў "посьпехах беларусізацыі вельмі шмат надворнага і паказнога, што прымушае прыходзіць да вываду, што беларусізацыя яшчэ далёка не пусьціла тых глыбокіх каранёў, якія нам патрэбны". Неабходна, каб яна ўвайшла ў быт і культуру. Арганізацыйнымі метадамі беларускую мову можна навязаць дзяржаўнаму апарату, але толькі не шырокім рабочым масам. Выступаючы за тое, каб кожны актыўны партыец ведаў беларускую мову, В. Кнорын разам з тым лічыў, што "перавод на беларускую мову партработы толькі тады будзе пасьпяховым і дасьць патрэбныя вынікі, калі беларуская мова будзе ўваходзіць у рабочыя масы праз усе шчыліны яго культурнага абслугоўваньня". 3 А гэта ж якраз і адсутнічала на практыцы. Больш-менш належным чынам яно было арганізавана толькі ў прафсаюзе працасветы, дзе 60% усіх формаў масавай культработы і 75% гурткоў было пераведзена на беларускую мову, а ў прафсаюзе ж саўгандальслужачых першы паказчык раўняўся 25%, медсанпрацы - 9, чыгуначнікаў - 8, сувязі - 4. 1 Беларуская мова пакуль што недастаткова гучала ў дакладах на агульных сходах ў працоўных калектывах, у сферы гандлёвага абслугоўвання людзей.

Малавядомая каму-небудзь з іншых народаў СССР паводле працягласці і жорсткасці культурна-моўная дыскрымінацыя беларусаў у перыяд іх знаходжання ў складзе Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі прычынілася да таго, што на час правядзення ў 1926 годзе ўсесаюзнага перапісу насельніцтва з кожнай сотні беларусаў (уключаны і тыя, што жылі па-за межамі БССР) на сваёй роднай мове размаўлялі 71,9 чалавека. У рускіх і ўкраінцаў такі паказчык быў роўным адпаведна 99,7 і 87,1. Сярод 40 народнасцяў СССР, якія мелі свае ўласныя нацыянальна-дзяржаўныя ўтварэнні або належалі да катэгорыі параўнальна буйных па колькасці, горшы, чым у беларусаў, быў аналізуемы паказчык толькі ў палякаў (42,9), башкіраў (53,8) і абхазцаў (57,0). Некалькі лепшым гэты паказчык быў сярод беларусаў, што жылі на тэрыторыі сваёй рэспублікі: тут з кожнай сотні іх на роднай мове размаўлялі 82 чалавекі. Ва ўкраінцаў у сябе дома такіх было 94,1 чалавека. 2 Зразумела, становішча з беларускай мовай было б яшчэ больш жаласным, калі б на яе як след не звярнулі ўвагі ў час паслякастрычніцкага Адраджэння і асабліва ў ходзе беларусізацыі. Шукаць і надалей эфектыўныя шляхі павышэння сацыяльнай ролі беларускай мовы абавязвала і тое незайздраснае месца, якое яна пакуль што займала ў сферы адукацыі. Паводле дадзеных таго ж перапісу насельніцтва працэнт пісьменных беларусаў у цэлым па СССР на сваёй мове склаў 40,2 (а ўнутры БССР - 47,3), што з'яўляецца 24-ым вынікам сярод тых самых 40 савецкіх народнасцяў. 3 Беларусы па дадзеным паказчыку ішлі ззаду ўзбекаў, азербайджанцаў, кіргізаў, татараў, туркменаў, чувашоў, якутаў, аварцаў, даргінцаў, вацякоў, таджыкаў, марыйцаў, кара-калпакаў, зыранцаў, абхазцаў. Для пераадолення такога істотнага адставання ў моўным развіцці беларусам патрэбна было яшчэ не адно дзесяцігоддзе напружанай, стваральнай працы на ўсіх участках нацыянальна-культурнага будаўніцтва. Беларусізацыя, як паказалі першыя гады яе ажыцяўлення, была ў стане справіцца з рэалізацыяй гэтай лёсавызначальнай для нашага краю праблемы.

3. У беларусізацыі з'явіліся апаненты

Нягледзячы на першыя поспехі ў ажыццяўленні нацыянальнай палітыкі ў рэспубліцы беларусізацыю 20-х гадоў ні ў якім выпадку нельга разглядаць як трыумфальнае шэсце буларускага народа па шляху свайго не ў меру запозненага адраджэння. І на пачатку, і ў сярэдзіне, і ў канцы яе заўжды былі цяжкасці і перашкоды, якія не давалі ў належнай ступені выкарыстаць на практыцы ўсё лепшае, што ўключаў у сябе абвешчаны Савецкай дзяржавай курс у галіне нацыянальнай палітыкі. Непаразуменні, а часам нават у пэўнай форме супраціўленне аказвалі беларусізацыі і сяляне, хаця менавіта больш за ўсё ў іх інтарэсах давялося прыступіць да такой выкліканай самім жыццём палітыкі, бо сельскія жыхары мацней за ўсе катэгорыі насельніцтва трымаліся за нацыянальныя традыцыі, вельмі дрэнна валодалі рускай мовай, на якой ў першыя гады Савецкай улады вялося службовае справаводства і ў сельскай мясцовасці. Але ж навязаныя ў дарэвалюцыйны час многім сялянам погляды на беларускую мову, як на "мужыцкую", "халопскую" з прычыны нібыта немагчымасці выкарыстання яе ў складанай дзейнасці адміністрацыйных і судовых органаў, навучальных устаноў не так проста пераадольваліся, адыходзілі ў нябыт на пачатку будаўніцтва новага жыцця. Усё гэта даводзілася ўлічваць пры правядзенні ідэалагічнай працы на вёсцы напярэдадні і ў ходзе ажыццяўлення беларусізацыі, бо не пераканаўшы чалавека, не зробіш яго актыўным змагаром за нацыянальную ідэю.

Да суцэльнай беларусізацыі належным чынам не былі падрыхтаваны нашыя гарады, не ў малой ступені таму, што сярод іх рабочых і служачых і да Кастрычніцкай рэвалюцыі і пасля доўгі час пераважалі асобы некарэннай нацыянальнасці. Толькі дзякуючы таму, што ў нацыянальнай палітыцы ўраду і партыі рэспублікі былі ўлічаны інтарэсы і гэтай катэгорыі насельніцтва, яно ў аснове сваёй усё ж больш-менш прыхільна ставіліся да беларусізацыі. Якіх-небудзь сур'ёзных пярэчанняў, супраціўлення такой палітыцы не назіралася з боку прадстаўнікоў некарэннай нацыі. Значна цяжэй было схіліць да гэтага многіх апаратчыкаў, не выключаючы і тых, хто займаў досыць высокія пасады. Нездарма ж, як на фактар абцяжарвання правядзенню беларусізацыі, пленум ЦК КП(б)Б (студзень 1925) спасылаўся на тое, што пад той час яшчэ "не былі зламаны рэзка-адмоўныя вялікадзяржаўна-шавіністычныя адносіны да беларускай мовы і работы па беларусізацыі з боку старога рускага чыноўніцтва, якое знаходзілася на працы ў савецкім апараце". Такім, вядома ж, яно заставалася ў сваёй бальшыні і пад канец 20-х гадоў. Прышчэпленыя ўсім зместам палітыкі Расійскай імперыі шавіністычныя погляды і настроі сваім адданым слугам з ліку мясцовай адміністацыі Беларусі вельмі павольна выкараняліся з іх псіхалогіі. Пахвальна толькі, што патрабаванні да савецкіх служачых авалодаць беларускай мовай не выклікалі якіх-небудзь масавых, адкрытых пратэстаў. Супраціўленне апаратаў беларусізацыі, пісалася ў газеце "Правда" ад 18 чэрвеня 1925 года, насіла пасіўны характар і выражалася толькі "ў буркатні і плётках".

Затое з неймавернай цяжкасцю ад чаду вялікарускага шавінізму вызваляліся многія выкладчыкі вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. Калі беларусізацыя ў БДУ з кожным днём станавілася ўсё больш рэальнай з'явай, прафесар біялогіі і заалогіі гэтай установы Шчапоццеў, адпрацаваўшы тут ужо пяць гадоў, падаў заяву на звальненне, матывамі для чаго паслужылі: "Предстоящая белоруссизация моей кафедры, незнакомство с белорусским языком и невозможность читать лекции на иностранном (белорусском. - Л. Л.) языке, хотя бы я его и понимал." 1

У падобным духу выступаў супраць беларусізацыі нацыянальна-выхаваўчага працэсу выкладчык рабфака Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі Менцюкоў, які так адказаў на прапанову весці выкладанне на беларускай мове: "Беларуская мова - штучная, гэта ёсьць выдумка беларускіх шовіністаў, дый сама Беларусь ёсьць "Белая Русь", ёсьць Расія і ніякай паасобнай мовы яна ня мае." 1 Падобнае мы чуем і сёння, прычым ад высокіх палітыкаў, адданых ім прадстаўнікоў інтэлігенцыі.

З'яўленню такіх памылковых, а для самой справы беларусізацыі і дужа шкодных поглядаў, садзейнічала адсутнасць глыбоканавуковых распрацовак па гісторыі і культуры Беларусі. Трэба сказаць, што і сярод саміх беларускіх вучоных гэтых галін навукі не існавала цвёрдай як след вызначанай пазіцыі па дадзенай далёка не простай праблеме. Калі бальшыня з іх глядзела на беларускі народ як на самабытны этнас з адметнай ад рускага культурай і мовай, дык вядомы ў той час мовазнавец дацэнт БДУ Іосіф Воўк-Левановіч распаўсюджаваў сярод студэнтаў і выкладчыкаў, а таксама ў выступленні на дыскусіі ў Беларускай акадэміі навук "Аб шляхах беларускай літаратурнай мовы" ілжывы погляд аб тым, што беларуская мова з'яўляецца адным з разгалінаванняў рускай мовы. Зыходзячы з такіх пазіцый, ён прапанаваў цэлы шэраг беларускіх слоў замяніць рускімі, а таксама выкінуць з беларускай лексікі ўсе ці вялікую колькасць слоў, якія трапілі ў яе з іншых моваў. Што атрымалася б ад такога "хірургічнага ўмяшання" ў моўную беларускую тканіну (дый ці толькі ў яе!), зусім няцяжка зразумець. Гэты мовазнавец адмаўляў нават само правядзенне ў дарэвалюцыйнай Беларусі дзяржаўнай палітыкі русіфікацыі.

Існавалі і іншыя перашкоды і цяжкасці на шляху беларусізацыі, якія даводзілася пераадольваць праз вялікія намаганні. Тут можна ўказаць на досыць значную тэрытарыяльную стракатасць лексікі і фанетыкі беларускай мовы, адсутнасць уніфікаванай беларускай літаратурнай мовы, нераспрацаванасць навуковай, тэхнічнай, палітычнай, юрыдычнай, педагагічнай, медыцынскай тэрміналогіі. З прычыны ўсяго гэтага ўкараненне беларускай мовы ў паасобных сферах грамадскага жыцця рэспублікі, асабліва ў навуцы, службовым справаводстве, адбывалася значна цяжэй, чым яўрэйскай і польскай, паколькі апошнія дзве з'яўляліся добра ўніфікаванымі, мелі ў краінах ці рэгіёнах пражывання асноўнай часткі іх носьбітаў багатую практыку абслугоўвання розных галінаў дзейнасці чалавека.

Найбольш жа трагічным і цяжкім паводле сваіх вынікаў з'яўлялася тое, што ідэя беларусізацыі ўжо на яе першапачатковым этапе не падабалася, не адпавядала поглядам паасобных палітычных кіраўнікоў рэспубліканскага маштабу. Таму пры любым зручным моманце ёй ставілі палкі ў колы. Сёй-той з такіх палітыкаў нават у надрукаваных у 1926 годзе матэрыялах да 400-годдзя зараджэння друку на Беларусі і звязаных з правядзеннем гэтай даты мерапрыемствах убачыў небяспечную крамолу. І як ужо не раз здаралася, з рэзкай крытыкай на ход, практыку беларускага нацыянальнага Адраджэння накідваўся першы сакратар ЦК КП(б)Б В. Кнорын, выкарыстоўваючы дзеля гэтай мэты нават старонкі часопіса "Полымя", хаця менавіта апошні павінен быў бы знаходзіцца ў авангардзе барацьбы за беларускую культуру і мову. Нягледзячы на многія правільныя палажэнні, што выказаны ў 1928 годзе В. Кнорынам па праблеме беларусізацыі ў кнізе "За культурную рэволюцыю", ёсць тут і такое, што яўна супярэчыла, шкодзіла беларускаму нацыянальна-культурнаму Адраджэнню. У гэтага партыйнага лідара, да прыкладу, было самае негатыўнае стаўленне да нашай даволі багатай для свайго часу сярэдневяковай духоўнай спадчыны і гісторыі. Вынікае такое з наступных слоў: "Ня трэба нам шукаць гісторыю нашага культурнага ўздыму ў эпосе Стэфана Баторыя (вялікі князь ВКЛ, польскі кароль 15761586 гг. - Л. Л.)… Ня трэба шукаць гісторыі развіцця нашай беларускай культуры ў езуіцкай акадэміі, якая была створана 400 год таму назад…" (с. 21). Аўтар быў "супраць таго, каб сярэдневяковых манахаў (да іх ён залічваў Францішку Скарыну, Кірыла Тураўскага, Кліменція Смаляціча, Сімяона Полацкага. - Л. Л.) - на якой бы яны мове ні пісалі - уключаць у лона папярэднікаў нашае культуры…" (с. 81). А гэта ж, як цяпер кожны хоць трохі дасведчаны ў сваёй гісторыі беларус ведае, такія выдатныя постаці, якімі магла б ганарыцца любая сучасная еўрапейская нацыя. Нас жа прымушалі забыцца на такіх вялікіх людзей нацыі. "Мы так "раскрытыкуем" Смаляцічаў і Тураўскіх,  пісаў В. Кнорын,  што двух радкоў ім будзе шкода прысвячаць у нашай гісторыі, бо яны ідуць ад другой лініі, а не ад лініі працоўных мас" (81). Пасля азнаямлення з усім вышэй прыведзеным, думаецца, нікога не здзівяць словы В. Кнорына, што беларусы спазніліся з выхадам на сцэну гісторыі. На яе ж яны своечасова выйшлі, толькі ім не давалі нармальна жыць і развівацца ў Рэчы Паспалітай і царскай Расіі.

У разгляданай кнізе ўжо ў пэўнай ступені былі закладзены ідэалагічныя асновы для будучай кровапралітнай барацьбы з беларускімі "нацдэмакратамі". Тут жа ў В. Кнорына яна павінна была абмяжоўвацца пакуль што "толькі бязлітаснай крытыкай рэштак буржуазнага нацыянал-дэмакратызму". Высокі партыйны чыноўнік не сумняваўся, што ўжо ёсць такія праявы ў культурна-палітычнай, публіцыстычнай, навуковай і мастацка-літаратурнай дзейнасці паасобных работнікаў.

З лёгкай рукі першага сакратара ЦК КП(б)Б В. Кнорына з усіх бакоў пасыпаліся зласлівыя артыкулы на беларускую гісторыю і культуру, маючы мэтай адарваць народ ад яго духоўных традыцый, зрабіць пасіўным, раўнадушным да нацыянальнага руху. Здзіўляе, што такой ганебнай справай пажадалі заняцца і людзі, якія мелі пэўныя заслугі перад сваім народам. Няцяжка зразумець, дзеля чаго ім была патрэбна такая нячыстая гульня. Несумненна, некаторыя, прадбачачы нешта трагічнае для свайго лёсу, загадзя хацелі ўзвесці вакол сябе надзейную агароджу непрыступніцтва для карных органаў. Не ўстояў ад спакусы паваяваць з надуманай нацдэмаўшчынай нават і былы ўдзельнік рэвалюцыйнага руху 19051906 гадоў на Беларусі, адзін з арганізатараў нелегальнага настаўніцкага з'езда ў Мінскай губерні ў 1906 годзе, а з 1928 года рэктар Камуністычнага ўніверсітэта Беларусі імя У. І. Леніна Аляксандр Сянькевіч (Сянкевіч). У артыкуле пад гучнай палітычнай назвай "За ленінскую лінію ў нацпалітыцы" ("Полымя", 1930, № 1112, с. 159175) ён катэгарычна не пагадзіўся ў пазіцыяй тых прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі, якія імкнуліся да захавання, ўзбагачэння нацыянальна самабытнага ў беларускай культуры, былі заклапочаны ў забеспячэнні чысціні беларускай літаратурнай мовы. У іх змаганні "за самабытнасць беларускай мовы" А. Сянькевіч бачыў ні што іншае, як "змаганне з рэвалюцыйнаю пралетарскаю сучаснасцю". Ён перакананы ў тым, што "беларускі нацыянал-дэмакратызм стварае агульны фронт з беларускім нацыянал-фашызмам Заходняй Беларусі, з'яўляючыся такім чынам агентурай беларускага нацыянал-фашызму - складанай часткай польскага фашызму." 1 У такіх экстрэмальных умовах даводзілася з вельмі вялікай перасцярогай брацца за развязванне тых ці іншых пытанняў нацыянальна-культурнага развіцця беларускага народа, каб часам з прыхільнікаў, актыўных праваднікоў беларусізацыі не патрапіць у нацыянал-дэмакраты, а пры збегу адпаведных абставін - і ў нацыянал-фашысты.

Пасля таго, як сродкі масавай інфармацыі выдалі на паверхню вялізарную колькасць сфальсікаваных матэрыялаў на найбольш нацыянальна самасвядомую частку беларускай інтэлігенцыі, варожа настроеныя да высакароднай ідэі беларускага Адраджэння асобы палічылі, што надышла пара з гэтым пытаннем выйсці і на самы высокі ўзровень афіцыйнай палітыкі. Напэўна ж, верылі, што перадавыя, па-бальшавіцку настроеныя, як тады было модным гаварыць, рабочыя і калгаснікі горача падтрымаюць усё, што партыя і ўрад скажуць пра "варожых" ідэям Кастрычніцкай рэвалюцыі прадстаўнікоў навуковай і творчпй інтэлігенцыі.

На жаль, упярэдадзень набліжэння трагічнага часу для будучыні беларусізацыі, а сям-там ужо і сапраўднага наступу на яе, не на належным узроўні грамадзянскай і нацыянальнай самасвядомасці знаходзілася і пэўная частка інтэлігенцыі, не выключаючы і пісьменнікаў. Неставала, відаць, у некаторых прафесійнага досведу, агульнай культуры, добразычлівасці і спагады адзін да аднаго, што вельмі ахвотна і паспяхова выкарыстоўвалі карніцкія органы, прадумана нацкоўваючы адну групу інтэлігентаў на другую. Калі ж пачаліся небывалыя па жорсткасці рэпрэсіі, дык велізарную ролю ў самазнішчэнні творчай інтэлігенцыі адагрываў страх быць без віны пакаранаму. Відаць, па гэтай прычыне ў імя захавання ўласнага жыцця паспешліва браліся за пяро, каб аблыгаць калегу, здавалася б, і самыя крыштальна сумленныя прадстаўнікі мастацкай інтэлігенцыі, што было вельмі наруку супрацоўнікам НКУСа. Паасобныя аўтары ўжо ў 1927 годзе ў сваіх артыкулах заклікалі да бязлітаснай барацьбы з "нацдэмамі", "нацыяналістамі", канкрэтна называючы іх прозвішчы. Адным з першых трапіў ў такую паводле мерак савецкай ідэалогіі варожую катэгорыю людзей пісьменнік Анатоль Вольны. Але як трохі ўціхлі паклёпы на яго, ён ужо сам ўзяўся граміць на старонках друку рознай масці "нацыяналістаў" і "нацдэмаў".

Неўзабаве ў стан агентаў міжнароднай буржуазіі, беларускіх буржуазных контррэвалюцыянераў і нацыянал-дэмакратаў "загналі" пісьменнікаў Адама Бабарэку, Язэта Пушчу, Уладзіміра Дубоўку. Менавіта такімі варожымі элементамі яны значыліся ў рэзалюцыі агульнага сходу творчага аб'яднання беларускіх пісьменнікаў "Узвышша" ад 30 лістапада 1930 года, якую падпісалі Максім Лужанін, Тодар Кляшторны, Сяргей Дарожны, Кузьма Чорны, Кандрат Крапіва, Андрэй Мрый, Змітрок Бядуля, Пятро Глебка, Лукаш Калюга. У часопісе "Узвышша" (1928, № 910) яна была надрукавана пад такім страшэнным загалоўкам "Патрабуем жорсткай кары агентам міжнароднай буржуазіі ў Савецкай Беларусі - беларускім контррэвалюцыйным нацыянал-дэмакратам". Ахарактарызаваўшы "шкодніцкую сутнасць" беларускага нацдэмакратызму, аўтары рэзалюцыі без усялякіх падстаў адкрыта заявілі, што дзякуючы старанням былых лідараў "Узвышша" Бабарэкі, Пушчы, Дубоўкі ён пранік і ў гэтае літаратурнае згуртаванне. "Мы вітаем,  заяўлялася ў рэзалюцыі сходу,  дбайнага вартаўніка рэвалюцыі - АДПУ (рэпрэсіўнае Аб'яднанае дзяржаўнае палітычнае ўпраўленне. - Л. Л.), які выкрыў контррэвалюцыйную нацдэмаўскую арганізацыю. Мы патрабуем самай суровай кары тым, хто імкнуўся адарваць БССР ад сусветнай бацькаўшчыны пралетарыяту - СССР, хто сваёй агіднай здрадніцкай дзейнасцю падрываў сацыялістычнае будаўніцтва і хто, будучы лёкаем сусветнае буржуазіі і польскага фашызму ў прыватнасці, імкнуўся аднавіць капіталістычны лад і крывёю рабочых і сялян заліць агонь Вялікага Кастрычніка, зруйнаваць вынікі сацыялістычнага будаўніцтва ў Савецкай Беларусі". 1

Вось такі суровы прысуд далі сваім сябрам па пяру ўдзельнікі агульнага дурной памяці сходу "Узвышша". На шчасце, час для вынясення такой несправядлівай цяжкай кары, як патрабавалася ў рэзалюцыі, яшчэ не надышоў. Для мяне застаецца да канца не зразумелым, чаму асобы, што падпісалі гэтую ганебную рэзалюцыю, не паспрабавалі са з'яўленнем у 1950-я гады дзякуючы першаму сакратару ЦК КПСС Мікіце Хрушчову адлігі ў міжнацыянальных дачыненнях даць крытычную ацэнку свайму недобрасумленнаму, нетаварыскаму ўчынку, каб хоць крыху зменшыць віну за грубае абгаворванне адданых ідэі беларускага Адраджэння пісьменнікаў? А час жа для пакаяння быў у М. Лужаніна, К. Крапівы, П. Глебкі.

У сваім жа асяроддзі бязвіннай ахвярай паклёпу стаў пісьменнік М. Зарэцкі, якога 6 снежня 1929 года на адкрытым сходзе першаснай ячэйкі КП(б)Б Белдзяржвыдавецтва выключылі з партыі, назваўшы прадстаўніком і прапагандыстам нацыянал-дэмакратычных і шавіністычных поглядаў. Сярод тых, хто вельмі горача абураўся супраць варожай дзейнасці М. Зарэцкага, быў і добра вядомы на той час паэт Міхась Чарот (член ЦВК БССР). На гэтым жа сходзе добра перапала і Алесю Дудару за прапаганду ідэй самабытнасці Беларусі. У лютым 1930 года па ініцыятыве паэта Андрэя Александровіча (у 19301937 гг. з'яўляўся членам ЦВК БССР) камуністычная фракцыя сакратарыяту Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў (БелАПП) разглядала і сурова асудзіла паводзіны ўжо высланага з Беларусі А. Дудара за, як сказана ў пастанове гэтага сакратарыяту, "антысавецкі ўчынак": напісанне верша "Пасеклі наш край". Пастанова заканчвалася словамі: "Камфракцыя сакратарыяту БелАПП заклікае пісьменніцкую і ўсю пралетарскую грамадскасць даць як след па руках контррэвалюцыйным элементам, якія ў сваім азлабленні зарываюцца надта далёка". 1 І шмат каму сапраўды далі "як след па руках".

І ўсё ж горшае, што наканавана было зведаць беларусізацыі і яе самым гарачым прыхільнікам, актывістам, заставалася наперадзе. Кожным разумелася, што падзеі пачалі развівацца менавіта ў такім напрамку. Калізіі абвастрыліся не толькі паміж работнікамі дзяржаўнага і партыйнага апаратаў, але і ў асяроддзі мастацкай, навуковай інтэлігенцыі, што самым негатыўным чынам адбівалася на ходзе беларусізацыі, на настроях масаў, якія дзякуючы ўмелай працы з імі прымкнулі да адраджэнцкага руху.

Такім складаным, цяжкім, супярэчлівым стаўся лёс беларусізацыі на стыку другогатрэцяга дзесяцігоддзяў ХХ стагоддзя. Ужо ў канцы 20-х гадоў, калі ў рэспубліцы на ўсю моц зашугала полымя барацьбы з надуманымі, няіснымі нацдэмамі, сям-там пачаў назірацца спад нацыянальнай актыўнасці масаў. Нягледзячы на гэта, да самага ўступлення ў новае, як пакажа жыццё, самае трагічнае трэцяе дзесяцігоддзе ХХ стагоддзя беларускае Адраджэнне ў цэлым заставалася вызначальным фактарам развіцця рэспублікі. Бясспрэчна, калі і ў далёка не спрыяльных умовах беларусізацыя ўсё ж выйшла на даволі высокі рубеж, няўмольна працягвала свой рух наперад, тык толькі тому, што сам народ паверыў ва ўласныя сілы, нястрымана пацягнуўся да ведаў па айчыннай гісторыі, палюбіў сваю духоўную спадчыну, праявіў велізарную здольнасць і моцнае жаданне да нацыянальна-культурнага Адраджэння.

Актыўная пазіцыя шараговых, простых людзей у адраджэнцкім руху надавала моц, пасяляла ўпэўненасць у перамозе беларусізацыі. У свой час горача вітаў вялікае жаданне народных мас да стваральнай нацыянальна-культурнай працы пісьменнік М. Зарэцкі. Вуснамі адной з асобаў неапублікаванай часткі рамана "Крывічы" ён выказаў такое прадбачанне: "Зьнізу, з зямлі вырасьце наш рэнесанс… І ён расьце ўжо, узьнімаецца, ён бушуе ўжо такімі магутнымі хвалямі, якія многа чаго могуць пазьмятаць на сваёй дарозе…" 1

Вера народа ў беларусізацыю дазваляла даволі актыўна праводзіць яе ў жыццё нават і тады, калі ўжо пачалі выяўляцца зусім процілеглыя ёй тэндэнцыі ў міжнацыянальных адносінах. Прагрэсіўныя станы нацыі працягвалі смела адстойваць яе інтарэсы. Спаслацца тут можна на наркамасветы БССР А. Плажуна, які ў 1929 годзе рабіў у Менску даклад на сходзе камсамольскага актыву. Многія з прысутных на ім шмат гаварылі пра праявы "нацдэмакратызму", аднак першая асоба на ніве беларускай асветы не пабаялася заявіць, што адным са сродкаў змагання з вялікарускім дзяржаўным шавінізмам "з'яўляецца правільнае ленінскае правядзенне нацпалітыкі, у прыватнасці, беларусізацыі". Ён выказаў непакой, што многія з тых, якія, раней ужо досыць добра гаварылі беларускаю моваю, цяпер выступаюць "прынцыпова" на расійскай. На вялікі жаль, такія выпадкі заўважаюцца і з боку паасобных членаў партыі і камсамольцаў." 2

Да канца 1920-х гадоў у сродках масавай інфармацыі не спыняліся даводзіць беларускаму народу пра небяспечны для яго характар падрыўных дзеянняў з боку розных прадстаўнікоў вялікадзяржаўных шавіністаў. Папярэджваў аб гэтым і ўжо не раз цытаваны мною А. Сянькевіч, на думку якога найбольш характэрнымі праявамі вялікадзяржаўнага шавінізму якраз і з'яўляецца яго актыўнае і пасіўнае супраціўленне палітыцы беларусізацыі. Ён не пагаджаўся з пазіцыямі тых, якія ў беларускім нацдэмакратызме бачылі большую небяспеку, чым ў вялікадзяржаўным шавінізме, хаця лічыў, што і барацьба з першым павінна быць у цэнтры ўвагі. Сведчаннем прыхільнасці А. Сянькевіча да беларусізацыі з'яўляецца частае падкрэсліванне неабходнасці ўзмацнення тэмпаў яе правядзення. 3 Такія погляды выказваліся тады многімі дзяржаўнымі і партыйнымі асобамі, вучонымі, прадстаўнікамі творчай інтэлігенцыі. І на зыходзе 1920-х гадоў беларусізацыя працягвала павялічваць сваё прагрэсіўнае ўздзеянне на ўсе сферы грамадскага жыцця, хаця з кожным годам у яе з'яўлялася ўсё больш і больш праціўнікаў і самае страшнае - сярод уплывовых асобаў, якіх, як надыдзе час, пастараецца выкарыстаць у сваіх інтарэсах Масква.

Абуджэнне этнічнай самасвядомасці карэннага насельніцтва Беларусі гулкім рэхам адгукнулася ва ўсіх тых кутках планеты Зямля, дзе жылі яго супляменнікі. Вось, да прыкладу, што паведамлялася ў пятым нумары часопіса "Полымя" за 1925 год у хроніцы "За рубежом": "Культурнае таварыства імя д-ра Ф. Скарыны ў Празе чэскай прыслала прывітаньне Інбелкульту.

У Рызе пачала выдавацца беларуская газета "Голас Беларуса" пад рэдакцыяй К. Езавітава. Вышлі ўжо 6 нумароў.

Латыскае правіцельства зачыніла Люцынскую беларускую гімназію, матывуючы тым, што ў ёй вучыцца мала вучняў, якія вельмі дорага абыходзяцца. Усе беларускія арганізацыі ў Латвіі падалі пратэст прэзыдэнту Латвійскае рэспублікі.

У Дзьвінску адчыніўся аддзел беларускага культурна-асьветнага таварыства "Беларуская хата".

У Коўне вышаў з друку крыўска-расійскі слоўнік В. Ластоўскага. Тым-жа выдавецтвам рыхтуецца да друку зборнік, прысвечаны 400-годзьдзю беларускага друку.

Ганна Душэўская, якая скончыла ў Бэрліне консэрваторыю па аддзеле сьпеваў, пералажыла на беларускую мову некалькі чужаземных опер. Г. Душэўская жыве зараз у Рэвелі (Эстонія).

Беларускім культурна-асветным таварыствам у Рызе "Беларуская хата" з'організаваны духавая оркестра, у якой прымае ўдзел беларуская працоўная моладзь з фабрык ды заводаў. Оркестра працуе пяць месяцаў і зрабіла ўжо значныя посьпехі." (сс. 214215).

Пазітыўныя перамены ў нацыянальна-культурным жыцці беларускага народа шчыра радавалі яго сапраўдных сяброў з розных краін замежжа. З вялікім жаданнем яны наведвалі нас, каб на свае ўласныя вочы пабачыць, як тут адбываецца адраджэнскі працэс. Багатыя ўражанні, да прыкладу, атрымаў і выказаў іх у друку пасля паездкі ў 1927 годзе ў Беларусь вядомы чэшскі грамадска-палітычны дзеяч Здэнак Неедла. Нацыянальна-культурнае адраджэнне нашага краю, на што была скіравана дзяржаўная палітыка беларусізацыі, выклікала вялікую радасць ва ўсіх славянскіх краінах, бо ніводная з іх не жадала, каб беларускі народ стаў ахвярай культурна-моўнай асіміляцыі, што так рэальна яму пагражала на сконе існавання Рэчы Паспалітай і на працягу ўсяго перыяду знаходжання ў межах царскай імперыі.

У краінах еўрапейскага кантыненту не мелася аніводнай з такім жорсткім, рэкцыйным палітычным рэжымам, як у Расіі. Вялікія этнічныя страты панеслі ад яго нярускія народы, але найбольш беларускі. Ён не можа не быць удзячным Кастрычніцкай рэвалюцыі, хаця і дала яна апошняму права на стварэнне не больш, як сімвалічнай дзяржавы ў форме БССР, з дапамогай якой толькі і стала магчымым выпрацаваць, пачаць ажыццяўляць праграму нацыянальна-культурнага Адраджэння, нягледзячы на ўсе цяжкасці і перашкоды. Разгортванню барацьбы беларусаў за выжыванне, сцвярджэнне сябе ў якасці самабытнага этнасу садзейнічаў аналагічны рух, якім былі ахоплены ў той час усе нацыянальныя рэгіёны былой Расійскай імперыі, многія народы зямнога шара. Беларусізацыя арганічна ўпісваецца і ў іх шматгадовую, упартую барацьбу за нацыянальнае вызваленне, шмат у чым узбагачае сусветную практыку змагання народаў за сваё нацыянальна-культурнае адраджэнне.

4. Адраджэнцаў абвінавачваюць у "нацдэмакратызме"

Спрыяльны для беларусізацыі час выдаўся вельмі кароткім. Адлічваўся ён не дзесяцігоддзямі, а ўсяго толькі некалькімі шчаслівымі гадамі. І тлумачыцца гэта тым, што ў доўгачаканага беларускага Адраджэння з'явілася шмат сур'ёзных, палітычна ўплывовых праціўнікаў. Дарэчы, недахопу ў іх не зведвалася нават у самы пік нацыянальнага ўздыму. І калі нягледзячы на ўсё гэта беларусізацыя нязменна ішла ўгару, дык не ў апошнюю чаргу дзякуючы таму, што ёю ўмела, узважана кіравалі адпаведныя структуры дзяржаўных і партыйных органаў, на баку якіх непахісна стаялі бальшыня навуковай, творчай, педагагічнай інтэлігенцыі, перадавыя, нацыянальна самасвядомыя прадстаўнікі сялянства, рабочага класа.

За пачатаку свядомага абмежавання далейшага руху беларусізацыі наперад з усёй падставай можна лічыць аб'яўленую ў рэспубліцы ў канцы 20-х гг. барацьбу з надуманымі буржуазнымі нацыянальнымі дэмакратамі ("нацдэмамі"). Многія ж з іх з'яўляліся самымі актыўнымі змагарамі за правядзенне ў жыццё якраз тых мерапрыемстваў, што вынікалі з дзяржаўнай палітыкі беларусізацыі. Для развязвання рук і ўчынення пагромаў сапраўдныя ворагі народа выдумалі ў 1930 годзе версію аб наяўнасці ў нас нацыяналістычнай і антысавецкай падпольнай арганізацыі "Саюза вызвалення Беларусі", хаця нават самаму маладасведчанага ў палітыцы чалавеку было добра вядома, што такой маленькай рэспубліцы вызваліцца з-пад магутнай улады Цэнтру - зусім не рэальная з'ява. А беларусы ж народ вельмі разважлівы, і калі яны на што-небудзь адважацца, дык толькі тады, калі да канца ўпэўнены ў станоўчым ажыццяўленні свайго намеру.

Першы сур'ёзны ўдар па нацыянальнаму руху быў нанесены ў 1930 годзе, таму што замахнуліся не на шараговых праціўнікаў, а на самыя інтэлігентныя, найбольш прафесійна падрыхтаваныя да патрэбаў беларусізацыі сілы. Паводле сфабрыкаванай органамі Аб'яднанага дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення (АДПУ) НКУС БССР справы "Саюз вызвалення Беларусі" бязвінна арыштоўваюцца звыш ста чалавек, сярод якіх пераважалі найбольш аўтарытэтныя ў народа прадстаўнікі творчай і навуковай інтэлігенцыі. У ліку арыштаваных беларусы складалі ледзь не 90 працэнтаў. Не пазбег арышту нават сямідзесяцігадовы старшыня камісіі Інбелкульта па складанні слоўніка беларускай мовы Браніслаў Эпімах-Шыпіла. Праўда, у верасні яго і яшчэ 17 чалавек, што праходзілі па дадзенай справе, вызвалі з-пад арышту.

Аднак 1930 год мог бы азнаменавацца і прыемнай навіной для беларускага народа. У пачатку гэтага года спецыяльная Правапісная камісія ў складзе С. Некрашэвіча (старшыня), Я. Лёсіка, В. Ластоўскага, П. Бузука, Я. Бялькевіча, Я. Купалы, Я. Коласа, У. Чаржынскага, А. Багдановіча і іншых высокакваліфікаваных спецыялістаў ў галіне беларускай філалогіі пасля нялёгкай больш чым двухгадовай працы выдала "Беларускі правапіс (праект)", які быў значным крокам наперад у параўнанні з беларускай граматыкай Б. Тарашкевіча. Але неўзабаве пасля аб'яўлення барацьбы з г. зв. нацдэмаўшчынай бальшыня членаў Правапіснай камісіі падлегла рэпрэсіі і не магла браць далейшага ўдзелу ва ўнармаванні беларускай мовы, хаця факт шырокага яе ўжывання ў службовым справаводстве, педагагічным працэсе ўсіх тыпаў навучальных устаноў, у навуцы рабіў надзвычай неабходным такое ўнармаванне. Праціўнікі беларускага Адраджэння не збаяліся нават аб'явіць "Беларускі правапіс (праект)" нацдэмаўскім.

За вялікую недарэчнасць трэба прызнаць, што акрамя афіцыйных ідэолагаў, як след прыклалі руку да барацьбы з беларусізацыяй ужо на самым пачатку 30-х гг. некаторыя вучоныя, асабліва філосафы, што найбольш блізка стаялі да партыі, уладных структур рэспублікі. За гранічна каротні тэрмін яны ў якасці выканання сацыяльнага заказу дзяржавы і партыі выдалі вельмі шкодную паводле сваіх вынікаў кнігу "Навука на службе нацдэмаўскай контррэвалюцыі" (Мн., 1931), у якой у крывым люстэрку былі паказаны найбольш адметныя старонкі дарэвалюцыйнага беларускага нацыянальнага руху, а таксама многія важныя падзеі, выкліканыя да жыцця беларусізацыяй. Звяртанне да недалёкага мінулага айчыннай гісторыі было выклікана не жаданнем яе папулярызацыі ў народзе, а толькі, паводле сцвярджэння саміх аўтараў, намерам як мага найлепш "ператрусіць на вачох шырокіх мас ідэёвы багаж нацдэмаў…" (с. 7).

Першая частка гэтай кнігі "Ідэалогія і мэтодолёгія нацдэмакратызму" належала пяру галоўнага партыйнага тэарэтыка па выкрыцці "нацдэмаў" Сямёну Вальфсону, ураджэнцу г. Бабруйска. Кінуўся ён у гэтую бойку ўжо даволі вядомым у рэспубліцы чалавекам: меў высокае званне правадзейнага члена Беларускай акадэміі навук (БАН). Партыі бальшавікоў вельмі падабалася кіпучая энергія С. Вальфсона ў змаганні з беларускімі "нацыяналістамі", што паспрыяла яму зняць у год выдання названай кнігі пасаду дырэктара Інстытута філасофіі і права БАН. Філосаф з усёй моцы імкнуўся апраўдаць той давер, якім ён карыстаўся ў партыйных і савецкіх органаў. Добра гэта бачыцца і ў яго самым вядучым у кнізе "Навука" на службе нацдэмаўскай контррэвалюцыі" раздзеле.

Паводле С. Вальфсона вытокі беларускага "нацдэмакратызму" трэба шукаць ужо ў дзейнасці Францішка Багушэвіча і Яна Неслухоўскага (літаратурны псеўданім Янка Лучына). Другой яго фазай з'яўляўся "нашаніўскі перыяд" (зара "нацдэмакратызму"), а трэцяй - перыяд контррэвалюцыйнага выраджэння "нацдэмакратызму", які супаў з гадамі беларусізацыі. Кожная з гэтых фазаў "нацдэмакратызму" і стала аб'ектам бязлітаснай крытыкі вучонага, які дзеля таго, каб выслужыцца перад дзяржаўнай і партыйнай уладамі, без усялякіх хістанняў пайшоў на свядомую фальсіфікацыю гістарычных фактаў. Найбольш жа несправядлівым і злым суддзёй ён быў да тых, хто працаваў на ніве беларускага Адраджэння ў паслякастрычніцкі час. В. Ластоўскага, які так шмат энергіі і таленту аддаў распаўсюджванню ў гушчах народа высакароднай нацыянальнай ідэі, лідар беларускай савецкай афіцыйнай філасофіі назваў смяротным ворагам рэвалюцыі. Ён не пагаджаецца з наступнай ацэнкай В. Ластоўскім ролі беларускай мовы: "Калі-б нашую родную, Богам нам дадзеную і ўсьвячоную - беларускую мову закінулі, забыліся, а прынялі чужую,  тагды па ўсіх нас і сьлед загінуў-бы на зямлі", крытыкуе яго азначэнне БДУ імя Леніна, як Маскальска-Жыдоўска-Польскую вучэльню, "якая чамусьці падшываецца пад найменне "Беларускага ўніверсітэту" (с. 62). Пісаў жа гэта В. Ластоўскі ў 1927 годзе, калі, як паказвалася вышэй, беларусізацыя ў гэтай навучальнай установе яшчэ не набыла належнага маштабу і сапраўды яе дзейнасць па форме (мове навучальна-выхаваўчага працэсу) не адпавядала назве "Беларускі ўніверсітэт".

Не мог С. Вальфсон абысці крытыкай другога актыўнага змагара за нацыянальнае Адраджэнне Я. Лёсіка, выказаўшы сумненне адносна такіх яго думак пра беларускую мову: "Народ трэба вучыць, яму трэба паказаць, што пакуль не запануе ў краі яго наша родная мова, беларуская мова, да таго часу ён будзе бедны, цёмны і галодны" ("Вольная Беларусь", 1918, № 15). І далей. "Для нас мова становіць усё: нашу політыку, экономіку і наш грамадзянскі лад жыцця… Мова - гэта адзіны наш скарб, што захаваў народ ад свае прошласьці і што, такім чынам, толькі мова з нядолі нас вызваліць" ("Вольны Сьцяг", 1921, " 4 (6). А гэта ж усё сапраўды было так. Прыкаванне Я. Лёсікам увагі беларусаў да незайздроснага лёсу іх роднай мовы дапамагала шырыць змаганне народных масаў за яе выжыванне, распаўсюджванне ў розных сферах грамадскага жыцця.

Бязлітасна выкрываючы ўяўна варожую дзейнасць "нацдэмакратаў", С. Вальфсон у цэлым стаіць усё ж за беларусізацыю, але толькі ў тых рамках, якія ёй вызначылі афіцыйныя ўлады, што хоць трохі змяншае меру яго адказнасці за прычыненую шкоду беларускай справе. Ён справядліва крытыкаваў памылкоыя погляды пісьменніка М. Зарэцкага, паводле якога вывучэнне беларускай мовы адбываецца нібыта толькі з адзінай мэтай: лягчэй згаварыцца з сялянамі пры збіранні падаткаў ("Крывіч", 1924, " 1(7)), што беларусізацыя ёсць хітрая штука, стаўка на форму. М. Зарэцкі памыляўся тут, бо беларусізацыя ўсё ж прывяла да пазітыўных перамен і ў развіцці нацыянальнай культуры, забяспечыла даволі масавае вылучэнне прадстаўнікоў карэннага насельніцтва на высокія пасады ў сферы кіравання. Нельга не стаць на бок С. Вальфсона, калі ён слушна крытыкуе прафесара Віцебскага ветэрынарнага інстытута Макарэўскага за нежаданне друкаваць свае працы на беларускай мове, выкладчыка Горацкага рабфака Матушына за сцвярджэнне быццам сам беларускі народ не жадае размаўляць на роднай мове. Уляцела ад Вальфсона і яўрэйскім шавіністам, якія пад ручку з вялікадзяржаўнымі шавіністамі так вядуць барацьбу з "нацдэмамі", што толькі ганьбяць беларусізацыю.

Другая частка кнігі "Навука" на службе нацдэмаўскай контррэвалюцыі" прысвечана выключна толькі мовазнаўству, што зусім не выпадкова, улічваючы вялікую ролю гэтай галіны навукі ў распрацоўцы тых праблем, якія паставіла перад жыццём беларусізацыя. Аўтары названай часткі кнігі Л. Бабровіч, Ів. Шпілеўскі, В. Бандарэнка, С. Вальфсон, Я. Мацюкевіч пачынаюць яе такімі наступальнымі, асуджальнымі словамі: "Мовазнаўства зьяўляецца адным з найбольш паражоных контр-рэвалюцыйным нацдэмократызмам вучасткаў ідэолёгічнага фронту БССР. Мовазнаўчая галіна была асноўным плацдармам ваяўнічага нацдэмакратызму. Адсюль нацдэмы запускалі свае шчупальцы ў іншыя навуковыя дысцыпліны".

Такой запеўцы кнігі адпавядала бальшыня яе старонак, якія стракацелі выразамі тыпу: мова з'яўляецца "адной з прылад клясавага наступлення", у грамадстве вядзецца клясавая барацьба на лінгвістычнай глебе, "мова клясавага грамадства наскрозь прасычана клясавасьцю". "Нацдэмы" абвінавачваліся ў тым, што яны "фетышызавалі ролю і вызначэньне мовы, абвяшчалі мову тою адзінаю асноваю, на якой павінна "адрадзіцца" беларуская нацыя". Крытыкаваць жа за гэта "нацдэмаў" не было аніякіх падстаў, бо і сапраўды адраджэнне беларускай нацыі ў перыяд беларусізацыі больш за ўсё залежала ад стану яе роднай мовы. І вельмі справядліва, разумна, што яна заўсёды была асяродкам, галоўным звяном беларусізацыі.

Аўтары не абмінулі ўвагай нават тыя выказванні пра беларускую мову, якія былі зроблены дзесяць і болей гадоў таму назад. Прыдраліся і да яўрэя па паходжанні Змітрака Бядулі. Ён з незвычайнай цеплынёй гаварыў у 1918 годзе пра беларускую мову, якая стала рабочай і для яго мастацкіх, публіцыстычных твораў: "Наша мова - гэта сьвятыня - пакутніца, якая выстаяла розныя пыткі і варожыя націскі, і аднак-жа ні далася - жыве па сягонешні дзень - самая сьвежая, зычная, пекная і чыстая паміж усіх славянскіх моваў" ("Беларускі шлях", 1918, № 114).

Структура кнігі не дазваляе вызначыць, каму з аўтараў належаць тыя ці іншыя старонкі яе, бо асобныя з іх (шкода, што вельмі мала такіх) напісаны з правільных пазіцый і, зразумела, хацелася б ведаць, чыя заслуга ў гэтым. Асабліва абгрунтавана адкінуты ў кнізе як памылковыя погляды тых, хто лічыў, раз пралетарыят той ці іншай нацыі русіфікаваны (а ў беларусаў гэта дасягнула найвышэйшай адзнакі), дык і мова ўсёй дадзенай нацыі павінна русіфікавацца. Такія погляды слушна былі ацэнены як праявы рускага вялікадзяржаўнага шавінізму і прапаноўвалася "не ператвараць факту моўнай асыміляванасьці пролетарыяту данай нацыянальнасьці ў сьляпую неабходнасць" (с. 146). Зусім справядліва галоўным на тым этапе нацыянальнай палітыкі прызнаваліся "самае шырокае ўцягваньне рабочых мас у рэчышча беларусізацыі, арганізацыя гурткоў вывучэньня беларускай мовы на нашых фабрыках і заводах, стварэньне пунктаў навучаньня беларускай мове і груп вывучэньня беларускай літаратуры і г. д." Не збаяліся нават заявіць, што трэба "даваць жорсткі адпор ліквідатарскім настроям у адносінах да беларускай мовы" (с. 147).

Шырокую магчымасць "паваяваць" з "нацдэмаўшчынай" на старонках кнігі "Навука…" далі таксама гісторыкам і этнографам. І гэта не выпадкова, бо каб зрабіць чалавека абыякавым да лёсу сваёй нацыянальнасці, яго ў першую чаргу трэба пазбавіць гістарычнай памяці. Афіцыйным гісторыкам не спадабалася, што некаторыя з аўтараў бачаць у мінулым беларускага народа штосьці адметнае ад рускага. Таму змест глыбокага асэнсавання вынікаў археалагічных даследаванняў, дакументальнага гістарычнага матэрыялу, атрыманых падчас этнаграфічных экспедыцый звестак аўтарамі кнігі, разглядаемай тут мною, галоўнае пры аналізе той ці іншай гістарычнай працы звярталася на тое, як яна знітоўвае ў адно цэлае мінулае беларускага і рускага народаў. Зыходзячы з такой заганнай метадалагічнай устаноўкі, Л. Бабровіч, І. Шпілеўскі, Майсей Грынблат, Аляксандр Ляўданскі "волатакрыўскую тэорыю" паходжання беларусаў без усялякай навуковай дыскусіі назвалі "адным з кітоў нацдэмаўскага крэдо". А як вядома, яшчэ ў канцы ХVІІІ стагоддзя і англійскі гісторык Ватсон ужываў тэрмін "Крывія" ў дачыненні да славянскай часткі Літвы, а пазней і на старонках польскай навуковай літаратуры жыхароў Беларусі называлі "крывічанскімі" ці "крывіцкімі славянамі". Да 1861 года і многія рускія вучоныя карысталіся тэрмінамі "крывічанская мова", "племя крывічанскае". Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі самымі вялікімі прыхільнікамі этноніма "крывічы" былі Вацлаў Ластоўскі і яго вучань Аляксандр Шлюбскі, за што ім моцна перапала ад вышэйназваных вучоных.

На старонках гэтай часткі кнігі вострай крытыцы падпалі аўтары, якія асмельваліся пісаць аб станоўчым культурным уплыве беларусаў на рускіх, бо тады ў афіцыйнай гістарычнай навуцы дапускалася толькі адваротнае; а таксама гісторыкі мастацтва, што стаялі за захаванне чыста беларускага стылю ў архітэктуры і ў яе пасляваенным развіцці адзначалі непажаданасць празмернага ўплыву на апошнюю "маскоўшчыны". Непатрэбным, а не дык шкодным аб'яўлялася напаўненне музеяў старажытнымі рэчамі, асабліва рэлігійнага культу. З'яўлялася, без усялякіх на гэта падстаў, што музеі на Беларусі "з зброі культурнай рэвалюцыі ператвараліся ў сховішчы царкоўшчыны і старажытных "каштоўнасцяй", што "стаўкай на старажытнасьць нацдэмы дамагаліся адцягнуць нашы музеі ад удзелу ў сацыялістычным будаўніцтве, ад выкананьня задач сёньняшняга дня". Такая "варожая" дзейнасць музеяў тлумачылася свядомым шкодніцтвам, агульнымі ўстаноўкамі "нацыянал-дэмакратызму", накіраванымі "на зрыў будаўніцтва сацыялізму, барацьбу з дыктатурай пралетарызму і рэстаўрацыю капіталізму" (с. 237). Каб пакончыць з такой "антысацыялістычнай" практыкай, прапаноўвалася ў далейшым пры падборы экспанатаў для музеяў прытрымлівацца класавага падыходу.

Падобнага роду суровыя, несправядлівыя ацэнкі беларускім "нацдэмам" часта можна было прачытаць на старонках перыядычнага друку, пачуць па радыё. Усё гэта не магло не насцярожваць тых, хто працягваў верыць, жыць ідэяй беларусізацыі. Пад страхам апынуцца ў спісе палітычна ненадзейных і, значыцца, панесці адказнасць перад судом пачаў мяняць свае пазіцыі, даў задні ход і вядомы беларускі этнограф, мовазнавец, літаратуразнавец Мікалай Каспяровіч (19001937 гг.), які сваімі цікавымі, змястоўнымі працамі па архітэктуры і краязнаўстве ўнёс каштоўны ўклад у нашу агульнанацыянальную справу. Але незадоўга да высылкі ў Сібір (1930 г.) ён у артыкуле "Разгорнем школьны турызм" для часопіса "Камуністычнае выхаванне" гэты патрэбны, карысны від заняткаў вучняў імкнуўся звесці да зусім непатрэбанага, шкоднага накірунку, што вынікае з наступнай думкі аўтара: "У даны момант асноўная задача экскурсійнай справы і турызму з'яўляецца прапаганда нашага гаспадарска-культурна-палітычнага будаўніцтва. У час экскурсій ці вандраванняў, у першую чаргу трэба выявіць, што зроблена ў даным краі за рэвалюцыйны час, што робіцца зараз і што мае рабіцца на працягу пяцігодкі (1928/291932/33 гг. - Л. Л.). Розныя цэрквы, магілы і да іх падобныя "выдатнасці", якімі часам засмечваюцца экскурсіі, калі і павінны прыцягваць увагу экскурсантаў і турыстаў, дык толькі ў мэтах антырэлігійнасці і дзеля выяўлення старога ладу, як ворага пралетарскай дзяржавы". 1 Між іншым ад таго часу такога накірунку нашае школьнае краязнаўства прытрымлівалася аж да пачатку 1990-х гадоў.

Сярод беларускай інтэлігенцыі панавала глыбокая занепакоенасць, назіралася частая змена поглядаў на адно і тое ж пытанне ў залежнасці ад пэўных абставін. Здаралася, што ў прачытаных блізка па часе дакладах каго-небудзь з аўтараў адна і тая ж падзея атрымлівала зусім розныя адзнакі. Але горш за ўсё, калі людзі, што мелі пэўныя заслугі перад беларусізацыяй, пачыналі альбо свядома, альбо па чыім-небудзь загадзе чырніць яе актыўных прыхільнікаў.

Нешта падобнае здарылася з наркамам асветы БССР А. Платуном. Выступаючы ў 1930 годзе на сходзе камсамольскага актыву Менска, ён зусім слушна сказаў: "Вядомая рэч, што нац. культуру мы будуем у форме нацыянальнай, а па зместу пралетарскай, але ж гэта не значыць, што мы адкідваем зусім культурную спадчыну старога часу - буржуазную. Мы бярэм з буржуазнае культуры нам патрэбнае, скарыстоўваем гэтае патрэбнае да нашых задач, для ўзмацнення дыктатуры пралетарыяту". 1 Лагічным быў бы працяг гаворкі аб тым, як мінулая духоўная спадчына беларусаў - няхай сабе і створаная прадстаўнікамі буржуазіі - пачала ўзбагачацца здабыткамі новага, паслярэвалюцыйнага часу. Але прамоўца, аддаючы даніну тагачаснай модзе, уступіў у бескампрамісную палеміку з уяўнымі ворагамі беларускага народа нацдэмакратамі. Да самых небяспечных праяў "нацдэмакратызму" наркам залічваў: празмернае засяроджванне паасобнымі прадстаўнікамі мастацкай і навуковай інтэлігенцыі ўвагі на практычных праблемах буларусізацыі, тэатральную дыскусію 19281929 гг., у час якой, як вядома, была выказана абгрунтаваная занепакоенасць, што ў беларускіх тэатрах вельмі мала ставіцца п'ес на мясцовыя матэрыялы, амаль зусім не выкарыстоўваюцца лепшыя творы зарубежнай драматургіі. Не пагадзіўся А. Платун з тым лістом М. Зарэцкага, А. Дудара і А. Александровіча ў газету "Савецкая Беларусь", у якім яны тлумачылі сваю адмову працягваць вучобу ў БДУ тым, што тут выступаюць супроць беларусізацыі. Але больш за ўсё ён крытыкаваў надуманыя нацдэмаўскія выступленні ўдзельнікаў пленума Цэнтральнага Савета навуковых працаўнікоў Беларусі, які праходзіў у 1929 годзе ў Менску. А. Платуну вельмі не спадабалася, што ў выступленні аднаго з прамоўцаў прагучалі на адрас дзяржаўных і партыйных кіраўнікоў такія словы: "Вы гаварыце, каб уся наша работа была прасякнута пралетарскай класавай ідэалогіяй, каб усе метады работы былі марксісцкія, што мы павінны вучыцца марксізму і г. д., а мы хочам, каб вы вучыліся па-беларуску, каб вы добра ведалі беларускую мову". 1

Шкода, што ў цытаваным артыкуле часопіса не называецца імя гэтага навукоўца, бо тое, што ён сказаў і занадта смелае, і вельмі справядлівае. Смелае таму, што без вялікай любові да Бацькаўшчыны, без шчырага жадання зрабіць запісанае ў планах беларусізацыі рэальнасцю, такога не адважышся сказаць публічна і тым больш у час, калі ўжо пачаўся адлоў "нацдэмаў".

І вельмі трагічна для беларусізацыі, што ганенні на іх пачаліся перш за ўсё ў асяроддзі навукоўцаў і пісьменніцкай інтэлігенцыі. Выходзіць, адпаведныя службы НКУСа БССР добра ведалі, на кім трымаецца ідэя беларускага нацыянальна-культурнага Адраджэння. Выдатных беларускіх вучоных браліся ганьбіць у перыядычным друку нават і тыя, хто меў вельмі цьмяныя ўяўленні пра ролю навукі ў грамадстве. Прычым больш за ўсё стрэлаў скіроўвалі ў бок Беларускай акадэміі навук, заснаванне якой 1 студзеня 1929 года так урачыста вітала грамадскасць рэспублікі. Але мінула зусім мала часу і панесліся чуткі, што ў гэтай саліднай, аўтарытэтнай навуковай установе звілі гняздо зацятыя ворагі беларускага народа, сярод якіх першую скрыпку іграюць ні хто іншыя, як самі акадэмікі. Ва ўмовах такой "варожай дзейнасці" акадэмікаў не мог заставацца безпакараным і сам прэзідэнт БАН У. Ігнатоўскі. Вучонага зацягалі па розных дзяржаўных і партыйных установах. Не будучы ў стане перанесці ўсе здзекі, ён у лютым 1931 года канчае сваё жыццё самагубствам. Нешчаслівым быў лёс і наступных спадкаемцаў першага прэзідэнта БАН Паўла Горына і Івана Сурты, якіх пазней Ваенная калегія (і гэта ў дачыненні да людзей такой мірнай цывільнай прафесіі?!) асудзіла да выключнай меры пакарання. Не пазбеглі ад расправы акадэмікі БАН Зміцер Жылуновіч і Браніслаў Тарашкевіч, літаратуразнавец Іван Замоцін (рускі па паходжанні, ураджэнец Цвярской губерні), гісторык і паэт Стасіс Матулайціс (літовец па паходжанні), эканаміст і пісьменнік Іван Пятровіч (псеўданім Нёманскі), педагог Павел Панкевіч, бальшыні з якіх вынеслі смяротны прысуд. Страта такіх людзей бясследна не прайшла ні для навукі, ні для беларусізацыі.

Той, хто не жартам распачаў барацьбу з "нацдэмаўшчынай", вельмі добра ведаў, што аслабіць волю беларускага народа да нацыянальнага адраджэння ў значнай ступені дапаможа ачарненне яго гісторыі і культуры. У гэтым напрамку сапраўды рабілася нямала. У лагер рэакцыянераў у гістарычнай навуцы і літаратуразнаўстве прадстаўнікі вульгарнага сацыялагізму асмеліліся аднесці нават Ф. Скарыну, В. Дуніна-Марцінкевіча, К. Каліноўскага, Ф. Багушэвіча, Цётку, М. Багдановіча, Я. Купалу і Я. Коласа. І вельмі трагічна, што гэтай антынавуковай, шкоднай інфармацыяй пра слынных людзей Бацькаўшчыны праціўнікі беларусізацыі імкнуліся ў першую чаргу затлуміць галовы маладых пакаленняў, ад паводзін якіх у многім залежыць лёс любой нацыі.

Шмат блытаніны, шкоды ў навуку ўносілі рознага роду тэарэтыкі сваімі пісаннямі аб важнасці класавага падыходу пры ацэнцы тых ці іншых з'яў у грамадстве. Пад лозунгам класавасці даволі вытанчаная барацьба вялася і з нацыянальна-культурнымі каштоўнасцямі беларускага народа. Закранула гэта і моўнае будаўніцтва. Вось, да прыкладу, як яго сфармуляваў сумнавядомы О. Канакоцін: "Мы мала ўдзяляем увагі клясавай барацьбе ў лінгвістыцы і недастаткова мабілізуем увагу грамадзкасьці да клясавай барацьбы ў пытаньнях мовы Пытаньні мовы - клясавыя пытаньні і зьяўляюцца часткай барацьбы на ідэолёгічным фронце за марксызм, за ленінізм". 1 Сказанае зусім не тое, што можна знайсці ў В. Ластоўскага і Я. Лёсіка.

5. Надзея не знікае

Шырока разгорнутая барацьба з "нацдэмамі", усемагчымыя спробы падарваць ідэю беларусізацыі зусім не азначалі, што яна ўжо на пачатку 30-х гадоў страціла сваіх абаронцаў, не мела падтрымкі ў народзе, пазітыўна не ўздзейнічала на яго нацыянальнае жыццё. Хутчэй, наадварот, бо менавіта пад гэты час ён найлепш за ўсё ўсвядоміў, што станоўчага для яго жыцця нясе з сабой беларусізацыя. Нягледзячы на тое, што рух за нацыянальна-культурнае адраджэнне застопарыўся ў вярхах, у нізах ён яшчэ не вычарпаў сваіх патэнцыяльных магчымасцяў, працягваў ахопліваць усё новыя і новыя катэгорыі людзей. І гэтага не маглі не ўлічваць у верхніх эшалонах партыйнай і дзяржаўнай уладаў. Па-ранейшаму дадзеная праблема часта ставілася на парадак дня пасяджэнняў партыйных і савецкіх органаў, знаходзіла сабе месца ў планах работы розных наркаматаў і ведамстваў, устаноў і прадпрыемстваў.

Праблемы беларусізацыі не прамінуў і кастрычніцкі (1930) пленум ЦК КП(б)Б, хаця ў яго матэрыялах можна знайсці і шмат надуманых палажэнняў аб варожай, контррэвалюцыйнай дзейнасці беларускіх "нацыянал-дэмакратаў". У рэзалюцыі пленума па дакладу першага сакратара ЦК КП(б)Б Канстанціна Гея даволі падрабязна, праўда, не без памылковасці, выкладзена небяспека для беларускага народа расійскага вялікадзяржаўнага шавінізму і мясцовага нацыяналізму. У зазначаным дакуменце дужа перабольшана падрыўная роля апошняга. "Нацдэмам" адкрыта і катэгарычна ставілася ў віну, што яны імкнуцца да рэстаўрацыі капіталізму, арыентуюцца на фашысцкую Польшчу, а не на пралетарскую Маскву, прыкладаюць "усе сілы для таго, каб накіраваць культурнае будаўніцтва БССР па шляху стварэння культуры буржуазнай па сваім змесце і нацыянальнай па сваёй форме", стаяць "на глебе прызнання наўхільнасці змагання дзвюх культур - расійскай і беларускай". 1 Гэты пленум можна лічыць апошнім, на якім КП(б)Б пастаралася даць грунтоўны аналіз, выказаць меркаванні аб паляпшэнні працы на ўсіх участках беларусізацыі. І тут усё зразумела, бо многіх нацыянальна сумленных камуністаў сур'ёзна непакоіла, што нягледзячы на прыкметныя поспехі ў правядзенні беларусізацыі, некаторымі асобамі беларуская мова не прызнаецца як самастойная, што яе працягваюць называць мужыцкай альбо дыялектам рускай мовы. Выказваліся і такія памылковыя думкі, што "беларусізацыя патрэбна толькі для работнікаў, якія непасрэдна ў сваёй рабоце маюць дачыненне да вёскі" 1, дзе, як вядома, амаль усе размаўлялі па-беларуску. На пленуме дадзена вострая крытыка недахопаў у правядзенні нацыянальнай палітыкі, у чым больш за ўсё быў вінаваты сам кіраўнічы апарат рэспубліканскага звяна. "У той час, − запісана ў яго рэзалюцыі, − як нізавы партыйны, савецкі апарат на вёсцы, як правіла, працуе выключна на беларускай мове, у вышэйшых зьвеньнях савецкага апарату, асабліва ў гаспадарчых установах (кооперацыя, прамысловасьць і г. д.) ужыванне беларускай мовы за апошні год - паўтара не пасунулася наперад… Яшчэ і да гэтага наглядаюцца выпадкі, калі ў шэрагу ўстаноў беларусізацыя абмяжоўваецца толькі формальным вядзеньнем справаводства на беларускай мове, у той час, як самі адказныя работнікі на гэтай мове не вядуць і яе не ведаюць… Беларуская мова ў партыйнай рабоце моцна прышчапілася толькі ў вёсцы ў той час, як у горадзе - і ў ячэйках, і ў сярэдніх і вышэйшых зьвеньнях партыйнага кіраўніцтва - беларуская мова ўжываецца далёка невыстарчальна". У рэзалюцыі не збаяліся адкрыта заявіць, што "ня выканана дырэктыва ЦК КП(б)Б аб тым, што ўся організацыя павінна ўладаць беларускай мовай". Пленум даручыў ЦКК прыцягваць да адказнасці камуністаў за парушэнні дырэктыў партыі ў нацыянальным пытанні, падкрэсліў неабходнасць дасягнення рашучых зрухаў у справе беларусізацыі вышэйшых і сярэдніх звеннях партыйнага апарату 2, ад чаго, як вядома, у максімальнай ступені залежаў ход яе ажыццяўлення ва ўсёй партарганізацыі рэспублікі. У рэзалюцыі давалася станоўчая ацэнка ініцыятыве Фрунзенскага і Кастрычніцкага РК КП(б)Б г. Менска, якія правялі ў сваіх раёнах месячнік праверкі беларусізацыі. Такі месячнік прапаноўвалася арганізаваць у снежні 1930 года ўсім партыйным арганізацыям рэспублікі.

Канкрэтныя задачы вызначыў кастрычніцкі пленум ЦК КП(б)Б і ў рабоце сярод розных катэгорый працоўных, вылучыўшы на першае месца рабочы клас. У рэзалюцыі так пра гэта сказана: "Рабочыя масы пад кіраўніцтвам партыі павінны ўзяць на сябе ініцыятыву ў вывучэньні беларускай мовы, у ажыцьцяўленьні беларусізацыі дзяржаўнага, гаспадарчага, кооператыўнага і прафсаюзнага апаратаў, у вывучэньні гісторыі і эканомікі Беларусі і г. .д." 1 Лічылася, што ўсялякае "адставаньне ў справе беларусізацыі рабочых мас будзе весьці да паслабленьня сувязі рабочае клясы з вёскай", 2 якая ў той час амаль выключна размаўляла пераважна на беларускай мове. Пленум папярэджваў аб недапушчальнасці правядзення прымусовасці беларусізацыі рабочых мас, бо гэта вяло б іх да адрыву ад партыі, патрабаваў улічваць, што сярод іх значны працэнт падаў на асобаў яўрэйскай і рускай нацыянальнасцяў, а таксама абруселых карэнных беларусаў, якія адвыклі ад ужывання сваёй роднай мовы.

Катэгарычна выступаючы супроць прымусоваці беларусізацыі рабочых мас, кастрычніцкі пленум ЦК КП(б)Б адначасова заняў зусім процілеглую пазіцыю ў дачыненні да работнікаў дзяржаўнага і гаспадарчага апаратаў. "Тут, − запісана ў яго рэзалюцыі, − у адносінах да служачых дапушчальна прымусовасьць у справе аўладаньня беларускай мовай". 3 І з гэтым можна цалкам пагадзіцца, бо раз работу ў дзяржаўным ці гаспадарчым апаратах належыла весці на беларускай мове, дык як жа тут можна было працаваць, не валодаючы ёю. Так прынята ўсёй сусветнай практыкай, з чым не маглі не пагадзіцца і беларусы, распачаўшы будаваць сваё жыццё на нацыянальным грунце.

Станоўчае, што і на гэты раз КП(б)Б палітыку беларусізацыі зусім не зводзіла толькі да авалодвання беларускай мовай. Сваю задачу па-ранейшаму яна бачыла ў аўладанні "ўзрастаючым рухам за стварэньне беларускай культуры, а таксама ў падборы, выпрацоўцы і ўцягненьні ў кіруючую партработу бальшавіцка-вытрыманых кадраў беларускіх работнікаў". 1

Надаючы першачарговую ўвагу праблемам нацыянальна-культурнага развіцця беларускага народа як пераважнага па колькасці на сваёй этнічнай тэрыторыі, партыя і на гэты раз не выпусціла з поля зроку інтарэсаў нацыянальных мяншыняў Беларусі. У рэзалюцыі кастрычніцкага пленума ЦК КП(б)Б, як гэта і раней прапаноўвалася ў шэрагу іншых партыйных дакументах, гаварылася пра неабходнасць сістэматычнай масавай работы "сярод яўрэйскіх, польскіх і інш. рабочых на іх нацыянальных мовах", далейшай актывізацыі дзейнасці нацыянальных камісій, якія не павінны абмяжоўвацца толькі пытаннямі беларусізацыі. У сувязі з пераходам на раённую сістэму кіравання было прызнана мэтазгодным пайсці на стварэнне такіх камісій пры частцы раённых і гарадскіх выканкамаў, узмацненне інструктарскага апарату Цэнтральнай нацыянальнай камісіі. 2

Слушным прапановам кастрычніцкага пленума ЦК КП(б)Б не так прста было збыцца. У небе Беларусі згушчаліся цёмныя хмары, засланяючы светлыя промні сонца ад людскіх вачэй. Але былі і пагодлівыя дні. Хадзілі чуткі, што з таго ці іншага абвінавачанага ў "нацдэмаўшчыне" знялі ўсялякую віну, дазволілі працаваць на ранейшым месцы. Значыцца, можна працягваць служыць святой ідэі беларусізацыі.

Па-ранейшаму гэта праблема не сыходзіла са старонак перыядычнага друку, у тым ліку самага аўтарытэтнага і распаўсюджанага сярод партыйных і савецкіх апаратчыкаў часопіса "Бальшавік Беларусі". Амаль ва ўсіх яго нумарах, што з'яўляліся ў 1930−1932 гадах, хоць адзін артыкул ды прысвячаўся розным аспектам нацыянальных дачыненняў, часцей за ўсё праявам рускага вялікадзяржаўнага шавінізму і мясцовага нацыяналізму. І нават, калі ў артыкуле разглядаліся падобнага роду пытанні, у ім часта ў пазітызўным плане ішла гаворка пра беларусізацыю. Набыты ёю размах у другой палове 20-х гадоў не так проста было прыпыніць. Беларускі народ паверыў і шчыра імкнуўся да нацыянальнага адраджэння, якое ён звязваў з перамогай Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года. А раз так, адпаведныя партыйныя, дзяржаўныя органы, нават калі самі не мелі асаблівага жадання ў набліжэнні беларускай нацыі да яго запаветнай мэты - адраджэння, усё ж штосьці павінны былі рабіць дзеля таго, каб яна стала рэальнасцю.

Паказальным у гэтым плане была пастанова бюро ЦК і прэзідыума ЦКК КП(б)Б "Аб узмацненні барацьбы з ухіламі ў нацыянальным пытанні" (надрукавана ў часопісе "Бальшавік Беларусі", 1931, № 12). Якія толькі грозныя эпітэты ў ёй ні былі выказаны ў адрас надуманага беларускага нацыянал-дэмакратызму і нацыянал-апартунізму! Аднак знайшлося месца і для падтрымкі беларусізацыі, апорай, самымі актыўнымі праваднікамі якой якраз і былі многія г. зв. нацдэмы. Шмат у чым пераклікаючыся з вышэй разгледжанай рэзалюцыяй кастрычніцкага пленума ЦК КП(б)Б, дадзеная пастанова палічыла неабходным так сфармуляваць асноўныя напрамкі ў галіне нацыянальнай палітыкі:

"а) паслядоўна праводзіць політыку беларусізацыі, прымаючы рашучыя меры ўзьдзеяньня ў адносінах да тых кіруючых нізавых раённых і цэнтральных работнікаў, якія ігнаруюць беларусізацыю і асабліва не вывучаюць беларускай мовы;

б) далейшае растлумачэньне шырокім масам працоўных, у першую чаргу пролетарскім масам, значэньня правадзімай КП(б)Б беларусізацыі, разгортваючы ўпартую сістэматычную работу па беларусізацыі рабочай клясы…

в) абмежаваньне задач па беларусізацыі адным толькі вывучэньнем беларускай мовы з'яўляецца недаацэнкай нацыянальнага пытаньня…

г) даручыць нацкамісіі ЦВК і культропу ЦК распрацаваць практычныя мерапрыемствы па ўзмацненьні работы ў галіне беларусізацыі сярод рабочых і ва ўсіх установах…" (с. 70).

У абарону беларусізацыі працягвалі выступаць - і з добрым разуменнем праблемы - паасобныя вядучыя дзяржаўныя і партыйныя дзеячы. Сярод іх быў і загадчык аддзела ЦК КП(б)Б Аляксандр Чарнушэвіч. На яго погляд, і ў 1931 годзе беларусізацыя яшчэ не дасягнула належнага ўзроўню, хаця прынята вялікая колькасць дырэктыў з боку ЦК КП(б)Б, раённых, гарадскіх камітэтаў партыі. Адставанні з беларусізацыяй А. Чарнушэвіч бачыў перш за ўсё ў тым, што "нават ня ўсе члены партыі, нават ня ўвесь партактыў карыстаецца белмовай". Ёе востра крытыкаваў паасобных гаспадарнікаў, якія тлумачылі "невыкананьне прамфінплану тым, што ўводзіцца белмова". Каб хутчэй пакончыць з такімі памылковымі поглядамі, аўтарам артыкула заяўлялася, што "ўсякае ігнораваньне беларусізацыі, усялякія спасылкі на тое, што яна перашкаджае гаспадарчай рабоце, зьяўляецца нічым іншым як вылазкай клясавага ворага ў вобразе… вялікадзяржаўнага шавінізму. Тое самае можна сказаць і адносна контррэвалюцыйнага беларускага нацдэмакратызму". 1

Як бачым, А. Чарнушэвіч, з позіркам у будучае, каб на ўсялякі выпадак зняць з сябе адказнасць за адстойванне ідэі беларусізацыі, добра кусануў і беларускіх "нацдэмаў", але ж гэта не дапамагло яму пазбегнуць суровай кары ў 1938 годзе.

Яшчэ больш выразна гэты страх - не выключана магчымасць, што перш за ўсё перад партыйным Цэнтрам у Маскоўскім Крамлі, − праявіўся ў артыкуле "Напярэдадні ХІV зьезду КП(б)Б" ("Бальшавік Беларусі", 1931, № 12) другога сакратара ЦК КП(б)Б Васіля Шаранговіча. У сакавіку 1937 года ён стане першым сакратаром ЦК КП(б)Б і будзе адзіным беларусам, якому ўдалося на працягу ўсяго міжваеннага перыяду трапіць на гэтую высокую партыйную пасаду. Але В. Шаранговіч знаходзіўся на ёй менш як год, бо стаў ахвярай сталінскіх рэпрэсій. У згаданым артыкуле ён сухога месца не пакінуў на бязвінным целе беларускага "нацдэмакратызму". "Барацьба з ім, − заяўляў высокі партыйны дзеяч, − павінна праводзіцца з няўхільнай паслядоўнасьцю і ў далейшым і патрабуе бязьлітаснага зрываньня масак з яго найбольш скрытых форм" (с. 10). І трэба сказаць, што гэты заклік сакратара ЦК КП(б)Б і сапраўды пачаў праводзіцца ў жыццё, прычым куды больш актыўней, чым ідэі беларусізацыі, прая якую ён таксама сказаў у сваім артыкуле. Звяртае ўвагу, што ўсё ж галоўнай небяспекай у парушэннях прынцыпаў савецкай нацыянальнай палітыкі В. Шаранговіч лічыў наяўнасць у настроях і дзеяннях паасобных людзей праяваў вялікадзяржаўнага ўхілу, а не "нацыянал-дэмакратызму". Гэта пазней названыя праявы памяняюцца паміж сабою месцамі. У разгляданым жа артыкуле аўтар запатрабаваў "узмацніць справу беларусізацыі апаратаў і асабліва сярод рабочых мас, не абмяжоўваючыся толькі вывучэньнем беларускай мовы, а дабівацца таго, каб парторганізацыі і рабочыя масы аўладалі ўсімі процэсамі нацыянальна-культуррнага будаўніцтва" (с. 11).

Такі дваісты прыём палітычных лідараў: адной рукой караць "нацдэмаў", а другой - усхваляць, адстойваць справу беларусізацыі, што так было характэрным на пачатку 1930-х гадоў, усё ж забяспечваў за апошняй права на жыццё. Шмат слоў у яе падтрымку было сказана ў кнізе з прэтэнзіяй на ролю пэўнага метадалагічнага даведніка "Нацыянальная політыка і барацьба на два фронты за ленінскую лінію ў нацыянальным пытаньні" (Менск, 1932, 100 с.), хаця і ў ёй не пазбеглі дваістасці ў разуменні розных палітычных з'яў. Вось хаця б такі прыклад: "Беларусізацыя з'яўляецца адным са сродкаў барацьбы з вялікадзяржаўным, так і з беларускім шавінізмам…" (с. 20), бо, як вядома, шчырых змагароў за беларусізацыю спачатку на паўголаса, а затым і ў адкрытую сталі абвінавачваць яшчэ і ў беларускім шавінізме.

Рэверансам аўтараў кнігі ў бок беларусізацыі можна назваць іх пэўную смеласць у прывядзенні цытаты вядомага расійскага партыйнага і дзяржаўнага дзеяча Льва Троцкага, ужо высланага з СССР (1929), якая была яўна на карысць беларускаму Адраджэнню. Вось словы з яе: "… вырашыць нацпытанне можна толькі забясьпечыўшы за ўсімі нацыямі магчымасьць нічым несьцясьнёнага далучэньня да сусветнай культуры на той мове, якую даная нацыя лічыць сваёй роднай мовай" (с. 11). Гэта якраз тое, што ў нас многія яшчэ не разумеюць і сёння, мяркуючы далучыцца да культуры сусветнай цывілізацыі не праз беларускую, а рускую мову.

Больш смела, паслядоўна ў абарону беларусізацыі выступалі людзі і не з такім высокім сацыяльным статусам, як у А. Чарнушэвіча, В. Шаранговіча. Сярод іх можна назваць аўтара артыкула "Мацней агонь па вялікадзяржаўнаму шовінізму" ("Бальшавік Беларусі", 1931, № 5−6) Ядвігу Сякерскую (дацэнт БДУ). Яна востра і зусім справядліва крытыкавала тых прадстаўнікоў навукова-прафесарскага асяроддзя, якія ўсяляк супраціўляліся беларусізацыі і карэнізацыі савецкага апарату, не жадалі "вывучаць і карыстацца беларускай мовай, як нібы недасканалай мовай, якая належыць да другарадных, ніжэйшых, някультурных моваў"; ставіліся да беларусізацыі, як да вымушанага зла (с. 25). Шкодныя вынікі, на думку гэтага аўтара, нёс з сабой вялікадзяржаўны шавінізм, які знайшоў сабе прыстанішча ў дзейнасці розных савецкіх устаноў. Я. Сякерская абуралася паводзінамі афіцыйных асобаў, якія, выступаючы перад масамі, беларускую мову ўжывалі толькі на пачатку або ў канцы прамовы, а ўвесь змест яе перадавалі па-руску. "Непаразуменьне і нежаданьне зразумець тое, − пісала яна, −што… правядзеньне беларусізацыі гэта не формальны абавязак кожнага працоўнага БССР, а сур'ёзны політычны абавязак, вымагаючы сур'ёзнага падыходу, бо толькі праз сапраўдны росквіт нацыянальных па форме і соцыялістычных па зьмесьце культур - магчыма інтэрнацыянальная соцыялістычная культура, − непаразуменьне гэтага факту ёсць адзін з горшых і небясьпечных скрытых відаў вялікадзяржаўнага шавінізму" (с. 25).

Каб адгарадзіць беларусізацыю ад удараў, сродкі масавай інфармацыі настойліва і пераканаўча даводзілі масам тую небяспеку, якую таіў для беларускага нацыянальна-культурнага Адраджэння рускі вялікадзяржаўны шавінізм, прыхільнікаў якога было дастаткова ў рэспубліцы. Сярод аўтараў, што займаліся яго выкрыццём, хацелася б назваць М. Горына. Ён катэгарычна не пагаджаўся з тымі, хто лічыў, што і ў адной сацыялістычнай краіне ўжо трэба ісці на ліквідацыю нацыянальных асаблівасцяў, зліццё нацыянальных культур, стварэнне адзінай мовы, пад якой, вядома, разумелася руская. М. Горын заклікаў не верыць вялікарускім ухілістам, якія ўмелі "прыкрыць свае вялікадзяржаўныя ідэйкі "інтэрнацыяналісцкімі" гутарачкамі", адкрыта пераконвалі людзей у немінучай перамозе рускай культуры, як самай развітой у СССР, над украінскай і беларускай. Найбольшую небяспеку вялікадзяржаўных ухілістаў М. Горын бачыў у тым, што яны "проціпастаўляюць нацыянальную форму пралетарскага зьместу… прабуюць русыфікаваць мовы… супраціўляюцца ажыцьцяўленьню беларусізацыі, вылучэньню беларускіх пралетарскіх кадраў і г. д." 1

На фоне немалых дасягненняў у нацыянальна-культурным адраджэнні беларусаў, што стала магчымым дзякуючы паслядоўна ажыццяўляемай палітыцы беларусізацыі, яшчэ больш выразна паўставала тое бядотнае становішча, у якім знаходзіліся іх супляменнікі на "ўсходніх крэсах" Польшчы. Нават такое саліднае перыядычнае выданне дадзенай краіны, як "Ілюстраваны Кур'ер Цодзенны", і ў пачатку 30-х гадоў, нібы такое мела месца сто і болей гадоў таму назад, дапускала на сваіх старонках фальсіфікацыі, што беларусы быццам бы не народ, а племя, а іх мова - гаворка польскай мовы. У час праведзенага ў 1925 годзе школьнага плебісцыту былі пададзены дэкларацыі на заснаванне 412 беларускіх школ. Аднак польскі ўрад не спяшаўся іх адкрываць. У 1931 годзе беларускамоўных школ функцыянавала не больш як за два дзесяткі. Нагадаю, што ў час нямецкай інтэрвенцыі ў Заходняй Беларусі іх было 201, у перыяд г. зв. Сярэдняй Літвы (1920−1922; складалася з Віленшчыны і Гарадзеншчыны) - каля 400. 1

У комплексе ажыццяўляемых захадаў па рэалізацыі звязаных з беларусізацыяй задач важнае значэнне мелі спецыяльна арганізуемыя ў гэтых мэтах месячнікі. Пастанову аб іх правядзенні падпісвалі Сакратарыят ЦК КП(б)Б і Нацкамісія ЦВК БССР, што рабіла абавязковым удзел у такіх мерапрыемствах падначаленых ім партыйных і савецкіх органаў, якія ў сваю чаргу патрабавалі такога ад мясцовых прадпрыемстваў і устаноў, чым забяспечваліся масавы характар і эфектыўнасць рэспубліканскіх месячнікаў. Іншымі яны і не павінны былі быць, бо раней вызначаныя тэрміны беларусізацыі не вытрымліваліся, чаму вельмі ж перашкаджала паляванне на "нацдэмаў". Падстаў для асаблівай трывогі за справу беларусізацыі не існавала мо толькі ў Менску, дзе ў 1932 годзе з агульнага ліку работнікаў савецкіх устаноў беларускай мовай валодалі 71 працэнт, затое ў Віцебску - 27, адпаведна ў гаспадарчых установах гэтых гарадоў дадзены паказчык склаў 63 і 31, каператыўных - 41 і 35, беларускіх аддзяленнях агульнасаюзных устаноў - 50 і 0. Накшталт Віцебска такое ж становішча назіралася і ў Гомелі. 2 У той час нават яго гарсавет вёў пасяджэнні на рускай мове, што ўжо рэдка назіралася ў іншых месцах рэспублікі. Наадварот, у пераважнай бальшыні органаў Савецкай улады праца іх апаратаў ажыццяўлялася на беларускай мове. Савецкія работнікі ўжывалі яе не толькі паміж сабой, але і ў гутарках з наведвальнікамі.

Пазітыўныя зрухі акрэсліліся і ў такім важным накірунку беларусізацыі, як вылучэнне прадстаўнікоў карэннай нацыі рэспублікі на пасады ў дзяржаўныя і партыйныя, гаспадарчыя і прафсаюзныя органы ўсіх рангаў. Праўда, становішча магло б быць і значна лепшым, каб пэўную частку беларусаў з-за падазронасці ў саўдзельніцтве з "нацдэмамі" не знялі з адказных пасадаў і не замянілі прадстаўнікамі іншых нацыянальнасцяў. У 1932 годзе сярод работнікаў СНК БССР на беларусаў даводзілася 36 працэнтаў, ЦВК БССР - звыш 60, цэнтральных устаноў у цэлым - 49,4, затое ў народных камісарыятах земляробства - 74, сацыяльнага забеспячэння - 73, асветы - больш за 60%. Найменш за ўсё былі прадстаўлены беларусы ў наркаматах аховы здароўя - 22%, замежнага гандлю - 28, юстыцыі - 43%. Такая нераўнамернасць назіралася і ў апаратах райвыканкамаў. Калі ў сярэднім па БССР тут на беларусаў падала 77 працэнтаў, дык у Рагачоўскім РВК, да прыкладу, 44 працэнты адказных работнікаў складалі яўрэі. На іх жа ў Жыткавіцкім РВК даводзілася 45 працэнтаў тэхнічных работнікаў, 1 што ні ў якае параўнанне не ідзе з агульнай вагой прадстаўнікоў дадзенай нацыянальнасці ў складзе насельніцтва названых раёнаў.

Справядліва лічачы справу беларусізацыі ўсё яшчэ далёкай ад завяршэння, ад выхаду на раней вызначаныя рубяжы, Нацыянальная камісія ЦВК БССР у сваёй пастанове ад 8 красавіка 1932 года так сфармулявала бліжэйшыя задачы: "Усім раённым выканаўчым камітэтам і гарадскім саветам, а таксама цэнтральным, раённым установам і арганізацыям пад асабістую адказнасць іх кіраўнікоў прыняць рашучыя меры да поўнай беларусізацыі апаратаў, да аўладання беларускай мовай усімі працаўнікамі апаратаў, і ўжыванне яе на працы, у гутарках з наведвальнікамі… Прыняць рашучыя меры ўздзейнічання, да зняцця з працы ўключна, да тых супрацоўнікаў, якія ігнаруюць белмову і не ўжываюць яе на працы па абслугоўванні працоўнага насельніцтва.

Ад паступаючых на працу ў апараты патрабаваць абавязкова ведання беларускай мовы. Спецыялістам і іншым асобам, якія прыехалі з другіх рэспублік і не ведаюць белмовы, вызначыць для вывучэння яе пэўныя тэрміны, але не больш двух гадоў". 2

Тэкст прыведзенай цытаты дае падставы сцвярджаць, што кіраўніцтва Нацкамісіі ЦВК БССР, нягледзячы на ўзмацненне барацьбы з "нацдэмамі", пачаткам рэпрэсій супраць найбольш нацыянальна-самасвядомай часткі беларускай інтэлігенцыі, няўхільна праводзіла палітыку беларусізацыі, жадаючы як мага хутчэй прывесці беларускі народ да духоўнага прагрэсу.

Тэмпы беларусізацыі не задавальнялі і ЦК КП(б)Б, таму ён прапанаваў Нацыянальнай камісіі ЦВК БССР дасылаць у Цэнтральную кантрольную камісію Рабоча-сялянскай інспекцыі "матэрыял аб супраціўленні беларусізацыі з боку апаратаў цэнтральных і раённых устаноў для прыцягнення вінаватых да адказнасці". У 1932 годзе прапаноўвалася "пасля веснавой сяўбы правесці месячнік генеральнай праверкі ведання беларускай мовы і ўжывання яе на рабоце ўсімі членамі КП(б)Б, а таксама супрацоўнікамі ўсіх як цэнтральных, так і раённых устаноў". 1

Неабходна прызнаць выключна правільным, што дзяржаўныя і партыйныя органы рэспублікі вельмі пільна сачылі за ходам беларусізацыі вышэйшых і сярэдніх спецыяльных устаноў, бо, відаць, добра ведалі, што ад гэтага амаль цалкам залежыць пераўтварэнне іх у сапраўдную кавальню па падрыхтоўцы нацыянальна зарыентаванага маладога пакалення. Калі ў выніку праведзенага ў 1931 годзе месячніка праверкі беларусізацыі высветлілася, што беларускай мовай не валодаюць да 25 працэнтаў студэнтаў ВНУ рэспублікі, 2 што такі ж працэнт і навуковых супрацоўнікаў Мінскага медінстытута не ведае яе, што ў вышэйшых навучальных установах на рускай мове пераважна выкладаюцца дакладныя навукі, кіраўніцтва Нацкамісіі ЦВК БССР не апусціла рукі, не палічыла бесперспектыўнай сваю палітыку, а, наадварот, запатрабавала ад адпаведных структур неадкладна выправіць становішча і заявіла, што канчатковаяя мэта - поўная беларусізацыя вышэйшай школы. Але зрабіць такое ўжо не ўдалося, бо мінуў лепшы час для нацыянальна-культурнага Адраджэння.

Пры ўсіх цяжкасцях пэўныя зрухі былі дасягнуты і ў беларусізацыі апаратаў Наркамата ўнутраных спраў выйсковага жыцця. Так, у 33-й дывізіі, што дыслакавалася ў рэспубліцы, летам 1932 года ў бальшыні вайсковых падраздзяленняў палітзаняткі вяліся на беларускай мове. На ёй жа часткова будавалася і тактычная вучоба вайскоўцаў.

Беларусізацыю больш выніковай магло б зрабіць разумнае выкарыстанне творчага патэнцыялу тых, хто па розных каналах трапляў у БССР з "усходніх крэсаў" Польшчы. Сярод такіх імігрантаў было нямала людзей, шчыра адданых беларускай нацыянальнай ідэі. Знешне вельмі гуманным для савецкага правасуддзя быў ажыццёўлены 15 верасня 1932 года з Польшчай узаемаабмен зняволенымі: ёй варачалі яе грамадзян, што ўтрымліваліся ў турмах і лагерах СССР, а апошняму - актыўных дзеячоў нацыянальна-рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі. У выніку такой акцыі 40 чалавек прыбыло ў Беларусь, у ліку якіх і вядомы літаратуразнавец, грамадскі дзеяч Ігнат Дварчанін. Тут ён з лістапада 1932 года знаходзіўся на пасадзе навуковага супрацоўніка Інстытута мовазнаўства Беларускай акадэміі навук, а з ліпеня наступнага года ўжо выконваў абавязкі дырэктара гэтага найбольш звязанага з беларускім нацыянальным жыццём акадэмічнага навуковага падраздзялення. На жаль, кіраваў ён вельмі сціслы тэрмін: 16 жніўня 1933 года арыштавалі за прыналежнасць да ўяўнай антысавецкай арганізацыі "Беларускага нацыянальнага цэнтра". 9 студзеня 1934 года судовая калегія АДПУ БССР вынесла пастанову аб вышэйшай меры пакарання І. Дварчаніна. Прывесці ў выкананне яе ўсё ж не адважыліся: замянілі дзесяццю гадамі турэмнага зняволення. Меру пакарання адбываў на Салавецкіх астравах, удзельнічаў у будаўніцтве Беларуска-Балтыйскага канала. 1

Задуманая ў мэтах нацыянальна-культурнага адраджэння карэннага насельніцтва Беларускага краю беларусізацыя ніколькі не пярэчыла інтарэсам прадстаўнікоў рускай, яўрэйскай, польскай, украінскай, літоўскай, татарскай і іншых нацыянальнасцяў, чым можна тлумачыць, што абсалютная бальшыня іх прыхільна ставілася да гэтай ідэі. З улікам нацыянальных інтарэсаў усяго насельніцтва рэспублікі меркавалася і надалей праводзіць усю працу, што да прыкладу, вынікае з прынятай у 1932 годзе пастановы СНК БССР і ЦК КП(б)Б "Асноўныя ўстаноўкі для складання другога пяцігадовага плана развіцця народнай гаспадаркі і культуры БССР". У адпаведнасці з гэтай пастановай у галіне нацыянальна-культурнага будаўніцтва ставілася задача "забясьпечыць рэзкае павышэньне культурнага ўзроўню ўсіх нацыянальнасцей рэспублікі на роднай мове". Прадугледжвалася "на працягу другой пяцігодкі задаволіць уласнымі кадрамі (у т. л. з нацыянальных меншасцей) гаспадарчае і культурнае будаўніцтва БССР".

Адраджэнне, развіццё ўласнай духоўнай спадчыны не перашкаджала беларусам любіць і шанаваць культуру і мову тых, хто жыў побач з імі. У даваенны час нікога не здзіўлялі існаванне на Беларусі яўрэйскага тэатра, рэгулярнае вяшчанне па радыё на мове ідыш, выхад на ім кніг, часопісаў і газет. Да пачатку крывавых масавых рэпрэсій 1937−1938 гг. і палякі не адчувалі сябе пакрыўджанымі на беларускай зямлі.

На падставе вышэйсказанага зусім правамернай падаецца выснова, што шкодная, трагічная для беларускага народа барацьба з "нацдэмаўшчынай" істотна затармазіла тэмпы правядзення беларусізацыі, але не спыніла яе паступальнага ходу наперад. Судны дзень яшчэ не надышоў для беларускага нацыянальна-культурнага Адраджэння, хаця ўжо скрозь адчуваліся такога роду сімптомы.

6. Рэпрэсіі спаралізавалі нацыянальны рух

Як толькі рэспубліканскія савецкія і партыйныя органы паслабілі свой інтарэс да беларусізацыі, адразу ж з іх "лёгкай рукі" актывізавалася на месцах супраціўленне беларускаму нацыянальнагму Адраджэнню з боку яго адкрытых і патаемных недобразычліўцаў. На паверхню ўсплыў любімы дарэвалюцыйны тэзіс чыноўнікаў рускай адміністарацыі на Беларусі аб грубасці, беднасці, нераспрацаванасці мовы яе карэннага насельніцтва. Па гэтай прычыне, заўлялася, што беларускую мову людзі вывучаюць і будуць вывучаць толькі па прымусу. Пачалі здарацца адвольныя выпадкі пераводу службовага справаводства з беларускай мовы на рускую. Усё часцей на ёй сталі праводзіць партыйныя, прафсаюзныя і камсамольскія сходы, пленумы і канферэнцыі. Прычым самі кіраўнікі дазвалялі сабе перабіць выступленне таго, хто пачаў гаварыць па-беларуску, як гэта было ў ліпені 1931 года на пленуме Крупскага РК КП(б)Б. Ці вось такі прыклад. Калі Наталаўскі польскі сельсавет прыслаў сакратару Клічаўскага райвыканкама камуністу Сямашку пратакол на польскай мове, ён наклаў на гэтым дакуменце такую рэзалюцыю: "Протоколы писать на русском языке, на других языках рассматриваться не будут". 1

Выкліканыя барацьбой з "нацдэмаўшчынай" цяжкасці ў ажыццяўленні палітыкі беларусізацыі гатовы былі выкарыстаць і прадстаўнікі некаторых групаў інтэлігенцыі, хаця ва ўсе часы і ва ўсіх народаў яна знаходзіцца на правым фланзе нацыянальна-культурнага адраджэння. Злоснае супраціўленне аказваў яму і прафесарска-выкладчыцкі склад вышэйшых навучальных устаноў, што надзвычай ускладніла справу іх беларусізацыі. Асабліва ўпарціўся ёй педагагічны калектыў Гомельскага лесатэхнічнага інстытута. У час правядзення летам 1931 года месячніка генеральнай праверкі беларусізацыі прафесар гэтай навучальнай установы Баканаў заявіў наступнае: "… выключайце з партыі, абвяшчайце вымову, а беларускай мовы я вывучаць не буду" і нават ухіліўся ад праверкі. 1

У першую чаргу прафесары і выкладчыкі ВНУ імкнуліся пасеяць непавагу да беларусізацыі сярод студэнтаў небеларускага паходжання. Магчыма гэта і паслужыла падставай для Міхайлы Грамыкі, каб у сваёй п'есе "Віно бушуе" стварыць абагульняючы вобраз такога студэнта з ліку рускіх, якія стаялі на вялікадзяржаўных пазіцыях. Абяцаючы і надалей карыстацца толькі рускай мовай, студэнт катэгарычна заяўляе: "А я гавару, нічога вы са мной не сделаеце, не хачу і не хачу. Адрэжце мне палавіну языка, а я ўсё роўна другой палавінай буду гаварыць па-рускі і зачоты здаваць". Стварэнне такога літаратурнага вобраза будзе некалі выкарыстана рэпрэсіўнымі службамі ў якасці падставы для абвінавачвання М. Грамыкі ў нацыяналізме (п'есу не пусцілі на сцэну). Эд. Галубок, разглядаючы пытанні стылю беларускай савецкай драматургіі, убачыць у гэтай п'есе "самы яскравы выпад супраць палітыкі комуністычнай партыі ў нацпытанні", спробу даказаць, "што асновы бескультур'я і цемнаты прыносяцца ў БССР прышлымі людзьмі". 2

Многімі разумелася, што падарваць, моцна запляміць ідэю беларусізацыі можна было і рознага роду левацкімі перагібамі. У гэтых мэтах сям-там адкрыта заяўлялася аб забароне карыстацца рускай мовай пры звароце ў партыйныя, дзяржаўныя ўстановы, гаспадарчыя органы. Былі выпадкі, калі з партыі выключалі найлепшых ударнікаў працы толькі за тое, што яны складалі свае дагаворы на сацыялістычнае спаборніцтва на рускай мове. Усё гэта з аднаго боку штучна распальвала канфлікты паміж беларуска- і рускамоўнымі людзьмі, а з другога - давала магчымасць прадстаўнікам улады, не зацікаўленым у поспехах беларусізацыі, рабіць захады па свядомым стрымліванні апошняй, а не дык і па ўчыненні ўсемагчымых рэпрэсій супроць яе найбольш актыўных прыхільнікаў, змагароў.

Надзвычай нешчаслівым для беларусізацыі стаўся 1933 год. Прычым ужо з першых яго месяцаў. З удзелам саюзнай прэсы жда шкоднай ва ўсіх дачыненнях барацьбы з "нацдэмаўшчынай" на Беларусі, − гэтай штучна створанай праблемы, − была прыцягнута ўвага самога партыйнага Цэнтра ў Маскве. Так, толькі ў лютым 1933 года бальшавіцкая газета "Правда" змясціла дзве публікацыі пра Беларусь з такімі страшнымі загалоўкамі: "Буржуазные националисты орудуют (Письмо учителя)" і "Под фальшиво-национальным флагом". Аўтарам першай публікацыі быў настаўнік фізікі і матэматыкі з вёскі Бобр Крупскага раёна Г. Сцяпура, які звярнуўся ў друкаваны орган ЦК УсеКП(б) са скаргай, што яго абвінавацілі "ў махровым вялікадзяржаўным шавінізме" толькі за пададзеную на імя старшыні сельскага Савета запіску, складзеную на рускай мове. За гэты даволі прыватнага значэння факт моцна ўчапілася газета і ад сябе дадала, набраўшы вялікімі літарамі, наступнае: "у некаторых патрарганізацыях Беларусі не праводзіцца паслядоўная лінія партыі аб барацьбе з ухіламі ў нацыянальным пытанні на два франты". 1

Калі ў першым з названых артыкулаў газеты "Правда" размова датычыла адной асобы і прычым невысокага рангу, дык у другім, аўтарам якога быў яе спецыяльны карэспандэнт А. Давідзюк, пра буржуазных нацыяналістаў на Беларусі было сказана ў самым шырокім плане, абагулена. Вылазкі іх бачылі нават у мастацкай літаратуры, у прыватнасці, у шостым томе твораў Я. Купалы. Аўтар артыкула крытыкаваў Сідарэнку, які ў сваёй публікацыі ў часопісе "Беларусь калгасная" пісаў, што "купалаўская паэзія ёсць вельмі яскравы факт і наймагутны прыклад сацыяльна-нацыянальнага вызвалення працоўных Беларусі.

Ці не зразумела, што ў дадзеным выпадку мы маем яскравы выраз нацыяналістычных тэндэнцый? Сідарэнка імкнецца рэстаўраваць ідэю нацыянал-дэмакратызму шляхам нібыта абароны Янкі Купалы ад вульгарызатараў і літаратурных невукаў". 1

Да артыкула А. Давідзюка была такая прыпіска ад рэдакцыі газеты: "Правда" чакае адказу ЦК КП(б)Б па змесце паведамлення нашага спецыяльнага карэспандэнта". І такі адказ прыйшоў. 4 сакавіка 1933 года "Правда" змясціла артыкул сакратара ЦК КП(б)Б Мікалая Гікалы і старшыні СНК БССР Мікалая Галадзеда "Аб памылках партыйных і савецкіх арганізацый у нацыянальным пытанні (У рэдакцыю "Правды")". Высокія асобы партыйнага і дзяржаўнага апаратаў прызнаваліся газеце "Правда", што на Беларусі "не вядуць бальшавіцкай барацьбы за асноўныя прынцыпы інтэрнацыяналізму", дакладвалі, што пасля азнаямлення з артыкулам А. Давідзюка адбыўся пленум ЦК і ЦКК КП(б)Б, які абмеркаваў пытанне аб скажэнні нацыянальнай палітыкі і даў заключэнне, што "партыйныя і савецкія арганізацыі Беларусі не зрабілі для сябе сапраўды бальшавіцкіх высноваў з урокаў нацдэмаўшчыны". Паведамлялася, якія спагнанні панеслі работнікі, што патуралі варожым элементам.

Як бачым, ужо першыя месяцы 1933 года паказалі, што ён будзе значна цяжэйшым, чым папярэдні, у справе нацыянальна-культурнага адраджэння Беларусі. Тон публікацый газеды "Правда" сведчыў, што ў рэспубліцы не проста на словах, а на практыцы павінна весціся і ўжо вядзецца барацьба з тымі, чые погляды і дзеянні чымсьці не падабаліся партыйнаму Цэнтру ў Крамлі, хто вельмі дбаў і штосьці патрэбнае, карыснае рабіў для захавання і развіцця беларускай нацыянальнай культуры. Смела, публічна гаварыць у падтрымку нацыянальных асноў духоўнага жыцця беларусаў не давалі і тыя трагічныя падзеі, што адбываліся ў самых адукаваных, прагрэсіўных колах грамадства. Такія падзеі не абмінулі студэнцтва, у прыватнасці тых, хто вучыўся ў Вышэйшым педагагічным інстытуце г. Менска. Толькі на газетна-выдавецкім аддзяленні яго ў 1933 годзе былі арыштаваны тры студэнты: Змітро Віталін, Алесь Пруднікаў і Клім Грыневіч.

З усяго сказанага няцяжка зразумець, у якіх складаных умовах даводзілася займацца рэформай беларускага правапісу, працу над якім намячалася завершыць у 1933 годзе. Вучоныя і літаратары імкнуліся зрабіць усё, як найлепш, а іх - дзе толькі можна было - цкавалі, што перашкаджала нармальнай працы, а на кагосьці нават наводзіла страх, таму пры вырашэнні таго ці іншага філалагічнага пытання некаторыя з аўтараў часта зыходзілі не столькі з навуковых, колькі з палітычных пазіцый. Ці ж не штурхаў да гэтага і артыкул газеты "Правда" ад 2 красавіка 1933 года "Ачысціць апарат Наркамасветы Беларусі ад класавага ворага (Ад нашага мінскага карэспандэнта)", у якім можна было прачытаць такія злавесныя словы: "… ярых нацыянал-дэмакратаў залучылі да складання праграмаў па мове (Багдановіч)". Як бачым, мінскі карэспандэнт газеты "Правда" Ф. Вігдаровіч сярод такіх "ярых нацыянал-дэмакратаў" назваў нават канкрэтную добра вядомую, аўтарытэтную ў навуцы асобу - беларускага мова- і літаратуразнаўцу, аўтара падручніка "Беларуская мова" Анатоля Багдановіча, які ў той час працаваў у Інстытуце мовазнаўства Беларускай акадэміі навук.

Распрацоўка правапісу любой мовы і пры любых акалічнасцях - справа надзвычай цяжкая і складаная. Яшчэ з большым цяжарам яна ажыццяўляецца, калі ўмешваюцца пэўныя палітычныя сілы, імкнучыся ў дзеяннях таго ці іншага вучонага знайсці падкопы пад існуючы дзяржаўны лад. Менавіта пры такіх умовах даводзілася развязваць гэтую высакародную, выключна важную для лёсу беларускага народа праблему, якая, як пісалася вышэй, прыцягнула да сябе надзвычай вялікую ўвагу яшчэ ў час Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі, што праходзіла 14−21 лістапада 1926 года ў Менску. Падрыхтаваны праз колькі гадоў напружанай і творчай працы адпаведны дакумент быў забракаваны ў 1930 годзе з-за яго нібыта нацдэмаўскага характару. Таму было прынята рашэнне стварыць на базе акадэмічнага Інстытута мовазнаўства другую камісію па распрацоўцы новага праекта беларускага правапісу, у складзе якой ад першай камісіі засталіся толькі Я. Купала, Я. Колас, А. Багдановіч, П. Бузук. Дзейнасць і дадзенай камісіі знаходзілася пад пільным наглядам мала дасведчаных у філалогіі работнікаў ідэалагічных устаноў. А гэта ж не дазваляла будаваць яе працу на належным навуковым узроўні.

Шкада, што ў ходзе працы над беларускім правапісам не палічылі патрэбным звярнуцца па параду да высокакваліфікаваных настаўнікаў - мовазнаўцаў агульнаадукацыйных школ, тэхнікумаў і інстытутаў, бо лепш за іх ніхто так добра не бачыў складаных, нявырашаных пытанняў з правапісам. Заўважу, што да таго як у лістападзе 1926 года арганізаваць Акадэмічную канфереэнцыю па рэформе беларускага правапісу, пры БДУ адбывалася Усебеларуская літаратурна-лінгвістычная канферэнцыя настаўнікаў. Не выключана, што і гэтым можна ў нейкай ступені тлумачыць даволі сур'ёзныя недахопы падрыхтаванага ў 1933 годзе праекта "Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу".

Ад знаёмства са зместам прынятай СНК БССР 26 жніўня 1933 года пастановы, перконваешся ў яе не так філалагічнай, як палітычнай накіраванасці. Дзеля доказу сказанаму прывяду некалькі вытрымак з таго нарматыўнага акта. Справядліва адзначаючы, што пад той час беларуская мова стала "мовай пераважнага карыстання паміж дзяржаўнымі, прфесіянальнымі і грамадзкімі арганізацыямі БССР, пры захаванні поўнага раўнапраўя беларускай, рускай, польскай і яўрэйскай моваў", у пастанове не забыліся зафіксаваць, што "гэтыя поспехі дасягнуты ў барацьбе з вялікадзяржаўным шавінізмам… і… контррэвалюцыйным беларускім нацдэмакратызмам". Апошні "праводзіў падрыўную, шкодніцкую работу як на гаспадарчым, так і на культурным фронце, у тым ліку і ў галіне мовы, тэрміналогіі і правапісу. Нацдэмакратызм імкнуўся ўсімі мерамі і спосабамі адарваць беларускую літаратурную мову ад мовы шырокіх беларускіх працоўных мас, стварыў штучны бар'ер паміж беларускай і рускай мовамі і засьмечваў беларускую мову рознымі сярэдневяковымі архаізмамі і буржуазнымі вульгарызмамі.

Існуючы беларускі правапіс значна засьмечаны паказанымі нацыянал-дэмакратычнымі плынямі і па гэтаму падлягае змяненьню (значыцца не з-за цяжкасці ў напісанні слоў!? - Л. Л.). З мэтай рашучага выгнаньня з беларускага правапісу нацыяналдэмакратычных уплываў і скажэньняў (звяртае ўвагу, што гэта вынесена на першае месца. - Л. Л.), палягчэньня шырокім масам вывучэньня беларускай пісьменнасьці, аслабленьня школы ад непрадукцыйнай працы пры вывучэньні беларускага правапісу, з мэтай далейшага развіцьця культуры беларускай мовы і поўнага падпарадкаваньня беларускага правапісу задачам выхаваньня працоўных мас у духу пралятарскага інтэрнацыяналізму (падкрэслена мною. - Л. Л.)…" 1

Толькі пасля такой прэамбулы пайшла гаворка непасрэдна пра змяненні правапісу. І пачалі яе з мяккага знака, з якім і пасёння многія людзі пяра не жадаюць развітацца. Тэкст Пастановы пададзены паводле старога правапісу. Новы правапіс уводзіўся з 15 верасня 1933 года.

У агульных словах праведзеную ў 1933 годзе рэформу правапісу беларускай мовы можна цалкам беспамылкова ахарактызаваць як нарматыўны акт па яе свядомай русіфікацыі. Тыя змены, якія вялі да нейкага нязначнага спрашчэння ў напісанні тых ці іншых беларускіх слоў, − гэта нішто ў параўнанні з тым, што было зроблена ў мэтах русіфікацыі аднаго з найважнейшых кампанентаў беларускай духоўнай культуры - мовы. Таму, рэформа беларускага правапісу 1933 года - гэта і чарговы, прычым даволі магутны ўдар па беларусізацыі, бо апошняя мела на мэце якраз узмацненне, а не аслабленне ўсяго нацыянальнага ў культуры беларускага народа.

Хапіла філалагічнай дасведчанасці, каб не прыняць рэформу, у нашых супляменнікаў Заходняй Беларусі, Літвы, Латвіі. Пазней яе не ўжывала паваенная беларуская эміграцыя, пра што так выказаўся добра вядомы пісьменнік Кастусь Акула (Канада): "… літаратура, што тварылася пад савецкім рэжымам, несла ўзваленыя на свае плечы Маскоўшчынай два гарбы: сацрэалізм і скалечаную беларускую мову, набліжаную да расейскай сінтаксісам і засмечаную расейскімі словамі. Гэткую "мову" мы гэта на эміграцыі называлі і называем сёння "расейскім або маскоўскім жаргонам" беларускай мовы". 1

Хаця ідэалагічным службам партыі бальшавікоў ўдалося на самым завяршальным этапе рэформы правапісу ўзяць пад свій кантроль працу вучоных-мовазнаўцаў, не было сумнення ў тым, што і з прыняццем пастановы СНК БССР не спыняцца спрэчкі пра гэтую зусім не простую для лёсу беларускага народа падзею. У рэспубліканскіх эшалонах улады разумелася, што патрэбны будуць дадатковыя крокі, каб угаманіць, утрымаць людзей ад вядзення такіх спрэчак, выказвання магчымай незадаволенсці. Было вырашана аўтарытэтам саміх пісьменнікаў паспрабаваць як-небудзь утаймаваць жарсці непрыхільнікаў новага правапісу. І трэба сказаць, бальшавіцкім ідэолагам многае тут удалося. Хаця ў друку скрозь пісалася, што па ініцыятыве самога Інстытута мовазнаўства Беларускай акадэміі навук і Аргкамітэта Саюза савецкіх пісьменнікаў БССР навук праводзіўся па вечарах 11, 13 і 15 снежня 1933 года агульны сход пісьменнікаў Мінска, аде ж, улічваючы той час і саму праблему, ёсць усе падставы сцвярджаць, што ініцыятыва правядзення такога сходу зыходзіла з высокіх партыйных інстанцый. Ім удалося атрымаць ад пісьменнікаў усё, на што разлічвалі. А то і болей, бо майстры мастацкага слова вельмі ж вялікую крытыку абрушылі на тых сваіх калег, што не прымалі новага правапісу, адкрыта абвінавачваючы іх у "нацдэмакратызме". З усіх 18 выступаў на сходзе роўных сабе ў той несправядлівай крытыцы не меў паэт Андрэй Александровіч (уваходзіў тады ў склад Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта БССР). Свайму дакладу даў такую назву: "Класавая барацьба на мовазнаўчым фронце і рэформа правапіса беларускай мовы". Вось адна з перлінак таго даклада: "Шкодніцтва нацдэмаў з асаблівай сілай праводзілася на мовазнаўчым фронце. На гэты фронт беларуская контррэвалюцыя кінула, бадай, ці не самыя лепшыя свае сілы, і мовазнаўчыя ўстановы былі па сутнасці галоўнымі цытадэлямі контррэвалюцыйнай работы." Паводле ацэнкі А. Александровіча Я. Лёсік і В. Ластоўскі - гэта нацдэмы з той толькі розніцай, што першы махровы, а другі - белагвардзейскі; С. Некрашэвіч і М. Байкоў, складаючы слоўнікі, арыентуюцца на шляхецка-кулацкія колы, "на мову фашысцкай Польшчы". 1

Цалкам заслужаны высокі аўтарытэт Якуба Коласа ў асяроддзі пісьменнікаў даваў яму права выступіць першым пасля А. Александровіча. Такое права ён выкарыстаў і сказаў тое, што ад яго хацелі пачуць камуністы, менавіта наступныя словы: "… беларуская мова была тым галоўным плацдармам, той баявой пазіцыяй, з якой вялі свае атакі нацдэмакраты супраць дыктатуры пралетарыята". Красу беларускай гістарычнай навукі У. Ігнатоўскага Ілья Гурскі назваў "дэфензіўшчыкам… здраднікам, лютым ворагам дыктатуры пролетарыята". Не адставаў ад іншых Кузьма Чорны, што вынікае з наступнай фразы яго выступу: "Рашуча змагаючыся і з нацдэмамі, і з вялікадзяржаўнікамі, з вульгарызатарамі, − мы паскорым прагрэс сваёй мовы". 2

Падчас таго гора-сходу пісьменнікаў Янка Купала лячыўся ў Кіславодску. Па просьбе яго ўдзельнікаў ён прыслаў 4 студзеня 1934 года ў Беларускую акадэмію навук ліст у падтрымку рэформы. Вось адна з найбольш каларытных вытрымак з яго: "Стары правапіс, у якім не мала засмечанасці нацдэмаўскай "самабытнай" архаічнасці, − трымаў беларускую мову ў палоне правінцыяналізма, у рамках нацыяналістычнай абмежаванасці. Рэформа правапіса… мае велізарнае палітычнае і істарычнае значэнне". 3

За прыведзеныя вышэй выказванні можна дараваць пісьменнікам, улічваючы той складаны час, калі даводзілася гаварыць не тое, што думаеш. Распальваць класавую барацьбу ў грамадстве ўмелі многія з майстроў прыгожага пісьменства. Але не можа не здзіўляць, што ніхто з тых, каму пашчасціла дажыць да "хрушчоўскай адлігі", так і не набраўся смеласці даць праўдзівай адзнакі свайму зусім не бяскрыўднаму ўчынку ў адносінах да т. зв. беларускі нацдэмаў. Гэта магло б стаць добрай школай для сучасных раскіданых па абодва бакі барыкады пісьменнікаў, якіх, не выключана, пэўныя сілы калі-небудзь паспрабуюць сутыкнуць лоб у лоб.

Немэтазгоднасць правядзення рэформы правапісу беларускай мовы заключалася не толькі ў тым, што яе ў фанетычным і марфалагічным планах істотна наблізілі да рускай, што паўплывала на адметнасць як першай, так і культуры нашага краю ўвогуле. Усплылі на паверхню яшчэ і іншыя страты. Ад гэтага часу яшчэ больш агрэсіўнымі сталі нападкі на лексіку беларускай мовы. Многім, асабліва рэдактарам газет, часопісаў, выдавецтваў дый некаторым вучоным-лінгвістам надта ж не падабалася, што ў ёй яшчэ дужа шмат адмыслова нацыянальных слоў і выразаў, якія не заўсёды зразумелыя рускамоўным прадстаўнікам іншых нацыянальнасцяў у рэспубліцы. Лепшага выйсця, як такія словы і выразы замяніць чымсьці агульназразумелым з рускай лексікі, заядлыя псеўда-інтэрнацыяналісты і не бачылі. З рознага роду прапановамі наконт гэтага стала модным выступаць і асобам, у якіх адсутнічала нават самая элементарная філалагічная падрыхтоўка. Рускія лексічныя запазычванні можна было б у нейкай ступені і апраўдаць, калі б у самой беларускай мове адсутнічаў адпаведны слоўны матэрыял. Яго хапала, толькі не трэба было ленавацца, а старанна праводзіць пошукі. Сказанага вышэй дастаткова для высновы, што ў выніку рэформы 1933 года ў нас адкрыліся шырокія прасцягі для русіфікацыі беларускай мовы. Калі гэтага яшчэ хтосьці не разумеў у першыя гады пасля рэформы, дык пазней не бачылі, дакладней: не хацелі бачыць такога толькі тыя, хто стаяў на шкодных пазіцыях зліцця культур і моваў савецкіх народаў з тым, каб пазней і іх саміх зліць у адну этнічную супольнасць.

Узмацненню лінгвістычнай ліхаманкі, як і некалі ў час дыскусіі аб правапісе беларускай мовы, у значнай ступені паспрыялі таксама тагачасныя непрыязныя савецка-польскія дачыненні. Таму сярод беларускіх палітыкаў, інтэлігенцыі, у т. л. вучоных-філолагаў, мелася нямала асобаў, якія гатовы былі выкінуць з беларускай лексікі любое слова, якое несла на сабе хоць нейкі адбітак польскай мовы ці было для масы народа чымсьці да канца незразумелым. Не трэба быць кваліфікаваным спецыялістам, каб разабрацца, якую велізарную шкоду мы маглі б прычыніць (а яе і сапраўды нямала прычынілі) беларускай мове, стаўшы на такі шлях. Пазней трапную характарыстыку падобнага роду "ачышчальнікам" беларускай мовы дасць старшыня Саюза пісьменнікаў БССР Міхась Лынькоў: "Наогул, знаходзяцца ахвотнікі ўзбагачаць польскую мову за кошт беларускай і ўсякае незразумелае ім слова аддаваць палякам. Гэта ніхто іншыя, як прыхільнікі прыбяднення, ажабрачавання мовы, людзі проста не паважаючыя ні сябе, ні народ. Зразумела, што паланізмы ёсць яшчэ ў мове, асабліва ў літаратурнай, ад іх мова ачышчаецца і павінна ачышчацца ў далейшым (як бачым, і сам Лынькоў пад уплывам тагачасных поглядаў на ўсё польскае праяўляў пэўную хісткасць у гэтым пытанні. - Л. Л.). Але трэба ведаць, што не ўсякі "паланізм ёсць паланізм, не ўсякае незразумелае каму-небудзь слова павінна быць паланізмам". 1 У палеміцы з рэдактарам Ладыжыным Лынькоў справядліва крытыкуе апошняга за яго нязгоду ўжываць у беларускай мове такія словы, як грамада, скарб, рухаць, падкрэсліць, зносіны, канаць, развага, абсталяванне, рашучым чынам, існаваць, дарэмна, верасень і інш. З іроніяй Лынькоў ставіць пытанне: "Што ж тады застаецца ад беларускай мовы, калі амаль што ўсе яе словы паважаны рэдактар прызнаў нацдэмаўскімі?" 2

Усё, што ў той час рабілася з беларускай мовай, не магло не хваляваць народнага паэта БССР Якуба Коласа. З улікам абставін абараняць яе даводзілася асцярожна, дыпламатычна, чаму не трэба было вучыць песняра. Выказваючы свае меркаванні датычна выдадзенага ў 1934 годзе рамана Міхася Лынькова "На чырвоных лядах" ён пісаў: "На чарзе дня востра стаіць у нас пытанне аб ачышчэнні літаратурнай мовы ад нацдэмізмаў… Трэба мець вельмі вернае класавае пачуццё, каб правільна падыйсці да ацэнкі таго ці іншага слова". 1

Заўважыўшы, што сярод удзельнікаў літаратурнага працэсу няма трывалай прафесійнай кансалідацыі, партыя прыкладала вялікія намаганні, каб гэты адзін з самых прэстыжных пластоў творчай інтэлігенцыі як мага лепш выкарыстаць у сваіх інтарэсах. І тут ёй многае ўдалося. Партыйныя ідэолагі, набліжаныя да іх літаратурныя крытыкі вельмі высока цанілі пісьменнікаў, якія "ўмела" выкарыстоўвалі мастацкае і публіцыстычнае слова ў змаганні з класавым ворагам. Вось як прафесарам М. Піятуховічам ацэнены такі "ўклад" у зусім недалёкім мінулым шчыра адданага ідэалам беларусізацыі паэта Міхася Чарота (да гэтага з'яўляўся членам ЦВК БССР): "У сваім надзвычайна моцным вершы "Суровы прыгавор падпісваю першым" Чарот раскрывае самую сутнасць нацыянал-дэмакратызма, яго рэстаўратарскую, інтэрвенцыянісцкую аснову. Пясняр у словах, поўных вялікай злосці і ненавісці да класавага ворага, ганьбуе нацдэмаў, як служак капітала, лакеяў імперыялістычнай буржуазіі, гандляваўшых крывёй працоўных, распрадаўшы Беларусь капіталістычным драпежнікам і оптам і ў раздроб". 2

Прачытаўшы такое, напэўна ж, у каго-небудзь з літаратараў, асабліва блізкіх паводле сваіх поглядаў да камуністычнай ідэалогіі ці з нізкай нацыянальнай самасвядосасцю, узнікала жаданне прайсціся сцяжынкаю Міхася Чарота, паказаць сябе актыўным змагаром на літаратурным фронце класавай барацьбы, каб і самому атрымаць такую высокую ацэнку за выкрыццё "нацыяналістычнага зла" на Беларусі.

У той сітуацыі няпроста было выбраць небяспечную для сябе пазіцыю навуковаму супрацоўніку Інстытута літаратуры і мастацтва Беларускай акадэміі навук, сыну таленавітага тэатральнага дзеяча, першага народнага артыста БССР (1928) Уладзіслава Галубка - Эдуарду Галубку. *) Бацьку ж у 1931 годзе адхілілі ад мастацкага кіраўніка Беларускага драматычнага тэатра з-за яго радыкалізм у пытаннях беларускага нацыянальнага тэатральнага мастацтва. Відаць, каб ні ў чым не паўтарыць лёс бацькі, Галубок малодшы не шкадаваў бруду для паліву беларускіх "нацыяналістаў". Ён заяўляў, што драматургія БССР прыйшла да свайго мастацкага росту, толькі "ведучы пад кіраўніцтвам партыі напружаную барацьбу з нацыянал-дэмакратамі, якія імкнуліся захапіць пазіцыі ў галіне тэатра і ў прыватнасці драматургіі". А калі гэта так, дык, натуральна, і самому Э. Галубку нічога не заставалася рабіць, як толькі далей працягваць барацьбу з "нацдэмамі", выкрываць іх варожыя дзеянні і задумы. Заключаліся яны нібыта ў адшукванні прыхільнікамі "нацдэмакратызму" выкрашталізаванай мовы "мастацтва, як мастацтва, даступнага толькі адзінкам, надзеленым высокай мерай пачуцця", у ідэалізацыі мовы кулацтва, дробнабуржуазнай інтэлігенцыі, захвальванні мовы Дуніна-Марцінкевіча, імкненні да "своеадменнай і высокаякаснай беларускай мовы", якая адрознівалася б "па сваіх культурных адзнаках ад мовы расійскай". 1

Каб удары па "нацдэмах" (г. зн. тых, хто аддаваў усяго сябе на карысць беларусізацыі) былі больш адчувальнымі, знайшлі падтрымку ў народа, прыслужлівыя камуністам пісьменнікі ў гэтых мэтах выкарыстоўвалі не толькі сваё публіцыстычнае, але і мастацкае слова. Не было праблем з гэтым у паэта Андрэя Александровіча. Ён вельмі радаваўся, што спецслужбам удалося нарэшце выкрыць самых зацятых ворагаў беларускага народа. Гэтай "знамянальнай падзеі" прысвяціў некалькі вершаў, у прыватнасці і "Паэму пра ворагаў". З яе прывяду такія радкі:

Злоўлены -

У масках сучасных прыблуд,

шкоднікі справы і слова.

Маскі далоў:

рэвалюцыйны суд

бязлітасны

і канчатковы!", 1

каб паказаць, як пры неасцярожным, няўдумлівым падыходзе да творчасці і самай міралюбівай прафесіі асоба - паэт можа стаць падпальшчыкам братазабойнай барацьбы, убіць клін паміж народам і яго ўласнай інтэлігенцыяй.

Яўна не на карысць беларусізацыі, нацыянальнай культуры ўвогуле, прайшоў першы Усесаюзны з'езд савецкіх пісьменнікаў у 1934 годзе ў Маскве. Удзельнічалі ў ім і самыя вядомыя на Беларусі літаратары. Толькі шкада, што іх прамовы былі вельмі спалітызаванымі, мала давалі аб'ектыўнай інфармацыі пра сапраўдны стан спраў у дадзенай важнай сферы культурнага будаўніцтва. Датычыла гэта і выступлення М. Лынькова, які, тлумачачы прычыны, што яшчэ перашкаджалі "больш шырокаму выхаду беларускай літаратуры на ўсесаюзную творчую арэну", першай сярод іх назваў падрыўную дзейнасць ворагаў-нацдэмаў, а пасля ўжо - вялікадзяржаўнікаў, хаця трэба было сказаць наадварот. "Яны стараюцца збіць нашую культуру з адзіна правільных ленінскіх шляхоў яе развіцця", гэтым прыніжаючы яе, тармозячы яе рост. 2 Ад такіх слоў, думаецца, і ў многіх удзельнікаў усесаюзнага пісьменніцкага форуму магло скласціся самае адмоўнае стаўленне пра беларускіх "нацдэмаў".

Яшчэ больш паслядоўным у барацьбе з "нацдэмаўшчынай" паказаў сябе сам старшыня Праўлення савецкіх пісьменнікаў Беларусі Міхась Клімковіч. З трыбуны гэтага з'езда ён дазволіў сабе сказаць наступнае: "Некаторыя думаюць, што адсутнасць у апошнія часы вылазак нацыяналістаў у літаратуры сведчыць пра змяншэнне небяспекі з боку мясцовага беларускага нацыяналізма. Гэта выдумка ў корані няправільная. Беларускі нацыяналізм астаецца галоўнай небяспекай для беларускай літаратуры, як і наогул для КП(б)Б і БССР на дадзеным этапе.

Рашучая і няўхільная барацьба супраць нацыяналізма ва ўсіх яго праяўленнях і ў асаблівасці супраць беларускага нацыяналізма астаецца як адна з асноўных задач нашай літаратурнай арганізацыі". 1 На жаль, так яно і сапраўды сталася. Барацьба з "беларускім нацыяналізмам" значна абвастрылася ў пасляз'ездаўскі перыяд, у якую вельмі актыўна ўцягваліся - дзе свядома, а дзе вымушана - і беларускія пісьменнікі.

Нягледзячы на вялікі недавер партыйных і савецкіх органаў да беларускай інтэлігенцыі яна ў сваёй бальшыні імкнулася ва ўсім быць лаяльнай да дзяржаўнай улады, выказвала сваю гатоўнасць працаваць супольна з ёю на карысць беларусізацыі. Учынкі і погляды інтэлігенцыі не былі прасякнуты духам нацыяналізму ў бальшавіцкім разуменні гэтага слова ці сепаратызму, у чым так беспадстаўна абвінавачвалі многіх яе прадстаўнікоў. Каб ёй былі ўласцівыя такія рысы, яна ж, вядома, не шукала б шляхоў супрацоўніцтва і з раскватараванымі на тэрыторыі рэспублікі часткамі Чырвонай Арміі. Сведчаннем такога супрацоўніцтва можа служыць стварэнне па ініцыятыве Беларускай акадэміі навук, Дома вучоных і Дома Чырвонай арміі ў Менску вясной 1934 года, Універсітэта культуры, у якім з лекцыямі рэгулярна выступалі перад вайскоўцамі буйнейшыя дзеячы навуковай і творчай інтэлігенцыі.

Пахвальна, што і ў часы самага піку ў барацьбе з "нацдэмамі" сяды-тады некаторыя высокія партыйныя і савецкія дзеячы ўсё ж адкрыта гаварылі з людзьмі пра выключна вялікае значэнне беларускай мовы, бо ніхто афіцыйна не пазбаўляў яе статусу дзяржаўнай. Пазітыўную пазіцыю па гэтым пытанні выказаў першы сакратар ЦК КП(б)Б Мікалай Гікала 15 верасня 1934 года на нарадзе з беларускімі пісьменнікамі, што ўдзельнічалі ў рабоце першага Усесаюзнага з'езда савецкіх пісьменнікаў: "Трэба ў вобласці мовы справу рушыць як след уперад, і не толькі з пункту гледжання навуковых, адцягненых пытанняў, а з пункту гледжання самай сур'ёзнай увязкі мовазнаўства з нашай практычнай дзейнасцю. Мовай беларускай трэба больш карыстацца. Я ўжо некалькі разоў гаварыў, што ў нас забываюць карыстацца беларускай мовай на шырокіх сходах, масоўках і г. д." 1

У той жа час гэта было досыць рэдкае і мо не выключна апошняе публічнае выступленне асобы такога высокага рангу ў абарону, на карысць беларускай мовы. З сярэдзіны 1930-х гадоў працэсы нацыянальна-культурнага адраджэння рэзка затармазіліся, а затым і зусім пайшлі на спад. Ужо ніхто зверху не слаў па інстанцыі ніякіх інструкцый з напамінкам, што трэба далей рабіць па беларусізацыі жыцця ў рэспубліцы. Праўда, вярхоўныя і партыйныя ўлады не прымалі якіх-небудзь спецыяльных нарматыўных актаў па спыненні працы па правядзенні беларусізацыі. Цяпер яе лёс у той ці іншай сферы дзейнасці ў многім залежыў ад волі людзей, што займалі тут кіраўнічыя пасады. Калі яны вялі адпаведную ў гэтым плане працу з масамі, працэсы нацыянальна-культурнага адраджэння маглі працягвацца, набіраць сваю моц.

Вельмі пахвальна, што да такіх сфераў ёсць усе падставы ў першую чаргу аднесці сістэму народнай асветы і асабліва агульнаадукацыйную школу, якая дзякуючы вялікім намаганням нацыянальна-свядомых настаўнікаў і ў час сур'ёзных скажэнняў нацыянальнай палітыкі працягвала працаваць у духу беларусізацыі. Поспеху апошняй у значнай ступені садзейнічала і тое, што адпаведнымі кіраўнічымі органамі агульнаадукацыйная школа не разглядалася як нейкі надзвычай важны фактар пры правядзенні нацыянальнай палітыкі на Беларусі. Зусім іншае стаўленне ў іх было да больш высокіх звёнаў сістэмы народнай асветы. Вось чаму актыўным змагарам за нацыянальную ідэю з такой пільнай аглядкай, вялікай асцярожнасцю даводзілася брацца за ўсё тое, што датычыла беларусізацыі вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай школы ў час, калі набыла шырокія маштабы сумнавядомая барацьба з "нацдэмамі". У лік апошніх, як часта здаралася, заносілі нават тых, хто сказаў толькі "а" на карысць беларусізацыі навучальна-выхаваўчаму працэсу ў тэхнікумах і інстытутах. А на пазіцыях правядзення як мага больш поўнай беларусізацыі іх стаялі многія, бо добра ведалі, што без зацверджання беларускай мовы ў якасці рабочай у дзейнасці сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў немагчыма падрыхтаваць сапраўдную нацыянальную інтэлігенцыю. Выкладчыкі, што так думалі і штосьці канкрэтнае рабілі ў дадзеным напрамку, дорага заплацілі за сваю прагрэсіўную нацыянальную пазіцыю. Праведзеныя ў асяроддзі прафесарска-выкладчыцкага складу інстытутаў і тэхнікумаў рэпрэсіўныя захады вялікім цяжарам леглі на не такі ўжо і трывалы беларускі нацыянальны арганізм. Навучальныя ўстановы, пазбаўленыя беларускамоўных кадраў, вымушаны былі замяшчаць вакансіі асобамі, што прыехалі з іншых рэспублік і зусім не валодалі беларускай мовай. Складваліся варункі, пры якіх станавілася проста непазбежным русіфікацыя навучальна-выхаваўчага працэсу ў тэхнікумах і інстытутах.

Паступовае выцясненне беларускай мовы з такіх тыпаў навучальных устаноў адмоўна адбілася на яе лёсе і ў іншых сферах народнай асветы. У гэтым жа напрамку дзейнічала палітыка партыйнага Цэнтра ў Маскве, які ўзмоцнена намагаўся надаць народнай асвеце ўсёй краіны, нягледзячы на на яе шматнацыянальнасць, нейкі ўніфікаваны, аднастайны характар, дзеля дасягнення чаго вялікая роля адводзілася рускай мове. Умацаванню яе пазіцый у агульнаадукацыйных школах Беларусі, як і ўсіх астатніх саюзных рэспублік, найбольш садзейнічалі тыя практычныя захады, што рабіліся па выкананні прынятай 13 сакавіка 1938 года СНК СССР і ЦК УсеКП(б) пастановы аб вывучэнні рускай мовы ў школах нацыянальных рэспублік. Такое ўмацаванне забяспечвалася не толькі шляхам павелічэння колькасці гадзін на вывучэнне рускай мовы, але і дзякуючы больш шырокаму ўжыванню яе ў правядзенні з дзецьмі розных пазакласных і пазашкольных мерапрыемстваў.

Усімі разумелася, што нацыянальна-культурнае жыццё на Беларусі, асабліва з сярэдзіны 1930-х гадоў, пайшло не ў тым накірунку, як меркавалася. Спрэс назіраўся заняпад беларусізацыі, але супрадзейнічаць гэтаму антынацыянальнаму працэсу з'яўлялася вельмі небяспечнай для навуковай і творчай інтэлігенцыі справай. Да таго ж яшчэ работнікі партыйных, савецкіх органаў, пры непасрэдным удзеле якіх толькі і можна было тады дасягнуць пэўнага зруху ў нацыянальна-культурным адраджэнні краю, страцілі ўсякую ініцыятыву. Іх больш за ўсё цікавіў свой уласны лёс. А ён быў архіскладаным, непрадвызначаным. Праведзеныя ў 1935−1936 гадах праверка і абмен партыйных дакументаў для паловы камуністаў Беларусі закончыліся выключэннем з членаў УсеКП(б). Трохі пазней ізноў узяліся за чыстку, галоўным чынам сярод тых, хто знаходзіўся на кіраўнічых пасадах. Асаблівую стараннасць праявілі ў вышукванні "ворагаў народа" ў Беларусі ў 1937 годзе Наркам унутраных спраў Беларусі Барыс Берман (сакавік 1937−май 1938), загадчык сельскагаспадарчага аддзела ЦК УсеКП(б) А. Якаўлеў (сапр. Эпштэйн), загадчык аддзела кіраўнічых партыйных органаў ЦК УсеКП(б) Георгій Малянкоў. На гэты раз на сваіх пасадах не ўтрымаліся нават сакратары ЦК КП(б)Б, старшыня Саўнаркама БССР, шэраг наркамаў. Усяго за час камандыроўкі згаданых дзеячоў з Маскоўскага Крамля з членаў Кампартыі Беларусі выключана 36 кіраўнічых работнікаў рэспубліканскага партыйнага і дзяржаўнага апаратаў, 56 сакратароў гарадскіх і раённых камітэтаў КП(б)Б, каля 200 сакратароў камітэтаў і партыйных арганізацый. 1 Несумненна, сярод рэпрэсіраванай партыйнай і дзяржаўнай эліты было нямала асобаў, якія аддана служылі беларусізацыі, унеслі важкі ўклад у нацыянальна-культурнае адраджэнне нашага краю. Камусьці гэта магло легчы ў аснову сфабрыкаванага абвінавачвання ў беларускім "нацыяналізме".

Пасля той сумнавядомай паездкі з Масквы на Беларусь Г. Маленкова і А. Якаўлева напружанне ў грамадстве ніколькі не аслабела. Непрыкметна рэпрэсіі з высокіх дзяржаўных і партыйных інстанцый скаціліся на больш нізкія, распаўсюдзіліся нават і ў асяроддзі простага люду, які стаяў далёка ад усякай палітыкі. Сітуацыю ўскладняў той факт, што ў гэты трагічны для беларусаў час для выканання абавязкаў першага сакратара ЦК КП(б)Б быў камандзіраваны з Масквы крайне экстрамісцкіх поглядаў партбюракрат, ураджэнец з Разаншчыны Аляксей Волкаў (з 11 жніўня 1937 да ліпеня 1938 г.), які з зайздроснай актыўнасцю праводзіў на Беларусі генеральную лінію Сталіна па выкрыцці і рэпрэсіі "ворагаў народа". Ёсць звесткі, што ён нават падштурхоўваў следчыя органы да павелічэння колькасці працэсаў супраць такіх "ворагаў". 1 А. Волкаў яўна перабраў меру ў арганізацыі палявання на сумленных людзей, таму і года не мінула, як партыйным Цэнтрам ён быў перакінуты на новае месца. Такіх "патрэбных" партыі кіраўнікоў звычайна вызвалялі ад адказнасці за перагібы, злоўжыванні ўладай.

Гэтая самая жорсткая з усіх хваляў чарговых рэпрэсій у дачыненні да партыйных і савецкіх кадраў высокай наменклатуры моцна запалохала, пасеяла недавер адзін да аднаго ў асяроддзі навуковай, мастацкай і педагагічнай інтэлігенцыі. На старонках друку, сходах яе прадстаўнікі зусім мала размоў вялі пра тое, як памножыць свой уклад у развіццё духоўнай культуры беларускага народа. Амаль усе аўтары і прамоўцы выказвалі толькі "шчырыя" клопаты аб тым, каб як найбольш і як мага хутчэй выкрыць сярод саміх жа сябе "заклятых ворагаў Савецкай улады". І іх "знаходзілі", у т. л. і сярод членаў Саюза Савецкіх пісьменнікаў Беларусі (ССПБ). Такімі, як вынікала з выступлення намесніка старшыні Праўлення ССПБ Андрэя Александровіча на сходзе пісьменнікаў, прысвечаным пытанню аб падрыхтоўцы да ХХ гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі, з'яўляліся ў першую чаргу Зміцер Жылуновіч, Міхась Зарэцкі, Васіль Сташэўскі, Сымон Баранавых, Анатоль Вольны. Пра гэта даволі падрабязна пісалася ў 1937 годзе і на старонках часопіса "Полымя рэвалюцыі" (№ 3), што дапамагло надаць шырокую публічнасць, прымусіць чытача паверыць, што ў асяроддзі беларускіх пісьменнікаў нібыта звіта сапраўднае "варожае гняздо". Але не паспеў чытач як след "перапрацаваць" выкрывальніцкую інфармацыю паэта А. Александровіча, як шосты нумар таго ж часопіса падаў аналагічныя матэрыялы і на самога намесніка старшыні Праўлення ССПБ. На агульным сходзе ССПБ (1 чэрвеня 1937 г.) яму прыгадалі варожыя ўчынкі нават дзесяцігадовай даўнасці. На тым сходзе А. Александровічу найбольш за ўсё дасталося ад Аркадзя Куляшова, Алеся Кучара, Платона Галавача, Кандрата Крапівы, Міхася Лынькова, Кузьмы Чорнага, Пятра Глебкі. Асабліва апошні з пералічаных не ведаў меры ў нападках на сваіх сяброў па пяру, прамова якога на гэтым сходзе была адной з самых выкрывальніцкіх. "Мы праявілі,  гаварыў ён,  неймаверную слепату ў адносінах да класавага ворага. Хіба мы не бачылі гнілога нутра Ц. Гартнага і ў яго творчасці, і ў яго рабалепскіх выступленнях, хіба не бачылі гэтага гнілога нутра і ў творчасці Зарэцкага, хіба не бачылі гэтага гнілога нутра ў Звонака, Хадыкі, Дудара…" 1

Аб'ектыўную ацэнку той востраканфліктнай сітуацыі ў асяроддзі беларускіх пісьменнікаў і паэтаў даў сучасны крытык і літаратуразнаўца Дзмітрый Бугаёў: "… дайшоўшы да ўзаемных палітычных абвінавачванняў, пісьменнікі фактычна ў большасці сваёй міжвольна падыгралі сталіншчыне, фактычна дапамаглі ёй разграміць нацыянальную культуру. Дапамаглі тым, што і яны "ўнеслі свой уклад" у стварэнне міфа аб ворагах у літаратуры і мастацтве. А сталіншчына ў такіх міфах была зацікаўлена кроўна". 2

Панесеныя незваротныя страты ў кадравым складзе пісьменніцкай інтэлігенцыі негатыўна адбіліся на яе ўкладзе ў мастацкую культуру Беларусі. Але гэтага ніяк не асмельваліся прызнаць людзі пяра, бо баяліся за свой лёс. Калі ж даводзілася публічна даваць адзнаку стану беларускай мастацкай літаратуры, ён характарызаваўся толькі пазітыўна. Як вядома, 19321939 гг. былі архітрагічнымі для абсалютнай бальшыні беларускіх пісьменнікаў, што не магло не адбіцца і на іх творчай дзейнасці. Гэтага ж зусім не жадаў (хутчэй па чужой волі) прызнаваць старшыня Саюза пісьменнікаў БССР Міхась Лынькоў. У артыкуле, прысвечаным сёмай гадавіне з дня прыняцця 23 красавіка 1932 года ЦК УсеКП(б) пастановы "Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый", пісаў, што беларуская літаратура "значна вырасла за гэтыя сем гадоў, стварыла нямала новых творцаў, выявіла новыя таленавітыя кадры (знішчыўшы ў дзесяткі разоў больш па-сапраўднаму таленавітых кадраў старэйшых узростаў! - Л. Л.), даўно парвала з абмежаванасцю, вузкасцю тэматыкі". Але пералічваючы пісьменнікаў з найбольшымі заслугамі перад беларускай мастацкай літаратурай, ён да народных паэтаў БССР Янкі Купалы і Якуба Коласа, змог дадаць толькі паэтаў Петруся Броўку, Аркадзя Куляшова, пісьменніка Эдуарда Самуйлёнка. 1 Да таго ж у першых двух на той час не было сур'ёзных творчых набыткаў.

Бальшавіцкія ўлады, не дапускаючы ў грамадскі ўжытак такіх выразаў, як беларускі нацыянальны інтарэс, беларуская нацыянальная ідэя, а найбольш усё яшчэ не забытае многімі патрыётамі слова "беларусізацыя", вялі бязлітасную барацьбу з яе духам аж да пачатку Другой сусветнай вайны. Вынікае гэта і са зместу даклада сакратара ЦК КП(б)Б Беларусі Панцеляймона Панамарэнкі з нагоды святкавання 21-й гадавіны ўтварэння БССР (1 студзеня 1940 г.): "… контррэвалюцыйная нацыяналістычная агентура, працаваўшая ў галіне мовы, літаратуры і мастацтва, правяла там сваю подлую, шкодніцкую работу. Яны скажалі правапіс у нацыяналістычным духу, яны засмечвалі мову чуждымі, антынароднымі словамі. Яны нават прабавалі перавесці беларускую мову на лацінскую аснову. Яны хацелі стварыць такую мову, праз якую было-б лягчэй праводзіць сваю работу і праз якую яны маглі-б прабаваць цягнуць масы на Захад". 2

Ад вялікага страху многімі лічылася (і часцей памылкова), што найлепшай гарантыяй выжыць у складанай сітуацыі другой паловы 1930-х гг., не трапіць пад нож гільяціны НКУСа,  гэта пісаць хвалебныя творы ў гонар "бацькі ўсіх савецкіх народаў" Іосіфа Сталіна. І колькасць такіх твораў расла з неверагоднай хуткасцю. У беларускай мастацкай літаратуры пачыналася яе самая найбольш прыкрая старонка - Сталініада. Мала хто з пісьменнікаў і паэтаў устрымаўся, каб не ўнесці ў яе і свайго ўкладу. У боку ад гэтага не змог заставацца і таленавіты паэт, славуты сын беларускага народа Янка Купала, на жыццё якога не раз замахваліся актыўныя праваднікі сталінскай нацыянальнай палітыкі на Беларусі. Пасля ўсяго гэтага няцяжка зразумець, на якую вялікую здзелку з сумленнем, на якую натугу з сэрцам давялося пайсці ў 1939 годзе беларускаму песняру, калі ён пісаў:

"Са Сталіным лёгка жывецца на свеце:

Як яснае сонейка, гэтак нам свеціць,

Шляхі ён да шчасця і радасці квеціць,

Каб гора не зналі старыя і дзеці".

Праз год Янка Купала і такое скажа, што Сталін - гэта "крыніца нашага жыцця і росквіту, ён - натхніцель нашых дум і песень, ён - вялікі каваль чалавечага шчасця". Якім кавалём на справе быў І. Сталін, цяпер кожны ведае. У кавальскім горне ён пераплавіў такую велізарную колькасць людзей, што з ім не змог бы пасапернічаць нават сам Адольф Гітлер. І трагічна, што гэтымі тыранамі спляжваліся самыя найлепшыя пласты народаў, без чаго не мог не мізарнець іх інтэлектуальны патэнцыял.

Бесперапынныя абвінавачванні ў "нацдэмакратызме", масавыя фізічныя рэпрэсіі, як вядома, у найбольшай ступені датычыліся самых аўтарытэтных, паважаных у грамадстве людзей. Такога ж мог не разумець у масе сваёй просты люд. Каб не даць яму засумнявацца ў аб'ектыўнасці самага дэмакратычнага ў свеце савецкага правасуддзя, бальшавіцкія ідэолагі імкнуліся ўсяляк ашальмаваць тых, хто не прызнаваў тагачасных палітычных парадкаў. Такога характару погляды вельмі часта выказваліся на старонках афіцыйнага друку, не выключаючы і часопіса "Большэвік Беларусі". У яго пятым нумары за 1937 год быў змешчаны разгромны артыкул А. Зюзькова пад назвай "Беларускія нацдэмы - ворагі народу" (с. 6068). Любімыя выразы аўтара: "нацыяналістычная сволач", "нацыяналістычныя псы". Ён пераконвае чытача, што "беларускія нацдэмы… з'яўляюцца шпіёнамі, дыверсантамі, шкоднікамі". І гэта на людзей, якімі магла б ганарыцца самая перадавая нацыя! Трагічна, што ў хлусню А. Зюзькова хтосьці верыў з чытачоў, быў на баку тых, хто рэпрэсіўнымі метадамі змагаўся з лепшымі сынамі і дочкамі беларускага народа.

7. Судны дзень нацыянальна-культурнага Адраджэння

Як найвялікшы здзек з лёсу людзей, гісторыі іх Бацькаўшчыны, успрымаецца той факт, што змрочную рэчаіснасць 30-х гадоў пісьменнікам і вучоным, мастакам і дойлідам трэба было і тады, і пазней перадаваць як штосьці радаснае і светлае ў тагачасным жыцці. Беларуская нацыя практычна пазбавілася ўсіх правоў быць гаспадыняй у роднай хаце, а паэт Алесь Звонак прымушае чытача паверыць у адваротнае, пішучы:

"З тых дзён, як волей ленінскіх дэкрэтаў

Дзяржавай стала наша Беларусь,

Знайшоў народ шляхі да яснай мэты,

Убачыў шчасце светлую зару".

У сапраўднасці ж яе такой не бачыў ні беларускі народ, ні сам аўтар гэтых паэтычных радкоў, які разам з многімі сваімі паплечнікамі не пазбег рэпрэсій.

Пра тую небывалую ў гісторыі несправядлівасць у дачыненні да красы беларускай нацыі ў нас доўгі час не было завядзёнкай пісаць і гаварыць праўду. Таму шмат кім не разумелася, чаму з другой паловы 30-х гадоў у нас не ўсё ішло ладком з развіццём нацыянальнай культуры, з прысутнасцю беларускай мовы ў грамадскай дзейнасці чалавека. Аб'ектыўна разабрацца з рэаліямі тагачаснага духоўнага жыцця беларусаў перашкаджала і сама накіраванасць беларускай камуністычнай прапаганды, якая як да вайны, так і пасля яе патрабавала ад сваіх платных лектараў і дакладчыкаў выступаць перад масамі толькі ў плане паказу велізарных дасягненняў, што, да прыкладу, пацвярджае наступная цытата з пастановы пленума ЦК КП(б) (27 лістапада1 снежня 1947) "Аб палітычнай і ідэалагічнай рабоце КП(б) Беларусі сярод інтэлігенцыі: "1. Камуністычная партыя (бальшавікоў) Беларусі за гады Савецкай улады пад кіраўніцтвам і пры паўсядзённай дапамозе ЦК УсеКП(б) правяла вялікую работу па стварэнні і развіцці беларускай савецкай сацыялістычнай культуры, па вырошчванні і захаванні кадраў беларускай савецкай інтэлігенцыі". 1 Іншым словам, як фальсіфікацыя, не назавеш прыведзенае сцвярджэнне. Перабіты, высланы ў далёкія, суровыя куткі "краіны Ільіча" тысячы выдатных прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, а ў салідным партыйным дакуменце чытачу даводзяць, што ў нас клапаціліся пра яе вырошчванне і выхаванне. Калі прыняць пад увагу нацыянальны аспект, дык не было аніякіх падстаў заяўляць і пра вялікую работу партыі (асабліва з другой паловы 30-х гг.) па стварэнні і развіцці беларускай культуры.

Масавыя рэпрэсіі на Беларусі, якія ў найбольшай ступені "прайшліся" па самых адданых ідэі нацыянальна-культурнага Адраджэння людзях, практычна азначалі канец беларусізацыі. Нязначнае нацыянальнае ажыўленне, але ўжо без выкарыстання самога тэрміну "беларусізацыя", будзе назірацца толькі ад верасня 1939 года, калі беларускі народ уз'яднаецца ў адной дзяржаве. Мяркуючы па праведзеных да пачатку вайны з Германіяй марепрыемствах у гэтым плане, усё ж няма важкіх падстаў сцвярджаць, што ў аб'яднанай беларускай дзяржаве нацыянальнае жыццё забіла бурлівай крыніцай, бо не ў тым накірунку вёў усю краіну Маскоўскі Крэмль. Калі ў адной сферы грамадскага жыцця, да прыкладу, у народнай асвеце штосьці рабілася па забеспячэнні поля дзейнасці беларускай мове, дык у іншых, наадварот, ішло абмежаванне яе сацыяльных функцый. З другой паловы 30-х гадоў не проста стыхійна, а ў арганізаваным, планавым парадку ў службовым справаводстве пачалі замяняць - і на вялікае няшчасце даволі паспяхова - беларускую мову рускай.

Звужэнне рамак сацыяльнага выкарыстання беларускай мовы ў жыцці рэспублікі асабліва добра відаць па такім паказчыку, як выпуск на ёй кніжнай прадукцыі па ліку назваў кніг. У 1939 годзе іх было выдадзена толькі на 54 працэнта больш, чым у 1935 годзе, што з'яўлялася зусім не характэрным для іншых саюзных рэспублік. Такі паказчык мела толькі малдаўская мова. Затое на таджыкскай мове выпуск кніг павялічваўся ў 4,8 раза, кіргізскай - у 2,6, грузінскай - у 1,9. Калі ў 1939 годзе у Расійскай Федэрацыі на арыгінальныя творы даводзілася 96 працэнтаў тыражу ўсіх выдадзеных кніг, ва Украіне - 62, дык у Беларусі - 54. З прычыны рэпрэсій вялікай колькасці пісьменнікаў і навукоўцаў выдавецтвы Беларусі ў мэтах задавальнення патрэб яе насельніцтва ў мастацкай, вучэбнай і навуковай літаратуры вымушаны былі звяртацца да масавага перакладу твораў з іншых моў.

У найменшай ступені паддавалася асіміляцыі (па мове выкладання) агульнаадукацыйная школа. Важную ролю тут меў фактар, што абсалютная бальшыня яе кантынгентаў жыла і вучылася ў сельскай мясцовасці, дзе панавалі беларуская нацыянальная культура і мова. З вёскі пакуль што мала моладзі рвалася да пераезду ў горад, дзякуючы чаму яна (вёска) з'яўлялася надзейным захавальнікам і прадаўжальнікам беларускіх нацыянальных традыцый. Але, бадай, найбольшая заслуга ў арыентацыі агульнаадукацыйнай школы Беларусі на нацыянальную культуру і мову належала самому настаўніцтву. У гэтым плане яно пастаянна вяло глыбока прадуманую растлумачальную працу сярод насельніцтва аб выключнай ролі нацыянальнай школы і мела ад яго вялікую падтрымку. Заганнай практыкі звяртання бацькоў у адпаведныя органы з просьбай аб пераводзе агульнаадукацыйных школ з беларускай мовы навучання на рускую ці вызвалення дзяцей ад вывучэння першай у якасці абавязковай школьнай дысцыпліны не існавала ў той час.

Дзесяцігоддзямі ў нас не было прынята гаварыць ці пісаць пра беларусізацыю. Нягледзячы на поўны правал абвешчанай генеральным сакратаром ЦК КПСС Міхаілам Гарбачовым перабудовы, яна ўсё ж дала магчымасць выцягнуць на паверхню ледзь не пагалоўна забытую беларусізацыю. Розныя думкі выказваліся пра яе. Сярод іх ёсць і такія, што поўны заняпад беларусізацыі выкліканы нібыта тым, што сам народ на падтрымаў апошнюю, не пагаджаўся з яе найважнейшымі прынцыповымі палажэннямі. Так сцвярджаць не даюць падстаў дакументальныя крыніцы. Народ прыняў, стаяў гарою за беларусізацыю. А вось хоць гэта можа падацца каму-небудзь і парадаксальным, факты пераканаўча сведчаць, што яе поспехі, як і поспехі ўсіх астатніх саюзных рэспублік у нацыянальна-культурным будаўніцтве, моцна ўстрывожылі дзяржаўна-палітычную эліту Масквы, і таму яна адмовілася ад таго курсу, што быў абвешчаны бальшавікамі пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі. Агульнасаюзны Цэнтр пастараўся як след узмоцніць блізкімі яму па духу асобамі партыйныя і савецкія органы БССР, якія ў адрозненне ад сваіх папярэднікаў праз цёмныя акуляры глядзелі на беларускае нацыянальна-культурнае Адраджэнне. Нямала заядлых праціўнікаў беларусізацыі знайшлося і сярод вялікадзяржаўнікаў з ліку вучоных і творчай інтэлігенцыі, прафесарска-выкладчыцкага складу інстытутаў і тэхнікумаў, дырэктароў розных прадпрыемстваў і ўстаноў. Зразумела, камусьці і з простага люду была не па сэрцу беларусізацыя. Аднак прыхільнікаў ў яе мелася куды больш, чым праціўнікаў. І калі перамаглі апошнія, дык толькі таму, што ў іх руках знаходзілася ўлада.

Нельга пагадзіцца і з тымі, хто лічыць, што беларусізацыя - гэта вялікі дар народу з боку вышэйшых дзяржаўных і партыйных органаў рэспублікі ці што да такой палітыкі вырашылі звярнуцца толькі з адной мэтай, каб адшукаць, а затым пакараць найбольш актыўных змагароў за нацыянальна-культурнае адраджэнне. Беларусізацыя ў нас ці ўкраінізацыя ва Украіне, туркменізацыя ў Туркменіі і г. д. - гэта вынік сапраўднага самаахвярнага змагання прыгнечаных народаў былой царскай Расіі за сваё сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне. Калі адбылася Кастрычніцкая рэвалюцыя, і краіна прыступіла да мірнага будаўніцтва гэтыя народы настойліва патрабавалі ад Цэнтра прыняцця канкрэтных захадаў па паляпшэнні іх жыцця і часта нават больш кардынальных і рашучых, чым задумваліся тымі, хто вёў масы на барацьбу са старым несправядлівым сацыяльным ладам. Цэнтр, вядома, не мог не прыслухацца да магутнага і справядлівага голасу народных масаў. Пад напорам нацыянальных рухаў у нярускіх рэгіёнах краіны Савецкі ўрад і Камуністычная партыя пайшлі на прыняцце даволі прагрэсіўных захадаў па хутчэйшым развязванні нацыянальнага пытання ў плане тых лозунгаў, што бальшавікі пісалі на сцягах пралетарскай рэвалюцыі, абвяшчаліся на шматлікіх мітынгах і сходах працоўных. Ад першых дзён яе яшчэ больш левымі за дзяржаўных і партыйных дзеячоў у нацыянальным пытанні былі многія станы беларускага народа, асабліва яго інтэлігенцыя. Рэзка крытыкавалі афіцыйныя ўлады і за іх недастатковую рашучасць, і паслядоўнасць, а часам і поўнае ігнараванне нацыянальнымі інтарэсамі карэннага насельніцтва нашага краю беларуская эміграцыя, а таксама кіраўнікі нацыянальнага руху Заходняй Беларусі. Паколькі дзяржаўная і партыйная наменклатура на першым часе пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі і заканчэння Грамадзянскай вайны не дужа стараліся штосьці канкрэтнае рабіць дзеля нацыянальна-культурнага адраджэння, шмат якія захады ў гэтым напрамку рабіліся па ініцыятыве саміх прагрэсіўна настроеных, з высокім зарадам этнічнай самасвядомасці людзей. Афіцыйны пераход да палітыкі беларусізацыі, бясспрэчна, быў выкліканы ўсім ходам нацыянальнага руху ў рэспубліцы, у выніку якога ўдалося не толькі шмат што зрабіць па ўкараненні ў жыццё беларускіх этнакультурных каштоўнасцяў, але і ў пэўнай ступені псіхалагічна падрыхтаваць і саміх людзей паводзіць сябе ва ўсіх сваіх дзеяннях і ўчынках у адпаведнасці з нацыянальнымі стандартамі. Беларусізацыя, несумненна, − велічны твор самога народа, якую дзяржаўным і партыйным органам давялося зрабіць сваёй палітыкай, каб не плесціся ў хвасце падзей у сферы міжнацыянальных дачыненняў. А як толькі з дапамогай крывавых рэпрэсій сістэме ўдалося спаралізаваць ініцыятыву народа, найперш яго інтэлігенцыі, і ў дзяржаўных, партыйных улад з'явілася магчымасць не толькі ігнараваць, але і весці да поўнага заняпаду беларусізацыю, яны без усялякіх ваганняў выкарысталі такую сітуацыю, тым больш што ў гэтым быў зацікаўлены і Цэнтр. Народу, і найперш інтэлігенцыі, умела ўцягнутым партыйнымі ідэолагамі і спецслужбамі ў крывавую міжусобную бойню, ужо было не да беларусізацыі. Кожны жыў толькі адной думкай, як у гэтай страшэннай калатнечы не стаць ахвярай несправядлівай, жорсткай кары, ухіліцца ад смерці. З гэтай бядой не лічыліся толькі адзінкі.

На стане беларусізацыі вельмі негатыўна адбілася практычна амаль поўнае выключэнне яе са сферы дзяржаўнай палітыкі, бо такую складаную справу нельга вырашаць толькі на энтузіазме народных масаў, тым больш ва ўмовах вельмі моцна абмежаванай дэмакратыі. Ужо дзесьці з сярэдзіны 30-х гг. дзяржаўныя і партыйныя структуры з органаў актыўнай падтрымкі і практычнага ажыццяўлення палітыкі беларусізацыі трансфармаваліся ў інструмент яе тармажэння, а ў час масавых фізічных рэпрэсій - у ярых праціўнікаў беларускага нацыянальнага Адраджэння. Беларусізацыя цалкам страціла свой дзяржаўны характар. На ход падзей адмоўна паўплывала, што Беларусь, як і ўсе іншыя саюзныя рэспублікі, так і не змагла пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі стварыць сваю сапраўдную суверэнную дзяржаву. Дарэмна ў цяжкі час вайны з фашызмам паэт Пятрусь Броўка ў вершы "Беларусь" (надрукаваны ў снежні 1943 года у газеце "Совецкая Беларусь") стараўся пераканаць наш народ у адваротным, пішучы:

Дзве зоркі на небе, − ім вечная слава, −

Азначылі Ленін і Сталін твой шлях,

Стварылі цябе ўпершыню, як дзяржаву

І роўнай між роўных назваўшы па праву,

Цябе прывялі на шырокі прасцяг.

Што гэта быў за прасцяг, цяпер ведае кожны, хто хоць трохі знаёмы з гісторыяй Беларусі міжваеннага перыяду. Сфармаваная тады дзяржава стаяла над народам, усю сваю палітыку праводзіла выключна ў інтарэсах Цэнтра, цалкам залежала ад яго. На адказнасці вышэйшых эшалонаў партыйных і дзяржаўных органаў ляжыць масавае фізічнае зніштажэнне перадавой і нацыянальна-самасвядомай інтэлігенцыі, значная частка якой сфармалавася яшчэ ў дарэвалюцыйныя гады. Народныя масы, застаўшыся без актыўных шматлікіх змагароў, шчырых прыхільнікаў ідэі беларусізацыі, не ў стане былі без іх удзелу рухаць наперад высакародную справу нацыянальна-культурнага Адраджэння. Яшчэ за колькі гадоў да пачатку Другой сусветнай вайны беларусізацыя стала фактам гісторыі. У жыцці нашага народа распачаўся, а ў паасобных сферах набраў моцныя абароты дыяметральна працілеглы працэс, які найбольш прывільным ужо будзе назваць дэбеларусізацыяй.

Цяжка прадбачыць, як у далейшым будзе адбывацца сучаснае беларускае Адраджэнне. Па ўсім відаць, што народ занадта стомлены, моцна заклапочаны сваім эканамічным становішчам і таму ў жыццёваважны для яго нацыянальна адраджэнскі працэс уключаны вельмі слаба. Калі, не дай бог, знойдуцца сілы, якім удасца яго затармазіць, прымусіць кола гісторыі даваць задні ход, вельмі важна народу, і асабліва яго інтэлектуальным станам, не дазволіць уцягнуць сябе ў міжусобныя канфлікты, бо гэта зноў прывядзе да поўнага заняпаду нашага нацыянальнага Адраджэння, запатрабуе праліцця братняй крыві. Нельга даць яшчэ раз паўтарыцца трагічным урокам міжваеннай дэбеларусізацыі, што супала з правядзеннем масавых крывавых рэпрэсій. Пры адсутнасці ў дзяржавы ўсякага намеру праводзіць беларусізацыю ёю трэба займацца ініцыятыўным шляхам, нават на сямейным узроўні.

8. Гістарычныя ўрокі беларусізацыі

Кожны перыяд гісторыі беларускага народа заключае ў сабе нямала чаго карыснага для яго наступных пакаленняў. Ёсць яно і ў міжваеннай беларусізацыі, у чым, спадзяюся, змог пераканацца чытач пры азнаямленні са зместам маёй кнігі. Здавалася б, паколькі беларусізацыя ўяўляе такую бясспрэчную каштоўнасць, дадзеная праблема ўжо даўно павінна была атрымаць глыбокае, усебаковае асвятленне ў навуковай, публіцыстычнай, мастацкай літаратуры. На вялікі жаль, з такой цалкам зразумелай з'явай мы і раней і сёння не сустракаемся, на што ёсць свае прычыны, але няма апраўдання.

Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны даследчыкі, пісьменнікі свядома не закраналі праблемы беларусізацыі, бо партыйныя і савецкія органы БССР, залежны ад іх ідэалагічны апарат мэтанакіравана праводзілі курс на суцэльную русіфікацыю беларускага народа і таму лічылі непатрэбным, каб людзі штосьці ведалі з практыкі яго нацыянальна-культурнага адраджэння 1920-хпачатку 1930-х гадоў. Па гэтай жа прычыне ўлады не зацікаўлены ўваскрасіць у памяці людзей тыя адраджэнскія працэсы, паколькі занятыя стварэннем адзінай з Расіяй саюзнай дзяржавы робяць усё, каб як мага найменш заставалася культурна-моўных адрозненняў паміж іх тытульнымі народамі. Ліквідуюць жа такія адрозненні толькі за кошт абдзірання беларускага народа. Дзеля гэтага ўжо беларуская мова практычна выведзена з абслугоўвання ўсіх сфераў дзейнасці чалавека, у тым ліку і службовага справаводства, вышэйшых звёнаў сістэмы адукацыі. У духоўным жыцці Рэспублікі Беларусь не першы год пануе руская культура. Франтальная страта беларусамі сваёй нацыянальнай адметнасці толькі вітаецца касмапалітычнай уладай, знаходзіць поўную падтрымку ад залежнай ад яе часткі інтэлігенцыі. У такой неспрыяльнай сітуацыі марна было б спадзявацца, што хтосьці з палітыкаў, паслужлівых ім інтэлектуалаў асмеліцца ў пазітыўным плане выказацца на карысць міжваеннай беларусізацыі, паспрабуе абудзіць у народа памяць пра апошнюю, атрымаць ад яе каштоўныя ўрокі. А атрымліваць іх крайне неабходна.

Трэба аддаць належнае сучаснаму кіраўніцтву Рэспублікі Беларусь: яму ўдалося спаралізаваць нацыянальны рух, схіліць народ адмовіцца ад усялякіх думак пра захаванне сваёй этнакультурнай адметнасці. У летаргічны сон пагрузілася амаль усё грамадства. Сапраўдную трагедыю ў суцэльнай русіфікацыі бачаць толькі адзінкі людзей здаровай нацыянальнай свядомасці. Яшчэ меней тых, хто ў стане супрацьстаяць навязанай дзяржавай антынацыянальнай палітыцы.

З апісанымі вышэй негатыўнымі з'явамі даводзілася і даводзіцца сустракацца многім народам планеты Зямля. У сваім горы мы не адзінокія. У многіх выпадках яго ўдавалася перамагчы тым, хто выходзіў з летаргічнага сну, уступаў у рашучае змаганне за сваё нацыянальнае выратаванне. Я не пакідаю верыць у такое жаданне беларусаў. Яно абавязкова ўсплыве на паверхню. Толькі цяжка прадказаць: калі? У нас абавязкова з'явяцца сапраўдныя нацыянальныя лідары, здольныя павесці за сабою масы на барацьбу з тым злом, што перашкаджае ім народам (беларусамі) звацца. Яна найхутчэй дасць жаданыя вынікі, калі лідары і сам народ будуць абапірацца на пазітыўныя набыткі міжваеннай беларусізацыі, творча выкарыстаюць усё найлепшае з яе нялёгка набытых урокаў.

Урокі ж беларусізацыі мне бачацца ў наступным.

1. Як у першыя гады пасля Кастрычніцкага перавароту, так і з уходам у нябыт сучаснага аўтарытарнага палітычнага рэжыму Рэспублікі Беларусь (пры захаванні яго аніякай гаворкі не можа быць пра нашае выратаванне ад русіфікацыі) нацыянальна-культурнае адраджэнне яе тытульнага народа павінна ажыццяўляцца на дзяржаўным узроўні з апорай на шырокія колы грамадства. Неабходнасць такога падыходу дыктуецца тым, што як падчас міжваеннай беларусізацыі, так і сёння беларусы знаходзіліся і знаходзяцца на такой высокай стадыі зрусіфікаванасці, што ў аснове сваёй нават не ўсведамляюць асаблівай патрэбы ў вызваленні ад гэтай злыбеды. Спадзявацца, што ў такіх экстрэмальных умовах ідэя нацыянальнага адраджэння ўзнікне ў галовах шараговых людзей, што сярод іх знойдзецца хтосьці здольны ўзначаліць масы на барацьбу за сваё этнічнае выратаванне, ніяк нельга. Дэфармацыя культурна-моўных асноў нацыянальнага жыцця беларусаў, а разам з гэтым і іх саміх так далёка зайшла, што высілкамі толькі адных грамадскіх арганізацый такую сур'ёзную праблему нельга развязаць. Тут у першую чаргу неабходна максімальна выкарыстоўваць адміністрацыйны рэсурс самой дзяржавы, як гэта яе чыноўніцкім апаратам практыкавалася падчас міжваеннай беларусізацыі. Ролю дзяржаўнага фактару ў пазітыўных набытках апошняй ніяк нельга пераацаніць.

2. Народ можа актыўна ўключыцца ў нацыянальна-культурнае адраджэнне толькі ва ўмовах глыбокага ўсведамлення лёсавызначальнага значэння такога руху, чаму павінна быць падпарадкавана ўся ідэалагічная дзейнасць дзяржавы. У грамадскіх структурах такія магчымасці адсутнічаюць. У перыяд міжваеннай беларусізацыі ідэалагічнае забеспячэнне яе ажыццяўляла, прычым даволі паспяхова, - Камуністычная партыя. Сёння дзяржава мае непараўнальна лепшыя, чым у даваенны час, магчымасці ідэалагічнага ўздзеяння на працэсы нацыянальнага адраджэння. Дзеля гэтага нельга абмяжоўвацца толькі радыё- і тэлеперадачамі чыста растлумачальнага характару. Пажадана, каб дадзеная праблема яшчэ ракрывалася сюжэтамі тэатральных драматычных пастановак, забяспечваючы эмацыянальнае ўздзеянне на слухача і гледача. Зусім недаравальна, што і раней, і зараз мы не маем аніводнага драматычнага твора з глыбокім раскрыццём розных аспектаў беларускага нацыянальна-культурнага Адраджэння. Яму на вялікую карысць пайшло б, каб людзі да гэтага былі падрыхтаваныя яшчэ і эмацыянальна. Вялікую ролю ў гэтым маглі б адыграць і нацыянальна-адраджэнскага характару сольныя і харавыя песні, іх выкананне не толькі на тэатральных сцэнах, але і на стадыёнах, у скверах і парках з удзелам саміх прысутных. Усё, што звязана з нацыянальным абуджэннем народа, павінна выклікаць у яго самыя добрыя эмоцыі, вялікую радасць ад магчымасці непасрэднага дачынення да гэтай гістарычнай важнасці справы. Даўно наспеў час стварыць Гімн нацыянальнага Адраджэння. Існы Дзяржаўны гімн дзеля гэтага не прыдатны.

3. Цалкам справядліва, што ў перыяд міжваеннай беларусізацыі асяродкам усёй адраджэнскай працы з людзьмі з'яўлялася мова. Абсалютную бальшыню з іх удалося пераканаць, што толькі ў сваёй роднай мове беларусы могуць здзяйсняцца як самадастатковы народ. Не было той сферы грамадскага жыцця, куды б не пранікла, якая б не абслугоўвалася беларускай мовай. Не была тут выключэннем і такая прэстыжная з іх, як навука. Чалавек, які не валодаў беларускай мовай, адчуваў сябе некамфортна ў грамадстве, бо тады ў краіне толькі адна яна з'яўлялася фактычна дзяржаўнай, што цалкам адпавядала міжнароднай практыцы. У краіне з адным тытульным народам толькі ён карыстаецца правам на статус дзяржаўнай для сваёй роднай мовы, прыкладам чаму могуць служыць Польшча, Францыя, Германія, Балгарыя, Румынія… Наданне ў такой катэгорыі краін статусу дзяржаўнай яшчэ якой-небудзь мове - хутчэй за ўсё ёсць сведчанне яе (краіны) палітычнай залежнасці ад краіны - носьбіта гэтай мовы. У Еўропе з такой заганнай з'явай не можа развітацца толькі Беларусь: па віне самой улады.

Значэнне моўнага фактару ў нацыянальным жацці беларускага народа яшчэ больш вырасла ў нашы дні, калі так невымерна павялічыліся ў дзяржавы, грамадства ў цэлым маштабы ўнутранай і знадворнай інфармацыі. Найвялікшая трагедыя для любога народа, калі ў гэтых мэтах выкарыстоўваецца не яго родная, а чужая мова. У такога народа адсутнічаюць усялякія перспектывы застацца самім сабою, рабіць хоць самы мізэрны ўклад у культурныя набыткі, культурную разнастайнасць цывілізаванага свету. Менавіта такое катастрафічнае моўнае становішча і склалася ў Рэспубліцы Беларусь, калі яе кіраўніцтва пасля майскага (1995 г.) рэферэндуму насуперак міжнароднай практыцы статус дзяржаўнай надала яшчэ і рускай мове. Царскія ўлады зрабілі яе дамінантнай на беларускай зямлі тыпова каланізатарскімі метадамі, сучасныя - нібыта дэмакратычна: рукамі народа, праз праведзены з яго ўдзелам рэферэндум, у многім сфальсіфікаваны падлік галасоў. Як толькі на змену аўтарытарнаму палітычнаму рэжыму прыйдуць да ўлады нацыянальнай арыентацыі сілы, іх першым крокам па выратаванні беларускага народа ад русіфікацыі павінна быць скасаванне вынікаў майскага рэферэндуму. Як і ва ўсіх аднанацыянальных краінах, у Беларусі павінна быць дзяржаўнай толькі яе родная мова, што ніяк не перашкодзіць існаванню тут і іншых моваў, галоўнае толькі, каб імі не выцяснялася з афіцыйнага жыцця беларуская мова. Забеспячэнне ёй такога законнага на бацькоўскай зямлі месца - галоўны абавязак дзяржавы. І рабіць гэта трэба без рэферэндуму, улічваючы страшэнны нацыянальны нігілізм беларусаў, прычыну чаму трэба шукаць у злачыннай дзяржаўнай палітыцы русіфікацыі.

4. Карысны на ўсе часы ўрок міжваеннай беларусізацыі - замяшчэнне кіраўнічых і іншых прэстыжных пасадаў асобамі ў залежнасці ад валодання імі беларускай мовай, а не ад нацыянальнага паходжання. Бальшавікі вельмі не давяралі безнадзейна зрусіфікаваным нацыяналам, лічачы, што яны могуць прынесці куды больш шкоды нацыянальнаму адраджэнню свайго народа, чым рускія альбо іншай нацыянальнасці людзі, жывучы на яго тэрыторыі. На вялікую бяду, сёння не пералічыць прыкладаў, калі зрусіфікаваныя беларускія высокія палітыкі, прадстаўнікі самых элітарных колаў інтэлігенцыі з лёгкай душой нішчаць апошняе з нашага самабытнага нацыянальнага жыцця. Для яго страшнейшых ворагаў няма за хворых на нацыянальны нігілізм беларусаў. А іх жа процьма! Па віне такіх людзей у нас, без непасрэднага ўдзелу Маскоўскага Крамля, адбываецца такая брыдота, як самарусіфікацыя народа. У гэтую злачынную справу ніхто не ўносіць такога велізарнага "ўкладу", як многія беларускага паходжання палітыкі, ідэолагі, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі. Нацыя выйшла на тыя праклятыя рубяжы, калі яна сама з'ядае сябе, займаецца беларусаедствам. У 1930-я гады функцыю русіфікацыі беларусаў выконвалі засланыя Цэнтрам у БССР ідэалагічныя, рэпрэсіўныя службы, сёння мы гэта робім уласнымі рукамі. Трагізм сітуацыі ў параўнанні з даваеннай вырас не ў дзесяткі, а ў сотні разоў!

5. У лепшыя часы нацыянальна-культурнага Адраджэння канца 1980-хпачатку 1990-х гадоў нам не ўдалося ў поўную меру выкарыстаць пазітыўны ўрок міжваеннай беларусізацыі па стварэнні нацыянальнай сістэмы адукацыі, хаця пэўныя крокі ў гэтым накірунку ажыццяўляліся. Поспеху тады дамагліся галоўным чынам дзякуючы таму, што самыя галоўныя ўчасткі яе ўзначалілі да канца адданыя нацыянальнай ідэі асобы. За гранічна сціслы тэрмін ім удалося багата карыснага зрабіць па беларусізацыі педагагічнага працэсу вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, што развязала рукі для актыўнай нацыянальнай дзейнасці настаўнікам агульнаадукацыйных школ. У выпускнікоў апошніх не мелася аніякіх моўных праблем пры паступленні на вучобу ў тэхнікумы і ВНУ.

Ва ўсе часы і для ўсіх народаў адукацыя - гэта адна з самых не толькі адказных, але і складаных сфераў жыццядзейнасці людзей. Дасканала наладзіць яе дзейнасць могуць толькі высокаадукаваныя спецыялісты, прычым цвёрдай нацыянальнай арыентацыі. Пры ўсёй павазе да бацькоў навучэнцаў, вялікім жаданні нідзе не парушыць прынцыпаў дэмакратыі, гуманізму, апошняе слова тут належыць не бацькам, а прадстаўнікам педагагічнай навукі і практыкі, тым, хто па роду сваёй службы нясе адказнасць за стварэнне ў краіне бездакорнай, адпаведнай беларускаму нацыянальнаму ідэалу народнай адукацыі. Толькі сапраўдныя педагогі-патрыёты ў стане зрабіць яе дзейснай этнастваральнай сферай, адгарадзіць апошнюю ад шкоднага чужацкага, антынацыянальнага ўплыву знутры і звонку. Усё гэта мела месца ў гады міжваеннай беларусізацыі. Вялікі гонар і вялікая хвала яе архітэктарам, што нягледзячы на ўсе падводныя рыфы ім удалося стварыць па-сапраўднаму беларускую нацыянальную сістэму адукацыі. А ўдалося таму, што ў аснову яе былі закладзены беларускія нацыянальна-культурныя традыцыі з іх галоўным асяродкам беларускай мовай. Многія даваенныя выпускнікі сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў да канца свайго жыцця заставаліся шчырымі нацыянальнымі патрыётамі, з вялікім болем у сэрцы ўспрымалі тую шкоду, якую прыносіла маладым пакаленням беларусаў рускамоўная сістэма адукацыі. Зыходзячы з набытага міжваеннай беларусізацыяй досведу, усім нам сёння трэба як мага далей выкінуць з галавы памылковую думку, што рускамоўная адукацыя можа даць нашай Айчыне нацыянальна свядомых, здольных творча працаваць ва ўласным традыцыйным этнакультурным рэчышчы людзей. Прамое прызначэнне такой сістэмы адукацыі русіфікаваць маладыя пакаленні беларусаў, і яна на выдатна спраўляецца з такім злачынствам. Пры далейшым існаванні рускамоўнай сістэмы адукацыі мы немінуча пазбавімся будучыні, станем чужынцамі на бацькоўскай зямлі, чым толькі збяднім культурную разнастайнасць еўрапейскай тэрыторыі на 207,6 тысячах квадратных кіламетраў беларускай зямлі.

6. Ва ўсіх народаў, не выключаючы і беларускага, працэсы нацыянальна-культурнага адраджэння найперш адбываюцца ў інтарэсах маладых, будучых пакаленняў, а не тых, што знаходзяцца на схіле свайго зямнога жыцця. Гэта добра ўсведамлялі сабе тэарэтыкі і практыкі міжваеннай беларусізацыі. Ім нельга не пазайздросціць ва ўменні згуртаваць вакол святой беларускай ідэі маладыя сілы. У іх не было поля для заняцця палітычнай дзейнасцю: так вырашыў агульнасаюзны Цэнтр. Па гэтай прычыне ўсю сваю энергію, увесь свой талент моладзь аддавала культурна-асветніцкай дзейнасці, што пайшло на вялікую карысць беларусізацыі. Моладзь з'яўлялася асноўнай крыніцай папаўнення шэрагаў пісьменніцкай арганізацыі Беларусі, і ішла яна сюды не з чужым, а з родным беларускім словам. Вось каштоўны ўрок для сучасных маладых людзей, надзеленых прыродай літаратурным талентам. А іх жа сёння ў прыўрадавы Саюз пісьменнікаў Беларусі ідзе больш з рускім, чым з беларускім словам, спрыяючы гэтым самым бязмежна распаўсюджанай у нас русіфікацыі. Пераўтварэннем літаратурнай прасторы з беларускамоўнай у рускамоўную, што цалкам верагодна, мы нанясем такі магутны ўдар па сваім тытульным народзе, што наўрад ці знойдуцца якія-небудзь сілы, здольныя выратаваць яго ад канчатковай русіфікацыі.

Сапраўдным нацыястваральным фактарам праявіла сябе моладзь у гады беларусізацыі на ніве народнай адукацыі. Апошняя, мо як ніводная з іншых сфераў дзейнасці чалавека, была паводле ўзросту сваіх кадраў, прычым кадраў беларускамоўных, вельмі маладой. Асабліва такое было характэрна агульнаадукацыйнай школе. Хутчэй за ўсё па гэтай прычыне яна не здала сваіх нацыянальных пазіцый нават і ў самы разгул масавых фізічных рэпрэсій. Сённяшняе звяно такой адукацыі нават і ў пяткі не гадзіцца таму, што было народжана пад уздзеяннем беларусізацыі і бездакорна служыла яе ідэалам. У нашыя дні толькі самыя вялікія фантазёры дазволяць сабе марыць пра такую сістэму адукацыі ў нашым краі, якая б з беларускай моладзі фармавала сапраўдных нацыянальных патрыётаў, рабіла яе здольнай быць носьбітам беларускіх культурна-моўных традыцый людзей старэйшых пакаленняў. Для беларусізацыі ж усё гэта было зусім звычайнай з'явай.

7. Стварае гонар міжваеннай беларусізацыі старанны ўлік ёю патрабаванняў сваіх нацыянальных мяншыняў. Родныя мовы трох з іх - рускай, яўрэйскай і польскай  былі разам з беларускаю прызнаныя ў якасці афіцыйных і ў той ці іншай ступені выкарыстоўваліся ў грамадскім жыцці рэспублікі. Праўда, у гэтую надзвычай ліберальную практыку жыццё ўнесла істотныя карэктывы і ў самы пік беларусізацыі ўсе сферы грамадскай дзейнасці чалавека ледзь не ў поўным аб'ёме, што цалкам заканамерна, сталі абслугоўвацца роднай мовай яе тытульнага народа, як гэта рабілася тады, рабіцца сёння (за выключэннем Рэспублікі Беларусь) і павінна рабіцца і надалей ва ўсіх аднанацыянальных краінах. Такой разумнай практыцы цяжка ці зусім немагчыма прыжыцца толькі ў краінах, якія да канца не скінулі са сваёй шыі чужога ярма, яскравы прыклад чаму сучасная Беларусь.

Рэзкі спад сацыяльнай ролі рускай, яўрэйскай, польскай і моваў іншых нацыянальных мяншыняў БССР у самыя шчаслівыя гады беларусізацыі зусім не сведчыў пра ўзнікненне якіх-небудзь сур'ёзных цяжкасцяў для задавальнення гэтымі мяншынямі сваіх культурных запатрабаванняў. Такое стане для іх нежаданай рэальнасцю (за выключэннем рускай) толькі з наступленнем зоркавага часу для масавых фізічных рэпрэсій. Але ж падчас іх на поўны скон пайшла і беларусізацыя. Зыходзячы з урокаў апошняй, упэўнены, што нашыя этнічныя мяншыні не зведвалі б для сябе аніякіх абмежаванняў, каб якім-небудзь патрыятычным сілам Рэспублікі Беларусь ўдалося ўвесці ў ёй нешта такое накшталт міжваеннай беларусізацыі. У сучасным культурна-моўным жыцці нярускіх этнічных груп Беларусі рускага намнога больш, чым уласнага. Яны няўхільна зрусіфікоўваюцца.

8. У складзе даваеннага СССР Беларуская ССР асабліва не вызначалася ні колькасцю свайго насельніцтва, ні памерамі сваёй тэрыторыі. Але калі па ёй пачала крочыць, даваць станоўчыя вынікі беларусізацыя, гэта з'ява зычным рэхам распаўсюдзілася на далёкія адлегласці. Пра яе загаварылі, ёю радаваліся нашыя супляменнікі не толькі блізкіх да нас прыбалтыйскіх краін ці Польшчы. Рэха беларусізацыі дабралася да Крайняй Поўначы, Сібіры, Далёкага Усходу, куды нямала выехала не толькі сацыяльна абяздоленых, але і да апошняй ніткі абакрадзеных царскай русіфікацыяй беларусаў. Болей за тое, пра беларусізацыю даведаліся і ў Заходнім паўшар'і планеты Зямля. Ад такіх радасных звестак сёй-той з беларусаў далёкіх краін не ўстрымаўся на чужыне і падаўся на Бацькаўшчыну дапамагаць ёй будаваць уласны Нацыянальны дом. І сёй-той паспеў штосьці карыснае зрабіць для гэтай высакароднай справы. Завяршыць яе не давялося ўсё з-за тых жа крывавых масавых рэпрэсіяў.

Яшчэ ніколі так шмат беларусаў не жыло за мяжою сваёй краіны, хоць і суверэннай, нібыта сацыяльна зарыентаванай, як у нашыя дні. Зразумела, пакідаюць яе, за рэдкім выключэннем, не нацыянальна адказныя людзі, бо для іх, чым горш жывецца Бацькаўшчыне, тым хочацца мацней быць звязанымі з ёю, дапамагчы ёй хутчэй пераадолець эканамічныя нястачы, палітычную бяспраўнасць народа. Бацькоўскі край пакідаюць людзі галоўным чынам у пошуках лепшага жыцця. І дарэчы, многія знаходзяць яго, заклікаючы да эміграцыі сваіх блізкіх і знаёмых, на што апошнія лёгка даюць згоду. З розных крыніц добра вядома, што наўцёкі з Беларусі кідаюцца людзі, як правіла, адукаваныя, з добрай, а то і выдатнай прафесійнай падрыхтоўкай, у маладым узросце. Занямоглыя не адважацца на змяненне свайго сталага месцажыхарства, г. зн. пры любых умовах застануцца ў Беларусі, павялічваючы яе непрацаздольнае, пенсійнага ўзросту насельніцтва. Да катэгорыі апошніх ужо не адзін дзесятак гадоў належыць і аўтар гэтай публікацыі. Замежжа яго ніколі не вабіла: бо глыбокімі каранямі ўросся ў нацыянальную глебу. З усіх эмігрантаў мне найбольш за ўсё шкода тых, хто разчараваўся (і мо небеспрычынна) у магчымасці Беларусі стаць рэальнай суверэннай унітарнай (бронь, божа, не якім-небудзь палітычным суб'ектам саюзнай дзяржавы) краінай з самабытнай культурай і мовай, вольнай ад любых формаў асіміляцыі і таму, каб не быць сведкай такой катастрофы, падаўся на чужыну. Упэўнены, што такіх нацыянальна-прагрэсіўных поглядаў людзей ніколі не будзе рознымі адміністрацыйнымі спосабамі стрымліваць ад эміграцыі сучаснае палітычнае кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь, бо без іх яму куды лягчэй удасца давяршыць паганую справу русіфікацыі. І яна абявязкова стане страшэннай рэальнасцю для нашага народа, калі змагарам за нацыянальную ідэю не ўдасца ў чарговы раз прыйсці яму на дапамогу з дасканала распрацаванай праграмай беларусізацыі.

**********

Я не надзелены прыродай прадбачыць падзеі заўтрашняга дня, не кажучы ўжо пра тое, што павінна адбыцца праз пяць, дзесяць і болей гадоў. Але ёсць нейкае прадчуванне, што ў нас яшчэ дзяржаве давядзецца праводзіць палітыку беларусізацыі. Яна прыйдзе да жыцця пад уздзеяннем не так унутраных, як знадворных фактараў. Стаўлю пад сумненне ўнутраны фактар таму, бо каб прыйсці яму ў дзеянне, патрэбна ў дзесяткі разоў павысіць эфектыўнасць працы, уплыў на масы апазіцыйных партый і рухаў, што трывала прытрымліваюцца беларускіх нацыянальных пазіцый. Гэтаму ж будзе ўсяляк супрацьдзейнічаць усталяваны ў Беларусі палітычны рэжым. Калі ж у моц якіх-небудзь прычын на верхавіне палітычнай улады не ўтрымаецца Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, апошнюю з дапамогай магутнага дзяржаўнага чыноўніцкага апарату зойме хтосьці блізкі з яго асяроддзя і таму ў нацыянальна-культурным жыцці краіны ўсё застанецца без перамен, і палітыка русіфікацыі працягнецца, калі яшчэ застанецца каго русіфікаваць.

Куды большыя спадзяванні ўскладаю я на знадворны фактар, толькі дажыць бы нацыянальна свядомай частцы беларусаў да тае пары, калі ён прыйдзе ў дзеянне. А такое абавязкова адбудзецца, мяркуючы па тым, што сёння адбываецца з нятытульнымі народамі (а беларусы ж тытульны народ!) поліэтнічных дзяржаў (а Рэспубліка ж Беларусь монаэтнічная краіна!). Ніхто з іх, асабліва ў Еўропе, не жадае страціць сваю этнакультурную самабытнасць пад уплывам асіміляцыйных працэсаў. Урад Іспаніі ледзь стрымлівае імкненне каталонцаў мець уласную дзяржаву, з дапамогай якой разлічваюць стварыць усе ўмовы для самабытнага нацыянальна-культурнага развіцця. У рознай форме такое назіраецца ў Вялікабрытаніі, Францыі, Румыніі і іншых краінах Еўропы, да чаго не можа не быць прыкута ўвага беларусаў, хаця ім і застаецца, па віне дзяржавы, толькі адзін крок, каб поўнасцю зрусіфікавацца, беспаваротна страціць сваю нацыянальную ідэнтычнасць.

Мне не даводзілася чуць ці чытаць, каб які-небудзь народ радаваўся разбуральным дзеяннем глабалізацыі на яго нацыянальна-культурнае жыццё. Гэта толькі беларусы без усялякага роздуму звыкліся з руйнавальным уздзеяннем на іх яе магутнай усходняй плыні, што нясецца з Расійскай Федэрацыі. Але калі ў планетарным маштабе распачнецца барацьба з негатыўнымі наступствамі глабалізацыі, у такі прагрэсіўны, выратавальны рух абавязкова ўступяць і беларусы. Яны будуць змагацца не супраць амерыканізацыі, германізацыі, афранцузвання, а, як і ўвесь пасля далучэння ў канцы ХVІІІ стагоддзя да царскай імперыі, час ратавацца ад чужой і ўласнай русіфікацыі. Вось тады з вялікай радасцю і сустрэнуць людзі нашага краю прыход да іх чарговай аздараўленчай хвалі беларусізацыі. Толькі хутчэй бы такое адбылося!

Сёлета, пачынаючы з 15 ліпеня, тыя, у каго хоць трохі што засталося ад нацыянальнага, будуць адзначаць 90-я ўгодкі абвяшчэння беларусізацыі дзяржаўнай палітыкай. Ёсць прамы сэнс заставацца прасякнутым духам беларусізацыі і ў наступныя гады. Не выключаю, што на гэтую знакавую падзею якім-небудзь чынам адгукнуцца і афіцыйныя ўлады, бо яна ж ёсць не выдумка адарванай ад рэальнага жыцця кучкі "нацдэмаў", а законнае дзіця самой дзяржаўнай палітыкі, якую супольна праводзілі савецкія і партыйныя органы Беларускай ССР, актыўна, ахвотна падтрыманыя народам. Не бачу аніякага апраўдання, што гэтую гістарычную падзею мы не адзначалі ні на афіцыйным, ні на грамадскім узроўнях у яе юбілейныя 1994 і 2004 гады. Сказаць жа нам ёсць нямала чаго ў сувязі з такой нагоды. Для аўтара дадзенай кнігі яна паслужыла галоўнай падставай, каб узяцца за пяро і хоць у самай сціслай форме асвятліць тагачасныя гістарычныя падзеі, якія заслугоўваюць больш грунтоўнага  манаграфічнага даследавання. Сваёй неабдуманай, а можа і наўмыснай палітыкай дзяржава ўвагнала і сябе, і ўласны народ у такі глыбокі паводле нацыянальнага вымярэння культурна-моўны крызіс, што дзеля пошуку надзейнага выйсця з яго толькі на карысць адраджэння будзе сур'ёзнае навуковае асэнсаванне пазітыўнага досведу ледзь не дарэшты забытай афіцыйнымі ўладамі, амаль усім грамадствам этнастваральнай практыкі міжваеннай беларусізацыі.

Дадатак

1. Інстытут беларускай культуры ў святле дзяржаўнай палітыкі беларусізацыі

Заснаваны 30 студзеня 1922 года ў Менску на базе Навукова-тэрміналагічнай камісіі Народнага камісарыята асветы БССР Інстытут беларускай культуры (ІБК) набыў дастакова багаты вопыт працы ў сферы культуры яшчэ да таго, як у ліпені 1924 года другая сесія Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта (ЦВК) афіцыйна абвясціла аб пераходзе да дзяржаўнай палітыкі беларусізацыі, прыняўшы адпаведную пастанову "Аб практычных мерапрыемствах па правядзенні нацыянальнай палітыкі". Наўрад ці можна было знайсці хоць адно з тых мерапрыемстваў, да распрацоўкі тэарэтычных асноў якога не падключалі б калектыў ІБК. Перш за ўсё ў вялікую заслугу яму трэба паставіць правільнае разуменне ключавой ролі нацыянальнага фактару ў культурным жыцці Беларусі. А ён жа, як вядома, зусім не браўся пад увагу ўладамі і залежнай ад іх творчай інтэлігенцыяй да таго, як наша краіна не стала самастойнай дзяржавай пад добра вядомай абрэвіятурай БССР. Свядомае ігнараванне такім фактарам прывяло да глыбокай дэфармацыі прыродных асноў культуры Беларусі, прычым не толькі яе тытульнага насельніцтва, але і ўсіх яе этнічных супольнасцяў, акрамя рускай. Таму ад першых дзён стварэння ІБК яго працаўнікі актыўна заняліся ліквідацыяй цяжкіх наступстваў царскай русіфікатарскай палітыкі з тым, каб стварыць належныя, з улікам пасляваеннага часу, умовы для развіцця нацыянальных культур тытульнага народа і этнічных меншасцяў БССР. Зразумела, галоўная ўвага надавалася тытульнаму народу, бо менавіта яго нацыянальная культура павінна была стварыць этнічна культурнае аблічча маладой савецкай дзяржавы ў асобе БССР. Над гэтым у першую чаргу добра папрацавалі падраздзяленні ІБК гуманітарнага профілю: секцыі і камісіі па складанні слоўніка жывой беларускай мовы, дыялекталагічная, бібліяграфічная, літаратурна-мастацкая, культурна-гістарычная, а трохі пазней - этнаграфіі і геаграфіі, мастацтва, права, педагогікі. Прычым і старшынямі ІБК былі навукоўцы-гуманітарыі: спачатку мовазнавец Сцяпан Некрашэвіч, затым са студзеня 1926 па снежань 1928 года (з лістапада 1927 г. гэтая пасада ўжо насіла назву "прэзідэнт") гісторык, аўтар кніг: "Кароткі нарыс гісторыі Беларусі", "Кароткі нарыс нацыянальна-культурнага адраджэння Беларусі", "Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця" Усевалад Ігнатоўскі. Ролю гэтых выбітных асобаў у распрацоўцы асноўных палажэнняў, у практычным ажыццяўленні дзяржаўнай палітыкі беларусізацыі ніяк нельга пераацаніць.

Заканамернай з'явай фарміравання структурных падразяленняў Інбелкульта трэба прызнаць наяўнасць сярод іх этнаграфічнай секцыі. I польскія, і рускія даследчыкі свядома ўнеслі багата блытаніны ў этнічную гісторыю беларускага народа, што нават і многія прадстаўнікі адукаваных колаў грамадства як след не ведалі, што сабой уяўляе карэннае насельніцтва Беларусі, якое яго сапраўднае імя. У час, калі беларусы атрымалі хоць і сімвалічную палітычную незалежнасць у складзе СССР, усё ж далей жыць у такім няведанні свайго энічнага "Я" ніяк нельга было. Як ніхто іншы, гэта вельмі добра разумела кіраўніцтва Інбелкульта. Яго этнаграфічную секцыю ўзначаліў ужо добра вядомы і на той час навуковец Вацлаў Ластоўскі - аўтар "Кароткай гісторыі Беларусі" (1910), "Падручнага расійска-крыўскага (беларускага) слоўніка" (1924), "Гісторыі беларускай (крыўскай) кнігі"(1926) і інш. Секцыя шмат што выйграла ад прыходу сюды на сталую працу з багатым тэарэтычным і практычным багажом этнографа, фалькларыста, краязнаўца Паўла Дземідовіча (1871-1931; в. Мікалаеўшчына на Стаўбцоўшчыне). "Даследаваў беларускі сямейны побыт, народныя вераванні, фальклор. У адпаведнасці з гадавым кругам земляробчага календара падрабязна апісаў абрады і звычаі, пачынаючы ад калядных: вячэра на куццю, варажба, звязаная з будучым ураджаем і плоднасцю статка, а таксама дзяўчат аб замужжы; хаджэнне з зоркай, ваджэнне "казы", шчадраванне вечарам перад Новым годам..." 1 Сваімі публікацыямі П. Дземідовіч садзейнічаў актывізацыі краязнаўчай працы ў рэспубліцы, што адыграла выключна важную ролю ў распаўсюджванні сярод яе жыхароў аб'ектыўных, праўдзівых гістарычных ведаў, прыцягненню увагі, выхаванню любві да ўласнай нацыянальнай культуры, якой так шмат шкоды прычынілі ідэолагі і архітэктары палітыкі паланізацыі і русіфікацыі.

На вялікае шчасце для беларускай справы, у той час такіх людзей, як П. Дземідовіч, было нямала сярод краязнаўцаў. Неаспрэчная заслуга ў гэтым актыўнага нацыянальнага дзеяча М. Бялугі, які ўзначальваў створанае ў канцы 1923 года Цэнтральнае бюро краязнаўства. Шмат карыснага для яго зрабілі першы ў гісторыі рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Уладзімір Пічэта, пісьменнік Кандрат Крапіва. Яго калегу па пяры Змітраку Бядулі даверылі быць рэдактарам краязнаўчага часопіса "Наш край", першы нумар якога выйшаў у кастрычніку 1925 года.

Вядомыя дзеячы ІБК лічылі сваім прамым абавязкам усімі метадамі і сродкамі даводзіць народу, як важна не адрывацца ад родных каранёў, шанаваць, жыць паводле ўласных, а не занесеных звонку культурна-моўных традыцый. А іх, на нашу бяду, занеслі нямала на Беларусь як з захаду, так і ўсходу. Змешчаныя, найперш у перыядычным друку, матэрыялы па дадзенай праблеме вельмі патрэбныя былі і для партыйных, савецкіх работнікаў, прычым нават самага высокага звяна, бо мала хто з іх глыбока разбіраўся ва ўсіх тонкасцях нацыянальнага жыцця беларусаў. Да таго ж, сярод такіх палітыкаў яшчэ хапала і моцна зрусіфікаваных асоб, для якіх сама ідэя беларускага нацыянальна-культурнага Адраджэння была проста зусім не патрэбнай, лішняй. Але і ў той няпростай сітуацыі да гэтай ідэі ўсё больш і больш гарнулася высокае кіраўніцтва маладой Рэспублікі Беларусь. Сказанае пацвярджае і наступная вытрымка з даклада старшыні Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта і Савета Народных Камісараў Аляксандра Чарвякова "Нацыянальныя моманты ў дзяржаўным і партыйным будаўніцтве" на VII з'ездзе КП(б)Б (20-26 сакавіка 1923 г.): "Камуністычная партыя ў поўнай адпаведнасці з сваёй праграмай па нацыянальным пытанні павінна зрабіць усё для наладжвання працы па нацыянальнай беларускай мове". Гэтыя словы былі прамоўлены больш як дзевяноста гадоў таму назад. А як яны актуальны, надзённы для тых, хто цяпер ажыццяўляе палітычнае кіраўніцтва Рэспублікай Беларусь, у якой наспела процьма неразвязаных задач нацыянальна-культурнага характару.

Усё вышэй сказанае датычыць часу, калі яшчэ аніякай гаворкі не вялося пра дзяржаўны падыход да беларусізацыі. Творчая, навуковая, педагагічная інтэлігенцыя займалася ёю самачынна паводле ўласнай волі, уласнага жадання, чаго так сёння не хапае ў гэтай самай прэстыжнай катэгорыі грамадства. Не выключна, што велізарны адраджэнскі энтузіазм тагачаснай інтэлігенцыі ў нейкай ступені падштурхнуў малады чыноўніцкі апарат і самому актыўна падключыцца да стваральнай нацыянальнай дзейнасці і ўзяць беларусізацыю пад сваю апеку. I як добра, што такое адбылося на практыцы. Цяжка казаць, кім бы мы сёння былі без міжваеннай беларусізацыі? Можа баяліся б ці саромеліся ў публічньіх месцах нават слова вымавіць па-беларуску?

У самым пазітыўным плане Інбелкульт мог уплываць на ход беларусізацыі толькі пры ўмове ўкамплектавання гэтай установы высокаадукаванымі, з багатым прафесійным досведам, да канца адданых нацыянальнаму інтарэсу кіраўнічымі кадрамі. Добра разумеючы гэта, кіраўніцтва БССР у студзені 1926 года пайшло на замену старшыні ІБК Сцяпана Некрашэвіча Усеваладам Ігнатоўскім, які да гэтага займаў пасаду народнага камісара асветы БССР, паспеў стварыць сабе славу сур'ёзнага гісторыка-даследчыка. Самым высокім патрабаванням адпавядаў і намеснік старшыні ІБК Аркадзь Смоліч. Названую пасаду ён заняў яшчэ да прыходу ў ІБК У. Ігнатоўскага - у 1925 г., а да гэтага працаваў прафесарам, загадчыкам кафедры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, прычыніўся да ўтварэння ў 1923 годзе Цэнтральнага бюро краязнаўства. Калектыў ІБК нікому так не абавязаны, як А. Смолічу, у стварэнні ўласнай друкарні, што істотна зменшыла выстрыню праблемы выдання напісаных яго навуковымі супрацоўнікамі кніг і артыкулаў, бальшыня якіх у той ці іншай ступені дытычыла звязаных з беларусізацыяй пытанняў.

Станоўчай рысай дзейнасці ІБК як да, так і пасля надання беларусізацыі дзяржаўнага характару па праву можна лічыць яго штодзённы клопат пра культуру не толькі беларусаў, але і ўсіх этнічных супольнасцяў БССР. Здавалася б, што зведаўшы такую страшэнную дыскрымінацыю беларускай культуры з боку свецкіх і духоўных уладаў царскага самаўладдзя, яе носьбіты ў асобе творчай інтэлігенцыі нават і пальцам не паварушаць, каб адкрыць шлях для развіцця ў БССР і іншых культур. На практыцы такога не назіралася, бо ў іх не было праціўнікаў як сярод інтэлігенцыі, так і палітыкаў. У БССР меліся ўсе шанцы зябяспечыць на сваёй тэрыторыі па-сапраўднаму квяцістую культурную разнастайнасць. Каб такое стала рэальнасцю, неабходна было адпаведным чынам сфармаваць структуру Інбелкульта. Кіраўніцтва яго ахвотна пайшло на такое, стварыўшы яўрэйскі і польскі аддзелы, а затым яшчэ літоўскую і латышскую кафедры (1927). Адсутнасць чаго-небудзь падобнага для рускай культуры тлумачылася яе даволі трывалымі пазіцыямі на тэрыторыі Беларусі, пра што добра паклапаціліся яшчэ за царскім часам, прычым і сама мясцовая адміністрацыя. А вось адсутнасць у структуры ІБК татарскага аддзела ці кафедры тлумачылася зусім іншымі прычынамі, галоўная з якіх амаль поўная культурна-моўная асіміляцыя гэтай нацыянальнай мяншыні. Яна нават не магла выдзеліць са свайго асяроддзя патрэбнай колькасці людзей, у якіх хапіла б досведу, энергіі распачаць рух за сваё нацыянальна-культурнае адраджэнне. Найбольш развітыя цэнтры культурнага жыцця беларускіх татараў апынуліся пасля Рыжскай мірнай дамовы 1921 года на тэрыторыі Заходняй Беларусі.

Ужо ад самага свайго пачатку беларускае нацыянальна-культурнае Адраджэнне ніколькі не замінала ходу аналагічнага працэсу сярод усіх этнічных груп БССР. Не замінала і таму, што кіраўніцтва ІБК усяляк спрыяла яму, маючы ў сваім складзе неабходную колькасць аддзелаў, кафедраў і іншых структурных падраздзяленняў для нацыянальнай працы сярод найбольш шматлікіх этнічных груп. Ніводнай з іх кіраўніцтва ІБК не надавала такога значэння, як яўрэйскай. I ў гэтым не толькі яго ўласная заслуга. Проста ў самой дзяржаўнай палітыцы панаваў такі поглад на яўрэйскую культуру, якая, лічылася, як і беларуская, адкрыта дыскрэдытавалася царскімі ўладамі, чаго так не зведвала на сабе культура другой буйной этнічнай групы - польскай. У шэрагу дырэктыўных дакументаў не раз заяўлялася, што БССР павінна стаць рэспублікай не толькі беларускай, але і яўрэйскай культур. Такую пазіцыю цалкам падзяляў старшыня ЦВК і СНК БССР А. Чарвякоў.

Пастанову аб заснаванні ў структуры ІБК яўрэйскага аддзела ўрад рэспублікі прыняў 25 ліпеня 1924 года. Сваю ж працу ён распачаў толькі з сакавіка наступнага года. Вялася яна па чатырох галоўных напрамках: яўрэйская мова, літаратура, гісторыя, археалогія. I ў той час у яўрэяў не існавала праблемы з укамплектаваннем сектараў, камісій яўрэйскага аддзела ІБК высокакваліфікаванымі кадрамі, што станоўча адбівалася на якасці яго дзейнасці. Так, яўрэйскім сектарам кіраваў добра вядомы пісьменнік, драматург і літаратурны крытык Бер Аршанскі (1884-1945; Гарадок Віцебскай губ.), гістарычнай камісіяй Яўрэйскага аддзела ІБК - выпускнік вышэйшых навучальных устаноў Берна і Парыжа, загадчык Яўрэйскага аддзела пры Камісарыяце па справах нацыянальнасцяў у Петраградзе Ісраэль Сосіс (1878-1967). Высокім узроўнем прафесіяналізму вызначаліся не толькі кіраўнічыя кадры Яўрэйскага аддзела ІБК, што дапамагала яму дамагацца значных поспехаў у даследаванні актуальных пытанняў гісторыі і культуры беларускіх яўрэяў. Адказныя за сваю справу, высокаадукаваныя супрацоўнікі трапілі ў лінгвістычную камісію Яўрэйскага аддзела ІБК (з 1927 г. - сектар). За параўнальна сціслы тэрмін яны падрыхтавалі для акадэмічнага слоўніка ідыш 200 тыс. картак, выдалі два тэрміналагічныя слоўнікі па матэматыцы і юрыспрудэнцыі. Працягнуць прыклады станоўчай дзейнасці ў ІБК супрацоўнікаў яўрэйскай нацыянальнасці не ўяўляе аніякай праблемы. Так, агульны лік выданняў і публікацый на яўрэйскай мове (ідыш) вырас з 76 у 1924 годзе да 531 у 1930 годзе. Колькасць газет на гэтай мове павялічылася з 21 у 1924 годзе да 40 у 1927 годзе. 1 У 1926 годзе выйшаў з друку першы нумар альманаха "Цайтшрыфт" Яўрэйскага аддзялення ІБК, у якім быў надрукаваны і невялікі артыкул Ізі Харыка "Лейзэр Шэйман, бадхен з Зембіна".

У паасобныя гады ў штаце яўрэйскага сектара мелася 10 старшых і 14 малодшых навуковых супрацоўнікаў. На яго аддзяленні гісторыі займаліся вывучэннем удзелу яўрэяў у рэвалюцыйным руху Расіі і Беларусі. Аддзяленне літаратуры даследавала яўрэйскі фальклор, гісторыю яўрэйскага тэатра і драматургіі. Аддзяленне мовы мела заданне падрыхтаваць яўрэйскі акадэмічны слоўнік. У 1925 годзе было адкрыта эканоміка-дэмаграфічнае аддзяленне, у 1927-м - бібліяграфічнае аддзяленне з задачай скласці падрабязны бібліяграфічны даведнік пра ўсе яўрэйскія публікацыі ў СССР і навуковы каталог яўрэйскага перыядычнага і неперыядычнага друку, пачынаючы з XVI стагоддзя. 2 Многае з намечанага паспяхова выконвалася: у 1926годзе з'явіўся на свет слоўнік судовых тэрмінаў (1500 слоў), у 1928 годзе - слоўнік хімічных тэрмінаў (2500 слоў). А вось падрыхтаваныя беларуска-ідышскі слоўнік, ідыш-беларускі слоўнік, навуковая граматыка мовы ідыш не былі надрукаваныя. 3 Асноўная прычына - у афіцыйных уладаў прапаў інтарэс да такога роду даведачнай літаратуры. I ўсё ж зробленае беларускімі яўрэямі за час існавання ІБК значна пераважае іх набыткі ў 30-я гады, на што былі важкія прычыны палітычнага характару. Акурат з рэарганізацыі ІБК у Беларускую акадэмію навук "у Беларусі адбываецца імклівы заняпад яўрэйскай навукі на ідыш: даследаванні пачынаюць згортвацца, а якасць навуковай прадукцыі пагаршацца...

К 1930 году Менск страціў сваю вядучую ролю як цэнтр яўрэйскай навуковай думкі. Гэтую ролю на сябе ўзяў Кіеў…" 1

Неблагія набыткі былі, хаця і не такія як у яўрэяў, у працаўнікоў польскага адзела, літоўскай і латышскай кафедраў ІБК. Спрыяў гэтаму і сам характар дзяржаўнай палітыкі беларусізацыі, якая ні ў чым не парушала нацыянальных інтарэсаў этнічных груп. Наадварот, чым лепш ішлі справы з нацыянальна-культурным адраджэннем тытульнага народа, тым лягчэй развязвалі аналагічную праблему гэтыя групы. Згаданымі адзелам і кафедрамі таксама кіравалі дастаткова эрудзіраваныя асобы. Адказным за польскую працу ў ІБК быў з 1927 года выпускнік Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве Стафан Гельтман, які адначасова выконваў яшчэ і абавязкі рэктара і загадчыка кафедры эканомікі і палітыкі Камуністычнага ўніверсітэту ў Мінску.

Ад першых і да апошніх гадоў існавання ІБК зведваў вялікія цяжкасці з набыццём неабходнай для яго плённай дзейнасці літаратуры. Такім ужо быў час. У БССР на многія жыццёва важныя праблемы неставала фінансавых сродкаў. З мэтай змяншэння кніжнага голаду супрацоўнікі Інбелкульта сістэматычна "звярталіся ў іншыя навуковыя ўстановы і інстытуты з просьбай, каб тыя дасылалі... часопісы і кнігі, свае выданні, і ўжо ў 1926 годзе бібліятэка вяла абмен з многімі арганізацыямі, з якіх налічвалася больш як 100 у СССР і 74 за мяжой". 2

У звязаных з правядзеннем дзяржаўнай палітыкі беларусізацыі мерапрыемствах ключавую пазіцыю займаў моўны фактар. I тэарэтыкаў, практыкаў такой палітыкі лёгка зразумець: любы народ жыве і цівілізавана развіваецца толькі тады, калі ў яго ёсць свая мова, спаўна надзеленая сацыяльнымі функцыямі. Калі ж па тых ці іншых прычынах такія функцыі выконвае чужая мова, такая нацыя не мае перспектывы, праз два-тры пакаленні яна немінуча сыходзіць у нябыт. Такую горкую долю вельмі старанна рыхтавалі беларускай нацыі расійскія свецкія і духоўныя ўлады. Выратавалі яе ад гэтай злыбеды рэвалюцыйны пераварот 1917 года і выкліканае ім да жыцця дзяржаўная палітыка беларусізацыі. Распрацоўшчыкі яе не пабаяліся - і правільна зрабілі, - каб з усіх існых у рэспубліцы БССР моваў, надаць прыярытэт беларускай мове, бо яна была мовай тытульнага народу, да таго ж яшчэ на яго долю прыпадала каля 80 % агульнай колькасці насельніцтва.

Пры пераводзе ўсіх без выключэння сфераў грамадскага жыцця рэспублікі на беларускую мову (рабілася такое ўдумліва, разважліва) нельга было не заўважыць, што для такога маштабнага выкарыстання ў яе неставала патрэбнага лінгвістычнага рэсурсу. Здзіўляцца з гэтага ніяк нельга, бо да апошняга часу яна па віне чужародных нашаму краю палітычных колаў зяўлялася не больш як толькі сродкам міжасобасных зносін людзей, прычым пераважна сельскай мясцовасці, для чаго не патрабавалася вялікага запасу слоў. З пераходам да афіцыйнай беларусізацыі ўсё карэнным чынам мянялася, чаго нельга было не ўлічваць працаўнікам Навукова-тэрміналагічнай камісіі Наркамата асветы БССР і кіраўніцтву ІБК. Дзякаваць богу, яшчэ да яго ўтварэння ўдалося зрабіць штосьці карыснае дзеля гэтага. Профіль дзейнасці камісіі быў асноўным і для ІБК, у гуманітарнай секцыі якога меліся слоўнікавая і тэрміналагічная камісіі, якія займаліся складаннем слоўніка жывой беларускай мовы, дыялекталагічнага. Штогод вялікая колькасць слоў паступала ў картатэку Цэнтральнага бюро краязнаўства, асабліва ад настаўнікаў. Ужо з 1922 года пачалі выдавацца матэрыялы па "Беларускай навуковай тэрміналогіі". Да 1930 года пабачылі свет 24 выпускі. Бальшыню працаўнікоў Тэрміналагічнай камісіі вельмі непакоіла засмечанасць беларускай мовы паланізмамі і русізмамі, што рабіла яе не такой арыгінальнай, адметнай, якой яна магла быць без гэтых уплываў. Спрыяла ж ім працяглае адсутнасць беларускай мовы ў службовым справаводстве, адукацыі, царкоўна-рэлігійным жыцці. Ніхто так зацята не выступаў супраць такіх непатрэбных шкодных уплываў, як вядомы беларускі мовазнаўца Язэп Лёсік. Яшчэ ў 1920 годзе ён пісаў у газеце "Беларусь": "...трэба ўмець бараніцца ад тае навалы чужых слоў, што без ніякае патрэбы заносяцца ў нашую родную мову і якія могуць быць лёгка заменены сваімі словамі. Пільнавацца чысьціні мовы павінен як кожны беларус, так асабліва беларус інтэлігент, і асабліва людзі, што прымаюць учасьце ў беларускай літаратурнай працы". Парада надзвачай слушная, але з ёю мала калі лічыліся. Мала лічымся з ёю і сёння. Даволі часта штосьці зусім непатрэбнае з рускай лексікі заносіцца зараз у беларускую мову нават самімі літаратарамі, працаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі галоўным чынам з-за дрэннага валодання ёю. Апошнее ж тлумачыцца тым, што да пачатку прафесійнага выкарыстання беларускага слова многія асобы з гэтых катэгорый творчай інтэлігенцыі былі ўзгадаваны і ўжывалі больш рускую мову.

Не сакрэт, што для развіцця любой мовы выключна важнае значэнне мае выкарыстанне яе ў сферы навуковай дзейнасці, бо менавіта тут ідзе стараннае "адточванне" не толькі кожнай паасобнай фразы, але і кожнага паасобнага слова. У год заснавання ІБК ды і значна пазней беларуская мова мела параунальна бедныя навуковыя лексічныя рэсурсы, бо не з'яўлялася сродкам абслуговання гэтай сферы. Такое добра разумелася ўжо на першых этапах развіцця беларускай сацыялістычнай духоўнай культуры, таму і была ўтворана пры Інбелкульце з самых аўтарытэтных вучоных Тэрміналагічная камісія па распрацоўцы не толькі дзяржаўна-прававой і вытворча-эканамічнай лексікі, але і навуковай, прычым і прыродазнаўчай, па дакладных навуках.

Яшчэ не мінула і пяці гадоў ад часу заснавання ІБК, а ўжо змаглі атрымаць досыць добрыя вынікі ў працы шэраг яго структурных падраздзяленняў, і асабліва тыя, што клапаціліся пра стан дзяржаўнай беларускай мовы. Гэта зафіксавана і ў адным з пунктаў агульнай рэзалюцыі Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі (Менск, 14-21 лістапада 1926 года): "в). дзякуючы навуковаму даследваньню і апрацаваньню беларуская мова ўваходзіць у сям'ю славянскіх моваў, як самастойны і раўнапраўны яе член". Ужо аднаго гэтага было б дастаткова, каб цалкам апраўдаць ўтварэнне і даць самую станоўчую адзнаку дзейнасці калектыву ІБК.

Вяршыняй дзейнасці ІБК у гэтым напрамку несумненна трэба прызнаць праведзеную па яго ініцыятыве ў лістападзе 1926 года Акадэмічную канферэнцыю па рэформе беларускага правапісу і азбукі. Як бачым, да ўтварэння Беларускай акадэміі навук застаецца яшчэ больш за два гады, а ўжо згаданай канферэнцыі надалі статус акадэмічнай, што можа тлумачыцца глыбокім разуменнем ролі беларускай мовы для нашай тагачаснай параўнальна ўсё яшчэ маладой савецкай дзяржавы. Будучы ўдзельнікам таго нечуванага для Беларусі форуму мовазнаўцаў, прафесар Берлінскага ўніверсітэта М. Фасмэр заўважыў: "...бачу у вашай Канферэнцыі зьявішча, якое вядзе да незвычайнага вырашэньня нацыянальнага пытаньня". 1 І ён не памыліўся. Яно і сапраўды даволі паспяхова развязвалася, чаму у вырашальнай ступені садзейнічалі добрыя вынікі дзяржаўнай палітыкі беларусізацыі, прычым яшчэ на яе даволі ранняй стадыі. Не баючыся памыліцца, пісьменнік Максім Гарэцкі з усёй катэгарычнасцю заяўляў: "...зараз нацыянальнае пытаньне на Беларусі знаходзіць сваё належнае разьвязаньне і пачынаецца шырокае культурнае беларускае будаўніцтва ў савецкіх умовах". На першым часе пасля Кастрычніка "былі такія выпадкі, калі жаданьне гаварыць пабеларуску зьвязвалася з агульным абвінавачваньнем у контррэвалюцыі". 2 З пераходам да беларусізацыі вельмі хутка развіталіся з такім абвінавачваннем, бо на роднай мове карэнных жыхароў БССР загаварылі нават самыя высокія яе савецкія і партыйныя дзеячы, у што так цяжка верыцца сёння.

Нямала слушных думак выказалі на канферэнцыі датычна таго, што трэба далей зрабіць, каб жыццё ў Беларусі станавілася і па форме і па змесце яшчэ больш беларускім. Вось адна з іх, што прагучала з вуснаў дацэнта Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі Гаўрылы Гарэцкага: "I калі будзе створана да канца беларусізацыя вышэйшай школы, тады будзе дасягнута поўная беларусізацыя асьветы, беларусізацыя культуры, будзе ўтворана беларуская навука... Факт дзяржаўнага будаўніцтва Савецкай Беларусі павінен быць падмацаваны... утварэннем навуковай беларускай мовы, самастойнай беларускай навукі". 1 Поўнай беларусізацыі вышэйшай школы так і не адбылося. Не збіраюцца ўлады праводзіць яе і сёння. Таму ў нас няма і сапраўднай беларускай нацыянальнай культуры і навуковай беларускай мовы, бо гэтыя функцыі ў дадзенай сферы выконвае толькі руская мова. Ох жа і разумныя, высокай нацыянальнай самасвядомасці людзі жылі і працавалі ў гады міжваеннай беларусізацыі! I чаму толькі іх сёння няма ці чаму яны бяздзейнічаюць, аніяк не заяўляюць пра сябе?

Нават за няпоўныя дзесяць гадоў ад кастрычніцкага перавароту 1917 года да часу правядзення разгляданай канферэнцыі ўладам ўдалося ў апоры на нацыянальнай арыентацыі інтэлігенцыю ўключыць у моватворчы працэс шырокія колы грамадства, пра што з вялікай радасцю гаварыў мовазнаўца Сцяпан Некрашэвіч: "Нашу мову цяпер апрацоўваюць ня толькі вучоныя, пісьменьнікі, але і ўсё беларускае грамадства, усе тыя, хто гаворыць і піша па-беларуску". 2 Нічога падобнага не назіраецца ў нас сёння. Нават і пісьменнікамі значна больш выдаецца рускамоўнай, чым беларускамоўнай кніжнай прадукцыі. Амаль цалкам адышлі ад утваральнай беларускамоўнай практыкі вучоныя і сам народ. Чаго чакаць ад усяго гэтага, думаю, няма патрэбы тлумачыць, як і няма патрэбы тлумачыць, па чыёй віне такое адбываецца.

На час правядзення канферэнцыі ў беларускім правапісе было шмат чаго такога, што патрабавала сур'ёзнага ўдакладнення. Розныя думкі выказваліся наконт гэтага. Не існавала адзінага погляду на ўжыванне мяккага знака, чаму аддаць перавагу: кірыліцы ці лацініцы? Але бальшыня жадала бачыць мову ва ўсіх дачыненнях дасканалую, арыгінальную, адрозную ад іншых славянскіх моваў. Самым вялікім пурытанінам у гэтым пытанні паказаў сябе шырокага профілю навуковец Вацлаў Ластоўскі, што вынікае з яго наступных слоў: "...наша старая і самабытная мова, дзякуючы сучаснай граматыцы і правапісу, якія зафіксавалі толькі асобнасьці канчаткаў слоў, а ў каранёх пакінулі расійскі правапіс, - выглядае правінцыяльным дыялектам расійскай мовы, а гэтае апошняе з'яўляецца перашкодай адраджэньню нашай пісьменнасьці... ня толькі ў слове, як зьмесьце народнай мысьлі, але і ў форме гэтага слова, у кожным паасобным гуку яго ці злучэньні гукаў - адбіваецца гісторыя народу. Дык трэба-ж дасягнуць таго, каб нашы словы, формы і гукі на пісьме былі адбіцьцём гісторыі нашай пісьменнасьці, гісторыі крыўскага (беларускага. - Л. Л.), а не расійскага ці польскага народаў, сярод моваў якіх наша пісьменная мова выглядае цяпер, як толькі правінцыяльная адмена..." 1 Лёс не наканаваў спраўдзіцца гэтым добрым думкам В. Ластоўскага, хаця і многа пазітыўнага рабілася ў плане ўдасканальвання беларускай пісьмовай мовы. Гэтую цалкам апраўданую працу спыняць толькі тады, калі над палітыкай беларусізацыі згусцяцца чорныя непраглядныя хмары і Савет Народных Камісараў БССР 26 жніўня 1933 года прыме пастанову "Аб зьменах і спрашчэньні беларускага правапісу", свядома скіраваную на ліквідацыю многага з таго, што адрознівала беларускую мову ад рускай. Ад гэтага часу ўзмацнілася не толькі русіфікацыя ўсіх сфераў грамадскага жыцця БССР, а нават і самой беларускай мовы.

Дзейнасць Інстытута беларускай культуры праходзіла ў параўнальна спакойны ў палітычных адносінах час, у час буйнамаштабных нацыяўтваральных працэсаў. Мінула ўсяго толькі паўтара года пасля другога абвяшчэння Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі (31 ліпеня 1920 г.), а ўжо не раз узнімалася гаворка пра неабходнасць актывізацыі нацыянальнай працы з мэтай паляпшэння ўмоў для нацыянальнага развіцця тытульнага народа на яго прыроднай аснове. Яшчэ трохі міне часу і запрацуе дзяржаўная палітыка беларусізацыі, якая адыграла па-сапраўднаму гістарычную ролю, ў нацыянальна-культурным адраджэнні Бацькаўшчыны. У самы пік яго - у кастрычніку 1928 года - Інбелкульт рэарганізавалі ў Беларускую акадэмію навук. У апошняй ужо не было такога шчаслівага лёсу, як у яе папярэдніка ІБК. Ад савецкіх рэпрэсій не загінуў аніводны яго супрацоўнік. БелАН ужо ў першыя гады дзейнасці пачала несці страты свайго кадравага патэнцыялу. Бяда не прамінула нават яе першага прэзідэнта Усевалада Ігнатоўскага.

Пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь утвораны, функцыянуе Інстытут беларускай культуры. Хацелася б пажадаць яму такой плённай працы на карысць нашага нацыянальнага інтарэсу, якая была так характэрна Інстытуту беларускай культуры першых савецкіх гадоў.

2. Упоравень з часам [3]

Зараз мінуць два дзесяцігоддзі, як афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі нема маўчаць пра наша гаротнае нацыянальна-культурнае жыццё, хаця ў ім пазітыўнага (беларускага) ў сотні разоў менш, чым чужога, занесенага знадворку. Да таго ж мы добра навучыліся і самі ствараць яго дома, маючы дзеля гэтага надзейную падтрымку ад дзяржавы. Словам, гніе, разлагаецца нацыянальны патэнцыял культуры, разносячы смурод па ўсім беларускім абшары, а мы ўсяго гэтага не заўважаем ці то наўмысна, ці то з-за сваёй закаранелай абыякавасці да ўласных духоўных каштоўнасцяў.

Яшчэ і пасёння мы без усялякага разбору ганім колішнюю савецкую рэчаіснасць, не жадаючы прызнаць, што ў ёй было - няхай сабе толькі на сціслы тэрмін - нямала і такога, чаму сёння можна было б толькі пазайздросціць. Да "такога" належыць і перыядычны друк, у прыватнасці часопіс "Полымя". Дзесяць гадоў таму (у 2002 г.) я наведаў рэдакцыю гэтага часопіса і пакінуў свой артыкул, прысвечаны 80-годдзю ад моманту выхаду ў свет яго першага нумару. Безвынікова! Прычына чыста ідэалагічнага парадку. Непрыкметна праляцела чарговае дзесяцігоддзе. Якіх-небудзь пазітыўных перамен у грамадска-ралітычным жыцці Рэспублікі Беларусь не адбылося. На гэты раз, навучаны горкім вопытам, матэрыял да 90-годдзя часопіса "Полымя" не панёс у яго рэдакцыю, а ўключыў у дадзеную кнігу ў надзеі, што чытачоў зацікавіць, кім гэты савецкі беларускамоўны перыядычны орган быў у міжваенныя гады, ці не адыгрываў ён тады больш важкай ролі ў нацыянальна-культурным жыцці за сённяшняе "Полымя".

*******

Час выхаду ў свет часопіса "Полымя" ў снежні 1922 года супаў з утварэннем Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР). Гэта была неардынарная падзея ў гісторыі ўсіх савецкіх народаў, у тым ліку і беларускага. Натуральна, у сувязі са з'яўленнем на свет такога магутнага поліэтнічнага дзяржаўнага аб'яднання карэнныя змяненні павінны былі адбыцца і ў толькі што адроджаным беларускім гаспадарстве. І яны сапраўды мелі месца, толькі шкада - не на карысць дзяржаўнаму суверэнітэту нашай Бацькаўшчыны.

Утварэнне СССР не ёсць якая-небудзь выпадковая з'ява. Да дзяржаўнага аб'яднання народаў Расійскай Фэдэрацыі, Савецкай Украіны, БССР, рэспублік Закаўказзя ўпарта і мэтанакіравана вяла іх бальшавіцкая партыя, умела выкарыстоўваючы дзеля гэтага свой даволі магутны і на той час ідэалагічны патэнцыял, важнае месца ў якім займаў і перыядычны друк. Пры тым ставілася задача, каб надзённыя пытанні дзяржаўнага будаўніцтва, інтэрнацыянальнага выхавання людзей рэгулярна разглядаліся не толькі ў бальшавіцкіх перыядычных выданнях, але і ў літаратурна-мастацкіх газетах і часопісах. У баку ад асвятлення такіх пытанняў не мог заставацца і часопіс "Полымя", заснаваны акурат у самы пік дзейнасці Маскоўскага Крамля па аб'яднанні савецкіх рэспублік у адну федэратыўную дзяржаву.

У сваім першым нумары гэты перыядычны орган называў сябе часопісам літаратуры, палітыкі, культуры, эканомікі і публіцыстыкі, з № 5−6 за 1923 год - часопісам літаратуры, палітыкі, эканомікі і гісторыіі.

У якасці рабочай мовы часопіса была выбрана беларуская. І гэта не з'яўлялася якой-небудзь выпадковасцю. Прыняцце падобнага рашэння дыктавалася тым, што ў 20-я гады, не ў прыклад сённяшняму часу, абсалютная бальшыня насельніцтва нашага краю пры ўсіх практычных нагодах карысталася пераважна родным словам. Да таго ж сам факт з'яўлення на свет беларускамоўнага часопіса мог успрымацца як сведчанне прыхільнага стаўлення дзяржавы да нацыянальна-культурнага адраджэння Беларусі.

Што заснаванне часопіса "Полымя" напрамую было звязана з тагачаснымі палітыка-інтаграцыйнымі працэсамі на велізарных абсягаг колішняй Расійскай імперыі, вельмі добра вынікае са зместу рэдакцыйнага артыкула яго першага нумара "Нашы заданьні", у прыватнасці, з наступных вытрымак:

"Вырашэньне пытаньняў дзяржаўных мы не разумеем сабе ў асобку ад працоўнікаў ўсёй Расеі. Інтарэсы Беларусі, інтарэсы працоўных гушчаў Беларусі - гэта толькі часьціна інтарэсаў працоўных усёй Расеі. Загэтым для нас няма і ня можа быць асаблівай праграмы адмяжованага дзяржаўнага будаўніцтва. Загэтым мы й вітаем кожны крок, яшчэ цясьней зьбліжаючы працоўнікаў Беларусі з працоўнікамі ўсёй Савецкай Федэрацыі.

(…) Мы будзем адкрыта змагацца супроціў усіх незалежнікаў, супроціў тых, дзеля каго пытаньне нацыянальнага адраджэньня ёсьць пытаньне дзяржаўнага абасобку…

(…) Наша часопісь мае мэтай даць шырокую дарогу для выяўленьня к жыцьцю тым беларускім пісьменьнікам і паэтам, якія… не знаходзяць натхненьня ў ідэях незалежніцтва ды ў нейкай "вялікай беларускай старадаўшчыны" (с. 4, 5).

Няцяжка зразумець, што вызначаны рэдакцыяй накірунак у асвятленні дзяржаўнага будаўніцтва Беларусі, яе палітычных узаемадачыненняў з іншымі рэспублікамі больш адпавядаў нейкаму не зусім акрэсленаму інтэрнацыянальнаму інтарэсу, чым нацыянальнаму. Беларусь акурат і пайшла падобным шляхам, таму яна не стала ў міжваенны перыяд і пазней сапраўднай суверэннай нацыянальнай дзяржавай.

Бясспрэчна, дзеля стварэння часопіса падобнага палітыка-аб'яднальнага накірунку беларуская дзяржава не магла не знайсці неабходных фінансавых сродкаў нават ва ўмовах страшэннай пасляваеннай беднасці. Далёкаабачлівыя палітыкі не сумняваліся, што пры стараннай ідэалагічнай апрацоўцы людзей у іх можа быць выхавана абсалютная абыякавасць да суверэннага нацыянальна-дзяржаўнага развіцця. Дамагчыся ж гэтага ў значнай ступені перашкодзілда паступовая пераарыентацыя часопіса "Полымя" на такое выкладанне нацыянальнай праблемы на Беларусі, якое найбольш адпавядала рэчаіснасці, садзейнічала фармаванню ў людзей правільнага ўяўлення пра перавагі ўласнай суверэннай дзяржавы.

У рэдакцыйным артыкуле першага нумара часопіса "Полымя" "Нашы заданьні" дастаткова падрабязнае адлюстраванне знайшлі і іншыя важныя напрамкі, якіх належала прытрымлівацца на практыцы. Заяўлялася, да прыкладу, што часопіс мае мэтай асвятленне пытанняў "культурнага будаўніцтва Беларусі". Прызнавалася, што ва ўмовах новай эканамічнай палітыкі (НЭПа), калі ажывілася дзейнасць капіталістычных элементаў, "пытаньне культуры стала куды больш, чым раней, пытаньнем палітыкі.

… У Беларусі культурная праца зяўляецца выключна палітычнаю працаю…" (с. 3).

І для такога сцвярджэння ў рэдакцыі былі важкія падставы, бо ад таго, якая будзе культура, многае залежала ў эканамічным, нацыянальна-дзяржаўным, этнічным развіцці беларускага народа.

У гэтым жа рэдакцыйным артыкуле часопіс "Полымя" характарызаваўся як выразнік "беларускай рэвалюцыйна-марксыцкай думкі", прыхільнік савецкай сістэмы ўлады на Беларусі, яе цеснага збліжэння з Расійскай Федэрацыяй, што якраз і адпавядала бальшавіцкаму курсу на аб'яднанне савецкіх рэспублік у адзіны дзяржаўны саюз, які неўзабаве стане вельмі добра вядомым пад арэвіятурай СССР.

Падрабязна разглядалася стаўленне рэдакцыі да нацыянальнага пытання, якое, аднак, прапаноўвалася абмежаваць толькі культурай. Нацыянальнае адраджэнне, на думку рэдакцыі, не павінна было станавіцца самамэтай, а служыць толькі сродкам "прылучэньня шырокіх працоўных гушчаў да рэвалюцыйнай творчасьці, да чыннага будаўніцтва Савецкае Беларусі" (с. 4).

Загадзя прадбачачы, што ў рэдакцыі часопіса "Полымя" знойдуцца апаненты датычна яе поглядаў на дзяржаўнае будаўніцтва, нацыянальнае пытанне, у тым жа артыкуле было заяўлена наступнае: "Толькі тыя, якія прымаюць нашу ацэнку нацыянальнага пытаньня й прынцыпова прызнаюць Савецкую ўладу - толькі гэтыя працоўнікі магчымуць знайсьці месца на бакох нашага журналу" (с. 4). Як вынікае са сказанага, плюралізм думак цалкам выключаўся. Калі ж пазней апошні ўсё-такі стаў дапускацца, дык гэта трэба тлумачыць адпаведнымі змяненнямі ў дзяржаўнай нацыянальнай палітыцы СССР і яго складовай часткі БССР.

Выкладзеных у артыкуле "Нашы заданьні" накірункаў рэдакцыя часопіса "Полымя" ўсяляк старалася прытрымлівацца ўжо і ў яго першым нумары, у прыватнасці, у артыкуле Зміцера Жылуновіча "1 студзеня - рэвалюцыйна-гістарычнае сьвята Савецкай Беларусі". Пасля праўдзівага сцвярджэння , што ў складзе Расійскай імперыі Беларусь была акупаванай краінай, "аброчана на поўнае зьнішчэньне", не мела ўласнага палітычнага жыцця, на яе тэрыторыі панавалі гаспадары "з чужою моваю, норавам і ўкладам" (с. 42), аўтар затым ужо занадта перабольшвае палітычныя і сацыяльныя правы грамадзян Савецкай Беларусі. Дзень утварэння БССР - 1 студзеня 1919 года - разглядаецца як дата, калі наша краіна "ўпершыню на працягу доўгавяковае гісторыі стала дзяржаўнаю адзінкаю…" (с. 42, 43).

Поўнасцю адпавядала ўстаноўкам артыкула "Нашы заданьні" змешчаная ў першым нумары часопіса "Полымя" публікацыя гісторыка Усевалада Ігнатоўскага "Сучасная вялікая рэвалюцыя і нацыянальнае пытаньне". Праўда, яно, як таго вымагала сама назва, разгледжана на вельмі шырокім фоне, у агульнапланетарным маштабе, мала датычыла становішча на Беларусі.

У гэтым жа нумары часопіса была зроблена сур'ёзная спроба абгрунтаваць эканамічную неабходнасць уступлення Беларусі ў палітычны саюз з іншымі рэспублікамі, што ўтварыліся на абсягах былой царскай Расіі. Як адзначалася вышэй, гэтаму напрамку ўзаемадачыненняў маладых савецкіх рэспублік адводзілася надзвычай важнае месца ў рэдакцыйным артыкуле "Нашы заданьні". З матэрыялам па дадзенай праблеме "Чым выклікаецца эканамічнае аб'яднанне Савецкіх Рэспублік" выступіў грамадскі дзеяч, эканаміст Янка (Іван) пятровіч, вядомы яшчэ пад псеўданімам Янка Нёманскі як і беларускі пісьменнік. Каб ідэю савецкай эканамічнай інтэграцыі больш грунтоўна давесці да розуму чытача, аўтар паказвае яму, як многа карысці дала французам праведзенае пры каралі Людовіку ХІV (1643−1715) аб'яднанне іх правінцыяў, графстваў і герцагстваў пад адной уладай. Пазней тое ж самае зрабіў германскі міністр-прэзідэнт Бісмарк (1862−1890).

Неабходнасць палітычнага саюза савецкіх рэспублік, на думку Я. Пятровіча, найбольш выклікана архінеспрыяльным знешнім фактарам (рэальная пагроза інтэрвенцыі звонку і сапраўды існавала), неверагоднымі пасляваеннымі эканамічнымі цяжкасцямі. Ён выступаў за "стварэньне адзінага кіраўнічага палітычнага цэнтру" ў Маскве, адзінага агульнафедэратыўнага Камісарыята загранічных спраў, " які вёў бы загранічную палітыку і ад імя ўсіх Савецкіх Рэспублік бяз розьніцы іх хаўрусных згодаў" (с. 53). Я. Пятроўскі вельмі сумняваўся ў магчымасці Беларусі самастойна аднавіць сваю народную гаспадарку без удзелу ў гэтым іншых савецкіх рэспублік, становішча якіх таксама было вельмі цяжкае. Адсюль робіцца выснова: "… агульныя інтарэсы ў разьвіцьці і адраджэньні эканамічных спраў трэбуюць аб'яднаньня ўсіх Савецкіх Рэспублікаў і адзінага кіраўніцтва ў гэтай справе" (с. 56). Як вынікае з прыведзеных вытрымак, аўтар артыкула цалкам падзяляў пазіцыю Масквы і адданых ёй прыхільнікаў на Беларусі ў пытаннях стварэння на тэрыторыі Расіі магутнага палітычнага цэнтра, хаця гэта непазбежна павінна было прывесці да рэзкага абмежавання дзяржаўнага суверэнітэту, эканамічнай самастойнасці савецкіх рэспублік.

Рашуча выступаючы за цесную эканамічную і палітычную інтэрграцыю савецкіх рэспублік, Я. Пятровіч праяўляў вялікую асцярожнасць да распаўсюджвання такой практыкі на культурнае жыццё. Ён выказваўся за неабходнасць забеспячэння ўсім народам рэальных умоў для самабытнага этнакультурнага развіцця і ніколькі не сумняваўмя ў тым, што палітыка савецкай улады цалкам адпавядала такім патрабаванням. У артыкуле, што мною аналізуецца, чытаем: "Што жа належыць да культурна-асьветнае працы і ўстаноў, то савецкі ўрад па самаму сэнсу свайго быцьця і па прынцыпам свае палітыкі даруе поўную магчымасьць разьвіцця ў напрамку тых асабістасьцяў культуры, які характэрыстычны для тэй ці іншай краіны, тае ці іншае Савецкае Рэспублікі. Залажэньне вышэйшых навуковых установаў, разьвіцьцё новых школаў, прыпасованых да мясцовае мовы й культурных варункаў, зрабіліся толькі дзякуючы сацыяльнай рэвалюцыі, ідэі якое зьяўляюцца кіруючымі ва ўсім напрамку палітыкі Савецкага ўраду. Пашырэньне і ўмацаваньне гэтых ідэяў паўсюды праз культурна-асьветную працу… зьяўляецца аднэю з найбольшых мэтаў камуністычнае партыі. Ва ўсіх Савецкіх Рэспубліках гэтая праца павінна быць мясцоваю, маючы толькі агульны напрамак з адзінага цэнтру… Праз мясцовую культуру да агульнае сацыялістычнае культуры…" (с. 57). Запярэчыць сказанаму ніяк нельга.

Духу патрабаванняў рэдакцыйнага артыкула "Нашы заданьні" ў многім адпавядала змешчаная ў гэтым нумары часопіса "Полымя" публікацыя Змітрака Бядулі "Тэатр і выхаваньне мас (Этапы разьвіцьця беларускага тэатру)". Справядліва тлумачачы галоўныя цяжкасці стварэння прыстойнага тэатральнага жыцця пасляваеннымі эканамічнымі разбурэннямі, аўтар тым не менш заклікаў неадкладна брацца за найхутчэйшае развязванне гэтай архіважнай нацыянальна-культурнай праблемы. Ён пераканаўча даводзіў грамадству, што "тэатр ёсьць адным з тых фактараў, які грае вялікую ролю ў жыцьці чалавека, у яго разьвіцьці, можа надаць людской псыхіцы пэўную форму, пэўнае выяўленьне" (с. 57); "што тэатр павінен быць настаўнікам масаў, прапагандыстам пэўных дум і ідэяў сярод шырокага грамадзянства" (с. 58). З. Бядулю многае не задавальняла з сучаснага рэпертуару беларускага тэатра, у т.л. і шэраг п'ес мясцовых аўтараў. "Рэвалюцыйнай трыбунай, − заяўлялася ім, − тэатр яшчэ не зрабіўся" (с. 63). Аўтар даказваў, што толькі праўдзівае мастацтва зробіць тэатр "правадыром мас - і выхаваньне праз тэатр будзе роўнавартна выхаваньню праз школу" (с. 64). Тут З. Бядуля амаль цалкам паўтарыў слушную думку таленавітага нямецкага драматурга Фрыдрыха Шылера (1759−1805), які называў тэатр, побач са школаю, добрым спосабам выхавання.

Ужо першы нумар часопіса "Полымя" сваімі цікавымі і змястоўнымі артыкуламі змог звярнуць на сябе ўвагу чытачоў. Асабліва віталі гэтую жаданую для сябе падзею настаўнікі, якія зведвалі вялікую патрэбу ў матэрыялах па гісторыі, геаграфіі, культуры і адукацыі роднага краю. Вось як выказваўся з такой нагоды ад імя беларускіх настаўнікаў Цялядаўскае воласці Янук Шаблюк у сваім допісе ў часопіс "Прывітаньне "Полымя" (1923, № 2): "Гэтым шлём сваё шчырае прывітаньне новавыходзячай часопісі "Полымя". Спадзяёмся, што "Полымя" асьветліць усе бакі нашага сучаснага культурна-нацыянальнага жыцьця і, асабліва, яго палітычны бок, у чым да гэтага часу адчуваўся вялікі недахват. Так сама спадзяёмся, што ў гэтам напрамку нававыходзячая часопісь дасьць значны крок уперад беларускай працоўна-пралетарскай культуры.

Няхай жыве і яскрава гарыць "Полымя!" (с. 151).

У канцы допісу падаваліся адрас і дата: "М. Пясочная на Случчыне. 25 сьнежня 1922 г." Сёння як, вядома, гэтае мястэчка ўваходзіць у склад Капыльскага раёна і называецца вёска Пясочнае.

*******

Трэба аддаць належнае рэдакцыі часопіса "Полымя". Напрамкі, акрэсленыя ёю у вышэйразгледжаным артыкуле "Нашы заданьні", у строгай паслядоўнасці праводзіліся у жыццё. Зусім лагічна, што ўжо ў сваім другім па ліку нумары яна прызнала патрэбным хоць у самай сціслай форме азнаёміць чытачоў з фактам утварэння Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік, змясціўшы прамову генеральнага сакратара ЦК РКП(б) Іосіфа Сталіна, у якой абгрунтоўвалася неабходнасць аб'яднання савецкіх рэспублік у адну саюзную дзяржаву. У прапанаваным бальшавіцкім лідарам праекце рэзалюцыі быў пункт, які даваў беларусам надзею на выратаванне ад гвалтам навязанай ім папярэднім палітычным рэжымам культурна-моўнай русіфікацыі: "г) поўнае забясьпечаньне інтарэсаў нацыянальнага разьвіцьця народаў даных рэспублік" (РСФСР, Закаўказскай федэрацыі, Украіны і Беларусі). Вось толькі шкада, што старшыня Цэнтральнага выканаўчага камітэта (ЦВК) БССР Аляксандр Чарвякоў, кароткая прамова якога на згаданым з'ездзе Саветаў таксама змешчана у другім нумары часопіса "Полымя", не палічыў патрэбным хоць збольшага спыніцца на аналізе нацыянальнага фактару у дачыненні да сваёй рэспублікі, сканцэнтраваўшы ўсю ўвагу на раскрыцці перавагі аб'яднанай дзяржавы ў абароне заваёў пралетарыяту, стварэнні спрыяльных умоў для эканамічнага развіцця яе суб'ектаў.

Заканчэнне Першай імперыялістычнай і Грамадзянскай войнаў, праведзенае пасля іх "вырашэнне" тэрытарыяльнага пытання, як вядома, не прынеслі асаблівай радасці беларускаму народу. Суседнія, больш мацнейшыя браты - славяне пастараліся адабраць ад яго ўсё, што толькі льга было. БССР, як дзяржаўны арганізм, адбудоўвалася толькі ў межах колішняй Мінскай губерні, г. зн. уяўляла сабой нішто іншае, як Міншчыну. Асноўная ж маса беларусаў жыла на сваіх этнічных тэрыторыях па-за БССР. Па розных палітычных матывах шмат беларусаў падалася ў іншыя краіны: часцей за ўсё, каб толькі ўхіліцца ад зусім рэальнага пакарання за ўдзел у акцыях, скіраваных супроць бальшавіцкага рэжыму. Безумоўна, рэдакцыя часопіса "Полымя" не магла не цікавіцца лёсам такіх беларусаў. Ужо ў № 2 за 1923 год былі змашчаны два артыкулы Iвана Цвікевіча па дадзеным пытанні: "Банкроцтва беларускай эмігранцкай акцыі ў Літве" і "Антысацыялістычнае беларускае гняздо". У першым гаворка ішла пра сур'ёзныя супярэчнасці паміж кіраўнікамі беларускай эміграцыі ў Літве і яе дзяржаўнай уладай, у другім - пра дзейнасць арганізаванага беларускай эміграцыйнай моладдзю ў Празе "Беларускага Студэнцкага Саюза". Напісаны артыкулы з прабальшавіцкіх пазіцый, што асабліва характэрна апошняму. Найбольш за ўсё дасталося часопісу гэтага Саюза "Беларускі Студэнт". I. Цвікевіч не падзяляе шэрага палажэнняў змешчанага ў ім артыкула "Нашы палітычныя мэты", у якім гаворыцца, што лідары беларускіх студэнтаў у Празе "імкнуцца да незалежнага Беларускага Гаспадарства і ўсякую іншую форму політычнага быцьця нашага народу, як аўтаномія і г. п., разглядаюць толькі як форму пераходную пры немагчымасьці ў той ці іншы момант здабыць незалежнасьць..." (с. 92). А завастраць на гэтым увагу мелі ўсе падставы пражскія лідары беларускіх студэнтаў, бо адна частка іх зямлі аказалася пад Польшчай цалкам палітычна бяспраўнай, а другая ўвайшла у склад толькі што створанага СССР і апынулася пад рэальнай пагрозай калі не поўнай, дык істотнай страты свайго дзяржаўнага суверэнітэту, што неўзабаве і здарылася з БССР.

*******

З першых жа нумароў часопіса "Полымя" добра адчувалася, што ён належную ўвагу будзе надаваць глыбокаму і аб'ектыўнаму асвятленню мінулага нашага краю з тым, каб вярнуць беларусам гістарычную памяць, якую на працягу доўгага часу ўтойвалі ад іх рознай масці польскія і рускія фальсіфікатары. Па іх віне народ не ведаў як далёкай, так і зусім блізкай па часе айчыннай гісторыі. Так, у часопісах "Полымя" за 1923 год у той ці іншай ступені гістарычная праблематыка закраналася ў артыкулах Мікалая Байкова * "Пазнаньне Беларусі, як навуковая і рэвалюцыйна-грамадзянская проблема", Зміцера Жылуновіча "Два бакі беларускага руху", Аляксандра Сянкевіча "Успаміны з рэвалюцыі 1905-1906 гг." (усе № 3-4), З. Жылуновіча "Пара пісаць гісторыю рэвалюцыі", яго ж "Уступамі да Акцябра" (№ 5-6, з працягам у наступным № 7-8), Усевалада Ігнатоўскага "З гісторыі асьветы на Беларусі ў пачатку 19 сталецьця" і інш. (№ 7-8). Несумненна, найбольшай каштоўнасцю з названых публікацый вызначалася апошняя, бо ў ёй акурат ішла гаворка пра самае набалелае у нашай духоўнай гісторыі: пра адсутнасць на Беларусі пабудаванай на яе прыроднай культурна-моўнай аснове сістэмы народнай адукацыі. Як паказана У. Ігнатоўскім, гэтага было надзвычай цяжка дасягнуць пасля далучэння да Расіі беларускіх земляў у выніку падзелаў Рэчы Паспалітай, бо як першая, так і палякі вельмі імкнуліся мець тут свае навучальныя ўстановы з тым, каб завалодаць настроем, душамі маладых пакаленняў мясцовага насельніцтва. Перамога аказалася на польскім баку, у чым вялікая заслуга такіх асобаў, як куратар Віленскай навучальнай акругі Адам Чартарыйскі, запрошаныя да працы ў ёй Тадэвуш Чацкі, Юльян Нямцэвіч, ксёндз Гуго Калантай. "Толькі у адзінкавых школах ува ўсходніх губернях (Беларусі. - Л. Л.), - чытаем у артыкуле, - магчыма было спаткацца з выкладоваю рускаю моваю, ува ўсіх астатніх школах мова выкладаньня была польская. У некаторых вуніяцкіх школах для лепшага зразуменьня карысталіся "простаю" беларускай мовай. Што датыча да ўніверсытэту (Віленскага. - Л. Л.), то там выкладоваю моваю ў большасьці была латынская; некаторыя з прафэсараў ужо пачалі чытаць лекцыі ў польскай мове.

Само сабой зразумела, што пры такіх мовах павінна была йсьці і йшла канчатковая полёнізацыя беларускага шляхецтва" (с. 76). Такое не мела месца толькі сярод простага люду, бо для навучання яго дзяцей адсутнічалі школы.

Сваю выснову датычна этнічнага аблічча Віленскага ўніверсітэта У. Ігнатоўскі так сфармуляваў у канцы артыкула: "... унівэрсытэт і ўстановы Віленскай акругі былі праводнікамі полёнізацыі Беларусі. Яны ставілі сабе патрыётычныя польскія мэты і канчаткова прагнуліся сполёнізаваць дробную беларускую шляхту і розначынцаў" (с. 79). Такой высновай ён нібыта папярэджваў грамадскасць, найперш педагагічную інтэлігенцыю, не дапусціць, каб і арганізаваны ў лістападзе 1921 года Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт не будаваў свой навучальна-выхаваўчы працэс на чужой нацыянальна-культурнай, моўнай аснове. А такое акурат і мела месца на практыцы ў той перыяд.

Для вывучэння мінулага роднага краю многае можа зрабіць належным чынам наладжанае краязнаўства. У адрозненне ад адкрытай фальсіфікацыі гісторыі Беларусі дарэвалюцыйнымі навукоўцамі афіцыйнага накірунку куды лепш было з напісаннем праўдзівых, аб'ектыўных прац краязнаўчага характару. Але і тут не раз здаралася, што з краязнаўчых матэрыялаў рабіліся высновы, малаадпаведныя рэчаіснасці. Таму рэдакцыя часопіса "Полымя" ўсяляк заахвочвала аўтараў да праўдзівага асвятлення дадзенай праблемы, бо яна набыла выключную актуальнасць ва ўмовах беларускага нацыянальна-культурнага Адраджэння.

Зусім заканамерна, што першым заявіў пра пільную неабходнасць актывізацыі краязнаўчай дзейнасці на Беларусі ўжо добра вадомы на той час грамадска-палітычны дзеяч, навуковец Аркадзь Смоліч (1891-1938). У № 2 часопіса "Полымя" за 1923 г. быў змешчаны яго артыкул "Краяведаньне і Унівэрсітэт у Савецкай Беларусі". Доказна выкрываючы артыбеларускі характар нацыянальна-культурнай, асветніцкай палітыкі расійскага самадзяржаўя, аўтар бачыў у ёй асноўную прычыну, "што край, дзе мы жывём і жыць зьбіраемся, дзе дакладаем працу сваю, спадзяючыся, пэўна-ж, нейкіх рэзультатаў, край гэты застаецца для нас і дагэтуль краем нязьведаным" (с. 102). З утварэннем БССР, лічыў А. Смоліч, становішча трэба карэнным чынам мяняць, у чым самы непасрэдны ўдзел павінны ўзяць і калектыў прафесараў, выкладчыкаў БДУ, чаго пакуль што не адчувалася на практыцы. Навуковец-патрыёт прапаноўваў "увесьці агульны курс краяведаньня (географіі Беларусі) на усіх факультэтах унівэрсітэту - гэтак як ужо ўведзена беларуская мова (падкрэслена мною. - Л. Л.). Бо будучаму працаўніку сацыялістычнае дзяржавы, у якой-бы галіне ён ні працаваў, ведаць край, у якім ён жыве, - ня толькі цікава, але і карысна і для яго самога і - яшчэ больш - для таго дзела, якое ён робіць" (с. 104).

Чытаючы гэтыя словы, міжволі задумваешся пра сучаснасць, бо, на вялікі жаль, і сёння наша грамадства пра свой край ведае менш, чым пра краіны, дзе жывуць іншыя народы. Як бы хацелася, каб гэтую адмоўную з'яву нам удалося пераадолець у самы сціслы тэрмін праз напісанне аб'ектыўных навуковых, краязнаўчых прац, падручнікаў, асабліва па гісторыі і геаграфіі Беларусі. Нельга нічым апраўдаць, што да гэтага часу ў нас яшчэ не адноўлена дзейнасць краязнаўчага таварыства, якое мела такія багатыя набыткі ў 20-я гады мінулага стагоддзя.

Да ліку найбольш значных публікацый часопіса "Полымя" ў 1924 годзе на гістарычную тэму, несумненна, у першую чаргу трэба аднесці біяграфічна-гістарычны нарыс I. Цвікевіча "Кастусь Каліноўскі (К 60-ці годзьдзю яго сьмерці"), (№ 2). На той час гэта была яшчэ вельмі мала даследаваная старонка ў гісторыі змагання нашага народа за сваё сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне. Станоўча, што менавіта апошняга віду змагання аўтар не абышоў у артыкуле. "Каліноўскі, - сцвярджаецца ў ім, - у часе паўстаньня, апрача пытаньняў соцыяльных надта выразна высунуў яшчэ пытаньне нацыянальнае. Ён разумеў, што беларускі народ церпіць падвойнае прыгнечаньне - экономічнае і нацыянальнае, і таму ў сваім пляне барацьбы рашуча адкідаў усякую залежнасьць Беларусі і ад панскай Польшчы і ад царскай Расіі. Як у польскіх, так і расійскіх гістарычных працах аб паўстаньні 63 году, Каліноўскі выводзіцца небясьпечным сэпаратыстаю, які ня хоча прызнаваць ні Варшавы, ні Масквы, а ўпарта стаіць за незалежнасьць Літвы (пад Літвою тагды разумелі ўвесь абшар быўшага Вялікага Княства Літоўска-Рускага - гэта знача Беларусь і Літву)" (с. 15).

У гістарычных працах аўтары ўсяляк імкнуліся паказаць беларускаму народу, што ў яго былі даволі багатыя традыцыі змагання за сваю нацыянальную незалежнасць, і калі такая не дасягалася, дык як след патлумачыць па чыёй віне. Добра ўводзіў чытача ў гэтую праблему артыкул рэктара БДУ, прафесара Уладзіміра Пічэты "Формы нацыянальнага й опозыцыйнага руху на Беларусі" ("Полымя", 1924, №2). Насуперак поглядам рускіх афіцыйных гісторыкаў, якія ўвесь час імкнуліся ў ружовых фарбах паказваць палітыку царызму ў дачыненні да нашага народа, У. Пічэта прытрымліваўся такога пункту погляду: "Прымусовы зварот Беларусі у "Западнорусский-Северо-Западный край" стварыў для беларускай нацыянальнасьці зусім немажлівыя ўмовы для выяўленьня свайго нацыянальнага твару. Гэта нацыянальнасьць на сваім шляху к нацыянальнаму разьвіцьцю спатыкала з боку агульна-дзяржаўнай улады неперамагчымыя перашкоды, дзякуючы якім беларускі нацыянальны рух разьвіваўся надта няскора, і ў сфэру свайго ўплыву й зацікаўленасьці сабою захапляў параўнаўча нязначную групу асоб" (с. 143).

У. Пічэта паказаў, як у мэтах прыцягнення да сябе беларускага сялянства пэўныя польскія сілы падчас рэвалюцыйных падзей 1830-І831 гг. выкарыстоўвалі яго родную мову, да прыкладу, пры складанні пракламацый. Яшчэ больш узрасла яе роля ў паўстанні 1863-1864 гг., якое спрыяла з'яўленню беларускамоўных антырэвалюцыйных вершаў, "прыстасаваных для беларускага селяніна. Да беларускай мовы зварочваліся й цэрквы - як каталіцкая, так і праваслаўная. Розныя кнігі рэлігійнага зьместу былі выданы на беларускай мове католікамі ў Варшаве, Нясьвіжы, Менску. Асьветная дзейнасьць прадстаўнікоў праваслаўнай царквы выявілася толькі ў надрукаваньні аднае кніжкі на беларускай мове" (с. 144). Адраджэнне беларускай мовы як найважнейшага нацыянальна-культурнага фактару было прыпынена толькі з прычыны задушэння паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Але не надоўга, бо стала вельмі модным навуковае даследаванне культуры, мовы і побыту карэннага насельніцтва Беларусі, што дазволіла ўбачыць у ім зусім адметны ад іншых, у тым ліку рускага, народ. Далей у аўтара чытаем: "...новы ўздым нацыянальна-культурнага руху закладваў фундамент для больш грунтоўнага ў будучыне нацыянальна-культурнага разьвіцьця. Беларускі нацыянальна-культурны рух пераплятаецца самым цесным парадкам з нацыянальна-політычным, першыя праменьні якога ўжо можна знайсьці ў нелегальнай беларускай газеце "Гомон", якая праводзіла вельмі вызначаныя ідэі аўтономіі Беларусі" (с. 144).

Зробленая таленавітым навукоўцам гэтага артыкула выснова: "Без гістарычнага фундаменту ня можа быць сільнага й цьвёрда абаснованага нацыянальнага культурнага руху" (с. 145) не страціла сваёй актуальнасці і пасёння і не можа не ўлічвацца ў працы перыядычнага друку і тым больш часопіса "Полымя", які мае такія багатыя набыткі ў вяртанні беларускаму народу гістарычнай памяці.

Нягледзячы на крайне слабую даследаванасць усіх перыядаў нацыянальнай гісторыі, ніяк нельга было пакідаць па-за яе ўвагай самы позні час, калі ў моц розных прычын беларусам ізноў удалося стаць народам дзяржаўным, няхай і моцна ўрэзаным у палітычных правах. Рэдакцыя часопіса "Полымя" ахвотна аддавала яго старонкі дзеля такіх публікацый. Аўтарам шэрагу самых змястоўных з іх быў не толькі відавочца, але і актыўны ўдзельнік барацьбы за дзяржаўную незалежнасць Беларусі Зміцер Жылуновіч. Многім чытачам дапамог зразумець усю складанасць і супярэчлівасць такой барацьбы яго артыкул "Організацыя сіл (Да гісторыі Савецкае Беларусі)", (1924, № 2), хаця ён і не пазбаўлены шэрага спрэчных, памылковых палажэнняў. Аўтарам прыведзена велізарная колькасць фактаў, з якіх вынікае шчырае жаданне беларусаў мець сваю незалежную дзяржаву. Праўда, траплялі сярод іх і такія, што хацелі б бачыць Бвларусь "неаддзельнай часткаю Расійскае Фэдэрацыйнае Рэспублікі" (с. 173). I з гэтага ніяк нельга здзіўляцца: русіфікацыя акурат і была скіравана на тое, каб не даць развіцца ў беларусаў такой выдатнай каштоўнасці, як нацыянальна-дзяржаўная свадомасць.

*******

Хутка і ўладарна прыйшла ўжо на старонкі першых нумароў часопіса "Полымя" тэма беларускай нацыянальнай культуры. I гэта цалкам лагічна, бо духоўнае адраджэнне нашага краю магло паспяхова адбыцца толькі на грунце яго прыроднай культуры. З гэтай гістарычнай місіяй тут ніяк не маглі б справіцца намнога больш багатыя за беларускую руская ці польская культуры. Наадварот, яны, як і ва ўсе папярэднія стагоддзі, садзейнічалі б толькі культурна-моўнай асіміляцыі беларускага народа. У часопісе дзеля асвятлення найважнейшых дасягненняў у сферы духоўнай творчасці ўводзіцца адмысловая рубрыка "Хроніка беларускай культуры", асноўнымі складовымі кампанентамі яе спачатку былі асвета, літаратура і мастацтва, тэатр, выдавецкая справа, а пазней яшчэ - музыка і песня, краязнаўства і інш.

Са змястоўным артыкулам "Пытаньне беларускай культуры і шлях беларускай інтэлігвнцыі" выступіў у "Полымі" (1923, № 5-6) мова- і літаратуразнавец Мікалай Байкоў. Ухваляючы, што КП(б)Б у адпаведнасці з прынятай у сакавіку 1923 года на сваёй ХІІ канферэнцыі рэзалюцыяй будзе рабіць усе захады па наладжванні працы ў беларускай мове, стварэнні нармальных умоў для развіцця беларускай культуры, аўтар ва ўнісон сказанаму слушна дадае: "Але для практычнага разьвязаньня беларускай нацыянальна-культурнай праблемы вельмі важна азначыць адносіны да яе з боку культурных слаёў беларускага грамадзянства.

Пытаньні разьвіцьця культуры... могуць быць разьвязанымі толькі пры актыўным удзеле з боку мысьлячай грамадзянскай групы, - тэй самай групы, якая павінна быць дзейнай у сфэры разумовага жыцьця, і прызначэньнем якой зьяўляецца асмысьліваньне зьяваў рэчаістнасьці.

Гэтая група звычайна называецца інтэлігэнцыяй" (с. 97).

Падрабязна разгледзеўшы, якое месца ў складзе інтэлігенцыі дарэвалюцыйнай Беларусі займалі прадстаўнікі рускай і польскай нацыянальнасцяў з іх рэльефна выяўленымі шавіністычнымі поглядамі, М. Байкоў піша, што зараз толькі "аб беларускай - незрусіфікаванай і няспольшчанай інтэлігенцыі, а запраўдна беларускай - і можа быць мова, калі ставіцца пытаньне аб разьвіцьці беларускай культуры" (с. 100).

Трохі ніжэй ён працягвае: "Каб быць рабоча-сялянскай інтэлігенцыяй (такое азначэнне тады вельмі часта ўжывалася на ўсіх абсягах СССР. - Л. Л.), маладая беларуская інтэлігэнцыя павінна цьвёрда стаяць на грунце мясцовай беларускай рабоча-сялянскай культуры, павінна быць нацыянальнай у вышэйшым сэнсе гэтага слова.

(...) мае асабліва важнае значэньне, каб беларуская інтэлігенцыя і гаварыла і думала на сваёй рабоча-сялянскай мове. Запраўдна, немагчыма, к прымеру, і прадставіць сабе цяпер расійскага інтэлігента, які гаварыў-бы і думау пафранцуску, як такая недарэчнасьць была у ХVІІІ і пачатку XIX в." (с. 103).

Каб зрабіць свае меркаванні пра велізарную ролю беларускай мовы больш пераканаўчымі, М. Байкоў працытаваў такія радкі з верша Янкі Купалы:

Магутнае слова, ты роднае слова!

Са мной ты на яве і ў сьне;

Душу мне затрэсла пагудкаю новай

Ты песень наўчыла мяне.

Загнанае слова, ты, роднае слова!

Грымі-ж над радзімай зямлёй:

Што родная мова, хоць бедная мова,

Мілей над багатшай, чужой!

Побач з іншымі фактарамі намаганні рэдакцыі часопіса "Полымя" павярнуць народ тварам да роднай культуры не прайшлі марна. Прагрэсіўная, з цвёрдай нацыянальнай арыентацыяй інтэлігенцыя ўсяляк імкнулася выкарыстаць дадзеныя БССР палітычныя правы для адбудовы і развіцця яе самабытнай культуры, якая ў выніку працяглай паланізацыі і русіфікацыі знаходзілася на крайне небяспечнай стадыі дэнацыяналізацыі. Людзям патрэбна было паказаць, што супроць гэтай чумы ў нас вялося змаганне практычна ўвесь час пасля істотнага абмежавання ці поўнай страты Беларуссю свайго дзяржаўнага суверэнітэту ў перыяд знаходжання яе ў складзе Рэчы Паспалітай, царскай Расіі. Грунтоўна раскрыў гэты аспект гісторык У. Пічэта ўжо ў вышэй разгледжаным артыкуле "Формы нацыянальнага й опозыцыйнага руху на Беларусі" (1924, № 2). Паводле слушнай высновы навукоўца, "нацыянальна-культурны рух - гэта паўстаньне ўсіх прыдушаных і прыніжаных русіфікатарскай політыкай царскага ўраду, які адчуваў сябе на Беларусі досыць цьвёрда і ўпэўнена... Беларускі нацыянальна-культурны рух - гэта дэклярацыя, абвяшчаўшая ўсяму сьвету, што беларускі народ жыве й жадае жыць сваім самастойным нацыянальным культурным жыцьцём. Зьдзяйсненьне ўсіх таемных плянаў кіраўнікоў беларускага нацыянальнага руху бязумоўна было немажліва пры рэжыме царскага ўраду. Вызваленьне народу ад нацыянальна-культурнага ўціску павінна было йсьці раўналежна з барацьбой за вызваленьне ад політычнага дэспотызму расійскага самаўладства" (с. 148). Зараз такога "дэспотызму" БССР не зведвала і таму з прачытаных вышэй слоў вынікала для чытачоў, што час усур'ёз брацца за нацыянальна-культурнае адраджэнне беларускага народа.

I за развязванне гэтай надзвычай важнай праблемы сапраўды ўзяліся, прычым нават на самім дзяржаўным узроўні. Не будзем забывацца, што разгледжаны артыкул У. Пічэты акурат з'явіўся на старонках часопіса "Полымя" у год, калі з ініцыятывы ўладных структур беларусізацыя была узведзена ў ранг дзяржаўнай палітыкі. Дадзеная публікацыя У. Пічэты многім дапамагла заняць актыўную пазіцыю ў развязванні гэтай лёсавызначальнай для беларускага народа праблемы.

У такім жа накірунку, несумненна, уздзейнічала на чытача і змешчаная ў гэтым нумары часопіса "Полымя" публікацыя знанага мовазнаўца і пісьменніка Язэпа Лёсіка "Некаторыя ўвагі да беларускае літаратурнае мовы". Моўнае пытанне, як вядома, з першых жа дзён існавання БССР мела выключна важнае значэнне ў нацыянальна-культурнай дзейнасці маладой дзяржавы. Яно (моўнае пытанне) набыло яшчэ большую актуальнасць, калі ўлады БССР паставілі мэтай стварыць для тытульнага народа сапраўднае нацыянальнае жыццё. Зрабіць яго такім без роднай мовы беларусаў было б непадуладным пры любым палітычным рэжыме, нават самым дэмакратычным. У час, калі Я. Лёсік выступіў у друку з названай публікацыяй, ён ужо меў шэраг досыць цікавых, змястоўных прац па дадзенай праблеме, у тым ліку і "Практычную граматыку беларускае мовы" (1922). Праруская бальшавіцкая газета "Звезда" тут жа прызнала падручнік контррэвалюцыйным, а яго аўтар быў арыштаваны ў лістападзе 1922 года. I невядома, чым бы ўсё гэта скончылася, каб у справу не ўмяшауся Усевалад Ігнатоускі.

Таленавітага вучонага-філолага, вялікага нацыянальнага патрыёта Я. Лёсіка не магла не хваляваць страшэнная засмечанасць беларускай мовы польскімі і рускімі словамі, сінтаксічнымі формамі і фразеалагічнымі зваротамі, выразамі, што з'явілася вынікам галоўным чынам адпаведнай дзяржаўнай палітыкі паланізацыі і русіфікацыі. Прызнаючы пэўную неабходнасць запазычвання слоў з іншых моў, Я. Лёсік рашуча выказваўся супраць выкарыстання ў беларускай мове нехарактэрных для апошняй сінтаксічных форм, фразеалагічных зваротаў. "Дух мовы, - пісау ён, - гэта яе сынтакс, яе фразэолёгія, яе ўласьцівы спосаб выражэньня. Сіла тут не ў паасобных словах, а ў тых сынтаксычных формах, у якіх мы злучаем словы для выражэньня таго, што нам трэба выказаць. Пераймаючы чужыя сынтаксычныя звароты, мы надаём нашай літаратурнай мове неўласцівага беларускай мове характару. Наша кніжная мова, мова школьных падручнікаў, папулярных народных кніг і асабліва мова штодзённых газет, агулам кажучы, мала падобна да сапраўднай жывой беларускай… ды прыпадобнілася да адзежы з чужога пляча" (с. 193). У гэтым жа артыкуле сустракаем і такія меркаванні: "... уносячы чужыя звароты ў сваю мову, мы тым самым надаём ёй характар чужы як для нашага вуха, так і для нашай сьвядомасьці" (с. 200). Усё вышэйсказанае не страціла сваёй актуальнасці і пасёння, бо часта даводзіцца пісаць і гаварыць па-беларуску асобам, якія ўзгадаваны на беларускай зямлі ў рускай культурна-моўнай стыхіі.

Хаця на той момант, калі пісау Я. Лёсік, "цьвёрда ўстаноўленай, ў шырокім значэньні, беларускае літаратурнае мовы" не было, ён пад магутным уздзеяннем адраджэнскага руху верыў, што "наша літаратурная мова яшчэ мае поўную магчымасьць стаць такою мовай, якою загаварыў-бы сам народ, дайшоўшы адпаведнай ступені культурнага разьвіцьця" (с. 194). Чаму такога не адбылося раней і не адбываецца сёння, думаецца, няма патрэбы тлумачыць дасведчанаму чытачу. Што зараз наша народная моўная крыніца ледзь не франтальна высахла, заўважаюць нават вучні пачатковых школ. Без адмысловай дзяржаўнай палітыкі, актыўнага ўдзелу ўсяго грамадства ў выратаванні гэтай жыццядайнай крыніцы яна разам з прылеглаю да яе тэрыторыяй вельмі хутка пераўтворыцца ў бясплодную пустыню.

Глыбока кранае ў гэтым артыкуле павага Я. Лёсіка да дыялектаў беларускай мовы, якія таксама панеслі ў нас велізарныя ахвяры ў выніку ажыццяўлення ленінска-сталінскай палітыкі збліжэння і зліцця савецкіх народаў з іх роднымі культурамі і мовамі. I ўсё ж не магу не спаслацца на такія словы шчырага рупліўца беларускага слова: "Літаратурная мова павінна быць морам, куды ўліваюцца народныя дыялекты. Як паасобныя рэчкі гінуць у моры, падымаючы й асьвяжаючы яго ровень, так і народныя гутаркі павінны разыходзіцца ў літаратурнай мове, каб асьвяжыць яе ды павялічыць яе глыбіню й шырыню. Гэта й будзе тым шляхам, па якім павінна йсці наша літаратурная мова ў сваім далейшым разьвіцьці" (с. 195, 196).

*******

Заснаванне і выхад у свет першых нумароў часопіса "Полымя" супалі з актыўнай дзейнасцю нацыянальна зарыентаваных палітыкаў і прадстаўнікоў інтэлігенцыі, асабліва педагагічнай, па стварэнні прынцыпова новай для Беларусі сістэмы народнай адукацыі. Злы лёс наканаваў ёй стагоддзямі функцыянаваць спачатку на польскай, затым на рускай культурна-моўнай аснове, што пярэчыла беларускаму нацыянальнаму інтарэсу. Стварэнне самастойнай дзяржавы ў форме БССР дазваляла карэнным чынам змяніць становішча ў сферы народнай адукацыі, зрабіўшы яе і паводле зместу, і паводле формы нацыянальна-беларускай. Задача была не з лёгкіх і галоўным чынам таму, што ў такой нацыянальнай сістэмы народнай адукацыі было шмат сур'ёзных праціунікаў, у тым ліку і сярод зрусіфікаваных беларусаў.

Бясспрэчна, рэдакцыя "Полымя" не магла быць абыякавай да ўсяго таго, што дзеялася ў той час вакол арганізацыі нацыянальнай сістэмы народнай адукацыі на Беларусі. Арганічна ўпляталася ў гэтую тэматыку публікацыя аднаго з удзельнікаў канферэнцыі (прозвішча не пазначана) настаунікаў беларусазнаўства (15-16 студзеня 1923 г., Слуцк) "Першы крок зроблены" (1923, № 2). Спыняючыся на параўнальна недалёкіх часах, ён так характарызаваў стан адукацыі ў дарэвалюцыйнай Расіі: "... чарнасоценная абрусіцельная царская палітыка калечыла ў нас школьную справу дашчэнту...

Педагогіка вучыць - у зразумелай дзецям мове пачынай навучаньне з рэчаў ім блізкіх, свойскіх, знаёмых. У нашых школах рабілася якраз наадварот - навучаньне пачыналася й праз увесь час праводзілася ў мове незразумелай і аб рэчах далёкіх, чужых, невядомых школьнікам. I гэткае калечаньне было ўведзена у прынцып, у аснову кожнае школы на Беларусі" (с. 133).

Як і трэба было чакаць, цэнтральнае месца ў гэтай публікацыі адводзілася паказу стаўлення ўдзельнікаў слуцкай канферэнцыі настаўнікаў да выкарыстання беларускай мовы ў навучальна-выхаваўчым працэсе. Адзінага погляду на гэтае пытанне не назіралася, аднак усё-такі бальшыня ўдзельнікаў канферэнцыі была цвёрда пераканана ў тым, "што толькі праз мацярынскую мову, прах радзімазнаўства патрапіць працоўная школа стаць на цьвёрды і пэўны грунт, а гэтым самым патрапіць падняць працоўныя грамады Беларусі на вышэйшую ступень як матар'яльнага дабрабыту, гэтак і духоўнай культуры..." Адзначалася, што акурат у такім накірунку і праводзяць працу многія цвёрдай нацыянальнай арыентацыі настаўнікі Случчыны, "не зьвяртаючы асаблівай увагі на тыя злосныя выпады, якія робяць часта з-за вугла праціўнікі беларушчыны, прыхільнікі старых русіфікатарскіх традыцый - "истинно-русские" (с. 138).

Зрабіць беларускую школу па-сапраўднаму нацыянальнай перашкаджалі многія фактары, сярод якіх на канферэнцыі адзначаліся наступныя: недастатковая тэарэтычная падрыхтоўка настаўнікаў у галіне беларусазнаўства, адсутнасць неабходнай навукова-метадычнай літаратуры па дадзеным пытанні. Вось чаму безыменны ўдзельнік канферэнцыі і пісаў, што "патрэбна, каб усе наогул беларускія перыядычныя выданьні (зразумела, і часопіс "Полымя". - Л. Л.) зьвярнулі ў гэты бок большую ўвагу. Трэба даць настаўнікам-беларусаведам навуковую справу, бо йначай яны заглоxнуць…" (с. 138), увесці іх "у курс нацыянальнай палітыкі савецкай улады і камуністычнай партыі", бо "не заўсёды настаўніцтва добра орыентуецца ў адносінах савецкай улады да нацыянальных праблем, а дзеля гэтага незаўсёды можа скутэчна змагацца з ворагамі беларушчыны…" (с. 139). Як станоўчае адзначалася, што ў працы канферэнцыі бралі ўдзел прадстаўнікі "савецкай улады і камуністычнай партыі, якія яшчэ раз выказалі свае прыхільныя адносіны да беларусізацыі школы, прыхільныя і спагадныя ацносіны да працы настаўнікаў-беларусаведаў" (с. 139).

Хаця ад часу надрукавання разгледжанага мною артыкула мінула больш за 80 гадоў (артыкул жа, як вынікае з яго загалоўку, быў напісаны ў 2002 г.), многія палажэнні яго проста напрамую звязаныя з сучаснымі праблемамі стварэння на Беларусі сапраўднай нацыянальнай сістэмы народнай адукацыі, што лішні раз паказвае, якія матэрыялы сёння патрэбна ў першую чаргу змяшчаць у нашых перыядычных выданнях, каб яны хоць трохі дапамаглі скрануць з месца развязванне гэтай адвечнай для нас праблемы.

На старонках часопіса "Полымя" рэгулярна аналізаваўся стан народнай адукацыі на беларускіх этнічных тэрыторыях, што па волі суседніх дзяржаў апынуліся па-за межамі БССР. Так, у часопісе № 5-6 за 1923 г. у раздзеле "Хроніка беларускай культуры" паведамлялася, што да гэтага часу на Гомельшчыне адчынена 6 беларускіх школ, у тым ліку і ў вёсцы Азяраны Рагачоўскага павета. Пры школе мелася беларуская бібліятэка, у якую паступала з БССР беларускамоўная на той час газета "Савецкая Беларусь". Яе рэгулярна чыталі настаўнікі для сялян. "Як да школаў (беларускіх на Гомельшчыне. - Л. Л.), гэтак і да газеты, - зазначалася у часопісе, - сялянства й настаўніцтва адносіцца дужа прыхільна" (с. 164). Чытаючы гэтыя радкі, становіцца прыемна на душы за нашых людзей старэйшых пакаленняў, што яны і ў тых экстрэмальных умовах з такой павагай ставіліся да школы ў роднай беларускай мове, што не заўсёды даводзіцца назіраць сёння нават сярод самай адукаванай часткі грамадства.

Рэдакцыя часопіса "Полымя", стаўшы адданай заступніцай беларускай нацыянальнай школы, выдатна разумела, якую цяжкую ношку яна ўзваліла на свае яшчэ нездужэлыя плечы. Але іншага выйсця не мелася, акрамя як настойліва, мэтанакіравана схіляць шырокія пласты народа да глыбокага ўсведамлення надзвычай вялікай ролі беларускамоўнай школы у нацыянальна-кулытурным Адраджэнні. Іншым разам рэдакцыі часопіса і яе аўтарам даводзілася ўступаць у вельмі вострую палеміку з заўзятымі праціунікамі беларусізацыі народнай адукацыі, якім ахвотна давалі месца для выказвання думак рускамоўныя перыядычныя выданні рэспублікі, асабліва бальшавіцкая газета "Звезда". На пачатку 20-х гадоў мінулага стагоддзя адным з самых любімых яе рэдакцыяй аўтараў быў нехта Антон Беларус - адкрыты праціўнік выкарыстання беларускай мовы для выкладання школьных прадметаў. Хтосьці з аўтараў часопіса "Полымя" пад крыптонімам "№" вёў палеміку з А. Беларусам і яго прыхільнікамі ў артыкуле "Беларуская школа, як фактар культуры беларускага пролетарыяту" (1923, № 3-4), бо ўжо справа дайшла да таго, што ў газете "Звезда" нават выказваліся думкі пра немэтазгоднасць увогуле вывучаць беларускую мову ў школе. Між іншым такое і сапраўды назіралася на практыцы, асабліва ў чыгуначных, партыйных школах, на рабфаках. Рашуча адхіляючы гэты крайне варожы, антынацыянальны погляд на будаўніцтва новай сістэмы народнай адукацыі на Беларусі, "№" заяўляе, што "ў адносінах да большасьці беларусаў... трэба ўстанавіць родную для яго для яго мову, як прыродную аснову яго культурнага разьвіцьця (с. 78).

(...) вялікім зладзействам у адносінах да беларускага народу... зьявіцца падмена родных яму сродкаў культурнага разьвіцьця сродкамі чужымі і для яго менш зразумелымі.

Шлях да культуры беларускага пралетарыяту… ідзе праз беларускую мову й беларускую школу" (с. 80). З такімі слушнымі сцвярджэннямі нельга не пагадзіцца і сёння.

Аўтары, што выступалі ў часопісе "Полымя" па праблемах народнай адукацыі, абавязаны былі ў першую чаргу прапагандаваць ідэю пабудовы яе на класавай аснове, у поўнай адпаведнасці з марксісцка-ленінскімі поглядамі на гэтую сферу духоўнага жыцця. Аднак і пры такіх падыходах у бальшыні публікацый рэльефна прасочваўся нацыянальны аспект. Прысутнічае ён і ў артыкуле М. Байкова "Марксыцкая пэдагогіка і беларуская школа" (1924, № 1). Так, ён цалкам стаяў на пазіцыях прынятай у 1923 годзе ў развіццё пастаноў ХІІ з'езда РКП(б) і ХІІ партканферэнцыі КП(б)Б "Платформы па нацыянальным пытаньні у варунках БССР" (надрукавана у газеце "Савецкая Беларусь"), у якой абгрунтоўвалася неабходнасць паступовага ўвядзення "ва ўсе вышэйшыя школы і ўстановы Галоўпрафасьветы беларускай мовы, як мовы выкладаньня" (с. 153). Прыняцце М. Байковым такой прагрэсіўнай пазіцыі тлумачылася тым, што ён, як і многія іншыя высокаадукаваныя людзі, выдатна разумеў, што толькі навучальныя ўстановы ў роднай мове беларусаў у стане ўзгадаваць іх актыўнымі будаўнікамі ўласнага нацыянальнага жыцця, не дазволяць згубіць сваю этнакультурную самабытнасць, якой была прычынена такая вялікая шкода ўсёй папярэдняй палітыкай паланізацыі і русіфікацыі.

Аналізуючы найбольш важныя палажэнні з "Платформы…", М. Байкоў падкрэсліваў, што "творчая ініцыятыва можа разьвівацца ў дзяцей толькі ў тым выпадку, калі навучаньне робіцца ў роднай мове" (с. 154). З мэтай абуджэння, развіцця такой ініцыятывы прапаноўваў шырока выкарыстоўваць у працы з дзецьмі творы беларускай мастацкай літаратуры, у якой ужо і на той час меліся пэўныя набыткі: "Сучасныя беларускія поэты, - адзначалася ў артыкуле, - найбольш актыўныя прадстаўнікі свайго народу... у іх творах знойдзецца нямала такіх месц, якія карысна ужываць у працоўнай школе для прабуджэньня актыўнасьці і клясавай самасьвадомасьці дзяцей бвларусаў" (с. 154). І трэба сказаць, што беларуская мастацкая літаратура і сапраўды адыграла ў 1920-я гады выключна вялікую ролю у нацыянальным узгадаванні школьнай моладзі, актыўна і ў даволі шырокіх маштабах далучала яе да духоўных каштоўнасцяў роднага краю.

*******

Часопіс "Полымя" тых гадоў не мог не ўздымаць на сваіх старонках і пытанняў арганізацыі жыцця нацыянальных мяншыняў, тым больш, што іх роля ў эканоміцы і культуры Беларусі была даволі значнай. Гэта з аднаго боку. З другога - меліся сілы, якія так ці інакш перашкаджалі ўсталяванню нармальных узаемадачыненняў паміж карэнным і некарэнным насельніцтвам. Калі ў самой БССР падобнай катэгорыі ўзаемадачыненні былі ўзятыя пад кантроль і ў належным накірунку рэгуляваліся ўладамі, па-за яе межамі часта такога не назіралася. Кожны пісаў, як лічыў патрэбным, не зважаючы на тое, што друкаваным словам вельмі лёгка абвастрыць нацыянальную сітуацыю. Каб ухіліцца такой непажаданай з'явы, раней згаданы аутар I. Цвікевіч востра крытыкаваў у часопісе "Полымя" (1923, № 3-4) Брачыслава Скарыніча, які ў першым нумары перыядычнага органа нашай навучэнскай моладзі ў Чэхіі "Беларускі Студэнт" (1922) сцвярджаў наступнае: "...жыды ў адносінах да нас кіруюцца заўсягды сваімі патрэбамі, а ня нашым добрым сэрцам. Вякі цэлыя беларусы да жыдоў добра адносіліся, аднак гэтыя-ж жыды і дагэтуль памагаюць маскалём (г. зн. рускім. - Л. Л.) маскаліць, а паляком палячыць Беларусь, бо не пачулі яшчэ у беларусох той сілы, з якой ім трэба лічыцца" (с. 92). Можна падумаць, што Б. Скарыніч зусім не чытаў часопіса "Полымя" і не быў знаёмы з паэтычнымі і празаічнымі творамі выдатнага беларускага пісьменніка яўрэйскага паходжання Змітрака Бядулі, які для сцвярджэння беларускай нацыянальнай ідэі ўнёс найвялікшы ўклад, як мала хто гэта зрабіў з самога карэннага насельніцтва нашага краю. Як станоўчае адзначу, што ў тыя гады нацыянальна-адраджэнскія памкненні беларускага народа не выклікалі аніякага супрацьдзеяння з боку этнічных мяншыняў. Іх ніколькі не пужала, што беларусы станавіліся паўнаўладнымі гаспадарамі ўласнага дома.

*******

Вялікім болем у сэрцах беларусаў заўжды адгукаўся гвалтоўны падзел іх этнічнай тэрыторыі. У лютым 1919 года ладны кавалак яе прыбрала пад сваю юрысдыкцыю Савецкая Расія, а ў сакавіку 1921 года - Польшча. Людзей ніколі не пакідала думка, як вярнуць забраную тэрыторыю яе законнаму гаспадару. Па вядомых прычынах найчасцей за ўсё публічна заяўлялася пра неабходнасць вярнуць беларускія землі, што знаходзіліся ў складзе нашай заходняй суседняй краіны - Польшчы. Да гэтай балючай праблемы стала звярталіся ў сваіх творах майстры мастацкага слова. Змітрок Бядуля напісаны ў маі 1923 года верш "Беларусь" ("Полымя", 1923, № 5-6, с. 57) заканчваў такімі патрыятычнымі радкамі:

"Сьмялей, Заход! Ня плачце, нашы землі

Пад каршуном ачумленых паноў!

У хуткі час мы пад чырвоным вэльмам

Разлучны край у цэлы злучым зноў".

"У хуткі час" гэтага не ўдалося здзейсніць. Спатрэбілася яшчэ пачакаць больш за паўтара дзесятка гадоў і зведаць нямала этнакультурных страт у выніку мэтанакіраванай жорсткай дзяржаўнай палітыкі паланізацыі карэннага насельніцтва Заходняй Беларусі.

*******

Такім выніковым, плённым быў першапачатковы этап жыцця часопіса "Полымя". Усё, што хвалявала, чым займаліся людзі, знаходзіла праўдзівае адлюстраванне на яго старонках. Рэдакцыя часопіса і яго аўтары за гранічна сціслы тэрмін неверагодна шмат зрабілі не толькі дзеля папулярызацыі беларускай літаратуры ў шырокіх гушчах народа, але і падрыхтоўкі яго да буйнамаштабнай стваральнай нацыянальнай працы. Асабліва гэта праявілася ў публікацыях канца 1923 - першай паловы 1924 года. Гэта быў незвычайны ў гісторыі БССР час. Яе савецкія і партыйныя органы з улікам пазітыўных перамен, што адбываліся у нацыянальным жыцці ўсіх нярускіх народаў СССР, нарэшце адважыліся і ў сябе праводзіць на самым высокім дзяржаўным узроўні палітыку нацыянальна-культурнага адраджэння беларускага народа, якая трывала і шырока ўвайшла ў наш лексікон пад назвай беларусізацыя. Асноўныя яе напрамкі былі выкладзены ў прынятай у ліпені 1924 года другой сесіяй ЦВК БССР пастанове "Аб практычных мерапрыемствах па правядзенні нацыянальнай палітыкі". Перыядычны друк правёў каласальную працу па раскрыцці выключнай важнасці такіх мерапрыемстваў дзеля лёсу беларускага народа, па асвятленні практычных захадаў па іх ажыццяўленні. Плённа працавала ў гэтым напрамку са сваім аўтарскім актывам і рэдакцыя часопіса "Полымя", што не можа не быць цікавым і карысным з пазіцый сённяшняга дня з яго безліччу неразвязаных актуальных праблем нацыянальнага характару.

3. Першыя пяць гадоў у СССР [4]

Некаторым самым вялікім савецкім святам так моцна пашанцавала, што нават і ў нашыя дні яны адзначаюцца на высокім дзяржаўным узроўні. Так, суверэнная Рэспубліка Беларусь, як вядома, не збіраецца дабудоўваць недабудаваны за гады існавання СССР сацыялізм, а, наадварот, усяляк стараецца стварыць капіталістычную сістэму жыцця і гаспадарання, аднак на дзяржаўным узроўні дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі святкуе. У колішніх саюзных рэспубліках такога не назіраецца.

Як мне здаецца, з усіх савецкіх святаў у самым глыбокім забыцці і занядбанні знаходзіцца дзень утварэння Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Адбылося такое 31 снежня 1922 года. Каб не Віскулі, у 2012 годзе мы ўжо адзначалі б 90-годдзе той падзеі. Распад СССР зрабіў яе зусім непапулярнай. Наколькі мне вядома, ні адна з дзяржаўных ідэалагічных структур, навуковых, навучальных устаноў з гэтай нагоды не праводзілі ў 2012 годзе нават звычайнай канферэнцыі ці "круглага стала". Такое, упэўнены, будзе назірацца ў 20132021 гадах, бо на іх жа прыпадае не круглая дата. І мо дарэмна мы так упарта ігнаруем гэтую дату, бо ў практыцы сумеснага жыцця савецкіх нацый і народнасцей у адной поліэтнічнай краіне нямала чаго было і карыснага, павучальнага, асабліва ў сферы нацыянальна-культурнага будаўніцтва. Чаму б тады Рэспубліцы Беларусь і не запазычыць чагосьці карыснага з той практыкі, улічваючы, што сёння поўным ходам ідзе працэс стварэння адзінай супольнай расійска-беларускай саюзнай дзяржавы. А вось таго і глядзі, што досвед СССР у чым-небудзь і спатрэбіўся б ёй. Таму я дазволю сабе, наколькі гэта магчыма ў газетным артыкуле, асвятліць самае адметнае ў нацыянальна-культурным будаўніцтве СССР хаця б за першыя пяць гадоў яго нялёгкага існавання.

На момант утварэння СССР нашая рэспубліка займала толькі плошчу колішняй Мінскай губерні  ядра беларускай этнічнай тэрыторыі, што аднак не перашкаджала нашаму народу жыць на ёй у адпаведнасці з беларускім духам. Кіраўніцтва БССР абяцала людзям, што ад такой практыкі яно не адступіцца і ў складзе шматнацыянальнага СССР. I гэта былі не пустыя словы, што, да прыкладу, добра выявілася ў стварэнні, паспяховай працы першых савецкіх беларускамоўных школ і навучальных устаноў больш высокага тыпу, у забеспячэнні нацыянальнага каларыту дзейнасці тэатральна-мастацкіх калектываў, у выпуску даволі значнай колькасці кніг, газет і часопісаў на беларускай мове. Да ўсяго таго даволі маштабнага, што рабілася кіраўніцтвам БССР у нацыянальна-культурнай сферы, не магла не быць прыцягнута ўвага Маскоўскага Крамля. Сярод дзяржаўных і партыйных дзеячоў Расійскай Федэрацыі, нягледзячы на няпоўнае вызваленне многіх з іх ад нацыяналістычнага чаду царскіх часоў, паступова ўзрастаў лік уплывовых асобаў з цвёрдым поглядам на беларусаў, як на самабытны, адметны і ад рускіх, і ад палякаў, і ад украінцаў народ з арыгінальнай культурай, уласнай мовай, з многімі нехарактэрнымі для згаданых нацый традыцыямі ў побыце.

Даволі востра стаяла пытанне датычна абгрунтаванасці называць беларусаў самабытным народам у час правядзення ў сакавіку 1921 года X з'езда Расійскай камуністычнай партыі (бальшавікоў). Пагадзіліся, што яны з'яўляюцца такім народам і павінны развівацца толькі на сваёй нацыянальнай культурна-моўнай аснове, таму ўсе і асабліва высокага рангу дзяржаўныя і палітычныя дзеячы, якіх Масква камандзіравала на сталую працу ў БССР, абавязваліся за даволі сціслы тэрмін авалодаць і карыстацца на службе роднай мовай яе карэннага насельніцтва.

Беларусі моцна пашчасціла, што напярэдадні ўтварэння і ў першыя гады існавання СССР у ролі яе галоўнага нацыянальнага і палітычнага лідара выступала такая выбітная асоба, як Аляксандр Чарвякоў (18921937). Ён браў актыўны ўдзел у рэвалюцыйных падзеях, стварэнні Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь, адзін час працаваў наркамам асветы (выпускнік Віленскага настаўніцкага інстытута), з 1920 па 1924 г. узначальваў Цэнтральны Выканаўчы Камітэт і Савета Народных Камісараў БССР, з 1924 г.  ЦВК БССР. Працаваў таксама шэраг іншых асобаў, да канца адданых беларускай справе.

Выдатна разумеючы, што пры ўваходжанні БССР у склад СССР шматкроць павялічыцца рускі ўплыў на яе культуру і гэта можа выклікаць непажаданую для апошняй дэнацыяналізацыю, дзяржаўныя і патрыйныя органы рэспублікі, кіруючыся ідэалагічнымі ўстаноўкамі агульнасаюзнага партыйнага Цэнтра, свядома пайшлі на прыняцце захадаў ахоўнага парадку. Не мінула і поўных трох месяцаў пасля ўтварэння СССР, як у сакавіку 1923 года ў Менску распачаў сваю працу VII з'езд Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі (КП(б)Б). У якасці рабочай мовы выкарыстоўвалася руская. У адрозненне ад усіх такога роду папярэдніх партыйных форумаў на гэты раз на парадак дня было пастаўлена і нацыянальнае пытанне. Выступаў па ім сам старшыня ЦВК і СНК БССР А. Чарвякоў. У дакладзе некалькі разоў прагучалі словы пра неабходнасць забеспячэння ў краіне шырокага ўжывання мясцовых моваў. Яны пералічваліся ў такім парадку: беларуская, яўрэйская, руская, польская; пра неабходнасць захавання нацыянальна-культурных асаблівасцяў. Прамоўца адкрытым тэкстам заявіў пра важнасць забеспячэння на дзяржаўным узроўні прыярытэтаў для культуры і мовы беларусаў, як народа дзяржаўнага. У прынятай паводле яго дакладу рэзалюцыі былі такія словы: "Задавленная царизмом белорусская культура должна возродиться". Самым жа беларускім па сваім змесце быў такі каштоўны і на сённяшні дзень абзац: "Многовековой национальный гнёт и русификаторская политика царского правительства не дали возможности нормально развиваться белорусской культуре. Коммунистическая партия в полном согласии со всей программой в области национального вопроса должна принять все меры к налаживанню работы на белорусском языке (падкрэслена мною.  Л. Л.), создавая нормальные условия для развития белорусской культуры". Я ніколі не знаходзіўся ў шэрагах камуністычнай партыі, а вось за такі ўзважаны, нацыянальна-прагрэсіўны погляд бальшавікоў на беларускую культуру і мову быў бы згодны моцна паціснуць ім руку. Жадаю, каб сёння ў іх мелася як мага больш шчырых паслядоўнікаў сярод нашых палітыкаў, бо вельмі абвастрылася праблема захавання нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў.

З непрызнанай царызмам за такі працяглы час беларускай мовай нашая дэлегацыя ехала з ёй у студзені 1924 года ў Маскву. Праўда, выкарыстаць яе (мову) разам з яўрэйскай, рускай і польскай давялося толькі на вянку ў сувязі са смерцю правадыра сусветнага пралетарыяту Уладзіміра Леніна.

Знаходжанне БССР у складзе СССР значна аблегчыла і наблізіла час вяртання ёй этнічнай беларускай тэрыторыі (Віцебскую і Магілёўскую губерні), якую ў моц розных прычын, галоўным чынам ваенна-палітычных, у лютым 1919 года перадалі Расійскай Федэрацыі. Пасля заканчэння Грамадзянскай вайны савецкія і партыйныя ўлады БССР неаднаразова ставілі перад Масквой пытанне аб іх вяртанні, чаго яна не згаджалася рабіць, выстаўляючы ўсялякія дыпламатычныя рагаткі. Як толькі маглі і мясцовыя кіраўнікі стрымлівалі ініцыятыву саміх гэтых губерняў па аб'яднанні з БССР. Распачатыя ў ёй нацыянальна-адраджэнскія працэсы вельмі імпанавалі карэннаму насельніцтву Віцебшчыны і Магілёўшчыны, якому ў складзе СССР даводзілася падладкоўвацца пад рускія культурна-моўныя стандарты. Усё крута змянілася пасля з'яўлення на палітычнай карце СССР. Для Масквы цяпер ужо не было вялікай розніцы, дзе будуць знаходзіцца Віцебская і Магілёўская губерні  у Расійскай Федэрацыі ці ў БССР, галоўнае, што ў складзе СССР. Першае ўз'яднанне беларускіх зямель з БССР адбылося ў сакавіку 1924 года, г. зн. праз год і тры месяцы, як быў утвораны Савецкі Саюз.

Пасля той гістарычнай падзеі (узбуйнення) вельмі ўскладнілася рэалізацыя нацыянальнага пытання ў БССР: калі ў межах адной часткі (Міншчына) поўным ходам ішла адбудова жыцця паводле спрадвеку характэрных для нашага краю культурна-моўных традыцый, дык на астатняй (усходняй) амаль і кроку не было зроблена наперад. I гэта ў варунках, калі яна, будучы блізка размешчанай да этнічных рускіх зямель, мела значна большую ступень зрусіфікаванасці насельніцтва.

Узбуйненне БССР ніколькі не замарудзіла тэмпы нацыянальнага адраджэння. Яны нават набылі больш маштабны характар за кошт уключэння ў адраджэнскую арбіту ўсходняй тэрыторыі. Кіраўнікі БССР не памыліліся, што ў гэты лёсавызначальны працэс пастараліся як мага шырэй уключыць моладзь. I ў той час з сусветнага досведу было вядома, што пры разумным ідэалагічным уздзеянні на гэтую ўзроставую групу людзей яна можа браць больш актыўны ўдзел у адраджэнскім працэсе, чым гэта характэрна для старэйшых пакаленняў. Невыпадкова ў рэзалюцыі VIII з'езда КП(б)Б (1214 мая 1924 г.) "Аб працы сярод моладзі" было запісана: "Одной из основных задач союза (Коммунистнческого союза молодежи.  Л. Л.) в условиях Белоруссии является приспособление всей работы к языковым и бытовым особенностям молодежи национальных групп..." У той час на беларусаў даводзілася парадку 80 працэнтаў агульнай колькасці яе жыхароў і, значыцца, такі працэнт усёй працы з камсамольцамі належала праводзіць па-беларуску. Сёння гэта проста недасягальна для Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, а на пятым годзе існавання Савецкай Беларусі, на другім годзе знаходжання ў складзе СССР такое лічылася нармальным. Вось і думай, як назваць такую з'яву "прагрэсам" ці "рэгрэсам" у нашым няпростым сучасным нацыянальным жыцці?

КП(б)Б яшчэ ніколі не надавала так шмат увагі моўнаму пытанню, як на праведзеным 69 ліпеня 1924 года пленуме. Будучы добраасвядомленым аб патаемным і адкрытым супраціўленні паасобных камуністаў кіраўнічага звяна правядзенню на Беларусі прагрэсіўнага курсу XII партз'езда РКП(б) па нацыянальным пытанні (красавік 1923 г.), ЦК КП(б)Б на гэтым пленуме палічыў неабходным "зрабіць захады, якія забяспечваюць ужыванне роднай мовы ва ўсіх установах і арганізацыях, якія абслугоўваюць мясцовае насельніцтва", прызнаў ненармальным, што хаця беларуская нацыянальнасць з'яўляецца самай вялікай па колькасці, яе "мова да гэтага часу мае вельмі абмежаванае распаўсюджванне ў дзяржаўных, грамадскіх і прафесійных установах і арганізацыях", таму, падкрэслівалася, "трэба стварыць умовы, якія найбольш спрыялі б развіццю і выкарыстанню беларускай мовы з тым, каб з фармальна раўнапраўнай зрабіць яе фактычна раўнапраўнай мовай, якая б заняла належнае месца ў Беларускай Рэспубліцы... У мэтах папулярызацыі і ўкаранення беларускай мовы ў зносіны паміж працоўнымі, усе члены партыі, якія валодаюць беларускай мовай, павінны пры сваіх выступленнях ужываць пераважна беларускую мову".

Аб'явіўшы на тэрыторыі рэспублікі раўнапраўнымі беларускую, яўрэйскую, рускую і польскую мовы, пленум ЦК КП(б)Б палічыў неабходным адкрыта заявіць, што перавагу ўсё ж трэба аддаваць беларускай. Валоданне ёю, а таксама рускай прызнавалася абавязковым для ўсіх супрацоўнікаў савецкіх, прафесійных і грамадскіх арганізацый і ўстаноў, а некаторыя, па роду службы, павінны былі ведаць яшчэ яўрэйскую, польскую, украінскую і латышскую мовы. Пры адсутнасці такіх ведаў нельга было працаўладкавацца на пэўныя, часта прэстыжныя, добра аплатныя пасады. Толькі ў выключных выпадках дазвалялася залічваць такіх асобаў на працу, дый то тэрмінам не больш як на шэсць месяцаў. Усе дакументы агульнасаюзнага прызначэння рэкамендавалася выдаваць на беларускай і рускай мовах. Перавод службовага справаводства на беларускую мову ў першую чаргу павінны былі ажыццяўляць тыя ведамствы, дзейнасць якіх непасрэдна датычыць беларускага насельніцтва. Такіх жа ведамстваў тады была абсалютная бальшыня.

Пазіцыю пленума ЦК КП(б)Б па моўным пытанні ніяк нельга характарызаваць антыдэмакратычнай, камандна-бюракратычнай. У тых складаных, неспрыяльных варунках, калі дзяржаўны, партыйны, адміністрацыйна-гаспадарчы, прафсаюзны, камсамольскі і іншыя апараты былі перапоўнены рускамоўнымі асобамі (вынік царскай палітыкі русіфікацыі!), нельга было спадзявацца, што яны ахвотна, па добрай волі возьмуцца за ўвод беларускай мовы ў сферу сваёй дзейнасці. Не трэба мець вялікага розуму, каб беспамылкова прадбачыць, чым у той час мог бы закончыцца моўны рэферэндум, які многія зусім беспадстаўна лічаць за найвышэйшы дэмакратычны эталон (прыклад таму фашысцкая Германія) развязвання любых пытанняў. Тагачасны дазвання зрусіфікаваны чыноўніцкі апарат не стрымліваўся б перад правядзеннем любых маніпуляцый сярод насельніцтва, каб толькі вырваць у яго згоду на захаванне адной рускай мовы ў службовым справаводстве. Так паводзілі б сябе абруселыя чыноўнікі і ў іншых нацыянальных рэспубліках, на што не маглі не звярнуць увагі ў Маскоўскім Крамлі. Гэтае пытанне абмяркоўвалася і падчас правядзення ў пачатку чэрвеня 1923 года Чацвёртай нарады ЦК РКП(б) з адказнымі работнікамі нацыянальных рэспублік і абласцей. Такіх людзей не ўгаворвалі, а абавязвалі вывучаць мясцовыя мовы "пры пераводзе на іх справаводства".

Дзеля таго, каб пераканаць чынавенства дый сам народ у неабходнасці абавязковага ўводу беларускай мовы ў службовыя канцылярыі, савецкія і партыйныя органы пастараліся абаперціся на аўтарытэт навукоўцаў, што добра ведалі, якую выключна важную ролю адыгрывала тая ці іншая мова, калі на яе дзяржава ўскладвала выкананне гэтай непараўнальнай ні з чым адказнай функцыі. У гэтай справе людзі навукі ахвотна пайшлі насустрач дзяржаве. Сярод іх быў і першы рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, вельмі паважаная ў рэспубліцы асоба Уладзімір Пічэта (серб па бацьку, украінец па маці). У 1924 годзе выйшла з друку яго брашура "Белорусский язык как фактор нацнонально-культурный". Выйшла на рускай мове таму, каб тым, хто не валодае беларускім словам, лягчэй было зразумець, што хацеў выказаць аўтар. А па гэтым пытанні выказаўся ён вельмі слушна, павучальна, з чым варта пазнаёміць сучасных людзей, бо па ўсім відаць змаганне за жыццё беларускай мовы яшчэ наперадзе. Слова У. Пічэту: "В министерствах, канцеляриях, судах происходит постоянное словотворчество. С этой стороны законодательные акты, делопроизводство судебных и административных учреждений имеют громадное значение для развития языка. Те народы, которые жили недолго собственной политической жизнью, благодаря чему делопроизводство на национальном языке не могло получить большого развития, находятся в отношении развития языка в менее благоприятных условиях по сравнению с теми, кто имел собственное национальное делопроизводство... Королевские писцы такие же создатели языка, как писатели, ученые и представители иных либеральных профессий (с. 13)".

Азнаямленне з такімі меркаваннямі У. Пічэты не магло не падштурхнуць некаторых чыноўнікаў зусім інакш, з пазіцый нацыянальнага інтарэсу глянуць на ўвод беларускай мовы ў канцылярыі. Яе сацыяльнае становішча ўжо не было такім безнадзейным, бесперспектыўным, як у першыя гады існавання БССР. Нацыянальна запрыгоненыя за царызмам беларусы вучыліся і рабілі паспяховыя крокі па будаванні свайго жыцця не на чужой, а на ўласнай культурна-моўнай аснове, забяспечваючы яму так важныя ва ўсе часы і асабліва на пераломе гістарычных эпох самабытнасць, непаўторнасць.

Самая ж вялікая падзея сапраўднай гістарычнай важнасці першых пяці гадоў знаходжання ў складзе СССР - гэта, бясспрэчна, пераход да дзяржаўнай палітыкі беларусізацыі.

Дарагім, жаданым, доўгачаканым госцем завітала яна ў наш край не спантанна, не стыхійна, не па ініцыятыве якой-небудзь групы людзей, а ў выніку мэтанакіраванай палітыкі саміх уладаў, на што яны атрымалі дазвол ад агульнасаюзнага Цэнтра. У той недалёкі ад Кастрычніцкай рэвалюцыі час у яго і сапраўды было шчырае жаданне зрабіць з поліэтнічнага СССР краіну з разнастайнай шматнацыянальнай культурай, за што толькі ўдзячным быў бы яму ўвесь цывілізаваны свет. На вялікую бяду, такога дарагога падарунку не ўдалося зрабіць планеце Зямля, чаму перашкодзіла рэанімацыя дзяржаўнай русіфікатарскай палітыкі ў агрэсіўным бальшавіцкім фармаце.

Пачатак афіцыйнай беларусізацыі быў пакладзены прынятай 15 ліпеня 1924 года пастановай ЦВК БССР "Аб практычных мерапрыемствах па правядзенні нацыянальнай палітыкі". Гэты лёсавызначальны для Бацькаўшчыны нарматыўны акт прынялі тады, калі вярхоўная дзяржаўная ўлада знаходзілася ў руках беларуса Аляксандра Чарвякова, а ЦК КП(б)Б узначальваў рускі Аляксандр Асаткін-Уладзімірскі (1885-1937, родам з Кастрамскога павета). У верасні 1924 года гэтую адказную пасаду таксама зойме не беларус Аляксандр (здзіўляе, як шанцуе Беларусі на высокіх палітыкаў з такім імя!) Крыніцкі. Як бачым, у выратаванні тытульнага народа БССР ад культурна-моўнай асіміляцыі разам з высокага рангу беларускімі палітыкамі ўдзельнічалі і іх рускія калегі. Як бы хацелася, каб такое інтэрнацыяналістычнае супрацоўніцтва беларускіх і рускіх палітыкаў было характэрна і нашаму часу, калі так ускладнілася праблема захавання нацыянальнай самабытнасці беларусаў. Зараз ступень зрусіфікаванасці іх культурна-моўнага жыцця ў дзясяткі разоў большая, чым у гады беларусізацыі. З аўтарытэтных крыніц вядома, што сёння на высокіх адказных дзяржаўных пасадах знаходзіцца шмат асоб рускай нацыянальнасці. Ад іх стаўлення да беларускага нацыянальнага пытання яго паспяховае развязванне яшчэ ў большай ступені залежыць, чым у міжваенны перыяд. Нічым не ўдасца апраўдаць, калі гэтыя два славянскія народы замест таго, каб выцягнуць беларусаў з асіміліяцыйнай багны, будуць прыкладаць усе свае намаганні, каб загнаць у яе яшчэ і тых беларусаў, хто сёння прытрымліваецца характэрных нашаму ўкладу культурна-моўных традыцый.

У самых агульных рысах міжваенная беларусізацыя - гэта як след прадуманая, мэтанакірваная палітыка дзяржавы па наданні, забеспячэнні Беларусі яе прыроднага нацыянальнага аблічча. Дамагчыся такога было рэальна толькі праз укараненне ўладамі ў апоры на народ беларускай мовы ва ўсе сферы грамадскага жыцця, дзе па віне царызму працягвала панаваць руская мова і ў першыя гады існавання БССР. Такая канцэнтрацыя ўвагі савецкіх і партыйных органаў на моўным фактары зусім невыпадковая. Ідэолагі, непасрэдныя праваднікі палітыкі беларусізацыі не ведалі з сусветнай практыкі ніводнага факту, каб той ці іншы народ праз выкарыстанне чужых культурна-моўных каштоўнасцяў мог забяспечваць сабе сапраўднае безасіміляцыйнае жыццё, здзяйсняцца ў статусе самабытнага этнасу. Хутчэй за ўсё ў такіх варунках ён станавіўся аб'ектам дэнацыяналізацыі, бясследна паглынаўся народам, чые культуру і мову засвойваў і выкарыстоўваў.

Дзякуючы такому глыбокаму, разумнаму, з усіх бакоў узважанаму падыходу да развязвання моўнага пытання лад жыцця Беларусі з году ў год набываў усё больш выразны нацыянальны характар, што ніколькі не перашкаджала самабытнаму культурнаму развіццю яе этнічных груп: яўрэйскай, рускай, польскай, украінскай, літоўскай, латышскай, татарскай і інш.

Дзяржаўныя і партыйныя органы рабілі ўсё, каб на правым фланзе беларусізацыі знаходзілася службовае справаводства, правільна разумеючы, што за сабою яно абавязкова пацягне ўсе сферы жыццядзейнасці людзей, у тым ліку і сістэму адукацыі, не выключаючы нават самага прэстыжнага яе звяна - вышэйшую і сярэднюю спецыяльную школу, бо навошта ж у ёй рыхтаваць маладыя пакаленні спецыялістаў на той мове, якая не мае статусу афіцыйнай, не з'яўляецца рабочай. Рана ці позна на мове, што абслугоўвае службовае справаводства дзяржаўных і партыйных органаў, вытворчых калектываў, розных грамадскіх арганізацый, на ўсю шыр запрацуюць установы культуры, выдавецтвы, перыядычны друк і іншыя сферы дзейнасці людзей і абавязкова для апошніх гэтая мова стане ледзь не адзіным сродкам камунікацыйных зносін.

Менавіта дзякуючы такому правільнаму разуменню дзяржаўнымі, партыйнымі органамі выключнай ролі моўнага фактару ў сваім службовым справаводстве не марудзілі з укараненнем у яго беларускай мовы, усяляк спрыяючы чыноўнікам авалодваць ёю. Асабліва строгія патрабаванні выстаўляліся да кіраўнікоў вышэйшага звяна. Вынікі такога падыходу не маглі не радаваць. Так, калі ў 1925 годзе ў цэнтральных (рэспубліканскіх) установах толькі 22 працэнты агульнай колькасці супрацоўнікаў валодалі беларускай мовай, а ў акруговых і раённых - 36, дык ужо ў 1927 годзе (за пяцігоддзе знаходжання ў складзе СССР) - 80 і 70 працэнтаў. Апошнія дзве лічбы даюць падставы сцвярджаць, што вызначаныя ў 1924 годзе другой сесіяй ЦВК БССР тэрміны беларусізацыі дзяржаўнага апарату, наркаматаў і ведамстваў сталіся зусім рэальнымі і ў асноўным вытрымліваліся. Аналізуючы вышэй прыведзеныя лічбы, бачым, калі ў справе беларусізацыі апарату цэнтральныя (рэспубліканскія) установы спачатку прыкметна адставалі ад акруговых і раённых, дык ужо праз два гады яны выйшлі наперад, што можа разглядацца як доказ сур'ёзнага падыходу вышэйшых органаў улады і кіравання рэспублікі да вырашэння гэтай лёсавызначальнай для беларускай нацыі праблемы.

Часта зайздроснае старанне да авалодвання беларускай мовай з мэтай ажыццяўлення на ёй сваёй прафесійнай дзейнасці выяўлялі прысланыя Масквою ў Беларусь асобы, звычайна для заняцця самых адказных пасадаў у сферы палітычнага кіраўніцтва. У лік такіх асобаў траплялі нават некаторыя першыя сакратары ЦК КП(б)Б, у прыватнасці Аляксандр Крыніцкі (з верасня 1924 г. сакратар, са снежня 1925 г. па май 1927 г. - першы сакратар ЦК КП(б)Б). Яго радзіма рускі горад Цвер. Да заняцця высокай партыйнай пасады ў Беларусі ніколі не жыў тут. Яго дзейнасць прыпала на самы пік беларусізацыі. Каб працаваць і жыць у яе духу, за гранічна кароткі тэрмін дасканала вывучыў беларускую мову, публічна выступаў на ёй са сваімі дакладамі. Гэта пры ім у студзені 1925 года на пленуме ЦК КП(б)Б разглядалася пытанне "Чарговыя задачы КП(б)Б у нацыянальным пытанні" і ў прынятай па ім рэзалюцыі было запісана такое: "Бюро ЦК і акругкамам распрацаваць мерапрыемствы аб вывучэнні беларускай мовы ўсёй партарганізацыяй. Уся КП(б)Б павінна гаварыць на беларускай мове". Каб дапамагчы народу зразумець, чаму партыя робіць такі крэн на карысць беларускай мовы, у матэрыялах пленума далі такі адказ на гэта: "Пры раўнапраўі ўсіх нацыянальнасцяў, пры абавязку з боку ўраду і партыі забеспячэння развіцця культуры кожнай з іх, пры прызнанні дзяржаўнымі мовамі 4-х (беларускай, яўрэйскай, рускай і польскай. - Л. Л.) - пры ўсім гэтым, аднак, справа развіцця мовы, літаратуры, школы, усёй культуры на беларускай мове прызнаецца першай і асноўнай справай". Сфармуляваны бальшавікамі пункт гледжання на беларускае нацыянальнае пытанне не падлягае крытыцы. Ён правільны для ўсіх часоў і для любых сітуацый, бо размова ж датычыць глыбінных інтарэсаў карэннага народа на яго этнічнай, бацькоўскай тэрыторыі. Дзе, як не тут, бесканкурэнтна павінны развівацца беларуская культура і мова?

Нельга не адзначыць даволі частых прыкладаў паважлівага стаўлення да беларускай мовы і тых, хто раней (да беларусізацыі) адмаўляў само існаванне яе ў прыродзе, не лічыў беларусаў за самабытны народ. Сказанае датычыць і вядомага на Беларусі партыйнага дзеяча Вільгельма Кнорына. Павышэнне сацыяльнай ролі беларускай мовы ў палітычнай, эканамічнай і іншых сферах не выклікала аніякай напружанасці паміж людзьмі, бо ўсе выдатна разумелі пра гістарычную неабходнасць надання ёй максімальна магчымых сацыяльных функцый, як мове тытульнай нацыі краіны. I такія функцыі спаўна надаваліся ёй, да прыкладу, у такой важнай нацыяўтваральнай сферы, як адукацыя.

Перавод навучальна-выхаваўчага працэсу на беларускую мову пачаўся адразу пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, але шырокі размах ён набыў толькі з абвяшчэннем беларусізацыі дзяржаўнай палітыкай. I, як вынік, у 1926/27 навучальным годзе з агульнага ліку працоўных школ чатырох- і сямігодак на беларускія прыпадала адпаведна 85 і 67 працэнтаў. Гэта было забяспечана праз прадуманую растлумачальную працу з бацькамі, у якой разам з настаўнікамі актыўны ўдзел бралі і мясцовыя органы ўлады. Дзяцей ахвотна вялі ў школы з беларускай мовай навучання яшчэ і таму, што яна з кожным годам усё больш і больш выкарыстоўвалася ў педагагічным працэсе сярэдніх спецыяльных, вышэйшых навучальных устаноў. На гэты час з 14 педагагічных тэхнікумаў на беларускай мове працавалі 10. У сельскагаспадарчых тэхнікумах на ёй выкладалася 68 працэнтаў агульнай колькасці прадметаў, у школах такога профілю - 67, на рабфаках - 69. Беларусь доўга чакала і нарэшце дачакалася, што сістэма адукацыі са сродку русіфікацыі пераўтварылася ў сродак беларусізацыі маладых пакаленняў, што рабіла іх устойлівымі ад любых формаў асіміляцыі. Было б лішнім тлумачыць, наколькі гэта з'яўлялася важным, надзённым ва ўмовах жыцця ў складзе шматнацыянальнага СССР. За пяць гадоў знаходжання ў ім Беларусь даволі добра падрыхтавала да такіх сур'ёзных выпрабаванняў свае асноўныя этнаўтваральныя сферы. Выключнае значэнне ў гэтым дзяржаўнай палітыкі беларусізацыі ніяк нельга недаацэньваць.

Сёння поўным ходам ідзе стварэнне саюзнай расійска-беларускай дзяржавы. Яна, як і колішні СССР, будзе політэтнічнай, што абавязвае палітычнае кіраўніцтва, яго ідэалагічны апарат, кіраўнікоў навукі, асветы, культуры Беларусі да своечасовай выпрацоўкі глыбока прадуманай стратэгіі па гарантаванні ёй усіх умоў для захавання сваёй этнакультурнай самабытнасці. Выпрацоўцы такой стратэгіі ў многім магло б паспрыяць выкарыстанне багатай пазітыўнай практыкі міжваеннай беларусізацыі. 15 ліпеня 2014 года споўніцца 90 гадоў, як ёй быў нададзены статус дзяржаўнай палітыкі.

4. Дзяржаўная палітыка беларусізацыі на старонках газеты "Звезда" ("Зьвязда") [5]

Гістарычную пастанову "Аб практычных мерапрыемствах па правядзенні нацыянальнай палітыкі", якой быў пакладзены пачатак дзяржаўнай палітыцы беларусізацыі, 2-ая сесія Цэцтральнага Выканаўчага Камітэта БССР прыняла 15 ліпеня 1924 года. Гэта быў даволі складаны, можна сказаць зусім не вызначаны нават на бліжэйшую перспектыву час у жыцці беларускага, як і ўсіх савецкіх народаў самай буйной у свеце поліэтнічнай краіны СССР. Ад моманту яго ўтварэння ў снежні 1922 года і да з'яўлення згаданай вышэй пастановы мінула ўсяго толькі трохі больш за паўтара года, але і за гэты час быў прыняты як у цэнтры, так і на месцах шэраг важных дырэктыўных дакументаў па рэгуляванні нацыянальнага жыцця на ўсім абсягу СССР.

Трэба аддаць належнае тагачасным дзяржаўным палітыкам і партыйным дзеячам за іх глыбокае разуменне, што ў кожнай поліэтнічнай дзяржаве, у тым ліку і ў СССР, існуе рэальная пагроза менш развітых народаў патрапіць пад асіміляцыйны ўплыў народаў з высокім узроўнем культурнага развіцця. У выніку мэтанакіраванай сістэмнай дзяржаўнай палітыкі русіфікацыі шмат народаў царскай Расіі беззваротна знікла з этнічнай карты свету. Бальшавікі былі супраць такой варожай, антынацыянальнай палітыкі і абяцалі ўсім нярускім народам за іх удзел у змаганні з царызмам, Часовым урадам забяспечыць нармальныя ўмовы для самабытнага, вольнага ад усякай дыскрымінацыі нацыянальнага жыцця. I трэба сказаць, што ў гэтым плане ў першыя паслярэвалюцыйныя гады рабілася даволі шмат чаго пазітыўнага, прычым з ініцыятывы самых высокіх эшалонаў савецкіх і партыйных уладаў. Не ў вузкім коле чыноўнікаў ці ў якіх-небудзь службовых кабінетах, а на X з'ездзе РКП(б) у сакавіку 1921 года і на XII з'ездзе РКП(б) у красавіку 1923 года былі прыняты адпаведныя рэзалюцыі "Аб чарговых задачах партыі ў нацыянальным пытанні" і "Па нацыянальным пытанні".

Да абвяшчэння 1 студзеня 1919 года Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі ў бальшавіцкай лексіцы вельмі рэдка сустракалася слова "Беларусь", бо ў працяг палітыкі царскіх вялікадзяржаўнікаў не бачылі прычыны прызнаваць беларусаў за самастойны народ, насуперак ісціне атаясамлівалі іх з рускімі. Такой несусветнай лухты ўжо не пачуць было на X з'ездзе РКП(б), хаця праходзіў ён праз два гады і тры месяцы пасля ўтварэння БССР. На гэтым партыйным форуме з усёй выразнасцю з вуснаў аднаго з самых высокіх бальшавіцкіх лідараў, фактычнага кіраўніка Арганізацыйнага бюро і Сакратарыята РКП(б) Іосіфа Сталіна было заяўлена пра існаванне беларускай нацыі, "у якой маецца свая мова, адрозная ад рускай", што "падняць культуру беларускага народа можна толькі на роднай яго мове" 1. Думаецца, сёння мала хто з афіцыйных палітыкаў і ідэолагаў, прадстаўнікоў бюджэтнай часткі інтэлігенцыі асмеліцца паўтарыць гэтыя на ўсе сто працэнтаў праўдзівыя сталінскія словы. Тады ж I. Сталіным было выказана цвёрдае меркаванне "што праз год-два-тры пытанне аб развіцці нацыянальных культур на роднай мове прыме характарпершаступеннай важнасці" 2 (падкрэслена мною. - Л. Л.). Вось бы нам пачуць такое ад высокіх палітыкаў і залежных ад іх ідэолагаў, прадстаўнікоў афіцыйнага сегмента інтэлегенцыі!

Вялікай павагай да культурнага развіцця ўсіх нярускіх народаў вызначаўся і змест прынятых на XII з'ездзе РКП(б) рэзалюцый. У іх, да прыкладу, было запісана такое: "... размовы пра перавагі рускай культуры і выстаўленне палажэння пра непазбежнасць перамогі больш высокай рускай культуры над культурамі больш адсталых народаў ... з'яўляецца нічым іншым як спробай замацаваць панаванне вялікарускай нацыянальнасці. Таму рашучая барацьба з перажыткамі вялікарускага шавінізму з'яўляецца першай чарговай задачай нашай партыі" 1. Гэтае палажэнне з рэзалюцый XII з'езда РКП(б) з належным разуменнем успрынялі беларускія палітыкі і занятыя ў духоўнай сферы творцы нацыянальнай культуры, у якой за царскім часам былі крайне абмежаваныя магчымасці развівацца. Пазней па ініцыятыве партыі былі прынятыя рашэнні па пераводзе на нацыянальныя мовы ўсіх тыпаў навучальных устаноў, уключаючы і вышэйшыя, выдавецтваў, мясцовых газет і часопісаў. Буйной заваёвай Кампартыі Беларусі на шляху ўсталявання справядлівых дачыненняў у нацыянальнай сферы трэбы прызнаць патрабаванне да сваіх кіраўнічых работнікаў вывучаць мясцовыя мовы пры пераводзе на іх службовага справаводства.

У гэтым ключавым пытанні нацыянальнага будаўніцтва ніяк не жадалі адставаць ад партыі органы савецкай улады, якія ў той час яшчэ не вельмі так моцна залежалі ад першай, як такое стане назірацца пазней. На вялікую радасць усіх нярускіх народаў СССР 14 красавіка 1924 года Усесаюзны ЦВК прыняў у вышэйшай ступені інтэрнацыяналістычную пастанову "Аб мерах па пераводзе справаводства дзяржаўных устаноў на мясцовыя мовы". Такую высокую адзнаку вышэйзгаданай пастанове я даю зусім невыпадкова, бо лічу, што толькі ў падобных варунках у родных моваў народаў СССР мелася поўная гарантыя быць запатрабаванымі ва ўсіх сферах грамадскай дзейнасці чалавека. Да таго ж часу, пакуль службовае справаводства абслугоўвае чужая мова, над роднай мовай таго ці іншага народа нязменна будзе вісець рэальная пагроза вымірання, што асабліва характэрна для сучаснасці, калі дзяржаўная, грамадска-палітычная дзейнасць ва ўсіх без вынятку краінах, у тым ліку і ў Рэспубліцы Беларусь, набыла такую нехарактэрную для папярэдніх часоў маштабнасць. Выключыць з абслугоўвання такой дзейнасці тую ці іншую мову - гэта значыць загубіць яе.

Нібыта якое-небудзь боскае пакаранне, у Беларусі напарэдадні і на пачатку беларусізацыі сярод дзяржаўных і партыйных апаратчыкаў знаходзілася шмат праціўнікаў укаранення беларускай мовы ў службовае справаводства і зусім не па прычыне, што дзеля гэтага патрэбна было багата часу, сілы волі, каб дасканала авалодаць ёю. Галоўная прычына палягала ў тым, што многімі правільна разумелася: уведзеная ў службовае справаводства беларуская мова лагічна абумовіць неабходнасць уключэння яе ў педагагічны працэс сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай школы з тым, каб падрыхтаваныя ёю спецыялісты без усялякіх цяжкасцяў маглі працаваць ва ўстановах і на прадпрыемствах у беларускамоўным рэжыме. Любы службовец разумеў, што гэта немінуча прывядзе да поўнай перамогі беларускага нацыянальна-культурнага Адраджэння, якое далёка не па душы было многім занятым у дзяржаўна-партыйным, гаспадарча-адміністрацыйным апаратах, розных грамадскіх арганізацыях, таму яны так шалёна ўпарціліся беларусізацыі службовага справаводства. Затое як след не разумелі вырашальнай ролі дадзенага фактару шараговыя працаўнікі, якіх у кожным канкрэтным выпадку стараліся перацягнуць на свой бок праціўнікі нацыянальна-моўнага службовага справаводства. У тую досыць складаную сітуацыю вельмі ўдала ўклініўся па матцы ўкраінец, па бацьку - серб, першы па ліку рэктар Беларускага ўніверсітэта, таленавіты навуковец-гісторык Уладзімір Пічэта. Улічваючы, што абсалютная бальшыня ўсіх рангаў дзяржаўных, партыйных, адміністрацыйных работнікаў, гісторыкаў і інтэлігенцыі не валодала беларускай мовай, ён падрыхтаваў і выдаў улетку 1923 года спецыяльна на рускай мове невялічкую паводле памераў кнігу "Белорусский язык как фактор национально-культурный", у якой вельмі пераканаўча паказаў выключа вялікую, нічым не заменную ролю службовага справаводства ў роднай мове не толькі для яе самой, але і нацыянальнай культуры ўвогуле. Я не пашкадую месца для выкладу датычных службовага справаводства палажэнняў У. Пічэты, бо яны і пасёння не страцілі сваёй актуальнасці: "У міністэрствах, канцылярыях, судах адбываецца сталая словатворчасць. З гэтага боку заканадаўчыя акты, справаводства судовых і адміністрацыйных устаноў маюць велізарнае значэнне для развіцця мовы. Тыя народы, якія жылі нядоўга ўласным палітычным жыццём, дзякуючы чаму справаводства на нацыянальнай мове не магло атрымаць вялікага развіцця, знаходзяцца ў дачыненні да развіцця мовы ў менш спрыяльных умовах у параўнанні з тымі, хто меў уласнае нацыянальнае справаводства". У якасці апошніх У. Пічэта згадвае Францыю ў эпоху абсалютызму і Англію ў эпоху яе палітычнай кансалідацыі. Гэтыя краіны, "публікуючы дзяржаўныя акты на роднай мове і ведучы на ёй жа ўсё справаводства ўсямерна спрыялі творчасці мовы. Каралеўскія пісары такія ж стваральнікі мовы, як пісьменнікі, навукоўцы і прадстаўнікі іншых ліберальных прафесій". А вось у Польшчы, даводзіў чытачу У. Пічэта, "панаванне ў справаводстве лацінскай мовы і лацінскай тэрміналогіі ў значнай ступені перашкаджала і стрымлівала развіццё мовы" 1.

Да сфармуляваных палажэнняў датычна нацыянальнага справаводства такім паважаным навукоўцам, як У. Пічэта, ніяк нельга было не прыслухацца дзяржаўным і партыйным дзеячам, афіцыйным ідэолагам, інтэлігенцыі. На шчасце, кіраўніцтва тагачаснай БССР вельмі лічылася з думкай людзей навукі, таму не толькі ў прыведзенай вышэй пастанове 2-ой сесіі ЦВК БССР "Аб практычных мерапрыемствах па правядзенні нацыянальнай палітыкі", але і ў іншых нарматыўных дакументах так шмат увагі надавалася пераводу ўсіх відаў службовага справаводства, не выключаючы і самых высокіх эшалонаў дзяржаўнай і партыйнай улады, на беларускую мову. Сапраўднай нацыянальнай катастрофай для нашай Бацькаўшчыны трэба лічыць, што яе родную мову вывелі са службовага справаводства ажно ў 1696 годзе. Пастараліся ж пра гэта прапольскай арыентацыі ўлады Рэчы Паспалітай. Дзяржаўная палітыка беларусізацыі паклала канец гэтай страшэннай несправядлівасці: беларускую мову, прызнаўшы нарэшце дзяржаўнай, сталі мэтанакіравана ўводзіць у службовае справаводства, што толькі і адкрыла для яе шырокія магчымасці быць запатрабаванай ва ўсіх сферах грамадскага жыцця, і асабліва ў адукацыі.

На мой погляд, дзяржаўна-палітычны, ідэалагічны апараты, інтэлектуальныя колы грамадства БССР праявілі ў той час незвычайную, залішнюю памяркоўнасць у моўным пытанні, надзяліўшы статусам "дзяржаўнай" яшчэ рускую, польскую, яўрэйскую мовы, на прыродных носьбітаў якіх агулам даводзілася не больш за 20% усёй колькасці насельніцтва рэспублікі. У поліэтнічных краінах звычайна статусам "дзяржаўная", акрамя мовы тытульнай нацыі, надзяляюць яшчэ і мовы народаў, што жывуць на сваіх этнічных тэрыторыях. Беларусь жа была, ёсць і назаўжды будзе заставацца толькі аднанацыянальнай дзяржавай, бо ў ёй этнічную, гістарычную тэрыторыю маюць толькі адны беларусы, а рускія, палякі, яўрэі, украінцы і прадстаўнікі ўсіх астатніх нацыянальнасцяў утвараюць сабой не больш, як толькі адпаведныя этнічныя групы, дыяспары, пра культурнае развіццё якіх не могуць не клапаціцца ўлады, толькі не абавязкова ўводзячы іх мовы ў статус дзяржаўных, бо пры пэўных варунках гэта можа мець цяжкія негатыўныя наступствы для самога тытульнага народа з-за ўзнікнення на яго зямлі непатрэбнай канкурэнцыі паміж рознымі мовамі. Урад, камуністычная партыя маладой дзяржавы ў асобе БССР не палічыліся з гэтым фактарам, надаўшы статус дзяржаўнай чатыром мовам, праўда, справядліва прызнаўшы, што ў абслугоўванні грамадскага жыцця перавага павінна свядома надавацца беларускай, паколькі на беларусаў прыпадае больш за 80 працэнтаў усіх яе жыхароў. Прызнаннем афіцыйных пераваг за беларускай мовай ніколькі не ўшчамляліся нацыянальныя інтарэсы ні рускай, ні польскай, ні яўрэйскай этнічных груп. Болей за тое, сацыяльная роля польскай, яўрэйскай моваў нават мела тэндэнцыю да ўзрастання, але не на доўгі час, бо з году ў год пашыралася сфера выкарыстання беларускай мовы, як мовы тытульнай нацыі рэспублікі, ва ўсіх сферах жыццядзейнасці чалавека. Перспектывы ў беларускай мовы да такой ступені былі шырокімі, неабсяжнымі, што не толькі з польскіх, яўрэйскіх, але і з рускіх сем'яў імкнуліся пасылаць сваіх дзяцей вучыцца у беларускамоўныя школы, бо на беларускай жа мове будаваўся педагагічны працэс і ў навучальных установах больш высокага тыпу, а галоўнае, што яна стала асноўнай у абслугоўванні дзяржаўнай, вытворчай, грамадска-палітычнай, культурнай дзейнасці людзей.

У той так нязвыклай для папярэдніх часоў моўнай сітуацыі трохі ніякавата пачувалі сябе рэдакцыя і аўтарскі калектыў рускамоўнай газеты "Звезда". Яна ж з'яўлялася перыядычным органам галоўнага ідэолага і правадніка палітыкі беларусізацыі - Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі, а выходзіла не на той мове, якая была абвешчана ў якасці пераважнай, асноўнай мовы рэспублікі. З'яўляючыся рускамоўным перыядычным органам ЦК КП(б)Б, рэдакцыі газеты "Звезда" ніяк не выпадала ўзяць на сябе ролю галоўнага прапагандыста, змагара за правядзенне ў жыццё ідэй дзяржаўнай палітыкі беларусізацыі. Акрамя самой рэдакцыі, усё гэта вельмі добра разумелі і ў вышэйшым партыйным органе рэспублікі, таму, каб выправіць становішча, неўзабаве і на старонках "Звезды" сталі з'яўляцца беларускамоўныя матэрыялы, супраць чаго не было аніякага пратэсту з боку чытачоў. Паступова такія матэрыяла пачалі займаць больш за палову газетнай плошчы "Звезды", а са жніўня 1927 года яна цалкам стала выходзіць на беларускай мове. Ад гэтага часу "Зьвязду" з поўным правам можна называць галоўным ідэолагам беларусізацыі. Чытаючы газету, людзі пераконваліся ў неабходнасці заняцця і імі самімі актыўнай пазіцыі ў справе беларускага нацыянальна-культурнага Адраджэння. З месцаў у вялікай колькасці паступала інфармацыя пра ход ажыцяўлення ідэй беларусізацыі ў тым ці іншым працоўным калектыве, прычым не ўтойваліся і цяжкасці, памылкі на гэтым неспазнаным шляху. Не рэдкасцю было сустрэць у газеце "Зьвязда" крытычныя матэрыялы на адрас іншых перыядычных выданняў за іх недастатковую ўвагу да асвятлення надзённых задач беларусізацыі. Такое ставілася ў віну нават рэдакцыі перыядычнага органа Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта БССР, а са студзеня 1930 года яшчэ і Савета Народных Камісараў беларускамоўнай газеты "Савецкая Беларусь". Ніколькі не перабольшу, калі адзначу, што многае з таго пазітыўнага, што дала Бацькаўшчыне міжваенная беларусізацыя, можна смела запісаць на рахунак рэдакцыі, аўтарскага калектыву газеты "Зьвязда".

Проста ў экстрэмальных умовах даводзілася працаваць звяздоўцам у час, калі партыя бальшавікоў, падначаленыя ёй рэпрэсіўныя службы разгарнулі барацьбу супраць надуманага імі ж самімі беларускага нацдэмакратызму. Цяпер на старонках газеты даводзілася бязлітасна бічаваць тых асобаў, якіх яшчэ зусім нядаўна справядліва называлі сапраўднай красой, элітай беларусізацыі. Зразумела, рэдакцыя "Зьвязды" не магла ў адзін момант перакрэсліць, выкінуць на сметнік усё тое пазітыўнае, што перад гэтым пісалася на старонках пра так любімую і дарагую народу беларусізацыю. Рашуча стаўшы па волі ЦК КП(б)Б на небяспечны, шкодны шлях выкрывальніцтва "нацдэмаўшчыны", "Зьвязда" аднак працягвала заставацца і заступніцай беларусізацыі. Пагадзіцеся, што рабіць гэта ў адзін і той жа час было архіскладана да таго ж яшчэ і рызыкоўна. Але журналісты, аўтарскі калектыў працягвалі працаваць у надзеі на лепшае. Шкода, што яна не спраўдзілася.

Не памылюся, калі заяўлю, што ў змаганні з беларускімі "нацдэмамі" не меў сабе роўных рэктар Камуністычнага ўніверсітэта Беларусі імя У.І. Леніна Аляксандр Сянкевіч. А калі па-сур'ёзнаму падысці, ён жа не так і даўно быў па-сапраўднаму шчыра адданым беларускаму нацыянальнаму руху: адзін з арганізатараў нелегальнага з'езда беларускіх настаўнікаў на радзіме Якуба Коласа ў Мікалаеўшчыне (1906), наркам аховы здароўя БССР (1920-1921), загадчык беларускага сектара Камуністычнага ўніверсітэта нацыянальных мяншыняў Захаду ў Маскве (1924-1926). Але, відаць, калі з 1928 года ўзначаліў Камуністычны ўніверсітэт Беларусі, дык трапіў у поўную залежнасць ад існага ў той час палітычнага рэжыму і выконваў усё, што ім было загадана. Не выключаю, што менавіта па ініцыятыве яго ідэалагічных службаў А. Сянкевіч і выступіў 21 мая 1930 года на старонках газеты "Зьвязда" з вялікім артыкулам "Нацыянальнае пытаньне ў БССР і барацьба з нацыянал-дэмакратызмам і шавінізмам". Прыкра, што ў гэтай публікацыі ў нацыянал-дэмакратызме беспадстаўна абвінавачвалася і досыць шырокае кола беларускіх пісьменнікаў, бо такое ж не магло не паўплываць на творчую актыўнасць у цэлым на гэты самы свядомы ва ўсе часы айчыннай гісторыі пласт мастацкай інтэлігенцыі. У сваім артыкуле А Сянкевіч бірку "нацдэмакрата" цалкам несправядліва павесіў на шыю такіх ужо добра вядомых у народзе і любімых чытачамі пісьменнікаў, як Тодар Глыбоцкі, Цішка Гартны, Уладзімір Дубоўка, Міхась Зарэцкі. Што датычыць апошняга з пералічаных, дык яго раман "Крывічы" (з 1929 года пачаў друкавацца ў часопісе "Полымя"), не пашкадаваўшы эпітэтаў, А. Сянкевіч назваў "апафеозам беларускага нацыянал-шавінізму". Кожнаму з пералічаных пісьменнікаў савецкая Феміда паламала творчы лёс, а некаторых загнала ў магілу.

А вось без меры адданая ідэям камунізму дацэнт БДУ Я. Сякерская сваю неабмежаваную магчымасць выступаць у газеце "Зьвязда" спаўна выкарыстоўвала дзеля беспадстаўнага абвінавачвання у "нацдэмакратызме" самых вядомых людзей беларускай акдэмічнай навукі. Асабліва добра дасталася ім у аб'ёмістым артыкуле гэтага аўтара "Беларускі нацыянал-дэмакратызм і вялікарасійскі шавінізм на ідэалёгічным фронце БССР", які надрукавала "Зьвязда" 19 лістапада 1930 года. Паводле ацэнкі Я. Сякерскай Беларуская акадэмія навук (БАН) з'яўлялася "сапраўдным плацдармам беларускага нацыянал-дэмакратызму, які разгарнуў там ва ўсю шырыню і глыбіню "навуковую" работу пад прыкрыццём нацыянал-апартуністычнага кіраўніцтва прэзідэнта акадэміі Ігнатоўскага". Усю гістарычную навуку Беларусі гэты аўтар разглядаў як арэну "для насаджэньня варожай нам нацдэмаўскай ідэалёгіі".

Рэдакцыі амаль усіх перыядычных выданняў, убачыўшы крутыя, адкрыта рэпрэсіўнага характару перамены ў нацыянальнай палітыцы бальшавіцкай партыі, вельмі неахвотна браліся пісаць штосьці пазітыўнае пра беларусізацыю. Пахвальна, што на такую пазіцыю не стала газета "Зьвязда". Яна ўсяляк падтрымлівала ў народзе дух беларусізацыі, шырока асвятляла месячнікі яе правядзення, папярэджвала, якую вялізную шкоду можна нанесці беларускай мове праз гвалтоўнае ўкараненне яе ў навучальныя ўстановы, працоўныя калектывы. Самая любімая, аўтарытэтная ў рэспубліцы беларускамоўная газета "Зьвязда" не збаялася 3 жніўня 1930 года выступіць з такім надзвычай смелым і па самой назве, і па змесце перадавым артыкулам - "За бальшавіцкія тэмпы беларусізацыі!". Чытачам пераканаўча даводзілася, што ў інтарэсах народа трэба не згортваць, а, наадварот, пашыраць масштабы беларусізацыі. Шкода, што на практыцы такое не атрымлівалася, бо не ў той бок скіроўвалася самая прагрэсіўная ў свеце, як тады было прынята пісаць і гаварыць, леншская нацыянальная палітыка. Калі яшчэ ў 1931-1932 гадах на старонках "Зьвязды" і траплялася добра ўтрываленае ў народзе слова "беларусізацыя", дык пазней яно цалкам знікла, і маладым пакаленням стала зусім не вядомым, асабліва тым, хто ўступаў у самастойнае жыццё пасля масавых фізічных рэпрэсій у 1937-1938 гадоў.

Слова "беларусізацыя" зноў з'явілася ў перыядычным друку толькі ў гады фашысцкай акупацыі. Ім ахвотна карысталіся газеты і часопісы, што з дазволу нямецкіх уладаў выходзілі на падлеглай ім тэрыторыі. Рэдакцыя выдаванай падпольнай газеты "Звязда" не ўжывала гэтага слова, бо ў яе на першым плане была зусім не тая мэта: мабілізацыя людзей на барацьбу з лютым ворагам. Затое, калі Беларусь, як і ўсе саюзныя рэспублікі, пачалі жыць ідэямі Гарбачоўскай перабудовы, тэрмін "беларусізацыя" з хуткасцю маланкі зноў з'явіўся на старонках газеты "Звязда". Але асаблівую папулярнасць ён набыў у канцы 80-х - пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, калі ў беларусаў з'явіўся чарговы страшэнна запознены шанец нацыянальна-культурнага Адраджэння. У баку ад яго не стаяў і аўтар гэтых радкоў, максімальна выкарыстоўваючы дадзеную яму магчымасць выступаць у газеце "Звязда" з публікацыямі па нацыянальным пытанні. У той лёсавызначальны для Бацькаўшчыны час сур'ёзных абмежаванняў у выказваннях па такім пытанні практычна не існавала. 7 лістапада 1992 года, г. зн. у дзень свята Кастрычніцкай рэвалюцыі, рэдакцыя газеты "Звязда" не збаялася змясціць мой даволі вялікі артыкул пад такой смелай, гучнай назвай "Дзяржаўнае двухмоўе - траянскі конь для адраджэння". Каб палітыкі, афіцыйныя ідэолагі добра ўніклі ў змест гэтага артыкула і ў адпаведнасці з яго палажэннямі штосьці канкрэтнае рабілі на практыцы, не выключана, беларуская мова сёння не знаходзілася б на задворках грамадскага жыцця.

Яшчэ ніколі, як сёння, наша краіна не мела такой велізарнай патрэбы ў дзяржаўнай палітыцы беларусізацыі. I добра было б, каб яна як мага хутчэй прыйшла да жыцця і каб ідэалагічным правадніком яе па вопыце мінулых гадоў ізноў стала газета "Звязда". Калі ж па якіх-небудзь прычынах да нас не завітае дзяржаўная палітыка беларусізацыі загінем, як у 1709 годзе шведы пад Палтавай.

5. Ён паўтарыў лёс многіх

Толькі нязначнай частцы інтэлігентаў удалося спакойна, без асаблівых цяжкасцяў перажыць час сталінскіх эксперыментаў па будаўніцтве сацыялістычнага грамадства, дачакацца, калі закончыцца нялюдскі рэжым фашысцкай акупацыі, завершыцца аднаўленне народнай гаспадаркі і пачнецца нармальнае развіццё краіны. Лёс так распарадзіўся, што герой нашага нарыса Аўген Калубовіч (1912-1987) не трапіў у лік такіх шчасліўцаў.

Упершыню Аўген Калубовіч вярнуўся да нас на пачатку 1990-х гадоў, калі ў перыядычным друку сталі з'яўляцца перадрукі з яго эміграцыйных твораў. З 1993 года ўжо выходзяць яго кнігі, што значна прыбавіла папулярнасці іх аўтару. Цяпер ён больш-менш вядомы грамадскасці, але не ў той ступені, як таго заслугоўвае. Мэта дадзенай публікацыі пазнаёміць больш шырокія колы чытацкай аўдыторыі з лёсам А. Калубовіча. 1

1. З юнацтва знявечанае жыццё

Напачатку ў А. Калубовіча, ураджэнца мястэчка Ціхінічы, што на Рагачоўчшыне, усё складвалася даволі прыстойна: вучыцца ў пачатковай школе, паступае ў сямігодку ў Рэчыцы, а затым у Педагагічны тэхнікум, які знаходзіўся ў Бабчыне (Хойніцкі раён). І раптам здарылася нешта зусім нечаканае: апошні дзень вучобы ў тэхнікуме - 30 мая 1930 г. - стаў для дваццацігадовага юнака першым днём утрымання пад арыштам! І галоўнае за што? За прыналежнасць да беларускай нацыянальнай арганізацыі альтруістаў. Як вядома, альтруізм - гэта з'ява ва ўсіх вымярэннях станоўчая, супрацьлеглая эгаізму. Але А. Калубовічу за бескарыслівае служэнне іншым людзям, гатоўнасць ахвяраваць сваімі асабістымі інтарэсамі дзеля чужога шчасця цяпер належала адбываць пакаранне ў канцэнтрацыйных лагерах на Далёкім Усходзе краіны Саветаў.

Зусім не чакаў такога трагічнага зыходу здольны да вучобы юнак, які марыў вось-вось уліцца ў шэрагі педагогаў. Пра незвычайны ўзнёслы настрой, які панаваў сярод навучэнцаў напярэдадні заканчэння вучобы, так згадвае сам Аўген: "Нядаўна ў розных школах раёну мы адбылі месячную педагагічную практыку. І хоць на рукі яшчэ не атрымалі ніякіх атэстатаў, ведаем, што Педагагічная Рада прыняла пастанову аб нашым выпуску. Нам ужо марыцца быць народным настаўнікам. Як прыгожа гучаць гэтыя два простыя й адначасна такія прывабныя словы ў нашых юначых ідэалістычных уявах! Колькі адкрыецца новых мажлівасьцяў служыць народу!"

На справе, такіх мажлівасцяў для Аўгена і некаторых яго аднакурснікаў не адкрылася. Сярод ночы без паказу ордэра на арышт яго выводзяць з хаты (у час вучобы даводзілася здымаць кватэру ў прыватнай асобы) і дастаўляюць у Хойніцкую раённую турму, а на раніцу ўжо зачыталі абвінаваўчы акт, у якім выпускніка педтэхнікума абвінавачваюць у кіраўніцтве беларускай антысавецкай нацыяналістычнай арганізацыяй альтруістаў, "якая ставіла сваёй мэтай падрыхтоўку контррэвалюцыйнага паўстання для звяржэння савецкай улады і адарвання Савецкай Беларусі ад СССР". Усялякага роду допыты, афармленне дакументаў рабіліся з такой неверагоднай спешкай, што юнак, сур'ёзна не разабраўшыся, чаго ад яго хочуць, падпісаў прад'яўлены яму абвінаваўчы акт, чым адкрыў сабе шлях у нявольніцтва.

Адсюль і пачалася яго пакутніцкая адысея. У вагоне, які быў прычэплены да састава, што трымаў курс на Гомель, знаходзілася 47 арыштантаў - пераважна навучэнцаў, настаўнікаў, службоўцаў.

Пэўныя падставы лічыць ворагамі савецкай улады Аўгена Калубовіча і шмат каго з сяброў Бабчынскага педагагічнага і Брагінскага кааператыўнага тэхнікумаў у рэпрэсіўных органаў усё ж былі. Перадавая моладзь не магла абыякава ставіцца да таго, што рабілася ў іх краіне па прымусовай калектывізацыі сялян і звязаным з ёю раскулачваннем. Сам Аўген так піша пра гэта: "Рэальна мы не ўзьнялі зброі супраць савецкае ўлады. Усё нашае "злачынства" - жаданьне змагацца за свабоду беларускага народу. Гвалт і тэрор, які мы бачылі вакол, штурхалі нас на гэта, натхнялі.

Мы гуртаваліся, тварылі арганізацыю, пашыралі яе…

У вадозвах і лёзунгах мы выказвалі нашу ацэнку палітычнай сітуацыі Беларусі, заклікалі не падтрымліваць савецкае ўлады, супраціўляцца ейным мерапрыемствам, наагул, будзілі вызвольныя думкі й пачуцьці. Лёзунгі нашыя гучалі так:

Беларусь стогне пад бізуном Масквы.

Калгасы - шлях да новага, камуністычнага прыгону.

Савецкая ўлада для селяніна - гэта Котлас і Салаўкі.

Сорам і ганьба тым, хто дапамагае "раскулачваць" і гвалтам заганяць у калгас.

(…) Далоў дыктатуру Палітбюро! Свабода Беларусі!"

Зразумела, такога не магла дараваць моладзі савецкая таталітарная сістэма, і яна рабіла ўсё, каб адгарадзіць краіну ад падобнага роду "варожых" элементаў.

У адрозненне ад многіх ахвяраў сталінскага рэжыму А. Калубовіч адмаўляе, што ён лаяльна ставіўся да тагачаснага парадку і быў бязвінна пакараным. Лічыў, што ў турму трапіў за "высокія, сьвятыя ідэалы свабоды. Калі-ж змаганьне за свабоду свайго народу й краю - "крыміналізм", быць такім "крыміналістам" - гонар.

Ні мае сябры, ні я не зрабілі ніякага злачынства (маецца на ўвазе: перад народам. - Л. Л.). Хутчэй наадварот: было злачынствам, калі б мы, склаўшы рукі, нічога не рабілі, або, заплюшчыўшы вочы, стараліся не бачыць таго, што вакол нас робіцца. А што нас будуць судзіць, то гэта ані ня сведчыць супраць нас… сёньняшняя інквізіцыя Масквы не схаваецца ад зроку гісторыі. Гісторыя асудзіць, ня нас."

Але такое здарыцца не хутка, а толькі пасля смерці А. Калубовіча. Пакуль жа ён мусіць несці крыж пакуты: спачатку ў Гомельскай і Мінскай турмах, затым у Вішарскіх лагерах (на мяжы Паўночнага і Сярэдняга Урала), жыццё ў якіх падрабязна паказана ў яго кнізе "На крыжовай дарозе", што выйшла ў 1994 годзе ў Мінску у выдавецкім цэнтры "Бацькаўшчына" (кіраўнік пісьменнік Яўген Лецка). З вялікім жахам чытаюцца старонкі, дзе апісана перажытае Аўгенам Калубовічам у камеры лагернага ізалятара: "Я тут не зусім адзін. Са мною тысячы й тысячы клапоў. Яны толькі й чакалі на мяне. А калі выявілі, адразу кінуліся з усіх бакоў у атаку. Першымі зваліліся на мяне дэсанты із столі…

Яны сядзяць і на сьценах, і на падлозе, і на палку, і на лавах. Кусаюць мяне за сьпіну, і за грудзі, і за ногі, лезуць на твар - усюды й з усіх бакоў.

(…) Я ваюю зь імі няспынна. Скідаю й скідаю зь сябе… Каб лепей бараніцца, спрабую закрыць ад іх якуюсь частку свайго цела. Лепей за ўсё - сьпіну: яе цяжэй бараніць. Спярша кладуся на падлогу. Хутка пераконваюся, што пазыцыя няўдалая: із столі на мяне ляціць болей дэсантаў… Я станаўлюся ля сьцяны або дзвярэй і прыціскаюся сьпіною да іх. Быццам бы трохі лепей, але эфект таксама невялікі.

(…) Калі я вярнуўся з ізалятара ў барак, усё цела маё было іскусанае клапамі - скрозь чырвоныя ранкі, плямы й струпы; векі на вачах распухлыя. Як у хворага на шкарлятыну."

У Вішарскіх лагерах А. Калубовіч знаходзіўся да красавіка 1932 г. Далей тэрмін зняволення давялося адбываць у Дальлагу, дзе ўдзельнічаў у будаўніцтве розных аб'ектаў для Транссібірскай чыгуначнай магістралі. Прыкладна праз год яго выпусцілі на волю. Жыццё перанеслася ў мясціны, дзе яго мірны ход прыпыніўся тры гады таму назад. З болем у душы сустрэў вестку, што цяпер ужо не існуе Бабчынскага педтэхнікума, што арыштавана шмат яго выкладчыкаў, у т. л. і сам дырэктар Хама Міськевіч.

Напачатку А. Калубовічу пашчасціла: уладкаваўся настаўнікам пачатковай школы і меў вялікую асалоду працы з дзецьмі. Але гэтыя прыемныя дзянькі цягнуліся зусім нядоўга: не далі нават закончыць навучальны год. З красавіка 1934 г. ён апынуўся па-за школай. Выратавала з бяды адна асоба, якая вельмі добра ведала тагачаснага старшыню Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта БССР Аляксандра Чарвякова. Пры яго непасрэдным садзеянні Хойніцкі аддзел асветы ўладкоўвае А. Калубовіча ў адну з школ горада. У 1934/35 н. г. ён ужо працуе настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў самой сталіцы рэспублікі і адначасова вучыцца ў Менскім вышэйшым педагагічным інстытуце, па заканчэнні якога (1939) працуе кансультантам-метадыстам у Наркамаце асветы БССР.

Гэта быў нялёгкі для нацыянальнай адукацыі час. У яе знайшлося нямала праціўнікаў, якім удалося істотна абмежаваць у навучальна-выхаваўчым працэсе ролю такіх прадметаў, як беларуская мова і літаратура, гісторыя і геаграфія Беларусі, амаль дашчэнту выпусташыць нацыянальна-патрыятычны змест з пазакласнай і пазашкольнай працы. Дзеля захавання беларушчыны ў школе шмат намаганняў прыклаў А. Калубовіч, з розумам, з толкам выкарыстоўваючы сваю ўплывовую пасаду ў рэспубліканскім апараце народнай асветы. Яму хацелася займаць і больш рашучую пазіцыю ў барацьбе з антыбеларускімі праявамі на ніве народнай адукацыі, але існавала рэальная небяспека, што могуць тут жа нагадаць пра не зусім беззаганнае мінулае, якое прыпадала на час, змарнаваны ў сумнавядомых засценках НКУСа.

2. Выпрабаванне акупацыяй

Гэтае ж пакутнае мінулае вымусіла А. Калубовіча па-свойму, не так, як актыўныя прыхільнікі бальшавіцкага рэжыму, паставіцца да ўсталяванага акупантамі на Беларусі "новага парадку". Зразумела, якой-небудзь радасці ад гэтага не ўзнікала, бо добра ўсведамляў, што і новы прышлы гаспадар не збіраецца забяспечыць яго краіне права на стварэнне незалежнай нацыянальнай дзяржавы, будзе рабаваць, трымаць у ярме беларускі народ. Мо адзінае ў гэтым "новым парадку" крыху супакойвала, што акупанты не толькі не збіраліся паставіць крыж на адукацыі дзяцей, а, наадварот, зрабілі абавязковым наведванне імі пачатковай школы, а неўзабаве - і няпоўнай сярэдняй. Прычым на тэрыторыі Генеральнага камісарыята Беларусі, які ахопліваў яе цэнтральную частку, школы паводле мовы навучання павінны былі стварацца ў адпаведнасці з этнічным складам насельніцтва, г. зн. быць беларускімі. Многім падалося, што ў гэты экстрэмальны для Бацькаўшчыны час нібыта з'явілася рэальная магчымасць пабудовы адукацыі на нацыянальным падмурку, які за 1930-я гады істотна расхістала бальшавіцкая палітыка Масквы ў галіне асветы. Такой нечаканай магчымасці яны лічылі нельга было не выкарыстаць, хаця для вопытных педагогаў кшталту А. Калубовіча не з'яўлялася сакрэтам, што і на гэты раз чужыя ўладары на Беларусі рана ці позна прымусяць школы працаваць на сваю карысць, перавядуць выкладанне ў іх на нямецкую мову. Найлягчэй такое ўдасца ім тады, калі на працу ў школу трапяць далёкія ад нацыянальнай ідэі людзі. За добрыя грошы, багаты паёк яны, напэўна ж, пастараюцца зрабіць з беларускіх дзяцей паслухмяных прыгнятальнікам халопаў.

Не, зусім не з такім халуйскім намерам падаўся на службу ў створаныя акупантамі ўстановы адукацыі А. Калубовіч. У час, калі на карту было рубам пастаўлена пытанне аб будучым новых пакаленняў беларусаў, у яго, мо як ніколі раней, абвастрылася нацыянальнае пачуццё, на ўсю моц усвядомілася асабістая адказнасць за іх лёс. Беручы пад увагу, што А. Калубовіч быў вязнем сталінскіх лагераў і колькі гадоў да вайны працаваў у апараце Наркама асветы БССР, акупанты палічылі, што яго месца не дзе-небудзь у пачатковай ці няпоўнай сярэдняй школе, а ў органах па кіраванні адукацыйнай справай. І ён не стаў адмаўляцца, бо ведаў, што на такой пасадзе прынясе больш карысці для нацыянальнай школы, чым працуючы шараговым настаўнікам. Дзякуючы яго намаганням удалося сарваць планы польскіх нацыяналістычна настроеных педагогаў па заснаванні сваіх школ і сярод карэннага беларускага насельніцтва, як гэта гвалтоўна рабілася імі да верасня 1939 года. Школы акупаванай Беларусі шмат у чым абавязаны А. Калубовічу, што былі больш-менш забяспечаны самым неабходным для вучобы дзяцей. Асаблівым клопатам з'яўлялася таксама стварэнне належных умоў для выкладання беларускай мовы і літаратуры, гісторыі і геаграфіі роднага краю, ад чаго шмат што залежала, якімі будуць у жыцці ўчарашнія школьнікі.

Відавочна і саміх акупантаў, і розных беларускіх грамадска-палітычных арганізацый і аб'яднанняў цалкам задавальняла, што рабіў па службе А. Калубовіч, інакш бы яму не стаць сябрам Беларускай Рады Даверу (створаная ў чэрвені 1943 г. у якасці дарадчага органа пры генеральным камісары Беларусі), сябрам Беларускай Цэнтральнай Рады (створаная ў снежні 1943 г.; у ёй А. Калубовіч загадваў справамі культуры), старшынёй Беларускага Культурнага Згуртавання. Сведчаннем вялікага аўтарытэту гэтай асобы ў высокіх колах беларускай адміністрацыі можа быць дадзенае яму права выступіць з падрабязным дакладам на Другім Усебеларускім Кангрэсе, які праходзіў у Менску незадоўга да таго, як сюды ўвайшлі войскі Чырвонай арміі, - 27 чэрвеня 1944 г.

Даклад А. Калубовіча на гэтым Кангрэсе меў такую назву: "Аб канчальным разрыве Беларусі з Масквою і аб уневажненьні маскоўскага голасу ў беларускіх справах". Выступоўца зусім адышоў ад моднага на той час усхвалення нямецкага акупацыйнага рэжыму і сканцэнтраваў усю ўвагу на тым, як бальшавікі на працягу ўсёй сваёй дзейнасці на давалі беларускаму народу пабудаваць па-сапраўднаму незалежную, суверэнную дзяржаву. Дакладчык лічыў, што акурат такую дзяржаву і займеў наш народ 25 сакавіка 1918 г., калі Рада Беларускай Народнай Рэспублікі ў тых складаных і цяжкіх умовах грамадзянскай вайны абвясціла сваю краіну незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікай і стварыла нацыянальны беларускі ўрад. Калі ж навісла рэальная пагроза існавання беларускай нацыянальнай дзяржавы, у яе з'явіліся надзейныя абаронцы: найперш - удзельнікі Слуцкага збройнага чыну ў лістападзе - снежні 1920 г. А. Калубовіч цалкам разышоўся з афіцыйнымі беларускімі гісторыкамі па пытанні ўтварэння БССР, заявіўшы ў сваім дакладзе, што яна "паўстала ў выніку маскоўскае акупацыі нашага краю і гвалтоўнага далучэньня яе да Савецкага Саюзу. Як тая парабчанка бальшавіцкае Масквы, яна была ўтвораная на касьцёх і крыві зруйнаванае бальшавікамі незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі."

У дакладзе робіцца моцны крэн на тое, што БССР ёсць ні што іншае як маскоўская фікцыя дзяржаўнасці. Дзеля пацвярджэння гэтага прыводзіцца шэраг доказаў, пэўную частку якіх і сапраўды нельга аспрэчыць, да прыкладу, адсутнасць у БССР такіх важных наркаматаў, як абароны, замежных спраў, замежнага гандлю, шляхоў зносін, сувязі, вялікая залежнасць ад Масквы беларускіх наркаматаў унутраных спраў, юстыцыі, фінансаў і інш. Яна ж навязала Беларусі антыканстытуцыйныя метады кіравання дзяржавай і грамадствам, надзяліўшы велізарнымі паўнамоцтвамі партыйныя органы і іх галоўную апору - Наркамат унутраных спраў. Перад ім "дрыжэлі і старшыня Вярхоўнай Рады БССР і старшыня гэтак зв. беларускага ўраду і народныя камісары, ня кажучы ўжо аб кіраўніках трэстаў і больш дробных устаноў." Праз органы НКУС "бальшавікі сыстэмаю арыштаў маглі замяніць і замянілі няпрыдатных для іх кіраўнікоў і супрацоўнікаў дзяржаўных органаў." Усё, што адбывалася ў дзяржаўным кіраванні, сведчыла "аб адсутнасці якой-колечы незалежнасьці і сувярэннасьці БССР." Тут сцвярджэнню А. Калубовіча і сапраўды ніяк нельга запярэчыць.

Справядлівасцю і аб'ектыўнасцю вызначаецца яго крытыка бальшавіцкай Масквы за частыя, неадпаведныя этнічнаму прынцыпу перакройкі дзяржаўных межаў БССР. Сёння яго пазіцыю па дадзеным пытанні падзяляюць практычна ўсе даследчыкі. Захаванне толькі за Масквой права распараджацца тэрыторыяй БССР падаецца Аўгенам Калубовічам за фікцыю яе дзяржаўнасці, бо такога не існавала ў практыцы рэальна суверэнных краін свету.

У віну бальшавіцкай Масквы пастаўлена велізарная трагедыя, якую давялося зведаць жыхарам беларускай вёскі ў выніку калектывізацыі сельскай гаспадаркі. Было адарвана ад родных хатаў, вывезена ў Сібір і Казахстан 1,5 млн. беларускіх сялян. Лічба гэтая, на мой погляд, завышаная, але што з-за пераводу сельскай гаспадаркі на сацыялістычныя рэйкі многія сем'і вяскоўцаў вымушаны былі сесці ў таварныя цягнікі і рушыць далёка ў чужыя краі, цяпер практычна ніхто не адмаўляе.

Максімальна выкарыстаў А. Калубовіч дзеля абвінавачання партыйнага Цэнтра ў Маскве факты праведзеных па яго ўказанні рэпрэсій на Беларусі. У ліку іх ахвяраў пералічаны старшыня ўраду БССР Язэп Адамовіч, камісар асветы Антон Баліцкі, земляробства - Дзмітрый Прышчэпаў, адзін з заснавальнікаў Інстытута Беларускай Культуры, віцэ-прэзідэнт Беларускай Акадэміі навук (БАН) Сцяпан Некрашэвіч, сакратар Беларускай Акадэміі навук Вацлаў Ластоўскі, былы старшыня Беларускай Народнай Рэспублікі Аляксандр Цвікевіч, першы рэкатар БДУ Уладзімір Пічэта, першы прэзідэнт БАН Усевалад Ігнатоўскі. Бальшавікі арыштавалі 196 заманеных у БССР былых актывістаў Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады і іншых нацыянальна-вызваленчых рухаў Заходняй Беларусі, у іх ліку такіх выдатных дзеячоў, як Сымон Рак-Міхайлоўскі, Пётр Мятла, Ігнат Дварчанін, Флягонт Валынец.

Як прадстаўнік самай інтэлектуальнай часткі беларускай нацыі А. Калубовіч не мог абысці ў сваім дакладзе той шкоды, якую прычынілі бальшавікі беларускай духоўнай і матэрыяльнай культуры, ажыццяўляючы распрацаваную імі антынавуковую, трагічную сваімі вынікамі канцэпцыю зліцця культур і моваў савецкіх народаў. Адной з праяваў такой палітыкі была праведзеная ў 1933 годзе рэформа беларускага правапісу, мэта якога - "схіліць разьвіцьцё нашай мовы ў бок набліжэньня яе да мовы расейскае". У дакладзе прыводзілася лічба сасланых у Сібір беларускіх пісьменнікаў - каля 90 чалавек. У даваенным афіцыйным друку гэткія звесткі ніколі не падаваліся, каб адпаведным чынам не паўплываць на настрой людзей. У гэтых жа мэтах утойвалася, колькі было знішчана ў 1935 годзе паводле бальшавіцкай цэнзуры экземпляраў кніг і часопісаў. У дакладзе прыводзіцца лічба ў 12 млн. (!). Справе дэнацыяналізацыі беларускай навукі і культуры, справядліва лічыць А. Калубовіч, служылі разгон краязнаўчай арганізацыі пры БАН, свядомае ўладкаванне ў іх установах асобаў небеларускай нацыянальнасці, замена шыльдаў "Беларускай Акадэмія Навук" на "Акадэмія навук БССР", "Беларускае Дзяржаўнае Выдавецтва" на "Дзяржаўнае Выдавецтва пры СНК БССР", адсутнасць у агульнаадукацыйных школах такіх крайне неабходных прадметаў, як гісторыя і геаграфія Беларусі, выдзяленне ў вучэбных планах агульнаадукацыйных школ больш гадзін на вывучэнне рускай мовы і літаратуры, чым на такія ж беларускія прадметы.

Уражваюць прыведзеныя ў дакладзе лічбы аб умяшанні савецкай улады ў рэлігійнае жыццё Беларусі: гвалтоўнае знішчэнне амаль усіх 1600 царкоўных прыходаў, арышт 8 епіскапаў і каля 1400 святароў.

Абрынуўшы на галовы прысутных у зале пасяджэння дэлегатаў Другога Усебеларускага Кангрэса такую процьму кампраментацыйнага матэрыялу на сталінскую адміністарцыйна-бюракратычную сістэму, А. Калубовічу ўдалося зрабіць досыць пераканаўчымі свае высновы, што дзяржаўнасць БССР - гэта фікцыя, што наш край быў гвалтоўна ўцягнуты ў склад СССР. Яго прапановы: паставіць "пытаньне аб канчальным разрыве з бальшавіцкаю Масквою і аб уневажненьні маскоўскага голасу ў беларускіх справах", "заявіць урадам і народам усіх краінаў, што мы - беларусы - канчальна парываем усякія сувязі з Масквою" - зала сустрэла бурнымі воплескамі. Гучалі воклічы "Смерць бальшавізму! Няхай жыве вольная Беларусь!"

Бальшавізму ж ад такіх воклічаў ніколькі не стала горш. Ён пераможна вяртаўся на Беларусь і быў радасна сустрэты большасцю народа, бо ўсё ж не лічыўся такім варварскім, як рэжым нямецкай акупацыі. Той жа, хто ўсе гэтыя гады ваяваў з бальшавізмам, ратуючыся ад яго, рушыў на Захад. Апынуўся там і А. Калубовіч.

3. І на чужыне працаваў для Беларусі

У самавыгнанні (Заходняя Нямеччына), а затым у эміграцыі (з 1950 г. у ЗША) А. Калубовіч актыўна займаўся грамадска-палітычнай дзейнасцю, бо бачыў, што дзякуючы сваёй глыбокай дасведчанасці па многіх пытаннях гісторыі і культуры Бацькаўшчыны, зможа прынесці немалую карысць не толькі для беларускай дыяспары, але і метраполіі. Яго вельмі непакоіла, як пойдзе жыццё беларусаў на чужыне. Што яно будзе не з лёгкіх, ведаў амаль кожны. Адной з першых палітычных акцый А. Калубовіча можна лічыць яго ўдзел у нелегальным сходзе Беларускага нацыянальнага актыву (прысутнічала 12 асобаў), які адбыўся 15 жніўня 1945 г. у памяшканні Беларускага Нацыянальнага Камітэта ў нямецкім горадзе Рэгенсбургу (амерыканская зона акупацыі). Асноўны даклад на сходзе зрабіў А. Калубовіч, у якім падрабязна спыніўся на характарыстыцы сучаснай палітычнай сітуацыі, даказваў неабходнасць стварэння Беларускага цэнтральнага прадстаўніцтва, якому павінны былі перадавацца палітычныя справы ад Беларускай Цэнтральнай Рады. На гэтым жа сходзе быў створаны Беларускі Нацыянальны Цэнтр (у снежні 1947 г. яго паўнамоцтвы перайшлі да Рады Беларускай Народнай Рэспублікі), за старшыню якога абралі Міколу Абрамчыка, а за яго заступніка - А. Калубовіча.

Яму ўдалося захаваць за сабой высокае месца ў палітычным жыцці беларускай эміграцыі і пасля спынення дзейнасці Беларускага Нацыянальнага Цэнтра: прызначаецца прэм'ер-міністрам і міністрам замежных спраў у адноўленым у снежні 1947 г. урадзе Беларускай Народнай Рэспублікі. Прэзідэнтам Рады БНР у адпаведнасці з тэстаментам яе папярэдняга старшыні Васіля Захаркі, які памёр у гады акупацыі ў Празе, стаў Мікола Абрамчык.

Ніколі не прапускаў А. Калубовіч магчымасці ўладкавацца на працу настаўніка, дзеля чаго некалі давялося закончыць Менскі вышэйшы педагагічны інстытут. Ужо з восені 1945 г. ён пачынае педагагічную дзейнасць у створанай у лагеры Рэгенсбург для беларускіх перамяшчэнцаў гімназіі імя Янкі Купалы. Выкладаў тут беларускую мову і літаратуру. Адзін з яго гімназістаў узгадваў, калі А. Калубовіч вёў заняткі, дык можна было б пачуць, як падае голка. Ахвотна наведвалі гімназісты і арганізаваны А. Калубовічам пасля пераезду гімназіі ў лагер Міхельсдорф літаратурны гурток. Тут жа ён пад псеўданімам Верасень выдаў падручнік "Паэтычная стылістыка" для вучняў сярэдняй школы. Пры самым непасрэдным удзеле А. Калубовіча літаратурны гурток гімназіі падрыхтаваў да друку і выдаў часопіс "У выраі", на старонках якога выступалі вучні старэйшых класаў Янка Запруднік, Вітаўт Кіпель, Алесь Бута, Леанід Карась, Наталля Куліковіч, Уладзімір Бакуновіч і іншыя на сёння добра вядомыя ў беларускай дыяспары людзі. Не абмяжоўваўся А. Калубовіч правядзеннем толькі ўрокаў беларускай мовы і літаратуры таксама і тады, як гімназія імя Янкі Купалы перад пачаткам 1948/49 н. .г. пераехала ў Віндзішбергердорф, а затым у свой чарговы і апошні навучальны год працавала ў нямецкім прыальпійскім гарадку Розенгайм.

Прырода спаўна надзяліла Аўгена Калубовіча талентам публіцыста, удумлівага даследчыка. Толькі вось ніяк ні ў даваенны час, ні ў гады нямецкай акупацыі не ўдавалася праявіцца яму з-за вялікай занятасці службовымі справамі. А што пісаць некалі ўсё ж збіраўся, сведчыць наступны факт: калі ўцякаў з Менска перад прыходам Чырвонай арміі, усё аддаў на волю лёсу, затое розных чарнавых накідаў пастараўся як мага больш прыхапіць з сабой. І яны вельмі спатрэбіліся, як надыйшоў час па-сур'ёзнаму ўзяцца за літаратурную і навуковую працу. Нам далёка не ўсё вядомае, што выйшла з-пад яго пяра. Друкаваўся ён вельмі часта ў пасляваеннай беларускай замежнай перыёдыцы. Упершыню, як адзначалася вышэй, наш чытач пазнаёміўся з найважнейшымі творамі А. Калубовіча ў 19931994 гг., калі з друку выйшлі яго кнігі "Крокі гісторыі" і "На крыжовай дарозе". Назву апошняй дала адна з самых яе вялікіх публікацый, у якой гаворка ідзе пра тое, як вучыўся А. Калубовіч у Бабчынскім тэхнікуме, пакутваў у сталінскіх засценках. Прачытаўшы яе, пераконваешся, што ў нечым яго лёс быў нават больш цяжкім і жахлівым, чым у многіх тыповых "ворагаў беларускага народа". Апошніх суровыя выпрабаванні напаткалі ў сталыя гады, Аўгена ж пачалі цягаць у следчыя органы, дапытваць, абвінавачваючы ва ўдзеле ў патаемных антысавецкіх гуртках, яшчэ ў юнацтве, а этапіравалі ў сібірскія лагеры на тры гады ў дваццацігадовым узросце, як толькі ён закончыў педагагічны тэхнікум. Той час вельмі выразна паказаны ва ўзгаданай публікацыі.

Прадметам нумар адзін у творчай працы Аўгена Калубовіча было даследаванне пытанняў змягання перадавых людзей нашага краю за нацыянальнае Адраджэнне, стварэнне суверэннай беларускай дзяржавы, стаўленне да яе з боку бальшавіцкага Цэнтра ў Маскве,  г. зн. акурат тыя аспекты, якія ў афіцыйнай гістарычнай навуцы БССР выкладаліся тады далёка не аб'ектыўна. Датычыла гэта і такой найважнейшай падзеі нашай гісторыі, як утварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі і аб'яўленне яе 25 сакавіка 1918 года незалежнай. Каб абараніць апошнюю ад фальсіфікацый, многія з даследчыкаў беларускай дыяспары часта выступалі ў друку з грунтоўным аналізам тагачасных падзеяў. Не абышоў дадзенай праблемы і А. Калубовіч, пяру якога належыць вельмі цікавы і змястоўны артыкул "Акт 25 сакавіка й адраджэньне беларускай нацыянальнай культуры". Культуралагічны аспект праблемы аўтарам выбраны зусім не выпадкова: па-першае, ён не даследаваны папярэднікамі, а, па-другое, паказвае, якія грандыёзныя планы ў гэтай галіне збіралася здзейсніць маладая незалежная беларуская дзяржава. Прыемна здзіўляе разуменне яе палітычнымі дзеячамі ролі асветы, моўнага пытання, на што проста не мог звярнуць увагі былы выпускнік Менскага вышэйшага педагагічнага інстытута, буйны спецыяліст у дадзеных сферах духоўнага жыцця. Ён скурпулёзна разглядае палітыку БНР у галіне культуры, звяртае ўвагу чытача, што яшчэ Камісія народнай асветы Першага ўсебеларускага кангрэса ў Менску (снежань 1917) выказалася за паступовы пераход навучальных устаноў на беларускую мову як у перспектыве дзяржаўную. Гэты дальнабачны намер Кангрэса без прамаруджвання раэлізаваў Народны сакратарыят БНР, прыняўшы ў красавіку 1918 г. пастанову аб аб'яўленні беларускай мовы дзяржаўнай і абавязковай. Ад гэтага часу ўсе акты, дакументы і перапіска ўрадавых устаноў павінны былі весціся на дзяржаўнай беларускац мове.

Літаральна ў першыя дні пасля адыходу ў лютым 1918 г. з Менска расейска-савецкіх уладаў урад БНР пачаў ствараць на Меншчыне беларускія школы, на што ніяк не адважыўся папярэдні бальшавіцкі рэжым, хаця яму было добра вядома пра заснаванне такіх навучальных устаноў на акупаванай кайзераўскімі войскамі тэрыторыі нашага краю. Чытач, зняёмячыся з гэтай публікацыяй А. Калубовіча, не можа не задумацца над тым, чыя ж усё-такі палітыка больш улічвала нацыянальныя інтарэсы беларускага народа: нямецкіх інтэрвентаў (на захопленай імі тэрыторыі функцыянавала звыш 350 беларускіх школ) ці савецкай улады, якая на працягу лістапада 1917  лютага 1918 гг. не адчыніла на Беларусі аніводнай нацыянальнай школы? Дыяметральна працілеглую палітыку савецкай улады ў галіне адукацыі заняў урад БНР. Дзякуючы яго намаганням, ужо ў бліжэйшы час толькі на Меншчыне запрацавала каля 200 беларускіх школ. З мэтай яшчэ больш аператыўнага вырашэння гэтай праблемы ў пачатку 1920 г. пры Міністэрстве асветы з прадстаўнікоў Школьных радаў Меншчыны, Віленшчыны і Гродзеншчыны была створана Беларуская Цэнтральная Школьная Рада.

Як вынікае са згаданай публікацыі, урад БНР шмат зрабіў па разгортванні сеткі беларускіх гімназіяў і прагімназіяў, арганізацыі настаўніцкіх курсаў, што ў красавіку 1918 г. склікаў камісію з мэтай правядзення ўсёй падрыхтоўчай працы па адкрыцці ў Менску Беларускага ўніверсітэта. У склад яе ўвайшлі сам народны сакратар асветы А. Смоліч, прафесары М. Доўнар-Запольскі, Я. Карскі, Масоніюс, былы дырэктар Менскай гімназіі В. Самойла, доктар І. Кодзіс і інш. У гэтых цяжкіх умовах багата рабілася па забеспячэнні нармальнай дзейнасці першых у нашым краі вышэйшых навучальных устаноў - Беларускага педагагічнага інстытута ў Менску (рэарганізаваны з Менскага настаўніцкага інстытута) і Беларускай кансерваторыі ў Менску (узнікла на базе Менскай вышэйшай музычнай школы).

Мала хто да А. Калубовіча з такой падрабязнасцю паказаў, што ў інтарэсах нацыянальнага Адраджэння ўрад БНР зрабіў па выданні кніг, газет, часопісаў, стварэнні прафесійнага і самадзейнага тэатраў, заснаванні розных культурна-асветных таварыстваў. Сваёй мэтанакіраванай дзейнасцю маладая беларуская дзяржава прывяла масы да сапраўднага народнага руху, які А. Калубовіч параўнаў з веснавой паводкай, "калі на зьляжаны, спрасаваны за даўгую халодную зіму сьнег неспадзявана ўдарыла сонечнае цяпло, растапіла й скранула яго зь месца, і ён рушыў - пацёк сотнямі - тысячамі ручайкоў па ўсёй Беларусі, зьліваючыся ў цэлыя рэчкі й бурлівыя патокі, ламаючы, зносячы на сваім шляху ўсе перашкоды - бар'еры". Нашыя ж савецкія гісторыкі такога руху зусім не прызнавалі. Старонкі іх навуковых працаў толькі стракацелі далёкімі ад аб'етыўнасці апісаннямі барацьбы народных масаў супраць "буржуазна-нацыяналістычнай" палітыкі Беларускай Народнай Рэспублікі.

З афіцыйнай гістарыяграфіяй цалкам разыходзіліся погляды А. Калубовіча і на факт ўтварэння 1 студзеня 1919 года Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Найбольш за ўсё гэта вынікае з яго гістарычнага нарыса "Айцы" БССР і іхны лёс". Пад "айцамі" разумеліся беларускія нацыянал-камуністы, якія "шчыра верылі, што, апіраючыся на савецкую ўладу ў Расеі й камуністычную дактрыну, можна будзе адрадзіць беларускую дзяржаўнасць - хутчэй і лепей, чымся на аснове іншых палітычных канцэпцыяў". Аўтар падрабязна разглядае, якія спробы рабіліся беларускімі секцыямі Расійскай камуністычнай партыі бальшавікоў і Беларускага нацыянальнага камітэта па заснаванні беларускай дзяржавы і як да гэтага ідэалагічна падрыхтоўваліся масы, у т. л. і ўцекачы з Беларусі, і тлумачыць, чаму ў большасці выпадкаў Беларусь уяўлялася нацыянал-камуністамі як аўтаномная адзінка ў складзе Расійскай Федэрацыі. Галоўная прычына гэтаму справядліва бачыцца ў тым, што ідэя абвяшчэння самастойнай беларускай дзяржавы "ад самага пачатку спатыкалася з маўклівым ці адкрытым супрацівам і непрыхільнасьцю з боку маскоўскага бальшавіцкага цэнтру і ўсіх іншых кіруючых органаў РКП (б) і савецкай улады, якія ў нацыянальным пытаньні стаялі на пазіцыях расейскага вялікадзяржаўнага шавінізму". Яны нават не пагадзіліся перайменаваць Заходнюю вобласць, куды ўваходзілі Віленская, Віцебская, Магілёўская і Мінскія губерні, у Беларускую. Гэтаму найбольш упарціўся Аляксандр Мяснікоў (Мяснікян), якому столькі дыфірамбаў праспявана ў беларускай навуковай і прапагандысцкай літаратуры. Як ніхто іншы, гэты палітык вельмі варожа ставіўся да абвяшчэння савецкай рэспублікі Беларусь, чаго не мог абысці ўвагай А. Калубовіч у сваёй публікацыі. Ён не сумняваецца ў тым, што "калі б не было БНР, не тварылася б і БССР, БССР - гэта супрацьвага… БНР, клін супраць БНР і прытым напачатку вылучна прапагандовы, без запраўднага жаданьня тварыць яе".

Рэзка крытыкаваў А. Калубовіч бальшавікоў Масквы за іх патрабаванне да Беларусі аддаць Расіі Віцебскую, Магілёўскую і Смаленскую губерні, што адбылося ў пачатку лютага 1919 года. На прапанову ЦК РКП(б) аб'яднаць нязначную рэшту БССР з Літвой ён глядзіць, як на "бесцырымонны акт гвалту й грубага парушэньня суверэнных правоў беларускага народу…" І з такой ацэнкай нельга не пагадзіцца, калі ўлічыць, што ў кіруючыя органы ЛітБела не ўвайшоў аніводзін беларус. У сувязі з гэтым па беларускай зямлі пракацілася хваля антысавецкіх паўстанняў, жорстка задушаных бальшавікамі.

З такой жа жорсткасцю ўжо ў мірны час яны распраўляліся з нацыянальна-самасвядомымі беларускімі палітыкамі - "айцамі" БССР, трагічны лёс якіх з належнай дакументальнасцю паказаны на старонках разглядаемага нарыса. Сярод такіх "айцоў" першым ідзе народны камісар па нацыянальных справах у першым урадзе БССР, пісьменнік-адраджэнец Фабіян Шантыр, затым - рэдактар газеты "Савецкая Беларусь" (орган ЦВК БССР) Міхась Маразоўскі (сапр. Гурын), сябра ЦВК БССР пасля другога абвяшчэння БССР - Антон Баліцкі (асвета), Дзмітрый Прышчэпаў (земляробства), прэзідэнт Беларускай акадэміі навук Усевалад Ігнатоўскі, старшыня першага ўрада БССР Зміцер Жылуновіч (літ. псеўданім Цішка Гартны), народны камісар асветы першага ўрада БССР Аляксандр Чарвякоў, рэктар БДУ Язэп Каранеўскі… Да гэтага чытачам яшчэ быў невядомы такога роду мартыралог, складзены А. Калубовічам на беларускіх палітычных і грамадска-культурных дзеячоў.

Як спецыяліст у галіне мовазнаўства А. Калубовіч не мог не выступіць і па дадзенай праблеме. Доўга выношваўся ў яго галаве план і вельмі марудна пісалася, калі ўжо ўзяўся за працу. Прычына не ў стомленасці, не ў адсутнасці часу, а ў надзвычай вялікай складанасці навуковага сюжэту, які меў такую назву: "Мова ў гісторыі беларускага пісьменства". Першая кніга па дадзенай праблеме "Лёс помнікаў старога беларускага пісьменства (рукапіснага й друкаванага)" выйшла з друку ў 19741975 гг. у МюнхенеЛондане, другая - "Дасюлешні стан вывучэння помнікаў беларускага пісьменства ХХVІІІ стст. (Гістарыяграфічны агляд)" - у 1978 г. у Кліўлендзе (ЗША). Шкада, што аж пасёння праца не прыцягнула да сябе ўвагі беларускіх мовазнаўцаў, не стала прадметам спецыяльнага навуковага рэцэнзавання. А такой увагі яна, бясспрэчна, заслугоўвае.

Дадзеная публікацыя А. Калубовіча не вызначаецца вялікім памерам: прыкладна шэсць друкаваных аркушаў. А вось зносак на яе старонках зроблена аж 835 (!). Гэта сведчанне таго, якую велізарную колькасць факталагічнага матэрыялу спатрэбілася перапрацаваць аўтару, каб даць вычарпальныя і аб'ектыўныя адказы на ўзнятыя пытанні. Па сутнасці, гэтым павінен быў бы заняцца цэлы калектыў аўтараў, а не адзін чалавек. Вельмі пахвальна, што на такі гераічна навуковы, літаратурны ўчынак адважыўся аўтар-адзіночка.

Ад прачытання яго працы зведваеш супярэчлівыя пачуцці. З аднаго боку не можаш не нарадавацца сваімі прашчурамі за іх любоў да рукапіснага і друкаванага слова, з другога - прыходзіш у вялікую роспач, што многае, прычым найбольш каштоўнае, з нашага пісьменства загінула і не з-за нядбайнасці гаспадароў, а па ліхой волі грабежнікаў з суседніх і аддаленых ад нас краін. Трапіўшы на нашу землю з мечам, чужынцы не толькі лілі тут людскую кроў, але і рабавалі, вывозілі ў свой край матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці, у тым ліку рукапісныя і друкаваныя кнігі.

Такога роду багаццямі спрадвеку славіліся многія манастырскія і царкоўныя бібліятэкі, а таксама навучальныя ўстановы. Каго цікавіць гэтае пытанне, той знойдзе ў А. Калубовіча дастатковую колькасць такіх звестак. Я ж дазволю сабе прывесці толькі дзве згаданыя аўтарам лічбы: 23 і 18 тыс. Гэта колькасць тамоў кніг у бібліятэках адпаведна Полацкай калегіі (на пачатак ХІХ ст.) і Віленскай акадэміі (у канцы ХVIII ст.).

Валодаць бібліятэкай за вялікі гонар для сябе лічылі шмат якія багатыя і знакамітыя прыватныя асобы, трымаючы дзеля гэтага шмат уласных перапішчыкаў. У ліку такіх асобаў у кнізе называюцца слуцкія князі Алелькавічы, Солтаны з Жыровічаў, графы Храбтовічы са Шчорсаў (мелі рукапіснае Евангелле ад 1545 г.), князі Радзівілы з Нясвіжа, канцлер ВКЛ Леў Сапега, уніяцкі архіепіскап Габрыэль Каляда, князь Міхал Агінскі і інш. Багаццем кніг заўсёды вызначалася бібліятэка вялікага князя літоўскага ў Вільні: у 1570 г. у ёй знаходзілася 4 тыс. кніг. Нясвіжская бібліятэка Радзівілаў налічвала ў 1772 г. блізу 20 тыс. Кніг, сярод якіх меліся і на старабеларускай мове. Прыкладна ў гэты ж час кніжны фонд бібліятэкі Якіма Храбтовіча складаўся з некалькіх тысяч тамоў, у т. л. болей за 6 тыс. рэдкіх выданняў і ўнікальных рукапісаў, з якіх найбольш па гісторыі і этнаграфіі Беларусі і Польшчы.

Вычарпальныя звесткі прыведзеныя А. Калубовічам па архівах Беларусі, якія вызначаліся незвычайна вялікім багаццем. Гэта найперш Архіў старжытных актаў Полацкага княства ў Бельчыцкім Барысаглебскім манастыры, Галоўны дзяржаўны архіў ВКЛ, які да 1511 г. знаходзіўся ў Трокскім вялікакняжацкім, а затым - у Віленскім замках. У выніку рэарганізацыі менавіта гэтага архіва паўстала Літоўская Метрыка, якая з'яўлялася самым поўным і дакументальным летапісам ВКЛ: мела 566 тамоў па беларускай гісторыі на працягу 13861794 гг. Як вынікае з даследавання, архіўнай справе шмат увагі надавалі прыватныя асобы.

Чытанне дадзенай працы А. Калубовіча выклікае вельмі вялікую пашану да нашых продкаў за іх глыбокае разуменне неацэннай важнасці і каштоўнасці старадаўняга пісьменства. У адным з дакументаў, да прыкладу, засведчана, што ў час войнаў нясвіжскія князі больш клапаціліся аб вывазе і бяспечным захаванні архіваў, чым сваіх дарагіх, унікальных каштоўнасцяў. Выходзіць, што і нашыя папярэднікі жылі паводле рацыянальнага нямецкага прынцыпу: "Парадак у архівах - парадак у самой дзяржаве".

На вялікі жаль, слушна прызнае аўтар, з усяго таго, што некалі мелася ў беларускім пісьменстве, вельмі мала захавалася для нашчадкаў.З нясцерпным болем чытаем пра падпалы маскоўскімі войскамі бібліятэк Успенскага сабора ў Смаленску, езуіцкіх калегіяў ў Віцебску, Оршы, Полацку, Супрасльскага манастыра. Па віне прышэльцаў у Вільні згарэла шмат кніг Літоўскай Метрыкі. Амаль адны пажарышчы засталіся на месцы бібліятэк і архіваў Магілёва і Віцебска, калі там у 1708 г. "пагаспадарнічалі" войскі Пятра І. Звычайна ў першую чаргу паліліся кнігі на беларускай мове, каб адарваць яе носьбітаў ад сваёй гістарычнай, духоўнай спадчыны. Не меншую страту бібліятэкам і архівам прычынілі заваёўнікі частымі вывазамі іх рукапісаў і кніг, чаму А. Калубовіч прысвяціў спецыяльны раздзел. Асабліва вялікія памеры такога роду рабаўніцтвы набылі пасля далучэння Беларусі да Расійскай імперыі. Яе ўлады паквапіліся нават на Галоўны архіў ВКЛ з Літоўскай Метрыкай. У распараджэнні Пецярбургскага Сінадальнага архіва апынуўся багацейшы архіў беларускіх уніяцкіх мітрапалітаў з дакументамі ад 1470 г. Што ж датычыць рукапісных і друкаваных кніг, што знаходзіліся ў бібліятэках уніяцкіх цэркваў і кляштараў, дык яны падлягалі поўнаму спаленню. А пераважная ж большасць такіх кніг была напісана па-беларуску! Вось так без вайны, у мірны час беларускі народ развітваўся са сваёй бясцэннай кніжнай спадчынай.

Шмат патрэбнага інфармацыйнага матэрыялу чытач можа пачарпнуць для сябе з раздзелаў працы "Спробы звароту ў Беларусь помнікаў беларускага пісьменства" (на жаль, вельмі безвыніковыя), "Дзе цяпер помнікі беларускага пісьменства ХVXVIII стст."

У філолагаў-навукоўцаў, несумненна, вялікую зацікаўленасць выкліча другая частка публікацыі "Дасюлешкі стан вывучэння помнікаў беларускага пісьменства ХVXVIII стст.", дзе даецца падрабязы гістарычны агляд даследавання помнікаў беларускага пісьменства за такі працяглы храналагічны перыяд. Як вынікае з яе, такой справай у нас прафесійна займаліся ўжо нават у ВКЛ. Не спынялася яна і тады, калі прапольскія ўлады Рэчы Паспалітай афіцыйна забаранілі ў 1696 г. выкарыстанне беларускай мовы ў службовым справаводстве, калі наш край прыбрала да сваіх рук царская Расія, а таксама ў пасляваенныя савецкія гады, калі здавалася, што роднае слова беларусаў дажывае свае апошнія дзянькі.

Дзякуючы такой тытанічнай працы А. Калубовіча, якая, падкрэслю, вялася ўдалечыні ад роднай Бацькаўшчыны, мы зараз намнога лепш ведаем пра складаны, нялёгкі шлях беларускага рукапіснага і друкаванага пісьменства на працягу ХVXVIII стст. Шкода толькі, што гэтыя веды не надаюць нам сілы, каб сёння больш рашуча стаць на абарону беларускай мовы, якая з-за свядомых намераў, недаравальных памылкаў самой дзяржавы ў галіне моўнай палітыкі апынулася ў надзвычайна цяжкім становішчы, знаходзіцца на краі мяжы канчатковага вымірання. Парадаксальна, што нашай дарагой святыне - мове ніколькі не палепшала і пасля таго, як Беларусь аб'явіла сябе незалежнай, суверэннай краінай, юрыдычна (бяда, што не фактычна) ўзвяла мову свайго карэннага насельніцтва ў ранг дзяржаўнай.

А. Калубовіч паказаў сябе таксама здольным майстрам у напісанні нарысаў аб жыцці і дзейнасці найбольш выбітных асобаў нашага народа. Што гэта так, можна ўпэўніцца ад азнаямлення з яго наступнымі публікацыямі такога жанру: "Пясьняр свабоды й красы (у 30-я ўгодкі сьмерці М. Багдановіча)". Выданьне Беларускай Гімназіі. Баварыя, 1947, падпісана псеўданімам А. Верасень; "Якуб Колас і Янка Купала"; "Прафесар Мітрафан Доўнар-Запольскі й Акт 25 сакавіка"; "Прафесар Вацлаў Іваноўскі й Беларуская Рада Даверу"; "Мікола Шчаглоў (Куліковіч)" і інш.

4. Не падлягае забыццю

Сказаным вышэй далёка не вычэрпваецца навуковая, літаратурна-мастацкая спадчына А. Калубовіча. Навукоўцам яшчэ давядзецца нямала папрацаваць, каб у поўным аб'ёме паказаць, што карыснага зроблена гэтым чалавекам дзеля беларускай справы. У будучым у нашай краіне могуць узнікнуць розныя формы і тыпы дзяржаўнай улады з уласцівымі ім ідэаламі, скласціся самыя розныя ацэнкі людзей з такім складаным лёсам, як у А. Калубовіча, але тое, што ім зроблена на ніве народнай адукацыі, у галіне навукі і прыгожага пісьменства, заўсёды будзе высока цаніцца народам, бо гэта яго гісторыя, яго культура. Усё здзейсненае гэтым чалавекам прыпадае, не пабаюся памыліцца, на крайне неспрыяльныя, экстрэмальныя ўмовы яго жыцця, не на самыя лепшыя для творчасці гады. Сваёй дбайнасцю і вялікай схільнасцю да навукі і літаратуры ён у пэўнай ступені паўтарыў зайздросны ўчынак больш чым стогадовай даўніны, што здзейсніў слынны вучоны беларускі мовазнавец Іван Насовіч, які таксама ўсе свае асноўныя працы, у тым ліку і ўсім нам вядомы "Слоўнік беларускай мовы", напісаў па выхадзе на пенсію.

Нельга не звярнуць увагу на такую акалічнасць, што самаахвярны змагар за святую беларускую ідэю, пра якога тут вядзецца гаворка, нарадзіўся на Рагачоўшчыне, г. зн. там, дзе і раней і сёння не раз чуліся і чуюцца галасы, не ва ўнісон гэтай ідэі, ёсць прадстаўнікі мясцовай вертыкалі, інтэлігенцыі, якія не падтрымліваюць рух за нацыянальна-культурнае адраджэнне і асабліва яго галоўнага звяна - школы на роднай мове. Думаю, на Рагачоўшчыне далёка не ўсе ведаюць, якога волата, шчырага змагара за карэнныя інтарэсы народа дала іх зямля ў асобе А. Калубовіча. Яго імя трэба залатымі літарамі ўпісаць у летапіс гісторыі не толькі Рагачоўскага раёна, але і краіны ў цэлым. Яно на ўсе сто працэнтаў заслужыла таго, што трапіла на старонкі такога саліднага навуковага даведачнага выдання, як "Энцыклапедыя гісторыі Беларусі".

А. Калубовіч - гэта вялікі гонар усёй настаўніцкай інтэлігенцыі краіны, асабліва ж прафесарска-выкладчыцкага складу, студэнтаў Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, бо ён якраз выпускнік той навучальнай установы, што папярэднічала гэтаму ўніверсітэту - Менскага вышэйшага педагагічнага інстытута. З выкладчыкамі і студэнтамі БДПУ варта было б праводзіць у юбілейныя гады А. Калубовіча вечары, прысвечаныя яго жыццю, асветніцкай дзейнасці. Пра такую асобу ёсць што пісаць студэнтам і гістарычнага, і філалагічнага факультэтаў у курсавых і дыпломных працах, бо гэта быў вучоны сапраўды шырокага профілю, найбагацейшых ведаў і што не менш важнае - вялікі нацыянальны патрыёт.

А. Калубовіч - гэта яшчэ і выдатны педагог-практык, праца якога з 1934 г. была звязана са школамі Менска, таму пра яго павінны ведаць як мага больш шырокія колы настаўніцтва беларускай сталіцы. Пасадзейнічаць гэтаму магло б правядзенне (і неаднаразовае) адпаведнай канферэнцыі. Тут не лішнім будзе заўважыць, што праца педагога стала асноўным відам прафесійнай дзейнасці і сына А. Калубовіча - Аўгена Калубовіча, які адзін час працаваўдырэктарам сярэдняй агульнаадукацыйнай школы ў Мінску.

Тое, што ўжо паспела з'явіцца ў перыядычным друку краіны пра А. Калубовіча, далёка не поўнасцю раскрывае шматграннае, супярэчлівае жыццё гэтай незвычайнай асобы. Неабходныя далейшыя навуковыя і журналісцкія пошукі ў дадзеным напрамку. Напэўна ж, шмат цікавага змогуць даследчыкі адшукаць, калі будуць вывучаць, чым канкрэтна займаўся А. Калубовіч у перыяд нямецкай акупацыі ў якасці Старшыні Беларускага Культурнага Згуртавання, кіраўніка Аддзела Культуры. Не верыцца, каб такі чалавек не ў нацыянальны бок скіроўваў практычную дзейнасць гэтай важнай сферы нават і ў перыяд, калі беларускі народ знаходзіўся пад уладай захопнікаў. Чытач чакае перадруку і іншых твораў гэтага аўтара, што ў розныя гады публікаваліся за мяжой, але не трапілі на яго Радзіму.



[1] Мінская, Віленская і Магілёўская губерні яшчэ з мая 1917 г., а пясля кастрычніка таго ж года і Віцебская губерня атрымалі агульную назву Заходняя вобласць Расіі. У красавіку 1918 г. і Смаленскую губерню далучылі да гэтай вобласці, якая ў верасні таго ж года была перайменавана ў Заходнюю Камуну і праіснавала да часу абвяшчэння БССР.

1Полымя. 1926. № 6. С. 83.

* Ураджэнец Рослаўскага павета Смаленскай губерні. На той час з'яўляўся сябрам Віленскай Беларускай Рады.

* Створаны 31 студзеня 1918 г. Узначаліў яго Аляксандр Чарвякоў. БНК меў, акрамя іншых, культурна-асветніцкі і выдавецкі аддзелы. Ліквідаваны ў сакавіку 1919 г.

* З 1 лютага да 10 ліпеня 1920 г. з'яўлялася органам ЦК Кампартыі Літвы і Беларусі, з 15 жніўня да 18 снежня 1920 г. - органам Рэўкама ССР Беларусі, з 19 снежня таго ж года - органам Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта і Савета Народных Камісараў БССР.

[2] Практическое разрешение национального вопроса в Белорусской Социалистической Советской Республике. Ч. 1. Белорусизация. По материалам Центральной Национальной Комиссии ЦИК БССР. Мн., 1927. С. 120, 122.

1 Полымя. 1922. № 1. С. 5, 6.

* У снежні 1924 г. у дваццаціпяцігадовым узросце трагічна загінуў, трапіўшы пад колы трамвая.

* Школа и культура Советской Белоруссии. 1921. № 1−2. С. 81.

1 Десятый съезд РКП(б). Март 1921 года. Стенограф. Отчет. М., 1963. С. 213.

1 Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 1. Мн., 1973. С. 96.

1 Матэрыялы нарады ЦБ КП(б)Б цытаваны паводле артыкула У. Ігнатоўскага з калектыўнай працы: "Беларусь. Нарысы гісторыі, эканомікі, культуры і рэвалюцыйнага руху". Мн., 1924. С. 239, 240.

1 Беларусь. Нарысы гісторыі, культуры, літаратуры і рэвалюцыйнага руху. С. 237.

1 Резолюции пленума ЦК КП(б)Б (приняты 6−9 июля 1924). Мн., 1924. С. 3−5.

* Резолюции пленума ЦК КП(б)Б (октябрь 1926 г.). Мн., 1926. С. 812.

1 Савецкая Беларусь. 1925. 29 кастрычніка.

1 Пичета В. И. Белорусский язык как фактор национально-культурный. Мн., 1924. С. 13.

1 Працы акадэмічнае канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі (14-21 лістапала 1926 г.). Мн., 1927. С. 33, 34.

2 Тамсама. С. 395, 396.

1 Навіны Беларускай акадэміі навук. 1992. 31 студзеня.

1 Полымя. 1929. № 1112. С. 236.

1 Маладняк. 1930. № 2. С. 113.

1 Просвещение национальностей. 1932. № 89. С. 75.

1 Настаўніцкая газета. 1994. 24 верасня.

1 Кнорын В. За культурную рэвалюцыю. Мн., 1928. С. 105.

1 Рэзалюцыі Пленума ЦК КП(б)Б (1215 октября 1925 г.). Мн., 1925. С. 20, 21.

2 Практическое разрешение национального вопроса… Ч. 1. С. 13.

3 Камуністычнае выхаваньне. 1931. № 5. С. 9.

1 Наша слова. 1994. 2 лістапада.

1 Платун А. М. Итоги культурного строительства в БССР за 10 лет. М. - Л. 1931. С. 40.

2 Матэрыялы да справаздачы Цэнтральнага камітэту КП(б)Б. Мн., 1930. С. 65.

1 Спадчына. 1991. № 5. С. 69.

2 Літаратура і мастацтва. 1993. 9 ліпеня. С. 5.

1 Кнорын В. За культурную рэвалюцыю. С. 76.

2 Савецкая Беларусь. 1925. 28 кастрычніка.

1 Бальшавік Беларусі. 1928. № 1. С. 75, 76.

2 Большевик. 1925. № 2122. С. 55.

3 Кнорын В. За культурную рэвалюцыю. С. 74.

1 Кнорын В. За культурную рэвалюцыю. С. 75.

2 Богданов А. Характеристика национальной грамотности главнейших народностей СССР. - Просвещение национальностей. 1930. № 45. С. 81, 85.

3 Там же.

1 Сянькевіч А. За ленінскую лінію ў нацпалітыцы. - Полымя. 1930. № 1112. С. 160.

1 Сянькевіч А. За ленінскую лінію ў нацпалітыцы. - Полымя. 1930. № 1112. С. 160.

1 Полымя. 1930. № 1112. С. 165, 166.

1 Узвышша. 1930. " 910. С. 167.

1 Чырвоная змена. 1930. 11 лютага.

1 Полымя. 1929. № 1112. С. 238.

2 Узвышша. 1930. № 2. С. 110.

3 Полымя. 1930. № 1112. С. 160, 162, 175.

1 Настаўніцкая газета. 1991. 13 сакавіка.

1 Узвышша. 1930. № 2. С. 105.

1 Узвышша. 1930. № 2. С. 107, 108.

1 Бальшавік Беларусі. 1931.№ 7. С. 36.

1 Рэзалюцыі кастрычніцкага пленуму ЦК КП(б)Б. Мн., 1930. С. 24.

1 Рэзалюцыі кастрычніцкага пленуму ЦК КП(б)Б. С. 23.

2 Тамсама.С. 27−29

1 Рэзалюцыі кастрычніцкага пленуму ЦК КП(б)Б. С. 28.

2 Тамсама. С. 29.

3 Тамсама.

1 Рэзалюцыі кастрычніцкага пленуму ЦК КП(б)Б. С. 30.

2 Тамсама. С. 31, 32.

1 Бальшавік Беларусі. 1931. № 10. С. 21, 22.

1 Бальшавік Беларусі. 1932. № 5. С. 45.

1 Бальшавік Беларусі. 1932. № 1−2. С. 21.

2 Архіў НАН Беларусі. Ф. 3, воп. 1, сп. 27, а. 11.

1 Ахріў НАН Беларусі. Ф. 3, воп. 1, с. 27, аа. 28, 30.

2 Тамсама. Аа. 20, 21.

1 Архіў НАН Беларусі. Ф. 3, воп. 1, с. 27, аа. 33, 34.

2 Тамсама. Аа. 23, 25.

1 Беларускі гістарычны часопіс. 1993. № 3. С. 117, 118; Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 3. Мн., 1996. С. 217.

1 Нацыянальная політыка і барацьба на два фронты за ленінскую лінію ў нацыянальным пытаньні. Мн., 1932. С. 74.

1 Архіў НАН Беларусі. Ф. 3, воп. 1, с. 27, а. 8.

2 Пісьменнік і мова. Зб. артыкулаў, прысвечаных барацьбе за культуру мовы. Мн., 1934. С. 85.

1 Правда. 1933. 25 февраля.

1 Правда. 1933. 3 февраля.

1 Звязда. 1933. 28 жніўня.

1 Літаратура і мастацтва. 1992. 31 ліпеня. С. 15.

1 Пісьменнікі Беларусі аб рэформе правапіса беларускай мовы. Мн., 1936. С. 17, 18.

2 Тамсама. С. 28, 35, 44.

3 Тамсама. С. 89.

1 Літаратура і мастацтва. 1939. 11 чэрвеня.

2 Тамсама.

1 Колас Якуб. Публіцыстычныя і крытычныя артыкулы. Мн., 1957. С. 78, 79.

2 Пісьменнік і мова. Зборнік артыкулаў, прысвечаных барацьбе за культуру мовы. Мн., 1933. С. 33.

* Прапаў без звестак на фронце ў гады Вялікай айчыннай вайны.

1 Пісьменнік і мова. С. 83−85.

1 Пісьменнік і мова. С. 106.

2 Лынькоў Міхась. Збор твораў у васьмі тамах. Т. 6. Мн., 1984. С. 97.

1 Пісьменнікі БССР на першым Усесаюзным з'ездзе савецкіх пісьменнікаў. Кніга другая. Мн., 1935. С. 77.

1 Пісьменнікі БССР на Першым Усесаюзным з'ездзе савецкіх пісьменнікаў. Кніга другая. С. 25.

1 Политический собеседник. 1988. № 12. С. 13.

1 Звязда. 1989. 15 жніўня.

1 Літаратура і мастацтва. 1937. 6 красавіка. С. 5.

2 Літаратура і мастацтва. 1992. 28 лютага. С. 6.

1 Лынькоў Міхась. Збор твораў у васьмі тамах. Т. 6. С. 102.

2 Літаратура і мастацтва. 1940. 5 студзеня.

1 Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Мн., 1986. Т. 4. С. 196.

1 Наша слова. 2011. 6 ліпеня.

1 Беларусь у ХХ стагоддзі. Вып. 2. Мн., 2003. С. 21.

2 Скир Арон. Еврейская духовная культура в Беларуси. Мн., 1995. С. 84.

3 Там же. С. 86.

1 Беларусь у ХХ стагоддзі. Вып. 2. С. 32.

2 Літаратура і мастацтва. 2011. 22 ліпеня. С. 21.

1 Працы акадэмічнае канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі (1421 лістапада, 1926 года). Мн., 1927. - С. 25.

2 Тамсама С. 330.

1 Працы акадэмічнае канферэнцыі… С. 34.

2 Тамсама. С. 50.

1 Праца акадэмічнае канферэнцыі… С. 206.

[3] Напісаны ў 2002 г. да 80-годдзя выхаду ў свет першага нумара часопіса "Полымя".

* Нарадзіўся ў 1889 г. у г. Бежацк Цвярской губерні. На Беларусі з 1913 г.: выкладчык Мінскай духоўнай семінарыі, Мінскага настаўніцкага інстытута і Белпедтэхнікума, з 1922 г. працаваў у слоўнікавай камісіі Інстытута беларускай культуры.

[4] Артыкул напісаны ў 2012 г. для газеты "Літаратура і мастацтва", але не быў надрукаваны.

[5] Выступленне на канферэнцыі (яе матэрыялы не друкаваліся) з нагоды юбілею газеты "Звязда".

1 Десятый сьезд РКП(б). Март 1921 года. Стенограф. отчет. М., 1963. Стар. 213.

2 Тамсама.

1 КПСС в резолюциях и решениях сьездов, конференций и пленумов ЦК. М., Т.З. Стар. 135.

1 Пичета В.И. Белорусский язык как фактор национально-культурный. Мн., 1991. Стар. 13.

1 У аснову нарыса пра Аўгена Калубовіча пакладзены матэрыялы яго кніг: "Крокі гісторыі" (Беласток - Вільня - Мінск, 1993) і "На крыжовай дарозе" (Мн., 1994).

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX