Леанід ЛЫЧ
ВАРЫЯЦЫІ НА НАЦЫЯНАЛЬНУЮ ТЭМУ
2011
У кнізе ў форме фрагментаў і мініяцюр паказваецца нацыянальна-культурнае жыццё Беларусі больш чым за два стагоддзі яе гісторыі. У прапанаванай чытачу публікацыі ён без усялякіх цяжкасцяў знойдзе адказы на пытанні, чаму на службу нацыянальнай ідэі нам не ўдалося паставіць палітычныя рэжымы БССР і Рэспублікі Беларусь, створаныя імі сістэму адукацыі, дзяржаўны сектар культуры; чаму руская культура і мова замест узбагачэння духоўнага жыцця краіны вядуць да яго дэнацыяналізацыі і даведаецца пра сапраўдныя прычыны адсутнасці ў нас дастатковай колькасці здольнай да нацыянальнай творчай дзейнасці інтэлігенцыі, амаль поўнай дэградацыі нацыянальнай самасвядомасці беларусаў, уключаючы і іх эліту. Кніга разлічана на самае шырокае кола чытачоў.
Раздзел І. Нацыянальны суверэнітэт: цяжкі шлях ад лозунгаў да рэальнасці
Раздзел ІІ. Адукацыя ў ролі генератара нацыянальных нігілістаў
Раздзел ІІІ. У культуры Беларусі чужое пануе над уласным
Раздзел IV. За адзін крок да нацыі без сваёй мовы
Раздзел VI. Дэфіцыт нацыянальнай інтэлігенцыі ўзрастае
Раздзел VII. Нацыянальная самасвядомасць не мае альтэрнатывы
Раздзел VIII. Талерантнасць беларускага народа: міф ці рэальнасць?
Этнакультурная самабытнасць беларускага народа пад рэальнай пагрозай поўнай дэнацыяналізацыі
Прысвячаю сем'ям, у якіх дзеці ўзгадоўваюцца ў адпаведнасці з беларускімі культурна-моўнымі традыцыямі
Ад аўтара
Яшчэ ніколі перад беларусамі так востра не стаяла праблема этнічнага выжывання, як у нашыя дні. Спробы праз розныя формы грамадскай ініцыятывы пераадолець гэтую злыбеду не даюць аніякага станоўчага выніку. Што ж датычыць самой дзяржаўнай палітыкі, дык яе праваднікі і ідэолагі толькі і чакаюць таго дня, калі ў нацыянальных актывістаў апусцяцца рукі, і яны больш ужо не будуць узнімаць пытанне аб выратаванні беларускага народа ад канчатковай культурна-моўнай асіміляцыі, якая ў нас не адно стагоддзе адбываецца ў добра вядомай усім форме русіфікацыі. Падстаў упэўніцца ў здольнасці нацыі справіцца з ёю вельмі мала, што не можа не хваляваць, не весці да глыбокага роздуму неабыякавага да гэтай праблемы чалавека. Не перастае жыць ёю, думаць пра яе і аўтар гэтых радкоў. Ім ужо выдадзены шэраг кніг, надрукавана ў перыядычных выданнях багата артыкулаў па дадзенай тэме, на якія маюцца станоўчыя водгукі ад чытачоў і абсалютна ніякай рэакцыі з боку дзяржаўных дзеячоў і афіцыйных ідэолагаў. І іх упартае маўчанне лёгка вытлумачыць: у русіфікацыі беларускага народа яны бачаць фактар яго дынамічнага культурнага прагрэсу і таму ўсяляк садзейнічаюць ёй. І самае страшнае, што пад уплыў такой антыбеларускай дзяржаўнай нацыянальнай палітыкі трапляе ўсё больш і больш не толькі шараговых, але і высокаадукаваных людзей. Інтэлігенцыя ў нас ужо даволі працяглы час зусім не з'яўляецца тым здаровым ядром грамадства, з дапамогай якога можна было б аказаць хоць самы мінімальны супраціў дзявятаму валу русіфікацыі. Больш за дваццаць гадоў жывем у нацыянальна незалежнай дзяржаве, а так і не паспелі нічога істотнага зрабіць, каб яе тытульны народ надзейна засцерагчы ад этнічнага заняпаду. Іншым жа народам удавалася такое. І яны сёння робяць надзвычай важкі ўклад у забеспячэнне культурнай разнастайнасці сусветнай цывілізацыі. Мы ж, беларусы, больш за ўсё ўвагі аддаём, асабліва на дзяржаўным дый на грамадскім узроўнях, развіццю, распаўсюджванню ў сябе дома рускай, чым нацыянальнай, роднай культуры. Рой думак нараджаецца ў галаве ад такога нехарактэрнага усім цывілізаваным народам жыцця. Некаторыя з іх (думак) хацелася б выкласці на старонках маёй кнігі ў форме фрагментаў у спадзяванні абудзіць чытача пасля азнаямлення з імі да роздуму над самай надзённай на сёння, па-сапраўднаму лёсавызначальнай для беларускай нацыі праблемай ― выратаваннем ад так рэальна канчатковай нацыянальнай дэфармацыі. З ёю толькі тады беларусы будуць весці ўпартае змаганне, калі добра ўсвядомяць, што такая трагедыя ўжо не на парозе, а прыйшла ў іх дом, калі будуць ведаць, з дапамогай якіх сродкаў можна выстаяць, не растварыцца ў рускай культурна-моўнай стыхіі. Дзяржаўныя ідэолагі і нават бальшыня інтэлігенцыі не навучаць гэтаму народ, бо самі з'яўляюцца актыўнымі праваднікамі русіфікацыі. Слушныя парады могуць даць толькі не адарваныя ад бацькоўскіх нацыянальных традыцый асобы. Буду надзвычай рады, калі чытачы знойдуць штосьці карыснае для сябе і для беларускай справы ад знаёмства са зместам маёй кнігі. Свядома пададзены ў фармаце фрагментаў, ён часта толькі ўздымае праблему ў надзеі абудзіць у чытача жаданне самому падумаць над шляхамі яе развязвання. Паколькі фрагменты пісаліся на працягу дзесяці гадоў, а не дык і больш працяглага часу, гэта не магло не адбіцца на ацэнцы аўтарам тых ці іншых падзей. Час жа ў іх, як вядома, стала ўносіў сур'ёзныя карэктывы.
Раздзел І. Нацыянальны суверэнітэт: цяжкі шлях ад лозунгаў да рэальнасці
І раней і сёння многімі з нас добра ўсведамляецца, што беларусы павінны мець не дзяржаву ўвогуле, а выключна нацыянальную, бо калі яна не будзе вызначацца такой якасцю, ніякай карысці не дачакаемся ад яе. Да катэгорыі ж такіх належаць тыя, якія, акрамя забеспячэння свайму народу эканамічнага росквіту, усіх неабходных палітычных правоў, дбаюць яшчэ пра стан яго роднай культуры і мовы, разглядаючы гэта як найважнейшы сродак захавання этнакультурнай адметнасці краіны, недапушчэння дэградацыі нацыянальнай самасвядомасці яе тытульнага насельніцтва. Абараніць такія этнічныя каштоўнасці таго ці іншага народа ― прэрагатыва ўласнай дзяржавы, і такое падуладна апошняй толькі тады, калі яна з'яўляецца нацыянальнай. Рознага роду міжнародныя арганізацыі звычайна ўмешваюцца толькі ў тыя пытанні ўнутранай палітыкі якой-небудзь краіны, якія датычаць парушэнняў палітычных правоў насельніцтва, яго сацыяльнага становішча, эканамічных пытанняў і г.д. Калі ж у суверэннай дзяржаве ўзнікаюць нейкія нелады з культурна-моўным развіццём тытульнага народа, лічаць, што яна сама павінна знайсці спосаб развязвання дадзенай праблемы, што на абарону сваіх нацыянальных правоў павінны з усёй рашучасцю стаць самі масы, сцвярджаючы гэтым сваё жаданне не дапусціць растварэння ў якой-небудзь чужой культурна-моўнай стыхіі. У нас, на вялікую бяду, такога жадання не назіраецца як з боку дзяржавы, так і самога народа, што не дазваляе першую аднесці да катэгорыі нацыянальнай, а другога назваць здольным як след супрацьстаяць культурна-моўнай асіміляцыі ў форме русіфікацыі.
З гісторыі нам добра вядома, што нашыя прашчуры зусім не абыякавымі былі да пытанняў сваёй дзяржаўнасці, умелі яе гераічна, паспяхова адстойваць нават у самыя цяжкія часы. У перадавых станах беларускага грамадства ― прычым даволі шматлікіх ― нацыянальна-дзяржаўную свядомасць аказаліся не ў стане спаралізаваць ні царскі вялікадзяржаўны палітычны рэжым, ні ўтапічная прапаганда бальшавіцкіх ідэолагаў аб немінучым адміранні дзяржавы ў ходзе набліжэння да запаветнай мэты чалавецтва ― камунізму. Нягледзячы на велізарныя высілкі нашых папярэдніх пакаленняў па забеспячэнні сваёй Бацькаўшчыне палітычнай самастойнасці, сённяшнія беларусы вымушаны жыць у дзяржаве, дзе не лічацца з нацыянальна-культурнымі традыцыямі тытульнага народа. Яе палітыка ў сферы духоўнага жыцця непараўнальна больш адпавядае рускаму, чым беларускаму інтарэсу. З такой заганнай дзяржаўнай практыкай ужо даўно не сутыкаецца аніводзін еўрапейскі народ. Зусім не папулярная яна ў Азіі, Афрыцы, Аўстраліі, Заходнім паўшар'і планеты Зямля. Несумненна, знаёмства з прагрэсіўнымі традыцыямі дзяржаўнасці беларусаў дапамагло б хоць трохі расшавяліць іх сучасных нашчадкаў. Але ж у нас вельмі мала пішуць пра гэта, асабліва ў афіцыйных выданнях. Затое яны не шкадуюць паперы на падрабязнае асвятленне безупынных намаганняў кіраўніцтва краіны па стварэнні адзінай з Расіяй супольнай дзяржавы. З усіх краін, што ўзніклі на постсавецкай прасторы, толькі Беларусь, пры поўным маўчанні народа, трымаецца курсу на палітычнае аб'яднанне з Расіяй. Прычын такога маўчання нямала, але, думаецца, нішто так не перашкаджае беларускаму народу заняць актыўную пазіцыю ў пытаннях захавання, умацавання дзяржаўнага суверэнітэту краіны, як навязаная яму ўсімі папярэднімі і ў значнай ступені сучасным палітычнымі рэжымамі свядомасць каланіяльнай залежнасці ад Расіі. А быў жа час, што на гэтую лёсавызначальную праблему зусім інакш глядзелі перадавыя людзі нашага краю, выказвалі слушныя і на сёння прапановы па яе развязванні.
***
У расійскага ваеннага дзеяча, гісторыка Васіля Ратца (1816 ― 1870) знаходзім цвёрдыя запэўненні, што «Кастусь Каліноўскі з настроем герцанаўскай школы, на чале вельмі славалюбных асобаў з чырвоных ліцвінаў (колішні наш этнонім. ― Л. Л.) настойліва праводзіў ідэю аб самастойнасці Літвы», «…патрабаваў права ліцвінам ― самім сабою распараджацца» 1.
***
Важнымі фактарамі абуджэння нацыянальна-дзяржаўнай свядомасці беларусаў звычайна з'яўляліся якія-небудзь экстрэмальныя ўмовы іх жыцця тыпу вайны, інтэрвенцыі, калі кожнаму адукаванаму чалавеку станавілася зразумелым, што пры наяўнасці ўласнай дзяржавы намнога лягчэй было б пераадолець цяжкія наступствы такіх умоў. Асабліва «ураджайнай» па нараджэнні новых суверэнных дзяржаў наканавана было стаць Першай сусветнай вайне. Нават на нашай зямлі на нейкі час аднавілася дзяржаўнасць у форме Беларускай Народнай Рэспублікі. Не без уплыву наступстваў той вайны са згоды Масквы прыйшла да жыцця і Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Не выключна, што жаданне многіх тагачасных беларусаў мець уласную дзяржаву было не слабей, чым у бальшыні людзей сёння. Лёгка зразумець тых, хто шчыра жадае бачыць сваю дзяржаву не толькі ў стане эканамічнага і культурнага росквіту, але і цалкам незалежнай пры вырашэнні любых датычных лёсу беларускага народа пытанняў. І ў той жа час у нас ёсць людзі, у т.л. і сярод палітыкаў, якія будучае Беларусі бачаць толькі ў якасці нейкай адміністрацыйнай адзінкі Расіі, заяўляючы, што гэта ў інтарэсах двух братніх народаў, на ўсе сто працэнтаў адпавядае ідэі славянскага адзінства. Такія людзі ў разуменні ролі дзяржаўнага суверэнітэту стаяць нічуць не вышэй за сваіх папярэднікаў пачатку мінулага стагоддзя, якія распад царскай Расіі лічылі ледзь не за канец свету, усяляк імкнуліся вярнуць яе да жыцця. Каб аслабіць іх уплыў на масы, тэарэтыкам беларускага нацыянальна-адраджэнскага руху давялося нямала папрацаваць з такой катэгорыяй грамадзян, даказваючы адваротнае. Як і заўжды, вельмі абгрунтаваную водпаведзь праціўнікам беларускай дзяржаўнасці і на гэты раз даў грамадскі і палітычны дзеяч Язэп Лёсік: «…мы ўсе, грамадзяне зямлі беларускай, павінны далажыць усіх сіл, каб скінуць з сябе апякунства чужынцаў і збавіць край наш ад кіраўніцтва маскоўцаў. Гэта мы павінны зрабіць, бо грубае, некультурнае ўладарства Масквы знішчыць край наш дашчэнту і прывядзе яго да загібелі, як яно вынішчыла і загубіла Дзяржаву Расійскую» 1.
***
І раней, і сёння не так багата ў нас людзей, якія прызнаюць, што цяга да незалежнай дзяржавы здаўна была характэрна перадавым колам беларускага грамадства, што многіх з іх зусім не задавальняла становішча Вялікага Княства Літоўскага ў складзе Рэчы Паспалітай пасля падпісанай у 1569 г. Люблінскай уніі. Самым жа насычаным па колькасці і эфектыўнасці акцый, праведзеных з мэтай забеспячэння Беларусі дзяржаўнага суверэнітэту, наканавана было стаць дваццатаму стагоддзю. Нястрымнага імкнення беларускага народа да стварэння сваёй уласнай нацыянальнай дзяржавы не маглі не ўлічваць нават урад і партыя бальшавікоў Расійскай Федэрацыі. Беларусаў Віленскай, Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай і Смаленскай губерняў зусім не задавальняла, што яны вымушаны былі жыць у складзе Расійскай Федэрацыі ўсяго толькі на правах яе звычайнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі, якая да верасня 1918 г. насіла назву Заходняя вобласць, а затым ― Заходняя камуна. Пад напорам магутнага народнага руху партыйны Цэнтр Масквы пагадзіўся на ўтварэнне незалежнай беларускай дзяржавы са статусам саюзнай рэспублікі, што было вышэй за такія нацыянальна-дзяржаўныя ўтварэнні, як аўтаномная рэспубліка. Абвешчаная 1 студзеня 1919 г. суверэнная беларуская дзяржава мела назву Беларуская Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка.
Ад першых дзён існавання беларускай дзяржавы стала відавочным, што бальшавіцкая Масква не дасць ёй сапраўднай палітычнай волі. Што ж датычыць партыйнага жыцця ў БССР, дык яно цалкам і поўнасцю залежала ад ЦК РКП(б). Пасаду першага сакратара ЦК КП(б)Б заняў партыйны дзеяч беларускай нацыянальнасці толькі ў сакавіку 1937 г.
Адпаведныя ўладныя структуры Расійскай Федэрацыі заўжды ўмешваліся ў сферу дзяржаўнага жыцця Беларускай ССР. Па іх волі апошняя згодна з заключанай у сакавіку 1921 г. у Рызе дамовай паміж Расіяй, Украінай і Польшчай была пазбаўлена права валодаць на захадзе значнай паводле памераў тэрыторыяй, дзе спрадвеку жылі беларусы.
Высокі зровень нацыянальна-дзяржаўнай свядомасці беларускага народа, у памяці якога заўсёды захоўваўся ўспамін аб колішняй уласнай незалежнай краіне Вялікім Княстве Літоўскім, быў прычынай частых зваротаў палітычных дзеячоў, прадстаўнікоў творчай і навуковай інтэлігенцыі ў ЦК РКП(б), а затым у ЦК Усе КП(б), ва ўрад РСФСР з просьбай аб перадачы ад яе БССР нашай гістарычнай тэрыторыі ― Віцебшчыны, Магілёўшчыны, Гомельшчыны, беларускіх паветаў Смаленшчыны і Чарнігаўшчыны. Гэтыя законныя патрабаванні БССР былі ў значнай ступені задаволены ў 1924 і 1926 гг.
З узбуйненнем тэрыторыі і павелічэннем колькасці насельніцтва БССР яшчэ больш вырасла нацыянальна-дзяржаўная свядомасць беларускага народа, узмоцнілася яго жаданне рабіць крок за крокам у напрамку ад юрыдычнага да фактычнага нацыянальнага суверэнітэту. Гэтай прагрэсіўнай ідэі не наканавана было здзейсніцца з-за развязанай савецкай камандна-бюракратычнай сістэмай барацьбы з уяўным беларускім нацыянал-дэмакратызмам, якая ад другой паловы 30-х гадоў перарасла ў масавыя кровапралітныя рэпрэсіі.
У выніку ажыццёўленага вынішчэння самога асяродку беларускага этнасу, далейшага працягу ― хоць і ў меншай ступені ― задушэння яго свабодалюбных сіл ім практычна не ўдалося нічога вартага зрабіць у плане адстойвання, умацавання нацыянальна-дзяржаўнага суверэнітэту і пасля таго, як у верасні 1939 г. адбылося аб'яднанне Заходняй Беларусі з БССР. Але што такі погляд у найбольш нацыянальна-самасвядомай часткі беларускага народа датычна свайго суверэнітэту існаваў, можа сведчыць даволі частае ўзняцце гэтага пытання нават у неверагодна цяжкіх умовах нямецкай акупацыі. Але ні старыя, ні новыя ўлады нашага краю сур'ёзна не ставіліся да ідэі аб яго нацыянальна-дзяржаўным суверэнітэце. Наадварот, шчырыя загары за яго знаходзіліся ў няміласці, а не дык і гінулі ў няроўнай схватцы.
Пасляваеннае дзяржаўна-палітычнае жыццё БССР не прывяло да парытэту ў яе ўзаемаадносінах з саюзнай дзяржавай ― СССР. Аднак ступень дзяржаўнай залежнасці БССР ад апошняга была такой жа, як і ва ўсіх астатніх саюзных рэспубліках. Больш таго, існавала і пэўная перавага перад імі: пастаяннае членства разам з Украінай у Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, што ў пэўнай ступені садзейнічала захаванню ў беларускага народа нацыянальна дзяржаўнай свядомасці.
У гэтым жа напрамку ўплывала на людзей і бесперапыннае існаванне за мяжой урада створанай у сакавіку 1918 г. Беларускай Народнай Рэспублікі. Нягледзячы на жорсткасць савецкай таталітарнай сістэмы, усе спробы Цэнтра па абмежаванні дзяржаўнага суверэнітэту саюзных рэспублік ідэя беларускай незалежнай нацыянальнай дзяржавы ніколі не памірала ў прагрэсіўных колах нашага грамадства. Выкліканае гарбачоўскай перабудовай нацыянальнае ажыўленне на ўсім абшары СССР неўзабаве парадзіла і ў беларускага народа думку аб неабходнасці набыцця для сваёй краіны рэальнага дзяржаўнага суверэнітэту. Таму, калі 27 ліпеня 1990 г. была абвешчана Дэкларацыя Вярхоўнага Савета БССР аб дзяржаўным суверэнітэце, калі 27 жніўня 1991 г. гэтай Дэкларацыі надалі статус Канстытуцыйнага закона, калі 19 верасня таго ж года Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку назвалі Рэспублікай Беларусь, для многіх такія лёсавызначальныя праграмныя дзяржаўныя акты ўспрымаліся як зусім лагічныя і заканамерныя. Беларускі народ жадаў і гатоў быў годна жыць у незалежнай суверэннай дзяржаве.
Галоўнай перашкодай на шляху ад юрыдычнага да фактычнага беларускага нацыянальна-дзяржаўнага суверэнітэту стала дэструктыўная дзейнасць былой партыйна-савецкай наменклатуры, якая не ўмела інакш працаваць, як толькі па ўказцы зверху. Баючыся апынуцца па-за бартом гісторыі, уплывовыя прадстаўнікі такой наменклатуры свядома завялі ў тупік нацыянальную эканоміку, каб на цяжкім людскім горы пераканаць масы, што прычынай іх трагедыі з'яўляецца распад СССР. Ні адзін год вялася ідэалагічная апрацоўка людзей у тым плане, што Беларусь, маўляў, з прычыны адсутнасці адпаведнай энергетычнай і сыравіннай базы не ў стане развівацца як незалежная суверэнная нацыянальная дзяржава. Упарта тлумачылася, што адзінае выйсце з крызісу ― гэта інтэграцыя, прычым на любым умовах, у эканоміку калі не адноўленага СССР, дык хаця б Расіі.
Іншага толку дзяржаўныя дзеячы супакойвалі людзей, што дзяржаўны суверэнітэт Беларусі можа забяспечвацца і пры эканамічнай залежнасці ад якой-небудзь іншай больш моцнай дзяржавы. Нават аб'яднанне грашовых сістэм Беларусі з Расіяй, якое, калі не цалкам ліквідуе, дык істотна падарве незалежнасць першай, такія палітычныя дзеячы імкнуліся паднесці народу як найважнейшы сродак захавання рэспублікай свайго дзяржаўнага суверэнітэту. Сусветнай жа практыцы не вядома, каб якая-небудзь сапраўды суверэнная дзяржава не мела сваіх уласных грошай. Беларусі прычынена вялікая шкода, што пасля распаду СССР ва ўсіх эшалонах яе ўлады працягвалі сядзець пераважна асобы, для якіх дзяржаўны суверэнітэт ― гэта толькі пустыя словы. Па віне такіх асобаў Беларусь ніяк не магла стаць па-сапраўднаму незалежнай нацыянальнай краінай. Час для карэннай змены поглядаў дзеячоў, што знаходзіліся ля стырна дзяржаўных органаў улады і кіравання, на дадзеную праблему надышоў толькі тады, калі Расія стала пастаўляць Беларусі энерганосьбіты па блізкіх да еўрапейскіх цэнах. Але гэта зусім не значыць, што ў нас адсутнічаюць праціўнікі дзяржаўнага сверэнітэту Рэспублікі Беларусь. Задача нумар адзін для яго шчырых прыхільнікаў ― як мага хутчэй вызваліцца ад уплыву тых, для каго нічога не значыць незалежнасць краіны.
***
Сёння афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі смела могуць запісаць у свой актыў, што яны, дзякуючы пазаканкурэнтнаму панаванню ў эфіры, перыядычным друку змаглі да ідэі адзінай супольнай дзяржавы з Расіяй схіліць даволі значную колькасць насельніцтва Рэспублікі Беларусь. На гэтым участку ідэалагічнай працы з людзьмі яны праявілі сябе ― не будзе памылкай сказаць ― не чацвёртай, а першай уладай, бо трэба мець ой як багата вопыту, затраціць каласальную энергію ― і затраціць з розумам! ― каб адбіць у многіх беларусаў так апраўданае ва ўсіх варунках жаданне жыць у незалежнай, суверэннай дзяржаве.
А цяпер давайце паразважаем, няўжо гэта і сапраўды вялікая трагедыя для народа быць самім сабой, мець уласную дзяржаву, якая будуе жыццё ў ёй паводле сваіх нацыянальных традыцый? Няўжо так неабходна з кім-небудзь палітычна інтэгравацца нават і ў ролі пятага кола ў возе? Жылі ж некалі нашыя далёкія прашчуры ў складзе вялікай аморфнай дзяржавы Кіеўскай Русі, на якую так моляцца сённяшнія інтэгратары з Расіі, і трывалі столькі несправядзівасцяў і здзекаў ад міжусобнай барацьбы князёў за ўладу, што нарэшце давяло краіну да поўнага заняпаду і з вялікаю выгодаю было выкарыстана татара-мангольскімі заваёўнікамі.
Не без хітрых інтрыгаў палітыкаў і заможных станаў грамадства трапіў беларускі народ у супольную з палякамі дзяржаву Рэч Паспалітую. Хоць у этнічным плане яна была і славянскім дзяржаўным утварэннем, шчырыя дачыненні паміж палякамі і беларусамі не склаліся. Сваё самабытнае этнакультурнае жыццё нашыя продкі больш-менш захавалі толькі ў вёсцы. У гарадах жа з іх польскай і яўрэйскай культурамі яны адчувалі сябе чужынцамі. Амаль уся найбольш адукаваная частка беларускага народа адцуралася ад сваіх культурна-моўных традыцый і прыняла чужыя, польскія.
Гэтая злачынная здрада інтэлігенцыі, заможных людзей вельмі дорага каштавала нашаму народу, зрабіла яго малаздольным супраціўляцца другому віду культурна-моўнай асіміляцыі ― русіфікацыі. Трапіў жа ў склад Расійскай імперыі ён не самахоць, а пад прымусам і напакутаваўся там не дай божа як. За першыя 25 гадоў прымусовага жыцця ў гэтай краіне яе ўрад перадаў рускім памешчыкам каля мільёна беларускіх сялян. Славуты рускі палкаводзец Аляксандр Сувораў і то не адмовіўся ад такога падарунка: прыдбаў ні за грош больш за 13 тысяч душ 1. Беларусам, каб атрымаць ад цара дазвол выдаваць на роднай мове газету, спатрэбілася 134 гады, вучыць дзяцей у пачатковых класах ― 142 гады. Як гэта цяжка адбілася на духоўным развіцці краю, нацыянальнай самасвядомасці яго насельніцтва, думаю, тлумачыць зусім не варта.
Нямала гора давялося паспытаць нам з-за таго, што па-сапраўднаму дзяржаўным народам не з'яўляліся за савецкім часам: падзел Бацькаўшчыны паміж Расіяй і Польшчай у 1921 г., прымусовая суцэльная калектывізацыя з такім жа суцэльным раскулачваннем самай працавітай часткі сялянства, масавыя фізічныя расправы ў 1937―1938 гг. з найбольш прагрэсіўнымі, нацыянальна-свядомымі элементамі, пераўтварэнне ў выніку недальнабачнай палітыкі Маскоўскага Крамля Беларусі ў палігон кровапралітнага змагання на працягу лета 1941 ― лета 1944 гадоў двух таталітарных рэжымаў, створаных Іосіфам Сталіным і Адольфам Гітлерам. Скачучы пад чужую дуду, мы за пасляваенныя гады панеслі такія каласальныя этнакультурныя страты, што можам толькі чыста сімвалічна называцца самабытным народам. Таму, выступаючы за адзіную з Расіяй дзяржаву, трэба ў афіцыйных сродках масавай інфармацыі хоць трохі даваць людзям і крытычнага матэрыялу. Навошта ж дурыць ім галовы?!
***
Інакш, як нацыянальнай трагедыяй, не назавеш, што многім нашым палітыкам, прадстаўнікам інтэлігенцыі спрадвеку ўласцівы невытлумачальны страх бачыць сваю краіну палітычна самастойнай, не зарыентаванай на якую-небудзь іншую, звычайна больш моцную дзяржаву. Можна было б бясконца пералічваць прозвішчы грамадска-палітычных і культурных дзеячоў, якія напярэдадні і ў першыя часы пасля кастрычніцкага перавароту 1917 г. у Расіі шукалі саюза з ёю. А колькі было тых, хто да і пасля 25 сакавіка 1918 г., г.зн. пасля абвяшчэння палітычнай незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, арыентаваў Бацькаўшчыну да розных формаў аб'яднання з пілсудскай Польшчай. І трэба сказаць, што інтэграцыйныя намаганні як першых, так і другіх не засталіся на паперы: усходняя частка Беларусі ўсё ж апынулася пад апекаю Расійскай Федэрацыі, а затым была ўключана ў склад у СССР, а заходняя падпала пад уладу Польшчы. Чым гэта закончылася для адной і другой частак Беларусі, мы вельмі добра ведаем з гісторыі: прымусовая калектывізацыя і бальшавіцкія крывавыя масавыя рэпрэсіі на ўсходзе, пагалоўнае вынішчэнне беларускамоўных школ і замена іх польскімі ― на захадзе. З адзінага ў этнакультурным плане народа адпаведныя палітычныя і грамадскія структуры паступова пачалі рыхтаваць перыферыйныя пласты рускай і польскай нацый. І хаця многія грамадска-палітычныя і культурныя дзеячы моцна апякліся на рускай і польскай арыентацыях, аднак і ў гады Другой сусветнай вайны не зведваўся недахоп у тых, хто таксама стаў штурхаць Беларусь на інтэграцыю з якой-небудзь еўрапейскай краінай, толькі ўжо мінуючы «польскі калідор». У бальшыні выпадкаў у якасці такой краіны, зразумела, называлася Нямеччына. Вельмі пажаданай, прычым нават і ў 1944 г., калі ў разгроме фашызму мала хто сумняваўся, была яна для колішняга вязня сталінскіх лагераў, а затым актыўнага дзеяча ў розных нямецкіх ідэалагічных структурах Антона Адамовіча (1909―1998). У яго артыкуле «Арыентацтва ― хвароба беларуская» чытаем: «…прыцягальным цэнтрам нашай арыентацыі, тым нашым «любым дальным» на сяньня, як ведама, зусім натуральна зьяўляецца Нямеччына, якая ў папярэдняй гісторыі даволі задэманстравала сябе… прыяцелям нацыянальнае Беларусі, найкрасамоўнейшае можа сьветчаньне чаго той самы акт 25 сакавіка, бесьперашкодна абвешчаны пры нямецкай уладзе на тэрыторыі Беларусі. Нямеччына, якая й цяпер задэкляравала сваю незацікаўленасьць у захопніцтве Беларусі й асыміляцыі ці вынішчэньні беларускага народу. Нямеччына, якая вызваліла Беларусь ад абодвух ейных найстрашнейшых ворагаў (маюцца на ўвазе Савецкі Саюз і Польшча. ― Л. Л.), перамагла і прыгняла канчальна аднаго зь іх (Польшчу. ― Л. Л.) і наважна змагаецца з другім (СССР. ― Л. Л.) дзеля такое ж канчальнае перамогі. Нямеччына, якая й сяньня, у часе свайго жыцьцёвага наважальнага й разьвязальнага, цяжкога змаганьня ахоўвае і памагае будаваць нацыянальную Беларусь і беларускую культуру (…).
І гэткім парадкам у канчальным выніку наш запраўдны нацыянальны кірунак, нашая эўрапейская, заходняя арыентацыя на сяньня зусім ясна і адназначна вызначалася як арыентацыя нямецкая» 1.
З прычыны такіх багатых традыцый усходняй і заходняй арыентацый Беларусі (у сярэднявеччы з Польшчай заключана каля 5 уній!!!), відаць, нельга занадта ўжо строга асуджаць яе сучасных дзяржаўных дзеячоў, якія за 90-я гады мінулага і больш як за дзясяцігоддзе ХХІ ст. прыклалі столькі намаганняў ― хаця і не так вынікова, ― дзеля палітычнага інтэгравання з Расіяй. Шмат хто з беларускіх палітыкаў уладу яе над сабой лічаць за найвялікшае шчасце і ўсяляк імкнуцца, каб гэта як мага хутчэй стала рэальнасцю. Аднак мяне, як і многіх маіх аднадумцаў, не пакідае думка, што ў нас усё ж з'явяцца палітыкі, якія не будуць баяцца суверэннага існавання Беларусі і пераўтвораць яе ў сапраўдную незалежную дзяржаву Еўропы.
***
Як ні стараюся з вуснаў заўзятых інтэгратараў Беларусі з Расіяй пачуць адказ, а якім жа пасля гэтага бачыцца імі шлях беларускага народа, як самабытнай этнічнай супольнасці, аніяк не ўдаецца. Няспынна нясуцца ў эфір урапатрыятычныя, прарускія заклікі: «У беларуса нет будущего вне России!», «Только с Россией Беларусь обретет счастье!» А вось паспрабаваць спрагназаваць, як у такіх варунках штосьці карыснае зрабіць на ніве беларускага нацыянальна-культурнага Адраджэння, выцягнуць з багны асіміляцыі беларускае слова, знайсці належнае месца беларускай нацыянальнай прафесійнай культуры ў дзяржаўным, грамадскім сектарах культуры, афіцыйных сродках масавай інфармацыі, закласці беларускія падваліны пад сістэму народнай адукацыі і пабудаваць адпаведны ўсяму гэтаму ўласны дом, ніхто не адважваецца. Сказанае датычыць і праваслаўнага кліру, які ніколькі не ўступае свецкім струтурам у інтэграцыйных беларуска-расійскіх працэсах. Ужо колькі разоў ад яго даводзілася чуць нешта падобнае на такія разважанні: «Все православные суть люди русские. Восточный обряд господствующий среди белорусов, что дает все основания называть их русскими. Поэтому грех жить в двух самостоятельных государствах. Исторический путь православных Беларуси лежит на восток, в Россию». А былі ж такія дзеячы праваслаўя, прычым і не гэтак даўно, якія крайне асцярожна ставіліся да рознага роду аб'ядноўчых працэсаў як у свецкім, так і духоўным жыцці, бо вельмі цанілі нацыянальную і царкоўна-рэлігійную самабытнасць народаў. Спашлюся на вытрымку з напісанага ў 1924 г. святаром Паўлам Фларэнскім артыкула «Христианство и культура»: «Чалавецтву, аднак, патрэбна не аб'яднанне само па сабе, у што б то ні стала, а жыццё ў ісціне і любові» 1. Не верыцца, што Беларусь не валодае такім патэнцыялам, каб забяспечыць свайму народу «жыццё ў ісціне і любові», што такое можна адшукаць толькі ў створанай поліэтнічнай дзяржаве-гіганце.
***
На постсавецкай прасторы не знайсці дзяржавы, дзе б улады так грэбавалі нацыянальнымі каштоўнасцямі свайго тытульнага народа, як у нас у Беларусі. Мо таму многія яе жыхары з аднаго боку не давяраюць уладам, а з другога не вызначаюцца належным узроўнем нацыянальна-дзяржаўнай свядомасці. Так, чыноўніцкі апарат шмат у чым падвёў сваіх грамадзян. Але, відаць, яшчэ ні ў чым наша дзяржава не праяўляла такой крывадушнасці, як у выкананні выказанага народам падчас майскага рэферэндуму 1995 г. «пажадання» аб ураўнаванні беларускай і рускай моў у абслугоўванні грамадскага жыцця. Рабіць такое крайне неабходна было дзяржаве, бо ў выніку адпаведнай палітыкі царызму, курсу камуністычнай партыі на збліжэнне і зліццё савецкіх нацый справа ў нашай краіне пад канец 80-х гг. ХХ ст. дайшла да таго, што на этнічнай тэрыторыі беларускага народа руская мова стала выконваць амаль увесь аб'ём функцый па абслугоўванні грамадства. Мірыцца з такімі хібамі ў моўнай практыцы ніяк нельга было. Таму яшчэ да таго, як стаць нашай краіне суверэннай, беларускай мове ў заканадаўчым парадку надалі статус адзінай дзяржаўнай і пачалі ў розных сферах грамадскага жыцця паступова замяняць ёю рускую. Праціўнікаў такой разумнай моўнай трансфармацыі было нямала сярод, можна сказаць, дашчэнту зрусіфікаваных чыноўнікаў і інтэлігенцыі. Асабліва шмат іх прыйшло да ўлады, вылучылася на адказныя, уплывовыя пасады пасля ўсталявання прэзідэнцкай формы кіравання дзяржавай. Бадай, нішто іх так не хвалявала, як распачатыя захады па перадачы сацыяльных функцый рускай мовы беларускай, бо праз якія-небудзь пяць гадоў апошняя абавязкова запануе (а гэта ж цалкам заканамерна) ва ўсіх сферах дзейнасці чалавека, а затым і ў міжасобасных зносінах людзей. У адкрытую перашкаджаць гэтаму, ужываючы наяўны адміністрацыйны рэсурс, не адважваліся, каб не быць навекі залічанымі ў разрад герастратаў. У самых высокіх эшалонах улады выспела думка, што выратаваць рускую мову неабходна з дапамогай народа праз правядзенне рэферэндуму, схіляючы ўдзельнікаў апошняга выказацца за прызнанне яе роўнай з беларускай ва ўсіх відах службовага справаводства, у сродках масавай інфармацыі, у абслугоўванні адукацыі, навукі, культуры, візуальным афармленні і г.д. Дзяржаўны ідэалагічны апарат нястомна працаваў, каб пераканаць людзей у правільнасці такога падыходу і настойліва рэкамендаваў ім узяць актыўны ўдзел у развязванні гэтага складанага, ва ўсіх выпадках далікатнага пытання. Народ не пярэчыў і сваім удзелам у рэферэндуме падтрымаў яго ідэолагаў і непасрэдных праваднікоў. У выніку ў краіне склалася зусім не простае моўнае становішча. Яно вымагала дзяржаўны чыноўніцкі апарат дзеля паабяцанага людзям забеспячэння функцыянальнай роўнасці беларускай і рускай моў укласці і адну, і другую ў пракрустаў ложак і бязлітасна секчы даўжэйшую, больш распаўсюджаную ў нас, г.зн. рускую мову. Архітэктары рэферэндуму не пайшлі на адзіна магчымы ў такім выпадку варыянт выраўняць дзве мовы. Больш таго, яны замест падгонкі рускай мовы пад беларускую, паводле аб'ёму ўскладзеных на іх сацыяльных функцый, сталі падоўжваць сам пракрустаў ложак з тым, каб у ім магла вольна выпрастаць ногі руская мова. Беларуская ж заставалася па-за ўвагай палітыкаў, бо ёй, лічылася, і так залішне шмат месца ў гэтым ложку. Выходзіць, што замест паабяцанай народу функцыянальнай роўнасці паміж беларускай і рускай мовамі адбылося далейшае ўмацаванне пазіцый апошняй. Гэта вялікая «гістарычная заваёва» ўладаў Беларусі. Яшчэ ніводная цывілізаваная краіна свету не адважылася за кошт «разумнага» абмежавання сацыяльных функцый роднай мовы даць на яе гістарычнай тэрыторыі такую шырокую прастору чужой мове, як гэта зрабіла Беларусь для рускай мовы ў выніку майскага рэферэндуму 1995 г. Толькі вось не зразумела, чаму яе ўлады дату правядзення рэферэндуму абвясцілі Днём дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь і не назвалі яе (дату) Днём дзяржаўнай рускай мовы Рэспублікі Беларусь? Апошняе ж «дасягненне» ў дзясяткі разоў больш «значнае», чым папярэднія два. Праведзеная ўладамі гульня з людзьмі падчас майскага рэферэндуму ў многіх пахіснула павагу да сваёй дзяржавы, бо нельга ж ёй зневажаць нацыянальныя інтарэсы краіны.
***
Чужыя нам сілы давялі краіну да таго, што нават пад самым магутным мікраскопам не заўважыш у практычнай дзейнасці яе ўладаў штосьці такога, што сведчыла б пра іх намер распачаць працу па выратаванні беларускага народа ад культурна-моўнай асіміляцыі. А з ёю трэба весці самую рашучую, непрымірымую барацьбу, што ў інтарэсах не толькі беларусаў, славянскай супольнасці, да якой яны належаць, але і ўсяго цывілізаванага свету. Не сумняваюся, што такая барацьба не за гарамі. Знойдуцца сапраўдныя будзіцелі, збіральнікі беларускай нацыі, у якіх хопіць розуму і энергіі, каб выратаваць яе ад этнічнага вымірання. Лічу не лішнім нагадаць ім, што такому змаганню павінна папярэднічаць і бесперапынна спадарожнічаць глыбока прадуманае ідэалагічнае забеспячэнне яго. Варожыя сілы так прызвычаілі народ да жыцця паводле чужых культурна-моўных стандартаў, што ў масе сваёй люді зусім не разумеюць, навошта весці нейкае змаганне за іх нацыянальна-культурнае адраджэнне. Не ўсвядоміўшы ж усёй гістарычнай важнасці яго, народ і кроку не зробіць дзеля карэннага змянення сучаснага становішча. Дапамагчы разабрацца ва ўсім зможа толькі ўмела арганізаваная ідэалагічная праца з людзьмі. Іх трэба пераканаць у абсалютнай неабходнасці ў інтарэсах жа самой Бацькаўшчыны Беларускага нацыянальна-культурнага адраджэння, выклікаць нястрымнае жаданне быць самімі сабой, а не нейкай безэтнічнай масай, здольнай толькі, перайшоўшы на спажыванне чужых культурных каштоўнасцяў, колькасна папаўняць іншыя нацыі. Не думаю, што многія беларусы ўсё ж пажадаюць быць гноем для іх, навекі развітаўшыся з прыналежнасцю да свайго народа.
***
З дапамогай розных сродкаў ідэалагічнай апрацоўкі насельніцтва дзяржаўным структурам і апазіцыі ўдалося пераканаць адну частку яго ў мэтазгоднасці поўнай інтэграцыі нашай краіны ў склад велізарнай па тэрыторыі Расіі, другой ― даказаць, што толькі дзякуючы захаванню ў поўным аб'ёме нацыянальнага суверэнітэту, вольнаму, незалежнаму ад каго б там ні было распараджэнню ўласнымі прыроднымі і людскімі рэсурсамі можна дамагчыся сацыяльна-эканамічнага і духоўнага прагрэсу, захавацца і надалей развівацца як самабытнай этнічнай супольнасці. Падобнага роду ідэалагічнае ўздзеянне на народ працягваецца і зараз. Вобразна яго можна параўнаць з цягніком, у галаве і хвасце якога знаходзіцца па адным лакаматыве, кожны з якіх з усіх сіл імкнецца рухацца ў адваротным напрамку. Выйсце з такога становішча можа быць у двух варыянтах. Якісьці з лакаматываў перацягне свайго саперніка, і цягнік рушыць у адным напрамку. Калі апошні будзе адпавядаць інтарэсам незалежнага дзяржаўнага развіцця, народ апынецца ў выйгрышы. Але можа здарыцца і такое, што лакаматывы, скіраваныя ў процілеглых напрамках, разарвуць цягнік на дзве часткі, і тады народ страціць не толькі сваю сацыяльна-палітычную арыентацыю, здольнасць да нацыянальнай кансалідацыі, але і этнакультурную самабытнасць. Дарэчы, апошняя і так ужо не вызначаецца сваёй цэласнасцю, хаця размова ідзе пра адзін і той жа народ. З-за тэрытарыяльнай блізкасці яго ўсходніх адгалінаванняў да карэннага насельніцтва заходняй часткі Расіі і адпаведнай дзяржаўнай палітыкі Рэспублікі Беларусь гэтыя адгалінаванні да такой ступені зрусіфікаваны, што ім куды ямчэй жыць паводле рускіх, чым беларускіх культурна-моўных стандартаў. Не дужа моцныя іх пазіцыі і ў іншых частках нашае краіны.
***
Узяты ўрадам Беларусі курс на палітычную інтэграцыю з Расіяй выклікаў у многіх нашых людзей законную трывогу: а ці ўдасца нам у агульнай краіне выжыць як самабытнаму этнасу, улічваючы такую малалікасць яго ў параўнанні з рускім? Падставаў прызнаць гэты фактар за адмоўны для беларусаў больш чым дастаткова. Праўда, адносна яго выказвалася ― вельмі аўтарытэтнымі людзьмі ― і процілеглая думка: «Неабавязкова моцны народ шматлікі, а слабы малалікі. Справа не ў колькасці людзей, якія належаць да дадзенага народа, а ва ўпэўненасці і ў стойкасці яго нацыянальных традыцый» 1. Толькі вось бяда, ва ўсім гэтым беларусы ўжо працяглы час кульгаюць на дзве нагі, таму пры такіх неспрыяльных умовах ды плюс яшчэ іх малалікасць, гэтаму народу вельмі проста растварыцца сярод рускіх, канчаткова страціць сваю так моцна размытую на сёння самабытнасць. Калі дзяржава, перадавая частка грамадскасці не жадаюць такога трагічнага зыходу сваёй тытульнай нацыі ў бездань, ім трэба ўдзесяцярыць намаганні па захаванні, узбагачэнні нацыянальных традыцый і перадусім па пашырэнні сацыяльных функцый роднай мовы беларусаў, што заканамерна павысіць яе прэстыжнасць у народзе.
***
Ва ўсіх справах Беларусі з Расіяй назіраецца сёння штосьці такое, што вельмі нагадвае дачыненні Аўстрыі і Германіі ў другой палове 30-х гадоў мінулага стагоддзя. Калі ўрад апошняй задумаў зрабіць сваю краіну па-сапраўднаму «Вялікай Германіяй», ён у першую чаргу кінуў вока на Аўстрыю, як найбольш блізкую ёй паводле гістарычных традыцый і культуры і зусім ідэнтычнай па мове. Скрозь па ўсёй Германіі і Аўстрыі панесліся чуткі, што немцы і аўстрыйцы ― гэта адзін народ, а таму павінны жыць у адной дзяржаве. Гітлеру без асаблівых цяжкасцяў удалося здзейсніць дзяржаўны пераварот у блізкароднаснай паводле культуры і побыту Аўстрыі, паставіўшы там свайго чалавека. Хвала аўстрыйцам, што яны з гонарам вытрымалі ўсе выпрабаванні лёсу, не растварыліся сярод немцаў, застаюцца самабытным народам. Вось бы з каго беларусам браць праклад, а не апладзіраваць сваім дзяржаўным дзеячам нават за самы нязначны поспех у палітычнай інтэграцыі з Расіяй. Жылі ж з ёю разам. І не адно стагоддзе. Толькі цудам захавалі сваё нацыянальнае «Я».
***
Вялікую зайздрасць выклікаюць у мяне краіны, якія ў сваім эканамічным, палітычным, культурным развіцці абапіраюцца калі не цалкам, дык пераважна на свае ўнутраныя сілы, не чакаюць нейкай ласкі ад суседзяў. Народы такіх краін сцерагуць сваю дзяржаўную незалежнасць, як найвялікшую святыню. А вось пераважнай бальшыні беларусаў, у т.л. і яе элітарнай частцы такога не дадзена. Мы яшчэ як след не навучыліся жыць ва ўласнай дзяржаве, а многія ўсё імкнуцца ледзь не на любых умовах зліць яе з усходняй краінай-гігантам. О як тут далёка не ўсё прадумана і ўзважана тымі, на кім ляжыць уся паўната адказнасці за лёс беларускай нацыі! Давайце не будзем забывацца, што Расію з прычыны велізарных памераў тэрыторыі, этнічнай стракатасці насельніцтва зусім не будуць хваляваць невырашаныя намі і па сёння праблемы. Гэта і стварэнне беларускай нацыянальнай сістэмы адукацыі, і забеспячэнне за беларускай мовай фактычнага статусу дзяржаўнай, і нарэшце само выратаванне беларускай нацыі ад зусім рэальнай ва ўмовах палітычнай інтэграцыі этнічнай смерці. Сёння ні Расія, ні Беларусь далёка не поўнасцю вычэрпваюць сваіх магчымасцяў эканамічнага супрацоўніцтва, існуючы самастойна, незалежна адна ад адной. Чэхія, Бельгія, Швецыя, Паўднёвая Карэя не маюць аніякага міждзяржаўнага саюза з якой-небудзь з суседніх краін, падобнага на той, што мяркуюць заключыць рускія і беларусы, аднак па аб'ёме, маштабах эканамічнага супрацоўніцтва кожная з гэтых краін намнога перасягаюць Беларусь. Такое з'яўляецца магчымым толькі дзякуючы таму, што пералічаныя і іншыя краіны ў адрозненне ад Беларусі валодаюць сапраўдным нацыянальным суверэнітэтам, не падпарадкоўваюцца аніякім міждзяржаўным структурам. Вось і нам, беларусам, трэба імкнуцца да максімальнага ўмацавання свайго нацыянальнага суверэнітэту, каб на яго аснове развіваць, паглыбляць сваё эканамічнае супрацоўніцтва з усходнімі (найперш Расіяй), заходнімі, паўночнымі і паўднёвымі краінамі.
З поўнай адказнасцю сцвярджаю, што ўсе спробы кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь па стварэнні адзінай з Расіяй дзяржавы носяць да канца не прадуманы, заўчасны характар. Як нам вядома, пасля распаду СССР у кожнай са створаных на яго прасторах дзяржавах з'явілася плойма эканамічных, палітычных, а ў Беларусі яшчэ і вострых нацыянальна-культурных праблем. Без паспяхова развязвання гэтых надзённых і да таго ж яшчэ архіскладаных праблем кожнай з краін, не выключаючы і Беларусь, што маюць намер палітычна аб'яднацца, аніякі разумны саюз паміж імі практычна немагчымы. Не будзем забывацца, што вядучыя краіны Еўропы адважыліся на самую цесную інтэграцыю паміж сабой толькі пасля таго, як аднавілі і рушылі далёка наперад разбураную за час Другой сусветнай вайны гаспадарку, дасягнулі трывалай стабілізацыі палітычнай сістэмы, зрабілі непадлеглай асіміляцыі культуру, узнялі на належны ўзровень нацыянальную свядомасць сваіх народаў. Ой як да ўсяго гэтага далёка сучаснай Беларусі! Яе ўнутраныя эканамічныя, палітычныя і асабліва культурна-моўныя праблемы, не памылюся калі скажу: знаходзяцца толькі на першапачатковым этапе развязвання. У такіх неспрыяльных варунках рабіць нейкія крокі па палітычным аб'яднанні з Расіяй больш чым рызыкоўна. Гэта небяспечна для беларускай нацыі! Калі ўжо і сёння нічога не рабіць на дзяржаўным узроўні па яе этнічным аздараўленні, наша краіна праз 20―30 гадоў знаходжання ў складзе Расіі пераўтворыцца ў нацыянальна-культурным плане ў мёртвае царства бязмоўных беларусаў.
***
Няспынныя працяглыя гульні кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь з Расіяй у палітычную інтэграцыю крайне негатыўна ўплываюць на стан нацыянальна-дзяржаўнай свядомасці нашага народа. Але яшчэ не менш шкодзіць ёй афіцыйная палітыка ў сферы культуры. За час існавання Рэспублікі Беларусь у якасці самастойнай дзяржавы ніколькі не паправілася становішча ў нацыянальна-культурным жыцці яе карэннага насельніцтва. Не сакрэт, што аптымізацыі працэсаў у такім жыцці можна дасягнуць толькі праз правядзенне адпаведнай дзяржаўнай палітыкі, а паколькі ў нас яна адсутнічае, мы працягваем несці вялікія страты ў нацыянальным патэнцыяле духоўнай культуры карэннага этнасу краіны. У нас не атрымалася нават таго, што ў савецкі час прадракаў народам пасля заснавання ўласнай суверэннай дзяржавы вядомы вучоны ў галіне міжнацыянальных дачыненняў М. Джунусаў: «Стварэнне нацыянальнай дзяржаўнасці не толькі паскарае згуртаванне разрозненых частак народнасці ў адзіную нацыю, але і аблягчае развіццё агульнанацыянальнай мовы, станаўленне самасвядомасці народаў» 1. Усяго гэтага ў сучаснай Беларусі мы не бачым, асабліва ў дачыненні да нацыянальнай мовы. Выдзяленнем празмерна шырокай сацыяльнай прасторы для рускай мовы і найперш у сферы адукацыі мы не забяспечваем належнага валодання кожным беларусам сваім родным словам. У выніку адна частка беларусаў (меншая па колькасці) карыстаецца цалкам ці пераважна сваёй мовай, другая (большая па колькасці) ― рускай. Такога прэцэдэнта няма ні ў адной з краін Еўропы. Пакуль не навучым беларусаў размаўляць на роднай мове, не адбудзецца сапраўдная нацыянальная кансалідацыя іх. Больш таго, этнас можа працягваць распадацца і нарэшце канчаткова страціць сваю адметнасць, перастане існаваць.
***
Дзеля схілення беларускага народа да палітычнай інтэграцыі з Расіяй ідэалагічныя службы ўсяляк садзейнічаюць у падтрыманні ў апошнім яго настальгіі па СССР, хаця і ведаюць, што сам ход гістарычнага развіцця не дазволіць прыйсці да яго аднаўлення. У якасці настальгічнага сродку вельмі шырока выкарыстоўваецца песенны рэпертуар савецкага часу. Усяляк заахвочваецца і стварэнне новых песень у духу інтэграцыйнага працэсу. Іх асабліва любяць уключаць у рэпертуар «Славянскага базару» ў Віцебску, разлічваючы на тое, што іх з дапамогаю сродкаў масавай інфармацыі праслухаюць многія людзі і, значыцца, могуць стаць абыякавымі да створанай у выніку нацыянальнага адраджэння суверэннай беларускай дзяржавы. Асабліва не адпавядалі ідэі беларускай нацыянальнай незалежнасці песні, якія ў розныя гады выконвалі на «Славянскім базары» рускія спявачкі Маша Распуціна ― «Две сестры», Кацярына Шаўрына ― «По-русски за русских поднимем бокал», а таксама хор кубанскіх дзяцей ― «Кто так страшно предал наш Союз». Не гэтак у ролі спявака, як палітыка, выступаў на «Славянскім базары» Алег Цівуноў з песняй «Где ж ты, Родина моя?» Вельмі часта ў абход нацыянальнага інтарэсу выступае вядомы на Беларусі ансамбль «Сябры» пад кіраўніцтвам Анатоля Ярмоленкі.
***
Шчыра ўлюбёнаму ў свой край беларусу моцна баліць на душы, што ва ўсёй дзейнасці нашай дзяржавы практычна не адчуваецца належных клопатаў пра захаванне і прымнажэнне нацыянальнага ў культуры і адукацыі. Наадварот, гэтыя вырашальныя для кожнага народа сферы яна ўсяляк імкнецца ― і даволі паспяхова ― наблізіць да чагосьці чужога, уяўна агульнапланетарнага і дзеля збліжэння, растварэння ў ім рашуча адсякае ад уласнага нацыянальна-духоўнага арганізма найбольш яго адметныя, спецыфічныя складовыя часткі. Пры гэтым з самай вялікай непавагай улады і верныя ёй элітарныя пласты грамадства ставяцца да беларускай мовы, са страхам бачачы ў апошняй асноўны фактар нашай адметнасці, этнічнай самабытнасці. А ці ж можна баяцца ці ганіць іх? Мо лепш прыслухацца, што пра такія якасці і вартасці кожнага цывілізаванага народа гавораць разумныя людзі, у прыватнасці сучасны славенскі паэт Вена Таўфер: «З усведамлення свайго непадабенства, адметнасці, несамадастатковасці, ранлівасці мы якраз і чэрпаем сваю самасвядомасць, самастойнасць, ідэнтычнасць» 1. Бясспрэчна, у навучальных і культурных установах павінны гучаць мовы і песні іншых народаў, але калі з-за іх празмернага распаўсюджвання толькі дзе-нідзе ледзь прыкметна прабіваюцца на паверхню беларускія слова і песня, трэба народу, а найперш яго дзяржаве, інтэлігенцыі біць трывогу.
Нельга запярэчыць і наступным словам згаданага славенскага паэта: «Будучая Еўропа будзе альбо кантынентам разнастайных Еўропаў, альбо яе зусім не будзе» 2. Сёння ніводная дзяржава Еўропы з такой сілай не руйнуе ўласную разнастайнасць, як Беларусь, зусім не разумеючы, што з-за нядбання нацыянальна-спецыфічнага ў сваёй культуры яна будзе проста не ў стане зрабіць нейкі істотны ўнёсак у духоўны еўрапейскі патэнцыял.
***
Не будучы зацікаўленым у падтрыманні ў беларусаў на высокім ўзроўні гонару за наяўнасць у іх уласнай дзяржавы, яе кіраўніцтва ніяк інакш не называе Рэспубліку Беларусь, як шматнацыянальнай краінай. З вуснаў палітычнай эліты яшчэ ні разу не прагучалі словы, што беларусы ― гэта дзяржаўны народ краіны, яе тытульная нацыя і, значыцца, мае прыярытэтныя правы на нацыянальна-культурнае развіццё паводле сваіх прыродных традыцый. З лёгкай падачы палітыкаў, афіцыйных ідэолагаў і многія даволі вядомыя навукоўцы таксама вельмі часта ў дачыненні да Беларусі ўжываюць тэрмін шматнацыянальная краіна. Ці апраўдана такое вызначэнне яе нацыянальна-дзяржаўнага статусу? У сусветнай практыцы да катэгорыі поліэтнічных дзяржаў прынята адносіць тыя з іх, дзе два і больш народаў жывуць на сваёй гістарычнай (этнічнай) тэрыторыі, маюць пэўную форму палітынага самакіравання, у межах свайго рассялення забяспечваюць адметнае ад іншых этнакультурнае развіццё. У якасці тыповага прыкладу можна прывесці Швейцарыю, дзе і немцы, і італьянцы, і французы належаць да ліку дзяржаўных народаў, у аднолькавай ступені з'яўляюцца палітычнымі суб'ектамі гэтай канфедэратыўнай краіны. У нас жа толькі адны беларусы маюць у межах Рэспублікі Беларусі гістарычную (этнічную) тэрыторыю і з'яўляюцца тытульным, дзяржаўным народам. Уся ж астатняя частка насельніцтва краіны ― гэта толькі прадстаўнікі розных нацый і народнасцяў, з якіх амаль усе дзесьці на планеце Зямля маюць свае дзяржавы, стварылі і развіваюць у межах сваіх метраполій адметныя, самабытныя культуры. Усе адгалінаванні карэннага насельніцтва гэтых метраполій, што жывуць на Беларусі, не могуць узводзіцца і карыстацца тут статусам этнасу, народа, нацыі, бо яны толькі прадстаўнікі апошніх. Любы з іх не мае права на якую-небудзь форму палітычнай аўтаноміі ў межах Рэспублікі Беларусь, а вось садзейнічаць кульутрнаму развіццю сваіх нацыянальных мяншыняў яе ўрад абавязаны, што прадугледжана і ў рознага роду международных дакументах. Аднак галоўны абавязак любой краіны, у т.л. і Беларусі, забяспечыць прыярытэтнае развіццё нацыянальнай культуры свайго дзяржаўнага народа, усяляк засцерагаючы яго ад культурна-моўнай асіміляцыі, у т.л. і з боку якой-небудзь мясцовай этнічнай групы, што якраз ужо не першае дзясяцігоддзе назіраецца ў нашай краіне, што зніжае аўтарытэт яе палітычнага ладу ва ўяўленнях той часткі карэннага насельніцтва, якая не адышла ад бацькоўскіх традыцый. Для яе сучасная беларуская дзяржава не атаясамляецца з нацыянальнай.
Гэта велізарны парадокс: мець уласную дзяржаву і не лічыць яе нацыянальнай з-за таго, што яна праводзіць палітыку, не адпаведную культурна-моўнаму ідэалу тытульнага народа. У такіх варунках ён можа стаць зусім абыякавым да ўласнай дзяржаўнасці, раўнадушным да гандлю ёю якімі-небудзь бязроднымі палітыкамі. А гэта вельмі страшна. Не будзем забывацца, што ў сваім палітычным развіцці народам да гэтага часу не ўдалося стварыць нічога больш вартаснага і велічнага за нацыянальную дзяржаву. Калі яна па-сапраўднаму незалежная, суверэнная ― гэта самы надзейны гарант, што яе тытульны народ нягледзячы на любыя цяжкасці і выпрабаванні з цягам часу выйдзе на шырокія прасцягі эканамічнага і сацыяльна-культурнага развіцця, не стане аб'ектам асіміляцыі з боку якіх-небудзь знешніх ці ўнутраных сіл. У суверэннай нацыянальнай дзяржавы заўсёды хапае сродкаў, каб забяспечыць свайму народу ўмовы для самабытнага этнакультурнага развіцця. Таму гісторыі не вядомыя выпадкі этнічнага заняпаду і вымірання народаў у поўным сэнсе слова суверэнных нацыянальных дзяржаў. Затое як яна багатая на выпадкі не біялагічнага, а этнічнага знікнення з палітычнай мапы народаў, што не паспелі забяспечыць сваёй краіне суверэнітэт ці па якіх-небудзь прычынах страцілі яго. У гэтых неспрыяльных варунках дээтнізацыя дашчэнту разбурала нават народы з багатымі і арыгінальнымі культурнымі набыткамі. Такога роду шкодны працэс набывае асабліва небяспечны характар у нашыя дні, паколькі з дапамогай самых сучасных сродкаў інфармацыі культурныя каштоўнасці вялікіх народаў могуць вельмі лёгка і бесперашкодна распаўсюджвацца, растаптваць духоўную спадчыну невялікіх паводле сваіх памераў краін, рэальна пагражаючы культурна-моўнай асіміляцыяй іх карэннага насельніцтва, старэйшыя пакаленні якіх самі проста не ў стане абараніць сваю маладую змену ад празмернага чужога культурнага ўплыву. Затое надзейны кітайскі мур можа ўзвесці супроць яго суверэнная нацыянальная дзяржава. Тое ж самае пра апошнюю можна сказаць датычна супрацьстаяння адных народаў супроць другіх у эканамічнай сферы. Але гэта ўжо зусім новая праблема. Аднак і аднаго культурнага аспекту цалкам дастаткова для высновы, што з гадамі прэстыжнасць суверэннай нацыянальнай дзяржавы не толькі не спадзе, а, наадварот, яшчэ больш вырасце, калі ў духоўнай сферы краіны будзе аддадзена вядучая роля яе ўласным прыродным традыцыям.
***
З лета 1994 г. Рэспубліка Беларусь свой дзяржаўны суверэнітэт забяспечвае ў апоры на прэзідэнцкую формы ўлады. Узначальвае яе адна і тая ж асоба ― Аляксандр Лукашэнка. У час кожных прэзідэнцкіх выбараў (19 снежня 2010 г. адбыліся чацвёртыя па ліку) ён выходзіць пераможцам. Найбольш за ўсё спадзяванняў на змену палітычнага лідэра № 1 было ў людзей падчас апошніх выбараў. Яшчэ да выбараў заставалася 1,5―2 месяцы, а ўжо сродкі масавай інфармацыі пачалі няспынным патокам забяспечваць народ датычнымі гэтай лёсавызначальнай падзеі матэрыяламі. Аўтарамі іх былі не толькі афіцыйныя асобы, але і шараговыя выбаршчыкі. Асабліва ахвотна іх пускаў на свае старонкі перыядычны апазіцыйны друк. Кідалася ў вочы мноства досыць пераканаўчых выказванняў пра немэтазгоднасць абрання сённяшняга Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі на гэтую пасаду ўжо ў чацвёрты раз запар. З такімі меркаваннямі пагаджаюся і я. Зараз сярод цывілізаваных краін свету такое практычна не назіраецца. Падоўгу, а не дык і да самой смерці ― натуральнай ці зарганізаванай ― сядзяць у прэзідэнцкім крэсле толькі ў краінах, якія належаць да аўтарытарных, таталітарных. Больш чым дваццацігадовае суверэннае існаванне Беларусі нягледзячы нават на адсутнасць у ёй сапраўднай дэмакратыі, на забойства шэрагу выбітных грамадска-палітычных дзеячоў, не прывяло да таго, каб у нас не было з каго выбіраць новага прэзідэнта, па ўсіх параметрах вартага сучаснаму. Такіх асобаў у нас сотні, толькі перад імі ўзведзены непераадольныя перашкоды на шляху да прэзідэнцкай пасады, хаця пэўныя прагрэсіўныя змены пад уздзеяннем знешняга фактару і ўнесены ў практыку правядзення выбараў. Як-ніяк нас жа каля дзесяці мільёнаў чалавек. З іх без асаблівых цяжкасцяў можна знайсці замену любому, нават самаму здольнаму, таленавітаму палітычнаму лідэру, не выключаючы і самага першага сярод іх.
Сусветны досвед, у т.л. і беларускі, пераканаўча сведчыць, што знаходжанне на пасадзе прэзідэнта краіны адной і той жа асобы, не выключаючы і добра прыдатнай да палітычнай дзейнасці, на працягу двух-трох і больш тэрмінаў параджае шмат негатыўных момантаў. Ці ж гэта не абавязвае ідэалагічныя структуры супольна са сродкамі масавай інфармацыі ствараць яму так неабходны ў падобных выпадках культ асобы, а адпаведныя органы ў два-тры разы павялічыць штаты высокааплатных супрацоўнікаў па яго надзейнай ахове. Ніяк нельга апраўдаць, што з бюджэта на ўтрыманне службы бяспекі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь штогод асігноўваецца больш фінансавых сродкаў, чым на жыллёва-камунальныя паслугі і жыллёвае будаўніцтва. Адбываецца такое ў немалой ступені і таму, што Беларусь у разліку на пэўную колькасць насельніцтва мае міліцыянераў у чатыры-пяць разоў больш, чым гэта назіраецца ў па-сапраўднаму дэмакратычных краінах Еўропы. Аднак нягледзячы на такую несуразмернасць, беларусы не адчуваюць асаблівай упэўненасці ў сваёй бяспецы, бо абсалютная бальшыня міліцыянераў ахоўвае не іх жыццё, а ўсталяваны ў краіне палітычны рэжым. Час канчаць з такой заганнай практыкай, калі лейтэнанту камандзіру ўзвода АМАН плацяць у два разы больш, чым прафесару, інакш праз пяць-дзесяць гадоў увесь інтэлект беларускага народа перацягнем у штаты сілавых структур.
Відавочная ўсім і кожнаму супярэчная здароваму сэнсу практыка працяглай нязменнасці галоўнага палітычнага лідэра нібыта якоесьці наканаванне перадаецца і на іншыя эшалоны ўлады. Больш таго, гэта хвароба распаўсюджваецца і на рознага роду партыі, дэмакратычныя рухі, грамадскія культурна-асветныя аб'яднанні. Некаторыя з іх кіраўнікоў па дзесяць і больш гадоў ходзяць у лідэрах, хаця не могуць пахваліцца нават самымі мінімальнымі дасягненнямі. Як цяжка пасля ўсяго гэтага ўстрымацца і не сказаць: «Рыба гніе з галавы». Усіх рангаў кіраўнікам хачу парэкамендаваць не глядзець на сябе, як на Напалеона, а на ўсіх астатніх, як на шараговых жаўнераў.
Набытая чалавецтвам практыка паказвае, каб дыктатару ўтрымацца ў крэсле да глыбокай старасці, а то і да самой смерці, патрэбна абапірацца не толькі на ўжо як след сфармаваных палітыкаў, але і на юную змену, хаця яна не мае за спінай аніякага жыццёвага досведу. Вось гэта акурат і дае таталітарнаму рэжыму магчымасць навязаць сваю волю такой змене. Асабліва добра ўдавалася гэта рабіць адпаведным уладам з камсамолам (СССР), гітлерюгендам (фашысцкая Германія), хунвэйбінамі (Кітай пры Мао Дзэ-Дуне). І прэзідэнцкай уладай Рэспублікі Беларусь даволі хутка адчулася пільная патрэба стварыць сабе магутную, надзейную апору з ліку моладзі. Прыспешваў факт актыўнага ўдзелу яе ў нацыянальна-адраджэнскім працэсе. Ніхто так рашуча, як моладзь, не выступаў у абарону беларускай мовы ― гэтай ненавісніцы дзяржаўнага чыноўніцкага апарату. Востра рэагавалі маладыя пакаленні беларусаў на любыя спробы ўладаў атрымаць нейкую для сябе выгоду праз абмежаванне палітычнага суверэнітэту РБ, ствараючы супольна з Расіяй адзіную саюзную дзяржаву. Такая нацыянальна свядомая моладзь не патрэбна была прэзідэнцкай вертыкалі, і яна дала пуцёўку ў жыццё цалкам падначаленаму ёй Беларускаму рэспубліканскаму саюзу моладзі (БРСМ). Штогод дзяржава выдзяляе апошняму палову з гакам ад тых фінансавых сродкаў, якія яна адпускае на жыллёва-камунальныя паслугі і жыллёвае будаўніцтва! Грамадства ж у цэлым не адчувае на сябе аніякай карысці ад існавання такога прапрэзідэнцкага саюза моладзі. Грошы ідуць на вецер. Не зафіксавана аніводнага сур'ёзнага акта ўдзелу БРСМ у нацыянальна-адраджэнскім руху. Хутчэй наадварот, паколькі створаная пад Прэзідэнта краіны моладзевая арганізацыя належыць да актыўных носьбітаў рускага духу на Беларусі. Ні разу не даводзілася пачуць, каб нават хто-небудзь з нізавых звёнаў кіраўніцтва БРСМ публічна карыстаўся роднай мовай тытульнай нацыі. Правільны адказ на такую недарэчную практыку знайсці вельмі проста: беларуская мова выключана з афіцыйнага ўжытку ўсіх структур таталітарнай сістэмы кіравання краінай.
Гэтая ж прасякнутая прарускім духам сістэма робіць усё, каб не дапусціць на Беларусі сапраўднага росквіту яе нацыянальнай культуры. З лёгкай падачы Прэзідэнта краіны дзяржаўны прыярытэт забяспечваецца ў нас не толькі за рускай мовай, але і рускай культурай. Іх носьбітамі, прычым часта даволі актыўнымі, не могуць не быць і сябры БРСМ ― дзеці прэзідэнцкай вертыкалі. Ад яго кіраўніцтва не пачуеш беларускай мовы, а ад саміх сяброў гэтай арганізацыі беларускай песні. Усю сваю культурную дзейнасць яны зводзяць да адной адзінай мэты: садзейнічаць стварэнню адзінай з Расіяй саюзнай дзяржавы. Праблема гэта надзвычай складаная і непрадбачная сваімі наступствамі. Нават добра дасведчаныя палітыкі не могуць прадугадаць, што станецца з Беларуссю праз пяць-дзесяць гадоў знаходжання ў такой дзяржаве. Я, напрыклад, лічу, што закончыцца гэта поўнай стратай нацыянальнага суверэнітэту і канчатковай русіфікацыяй беларусаў. Сяброў жа БРСМ настойліва схіляюць падтрымаць такі небяспечны эксперымент дзяржаўнага будаўніцтва. Мною ж галоўны накірунак усёй працы моладзі бачыцца ва ўключэнні яе ў Беларускае нацыянальна-культурнае адраджэнне. Шкада толькі, што гэтаму ніколькі не дапамагаюць улады, бо добра разумеюць: як моладзь спрэс загаворыць па-беларуску, стане актыўным носьбітам уласных, а не накінутых звонку нацыянальна-культурных стандартаў, на такі адраджэнскі шлях з цягам часу непазбежна стане ўсё наша грамадства. Калі ў прэзідэнцкім крэсле адбудуюцца змены ― а яны крайне неабходныя для будучыні беларускага народа, ― новы палітычны лідэр зможа выратаваць краіну ад поўнай страты яе дзяржаўнага суверэнітэту, этнакультурнай самабытнасці, абапіраючыся толькі на моладзь цвёрдай нацыянальнай арыентацыі.
Нельга не адзначыць такой акалічнасці, што ўсе аўтарытарныя, таталітарныя рэжымы, каб падтрымаць свайго бяззменнага палітычнага лідэра, забяспечыць папулярнасць яго асобы ў народзе, вельмі шмат увагі надаюць арганізацыі рознага роду масавых відовішчаў, як правіла, дарагіх для дзяржаўнага бюджэту. Роўных па правядзенні такіх мерапрыемтсваў не было фашысцкай Германіі, бальшавіцкаму СССР. І было б памылковым адмаўляць, што яны (мерапрыемствы) не спрыялі росту папулярнасці, аўтарытэту гэтых таталітарных рэжымаў у свядомасці нямецкага і савецкага народаў. І пазней падобнай практыкі не цураліся аўтарытарныя, таталітарныя рэжымы. Папулярная яна і сёння ў іх. Выключэннем не з'яўляецца і Рэспубліка Беларусь. Яе ўлады дзеля стварэння і падтрымання на належным узроўні культа асобы кіраўніка краіны таксама добра налаўчыліся ладзіць рознага роду шматлюдныя відовішчы. Звычайна іх правядзенню папярэднічаюць працяглыя масавыя трэніроўкі ўдзельнікаў намечаных мерапрыемстваў. Людзей адцягваюць ад выканання сваіх службовых абавязкаў, не зніжаючы зарплаты, вызваляюць ад вучобы. Прычым для бальшыні гэта зусім не жаданы абавязак. Не шкадуюць у такіх выпадках сродкаў на шквальныя салюты, празмерныя фейерверкі, ілюмінацыі і г.д., бо лічаць, што так можна паспрыяць і надалей заставацца прэзідэнту ў сваім крэсле. І трэба сказаць: не памыляюцца. 19 снежня 2010 г. прынесла чарговую чацвёртую перамогу для А. Лукашэнкі. Многім заклапочаным будучыняй роднай Бацькаўшчыны нічога не застаецца, як рыхтавацца, прычым ужо сёння, а не заўтра, да чарговага па-ранейшаму нялёгкага змагання за прэзідэнцкае крэсла.
***
Па-сапраўднаму суверэнная дзяржава павінна мець вельмі ўзважаную адпаведную яе гісторыі, геаграфічным, прыродна-кліматычным асаблівасцям, этнакультурным адметнасцям тапанімію. У найбольшай ступені з дадзенай праблемай даводзіцца сутыкацца дзяржавам, што атрымалі незалежнасць пасля распаду буйной шматнацыянальнай імперыі, тытульны народ якой пастараўся ў сваіх інтарэсах навязаць ім чужую, каланіяльнага характару тапанімію. Менавіта такую атрымала ў спадчыну ад СССР маладая незалежная Рэспубліка Беларусь. З прычыны дрэннага валодання беларускай мовай ці проста наўмысна з мэтай русіфікацыі ў нас за гады савецкай улады для наймення населеных пунктаў (хутчэй за ўсё пры іх бесталковым перайменаванні) ужыта нямала слоў, зусім не ўласцівых лексіцы нашай мовы: Атраднае, Акцябр, Акцяброва, Акцябрск, Акцябрскі, Заветная, Зернавая, Знамя, Лучазарная, Пабеда, Сірэняўка…
Нацыянальна-патрыятычныя сілы спадзяваліся, што пасля скону СССР беларускія ўлады адразу ж возьмуцца выпраўляць становішча, бо пакідаць надалей такія знявечаныя назвы населеных пунктаў ― г.зн. не паважаць, здзеквацца з саміх сябе. Памыліліся. Таму яшчэ і сёння перад намі непачаты край працы ў такой важнай нацыянальнай справе, як тапанімія. Гэта толькі ў каланіяльна залежных краінах інтарэсы няпрошанага гаспадара могуць быць куды лепш увасоблены ў ёй, чым мясцовых жыхароў.
Ці ж нельга абурацца і такой заганнай практыкай, што прыкладна 80 працэнтаў нашых прадпрыемстваў і ўстаноў, вуліц, паркаў, сквераў носяць імёны людзей, якія ніяк не прывязаны да гісторыі, культуры Беларусі? Больш за тое, сярод іх ёсць асобы з самымі негатыўнымі, варожымі поглядамі на беларускую нацыянальную ідэю. Бальшыню з нас ніколькі не закранае, што і па сёння Брэсцкая абласная бібліятэка носіць імя А. М. Горкага, Віцебская ― імя Леніна, Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт ― імя А. С. Пушкіна… нібыта ў краіне зусім няма сваіх выбітных асобаў, якія заслугоўваюць падобнага роду ўганаравання. Іх жа ў нас легіён! Установы адукацыі, культуры, навукі павінны насіць імёны нацыянальных дзеячоў Беларусі, а не якіх-небудзь іншых краін. У іх жа ніхто з беларусаў не заслужыў такой вялікай пашаны, дык чаго мы так прыніжаем сябе, адбіваем нізкія паклоны чужому?
У многіх выпадках зусім не адпавядае нацыянальнаму інтрэсу знадворнае і ўнутранае афармленне памяшканняў нашых прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый. Як стала пошнім часам вядома нават сярэднестатыстычнаму беларусу, у нас процьма выдатных людзей жыла і працавала ў далёкія і не так далёкія часы айчыннай гісторыі. А вось прыглядзіцеся, да прыкладу, на партрэтнае афармленне калідораў вышэйшых навучальных устаноў, і вы з дзесяці акадэмікаў ці прафесароў добра калі знойдзеце хоць аднаго беларуса. З такой з'явай можна было мірыцца ў даваенны час альбо ў першыя два дзясяцігоддзі пасля вайны, калі існаваў востры дэфіцыт на айчынных таленавітых асобаў. Зараз жа дзеля такой мэты амаль у кожнай ВНУ дастаткова сваёй прафесуры. Толькі нельга выкарыстоўваць імёны тых асобаў, што бэсцілі, усяляк шкодзілі беларускай нацыянальнай справе.
***
Ад першых дзён абвяшчэння Беларусі суверэннай дзяржавай стала весціся ажыўленая палеміка датычна будучага палітычнага ладу. Вельмі шмат адукаваных, з багатым досведам працы ў самых высокіх эшалонах улады асобаў перавагу аддавала парламенцкай рэспубліцы над прэзідэнцкай формай кіравання. Прычым нават бальшыня прыхільнікаў апошняй выступала за істотныя абмежаванні правоў прэзідэнта, каб не дапусціць з цягам часу ўсталявання ў краіне аўтарытарнай, а на худы канец ― таталітарнай сістэмы кіравання. Па вядомых прычынах Беларусь стала прэзідэнцкай рэспублікай з неабмежаванымі паўнамоцтвамі яе палітычнага лідэра. Адны бачаць у гэтым толькі мінусы, другія ― вялікі плюс. Забараніць мець такія процілеглыя погляды ніхто не мае права.
Аўтар дадзеных радкоў з'яўляецца прыхільнікам парламенцкай рэспублікі. Ён найбольш за ўсё дакарае прэзідэнцкую вертыкаль за найвялікшыя промахі ў ажыццяўленні нацыянальна-культурнай палітыкі, што крайне ўскладніла развязванне праблемы захавання беларусаў як самабытнага этнасу. Больш сур'ёзнай за яе няма ў сучаснай беларускай дзяржавы праблемы. Дзіву даешся, што прэзідэнцкая ўлада нават пальцам не кранула дзеля яе развязвання, каб нарэшце адвесці ад беларусаў гэтую страшэнную бяду. Відаць, не палічыла патрэбным. За больш як 15 гадоў існавання адарванай ад нацыянальнага ідэалу ўлады не пераведзены педагагічны працэс з рускай мовы на беларускую ў ніводнай з вышэйшых навучальных устаноў! Сёння, як і раней, яны ўзгадоўваюць нацыянальных дэгенератаў, якія з выхадам у самастойнае жыццё амаль цалкам няздольныя выкарыстоўваць беларускую мову, калі такога патрабуюць абставіны. Да немагчымага звузілі сферу ўжывання беларускай мовы ва ўсіх іншых тыпах навучальных устаноў, у сферы культуры, афіцыйных сродках масавай інфармацыі. Бессаромна грэбуюць родным словам тытульнага народа органы дзяржаўнай улады, міністэрствы і ведамствы, падначаленыя ім прадпрыемствы і ўстановы. Дзяржава зрабіла ўсё залежнае ад яе па спыненні нацыянальна-адраджэннага руху беларусаў. Цяжка паверыць, але ад часу ўсталявання прэзідэнцкай улады ў Рэспубліцы Беларусь (ліпень 1994) дзяржавай не прынята аніводнага нарматыўнага акта, скіраванага на ўзмацненне сацыяльнай ролі беларускай мовы! Гэтай адзінай візітоўкі на права называць нашу краіну Беларуссю, а яе народ ― беларускім! І ўсё гэта таму, што Рэспубліку Беларусь узначальвае палітычны лідэр прарускай арыентацыі.
Не лягчэй стане беларусам, калі іх лёсам будзе распараджацца Прэзідэнт прапольскай, праўкраінскай, пралітоўскай арыентацыі. Пры страшэннай размытасці нацыянальнай самасвядомасці нашага народа яго не складана пад гучныя апладысменты дэпутатаў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь павесці ў любым напрамку ад роднай культуры і мовы, масавым носьбітам якіх ён (народ) ужо даўно не з'яўляецца. З такой кволай нацыянальнай самасвядомасцю беларусамі куды цяжэй будзе забаўляцца, як з разменнай манетай, пры парламенцкай форме кіравання краінай, калі лёс яе будзе вырашацца не аўтарытарнымі метадамі, а шляхамі галасавання прадстаўнікоў калектыўнага органа. З дзвюх-трох соцень дэпутатаў парламента абавязкова знойдуцца людзі, якія смела пададуць голас у абарону нацыянальнай культуры і мовы Беларусі, чаго не назіраецца пры панаванні ў ёй сучаснай аўтарытарнай сістэмы кіравання. Аднак можа здарыцца такое, што пэўныя сілы перашкодзяць і ў бліжэйшыя 4―5 гадоў замяніць прэзідэнцкую форму кіравання краінай на парламенцкую. Тады трэба прыкласці ўсе намаганні, каб абраная на пасаду Прэзідэнта асоба магла кіраваць краінай толькі на працягу аднаго тэрміна ― 5 гадоў. Сярод амаль 10-мільённага насельніцтва Рэспублікі Беларусь заўсёды лёгка знайсці замену яе галоўнага палітычнага лідэра. Трэба ўсім і кожнаму цвёрда ўсвядоміць, што для ледзь не пажыццёвага Прэзідэнта і яго атачэння бестэрміновае знаходжанне ва ўладзе непараўнальна вышэй за нацыянальныя інтарэсы ўласнага народа, чаму ніяк нельга садзейнічаць нам сваёй беларускай талерантнасцю.
Нязменнасць Прэзідэнта немінуча вядзе да ўсталявання ў краіне аўтарытарнага, а ў горшым выпадку ― таталітарнага палітычнага рэжыму. З усімі гэтымі адмоўнымі з'явамі даволі добра давялося сутыкнуцца беларускаму грамадству на працягу апошняга пятнаццацігоддзя. Таму не будзем двойчы наступаць на адны і тыя ж граблі, набіваючы сінякі на ўласным ілбе. Яшчэ раз паўтару: досыць лейтэнанту камандзіру ўзвода АМАП плаціць заробак у два разы большы, чым прафесару. Такое практыкуецца толькі ў дзяржавах з паліцэйскімі метадамі кіравання.
Прыклады шкоднай для грамадства практыкі бяззменнага знаходжання адной і той жа асобы на пасадзе прэзідэнта краіны на працягу некалькіх тэрмінаў няцяжка было б прадоўжыць. Але і прыведзеных дастаткова, каб стаць перакананым прыхільнікам рэгулярнай змяняльнасці Прэзідэнта краіны. Хаця пра гэта ўжо пісалася вышэй, яшчэ раз адзначу, што эталонам для нашага дзяржаўнага будаўніцтва павінна быць не прэзідэнцкая, а парламенцкая сістэма кіравання краінай. Калі захаваецца першая ды накшталт сённяшняй яшчэ будзе вызначацца і прарускай арыентацыяй, тады беларусам давядзецца канчаткова развітацца з надзеяй захаваць сябе ў якасці самабытнага этнасу. Цяжка паверыць, што сам народ, мова якога на працягу многіх дзесяцігоддзяў выведзена афіцыйнымі ўладамі з усіх сфераў дзейнасці чалавека, знойдзе ў сабе сілы кардынальным чынам змяніць становішча. Тут не абысціся без пазітыўнага ўмяшання дзяржавы. Не будзем забывацца, што і вяртанне ў грамадскі ўжытак роднай мовы тытульных нацый Чэхіі, Ізраіля адбылося на дзяржаўнай аснове. Толькі з дапамогай такога фактару можна ўзвесці на дзяржаўны п'едэстал і беларускую мову.
***
Мала пра што мы так шмат і з вялікай заклапочансцю гаворым і пішам (прычым два дзясяткі гадоў з гакам!), як пра сваю родную беларускую мову. Гэтую лёсавызначальную для ўсяго народа праблему ўзнімаюць не тыя, каму можа няма чаго рабіць, а самыя паважаныя ў грамадстве людзі, яго сапраўдная эліта. А вось самыя высокія эшалоны дзяржаўнай улады, што сваім майскім рэферэндумам 1995 г. загубілі беларускую мову, гуляюць у маўчанку нібыта іх гэта і не датычыць. Не ведаю, хто ў такой сітуацыі асмеліцца назваць існы ў краіне дзяржаўны лад нацыянальным, а яе ― суверэннай. Нішто так не падрывае палітычнай самастойнасці, аўтарытэту дзяржавы, як карыстанне мовай якой-небудзь чужой краіны. У нашым выпадку ― Расіі. Сучасная Рэспубліка Беларусь, будучы так моцна залежнай ад чужых культурна-моўных стандартаў, не адпавядае статусу суверэннай дзяржавы.
***
У нацыянальным вымярэнні ўсе гады існавання ў Беларусі прэзідэнцкай сістэмы кіравання былі гадамі раскідання камянёў. Ніхто, як яна не нясе такой вялікай адказнасці за франтальнае выключэнне беларускай мовы з грамадскага жыцця, што прывяло яго да поўнай нацыянальнай дэградацыі. Нават падчас ажыццяўлення на тэрыторыі Беларусі ў гады фашысцкай акупацыі людаедскага плана «Ост» не існавала такой рэальнай пагрозы страты этнакультурнай самабытнасці яе карэнным насельніцтвам, як гэта сёння спрэс назіраецца на практыцы. Пракляты кат беларускага народа гаўляйтар Вільгельм Кубэ ў вузкім коле даверлівай яму нацыянальнай інтэлігенцыі не-не ды перакідваўся некалькімі беларускімі слоўцамі, а сённяшняе кіраўніцтва баіцца іх, як чорт ладану. З прычыны такога ганебнага стаўлення ўладаў суверэннай Рэспублікі Беларусь да мовы яе тытульнага народа нават цвёрдай нацыянальнай арыентацыі, заўжды беларускамоўныя культурныя дзеячы, як міністр культуры РБ Павел Латушка і дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Уладзімір Пракапцоў пры сустрэчы ў верасні 2010 г. у гэтай шаноўнай установе з Александрам Лукашэнкам не адважыліся застацца адданымі роднаму слову, а карысталіся разам з першым палітычным лідэрам краіны рускай мовай ― у сённяшніх нашых варунках мовай прэзідэнцкай, урадавай. Такога рэверансу П. Латушкі і У. Пракапцова ў бок апошняй ніяк нельга апраўдаць.
***
Рэальны, а не папяровы дзяржаўны суверэнітэт ― гэта магутны фактар захавання, выжывання і росквіту любога этнасу. Так было раней, так ёсць сёння. Агульнавядома, што ў ходзе палітычнага развіцця народаў Еўропы адбылося змяшчэнне іх межаў, у выніку чаго, як пісаў Ф. Энгельс, «амаль ад кожнай вялікай нацыі аддзяліліся некаторыя часткі яе арганізму». Які ж лёс напаткаў такія часткі? Самы розны. Тыя часткі колішняга вялікага народа, якія, нават апынуўшыся па-за межамі сваёй этнічнай тэрыторыі, змаглі захаваць ці набыць хоць у самай недасканалай форме статус аўтаноміі, працягвалі жыць і развівацца, а тым, што аказаліся пазбаўленымі такога, лёс наканаваў паступовае выміранне. У якасці першага прыкладу, г.зн. шчасліўчыкаў, можна назваць часткі нямецкай, французскай і італьянскай нацый, што ўтварылі Федэратыўную Швейцарскую рэспубліку, а ў якасці другога, г.зн. нешчасліўчыкаў ― нямецкія правінцыі Эльзас і Латарынія Францыі. Але ні ў першым, ні ў другім выпадках ніводная з адгалінаванняў асноўнай нацыі не імкнецца да аб'яднання з апошняй. Чаму? Адказ для Швейцарскай рэспублікі такі: і нямецкай, і французскай, і італьянскай супольнасцям тут забяспечваюцца самыя аптымальныя ўмовы для нацыянальнага развіцця. Ніводнай з іх не пагражае асіміляцыя, таму адсутнічае ўсялякі страх за будучыню. Эльзас і Латарынія не імкнуліся да сваёй колішняй метраполіі Германіі таму, што яна ім не забяспечыла б тых сацыяльных выгод і палітычных свабод, на што пастаянна ішлі ўлады больш дэмакратычнай Францыі. У апошні ж час адсутнічае цяга ў насельніцтва Эльзаса і Латарыніі да ўз'яднання з Германіяй галоўным чынам таму, што яно ў вялікай ступені афранцужана. Згадваю пра гэта таму, каб адбіць ахвоту ў многіх беларусаў, не выключаючы высокага рангу палітыкаў і вядомых інтэлектуалаў, на палітычную інтэграцыю з Расіяй.
***
Сваёй адкрыта прарускай дзяржаўнай культурна-моўнай палітыкай сучасныя ўлады нашага краю, як нічым іншым, добра правакуюць у шавіністычнай арыентацыі палітыкаў, ідэолагаў і інтэлігенцыі Расіі настроі на яго інкарпарацыю ў склад апошняй. Іх ніколькі не задавальняюць планы ўтварэння федэрацыі з раўнапраўным існаваннем у ёй дзвюх дзяржаў ― Расіі і Беларусі. Толькі поўнае, пазаканкурэнтнае панаванне ў нашай культуры беларускага пачатку дапаможа хоць у нейкай ступені ўтаймаваць прэтэнзіі ўсходняга суседа стаць гаспадаром на землях, якія ў самыя цяжкія часы нацыянальнай гісторыі належалі да ненаеднай на чужыя тэрыторыі Расійскай імперыі. Пакуль жа рускі фактар будзе дамінантай у дзяржаўнай культурнай палітыцы Рэспублікі Беларусь, пакуль гучнае рэха рускай мовы на яе тэрыторыі будзе даносіцца, чуваць аж у самой Маскве, датуль будуць выношвацца тут агрэсіўныя планы па далучэнні нашай Бацькаўшчыны да Расіі на правах звычайных для гэтай краіны адміністрацыйных губерняў.
***
Як ніколі цяжкае, непрадбачанае становішча з выратаваннем беларускага народа ад канчатковага растварэння ў рускай культурна-моўнай стыхіі не раз прымушала мяне задумацца, а што я рабіў бы стаўшы Прэзідэнтам краіны. Іншага варыянту не знаходзіў, як толькі ў першыя ж дні выбрання на гэтую пасаду звярнуцца да народа з адмысловай прамовай з выкладам у ёй асноўных захадаў улады па пераадоленні нацыянальнай дэградацыі беларускага народа. Яна мела б такі змест:
Дарагія суайчыннікі! Многіх з Вас, напэўна, здзівіць, што ў сваёй прамове я на першае месца вылучаю беларускую мову. Хачу Вас запэўніць, што такой увагі яна і сапраўды заслугоўвае. Ведайце, што па-за роднай мовай рана ці позна завяршаецца жыццё любога народа, нават з багатымі гістарычнымі традыцыямі, развітой культурай. Сёння і маладасведчаны чалавек бачыць, што беларусаў ужо амаль цалкам адарвалі ад роднай мовы. Але яшчэ не страчаны апошні шанец выратаваць іх ад этнічнага вымірання. Таму не будзем марудзіць. Хутчэй усёй грамадой за вялікую справу! Галоўная сутнасць сучаснай дзяржаўнай палітыкі па адраджэнні, умацаванні ў грамадстве пазіцый беларускай мовы заключаецца ў тым, каб як мага хутчэй перадаць ёй усе сённяшнія сацыяльныя функцыі рускай мовы. Гэта адразу ж станоўча адаб'ецца на стане нацыянальнай культуры, адукацыі, навукі Беларусі, у якіх так уладарна, пазаканкурэнтна пануе рускі фактар. Замест сядзення чыноўнікаў у вольны ад працы час перад экранамі тэлевізараў, за гульнёй у карты ці даміно яны будуць старанна вывучаць самастойна альбо з дапамогай настаўнікаў адзіную ў краіне дзяржаўную беларускую мову. Каб менш было пустаслоўя пра немэтазгоднасць пераводу грамадскага жыцця краіны з рускай мовы на беларускую, я ўжо даў распараджэнне ідэалагічнаму апарату вывесіць на самых людных месцах знаходжання чыноўнікаў транспаранты з такім рускамоўным (бо пакуль што мала хто з іх добра валодае роднай мовай) тэкстам, аўтарства якога належыць вялікаму рускаму вучонаму-педагогу Канстанціну Ушынскаму (1824―1871): «Пока жив язык народный в устах народа, до тех пор жив народ… вымер язык в устах народа ― вымер и народ». Шматгадовай мэтанакіраванай дзяржаўнай палітыкай русіфікацыі, у т.л. і ўласнага фармату, удалося ўшчыльную наблізіць беларускі народ да гэтай злашчаснай мяжы. Таму на сёння ў нас няма больш адказнай задачы, як не дапусціць такой трагедыі. Вяртанне беларусаў да ўласнага нацыянальнага жыцця з тым, каб яны сталі самімі сабой, а не з'яўляліся злепкам якога-небудзь іншага народа ― гэта наша першачарговая агульнанацыянальная задача. Я не буду падрабязна спыняцца на шляхах яе вырашэння (такое пазней падрыхтуюць ідэалагічныя службы і праз сродкі масавай інфармацыі пазнаёмяць з імі шырокія колы грамадства), а толькі ў самай сціслай форме адзначу, што тут нам не абысціся без карэннай перабудовы культурна-моўнага жыцця, якое сёння ў дзясяткі разоў больш пасуе да рускага народа, чым беларускага. Паразітаваць на чужых культурна-моўных каштоўнасцях, а тым больш удзельнічаць у іх стварэнні ― гэта слупавая дарога ў асіміляцыю яму. У ёй ужо загінула процьма беларускіх талентаў, не прынёсшы нават самага мізэрнага ўкладу на алтар нацыянальнай культуры. Цяпер жа з дзяржаўнага бюджэту, за рэдкім выключэннем, неабходныя сродкі будуць выдзяляцца толькі на беларускамоўную культуру, як на культуру нацыятворную. З небеларускамоўным рэпертуарам творчыя калектывы і паасобныя артысты будуць выязджаць на гастролі ў розныя краіны толькі за ўласны кошт ці на сродкі спонсараў. Культурны імідж Беларусі ў свеце будзе стварацца выключна толькі на мове яе тытульнай нацыі, інакш ён і надалей не будзе глядзець на нас, як на самабытны народ.
Як кіраўніка краіны, мяне вельмі непакоіць сірочае, пад'ярэмнае становішча беларускай культуры на «Славянскім базары» ў Віцебску. Яна тут зусім чужая, хаця мерапрыемствы ладзяцца на беларускай зямлі, а не на Тамбоўшчыне, Валагодчыне ці ў якой-небудзь іншай губерні Расіі. Буду прапаноўваць запрашаць на «Славянскі базар» толькі тых, хто ў сваім рэпертуары мае беларускую песню. Гукавое афармленне «СБ» павінна быць пераважна беларускім. Ёсць сэнс падумаць дзеля павышэння іміджу нашай нацыянальнай культуры рэгулярна праводзіць з шырокім удзелам замежных выканаўцаў фестываль пад назвай «Беларуская песня і свет».
Не сакрэт, што забеспячэнню культурна-моўнаму жыццю краіны сапраўднага беларускага аблічча перашкаджае вельмі вялікі дэфіцыт у здольных на гэта выканаўцах, паколькі абсалютная бальшыня творчай інтэлігенцыі моцна здэнацыяналізавана русіфікацыяй. Таму будзем усяляк падтрымліваць нават самае невялікае жаданне адарваных ад родных каранёў творцаў вярнуцца ў нацыянальнае рэчышча.
Нельга рашуча адракацца пагалоўна ад усіх асобаў з багатым досведам русіфікацыі беларусаў, асабліва ў сферы адукацыі і сродках масавай інфармацыі, бо тымі ж метадамі, якімі яны адсюль выштурхоўвалі беларускую мову рускай, можна здзейсніць адваротны працэс. Таму я не буду пярэчыць, калі адпаведныя адміністрацыйныя структуры палічаць карысным дзеля гэтага абаперціся на вопыт моўнага ператрусу былых міністраў адукацыі Пятра Быгадзіна і Аляксандра Радзькова, старшыні Белдзяржтэлерадыёкампаніі Аляксандра Зімоўскага.
Разумею, што канцэнтрацыя маёй увагі на культурна-моўным фактары ў многіх выкліча непакой з-за адсутнасці ў дадзенай прамове погляду на эканамічную праблему, якая з гадамі не страчвае свае вастрыні. Грунтоўная гаворка пра яе будзе ў бліжэйшы час. Цяпер жа лапідарнай мовай хачу толькі канстатаваць, што краіна адыдзе ад дзяржаўнага рэгулявання эканомікай, будзе паважаць законы рынку, усяляк садзейнічаць прадпрымальніцтву, малому бізнесу ― гэтым сапраўдным лакаматывам эканомікі. Нават ва ўмовах сусветнага фінансава-эканамічнага крызісу народу не будзе пагражаць голад. А вось калі мы ў самы сціслы тэрмін не пакладзем канца разубральным працэсам дэнацыяналізацыі ў культурна-моўным жыцці беларусаў, тады ўжо ніхто, нават Усявышні, не выратуе іх ад ганебнага знікнення з этнічнай карты свету.
Сучасная найвялікшая нацыянальная трагедыя беларускага народа, калі ён амаль канчаткова адышоў ад сваіх прыродных культурна-моўных традыцый, ― гэта нішто іншае, як вынік мэтанакіраванай дзяржаўнай палітыкі русіфікацыі, да чаго прыкладалі і працягваюць прыкладаць рукі і ўлады Рэспублікі Беларусь. Сёння гэтаму кладзецца канец. Дзяржаўны чыноўніцкі апарат знізу да верху бярэ ў свае рукі святую місію нацыянальна-культурнага адраджэння беларускага народа. Дзяржаўная палітыка беларусізацыі пачынаецца з прэзідэнцкай вертыкалі, каб даць навочны прыклад актыўнага свядомага ўдзелу ў нацыянальна-адраджэнскім працэсе ўсяму беларускаму грамадству.
З радасцю адзначу, што ўжо за першыя пятнаццаць дзён майго знаходжання на пасадзе Прэзідэнта краіны я заўважыў некаторыя ― няхай сабе і вельмі сціплыя ― пазітыўныя перамены ў стаўленні беларусаў да свайго нацыянальнага «Я». У значнай ступені паўплываў на гэта цалкам зразумелы пярэпалах у асяроддзі пакінутых на службе чыноўнікаў. Цяпер яны ведаюць, што больш ім ніхто не дазволіць будаваць на беларускай зямлі Рускі нацыянальны дом, што на ёй нішто чужацкае не можа выступаць у ролі пана, гаспадара. Зусім не рэдкасцю стала чуць беларускамоўную гаворку ў апартаментах Прэзідэнта. У раённых і абласных газетах пачалі большую плошчу адводзіць пад беларускамоўныя тэксты, часцей можна пачуць роднае слова ў музычна-песенных перадачах па радыё і тэлебачанні. Некаторыя эстрадныя спевакі ― шкода толькі, што мала ― пасля выканання беларускай песні на апладысменты прысутных у зале адказваюць «Дзякуй», а не «Спасибо».
Сваіх дарагіх суайчыннікаў хачу абрадаваць яшчэ адной прыемнай навіной. Нядаўна ў мяне на прыёме былі самыя высокія военачальнікі Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь і паведамілі, што ўзятая ў войска моладзь прымае прысягу на беларускай мове. Такое не можа не радаваць. Многія ведаюць, які велізарны ўнёсак у нацыянальна-культурнае адраджэнне Беларусі зрабілі людзі ў пагонах у гады Першай сусветнай і Грамадзянскай войнаў. Гэтыя ж военачальнікі прапанавалі выключыць з назвы Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча другое па ліку слова «сувораўскае» і замяніць яго іменем аднаго са славутых ваенных дзеячоў беларускага паходжання. І гэта з усіх пунктаў гледжання правільная прапанова, бо жыццё ў войску не павінна будавацца на чужых гістарычных традыцыях, культурна-моўных каштоўнасцях.
З радасцю ўхваляю ініцыятыву шчыра адданых свайму народу прадстаўнікоў інтэлігенцыі па распрацоўцы заснаванай на трывалым навуковым грунце Праграмы па нацыянальна-культурным адраджэнні Беларусі. Гэтая велізарнага гістарычнага значэння агульнанацыянальная справа не павінна верашацца ў поцемках, наскокам. Патрэбен глыбокі аналіз нашых каласальных нацыянальных страт, мэтанакіравана прычыненых чужымі палітычнымі рэжымамі і іх паслядоўнікамі ў БССР, Рэспубліцы Беларусь. Такі аналіз паспрыяе выпрацаваць эфектыўныя мерапрыемствы па пераадоленні ўсіх заган у нашым дашчэнту здэфармаваным нацыянальным жыцці, дапаможа з пакалечаных русіфікацыяй беларусаў стварыць самадастатковы этнас, здольны развівацца паводле ўласнага культурна-моўнага ўкладу. Са свайго боку прапаноўваю ў названай Праграме абавязкова прадугледзець выдзяленне ў кожнай вобласці па аднаму раёну ў якасці ўзорнага тэрытарыяльнага асяродку нацыянальна-культурнага Адраджэння, які стане свайго роду школай для ўсіх астатніх яе раёнаў. Буду рабіць усё залежнае ад мяне, каб такім асяродкам у Мінскай вобласці стаў мой родны Уздзенскі раён.
Накшталт тэрытарыяльных павінны стварацца асяродкі нацыянальна-культурнага Адраджэння ў межых паасобных міністэрстваў і ведамстваў, адной і той жа катэгорыі прадпрыемстваў і ўстаноў. У гэтым плане прыклад павінны паказаць міністэрствы адукацыі і культуры, а з устаноў ― Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт як флагман вышэйшай школы краіны. Да таго ж і ў назве яго прысутнічае слова «беларускі». У бліжэйшы час мы зробім усё, каб яно выкарыстоўвалася толькі там, дзе само жыццё напоўнена беларускасцю. Народ так адарвалі ад яе, што сёння нават не зусім лагічна яго краіну называць Беларуссю, паколькі ў ёй не пануе беларускі дух, амаль нідзе не чуваць роднай мовы яе карэннага насельнцітва.
Не з'яўлялася б цяжкасцю і яшчэ прывесці шэраг самых свежых прыкладаў пазітыўнага падыходу грамадства да развязвання складанага, як ніколі раней, беларускага пытання. Усіх шчыра заклапочаных яго станам заклікаю занадта не прыспешваць хаду падзей. Ведайце, што пераадоленне архіцяжкіх наступстваў не аднаго стагоддзя дзяржаўнай русіфікатарскай палітыкі запатрабуе некалькіх дзесяцігоддзяў актыўнай стваральнай нацыянальнай працы. Плён яна дасць толькі тады, калі абсалютная бальшыня беларускага народа добра ўсвядоміць жыццёвую неабходнасць такой працы. Калі асіміляваць недасведчанага цёмнага чалавека ў дзясяткі разоў лягчэй, чым разумнага, адукаванага, дык нацыянальна адрадзіцца могуць толькі людзі са светлымі галовамі. Удумлівая нацыянальнай накіраванасці ідэалагічная праца ― вось галоўнае, што можа падрыхтаваць, вывесці беларусаў на шырокі гасцінец Адраджэння.
Што ж датычыць метадаў адміністрацыйнага характару, якіх я не з'яўляюся прыхільнікам, яны будуць ажыццяўляцца толькі ў дачыненні да самых непаслухмяных асобаў чыноўніцкага апарату ― гэтага асноўнага віноўніка скрышальнага ўдару па беларушчыне ў паслярэферэндумны перыяд нашай гісторыі, г.зн. з мая 1995 г. Ёсць вялікія спадзяванні, што асабліва жорсткіх захадаў не запатрабуецца, каб зрабіць чыноўніцкі апарат галоўнай сілай беларускага нацыянальна-культурнага Адраджэння. Мною ўжо дадзены канкрэтныя ўказанні аб паступовым пераходзе ўсіх звёнаў такога апарату з рускага моўнага рэжыму на беларускі. Прыклад у гэтым у першую чаргу павінны паказаць дэпутаты Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, кіраўнічы склад Савета Міністраў РБ, усіх яго міністэрстваў і ведамстваў. Пад маім асабістым кантролем будзе праводзіцца беларусізацыя дзейнасці міністэрстваў адукацыі, культуры і інфармацыі, бо менавіта ад іх у найбольшай ступені залежыць нацыяўтваральны працэс. Перабудавацца ім будзе надзвычай складана, бо яшчэ і пасёння яны пераважна разбураюць, а не ўмацоўваюць, узбагачаюць нацыянальны падмурак духоўнага жыцця Бацькаўшчыны, давёўшы яго да нечуванай ступені рускай культурна-моўнай дэградацыі.
Нас чакаюць велізарныя цяжкасці ў працы па набліжэнні асноўных хрысціянскіх канфесій да надзённых патрэб беларускага нацыянальна-культурнага Адраджэння. У дзейнасці сучаснай Беларускай праваслаўнай царквы практычна нічога не змянілася ў параўнанні з той, якой яна была пасля свайго ўсталявання на ўсёй беларускай зямлі ў выніку гвалтоўнай ліквідацыі ў 1839 г. Найсвяцейшым Сінодам і імперскай уладай самай масавай, ушчыльную набліжанай да мясцовых нацыянальных, культурна-моўных традыцый хрысціянскай царквы ― уніяцкай. Народжаная па волі самых высокіх духоўных і свецкіх структур Расійскай імперыі праваслаўная царква на Беларусі проста не магла быць тут нічым іншым, як толькі носьбітам рускага духу. І з гэтай функцыяй яна на выдатна спраўлялася, ад чаго не адмаўляецца і сёння. У ганебную справу русіфікацыі беларускага народа праваслаўнае духавенства ўнесла не меншы ўклад, чым мясцовая прарускай арыентацыі адміністрацыя разам з заснаванай ёю ў гэтай заняволенай частцы імперыі сістэмай адукацыі. Спарадычныя спробы пакласці канец русіфікатарскай дзейнасці праваслаўнай царквы на Беларусі, калі яна дамаглася палітычнай незалежнасці, не давалі жаданага выніку не ў малой ступені таму, што гэта не ўваходзіла ў планы самой дзяржавы. З сённяшняга дня ўсё будзе карэнным чынам мяняцца, бо ці ж можна дапусціць такое, каб яна займалася палітыкай дэрусіфікацыі (а гэта ж яе галоўны абавязак!), а праваслаўная царква па-ранейшаму ― русіфікацыяй. Як і ва ўсіх еўрапейскіх краінах, за рэдкім выключэннем, і ў Беларусі мовай вядучай хрысціянскай царквы ― праваслаўнай павінна адназначна быць мова яе тытульнага народа. Годзе Беларусі быць «белай варонай» на самым цывілізаваным на планеце Зямля еўрапейскім кантыненце. Руская мова ў вуснах праваслаўнага духавенства Беларусі зусім не даходзіць да Бога, і таму Ён нічога добрага, вартага сапраўднай радасці не шле на нашу зруйнаваную русіфікацыяй, прычым ужо і ўласнага фармату, зямлю. Антыбеларускі характар праваслаўнага духавенства ў значнай ступені ёсць вынік моцнага падпарадкавання апошняга Маскоўскаму патрыярху, з яго адкрытым курсам на палітычнае аб'яднанне ўсходніх славян у адну дзяржаву, дзе, несумненна, будзе непадзельна панаваць рускі фактар, сур'ёзна пагражаючы дзяржаўнай незалежнасці, этнакультурнай самабытнасці ўкраінскага і беларускага народаў. І калі нацыянальна зарыентаваная частка праваслаўнага духавенства (шкада, што вельмі нешматлікая) і інтэлігенцыі, каб ухіліцца ад гэтай злыбеды, пажадае вярнуцца пад юрысдыкцыю нашай спрадвечнай Канстанцінопальскай патрыярхіі, у якой і ў зародку няма намеру падарваць нацыянальны суверэнітэт, зрусіфікаваць беларусаў, я як Прэзідэнт краіны буду ўсяляк садзейнічаць пераарыентацыі праваслаўнай царквы з Масквы на Канстанцінопаль.
Настройвае на добрыя думкі паварот да беларускіх гістарычных нацыянальна-культурных, моўных традыцый каталіцкага касцёла, асабліва ў самой сталіцы нашай краіны. Упэўнены, што такі пазітыўны паварот неўзабаве адбудзецца і ў пратэстанцкай царкве, у дзейнасці якой, дарэчы, у сярэднявеччы мелася шмат адпаведнага беларускаму нацыянальнаму інтарэсу.
Ёсць дастаткова падстаў спадзявацца на падтрымку распрацаваных маімі аднадумцамі мерапрыемстваў па выратаванні карэннага насельніцтва Беларусі ад русіфікацыі з боку пераважнай бальшыні нашых этнічных груп, асабліва яўрэйскай і татарскай, якія на працягу многіх стагоддзяў жывуць на гэтай зямлі, унеслі немалы ўклад і ў развіццё яе культуры, паважалі мясцовыя звычаі, мову. Упэўнены, законнае імкненне беларусаў нарэшце сцвердзіцца ў сваёй нацыянальнасці, а не быць адгалінаваннем рускага народа падтрымаюць пальская і ўкраінская этнічныя групы, краінам якіх таксама давялося ў свой час зведаць нямала страт з-за русіфікатарскай палітыкі.
Не па віне беларускага народа яго сучаснае нацыянальна-культурнае становішча, як ніколі да гэтага, архіскладанае. Афіцыйныя ўлады практычна завяршылі русіфікацыю колісь ва ўсім тыповай для Еўропы этнічнай супольнасці з характэрнай толькі ёй адной культурай і мовай. Зараз на гістарычнай тэрыторыі Беларусі амаль спрэс пануе рускі ўклад у яе духоўнай сферы. Паводле ўласных культурна-моўных традыцый жыве толькі нязначная частка беларусаў. Яна і стане галоўнай апорай дзяржавы ў правядзенні так наспелай палітыкі нацыянальнага адраджэння тытульнага народа краіны. З якімі б цяжкасцямі яно не ажыццяўлялася, мы ні на крок не адступім ад гэтага курсу, усталюем гарманічныя суадносіны паміж беларускім і іншанацыянальным у культурнай сферы Бацькаўшчыны з тым, каб не даць ёй страціць сваю адметнасць, а стаць самабытнай у цывілізаваным свеце. Беларусам нішто не прынясе такой славы, як рашучае пераадоленне стагоддзямі навязанай ім чужымі і ўласнымі палітычнымі рэжымамі культурна-моўнай асіміляцыі і пабудова духоўнага жыцця на сваёй прыроднай аснове. Дзеля дасягнення гэтай высокароднай мэты нельга шкадаваць ні энергіі, ні часу.
P.S. Буду рады, калі з маёй прамовы, нягледзячы на яе віртуальны характар, сапраўдны Прэзідэнт краіны некалі возьме хоць штосьці карыснае дзеля інтарэсаў рэальнага Беларускага нацыянальна-культурнага адраджэння.
***
Яшчэ ніколі беларуская культура не была ў сваім родным доме ў такім падпарадкаваным рускай культуры стане, як сёння. Гэта вельмі добра адчуваюць і яе актыўныя, адарваныя ад роднага карэнішча носьбіты з ліку аўтахтоннага насельніцтва краіны. Аднак, насуперак нацыянальнаму інтарэсу апошняй, яны, ніколькі не задумваючыся, увесь свой талент дарэшты аддаюць на алтар канчатковай перамогі рускага фактару ў нашым духоўным жыцці. Цяпер яно да такой ступні зрусіфікавана, што даводзіцца з вялікай цяжкасцю гаварыць пра беларусаў як самабытны этнас, што яны стварылі і працягваюць умацоўваць сваю суверэнную дзяржаву, бо такое немагчыма пры панаванні чужой культуры. Менавіта па гэтай прычыне многія палітыкі і прадстаўнікі элітарных колаў інтэлігенцыі Расійскай Федэрацыі не ўяўляюць яе аб'яднання з Рэспублікай Беларусь у адну саюзную дзяржаву як толькі на правах звычайных губерняў. І маюць рацыю, бо як у адзіным саюзным палітычным утварэнні мець дзве дзяржавы з амаль аднолькавымі культурна-моўнымі стандартамі. Абсурд! Кожная дзяржава таму і называецца дзяржавай, што ў ёй ёсць не чыноўніцкі апарат, а свая, непадобная да іншых культура. Гэта толькі калі народ з адзінай культурай у моц якіх-небудзь прычын ідзе на раз'яднанне, стварэнне дзвюх дзяржаў, у кожнай з іх пэўны час можа быць адна і тая ж культура, якая, аднак, пад уздзеяннем розных фактараў з гадамі набывае ўсё большую і большую тэрытарыяльную адметнасць, раздвойваецца. Сказанае вельмі характэрнае для немцаў і аўстрыйцаў.
***
Лічу не лішнім самым сур'ёзным чынам папярэдзіць палітыкаў і моцна інтэграваную ў створаны імі дзяржаўны арганізм частку інтэлігенцыі пра крайне небяспечны характар ні ў чым неабмежаванага распаўсюджвання па іх віне на этнічных землях Беларусі рускай культуры. За такую мэтанакіраваную замену на апошніх «беларускасці» «рускасцю» мы пры пэўных абставінах абавязкова паплацімся нават сваёй дзяржаўнай незалежнасцю, не кажучы ўжо пра поўную страту характэрнай пакуль што нам хоць збольшага этнакультурнай самабытнасці, г.зн. той правабнасці, за якую сусветная цывілізацыя толькі і можа паважаць, з пашанаю ставіцца да беларусаў. Поўнае выцясненне з іх абшараў «беларускасці» «рускасцю» абавязкова выкарыстаюць вялікадзяржаўных настрояў палітыкі нашай усходняй суседкі дзеля інкарпарацыі кволай на сваю незалежнасць Рэспублікі Беларусь у склад Расійскай Федэрацыі, дзе сярод многіх людзей пануе такая моцная настальгія пра страту пры канчыне СССР прыдбанай царызмам тэрыторыі. Такія палітыкі ў якасці самага важкага аргументу інкарпарацыі Беларусі выкарыстаюць адсутнасць у яе якіх-небудзь істотных адрозненняў з Расіяй у культуры, мове і адукацыі. Асабліва інтэнсіўна такія адрозненні пачалі сцірацца пасля нядобрай памяці майскага рэферэндуму 1995 г., якім забяспечана поўнае панаванне рускай мовы ў грамадскім жыцці нашай краіны. Калі хто не ведае ці забыўся, дык нагадаю, што і ў якасці аднаго з асноўных аргументаў у апраўданне перадачы ў лютым 1919 г. Расійскай Федэрацыі ўсходніх беларускіх губерняў таксама прыводзілася нібыта ледзь няпоўная адсутнасць у іх карэнных жыхароў культурна-моўных адрозненняў ад рускіх. Тады ж такіх адрозненняў было ў дзясяткі разоў больш, чым сёння. Таму падумайце, мо ці варта ўжо так моцна радавацца, што пасля майскага рэферэндуму такую маштабнасць займела ў нашым краі руская культура, набыла глабальны характар рускамоўная адукацыя, у лексіцы службоўцаў усіх эшалонаў чыноўніцкага апарату рэзка знізілася колькасць беларусізмаў дый само вымаўленне стала больш адпавядаць фанетычным і марфалагічным нормам рускай мовы. Гадзінамі апладзіруючы рускамоўным эстрадным спевакам, у т.л. і беларускага паходжання, варта было б яшчэ і падумаць, ці адпавядаюць іх выступленні стандартам беларускай нацыянальнай культуры? Зразумела, выкарыстоўваць набыткі чужой культуры ― дый калі яшчэ яе нашыя афіцыйныя ўлады аб'яўляюць другой роднай ― можна і трэба. Праўда, толькі ў меру, бо парушаючы яе вельмі лёгка стаць на небяспечны, агідны шлях культурна-моўнай асіміляцыі. Сёння ім крочаць разам з міністэрствамі культуры, адукацыі, інфармацыі велізарныя пласты беларускага народа, мяркуючы, пад уплывам дзяржаўнай ідэалогіі, што гэтым самым здзяйсняюць сапраўдную гістарычную місію, усяляк спрыяюць нацыянальнаму інтарэсу роднай Бацькаўшчыны. Калі рашуча, тэрмінова не адмовіцца ад такой заганнай, шкоднай практыкі, беларусам не быць народам з самабытнай нацыянальнай культурай.
***
Нашым адказным за нацыянальна-культурны стан грамадства афіцыйным асобам не шкодзіла б азнаёміцца з тым, як прапаноўвала ― і дарэчы слушна ― развязваць гэтую лёсавызначальную для кожнага народа праблему маладая савецкая дзяржава. Прычым сваю адмысловую пазіцыю па ёй выказала яна і ў дачыненні да беларусаў. Зрабіў гэта ні хто іншы, як сам Іосіф Сталін. З яго вуснаў на Х з'ездзе РКП(б) (сакавік 1921 г.) прагучалі такія словы: «…існуе беларуская нацыя, у якой ёсць свая мова, і яна адрозніваецца ад рускай, у выніку чаго ўзняць культуру беларускага народа можна толькі на роднай яго мове» (падкрэслена мною. ― Л. Л.). Сказана такое на чацвёртым годзе існавання Савецкай дзяржавы, а ў суверэннай Беларусі падобнага не адважваюцца сказаць нават больш як праз два дзясяткі гадоў з часу яе ўтварэння.
Мы з'яўляемся сведкамі буйнамаштабнага этнакультурнага знішчэння беларускай нацыі ўсталяваным на яе зямлі палітычным рэжымам. Нешта падобнае даводзілася зведваць за часамі Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі, Савецкага Саюза, але ў непараўнальна меншых памерах. Сёння ж яны, можна сказаць, дасягнулі свайго апагею. Моцны штуршок гэтаму даў праведзены па ініцыятыве дзяржавы ў маі 1995 г. рэферэндум, які дазволіў уладным структурам начыста, прычым без усялякага супраціву людзей, вывесці беларускую мову з усіх сфераў грамадскага жыцця і яшчэ больш утрываліць тут пазіцыі рускай мовы. На правым фланзе знішчальнікаў нацыянальных асноў беларускага народа мы бачым і магутны пласт інтэлігенцыі, што займаецца стварэннем, распаўсюджваннем у краіне рускамоўных каштоўнасцяў. Выкананне такой разбуральнай працы істотна аблягчаецца ўсебаковай дзяржаўнай падтрымкай рускамоўнай інтэлігенцыі.
***
З вялікай горыччу даводзіцца канстатаваць, што многія сто гадоў таму назад надзённыя праблемы культурна-моўнага жыцця беларусаў застаюцца такімі ж актуальнымі і на сёння. Гэта значыць, што мы і кроку не зрабілі наперад дзеля іх развязвання. Прычым нічога не зрабілі, нягледзячы на тое, што чыноўніцкі апарат добра ведае, як можна справіцца з гэтай праблемай. Усё гэта дае вельмі важкія падставы ўсумніцца ў рэальнасці нацыянальнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, бо ці ж можа дзяржава з такім высокім палітычным статусам спакойна глядзець на татальнае выраджэнне ўласнага народа праз распаўсюджванне ў яго асяроддзі чужых, г.зн. рускіх культурна-моўных стандартаў дый яшчэ самой браць актыўны ўдзел у гэтай злачыннай справе.
***
Нішто так не супярэчыць нацыянальным інтарэсам беларусаў, як панаванне на іх зямлі рускай культуры і мовы. Па логіцы апошнія, як завезеныя звонку, павінны былі б адыгрываць не галоўную, а пабочную ролю, пра што належыць стала дбаць адказным за стан культуры на Беларусі ўладным структурам. У іх практычнай дзейнасці такога зусім не назіраецца, што дае падставы разглядаць яе як шкодную беларускаму нацыянальнаму інтарэсу. Такое стаўленне дзяржавы да роднай культуры беларусаў ніколькі не сведчыць пра наяўнасць у іх сапраўднай суверэннай краіны.
***
Як вялікае дасягненне ў духоўным жыцці Беларусі па справядлівасці разглядаецца яго этнакультурная разнастайнасць. Бадай, нідзе на постсавецкай прасторы з боку дзяржаўных структур і самога грамадства не надаецца такой вялікай увагі развіццю культур этнічных груп, як у нас на Беларусі. І гэта пахвальна, апраўдана, бо і яе культура ад такой увагі больш выйграе. Разам з тым нельга не заўважаць і ценявых бакоў у арганізацыі культурнага жыцця этнічных груп: яно, як правіла, развіваецца па-за культурай і мовай тытульнай нацыі, больш інтэгравана ў рускія, а не ў яе ўласныя стандарты, г.зн. ілье ваду на кола русіфікацыі. Трэба зрабіць за правіла, каб рабочай мовай падчас правядзення на Беларусі фестываляў нацыянальных культур была беларуская, каб кожны калектыў у абавязковым парадку выканаў беларускамоўны твор. Дарэчы, такога разумнага правіла прытрымліваюцца ў многіх краінах, дзе ладзяцца падобнага роду мерапрыемствы.
***
Беларускамоўная культура, загнаная на задворкі ў значнай ступені і дзякуючы нашым уласным намаганням, адыгрывае сёння крайне нікчэмную нацыятворчую ролю. Ужо не першы год найбольшае ўздзеянне на нацыянальна-культурныя працэсы ў Беларусі робіць рускі фактар. Што ў гэтых экстрэмальных умовах яе тытульная нацыя не зможа выжыць, захаваць сваю этнакультурную адметнасць, думаю, ведаюць і нават самыя малаадукаваныя людзі. А на зусім рэальнае пры такіх акалічнасцях пытанне: «Чаму ж нічога практычнага не робіцца па прадухіленні гэтай злыбеды?» можа быць толькі такі адказ: «Адсутнічаюць у дастатковай колькасці нацыянальна актыўныя палітыкі, інтэлектуалы, здольныя прыняць правільныя рашэнні ў гэтай сітуацыі, ахвярваць, мо, нават уласнай кар'ерай дзеля выратавання народа ад навіслай над ім культурна-моўнай асіміляцыі». А няма такіх адказных за захаванне этнакультурнай самабытнасці беларускага народа асобаў найперш таму, што яны зусім не патрэбныя нашай дзяржаве з яе прамаскоўскай арыентацыяй.
***
У шматграннай дзейнасці любой сапраўднай суверэннай дзяржавы, бадай, адно з самых галоўных месцаў займаюць пытанні культуры. Нярэдка за іх вырашэнне бяруцца яшчэ да таго, як абазначацца пэўныя зрухі ў сферы эканомікі, што добра пацвярджаецца і практыкай першых гадоў існавання Беларускай ССР. Кругом панавала пасляваенная разруха, а ўлады ўжо думалі і нямала рабілі па адраджэнні і развіцці беларускай нацыянальнай культуры, хутчэйшым пераадоленні цяжкіх наступстваў царскай русіфікатарскай палітыкі.
Зразумела, культура ад умяшання ў яе сферу дзяржавы выйграе толькі тады, калі яна зыходзіць з нацыянальнага інтарэсу, а не праводзіць тут супярэчную яму палітыку. Дарэчы, у Беларусі за апошнія чатыры стагоддзі з гакам менавіта больш за ўсё і назіраліся такія негатыўныя з'явы ў кіраванні дзяржавай культурным працэсам. І сённяшнюю нашую дзяржаву, хаця і суверэнную, ніяк не назавеш носьбітам беларускай нацыянальнай культуры, бо ў краіне, не лічачы фальклорных пластоў, пануе ўсё ж руская культура. На яе выдатна працуюць амаль пагалоўна рускамоўныя адукацыя і афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі, кіно, шматлікія тэатры, эстрадныя інструментальна-вакальныя ансамблі.
У сваёй практычнай дзейнасці наша сучасная дзяржава ніколькі не ігнаруе праблему развіцця культуры, але робіць гэта хутчэй за ўсё ў мэтах забеспячэння належнага месца ў ёй рускаму элементу. Што ж датычыць грамадства, саміх творцаў, дык іх погляду, стаўленню да дадзенай праблемы, нягледзячы на яе лёсавызначальнае значэнне для Бацькаўшчыны, характэрна пэўная невыразнасць, а іншым разам здаецца, нават неабмежаваная стыхійнасць. Такое лічу адной з галоўных прычын, што вяло і вядзе да зніжэння ролі нацыянальнага ў нашым духоўным жыцці. Творцы проста навыперадкі адзін перад адным імкнуцца як мага лепш сцвердзіцца ў рускай стыхіі, у выніку чаго ўжо не першы год у краіне рэй вядзе руская, а не беларуская культура. Гэтай негатыўнай, крайне небяспечнай для этнакультурнай самабытнасці беларускай нацыі практыцы ўсяляк спрыяюць і нядаўнія выпускнікі вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў мастацкага профілю, бо іх педагагічныя калектывы мала ўвагі звяртаюць на нацыянальнае ўзгадаванне моладзі. Уладным структурам ёсць тут над чым задумацца. Толькі ці палічаць патрэбным такое.
***
Многіх здзівіць, калі скажу: сапраўднай незалежнасці, сапраўднага Дня незалежнасці ў нас няма. Калі такое і было, дык гэта недзе пры ўтварэнні на нашай зямлі Полацкага, Турава-Пінскага, Смаленскага … княстваў, Вялікага Княства Літоўскага. Мы не сталі палітычна незалежнымі ні 25 сакавіка 1918 г., ні 1 студзеня 1919 г., ні 27 ліпеня 1990 г., хаця кожная з названых датаў і з'яўляецца важнай вяхой у дасягненні гэтай святой мэты. Таму больш лагічна было б самую адметную дату з нашай айчыннай гісторыі вызначыць усёй грамадой як дзень барацьбы за незалежнасць і пераўтварыць яго ў поўнавартасны, святочны Дзень незалежнасці. І не будзем забывацца, што такому павінна абавязкова папярэднічаць вызваленне беларускай зямлі ад панавання тут чужой рускай культуры і мовы, франтальна замяніўшы іх нашымі нацыянальнымі адпаведнікамі. Да таго ж яшчэ значная частка беларускага грамадства псіхалагічна і ідэалагічна не падрыхтавана жыць у палітычна незалежнай дзяржаве. Не сумняваюся, каб у тых ці іншых колах насельніцтва ўзнікла думка пра ўзвядзенне ў шэрагу гарадоў помніка віленскаму генерал-губернатару Міхаілу Мураўёву за ўчынены ім разгром паўстання 1863 ― 1864 гг., яго велізарныя дасягненні па русіфікацыі нашага краю, у гэтай ідэі знайшлося б вельмі багата прыхільнікаў сярод многіх сучасных палітыкаў, самых розных катэгорый інтэлігенцыі, у тым ліку і творчых прафесій. Пры панаванні такіх настроеў ці ж можна назваць Беларусь незалежнай суверэннай дзяржавай? Адказаць на пастаўленае пытанне будзе досыць лёгка чалавеку з пачатковай адукацыяй.
***
На сучасным этапе гісторыі практычна ва ўсіх цывілізаваных краінах праблема культурнага развіцця іх народаў займае цэнтральнае месца ў дзейнасці органаў дзяржаўнага кіраўніцтва. У многіх такіх краінах ужо даўно з парадку дня знятыя пытанні, як накарміць, забяспечыць людзей жыллём, арганізаваць на належным узроўні іх медыцынскае абслугоўванне. А вось рэгуляванню культурных працэсаў, як ніколі раней, надаецца пільная ўвага, бо палітыкі з дапамогай сваіх ідэолагаў добра ўсвядомілі: дазволь толькі чужому элементу як след пранікнуць у духоўнае жыццё краіны, яно адразу ж пачне траціць самабытнасць, задыхацца ад асіміляцыі. Такая небяспека набыла асабліва пагрозлівы характар у канцы ХХ ― пачатку ХХІ ст., што звязана з узмацненнем працэсаў глабалізацыі духоўнага жыцця ў маштабах усёй планеты Зямля. Не ўтаймоўваюцца такія працэсы і пасёння, хаця прагрэсіўныя сілы сусветнага грамадства ўсяляк імкнуцца не дапусціць збяднення культурнай разнастайнасці народаў.
Нямецілася тэндэнцыя ўзрастання ўвагі да культуры і з боку беларускай дзяржавы, праўда, без уліку нацыянальнага фактару. Хаця Беларусь дэ-юрэ незалежная дзяржава, яна, як і ў часы фармавання новай гістарычнай супольнасці ― савецкага народа, перавагу аддае бытаванню ў грамадстве не нацыянальнай, а рускай культуры. На апошнюю асігнуецца ў сотні разоў больш сродкаў, чым на падтрыманне роднай культуры тытульнага народа. Такога парадоксу не знайсці на ўсёй зямной кулі!
***
Сёння з усіх краін Еўропы толькі ўлады Рэспублікі Беларусь праводзяць антынацыянальную культурна-моўную палітыку. Яна аднавілася з мая 1995 г., калі падманным шляхам праз рэферэндум у народа варвалі згоду аб наданні і рускай мове статусу другой дзяржаўнай мовы. Сучасная дзяржаўная палітыка русіфікацыі ў дзясяткі разоў больш небяспечная за такую палітыку за царскім і савецкім часамі, бо праводзіцца яна валасатымі рукамі магутнага, шырокаразгалінаванага чыноўніцкага апарату і падуладнай яму часткай інтэлігенцыі ўласнай дзяржавы і пераважна герастратамі беларускага паходжання.
Раздзел ІІ. Адукацыя ў ролі генератара нацыянальных нігілістаў
У мінулым стагоддзі і за пражытыя гады новага стагоддзя занятай у сферы адукацыі інтэлігенцыі ўдалося папрацаваць з улікам нацыянальнага інтарэсу беларускага народа толькі якіх-небудзь дзесяць-пятнаццаць гадоў. Прыпалі яны на міжваенную беларусізацыю і апошнюю ў ХХ ст. хвалю нацыянальна-культурнага Адраджэння (канец 80-х ― пачатак 90-х гадоў). Парадаксальна, што адукацыя не адступіла ад сваёй антыбеларускай дзейнасці і тады, калі краіна набыла пэўны вопыт жыцця ў статусе суверэннай дзяржавы ― запаветнай мары многіх пакаленняў беларускага народа. Ён, нібыта каланіяльна залежны, не мае іншай магчымасці выхоўваць і навучаць сваіх дзяцей, як толькі пасылаць іх у рускамоўныя дзіцячыя яслі і сады, агульнаадукацыйныя школы, каледжы, гімназіі, ліцэі, сярэднія спецыяльныя і вышэйшыя навучальныя ўстановы. На самым высокім дзяржаўным узроўні запраграмаваны і няўхільна праводзіцца ў жыццё курс на выхаванне маладых пакаленняў у поўным адрыае ад прыродных культурна-моўных традыцый роднай зямлі, варожым стаўленні да іх. Ад самых першых дзён грамадскага выхавання і навучання дзяцей іх ужо падрыхтоўваюць да этнічнага вымірання. У самастойнае жыццё яны ўступаюць носьбітамі чужых для нашай зямлі рускіх культурных каштоўнасцяў, а сваіх не прызнаюць, ігнаруюць, а іншым разам нават ваююць супраць іх, упарта не пускаючы ў грамадскі ўжытак. Такога янычарства ў дачыненні да беларускай нацыянальнай культуры, у чым непадзельная «заслуга» нашай бязроднай адукацыі, стараюцца не заўважаць уладныя структуры і за апошнія гады нават кроку не зрабілі, каб узгадаванне маладой змены беларускага народа ажыццяўлялася не на шкоду яго этнічнай кансалідацыі, калі не цалкам, дык хаця б у значнай ступені адпавядала таму, што прынята разумець пад беларускасцю. Упор свядома робіцца мною на ўладныя структуры таму, бо грамадства ў цэлым і настаўніцтва ў прыватнасці не возьмуць на сябе ініцыятыву выступіць за змену моўнага рэжыму выхавання і навучання ва ўсіх тыпах навучальных устаноў, паколькі спрэс у афіцыйным жыцці і галоўнае ў сферы самой дзяржаўнай дзейнасці пануе руская мова. Пазбавіць апошнюю такога прывіліяванага становішча і замяніць яе ў дадзенай сферы беларускай можа толькі сама дзяржава. Камусьці ўмяшацца і ламаць тут моўны рэжым, мяркуючы па неаднаразовых заявах нашых высокіх палітычных лідэраў, яна не дазволіць, а таму не пойдзе нават на самы мінімальны крок, каб пашырыць функцыі беларускай мовы ў сферы адукацыі. Яна, як фармавала, так і будзе фармаваць для краіны беларускамоўных нігілістаў, рыхтуючы яе да поўнай страты сваёй культурнай самабытнасці, а яе народа ― да няздольнасці быць самім сабою, г.зн. беларускім. І хоць на кожнай гарадской або вясковай вуліцы будзе ўсталявана шыльда з надпісам «Мы ― беларусы», людзі не павераць у гэта. Веру ў гэта можа даць толькі напоўненае беларускасцю жыццё, што нерэальна пры існаванні ў Беларусі чужой, гвалтам і хітрасцю навязанай ёй рускамоўнай адукацыі Адукацыя ў чужой мове нічога іншага не заслугоўвае, як толькі пракляцця, бо яна няўхільна вядзе народ да вымірання, што пацвярджаецца безліччу прыкладаў з нашага пад'ярэмнага жыцця.
***
Беларускі народ з'яўляецца чэмпіёнам у Еўропе па часе існавання без адпаведнай яго нацыянальнаму інтарэсу адукацыі. Такі ж час вымяраецца больш чым трыма стагоддзямі, праўда, з нязначынмі парушэннямі гэтай нядобрай памяці традыцыі. Адбывалася такое на самых крутых пераломах нашай гісторыі. Шмат прыхільнікаў, сапраўдных змагароў за беларускую нацыянальную школу даў пачатак ХХ стагоддзя. Ужо напярэдадні Першай сусветнай вайны пачатковая школа ледзь не стала нацыянальнай рэальнасцю для Беларусі. Былі ў яе і такія прагрэсіўныя дзеячы, што не баяліся на парадак дня ставіць нават пытанне пра нацыянальную вышэйшую школу. Адсутнасць яе лічылася ахілесавай пятой адукацыі ў нашым краі. Шчыра ўлюбёныя ў яго, гатовыя на любыя выпрабаванні лёсу адраджэнцы верылі, што новае стагоддзе выправіць гэтую недарэчную памылку, прычым даволі хутка. Спадзяваўся на такое і Язэп Лёсік, праўда, пры ўмове, што Беларусь даможацца дзяржаўнай незалежнасці, бо «тагды не будзе таго, каб цэлы край, заселены народам з светлай і вялікай гісторыяй, пазбаўлены быў вышэйшых навучальных інстытуцый і праз соткі год не мог вярнуць таго, што ў яго адабралі гвалтоўна (Віленскі ўніверсітэт)» 1. І ўсё ж не вярнуў. Сёння ў развязванні праблемы стварэння нацыянальнай сістэмы вышэйшай школы мы знаходзімся намнога далей ад таго рубяжа, на які выйшлі ў пачатку 20-х гадоў мінулага стагоддзя, у час беларусізацыі. Тады ўжо здавалася, што не толькі сініца, але і журавель у нашых руках.
***
Яшчэ да развалу СССР многімі навукоўцамі вельмі рэзка крытыкавалася яго нацыянальная палітыка, у т.л. і ў сферы народнай адукацыі. І было за што, бо мала ў якой з саюзных рэспублік не існавала праблем з нацыянальным узгадаваннем маладых пакаленняў. Асабліва шалёнымі тэмпамі адбывалася русіфікацыя маладой змены беларускага народа, у чым прамая віна яго партыйнага і савецкага кіраўніцтва. І ў той жа час нельга не адзначыць, што на заранку савецкай улады ў яе дзеяннях было нямала чаго і пазітыўнага ў дачыненні да народнай адукацыі, да чаго вельмі далёка, а то мо і зусім нерэальна наблізіцца сучаснай суверэннай Беларусі. У якасці прыкладу спашлюся на пастанову Народнага камісарыята асветы Расійскай Федэрацыі ад 31 кастрычніка 1918 г. «Аб нацыянальных меншасцях». У першым пункце яе гаварылася наступнае: «Усе нацыянальнасці, якія насяляюць РСФСР, карыстаюцца правам арганізацыі навучання на сваёй роднай мове на абедзвюх ступенях адзінай працоўнай школы і ў вышэйшай школе» (падкрэслена мною. ― Л. Л.). Пэўны час на тэрыторыі Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі дзейнічалі дэкрэты і пастановы, прынятыя ў Расійскай Федэрацыі. Не выключана, што менавіта гэта і паспрыяла даволі тэрміноваму адкрыццю ў кастрычніку 1921 г. самай першай у БССР вышэйшай навучальнай установы ― Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Праўда, яго па многіх параметрах, у т.л. і па мове навучання, нельга залічваць да катэгорыі нацыянальных універсітэтаў, але ў гэтым напрамку нямала чаго рабілася канструктыўнага. І каб не барацьба з надуманым беларускім нацдэмакратызмам, масавыя фізічныя рэпрэсіі 30-х гадоў, БДУ абавязкова стаў бы нацыянальнай вышэйшай навучальнай установай. Не стаў! Але думка пра такую ўстанову ніколі не пакідала галовы нацыянальнай арыентацыі беларусаў, а калі іх краіна ў ліпені 1990 г. стала палітычна незалежнай, усім здавалася, што да ажыццяўлення гэтай запаветнай мары не аднаго пакалення людзей застаецца толькі адін крок. Да глыбокіх падвалін зрусіфікаваны чыноўніцкі апарат не праяўляў аніякай ініцыятывы ў гэтай справе. А яе не так і складана было зрушыць з месца, улічваючы, што ў 1990 ― 1994 гг на пасадзе першага намесніка Старшыні Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, а затым і самога старшыні яго стаў нядаўні прарэктар на навуковай рабоце БДУ Станіслаў Шушкевіч, да таго ж яшчэ не адарваны ад нацыянальнай глебы інтэлігент. У адказ на недаравальную пасіўнасць палітыкаў шчырыя прыхільнікі нацыянальнай вышэйшай школы паспрабавалі ўсё ж прымусіць чынавенства прыступіць да яе стварэння. Каля дзесяці гадоў ішоў збор подпісаў ― і даволі паспяхова ― за адкрыццё ў Беларусі нацыянальнага ўніверсітэта. Гэтую прагрэсіўную ідэю падтрымалі больш за 10 тыс. чалавек самага рознага сацыяльнага становішча і нават небеларускай нацыянальнасці. Аднак справа не зрушылася з месца. Хутчэй за ўсё нашыя палітыкі і ідэолагі лічаць, што ў выпадку завяршэння аб'яднаўчага працэсу з Расіяй ужо больш ніколі не ўсплыве на паверхню пытанне пра ўтварэнне беларускага нацыянальнага ўніверсітэта. Калі ён не стаў рэальнасцю ў суверэннай Беларусі, дык тым больш гэта будзе немажлівым у саюзнай дзяржаве з магутным панаваннем тут усяго рускага. Калі ж на змену сённяшняму кіраўніцтву Рэспублікі Беларусь прыйдуць, хоць і з вялікім спазненнем, палітыкі са здаровай этнічнай самасвядомасцю, рэкамендаваў бы ім мець на ўвазе прыведзеную мною цытату з пастановы Наркамасветы РСФСР, бо яе ніхто не адмяняў. Праўда, на практыцы яна асаблівай ролі не адыграла.
***
Было б несправядлівым не заўважаць нічога пазітыўнага ў адукацыйнай сферы Беларусі ў савецкі і постсавецкі перыяды. Са сцен яе навучальных устаноў выйшла нямала вядомых усяму свету людзей. Бяда толькі ў тым, што абсалютная бальшыня з іх пасля заканчэння вучобы, асабліва ў другой палове мінулага стагоддзя і на сучасным этапе, былі альбо зусім ці вельмі слаба падрыхтаванымі да жыцця ў беларускай культурна-моўнай стыхіі. Вінаватая ва ўсім гэтым дзяржаўная моўная палітыка. Яе непасрэдныя распрацоўшчыкі і праваднікі і па сённяшні дзень не хочуць зразумець, што адукацыя ― гэта якраз тая сфера духоўнага жыцця любой нацыі, дзе павінна панаваць толькі яе (!) родная мова. Тут з ёю не можа параўняцца аніводная чужая нават самая багатая, распаўсюджаная ў свеце мова.
Моц, прэстыжнасць мовы вызначаюцца не тым, што ёю сёй-той карыстаецца з кіроўцаў трамваяў, аўтобусаў і тралейбусаў з некалькіх тысяч людзей такіх прафесій. Не адпавядае сцвярджэнню нашых дзяржаўных палітыкаў аб адсутнасці ўмоў для вымірання роднага слова беларусаў і яго гучанне ў дынаміках пасажырскіх цягнікоў і ў метро. Гэта зусім не тыя сферы ўжывання беларускай мовы, каб узнёсла гаварыць пра яе нібыта перспектыўны стан. Ёй перш за ўсё патрэбныя класы агульнаадукацыйных школ, аўдыторыі сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў, дзе яе амаль не чуваць.
***
Для ўсіх даследчыкаў гісторыі народнай адукацыі савецкай і постсавецкай Беларусі не з'яўляецца сакрэтам, што тут заўжды вялося ўпартае змаганне за мову навучання. І звычайна пераможцамі з такога змагання выходзілі прыхільнікі рускай мовы, бо за іх спінамі знаходзіліся непасрэдна самі дзяржаўныя палітыкі і пастаўлены імі сабе на службу магутны ідэалагічны апарат. З іх ініцыятывы надзвычай моцная атака на беларускую мову пачалася яшчэ да заканчэння вайны з Германіяй. Яны ніяк не маглі дараваць мове беларуса, што яна так шырока выкарыстоўвалася ў грамадскім жыцці, у т.л. у адукацыі, падчас фашысцкай акупацыі. У гэтую сферу, як ні ў якую іншую, было накіравана па просьбе савецкіх і партыйных органаў БССР з іншых саюзных рэспублік велізарная колькасць настаўнікаў з нулявым веданнем беларускай мовы. На афіцыйным узроўні ніхто нават і не заікнуўся пра неабходнасць увядзення яе ў педагагічны працэс сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў. Яго цалкам аддалі рускай мове, што пераўтварыла беларускамоўныя сярэднія і няпоўныя сярэднія агульнаадукацыйныя школы ў тупіковыя навучальныя ўстановы. Прэстыж іх з хуткасцю маланкі зніжаўся і ў саміх вучняў і іх бацькоў, што дазваляла палітыкам, кіраўнікам асветы актыўна змагацца з беларускай мовай і на гэтай дзялянцы адукацыі, тым больш што з боку настаўнікаў не заўважалі сур'ёзнага супраціву. Прычына: многія са здаровай нацыянальнай самасвядомасцю педагогаў эмігравалі ўлетку 1944 г. на Захад.
У год заканчэння вайны з Германіяй адбылася важная для народнай адукацыі падзея ― Усебеларускі з'езд настаўнікаў. На ім выступіў сам старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР Нічыпар Наталевіч. Высокая кіраўнічая асоба дала добра зразумець удзельнікам з'езда, што ў сістэме адукацыі беларуская мова не будзе мець такой вялікай падтрымкі, як руская. Пачуты з вуснаў Н. Наталевіча катэгарычны заклік «…удзяліць выкладанню рускай мовы самую сур'ёзную ўвагу і выкладанне яе паставіць у адпаведнасці з патрабаваннямі партыі, урада» 1, быў успрыняты кіраўнікамі народнай адукацыі ўсіх звёнаў у якасці самай адказнай дырэктывы, якую трэба было няўхільна праводзіць у жыццё. Дзеля яе выканання ў руска- і беларускамоўных школах пайшлі на павелічэнне колькасці гадзін на вывучэнне рускай мовы за кошт адымання іх ад беларускай мовы. І настаўніцтва, і беларускае грамадства прамаўчалі, чым толькі паспрыялі партыйным і савецкім органам, кіраўнікам народнай адукацыі ў яе дэнацыяналізацыі, адрыве ад карэнных інтарэсаў нашай Бацькаўшчыны.
***
Сур'ёзны ўдар па беларускай мове Міністэрства асветы БССР нанесла сваім указам № 110 ад 30 красавіка 1951 г., у адпаведнасці з якім у IV ― VI і VIII ― IX класах рускіх школ адмяняліся пераводныя іспыты па беларускай мове і літаратуры, а ў VII класе ― выпускны. Належнага адпору і гэты антыбеларускі нарматыўны акт не атрымаў ад грамадства. У кіраўніцтва Міністэрства БССР з'явілася цвёрдая ўпэўненасць, што можна і надалей спакойна разбураць нацыянальныя асновы сістэмы адукацыі. Такой магчымасці проста нельга было не выкарыстаць. 20 мая 1955 г. міністр асветы БССР Іван Ільюшын (зацяты партыйны функцыянер, бальшавіцкі ідэолаг: да гэтага знаходзіўся на пасадах намесніка загадчыка аддзела агітацыі і прапаганды ЦК КП(б)Б, дырэктара Інстытута філасофіі і права Акадэміі навук БССР, галоўнага рэдактара часопіса «Бальшавік Беларусі», галоўнага вучонага сакратара Прэзідыума АН БССР) выдаў загад, які дазваляў вызваляць вучняў пачатковых, сямігадовых і сярэдніх школ ад вывучэння беларускай мовы, калі яна не з'ялялася для іх роднай. На той час такога загада не паспелі выдаць ні ў адной з саюзных рэспублік. Беларусь стала піянерам, наватарам у гэтай бруднай справе! У выніку надзвычай «абачлівай», «узважанай» моўнай палітыкі Міністэрства асветы БССР у такім важным звяне, як агульнаадукацыйная школа, наша рэспубліка выйшла на «самыя перадавыя» рубяжы ў СССР па русіфікацыі маладых пакаленняў.
Каб вызваліць сябе ад непатрэбнага для практычнага жыцця цяжару: вывучаць беларускую мову, і многія школьнікі-беларусы з дапамогай бацькоў шукалі розныя шляхі, каб дамагчыся ад кіраўніцтва школы вызвалення іх дзяцей ад вывучэння гэтага прадмета. І многім гэта ўдавалася. Такія вучні-беларусы, адцураўшыся ад роднай мовы і збольшага авалодаўшы рускай, нярэдка здраджвалі сваёй нацыянальнасці і паводле атрыманай у школе адукацыі лічылі сябе рускімі. Сёння яны ўжо паводле сваіх узроставых дадзеных ходзяць у статусе дзядоў і бабак і ў такім антыбеларускім духу дапамагаюць узгадоўваць сваіх унукаў. Калі абнародавалі вынікі перапісу насельніцтва Беларусі 1959 г., зусім натуральна, што на той час сярод яе жыхароў аказалася нямала рускіх. Падобнае паўтарылася ў 1970 і 1979 гг. У значнай ступені гэта тлумачылася тым, што ў лік рускіх трапіла шмат нашчадкаў тых беларускіх вучняў-шчасліўчыкаў, якім дзякуючы «інтэрнацыяналісцкаму» ўказу міністра асветы БССР І. Ільюшына ўдалося адрынуцца ад сваёй мовы і ўзгадавацца ў школе як прадстаўніку рускай нацыянальнасці.
Пры ўсёй прафесійнай падрыхтаванасці ў міністра асветы БССР І. Ільюшына і яго паплечнікаў не хапіла розуму, каб падобны эксперымент правесці і ў беларускамоўных школах: вызваліць іх вучняў ад абавязковага вывучэння рускай мовы, якая так не давалася ім. Дарэчы, у нацыянальных школах шэрагу саюзных рэспублік руская мова ў тыя гады не выкладалася. Беларусь не прыняла такі варыянт, бо не жадала ўступіць каму-небудзь першынства ў дэнацыяналізацыі агульнаадукацыйнай школы. А каб прыняла, не сумняваюся, абсалютная бальшыня вучняў беларускамоўных школ, якія не збіраліся пасля заканчэння іх вучыцца ў тэхнікумах, і інстытутах, адмовілася б ад наведвання заняткаў па рускай мове і літаратуры, г.зн. занялі б такую ж самую пазіцыю, як іх аднагодкі рускамоўных школ у дачыненні да беларускай мовы і літаратуры.
***
Усе наступныя пасля 50-х гадоў дзесяцігоддзі адзначаны няўхільным павышэннем ролі рускага фактару ў практыцы народнай адукацыі. Праўда, на калегіях Міністэрства асветы БССР неаднаразова разглядалася пытанне аб стане і мерах па далейшым паляпшэнні выкладання беларускай мовы, але ніколі не вялася гаворка аб тым, як захаваць яе ў рускіх агульнаадукацыйных школах, як вярнуць роднае слова карэнных жыхароў рэспублікі ў тыя навучальныя ўстановы, адкуль яго вытурылі архітэктары палітыкі русіфікацыі.
Ад гэтага самай нядобрай памяці часу ўсё больш і больш беларускіх дзяцей авалодвала мовай сваіх бацькоў без усялякай ахвоты, як чужой, а некаторыя і зусім не вывучалі яе. Ва ўсіх жа эшалонах кіравання адукацыяй выдатна разумелі, што з такога абакрадзенага пакалення не атрымаюцца поўнавартасныя людзі беларускай нацыі, што пасля заканчэння агульнаадукацыйнай школы, а пазней сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай навучальнай установы ў іх ніколькі не прыбавіцца беларускасці, наадварот, яе стане менш, а ў некаторых яна цалкам знікне. Такім маладым юнакам і дзяўчатам было вельмі цяжка вызначыць сваю нацыянальнасць, бо каб уяўляць сябе нацыянальным беларусам, трэба быць актыўным носьбітам іх нацыянальна-культурных каштоўнасцяў, а каб залічыць сябе да рускіх, трэба было, акрамя жыцця паводле іх культурна-моўных традыцый, мець яшчэ ў сваіх жылах і рускую кроў. Такія сапсаваныя антынацыянальным выхаваннем і навучаннем маладыя беларускія пакаленні цешылі сябе, што яны маглі называць і называлі сябе савецкімі людзьмі, а на графу «нацыянальнасць» у асабовых дакументах глядзелі як на штосьці зусім пабочнае, непатрэбнае.
***
Не мною заўважана, што колькі існуе на Беларусі школа, столькі яна і рэфармуецца. І не выключана таму, што часта перад рэформамі не ставіцца мэтай па-сапраўднаму падпарадкаваць школу карэнным інтарэсам народа. Такое назіралася і на пачатку ХХ і на пачатку нашага стагоддзяў. Крытыкуючы такі не заўсёды апраўданы накірунак дзеячоў народнай адукацыі, вядомы беларускі публіцыст і пісьменнік Сяргей Палуян (1890 ― 1910) пісаў: «…без нацыяналізацыі (тады пад ёю разумеўся перавод беларускай школы на яе прыродны грунт, выкладанне на роднай мове. ― Л. Л.) школы на Беларусі немажліва рэфармаваць гэту школу; тут ужо не дапаможа ніякае пашырэнне школьных праграм» 1. Да такіх разумных парад у нас ніколі не прыслухоўваліся. Ці не таму і раней і зараз са сферай адукацыі па колькасці рэарганізацый (часта зусім не прадуманых) можа параўняцца, мо, толькі аграрны сектар эканомікі?
***
Шматлікія факты з жыцця беларусаў у складзе царскай імперыі сведчаць, што яе палітыкаў вельмі моцна непакоіла адсутнасць сур'ёзных зрухаў у распаўсюджванні рускай мовы ў нашым краі, хаця дзеля гэтага рабілася нямала. Народ і слухаць не хацеў, што яна з'яўляецца роднай для яго. У такіх варунках нельга было разлічваць на сур'ёзныя дасягненні ў правядзенні дзяржаўнай русіфікатарскай палітыкі. Адмаўляцца ж ад яе не жадалі ні ў цэнтры, ні на месцы, дзе ўся ўлада сканцэнтравалася ў руках засланых сюды рускіх чыноўнікаў. Сустракаліся сярод іх і разумныя асобы. Гэта найперш іх заслуга, што ў якасці самага эфектыўнага сродку фармавання ў беларусаў погляду на рускую мову як на родную прызналі адпаведную гэтай мэцэ сістэму адукацыі. І не памыліліся, бо ніводная ў свеце нячыстая сіла не ў стане так зруйнаваць нацыянальны патэнцыял любога народа, як пабудаваная на чужой для яго культурна-моўнай аснове школа. У руках свецкіх, духоўных уладаў царскай імперыі яна якраз і была асноўнай зброяй русіфікацыі маладых пакаленняў беларусаў. Ад гэтай злыбеды іх выратавала толькі адсутнасць у царызму неабходных матэрыяльных і фінансавых сродкаў для стварэння на Беларусі шырокай сеткі рознага тыпу рускамоўных навучальных устаноў, не выключаючы сярэдніх і вышэйшых, як найбольш эфектыўных дзеля правядзення культурна-моўнай асіміляцыі. Не дарэмна ж і сёння ў нас няма аніводнай такой установы з навучаннем на беларскай мове. Каб дзеці забываліся на сваё роднае, матчынае слова, міністэрства асветы прымае ў 1864 г. драконаўскую пастанову, у адпаведнасці з якой ім забаранялася ў навучальных установах нават размаўляць паміж сабой на беларускай мове. У гэтых мэтах, як і падчас вучэбных заняткаў, патрабавалася карыстацца толькі засланай з цэнтральных губерняў імперыі рускай мовай. Вось якімі варварскімі, злачыннымі метадамі рабілі яе «роднай» для беларускіх дзетак. Укаранялася яна ў іх асяроддзі, як часта характарызаваў падобныя прыклады ў Расіі Уладзімір Ленін, з-пад палкі. Толькі на магутных штармавых хвалях рэвалюцыйных падзей 1905 ― 1907 гадоў прыйшла ― хаця і ў занадта абмежаваных рамках ― беларуская мова ў перыядычны друк, кнігавыдавецтва. Да гэтага наш люд меў справу пераважна з рускім друкаваным словам. Распаўсюджвальнікі яго не сумняваліся, што і такім метадам удасца многа дасягнуць па сфармаванні ў беларусаў погляду на рускую мову, як на сваю родную.
Гвалтоўнае навязванне беларусам рускай мовы не спрыяла таму, каб яны ў асноўнай сваёй масе глядзелі на яе як на дарагую ўласную духоўную каштоўнасць. Праўда, у жыцці назіралася і нешта зусім процілеглае. Таму нядзіўна, што многіх адукаваных, неадарваных ад беларускай зямлі людзей моцна хвалявала, што навязаная з усходу мова ўсё ж пакрысе аслабляе камунікатыўную ролю роднай, сяго-таго схіляе нават да змены сваёй нацыянальнай прыналежнасці. У такіх варунках узнікла рэальная пагроза непазбежнасці сур'ёзных этнічных страт беларускага народа. Каб ухіліцца ад такой трагедыі, стараліся пры любых нагодах даводзіць яму пра неабходнасць жыць у сваёй роднай мове. Сведчаць пра гэта і наступныя словы з прадмовы да выдадзенага ў 1906 г. у Санкт-Пецярбургу ў друкарні К. Пянткоўскага «Беларускага лемантара або першай навукі чытання» (№ 3): «…людзі, што мовай адной гавораць ― браты родныя». На вялікае шчасце, у той час на этнічных абсягах нашага краю ў зносінах паміж яго жыхарамі пераважала беларуская мова, што, як вынікае са слоў лемантара, якраз і рабіла іх роднымі.
***
Апошнім часам даследчыкам гісторыі народнай адукацыі савецкага перыяду ўдалося адшукаць у архівах звесткі (праўда, вельмі мала) пры выступленні бацькоў супольна з педагогамі ў абарону беларускага навучання. Старанні іх, як і трэба было чакаць, заўсёды аказваліся марнымі. І гэта зразумела: кіраўнікі народнай адукацыі не маглі сабе дазволіць збочыць з вызначанага камуністычнай партыяй курсу русіфікацыі. Затое яны, як у 50-я гады, ледзь не цалаваліся з тым, хто прасіў вызваліць сваё дзіця ад вывучэння роднай беларускай мовы. А прасіў жа таму, што не сустракаў, каб яе дзе-небудзь выкарыстоўвалі ў грамадскім жыцці, і асабліва ў сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных установах. І як заканамерны вынік, у 1969 г. 30 % вучняў агульнаадукацыйных школ рэспублікі не вывучала беларускай мовы. Колькасць беларускіх школ за перыяд 50-х ― 80-х гг. зменшылася ў 2,5 разы. Нас нават не ратавала Гарбачоўская перабудова: у 1986/87 н.г. у беларускіх школах вучылася 328,3 тыс. вучняў (23,1 %), у 1988/89 ― 296,3 тыс. (20,6 %). Прадугледжаныя загадам міністра асветы БССР № 8 1987 г. канкрэтныя захады па беларусізацыі розных звёнаў народнай адукацыі ніколькі не спынілі далейшага руйнавання нацыянальных асноў адукацыі Беларусі. У розных звёнах кіравання гэтай галіной столькі было праціўнікаў яе беларусізацыі, што ўсе добрыя пачынанні не давалі аніякага плёну. Становішча змянілася да лепшага толькі пасля прыняцця 26 студзеня 1990 г. Закона аб мовах у Беларускай ССР, у адпаведнасці з якім беларускай мове адводзілася галоўная роля ў абслугоўванні педагагічнага працэсу ўсіх тыпаў навучальных устаноў.
***
Моўны аспект адукацыі, мо, як ніякі іншы, усё ж моцна хваляваў інтэлегенцыю. Выключную стрыманасць у стаўленні да яго выяўлялі толькі партыйныя і савецкія дзеячы, лічачы, што тут у Беларусі няма аніякіх праблем. Калі ж адукаваныя людзі, далучаныя да кіравання народнай асветай асобы закраналі дадзеную праблему, дык толькі дзеля таго, каб выказацца на карысць рускамоўнага навучання ў агульнаадукацыйных школах, тэхнікумах і ВНУ. Цвярдзілі, што ад гэтага маладыя людзі будуць толькі больш развітымі, культура нашай рэспублікі стане на некалькі парадкаў багацейшай, яшчэ мацней пасябруюць паміж сабой беларускі і рускі народы. Гэтыя асобы можа і не верылі, але публічна заяўлялі, што без роднай мовы беларус дасягне нечуванага росквіту ў сваім духоўным развіцці, стане не толькі самым перадавым у славянскай супольнасці народаў, але і ва ўсёй сусветнай цывілізацыі. Відаць, прачытаўшы дзесятую долю той хлусні, што дзявятым валам навальвалася на родную мову беларуса, вельмі кепска пачуваў сябе наш незабыўны грамадскі і культурны дзеяч, харавы дырыжор Рыгор Шырма, які аднойчы (заўважу, што за савецкім часам) узяў ды напісаў такое: «Ва ўсім цывілізаваным свеце родная мова ёсць асноваю, якая лучыць усе прадметы школьнага курса, якая праходзіць праз усе яго часткі». Не сумняваюся, што сёння за такое аб'ектыўнае выказванне пра ролю роднай мовы любому выдатнаму беларускаму дырыжору ўсыпалі б не толькі самыя адказныя арганізатары адукацыі, адарваныя ад нацыянальнага карнявішча навукоўцы-педагогі, але і многія шараговыя настаўнікі, не выключаючы і тых, хто працуе ў пачатковых класах.
***
Часта педагогі нацыянальнай арыентацыі свае спадзяванні на вяртанне беларускай мовы ў навучальна-выхаваўчы працэс звязвалі, нават у 60 ― 80-я гады мінулага стагоддзя, з правядзеннем таго ці іншага ўсебеларускага з'езда настаўнікаў. Бывала і такое, прычым у самы пік дэбеларусізацыі адукацыі, калі галоўны дакладчык выступаў на з'ездзе па-беларуску. Такую практыку аднавілі ― шкада, што не на доўга ― пасля прынятага ў студзені 1990 г. Закона аб мовах у Беларускай ССР. Прызначаны ў 2001 г. на пасаду міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Пётр Брыгадзін не палічыўся з яе нацыянальным інтарэсам і ўсю працу чарговага ўсебеларускага з'езда настаўнікаў, што праходзіў у Мінску 2―3 лістапада 2001 г., правёў на роднай мове рускага народа. Даўно не было такога неканструктыўнага, бесколернага форуму педагагічнай інтэлігенцыі, як на гэты раз. На ім ніхто не адважыўся ці не пажадаў узяць слова, каб выказаць свой боль (у многіх жа ён прысутнічаў) адносна сірочага стану нацыянальнай сістэмы адукацыі. Са зместу выступленняў дэлегатаў вынікала, што ў нас тут не існуе аніякіх праблем, выхаванне і навучанне маладой змены ажыццяўляецца ў поўнай адпаведнасці з беларускай нацыянальнай ідэяй. А як да ўсяго гэта далёка было! Нічога да лепшага не змянілася і пазней. Калі ўважліва прааналізаваць стан спраў у адукацыі, дык убачым, што пасля згаданага з'езда настаўнікаў яе нацыянальны патэнцыял не толькі не пабагацеў, а, наадварот, яшчэ больш збяднеў. А гэта крайне непажадана, небяспечна для беларускага народа, зацягнутага адпаведнай палітыкай дзяржавы ў асіміляцыйную багну. Проста само жыццё падштурхоўвае нас да неадкладнага правядзення сапраўднага Усебеларускага нацыянальнага з'езду настаўнікаў, у працы якога павінны ўзяць удзел і прадстаўнікі нацыянальна-патрыятычных рухаў, і нашыя суродзічы з блізкага і далёкага замежжа. На гэтым форуме кіраўнікі адукацыі, нацыянальна самасвядомая беларуская педагагічная інтэлігенцыя павінны заявіць народу, што канкрэтнага яны збіраюцца рабіць ужо ў бліжэйшы час дзеля яго нацыянальна-культурнага адраджэння. У Звароце да ўрада, усёй грамадскасці ўдзельнікі з'езду павінны ім растлумачыць, што барацьба за нацыянальную адукацыю распачынаецца не ў імя выканання патрабаванняў Беларускага народнага фронту «Адраджэньня», Таварыста беларускай мовы імя Ф. Скарыны, Таварыства беларускай школы ці якіх-небудзь іншых грамадскіх аб'яднанняў, а дзеля вяртання беларускага народа з чужога на свой уласны шлях нацыянальна-культурнага развіцця, які толькі і выратуе яго ад канчатковай асіміляцыі, пагрозлівы характар якой не толькі не зменшыўся апошнім часам, а, наадварот, значна павялічыўся. У нас вельмі вялікая практыка арганізацыі Усебеларускіх з'ездаў настаўнікаў нацыянальнай накіраванасці, пераканацца ў чым можна, заглянуўшы ў 20-я гады мінулага стагоддзя. Прынцыповыя рашэнні і прапановы тых тагачасных настаўніцкіх з'ездаў вельмі станоўча паўплывалі на ход нашай першай беларусізацыі. Калі сёння па якіх-небудзь прычынах да склікання падобнага з'езда выкажуць поўную абыякавасць афіцыйныя структуры, яго трэба правесці па ініцыятыве грамадскіх арганізацый, педагагічнай грамадскасці, заклапочаных лёсам выратавання беларускага народа ад канчатковай дэградацыі, перашкодзіць якой нішто так не зможа, як пабудаваная на трывалым нацыянальным падмурку народная сістэма адукацыі.
***
Па-добраму зайздрошчу тым шчасліўчыкам, якія дачакаюцца запаветнай пары, калі газеты «Рэспубліка», «Народная газета», «Народная воля», «Мінская праўда»… будуць цалкам выходзіць на беларускай мове, калі на ёй загаворыць на службе, у грамадскіх месцах, у міжасобасных зносінах абсалютная бальшыня насельніцтва краіны, а дэпутаты Нацыянальнага схода Рэспублікі Беларусь будуць саромецца выходзіць на трыбуну з-за няведання мовы тытульнага народа, прасіць у яго прабачэння з-за сваёй філалагічнай непісьменнасці. Аднак і гэта яшчэ не будзе азначаць, што ў нас адбылося незваротнае нацыянальна-культурнае Адраджэнне. Дасягнем яго толькі тады, калі створым па-сапраўднаму нацыянальную сістэму адукацыі, пачынаючы ад дзіцячага сада і канчаючы вышэйшымі навучальнымі ўстановамі. Прычым пераведзенымі на беларускую мову выкладання не на 50 ці 75 працэнтаў, а цалкам, так як гэта практыкуецца рускімі, палякамі, французамі, немцамі, японцамі… у сваіх краінах.
Калісьці наш вядомы дзеяч Адраджэння Вацлаў Ластоўскі назваў нацыянальную школу будучыняй беларускага народа. На жаль, яна не была такой амаль на працягу ўсяго ХХ стагоддзя і пражытых гадоў ХХІ стагоддзя, таму беларуская нацыя і прыйшла да такога страшэннага заняпаду, што ледзь цалкам не страціла сваю этнакультурную адметнасць! Калі дзяржава, грамадскасць, педагагічная інтэлігенцыя і сапраўды зацікаўленыя ў выратаванні беларускага народа ад канчатковай асіміляцыі, дык ім хутчэй трэба брацца за стварэнне нацыянальнай школы. Без яе мы загубім Адраджэнне. І віна ўсіх нас перад будучымі пакаленнямі беларусаў, сусветнай цывілізацыяй павялічыцца ад таго, што мы ведаем, што трэба рабіць дзеля выратавання беларускай нацыі, але нічога не робім. Проста не сур'ёзна, калі не сказаць: брыдка, што яшчэ і на дваццатым годзе пасля абвяшчэння Беларусі суверэннай дзяржавай у ёй не створана аніводнай нацыянальнай вышэйшай навучальнай установы! Можа мы памыліліся ці паспяшаліся з наданнем нашай краіне статусу незалежнай дзяржавы, бо, відаць, ад некага ж залежым, калі вучым моладзь у школах, сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных установах на чужой для яе мове?
***
Не раз даводзілася чуць ад педагогаў самых розных рангаў нараканні, што за нацыянальныя прыярытэты ў адукацыі па-сур'ёзнаму не выступаюць самі навучэнцы, студэнты. Прычыны тут зразумелыя: глабальная русіфікацыя насельніцтва краіны, адсутнасць у яе дзяржаўных органаў усялякага жадання выратаваць беларускі народ ад канчатковага этнічнага вымірання. Асабліва яны пільна сочаць за тым, каб да развязвання праблем нацыянальнага Адраджэння не падключылася такая важная сфера дзейнасці чалавека, як адукацыя, добра ведаючы яе вырашальную ролю ў дадзеным плане. Дзяржаве пакуль што вельмі добра ўдаецца выкарыстоўваць гэты фактар у інтарэсах далейшай русіфікацыі сваёй тытульнай нацыі. Усялякія спробы актывістаў нацыянальнага Адраджэння зацвердзіць дух беларускасці ў педагагічным працэсе дзіцячых садоў, агульнаадукацыйных школ, прафесійна-тэхнічных вучылішчаў, сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў і ВНУ не вядуць да поспеху. Аднак давайце не будзем кідацца ў роспач ад нашай вялікай паразы ў галіне адукацыі. Супакоім сябе хаця б тым, што з дапамогай тонка распрацаванай сістэмы адукацыі і выхавання туркам таксама ўдавалася на працягу цэлых стагоддзяў узгадоўваць балгарскіх дзяцей ў поўным адрыве ад сваіх гістарычных традыцый і духоўнай спадчыны. Значная частка такіх дзяцей, стаўшы дарослымі, папаўняла шэрагі янычараў, вяла жорсткую, кровапралітную барацьбу з уласным народам. І ўсё ж гераічныя, моцна ўлюбёныя ў свой край балгары не атурэчыліся, вытрывалі і перамаглі, чым не далі збяднець букету славянскай культуры. Будзем і мы да канца спадзявацца, рабіць усё залежнае ад нас, каб з гэтага букета не выпала і беларуская кветка. Павінны ж знайсціся клапатлівыя садоўнікі, якія выхадзяць яе, не дадуць загінуць. А калі ж не знойдуцца, у нас адно «выйсце» ― пагібель. Франтальнае выпустошванне з навучальна-выхаваўчага працэсу агульнаадукацыйных школ, ССНУ і ВНУ беларускай мовы непазбежна прывядзе да таго, што праз якое-небудзь паўстагоддзе, а хутчэй за ўсё і раней, у нас ужо не будзе людзей, здольных пісаць на ёй свае літаратурныя творы. І вучоныя, як пра вялікае дзіва будуць паведамляць грамадству, што ім удалося дзесьці знайсці вершык, напісаны на неафіцыйнай мове суверэннай Рэспублікі Беларусь і будуць параўноўваць яго аўтара з беларускім паэтам ХІХ ст. Паўлюком Багрымам. Калі ж пашанцуе даследчыкам, дык яны можа яшчэ знойдуць у сярэдзіне ХХІ ст. нешта падобнае на творы «Тарас на Парнасе» і «Энеіда навыварат», якія доўгі час лічыліся ананімнымі.
***
У пабудаванай на чужой мове адукацыі дужа шмат усяго адмоўнага. Але, бадай, найбольшую небяспеку ўяўляе яе абыякавае стаўленне да нацыянальнай гісторыі, каб, крый божа, маладыя пакаленні не ведалі, што некалі і іх прашчуры пачувалі сябе гаспадарамі на сваёй бацькоўскай зямлі, мелі адметную ад суседзяў культуру і мову, развіваліся як адрозны ад іх, самабытны этнас. Чужамоўная адукацыя ўсяляк імкнецца наблізіць сваіх навучэнцаў да культурных каштоўнасцяў, гістарычных традыцый народа, чыю мову яна выкарыстоўвае ў педагагічным працэсе. Маладыя пакаленні беларусаў вывучалі праўдзівую гісторыю роднай Бацькаўшчыны не больш як пяць-сем гадоў (канец 80-х ― першая палова 90-х гадоў ХХ ст.), а ўсе гады, у т.л. і на сучасным этапе, ім падавалі і падаюць мінулае Беларусі толькі як нейкую зусім неістотную складовую частку гісторыі Расіі. У падручніках для школ, ССНУ і ВНУ толькі штрышком згадваюцца працяглыя, кровапралітныя войны паміж гэтымі краінамі. Дзяржаўныя выдавецтвы калёным жалезам вынішчаюць са старонак гістарычных прац тэрмін «русіфікацыя», хаця яна, як нішто іншае, нанесла велізарную шкоду беларускаму народу. Таму маладыя пакаленні не ў стане адказаць, чаму ён бязмоўны ў сваім родным слове. Некаторыя адказваюць: «Так гістарычна склалася». А на справе ж русіфікацыя беларусаў ― гэта вынік мэтанакіраванай дзяржаўнай палітыкі царызму, савецкай улады і сучаснай прэзідэнцкай вертыкалі.
Інакш, як вялікай трагедыяй, не назавеш, што мы і раней, і цяпер не ведалі і не ведаем сваёй нацыянальнай гісторыі. Хутчэй за ўсё як след не будзем яе ведаць і ў бліжэйшы час. А шкада, бо як заўважыў яшчэ больш за сто гадоў таму Гюстаў Лебон у сваёй кнізе «Психология народов и масс» (СПБ.1896): «Лёсам народа кіруюць у значна большай ступені памерлыя пакаленні, чым тыя, што жывуць» 1.
Выратаваць беларусаў ад гістарычнага беспамяцтва змогуць толькі незацыкленыя на сучаснай афіцыйнай ідэалогіі навукоўцы, у распараджэнні якіх, дзякаваць богу, ёсць недзяржаўныя выдавецтвы (калі ўлады не ўвядуць тут цэнзуру) і такі магутны сучасны сродак інфармацыі, як Інтэрнэт.
***
Пахвальна, калі навучальныя ўстановы, апроч грунтоўных тэарэтычных ведаў і практычных навыкаў па той ці іншай прафесіі, выхоўваюць у моладзі цвёрдае перакананне, што беларуская зямля створана для развіцця на ёй роднай, г.зн. беларускай, а не якой-небудзь іншай культуры, што ўсё народжанае па-за беларускай мовай ― гэта нуль для нацыянальнай культуры. Нельга, каб сённяшняя моладзь ішла шляхам сваіх аднагодкаў савецкіх часоў, калі адкрыта заяўлялася ў працэсе вучобы пра неабходнасць забеспячэння прыярытэту ў культуры інтэрнацыянальнаму над нацыянальным. Гэта так глыбока ўбілі ў галовы здольнай да творчай дзейнасці моладзі, што многія з іх, стаўшы дарослымі, наблізіўшыся да пенсійнага ўзросту, усё яшчэ лічаць, што сваёй працай у рускім культурна-моўным рэчышчы яны не толькі не размываюць, а, наадварот, умацоўваюць, узбагачаюць нацыянальны патэнцыял духоўнага жыцця Беларусі. Гэтыя ж творцы думаюць, што культурны імідж Беларусі ў цывілізаваным свеце можна ўзняць праз развіццё ў ёй рускіх духоўных каштоўнасцяў, хаця практыка не дае прыкладаў, каб заменай свайго чужым той ці іншаы народ здабыў сабе славу. Марна было б шукаць у Еўропе хоць аднаго народа, які, жывучы паводле такога правіла, увайшоў у разрад культурна развітых. Можа досыць нам, беларусам, ісці такім бесперспектыўным шляхам? Даўно наспеў час адумацца і як след узяцца за развіццё свайго нацыянальнага, тым больш жывучы ў суверэннай краіне. Дакуль жа будзем, як за савецкім часам, ісці небяспечным шляхам да збліжэння і зліцця роднай культуры з рускай, як калісь таго патрабавала, асабліва ад творчай інтэлігенцыі, камуністычная ідэалогія? Любоў да роднай беларускай культуры ў маладых пакаленняў трэба бесперапынна выхоўваць, пачынаючы ад дзіцячага сада і канчаючы вышэйшай навучальнай установай.
***
Лічу выключна важным, што ў час, калі на элітарных дзялянках культуры Беларусі так уладарна пануе рускі фактар, у краіне, на яе шчасце, канчаткова не вывеліся здольныя да творчасці людзі, якія ўсяляк імкнуцца да таго, каб не даць яму разбурыць нацыянальныя асновы хаця б беларускай традыцыйнай, народнай культуры. Тут, дзякаваць богу, у нас яшчэ і сёння ёсць шмат чаго адметнага, чыста беларускага, якое дазваляе адрозніць карэнных жыхароў Беларусі ад яе суседзяў. У нейкай ступені суцяшае, што нават і сярод вучняў колішніх беларускамоўных школ, якіх, не здрыгануўшы, пусцілі пад нож пасля майскага рэферэндуму 1995 г., вядзецца пэўная работа па далучэнні моладзі да фальклорнай духоўнай спадчыны краіны. І ўсё ж хацелася б сказаць настаўнікам, што пры ўсёй важнасці такой спадчыны ў нашым жыцці, яно не будзе поўнавартасным, цывілізаваным, калі ў ім не знойдзем належнага месца прафесійным пластам беларускай нацыянальнай культуры. Гэта павінны ведаць і школьнікі нават самых ранніх узростаў. А каб быць падрыхтаванымі да пасіўнага ўспрымання, а яшчэ лепш да актыўнага ўдзеяння на такія пласты з мэтай іх узбагачэння, школьнікі павінны добра вялодаць беларускай мовай, дасканала ведаць гісторыю і культуру роднага краю, часцей наведваць мерапрыемствы, што ладзяцца ў нашых нацыянальных установах культуры творцамі, шчыра заклапочанымі захаваннем прыроднага этнічнага аблічча Бацькаўшчыны.
***
Бадай, нішто так не азмрочвае мой настрой, як наведванне агульнаадукацыйных школ горада Мінска. Прычына: не чую з вуснаў маладых пакаленняў тытульнай нацыі краіны слоў з яе роднай мовы. Школьнікі ў гэтым не вінаватыя, бо ўся навучальна-выхаваўчая праца з імі вядзецца па-руску. Думаю, разумным было б з-за такой прамаскоўскай палітыкі нашай дзяржавы ў сферы адукацыі, пры ўваходзе ў кожную навучальную ўстанову ўсталяваць прыгожа аформленыя транспарант ці шыльду з надпісам наступнага зместу: «Народ, які вучыць сваіх дзяцей у чужой мове, не мае будучыні».
Раздзел ІІІ. У культуры Беларусі чужое пануе над уласным
Нішто не стварае народу такога аўтарытэту, як яго дастаткова развітая ўласная культура. Можна выйграць шмат перамог у барацьбе з ворагам, вывесці краіну ў лік перадавых паводле ўзроўню эканамічнага развіцця, але калі яна не мае вялікіх дасягненняў у розных сферах духоўнага жыцця, ніхто не прызнае яе цывілізаванай. Мінулае стагоддзе і першыя гады новага стагоддзя, як ніколі раней, вызначаюцца велізарнымі дасягненнямі ў любой з іх. Вельмі добра адчуваецца гэта і на прыкладзе Беларусі. Не задавальняе, моцна турбуе нацыянальна зарыентаваную частку грамадства толькі адно: культурны прагрэс вядзе не да этнічнай кансалідацыі беларускага народа, а, наадварот, да самых глыбокіх падвалін разбурае яго самабытнае духоўнае жыццё. Адбываецца ж гэта таму, што адказныя за развіццё культуры дзяржаўныя чыноўнікі і прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, за рэдкім выключэннем, груба ігнаруюць ролю нацыянальнага фактару ў гэтай найважнейшай этнастваральнай сферы дзейнасці чалавека. Іх зусім не хвалюе, што за апошнія дзесяцігоддзі, асабліва пасля майскага рэферэндуму 1995 г., у нас рэй вядзе не родная беларуская, а чужая руская культура. Ужо даволі даўно на ніве апошняй працуе куды больш творчай інтэлігенцыі, чым на першай. Дзяржава на нацыянальную культуру асігноўвае ў дзясяткі разоў менш бюджэтных сродкаў, чым на рускую, таму ўплыў яе на грамадства проста не мае межаў, што немінуча вядзе яго да культурна-моўнай русіфікацыі, якая, не баюся памыліцца, ужо выйшла на свой апошні рубеж. Без карэнных перамен дзяржаўнай культурнай палітыкі сусветная цывілізацыя вельмі хутка развітаецца з беларускай нацыяй, нягледзячы на яе немалыя заслугі перад чалавецтвам.
***
Ніводнаму еўрапейскаму народу не даводзілася зведаць такіх буйнамаштабных культурных уплываў ад сваіх суседзяў, як беларускаму: спачатку ад польскага, затым ― ад рускага, а пазней ― і ад першага, і ад другога адначасова, прычым на працягу даволі доўгага часу. Дзіву даешся, як толькі край наш захоўваў сваю этнакультурную адметнасць, не пераўтварыўся ні ў польскі, ні ў рускі.
Не існавала пытання датычна самабытнасці беларускай культуры і мовы ў нашага выдатнага этнографа, пісьменніка і педагога Паўла Шпілеўскага (1823 ― 1861 гг.), які, нягледзячы на свой кароткі жыццёвы шлях, зрабіў нямала карыснага для вывучэння і прапаганды ведаў пра сваю любую Бацькаўшчыну не толькі на яе тэрыторыі, але і Расіі ў цэлым. Нарадзіўся ён у вёсцы Шыпілавічы Бабруйскага павета, г.зн. у той мясцовасці, якая сёння ўваходзіць у склад Магілёўскай вобласці ці вельмі блізка знаходзіцца ад яе. Раблю такое ўдакладненне дзеля таго, каб паказаць, што тэрытарыяльная блізкасць радзімы П. Шпілеўскага да карэннай Магілёўшчыны, ад якой рукой падаць да этнічнай рускамоўнай тэрыторыі, не з'яўлялася для яго падставай, як гэта некаторым сёння ўласціва, атаясамліваць сваю родную мову з рускай. Выступаючы на старонках рускага часопіса «Современник» з вельмі грунтоўнай этнаграфічнай працай «Падарожжа па Палессі і Беларускім краі» ён пісаў: «Беларуская мова такая самастойная, такая характарыстычная ў археалагічных і філалагічных адносінах… што пры сапраўдным напрамку і развіцці ў нас філалогіі і археалогіі становіцца неабходным даследаваць… і пазнаёміць выразна з родапачатковымі яе элементамі». Рэдагавалі, друкавалі, чыталі часопіс «Современник» вельмі адукаваныя людзі, і сярод іх не знайшлося аніводнага, які ўсумніўся б у справядлівасці выказванняў П. Шпілеўскага датычна самастойнасці беларускай мовы, а разам з ёю і самабытнасці беларускай культуры. Наадварот, М. Чарнышэўскі, М. Салтыкоў-Шчадрын і многія іншыя вядомыя рускія прагрэсіўныя дзеячы навукі і культуры ўсяляк адстойвалі права беларускага народа развіваць, вольна карыстацца сваёй роднай, а не рускай мовай, якую дзе гвалтам, а дзе вельмі тонка, як след прадумана ўкаранялі ў яго краі ўстановы адукацыі і культуры, праваслаўная царква, мясцовая адміністрацыя. Наяўнасць у беларусаў таго часу самабытнай роднай мовы забяспечвала і адметнасць іх культуры, хаця прыкметы русіфікацыі назіраліся ў дачыненні як да першай, так і другой, толькі асабліва не было каму біць трывогу.
***
У нас ёсць магутныя, уплывовыя сілы ў дзяржаўных структурах, якія ўсяляк перашкаджаюць беларусам развівацца ў прыродным культурна-моўным рэчышчы, сцвярджацца ў сваёй нацыянальнасці. У іх хочуць бачыць больш суседскага, г.зн. рускага, чым уласнага. І ўлады даволі паспяхова дамагаюцца гэтай шкоднай мэты, ігнаруючы тым, што некалі чыталі ў Ф. Энгельса: народы «не толькі маюць права, але і абавязаны быць нацыянальнымі, перад тым як яны стануць інтэрнацыянальнымі» «Маркс Карл и Энгельс Фридрих. Соч. Т. 35. С. 222). Можна зразумець (толькі не апраўдаць!), што беларусам не давалі стаць нацыянальнымі чужыя палітычныя рэжымы Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі, агульнасаюзны цэнтр СССР, але калі такое настойліва праводзяць у жыццё і ўлады суверэннай Рэспублікі Беларусь ― гэтаму ўжо не знайсці аніякага апраўдання. У сучаснай архіскладанай сітуацыі нацыянальнае развіццё беларускага народа павінна быць прадметам самага пільнага, узважанага дзяржаўнага рэгулявання. Час пакласці канец панаванню тут стыхіі, ад якой у нас нясе вялікія страты этнакультурны патэнцыял беларускай нацыі. Трэба ўважліва прыгледзецца, калі для яе прыстойнага жыцця нестае вызначанага для беларускай мовы аб'ёму функцый па абслугоўванні дзейнасці дзяржаўнага, адміністрацыйнага-гаспадарчага апаратаў, сферы народнай адукацыі, культуры, навукі, сродкаў масавай інфармацыі неабходна рашуча мяняць суадносіны тут паміж ёю (беларускай) і рускай мовамі. Пры развязванні гэтай лёсавызначальнай для беларусаў праблемы трэба менш за ўсё лічыцца з тым, якія страты ў функцыянальным абслугоўванні грамадскага жыцця панясе руская мова і як гэта адаб'ецца на маштабах яе распаўсюджанасці ў нашым краі. Не будзем забывацца, што ў рускай мовы ёсць велізарнейшая Расія, а ў беларускай ― у дзясяткі разоў меншая Беларусь. У Расіі, як пераважна славянскай краіне, не будзе крыўды на славянскую Беларусь, калі яна родную мову свайго тытульнага народа ўзніме на тую вышыню, на якой знаходзяцца родныя мовы ўсіх астатніх славянскіх народаў.
***
Не першы год, як у мяне сфармавалася ўражанне, што многія адказныя за духоўнае развіццё краіны службоўцы, самі непасрэдныя ўдзельнікі творчага працэсу як след не разумеюць планетарнага значэння кожнай нацыянальнай культуры, у т.л. беларускай. Гадоў жа сто таму гэта было азбучнай ісцінай для многіх нашых нацыянальных адраджэнцаў. Пацверджу сказанае вытрымкай з перадавога артыкула штотыднёвай палітычна-эканамічнай і літаратурнай газеты «Беларусь», якую выдавалі ў кастрычніку 1919 ― ліпені 1920 г. у акупаваным польскімі інтэрвентамі Менску: «Развіваючы сваю культуру, мы не будзем прыпыняць агульначалавечага поступу, а наадварот, будзем багаціць здабыткі міравой культуры, бо адраджэнне нацыі нясе свой дар у агульную скарбніцу» (20 кастрычніка 1919 г.). Пазней, 18 студзеня 1920 г., Я. Хомік у адным з сваіх артыкулаў для названай газеты напіша: «Тварыць саюз народаў на аснове самабытнасці (падкрэслена мною. ― Л. Л.) ― гэта чарговае заданне сусветнай дэмакратыі».
***
Дзяржава абавязана рэгуляваць не толькі сацыяльна-эканамічнае развіццё сваёй краіны. Па-за мэтанакіраваным рэгуляваннем не можа заставацца і грамадскі сектар культуры, ад якога шмат у чым залежыць этнічная самабытнасць народа. Нашыя ўлады не могуць пахваліцца сваёй увагай да гэтага адказнага ўчастка сваёй дзейнасці. Сёння ў дзяржаўных структурах працуе нямала людзей, якія ў свае маладыя гады старанна вывучалі напісанае асноватворцамі матэрыялістычнай тэорыі і сустракаліся ў ёй з такімі словамі «Культура, ― калі яна развіваецца стыхійна, а не накіроўваецца свядома… ― пакідае пасля сябе пустыню» 1. Што ж адбываецца ў нашай краіне ў грамадскім сектары культуры? Для беларускай ён і сапраўды ўсё больш і больш нагадвае пустыню, бо ў ёй пануе руская культура, да стварэння, прапаганды, распаўсюджвання якой самае непасрэднае дачыненне мае і вялікая колькасць творчых людзей беларускай нацыянальнасці.
***
Наша нізкапаклонства перад культурай і мовай Расіі ні ў якай ступені не можа быць вытлумачана паводзінамі саміх людзей. Гэта нішто іншае, як вынік мэтанакіраванай, шматгадовай палітыкі не толькі царызму, але і партыйных, дзяржаўных органаў БССР, сённяшніх уладаў Рэспублікі Беларусь. Расія ў свой час таксама сутыкалася з такой адмоўнай з'явай, калі прывіліяваныя, адукаваныя слаі грамадства, па словах Аляксандра Герцана, глядзелі «на еўрапейцаў і Еўропу… як правінцыялы глядзяць на сталічных жыхароў, ― з ліслівасцю і з пачуццём уласнай віны, прымаючы кожную розніцу за недахоп, чырванеючы ад сваіх асаблівасцяў, утойваючы іх…» За ўсё гэта рускі пісьменнік авінавачваў прывіліяваныя класы імперыі. Кампазітар Пётр Чайкоўскі прызнаваў толькі ўлады вінаватымі, што рускае мастацтва на сваёй зямлі не знаходзіць «для прытулку сабе ні месца, ні часу». На момант, калі ў Расіі ў кастрычніку 1917 г. адбывалася рэвалюцыя, у беларускай культуры, нягледзячы на страшэнную, невядомую ў свеце па моцы руйнавання паланізацыю і русіфікацыю, яшчэ меліся прыродныя асновы, на якіх можна было ствараць арыгінальныя, нацыянальна-самабытныя духоўныя каштоўнасці. Аднак варожая беларускай ідэі палітыка самой дзяржавы вяла і сёння вядзе да поўнай дэфармацыі культуры аднаго з колісь самага духоўна багатага славянскага народа. Выцесніўшы мову беларусаў практычна з усіх сфераў грамадскага жыцця, яны ў сваёй бальшыні аказаліся па-за рамкамі існавання роднай культуры і карыстаюцца духоўнымі здабыткамі таго народа, мова якога стала для іх асноўным сродкам зносін.
***
Панаванне на Беларусі чужой рускай культуры над нацыянальнай ― гэта яе ўнутраны Карфаген, які будзе пагражаць ёй да тае пары, пакуль не будзе разбураны.
***
Асабліва вялікую шкоду (магчыма цяпер яна яшчэ не так заўважаецца, як будзе заўважана пазней) прыносіць нацыянальнай беларускай культуры дзейнасць майстроў прыгожага пісьменства, прычым пераважна выхадцаў з карэннага насельніцтва, якія пішуць свае мастацкія, публіцыстычныя, навуковыя творы не ў роднай мове. Ужо не першы год назіраецца вельмі вострае саперніцтва паміж творцамі беларускай і рускай літаратуры і паколькі ў апошняй з-за адсутнасці ў нас нацыянальнай сістэмы адукацыі непараўнальна лепшыя ўмовы для папаўнення сваіх шэрагаў здольнымі маладымі кадрамі, зусім недалёкі той час, калі беларуская нацыянальная літаратура вымушана будзе адысці на задні план, а першае месца замацуецца за рускай. Тады ўжо ў беларускага народа нават і кропелькі надзеі не застанецца на этнічнае выжыванне. Не шкодзіла б нам павучыцца ў рускіх, як трэба цаніць роднае мастацкае слова. Калі ў нашых усходніх суседзяў не ўсё было лёгка з ім, Аляксандр Герцан папярэджваў: «Літаратура ў народа, які не мае палітычнай свабоды, ― адзіная трыбуна, з вышыні якой ён можа прымусіць пачуць крык свайго абурэння і свайго сумлення» 1. Літаратура ў чужой мове, у т.л. і рускай, ніколі не будзе для беларусаў такой трыбунай.
***
Нарэшце многімі з нас стала добра разумецца, што празмернае панаванне рускай культуры і мовы на этнічнай тэрыторыі Беларусі стрымлівае нацыянальна-духоўнае развіццё яе карэннага насельніцтва, перашкаджае яму ўсведамляць сябе ў якасці пэўнага канкрэтнага самабытнага этнасу. Толькі вось шкада, што такую няспеласць у вызначэнні свайго нацыянальнага «Я» ўсяляк падрымліваюць многія дзяржаўныя дзеячы Беларусі, бачачы ў гэтым найважнейшы фактар ажыццяўлення яе шматграннай інтэграцыі з Расіяй. У апошняй, як 100―150 гадоў таму, і сёння ёсць нямала палітыкаў і вучоных, што адкрыта заяўляюць аб адсутнасці ўсялякай розніцы паміж беларусамі і рускімі, бачаць у іх адзін народ, але ўсё ж не беларускі, а рускі. Падобнага роду спробы нівіліроўкі нацыянальна-этнічных адметнасцяў двух народаў не прынясе карысці ні аднаму, ні другому. Яна ў стане толькі збядніць іх культуры за кошт стрымлівання развіцця найбольш незабяспечанай з боку дзяржавы, г.зн. беларускай. Не будзем забывацца, што імкненне вялікіх нацый навязваць свае культуры іншым народам з мэтай іх асіміляцыі строга асуджалася прагрэсіўнымі дэмакратычнымі сіламі яшчэ ў далёкім мінулым. Не падтрымлівалі такога імкнення і беларускія народнікі, якія так сфармулявалі свой погляд у нелегальным рускамоўным часопісе «Гомон» (1884, № 2): «…значэнне нацыянальнасці з усімі сваімі своеасаблівымі адметнасцямі застануцца прагрэсіўнымі элементамі развіцця чалавецтва, наколькі гэтыя адметнасці адпавядаюць духоўнаму і матэрыяльнаму развіццю і волі дадзенай нацыі і не заглушаюць развіцця іншых нацый і краін. Гістарычны прагрэс заключаецца ў тым, што чалавецтва, уваходзячы ўсё ў больш і больш блізкую сувязь, у той жа час дыферэцыруецца для вольнага развіцця і праяўлення ўсялякай нацыі ў цэлым чалавецтве… Без усведамлення сваёй асобы кожным чалавекам народ быў бы быдлам; без усведамлення сваіх адметнасцяў кожным народам такім быдлам было б усё чалавецтва. Гісторыя чалавецтва заключаецца акурат у тым, што з першапачатковай абыякавасці дзікіх народаў стала выдзяляюцца асобы народаў гістарычна цывілізаваных».
***
Мала каму з народаў царскай Расіі дзяржаўная палітыка русіфікацыі прынесла такую вялікую школу, як беларускаму. Прычын гэтаму нямала і, мо, галоўная з іх, што многія беларусы паддаліся на правакацыю, што і яны ж такія самыя рускія, як самі рускія, толькі істотна папсаваныя з-за польскага ўплыву. Нічога падобнага царскія ідэолагі не адважваліся сказаць пра ўсе астатнія нярускія народы, хаця і яны з-за асімілятарскай палітыкі гублялі сваю культурна-моўную адметнасць.
Многія з адукаваных колаў беларускага народа спадзяваліся, што рана ці позна шкоду русіфікацыі апошняга зразумее руская інтэлігенцыя і не пашкадуе сіл, каб засцерагчы яго ад культурна-моўнай асіміляцыі. Усё ж губіла яна не які-небудзь далёкі па культуры народ, а славянскі. Паратунак не прыйшоў да нас з усходу. Таму меў падставы Язэп Лёсік так катэгарычна заяўляць: «А маскоўская інтэлігенцыя моўчкі пазірала на агонію нашай старонкі. Родная мова ― родная школа, ― гэта там заграніцай; нацыянальны зьдзек і паняверка ― кепска там, дзе немяц катуе славянаў. А дома гэта «славянские ручьи сливаются в русском море», гэта «собирается Русь во едино». Стогн і енк нідзяржаўных нацый, ― гэта брацкі гімн на банкеці злучэньня. Паўтаравяковая беларускай ціша, ― гэта «благоденствие под сенью российской культуры…» 1.
***
Ужо не адно дзесяцігоддзе мы занадта крытычна ставімся да ўсяго таго, што адбывалася за часам існавання Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. А менавіта ж у тыя гады закладваліся падваліны пад нацыянальную сістэму народнай адукацыі, на самым высокім дзяржаўным узроўні смела і адкрыта заяўлялі пра прыярытэты нацыянальнага ў культуры. Тады ж наша грамадства адчула магутнае ўздзеянне на сабе дзяржаўнай палітыкі беларусізацыі. На самым заранку нашай савецкай гісторыі дэлегаты VII з'езда КП(б)Б (20―26 сакавіка 1923 г.) прынялі адмысловую рэзалюцыю па нацыянальным пытанні, у якой былі такія словы: «Задушаная царызмам беларуская культура павінна адрадзіцца». І гэта не было проста лозунгам. Ужо да канца 20-х гадоў, дзякуючы наданню палітыцы беларусізацыі дзяржаўнага характару, «задушаная царызмам беларуская культура» выйшла з сутарэння на паверхню, развіла, узбагаціла ўсе ўласцівыя ёй нацыянальныя рысы. Сёння нашым палітыкам такасама трэба набрацца смеласці і заявіць: «Задушаная аўтарытарным палітычным рэжымам беларуская культура павінна адрадзіцца». І адраджаць яе трэба, як гэта рабілася ў 20-я ― першую палову 30-х гадоў, не на чужых духоўных каштоўнасцях, а на сваіх уласных, надаўшы асабліва важную ролю беларускай мове, якую цяпер на вельмі многіх дзялянках культуры, прычым самых элітарных, замяняе руская мова, чым толькі падрываюцца нацыянальныя асновы нашага духоўнага жыцця. Дзіўна, што небяспечнасць, алагічнасць такой моўнай палітыкі зусім не хочуць разумець многія сучасныя дзяржаўныя дзеячы даволі высокага рангу і прадстаўнікі інтэлігенцыі. А вось іх папярэднікі 20-х гадоў мелі куды больш прагрэсіўны погляд на гэтае пытанне, што вынікае з рэзалюцый таго ж з'езда: «Камуністычная партыя ў поўнай адпаведнасці з усёй праграмай у галіне нацыянальнага пытання павінна прыняць усе захады да наладжвання працы на беларускай мове, ствараючы нармальныя ўмовы для развіцця беларускай культуры» 1. Ужо даўно пара нешта падобнае пачуць з вуснаў чыноўнікаў вышэйшай улады суверэннай Рэспублікі Беларусь.
***
І раней і зараз нашае культурнае жыццё не было б такім безнацыянальным, каб да гэтага мы самі не прыкладалі старанняў і не садзейнічалі яму праз адпаведную дзяржаўную палітыку. Не сакрэт, што напаўненне культуры таго ці іншага народа іншароднымі элементамі, у нас гэта галоўным чынам рускімі, павінна мець свае межы, з выхадам па-за якія немінуча наступіць яго асіміляцыя. Я не падзяляю такіх крайніх поглядаў, як у амерыканскага вучонага Ганса Кона, які пісаў, што «цесныя кантакты паміж рознымі культурамі… не толькі паглыбляюць канфлікты паміж нацыямі, але і ствараюць міжнацыянальнае напружанне, якое выклікае нацыянальную барацьбу з арэолам паўкрыжовых паходаў» 1, але лічу архіважным свядомае рэгуляванне дзяржавай працэсаў, што адбываюцца ў сферы духоўнай дзейнасці. Актуальнасць такога рэгулявання асабліва неабходна, калі існуе пагроза культурна-моўнай асіміляцыі карэннай нацыі якой-небудзь дзяржавы. Што для беларусаў сёння такая пагроза зусім рэальная, думаю, мала хто адважыцца адмаўляць.
***
У нас трывала ўсталявалася азначэнне «трасянка» для засмечанага рускімі словамі і выразамі варыянту беларускай мовы. Са згоды і пры садзеянні афіцыйных уладаў такое асабліва інтэнсіўна стала праяўляцца пасля праведзенай у 1933 г. рэформы беларускага правапісу. А вось, як называць такую засмечаную да краёў рускімі набыткамі культуру, яшчэ трапнага азначэння не прыдумалі, хаця для гэтага існуе нямала адпаведных слоў: бурда, хлам, смецце і г.д. З'ява гэтая надзвычай небяспечная для нас. Вынікае такое яшчэ і з разваг вядомага рускага вочонага Мікалая Данілеўскага (1822―1885): «…усё, пазбаўленае ўнутранага зместу, складае толькі гістарычны хлам». Нам, беларусам, так старанна вытрыбушыўшы са свайго духоўнага жыцця ўласныя культурна-моўныя каштоўнасці і заставацца толькі з запазычанымі ў рускіх такімі складнікамі, няма аніякіх падставаў радавацца. Каб не заставацца ў поўным сэнсе слова гістарычным хламам, свой унутраны змест мы павінны да краёў запоўніць уласнымі нацыянальна-самабытнымі набыткамі. Зрабіць жа такое зусім не лёгкая справа. Да сучаснай амаль поўнай разбалансаванасці свайго нацыянальна-культурнага жыцця абсалютная бальшыня беларусаў вельмі моцна прыцерлася і іншым яго проста не ўяўляе. Дзесяцігоддзямі ў краіне адсутнічае нацыянальная адукацыя, пераважна рускі характар мае элітарная культура, не выкарыстоўваецца беларуская мова ва ўсіх сферах палітычнай, эканамічнай дзейнасці чалавека, у навуцы, зносінах заканадаўчай і выканаўчай улады з насельніцтвам. І як мала каго з людзей кранае такое. Многія думаюць, што так і трэба і не палохаюцца непазбежнага ў падобнай сітуацыі канца свайго самабытнага нацыянальнага існавання. Затое зусім інакш глядзяць на крайне небяспечную для лёсу беларускага народа дэнацыяналізацыю асобы, што прыязджаюць да нас з-за мяжы, і асабліва, калі яны з'яўляюцца дасведчанымі палітыкамі, вядомымі вучонымі. Адзін з іх кагорты канадскі прафесар рускай гісторыі Д. Марплз, які сем разоў наведваў наш край, у выдадзенай у 1996 г. манаграфіі «Беларусь: ад савецкага рэжыму да ядзернай катастрофы» прыходзіць да такой несуцяшальнай для многіх з нас высновы: «Не маю жадання пакрыўдзіць беларускіх патрыётаў, але ўсё ж можна лічыць, што савецкі рэжым дапамог стварыць і загубіць Беларусь ― і што краіне ў цяперашнім яе стане не хапае рацыянальных падстаў для існавання» 1. Не рэагаваць на такую выснову мы проста не маем права, хаця і нельга цалкам з ёю пагадзіцца.
***
Мяне і насцярожвае, і ўсяляк здзіўляе такі факт: у нас амаль усе палітыкі, паслухмяныя ім інтэлігенты проста нема крычаць пра неабходнасць далейшага самага цеснага культурнага збліжэння з Расіяй і з гэтай мэтай моцна садзейнічаюць распаўсюджванню на Беларусі рускай культуры, адукацыі і мовы. І трэба сказаць, што поспехі ў гэтым проста ўражваюць. Ужо не першы год, як мы выйшлі на такія рубяжы, якіх ніяк не ўдавалася дасягнуць ні ўладам царскай Расіі, ні бальшавіцкім ідэалагічным службам па збліжэнні і зліцці савецкіх нацый і народнасцяў. Практычна ўся Беларусь пагрузілася ў рэчышча тыповага рускага духоўнага жыцця. Пераканацца ў гэтым вельмі проста, наведваючы яе дзяржаўныя асяродкі прафесійнай культуры, кінатэатры, бібліятэкі, кнігарні, слухаючы радыё і гледзячы перадачы па тэлевізары, бываючы на занятках у гарадскіх дашкольных установах, агульнаадукацыйных школах, прафесійна-тэхнічных вучылішчах, сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных установах. Спрэс там беларускае падаецца толькі ў якасці дэсерту.
Зусім лагічна было б чакаць, што ва ўмовах такога маштабнага правядзення кіраўніцтвам Рэспублікі Беларусь курсу на заваяванне яе прасторы рускай культурай за кошт згортвання сваёй прыроднай, нешта падобнае, толькі ў больш стрыманых, разумных памерах будзе праводзіць і Расія па распаўсюджванні на яе неабдымных прасторах нацыянальнай культуры братняга ёй беларускага народа. Нічога падобнага не назіралася ні раней, ні цяпер, калі ўрады гэтых дзвюх краін імкнуцца стварыць агульную для іх саюзную дзяржаву. Таму мяне ― і, думаю, не толькі мяне ― здзіўляе, чаму беларускія палітыкі і афіцыйных поглядаў інтэлігенты так настойліва культывуюць на нашай зямлі рускія духоўныя пачаткі, стрымгалоў ірвуцца на культурнае збліжэнне з Расіяй, а там нічога не робіцца ў мэтах далучэння яе тытульнага народа да беларускіх нацыянальных духоўных каштоўнасцяў? Словам, ёсць пра што задумацца. Я ж лічу, куды больш разумным усяляк развіваць сваё, чым суседскае, бо калі нам не патрэбна сваё, дык яно тым больш не патрэбна і суседу.
***
Бытаванне, а лепш сказаць панаванне на беларускай зямлі чужых культур ― спачатку польскай, а затым рускай ― вельмі дорага каштавала і цяпер каштуе яе народу. З гэтай прычыны ніхто асабліва не хоча беларускую зямлю і яе народ называць іх уласным іменем. Ды ён і сам не надта рвецца, каб называць сябе такім іменем. Адныя на велізарнай адлегласці, зняўшы шапку, кленчаць перад палякамі, другія ― перад рускімі. Вось і прызнай беларусаў за такую несамастойнасць беларусамі. Таму, відаць, не памыляюцца дзяржаўныя ідэолагі, што патрабуюць пры візуальным афармленні населеных пунктаў часцей выкарыстоўваць рускую, чым беларускую мову. Нашаму пісьменніку Уладзіславу Рубанаву ўдалося сфармуляваць вельмі трапны афарызм: «Вышэй культура ― больш незалежнасці, менш запабягання» 1. Здорава! Вось таму мы і запабягаем перад суседзямі, што ў нас вельмі трухлявыя пласты нацыянальнай культуры, асабліва элітарныя, што ў нас у культуры пануе не сваё, а запазычанае.
***
Яшчэ ніколі ў нашай краіне не існавала такога жорсткага ўціску яе роднай беларускай культуры рускай, якую заносяць сюды ўжо болей за два стагоддзі. Асабліва небяспечныя вынікі дае такі ўціск на тых дзялянках культуры, дзе вырашальную ролю адыгрывае слова. А ўжо ж даволі працяглы час ў нашай культуры пануе не роднае беларускае слова, а прынесенае звонку рускае. Мо пакуль што на беларускай мове пішацца і больш твораў мастацкай літаратуры, чым на рускай, аднак калі ўлічыць, якім «дзевятым валам» рускамоўная літаратура плыве да нас з Расіі, дык і тут пазіцыі нацыянальнага фактару зусім не радуюць. Аднак не гэтым сама моцна расхістваюцца прыродныя асновы нашага жыцця. Яго дашчэнту разбурыць ужо ў бліжэйшы час нечувана разгалінаваная на беларускай зямлі рускамоўная сістэма народнай адукацыі. У кадравым, матэрыяльна-тэхнічным, літаратурна-метадычным, паводле колькасці навучэнцаў і педагогаў яна ў некалькі разоў перасягае беларускую нацыянальную адукацыю, а гэта значыць, што апошняя не зможа даць грамадству столькі, колькі першая маладых сіл, здольных працаваць у галіне мастацкай літаратуры, у выніку і гэты найгалоўны культурны асяродак, дзе яшчэ жыве беларушчына, павінен будзе страціць сваю адметнасць і захавае за сабою толькі гістарычны інтарэс. Беларускі народ стаіць на мяжы найвялікшых у яго жыцці выпрабаванняў. Хіба, мо, толькі нейкі цуд выратуе яго ад культурна-моўнай асіміляцыі? Здаралася ж такое з народамі, якія ўжо дыхалі на ладан.
Не раз даводзілася чуць вострую крытыку з вуснаў розных палітыкаў і інтэлігентаў у адрас тых, хто не спыняецца заяўляць аб набліжэнні этнічнай смерці беларускага народа. Адны адхіляюць надыход такой катастрофы, каб апраўдаць курс дзяржавы ў галіне нацыянальнай палітыкі, другія ― выгледзець у грамадстве вялікімі аптымістамі. Карысці для беларускай справы ніхто не прыносіць з іх, бо не дае аб'ектыўнай адзнакі тым алагічным, небяспечным працэсам, што адбываюцца ў духоўным патэнцыяле беларускай нацыі. А адбываецца ж нішто іншае, як суцэльнае дэфармаванне яго прыродных асноў, без чаго не можа жыць ніводзін народ. Беларусь не вымірае толькі ў навязаным ёй рускім культурна-моўным варыянце. Наадварот, у гэтым сэнсе яна толькі мацнее, што і дазваляе многім начыста адмаўляць факт адмірання беларускага народа як арыгінальнай, самабытнай этнічнай супольнасці. Памыляецеся, шаноўныя. Менавіта ў такім стане ён знаходзіцца сёння. Гісторыя не ведае прыкладаў, каб які-небудзь народ, адцураўшыся сваіх і стаўшы жыць паводле чужых культурна-моўных стандартаў, захаваў сваю этнічную самабытнасць, не адышоў у нябыт. Зараз у культурна-моўным патэнцыяле краіны больш рускага, чым беларускага. Калі хтосьці засумневаецца ў справядлівасці гэтых слоў, рэкамендую прыслухацца, на якой мове ідуць пасяджэнні ў палатах Нацыянальнага схода Рэспублікі Беларусь, вядуцца заняткі ў агульнаадукацыйных школах гарадоў, вшэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах, ставяцца спектаклі ў тэатрах оперы і музычнай камедыі, дэманструюцца кінафільмы, вядуцца тэлеперадачы, выпускаюцца газеты, часопісы, ажыццяўляецца візуальнае афармленне населеных пунктаў, маркіруюцца прамысловыя і харчовыя тавары. Пераважна на рускай мове транслуюцца радыёперадачы. Ну як жа тады ўхіліцца беларусам ад этнічнага вымірання?
***
У найлепшыя часы нацыянальна-культурнага Адраджэння, што прыпалі на канец 80-х ― пачатак 90-х гадоў, у агульнаадукацыйных школах, сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных установах было ўведзена абавязковае вывучэнне надзвычай важнага прадмета «Гісторыя культуры Беларусі». На гэта выдзялялася даволі прыстойная колькасць гадзін. У выніку пры належным выкладанні дадзенага прадмета навучэнцы добра разумелі, які складаны шлях прайшла за сваю гісторыю беларуская нацыянальная культура, якія страты панесла ў выніку мэтанакіраванай палітыкі паланізацыі і русіфікацыі. Больш-менш глыбокія веды па гісторыі культуры Беларусі садзейнічалі фармаванню ў навучэнцаў правільнага погляду на тое, што трэба рабіць на сучасным этапе, каб пакласці канец дэнацыяналізацыі нашага духоўнага жыцця, вызваліць нарэшце гэты еўрапейскі народ ад рускай культурна-моўнай асіміляцыі. Але паколькі ў такой форме асіміляцыі прамую зацікаўленасць маюць уладныя структуры і шмат чаго дзейснага робяць у дадзеным напрамку, яны распарадзіліся зняць прадмет «Гісторыя культуры Беларусі» з навучальных планаў усіх тыпаў устаноў. Замест яго ўключаны зусім новы для нашай практыкі прадмет «Культуралогія», вывучэнне якога не абавязвае выкладчыка даваць сваім выхаванцам так неабходныя веды аб роднай культуры. Як і за савецкім часам, выпускнікі ВНУ маюць крайне бедныя ўяўленні аб сваёй культуры, а паколькі ў дзяржаўным сектары нашай краіны непадзельна пануе руская культура, гэта стварае вельмі спрыяльныя перадумовы, каб яе рэальным носьбітам станавілася і дадзеная зусім не шараговая частка беларускага грамадства. Нам вядомыя факты непаважлівага стаўлення афіцыйных уладаў Польшчы да нацыянальных патрэбаў карэнных там беларусаў. І ў той жа час нельга не заўважыць, што ў Беластоцкім універсітэце функцыянуе Кафедра беларускай культуры, якой кіруе добра вядомая ў нас дзякуючы сваёй плённай дыпламатычнай працы ў Рэспублікі Беларусь прафесар Эльжбета Смулькова. Улічваючы, што нацыянальная культура карэннага насельніцтва нашай краіны самы запушчаны і занядбаны ўчастак, існуе і ў нас крайне вострая патрэба ў стварэнні кафедраў беларускай культуры пры ўсіх вышэйшых навучальных установах. Незалежна ад будучай прафесіі, яны павінны рыхтаваць маладых спецыялістаў, якія ўмеюць разлічаць у культуры сваё і чужое, добра ўсведамляць, як важна ў нашым страшэнна здэфармаваным духоўным жыцці быць носьбітам сваіх культурна-моўных каштоўнасцяў.
***
Беларусаў рабілі насельніцтвам без сваёй роднай культуры і мовы і польскі, і рускі дзяржаўныя палітычныя рэжымы. А вось што такая палітыка стане нормай і для ўрада суверэннай дзяржавы Рэспублікі Беларусь, мала каму верылася. Жыццё не ўвайшло ў нацыянальную каляіну. Краіну і надалей павялі па добра падрыхтаваным усімі папярэднімі палітычнымі сістэмамі рускім культурна-моўным рэчышчы. Сёння ўжо ёсць усе падставы паставіць дыягназ: беларуская нацыя ёсць нацыя без уласнай мовы. А без апошняй, як вядома, і на створанай не на ёй культуры ніводная нацыя не ў стане самарэалізавацца.
***
Наўрад ці здзівіш сёння каго-небудзь наступным сцвярджэннем: нішто такой вялікай шкоды не наносіць культуры Беларусі, як яе рускамоўная творчая інтэлігенцыя. На нашай зямлі яна выступае ў ролі «пятай калоны», калі не сказаць яшчэ больш рэзка. Бо асноўным патрабаваннем да дзейнасці такіх калон з'яўляецца строгая канспірацыя, а нашая рускамоўная творчая інтэлігенцыя працуе галосна, у адкрытую, разам з астатнімі атрымлівае за гэта ад дзяржавы заработную плату. Таму і нядзіва, што з дапамогай рускамоўных творцаў (сярод жа іх беларусы па колькасці самыя шматлікія) нацыянальны патэнцыял культуры краіны мае вельмі мала чаго беларускага, не надае ёй так неабходнай для любога духоўнага жыцця самабытнасці. Пройдзе зусім мала часу і толькі пад мікраскопам можна будзе ўбачыць розніцу паміж насельніцтвам Беларусі і еўрапейскай часткі Расіі. Дарэчы, на дзяржаўным узроўні Беларусі такое вельмі вітаецца, і чыноўніцкі апарат не шкадуе на гэта фінансавых сродкаў, усяляк спрыяе творчай інтэлігенцыі працаваць на рускую культуру. Актыўных жа носьбітаў нацыянальнай культуры яўна нестае, каб забяспечыць ёй сапраўдны росквіт. Цяпер у нас шмат чаго падобнага на часы Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі, калі беларуская культура была ў непашане ў афіцыйных колаў, заможных станаў нашага краю. Розніца толькі ў тым, што ў тыя часы беларуская культура мела нямала адважных заступнікаў, надзейна адгароджанае ад руйнавальнага ўплыву паланізацыі і русіфікацыі насельніцтва сельскай мясцовасці, а цяпер такія выратавальныя фактары практычна адсутнічаюць. Адсюль усе нашыя беды. Культура Беларусі імкліва губляе сваё бясцэннае нацыянальнае аблічча, саступаючы пад апладысменты зрусіфікаванага насельніцтва дарогу ўсяму рускаму.
Не толькі Беларусь, а ўвесь свет шмат што траціць з-за адсутнасці ў яе сапраўднага нацыянальна-культурнага жыцця. Неабходнасць панавання ў ім рускамоўнай культуры можа быць апраўдана толькі ў тым выпадку, калі дзяржава і адданыя ёй колы творчай інтэлігенцыі маюць мэтай канчаткова растварыць беларусаў у асяроддзі рускага народа, вызваліць сябе ад усялякіх абавязкаў спрыяць іх самабытнаму этнакультурнаму развіццю. А вось апраўдаць такую сітуацыю нацыянальнымі інтарэсамі беларускага народа ніяк нельга.
***
Можна па-добраму пазайздросціць таму часу, калі Янка Купала складваўся як паэт. У сваім самым раннім вершы «А хто там ідзе?», ён пісаў:
«А хто там ідзе,
А хто там ідзе
У агромністай такой грамадзе?
Беларусы»
Цяпер не толькі ў малаколькаснай, але і ў агромністай грамадзе нашых людзей вельмі празрыстай уяўляецца беларускасць. Датычыць гэта і таго слою грамады, які складаецца з інтэлігенцыі, прычым мастацкай, навуковай, педагагічнай. У нашай культуры неўзабаве можа стварыцца вельмі алагічная сітуацыя: пры наяўнасці вялікай колькасці асобаў з медалём Францішка Скарыны сярод палітычных дзеячоў, інтэлігенцыі, пры наяўнасці яшчэ большай колькасці асобаў, што маюць званні Народны артыст БССР (Рэспублікі Беларусь), заслужаны дзеяч культуры і мастацтва БССР (Рэспублікі Беларусь), сама ж гэта культура будзе мець вельмі мала чагосьці такога, каб называцца нацыянальна-беларускай. Не памылюся, калі скажу, што ўжо і сёння ў нашай краіне рэй вядзе зусім не беларуская культура. Абараняць жа, развіваць, распаўсюджваць нацыянальную беларускую культуру павінны ў першую чаргу ўстановы культуры дзяржаўнага сектару.
***
На шматколернай культурнай палітры Беларусі ўжо не першы год пануе не яе прыродная, а руская культура. І з такой ненармальнай для ўсіх цывілізаваных народаў з'явай мы так звыкліся, што вельмі мала хто імкнецца змяніць становішча на карысць беларускай нацыянальнай культуры, зрабіць яе сапраўднай гаспадыняй у сваім собскім доме. Несумненна, ініцыятыва па выпраўленні гэтай цалкам пройгрышнай для Бацькаўшчыны сітуацыі павінна была б зыходзіць ад нацыянальнай арыентацыі дзяржаўных структур (на жаль, яны ў нас адсутнічаюць), бо сама наша творчая інтэлігенцыя з-за яе страшэннай зрусіфікаванасці не здольная павярнуць культурны працэс у адвротны бок ― у бок беларусізацыі.
Нашым дзеячам культуры ніяк нельга паставіць у дакор адсутнасць высокага прафесіяналізму. Гэтага ў іх дастаткова. А вось здольнасці, жадання працаваць у нацыянальным рэчышчы многім вельмі і вельмі нестае. Прычым гэта датычыць усіх жанраў культуры. Апошнім часам яно закранула і нашае галоўнае нацыянальна-культурнае апірышча ― мастацкую літаратуру.
Найбольш жа грашаць перад нацыянальнай культурай прадстаўнікі музычна-песеннага мастацтва, у якога даволі шматлікая аўдыторыя. Многія ці забыліся, ці не хочуць прызнаваць, што эстрада толькі тады прыносіць карысць нашай культуры, калі ў музыцы, тэксце, мове ўвасоблены нацыянальны дух беларускага народа. Ва ўсіх жа астатніх выпадках яна служыць толькі прыемнаму баўленню часу пэўнай часткай публікі. Няцяжка зразумець, што б сталася, напрыклад, з культурай Францыі, Германіі, Італіі, Польшчы… каб іх хтосьці пазбавіў нацыянальнай эстрады. А мы ж ужо дзясяткі гадоў без упынку сваёй эстрадай выяўляем больш рускі нацыянальны дух, чым беларускі.
Вышэйсказанае датычыць і опернага, аперэтачнага мастацтва. Можна толькі пазайздросціць беларускім даваенным аматарам гэтых відаў мастацтва, што яны мелі магчымасць на сваёй роднай мове слухаць выступленні любімых артыстаў. Заўважу, што нават незвычайна складаная для выканаўцаў опера італьянскага кампазітара Джузепе Вердзі «Севільскі цырульнік» ішла на беларускай мове.
А ўзяць самы масавы від мастацтва ― кіно. І пасёння для кінастудыі «Беларусьфільм» надзвычай актуальнай з'яўляецца выказаная яшчэ ў 1928 г. пісьменнікам Цішкам Гартным справядлівае меркаванне: «На тое яно і Белдзяржкіно, каб адбіць на плёнцы праявы беларускага мінулага і беларускай сучаснасці» і, зразумела, зрабіць такое адбіццё толькі на роднай мове карэннага насельніцтва нашай суверэннай краіны. На гэта яно мае поўнае права, як маюць яго ў сваіх краінах рускія, немцы, іспанцы, італьянцы, чэхі… Няцяжка зразумець, колькі б страціла сусветная цывілізацыя, каб пералічаныя і іншыя народы развівалі сваё кінамастацтва на чужой мове? Дык ці не час і нам, беларусам, запазычыць станоўчы вопыт перадавых народаў?
Як бы мы «паспяхова» ні развівалі беларускую культуру на рускамоўным грунце, яна ад гэтага ніколі не стане з'явай беларускай. Яна ёсць і будзе заставацца горшым злепкам, няўдалай фанаграмай з рускай культуры. Каб выжыць, заставацца арыгінальнай нашай культуры патрэбна свая ўласная нацыянальная аснова.
***
Абсалютнай бальшыні беларусаў уласцівы ― і ўласцівы не першы дзясятак гадоў ― комплекс нацыянальнай культурна-моўнай непаўнавартасці. Абвінавачваць за гэта народ не маем права. Да нечуванай нацыянальна-духоўнай галечы давялі яго сама дзяржава і тыя грамадска-палітычныя структуры, што функцыянавалі і ў пэўнай ступені яшчэ і сёння функцыянуюць з яе вялікай ласкі. Нельга здымаць адказнасць за нацыянальна-культурную дэградацыю беларускага народа і з інтэлігенцыі. Яна і паловы не рабіла з таго, што рабілі яе калегі з іншых саюзных рэспублік па захаванні і ўзбагачэнні гістарычнай памяці, культурнай спадчыны, роднай мовы сваіх народаў. Адсюль і зусім непараўнальныя вынікі ў тым, што ў галіне нацыянальнай культуры за гады сацыялістычнага будаўніцтва страціла Беларусь і што страцілі іншыя рэспублікі.
Такога роду страты нясем мы і сёння, што, на вялікі жаль, вельмі мала хвалюе нашу інтэлігенцыю, у т.л. і яе навуковыя, мастацкія, педагагічныя пласты. За ўсе дваццаць гадоў з гакам, як Беларусь стала суверэннай дзяржавай, нельга прывесці аніводнай нацыянальна-адраджэнскай акцыі, якой бы інтэлігенцыі ўдалося надаць масавы і дзейсны характар. Інтэлігенцыя нават не зайшла ў сабе сіл і жадання, каб пераўтварыць у магутны фактар нацыянальнага Адраджэнння Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Варта было толькі ў маі 1995 г. правесці рэферэндум, з дапамогай якога вышэйшыя ўлады Беларусі змаглі не толькі захаваць, але і ўмацаваць пазіцыі рускай мовы ў грамадскім жыцці, як адразу ж спынілі сваю дзейнасць некаторыя першасныя суполкі Таварыства беларускай мовы. А трэба ж было, наадварот, усяляк імкнуцца ўзмацніць свой уплыў у народзе, паколькі дзяржава не стала на абарону яго роднай мовы. Пасля рэферэндуму на сапраўдную нацыянальную здраду пайшла значная частка дэнацыяналізаванай педагагічнай інтэлігенцыі, стаўшы агітаваць бацькоў не аддаваць сваіх першакласнікаў у беларускамоўныя школы. Дзякуючы агітацыйным дзеянням такіх педагогаў, некаторыя бацькі пераводзілі сваіх дзетак нават з 2―5-га беларускамоўных класаў у класы з рускай мовай навучання. Нейкай ужо вельмі сіратлівай, нібыта абдзеленай лёсам, выглядае наша творчая інтэлігенцыя ў час, калі ёй даводзіцца ўдзельнічаць у рознага роду конкурсах, кірмашах… Тут яна амаль цалкам губляе сваё нацыянальнае аблічча, сваю нацыянальную адметнасць. Паўбяды было б, калі б такое здаралася з ёю ў час выступленняў у іншых краінах. А то ж такі пярэпалах назіраецца ў роднай Беларусі! З прыемнасцю прыгадваюцца гады, калі мы чулі беларускую мову, як рабочую мову ў час арганізацыі ў родным Віцебску «Славянскага базару». Цяпер тут яна ўжо не гучыць з вуснаў канферанс'е. Відаць, хтосьці з высокіх кіраўнікоў культуры палічыў, што на кірмашы славянскіх песняў нетактоўна карыстацца беларускай мовай. А то можа яшчэ ўсумніўся ў яе прыналежнасці да славянскай групы моваў. Калі справа пойдзе так далей, дык мы не пачуем беларускай мовы не толькі з вуснаў канферанс'е, а нават і саміх спевакоў. Апошнімі гадамі на такіх летніх кірамашах у Віцебску ёй у песнях адводзіцца такая роля, якую інакш, як жабрацкай, і не назавеш. А на добры ж лад нашыя спевакі ў сябе дома на славянскім кірмашы павінны былі б выступаць толькі ці пераважна з беларускамоўнымі песнямі. Нельга ж нашым выканаўцам сваё асноўнае прадвызначэнне бачыць у ролі прапагандыстаў рускай песні. З гэтым і без іх выдатна справяцца пасланцы Расіі. Наша першачарговая задача скрозь і паўсюдна ствараць і спавядаць нацыянальную культуру па змесце і форме. Працаваць у рэчышчы якога-небудзь братняга славянскага народа апраўдана толькі ў выпадку, калі яму трэба дапамагчы пераадолець адставанне ад іншых суб'ектаў славянскай супольнасці ў той ці іншай галіне культуры. Калі ж такое адставанне і назіраецца сёння ў каго-небудзь са славянскіх народаў, дык гэта, мо, толькі ў беларусаў. Рускім жа даўно не пагражае і, думаецца, не будзе пагражаць такое адставанне.
***
Нашыя высокія дзяржаўныя асобы павінны глыбока сабе ўсвядоміць, што каб у ХХІ ст. пра беларусаў не гаварылі толькі ў мінулым часе, трэба як мага хутчэй даць неабмежаваную прастору іх нацыянальнай культуры і мове. У новым стагоддзі нельга жыць стандартамі XVIII―ХХ стст., калі на гістарычнай зямлі беларусаў гаспадарылі спачатку польская, а затым руская прафесійныя культуры і мовы. Тады ў нас хоць моцным этнічным асяродкам з'яўлялася вёска, жыхары якой практычна знаходзіліся па-за межамі чужых культурна-моўных уплываў і моцна прытрымліваліся народных духоўных традыцый, што дапамагала беларусам неяк захоўваць сябе ў якасці самабытнага этнасу. Цяпер ахоўніца беларускага народа ― вёска, такім каштоўным патэнцыялам не валодае. Калектывізацыя, цвёрдая, непахісная палітыка бальшавікоў на зліццё нацый, іх культур і моваў зрабілі беларускую вёску надалей ужо няздольнай захоўваць свой люд ад асіміляцыі. Да таго ж і ў чыста дэмаграфічным плане гэты тып рассялення людзей аказаўся бесперспектыўным, чаму ў немалой ступені «паспрыяла» нечуваная ў свеце катастрофа на Чарнобыльскай АЭС. У гэтых крайне цяжкіх, неспрыяльных умовах дзяржава, калі яна ўсведамляе сваю адказнасць за лёс народа, павінна шукаць новыя сродкі дзеля яго этнічнага выжывання, не спадзеючыся, што гэта зробіць без яе інтэлігенцыя. Не трэба забывацца, што і абсалютная колькасць гэтага самага адукаванага пласта нашага грамадства знаходзіцца ў стадыі страшэннай асіміляцыі і больш схільная працаваць, жыць у рускім, чым беларускім культурна-моўным рэчышчы.
***
Народы больш за ўсё цэняць адзін у аднаго не так агульнае, як адрознае. Каб пабачыць яго, мільёны людзей штогод накіроўваюцца ў самыя далёкія куточкі зямлі, не шкадуючы на гэта ні грошай, ні часу, а нярэдка і самога здароўя. Бачачы, як глабалізацыя бязлітасна руйнуе адметнае ў культуры і быце народаў, прагрэсіўныя сілы сусветнай цывілізацыі крайне занепакоены тым, як захаваць на зямлі этнадухоўную разнастайнасць. Шкада, што такая занепакоенасць прабудзілася вельмі позна, калі для многіх народаў ужо закончылася зямное этнічнае жыццё альбо стала такім, што ў ім надзвычай мала чаго захавалася самабытнага з прычыны таго, што працяглы час даводзілася ратавацца ад культурна-моўнай асіміляцыі. Як ні цяжка прызнаць, але да другой катэгорыі народаў-нешчасліўчыкаў належыць і беларускі. Чаму? І як яго выратаваць? Гэта пытанні, якія да глыбіны душы хвалююць кожнага нацыянальна-свядомага беларуса, а часам і таго, хто знаходзіцца побач з ім. Адказаў жа на гэтыя пытанні вельмі і вельмі мала. А іншым разам зацікаўленыя ў поўнай этнічнай дэградацыі беларусаў колы свядома не гавораць народу праўду пра гэта ў спадзяванні, што неўзабаве проста ўжо позна будзе ўзнімаць гаворку на такую тэму. Спакойна скажуць яму: «Цягнік ужо адышоў». Так, цягнік адышоў. Але ці ж нельга сфармаваць чарговы цягнік і даць яму «зялёнае святло»? Было б толькі жаданне, перадусім у саміх дзяржаўных уладаў. Ім трэба вельмі добра ўсвядоміць, што без культурнай самабытнасці беларускі народ ніколі не стане палітычна незалежным. Больш за тое, засвойваючы, жывучы чужымі культурна-моўнымі каштоўнасцямі, нацыя перастае быць сама сабой. Яна немінуча канае ў Лету.
***
Хаця і крайне рэдка, аднак, здараецца пачуць з вуснаў высокіх палітыкаў, адказных за стан культуры кіраўнікоў іх занепакоенасць тым, што адбываецца ў гэтай сферы. Найбольш смелыя штосьці скажуць пра беларускую мову, неабходнасць бацькоўскага стаўлення да яе. Толькі вось бяда, ні на якім узроўні нічога не робіцца дзеля набліжэння яе да рэальнага статусу дзяржаўнай, што самым негатыўным чынам адбіваецца і на нацыянальнай культуры.
Практыка апошніх гадоў сведчыць: колькі б мы ні ўгаворвалі, ні агітавалі дарослыя, ужо сфармаваныя пласты людзей жыць паводле сваіх нацыянальна культурных традыцый, вывучаць, палюбіць і карыстацца роднай мовай, яны ў пераважнай бальшыні застаюцца глухімі да такіх заклікаў. І гэтых людзей лёгка зразумець: асноўныя гады іх жыцця, а для кагосьці і ўсё жыццё, праходзяць у рускім культурна-моўным рэчышчы, якое стала для іх родным і таму ўсё беларускае ўспрымаецца як штосьці чужое, пабочнае, штучнае. Трэба згадзіцца, што дадзеная катэгорыя беларусаў, за рэдкім выключэннем, ужо не ў стане быць не толькі актыўным, але нават і пасіўным носьбітам сваёй нацыянальнай культуры. Горш за тое, яны наўрад ці ў стане будуць павярнуць да яе сваіх дзяцей, і іх сямейнае выхаванне па-ранейшаму будзе адбывацца ў рускай культурна-моўнай стыхіі. Таму толькі беларуская дзяржаўная сістэма адукацыі ― дзіцячы сад ― школа ― тэхнікум (вучылішча) ― інстытут (універсітэт) ― у стане прывесці культурна-моўнае развіццё краіны ў поўную адпаведнасць з нацыянальнымі інтарэсамі яе карэннага насельніцтва, вярнуць яму прыродную этнакультурную адметнасць. Ад гэтага будзе ў выйгрышы не толькі беларуская нацыя, але і ўвесь цывілізаваны свет, бо беларусы, развіваючы свае духоўныя каштоўнасці на ўласным нацыянальным грунце, ужо будуць ісці не ў ар'ергардзе рускай культуры, а ствараць сваю культуру, адметную ад культур іншых народаў. Чым больш разнастайнай з'яўляецца палітра сусветнай культуры, тым больш яна багатая і прывабная. Беларусы не павінны сваёй пасіўнасцю збядняць яе.
***
З прыемнасцю прыгадваюцца 60―80-я гады мінулага стагоддзя, калі, слухаючы беларускамоўныя літаратурна-музычныя, краязнаўчыя перадачы, іх вядучыя ніколькі не цураліся беларускага матэрыялу. Усе неабходныя для гэтага факты браліся з багатай нацыянальнай літаратурнай спадчыны. І ні ў кога нават думкі не ўзнікала ў галаве, што ў гэтай спадчыне нестае матэрыялу, каб зрабіць такую перадачу і цікавай, і змястоўнай. Пра ўсё гэта сёння можна гаварыць толькі ў мінулым часе. Ужо каля двух дзесяцігоддзяў ўсталявалася вельмі заганная як з прафесійнага, так і культурна-асветніцкага пункту гледжання практыка: даецца назва перадачы з яўна мясцовым, беларускім адценнем, а як паслухаеш яе, больш даведаешся чагосьці з рускага, чым беларускага жыцця. Ствараецца ўражанне, што па форме аўтары тэматыку сваіх перадач складаюць у адпаведнасці з нацыянальнымі патрабаваннямі, але калі пачынаюць падбіраць неабходныя для гэтага матэрыялы, шукаюць іх у творах Пушкіна, Лермантава, Гогаля, Тургенева, Чэхава…, г.зн. звяртаюцца да тых аўтараў, з працамі якіх яны лепш занёмыя дзякуючы атрыманай рускамоўнай адукацыі ў дзіцячым садзе, школе, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай навучальных установах. Маючы яшчэ ад папярэдніх гадоў такі багаты запас ведаў па рускай мастацкай літаратуры ды плюс папаўненне іх за кошт падрыхтоўкі да чарговай перадачы, дазваляюць зразумець, чаму яна так забіта рускімі матэрыяламі і крайне бедная сваёй беларускасцю, больш прыстасавана для трансляцыі на тэрыторыі Расіі, чым Беларусі. Чалавека, маладасведчанага ў здабытках беларускай мастацкай літаратуры, такія паводле назвы беларускія, а па змесце рускія радыёперадачы могуць прывесці да памылковай высновы, што гэта выклікана тым, што нібыта на нашай зямлі пасля напісаных у першай палове ХІХ ст. Паўлюком Багрымам верша «Зайграй, зайграй хлопча малы…», не ўсім вядомымі аўтарамі паэм «Тарас на Парнасе» і «Энеіда навыварат» так больш нічога і не з'явілася на свет, таму гэтак важна беларускія перадачы дапаўняць, узбагачаць матэрыяламі з рускай літаратуры. Трэба штосьці кардынальнае рабіць па далучэнні аўтараў такіх перадач да, бясспрэчна, багатых здабыткаў беларускай мастацкай літаратуры, па запаўненні таго прагалу ў ведах па дадзеным прадмеце, які (прагал) утварыўся ў выніку недасканаласці праграм агульнаадукацыйных школ, аддзяленняў журналістыкі, а ў БДУ ― Інстытута, філалагічных факультэтаў ВНУ.
Сказанае вышэй характэрна і для практыкі выкарыстання беларускай музыкі і песень у радыёперадачах. Аўтары іх асвятляюць самыя адмысловыя бакі жыцця роднага краю, але калі трэба зрабіць музычныя, песенныя ўстаўкі ― яны звычайна на 90 % рускія. Я далёкі ад думкі, што гэта робіцца выключна з-за непавагі да нацыянальна-беларускага. Проста адказныя за перадачы супрацоўнікі радыё не ведаюць, якая багатая ў нашага народа песенная і музычная спадчына і хапаюцца ў першую чаргу за рэчы, якімі электронныя сродкі масавай інфармацыі не толькі Расіі, а і ўласныя запаўняюць беларускі эфір. Трэба, каб ён быў максімальна насычаны тымі песнямі і музыкай, аўтарамі якіх з'яўляюцца нашыя таленавітыя паэты, кампазітары і спевакі, інакш у іх істотна спадзе жаданне працаваць на гэтай самай прэстыжнай ва ўсіх народаў дзялянцы культурнага жыцця або пачнуць ствараць і выконваць песні выключна толькі на рускай мове, каб дзякуючы вялікай прыхільнасці да яе беларускага радыё і тэлебачання здабыць сабе так неабходную вядомасць не толькі ў сваёй краіне але і па-за яе межамі.
***
У нас вялікі працэнт людзей, якія праз дзяржаўную палітыку русіфікацыі, мо, ужо ў дзесятым пакаленні з'яўляюцца заложнікамі рускай культуры і мовы. Для іх такія беларускія адпаведнікі падаюцца нечым зусім чужым, іншародным. Вярнуць іх да нацыянальных вытокаў вельмі і вельмі няпроста, але рэальна. Трэба толькі пераканаўча давесці, па якой прычыне адбылася такая пераацэнка нацыянальных духоўных каштоўнасцяў.
***
Узнагароджваннем медалём Францішка Скарыны, прысваеннем высокіх званняў творчым работнікам, што не валодаюць, не карыстаюцца беларускай мовай, мы толькі тыражыруем, акарыкатурваем іх удзел у нацыянальна-культурным адраджэнні роднай Бацькаўшчыны, якая ўжо такі працяглы час, часта і па віне сваіх творцаў, жыве пераважна чужымі стандартамі.
***
Абсалютнай бальшыні нашых палітыкаў і адукаваных людзей ніяк не даходзяць прамоўленыя яшчэ на пачатку мінулага стагоддзя славутым беларускім адраджэнцам Антонам Луцкевічам словы: «Каб народ… усвядоміў сябе нацыяй, найбольш лёгкая дарога да гэтага ― развіць народную культуру, карыстаючыся прыроднай мовай народа» 1. У нас жа пад моцныя крыкі «Брава!» усё робіцца наадварот.
***
Дзясяткі гадоў дзяржаўныя ўлады БССР бездакорна спраўляліся з абавязкамі спонсара рускамоўнай культуры і адукацыі ў нашым краі. Дый яшчэ як спраўляліся! Дзеля развіцця іх тут штогод адпускалася матэрыяльных і фінансавых сродкаў у тысячы разоў больш, чым іх ішло на патрэбы беларускамоўнай культуры і адукацыі. Заканамерны вынік з усяго гэтага ― страшэнная зрусіфікаванасць беларусаў. Аднак і цяпер такую алагічную фінансавую палітыку ў сферы культуры і мовы праводзіць урад суверэннай Рэспублікі Беларусь. Знайсці аналагічны прыклад у Еўропе зусім немагчыма. Яго трэба шукаць толькі ў былых каланіяльна залежных краінах Азіі і Афрыкі.
***
У апошні перыяд жыцця СССР, за бясплённыя гады існавання Беларусі ў якасці незалежнай дзяржавы яе карэннае насельніцтва панесла велізарныя страты ў сваёй этнакультурнай самабытнасці. Вінаватыя ж тут не самі беларусы, а адказны за стан культуры чыноўніцкі апарат. Улічваючы страшэнную дэфармацыю нацыянальных асноў іх жыцця, ён без асаблівых цяжкасцяў ажыццяўляе гэтую ганебную палітыку і сёння, спрытна перацягваючы на свой бок слаба дасведчаных людзей, каб падобнага роду дзеяннямі надаць русіфікацыі добраахвотны, законны характар. За рэдкім выключэннем усё задуманае чынавенствам здзяйснялася і здзяйсняецца на практыцы. З такой лёгкасцю, як у нас, я думаю, аніводнай еўрапейскай дзяржаве ― а можа і азіяцкай ― не ўдалося б саштурхнуць свой народ, не выключаючы і інтэлігенцыю, на крайне небяспечны шлях нацыянальнай самаздрады, што асабліва рэльефна праявілася ў такой архішкоднай акцыі, як надзяленне паводле вынікаў майскага (1995 г.) рэферэндуму рускай мовы ўсім аб'ёмам сацыяльных функцый у грамадстве за кошт пазбаўлення такіх функцый адзінай па-сапраўднаму прыроднай мовы нашага краю ― беларускай. Амаль зусім не ўсхвалявала людзей учыненая ўладамі ліквідацыя сапраўднай даты свята Дня незалежнасці Беларусі праз перанос яго на дзень вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
***
Некалькі суцяшае тое, што апошнім часам паболела людзей, не абыякавых да развалу нацыянальнага патэнцыялу культуры Беларусі. Даводзіцца чуць і слушныя прапановы па спыненні такога негатыўнага працэсу. Цалкам падтрымліваю тых, хто ледзь не галоўную прычыну ў гэтым бачыць у кадрах. Для сучаснай культуры Беларусі, як і ва ўсе папярэднія гады, характэрна даволі масавае выкарыстанне на высокіх пасадах асобаў з некарэннага насельніцтва, носьбітаў чужых для яго духоўных каштоўнасцяў. Улічваючы незайздросны стан гэтай сферы (з нацыянальнага пункту гледжання), мала хто з такіх асобаў сам па сабе прымкне да актыўных змагароў за ўмацаванне прыроднага патэнцыялу беларускай нацыянальнай культуры на яе гістарычнай тэрыторыі. Зрабіць жа іх актыўнымі носьбітамі такой культуры надзвычай важна, бо яна ніколі не сцвердзіцца ў сваім нацыянальным статусе, калі, да прыкладу, на яе пазіцыі свядома не стануць прадстаўнікі некарэннай творчай інтэлігенцыі, падобныя на такіх асобаў, як рэжысёр Канцэртнай залы Беларускай дзяржаўнай філармоніі Архат Галімзянавіч Закіраў, галоўны рэжысёр Нацыянальнага акадэмічнага вялікага тэатра оперы і балета Беларусі Міхаіл Панджавідзе (ураджэнец Ашгабада).
***
Ужо не першы год мы знаходзімся на тым узроўні культурна-моўнай асіміляцыі, што можам на ўвесь голас, смела, толькі без усялякай радасці, заявіць, што наша нацыянальная культура дажывае свае апошнія дзесяцігоддзі. Раствараецца ж яна, прычым не без удзелу саміх беларусаў, іх дзяржавы, у рускай культуры. Ухіліцца ад гэтага негатыўнага, шкоднага для ўсёй славянскай супольнасці, а то і ўсяго цывілізаванага свету з'явішча, можна толькі надаўшы супраціву дэнацыяналізацыі, а затым і барацьбе за адраджэнне, развіццё беларускай культуры дзяржаўнага характару. Вырашэнне гэтай праблемы павінна стаць агульнанацыянальнай справай, а не клопатам неадарваных ад родных каранёў людзей, якіх не так-то і багата ў краіне. З вялікай ласкі ўладаў пераела іх праклятая культурна-моўная асіміляцыя Як ніколі да гэтага, у нас сёння існуе вельмі вострая патрэба па прыкладзе таго, што яшчэ было зроблена нашымі адраджэнцамі ў маі 1917 г., стварыць «Таварыства беларускай культуры». Пакуль гэтым пытаннем, а не культурай увогуле, не зоймецца дзяржава, яно магло б садзейнічаць ва ўсім развіццю, пашырэнню беларускай нацыянальнай культуры.
***
Нацыя, спажываючы, творачы чужую для сябе культуру, не мае перспектывы на жыццё. Яе чакае немінучы адыход у нябыт, пры гэтым і ў не такі ўжо аддалены час. Сусветная практыка дае процьму такіх трагічных прыкладаў. Сур'ёзны намер колькасна пабольшыць іх лік мае з ініцыятывы, вялікіх старанняў уладаў і беларуская нацыя. Прыкра. Але што зробіш, калі варожыя сілы, не выключаючы і мясцовых, так стараюцца пра ўмацаванне ролі рускай культуры на беларускіх абшарах.
***
Рускамоўная эстрада Беларусі ніколі не створыць ёй гонару, ніколькі не паспрыяе захаванню, узбагачэнню яе культурнай адметнасці, а, наадварот, будзе толькі садзейнічаць эрозіі апошняй. У гэтым вельмі папулярным жанры мастацтва неабходна абапірацца не на суседскае, а на сваё нацыянальнае, не забываючыся на прароцкае прадказанне вестуна беларускага Адраджэння Францішка Багушэвіча: «Той люд жыве, што свае песьні мае!»
***
Можна зразумець і апраўдаць стваральнікаў, прыхільнікаў лацінскай культуры на нашай зямлі ў перыяд сярэднявечча. Тады здавалася, што гэтая культура спрэс запануе на еўрапейскім кантыненце, таму ўсяляк садзейнічаць яе росквіту ў любой яго частцы лічылася справай патрэбнай і высокароднай. Сёння ж, калі культура нашай краіны развіваецца пераважна на рускамоўнай, а не на нацыянальна беларускай аснове ніяк нельга апраўдаць тых, хто свой талент аддае ўзбагачэнню на беларускай зямлі культур суседніх народаў. Такое не стварала б сур'ёзных праблем, калі б яна квітнела ўласнамоўнай культурай, не сутыкалася б з такой страшэннай расхлябанасцю нацыянальнай самасвядомасці велізарнай масы людзей.
***
Узаемасувязі, узаемаўплывы ў сферы культуры зрабілі духоўнае жыццё многіх народаў больш багатым і змястоўным. На пэўных этапах гісторыі зведаў гэта і беларускі народ. Але было і такое, што ўзаемасувязі і ўзаемаўплывы, калі да іх падключаліся пэўныя палітычныя, грамадскія сілы, царкоўна-рэлігійныя структуры вялі да паланізацыі ці русіфікацыі яго. Ёсць шмат чаго негатыўнага і ў сучасных руска-беларускіх культурных узаемасувязях і ўзаемаўплывах, што прычыняецца да эрозіі адметнасці, страты самабытнасці духоўнага жыцця нашай краіны. У гэтай сітуацыі дзяржава, прагрэсіўныя слаі грамадства не могуць заставацца ў ролі статыстаў. Неабходна свядомае дзяржаўнае рэгуляванне культурных працэсаў, пры гэтым не баючыся ні рускіх, ні саміх сябе аддаць належны прыярытэт нацыянальна-беларускаму.
***
У сусветнай практыцы цвёрда ўсталявалася такая заканамернасць: кожная нацыя мае адзіную для сябе культуру і мову, што забяспечвае ёй стабільнае, дынамічнае духоўнае жыццё. Яно адразу ж дэстабілізуецца, калі пад уздзеяннем унутраных ці знадворных фактараў гэтую заканамернасць парушаюць і спрабуюць той ці іншай нацыі навязаць яшчэ адну культуру ці мову. Часцей за ўсё на такое ідуць краіны з высока развітой культурай у разліку з дапамогай дадзенага фактару ўсталяваць панаванне над народам, абраным у якасці сваёй ахвяры. У выніку такой злачыннай практыкі на планеце Зямля загінула велізарная колькасць самабытных народаў з арыгінальнай культурай. Такую этнічную канчыну рыхтавалі ― і даволі вынікова ― беларусам палітычныя рэжымы Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі. Чаго не ўдалося ім, з не меншым поспехам праводзяць у жыццё пасля майскага рэферэндуму 1995 г. улады суверэннай Рэспублікі Беларусь супольна з вялікай арміяй адданых ім інтэлігентаў. Многія з іх ужо цалкам адышлі ад выкарыстання спрадвечных для Беларусі прыродных духоўных каштоўнасцяў і, як галушка ў масле, купаюцца ў рускай культуры. Шкада, што не ўтрымліваюцца ад гэтай небяспечнай спакусы і шмат хто з тых, каго прырода шчодра надзяліла талентам у тым ці іншым жанры творчай дзейнасці. Здзіўляе наіўнасць многіх такіх таленавітых асобаў: ствараючы на беларускай зямлі рускамоўныя каштоўнасці, яны думаюць, што гэтым самым спрыяюць узбагачэнню яе нацыянальнай культуры. Памыляецеся, шаноўныя. Вы толькі разбураеце яе, русіфікуеце, ведзяце беларускі народ да этнічнай смерці, бо не было, няма і не будзе ва ўсім свеце нацыі з дзвюма культурамі і мовамі. Гэта добра ведаюць палітычныя кіраўнікі, інтэлектуальныя эліты ўсіх краін, таму ўсяляк не дапускаюць канкурэнцыі іншых культур з іх прыроднымі культурамі, што надзейна ахоўвае тытульнае насельніцтва ад асіміляцыі нават і ва ўмовах паглыблення ў свеце галабалізацыйных працэсаў.
***
Да таго часу, пакуль беларуская мова не стане мовай культуры, мастацтва, гэтыя найважнейшыя асяродкі духоўнага жыцця будуць выступаць у ролі разбуральнікаў нацыянальнага патэнцыялу краіны. Яе прагрэс не можа палягаць па-за уласнымі культурна-моўнымі традыцыямі. Святы абавязак творчай інтэлігенцыі, асабліва беларускага паходжання, быць іх актыўнымі носьбітамі, а не выступаць у ролі стваральнікаў і распаўсюджвальнікаў на нашай зямлі чужых культурных каштоўнасцяў. Сёння яны рускія, а пазней могуць надысці часы, што наша творчая інтэлігенцыя пачне працаваць на англамоўную ці яшчэ якую-небудзь культуру.
***
Мізэрная прысутнасць беларускай мовы ў духоўным жыцці ― гэта прамы вынік свядомага выцяснення яе са сферы дзейнасці органаў дзяржаўнай улады і кіравання, што набыло маштабны характар адразу ж пасля правядзенага ў маі 1995 г. рэферэндуму, які юрыдычна ўраўняў рускую мову з беларускай. Чыноўніцкі апарат не пажадаў іх юрыдычную роўнасць падмацаваць фактычнай роўнасцю, што пайшло на карысць толькі рускай мове і разам з ёю і рускай культуры на Беларусі.
***
Велізарную шгоду самабытнасці нашай духоўнай культуры прычыняе імкненне адказных за яе стан дзяржаўных структур і асобаў ужываць беларускую мову толькі ў нізавых, фальклорных пластах культуры, а яе самыя прэстыжныя, элітныя асяродкі абслугоўваць рускай мовай. Пры такім няўзважаным дыскрымінацыйным падыходзе чыноўніцкага апарату і падначаленай яму інтэлігенцыі ў абсалютнай бальшыні народа фармуецца памылковы погляд, што беларуская мова не надзелена патрэбнымі якасцямі для абслугоўвання элітных пластоў культуры, што яе (мовы) месца, як і за часам Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі, дзесьці толькі ў самадзейных калектывах вёскі, рабочых клубах прадпрыемстваў прамысловасці і транспарту. Без забеспячэння беларускай мове законнага для яе месца ў духоўнай культуры, што павінна разглядацца як найважнейшы накірунак дзяржаўнай палітыкі, сусветная цывілізацыя будзе глядзець на нас, як на нейкае недаразвітое, няздольнае да самабытнай творчай дзейнасці адгалінаванне рускага арганізма і таму будзе цалкам апраўдваць панаванне рускіх духоўных каштоўнасцяў на ўсім беларускім абшары.
***
Мне здаецца, што мы занадта шмат зрабілі дзеля канчатковага рускамоўнага пераварвання беларусаў. Таму і нядзіва, што не назіраецца якога-небудзь сур'ёзнага супраціўлення яму. Сустракаюцца і такія, што ў поўным пераходзе беларусаў на стварэнне, спажыванне рускамоўнай культуры бачаць нейкую заканамернасць, лічыць, што гэта якраз і ёсць тое, што спрыяе ўзбагачэнню беларускасці духоўнага жыцця краіны, памнажэнню яе ўкладу ў культурную разнастайнасць цывілізаванага свету. Так думаць ― гэта вялікая памылка. Стварэннем, папулярызацыяй рускай культуры мы не ўзбагачаем, а разбураем беларускасць сваёй краіны, перашкаджаем яе карэннаму насельніцтву ў сваім нацыянальным самасцвяржэнні. Працаваць на чужую культуру я не бачу патрэбы ні для аднаго народа зямной кулі нават з найбагацейшым духоўным нацыянальным жыццём. У Беларусі ж яно, па вядомых прычынах, моцна засімілявана і паланізацыяй, і русіфікацыяй, таму крайне неразумна, неапраўдана нават талент творца сярэдняга ўзроўню выкарыстоўваць на чужым культурна-моўным полі. У нас жа на ім, не пабаюся сказаць, імкнуцца тварыць самыя таленавітыя асобы ў надзеі быць заўважанымі Масквою, іншымі краінамі з высокім культурным патэнцыялам. Дапускаю, што хтосьці з такіх асобаў проста не разумее ролі нацыянальнага фактару ў духоўна самабытным развіцці. Па розным прычынам у нас на гэта стараюцца не звяртаць увагу ў навучальных установах па падрыхтоўцы спецыялістаў у галіне культуры, таму многія з іх зусім абыякава ставяцца да ролі нацыянальнага ў ёй. Затое не шкадуюць сіл дзеля ўнясення ў апошнюю як мага больш рускага. Відаць таму ўсё часцей з вуснаў вялікіх палітыкаў краіны чуецца, што беларусы ― гэта рускія, больш за тое ― са знакам якасці.
***
Культура ― ёсць сфера дзейнасці чалавека, дзе колькі ні было б атрымана набыткаў, заўсёды будзе заставацца месца для далейшага працягу творчасці. Духоўнае жыццё нацыі, якім бы багатым, змястоўным, разнастайным яно ні было, будзе патрабаваць новых каштоўных унёскаў у яго. А вось значная частка беларускай мастацкай інтэлігенцыі думае і робіць на культурнай ніве краіны зусім іншае. Беспадстаўна палічыўшы, што тут ужо беларускі народ дасягнуў поўнага апагею, такая частка інтэлігенцыі стала інтэнсіўна развіваць на абсягах нашай Бацькаўшчыны рускамоўную культуру, хаця для гэтага ёсць усе неабыходныя, значна лепшыя, чым у нас, варункі ў самой Расіі. Побач з рускімі яе нацыянальныя духоўныя каштоўнасці ўзбагачаюць яўрэі, украінцы, беларусы, грузіны, армяне… і прадстаўнікі іншых этнічных супольнасцяў дадзенай велізарнай дзяржавы. Беларусы ж вырашылі пайсці яшчэ далей: зрабіць і тэрыторыю сваёй роднай краіны шырокім арэалам прысутнасці, развіцця рускай культуры, пачатак чаму паклалі ўжо ў канцы XVIII ст. Менавіта ў той жа час па ўказцы імператрыцы Кацярыны ІІ распачалася русіфікацыя насельніцтва земляў, што гвалтам далучалі да Расійскай імперыі ў выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай. Наўрад ці спадзяваліся архітэктары русіфікатарскай палітыкі с ліку чыноўніцкага апарату царскай імперыі, СССР―БССР і нарэшце Рэспублікі Беларусь, што гэты паводле іх перакананняў прагрэсіўны, вельмі карысны для інтарэсаў усёй славянскай супольнасці народаў працэс расцягнецца на такія доўгія гады, што сёння моцна хвалюе не толькі многіх нашых сучасных палітыкаў, але і даволі шматлікую частку прарускай арыентацыі мастацкай інтэлігенцыі краіны. Гэта, відаць, і служыць важкай падставай нечуванай для іншых часоў актывізацыі іх дзейнасці на рускамоўных дзялянках культуры Беларусі з мэтай давяршэння русіфікацыі яе тытульнай нацыі.
***
Магутным, па-сапраўднаму скрышальным ударам па беларускай нацыянальна-культурнай самабытнасці з'явіўся нядобрай памяці майскі рэферэндум 1995 г. Толькі не ведаю, ці разлічвалі на гэта яго ініцыятары, ідэолагі і непасрэдныя праваднікі. Але рэферэндум, зрабіўшы на практыцы рускую мову мовай улады, да нулявой адзнакі звёў сацыяльныя функцыі адзінай спрадвечнай роднай мовы карэннага народа краіны ― беларускай. Яна сталася амаль зусім незапатрабаванай грамадствам, што самым негатыўным чынам адбілася на яе выкарыстанні ў такіх нацыяўтваральных сферах, як культура, адукацыя, навука, царкоўна-рэлігійнае жыццё. Многія з гэтых сфераў дзеячы, у т.л. і элітарнага статусу, без усялякага прамаруджвання і хістання, з зайздроснай хуткасцю перайшлі з беларускай на рускую мову. Цяпер у нашай краіне ўсіх відаў духоўнай прадукцыі ў рускай мове ствараецца ў дзесяткі разоў больш, чым у роднай беларускай мове. Яшчэ горшымі гэтыя суадносіны будуць, калі іх распаўсюдзіць на спажыванне грамадствам руска- і беларускамоўнай духоўнай прадукцыі, што ставіць пад вялікае сумненне рэальнае існаванне ў краіне беларускай нацыянальнай культуры. Па традыцыі гэтай дэфініцыяй у нас любяць карыстацца палітыкі, інтэлектуалы, просты люд, але калі як след разабрацца, сур'ёзных падстаў для пераносу яе на сучаснае духоўнае жыццё Беларусі няма. Такой з'яве я адназначна даю толькі адмоўную адзнаку, бо беларусаў без нацыянальнай культуры сусветная цывілізацыя не прызнае самабытным народам, увалье іх без уласнага імя ў рускую этнічную супольнасць. Парадаксальна, што гэта не толькі не пужае, не насцярожвае, а, наадварот, радуе многіх дзяржаўных чыноўнікаў ад культуры, непасрэдных удзельнікаў духоўнага працэсу.
***
На далейшае аслабленне ўплыву нацыянальнага фактару на духоўнае жыццё краіны, выхаванне павагі да яго маладых пакаленняў накіравана прадпісанне (аформлена ў сакавіку 2006 г.) міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандра Радзькова аб забароне сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў (тады, як і сёння, у яго складзе знаходзяцца самыя таленавітыя літаратурныя сілы) сустракацца ва ўстановах адукацыі ўсіх тыпаў з іх навучэнцамі і студэнтамі. І такія сустрэчы не праводзяцца, хаця ў моладзі вельмі вялікае жаданне пачуць штосьці цікавае для яе з вуснаў Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна, Ніла Гілевіча, Анатоля Вярцінскага, Уладзіміра Някляева…
***
Нішчыць у самым зародку праявы нацыянальнага ў галіне адукацыі, культуры і навукі было і застаецца магчымым толькі з прычыны крайне нізкай этнічнай свядомасці народа, яго неразумення ўсёй важнасці будаваць сваё духоўнае жыццё на ўласных прыродных асновах. На пачатку мінулага стагоддзя адзін з ідэолагаў беларускага Адраджэння Язэп Лёсік пісаў: «…нацыянальна-несвядомы народ ― грамадзянска цёмны народ; гэта тая каламутная вада, у якой спрытныя людзі ўмеюць рыбку лавіць». Сёння ў розных сферах духоўнай дзейнасці людзей, пачынаючы ад невялікіх творчых груп і канчаючы буйнымі дзяржаўнымі ўстановамі падобнага профілю, у афіцыйных сродках масавай інфармацыі, саміх міністэрствах культуры і адукацыі столькі такіх спрытнюг, што яны па-сапраўднаму не даюць нават дыхнуць нацыянальнаму ў нашай культуры.
Культура Беларусі больш падпарадкавана, адпавядае інтарэсам Расіі, чым уласным. На тым вялізным дыване культуры, што ўтрымліваецца за кошт дзяржаўных сродкаў, уласна беларуская культура прысутнічае ў якасці пылу, які моцным ударам выбівалак выганяюць вонкі, спрытнюгі-асімілятары.
Да вялікага гонару нацыянальна свядомых людзей культуры, адукацыі і навук і яны і ў гэтых крайне экстрэмальных умовах не апускаюць рукі, усяляк стараючыся не аддаць народ у ахвяру сучаснай дзяржаўнай палітыкі русіфікацыі.
***
Калі пры ўсёй культурна-моўнай блізкасці беларусаў і рускіх яны застануцца цікавымі адзін аднаму, дык толькі дзякуючы захаванню адметнасці, разнастайнасці іх духоўнага жыцця (беларусам гэта ў меншай ступені ўласціва), а не яго поўным падабенствам.
***
Знаходжанне беларусаў на крайне небяспечнай стадыі нацыянальна-духоўнай дэградацыі найбольш пераканаўча пацвярджаецца тым, што ў нас і абсалютная бальшыня людзей, прафесійна занятых у розных відах культуры і мастацтва, не з'яўляецца носьбітамі прыродных культурна-моўных традыцый нашай зямлі. Яны па-беларуску спяваюць, выконваюць на сцэнах тэатраў розныя ролі толькі дзякуючы таму, што вывучылі напамяць беларускамоўны тэкст. Закончыўшы ж выступленне на сцэне, яны не ў стане весці беларускамоўны дыялог са сваімі калегамі ці гледачамі. Усё гэта ўжо даўно стала нормай для творчай інтэлігенцыі і не чутно, каб адказныя за лёс прафесійнай культуры ў дзяржаўным сектары збіраліся мяняць арыентыры на карысць беларускага нацыянальнага фактару, каб гэтым самым спыніць далейшае разбурэнне самабытных асноў нашай культуры. Адарваная ад беларускай мовы інтэлігенцыя з зайздроснай упартасцю працуе над тым, каб не толькі захаваць, а, наадварот, яшчэ больш узмацніць ролю рускамоўнага фактару ў культуры Беларусі, чаму ўсяляк садзейнічаюць і яе ўладныя структуры. Спадзявацца, што ў такіх умовах беларускі народ будзе развівацца як самабытная, арыгінальная нацыя аніяк не даводзіцца.
***
Пакуль у беларускага народа няма патрэбнай для прыстойнага жыцця агульнасці ў культуры, мове, гістарычнай памяці, будуць адсутнічаць усялякія падставы гаварыць пра яго нацыянальнае адзінства. Калі ж, дзякуючы старанням кіраўніцтва краіны, нейкая агульнасць усталюецца на рускай аснове (а да гэтага справа ідзе), гэта ўжо будзе канцом самабытнага этнакультурнага існавання беларускага народа і пачаткам яго поўнага растварэння ў рускай культурна-моўнай стыхіі. Калі ў асяроддзі беларускага народа ёсць яшчэ сілы, не зацікаўленыя ў такім бесслаўным заканчэнні яго гісторыі, трэба, не марудзячы, аб'ядноўвацца не на чужой ― у нашых варунках на рускай ― а на сваёй прыроднай культурна-моўнай аснове, рабіць яе магутнай цвердзю на ўсім абшары краіны.
***
Пры сучасным павальным выключэнні беларускай мовы з грамадскага жыцця нам ніяк нельга ўхіліцца ад поўнага немінучага заняпаду яе, а, значыцца, і такога ж немінучага заняпаду нашай нацыянальнай культуры, дэмантажу саматоеснасці карэннага насельніцтва Рэспублікі Беларусь. Парадаксальна, што гэтыя разбуральныя этнічныя працэсы адбываюцца ва ўмовах, калі на планеце Зямля актывізуюцца рухі за захаванне самабытнасці, унікальнасці народаў, прычым убаку ад такіх рухаў не стаяць самі дзяржавы.
***
Культура нават самых блізкароднасных нам народаў не здольная быць увасабленнем унутранага духу беларускай нацыі. Такое падуладна толькі яе ўласнай, пабудаванай на прыродным матэрыяле. Настойлівыя спробы сучасных даволі шматлікіх па колькасці духоўных творцаў спачатку самім, а затым і ўвесь беларускі народ самарэалізаваць у рускай культуры з аднаго боку нерэальны, з другога ― небяспечны: вядуць да страты нацыі. Недарэчнасць, агіднасць такой з'явы ў тым, што яна адбываецца ва ўмовах наяўнасці ў беларусаў уласнай дзяржавы, вялікай колькасці адукаваных, умудроных багатым жыццёвым вопытам людзей, у час, калі сусветныя прагрэсіўныя арганізацыі пад эгідай ЮНЕСКА вядуць ― і небеспаспяхова ― пошукі захавання культурнай разнастайнасці, а разам з ёю ― нацый і народнасцяў планеты Зямля. У нас жа гэта хвалюе толькі мізэрную частку грамадства, прычым яшчэ і адарваную ад прафесійнай дзейнасці ў сферы дзяржаўнага кіравання. Яго культурная палітыка больш адпавядае інтарэсам усходняга суседняга народа, чым уласнага. Яшчэ ніколі Беларусь не знаходзілася ў такой моцнай культурна-моўнай залежнасці ад Расіі, як сёння. За апошнія паўтара дзесяцігоддзе ўладнымі структурамі «суверэннай» Рэспублікі Беларусь зроблена столькі па разбурэнні нацыянальнага патэнцыялу духоўнага жыцця яе карэннага насельніцтва, праз распаўсюджванне сярод яго рускай культуры, колькі не ўдалося здзейсніць за такі ж час віленскаму генерал-губернатару Міхаілу Мураўёву ― вешальніку і яго паплечнікам. А то ж быў, як прынята лічыць у гістарычнай літаратуры, самы рэакцыйны час. Вось зараз і думай, якога азначэння заслугоўваюць апошнія пятнаццаць гадоў? Такой татальнай беларускамоўнай нішчымніцы, як сёння, нашае грамадства яшчэ не ведала. І калі такую мэту ставілі перад сабой палітыкі, якія прыйшлі да ўлады ў сярэдзіне 90-х гадоў ХХ ст., дык з усёй упэўненасцю можна сцвердзіць: яны яе дасягнулі.
***
Выцясненнем беларускай культуры і мовы рускімі адпаведнікамі мы, як ужо з'яўляецца відавочным, не ўзбагацім духоўнага жыцця Бацькаўшчыны. Яго можна ўзбагаціць толькі нацыянальна-спецыфічнай разнастайнасцю, а не ўніфікацыяй пад рускія, польскія, украінскія ці яшчэ якія-небудзь іншыя стандарты ― няхай нават і вельмі развітыя.
***
Пры любым шматкультуралізме на Беларусі яе нацыянальная культура павінна займаць вядучае тут месца, інакш нішто не выратуе беларускі народ ад культурна-моўнай асіміляцыі. Сёння гэта ― русіфікацыя, а заўтра можа быць і іншая форма духоўнай дэнацыяналізацыі. Таму ў падведамным дзяржаве сектары культуры, а затым і ва ўсіх астатніх трэба ісці на ўсё, каб забяспечыць тут выключную ролю беларускаму фактару. Усе ж народы аддаюць прыярытэты нацыянальнаму, а чаму мы ― рускаму?
Да таго часу, пакуль беларуская мова не стане мовай культуры Беларусі, правільнай літаратурнай беларускай мовай будзе валодаць толькі вузкае кола спецыялістаў, якія прысвячаюць ёй свае навуковыя працы ці выкладаюць яе ў навучальных установах, галоўным чынам вышэйшага тыпу. На вялікі жаль, многія настаўнікі беларускай мовы агульнаадукацыйных школ і прыраўнаваных да іх навучальных устаноў не вызначаюцца належнай культурай роднай мовы, бо не заўжды карыстаюцца ёю па-за навучальным працэсам. Сёння адсутнічае сапраўднае змаганне за шырокую прысутнасць беларускай мовы ў дзяржаўнай сферы культуры, асабліва ў яе самых прэстыжных пластах. Да голасу індывідуальных рупліўцаў роднага слова, Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны ўладныя структуры зусім не прыслухоўваюцца. У гэтай крайне неспрыяльнай для нашага нацыянальнага жыцця сітуацыі ролю змагара за ўкараненне беларускай мовы ў культуру варта было б узяць на сябе адпаведным кафедрам вышэйшых навучальных устаноў.
***
Мы часта гаворым пра надзвычай багаты паэтычны дар Аляксандра Пушкіна, але вельмі рэдка засяроджваем увагу на тым, што ён усёй сваёй дзейнасцю змог прыпыніь пагрозлівы па сваіх выніках наступ французскай мовы на духоўную культуру рускага народа. Гэта быў адзін з самых адказных перыядаў у яго духоўным развіцці. Цяжка нават прадбачыць, да чаго ўсё гэта прывяло б, каб не было на той час у Расіі Пушкіна.
Але і на гэтым яшчэ не закончыліся ўсе выпрабаванні, што ўзнікалі на гістарычным шляху рускай культуры, з якіх яе лепшыя прадстаўнікі заўсёды выходзілі пераможцамі і змаглі гэтым самым адстаяць права на яе самабытнае існаванне. Пазней зусім не ў лёгкіх умовах даводзілася рускай інтэлігенцыі адстойваць сваю прыродную культуру і мову ў барацьбе з ярымі прыхільнікамі шырока распаўсюджанай плыні «заходніцтва», на баку якой стаялі даволі аўтарытэтныя асобы. Калі б у жыцці ўсё пайшло так, як таго жадалі «заходнікі», у рускую культуру было б занесена так багата іншанацыянальных еўрапейскіх элементаў, што, несумненна, істотна аслабіла, збядніла б яе нацыянальную, самабытную аснову.
Пра ўсё гэта пішацца дзеля таго, каб паказаць, што культурнае жыццё ўсіх народаў, у т.л. і рускага, не развівалася і не развіваецца без сур'ёзных цяжкасцяў і перашкод, што абавязкова трэба ведаць і беларусам, каб не апускаць рукі ад любых няўдач. А іх жа ў сферы той культуры, якая належыць да нацыянальнай, зараз непараўнальна больш, чым нават у апошнія гады існавання СССР.
***
Калі мы ў сябе дома развіваем рускую культуру (патрэбы ў гэтым няма, улічваючы патэнцыяльныя магчымасці Расіі), гэтым ніколькі не робім беларускую культуру больш багатай і арыгінальнай, а, наадварот, разбураем яе этнічны грунт, раздвойваем беларускі нацыянальны арганізм на дзве часткі ― беларускую і рускую. Не дзіўна, што такім стратным шляхам не ідзе аніводная цывілізаваная нацыя, а калі з'явяцца падобнага роду прыкметы, яна ўсяляк ― прычым у галоўную чаргу на самым высокім дзяржаўным узроўні ― імкнецца не даць ім набраць небяспечную моц. У нас жа ўсё наадварот: уклад таленавітых людзей у іншанацыянальную рускую культуру дзяржавай, грамадствам цэніцца вышэй, чым у беларускую нацыянальную. У такіх варунках усцерагчыся беларусам ад русіфікацыі практычна немагчыма, бо іх этнічную самабытнасць можна забяспечваць толькі праз нацыянальную культуру. Адсюль вынікае, наколькі важна, каб яе свядомымі носьбітамі былі ўсіх рангаў дзяржаўныя дзеячы. Не дарэмна англійскі філосаф Энтані Сміт пісаў, што радзімаю «не могуць кіраваць… людзі іншай культуры». Мне асабіста не вядомы ніводзін сучасны дзяржаўны дзеяч нашай краіны, які з'яўляўся б актыўным носьбітам беларускай мовы, г.зн. галоўным кампанентам беларускай нацыянальнай культуры. Палітычны лідэр з'яўляецца ўвасабленнем народа толькі тады, калі жыве ў рэчышчы яго нацыянальнай культуры. Невыпадкова многія першыя дзяржаўныя асобы часта маюць досыць вялікія дасягненні і ў той ці іншай сферы нацыянальнай духоўнай творчасці.
***
З усіх прафесійных нацыянальных культур еўрапейскіх народаў сама бедная, калі не браць пад увагу мастацкую літаратуру, нацыянальная культура беларусаў. І прычына тут зусім не ў няздольнасці апошніх да плённай творчай дзейнасці нібыта на сваім уласным прыродным матэрыяле. Проста яны распыляюцца, аддаючы шмат увагі стварэнню, развіццю і папулярызацыі на этнічнай тэрыторыі беларускага народа ненацыянальнай для яго культуры ― рускай. Такога неразумнага выкарыстання творчага патэнцыялу не знойдзеш у ніводнай краіне Еўропы. З падобнымі фактамі рэдка сустрэнешся толькі дзесці ў Афрыцы ці Азіі.
***
Многія, у т.л. аўтар гэтых радкоў, спадзяваліся, што канец другога тысячагоддзя і пачатак трэцяга прынясуць з сабой шмат жаданых перамен для беларускай нацыянальнай культуры. Падобнае ж здаралася і ў яе гісторыі. Прыкладна сто гадоў таму нечакана для жыхароў нашай зямлі пасля працяглага застою пачалі прабівацца на паверхню парасткі магутных сіл, якія ў непараўнальна больш цяжкі, чым сёння, час прывялі родны край да сапраўднага беларускага Адраджэння. У моцных цісках польскай і рускай культур зазелянела рунь і на цаліку нашай нацыянальнай культуры. Самы магутны штуршок ёй дала мастацкая літаратура. Нягледзячы на панесеныя страты сярод яе творцаў у выніку масавых фізічных рэпрэсій у 30-я гады, цяжкіх наступстваў вайны Германіі з СССР гэтая дзялянка культурнага жыцця да апошняга часу застаецца найважнейшым чыннікам этнічнай адметнасці беларусаў, дае дастаткова падстаў разглядаць іх як самабытны народ. Трывожна, што неўзабаве такога мы ўжо не зможам гаварыць пра мастацкую літаратуру, паколькі суадносіны ў ёй нацыянальна беларускага і суседне рускага імкліва мяняюцца на карысць апошняга. Вось-вось у Рэспубліцы Беларусь стане больш руска, чым беларускамоўных пісьменнікаў. А гэта ўжо трагедыя! Ёй усяляк садзейнічае ўтварэнне ў 2006 г. Саюза пісьменнікаў Беларусі, у якім ад першых дзён існавання стала больш увагі надавацца рускай, чым беларускай літаратуры. Няма аніякай гарантыі, што ў выніку канкурэнцыі з рускай літаратурай яна хутка не апынецца на задворках.
***
Пасіўную ролю сучаснай беларускай дзяржавы ў нацыянальна-культурным адраджэнні афіцыйныя ідэолагі, акрамя іншых прычын, тлумачаць яшчэ неабходнасцю першачарговага вырашэння жыццёваважных эканамічных задач. У пэўнай ступені гэта правільна будзе толькі ў самай бліжэйшай, але не ў аддаленай перспектыве. Не трэба забывацца, тым больш дзяржаўным дзеячам рэспубліканскага маштабу, што апантаныя духам нацыянальна-культурнага Адраджэння людзі шматкроць лепш за пасіўных, абыякавых да яго працуюць і ў розных галінах матэрыяльнай вытворчасці, а не толькі ў духоўнай сферы. Народ у сваіх культуры і мове ― гэта найвялікшая стваральная сіла, сапраўдны творца ўласнай гісторыі. Па-за нацыянальнай культурай няма будучыні ў народа, нават калі ён сёння знаходзіцца на вяршыні свайго духоўнага росквіту. Недарэмна сусветная цывілізацыя так высока цэніць народы, што развіваюцца на сваёй прыроднай культурна-моўнай аснове.
***
Нацыянальна-культурнае Адраджэнне канца 80-х ― пачатку 90-х гг. спрычынілася да ўзнікнення шэрага самай рознай накіраванасці аб'яднанняў і арганізацый. Найбольш дзейсныя з іх актыўна працуюць на беларускую нацыянальную ідэю і сёння. Вось толькі нічым не вытлумачальна адсутнасць і раней і цяпер такога патрэбнага нам грамадскага аб'яднання, як Таварыства беларускай нацыянальнай культуры. Нават і абрэвіятура ад назвы гэтага аб'яднання атрымліваецца прыстойнай ― ТБНК. Лічу, што па колькасці сяброў яно было б намнога больш шматлікім за сучасныя Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны і Таварыства беларускай школы. Прысутнасць у назве аб'яднання слова «нацыянальны» неабходна дзеля таго, каб у беларускую культуру не ўключалі, як гэта сёння многімі робіцца, рускамоўных, а пазней і яшчэ якіх-небудзь іншамоўных твораў. Ва ўсіх вербальных пластах культуры беларускае гэта ўсё тое, што створана на беларускай мове і ні на якай іншай, нават калі ўладныя структуры ўзвялі яе ў статус дзяржаўнай, будуюць на ёй сваю дзейнасць. Так неабходнае і жаданае Таварыства беларускай нацыянальнай культуры, аб'ядноўваючы ў сваіх шэрагах шматлікіх творчых дзеячоў, моцна заклапочаных захаваннем яе самабытнасці і арыгінальнасці, у стане будзе хоць трохі супрацьстаяць асіміляцыйным працэсам у духоўным жыцці краіны, а пры сур'ёзнай падтрымцы дзяржавы выратаваць яе тытульную нацыю ад поўнай этнічнай дэградацыі.
***
У нашыя дні, як ніколі раней, занятыя ў розных сферах культуры людзі вызначаюцца высокім узроўнем адукацыі, здольныя безпамылкова вызначыць перспектывы духоўнага развіцця краіны. Добра зразумеўшы, што пасля надання ў адпаведнасці з вынікамі майскага рэферэндуму 1995 г. статусу дзяржаўнай і рускай мове, у беларускай мовы не застаецца аніякіх шанцаў стаць пераможцай у канкурэнтнай барацьбе за абслугоўванне ўсіх відаў службовага справаводства, навучальна-выхаваўчага і культурнага працэсаў, у працы афіцыйных сродкаў масавай інфармацыі, многія дзеячы культуры палічылі за больш перспектыўнае для сябе стаць на рускія пазіцыі. Вось таму цяпер яны ў нас больш трывалая за беларускія на ўсіх дзялянках духоўнай творчасці за выключэннем пакуль што толькі мастацкай літаратуры.
***
Гістарычнае прадвызначэнне беларускай зямлі і яе карэнных жыхароў ствараць, карыстацца тут сваёй роднай беларускай культурай. Супроць гэтага разумнага прынцыпу не выступяць ніводзін народ, ніводная краіна, апроч рускіх шавіністаў і сваёй гадоўлі беларускіх нігілістаў. Таму трэба неадкладна і ўсім гуртам брацца за павышэнне нацыянальнага фактару ў духоўным жыцці Рэспублікі Беларусь з тым, каб яно перастала быць няўдалым злепкам з такога жыцця нашай усходняй суседкі, а вызначалася сваёю адметнасцю, арыгінальнасцю ад культур усіх іншых народаў, тады ніхто не будзе блытаць беларусаў з рускімі.
***
Востры голад на стваральнікаў, спажыўцоў беларускай нацыянальнай культуры будзе адчувацца да тае пары, пакуль нашыя маладыя пакаленні будуць узгадоўвацца ў рускамоўных выхаваўчых і навучальных установах. Гэта ўжо даўно вядома ўсяму цывілізаванаму свету. Вось чаму палітычныя лідары краін, якія станавіліся на шлях нацыянальна-культурнага адраджэння, найперш за ўсё страліся замяніць старую чужую сістэму народнай адукацыі ― галоўную віноўніцу асіміляцыі іх народа ― на ўласную, пабудаваную ў поўнай адпаведнасці з яго гістарычнымі, культурна-моўнымі традыцыямі. На такі разумны крок ніяк не адважваюцца толькі беларускія палітыкі і інтэлігенцыя.
***
Калі тры з невялікімі перапынкамі стагоддзі да майскага рэферэндуму 1995 г. беларускую нацыянальную культуру трымалі на яе роднай зямлі ў статусе выгнанніцы чужыя ці напоўчужыя (БССР) палітычныя рэжымы, дык пасля гэтай сумнавядомай даты ў нашай гісторыі ― уласны. Было б памылкова думаць, што ад гэтага хоць трохі лягчэй беларускай культуры. За час пасля рэферэндуму яе нацыянальны патэнцыял панёс такія велізарныя страты, як ні за які-небудзь іншы роўны па гадах папярэдні тэрмін.
***
За карыстанне рускай культурай і мовай беларусы плацяць высокую цану і плацяць не грашыма, а разлічваюцца самым дарагім: нацыянальна-культурнай самабытнасцю. Цяпер яе ў беларусаў так мала, што сусветная цывілізацыя ніяк не адважваецца прызнаць іх за адметны ад рускіх народ.
***
Апраўданнем першачарговасці, прыярытэту рускай культуры на Беларусі яе ўлады і залежныя ад іх ідэолагі, творчая інтэлігенцыя ў значнай ступені паўтараюць тое, што рабілі і чым некалі апраўдвалі панаванне нямецкай культуры ў Чэхіі. А апраўдвалі гэта тым, што нібыта яе «народ абавязаны сваім выхаваннем, сваёй культурай немцам, павінен з-за ўдзячнасці прызнаць сябе ніжэйшай расай, вечным ― калі не рабом, дык падначаленым вышэйшай расы намецкай!..» 1
***
З прычыны таго, што пераважная частка інтэлігенцыі Беларусі працуе ў рэчышчы рускай культуры, гэта не толькі не садзейнічае развіццю прыроднай этнічнай культуры нашага краю, а, наадварот, заганяе яе ў кут. Асабліва небяспечны характар набывае такая шкодная тэндэнцыя тады, калі да яе далучаюцца і творчыя людзі самога карэннага насельніцтва. Такі небяспечны для Беларусі час ужо даўно надышоў. Прыродныя асновы яе нацыянальнай культуры яшчэ ніколі не былі такімі зыбкімі, як сёння.
***
Нам трэба дакладна вызначыць асяродак беларускай нацыянальнай культуры і мо на нейкі час, пакуль ён (асяродак) не здабудзе з дапамогай мастацкай інтэлігенцыі і пры падтрымцы дзяржавы належнай моцы, зрабіць яго максімальна незалежным ад іншых культурных уплываў. Працягласць такога часу будзе залежаць ад эфектыўнасці захадаў па ўмацаванні беларускай нацыянальнай культуры ўвогуле.
***
Паводле ўсіх сваіх найважнейшых параметраў наша сучасная культура не ўяўляе сабой нацыянальнай культуры тытульнага народа Беларусі. У шэрагу палітычных дзяржаў культура нацыянальных меншасцяў мае больш высокі статус, чым ён ёсць у карэннага насельніцтва Беларусі ў сябе дома. Яе нацыянальная прафесійная культура на сваёй зямлі так моцна ўступае рускай, што ёсць усе падставы гаварыць пра поўную неканкурэнтназдольнасць першай, яе страшэнную дэнацыяналізацыю і адміранне. Калі такое ёсць мэтанакіраванай палітыкай дзяржавы, дык трэба адкрытым тэкстам заявіць пра гэта актыўным і пасіўным носьбітам беларускай нацыянальнай прафесійнай культуры, прапанаваўшы і ім цалкам перайсці на спажыванне рускіх духоўных каштоўнасцяў. Чаго ж супраціўляцца дзяржаўнай палітыцы русіфікацыі?
***
Усе цывілізаваныя народы шануюць, ганарацца сваёй адметнасцю ад іншых. Вось толькі за бальшынёй беларусаў такое не заўважаецца. Ад усіх сваіх суседніх народаў яны адрозніваюцца мовай і створанымі на ёй культурнымі каштоўнасцямі, дзеля развіцця і захавання якіх спатрэбіліся такія велізарныя высілкі ўсяго народа. Як балюча назіраць, што цяпер пад уплывам адпаведнай дзяржаўнай палітыкі мы ўсё больш і больш звужваем сацыяльную сферу ўжывання роднай мовы і з гэтай прычыны нясем велізарныя страты ў сваёй этнакультурнай адметнасці. Калі не даць рашучы бой такой заганнай палітыцы, беларусам не быць самабытным народам. Ён бясследна знікне, зліўшыся з тым народам, чыёй карыстаецца мовай у быце і грамадскім жыцці.
***
У сваім адрыве ад роднай глебы мы ўжо так ушчыльную наблізіліся да крайне небяспечнай мяжы асіміляцыі, што вядоўцы радыё- і тэлеперадач не адважваюцца пачаць гаворку па-беларуску нават з запрошанымі ў студыю дзеячамі культуры! Адсюль выснова: сучасная культура Беларусі знаходзіцца ў руках людзей, далёкіх ад нацыянальнага інтарэсу, няздольных тварыць у прыродным культурна-моўным рэчышчы. У такой сітуацыі і сам Усявышні не ў стане выратаваць беларускі народ ад асіміляцыі.
***
Не магу не здзіўляцца, што ў варунках жорсткай герастратаўскай дзяржаўнай моўнай палітыкі, амаль поўнага вываду з афіцыйнага жыцця роднага слова карэннай нацыі краіны ўлады разам з шырокімі коламі грамадскасці, у т.л. адраджэнскага накірунку, так урачыста, узнёсла на самым высокім дзяржаўным узроўні вось ужо колькі гадоў адзначаюць свята беларускага пісьменства. Падумайце, шаноўныя, ці не лепш было б у нашай сітуацыі замест свята беларускага пісьменства адзначаць свята беларускамоўнага непісьменства? Не верыцца, што бальшыня арганізатараў, удзельнікаў свята беларускага пісьменства і сапраўды пісьменная ў беларускай мове, з'яўляецца яе шчырым носьбітам.
***
Адрачэнне ад сваёй і засваенне чужой культуры робяць народ адшчапенцам, дармаедам. Выступаючы ў такой ролі, ён (народ) не можа разлічваць на аўтарытэт, прызнанне прагрэсіўнай сусветнай грамадскасцю. Нааадварот, на яго будуць глядзець, як на бессістэмны этнічны матэрыял, не здольны да самастойнай арыгінальнай творчай дзейнасці, гатовы пры пэўнай зручнай нагодзе цалкам перайсці на спажыванне духоўных каштоўнасцяў і яшчэ якога-небудзь народа.
***
Усё, што ствараецца ў сферы вербальных пластоў культуры па-за беларускай мовай, не можа быць аднесена да здабыткаў нашай нацыянальнай культуры, прычым нават і тады, калі творца лічыць сябе свядомым беларусам. У сваіх разважаннях па дадзеным пытанні я цалкам пагаджаюся з тымі, хто нацыянальнасць культуры вызначае моваю твораў.
***
Рускамоўная культура ў Беларусі ― гэта не той духоўны набытак, з якім можна выпраўляцца ў свет. Там нас чакаюць і гасцінна прымуць толькі ў сваім прыродным культурна-моўным абліччы. Што датычыць рускамоўнай культуры ў сусветным цывілізаваным свеце, тут яна і без Беларусі прыстойна прадстаўлена Расіяй. Хадзіць ёй у памочніках няма патрэбы, бо краіна гэта з багатымі культурнымі традыцямі. Славу, аўтарытэт у свеце беларусы змогуць здабыць толькі тады, калі не растворацца ў чужой культуры, будуць ствараць уласцівыя толькі ім адным духоўныя каштоўнасці. Па-за роднай мовай іх не створаць нават самыя таленавітыя ў той ці іншай сферы творчай дзейнасці асобы.
***
У нашым, ужо традыцыйным змаганні за нацыянальна-культурнае адраджэнне беларускага народа ёсць дастаткова добрых прыкладаў, калі на яго бок свядома станавіліся людзі рускай нацыянальнасці. Слава богу, ёсць яны і сёння. Вось бы разумна і карысна было, каб сярод іх знайшліся ініцыятыўныя людзі і арганізавалі Таварыства па падтрымцы беларускай культуры на сучасным этапе Адраджэння. І гэтаму Таварыству я раіў бы прысвоіць імя славутай беларускай паэткі, рускай па нацыянальнасці, Наталлі Арсенневай, якая вымушана была шмат гадоў жыць у далёкім беларускім замежжы і там правесці свой апошні дзень.
***
Даводзілася не раз мець размову з даволі адукаванымі асобамі, якія апраўдваюць адсутнасць належнага клопату дзяржавы аб беларускай нацыянальнай культуры неабходнасцю максімальна лічыцца з духоўнымі запатрабаваннямі нашых не такой ужо і малой колькасці этнічных груп. Бясспрэчна, пра іх трэба клапаціцца, але ўсё ж дзяржава павінна смела і адкрыта аддаваць прыярытэт не рускай, польскай, украінскай, яўрэйскай…, а беларускай культуры. Так ставяцца да культур этнічных груп ва ўсіх краінах з адным тытульным народам, да якіх належыць і нашая. І далей. Наяўнасць у Беларусі нацыянальных мяншыняў не дае аніякіх падстаў называць яе поліэтнічнай дзяржавай,як гэта часта заяўляюць нашыя высокія афіцыйныя асобы, інтэлектуалы. Да катэгорыі такіх дзяржаў належаць тыя, у межах якіх знаходзяцца народы са сваёй уласнай этнічнай, гістарычнай тэрыторыяй. На Беларусі яе маюць толькі беларусы. У рускай, польскай, украінскай, яўрэйская, літоўскай, татарскай і іншых нацыянальных мяншыняў Рэспублікі Беларусь такія тэрыторыі знаходзяцца па-за яе межамі, прычым з багатымі традыцыямі дзяржаўнасці.
***
Нашая краіна многае траціць, што пераважная бальшыня інтэлігенцыі і палітыкаў не ўсведамляе рэальнай пагрозы двухкультур'я беларускай нацыі, не бачыць, што магутным рускім уплывам на яго, апошняя можа цалкам адысці ад сваіх спрадвечных духоўных традыцый, спыніць сваё далейшае існаванне як самабытная, адрозная ад іншых этнічная супольнасць. Дарэчы, такі распад яе ўжо даволі рэльефна назіраецца і сёння, толькі на гэта стараюцца заплюшчваць вочы тыя, хто прафесійна займаецца ці кіруе культурай.
***
Працаваць творчай інтэлігенцыі ў сябе дома на чужую рускую культуру, ды ў такіх неабмежаваных маштабах ёсць ні што іншае, як знішчэнне самабытнасці беларускага народа. Не дзіўна, што ніводзін іншы народ на планеце Зямля не дазваляе сабе такіх небяспечных, непрадуманых дзеянняў.
***
Народ, які жыве ў сваёй прыроднай культурна-моўнай стыхіі, можна параўнаць са старажытнагрэцкім волатам Антэем. Яго, як вядома, Геракл перамог толькі тады, як адарваў ад зямлі. Вось чаму і нам не трэба дазволіць ніякім сілам адарваць беларускі народ ад уласнай культурна-моўнай стыхіі, бо гэта непазбежна прывядзе яго да этнічнай смерці. Толькі неверагоднымі высілкамі можна прадухіліць сябе ад гэтай трагедыі. На жаль, такіх высілкаў мы не бачым. У выніку беларуская нацыя няўхільна крочыць да сваёй этнічнай пагібелі. Таму нельга марудзіць. Патрэбны тэрміновыя і эфектыўныя дзеянні па спыненні далейшай дэградацыі культурна-моўнага жыцця беларусаў.
***
Уся сучасная палітыка беларускай дзяржавы ў галіне культура скіравана на тое, каб як мага ямчэй усадзіць яе на рускі пень і развіваць на ім. Практыка сведчыць, што гэта не такая ўжо і складаная справа, бо дзякуючы пабудаванай на рускамоўнай аснове народнай адукацыі, творчая інтэлігенцыя больш цягнецца і лепш падрыхтаваная да працы на рускім, чым на ўласным матэрыяле. Многіх з прадстаўнікоў такой інтэлігенцыі павярнуць тварам да беларускай аўтэнтычнай культуры зусім не проста: перашкаджае высокая ступень зрусіфікаванасці. Таму трэба рыхтаваць ― і не якім-небудзь добраахвотным грамадскім арганізацыям, а самой дзяржаве ― зусім новую таленавітую творчую інтэлігенцыю са здаровым, багатым беларускім культурна-моўным патэнцыялам. Пачынаць жа гэтую лёсавызначальную для Бацькаўшчыны справу неабходна з пераводу ўсёй сістэмы адукацыі на беларускую мову. Рабіць так, як прынята ўсімі цывілізаванымі народамі. Годзе смяшыць свет!
***
Неразумныя суадносіны выкарыстання беларуска- і рускамоўнага матэрыялу з яўнай перавагай у бок апошняга ў дзяржаўным сектары прафесійнай культуры і захаванне такога ж падыходу да распаўсюджвання іх (матэрыялаў) на сцэнах тэатраў, у час правядзення выступлення мастацкіх калектываў і індывідуальных канцэртаў, у перадачах па радыё і тэлебачанні ніколькі не садзейнічаюць росквіту нацыянальнай культуры, а, наадварот, вядуць да нястрымнага размывання этнакультурнай самабытнасці карэннага насельніцтва нашай краіны. Калі для якой-небудзь канкрэтнай асобы такі перакос у суадносінах паміж беларуска- і рускамоўным фактарамі ў засваенні культурных каштоўнасцяў можа падацца зусім бяскрыўдным, не вартай увагі з'явай, дык для народа ў цэлым падобныя перакосы прыносяць вельмі вялікую шкоду, бо няўхільна, хоць знешне і непрыкметна, вядуць усяго яго да поўнага растварэння ў чужой культурна-моўнай стыхіі. Гэта зусім несувымерна з тым, калі ў якой-небудзь іншай стыхіі фізічна гінуць адзін, два, тры… чалавекі.
Вучоныя ўжо даўно раскрылі грамадскасці ўвесь трагізм страты тым ці іншым народам сваіх культурных адметнасцяў, справядліва сцвярджаючы, што з разбурэннем апошніх ён, як самабытны этнас, немінуча канчае сваё зямное жыццё. Лёс і нас не абдзяліў такімі вучонымі-празорліўцамі. Да іх належаў і слынны гісторык, этнограф, фалькларыст, мовазнавец Мітрафан Доўнар-Запольскі (1867―1934), меркаванні якога абавязваюць усіх нас з выключнай павагай ставіцца да таго, што нас выдзяляе ад іншых, у т.л. і ад самых блізкароднасных нацый. «Народ, ― пісаў ён, ― пазбаўлены палітычнага жыцця… часам на цэлыя стагоддзі, сыходзячы з палітычнай арэны і быццам заміраючы, ― такі народ, калі ён не страціў сваёй мовы, этнаграфічных асаблівасцяў і г.д., ― зноў выступае на арэну, калі не палітычнага, дык, прынамсі, сацыяльнага ды інтэрнацыянальнага».
Прыведзеная цытата нібыта злепак з нашага народа. Ён ужо ў апошні перыяд існавання Рэчы Паспалітай не карыстаўся сапраўдным дзяржаўным суверэнітэтам, заставаўся з 1795 па люты 1917 г. абсалютна палітычна бяспраўным у складзе Расійскай імперыі. Нічога не дала яму лютаўская рэвалюцыя ў Расіі 1917 г. Усяго толькі сімвалічным нацыянальным суверэнітэтам карыстаўся ён у створанай з ласкі Маскоўскага крамля Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы. Але ў такіх неспрыяльных палітычных варунках беларусы заставаліся самі сабой, бо жылі, асабліва вёска, на якую прыпадала абсалютная бальшыня насельніцтва, паводле сваіх нацыянальна-культурных традыцый. Толькі з другой паловы ХХ ст. стаў назірацца глабальны адрыў беларусаў ад такіх традыцый, у чым «заслуга» адпаведнай нацыянальнай палітыкі Камуністычнай партыі Савецкага Саюза. Такі адрыў не спыняецца і пасёння, хаця Беларусь лічыцца незалежнай дзяржавай. На пытанне, чаму ж і ва ўмовах суверэннай Беларусі адбываецца этнічнае выміранне яе тытульнай нацыі, мы знаходзім вельмі правільны адказ у вышэйпрыведзеных словах М. Доўнар-Запольскага: яна траціць, затаецца без «сваёй мовы, этнаграфічных асаблівасцяў». Упэўнены, нішто так не паспрыяе захаванню, узбагачэнню апошніх, як расшырэнне дыяпазону выкарыстання беларускай мовы ў дзяржаўным сектары культуры, што абавязкова пасадзейнічае ўзрастанню павагі да дадзенага фактару і на ўсіх астатніх дзялянках нашага сучаснага духоўнага жыцця.
***
Ну сумняваюся, як бы зацята мы ні сцвярджалі, што беларускую дзяржаўную культуру можна развіваць і на рускай мове, цвярозай думкі людзі ніколі не павераць у гэта і будуць справядліва лічыць, што створаныя ў нас рускамоўныя духоўныя каштоўнасці ― гэта набыткі не беларускай, а рускай культуры Беларусі, што яны не толькі не садзейнічаюць, а, наадварот, вядуць да размывання яе этнакультурнай самабытнасці, спрыяюць запанаванню, далейшаму распаўсюджванню на дадзенай тэрыторыі нацыянальнай культуры рускага народа.
***
Любоў народа да самога сябе ні ў чым так пераканўчв, яскрава не выяўляецца, як у дачыненні да сваёй роднай нацыянальнай культуры. Калі яны цёплыя, сардэчныя ― народ квітнее, ні на ёту не ведае, што гэта за ліха асіміляцыя. І наадварот, пры занядбанні ўласнай духоўнай спадчыны народ пачынае губляць сваё прыроднае аблічча, пераўтварацца ў нейкі агідны без пэўнай формы культуры сурагат. Асабліва гэта выразна назіраецца, калі народ яшчэ канчаткова не адышоў ад сваёй культуры і поўнасцю не інтэграваўся ў чужую, неяк нясмела, наўпэўнена называючы яе спачатку ў вузкім коле людзей, а затым пры ўсім народзе роднай.
Беларусы не памятаюць, калі ўсё ціха і спакойна было ў іх культурным жыцці, ды яшчэ ў такой ступені, каб яму зусім не пагражала этнічная дэградацыя. Цалкам згодзен з тымі, якія лічаць, што яшчэ ніколі над нацыянальнай культурай краіны не апускаўся так нізка дамоклаў меч русіфікацыі, як у апошнія 10―15 гадоў. Прычыну гэтай страшэннай з'явы бачу ў наступным: калі ўрад Беларусі пайшоў на стварэнне супольнай з Расійскай Федэрацыяй дзяржавы, яму зусім сталі непатрэбнымі ні беларуская мова, ні беларуская культура. Першую ён выпхнуў з грамадскага жыцця з дапамогай майскага рэферэндуму 1995 г. Цяжэй было з пераводам на рускія рэйкі духоўнага жыцця Беларусі. Але перамены і тут каласальныя: уладу вельмі актыўна падтрымалі шырокія колы творчай інтэлігенцыі. Актыўнасці «пятай калоны», створанай яшчэ раней са зрусіфікаваных творцаў, можна толькі пазайздросціць. З дапамогай устаноў дзяржаўнага сектара культуры, афіцыйных сродкаў масавай інфармацыі яны ўжо за няпоўныя дзесяць паслярэферэндумаўскіх гадоў Беларусь ледзь не цалкам пераўтварылі ў арэал рускамоўнай прафесійнай культуры. Стала за норму па правадной радыёсетцы, тэлебачанні беларускамоўную песню перадаваць толькі пасля 10―15-ці рускамоўных. У такіх суадносінах нават шчырым беларусам песня ў яго роднай мове ўспрымаецца як нешта незвычайнае, калі не сказаць: чужое. Праўда, сярод чыноўніцкага апарату знайшлася адна ці некалькі асобаў з да канца не выпетранай нацыянальнай самасвядомасцю і было дадзена ўказанне павысіць ролю беларускамоўнай песні на радыё і тэлебачанні. Аднак гэтая разумная прапанова знайшла такое ўпартае супраціўленне з боку «пятай калоны» у культуры, што так і не ўдалося адвесці больш-менш прэстыжнага, цалкам заканамернага месца беларускамоўнай песні на радыё і тэлебачанні. Гэтыя ўплывовыя сродкі масавай інфармацыі яшчэ больш узмоцнілі ролю рускага фактару ў сваёй дзейнасці пасля абвастрэння дачыненняў паміж Беларуссю і Расійскай Федэрацыяй, выкліканых падаражаннем для першай паставак нафты і прыроднага газа. Баючыся, што гэта можа негатыўна паўплываць на «спаконвечнае» сяброўства беларусаў і рускіх, адштурхнуць першых ад культуры ўсходняга суседа, «пятая калона» творчай інтэлігенцыі пры падтрымцы здэнацыяналізаванай часткі чыноўнікаў зараз, як ніколі раней, прыкладвае найвялікшыя намаганні ― і даволі паспяхова ― дзеля захавання выключнага становішча рускай культуры на беларускай зямлі на шкоду яе роднай культуры.
***
Раней мы даволі часта руйнавалі сваімі ж рукамі прыродны ўклад уласнага духоўнага жыцця пад прымусам чужых палітычных рэжымаў, адкрыта варожых беларускаму нацыянальнаму інтарэсу. Асабліва строга дакараць народ за такое не варта. А вось калі краіна ўжо больш за два дзясяцігоддзі як-ніяк з'яўляецца гаспадаром на сваёй бацькоўскай зямлі, а заганная практыка працаваць на суседскую культуру ― у дадзеным выпадку рускую ― працягваецца, такому няма апраўдання. Ды яшчэ з якім размахам усё гэта робіцца! Ніколькі не лічацца з выдаткаваннем на гэта велізарных дзяржаўных сродкаў, адцягненнем ад нацыянальнай дзейнасці абсалютнай бальшыні творчай інтэлігенцыі. І што ад гэтага маем? Поўны заняпад беларускай нацыянальнай культуры пры параўнальна добрым стане ў нашай краіне рускай культуры.
***
Калі мы сур'ёзна жадаем быць самімі сабой, нам ніяк нельга пакідаць надалей заганную, каланіяльную практыку візуальнага афармлення беларускай прасторы. У гэтых мэтах павінна выкарыстоўвацца толькі прыродная мова тытульнай нацыі краіны. У выпадках, калі існуе вострая патрэба і ў іншых мовах, можна ў абмежаваных маштабах дапусціць іх у візуальнае афармленне, але толькі пасля беларускай. І такім нацыянальна ўзважаным падыходам мы нікога не пакрыўдзім, бо ён ужываецца ва ўсіх суверэнных, цывілізаваных краінах. У нас жа такая разумная практыка адсутнічае з-за няўмення жыць па-беларуску.
***
Заганная, надзвычай шкодная для нацыянальнай самасвядомасці беларусаў практыка атаясамлівання іх з рускімі мае глыбокія карані. Прамое дачыненне да яе мелі самыя высокія царскія палітыкі, залежныя ад іх колы інтэлігенцыі. На вялікую бяду, такія погляды на беларусаў не канулі ў Лету і ў нашыя дні. І што самае страшнае, іх (погляды) падзяляюць, агучваюць зусім не шараговыя палітычныя дзеячы. Не з'яўляецца выключэннем і сам кіраўнік дзяржавы. Катэгарычныя, нягледзячы на ўсю сваю памылковасць і неабгрунтаванасць, словы Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі, што беларусы і рускія ― гэта адзін народ, спрычыніліся да імклівага росту колькасці зусім іншага парадку тэарытэтаў, якія не толькі цалкам не пагаджаюцца з меркаваннем палітыка нумар адзін, але яшчэ нават не прызнаюць існавання ў самой прыродзе беларусаў, наяўнасці ў іх чагосьці агульнага з Руссю, этнічнай славянскай супольнасцю. Такія тэарэтыкі бачаць у беларусах толькі балтаў, літвінаў, не беручы пад увагу, што Францыск Скарына перакладаў Біблію з чэшскай на старабеларускую мову, прызначаючы яе не каму-небудзь, а «людем посполитым руского (тагачасная назва старабеларускай мовы. ― Л. М.) языка». Таму называючы нашых прашчураў літвінамі, на што ёсць сур'ёзная падстава, нельга цалкам пазбаўляць іх рускасці ў прынятым у часы Скарыны разуменні. Жылі ж, змешваліся яны на працягу стагоддзяў з сённяшнімі ўкраінцамі, у якіх больш, чым у якога-небудзь іншага народа падстаў называцца рускімі, бо і сама-то Кіеўская Русь знаходзілася не дзе-небудзь у еўрапейскай частцы сучаснай Расійскай Федэрацыі, а на тэрыторыі Украіны. Вандроўка этнонімаў ― з'ява не такая ўжо і рэдкая, і народы мірацца з ёй, хаця здараецца і такое, што хто-небудзь з іх і вяртае сабе страчаную па розных прычынах колішнюю назву. Звычайна такое характэрна для народаў падчас іх высокай нацыянальнай актыўнасці, чаго, на вялікі жаль, не назіраецца і не прадбачыцца ў дачыненні да беларусаў. Яшчэ не прыйшоў час клікаць іх да адмаўлення этноніма «беларус» і замяніць яго на «літвіна». Такога я не выключаю ў перспектыве. З назвай «літвіны» мы пражылі значна больш часу, чым з назваю «беларусы». Патрэба ў гэтым існуе яшчэ і таму, што сёння некаторыя палітыкі, ідэолагі прапаноўваюць не бачыць у беларусах нічога адметнага ад рускага народа, адкрыта спрыяюць умацаванню, распаўсюджванню яго культуры сярод карэннага насельніцтва Рэспублікі Беларусь. Пры назве апошняга «літвіны» злачынны характар такой русіфікатарскай палітыкі станавіўся б зразумелым нават самаму шараговаму грамадзяніну і, напэўна, выклікаў бы масавы пратэст, чаго не назіраецца ў нас сёння.
***
З прычыны неабмежаванага распаўсюджвання ў дзяржаўным сектары культуры не беларускіх, а рускіх каштоўнасцяў карэннае насельніцтва нашай краіны практычна зусім не здзяйсняецца ў сваёй беларускасці, а развіваецца пераважна ў адпаведнасці з рускімі традыцыямі. Замест таго, каб пра гэта на ўвесь голас ― і не толькі вуснамі навукоўцаў, але і палітыкаў ― давесці народу, мы ўпарта маўчым, нібыта не заўважаючы і не разумеючы, да якога страшэннага разбурэння нацыянальна-духоўнага патэнцыялу беларускага народа вядзе гэта. Ён ужо знаходзіцца ў такім прыгнечаным стане, што нават не заўважае, не палохаецца свайго этнічнага вымірання. А не заўважае, яшчэ раз паўтару, таму, што практычна не жыве сваімі нацыянальна-культурнымі і моўнымі набыткамі, прыклад чаму падаюць народу адарваныя ад яго родных каранёў палітыкі і інтэлігенцыя, у т.л. мастацкая, навуковая, педагагічная.
***
На вялікі жаль, мы і сёння не разумеем сэнсу слоў, сказаных яшчэ ў 1920 г. беларускім гісторыкам Аляксеем Сапуновым (1851―1924): «…усё выратаванне наша ў культурным развіцці». Зразумела, у нацыянальным культурным развіцці. І калі такое не будзе мець месца, нас ад этнічнага вымірання не выратуюць ні размешчаныя на нашай зямлі рускія вайсковыя падраздзяленні, ні танныя расійскія прыродны газ і нафта ці яшчэ якая-небудзь сыравіна.
***
Страшэннай эрозіі беларускай нацыі з-за развалу прыродных моўных асноў яе культуры не бачаць толькі сляпыя. Відушчыя, зразумела, і прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, выдатна бачаць, як з-пад ног беларускай культуры сплывае яе нацыянальная мова, але нягледзячы на гэта яны ўсяляк імкнуцца працаваць з чужым словам, бо яно дае больш шырокую прастору для выяўлення свайго таленту. Пры такім культурным самаедстве ў беларускай нацыі няма аніякіх перспектыў на выжыванне. Выратаваць яе ад гэтай бяды можа толькі ўсталяванне рацыянальных суадносін паміж беларуска- і рускімі пластамі ў культуры. А рацыянальнымі яны стануць толькі тады, калі зробім моцны крэн на карысць першага. Дарэчы, такое практыкуецца ва ўсіх цывілізаваных краінах свету, і асабліва ў Еўропе.
***
Развітая самабытная культура ― гэта адзін з найбольш магутных фактараў, які дапамагае народам выжываць нават і тады, калі яны страчваюць сваю палітычную незалежнасць. Менавіта такую культуру мела яшчэ ў далёкі старажытны перыяд Грэцыя. І хоць у 146 г. да н.э. яна падпала пад уладу Рыма, з IV ст. н.э. знаходзілася ў складзе Візантыі, з сярэдзіны XV ст. ― Асманскай імперыі, высокі ўзровень, самабытны характар грэчаскай культуры не дазволілі носьбітам яе растварыцца сярод шматлікіх народаў гэтых поліэтнічных дзяржаў. І самабытнасць, адметнасць грэчаскай культуры забяспечвалася найперш дзякуючы таму, што яна ўвесь час развівалася на ўласным прыродным моўным падмурку. У сваім зусім нялёгкім жыцці грэкі нічога так старанна не шанавалі, як родную мову.
***
Стагоддзямі праз чужародную адукацыю маладыя пакаленні нашага краю адрываліся ад беларускай мовы, таму многія з іх не маглі быць не толькі актыўнымі, але і пасіўнымі носьбітамі сваёй нацыянальнай культуры. Яны заўсёды цягнуліся да той культуры, мова якой супадала з мовай адукацыі, асабліва яе самых высокіх звёнаў. Мовай апошняй у нас ужо здаўна з'яўляецца руская мова, у чым трэба бачыць галоўную прычыну больш шырокага распаўсюджвання на Беларусі рускай, чым сваёй уласнабеларускай нацыянальнай культуры. Адукаваная ці здольная да таго ці іншага віду мастацкай дзейнасці моладзь аказваецца, дзякуючы панаванню рускамоўнай адукацыі, больш прыстасаванай працаваць у рэчышчы рускай прафесійнай культуры, чым беларускай. Толькі адзінкі, цудам захаваўшы і ў такіх неспрыяльных умовах нацыянальную самасвядомасць, не здраджваюць сваёй прыроднай культуры, працуюць на яе карысць, балюча перажываючы масавы адыход засіміляваных беларусаў ад сваіх духоўных традыцый. Не вярнуўшы беларусаў да роднай мовы, мы ніколі не вернем іх і да роднай культуры.
***
У пачатку мінулага стагоддзя дазволіў сабе даць дужа адмоўную характарыстыку беларусам рускі гісторык Мацей Любаўскі. З іх, пісаў ён у сваёй працы «Основные моменты истории Белоруссии» (М., 1918) атрымалася «рускае племя без гісторыі, з адной археалогіяй і этнаграфіяй». І яму нельга запярэчыць, бо і сапраўды афіцыйная палітыка не лічыла нас за самабытны народ, які мае ўласную культуру. Шмат гадоў мінула пасля такой высновы М. Любаўскага, але калі ўважліва ўгледзецца ў тое, якой культурай жыве сёння беларускі народ, дык і сёння яго можна назваць рускім племенем. Ці ж народ, які паважае сябе, будзе так напоўніцу карыстацца чужымі культурнымі набыткамі? Мы ж карыстаемся ды яшчэ з якім гонарам! Не глядзім і на сваю гісторыю, як на штосьці самабытнае, усё шукаем у ёй паралелі з мінулым рускага народа. У плане нацыянальна-культурнага развіцця нас і сёння нельга назваць перадавым народам, бо жывём больш чужым, чым уласным.
***
Яшчэ ў другім дзясяцігоддзі мінулага стагоддзя Язэп Лёсік пісаў: «Нацыянальнае вызваленне ― гэта барацьба культур». Распачаты ад другой паловых 80-х гадоў ХХ ст. рух за беларускае нацыянальна-культурнае Адраджэнне пераканаўча паказаў, што ён не быў нармалёва сустрэты носьбітамі рускай культуры і мовы на Беларусі. Да гарбачоўскай перабудовы яны былі куды больш прыхільнымі да беларускіх нацыянальна-духоўных каштоўнасцяў, у якіх, на вялікі жаль, з кожным годам станавілася ўсё менш і менш сапраўдных прыхільнікаў. Памяркоўна паставіліся носьбіты рускай культуры і мовы нашага краю толькі да адраджэння, папулярызацыі фальклорных элементаў беларускай культуры. Але як толькі справа дайшла да развіцця, пашырэння ў масах яе элітарных кампанентаў, тут жа быў дадзены ім сапраўдны бой. Рэзка змяніліся на карысць рускай культуры выступленні вакальна-інструментальных ансамбляў, камерных і сімфанічных аркестраў, тэле- і радыёперадач. Беларуская песня стала вялікай рэдкасцю падчас правядзення ў Віцебску «Славянскіх кірмашоў», у сталіцы Беларусі «Мінскай восені». Так рэзка ламаць суадносіны паміж беларускім і рускім на карысць апошняга стала магчымым таму, што гэта, па-першае, з'яўляецца больш даспадобы нашым дзяржаўным дзеячам, якія ў абсалютнай сваёй бальшыні адарваны ад прыроднай духоўнай спадчыны, асабліва, мовы, а, па-другое, абыякавым стаўленнем да нацыянальна-беларускага многіх шараговых людзей, па якіх добра праехаў каток дзяржаўнай палітыкі русіфікацыі.
***
Вялікая небяспека нашага сучаснага нацыянальнага заняпаду заключаецца ў тым, што практычна сам народ у выніку працяглай палітыкі паланізацыі і русіфікацыі перастаў цягнуцца да сваіх прыродных каранёў. Такога зла не зведалі раней ні чэхі, ні балгары, ні ўкраінцы, словам, ніводзін славянскі народ. Калі ў самыя горшыя для чэхаў часы немцы знішчылі амаль усе іх літаратурныя помнікі, і адукаваныя колы гэтай краіны сталі забывацца на родную мову, затое яна, а таксама адметныя нацыянальныя рысы, прыродныя традыцыі захоўваліся ў асяроддзі простых людзей. Чэшскі «народ, ― пісаў Адам Міцкевіч, ― які быў цалкам адгароджаны ад дваранства, пагарджаўся, адштурхоўваўся буржуазіяй, збярог маральную чысціню…» 1. Нешта падобнае можна сказаць і пра беларусаў XVII ― першай паловы ХХ ст. Пазней жа нячыстая варожая сіла амаль дарэшты адабрала ў іх такую якасць. Ніхто не клапоціцца пра яе і сёння.
***
Калі ўсё ж надыдзе час чарговага беларускага нацыянальна-культурнага Адраджэння, я раіў бы яго ідэолагам і непасрэдным праваднікам узяць пад свой кантроль усю сістэму інфармацыйнай службы, прычым і ў самых нізах. Яна нават да ўсталявання ў Беларусі прэзідэнцкай формы кіравання працавала больш у рускім, чым нацыянальным рэчышчы. Сёння ў штатах дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі працуюць не толькі на высокіх, але і нізавых пасадах такія адпетыя асімілятары, у т.л. і з асобаў беларускай нацыянальнасці, якіх ахвотна ўладкавалі б на службу ў мясцовую адміністрацыю, што стваралася Расійскай імперыяй пасля задушэння нацыянальна-вызваленчага руху на чале з Кастусём Каліноўскім.
Часам даходзіць да паўнейшага абсурду. Уключаеш радыё і чуеш гаворку пра шляхі развіцця беларускай культуры. І як жа тут не абрадавацца. Прыслухаешся больш уважліва ― і вушам не верыш. Божухна мілы! Дык гавораць жа па-руску, запэўніваючы слухачоў, што ў нас у сферы нацыянальнай культуры толькі адны дасягненні. Далей ― болей. У якасці доказу яшчэ пусцяць у эфір запіс рускай песні ў выкананні беларуса. Не, даражэнькія, не валодаць беларускай мовай і заяўляць, што наша нацыянальная культура квітнее ― гэта чысцейшай вады блюзнерства. Я не супроць ні рускай культуры, ні рускай мовы. Тое ж магу сказаць пра такія польскія, украінскія ці якія-небудзь яшчэ адпаведнікі. Але пакуль на Беларусі нацыянальная культура і мова не зоймуць у тэатрах, сродках масавай інфармацыі такога месца, якое яны займаюць у Расіі, Польшчы, Германіі, Францыі… усё небеларускае ў нашым духоўным жыцці не павінна быць большым, як толькі дэсерт ці прыправа да асноўнай стравы. Вось калі мы выйдзем на ўзровень пералічаных вышэй і іншых цывілізаваных краін па месцы іх нацыянальнага фактару ў культурна-моўным жыцці, тады можна дазволіць сабе права пабольш даць у яго чагосьці і небеларускага. Зараз жа злоўжыванне ім (што ў нас так скрозь назіраецца), нягледзячы на тое, яно рускае, польскае, украінскае ці яшчэ якое-небудзь, прычыняе вельмі вялікую шкоду, бо размывае, дэфармуе і без таго празрысты нацыянальны патэнцыял нашай культуры, а гэта значыць капае траншэю пад самім народам. Яшчэ ніколі, як сёння, так востра не стаяла пытанне аб этнічным выжыванні беларускага народа. І віной усяму гэтаму крайне слабыя пазіцыі ― а дзе-нідзе і поўная адсутнасць іх ― яго нацыянальнай культуры і мовы. Іх судачыненні з рускай культурай і мовай на тэрыторыі Беларусі можна суадносіць як 1:5. І таму ёсць усе падставы лічыць вялікай здрадай, калі ў такой надзвычай небяспечнай сітуацыі дзяржава будзе ўсяляк імкнуцца схавацца за спінамі актывістаў нацыянальнага Адраджэння і толькі пазіраць, што ж у іх такое атрымліваецца, а ў горшым выпадку можа яшчэ і шкодзіць гэтай высокароднай справе. Палітыку неўмяшання ў духоўнае жыццё дзяржава можа дазволіць сабе толькі ў такой сітуацыі, калі на тэрыторыі Беларусі суадносіны паміж яе нацыянальнай культурай і мовай і рускімі адпаведнікамі з 1:5 зменяцца на 5:1.
***
У сферы культуры на Беларусі склалася ― і прычым даволі даўно ― вельмі трывожнае, калі не сказаць больш дакладна: сапраўднае аварыйнае становішча. Многія адказныя ў гэтай сферы асобы яго не заўважаюць, таму што на культуру глядзяць як на штосьці агульнаўзятае, не выдзяляючы з яе нацыянальнага аспекту. А ён жа галоўны ў кожнай культуры. Гэта вельмі добра разумеюць расійскія палітыкі і культурныя дзеячы, рэгулярна праводзячы рэфармаванне тэлевізійных перадач з тым, каб павялічыць іх уклад у прапаганду не культуры ўвогуле, а рускіх нацыянальна-духоўных каштоўнасцяў, якімі так багаты наш усходні сусед. Нашых жа кіраўнікоў дзяржаўных СМІ гэта зусім не хвалюе, таму яны больш працуюць з рускім, чым беларускамоўным матэрыялам, уносячы свой пасільны ўклад у русіфікацыю тытульнай нацыі Рэспублікі Беларусь.
***
Дажыліся да таго, што падчас правядзення Дзён беларускага пісьменства ўзнагароджваем аўтараў рускамоўных твораў. Калі ўжо высокім кіраўнікам культуры так хочацца адзначыць іх працу, дык трэба ўвесці Дзень пісьменства Беларусі і ўручаць узнагароды за напісаныя ў нас найлепшыя рускія, польскія, украінскія, яўрэйскія, японскія, кітайскія… літаратурныя творы, не змешваючы іх з нацыянальнай, сапраўднай беларускай літаратурай.
***
Незвычайная пасіўнасць, упартае нежаданне ўсяго чыноўніцкага апарату і абсалютнай бальшыні інтэлігенцыі прыкласці хоць мінімум намаганняў дзеля нацыянальна-культурнага адражэння беларускага народа, думаю, не ў малой ступені тлумачыцца іх няўпэўненасцю ў рэальнасць развязвання гэтай праблемы. А яна і сапраўды не з лёгкіх. Але ж нялёгка было і іншым народам у іх змаганні за захаванне сваёй этнічнай адметнасці. Не абміналі такія праблемы і нашага ўсходняга суседа. Як вядома, асабліва адмоўна адбівалася на духоўным развіцці апошняга нежаданне значнай часткі яго самавітых пластоў жыць у адпаведнасці з уласнымі культурна-моўнымі традыцыямі. У поўным аб'ёме зазнала гэта і мастацкая літаратура. У першай палове ХІХ ст. яе так характарызаваў князь П. Вяземскі ў артыкуле «Фанвізін»: да гэтага часу ў рускага народа «літаратура была ўсякай ― французскай, нямецкай, рамантычнай, класічнай, толькі не рускай». У нас жа, дзякаваць богу, яна ёсць, хаця грамадства з-за неўтаймаванага панавання ў краіне рускай мовы (вінаватая дзяржаўная палітыка русіфікацыі, уключаючы і сучасную) цягнецца да чытання напісаных на ёй літаратурных твораў. Пераважае яна і ў тэатральным мастацтве. Нам сёння варта было б уважліва прыслухацца да голаса вядомага рускага драматурга і тэатральнага дзеяча Аляксандра Астроўскага і тое, што ён раіў свайму народу, найбольш інтэлігенцыі, паспрабаваць дастасаваць да нашых умоваў: асноўная задача рускай драматургіі і тэатра заключаецца ў тым, каб «пачынаць сваю родную рускую школу, а не слепа ісці за французскімі ўзорамі…» 1. Стварыць жа такую школу, зрабіць яе вядучай мы зможам толькі тады, калі галоўнай, самай распаўсюджанай у дзейнасці нашых тэатраў будзе родная, беларуская мова. Цяпер жа яна, як ніколі раней, на гэтай адной з самых важных дзялянках культуры вельмі істотна ўступае рускай.
***
Калі нават збольшага, павярхоўна прыгледзецца да таго, што робіцца наўкола нас, ствараецца ўражанне пра настойлівае імкненне пэўных сіл пераўтварыць Беларусь у палігон, дзе на дзяржаўным узроўні адпрацоўваюцца, ажыццяўляюцца мерапрыемствы па дэнацыяналізацыі яе карэннага насельніцтва, мэта якой ― канчатковая русіфікацыя апошняга. Неабходнасць жа падключэння самой дзяржавы дзеля дасягнення пастаўленай мэты прадыктавана, безумоўна, тым, што калі русіфікацыю будуць праводзіць якім-небудзь прыватным, ініцыятыўным парадкам, яна можа вельмі моцна зацягнуцца па часе і яшчэ ― не дай бог! ― сустрэне дзе-небудзь лютае супраціўленне, падштурхне людзей задумацца над тым, што робяць з імі на іх бацькоўскай зямлі бязродныя касмапаліты. Нястрымнае жаданне дзяржаўнага апарату хутчэй убачыць беларускі народ без уласнай культурнай кроны, а толькі ў выглядзе звычайнага ствала з падгнілымі карэннямі, абавязвае чынавенства, залежную ад яго частку творчай інтэлігенцыі ўсюды, дзе толькі можна, высяваць, пладзіць рускую культуру як з дапамогай яе прыродных носьбітаў, так і тых, хто стаў носьбітам апошняй у выніку асіміляцыі. На Беларусі іх у дзясяткі разоў больш у параўнанні з тымі хто яшчэ застаўся адданым нацыянальнай культуры, жыве ёю. Распаўсюджванне, стварэнне рускай культуры ў нашым краі не заўсёды абапіраецца на сапраўдныя таленты. Часта сюды нейкім чынам засылаюць такіх людзей, асабліва эстрадных артыстаў ці аматараў гэтага жанру мастацтваў, што, здаецца, на іх выступленні нават ніхто не прыйшоў бы не толькі ў абласных, але і ў раённых цэнтрах Расіі. У нас жа такія гора-артысты рускага песеннага мастацтва, сярод якіх нямала і беларусаў, маюць самы шырокі доступ на сцэны дзяржаўных устаноў культуры, у сродкі масавай інфармацыі. Затое як неахвотна дапускаюць на сцэну сапраўдную беларускую нацыянальную эстраду, прычым нават і тых выканаўцаў, якія ўжо здабылі сабе вядомасць у краіне.
***
Кожную цывілізаваную нацыю вызначае ўнікальная, адметная ад іншых нацыяў культурная супольнасць. Калі апошняя перастае быць такой, у нацыі няма перспектыў на захаванне. Сёння, як ніколі раней, культура беларусаў знаходзіцца пад магутным рускім культурным уплывам, які, не будучы стрыманым, стане канчаткова дэфармаваць унікальнасць, адметнасць іх духоўнага жыцця, што непазбежна прывядзе да этнічнай смерці тытульнага, дзяржаўнага народа Рэспублікі Беларусь. Пакуль яна не пераўтворыцца ў краіну роднамоўнай культуры, перад ёю (Беларуссю) будзе зачынены шлях у клуб цывілізаваных дзяржаў, яна нейкі час будзе заставацца на абочыне сусветнага духоўнага прагрэсу, а затым і зусім страціць сваё этнакультурнае аблічча, перастане быць сама сабой.
***
Адзіным правільным крытэрыем вызначэння нацыянальнага характару тых пластоў культуры, якія існуюць, развіваюцца праз выкарыстанне слова, з'яўлялася мова. Таму які займальны сюжэт не меў бы літаратурны твор, на якім бы высокім прафесійным узроўні ні прагучала мелодыя, яны не могуць належыць да нацыянальнай культуры таго ці іншага народа, калі іх выкананне ажыццяўляецца не на яго роднай мове. У дадзеным выпадку зусім не мае значэнне этнічная прыналежнасць выканаўцы. Галоўнае, на якой мове створана, ідзе ў народ культурная каштоўнасць.
***
У думках без усялякіх сумненняў дапускаю, што цяперашняе моцна зрусіфікаванае беларускае грамадства не знойдзе ў сябе сілы выступіць супраць беларуска-рускага двухмоўнага культурнага плюралізму. Таму трэба настойліва дамагацца таго, каб беларускага ў ім было ў дзясяткі разоў больш, чым рускага, запазычанага ці ўжо створанага ў сябе дома на непрыроднай для яго мове. Такія адносіны паміж сваім і чужым падтрымліваюцца ў некаторых краінах, у т.л. і ў СНД. Дамінаванне ў іх нацыянальнамоўнай культуры ёсць вынік перш за ўсё мэтанакіраванай дзяржаўнай палітыкі ў гэтай найважнейшай сферы жыццядзейнасці чалавека. Час і нашай дзяржаве рабіць свае першыя крокі ў гэтым накірунку, інакш не агледзімся, як на культурна-моўным полі Беларусі зусім нічога не будзе высявацца, расці з нацыянальнага. На ім цалкам забуяе культура нашага ўсходняга суседа, адбудзецца непапраўны пракол у культурнай размаітасці сусветнай цывілізацыі, чым так занепакоены яе прагрэсіўныя колы.
***
Гістарычнае прызначэнне кожнага народа ствараць, развіваць, узбагачаць уласцівую толькі для яго аднаго культуру. Калі ж пры збегу пэўных абставін ён перастае прытрымлівацца такога разумнага для дадзенага віду дзейнасці людзей прынцыпу, пачынае тварыць у чужым полі, тут ужо дзейнічае немінучы працэс асіміляцыі, у выніку якой няздольная да самабытнага культурнага развіцця этнічная супольнасць знікае з аблічча зямлі. Такое здаралася на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва і мае месца сёння, прычым у даволі масавым маштабе, што тлумачыцца наяўнасцю шырокіх магчымасцяў для тэрытарыяльнага перамяшчэння духоўных каштоўнасцяў розных народаў.
***
Нашу родную культуру ўдасца выратаваць і развіць толькі пры ўмовах, калі яе лінгвістычны пласт будзе нацыянальна беларускім. Менавіта пры такім падыходзе да моўнага фактару ўсе цывілізаваныя народы забяспечваюць свайму культурнаму жыццю дынамічнае развіццё, не баяцца ніякай асіміляцыі. І толькі тады, калі мы, крый божа, паставім перад сабой мэту развіваць на Беларусі рускую, польскую, украінскую ці іншую якую-небудзь культуру, неабходна выкарыстоўваць адпаведныя іх прыродзе рускую, польскую, украінскую і г.д. мовы. І чым раней адказныя за лёс нашага народа дзяржаўныя, грамадска-палітычныя і культурныя дзеячы зразумеюць, што ў беларускай культуры павінна быць толькі адна беларуская і ніякая іншая мова, тым хутчэй і наша нацыянальна-духоўнае жыццё пазбавіцца ад усялякага роду неўласцівых яму з'яў, перакосаў. Час ужо выйсці з дзіцячага ўзросту.
***
У нас багацейшы ― чаму могуць пазайздросціць многія ― шматвяковы вопыт змагання з асіміляцыяй, калі яе праводзяць улады чужых дзяржаў. А вось калі такую палітыку ўзяла на ўзбраенне ўласная дзяржава, мы ўсе проста разгубіліся, трапілі ў шокавы стан і пасёння ніяк не можам выпрацаваць сур'ёзнай канцэпцыі выжывання ва ўмовах гвалтоўна, хітра навязанага народу чыноўніцкім апаратам нацыянальнага самазнішчэння.
***
Ход развіцця цывілізацыі на сучасным вітку гісторыі не дае нам аніякіх падстаў цешыць сябе, радавацца наяўнасцю ў краіне ўсялякага роду аўтэнтычнай і неаўтэнтычнай фальклорнай культуры. Ніколькі не прыніжаючы яе значэння, лічу, што галоўнае цяпер, каб з дапамогай беларускай мовы завалодаць у сябе дома оперным тэатрам, тэатрам аперэты, кінатэатрамі, эстраднай сцэнай, радыё і тэлебачаннем. Пакуль такога не здарыцца на нас, беларусаў, будуць глядзець, як на няздадную да сур'ёзнай духоўнай творчасці нацыю. Дый нам самім павінна быць сорамна за няздольнасць зрабіць нацыянальную прафесійную культуру сапраўднай гаспадыняй у родным доме. Такой сумнай рэчаіснасці не месца ў ім.
***
Не толькі многія дзяржаўныя дзеячы, асабліва схільныя да палітычнай інтэграцыі з усходняй суседкай, але і значная частка творчай інтэлігенцыі даюць самую высокую ацэнку суіснаванню ў нашай краіне дзвюх культур: беларускай і рускай, з чым ніяк нельга пагадзіцца. Мэтанакіраваная палітыка дзяржавы на забеспячэнне прысутнасці, развіцця сярод карэннага насельніцтва Беларусі, акрамя роднай, нацыянальнай яшчэ і рускай культуры, непазбежна вядзе да яго культурнай раздвоенасці, што самым адмоўным чынам уплывае не толькі на этнічную самасвядомасць, але і кансалідацыю беларускай нацыі. Без культурнага адзінства яна не будзе ў стане захаваць сваю аўтэнтычнасць, што ўжо даволі рэльефна выяўляецца. Нездарма ніводная нават з самых цывілізаваных нацый не практыкуе свайго духоўнага развіцця раўналежна на дзвюх культурах. Нам жа спачатку такую заганную практыку на працягу некалькіх стагоддзяў навязвалі чужыя палітычныя рэжымы, а цяпер і ўласны чыноўніцкі апарат. Што з гэтага атрымалася, думаю, тлумачыць няма патрэбы, бо кожны бачыць, якімі не падобнымі самі на сябе з'яўляюцца беларусы, прычым да такой ступені, што іх часта, асабліва не задумваючыся, атаясамліваюць з рускімі. Асіміляцыя дайшла да такой мяжы, што без дзяржаўнага нацыяналізму беларусам не захаваць сваёй этнакультурнай самабытнасці, не стаць самімі сабой. Дэвіз: «З культурным адзінствам у жыццё!» ― вось галоўны арыенцір для ўсяго беларускага грамадства і яго суверэннай дзяржавы. Час адмовіцца сёрбаць поліўку дзвюма лыжкамі. Накінутае звонку двухкультур'е ды яшчэ з такой перавагай чужой культуры, ніколі не прывядзе беларусаў да нацыянальнай згуртаванасці. Знайсці аптымальнае месца рускай культуры і мове ў духоўным жыцці Рэспублікі Беларусь ― адна з найважнейшых задач не толькі яе кіраўніцтва, але і нацыянальна скіраванай часткі беларускага грамадства. Сама па сабе не ўсталюецца гарманізацыя паміж беларускім і рускім фактарамі ў культуры Беларусі. Без свядомага рэгулявання гэтага працэсу перамога ў ім будзе за рускім фактарам з непазбежнай культурна-моўнай асіміляцыяй беларускага народа на яго роднай этнічнай тэрыторыі і ва ўмовах існавання ўласнай суверэннай дзяржавы. Парадокс!!! Адсутнасць у сучаснай беларускай дзяржаввы сур'ёзнай увагі да беларускай культуры і мовы, у выніку чаго ў краіне панавальнае становішча займаюць не яны, а руская культура і мова, не даюць і мінімальных падстаў называць гэтую дзяржаву нацыянальнай. Святы абавязак дзяржавы, усіх здаровых сілаў грамадства зрабіць беларускамоўную культуру галоўнай, вядучай на яе законнай гістарычнай тэрыторыі.
***
Усе, хто цікавіцца гісторыяй культуры пасляваеннай і постсавецкай Беларусі, добра ведаюць, яе ўлады ніколі ў гэтай важнай сферы дзейнасці чалавека не надавалі належнай увагі нацыянальнаму фактару. У выніку такога нядбайнага стаўлення да апошняга мы маем вельмі мала культурных куточкаў, дзе вольны ад працы беларус мог бы пачувацца беларусам. У палацах, дамах культуры прадпрыемстваў і ўстаноў ён ніколі не знойдзе сапраўднага беларускага нацыянальнага асяроддзя. Часта яно прысутнічае галоўным чынам на шыльдзе будынка, а варта толькі адчыніць дзверы і зрабіць крок унутр памяшкання, як адразу трапляеш у цесныя абдымкі здэнацыяналізаванай культуры, дзе беларускае падаецца не больш, як на дэсерт, дый то занадта рэдка. У такой культустанове ты не станеш беларусам, наадварот, страціш тое, што яшчэ меў да яе наведвання. А беларусамі трэба заставацца, каб не ўтварыць прагалу ў сусветнай этнічнай сям'і народаў. І не толькі. Безаблічная, бесструктурная беларуская этнічная маса можа паслужыць для суседзяў яблыкам разладу, бо на яе ёсць каму паквапіцца.
Што без нацыянальнай сістэмы адукацыі, без пабудаванай на нацыянальным грунце культуры дзяржава аўтаматычна страчвае статус нацыянальнай, думаю, ведаюць нашыя высокія палітыкі і блізкія да іх ідэолагі. І тым не менш з увядзеннем у краіне ў 1994 г. прэзідэнцкага кіравання ў гэтых найважнейшых сферах духоўнага жыцця ідзе няўхільнае разбурэнне нацыянальных асноў, усё большую моц набірае русіфікацыя, якая, акрамя шкоды беларусам, не прынясе карысці рускаму народу, славянскай этнічнай супольнасці, усёй сусветнай цывілізацыі. Для апошняй этнічная смерць любога народа ― гэта вялікая трагедыя.
***
Толькі ў роднай мове песня ― душа народа. Ва ўсіх астатніх мовах песня ― не больш, як забава. Усе афіцыйныя асяродкі культуры толькі тым і займаюцца, што забаўляюць нас чужамоўнымі песнямі, свядома ігнаруючы тыя, што могуць узбагачаць, абрадаваць душу шчырага беларуса.
***
Нам ніколі не было лёгка развязваць беларускае пытанне. Але раней людзі неяк глыбей разумелі сутнасць яго і смялей браліся за справу, не чакаючы надзвычай спрыяльнай сітуацыі. Вось варты пераймання прыклад ужо з досыць далёкага мінулага: у адпаведнасці з пунктам 3 Статута Цэнтральнай Рады беларускіх арганізацый, прынятага ў ліпені 1917 г., у яе павінны ўваходзіць дэпутаты, што «прызнаюць патрэбу аўтаноміі Беларусі, роднай мовы і развіцьця беларускай нацыянальнай культуры» 1. Цяпер толькі адзінкі з грамадска-палітычных, культурных дзеячоў могуць публічна заявіць пра неабходнасць паважаць, лічыцца з такімі каштоўнасцямі.
***
З усяго таго, што нам замінае жыць паводле сваіх адмысловых нацыянальных традыцый, далёка не апошняе месца займае адсутнасць усялякага сораму перад самімі сабою і іншымі народамі за грубае парушэнне, знявагу гэтых традыцый. Практычна ўсе тыя, хто не валодае беларускай мовай і на зварот да яго на дадзенай мове карыстаецца рускай мовай, цяпер ужо зусім не адчувае комплексу нацыянальнай непоўнавартасці і не саромеецца. А як у першыя пасляваенныя гады мы, беларусы ― выхадцы з вёскі ― саромеліся, што не маглі на чыстай рускай мове падтрымліваць міжасобасныя зносіны ці выступаць перад аўдыторыяй? Думаю, цяпер ужо надышоў час, каб пачаць саромецца тым, хто не можа весці гаворку, выступаць публічна на беларускай мове, інакш мы не вернемся да роднай беларускасці, згубімся ў рэчышчы рускай культуры, чым, аднак, не зробім вялікай ласкі апошняй.
***
Мы часта гаворым, што ў культуры беларускага і рускага народаў шмат агульнага. Гэта так. Але ў аснове гэтага агульнага ляжыць выключна культурныя каштоўнасці рускага народа, якімі карыстаюцца беларусы. Культурнымі ж здабыткамі апошніх рускі народ практычна не карыстаецца, бо яны (здабыткі) моцна зрусіфікаваныя, не з'яўляюцца ўласна беларускімі, прынцыпова адметнымі, асабліва калі ўзяць пад увагу моўныя аспекты. Адсюль вынікае вельмі важная, прычым не толькі для творцаў культуры, але і палітыкаў, выснова: каб і сапраўды ў беларусаў і рускіх шмат было агульнага ў культуры, трэба першым пры самай актыўнай падтрымцы дзяржавы зрабіць сапраўдны рывок у развіцці нацыянальнай прафесійнай культуры, якая б выклікала зацікаўленасць, жаданне пакарыстацца ёю і ў рускага народа. Час канчаць быць толькі ўтрыманцам культуры апошняга, трэба ж з чымсьці такім адметным, высокаякасным і нам увайсці ў яго духоўнае жыццё. Тады і сапраўды будуць падставы гаварыць пра агульнасць у беларускай і рускай культурах. Выкананнем жа рускамоўных песень, народжаных на Беларусі, стварэннем рускамоўных мастацкіх кінафільмаў і г.д. мы ні грама не дадаём да такой агульнасці. Іншым часам думаеш, чаму мастацкая інтэлігенцыя Расіі нічога не стварае для беларускай нацыянальнай прафесійнай культуры, каб хоць збольшага разлічыцца са сваімі беларускімі калегамі? А мо так не прынята ў цывілізаваным свеце? Можа так робім толькі адны мы, беларусы?
***
Цяпер пра буйнамаштабную дэфармацыю нацыянальнага патэнцыялу культуры Беларусі можна пачуць і ад людзей, якія не займаюць высокіх пасад у грамадстве. У такіх, як у нас, крайне экстрэмальных умовах дзяржаўныя дзеячы любой краіны кінуліся б ратаваць яе нацыянальную культуру, каб толькі як-небудзь ухіліць народ ад поўнай і канчатковай культурна-моўнай асіміляцыі. Нашыя палітыкі і кроку не робяць у гэтым напрамку, бо апошнюю разглядаюць як надзвычай спрыяльны фактар для ажыццяўлення самай цеснай інтэграцыі і аб'яднання з Расіяй і вельмі спадзяюцца, што за стварэнне такіх перадумоў для зліцця дзвюх краін у нешта адно цэлае, напэўна ж, атрымаюць высокія, прэстыжныя пасады ў вярхоўных органах улады і кіравання будучай сумеснай саюзнай дзяржавы.
***
Калі культура Беларусі не стане ў ХХІ ст. нацыянальна-беларускай, цывілізаванаму свету давядзецца мець справу з чарговай стратай яшчэ аднаго народа ў выніку яго асіміляцыі. Нельга ж, як гэта было на працягу некалькіх стагоддзяў, будаваць культуру нашага краю на польскай ці рускай нацыянальных асновах. Вечна так доўжыцца не можа. Ужо не першы год у культуры Беларусі адсутнічае неабходная для яе нармальнага развіцця здаровая нацыянальная аснова, што толькі з вялікай нацяжкай дазваляе гаварыць пра яе (культуру) арыгінальнасць, самабытнасць. Каб наблізіцца да такога статусу, трэба ў некалькі разоў узбагаціць беларускамоўны пласт у культуры нашай краіны.
***
Неаспрэчная каштоўнасць нацыянальнай культуры заключаецца ў тым, што яна з'яўляецца самым надзейным асяродкам нацыянальнай ідэі. Апошняя не можа існаваць па-за нацыянальнай культурай. Вось чаму палітыкі, афіцыйныя ідэолагі сучаснай Беларусі вельмі хутка адмовіліся ад выпрацоўкі нацыянальнай ідэі для свайго народа, паколькі гэта запатрабавала б ад іх самым сур'ёзным чынам заняцца развіццём яго нацыянальнай культуры, якую ўжо даўно пры самым актыўным садзеянні самой дзяржавы выштурхнула на абочыну роднай нівы руская культура.
***
Нацыянальная культура ― гэта той адзіны галоўны фактар, які дазваляе супольнасці людзей гаварыць пра сябе, як пра пэўную нацыю. Калі ж па розных прычынах гэтая супольнасць ці цалкам выраклася сваёй прыроднай культуры, ці з'яўляецца спажыўцом пераважна чужых духоўных каштоўнасцяў, яна ўжо не нацыя, хаця раней і з'яўлялася ёю. Што беларуская нацыя ўшчыльную наблізілася да такога небяспечнага рубяжа, ведаюць усе адукаваныя людзі. А калі ж нічога не робіцца па прадухіленні такой катастрофы, дык толькі па прычыне адсутнасці сярод дзяржаўных дзеячоў і прынятай імі на службу інтэлігенцыі асобаў з належнай ступенню нацыянальнай самасвядомасці. Не будзем забывацца, што роля дзяржавы, афіцыйнай ідэалогіі выключна вялікая, калі не вырашальная, не толькі ў стварэнні нацыі, але і ў выратаванні яе ад асіміляцыі, этнічнага вымірання. Сіламі, намаганнямі толькі адных грамадскіх нацыянальна-патрыятычных арганізацый, да таго ж яшчэ ігнараваных уладамі, гэтую лёсавызначальную для беларускага народа праблему ніколі не ўдасца развязаць. Ужо даўно надышоў час з вялікай занепакоенасцю, адкрыта пісаць пра яе не толькі ў апазіцыйным, але і ў афіцыйным друку, ставіць у праграму перадач дзяржаўных электронных сродкаў масавай інфармацыі з тым, каб прыцягнуць увагу людзей і шукаць разам шляхі выратавання ад поўнага этнічнага заняпаду. Неяк вельмі несур'ёзна атрымліваецца: элітарныя пласты беларускай культуры амаль адусюль выціснутыя суседняй рускай культурай, а дзяржава налева і направа раскідваецца ўзнагародамі, медалямі Францішка Скарыны, каб аддзячыць творцам за іх вялікі ўклад ва ўзбагачэнне духоўнага жыцця краіны. Адзначаць трэба заслугі тых, хто працуе на беларускую нацыянальную культуру, а не культуру ўвогуле, стаіць на пазіцыях касмапалітызму.
***
На пачатку 20-х гадоў ХХ ст. першы рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Уладзімір Пічэта, робячы гістарычны экскурс у культуру нашай краіны, пісаў: «Пра беларускую культуру не даводзілася гаварыць у XVIII ст. і першай палове ХІХ ст.» Хтосьці мог бы яму запярэчыць спасылкамі на сапраўдны бум у XVIII ст. тэатральна-музычнага мастацтва, а таксама значныя дасягненні ў развіцці літаратуры, адукацыі, навукі і г.д. Аднак праўда была на баку У. Пічэты, таму што стан не проста культуры, а культуры нацыянальнай нашага краю ён вызначаў перш за ўсё паводле яе моўнай асновы. А яна ж была не беларуская, а ў асноўным лаціна-польская. Калі такім крытырыем карыстацца і сёння, культуру Беларусі ўвогуле ніяк нельга назваць беларускай, паколькі яе моўная аснова перш за ўсё руская.
***
Развіваць, узбагачаць беларускую нацыянальную культуру можна толькі на роднай мове карэннага насельніцтва краіны. Там, дзе ў падобных мэтах ужываецца іншая мова, ― гэта ўжо не беларуская нацыянальная культура, хоць яе творцамі, распаўсюджвальнікамі з'яўляюцца нават і асобы беларускай нацыянальнасці.
***
Пры сучасным маштабным панаванні ў нашай краіне чужой, а не беларускай нацыянальнай культуры ў нас толькі адзін шлях у будучыню ― шлях на Галгофу. Дзіўна, што ў такой яўна пройгрышнай, бесперспектыўнай для роднай культуры краіны сітуацыі ў нас ніхто не падумаў і не думае пра стварэнне хаця б Таварыства беларускай культуры накшталт Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Да таго ж добры прыклад падае нашая дыяспара, заклаўшы ў шэрагу краін таварыствы беларускай культуры. У прапануемым таварыстве, думаю, з вялікай ахвотай працавалі б неабыякавыя да лёсу беларускай нацыянальнай культуры многія прадстаўнікі розных сфераў гэтай важнай дзейнасці чалавека: мастакі, кампазітары, артысты і інш.
***
Хоць мы і моцна спазніліся, страшэнна ўскладнілі з-за антынацыянальнай дзяржаўнай палітыкі сваё духоўнае жыццё, усё ж нам, браткі, трэба адважыцца на рашучае вывядзенне беларускай культуры і мовы з егіпецкага палону.
***
Працай на чужую культуру народ прычыняе сабе непараўнальна большую шкоду, чым працай на чужую эканоміку, бо ў першым выпадку ён разбурае сваю этнічную прыроду, становіцца непрыглядным сурагатам, траціць самога сябе. У горшым выпадку гэта можа прывесці нават да поўнага выкрэслення яго з гістарычнага працэсу сусветнай цывілізацыі. Згадвацца ён будзе толькі ў рэдкіх выпадках на старонках навуковых прац як нешта неістотнае, рэліктавае.
***
Наша так неабходнае самім сабе і ўсяму цывілізаванаму свету нацыянальнае выратаванне палягае ў эвалюцыйным стварэнні такога тыпу культурна-моўнага жыцця, які характэрны абсалютнай бальшыні народаў, у т.л. і суседнім ― рускім, палякам, літоўцам, латышам з багатай практыкай самабытнага этнакультурнага развіцця. Ніводзін з пералічаных народаў не жыве, як беларусы, у сваім і чужым (рускім) культурна-моўных рэчышчах, і толькі дзякуючы гэтаму не ведае такой страшэннай навалачы, як асіміляцыя, паспяхова забяспечвае сабе сапраўдны духоўны росквіт, а мы ўсё арыгінальнічаем з двухкультур'ем, у выніку чаго ўсё больш і больш губляем нацыянальную адметнасць, замяняючы яе рускімі культурнымі каштоўнасцямі. Трэба і нам, беларусам, ісці ў нагу з усім цывілізаваным светам, а не блудзіць у ясны, сонечны дзень у чыстым полі. Пераходу беларусаў на ўласныя культурна-моўныя стандарты павінна папярэднічаць мэтанакіраваная ідэалагічная праца. Палітыкі, высокаэрудзіраваныя інтэлігенты ― прычым як першыя, так і другія толькі са здаровай нацыянальнай самасвядомасцю ― абавязаны асвятленню гэтай праблемы надаваць столькі ж часу і ўвагі, колькі ўжо не першы год у ідэалагічнай працы адводзіцца стварэнню адзінай руска-беларускай саюзнай дзяржавы, эканамічнаму супрацоўніцтву паміж Беларуссю і Расіяй.
***
Ствараючы каштоўнасці рускамоўнай культуры на беларускай зямлі, мы па сутнасці капіруем тое, што ўжо нарадзілася ці нараджаецца ў Расіі. Як вядома, любая копія ўступае арыгіналу, што мае самае прамое дачыненне і да рускамоўнай культуры Беларусі. За шмат гадоў яе мастацкай інтэлігенцыі так і не ўдалося стварыць у рускай мове нічога такога адметнага, ад чаго свет быў бы ў поўным захапленні. Пераканаўча сведчыць пра гэта амаль поўная адсутнасць, незапатрабаванасць на расійскіх абшарах створаных на Беларусі «шэдэўраў» рускай культуры. Хоць бы дзеля прыліку, у знак падзякі Беларусі ўключалі іх у свой рэпертуар вакальна-інструментальныя ансамблі Расіі. Не робяць. Мусіць не бачаць у гэтым патрэбы. Нашыя ж спевакі, калі ім не хапае народжаных на Беларусі рускамоўных песень, цягнуць на белы свет рускія савецкія песні галоўным чынам першых пасляваенных гадоў. Відаць, лічаць, што песні з рэпертуару сучасных эстрадных калектываў Расійскай Федэрацыі наўрад ці выканаюць на іх узроўні. Такі аргумент лішні раз даказвае, што беларускім спевакам трэба сябраваць з песнямі ў роднай, а не чужой мове. На худы канец, калі айчынныя спевакі не пажадаюць, заўпарцяцца працаваць у беларускім культурна-моўным полі, на яго можна запрасіць іх калег з негрыцянскіх краін, і яны, упэўнены, не занадта дарагую цану не дадуць памерці беларускай песні на яе гістарычнай зямлі. З практыкі нашага ўсходняга суседа добра вядома, як многа зрабілі і робяць творчыя людзі нярускай нацыянальнасці для яго культуры. Я асабіста не бачу аніякай патрэбы, каб нашым спевакам, як і іншым прадстаўнікам творчай інтэлігенцыі не пад прымусам, а собскімі намаганнямі пераўтварыць Беларусь у нешта падобнае да расійскіх правінцый. Такога ж ніхто не робіць з нашых суседзяў, і ў цывілізаваным свеце іх высока цэняць за гэта.
***
Зрабіць у краіне культуру нацыянальнай, беларускай ― даволі складаны працэс. Яго, несумненна сустрэнуць у штыкі тыя, хто ўжо зрабіў ці яшчэ толькі робіць кар'еру ў рускай культурна-моўнай стыхіі. Ідэю: Беларусі сваю родную культуру падтрымае толькі нязначная частка інтэлігенцыі, сфармаванай ў сябе дома ці ў іншых краях на рускіх культурна-моўных традыцыях. На вялікую бяду, і творчая інтэлігенцыя ў нас не вызначаецца належным узроўнем нацыянальнай свядомасці, без чаго не стаць змагаром за беларускасць. Паспяхова развязаць гэтую лёсавызначальную праблему, можна толькі змяніўшы сучасную рускамоўную сістэму народнай адукацыі на беларускамоўную. Пакуль гэтага не зробім, адукацыя ў дачыненні да маладых пакаленняў будзе выступаць у ролі гільяціны, а не генератарам нацыянальна самасвядомых беларусаў.Толькі ў роднай мове беларус стане не толькі пасіўным, але і актыўным носьбітам сваёй нацыянальнай культуры. Калі ў нашым грамадстве, дзякуючы беларускамоўнай адукацыі, будзе дастаткова такіх людзей, самі па сабе адпадуць сучасныя цяжкасці па ўсталяванні, развіцці ў краіне беларускай нацыянальнай культуры. Стане проста непрэстыжным адціскаць яе на задні план якой-небудзь іншай культурай, у тым ліку і рускай. Беларусь, як і ўсе цывілізаваныя краіны, будзе адкрыта надаваць прыярытэт нацыянальнай культуры тытульнага народа, у адначасе не адгароджваючы яго ад духоўных багаццяў іншых этнічных супольнасцяў.
***
Ва ўсіх, нават эксрэмальных сітуацыях нацыю практычна нельга апраўдаць за яе культурна-моўнае жабрацтва. Як бы ёй цяжка ні было, яна павінна ствараць уласныя духоўныя каштоўнасці і пераважна карыстацца імі. Пры іншым падыходзе такая нацыя не ў стане ўзбагаціць сваімі культурнымі набыткамі сусветную цывілізацыю, будзе ўвесь час знаходзіцца пад пагрозай асіміляцыі, пазбавіць сваіх супляменнікаў здольнасці правільна самаідэнтыфікавацца, і яны разбягуцца па чужых кватэрах.
***
Калі слухаеш правадное радыё, глядзіш першы канал тэлеперадач, не перастаеш здзіўляцца, колькі сілы і энергіі, часу, імпэту ўкладвае наш творчы люд у распаўсюджванне, развіццё рускай культуры, часта забываючы пра сваю родную, нацыянальную. Хочаш нешта падобнае адшукаць у практыцы створаных на развалінах СССР новых краін і не знаходзіш. Там, як і ў Беларусі, таксама шмат прыхільнікаў адной без перабольшвання з найбагацейшых на зямлі рускай культуры, але каб апошняй так маштабна выпіхаць родную культуру тытульнага народа з яго гістарычнай тэрыторыі, такой заганай практыкі пры самым вялікім старанні не адшукаеш. І ў гэтым нельга не бачыць жалезнай логікі: жыццё народа ў роднай культуры, па-першае, робіць яго моцна абароненым ад любых формаў асіміляцыі, па-другое, спрыяе культурнай разнастайнасці сусветнай цывілізацыі, што набывае асаблівае значэнне ў час паглыблення глабалізацыйных працэсаў на зямной кулі. Спажываючы ж, творачы, шырачы культуру іншага народа, ні на ёту не ўзбагачаеш такую разнастайнасць, але самае страшнае ― сябе ж пазбаўляеш этнакультурнай адметнасці, заганяеш у тухлую багну асіміляцыі. Нездарма ж на кантыненце самай высокай культуры планеты зямля ― у Еўропе не знайсці народа, акрамя беларускага, які б, ігнаруючы сваю нацыянальную культуру, быў носьбітам чужых духоўных каштоўнасцяў.
У сённяшніх празмерна вялікіх маштабах уздзеяння рускай культуры на духоўнае жыццё беларусаў яна ўсё больш адкрыта выступае ў агіднай ролі магільшчыка іх нацыянальнай культуры, этнічнай адметнасці, разбуральніка этнічнай самасвядомасці. Як створаныя на нашай зямлі ў перыяд Рэчы Паспалітай і пазней польска-моўныя духоўныя каштоўнасці не належаць да беларускай нацыянальнай культуры, так нельга залічыць да яе і ўсё тое, у аснову чаго пакладзена і кладзецца сёння руская мова. Разбуральная роля любой чужой культуры для духоўнага жыцця таго ці іншага народа здаўна выдатна разумелася адукаванымі людзьмі, і яны пастараліся пераканаўча давесці пра гэта грамадству. Тут я прывяду толькі адно выказванне добра вядомай у пачатку ХХ ст. аўтаркі многіх цікавых публікацый па славянскай праблематыцы Я. дэ-Вітэ. Ёю выказана такая слушная думка, з якой нельга не лічыцца нам, беларусам: «…у вельмі вялікіх дозах чужая культура прыносіць больш шкоды, чым карысці. Пры гэтым усе дурныя бакі чужой культуры не аслабляюцца, а ўзмацняюцца, бо ўсё дурное лягчэй засвойваецца» 1.
***
Нашае кіраўніцтва культурай і пасёння ніколькі не сумняваецца ў яе самабытнасці, хаця такое ніяк не можа быць пры панаванні ў гэтай важнай сферы рускай мовы. Нашая культура не можа захоўвацца, развівацца ў якасці самабытнай яшчэ і таму, што ў яе велізарны дэфіцыт не толькі на актыўных, але і пасіўных носьбітаў, чым мы абавязаны спрэс разгорнутай, магутнай рускамоўнай сістэме адукацыі. Яе гадаванцы практычна нічога не ўмеюць рабіць у беларускамоўным фармаце. Непараўнальна больш аб'ектыўную характарыстыку нашай культуры даюць у Маскоўкім Крамлі, у т.л. і сам Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Дзмітрый Мядзведзеў. У адказ на неаднаразовыя выпады Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі ў 2010 г. на адрас маскоўскага кіраўніцтва Д. Мядзведзеў адпарыраваў наступнымі словамі: «Нас аб'ядноўвае шматвяковая гісторыя, сумесная культура (зразумела ж руская, а не беларуская. ― Л. Л.). Мы заўсёды будзем памятаць, што нашы народы ― а мне ўвесь час хочацца сказаць: наш адзіны народ (зразумела рускі, а не беларускі. ― Л. Л.)…» 2 Было б памылкова думаць, што гэта погляд асабіста Д. Мядзведзева. Так глядзяць на беларускі народ, яго культуру амаль усе палітыкі і ідэолагі Расіі і маюць дастаткова падстаў, бо наш народ страшэнна зрусіфікаваны, а яго элітарны пласт культуры з-за магутнага рускага ўплыву ледзь не цалкам страціў сваю самабытнасць. Сапраўдная катастрофа, што такое становіцца ўсё больш характэрным і прыгожаму пісьменству.
***
Нацыянальны патэнцыял культуры Беларусі яшчэ ніколі не быў так размыты, дэфармаваны, як сёння. Адбылося гэта не натуральным шляхам, па выбары народа, а праз мэтанакіраваную дзяржаўную палітыку русіфікацыі, пачынаючы ад нямецкага паходжання расійскай імператрыцы Кацярыны ІІ і канчаючы сучасным прэзідэнтам РБ А. Лукашэнкам беларусам па паходжанні, а не па перакананні. Да адсутнасці сур'ёзнага супраціву народа ўсім формам русіфікацыі асабліва прычыніліся: жорсткае задушэнне паўстання 1863―1864 гг.; масавыя фізічныя рэпрэсіі 30-х гг. мінулага стагоддзя; эміграцыя ў Еўропу шматлікіх працаўнікоў культуры ўлетку 1944 г, напярэдадні вызвалення Беларусі, якія падчас нямецкай акупацыі мелі службу ў створаных яе ўладамі ўстановах адукацыі, культуры, навукі; цалкам абгрунтаваная страта людзьмі ўпэўненасці ў жаданні кіраўніцтва РБ праводзіць адпаведную нацыянальнаму ідэалу беларускага народа культурную палітыку, што найбольш рэльефна выявілася адразу пасля майскага (1995 г.) рэферэндуму. Не прынята аніводнага нарматыўнага акта супраць русіфікацыі ў падтрымку нацыянальнай культуры. У беларускай культуры няма аніякіх магчымасцяў захаваць сваю страшэнна здэфармаваную самабытнасць, весці міжкультурны дыялог не толькі ў межах Еўропы, але нават і на постсавецкай тэрыторыі. Недалёкі той час, калі ў цэнтры Еўропы на абсягу ў 207,6 тыс. км2, г.зн. на тэрыторыі сучаснай РБ, з'явіцца этнічная дзірка. Цывілізаваны свет б'е ў набат, калі знікае якое-небудзь малавядомае афрыканскае, азіяцкае, аўстралійскае, лаціна-амерыканскае племя. Выклікае трывогу і знікненне якой-небудзь рэдкай расліны ці жывёліны. Дзіўна, чаму ж так спакойна ставяцца да этнічнага вымірання дзясяцімільённай беларускай нацыі? Аўтарытэтныя арганізацыі занеслі яе родную мову ў Чырвоную кнігу і супакоіліся не толькі самі, але і супакоілі кіраўніцтва РБ разам з інтэграванай у яго русіфікатарскую палітыку інтэлігенцыю. Культурная разнастайнасць патрэбная ўсяму свету, у т.л. і Еўропе, не менш, чым біялагічная. Было б вельмі пажадана, каб яго культурна-асветніцкія арганізацыі тыпу ЮНЕСКА грунтоўна азнаёміліся з праблемамі захавання, узбагачэння беларусамі сваёй этнакультурнай самабытнасці і дапамаглі ім словам і справай, паколькі кіраўніцтва РБ не збіраецца адмаўляцца ад русіфікатарскай палітыкі. Мэтазгодна ў Еўропе стварыць Асамблею народаў, якім рэальна пагражае культурна-моўная асіміляцыя. Такіх народаў ― дзясяткі, асабліва на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. Сваю сядзібу такая Асамблея павінна мець у Беларусі, паколькі дэнацыяналізацыя менавіта яе культуры ўяўляе найбольшую страту для Еўропы.
***
Самымі рознымі здольнасцямі надзяляе людзей прырода. У некаторых нават ёсць дар прадказваць будучае. Адным яно прыходзіць ува сне, другія канструіруюць яго шляхам глыбокага лагічнага аналізу. Прарочыя сны, як вядома, прыходзілі амерыканскаму прэзідэнту Аўрааму Лінкольну, славутаму рускаму вучонаму М. В. Ламаносаву, мітрапаліту Маскоўскаму Філарэту (1782―1867). А вось рускі сатырык Салтыкоў-Шчадрын у аповесці «Гісторыя аднаго горада» за пяцьдзесят гадоў да Кастрычніцкай Рэвалюцыі 1917 г. прадказаў многае з таго, што мела месца ў СССР. Мяне ж здольнасцю прадказання прырода не надзяліла. Аднак, не баюся памыліцца, калі скажу, што будучае беларускага народа не ў рускай, польскай, нямецкай, англійскай ці яшчэ якой-небудзь культуры і мове, а толькі ў сваёй роднай, што стагоддзямі стваралася нашымі далёкімі і не так далёкімі продкамі. Таму давайце лепш жыць з сваіх культурных набыткаў, а не займацца жабрацтвам. Калі мы ў сваім сённяшнім страшэнна здэнацыяналізаваным культурна-асветніцкім жыцці пакінем усё на сваім месцы, чым яшчэ больш аслабім і нацыянальную самасвядомасць беларусаў, для іх вельмі хутка надыдзе трагічны час, калі «…мёртвыя будуць хаваць сваіх мерцвякоў» (Евангелле ад Матфея; 8:22).
Раздзел IV. За адзін крок да нацыі без сваёй мовы
Ні ў што наш народ не ўклаў столькі энергіі, старання і розуму, як у стварэнне, развіццё сваёй уласнай мовы. Прычым у моц неспрыяльных для яго варункаў ён тварыў яе двойчы: першы раз на самым заранку сваёй гісторыі, што вылілася ў нараджэнне рускай, руськай ці, як прынята сёння пісаць, старабеларускай мовы, другі ― у ХІХ ст., што завяршылася ўтварэннем той мовы, якой мы сёння карыстаемся, праўда, вельмі абмежавана, што нават існуе самая сур'ёзная пагроза для яе далейшага існавання. У сувязі з гэтым не раз задаюся пытаннем: «А ці ў стане будзе беларускі народ у трэці раз стварыць сабе мову?» Сучасныя ж дзяржаўныя дезячы Беларусі, несумненна, даюць на гэтае пытанне адмоўны адказ, бо яны так настойліва і па-майстэрску ніколі не губілі б беларускую мову, калі б былі ўпэўнены, што беларускаму народу будзе падуладна стварыць і яе трэці варыянт. Бяру на сябе смеласць падказаць такім дзеячам: загубіце сваёй палітыкай беларускую мову ― знішчыце і беларускі народ, і саміх сябе. Сусветнай практыцы вядомыя падобныя прыклады. Каб беларуская мова не адыгрывала вырашальнай ролі ў захаванні этнічнай адметнасці, развіцці беларускага народа, руская асветніцкая імператрыца Кацярына ІІ літаральна ўжо ў першыя дні пасля далучэння беларускіх земляў да Расіі ў выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 г.) не выдала б адразу ж наказ, якім загадала на Беларусі ўсе «справы выконваць на рускай мове», што акурат і сёння робіцца ў суверэннай Рэспубліцы Беларусь.
***
Не ведаю, як з мовамі іншых кантынентаў, а што датычыць еўрапейскага, тут не знойдзеш мовы, якая б перажыла столькі здзекаў з сябе, як беларуская, прычым не толькі ад чужынцаў, але і сваіх герастратаў. І калі яна яшчэ жыве, не памерла, дык гэта нейкае дзіва дзіўнае і адначасова надзея, што яшчэ не ўсё страчана для роднага слова беларусаў. Працяглы час у нашых усходняга і заходняга суседзяў было прынята лічыць беларускую мову не самабытнай, не арыгінальнай, а сапсаванай ці то польскай, ці то рускай. Часам на такую фальсіфікацыю траплялі і навукоўцы іншых краін. А на справе ж наша мова ад першых дзён свайго з'яўлення на свет была сама сабой, што не выключала яе блізкасці да ўсіх славянскіх моваў. Ніхто так не стараўся ў пазбаўленні права беларускай мовы на самабытнасць, як рускія навукоўцы, што ўсяляк заахвочвала самаўладдзе, бо гэта апраўдвала яго палітыку гвалтоўнага ўкаранення рускай мовы ў нашым краі, нібыта роднай і для яго жыхароў. Што ў нас не ўсё было аднолькавым з жывой і пісьмовай мовай суседняй усходняй дзяржавы, ведалі вельмі і вельмі даўно. Пра гэта, да прыкладу, сведчыць і прыняты рускім царом Аляксеем Міхайлавічам (цараваў у 1645―1676 гг.) указ аб спальванні кніг «літоўскага друку», увезеных з тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. Як бачым, наш друк тады афіцыйна называўся і не рускім, і не беларускім, а літоўскім, што не дае аніякага права атаясамліваць яго з першым. І кнігі такога друку прапаноўвалася паліць не з прычыны нібыта іх крамольнага зместу, а проста таму, што па сваёй мове яны, лічылася, з'яўляюцца чужымі, незразумелымі насельніцтву Рускай дзяржавы.
Шавіністычная моўная палітыка царызму ў нашым краі не магла не спарадзіць сабе апанентаў. Дзякаваць богу, у ім заўжды хапала сапраўдных патрыётаў, для якіх сваё было непараўнальна даражэй за ўсё чужое. Гэта сёння суверэнная Рэспубліка Беларусь зведвае найвялікшы дэфіцыт у такіх патрыётах.
***
Рускую мову неслі ў Беларусь з цэнтральных губерняў царскай імперыі не толькі ў партфелях чыноўнікаў, настаўнікаў школ, а і на штыках, што асабліва рэльефна праяўлялася ў першыя гады пасля задушэння нацыянальна-вызвольных пасўтанняў 1830―1831 і 1863―1864 гг.
***
У перыяд панавання царызму ў нашым краі, бадай, ніхто тады з беларускіх вучоных не браў так шчыра да сэрца гаротны стан роднай мовы і ганебныя здзекі з яе з боку рускіх чыноўнікаў, як ураджэнец мястэчка Беліцы Магілёўскай губерні слынны этнограф, фалькларыст, археолаг Еўдакім Раманаў (1855―1922). У «Белорусском сборнике» (вып. V, Витебск, 1891) ён пісаў: «Балюча стала беларускаму (заўважце ― не «рускаму». ― Л. Л.) сэрцу майму такое незнаёмства вучоных з маёй роднай мовай. І ведаючы беднасць літаратуры беларускай, прыняўся я за збіральніцтва» (С. ІІІ). І сталася яно надзвычай плённым.
Нам усё ж трохі пашчасціла, бо і ў той здавалася б зусім безнадзейнай сітуацыі ў Расіі працавалі навукоўцы не толькі афіцыйнага погляду, а і такія, што бачылі ў беларусах самабытны этнас, радаваліся, што ён не растварыўся сярод суседзяў і жадалі сваімі даследваннямі належным чынам сцвердзіць гэтае ў надзеі спыніць яго далейшую русіфікацыю. Да такіх навукоўцаў маем права залічыць члена-супрацоўніка Аддзялення этнаграфіі Імперскага Рускага Геаграфічнага Таварыства С. В. Максімава. На пасяджэнні Таварыства 22 сакавіка 1868 г. ён тлумачыў, што мэтай сваёй навуковай паездкі выбраў Магілёўскую губерню таму, што яна «належыць да ліку тых, дзе Беларускае племя знаходзіцца ў беспрымешкавай чысціні свайго тыпу», якое прыкметна адрозніваецца і ад Вялікарусаў, і ад Маларусаў, як сваёй гаворкай, так і ўмовамі свайго існавання…» 1. І гэта пра губерню, якая суседнічала з этнічнай тэрыторыяй рускага народа!
***
Ва ўсіх народаў першымі заўважалі пагрозу знікнення роднай мовы яго самыя перадавыя і нацыянальна свядомыя людзі. Лёс не абдзяліў імі і беларускі народ. У трагічную для яго часіну, калі ад беларускай мовы ў выніку адпаведнай сістэмы народнай адукацыі адыходзіла ўсё больш і больш нашай таленавітай моладзі, многіх прымусілі задумацца такія словы трубадура беларускага нацыянальна-культурнага Адраджэння другой паловы ХІХ ст., паэта Францішка Багушэвіча: «Наша мова для нас святая, бо яна нам ад Бога даная… Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!»
Але царскі рэжым з яго дасканала адладжанай дзяржаўнай палітыкай русіфікацыі аказаўся мацней за багушэвічаў заклік. Дэнацыяналізацыя беларускага народа, заняпад яго роднай мовы з-за поўнага выключэння апошняй з грамадскага жыцця працягваліся. Каб даць людзям лепш зразумець трагізм становішча, у адным са сваіх вершаў 1913 г. паэт Максім Багдановіч пракрычаў:
«Народ, Беларускі Народ!
Ты ― цёмны, сляпы, быццам крот.
Табою ўсягды пагарджалі,
Цябе не пушчалі з ярма
І душу тваю абакралі, ―
У ёй нават мовы няма».
Як нейкае праклятае наканаванне сёння душы беларусаў яшчэ больш абакрадзены. У іх беларускай мовы непараўнальна менш, чым на пачатку ХХ ст. Яе нават няма ў душах абсалютнай бальшыні людзей, што кіруюць дзяржавай, узгадоўваюць маладыя пакаленні, працуюць у дзяржаўным сектары культуры.
***
Не па нашай віне так сталася, што ні XVIII, ні ХІХ стагоддзі нельга назваць перыядам існавання сапраўднай беларускай літаратурнай мовы. У той неспрыяльны час функцыі літаратурнай мовы беларускай зямлі выконвалі чужыя яе насельніцтву мовы ― польская і руская, чаргуючыся сваім месцам і роляй на гэтай дзялянцы культурнага жыцця. Паколькі для ўсіх народаў літаратурная мова акурат ёсць мова і нацыянальная, у беларусаў яна адсутнічала. У іх засталася толькі жывая мова, якая, як сведчыць сусветны вопыт, вельмі не канкурэнтназдольная з літаратурнай мовай, няўхільна выціскаецца апошняй нават са сферы міжасобасных зносін людзей. Толькі цудам польская і руская літаратурныя мовы не давялі да гэтага трагічнага канца беларускую жывую мову. Гэта дазволіла на рубяжы ХІХ―ХХ стст. пачаць ствараць на ёй мастацкую, навукова-публіцыстычную літаратуру, дзякуючы чаму з'явілася надзея на выжыванне, далейшае існаванне беларускага этнасу.
З'яўленне беларускай літаратурнай мовы ніколькі не зменшыла праблемы захавання яе як сродку камунікацыйных зносін паміж людзямі. Прарускай арыентацыі мясцовая адміністрацыя не пускала роднае слова беларусаў ні ў адну са сфераў дзеяння чалавека. А гэта ўжо верная смерць для любой мовы. Ратаванне беларускай мовы ад поўнага вымірання не здымалася з парадку дня. Змаганне зя яе будучыню працягвалася. Роўных у гэтым не было Францішку Багушэвічу. Недарма магутныя, праўдзівыя словы яго «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!» узятыя эпіграфам да газеты Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны «Наша слова».
Ф. Багушэвіч аказаўся надзвычай шчаслівым на паслядоўнікаў у святой моўнай справе. І што вельмі важна, сярод іх не было недахопу і ў жанчынах, якім ва ўсіх грамадствах належыць галоўная роля ва ўзгадаванні маладой змены нацыі. Выдатная беларуская паэтка Цётка назвала родную мову найважнейшым сродкам, «што злучае людзей у суцэльны народ.
Яна, быццам цэмент, звязвае людзей. Яна дае ім найлепшы спосаб разумець адзін аднаго, адной думкай жыць, адной долі шукаць. Хто адрокся мовы бацькоў сваіх, хто ўздзеў чужую апратку ― той адышоў ад народу далёка-далёка. Ён чужы ў роднай вёсцы, у сваёй сям'і» 1.
Шкада, што нашыя палітыкі дый многія інтэлігенты падзялялі такі разумны погляд Цёткі толькі падчас кароткатэрміновай беларусізацыі 20-х ― пачатку 30-х, у канцы 80-х ― пачатку 90- гадоў мінулага стагоддзя.
Беларусам, у т.л. і элітарнаму пласту, грэх не любіць сваю родную мову ўжо толькі таму, што без яе яны б ніколі не сталі самабытным народам, імя якога ― беларускі. Нельга секчы сук, на якім сядзіш ды яшчэ на вялікай вышыні.
***
Жыццё шматкроць пацвярджае, хто не любіць сваю культуру і мову (а значыць і свайго народа), той не ў стане па-сапраўднаму палюбіць гэтыя духоўныя каштоўнасці іншых народаў. Думаю, ніхто не сумняваецца, якім дарагім заставаўся беларускі народ для яго слыннага сына ― Янкі Купалы. Нашыя нядобразычліўцы за святую, шчырую любоў выдатнага песняра да дарагой і любай Бацькаўшчыны называлі яго нават беларускім нацыяналістам у бальшавіцкім разуменні гэтага слова, а ён жа, не крывячы душой, пісаў: «У сваім сэрцы я на працягу многіх год хаваю чысцейшую і бязмежную любоў да вялікага рускага народа». Ва ўсіх варунках нашага моўнага жыцця нам варта было б няўхільна кіравацца слушнай парадай бацькі беларускага нацыянальнага Адраджэння паэта Ф. Багушэвіча: «Яно добра, а нават і трэба знаць суседскую мову, але наперш трэба знаць сваю»? Тады, напэўна ж, мы не памыліліся б у вызначэнні, якая мова для беларусаў з'яўляецца роднай, якой ― ну, зразумела ж, не чужой ― трэба надаць прыярытэты ў грамадстве.
Дзеля нашага этнічнага выжывання нам родная мова гэтак жа патрэбна, як нябесная манна для ізраільцян, якія, змораныя ад працяглага егіпецкага палону, цягнуліся дамоў па спякотных прасторах галоднай пустыні. Толькі манну пасылаў ім Бог, а мову беларускую мы павінны вытвараць у сваіх душах самі і карыстацца ёю пры ўсіх жыццёвых нагодах. Тады яна стане бессмяротнай і такімі зробіць нас, беларусаў.
***
Многім вядомы такі тэзіз: «Хочаш без крыві знішчыць племя, народнасць, нацыю ― пазбаў іх магчымасці карыстацца родным словам». Ён яшчэ на самым заранку чалавечай гісторыі быў узяты на ўзбраенне бальшынёю краін з поліэтнічным насельніцтвам. Звычайна ў іх не існавала пагрозы для этнічнага вымірання толькі тытульнага народа, бо на баку апошняга, як правіла, стаяла яе ўлада. Беларусы не былі тытульным народам ні ў Рэчы Паспалітай, ні ў Расійскай імперыі. У СССР беларусы, як і ўсе іншыя асноўныя карэнныя нацыянальнасці саюзных рэспублік, таксама не дацягвалі да падобнага рангу. Статус дзяржаўнага яны здабылі ― але толькі фармальна ― пасля таго, як у ліпені 1990 г. іх краіна стала суверэннай дзяржавай. І каб яе ўлада паставіла перад сабой мэтай арганізацыю жыцця беларускага народа паводле яго натуральных нацыянальна-культурных, моўных традыцый, ужо сёння не існавала б аніякіх праблем з захаваннем самабытнасці тытульнага этнасу Рэспублікі Беларусь. На вялікі жаль, вастрыня гэтай праблемы не толькі не зменшылася, а, наадварот, набыла яшчэ больш сур'ёзны характар. І ўсё з-за таго, што ў роднага слова, роднай культуры беларускай нацыі няма сацыяльнай прасторы на бацькоўскай зямлі, ад чаго яны страчваюць прэстыжнасць нават і сярод сваіх прыродных носьбітаў.
Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны беларусаў вельмі хвалілі ― і яны не маглі не радавацца ― за актыўны ўдзел у партызанскім руху, у выніку чаго і сапраўды абцяжарвалася правядзенне Вермахтам многіх баявых аперацый. Цаніліся на месцы і ў Маскоўскім крамлі выдатныя дасягненні беларусаў у пасляваенным аднаўленні народнай гаспадаркі. А вось самая дарагая іх духоўная каштоўнасць ― родная мова ― засталася па-за ўвагай і палітыкаў, і ідэолагаў, і значнай часткі інтэлігенцыі. Іх ніколькі не насцярожвалі несуцяшальныя для беларускай мовы вынікі ўжо першага пасля заканчэння вайны Усесаюзнага перапісу насельніцтва 1959 г. У цэлым па СССР з агульнай колькасці беларусаў мову сваёй нацыянальнасці прызналі роднай 84,2 %. Амаль палова іх вольна валодала рускай мовай 1. І дзівіцца тут няма з чаго: пад гэты час партыйныя і савецкія органы БССР ужо зрабілі яе адзінай афіцыйнай мовай, чаго не назіралася ні ў адной з саюзных рэспублік.
Па ступені разбурэння нацыянальнага моўнага патэнцыялу беларусы не мелі сабе роўных сярод тытульнага насельніцтва ўсіх саюзных рэспублік. Па дадзеным паказчыку беларусы былі куды бліжэй да многіх такога статусу народаў аўтаномных рэспублік. Так, паводле даных названага перапісу параўнальна невысокі працэнт людзей, якія мову сваёй нацыянальнасці прызналі роднай, склаў толькі сярод башкіраў ― 61,6, карэлаў ― 72, мардвы ― 79,9 1.
***
Мы, беларусы, як карэнныя жыхары Рэспублікі Беларусь з вялікай павагай павінны ставіцца да культур і моў усіх нашых нацыянальных мяншыняў і, вядома ж, рускай, як самай шматлікай. Нас не павінна насцярожваць гучанне ў грамадскіх месцах польскай, яўрэйскай, украінскай, літоўскай моў, бо іх жа носьбіты здавён ― даўно жывуць на беларускай зямлі. Адначасова нас не можа не палохаць, калі спрэс і паўсюдна ў нашым краі гучыць непрыродная для апошняга мова і вельмі мала чуецца яго прыродная, законная мова. Гэта толькі безнадзейна хворых на нацыянальны нігілізм беларусаў не закранае адсутнасць у нас сёння на іх матчынай мове агульнаадукацыйных школ у горадзе, вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, прафесійна-тэхнічных вучэльняў, поўнае ігнараванне яе ў канцылярыях дзяржаўных органаў улады і кіравання, судоў і пракуратуры, адміністрацыйна-гаспадарчых адзінак. Інакш, як сірочым, не назавеш стан беларускай мовы ва ўсіх тыпах устаноў культуры, сродках масавай інфармацыі, візуальным знадворным афармленні населеных пунктаў і ўнутры памяшканняў. Маўчаць, мірыцца з такім ігнараваннем нашымі дзяржаўнымі органамі асноўным духоўным багаццем краіны ― беларускай мовай не павінен ніводзін чалавек, якому дарагі лёс роднай Бацькаўшчыны. Ад першых дзяржаўных асобаў трэба патрабаваць не толькі хлеба, але і павагі да роднай мовы, бо без апошняй беларусы не змогуць адбыцца як цывілізаваная самабытная нацыя. Для сённяшняга свету праз франтальнае выкарыстанне беларусамі рускіх культурна-моўных стандартаў, за што трэба дзякаваць палітыкам царскай імперыі, партыі Ільіча, нашым сучасным дзяржаўным чыноўнікам, мы ўспрымаемся больш рускімі, чым тымі, кім ёсць на самой справе.
***
Без яснага ўсведамлення неабходнасці самага шырокага выкарыстання беларускай мовы ў нашым жыцці мы ніколі не дасягнем так патрэбнай нам этнакультурнай кансалідацыі. Нашыя палітыкі і ідэолагі выяўляюць сваю абсалютную некампетэнтнасць, страшэнна памыляюцца, лічачы, што такую функцыю лепш за беларускую выканае руская мова як самая распаўсюджаная на постсавецкай прасторы. Давайце не будзем забывацца, што ў нашай краіне няма істотна адрозных паміж сабой моўных дыялектаў, каб не прызнаваць сучасную беларускую літаратурную мову, не здольнай выступаць у якасці адзінага асноўнага сродку этнакультурнай кансалідацыі. Давайце не будзем забывацца, калі перад такой праблемай стаялі еўрапейскія народы, у прыватнасці немцы, італьянцы, іх мясцовыя дыялекты былі непараўнальна больш выразныя, чым у нас, беларусаў. У Італіі сіцыліянцы не разумелі турынцаў, венецыянцы ― рымлян і г.д., аднак італьянскай літаратурнай мове пры адпаведнай дзяржаўнай палітыцы і пры самай актыўнай падтрымцы прагрэсіўнай, нацыянальна-свядомай інтэлігенцыі ўдалося пераадолець усё тое, што раз'ядноўвала народ гэтай краіны і стварыць у поўным сэнсе слова адну з самых высокакультурных нацый у Еўропе. Таму і нам трэба ўсяляк імкнуцца да таго, каб не руская, а беларуская мова стала інструментам нашага дзяржаўнага, культурнага развіцця, тады і мы здабудзем для сябе пачэснае месца ў Еўропе. Пакуль жа ў нашым жыцці такую ролю будзе, як і сёння, выконваць руская мова, нас не прызнае еўрапейская, не кажучы пра сусветную, цывілізацыя, і мы будзем заставацца худым, цьмяным адбіткам, асколкам рускай нацыі.
Даўно наспеў час адмовіцца ад празмернага «шанавання» беларускай мовы, вызваляючы яе практычна ад любых функцый па абслугоўванні грамадскіх патрэб. Гэта ж велізарная трагедыя, што і сёння сваю моўную сітуацыю мы павінны характарызаваць так, як пісаў у 1909 г. наш выдатны паэт і публіцыст Сяргей Палуян: «…пры цяперашніх варунках ня можэ развівацца наша мова, калі ёй німа мейсца ў жыцьці. Заваеваць ёй мейсца ў грамадзянстве ― вось наша першая неадкладная задача» 1. Прачытаўшы такое, міжволі напрошваецца пытанне, што ж гэта за ўлады стаялі на чале Савецкай Беларусі і стаяць ад тае пары, як яна стала суверэннай дзяржавай? Адказ такі: гэтыя ўлады і тады і цяпер не кіруюцца беларускай нацыянальнай ідэяй, таму стан нашай мовы сёння такі, як у час, калі Беларусь уваходзіла ў склад Расійскай імперыі і з'яўлялася жаданым аб'ектам яе русіфікатарскай палітыкі.
***
У плане беларускасці сёння нашая краіна ўяўляе сабою амаль суцэльную пустыню з эпіцэнтрам у Нацыянальным (больш дакладна: у Безнацыянальным, бо тут нацыянальна беларускім і не пахне) сходзе Рэспублікі Беларусь. Мне, як і многім, добра запомніліся беларускамоўныя перадачы з паседжанняў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь дванаццатага-трынаццатага скліканняў. Слухаў іх і не сумняваўся, што жыву ў краіне, якую можна назваць беларускай. І вось пасля працяглага перапынку з 14 сакавіка 2000 г. у прамы радыёэфір уключылі паседжанне Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага схода Рэспублікі Беларусь. Божухна мілы! Хоць бы адзін з дэпутатаў загаварыў на нацыянальнай мове тытульнага народа ― беларускай!? Слухаю і не магу сябе прымусціь паверыць, што адбываецца гэта на Беларусі. Толькі сам змест выступленняў сведчыць, што размова датычыць яе. Кіраўніцтва краіны вельмі хутка зразумела, што такія суцэльныя рускамоўныя перадачы з паседжанняў Палаты прадстаўнікоў, як нішто іншае, пераканаўча сведчаць пра сур'ёзныя хібы сучаснай дзяржаўнай моўнай палітыкі, таму вырашыла больш не пускаць у эфір выступленні дэпутатаў-палатнікаў у час такіх паседжанняў.
У варунках такой паводле ўсіх параметраў стратнай для Беларусі дзяржаўнай моўнай палітыцы, трэба было б абавязаць чыноўнікаў усіх рангаў, асабліва самых высокіх, як мага хутчэй авалодаць родным словам тытульнага народа. На вялікую бяду, толькі няма каму абавязаць іх да гэтага.
У сусветнай жа практыцы больш чым дастаткова прыкладаў свядомага абавязвання дзяржавай сваіх чыноўнікаў вывучаць тую ці іншую мову, уводзіць яе ў розныя сферы грамадскага жыцця. У навуковай літаратуры не прынята палітычны рэжым поліэтнічнай Аўстра-Венгерскай імперыі канца ХІХ ст. называць дэмакратычным. Аднак яе ўрад у 1897 г. выдаў указ, якім запатрабаваў ад усіх чыноўнікаў адной з сваіх славянскіх абласцей ― Чэхіі абавязковага валодання і чэшскай, і нямецкай мовамі 1. Іншая справа, што шавіністычна настроеная нямецкая бюракратыя ў штыкі прыняла гэты ўказ, арганізавала вулічныя дэманстрацыі супраць яго. Нават выказваліся патрабаванні аб далучэнні Аўстрыі да Германіі. У шэрагу гарадоў адбыліся антычэшскія, антыславянскія маніфестацыі, а на вуліцах Прагі мелі месца крывавыя сутычкі паміж немцамі і чэхамі. У горадзе ўвялі асаднае становішча. Каб не дапусціць далейшага абвастрэння сітуацыі, у1898 г. урад скасаваў указ аб абавязковым валоданні чыноўнікамі чэшскай мовай 2. У афіцыйным жыцці зноў запанавала толькі адна нямецкая мова. Выцяснілі ж яе адсюль толькі пасля заваявання Чэхіяй у 1918 г. палітычнай незалежнасці. Мо і кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь баіцца, што сваім абавязаннем рускамоўных чыноўнікаў авалодаць і карыстацца беларускай мовай падштурхне іх да масавага выступу за палітычную інтэграцыю з Расіяй, не выстаўляючы пры гэтым аніякіх умоў? Галоўнае быць разам і не вывучаць беларускую мову.
***
У нядужа высокага рангу палітыкаў мне не раз даводзілася высвятляць галоўную прычыну іх упартага нежадання вярнуць беларусам скрадзеную ў іх рознымі дзяржаўнымі рэжымамі родную мову. І ў бальшыні выпадкаў у адказ чулася такое «Ды сам народ не хоча такога». Можа і сапраўды хтосьці не хоча, не ведаючы прычын свайго моўнага калецтва. Вось такім-та і варта было б нашым палітыкам і ідэолагам сказаць шчырую праўду. Многія дзяржаўныя дзеячы, ужо не адно дзясяцігоддзе адарваныя ад нацыянальных каранёў, мабыць, думаюць, што з такімі каранямі няма повязі і ў пераважнай бальшыні беларускага народа. На вялікае шчасце, ён яшчэ не дайшоў да гэтага. Такая повязь ёсць. І галоўнае сярод маладых пакаленняў. Яны, за рэдкім выключэннем, не хочуць быць падобнымі на сваіх бацькоў, што ў моц розных прычын і часцей не па сваім выбары сталі Іванамі без радні, адцураліся ад набыткаў нацыянальнай культуры, матчынай мовы. Такім палітыкам і здэнацыяналізаванай частцы інтэлігенцыі, думаю, не зашкодзіць пазнаёміцца, як глядзяць на гэтыя бясцэнныя духоўныя каштоўнасці тыя, хто сёння яшчэ толькі ходзіць у агульнаадукацыйную школу. Больш за дзесяць гадоў таму я зрабіў такія выпіскі з газеты «Наша слова» (24 чэрвеня 1998 г.):
Без мовы людзям не пражыць ―
Мы без яе ― не нацыя.
(Алеся Кірава, вучаніца 11-га класа СШ Аршанскага раёна)
Няма прыгажэйшых у свеце
Ні рэк, ні лясоў, ні дуброў.
І матчына мова, паверце, ―
Найлепшая сярод моў.
(Яўген Пархоменка, вучань 6-га класа, СШ № 169, г. Мінск)
Той мярцвяк, хто без мовы жыве.
Мова ― шлях, мова ― хлеб, мова ― кроў.
Мова ў сэрцы і ў галаве,
Калі ты ― не адзін з мерцвякоў.
(Мікола Хіла, вучань 8-га класа, СШ № 213, г. Мінск)
Чаго ж вы хочаце, панове?
Вы ж на сваёй зямлі, як госці,
Адрокшыся ад роднай мовы,
Вы страцілі святое штосьці.
(Вольга Базылёва, вучаніца 10-га класа, гімназія № 1, г. Мінск)
Вось на іх і трэба раўняцца тым, хто сёння нясе адказнасць за стан беларускай мовы ў краіне.
***
У Евангеллі ад Марка (8,2) ёсць словы: «Шкада мне гэтага народу… бо не мае што есці». Думаю, калі б яму сёння даводзілася ствараць такую кнігу, ён, ведаючы, што робіцца з беларусамі, папэўна ж, напісаў бы: «Шкада мне гэтага народу… бо не можа гаварыць на роднай мове».
***
Са стратай уласнай і пераходам на рускую мову беларусы гэтым самым ліквідуюць галоўны фактар свайго непадабенства да рускіх, этнічна практыкчна зліваюцца з імі. Таму, калі нашыя дзяржаўныя палітыкі хочуць усцерагчы, выратаваць беларускую нацыю ад поўнай дэградацыі, ім трэба ўсяляк пастарацца аб тым, каб найперш за ўсё на межах з Расіяй, а затым і з Украінай, Польшчай, дзе адбываюцца інтэнсіўныя міжэтнічныя кантакты, было як найбольш спецыфічна-беларускага. Справіцца з гэтым могуць толькі дзяржаўныя беларускамоўныя ўстановы культуры і адукацыі. З улікам сказанага, сёння нам можа больш важным з'яўляецца ў першую чаргу мець нацыянальныя, беларускамоўны тэатры і ўніверсітэты не ў сталічным горадзе Мінску, хаця і тут яны крайне патрэбныя, а ў Віцебску, Магілёве, Гомеле, Гародні і Брэсце. Такое свядомае стварэнне непадабенства беларусаў да суседніх братніх славянскіх народаў не з'явіцца прычынай варожасці паміж першымі і астатнімі, а толькі паслужыць надзейным фактарам выратавання беларусаў, як найбольш засіміляванага этнасу, ад яго далейшай дэградацыі.
***
Мяне вельмі радуе і стала надае аптымізму, што сусветная практыка багата прыкладамі паспяховага выратавання мовы таго ці іншага народа, калі, здавалася, на гэта ў яе няма аніякага шанцу. Так, мы праўдзіва цвердзім усяму свету, што нам у вяртанні да жыцця беларускай мовы моцна шкодзіць усталяваны ў краіне палітычны рэжым з выразнай арыентацыяй на рускія культурна-моўныя стандарты. Цяжкія наступствы практычнай дзейнасці сённяшняй дзяржавы ў моўнай сферы ў многім падобныя на разбурэнні чалавечага арганізму ў выніку ракавага захворвання: скіраваны на поўнае знішчэнне роднага слова народа, ад якога чыноўнікі атрымалі ўладу і за кошт якога забяспечваюць сваё існаванне. Як рак адыходзіць у нябыт, давёўшы сваю ахвяру да смерці, так і дзяржава згіне, калі давядзе да поўнага заняпаду родную мову яе тытульнага народа. Сучасная беларуская дзяржава ўшчыльную наблізілася да такой небяспечнай мяжы.
Ніколькі не спадзяючыся на падтрымку ўласнай дзяржавы беларускага нацыянальнага культурна-моўнага адраджэння, нам самім трэба праяўляць максімальную актыўнасць у гэтым лёсавызначальным, выратавальніцкім руху. Тут выключна вялікую ролю мог бы адыграць досвед братняга нам славянскага народа ― чэхаў. Некалі ў іх існавала няпісанае правіла: спрэс і ўсюды на радзіме распачынаць гаворку чэшскай мовай, і толькі неразуменне апошняй суразмоўцам магла стаць прычынай пераходу на іншую мову, часцей на нямецкую, якая доўгі час панавала на гэтай частцы славянскай зямлі. Ну, а ў нас, зразумела, у аналагічных сітуацыях трэба будзе пераходзіць на рускую мову, якая на нашай зямлі мае ўжо больш чым двухсотгадовую дзяржаўную падтрымку, у т.л. і з боку ўлады суверэннай Рэспублікі Беларусь, прычым непараўнальна больш дзейсную.
***
Нараканні на нібыта спрадвеку ўласцівую беларускаму народу пасіўнасць у адстойванні сваіх нацыянальных каштоўнасцяў, у т.л. і самай дарагой ― мовы, мне даводзілася не раз чуць і ад маіх сяброў. Але ці так усё гэта? Дзеля доказу адваротнага не буду браць факты з далёкага мінулага. Хопіць і ХХ ст.. Ужо на яго першыя два дзясяцігоддзі прыпалі выдатны ва ўсіх дачыненняў «нашаніўскі перыяд», магутны нацыянальна-адраджэнскі рух на занятай спачатку немецкімі, а затым польскімі інтэрвентамі тэрыторыі. А якое гэта было залатое няпоўнае дзясяцігоддзе беларусізацыі, калі ў момант беларуская мова стала рашуча сцвярджацца ў статусе галоўнай дзяржаўнай на тэрыторыі Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Не забыліся беларусы на родную мову ў час нямецкай акупацыі. «Спалі ў шапку», яны толькі ў пасляваенныя гады, пакуль не з'явілася на свет Гарбачоўская перабудова. Пасля такога працяглага летаргічнага сну беларусы раптам абудзіліся і за 1988―1994 гг. так рушылі наперад з развязваннем моўнай праблемы, што ў рэальнасць яе рэалізацыі паверылі нават самыя закаранелыя песімісты. Іх асабліва паменела пасля надання ў адпаведнасці з прынятым 26 студзеня 1990 г. Законам аб мовах у Беларускай ССР беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай і абвяшчэння ў ліпені таго ж года Беларусі незалежнай краінай. Але варта было толькі ў ліпені 1994 г. рускамоўнаму Аляксандру Лукашэнку стаць палітычным лідэрам краіны, увесці прэзідэнцкае кіраванне ёю, як ізноў закруцілася кола русіфікацыі. Яшчэ ніколі ёю так глыбока не былі паралізаваны нацыянальныя асновы культурнага жыцця, як сёння. Доўга, доўга чужацкія сілы вялі беларускі народ да гэтай праклятай мяжы, а ўсё ж выйсці на яе змог толькі ўласны чыноўніцкі апарат. Гэта яму трэба дзякаваць, што з усіх еўрапеййскіх дзяржаўных народаў толькі беларускі ўступіў у ХХІ ст., у трэцяе тысячагоддзе не са сваёй, а з чужой (рускай) мовай у грамадскім жыцці.
***
З мэтай не даць рускай мове апусціцца ў грамадскім жыцці Беларусі да другараднай ролі чыноўніцкі апарат супольна з узятай да сябе на службу інтэлігенцыяй з зайздроснай настойлівасцю не спыняюцца цвярдзіць народу пра выключныя перавагі ўведзенага ў краіне згодна з вынікамі майскага рэферэндуму 1995 г. афіцыйнага двухмоўя. Сусветнай практыцы яно добра вядомае і нарадзілася не адно стагоддзе таму назад. Толькі вось выкарыстоўваюць афіцыйнае двухмоўе ў краінах не з адным, а двума тытульнымі народамі. Класічны тут прыклад ― колішняя Чэхаславакія. Рэспубліка ж Беларусь ― гэта краіна з адным тытульным народам і таму ёй не патрэбна аніякае афіцыйнае двухмоўе. Законнае права на статус дзяржаўнай (прычым адзінай у краіне!) мае толькі беларуская. Надзеленая ім якая-небудзь іншая мова ― гэта нонсэнс, прыкмета таго, што Беларусь яшчэ да канца не скінула з сябе каланіяльнае ярмо краіны, мову якой выкарыстоўвае ў грамадскім жыцці, прычым у дзясяткі, сотні разоў у большых маштабах, чым родную тытульнага народа.
***
Спробы пераходу пасля майскага рэферэндуму да афіцыйнага двухмоўя, якое і раней, і цяпер мае шмат праціўнікаў сярод вучоных-філолагаў і палітыкаў, адразу ж набыло недарэчлівыя формы, аднабаковы характар. Адразу ж пасля рэферэндуму сталі яшчэ больш умацоўвацца і без таго вельмі трывалыя пазіцыі рускай мовы ў дзяржаўным, грамадска-палітычным жыцці, адміністрацыйна-гаспадарчай дзейнасці, у адукацыі, культуры і навуцы. З боку дзяржавы практычна не рабілася анічога дзеля ўсталявання ў краіне сапраўднага, а не ўяўнага двухмоўя. Гэтая архіскладаная праблема так ні разу і не абмеркавалася на дзяржаўным узроўні, на навуковых канферэнцыях, семінарах і сімпозіумах. Відаць, многія думаюць, што калі са ста палітыкаў хоць адзін калі-нікалі выступіць па-беларуску, калі ў гарадскіх агульнаадукацыйных школах створана з паўсотні беларускамоўных класаў, у ВНУ рыхтуюць настаўнікаў беларускай мовы, значыцца, у нас на практыцы забяспечваецца беларуска-рускае двухмоўе. Спадзяюся, што каму-небудзь дапамогуць сфарміраваць правільны погляд на гэтую праблему наступныя словы выдатнага савецкага знаўцы яе К. Ханазарава: двухмоўе «падразумевае сталую, неаслабную ўвагу да вывучэння як сваёй, так і рускай мовы, штодзённае, штогадзіннае імкнене да авалодання ўсімі багаццямі абедзвюх моў з тым, каб мець магчымасць найбольш дзейсна карыстацца імі» 1. Як мала ў нас такіх палітыкаў! А яшчэ больш парадаксальна, калі і некаторыя артысты нацыянальных драматычных тэатраў не ў стане публічна расказаць на беларускай мове пра свой творчы шлях. Крайне рэдка яе выкарыстоўваюць ― трэба думаць з-за невалодання ― вучоныя гуманітарных навук, педагогі, бібліятэчныя, музейныя і іншыя катэгорыі работнікаў культурнай сферы. У правядзенне майскага рэферэндуму ўбухалі велізарныя народныя сродкі, а пра пастаўленую перад ім мэту: забяспечыць фактычную роўнасць беларускай і рускай моў у грамадскім жыцці і не падумалі. Тут усё чыноўнікі аддалі рускай мове.
Пры ўсіх тытанічных намаганнях нашых дзяржаўных дзеячоў, устаноў адукацыі, значнай часткі інтэлігенцыі зрабіць свой тытульны народ двухмоўным (беларуска-рускім, а больш дакладна:руска-беларускім) у іх нічога не атрымаецца. І зразумела чаму. Двухмоўнымі ў самым поўным сэнсе гэтага слова людзьмі могуць стаць толькі нямногія, галоўным чынам з-за сваіх прафесійных абавязкаў. У цэлым жа становішча будзе выглядаць, ды яно ўжо і сёння выглядае такім: адна частка народа будзе гаварыць па-беларуску, другая па-руску, трэцяя на беларуска-рускай трасянцы. Апошняя з іх адамрэ ў самую першую чаргу, і тады беларускі народ пераўтворыцца ў двухмоўны з зусім проціглеглымі, часта нават непрымірымымі поглядамі на сваё мінулае, сучаснасць і перспектыву. Не выключана, што ўсё гэта можа прывесці да вельмі напружаных дачыненняў паміж людзьмі адной і той жа нацыі, але з дзвюма рознымі, няхай сабе і дастаткова блізкімі мовамі. Выразныя прыкметы такой з'явы назіраюцца ўжо і сёння. Двухмоўе народа непазбежна вядзе яго да дзвюхдушнасці з усімі непажаданымі, небяспечнымі наступствамі, што вынікаюць з яе. Адзінае, што выратуе наш народ ад біялагічнай, фізічнай, а ў лепшым выпадку, мо, яшчэ і ад этнічнай смерці ― гэта тое, што народжанае двухмоўем дзвюхдушнасць яго не можа працягвацца вечна, сеючы варажнечу паміж дзецьмі адной і той жа маткі. Рана ці позна ў ім павінны перамагчы беларускія ці рускія пачаткі (пазітыўныя для нас толькі першыя!). Мяркуючы ж па тым, як ідуць справы сёння, перамогу атрымаюць апошнія. Тлумачыцца гэта тым, што пашырэнню рускіх пачаткаў у нацыянальна-культурным жыцці беларускага народа, як ніколі раней, вельмі добра спрыяе сама дзяржава. Дзеля яго апошняя не зрабіла аніводнага кроку па стварэнні нацыянальнай сістэмы адукацыі, асабліва ў галіне вышэйшая і сярэдняй спецыяльнай школы. Дзякуючы ўсебаковай дапамозе дзяржаўных органаў апошнімі гадамі вельмі актывізавалі сваю дзейнасць па русіфікацыі беларускага народа сродкі масавай інфармацыі, выдавецтвы. Яшчэ ніколі не было такіх нявыгодных для нашай нацыянальнай ідэі суадносін паміж беларускім і рускім у перадачах па радыё і тэлебачанні, у тыражах газет, часопісаў і кніг. Не сакрэт, што такія адносіны вельмі наруку Адміністрацыі Прэзідэнта, Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь, Савету міністраў РБ з іх жалезнай прарускай накіраванасцю. Са ста службоўцаў гэтых структур не знойдзеш нават аднаго чалавека, які публічна карыстаўся б беларускай мовай. Усё гэта вельмі добра вядома работнікам радыё і тэлебачання, таму, відаць, ніводзін з іх не асмельваецца ў час перадачы паставіць пытанне па-беларуску перад высокай службовай асобай. У падобных выпадках беларускае слова цалкам выключана са зваротку.
Афіцыйнае двухмоўе (падкрэсліваю афіцыйнае, а не выкліканае асабістым жаданнем, прафесійнай дзейнасцю людзей) з'яўляецца не толькі сур'ёзным тормазам этнакультурнага развіцця беларускага нраода, яго нацыянальнай кансалідацыі. Яно не дасць нам развязаць і такую жыццёва важную праблему, як стварэнне ў нашай краіне сапраўднай міжнацыянальнай супольнасці людзей ― народа Беларусі (толькі не беларускага народа, бо апошні фармуецца выключна з тых, хто этнічна належыць да яго). Трэба цвёрда ўсвядоміць сабе, што ўсе вялікія, па-сапраўднаму нацыянальныя справы ў межах той ці іншай краіны здзяйсняюцца толькі на роднай мове яе карэннага насельніцтва. Калі ж такую місію ўскладаюць на якую-небудзь іншую мову, ёсць усе падставы гаварыць пра палітычную несамастойнасць дадзенай краіны, адсутнасць у яе тытульнага народа перспектыў для прыстойнага этнакультурнага развіцця. Думаць, што міжнацыянальную супольнасць людзей на Беларусі можна стварыць і развіваць на базе рускай мовы, рускіх культурных каштоўнасцяў ― значыць глыбока памыляцца. Такая мова і такія каштоўнасці ніколі не дазволяць на поўную моц разгарнуцца беларускаму нацыянальна-духоўнаму патэнцыялу, яны будуць служыць небяспечным сродкам асіміляцыі беларускага народа, што ўжо і сёння добра адлюстроўваецца ва ўсіх сферах яго жыцця.
Калі не слова ў слова, дык вельмі блізка да ўкраінскага ўзору нам трэба ў заканадаўчым парадку сфармуляваць пункт аб мове. У канстытуцыі нашай паўднёваўсходняй суседкі ён сфармуляваны так: «Дзяржаўнай мовай ва Украіне з'яўляецца ўкраінская мова. Дзяржава забяспечвае ўсебаковае развіццё і функцыяванне ўкраінскай мовы ва ўсіх сферах грамадскага жыцця на ўсёй тэрыторыі Украіны. Ва Украіне гарантуецца свабоднае развіццё, выкарыстанне і абарона рускай, іншых моваў нацыянальных меншасцяў Украіны. Дзяржава спрыяе вывучэнню моваў міжнацыянальных зносін». Такім артыкулам мы зможам папярэдзіць франтальнае вынішчэнне беларускай мовы, якое пасля майскага рэферэндуму 1995 г. назіраецца на ўсіх дзялянках дзяржаўнага, грамадска-палітычнага, культурна-адукацыйнага жыцця. Тут на дзяржаўным узроўні рускай мове трэба вызначыць такую ролю, якая не будзе анічуць пагражаць захаванню і ўсебаковаму развіццю, належнаму выкарыстанню беларускай мовы, у адваротным выпадку ёй не выжыць, што ніяк не апраўдаеш беспадстаўнымі спасылкамі на неабходнасць захавання агульначалавечых каштоўнасцяў у кантэксце праваслаўна-усходнеславянскай цывілізацыі, што так любяць навязваць нам праціўнікі беларускай ідэі. Не месца ў нас усім тым агульначалавечым каштоўнасцям, з-за якіх гінуць беларуская нацыянальная культура і мова!
***
Крыўдна на душы ад усведамлення, што ў створаных на постсавецкай прасторы краінах мовы іх тытульных народаў у такой вялікай пашане з боку ўладаў, беспраблемна выкарыстоўваюцца ва ўсіх без выключэння сферах дзейнасці чалавека, а ў нас нават аніводная з іх не аддадзена беларускай мове. Кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь, як зачараванае, стаіць на каленях перад рускай мовай. Сучасная рэчаіснасць дае ўсе падставы сцвярджаць: чарговае беларускае нацыянальна культурнае Адраджэнне з яго сэрцавінай ― роднай мовай грунтоўна забуксавала. Сур'ёзнага масавага змагання за яго выратаванне не вядзецца. І не таму, што Беларусь, маўляў, не адно дзясяцігоддзе сутыкаецца з вялікімі эканамічнымі цяжкасцямі. Цалкам адмаўляць іх нельга, але і перабольшваць недапушчальна. І ўсё ж эканамічны фактар даволі ўмела выкарысталі і выкарыстоўваюць нашыя палітыкі дзеля нейтралізацыі ўдзелу шырокіх народных масаў у нацыянальна-культурным адраджэнні. Ім усяляк прапагандавалі, што беларускай мовай ніхто не заменіць тых якасцяў, якімі валодае кілбаса, таму давайце лепш паклапоцімся пра вытворчасць яе ў неабмежаванай колькасці і нізкую цану, чым агулам вучыцца гаварыць на мове сваіх бацькоў, без якой так добра матэрыяльна жылося ў гады, якія не толькі прыхільнікі перабудовы, але і наваяўленыя дэмакраты і адраджэнцы называюць «застойнымі». А вось што датычыла абсалютнай бальшыні карэннага насельніцтва былых саюзных рэспублік і асабліва суседніх нам ― прыбалтыйскіх, для іх нацыянальныя ідэалы з'яўляліся ніколькі не ніжэй за сацыяльныя, ад чаго яны мелі толькі выйгрыш. Стойка пераносячы эканамічныя выпрабаванні, яны не думаюць здраджваць нацыянальным інтарэсам і сёння, абапіраючыся на апошнія, упэўнена дамагаюцца таго, што сацыяльнае становішча іх грамадзян няўхільна паляпшаецца.
***
Не бачыць выразных прыкмет этнічнага вымірання беларусаў з-за панавання на іх культурна-асветніцкай ніве ўсяго рускага могуць толькі цалкам пазбаўленыя зроку людзі. Вялікае блюзнерства, што такога не заўважае і бальшыня з тых, хто прабраўся да ўлады і нясе поўную адказнасць за захаванне краінай свайго адметнага ад суседзяў нацыянальнага аблічча. Насуперак рэчаіснасці ў выказваннях многіх колішніх і сучасных палітычных грамадскіх і культурных дзеячоў краіны даволі часта сцвярджаецца вялікая ўпэўненасць аб неўміручасці нашай нацыянальнай культуры і мовы, а разам з імі і іх прыродных носьбітаў ― беларусаў. Што ж, пахвальна, што і ў такой трагічнай, цалкам пройгрышнай сітуацыі зусім не шараговыя людзі вераць у лепшае нацыі. Але ўсё ж калі цвярозымі вачыма глянуць на сённяшнюю рэчаіснасць, дык нельга не прызнаць, што беларуская нацыянальная культура і мова ўжо памерлі ці канчаюць сваё зямное жыццё ў дзейнасці опернага тэатра і тэатра музычнай камедыі, у мастацкім кіно, многіх эстрадных калектывах, цырках. Апошнія дні адлічвае беларускае слова ў вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай школе. Сярод белага дня і пры людзях выштурхнулі яго з канцылярый дзяржаўных органаў улады і кіравання. Ну ці ж гэта не скон беларускай мовы? Самы сапраўдны!!! Афіцыйнае непрыняцце беларускай мовы зрабіла яе непрыстыжнай у міжасобасных зносінах людзей. Дзе яна чуваць сёння? Толькі ў архівузкім коле нацыянальна-самасвядомай часткі грамадства, якую толькі і можна з поўнай падставай назваць беларускай. Зразумела, калі да беларусаў залічваць і тых, хто выганяе сваё роднае слова з усіх сфераў грамадскай дзейнасці, прынародна ганьбіць яго, не пускае дзяцей вучыцца ў беларускамоўныя школы, дык і сапраўды ў нашага народа неблагая будучыня і няма аніякіх падставаў хвалявацца за яго лёс у ХХІ стагоддзя, у трэцім тысячагоддзі. Такім беларусам нішто не пагражае, акрамя этнічнага вымірання. Але што яно для тых, хто дбае толькі пра біялагічнае існаванне, сацыяльныя даброты, плыве, як трэска, толькі ўніз па цячэнні.
***
Выключэннем беларускай мовы з грамадскага ўжытку ўлады пазбавілі тытульны народ краіны магчымасці развівацца на сваёй прыроднай аснове. Невалоданне беларускай мовай прычыняецца да таго, што яго таленавітыя людзі працуюць на рускую літаратуру, спяваюць рускамоўныя эстрадныя песні, оперныя творы і г.д., не ўносячы не толькі ўкладу ў нацыянальную культуру, а, наадварот, дэфармуючы яе, што ліквідуе колішнюю адметнасць нашай краіны ад усходняга суседа. У гэтым, акрамя велізарнай шкоды, ні на ёту не бачыцца карысці. Нам зусім не трэба сціраць нацыянальныя асаблівасці Беларусі, усяляк выкарыстоўваючы дзеля гэтай нікому не патрэбнай справы рускую мову, як такое ў нас заўсёды рабілася і робіцца з мэтай ажыццяўлення чарговага кроку да збліжэння з Расіяй. А ці разумна яно? Давайце паслухаем рускага акадэміка Дз. Ліхачова: «Нацыянальныя асаблівасці збліжаюць людзей, зацікаўліваюць людзей іншых нацыянальнасцяў, а не выключаюць людзей з нацыянальнага асяроддзя іншых народаў, не замыкаюць народы ў сябе… Нацыянальныя рысы народа існуюць не ў сабе і для сябе, а для іншых» 1. Ён лічыць памылковымі «ўяўленні аб тым, што, падкрэсліваючы нацыянальныя асаблівасці, спрабуючы вызначыць нацыянальны характар, мы садзейнічаем раз'яднанню народаў, шавіністычным інстынктам» 2. У нас жа, на вялікую бяду, і раней і цяпер усё робіцца наадварот. Ужо да такой ступені зацерлі свае нацыянальныя асаблівасці, найперш культурна-моўныя, што толькі пад магутны мікраскоп можна ў нашым краі адшукаць штосьці спецыфічна-беларускае, чым мы зрабілі сябе нецікавымі для іншых народаў. І ўдалося такое зрабіць з-за амаль поўнага выключэння беларускай мовы з духоўнай творчасці народа.
***
Сучасным русіфікатарам беларускага народа не-не дый прыходзіць у галаву думка, што рана ці позна ім давядзецца трымаць адказ перад суровым судом за злачынную моўную палітыку. Дзякуючы наяўнасці ў іх руках магутных сродкаў інфармацыі (дакладней: дэзінфармацыі) удаецца збіваць спанталыку не зусім добра дасведчаных у моўным пытанні людзей. Але такое не можа доўжыцца вечна, і праўда ўсплыве на паверхню. Рэкамендаваў бы шаноўнаму чынавенству трохі адумацца і ў наш вельмі складаны, адказны час спыніцца абражаць беларускі народ, што ён нібыта за сваю больш чым тысячагадовую гісторыю не змог стварыць нармальнай роднай мовы, здольнай на належным узроўні задавальняць сацыяльныя патрэбы грамадства. Усё ў нас было і ўласная дзяржава, і выдатная культура, і боская рэлігія, і самабытная, добра распрацаваная мова, толькі вось па злой воле кіраўнікоў (не народа!) суседніх заходняй і ўсходняй славянскіх дзяржаваў гэтыя нацыянальныя, духоўныя каштоўнасці ледзь не да канца былі раскрадзеныя. Таму і сёння мала хто з беларусаў гаворыць на сваёй уласнай мове, таму і значная частка з іх рускую мову называе роднай. Не сумняваюся, каб столькі, як і ёй, увагі на тэрыторыі нашай краіны надавалася кітайскай мове, дык сёння многія з беларусаў валодалі б і апошняй, называлі б яе роднай.
***
Я нікому не адкрыю Амерыку сцвярджэннем, што сённяшняя Беларусь ― гэта арэал панавання рускай культуры, адукацыі і мовы. Адбылося такое не ў выніку свядомай здрады беларускага народа сваім духоўным каштоўнасцям і добраахвотнага пераходу на спажыванне чужых. Нашай сучаснай амаль поўнай культурна-моўнай асіміляцыі ў форме русіфікацыі папярэднічала скіраваная на дасягненне гэтай мэты працяглая па часе дзейнасць дзяржавы і падначаленых ёй устаноў адукацыі і культуры, а таксама Рускай праваслаўнай царквы. Першая зайздросную актыўнасць у гэтым накірунку распачала руская імператрыца Кацярына ІІ. Каб апраўдацца перад прагрэсіўнымі коламі Еўропы за захоп беларускіх земляў у выніку трох гвалтоўных падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793 і 1795), яна разам са сваімі палітычнымі прыхільнікамі на ўвесь голас заяўлялі, што на далучанай тэрыторыі спрадвеку жылі такія ж самыя людзі, як і ў астатніх рускіх губернях імперыі, таму спольшчаны лад іх жыцця трэба як мага хутчэй і больш рашуча замяніць на рускі. І ў якасці галоўнага сродку зліць беларусаў з рускімі беспамылкова была выбрана руская сістэма адукацыі. Вялікія надзеі ў дасягненні гэтай мэты ўскладваліся на Рускую праваслаўную царкву, і апошняя з ажыццяўленнем яе спраўлялася на выдатна. За савецкім часам царква ў гэтай бруднай справе практычна не адыгрывала аніякай ролі. Затое рускамоўная адукацыя яшчэ з большай маштабнасцю і эфектыўнасцю калечыла беларускі народ. Менавіта дзякуючы такім сваім здольнасцям яна карыстаецца велізарным аўтарытэтам у прарускага кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь.
***
На ўсіх стадыях развіцця чалавецтва людзям даводзілася мець справу з моўным фактарам. Іншым разам здаралася такое, што з-за немагчымасці рознамоўных плямёнаў паразумецца адно з адным паміж імі разгараліся сапраўдныя бойкі. А вось прадстаўнікі інтэлектуальных колаў грамадства не стамляліся ў пошуках вызначэння самога паняцця «мова». Бадай, ніхто з такой лапідарнасцю не сфармуляваў адказу на дадзенае пытанне, як класікі марксізму-ленінізму. У іх разуменні мова ― гэта сродак зносін паміж людзьмі. І з такім вызначэннем нельга не пагадзіцца, бо калі мова перастае быць такім сродкам, яна ўжо нікому не патрэбная, у т.л. і яе прыродным носьбітам. Мова нармальна сябе пачувае толькі тады, калі яна запатрабаваная грамадствам. Такой мовай імкнуцца дасканала авалодаць нават і асобы, для якіх яна з'яўляецца чужой. З другога боку з цягам часу і родная мова можа быць чужой, калі не для ўсіх, дык для бальшыні яе носьбітаў, калі яна выключана з усіх сфераў грамадскага жыцця. Якая ж карысць бавіць час на вывучэнне гэтай не запатрабаванай ні службовымі канцылярыямі, ні ўстановамі адукацыі, культуры і навукі мовы? На вялікі жаль, гісторыя з незвычайнай жорсткасцю вучыла і беларусаў быць прагматыкамі ў пытаннях мовы. У XVI―XVIII стагоддзях жыццё вымушала іх выбіраць польскую мову, а з ХІХ стагоддзя і па сённяшні дзень ― рускую. У сусветнай практыцы няма прыкладу, каб народ пасля трохсотгадовай ― дзе гвалтоўнай, дзе тонка прадуманай ― культурна-моўнай асіміляцыяй (100 гадоў у форме паланізацыі і 200 ― у форме русіфікацыі) працягваў, хоць і моцна моўна скалечаным, усё яшчэ жыць, сцвярджацца ў сваёй этнічнай самабытнасці. Мяне не перастае здзіўляць, як у варунках такой працяглай дзяржаўнай дыскрымінацыі роднага слова карэннай нацыі нашай краіны дашчэнту засіміляваныя людзі, пачуўшы яго ад каго-небудзь, не хапаюць за горла, не душаць гэтага непатапляльнага носьбіта беларускай нацыянальна-моўнай адметнасці. Відаць, аднаму Богу толькі вядома, чаму 82 % беларусаў, якія практычна не карысталіся сваёй прыроднай мовай у грамадскім жыцці, назвалі яе ў час праведзенага ў 1999 г. перапісу насельніцтва роднай, а 3,7 млн. чалавек заявілі, што апошняя з'яўляецца для іх асноўным сродкам зносін на сямейна-бытавым узроўні. Няўжо можна дома на кухні, за абедзеным сталом гаварыць па-беларуску, а як толькі зачыніў уваходныя дзверы кватэры, выйшаў на вуліцу, адразу ж пераходзіць на рускую мову толькі таму, што дзяржава ёй адной забяспечвае пануючае, бесканкурэнтнае становішча ў афіцыйным жыцці? Калі, да прыкладу, аўтар гэтых радкоў дома размаўляе па-беларуску, ад такой моўнай практыкі ён не адступае і па-за яго межамі. На рускую мову пераходжу толькі па просьбе майго суразмоўцы, калі ён заяўляе, што не разумее мяне як беларускамоўную асобу. Усё гэта нараджае ў мяне сур'ёзныя сумненні наконт аб'ектыўнасці звестак, што прыводзяцца ў матэрыялах перапісу насельніцтва. Практыка фальсіфікацыі такіх перапісаў ― зусім нярэдкая з'ява. Мела месца яна і ў СССР. Не трэба забывацца, што параўнальна высокі, зусім неадпаведны рэальным маштабам распаўсюджвання беларускай мовы ў грамадскім жыцці працэнт вызначэння апошняй за родную і карыстання ёю дома выгодны не толькі змагарам за нацыянальна-культурнае Адраджэнне, але і дзяржаве. Такімі дадзенымі перапісу аб прэстыжнасці і жывучасці беларускай мовы ў асяроддзі яе прыродных носьбітаў чыноўніцкаму апарату вельмі лёгка аспрэчваць усялякія абвінавачванні ў правядзенні дыскрымінацыйнай моўнай палітыкі ў дачыненні да тытульнай нацыі краіны і гэтак жа лёгка даказаць, што майскім рэферэндумам 1995 г. не ставілася задача выцесніць рускай мовай беларускую з яе гістарычнай тэрыторыі. Таму ніяк нельга было супакойваць сябе прыемнымі звесткамі перапісу насельніцтва 1999 г., а трэба было ўсяляк імкнуцца да ўмацавання пазіцый беларускай мовы ў грамадскім жыцці, дзе яны і на пачатку ХХІ ст. заставаліся вельмі хісткімі і кволымі. Такога не зрабілі, таму чарговы перапіс насельніцтва 2009 г. прынёс толькі адны расчараванні.
***
У многіх палітыкаў і думаннікаў не раз сустракаў выказванні, што народ гэтак жа лёгка можа памыляцца, як і ўсе самыя вялікія геніі. Некаторыя ж увогуле лічаць, што бальшыня заўжды памыляецца, а правільны шлях, дый то не заўжды, можна выбраць толькі намаганнямі групы, калектыву добра дасведчаных у дадзеным пытанні людзей. Меркаванні не зусім бясспрэчныя, але што бальшыня (толькі не заўжды) памыляецца, найлепшы доказ ― майскі рэферэндум 1995 г. у Беларусі. Збіты палітыкамі і ідэолагамі спанталыку народ так прагаласаваў, што застаўся па сутнасці без роднай мовы.
***
Дыяпазон сацыяльных функцый роднай мовы ― самы дакладны крытэрый нацыянальнага здароўя народа. Беларуская мова ледзь не цалкам адрынута ад выканання такіх функцый. Дзяржава, не пытаючы згоды ў Масквы, самачынна ўсклала іх на рускую мову. Відаць, не падумала, як гэта адмоўна адаб'ецца на нацыянальным здароўі беларусаў, захаванні іх этнакультурнай самабытнасці, здольнасці супраціўляцца разбуральнаму ўздзеянню сучаснай глабалізацыі, у т.л. і з боку яе ўсходняга вектара.
***
У савецкай і постсавецкай Беларусі заўсёды быў вялікі дэфіцыт на палітыкаў, высокаадукаваных людзей з глыбокім разуменнем ролі мовы ў лёсе яе тытульнай нацыі. Думалася, што з абвяшчэннем Беларусі незалежнай дзяржавай і палітычныя дзеячы, і пераважная частка інтэлігенцыі зусім інакш будуць глядзець на гэтае пытанне. Такога не адбылося. Нічога не робячы дзеля зацверджання беларускай мовы ў грамадскім жыцці, яны ўсю сваю энергію кінулі на стварэнне адзінай з Расіяй саюзнай дзяржавы. У ёй жа Беларусь з выкінутай адусюль роднай мовай будзе выглядаць не больш, як толькі рускай ускраінай, паколькі не мае ўласнага нацыянальнага аблічча. А быў жа час, што ў нас добра ведалі цану адметнага, нацыянальнага ў народзе. Што значыць родная мова, прычым нават і пры адсутнасці ўласнай дзяржаўнасці, добра разумелі смаленскія беларусы. Як вядома, сваю дзяржаўнасць яны страцілі вельмі даўно: праз падпісанае ў 1667 г. Расіяй і Рэччу Паспалітай ў вёсцы Андросава (Андрусава) перамір'е. Але паколькі нашыя супляменнікі моцна трымаліся родных этнакультурных традыцый, асабліва мовы, яны глядзелі на сябе як на зусім самабытны народ, адрозны ад рускіх. Практычна ўсе рускія навукоўцы, што ў ХІХ ст. займаліся праблемамі народанасельніцтва Смаленшчыны, прызнавалі, што пераважную бальшыню яго складаюць беларусы. У адной з сваіх публікацый рускі этнограф С. Максімаў вызначаў іх лік на пачатку ХХ ст. у 1,1 млн. чалавек. Гэта толькі афіцыйныя статыстыкі, выконваючы сацыяльны заказ дзяржаўных палітыкаў дый часта і самі, не жадаючы лічыцца з рэчаіснасцю, у сваіх матэрыялах паказвалі колькасць беларусаў Смаленшчыны такую, што гэты край ніяк нельга было назваць беларускім. А каб жа ён і сапраўды не быў такім, ніхто б ужо з савецкіх палітыкаў, тым больш небеларускай нацыянальнасці, не ўключаў бы яго ў склад ўтворанай 1 студзеня 1919 г. Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі, не аб'яўляў бы Смаленск яго сталіцай, бо на той час і ў шэрагу іншых буйных беларускіх гарадах панавала савецкая ўлада, адсутнічала рэальная небяспека захопу іх інтэрвентамі.
Усё, што сказана вышэй пра этнічную ўстойлівасць смаленскіх беларусаў і ва ўмовах адсутнасці ў іх дзяржавы, не магло мець месца ў ХХ ст. з прычыны нечуванага пашырэння і паглыблення кантактаў з самай развітой і самай распаўсюджанай у СССР рускай культурай. Вось тут і сапраўды, каб не засімілявацца, этнічна выжыць, патрэбна была самая сур'ёзная дзяржаўная падтрымка. У нашых суродзічаў у Смаленску яе не было. Не ішла яна да іх і з БССР, бо культурна-моўная палітыка тут вельмі рэдка адпавядала нацыянальным інтарэсам яе карэннага насельніцтва за включэннем міжваеннай беларусізацыі. Яно, як ні ў якай іншай саюзнай рэспубліцы, аказалася страшэнна зрусіфікаваным на момант распаду СССР.
***
Анёлаў-захавальнікаў беларускага слова многія беспадстаўна крытыкуюць за рознага роду заклікі па яго выратаванні. А яны ж па сутнасці паўтараюць тое, што нацыянальныя патрыёты іншых народаў гаварылі 100―200 гадоў таму. З літаратурных крыніц нам вельмі добра вядома, што на паседжаннях створанага на пачатку ХІХ ст. у Варшаве «Таварыства аматараў навук» вельмі часта свае прамовы выступоўцы заканчвалі словамі: «Пакуль існуе польская мова, да тых часоў будзе жыць і польскі народ». Людзям добра ўтлумачылі гэты тэзіс. Яны сэрцам і душой паверылі яму і рабілі ўсё, каб новыя пакаленні палякаў узгадоўваліся ў духу ўласных культурна-моўных традыцый. Не заклікалі палякаў шанаваць роднай мовы ці самі не шанавалі яе толькі этнічныя дэгенераты. На шчасце нашага суседа, яны амаль не сустракаліся сярод яго грамадска-палітычных дзеячоў і інтэлектуалаў і палякі захавалі сваё нацыянальнае «Я».
***
Пакуль беларуская мова не запануе ў оперным і тэатры музычнай камедыі, кінатэатрах, цырку, эстрадных калектывах, навуковых установах, аўдыторыях універсітэтаў (інстытутаў) і тэхнікумаў (вучылішчаў, каледжаў, гімназій, ліцэяў), класах агульнаадукацыйных школ, хрысціянскіх храмах, мы гэтыя асяродкі культуры, царкоўна-рэлігійнага жыцця не будзем мець права называць беларускімі, нацыянальнымі, бо яны не адпавядаюць такому высокаму прызначэнню, працуюць у чужамоўным рэжыме.
***
У цывілізаваным свеце вельмі прэстыжным лічыцца ведаць, акрамя сваёй роднай мовы, яшчэ і іншыя. У нецывілізаваных жа краінах, наадварот, многія як след не валодаюць нават і мовай карэннай нацыі, хаця яна можа мець і статус тытульнай. Калісьці ў сівую даўніну добра ведалі сваю і цягнуліся да іншых моваў нашыя продкі. На «ты» нават былі з лацінскай мовай: ужывалі ў службовым справаводстве, медыцыне, навуцы, адукацыі, пісалі мастацкія творы. Але цёмным, д'ябальскім сілам удалося вельмі многіх беларусаў адлучыць ад роднай мовы, дый так адлучыць, што і сёння ў сваёй суверэннай дзяржаве бальшыня яе народа карыстаецца рускай, а не ўласнай беларускай мовай. Асабліва далёка наперад высунуліся ў гэтай гнюснай справе самыя высокаадукаваныя людзі, буйныя дзяржаўныя дзеячы. Яны за вялікі гонар лічаць, што ў іх вымаўленні ўжо зусім не адчуваецца ці адчуваецца вельмі мала што-небудзь з беларускага акцэнту. Такія людзі прынародна выхваляюцца, што першыя дакрануліся грудзямі фінішнай стужкі русіфікацыі і ад гэтага не зведалі аніякай непрыемнасці, таму заклікаюць і астатніх ісці падобным гібельным шляхам. І людзі ідуць. Прычым ідуць не ў адзіночку, а натоўпам, як гэта не заўсёды робяць вучні на кліч нават свайго самага любімага настаўніка. І што дзіўна, у гэтай зусім бязрадаснай, надзвычай небяспечнай сітуацыі ніхто не хоча зразумець, што калі па прыкладу сваіх палітыкаў, інтэлектуалаў і ўсе астатнія пласты нашага народа «паспяхова» завершаць шлях да канчатковага беларускамоўнага анямення, яны гэтым пакажуць вельмі дрэнны прыклад ганьбавання роднага слова і самому рускаму народу. Калі ў бліжэйшы час цывілізацыя не адумаецца і не пачне больш паважліва ставіцца да культур і моваў зусім не малых па колькасці і не бедных паводле свайго духоўнага развіцця народаў, тады даволі хутка магутны наступ культурна-моўнай асіміляцыі наваліцца і на нацыі-гіганты, у т.л. і на рускую. Як сёння самыя высокародныя, нацыянальна здаровыя станы беларускага народа з апошніх сіл змагаюцца супраць рускай культурна-моўнай асіміляцыі, так заўтра падобным станам рускага народа давядзецца ўступіць у такі ж няроўны бой з англа-амерыканскім культурна-моўным уплывам. Мільёны рускіх, ведаючы з уласнага вопыту ці сродкаў масавай інфармацыі, што ў беларусаў хлеба не паменяла ад таго, што яны не вытрымалі, здаліся дзяржаўнай палітыцы русіфікацыі, возьмуць на ўзбраенне прыклад засіміляваных беларусаў і з алімпійскім спакоем сустрэнуць пранікненне ў іх краіну англа-амерыканскіх культурна-моўных стандартаў. А што гэта страхоцце насоўваецца на ўсход і найперш пройдзе праз тэрыторыю Беларусі, можна лёгка ўявіць па тым, што зараз на свеце на англійскай мове размаўляе больш за два мільярды чалавек, а на рускай ― менш за паўмільярда. Аўтарытэт апошняй значна знізіўся пасля распаду краін сацыялістычнага лагеру і самога СССР.
***
За ўсю гісторыю нам не ўдалося і, думаю, у будучыні не ўдасца стварыць нічога больш каштоўнага за беларускую мову. Каб усё тое, што на ёй напісана, раптам знікла, адразу ў небыццё адышоў бы і сам беларускі народ. Мы пакуль што яшчэ трымаемся на свеце толькі дзякуючы таму, што маем сваю адметную ад іншых мову, праўда, не ў сферы грамадскага жыцця, а галоўным чынам ў літаратуры. Не хацелася б тут згадваць такую пачварную, ненавісную ўсяму цывілізаванаму свету асобу, як Адольф Гітлер. Але аднойчы і ён сказаў бяссперэчную ісціну, да якой ніяк нельга не прыслухацца: «Ніводзін народ не жыве даўжэй за помнікі сваёй культуры». Не ручаюся, што гэта яго ўласнае меркаванне. Магчыма, гэтыя словы належаць рэферэнтам, дарадчыкам фюрэра. Але не шкодзіць ведаць, што гаварылі і гавораць пра культуру і самыя заўзятыя разбуральнікі яе. У герастратаў культуры таксама ёсць чаму павучыцца.
***
Няма большай непавагі да ўласнага народа, як цуранне яго мовы. Усе, хто ёю не карыстаецца, убівае асінавы кол у самае сэрца сваёй нацыі.
***
Не раз даводзілася чуць пра неправамернасць ставіць дзяржаўны суверэнітэт той ці іншай краіны ў залежнасць ад стану роднай мовы яе карэннага насельніцтва. А ўсё ж гэта так. Як цяжка, а то і зусім немагчыма, захаваць дзяржаўны суверэнітэт пры абмежаванні, не кажучы ўжо пра поўную страту народам сваёй мовы, сведчыць і наш горкі вопыт. Пакуль роднае слова нашых продкаў па-за ўсялякай канкурэнцыі выкарыстоўвалася ў службовых канцылярыях урадавых органаў, судах Вялікага Княства Літоўскага, добра адчувалася, што яно і сапраўды з'яўлялася поўнапраўнай, незалежнай дзяржавай. У адказ на любы замах іншых краін на дзяржаўны лад ВКЛ яго жыхары аказвалі моцнае супраціўленне. Пазней рашуча адбіваліся спробы прапольскіх уладаў федэратыўнай Рэчы Паспалітай у чымсьці ушчаміць дзяржаўны суверэнітэт свайго суб'екта ў асобе ВКЛ. Зусім не так глядзелі на яго пасля таго, як з 1696 г. у службовым справаводстве ВКЛ было забаронена ўжыванне беларускай мовы, і апошняя пачала паступова забывацца самымі заможнымі і адукаванымі пластамі яе колішніх носьбітаў. Яны моцна пацянуліся да польскіх парадкаў жыцця, бо сталі спажыўцамі польскай культуры. Іх вельмі мала цікавіў дзяржаўны суверэнітэт ВКЛ, паколькі яны жылі інтарэсамі Рэчы Паспалітай ў цэлым, якая з кожным дзясяцігоддзем набывала ўсё больш адметнае польскае аблічча. Напярэдадні падзелаў Рэчы Паспалітай самымі магутнымі ў Еўропе Расійскай, Прускай і Аўстрыйскай імперыямі дзяржаўны суверэнітет ВКЛ насіў ужо чыста сімвалічны характар. Усё часцей раздаваліся галасы аб скасаванні ВКЛ як палітычнага суб'екта Рэчы Паспалітай. І адной з найважнейшых падстаў выходзіць з такімі патрабаваннямі з'яўлялася амаль поўная адсутнасць сярод прывіліяваных, уплывовых у Княстве людзей, хоць у чымсьці адрозных ад этнічных палякаў паводле сваёй культуры, рэлігіі і мовы. Сёння беларускае грамадства паўтарае гэтую заганную, небяспечную практыку, толькі ўжо праз засваенне і распаўсюджванне не польскіх, а рускіх культурна-моўных стандартаў. Вынік жа будзе той самы: страта этнічнай асобнасці і дзяржаўнага суверэнітэту. І чакаць такога трагічнага зыходу давядзецца нядоўга, бо ў Рэспубліцы Беларусь махавік дзяржаўнай палітыкі русіфікацыі працуе бесперапынна на поўную моц.
***
Стала традыцыяй вельмі заганная практыка ставіць дыягназ беларускай мове асобамі, якія ёю не валодаюць і не карыстаюцца. І што найбольш дзіўна, такую ролю ахвотна бяруць на сябе і самыя высокія палітыкі. Яны ніяк не хочуць уступаць у гэтым чужынцу нашай зямлі, выхадцу з Краснадарскага краю, першаму сакратару ЦК КП(б)Б Панцеляймону Панамарэнку (прысланы Масквою ў 1938 г.), які, упершыню пачуўшы мову яе карэннага насельніцтва, прыйшоў у жах, убачыў у ёй нейкія праявы архаізму і прасіў у лісце да Іосіфа Сталіна дапамогі выкараніць з лексікі беларускай літаратурнай мовы найбольш адмысловыя яе словы і выразы. І іх бязлітасна выкаранялі, замяняючы рускімі, чым прычынілі вялікае калецтва беларускай мове, зрабілі яе з дапамогай гора-філолагаў, супрацоўнікаў рэдакцый газет і часопісаў, выдавецтваў нейкім злепкам з рускай. І сёння многія з іх нічога так не баяцца, як сапраўднага беларускага слова і выразу, аддаюць перавагу толькі таму, што адначасова сустракаецца ў беларускай і рускай мовах, чым толькі наносіцца страшэнны ўдар па самабытнасці, арыгінальнасці першай.
***
Сустракаюцца зусім не шараговыя асобы, якія вельмі высока цэняць дасягненні чыноўніцкага апарату і падначаленых яму ідэолагаў па ўкараненні ў практыку вынікаў майскага рэферэндуму 1995 г. Ім у асаблівую заслугу ставяць адсутнасць усялякага супраціву з боку беларусаў, нягледзячы на рэзкае звужэнне сацыяльнай ролі іх роднай мовы пасля таго рэферэндуму, даючы яму самую высокую прававую ацэнку. А галоўная прычына такога «поспеху» ― франтальная адлучанасць беларусаў не толькі на той час, але і раней ад роднай мовы, крайне нізкі ўзровень іх нацыянальнай самасвядомасці. Не сумняваюся, ні што іншае, як толькі не аднаго стагоддзя дзяржаўная асімілятарская палітыка на нашай зямлі так істотна не дапамагала чынавенцтву, ідэолагам схіліць сваіх грамадзян здзейсніць падчас рэферэндуму сапраўдны рытуал камікадзе над беларускай нацыяй, бо са стратай роднай мовы немінуча надыходзіць этнічнае сканчэнне народа. Калі б, скажам, у Францыі, Нямеччыне ці ў нашай заходняй суседкі Польшчы знайшліся нейкія авантурысты і задумалі правесці аналагічны нашаму майскаму рэферэндум, іх самі людзі чвартавалі б або пасадзілі б на кол. З адарванымі ўжо не ў першым пакаленні ад роднай мовы беларусамі ўсё можна з ёю зрабіць, нават цалкам выкінуць з усіх сфераў дзейнасці чалавека і гэтым самым угробіць яе.
***
Не так па недасведчанасці, як з выключна ідэалагічных матываў, і сёй-той з прадстаўнікоў элітарнай часткі беларускай інтэлігенцыі як раней, так і цяпер не лічыць патрэбным сказаць народу ўсю праўду пра тую пагрозу, якую нясе яго лёсу празмернае ўжыванне рускай мовы ў грамадскім жыцці. З такой з'явай, мо і можна было б мірыцца, а бо нават і радавацца, каб толькі яна не адбывалася за кошт адпаведнага звужэння функцыянальнага патэнцылу беларускай мовы. Але мовы не могуць гарманічна функцыянаваць на адной і той жа тэрыторыі. Яны могуць жыць толькі за кошт адна адной, часам даводзячы якую-небудзь з іх да смерці. Думаецца, пра гэта вельмі добра ведаў і пісьменнік Кандрат Крапіва, аднак нягледзячы ні на што пісаў: «…Руская мова стала другой роднай мовай усіх народаў Савецкага Саюза (зусім бяздоказнае сцвярджэнне! ― Л. Л.) і тым больш для нас, бо яна прыходзіцца роднай нам і па паходжанню (??? ― Л. Л.). Адгэтуль нашыя асаблівыя адносіны да рускай мовы». Не, шаноўны Кандрат Крапіва, не адгэтуль. З'ява гэтая найбольш складаная, чым як яна выкладзена Вамі. Аўтарытэт Кандрата Крапівы заўжды быў вельмі высокім у грамадстве, таму лішнім было б тлумачыць, колькі ён збіў з панталыку беларусаў такімі словамі. А як ахвотна за іх чапляліся бальшавіцкія ідэолагі, каб апраўдацца перад народам за правядзенне мэтанакіраванай русіфікацыі яго! Не мог не выкарыстаць прыведзенай вышэй цытаты Кандрата Крапівы і міністр асветы БССР Міхаіл Мінкевіч у кнізе «Образовательная школа Белорусской ССР на современном этапе» (Мн., 1978. С. 30), бо на той час руская мова ўладарна панавала ў педагагічным працэсе ўсіх тыпаў навучальных устаноў Беларусі, таму трэба ж было спасылкай на аўтарытэт любімага песняра і вядомага навукоўца апраўдаць гэтую шкодную практыку.
***
Я нікога не здзіўлю, калі скажу, што не толькі сёння, але ўжо і шмат часу да гэтага, для абсалютнай бальшыні палітыкаў, не выключаючы і дэпутатаў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, а таксама для пераважнай часткі інтэлігенцыі беларуская мова ― гэта мова мёртвая. Толькі, вось бяда, пра гэта яны не адважваюцца публічна заявіць свайму народу і зведваюць немалую радасць, калі і іншыя яго пласты выказваюцца аб непатрэбе ствараць якія-небудзь спрыяльныя ўмовы для аднаўлення сацыяльных функцый роднага слова, паколькі з выкананнем іх паспяхова спраўляецца багатая руская мова. Баюся, што міне крыху часу, і людзей выведуць на чарговы антынацыянальны рэферэндум, каб атрымаць ад іх згоду на поўнае вывядзенне беларускай мовы з грамадскага жыцця з тым, каб вызваліць высокае начальства ад усялякага дыскамфорту з-за невалодання ёю.
***
Беларусы, што па самых розных прычынах засталіся па-за роднай мовай, нагадваюць выкінутую на бераг рыбіну ці выкарчаванае з коранем дрэва. У такіх умовах і першай, і другому выжыць немагчыма.
***
Усе народы, што па розных прычынах гублялі родную мову, непазбежна станавіліся будаўнічым матэрыялам, гноем для тых этнічных супольнасцяў, мовай, а значыцца і культурай, якіх яны пачыналі карыстацца. Думаю, ад такога злавеснага лёсу вельмі цяжка, а хутчэй за ўсё немагчыма будзе ўхіліцца і беларусам.
***
Яшчэ ніколі беларускамоўнае бескультур'е палітыкаў і інтэлігенцыі не знаходзілася на такім ўздыме, як сёння. Вось чаму радыё- і тэлежурналісты ў час сваіх перадач асмельваюцца звяртацца на беларускай мове толькі да міністра культуры і пісьменнікаў, што пішуць на нацыянальнай мове нашай краіны.
***
У нас ужо даўно выразна склалася такая традыцыя: што самай абыякавай да нацыянальнай ідэі і найбольш прыхільнай да прарускай арыентацыі (аж да непрызнання неабходнасці мець уласную суверэнную дзяржаву!) з'яўляецца акурат тая частка беларускага народа, якая ў значнай ступені ўжо завяршыла пераход ад роднай мовы да рускай. Усе без выключэння дзяржаўныя рэжымы, што панавалі і пануюць на Беларусі ад моманту далучэння яе да Расіі, вельмі моцна садзейнічалі і садзейнічаюць такому пераходу з тым, каб не даць сфармавацца ў беларусаў здаровай нацыянальнай самасвядомасці, зусім заканамернага для кожнага цывілізаванага народа жадання мець сваю ўласную суверэнную дзяржаву. Спробы ж зрабіць абыякавым да апошняй беларуса, што трывала стаіць на нацыянальным падмурку, не выракся матчынай мовы, і раней, і цяпер не прыносяць ніякага поспеху асімілятарам. Гэта яшчэ раз даказвае, якая магутная незалежніцкая сіла заключана ў роднай мове.
***
Няведанне роднай мовы ёсць самая важкая прычына цалкам усвядомленага адыходу людзей ад сваёй нацыянальнасці і далучэння да таго народу, мовай якога яны сталі карыстацца. Гэтая азбучная ісціна вядомая даўно практычна кожнаму адукаванаму чалавеку, не кажучы ўжо пра добра дасведчаных палітыкаў. Таму, калі толькі ў іх узнікаюць каварныя планы асіміляцыі недзяржаўных народаў (а ў Беларусі нават свайго тытульнага!) з мэтай стварэння адзінай аднароднай у этнакультурным плане грамадскай супольнасці краіны, улада ў першую чаргу робіць захады па пазбаўленні іх моваў сацыяльных функцый.
***
Шмат якія народы стагоддзямі жылі без уласнай дзяржавы, будучы пакораны ворагам. Але тыя з іх, што захавалі родную мову, не зніклі з аблічча зямлі, а многія нават змаглі пры спрыяльных варунках адрадзіць ці нанова стварыць собскія дзяржавы. Прыклады такія вельмі лёгка адшукаць і ў славянскай супольнасці народаў, у кожнага з якіх беларусы могуць многае запазычыць з практыкі, як трэба шанаваць родную мову. Гэта ж вялікая недарэчнасць, што ў названай этнічнай супольнасці толькі адны беларусы маюць дзяржаву, больш скіраваную на выкарыстанне чужой рускай мовы, чым уласнай.
***
Дух беларускасці, які ўнутрана так уласцівы карэнным жыхарам нашай зямлі, не заўсёды характэрны дзеянням многіх палітыкаў сваёй ці чужой гадоўлі. Шматкроць пацверджана практыкай, што ён у стане рабіць здаровымі беларускімі нацыяналістамі і многіх этнічна не прыналежных да тытульнага насельніцтва асобаў. Паказальны прыклад гэтаму ― навучэнец 1-га курса Мінскага архітэктурна-будаўнічага тэхнікума Андрэй Шулаеў. Сваім з'яўленнем у 1981 г. на свет у цэнтры беларускай зямлі ― Мінску павінен дзякаваць прадзеду Васілю Папову. Ураджэнец Разаншчыны, ён у 1928 г. уладкоўваецца працаваць прафесарам Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. На новай для сябе радзіме хутка становіцца буйным вучоным у галіне геадэзіі. Ужо да вайны з Германіяй атрымаў званне члена-карэспандэнта Акадэміі навук БССР, а ў 1950 г. ― акадэміка. Такую зямлю з яе адметнымі гісторыяй, культурай і мовай усёй душой і сэрцам палюбілі нашчадкі В. Папова. Вось таму вышэйзгаданы яго праўнук Андрэй свае здольнасці ў паэзіі праяўляе ў беларускай мове. Як гэта ў яго атрымліваецца, можна пазнаёміцца, прачытаўшы ў газеце «Голас Беларуса» (1999, № 5, сакавік) верш «Смутак і надзея».
***
Сёння ў сферы адукацыі робіцца нямала ― і даволі прадуктыўна ― па авалодванні маладымі пакаленнямі замежнымі мовамі. Гэта, вядома, ― плюс. Вось толькі бяда, што родная мова не ў пашане ў дадзенай сферы. У нас не хочуць пагадзіцца з тым, што можна валодаць і дзесяцю мовамі, але калі не валодаеш роднай, не лічы, што ты сваімі творчымі набыткамі на гэтых мовах садзейнічаеш, узбагачаеш нацыянальны культурны патэнцыял свайго народа. На яго адной роднай мове ты зробіш больш для нацыянальнай культуры Бацькаўшчыны, чым на ўсіх чужых, якімі ўдалося авалодаць. У перыяд, калі мы знаходзіліся ў складзе Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі, у нас хапала таленавітых вучоных, пісьменнікаў, кампазітараў, мастакоў, але ўсе яны, за рэдкім выключэннем, працавалі на карысць культуры тытульных народаў гэтых дзяржаў, толькі не сваёй Бацькаўшчыны, таму з такім бедным духоўным патэнцыялам яна закончыла XVIII―ХІХ стст. Нямала талентаў беларускага народа працавала па-за межамі нацыянальнай культуры і ў ХХ ст., у выніку чаго і па сённяшні дзень не знікла рэальная пагроза яго асіміляцыі. Вярнуць сучасных беларусаў з чужой культуры і мовы на родную ніву ― гэта найважнейшая задача дзяржавы, асноўны абавязак усяго грамадства і найперш самой інтэлігенцыі, інакш наша культура канчаткова згубіць сваю нацыянальную самабытнасць, выпадзе з той нішы, якую ёй адвяла сусветная цывілізацыя. Не сумняваюся, што для беларусаў куды больш прэстыжней вярнуцца да сваіх прыродных культурна-моўных асноў, чым, паразітуючы на чужым, апынуцца ў становішчы дыназаўраў.
***
Народы хваляцца адзін перад адным прыгажосцю, багаццем роднай мовы. Відаць, каб беларусам удалося ўступіць у такую размову, трэба было б хваліцца чужой рускай мовай, бо роднай, за рэдкім выключэннем, не валодаюць. Во да якой моўнай галечы давялі народ чужыя і сваёй гадоўлі палітыкі, падтрыманая імі інтэлігенцыя!
***
У першыя год-два пасля майскага рэферэндуму 1995 г. вельмі модным было гаварыць і пісаць пра перавагі афіцыйнага беларуска-рускага двухмоўя. Высокія палітыкі не стамляліся заяўляць, што беларусы стануць ці не адзінай у Еўропе нацыяй, якая ў роўнай ступені будзе валодаць і размаўляць як на роднай, так і рускай мовах. Праўда, канкрэтных крокаў у гэтым кірунку не рабілася. Відаць, не верылі ў рэальнасць такой задумы. Аўтар гэтых радкоў стаіць на такой пазіцыі: што б мы не гаварылі пра перавагу двухмоўя, але калі адна частка беларусаў у афіцыйным жыцці будзе карыстацца сваёй роднай мовай, а другая ― рускай, з нас ніколі не атрымаецца адзінага маналітнага народа. У такой страшнай сітуацыі апынуўся б любы народ. Пачні з заўтрашняга дня на дзяржаўным узроўні ўводзіць сярод рускіх кітайскую мову ці сярод немцаў ― французскую, дык і яны праз 50―100 гадоў вельмі цьмяна будуць уяўляць сябе аднароднай этнакультурнай супольнасцю, бо іх дазвання раз'есць моўная дыферэнцыяцыя. Таму марныя спробы і спадзяванні прасякнутых чадам афіцыйнага двухмоўя палітыкаў і інтэлігенцыі скансалідаваць беларускую нацыю праз дзве дзяржаўныя мовы. Такое дасягаецца на базе толькі адной дзяржаўнай мовы. Удумайцеся, як гэта выдатна разумеў яшчэ ў 1833 г. віленскі губернатар князь М. Даўгарукаў, склаўшы такога зместу данясенне на імя расійскага імператара Мікалая І: «Ва ўсе часы ва ўсіх краінах свету мова заўжды была і будзе непасрэдным сродкам урада дзеля дасягнення ўсемагчымых відаў і намераў. Агульнае выкарыстанне мовы (маецца на ўвазе адной. ― Л. Л.) неадчувальна абмірае рознародныя плямёны яе, вынішчае народныя перакананні, зацямняе самыя паданні колішняй варожасці, сцірае ўспаміны пра паходжанне і, нарэшце, злівае ўсе чужыя плямёны ў адзін народ» 1. Дзвюма ці большай колькасцю моваў такога этнічнага эфекту не дасягнеш. Вось чаму нам так дазарэзу, як і ўсім іншым народам, патрэбна адна дзяржаўная мова. Дзякаваць богу, выбіраць ёсць з чаго. Лягчэй, зразумела, спыніцца на рускай, паколькі практычна адна яна абслугоўвае сёння ўсё наша дзяржаўна-палітычнае, эканамічнае і ў значнай ступені ― культурна-асветніцкае жыццё. Зацвярджэнню рускай мовы ў якасці адзінай дзяржаўнай садзейнічае і знешні фактар: ад Расіі будзем мець шматбаковую падтрымку. Толькі вось бяда, што такому кроку нельга знайсці аніякага апраўдання. Свет не ведае такога, каб народ сваю родную мову дабраахвотна выкінуў на сметнік, а нейкую іншую ўзвёў на п'едэстал дзяржаўнай. Мо пашукаць нам апраўдання ў выгнанні роднай мовы з афіцыйнай сферы ў якой-небудзь надуманай павальнай хваробе людзей, спаслаўшыся на Чарнобыльскую катастрофу? Так гэта ці не так, але нам абавязкова трэба дасканала разабрацца, адшукаць рэальную прычыну моўнага генацыду беларусаў, каб добра ведаць у твар яго галоўнага віноўніка.
***
У нашым нялёгкім, супярэчлівым жыцці, калі за родную мову трэба змагацца не з чужой, а з уласнай уладай, усё ж іншым разам з'яўляюцца прыкметы, што даюць надзею на паляпшэнне сітуацыі. Радуе, што такія прыкметы часта падаюць яшчэ зусім юныя людзі, якія, насуперак цалкам стратнай дзяржаўнай моўнай палітыцы, татальнай адарванасці людзей ад роднага беларускага слова, выдатна разумеюць ролю гэтага нацыянальнага духоўнага скарбу і гатовыя аддаць усе свае сілы дзеля яго захавання і прымнажэння. У якасці вартага перайманню прыкладу прывяду словы школьніка Ігара Землякова: «Мне чатырнаццаць гадоў, але я добра ўсвядоміў, што нельга далей без мовы. Я без беларускай мовы нішто. Згубіць яе для мяне азначае скончыць жыццё самагубствам» 1. Лішнім было б тлумачыць, якую велізарную карысць прынёс бы беларускай справе чалавек аналагічных поглядаў, калі б ён стаў за стырно кіравання дзяржавай ці хаця б на худы канец сеў у крэсла міністра народнай адукацыі, узначаліў дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі, Нацыянальную акадэмію навук.
***
Самай адметнай візіткай, самым важным асабовым дакументам кожнай нацыі з'яўляецца мова, якая абслугоўвае яе не толькі афіцыйнае, але і прыватнае жыццё. Менавіта таму нацыю прынята вызначаць найперш за ўсё па яе мове. Каб гэта было не так, ніхто сёння не атаясамліваў бы Беларусь з Расіяй, а беларусаў з рускімі. Ледзь не франтальны пераход беларусаў на рускую мову, што з'явілася вынікам шматгадовай палітыкі русіфікацыі, дае падставы дзяржаўным дзеячам нашай краіны і іх апалагетам заяўляць, што беларусы ― гэта адзіны з рускімі народ.
***
Непазбежнасць поўнага заняпаду беларускай мовы пры той нацыянальнай палітыцы, што па волі партыйнага Цэнтра ў Маскве праводзіла цалкам залежная ад яго КПБ, прадбачылася многімі, асабліва майстрамі мастацкага слова. Супрацьстаяць выпрацаванаму КПСС курсу на збліжэнне і зліццё культуры і моў савецкіх нацый і народнасцяў не магла аніякая грамадская плынь. Нацыянальна-патрыятычныя колы беларускага грамадства заставаліся проста нямымі сведкамі тых культурна-моўных асіміляцыйных працэсаў, бо існавала вялікая небяспека для кожнага за ўмяшанне ў іх. І ўсё ж пэўныя крокі рабіліся, каб дапамагчы людзям выбраць правільны шлях дзеля выратавання ад дэнацыяналізацыі. Вось як гэта выклала магутнай волі, багатага літаратурна-мастацкага таленту, добра вядомая на Беларусі прадстаўніца жаночай паловы яе жыхарства Ларыса Геніюш (1910―1983):
Сёння на пласе родная мова,
Вырваць жывую належыць з агню,
Слова «кахаю» ― тут слабае слова,
Мужнае слова ― «абараню».
Але як яе можна было абараніць у той экстрэмальнай сітуацыі?
***
Родная мова ёсць сапраўдны індыкатар нацыянальнага здароўя як нацыі ў цэлым, так і паасобных яе індывідаў. Як бы мы ні кляліся ў сваёй адданасці беларускасці, па-за беларускай мовай гэта найчысцейшай вады хлусня.
***
Калі з дапамогай ідэалагічнай апрацоўкі збіць натоўп з панталыку, ён выступіць не толькі супроць роднай мовы, але і самога Бога. У Евангеллі зафіксавана, як раз'юшаны народ разам з першасвяшчэннікам рашуча адхілялі запэўніванні Пілата аб невінаватасці Ісуса і крычалі: «смерць Яму!.. раскрыжуў, раскрыжуў Яго!» (Евангелле ад Лукі, раздзел 23, артарт. 18, 21). Таму не будзем абвінавачваць беларускі народ, што ён у час майскага рэферэндуму 1995 г. зрабіў тое, што ў яго выпрошвалі нашыя палітыкі і адданыя ім ідэолагі. Да іх можна звярнуцца з такімі словамі, якімі мовіў да народа, першасвяшчэннікаў і начальнікаў з Лобнага месца раскрыжаваны Ісус: «Ойча! Даруй ім; бо не ведаюць, што робяць» (арт. 34).
***
Народам, што страціў родную мову, няхай сабе і па чужой волі, вельмі лёгка манеўраваць пры вырашэнні любога пытання, якое датычыць яго культуры, адукацыі. Гэта добра ведалі нашы адраджэнцы яшчэ на пачатку мінулага стагоддзя. Адзін з самых вядомых з іх Язэп Лёсік пісаў: «…без мовы, без роднага слова, народ, як тоя быдля, з якім робяць, хто што хоча. Пад гумар жартуюць, а ў злосьці катуюць» 1.
***
Пазбавіўшы беларускую мову магчымасці абслугоўваць такія элітарныя сферы, як навука, вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы, дзяржава, хацела яна таго ці не, вельмі добра паспрыяла застою, заняпаду і самой мовы. Відаць, ніхто з нашых палітыкаў і вельмі мала хто з інтэлігентаў ведаў, што наконт гэтага некалі сказаў польскі паэт беларускага паходжання Адам Міцкевіч: «…амаль усе заходнееўрапейскія мовы развіліся ў выніку напружанай разумовай дзейнасці» 1. У беларускай мовы такую дзейнасць практычна цалкам забралі, даверыўшы яе чужой рускай мове.
***
Здаўна цылівізаваныя народы лічаць за непахіснае правіла забяспечваць свае родныя мовы ўсім аб'ёмам сацыяльных функцый. І гэта вельмі разумны падыход, бо ці ж будзе мова багатай, усебакова развітой, калі яна не абслугоўвае палітычную, адміністрацыйна-гаспадарчую сферы, адукацыю, навуку, культуру. Ва ўсіх іх ёсць адметная тэрміналогія, у большай ці меншай ступені спецыфічны лексічны склад. У Рэспубліцы Беларусь мова тытульнай нацыі пакуль што выкарыстоўваецца ― дый-то толькі ў крайне мізэрных аб'ёмах ― у адукацыі, навуцы і культуры, таму наш народ гэтак кепска валодае родным словам. З такім становішчам ніяк нельга мірыцца ― інакш загінем, як шведы пад Палтавай. У многім магло б дапамагчы пераадолець гэты недахоп пабудаваная на роднай мове музычна-песеннае мастацтва, да якога ва ўсе часы цягнуцца шырокія пласты грамадства і асабліва моладзь. Чуць і самім падпяваць беларускамоўным выканаўцам ― ці не самы гэта эфектыўны сродак рухаць роднае слова ў людзі? Мы ж у такіх варунках яго не выкарыстоўваем. Думаю, не шкодзіла б на сценах усіх памяшканняў музычных тэатраў, а таксама на будынках, адкуль у эфір нясуцца вакальна-музычныя перадачы, павесіць хоць па адной шыльдачцы з праўдзівымі крылатымі словамі нашага выдатнага нацыянальна-культурнага адраджэнца Францішка Багушэвіча: «Той люд жыве, хто свае песні мае». У плане маёй гаворкі да слова «мае» вельмі дарэчы яшчэ дадаць: слухае і спявае. На жаль, такой магчымасці мала даюць народу музычныя тэатры, афіцыйныя радыё і тэлебачанне.
***
З усіх пражытых аўтарам гэтых радкоў гадоў самы лепшы ўспамін пакінулі ў яго тыя, што прыпалі на канец Гарбачоўскай перабудовы і першыя пяць гадоў суверэннага развіцця Рэспублікі Беларусь. За гэты параўнальна кароткі тэрмін яе перадавыя станы грамадства здзейснілі каласальную працу па вяртанні беларускай мовы ва ўсе сферы дзейнасці людзей. З'явілася поўная ўпэўненасць у рэальнасці нацыянальна-культурнага адраджэння беларускага народа, які ў даперабудовачны час так пакорліва крочаў да сваёй этнічнай смерці на радасць бальшавіцкім ідэолагам з іх вар'яцкай тэорыяй аб збліжэнні і зліцці савецкіх нацый і народнасцей. Аднак хутка высветлілася, што ў такога прагрэсіўнага нацыянальна-адраджэнскага руху беларусаў мелася вельмі шмат праціўнікаў сярод уплывовых колаў грамадства і галоўнае з ліку тых, што знаходзіліся на самых высокіх пасадах у дзяржаўных органах улады і кіравання. З дапамогай адданых, залежных ад іх катэгорый інтэлігенцыі яны і вывелі ў маі 1995 г. вялікія масы людзей на хітра задуманы рэферэндум. Што пасля яго, як і раней, толькі руская мова будзе пануючай у нашай краіне, бальшыня людзей зразумела гэта яшчэ да пачатку новага 1995/96 навучальнага года. Істотна дапамагла ім у гэтым і дадзенае зверху кіраўнікам агульнаадукацыйных школ указанне будаваць моўны рэжым педагагічнага працэсу, зыходзячы выключна толькі з пажаданняў бацькоў дзяцей, а не нацыянальных інтарэсаў усяго беларускага народа.
Тое, што адбылося і адбываецца пасёння з беларускамоўным навучаннем у агульнаадукацыйных школах пасля майскага рэферэндуму 1995 г., супастаўна з рабаваннем моцна прыкутага да бальнічнага ложка хворага чалавека. Калі нам і патрэбен быў моўны рэферэндум, дык толькі для таго, каб умацаваць, а не аслабіць і без таго хісткія пазіцыі роднага слова беларусаў у сістэме адукацыі. Яны (пазіцыі) былі зусім не такімі, як іх выводзяць з удзельнай вагі беларускамоўных класаў і школ, бо ў іх далёка не ўсе прадметы вяліся на нашай нацыянальнай мове. Не стала яна галоўным сродкам і ў выхаваўчай пазашкольнай працы. Таму для з'яўлення страху, што Беларусь, нібыта дзякуючы пранікненню сваёй роднай мовы ў навучальна-выхаваўчы працэс агульнаадукацыйнай школы рашуча стала на шлях нацыянальна-культурнага Адраджэння, не было аніякіх падстаў ні ў дзяржаўных палітыкаў, ні ў выхаванай на рускіх культурна-моўных традыцыях педагагічнай інтэлігенцыі. Адкрытае супраціўленне яе (асабліва самых элітарных пластоў) беларусізацыі школы ніколі не перастане здзіўляць шчырых адраджэнцаў, ніколі не будзе падтрымана нацыянальна свядомымі коламі беларускага народа.
***
Адсутнасць сапраўды прыроднага, нацыянальнага ў жыцці сучаснай Беларусі, відаць, і тлумачыць з'яўленне такіх вершаваных слоў у Яўгена Гучка:
А мо ты ― толькі абалонка?
А мо цябе зусім
Няма? 1
***
Памылкова думаць, што тое, чым сёння так моцна заклапочаны нацыянальна зарыентаваныя колы беларускага грамадства, ніколі не непакоіла іншыя народы ў мінулым ці цяпер. Тут мы не адзінокія. Давайце прыгадаем XVIII ― першую палову ХІХ ст. у культурным жыцці рускага народа, калі многія верхнія пласты яго выракаліся роднай мовы, вучылі дзяцей грамаце на замежных мовах: нямецкай, а пазней на французскай. Праўда, гэтая з'ява захапіла толькі верхавіну грамадства і не апусцілася да нізоў, якія заставаліся адданымі сваім духоўным традыцыям. Але ўсё ж і пры такім становішчы руская культура панесла вялікія страты. Не без болю пісаў Аляксандр Пушкін: «Вучонасць, палітыка і філасофія яшчэ па-руску не выказваліся: метафізічнай (абстрактнай, навуковай. ― Л. Л.) мовы ў нас зусім не існуе». Затым усё з'явілася ў рускіх. Пры належным старанні дзяржавы, якую абавязкова падтрымае народ, і беларуская мова магла б стаць рабочай у самых элітарных сферах дзейнасці чалавека.
***
Не выключана, што і ў мінулым і сёння не знайсці пісьменніка, які хоць бы разок не вызначыў свайго асабістага і людскога дачынення да беларускай мовы. Несумненна, такое тлумачыцца велізарнай любоўю, павагай да яе. Але не толькі. Гаварыць пра родную мову вымушаюць яшчэ да крайнасці абмежаваныя рамкі афіцыйнага выкарыстання апошняй, што непазбежна закончыцца поўным заняпадам яе, а таксама пагардлівае стаўленне да гэтай неацэннай духоўнай каштоўнасці і многіх з тых, на кім ляжыць абавязак даражыць ёю больш за ўсё на свеце.
***
Пра негатыўнае стаўленне прэзідэнта краіны А. Лукашэнкі да беларускай мовы народ добра ведаў намнога раней, чым як ён стаў палітычным лідэрам краіны. Гэта ўжо ў поўную меру выявілася падчас яго частых спрэчак з фронтаўскай апазіцыяй (выступала толькі па-беларуску) на сесіях Вярхоўнага Савета Беларускай ССР 12-га склікання. Ведучы палеміку з фронтаўцамі, ён таксама ўжываў паасобныя беларускія словы і выразы, але толькі з адной адзінай мэтай: падаць іх у скажонай форме ў жаданні выклікаць смех у рускамоўнай часткі дэпутатаў. Таму ў народа не магло не выклікаць здзіўлення, калі прэзідэнт, даючы клятву на вернасць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, прамаўляў па-беларуску.
Пазней у сваіх публічных выступленнях А. Лукашэнка вельмі рэдка карыстаўся беларускай мовай, а затым і зусім адцураўся ад апошняй. Каб апраўдаць такое, тлумачыў яе недасканаласцю, няздольнасцю перадаць складаныя рэчы, якімі так багатае сучаснае жыццё. Чыноўніцкі апарат адразу ж адрэагаваў на такое негатыўнае стаўленне А. Лукашэнкі да беларускай мовы. Калі паводле прынятага 26 студзеня 1990 г. Закона «Аб мовах у Беларускай ССР» адзінай дзяржаўнай мовай прызнавалася толькі беларуская і рабіліся пэўныя крокі па рэалізацыі гэтага лёсавызначальнага артыкула, праўда, пры моцным супраціўленні зрусіфікаваных чыноўнікаў і прадстаўнікоў інтэлігенцыі, дык пасля сумнай памяці майскага рэферэндуму 1995 г. мова тытульнага народа краіны зусім выпала з-пад увагі ўладных структур. Да чаго гэта прывяло яго, добра ведае кожны з нас.
***
Афіцыйнае ці міжасобаснае двухмоўе не можа служыць этнічнай кансалідацыі беларускай нацыі. Моц яе толькі ў сваёй роднай беларускай мове. Калі мы і сапраўды жадаем выратаваць беларускі народ ад русіфікацыі, трэба зрабіць яго родную мову адзінай дзяржаўнай у краіне, прычым неадкладна, бо разбуральныя асіміляцыйныя працэсы зайшлі вельмі далёка, дзеля спынення якіх патрэбныя велізарныя высілкі ўсіх нацыянальна-самасвядомых пластоў беларускага грамадства.
***
Нямое ў сваёй роднай мове грамадства ― гэта не нацыя, а проста насельніцтва пэўнай тэрыторыі, якому наканавана стаць крыніцай папаўнення колькаснага складу суседніх народаў. З такога насельніцтва суседзям вельмі лёгка гнуць дугі і віць вяроўкі.
***
Калі б мы і штотыдня ўрачыста, з удзелам велізарнай колькасці людзей праводзілі Дзень беларускага пісьменства, але ў грамадскім жыцці не выкарыстоўвалі роднага слова, усё роўна яго не ўдалося б выратаваць ад заняпаду, поўнага знікнення. Каб жыла мова, яе трэба ўвесці ва ўсе сферы дзейнасці чалавека.
***
Сёння наўрад хто-небудзь з разумных, разважлівых людзей не пагодзіцца з тым, што беларускі народ падзелены на дзве часткі: беларускамоўную (меншыня) і рускамоўную (бальшыня). Шмат часу і намаганняў спатрэбілася на гэта, але, на вялікі жаль, такая трагедыя адбылася. Прывялі да яе чужыя яму палітычныя рэжымы. Працэс моўнага падзелу беларусаў асабліва інтэнсіўна распачаўся пасля таго, як адарваная ад беларускага нацыянальнага інтарэсу вышэйшая і сярэдняя спецыяльная школа з прычыны поўнага ігнаравання ёю роднага слова карэннага насельніцтва краіны, яго сапраўднай гісторыі стала будаваць навучальна-выхаваўчы працэс толькі на рускай мове. Пачатак гэтай заганнай практыцы паклалі адразу ж пасля заканчэння вайны з фашысцкай Германіяй.
***
І раней і сёння супраць надання беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай мовы ў краіне выступаюць людзі не толькі з дашчэнту пакалечанай нацыянальнай самасвядомасцю, але і нізкім узроўнем інтэлекту. Заўвага: наяўнасць у такіх асобаў дыплома аб заканчэнні ВНУ ці прысваенні навуковай ступені не бярэцца пад увагу, бо інтэлект ― гэта нешта больш істотнае, чым адукацыя.
***
Палітыкі, дзяржаўныя ідэолагі не спыняюцца ўсхваляць моўную сітуацыю ў краіне пасля рэферэндуму 1995 г. Лічаць, што дзякуючы яму беларуская нацыя з'яўляецца ў поўным сэнсе слова дзвюхмоўнай ― беларуска- і рускамоўнай. Хлусня ўсё гэта. Калі б сярод чыноўнікаў дзяржапарату правялі дыктоўку па беларускай мове, мала хто атрымаў бы нават «тройку», галоўным чынам таму, што службовае справаводства вядзецца па-руску. Кожны паасобку ўзяты народ не развіваецца ў рэчышчы двухмоўя. Гэтае пытанне хвалявала многіх тэарэтыкаў і грамадска-палітычных дзеячоў. Разважанні па ім знаходзім і ў працы Іосіфа Сталіна «Марксізм і нацыянальнае пытанне», напісанай у 1912―1913 гг. У ёй выказана цвёрдае перакананне, што «няма нацыі, якая б гаварыла адразу на розных мовах». І з гэтым нельга не пагадзіцца. Разнамоўнымі ў нацыі могуць быць толькі яе паасобныя індывіды, для якіх такая з'ява часцей за ўсё вынікае з прафесійных абавязкаў.
***
Вельмі небяспечнымі з'яўляюцца меркаванні, што каб не ўскладняць міжнацыянальных дачыненняў на Беларусі, варта пэўны нацыянальны статус надаць яе рускамоўнаму насельніцтву. Ёсць нават і такія тэарэтыкі ў галіне нацыянальнай палітыкі, якія схільны бачыць і ў саміх беларусах дзве самастойныя нацыянальныя групы: адна з іх беларускамоўная, другая ― рускамоўная. Падставай для ўзнікнення такога роду крыватолкаў служыць жаданне апраўдаць існаванне ў Беларусі афіцыйнага двухмоўя з-за пражывання на яе тэрыторыі нібыта звычайных самабытных нацый і беларусаў, што карыстаюцца рускай мовай.
***
Мне, як чалавеку сталага ўзросту, не з кніг, а з асабістага досведу добра вядома, як трашчалі, разбураліся нацыянальныя асновы культуры Беларусі, калі на ўсім абшары СССР разгарнулася барацьба за пабудову светлага, шчаслівага камуністычнага грамадства. У імя гэтай «вялікай гістарычнай» мэты КПСС мала лічылася з нацыянальнымі адметнасцямі ў культуры савецкіх народаў. Наша жыццё да такой ступені было нацыянальна выпусташаным, што зацікаўленасць да беларускасці часта не магла абудзіцца нават у людзей, здавалася б цесна, арганічна знітаваных з ёю. Затое нацыянальнае абуджэнне іншым разам магло адбывацца пад уплывам пэўных знадворных фактараў, да прыкладу, выпадковымі сустрэчамі і гутаркамі з літоўцамі, латышамі, грузінамі, азербайджанцамі і прадстаўнікамі іншых народаў, якія ў адрозненне ад беларусаў працягвалі неадчэпна трымацца сваёй роднай мовы, прычым ва ўсіх жыццёвых сітуацыях. Акурат нешта падобнае здарылася і ў жыцці добра вядомага на сёння беларускага кампазітара Валянціны Сярых. Як дачка вайскоўца, яна была вызвалена ў школе ад вывучэння роднай беларускай мовы. Вярнулася ж да яе і самастойна авалодала ў пачатку 80-х гадоў толькі пасля таго, як падчас вучобы ў аспірантуры ў маскоўскім інстытуце імя Гнесіных пабачыла, якое месца родная мова займала ў яе сябровак па вучобе латышак і ўкраінак. Шкада толькі, што такіх людзей, як Валянціна Сярых, і тады і цяпер у нас вельмі і вельмі мала.
***
Як і многіх занепакоеных працягам разбуральных працэсаў нацыянальнай асновы культурнай сферы ― мовы, мяне не пакідае думка: а дзе ж надзейнае выйсце з гэтага становішча? Не памылюся, калі скажу: яно ў самім палітычным цэнтры краіны ― Мінску, бо менавіта тут жывуць і працуюць самыя высокія дзяржаўныя дзеячы, сканцэнтравана краса беларускага народа ― інтэлігенцыя. Толькі ім падуладна вярнуць беларусам адабраную ў іх родную мову. Вёска ўжо ў гэтым не выручыць нас, як стагоддзі выручала. Нам трэба ўсяляк набліжаць не толькі фармальна, а і рэальна свой родны Мінск да культурна-моўнага становішча Масквы, Варшавы, Берліна, Парыжа, Рыма, Лондана… дзе людзі гавораць на розных мовах, выступаюць у ролі носьбітаў розных культур, аднак дзяржаўнымі мовамі, афіцыйнымі культурамі ў пералічаных гарадах-сталіцах з'яўляюцца адпаведна руская, польская, нямецкая, французская, італьянская, англійская. Дык жа быць і Мінску паводле ўсіх параметраў не сталіцай увогуле, а сталіцай з нацыянальнай культурай і мовай, г.зн. беларускай! Ніхто не абсмяе нас за гэта.
***
Нягледзячы на багатую гісторыю і культуру сучасны беларускі народ пад негатыўным знадворным уплывам з усходу, дапоўненым стратнай палітыкай нашых уладаў у сферы культуры, усё ж больш нагадвае сабой не дарослага чалавека, а дзіця, якое ўжо просіцца схадзіць па-малому і па-вялікаму, але яшчэ не ўмее гаварыць матчынаю моваю.
***
Родная мова кожнага народа з'яўляецца самым надзейным абаронцам яго ад шкодных вонкавых уплываў. Выяўляюцца ж яны не толькі праз рознага роду культурна-моўныя ўздзеянні на духоўнае жыццё той ці іншай краіны. Яна можа стаць і аб'ектам масавай міграцыі сюды людзей з нехарактэрнымі для яе (краіны) культурай і мовай. Калі народ не адышоў, трывала развіваецца паводле мваіх прыродных культурна-моўных традыцый, прыбыццё ў яго краіну мігрантаў - нават і ў значнай колькасці - рана ці позна закончыцца для іх асіміляцыяй. Такога ніколі не адбудзецца з імігрантамі ў сучасную Беларусь, бо яна ўжо не першы дзясятак гадоў знаходзіцца ў рускім культурна-моўным палоне. Гэта з зайздроснай настойлівасцю выкарыстоўваюць многія жыхары постсавецкай прасторы, дзе рускі фактар, няхай сабе не ў такой ступені, як у Беларусі, таксама глыбока і разгаліста запусціў у глебу свае карані. Людзі з той прасторы едуць да нас з добрым валоданнем рускай мовай, і многія ведаюць, што гэтага цалкам дастаткова, каб не зведаць на новым месцы нейкіх моўных нязручнасцяў. Ахвотна прымаюць такіх людзей і афіцыйныя ўлады, паколькі ва ўсёй сваёй практычнай дзейнасці яны абапіраюцца амаль выключна на рускамоўны масіў насельніцтва Беларусі. І хаця дзякуючы шматгадовай дзяржаўнай антынацыянальнай моўнай палітыцы такія масы павялічыліся да нечуваных маштабаў, лічаць, зусім не лішнім і яшчэ каго-небудзь дадаць да яго. У 2010 г., напрыклад, ён дзякуючы вонкавай міграцыі павялічыўся на 17,2 тыс. чалавек 1. Не думаю, што сярод іх мелася хоць з сотню носьбітаў беларускай мовы. Амаль поўнае вывядзенне чыноўніцкім апаратам роднага слова беларусаў з усіх сфераў жыццядзейнасці пазбавіла яго (слова) усялякай магчымасці выступаць у ролі абаронцы этнакультурнай самабытнасці гэтай славянскай зямлі ад знадворных уплываў.
***
Чым больш беларусаў страчвае, няхай сабе і па чужой злой волі, родную мову і пераходзіць на рускую, тым большая шкода прычыняецца нацыянальнаму інтарэсу. Калі на першым часе пасля такой моўнай трансфармацыі яе ахвяры яшчэ і ўсведамляюць повязь з бацькоўскай зямлёй, выказваюць пэўную зацікаўленасць да яе гісторыі, духоўных набыткаў, дык пазней усё гэта незваротна адыходзіць на задні план. Адлучэнцы ад матчынага слова, нават жывучы на радзіме сваіх продкаў, інтэгруюцца ў культуру таго народа, чыю яны прынялі мову. Наш вядомы філолаг-славіст, якадэмік Яўхім Карскі небеспадстаўна называў іх страчанымі для беларускага народа людзьмі. Калі пры жыцці гэтага навукоўца іх было сотні тысяч, сёння - мільёны. У такой бязрадаснай моўнай сітуацыі заставацца спакойнымі, бяздзейнымі могуць толькі цалкам адарваныя ад родных каранёў палітыкі і інтэлігенты. Іх жа ў нас легіён!
***
Зрусіфікаваным палітыкам, інтэлігенцыі суверэннай Рэспублікі Беларусь, як і іх папарэднікам, вядома ж, не хочацца трапіць пад непрыемнае азначэнне, што належыць рускаму пісьменніку, ураджэнцу Масквы Канстанціну Паўстоўскаму: «Человек равнодушный к родному языку, - дикарь», таму яны ўсяляк імкнуліся юрыдычна зрабіць рускую мову другой дзяржаўнай, каб затым спакваля навязаць не надта дасведчаным у мовазнаўчым пытанні людзям думку пра яе роднасць для беларусаў. Можна толькі пазайздросціць імпэту такіх архітэктараў моўнай палітыкі. Надаўшы дзякуючы хітра, старанна праведзенаму ў маі 1995 г. рэферэндуму рускай мове статус другой дзяржаўнай, кіраўніцтва краіны, адданыя яму афіцыйныя ідэолагі ўсё часцей пачалі публічна называць гэтую мову роднай для беларусаў, падкрэсліваць велізарны ўклад іх многіх пакаленняў у яе развіццё. Праўда, жаданага выніку не атрымалі. Народ паразумнеў. Разам з тым такое незаконнае прыпісванне рускай мове ярлыка «роднай» для беларусаў звонку падобнае на моўную экспансію нашых палітыкаў і ідэолагаў у дачыненні да сваёй суседняй краіны. І толькі, відаць, з прычыны зацікаўленасці і яе кіраўніцтва да ўзвядзення рускай мовы ў статус «роднай» для беларусаў (адкрываюцца найспрыяльныя варункі для іх канчатковай рускай культурна-імоўнай асіміляцыі) справа не дайшла і, думаецца, не дойдзе да суда над тымі, хто незаконна прысвойвае права называць сваёй рускую мову, будучы беларусам па нацыянальнасці.
***
Нацыянальна-адраджэнскія працэсы з вялікай цяжкасцю працякаюць нават і тады, калі яны актыўна падтрымліваюцца дзяржавай, створанымі з яе дазволу грамадскімі арганізацыямі і ў дадатак яшчэ асноўнымі для дадзенай краіны рэлігійнымі канфесіямі. У нас такога не назіраецца, за выключэннем дзвюх-трох грамадскіх арганізацый. Гэтым акурат і тлумачыцца, чаму нам з такой вялікай натугай удаецца падтрымліваць у сваім жыцці хоць штосьці нацыянальнае. Але трэба быць аптымістам, нястомным змагаром за беларускую ідэю, верыць, набліжаць час, калі ўсё ж рана ці позна скончыцца вялікі пост на нашу родную мову і на ёй загавораць і палітыкі, і вучоныя, і дзеячы культуры, і выкладчыкі вышэйшых, сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, агульнаадукацыйных школ, а разам з імі і ўвесь народ, імя якога - беларускі. Зусім не карэктна будзе, калі да яго нацыянальна-культурнага адраджэння выкажуць поўнае раўнадушша ўсе нашыя хрысціянскія канфесіі, тым больш, што з іх толькі ўніяцкая, не нясе аніякай адказнасці за асіміляцыю карэннага насельніцтва нашага краю. Рана ці позна ім трэба будзе разам з дзяржаўнымі структурамі сплочваць яму даўгі за свой уклад у прымусовую асіміляцыю. Нам трэба было б вызначыць самы трагічны дзень у гісторыі беларускай мовы і праводзіць адпаведныя гэтай даце мерапрыемствы. Я лічу, што прэтэндаваць на такую дату можа 14 мая, бо ў гэты дзень ў 1995 г. па ініцыятыве кіраўніцтва краіны праходзіў рэферэндум, вынікі якога дазволілі чыноўніцкаму апарату вывесці беларускую мову з усіх сфераў грамадскага жыцця і аддаць яго цалкам у рукі рускай мове. Трэба дамагацца ад уладаў, каб штогод у гэты трагічны для лёсу нашай нацыі дзень на абсягах усёй краіны праходзілі мітынгі - рэквіумы ў памяць і абарону беларускай мовы, каб у праваслаўных, каталіцкіх, пратэстанцкіх храмах адбываліся малебны ў гонар беларускай мовы. Выратаванне мовы - справа агульнанацыянальная, а не толькі якой-небудзь купкі адданых ёй людзей. Калі ў беларусаў яшчэ ёсць жаданне заставацца на планеце Зямля самабытнай нацыяй, трэба жыць не з чужой, а са сваёй мовай, як гэта робяць усе цывілізаваныя народы.
***
У сучаснай абсалютна безнадзейнай для беларускай мовы сітуацыі вельмі важна, каб людзі правільна ўсведамлялі рэальны стан русіфікацыі. Чакаць, што праўду пра яго скажуць афіцыйныя ўлады, ніяк не даводзіцца, бо гэта патрабавала б ад іх канкрэтных практычных дзеянняў па выратаванні беларускай мовы ад заняпаду і свядомым абмежаванні функцый рускай мовы па абслугоўванні нашага грамадскага жыцця. Таму ніколькі не здзіўляе, што праўды па моўнай праблеме не ўдалося пачуць і падчас правядзення 6-7 снежня 2010 г. IV Усебеларускага народнага сходу. Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка, справядліва зазначыўшы, што беларуская мова - гэта «важнейшы нацыянальны культурны здабытак», усё ж не асмеліўся сказаць, чаму яна выключана з усіх сфераў жыццядзейнасці чалавека. Проста дзіву даешся, чытаючы наступныя словы з выступлення галоўнага палітычнага кіраўніка: «Стагоддзямі склалася, што на нашай зямлі мірна і плённа ўжываюцца (толькі не ў сферы дзяржаўнай дзейнасці, адміністрацыйна-гаспадарчым службовым справаводстве, сістэме адукацыі і ў значнай ступені ў культуры. - Л. Л.) дзве роднасныя мовы, і дзякуй богу, што так склалася (ніводзін цвёрдай нацыянальнай арыентацыі беларус не скажа такога. - Л. Л.)… І ў далейшым ніякай гвалтоўнай беларусізацыі (гвалтам жа яе не ўводзілі і ні ў міжваенныя гады, ні ў канцы 80-х - пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя. - Л. Л.), роўна як і русіфікацыі (яна навязваецца беларусам і сучаснай дзяржавай праз мэтанакіраванае стварэнне ім умоў жыцця пераважна толькі паводле рускіх культурна-моўных стандартаў. - Л. Л.), у краіне не будзе». Не знаходжу адказу, чаму такую непраўдзівую ацэнку моўнай сітуацыі змясціла на сваіх старонках газета «Літаратура і мастацтва» (10.ХІІ.10 г.), хаця менавіта гэты перыядычны орган, як ніякі іншы, павінен быць зацікаўлены ў аб'ектыўным асвятленні дадзенага лёсавызначальнага для беларускага народа пытання?
Сусветная практыка дае процьму прыкладаў негатыўнага ўздзеяння афіцыйнага двухмоўя на лёсы народаў. Яно рана ці позна абвязкова заканчваецца поўнай перамогай адной з дзвюх моваў. У нас, калі карэнным чынам не змяніць дзяржаўную моўную палітыку, такую перамогу немінуча атрымае руская мова. Па-першае, за яе гарой стаіць сучасны дашчэнту зрусіфікаваны аграмадны чыноўніцкі апарат; па-другое, сёння маштабы выкарыстання яе ў грамадскім жыцці краіны ў тысячы разоў большыя, чым у беларускай мовы; па-трэцяе, з-за ледзь не франтальнай зрусіфікаванасці саміх этнічных беларусаў бальшыня іх будзе ўсяляк падтрымліваць захады ўладаў па захаванні панавальнага становішча рускай мовы ў краіне; па-чацвёртае, абмежаванню ў ёй сацыяльных функцый рускай мовы ўсяляк будуць супраціўляцца ўплывовыя палітычныя і інтэлектуальныя колы Расійскай Федэрацыі, якія ўсталяванае ў Рэспубліцы Беларусь афіцыйнае двухмоўе разглядаюць у якасці эталона для дзяржаў усёй постсавецкай прасторы.
Выратаваць беларускую мову, а разам з ёю і ўсіх яе носьбітаў ад этнічнай смерці можна толькі з дапамогай зарыентаванай на беларускую нацыянальную ідэю ўлады. Яна ў нас адсутнічае і не вядома ці будзе. Беларуская мова ў небяспецы!!!
Раздзел V. Дзяржаўная палітыка русіфікацыі ― галоўны фактар страты этнакультурнай самабытнасці беларусаў
Кожны народ можа дасягнуць сапраўднага духоўнага росквіту толькі на сваёй прыроднай нацыянальна-культурнай аснове. Калі ж нейкія сілы навяжуць яму чужую нацыянальна-культурную аснову, ён немінуча страціць сваю этнічную самабытнасць, перастае быць самім сабой. Ад такога злашчаснага зыходу не ўдалося ўхіліцца многім народам. У колішніх царскай Расіі, СССР народы пазбаўляліся свайго нацыянальнага «я» ў выніку мэтанакіраванай дзяржаўнай палітыкі русіфікацыі. Па яе віне дзясяткі народаў канчаткова адышлі ад уласных культурна-моўных традыцый і сталі будаваць жыццё ў адпаведнасці з рускімі стандартамі. Такія народы могуць адрознівацца ад рускага толькі сваімі антрапалагічнымі рысамі, малаістотнымі адметнасцямі ў звычаях, асаблівасцях быту, што пад уплывам глабалізацыйных працэсаў ужо не адыгрывае той ролі, як гэта было раней. Калі ў перыяд Расійскай імперыі ў выніку асімілятарскай палітыкі з этнічнай карты сыходзілі малаколькасныя народы, дык за савецкім часам такой палітыцы не ўдавалася як след супрацьстаяць і даволі шматколькасным этнасам. Неверагодна цяжка ім даводзіцца захоўваць сваю этнакультурную самабытнасць на сучасным этапе, бо дзяржаўную нацыянальную палітыку Расійскай Федэрацыі ніяк нельга назваць узважанай, дэмакратычнай. Улады моцна клапоцяцца, каб рускі фактар займаў дамінуючае становішча ў грамадскім жыцці і нацыянальных адміністрацыйных адзінак. Калі якойсьці з іх і ўдалося надаць сваёй мове нароўні з рускай статус дзяржаўнай, дык гэта хутчэй за ўсё толькі юрыдычна, чым рэальна. Без карэннага змянення нацыянальнай палітыкі Масквы ў нярускіх народаў Расійскай Федэрацыі практычна няма аніякіх шанцаў на захаванне саміх сябе ў якасці асобных этнасаў. Кожнаму з іх русіфікацыя ― каму раней, каму пазней ― рыхтуе бясслаўны канец. Законы жыцця ў поліэтнічных краінах, дый яшчэ пры стратнай дзяржаўнай палітыцы, вельмі жорсткія, з якімі цяжка саўладаць нават народам, што моцна трымаюцца, паважаюць свае спрадвечныя традыцыі. Недарма так рашуча рваліся і рвуцца на волю нятытульныя народы поліэтнічных дзяржаў і каму такое ўдаецца, дасягае, як правіла, сапраўднага духоўнага росквіту, не мае аніякага страху страціць сваю этнакультурную самабытнасць.
***
З русіфікацыяй страшэнна не пашчасціла беларускаму народу. Адкрыта, на ўзроўні самой дзяржаўнай палітыкі яна пачала праводзіцца ад першага падзелу ў 1772 г. Рэчы Паспалітай, калі ад яе далучылі да Расіі ладны абшар беларускай зямлі. Свой курс на русіфікацыю карэннага насельніцтва царскія ўлады і адданыя ім ідэолагі апраўдвалі неабходнасцю ачышчэння беларусаў ад навязанага яму польскага культурна-моўнага напластавання, што дапаможа арганічна ўліць іх у рускі народ, з якім у далёкія часы нібыта гадаваліся ў адной калысцы. Дзеля дасягнення гэтай пачварнай мэты праведзена каласальная праца, прычым не толькі чыноўніцкім апаратам, створанай ім на беларускай зямлі сістэмай адукацыі. Ніколькі не адставала ад іх і праваслаўнае духавенства рускага ўзору. На час скону царскай імперыі ніводзін народ яе еўрапейскай часткі не панёс такіх страт у сваёй этнакультурнай самабытнасці, як беларускі. Асабліва датычыць гэта жыхароў беларускіх этнічных земляў Смаленшчыны, Браншчыны, Пскоўшчыны і Чарнігаўшчыны.
Вялікія ахвяры пакінула русіфікацыя на беларускай зямлі ў гады існавання СССР. Яе народ лягчэй за ўсе астатнія было русіфікаваць таму, што яго яшчэ за царскім часам вельмі наблізілі да рускага па культуры, мове і веравызначэнні, чаго, да прыкладу, не скажаш пра азербайджанцаў, армян, грузінаў, малдаван і іншых неславянскіх народаў. З улікам панесеных беларусамі ад дзяржаўнай палітыкі русіфікацыі каласальных этнакультурных страт кніжным фондам нашых бібліятэк належала быць перапоўненымі літаратурай па дадзенай праблеме з тым, каб дапамагчы людзям нарэшце як-небудзь разабрацца ў прычынах такой бяды дый дапамагчы выкараскацца з асіміляцыйнай багны. На вялікі жаль, такой літаратуры няма і наколькі мне вядома, гэтую праблему не плануюць даследаваць у адпаведных дзяржаўных навуковых установах. Перад сабой я стаўлю вельмі сціплую задачу: толькі фрагментарна паразважаць над гэтай лёсавызначальнай для беларусаў праблемай. Грунтоўнае ж яе раскрыццё магчыма толькі высілкамі цэлага калектыву даследчыкаў і за гэта трэба неадкладна брацца, бо русіфікацыя зрабіла вельмі сур'ёзны выклік беларускаму народу.
***
Многіх нашых палітыкаў бясконца радуе, што яны вывелі па-за афіцыйнае жыццё беларускую мову, а народ маўчыць, а сёй-той часам нават падтаквае, просіць яшчэ больш пацясніць яе ў адукацыі, сродках масавай інфармацыі, хаця далей ужо цясніць няма як. Што ж, дашчэнту засіміляваныя людзі і на такое здольныя. Ламаць ― не ствараць. Але дзе надзейная гарантыя, што пад уплывам унутраных ― на сёння прыхаваных ― этнакультурных працэсаў у нашай краіне і магутнага нацыянальнага ажыўлення народаў планеты Зямля з дэфармаванай прыроднай духоўнай спадчынай у нас не з'явяцца прарокі і апосталы, якім удасца пераканаць людзей, што сучасная дзяржаўная палітыка русіфікацыі супярэчыць іх нацыянальным інтарэсам? Абуджаныя ад летаргічнай спячкі беларусы кінуцца шукаць і, напэўна ж, хутка знойдуць сапраўдных віноўнікаў дэнацыяналізацыі іх духоўнага жыцця, з такой рашучасцю будуць вызваляць апошняе ад навязаных яму чужых напластаванняў, што, натуральна, не палепшыць, а, наадварот, нават абвострыць нашыя дачыненні з рускім народам, бо многія менавіта яго, а не свой урад будуць абвінавачваць у знікненні на беларускай зямлі яе спаконвечных культуры і мовы. Каб своечасова ўхіліцца ад зусім верагоднага ўзнікнення такіх адмоўных з'яў у дачыненнях паміж двума суседнімі славянскімі народамі, трэба грунтоўна разабрацца, чаму яны (дачыненні) вядуць да страты адным з іх свайго нацыянальнага «я». Выяўленыя прычыны русіфікацыі беларускага народа запатрабуюць тэрміновага выпраўлення становішча, што ў інтарэсах не толькі беларускага, але і рускага народаў.
Гадоў 150 таму прагрэсіўную, вольную ад вялікадзяржаўнага чаду рускую інтэлігенцыю вельмі непакоіла крайне несправядлівая палітыка царызму ў дачыненні да польскага народа, што вяло да сталых міжнацыянальных канфліктаў на гэтай даволі вялікай тэрыторыі рассялення славян. Каб пакласці канец такому становішчу, таленавіты рускі гісторык Міхаіл Пагодзін (1800―1875) пісаў: «Самая дзейсная мера прымірыць палякаў з намі (бо яны ўсё яшчэ ненавідзяць нас) ёсць пратэжыраванне іх мове, літаратуры, гісторыі (я гавару пра Царства Польскае) і, наадварот, нішто так не садзейнічае злосці, як меры процілеглыя. Мове польскай у навучальных установах Царства патрэбна вучыць нароўні з рускай» 1.
Да справядлівых слоў гэтага навукоўца не прыслухаўся недальнабачны ўрад царскай Расіі, і што з гэтага атрымалася ― нам добра вядома. Не сумняваюся, што нават калі міне і сто гадоў пасля знікнення беларускай мовы, патрыёты нашай Бацькаўшчыны будуць шукаць і праклінаць віноўнікаў гэтага велізарнага злачынства. Памятаем жа мы сёння русіфікатара № 1 начальніка Паўночна-Заходняга краю Мураўёва-»вешальніка». Праўда, пад уплывам сённяшняй русіфікацыі яе заўзятыя прыхільнікі пастараліся партрэт гэтага зацятага ворага беларускага народа змясціць на старонках пятага тома «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі» (Мінск, 1999). Заўважу, што такой павагі ад выдаўцоў дадзенага энцыклапедычнага даведніка не заслужыў аніводзін расійскі імператар ХІХ―ХХстст.!
***
Як у перыяд Рэчы Паспалітай не было самаапалячвання, так у час знаходжання нашага краю ў складзе царскай Расіі і СССР не было самаабрусення беларусаў. У аснове такога антыгуманнага, ганебнага працэсу ляжала мэтанакіраваная асімілятарская палітыка свецкіх і духоўных уладаў, якой у максімальнай ступені адпавядала ўся дзейнасць устаноў адукацыі і культуры, ідэалагічнага апарату. Такога ў нас не назіралася толькі на першым часе , калі беларускі народ, дзякуючы самаахвярнаму змаганню яго найлепшых сыноў і дачок, дамогся на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя нацыянальнай незалежнасці.
***
Я практычна цалкам пагаджаюся з тымі, хто нашыя няўдачы з нацыянальна-культурным адраджэннем канца 80-х ― пачатку 90-х гг. ХХ ст. звязвае з супраціўленем яму самой дзяржавы, пасіўнасцю, літаргічным сном пераважнай бальшыні інтэлігенцыі, не выключаючы з яе такіх прагрэсіўных і ўплывовых катэгорый, як пісьменнікі, навукоўцы, педагогі, культурныя дзеячы. У пацверджанне сказанаму можна прывесці процьму пераканаўчых прыкладаў. І ўсё ж было б вялікай памылкай думаць, што толькі на беларускай зямлі нараджаліся, нараджаюцца і яшчэ, напэўна, доўгі час будуць нараджацца герастраты роднай культуры і мовы. З'яўляліся яны ― і даволі часта ― таксама ў асяроддзі іншых народаў. Для русіфікацыі, напрыклад, чувашоў у канцы ХІХ―ХХ ст. ніхто так шмат не зрабіў, як іх суродзіч І. Якаўлеў. Заснаваная ім у 1869 г. Сімбірская чувашская настаўніцкая школа выпусціла больш за тысячу настаўнікаў-русіфікатараў. Адной з асноўных ідэй яго педагагічнай сістэмы лічылася: «Нашы ўсходнія іншародцы, знаходзячыся паміж рускім насельніцтвам, павінны быць пакорным гістарычным спадарожнікам рускага народа» 1. Дарэчы, з усіх народаў СССР чувашы сярод карэннага насельніцтва аўтаномных рэспублік, а беларусы сярод такога насельніцтва саюзных рэспублік былі найбольш зрусіфікаванымі. А вось што датычыць ступені актыўнасці за нацыянальнае адраджэнне на сучасным этапе, мы істотна ўступаем чувашам. Тлумачыцца гэта тым, што ў Чувашыі на дадзеную праблему глядзяць як на дзяржаўную, не аддаюць яе на водкуп толькі якім-небудзь грамадска-асветніцкім арганізацыям.
***
Агульнавядома, што за непрызнанне права нацый той ці іншай поліэтнічнай краіны на самабытнае этнакультурнае жыццё найчасцей выступаюць безнадзейна асіміляваная частка насельніцтва ці яе (краіны) самы шматлікі і, як звычайна, тытульны народ, бо ў бальшыні выпадкаў за ім забяспечана будучае, чаго ніяк нельга сказаць пра невялікія па колькасці дый да таго ж яшчэ і недзяржаўныя этнасы. Нездарма ж, калі ў час младатурэцкай рэвалюцыі 1908 г. з прычыны ўзмацнення нацыянальна-вызваленчай барацьбы ў Атаманскай (Асманскай) імперыі ўзнікла рэальная пагроза распаду гэтай поліэтнічнай дзяржавы, младатуркі высунулі такі лозунг: «У Турцыі няма паасобных нацыянальнасцяў, там усе з'яўляюцца атаманамі» 1. У СССР, каб прынізіць значэнне самаідэнтыфікацыі народаў, іх называлі «савецкімі». У Расіі і раней і цяпер з'яўляецца даволі распаўсюджанай практыкай называць усіх незалежна ад іх нацыянальнага паходжання «расіянамі».
***
Без хірургічнага інструменту (інакш кажучы: гвалту), якім так добра валодалі прысланыя ў канцы XVIII ― пачатку ХХ ст. на Беларусь з цэнтральных губерняў Расіі чыноўнікі, святары і настаўнікі, не ўдалося б так хутка распаўсюдзіць у гэтым забраным, запрыгоненым краі рускія духоўныя пачаткі і асабліва мову. Калі, да прыкладу, на вёску гэтыя чужынцы не патрапілі ці патрапілі ў мізэрнай колькасці, дык тут і этнакультурнае жыццё не зведала такой страшэннай русіфікацыі. За царскім часам дзеля абрусення нашых далёкіх прашчураў выкарыстоўваліся самыя разнастайныя метады і сродкі. Вельмі небяспечную задуму збіраліся ажыццявіць у другой палове 30-х гадоў ХІХ ст. віленскі генерал-губернатар М. Далгарукаў і Камітэт па справах заходніх губерняў Расіі: у арганізаваным парадку перасяліць у Віленскую, Гродзенскую і Мінскую губерні і Беластоцкую вобласць рускіх праваслаўных сялян, якія, лічылася, прынясуць сюды сваю мову, звычаі, а галоўнае ― «адданасць рускіх прастолу». Палажэнне аб перасяленні сялян урад зацвердзіў у лютым 1836 г. На шчасце беларускага народа, па розных прычынах яно было рэалізавана далёка не ў тых маштабах, як прадугледжвалася. Не выкананым застаўся і прапанаваны ў 1835 г. гэтым жа генерал-губернатарам праект аб размяшчэнні на Беларусі і ў Літве рускіх ворыўных салдат рускага паходжання і, значыцца, праваслаўнай веры. Пасяленні такіх салдат намерваліся ствараць у маёнтках, канфіскаваных ва ўдзельнікаў паўстання 1830―1831 гадоў. У двух дадзеных выпадках шчасце было на баку беларусаў.
***
На старонках многіх афіцыйных газет, як нешта незвычайна прыемнае і радаснае, стракацелі словы з вераснёўскага (1999 г.) прывітальнага ліста прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі ўдзельнікам свята Дня беларускай пісьменнасці: «Глыбока перакананы, што карані жыватворнага слова, роднай мовы не загінуць, што і надалей застануцца магутнай яднальнай сілай беларускага народа». Мяне ж гэтыя словы ніколькі не ўсцешылі, а, наадварот, кінулі ў вялікі роспач. Чаму так? Ды яны ж датычаць усяго толькі каранёў роднай мовы, а не яе ствала з шырока разгалінаванай кронай, датычаць таго, што пад зямлёй, а не таго, што на паверхні. Пры сучаснай дзяржаўнай моўнай палітыцы наўрад ці змогуць карані нашага роднага слова прабіцца на паверхню і стаць «магутнай яднальнай сілай беларускага народа». Таму маё пажаданне: чытайце тэксты ўдумліва, каму б яны не належалі.
***
Весці змаганне за выратаванне беларусаў ад русіфікацыі не менш неабходна і ганарова, чым каб іх даводзілася вызваляць з-пад нямецкай, французскай, кітайскай, японскай ці яшчэ якой-небудзь іншай культурна-моўнай асіміляцыі. Бо якая розніца быць выкрасленай з карты цывілізаванага свету як адметная этнічная супольнасць блізкароднасным табе па культуры і мове народам ці зусім далёкім, чужым? Наадварот, крыўда ад блізкага чалавека заўжды пераносіцца больш цяжка, чым ад чужынца.
***
Каб моўную асіміляцыю таго ці іншага народа давесці да канца, дзяржаве не абавязкова прымаць якую-небудзь адмысловую пастанову аб забароне ўжываць яго роднае слова ў грамадскім жыцці. Для гэтага дастаткова запусціць сюды іншую мову з багатай практыкай абслугоўвання ўсіх сфераў жыццядзейнасці людзей і паступова, непрыкметна пашыраць маштабы яе (мовы) сацыяльных функцый. У такіх варунках мова народа, што жыве на сваёй этнічнай тэрыторыі і, мо, яшчэ нават належыць да ліку дзяржаўных, непазбежна будзе занепадаць. Каб быць здаровай, займаць трывалую пазіцыю ў грамадстве, мова павінна ўвесь час няспынна працаваць проста на мяжы сваіх функцыянальных магчымасцяў. Неабмежаваная ў часе адключэнне яе ад працы ― гэта немінучая смерць. У такіх абставінах з моваю здараецца такое, што адбываецца з магутнымі, мускулістымі рукамі прафесійнага баксёра, калі яны на цэлы месяц будуць прывязаныя да яго цела. Пасля такога эксперыменту, баксёр не будзе ў стане не толькі нанесці моцны ўдар па праціўніку, але нават узяць у рукі шклянку з гарбатай.
***
Можа я памыляюся, але мне здаецца, што з усіх усвядомлена пражытых гадоў (а ўсяго іх у мяне больш за 80), яшчэ ніколі на нашай Бацькаўшчыне не было так багата чужога і так мала свайго нацыянальнага, як сёння. У які велізарны роспач прыйшлі б, пабачыўшы яе такой асіміляцыйна знявечанай, тыя тысячы беларускіх адраджэнцаў, што на пачатку ХХ ст. закладвалі падмурак для пабудовы свайго ўласнага нацыянальнага дома! Цяпер жа ў яго зусім развалены падмурак, выбіты шыбы, выламаны дзверы, прагніў дах і скрозь гуляе скразняк, а людзей, якіх па-сапраўднаму хвалюе такое гаротнае становішча нацыянальнага жыцця, наўрад ці набярэш пяць-дзесяць тысяч. Асабліва востры дэфіцыт на іх сярод высокіх палітыкаў і элітарнай часткі інтэлігенцыі. Таму і нядзіўна, што ў такой бязрадаснай, амаль цалкам пройгрышнай сітуацыі не раз прыходзіць у голаў думка, а ці не лепш пры падобнай этнакультурнай дэградацыі беларускага народа яго здаровым, нацыянальна свядомым пластам стварыць сабе новую Бацькаўшчыну дзесьці ў чужым краі, у добраахвотным выгнанні, чым дажываць апошнія гады на ўласных развалінах, родным пепялішчы? Гісторыі ж вядомыя выпадкі свядомага тэрытарыяльнага перамяшчэння народаў дзеля свайго выратавання ад біялагічнага ці этнічнага вымірання.
***
Не сакрэт, што разгарнуць належным чынам нацыянальна-адраджэнскую дзейнасць перашкаджае адсутнасць на гэта неабходных матэрыяльных перадумоў, фінансавых сродкаў. У нас нават няма адпаведнага памяшкання, каб рэгулярна праводзіць у ім рознага роду мерапрыемствы арганізацыйнага, ідэалагічнага, культурна-асветніцкага парадку. Хочацца верыць, што рана ці позна і ў нас з'явяцца мецэнаты-патрыёты з ліку багатых беларусаў. Яшчэ ні ў аднаго з народаў не адбылося нацыянальна-культурнага адраджэння без укладу ў яго вялікіх сумаў грошай фінансава-моцнымі людзьмі. Гэта ж нонсэнс, каб з прычыны адсутнасці патрэбных сродкаў пыліліся ў выдавецтвах ці на прыватных кватэрах арыгінальныя каштоўныя рукапісы па айчыннай гісторыі, культуры і іншых пытаннях, без асвятлення якіх народ не прасякнецца адраджэнскім духам. Думаць, што такую літаратуру будзе выдаваць дзяржава, якая так стараецца пра развіццё і ўмацаванне на сваёй тэрыторыі духоўных каштоўнасцяў суседняй краіны, няма аніякіх падстаў.
***
Ад калег выразнай нацыянальнай арыентацыі не раз чуў крытыку на адрас уласнага народа за тое, што ён не цягнецца да сваёй прыроднай спадчыны, не валодае роднай мовай, а імкнецца да спажывання чужых культурных каштоўнасцяў. Прызнацца і я хацеў бы, каб у нашых людзей у дзесяць разоў было больш нацыянальна-беларускага, чым яго ёсць на самай справе. Але ці магло яго быць многа, улічваючы ў якіх неверагодна неспрыяльных умовах даводзілася так доўга жыць беларускаму народу. Нават каб сёння толькі адзін працэнт ад агульнай колькасці яго лічыў сябе сапраўдным, а не пашпартным беларусам і столькі ж людзей спрэс і паўсюдна свядома, а не з-за таго, што не ведае іншай мовы, ужывала матчына слова, у нас не было б аніякіх падстаў абвінаваць карэннае насельніцтва краіны ў здрадзе сваім нацыянальна-культурным традыцыям і мове. Па сутнасці беларусы ўжо даўно павінны былі б спыніць сваё этнакультурнае існаванне, колькасна папоўніўшы суседнія народы, асабліва рускі і польскі, паколькі ў іх умовы нацыянальнага жыцця былі і ёсць намнога лепшымі. А беларусы, на злосць усіх часоў архітэктарам паланізацыі і русіфікацыі, працягваюць дыхаць, хоць і з вялікімі перабоямі. І гэта пасля таго, як прапольскія ўлады Рэчы Паспалітай у 1696 г. надзелі па сутнасці наморднік на беларускую мову, вызваліўшы яе ад функцый па абслугоўванні службовага справаводства ў дзяржаўных, судовых і адміністрацыйных установах. Аналагічную моўную палітыку на Беларусі праводзілі ўлады Расійскай імперыі. Без намордніка беларуская мова жыла толькі на працягу не больш як дзесяці гадоў у перыяд міжваеннай беларусізацыі ў БССР і палову такога часу, што прыпаў на канец 80-х ― пачатак 90-х гадоў ХХ ст. І на гэтым усё! Таму не дакараць, а здзіўляцца трэба, як гэта яшчэ жыве роднае слова ў душах шчырых беларусаў, няхай сабе нават і ў вельмі нязначнай колькасці іх. Лепш давайце думаць і рабіць, каб гэтую колькасць беларусаў-магікан павялічыць ва ўмовах працягу іх сістэмнай русіфікацыі, прычым ужо не чужой, а ўласнай дзяржавай.
***
Сёння амаль кожны з нас разумее, якія глыбокія, магутныя карані пусціла ў беларускі арганізм культурна-моўная асіміляцыя ў форме русіфікацыі. Яна да такой ступені спаралізавала волю народа да аднаўлення сваіх прыродных асноў, што з яго боку практычна адсутнічае ўсялякая ініцыятыва паправіць сваё бядотнае становішча. Не праяўляюць яе нашыя палітыкі і адданыя ім колы інтэлігенцыі. Больш таго, яны вельмі зацікаўленыя ў тым, каб нідзе і ад нікога не зыходзілі пачынанні адраджэнскага характару, а калі такіх не ўдасцца папярэдзіць, ім ужо пазней аб'яўляюць самую бязлітасную барацьбу, ўмела выкарыстоўваючы раўнадушша, абыякавасць пераважнай бальшыні народа да сваіх культурна-моўных набыткаў. І трэба сказаць, што такі курс нацыянальнай палітыкі вельмі паспяхова ажыццяўляюць нашыя дзяржаўныя дзеячы і паслухмяныя ім прадстаўнікі інтэлігенцыі. Праўда, яшчэ не перавялася і такая катэгорыя палітыкаў, інтэлігентаў, якім усё ж балюча бачыць, як давяршаецца асіміляцыя роднага народа, але яны не ідуць яму на выручку галоўным чынам з прычыны таго, што ўжо не вераць у яго выратаванне ад амаль што поўнай дэнацыяналізацыі. Сур'ёзныя падставы для гэтага маюцца, бо і сапраўды справа з культурна-моўнай асіміляцыяй беларускай нацыі дасягнула свайго апагею. Абсалютная бальшыня яе не з'яўляецца носьбітам сваёй роднай культуры і мовы, не жыве паводле сваіх нацыянальна-духоўных традыцый.
А цяпер давайце паставім перад сабой пытанне: а ці гатовае было карэннае насельніцтва Беларусі, далучанае ў выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай да Расійскай імперыі, жыць паводле рускіх культурна-моўных традыцый? Вядома ж, не. Яму былі куды бліжэй такія традыцыі палякаў, чым рускіх. Аднак рускі ўрад не браў пад увагу такога фактару і з зусім далёкага да рускіх людзей этнічнага матэрыялу стаў фармаваць рускую народнасць. І якіх толькі бядот не зведалі беларусы на гэтым пякельным шляху?! Прычым і з боку палякаў, якія ў перспектыве бачылі нашых прашчураў цалкам злітымі з імі ў адзіны народ, зразумела, польскі. Перашкодзіла анексія Беларусі Расіяй. Беларусы не выявілі аніякага жадання выседзець патрэбны час у рускім асіміляцыйным катле. Сказанае асабліва датычыла вяскоўцаў, якіх ні палякам, ні рускім так і не ўдалося адарваць ад роднага грунту.
Можна толькі пазайздросціць напорыстасці, сіле волі тых свецкіх рускіх і духоўных чыноўнікаў, прадстаўнікоў розных катэгорый інтэлігенцыі, якія прыйшлі з усходу ў наш край, каб перарабіць яго людзей у рускіх. Нягледзячы на вялікія аб'ектыўныя і суб'ектыўныя цяжкасці, архітэктары русіфікацыі ўпэўнена ішлі да вызначанай мэты. І нішто ім так не дапамагло, як пабудаваная на прынцыпах рускай педагогікі сістэма адукацыі. Ільвіную долю нагрузкі па русіфікацыі несла створаная на Беларусі чужая ёй па духу і змесце Руская праваслаўная царква. Далучэнню беларусаў мужчынскага полу да рускага жыцця вельмі добра садзейнічала шматгадовая служба ў царскай арміі, дзе ўсё будавалася на рускіх традыцыях. Так падрабязна пра ўсё гэта гавару толькі таму, каб вызваліць многіх нашых палітыкаў ад сумненняў датычна рэальнасці беларускага нацыянальна-культурнага Адраджэння на сучасным этапе гісторыі, які супаў з рубяжом двух тысячагоддзяў. Адраджэнне можна здзейсніць. Яно цалкам рэальнае. Толькі вось бяда, у дзяржавы, асноўныя пасады ў якой знаходзяцца ў руках дашчэнту засіміляваных беларусаў і прадстаўнікоў нацыянальных мяншыняў Беларусі, няма аніякага жадання здзейсніць такі гістарычны вычын, паўтарыць тое, толькі ў адваротным парадку, што зрабілі на яе зямлі царызм, КПСС.
***
Пры ўсіх неакрэсленасцях у перспектыве ва ўзаемадачыненнях Беларусі і Расіі, аднак, нельга не заўважаць паглыблення інтэграцыйных працэсаў паміж імі, асабліва ў эканоміцы і культуры. Што датычыць апошняй, дык у ёй вельмі паспяхова набірае шырокі размах на беларускай зямлі рускі фактар. Таму нам трэба як мага хутчэй паставіць надзейную заслону далейшай культурна-моўнай асіміляцыі беларускага народа, бо варункі для гэтага цяпер намнога больш спрыяльныя, чым раней. Палітыкі павінны добра ўсвядоміць сабе такое, бо ў пэўнай часткі змагароў за нацыянальна-культурнае Адраджэнне апусціліся рукі пасля абвешчанага курсу на стварэнне адзінай для Беларусі і Расіі дзяржавы. Хочацца верыць, што і ў такой неспрыяльнай сітуацыі ўвесь народ і асабліва інтэлігенцыя не кінуцца ў атаку, каб хутчэй давяршыць растварэнне сябе ў рускай нацыі. Упэўнены, што яны прыслухаюцца да слоў слыннага рускага культурнага дзеяча акадэміка Дз. Ліхачова: «…вялікі народ (а рускі да яго зусім правамерна аднесці. ― Л. Л.), народ са сваёй вялікай культурай, са сваімі нацыянальнымі традыцыямі, абавязаны быць добрым, асабліва калі з ім злучаны лёс малога народа. Вялікі народ павінен дапамагаць малому захаваць сваю мову, сваю культуру» 1.
Рускаму народу гэтую высокародную місію не дазволілі выканаць у дачыненні да малых народаў царызм, бальшавіцкая камандна-бюракратычная сістэма, нястрымнае жаданне КПСС хутчэй прывесці савецкія нацыі да адзінай камуністычнай культуры, што немінуча вяло да іх асіміляцыі. Вось чаму, як толькі ўзнікла рэальная магчымасць выйсці са складу СССР, галоўнай аб'ядноўчай сілай якога з'яўляўся рускі народ, усе карэнныя нацыі саюзных рэспублік без асаблівага роздуму кінулі гэтую поліэтнічную краіну і пачалі, прычым даволі паспяхова, ствараць свае незалежныя дзяржавы, што дазволіла ім, за выключэннем Беларусі, вельмі хутка навесці ўзорны парадак у культурна-моўнай сферы. З усіх былых саюзных рэспублік сёння толькі карэннае насельніцтва Беларусі знаходзіцца пад магутным уціскам русіфікацыі. Цяпер загітаваць былыя савецкія народы на якую-небудзь форму палітычнага аб'яднання з іншай дзяржавай можна толькі пры цвёрдай гарантыі, што гэта не прывядзе да страты нацыяй свайго суверэнітэту і этнакультурнай самабытнасці. Такое цалкам справядлівае патрабаванне не высоўвае толькі беларускі народ з-за высокай ступені русіфікацыі.
***
У свеце ёсць ужо нямала вартых пераймання прыкладаў змагання за выратаванне нацыянальных культур дзяржаўных народаў ад разбуральнага ўздзеяння на іх (культуры) магутнай сілы працэсаў глабалізацыі. Галоўную ролю ў стрымліванні яе адыгрывае грамадскі, дзяржаўны сектар культуры, які звычайна мае шырокую падтрымку ад прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі. У Беларусі пра ўсё гэта нават сур'ёзная гаворка не вядзецца, не кажучы ўжо пра якія-небудзь канкрэтныя практычныя дзеянні. А яны, ой як патрэбныя, з прычыны несціханай русіфікацыі беларускага народа! Здавалася б, чаму не пазмагацца з ёю ўсім гуртам, калі так рупяцца ад страху перад глабалізацыяй пра захаванне сваёй культурнай адметнасці іншыя народы? Гэта ж такая зручная нагода для нашых дзяржаўных дзеячоў высокага рангу ўвайсці ў гісторыю сваёй Бацькаўшчыны не ў якасці разбуральнікаў яе прыродных нацыянальна-культурных і моўных асноў, а будаўнікоў іх. Зразумела, куды лягчэй плысці ўніз па асіміляцыйным рэчышчы, у якое беларусаў спачатку масамі спіхвалі прапольскія ўлады Рэчы Паспалітай, а затым рускія крайне вялікадзяржаўных шавіністычных поглядаў, чым весці змаганне супроць цяжкіх наступтваў культурнай асіміляцыі. Відаць, таму не толькі службоўцы, а практычна ўсе прафесійныя колы грамадства суверэннай Рэспублікі Беларусь так схільныя працаваць у органах улады і кіравання, у адукацыйнай і культурнай сферах у рэжыме колішніх дзяржаўных структур Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі. І сёння ў нашай краіне чынавенства на першае месца ставіць культурна-моўную асіміляцыю яе карэннага насельніцтва, упарта дарабляе тое, чаго не ўдалося здзейсніць чужым уладам па выключэнні гэтага ў многім славутага славянскага народа з гістарычнага працэсу.
***
Сучасная нацыянальная палітыка Рэспублікі Беларусь ёсць у поўным сэнсе слова русіфікатарская. Яе архітэктары без усялякага фізічнага намагання, прыкладання разумовай энергіі, спакойненька плывуць уніз па цячэнні, якое ўсё больш і больш уносіць людзей у асіміляцыйную багну. Каб спыніць гэты пачварны працэс, патрэбны сапраўдныя палітыкі-волаты, якія маглі б выратаваць з небяспечнай багны зрусіфікаваных беларусаў і разам з імі плысці ўверх па цячэнні. Разумею, што цяжка. Але ўпэўнены, што ў асяроддзі палітыкаў, грамадскіх і культурных дзеячоў краіны ёсць яшчэ людзі, якім бясконца дарагая беларуская ідэя, дзеля неўміручасці, непераможнасці якой яны гатовыя былі б прысвяціць без рэшты ўсё сваё жыццё. Шкада толькі, што такім людзям ніяк нельга прыйсці да ўлады ― галоўнай віноўніцы няспыннай страты беларускім народам сваёй этнакультурнай самабытнасці. І калі такое адбудзецца, за гэта трэба будзе абвінавачваць найперш уладу.
***
Многія з нас, у тым ліку і аўтар гэтых радкоў, любяць нават у самых бязвыхадных сітуацыях асабістага жыцця ці жыцця ўсяго народа заставацца аптымістамі. Праўда, іншым часам і яны трапляюць пад уладу песімізму, і тады ўжо іх думкі, разважанні не вызначаюцца цвёрдай упэўненасцю ў светлую будучыню. Аднойчы, знаходзячыся ў такім прыгнечаным настроі, я ўзяўся за пяро і напісаў наступнае. Не дацягне беларускі народ да сярэдзіны ХХІ ст., бо ўсе этнаўтваральныя фактары працуюць супраць яго: зрусіфікаваны чыноўніцкі апарат, рускамоўныя адукацыя (самы страшны злачынец), навука, амаль што не цалкам рускамоўныя прафесійная культура, дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі. Як чорт ладана баіцца ўсяго беларускага праваслаўная царква. Не выступае ў ролі калыскі беларускага этнасу ўжо і вёска. Вось і паспрабуй тут выжыць. З гэтай прычыны і змяніўся мой аптымізм па песімізм.
***
Не ведаю, каму мы найперш абавязаны сваім уменнем і старанным імкненнем на ўсіх узроўнях улады заганяць як мага глыбей у арганізм беларускага народа крайне небяспечную для яго нацыянальную хваробу ― асіміляцыю. Здавалася б, калі ён ужо так франтальна адарваўся ад роднага слова ў выніку працяглай заганнай дзяржаўнай моўнай палітыкі, дык зараз людзей трэба паступова, мэтанакіравана вяртаць да гэтай неацэннай духоўнай каштоўнасці, пры любой нагодзе выкарыстоўваць, асабліва ў афіцыйнай сферы, беларускую мову. У нас жа і раней, і сёння робіцца ўсё наадварот: у публічных зносінах беларускую мову ўсяляк стараюцца не выкарыстоўваць, каб быць зразуметымі ўсімі людзьмі. Дакаціліся да таго, што журналісты радыё і тэлебачання вымушаны звяртацца па-руску нават да дзяржаўных дзеячоў, якія проста не маюць права знаходзіцца на такіх пасадах, не ведаючы асноўнай, прыроднай дзяржаўнай мовы нашай краіны ― беларускай. Рускую мову зрабілі галоўным сродкам зносін такіх журналістаў з абсалютнай бальшынёю працаўнікоў культуры і адукацыі, у тым ліку і з тымі, хто займае тут зусім не шараговыя пасады. Было б марнай справай спадзявацца, што ў такіх умовах удасца захаваць, забяспечыць прэстыжнасць беларускага слова ў краіне. Да сённяшняга дня яно займае ненатуральнае становішча: стаіць на галаве замест таго, каб трымацца на нагах. І прывесці яго ў нармальнае становішча павінна і зможа толькі дзяржава, абапіраючыся ў значнай ступені і на сваю самую ніжэйшую вертыкаль: мясцовыя саветы дэпутатаў. Трэба тэрмінова аднаўляць беларускамаўленчую практыку шырокіх народных масаў, асабліва вяскоўцаў, якую не ўдалося да канца расхістаць нават камуністычнаму рэжыму. А цяпер і сярод гэтых катэгорый людзей ледзь чутнае беларускае слова.
***
Мяне вельмі расчароўвае, што амаль бальшыня дзяржаўных чыноўнікаў, з якімі даводзілася гаварыць пра шляхі выратавання беларускага народа ад этнічнага вымірання, не вераць у рэальнасць такога. Яно можа і так, бо вылезці з глыбокай асіміляцыйнай ямы не лягчэй, чым пакончыць з катастрафічнымі наступствамі Чарнобыля. Сёння дэнацыяналізацыя культурнага жыцця, як ніколі раней, надзвычай пагражальная. Адсутнічае крытычная маса людзей, якія маглі б супрацьстаяць гэтай злыбедзе і ўзняць астатніх на змаганне з ёю. Развучыліся размаўляць на роднай мове не толькі палітычныя дзеячы, але і абсалютная бальшыня работнікаў сферы культуры, адукацыі і навукі. Журналістам радыё і тэлебачання даводзіцца весці дыялог з імі толькі на рускай мове. Як бачым, далей ужо і адступаць ніяк нельга. Словам, давялі беларускую мову да скону. Зрабілі яе зусім незапатрабаванай ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Хаця і абяцалі, кляліся, што пасля правядзення майскага рэферэндуму 1995 г. яна стане не толькі юрыдычна, але і фактычна дзяржаўнай. Атрымаўся ж пшык!
***
Метастазы дэнацыяналізацыі, што ўтварыліся ў беларускім арганізме пад уздзеяннем дзяржаўнай палітыкі русіфікацыі, не могуць быць вылечаны кампрэсамі, расціраннем, прымочкамі, замовамі. Хвароба так далёка зайшла ўнутр, што патрэбныя тэрміновыя і рашучыя метады лячэння, не выключаючы адміністрацыйнага хірургічнага ўмяшання з боку кампетэнтных службаў. Нарэшце ж нашая, як мы любім заяўляць, суверэнная дзяржава, грамадскасць павінны навучыцца класічна праводзіць не толькі палітыку русіфікацыі, але і беларусізацыі.
***
Да ўвядзення прэзідэнцкага кіравання ў краіне ў шэрагу дзяржаўных устаноў, творчых аб'яднанняў па загадзе ўраду распрацоўвалася Канцэпцыя нацыянальна-культурнага адраджэння Беларусі. І такія дакументы паступілі ў адпаведныя ўрадавыя службы, толькі ніхто не пажадаў даць ім ходу. На працягу апошніх больш чым паўтара дзясятка гадоў на дзяржаўным узроўні зусім не абмяркоўваецца дадзеная праблема. І, магчыма, у гэтым ёсць рацыя, бо цяпер трэба працаваць над складаннем зусім іншага роду канцэпцыі, якую больш правільна назваць так: «Канцэпцыя нацыянальна-культурнага выратавання беларускага народа», бо яго этнічнага вымірання не бачаць толькі сляпыя.
***
Эпідэмія асіміляцыі яшчэ ніколі не ахоплівала такія шырокія пласты беларускага народа, як сёння. Яна апанавала нават самыя ўплывовыя колы палітыкаў і прэстыжныя катэгорыі інтэлігенцыі, прычым да такой мяжы, што яны ўжо нават не шукаюць шляхоў выйсця з гэтага бядотнага становішча, усяляк апраўдваюць яго, засвоенае чужое (прычым часта пад прымусам) называюць сваім, родным і, карыстаючыся высокім статусам у грамадстве, заклікаюць людзей змірыцца са стратай прыродных культурна-моўных каштоўнасцяў, пераконваюць, што і пры поўным адрачэнні ад іх можна неяк існаваць беларусам, толькі не кажуць, колькі часу і ў якім этнічным статусе.
***
Ужо зусім недалёка той час, калі дзякуючы адпаведнай дзяржаўнай нацыянальнай палітыцы тытульных жыхароў нашай краіны мы будзем мець усе падставы называць не інакш, як патомкамі беларусаў.
***
Беларуская этнакультурная самабытнасць даражэй за любую форму інтэграцыі беларусаў у рускую ці ў яшчэ які-небудзь іншы суб'ект славянскай супольнасці, калі такая інтэграцыя пазбавіць іх нацыянальнай адметнасці. Гэтага ніяк не хочуць разумець нашыя палітыкі і адданая ім частка інтэлігенцыі, якіх ужо даўно пакінула такая адметнасць. Не будучы ў стане ці не жадаючы жыць паводле беларускіх культурна-моўных стандартаў, паколькі іх свядома замянілі на рускія адпаведнікі, яны ва ўсёй сваёй практычнай дзейнасці на першае месца ставяць агульнарасійскія ці ўвогуле славянскія інтарэсы, ніколькі не задумваючыся пра нацыянальна беларускія. Цяпер іх нікому не забараняюць нават публічна таптаць. На некаторых напрамках нацыянальнай палітыкі нашыя ўлады абставілі нават сваіх калег часоў Расійскай імепрыі. Тыя называлі беларусаў хоць заходнярусамі, а сённяшнія многія палітыкі і афіцыйныя ідэолагі напрамую адмаўляюць у першых наяўнасць якіх-небудзь нават пабочных культурна-моўных адрозненняў ад рускіх і прапануюць у якасці сваёй саманазвы выбраць іх этнонім ― рускія. Як толькі можа, стараецца навязаць гэта нашаму народу і Праваслаўная царква Беларусі.
***
Няспынны выступ здаровых сіл нашага грамадства ў абарону нацыянальнай культуры, роднага слова карэнных жыхароў краіны іншым разам вымушае і афіцыйную ўладу штосьці такое сказаць у падтрымку гэтых незаменных скарбаў, каб не заставацца ў вачах адраджэнцаў праціўнікам беларускай нацыянальнай ідэі. Добра памятаю, як некалі многіх узрадавала, расчуліла выказванне наконт гэтага самога прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, якое было адрасавана ўдзельнікам урачыстасцяў, прысвечаных Дню беларускага пісьменства: «Глыбока перакананы, што карані жыватворнага слова, роднай мовы не загінуць, што і надалей яны застануцца магутнай здольнай сілай беларускага народа» 1. А вось на мяне гэтае выказванне не зрабіла асаблівага ўражання і галоўным чынам таму, што яно ж датычыць беларускай мовы не ў цэлым, а толькі яе каранёў, якія знаходзяцца дзесьці ў глебе не бачныя людзьмі. Вось бы такое з вуснаў першай асобы краіны пачуць пра крону беларускай мовы, бо яе ж (крону) утвараюць сёння пераважна адны толькі засохлыя, безжыццёвыя галінкі, якія, каб стаць «магутнай яднальнай сілай беларускага народа» самі патрабуюць неадкладнага лячэння, пільных клопатаў ад прафесійнага, чуллівага садоўніка. Гэтага на практыцы мы і раней, і сёння не заўважаем, хаця пасля таго, як прэзідэнт краіны сказаў такія мілыя словы пра родную мову беларусаў, прамінула так шмат часу. Усё, што датычыць яе выратавання, трэба рабіць у самыя сціслыя тэрміны.
***
Прыйшоў нядобры час, калі мы, зусім не баючыся памыліцца, можам смела і адкрыта гаварыць пра амаль поўнае завяршэнне зямнога этнічнага жыцця беларускага народа і пераход яго ў новую якасць: перыферыйнае адгалінаванне рускай нацыі. Зацікаўленыя ў гэтым сілы, што дзейнічалі і працягваюць дзейнічаць у нашым дарагім краі, практына ўсё духоўнае жыццё яго карэннага насельніцтва падпарадкавалі рускім нацыянальным стандартам, што асабліва яскрава прасочваецца ў практычнай дзейнасці ўстаноў народнай адукацыі, прафесійнай культуры і выдавецтваў, у сродках масавай інфармацыі, ва ўсіх відах службовага справаводства. За вялікім выключэннем становішча рускай культуры і мовы ва ўсіх сферах жыцця і дзейнасці нашых людзей непараўнальна лепшае, чым у культуры і мовы беларускага народа.
Агульнавядома, што ступень развіцця, распаўсюджвання роднай культуры і мовы таго ці іншага народа ёсць самы правільны крытэрый ацэнкі яго нацыянальна-духоўнага прагрэсу ці, наадварот, заняпаду, трываласці ці дэфармацыі этнічнай самасвядомасці. Калі прафесійная культура народа развіваецца на характэрных толькі для аднаго яго прыродных асновах, калі ён не на кухні, а ва ўсіх сферах грамадскага жыцця карыстаецца роднай мовай, значыцца, гэты народ існуе, квітнее, мае належны ўзровень усведамлення сваёй нацыянальнай адметнасці, шануе, ганарыцца ёю. Калі ж усё сваё перастала быць родным, падменена чужым, гаварыць пра жыццё ў этнакультурным плане, захаванне такога народа на зямлі ніяк не выпадае. Беларускі народ гэтую небяспечную мяжу пераступіў, паколькі варожыя яму сілы амаль дашчэнту засімілявалі яго. Адных, і ў першую чаргу самых высокіх дзяржаўных дзеячоў, афіцыйную частку інтэлігенцыі, гэта бясконца радуе, бо ўжо можна нічога не рабіць дзеля нацыянальна-культурнага адраджэння беларусаў і самім далучацца да яго, другія ― у вялікай роспачы, але маўчаць, трэція ― усяляк шукаюць выйсця з гэтага жахлівага становішча, актыўна выступаюць за наданне прыярытэту нацыянальнай культуры, вяртанне беларускай мовы ў грамадскае жыццё, рэарганізацыю рускай народнай адукацыі ў беларускую, увядзенне роднага слова беларусаў у царкоўна-рэлігійную дзейнасць усіх хрысціянскіх канфесій.
У колькасных вымярэннях даволі шматлікую катэгорыю беларусаў складае тая частка з іх, што прыйшла ў роспач ад сваёй франтальнай культурна-моўнай дэградацыі. Ім брыдка і сорамна перад самімі сабой і цывілізаваным светам, што не ўсцераглі ад русіфікацыі культуру і мову. Яны разумеюць, што спасылкамі на блізкасць, роднасць паміж беларускай і рускай культурамі і мовамі нельга апраўдаць незаменную страту беларусаў як самабытнага этнасу. Так, віна самога народа, асабліва палітыкаў, інтэлігенцыі досыць вялікая. Іншыя народы куды больш рашуча супраціўляліся русіфікацыі і ў часы Расійскай імперыі, і ў савецкі перыяд, а як толькі кануў у Лету СССР, адразу ўзялі на шчыт сваю родную культуру і мову.
А вось і раней і сёння ў сэнсе сваёй рэальнай магчымасці ўплываць на нацыянальна-адраджэнскія працэсы самай моцнай катэгорыяй у нашым грамадстве з'яўляюцца высокага рангу палітыкі і верная ім інтэлігенцыя. Бяда толькі ў тым, што яны бяздзейнічаюць, больш за тое, з непрытоенай радасцю ўспрымаюць заканчэнне самабытнага этнакультурнага і моўнага жыцця беларусаў, бачачы ў гэтым самы спрыяльны фактар не толькі для ўмацавання палітычнага саюза з Расіяй, але і заснавання з ёй адной адзінай дзяржавы, у якой зусім не будзе патрэбы захоўваць нейкую там беларускую нацыянальна-культурную спецыфіку. Пераскокваючы ад палітычнага саюза з Расіяй адразу ж у адзіную дзяржаву, многія беларускія палітыкі разлічваюць заняць адпаведна іх укладу ў стварэнне апошняй самыя высокія пасады ў яе органах улады і кіравання.
У гэтую самую трагічную для беларусаў часіну, калі яны пры поўным алімпійскім спакоі дзяржаўнага чынавенства развітваюцца са сваім самабытным этнічным жыццём, несумненна, найбольшую павагу да сябе выклікае тая частка з іх, якая ўсяляк імкнецца выратаваць народ ад русіфікацыі. Шкада толькі, што сапраўдных змагароў за беларускую нацыянальную ідэю нядужа багата. Найбольш іх у асяроддзі сяброў Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, Таварыства беларускай школы, у шэрагах пісьменніцкай і мастацкай інтэлігенцыі. Трапляюцца яны сярод выкладчыкаў усіх тыпаў навучальных устаноў, навукоўцаў. Сяды-тады прарвецца голас у абарону беларускай культуры з вуснаў людзей, што занятыя і ў сферы матэрыяльнай вытворчасці, апроч яе кіраўнікоў, бо ўсе яны гавораць толькі на мове, якая гучыць на пасяджэннях дзвюх палатаў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, у час выступленняў прэзідэнта краіны, г.зн. на рускай. Толькі яе на ўсёй тэрыторыі краю прызнае і прэзідэнцкая вертыкаль. Штосьці істотнае супрацьпаставіць мэтанакіраванай дзяржаўнай русіфікатарскай палітыцы нацыянальныя адраджэнцы не ў стане не толькі з-за сваёй малалікасці, але і з прычыны раз'яднанасці, адсутнасці матэрыяльных і фінансавых сродкаў на правядзенне сваіх мерапрыемстваў. Гэта вялікая бяда, што ў краіне не было раней і няма сёння сапраўднага каардынацыйнага цэнтра нацыянальна-культурнага Адраджэння і самой навуковай канцэпцыі такога Адраджэння. Да ўсталявання прэзідэнцкага кіравання краінай, думалася, што ініцыятыву па распрацоўцы такой канцэпцыі возьме на сябе дзяржава. Але чыноўнікі неапраўдана прамарудзілі з выкананнем гэтай справы. Лепшыя часы беззваротна мінулі. Цяпер уся надзея на распрацоўку такой канцэпцыі, на стварэнне каардынацыйнага цэнтра нацыянальна-культурнага Адраджэння кладзецца толькі на нацыянальна-самасвядомую частку інтэлігенцыі. А пакуль жа няма ні таго ні другога, тым, хто жадае ўхіліцца ад этнічнай катастрофы, трэба хоць па трэсачцы падкідваць у агмень беларускага нацыянальнага жыцця, каб не даць варожым сілам зусім патушыць яго. Многія народы не раз знаходзіліся на валасок ад этнічнай смерці, але неяк адшуквалі ў сябе сілы, каб не толькі адтэрмінаваць, але і перамагчы яе. Мо і намі, беларусамі, яшчэ не ўсё страчана, мо і нам яшчэ ўдасца вярнуць дашчэнту засіміляваны народ да ўласнага нацыянальнага жыцця, сцвердзіць права беларускай культуры і мовы непадзельна панаваць на сваёй гістарычнай тэрыторыі.
***
Апошнім часам мяне ўсё болей і болей непакоіць думка, як бы з-за празмерных клопатаў палітыкаў і іх аднадумцаў-інтэлігентаў пра аб'яднаўчыя працэсы сярод славянскіх і праваслаўных народаў яны канчаткова не прагледзелі давяршэння культуна-моўнай русіфікацыі свайго народа ― беларускага. Лёгка было б зразумець рускіх, палякаў, чэхаў, каб яны насіліся з такой аб'яднаўчай ідэяй, бо ў іх нацыянальнае жыццё адпавядае высокім стандартам. У нас жа яно дакацілася да нечуванага раней заняпаду з прычыны амаль поўнага выключэння беларускай мовы з усіх сфераў дзейнасці чалавека, крайней слабасці нацыянальнага фактару ў адукацыі, элітарных пластах культуры, сродках масавай інфармацыі. Нават шараговыя людзі разумеюць, што для Рэспублікі Беларусь самым актуальным з'яўляецца выратаванне яе карэннага насельніцтва ад поўнай дэнацыяналізацыі, а не паглыбленне працэсу кансалідацыі славянскіх, праваслаўных народаў. Гэта трэба рабіць урадам тых краін, дзе знятыя зусім з парадку дня ці не маюць асаблівай вастрыні пытанні нацыянальнага выжывання тытульнага народа, што ніколі не было і не будзе лёгкай справай. Мусіць з прычыны таго, што павярнуць на ўсе 180° дэнацыяналізацыю беларусаў не такая ўжо і лёгкая справа, палітыкі Рэспублікі Беларусь з большай ахвотай хапаюцца за развязванне больш простых і прэстыжных для іх славянскай і праваслаўнай праблемаў, чым за ўласную. Ці не нагадваюць нашыя высокія дзяржаўныя асобы карыкатуру аднаго з сербскіх часопісаў на Мікіту Хрушчова, які ў добра паношаных, падраных трусах звяртаўся ў 60-я гады мінулага стагоддзя да іншых народаў са словамі: «Ну, каму яшчэ дапамагчы?» Перакананы, што для славянскай і сусветнай цывілізацый у дзясяткі разоў больш важна захаваць дзясяцімільённы беларускі народ, чым праз яго русіфікацыю на дзесяць мільёнаў чалавек павялічыць стамільённы рускі народ. Таму не трэба з беларусаў рабіць рускіх, як гэта ўжо больш чым на працягу двух стагоддзяў практыкуецца на дзяржаўным узроўні пры актыўным удзеле Рускай праваслаўнай царквы. Беларусы павінны заставацца беларусамі са сваёй самабытнай нацыянальнай культурай і мовай! Хацелася б, каб у новым стагоддзі і новым тысячагоддзі такога адзіна правільнага, разумнага курсу ў нацыянальна-культурнай палітыцы няўхільна прытрымліваліся на ўсіх узроўнях дзяржаўнай улады, пачынаючы ад сельскіх саветаў і канчаючы Нацыянальным сходам Рэспублікі Беларусь. Тады ніхто не зблытае беларусаў з рускімі, палякамі, украінцамі ці якім-небудзь іншым славянскім народам, тады ніхто не скажа, што ў нашай краіне сама дзяржава праводзіць палітыку асіміляцыі ўласнай тытульнай нацыі, падобнага чаму не знайсці ва ўсім цывілізаваным свеце.
***
Нішто нас так не пакалечыла, як празмернае панаванне на беларускіх прасторах рускай культуры і мовы. Яны не далі нам стаць паўнавартаснай нацыяй, а зрабілі нешта падобнае на натоўп. Дайшлі ўжо да такой дурноты, што нават любоў да Беларусі выказваем пераважна па-руску. Блюзнерства!!! Найвышэйшая ступень русіфікацыі, якую за родную сястру прымаюць уладныя структуры Рэспублікі Беларусь, не сустракаючы сур'ёзнага супраціву і з боку элітарных колаў грамадства. Во дайшлі да чаго!
***
Прагрэсіўныя колы грамадства справядліва заклапочаны няспынным працэсам разбурэння нацыянальных асноў духоўнага жыцця краіны, стратай ёю сваёй этнакультурнай адметнасці. Толькі шкада, што ў такой сітуацыі і ў некаторых неабыякавых да гэтага людзей апускаюцца рукі, знікае ўсялякае жаданне супрацьстаяць русіфікацыі, паколькі за яе спіной стаіць магутны, безнадзейна здэнацыяналізаваны дзяржаўны чыноўніцкі апарат. Павінен сказаць, што з ім існавала праблема нават у самы пік беларускага нацыянальна-культурнага Адраджэння канца 80-х ― пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Ці ж не з'яўлялася, да прыкладу, сёр'ёзнай перашкодай для нашага нацыянальнага Адраджэння, што ў пачатку 90-х гадоў у апараце Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь на беларусаў падала толькі 20 працэнтаў агульнай колькасці яе работнікаў? А гэта ж якраз той апарат, што павінен быў праводзіць ва ўсёй краіне дзяржаўную палітыку беларусізацыі. Такога ж нідзе не назіралася. Колькі было моцы, ён усяляк тармазіў яе правядзенне. Аднак, нацыянальны рух не аслабеваў, уключаючы ў свае шэрагі ўсё новых і новых людзей. Радавала, што да гэтага зусім не абыякава паставілася значная частка духавенства, па віне якога, як вядома, некалі давялося так многа страціць беларусам ад навязвання ім пальшчызны і рускага духу. Многіх, у т.л. і мяне, здзівіла, што на стыку 80-х―90-х гадоў і пазней найбольш нацыянальна актыўным паказаў сябе каталіцкі касцёл, а не праваслаўная царква, хаця, здавалася, усё павінна было б быць наадварот. З беларускім нацыянальным інтарэсам не жадалі, за рэдкім выключэннем, лічыцца толькі многія запрошаныя з Польшчы ксяндзы. Затое аніякіх прэтэнзій не ўзнікала да іх калег з Літвы, якія ахвотна прымалі прапановы далучыцца да касцельнай службы на Беларусі. Здзіўляла хуткасць авалодвання імі роднай мовай карэннага насельніцтва апошняй. Не стаў выключэннем з гэтага правіла і ксёндз Мёрскага рымска-каталіцкага касцёла Уладас Пятрайціс. Ён вельмі разумна выкарыстаў дзеля падняцця нацыянальнай самасвядомасці сваіх вернікаў сотыя ўгодкі ад дня нараджэння беларускага песняра Максіма Багдановіча. У гэты дзень святар правёў у касцёле разам з імшой і вечар, прысвечаны дадзенай падзеі, у якой бралі ўдзел пісьменнікі і настаўнікі з Віцебшчыны. Незвычайна прыгожа быў аформлены сам храм: побач з партрэтам Максіма знаходзіліся Пагоня і бел-чырвона-белы сцяг. Але, бадай, ніхто так актыўна і паслядоўна не выступаў падчас службы за беларускасць, як мінскі ўніяцкі святар Ян Матусевіч. Ён дапамог многім беларусам добра зразумець, што ёсць для іх нацыянальнага інтарэсу ўніяцкая царква. З вялікім задавальненнем людзі незалежна ад іх рэлігійнай прыналежнасці слухалі па радыё беларускамоўныя набажэнствы з мінскага касцёла св. Сымона і св. Алены, якія правіў ксёндзь Уладзіслаў Завальнюк. На такое ні тады, ні сёння не адважваецца ніводзін праваслаўны храм. Падобнага роду станоўчыя прыклады духоўнай дзейнасці, як Мёрскага касцёла і Мінскага св. Сымона і св. Алены ў не такія ўжо і спрыяльныя для беларускай справы 80―90-я гады не ўяўляе аніякай цяжкасці прадоўжыць. Таму няма сур'ёзных падстаў з прычыны таго, што сёння час яшчэ больш неспрыяльны для нацыянальнай працы, яе ўдзельнікам разыходзіцца па хатах.
***
Адсутнасць узважанай нацыянальнай палітыкі ў Рэспубліцы Беларусь тлумачыць прычыну амаль поўнай абыякавасці саміх людзей да таго, што адбываецца з этнакультурнай самабытнасцю тытульнага народа. А адбываецца ж з ім ― дый ужо не першы дзясятак гадоў ― адно толькі агіднае, пачварнае. Праўда, адсутнасць узважанай нацпалітыкі яшчэ не азначае, што дзяржава зусім не займаецца ёю. Займаецца, але толькі не з карысцю для свайго карэннага насельніцтва. Пацвярджаецца гэта, да прыкладу, непараўнаўча большымі выдаткамі бюджэтных сродкаў на рускую, чым беларускую культуру. І як вынік, сёння нават выпускнікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў непараўнальна лепш падрыхтаваныя і маюць большае жаданне працаваць у рускім, чым беларускім культурным рэчышчы. Калі і надалей ісці такім дэструктыўным курсам дзяржаўнай русіфікатарскай палітыкі, давядзецца вельмі хутка развітацца з надзеяй на захаванне этнакультурнай самабытнасці беларускай нацыі.
***
На працягу ўсіх гадоў існавання СССР ні ў адной з яго саюзных рэспублік не назіралася такіх маштабных зрухаў у русіфікацыі іх тытульных народаў, як у БССР. Ад душы цешачыся сваімі проста гістарычнымі дасягненнямі ў выцясненні з грамадскага жыцця беларускай мовы рускай, без чаго было б немагчымым забяспечыць максімальнае выкарыстанне яе і ў міжасобасных зносінах людзей, а значыцца і прышыць ёй ярлык «роднай» для беларусаў, ні партыйныя, ні савецкія дзеячы БССР не палічылі патрэбным пазнаёміцца, а як жа гэтая лёсавызначальная праблема развязваецца ў іншых саюзных рэспубліках. Яны ж таксама не ўхіліліся ад шкоднага, разбуральнага ўздзеяння на іх культурна-моўнае жыццё дзяржаўнай русіфікатарскай палітыкі. Але там, не ў прыклад Беларусі, гэтай заразе чыніўся хоць які-небудзь супраціў, і страты ад такой палітыкі не параўнальныя з нашымі, дзякуючы чаму пэўны час удавалася захоўваць найвялікшую духоўную каштоўнасць СССР ― разнастайнасць яго моўнага патэнцыялу. Дарэчы, клапаціліся пра яго захаванне і вольныя ад усялякага вялікадзяржаўнага шавінізму самі рускай нацыянальнасці палітыкі і культурныя дезячы. Ці ж не маглі павышаць адказнасці ўсіх савецкіх нацый і народнасцяў за лёс сваёй роднай мовы такія словы рускага пісьменніка Канстанціна Паўстоўскага (1892―1968): «Истинная любовь к своей стране немыслима без любви к родному языку» У нас жа на ўсіх дзялянках грамадскага фармавання асобы чалавека ніхто не займаўся выхаваннем шчырай павагі беларусаў да роднай мовы. Практычна не мелася аніводнай сярэдняй і няпоўнай сярэдняй школы без стэнда з тэкстамі Міхаіла Ламаносава, Івана Тургенева, Уладзіміра Маякоўскага і іншых русскіх пісьменнікаў пра рускую мову, але затое за ўвесь пасляваенны час нідзе на стэндзе нельга было прачытаць папераджальных набатных слоў слыннага сына Бацькаўшчыны Францішка Багушэвіча: «Не пакідайце ж мовы беларускай, каб не ўмёрлі!» Рабілася ж усё гэта так непалюдску з той мэтай, каб школьнікі не ставіліся да беларускай мовы як да роднай, а думалі, што такой для іх з'яўляецца руская. Таму, абапіраючыся на аўтарытэт рускіх пісьменнікаў, так высока ўзносілі апошнюю, стараліся на ёй арганізоўваць увесь навучальна-выхаваўчы працэс. У многіх, а тым больш у навучэнцаў, стваралася ўражанне, што ёю вось-вось вырштухнуць з усіх сфераў грамадскага жыцця беларускую мову з яе гістарычнай, спадчыннай, бацькоўскай зямлі.
Ад гэтай заганнай практыкі ўдалося адысці ― шкада, што на вельмі сціслы тэрмін ― толькі падчас чарговага беларускага нацыянальна-культурнага Адраджэння канца 80-х ― пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Да яе зноў вярнуліся пасля майскага рэферэндуму 1995 г. Ад таго часу дзяржавай нават і кроку не зроблена па ўмацаванні сацыяльнай ролі беларускай мовы. Наадварот, вялася і вядзецца адкрытая мэтанакіраваная дзейнасць ― прычым і самымі высокімі уладнымі структурамі ― па абмежаванні такой ролі роднага слова тытульнай нацыі краіны, прэцэдэнту чаму не знайсці на ўсёй зямной кулі. Ад майскага рэферэндуму 1995 г. і да сёння ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі ніхто з высокага рангу палітыкаў аніразу (!) не выказаў сваёй занепакоенасці сірочым станам беларускай мовы ва ўсіх сферах афіцыйнага жыцця.
Акрамя афіцыйных ідэолагаў, свой важкі ўклад у фармаванне надуманага, шкоднага погляду ў беларусаў на рускую мову, як на родную, унеслі многія навукоўцы, усяляк імкнучыся дапамагчы бальшавіцкай партыі хутчэй зблізіць і зліць савецкія нацыі і народнасці ў камуністычную супольнасць. Нават такі на сёння добра вядомы тэарэтык беларускага нацыянальна-адраджэнскага руху, як Мікалай Крукоўскі больш за паўстагоддзе таму ў адной з калектыўных прац пісаў: «Цяпер руская мова сталася на самай справе другой роднай мовай народаў, што насяляюць тэрыторыю Савецкага Саюза (вось так: узяў на сябе адказнасць гаварыць ад імя ўсіх народаў СССР! ― Л. Л.), і як такая, жывіць і ўзбагачае сабой мовы гэтых народаў» 1. Выходзіць, беларускую, хаця ўжо і тады партыйныя і савецкія русіфікатары вытурылі яе амаль адусюль рускай мовай. Проста неверагодна, як у такой экстрэмальнай сітуацыі можа мова ўзбагаціцца? Такое з ёю адбываецца толькі тады, калі яна абслугоўвае палітычнае і эканамічнае жыццё краіны, навуку, навучальна-выхаваўчы працэс знізу да верху, культуру і г.д. На Беларусі абслугоўванне ўсіх гэтых сфер дзейнасці чалавека мэтанакіравана былі ўскладзены на рускую мову.
Усё горшае ад таго часу ў дзяржаўнай моўнай палітыцы атрымала нібыта сваё другое жыццё ў суверэннай Рэспубліцы Беларусь. Дзеля таго, каб яе тытульны народ называў рускую мову роднай, найбольшыя высілкі прыкладвае ўсіх звёнаў чыноўніцкі апарат. А інакш і быць не можа, бо вытурыўшы ў ходзе мэтанакіраванага правядзення ў жыццё вынікаў майскага рэферэндуму 1995 г. беларускую мову адусюль, дзе толькі яна прысутнічала, трэба ж было ўбіць у галаву людзям думку пра «гістарычную» непазбежнасць узвышэння сацыяльнай ролі рускай мовы ў нашай краіне. А каб сам рэферэндум не падаваўся ім чымсьці злачынным, афіцыйныя ідэалагічныя службы і тады і сёння не спыняюцца распаўсюджваць сярод беларусаў несусветную хлусню нібыта руская мова з'яўляецца роднай і для іх, чым, маўляў, нельга не ганарыцца, бо вы адзіны ў свеце народ, які мае дзве родныя мовы. Пры кожнай зручнай нагодзе не прамінае назваць рускую мову роднай для беларусаў і выключна рускамоўны прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. І калі 19 снежня 2006 г. ён, выступаючы на нарадзе Рэспубліканскага савета рэктараў ВНУ заявіў, што «трэба ведаць перадусім сваю родную мову», несумненна, многія з прысутных палічылі, што пад ёю неабходна разумець рускую. Мне шмат хто запярэчыць, але я цвёрда перакананы, што ў нас ужо ёсць усе падставы для падвядзення рысы пад русіфікацыяй беларускай нацыі. Гэты бязглузды, вар'яцкі працэс закончаны, прычым на заключным этапе яго ніхто так не шчыраваў, як самі беларусы ў асобе свайго дзяржаўнага чыноўніцкага апарату і падначаленай яму ідэалагічнай службы. Сярод іх (а гэта ж сотні тысяч людзей!) не знайшлося аніводнага чалавека, хто рашуча заявіў бы «Не русіфікацыі!». Моўчкі глытаў яе, не запіваючы вадой ці чым-небудзь больш моцным, і сам народ. Ні ў адным з населеных пунктаў краіны (а іх жа дзясяткі тысяч!) не адбылося дэманстрацыі супраць русіфікацыі, у абарону беларускай этнакультурнай самабытнасці. Прычыну такой агіднай з'явы трэба шукаць у страшэннай дэнацыяналізацыі жыцця беларусаў яшчэ напярэдадні ўвядзення ў іх краіне прэзідэнцкай сістэмы кіравання, у моцным жаданні яе палітычнай эліты сваімі рукамі давяршыць тое, што не ўдалося зрабіць расійскай імператрыцы Кацярыне ІІ, буйному царскаму палітыку Міхаілу Мураўёву, ідэалагічнаму апарату ЦК КПСС. Найбольшай удачай прэзідэнскай улады ў ажыццяўленні курсу русіфікацыі беларускага народа, несумненна, сталі арганізацыя і правядзенне ўжо ў маі 1995 г. моўнага рэферэндуму, згодна з вынікамі якога адкрылі неабмежаваную прастору для выкарыстання рускай мовы ва ўсіх сферах дзейнасці чалавека Палітыкі і іх ідэолагі выдатна разумелі, што дасягацца такое будзе толькі праз абмежаванне сацыяльнай ролі беларускай мовы, але будучы самі да апошняй ступені зрусіфікаванымі, яны з высока паднятымі ўверх галовамі ішлі на такое злачынства, не сумняваючыся, што ў беларускім грамадстве адсутнічае сіла, здольная стаць у абарону яго роднага слова. Людзі прамаўчалі. Беларуская нацыя на ўвесь свет зганьбіла сябе. Не выключана, што з гадамі яе краіна выйдзе ў разрад эканамічна развітых, людзі не будуць зведваць сур'ёзных праблем з задавальненнем сваіх матэрыяльных патрэб, атрыманнем жаданай адукацыі. А вось, што беларусы будуць жыць у чужой рускай мове, гэта ніколі не надасць ім аўтарытэту. Калі якая-небудзь магутная рука, разумная галава не выправіць становішча, яны на ўсё жыццё застануцца сіротамі ў цывілізаваным свеце.
Шмат бедаў давялося перажыць беларускаму народу. З апошніх прац айчынных гісторыкаў мы ведаем, якой, без перабольшвання, катастрофай стала для яго вайна Рускай дзяржавы і Рэчы Паспалітай у 1654―1667 гг. На той свет яна забрала больш за палову агульнай колькасці жыхароў нашага краю. Каб выйсці на ўзровень 1654 г. па колькасці насельніцтва спатрэбілася 122 гады! Бо і пасля той кровапралітнай бойні не раз узнікалі ваенныя канфлікты на нашай зямлі. Але якія цяжкія беды не выпадалі б на долю беларусаў, яны заставаліся самі сабой, захоўвалі сваё этнічнае аблічча. А вось гэтага ім не ўдасца, калі дзяржаўная палітыка русіфікацыі Беларусі завершыць свой апошні віток, пераўтварыўшы яе тытульную нацыю ў аморфны, чужамоўны натоўп у цэнтры Еўропы. Дык ці ж гэта таксама не катастрофа?! Яшчэ і якая. Большая, чым у вайну 1654―1667 гг., бо пасля яе наш народ хоць праз 122 гады, але ўсё ж колькасна аднавіўся. Пасля завяршэння суцэльнай русіфікацыі (чакаць застаецца нядоўга), якую так паслядоўна, упарта праводзіць за народныя грошы прэзідэнцкая вертыкаль, беларусы наўрад ці калі-небудзь з'явяцца на этнічнай карце свету ва ўсім свеім нацыянальным абліччы. Яны будуць дарэшты расцягнутыя суседнімі народамі, пазліваюцца з імі, што зусім проста з-за адсутнасці якіх-небудзь сур'ёзных антрапалагічных адрозненняў паміж першымі і другімі. Набліжэння гэтай, не выключана, ужо апошняй у гісторыі беларусаў катастрофы не могуць не бачыць высокія палітыкі, афіцыйныя ідэолагі Рэспублікі Беларусь, бо гэта ж як след эрудзіраваныя асобы, сярод якіх нават нямала дактароў навук, прафесароў, акадэмікаў. Значыцца, русіфікацыя беларускага народа ― гэта свядома выпрацаваны і ажыццяўляемы імі курс дзяржаўнай палітыкі. Будучым даследчыкам не давядзецца ламаць галаву для адказу на пытанне: хто віноўнік русіфікацыі і этнічнай смерці беларусаў.
***
Нішто так не садзейнічае грамадству ў вызначэнні сваёй этнічнай, нацыянальнай прыналежнасці, як моўны фактар. Таму, калі ў палітыкаў поліэтнічных краін наспяваюць планы асіміляваць той ці іншы народ, яны ў першую чаргу імкнуцца адарваць яго ад роднай мовы і навязваць мову дзяржаўнай нацыі. Засвоіўшы яе мову, рана ці позна адбудзецца растварэнне моўна асірочанага народа ў асяроддзі гэтай нацыі. Мо як ніякі іншы еўрапейскі народ, беларусы вельмі знаёмыя з такой злачыннай практыкай. Прамое дачыненне да яе мае і дзяржаўны чыноўніцкі апарат сучаснай Рэспублікі Беларусь. Ён пасля майскага рэферэндуму 1995 г. надаў такую маштабнасць русіфікацыі, што, напэўна, ужо ў канцы першага ― пачатку другога дзясяцігоддзя ХХІ ст. бальшыня беларусаў магла б адмовіцца ад сваёй нацыі, перакінуўшыся ў рускі этнас у сувязі з пераходам на яго мову. Па розных прычынах высокія палітыкі, ідэалагічны апарат Беларусі такую этнічную трансфармацыю яе тытульнай нацыі пакуль што не лічаць прымальнай для сябе. Каб не даць дарэшты абруселым беларусам у масавым маштабе называць сябе, галоўным чынам паводле моўнага фактару, рускімі, улады ўжо не першы год імкнуцца прытармазіць гэты працэс, эксплуатуючы дзе трэба, а дзе і не трэба тэрмін «беларус», зусім не клапоцячыся, каб само жыццё людзей напоўніць беларускасцю, асабліва ў такіх важных нацыятворных сферах, як культура і адукацыя. У іх не мае сабе роўных рускі фактар. Таму нават калі на кожным жылым, вытворчым, службовым будынку, на ўсіх перакрыжаваннях дарог і ў іншых людных месцах будуць вывешаны транспаранты са словамі «Мы ― беларусы», беларускасці ад гэтага ніколькі не прыбавіцца ў карэнных жыхароў краіны. З такой бядой, як русіфікацыя, трэба ваяваць ― і ваяваць рашуча, бескампрамісна, як ваявалі і ваююць усе дзяржавы з культурна-моўнай асіміляцыяй. Не будзем забывацца на вельмі мудрую народную прымаўку: «Салаўя байкамі не кормяць».
***
Мяркую, ніхто не будзе аспрэчваць актуальнасці такога радка з Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь: «Вечна жыві і красуй Беларусь». Усё ў ім прыгожа, і дарэчы. Толькі вось непакоіць, чаму на дзяржаўным узроўні нічога не робіцца, каб сама наша рэчаіснасць адпавядала зместу гэтага ўзнёслага радка. Народ, яго краіна жывуць жа толькі тады, калі скрозь пануе сваё, а не занесенае рознымі сіламі чужое. Наўрад ці знойдзецца хоць адзін адукаваны чалавек, які заявіў бы, што нацыянальна беларускага ў нашым сучасным жыцці больш, чым рускага. Менавіта яно тут пануе, а не беларускае, што ўжо вывела нашу краіну амаль на апошні віток культурна-моўнай асіміляцыі. Нягледзячы на такую катастрофу, кожную раніцу, нібы на здзек з беларусаў, гучаць па правадной радыёсетцы словы з Дзяржаўнага гімна РБ: «Вечна жыві і красуй Беларусь». Без роднай мовы яна не можа жыць, а ў чужой рускай культуры красаваць. Беларусь толькі тады зажыве і закрасуе, калі яе народу дзяржава дапаможа павярнуцца да ўласнай нацыянальнай культуры і роднай мовы, а ўсяму чужому адвядзе пабочнае месца ў духоўным жыцці.
***
Не раз ужо пісаў і цяпер лічу неабходным сцвердзіць, што даведзены да крайняй мяжы русіфікацыі беларускі народ не здольны вызваліцца ад гэтай злыбеды толькі ў апоры на самачынныя арганізацыі адраджэнскага характару. Дзеля гэтага патрэбна правядзенне мэтанакіраванай дзяржаўнай палітыкі накшталт беларусізацыі міжваеннага перыяду. Толькі вось узнікае вялікі сумніў: а ці здольны да ажыццяўлення такой выратавальнай для моцна засіміляванага беларускага народа палітыкі нацыянальна неданошаны дзяржаўны чыноўніцкі апарат Рэспублікі Беларусь? На здзяйсненне такіх лёсавызначальных спраў патрэбны не толькі добра спрактыкаваныя чыноўнікі-прафесіяналы, але і асобы са здаровай нацыянальнай самасвядомасцю, перакананыя носьбіты беларускіх культурна-моўных традыцый. Сёння такіх асобаў зусім не проста знайсці нават у асяроддзі вышэйшага звяна кіраўніцтва народнай адукацыяй і культурай.
***
Поўная адсутнасць у многіх эстрадных спевакоў асабістай адказнасці за захаванне беларускім народам сваёй этнакультурнай самабытнасці штурхае іх да пошуку славы на тэатральных падмостках іншых краін і найперш за ўсё Расіі, носьбітамі культуры якой яны з'яўляюцца нават ў сябе дома. Вялікай трагедыі ў гэтым не трэба бачыць, бо куды лепш, калі айчынныя эстрадныя спевакі будуць рваць свае горлы выкананнем рускамоўных песень у Расіі, чым на этнічнай тэрыторыі Беларусі, садзейнічаючы гэтым самым русіфікацыі яе карэннага насельніцтва. Яму непараўнальна карысней мець беларускамоўных спевакоў з на некалькі парадкаў ніжэйшым прафесіяналізмам, чым іх рускамоўных калег, бо апошнія ж не ўзбагачаюць, а, наадварот, толькі дэфармуюць нацыянальную культуру нашай краіны.
***
Сёння ўсе катэгорыі творчай інтэлігенцыі Беларусі ― гэта высокаадукаваныя людзі. Сумняваюся, каб яны не ведалі, што развіццём тут рускай культуры разбураецца этнічная самабытнасць яе карэннага насельніцтва, адбываецца пераўтварэнне апошняга ў сурагат рускай нацыі. Заканамерна ўзнікае пытанне: чаму ж людзі культуры з такой маштабнасцю бязлітасна руйнуюць тое, што робіць беларуса беларусам? Адказ на яго даць зусім не складана: шырокія колы творчай інтэлігенцыі дашчэнту зрусіфікаваныя, вельмі моцна сябруюць з нацыянальным нігілізмам. Для іх ужо даўно сваё стала чужым, а чужое ― сваім. Такі шкодны погляд яны даволі паспяхова навязваюць усяму беларускаму народу, умела карыстаючыся яго не дужа добрай дасведчанасцю ў архіскладаных пытаннях свайго нацыянальна-культурнага жыцця як у мінулым, так і на сучасным этапе.
***
Усе мы, уключаючы дзяржаўных дзеячоў, афіцыйных ідэолагаў, а таксама актывістаў апазіцыйных партый і рухаў, любім называць дарагую, родную Беларусь еўрапейскай краінай. Праўда, часцей за ўсё кіруемся пры гэтым геапалітычным фактарам. А ці ж з'яўляецца ён і сапраўды галоўным крытэрыям для залічэння Беларусі ў спіс еўрапейскіх карін? Думаю, што не. Для гэтага ёй трэба шмат зрабіць па дэмакратызацыі палітычнага жыцця, выкінуўшы на сметнік усё, што вылучае смырод таталітарызму. Аднак галоўнае ўсё ж у тым, каб Беларусь набыла ўласнае нацыянальна-культурнае аблічча, а не выступала ў ролі халуя рускамоўнай культуры. У Еўропе не знайсці краіну, якая жыла б (асабліва вяршкі грамадства) пераважна чужой, а не ўласнай культурай. Няма! Дык па якім жа праве мы называем Беларусь еўрапейскай краінай? Ой, як нам яшчэ далёка да гэтага! І ўсё з-за прапклятай дзяржаўнай палітыкі русіфікацыі, у т.л. і сучаснай, на ніве якой і ўначы і ўдзень пасецца велізарны табун наскай творчай інтэлігенцыі.
***
Адназначна, беларускі народ можа самарэалізавацца і прыстойна жыць толькі ў сваёй роднай культуры і мове, цалкам адкінуўшы на задворкі праклятую русіфікацыю. Яму ж, не стамляючыся, ужо не адно стагоддзе навязвалі і навязваюць рускую культуру і мову, дасягнуўшы на гэтым у найвышэйшай ступені пройгрышным для яго шляху нечуванага «поспеху». Калі і надалей беларусаў будуць весці такім ганебным шляхам, у іх няма будучыні. Пакуль яшчэ да канца не заражаная атрутай русіфікацыі частка інтэлігенцыі ў нас, дзякаваць богу, ёсць, яна павінна не пашкадаваць сіл, здароўя, часу, каб глыбока пераканаць як мага больш людзей у тым, што панаванне рускай культуры на Беларусі непазбежна прывядзе яе да страты свайго этнічнага аблічча і пераўтварэння ў тыповы ар'ергардны рэгіён Расійскай Федэрацыі.
***
У гістарычнай практыцы сусветнай цывілізацыі дастаткова пераканаўчых прыкладаў: народ, які па розных прычынах дапусціў панаванне на сваёй тэрыторыі чужой культуры, немінуча становіцца яе ахвярай, траціць характэрную да гэтага яму этнічную самабытнасць. Адмаўляць панаванне ў нашым духоўным жыцці рускага фактару над беларускім могуць толькі абыякавыя да ўсяго нацыянальнага людзі ці крайне зацікаўленыя ў хутчэйшым завяршэнні русіфікацыі гэтага аблапошанага чужымі і ўласнымі асімілятарамі народа. Дзякуючы сістэмнай русіфікатарскай дзейнасці ўстаноў адукацыі і культуры ў нас узгадавана незлічоная колькасць носьбітаў рускай культуры. Колькасна яны ў дзясяткі разоў перасягаюць тых, хто не здрадзіў бацькоўскім культурным традыцыям. І самае, бадай, страшнае, што гэтыя носьбіты займаюць найбольш высокія, уплывовыя пасады ў кіраўніцтве адукацыяй і культурай, свядома не даючы ходу ў гэтыя сферы беларускаму элементу. Каб рускай культуры забяспечыць на беларускай зямлі яшчэ большую перспектыву, адказныя за стан духоўнага жыцця кіраўнічыя асобы вельмі актыўна выступаюць у ролі інтэгратараў палітычнага аб'яднання з Расіяй, бо гэта, на іх думку, ліквідуе ўсялякія перашкоды на шляху далейшага ўзмацнення ролі рускага фактару ў культурным развіцці Беларусі. Некаторыя з высокіх кіраўнікоў міністэрстваў адукацыі і культуры куды большыя намаганні прыкладваюць для стварэння адзінай руска-беларускай дзяржавы, чым самі палітыкі-прафесіяналы. Такой арыентацыі, зразумела, прытрымліваецца бальшыня непасрэдных творцаў у сферы культуры, асабліва тых, што працуюць у нас у рускім культурна-моўным рэчышчы.
Адшукаць і трывала ўсталяваць правільныя суадносіны паміж беларускім і рускім фактарамі ў духоўным жыцці краіны ― гэта перш за ўсё прамы абавязак інтэлігенцыі. Але паколькі русіфікацыя ледзь не дашчэнту дэфармавала ў абсалютнай бальшыні яе нацыянальную імунную сістэму, як след абаперціся на гэты прагрэсіўны пласт любога грамадства адраджэнскія сілы ніяк не могуць. Застаецца толькі адно адзінае выйсце: з дапамогай крайне малалікай па колькасці інтэлігенцыі са здаровай нацыянальнай самасвядомасцю рыхтаваць носьбітаў беларускіх культурна-моўных каштоўнасцяў з сённяшніх школьнікаў, навучэнцаў і студэнтаў сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў. Задача гэтая архіскладаная, бо маладыя пакаленні ўзгадоўваюцца дзяржавай і падуладнымі ёй культурна-асветніцкімі ўстановамі і арганізацыямі выключна ў рускім духу. Мы проста вымушаныя такой зрусіфікаванай моладдзю папаўняць шэрагі сённяшніх адарваных ад нацыянальных каранёў чыноўнікаў і інтэлектуалаў, у выніку чаго іх колькасць не змяншаецца, а павялічваецца.
***
У шматлікіх нашых эстрадных і оперных спевакоў, паэтаў-песеннікаў адсутнічае нават самае элементарнае пачуццё сваёй адказнасці за захаванне і развіццё на Беларусі самабытнай, адметнай ад іншых народаў культуры. Яны проста з нейкім фантастычным гонарам упарта стараюцца навадняць яе духоўнае жыццё здабыткамі рускай культуры, а часта нават выступаюць у ролі іх творцаў на беларускай зямлі. У выніку ўсёй папярэдняй далёкай ад беларускіх інтарэсаў практыкі і дзякуючы старанням сучасных дзеячоў культуры ледзь не да самых асноў разбураны прыродны грунт нацыянальнага духоўнага жыцця нашай краіны. На яе гістарычнай тэрыторыі пануе ― не без удзелу тутэйшых талентаў ― руская культура, а беларуская дыхае на ладан, імкліва траціць сваіх носьбітаў, чаму вельмі добра спрыяе павальная русіфікацыя беларускага народа. Пераважная бальшыня яго ўжо зусім не імкнецца жыць у сваёй культурна-моўнай стыхіі.
***
Суверэнную дзяржаву з поўнай падставай можна прызнаць такой толькі пры ўмовах, калі яна цалкам забяспечвае самабытнае этнакультурнае развіццё сваёй тытульнай нацыі. Рэспубліку Беларусь нельга лічыць такой, паколькі тут па віне ўладаў пануе руская, а не беларуская культура. За апошнія пятнаццаць гадоў у краіне нічога не зрабілі, каб хоць трохі ўтаймаваць русіфікацыю. А гэта ж сапраўдная катастрофа для беларускай нацыі. Агульнавядома, што ніводзін народ, акрамя як у каланіяльна залежных краінах, не жыве ў дзвюх культурах. Калі беларусы пасля стварэння ў 1919 і 1990 г. уласнай дзяржавы (няхай сабе ў нейкай ступені і сімвалічнай) дасягнулі ў пэўнай ступені незалежнасці ў экнамічнай і палітычнай сферах, дык у культурна-моўнай яны працягваюць заставацца каланіяльна-залежным народам, прычым у значнай меры дзякуючы старанням значнай часткі яго ж творчай інтэлігенцыі. Каланіяльна-культурная залежнасць Беларусі ад Расіі заўжды будзе трымаць першую ў падпарадкаваным становішчы да другой у галіне эканомікі і палітыкі.
***
Ад усяго пачутага і ўбачанага ў мяне ўжо даўно сфармавалася перакананне, што сярод значнай часткі нашай інтэлігенцыі, прафесійна занятай ў сферы культуры, склаўся погляд, што сучаснай беларускай культуры менавіта і забяспечвае трывалую адметнасць, незвычайную для іншых народаў разнастайнасць тое, што яна развіваецца на чужой культурна-моўнай аснове ― рускай. Яно і праўда: нідзе ж больш у свеце не сустрэнеш такога парадоксу! А раз так, значыцца, беларусы франтальным адыходам ад роднай мовы ў сферы духоўнай дзейнасці ўносяць найвялікшы ўклад у культурную разнастайнасць сусветнай цывілізацыі. Відаць, зыходзячы з такой пазіцыі, у нас ёсць прафесійныя оперныя і эстрадныя спевакі, якія за дваццаць гадоў выступлення на сцэне не праспявалі аніводнай беларускамоўнай песні. І хоць многія думаюць, што гэта акурат і ёсць класічная праява культурнай разнастайнасці на Беларусі, я ж у такой практыцы бачу найвялікшую знявагу да культурна-моўных традыцый яе карэннага насельніцтва, магутны сродак русіфікацыі апошняга.
***
Каб не даць рускай культуры цалкам запаланіць Беларусь, што абавязкова прывядзе да поўнай русіфікацыі апошняй, трэба па лініі дзяржаўных і грамадскіх сектараў культуры даць шырокі, вольны доступ на яе (Беларусі) прасторы духоўным каштоўнасцям іншых славянскіх народаў, што так слаба практыкуецца ў нас. Такі доступ, акрамя вызвалення беларускай нацыянальнай культуры ад празмернага, несумненна надзвычай пагрозлівага, небяспечнага ўплыву на яе рускага фактару, не толькі зробіць духоўнае жыццё нашай краіны больш разнастайным, але і дапаможа творчай мастацкай інтэлігенцыі глыбей усвядоміць, якую непапраўную шкоду прыносяць многія яе дзеячы ўласнаму нацыянальнаму інтарэсу, працуючы ў рэчышчы іншай культуры, лепш убачыць, як яны сур'ёзна адстаюць ад сваіх калег з славянскіх краін ва ўкладзе ў развіццё не проста культуры, а культуры ўласнай, засцерагаючы свае народы ад страты этнічнай самабытнасці пад уздзеяннем любых форм асіміляцыі, у т.л. і тых, да якіх мае самае прамое дачыненне славянская супольнасць.
***
Балюча становіцца на сэрцы, калі задумаешся над тым, як мэтанакіравана стараннямі айчынных жа інструментальна-вакальных калектываў, што знаходзяцца на дзяржаўным фінансаванні, ледзь не цалкам выштурхнута з эстраднай сцэны беларускамоўная песня. Выходзіць, нямарна выдаткоўваюцца атрыманыя дзяржавай ад падаткаплацельшчыкаў грошы. Чаго яна імкнулася дамагчыся правядзеннем у маі 1995 г. рэферэндуму, тое ўжо стала рэальнасцю культурнага жыцця краіны. Гаспадарыць, уладарыць у ёй практычна чужая руская культура, якую з такімі вялікімі намаганнямі ўкаранялі, шырылі на беларускай зямлі ў перыяд яе знаходжання ў складзе Паўночна-Заходняга краю імперскай Расіі. Па розных прычынах ёй гэтую справу не ўдалося тады завяршыць. А можа такога і не ставілі перад сабой рускія вялікадзяржаўныя чыноўнікі і адданыя ім творцы культуры, прадбачачы, што апошнюю кропку ў русіфікацыі паставіць сама Беларусь. І не памыліліся. Яе карэннаму насельніцтву застаецца цешыцца пераважна толькі здабыткамі фальклорных пластоў культуры. Неўзабаве надыдзе той час, калі беларускамоўную песню ў прафесійным эстрадным выкананні можна будзе пачуць толькі за мяжой ці ў родных катакомбах пры патушаных агнях.
***
Даўно, вельмі даўно ў нас ўсталявалася заганная, архішкодная практыка асноўную частку сваіх творчых сіл, звычайна самых адораных, выкарыстоўваць не ў інтарэсах сваёй уласнай, а якойсьці чужой культуры. Спачатку такое рабілася для польскай, а ўжо больш за два стагоддзі ― для рускай. Дорага нам каштавала і каштуе такое ні чым не апраўданае культурнае донарства. Калі на такі няўдзячны ўчынак беларускія культдонары ішлі пад прымусам чужога, варожага нам палітычнага рэжыму, іх яшчэ можна было неяк разумець, толькі не апраўдаць. А вось калі ўжо два дзясяцігоддзі нашая краіна з'яўляецца незалежнай, а колькасць рускамоўных культдонараў на беларускай зямлі ўсё больш павялічваецца, тут ёсць над чым задумацца не толькі інтэлігенцыі цвёрдай нацыянальнай арыентацыі, а і самім палітыкам, ідэолагам і нават псіхолагам. Пры ўсім жаданні проста немагчыма знайсці апраўдання такой антынацыянальнай практыцы. І не толькі таму, што на гэтую непатрэбную, шкодную справу асігнуецца асноўная сума прызначаных для культурнай сферы бюджэтных сродкаў, даводзіцца выкарыстоўваць абсалютную бальшыню творчай інтэлігенцыі, пакідаючы для патрэб нацыянальнай культуры толькі яе нязначную частку. Самае страшэннае тут бачыцца ў страшэнным заняпадзе беларускай нацыянальнай культуры на сваёй гістарычнай тэрыторыі пры адначасовым сапраўдным росквіце на ёй суседскай рускай культуры. Не толькі сёння, а ўжо даволі даўно не знайсці ў Еўропе краіны, дзе б чужой культурай так цяснілі, выкідалі на задворкі нацыянальную, як гэта сістэмна практыкуецца ў Беларусі. Прычым не на побытавым, сямейным, вулічным, а на самім дзяржаўным узроўні.
У любой еўрапейскай краіне такі ўціск нацыянальнай культуры выклікаў бы ўсенародны пратэст, у абарону яе выступілі б усе ад малога да вялікага. Беларусы ж выяўляюць поўны алімпійскі спакой, зайздроснае магільнае маўчанне. Зразумець такое вельмі прсота: больш за двесце гадоў дзяржаўнай палітыкі русіфікацыі наш народ ледзь не канчаткова адбіўся ад свайго роднага беларускага і грунтоўна прызвычаіўся да чужога рускага і не схільны нічога мяняць.
***
У Рэспубліцы Беларусь, на вялікую бяду яе тытульнай нацыі, адсутнічае масавы рух супраць русіфікатарскай палітыкі ўласнай дзяржавы. Рэзкі спад яго намеціўся пасля майскага рэферэндуму 1995 г., калі, карыстаючыся вынікамі апошняга, уладныя структуры ясна паказалі ўсяму грамадству, што яны не збіраюцца ў абслугоўванні сферы сваёй дзейнасці забяспечваць беларускай мове такія ж правы, як і рускай. Мова тытульнай нацыі была выкінута са службовых кабінетаў усіх звёнаў прэзідэнцкай вертыкалі, міністэрстваў і ведамтсваў, прадпрыемстваў і арганізацый, апынулася на абочыне грамадскага жыцця. У спрэс зрусіфікаванай яшчэ за савецкім часам інтэлігенцыі не ўзнікла жадання стаць на абарону галоўнай духоўнай каштоўнасці свайго народа ― беларускай мовы. Яна мела падтрымку толькі ад нязначнай часткі творчай інтэлігенцыі, найперш пісьменнікаў, беларускіх філолагаў, нешматлікіх навукоўцаў-гуманітарыяў. Крайне мала магчымасцяў было паўплываць на антыбеларускую дзяржаўную моўную палітыку ў Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, розных апазіцыйных партый і рухаў. Улады рабілі ўсё, каб не даць ім магчымасці давесці свой боль пра беларускую мову шырокім колам грамадскасці. У афіцыйных сродках масавай інфармацыі забаранялі нават слова ўзнімаць па дадзенай лёсавызначальнай для беларускага народа праблеме. У гэтай экстрэмальнай сітуацыі правільнае рашэнне знайшлі прыхільнікі нацыянальнага Адраджэння, кіраўнікі Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі ― БНФ, звярнуўшыся ў чэрвені 2007 г. да чыноўнікаў вінаватых у русіфікацыі, нагадаўшы ім пра адказнасць за такія дэструктыўныя антыбеларускія дзеянні. Свайму лісту да многіх дэпутатаў, адказных супрацоўнікаў дзяржаўных структур, кіраўнікоў навучальных устаноў і прадпрыемстваў яны далі праўдзівую назву: «Асіміляцыя ― злачынства супраць чалавецтва». Улады зусім не адрэагавалі на гэты ліст, працягвалі і працягваюць, на радасць Маскоўскага крамля, давяршаць злачынныя акцыі па русіфікацыі пазбаўленага з боку сусветнай цывілізацыі падтрымкі беларускага народа. Яго дэнацыяналізацыю прэзідэнцкая вертыкаль праводзіць больш паспяхова за ўсе папярэднія ёй палітычныя рэжымы.
***
Адсутнасць працяглы час адпаведнай нацыянальнаму інтарэсу беларусаў дзяржаўнай палітыкі ў сферы культуры прычынілася да ўзнікнення тут крайне негатыўных тэндэнцый. Яшчэ ніколі раней, нават і за царскім часам, беларуская нацыянальная культура так істотна не ўступала рускай, як сёння, па ўздзеянні на духоўнае жыццё карэннага насельніцтва нашай краіны. І як вынік, у нас сфармаваўся шырокаразгалінаваны пласт актыўных і пасіўных носьбітаў рускай культуры, які ў дзясяткі разоў колькасна перасягае тых, хто застаецца ў рэчышчы нацыянальнага духоўнага жыцця. Словам, русіфікацыя тытульнай нацыі суверэннай Рэспублікі Беларусь дасягнула свайго апагею, не пакінуўшы ніякай надзеі на выратаванне. Такое не стала б рэальнасцю без мэтанакіраванай палітыкі сучасных уладных структур. «Гістарычныя» дасягненні сучасных дзяржаўных уладаў Беларусі ў размыванні нацыянальных асноў жыцця яе карэннага насельніцтва былі б вельмі даспадобы старшыні Савета міністраў царскай Расіі Пятру Сталыпіну. На гэтай высокай пасадзе ён знаходзіўся ў надзвычай складаны і адказны для Расіі перыяд ― у 1906―1911 гг., калі крайне абвастрыўся нацыянальна-вызваленчы рух яе народаў. Добра прыжыўся ён і на Беларусі, якую ў той час афіцыйныя палітыкі называлі «Паўночна-Заходнім краем» ці проста «Заходнім краем». Не жадаючы адпусціць яго на волю, П. Сталыпін у адной з сваіх прамоў у Дзяржаўнай думе ў самай катэгарычнай форме заявіў перад дэпутатамі: «Заходні край ёсць і будзе край рускі назаўжды, навекі» 1. Да майскага (1995) рэферэндуму думалася, што буйны расійскі дзяржаўны дзеяч моцна памыліўся са сваім прагнозам. Сёння ж у рэальнасці яго сумняваюцца, мо, толькі самыя вялікія аптымісты. Гэта добра разумее прэзідэнцкая ветыкаль, таму, каб пераадолець такія не пажаданыя ёй настроі аптымістаў, так зацята працягвае свой вывераны курс на пераўтварэнне Рэспублікі Беларусь у «край рускі назаўжды і навекі».
Раздзел VI. Дэфіцыт нацыянальнай інтэлігенцыі ўзрастае
Многія нашы беды далёкага і недалёкага мінулага, а таксама сучаснага жыцця ― востры голад на інтэлігенцыю са здаровай этнічнай, нацыянальнай самасвядомасцю. Разумых, таленавітых у самых розных сферах культуры людзей заўжды было багата ў беларускага народа. Праўда, не ўсе такія людзі, па вядомых толькі для іх прычынах, жадалі ў сябе дома працаваць на роднай культурнай ніве. Неахвотна абрабляюць яе і сёння, у выніку ў духоўным жыцці Рэспублікі Беларусь пазіцыі рускай культуры ў дзясяткі, а мо і ў сотні разоў мацней за нацыянальныя. І трывогі з такой трагедыі не паднімаюць ні палітыкі, ні абсалютная бальшыня інтэлігенцыі. Безумоўна, за нечуваную эрозію нацыянальнага патэнцыялу культуры Беларусі найбольшую адказнасць нясе яе дзяржаўны чыноўніцкі апарат. І ў той жа час, калі б ён з боку інтэлігенцыі меў сур'ёзнага апанента, сённяшнія нашыя справы ў галіне нацыянальнай культуры не былі б такімі безнадзейнымі. Такім жа апанентам можа быць толькі моцна ўрослая ў нацыянальную глебу інтэлігенцыя, а не тая, што адцуралася ад беларускай культуры і стварае, усяляк папулярызуе на абшарах нашай краіны рускія духоўныя каштоўнасці. Куды лепш было б для яе, калі б такія касмапалітычных паводзінаў творцы пакінулі сваю гістарычную тэрыторыю, бацькоўскі і дом і атабарыліся на той зямлі, чыёй жывуць, чыю ўзбагачаюць культуру. Такія ж выпадкі зусім не рэдкасць у творчай біяграфіі дзеячоў культуры. Пакідаючы па такіх прычынах радзіму сваіх продкаў, яны гэтым самым змяншаюць лік творцаў, занятых культурна-моўнай асіміляцыяй яе народа. Чым хутчэй такая эміграцыя стане нормай паводзінаў творчай інтэлігенцыі Беларусі, тым больш у яе будзе гарантыі ўхіліцца ад трагічных наступстваў рускай культурна-моўнай асіміляцыі. Калі ж на беларускай зямлі суадносіны паміж актыўнымі носьбітамі нацыянальнай і носьбітамі рускай культур застануцца на сённяшнім узроўні, а ў горшым выпадку яшчэ адбудзецца і крэн у бок апошняй, тады ўжо нават і сам Усявышні не выратуе нас ад адыходу ў этнічны нябыт. Цешыць сябе рознага роду ілюзіямі застацца самабытным этнасам і ў такіх экстрэмальных умовах ― справа зусім не ўдзячная. Нельга жаданае выдаваць за рэальнае, калі пад ім адсутнічае ўсялякі грунт.
***
«Беларускі народ як нацыя плябейская чакае яшчэ з'яўлення сваёй інтэлігенцыі. Да гэтае пары ён выдзяляў з сябе сілы, якія служылі або польскай, або вялікарускай культуры. Глуха, але ўпарта пратэставаў ён супроць здрадніцкіх спробаў паланізаваць альбо авялікарусіць яго, і абедзве культуры, якія гвалтоўна навязваліся яму, праходзілі міма, не прышчапляючыся да яго. Свята захоўвае ён асновы свайго жыцця ў чаканні з'яўлення сваёй інтэлігенцыі, якая будзе не ламаць гэтыя асновы, а развіваць і ўдасканальваць іх».
(З часопіса «Гомон» беларускай фракцыі тайнага таварыства «Народная воля», які выдаваўся ў 1884 г. у Пецярбургу, № 1.)
Нярадасныя думкі прыходзяць у галаву ад прачытання вышэйпрыведзенай цытаты, датычныя ледзь не сівой даўніны. І найперш такая: у 80-я гады ХІХ ст. чакалі з'яўлення інтэлігенцыі, здольнай пабудаваць, развіваць сапраўднае беларускае нацыянальнае жыццё, а яе ўсё яшчэ няма і пасёння дый невядома ці ўвогуле будзе яна. Моцна засмучае такое параўнанне, што ў далёкія часы беларусу не прышчаплялася чужое і польскае, і рускае, а сёння апошняе практычна бесканкурэнтна пануе, вядзе рэй на культурнай ніве краіны, карыстаючыся ўсебаковай падтрымкай самой дзяржавы. Гэтулькі часу мінула, а культурна-моўнае становішча замест паляпшэння значна пагоршылася, прычым не толькі з-за правядзення дзяржавай русіфікатарскай палітыкі, але і масаваму пераходу творчай інтэлігенцыі ў рускую культуру, прычым як дзеля спажывання, так і развіцця яе. Паводле сваёй інертнасці, вяласці ва ўсім, што датычыць нацыянальнай справы, сучасная беларуская інтэлігенцыя да дробязі нагадвае сваіх калег, што жылі сто і больш гадоў таму. Вось як характарызаваў іх паводзіны ў 1882 г. нехта пад псеўданімам Даніла Баравік у адным з пісьмаў, якія тады распаўсюджвала беларуская група народнікаў у Санкт-Пецярбургу: «Прасачаўшы ў агульных рысах як мінулы, так і цяперашні лёс Беларусі, мы бачым, што дурныя гістарычныя абставіны да гэтае пары не даюць ёй прабудзіцца і авалодаць сабой, не даюць умацавацца зусім яе духоўным сілам. Беларускі народ, прыдушаны беднасцю, здаўна пазбаўлены ўсялякай самастойнасці і перажыўны жахлівую эксплуатацыю, у значнай ступені страціў сваю энергію. Такая задушанасць і прыгнечанасць нашай радзімы натуральна служаць падставай вялага і санлівага жыцця беларусаў і не даюць ім магчымасці развіць свае сілы» 1. Ну ці не пра нас гэта сказана?! Выйсце Д. Баравіком бачылася ў стварэнні шырокага і самастойнага (падкрэслена мною. ― Л. Л.) абласнога жыцця *, «якое толькі і можа падняць наш народ, патрэбны таксама і свядомыя прадстаўнікі жыцця народа, якія дапамаглі б яму развіцца ў адпаведнасці з яго роднымі пачаткамі, патрэбны, гэтак сказаць, праваднікі эканамічнага, разумовага і духоўнага ўдасканальвання народа. Такіх свядомых прадстаўнікоў народнага жыцця ў нас да гэтае пары, на няшчасце, не было» 2.
Ні сапраўднага самастойнага абласнога жыцця, ні дастатковай колькасці дзейных свядомых прадстаўнікоў народнага жыцця ў нас і сёння няма. Гэта велізарная трагедыя: мінула столькі часу, зведана столькі перамен у эканоміцы, палітыцы, культуры краіны, а мы ў сваім празрыста самастойным нацыянальным жыцці засталіся ледзь не на тым самым жа месцы. Вы толькі ўдумайцеся, якія буйныя рэвалюцыйныя перамены адбываліся ў нацыянальна-дзяржаўным, этнакультурным развіцці палякаў, літоўцаў, чэхаў і венграў, румын, балгар..! А мы перад сабой і цывілізаваным светам ўсё выхваляемся, што маем дзве дзяржаўныя мовы, дасягнулі буйнога поспеху ў развіцці на гістарычнай беларускай тэрыторыі рускай нацыянальнай культуры, навукі і адукацыі. А ці ж гэта наша справа, шаноўныя людцы?! Пералічаныя вышэй народы ― а практычна ўвесь цывілізаваны свет ― стварылі пра сябе добрую славу толькі таму, што развіваліся і развіваюцца на сваім падмурку, любяць і ведаюць лепш за нас не чужую, а сваю мову, набыўшы толькі ёй адной статус дзяржаўнай. Такое ж можна сказаць і пра іх бацькоўскія клопаты аб нацыянальнай культуры, адукацыі, навуцы. А ў нас усё наадварот: сваё ў падпечку, чужое ― на покуці. І бясконца радуемся, што ні за рускую мову, ні за рускую культуру, навуку, адукацыю нікому нічога плаціць не трэба, спажывай іх колькі хочаш і ніхто цябе за гэта не назаве ўтрыманцам. Якая недаравальная памылка! За гэта мы плацілі і плацім неверагодна высокай цаной, а іменна: сваёй абыякавасцю да гістарычных каранёў, духоўнай спадчыны, страшэннай рыхласцю нацыянальнай самасвядомасці; крайней адсталасцю ў параўнанні з усімі еўрапейскімі народамі ў нацыянальна-культурным развіцці, жабрацкімі ўнёскамі ў духоўны патэнцыял сусветнай цывілізацыі з-за занядбання сваімі сапраўды нацыянальна-беларускімі каштоўнасцямі. Пэўная выгода ёсць толькі тады, калі твой конь ці карова скубуць сена з чужога воза. Калі з яго народ скубе, пражорліва глытае чужыя культурныя здабыткі і не дбае пра стварэнне сваіх, ён не мае перспектыў на прыстойнае самабытнае этнакультурнае развіццё. Яго будучае ― быць цалкам праглынутым тым народам, чыю духоўную страву ён спажывае. Гістарычны досвед дае безліч фактаў у пацвярджэнне сказанаму.
Але давайце яшчэ раз вернемся да больш чым за сто гадоў таму складзенага Д. Баравіком пісьма, каб пазнаёміцца, якое ж выйсце ён бачыў з таго трагічнага становішча. Мяркую, што знойдзена яно акурат там, дзе яго і сёння трэба шукаць. Нашу бедную радзіму, адзначалася ў пісьме, могуць вывесці на правільны шлях, разбудзіць народныя і грамадскія сілы ад доўгай спячкі «найлепшыя мясцовыя людзі, г.зн. наша мясцовая інтэлігенцыя, якая паглынула такую масу энергіі, укладзеную ў народную працу. Наша інтэлігенцыя абавязана аддаць народу гэтую затрачаную на яе працу і прытым аддаць у перапрацаванай форме, г.зн. у выглядзе тых даброт навукі, цывілізацыі і разумовага прагрэсу, якія ёю атрыманы. Такая дзейнасць інтэлігенцыі можа ісці зусім паспяхова толькі тады, калі яна будзе выконвацца арганічна, г.зн. у адпаведнасці з патрабаваннямі народнага жыцця. Таму наша інтэлігенцыя павінна ставіцца з велічэйшай асцярожнасцю да ўсіх народных пачаткаў, якія складаюць адзіны законны крытэрый гістарычнага развіцця. На няшчасце, лепшыя людзі Беларусі далёка стаяць ад народнага грунту, мала ведаюць быт і ўмовы жыцця свайго народа». Таму Д. Баравік заклікае інтэлігенцыю ўсяляк імкнуцца глыбей вывучыць жыццё, «бо толькі людзі, якія ведаюць быт народа, могуць з поспехам дзейнічаць на карысць сваёй радзімы… Беларускай інтэлігенцыі трэба як мага бліжэй стаць да народа і ўсімі сіламі спрыяць падняццю яго эканамічнага і духоўнага быту, абуджэнню яго самасвядомасці.
(…) І калі наш народ убачыць наперадзе сябе людзей, што працуюць адпаведна з яго духам, тады ён прачнецца ад сваёй працяглай спячкі і пойдзе за такімі людзьмі, як за сваімі шчырымі прадстаўнікамі» 1.
Не сумняваюся, калі сучасная інтэлігенцыя трывала, усвядомлена стане на такі шлях, яна шмат чаго дасягне ў нацыянальна-культурным Адраджэнні і нават ва ўмовах, калі да яго па-ранейшаму будуць праяўляць абыякавасць, варожасць дзяржаўныя органы ўлады і кіравання.
***
Царскія ўлады, маючы на мэце поўную русіфікацыю карэннага насельніцтва Беларусі, усяляк стараліся не дапусціць стварэння на яе тэрыторыі вышэйшай навучальнай установы, бо калі нават педагагічны працэс у ёй будзе весціся па-руску, гэта не выключае, што са ста выпускнікоў хоць адзін можа аказацца стойкім нацыянальным патрыётам, свядомым беларусам. Здольная, прагная да вучобы моладзь нашага краю здабывала пажаданыя прафесійныя веды па-за яго межамі. Узгадаваныя за час навучання ва ўніверсітэтах, інстытутах, акадэміях, а затым ужо працуючы ў розных установах і арганізацыях Расіі, многія беларусы-інтэлігенты вельмі мала дбалі пра нацыянальныя інтарэсы свайго народа, а не дык і зусім ігнаравалі імі. Да такіх усе падставы ёсць залічыць ураджэнца мястэчка Кузніца Гродзенскай губерні, выпускніка Пецярбургскай духоўнай акадэміі Міхаіла Каяловіча (1828―1891). Працуючы з 1869 г. у гэтай навучальнай установе на кафедры рускай грамадзянскай гісторыі, ён напісаў шэраг кніг па гісторыі сваёй Бацькаўшчыны, але пісаў, менш за ўсё думаючы пра аб'ектыўнае асвятленне падзей. За галоўнае лічыў, як найлепш дагадзіць тым, хто дапамог ўладкавацца на працу ў гэтай прэстыжнай на той час духоўнай навучальнай установе. Паводле яго меркаванняў, Беларусь ніколі «не здолее трымацца на сваіх нагах. Яна можа трымацца, толькі абапіраючыся на Расію і схіляючыся да яе. Яна ніколі не будзе нагэтулькі дужай, каб ёй прыйшло ў галаву дамагацца самастойнасці» 1.
Горшага пасквіля на свой народ, сваю Бацькаўшчыну наўрад ці можна было прыдумаць. М. Каяловічу гэта ўдалося. Няцяжка зразумець, якую велізарную шкоду прыносілі такія погляды вучонага, калі яны станавіліся вядомымі мала дасведчаным у гісторыі роднага краю людзям. А іх жа была абсалютная бальшыня! Збівалі іх з панталыку і фальсіфікацыі М. Каяловіча датычна падзей, звязаных з гвалтоўным далучэннем нашых земляў да Расійскай імперыі ў выніку трох падзелаў у 1772, 1793 і 1795 гг. Рэчы Паспалітай. «Да яго, ― справядліва пісаў у 1928 г. беларускі гісторык А. Цьвікевіч, ― усе спробы аб'яднаньня Беларусі з Расіяй насілі выпадковы і павярхоўны характар, з'яўляліся больш адміністрацыйным мерапрыемствам, чым глыбока прадуманай і ўсебакова ўзважанай сыстэматычнай культурнай чыннасьцю» 2. Зразумела, у першым выпадку ў добраахвотнасць аб'яднання Беларусі з Расіяй мала хто мог паверыць. А вось калі М. Каяловіч пад гэтую захопніцкую акцыю падвёў «салідную навуковую базу», аб'яднанне двух народаў і сапраўды магло ўспрымацца, як іх добрая воля.
***
Зняцце ў 1917 г. кайданоў, з дапамогай якіх улады Расійскай імперыі стагоддзямі ўтрымлівалі ў сваім падпарадкаванні іншародцаў, у многіх выпадках даволі прагрэсіўныя пачынанні маладой пралетарскай дзяржавы ў сферы міжнацыянальных дачыненняў зусім заканамерна выклікалі і ў беларускай інтэлігенцыі сапраўдны ўсплёск грамадскай актыўнасці спарадзілі вялікі гонар за сваю Бацькаўшчыну, жаданне аддаць усяго сябе дзеля яе адраджэння і росквіту. Цяпер ужо беларуская інтэлігенцыя не саромелася і не баялася называць сваю любую Бацькаўшчыну роднай маці, найдаражэйшым скарбам, усведамляць сябе арганічнай частачкай яе. І галоўнае, што інтэлігенцыя тварам павярнулася да роднай мовы, хаця чужынцы нашага краю называлі яе грубай, мужыцкай, халопскай. Сінтэзаваны погляд інтэлігенцыі на родную мову Бацькаўшчыны вельмі пераканаўча выказаў у 1921 г. былы нашаніўскі пісьменнік Язэп Шпэт: «Люблю я гутарку тваю найхарашэйшую і найразумнейшую, бо ў ёй я толькі адчуваю, што я праўдзівы сын Беларусі. Люблю цябе, мая мова родная, ты для мяне ― неацэнны скарб, бо ты ўліта мне ў душу маёй маткаю роднай, калі яшчэ быў у калысцы. Ня буду браць прыкладу з другіх сыноў Беларусі, што, паехаўшы ў сьвет, наўмысьля стараюцца забыцца свае роднае мовы і чураюцца перад другімі нацыямі назваць сябе беларусам. Такі чалавек не дастойны называцца сынам Беларусі; ён здраднік свае Бацькаўшчыны і ўсяго беларускага народу» 1.
***
Як трэба рыхтавацца да сацыялістычнай рэвалюцыі ў Расіі ў кастрычніку 1917 г., сам ход рэвалюцыйных пераўтварэнняў правільна разумеліся нават далёка не ўсімі прадстаўнікамі інтэлігенцыі. З цягам часу гэта прызнае і ідэалагічны апарат КПСС. «Значная яе частка, ― заяўляў архітэктар перабудовы Міхаіл Гарбачоў, ― у тым ліку дэмакратычная, тая, што праклінала царскі рэжым і нават змагалася супраць яго, спалохалася рэвалюцыі, была падхоплена хваляй белай эміграцыі і аказалася за мяжой, аддаўшы свой талент і веды іншым народам. Гэта была вялікая страта для маладога савецкага грамадства» 1. Справядлівасць гэтых слоў М. Гарбачова цалкам падмацоўваецца цяжкім і складаным лёсам беларускай інтэлігенцыі, якая не так, як руская, польская ці ўкраінская, была падрыхтавана да разумення нацыянальнага пытання, сэнсу сацыяльных пераўтварэнняў у праграме маладой пралетарскай дзяржавы. Справа ўскладнялася яшчэ і больш цяжкімі, чым у іншых раёнах краіны, наступствамі Першай сусветнай і Грамадзянскай войнаў, замежнай ваеннай інтэрвенцыі: масавая эвакуацыя насельніцтва заходніх губерняў далёка на ўсход Расіі, поўны эканамічны развал унутры Беларусі, незаконная перадача Польшчы адпаведна з Рыжскім мірным дагаворам 1921 г. значнай тэрыторыі Беларусі. Пасля гэтага Савецкая Беларусь засталася толькі ў межах былой Мінскай губерні. Беларусы, апынуўшыся ў трох дзяржаўных фармаваннях, адчувалі сябе вельмі пакрыўджанымі лёсам. Трагізм такога тэрытарыяльнага тэрарызму для Бацькаўшчыны найлепш за ўсіх разумела, вядома, інтэлігенцыя. Адсюль незадаволенасць, няўпэўненасць, апазіцыя, эміграцыя… У сваіх беспаспяховых эксперыментах па будаўніцтве сацыялізму міжваенная БССР стала зведвала востры дэфіцыт у інтэлігенцыі. Што ж датычыць яе нацыянальна свядомага пласта, яго пад корань вынішчылі праведзеныя ў 30-я гады масавыя фізічныя рэпрэсіі.
***
З-за сваёй маладасведчанасці інтэлігенцыя Савецкай Беларусі праявіла амаль поўную непадрыхтаванасць жыць і працаваць у крайне суровых умовах бальшавіцкага палітычнага тэрору, усталяванага адразу ж пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі. Яго арганізатарам без асаблівых цяжкасцяў яму ўдалося падзяліць элітарны слой беларускага народа на два дыяметральна працілеглыя лагеры і кінуць іх у бойку адзін з адным. Канкрэтнымі ўчынкамі на палітыку ідэалагічнага апарату кампартыі «падзяляй і пануй» адклікнуліся нават і беларускія пісьменнікі. Велізарныя груды папер напісалі яны адзін на аднаго, што паслужыла важкім матэрыялам для завядзення на многіх з іх следчых спраў. Але і тыя, што валодалі незвычайным дарам вышукваць «заклятых ворагаў савецкай улады» ў родным пісьменніцкім асяроддзі, не ўхіліліся ад пакарання. Магчыма, пры больш высокай грамадзянскай свядомасці нашай інтэлігенцыі на Беларусі не была б рэпрэсавана такая вялікая колькасць майстроў мастацкага слова. Самы трагічны для іх дзень ― 29 кастрычніка 1937 г., калі з Галгофы дамоў не прыйшло 20 літаратараў. Вяртаючыся да аналізу гэтых крывавых падзей, галоўны партыйны ідэолаг Беларусі першых пасляваенных гадоў Міхаіл Іаўчук, як на здзек, дасць ім такую станоўчую характарыстыку: «Беларуская савецкая інтэлігенцыя пад кіраўніцтвам партыі бальшавікоў прайшла вялікую палітычную школу барацьбы з ворагамі народа, ворагамі ленінізму ― трацкістамі, бухарынцамі, нацыяналістамі. У гэтай барацьбе беларуская савецкая інтэлігенцыя ідэалагічна вырасла, палітычна загартавалася…» 1. Згадваць пра ўсё гэта даводзіцца таму, што пэўным сілам і сёння хочацца ўнесці раздрай у асяроддзе інтэлігенцыі з тым, каб не даць ёй нацыянальна скансалідавацца, адчуць сваю адказнасць перад народам за захаванне палітычнай незалежнасці краіны, яе этнакультурнай самабытнасці. І гэтыя сілы маюць падставы быць задаволенымі сваімі дэструктыўнымі дзеяннямі, бо сучасная беларуская інтэлігенцыя і сапраўды з-за сваёй нечуванай нацыянальнай дэградацыі, што з'явілася вынікам дзяржаўнай палітыкі русіфікацыі, вельмі неэфектыўна працуе на беларускую справу.
***
Не сакрэт, што не толькі цяпер, а і некалькі дзясяткаў гадоў таму абсалютная бальшыня беларускага народа, дзе з-за мэтанакіраванага пераходу, а дзе, мо, і з-за сур'ёзных недахопаў, пралікаў дзяржаўнай нацыянальнай палітыкі апынулася далёка за межамі сваёй прыроднай культуры і мовы. Гэта крайне ненармальнае, пачварнае становішча, бо яно не можа не падарваць саму этнічную сутнасць беларускага народа. Ён ледзь не цалкам адарваўся ад сваёй духоўнай спадчыны, перастаў карыстацца роднай мовай. А менавіта ж родная мова была, ёсць і вечна будзе эталонам дасканаласці, нацыянальнай самасвядомасці кожнага народа. І самае страшнае, агіднае, што найбольшыя заганы нашага этнакультурнага развіцця ў першую чаргу закранулі не нізы, а верхнія станы беларускага грамадства: палітыкаў, інтэлігенцыю. Акурат у іх асяроддзі раней, чым дзе, пачалі знікаць беларуская культура і мова, што пазней не магло не ахапіць і ўсе астатнія пласты насельніцтва, якія лічылі проста за вялікі прагрэс не адставаць у гэтым ад самых адукаваных людзей. У выніку культурна-моўнае самагубства апошніх перакінулася практычна на ўвесь народ. Адбылося ўхіленне ад нармальнага развіцця беларускага арганізма. Як вядома, усялякае адхіленне ад нормы нават у дачыненні да аднаго асобнага індывідума вельмі цяжка паддаецца лячэнню. Яшчэ цяжэй лячыць, калі яно (адхіленне) закранула ўвесь народ.
***
Найвялікшы трагізм нашага сучаснага нацыянальнага жыцця заключаецца ў тым, што, страціўшы ў выніку сацыялістычнага эксперыменту ў сельскай гаспадарцы этнічнае ядро народа ― сялянства, мы не ў стане стварыць адпаведнага яму заменніка. Звычайна ва ўсіх народаў у падобнай сітуацыі ім лагічна станавілася інтэлігенцыя. У нас яна толькі праз неверагодныя вялікія высілкі дзяржавы і самых прагрэсіўных элементаў грамадства зможа стаць такой, бо ўзяць на сябе ролю ядра народа ёй вельмі моцна перашкаджае страшэнная дэнацыяналізацыя. Ахвярай рускай культурна-моўнай асіміляцыі не стала толькі мізэрная да празрыстасці частка беларускай па паходжанні інтэлігенцыі. Улічваючы адарванасць палітыкі дзяржавы ад нацыянальна-культурных патрэбаў свайго тытульнага народа, а часам нават мэтанакіраванае імкненне стрымаць іх, такой мізэрнай колькасці нацыянальна-самасвядомай інтэлігенцыі надзвычай цяжка стаць сапраўдным ядром беларускага народа і вырваць яго з абцугоў культурна-моўнай русіфікацыі, якая, не выключана, у заходняй частцы нашай краіны пры далейшай дэфармацыі прыродных асноў яе карэннага насельніцтва можа быць дапоўнена паланізацыяй і ўкранізацыяй. Супрацьстаяць усім гэтым крайне цяжкім, шкодным наступствам толькі адной нешматлікай нацыянальна самасвядомай частцы беларускай інтэлігенцыі зусім нерэальна. Ёй, як кісларод, патрэбна дзяржаўная дапамога. Менавіта такое супрацоўніцтва дзяржавы і здаровых нацыянальных элементаў інтэлігенцыі, калі трэба было паставіць народ на шлях адраджэння, і назіралася ва ўсіх краінах, прыносячы для іх жаданы вынік.
***
Чалавек атрымлівае права залічваць сябе ў самую прэстыжную для ўсіх народаў катэгорыю грамадства ― нацыянальную інтэлігенцыю не тады, калі яму ўручаюць дыплом аб заканчэнні вышэйшай ці сярэдняй спецыяльнай навучальнай установы. Дакумент гэты важны сам па сабе, але ён не дае аніякага права належаць да солі любога народа ― нацыянальнай інтэлігенцыі. Каб усё гэта было не так, мы сёння не адчувалі б архівострага дэфіцыту ў нацыянальна інтэлігентных людзях, г.зн. тых, хто з'яўляецца носьбітам беларускай культуры і мовы. Такому высокаму нацыянальнаму, грамадскаму статусу, бадай што, поўнасцю адпавядаюць толькі беларускамоўныя пісьменнікі, літаратуразнаўцы, філолагі, журналісты, значная частка мастакоў, навукоўцаў ― гуманітарыяў. Але ў спецыфічных умовах нашага жыцця гэтыя катэгорыі інтэлігенцыі нядужа істотна ўплываюць на яго нацыянальна-культурнае развіццё. Яно ўсё больш і больш залежыць ад тых, хто стаіць на чале палітычнай улады ў краіне, распараджаецца яе матэрыяльнымі дабротамі і фінансамі. І паколькі нацыянальнай інтэлігенцыі сярод такіх службоўцаў крайне мала, усе гэтыя даброты і фінансы не даходзяць да патрэбаў менавіта беларускамоўнай культуры і адукацыі, а раз яны як след не развіваюцца, дык няма і носьбітаў іх. У такіх злашчасных варунках у дзяржаве адсутнічае ўсялякая патрэба ў колькасным росце беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі. Пры сучаснай палітыцы ў нашай краіны існуе куды большы попыт на тых, хто здольны працаваць у рускім культурна-моўным рэчышчы, чым у сваім родным нацыянальным. Гэтая хранічная хвароба, выкліканая працяглай дзяржаўнай палітыкай русіфікацыі, пранікла ва ўсе поры беларускага нацыянальнага арганізма, пабіла яго на метастазы і падлягае лячэнню не ўгаворамі і заклінаннямі, кампрэсамі і прымочкамі, а толькі праз прафесійнае выкарыстанне найноўшых сродкаў сучаснай медыцыны.
***
Даволі частка мне прыходзіць у галаву думка, што можа мы ў сваім у цэлым справядлівым абвінавачванні высокіх палітычных і інтэлігентных колаў за іх вырачэнне ад беларускіх нацыянальна-культурных традыцый і пераход на рускі лад жыцця ўсё ж выказваем незаслужана вялікую строгасць. І робім гэта, мо, таму, што не ведаем ці не хочам лічыцца з гістарычнымі фактамі далёкага і не вельмі далёкага мінулага. Не, строгасць цалкам апраўдана, бо сярод гэтых фактаў процьма такіх, што сведчаць пра вельмі хісткую адданасць многіх першых дзяржаўных асобаў, элітарных пластоў грамадства карэнным інтарэсам свайго народа. Яны вельмі часта ― і без асаблівых перажыванняў ― прыносіліся ў ахвяру гэтымі асобамі дзеля дасягнення сваіх вузкагрупавых мэтаў. Характэрна ж гэта не толькі беларусам. Каб не здрада ў далёкім мінулым заходнеславянскіх княжацкіх дынастый і заможных родаў, іх добраахвотны пераход на бок нямецкіх каланізатараў, не выключана, што сёння на тэрыторыі Германіі існавала б не адно славянскае дзяржаўнае фармаванне.
А як кішэлі здраднікі сярод чэшскай знаці, калі з ХІІІ ст. пачалася германізацыя гэтага славянскага народа! Многія палітыкі, заможныя роды, інтэлектуалы выкідалі на сметнік свае нацыянальныя строі і апраналіся ў нямецкія, перакручвалі на нямецкі лад прозвішчы, назвы населеных пунктаў (як вынікае з гэтага, мы сваю прыродную тапанімію зрусіфікавалі на некалькі стагоддзяў пазней, чым яна была зруйнавана ў Чэхіі), пераходзілі з роднай мовы на нямецкую. З падобнай моўнай метамарфозай найлепш справіўся сам чэшскі кароль Вацлаў І, які не толькі спрэс карыстаўся нямецкай мовай, але і складаў на ёй вершы. Ой, як да ўсяго гэтага далёка нашым высокім дзяржаўным дзеячам! Але, дзякаваць богу, не складаюць яны вершаў і ў рускай мове. Таму, можа, і не трэба іх асабліва дакараць за адыход ад роднай мовы тытульнага народа, поўную страту нацыянальнага гонару. Былі ж і да іх такія дзяржаўныя асобы ў розных краінах свету і гэта не прывяло да поўнага развалу апошніх. Рана ці позна з'яўляліся разумныя, не пазбаўленыя нацыянальнай самасвядомасці палітыкі і інтэлігенты і цаною велізарных намаганняў вярталі свой народ на яго прыродны грунт. У той жа Чэхіі ў 1348 г. у Празе быў закладзены адзін з самых славутых у Еўропе універсітэт і прыкладна ад гэтага часу пачала развівацца на роднай мове яе народа літаратура. Гэта толькі безнадзейна хворыя на песімізм людзі не вераць у магчымасць беларускага нацыянальнага Адраджэння і нічога не робяць для яго набліжэння. А такое трэба рабіць, дык тады можа і нашыя адарваныя ад прыроднага грунту палітыкі супольна з такой жа блізкай да іх па ступені дэнацыяналізацыі катэгорыяй інтэлектуалаў далучацца да адраджэнскага культурна-моўнага працэсу.
***
Пытанне: «Нацыянальнае жыццё ці нацыянальная смерць?» ― вось што павінна стаць прадметам неадкладнага і самага сур'ёзнага абмеркавання той нешматлікай часткай палітыкаў, інтэлігенцыі, якая яшчэ захоўвае повязь з культурна-моўнымі традыцыямі свайго народа. Адкладваць абмеркаванне гэтага лёсавызначальнага пытання ніяк нельга, бо кожны год дае нам куды больш нацыянальных мерцвякоў, чым нараджаецца адданых беларускай нацыянальнай ідэі людзей. Змяненні ў суадносінах паміж імі ўсё выразней і выразней складваюцца на карысць першых. Яшчэ і па сёння здаровы этнічны пласт беларускага народа ніколькі не набірае моцы, а, наадварот, трухлее.
***
Не ведаю, якія пачуцці ў іншых выклікаюць няспынныя, настойлівыя патугі нашых архіінтэрнацыяналістычных інтэлігентаў развіваць культуру дый у цэлым будаваць усё жыццё Беларусі на чужой для яе прыроднай моўнай аснове. У мяне ад такіх іх патугаў пачуцці самыя адмоўныя. Жывем жа ў самым цэнтры Еўропы. Дык чаму б інтэлігенцыі не прыгледзецца, якая мова ў кожнай з краін гэтага самага цывілізаванага на планеце Зямля кантынента пануе ў адукацыі, навуцы, культуры, набажэнстве, сродках масавай інфармацыі, службовым справаводстве? А былі ж у нас разумныя людзі і на пачатку мінулага стагоддзя, якія без усялякіх ваганняў аддавалі прыярытэты нацыянальнаму ў культуры, актыўна выступалі супроць запанавання ў ёй наноснага элементу. Тым палітыкам і інтэлігентам, хто на дадзеную праблему глядзіць з процілеглых пазіцый, хацеў бы параіць глыбока ўнікнуць у сэнс наступных слоў, выказаных у 1921 г. нашым філосафам і паэтам Ігнатам Канчэўскім, прычым у яго 25-гадовым узросце: «За даўгія вякі гнёту і зьдзеку над нашай душой мы ўцямілі, што якую скуру сілком не накінь чалавеку, ён застанецца незадаволеным, бо заўсёды ён захоча перш-наперш быць самім сабой, чалавекам, а не замарожаным каталіком або праваслаўным, выгаленым на адзін капыл расейцам ці паляком, прававерным буржуём ці камуністам… Векавое дасведчаньне кажа нам, што вольнага разьвіцьця нашага духу не запаўняе ні заходняя, ні ўсходняя культура, бо яны абяртаюцца ў формах гвалтоўнага, людаежнага мэсыянізму і розьніца між імі толькі ў назовах, лёзунгах, а іх аціскаючыя ланцугі аднолькавы для нашага духу.
Трэба шукаць на іншых шляхох…» 1.
І імі, не сумняваюся, павінны быць толькі шляхі, што садзейнічаюць умацаванню нацыянальных асноў, узбагачэнню адметнасці беларускай культуры, а не яе дэфармацыі, як гэта робяць многія творцы, ігнаруючы роднае слова карэннага насельніцтва нашай зямлі.
***
Дужа зачакаўся таго часу, калі наша інтэлігенцыя зразумее і асмеліцца рашуча выступіць супроць дарэшты зрусіфікаванай сістэмы адукацыі ў суверэннай Рэспубліцы Беларусь, а не ў суб'екта Расійскай Федэрацыі. У маім уяўленні нацыянальная адукацыя ― гэта лакаматыў, а нацыянальная мова ― матор народа. Калі ж і адукацыя, і мова, што абслугоўваюць той ці іншы народ, не з'яўляюцца прыроднымі, нацыянальнымі, яны непазбежна прывядуць да этнічнага вынішчэння яго незалежна ад дасягнутай ступені развіцця. Пачнецца выміранне з рэзкага падзення прэстыжу і маштабу карыстання людзьмі сваёй роднай культурай, з масавага пераходу на засваенне духоўных каштоўнасцяў, ідэнтычных чужой адукацыі і мове. Гэтыя ж чужыя чыннікі немінуча прывядуць да поўнага знікнення ў народа памяці пра сваю ўласную гісторыю, якая ва ўсіх выпадках з'яўляецца найбольш надзейным і трывалым асяродкам нацыянальнай самасвядомасці. Застацца без гістарычнай памяці ― г.зн. страціць усялякую надзею на працяг нармальнага нацыянальнага жыцця ў перспектыве, бо яно станецца зусім няздольным супраціўляцца асіміляцыі, асабліва калі апошняя будзе ісці ад народа, з якім было штосьці агульнае ў мінулым.
Тое, што ў нас сёння творыцца ў сістэме адукацыі наогул і з выкладаннем гісторыі ў прыватнасці, не знаходзіла падтрымкі ў разумных людзей і ў глыбокай старажытнасці. У якасці доказу спашлюся на наступныя словы навукоўца Старажытнага Рыма Плінія Малодшага (першае стагоддзе нашай эры): «Ганебна жыць у айчыне і не ведаць яе». Па тых падручніках па гісторыі, што цяпер рэкамендаваны нашым школам, сярэднім спецыяльным і вышэйшым навучальным установам, маладыя пакаленні грамадзян Беларусі не будуць ведаць яе сапраўднага мінулага. Не будуць яны ведаць сваю гісторыю яшчэ і таму, што адлучаны ад роднай мовы. А яна ж не толькі галоўны паказальнік культуры кожнага чалавека, найбольш надзейны сродак фармавання яго нацыянальнай самасвядомасці, але і найбагацейшая крыніца ведаў пра мінулае і сучаснае краіны. Ні ў чым так праўдзіва не адлюстравана гісторыя народа, як у яго роднай мове. Пра гэта перадавыя людзі, у іх ліку і дзяржаўныя дзеячы, ведалі яшчэ ў ранні перыяд Сярэдневечча. У мяне не існуе аніякага сумнення ў тым, што да ўлады на Беларусі прыйшлі людзі з зусім размытай нацыянальнай самасвядомасцю, якія не маюць аніякага ўяўлення пра ролю нацыянальнага фактару ні ў эканоміцы, ні ў палітыцы, ні ў культуры і тым больш у адукацыі. З іх прыходам да ўлады нацыянальнае жыццё ў «суверэннай» дзяржаве Беларусь стала яшчэ больш хісткім і галечым. Яна існуе, развіваецца практычна па-за нацыянальным. І больш за ўсё гэта адчуваецца ў сферы адукацыі. У нас начыста забыліся пра празорлівыя словы геніяльнага рускага педагога Канстанціна Ушынскага, што па-за народнасцю не толькі школу, але і народ чакае смерць.
***
Сённяшнія нацыянальна-самасвядомыя інтэлігенты і палітыкі не павінны ўсляпую ісці за шматмільённым пластом засіміляванага беларускага народа. Трэба на парадак вышэй стаць за яго, не стамляючыся пераканаўча даводзіць яму, што такое здарылася з ім не натуральна, заканамерна, а ў выніку планамернай дзяржаўнай палітыкі русіфікацыі. Калі народ зразумее прычыны сваёй хваробы, ён ахвотна прыме лекі з рук дасведчаных людзей, неабходныя для яе эфектыўнага лячэння.
***
Гарбачоўская перабудова вярнула беларусам імёны многіх славутых сыноў і дачок. На старонках кніг і падручнікаў, газет і часопісаў з'явіліся, да прыкладу, імёны такіх грамадска-палітычных і культурных дзеячоў, як Усевалад Ігнатоўскі, Вацлаў Ластоўскі, Язэп Лёсік, Сцяпан Некрашэвіч, Аркадзь Смоліч, Антон Баліцкі, Аляксандр Цвікевіч… А доўгі ж час многім здавалася, што гэтыя асобы навекі вырваныя з нашай памяці, заслугоўваюць толькі ўсенароднай пагарды. У 1930 г. нейкі Варанцэвіч пісаў такое: «У гісторыі чалавецтва ёсць ня толькі пантэон гэрояў, але і сьметнік для адкідаў чалавецтва. У гэтым гістарычным сьметніку Ластоўскія зоймуць «гістарычнае» месца» 1. Не, Ластоўскія яго не занялі, а вось Варанцэвіч заслужана трапіў сюды і, думаецца, навекі.
***
Напісаны ў 1994 г. Сяргеем Грахоўскім верш «Спадзяванне» канчаецца такімі радкамі:
Міне бязладдзе, наш не знікне род,
Ізноў народам стане наш народ,
Каб з добрымі суседзямі дружыць
І незалежна красаваць і жыць 2.
Спадзяванні, як бачым, досыць аптымістычныя. Незалежнае жыццё беларусаў аўтар не ўяўляе без дружбы з добрымі суседзямі. Але каб усё гэта стала рэальнасцю, патрэбны вялікія намаганні, у тым ліку і з боку інтэлігенцыі, якая сваімі мастацкімі, навуковымі, публіцыстычнымі творамі павінна пераканаць беларускі народ, які так даўно не меў сапраўднай дзяржаўнасці, у несумненнай перавазе яе над федэрацыяй, канфедэрацыяй ці іншымі формамі палітычных інтэграцый паміж краінамі.
***
Гэта толькі ў асяроддзі беларускай інтэлігенцыі можна сустрэцца з такой ганебнай з'явай, калі артыст беларускага нацыянальнага тэатра ў дні, калі грамадскасць адзначае яго юбілей вядзе дыялог са слухачом ці гледачом па-руску. Прадстаўнік рускай, нямецкай, французскай, польскай… мастацкай інтэлігенцыі ніколі не дазволіў бы сабе такой ганебнай з'явы.
***
Шматлікія пласты нашай засіміляванай інтэлігенцыі здольныя толькі на тое, каб яшчэ далей нішчыць усё прыродна-беларускае. Дажыліся да таго, што нацыя з'ядае самую сябе, прычым з'ядае найбольш здаровых і патрэбных ёй людзей. Выступаць у дачыненнях да сваёй спрадвечнай бацькоўскай культуры ў ролі Пілата лічыцца ледзь не самым вялікім гонарам для цэлага легіёну прадстаўнікоў хворай на нацыянальны нігілізм інтэлігенцыі. А можа з такой ахвотай яны займаюцца лінчаваннем беларускай культуры не толькі з-за свайго нацыянальнага нігілізму, а яшчэ і таму, што ў нашай краіне высока цэняць людзей за такую працу? Улады налева і направа раскідваюцца ўзнагародамі, не зважаючы на тое, творца працуе ў рэчышчы нацыянальнай культуры ці той, што прывалаклі на беларускую этнічную тэрыторыю з усходняй суседняй краіны.
***
Мяне, як і кожнага, хто не жадае, усяляк змагаецца за прадухіленне беларускага народа ад этнічнага вымірання, вельмі непакоіць адміністрацыйнае, цэнзурнае ўмяшальніцтва ў творчы працэс вучоных-гісторыкаў. Ужо многія з іх за добрую на сёння плату кінуліся пісаць, а дакладней ― фальсіфікаваць гісторыю. Каб сёння сярод нас, гісторыкаў, быў наш бацька Усевалад Ігнатоўскі, магчыма і ён не адважыўся б напісаць тое, што выйшла з-пад яго пяра ў 1926 г.: «Ужо недалёка той час, калі кожны грамадзянін Беларусі будзе ведаць гісторыю краю, бо без яе ён ня будзе сьвядомым грамадзянінам, ня будзе тварцом будучыні. Толькі гісторыя дае моцны грунт для політычна-соцыяльнай і культурнай творчасці».
***
Якімі ласкавымі словамі толькі не называюць мову. Гэта і соль нацыі, і душа, і галоўная артэрыя, і станавы хрыбет… Я ж найбольш за ўсё атаясамляю яе з будаўнічым матэрыялам ― цэментам, бо нішто так не кансалідуе, не групуе людзей адной крыві ў адзіную этнічную супольнасць, як мова. Калі яна родная ― гэта сапраўды цэмент нацыі. Толькі адной роднай мове падуладна кансалідаваць народ, зрабіць блізкімі паміж сабою людзей незалежна ад іх полу і ўзросту, сацыяльнага становішча, адукацыйнага ўзроўню і іншых прыкмет. Таму вельмі сур'ёзна памыляюцца сучасныя нашыя палітыкі, вучоныя, лічачы, што для кансалідацыі беларусаў у адзіны народ патрэбна не толькі яго родная, а яшчэ і руская мова. Дзіўна, няўжо яны не ведаюць, што кансалідацыя рускага народа адбылася толькі праз адную рускую мову, польскага ― праз польскую, нямецкага ― праз нямецкую, французскага ― праз французскую?! Лёгка сабе ўявіць, які этнічны разброд панаваў бы ў асяроддзі кожнага з пералічаных народаў, калі б палітыкі разам з вучонымі пастараліся ў кансалідацыйных мэтах, акрамя роднай мовы, выкарыць яшчэ, да прыкладу, кітайскую ці іншую мову. А вось беларусам яго ўласная дзяржава ў апоры на адданыя ёй навуковыя сілы настойліва даводзіць, што толькі з дапамогай беларуска-рускага двухмоўя наш народ можа выйсці на жаданы ўзровень кансалідацыі, дасягнуць сапраўднага духоўнага росквіту. Больш таго, сустракаюцца высокія дзяржаўныя чыноўнікі і прадстаўнікі элітарных колаў інтэлігенцыі, што гэтых высокародных мэтаў беларускі народ можа дасягнуць толькі з дапамогай адной рускай мовы, таму яны самі не робяць аніякага кроку па авалодванні беларускай мовы і перашкаджаюць у гэтым іншым. Лічыць двухмоўе сродкам нацыянальнай кансалідацыі народа ― гэта ўтопія, недаравальная памылка не толькі для высокіх палітыкаў і інтэлігентаў, але і для ўсіх больш-менш адукаваных людзей. Нават на ўзроўні міжасобасных кантактаў невялікай купкі грамадзян двухмоўе вельмі часта параджае самыя сур'ёзныя канфлікты, што адбывалася і ў нас раней і застаецца не зжытым пасёння. Найбольш за ўсё дакораў даводзіцца чуць на свой адрас беларускамоўным беларусам ад носьбітаў рускай мовы, прычым нават і родных ім па крыві. Зведаў нямала такіх дакораў і аўтар дадзеных радкоў, які добраахвотна, па сваёй уласнай волі прыняў у сярэдзіне 60-х гадоў для сябе за правіла ў межах Беларусі ўступаць у кантакты з людзьмі толькі на беларускай мове. Быў аднойчы ледзь не пабіты, калі, наслухаўшыся маёй беларускай гаворкі, адзін з прысутных задаў пытанне: «Зачем вы плывете против течения?», на што я адказаў: «Супроць цячэння плыве толькі жывое і здаровае, а ўніз па цячэнні можа плысці нават і смецце». Чым раней мы на самым высокім узроўні ўсвядомім усю шкоду афіцыйнага двухмоўя і заменім яго беларускім аднамоўем, тым хутчэй адчуем пазітыўныя зрухі ў нацыянальнай кансалідацыі беларускага народа, яго дынамічным культурным развіцці на ўласным прыродным падмурку. Няма аніякіх сумненняў у тым, што і беларуская мова зможа выканаць ролю цэменту ў этнакультурнай кансалідацыі яе законных носьбітаў. Пакуль жа народ са сваёй да крайнасці здэнацыяналізаванай інтэлігенцыяй будуць знаходзіцца ў акіяне беларускамоўнай нематы, нельга чакаць якіх-небудзь пазітыўных перамен у нашым сучасным нехлямяжым нацыянальным жыцці.
***
На ўсіх этапах сацыяльна-палітычнага, эканамічнага, культурнага развіцця беларускага грамадства вялікую ролю адыгрывалі яго высокаадукаваныя, інтэлектуальныя колы. Асабліва гэта было заўважна ў ХХ ст. і яшчэ больш ― на сучасным этапе. Бальшавіцкія ідэолагі толькі для адводу вачэй называлі інтэлігенцыю праслойкай грамадства. На самай жа справе яны баяліся інтэлігенцыі, найперш яе нацыянальна-самасвядомай часткі, больш, чым авангарднай сілы ў барацьбе за пабудову камунізму ― рабочага класа. Сказанае пацвярджае факт масавага фізічнага вынішчэння інтэлігенцыі ў 30-я гады мінулага стагоддзя ва ўсіх саюзных і аўтаномных рэспубліках СССР. Па зразумелых прычынах гэтая пачварная акцыя найбольш жорстка праводзілася ў БССР.
Зусім іншае стаўленне да інтэлігенцыі ў наш час як з боку нацыянальна-патрыятычных сілаў, так і афіцыйных уладаў. Па ініцыятыве першых устаноўлены помнікі слынным сынам і дочкам беларускага народа. Асабліва тут неабходна адзначыць уклад Анатоля Белага. Не сумняваюся, што яго прыватная мемарыяльная сядзіба ў Старых Дарогах з помнікамі такім постацям падштурхоўвае і дзяржаву штосьці рабіць дзеля гэтай пачэснай справы, асабліва ў Мінску. Праўда, ёсць рэальная небяспека, што тут можа з'явіцца нямала помнікаў і асобам, якія не мелі аніякага дачынення да беларускага нацыянальна-палітычнага, культурнага руху. Дарэчы, ужо і цяпер такіх помнікаў аж залішне.
***
Нішто мяне так не хвалюе, як адсутнасць крытычнай масы нацыянальна-самасвядомых у сваёй беларускасці людзей сярод педагагічнай інтэлігенцыі. Маладыя беларускія пакаленні ўзгадоўваюць у абсалютнай бальшыні настаўнікі без належнага, а не дык і цалкам адсутнага ў іх нацыянальнага гарту. Пры такім здэнацыяналізаваным педагагічным кадравым патэнцыяле адукацыя толькі калечыць беларуса як нацыянальную асобу. Ён узгадоўваецца касмапалітам, любіць, жыве больш з чужога (рускага), чым з уласнага (беларускага). Задачу нумар адзін у адукацыі я бачу ў як мага хутчэйшай замене ў ёй рускага духу на беларускі. Упэўнены, што такое абавязкова адбудзецца. Калі нарэшце мы сур'ёзна задумаем зрабіць адукацыю фактарам выратавання беларускага народа ад дэнацыяналізацыі, мы павінны неадкладна ўмацаваць ва ўсіх тыпах навучальных устаноў іх нацыянальныя асновы, для чаго стане патрэбным мець адпаведны кадравы склад педагогаў. Дзіўна, чаму ў нас не разумеюць ці не хочуць разумець таго, да чаго яшчэ да спаўнення свайго дваццацігоддзя прыйшоў беларускі пісьменнік Сяргей Палуян. У яго артыкуле «Пра нацыянальную школу на Беларусі», напісаным у канцы першага дзясяцігоддзя ХХ ст., ёсць такая геніяльная з выхадам на сённяшні дзень думка: «Толькі адна… нацыяналізацыя школы можа рассекчы гордзіеў вузел беларускай блытаніны, яна адна можа вывесці беларускі народ з таго тупіка, у які завялі яго нашы ўласныя вышэйшыя слаі сваёй антынацыянальнаю палітыкаю, і паставіць яго на шлях агульначалавечага развіцця». Які велізарны парадокс: ведаць са слоў Сяргея Палуяна, што трэба рабіць па стварэнні нацыянальнай адукацыі і за сто гадоў практычна ні на крок не прасунуцца наперад у развязванні гэтай лёсавызначальнай для беларускага народа праблемы!!! Дык усё-такі, калі ж нашыя палітыкі, вучоныя-педагогі з дыпломамі дактароў навук, званнямі прафесараў, член-карэспандэнтаў і акадэмікаў адважацца зрабіць тое, у што так моцна верыў, пра што пісаў студэнт Кіеўскага ўніверсітэта Сяргей Палуян. Нездарма з нагоды смерці гэтага выдатнага беларуса (памёр у дваццаць гадоў) яму Я. Купала прысвяціў сваю паэму «Курган», Ядвігін Ш. апавяданне «Раны», М. Багдановіч два вершы і зборнік «Вянок». Цікава, каго ж з сённяшніх рэфарматараў народнай адукацыі так уважаць беларускія пісьменнікі?
***
Усім відавочны зацяжны па часе падзел інтэлігенцыі нашага краю на асобаў беларускай і асобаў рускай культуры ― гэта найвялікшая нацыянальная трагедыя. У краінах Цэнтральнай і Заходняй Еўропы з такім злом ужо не даводзіцца сустракацца. І дзякаваць богу! Яно спадарожнічае толькі народам еўрапейскай часткі Расійскай Федэрацыі. На вялікае шчасце, Беларусь не з'яўляецца яе палітычным суб'ектам і пры жаданні магла б да мінімуму звесці шкодныя наступствы ад падзелу ўласнай інтэлігенцыі на творцаў сваёй і чужой культур. Рана ці позна за такую стваральную справу возьмуцца нашыя палітычныя кіраўнікі супольна з нацыянальнай арыентацыі інтэлігенцыяй. Толькі не трэба забывацца: паколькі даволі значная частка нашай сучаснай інтэлігенцыі здольная тварыць толькі ў духу рускіх нацыянальна-культурных стандартаў, яна наўрад ці з поўным разуменнем паставіцца да ўзрастання маштабаў дзейнасці сваіх калег, якія не адышлі, застаюцца адданымі прыродным для нашай краіны духоўным традыцыям і робяць усё дзеля іх утрывалення. У інтарэсах беларускай справы выхаваным на ідэалах рускай культуры пластам творчай інтэлігенцыі трэба нарэшце пагадзіцца з тым, што на ўсім абсягу нашай Бацькаўшчыны прыярытэтнае значэнне павінны мець развіццё і распаўсюджванне яе родных духоўных каштоўнасцяў, а не тых, што рознымі шляхамі і спосабамі, найчасцей у адміністрацыйным парадку, зацвердзіліся тут. Сказанае ў першую чаргу датычыць тых пластоў рускай культуры, што развіваюцца на моўнай аснове. Гэта найперш іх «заслуга», што ў прафесійнай духоўнай творчасці інтэлігенцыі нашай краіны пануе не беларускі, а рускі фактар. Адбылося ж такое галоўным чынам з-за недаацэнкі ролі беларускай мовы ў культурнай дзейнасці людзей.
***
Культурнае рэнегацтва беларускай інтэлігенцыі не мае аналагаў у сусветнай гісторыі. Каб усё тое, што нашыя таленавітыя ў тым ці іншым відзе творчай дзейнасці асобы зрабілі для польскай і рускай культур, было аддадзена роднай, нацыянальнай культуры, яна не ведала б характэрнай ёй сёння этнічнай дэградацыі, вызначалася б самабытнасцю, адыгрывала б вырашальную ролю ў этнічнай кансалідацыі беларускага народа, велізарныя пласты якога ўжо не адно дзясяцігоддзе з'яўляюцца носьбітамі не ўласных, а рускіх духоўных каштоўнасцяў. Прычым такая нацыянальна-культурная анамалія ў найбольшай ступені ўласцівая інтэлігенцыі, таму яе цяпер ніяк нельга называць хрыбтом беларускага народа. Яму даводзіцца ― і не адзін дзясятак гадоў ― існаваць без інтэлектуальнага нацыянальнага ядра.
***
Нацыянальная інтэлігенцыя мусіць цвёрда ўсвядоміць, што сёння ў яе няма тылу (вёскі), што ў барацьбе за этнічнае выжыванне беларускага народа яна сама ёсць не толькі фронт, але і тыл. Калі з іх нялёгкімі функцыямі інтэлігенцыі ўдасца справіцца, імя беларускага народа захаваецца на этнічнай карце свету.
***
Як і трэба было чакаць, заганная дзяржаўная культурна-моўная палітыка Савецкай Беларусі і Рэспублікі Беларусь рана ці позна паслужыць прычынай пераўтварэння яе карэннага насельніцтва ў беларускамоўную меншыню. Чаго пасля гэтага трэба чакаць, думаю, ведае кожны адукаваны чалавек: этнічнага вымірання беларусаў, ад чаго валасы на галаве дыбяцца. Час не чакае. Трэба як мага хутчэй, з усёй сілай брацца за развязванне праблемы беларускамоўнай меншыні ў Рэспубліцы Беларусь. Без перарастаня яе тытульнага народа з беларускамоўнай меншыні ў беларускамоўную бальшыню і гаворкі не можа быць пра наяўнасць у нашай краіне сапраўднай беларускай грамадскай супольнасці. Свяшчэнны абавязак неадарванай ад роднай глебы інтэлігенцыі зразумець усю глыбіню і актуальнасць дадзенай праблемы і як след растлумачыць гэта дзяржаўным органам з мэтай сумеснай распрацоўкі і ажыццяўлення дзейсных захадаў па яе рэалізацыі. Інтэлігенцыя, як ніякая іншая катэгорыя людзей, павінна мець шмат сораму, што грамадская супольнасць Рэспублікі Беларусь будуе сваё жыццё паводле чужых нацыянальна-культурных канонаў, практычна ўжо нават развучылася размаўляць на роднай мове. А страта ж мовы ёсць пагібель і для племені, і для народнасці, і для нацыі. Гэтае можна сказаць і пра грамадскую супольнасць кожнай канкрэтнай краіны.
***
Расчараваную ў рэальнасці беларускага нацыянальнага Адраджэння частку інтэлігенцыі, а таму і крайне пасіўную лёгка зразумець, але ніяк нельга апраўдаць. Давайце шчыра прызнаемся: у яго мы яшчэ як след і не ўключыліся. Што ж датычыць самой дзяржавы, дык яна не толькі не ўключылася, а, наадварот, усяляк супраціўляецца перабудове жыцця карэннага насельніцтва краіны на яго нацыянальнай аснове, што асабліва добра вынікае з дзейнасці сістэмы народнай адукацыі, афіцыйных сродкаў масавай інфармацыі. Калі б у інтарэсах святой беларусізацыі сучасныя дзяржаўныя дзеячы са сваім досыць магутным, разгалінаваным ідэалагічным апаратам здзейснілі б хаця сотую долю таго, што было зроблена іх папярэднікамі з часоў Расійскай імперыі і СССР-БССР дзеля дэбеларусізацыі, краіна набыла б неабходны мінімум рыс этнакультурнай самабытнасці, не з такой катэгарычнасцю зблытвалі б наш край з заходняй ускраінай Расіі, а з агульнай колькасці дэпутатаў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, напэўна, два-тры дзясяткі чалавек выходзілі б за трыбуну з родным беларускім словам.
Роспач, расчараванне ― гэта найзлейшыя ворагі нацыянальнага адраджэння любой краіны. Практычна перад усімі народамі на тым ці іншым этапе іх гісторыі ўзнікала пытанне: «Быць ці не быць!» Не абмінула яно ў апошнія дзясяцігоддзі XVIII ст. і нашых заходніх суседзяў ― палякаў. Выдатны грамадска-палітычны і культурны дзеяч Рэчы Паспалітай Гуго Калантай (1750―1812), аналізуючы падзеі, што адбываліся ў жыцці асноўнага народа гэтай дзяржавы, з вялікім болем у душы пісаў: «Няма энергіі ў нацыі». Бясспрэчна, сёння ў патрэбнай меры не валодае энергіяй для прыстойнага этнічнага жыцця і беларуская нацыя. Але калі палякі, знясіленыя палітычнымі і эканамічнымі беспарадкамі, знайшлі ў сабе сілы, каб не растварыцца ў рускай, нямецкай і аўстрыйскай культурах пасля страты сваёй палітычнай незалежнасці і ў 1918 г. стварыць незалежную дзяржаву, дык чаму ж тады і беларусам, нягледзячы на страшэнную сучасную нацыянальную дэградацыю, трэба адмаўляць у здольнасці здзейсніць падобны да польскага подзвіг. Дзеля гэтага трэба ўсім нацыянальна здольным сілам тэрмінова ратаваць тую мізэрную этнічна чыстую часцінку людзей, якая яшчэ засталася ад нашага народа, не губляючы надзеі, што ўсё ж некалі закрасуе беларускасць на сваёй роднай, бацькоўскай ніве.
***
Ва ўмовах, калі дзяржава не толькі нічога не робіць дзеля выратавання народа ад русіфікацыі, а, наадварот, усяляк спрыяе ёй, заканамерна было б бачыць вялікую заклапочанасць нашай інтэлігенцыі такім становішчам, сустракацца на кожным кроку з актывізацыяй яе дзейнасці па прадухіленні гэтай катастрофы. На вялікі жаль, такога клопату з боку самай элітарнай часткі грамадства не назіраецца. Яе больш хвалюе ўласны дабрабыт, чым агульнанацыянальныя праблемы. Дзеля дасягнення яго, многія прадстаўнікі інтэлігенцыі з лёгкай душой пакідаюць родны край, падаюцца ў замежныя краіны і там ільюць слёзы ці клянуцца ў сваёй нязгаснай любові да дарагой Бацькаўшчыны. А ці ж гэта ёй сёння патрэбна? Яна счакалася па-сапраўднаму самаадданай працы інтэлігенцыі на карысць беларускага нацыянальна-культурнага Адраджэння. І сфера прыкладання такой працы не замежжа, а Бацькаўшчына.
***
Жыццё абсалютнай бальшыні нашай інтэлігенцыі па-за кантэкстам беларускай нацыянальнай культуры і мовы робіць гэтую самую адукаваную частку грамадства зусім не здольнай працаваць на карысць адраджэнскага працэсу. У такіх варунках спадзявацца на яго магчымасць крута змяніць сучаснае нацыянальнае становішча вельмі праблематычна. А да гэтага ж ні ў кога не можа быць такой вялікай зацікаўленасці, як у інтэлігенцыі. На практыцы ж падобнага не назіраецца. І цяжка даць адказ пра прычыны такой неверагоднай нацыянальнай пасіўнасці, такой адарванасці інтэлігенцыі ад духоўнай спадчыны Бацькаўшчыны. Сярод гэтага самага прэстыжнага стану людзей вельмі мала такіх, хто жадае жыць паводле слушнай парады нашага любага і дарагога песняра Янкі Купалы «З цэлым народам гутарку весці!» Да яго амаль няма каму ісці з беларускім нацыянальным словам, пераважная бальшыня яго ўжо не адно дзясяцігоддзе больш далучана да чужых (рускіх), чым да ўласных культурна-моўных каштоўнасцяў, вынікам чаго можа быць толькі адно: асіміляцыя. І, як на здзек, ва ўласным доме, пры сваёй дзяржаўнай уладзе!
***
Наша адарваная ад роднай культуры і мовы інтэлігенцыя, прычым досыць вялікая па колькасці, не ў стане выконваць прызначаную ёй самой прыродай ролю матора, рухавіка нацыі. Такая інтэлігенцыя ўсю сваю энергію, увесь свой талент аддае развіццю і распаўсюджванню на этнічнай беларускай зямлі рускай культуры і ― трэба сказаць ― дзякуючы ўсебаковай падтрымцы дзяржавы, паспяхова спраўляецца з выкананнем гэтай шкоднай для беларускай нацыянальнай культуры місіі. Такая інтэлігенцыя ніяк не жадае пагадзіцца з тым, што ўсялякая чужая культура, нават і блізкая беларусам, не павінна займаць панавальнага становішча ў іх краіне, інакш яму не не ўхіліцца ў такой стратнай сітуацыі ад поўнай культурна-моўнай асіміляцыі.
***
І раней і цяпер значная колькасць інтэлігенцыі сваім адыходам ад нацыянальна-культурных традыцый пераўтвараецца ў баласт уласнага народа. Не счужыньваюцца з інтэлігенцыі толькі тыя, хто ва ўсіх жыццёвых сітуацыях не парывае з яго нацыянальнымі духоўнымі і асабліва моўнымі каштоўнасцямі.
***
Гады мінаюць, а нацыянальна зарыентаванай інтэлігенцыі ніколькі не большае, хаця ў цэлым назіраецца павелічэнне гэтай сацыяльнай катэгорыі насельніцтва. Балюча, што не спраўджваюцца словы геніяльнага беларускага песняра Янкі Купалы: «І прыйдзе новых пакаленняў на наша месца грамада». Не ідзе, бо ў моц магутнага рускага ўплыву на ўсе сферы культурнага жыцця краіны яе інтэлігенцыя не валодае крытычнай масай беларускасці, чужое (рускае) ставіць вышэй за роднае (беларускае).
***
Мы справядліва наракаем, што сёння ў збудаванні Беларускага Нацыянальнага Дома ўдзельнічае толькі жменька інтэлігенцыі. Па агульнай колькасці гэта ж даволі буйная сацыяльная група беларускага грамадства. Але з-за свайго невылечнага нацыянальнага нігілізму яна няздольная да здзяйснення вялікіх спраў. Палохае толькі, каб у такой складанай сітуацыі не апускаліся рукі ў тых, хто і ў адзіночку можа тварыць цуды. Прыклады ж ёсць у нашай гісторыі. Вось адзін з іх. Паводле падлікаў сучаснага польскага даследчыка гісторыі Беларусі Юры Туронка з усіх кніжак на беларускай мове, што выдадзены з першых гадоў ХХ ст. і да пачатку Першай сусветнай вайны, каля паловы сваім выхадам у свет абавязаны старанням нашага слыннага нацыянальнага дзеяча Вацлава Іваноўскага 1.
***
Сёння да нацыянальнага самааднаўлення здольныя нават далёка не ўсе сем'і беларускіх пісьменнікаў і журналістаў, вучоных-філолагаў, выкладчыкаў роднай мовы ў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах, агульнаадукацыйных школах. У найбольшай ступені гэта выклікана тым, што як старэйшыя, так і маладыя пакалені такіх сем'яў, аналізуючы моўную палітыку сучаснай дзяржавы, не бачаць аніякай перспектывы для роднага слова. Рашуча ж выступаць супроць такой ганебнай палітыкі мы не ўмелі ні раней, ні цяпер, у выніку чаго пазіцыі беларускай мовы ў грамадскім жыцці няўхільна слабеюць, што адмоўна ўплывае і на яе выкарыстанне ў міжасобасных кантактах, не выключаючы і пералічаных катэгорый сем'яў. Словам, мова гіне, што не выклікае асаблівай трывогі ў абсалютнай бальшыні інтэлігенцыі.
***
Таптанне сучаснага беларускага нацыянальна-культурнага Адраджэння на адным месцы нельга тлумачыць толькі поўнай адсутнасцю да яго ўвагі з боку дзяржавы. Прычыну такога непажаданага таптання трэба яшчэ бачыць і ў адсутнасці ў нас крытычнай масы нацыянальна-самасвядомай інтэлігенцыі. І важкіх спадзяванняў, што яна вось-вось можа з'явіцца, няма, бо яе не ўзгадоўваюць, пачынаючы з дашкольных устаноў і канчаючы ўніверсітэтамі. Становішча надзвычай складанае, але назваць яго зусім безнадзейным усё ж не выпадае. Нам можа добра дапамагчы ўзмацненне руху народаў планеты Зямля супраць разбуральных наступстваў сусветнай глабалізацыі, што немінуча паспрыяе і росту нацыянальнай актыўнасці беларусаў, асабліва іх інтэлектуальных колаў.
***
Сярод нашай мастацкай, навуковай, педагагічнай інтэлігенцыі, палітыкаў маецца вельмі мізэрная колькасць асобаў, якія ўсведамляюць сваю адказнасць за здаровае нацыянальнае ўзгадаванне народа, а яшчэ менш тых, хто штосьці канкрэтнае робіць дзеля гэтай высокароднай справы. Таму нікога не павінна здзіўляць, што сёння наш народ праяўляе такую небяспечную для яго ж самога пасіўнасць у нацыянальным жыцці.
***
У выніку сур'ёзных хібаў у дзяржаўнай нацыянальнай палітыцы ўжо даволі працяглы час у інтэлектуальнай прасторы краіны крайне мізэрная роля належыць беларускамоўнай эліце. Яна проста патанае ў рускамоўнай стыхіі. У такіх экстрэмальных варунках спадзявацца на нейкі цуд выратавання народа ад рускамоўнай асіміляцыі ніяк не выпадае. Патрэбны велізарныя агульнанародныя высілкі, падтрыманыя дзяржавай. Абгрунтаваць пільную неабходнасць правядзення такіх дзеянняў, паказаць надзейныя шляхі выхаду з глыбокага нацыянальнага крызісу ― святы абавязак тых, хто лічыць сябе арганічна знітаваным з гісторыяй, культурай і мовай роднага краю інтэлігентам. Адарваныя ж ад гэтых святых каштоўнасцяў людзі нават пры самай высокай адукацыі і прыстойным сацыяльна-палітычным становішчы не змогуць здзейсніць такі гераічны нацыянальны вычын.
***
Галоўным чынам з-за ўзгадавання інтэлігенцыі ў чужым культурна-моўным полі сёння становішча нашага нацыянальнага жыцця значна горшае, чым у перыяд мураўёўшчыны 60-х гадоў ХІХ ст., бо тады татальнай русіфікацыяй займаліся прышлыя з рускіх цэнтральных губерняў свецкія і духоўныя чыноўнікі, настаўнікі, цяпер жа ― пераважна мясцовыя, да таго ж яшчэ беларускага паходжання.
***
У мяне існуе цвёрдае перакананне: асобы, што сёння знаходзяцца ва ўладзе, вельмі добра вывучылі ўсе тонкасці палітыкі рускага графа Міхаіла Мураўёва ― вешальніка і яго самых заўзятых прарабаў па русіфікацыі беларусаў, бо занадта ж шмат у нашым сучасным жыцці з'яў, аналагічных таму часу. Ці ж не робім мы таго, на чым так настойваў папячыцель Віленскай вучэбнай акругі Іван Карнілаў, праводзячы адміністрацыйныя і культурнага характару захады па русіфікацыі: «…рускі склад адміністрацыі, першынствуючае значэнне праваслаўя і рускай школы». Да сённяшняга часу на многіх адказных пасадах у Рэспубліцы Беларусь знаходзяцца асобы небеларускай нацыянальнасці, якіх зусім не хвалюе праблема прадухілення карэннага насельніцтва ад русіфікацыі. Больш за тое, яны ўсяляк садзейнічаюць апошняй, ведаючы, што за гэта іх не пакарае высокае кіраўніцтва краіны. Прыгледжваешся да ўсяго, што робіцца на Беларусі ў сферы культуры і мовы, і думаеш, вось раптам і сярод сучаснага чынавенства з'явіцца якая-небудзь чарнасоценная асоба, як нехта Жыркевіч у 1911 г. у Вільні, што прынародна не саромеўся ўсклікаць: «Ах, Мураўёва б сюды да нас, у Вільню… Мураўёва, хоць на некалькі гадоў!!!» 1.
***
У выніку адпаведнай нацыянальнай палітыкі КПСС за апошнія дзясяцігоддзі існавання СССР на Беларусі сфармаваўся даволі тоўсты пласт інтэлігенцыі небеларускага паходжання. Паколькі па прыбыцці ў гэтую саюзную рэспубліку яны не ўбачылі ці ўбачылі вельмі хісткім тут нацыянальна-культурнае жыццё, інтэгравацца ў яго практычна ніхто не пажадаў. Прыбылая інтэлігенцыя так і засталася на нашай зямлі носьбітам рускіх духоўных каштоўнасцяў, прычым учэпіста трымаюцца іх і асобы нярускай нацыянальнасці. Стаўленне да такіх каштоўнасцяў беларускага народа ў прыезджай у наш край інтэлігенцыі калі не цалкам, дык пераважна абыякавае, што не раз пацвярджалася на практыцы. Не можа не непакоіць і такая агідная з'ява: калі пасля майскага рэферэндуму 1995 г. адбыўся спад беларусізацыі агульнаадукацыйных школ, вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, дык ён найбольш небяспечны, масавы характар набыў менавіта там, дзе іх узначальвалі асобы небеларускай нацыянальнасці. Тлумачыць гэта, відаць, трэба тым, што ў такіх педагогаў-кіраўнікоў зусім не балела галава за здзек з беларускай нацыянальнай ідэі, чаго нельга сказаць пра многіх з яе прыродных носьбітаў.
***
Беларусізацыя канца 80-х ― першай паловы 90-х гадоў паспела расплюшчыць толькі адно вока інтэлігенцыі. Цяпер яна зноў слепне. Але, думаецца, не на доўга. Трэба, колькі ёсць моцы ў нацыянальна самасвядомай часткі беларускай інтэлігенцыі, грунтоўна рыхтавацца да новага абуджэння народа, імкнучыся ўхіляцца тых пралікаў, якія так спадарожнічаюць нам апошнія гады. Асабліва трэба звярнуць увагу на моладзь. Калі яна масава і актыўна, усвядомлена стане на шлях беларускага нацыянальнага Адраджэння, яно тады паспяхова працярэбіць сабе шлях нават паміж Сцылай і Харыбдай, абавязкова выйдзе на запаветны Алімп.
***
Любімым сродкам адарваных ад беларускай культурна-моўнай асновы палітыкаў і інтэлігентаў у барацьбе са шчырымі прыхільнікамі такой асновы было і застаецца абвінавачванне іх у непрыязнасці да рускіх. Такія біркі часцей за ўсё навешваюцца на інтэлігенцыю падчас яе найбольш актыўнага ўдзелу ў нацыянальна-палітычным, грамадска-культурным руху. Каб не трапіць пад такую катэгорыю, хтосьці свядома абмяжоўвае маштабы, інтэнсіўнасць сваёй нацыянальнай дзейнасці. Сучасныя абвінавачванні красы беларускага народа ў русафобіі вельмі ўжо нагадваюць, як ніколі да гэтага, тое, што пісаў і гаварыў пра такіх людзей галоўны чэкіст пасляваеннай БССР Лаўрэнцій Цанава: «…беларускія нацыяналісты спрабавалі адмаўляць роднасць беларускага і рускага народаў і замоўчваць усялякія прыкметы яе… затушоўвалі тую ісціну, што рускі і беларускі народы з'яўляюцца членамі адной роднай сям'і, якія маюць у якасці агульнай калыскі Кіеўскую Русь, агульную славянскую мову, пісьменнасць…» 1. Думаю, мала хто паверыць, што такое мог напісаць аўтар, далёкі па паходжанні да любога з славянскіх народаў.
***
У творчай інтэлігенцыі Беларусі не было, няма і не будзе больш пачэснага нацыянальнага абавязку, як развіваць культуру толькі ў яе роднай мове. Усё, створанае па-за ёю, прыносіць толькі шкоду беларускаму народу, бо садзейнічае яго культурна-моўнай асіміляцыі.
***
Калі ў свой час у дачыненні да ўсёй савецкай інтэлігенцыі генеральны сакратар ЦК КПСС Міхаіл Гарбачоў сказаў, што ў яе «няпростая гісторыя» дык гэта можа ніводнай нацыянальнай інтэлігенцыі ў такой вялікай ступені не датычыла, як беларускай. У савецкі час нам даводзілася вырашаць тыя задачы, якія многія нацыі паспелі зняць з парадку дня яшчэ да Кастрычніцкай рэвалюцыі. Тут маю на ўвазе ўскладзеныя гісторыяй на кожную інтэлігенцыю незалежна ад яе нацыянальнага паходжання нялёгкія абавязкі па выпрацоўцы ў свайго народа ўсведамлення пра сябе, як пра пэўную, адрозную ад іншых этнічную супольнасць. Для такога выхавання падчас ― асабліва, калі з боку суседзяў зведваецца асіміляцыйны ўплыў ― патрабуецца і некаторае згушчэнне фарбаў пры паказе сродкамі мастацкай культуры найбольш важных гістарычных падзей, за што ва ўмовах савецкага ладу вельмі лёгка было апынуцца ў стане нацыяналістаў. Менавіта такі лёс і напаткаў вялікую армію прадстаўнікоў беларускай мастацкай, навуковай інтэлігенцыі, якія, мо, дзесьці трошкі перабольшылі нацыянальна-спецыфічнае, адметнае ў гісторыі і культуры свайго народа, перабольшылі ж выключна толькі з той мэтай, каб ён хутчэй пазбавіўся ад накінутай яму ілжывай духоўнай непаўнацэннасці. А яе, як вядома, стагоддзямі прышчэплівалі беларусам афіцыйныя ўлады, каталіцкая і праваслаўная цэрквы Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі.
***
Сапраўднай недарэчнасцю падаецца, калі чуеш па радыё, як хтосьці (не выключаючы і адукаваных людзей) па-руску выказвае сваю заклапочанасць заняпадам нацыянальнай культуры пры адначасовым росквіце ў нашай краіне рускай культуры. Каб надалей наша інтэлігенцыя не смяшыла людзей сваімі выказанымі ў рускай мове клопатамі пра прыгнечаны стан беларускай нацыянальнай культуры, трэба ёй (інтэлігенцыі) як мага хутчэй авалодаць родным словам тытульнага народа. Сказанае датычыць і кіраўнікоў, адказных асобаў дзяржаўнага, грамадскага сектараў культуры, якія практычна ва ўсіх выпадках па службе, у час выступленняў у электронных сродках масавай інфармацыі карыстаюцца не той мовай, якая адпавядала б нацыянальнаму інтарэсу краіны. Усё гэта і смешна, і не карэктна. У падобных сітуацыях беларусы раяць: «Злазь дзядзька з даху, не псуў гонту».
***
Значны пласт сучаснай беларускай інтэлігенцыі можна смела, беспамылкова параўняць з яе азіяцкімі і афрыканскімі калегамі 60-х гадоў мінулага стагоддзя, якія, як пісаў грузінскі літаратурны крытык Уладзімір Мачаварыяні настолькі ўжыліся ў чужыя культуры, пераважна англійскую і французскую, што да культуры сваёй краіны ставяцца «як да цікавых для назірання феноменаў фальклору, народнай творчасці» 1.
***
З сусветнай практыкі добра вядома: калі той ці іншай краіне даводзіцца развязваць лёсавызначальныя праблемы, зведваць пры гэтым велізарныя цяжкасці, на радзіму вяртаюцца з мэтай дапамагчы ёй многія з тых, хто ў моц розных прычын апынуўся ў эміграцыі. Найбольш гэта характэрна для прадстаўнікоў інтэлігенцыі, бо ніхто лепш за іх не разумее, як многае залежыць нават ад аднаго чалавека, калі ён становіцца свядомым актыўным змагаром за агульнанацыянальную справу. Нібыта па волі нейкай сатаны ў сённяшняй Беларусі ўсё адбываецца наадварот. Не з'яўляецца сакрэтам, што цяпер яна знаходзіцца на самым адказным адрэзку свайго гістарычнага шляху, ад выбару правільнага накірунку якога залежыць быць ці не быць беларускаму народу палітычна сувярэнным, быць самабытным у этнакультурным плане ці растварыцца ў рускім культурна-моўным акіяне. Нягледзячы на такі архіцяжкі стан на Беларусі ніхто з нашых уплывовых грамадска-палітычных, культурных дзеячоў блізкага і далёкага замежжа не пажадаў вярнуцца на радзіму, каб стаць у шэрагі актыўных змагароў за яе шчаслівую будучыню. Затое, як паказваюць вынікі апошніх сацыялагічных даследаванняў, у нас нават сярод той часткі інтэлігенцыі, што выступае за дзяржаўны суверэнітэт Беларусі, вельмі многія гатовыя пакінуць яе і падацца ў эміграцыю ў надзеі палепшыць там свой дабрабыт.
***
Калі ў наш надзвычай складаны, супярэчлівы час пераважная бальшыня інтэлігенцыі і надалей будзе заставацца ў баку ад лёсавызначальнага нацыянальнага Адраджэння, нас, відаць, не абмінуць наступныя радкі з верша Максіма Багдановіча:
Шмат у нашым жыцці ёсць дарог,
А вядуць яны ўсе да магілы.
***
Думаецца, што сёння мала каго з неадарваных ад родных каранёў інтэлектуалаў не хвалюе страшэнны дэфіцыт нацыянальнай эліты ў грамадстве. Як не дзіўна, але яе нават не стае сярод пісьменнікаў. А гэта ж якраз тая катэгорыя інтэлігенцыі, якая больш за іншыя заклікана лучыь народ са сваёй культурай, родным словам, фармаваць нацыянальную самасвядомасць. А ў нас жа процьма майстроў мастацкага слова здрадзіла такім святым прынцыпам, кінулася працаваць на ніве рускай літаратуры, нібыта ў Расіі няма каму гэтым заняцца. Не можа пахваліцца нацыянальнай элітай педагагічная інтэлігенцыя. Абсалютная бальшыня яе не толькі пляцецца ў хвасце нашага бесперапыннага, на жаль, амаль заўжды беспаспяховага змагання за нацыянальную сістэму народнай адукацыі, а, наадварот, выступае супроць як, з'яўляецца актыўнай прыхільніцай арганізацыі нацыянальна-выхаваўчага працэсу на рускім культурна-моўным матэрыяле, наперад ведаючы, што гэта ні да чаго іншага не вядзе, як толькі да асіміляцыі маладых, а таму і самых перспектыўных пакаленняў беларускага народа. І ўсё ж самым змізэрнелым, нікуды не вартым для нацыянальнай справы трэба прызнаць элітарны слой нашай дзяржаўна-палітычнай інтэлігенцыі. Ён нават сярод белага дня не праглядваецца. Адсюль нежаданне, няздольнасць дзяржаўнага чыноўніцкага апарату ў цэлым забяспечыць сваёй краіне сапраўдны нацыянальны суверэнітэт, а яе народу прыстойнае этнакультурнае развіццё на ўласнай прыроднай аснове. За апошняе дзясяцігоддзе ўладныя структуры нават і кроку не зрабілі па спыненні культурна-моўнай русіфікацыі сваёй тытульнай нацыі. А ў барацьбе з гэтым аброслым барадою злом дзяржава павінна была б адыгрываць галоўную ролю. Сказанага, лічу дастаткова, каб зразумець, што ёсць сабою сучасная інтэлектуальная эліта, калі яна не з'яўляецца носьбітам духоўнай спадчыны свайго народа. Лягчэй караблю без компаса пераадолець бязмежныя водныя прасторы акіяна і прычаліць да берагу, чым народу без уласнай нацыянальнай інтэлігенцыі стварыць прыстойнае ў эканамічным, палітычным і культурным планах жыццё, надзейна адгарадзіць яго ад любых формаў культурна-моўнай асіміляцыі. Беларусы з незапамятных часоў не мелі і сёння не маюць крытычнай масы такой інтэлігенцыі, адсюль усе нашыя беды і няўдачы ў спробах забяспечыць Бацькаўшчыне належныя ўмовы для самабытнага жыцця, усцерагчы яе карэнны народ ад русіфікацыі. Сёння маштабнасць яе непараўнальна большая, чым у часы кіравання Паўночна-Заходнім краем галоўным архітэктарам дзяржаўнай палітыкі русіфікацыі Міхаілам Мураўёвым.
***
Адзінства, суладнасць у думках і дзейнасці сучаснай інтэлігенцыі падрываюцца тым, што адна частка яе служыць беларускай культуры і мове, другая (намнога большая) ― рускай, адна непахісна стаіць за нацыянальна-дзяржаўны суверэнітэт Рэспублікі Беларусь, другая ― ледзь не за поўную палітычную інкарпарацыю яе ў склад Расійскай Федэрацыі. Ёсць і шэраг іншых фактараў, што абумоўліваюць непажаданую дыферэнцыяцыю інтэлігенцыі, разбураюць яе нацыянальны касцяк, але названыя вышэй лічу самымі галоўнымі і прынцыповымі.
***
І калі ўжо мы як след усвядомім простую, элементарную ісціну: нішто так не руйнуе нацыянальны патэнцыял духоўнага жыцця народа, як распаўсюджванне ў яго асяроддзі чужамоўнай культуры? Небяспека ад гэтага шматкроць узрастае, калі і сама творчая інтэлігенцыя такога народа далучаецца да свтарэння і распаўсюджвання элементаў чужой культуры. Сказанае ў дастаткова вялікай ступені характэрна сучаснай Беларусі, і адбываецца ўсё гэта ў даўно і добра вядомай для яе форме рускай культурна-моўнай асіміляцыі.
***
У апошнія два-тры дзясяцігоддзі існавання СССР супраціў дзяржаўнай палітыцы русіфікацыі насіў пасіўны характар, што, аднак, не перашкодзіла некаторым саюзным рэспублікам юрыдычна забяспечыць у канстытуцыі статус дзяржаўнай сваім нацыянальным мовам. У БССР, як і ў іншых рэспубліках, найбольш прынцыповую, узважаную пазіцыю ў супраціве (няхай сабе ў самай асцярожнай форме) рускамоўнай асіміляцыі тытульнага народа займала творчая і навуковая інтэлігенцыя. Гэта акурат яе самыя нацыянальныя спелыя прадстаўнікі рэгулярна звярталіся ў партыйныя органы з прапановай перагледзець сваё стаўленне да беларускай культуры і мовы. Трагічны лёс нацыянальнай духоўнай спадчыны калі-нікалі абмяркоўваўся падчас напоўлегальных сустрэч такіх катэгорый інтэлігенцыі. Аднак, такія сходкі не ўдалося ўтаіць ад пільнага вока работнікаў КДБ БССР. Моцна заклапочаных безнадзейным станам беларускай нацыі інтэлектуалаў, ― а гэта былі навуковыя супрацоўнікі АН БССР А. Каўрус, С. Місько, З. Пазняк, М. Прашковіч, М. Чарняўскі і інш. ― беспадстаўна абвінавацілі ў падрыўной дзейнасці супраць савецкай нацыянальнай палітыкі. Такое ж прыпісвалася пісьменніку Уладзіміру Караткевічу і некаторым яго калегам па пяру. Невядома, які ім быў бы вынесены прысуд, калі б за іх не заступіліся перад рэспубліканскімі партыйнымі органамі вядучыя пісьменнікі Беларусі М. Танк, М. Лужанін, Я. Брыль, І. Мележ і інш. А вось цяпер не назіраецца такога, каб хтосьці з сяброў Саюза пісьменнікаў Беларусі выступіў у абарону тых, каго беспадстаўна вінавацяць за адстойванне законнага права свайго народа на забеспячэнне яго роднай мове статусу адзінай дзяржаўнай, за функцыянаванне ў краіне сапраўднай нацыянальнай сістэмы адукацыі. Выходзіць, няма ў нас перамен да лепшага.
***
Цяжка, ажно да болю ў сэрцы, усведамляць, што і цяпер у інтэлігенцыі нашага краю няма самага важнага і каштоўнага ― нацыянальнага асяродка. Толькі зусім празрысты пласт яе можа працаваць на беларускай культурна-моўнай ніве. Увесь жа астатні даволі багаты інтэлект краіны працуе на рускі інтарэс, будучы ўсяляк падтрыманы яе ўладнымі структурамі. У такіх жахлівых варунках наўрад ці можна выратавацца ад рускай культурна-моўнай асіміляцыі нават праз неверагодна вялікія высілкі той часткі беларускага народа, якая не здрадзіла, застаецца адданай свайму нацыянальнаму ідэалу.
***
Мэтанакіраванай дзяржаўнай палітыкай русіфікацыі беларускага народа многія пласты афіцыйнай інтэлігенцыі пастаўлены ва ўмовы, якія вымушаюць іх дзеля біялагічнага выжывання, прафесійна-службовага росту усяляк садзейнічаць рэжыму ў здзяйсненні гэтай злачыннай акцыі. І самае прыкрае, што асаблівую стараннасць у гэтым праяўляе настаўніцтва. Цяпер пераважная колькасць яго працуе практычна ў рэжыме самай ашалелай русіфікатарскай палітыкі царскага самаўладдзя, калі, як пісаў наш вядомы даваенны дзяржаўны дзеяч Аляксандр Чарвякоў, «настаўнікі сельскіх, гарадскіх школ, гімназій, семінарый, інстытутаў рабілі сабе кар'еру на барацьбе за «чистый русский язык»« 1. Калі для каго-небудзь з настаўнікаў свядомы, а для каго-небудзь вымушаны ўдзел у культурна-моўнай русіфікацыі маладых пакаленняў беларускага народа можна неяк вытлумачыць часта незалежнымі ад іх волі прычынамі, дык такога ніяк нельга сказаць пра добраахвотнае далучэнне шэрагу іншых катэгорый інтэлігенцыі да гэтай супярэчнай здароваму сэнсу злачыннай акцыі. Асабліва нельга апраўдаць тых, хто, атрымаўшы ад прыроды дар мастацкага слова, выкарыстоўвае яго для развіцця на Беларусі не нацыянальнай, а рускамоўнай літаратуры. З такім выкарыстаннем прыроднага таленту, мо, і льга было б прымірыцца, калі б нам так рэальна не пагражала этнічнае выміранне. Розныя прычыны вядуць таленавітых людзей да працы на ніве рускай літаратуры, але толькі не клопаты зрабіць жыццё беларускага народа нацыянальна багатым, устойлівым ад любых форм культурна-моўнай асіміляцыі.
***
Нашыя высокія дзяржаўныя асобы, узятая імі на службу шматколькасная інтэлігенцыя безупынна праз афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі занадта ўжо адкрыта, катэгарычна выказваюць свае сімпатыі да праваслаўнай веры, бачачы ў ёй ледзь не адзіны сродак злучэння ўсходнеславянскіх народаў у нейкую адну безаблічную этнічную супольнасць. Не сакрэт, што ўсялякае захвальванне адной хрысціянскай плыні прыніжае іншых вернікаў, ускладняе рэлігійную сітуацыю ў краіне. Па гэтай прычыне шмат бедаў адбылося ў жыцці нашага народа, што і раней, і цяпер хвалявала і хвалюе яго найлепшых сыноў і дачок. Тым, хто з такім нястрымным апломбам захвальвае праваслаўе, хацеў бы нагадаць выказванне аднаго з нашых прагрэсіўных рэлігійных дзеячоў доктара тэалогіі Антона Неманцэвіча (1893―1943): «Наш беларускі народ у справах рэлігіі падзелен на дзве часткі: праз несвядомасць адны сябе залічваюць да польскай веры, а другія ― да рускай… Хай жа беларус ведае, што няма ані польскай, ані рускай веры, хай не мяшае народнасці з рэлігіяй. Ці беларус праваслаўны, ці католік, ён заўсёды застаецца сынам Беларусі». Хваліць жа праваслаўнае духавенства Беларусі будзем тады, калі яно накшталт рускага, балгарскага, сербскага… увядзе ў службу родную мову яе тытульнай нацыі. Былі такія часы ― і даволі працяглыя, ― калі ў русіфікацыю апошняй праваслаўная па веры духоўная інтэлігенцыя рабіла большы ўнёсак, за свецкую. Беларусам не шанцавала і не шанцуе, за рэдкім выключэннем, на ўсе катэгорыі інтэлігенцыі, далучаныя да царкоўна-рэлігійнай дзейнасці. У краіны дастаткова падстаў, каб прад'явіць велізарныя прэтэнзіі практычна ўсім катэгорыям інтэлігенцыі, якая правіць службу ў праваслаўнай царкве і каталіцкім касцёле, пратэстанцкіх малітоўных дамах. Сярод гэтых духоўных настаўнікаў і раней і сёння існуе найвастрэйшы дэфіцыт на шчырых беларусаў.
***
Інтэлігенцыя ― гэта тая элітарная частка грамадства, з якой нават часцей, чым з палітычнага асяроддзя, выходзяць лідэры нацыі. Лідэр нацыі з ліку інтэлігенцыі можа самым кардынальным чынам уплываць на лёс краіны і не займаючы якой-небудзь канкрэтнай дзяржаўнай пасады. Аўтарытэт яму стварае непарыўна звязаная з карэннымі нацыянальнымі інтарэсамі народа плённая творчая, інтэлектуальная дзейнасць. Яе можа стацца дастаткова, каб быць на галаву вышэй за кіраўніка краіны. Прыклад таму Якуб Колас. Ён не быў ні першым сакратаром ЦК Кампартыі Беларусі, ні старшынёй Савета Міністраў БССР, а аўтарытэтам у народа карыстаўся на парадак вышэй за тых, хто займаў названыя пасады. Зарабіў жа сабе такі аўтарытэт патрыярх беларускай нацыі выключна творчай дзейнасцю, арганічна інтэграванай ў жыццё любай Бацькаўшчыны. Працаваў на яе карысць аж да самога скону. Пасля напісання ў 1954 г. трэцяй кнігі т.зв. палескіх аповесцей «На ростанях» у яго заставалася яшчэ нямала чаго з творчых задумак. З-пад пяра народнага песняра, як у самыя лепшыя гады жыцця, працягвалі выходзіць цудоўныя вершы. Шмат увагі надаваў публіцыстыцы, якой аператыўна адгукаўся на ўсе важныя падзеі таго часу. Як сапраўднага патрыёта таго часу Якуба Коласа далёка не ўсё задавальняла ў беларускім грамадстве, якое ён дасканала ведаў дзякуючы сваёй актыўнай пазіцыі. Да канца жыцця не спыняў працы на пасадзе віцэ-прэзідэнта АН БССР, рэгулярна абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, членам ЦК КПБ, удзельнічаў у працы розных сусветных, агульнасаюзных і рэспубліканскіх канферэнцыях. Якуб Колас быў тым лідэрам беларускай нацыі, якога не маем мы ад смерці народнага песняра і да сённяшняга дня, хаця ў таленавітых майстрах беларускага мастацкага слова не зведвалася недахопу. На тры падкрэсленыя словы звяртаю ўвагу чытача таму, што лічу творца ў чужой для свайго народа мове, нават юрыдычна і фактычна дзяржаўнай, не можа стаць нацыянальным лідэрам. Яна можа тую ці іншую асобу вывесці толькі ў ранг кіраўніка краіны, што зусім не раўнацэнна лідэру нацыі. Каб быць ім, трэба належаць да шчырага, свядомага носьбіта прыродных культурна-моўных каштоўнасцяў сваёй краіны.
Ці бачыцца ў бліжэйшай перспектыве нараджэнне сапраўднага лідэра нацыі? Пытанне не з простых. Яно надзвычай актуальнае, бо імклівае франтальнае разбурэнне этнакультурнай самабытнасці беларускага народа патрабуе хутчэйшага з'яўлення такога Чалавека. Шукаць яго трэба сярод маладых таленавітых людзей. Хутчэй за ўсё, што яго можа даць беларускамоўная пісьменніцкая інтэлігенцыя, якая найлепш за астатніх разбіраецца ў людзях, глыбей за ўсіх разумее значэнне роднай культуры і роднага слова ў лёсе нацыі. Не ў апошнюю чаргу станоўчую ролю тут адыграе і той факт, што для дадзенай катэгорыі інтэлігенцыі, за рэдкім выключэннем, духоўныя каштоўнасці значаць нешта большае за матэрыяльныя даброты, асабістую кар'еру.
***
Калі пачынаеш глыбока і бесстаронна аналізаваць, што ж гэта такое адбываецца ў культурна-моўным жыцці нашай краіны, дык прыходзіш да вельмі сумнай высновы: дзяржаўныя дзеячы пры шырокай падтрымцы маласвядомых у нацыянальным плане інтэлігенцкіх колаў даволі паспяхова вядуць яе (краіну) па шляху поўнай, абсалютнай незалежнасці ад усяго прыродна беларускага і асабліва мовы.
***
На прыкладзе беларускамоўнай інтэлігенцыі Беларусі скрозь пацвярджаецца праўдзівасць слоў напоўзабытага правадыра сусветнага пралетарыяту Уладзіміра Леніна: чалавек, які адарваўся ад сваёй і перайшоў у рускую нацыю, становіцца больш рускім, чым самі рускія. Павярнуць такую інтэлігенцыю тварам да беларускага нацыянальна-культурнага ідэалу зусім не проста, хаця і вельмі патрэбна, улічваючы яе шматлікасць і заняцце высокіх пасад у сферы ўладных структур, ва ўстановах народнай адукацыі, навукі і культуры.
***
Цяжка прызнаваць такое, але вопыт пераканаўча сведчыць: наша інтэлігенцыя, за нязначным выключэннем, умела толькі добра служыць палітычным рэжымам Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі, СССР―БССР з так характэрным для кожнага з іх антыбеларускім курсам. І цяпер яна паспяхова спраўляецца з гэтай функцыяй, не шкадуючы ні часу, ні энергіі дзеля падтрымкі дзяржаўнага курсу на далейшае ўмацаванне рускага фактару ў культурна-моўнай сферы краіны, хаця і добра ведае, што гэта немінуча прывядзе да поўнай страты самабытнасці яе духоўнага жыцця.
***
Вырачэнне абсалютнай бальшынёй сучаснай беларускай палітычнай, навуковай, творчай, педагагічнай эліты ўсяго свайго прыроднага, у т.л. і мовы, не ёсць з'ява, уласцівая толькі нам. Вядомы факты, што і ў Чэхіі ў XVII―XVIII стст. палілі кнігі на роднай мове, залічваючы іх да катэгорыі ерэтычных. Многія заможныя пласты свядома выракаліся чэшскай мовы, бо панаваў памылковы, шкодны погляд, што яна нібыта вартая толькі для простых людзей. Бальшыня чэшскіх аўтараў за лепшае лічыла пісаць свае творы на латыні. Ад яе не адмаўляўся і сусветна вядомы вучоны-педагог Ян Амос Каменскі, што, аднак, не перашкаджала яму выкарыстоўваць у сваіх навуковых творах мову роднай краіны. Вось прыклад для пераймання сучаснай беларускай інтэлігенцыяй, тады, напэўна ж, нашая мовая не знаходзілася б у такім беспрасветным заняпадзе, была б выкраслена з Чырвонай кнігі ЮНЕСКА як мова, якой рэальна пагражае знікненне.
***
Новымі пакаленнямі беларусаў нішто так высока не будзе цаніцца ў інтэлігенцыі, як яе рашучы, зацяты супраціў усім формам культурна-моўнай асіміляцыі, у т.л. і русіфікацыі. Таму трэба спяшацца ўліцца ў шэрагі такой шаноўнай на ўсе вякі інтэлігенцыі.
***
Ніхто так балюча не ўспрыняў злачынную расправу дзяржавы з беларускай мовай, як нацыянальныя майстры мастацкага слова. Бальшыня з іх добра разумела, што майскі рэферэндум 1995 г. ― гэта пекла, магіла для беларускай мовы, адкуль ёй не выйсці на белы свет. Мо такая роспач сталася прычынай смерці такіх выбітных пісьменнікаў, магутных змагароў за права беларускага народа развівацца на сваёй культурна-моўнай аснове, як Барыс Сачанка ― 5 ліпеня, Максім Танк ― 7 жніўня 1995 г.
***
Практыка сведчыць, што любая, нават самая развітая краіна, якая становіцца на шлях карэннага рэфармавання ўсіх сфераў свайго жыцця, у т.л. культурнага, заўжды адчувае крайне вострую патрэбу ў нацыянальных інтэлектуальных сілах. Пакуль Беларусь рухалася па старому, сацыялістычным шляху такой патрэбы ў яе не адчувалася. Распад СССР адкрыў і перад Беларуссю шырокую перспектыву развівацца не паводле чужых шаблонаў, а ў поўнай згодзе з уласнымі гістарычнымі, культурна-моўнымі стандартамі. Каб расчысціць для іх шырокую прастору, уладныя структуры прынялі шэраг даволі прагрэсіўных з пазіцыяй беларускага нацыянальнага інтарэсу адпаведных нараматыўных актаў. Але, як неўзабаве высветлілася, у краіне існаваў велізарны дэфіцыт у такіх кадрах, якія ўсёй душой жадалі, імкнуліся ажыццяўляць на практыцы гэтыя акты. Здаралася і такое, што галоўную функцыю па беларусізацыі агульнаадукацыйных школ ускладалі на тых, хто 20―30 гадоў таму з зайздросным размахам працэс навучання ў іх пераводзіў з беларускай на рускую мову. Упэўнены, што рана ці позна нашай дзяржаве ўсё ж давядзецца жыццё краіны пераводзіць на нацыянальныя рэйкі, рашуча адмовіўшыся ад сваёй заганнай, абрыдлай кожнаму сумленнаму беларусу русіфікатарскай палітыкі. Як добра было б, каб сёння прафесарска-выкладчыцкі склад нашых ССНУ і ВНУ звяртаў увагу і на нацыянальнае ўзгадаванне будучых інтэлектуальных сіл краіны.
***
Сёння толькі нацыянальна сляпыя (а сярод іх не павінна быць сапраўдных інтэлектуалаў) не бачаць, што наша краіна, як ніколі да гэтага, надзейна заваявана рускай культурай і мовай, што падзел грамадства на рускамоўную і беларускамоўную часткі забяспечвае велізарную колькасную перавагу першай. У падобных варунках ніяк нельга спадзявацца на этнічнае выжыванне беларускага народа. Такое можа адбыцца толькі тады, як яго нацыянальная, родная культура і мова адваююць гвалтам адабраную ў іх прастору, запануюць на законнай для іх беларускай этнічнай тэрыторыі. Вядома, гэта дасягаецца не шляхам ваенных дзеянняў, прымусу, гвалту. Яно можа стацца рэальнасцю толькі праз тытанічную стваральную працу інтэлігенцыі на ўласным культурна-моўным падмурку, якую не можа не падтрымліваць і сама дзяржава. Толькі супольнымі намаганнямі ўдасца нарэшце даць беларускай культуры і мове такую жыццёвую сілу, што на сваёй гістарычнай тэрыторыі яны стануць асноўнымі духоўнымі чыннікамі, не будуць баяцца аніякага чужога ўплыву.
***
У нас, на вялікую бяду, страшэнна нізкі працэнт інтэлігенцыі, для якой нацыянальныя інтарэсы народа даражэй за яе месца ў службовай іерархіі, а, значыцца, і за яе матэрыяльнае становішча. Многія асобы з дыпломамі аб вышэйшай адукацыі, са ступенямі кандыдата і доктара навук дзеля таго, каб не знаходзіцца на далёкай адлегласці ад спакуслівага пірага, ніколі не ўзнімуць голас у абарону нацыянальнай культуры і мовы. Не з'яўляючыся носьбітамі беларускай нацыянальнай ідэі, яны, як толькі могуць, пнуцца адарваць ад яе і ўсіх астатніх грамадзян. У выніку абсалютная бальшыня з іх, разам з інтэлігенцыяй, у значнай ступені не выключаючы навуковай, творчай, педагагічнай, ― гэта носьбіты культуры і мовы суседняга нам народа ― рускага. Але дзе гарантыя, калі яны сёння, адарваўшыся ад роднай культуры і прымкнуўшы да рускай, працуюць на карысць апошняй, праз нейкі час, калі істотным чынам зменіцца сітуацыя ў краіне, не стануць культываваць тут духоўныя каштоўнасці яшчэ якога-небудзь народа? А вось носьбіты беларускай культуры ўсяляк будуць трымацца свайго, не стануць на калені перад чужым.
***
Здзіўляе, што на працягу ўсіх гадоў існавання ў Беларусі прэзідэнцкай сістэмы кіравання яшчэ ні разу не падалі голасу ў падтрымку нацыянальнага Адраджэння асобы з верхніх ярусаў сацыяльнай лесвіцы. А такіх людзей у нас нямала. Прычым ёсць і такія, каго ведаюць і далёка за межамі Беларусі, лічаць за самую элітарную частку яе інтэлігенцыі, палітычнага корпуса. На справе ж яны зусім абыякавыя да таго, захаваецца беларускі народ як самабытны этнас ці не, з алімпійскім спакоем глядзяць, як гінуць яго нацыянальная прафесійная культура і родная мова, а часта нават садзейнічаюць паскарэнню гэтага пачварнага працэсу. Ад іх беларускае слова можа пачуеш толькі тады, калі яны размаўляюць ува сне. Прыгледжваешся да паводзінаў такіх выбраных людзей і пачынаеш сумнявацца, мо, і сапраўды мы ўжо ўступілі ў такі этап развіцця, што адстойваць беларускую нацыянальную прафесійную культуру і мову, ставіць заслону далейшай асіміляцыі карэннага насельніцтва краіны могуць толькі людзі ўчарашняга дня, нейкія зацятыя праціўнікі рускага народа, славянскай супольнасці, бо каб было гэта не так, ці ж маўчалі б тады нашыя лаўрэаты ленінскіх, дзяржаўных прэмій, народныя і заслужаныя артысты СССР, БССР, Рэспублікі Беларусь, акадэмікі, кіраўнікі навуковых, культурных устаноў… Вунь калі ў перыяд міжваеннай беларусізацыі было сапраўднае нацыянальна-культурнае Адраджэнне, дык яму ж садзейнічалі самі дзяржаўныя і партыйныя органы, Беларуская акадэмія навук, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт… А як многа для распаўсюджвання гэтай прагрэсіўнай ідэі зрабіў беларускамоўны перыядычны друк. Нічога падобнага не назіраецца на сучасным этапе нашага нацыянальнага занядбання. Сярод першых дзяржаўных дзеячоў апошняга дзясяцігоддзя не знойдзеш чалавека, падобнага старшыні Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта БССР Аляксандру Чарвякову, сярод міністраў асветы ― наркаму асветы БССР Антону Баліцкаму, прэзідэнтаў Акадэміі навук Беларусі ― Усеваладу Ігнатоўскаму, рэктараў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ― Уладзіміру Пічэту, мовазнаўцаў ― Язэпу Лёсіку, дзеячоў культуры ― Уладзіславу Галубку. Што й казаць, нацыянальная самасвядомасць дзяржаўных дзеячоў, інтэлігенцыі вышэйшай катэгорыі ніяк не адпавядае надзённым задачам нацыянальнага адраджэння. Яна намнога ніжэй, чым у многіх шараговых безыменных інтэлігентаў, якія самаахвярна змагаюцца за этнічнае выжыванне беларускага народа.
***
Адстойванне прагрэсіўнай часткай беларускай інтэлігенцыі права свайго народа на самабытнае нацыянальна-культурнае развіццё, несумненна, было б намнога эфектыўней, каб у гэтым змаганні яе хоць трохі падтрымлівалі ў суседняй Расіі. Як-ніяк акурат адсюль на працягу доўгага часу ў наш край хваляй за хваляю наплывала і наплывае русіфікацыя, якую цяпер у адкрытую падтрымліваюць, пашыраюць самі беларускія ўлады. Мо таму цяпер у Расійскай Федэрацыі расце колькасць навукоўцаў, якія засумняваліся ў існаванні раней і цяпер адметнага ад рускіх беларускага народа, пра наяўнасць у яго ўласнай арыгінальнай культуры і мовы. Многія з інтэлігенцыі суседняй нам Расіі, відаць, начыста забыліся на інтэрнацыяналісцкае ў дачыненні да ўсходніх славян выказванне рускага пісьменніка Канстанціна Сіманава: «Мне, рускаму пісьменніку, беларуская і ўкраінская мовы не перашкаджаюць працаваць. Яны ўзбагачаюць мяне. Я радуюся, што яны развіваюцца». Шкада, што сёння ў нас дома такі велізарны дэфіцыт на інтэлігенцыю, якая глядзела б на беларускую мову, як на неацэннае багацце, і мела жаданне стала карыстацца ім.
***
У Еўропе, на вялікую радасць, не знайсці краіны, дзе бальшыня творчай інтэлігенцыі сваёй дзейнасцю, як гэта робіцца ў Беларусі, разбурала б прыродныя асновы нацыянальнай культуры. На вялікую радасць таму, што такой павагай да нацыянальнага забяспечваецца захаванне культурнай разнастайнасці еўрапейскага кантыненту, пра што зусім не рупіцца велізарны пласт інтэлігенцыі Беларусі, павязаны на рускай культуры. Маштабы яе распаўсюджвання ў нас зусім не стыкуюцца з нацыянальнымі інтарэсамі Рэспублікі Беларусь, чаго ніяк не жадае заўважаць палітычнае кіраўніцтва апошняй, паслядоўна праводзячы курс на далейшае паглыбленне русіфікацыі карэннага насельніцтва. У нейкай ступені суцяшае, што законны неспакой патрыятычна настроенай беларускай інтэлігенцыі датычна дэфармацыі нацыянальных асноў існавання народа ў выніку мэтанакіраванай палітыкі самой дзяржавы знаходзіць пажаданае разуменне, неабходную падтрымку ў перадавых колах сусветнай грамадскасці, найперш еўрапейскай. Абыякавымі да этнічнай пагібелі зусім не другарадкага еўрапейскага народа, а, наадварот, з багатай гісторыяй, адметнай культурай могуць быць толькі людзі з істотнымі адхіленнямі ў разумовым ці псіхічным развіцці. Апошнімі гадамі даволі шмат спачувальных слоў выказваецца беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі, што ёй з-за дзяржаўнай русіфікатарскай палітыкі ўжо не Масквы, а Мінска ніяк не ўдаецца стрымаць небяспечны працэс размывання культурнай самабытнасці краіны. Усё часцей на бок такой арганічна знітаванай з беларускім нацыянальным інтарэсам творчай інтэлігенцыі становяцца работнікі адкрытых у нашай краіне пасольстваў і консульстваў. Ёсць поўная гарантыя, што іх прадстаўнікі, закончыўшы службу, абавязкова пастараюцца расказаць сваім грамадзянам пра ўсе перакосы культурнага развіцця Беларусі, шкодныя наступствы русіфікацыі яе тытульнага народа. Не можа не радаваць пазіцыя па беларускім пытанні кіраўніка Прадстаўніцтва Еўрасаюза ў РБ Жан-Эрык Хольцапфеля. Выступаючы 24 мая 2010 г. у Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі з нагоды дня славянскага пісьменства і культуры, ён заклікаў беларусаў не забывацца на родную мову. Усцешылі прысутных і пачутыя з яго вуснаў словы, што Еўрасаюз «песціць і шануе» сваю культурную разнастайнасць і мовы і, гэта значыць, добра разумее намаганні беларусаў у гэтай сферы 1. Вось каб іх яшчэ так добра разумела і прэзідэнцкая вертыкаль РБ, беларуская нацыя не выглядала б у Еўропе «белаю варонаю», спрэс выкарыстоўваючы напоўніцу чужую рускую мову, пераважна жывучы культурнымі набыткамі ўсходняй суседняй дзяржавы.
***
У беларускай інтэлігенцыі ёсць нямала заслуг перад нацыянальна-культурным Адраджэннем. І, думаю, што адна з самых вялікіх з іх прыпала на апошнія гады Гарбачоўскай перабудовы і першыя гады існавання Беларусі ў якасці незалежнай суверэннай дзяржавы. У перадавых колах інтэлігенцыі хапіла розуму і смеласці, каб з нацыянальна-адраджэнскай ідэяй пайсці ў народ у час, калі ёй супрацьстаяў магутны ідэалагічны апарат камуністычнай партыі, калі беларуская мова дзясяцігоддзямі была пазбаўлена законнага права абслугоўваць службовае справаводства партыйных і савецкіх, адміністрацыйна-гаспадарчых органаў, грамадскіх арганізацый, знаходзілася па-за навучальна-выхаваўчым працэсе ўсіх гарадскіх і многіх размешчаных у сельскай мясцовасці агульнаадукацыйных школ, усіх тыпаў прафесійных сярэдніх і вышэйшых навучальных устаноў, амаль цалкам страціла свае пазіцыі ў элітарных пластах культуры і таму практычна не з'яўлялася сродкам зносін паміж людзьмі. Усё гэта не перапужала бальшыню нашае інтэлігенцыі. З улікам карэнных перамен у поглядах ідэалагічнага партыйнага апарату СССР на міжнацыянальныя дачыненні знайшлося і ў Беларусі дастаткова людзей, каб на ўвесь рост узняць пытанне пра нацыянальна-культурнае адраджэнне яе тытульнага народа. І такімі людзьмі найбольш багатай аказалася інтэлігенцыя. Галоўным чынам мы ёй абавязаны прыняццем 26 студзеня 1990 г. гістарычнай важнасці Закона «Аб мовах у Беларускай ССР», якім па ўсёй справядлівасці з улікам прагрэсіўнай сусветнай практыкі статус адзінай дзяржаўнай мовы быў нададзены толькі беларускай. Шлях да гэтай запаветнай мэты стаўся зусім не простым з-за моцнага адкрытага і патаемнага супраціву дарэшты зрусіфікаванага партыйна-савецкага чыноўніцкага апарату, які меў поўную падтрымку і сярод здэнацыяналізаванай інтэлігенцыі, прычым не такой ужо і малалікай. Ім уладося ўхіліць ад улады шчыра адданага нацыянальна-адраджэнскай ідэі Старшыню Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь Станіслава Шушкевіча і забяспечыць перамогу ў час першых прэзідэнцкіх выбараў у краіне Александру Лукашэнку (ліпень 1994 г.), які, будучы дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР 12-га склікання, выказаў нямала негатыўных рэплік на адрас тагачаснага беларускага нацыянальнага руху, беларускай мовы. Шкада, што гэта адмоўна паўплывала на значную частку інтэлігенцыі, якая неўзабаве пасля ўсталявання прэзідэнцкай улады адышла ад нацыянальнай дзейнасці.
***
Калі прыняты 26 студзеня 1990 г. Закон «Аб мовах у Беларускай ССР» можна назваць самым вялікім дасягненнем нашага народа ў нацыянальна-культурным адраджэнні, дык вынікі праведзенага 14 мая 1994 г. рэферэндуму ― гэта не меншая за Чарнобыльскую катастрофу трагедыя, толькі ў адрозненне ад апошняй ён паставіў пад пытанне не біялагічнае, а этнічнае выжыванне карэннага насельніцтва краіны. Гэта адразу ж глыбока ўсвядомілі нацыянальнай арыентацыі колы грамадства. Іх моцна хвалявала, што пасля праведзенага рэферэндуму пачалося імклівае руйнаванне нацыянальных асноў духоўнага жыцця беларускага народа. Аператыўна адрэагаваў на гэтую трагедыю грамадскі Камітэт абароны беларускай мовы. У яго склад увайшлі прадстаўнікі ад Саюза беларускіх пісьменнікаў, Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына», Бацькоўскага камітэта беларускіх класаў і школ г. Мінска і іншых арганізацый, устаноў і суполак нацыянальна-адраджэнскага характару. У прынятай Камітэтам ужо ў канцы чэрвеня 1995 г. на пасяджэнні «круглага стала» заяве» «Лёс роднай мовы і задачы грамадскіх арганізацый» быў вызначаны шэраг прынцыпова важных накірункаў у іх дзейнасці: скансалідаваць усе сілы, якія выступаюць за выкананне Закона аб мовах; дамагацца безумоўнага выканання палажэнняў Закона аб мовах і Канстытуцыі ад усіх дзяржаўных органаў і ўстаноў; захаваць кадравы патэнцыял і ствараць метадычную базу беларускамоўнага выкладання на ўсіх ўзроўнях адукацыі; ствараць належную беларускамоўную інфармацыйную прастору; зарыентаваць на моладзь папулярызацыю гістарычных і нацыянальна-культурных ведаў і беларускамоўную масавую культуру 1. І сёе-тое рабілася Камітэтам абароны беларускай мовы ў плане вызначаных ім напрамкаў. Але паколькі ён не быў надзелены ніякімі правамі ўладнага органа, усе спробы хоць трохі прыпыніць разбуральнае ўздзеянне майскага рэферэндуму на беларускае нацыянальнае жыццё не давала аніякіх станоўчых вынікаў. Дэфармацыя яго працягвала павялічвацца, набыла архінебяспечны характар. Тое, што дзяржава, абапіраючыся на магутны чыноўніцкі апарат, пастаўленую яму на службу інтэлігенцыю, магла за дзень-два зрабіць па разбурэнні нацыянальнага патэнцыялу карэннага насельніцтва РБ, яго прагрэсіўным, этнічна-самасвядомым колам не ўдалося аднавіць за год-два напружанай стваральнай працы. Больш за тое, справа год ад году пагаршалася. Яшчэ раз пацвердзілася праўдзівасць, мудрасць прыказкі: «Супраць лому ― няма прыёму». Яўная параза Камітэта ў супрацьборстве з дзяржавай на моўнай ніве прычынілася да таго, што яго сябры пачалі праяўляць усё меншую актыўнасць у адстойванні законнага права беларускага слова на жыццё ў роднай хаце. А падзенне актыўнасці акурат і было наруку афіцыйным уладам, у якіх практычна атрымлівалася ўсё, што яны паставілі перад сабой па выцясненні беларускай мовы з грамадскага жыцця і замены яе рускай.
Усе чакалі, моцна спадзяваліся на рашучае, самаахвярнае выступленне супраць дзяржаўнай палітыкі дыскрымінацыі беларускай мовы пісьменніцкай арганізацыі. Як-ніяк для яе ж мова ― гэта і інструмент, і матэрыял прафесійнай дзейнасці. Да таго ж нікому, як майстрам прыгожага пісьменства, так добра не вядома выключная роля роднай мовы ў сцвярджэнні народа як самабытнай этнічнай супольнасці, яе культурным развіцці. Проста невытлумачальна і нічым не апраўдана прычына, чаму пісьменніцкая арганізацыя ў цэлым ні разу не выступіла ў форме якога-небудзь адкрытага, публічнага пратэсту супроць антыканстытуцыйных дзеянняў урада па выцясненні беларускай мовы адтуль, дзе яна мае ўсе правы на функцыянаванне. Кіраўніцтва Саюза беларускіх пісьменнікаў абмяжоўвалася прыняццем толькі агульных заяў у абарону беларускай мовы, а гэтага, як многім добра зразумела, было зусім недастаткова для дасягнення жаданага поспеху. Бачачы, як мала на што здольная пісьменніцкая інтэлігенцыя ў адстойванні сваіх жа ўласных моўных інтарэсаў, дзяржава не толькі смела ішла на іх далейшае парушэнне, але і прыбрала да сваіх рук Дом літаратара, пазбавіўшы гэтым самым беларускіх майстроў мастацкага слова ладзіць там рознага роду мерапрыемствы, сустракацца для калектыўнага абмеркавання надзённых пытанняў, якіх станавілася ўсё больш і больш. Ведаючы пра абыякавае стаўленне значнай часткі інтэлігенцыі, у т.л. творчай, навуковай, педагагічнай да роднага слова свайго народа, нашы першыя дзяржаўныя асобы без усялякай згрызоты сумлення працягвалі, як у савецкія часы, выступаць перад ёю з рускім словам нават у такой сітуацыі, дзе беларуская мова проста прасілася быць пачутай. Да прыкладу, не гучала яна з вуснаў прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі ў час яго сустрэчы ў снежні 1998 г. з нашымі пісьменнікамі, выступлення з нагоды 70-гадовага юбілею Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (люты 1999 г.), на першым з'ездзе настаўнікаў Беларусі (лістапад 2001 г.) і г.д.
Было б несправядліва не адзначыць, што неўзабаве пасля правядзення рэферэндуму, калі нават і людзі з няпоўнай сярэдняй адукацыяй даўмелі, які рукамі народа дзяржава ўчыніла гвалт з яго роднай мовы, інтэлігенцыя ўсё ж трохі заварушылася, пачала маліць улады, Вярхоўны Савет РБ не спяшацца юрыдычна надаваць рускай мове роўны статус з беларускай, каб зусім не падарваць «здароўе» апошняй. У многім слушную параду ўладам, дэпутатам рэспубліканскага маштабу даў Яўген Міклашэўскі: «…у межах дзяржавы павінна функцыяніраваць нацыянальная мова, інакш немагчыма вызначыць сферу выкарыстання абедзвюх моў. У дзяржаўным сектары ― беларуская, у побыце і недзяржаўных структурах ― любая. Гэта патрэбна вызначыць раз і назаўсёды, устанавіўшы жорсткі дзяржаўны кантроль. Беларуская дзяржава абавязана паклапаціцца пра сваю мову і даць ёй апошні шанц» 1. Дзяржава ж не захацела ўзяць на сябе такога святога абавязку.
З вучоных-філолагаў, хто выказаў справядлівую заклапочанасць рэзкім пагаршэннем стану роднага слова нашага народа ўжо ў першыя месяцы пасля рэферэндуму, можна назваць намесніка дырэктара Інстытута мовазнаўства Акадэміі навук Беларусі А. Лукашанца. У інтэрв'ю для акадэмічнай газеты ён сказаў: «Вынікі рэферэндуму многія ўспрынялі як магчымасць карыстацца толькі рускай мовай у сваёй дзейнасці, хаця аднолькавы статус беларускай і рускай моў якраз прадугледжвае і іх раўнапраўнае выкарыстанне ў самых розных сферах грамадскіх зносін, а для службовых асоб ― абавязковае валоданне гэтымі мовамі. Таму заканадаўчае замацаванне дзвюх дзяржаўных моў на Беларусі павінна суправаджацца старанна прадуманай дзяржаўнай моўнай палітыкай, скіраванай на падтрымку беларускай мовы як мовы народа, што даў назву краіне. У сённяшняй моўнай сітуацыі менавіта беларуская мова патрабуе актыўнай дзяржаўнай падтрымкі, каб захаваць свой статус поўнафункцыянальнай мовы» 1. Да гэтай разумнай парады навукоўца не прыслухалася дзяржава, як не прыслухоўвалася і да іншых слушных прапаноў. А калі ж ёю што-небудзь і рабілася па рэгуляванні моўных працэсаў, дык выключна толькі ў інтарэсах рускай мовы. Стваралася ўражанне, што менавіта яна, а не беларуская мова з'яўляецца для карэннага насельніцтва нашай краіны спрадвечна прыроднай.
Сваім майскім рэферэндумам дзяржава нібыта спецыяльна паднесла «дарагі падарунак» чарговаму Другому міжнароднаму кангрэсу беларусістаў. Праходзіў ён 16―18 мая ў Мінску. На форум беларусістаў з'ехалася больш як 300 навукоўцаў з 17 краін свету. Многім з удзельнікаў вельмі сапсавалі настрой вынікі майскага рэферэндуму 1995 г., які праводзіўся ўсяго толькі за два дні да адкрыцця гэтага форуму. Як вялікую трагедыю беларускага народа ахарактарызаваў вынікі ўрадавага рэферэндуму прафесар з Англіі, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў Джыма Дынглі. Яму далі слова для выступу на пленарным пасяджэнні кангрэса, паколькі меў вялікае жаданне давесці да ведама прысутных, якая моўная катастрофа здарылася на Беларусі. Вельмі лагічна, што пра гэта яны пачулі з вуснаў не беларуса, а англічаніна: «Кожны вучоны, ― даводзіў Дынглі, ― мае абавязкі перад навукай, але наша навуковая праца беларусістаў, у тым ліку і небеларусаў, цяпер мае і іншы ― маральны аспект… Мы ўжо працуем з культурай краіны, якая знаходзіцца ў небяспецы. Што мы, беларусісты, асабліва тыя, хто не з'яўляецца беларусам, можам зрабіць у гэтым становішчы? Я, шчыра кажучы, дакладна не ведаю, як падняць, напрыклад, пашану ў Англіі да Беларусі, калі на першы погляд быццам бы самі беларусы не шануюць самі сябе?» Ён рашуча адхіліў выказванні, што беларуская мова занадта бедная, каб ёю карыстацца ў навуцы. «Такія выказванні, на мой погляд, ёсць абсурд. Я мог бы яшчэ сказаць ― бздура, лухта. У такім разе можна сказаць, што расійская мова таксама занадта бедная, калі паглядзець у новыя расійскія слоўнікі, дзе многія словы цалкам узяты з суседскай мовы» 1.
Блізкую да меркаванняў Дынглі думку выказаў падчас Другога Міжнароднага кангрэса беларусістаў аўстрыйскі прафесар Герман Бідэр. Яго навуковыя працы па беларускім мовазнаўстве пачалі з'яўляцца ў друку з пачатку 90-х гадоў. Найбольш значная з іх «Першае і другое адраджэнне беларускай мовы і культуры». На пытанне карэспандэнта газеты «Наша слова» Ірыны Крэнь «Ваша ўражанне ад рэферэндуму, які толькі што адбыўся на Беларусі?», быў атрыманы такі адказ: «…беларускай мове пагражае знікненне. Мне здаецца, што беларусізацыя фактычна ўжо скончылася, прынамсі, у палітычных адносінах, і што ўся патрыятычная інтэлігенцыя павінна змагацца за прадаўжэнне адраджэння беларускай літаратурнай мовы. Мне ўвогуле незразумела: як народ можа галасаваць супраць уласнай мовы! Думаю, што гэты народ стаў аб'ектам маніпуляцыі з боку палітычнага кіраўніцтва. Лічу, што гэта падзея вельмі трагічная, проста чорны дзень у гісторыі беларускага народа» 2. Такое горкае, але справядлівае выказванне замежнага навукоўца не давала яго беларускім калегам з ліку элітарных філолагаў падставаў для маўчання. Заяўлена ж з усёй катэгарычнасцю пра рэальнасць знікнення беларускай мовы! Калі і яны верылі ў такое, дык, значыцца, трэба было біць у званы, а калі не пагаджаліся ― трэба было даказаць адваротнае. І на гэты раз вяршкі беларускай філалагічнай навукі ў рангах акадэмікаў, членаў-карэспандэнтаў прамаўчалі, што ўжо само па сабе можа лічыцца як факт прызнання імі правамернасці праведзенага дзяржавай рэферэндуму, адсутнасці ў ім якой-небудзь сур'ёзнай пагрозы для беларускай мовы. Затое на гэты раз такую пагрозу сёй-той бачыў з прадстаўнікоў інтэлігенцыі Расіі.
Не апраўдваў дзяржаўную моўную палітыку кіраўніцтва РБ, асабліва навязаны народу рэферэндум, вядомы рускі пісьменнік, літаратуразнавец, палітолаг, супрацоўнік Цэнтра знешнепалітычных даследаванняў Інстытута міжнародных эканамічных і палітычных даследаванняў Расійскай нацыянальнай акадэміі Юрый Сураўцаў. У інтэрв'ю газеце «Наша слова» ён прама заяўляў, што «вынікі рэферэндуму і яго форма не ўмацавалі Беларускае Адраджэнне, а адкінулі яго назад». Маскоўскі вучоны не ўтойваў свайго жадання бачыць беларускую мову, як мову славянскага народа, жывой, не мёртвай, тлумачачы гэта тым, што «нашыя культуры і мовы, калі кожная жыве поўнакроўным жыццём, узбагачаюцца, беларуская мова жывіць сваёй лексікай рускую мову. І вось, на табе ― апошнюю пераўтвараюць у мову-»агрэсара», якая, хочам мы таго ці не хочам, але ў існуючых сёння ўмовах яшчэ больш звузіць сферу ўжывання беларускай (падкрэслена мною. ― Л. Л.). А мне патрэбна, каб Ваша мова жыла, развівалася і набірала моц!» 1. Такое праўдзівае заключэнне аб згубнай у дачыненні да роднай мовы ўласнага народа палітыцы кіраўнікоў беларускай дзяржавы мог даць з людзей рускай нацыянальнасці толькі той, хто не жадае бачыць яе віноўніцай культурна-моўнай асіміляцыі беларусаў. А апошні радок з цытаты Ю. Сураўцава ― гэта выдатны прыклад для засіміляваных беларускіх палітыкаў, інтэлігентаў, як трэба любіць і паважаць мову свайго народа.
У першыя паслярэферэндумскія месяцы і гады дзяржаўную палітыку моўнай дэнацыяналізацыі беларускага народа не падтрымлівалі многія прадстаўнікі той часткі інтэлігенцыі, прафесійная дзейнасць якіх не мела нічога агульнага з гуманітарнай сферай. Яны звярталіся ў самыя высокія ўладныя структуры з просьбамі і патрабаваннямі спыніць русіфікацыю беларусаў, для якой такі шырокі шлях адкрыў рэферэндум. Не збіраліся маўчаць 46 супрацоўнікаў аддзялення біялагічных навук Акадэміі навук Беларусі, калі даведаліся, што калегія часопіса «Весці АН Беларусі. Серыя біялагічных навук» 11 снежня 1995 г. прыняла рашэнне пра далейшае выданне яго на рускай мове. У лісце на імя прэзідэнта АНБ Леаніда Сушчэні яны пісалі: «Магчымае ажыццяўленне названага рашэння ў студзені 1996 г. будзе выглядаць асабліва цынічным. 40 гадоў назад, менавіта ў студзені 1956-га, заснавана (і ад пачатку беларускамоўная!) серыя біялагічных навук «Весцяў АН БССР». І да нашых дзён нават у працяглыя савецкія часы з фактычным расійскім аднамоўем у рэспубліцы кіраўніцтву беларускай Акадэміі не прыйшла ў галаву падобная ідэя. Цяпер пад уплывам часовай палітычнай кан'юктуры яна нарадзілася ў самім аддзяленні біялагічных навук…» У якасці ініцыятараў такой супярэчнай беларускаму інтарэсу ідэі называліся старшыня калегіі часопіса акадэмік Любоў Хатылёва і акадэмік Ігар Валатоўскі 1.
***
Ніводзін нацыянальна-свядомы беларус, а тым больш прадстаўнік інтэлігенцыі, не можа спакойна пачуваць сябе да тае пары, пакуль яго мова не загучыць з вуснаў першых свецкіх і духоўных асобаў краіны, надзейна не прапішацца ў залах дзвюх палатаў Нацыянальнага схода Рэспублікі Беларусь, у кабінетах усіх структур заканадаўчай, выканаўчай і судовай уладаў, аўдыторыях вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, класах агульнаадукацыйных школ і прафесійна-тэхнічных вучылішчаў, не запануе на сцэнах тэатраў, у выступленнях вакальна-эстрадных калектываў, у радыё- і тэлеперадачах, на старонках перыядычнага друку, у час правядзення рознага роду дзяржаўна-палітычных і грамадска-культурных мерапрыемстваў. Як сведчыць сусветны вопыт, у час, калі народ становіцца на шлях духоўнага адраджэння, ільвіную долю нагрузкі бярэ на свае плечы творчая, навуковая, педагагічная інтэлігенцыя. У нас жа бальшыня яе зрабіць падобнае не ў стане, не здольная ці проста не жадае браць на сябе такую святую місію. Стала заганнай практыкай, што ў час перадач па радыё альбо тэлебачанні нават кіраўнікі і артысты беларускіх дзяржаўных нацыянальных тэатраў, вядучыя супрацоўнікі рэспубліканскага, абласных, раённых, гарадскіх апаратаў народнай адукацыі і культуры, масцітыя дзеячы навукі, г.зн. асобы, якія паводле свайго прафесійнага і службовага статусу абавязаныя карыстацца беларускай мовай, але, не валодаючы ёю, размаўляюць па-руску. Ці ж гэта не сведчанне таго, у якім небяспечным стане знаходзіцца беларуская мова? Ці ж гэта не сведчанне таго, які ў нас велізарны дэфіцыт у беларускамоўнай інтэлігенцыі на самых ключавых і вырашальных дзялянках сучаснага нацыянальна-культурнага Адраджэння? На вялікі жаль, прычын быць спакойным за лёс беларускай мовы, а значыцца, і самога беларускага народа, у нас няма. Не дае яе і апошні перапіс насельніцтва. І пакуль дзяржава не павярнулася (дый ці павернецца?!) тварам да святой нацыянальнай ідэі беларускага народа, галоўную функцыю па выратаванні яго роднай мовы павінны, як і раней, несці на сваіх ужо досыць навярэджаных плячах шчырыя змагары за духоўнае адраджэнне Бацькаўшчыны. І ў гэтым змаганні супроць этнічнага вымірання яе карэннага насельніцтва яшчэ большую ролю павінна адыгрываць Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. На сёння яму няма альтэрнатывы.
***
На ўсіх этапах развіцця сусветнай цывілізацыі выключна важную ролю адыгрывалі інтэлігентныя людзі. Прычым не толькі тады, калі ўзнікала патрэба зрабіць сапраўдны рывок у сферы матэрыяльнай вытворчасці, рушыць наперад навуку, культуру. Без актыўнага ўдзелу інтэлігенцыі не адбываліся заўжды складаныя самі па сабе сацыяльныя працэсы ў грамадстве. Ніхто, як менавіта яна, не паказаў сябе такім вопытным рэгулятарам, уплывовай сілай у час фармавання, кансалідацыі нацый. Некаторыя з іх толькі і з'явіліся на свет, дзякуючы актыўным, глыбока асэнсаваным дзеянням інтэлігенцыі. Нямала рабілася ў гэтым напрамку і беларускай інтэлігенцыяй. Толькі нязменна экстрэмальныя ўмовы жыцця не далі ёй дамагчыся жаданага поспеху І сёння нашая інтэлігенцыя не ў стане належным чынам уплываць на нацыянальныя працэсы найперш за ўсё ў інтарэсах тытульнага народа краіны. Прычын у гэтым нямала. Але самая галоўная ― моўная раздвоенасць інтэлігенцыі, што этнічна падзяляе яе на дзве часткі, перашкаджае выпрацоўцы адзінай лініі ў працы з народам.
Інтэлігенцыя Беларусі з даўняе пары не была моўнааднароднай, што абцяжарвала працэс трансфармацыі карэннага насельніцтва ў нацыю. Асабліва велізарныя страты несла яна ад дзяржаўнай палітыкі паланізацыі і русіфікацыі, да чаго заўжды прыкладвала рукі і мясцовая інтэлігенцыя. Таму не дзіва, што беларусаў і на зыходзе ХХ ст. з вялікай нацяжкай можна назваць да канца завершанай нацыяй. Але яшчэ ніколі інтэлігенцыя сваёй практычнай дзейнасцю не прыносіла столькі шкоды нацыянальнаму інтарэсу беларускага народа, як за апошнія больш чым паўтара дзясяцігоддзя. Будучы ў сваёй абсалютнай бальшыні рускамоўнай, яна з'яўляецца надзейнай апорай чыноўніцкага апарату ў ажыццяўленні яго курсу на дэнацыяналізацыю беларускага грамадства, самым актыўным правадніком рускай мовы ва ўсе сферы службовага справаводства, дзе да ўсталявання ў краіне прэзідэнцкай сістэмы кіравання пакрысе сталі выкарыстоўваць і беларускую мову. Аналагічнае можна сказаць пра інтэлігенцыю такіх сфер, як адукацыя, навука, культура. Сёння ўжо ёсць усе падставы сцвярджаць пра наяўнасць сур'ёзных прыкмет панавання рускамоўнай інтэлігенцыі на ніве прыгожага пісьменства. А гэта ж акурат тая дзялянка духоўнай творчасці, якая амаль да канца ХХ ст. адыгрывала галоўную ролю ва ўсведамленні беларусамі сябе самабытным народам. Цяпер у літаратурным працэсе краіны больш рускага, чым беларускага. Яна няўхільна траціць сваё этнічнае аблічча пры такой шматлікай колькасці інтэлігенцыі, адарванай ад роднага слова карэннага насельніцтва. Менавіта неабмежаванасць рускамоўнасці беларускай інтэлігенцыі перашкаджае ёй стаць соллю нацыі, як гэта характэрна ўсім перадавым народам. За ўсё тое, што ўжо не адзін дзясятак гадоў робіць наша інтэлігенцыя, яе больш пасуе называць не соллю беларускай нацыі, а гноем для рускай нацыі, прычым такім, ад выкарыстання якога апошняя атрымлівае добрыя набыткі на культурнай ніве Беларусі, садзейнічаючы хутчэйшаму завяршэнню культурна-моўнай русіфікацыі яе карэннага насельніцтва. У сучасным свеце наўрад ці можна знайсці краіну, дзе б пераважная колькасць творчай інтэлігенцыі працавала на карысць чужой, а не ўласнай нацыі.
***
Даўно шукаю, але і да сённяшняга дня не знайшоў адказу, чаму бальшыні нашай творчай інтэлігенцыі так падабаецца ў сябе дома выступаць у ганебнай ролі азадку рускай культуры. Здавалася б, што ёсць больш велічнага для нашых творцаў, як сваёй працай узбагачаць у культуры краіны нацыянальнае, а не рускае, так упарта падганяючы яе пад Тамбоўшчыну, Валагодчыну ці які-небудзь іншы адміністрацыйны раён Расійскай Федэрацыі. У ролі візітнай карткі Беларусі ў цывілізаваны свет можа выступаць толькі яе арыгінальная нацыянальная культура, а не руская, польская ці яшчэ якая-небудзь іншая, таму адзіна разумна ўсе сілы аддаваць стварэнню, росквіту на нашай роднай зямлі толькі ўласных, а не чужых духоўных каштоўнасцяў. Не сумняваюся, чым з большым імпэтам наша творчая інтэлігенцыя будзе працаваць на рускі інтарэс, тым хутчэй стане рэальнасцю поўнае самазнішчэнне этнакультурнай самабытнасці беларускага народа, пасля чаго ўжо ў яго не застанецца іншага выйсця, як канчатковая страта свайго нацыянальнага «я». У жывёльным свеце таксама нешта здараецца такое, калі бацькі дзеля ўласнага існавання з'ядаюць сваіх дзяцей. Такой працай на рускую культуру мы не дадаём нічога новага ва ўсесусветную духоўную скарбонку, а толькі займаемся самапаяданнем саміх сябе, бязлітасна вынішчаем за стагоддзі набытую, захаваную культурную адметнасць беларускага народа. Трагічна, сорамна, што яго абалваньваннем займаецца не чужая, а сваёй гадоўлі творчая інтэлігенцыя.
***
Сусветнай практыцы вядомыя прыклады, калі ў той ці іншай краіне ў моц розных прычын ствараліся чужамоўныя культурныя асяродкі. Тут можна назваць функцыянаванне ў Парыжы ў ХІХ ст. тэатра італьянскай оперы, якім адзін час кіраваў і наш зямляк з Піншчыны Напалеон Орда. Нешта падобнае ў сярэднявеччы было і ў нас, калі ў радзівілаўскіх тэатрах Нясвіжа оперы ставіліся на італьянскай, а драматычныя спектаклі ў Слуцку ― на нямецкай мовах. Але ж не будзем забывацца, што ўсё гэта мела лакальны характар, з'яўлялася жаданым здабыткам толькі вузкага кола аматараў тэатральна-музычнага мастацтва. Гэта зусім не параўнальна з тым, што ўжо на працягу некалькіх дзясяцігоддзяў назіраецца на Беларусі, у выніку чаго яна пераўтварылася ў магутны палігон рускамоўнай прафесійнай культуры, пакідаючы ўсё меншую і меншую прастору для тых нацыянальнай арыентацыі творцаў, што працуюць у роднай стыхіі. Падобнага, як у нас, моцнага абмежавання нацыянальнага фактару на культурнай ніве не зведвалі азіяцкія, афрыканскія народы, нават знаходзячыся пад уладай еўрапейскіх каланізатараў. Такое павінна ведаць творчая інтэлігенцыя Беларусі і ўсяляк старацца знайсці ў сябе сілы, каб спыніць свае выступленні на гэтай багатай арыгінальнымі духоўнымі каштоўнасцямі зямлі ў ролі парадыста рускай культуры. Ні ў палітыцы, ні ў навуцы, ні ў культуры, ні ў якой-небудзь яшчэ іншай сферы дзейнасці чалавека хвасцізм ніколі не карыстаўся аўтарытэтам. Не веру, што камусьці з творцаў рускамоўнай культуры на Беларусі ўдасцца ўвайсці ў яе айчынную гісторыю. Пра іх будуць пісаць і гаварыць тое, што пішуць і гавораць пра тых, хто, будучы па этнічным паходжанні беларусам, адцураўся ў сярэднявеччы свайго роднага і працаваў на бацькоўскай зямлі на карысць польскай культуры, садзейнічаючы гэтым самым паланізацыі ўласнага народа.
***
Можа не такім парадаксальным падавалася б нечувана масавае, актыўнае шчыраванне беларусаў на ніве рускай культуры, калі б гэтай шкоднай практыцы ніхто з нашых грамадска-палітычных дзеячоў, інтэлектуалаў не даў належнай ацэнкі. У невялікай кніжыцы пісьменніка, актыўнага ўдзельніка нацыянальна-адраджэнскага руху пачатку ХХ ст., ураджэнца Слуцка Фабіяна Шантыра «Патрэбнасць нацыянальнага жыцьця для беларусаў і самаадзначэньня народу», выдадзенай у яго родным горадзе яшчэ ў 1918 г., чытачам даецца такая слушная парада: «Асвета і культура ў нашай мове, у духу нашай нацыі і нашай народнасці для нас цяпер патрэбна як ніколі (гэта ў час, калі ішла Першая сусветная вайна, значная тэрыторыя Беларусі знаходзілася пад уладай кайзераўскіх войскаў! ― Л. Л.). Яны дадуць нам можнасць падняцца з той вяковай пропасці, у каторуй знаходзіцца наш народ да сюль; яны з беларуса ― пакорнага слугі ўсіх, зробяць раўнапраўнаго грамадзяніна, без памылак магучаго каваць сваё шчасця, сваю долю; яны ўваскрэсяць яго да творчай гасударственнай працы пад уласным нацыянальным сцягам; яны заставяць другія народы паважаць імя беларуса, а ня глядзець на яго як на нешта мёртвая, часамі з усмешкай» (стар.19). Несумненна, роля асветы і культуры ў роднай мове яшчэ больш узрастае ў наш час, бо толькі ў такіх варунках можна паспяхова рухацца па шляху духоўнага прагрэсу, захавацца як самабытны этнас і ва ўмовах паглыблення працэсаў сусветнай глабалізацыі, уносіць пасільны ўклад у культурную разнастайнасць планеты Зямля.
***
Лішнім было б спыняцца на ролі эстраднага мастацтва ў фармаванні не толькі густу да ўсяго прыгожага ў меласе, але і самой асобы маладога чалавека. Гэта ўсім вядома, як і вядома, што ў гэтым жанры мастацтва першынство ў нашай краіне належыць рускай эстрадзе.
Не выключана, што з прычыны адсутнасці ўласных творчых сіл нам дзеля ўмацавання пазіцыі беларускага фактару ў такім прэстыжным, самым масавым жанры, як эстраднае мастацтва, давядзецца за не такую ўжо і высокую плату наняць з дзясятак негрыцянскіх спевакоў. Глядзіце, як яны далёка наперад вывелі амерыканскую эстраду! Упэўнены, што з вялікай аддачай яны будуць працаваць і на ніве беларускай нацыянальнай эстрады, на якой сёння засталіся толькі адзінкі спевакоў краіны, а іншых захлынула руская культурна-моўная стыхія. Так аптымістычна пісаць пра ролю негрыцянскіх спевакоў на беларускай эстраднай сцэне дае падставы даволі выніковая гульня прадстаўнікоў гэтых народаў у розных спартыўных калектывах краіны, у прыватнасці ў футболе.
***
З этнакультурнага пункту погляду ў беларускай нацыі няма больш каварнага, небяспечнага ворага за яе рускамоўную творчую інтэлігенцыю. Чаму? Адказ тут вельмі просты: стварэннем, распаўсюджваннем духоўных каштоўнасцяў у чужой мове яна не толькі не працуе на карысць нацыянальнага патэнцыялу культуры, а, наадварот, разбурае яго і разбурае грунтоўна, капітальна, што ў беларускага народа застаецца ўсё менш і менш шанцаў заставацца самабытнай этнакультурнай супольнасцю.
***
У далёкія часы нашыя продкі дзеля развязвання якой-небудзь складанай, лёсавызначальнай праблемы склікалі веча. Ужо шмат часу такой праблемай у нас з'яўляецца выратаванне беларускага народа ад рускай культурна-моўнай асіміляцыі. Даць сапраўдны бой ёй нельга правядзеннем «круглых сталоў», адмысловых навукова-практычных канферэнцый і семінараў, змяшчэннем у друку адпаведных артыкулаў. Усё ўжо гэта было, і вынік практычна нулявы. Патрэбна больш маштабныя мерапрыемствы з максімальным удзелам элітарных колаў беларускага грамадства. У бліжэйшы час ініцыятыву па арганізацыі і правядзенні такога мерапрыемства не возмуць на сябе ні афіцыйныя палітыкі, ні падначаленыя ім ідэолагі, інтэлігенцыя. Такое можа дазволіць сабе толькі нацыянальна-самасвядомая частка інтэлектуальнай эліты. Бяда толькі ў тым, што занадта ж празрыстыя яе шэрагі. Але тым не менш будзем лічыць, што час для правядзення самага прадстаўнічага сходу інтэлігенцыі Беларусі наспеў. Трэба без усялякага прамаруджвання, як ніколі раней, старанна рыхтавацца да гэтай нацыянальнай акцыі. Удзельнічаць у ёй павінны і прадстаўнікі той часткі інтэлігенцыі, што праяўляе абыякавасць, а то нават і варожасць да беларускай ідэі. Нельга рабіць упор толькі на тых, хто актыўна ўдзельнічае ў нацыянальна-адраджэнскім руху, бо яны і без удзелу ў сходзе добра ўсведамляюць, што неабходна рабіць дзеля выратавання Бацькаўшчыны ад згубы культурна-моўнай самабытнасці. Трэба самы шырокі дыялог весці з усёй інтэлігенцыяй у цвёрдай надзеі на тое, што хтосьці і з яе нацыянальна пасіўнай часткі далучыцца да святой беларускай справы, зразумее, што працаваць супроць яе ― гэта злачынства. Такую ўзважаную лінію нам патрэбна заняць і ў дачыненні да афіцыйных палітычных асобаў, кіраўнікоў міністэрстваў і ведамстваў, прадпрыемстваў і ўстаноў незалежна ад іх формаў уласнасці. Першачарговымі задачамі па правядзенні мерапрыемстваў, звязаных з арганізацыяй схода інтэлігенцыі, трэба лічыць максімальнае набліжэнне нацыянальнай актыўнасці перыферыі да цэнтра, шырокая публікацыя прысвечаных гэтай акцыі матэрыялаў у перыядычным друку, у т.л. і афіцыйным. У ім як мага хутчэй павінен быць змешчаны грунтоўны аналітычны даклад пра рэальны стан і перспектывы нацыянальна-дзяржаўнага, сацыяльна-эканамічнага і культурна-моўнага жыцця на Беларусі, асветлены дзейсныя, эфектыўныя шляхі выратавання яе тытульнага народа ад русіфікацыі. Не пераадолеўшы ж яе, у беларускай інтэлігенцыі ніколі не з'явіцца падстаў называцца соллю нацыі.
Раздзел VII. Нацыянальная самасвядомасць не мае альтэрнатывы
На працягу доўгага часу ахілесавай пятой жыцця беларускага народа быў і застаецца крайне нізкі ўзровень этнічнай, нацыянальнай самасвядомасці, заслуга ў чым найперш яго заходняга і ўсходняга суседзяў. Быў час, што здавалася, этнічная свядомасць кане ў Лету. Значная колькасць нашых продкаў у канцы ХІХ ст. ужо лепшай і больш праўдзівай саманазвы для сябе не знаходзіла, як «тутэйшыя». Але пазней гістарычны працэс пайшоў у зусім іншым кірунку, і ў народзе, асабліва ў межах Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, яўная перавага стала аддавацца этноніму «беларусы» Напярэдадні далучэння да БССР у верасні 1939 г. Заходняй Беларусі пераважная бальшыня і яе карэннага насельніцтва, хаця і атрымала добрую порцыю паланізацыі, усё ж лічыла сябе за беларусаў. Аднак у сувязі з узмацненнем у пасляваенныя гады савецкай русіфікатарскай палітыкі, што нязменна вяло да пашырэння ў БССР рускай культуры і мовы, каштоўнасць усяго нацыянальнага стала рэзка падаць у яе тытульнага народа. Пачасціліся выпадкі, калі некаторыя ўзгадаваныя на рускіх культурных стандартах карэнныя беларусы індэнтыфікавалі сябе з рускай нацыяй. Гэты працэс не толькі спыніўся, але і рашуча даў задні ход, калі Беларусь у ліпені 1990 г. абвясціла сябе незалежнай дзяржавай. Ад гэтага часу, як ніколі раней, быць беларусам лічылася за вялікі гонар. Толькі ненадоўга. З усталяваннем улетку 1994 г. прэзідэнцкай сістэмы кіравання з яе няўхільным курсам на збліжэнне, аб'яднанне Беларусі з Расіяй у адну дзяржаву, што зноў пацягнула за сабой ўкараненне ва ўсе сферы грамадскай дзейнасці чалавека рускай мовы, суправаджалася наданнем прэстыжнасці рускай культуры ў духоўным жыцці краіны: этпонім «беларусы» пачаў паступова страчваць свой аўтарытэт у асяроддзі яго прыродных носьбітаў. Вялікая небяспека заключаецца тут і ў тым, што пераважная бальшыня іх называе сябе беларусамі (гэтаму ўсяляк спрыяе дзяржаўны ідэалагічны апарат, каб да пары да часу захаваць этнічнае аблічча краіны), але сваімі канкрэтнымі дзеяннямі ніколькі не сцвярджаецца ў беларускасці. Хаця галоўная віна ў гэтым дзяржаўных этнаўтваральных сфер, спрэс пераведзеных на рускі грунт, аднак і самі людзі абавязаны клапаціцца, усяляк імкнуцца да таго, каб беларускі фактар, найперш культура і мова, панаваў у краіне, не быў адціснуты (пры ўсім старанні афіцыйных уладаў) на задні план рускім уплывам. Адсутнасць нават элементарнага народнага супраціву выцясненню чыноўніцкім апаратам беларускай мовы са службовага справаводства, з адукацыі, навукі, культуры ― найлепшы доказ сімвалічнасці, ілюзорнасці нацыянальнай самасвядомасці ў сучасных беларусаў. Яна перастала быць рухавіком беларускага грамадства, пераўтварылася ў сапраўдную фікцыю. Без карэнных пазітыўных перамен у аздараўленні нацыянальнай самасвядомасці беларусаў вельмі праблематычным з'яўляецца захаванне іх як адрознага ад рускіх народа. А перамены ж абавязкова адбудуцца, калі вярнуць яму гістарычную памяць, увесці беларускую мову ў дзейнасць дзяржаўнага, адміністрацыйна-гаспадарчага апаратаў, устаноў адукацыі, культуры, навукі і ўсе астатнія сферы грамадскага жыцця. Словам, зрабіць усё так, як у нармальных, здаровых нацый. Што наш народ не абыякавы сам да сябе, сведчаць яго павышаная зацікаўленасць і павага да свайго імя на працягу ўсяго гістарычнага мінулага. З любоўю прамаўляюцца этнонімы: балты, фіна-ўгры, яцвягі, русіны і іншыя з асновай на «рус», ліцвіны, беларусы, бо ўсё гэта наша этнічнае багацце. І не страшна, калі і сапраўды нам хтосьці навязаў этнонім «беларусы». Страшна і небяспечна, калі мы зместам усяго свайго жыцця не будзем адпавядаць гэтаму этноніму, калі будзем працягваць паразітаваць на чужой рускай культуры. Тады не толькі іншыя народы, але і мы самі будзем блытаць сябе з рускімі. Без аздараўлення нацыянальнай самасвядомасці мы страцім і сябе як самабытны этнас і Бацькаўшчыну як суверэнную дзяржаву.
***
Кожную неабыякавую да лёсу сввайго народа асобу моцна непакоіць яго страшэнна траўміраваная нацыянальная самасвядомасць. І для гэтага ёсць дастаткова важных падстаў. З такім злом ужо даўно пакончылі ў Еўропе, а ў нас яно з году ў год набывае ўсё больш маштабны характар. Рознымі прычынамі тлумачаць такую з'яву. Многія ўсю віну ўзвальваюць на саміх беларусаў. І дарэмна. Нам няма чаго крыўдаваць на народ. Яго ўсяляк трэба прывучаць да прыстойнага нацыянальнага жыцця, рашуча мяняць у грамадстве тыя парадкі, што перашкаджаюць фармаванню цывілізаванага чалавека. Яшчэ дзекабрыст Павел Песцель пісаў: «Вопыты ўсіх стагоддзяў і ўсіх дзяржаў даказалі, што народы скрозь бываюць такімі, якімі іх «соделывают» праўленні і законы, пад якімі яны жывуць» 1. Вось над гэтым нам і трэба сур'ёзна падумаць.
***
Да размывання этнічнай, нацыянальнай самасвядомасці беларусаў прычыніліся многія фактары і да таго ж даволі даўно. Галоўным з іх, бясспрэчна, трэба прызнаць дзяржаўную палітыку Рэчы Паспалітай і царскай Расіі па выцясненні беларускай мовы з грамадскага ўжытку. Іх улады дазвалялі ідэолагам распускаць рознага роду плёткі на беларусаў, каб вымусіць і іх саміх глядзець на сябе, як на нешта не зусім паўнавартаснае. Такія ідэолагі ў Расіі ніколькі не лічыліся са слушнай думкай яе вядомага літаратурнага крытыка і публіцыста Мікалая Дабралюбава. Яму належаць такія праўдзівыя словы: «Сапраўдны патрыятызм, як прыватнае праяўленне любові да чалавецтва, не ўжываецца з непрыязню да асобных народнасцяў» 2. Так і хочацца дадаць да цытаты: і тым больш да сваёй, як гэта іншым разам назіраецца ў таго сяго з сённяшніх беларусаў, асабліва тых, што выракліся роднай мовы, жывуць рускай культурай. Такія людзі не могуць па-сапраўднаму любіць сваю Бацькаўшчыну.
***
З усіх народаў царскай Расіі ніводнаму, як беларускаму, так рэальна не пагражала канчатковая страта сваёй этнакультурнай адметнасці, а разам з ёю нацыянальнай самасвядомасці. Навукоўцам яшчэ належыць разабрацца, чаму вастрыё царскай русіфікатарскай палітыкі так ва ўпор было скіравана менавіта на беларусаў. Зразумела, з ёю даводзілася сутыкацца і іншым народам гэтай поліэтнічнай краіны, але не ў такой ступені, як беларусам. І ўвогуле трэба прызнаць, што поліэтнічныя краіны зусім не лепшае вынаходніцтва цывілізаванага свету. Дарэчы, і навукоўцамі дарэвалюцыйнай Расіі выказвалася, што «ў дзяржавах, якія ахоплівалі сабою некалькі нацыянальнасцяў, усведамленне ўзаемнай прыналежнасці адзін да аднаго асобамі, звязанымі агульнасцю мовы, гістарычнага мінулага, адзінства інтарэсаў у сучасным, магло б рабіцца і сапраўды рабілася фактарам разлажэння ўсякі раз, калі колькасна пераважная нацыянальная група лічыла сябе прызванай навязваць свае культурныя асаблівасці іншым, менш колькасным» 1. Беларусам па самае горла хапіла такога навязвання, што не магло не прычыніцца да дэградацыі іх нацыянальнай самасвядомасці.
***
Для афіцыйнай Расіі і яе прыкішэнных ідэолагаў далучанае ў выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай насельніцтва ўяўлялася нічым іншым, як рускім, толькі моцна папсаваным пальшчызнаю. Цяжка было мірыцца з такой знявагай усім нашым этнічна самасвядомым прашчурам, але куды падзенешся, калі няроўныя сілы. На шчасце, пазней, калі Беларусь стала аб'ектам грунтоўнага, усебаковага вывучэння, значная частка рускіх і польскіх навукоўцаў прыйшла да цвёрдай высновы, што яе карэннае насельніцтва памылкова атаясамліваць з рускімі ці палякамі, што яно ёсць адрозны ад іх паводле культуры і мовы, укладу жыцця, псіхалогіі самабытны славянскі народ. Аднак з гэтай аб'ектыўнай навуковай канцэпцыяй не пажадалі лічыцца ні царскі ўрад, ні залежная ад яго Руская праваслаўная царква. Каб назаўжды пакончыць з законнымі пажаданнямі беларускага народа на незалежнае палітычнае і самабытнае нацынальна-культурнае развіццё, што асабліва рэльефна праявілася падчас паўстанняў 1830―1831 і 1863―1864 гг., улады Расійскай імперыі прыслалі ў наш край легіён зацятых асімілятараў з ліку палітыкаў, педагагічнай інтэлігенцыі. Не ўступалі ім у сваім імкненні абрусіць беларусаў не толькі самыя высокія прадстаўнікі праваслаўнага кліру, але і шараговыя папы, прычым часта мясцовага паходжання. У такім антыбеларускім напрамку гэтая праца няспынна вялася аж да скону расійскага самаўладдзя, таму нядзіва, як мы моцна затрымаліся ў сваім этнакультурным развіцці і не змаглі як след вызначыцца, а хто ж мы ёсць на самой справе. Задаемся такім пытаннем і сёння, бо ў краіне няма і не прадбачыцца сапраўднага беларускага нацыянальнага жыцця. Усё ўласцівае яму руйнуецца пры падтрымцы дзяржавай бязмежным панаваннем рускай культуры.
***
Нелітасцівасць лёсу да беларусаў тлумачыць іх больш позняе, чым у суседніх народаў, нацыянальнае самавызначэнне. Трэба сказаць, што этнонімы «Беларусь», «беларусы», даволі марудна, цяжка прышчапляліся нашаму народу, чаму перашкаджала сама палітыка царскай Расіі. Адным часам здавалася, што ў нашага краю вельмі вялікія шанцы стацца Літвою. Да гэтага, як вядома, шмат намаганняў прыклаў Тадэвуш Касцюшка. Атаясамліваў назву сваёй зямлі з Літвою слынны сын Наваградчыны Адам Міцкевіч. Гэтым жа так любімым і блізкім у мінулым дый сёння сэрцу беларусам словам іменаваў родную Бацькаўшчыну ўраджэнец в. Смольгава Бабруйскага павета Уладзіслаў Сыракомля (1823―1862). Адзін з яго вершаў мае такі пачатак: «О Літва мая святая, о мой край родны». Зразумела, пішучы так, ён зусім не ўключаў у сваю святую Літву тэрыторыю сучаснай Літвы з яе карэннымі жыхарамі жамойтамі і аўкштайтамі. Імянуючы сваю радзіму Літвой, Уладзіслаў Сыракомля мог і сябе назваць вытворнымі ад яе этнонімамі «ліцвін» ці «літовец», але ні ў якім разе не «рускі». Такім тэрмінам, толькі не па мерках XIV―XVIII стст., а больш познім ― ХІХ ст. пачаткам ХХ ст., ідэнтычным назве карэнных жыхароў Расійскай імперыі, маглі іменаваць сябе толькі тыя беларусы, што страцілі гістарычную памяць, забыліся ― часта па чужой волі ― на сваю родную культуру і мову і гэта значыць апынуліся на нулевым цыкле нацыянальнай самасвядомасці. Яе дэфармацыя найбольш рэльефна выяўлялася сярод насельніцтва сумежных з Расіяй беларускіх этнічных абшараў.
***
Стала ледзь не нормай: беларускі нацыянальны рух узмацняецца ў час, калі лёс ставіць народ перад неверагодна вялікімі выпрабаваннямі. За ўсю яго гісторыю іх было нямала і, трэба думаць, яшчэ не раз давядзецца сустракацца з імі. У сувязі са сказаным хацелася б паведаміць чытачу пра нацыянальнае жыццё Менска ў гады Першай сусветнай вайны. Час быў нялёгкім. У горадзе пануюць ваенныя ўлады кайзераўскай Германіі, аднак яго культурна-асветніцкае жыццё не замірае ні на адзін дзень. Нацыянальна-самасвядомая інтэлігенцыя нясе ў масы веды па гісторыі і культуры роднага краю, каб абудзіць іх да адраджэння. Вось толькі некаторыя з лекцый, што ўдалося праслухаць менчукам у маі 1918 г.: «Гісторыя Князьства Літоўскага» (Язэп Лёсік), «Гісторыя беларускага права» (Ст. Лянкоўскі), «Гісторыя беларускай мовы» (праф. М. Массоніус), «Беларусь і яе суседзі. Беларусь і Україна» (Я. Варонка), «Нашыя песьняры». Названыя, як і іншыя лекцыі неаднаразова паўтараліся, бо вельмі многія менчукі хацелі паслухаць тое, пра што ім не ўдалося даведацца са школьных падручнікаў, кніг польскіх і рускіх аўтараў. Сённяшня сітуацыя ніколькі не горшае, чым у часы Першай сусветнай вайны. Трэба варушыцца. Зусім не апраўдана ўхіляцца ад актыўнага ўдзелу ў сучасным нацыянальна-культурным Адраджэнні, спасылаючыся на тое, што яму супрацьстаіць сама дзяржава, што да яго не выказвае належнай актыўнасці значная частка беларускага народа, у тым ліку і інтэлігенцыя. Не лічыцца з такімі адмоўнымі з'явамі ў нашым нацыянальным жыцці, вядома, ніяк нельга. Але трэба ведаць, што гэта характэрна не толькі нам. З імі даводзілася сутыкацца практычна ўсім народам, што вялі змаганне за сваё вызваленне з-пад чужаземнага прыгнёту, які заўсёды меў трывалую апору ў палітычных колах і заможных станах зняволеных народаў. Бясспрэчна, гэта толькі абцяжарвала іх барацьбу, аднак яна не замірала. У нашай сённяшняй сітуацыі вельмі актуальна даносіць да свядомасці шырокіх народных мас усю трагедыю дзяржаўнай палітыкі культурна-моўнай асіміляцыі беларусаў, агітаваць іх рашуча выступаць за стварэнне нацыянальнай сістэмы адукацыі, вяртанне беларускай мовы ва ўсе сферы дзейнасці чалавека.
***
Мы занадта паспяшаліся выкінуць са свайго асноўнага асабістага дакумента графу пра нацыянальнасць у жаданні максімальна наблізіцца да цывілізаваных народаў Еўропы, забываючыся, што ва ўсіх іх не такая спарахнелая, як у бальшыні з нас, нацыянальная самасвядомасць. Яе ж ніколькі не падрывала выкінутая з пашпарта графа пра нацыянальнасць. А вось тое, што сучасны чыноўніцкі апарат з'яўляецца закаранелым носьбітам рускіх культурна-моўных традыцый і як толькі можа прыніжае прыродны ўклад жыцця беларусаў ― гэта крайне адмоўна адбіваецца на іх стаўленні да сваёй нацыянальнасці. Для многіх беларусаў беларускасць ― гэта пусты гук. Яны, напэўна, не пагодзяцца з тым, што пісаў вядомы тэарэтык нацыянальнага пытання Карл Каўцкі (1854―1938): «…нацыянальнасць з'яўляецца вышэйшай грамадскай святыняй, якой кожны павінен служыць верай і праўдай… змяніць сваёй нацыянальнасці не менш агідна і ганебна, чым адрачыся ад бацькі і мацеры». Апошнія два стагоддзі беларусы часцей за ўсё мянялі сваю нацыянальнасць на рускую. Таму маецца дастаткова падстаў сцвярджаць, што многія сучасныя рускія ў нашай краіне ― гэта абруселыя этнічныя беларусы нават з характэрнымі для іх нацыянальнымі прозвішчамі. Вярні такіх беларусаў да роднай культуры і мовы, яны адразу будуць правільна вызначаць сваю нацыянальную прыналежнасць. На вялікі жаль, дзяржава не жадае вяртаць беларускаму народу такія неацэнныя духоўныя каштоўнасці. А гэта ж выключна яе прамы абавязак.
***
Бадай, ні за што беларусаў так не хваляць палітыкі суседняй нам усходняй краіны, а разам з імі ўласныя дзяржаўныя мужы, як за закаранелы нацыянальны нігілізм. Гэтыя два словы запазычаныя з лацінскай мовы. Апошняе з іх перакладаецца: нішто. Адсюль, калі мы тую ці іншую катэгорыю людзей, таго ці іншага чалавека адносім да нацыянальных нігілістаў, значыцца, для іх нацыянальныя здабыткі свайго народа ― гэта «нішто». Нам ставяць у вялікую заслугу, што мы, забыўшыся на сваё роднае слова, карыстаемся ледзь не пагалоўна больш «развітой» рускай мовай, што ні ад каго рашуча, у масавым парадку не патрабуем, каб беларуская мова прыйшла ў класы агульнаадукацыйных школ гарадоў, прафесійна-тэхнічных вучэльняў, аўдыторыі вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, залы пасяджэнняў дзвюх палат Савета Рэспублікі Беларусь, канцылярыі дзяржаўных органаў улады і кіравання, прадпрыемстваў, на сцэны опернага і тэатра музычнай камедыі, філармоніі, эстрадна-вакальныя ансамблі, кіназалы і інш. Усё гэта не мела б месца ў жыцці, каб у сваёй пераважнай бальшыні беларусы былі не нацыянальнымі нігілістамі, а нацыянальнымі патрыётамі.
***
Больш за сто гадоў таму рускі сацыял-рэвалюцыянер Пётр Лаўроў (1823―1900) выказаў слушную, павучальную думку, што «кожная нацыя павінна рабіць сваю справу». Вось такую справу павінна дакладна вызначыць і толькі яе рабіць беларуская нацыя, не дубліруючы таго, што робяць іншыя і ў чымсьці блізкія з ёю паводле свайго гістарычнага мінулага, культуры і мовы народы. Калі раней беларусы працавалі, у значнай ступені прымусова, на польскую і рускую культуры, дык і цяпер яны займаюцца не сваёй справай, і хутчэй за ўсё з-за неразумення, якая гэтым самым шкода наносіцца інтарэсам роднай Бацькаўшчыне. Рукамі яе не шараговых, а творчых людзей, разбураецца этнічнае аблічча тытульнай нацыі. І як на грэх, на ўсё гэта з зайздросным алімпійскім спакоем пазірае грамадства, што лішні раз сведчыць пра няздольнасць народа супраціўляцца чужой і собскай асіміляцыі, калі ў яго нацыянальная самасвядомасць дыхае на ладан. Калі б сусветная практыка не давала прыкладаў выратавання многіх народаў у такіх жа складаных варунках, як сёння на Беларусі, можна было б зусім апусціць рукі. Але не будзем рабіць такога. Хочацца верыць, што сучаснае планамернае абезнароджванне ўладнымі структурамі, афіцыйнымі коламі інтэлігенцыі беларускага народа рана ці позна павінна прывесці да абуджэння ў яго ― і пераважна ў маладых пакаленняў ― нацыянальнай самасвядомасці, што толькі і выратуе нас ад немінучай этнічнай смерці. Калі апошняя можа адбыцца стыхійна, спантанна, дык першая толькі праз мэтанакіраваную дзейнасць тых нешматлікіх беларусаў, што яшчэ не здрадзілі нацыянальнай ідэі. Нешта ж падобнае здаралася з іншымі нацыямі, на што на пачатку мінулага стагоддзя звяртаў увагу вядомы ўкраінскі вучоны, нацыянальны дзеяч Міхаіл Драгаманаў, пішучы: «Захады Іосіфа ІІ (1780―1790 гг. ― Л. Л.) па германізацыі аўстрыйскіх народаў паслужылі да абуджэння іх народнай самасвядомасці» 1. Пасля такіх слоў хочацца думаць, што падобнае можа адбыцца з беларусамі незалежна ад таго русіфікаваць іх будзе ўласны ўрад ці супольны саюзны руска-беларускі.
***
Нам, беларусам, паколькі апошнім часам так настойліва даводзіцца шукаць шляхі да сваёй нацыянальнай ідэі, вельмі карысна ведаць, як жа глядзяць на гэтую з'яву іншыя народы і асабліва рускі, з якім у нас так шмат чаго перакрыжоўваецца. Тут будзе вельмі дарэчы прывесці словы сучаснага філосафа Валерыя Міхеева: «Аб'яднаць усе народы ў адзіную сям'ю і растварыцца ў гэтым вялізным этнічным космасе, якім праяўляла сябе на працягу стагоддзяў Расія ― вось ідэал, самы патаемны сэнс рускай ідэі» 1. Відаць, аўтар пад усімі народамі разумеў толькі тыя, што сёння жывуць у Расіі, у якіх у адпаведнасці са сфармуляванай ім рускай ідэяй і павінен растварыцца рускі народ. Але такое наўрад ці адбудзецца. Наадварот, у рускім народзе, як самым шматлікім, будуць растварацца, г.зн. этнічна гінуць, іншыя народы. Я асабіста ў гэтым прагрэсу не бачу. Любая нацыянальная ідэя, у т.л. і руская, не павінна весці да знікнення іншых народаў, кожны з якіх прайшоў да сёння такі велізарны шлях свайго развіцця. Таму кожны з іх, які не мае ўласнай незалежнай дзяржаўнасці (а сусветны вопыт сведчыць, што толькі яна ёсць гарант безасіміляцыйнага развіцця народаў), павінен у шматнацыянальнай дзяржаве адчуваць сябе да такой ступені самастойным, каб быць у стане надзейна абараніць свой духоўны патэнцыял ад дэнацыяналізацыі.
***
Як бы нам сёння цяжка ні было, грэх апускаць рукі долу. Барацьба за нацыянальнае адраджэнне ва ўсіх народаў доўжылася не дзесяцігоддзямі, а стагоддзямі. Прыкладам таму могуць служыць і многія славянскія народы, асабліва балгары, сербы, чэхі. А вазьміце іспанцаў. Іх вызваленчая барацьба за выхад з-пад накінутай арабамі і паўночнаафрыканскімі плямёнамі бербераў няволі расцягнулася больш як на паўтысячагоддзе. Наша змаганне за выратаванне ад асіміляцыі, стварэнне нармальных умоў для самабытнага этнакультурнага развіцця ўступіла ў чацвёртае стагоддзе. Пачалося яно, праўда, крайне нерашуча, з аглядкай па баках, неўзабаве пасля таго, як прапольскія ўлады Рэчы Паспалітай у 1696 г. забаранілі ўжываць беларускую мову ў службовым справаводстве, наперад ведаючы, што будучы пазбаўленай такіх важных функцый, яна проста стане непатрэбнай у грамадстве, будзе выціснута з усіх тыпаў навучальных устаноў, зачэзне на старонках мастацкай і навуковай літаратуры, на пэўны час захаваецца толькі пад саламянымі стрэхамі сялянскіх хат. З такім жабрацкім станам роднага слова не маглі пагадзіцца самыя перадавыя і разумныя людзі нашага краю. Як толькі магла бараніла беларускую мову заснаваная ў нас у 1596 г. Уніяцкая царква. Калі праваслаўныя святары Беларусі ішлі да сваіх вернікаў з царкоўнаславянскай і рускай мовамі, каталіцкія ― з лацінскай і польскай, дык уніяцкія максімальна імкнуліся выкарыстоўваць у набажэнстве прыродную мову сваіх вернікаў. Таму яны ніколі не называлі сябе ні рускімі, ні палякамі, а карысталіся этнонімамі ліцвіны (літвіны), беларусцы. Хоць шчырых, а галоўнае ― рашучых адраджэнцаў сёння мізэрная колькасць, яны не даюць знікнуць надзеі на захаванне беларусаў як самабытнага этнасу.
***
Разабрацца ў тым, ці былі і ёсць мы, беларусы, нацыяй, несумненна, шмат у чым можа дапамагчы азнаямленне з тым, як на гэтае пытанне глядзелі нашыя папярэднікі, асабліва з ліку актыўных адраджэнцаў, што жылі і працавалі на пачатку ХХ ст. Абсалютная бальшыня з іх на такое пытанне давала станоўчы адказ, у прыватнасці слынны гісторык Мітрафан Доўнар-Запольскі, якому належыць наступнае выказванне: «Мы ўяўляем нацыю, адметную ад другіх рускіх народаў (г.зн. вялікаросаў і маларосаў. ― Л. Л.) сваёю моваю, этнаграфічнымі асаблівасцямі і агульным укладам жыцця, утвораным гістарычна» 1. У мяне ніколькі не існуе сумнення, што і сучасныя беларусы ― гэта нацыя, толькі са страшэнна размытым этнакультурным патэнцыялам, з масава забытай, даведзенай да «трасянкі» мовай, крайне нізкай нацыянальнай самасвядомасцю. Але ж усё-такі нацыя, як і чалавек без мовы, без ног ці рук ці безнадзейна хворы праводзіць апошнія дні ў рэанімацыі ― усё ж ні што іншае як чалавек. Бясспрэчна, сёння нашая нацыя ў рэанімацыі, але ж здараецца, што і там некаторым людзям клапатлівыя, высокай кваліфікацыі лекары даюць жыццё, асабліва, калі да яго цягнуцца і самі пацыенты. Таму, чакае беларускую нацыю летальны зыход ці паступовае выздараўленне, ― гэта залежыць і ад волі апошняй і ад таго, якімі будуць яе лекары ў асобе нашых дзяржаўных дзеячоў, найбольш актыўнай і нацыянальна-самасвядомай часткі інтэлігенцыі. Удавалася ж многім пакалечаным народам выходзіць са штопару, дык навошта ж нам, беларусам, баяцца гэтага. Ды баяцца так, што не адважваемся загаварыць на сваёй матчынай, прыроднай мове, паслаць дзіця ў нацыянальны сад ці школу, распачаць стварэнне сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай нацыянальнай адукацыі. Ужо так ушчыльную прыцерліся, дзякуючы дзяржаўнай палітыцы Расіі і СССР, да рускіх культурна-моўных традыцый, што лічым зусім не патрэбным трымацца сваіх, хаця менавіта праз іх мы сталі самабытным народам.
***
Разбурэнню этнічнай, нацыянальнай самасвядомасці беларусаў добра паспрыялі плёткі, пераважна афіцыйнага паходжання, пра адсутнасць у іх якіх-небудзь сур'ёзных адрозненняў у культуры і мове ад рускага народа. Распаўсюджваннем такіх баек як след заняліся чыноўнікі, настаўнікі, праваслаўныя святары адразу ж пасля далучэння да царскай Расіі нашых земляў у выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай. Такая этнічная апрацоўка беларусаў не канула ў Лету і пасля падзення царскага самадзяржаўя ў Расіі. Добра пастараліся дзеля таго, каб у пытаннях культуры і мовы збіць беларускі народ з панталыку і за савецкім часам. Такой практыкі негатыўнага, шкоднага ўздзеяння на нацыянальную самасвядомасць і сёння не цураюцца дзяржаўныя палітыкі разам са сваім шматлікім ідэалагічным апаратам, наскрозь прасякнутай рускім ідэалам сістэмай народнай адукацыі. Для многіх разбуральнікаў нацыянальных асноў жыцця беларусаў характэрна называць не толькі рускую культуру і мову роднымі для беларускага народа, але і ставіць іх на галаву вышэй за беларускую культуру і мову. У гэтым вельмі лёгка пераканацца, наведаўшы службовыя чыноўніцкія кабінеты, класы агульнаадукацыйных школ і аўдыторыі вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, тэатры, бібліятэкі, музеі, паслухаўшы афіцыйнае радыё і паглядзеўшы праграмы тэлеперадач. Таму нічога дзіўнага няма, што колішнія акупацыйныя руская культура і мова нарэшце для пераважнай бальшыні дзяржаўных (асабліва высокага рангу) чыноўнікаў, значнай колькасці афіцыйнай інтэлігенцыі, а сям-там і шараговага люду сталі роднымі, а сапраўдныя свае такія адпавернікі ігнаруюцца, а то і выкінутыя на сметнік з-за непатрэбнасці. А такое ж ніяк не можа не паўплываць у горшы бок на нацыянальную самасвядомасць беларусаў. Але ж давайце асабліва не будзем здзіўляцца з гэтага. Падобнае ў рознай ступені здаралася з многімі народамі. Не сакрэт, што ў жылах велізарнай колькасці сённяшніх немцаў, аўстрыйцаў па пашпарце цячэ польская, чэшская, славацкая, украінская і іншых славянскіх народаў кроў і па гэтай прычыне іх прадстаўнікі і раней і цяпер за родныя прымаюць нямецкія і аўстрыйскія духоўныя каштоўнасці. У практыцы вышэй пералічаных славянскіх народаў пэўныя сілы нашай краіны бачаць нешта карыснае і для сябе, таму ўсяляк імкнуцца прымусіць, схіліць яшчэ да канца не зрусіфікаваных беларусаў лічыць родным разам са сваім яшчэ і рускую культуру і мову, не хочучы зразумець, што некалькі апярэджваюць час. Бо пакуль яшчэ існуе народ як самабытны, цэласны этнічны арганізм, ён не можа мець дзве родныя культуры і мовы. Сёння такога не знайсці нават сярод самых развітых, цывілізаваных народаў, да якіх ой як далёка беларусам з-за сваёй культурна-моўнай дэградацыі, размытай нацыянальнай самасвядомасці. Такім народам проста няма аніякай патрэбы, акрамя сваіх родных культуры і мовы, развівацца і яшчэ ў якім-небудзь культурным рэчышчы. Патэнцыял любой нацыянальнай культуры проста невычарпальны і таму шукаць яшчэ якую-небудзь культуру дзеля свайго духоўнага развіцця няма патрэбы ў аніводнага народа, у т.л. і беларускага. Прычым нават і ў тым выпадку, калі якіясьці колы грамадства будуць называць гэтую культуру другой роднай, ствараць для яе развіцця больш спрыяльныя ўмовы, чым для собскай. Усялякія плёткі, што ў беларусаў дзве родныя культуры, дзве родныя мовы ― гэта фікцыя, чыстай вады хлусня. На планеце Зямля няма ні двухкультурных, ні двухмоўных народаў. У дзвюх культурах і мовах можа жыць і працаваць толькі мізэрная частка (пераважна з прафесійнай неабходнасці) кожнага з такіх народаў. Калі ж такая частка пераходзіць дапушчальныя, разумныя межы і чужым культуры і мове забяспечвае большую прастору, чым родным, тады народ траціць сваю этнакультурную самабытнасць і перастае быць самім сабой. Будучае ў беларускага народа толькі ў сапраўднай роднай беларускай культуры і мове. Замена іх на рускую, польскую, нямецкую, французскую, кітайскую ці яшчэ на якія-небудзь культуры і мовы ― гэта этнічная смерць. Беларусы, давайце будзем жыць сваім, тады станем народам са здаровай нацыянальнай самасвядомасцю!
***
У нашай краіне толькі тыя культурныя пласты можна беспамылкова назваць беларускімі, этнастваральнымі, якія развіваюцца на беларускай моўнай аснове. Будаваць жа адукацыю, дзейнасць усіх відаў тэатральнага мастацтва, сродкаў масавай інфармацыі, пісаць і выдаваць проста ў неабмежаванай колькасці мастацкую, навуковую, публіцыстычную літаратуру на рускай мове, як гэта робіцца ў нас, ёсць ні што іншае, як мэтанакіраванае вынішчэнне нацыянальнга патэнцыялу беларускага народа, працяг палітыкі яго русіфікацыі, але ўжо сіламі і сродкамі самой суверэннай дзяржавы Рэспублікі Беларусь.
***
Хісткія пазіцыі нацыянальнай самасвядомасці беларускага народа ― гэта непазбежны вынік яго працяглага развіцця на польскіх і рускіх культурных каштоўнасцях, якія настойліва распаўсюджвалі сярод яго свецкія і духоўныя ўлады, адпаведныя гэтым двум суседнім уплывам сістэма адукацыі, літаратура. Пакуль не запануюць у нашым краі нацыянальная культура і адукацыя, яго родная мова, беларусы будуць уяўляць з сябе этнічную масу, не здольную да актыўнай стваральнай нацыянальнай дзейнасці, не стануць сапраўдным дзяржаўным народам, будуць стаяць на каленях перад дужэйшымі.
***
Маючы асаблівую павагу да паслядоўных, шчырых барацьбітоў за нацыянальнае адраджэнне ў першыя два дзясяцігоддзі мінулага стагоддзя, хочацца яшчэ раз паўтарыцца: у сваім нялёгкім, часам і самаахвярным змаганні за беларускасць нам трэба не саромецца браць прыклад, вучыцца вытрымцы ў нашых старэйшых пакаленняў. З гісторыі нам добра вядома, якім цяжкім для беларусаў быў перыяд Першай сусветнай вайны, у тым ліку і яе апошні год. А як жа яны глядзелі на сваё тагачаснае становішча? Зусім не пісімістычна. Нехта пад крыптонімам Я. Ш. пісаў: «Дайце толькі лейцы ў яе (Беларусі. ― Л. Л.) гаспадарчыя рукі, а ні ў рукі маскоўскіх фурманоў і ярослаўскіх эканомаў, а Беларусь вытрывае ішчэ і такі год (1918. ― Л. Л.) і пакажа сваю сілу, сваё право: сілу ― на жывучасць, право ― на нізалежнасьць» 1. Сёння ніколькі не горшыя ўмовы, каб належным чынам праявіць сваю жывучасць, імкненне да незалежнасці. А калі сітуацыя не змяняецца да лепшага, дык галоўную прычыну трэба шукаць у франтальнай эрозіі нацыянальнай самасвядомасці беларусаў, што зніжае іх актыўнасць ва ўсім.
***
Прыхільнікаў, а яшчэ ў большай ступені актывістаў беларускага нацыянальна-культурнага Адраджэння вельмі не задавальняе ― смела прызнаем ― поўная абыякавасць да яго значнай часткі народа, у тым ліку палітыкаў, інтэлігенцыі. Але калі глыбока ўнікнуць у прычыны такой пасіўнасці, дык асабліва і нельга выстаўляць якіх-небудзь сур'ёзных прэтэнзій да такіх людзей у прыватнасці і народа ў цэлым. Ён жа, небарака, добрыя тры стагоддзі з гакам будаваў сваё жыццё на вельмі хісткіх нацыянальных падвалінах. Спачатку яго вучылі жыць паводле польскіх узораў, а затым ― рускіх і так давучылі, што многія здрадзілі сваім бацькоўскім культурна-моўным традыцыям, перакінуўшыся адпаведна ў польскі і рускі лагеры. Самай жа змрочнай старонкай у дэнацыяналізацыі беларускага народа, бясспрэчна, сталі масавыя савецкія рэпрэсіі 30-х гадоў, у выніку якіх пад нож пайшлі яго самыя светлыя галовы, моцна і шчыра апантаныя нацыянальнай ідэяй людзі. Беларусы, без перабольшвання, засталіся тады практычна без нацыянальна-самасвядомай інтэлігенцыі. А кожны народ без інтэлігенцыі высокага нацыянальнага гарту ― гэта статак авечак без пастуха. Цяпер толькі мізэрная колькасць інтэлігенцыі з'яўляецца носьбітам нацыянальных культурна-моўных традыцый беларускага народа, што робіць яго зусім няздольным супрацьстаяць любым формам асіміляцыі. Найбольш пераканаўчы доказ ― вынікі, што маем за 15 гадоў пасля майскага рэферэндуму 1995 г.
***
Стала модным ― і ужо даўно ― у афіцыйных сродках масавай інфармацыі недаацэньваць усё нацыянальна-самабытнае, беларускае. Не памылюся ў сваіх сцвярджэннях, што нават многія палітыкі і прадстаўнікі інтэлігенцыі царскай Расіі ў беларусах бачылі больш адметнага і спецыфічнага ў параўнанні з рускімі, чым як гэта падаецца сённяшнімі нашымі інтэгратарамі. Зразумела, за той адрэзак часу, як рухнула Расійская імперыя і разваліўся СССР, беларусам не па сваёй волі давялося коўтнуць велізарную дозу русіфікацыі, але ж усё-такі не ў такім памеры, каб ставіць знак роўнасці паміж імі і рускімі, публічна зневажаць культурна-моўныя каштоўнасці тытульнай нацыі краіны. Такога права не маюць і людзі, якія самі сябе залічаюць да гэтай нацыі. Алімпійскі спакой беларускага народа да афіцыйнага адмаўлення ў яго пэўных этнічных адрозненняў ад рускіх ёсць сведчанне глыбокай эрозіі нацыянальнай самасвядомасці пераважнай бальшыні жыхароў краіны. Перадавыя людзі заўсёды імкнуліся да таго, каб народ, да якога яны належаць, спаўна валодаў гэтай бясцэннай каштоўнасцю, моцна перажывалі, калі ў ёй назіраліся працэсы дэфармацыі. У далёкія часы хвалявала гэта, да прыкладу, і нашага земляка, мужнага змагара за аднаўленне Рэчы Паспалітай Андрэя Тадэвуша Касцюшку, у якой і мы мелі сваю дзяржаву ― Вялікае Княства Літоўскае. Заўважаючы паслабленне супраціўлення палякаў расійскаму акупацыйнаму рэжыму, ён звярнуўся да іх з такімі словамі: «Калі ж вы не адчуваеце сваёй ганьбы, несправядлівасці ў дачыненні да ўсёй нацыі і законаў чалавецтва, калі вы будзеце цалаваць сваё ярмо, тады я з болем у сэрцы, з абурэннем скажу: «Гэтая нацыя народжана для рабства!» Мне шкада пакрыўдзіць свой народ, але мушу сказаць такое: пакуль у Беларусі будзе, як сёння, панаваць руская культура, датуль ён будзе на сваёй зямлі не гаспадаром, а рабом, не заўважным цывілізаваным светам.
***
У неўраўнадушных, у т.л. і ў аўтара гэтых радкоў, людзей да лёсу беларускага народа больш чым дастаткова падстаў гаварыць і пісаць пра яго этнічнае выміранне. Асабліва рэальна яно з той прычыны, што гэтаму ўсяляк садзейнічае магутны дзяржаўны чыноўніцкі апарат. У яго асяроддзі не знойдзецца і дзясятка асобаў, для якіх інтарэсы беларускай нацыі вышэй за ўласны дабрабыт. І гэта ў час, калі яна гіне з-за немагчымасці развівацца на родным грунце. І ўсё ж нават у такой сітуацыі нам не трэба кідацца ў безнадзейны роспач, не зважаць на ганебныя прароцтвы нядобразычлівых людзей, што беларусы нібыта не маюць будучага, што яны не здольныя быць дзяржаўным этнасам дый увогуле ці існуюць яны яшчэ. Прыкладна сто гадоў таму венгерскі прэм'ер-міністр Калман Тыса публічна заяўляў: «Няма славацкай нацыі». А цяпер глядзіце, што атрымалася. Гэты невялічкі па колькасці, але горды народ не збаяўся аддзяліцца ад свайго «старэйшага брата»-чэхаў і паспяхова ўводзіць у цэнтры Еўропы свой уласны шматпавярховы з усімі выгодамі нацыянальны дом. Дакуль жа мы, беларусы, будзем туліцца ў закінутым будане?!
***
Нашыя палітыкі, блізкія да іх інтэлектуалы ці не жадаюць разумець, ці не здольныя на такое, нават пальцам не варушаць па ўсталяванні правільных суадносін паміж беларускім і рускім фактарамі на культурнай ніве Беларусі. Яе карэннае дый пры тым яшчэ і тытульнае насельніцтва з-за небывалага раней магутнага рускага ўплыву амаль канчаткова страціла сваю культурна-моўную адметнасць. Нягледзячы на такое цалкам пройграшнае становішча дзяржава працягвае павялічваць свае асігнаванні на неабмежаванае панаванне рускага элемента ў яе культурным жыцці. Тое, чаго яшчэ і сёння не могуць даўмець беларускія дзяржаўныя дзеячы і інтэлектуалы, многія іх калегі з нацыянальных рэгіёнаў Расіі і СССР выдатна разумелі сто і больш гадоў таму. Спашлюся на выказванне добра вядомага ў дваццатыя гады мінулага стагоддзя армянскага дашнака Дарбіняна: «Толькі тады, калі мы адарвем нашыя адукаваныя класы ад рускай мовы, ― мы зможам вызваліць нашую нацыю ад таго нездаровага ўплыву, які прыносяць з сабой руская літаратура, руская грамадская думка, руская культура». Калі армянам такія дары данайцаў прыносілі, дык беларусы ўжо не адзін дзясятак гадоў самі ствараюць іх, этнічна губячы самі сябе пад гукі фанфараў.
***
Беларускі народ і сёння не можа пахваліцца належным узроўнем нацыянальнай кансалідацыі, якая так характэрна для ўсіх яго суседзяў. У гэтым плане ён вельмі нязначна рушыў наперад за ўсё ХХ стагоддзе. Прычыны такому становішчу трэба шукаць у недастатковым распаўсюджанні роднай культуры (асабліва яе прафесійных, элітарных пластоў) і мовы, адсутнасці па-сапраўднаму сваёй, пабудаванай на ўласным грунце нацыянальнай сістэмы народнай адукацыі, адпаведнай карэнным інтарэсам Бацькаўшчыны царквы. Практычна на ўсіх ключавых дзялянках нашага духоўнага жыцця рускі фактар трымае верх над беларускім. У такіх неспрыяльных варунках зусім марна спадзявацца на дасягненне нармальнай нацыянальнай кансалідацыі беларускага народа. Будучы не па сваёй волі падзеленым у культурна-моўным плане на дзве часткі, ён не можа развівацца як адзінае цэлае.
***
Гарбачоўскай перабудове, утварэнню суверэннай Рэспублікі Беларусь мы абавязаны шырокім распаўсюджваннем у грамадскім ужытку слова «нацыянальны». А быў жа час, калі яно гучала крайне рэдка і напаўголаса. Зусім непрыкметнае месца ў нашым лексіконе займала словазлучэнне «нацыянальная самасвядомасць». Не тое назіраецца сёння. Нават некаторыя партыі і грамадскія рухі ўключаюць у свае назвы тэрмін «нацыянальны». Прыхільніцай яго з'яўляецца і само кіраўніцтва краіны. Гэта з яго падачы назву Рускага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага дапоўнілі словам «нацыянальны». З яго пачынаюцца назвы штаба акадэмічнай навукі РБ, нядаўна ўзведзенай у Мінску самай буйной у краіне бібліятэкі і інш. Пры небывалай да гэтага распаўсюджанасці слова «нацыянальны» ў назвах, прычым і нацыянальна-адраджэнскага кшталту, а таксама шэрага добра вядомых у краіне ўстаноў культуры і навукі нас ніколькі не задавальняе ні палітычны, ні эканамічны, ні духоўны станы нашага грамадства, а тым больш яго нацыянальнае жыццё. Беларускі народ як самабытная этнічная супольнасць працягвае няўхільна дэфармавацца, прычым ужо, відаць, канчаткова, калі не знайсці гэтаму архітрагічнаму для кожнага нацыянальна самасвядомага беларуса працэсу надзейнага супрацьдзеяння. Каб зрабіць існыя на сёння партыі і рухі, апазіцыйныя грамадскія добраахвотныя арганізацыі эфектыўным сродкам выратавання беларускага народа ад рускай культурна-моўнай асіміляцыі, неабходна з іх прадстаўнікоў стварыць дзейсны, працаздольны Кардынацыйны цэнтр беларускага нацыянальнага Адраджэння. На дзяржаву нельга спадзявацца.
***
Дашчэнту выпусташанае русіфікацыяй нацыянальнае жыццё беларусаў не можа не наводзіць на думку, што сёння яны не ўяўляюць сабой аніякай канкрэтнай этнічнай супольнасці. Не бярэцца пад увагу нават і тое, што беларусы маюць уласную суверэнную дзяржаву, у назве якой увасоблена іх імя. Гэта рэдкі, а можа і адзіны на ўсю планету Зямля выпадак, калі тытульны народ пэўнай дзяржавы практычна не можа прызнавацца за самабытную нацыю, а павінен разглядацца як нешта этнічна аморфнае, бесхрыбетнае. Падстаў і сапраўды досыць багата, каб залічваць беларусаў да такой няўдзячнай натоўпнай катэгорыі, але галоўная з іх амаль поўная адарванасць ад роднай беларускай мовы і карыстанне чужой рускай мовай. Становішча ніколькі не мяняецца з прычыны таго, што яно ўсталявалася ў Беларусі ў прымусова-адміністрацыйным парадку, дапоўненаму адпаведнай ідэалагічнай апрацоўкай народа. Пры такой моўнай трансфармацыі ён і сам нядужа верыць у сваё адрозненне ад рускай нацыі. Каб такому ўяўленню не даць канчаткова зацвердзіцца на ўсім беларускім абшары, ідэалагічныя службы сталі, як ніколі раней у масавым парадку выкарыстоўваць у візуальным афармленні населеных пунктаў надпісы: «Мы беларусы», «Я Беларусь» і да т.п. Эфект ад гэтага нулявы. Народу трэба вярнуць нахабна скрадзеную ў яго родную мову, што проста імгненна зробіць яго нацыянальна самасвядомым.
***
У інтарэсах нацыянальна-культурнага адраджэння беларускага народа было б пажадана і карысна, каб ніводная наша этнічная меншыня, якая па суседству мае сваю метраполію (да такіх мяншыняў належаць рускія, палякі, украінцы, літоўцы і латышы), не цягнулася да яго адкрыта ці патаемна, выкарыстоўваючы пры гэтым недазволеныя сродкі. Каб такога не здарылася, дзяржаўныя ўлады Рэспублікі Беларусь, грамадскасць павінны паклапаціцца пра больш поўнае задавальненне нацыянальна-культурных патрабаванняў палякаў, украінцаў, літоўцаў і латышоў. Спецыяльна не называю рускіх, бо іх культура і мова сёння адчуваюць сябе на гістарычнай тэрыторыі беларусаў значна лепш, чым іх уласныя культура і мова, пра што на працягу звыш двух стагоддзяў усяляк клапаціліся асімілятары з ліку царскіх і бальшавіцкіх палітыкаў. Калі нам удасца на належны ўзровень узняць нацыянальна-духоўны патэнцыял беларусаў і ў дадатак да гэтага ўзбагаціць краіну каштоўнасцямі ўсіх яе нацмяншыняў, наша жыццё стане куды больш прывабным і змястоўным, чым як яно ёсць сёння. Колісь яшчэ Ф. Энгельс пісаў: «…не малая выгода ёсць у тым, што розныя нацыі, якія сфармаваліся палітычна (дзякаваць Богу, беларуская нацыя зноў выйшла на гэты рубеж. ― Л. Л.), у бальшыні выпадкаў маюць у сваім складзе сякія-такія іншародныя элементы, якія ствараюць сувязнае звяно з іх суседзямі і ўносяць разнастайнасць у занадта манатонную аднароднасць нацыянальнага характару» 1.Зразумела, імкнучыся да ўсталявання такой аптымальнасці ў спалучэнні свайго з іншародным, мы павінны найперш паклапаціцца пра сваё, бо ні ў воднай дзяржаве свету, як у Беларусі, яно не знаходзіцца ў такім заняпадзе, дакладней кажучы: на стадыі амаль канчатковага вымірання.
***
Сярод першачарговых задач па ліквідацыі ўсяго таго, што адмоўна ўплывае на нацыянальную самасвядомасць, не апошняе месца займае франтальная замена чужога элементу родным у нададзеных папярэднімі палітычнымі рэжымамі, а ў шэрагу месцаў і сучасным імёнах нашым утановам і прадпрыемствам. Іх працаўнікам даводзіцца вельмі часта сутыкацца фактамі неадпаведнасці чужародных імёнаў беларускаму духу, што толькі шкодзіць апошняму. Дзеля прыкладу спашлюся на бібліятэкі, бо, мо, ніякім іншым установам бальшавіцкія ідэолагі не напрысвойвалі столькі адарваных ад традыцый беларускай зямлі імёнаў. І як на дзіва, з імі і сёння не жадаюць развітацца мясцовыя ўлады, кіраўнікі гэтых устаноў. З абласных бібліятэк толькі Гродзенская носіць імя беларуса Яўхіма Карскага. У Мінскай і Брэстскай у гэтых мэтах выкарыстоўваюць імя Аляксандра Пушкіна, Гомельскай, Магілёўскай і Віцебскай ― Уладзіміра Леніна. Во якія мы ўсе яшчэ зацятыя Ленінцы! А сёння творы правадыра сусветнага пралетарыяту амаль не чытаюцца. У адміністрацыйных межах кожнай нашай абласной бібліятэкі дзясяткі выдатных майстроў мастацкага слова, вартых увекавечання іх імя ў назвах гэтых прэстыжных устаноў культуры. Давайце не будзем баяцца надаваць ім нацыянальнае аблічча. Пры ўзнікненні якіх-небудзь сумненняў, звяртайцеся да досведу суседзяў і больш аддаленых краін. У іх сваё заўсёды больш цэніцца, чым чужое, ды яшчэ накінутае пад прымусам. Таму ў іх няма аніякіх праблем з нацыянальнай самасвядомасцю народа. Яна, як мур трывалая.
***
Адсутнасць сур'ёзнага навукова-асветніцкага цэнтра ў краіне, які сачыў, садзейнічаў, кіраваў бы адраджэнскім працэсам, дазваляе яе кіраўнікам прымаць вельмі шкодныя для беларускай справы рашэнні, як напрыклад, забарона аж да 2010 г. публічнага святкавання гадавіны Грунвальдскай бітвы, у якой нашыя прашчуры праявілі найвышэйшы гераізм. Па-святочнаму, на дзяржаўным узроўні адзначаць славутыя даты ў жыцці Бацькаўшчыны ― гэта значыць усяляк садзейнічаць адраджэнню, узбагачэнню гістарычнай памяці беларускага народа як найважнейшага фактару росту яго нацыянальнай самасвядомасці. Дзеля гэтага ― і зусім не ў парушэнне гістарычнай справядлівасці ― мы павінны, акрамя гадавіны Грундвальскай бітвы, афіцыйна адзначаць і яшчэ больш раннюю ў нашай ваеннай гісторыі бітву войскаў вялікага князя літоўскага Альгерда ў 1362 г. на рацэ Сіняя Вада ў Падоллі з татарамі, у выніку якой удалося вызваліць ад ворага велізарную тэрыторыю Украіны. Гэтая бітва паклала канец міфу аб непераможнасці татара-мангольскага войска, што яшчэ раз было пацверджана ў 1380 г. на Кулікоўскім полі.
***
У выніку войнаў, масавых паморкаў народ страчвае свае фізічныя сілы (чалавечы патэнцыял), на аднаўленне якіх затым ідут дзясяткі, сотні гадоў. А вось калі ў яго не стае крытычнай масы людзей з высокай нацыянальнай самасвядомасцю, нацыянальнае адраджэнне зусім немагчымае. Як цяжка на душы ад усведамлення ўсяго таго, што мы, беларусы, ушчыльную наблізіліся да такога праклятага рубежа. Нават ніколькі не суцяшае, што ва ўсім гэтым вінаваты не сам народ, а чужыя і сваёй гадоўлі русіфікатары, якіх процьму нарадзіў сучасны палітычны рэжым.
***
Народу з размытай нацыянальнай самасвядомасцю заўсёды будзе заставацца чужым і незразумелым любы від незалежнасці і тым больш дзяржаўны. Невыпадкова чыноўніцкі апарат Рэспублікі Беларусь, падначаленыя яму ідэолагі нічога не робяць дзеля аздараўлення нацыянальнай самасвядомасці тытульнага этнасу, бо пры яе дэфармацыі намнога лягчэй гуляць з пэўнымі сіламі Расіяй у стварэнне саюзнай дзяржавы.
***
Многім народам удалося не трапіць пад прэс культурна-моўнай асіміляцыі, захаваць у недатыкальнасці сваю этнічную, нацыянальную самасвядомасць дзякуючы разумнай арганізацыі царкоўна-рэлігійнага жыцця. Мы, беларусы, не можам тут нічым пахваліцца. Вядома, у нашай шматвяковай гісторыі таксама было штосьці станоўчае ў дзейнасці духавенства. Яно ж не заўсёды магло на поўную сілу паўплываць на ход падзей у нацыянальным жыцці не ў малой ступені з прычыны свайго канфесійнага расслаення. Часта здаралася такое, што з усіх хрысціянскіх плыняў ніводная не служыла беларускаму нацыянальнаму інтарэсу, бо была правадніком на нашай зямлі польскага ці рускага духу, а іншым разам у адначасе таго і другога. На вялікую бяду, з дадзеным фактарам нельга не лічыцца і сёння, у суверэннай Рэспублікі Беларусь, ні ў якім выпадку не недаацэньваючы яго адмоўнай ролі. Даводзіцца толькі пашкадаваць, што ў нас, не ў прыклад палякам і рускім, адсутнічае адзіная нацыянальная царква і вельмі туманна прадбачыцца стварэнне такой. Затое трохі супакойвае, што ў нас ёсць апантаныя нацыянальнай ідэяй і праваслаўныя, і каталіцкія святары. Прычым іх лік год ад году большае, што з цягам часу можа станоўча адбіцца на ўзрастанні ролі гэтых канфесій у беларускім нацыянальна-культурным жыцці. Але ўсё гэта ў перспектыве, прычым аддаленай.
***
Многія непаладкі ў сучасным беларускім нацыянальна-культурным жыцці ― гэта зусім не нашая абыякавасць да ўсяго таго, што ў ім адбываецца. Прычыну найперш трэба шукаць у гістарычным беспамяцтве народа. Страшна падумаць колькі пакаленняў яго пражыло на роднай зямлі, не ведаючы яе сапраўднай гісторыі?! Сказанае датычыць і тых мільёнаў беларусаў, жыццёвы шлях якіх прыпаў на дваццатае стагоддзе. Яны хоць і вывучалі ў школах, тэхнікумах, інстытутах (універсітэтах) гісторыю роднага краю, аднак не тую, што трэба было. У выніку ў гістарычную памяць беларускага народа не трапіла многае з таго, што ўяўляла сабою найбольш каштоўнае з яго мінулага. Каб наш народ ведаў, колькі яго прашчуры пралілі крыві ў змаганні за дзяржаўную незалежнасць, якімі жорсткімі і каварнымі метадамі навязваліся яму чужыя культура і мова, адукацыя, царкоўна-рэлігійнае жыццё, ён з непараўнальна большай павагай ставіўся б да ўсяго свайго роднага, не мяняў бы яго на навязаныя звонку стандарты. Гістарычная памяць-дамінанта нацыянальнай самасвядомасці, без якой немагчыма поўнавартаснае жыццё народа.
***
Беларусы не валодаюць такім высокім узроўнем нацыянальнай самасвядомасці, ― зразумела, не па сваёй віне, ― каб мець больш чым як толькі спажывецкае стаўленне да роднай мовы: выключана яна чынавенствам з грамадскага жыцця і найперш з сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, вось таму і не вядуць яны сваіх дзяцей у беларускамоўныя школы, што вельмі вітаюць нашыя ўлады, бо ведаюць, што такія маладыя пакаленні ніколі не будуць у апазіцыі да антынацыянальнай моўнай палітыкі дзяржавы.
***
Цяпер ужо не беларуская мова, а іншыя фактары найперш: пражыванне на тэрыторыі Беларусі, валоданне статусам грамадзяніна Рэспублікі Беларусь з'яўляюцца асноўнымі гарантамі, індыкатарамі нацыянальнай ідэнтычнасці яе тытульнага народа. Пры страце, адыходзе ад гэтых фактараў яго нямы ў сваёй роднай мове пласт насельніцтва абавязкова вырачацца ад беларускай нацыянальнасці, стане ў велічэзнай масе Іванамі без імя і племені.
***
Выкліканы адпаведнай дзяржаўнай палітыкай масавы адыход беларусаў ад уласных нацыянальна-культурных традыцый істотна падарваў ― і небеспадстаўна ― аўтарытэт этноніма «беларусы». Яно і праўда, як можна называцца беларусам, калі не размаўляеш на роднай мове, спяваеш звычайна чужыя рускія песні, закончыў рускамоўныя школу, сярэднюю спецыяльную ці вышэйшую навучальную ўстанову; радыё- і тэлеперадачы чуеш пераважна ў рускай мове, зойдзеш у кнігарню ― а там ледзь не спрэс рускамоўная літаратура. Словам, беларускім як след нідзе нічога не пахне. Таму мы робім вялікую нацяжку, крывім душою, называючы сябе беларусамі. Каб быць імі, трэба жыць у згодзе са сваім укладам, а не спавядаць ― няхай сабе і ў выніку дзяржаўнай русіфікатарскай палітыкі ― тое, што характэрна рускаму народу. Не дзіва, што ў такіх умовах сярод даволі многіх інтэлектуалаў набыў вялікую папулярнасць этнонім «літвіны». Але ж давайце не будзем забывацца, што і ад літвінаў у нас мала што засталося. Таму ці не лепш будзе скіраваць увесь наш разумовы рэсурс на пошукі зусім новага этноніма для карэнных жыхароў сучаснай Рэспублікі Беларусь з улікам іх глыбіннай дэнацыяналізацыі ў выніку мэтанакіраванай русіфікацыі за царом, бальшавікамі, актыўна падтрыманай і ўласнай уладай. Як на мой погляд, дык самымі прыдатнымі найменнямі для нашай краіны і яе карэннага насельніцтва могуць быць: «Псеўдабеларусь» і «псеўдабеларусы». Не будзем забывацца, што ў найменнях «Беларусь» і «беларус» першыя часткі слоў уключаюць у сябе толькі ўсё пазітыўнае, высокаякаснае, чым якраз і не могуць пахваліцца сёння ні Беларусь, ні беларусы, будучы так моцна дэфармаваныя няспыннай русіфікацыяй. Калі ўдасца пакончыць з ёй, увесці краіну ў рэчышча самабытнага нацыянальна-культурнага жыцця, тады можна будзе зноў вярнуцца да найменняў «Беларусь» і «беларусы». Праўда, дзеля гэтага давядзецца прыкласці шмат працы, у першую чаргу тэарэтыкам і архітэктарам дэрусіфікацыі ― дзяржаўнаму чыноўніцкаму і ідэалагічнаму апаратам. А пакуль жа жывем, хаця і па чужой волі, па-за сваёй нацыянальнай культурай і роднай мовай, больш лагічна называць сваю краіну Псеўдабеларуссю, а сябе ― псеўдабеларусамі.
***
Трывожныя, безрадасныя думы, пра далейшы лёс майго народа нічога іншага не выклікаюць, як толькі роспач. Вось і цяпер гэтак хочацца на ўсё горла закрычаць: «Браткі-беларусы! Давайце па прыкладзе літоўцаў, нарвежцаў, фінаў, шведаў… і мы будзем самі сабой. Годзе нам разрываць адну нецэнзурную частку свайго цела, стараючыся, як мага лепш усесціся ў двух крэслах. Давайце дзеля гэтага выберам адно ― беларускае, а чужое аддадзім яго законнаму гаспадару».
***
Захаваць беларускую ментальнасць у рускай культуры і мове ― гэта абсалютная ўтопія. У такіх варунках беларусаў чакае толькі поўная страта этнакультурнай асобнасці. Любы народ, у т.л. і беларускі, самарэалізавацца можа толькі ў сваёй роднай культуры. Пра гэта ведаюць палітыкі самых нізкіх рангаў, культработнікі нават сельскіх клубаў. І толькі высокая ступень зрусіфікаванасці адказных за культурнае становішча краіны людзей не дазваляе ім штосьці карыснае рабіць дзеля забеспячэння яе духоўнаму жыццю нацыянальнага аблічча.
***
Усё ніяк не магу дачакацца таго часу, калі нашыя людзі, жывучы паводле рускіх культурна-моўных стандартаў, перастануць называць сябе беларусамі. Няўжо ім не сорамна за гэта?!
***
Усе адукаваныя людзі добра разумеюць, што на працягу больш як трох апошніх стагоддзяў умовы жыцця беларусаў не садзейнічалі падтрыманню ў іх на належным узроўні этнічнай, нацыянальнай самасвядомасці. Былі перыяды, што беларусы знаходзіліся на стадыі ледзь не поўнага вымірання як самабытная этнічная супольнасць людзей. Асабліва гэта было характэрна 70 ― першай палове 80-х гг. мінулага стагоддзя, калі ў выніку ажыццяўлення распрацаванай у партыйным Цэнтры СССР нацыянальнай палітыкі ўсе без выключэння сферы жыцця беларускага народа апынуліся пад магутным прэсам рускай культурна-моўнай асіміляцыі. Бязлітасна рушыліся спрадвеку ўсталяваныя нацыянальныя традыцыі, народ прымушалі прыладкоўвацца да нязвыклага яму жыцця паводле чужых стандартаў.
Распачатыя з сярэдзіны 80-х гг., дзякуючы Гарбачоўскай перабудове, у аснове сваёй крайне нерашучыя крокі па выратаванні беларусаў ад поўнай нацыянальнай дэградацыі не далі жаданых вынікаў. Акрамя поўнага хаосу ў эканоміцы, што прывяло да рэзкага пагаршэння дабрабыту людзей, а таксама з прычыны недасканаласці дзяржаўна-палітычнай сістэмы, буйных недахопаў у працы ўстаноў культуры, адукацыі і сродкаў масавай інфармацыі, прыкметнага зруху ў нацыянальна-культурным адраджэнні беларускага народа не назіраецца яшчэ і з-за адсутнасці ў яго неабходнай для здзяйснення гэтага высокароднага ідэалу развітой нацыянальнай самасвядомасці. Сама па сабе гэтая неацэнная якасць не прыходзіць да народа. У аснове яе ляжыць комплекс фактараў аб'ектыўнага і суб'ектыўнага значэння. Каб быць нацыянальна свядомым, сам змест жыцця народа павінен садзейнічаць гэтаму, а не быць скіраваным на разбурэнне нацыянальных асноў. Матэрыяльную базу жыцця кожнага народа стварае эканоміка, галоўнае прызначэнне якой заключаецца ў забеспячэнні нармальных умоў існавання ў першую чаргу грамадзян сваёй краіны. Нацыянальны характар эканоміцы надае ўсебаковае і эфектыўнае выкарыстанне мясцовых прыродна-кліматычных умоў, прафесійна-кваліфікацыйнага патэнцыялу грамадства, з улікам чаго ажыццяўляецца і ўдзел у сусветным падзеле працы. Кожны народ, які мае высокаразвітую эканоміку, здольную на аптымальным узроўні забяспечваць яго матэрыяльныя і духоўныя патрэбнасці, па праву ганарыцца ёю, што пазітыўна адбіваецца на стане нацыянальнай самасвядомасці. Народ, які задавальняе свае толькі самыя мінімальныя жыццёвыя патрэбы, ніколі не будзе вызначацца высокім нацыянальным гонарам.
Вялікі ўплыў на характар жыцця, настрой нацыі робіць дзяржаўна-палітычная сістэма. Там, дзе яна адпавядае высокім ідэалам дэмакратыі, народу лягчэй задавальняць свае нацыянальныя інтарэсы, быць паўнаўладным гаспадаром на роднай зямлі. Важна, каб карэнная нацыя займала ўсе ключавыя пазіцыі ў органах дзяржаўнай улады і кіравання, што дапаможа ёй адпаведна са сваімі нацыянальнымі ідэаламі ўплываць на эканамічнае і культурнае развіццё краіны. Сапраўдныя дзяржаўныя лідэры, выдатныя палкаводцы не ў меншай ступені ўздзейнічаюць на нацыянальную самасвядомасць народа, чым знакамітыя дзеячы ў сферы навукі і культуры.
Нацыянальная самасвядомасць беларусаў была і застаецца моцна дэтэрмінаванай станам развіцця і распаўсюджання роднай культуры і мовы. Менавіта таму, што за пасляваенны перыяд па віне партыйных і ўладных структур адбылося нечуванае размыванне нацыянальных асноў культуры, абслугоўванне зносін паміж людзьмі амаль усіх сфераў грамадскай дзейнасці чалавека перайшлі ад беларускай мовы да рускай, стаў непазбежным рэзкі спад нацыянальнай самасвядомасці нашага народа. Выхаваныя на рускіх культурна-моўных традыцыях многія маладыя людзі беларускай нацыянальнасці перасталі атаясамліваць сябе са сваім народам. Вярнуць гэтую асіміляваную частку беларусаў да нацыянальных вытокаў, надзейна інтэграваць у іх тых, хто яшчэ ўступае ў самастойнае жыццё, можна толькі праз усямернае развіццё і ўмацаванне пазіцый беларускай культуры і мовы. Яны павінны стаць пануючымі на ўсёй гістарычнай тэрыторыі беларусаў і мець дзяржаўную падтрымку, а не быць толькі клопатам якіх-небудзь творчых саюзаў, ініцыятыўных груп.
Прыклад вяртання беларускай мовы на яе законны пасад у першую чаргу належыць паказаць дзяржаўным органам улады і кіравання. Побач з высокімі прафесійнымі, маральнымі якасцямі вольнае валоданне і паўсюднае выкарыстанне беларускай мовы павінны стаць асноўным патрабаваннем для тых, хто балаціруецца кандыдатам у народныя дэпутаты ўсіх узроўняў, для заняцця кіраўнічых пасад ва ўсіх сферах дзяржаўна-палітычнага і эканамічнага жыцця, ва ўстановах культуры, навукі, асветы і іншых, дзе даводзіцца ўступаць у цесныя шматгранныя моўныя кантакты з людзьмі. Крайне некарэктным трэба прызнаць вядзенне ўсялякага роду дыскусій аб беларуска-рускамоўным дзяржаўным двухмоўі, паколькі прадстаўнікі рускай, як і ўсіх іншых нацмяншыняў Беларусі, не маюць тут сваёй этнічнай тэрыторыі, асобнай дзяржаўна-палітычнай арганізацыі. Цвёрдая, непахісная пазіцыя дзяржавы ў дачыненні да беларускай мовы як да законна адзінай афіцыйнай у нашым краі рашучым чынам павысіць яе аўтарытэт у грамадстве, што станоўча паўплывае на рост нацыянальнай самасвядомасці беларусаў, актывізуе іх на нацыянальна-культурнае Адраджэнне.
Зусім неапраўданым з'яўляецца амаль поўная адсутнасць беларускай мовы ў навучальна-выхаваўчым працэсе сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай школы, што не дазваляе ёй рыхтаваць у поўным сэнсе слова нацыянальна свядомую інтэлігенцыю, якая ва ўсіх народаў адыгрывала і адыгрывае вырашальную ролю ў іх нацыянальна-культурным адраджэнні і сталенні. Сёння, акрамя чыста адукацыйна-выхаваўчай дзейнасці, кожная навучальная ўстанова павінна яшчэ быць і генератарам нацыянальнай самасвядомасці ў маладых пакаленняў беларускага народа. Недастаткова працуюць у гэтым напрамку ўсе хрысціянскія канфесіі Беларусі, асабліва праваслаўная. Істотныя пазітыўныя зрухі ў нацыянальнай самасвядомасці стануць рэальнасцю толькі тады, калі ўсе сферы духоўнага жыцця будуць трывала абапірацца на народныя традыцыі карэннага насельніцтва краіны, карыстацца яго роднай мовай.
Выратаванне беларусаў ад канчатковай культурна-моўнай асіміляцыі ў форме русіфікацыі, што яшчэ ніколі не падавалася такім рэальным, як сёння, можа адбыцца толькі пры высокім узроўні іх нацыянальнай самасвядомасці. Уся бяда толькі ў тым, што амаль цалкам бяздзейнічаюць, не па віне народа, фактары па забеспячэнні такога ўзроўню нацыянальнай самасвядомасці.
Раздзел VIII. Талерантнасць беларускага народа: міф ці рэальнасць?
Шмат розных небыліц складзена ― і працягваюць нараджацца новыя ― пра талерантнасць беларусаў. Некаторыя нават бачаць у ёй ледзь не галоўную прычыну амаль канчатковай страты імі сваёй этнакультурнай адметнасці, усталявання і працяглага існавання ў Рэспубліцы Беларусь аўтарытарнага палітычнага рэжыму. Баяць байкі, што з-за прыроджанай беларусам талерантнасці ў іх проста рукі не падымаюцца штосьці канкрэтнае рабіць дзеля спынення далейшага панавання на бацькоўскай зямлі занесеных з усходу рускай культуры і мовы. Талерантнасць нібыта шкодзіць ім як след разгарнуць змаганне за дэмакратызацыю грамадства, бо гэтым жа можна пакрыўдзіць яе праціўнікаў, таму няхай, маўляў, усё будзе так, як ужо склалася. Паколькі талерантнасць беларусаў усё ж у той ці іншай ступені адбівалася і працягвае адбівацца на іх нацыянальна-культурным жыцці, аўтар кнігі палічыў неабходным хоць у самай сціслай форме паразважаць і па гэтым пытанні.
***
Калі ў канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя на беларускай зямлі ў чарговы раз высеялася ідэя нацыянальна-культурнага Адрадждэння, многія задаліся пытаннем: чаму беларусы, як ніводзін іншы савецкі народ, аказаліся такімі моцна зрусіфікаванымі? Сярод палітыкаў, інтэлектуалаў знаходзілася нямала такіх, што гэтую ганебную з'яву тлумачылі незвычайнай талерантнасцю (ад французскага:цярпімасць) беларусаў. Такое тлумачэнне было вельмі выгадна для архітэктараў дзяржаўнай русіфікатарскай палітыкі, бо вызваляла іх ад усялякай адказнасці за ўчыненае злачынства, дазваляла ўсё спісваць на народ. Зусім інакш глядзелі на гэтую праблему неадарваныя ад нацыянальных традыцый грамадскія, культурныя дзеячы. Ім нават удалося правесці ў чэрвені 1993 г. у Мінску міжнародную канферэнцыю на тэму «Талерантнасць і грамадскія адносіны». Запрасілі на яе і аўтара гэтых радкоў. З дакладам выступіў, але свету ён не пабачыў, паколькі матэрыялы канферэнцыі не друкаваліся. Думаю, варта з яго зместам пазнаёміць чытачоў, бо і сёння многае беспадстаўна спісваюць на талерантнасць беларусаў і палітыкі, і адданыя ім ідэолагі, вызваляючы сябе ад усялякай адказнасці за русіфікацыю тытульнага народа краіны. Даклад жа мой называўся «Талерантнасць беларускага народа: міф ці рэальнасць?»
На ўзроўні ўсвядомленасці асноўнай масы беларускага народа паняцце талерантнасці ёсць ці зусім, ці вельмі мала зразумелым. Бальшыня беларусаў ва ўзаемадачыненнях паміж сабой ці з прадстаўнікамі нацыянальных мяншыняў зусім не кіруецца тэрмінам «талерантнасць», а паводзіць сябе так, як лічыць мэтазгодным у дадзенай сітуацыі. У гэтым, я думаю, мы вельмі мала чым адрозніваемся на карысць талерантнасці і ад рускіх, і ад украінцаў, і ад палякаў, і ад славянскіх народаў увогуле. На ўзроўні міжасобасных кантактаў з прадстаўнікамі іншых народаў і ў іх шмат таго, што можна называць талерантнасцю, памяркоўнасцю.
Што беларусы не надзелены талерантнасцю ў большай ступені за сваіх суседзяў, пераканаўча сведчаць іх (беларусаў) узаемаадносіны паміж сабой. Усё самае горшае, чым зганьбіла і ганьбіць сябе сёння чалавецтва, у вычарпальнай ступені ўласціва і беларусам: за якую-небудзь дробязь беларус можа забіць беларуса, абрабаваць адзін аднаго, каб палепшыць свой дабрабыт. А якая бескампрамісная барацьба вядзецца паміж беларусамі за заняцце прэстыжных, высокааплатных пасадаў у органах улады і кіравання? Належнага ладу не заўсёды назіралася і назіраецца паміж беларусамі розных канфесій. Можна было б прывесці і яшчэ нямала такога, што сведчыла б пра адсутнасць у беларусаў асаблівай, занадта адрознай ад славянскіх ці іншых групаў народаў талерантнасці.
Не асмелюся назваць у поўным значэнні слова талерантнасцю стаўленне беларускага народа ў цэлым, а не толькі яго пэўных катэгорый да дзяржаўнай незалежнасці, уласнай культуры, бо на гэтае стаўленне ўплывалі і ў значнай ступені працягваюць уплываць сёння ўзаемадачыненні двух буйных па колькасці суседніх народаў ― рускага і польскага. Тут і сапраўды беларусы з цягам часу дайшлі да нехарактэрных для многіх народаў і асабліва вышэйпералічаных памяркоўнасці, рахманасці, бесхрыбетнасці. Праўда, гэта не ёсць у звычайным разуменні слова талерантнасць. Гэта ― страх, боязь адстойваннем законных правоў на поўны дзяржаўны суверэнітэт, самастойнае эканамічнае жыццё, арыгінальную культуру і мову канчаткова згубіць сваю незалежнасць, апынуцца ў шматбаковым падпарадкаванні больш моцнага суседа. Паколькі такімі прынцыпамі беларускаму народу даводзілася кіравацца на працягу некалькіх стагоддзяў, ён у многіх пытаннях, ад якіх залежыў яго лёс, праяўляў залішнюю асцярожнасць, ішоў на кампраміс нават і тады, калі гэта супярэчыла яго нацыянальным інтарэсам. Сёння гэта многімі падаецца за беларускую талерантнасць, якая нібыта вынікала з самога менталітэту беларускага народа, і зусім беспадстаўна выключаецца магутны ўплыў на такія паводзіны беларусаў вонкавага фактару, нядобрасуседскай палітыкі польскага і расійскага ўрадаў.
Памяркоўнасць, празмерная асцярожнасць беларусаў найчасцей за ўсё абумоўлівалася характарам іх жыцця, моцнай залежнасцю ад тых палітычных сілаў, што панавалі на іх тэрыторыі. Ці ж мог ён, скажам, быць смелым і прынцыповым у час, калі на яго зямлі гаспадарыла складзеная ў асноўным з прысланых рускіх чыноўнікаў поўнаўладная мясцовая адміністрацыя? Вядома, не. У тых варунках прадстаўнікі яе больш клапаціліся пра сваё жыццё, чым тутэйшага жыхарства, пры вырашэнні любой справы садзейнічалі таму, хто ім больш плаціў за падтрымку. У беларускіх жа сялян не было сродкаў на гэта, таму ў судах яны не знаходзілі для сябе апірышча, маўкліва пераносілі крыўду, выпрацоўвалі ў сябе і ў сваіх дзяцей памяркоўнасць, талерантнасць. Гэтай у аснове прымусовай «якасці» ў беларусаў не мог не прыкмеціць вядомы рускі вучоны, сябра Аддзялення этнаграфіі Імператарскага рускага геаграфічнага таварыства С. Максімаў, які ў 1867―1868 гг. зрабіў некалькі навукова-даследчых паездак на Беларусь, у т.л. у Магілёўскую губерню. Яго найперш уразіла, што «беларус аказаўся занадта маўклівым, занадта сканцэнтраваным і нібыта згубіўшым усялякую энергію для зносін з людзьмі…» Вучоны сустрэўся тут з рускімі прадстаўнікамі міравых устаноў і сярод іх знайшоў нямала асобаў, «якія неясным разуменнем задачы абрусення Заходняга краю… стараюцца выкараніць некаторыя мясцовыя звычаі чыста народнай уласцівасці» 1. Цікавілі вучонага і ўзаемаадносіны беларусаў з яўрэямі, для чаго звярнуўся да кніг валасных судоў. У іх жа «амаль не аказалася сведчанняў аб цяжбах паміж гэтымі двума складовымі часткамі мясцовага насельніцтва, з чаго можна, здаецца, беспамылкова заключыць, што беларусу ў сутыкненнях яго з яўрэем адводзіцца выключна залежная роля» 2. У такім становішчы яму найлепш за ўсё было маўчаць, змірыцца, выпрацоўваць тыя рысы характару, якія мы сёння называем талерантнасцю беларусаў. Ці можам мы, беларусы, канца ХХ ст. і канца другога тысячагоддзя (сёння ўжо трэба было б пісаць у пачатку ХХІ стагоддзя і трэцяга тысячагоддзя; даклад жа рыхтаваўся ў чэрвені 1993 г.) абвінавачваць сваіх далёкіх прашчураў і тых, хто жыў да нас ужо ў бягучым стагоддзі (гэта ХХ ст.) за іх празмерную асцярожнасць у захаванні сябе як самабытнага этнасу, калі для яго ўзнікала рэальная пагроза поўнай польскай ці рускай культурна-моўнай асіміляцыі? Я, напрыклад, не дазваляю сабе зрабіць такога, бо беларусы ўсё ж выжылі, сфармаваліся ў нацыю. Значыцца, уласцівая нашаму народу памяркоўнасць, абумоўленая знадворнымі абставінамі талерантнасць дазволілі яму захавацца і ў тых надзвычай неспрыяльных умовах, у якіх, не выключана, многія народы маглі б загінуць, назаўжды знікнуць з гістарычнай арэны.
Праўда, да гэтай мяжы мы таксама ішлі і ішлі няўхільна. Тут маю на ўвазе досыць працяглы перыяд ад заканчэння Другой сусветнай вайны і да сярэдзіны 80-х гг ХХ ст., калі і нам пашчасціла стаць на шлях абвешчанай генсекам ЦК КПСС Міхаілам Гарбачовым перабудовы, да якой цяпер, лічу зусім несправядліва, прынята дадаваць словы «гэтак называемая». У пасляваенны перыяд нас ужо ніколькі не ратавала ў значнай ступені павышаная талерантнасць, якую адпаведна таму часу лепш бы называць квазіталерантнасцю. Наадварот, яна немінуча вяла нас да поўнага нацыянальна-культурнага заняпаду, этнічнай смерці. Па прычыне такой заганнай беларускай талерантнасці ў нас маўкліва згаджаліся і сам народ, і прадстаўнікі яго навуковай і творчай інтэлігенцыі з планамерным выцясненнем па ініцыятыве самой дзяржавы беларускай мовы з усіх сфераў грамадскага жыцця, хаця многія ведалі, што гэтым самым для нацыі рыхтаваўся апошні дзень Пампеі. Распрацаваная ідэалагічнымі службамі КПСС палітыка збліжэння і зліцця савецкіх нацый, іх культур і моваў мела страшэнна адмоўныя вынікі і для ўсіх іншых народаў, але ж не ў такой ступені, як беларускага. І ўсё гэта таму, што ў іх не было, як у беларусаў, выхаванай стагоддзямі пад уплывам вонкавых сіл квазіталерантнасці. Бальшыня савецкіх народаў не хацела мірна, бяздзейна сузіраць, як гіне іх нацыянальная духоўная адметнасць. Яны ўпарта супраціўляліся савецкай палітыцы асіміляцыі ў тых формах, якія толькі маглі існаваць ва ўмовах бальшавіцкай таталітарнай сістэмы. Мы ж, беларусы, заставаліся рахманымі, паслухмянымі партыйнаму Цэнтру Масквы, які так інтэнсіўна, настойліва займаўся фармаваннем новай гістарычнай супольнасці людзей ― савецкага народа. У выніку страты ў нацыянальна-культурнай сферы ў нас сталіся непараўнальна большымі, чым у пераважнай колькасці народаў СССР. Такім чынам, у той час беларуская талерантнасць не дала нам аніякай карысці.
Якое ж павінна быць стаўленне да талерантнасці цяпер, ва ўмовах сучаснага беларускага нацыянальна-культурнага Адраджэння? Вельмі абачлівае, узважанае. Тут лепш нам кіёчак не дагнуць, чым перагнуць. Ва ўсіх выпадках, калі ўзнікае неабходнасць вызначыць межы талерантнасці, абавязкова трэба ставіць пытанне: «У дачыненні да чаго?» Калі гэта дзяржаўнае двухмоўе, тут талерантнасць зусім непрымальная, надзвычай шкодная, небяспечная з'ява, бо ў нас, як і ва ўсіх нашых суседзяў, у т.л. рускіх і палякаў, павінна функцыянаваць адна афіцыйная нацыянальная мова, гэта значыцца беларуская. Талерантнасць нашкодзіць нам і тады, калі мы, ствараючы сапраўдную нацыянальную сістэму адукацыі, будзем баяцца істотным чынам абмежаваць тут рускі элемент. Гэта ж зусім нерэальная справа пакінуць без змен усе сённяшнія дзясяткі рускамоўных сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў і пачаць ствараць у якасці альтэрнатыўных ім па мове беларускамоўныя. Такія навучальныя ўстановы могуць і павінны праходзіць да жыцця толькі за кошт увядзення ў педагагічны працэс беларускай мовы замест рускай. У дадзеных выпадках талерантнасць павінна саступіць сваё месца мэтанакіраванай дзяржаўнай палітыцы, якую трэба ажыццяўляць з усёй прынцыповасцю і настойлівасцю. Такім якасцям: прынцыповасці і настойлівасці нам трэба вучыцца найперш у сваіх суседзяў рускіх, палякаў, украінцаў, літоўцаў, латышоў, якія ў пытаннях развіцця нацыянальнай культуры і адукацыі маюць самую мінімальную меру талерантнасці. Захаванне, развіццё ўласнага нацыянальнага духоўнага патэнцыялу ёсць галоўнае ў дзейнасці іх дзяржаўных органаў улады і кіравання, у жыцці ўсяго грамадства. У нас жа, на вялікую бяду, такога не назіралася раней і не назіраецца сёння. Для многіх не з'яўляецца сакрэтам, што ў перыяд сучаснага нацыянальна-культурнага Адраджэння ўзмацненне ролі беларускага элементу будзе ажыццяўляцца ў значнай ступені за кошт звужэння сферы распаўсюджвання на нашай гістарычнай тэрыторыі рускага элементу, г.зн. за кошт таго, што ўвесь час незаконна выцясняла з жыцця наша беларускае. Вось зусім верагодны канкрэтны прыклад такой трансфармацыі: па ўказанні зверху з новага навучальнага года ўсе прадметы на першым курсе і многія прадметы на астатніх курсах Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута павінны выкладацца па-беларуску. За кошт чаго такое можна будзе ажыццявіць? Вядома, толькі за кошт абмежавання рускай мовы, што, не выключана, можа выклікаць адмоўную рэакцыю ў некаторых педагогаў і студэнтаў. Строга кіруючыся нормамі талерантнасці на такі крок ніяк нельга ісці, бо ён прывядзе да незадаволенасці пэўнай катэгорыі людзей. У тоё жа час пакінуць усё па-ранейшаму, значыцца, спрыяць далейшай русіфікацыі вышэйшай школы Рэспублікі Беларусь. Зразумела, беларускія ўлады набяруць шмат ачкоў ад рускамоўнага насельніцтва, калі зусім нічога не будуць мяняць у моўным рэжыме вышэйшай школы, што паспрыяе далейшаму замацаванню за беларусамі азначэння звышталерантнай нацыі. Але ж затое, які гэта будзе скрышальны ўдар па яе ўласных інтарэсах, як гэта ўскладніць, калі не сказаць зусім спыніць наш рух па шляху нацыянальна-культурнага Адраджэння!
Падобных прыкладаў, як з Мінскім педінстытутам, можна прывесці процьму, што нам, акрамя шкоды, нічога іншага не дасць той від талерантнасці, які беларусы стагоддзямі спавядалі. Тады гэта адыгрывала нейкую ролю, цяпер жа трэба рашуча мяняць акцэнты. Упартасць, непахіснасць, бескампраміснасць у адстойванні законнага права на самабытнае этнакультурнае жыццё ― вось тыя фактары, якія выратуюць нас ад русіфікацыі. Нам не патрэбна такая талерантнасць, што пярэчыць беларускаму нацыянальнаму інтарэсу. Чым у лепшым стане будуць нашыя нацыянальныя справы, тым лепш будуць пачуваць сябе ў нас нацыянальныя мяншыні. Пацверджаннем таму можа быць практыка беларусізацыі 20-х гадоў, калі разам з асноўнай беларускай нацыяй паспяхова здзяйснялі свае ідэалы на нашай зямлі і яе прадстаўнікі іншых народаў.
ДАДАТАК
Этнакультурная самабытнасць беларускага народа пад рэальнай пагрозай поўнай дэнацыяналізацыі
Дзякуючы неверагодным высілкам добра вядомага ў краіне грамадска-культурнага дзеяча, навукоўца Людмілы Уладыкоўскай удалося ў чэрвені 2010 г. правесці ў літаратурным музеі імя Янкі Купалы г. Мінска семінар на тэму «Як захаваць культурную самабытнасць?» У ім пашчасціла ўдзельнічаць і аўтару гэтых радкоў. Як у нас, беларусаў, часта здараецца, семінар, канферэнцыю, сімпозіум… правядзем, а вось матэрыялы ўсіх выступоўцаў на іх па розных прычынах не ўдаецца надрукаваць. Такое здарылася і са мною, таму вырашыў свой даклад, вельмі блізкі па тэматыцы да маёй кнігі, змясціць у яе дадатку.Сучасныя пакаленні беларускага народа з'яўляюцца сведкамі яго няўхільнага этнічнага вымірання. Гэта найвялікшая і ўжо апошняя трагедыя на гістарычным шляху адной з калісьці самабытных, з непаўторнай культурай нацый славянскай супольнасці народаў. Стагоддзямі вялі чужыя, а зараз і ўласны ў асобе прэзідэнцкай вертыкалі палітычныя рэжымы беларусаў да гэтай трагедыі. Пачатак жа ёй паклала расійская царыца Кацярына ІІ (немка па паходжанні) пасля далучэння да імперыі ўсходніх беларускіх земляў у выніку ажыццёўленага ў 1772 г. супольна з Прусіяй і Аўстрыяй першага падзелу Рэчы Паспалітай. Як бачым, этнічнае рабаванне беларусаў доўжыцца 230 гадоў. Ад таго часу яны толькі 10―15 гадоў будавалі сваё нацыянальна-культурнае жыццё на ўласным грунце.
Царская дзяржаўная палітыка русіфікацыі датычыла ўсяго насельніцтва Беларусі, але ў найбольшай ступені карэннага, якое прызнавалі за рускае, толькі сапсаванае паланізацыяй. Актыўны ўдзел у правядзенні крайне варожай беларускаму нацыянальнаму інтарэсу палітыкі русіфікацыі дапамагло многім асобам, прысланым дзеля гэтага ў наш край з цэнтральных губерняў Расіі, стварыць тут жаданую службовую кар'еру. У кагорце такіх да канца адданых царскай вялікадзяржаўнай шавіністычнай палітыцы дзяржаўных дзеячоў не мае сабе роўных віленскі генерал-губернатар з надзвычайнымі паўнамоцтвамі Міхаіл Мураўёў (1863―1864). Дэвізам усіх яго русіфікатарскіх акцый былі словы: «Тое, што не зрабіў на Беларусі штык, зробяць руская школа і Руская праваслаўная царква». Гэты адданы царызму дзяржаўны дзеяч нібыта ў ваду глядзеў, бо і сёння ў самым шырокім сэнсе школа ўключна з сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай, а таксама праваслаўная царква з'яўляюцца наймагутнымі чыннікамі давяршэння русіфікацыі беларускага народа.
Кінутае М. Мураўёвым у беларускую глебу зерне русіфікацыі штогод давала добры ўраджай. Амаль усе паслядоўнікі М. Мураўёва на гэтай высокай дзяржаўнай пасадзе лічылі сваім асноўным, святым абавязкам як мага хутчэй пераўтварыць Паўночна-Заходні край (тагачасная афіцыйная назва Беларусі) у нешта цалкам ідэнтычнае цэнтральным губерням царскай Расіі. Многае ім удалося зрабіць, але не ўсё, інакш не было б у нашай нацыянальнай гісторыі ні Беларускай Народнай Рэспублікі, ні Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, ні сучаснай Рэспублікі Беларусь (так стала называцца з 19 верасня 1991 г., а саму Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце БССР прынялі 27 ліпеня 1990 г.). З апошнім з пералічаных дзяржаўных утварэнняў беларускі народ заканамерна звязаў сваю спаконвечную, святую надзею на нацыянальна-культурнае адраджэнне, поўнае выратаванне ад пагібельных наступстваў культурна-моўнай русіфікацыі. Не атрымалася: надзею цалкам праглынуў праведзены 14 мая 1995 г. рэферэндум, якім мове суседняй усходняй краіны Расійскай Федэрацыі рускай надалі, як раней беларускай, у адпаведнасці з прынятым 26 студзеня 1990 г. Законам аб мовах у Беларускай ССР, статус дзяржаўнай. Для краіны з адным карэнным народам дзве дзяржаўныя мовы ― гэта нонсэнс! Амаль дашчэнту зрусіфікаваны дзяржаўны чыноўніцкі апарат умела выкарыстаў вынікі майскага рэферэндуму для арганізацыі ўсёй сваёй дзейнасці толькі на рускай мове, што адразу ж дазволіла ёй умацавацца ва ўсіх астатніх сферах грамадскага жыцця, не выключаючы адукацыі і нават культуры. У такім становішчы беларуская мова пазіцыю за пазіцыяй траціла і ў абслугоўванні міжасобасных кантактаў людзей. Палітычнае кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь, залежныя ад яе ідэолагі павялі яе карэннае насельніцтва ў асіміляцыйную яму тымі шляхамі, якімі яно ішло пад прымусам у перыяды існавання Паўночна-Заходняга краю і Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі.
Ужо не першы год у Рэспубліцы Беларусь не маецца аніводнай этнастваральнай сферы, якая працавала б выключна на карысць культурнай самабытнасці тытульнай нацыі. Самай жа галоўнай з такіх сфераў прынята лічыць адукацыю. Калі яна будуецца на чужой мове, не дае маладым пакаленням аб'ектыўных ведаў па гісторыі, свядома падганяючы апошнія пад гісторыю народа, чыя мова пакладзена ў аснову навучальна-выхаваўчага працэсу, з такіх пакаленняў толькі адзінкі праз асабістае самавыхаванне , велізарныя старанні сваіх бацькоў могуць стаць пасіўнымі ці актыўнымі носьбітамі нацыянальнай культуры. Вось менавіта такія заганы і вызначалі айчынную адукацыю на працягу больш за тры апошнія стагоддзі, з якіх звыш дзвюх трэціх часу падае на русіфікацыю. З ёю і сённяшняя адукацыя крочыць у абдымку. Дзіву даешся, як яшчэ ў краіне знаходзяцца людзі, цалкам не адарваныя ад уласных нацыянальна-культурных традыцый, дбаюць пра іх захаванне.
Безумоўна, такіх людзей у нас мізэр. Імі мы не ў стане нават на 5―10 % забяспечыць кадравыя патрэбы прафесійных пластоў культуры. Яны на ўсе 90 % укамплектаваны носьбітамі рускай культуры як з ліку саміх беларусаў, так і прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў. Таму, калі ад нашай сучаснай культуры адкінуць традыцыйна-фальклорны пласт, які не дужа багата мае носьбітаў, яна ёсць не самабытная нацыянальна-беларуская, а тыпова руская, асабліва па мове. Праўда, якасны фактар рускай культуры Беларусі не ідзе ні ў якае параўнанне з культурай еўрапейскай часткі Расійскай Федэрацыі. Мы проста губім творчы талент, глумім велізарныя фінансавыя сродкі, але большага, як сурагат рускай культуры на этнічнай зямлі беларусаў, стварыць не можам. Відаць, такі ўжо закон развіцця чалавецтва: трэба кожнаму народу нястомна працаваць ва ўласным нацыянальна-культурным рэчышчы, а не цягнуцца да чужога, незалежна ад таго па сваёй волі ці пад прымусам. За малым выключэннем наша творчая інтэлігенцыя з вялікім імпэтам цягнецца да чужога галоўным чынам з-за выключнага панавання ў краіне рускамоўнай адукацыі, асабліва прафесійнай. Таму зусім не здзіўляе, што многія творцы не валодаюць нават мінімумам таго, што прываблівала б іх да нацыянальнай культуры, параджала б шчырае жаданне аддаць без рэшты ўвесь свой талент дзеля забеспячэння няспыннага росквіту, надзейнага захавання яе ў сусветнай культурнай разнастайнасці. Яшчэ ніколі ўсё гэта не з'яўлялася такім архіпатрэбным, цяжка вырашальным для беларускай культуры, як у нашыя дні.
Хто ж самы вялікі віноўнік страшэннай дэнацыяналізацыі духоўнага жыцця Беларусі? Не, не яе народ! Не яе творчая інтэлігенцыя! І па вялікім рахунку ні самі адукацыйныя і культурныя сферы з іх нязменна ўстойлівай прарускай арыентацыяй. Галоўным віноўнікам дэфармацыі этнакультурнай самабытнасці беларускага народа з'яўляецца створаная за Расійскай імперыяй, савецкім і постсавецкім часамі палітычная сістэма кіравання грамадствам. Яна ніколі не была ўкамплектавана, у т.л. і ў суверэннай Рэспубліцы Беларусь, кадрамі са здаровай беларускай нацыянальнай самасвядомасцю, актыўнымі носьбітамі беларускай культуры і мовы. У сваёй абсалютнай бальшыні яны былі і сёння з'яўляюцца свядомымі носьбітамі рускіх культурна-моўных стандартаў і гатовыя сваім жыццём заплаціць, каб толькі панавалі такія стандарты галоўным чынам у адукацыі, культуры, навуцы, а таксама ў іншых этнаўтваральных сферах. І яны пануюць, што забяспечваецца нададзеным рускай мове юрыдычным статусам дзяржаўнай, якая пасля майскага рэферэндуму стала, дзякуючы старанням чынавенства, фактычна адзінай дзяржаўнай у краіне, што з'яўляецца грубым парушэннем Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Сучасная Беларусь адзіная ў Еўропе і крайне рэдкая ў свеце краіна, дзе чужая мова з'яўляецца фактычна адзінай дзяржаўнай.
З вышэйсказанага вынікае, што пачынаць ратаваць беларускі народ ад асіміляцыі ў форме русіфікацыі трэба не з адукацыі, культуры, а найперш з карэннай перабудовы палітычнай сістэмы кіравання грамадствам, якая, стаўшы беларускамоўнай, адразу ж пацягне за сабой да роднай мовы тытульнай нацыі краіны ўсе астанія сферы дзейнасці людзей. Сёння ў органах улады і кіравання, адміністрацыйна-гаспадарчым апараце і на іншых кіраўнічых пасадах працуе парадку аднаго мільёна чалавек з агульнай колькасці ўсяго насельніцтва краіны каля 10 мільёнаў чалавек. Няцяжка ўявіць, якая магутная моўная рэвалюцыя адбылася б у нас, калі б гэты мільён кіраўнікоў загаварыў па-беларску. Ім не змаглі б супрацьстаяць рускамоўныя адукацыя, культура і навука, разам узятыя. Адзіна магчымае выйсце для іх было б: без усялякага прамаруджвання здзейсніць моўнае падладкаванне да кіраўнічага апарату.
Занятыя ва ўладных, гаспадарча-адміністрацыйных структурах асобы ўсё гэта вельмі добра разумеюць, таму так шчыльна трымаюць зачыненымі дзверы сваіх кабінетаў перад беларускай мовай. Іх (асобаў) зусім не хвалюе, што запанаваная ў нашай культуры, у самым шырокім сэнсе гэтага слова, руская мова губіць яе самабытнасць, вядзе да асіміляцыі не абы каго, а дзяржаўнага народа краіны ― беларусаў. Рэдкі выпадак за ўсю гісторыю чалавецтва, каб сама ўлада рыхтавала ўласны народ да этнічнага вымірання!
Не толькі сёння, а ўжо і дзесяць―пятнаццаць гадоў таму з вялікай нацяжкай можна было гаварыць пра этнакультурную самабытнасць беларускага народа. Яе раз'елі руская культура і мова. Непасрэднай саўдзельніцай русіфікатарскага працэсу з'яўляецца і сама беларуская па паходжанні творчая інтэлігенцыя нашай краіны. Яшчэ раз хочацца зрабіць акцэнт, што выконваць такую герастратаўскую ролю, як нішто іншае, вельмі добра дапамагае работнікам культуры трывала і даўно ўсталяваная ў краіне рускамоўная адукацыя.
Суверэнная Рэспубліка Беларусь забяспечвае сабе ўнікальнасць у свеце тым, што з'яўляецца краінай без уласнай нацыянальнай культуры. Пра сучасную культуру Беларусі ніяк нельга гаварыць як пра нешта самабытнае, калі не браць пад увагу фальклорны пласт. Творчая інтэлігенцыя Беларусі, працуючы ў рускім культурна-моўным рэчышчы, не ўносіць аніякага ўкладу ў культурную разнастайнасць свету, пра што так клапоціцца ― і зусім заканамерна ― зямная цывілізацыя.
Апошнія пятнаццаць гадоў існавання Беларусі ў якасці суверэннай краіны яшчэ раз пацвердзілі, што ніякія сілы не ў стане так эфектыўна русіфікаваць яе карэннае насельніцтва, як уласная ўлада. Дзеля гэтай ганебнай, злачыннай справы яна за названы адрэзак часу зрабіла значна больш, чым камуністы за ўвесь савецкі перыяд. Ніводзін з першых сакратароў ЦК КПБ, нават самы апошні з іх Анатоль Малафееў, пры якім кампартыя дажыла свой бясслаўны век, не атаясамліваў беларусаў з рускімі, не гаварыў, што першыя і другія размаўляюць на адной мове. Сучасны кіраўнік Беларусі ўжо не бачыць розніцы паміж беларусамі і рускімі, іх мовамі, прыпісвае ўсю заслугу за гэта майскаму рэферэндуму 1995 г., якім, як адзначалася вышэй, рускай мове надалі статус дзяржаўнай.
Выратаванне беларусаў аж рускай культурна-моўнай асіміляцыі найперш справа саміх беларусаў. Але ў сучаснай сітуацыі, калі з усіх грамадскіх сфераў дзейнасці чалавека выведзена беларуская мова, выратаванне гэтага еўрапейскага народа толькі ўласнымі сіламі амаль немагчыма. Да таго ж яшчэ адсутнічае і крытычная маса носьбітаў беларускай мовы сярод інтэлігенцыі. У нас проста няма каму павесці за сабой народ пад лозунгам нацыянальна-культурнага Адраджэння і тым больш, што ў апазіцыі да яго стаіць магутны, шматколькасны дзяржаўны чыноўніцкі апарат. На сёння практычна няма аніякіх надзей, што нашая сістэма дзяржаўнага кіравання набудзе беларускае нацыянальнае аблічча. Краінай кіруюць людзі, безнадзейна адарваныя ад яе культурна-моўных традыцый. І што самае страшнае: абсалютную бальшыню іх складаюць беларусы па паходжанні. Думаю, што гэта дае дастаткова падстаў, каб на культурна-моўную праблему, так не адпаведную здароваму сэнсу, звярнулі ўвагу міжнародныя культурна-асветніцкія структуры. Іншага ж профілю такія структуры вельмі пільна адсочваюць і прымаюць канкрэтныя прапановы па Беларусі, асабліва па пытаннях дэмакратызацыі выбарчай сістэмы, лібералізацыі эканамічнага жыцця, забеспячэння апазіцыйным сілам вольнага доступу ў дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі і г.д. А вось што дзяржава вядзе злачынную палітыку русіфікацыі, разбурае прыродны беларускі культурна-моўны пласт духоўнага жыцця краіны і гэтым самым рыхтуе этнічнае выміранне яе тытульнага народа, не хвалюе аніводную з міжнародных культурна-асветніцкіх арганізацый. Ці ж справядліва ўсё гэта? Упэўнены, што не. Мэтанакіраваная палітыка чыноўніцкага апарату Рэспублікі Беларусь па свядомым разбурэнні этнакультурнай самабытнасці ўласнага народа заслугоўвае да сябе самай пільнай увагі з боку прагрэсіўных сіл сусветнай цывілізацыі і найперш еўрапейскай. Здаровыя сілы беларускага народа будуць удзячныя ўсім палітыкам, дзеячам навукі і культуры, кіраўнікам міжнародных культурна-асветніцкіх арганізацый, якія працягнуць яму руку дапамогі ў час такога нялёгкага змагання за этнічнае выжыванне, захаванне, далейшае ўзбагачэнне сваёй непаўторнай у свеце культурнай самабытнасці.
1 Ратч Василий. Сведения о польском мятеже 1863 года в Северо-Западной России. Вильна. 1867. С. 184, 186.
1 Лёсік Язэп. Творы. Мн., 1994. С. 258.
1 Юхо Іосіф. Крыніцы беларуска-літоўскага права. Мн., 1991. С. 232.
1 Беларуская думка ХХ стагоддзя. Варшава. 1998. С. 399.
1 Журнал Московской патриархии. 1983. № 4. С. 55.
1 Лихачев Д. С. Заметки о русском. // Новый мир. 1980. № 3. С. 36.
1 Джунусов М. Общественный прогресс и национальные отношения. Алма-Ата. 1976. С. 162.
1 Цытавана па газеце «Літаратура і мастацтва» 1997. 20 чэрвеня. С. 13.
2 Цытавана па газеце «Літаратура і мастацтва». 1997. 20 чэрвеня. С. 14.
1 Лёсік Язэп. Творы. С. 260.
1 У дапамогу настаўніку. 1946. № 1. С. 15.
1 Палуян Сяргей. Лісты ў будучыню. Мн., 1986. С. 45.
1 Цытавана па кнізе П. Мілюкова. Национальный вопрос. Берлин. 1925. С. 15.
1 Маркс Карл, Энгельс Фридрих. Соч. Т. 32. С. 45.
1 История СССР. Т. ІІ. М., 1955. С. 787.
1 Вольная Беларусь. 1917. 21 ліпеня.
1 Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 1. Мн., 1973. С. 96.
1 Цытавана па аўтарэфераце докт. дысерт. Г. Зіманса "Развитие и сближение наций в условиях строительства социализма и коммунизма". М., 1970. С. 15.
1 Цытавана па часопісе "Кантакты і дыялогі". 1997. № 2. С. 31.
1 Літаратура і мастацтва. 1999. 10 верасня. С. 14.
1 Наша ніва. 1912. № 43.
1 Е. де-Витте. Действительность. Выпуск 11-й. Онемечение. Борьба народностей. Моравия. Почаев. 1911. С. 128.
1 Мицкевич Адам. Собрание сочинений в 5-ти томах. Т. 4. М., 1956. С. 320.
1 История СССР. Т. ІІ. М., 1955. С. 789.
1 Вольная Беларусь. 1917. 17 жніўня.
1 Е. де-Витте. Действительность. Вып. 11-й. Онемечение. Борьба народностей. Моравия. Почаев. С. 134.
2 Народная Воля. 2010. 5―7 кастрычніка.
1 Известия Императорского Русского Географического общества. СПБ. 1867. Т. IV. Кн. 6. С. 136.
1 Цётка. Творы. Мн., 1976. С. 217.
1 Итоги Всесоюзной переписи населения 1970 года. Т. IV. М., 1973. С. 9.
1 Итоги Всесоюзной переписи населения 1959 года. РСФСР. М., 1963. С. 390, 395, 398.
1 Наша ніва. 1909. № 35, 36.
1 Новая история. Ч. ІІ. М., 1939. С. 163.
2 Новая история. Ч. ІІ. М., 1939. С. 164.
1 Ханазаров К. Х. Сближение наций и национальные языки в СССР. Ташкент. 1963. С. 193.
1 Лихачев Д. С. Заметки о русском. // Новый мир. 1980. № 3. С. 21.
2 Лихачев Д. С. Заметки о русском. // Новый мир. 1980. № 3. С. 35.
1 Беларуская думка ХХ стагоддзя. Варшава. 1998. С. 500.
1 Наша слова. 2000. 23 ліпеня.
1 Вольная Беларусь. 1917. 28 мая.
1 Мицкевич Адам. Собр. соч. в 5-ти томах. Т. 4. М., 1954. С. 264.
1 Наша Ніва. 2009. 3 снежня. С. 9.
1 Народная Воля. 2011, 28-31 студзеня.
1 Цытавана па кн.:Драгоманов М. Н. Полит. соч. Т. І. М., 1908. С. 183.
1 Просвещение национальностей. 1935. № 3. С. 66.
1 Новая история. Ч. ІІ. М., 1939. С. 365.
1 Лихачев Д. С. Заметки о русском. // Новый мир. 1980. № 3. С. 36.
1 Звязда. 1999. 4 верасня.
1 Фарміраванне і развіццё беларускай сацыялістычнай нацыі. Мн. ― 1958. С. ― 122.
1 Полное собр. речей в Государственной думе и Государственном Совете, 1906―1911. Мн., 1991. С. 285.
1 Публицистика белорусских народников. Нелегальные издания белорусских народников (1881―1884). Мн., 1983. С. 31.
* На гэта свядома не ішлі імперскія сілы Расіі.
2 Публицистика белорусских народников. Нелегальные издания белорусских народников (1881―1884). Мн., 1983. С. 31.
1 Публицистика белорусских народников. С. 31, 32.
1 Цытавана па часопісу "Полымя". 1928. № 7. С. 138.
2 Полымя. 1928. № 4. С. 113.
1 Літаратура і мастацтва. 1992. 8 мая. С. 16.
1 Гарбачоў М. С. Перабудова і новае мысленне. Мн., 1988. С. 77.
1 Большэвік Беларусі. 1948. № 1. С. 23.
1 Беларуская думка ХХ стагоддзя. С. 81.
1 Зьвязда. 1930. 5 снежня.
2 Літаратура і мастацтва. 1995. 22 снежня. С. 8.
1 Літаратура і мастацтва. 1992. 16 кастрычніка. С. 15.
1 Літаратура і мастацтва. 1991. 12 ліпеня. С. 15.
1 Цанава Лаврентий. Всенародная партизанская война в Белоруссии против фашистских захватчиков. Ч. 2. Мн., 1951. С. 815, 817.
1 Мачавариани Вл. О самом насущном (Из путевого блокнота). ― Иностранная литература. 1968. № 9. С. 255.
1 Чарвякоў Аляксандр. Я ніколі не быў ворагам. Мн., 1992. С. 83.
1 Наша слова. 2010. 2 чэрвеня.
1 Літаратура і мастацтва. 1995. 30 чэрвеня. С. 1.
1 Народная газета. 1995. 29 ліпеня.
1 Навіны АНБ. 1995. 22 снежня.
1 Наша слова. 1995. 31 траўня.
2 Наша слова. 1995. 2 чэрвеня.
1 Наша слова. 1995. 31 траўня.
1 Навіны АНБ. 1995. 29 снежня.
1 Восстание декабристов. Документы. Т. VII. М., 1958. С. 149.
2 Добролюбов. Н. А. Собрание сочинений. Гихл. 1936. Т. ІІ. С. 227, 228.
1 М. Ковалевский. Национальный вопрос. // Энциклопедический словарь русского библиографического института Гранат. Т. 33. С. 62.
1 Драгомонов М. П. Политические сочинения. Т. І. М., 1908. С. 53.
1 Славянский набат. 1998. 5―11 марта.
1 Вольная Беларусь. 1918. 28 красавіка.
1 Беларускі шлях. 1918. 29 траўня.
1 Маркс К., Энгельс Ф. Соч. Т. ХІІІ. Ч. І. Партиздат ЦК ВКП(б). 1936. С. 156.
1 Известия Императорского русского географического общества. Т. IV. Кн. № 6. С. 136.
2 Известия Императорского русского географического общества. Т. IV. Кн. № 6. С. 147.