У палітычным жыцці Вялікага княства Літоўскага і Усходняй Еўропы ХІІІ ст. і іх царкоўна-рэлігійным жыцці ХІV-ХV ст. Наваградку належала вялікая, а нярэдка і вызначальная роля. Валянцін Пікуль, рускі гісторык і раманіст, пісаў пра сярэднявечную Беларусь: "Калі б беларусы змаглі прыўзняць гістарычную заслону мінулага, то … свае гістарычныя цэнтры Полацк і Наваградак яны паставілі б паводле гістарычнага рэйтынгу і ўплыву ў Еўропе на першае месца ў ХІ - ХІІ - ХV стагоддзях" [1, с. 7].
У сярэдзіне XIII ст. цэнтр палітычнага жыцця Беларусі перамяшчаецца з Полацка ў Наваградак і тут робіць свае першыя крокі дзяржава, якая ў крыніцах спачатку фігуруе пад назвай "Княства Літоўскае і Наваградскае" або нават "Вялікае княства Наваградскае". Вялікую ролю ў яе станаўленні і лёсе адыгрываў царкоўна-рэлігійны фактар.
Гораду належыць прыярытэт у распаўсюджванні на беларускіх землях каталіцызму. Гісторыкі схільны бачыць у Наваградку месца хрышчэння ў 1251 г. Міндоўга. Пры ім горад стаў цэнтрам першага ў ВКЛ каталіцкага біскупства. Першым біскупам у Наваградку стаў прэсвітэр Лівонскага ордэна Хрысціян. Праўда, у 1260 г. Міндоўг выгнаў яго, а сам вярнуўся ў язычніцтва [2, с. 21].
Традыцыйна лічыцца, што ў першай сталіцы Вялікага княства Літоўскага ў 1252 (1253) г. адбылася і каранацыя Міндоўга. Прыняцце ім каралеўскага тытула разам з хрышчэннем азначалі ўзмацненне заходнееўрапейскай арыентацыі новай дзяржавы [3, с. 158-159].
Сын Міндоўга Войшалк у 1262 г. заснаваў пад Наваградкам праваслаўны Лаўрышаўскі манастыр і ў ім прыняў манаства пад імем Лаўрэнцій [4, с. 25, 81]. Самы ранні манастыр Гродзеншчыны са згаданых крыніцамі, знакаміты сваім Лаўрышаўскім евангеллем, ён меўся стаць аплотам праваслаўнай хрысціянізацыі Літвы, каб не гвалтоўная смерць Войшалка [2, с. 18; 5, с. 80].
У імкліва разрастаючымся з пачатку ХIV ст. Вялікім княстве Літоўскім Наваградак і надалей адыгрываў важную палітычную) і рэлігійную ролю. Нават пасля заснавання Гедымінам Вільні і пераносам туды сталіцы княства Наваградак яшчэ значны час захоўваў статус аднаго з галоўных грамадска-палітычных і культурных цэнтраў дзяржавы [6, с.69].
Горад меў Барысаглебскую царкву (заснавана ў ХІІ ст.), Успенскую (Замкавую) царкву (заснавана ў ХIV ст.). На 1323 г. у ВКЛ існавалі толькі тры каталіцкія храмы - з іх два ў Вільні і адзін у Наваградку. Па некаторым звесткам, першы (Францысканскі) касцёл у Наваградку з'явіўся яшчэ пры Віцені [7, с. 71, 83]. Такім чынам, тут была закладзена першая ў межах сучаснай Беларусі каталіцкая парафія. У 1395 г. Вітаўт заснаваў у Наваградку Фарны касцёл. У 1568 г. у горадзе было 10 храмаў [8, с. 358].
Са стварэннем у 1316 (называюцца таксама 1317, 1291) г. Літоўскай мітраполіі Наваградак на два стагоддзі становіцца царкоўна-рэлігійнай Вялікага княства Літоўскага і ператвараецца ў буйны ўсходнееўрапейскі цэнтр праваслаўя.
Рост у ХIV-XV ст. у геаграфічнай і палітычнай прасторы Еўропы ВКЛ, якое ўвабрала ў сябе вялікія абшары беларускіх і ўкраінскіх зямель з хрысціянізаваным насельніцтвам і царкоўна-іерерахічныя структуры значнай часткі Кіеўскай мітраполіі, паставіла пытанне аб стварэнні ў дзяржаве сваёй мітраполіі. Тым больш, што пасля перанос пасля спусташэння Кіева татарамі мітрапалічай кафедры і рэзідэнцыі спачатку ва Уладзімір-на-Клязьме, а потым у Маскву выклікала незадавальненне ў ВКЛ.
Ідэя заснавання Літоўскай мітраполіі, хутчэй за ўсё, была ініцыяваная вярхоўнай уладай княства. Ужо Віцень хадайнічаў аб гэтым перад Канстанцінопальскім патрыярхатам, але ажыццявіў ідэю Гедымін, які знайшоў разуменне патрыярха Іаана Глікіса [4, с. 86].
Цэнтрам новай мітраполіі быў абраны Наваградак, які Канстанцінопалем разглядаўся як апора праваслаўнага місіянерства ў язычніцкім асяроддзі. Першым літоўска-наваградскім мітрапалітам з'яўляўся грэк Феафіл. У 1317, 1327 і 1329 г. ён удзельнічаў у пасяджэннях патрыяршага Сінода ў Канстанцінопалі [9, с. 78]. Кафедральным саборам у Наваградку служыла Барысаглебская царква, мітрапалічай рэзідэнцыяй - манастыр пры ёй. Сродкі давалі вялікія зямельныя ўгоддзі, якімі была надзелена кафедра, і ўклады багатых дабрадзеяў.
Мітрапаліты, хоць па-ранейшаму называліся кіеўскімі і лічылі Кіеў сваёй сталіцай, але там былі рэдка, некаторыя туды і наогул не ездзілі. Тытул "кіеўскі" меў для іх намінальнае значэнне. Паводле хрысціянскай традыцыі, яны атрымлівалі свой царкоўны тытул ад горада, у якім была заснавана іх кафедра і які з'яўляўся іх рэзідэнцыяй. Кіраўнік мітраполіі называўся мітрапалітам наваградскім, а ў спалучэнні з дзяржаўным тытулам - літоўска-наваградскім [4, с. 110; 9, с. 78].
Спачатку Наваградская мітраполія аб'ядноўвала толькі Полацкую і Тураўскую епархіі. Пазней, калі ВКЛ адсунула свае межы далей на ўсход, да іх далучыліся Смаленская і Чарнігаўская епархіі. Акрамя таго, мітрапаліты мелі сваю, мітрапалічую епархію. У яе склад ўваходзілі заходняя частка Беларусі, Віленшчына, пазней і Кіеў, а таксама цэрквы ў Галіцыі, Валыні, Падоллі, калі там не было свайго епіскапа. Гэтай епархіяй мітрапаліт кіраваў сам або праз свайго намесніка.
Літоўска-Наваградская мітраполія - буйны ўсходнееўрапейскі цэнтр праваслаўя. Яе стварэнне садзейнічала больш цеснаму ўключэнню ВКЛ у кола краін, зарыентаваных на грэка-візантыйскую хрысціянскую культуру і тып ментальнасці.
Свой высокі статус цэнтра мітраполіі Наваградак захоўваў і ў далейшым, нават пасля пераносу сталіцы дзяржавы ў Вільню. Больш таго ён прэтэндуе на кананічную ўладу над ўсёй Кіеўскай мітраполіяй ( "усёй Руссю") і ўступае ў барацьбу з Масквой за лідэрства ў царкоўнай сферы. Гэта барацьба працягвалася амаль тры стагоддзі.
У сувязі з канкурэнцыяй Вільні і Масквы за царкоўныя ўплывы ва Ўсходняй Еўропе пасля смерці ў 1330 г. літоўска-наваградскага мітрапаліта Феафіла канстанцінопальскі патрыярх не прызначыў новага мітрапаліта для Літоўскай Русі. Ён прыслухаўся да просьбы мітрапаліта кіеўскага і ўсяе Русі Феагноста, які імкнуўся падпарадкаваць Літоўска-Наваградскую мітраполію сабе. Іншыя настроі запанавалі тады і ў Канстанцінопалі: не дзяліць праваслаўны ўсходнеславянскі свет, а аб'ядноўваць яго. Феагност прыязджаў тады з Масквы ў Наваградак і ўзяў маёмасць архіерэйскага дома пад свой кантроль [9, с. 79].
Новую вастрыню пытанне аб самастойнасці праваслаўнай царквы ВКЛ і наяўнасці Літоўска-Наваградскай мітраполіі набыло ў 50-60-я г. ХIV ст. у сувязі з намаганнямі вялікага літоўскага князя Альгерда аб'яднаць пад уладай Вільні ўсе ўсходнеславянскія землі былой Кіеўскай Русі і завяршыць гэты працэс у Маскве.
Палітычныя інтарэсы Вялікага княства Літоўскага і Вялікага княства Маскоўскага сутыкнуліся ў царкоўнай сферы ў 1353 г., пасля смерці мітрапаліта ўсяе Русі Феагноста. У 1354 г. Альгерд дамогся ад Канстанцінопаля прызначэння мітрапалітам Літоўскай і Малой Русі з рэзідэнцыяй у Наваградку свайго стаўленіка Рамана. У склад мітраполіі ўвайшлі Полацкая, Тураўская, а потым і Галіцкая, Уладзіміра-Валынская, Луцкая, Холмская і Пярэмышльская епархіі. Тым самым ствараліся ўмовы для нейтралізацыі ў гэтым рэгіёне царкоўна-палітычнага ўплыву Масквы і ўзмацнення тут пазіцый Альгерда [10, с. 97]. Патрыярх зацвердзіў на Раманам усе епархіі ВКЛ, за выключэннем Кіева, тытул якога насіў мітрапаліт у Маскве.
У той жа час патрыярх прызначыў кандыдата Масквы Алексія мітрапалітам у кіеўскім і ўсяе Русі. Паўнамоцтвы паміж мітрапалітамі не былі размежаваны, і абедзве мітраполіі прэтэндавалі на права агульнарускага праваслаўнага цэнтра. Кіеў стаў аб'ектам спрэчкі двух мітрапалітаў: літоўскага Рамана і кіеўскага (фактычна маскоўскага) Алексія. Раман прадпрыняў захады, каб перанесці сваю кафедру ў Кіеў, які фармальна ўваходзіў у сферу дзейнасці Алексія, але знаходзіўся на тэрыторыі ВКЛ [11, с. 276]. Паводле слоў летапісца, гэта спрэчка выклікала "мяцеж во святительстве" - духавенства не ведала, якому мітрапаліту падпарадкоўвацца: таму, што жыве ў Маскве, або таму, што знаходзіцца ў Наваградку [4, с. 94].
Алексій паскардзіўся на свайго наваградскага калегу ў Канстанцінопаль. Той выклікаў абодвух мітрапалітаў на патрыяршы суд. Канстанцінопальскі сабор 1356 г. усталяваў тэрыторыю Літоўска-Наваградскай мітраполіі ў межах Наваградскай мітрапаліцкай, Полацкай, Тураўскай, Уладзіміра-Валынскай, Луцкай, Холмскай, Галіцкай і Пярэмышльскай епархій. Пасля да іх была далучана і Бранска-Чарнігаўская епархія. Але Раман не адмовіўся ад намеру пашырыць сваю ўладу і на Кіеў. У патрыярхаце гэта расцанілі як перавышэнне ім сваіх паўнамоцтваў. Патрыярх накіраваў у ВКЛ сваіх паслоў для расследавання гэтай справы, якая была спынена толькі са смерцю Рамана ў 1362 г. [11, с. 276].
Зацяжная спрэчка двух мітрапалітаў выклікала непрыемнае ўражанне ў Канстанцінопалі. Каб не ствараць такога прэцэдэнту ў далейшым, пасля смерці літоўска-наваградскага мітрапаліта Рамана патрыярх адмовіўся ад прызначэння для ВКЛ асобнага мітрапаліта, і праваслаўная царква Літоўскай Русі больш за 10 гадоў падпарадкавалася маскоўскаму мітрапаліту, чым было адноўлена адзінства мітраполіі ўсяе Русі, Літоўскай і Маскоўскай. Але Альгерд не змірыўся з гэтым.
Каля 1373 г. канстанцінопальскі патрыярх паслаў ў ВКЛ і Цвер іераманаха Кіпрыяна для прымірэння з мітрапалітам Алексіем літоўскага і цвярскога князёў. Ідучы насустрач Альгерду, які з прычыны варожых адносін з Масквой дамагаўся для ВКЛ асобнага мітрапаліта, і не жадаючы канчатковага падзелу Кіеўскай мітраполіі, патрыярх прыняў кампраміснае рашэнне. У 1375 г. ён пасвяціў Кіпрыяна, якому Альгерд прапанаваў заняць прастол літоўска-наваградскага мітрапаліта, у мітрапаліта "кіеўскага, рускага і літоўскага" з разлікам, каб ён пасля смерці Алексія аб'яднаў абедзве часткі мітраполіі, стаўшы мітрапалітам "кіеўскім і ўсяе Русі" [11, с. 158].
У 1376 г. Кіпрыян, ужо у новым сане, прыехаў з Канстанцінопаля на Русь. Па прыбыцці ў Наваградак ён абвясціў усім рускім епіскапам аб сваім пастаўленні ў сан мітрапаліта "ўсяе Русі". Вялікі маскоўскі князь Дзмітрый Іванавіч (Данскі) разам з мітрапалітам Алексіем выказалі ў Канстанцінопаль свой пратэст супраць Кіпрыяна [4, с. 98].
Кіпрыян жыў у ВКЛ, у Вільні, Наваградку, Кіеве. Пасля смерці ў 1378 г. Алексія ён двойчы ездзіў у Маскву, каб узначаліць нанова аб'яднаную мітраполію. Але быў пасаджаны маскоўскім князем Дзмітрыем у цямніцу і двойчы выгнаны з княства як некананічна пастаўлены на мітраполію яшчэ пры жыцці Алексія. У 1389 г. Кіпрыян рашэннем канстанцінопальскага патрыярха быў абвешчаны мітрапалітам "кіеўскім і ўсяе Русі", а ў 1390 г. быў прызнаны і новым вялікім князем маскоўскім Васілём Дзмітрыевічам [11, с. 158-159]. Прызнаны дзяржаўнай уладай Вялікага княства Літоўскага і Вялікага княства Маскоўскага, ён паспяхова ажыццяўляў духоўную ўладу на абшарах усяе Русі: Літоўскай і Маскоўскай. Хоць пасля таго Кіпрыян жыў пераважна ў Маскве, але часта наведваў ВКЛ, у тым ліку быў у Наваградку [6, с. 72].
Пасля смерці ў 1406 г. мітрапаліта Кіпрыяна Вітаўт, зыходзячы з дзяржаўных інтарэсаў ВКЛ, не жадаў падпарадкавання праваслаўнай царквы княства мітрапаліту Фоцію, які жыў у Маскве і праводзіў прамаскоўскую палітыку (хоць спачатку і прызнаў яго як мітрапаліта кіеўскага і ўсяе Русі). Вітаўт, выдатна разумеючы палітычнае значэнне царквы, у тым ліку праваслаўнай іерархіі, пачаў дамагацца ад Канстанцінопальскага патрыярхата прызначэння асобнага мітрапаліта для ВКЛ. Пасля доўгіх і беспаспяховых перагавораў з патрыярхам у Наваградку быў створаны прэцэдэнт, які потым увайшоў у жыццё, у тым ліку быў пераняты Масквой, - выбар мітрапаліта на саборы, незалежна ад Канстанцінопаля [12, с. 387].
У 1414-1415 г. да Наваградка была прыкавана ўвага духавенства, свецкіх улад і шырокай грамадскасці, бадай, усёй Усходняй Еўропы і Канстанцінопаля. Тут вырашаўся лёс агульнарускай праваслаўнай мітраполіі. Тройчы ў замкавай царкве св.Багародзіцы збіраўся высокі сабор беларуска-ўкраінскага епіскапату, каб вырашыць пытанне надзвычайнай складанасці і важнасці: мець або не мець праваслаўнай царкве Вялікага княства Літоўскага свайго асобнага, незалежнага ад Масквы мітрапаліта? [6, с. 72].
Найважнейшым для арганізацыі праваслаўнай царквы ВКЛ быў сабор, якія адбыўся 15 лістапада 1415 г. Тады ў Наваградку сабраліся епіскапы ўладзімірскі, луцкі, пярэмышльскі, полацкі, тураўскі, холмскі і чарнігаўскі, свецкія магнаты Яны вылілі свае скаргі на Канстанцінопаль, пералічылі злоўжыванні ў візантыйскай царкве ў ХIV ст., у тым ліку парушэнні пры назначэнні кіеўскіх мітрапалітаў [13]. На тым прадстаўнічым з'ездзе прысутнічаў і сам Вітаўт.
Улічваючы вышэйшыя дзяржаўныя інтарэсы Княства і цвёрдую волю вялікага князя, насуперак рэзка адмоўнай пазіцыі канстанцінопальскага патрыярха і маскоўскага мітрапаліта, сабор у Наваградку пайшоў на парушэнне кананічнай традыцыі і абраў без дазволу Канстанцінопаля асобнага мітрапаліта для ВКЛ. Ім стаў высокаадукаваны багаслоў і добры дыпламат Рыгор Цамблак, балгарын па паходжанні. Такім чынам, наваградскі сабор 1415 г. абвясціў незалежнасць праваслаўнай царквы ВКЛ ад мітраполіі ўсяе Русі і ад Канстанцінопальскага патрыярхата і аднавіў незалежную ад Масквы Літоўска-Наваградскую мітраполію. Гэта была другая ў межах усходнеславянскай праваслаўнай царквы, асобная мітраполія [12, с. 387]. Як запісана ў Густынскім летапісе, "з таго часу пачалі быць два мітрапаліты, адзін у Кіеве, а другі ў Маскве" [14, с. 145].
Пасвячэнне Цамблака на мітрапаліта без дазволу канстанцінопальскага патрыярха было смелым актам. З дзяржаўнага пункту погляду, як сцвярджае А.Мартас, гэты акт быў неабходны, але кананічна не можа быць апраўданы [4, с. 104]. Гэты акт выклікаў шалёны адпор маскоўскага мітрапаліта і канстанцінопальскага патрыярха. Першы напісаў тры пасланні, у якім пракляў як сабор 1415 г., ахрышчаны ім "неправедным сборищем", так і новаабранага мітрапаліта. Епіскапаў ВКЛ ён называў "помраченниками, а не просветителями", «волками, а не пастырями" і пад пагрозай пракляцця забараніў уступаць у якіясьці кантакты з адступнікамі [15, с. 214-215], якія ўчынілі падзел у Царкве. Але гэтыя пасланні не мелі вялікага значэння ў ВКЛ. У сваю чаргу, канстанцінопальскі патрыярх не прызнаў рашэнне наваградскага сабора і не зацвердзіў кандыдатуру Цамблака, бо не хацеў "терпети еже на церковь Божию насилие царево" [9, с. 80], адлучыў Г.Цамблака ад царквы. Рускія гісторыкі ХІХ - пачатку ХХ ст. таксама лічылі Цамблака царкоўным мяцежнікам [4, с. 106].
Канфлікт вырашыла смерць мітрапаліта, якую датуюць 1419 г. Смерць Цамблака азначала канец Літоўскай мітраполіі [15, с. 214-215].
Мітрапаліцкая кафедра Р.Цамблака знаходзілася ў Кіеве, але пасля 1416 г., калі Кіеў быў разбураны ханам Эдыгеем, ён перанёс яе ў Вільню, а сваёй рэзідэнцыяй зрабіў Наваградак [16, с. 82]. Наданне ў 1415 г. Наваградку статуса рэзідэнцыі аўтакефальнай праваслаўнай мітраполіі ВКЛ зноў-такі сведчыла пра вельмі высокае значэнне гэтага горада ў познім сярэднявеччы.
Цамблак карыстаўся даверам Вітаўта, нават неаднойчы спрабаваў ўгаварыць князя перайсці ў праваслаўе. Новая мітраполія адразу праявіла цікавасць да заключэння ўсяленскай уніі. Не здраджваючы праваслаўю, Р.Цамблак быў адным з першых праваслаўных мітрапалітаў, які намагаўся ўсталяваць кантакт з кіраўніцтвам каталіцкай царквы. Па загаду Вітаўта Р.Цамблак ў 1418 г. узначаліў вялікую дэлегацыю, ускладзе якой былі і святары з Наваградка, на Канстанцкі сабор - даволі прадстаўнічы царкоўны форум, у якім прымалі ўдзел прадстаўнікі розных канфесій. Сярод шматлікіх праблем на саборы абмяркоўваліся ўзаемаадносіны паміж ВКЛ і Тэўтонскім ордэнам [17; 18]. Кіраўнікі ўсходняй і заходняй царквы выпрацоўвалі на саборы ўмовы паяднання.
На Кастанцкім саборы 1418 г. Цамблак выступіў з праектам Вітаўта аб заключэнні царкоўнай уніі, які шляхам уніі жадаў устараніць антаганізм паміж праваслаўным і каталіцкім насельніцтвам княства, і пры гэтым рабіў націск на паразуменне ў гэтым пытанні з візантыйскім імператарам і канстанцінопальскім патрыярхам. Гэта быў першы крок з таго часу ужо непрарыўных - аж да Фларэнційскай уніі 1439 г. - перамоў аб уніі.
Такім чынам, з пачатку ХV ст. Наваградак становіцца генератарам і носьбітам моцных уніяцкіх тэндэнцый і можа лічыцца радзімай уніяцкай ідэі ў ВКЛ.
Але пасля паездкі на Канстанцкі сабор Цамблак сышоў з гістарычнай арэны, а Вітаут прызнаў главенства над праваслаўнай царквой княства маскоўскага мітрапаліта Фоція, які ўжо ў 1421 г. бесперашкодна раз'язджаў па гарадах ВКЛ. Тады ж ён наведаў Наваградак [9, с. 80]. "В лето 6928, - паведамляецца ў Беларуска-літоўскім летапісе 1446 г., - поеха митрополит Фотей в Литву месяца июня 1, а с ним владыка Амбросей. И наехал великого князя Витовта в Новегородце" [6, с. 72].
У лютым 1422 г. Наваградак стаў сведкам яшчэ адной высокай урачыстасці. У новым касцёле, узведзеным ля Замкавай гары ў пачатку ХV ст., адбыўся шлюб стагоддзя. У шлюбны саюз у чацвёрты раз уступаў кароль Польшчы Уладзіслаў Ягайла. Ён браў у жонкі беларускую князёўну Софью Гальшанскую. Урачыстасцямі кіраваў віленскі біскуп Мацей. Паколькі ад ранейшых трох жонак кароль не меў нашчадкаў па мужчынскай лініі, то гэты шлюб выратаваў дынастыю Ягелонаў - ад яго нарадзіліся 2 сыны: Уладзіслаў і Казімір [6, с. 72].
У сярэдзіне-другой палове ХV ст. у Наваградку па-ранейшаму адбываліся значныя царкоўна-рэлігійныя падзеі ўсходнееўрапейскага маштаба, праходзіла дзейнасць цэлага шэрагу літоўска-наваградскіх мітрапалітаў. У 1441 г. "поехал в Литву к Казимеру в Новый Городок (Наваградак - С.М.) и пробыв тамо поиде к Риму" падпісант Фларэнційскай уніі мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі Ісідар. Урачыста выпраўлены ў 1438 г. з Масквы на Ферара-Фларэнційскі сабор, ён па вяртанні быў арыштаваны за тое, што не такую унію заключыў, "еретическую". З заключэння яму ўдалося ўцячы - ў Цвер, потым у ВКЛ, у Наваградак. Далейшы шлях апальнага мітрапаліта ляжаў у Рым [4, с. 112].
Мітрапаліт маскоўскі і ўсяе Русі Іона, пры якім у 1448 г. Руская праваслаўная царква стала аўтакефальнай, незалежнай ад Канстанцінопаля (мітраполія ў Маскве з 1459 г. стала афіцыйна называцца Маскоўскай), паспяшаўся пасля свайго абрання ў Літоўска-Наваградскую мітраполію, якая не мела свайго мітрапаліта, каб аб'яднаць усе епархіі ВКЛ пад сваім кіраўніцтвам. Тады ён наведаў Кіеў, Галіч, Львоў, Вільню і Наваградак [4, с. 113] і змог замацаваць у гэтых абласцях сваю ўладу.
Але ў 1458 г. у Вільню і Наваградак прыбыў вучань і паплечнік мітрапаліта Ісідора, прыхільнік Фларэнційскай уніі Рыгор Балгарын - першы, пасля Герасіма, мітрапаліт у ВКЛ, незалежны ад Масквы [4, с. 118]. . Ён прывёз вялікаму літоўскаму князю Казіміру ліст ад папы рымскага, у якім гаварылася, што ўсе рускія ў яго каралеўстве адбіраюцца ад "злочестивого монаха Ионы" і перадаюцца уніяту Рыгору. Тытул Рыгора "архіепіскап кіеўскі, літоўскі і Ніжняй (Малой) Русі" сведчыў аб яго прэтэнзіях на кананічную ўладу над усёй тэрыторыяй былой Кіеўскай Русі і выклікаў зразумелы пратэст з маскоўскага боку. Прыбыццё Рыгора Балгарына ў ВКЛ унесла новы парадак у царкоўнае жыццё. З гэтага часу пачаўся новы перыяд незалежнага ад Масквы існавання Літоўска-Наваградскай мітраполіі.
13 верасня 1459 г. Іона склікаў у Маскве сабор епіскапаў, на якім была складзена саборная пастанова супраць Рыгора. Для Масквы Рыгор, як і яго папярэднік Ісідор, быў сімвалам грэчаскай інтрыгі, якая ў Фларэнцыі праявіла сваё радство з лацінскай ерассю. Адбыўся канчатковы падзел Рускай праваслаўнай царквы на 2 мітраполіі: Маскоўскую і Кіеўскую, або Літоўска-Наваградску. Рыгор Балгарын меў рэзідэнцыю ў Наваградку, тут памёр у 1482 ці 1483 г. быў пахаваны ў Наваградку [4, с. 115; 11, с. 84-85].
Пасля смерці Грыгорыя Балгарына мітрапалітам кіеўскім і ўсяе Русі з рэзідэнцыяй у Наваградку ў 1475 г. быў абраны смаленскі епіскап Місаіл, які падтрымаў ідэю царкоўнай уніі. Але ён не быў зацверджаны Канстанцінопалем [11, с. 212]. Абранне Місаіла хутчэй за ўсё адбылося на саборы епіскапаў, архімандрытаў, князёў, баяр і шляхты ВКЛ у Наваградку. Міхаіл у 1476 г. арганізаваў зварот вышэйшага праваслаўнага духавенства і свецкіх асоб да папы рымскага Сікста V, у якім выказваў гатоўнасць прыняць унію, скардзіўся на ўціск з боку рымска-каталіцкага духавенства і прасіў ураўняць яго ў правах з лацінскімі біскупамі. Польскія гісторыкі сцвярджаюць, што ліст з прапановай заключэння царкоўнай уніі з Рымам быў накіраваны папе рымскаму ад імя епіскапата і шляхты наваградскім саборам. Ліст яму перадалі праз удзельнічаўшага ў саборы папскага легата Антоніа Банумбрэ [12, c. 391]. Адказу на гэта пасланне папа рымскі не даў - падобна, ліст з Наваградка да адрасата не дайшоў. Місаіл жыў у мітрапаліцкім доме, дзе знаходзілася яго кафедра. У Наваградку ён і памёр у 1480 г.[4, с. 119].
У 1481 г. у Наваградак з Канстанцінопаля спецыяльна прыбылі два экзархі патрыярха: мітрапаліт енейскі Ніфант і епіскап іпанейскі Феадарыт, каб пасвяціць новага мітрапаліта кіеўскага для ВКЛ з кафедрай у Наваградку. Яны прывезлі патрыяршае пасланне і разам з мясцовым епіскапатам учынілі тут інтранізацыю новага літоўска-наваградскага мітрапаліта. Ім стаў полацкі архіепіскап Сімяон (1481-1488 г.) [11, с. 300].
У 1498-1501 г. на мітрапаліцкай кафедры ў Наваградку сядзеў Іосіф І Балгарыновіч - прыхільнік далучэння праваслаўнай царквы ВКЛ да Фларэнційскай уніі. У перапісцы з рымскім папам Аляксандрам VI мітрапаліт абгаворваў умовы гэтага акта, аднак у хуткім часе захварэў і памёр [11, с.130].
У другой палове ХV ст. Кіеў, які стаў цалкам безабаронным перад набегамі крымскіх татар, ужо толькі тэарэтычна лічыўся сталіцай мітраполіі. Некаторыя з мітрапалітаў часова або пастаянна перасяляліся на беларускія землі, у Наваградак. У ХVI ст. ужо ніхто з мітрапалітаў не жыў у Кіеве [19, с. 89], але - ў паўночнай частцы сваёй мітраполіі - ў Наваградку або Вільні. У гэтых цэнтрах канцэнтравалася палітычнае, культурнае, рэлігійнае жыццё ВКЛ. З пачатку ХVI ст. царкоўныя саборы праводзяцца ўжо і ў Вільні. Мітрапаліт Іосіф ІІ Солтан (1507 - 1521 або 1522 г.) меў рэзідэнцыю ў Вільні і там склікаў у 1509 г. сабор [11, с.130].
З пачатку ХVI ст. роля царкоўна-рэлігійнай сталіцы ВКЛ паступова пераходзіць да Вільні, але Наваградак працягваў захоўваць становішча другой пасля Вільні кафедры і рэзідэнцыі мітрапалітаў. Яго гістарычны рэйтынг і ўплыў у царкоўна-рэлігійным жыцці Еўропы яшчэ далёкі ад навуковага асэнсавання намі.
Литература:
1. Беларуская літаратура: Падручнік для 10 кл. / В.Я.Ляшук, А.А.Майсейчык, К.М.Мароз і інш. Пад рэд. В.Я.Ляшук. - Мн.: Рэдакцыя часопіса "Крыніца", 1997. - 608 с.
2. Царкоўнае жыццё // Гайба М.П. Навагрудак: Гістарычны нарыс. - Навагрудак, 1992. - С. 17-22.
3. Краўцэвіч А.К. Стварэнне Вялікага княства Літоўскага. - Рэшаў, 2000. - 238 с.
4. Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. - Мн.: Белорусский экзархат Русской Православной Церкви, 1990. - 299 с.
5. Ермаловіч М. Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае. - Мн.: "Белілтфонд", 2000. - 448 с.
6. Чамярыцкі В. Ад сталіцы княства да цэнтра ваяводства // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Навагрудскага раёна. - Мн.: Беларусь, 1996. - С. 68-77.
7. Сагановіч Г. Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца ХVIII стагоддзя. - Мн.: "Энцыклапедыкс", 2001. - 412 с.
8. Гайба М. Новагародак // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 2 т. Т. 2. - Мн.: БелЭн, 2006. - С. 357-359.
9. Жарскі М. Наваградак - сталіца мітраполіі Вялікага княства Літоўскага // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Навагрудскага раёна. - Мн.: Беларусь, 1996. - С. 78-80.
10. Думин, С.В. Другая Русь (Великое княжество Литовское и Русское) / С.В.Думин // История Отечества: люди, идеи, решения: Очерки истории России ІХ – начала ХХ в. / сост. С.В.Мироненко. – М.: Политиздат, 1991. – С. 76–126.
11. Рэлігія і царква на Беларусі: энцыклапедычны даведнік / рэдкал.: Г.П.Пашкоў [і інш.]. – Мн.: БелЭн, 2001. – 368 с.
12. Historia kościola w Polsce. – T. 1. Cz. 1/ red. B.Kumor, Z.Obertynski. − Poznań-Warszawa, 1974. – 464 s.
13. Саборная грамата беларуска-ўкраінскіх епіскапаў пра абранне мітрапалітам Грыгора Цамблака 15 лістапада 1415 г. // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Навагрудскага раёна. – Мн.: Беларусь, 1996. – С. 83–84.
14. З Густынскага летапісу пра абранне мітрапаліта Грыгора Цамблака // Сведкі сівой мінуўшчыны: зборнік дакументаў і матэрыялаў па гісторыі Беларусі VI–XV стст. / пад рэд. Г.В.Штыхава. – Мн., 1996. - С. 144–145.
15. Украіна крізь віки: Т.6: Русина О.В. Украіна під татарамі і Литвою. – Киів, 1998.
16. Чамярыцкі, В. Грыгор Цамблак / В.Чымярыцкі // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Навагрудскага раёна. – Мн.: Беларусь, 1996. – С. 81–83.
17. Казакова, Т. Уніяцкая ідэя ў Вялікім княстве Літоўскім напачатку XV ст . / Т.Казакова // З гісторыі уніяцтва ў Беларусі (да 400-годдзя Брэсцкай уніі) / С.Марозава [і інш.]. – Мн.: НКФ “Экаперспектыва”, 1996. – С. 17–22.
18. Казакова, Т.П. Царкоўна-палітычная пазіцыя Р.Цамблака / Т.П.Казакова // Брэсцкай царкоўнай уніі – 400: матэрыялы міжнар. навук. канф., Брэст, 8–9 кастр. 1996 г. – Брэст: БДУ, 1997. – С. 16–19.
19. Гудзяк, Б. Криза і реформа: Киівська митрополія, Царгородский патріархат і генеза Берестейськоі уніі / Б.Гудзяк; пер. з англ. – Львів: Інститут Історіі Церкви Львівськоі Богословськоі Академіі, 2000. – 16, 426 с.