Леанід ЛЫЧ
Моладзі - праўдзівую гісторыю Беларусі
Мінск-2014
У кнізе аналізуецца выдадзеная для школьнікаў, навучэнцаў сярэдніх спецыяльных і студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў асноўная літаратура па гісторыі Беларусі, выказваюцца меркаванні, што неабходна рабіць, каб веды пра мінулае нашага народа спрыялі ўзгадаванню яго маладых пакаленняў у духу нацыянальнага патрыятызму, здольных супрацьстаяць любым формам культурна-моўнай асіміляцыі. Кніга разлічана не толькі на моладзь, але і на людзей старэйшых узростаў. Аўтар мае спадзеў, што яго публікацыя дапаможа многім лепш зразумець перажытае нашым народам і якую гісторыю трэба яму сёння.
Кніга надрукавана ў аўтарскай карэктуры і рэдакцыі.
Змест
Аб'ектыўнасць - галоўнае ў гістарычным даследаванні
I. Ад фальсіфікацый да аб'ектыўнасці
2. Ад аб'ектыўнасці да фальсіфікацый
4. Не паддавацца каньюнктуршчыне
Весялкоўскі Юры. Што прывяло Армію Краёву на Беларусь. Лондан 1995 (рэцэнзія)
Прысвячаю тым, хто адукацыю атрымлівае ў беларускай мове
Ад аўтара
Настаўнікі гісторыі майго пакалення (мне пайшоў 86-ы год), а таксама трохі старэйшых і трохі маладзейшых узростаў нямала папрацавалі - і небезвынікова, - каб забіць галовы школьнікаў, навучэнцаў сярэдніх спецыяльных і студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў не тым, што трэба з мінулага Беларусі. Рабілася такое ад душы, свядома, бо мала хто з выкладчыкаў гісторыі, асабліва агульнаадукацыйных школ, сумняваўся ў аб'ектыўнасці змешчанага ў адпаведных вучэбных дапаможніках і падручніках матэрыялу. Да такіх педагогаў належаў і аўтар гэтых радкоў, бо вышэйшую адукацыю атрымаў у Башкірскай АССР і калі што-небудзь чытаў дадаткова да абавязковай літаратуры па гісторыі для ВНУ, дык яно, як правіла, датычыла непасрэдна гэтай рэспублікі.
Маглі сумнявацца, а такое цалкам верагодна, у аб'ектыўнасці гістарычнай літаратуры толькі выкладчыкі - дый то не ўсе - вышэйшых навучальных устаноў. У іх рукі нейкім чынам магла трапіць забароненая бальшавіцкімі ідэалагічнымі службамі літаратура з прынцыповымі адрозненнямі ад той, якую прапаноўвалася вывучаць студэнтам. Пазнаёміць жа апошніх з ёю не адважваўся ніводны педагог з прычыны нежадання быць звольненым з працы, а часам нават панесці больш суровае пакаранне. Такая нездаровая для гістарычнай навукі атмасфера нязменна панавала ў асяроддзі выкладчыкаў і студэнтаў ВНУ дзесьці ажно да сярэдзіны 1980-х гг., г. зн. да абвяшчэння нечаканай для ўсіх савецкіх народаў Гарбачоўскай перабудовы. Дарэчы, яе галоўны ідэолаг Генеральны сакратар ЦК КПСС Міхаіл Гарбачоў вельмі настойліва даводзіў даследчыкам пра неабходнасць глыбокага, аб'ектыўнага вывучэння гістарычнага мінулага, прычым не толькі буйных, але і малых па колькасці народаў, маючы на ўвазе, што гэта дапаможа ім правільна ўсвядоміць сваё месца на зямлі, набрацца моцы, упартасці дзеля таго, каб не стаць ахвярай культурна-моўнай асіміляцыі.
Добратворны ўплыў Гарбачоўскай перабудовы з яе лагічным працягам - нацыянальна-культурным адраджэннем усіх савецкіх, у тым ліку і беларускага, народаў вельмі пазітыўна адбіўся і на стане гістарычных даследаванняў, і на вывучэнні айчыннай гісторыі ва ўсіх тыпах навучальных устаноў Беларусі. З атрыманнем ёю нацыянальнай незалежнасці вельмі ўзрастала зацікаўленасць і даследчыкаў, і выкладчыкаў, і саміх навучэнцаў да стагоддзямі забытых пытанняў нацыянальнага дзяржаўнага будаўніцтва на самых розных этапах гісторыі нашай краіны. Існаванне на яе тэрыторыі з чоткай палітычнай сістэмай княстваў яшчэ ў старадаўнасці вельмі добра паўздзейнічала на нацыянальна-дзяржаўную свядомасць беларусаў, узмоцніла іх жаданне бачыць сваю краіну не на словах, а рэальна нацыянальна незалежнай, г. зн. развітой эканамічна, з па-сапраўднаму дэмакратычным ладам палітычнага жыцця і, несумненна, з самабытнай, максімальна вызваленай ад чужародных уплываў культурай, пабудаванай на ўласнай аснове сістэмай адукацыі, шырокім распаўсюджаннем роднай беларускай мовы ва ўсіх сферах грамадскай дзейнасці чалавека. Усё гэта з'яўлялася цалкам ажыццявімым, рэальным. Яно бесперашкодна займала належнае адлюстраванне на старонках усіх жанраў літаратуры і мо найперш у гістарычнай. Чытаць у ёй пра спаўна насычаную пазітыўнага, стваральнага роду падзеямі сучаснасць, так мала падобную на тое, што было ўчора, падабалася і школьнікам, і студэнтам, і самім педагогам.
Не ў меру насычана таксама разнастайнымі падзеямі апошняе дваццацігоддзе, г. зн. той час, калі ў нашай краіне ўсталявалася прэзідэнцкае кіраванне. Набыткі ёсць ў эканамічным і палітычным жыцці, культурнай сферы. Але не абмінулі нас і сур'ёзныя недахопы. Кожнага ўлюбёнага ў бацькоўскі край грамадзяніна не можа не непакоіць нікому не патрэбная амаль поўная страта беларусамі роднай мовы, галоўную прычыну чаму трэба шукаць у дзяржаўнай нацыянальнай палітыцы, найперш у арганізацыі працы органаў улады і кіравання, дзе прысутнічае толькі рускае слова, у стварэнні практычна цалкам рускамоўнай сістэмы народнай адукацыі. Нуль цана будзе гістарычнай літаратуры , і асабліва прызначанай для педагагічнага працэсу, калі ў ёй будуць свядома абыходзіць вострыя, надзённыя пытанні этнічнага выжывання беларусаў ва ўмовах паглыблення працэсаў глабалізацыі, найбольш яе ўсходняга вектара. Неабходна прыкласці ўсе тэарытычныя і практычныя намаганні ўладных структур, навуковай, педагагічнвай інтэлігенцыі, каб выхаваць у маладых пакаленняў беларускага народа нястрымнае, шчырае жаданне браць удзел у захаванні яго нацыянальнага «Я». Дасягнуць жа такое можна толькі праз сістэмнае выкарыстанне сваіх беларускіх гістарычных традыцый, культурна-моўных каштоўнасцей. Чужыя для гэтага зусім непрыдатныя.
Пагарджанне гістарычным вопытамробіць чалавека, падобным на жывёлу,
з апушчанымі да долу вачыма.
(рымскі філосаф Луцый Аней Сенека)
Аб'ектыўнасць - галоўнае ў гістарычным даследаванні
I. Ад фальсіфікацый да аб'ектыўнасці
Не па сваёй волі многія маладыя пакаленні беларускага народа вывучалі гісторыю па кнігах, у якіх мінулае іх роднага краю свядома падавалася ў сфальсіфікаваным выглядзе. Пісалі такія кнігі аўтары, не ў меру прасякнутыя духам пальшчызны і рускага вялікадзяржаўнага шавінізму. Першыя імкнуліся праз адпаведнае выкладанне матэрыялаў сфармаваць у дзяцей погляд на сябе, як на палякаў, другія - як на рускіх. Навучанне па такіх падручніках не толькі не садзейнічала, а, наадварот, разбурала тыя кволыя парасткі гістарычнай памяці ў дзяцей, якія маглі прарасці ў ёй у выніку сямейнага выхавання, азнаямлення з вусным фальклорам.
Для поглядаў польскіх і рускіх аўтараў кніг па гісторыі іх краін, у складзе якіх стагоддзямі знаходзілася і беларуская зямля (у першым выпадку ў якасці складовай часткі федэрацыі, у другім - пазбаўленая ўсялякіх правоў на тэрытарыяльную аўтаномію), было характэрна поўнае адмаўленне ў беларусаў уласнай дзяржавы на працягу ўсёй іх гісторыі існавання. Такія магутныя беларускія дзяржавы, як Полацкае, Смаленскае і Турава-Пінскае княствы альбо зусім замоўчваліся, альбо паказваліся ў якасці звычайных земляў у складзе Кіеўскай Русі, якія не карысталіся ніякімі палітычнымі правамі, моцна залежалі ад цэнтральнай улады, што знаходзілася ў руках вялікіх кіеўскіх князёў. На самой жа справе за ўсю гісторыю існавання Кіеўскай Русі Полацкае княства жыло ў яе складзе трохі больш за паўстагоддзе, а ўвесь астатні перыяд вяло незалежную самастойную палітыку, даволі паспяхова сапернічала з Кіевам і Вялікім Ноўгарадам за панаванне на прасторах Усходняй Еўропы. Гэты выйгрышны для беларускай гісторыі факт, як толькі маглі, ухіляліся паказваць навукоўцы.
Да крайнасці сфальсіфікавана асвятлялася гісторыя Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ), якое сфармавалася ў другой палове ХІІІ ст. і з цягам часу стала адной з самых буйных дзяржаў у Еўропе. Па сваёй прыродзе гэтая дзяржава найперш за ўсё з'ява беларуская. Сённяшнія літоўцы, якіх тады называлі жамойтамі, аўкштайтамі, складалі не больш за 20% агульнай колькасці насельніцтва ВКЛ. Асноўным, тытульным народам яго былі продкі сучасных беларусаў, якія карысталіся этнонімамі: «русы», «росы», «русічы», «русіны», «рускія» («руськія»), «літвіны» («ліцвіны»).
Дзяржаўнай мовай ВКЛ з'яўлялася мова, якой у той час карысталіся ў зносінах паміж сабою нашы далёкія прашчуры. У літаратуры гэтую мову прынята называць старабеларускай.
У школьных жа падручніках па гісторыі Расійскай імперыі, што выдаваліся на працягу ўсяго часу яе існавання, Вялікае Княства Літоўскае паказвалася як тыповая літоўская дзяржава, да якой нібыта шляхам заваёваў удалося далучыць і спрадвечна рускія землі, г. зн. тыя, што знаходзіліся ў заходняй, паводле сённяшніх мерак - беларускай) частцы Кіеўскай Русі. Такое асвятленне гісторыі ВКЛ у падручніках для школ, гімназій, вышэйшых навучальных устаноў, па-першае, апраўдвала ўсю палітыку Маскоўскага княства, пазней - Рускай цэнтралізаванай дзяржавы па далучэнні да сябе ўсходнеславянскіх земляў (у літаратуры іх называлі спрадвечна рускімі) гэтага дзяржаўнага фармавання, па-другое, мела мэтай схіліць навучэнцаў нашага краю да думкі, што яны не ёсць якія там небудзь «літвіны» («ліцвіны»), «беларусцы», «беларусы», а з'яўляюцца тыповымі прадстаўнікамі рускага этнасу, толькі ў адрозненне ад яго асноўнага ядра зведалі моцныя культурна-моўныя ўплывы з боку літоўцаў (жэмойтаў і аўкштайтаў) і палякаў. Каб беларусы не звязвалі сваё мінулае з Літвою і асабліва з Вялікім Княствам Літоўскім, на афіцыйным узроўні было вырашана не ўжываць гэтыя тэрміны ў дачыненні да іх земляў. У такіх умовах жэмойтам і аўкштайтам нічога не заставалася, як перанесці тэрміны «Літва», «Вялікае Княства Літоўскае» на свае землі і зрабіць іх набыткам сваёй гісторыі, чаму ніколькі не пярэчылі ні дзяржаўныя дзеячы Расійскай імперыі, ні афіцыйныя навукоўцы-гісторыкі. Так з чужой ласкі не толькі навучэнцы, але і ўвесь беларускі народ, за выключэннем толькі найбольш адукаванай яго часткі, былі пазбаўлены праўдзівых ведаў пра самы адметны кавалак нацыянальнай гісторыі, які прыпаў на перыяд існавання яго дзяржавы як унітарнай і незалежнай - Вялікага Княства Літоўскага (другая палова ХІІІ ст. - 1569 г.).
Не вызначаўся аб'ектыўнасцю паказ гісторыі беларускага народа, калі з прычыны частых і кровапралітных войнаў ВКЛ з Масковіяй яго палітыкі шукалі паратунку ў аб'яднанні з Каронай Польскай у адну федэратыўную дзяржаву. I такое здарылася ў 1569 г. праз заключэнне Люблінскай уніі, якая паклала пачатак стварэнню новай у Еўропе буйной федэратыўнай дзяржавы - Рэчы Паспалітай. Палітычныя правы ВКЛ у ёй былі моцна абмежаваны, аднак асноўныя атрыбуты дзяржаўнай улады захаваліся за апошнім. Гісторыя беларускага народа як народа дзяржаўнага працягвалася на працягу ўсяго перыяду існавання Рэчы Паспалітай. Усялякае парушэнне статусу ВКЛ як складовай часткі федэратыўнай дзяржавы Рэчы Паспалітай сустракала сур'ёзнае супраціўленне з боку яго палітыкаў, культурных дзеячаў, не адарваных ад каранёў роднай зямлі.
У працах па гісторыі Расійскай імперыі беларускі народ у складзе Рэчы Паспалітай паказваўся як палітычна абсалютна бяспраўным, поўнасцю пазбаўленым усялякіх магчымасцяў для прыстойнага этнакультурнага развіцця. Істотна перабольшвалася напружанасць ва ўзаемадачыненнях уніятаў, католікаў і праваслаўных. З названых хрысціянскіх вернікаў Расія падтрымлівала толькі апошніх, прычым да такой ступені, што пакідала за сабою права дзеля абароны іх рэлігійных традыцый умешвацца ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай. I такое сапраўды здарылася ў 1772, 1793 і 1795 гг., калі расійскі, прускі і аўстрыйскі імператары падзялілі паміж сабою тэрыторыю гэтай адной з самых буйных дзяржаў Еўропы. У афіцыйнай рускай гістарыяграфіі, а таксама ў падручніках для ўсіх тыпаў навучальных устаноў дадзеная падзея асвятлялася самымі ружовымі фарбамі, узносілася як вялікай гістарычнай важнасці факт палітычнага ўз'яднання колісь адзінага старажытнарускага народа, расчлянёнага ў другой палове XІІІ ст. захопніцкімі нападамі татара-мангольскіх і літоўскага народаў.
Пра тое, што ў асяроддзі насельніцтва заходніх земляў Кіеўскай Русі яшчэ да гэтых нападаў інтэнсіўны характар набылі працэсы фармавання адметнай ад усіх іншых усходнеславянскіх народаў этнічнай супольнасці, якая на пэўным адрэзку гістарычнага шляху набудзе назву «беларуская», нават і слова не мовілася. Згаданыя працэсы не толькі не спыніліся, а, наадварот, набылі яшчэ большы размах, калі насельніцтва дадзенай часткі Кіеўскай Русі пераўтварылася ў тытульны народ Вялікага Княства Літоўскага і яшчэ далей адышла ад тых этнакультурных прыкмет, якія былі ўласцівыя старажытнарускай народнасці ці карэннаму жыхарству Маскоўскага княства, Рускай цэнтралізаванай дзяржавы, Расійскай імперыі. Таму ўрад апошняй у выніку падзелаў Рэчы Паспалітай далучыў да сябе не нейкае адгалінаванне рускага этнасу, а зусім самабытны славянскі народ, які толькі з прычыны правядзення прапольскімі ўладамі палітыкі культурна-моўнай асіміляцыі не паспеў зацвердзіцца на якой-небудзь адной пэўнай саманазве, а карыстаўся, як і раней, у залежнасці ад розных фактараў, і перадусім канфесійнага, такімі этнонімамі, як «літвіны» («ліцвіны»), «русічы», «беларусцы» і «беларусы». На гэты час этнонім «рускі» меў у нашым краі вельмі абмежаванае распаўсюджанне. Ім называла сябе нават далёка не ўсё праваслаўнае насельніцтва, на якое прыпадала менш за 20 % агульнай колькасці жыхарства далучаных да Расійскай імперыі беларускіх земляў. Па гэтай прычыне яе ўмяшанне ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай дзеля спынення парушэння правоў братняга праваслаўнага насельніцтва не мела аніякага юрыдычнага апраўдання.
На далучаных да Расіі землях каля 80 % усіх хрысціянскіх вернікаў складалі ўніяты. Падпісанне ў 1596 г. у Бярэсці царкоўнай уніі было выклікана нежаданнем высокіх іерархаў праваслаўнага духавенства Вялікага Княства Літоўскага трапіць пад поўнае падпарадкаванне Маскоўскай патрыярхіі (заснавана ў 1589 г.) ці каталіцызму польскага ўзору, бо ўсе яны сваім рэлігійным уплывам толькі садзейнічалі размыванню этнакультурных асноў беларускай народнасці. Апошняй без сваёй уласнай уніяцкай царквы не ўдалося б захавацца - праўда, са значнымі стратамі этнакультурнай адметнасці - як самабытнай народнасці за час знаходжання ў складзе Рэчы Паспалітай (з 1569 па 1795 г.), улічваючы маштабнасць, крайне жорсткі характар палітыкі паланізацыі. Без апоры на ўніяцкую царкву беларусам за гэты час давялося б усім стаць католікамі, якія прапольскімі ўладамі Рэчы Паспалітай атаясамляліся з палякамі. У выніку адбылося б этнічнае выміранне беларускага народа. Уніяцкая царква была адзінай хрысціянскай канфесіяй у ВКЛ, якая не называла сваіх вернікаў ні «палякамі», як гэта практыкавалася каталіцкім касцёлам, ні «рускімі», як гэта рабілася праваслаўным духавенствам. Самым распаўсюджаным і модным для ўніяцкай царквы было карыстацца ў дачыненні да сваёй паствы этнонімамі «літвіны» («ліцвіны») і «беларусцы». За такую шчырую прыхільнасць уніяцкага духавенства да нацыянальных традыцый яно ўвесь час было ў няміласці як польскага каталіцкага касцёла, так і Рускай праваслаўнай царквы. Гэта найперш яе заслуга, што ў 1839 г. адміністрацыйным шляхам было спынена існаванне ў Расійскай імперыі ўніяцкай царквы. У гістарычнай літаратуры гэтая прымусовая акцыя хлусліва падавалася як шчырае волевыяўленне саміх уніятаў.
Захоп Расіяй беларускіх земляў, у выніку чаго яны страцілі сваю колішнюю палітычную незалежнасць - няхай сабе і сімвалічную,- якой карысталіся ў складзе Рэчы Паспалітай, выклікаў вялікую незадаволенасць у патрыятычна настроеных людзей. 3 нацыянальна-вызваленчых акцый супроць царызму, праведзеных па іх ініцыятыве, найбольш важнымі былі паўстанні, 1794г. на чале з Андрэем Тадэвушам Касцюшкам, 1830-1831 і 1863-1864 гг. Апошнім з названых паўстанняў кіраваў Кастусь Каліноўскі. Афіцыйныя рускія гісторыкі характарызавалі ўдзел беларускага народа ў гэтых выступленнях не больш, як польскую інтрыгу, і цалкам адмаўлялі наяўнасць у яго ўсялякага жадання да самастойнага дзяржаўнага развіцця, бо не лічылі яго (беларускі народ) за самабытную этнічную супольнасць.
У выніку працяглай адсутнасці арганізаванага фармавання ў маладых пакаленняў беларускага народа праўдзівай гістарычнай памяці, яго франтальнай культурна-моўнай русіфікацыі, да чаго асабліва шмат намаганняў прыклалі разам з мясцовай адміністрацыяй праваслаўная царква і наўмысна створаная дзеля гэтых мэтаў сістэма адукацыі, значныя пласты людзей сталі паступова траціць сваю этнічную самасвядомасць, адмаўляцца ад колішніх, ужо не раз згаданых этнонімаў і сталі называць сябе «рускімі» альбо такім у поўным сэнсе слова абразлівым для любога народа высокай нацыянальнай свядомасці тэрмінам, як «тутэйшыя».
Але як часта здараецца з паасобным індывідумам, які ў самай крытычнай, здавалася зусім безнадзейнай сітуацыі, знаходзіць сілы для пераадолення набліжэння біялагічнай смерці, так і ў беларускага народа ў крайне экстрэмальных умовах для этнічнага існавання адшукаліся асобы, якія змаглі прыпыніць гэты разбуральны працэс. Глыбокі аналіз выяўленага ў архівах, старажытных кнігах, сабраных у самога беларускага народа матэрыялаў сфармаваў у тагачаснай генерацыі яго адукаваных людзей і найперш у навукоўцаў-гісторыкаў цвёрдую ўпэўненасць, што беларусы - гэта не палякі, і не рускія, а самабытны народ. Сістэмна і пераканаўча гэта было выкладзена ў выдадзенай у 1910 г. у Вільні кнізе Вацлава Ластоўскага «Кароткая гісторыя Беларусі». Яна не адносілася да разраду падручнікаў, але настаўнікі, якія хацелі данесці да ведама навучэнцаў чыстую праўду пра мінулае роднага краю, карысталіся матэрыяламі гэтай кнігі на ўроках гісторыі ці ў па-за школьнай працы. В. Ластоўскі рашуча адхіліў памылковыя, рэакцыйныя погляды польскіх і рускіх гісторыкаў і дазволіў сабе, як адзначана ў прадмове да кнігі, «некаторыя здарэньня асудзіць па свойму з становішча карысьцей і шкод беларускага народу». Яго гістарычнай памяці былі вернутыя Полацкае княства і Вялікае Княства Літоўскае. Чытачам падаваліся яскравыя прыклады гераічнага змагання яго за сваю дзяржаўную назалежнасць, на якую не раз замахваліся і маскоўскія князі. У якасці такога прыкладу прыводзілася і бітва войскаў Масквы і ВКЛ у 1514 г. пад Оршай, у якой бліскучую перамогу атрымалі воіны апошняга, што садзейнічала фармаванню ў людзей погляду на далёкіх прашчураў, як на гераічны і свабодалюбны народ.
Законны гонар ў чытача за Бацькаўшчыну фармаваўся прыведзенымі В. Ластоўскім шматлікімі фактамі пра яго выдатныя дасягненні ў культуры, асабліва ў друкаванні кніг. У гэтай справе з усіх славянскіх народаў паперадзе беларусаў ішлі толькі чэхі.
Усе, каму даводзілася чытаць старонкі «Кароткай гісторыі Беларусі» В. Ластоўскага, прысвечаныя жыццю беларусаў у складзе Рэчы Паспалітай, не маглі не ўражвацца іх стойкасці, за выключэннем толькі значнай часткі заможных людзей, у адстойванні сваіх правоў на палітычную самастойнасць, у захаванні роднай культуры і мовы, імкненні мець незалежную ад Масковіі і Кароны Польскай царкву. В. Ластоўскі адкрытым тэкстам піша, што беларусы і маскоўцы ад веку мелі розныя культуры, што ў ХVII ст. «для Масквы Беларусы не былі рускім народам, але «Літвою»; у Маскве думалі, што Рускае - гэта тое самае, што маскоўскае, а ўсё іншае - хаця і рускае, але што вытварылося асобнымі варункамі жыцьця,- значыць і тое, што стварыла беларуская культурная работа, што было сваім для беларусоў, маскоўцы лічылі літоўскім, або і польскім, «лацінствуючым»,- не рускім». Бясспрэчна, такое тлумачэнне этнічнага паходжання беларусаў паспрыяла многім у правільнай самаідэнтыфікацыі, адмове ад назову «тутэйшыя».
У процівагу рускім афіцыйным гісторыкам В. Ластоўскі даводзіў чытачу, што беларускі народ як даўней, так і пасля далучэння яго да Расіі ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай быў «для расейскіх людзей національно зусім чужым», што «тагочасныя расейцы ня лічылі... народу беларускаго расейскім», што такі этнонім сталі ўжываць да яго толькі пасля задушэння нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863-1864 гг. пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. У атрыманні ў 1905 г. беларусамі разам з іншымі народамі Расіі права друкаваць кнігі і газеты на роднай мове В. Ластоўскі справядліва бачыў найважнейшы фактар паспяховага нацыянальна-культурнага адраджэння сваёй Бацькаўшчыны.
Яшчэ больш адпавядаў патрабаванням праўдзівай нацыянальнай гісторыі выдадзены ў 1919 г. у Менску «Кароткі нарыс гісторыі Беларусі» Усевалада Ігнатоўскага. Яго працай у аднолькавай ступені карысталіся як у агульнаадукацыйных школах, так і сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных установах. У ёй ужо не адчувалася варшава - ці масква-цэнтрычнай канцэпцыі, беларусы паказваліся самабытным народам, адрозным як ад палякаў, так і рускіх, хаця і даволі блізкім да іх па шэрагу этнакультурных паказчыкаў. Пра вялікую папулярнасць кнігі можна меркаваць па тым, што на працягу 1920-х гг. яна была тры разы перавыдадзена ў БССР. Трэці раз у 1926 г., г. зн. яшчэ да таго часу, пакуль рэльефна не абазначылася нежаданне савецкай улады з ранейшым маштабам ажыццяўляць палітыку нацыянальна-культурнага адраджэння Беларусі. Гэта ўжо ў канцы 20-х - пачатку 30-х гг. мінулага стагоддзя самыя гарачыя і шчырыя прыхільнікі беларусізацыі будуць беспадстаўна абвінавачаны ў падрыўной дзейнасці да савецкай дзяржавы, занесены ў разрад яе небяспечных ворагаў - буржуазных нацыянальных дэмакратаў (нацдэмаў). Галоўным ідэолагам іх быў названы У. Ігнатоўскі. Кнігу яго забаранілі выкарыстоўваць у навучальна-выхаваўчым працэсе. Даведзены частымі і працяглымі цкаваннямі ідэалагічных службаў Кампартыі Беларусі, жорсткімі допытамі савецкіх рэпрэсіўных органаў да крайняга знясілення вучоны-гісторык 4 лютага 1931 г. скончыў сваё жыццё самагубствам. Гэта ён выканаў больш «прафесійна» за любімага ўсім беларускім народам паэта Янку Купалу, якому 27 лістапада 1930 г. не ўдаўся такі акт над сабой. У год трагічнай смерці У. Ігнатоўскага яму не было адпаведнай замены ў гістарычнай навуцы. Школы, тэхнікумы, інстытуты ды і ўсё грамадства ў цэлым надоўга засталіся нават без самай элементарнай кнігі па гісторыі Айчыны. Народ - і самае страшнае: яго маладыя пакаленні - кінуты ў яму гістарычнага бяспамяцтва. Прамаскоўскай арыентацыі партыйных і савецкіх функцыянераў гэта ніколькі не хвалявала. Лічылі, што дастаткова будзе навучэнскай моладзі тых ведаў пра родны край, якія ў іх ёсць магчымасць пачарпнуць з падручнікаў па гісторыі СССР у цэлым (у іх утрымліваўся матэрыял ад самых старажытных часоў). У іх жа мінулае Беларусі ў многім выкладалася так, як у падручніках, напісаных рускімі гісторыкамі да кастрычніка 1917 г. З іх старонак вынікала, што ў нашага народа няма сваёй уласнай гісторыі, што яна пачалася для яго толькі пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г., утварэння 1 студзеня 1919 г. Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР).
2. Ад аб'ектыўнасці да фальсіфікацый
Гісторыя Беларусі як звычайны школьны прадмет прыйшла да вучняў толькі ў 1960 г., г. зн. калі на чале партыйнага кіраўніцтва поліэтнічнай краінай - СССР стаяў Мікіта Хрушчоў. Пад той час у яе набралася процьма неразвязаных пытанняў у галіне міжнацыянальных дачыненняў. З выкрыццём культу асобы Іосіфа Сталіна зараз на некаторыя з іх сталі глядзець з прынцыпова іншых, у значнай ступені дэмакратычных і аб'ектыўных пазіцый. Такога жаданага пацяплення ў нацыянальным жыцці не маглі не выкарыстаць і прадстаўнікі гістарычнай навукі Беларусі. Адзін з найбольш вядомых з іх загадчык кафедры гісторыі БССР Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Лаўрэнцій Абецадарскі (у больш познім напісанні - Абэцэдарскі) разам з Марыяй Баранавай і Нінай Паўлавай выдалі ў 1960 г., вучэбны дапаможнік для вучняў сярэдняй школы «Гісторыя БССР». Лёс у гэтай кнігі быў надзвычай шчаслівы: перавыдавалася дванаццаць разоў! Прытрымліваючыся погляду на гісторыю Беларусі як складовую частку гісторыі Расіі, яны адпаведным чынам выклалі і ўсе матэрыялы ў кнізе. Так, на той яе старонцы, дзе гаворыцца пра старажытнарускую дзяржаву, нават і словам не згадана, што ў яе склад толькі вельмі кароткі час уваходзілі Полацкае, Тураўскае, Пінскае і іншыя княствы, якія ўзніклі на тэрыторыі сучаснай Беларусі, бо ўсе яны стала імкнуліся да палітычнай незадежнасці ад Кіева. Для аўтараў вучэбнага дапаможніка ўтварэнне Вялікага Княства Літоўскага ёсць ні што іншае, як заваёва заходнярускіх (беларускіх) і паўднёва-заходніх земляў літоўскімі князямі. Гэтае Княства нідзе не характарызуецца як беларускае. Наадварот, без усялякіх довадаў заяўляецца, што пераважная частка яго насельніцтва, г. зн. беларусы, жыла толькі адной думкай, як яму хутчэй далучыцца да цэнтралізаванай Рускай дзяржавы. Гэтае «жаданне» нібыта не аслабела і пасля таго, як у 1569 г. ВКЛ аб'ядналася з Каронай Польскай у сумесную федэратыўную дзяржаву - Рэч Паспалітую, і стала бясконца радаснаю рэальнасцю пасля трох падзелаў апошняй (1772, 1793 і 1795 гг.) і ўз'яднання (толькі не далучэння!) Беларусі з Расіяй. Яно, чытаем у кнізе, «было абумоўлена…усім ходам гістарычнага развіцця беларускага народа... адпавядала яго кроўнай зацікаўленасці, яго спрадвечнаму імкненню ўз'яднання з родным па паходжанню, мове і культуры рускім народам» (с. 64). Адсюль вынікае, што ў беларускага народа тады нават і думкі не было пра незалежнае палітычнае жыццё, што ён быў здольны жыць толькі пад уладай кагосьці, толькі не пад сваёй. I яшчэ паўсказа з той жа старонкі: «Уз'яднанне Беларусі з Расіяй стварыла ўмовы для магутнага ўплыву на Беларусь рускай... культуры...» Безумоўна, уплыў меў месца, прычым, не толькі з плюсам, але і з мінусам. Другога нават больш, чым першага, у выніку чаго аказаліся ввльмі моцна падарванымі прыродныя асновы беларускай культуры. Аднак пра гэта ні слова ў кнізе. Затое ў ёй хапае фармулёвак такога кшталту: «Культура народных мас Беларусі развівалася… пад дабратворным уплывам культуры рускага народа. Перадавая, дэмакратычная руская культура была блізкай, роднай (падкрэслена мною. - Л. Л.) беларускаму народу» (с. 86). Выходзіць, сваёй роднай ужо не было ў беларусаў, бо нельга ж аднаму і таму народу мець дзве родныя культуры, дзве родныя мовы.
Аўтары вучэбнага падручніка на выдатна выканалі сацыяльны заказ бальшавіцкай партыі па напісанні гісторыі Беларусі савецкага перыяду. Было б марным шукаць у кнізе праўдзівых звестак пра першую ў XX ст. на Бедарусі незалежную нацыянальную дзяржаву - Беларускую Народную Рэспубліку, пра грабежніцкі падзел у 1921 г. беларускай этнічнай тэрыторыі ўрадамі суседніх дзяржаў, пра невыносную эксплуатацыю народа, найперш сялян, дзеля ажыццящлення палітыкі сацыялістычнай індустрыялізацыі, пра выкліканыя суцэльнай калектывізацыяй сельскай гаспадаркі матэрыяльныя цяжкасці і чалавечыя ахвяры. Нідзе не сказана пра страты найлепшай часткі беларускага народа ў выніку буйнамаштабных акцый бальшавіцкай партыі і адданых ёй спецслужбаў па барацьбе з «нацдэмамі» і ў ходзе масавых фізічных рэпрэсій 1930-х гадоў - з «ворагамі народа». Жыццё беларускага народа пад нямецкай акупацыяй цалкам зведзена толькі да баявых дзеянняў партызан і падпольшчыкаў. Пасляваенны перыяд гісторыі Беларусі паказаны як суцэльны трыўмф на шляху камуністычнага будаўніцтва. Ужо большай палітызацыі вывучэння гісторыі Беларусі ў агульнаадукацыйных школах ніяк нельга было дасягнуць.
Сказанае вышэй пра выдадзены ў 1960 г. вучэбны дапаможнік «Гісторыя БССР» ледзь не цалкам можна аднесці і да ўсіх астатніх па дадзеным прадмеце кніг, што выходзілі ў 1961-1974 гг. і належалі пяру згаданых асобаў.
3 1975 г., г. зн. у год смерці Л. Абэцэдарскага, пачаў выходзіць ужо не вучэбны дапаможнік, а падручнік па «Гісторыі БССР» для вучняў агульнаадукацыйных школ. Рэдактар і аўтары засталіся ж тыя самыя. Апошні, дзесяты раз ён быў перавыдадзены ў 1987 г., г. зн. у час, калі на неабсяжных прасторах СССР, у т. л. і Беларусі, у адпаведнасці з Гарбачоўскай перабудовай адбывалася пераацэнка не толькі сучаснага жыцця, але ў значнай ступені і даўно ўжо пройдзенага шляху.
Згаданы падручнік, як і ўсе папярэднія яму выданні вучэбнага дапаможніка, не нёс у сабе нічога прынцыпова новага, паколькі яно было не пажадана і для ідэалагічных службаў ЦК КПБ. Па іх спецыяльным заказе аўтары пісалі тое, што найбольш адпавядала погляду савецкай афіцыйнай гістарыяграфіі на мінулае Беларусі. У школьных падручніках, як і ў іншых сваіх працах, Л. Абэцэдарскі непахісна стаяў па пазіцыях «адмаўлення нацыянальнага пачатку ў развіцці гісторыі Беларусі, якую ён лічыў часткаю гісторыі Расіі [1] . Гэта цалкам задавальняла адпаведныя структуры ЦК КПБ і саюзных партыйных органаў, і яны наўрад ці пагадзіліся б выдаць зусім іншага зместу і характару падручнікі па гісторыі Беларусі для агульнаадукацыйных школ. Калі б у той час у нас не было Л. Абэцэдарскага і К°, падобную работу па ўказцы гэтых органаў выканалі б - і зусім не горш - іншыя аўтары. Такія былі няпростыя ўмовы нашага жыцця.
Ва ўнісон усім папярэднім падручнікам і ў «Гісторыі БССР» 1987 г. выдання сустракаем падзагалавак «Рух (беларускага народа. - Л. Л.) за ўз'яднанне з Расійскай дзяржавай» (с. 34). Гэты рух, даводзяць вучням, «літоўскія князі не маглі задушыць нават сілай зброі» (с. 35). Вось так на ўроках гісторыі Айчыны ішло «фармаванне» у беларускіх школьнікаў нацыянальна-дзяржаўнай свядомасці, чаму ў педагагічным працэсе школ іншых краін надаецца самае першаступеннае значэнне. Таму нядзіва, што многія сённяшнія беларусы ўзростам 40 - 50 гадоў і старэй гэтак баяцца і чужаюцца дзяржаўнага суверэнітэту сваёй краіны. Адны з іх гатовыя інтэграваць яе ў палітычную сістэму Расіі, другія - Польшчы. Нябось, у суседняй Літве, дзе дзяцей вучылі сапраўднай нацыянальнай гісторыі, людзі вышэй за ўсё цэняць дзяржаўны суверэнітэт і не бачаць аніякай патрэбы ў палітычным аб'яднанні ні з Беларуссю, ні з Польшчай, хаця ў мінулым не адну сотню гадоў пражылі з іх народамі ў адной дзяржаве.
Ніколькі не ўбавілі аўтары падручніка, з аднаго боку, сваёй злосці на каталіцызм і ўніяцкую царкву, а з другога - радасці ад жорстскай расправы казацкіх атрадаў з гэтымі рэлігійнымі плынямі. Працэс фармавання беларускай народнасці, тлумачылася дзецям, адбываўся толькі «на аснове адзінай старажытнарускай народнасці, на аснове яе багатай мовы і многавяковай культуры» (с. 43). Такога перабольшвання ролі гэтай народнасці ў складванні беларускага народа не заўсёды прытрымліваліся нават многія дарэвалюцыйныя афіцыйныя рускія гісторыкі. Практычна цалкам абыдзены такія важныя фактары ўтварэння беларускай народнасці, як яе шматвяковае сужыццё з неславянскім насельніцтвам Вялікага Княства Літоўскага, разнастайныя кантакты ў галіне культуры з краінамі Цэнтральнай і Заходняй Еўропы.
Каб і хацеў, больш узнёслых, чым у падручніку, выразаў і слоў не знайшоў бы для ўсхвалення факту далучэння Беларусі да Расіі ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай, якое, зразумела, падаецца, як «уз'яднанне», прычым гістарычнай важнасці. У пэўнай ступені нават здзіўляе, што некалькімі старонкамі ніжэй у падручніку ўсё ж можна патрапіць і на такія праўдзівыя радкі: «Нацыянальная самастойнасць беларускай мовы і культуры не прызнавалася. Царызм забараняў ужываць беларускую мову ў афіцыйных дакументах. Выданне кніжак на беларускай мове таксама было забаронена» (с. 78). Не ўтойваецца, што падобная драконаўская санкцыя ўжывалася супроць яе і ў сістэме народнай адукацыі. А вось назваць гэтую антыбеларускую палітыку дзяржавы ёмістым і дакладным словам - «русіфікацыя», у падручніку не асмеліліся.
Практычна зусім не адмовіліся аўтары дадзенага падручніка ад сваіх памылак пры асвятленні савецкага перыяду гісторыі Беларусі. Пра ўтварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі сказана толькі трыма радкамі і, зразумела, у адмоўным плане. А пра падзеі, звязаныя з дзяржаўнай палітыкай беларусізацыі, «нацдэмакратызмам», масавай высылкай сялян пры правядзенні калектывізацыі, жорсткімі савецкімі рэпрэсіямі ў 1937-1938 гг, не згадана нават ні словам! Толькі ў станоўчым плане пададзена духоўнае жыццё пасляваеннай Беларусі, хаця вядома, што з-за мэтанакіраванай палітыкі дзяржавы ў ім аказаўся дашчэнту здэфармаваным нацыянальны патэнцыял, асабліва ў галіне народнай адукацыі, прафесійных пластах мастацкай культуры. Усё, што датычыць беларускай нацыянальнай культуры, падаецца пад вуглом толькі яе ўздыму і росквіту.
3. Набліжэнне да ісціны
З сярэдзіны 1980-х гадоў на неабсяжных прасторах СССР раптам павеяла доўгачаканай, радаснай пераменай. Пад вялікія сумненні былі пастаўлены ўсе яго «гістарычныя, эпахальныя дасягненні» на шляху камуністычнага будаўніцтва. Мо толькі ў нашым краі ўпарта не жадалі заўважаць новых з'яў у жыцці. Таму і знаёмыя нам аўтары падручніка па гісторыі Беларусі вельмі неахвотна ішлі на ачышчэнне сваёй кнігі ад фальсіфікацый у час, калі ў СССР на ўвесь голас загаварылі пра Гарбачоўскую перабудову, пачаўся перагляд не толькі «нечуваных перамог» у развіцці эканомікі і культуры, але і многіх фактаў і падзеяў з далёкіх часоў.
Пра пільную неабходнасць такой пераацэнкі не раз гаварыў сам генеральны сакратар ЦК КПСС Міхаіл Гарбачоў. I першымі прыслухаліся да іх тыя з аўтараў, хто толькі зараз пажадаў заняцца напісаннем аб'ектыўнай школьнай літаратуры па гісторыі Беларусі. Ім паспрыяла не ўхіліцца ад праўды адсутнасць грузу памылак мінулых гадоў, свядомых фальсіфікацнй, з якімі так звыкліся і ад якіх не жадалі адступаць тыя, што пісалі кнігі па гісторыі, пачынаючы з 60-х гадоў.
Акрамя дэмакратызацыі грамадскага жыцця, выкліканай Гарбачоўскай перабудовай, даць праўдзівы паказ гісторыі свайго краю дапамагала шматлікім аўтарам вучэбных дапаможнікаў і падручнікаў па гісторыі Беларусі для агульнаадукацыйных школ азнаямленне са зместам цікавых і зусім арыгінальных матэрыялаў на гэтую тэму, якім з вялікай ахвотай давалі месца на сваіх старонках усе без выключэння дзяржаўныя і неафіцыйныя газеты і часопісы рэспублікі. Такога буму яшчэ ніколі не ведала практыка асвятлення нацыянальнай гістарычнай праблематыкі ў перыядычным друку. Гэта быў яе сапраўдны Рэнесанс у папулярызацыі гістарычных ведаў. Пасля стагоддзяў нечуванай хлусні і фальсіфікацый народу даваліся аб'ектыўныя звесткі пра мінуўшчыну, што самым станоўчым чынам адбівалася на фармаванні, узбагачэнні яго гістарычнай памяці, узрастанні грамадзянскага і нацыянальнага гонару. Асабліва пацягнуліся маладыя пакаленні да сваёй сівой даўніны пасля выхаду ў свет у 1990 г. кнігі Мікалая Ермаловіча «Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды». З яе зместу нават у маладасведчанага ў гэтых пытаннях чалавека складвалася перакананне, што беларусы ёсць самабытны і старажытны народ, які ўзнік на аснове сумеснага сужыцця славянскіх аб'яднаных этнічных супольнасцяў дрыгавічоў, крывічоў, радзімічаў з балцкімі і фіна-угорскімі.
Такой пазіцыі прытрымліваліся і аўтары самага першага ў часы перабудовы вучэбнага дапаможніка для вучняў 5-6 класаў «Гісторыя Беларусі. Старажытныя часы і сярэднявечча» Георгій Штыхаў і ўладзімір Пляшэвіч, які выйшаў з друку ў 1993 г., г. зн. у пік беларускага нацыянальна-культурнага Адраджэння канца 80-х- пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Вучням без усялякіх хістанняў і сумненняў яны даводзілі, што «у культуры і мове крывічоў-палачан, дрыгавічоў, радзімічаў перапляліся славянскія і балцкія элементы» (с. 91), што тэрыторыя рассялення гэтых славянскіх этнічных супольнасцей першапачаткова знаходзілася па-за межамі «Русі» (с. 93). Ні ў адным з папярэдніх вучэбных дапаможнікаў ці падручнікаў па гісторыі Беларусі так панарамна не паказана барацьба Полацка з Ноўгарадам і Кіевам за сваю дзяржаўную незалежнасць, як гэта пастараўся зрабіць Г. Штыхаў. Праз азнаямленне з умела падабранымі гістарычнымі фактамі вучні глыбока пераконваліся ў тым, як цанілі і не шкадавалі жыцця іх далёкія продкі, каб толькі заставацца гаспадаром на сваёй зямлі. А замахваліся на яе нашыя суседзі.
У вышэйзгаданым вучэбным дапаможніку адсутнічалі ўсялякія надуманыя сцвярджэнні аб захопе літоўскімі плямёнамі беларускіх земляў як нібыта найважнейшым фактары ўтварэння Вялікага Княства Літоўскага, «Полацкая зямля,- адзначана ў кнізе,- апынулася падпарадкаванай уладзе вялікага князя літоўскага не ў выніку заваявання, а са згоды полацкага баярства і багатага купецтва» (с. 197). ВКЛ разгледжана як сумесная дзяржава беларусаў і літоўцаў, у якой на долю першых прыпадала 3/4 яе агульнай колькасці насельніцтва.
У поўнай адпаведнасці з аб'ектыўным ходам падзей, у духу беларускай нацыянальнай ідэі быў напісаны і выдадзены таксама ў 1993 г. Паўлам Лойкам вучэбны даламожнік для 7 класа сярэдняй школы «Гісторыя Беларусі». Ён быў прысвечаны вельмі складанаму і супярэчліваму перыяду ХVІ-ХVIII стст., пры асвятленні якога раней і ў навуковай, і ў вучэбнай літаратуры дапушчана нямала памылак, свядомых фальсіфікацый. На гэты раз імі не забівалі галовы школьнікаў. 3 кнігі яны даведваліся, якіх буйных поспехаў у гэты час дамаглася іх Бацькаўшчына ў культурным жыцці, як яе народ гераічна адстойваў сваю дзяржаўную незалежнасць, у т. л. і ў час Лівонскай вайны з Масковіяй (1558-1582). Заключэнне ў 1569 г. Люблінскай уніі з Каронай Польскай падавалася не як які-небудзь акт здрады кіраўнічых колаў Беларуска-Літоўскага гаспадарства, а тлумачылася жаданнем з дапамогай такога палітычнага саюза адстаяць сваю тэрытарыяльную цэласнасць ад захопніцкіх прэтэнзій маскоўскіх князёў. Але школьнікам давалася зразумець, што пасля аб'яднання ВКЛ з Каронай Польскай у федэратыўую дзяржаву - Рэч Паспалітую - першаму не дужа вольна жылося, бо яго насельніцтву даводзілася зведваць цяжкі сацыяльны і нацыянальны прыгнёт. Да таго ж не спыняліся і войны з Маскоўскай дзяржавай, з якіх самай кровапралітнай была вайна 1654-1667 гг. Аўтар не стаў утойваць ад вучняў і тую жорсткасць, з якой распраўляліся з цывільным насельніцтвам казакі, што прыйшлі на Беларусь разам з рускім войскам. Не спыняліся войны і ў наступным стагоддзі, што разам з унутрыдзяржаўнымі непаладкамі ў Рэчы Паспалітай прывяло яе да рэзкага эканамічнага знясілення і ўрэшце падзелу паміж самымі магутнымі імперыямі Еўропы - Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй. У процівагу раней выдадзеным вучэбным дапаможнікам і падручнікам у дадзеным адсутнічалі домыслы аб імкненнях простага беларускага люду вырвацца з-лад улады Рэчы Паспалітай і далучыцца да Расійскай дзяржавы.
Цалкам ачысціў ад памылак, характэрных усім даперабудовачным школьным дапаможнікам і падручнікам па гісторыі Беларусі пры асвятленні таго часу, калі яна знаходзілася ў складзе Расійскай імперыі, таленавіты, адданы нацыянальна-адраджэнскім працэсам навуковец Міхаіл Біч. Яго дапаможнік для вучняў сярэдняй школы «Гісторыя Беларусі: канец ХVIII ст.- 1917 г.» (1993) з вялікай прыхільнасцю быў сустрэты настаўнікамі, бо ў ім яны шмат убачылі такога, што цалкам адпавядала гістарычнай ісціне. У заслугу аўтару наперш трэба паставіць, што ён дапамог вучням зразумець, што наш народ ніколі не быў абыякавым да свайго нацыянальна-дзяржаўнага самавызначэння, пра што сведчыць і факт утварэння 1 ліпеня 1812 г. у адпаведнасці з загадам французскага імператара Напалеона Часовага ўрада Вялікага Княства Літоўкага. Іншая справа, што ў гэтым урадзе пераважалі прапольску настроеныя элементы, якія ў сваіх планах аднаўлення Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. не лічыліся з карэннымі беларускімі інтарэсамі. На адпаведных старонках вучэбнага дапаможніка школьнікам тлумачылася, што ў паўстанні 1863-1864 гг., на чале з Кастусём Каліноўскім самым важным было перарастанне «беларускага нацыянальна-культурнага руху ў палітычны, у барацьбу за дзяржаўнасць Беларусі ў форме народаўладдзя..» (с. 146). Яшчэ ніхто да М. Біча так доказна не раскрыў шкоду, якую прычыніла беларускаму народу палітыка паланізацыі і русіфікацыі, асабліва ў сістэме адукацыі. Становішча Беларусі ў складзе Расійскай імперыі аргументавана падавалася як каланіяльнае. Упершыню вельмі адметны, пазнавальны характар насілі старонкі дапаможніка, прысвечаныя ўтварэнню беларускай нацыі, нацыянальна-культурнаму руху. Апошні неўзабаве пасля лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. набыў выразны палітычны характар. Праўдзівым паказам аднаго з самых складаных у гісторыі Беларусі перыядаў - канца ХVIII ст. - 1917 г. - паспяхова вырашаліся задачы фармавання ў школьнікаў аб'ектыўнай гістарычнай памяці, здаровай нацыянальнай самасвядомасці.
М. Бічу належыць распрацоўка такога асноватворнага метадалагічнага матэрыялу, як «Аб нацыянальнай канцэпцыі гісторыі і гістарычнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь». Яна была надрукавана ў «Беларускім гістарычным часопісе» (1993, № 1) і іншых перыядычных выданнях, адыграла выключна важную ролю ў фармаванні правільнага погляду на нацыянальную гісторыю ў тых, хто займаўя напісаннем вучэбных дапаможнікаў і падручнікаў ці выкладаў яе ў агульнаадукацыйнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай школе.
Самай высокай пахвалы заслугоўваюць аўтары, якія ў пік нацыянальна-культурнага Адраджэння ў спешным парадку ўзяліся за напісанне вучэбных дапаможнікаў і падручнікаў па перыядзе, што пачынаецца з «эпахальных» кастрычніцкіх падзей 1917 г. Столькі фальсіфікацый, як па гісторыі Савецкай Беларусі, не ўтрымлівалася ў прызначанай для школьнікаў, студэнтаў літаратуры ні па адным з папярэдніх перыядаў. I гэта лёгка можа быць вытлумачана: ідэалагічныя структуры камуністычнай партыі не жадалі, каб маладыя пакаленні ведалі, дзе і калі ёю былі дапушчаны найгрубейшыя пралікі і памылкі ў будаўніцтве сацыялізму. Аўтарам новых дапаможнікаў і падручнікаў робіць вялікі гонар, што яны за гранічна сціслы тэрмін змаглі ачысціць аўгіевыя стайні і даць навучальным установам такую літаратуру, у якой савецкае мінулае, за рэдкім выключэннем, падавалася такім, якім яно з'яўлялася ў сапраўднасці.
З вучэбнай літаратуры па гісторыі паслякастрычніцкага перыяду ў першую чаргу заслугоўвае быць названым вучэбны дапаможнік Уладзіміра Сідарцова і Віталія Фаміна для дзявятага класа сярэдняй школы «Гісторыя Беларусі 1917-1992». Вывучаючы гісторыю па ім, школьнікі ўжо даведваліся і пра многія адмоўныя бакі паслякастрычніцкага эксперыменту. Замест абвінавачванняў удзельнікаў Першага ўсебеларускага з'езда (праходзіў 5-17 снежня 1917 г. у Менску) у нацыяналізме аўтары дапаможніка даюць вучням зразумець, што праца гэтага форуму цалкам адпавядала ідэалам беларускай дзяржаўнасці. Ім служыла і абвяшчэнне 25 сакавіка 1918 г. незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, якую не адно пакаленне нашых афіцыйных гісторыкаў падавала толькі ў самых цёмных танах. У многім адрозныя ад папярэдніх звесткі даваліся вучням пра такія падзеі ў нацыянальнай гісторыі, як утварэнне БССР, ЛітБела, дзейнасць Беларускай Народнай Рэспублікі ў перыяд польскай інтэрвенцыі, падпісаны ў сакавіку 1921 г. у Рызе мірны дагавор паміж РСФСР і Польшчаю, Слуцкае паўстанне 1920 г. Дзяржаўнае аб'яднанне саюзных рэспублік у форме СССР названа «перашкодай на шляху нацыянальнага адраджэння беларускага і іншых народаў, таму што рэспубліканскія кампартыі мелі абласны статус, цалкам падпарадкоўваліся ЦК РКП(б) і бясспрэчна праводзілі яго палітыку» (с. 55). Такой смелай і праўдзівай ацэнкі СССР не давалі савецкія гісторыкі за ўвесь час існавання дадзенага дзяржаўнага фармавання,
У вучэбным дапаможніку не проста згадана як нейкая другарадная з'ява палітыка беларусізацыі, а паказаны сам працэс яе ажыццяўлення і станоўчыя вынікі для нацыянальнага адраджэння нашага народа.
У кнізе адсутнічаюць пафасна напісаныя, як гэта назіралася раней, старонкі пра сацыялістычную індустрыялізацыю і калектывізацыю. Упершыню ў гісторыі школьнай адукацыі на Беларусі вучням раскрылі ўсю трагедыю, якую ўяўлялі для нашага краю праведзеныя ў 1930-я гады масавыя фізічныя рэпрэсіі над «ворагамі народа».
Аўтарам дапаможніка ставіць у заслугу, што яны і ў тых крайне неспрыяльных умовах жыцця імкнуліся адшукаць у гісторыі факты, якія сведчылі б пра пэўныя пазітыўныя зрухі ў развіцці эканомікі і культуры рэспублікі, што выхоўвала ў дзяцей павагу і любоў да старэйшых пакаленняў свайго народа.
Намнога больш аб'ектыўна, у параўнанні са сваімі папярэднікамі, паказалі У. Сідарцоў і В. Фамін жыццё беларускага народа ў гады нямецкай акупацыі, перыяд пасляваеннага аднаўлення і развіцця народнай гаспадаркі. Не так, як раней, пададзены грамадска-палітычныя падзеі ў часы Іосіфа Сталіна, Мікіты Хрушчова, Леаніда Брэжнева і іх наступнікаў, якія ўсе да аднаго былі прыхільнікамі камандна-адміністрацыйных метадаў кіравання грамадствам. Поўнай навацыяй з'явіўся смелы паказ савецкай палітыкі русіфікацыі, найперш сродкамі народнай адукацыі. Ад вучняў не ўтойвалі, што ўжо з першых пасляваенных гадоў выкладанне прадметаў ва ўсіх ВНУ, большасці тэхнікумаў вялося толькі на рускай мове, што пад канец 60-х гадоў больш за палову гарадскіх агульнаадукацыйных школ з'яўляліся рускамоўнымі, што ў выніку русіфікацыі беларускай нацыі з яе духоўнага патэнцыялу «паскоранымі тэмпамі пачало адыходзіць у нябыт многае з таго, што складае каркас кожнай этнічнай супольнасці» (с. 195). 3 дапаможніка школьнікі пераконваліся, што далейшае ўзмацненне ідэалагізацыі культурна-нацыянальнага жыцця не толькі не аслабіла, а, наадварот, узмоцніла працэс русіфікацыі беларускага народа, што партыйныя ідэалагічныя структуры апраўдвалі ўтварэннем у СССР новай гістарычнай супольнасці людзей - савецкага народа.
Справіліся аўтары вучэбнага дапаможніка з праўдзівым паказам усяго таго, з чым сутыкнулася Беларусь у перыяд Гарбачоўскай перабудовы, у першыя гады пасля развалу СССР. Абвяшчэнне незалежнасці Рэспублікі Бвларусь паказана як заканамерная, прагрэсіўная з'ява ва ўмовах разбурэння імперскай Савецкай дзяржавы.
3 вышэйсказанага можна зрабіць выснову, што толькі дзякуючы плённай працы і высокай грамадзянскай адказнасці за лёс народа такіх аўтараў, як Г. Штыхаў, П. Лойка, М. Біч, У. Сідарцоў, В. Фамін, было забяспечана літаратурай паўнавартаснае навучанне школьнікаў айчыннай гісторыі. Праз многія стагоддзі і яно нарэшце ў поўным аб'ёме стала служыць высокароднай справе фармавання ў маладых пакаленняў праўдзівай гістарычнай памяці, здаровай нацыянальнай самасвядомасці, вялікай любові і пашаны да духоўнай спадчыны Бацькаўшчыны. Пасля вывучэння гісторыі па новых дапаможніках і падручніках школьнікі пачыналі добра разумець, хто быў ворагам нашай дзяржаўнай незалежнасці, па чыёй віне ў выніку савецкіх масавых фізічных рэпрэсій амаль дашчэнту было знішчана інтэлектуальнае ядро беларускай нацыі, чаму такая сур'ёзная дэфармацыя адбылася ў прафесійнай нацыянальнай культуры, чаму на задворкі выкінута родная мова карэннага насельніцтва краіны, Праўдзівыя веды па нацыянальнай гісторыі дапамагалі вучням старэйшых класаў стаць на галаву вышзй за нядаўніх выпускнікоў агульнаадукацыйных школ, людзей сталага ўзросту паводле ўзроўню нацыянальна-дзяржаўнай свядомасці. Яны па-сапраўднаму ганарыліся і не саромеліся таго, што з'яўляюцца актыўнымі носьбітамі беларускай нацыянальнай культуры і мовы. Моладзь з глыбокімі ведамі па гісторыі Айчыны не раз выказвала сваё непахіснае жаданне бачыць яе палітычна незалежнай, суверэннай дзяржавай са сваёй уласнай культурай і мовай, вольнай ад уздзеяння любых формаў асіміляцыі.
Аб'ектыўнаму раскрыццю аа старонках вучэбных дапаможнікаў і падручнікаў пройдзенага нашым народам гераічнага і трагічнага шляху, несумненна, у многім дапамог выхад у свет «Нарысаў гісторыі Беларусі» у дзвюх частках (1994, 1995), аўтары якіх цалкам адышлі ад партыйна-класавых пазіцый, прарускай арыентацыі пры асвятленні мінулага сваёй Бацькаўшчыны. «Нарысы» адпавядалі самым высокім патрабаванням, якія выстаўляюцца да катэгорыі такіх прац. Даводзіцца толькі шкадаваць, што іх не пастараліся адразу ж выдаць ні на адной з замежных моваў, што пасадзейнічала б распаўсюджванню і ў іншых краінах свету праўдзівага погляду на беларусаў, як на народ самабытны, шмат у чым адметны ад усіх славянскіх. Улічваючы шырокае распаўсюджанне на Беларусі рускай мовы, і на ёй варта было б выдаць «Нарысы», каб мільёны тутэйшых носьбітаў яе ведалі сапраўдную гісторыю краіны, у якой ім давялося жыць, тады, магчыма, і яны з большым разуменнем і прыхільнасцю ставіліся б да беларускага нацыянальна-культурнага руху, а хтосьці яшчэ і браў бы актыўны ўдзел у ім.
4. Не паддавацца каньюнктуршчыне
Фармаванне пры навучанні гісторыі па новых падручніках у маладых генерацый беларускага народа пазітыўных духоўна-нацыянальных стандартаў не адпавядала таму курсу, які афіцыйныя ўлады краіны ўзялі пасля майскага (1995 г.) рэферэндуму. Ізноў да нас вярнулася ў самай агрэсіўнай форме дзяржаўная палітыка русіфікацыі. У афіцыйных сродках масавай інфармацыі ў адкрытую стала адмаўляцца самабытнасць беларускага народа, цэбрамі вылівалі і льюць памыі на тых, хто выступаў за суверэннае палітычнае развіццё краіны, захаванне ў ёй прыярытэтаў за нацыянальнай культурай, адукацыяй і мовай. Вельмі модным стала абражаць рух за нацыянальна-культурнае Адраджэнне. Такому афіцыйнаму погляду на нацыянальнае пытанне ўжо патрэбна была зусім іншага зместу літаратура па гісторыі Беларусі. Уверсе палічылі немэтазгодным выкупляць у гістарычных даследаваннях барацьбу нашых продкаў за самастойнае нацыянальна-дзяржаўнае развіццё, паказваць, колькі ахвяраў давялося панесці дзеля яго забеспячэння ў барацьбе з Маскоўскім княствам. На задні план па важнасці адсунулі раскрыццё пытанняў фармавання беларускай самабытнай культуры, ролі беларускай мовы ў жыцці народа. Каб як мага больш прынізіць факт абвяшчэння ў ліпені 1990 г. Беларусі суверэннай дзяржавай, новыя аўтары не шкадавалі ружовых фарбаў пры асвятленні таго часу, калі яна ўваходзіла ў склад СССР. Карацей кажучы, сацыяльны заказ адпаведных структур сучаснай дзяржаўнай улады з належным поспехам выконваўся і выконваецца. З такім афіцыйным курсам у пэўнай ступені даводзіцца лічыцца і аўтарам, якіх я вышэй хваліў за аб'ектыўны паказ гісторыі. I як вынік, вучэбныя дапаможнікі і падручнікі па гісторыі Беларусі, што пачалі выдавацца ад другой паловы 1990-х гадоў, ужо далёка не ў той ступені, як іх папярэднікі, садзейнічалі фармаванню ў вучняў аб'ектыўнай гістарычнай памяці, высокародных пачуццяў нацыянальнага патрыятызму, законнага гонару жыць ва ўласнай, палітычна незалежнай краіне, не стымуллявалі жадання развівацца ў поўнай адпаведнасці са сваімі прыроднымі культурна-моўнымі традыцыямі. Калі не спыніць падобную тэндэнцыю, такое вывучэнне гісторыі Беларусі ў агульнаадукацыйнай школе замест карысці будзе прыносіць толькі шкоду.
Забяспечыць школу высокаякаснай літаратурай па айчыннай гісторыі, можна толькі адмяніўшы ўсялякую ідэалагічную цэнзуру пры папярэднім разглядзе ў адпаведных установах рукапісаў вучэбных дапаможнікаў і падручнікаў. Адзіным і галоўным цэнзарам іх павінен быць толькі аўтар, які не будзе дзеля нейкай часовай каньюктуры ганьбіць сваё імя фальсіфікацыяй гісторыі. Рэцэнзаванне павінна насіць не ідэалагічны (палітычны), а выключна метадалагічна-асветніцкі характар, зыходзіць з асноўных патрабаванняў дыдактыкі: не дапускаць перагрузкі фактычнымі матэрыяламі, забяспечыць рацыянальнае размеркаванне іх па храналагічных перыядах, а таксама па такіх праблемах, як эканамічныя, дзяржаўна-палітычныя, культуралагічныя, ваенныя; адпаведнасць зместу і мовы даламожнікаў і падручнікаў узроставым, адукацыйным дадзеным школьнікаў.
Паляпшэнне якасці школьнай літаратуры па гісторыі Беларусі павінна ісці па лініі максімальнага ўзбагачэння іх матэрыяламі па культуры. Гэта ахілесава пята ўсіх такога прызначэння кніг, выдадзеных за ўвесь пасляваенны перыяд, у т. л. і ў канцы 80-х - пачатку 90-х гг. мінулага стагоддзя, калі ў нас распачалася, набрала магутны разгон чарговая хваля беларускага нацыянальна-культурнага Адраджэння. Яна з лёгкай рукі палітычнай і афіцыйнай інтэлектуальнай эліты правалілася, але сама ідэя такога Адраджэння працягвае жыць і яе нам, гісторыкам, трэба ўсяляк падсілкоўваць. Лепшай спажыўнай масай для гэтага, як матэрыялы культуралагічнага характару, нам не знайсці. Імі даволі добра можна напоўніць вучэбную літаратуру і па самых ранніх перыядах гісторыі беларускага народа, асабліва што прыпадаюць на гады існавання Вялікага Княства Літоўскага як самастойнай краіны, а не якога-небудзь суб'екта федэратыўнай (канфедэратыўнай) дзяржавы. Не захлынулася самабытная культура беларускага народа і на першым этапе яго жыцця ў складзе Рэчы Паспалітай. Таму задача аўтараў дапаможнікаў і падручнікаў па гісторыі - максімальна насыціць іх старонкі такімі матэрыяламі, каб, пазнаёміўшыся з імі, вучні, студэнты мелі вялікі гонар за сваіх продкаў, што яны змаглі стварыць у сярэднявеччы адмысловую, даволі развітую на той час беларускую культуру. Выканаўшы гэтую архіважную місію, гісторыкі павінны з такой жа паўнатой і глыбінёй, аб'ектыўнасцю паказаць у сваіх працах, прызначаных для навучэнцаў, як гэтая самабытная, адмысловая беларуская культура разбуралася пад шкодным уздзеяннем палітыкі паланізацыі і русіфікацыі, На вялікую бяду, апошні від культурна-моўнай асіміляцыі беларускага народа - русіфікацыя працягваецца і пасёння, якую не толькі не стрымліваюдь, а, наадварот, усяляк культывуюць дзяржава і адданыя ёй колы інтэлігенцыі. У падобных умовах было б проста злачынствам забывацца на колішні сапраўды беларускі шлях культурнага развіцця, не даць поўных ведаў пра гэта маладым пакаленням нашага народа. Гэтыя веды дапамогуць ім не толькі атрымаць больш поўныя і правільныя ўяўленні пра сваю мінуўшчыну, але і народзяць зусім заканамернае, натуральнае жаданне супраціўляцца крайне небяспечнаму сучаснаму працэсу культурна-моўнай асіміляцыі, якое непазбежна прывядзе да таго, што дасведчаная моладзь нават ва ўмовах глабальнай русіфікацыі старэйшых пакаленняў, у т. л. і інтэлігенцыі, будзе імкнуцца быць не толькі пасіўным, але і актыўным носьбітам сваіх прыродных духоўных каштоўнасцей і найперш беларускай нацыянальнай культуры і мовы. Калі мы сфармуем два-тры пакаленні такіх носьбітаў беларускай культуры і мовы, будзе цалкам гарантавана выратаванне беларускай нацыі ад этнічнага вымірання. Тады аніводзін урад не адважыцца на правядзвнне рэферэндуму, каб навязаць беларускаму народу ў якасці дзяржаўнай, акрамя яго роднай мовы, яшчэ рускую, англійскую, польскую, нямецкую, кітайскую або яшчэ якую-небудзь іншую мову. Тады і ў нас дзяржаўная культурна-моўная палітыка, як гэта характэрна для ўсіх цывілізаваных краін свету, будзе садзейнічаць не дэнацыяналізацыі тытульнага народа, а, наадварот, яго прыстойнаму духоўнаму развіццю на ўласных прыродных традыцыях.
Зыходзячы з той велізарнай ролі, якую дзеля фармавання з маладых пакаленняў сапраўдных патрыётаў Бацькаўшчыны магло б адыграць глыбокае і грунтоўнае вывучэнне з імі пытанняў нацыянальнай культуры, лічу мэтазгодным у нашай крайне складанай сітуацыі ўвесці ў агульнаадукацыйнай школе спецыяльны прадмет «Гісторыя культуры Беларусі» з тым, каб гэты аспект нашага жыцця не быў усяго толькі складовай часткай агульнага курса гісторыі краіны. I выкладаць гісторыю культуры Беларусі трэба не ў якім-небудзь адным класе, а ў некалькіх, і асабліва - у выпускных, прычым абавязкова на беларускай мове.
Камусьці можа падацца, што я занадта перабольшваю ролю навучальна-выхаваўчага фактару ў фармаванні нацыянальнай самасвядомасці маладых пакаленняў беларускага народа, зараджэнні ў іх жадання актыўна супрацьстаяць усім формам культурна-моўнай асіміляцыі з тым, каб ухіліцца ад вельмі ўжо рэальнай для нас на сёння канчатковай страты сваёй прыроднай этнічнай адметнасці. У сваіх разважаннях я не іду далей, што ўжо да мяне было сказана. Я проста раней кімсьці сфармуляваныя погляды на дадзеную праблему пераношу на беларускую глебу і на падставе іх раблю свае высновы. Асабліва дапамагло мне правільна зразумець ролю і вызначыць месца навучальнага-выхаваўчага фактару ў лёсе любога народа, у т. л. і беларускага, выказванне першага прэзідэнта Берлінскай акадэміі навук Готфрыда Лейбніца (1646-1716): «Аддайце мне выхаванне і, перш чым міне адно стагоддзе, я замяню аблічча Еўропы». Не бачу памылкі і ў поглядах дарэвалюцыйных рускіх вучоных-педагогаў, якія настойліва раілі царскім палітыкам інтэграваць Беларусь у Расію не зброяй, а адпаведна пабудаванай адукацыяй. I яна ў многім здзейсніла іх спадзяванні. Таму сёння для ўсіх тых, хто яшчэ да канца не адарваўся ад беларускага карнявішча, не бачу больш важнай і актуальнай задачы, як стварэнне такой сістэмы народнай адукацыі, якая цалкам адпавядала б нацыянальным інтарэсам беларускага народа. Яе ўжо мы не маем больш за тры стагоддзі. У нашым стагоддзі, прычым не ў сярэдзіне ці ў канцы, а на самім яго пачатку, такая сістэма, спадзяюся, усё ж, павінна запрацаваць і вывучэнню ў агульнаадукацыйных школах сапраўднай нацыянальнай гісторыі, нацыянальнай культуры адвядуць у ёй самае прэстыжнае месца.
Многія адзначаныя вышэй недахопы ў найноўшых школьных падручніках па гісторыі ў такой жа ступені характэрныя для падобнага роду літаратуры апошніх гадоў, прызначанай студэнтам вышэйшых навучальных устаноў. І пасёння самую высокую адзнаку Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь дае таму, што выходзіла з-пад пяра ці пад рэдакцыяй магілёўскага гісторыка Якава Трашчанка. I на гэта ёсць прычыны: у яго вучэбных дапаможніках «История Беларуси. Часть 1. Досоветский период» (Могилев, 2003) і ў такой самай кнізе другога значна пашыранага выдання (Могилев, 2005) мінулае нашага народа паказана ў поўнай адпаведнасці з устаноўкамі сучаснай дзяржаўнай ідэалогіі. У нашых даследчыкаў гісторыі досыць багатая традыцыя падладкоўвацца і пісаць тое, што ад іх патрабуюць улады. За час чарговага кароткатэрміновага нацыянальна-культурнага Адраджэння такія «якасці» мы не растрацілі, чым вельмі задаволеная наша дзяржава, усяляк заахвочваючы навукоўцаў ствараць жаданыя ёй гістарычныя міфы.
Сярод такіх міфаў, выкладзеных на старонках падручнікаў для студэнтаў, бадай, самы патрэбны сучаснай дзяржаўнай ідэалогіі - гэта міф пра спаконвечную цягу беларусаў да сумеснага жыцця з рускімі ў адной дзяржаве. Убіць гэты міф у галовы людзей - значыцца паспрыяць набыццю неабходнай колькасці прыхільнікаў аб'яднання сучаснай Рэспублікі Беларусь з Расійскай Федэрацыяй.
У сваіх працах Я. Трашчанок, як нямала і іншых гісторыкаў, паўтарае выказанае шматкроць папярэднімі пакаленнямі навукоўцаў памылковае сцвярджэнне пра прагрэсіўнае значэнне далучэння беларускіх земляў да Расіі ў выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай. На старонцы 111 першай часткі «Истории Беларуси» (2003 г.) чытаем: «Воссоединение (больш дакладна было б пісаць «захват». - Л. Л.) восточнославянских территорий было прогрессивно...» Проста здзіўляе, ну як можна станоўча характарызаваць такую палітычную акцыю, калі яна не забяспечыла беларусам нават самых мізэрных правоў на абласную аўтаномію (у складзе Рэчы Паспалітай у іх разам з літоўцамі было Вялікае Княства Літоўскае!), не прызнала іх за асобны народ, а адсюль - не зрабіла ні кроку па стварэнні неабходных умоў для іх культурнага развіцця на сваёй прыроднай аснове. Калі царскай уладзе ўдалося паралізаваць на беларускіх землях польскі дух, яна адразу ж распачала ўкараняць тут свае культуру і мову, што немінуча вяло да русіфікацыі іх карэннага насельніцтва. Ад такой замены адной формы асіміляцыі на другую беларусы не маглі нічога выйграць. Ім была прызначана этнічная смерць у асяроддзі блізкароднаснага славянскага народа. Дык дзе ж тут прагрэсіўнае значэнне ў факце далучэння Беларусі да Расіі ў канцы XVIII ст.? Дыяметральна процілеглая пазіцыя на дадзеную падзею ў людзей, не пазбаўленых такой высокароднай якасці, як нацыянальна-дзяржаўная свядомасць.Спаўна надзяліла ёю прырода аднаго з самых выбітных апосталаў беларускага нацыянальна-культурнага Адраджэння канца XIX - пачатку XX ст. Вацлава Ластоўскага. Не бачачы аніякага прагрэсу ў гвалтоўным далучэнні роднага краю да царскай імперыі, ён пісаў: «...у канцы XVIII стагоддзя, пасля падзелу Польшчы, беларусы трапілі з агню ў полымя - з польскіх у «братнія» маскоўскія абдымы ... тут маскоўскія «браты пачалі іх зусім душыць, каб сцерці след беларускага народа, каб беларусаў абмаскаліць».
Заўважаецца такая заканамернасць: варта толькі палітычнаму рэжыму Беларусі зрабіць рэзкі адыход ад нацыянальнай ідэі, як адразу ж вялікая колькасць розных масцей ідэолагаў пачынаюць ганіць тых, хто вёў змаганне за вызваленне нашага народа ад панавання чужынцаў. Не памылюся, калі скажу, што ў такіх выпадках найбольш за ўсё даставалася Кастусю Каліноўскаму. Ільюць на яго галаву памыі і сёння ў незалежнай Рэспубліцы Беларусь, не думаючы, што без К. Каліноўскага ў яе мо нічога не атрымалася б з набыццём уласнай дзяржаўнасці. Усё пазітыўнае, што пішуць навукоўцы нацыянальнай арыентацыі пра кіраўніка паўстання 1863-1864 гадоў, для Я. Трашчанка не больш, як «типический национал-экстремистский миф» (с. 133). А вось душыцель паўстання М. Мураўёў для яго гэта «знаменитый генерал», «талантливый администратор» (с. 133). Не інакш, такія высокія азначэнні дадзены яму за велізарны ўклад у разбурэнне нацыянальных асноў культуры беларусаў, за сфармуляванне прыдатнага для палітыкаў і ідэолагаў царскага рэжыму тэзіса: «Патрэбна ўсім і стала тлумачыць, што край Паўночна-Заходні (афіцыйная тагачасная назва Беларусі. - Л. Л.) заўсёды быў і ёсць рускі...»
Сёння немалая частка афіцыйнай арыентацыі гісторыкаў упарта адстойвае неабходнасць поўнай палітычнай інтэграцыі Беларусі з Расіяй, таму цалкам адмаўляе правядзенне апошняй на любым з гістарычных этапаў мэтанакіраванай дзяржаўнай палітыкі русіфікацыі нярускіх народаў. Такія аўтары пішуць толькі пра натуральнае, добраахвотнае ўсваенне гэтымі народамі рускай культуры і мовы, што затым мела вынікам ледзь не жаданую імі самімі асіміляцыю. Падобны погляд на нацыянальную палітыку царызму зусім не адпавядае таму, як глядзелі на гэтую з'яву самі расійскія ідэолагі і праваднікі русіфікацыі, у прыватнасці прафесар П. Кавалеўскі - аўтар вельмі папулярнай у пачатку XX ст. кнігі «Национализм и национальное воспитание в России в двух частах» (СПб, 1912). Шмат з таго, што ён пісаў у ёй і ў іншых працах, увайшло ў якасці асноўных кампанентаў у дзяржаўную палітыку русіфікацыі іншародных плямёнаў. Асабліва падабаліся яе актыўным праваднікам погляды гэтага прафесара на моўнае пытанне: «Мова ў школе, у судзе, у дзяржаўных і дзелавых зносінах у Рускай дзяржаве павінна быць безумоўна і непахісна рускай. Гэта мова пануючай дзяржаўнай нацыі і гэтую мову павінны ведаць усе супадпарадкаваныя народы (...) Калі мы жадаем, каб усе ... супадпарадкаваныя нам нацыі далучыліся да нашай культуры і абруселі, мы павінны абавязкова і няўхільна навучыць іх рускай мове, каб у кожным пакаленні гэтая мова стала іх роднай і нашая руская культура стала іхняю культураю. (с. 357, 358). Ці ж гэта не тыповы прыклад прымусовай русіфікацыі нярускіх народаў імперыі? Падобньгмі прыкладамі стракацяць старонкі амаль усіх навуковых прац і службовай літаратуры па нацыянальнай палітыцы царскай імперыі. Гэтага не можа не ведаць Я. Трашчанок. Аднак насуперак праўдзе ён піша: «...никакой последовательной политики «русификации» в Российской империи не существовало» (с. 162). Існавала, ды яшчэ ў якой жорсткай, а часам і па-хітраму вытанчанай форме.
Прыярытэтнае стаўленне сучасных уладаў нашай краіны да праваслаўя моцна адбіліся на поглядах многіх навукоўцаў на дадзеную хрысціянскую канфесію. Вельмі модным стала пісаць пра выключна прагрэсіўную ролю Рускай праваслаўнай царквы ў аб'яднанні ўсіх усходніх славян гэтай веры пад скіпетрам маскоўскага цара. Прычым зусім не звяртаецца ўвагі, што пры такім аб'яднанні беларускі народ быў пазбаўлены нават самых мізэрных правоў на палітычную незалежнасць. Несумненна, з нацыянальнымі інтарэсамі нашага ўсходняга суседа Руская праваслаўная царква заўжды лічылася, хаця ў дзейнасці апошняй шмат чаго было і не на карысць яго. З розных крыніц вядома,што праваслаўныя іерархі часта выступалі ў ролі галоўных натхніцеляў ваенных паходаў Маскоўскага княства на Беларусь з мэтай далучэння яе праваслаўнага насельніцтва. Але іншым разам такія бітвы заканчваліся паразай для маскавітаў, як 8 верасня 1514 года ля Оршы. Тут праваслаўнай крыві пралілося нямала як з аднаго, так і з другога бакоў, бо праваслаўныя святары і Масковіі, і Беларусі заклікалі сваіх ваяроў быць бязлітаснымі адзін да аднаго. Маскоўскае войска страціла 40 тысяч чалавек! Няма падстаў сцвярджаць пра асаблівую гістарычную місію Рускай праваслаўнай царквы, калі ўлічыць яе дачыненні да адной з самых жахлівых войнаў, што вялі на тэрыторыі Беларусі Руская дзяржава і Рэч Паспалітая ў 1654-1667 гадах.
Далей. Руская праваслаўная царква па сваім укладзе ў русіфікацыю беларусаў уступае мо толькі Міністэрству асветы царскай імперыі. Іх роднаму слову не дазвалялі наблізіцца нават да ганку праваслаўных храмаў. А колькі па распараджэнні высокіх інстанцый праваслаўя спалена беларускамоўнай літаратуры, што належала ўніяцкай царкве?! Нават такіх кароценькіх заўваг дастаткова, каб не пагадзіцца з тым месцам у навучальным дапаможніку. Я. Трашчанка, дзе ён у місіі Рускай праваслаўнай царквы бачыць нейкія для Беларусі «судьбоносные, спасительные события». (...) Православная церковь - мать белорусской нации(Узнікае пытанне: а чаму ж праваслаўная царква не гаворыць з гэтай нацыяй на яе роднай мове?). Если бы она была ўничтожена, на этой земле не было бы белорусов» (с. 70-71) У нашай гісторыі здаралася такое, што праваслаўная царква знаходзілася на мяжы ледзь не поўнага адмірання, што не вельмі адбівалася на этнічнай самасвядомасці беларусаў. Затое колькі з іх, асабліва ў Смаленшчыне, пад уплывам перш за ўсё праваслаўнай царквы адышлі ад сваёй нацыі і сталі называць сябе рускімі. I сёння з прычыны неабмежаванага панавання рускага духу ў праваслаўнай царквы Беларусі яе вернікі з карэннага насельніцтва ў сваёй беларускасці істотна ўступаюць тым, хто не знаходзіцца пад уплывам служыцеляў гэтай канфесіі. Высокім узроўнем нацыянальнай самасвядомасці вызначаюцца тыя беларусы, што наведваюць беларускамоўную службу ў каталіцкіх касцёлах. Пра праваслаўную царкву, як матку сваёй нацыі, могуць гаварыць рускія, балгары, сербы... але толькі не беларусы. Каб стаць такою і для іх, праваслаўная царква ў першую чаргу павінна карэнным чынам змяніць сваю культурна-моўную практыку.
I за савецкім, і за прэзідэнцкім часамі крайне тэндэнцыйна асвятлялася і асвятляецца ў падручніках для ВНУ найноўшая гісторыя Беларусі. Віной усяму палітызацыя, ідэалагізацыя такой літаратуры. Не вольная ад гэтых хібаў і другая частка «Истории Беларуси» пад рэдакцыяй Я. I. Трашчанка (Магілёў, 2005). У ёй практычна не знайшла правільнага адлюстравання ні адна з векапомных падзей беларускага нацыянальна-культурнага Адраджэння першых дзесяцігоддзяў XX ст. Апраўдваецца разгон 17 снежня 1917 года Саветам народных камісараў Заходняй вобласці Першага ўсебеларускага кангрэса. Створаная 9 сакавіка 1918 г. на акупаванай кайзераўскімі войскамі тэрыторыі Беларуская Народная Рэспублікі (БНР) характарызуецца як «фантомная республика» (с. 37). Хацеў бы паракамендаваць аўтару параўнаць, што для развіцця беларускамоўнай адукацыі зрабіла гэтая рэспубліка ва ўмовах германскай і польскай акупацый і сучасная Рэспубліка Беларусь за апошнія мірныя дзесяць-пятнаццаць гадоў свайго існавання. Вось тады беспамылкова ўдалося б вызначыць, якая з іх з'яўляецца фантомнай рэспублікай.
Апошніх гадоў навуковая і вучэбная літаратура пры асвятленні нацыянальна-культурнага будаўніцтва ў БССР у міжваенны перыяд ужо ніяк не можа дазволіць сабе прайсці міма беларусізацыі. Заўважу, што да Гарбачоўскай перабудовы такі тэрамін увогуле не згадваўся ў літаратуры. У «Истории Беларуси» пад рэдакцыяй Я. Трашчанка нямала адведзена старонак пад беларусізацыю, адзначаны станоўчы ўплыў яе на некаторыя культурныя працэсы. А вось што датычыць масавага адпору ёй з боку насельніцтва - гэта ўжо фальсіфікацыя. Адпор беларусізацыі давалі толькі патаемныя вялікадзяржаўнікі прарускай арыентацыі, умела прыцягваючы ў некаторых выпадках на свой бок і шараговых людзей. Не падабаецца аўтарам падручніка, што пазітыўныя зрухі ў ажыццяўленні беларусізацьгі дасягаліся за кошт змяншэння ролі рускага фактару ў духоўным жыцці рэспублікі. А гэта ж зусім лагічна, бо ў ім панавалі не польскія, нямецкія, французскія ці іншыя культуры і мовы, а рускія. I сёння беларусізаваць жыццё ў краіне можна толькі свядомым змяненнем у ім суадносін паміж беларускім і рускім фактарамі на карысць першага. I ніводзін разумны чалавек не можа пярэчыць такой палітыцы, бо яна ж скіравана на ўсталяванне прыярытэту прыродных культурна-моўных традыцый беларускага народа на яго гістарычнай тэрыторыі, якія так груба парушаліся чужымі яму дзяржаўнымі рэжымамі і не шануюцца сучаснымі ўладнымі структурамі.
З падручніка новыя пакаленні студэнтаў не вынесуць правільнага ўяўлення пра такую найстрашнейшую катастрофу для беларускага народа, як масавыя фізічныя рэпрэсіі 1930-х гадоў, які затым мелі працяг у пасляваенны перыяд. Знішчэнне самай нацыянальна актыўнай часткі беларусаў на доўгі час абяссіліла іх, зрабіла няздольнымі супрацьстаяць, як гэта рабілі практычна ўсе савецкія народы, заганнай палітыцы КПСС па збліжэнні і зліцці культур і моваў у адзіны камуністычны кацёл. На момант развалу СССР беларусы аказаліся найбольш за ўсіх зрусіфікаванымі. Цяжкімі наступствамі тых рэпрэсій можна тлумачыць прычыну адсутнасці ў нас і сёння крытычнай масы людзей, здольных жыць і тварыць у беларускім нацыянальным культурна-моўным рэчышчы.
Як вядома, для савецкай гістарыяграфіі Вялікай Айчыннай вайны было характэрным заклятымі ворагамі называць усіх, хто супрацоўнічаў з нямецкімі акупантамі. На вялікую бяду, з гэтай складанай, супярэчлівай з'явай мы не разабраліся і пасёння. З цвёрдай упэўненасцю пішу: называць і тых, хто ва ўмовах усталяванага ў нас фашысцкім рэйхам жорсткага акупацыйнага рэжыму імкнуўся праз адданасць, узбагачэнне беларускіх нацыянальна-культурных традыцый усцерагчы народ ад анямечвання, мы не маем аніякага права. Такою дзейнасцю яны займаліся зусім не дзеля таго, каб «взять реванш» (с. 150) за ўчынены ў 1930-я гады разгром нацыяналістаў у бальшавіцкім разуменні гэтага слова. Падчас прыходу ўлетку 1944 года на Беларусь Чырвонай арміі Бацькаўшчыну пакідалі не толькі, як сказана ў падручніку, «предатели», але і сапраўдныя прадстаўнікі беларускай эліты. На момант правядзення ў Мінску ў ліпені 1993 года Першага ўсебеларускага з'езда сярод яго замежных удзельнікаў шмат было такіх, якія паводле адданасці нацыянальным інтарэсам на цэлы парадак перасягалі значную частку мясцовай інтэлігенцыі, праглынуўшай за савецкім часам празмерна вялікую асіміляцыйную дозу. Створаныя паваеннай беларускай дыяспарай духоўныя каштоўнасці, асабліва ў галіне мастацкай літаратуры, патрэбна разглядаць як найкаштоўнейшы ўнёсак у беларускую нацыянальную культуру.
У памяці многіх з нас, як самае радаснае і велічнае, застаюцца падзеі чарговага беларускага нацыянальна-культурнага Адраджэння, якое пачалося неўзабаве пасля Гарбачоўскай перабудовы і дасягнула свайго апагею з развалам СССР. Ізноў з вуснаў дзяцей мы з вялікай радасцю чулі родную беларускую (толькі ўжо не матчыну, а бабчыну, бо пад той час абсалютная бальшыня мамаў была зрусіфікаванай) мову. Сучасныя ідэолагі робяць усё, каб той славуты адраджэнскі ўздым здаровых сіл народа стаўся невядомым для маладых пакаленняў альбо ўспрымаўся імі ў скажоным выглядзе, пра што добра пастараўся і аўтар разгляданага падручніка. Для яго святое беларускае Адраджэнне - гэта «вторая попытка реванша» (с. 150) за панесенае паражэнне ў 1930-я гады. «На короткое время руководство культурной политикой республики вновь оказалось в руках националистов. Наступило второе пришествие "белорусизации". Только теперь уже не было вовсе никакой позитивной работы. Происходило сплошное оголтелое принуждение» (с. 150-151). Кожны з прыведзеных у цытаце сказаў не мае пад сабой апраўдальнага грунту. Каб кіраўніцтва культурнай палітыкай апынулася ў руках сапраўдных нацыяналістаў, нам удалося б падвесці трывалы нацыянальны грунт пад дзейнасць дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, сярэднюю спецыяльную і вышэйшую школу (не перавялі ж на беларускую мову навучання ніводнага інстытута ці ўніверсітэта, хаця гэта найпершая ўмова для забеспячэння пазітыўных зрухаў у нацыянальным адраджэнні). Пры наяўнасці такога далёкага ад беларускіх ідэалаў кіраўніцтва культурай было зусім не проста праводзіць «сплошное оголтелое принужденне». Памылкова пісаць, што на час гэтай беларусізацыі не назіралася «никакой позитивной работы». Тут можна было б парэкамендаваць аўтару пазнаёміцца са статыстыкай беларусізацыі агульнаадукацыйных школ, актывізацыяй дзейнасці краязнаўчых арганізацый, калектываў мастацкай самадзейнасці. Народ прыйшоў у нацыянальна-адраджэнскі рух, і каб не сумнавядомы майскі рэферэндум 1995 года, сёння не існавала б такіх сур'ёзных праблем з захаваннем ад русіфікацыі этнакультурнай адметнасці беларусаў.
Пры знаёмстве са зместам падручніка кідаецца ў вочы перанасычанасць многіх яго старонак словамі: «националисты», «националистической». Выступаць супраць гэтага не мелася б падставы, калі б яны ўжываліся ў прынятым у цывілізаваным свеце сэнсе. У падручніку яны падаюцца толькі са знакам мінус. У народаў такога свету нацыяналісты прымаюцца за іх залаты фонд. Ва ўсе часы нацыяналісты высока цаніліся і ў царскай Расіі. Вось як характарызаваў іх ужо раней згаданы мною рускі прафесар П. I. Кавалеўскі ў той жа самай кнізе «Национализм и национальное воспитание в России...» Не пагаджаючыся з іншародцамі, якія рускіх нацыяналістаў называлі людаедамі, ён піша: «Русские националисты» - люди, в действительности всей душой любящие свою родину и свою нацию. уважающие ее прошлое и желающие ей славы, мощи и величия в будущем» (с. 10). Першым нацыяналістам ім названы імператар Пётр I, другім - Ламаносаў, г. зн. самыя выбітныя ў рускай гісторыі людзі. Выходзіць, дабро гэта толькі рускія нацыяналісты, а вось беларускія нацыяналісты - гэта дзярмо. Бедныя беларусы! У іх нават забіраюць права быць нацыяналістамі, г. зн. людзьмі, якія лепш за ўсіх астатніх служаць нацыянальным інтарэсам свайго народа.
Як і трэба было чакаць: заканчваецца падручнік усхваленнем усталяванага пры Аляксандру Лукашэнку палітычнага рэжыму. Разам з іншым за вялікае дасягненне прызнаецца «узаконение естественного для Беларуси двуязычия» (с. 294). На справе ж «естественного» ў ім і пад магутным мікраскопам не ўбачыш. Яно знадворку навязвалася беларусам на працягу больш чым двух стагоддзяў. Над дасягненнем гэтай супрацьнатуральнай для кожнага народа мэты нястомна працавалі царскі чыноўніцкі апарат, створаныя ім органы народнай адукацыі, Руская праваслаўная царква, ідэалагічныя службы бальшавіцкай партыі. Ды працавалі так актыўна, вынікова, што дзесьці ўжо ў сярэдзіне XX ст. у грамадскім жыцці Беларусі яскрава выявіўся пераход ад двух - да аднамоўя, прычым не натуральнага беларускага, а рускага. Зараз у нас моўная сітуацыя вызначаецца яшчэ большаю роляю рускага фактару, чым да Гарбачоўскай перабудовы, асабліва ў дзейнасці ўсіх органаў улады і кіравання, у сістэме народнай адукацыі, дзяржаўных сродках масавай інфармацыі. Калі менавіта ў гэтым заключаюцца мэта, сэнс «естественного для Беларуси двуязычия», дык трэба неадкладна прыцягваць да судовай адказнасці тых, хто яго злачынна навязаў народу. Міне два-тры дзесяцігоддзі, і беларусы стануць цалкам зрусіфікаванымі, знікнуць з этнічнай карты свету. I гэта ўсё з-за навязанага ім уродлівага дзяржаўнага двухмоўя. Апошнім часам яно нават адсутнічае ва ўсіх звёнах кіравання народнай адукацыяй і галоўным чынам у рэспубліканскім апараце самога міністэрства. Недарэмна ж яно не толькі ўхваліла падрыхтаваныя камандай Я. Трашчанка падручнікі па гісторыі Беларусі, але і шмат робіць па іх рэкламаванні ў афіцыйных сродках масавай інфармацыі, на афіцыйных сустрэчах з педагагічнай грамадскасцю.
Па-чалавечы шкада студэнтаў, якія вывучаюць мінулае сваёй дарагой Бацькаўшчыны па гэтых падручніках, бо яны не дапамогуць атрымаць праўдзівыя веды па яе гісторыі, сфармаваць здаровую нацыянальную самасвядомасць, зарадзіцца вялікім жаданнем быць актыўным носьбітам беларускіх культурна-моўных традыцый, не паддавацца ніякім формам асіміляцыі - нават і расхваленай нашым дзяржаўным ідэалагічным апаратам русіфікацыі. Суцяшае толькі, што сучасная студэнцкая моладзь у аснове сваёй добра адукаваная, паводле ўзроўню нацыянальнай самасвядомасці значна вышэй стаіць за тых, хто вучыўся ў 60-70-я гады мінулага стагоддзя ў ВНУ, зможа адрозніць праўду ад хлусні. Ды акрамя гэтых падручнікаў, гісторыю роднай зямлі можна вывучаць і па шматлікіх іншых кнігах, якія будуць працягваць выдавацца. Зараз шмат аб'ектыўнага гістарычнага матэрыялу можна знайсці, карыстаючыся інтэрнетам. Беззваротна мінулі часы, калі гісторыю Беларусі вывучалі па адным - і часцей за ўсё з сур'ёзнымі хібамі - падручніку. Будучае, несумненна, за аб'ектыўнай гістарычнай праўдай. Падзяку ад народа атрымаюць толькі тыя аўтары, для якіх яна даражэй за любыя, нават самыя вялікія сацыяльныя выгоды і ідэалагічныя ўзнагароды.
Замест эпілога
Ужо не адно дзесяцігоддзе ў нас назіраецца цалкам заканамерная, характэрная ўсім народам з'ява: павышаная зацікаўленасць грамадства да самых старажытных вякоў айчыннай гісторыі, пра якія раней ці зусім не пісалі, ці пісалі тое, што не адпавядала рэчаіснасці. Цяпер не знайсці адукаванага чалавека, для якога Полацкае, Турава-Пінскае, Смаленскае, Мінскае і іншыя княствы былі б белаю плямаю. А які сёння ў краіне гонар за Вялікае Княства Літоўскае! І ў гэтым мы не памыляемся. Бо беларусы ў ім з'яўляліся не забраным, не падняволеным, а дзяржаўным народам з высокаразвітой шырокараспаўсюджанай на той час ва ўсіх сферах грамадскага жыцця роднай мовай. Справядліва, што не глядзім і на Рэч Паспалітую, як на чужую дзяржаву, хаця і сорамна, што многія нашы прадстаўнікі заможных, самых адукаваных пластоў грамадства здрадзілі культурна-моўным традыцыям уласнага народа, сталі паразітаваць на чужых польскіх духоўных здабытках. Ад такога паразітавання шмат хто не адрокся і сёння, толькі ўжо спажываючы, прымнажаючы ў сваёй краіне рускія культурныя каштоўнасці, што вядзе да руйнавання нашай неацэннай этнакультурнай самабытнасці, да немінучай страты беларусамі нацыянальнай ідэнтычнасці.
І ўсё ж, як бы мы ні цягнуліся - і гэта цалкам справядліва - да сівой мінуўшчыны, нам трэба глыбока разабрацца з тым, што адбылося і адбываецца з Бацькаўшчынай за апошняе паўстагоддзе, г. зн. у час, калі на яе абсягах панавалі камандна-бюракратычная сістэма кіравання грамадствам, пасіўна ажыццяўлялася Гарбачоўская перабудова, пусціла кволыя парасткі нацыянальна-культурнае Адраджэнне, узведзены сапраўдны гмах Прэзідэнцкай вертыкалі, скіраванай на ўсход. Жабрацкія нацыянальныя набыткі перабудовы, адраджэнскага руху проста гаснуць у параўнанні з панесенымі каласальнымі стратамі ў этнакультурнай самабытнасці беларусаў за астатнія дваццаць гадоў апошняга пяцідзесяцігоддзя. Ужо не першы год нават пры самым вялікім жаданні ніяк нельга назваць карэнных жыхароў Рэспублікі Беларусь народам, нацыяй і тым болей з азначэннем «дзяржаўны». Яны з-за страшэннай зрусіфікаванасці ўяўляюць сабой бессістэмную, бесхрыбетную мешаніну, прыдатную толькі для колькаснага (а значная частка квазібеларусаў і для паўнавартаснага якаснага) папаўнення вялікага рускага народа. Замест таго, каб з-за такой беларускай этнічнай катастрофы біць на ўсім абшары Бацькаўшчыны самым цяжкім молатам у званы, многія з нашых грамадзян не нарадуюцца, чуючы ад свайго галоўнага палітычнага лідара словы: «Мы с русскими единый (чытай: рускі) народ», «Мы с русским говорим одним (чытай: рускім) языком». А колькі ў нас людзей, гатовых і ў гразі стаць на каленкі перад Прэзідэнтам Расійскай Федэрацыі Уладзімірам Пуціным за яго абяцанкі ў любы момант прыйсці на дапамогу рускамоўнаму насельніцтву, калі ў чымсьці будуць парушацца іх правы. У Беларусі такіх хоць ты гаць гаці.
Лішнім было б падрабязна разважаць, як іншыя народы даражаць дзяржаўным суверэнітэтам, нацыянальнымі культурнымі каштоўнасцямі. За іх яны, не задумваючыся, гатовыя нават жыццё аддаць. У абсалютнай бальшыні беларусаў, не выключаючы палітычнай і інтэлектуальнай эліт, да гэтага поўная абыякавасць. Практычна ўсе разумеюць, што ў супольнай расійска-беларускай дзяржаве з беларусамі, да таго ж яшчэ дазвання абруселымі, адбудзецца тое, што з літрам малака, вылітым у вялікую бочку з вадой. І тым не менш народ маўчыць, пагаджаецца са сваім такім жахлівым лёсам на выпадак палітычнага аб'яднання з Расіяй. Змірыліся паслухмяныя, рахманыя беларусы са стратай самага дарагога і каштоўнага ў іх жыцці роднай мовы. Не маўчыць толькі жменька далёкіх ад улады, ад працы на прэстыжных пасадах людзей, якіх зусім не хочуць чуць і не чуюць у верхніх эшалонах улады. Не хвалюе беларусаў, што іх маладыя пакаленні навучаюцца ў чужой рускай мове і ад гэтага зрусіфікоўваюцца, што на ўсім абшары бацькоўскай зямлі пануе, квітнее занесеная руская культура. Таму, відаць, асабліва і нельга крытыкаваць нашых высокіх палітыкаў, афіцыйных ідэолагаў, што яны ставяць знак роўнасці паміж беларускім і рускім народамі.
Буйнамаштабная нацыянальная дэфармацыя беларусаў адбывалася і адбываецца не спантанна. У яе ёсць - прычым нямала! - віноўнікаў. І не з шараговых людзей, а з тых, хто знаходзіўся і, на вялікую бяду, яшчэ сёння знаходзіцца ў самых высокіх эшалонах ўлады. Былі, праўда, у мізэрнай колькасці і тыя, хто стараўся хаваць беларусаў ад руйнавальнага ўздзеяння на іх дзяржаўнай нацыянальнай палітыкі. Як пра першых, так і пра другіх мы вельмі мала чаго даведваемся з гістарычнай літаратуры. І дарэмна, бо народ павінен у аднолькавай ступені добра ведаць і пра сваіх палітыкаў-герастратаў, і пра сваіх герояў-адраджэнцаў апошняга паўстагоддзя. Бо калі яно стане прадметам сур'ёзных гістарычных даследаванняў, і мы будзем ведаць сапраўдныя прычыны нацыянальна-культурнага заняпаду беларускага народа, тады авось знойдзем і надзейныя шляхі яго выратавання ад этнічнай смерці. Калі за гэта гісторыкаў не пахваліць улада, дык, напэўна ж, ім скажа «Дзякуй!» увесь цывілізаваны свет, бо ні ў яго інтарэсах знікненне з этнічнай карты любога народа, у тым ліку і беларускага, да якога з радасцю, з вялікм гонарам належыць і аўтар дадзенай публікацыі.
Дадатак
Весялкоўскі Юры. Што прывяло Армію Краёву на Беларусь. Лондан 1995 (рэцэнзія)
Узбагачэнню ведаў навучэнскай моладзі па айчыннай гісторыі перашкаджала адсутнасць магчымасці ажно да пачатку 1990-х гг. знаёміцца з тым, што пісалі пра яе нашыя навукоўцы, вымушаныя жыць за мяжой. А зроблена імі нямала, да чаго добра прыклаўся і вядомы гісторык, публіцыст, грамадскі дзеяч Юры Весялкоўскі (родам з в. Новы Свержань Стаўбцоўскага раёна). У пасляваенныя гады жыў у Велікабрытаніі, рэдагаваў часопісы «Званіца», «Голас часу», у якіх змясціў багата ўласных публікацый. У 1992 г. выйшла ў свет яго першая сур'ёзная кніга «Дарога рымскіх папоў на Усход», а праз тры гады - узятая мною для аналізу праца. Рэцэнзія была напісана ў 1995 г. для часопіса «Полымя» і нават прайшла рэдагаванне. Але далей шлях для яе быў перакрыты: не тая склалася палітычная сітуацыя ў краіне. Улічваючы захаванне і на сёння актуальнасці навуковай працы Ю. Весялкоўскага, змяшчаю яе ў сваёй кнізе.
Беларуская дыяспара пакінула прыкметны след у развіцці нашай нацыянальнай культуры і навукі. Некаторыя з нашых супляменнікаў, што вымушаныя былі развітацца з Бацькаўшчынай у суровым 1944 г., жывуць яшчэ і пасёння за мяжой. Маючы талент у той ці іншай галіне духоўнай творчасці, яны усяляк імкнуцца выкарыстаць яго дзеля беларускага інтарэсу, падаючы гэтым прыклад прадстаўнікам новай хвалі эміграцыі, многія з якіх у пошуках лепшага жыцця без усялякіх ваганняў пакідаюць сваю радзіму, хаця і ведаюць, якую вялікую патрэбу яна мае ў высокаадукаваных, здольных да творчай дзейнасці людзей. Пакідаць у такую цяжкую для Беларусі часіну родны дом - зусім не патрыятычна, нават шкодна. Яшчэ паўбяды, калі хто-небудзь, апынуўшыся ў чужых краях, будзе штосьці карыснае рабіць і для Айчыны. А калі ж чалавек падаўся туды толькі дзеля асабістага шчасця - гэта, ужо лічы, страчаная для Беларусі асоба.
Ніколі не належаў да катэгорыі абыякавых да лёсу роднай зямлі Юры Весялкоўскі. Пакінуць яе давялося толькі з-за страху панесці суровую, несправядлівую кару ад савецкіх рэпрэсіўных органаў, якіх асабліва не цікавіла, што за прычыны прымусілі чалавека падацца на службу да фашысцкіх акупантаў. Вымушана пакінуўшы ў 1944 г. родны кут, Ю. Весялкоўскі ўвесь час жыў у думках з ім, у вольную часіну чытаў літаратуру пра яго гісторыю. Удалося здабыць такія веды, што нават сам стаў выступаць у друку з артыкуламі па дадзенай праблеме. Многія з іх, па зразумелых прычынах, зусім невядомыя нашаму чытачу.
З вялікім спазненнем да нас прыйшла ў адзінкавых экземплярах выдадзеная ў 1995 г. у Лондане на беларускай мове кніга Ю. Весялкоўскага «Што прывяло Армію Краёву на Беларусь». На час яе выхаду ў свет у нас ужо з'явілася нямала публікацый на гэтую даволі складаную і супярэчлівую тэму. Самыя значныя з іх: Я. Сямашка «Армія Краёва на Беларусі» (Мн., 1994), В. І. Ермаловіч і С. В. Жумар «Огнем и мечом. Хроника польского националистического подполья в Беларуси. 1939-1958 гг.» (Мн., 1994). Аднак у сям'і кніг такой праблематыкі даследаванне Ю. Весялкоўскага не сталася лішнім, бо ў ім шмат абагулена раней невядомага матэрыялу. Ды і ацэнкі тых ці іншых падзей вызначаюцца сваёй адметнасцю, навізной, арыгінальнасцю.
Перш чым аналізаваць дзейнасць першых аддзелаў Арміі Краёвай на Беларусі, аўтар даволі падрабязна спыніўся на характарыстыцы гісторыі ўзаемадачыненняў нашага народа са сваімі найбольш вялікімі (па колькасці насельніцтва) суседзямі - рускімі і палякамі. І ў гэтым ёсць рацыя, бо не разабраўшыся з такімі ўзаемадачыненнямі ў далёкім і блізкім мінулым, цяжка зразумець прычыны ўзнікнення самой Арміі Краёвай, уварвання яе на беларускую зямлю. Прыводзяцца ўзятыя з розных літаратурных крыніц факты аб агрэсіўным характары ўній, заключаных паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Каронай Польскай, аб кровапралітных войнах Маскоўскай дзяржавы за далучэнне ў свой склад беларускіх земляў, што набыло асаблівую агрэсіўнасць за рускім царом Аляксеем Міхайлавічам (1645-1676). З гэтых фактаў аўтар не робіць высновы, што ў падобнай сітуацыі маглі складвацца толькі самыя варожыя ўзаемадачыненні чатырох славянскіх народаў - беларускага, польскага, рускага і ўкраінскага, бо такое зразумее і сам ўдумлівы чытач.
Пераканаўчыя факты, хоць іх і не багата, сустракем у кнізе, з якіх непазбежна вынікае, што і ў складзе імперскай Расіі паміж гэтымі народамі не панавала згода, бо яны ніяк не маглі пагадзіцца з прымусова навязанай ім палітыкай русіфікацыі, адсутнасцю ўсялякіх правоў на нацыянальную аўтаномію. «Польскія дзеячы тае пары, - чытаем у кнізе, - уважалі, што Беларусь зьяўляеццпа састаўной часткай Польшчы і што яна павінна ўвайсьці ў склад Польшчы, калі апошняя атрымае незалежнасьць. А расейцы думалі, што Беларусь зьяўляецца састаўной часткай Расіі і павінна заставацца ў складзе расейскай дзяржавы» (с. 16). Лішнім было б даказваць, як усё гэта глыбока раніла душы кожнага нацыянальна-самасвядомага беларуса, як расло ў сапраўдных патрыётаў нашай зямлі жаданне ўбачыць яе незалежнай, суверэннай дзяржавай.
З поля зроку ўдумлівага даследчыка не магло выпасці абвастрэнне барацьбы рускіх і палякаў супроць усяго беларускага на пачатку ХХ стагоддзя, калі на вялікі здзіў многіх на нашай зямлі пайшло ў імклівы рост нацыянальна-культурнае адраджэнне. Для больш пераканаўчага доказу такога абвастрэння барацьбы Ю. Весялкоўскі выкарыстаў не свой погляд на тагачасныя падзеі, а прывёў вельмі трапную цытату з газеты праваакцыябрысцкага накірунку «Белорусская жизнь»: «Культура расейская і культура польская даволі моцныя, каб дапусьціць магчымасьць паўстаньня паміж імі трэцяй штучнай культуры - беларускай, ня маючай пад сабою глебы ні ў гісторыі, ні ў жыцьці» (1911, № 20).
Знаходзіцца ў такім прыгнечана нацыянальна-культурным стане ў руска-польскім атачэнні вельмі надакучыла тым беларусам, што не парвалі з гістарычнымі, духоўнымі традыцыямі роднай зямлі. Таму, калі з пачаткам Першай сусветнай вайны ўзніклі магчымасці стварыць уласную дзяржаву, нацыянальна-свядомыя беларусы адразу ж зрабілі такі гістарычны крок. У кнізе больш чым дастаткова фактаў, з якіх вынікае негатыўнае стаўленне да ідэі беларускай палітычнай незалежнасці з боку адноўленай Польскай дзяржавы. Савецкая ж Расія не больш як на словах падтрымлівала ідэю беларускай дзяржаўнасці, таму і загнала яе толькі ў вузкія тэрытарыяльныя рамкі былой Мінскай губерні.
У тыя нялёгкія часы сапраўднай нацыянальнай дзяржавы беларускаму народу так і не ўдалося стварыць. А што датычыць яго палітычнага становішча пад Польшчай, дык яно, як вынікае з кнігі Ю. Весялкоўскага, успрымаецца цалкам пад'ярэмным. Асабліва жорстка душыліся спробы беларусаў мець сваю нацыянальную школу, паколькі польскія палітыкі справядліва бачылі ў апошняй найважнейшы сродак захавання этнакультурнай самабытнасці карэннага насельніцтва сваіх «усходніх крэсаў», таму і нішчылі яе ў самім зародку. Усяляк не пускалі беларускую мову ў царкоўна-рэлігійнае жыццё, выдавецкую справу. «Былі яшчэ, - слушна заўважае аўтар, - вядомыя ў Польшчы Картуз=Бяроза, віленскія Лукішкі, гарадзенская турма і шмат іншых "козаў", дзе вучылі паслушэнству "польскай дэмакратыі"» (с. 36).
Спадзявацца, што пасля ўсяго гэтага паміж палякамі і беларусамі можа запанаваць поўная згода, калі яны апынуццп пад фашысцкай акупацыяй, ніяк не выпадала. Іншым часам супярэчнасці не толькі не затухалі, а, наадварот, яшчэ больш распальваліся. Хаця мелі месца і выпадкі зусім адваротнага парадку. Усё залежала ад канкрэтнай сітуацыі.
Разгляду дзейнасці Арміі Краёвай папярэднічае грунтоўны аналіз Ю. Весялкоўскага польскай канспірацыі ў Заходняй Беларусі ў 1939-1941 гадах. Ён не адмаўляе высокага патрыятызму многіх змаганцаў за палітычную незалежнасць Польшчы. У тым ліку і з боку высокіх ваенных і цывільных службоўцаў, прадстаўнікоў каталіцкага духавенства, вельмі пераканаўча паказвае складанасць і небяспеку тагачаснай барацьбы: «Віленскі штаб польскага падполля быў дабраны, людзей хапала на розныя работы, і яны працавалі ахвярна. Але па іх сьлядах ішоў НКУС, установа дасведчаная ў сваёй рабоце і ад яе цяжка было схавацца, бо ўсё навокал было нашпігавана агэнтамі» (с. 61). Рашучасць да канца змагацца за палітычную незалежнасць Польшчы не зламалі нават масавыя высылкі прыхільнікаў гэтай ідэі з Заходняй Беларусі ў Сібір, Казахстан і іншыя аддаленыя, суровыя сваім кліматам раёны СССР. Істотна аслабляла супраціў савецкаму рэжыму, як справядліва заўважае аўтар, пранікненне агентаў НКУС у шэрагі польскіх падпольных арганізацый. Прычым у такой ролі не раз выступалі і самі польскія афіцэры.
Нягледзячы на вялікія людскія страты сярод польскіх патрыётаў на тэрыторыі, занятай як Германіяй, так і СССР, у іх дастаткова было сіл для далейшага змагання за нацыянальную незалежнасць, калі арміі гэтых краін скрыжавалі паміж сабой зброю: «Немцы хутка ішлі на ўсход, а за імі ішла польская разьведка, дзеячы падпольля і ксяндзы, якія пачалі аднаўляць і арганізоўваць на Беларусі свае структуры, мясцовую адміністрацыю, паліцыю. Мелі яны на гэта падтрымку немцаў, якія не мелі даверу да беларусаў, а ўважалі іх за камуністаў або пракамуністаў. Затое палякаў лічылі антыкамуністамі і ім давяралі» (с. 67).
У падобнага роду варунках створаным на Беларусі польскім адміністрацыі і паліцыі лёгка было праводзіць сваю антынацыянальную ў дачыненні да карэннага мясцовага насельніцтва палітыку. Такіх матэрыялаў у кнізе не бракуе. Датычаць яны і перыяду, які папярэднічаў прыняццю галавой польскага эміграцыйнага ўрада ў Лондане, камандуючым польскай арміяй Уладзіславам Сікорскім 14 лютага 1942 г. загада аб перайменаванні назову Зьвёнзэк Валькі Збройнай у Армію Краёву (АК).
Аўтар прыводзіць часцей за ўсё ўжо вядомыя з іншых літаратурных крыніц факты аб фарміраванні на тэрыторыі Беларусі першых аддзелаў АК і справядліва прызнае іх зусім непрыкметную ролю ў змаганні з нямецкімі акупантамі. Гэтыя аддзелы больш за ўсё займаліся выпрацоўкай сваіх узаемадычыненняў з мясцовым беларускім насельніцтвам, тлумачылі палякам пра неабходнасць адстойваць ва ўсіх сітуацыях дзяржаўныя межы даваеннай Другой Рэчы Паспалітай. Савецка-польскае супрацоўніцтва ў цэлым дзеля змагання з агульным ворагам - Нямеччынай ніколі не было трывалым і шчырым, што знайшло сваё адлюстраванне і ў дзейнасці АК на беларускай зямлі.
На абвастрэнне канфлікту паміж аддзеламі Арміі Краёвай і беларускімі партызанамі моцна паўплывала прынятая 22 чэрвеня 1942 г. пастанова ЦК КП(б) «Аб ваенна-палітычных задачах працы ў заходніх абласцях Беларусі», другі пункт якой меў такі змест: «Існаванне разнастайных арганізацый, якімі кіруюць польскія буржуазна-нацыяналістычныя цэнтры, трэба разглядаць як незаконнае ўмешванне ў інтарэсы нашай Айчыны». Сітуацыя набыла яшчэ больш напружаны характар, калі ў сувязі з выкрыццём фактаў масавых пахаванняў польскіх афіцэраў у Катыньскім лесе савецкі ўрад у сваёй ноце ад 25 красавіка 1943 г. парваў адносіны з польскім эміграцыйным урадам у Лондане. Пацверджана гэта ў кнізе нападам у жніўні 1943 г. партызанаў пад кіраўніцтвам палкоўніка Фёдара Маркава на польскую брыгаду «Кміціца», якая была абязброена і арыштавана, прычым 80 чалавек расстралялі.
Знайшлі адлюстраванне ў кнізе і факты прама процілеглыя, калі польскія падраздзяленні ўчынялі крывавыя расправы над савецкімі партызанамі. Вельмі часта сутычкі ўзнікалі на глебе вызначэння тэрыторыі дзеяння гэтых сіл. Палякам такой тэрыторыя уяўлялася іх краіна ў межах на 1 верасня 1939 г., з чым ніяк не мог пагадзіцца процілеглы бок. Таму тэрыторыя былой Заходняй Беларусі не раз станавілася яблыкам разладу паміж акаўцамі і савецкімі партызанамі. Бязлітасна распраўляліся і з тымі, хто дапамагаў партызанам.
Справядліва звяртае Ю. Весялкоўскі ўвагу чытача і на знішчэнне легіёнамі Арміі Краёвай многіх з тых, хто служыў у створаных пры непасрэдным удзеле і мясцовага насельніцтва органах самакіравання, працаваў у школах, праваслаўных храмах, хто вызначаўся здаровай беларускай нацыянальнай самасвядомасцю. Толькі тут аўтару варта было б патлумачыць, што такія катэгорыі людзей вынішчаліся дзеля таго, каб сарваць іх планы па арганізацыі хоць самых элементарных формаў палітычнага кіравання краем, па пераўтварэнні школ у дзейсны асяродак узгадавання дзяцей у духу беларускасці, а праваслаўную царкву, якая, перайшоўшы на пазіцыю аўтакефальнасці, зараз стала ўводзіць у казанні, асноўнае набажэства беларускую мову - у крыніцу нацыянальнага жыцця карэннага насельніцтва колішніх «крэсаў усходніх».
Няспынныя сутычкі паміж легіёнамі АК і савецкімі партызанамі амаль усякі раз прычынялі велізарную шкоду мясцоваму насельніцтву, бо кожны з праціўнікаў стараўся ў апошнім стварыць сабе надзейную апору. Аўтар не сумняваецца, і з ім нельга не пагадзіцца, што яно найбольш здзекаў трывала ад польскіх нацыяналістычных фармаванняў, якія свядома ліквідоўвалі найбольш актыўных «беларусаў, каб у будучыні ня мець перашкодаў пры ўвядзеньні свае польскае адміністрацыі на гэтай зямлі» (с. 94).
Вельмі пашыранай формай фізічнай ліквідацыі непажаданых акаўцам людзей, як вынікае з кнігі, было правакацыйнае прышыванне ім ярлыка «камуніст» ці «савецкі партызан» з наступнай перадачай іх у рукі фашысцкіх катаў.
Чытаючы ў кнізе Ю. Весялкоўскага пра лютыя расправы легіёнаў Арміі Краёвай над бяззбройнымі беларусамі, жахаешся: дык гэта ж адбывалася ў асяроддзі славянскай супольнасці народаў, паміж людзьмі, якія стагоддзямі жылі ў сумеснай дзяржаве Рэчы Паспалітай. Фашысцкія рэпрэсіі ў дачыненні да цывільнага насельніцтва Беларусі хоць у нейкай ступені можна зразумець (толькі не апраўдаць), акаўскія - не! Гэта лішні раз даказвае, што наша эканамічнае, палітычнае, культурнае развіццё ў найменшай ступені трэба звязваць з узаемадачыненнямі з іншымі народамі, у тым ліку і з суседнімі, ці са славянскай этнічнай супольнасцю ў цэлым. Практыка паказвае, калі ў небе над Беларуссю згушчаюцца хмары, бог Пярун пасылае гром і маланку, мы заўсёды застаёмся адзін на адзін са сваімі бедамі альбо падпадаем пад уладу суседа (Люблінская ўнія 1569 г.). Таму, паважаючы агульнаславянскія інтарэсы, трэба найперш думаць пра сябе, не ахвяруючы ні сваёй культурай, ні мовай, інакш згубім сваю этнакультурную адметнасць і растворымся ў блізкароднасным нам славянскім акіяне.Прыкры прыклад «славянскага адзінства» ў гады фашысцкага ліхалецця падае і вёска Табала Лідскага раёна, дзе ад рук акаўцаў загінула каля 20 чалавек, а немцы не забілі аніводнага яе жыхара (с. 128).
Азнаямленне з велізарнай колькасцю матэрыялаў пра фізічнае вынішчэнне легіёнамі АК цывільнага беларускага насельніцтва робіць зразумелым, чаму аўтар кнігі так рашуча выступае супраць устаноўкі помнікаў такім «змагарам» з фашысцкай Германіяй, прычым нават у тых вёсках, дзе найбольш праліта бязвіннай беларускай крыві. Недарэчна, што і ў многіх публікацыях нашага часу, аўтарамі якіх найчасцей з'яўляюцца самі былыя акаўцы, усяляк апраўдваецца жорсткасць палякаў да цывільнага беларускага насельніцтва. Іншым разам такую пазіцыю займаюць і аўтары, што пра вайну ведаюць толькі з прачытанага і пачутага.
У сваю чаргу не магла застацца беспакаранай, але ўжо з боку савецкіх партызанаў, і тая частка цывільнага насельніцтва, якая дапамагала акаўцам. На Беларусі, як ні на якай іншай акупаванай фашыстамі тэрыторыі, ішло масавае зніштажэнне бязвінных людзей, у якім бралі ўдзел не толькі тыя, каго ў нас прынята называць ворагамі, здраднікамі. Кніга ў дастатковай ступені насычана адпаведнымі фактамі. Прааналізаваўшы іх, аўтар робіць зусім нязвыклую для нашых палітыкаў, а мо і многіх навукоўцаў, выснову: «Саюзьнікамі беларусаў не былі савецкія партызаны, не былі саюзьнікамі акаўцы і не былі саюзьнікамі немцы, аднак яны далі беларусам нацыянальна больш, як саветы ці палякі» (с. 102). Маюцца на ўвазе найперш культурна-гаспадарчая арганізацыя Беларуская Народная Самапомач, якая карысталася і пэўнымі палітычнымі правамі, Беларуская Цэнтральная Рада.
Прынцыпова разыходзіцца Ю. Весялкоўскі з запанаванымі ў нашай афіцыйнай ідэалогіі поглядамі на беларускіх калабарантаў. Ён цалкам апраўдвае тых беларусаў, якія падчас акупацыі імкнуліся адрадзіць сваё нацыянальнае і культурнае жыццё, без чаго немагчыма было б штосьці практычнае рабіць дзеля ўсталявання дзяржаўнай незалежнасці краіны. «Таму, чытаем у кнізе, - калі беларусы выкарыстоўвалі спрыяльную для іх магчымасьць, дадзеную немцамі, якой яны ня мелі пры бальшавіках і паляках, дык гэта ня ёсьць ніякая здрада, калабарацыя, а толькі адраджэньне свае нацыянальнай сьвядомасьці. І каб гэтую магчымасьць ня выкарыстаў беларускі актыў, ён быў-бы здраднікам свае нацыянальнай ідэі і свайго прыгнечанага народу» (с. 103).
У кнізе пададзена шмат неаспрэчных фактаў цеснага супрацоўніцтва акаўцаў з немцамі ў іх барацьбе з бальшавікамі. За ўдзел у такіх акцыях атрады АК атрымлівалі ад акупантаў самыя розныя віды зброі і амуніцыю. У апошні перыяд панавання на Беларусі немцы не чынілі аніякіх перашкодаў для мабілізацыі дарослага насельніцтва ў польскія атрады ў зоне дзеяння АК. Супрацоўніцтва некаторых яе падраздзяленняў з акупантамі Ю. Весялкоўскі пацвярджае і такімі фактамі: «Калі ў Ліду прызджаў польскі камандзір АК, нямецкі афіцэр выходзіў са свае канцылярыі і салютаваў яму. У Стоўбцах польскія легіёны АК рабілі парад перад касьцёлам у прысутнасьці немцаў» (с. 106).
Не абмінуў Ю. Весялкоўскі і фактаў удзелу некаторых беларусаў, пераважна каталіцкага веравызнання, у атрадах Арміі Краёвай, даючы гэтаму такое тлумачэнне: «Былі на Беларусі вёскі са шляхтай. Людзі гэтыя ня ўмелі добра гаварыць па-польску, але будучы каталікамі, лічылі сябе за палякаў. Шляхту гэту скалечылі польскія ксяндзы, якія ўнушалі ім пальшчызну. Такая шляхта трымала свой гонар высока, хоць гаспадарча стаяла нізка, але памагала Арміі Краёвай і папаўняла яе рады.
Гэтая гісторыя цягнецца стагодзьдзі... Як раней, так і цяпер апеку над каталікамі-беларусамі трымаюць польскія ксяндзы і польскія палітычныя дзейнікі дзеля свайго права на гэтую зямлю, на якой жывуць нібыта радавітыя палякі.
Значную ролю адыграла тут узгадаваная на трылёгіі Генрыка Сянкевіча і часткова на паэзіі Адама Міцкевіча моладзь. Гэтыя маладыя людзі Заходнюю Беларусь лічылі за Польшчу, часова акупаваную немцамі (с. 97). З такім меркаваннем нельга не пагадзіцца, бо і сапраўды чытанне польскмоўных мастацкіх твораў гэтых таленавітых аўтараў вельмі садзейнічала далучэнню беларускай моладзі да польскай культуры і адрыву ад сваёй прыроднай духоўнай спадчыны, што канчатковым вынікам мела размыванне нацыянальнай самасвядомасці.
Ю. Весялкоўскаму вельмі характэрна схільнасць параўноўваць стаўленне Варшавы і Масквы да беларусаў, якое, дарэчы, прынцыпова адрозніваецца ад пункту погляду абсалютнай большасці айчынных гісторыкаў. У гэтым лёгка можна пераканацца са зместу наступнай цытаты: «Нямала было выліта бруду на беларусаў, якія рабілі нешта беларускае пад нямецкай акупацыяй. У той час, а асабліва ў першым годзе вайны, нацыянальна думаючыя беларусы не маглі разьлічваць ані на саветаў, ані на іхніх заходніх саюзьнікаў. Адносіны бальшавікоў да беларусаў пад нямецкай акупацыяй былі такія-ж суровыя, як і перад вайной. Калі немец падыходзіў пад Маскву, Сталін шукаў пагадненьня з Гітлерам і гатоў быў аддаць Беларусь немцам, як аддаў яе Ленін у сакавіку 1918 годзе ў Берасьці.
А заходнія краіны не зьвярталі ніякай увагі на беларусаў як перад вайной, так і ў час вайны. Нават калі беларускія паслы ў польскім Сойме выслалі свой меморыял у Ліну Нацый аб зьдзеках палякаў над беларусамі, ніякая рэакцыя не наступіла. Таму супраца беларусаў зь немцамі была абгрунтаваная і своечасовая, бо гэта дало беларусам магчымасьць разьвіваць свой нацыянальны патэнцыял, што немагчыма было б зрабіць пад палякамі і пад саветамі» (с. 136, 137).
Што тут адпавядае ісціне, думаю, няцяжка разабрацца дасведчанаму ў пытаннях айчыннай гісторыі чытачу.
Як і многія іншыя даследчыкі, Ю. Весялкоўскі не лічыць, што з вызваленнем Беларусі ад нямецкіх захопнікаў спала баявая актыўнасць акаўцаў. Падаюцца звесткі, што толькі з 28 ліпеня да 31 снежня 1944 г. яны забілі 277 і паранілі 94 чыровнаармейцаў (с. 165). У гэты час працягваліся і фізічныя расправы над цывільным насельніцтвам. Не ўхіліліся ад іх і жыхары тых беларускіх земляў, якія СССР перадаў Польшчы. Варварскімі метадамі ажыццяўлялася тут і перасяленне няпольскага насельніцтва ў Беларусь. Пасля прывядзення шматлікіх фактаў аўтар заключае: «Было гэта масавае вынішчэнне беларускага насельніцтва на Беласточчыне, інакш кажучы - гэнацыд» (с. 173). А ў цэлым усю дзейнасць АК ён слушна назваў вайной, «у якой не аказалася сапраўдных пераможцаў. Засталіся нявінна памардаваныя, папялішчы гаспадарак, сьлёзы і горкія ўспаміны з праклёнамі тых, хто вёў гэтую праступную вайну на Заходняй Беларусі ад 1939 да 1953 году» (с. 179). Таму лёгка азарзумець абурэнні аўтара не толькі адносна спробаў узводзіць на беларускай зямлі помнікі акаўцам, але правіць па іх імшу ў касцёлах. На яго думку, рэабілітацыя акаўцаў на Беларусі была б раўназначна прызнанню справядлівасці польскай мяжы 1939 г., за якую яны ваявалі.
Незаконныя дзеянні акаўцаў па захаванні за вызваленай з-пад фашысцкага прыгнёту Польшчай дзяржаўных межаў 1939 г. падтрымлівала нямала шавіністычна настроеных людзей. «У гэтай барацьбе за граніцу, - чытаем у Ю. Весялкоўскага, - не апошнюю ролю адыгрывалі польскія ксяндзы, якія былі духоўнымі інсьпіратарамі гэтай барацьбы. Былі яны галоўнымі сувязнымі акаўскай арганізацыі...» (с. 166). Фактаў у пацверджанне сказанаму, у кнізе дастаткова.
Разам з тым нельга не адзначыць, што ў сваім імкненні як мага больш поўна і вобразна паказаць зверствы акаўцаў з мірнага насельніцтва аўтар іншым разам робіць абагульненні, з якімі нельга цалкам пагадзіцца. Для прыкладу спашлюся на яго наступныя меркаванні: «Польская Армія Краёва прасьледавала ўсіх беларусаў...» (с. 126). «Такіх людзей як акаўцы на Беларусі ніхто не хацеў, бо невядома было, каму служаць. Супрацоўнічалі з савецкімі партызанамі супраць немцаў, пасьля з немцамі супраць савецкіх партызан, а пры нагодзе мардавалі беларусаў, што яны супрацоўнічаюць зь немцамі. Але сваім супрацоўніцтвам зь немцамі акаўцы кампраментавалі сябе і сваю польскую справу больш за беларусаў» (с. 136). Такія абагульненыя выразы, як «усіх беларусаў», «ніхто не хацеў» разыходзяцца з тым, што на самой справе адбывалася ў той час.
Не ведаю, як у каго, а ў мяне пры чытанні кнігі Ю. Весялкоўскага яшчэ больш утрываліся перакананне, што не толькі польскім палітыкам і інтэлігенцыі, але і шырокім колам суседняга нам на захадзе народа проста ад самой прыроды ўласцівая надзвычай здаровая нацыянальна-дзяржаўная свядомасць. Можна толькі пазайздросціць, як у найскладаных умовах Другой сусветнай вайны яны даражылі, самаахвярна змагаліся за дзяржаўную незалежнасць сваёй краіны. 9 студзеня 1945 г. Лонданскі эміграцыйны польскі ўрад прымае распараджэнне аб роспуску Арміі Краёвай, а яе галоўнакамандуючы Леапольд Акуліцкі ў сваім загадзе ад 19 студзеня таго ж года звяртаецца да жаўнераў з такімі патрыятычнымі словамі: «Сваю далейшую работу і дзейнасьць прадаўжайце ў духу здабыцьця поўнай незалежнасьці польскай дзяржавы...
Старайцеся быць праваднікамі народа і рэалізатарамі незалежнасьці польскай дзяржавы. У гэтай дзейнасьці кожны з вас павінен быць для сябе камандзірам.
Я пэўнены, што загад гэты выканаеце, што застанецеся назаўсёды вернымі толькі Польшчы...
Глыбока веру, што пераможа наша сьвятая справа, што спаткаемся ў сапраўды вольнай і не акупаванай Польшчы» (с. 161).
Хоць і з вялікім спазненнем, але нашыя заходняя суседка стала палітычна незалежнай краінай. Каб у польскага народа бракавала высокай нацыянальна-дзяржаўнай свядомасці палітыкаў (да іх належала і вялікая колькасць акаўцаў), інтэлігенцыі, вынікі вайны для суверэннага развіцця яго краіны маглі б быць зусім іншымі. Нязгасную любоў, шчырую адданасць яе нацыянальнаму аўтарытэту і сёння ў найвышэйшай ступені праяўляюць палякі, чым толькі здабываюць сабе вялікі аўтарытэт і заслужанае прызнанне ў цывілізаваным свеце. Нягледзячы на ўсебаковыя інтэграцыйныя працэсы ў ім, у тым ліку і палітычныя, суверэнная дзяржава працягвае заставацца найвялікшай нацыянальнай каштоўнасцю кожнага народа, які не збіраецца стаць ахвярай сусветнай галаблізацыі.
Даводзіцца толькі пашкадаваць, што кніга Ю. Весялкоўскага «Што прывяло Армію Краёву на Беларусь» з'яўляецца выключнай рэдкасцю ў публічных і асабістых бібліятэках, бо знаёмства з ёю не толькі ў многім ўзбагаціла б нашы веды пра ўзаемадачыненні беларускага і польскага народаў у часы самых суровых выпрабаванняў, а яшчэ і навучыла б, як не трэба даць узнікнуць, распаўсюдзіцца на іх тэрыторыі розным экстрэмісцкім сілам, здольным прычыніць непапраўную шкоду як аднаму, так і другому суседнім народам.
Мару здзейсніў
У кожнага вучонага-гісторыка свой адметны ад іншых шлях у вялікую навуку. У мяне асабіста зацікаўленасць да гісторыі зарадзілася ў далёкім 1940 г., калі ў Магільнянскай сярэдняй школе (Уздзенскі раён Мінскай вобласці) на ўроках любімага настаўніка Гаварушкі (імя не памятаю) з захапленнем слухаў звесткі пра краіны Старажытнага свету - Егіпет, Месапатамію, Іудзею... Падручнік па гісторыі быў толькі ў настаўніка. Многія старонкі з яго мы, вучні 5-га класа, слова ў слова запісвалі ў канспекты. Паперы бракавала, таму стараліся пісаць вельмі дробненькімі літарамі, як мага цясней ушчыльняючы адзін радок да другога. Не раз чуў ад настаўніка і вучняў, што такая пісаніна найлепей за ўсіх іншых удавалася ў мяне. Можа таму я так любіў свой канспект па гісторыі і пасля заканчэння пятага класа захоўваў яго як вельмі дарагую рэліквію. Павучыўшы адзін год гісторыю, мне здавалася, што я ведаю ўсё, што ў старажытнасці адбывалася на зямлі, але толькі не на тым яе лапіку, дзе сам жыву. Пастараўся гэта высветліць у настаўніка, на што атрымаў прыкладна такой адказ: на той час на Беларусі не існавала ніякага жыцця. Паверыў пачутаму. З вялікім задавальненнем папаўняў свае веды па гісторыі і ў 6-м класе той жа школы, які наведваў у 1941/42 н. г. падчас нямецкай акупацыі. На гэты раз ужо новы настаўнік Адам Александровіч (татарын з Узды) знаёміў нас пераважна з гісторыяй Беларусі. Падручніка ў яго не было, але звестак - прычым вельмі цікавых для мяне - даваў дужа багата, што я імкнуўся максімальна занесці на паперу.
Не меў я, як і ўсе астатнія вучні, падручніка па гісторыі і тады, калі пасля вызвалення нашай мясцовасці ад нямецкіх акупантаў пайшоў у 1944/45 н. г. у сёмы клас. Вывучалі гэты прадмет са слоў настаўніка, якія прапаноўвалася запісваць у свае канспекты. Звестак пра мінулае Беларусі не прыводзілася. Яна проста не трапіла ў агульны курс гісторыі СССР.
У далейшым патрэбных ведаў па дадзеным прадмеце не ўдалося атрымаць, бо ён не адносіўся да ліку асноўных у тых навучальных установах, якія мне давялося закончыць: Мінскі статыстычны тэхнікум, Ашхабадскае ваеннае вучылішча. Набываў веды па гісторыі розных народаў самапасам. Хацелася штосьці чытаць і пра мінулае роднага краю. Але як на злосць, нішто не трапляла пад руку.
Служба афіцэрам ніколі не прыносіла асаблівай радасці, таму ў голаў не раз прыходзіла думка, як бы набыць сур'ёзныя веды па гісторыі праз завочную ці вячэрнюю формы навучання, а затым выкладаць гэты прадмет у школе. Першая спроба ажыццявіць задуманае на завочным аддзяленні Іркуцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута (уступныя іспыты здаваў у 1952 г.) закончыліся безвынікова, што растлумачыла кіраўніцтва гэтай навучальнай установы вострай неабходнасцю як мага паўней ахапіць вучобай тых, хто ўжо працуе ў школе і не мае адпаведнай гістарычнай адукацыі. Пярэчыць, хадзіць у вышэйшыя інстанцыі, каб дапамаглі, не стаў.
Другая падобнага роду спроба мела месца ў 1954 г., калі я ўжо з'яўляўся цывільным чалавекам і працаваў у сістэме прамысловай кааперацыі Башкірскай АССР. Па маёй просьбе Уфімскі раённы ваенны камісарыят выдаў даведку, што я пастаўлены на чаргу для прызначэння на пасаду ваеннага кіраўніка у адной з навучальных устаноў раёна, бо без такога дакумента проста не дапусцілі б да здачы ўступных іспытаў. Вытрымаў іх на выдатна і з дня на дзень чакаў паведамлення аб залічэнні на завочнае аддзяленне гістарычнага факультэта Башкірскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя К. А. Ціміразева. І неўзабаве ліст прыйшоў, у якім прапаноўвалася ў пэўны дзень і час прыбыць да прархэктара Інстытута па завочным аддзяленні. Пачутае ал яго не абрадавала: «Мы вельмі рады за вашую паспяховую здачу ўступных іспытаў, але прыняць на завочнае навучанне не можам, паколькі першачарговай задачай лічым падрыхтоўку нацыянальных кадраў, у чым рэспубліка зведвае вялікі дэфіцыт. Нашыя школы сельскай мясцовасці, дзе пражывае пераважна нярускае насельніцтва, хранічна недаўкамплектаваны кадрамі.Пасылаць жа туды выпускнікоў Інстытута, якія не валодаюць башкірскай ці татарскай мовамі, мы не павінны».
Гэтыя словы падаліся мне цалкам пераканаўчымі. Давялося забраць дакменты і ветліва развітацца з прарэктарам. Нават рукі паціснулі адзін аднаму. Затым на некалькі хвілін затрымаўся ў яго прыёмнай для выканання пэўных канцылярскіх запісаў і выйшаў на калідор. Але не паспеў зрабіць мо і пяці крокаў, як праз адчыненыя дзверы прыёмнай данесліся словы сакратаркі: «Вас просіць прарэктар яшчэ раз зайсці ў кабінет». Зайшоў і вельмі быў здзіўлены незвычайна радаснаму, добразычліваму выразу твару чалавека, які сарваў мае планы стаць студэнтам-завочнікам. Нечакана пачуў ад яго: «Таварыш Лыч! Чаму вы не пярэчылі майму рашэнню не залічыць вас на вучобу пры здачы ўсіх уступных экзаменаў на "5"? У падобных выпадках з іншымі ў мяне ўзнікалі найсур'йзнейшыя канфлікты». На што я адказаў: «Пагадзіўся з вашымі довадамі, бо і сапраўды нацыянальная моладзь павінна карыстацца перавагамі пры паступленні ў навучальныя ўстановы сваёй рэспублікі». Пасля гэтых слоў прарэктар яшчэ больш павесялеў, выйшаў з-за стала, зрабіў крок насустрач і проста ўразіў фразаю: «Вось такая пазіцыя і вымусіла мяне паклікаць вас ізноў у кабінет, каб аб'явіць пра залічэнне на вучобу».
Інстытут закончыў на два гады раней за ўстаноўлены тэрмін (1957) і, будучы ўсяго толькі на першым курсе, выкладаў гісторыю СССР у Юматаўскім сельскагаспадарчым тэхнікуме (знаходзіўся на тэрыторыі Уфімскага раёна). З прычыны таго, што з 1956/57 н. г. на вучобу ў тэхнікум бралі толькі пасля заканчэння сярэдняй школы, і таму ўжо ў ім не выкладалася гісторыя, паспрабаваў высветліць у органаў народнай адукацыі Беларусі пра іх магчымасці ўладкаваць мяне на працу. Адказ прыйшоў адмоўны. Не заставалася нічога іншага, як шукаць працу ў межах чужога для мяне краю. Яна знайшлася ў Стэрлітамакскай працоўнай дзіцячай калоніі (Башкірыя). Уладкаваўся на пасаду метадыста і вёў урокі па геаграфіі. Але затрымаўся тут усяго толькі на адзін год, бо вельмі ж цягнула на радзіму.
Сустрэла яна мяне ў 1958 г. не дужа ветліва: спрэс адчувалася перавытворчасць настаўнікаў гісторыі. Выручыла - хоць небагатая - практыка працы з дзецьмі ў калоніі. Кіраўніцтву адной з школ-інтэрнатаў беларускай сталіцы сталася вельмі даспадобы, што ў складзе іх педагогаў будзе асоба, якая мае вопыт выхавання дзяцей і ў працоўнай калоніі. Аддаў гэтай справе чатыры гады. Іншым разам у школе-інтэрнаце знаходзіліся і гадзіны па гісторыі, але найбольш за ўсё вёў урокі па геаграфіі.
Часам узнікала жаданне паспрабаваць паступіць на вучобу ў аспірантуру. У вольны ад заняткаў у школе час наведваў чытальныя залы Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя Леніна, дзе пазнаёміўся з асобамі, што працавалі над кандыдацкімі дысертацыямі па гісторыі. Калі-нікалі даводзілася ўступаць у размову і з наведвальнікамі бібліятэкі больш высокага прафесійнага статусу - кандыдатамі навук. Пад іх уплывам і сфармаваўся цвёрды намер ісці ў навуку.
З восені 1962 г. стаў завочнікам-аспірантам Інстытута гісторыі Акадэміі навук БССР. Пры выбары тэмы кандыдацкай дысертацыі зусім не ўлічваўся мой навуковы інтарэс. Галоўным патрабаваннем прызнавалася яе адпаведнасць праблематыцы Інстытута. У ім па прыкладзе Інстытута гісторыі АН СССР распачалося франтальнае вывучэнне гісторыі савецкага рабочага класа як вядучай сілы сацыялістычнага грамадства. У Інстытуце гісторыі АН БССР галоўным спецыялістам па гэтай тэматыцы з'яўляўся загадчык утворанага ў 1962 г. Сектара камуністычнага будаўніцтва, кандыдат гістарычных навук Іван Марчанка. З усіх тых, хто паступаў у 1962 г. на завочнае аддзяленне аспірантуры, яго найбольш цікавіла мая асоба. Ім была выказана прапанова: «Згаджайцеся распрацоўваць праблему рабочага класа і я гарантую вам паступленне на сталую працу ў Інстытут». Жаданне трапіць сюды было вельмі вялікае, таму прыняў умовы І. Марчанкі, хаця не меў аніякай зацікаўленасці даследаваць гісторыю рабочага класа, асабліва на этапе камуністычнага будаўніцтва, у які, як лічылася тады, уступаў СССР, што было зафіксавана ў прынятай у 1961 г. на ХХІІ з'ездзе КПСС Праграме Камуністычнай партыі Савецкага Саюза. У тыя гады партыя і фактычна падпарадкаваныя ёй прафсаюзы прыкладвалі ўсе свае намаганні дзеля мабілізацыі савецкага народа на датэрміновае выкананне заданняў сямігодкі (1959-1965). Вырашальную ролю ў іх рэалізацыі закліканы быў адыграць рабочы клас СССР, таму гісторыкма прапаноўвалася проста па гарачых слядах даследаваць стваральную дзейнасць гэтай, як тады было прынята лічыць, вядучай сілы сацыялістычнага грамадства. Мне давялося заняцца чыгуначнікамі, як адным з самых шматлікіх і перадавых атрадаў рабочага класа БССР. Сумесна з маім кіраўніком І. Марчанкам так вызначылі тэму кандыдацкай дысертацыі «Железнодорожники Белоруссии в годы семилетки (1959-1965 гг.)». Як бачым, гісторыяй тут і не пахла. Але пагадзіўся, бо, паўтаруся, за вельмі вялікі гонар лічыў уліцца ў шэрагі прафесійных гісторыкаў.
Дасягнуць жа гэтай запаветнай мары аказалася зусім няпроста: перашкаджала мая беспартыйнасць. Апошняя асабліва не замінала б навукоўцу, калі яму належала займацца даследаваннем пытанняў гісторыі дасавецкага перыяду. Мяне ж збіраліся працаўладкаваць у Сектар камуністычнага будаўніцтва. Таму і паступіўшы на завочнае аддзяленне аспірантуры, даводзілася па-ранейшаму займацца выхаваннем і навучаннем дзяцей у школах-інтэрнатах горада Мінска. Праўда, нядоўга. І. Марчанка, які, па ўсім відаць было, вельмі жадаў мець мяне ў сваім Сектары, прапанаваў мне паступіць сюды на пасаду старшага лабаранта (у дадзеным выпадку належаць да членаў камуністычнай партыі не з'яўлялася абавязковым) з акладам 55 руб. у месяц. У школе-інтэрнаце мая штомесячная заработная плата складала 140 руб. Пройгрыш відавочны! Дый быць на пасадзе старшага лабаранта чалавеку з вышэйшай адукацыяй і ва ўзросце 34-х гадоў - гэта ж зусім непрэстыжна. І ўсё ж я не адхіліў гэтай прапановы (быў залічаны на працу 10 снежня 1962 г.) у поўнай надзеі, што сваімі стараннямі ў вучобе ў аспірантуры хутка прымушу адміністрацыю на парадак павысіць мне службовае становішча. Так яно і здарылася: праз паўгода здаў усе кандыдацкія мінімумы, склаў падрабязны план - праспект дысертацыі і стаў у вольны час працаваць над яе напісаннем. А галоўнае - паабяцаў (праўда, не выканаў) у бліжэйшы час падаць у партыйную арганізацыю інстытута ад камуністаў школы-інтэрната тры характарыстыкі для паступлення ў партыю. Усяго гэтага было дастаткова, каб прызначыць мяне на пасаду малодшага навуковага супрацоўніка. Ад гэтага часу я адчуў даволі паважлівае стаўленне да мяне з боку калег па працы. Як ніяк, а 34-гадовая асоба ўжо не старшы лабарант, а навуковец, няхай сабе і самага нізкага статусу.
Праца над дысертацыяй ішла паспяхова. Кіраўнік падштурхоўваў да датэрміновага завяршэння яе, з чым я ахвотна пагаджаўся, бо жадаў хутчэй стаць кандыдатам гістарычных навук. Меркавалася, што абарона адбудзецца ў сярэдзіне 1964 г., калі чыгуначнікі Беларусі выканаюць больш як пяць гадоў сямігодкі. Затым І. Марчанка змяніў сваю пазіцыю, заявіўшы, што храналагічны перыяд дысертацыі вызначаны 1959-1965 гг., таму трэба чакаць поўнай рэалізацыі чыгуначнікамі заданняў сямігодкі, каб належным чынам, па-навуковаму паказаць гэта ў дысертацыі. Абарона яе адбылася ў канцы чэрвеня 1966 г. Гэта быў зусім адрозны ад напісанага ў 1964 г. варыянт дысертацыі. Такім чынам, за час завочнага навучання ў аспірантуры мною былі напісаны па сутнасці дзве самастойныя дысертацыі на адну і тую ж тэму.
Далей працягваць даследаванне чыгуначнай тэматыкі не было асаблівага жадання. Усё больш задумваўся над праблемамі нацыянальна-культурнага жыцця беларускага народа. Пад уплывам нацыянальна-актыўных супрацоўнікаў яшчэ ў час працы над кандыдацкай дысертацыяй пачаў пакрысе хіліцца да роднай беларускай мовы. Аднак па-сур'ёзнаму пачаў вяртацца да яе, ужо будучы кандадатам навук, бо прыйшоў да высновы, што быць вучоным-гісторыкам і не валодаць, публічна не карыстацца роднай мовай, - гэта нонсенс, штосьці яўна супярэчнае беларускаму нацыянальнаму інтарэсу. Ажыццявіць задуманае аказалася зусім нялёгкай справай, бо ад беларускай мовы я стаў свядома і ўпарта адыходзіць з восені 1945 года, калі пачаў вучыцца ў Мінскім статыстычным тэхнікуме. Прысланая сюды на працу пасля заканчэння адной з ВНУ Масквы выкладчыца рускай мовы свой першы ўрок цалкам прысвяціла растлумачэнню яе выключнай ролі ў жыцці савецкіх народаў, а адносна беларускай мовы выказалася так, што яна не ёсць самабытная, арыгінальная, а ўяўляе сабой механічны набор паасобных слоў з іншых моў. Моцна запамяталіся і такія яе словы, што толькі праз рускую мову можна далучыцца да ўсіх вышыняў сусветнай навукі і культуры, стаць па-сапраўднаму адукаваным, інтэлігентным чалавекам. Паверыўшы маладой і сімпатычнай выкладчыцы, я стаў гарачым жалезам бязлітасна выпальваць беларускія словы са свайго лексікона і, трэба сказаць, даволі паспяхова. Цяпер жа, стаўшы кандыдатам гістарычных навук, аналагічную экзекуцыю рабіў з рускімі словамі і выразамі, якія з вялікай цяжкасцю ўдавалася выкараняць з роднай мовы. Проста не перадаць, як перажываў, калі ў час публічных выступленняў на мой язык трапляла рускае слова.
Моўная метамарфоза, што адбылася са мною ў другой палове 1960-х гадоў, стала прычынай няўмольнага жадання ўшчыльную, прафесійна заняцца вывучэннем нацыянальнага пытання. Кіраўніцтва Інстытута не падтырмала, заявіўшы, што ва ўмовах Беларусі яно ўжо даўно страціла сваю тэарэтычную і практычную актуальнасць. Прапанавала па-ранейшаму займацца даследаваннем праблем, звязаных з рабочым класам, асабліва з паказам яго ролі і дасягненняў у сацыялістычным спаборніцтве. Давялося пагадзіцца, хаця мяне вельмі не задавальняла і сама тэматыка і тое, што ўсе гэтыя працы трэба было пісаць па-руску. Я ж паставіў перад сабой мэту быць беларускамоўным гісторыкам.
Неяк даволі лёгка здзейсніць такое жаданне ўдалося з прыходам у 1969 г. на загадванне нашым сектарам доктара гістарычных навук, прафесара, Героя Савецкага Саюза Аляксандра Філімонава. На той час стаўленне ў яго да беларускай мовы было самым гуманным і прагрэсіўным. У адрозненне ад многіх іншых навукоўцаў высокага рангу ён нават любіў у кампаніі кандыдатаў навук паказыраць сваім веданнем беларускай мовы. Вось на ёй я і стаў рыхтаваць рукапіс аб пасляваеннай гісторыі чыгуначнага транспарту БССР у надзеі, што гэтая праца можа выліцца ў доктарскую дысертацыю. Выданне рукапісу планавалася на 1975 г. І ён быў гатоў да гэтага. Толькі ў справу ўмяшалася і пасёння невядомая мне асоба і яго выхад быў сарваны, зразумела, па моўнай прычыне. Цаной вялікіх асабістых намаганняў і дапамогі з боку нацыянальна-самасвядомых дзвюх асобаў Дзяржаўнага камітэта БССР па друку ўсё ж выйшла ў свет у 1976 г. мая кніга «Аднаўленне і развіццё чыгуначнага транспарту Беларускай ССР (верасень 1943-1970 гг.)». Але яна не вывела мяне на прамы шлях да абароны доктарскай дысертацыі, бо была напісана па-беларуску. А як вядома, у адпаведнасці з прынятым Вышэйшай атэстацыйнай камісіяй (ВАК) СССР у снежні 1975 г. «Палажэнне аб парадку прысуджэння вучоных ступеняў і прысваення вучоных званняў» рукапісы дысертацый і надрукаваныя па яе тэме кнігі і артыкулы павінны былі падавацца ў Маскву толькі на рускай мове. Названым Палажэннем была закладзена крайне небяспечная міна пад нацыянальны інтарэс усіх нярускіх народаў. Пазбавіць іх мовы права выконваць ролю рабочай у такой прэстыжнай сферы, як навука, азначала затармазіць працэс развіцця і ўзбагачэння нацыянальных моў, зрабіць іх прыродных носьбітаў няўстойлівымі ад русіфікацыі, якая ў той час проста дзявятым валам абрушвалася на нярускія прасторы СССР. Таму Палажэнне адразу ж выклікала сапраўдную буру гневу ў нацыянальна-самасвядомай часткі інтэлігенцыі ўсіх саюзных і аўтаномных рэспублік. Маўчала толькі Беларусь, паколькі яе навукоўцы, уключаючы і гуманітарыяў, амаль франтальна адцураліся роднага слова.
Усе мае знаёмыя па навуцы, каб стаць дактарамі навук, сталі ў тэмпе перакладаць свае беларускамоўныя дысертацыі на рускую мову. Я не мог дазволіць сабе такога, бо ў Палажэнні ВАКа СССР аб абавязковым напісанні кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый толькі на рускай мове бачыў найвялікшы здзек Масквы з майго асабістага нацыянальнага гонару і беларускага народа ў цэлым. Так быў гвалтоўна, жорстка спынены мой беларускамоўны шлях на п'едэстал доктара гістарычных навук.
Грубая дыскрымінацыя агульнасаюзнымі партыйнымі і савецкімі органамі моўных правоў усіх нярускіх народаў СССР зрабіла мяне яшчэ большым прыхільнікам роднага слова, усяго беларускага. У сваім немаладым 47-гадовым узросце цвёрда вырашыў рэшту працоўнага жыцця прысвяціць даследаванню зусім новай для мяне тэмы - нацыянальнага пытання на Беларусі, яе дачыненнем з саюзным цэнтрам. Яна страшэнна адставала ад усіх саюзных рэспублік па частцы распрацоўкі нацыянальнай тэматыкі, што нарэшце пачало адкрыта прызнавацца не толькі самімі навукоўцамі, але і ў ідэалагічным апараце ЦК КПБ. Таму калі ў 1977 г. я выказаў жаданне даследаваць на прыкладзе БССР праблему выраўноўвання эканамічнага і сацыяльна-культурнага развіцця саюзных рэспублік у 1917-1941 гг., гэта ўжо цяпер не выклікала ў кіраўніцтва Інстытута ніякага пярэчання.
Паступова з зусім не шэраговага спецыяліста па гісторыі рабочага класа БССР і сацыялістычнага спаборніцтва (выступаў з публікацыямі і ў маскоўскіх часопісах) я станаўлюся даследчыкам вельмі складанага і супярэчлівага ва ўмовах Беларусі нацыянальнага пытання. Цяпер я ўжо не ўдзельнічаю ва ўсесаюзных навуковых і навукова-практычных канферэнцыях, дзе вядзецца гаворка пра гістарычную ролю савецкага рабочага класа, магутную сілу сацыялістычнага спаборніцтва ў эканамічным развіцці краіны. Увесь мой навуковы інтарэс скіраваны на азнаямленне з вопытам даследавання нацыянальных праблем у саюзных рэспубліках, чаму прысвячалася вельмі многа канферэнцый. Навукоўцы проста не маглі маўчаць, бачачы на свае вочы, як пад уплывам стратнай нацыянальнай палітыкі КПСС ідзе разбурэнне прыродных асноў культуры нярускага насельніцтва, звужваецца сфера ўжывання яго роднай мовы, набіраюць небяспечныя абароты працэсы суцэльнай асіміляцыі. Удзел у працы такіх канферэнцый садзейнічаў не толькі ўзбагачэнню маіх тэарэтычных ведаў па дадзенай праблеме, але і павышэнню асабістай адказнасці па пераадоленні тых негатыўных з'яў, што адбываліся ў нацыянальным, культурна-моўным жыцці беларускага народа.
З усіх навуковых, навукова-практычных канферэнцый па нацыянальнай праблематыцы найбольшы ўплыў на фармаванне маёй грамадзянскай свядомасці зрабіла тая, што праходзіла ў снежні 1983 г. у сталіцы Азербайджанскай СССР Баку. Яе тэма: «Дыялектыка нацыянальнага і інтэрнацыянальнага ў духоўным свеце савецкага чалавека». Для выступлення на ёй падрыхтаваў матэрыял у поўнай адпаведнасці з поглядамі ідэалагаічнага апарату ЦК КПБ і самога кіраўніцтва Інстытута на нацыянальнае пытанне, інакш яго (матэрыял) не ўхвалілі б пры абмеркаванні на пасяджэнні супрацоўнікаў Сектара, у якім я працаваў, і не далі б дазволу на ўдзел у працы Бакінскай канферэнцыі.
У прамовах шэрагу выступоўцаў з розных рэспублік як на пленарным, так і секцыйных пасяджэннях канферэнцыі не раз згадвалася і Беларусь. Адны з іх вельмі хвалілі яе партыйнае кіраўніцтва за наданне вялікай ролі рускаму фактару ў нацыянальна-культурным жыцці рэспублікі, што дапамагала яго інтэрналізацыі як найважнейшага сродку збліжэння і зліцця культур і моў на шляху да светлага камуністычнага грамадства, другія, наадварот, ва ўсім тым, што адбывалася на гэтай прасторы СССР, бачылі рэальную пагрозу русіфікацыі яе карэннага насельніцтва і катэгарычна заяўлялі, што беларускі метад ніяк не можа быць ухвалены, бо ён супярэчыць гарманізацыі міжнацыянальных дачыненняў савецкіх народаў. Такіх выступоўцаў ніколькі не пераканала і спасылка аднаго з узбекскіх прафесараў на атрыманую ад міністра асветы БССР Міхаіла Мінкевіча афіцыйную інфармацыю, што беларусы, маўляў, самі выступаюць супроць нацыянальнай сістэмы адукацыі. З месцаў гучала, што трэба шукаць прычыны такога негатыўнага стаўлення народа да нацыянальнай адукацыі, ад якой у вырашальнай ступені залежыць яго лёс.
Панаванне на канферэнцыі такога магутнага настрою ў абарону шмат дзе занядбанага нацыянальнага інтарэсу саюзных рэспублік надало мне не толькі смеласці, але і падштухнула карэнным чынам перапрацаваць змест свайго выступлення. Выкраіць час на гэта можна было толькі за кошт ночы. Для мяне такое было зусім нязвыклым, бо заўжды канчаў працу не пазней як у 10 гадзін вечара. На гэты раз здрадзіў свайму распарадку і пастараўся змест выступлення прывесці ў поўную адпаведнасць з духам канферэнцыі, а таксама з самім дэфармаваным нацыянальным жыццём беларуса. Уся ноч прайшла ў напружанай працы. Сваім выступленнем зацікавіў многіх. Некаторых прывяло ў поўны жах, што ўсе органы дзяржаўнай улады і кіравання Беларусі, яе агульнаадукацыйныя школы гарадоў, вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы, навукова-даследчыя інстытуты працуюць на рускай мове, што яна пераважае толькі ў дзяржаўных тэатральна-мастацкіх установах. Такой франтальнай незапатрабавальнасцю афіцыйным жыццём беларускай мовы растлумачыў прычыны нежадання абсалютнай большасці бацькоў аддаваць сваіх дзяцей у беларускамоўныя школы. Ніхто не запярэчыў з прысутных у зале.
У 1985 г. матэрыялы Бакінскай канферэнцыі былі надрукаваны ў сталіцы Азербайджана. У чацвёртым томе было змешчана і маё выступленне «Влияние межнационального общения на соотношение национального и интернационального в духовной жизни белорусского народа». Праз нейкі час ад аднаго з знаёмых даведаўся, што ксеракопіі майго артыкула ляжалі на сталах у многіх кіруючых работнікаў ЦК КПБ. На размову сюды мяне не выклікалі, бо ўжо быў зусім іншы час. Сам генеральны сакратар ЦК КПСС Міхаіл Гарбачоў адкрыта заяўляў, што ў нацыянальнай палітыцы партыі дапушчана шмат сур'ёзных перакосаў і недахопаў.
Гарбачоўская перабудова зарадзіла ў мяне надзею, што нарэшце ўдасца надрукаваць рукапіс сваёй навуковай працы: «Ликвидация экономического и социально-культурного неравенства союзных республик: на примере Белорусской ССР (1917-1941 гг.)». Да выдання ён быў падрыхтаваны ўжо ў 1981 г. Аднак ніводнае выдавецтва не адважвалася друкаваць яго з-за майго крытычнага стаўлення да некаторых пазіцый нацыянальнай палітыкі партыі ў дачыненні да Беларусі. І як я ні стараўся змякчыць гэтыя пазіцыі, кіраўнікі выдавецтваў у поўнай згодзе з рэцэнзентамі рукапісу ніяк не давалі яму ходу. Лёд скрануўся ў 1986 г. Не пазбаўлены і да гэтага часу належнай беларускай нацыянальнай самасвядомасці загадчык рэдакцыі выдавецтва «Навука і тэхніка» Акадэміі навук БССР Анатоль Валахановіч згадзіўся ўзяць мой рукапіс у вытворчасць. Пашчасціла, што рэдагаваць яго даручылі рускай па нацыянальнасці Аўроры Харэўскай. Там, дзе заўжды асцярожны, а часам і занадта палахлівы беларус мог бы ўбачыць у прааналізаваных мною практычных дзеяннях партыйных і савецкіх улад, інтэлігенцыі па стварэнні прыярытэту для роднай культуры і мовы карэннага насельніцтва БССР праявы нацыяналізму ў бальшавіцкім разуменні гэтага слова, А. Харэўская, наадварот, ставілася да такіх дзеянняў, як да зусім слушных і абгрунтаваных. Таму, дзякуючы яе ўзважанаму падыходу, рукапіс быў надрукаваны без асаблівых купюр і ўнёс, як адзначалася ў рэцэнзіях, важкі ўклад у даследаванне нацыянальнага пытання на Беларусі ў міжваенны перыяд. Па апублікаванай кнізе паспяхова прайшла ў 1988 г. абарона доктарскай дысертацыі.
Набыты на той час досвед даследавання нацыянальнай тэматыкі, асабліва яе культурна-моўнага аспекту, дазволіў мне па меры разгортвання Гарбачоўскай перабудовы тэрмінова забяспечыць нашых адраджэнцаў крайне патрэбнымі для іх публікацыямі. Пералічу толькі некаторыя з іх: «Беларуская мова: трывога і надзея» (Маладосць, 1988, № 4), «Двуязычие: проблемы, перспективы» (Советская Белоруссия, 25.V.88), «Беларуская мова: штучная ці арыгінальная» (Звязда, 2.VI.88), «Беларускай мове - статус дзяржаўнай» (Літаратура і мастацтва, 29.IV.89), «Назвы Бацькаўшчыны: вярнуць страчанае» (тамсама, 4.VIІІ.89), «Нацыянальная самасвядомасць беларусаў: дэградацыя і адраджэнне» (тамсама, 13, 20, 27.IV; 4, 11.V.90), «Асвета і мова» (Настаўніцкая газета, 23, 27.VI; 7, 11, 18, 25.VIІ; 1, 8, 25.VІІІ.90; разам з Ефрасінняй Андрэевай).
Не баюся прызнаць сваім асабістым вялікім дасягненнем як навукоўца і грамадзяніна любай Бацькаўшчыны аднаўленне гістарычнай назвы майго мястэчка Магільнае, якую мясцовыя ўлады пры падтрымцы рэспубліканскіх партыйных і савецкіх органаў замянілі ў 1979 г. на Нёман. Больш за дзесяць гадоў вялася барацьба за адмену гэтага вандалісцкага акта, якая (барацьба) вельмі многае дадала да майго нацыянальнага патрыятызму. Што ў перамозе добра над злом галоўная роля належала мне, прызнавалі і сёння прызнаюць усе мае аднавяскоўцы. Здзіўляла і не пакідае здзіўляць ледзь не пагалоўная абыякавасць беларускіх палітыкаў і інтэлігенцыі да дадзенай праблемы. За пасляваенныя гады замянілі каля пяцісот назваў населеных пунктаў і ніхто з прадстаўнікоў элітарных колаў грамадства не парупіўся вярнуць страчанае. А можа яны не ведаюць, што пасаджанае на чужую, заідэалагізаваную тапанімію нацыя вельмі шмат траціць з сваёй этнакультурнай адметнасці, лёгка ўпадае ў гістарычнае беспамяцтва?
Нягледзячы на сваю шчырую прыхільнасць, пасільны ўклад у нацыянальна-культурнае Адраджэнне, я ніколі не з'яўляўся ні сябрам беларускага народнага фронту, ні якой-небудзь партыі падобнага кірунку, бо лічыў, што, знаходзячыся па-за іх структурамі, не буду залежаць ад нейкіх установак зверху, што дазволіць свабодна выказваць думкі па любым пытанні, што прынясе непараўнальна большую карысць агульнай беларускай справе. Затое ахвотна стаў сябрам Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, удзельнічаў у стварэнні Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» ў правядзенні ўсіх яго шасці з'ездаў.
Нацыянальная тэматыка яшчэ больш важнае месца заняла ў маіх даследаваннях пасля таго, як Беларусь у ліпені 1990 г. абвясціла сябе самастойнай, суверэннай дзяржавай. Усяго па розных аспектах дадзенай тэматыкі, пачынаючы з 1988 г., выйшла каля 250 маіх публікацый, у т. л. кнігі: «Беларуская нацыя і мова», «Назвы зямлі беларускай», «Гісторыя культуры Беларусі» (тры выданні - 1996, 1997, 2008, разам з Уладзімірам Навіцкім), «Міжнацыянальныя дачыненні на Беларусі (верасень 1943 - кастрычнік 1964 г.)», «Беларуская нацыянальная ідэя: тэарэтычны і практычны аспекты», «Варыяцыі на нацыянальную тэму», «Нацыянальна-культурнае жыццё Беларусі на тэрыторыі функцыянавання акупацыйнага рэжыму (чэрвень 1941 - ліпень 1944 г.)», «Нацыянальна-культурная аўтаномія беларусаў як варыянт захавання іх этнакультурнай самабытнасці» і інш. Па гэтай жа праблеме перыядычна выступаю на старонках газет і часопісаў, на міжнародных і рэспубліканскіх навуковых і навукова-практычных канферэнцыях, чытаў да 2005 г. лекцыі і праводзіў семінарскія заняткі са студэнтамі вышэйшых навучальных устаноў Мінска.
Свой уклад у гістарычную навуку не мне ацэньваць. Радуе, што гэта ўжо паспелі зрабіць за мяне іншыя. Не буду ўтойваць: вельмі цешуся тым, што прафесійны занятак гісторыка дапамог мне канчаткова вызваліцца ад негатыўных наступстваў дзяржаўнай палітыкі русіфікацыі, вярнуцца да беларускасці, заняць актыўную пазіцыю ў сучасным нацыянальна-культурным Адраджэнні, не праліваць настальгічных слёз з-за распаду СССР, бо ў гэтым бачыў і бачу праяву дзеяння аб'ектыўных законаў чалавечага развіцця. Веданне гісторыі вырашэння нацыянальнага пытання ў розных краінах свету сфармавала ў мяне цвёрды погляд, што беларускі народ захавае сваю этнакультурную адметнасць, не стане аб'ектам асіміляцыі толькі ва ўмовах існавання ўласнай унітарнай дзяржавы, што афіцыйнае духоўнае супярэчыць, рэальна пагражае нацыянальнаму інтарэсу Бацькаўшчыны, непазбежна прывядзе да поўнага заняпаду роднага слова яе карэннага насельніцтва. Гэтым свядома і даўно сфармаваным поглядам на нацыянальна-дзяржаўнае, культурна-моўнае развіццё беларускага народа, да якога маю вялікі гонар належаць, не змяню да скону свайго жыцця і буду старанна распрацоўваць, усяляк папулярызаваць іх у сваіх навуковых публікацыях.
[1] Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т.1. Мн., 1993. С.24.