Папярэдняя старонка: Марозава С.В.

Канфесійная гісторыя Беларусі XVI - XVIII ст. у беларускай гістарыяграфічнай рэфлексіі 2000-х гадоў 


Аўтар: Марозава С. В.,
Дадана: 12-08-2013,
Крыніца: Марозава С. В. Канфесійная гісторыя Беларусі XVI – XVIII ст. у беларускай гістарыяграфічнай рэфлексіі 2000-х гадоў // Беларусь, Расія, Украіна: дыялог народаў і культур / склад. Д. У. Караў, В. В. Масненка. Гродна: ЮрсаПрынт, 2013. С. 237–250.

Спампаваць




УДК 947.6: 930

С. В. Марозава (Гродна, ГрДУ імя Я. Купалы)

Показаны новые тенденции в изучения белорусскими гуманитариями отечественной конфессиональной истории (христианских культовых институтов) XVI - XVIII в., названы исследовательские центры, наиболее крупные исследователи и их методологические подходы, охарактеризовано научное проблемное поле и авторские концептуальные трактовки, очерчены перспективные направления исследования.

There are shown new tendencies in studying by belarussian humanists of national confessional history (Christian cult institutes) XVI - XVIII century; the research centers, outstanding researchers and their methodological approaches are called; the scientific problem field and author's conceptual treatments is characterized; the perspective directions of research are outlined.

Пагарджаная ў эпоху атэізацыі (1917 - 1986 г.) канфесійная гісторыя стала ў канцы ХХ ст. на постсавецкім абшары прадметам узмоцненай навуковай і грамадскай цікавасці. На якасна новы ўзровень пачало тады выходзіць і даследаванне надзвычай багатай падзеямі царкоўна-рэлігійнай гісторыі Беларусі XVI - XVIIІ ст. У яе вывучэнні ў самой сучаснай Беларусі можна вылучыць наступныя два перыяды.

Першы перыяд ахоплівае другую палову 1980-х - сярэдзіну 1990-х г. У гэты час адбываецца адыход ад маркісіцка-ленінскай метадалогіі і пераасэнсаванне ўсёй канфесійнай гісторыі, асабліва яе падзей і працэсаў XVI - XX cт.; прыходзіць разуменне неабходнасці абнаўлення крыніцавай базы беларускай царкоўнай гісторыі; арганізуюцца першыя царкоўна-гістарычныя канферэнцыі. Навуковая "прадукцыя" таго часу выходзіць у выглядзе навукова-папулярных і публіцыстычных артыкулаў у прэсе, артыкулаў у навуковай перыёдыцы, у выглядзе першых зборнікаў канферэнцый, брашур, а таксама прац беларускіх аўтараў у замежных (як правіла, польскіх) навуковых зборніках. Магутны штуршок для гісторыка-канфесійных даледаванняў, у якіх Беларусь усё часцей паўставала суб'ектам гістарычага працэсу, а не аб'ектам уздзеяння больш моцных суседзяў, далі атрыманне нашай краінай незалежнасці ў 1991 г., а таксама святкаванне ў 1992 г. 1000-годдзя Полацкай епархіі (фактычна - 1000-годдзя хрысціянізацыі беларускіх зямель).

Наступны перыяд вывучэння канфесійнай гісторыі Беларусі XVI - XVIIІ ст. пачынаецца ў другой палове 1990-х г. і працягваецца да нашага часу. Этапнымі з'явамі, якія на ім стымулявалі даследаванні, сталі яшчэ дзве буйныя царкоўныя гадавіны: 400-годдзе Берасцейскай царкоўнай уніі 1596 г. і 2000-годдзе хрысціянства.

У краіне афармляюцца навуковыя асяродкі даследавання беларускай канфесійнай праблематыкі (Інстытут гісторыі і Інстытут філасофіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Мінскія духоўныя акадэмія і семінарыя). Набываюць вядомасць асяродкі, якія да таго часу ўжо мелі багатую даследчыцкую традыцыю ў гэтай сферы. Такая традыцыя на факультэце гісторыі і сацыялогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы была закладзена яшчэ ў 1950-я г. Кафедра гісторыі Беларусі гэтага ўніверсітэта спецыялізуецца на даследаванні і выкладанні айчыннай канфесійнай гісторыі і сфарміравала сваю навуковую школу гісторыка-канфесійных даследаванняў [37; 39].

Асобныя вучоныя вядуць даследаванні ў Беларускім дзяржаўным універсітэце (А. Р. Дзянісава і інш.), Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А. Куляшова (І. А. Марзалюк, В. У. Старасценка) і Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С.Пушкіна (А. А. Гарбацкі) і іншых ВНУ Беларусі.

На гэтым этапе даследаванне канфесійнай гісторыі Беларусі XVI - XVIII ст. працягвалі аўтарытэтныя беларускія вучоныя старэйшага пакалення: філосафы С. А. Падокшын, У. М. Конан, гісторык Г. Я. Галенчанка, а таксама тыя, хто стаў вядомы сваімі навуковымі працамі (галоўным чынам, манаграфічнага характару) у 1990-я г.: Т. Б. Блінова, Л. С. Іванова, А. А. Гарбацкі, С.В. Марозава, А. Ф. Самусік; Н. А. Кутузава, В.У. Старасценка; філолагі У. Г. Кароткі, А. А. Лойка, І. А. Чарота, І. В. Саверчанка; мастацтвазнаўцы Т. В. Габрусь, А. М. Кулагін і інш.

Пашырылася кола даследчыкаў. У 2000-я г. заявіла аб сабе новае пакаленне даследчыкаў канфесійнай гісторыі Беларусі XVI - XVIII ст., якое прадстаўляюць І. А. Марзалюк, А. А. Суша, Д. В. Лісейчыкаў, С. І. Паўловіч, М. М. Баўтовіч і інш.

Для гэтага перыяду характэрныя сістэматычнае правядзенне навуковых канферэнцый па гісторыка-канфесійнай праблематыцы, з якіх некаторыя сталі нават серыйнымі, і з'яўленне шэрагу навуковых зборнікаў; выхад, пачынаючы з 1997 - 1998 г., грунтоўных манаграфічных даследаванняў, першых абагульняючых прац і энцыклапедычных выданняў; распачатая з 2000 г. паласа абарон кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый; узмоценая ўвага да вывучэння канфесійных архіваў і выдання гістарычных крыніц; асэнсаванне гістарыяграфічнай традыцыі даследавання канфесійнай гісторыі Беларусі ў ХІХ - пачатку ХХІ ст.; першыя спробы нетрадыцыйных падыходаў (у прыватнасці, гісторыя паўсядзённасці; вывучэнне ментальнасцяў і інш.). Характэрнымі рысамі гэтага часу з'яўляюцца таксама актыўнае развіццё царкоўнага краязнаўства, царкоўнай перыёдыкі, увядзенне сюжэтаў і тэм па канфесійнай гісторыі ў вучэбную літаратуру для школьнікаў і студэнтаў. Адбываецца адыход ад вялікіх, абагульняючых тэм. З'яўляюцца новыя ракурсы разгляду праблем. Мае месца пераход на мікрагістарычны ўзровень даследавання: вывучаецца гісторыя епархій, дэканатаў, прыходаў.

Новыя навуковыя з'явы і працэсы, уласцівыя другому перыяду, набіраюць сілу і ў поўнай меры праяўляюцца ў 2000-я г. , што абумовіла аўтарскую цікавасць менавіта да гэтага храналагічнага адрэзку гістарыяграфіі.

Беларускія гуманітарыі - гісторыкі, філосафы, філолагі і мастацтвазнаўцы - даследавалі ў 2000-я г. гісторыю асноўных хрысціянскіх культавых інстытутаў у XVI - XVIII ст., ахапіўшы пры гэтым шырокі спектр праблем іх дзейнасці. Вывучэнне гісторыі праваслаўнай царквы вялі А. Мірановіч [66; 67], Л. В. Леўшун [26], Г. У. Васюк [8], А. Дзянісава і інш. Каталіцызм у Беларусі вывучалі Т. Б. Блінова [7], Л. А. Карнілава [18], Ю. Макарчык [65] і інш. Пратэстантызмам займалася Л. С. Іванова [14; 62]. Уніяцкая царква з'яўлялася прадметам даследавання С. А. Падокшына [42; 43], С .В. Марозавай [36], А. А. Сушы [58], Д. В. Лісейчыкава [28] і інш. Дзейнасць гэтых культавых інстытутаў разглядаецца імі па розных аспектах: філасофскіх, тэалагічных, культуралагічных, этнічных, палітычных, ідэалагічных і ўласна гістарычных. Філолагі па-новаму прачытваюць творчую спадчыну царкоўных пісьменнікаў [27; 63].

З'явы, падзеі, постаці, помнікі царкоўнай гісторыі занялі належнае месца на старонках энцыклапедый і энцыклапедычных даведнікаў, выдадзеных у 2000-я г.: «Рэлігія і царква на Беларусі» [50], "Праваслаўныя храмы Беларусі" [23; 24], "Каталіцкія храмы Беларусі" [21; 22] «Асветнікі зямлі Беларускай. Х - пачатак ХХ стагоддзя» [4], энцыклапедыі «Вялікае княства Літоўскае» [11].

Асобныя параграфы па канфесійнай гісторыі сталі звычайнай з'явай у вучэбнай літаратуры 2000-х г. па гісторыі Беларусі .

У навуковых і навучальных цэнтрах Беларусі прайшлі ў 2000-я г. шматлікія навуковыя канферэнцыі розных узроўняў па айчыннай гісторыка-канфесійнай праблематыцы. Некаторыя з іх сталі "серыйнымі", як, напрыклад серыя канферэнцый пад агульнай назвай "Хрысціянства ў гістарычным лёсе беларускага народа" ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Я. Купалы. Зборнікі матэрыялаў канферэнцый запатрабаваны навуковай супольнасцю, краязнаўцамі, духавенствам і вернікамі розных хрысціянскіх дэнамінацый.

Вялікае значэнне для вывучэння і асэнсавання канфесійнай спадчыны Беларусі мае выяўленне і публікацыя новых крыніц. Шмат іх параскідана па архівах і рукапісных адззелах бібліятэк і музеяў суседніх краін і гарадоў. Беларускія канфесійныя архівы часоў Рэчы Паспалітай даследавалі і розныя крыніцы з іх выдавалі В. А. Цяплова [61], С. І. Паўловіч [1 - 3], М. М. Баўтовіч [46; 64], Д. В. Лісейчыкаў [29], Ю. Н. Іваноў [13] і інш.

Характар найбольш выкарыстоўваемых раней крыніц, сярод якіх пераважалі закандаўчыя і іншыя рэгламентуючыя акты, абмяжоўваў кола разглядаемых пытанняў канфесійнай гісторыі. Крыніцавая база многіх даследчыкаў да гэтага часу абмяжоўваецца археаграфічнымі выданнямі другой паловы ХІХ - пачатку ХХ ст. Таму лагічнай з'яўляецца ўзмоцненая ўвага ў апошнія 10 - 15 гадоў да "набліжэння" да беларускага даследчыка замежных канфесійных архіваў, увядзення ў навуковы ўжытак і публікацыі новых архіўных дакументаў .

Пачатак грунтоўнай археаграфічнай работы ў гэтым кірунку можна звязаць з выхадам у 1997 г. зборніка «Уния в документах» [61]. У яго ўвайшла падборка даўно стаўшых бібліяграфічнай рэдкасцю дакументаў за 1385 - 1839 г., узятых, галоўным чынам, з публікацый ХІХ - ХХ ст. Закліканая комплексна адлюстраваць перадумовы, прычыны, прыняцце і эвалюцыю царкоўнай уніі, гэта падборка, на жаль, свае функцыі не выканала ў поўнай меры і не дала ўсебаковага аб'ектыўнага ўяўлення пра гэту гістарычную з'яву, якая была больш складанай, чым яе паказваюць дакументы зборніка.

Па-іншаму паглядзець на канфесійную канфрантацыю ў Беларусі 20-х г. ХVII ст., паўней зразумець пазіцыі канфліктуючых бакоў дазваляюць дакументы, апублікаваныя ў «Эпісталяцыі Сьвятога Язафата» [64]: перапіска канцлера Вялікага княства Літоўскага Льва Сапегі з полацкім уніяцкім архіепіскапам Язафатам Кунцэвічам у 1622 г. і даследаванне М.Баўтовіча, ёй прысвечанае.

З'явілася першая тэматычная публікацыя дакументаў «Полацкія пакутнікі» [46], якія расказваюць пра адзін з трагічных сюжэтаў гісторыі ўніяцкай царквы Беларусі - расправу з прычыны рэлігійнай неталерантнасці расійскага цара Пятра І з полацкімі базыльянамі ў 1705 г.

Усведамляючы вялікае інфармацыйнае значэнне і далёка не вычарпаны даследчыцкі патэнцыял архіва ўніяцкіх мітрапалітаў, Беларускі навукова-даследчы інстытут дакументазнаўства і архіўнай справы сумесна з Беларускай грэка-каталіцкай царквой (яе полацкім выдавецтвам "Сафія"), зацікаўленай у грунтоўным і аб'ектыўным даследаванні ўласнай гісторыі, выдалі тры каталогі-даведнікі пад агульнай назвай « Архіў уніяцкіх мітрапалітаў» з інфармацыяй пра наяўнасць і месца захоўвання дакументаў па гісторыі царквы на Беларусі XVI - ХІХ cт.

У першую кнігу ўвайшлі звесткі пра дакументы, што захоўваюцца ў фондзе 823 «Канцылярыя мітрапаліта грэка-ўніяцкіх цэркваў у Расіі» Расійскага дзяржаўнага гістарычнага архіва ў Санкт-Пецярбургу [1]. Другі даведнік уключае пералік спраў па гісторыі царквы на Беларусі з архіва ўніяцкіх мітрапалітаў, якія захоўваюцца ў архівах Украіны: Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве Украіны ў Кіеве і ў Львове [2]. Трэцяя кніга ўяўляе сабой вопіс дакументаў, якія захоўваюцца ў дзяржаўных гістарычных архівах Літвы і Расіі [3]. Пошукавыя дадзеныя каталогаў-даведнікаў аблягчаюць доступ да гэтай крыніцы інфармацыі па гісторыі ўніяцкай царквы і даюць магчымасць рабіць адбор дакументаў паводле неабходнай тэматыкі.

Візіты ўніяцкіх цэркваў Мінскага і Навагрудскага сабораў 1680 - 1682 г. з фондаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі надрукаваў Д. Лісейчыкаў. У іх маюцца апісанні 212 цэркваў і 104 капліц у розных паветах Вялікага княства Літоўскага [29]. Гэта выключна інфармацыйная крыніца для вывучэння канфесійнай гісторыі, асабліва для даследчыкаў гісторыі штодзённасці і краязнаўцаў.

Лепшаму разуменню адметнасцяў царкоўна-рэлігійнага жыцця беларускіх зямель на розных гістарычных этапах садзейнічае яго перыядызацыя , распрацоўкай і ўдакладненнем якой паводле розных крытэрыяў актыўна займаліся ў 2000-я г. беларускія гісторыкі [38].

У гісторыі праваслаўнай царквы на беларускіх землях у 1569 - 1795 г. Г. У. Васюк выдзяляе пяць перыядаў. Першы перыяд заключаны ў храналагічных межах 1569 - 1596 г. У гэты час праваслаўная царква падвяргаецца ўздзеянню рэфармацыйнага руху, а таксама аднавіўшага актыўнасць каталіцызму. Неабходнасць выстаяць у канкурэнтнай барацьбе вяла да пачатку ўнутраных рэформ праваслаўя. Няўдачы рэформ прывялі да падзелу праваслаўнага духавенства і грамадства на прыхільнікаў і праціўнікаў уніі.

На другім этапе - 1596 - 1634 г. - праваслаўная царква ў выніку заключэння Брэсцкай ўніі страчвае свой легальны статус. Пачынаецца вострая барацьба паміж праваслаўным і ўніятамі, якая набывае розныя формы: ад палемікі на сеймах да антыўніяцкіх выступленняў, якія маюць пэўны элемент грамадзянскай вайны. На ўкраінскіх землях праціўнікі ўніі знаходзяць падтрымку казацтва, якая дазваляе ў 1620 г. аднавіць нелегальную іерархію праваслаўнай царквы.

Трэці перыяд уключае 1634 - 1648 г. і характарызуецца спробамі ўладаў Рэч Паспалітай знайсці кампраміснае рашэнне ў пытанні ўзаемаадносін праваслаўных і ўніятаў. Уладзіслаў IV устае на шлях кампрамісаў.

Наступны перыяд (1648 - 1686 г.) харатарызуецца абвастрэннем міжканфесійных адносін у Рэчы Папалітай, выкліканым войнамі сярэдзіны XVII ст. Скарачаецца да адной епархіі сфера ўплыву праваслаўнай царквы. Пагадненне 1686 г. стварае прававую базу для ўмяшання Расіі ў справы Рэчы Папалітай пад прадлогам абароны праваслаўнай царквы.

У наступны, пяты перыяд (1686 - 1795 г.) праваслаўная царква ў Рэчы Паспалітай актыўна выкарыстоўваецца расійскі самаўладдзем ў ціску на правячыя колы гэтай дзяржавы і ў ідэалагічным апраўданні падзелаў. Спроба Чатырохгадовага сейма стварыць у Рэчы Паспалітай самастойную праваслаўную іерархію, незалежную ад Масквы і падпарадкавную Канстанцінопалю, была запаздалай і не рэалізаванай у сілу падзелаў Рэчы Паспалітай.

Час прабывання Беларусі ў складзе Расійскай імперыі, паводле Г. У. Васюка, характарызуецца паступовай стратай праваслаўем на беларускіх землях самабытных рысаў і ўніфікацыяй у межах расійскага праваслаўя [8].

Зыходзячы з крытэрыю талерантнасці ў гісторыі міжканфесійных адносін праваслаўнай і каталіцкай цэркваў на беларускіх землях, А. А. Маруноў характарызуе XIV cт. - 1596 г. як перыяд нізходзячай дынамікі развіцця верацярпімасці, канец XVI - канец XVIII ст. як перыяд нецярпімасці, канец XVIII ст. - сярэдзіну 1990-х г. як перыяд узыходзячай дынамікі развіцця верацярпімасці [41, с. 3 - 4, 14].

Традыцыйна шмат увагі ў цікавячым нас даследчым полі ўдзялялася дзяржаўна-царкоўным і міжканфесійным адносінам. Гэтай праблематыкай займаліся Г. Я. Галенчанка [62], С. А. Падокшын [43], А. Мірановіч [66; 67], Г. У. Васюк [8], А. А. Маруноў [41] і інш.

Ролю дзяржавы ў эвалюцыі міжканфесійных адносін (праваслаўнай і каталіцкай цэркваў) у Беларусі А. А. Маруноў бачыць у наступным: 1) у радыкальнай змене раней складзенай канфесійнай структуры (увядзенне паводле Крэўскай ўніі 1385 г. каталіцызма як дзяржаўнай рэлігіі Вялікага княства Літоўскага; стварэнне новай канфесіі з заключэнем Брэсцкай царкоўнай ўніі 1596 г.; яе, стаўшую адной з дамінуючых канфесій, скасаванне на Полацкім царкоўным саборы 1839 г., што мела сваім наступствам ускладненне міжканфесійных адносін; і г. д.); 2) у падтрымцы пэўных канфесій за кошт іншых (XVII - трэцяя чвэрць XVIII ст.; большая частка ХІХ ст.), што прыводзіла да назапашвання нявырашаных праблем у міжканфесійных адносінах; 3) у палітыцы дзяржаўнага атэізма і татальнай секулярызацыі ў савецкі час, што, з аднаго боку, значна пашкодзіла складзеную канфесійную структуру, з другой, - стварыла перадумовы для рэальнага раўнапраўя канфесій; 4) у падтрыманні верацярпімасці (канец XIV - XVII cт., другая палова XVIII - пачатак ХХ ст., з другой паловы 1980-х г. да нашага часу) у мэтах стабілізацыі канфесійнай структуры пасля адбылых у ёй змен [41, с. 4 - 5, 15].

Філасофска-гістарычны аналіз суадносін па лініі ўнія - дзяржаўнасць - культура прывёў С. А. Падокшына да высновы аб гістарычнай прадвызначанасці Берасцейскай уніі геапалітычным становішчам Вялікага княства Літоўскага ў яго пошуках шляхоў зберажэння сваёй палітычнай і духоўна-культурнай незалежнасці. У той жа час вучоны лічыць, што прымус, ужыты пры распаўсюджванні ўніі, быў гістарычнай памылкай урада Рэчы Паспалітай, бо адштурхнуў ад улад значную частку праваслаўнага насельніцтва, дапамог расійскай экспансіі на Захад, садзейнічаў разбурэнню дзяржавы.

Несумненныя здабыткі нацынальна-культурнай дзейнасці на базе ўніяцтва, на думку філосафа, не змаглі кампенсаваць страты, панесеныя беларускай культурай у выніку рэлігійна-інтэлектуальнай нецярпімасці і канфесійнай дыскрымінацыі іншаверцаў. У канцы ХVІІІ - першай палове ХІХ ст. уніяцкая царква стала ахвярай той неталерантнасці, якой сама дыскрэдытавала сябе на першым этапе сваёй гісторыі ў адносінах да праваслаўя. 1839 год, як і год 1596, у трактоўцы С. А. Падокшына, - катастрофа ў гісторыі беларускага народа, яго духоўна-рэлігійныма жыцці, акты знешняга ўмяшання ў натуральна абумоўлены працэс гістарычнага развіцця [43].

Л. С. Іванова паказала асаблівасці Рэфармацыі і контррэфармацыі ў Вялікім княстве Літоўскім, Беларусі. У ВКЛаўскай Рэфармацыі адсутнічала шырокая этнасацыяльная аснова. Большую распаўсюджанасць Рэфармацыя атрымала ў заходніх і цэнтральных паветах Беларусі з адносна разнародным этнарэлігійным складам насельніцтва ў параўнанні з усходняй часткай Беларусі, дзе пераважала праваслаўнае насельніцтва. У Літоўскай кальвінісцкай правінцыі існавала пэўная тэндэнцыя да аўтаноміі адносна польскай Рэфармацыі. Незвычайнай энергічнасцю ў прапагандзе свайго веравучэння тут вызначаліся арыяне. Хоць з канца XVI ст. Рэфармацыя ў ВКЛ перайшла ад наступлення да абароны сваіх пазіцый, аднак у пачатку XVII ст. яе пазіцыі былі больш моцнымі, чым у Кароне [14, с. 50, 51, 55].

Паводле назіранняў Л. С. Івановай, Контррэфармацыя ў ВКЛ мела адносна кампрамісны характар у адрозненне ад іншых дзяржаў тагачаснай Еўропы. Ордэн езуітаў у сваёй дзейнасці вымушаны быў улічваць мясцовыя ўмовы - шматканфесійны склад насельніцтва, даўнія традыцыі рэлігійнай талерантнасці, забяспечаную прывілеямі асабістую і маёмасную недатыкальнасць шляхты. У ВКЛ ордэн езуітаў не выкарыстоўваў інквізіцыйных метадаў барацьбы, а абмяжоўваўся ідэалагічнай прапагандай. 30 % кніг, якія ўвайшлі ў Індэкс кніг, забароненых у Рэчы Паспалітай у 1603 - 1617 г., было надрукавана на тэрыторыі ВКЛ. Характэрна, што творы забароненых аўтараў (С. Будны, А. Волан, А. Ф. Маджэўскі, Я. Л. Намыслоўскі і інш.) без перашкод друкаваліся ў ВКЛ і захоўваліся ў каталіцкіх манастырах з надпісам "ерэтыцкая кніга" і ў тагачасных чытачоў [14, с. 42, 43, 45].

Міжнародны аспект канфесійнай гісторыі Беларусі XVI - XVIII ст. з'яўляліся прадметам навуковай цікавасці Н. А. Поляк [47; 48], С. М. Салея [51] і інш.

Аналізуючы дысідэнцкае пытанне на беларускіх землях у кантэксце еўрапейскіх міжнародных адносін другой паловы XVII - XVIII ст., Н. А. Поляк прыйшла да высновы аб унікальнасці складзенай тут канфесійнай сітуацыі. Гэта ўнікальнасць вызначалася 1) дзейнасцю тут самай шматлікай і моцнай у Рэчы Паспалітай кальвінісцкай абшчыны, якая карысталася падтрымкай замежных манархаў, мясцовай аднавернай, а таксама і каталіцкай шляхты і ўрадавых служачых; 2) сканцэнтраванасцю праваслаўнага насельніцтва Рэчы Паспалітай пераважна на этнічнай тэрыторыі Беларусі, дзе захавалася адзіная ў Рэчы Паспалітай праваслаўная епархія і дзейнічалі буйныя духоўныя праваслаўныя асяродкі ў Вільні, Беластоку, Пінску, Драгічыне, Слуцку, Смаленску і інш.; 3) суіснаваннем і супрацоўніцтвам дысідэнцкіх канфесій і іх апекуноў паміж сабой; 4) невысокай шчыльнасцю каталіцкіх прыходаў і 5) паступовым пашырэннем уніі [47, с. 98].

У сваёй дысертацыі і навуковых публікацыях Н. А. Поляк прасачыла працэс "інтэрнацыяналізацыі" міжканфесійных адносін і канфліктаў у Беларусі [48].

У 2000-я г. узмацнілася вывучэнне культурнага зрэзу царкоўна-рэлігійнага жыцця . Навуковую "папулярнасць" набыла гісторыя ордэнскай адукацыі. Прадметам даследавання сталі культурна-асветніцкая дзейнасць ордэна езуітаў (Т. Б. Блінова) [7], роля дамініканскага ордэна ў справе асветы (А. Ф. Самусік [52]), адукацыйная дзейнасць базыльянскага ордэна (А. Ф. Самусік [53]). Статут базыльянскага ордэну вывучаў С. В. Казуля [15]

Вывучэнне кніжнай культуры Беларусі XVI - XVIII ст. вяла Л. В. Леўшун [26], функцыянавання ў царкве беларускай мовы - І. Чарота [63]. Сакральнай архітэктуры прысвяцілі свае працы Т. В. Габрусь [12] і А. М. Кулагін [21 - 24].

Працэс фарміравання і лёс культурнай спадчыны грэка-каталіцкай царквы Беларусі ў кантэксце дыхатаміі "Усход - Захад" прааналізаваў А. А. Суша [58]. Ён лічыць, што ўзнікненне і рэалізацыя ідэі царкоўнай ўніі абумоўлены самім характарам культурна-гістарычнага развіцця Беларусі ў ХIV - XVI ст., для якіх характэрны сінтэз культурных традыцый Усходу і Захаду. Унія гэты сінтэз, які не быў у такой ступені ўласцівым іншым канфесіям у Беларусі, узмацніла. Асноўная частка культурнай спадчыны грэка-каталіцкай царквы перайшла ў ХІХ ст. ва ўласнасць праваслаўнай і каталіцкай цэркваў і працягвала імі выкарыстоўвацца. Але новыя ўладальнікі не маглі ў поўнай меры інтэграваць гэту спадчыну ва ўласную сістэму каштоўнасцяў, таму "на шляху гэтай інтэграцыі і адаптацыі не абышлося без страт" [ [58].

Этнакультурныя аспекты стварэння, функцыянавання і лікідацыі ўніяцкай царквы даследавалі С. В. Марозава [36] і Л. М. Лыч [32].

Даследчык беларускай думкі XVI - XVII ст. філосаф В. У. Старасценка паказаў, што моцным фактарам уплыву на працэс станаўлення і развіцця нацыянальнай самасвядомасці беларусаў з'яўляўся канфесійны, думка шэрагу праваслаўных і ўніяцкіх царкоўных дзеячаў і вучоных. Ён выдзеліў чатыры этапы эвалюцыі нацыянальнай самасвядомасці беларусаў: 1) зараджэнне (ІХ - першая палова ХІІІ ст.); 2) фарміраванне (другая палова ХІІІ - ХV ст.) - гэта перыяд утварэння беларускай народнасці, дзяржаўнасці і культуры ў складзе Вялікага княства Літоўскага; 3) устойлівае развіццё (XVI - пачатак XVII ст.) - эпоха Адраджэння і Рэфармацыі; 4) мадыфікацыі (канец XVI - XVII ст.) - перыяд Контррэфармацыі і царкоўнай уніі [56; 57].

Адметнасцю трэцяга перыяду В. У. Старасценка называе трывалае замацаванне ў самасвядомасці інтэлектуальнай эліты і пранікненне ў дэмакратычныя слаі грамадства ідэі палітычнага суверэнітэта, вяршэнства закона, а таксама верацярпімасці, дыялогу Усходу і Захаду і інш. Ён лічыць, што вялікую ролю ў кансалідацыі рэлігійна і этнічна неаднастайнай грамадзянскай супольнасці Вялікага княства Літоўскага ў канстурктыўным дыялогу Усходу і Захаду і развіцці духоўнай культуры Беларусі адыграла талерантнасць, якая дасягнула свайго апагею ў другой палове XVI ст.

Аднак рэзкае абвастрэнне канфесійнага супрацьстаяння ў канцы XVI ст. - 1620-я г. у сувязі з грамадскай барацьбой і рэлігійна-ідэалагічнай палемікай вакол царкоўнай уніі вядзе да раздваення самасвядомасці на аснове ўніяцкай і антыўніяцкай пазіцыі і частковай страты рэлігійнай і інтэлектуальнай цярпімасці. Кожны з ідэйных бакоў імкнуўся прадставіць сваё разуменне рэлігійна-канфесійнага ўладкавання грамадства, гісторыі, духоўна-культурных традыцый народа, адносін з іншаверцамі і інш.

Перыяд 30 - 90-х г. XVII ст. характарызуецца, паводле В. У. Старасценкі, усведамленнем неабходнасці канфесійнага кампрамісу, распрацоўкай на дзяржаўным узроўні плана грамадска-рэлігійнай згоды (1632 - 1635 г.), пошукам ліберальнай праваслаўнай элітай новай стратэгіі сацыяльна-рэлігійных паводзін. Ва ўніяцтве, як сцвярджае філосаф, побач з тэндэнцыяй лацінізацыі-паланізацыі ўзмацняецца тэндэнцыя беларусізацыі, з якой звязана развіццё нацыянальна арыентаваных культуры і светапогляду. Дыскрымінацыйная палітыка ўраду Рэчы Паспалітай адносна праваслаўнага насельніцтва нарадзіла ў нацыянальнай самасвядомасці ідэю палітычнай інтэграцыі з Расіяй, асабліва папулярную ва ўсходняй частцы Беларусі. Аднак вайна 1654 - 1667 г. істотна ахаладзіла інтэграцыйны запал усходніх беларусаў, і прыярытэтнай працягвала заставацца думка аб дзяржаўнай самастойнасці і царкоўнай аўтаноміі [57, с. 3 - 4, 9, 11 - 12].

Пытанні беларускай ідэнтычнасці і канфесійны фактар уплыву на яе даследаваў І. А. Марзалюк [33; 34]

Канфесійная тоеснасць, як канстатуе І . А. Марзалюк , была ў Х - ХVII ст. важнейшым элементам, "нясучай канструкцыяй" этнічнай саматоеснасці прадстаўнікоў старабеларускага этнасу. Хрысціянізацыя і паўсталая на яе базе канфесійная самаідэнтыфікацыя замацавала ў якасці саманазвы насельніцтва Беларусі этнаканфесіёнім "Русь". Гэты тэрмін, а таксама вытворныя ад яго тэрміны "русіны", "рускія" скарыстоўваліся ў XVI - XVII ст. усходнеславянскім праваслаўным насельніцтвам на ўсёй тэрыторыі Беларусі ў якасці эндаэтноніма. Тэрмін "ліцвін" ў дачыненні да носьбітаў старабеларускай этнічнасці заўсёды скарыстоўваўся ў якасці палітоніма.

У XVI - першай палове XVII ст., калі беларускі этнас максімальна наблізіўся да вяршыні свайго этнаўтварэння, упершыню ў айчыннай традыцыі быў агучаны тэзіс аб яго поліканфесійнасці, а старабеларуская мова ў творах Ф. Скарыны і В. Цяпінскага трактавалася як важнейшы параметр этнакультурнай тоеснасці.

Рэлігійны ўціск, зацятая канфесійная барацьба першай паловы XVII ст. спрыялі каталізацыі пошукаў у асяроддзі "русінскіх" інтэлектуалаў уласнай этнічнай самаідэнтычнасці. Іх адказы на гэтыя пытанні былі розныя.

Працэс рэлігійнай канверсіі на карысць каталіцызму быў, на думку даследчыка, важнейшым механізмам, які выклікаў замену старабеларускай, "рускай" этнічнай самаідэнтыфікацыі польскай. Масавая рэлігійная канверсія XVII ст. мела сваім вынікам падвойную (ментальную і моўную) асіміляцыю русінскай шляхты. З гэтага часу на субэтнічным узроўні яна пачынае атаясамліваць сябе з ліцвінамі, а на дзяржаўным - з польскай "палітычнай нацыяй".

Важнейшай адзнакай XVI ст. І. А. Марзалюк называе рэлігійную талерантнасць і мірнае суіснаванне праваслаўных, пратэстантаў і католікаў. Аднак нарастаўшыя працэсы канфесіяналізацыі і контррэфармацыі прывялі да парушэння канфесійнай раўнавагі і ў выніку рэалізацыі Берасцейскай царкоўнай уніі - да вострага рэлігійнага канфлікту ў беларускім грамадстве. Але не Берасцейская ўнія, на думку гісторыка, мусіць быць храналагічнай цэзурай для вызначэння часу завяршэння перыяду талерантнасці. У першай палове ХVII ст. праваслаўная і пратэстанцкая эліта яшчэ мелі магчымасць адстойваць свае інтарэсы на дзяржаўным узроўні і дамагацца адчувальных перамог. Толькі другая палова XVII ст. замацавала поўную перамогу контррэфармацыі і пераўтварыла Рэч Паспалітую ў каталіцкую (у поўным сэнсе слова) дзяржаву праз татальную прававую дыскрымінацыю праваслаўнага насельніцтва [33, с. 283 - 289].

Даследуючы этнічны і канфесійны свет беларускага горада XVI - XVIIІ ст., І. А. Марзалюк прыйшоў да высновы, што яго этнічная і канфесійная структура зазнала на працягу гэтага перыяду значныя змены. Праваслаўе, за малым выняткам прыкладаў, асабліва на захадзе краіны адступіла перад націскам рыма-каталіцтва і ўніі. Рэлігійная канверсія на карысць "лацінства", "польскай веры", у сваю чаргу, каталізавала працэсы паланізацыі ў мяшчанскім асяроддзі.

На ўзроўні масавай свядомасці ў гэты час існавала ўстойлівая традыцыя атаясамлення рэлігійнай і этнічнай прыналежнасці чалавека. Праваслаўе (пазней і ўніяцтва) атаясамлялася з "рускім" (старабеларускім) этнасам, а каталіцызм - з літоўскім і польскім. Змена праваслаўнага ці ўніяцкага веравызнання на карысць рыма-каталіцызму прыводзіла да ментальнай асіміляцыі, з'яўлення на тэрыторыі Беларусі групаў "палякаў па выбары" беларускага паходжання, продкі якіх з этнаграфічна польскім насельніцтвам ніколі нічога супольнага не мелі [34, с. 147 - 148].

Постацям культурных і царкоўных дзеячаў XVI - XVIII ст. - мысліцелям і асветнікам - прысвяцілі свае працы А. Мірановіч [67], С. А. Падокшын [42], У. М. Конан [17], Л. В. Леўшун [26], М. М. Баўтовіч [64], А. А. Суша [59; 60], А. М. Крот [19; 20], І. Войніч [10] і інш.

Філасофскі аналіз літаратурнай спадчыны Францыска Скарыны прывёў У . М. Конана да высновы, што ўсходнеславянскі першадрукар, выкарыстоўваючы як усходнія (грэка-візантыйскія і стараславянскія), так і заходнія (лацінскія і, магчыма, пратэстанскія) крыніцы ў сваёй перакладчыцкай і рэлігійна-паэтычнай творчасці, нідзе не аддае перавагі ні праваслаўю, ні каталіцызму. Затое ўсюды дэманструе сваю вернасць агульнахрысціянскім дагматам і з'яўляецца прыхільнікам азінства царквы [17, с. 193].

"Архітэктара" Берасцейскай царкоўнай ўніі Іпація Пацея С. А. Падокшын разглядае ў кантэксце сваёй тэорыі гістарычнага дзеяча і мысліцеля "на мяжы культур", які склаўся ў духоўным жыцці Беларусі і Украіны, што воляю гістарычнага лёсу апынуліся на цывілізацыйна-культурным памежжы, на раздарожжы хрысціянскага Усходу і Захаду. Характэрнай асаблівасцю менталітэту гэтага тыпу дзеячаў з'яўляецца імкненне да культурнага дыялогу, рэлігійнай згоды ў межах хрысціянства, інтэграцыі і сінтэзу паміж Усходам і Захадам.

С. А. Падокшын даказвае, што І. Пацей быў нацыянальна арыентаваным царкоўным дзеячам, мысліцелем і пісьменнікам, а яго культуралагічныя погляды мелі пэўны прагрэсіўны характар і арыентавалі на адраджэнне нацыянальнай духоўнай культуры, развіццё роднай мовы, свецкіх ведаў, адукацыі.

Носьбіт ідэі незалежнай беларуска-ўкраінскай царквы І. Пацей паказаны С. А. Падокшыным такой жа супярэчлівай фігурай, як супярэчлівая і сама з'ява ўніі. Пацееву ідэю інтэграцыі з заходнехрысціянскай царквой і культурай філосаф прызнае плённай і перспектыўнай, але практыку яе рэалізацыі лічыць заганнай. Дэкрэтыўнае, звязанае з прымусам увядзенне ўніі замест міру і згоды раскалола беларускую і ўкраінскую нацыі, вымусіла праваслаўных шукаць падтрымкі ў Маскве і, нарэшце, кінула ў яе абдымкі. Акрамя таго, замест сінтэзу ўсходняй і заходняй культурна-рэлігійнай традыцыі ўнія ўрэшце звялася да аднабаковай пераарыентацыі на заходнія каштоўнасці і культуру [42].

Постаць царкоўнага інтэлектуала першай паловы XVIIІ ст. Ігната Кульчынскага зацікавіла А. Сушу, А. Крота [19; 20; 59].

На аснове шматлікіх крыніц з архівасховішчаў Мінска, Гродна і Вільні (пратаколы візітацый, гаспадарчыя дзённікі, фундушы цэркваў, скаргі, прашэнні і прыватная перапіска святароў і інш.) Д. В. Лісейчыкаў упершыню ў беларускай гістарыяграфіі вывеў канфесійную гісторыю ў сферу штодзённасці. Ён старыў манаграфічнае даследаванне, прысвечанае шараговым парафіяльным уніяцкім святарам, і ў ім паказаў гэту штодзённасць шматбакова і разнапланава: ад іх сацыяльнага паходжання, узроўню адукацыі і ступені валодання мовамі, ад кар'еры і матэрыяльнага забеспячэння, праз працоўныя абавязкі, сацыяльны партрэт да баўлення вольнага часу і грамадска-палітычнай дзейнасці. Даследчык разглядзеў і такія аспекты штодзённага жыцця шараговага кліру як нагляд за могілкамі, утрыманне бібліятэк, рэгістрацыя забабонаў і цудаў, фарміраванне вобраза «добрага» і «кепскага» святара [28].

М. А. Пятраўскас прадпрымае спробы прымяніць метадалогію штодзённасці да беларускай царкоўна-рэлігійнай гісторыі канца XVI - першай паловы XVII ст., таксама як і тэорыю канфесіяналізацыі. Разглядаючы магчымасці выкарыстання паняцця "канфесійная трансфармацыя" прымяняльна да падзей XVI - XVII ст. у гісторыі Вялікага княства Літоўскага, М. А. Пятраўскас лічыць, што гэта трансфармацыя можа разглядацца на двух узроўнях. Першы ўзровень разглядае змену канфесійнай структуры грамадства ў першай палове ХVII ст., палітычных умоў рэалізацыі рэлігійнай свабоды, ідэалогіі і тактыкі канфесій (пранікненне рэфармацыйных ідэй, змены ў складзе вернікаў, стратэгія контррэфармацыі, "раскол" праваслаўнага грамадства, рэалізацыя праекта аб'яднання праваслаўнай і каталіцкай канфесій і феномен уніяцтва). На першым узроўні разуменне "трансфармацыі" фіксуецца праз з'явы і вынікі гэтых з'яў.

Другі ўзровень трансфармацыі характарызуецца зменамі яе асноў, умоў, прынцыпаў, калі веравызнанне, якое павінна было кансалідаваць грамадства Вялікага княства Літоўскага на аснове ўласнай культурна-гістарычнай мадэлі, пабудаванай на цывілізацыйным сінтэзе і ідэі царкоўнага адзінства, ператварылася ў "разменны грош" у стратэгічным саперніцтве чужаземных палітычных суб'ектаў, кожны з якіх абвясціў сябе духоўным цэнтрам пэўнай з хрысціянскіх канфесій [49].

Трансфармацыі ў этнаканфесійным жыцці беларускага горада пасля "Патопу" вывучае А. Ю. Барташэвіч [5].

У сферы мікрагісторыі праведзены даследаванні Л. Л. Лаўрэша "Уніяцкая царква на Лідчыне" [25], А. Ф. Вашкевіча "Паміж Ласоснай і Чорнай Ганчай: гісторыя каталіцкіх парафій у паўднёва-ўсходняй частцы Аўгустоўскай пушчы" [9] і інш.

Лепш зразумець вузлавыя праблемы айчыннай канфесійнай гісторыі, набыткі і выдаткі на шляху яе навуковага асэнсавання дапамагаюць гістарыяграфічныя працы Д. У. Карава [16] , С. В. Марозавай [35; 40] , А. У. Літвінскага [30; 31] , Т. І. Палікоўскай [44] і інш.

Даследчык заходнерусізму А. У. Літвінскі сцвярджае, што той узнік як ідэалогія своеасаблівага сацыяльнага і канфесійнага рэваншу. З пункту гледжання гісторыкаў-заходнерусістаў усё, што ў мінулым садзейнічала ўмацаванню праваслаўя, імі віталася, усё, што перашкаджала гэтай справе, - асуджалася.

Аналізуючы погляды прадстаўнікоў заходнерускай гістарычнай школы М. В. Каяловіча, П. Д. Бранцава, П. М. Жуковіча, К. В. Харламповіча на дзейнасць ордэна езуітаў на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага , А. У. Літвінскі адзначае, што ў іх трактоўках пераважала негатыўная танальнасць, звязаная з іх адмоўным стаўленнем да каталіцызму. Іх працы садзейнічалі замацаванню ў грамадскай свядомасці стэрэатыпнага ўяўлення пра Ордэн езуітаў як пра сілу, варожую інтарэсам беларускага народа [30].

Т. І. Палікоўская прасачыла, як на працягу другой паловы ХІХ - пачатку ХХІ ст. у айчыннай гістарыяграфіі мяняліся канцэптуальныя падыходы да адлюстравання культурна-асветніцкай дзейнасці ордэна езуітаў на беларускіх землях у апошняй трэці XVI - 20-я г. ХІХ ст. [44].

Папулярызацыі беларускай царкоўна-рэлігійнай гісторыі спрыяе царкоўная перыёдыка: часопісы "Наша вера", "Ступені", газета "Царква" і інш.

Пры даўняй (з канца XVIII ст.) і багатай (налічвае "мора" прац рознага ўзроўню) традыцыі даследавання канфесійнай гісторыі Беларусі і несумненным укладзе ў яе, зробленым у 2000-я гады, усё-ткі адчуваецца навуковы "голад" на абагульняючыя і канцэптуальныя працы. У нейкай меры яго задавольваюць перавыданні прац класікаў канфесійнай гісторыі Беларусі, якія адносяцца да ліку рарытэтных выданняў і даўно сталі бібліяграфічнай рэдкасцю: "Хрысціянства і беларускі народ (Спроба сінтэзы)" А. Станкевіча [54; 55], "Православная церковь в Польше и Литве» (по Volumina legum)" В. А. Бяднова [6], "Сьвяты Язафат, архіяпіскап полацкі" В. Пануцэвіча [45].

Такім чынам, у 2000-я г. канфесійная гісторыя Беларусі XVI - XVIII ст. карысталася ўзмоцненай увагай беларускіх даследчыкаў. Айчынная гуманістыка папоўнілася значным шэрагам прац - ад артыкулаў да энцыклапедычных выданняў і манаграфій, якія на аснове новавыяўленых крыніц і сучасных метадалагічных падыходаў шматаспектна раскрываюць царкоўна-рэлігійныя працэсы і падзеі, што адбываліся на нашых землях у XVI - XVIII ст. Пры гэтым яны разглядаюцца ў кантэксце тагачасных еўрапейскіх рэлігійна-палітычных і духоўна-культурных працэсаў. Было працягнута канцэптуальнае пераасэнсаванне канфесійнай гісторыі Беларусі, яе найбольш балючых пытанняў і трывае ўвядзенне яе ў кантэкст грамадзянскай гісторыі краіны. Мела месца моцнае філасофскае "суправаджэнне" гісторыка-канфесійных даследаванняў.

Ішла распрацоўка базы крыніц. Вялося даследаванне беларускіх і замежных канфесійных архіваў. Ажыццяўляўся пошук і ўвядзенне ў навуковы ўжытак новых гістарычных крыніц. На іх аснове ішло удакладненне ведаў пра ўжо даследаваныя працэсы і з'явы, рэканструкцыя невядомых фактаў, вяртанне ў гістарычную памяць забытых імёнаў. Вялося пераасэнсаванне гістарыяграфічнай спадчыны ХІХ - ХХ ст.

Удзелена ўвага праблеме перыядызацыі айчыннай канфесійнай гісторыі. Даследавалася роля канфесійнага фактару ўплыву на розныя сферы жыцця грамадства ў розныя гістарычныя перыяды.

Узмацнілася вывучэнне культурнага зрэзу царкоўна-рэлігійнага жыцця ў XVI - XVIII ст., сакральнага мастацтва і сінтэзу ў іх духоўных традыцый хрысціянскага Усходу і Захаду. Значная ўвага ўдзелена адукацыйнай дзейнасці каталіцкіх і базыльянскага манаскіх ордэнаў.

Даследчыкаў цікавіў этнічны аспект дзейнасці розных хрысціянскіх культавых інстытутаў і пытанні этнаканфесійнай ідэнтычнасці.

Шмат увагі было ўдзелена гісторыі царкоўнай уніі: выдадзены тры манаграфіі, тры зборнікі дакументаў і тры даведнікі аб архіўных крыніцах па гісторыі ўніяцкай царквы Беларусі.

Не падлягае сумненню, што ў 2000-я г. даследаванне канфесійнай гісторыі Беларусі XVI - XVIII ст. выйшла ў нашай краіне на якасна больш высокі ўзровень. Глыбей, чым гэта мела месца раней, усвядомлена роля царкоўна-рэлігійнага фактару ў дзяржаўным і духоўным жыцці беларускага народа, у фарміраванні грамадскай свядомасці і развіцці нацыянальнай культуры, у міжэтнічных адносінах, у працэсе інтэграцыі і дэзінтэграцыі славянскіх народаў. Гісторыя хрысціянства, жыццё і дзейнасць яго падзвіжнікаў занялі належнае месца ў навуковай, вучэбнай і папулярнай літаратуры.

Багатая гістарыяграфічная традыцыя і далёка не вычарпаная база крыніц спрыяюць нашым навуковым даследаванням. У той жа час ім перашкаджаюць дрэнная захаванасць канфесійных архіваў і іх раскіданасць па розных гарадах і краінах. Цяжкадаступнымі для нас з'яўляюцца найноўшыя даследаванні замежных вучоных па гісторыі рэлігіі і царквы Беларусі.

Перашкаджаюць даследаванням таксама сфарміраваныя стэрэатыпы, шэраг з якіх сягаюць яшчэ ў ХІХ ст. (лацінафобія, выключна адмоўная ацэнка царкоўнай уніі 1596 г., і інш.). Прапаноўваюцца супрацьлеглыя, часам узаемавыключныя ацэнкі ролі і месца розных культавых інстытутаў у гістарычным лёсе Беларусі, іх уплыву на беларускую культуру і працэсы нацыятварэння. Фарміраванне узгодненай канцэпцыі ўскладняе канфесійная заангажаванасць многіх даследчыкаў, прывязка канфесійнай гісторыі Беларусі да гісторыі Польшчы або Расіі.

Недахопам з'яўляецца пераважная апісальнасць прац, выкарыстанне шэрагам аўтараў застарэлай метадалогіі. Царкоўнае краязнаўства абсалютна дамінуе над філасофска-тэарэтычным асэнсаваннем царкоўнай гісторыі.

Перспектыўнымі накірункамі для даследавання бачацца наступныя. Яшчэ далёка не вычарпаныя даследчыкамі беларускія і замежныя канфесійныя архівы. Выданне крыніц сёння ці не больш важна, чым выданне манаграфій. З'яўленне ў бібліятэках Беларусі публікацый ватыканскіх крыніц адкрывае магчымасць аналізу палітыкі папства ў Беларусі на аснове яго арыгінальных дакументаў.

Маладаследаванай вобласцю з'ўляецца адлюстраванне беларускай канфесійнай гісторыі ў замежнай гістарыяграфіі.

Слаба распрацавана праблема ўплыву манаскіх ордэнаў на духоўную культуру Беларусі XVI - XVIII ст. Асобныя публікацыі, што фрагментарна адлюстроўваюць дзейнасць манаскіх ордэнаў на Беларусі, не могуць кампенсаваць адсутнасць абагульняючай працы па іх гісторыі.

Новага навуковага асэнсавання, адпаведнага сучаснаму стану ведаў і базы крыніц чакаюць шмат якія пытанні гісторыі Берасцейскай уніі.

Неабходна канцэптуальнае, філасофска-тэарэтычнае асэнсаванне беларускай "мадэлі" канфесійнага развіцця ў еўрапейскім і ўсходнеславянскім кантэксце. Уся беларуская канфесійная гісторыя павінна быць асэнсавана з беларускага пункту погляду.

Варта перайсці ад манаграфічных даследаванняў да стварэння абагульняючых прац. Беларусь з яе унікальнай канфесійнай гісторыяй, хрысціянскай у сваёй аснове, яшчэ не мае напісанага на ўзроўні сучаснай навукі капітальнай навуковай працы, аналагічнай "Истории русской церкви" Макарыя або 10-томнай "Гісторыі рэлігій ва Украіне".

Спіс выкарыстаных крыніц і літаратуры

1. Архіў уніяцкіх мітрапалітаў: Дакументы па гісторыі царквы ў Беларусі ХV - ХІХ стст. у фондзе «Канцылярыя мітрапаліта грэка-уніяцкіх цэркваў у Расіі»: Даведнік / Склад. С. І. Паўловіч, Т. М. Мальцава. - Мінск-Полацк: Сафія, 1999. - 385 с.

2. Архіў уніяцкіх мітрапалітаў. Дакументы па гісторыі царквы ў Беларусі ХVІ - ХХ стст. у фондах гістарычных архіваў Украіны: Даведнік / Склад. С. І. Паўловіч, Т. М. Мальцава. - Мінск-Полацк, 2001. - 162.

3. Архіў уніяцкіх мітрапалітаў. Дакументы па гісторыі царквы ў Беларусі ХVІ - ХХ стст. у фондах гістарычных архіваў Літвы і Расіі: Даведнік / Склад. С. І. Паўловіч. - Мінск-Полацк, 2005. - 166 с.

4. Асветнікі зямлi беларускай, X - пачатак XX ст.: Энцыклапедычны даведнік / Рэд. кал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш. - Мінск: БелЭн, 2001. - 496 с.

5. Барташэвіч, А. Ю. Да праблемы поліканфесійнасці гарадской культуры беларусі XVI - XVIII ст. / А. Ю. Барташэвіч // Хрысціянства ў гістарычным лёсе беларускага народа: зб. навук. арт.: у 2 ч. Ч. 1 / ГрДУ імя Я. Купалы; рэдкал.: С. В. Марозава [і інш.]. - Гродна: ГрДУ, 2009. - C. 209 - 213.

6. Беднов, В. А. Православная церковь в Польше и Литве» (по Volumina legum) / В. А. Беднов. - Минск: Лучи Софии, 2002. - 432 с.

7. Блинова, Т. Б. Иезуиты в Беларуси: Роль иезуитов в организации образования и просвещения / Т. Б. Блинова. - Гродно: ГрГУ, 2002. - 427 с.

8. Васюк, Г. В. Теоретико-методологические подходы к исследованию истории православной церкви на территории Беларуси в конце X - начале XX в. / Г. В. Васюк // Хрысціянства ў гістарычным лёсе беларускага народа: зб. навук. арт. / ГрДУ імя Я. Купалы; рэдкал.: С.В. Марозава [і інш.]. - Гродна: ГрДУ, 2008. - C. 43 - 50.

9. Вашкевіч, А. Паміж Ласоснай і Чорнай Ганчай: гісторыя каталіцкіх парафій у паўднёва-ўсходняй частцы Аўгустоўскай пушчы / А. Вашкевіч, Д. Нарэль. - Мінск: Зміцер Колас, 2006. - 126 с.

10. Войніч, І. Сільвестр Косаў і Язафат Кунцэвіч - повязь царкоўных ерархаў / І. Войніч // Беларускі гістарычны агляд. - 2000. - Т. 7. - С. 402 - 409.

11. Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 2 т. - Мінск: БелЭн, 2006 - 2007.

12. Габрусь, Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. - Мінск: Ураджай, 2001. - 288 с.

13. Иванов, Ю. Н. История описания архива западнорусских униатских митрополитов / Ю. Ю. Н. Иванов // Хрысціянства ў гістарычным лёсе беларускага народа: зб. навук. арт. / ГрДУ імя Я. Купалы; рэдкал.: С.В. Марозава [і інш.]. - Гродна: ГрДУ, 2008. - С. 13 - 18.

14. Іванова, Л. Рэлігійнае і культурнае жыццё [першая палова ХVII ст.] / Л. Іванова // Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 3: Беларусь у часы Рэчы Паспалітай (XVII - XVIII cт.) Рэд. кал.: М. Касцюк (гал. рэд.) [і інш.]. - Мінск: Экоперспектива, 2004. - С. 42 - 70.

15. Казуля, С. В. Статут базыльянскага ордэна: пераасэнсаванне традыцыі / С. В. Казуля // Хрысціянства ў гістарычным лёсе беларускага народа: зб. навук. арт. / ГрДУ імя Я. Купалы; рэдкал.: С. В. Марозава [і інш.]. - Гродна: ГрДУ, 2008. - С. 433 - 439.

16. Карев, Д. В. Изучение истории христианской культуры народов ВКЛ в восточнославянских историографиях новейшего времени / Д. В. Карев // Рэжым доступу: elib.bsu.by/bitstream/123456789/2005/1/Д. В. Карев. Дата доступу: 10.06.2012.

17. Конан, У. М. Францішак Скарына - асветнік эпохі Рэнесансу, прыхільнік адзінства царквы / У. М. Конан // Хрысціянства ў гістарычным лёсе беларускага народа: зб. навук. арт.: у 2 ч. Ч. 2 / ГрДУ імя Я. Купалы; рэдкал.: Э.С. Ярмусік [і інш.]. - Гродна: ГрДУ, 2009. - с. 187 - 195.

18. Корнилова, Л. А. Католические монашеские ордена в Великом княжестве Литовском в ХVI - первой половине ХIХ в. / Л. А. Корнилова // // Проблемы цивилизационного развития Беларуси, Польши, России и Украины в конце ХVIII-ХХІ века / под ред. П. Франашка, А. Н. Нечухрина. - Krakow: Wydawnictwo Uniwersytetu Jagiellonskiego, 2007. - C. 141 - 145.

19. Крот, А. Айцец Ігнат Кульчынскі і яго «Appendix ad specimen Ecclesiae Ruthenicae…» / А. Крот // Шлях у навуку: зборнік навуковых артыкулаў да 55-годдзя студэнцкага навукова-даследчага гісторыка-краязнаўчага гуртка "НіКа"/ ГрДУ імя Я.Купалы; рэдкал.: Н. А. Івашчанка (гал. рэд.) [і інш.]. - Гродна: ГрДУ, 2011. - С. 55 - 60.

20. Крот, А., Культ Маці Божай Жыровіцкай у творах айца Ігната Кульчынскага / А. Крот // Хрысціянства ў гістарычным лёсе беларускага народа: зб. навук. арт.: у 2 ч. Ч. 1 / ГрДУ імя Я. Купалы; рэдкал.: С. В. Марозава [і інш.]. - Гродна: ГрДУ, 2009. - С. 205 - 208.

21. Кулагін, А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. - Мінск: БелЭн, 2008. - 488 с.

22. Кулагін, А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / А.М. Кулагін. - Мінск: БелЭн, 2000. - 216 с.

23. Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. - Мінск: БелЭн, 2007. - 656 с.

24. Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы на Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. - Мінск: БелЭн, 2001. - 328 с.

25. Лаўрэш, Л. Грэка-каталіцкая (уніяцкая) царква на Лідчыне / Л. Лаўрэш. - Полацк, 2012. - 128 с.

26. Левшун Л.В. Леонтий Карпович. Жизнь и творчество /. - Мн.: Экономпресс, 2001. - 288 с.

27. Левшун, Л. В. История восточнославянского книжного слова ХІ - XVII вв. / Л. В. Левшун. - Минск: Экономпресс, 2001. - 353 с.

28. Лісейчыкаў, Д. Штодзённае жыццё щніяцкага парафіяльнага святара беларуска-літоўскіх зямель 1720 - 1839 гг. / Д. В. Лісейчыкаў. - Мінск: Медысонт, 2011. - 198 с.

29. Лісейчыкаў, Д.В. Візіты уніяцкіх цэркваў Мінскага і Навагрудскага сабораў 1680 - 1682 гг.: Зборнік дакументаў / Укладальнік Д. В. Лісейчыкаў. - Мінск: І.П. Логвінаў, 2009.

30. Літвінскі А.У. Гісторыкі-заходнерусісты аб дзейнасці ордэна езуітаў на тэрыторыі ВКЛ // А. У. Літвінскі // Хрысціянства ў гістарычным лёсе беларускага народа : зб. навук. арт.: у 2 ч. Ч. 1 / ГрДУ імя Я. Купалы; рэдкал.: С. В. Марозава [і інш.]. - Гродна: ГрДУ, 2009. - C. 47 - 51.

31. Літвінскі, А. У. Гістарычны шлях уніяцтва: заходнерусісцкі погляд / А. У. Літвінскі // Хрысціянства ў гістарычным лёсе беларускага народа : зб. навук. арт.: у 2 ч. Ч. 1 / ГрДУ імя Я. Купалы; рэдкал.: С. В. Марозава [і інш.]. - Гродна: ГрДУ, 2009. - C. 373 - 378.

32. Лыч, Л. Уніяцкая царква Беларусі: этнакультурны аспект / Л. Лыч. - Мінск: Кнігазбор, 2010.

33. Марзалюк, І. А. Людзі даўняй Беларусі: этнаканфесійныя і сацыякультурныя стэрэатыпы (Х - XVII стст.) / І. А. Марзалюк. - Магілёў: МагДУ, 2003. - 324 с.

34. Марзалюк, І. А. Этнічны і канфесійны свет беларускага горада XVI - XVIII стст. (Этнаканфесійны склад насельніцтва, этнічныя і канфсійныя стэрэатыпы беларускіх гараджан) / І.А. Марзалюк. - Магілёў: МДУ імя А.А. Куляшова, 2007. - 164 с.

35. Марозава, С. Беларуская гістарыяграфія канфесійнай гісторыі Вялікага княства Літоўскага 1991 - 2003 гг. / С. Марозава // Вялікае княства Літоўскае: гісторыя вывучэння ў 1991 - 2003 гг.: матэрыялы міжнароднага круглага стала "Гісторыя вывучэння Вялікага княства Літоўскага ў 1991 - 2003 гг." Гродна (16 - 18 мая 2003 г.) / рэдкал.: С. Б.Каун (адказн.рэд.) [і інш.]. - Мінск: Медисонт, 2006. - С. 159 - 168.

36. Марозава, С. В. Уніяцкая царква ў этнакультурным развіцці Беларусі (1596 - 1839 гады) / Пад навук. рэд. У. М. Конана / С. В. Марозава. - Гродна: ГрДУ, 2001. - 352 с.

37. Марозава, С. В. Гісторыка-канфесійныя даследаванні на кафедры гісторыі Беларусі ГрДУ імя Янкі Купалы / С. В. Марозава // Веснік Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы. Серыя 1. - 2009. - № 3. - С. 8 - 12.

38. Марозава, С. В. Да пытання пра перыядызацыю канфесійнай гісторыі Беларусі / С. В. Марозава // Гістарычны альманах. - 2002. - № 7. - С. 38-47.

39. Марозава, С. В. Научная историческая школа: направление «Исследование конфессиональной истории Беларуси» / С. В. Морозова, Э. С. Ярмусик // Веснік Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы. Серыя 1. - 2010. - № 1. - С. 120 - 124.

40. Марозава, С.В. Берасцейская царкоўная унія 1596 г. у беларускай гістарыяграфіі / С. В. Марозава. - Гродна: ГрДУ, 2002. - 132 c.

41. Морунов, А. А. Межконфессиональные отношения в Беларуси XIV - начала XXI вв. (на примере православной и католической церквей). Автореф. дис. … канд. ист. наук. - Минск, 2011. - 22 с.

42. Падокшын, С. А. Іпацій Пацей: Царкоўны дзеяч, мысліцель, пісьменнік на пераломе культурна-гістарычных эпох / С. А. Падокшын. - Мінск: Беларуская навука, 2001. - 118 с.

43. Падокшын, С. А. Унія. Дзяржаўнасць. Культура (Філасофска-гістарычны аналіз) / С. А. Падокшын. 2-е выд. - Мінск: Беларуская навука, 2000. - 111 с.

44. Палікоўская, Т. І. Культурна-асветніцкая дзейнасць езуітаў на беларускіх землях ў апошняй трэці ХVI - 20-я гг. ХІХ стст. (стан і праблемы айчыннай гістарыяграфіі другой паловы ХІХ - пачатку ХХІ ст.). Аўтарэф. дыс. … канд. гіст. навук. - Мінск, 2006. - 20 с.

45. Пануцэвіч, В. Сьвяты Язафат, архіяпіскап полацкі / В. Пануцэвіч. - Полацк: Сафія, 2000. - 274 с.

46. Полацкія пакутнікі: Збор дакумантаў / Уклад. і апрац. М. Баўтовіча. - Полацак: Сафія, 2000. - 92 с.

47. Поляк Н. А. Прававое становішча пратэстанцкага і праваслаўнага насельніцтва беларускіх зямель у другой палове XVII - XVIII стст. у кантэксце еўрапейскіх міжнародных адносін / Н. А. Поляк // Хрысціянства ў гістарычным лёсе беларускага народа: зб. навук. арт. / ГрДУ імя Я. Купалы; рэдкал.: С. В. Марозава [і інш.]. - Гродна: ГрДУ, 2008. - C. 94 - 99.

48. Поляк, Н. А. Дысідэнцкае пытанне на Беларусі ў кантэксце міжнародных адносін (1660 - 1768 гг.). Аўтарэферат дыс. … канд. гіст. навук. - Мінск, 2007. - 20 с.

49. Пятраўскас, М. А, Канфесійная трансфармацыя: тэрміналагічны аспект / М. А. Пятраўскас // Шлях у навуку: зборнік навуковых артыкулаў да 55-годдзя студэнцкага навукова-даследчага гісторыка-краязнаўчага гуртка "НіКа"/ ГрДУ імя Я.Купалы; рэдкал.: Н. А. Івашчанка (гал. рэд.) [і інш.]. - Гродна: ГрДУ, 2011. - С. 38 - 43.

50. Рэлігія і царква на Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / Рэдкал.: Г. П.Пашкоў і інш. - Мінск: БелЭн, 2001. - 368 с.

51. Салей, С. М. Канфесійнае пытанне ў Вялікім княстве Літоўскім у кантэксце міжнародных адносін у XVI ст. / С. М. Салей // Хрысціянства ў гістарычным лёсе беларускага народа: зб. навук. арт. / ГрДУ імя Я. Купалы; рэдкал.: С. В. Марозава [і інш.]. - Гродна: ГрДУ, 2008. - C. 77 - 88.

52. Самусік, А. Асветніцкая дзейнасць дамініканскага ордэну на беларускіх землях у XVIII - першай трэці ХІХ ст. / А. Самусік // Хрысціянства ў гістарычным лёсе беларускага народа: зб. навук. арт.: у 2 ч. Ч. 2 / ГрДУ імя Я. Купалы; рэдкал.: Э.С. Ярмусік [і інш.]. - Гродна: ГрДУ, 2009. - С. 195 - 199.

53. Самусік, А. Ф. Базыльянскі ордэн у сістэме асветы Беларусі (XVIІ - першая трэць ХІХ стст.) / А. Ф. Самусік // Хрысціянства ў гістарычным лёсе беларускага народа: зб. навук. арт. / ГрДУ імя Я. Купалы; рэдкал.: С. В. Марозава [і інш.]. - Гродна: ГрДУ, 2008. - C. 204 - 208.

54. Станкевіч, А. З Богам да Беларусі: Збор твораў / Укл., навуковая рэдактура, камэнт., прадм. А. Пашкевіч, А. Вашкевіч / А. Станкевіч. - Вільня: İнстытут беларусістыкі, 2008. - 1098 с.

55. Станкевіч, А. Хрысціянства і беларускі народ (Спроба сінтэзы) / А. Станкевіч // Станкевіч, А. Выбранае / А. Станкевіч. − Мінск: Кнігазбор, 2008. - С. 25 - 110.

56. Старостенко В.В. Становление национального самосознание белорусов: этапы и основополагающие идеи (Х - ХVII вв.). - Могилев, 2001.

57. Старостенко, В. В. Белорусская мысль ХVІ-ХVІІ вв. и становление национального самосознания. Автореф. дис. … канд. филос. наук. - Минск, 2000.

58. Суша, А. А. Культурная спадчына грэка-каталіцкай царквы ў Беларусі ў кантэксце дыхатаміі "Усход - Захад." Аўтарэф. дыс. … канд. культуралогіі. - Мінск, 2009. - 27 с.

59. Суша, А. А. Ля вытокаў беларускай гістарычнай навукі: творчая спадчына Ігната Кульчынскага / А. А. Суша // Беларускі гістарычны часопіс. - 2009. - № 2. - С. 27 - 37.

60. Суша, А. Дакументальная спадчына Якуба Сушы: да 400 годдзя з дня нараджэння / А. Суша // Здабыткі : дакументальныя помнікі на Беларусі. - Мінск, 2010. - Вып. 12. - С. 32-68.

61. Уния в документах: Сборник / Сост. В. А. Теплова, З. И. Зуева. - Минск: Лучи Софии, 1997. - 520 с.

62. Царква і канфесіі ў канцы XV - пачатку XVI ст. // Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 2: Беларусь у перыяд Вялікага княства Літоўскага / Рэд. кал.: М. Касцюк (гал. рэд.) [і інш.]. - Мінск: Экоперспектива, 2008. - С. 490 - 540.

63. Чарота, І. Беларуская мова і Царква / І. Чарота. - Мінск: Свята-Петра-Паўлаўскі сабор, 2000. - 176 с.

64. Эпісталяцыя Сьвятога Язафата: Збор дакумэнтаў / Укладаньне і апрацоўка М. Баўтовіча. - Полацак, 2006.

65. Makarczyk, J. Wkład OO. Franciszkanów w ewangelizację na Białorusi / J. Makarczyk // Хрысціянства ў гістарычным лёсе беларускага народа: зб. навук. арт. / ГрДУ імя Я. Купалы; рэдкал.: С. В. Марозава [і інш.]. - Гродна: ГрДУ, 2008. - C. 188 - 204.

66. Mironowicz, A. Kościół prawosławny w dziejach dawnej Rzeczypospolitej / A. Mironowicz. - Białystok: Wydawnictwo Uniwersytetu w Białymstoku, 2001. - 352 s.

67. Mironowicz, A. Kościół prawosławny w Polsce / A. Mironowicz. - Białystok: Białoruskie Towarzystwo Historyczne, 2006. - 920 s.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX