Кожнае пакаленне і нават кожная школа гісторыкаў, як слушна сказаў патрыярх літоўскай гістарычнай навукі Станіслаў Лазутка, маюць свайго Юлія Цэзара. Наш Юлій Цэзар - Леў Іванавіч Сапега, адзін з самых уплывовых дзяржаўных дзеячаў канца XVI - першай трэці XVII ст. у Вялікім княстве Літоўскім і Рэчы Паспалітай. Яшчэ яго называюць «літоўскім Салонам». Беларускі мысліцель, дзяржаўны муж, юрыст, палкаводзец, дыпламат Леў Сапега на працягу паўстагоддзя быў магутным заступнікам беларускіх нацыянальных інтарэсаў і аплотам незалежнасці нашай гістарычнай дзяржавы.
Леў Сапега нарадзіўся 4 красавіка 1557 г. у вёсцы Астроўна Віцебскага павету (цяпер у Бешанковіцкім раёне Віцебскай вобласці). Паходзіў са старажытнага беларускага магнацкага роду, які меў карані на Смаленшчыне. Разам з Агінскімі, Алелькавічамі, Валовічамі, Хадкевічамі род Сапегаў шмат зрабіў для ўмацавання Вялікага княства Літоўскага. Беларуская і літоўская шляхта, як пераканаўча даказаў вядомы беларускі гісторык П.А. Лойка, цвёрда лічыла Вялікае княства Літоўскае сваёй Айчынай, уласнай дзяржавай, яе трымалася і яе бараніла.
Спачатку Леў Сапега вучыўся ў Нясвіжскай школе, заснаванай адным з адукаванейшых людзей таго часу Мікалаем Радзівілам Чорным, для якога незалежнасць Вялікага княства Літоўскага была найвышэйшай каштоўнасцю. Наступным крокам на шляху фарміравання палітыка быў Лейпцыгскі універсітэт.
Па-еўрапейску адукаванага маладога арыстакрата ўзяў да сябе на службу манарх Рэчы Паспалітай Стэфан Баторый. У няпоўныя 23 гады Леў Сапега стаў сваім чалавекам ва ўладнай эліце. Выдатныя асабістыя здольнасці і шматгранныя веды, падмацаваныя знатным паходжаннем, абумовілі паслядоўнае заняцце ім усіх буйнейшых пасад у Княстве: сакратара Вялікага княства Літоўскага, пісара ВКЛ, падканцлера (1585-1589 гг.), канцлера (1589-1623 гг.), віленскага ваяводы, вялікага гетмана (1625-1633 гг.). Да таго ж ён быў старостам слонімскім, мядзельскім, берасцейскім, магілёўскім і інш.
Малады дзяржаўца неўзабаве становіцца самым гарачым прыхільнікам і ўдзячным спадкаемцам незалежніцкіх настрояў сваіх апекуноў Радзівілаў і канцлера ВКЛ Астафея Валовіча, у канцылярыі якога ён пачынаў сваю палітычную кар'еру, і вядзе паспяховую палітыку супрацьстаяння імкненню Кароны да гегемоніі і поўнай інкарпарацыі Вялікага княства. На захаванне дзяржаўнага суверэнітэту Княства Леў Сапега паставіў усё: свой аўтарытэт, палітычную кар'еру, літаратурны талент, а па-за гэтым і немалыя грашовыя сродкі.
Першай значнай справай у гэтым напрамку было стварэнне ў 1581 г. Галоўнага трыбунала ВКЛ - вышэйшай судовай установы, чым падкрэслівалася самастойнасць Княства ў межах Рэчы Паспалітай. Наступнай - рэдагаванне Статута ВКЛ 1588 г., які стаў, па сутнасці, новай канцэпцыяй незалежнай беларуска-літоўскай дзяржавы. Ён гарантаваў эканамічную, дзяржаўна-палітычную і духоўна-культурную незалежнасць краіны. Гэта выдатны помнік духоўнай культуры беларускага народа і ўнікальная з'ява еўрапейскай прававой думкі. У сваіх прадмовах да Статута Сапега выразна зафіксаваў мэту кодэкса - будаўніцтва прававой дзяржавы.
Хоць не ўсё з дэклараванага Статутам ажыццявілася, тым не менш ён з'явіўся адным з доўга жывучых кодэксаў свету, больш за два стагоддзі вызначаў жыццё беларусаў і літоўцаў, праіснаваўшы да 1840 г. Ён аказаў уплыў на развіццё права Расіі, Польшчы, Украіны, Латвіі і Эстоніі. Статут 1588 г. - візітная картка Льва Сапегі.
Паколькі ў ВКЛ існавалі пэўныя арыентацыі на Маскоўскую дзяржаву або Польшчу, выкліканыя канфесійнымі адрозненнямі, Леў Сапега падтрымаў ідэю уніі праваслаўнай і каталіцкай цэркваў. З пашырэннем уплыву уніяцкай царквы ён звязваў надзеі на духоўна-рэлігійную кансалідацыю народа і ўмацаванне Княства.
Леў Іванавіч адыграў вялікую ролю ў адносінах Рэчы Паспалітай з Рускай дзяржавай у канцы XVI - першай трэці ХVII ст., быў ініцыятарам саюза ВКЛ з Расіяй. Рэалізацыя гэтай задумы аб'яднала бы пад адным скіпетрам тры суседнія дзяржавы: Расію, ВКЛ і Польшчу. ВКЛ у гэтым саюзе адводзілася роля геапалітычнага цэнтра і палітычнага лідэра велізарнага еўра-азіяцкага аб'яднання.
Леў Сапега паслужыў сваёй Айчыне, а таксама гістарычнай навуцы, калі арганізаваў упарадкаванне і перапіску стосаў спарахнелых, але найкаштоўнейшых дакументаў дзяржаўнай улады ВКЛ з канца XIV ст. Гэтым быў выратаваны ад гібелі і захаваны для нашчадкаў дзяржаўны архіў Вялікага княства Літоўскага - 600 неацэнных тамоў нашай гісторыі.
Леў Сапега вядомы таксама як мецэнат, фундатар 24 храмаў. Будуючы палацы, цэрквы, манастыры, ён зрабіў уклад у архітэктурнае мастацтва ВКЛ. Засноўваючы пры іх школы, паслужыў асвеце і адукацыі ў сваёй дзяржаве.
Народжаны ў Беларусі, Леў Іванавіч узвышаў беларускую мову, як афіцыйную дзяржаўную мову Княства і тым садзейнічаў развіццю нацыянальнай самасвядомасці беларускага народа. Сваім талентам і аўтарытэтам мудрага дзяржаўнага дзеяча ён узвялічваў гонар і вартасць свайго народа, яго мовы і культуры.
Слава Льва Сапегі, яго грамадскія, палітычныя і творчыя здзяйсненні і справы, якія і праз чатыры з паловай стагоддзі ацэньваюцца нашчадкамі-правапераемнікамі ВКЛ з вялікай пашанай, сталі неўміручыя. Гарачы патрыёт сваёй Бацькаўшчыны, мудры і дальнабачны палітык, які далёка апярэдзіў свой час, ён па вялікім рахунку і сёння застаецца для нас недасяжным узорам.
На 2007 г. прыйшлося 450-годдзе Льва Сапегі. Да гэтай гадавіны кафедра гісторыі Беларусі Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы разам з творчым калектывам навуковай тэмы «Транзітыўнае стагоддзе: Вялікае княства Літоўскае ў 1548-1648 г. (Дзяржава, грамадства, асоба)» і Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі правялі 4-5 красавіка міжнародную навуковую канферэнцыю «Леў Сапега (1557-1633 г.) і яго час». У ёй прынялі ўдзел 85 даследчыкаў асобы і эпохі Льва Сапегі з больш чым 20 навуковых і навучальных устаноў Беларусі, а таксама з Польшчы, Літвы, Расіі, Украіны.
Навуковы зборнік, у аснову якога пакладзены матэрыялы гэтай канферэнцыі, шматбакова разглядае эпоху другой паловы ХVI - першай трэці XVII ст. і розныя аспекты дзейнасці Л. Сапегі ў яе кантэксце. Тут і артыкулы добра вядомых у Беларусі і за яе межамі спецыялістаў па гэтаму перыяду, і маладых вучоных, і пачынаючых даследчыкаў; а таксама тых, хто вывучае спадчыну Льва Сапегі і яго эпохі ў гістарычнай рэтраспектыве; урэшце тых, хто не застаўся абыякавым да знакавай постаці беларускай гісторыі, якой з'яўляецца вялікі канцлер.
Зборнік выдадзены пры фінансавай падтрымцы Беларускага рэспубліканскага фонда фундаментальных даследаванняў.
С.В. Марозава
Герб горада Ліды, наданы 17 верасня 1590 г.
