Сёння ўніяцкая кніга - вялікая рэдкасць у бібліятэках i музеях Беларусі. Як частка культава-абрадавага комплексу ўніяцкай царквы яна была страчана не толькі натуральным шляхам, але i ў выніку мэтанакіраванага сістэматычнага знішчэння, якім суправаджалася рэфармаванне i ліквідацыя самой царквы.
Афіцыйная Расія падазрона ставілася да помнікаў уніяцкай кніжнай культуры як да крыніцы іншавер'я і іншадумства.Пачалі з абмежаванняў для распаўсюджання ўніяцкай кнігі. Узяўшы ў 1794 г. курс на скасаванне уніі, імператрыца Кацярына II запатрабавала ўніфікаваць выданні Пачаеўскай базыльянскай друкарні паводле маскоўска-кіеўскіх нормаў з захаваннем, аднак, імя папы рымскага, месяцаслова з імёнамі шанаваных царквой святых i сімвала веры «по униатскому их умствованию» [1]. У XIX ст. пачаеўскія друкі зусім забаранілі купляць для прыходскіх цэрквау [2]. Наклалі забарону на спеўнік выдання 1824 г. з падманнымі выхаднымі дадзенымі (Вільня), бо яго царкоўнаславянскія песні былі «противны греко-российскому исповеданию». Шукаючы спеўнік, ператрэслі манастырскія i царкоўныя кнігасховішчы, бібліятэкі навучальных устаноў Беларусі, Віленшчыны [3].
Малітоўнікі і іншага роду ўніяцкія кнігі на царкоўнаславянскай мове, прададзеныя ў вялікай колькасці на кірмашах, сталі разносіцца па ўсёй Расіі. Па непаразуменні ix пачалі выкарыстоўваць у праваслаўным набажэнстве «к соблазну православных». Каб зменшыць абарачэнне на публіцы гэтых кніг, Сенат указам ад 27 чэрвеня 1826 г. забараніў ix продаж на кірмашах i наогул у тых месцах, дзе няма ўніяцкіх цэркваў [4]. У 1828 г. усе выдавецтвы падпарадкавалі духоўнай цэнзуры. У 1833 г. быў асуджаны да канфіскацыі надрукаваны ў 1826 г. у Мінску польскамоўны малітоўнік «Набожныя песні на ўрачыстыя святы, на цэлы год сабраныя, з дадаткам новых песень», бо яны маглі служыць «к возбуждению и усилению мятежа». Сярод новых былі песні, папулярныя ва ўніяцкім асяроддзі [5].
Другім бокам гэтых абмежаванняў было інтэнсіўнае цэнтралізаванае насычэнне беларускіх зямель з канца XVIII ст. кніжнай прадукцыяй расійскіх друкарняў, забеспячэнне сінадальнымі выданнямі, якія пачынаюць выцясняць уніяцкую кнігу. Пастановай ад 7 лютага 1834 г. уніяцкае духавенства абавязалі карыстацца толькі служэбнікамі i кнігамі малітоўных спеваў, надрукаванымі ў маскоўскай сінадальнай друкарні адпаведна ў 1831 i 1828 гадах, каб замяніць «ошибочные, разной печати церковные книги, в которых давно искажён славянский язык». 2800 асобнікаў меркавалася накіраваць у Беларусь па памяркоўнай цане [6].
Канфіскацыя ўніяцкіях кніг i замена ix маскоўскімі служэбнікамі, змест якіх разыходзіўся з традыцыйнымі выданнямі, збянтэжыла народ, выклікала супраціў духавенства [7]. Устрывожаныя мэтай такой рэформы, святары пачалі заяўляць калектыўныя пратэсты.
2 красавіка 1834 г. 57 святароў з Наваградка падалі пратэст супраць прымусу ўжываць маскоўскі Літургікон i патрабавалі дазволу па-ранейшаму карыстацца віленскім выданнем. Усе падписанты паводле загаду цара былі пакараны годам манастырскай турмы» [8].
У канцы 1835 г. себежскае (17 чалавек), лепельскае (18 чалавек), чашніцкае, бешанковіцкае i дрысенскае духавенства адмовілася прыняць прысланыя кнігі i заявіла пісьмовыя пратэсты. Паколькі большая частка святароў ігнаравала новыя кнігі, а некаторыя i «совсем не умеют читать по книгах московской славянской печати», міністэрства ўнутраных спраў запатрабавала «положить конец беспорядкам». Выконваючы гэта патрабаванне, магілёўскі губернатар зразумеў: «Нет возможности искоренить это злоупотребление без решительной конфискации из униатских церквей старых книг». Беларускай кансісторыі прапанавалі канфіскаваць усе ўніяцкія служэбнікі i іншыя кнігі, «чтобы совсем нигде старых не было». Ix загадалі звозіць у Полацк [9].
Аднак, падчас чарговай рэвізіі аршанскі епіскап Васілій (Лужынскі), наведаўшы 16 цэркваў, ні ў адной не знайшоў пасланых туды маскоўскіх служэбнікаў. Ён пераканаўся, што ўсе святары так i не развітваліся ca старадрукамі, а новыя кнігі байкатуюць. З яго слоў, многія з ix тады «дерзко обращались с несуразными заявлениями в Белорусскую консисторию против этих служебников» [10].
Каб прымусіць духавенства падпарадкавацца, В. Лужынскі асабіста рэвізаваў цэрквы i, знаходзячы непарадкі ў дакументах, фінансавых справаздачах, кнігазборах, пагражаў прыходскаму святару адлучэннем ад прыхода, а то i судом кансісторыі. Ён настаўляў ix на розум, што выкарыстаннем старых кніг робіцца злачынства. У такой сітуацыі, як успамінаў сам епіскап, ім нельга было доўга стаяць за унію [11].
Святар Соржыцкай царквы (Сенненскі павет Магілёўскай губерні) новага служэбніка не прыняў. Сваім прыхаджанам ён растлумачыў далёка ідучыя наступствы замены богаслужэбных кніг i заклікаў цвёрда трымацца сваёй веры. З--за гэтага, як небеспадстаўна ацэньваліся настроі ў вёсцы ў сакрэтнай афіцыйнай перапісцы паміж Магілёвам, Вільняй i Пецярбургам, «может родиться в бездумной толпе простолюдинов нарекание, а пры наименшем намеке на изменение их веры и волнение» [12]. Так яно i здарылася летам 1838 г
Соржыцкі святар правіў у царкве літургію па старым служэбніку. Пасля службы уніяцкі благачынны Васютовіч, выконваючы волю начальства, у прысутнасці прыхаджан выразаў з кнігі 48 лістоў, «содержание которых не соответствовало духу восточной церкви». «Это вызвало гомон и уныние в народе».
Сабраўшыся ў храме на наступны дзень, сяляне разглядзелі знявечаны служэбнік i заключылі: «Нас дабру не навучаць». Яны завязалі званы, каб тыя не клікалі вяскоўцаў на набажэнства, зачынілі царкву i забралі ад яе ключы. Пяць дзён духавенства беспаспяхова ўгаворвала адчыніць храм. Калі ў вёску выклікалі паліцыю, сяляне сталі больш згаворлівымі: аддалі земскаму спраўніку ключы, 2 старыя ўніяцкія служэбнікі, а таксама падпісаную 167 чалавекамі просьбу, каб літургію ім служылі па ранейшых кнігах, каб вярнулі вырваныя са служэбніка лісты. 40 дзён працягвалася супрацьстаянне. Вынік быў звычайны: соржыцкіх «бунтаўшчыкоў» аддалі пад суд [13].
Восенню 1838 г. 111 святароў Беларускай епархіі звярнуліся з прашэннем да цара пра захаванне уніі i ўладкаванне друкарняў для выдання ўніяцкіх богаслужэбных кніг. Яны прапаноўвалі самі выдаткаваць грошы на гэтыя патрэбы [14].
Шэраговае духавенства Літоўскай епархіі таксама масава не жадала развітвацца са сваімі кнігамі, таму ў 1834 г. у прыходы паступіў загад: адабраць з цэркваў усе старыя кнігі пачаеўскага, віленскага i супрасльскага друку i выслаць у кансісторыю ў Жыровічы. На неслухаў абрынуліся пакаранні: эпітымія, паніжэнне ў пасадзе. Паліцыі было даручана сачыць, каб папы прытрымліваліся новых кніжак i ад ix не адступалі. Толькі старым святарам, няздольным асвоіць новыя псалтыры i малітоўнікі (некаторыя гэтым прыкрываліся), часова пакінулі ранейшыя кнігі [15].
18 чэрвеня 1839 г. Літоўская кансісторыя выдала пастанову аб зняцці служэбнікаў мінулага друку з ужытку. Ix звозілі ў Жыровічы. Ужо ў жніўні ўзнікла праблема: што з імі рабіць? Вырашылі: спаліць, пакінуўшы па 1-2 асобнікі кожнага выдання для бібліятэкі епархіяльнай семінарыі [16]. Спальванне ў манастырскіх печках было марудным спосабам ix знішчэння, да таго ж частка кніг раскрадалася. Таму ў 1844 г. літоўскі епіскап Іосіф (Сямашка) загадаў вынесці кнігі на манастырскі плац i спаліць ix на вогнішчы адразу [17]. За 3 гады было спалена 2000 кніг [18].
Выратаваныя ад знішчэння кнігі надалей выкарыстоўваліся ў багаслужэнні прыхільным да уніі духавенствам, як было, напрыклад, у Лідскім i Ашмянскім паветах у 1852 г. Таму 30 мая 1852 г. Сенат распарадзіўся канчаткова зняць з ужытку ўніяцкую літаратуру. У 1853-1855 г. паўтары тысячы асобнікаў, тады яшчэ сабраных па цэрквах i манастырах, было спалена [19]. Тым не менш ... У час рэвізіі цэркваў Кобрынскага павета ў 1856 г. выявілі 16 служэбнікаў, прычым адзін святар катэгарычна адмовіўся выдаць кнігу. У 1865 г. мітрапаліт Іосіф звяртаў увагу Сінода на выкарыстанне даўно забароненых кніг [20]. Паводле дадзеных В. Ластоўскага, знішчэнне ix працягвалася ў 60-я г. [21].
А.Ф. Хайнацкі сцвярджаў, што тысячы святароў заходнерускага краю ў трэцяй чвэрці XIX ст. служылі па супрасльскім, пачаеўскім i львоўскім уніяцкіх трэбніках, падобных да трэбніка Пятра Магілы 1646 г. Апошні карыстаўся вялікай павагай за паўнату i прыстасаванасць да ўсіх абставін царкоўнага, сямейнага i грамадскага жыцця беларускага i ўкраінскага народаў, i здабыць яго было цяжка. Таму гэткай уніяцкай кнігай асабліва даражылі i ёй аддавалі перавагу перад праваслаўным трэбнікам апошняй рэдакцыі. Ды й самім сваім даследаваннем Хайнацкі праследаваў мэту - «спыніць ... павагу да ўніяцкіх кніг» [22].
Ёсць звесткі, што нават на мяжы ХІХ-ХХ стст. уніяцкія кнігі, якія да таго часу сталі рэліквіямі, скупляліся, тады ўжо за вялікія грошы, i таксама нішчыліся прыгнятальнікамі уніі [23]. Вядома, што ў 1990-х гг налічвалася 99 захаваных выданняў супрасльскіх друкаў са шматсоценных накладау і 48 выданняў віленскіх базыльян [24].
Ацалелыя рукапісныя i друкаваныя ўніяцкія кнігі з цэркваў i манастыроў Беларусі захоўваюцца сёння ў Вільні (бібліятэкі Акадэміі навук Літвы i Вільнюскага ўніверсітэта), Санкт-Пецярбургу (бібліятэкі Акадэміі навук і Санкт-Пецярбургскага аддзялення Інстытута гісторыі) у Загорску, Маскве (Расійская дзяржаўная бібліятэка, Дзяржаўны гістарычны музей, Расійскі дзяржаўны архіў старажытных актаў), у Польшчы (збор Чартарыйскіх у Кракаве, бібліятэкі Варшавы, Курніка, Вроцлава, Познані) [25] i ў нязначнай колькасці у Мінску (Нацыянальная бібліятэка Беларусі) i Гродне (Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей).
У 1830-я - 1870-я гг. былі распатрошаны i рассеяны або знішчаны базыльянскія кнігазборы, назапашаныя ў XVII-XVIII стст. Яны сталі асновай бібліятэк навучальных устаноў этнічнай Беларусі, а таксама прыватных i дзяржаўных бібліятэчных збораў Расіі. Частка рукапісных i друкаваных кніг падлягала продажу як антыкварыят або ішла на макулатуру, «непатрэбныя» прызначаліся на спаленне [26].
Кнігі з Паддубісся ў другой палове 1830-х г. перадалі ў Віленскі манастыр [27]. Частку кнігазбору з Жыровіч у 1845 г. адправілі ў Віленскую духоўную семінарыю [28]. У 60-70-х гг. рабіліся новыя чысткі царкоўных i манастырскіх бібліятэк Беларусі [29]. Звыш тысячы тамоў бібліятэкі гродзенскіх базыльян трапіла тады ў Віленскую публічную бібліятэку [30]. Пры перамяшчэнні разбураліся сістэмы манастырскіх калекцый, пашкоджваліся i раздзіраліся кнігі. 40 тысяч тамоў кніг з базыльянскіх манастыроў нават у 1866 г. валяліся на падлозе ці былі хаатычна раскладзены па паліцах у сховішчы Віленскай публічнай бібліятэкі [31]. Бібліятэка Полацкай семінарыі, якая налічвала больш за 10 тысяч тамоў у 1900 г. па загадзе Сінода была вывезена у Кіеўскую Духоўную акадэмію [32]. Каштоўнейшы збор прафесара Віленскага універсітэта Міхаіла Баброўскага з беларускіх i іншых славянах рукапісных i друкаваных кніг быў куплены памешчыкам Трамбіцкім, пасля смерці якогa дастаўся бібліятэцы графаў Замойскіх у Варшаве i амаль цалкам загінуў у час пажараў 1939 i 1944 гг. Другая яго частка трапіла ў бібліятэку Акадэміі навук у Пецярбургу [33].
Такім чынам, падаўленне ўніяцкай кніжнай традыцыі абярнулася вымываннем цэлага пласта культуры Беларусі i сустрэла моцны супраціў духавенства i народа. Уніяцкая кніга тут шанавалася і, зберажоная, выкарыстоўвалася нават пасля афіцыйнай забароны. Яна разышлася па імперыі i па непаразуменні дзе-нідзе ўжывалася ў праваслаўным богаслужэнні.
[1] Расійскі дзяржаўны архіў старажытных актаў (РДАСА). Ф. 18. Спр. 321. Арк. 3-4.
[2] Цэнтральны дзяржаўны архіў Украіны ў Львове. Ф. 201. Воп. 4. Спр. 1878. Арк. 1-2адв.
[3] Описание документов архива западнорусских униатских митрополитов. СПб., 1907. Т. 2: 1701-1839. С. 783-784.
[4] Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў (РДГА). Ф. 797. Воп. 6. Спр. 22600. Арк. 2, 4, 7-7адв.
[5] Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ). Ф. 1297. Воп. 1. Спр. 6888. Арк. 1, 7, 21.
[6] Аддзел рукапісаў Нацыянальнай бібліятэкі Расіі. Ф. 52. Спр. 25. Арк. 9-9адв.
[7] Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. Буэнос-Айрес, 1966; Минск, 1990. С. 222. Репринт.
[8] НГАБ. Ф. 1297. Воп. 1. Спр. 7815. Арк. 117; Lencyk W. The Catholik and Czar Nicholas I. Romae; New York, 1966. P. 62, 65-66.
[9] НГАБ. Ф. 1297. Воп. 1. Спр. 7815. Арк. 137-137адв., 147-149, 163адв., 167-168адв., 199адв., 202адв. - 203, 121адв., 222.
[10] РДГА. Ф. 797. Воп. 6. Спр. 23015. Арк. 21адв.
[11] Записки Василия Лужинского, архиепикопа полоцкого. Казань, 1885. С. 109, 111, 118, 120, 122-123, 125-126, 147.
[12] РДГА. Ф. 797. Bon. 7. Спр. 23410. Арк. 7-7адв.
[13] РДГА. Ф. 797. Bon. 7. Спр. 23410. Арк. 18.
[14] Шавельский Г. Последнее воссоединение с православной церковью униатов Белорусской епархии (1833-1839 гг.). СПб., 1910. С. 285.
[15] Смалянец А. Да стацьці В-ста «Аб паленьні кніг на Беларусь // Крывіч. 1924. № 2. С. 32-33.
[16] Записки Иосифа, митрополита Литовского. СПб., 1883. Т. 3. С. 526, 598.
[17] Калубовіч А. Мова ў гісторыі беларускага пісьменства // Крокі гісторыі: даследаванні, артыкулы, успаміны. Беласток; Вільня; Мінск, 1993. С. 192.
[18] Смалянец А. Да стацьці В-ста «Аб паленьні кніг на Беларусь ... С. 32.
[19] Записки Иосифа, митрополита Литовского. СПб., 1883. Т. 2. С. 617.
[20] Извеков П.Д. Исторический очерк состояния православной церкви в Литовской епархии за время 1839-1889 г. М., 1899. С. 418, 421.
[21] В-ст (Ластоўскі В.). Паленне кніг на Беларусі // Крывіч. 1924. № 1. С. 61.
[22] Хойнацкий А.Ф. Заподнорусская церковная уния в богослужении и обрядах. Киев, 1871. С. 40-41., 213-215.
[23] Rusin Moskal i Polak czyli kościol unicki a Schizma. Poznań, 1873. S. 78.
[24] Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. Мн" 1996. Т. 3. С. 209.
[25] Нікалаеў М. Палата кнігапісная: рукапісная кніга на Беларусі ў X-XVIII стагоддзях. Мінск, 1993. С. 53-54, 107.
[26] Pidlypczak-Majerowicz М. Biblioteki i bibliotekarstwo zakonne na wschodnich ziemiach Rzeczypospolitej w XVII-XVIII wieku. Wrocław, 1996. S. 114-115.
[27] Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 797. Bon. 6. Спр. 23018. Арк. 14.
[28] Энцыклапедыя гісторыі Беларусі... С. 385.
[29] Калубовіч А. Мова ў гісторыі беларускага пісьменства... С. 192.
[30] Аддзел рукапісаў Навуковай бібліятэкі Вільнюскага універсітэта. Ф. 3. Спр. 155. Арк. 2-19.
[31] Колекція та архів епископа Павла Доброхотова. Киів, 1992. С. 25.
[32] Калубовіч А. Мова ў гісторыі беларускага пісьменства... С. 187.
[33] Там жа. С. 188.