У другой палове XIV ст. Вялікае княства Літоўскае выступіла з палітычнай праграмай аб'яднання пад эгідай Вільні зямель былой Кіеўскай Русі. Важнае месца ў рэалізацыі гэтай праграмы адводзілася залатаардынскаму фактару.
Альгерд у 1358 г. адкрыта абвясціў, што «уся Русь павінна належаць Літве». Ён адхапіў ад Смаленскага княства Пасожжа. У хуткім часе пасягнуў на ўладанні Залатой Арды на Ўкраіне i у 1362 г. разграміў татар на Сіняй Вадзе. Завяршыць працэс аб'яднання меркаваў у Маскве. Таму выкарыстоўваў тактыку яе знясільвання праз падтрымку міжусобнай барацьбы з ёю, якую вялі рускія княствы; тройчы хадзіў на Маскву (1368, 1370, 1372 г.).
У 1960-я г. гісторык I. Б. Грэкаў паказаў, што i Вялікае княства Літоўскае, i Вялікае княства Маскоўскае фактычна выступалі з адной знешнепалітычнай i ідэалагічнай праграмай праграмай збірання ўсіх усходнеславянскіх зямель, аб'яднаных у свой час старажытнарускай дзяржавай [3, с.40, 79].
«Рускую» праграму Альгерда пераняў Вітаўт. У 1390-я г. ён выступіў з праектам стварэння Літоўска-Рускага каралеўства з Маскоўскай Руссю ў яго складзе. Стаўку ў рэалізацыі свайго праекта ён зрабіў на татарскага эмігранта скінутага з залатаардынскага трона хана Тахтамыша, які ў 1395 г. прыбыў ў Кіеў разам з сям'ёй, прыхільнікамі i ваенным атрадам.
Некалі магутная Залатая Арда, створаная на захопленых мангола-татарамі землях Усходняй Еўропы, стала арэнай «смуты» дынастычнай барацьбы i палітычнай анархіі, перастала быць магутнай дзяржавай, зведвала дэцэнтралізацыю, хоць яшчэ заставалася сілай, здольнай турбаваць «культурных» суседзяў Вялікае княства Маскоўскае, Вялікае княства Літоўскае i Польскае каралеўства. Яе раздзіралі міжусобіцы, барацьба розных груповак за ўладу. Ханы буквальна «мільгацелі» на залатаардынскім троне на працягу 24 гадоў (1357 1382 г.) тут змянілася болей за 25 ханаў. Сарай пастаянна пераходзіў з рук у рукі [3, с.42, 43]. У «замятні» у Ардзе было лёгка ўмешвацца знешнім сілам. На гэта i разлічваў Вітаўт, які бачыў, што Арда губляе кіруючую ролю ў палітыцы Ўсходняй Еуропы, i вырашыў выкарыстаць яе як зброю ў сваіх антымаскоускіх намерах. Варагуючыя паміж сабой татарскія ўлусы былі яму на руку [1, С.400, 406, 409].
У сваю чаргу, залатаардынскія ханы выкарыстоўвалі ў сваіх інтарэсах i яшчэ больш распальвалі супярэчнасці паміж дзяржавамі, якія складваліся ва Ўсходняй Еўропе, Вялікім княствам Літоўскім i Вялікім княствам Маскоўскім [3, с.44]. Традыцыйнай стала ардынская палітыка захавання свайго кантролю над Усходняй Еуропай шляхам штучнага выраўнівання сілаў падтрымання раўнавагі паміж вядучымі дзяржавамі дадзенай часткі еўрапейскага кантынента, а таксама тактыкай усё больш вытанчанага сутыкнення вялікіх князёў літоўскага i маскоўскага [2, с.238].
Яшчэ нядаўна грозны ўладар Залатой Арды, які наводзіў жах на Русь i спаліў ў 1382 г. Маскву, Тахтамыш апынуўся ў Вялікім княстве Літоўскім у ролі выгнанніка. Яго палітычныя амбіцыі i прэтэнзіі на самастойную лінію ў ардынскім «царстве» не спадабаліся яго магутнаму пакравіцелю Цімуру (Тамерлану). Той у 1391 i 1395 г. нанёс Тахтамышу моцнае паражэнне i пазбавіў ардынскага трона. Фактычным правіцелем ардынскай дзяржавы стаў Эдыгей пры намінальным цары Цімур-Кутлуку (Цімур-Кутлугу), стаўленіку Цімура. Калі Тахтамыш вёў барацьбу за аднаўленне сваёй улады над Ардой, Цімур-Кутлук напаў на яго i «прогна Тактамыша в Литву, а сам седе на царство» [4, с.30].
Вітаўт з разуменнем сустрэў Тахтамыша, прыняў яго ветліва, як ганаровага госця, бо бачыў ў перабежчыку сілу, якую збіраўся выкарыстаць у сваіх мэтах [1, с.381]. У 1396 г. Тахтамыш разам з іншымі татарскімі эмігрантамі трывала асеў ў ВКЛ [3, с.74]. Тут ён з кіраўніка вялізнай Залатой Арды ператварыўся ў кліента Вітаўта, але не пакідаў думкі аб аднаўленні сваёй былой велічы [3, с.74]. У 1396 (1397) г. Вітаўт пасяліў хана ў Лідзе, дзе той жыў два з паловай гады, валодаючы Лідскай воласцю, па сведчанню «Хронікі літоўскай i жамойцкай», «мешкал в Литве зо всеми уланы и мурзы своими на Лиде» [7, с.75].
З таго часу Тахтамыш стаў галоўным саюзнікам Вітаўта, які марыў стварыць незалежнае ад Польшчы «каралеўства Літоўскае i Рускае», састаўной часткай якога павінна была стаць Маскоўская Русь. З'яўленне Тахтамыша ў ВКЛ адкрывала для Вітаўта надзвычай шырокія перспектывы на ўсходзе. Але дзеля гэтага трэба было спачатку дапамагчы Тахтамышу вярнуцца ў Арду. У 1397-1398 г. войска Вялікага княства Літоўскага падтрымлівала Тахтамыша ў яго барацьбе супраць «узурпатара» Цімура. Але, пераможаны, Тахтамыш зноў «побежа к Литовским странам». Менавіта з тых часоў пачынаецца пасяленне на беларускіх землях татар: адны, стомленыя раздорамі ва ўласнай краіне, самі эмігравалі сюды з Арды; другія траплялі ў якасці палонных; трэція запрашаліся вялікімі князямі.
Пад час перамоваў 1398 г. Вітаўт, які выношваў план стварэння Літоўска-Рускага каралеўства, i Тахтамыш, які палаў жаданнем зноў заняць залатаардынскі трон, распрацавалі праграму ўзаемападтрымкі i сумесных дзеянняў. Князь абяцаў хану дапамогу ў вяртанні ўлады над Залатой Ардой. Той абавязаўся зрабіць Вітаўта гаспадаром усёй Рускай зямлі, уключаючы i Ноўгарад. Ix сумесныя планы зафіксаваны ў шматлікіх летапісах, хоць i выкладзены па-рознаму: «Аз тя посажу в Орде на царство», «на Сараи, в Болгарех, и на Асторохане, и на Язове, и на Заяцкой орде, гаварыу Вітаўт ардынскаму хану. А ты мене посади на Московском великом княжении, ... и на Новгороде Великом, и на Пскове, а Тверь и Рязань моя и есть, а Немци (Тэутонскі ордэн С. М.) и сам возьму» [2, с.226, 430; 3, с.77]. Гэткім чынам былі зафіксаваны рэальныя палітычныя памкненні «караля Літвы i Русі». Не выключана, што Тахтамыш тады ж выдаў Вітаўту ярлык на валоданне рускімі землямі.
Цеснае супрацоўніцтва Вітаўта з Тахтамышам, дэклараванне імі ўзаемападтрымкі не маглі не ўстрывожыць Эдыгея ардынскага «самауладцы», які, узмацніўшыся, праводзіў ардынскую палітыку выраўнівання сілаў Масквы i Вільні, палітыку супрацьпастаўлення дзвюх дзяржаўных арганізмаў шляхам аслаблення найбольш магутнага з ix [2, с. 191, 233].
Цімур-Кутлуг, даведаўшыся, што супраць яго ў Вялікім княстве Літоўскім рыхтуецца змова, паспрабаваў яе сарваць. У 1399 г. ён макіраваў ў Вільню сваіх паслоў з патрабаваннем: «Выдай ми царя беглого Тохтамыша, враг бо ми есть и не могу терпети, слышав его жива суща и у тебя живуща» [5, с. 172]. Вітаўт, які рабіў на Тахтамыша стаўку, адказаў адмовай i прамой пагрозай вайны: «Яз царя Тохтамыша не выдам, а со царем Темир-Кутлем хогцу видети сам» [5, с. 172]. Збіраючыся ў паход, Вітаўт пахваляўся: «Пойдем, попленим землю Татарскую, победим царя Темр-Кукляя и возьмем царство его, посадим царя Тактамыша, а он мя посадит на всю землю Рускую» [6, с.52].
Войскі праціўнікау сустрэліся 12 жніўня 1399 г. на рацэ Ворскле. Спачатку Вітаўт, ажыццяўляючы намечаныя з Тахтамышам планы, запатрабаваў ад Цімура-Кутлука поўнага падпарадкавання сабе: «Бог покорил мне все земли, покорися и ты мне и буди мне сын, а яз тебе отец, и давай ми всякое лето дани и оброки» [5, с. 173]. Але Эдыгей адверг гэта дамаганне i прапанаваў Вітауту стаць ардынскім васалам. Зыход спрэчкі вырашыла «сеча зла, якой яшчэ не бывала ў Літоўскай зямлі з татарамі». Армія Вітаўта амаль цалкам палегла тады на полі бітвы. Загінулі героі Кулікоускай бітвы Андрэй Полацкі, якога па просьбе Вітаўта Ягайла выпусціў з-за кратаў (па іншых звестках, ён сам уцёк з турмы), Дзмітрый Бранскі, Дзмітрый Баброк Валынскі. Грандыёзнае паражэнне на Ворскле ў 1399 г. негатыўна паўплывала на лёс дзяржавы: супраць пахіснутай улады Вітаўта ўзбунтаваліся Смаленск i Ноўгарад; у 1401 г. давялося санкцыяніраваць новую ўнію з Польшчай. Перамога арміі Эдыгея над войскам Вітаўта, атрыманая на берагах Ворсклы ў 1399 г., была цэнтральнай падзеяй палітычнай гісторыі Усходняй Еўропы 1390-х г.
Але вялікі князь не адмовіўся ад свайго плана стварэння самастойнай, самай магутнай у Еўропе літоўска-славянскай дзяржавы, абапіраючыся на сваіх стаўленікаў ў Залатой Ардзе. На гэты раз ён зрабіў стаўку на Джэлаладзіна найбольш аўтарытэтнага з нашчадкаў Тахтамыша, вядомага ў рускіх летапісах пад імем Зелені-Салтан Тахтамышавіч. Пасля гібелі Тахтамыша, які пасля паражэння 1399 г., кінуты былымі паплечнікамі, бадзяўся па стэпах i у 1405 ці 1407 г. быў забіты (ёсць звесткі, што памёр сваёй смерцю ў Цюмені) [1, с.383], яго дзеці (паводле ўсходніх крыніц, у яго было 13 сыноў) i сярод ix Джэлаладзін, разам з нешматлікімі атрадамі ў пачатку 1409 г. прыбылі ў Вялікае княства Літоўскае, каб атрымаць тут дапамогу. Вітаўт пасяліу ix у Троках [1, с.383, 400]. Актывізацыя Тахтамышавічаў адкрывала i яму шырокае поле для дзейнасці [3, с.93].
Конны атрад, які Джэлаладзін у 1410 г. прыслаў на дапамогу Вітаўту, унёс свой уклад у лёсаносную для ВКЛ i Польшчы перамогу пад Грунвальдам. Лёгкая татарская конніца першай уступіла у гэту бітву. I хоць загадзя падрыхтаваныя крыжакамі i добра замаскіраваныя воўчыя ямы нарабілі шмат шкоды коннікі нібы знікалі пад зямлю, атака не захлынулася. Большасць коннікаў абмінула здрадлівыя пасткі. Наблізіўшыся да крыжакоў пад пакрыццём хмары адначасова выпушчаных стрэл, татары пусцілі ў ход арканы. Імгненне i амаль увесь першы рад рыцараў бездапаможна трапятаўся па зямлі.
Пасля перамогі 1410 г. над крыжакамі Вітаўт адчуў магчымасць вярнуцца да былой «агульнарускай» праграмы. Ён паспрабаваў, абапіраючыся на Джэлаладзіна, рэалізаваць свае планы, распрацаваныя разам з Тахтамышам яшчэ ў 1397-1399 г., i зрабіў рашучую спробу ўстанавіць поўны кантроль над палітычным жыццём Залатой Арды. Выкарыстанне татарскіх эмігрантаў ў сваіх мэтах стала папулярным прыёмам палітыкі вялікага князя. На гэты раз спроба мела плён. У 1411 г. яму ўдалося правесці Джэлаладзіна на ханскі трон. На працягу 1411-1412 г. Тахтамышаў сын двойчы, па некалькі месяцаў, сядзеў на залатаардынскім троне, праводзячы ў гэты час пралітоўскую палітыку, відаць, цалкам узгодненую з урадам Вялікага княства Літоўскага [3, с.93]. Гібель Джэлаладзіна, «с которым Витолт братерство мел» [7, с.80], i замена правіцеля ў Ардзе змяніла расстаноўку сіл ва Ўсходняй Еўропе не на карысць ВКЛ. Вітаўт страціў падтрымку ў Ардзе.
Зімой 1413-1414 г. Вітаўт пасадзіў ў Ардзе свайго наступнага стаўленіка Бетсабулу, каб абапіраючыся на яго падтрымку, дамагчыся дамінацыі ва Ўсходняй Еуропе. «Хроніка літоўская i жамойцкая» адкрывае ўнікальны факт - у Вільні Вітаўт правёў каранацыю новага правіцеля Залатой Арды. Магчыма, гэтым першым, каранаваным у сталіцы ВКЛ, быў Бетсабула. Усклаўшы на яго знакі ханскай годнасці, Вітаўт сказау, што гэта «цар заваложскі новы» [7, с.80]. Залатая Арда раскалолася: адна яе частка прыняла Бетсабулу, другая не. Стаўленіку Вітаўта прыйшлося ўступіць. Выгнаны з Сарая больш моцным праціўнікам, Бетсабула са сваімі прыхільнікамі знайшоў прытулак у ВКЛ.
Як толькі Вітаўт даведаўся пра гэта, то адразу «Еремфердека ... знову короновал в Вилни на царство, убравши в золотоглав, и шапку перловую взложил на него, и дал ему в руки шаблю» [7, с.80]. Даў яму таксама сваё войска, якое разам з татарскімі мурзамі ды ўланамі пайшло садзіць новага хана ў Арду. Авалодаўшы ёй, Ярэмфердэк прынёс Вітаўту прысягу «завше на потребу его зо всеми татарами служити и послал ему дары великие». Але яго ў хуткім часе скінуу Эдыгей.
У 1414 г. з дапамогай Вітаўта на некалькі месяцаў на залатаардынскім троне зацвердзіўся хан Кепек, з дапамогай якога вялікі князь літоўскі пашыраў сферу свайго ўплыву ва Ўсходняй Еўропе.
У 1419 г. на кантакты з Вітаўтам пайшоў сам Эдыгей, які праводзіў традыцыйную залатаардынскую палітыку сутыкнення буйнейшых усходнееўрапейскіх дзяржаў такім чынам, каб выключыць магчымасць пагаднення паміж імі i зрабіць абсалютна нерэальным аб'яднанне рускіх зямель або ix большай часткі вакол аднаго цэнтра. Эдыгей прыслаў да Вітаўта пасольства з багатымі падарункамі (у тым ліку 3 вярблюды i 27 цудоўных коняу) i прапановай аб міры i саюзе [1, с.40; 3, с. 106-107]. Але збліжэнне паміж імі працягвалася нядоўга, хутка наступіў разрыў.
У 1419 (1420) г. пры падтрымцы ВКЛ яшчэ адзін выпадкова ўцалеўшы сын Тахтамыша Кадыр-Берды вёў барацьбу за Арду, ваяваў з Эдыгеем i яго забіў ў 1420 г. [1, с.405].
«Агульнаруская» праграма Вітаўта была актуальнай i у 1420-я г. У гэты час ханамі былі прыхільныя да княства Даўлетберды i Улуг-Мухамед, узведзеныя на залатаардынскі прастол пры падтрымцы Вітаўта. З імі ён узгадняў свае дзеянні на міжнароднай арэне. Яны ў цяжкія моманты свайго праўлення знаходзілі прытулак у Вільні [3, с.119].
Разбіты сваім палітычным канкурэнтам Борак-ханам, Улуг-Мухамед у канцы 1424 г. з'явіўся пры двары Вітаўта. Адсядзеўся ў яго, зноў сабрау сілы i з дапамогай па-сяброўску настроенага вялікага літоўскага князя ў 1425 г. вярнуў сабе становішча ў татарскім стэпе, адваяваў ў Борак-хана Сарай i на пэўны час стаў найбольш уплывовым сярод сапернічаўшых ханаў. Становішча Ўлуг-Мухамеда рэзка пагоршылася пасля смерці ў 1430 г. яго саюзніка Вітаўта [1, с.411-412,414].
У 1433 г. на прычарнаморсюх землях паміж Дняпром i Донам узнік новы татарскі ўлус. На чале яго з дапамогай магутнага тады вялікага князя літоўскага Свідрыгайлы стаў Сенід-Мухамед адзін са шматлікіх унукаў Тахтамыша, якога лес цесна звязаў з Вялікім 24 княствам Літоўскім: тут (у Троках) ён нарадзіўся, вырас i жыццёвы шлях свой скончыў ў Коуне ў якасці вязня [3, с.120, 124].
Такім чынам, у 1390-я г. Вялікае княства Літоўскае, абапіраючыся на саюз з Тахтамышам, рыхтавалася да далучэння новых рускіх тэрыторый насуперак волі Залатой Арды i да стварэння самастойнага «каралеўства Літоўскага i Рускага» насуперак жаданню Польшчы. Ардынская дзяржава, якая імкнуліся падтрымліваць раўнавагу сіл паміж Вялікім княствам Літоўскім i Маскоўскай Руссю, спачувала паслякрэўскаму «літоўска-рускаму сепаратизму» [2, с. 197]. Вялікі літоўскі князь Вітаўт выдатна ведаў пра гэта «спачуванне» i выкарыстоўвау яго для рэалізацыі сваёй палітычнай праграмы. У канцы XIV трэці XV ст. яму ўдавалася аказваць значны ўплыў на палітычнае жыццё Залатой Арды. У жаданні мець у Ардзе сяброўскіх i нават падпарадкаваных яму ханаў ён прымяняў тактыку супрацьпастаўлення адных ханаў другім. Ён энергічна падтрымліваў Тахтамыша, а потым яго сыноў, найперш Джэлаладзіна; змагаўся з Цімурам. Намаганні Вітаўта зацвердзіць сваіх стаўленікау ў Залатой Ардзе мелі пераменны поспех. У другім i трэцім дзесяцігоддзях XV ст. яго ўплыў ў Ардзе настолькі ўзмацніўся, што пастаўленне ім сваіх кандыдатаў на ханскі трон стала традыцыяй. «Витолт татаром царей подавал», канстатуе «Хроніка літоўская i жамойцкая» [7, с.75]. «...Цари ординьски никако же не сьмеяше разьгневати славного осподара великого князя Витовта, дабы не от его руки поставити им царя, и послаша с великою честию и просися ў него царя» [6, с.59]. Гэта сведчыла пра ўзмацненне Вялікага княства Літоўскага.
Нягледзячы на вялікую актыўнасць Вітаута, яму рэдка ўдавалася замацаваць дасягнутыя вынікі ўтрымліваць доўгі час сваіх стаўленікаў ў Ардзе не хапала сіл. Тым не менш, знаходжанне на прастоле ў Ардзе ханаў правітаўтавай арыентацыі сказвалася на ўсім ходзе міжнароднага жыцця Ўсходняй Еўропы на карысць княства. Тады нездарма гаварылі: «Той, хто кіруе Ардой, той гаспадарыць на Русі».
Залатаардынскую палітыку Вітаўта працягнулі яго пераемнікі. Вялікія князі літоўскія настолькі прывыклі мець саюзнікаў ў асобе татар, якія былі праваднікамі ix уплыву ў Ардзе i зброяй ix барацьбы з Масквой, што падтрымлівалі нашчадкаў Тахтамыша ў ix барацьбе за ўладу над Ардой. Выкарыстанне татарскіх эмігрантаў ў сваіх палітычных мэтах стала папулярным прыёмам дыпламатыі ВКЛ.
Літаратура:
1. Греков, Б. Д. Золотая Орда и ее падение / Б. Д. Греков, А. Ю. Якубовский. М,Л.: Изд-во АН СССР, 1950. 479 с.
2. Греков, И. Б. Восточная Европа и Золотая Орда в XIV XVI веках / И. Д. Греков. М.: Изд-во «Наука», 1975. 520 с.
3. Греков, И. Б. Очерки истории международных отношений Восточной Европы в XIV XVI вв. / И. Б. Греков. М.: Изд-во восточной литературы, 1963.-375 с.
4. Никифоровская летопись // Полное собрание русских летописей. Т. 35: Белорусско-литовские летописи. М.: Наука, 1980. С. 19-35.
5. Никоновская летопись// Полное собрание русских летописей. Т. 11. СПб.: Типография И. Н. Скороходова, 1897. 254 с.
6. Супрасльская летопись // Полное собрание русских летописей. Т. 35: Белорусско-литовские летописи. М.: Наука, 1980. С. 36-67.
7. Хроника Литовская и Жмойтская // Полное собрание русских летописей . Т. 32. М.: Наука, 1975. С. 15-127.