Папярэдняя старонка: Марозава С.В.

Міхаіл Клеафас Агінскі ў сучаснай беларускай гістарыяграфіі 


Аўтар: Марозава С.В.,
Дадана: 15-06-2012,
Крыніца: Марозава С. Міхаіл Клеафас Агінскі ў сучаснай беларускай гістарыяграфіі / С. Марозава // Kunigaiksciu Oginskiu kulturine, politine veikla: praeities atspindziai, ateities perspektyvos: VII tarptautines mokslines konferencijos pranesimu tezes. - Vilnius: Vilniaus pedagoginio universiteto leidykla, 2011. - P. 58 - 59.



Постаці Міхаіла Клеафаса Агінскага прысвечана значная літаратура, выдадзеная на працягу XIX - пачатку XXI ст. у Францыі, Польшчы, Англіі, Расіі, Літве i іншых краінах. Свой уклад у вывучэнне яго дзейнасці i папулярызацыю яго спадчыны ўносяць даследчыкі Рэспублікі Беларусь. Узмоцненая i ўстойлівая цікавасць да "агінскай" праблематыкі з явілася ў нашай краіне ў сярэдзіне 1990-х гадоў i не згасае да сённяшняга дня. Ранейшая беларуская гістарыяграфія гэту знакавую асобу, як правіла, ігнаравала, бо тая не ўпісвалася ў марксісцка-ленінскую парадзігму мінулага з яе класавым падыходам.

Пачалі з выдання крыніц, якія выйшлі з-пад пяра самога М.К.Агінскага. У 1995 г. у перакладзе на беларускую мову выйшлі складовыя часткі знакамітага "плана Агінскага" па адраджэнню Вялікага княства Літоўскага: "Праект указа аб арганізацыі заходніх губерняў" i яго "Памятныя запіскі" на імя імператара Аляксандра I ад 15 мая i 1 снежня 1811 г. 3 ix з'яўленнем (у скароце) у дапаможніку А.Лукашэвіча "Беларусь напярэдадні i ў час вайны 1812 г." "план Агінскага" прапісаўся на старонках навейшай універсітэцкай вучэбнай літаратуры. Была таксама надрукавана "Мая біяграфія з дзяцінства па 1788 г.".

На мяжы XX - XXI ст. вывучэннем жыццёвага шляху палітыка займаліся А. Грыцкевіч, Я. Ліс, Я.Анішчанка, С. Верамейчык, Т. Кляшчанок, П. Краўчанка i інш. Шмат матэрыялаў пра яго друкуецца ў беларускай прэсе, асабліва ў сувязі з юбілейнымі датамі.

Зразумела, нашых даследчыкаў цікавіць найперш тое, што звязвае М.К.Агінскага з Беларуссю. Кожны з ix, як правіла, звяртаецца да тых ці іншых аспектаў яго дзейнасці ў кантэксце свайго праблемнага поля. A. Грыцкевіч, A. Ерашэвіч, A. Лукашэвіч,

В. Швед бачаць ва ўплывовым графе найперш барацьбіта за ўзнаўленне страчанай дзяржаўнасці. У.Снапкоўскі разглядае яго дыпламатыю ў кантэксце гісторыі знешняй палітыкі Беларусі. Уклад Агінскага-кампазітара ў развіццё музычнай культуры Беларусі даследуе С.Немагай. Сядзіба i палацава-паркавы комплекс Залессе, пераўтвораны магнатам у культурны асяродак еўрапейскага значэння, - прадмет даследавання С. Верамейчыка, Л.Рогач i інш.

Намаганнямі даследчыкаў i папулярызатараў навукі ў апошнія 10-15 гадоў веды пра М.К.Агінскага ў беларускім грамадстве выйшлі за межы яго ранейшага ўспрыймання толькі як аўтара "Паланэза". Гэтыя веды распаўсюджваюць энцыклапедычныя выданні, абагульняючыя працы i вучэбныя кнігі, сродкі масавай інфармацыі.

Але ў нашым асэнсаванні гэтай неардзінарнай постаці пакуль пераважае навукова-папулярная літаратура. Грунтоўнае манаграфічнае даследаванне на тэму "Міхаіл Клеафас Агінскі i Беларусь" пакуль адсутнічае. Несумненную цікавасць уяўляе распрацоўка сюжэтаў пра яго пазіцыю на гродзенскім сейме 1793 г., яго ролю ў паўстанні 1794 г. на беларускіх землях i інш.

Вучонымі далека не вычарпаны раскіданы па краінах i дакументасховішчах корпус архіўных крыніц аб М.К.Агінскім, выяўленне i публікацыя якіх з'яўляецца актуальнай задачай не толькі беларускай гістарычнай навукі. Наспела патрэба выдання яго мемуараў у беларускамоўным перакладзе. Уяўленне пра яго эпоху, падзеі асабістага жыцця, акружэнне тады перастануць быць набыткам толькі вузкага кола навукоўцаў.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX