Папярэдняя старонка: Марозава С.В.

Unia brzeska. Geneza, dzeje i konsekwencje 


Аўтар: Марозава Святлана,
Дадана: 05-05-2011,
Крыніца: Беларускі Гістарычны Агляд. 1996 Т.3 Сш. 2.



Unia brzeska. Geneza, dzieje i konsekwencje w kulturze narodów slowiańskich. Praca zbiorowa pod red. R.Łużnego, F.Ziejki i A.Kępińskiego, Kraków 1994. 555 S.

У 1992 г. у Ягелонскiм унiверсiтэце ў Кракаве адбылася навуковая сэсiя, прысвечаная праблеме месца i ролi унii ў культуры славянскiх народаў. У ёй бралi ўдзел каля пяцiдзесяцi даследчыкаў з Польшчы, Украiны, Беларусi, Вугоршчыны i Баўгарыi. Матэрыялы сэсii, выклiкаўшай вялiкую цiкавасць у Польшчы i за яе межамi, i склалi зборнiк "Unia brzeska". Агледзiм толькi тыя публiкацыi, якiя датычаць беларускай гiсторыi i культуры.

У артыкуле "Prekusor unijnych dążeń Rusinów. Memoriał unijny metropolity Mizaeła" Вацлаў Грыневiч з Люблiна распавядае пра калектыўны лiст, накiраваны ў 1476 г. кiеўскiм мiтрапалiтам Мiзаiлам да рымскага папы Сiкста IV. Царкоўнае аб'яднанне на Фларэнцiйскiм саборы, адзначае даследчык, аказалася вельмi кароткачасовым. Але сабор паклаў пачатак рэгiянальнаму унiйнаму руху, якi доўжыўся стагоддзi. Тэндэнцыя да аб'яднання была моцнай i сярод "русiнаў", г.зн беларуска-украiнскага насельнiцтва. Пра гэта сведчаць падзеi ў Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм, Рускiм i Жамойцкiм у 1470-я г. На саборы ў Наваградку смаленскi епiскап Мiзаiл (Пструцкi, Пструх) i сабранае тут духавенствам заявiлi аб падтрымцы Фларэнцiйскай унii, i ў 1473 г. (цi 1474) звярнулiся да рымскага папы з просьбай аб'яднацца з каталiцкай царквой. У 1476 г. у час сустрэчы ў Вiльнi Мiзаiл, толькi што абраны кiеўскiм мiтрапалiтам, накiраваў Сiксту IV пасланне, падпiсанае iм самiм, двума архiмандрытамi i трынаццацю "рускiмi" магнатамi. Яно, як i папярэднi лiст, да адрасата, верагодна, не дайшло, затое стала важным гiстарычным сведчаннем iмкнення часткi беларуска-украiнскай духоўнай i свецкай элiты да адзiнства хрысцiянства, адлюстроўвае разуменне папярэднiкамi Берасцейскай унii справы аб'яднання цэркваў.

Прааналiзаваўшы змест мемарыялу 1476 г., В.Грыневiч прыходзiць да цiкавых высноў. Па-першае, нашыя продкi жадалi такога аб'яднання цэркваў, якое б не пазбаўляла iх суверэннай самабытнасцi. Гэтае адзiнства не павiнна было выключаць рознароднасцi культураў, звычаяў i абрадаў. Па-другое, вяртанне да адзiнства з каталiцкай царквой не прадугледжвала разрыву кананiчнай сувязi з Канстанцiнопальскiм патрыярхатам. Гэтая праблема з'явiлася пасля заключэння Берасцейскай унii, прывёўшай да разрыву унiятаў з Канстанцiнопалем i падзелу ўнутры самога праваслаўя.

Праз 170 гадоў пасля мемарыялу Мiзаiла з аналагiчным пасланнем да папы Урбана VIII звярнуўся кiеўскi мiтрапалiт Пётр Магiла, у якiм крытыкаваў "берасцейскую" мадэль унii, прапаноўваючы ўласны праект аб'яднання з касцёлам, без разрыву з Канстанцiнопалем.

Той самы мемарыял Мiзаiла, але ўжо як помнiк беларускай лiтаратуры i пiсьменства, названы "Пасланнем да папы рымскага Сiкста IV", яшчэ не заняўшы належнага месца ў гiсторыi нашай культуры, разглядае ў сваiм артыкуле польскi даследчык Рышард Лужны. Крынiца, напiсаная на старабеларускай мове, была ў 1605 г. знойдзена Iпацiем Пацеем у Крэўскай царкве. Яна прыцягнула ўвагу Кiеўскага мiтрапалiта як грунтоўны гiстарычны аргумент супраць распаўсюджанай сярод яго сучаснiкаў думкi, што ў ВКЛ iдэя царкоўнай унii да канца XVI ст. была новай, незвычайнай, раней невядомай. Услед за Пацеем, якi, задумаўшы надрукаваць гэты помнiк на мове арыгiнала i з каментарыямi па-польску, натарыяльна засведчыў яго верагоднасць, сучасны вучоны разгледзеў пытанне аўтэнтычнасцi "Паслання" 1476 г. Пасля шматвекавой традыцыi трактавання гэтай крынiцы фальсiфiкатам аргументацыя Р.Лужнага (факт засведчання Пацеем дакумента ў Вiленскiм магiстраце, дакладнасць i канкрэтнасць iнфармацыi пра паноў i духавенства, падпiсаўшых зварот да папы рымскага) уяўляецца недастатковай, каб канчаткова зняць сумненнi ў сапраўднасцi помнiка. Чаму ўсё ж сярод сучаснiкаў Пацея шырылася думка, што хоць пасланне i напiсана на старой паперы, старым пiсьмом, але ў iм "речь (стыль - С.М.) вся Потеева"? Нешматлiкiя крынiцы, якiя сведчаць пра знаходку "Паслання" Пацеем, зыходзяць ад апошняга цi звязаны з яго iмем, у прыватнасцi, звестка аб натарыяльным засведчаннi iм дакумента ў Вiльнi. Нам вядомы яшчэ факт перадачы мiтрапалiтам арыгiнала "Паслання" на захаванне ў Вiльню з настаўленнем пiльна берагчы яго, бо, маўляў, такiм аргументам можна "выкалаць вочы" працiўнiкам царскага адзiнства.

Праблема аўтэнтычнасцi дакумента 1476 г. яшчэ чакае свайго канчатковага вырашэння. Пад пытаннем i яго назва: "Пасольства да папы рымскага Сiкста IV" - так помнiк называўся раней у навуковай лiтаратуры, "Пасланне…", як яго назваў у сваёй публiкацыi Р.Лужны, цi проста мемарыял Мiзаiла як рабочая назва, уведзеная В.Грыневiчам?

На сёння захавалася толькi копiя "рускага" арыгiналу помнiка, яго лацiнскi пераклад, а таксама каментаваная публiкацыя ў старабеларускай i польскай моўных версiях, выдадзеная Iпацiем Пацеем у 1605 г. у Вiльнi. Вiленскай публiкацыi папярэднiчае невядомы раней арыгiнальны вершаваны твор "Павучанне аднаго да сваёй Русi", якi належыць пяру Пацея i выступае ў ролi эпiграфа да ягонай iнтэрпрэтацыi "Паслання да папы Сiкста IV". Простая канстатацыя Р.Лужным прыналежнасцi верша кiеўскаму мiтрапалiту не можа задаволiць зацiкаўленага унiйнай тэматыкай чытача. Праблема атрыбуцыi твора заслугоўвае большай даследчыцкай увагi.

Новым прачытаннем вiленскай публiкацыi 1605 г. Р.Лужны адкрыў раней невядомую нам iпастась аднаго з галоўных творцаў Берасцейскай унii: той паўстаў перад намi як гiсторык-крынiцазнаўца i паэт, а таксама ўзбагацiў нашыя веды пра беларускую лiтаратуру той пары. Ён першы даследуе польскамоўнае вершаванае "Павучанне аднаго да сваёй Русi", сугучнае зместу "Паслання…". Паэтычнымi радкамi I.Пацей перадае этна-культурную сiтуацыю "рускай" супольнасцi Вялiкага Княства Лiтоўскага, паўстаўшы ў дзяржаве культурна-рэлiгiйны антаганiзм. Сэнс верша - абарона унiйнай справы, палемiка з яе працiўнiкамi, пошукi новых аргументаў для адзiнства з хрысцiянствам Захаду.

Няўжо ж вашы продкi памылялiся,
Што аб згодзе з рымлянамi пiльна старалiся?
Пра гэта сведчыць той лiст iх,
больш ста гадоў назад пiсаны
I да Рыму iмi да Сiкста пасланы,

- пiша Пацей (пераклад - С.М.). Р.Лужны называе "Пасланне…" храналагiчна апошняй з выдадзеных прац Пацея (1605 г.), хоць некалькiмi радкамi вышэй сярод твораў мiтрапалiта называе "Гармонiю", надрукаваную ў 1608 г.

Польскi вучоны аптымiстычна настройвае сучасных даследчыкаў на новыя пошукi i лiчыць найбольш верагодным полем знаходак новых твораў рэлiгiйнае пiсьменства пералому XVI-XVII ст.

Баляслаў Кумор у публiкацыi "Geneza i zawarcie unii brzeskiej" на гiстарычных дакументах, галоўным чынам, першай паловы-сярэдзiны 90-х гадоў XVI ст. абвяргае прынятае ў расiйскай царскай i савецкай гiстарыяграфii меркаванне, што унiя з'явiлася вынiкам "езуiцкай iнтрыгi" i палiтычна-адмiнiстрацыйнага цiску, паказвае яе як справу ўласнай волi беларуска-украiнскага вышэйшага духавенства, аднолькава адпавядаўшую патрэбам як царквы, так i дзяржавы. Улады занялi ў гэтай справе талерантную пазiцыю. "Наш каралеўскi маестат не жадае нiкога цягнуць i прымушаць… да св. унii i згоды прымусова…, але жадаем таксама, каб нiхто не цярпеў гвалту i крыўды, хто iмкнецца далучыцца да гэтага св. адзiнства з уласнай волi", - гаварылася ў тагачасным дакуменце.

Берасцейская унiя, па сцверджаннi Б.Кумора, стала вялiкiм крокам беларуска-украiнскай Русi i праваслаўнай царквы ў накiрунку да Захаду, яго больш развiтай тады культуры. Яна была выйсцем з векавой iзаляцыi i апярэдзiла на сто гадоў еўрапеiзацыю Расii, распачатую ў пачатку XVIII ст. царом Пятром Вялiкiм.

Артыкул Веслава Вiткоўскага прысвечаны характарыстыцы чатырох важнейшых фактараў грамадска-культурнага жыцця беларускага i ўкраiнскага народаў у часы панавання Жыгiмонта III Вазы: кнiгадрукарства, брацкага руху, школьнай справы i Рэфармацыi. Аўтар спрабуе вызначыць iх уплыў i ролю ў падзеях, звязаных з Берасцейскай царкоўнай унiяй, а таксама ступень iх уплыву на моўную сiтуацыю на "рускiх" землях Рэчы Паспалiтай. Польскi вучоны пiша пра парадоксы тагачаснага культурна-рэлiгiйнага жыцця. Па-першае, пратэстанты як носьбiты рэлiгiйных навiнак, сваёй дзейнасцю аслабляўшыя праваслаўны лагер, здавалася б, мусiлi хоць ускосна працаваць на карысць унii, аднак, разбiтыя пад канец XVI ст. бесперапыннымi атакамi езуiтаў i ў дадатак расколатыя ўнутранымi супярэчнасцямi, яны пачалi цесна супрацоўнiчаць з праваслаўнымi. Па-другое, здаралася, што брацтвы - апора "благочестия" на Беларусi i Украiне - сваёй барацьбой з праваслаўнай ерархiяй за прывiлеi часам дзейнiчалi на карысць прыхiльнiкаў унii. Па-трэцяе, створаная праваслаўнай царквой у перадунiйны перыяд сiстэма асветы не задавальняла патрэбы рэлiгiйна i нацыянальна ўзбуджанай праваслаўнай беларуска-украiнскай грамадскасцi. Культурную сiтуацыю тут змянiла унiя, што яшчэ ў 1620 г. у соймавай прамове адзначыў валынскi чашнiк Лаўрэнцi Дрэвiнскi: "Калi б некаторыя сярод нашага духавенства не адступiлi ад свайго пастыра, i калi б тыя, што нас пакiнулi, не павярнулiся б супроць нас, то такiя навукi, такiя школы, такая колькасць выдатных вучоных людзей нiколi б у народзе рускiм не з'явiлася".

Цяжка прыняць выкарыстаную В.Вiткоўскiм тэрмiналогiю. Тэрмiн "заходнерускi", якi ўжываецца ў артыкуле ў дачыненнi да беларуска-украiнскай тэрыторыi, да iх друкарства, грамадскасцi, культуры, асветы, праваслаўя часоў Жыгiмонта III Вазы, не з'яўляецца нi гiстарычным, нi навуковым. I тым больш цяжка згадзiцца з высновай аб фармаваннi пад уплывам чатырох названых вышэй фактараў заходнерускай мовы, якая праходзiла канчатковую лiтаратурную апрацоўку пад пёрамi "берасцейскiх" палемiстаў. Нам ўяўляецца, што ў той час, калi "руская" мова дыферэнцавалася на беларускую i ўкраiнскую, не можа быць гаворкi пра фармаванне адзiнай мовы. Больш слушнай выглядае тэза пра канчатковую шлiфоўку нацыянальных моў у царкоўнарэлiгiйнай палемiцы канца XVI - пачатку XVII ст.

Беларускi фiлолаг Сяргей Кавалёў у артыкуле "Няздзейсненая унiя (паводле дыярыуша Гальяша Пельгрымоўскага)" з пункту погляду iдэйна-палiтычнага зместу аналiзуе вершаваны дзённiк пiсара ВКЛ Гальяша Пельгрымоўскага, якi ўдзельнiчаў у 1600-1601 г. у пасольстве на чале з Львом Сапегам да Барыса Гадунова. Помнiк з'яўляецца унiкальным гiстарычным дакументам, якi не толькi зафiксаваў хаду перамоў i заключэнне перамiр'я памiж Рэччу Паспалiтай i Маскоўскай дзяржавай, але i захаваў iнфармацыю пра спробу заключэння унii памiж гэтымi дзяржавамi. Берасцейская унiя толькi згадваецца ў артыкуле: яна адбылася ў краiне, дзе сама iдэя унii, саюзу ў якасцi сродку вырашэння тых цi iншых палiтычных i рэлiгiйных праблемаў, неаднаразова выкарыстоўвалася i рэалiзоўвалася ў дзяржаўнай палiтыцы.

Публiкацыя Ганны Дылянговай "Unia brzeska - pojednanie czy podział?" даводзiць, што царкоўны саюз, заключаны ў 1596 г., не толькi не дасягнуў сваёй мэты - рэгiянальнага аб'яднання хрысцiянства, але i меў адваротныя вынiкi, бо разбурыў адзiнства ўсходняй царквы на ўсходнеславянскiх землях Рэчы Паспалiтай, якая падзялiлася на праваслаўную i унiяцкую. Гэты падзел меў не толькi рэлiгiйны характар. Ён ахапiў сферу палiтыкi, нацыянальнае i грамадскае жыццё, культуру. Даследчыцца лiчыць, што унiя не стала фактарам нацыянальнай, грамадскай i рэлiгiйнай кансалiдацыi, а наадварот, паглыбiла раскол. Рымска-каталiцкая царква на ўсходзе Рэчы Паспалiтай зрабiлася царквой паноў, а унiяцкая i праваслаўная - веравызнаннем сялян. На сацыяльную дэзынтэграцыю накладвалася нацыянальнае размежаванне. Больш за тое, з цягам часу унiяцкая царква ў нейкай меры паддалася лацiнiзацыi, а значыць i паланiзацыi. Ганна Дылянгова вiнавацiць унiю ў акаталiчваннi сацыяльных вярхоў. Але ж на пачатковым этапе унiяцтва, наадварот, вяло змаганне за захаванне магнатаў i шляхты ва ўсходнiм абрадзе. Цi не паказальнымi ў гэтым сэнсе з'яўляюцца звароты ў Рым мiтрапалiта Язэпа Руцкага з просьбай паставiць заслону на шляху пераходу беларуска-украiнскай шляхты ў лацiнскi абрад, бо калi гэта не спынiць, дык, па ягоных словах, "рускай шляхты не застанецца для рускай нацыi". Адказам на захады мiтрапалiта-рэфарматара стала папская пастанова 1624 г. аб забароне пераходу унiятаў у лацiнства. Або гляньма на ўмовы, на якiх заключалася Берасцейская унiя. Яны прадугледжвалi прызначэнне на духоўныя пасады толькi "людзей народу рускага", захаванне ранейшых абрадаў, звычаяў, забаранялi пераход унiятаў у лацiнскi абрад i ператварэнне унiяцкiх храмаў у рыма-каталiцкiя касцёлы [1]. Як бачым, дакумент пакiдаў унiятам магчымасць захоўваць адасобленасць.

Унiяцкая царква нават у XVIII ст. не стала фактарам масавай паланiзацыi (лацiнiзаваўся i паланiзаваўся толькi базыльянскi ордэн i вышэйшая ерархiя). У цяжкiх умовах цiску з боку касцёлу, а потым i расiйскага праваслаўя, яна падтрымлiвала нацыянальную адметнасць беларускага народу. Дарэчы, сама Дылянгова сцвярджае, што сяляне, у большасцi сваёй унiяты, лiчылiся русiнамi. А польскi даследчык Е.Старчэўскi ў 1929 г. пiсаў, што унiя пераўтварылася ў "спецыфiчную русiнскую рэлiгiю", якая стала канкурэнткай каталiцкага касцёлу ў барацьбе за ўплыў на беларуска-украiнскае насельнiцтва.

Кракаўскiя вучоныя Здзiслаў Нядзеля, Аляксандр Навумаў i Ян Окань прысвяцiлi свае артыкулы слядам унii ў культуры беларускага народу. Першы з iх звярнуўся да гiсторыi базыльянскiх школ у Беларусi канца XVIII ст. У 1773 г. ордэн меў тут 24 парафiяльныя (пачатковыя) школы, пяць сярэднiх шасцiкласных, фiласофска-тэалагiчныя штудыi ў Полацку, Вiцебску i Жыровiцах, а таксама духоўныя семiнарыi ў Полацку, Лаўрышаве i Жыровiцах. На аснове рапартаў школьных iнспектараў Адукацыйнай камiсii за 1782-1792 г. гiсторык асвятляе дзейнасць базыльянскiх гiмназiй у Беразвеччы, Жыровiцах, Берасцi, Барунах i Паддубiссi. Разам у 1800 г. у iх навучалася 857 чалавек. Вучылi польскую, царкоўнаславянскую, французскую, нямецкую, часам лацiнскую мовы, матэматыку, фiзiку, гiсторыю i рэлiгiю. Здзiслаў Нядзеля заключае, што базыльянскае школьнiцтва грала вялiкую i карысную ролю ў развiццi адукацыi ды было цi не найбольш прадстаўнiчым на тэрыторыi Беларусi ў апошняй чвэрцi XVIII ст., пасля лiквiдацыi езуiцкiх навучальных устаноў.

Аляксандр Навумаў даследуе царкоўнаславянскую гiмнаграфiю унiятаў, пачатак якой паклалi лiтургiчныя тэксты ў гонар Язафата Кунцэвiча, што наследавалi лепшыя традыцыi царкоўнаславянскай лiтаратуры на тэрыторыi Кiеўскай мiтраполii. Выяўленыя Навумавым у рукапiсных аддзелах бiблiятэк Польшчы i Вiльнi раней невядомыя рукапiсныя унiяцкiя гiмнаграфiчныя тэксты XVII ст. блiзкiя вiзантыйска-славянскай традыцыi. Аналiзуючы творы XVII-XVIII ст., аўтар прасочвае пагаршэнне iх царкоўнаславянскай мовы ў параўнаннi з даберасцейскiм перыядам: адчуваецца ўплыў простанародных гаворак, з'яўляюцца паланiзмы. Лацiнiзацыя унiяцкiх абрадаў i паланiзацыя iх тэкстаў актывiзавалася пасля Замойскага сабору 1720 г.

Ва ўмовах, пiша А.Навумаў, калi праваслаўная царква Рэчы Паспалiтай звязала свой лёс з маскоўскiм цэнтрам, унiяцкая лiтаратура жывiцца за кошт польскай i лацiнскай лiтаратур, з аднаго боку, i з народнай рэлiгiйнай лiтаратуры, з другога. На прыкладзе унiяцкай гiмнаграфii даследчык выдзяляе асноўныя этапы развiцця культуры унiятаў Беларусi i Украiны - ад поўнай мастацкай пераемнасцi вiзантыйскай традыцыi праз паступовы разрыў з ёю i зблiжэнне з лацiнска-польскай культурай да пэўнага, хоць i штучнага, вяртання да ўласных каранёў у XX ст.

Цiкавы аспект унii зарануў Ян Окань. Яна выклiкала ўвагу школьнага тэатру езуiтаў да вясковага беларускага асяроддзя як да прасторы, на якой iснавалi дзве царквы - усходняя i заходняя. Раскрываючы на сцэне экзотыку ўсходнiх зямель Рэчы Паспалiтай, езуiты ўвялi ў iнтэрмедыi вобраз беларускага селянiна, якi, такiм чынам "узышоў" на грунце тэатральнай культуры Захаду.

У шэрагу артыкулаў зборнiка разглядаецца вобраз унiятаў у польскай паэзii, прозе, драматургii. Гераiняй не аднаго лiтаратурнага твора стала i менская базыльянка Макрына Мечыслаўская - адна з ахвяр пераследу унiятаў у Беларусi 1830-40-х г. Шмат i на розных мовах - польскай, рускай, украiнскай, лацiнскай, нямецкай, французскай, ангельскай, гiшпанскай, iтальянскай, вугорскай - напiсана пра полацкага унiяцкага арцыбiскупа Язафата Кунцэвiча. У царскай Расii i СССР пра грэка-каталiкоў зацята маўчалi. Пра Кунцэвiча ў гэты час найбольш пiсала ўкраiнская эмiграцыя. Шмат увагi яго постацi надавалася яшчэ ў даваеннай Польшчы, але ў паваенных публiкацыях яго iмя згадвалася рэдка. Пра ўсё гэта пiша Мiраслава Олдакоўска-Куфлёва з Люблiна, якая прадставiла сучасны твор, прысвечаны унiяцкаму святому - "жыцiе" Кунцэвiча, напiсанае Тадэвушам Жыхевiчам (1986).

Артыкулы беларускiх аўтараў прысвечаны постунiйнай тэматыцы. Скасаванне унii, як у свой час i яе заключэнне, узбагацiла беларускую лiтаратуру шэрагам ананiмных твораў i ў абарону веры, i супраць яе. Мiкола Хаўстовiч разглядае нешматлiкiя, надрукаваныя па-за межамi Расiйскай Iмперыi лiтаратурна-публiцыстычныя творы ў падтрымку унii. Сярод iх - беларускi варыянт польскай песнi "Божа, што Польшчы…", вершаваная "Гутарка старога дзеда", "Крыўда i праўда". Яны асуджаюць улады за знiшчэнне унiяцкай царквы i клiчуць на барацьбу за яе адраджэнне. Прыкладам, у апошнiм вершы гаворыцца пра злачынства, учыненае царызмам супраць унiяцкай царквы:

Яны i веру святую
Зьвялi ў схiзму праклятую;
Задавалi нам i мукi, -
Прывадзя нас да разлукi
Ад нашага з прэдкаў Бога,
Што то была за трывога!
На нас для гэтых разлук,
Нi адзiн ссеклi лазы пук, -
I ў ланцугi кавалi,
I ў турмы саджалi,
Навадзiлi i салдат, -
А салдат то ня свой брат!

Шкада, што, засяродзiўшыся на скасаваннi унii як шляху русiфiкацыi Беларусi, даследчык зусiм мала ўвагi звярнуў на галоўны прадмет даследавання - ананiмную лiтаратуру.

Менскi гiсторык Iгар Запрудскi на аснове аналiзу "Мужыцкай праўды" паказвае стаўленне Канстанцiна Калiноўскага да унiяцтва. Зварот паўстанцкага лiдэра да унii ён звязвае з ростам нацыянальнай свядомасцi мясцовай iнтэлiгенцыi, беларускага народу ў цэлым, для якога унiя на працягу дзесяцiгоддзяў з'яўлялася нацыянальнай рэлiгiяй. Безумоўна, Калiноўскi, сцвярджае I.Запрудскi, пэўным чынам iмкнуўся выкарыстаць рэлiгiйныя пачуццi народа для паглыблення рэвалюцыйнага руху, але гэта была не галоўная, у кожным разе не адзiная задача. Шосты нумар "Мужыцкай праўды" цалкам прысвечаны рэлiгiйным пытанням. З яго вынiкае, што Калiноўскi лiчыў унiяцкую веру не толькi праўдзiвай i справядлiвай для беларусаў, але i асвечанай гiстарычнай традыцыяй верай продкаў, асуджаў яе скасаванне.

Любоў Тарасюк звязала унiяцкую тэматыку творчасцi Францiшка Багушэвiча з праблемай нацыянальнай самасвядомасцi беларусаў i ролi унiяцкай царквы ў гiсторыi i культуры Беларусi. Даследчыца спрабуе паказаць яго паэтычныя творы як мастацкую крынiцу, адлюстраваўшую асэнсаванне факту скасавання унii ў Беларусi ў XIX ст. Яны сведчаць пра захаванне ў народзе памяцi пра унiю як пра веру продкаў. "Былi унiяты калiсь дзяды", "За веру дык цярпелi не мала", - успамiнае сялянскi хлопец з верша "Свая зямля". Праўда, у большасцi прыведзеных у артыкуле прыкладаў размова iдзе пра сялян каталiцкага веравызнання. Тэза пра беларускую мову як асноўную ў унiяцкай царкве, вядома ж, памылковая. Ёй была царкоўнаславянская. Недахопам публiкацыi з'яўляецца i адсутнасць спасылак на лiтаратуру.

Беларуская гiстарыяграфiя не мае такой традыцыi даследавання унii з нацыянальных пазiцый, як, скажам, польская цi расiйская. Таму рост цiкавасцi да унiяцкай праблематыкi пасля вызвалення гiстарыяграфii з-пад iдэалагiчнага прэсу цалкам зразумелы. Як рэакцыя ў адказ на абмежаваннi, забароны i мiфатворчасць папярэдняй эпохi, у часткi беларускiх гiсторыкаў выяўляецца другая крайнасць - апалогiя унii. За гэта беларускiх аўтараў кракаўскага зборнiка ў нейкай ступенi справядлiва пакрытыкаваў iх праваслаўны апанент з Польшчы Мiкалай Гайдук. Ён слушна заўважыў, што навуковы аб'ектывiзм патрабуе паказу як пра-, так i антыунiяцкай ананiмнай лiтаратуры, адзначыў iншыя хiбы публiкацый беларускiх аўтараў. Але ягоная рэцэнзiя, названая "Шоў няпраўды i нянавiсцi" [2], сама патыхае нянавiсцю да тых, хто пазбавiўся аднабаковасцi i спрабуе глядзець на унiю з пазiцый нацыянальна беларускiх. Рэцэнзент адмаўляе адыход ад рускацэнтрычнай мiфалагемы беларускай гiсторыi i асуджае нават удзел нашых вучоных у навуковых мерапрыемствах, прысвечаных гадавiне Берасцейскай унii. Але ж такiя канферэнцыi збiраюцца не дзеля таго, каб хвалiць цi ганiць унiю, а каб разабрацца ў гэтым феномене беларуска-украiнскай гiсторыi, каб лепш зразумець яго.


[1] Митрополит Іларіон. Берестейська унія. Її генеза, теорія, практика, Вінніпег 1993, 64-72.
[2]Pryegląd Prawosławny, 1995, 3, 19-20.
 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX