СТУДЭНЦКІ ГУРТОК І ЯГО РОЛЯ Ў СТАНАЎЛЕННІ СПЕЦЫЯЛІСТА-ГІСТОРЫКА
Марозава С.В. НАВУКОВА-ПЕДАГАГІЧНАЯ ШКОЛА ПРАФЕСАРА Я.Н.МАРАША 9
Госцеў А.П. КРАЯЗНА Ў СТВА ЯК НАВУКА АЛЬБО ЎВОДЗІНЫ Ў АЗБУКУ КРАЯЗНАЎЦЫ 17
Соркіна І.В. ЛАКАЛЬНАЯ ГІСТОРЫЯ Ў ПРАЦАХ ГУРТКОЎЦАЎ КАНЦА 1980-х - ПАЧАТКУ 2000-х ГАДОЎ 27
УДК 378.4 (476.6):908
І.П. Крэнь, Н.А. Івашчанка (Гродна)
НАВУКОВА-ДАСЛЕДЧЫ ГІСТОРЫКА-КРАЯЗНАЎЧЫ ГУРТОК "НіКа": ГІСТОРЫЯ Ў ПАДЗЕЯХ І АСОБАХ
В статье раскрываются основные вехи истории научно-исследовательского историко-краеведческого кружка «НіКа» при кафедре истории Беларуси Гродненского государственного университета имени Янки Купалы от момента его основания до настоящего времени.
У 1954 годзе ў Гродзенскім педагагічным інстытуце быў адчынены гістарычны факультэт, а ў 1955 годзе на факультэце быў утвораны гурток [2, арк.4], які ўжо на працягу 55 год не перапыняе сваёй дзейнасці.
Ідэя стварэння гуртка належала Барысу Маркавічу Фіху, у той час кандыдату навук, а пазней доктару гістарычных навук, прафесару - ураджэнцу Малдавіі, які ўсё сваё свядомае жыццё пражыў у Беларусі. Як успамінае прафесар Крэнь Іван Платонавіч у "гэтага мілага майму розуму і сэрцу "малдаваніна" была надзвычай светлая і адукаваная галава, у якой ідэі і прапановы па іх рэалізацыі і выканаўцах нараджаліся імгненна". А ажыццявіў ідэю і кіраваў гуртком на працягу 35 год Я.Н.Мараш. Першапачаткова ў гуртку аб'ядналіся восем студэнтаў. Пералічым імёны тых, хто праторыў гістарычную сцяжынку для наступных пакаленняў: Барсегян Эма, Буянаў Валерый, Казімірская Іна, Крэнь Іван, Фаменка Станіслаў, Шыбека Эмалія, Шынкевіч Нэлі, Шыфрына Ганна [1].
Якаў Навумавіч Мараш быў чалавекам, які сам пракладваў сабе шлях у навуку і дзякуючы асабістым намаганням і стараннасці заняў адпаведнае месца ў грамадстве. На фарміраванне яго навуковых інтарэсаў значны ўплыў аказалі студэнцкія гады ў Віленскім універсітэце куды Якаў Навумавіч паступіў восенню 1936 года на гісторыка-філалагічны факультэт. Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР Віленскі універсітэт быў зачынены, таму апошнія гады вучобы Якаў Навумавіч правёў на гістарычным факультэце Львоўскага універсітэта імя І.Франко. У гады Вялікай Айчыннай вайны ён працаваў вясковым настаўнікам у адной са школ Саратаўскай вобласці. У 1945 г. вярнуўся ў родны Гродна дзе пачаў працаваць на пасадзе дырэктара СШ №2. У 1946 г. яго запрасілі ў Гродзенскі педагагічны інстытут выкладчыкам гісторыі і лацінскай мовы. Аднак не абышлося без чарговых выпрабаванняў. Пачалася новая хваля рэпрэсій супраць інтэлігенцыі, якая не абмінула і Якава Навумавіча. У загадзе ад 23 снежня 1946 г. аб вызваленні выкладчыка ад правядзення заняткаў па гісторыі запісана: "...дапушчана ў выкладанні няправільнае асвятленне некаторых пытанняў з пункту гледжання метадалогіі". З-за недахопу педагагічных кадраў Якава Навумавіча пакінулі працаваць у педінстытуце. Ён жа для сябе зрабіў пэўныя вывады - не трэба разлічваць толькі на вязенне, трэба заявіць аб сабе ў навуковай сферы. А для гэтага ён быў добра падрыхтаваны: не толькі памнажаў прыродны талент нястомнай працай, а быў чалавекам энцыклапедычных ведаў і паліглотам (ведаў лацінскую, польскую, нямецкую, французскую, украінскую, беларускую мовы). У 1954 г. ён абараніў у вучоным савеце Белдзяржуніверсітэта кандыдацкую дысертацыю. У 1968 г. на абмеркаванне вучонага савета БДУ была вынесена доктарская дысертацыя Якава Навумавіча. Але шмат у чым яна ішла ў разрэз з тагачаснай ідэалогіяй партыі і чыноўнікаў ад гістарычнай навукі, таму абарона не была зацверджана. Толькі ў сакавіку 1972 г. Я.Н.Мараш абараніў доктарскую дысертацыю на вучоным савеце Інстытута гісторыі АН БССР. У снежні 1973 г. яму была прысвоена вучоная ступень доктара гістарычных навук, а ў наступным годзе - званне прафесара [3, с.12-13].
Прайшоўшы няпросты шлях чалавека і вучонага Якаў Навумавіч аддаваў сябе ў поўнай меры студэнцкай моладзі, дапамагаючы спасцігаць не толькі гісторыю і краязнаўства, методыку работы з архіўнымі крыніцамі, манаграфічнымі даследаваннямі, а і школу жыцця. "Кожнае пасяджэнне гуртка адзначалася непаўторнасцю, адсутнасцю штампаў і руціны, - успамінае выпускнік гуртка пачатку 70-х гадоў XX ст. Анатоль Прысяч, - што, безумоўна, было вялікай заслугай прафесара Мараша, які не шкадаваў ні часу, ні асабістай працы, ні багатага навуковага і жыццёвага вопыту для фарміравання і развіцця студэнцкай моладзі таго часу" [3, с.24].
Утварыўшыся 55 гадоў таму, гурток набіраў сілы, выпрацоўваў асноўныя накірункі сваёй дзейнасці, формы і стыль работы. У лістападзе 1974 года гурток, як структурная частка факультэта, прыняў свой першы Статут, які ў далейшым пастаянна ўдасканальваўся. Адпаведна Статуту гісторыка-краязнаўчая даследчыцкая работа стала асноўным зместам яго дзейнасці. Безумоўна, што накірункі гэтай дзейнасці вызначаліся патрабаваннямі таго часу і былі скіраваны на: 1) вывучэнне рэвалюцыйных, баявых і працоўных традыцый Камуністычнай партыі і савецкага народа на мясцовым матэрыяле; 2) даследаванне гісторыі фабрык і заводаў, калгасаў і культурна-асветніцкіх устаноў Гродзенскай вобласці; 3) абагульненне перадавога вопыту работы школьных краязнаўчых музеяў і гістарычных гурткоў; 4) вывучэнне помнікаў гісторыі і культуры Беларусі і Гродзеншчыны і іх ролі ў выхаванні падрастаючага пакалення.
Трэба аддаць належнае гурткоўцам 70-80-х гадоў XX ст. і іх папярэднікам, што яны зрабілі дастаткова значны ўклад у даследаванне рэгіянальнай гісторыі і культуры. Гэта прасочваецца па колькасці навуковых даследаванняў, многія з якіх былі прадстаўлены на конкурсы навуковых прац студэнтаў рэспублікі і мелі дастаткова высокі рэйтынг, па публікацыях у мясцовых сродках масавай інфармацыі, па дакладах на навуковых канферэнцыях рознага ўзроўню. За перыяд з 1955 па 1987 год гурткоўцамі было падрыхтавана 185 навуковых даследаванняў па вышэй азначанай праблематыцы. Назавём імёны гурткоўцаў, якія асабліва вызначыліся ў той перыяд: С.Фаменка, З.Разанава, М.Касцюк, У.Міхнюк, Н.Паўлючэнка, Г.Болтач, В.Чарапіца, А.Прысяч, С.Дзергай, Т.Слабуха, Т.Блінова, Т.Петухова, М.Беспамятных, Л.Бандарчук, Т.Данілік і многія іншыя.
Для тых, хто аб'ядноўваецца ў гуртку, заўсёды была ўласціва патрэба ў самаадукацыі і самарэалізацыі, імкненне авалодаць не толькі новымі ведамі, але і далучыцца да таямніц даследчага майстэрства. У гуртку студэнты дакранаюцца да глыбінь нашай гісторыі, вучацца павазе і акуратнасці ў абыходжанні з ёю. Тут прывучаюцца да стараннасці і карпатлівасці, культуры дыскусіі, гэтак неабходных даследчыку.
З 1965 года пачалі праводзіцца раз у пяць гадоў навуковыя канферэнцыі гуртка. Канферэнцыя 2010 года, дарэчы, дзесятая па ліку і таксама юбілейная. Па выніках канферэнцый з 1990 года выдаюцца зборнікі артыкулаў. Пераважаючая іх частка належыць гурткоўцам, як тым, хто прайшоў навукова-метадычную загартоўку ў гуртку, так і цяперашнім гурткоўцам. І гэта невыпадкова, таму што многія выпускнікі гуртка звязалі свой далейшы лёс з навукай, працай у навуковых і вышэйшых навучальных установах горада, вобласці і краіны. Гэта Касцюк М.П., Крэнь І.П., Міхнюк У.М., Коўкель І.І., Паўлючэнка Н.У., Працэнка В.Э., Белавусава А.В., Вербава К.У., Кобрынец П.М., Ягорычаў У.Я., Марозава С.В., Бадзюкова Т.А., Усцюгава А.Г., Беспамятных М.Н., Фёдараў І.А., Соркіна І.В., Белазаровіч В.А., Сілава С.У., Сабалеўская В.А., Сіткевіч С.А., Ступакевіч М.А., Загідулін А.М., Гецэвіч А.К., Борка А.І., Макрушыч А.М. і многія іншыя.
Выпускнікі гуртка занялі сваё пачэснае месца ў самых розных сферах жыцця нашага горада, вобласці і краіны. Яны працуюць у адукацыйных установах: дырэктарамі школ - Каршакоўскі Г., Прысяч А., настаўнікамі - Сурага Т., Нямера В., Шурупава А., Моніч Ю. і інш.; у архівах - дырэктар Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі ў г.Гродна Афанасьева Т., загадчык архіва ГрДУ Кандрашова С., якая доўгі час узначальвала Дзяржаўны архіў Гродзенскай вобласці; у музеях - дырэктар Рэспубліканскага музея гісторыі рэлігіі Карнілава Л., намеснік дырэктара па навуковай рабоце Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея Царук В., былы дырэктар гэтага музея Салаўёва А., навуковыя супрацоўнікі Вашкевіч А., Казак Т., Барташэвіч А. і інш.
Пасля Я.Н.Мараша яго справу дастойна працягваў прафесар Крэнь І.П. Яму дапамагалі прафесары Коўкель І.І., Марозава С.В., дацэнты Паўлючэнка Н.У., Івашчанка Н.А. З успамінаў Ірыны Прысяч: "Я вельмі ўдзячна кіраўнікам гуртка прафесарам І.П.Крэню і С.В.Марозавай за абуджэнне ў студэнтаў-гісторыкаў зацікаўленасці да больш глыбокіх і грунтоўных даследаванняў мінулага Гродна і Гродзеншчыны; да вывучэння помнікаў старажытнасці і гістарычных каранёў і традыцый нашага народа; за авалоданне метадалогіяй навуковага пазнання; за крытычны падыход, дапамогу і навуковыя кансультацыі, якія я атрымала калі рабіла самыя першыя спробы самастойных даследаванняў. Той цудоўны гістарычны, навуковы, тэарэтычны і практычны скарб, які я атрымала за гады ўдзелу ў рабоце гуртка, тыя веды і навыкі застануцца са мной на ўсё жыццё" [3, с.24].
Важным звязуючым звяном у дзейнасці гуртка з'яўляюцца старасты і сакратары, якія заставілі ў яго гісторыі свой значны след. Першым з іх быў С.Фаменка, затым у розныя гады К.Вербава, В.Царук, У.Міхнюк, М.Беспамятных, В.Нямера, Л.Коўкель, В.Белазаровіч, С.Сіткевіч, С.Салей, В.Сабалеўская, А.Загідулін, А.Борка, С.Марозаў, І.Страх, А.Шыдлоўскі.
Сённяшняе пакаленне гурткоўцаў з гонарам працягвае навукова-даследчыцкія традыцыі сваіх папярэднікаў. У сучаснай дзейнасці гуртка захаваліся самыя лепшыя традыцыі мінулага і ўспрыняты павевы новага часу.
Адным з галоўных накірункаў работы гуртка па-ранейшаму застаецца краязнаўчы. Гурткоўцы з'яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі краязнаўчых канферэнцый і семінараў, якія праходзяць як на базе нашага факультэта, так і іншых навучальных і культурна-асветніцкіх устаноў горада і вобласці. На пасяджэннях гуртка заслухваюцца цікавыя паведамленні і прэзентацыі краязнаўчага зместу, тэматыка якіх часам выходзіць за межы Гродзеншчыны. Сярод іх можна вызначыць выступленні А.Весялухі "Друя і яе ваколіцы", А.Бруйло "Татары на Іўеўшчыне", А.Шыдлоўскага "Кобрын: гісторыка-культурная спадчына" і г.д. можна Своеасаблівымі лідэрамі у накірунку краязнаўчых даследаванняў з'яўляюцца выпускнік гуртка, а цяпер аспірант кафедры ўсеагульнай гісторыі Занеўскі С., артыкулы якога пастаянна з'яўляюцца на старонках газеты "Гродзенская праўда", а таксама ўтрымліваюцца ў зборніках краязнаўчых канферэнцый, якія былі праведзены ва ўсіх раёнах Гродзенскай вобласці; гуртковец С.Раманаў, які ўжо мае шэраг публікацый па гісторыі Свіслаччыны ў мясцовых перыядычных выданнях.
Вялікая ўвага надаецца ўдзелу сябраў гуртка ў навуковых студэнцкіх форумах рознага ўзроўню. Хочацца асабліва выдзеліць супрацоўніцтва з Мінскімі духоўнымі школамі ў Жыровічах. На працягу 2007-2008 гадоў гурткоўцы сумесна з навучэнцамі гэтых школ правялі навукова-практычныя семінары, прысвечаныя праблемам гісторыі Праваслаўнай царквы на Беларусі XVI-XX ст.ст. і прадставілі 15 дакладаў. Напрыканцы 2009 года прынялі ўдзел у семінары студэнтаў ВНУ краіны "Подых вечнасці ў лёсе маёй Беларусі", які праходзіў у Жыровічах. Сярод іншых канферэнцый, у якіх актыўны ўдзел за апошнія гады прынялі гурткоўцы, трэба назваць наступныя: "Гродна і гродзенцы: дзевяць стагоддзяў гісторыі", "Гарады Беларусі ў кантэксце палітыкі, эканомікі, культуры", "Хрысціянства ў гістарычным лёсе беларускага народа", "Вялікая Айчынная вайна ў гістарычнай памяці беларусаў", "Грамадскія рухі і палітычныя партыі ў Беларусі" і г.д. Кожны год традыцыйна вылучаецца асобная секцыя гуртка ў межах "Тыдня навукі" на факультэце гісторыі і сацыялогіі. Актыўны ўдзел у гэтых мерапрыемствах прымалі У.Буцько, А.Фіронава, Дз.Чарняк, А.Іванчык, А.Горны, С.Раманаў, П.Сарока, А.Шыдлоўскі і інш.
За апошнія пяць гадоў пашырылася і геаграфія ўдзелу гурткоўцаў навуковых мерапрыемствах. 23 лютага 2008 года на базе факультэта адбыўся міжнародны "круглы стол" на тэму "Халакост на Беларусі", якому папярэднічала сумесная праца студэнтаў факультэта і гуртка са студэнтамі Еўрапейскага універсітэта Віядрына (Франкфурт-на-Одары). Асабліва вызначыліся ў такім супрацоўніцтве гурткоўцы У.Буцько, А.Горны, М.Петраўскас. У 2009-2010 гадах А.Весялуха, А.Болван, С.Раманаў, В.Грышко і А.Горны прадставілі сваі даклады на міжнародных канферэнцыях у Кракаве і Лодзі.
Даволі актыўнае і ўнутрыфакультэцкае жыццё гуртка. На яго пасяджэннях выступаюць вядучыя яго выкладчыкі і навукоўцы, якія дзеляцца сваім вопытам і новымі навуковымі здабыткамі. На базе нашага студэнцкага навуковага аб'яднання актыўна праходзяць прэзентацыі кніг гродзенскіх гісторыкаў і краязнаўцаў - С.А.Піваварчыка, В.В.Шведа, В.М.Чарапіцы, А.П.Госцева. Падчас такіх сустрэч гурткоўцы актыўна задаюць аўтарам хвалюючыя іх пытанні, а часам выказваюць і некаторыя крытычныя заўвагі. Больш таго, спецыяльна для сябраў гуртка правялі свой "майстар-клас" такія "мэтры" айчыннай гісторыі, як акадэмік М.П.Касцюк, прафесар З.Шыбека, Г.Сагановіч і інш. З красавіка 2009 года намаганнямі гурткоўцаў на факультэце было праведзена некалькі вечарын, прысвечаных знакамітым і малавядомым асобам нашай гісторыі і культуры.
Пашырэнню нашых ведаў пра гісторыка-культурную спадчыну краіны і Гродзеншчыны садзейнічаў шэраг краязнаўчых экскурсій, якія прайшлі ў апошнія гады. Гурткоўцы сталі бадай што першымі наведвальнікамі экспазіцыі музея ў Брыгіцкім касцёле, якую стварыў пробашч касцёла кс. Антоній Грэмза. Таксама адбыліся экскурсіі ў музей-аптэку, Фарны і Бернардынскі касцёлы, музей МНС, музей гімназіі №1 імя Я.Карскага; пасяджэнні гуртка праходзілі ў Аддзеле рэдкай кнігі і старадрукаў Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея. Напрыканцы мая 2009 года адбылася выязная краязнаўчая экскурсія па маршруту Гродна-Астрына-Старыя Васілішкі-Васілішкі-Касценёва-Жалудок-Галавічполье-Шчучын-Гродна.
Вялікая навукова-даследчая і выхаваўчая праца гісторыка-краязнаўчага гуртка пры кафедры гісторыі Беларусі ГрДУ была заўважана кіраўніцтвам краіны. У 2007 годзе Спецыяльны фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў узнагародзіў гурток Ганаровым дыпломам і адпаведна аказаў фінансавую падтрымку (10 млн. рублёў). Безумоўна, што такая ўзнагарода з'яўляецца вынікам таленту і працы гурткоўцаў усіх пакаленняў.
Знамянальным для гуртка стаў снежань 2008 - студзень 2009 года: былі прыняты назва гуртка - "НіКа" - і зацверджаны герб гуртка; адпаведныя змяненні былі ўнесены ў Статут гуртка; назву "НіКа" атрымала і газета, якая выходзіла з 2001 года пад назвай "Гурт"; былі выпрацаваны ўнутры структуры гуртка тры асноўных накірункі яго дзейнасці і ўсталяваны склад рады ў адпаведнасці з імі.
Ці ёсць яшчэ ў нашай краіне гурток з 55-гадовай гісторыяй? Можна адказаць адназначна - не! Таму для кожнага цяперашняга гурткоўца - гэта вялікі гонар і вялікая адказнасць. Адказнасць перад сваімі папярэднікамі, якія праклалі такую доўгую жыццёвую сцяжынку гуртка сваім талентам і працай. Вялікі гонар, таму што яны, трапляючы на сляды сваіх папярэднікаў, ідуць наперад і таксама сваім талентам і працай жывяць дзейнасць гуртка.
Спіс крыніц і літаратуры
1. Архіў Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы. Аддзел кадраў. Асабістыя справы выпускнікоў факультэта гісторыі і сацыялогіі. Т.1. - Л.254; Т.2 - Л.325; Т.6. - Л.358.
2. Дзяржаўны архіў Гродзенскай вобласці (далей: ДАГВ).-Ф.991.-Воп.1.- Спр.283.-Арк.1,4. План работы кафедры истории, политэкономии и философии Гродненского педагогического института на 1-е полугодие 1954-1955 учебного года.
3. Здзяйсненне мары апантаных: матэрыялы рэсп. навук. канф., прысвеч. 50-годдзю студ. навук.-даследч. гіст.-краязн. Гуртка /Гродз. дзярж. ун-т; пад рэд. І.П.Крэня, С.В.Марозавай. - Гродна: ГрДУ, 2006. - 148 с.
4. Мараш,Я.Н. Студенческий научно-исследовательский кружок /Я.Н.Мараш. - Мн.:Выш. школа, 1976.-128 с.
5. Мараш,Я.Н. Студенческий научно-исследовательский кружок /Я.Н.Мараш. - Мн.:Университетское, 1989.-134 с.
6. Научно-исследовательский кружок и историческое краеведение //Материалы VI науч.-практ. конф., посвященной 35-летию историко-краеведческого кружка при кафедре истории БССР Гродненского государственного университета имени Я.Купалы, состоявшейся 27 апреля 1990 г./сост. доктор исторических наук профессор Мараш Я.Н. - Гродно, 1990. - 88 с.
Іван Платонавіч Крэнь, кандыдат гістарычных навук, прафесар, ганаровы прафесар ГрДУ імя Я.Купалы, заслужаны работнік адукацыі РБ.
Наталля Альбертаўна Івашчанка, кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры гісторыі Беларусі ГрДУ імя Я.Купалы; навуковыя інтарэсы звязаныя з гістарычным краязнаўствам і рэгіяналістыкай.
УДК 930(476.6)
С.В. Марозава (Гродна)
НАВУКОВА-ПЕДАГАГІЧНАЯ ШКОЛА
ПРАФЕСАРА Я.Н.МАРАША
Статья посвящена научной биографии ученого и педагога Я.Н.Мараша, созданию и деятельности сформированной им научной школы исследования конфессиональной истории Беларуси.
Сёння ў Беларусі існуюць дзве моцныя навуковыя гістарычныя школы: мінская і гродзенская. Гродзенская школа гісторыкаў заявіла аб сабе ў 1990-я г., калі суверэнная Рэспубліка Беларусь актыўна пераасэнсоўвала сваю мінуўшчыну на аснове нацыянальна-дзяржаўнай канцэпцыі, хоць фарміравацца гэта школа пачала намнога раней.
Інтэлектуальным ядром гродзенскай школы з'яўляецца факультэт гісторыі і сацыялогіі Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы. Заснаваны ў 1954 г. з мэтай падрыхтоўкі выкладчыкаў гісторыі для сярэдніх школ, факультэт з часам стаў буйным цэнтрам развіцця гістарычнай навукі Беларусі, трэцім па значэнню пасля Інстытута гісторыі Акадэміі навук БССР і гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Больш за поўстагоддзя тут нараджаюцца высокакваліфікаваныя кадры педагогаў і вучоных, якія нясуць наступным пакаленням святло гістарычнай навукі, даследуюць багатую і самабытную гісторыю беларускага народа.
Гродзенская школа гісторыкаў ўзнікла не раптоўна і не на пустым месцы. Прайшлі дзесяцігоддзі, перш чым дала плён навукова-педагагічная праца тых выкладчыкаў-даследчыкаў, якія стаялі ля вытокаў гістарычнага факультэта. Вялікую ролю ў фарміраванні школы адыграў узгадаваны класічнымі Віленскім і Львоўскім універсітэтамі вучоны і педагог Якаў Навумавіч Мараш (1917 - 1990 гг. - чалавек энцыклапедычных ведаў, нястомнай энергіі і вялікай працаздольнасці.
Ён нарадзіўся і атрымаў сярэднюю адукацыю ў Гродна. Восенню 1936 г. стаў студэнтам гісторыка-філалагічнага факультэта Віленскага універсітэта, які аднак пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР быў закрыты. Таму апошні курс вучыўся на гістарычным факультэце Львоўскага ўніверсітэта імя Івана Франко, дзе ў 1940 г. атрымаў дыплом выкладчыка гісторыі і накіраванне на педагагічную працу ў Валынскую вобласць. Там у Ківярэцкай сярэдняй школе выкладаў гісторыю і Канстытуцыю СССР.
Аднак у чэрвені 1941 г. малады выкладчык разам з патокам бежанцаў апынуўся ў Саратаўскай вобласці, дзе ў час Вялікай Айчыннай вайны настаўнічаў у адной з вясковых школ. У 1945 г. па запрашэнню Гродзенскага аблвыканкама ён вярнуўся ў родны горад і быў прызначаны дырэктарам сярэдняй школы № 2. У 1946 г. яго запрасілі ў Гродзенскі педагагічны інстытут выкладчыкам гісторыі і лацінскай мовы. Так ён назаўжды звязаў сваё жыццё з гэтай навучальнай установай.
Новая хваля сталінскіх рэпрэсій супраць інтэлігенцыі, якая пачалася ў 1946 г., не абмінула Якава Навумавіча. Ён быў абвінавачаны ў метадалагічных памылках у выкладанні асобных гістарычных падзей. Аднак негледзячы на ўсе намаганні праціўнікаў, яго, кваліфікаванага педагога, пакінулі-такі ў інстытуце з-за недахопу кадраў. З тых падзей выкладчык зразумеў, што не варта разлічваць толькі на вязенне, але трэба заявіць пра сябе ў навуковай сферы.
Кола навуковых інтарэсаў гэтага чалавека было шырокае: методыка выкладання гісторыі, гістарычнае краязнаўства Гродзеншчыны, але найбольш цікавіла гісторыя каталіцкай царквы на Беларусі ў XVI - XVIII ст. [1] і пытанні гісторыі рэлігійна-філасофскага вальнадумства ў Беларусі. У 1954 г. Я.Н.Мараш абараніў у вучоным савеце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта кандыдацкую дысертацыю на тэму "Агрэсія каталіцызма і Ватыкана ў Літве і ў Беларусі ў канцы XVI - пачатку XVII ст." [12]. Але прысваення вучонага звання дацэнта яму давялося чакаць шэсць гадоў.
У 1955 г. Я.Н.Мараш стаў працаваць старшым выкладчыкам, у 1956 г. - дацэнтам кафедры гісторыі толькі што заснаванага гістарычнага факультэта. Кажуць, што ён доўга насіў і моцна цаніў акадэмічны знак Львоўскага ўніверсітэта. Яму было даручана чытаць гісторыю старажытнага свету. Лекцыі ён чытаў спакойна, удумліва і разважліва. Гэты чалавек, хоць і меў складаны лёс, прайшоў няпросты шлях у навуку, але быў надзвычай чулы і добры, тактоўны і прынцыповы ў адносінах з калегамі. Свой прыродны талент і рознабаковыя здольнасці ён прысвяціў самаадданаму служэнню навукова-педагагічнай справе. У 1955 г. заснаваў студэнцкі навуковы гісторыка-краязнаўчы гурток, які з часам стаў візітнай карткай гістарычнага факультэта.
У 1968 г. Я.Н.Мараш падаў да абароны ў Вучоны савет Беларускага дзяржаўнага універсітэта доктарскую дысертацыю "Очерки истории экспансии католической церкви в Белоруссии (1569 - 1795 гг.)" [13]. У ёй, акрамя іншага, на падставе гістарычных крыніц абгрунтоўвалася тэза, што заключэнне Брэсцкай царкоўнай уніі 1596 г. і стварэнне ў Беларусі уніяцкай царквы мела аб'ектыўныя прычыны. Абарона дысертацыі праходзіла ў рэзкіх дыскусіях, апаненты абвінавачвалі спашукальніка ў адыходзе ад марксісцка-ленінскай метадалогіі [23, с. 64]. Яму было прапанавана вярнуцца да абароны пасля апублікавання манаграфіі.
На мяжы 1960-х - 1970-х гг. Я.Н.Мараш выдаў 3 манаграфіі: "Из истории борьбы народных масс Белоруссии против экспансии католической церкви" [[15]] , "Ватикан и католическая церковь в Белоруссии (1569 - 1795)" [14], "Очерки истории экспансии католической церкви в Белоруссии XVIII в." [16]. Гэтымі працамі ён атрымаў прызнанне ў БССР, СССР і за мяжой (напыклад, у Германскай дэмакратычнай рэспубліцы) як буйны даследчык гісторыі каталіцкай царквы ў Беларусі ў XVI - XVIII ст.
У 1969 г. вучоны абіраецца на пасаду прафесара кафедры гісторыі СССР, выконвае абавязкі дэкана гістарычнага факультэта, а ў 1970 - 1973 гг. працуе дэканам гісторыка-педагагічнага факультэта. У 1973 г. Я.Н.Мараш атрымаў вучоную ступень доктара гістарычных навук, у наступным годзе - званне прафесара. З 1978 г. прафесар узначальваў кафедру гісторыі СССР і БССР, з 1981 па 1987 гг. - кафедру гісторыі БССР.
Памёр у 1990 г., пакінуўшы пасля сябе вялікую навуковую спадчыну: 20 манаграфій і навучальных дапаможнікаў, больш за 50 брашур і каля 500 артыкулаў [4, с. 319]. У канцы ХХ ст. у гістарыяграфіі змяніліся канцэптуальныя падыходы да трактоўкі гісторыі рэлігіі і царквы ў Беларусі, але працы Я.Н.Мараша грунтоўнасцю распрацоўкі пастаўленых пытанняў і багаццем крыніцавай базы сталі з'явай беларускай савецкай гістарыяграфіі ў галіне канфесійнай праблематыкі.
Канфесійная гісторыя Беларусі, спачатку - сфера асабістых навуковых інтарэсаў Я.Н.Мараша, з цягам часу стала навуковай традыцыяй на гістарычным факультэце. На працягу канца 1970-х - першай паловы 1980-х г. ён стварыў тут навуковую школу даследавання кафесійнай гісторыі Беларусі, якую звычайна называюць "школай прафесара Мараша".
Першымі паслядоўнікамі даследчыка сталі яго аспіранткі Т.Б.Блінова і Н.У.Паўлючэнка, якія ў 1979 г. абаранілі падрыхтаваныя пад яго кіраўніцтвам кандыдацкія дысертацыі. Н.У.Паўлючэнка даследавала гісторыю праваслаўнай царквы Беларусі ў пачатку ХХ ст. Дацэнт Т.Б.Блінова пасля выхаду ў свет дзвюх манаграфій [2; 3] стала вядомай у навуковых колах на постсавецкім абшары і за мяжой як буйнейшы беларускі даследчык дзейнасці ордэна езуітаў на Беларусі.
Са стварэннем у 1981 г. кафедры гісторыі Беларусі (да 1991 г. называлася кафедрай гісторыі БССР), якую ўзначаліў прафесар Я.Н.Мараш і на якой праходзілі падрыхтоўку ў аспірантуры, а потым і заставаліся працаваць яго вучні, гісторыка-канфесійная праблематыка на працяглы час стала яе галоўным навуковым прыярытэтам.
У 1980-я г. распрацоўвалі гісторыю уніяцкай (грэка-каталіцкай) царквы Беларусі і абаранілі кандыдацкія дысертацыі гадаванцы Я.Н.Мараша С.В.Палуцкая (Марозава) і І.А.Фёдараў, пры гэтым першая вывучала гістарычную унію 1596 г. [21], другі - неаунію ў Заходняй Беларусі ў 1921 - 1939 гг. [26]. М.М.Ганчароў таксама распрацоўваў заходнебеларускую праблематыку, звязаную з рэлігійнай сферай.
На мяжы 80-х - 90-х г. не заахвочваемая раней у СССР даследчая цікавасць да няпростай і шмат у чым унікальнай канфесійнай гісторыі Беларусі значна ўзрасла ў айчынных і замежных навуковых колах, у грамадстве і не слабее да нашага часу. У 90-я г. у даследчую дзейнасць у межах закладзенай Я.Н.Марашам праблематыкі і метадалогіі ўключылася яго вучаніца С.У.Дэйкалава (Сілава).
Так за годам год фарміравалася школа прафесара Мараша даследавання канфесійнай гісторыі Беларусі як адзін з моцных навуковых напрамкаў гродзенскай школы гісторыкаў. Аснову школы Я.Н.Мараша склалі 9 навукова-педагагічных работнікаў кафедры гісторыі Беларусі - даследчыкаў айчыннай канфесійнай гісторыі: Я.Н.Мараш, Т.Б.Блінова, Н.У.Паўлючэнка, С.В.Морозова, І.А.Фёдараў, М.М.Ганчароў, С.У. Сілава, Э.С.Ярмусік, А.М.Загідулін (чацвёра з іх і сёння працуюць на кафедры), а сама кафедра стала яе інтэлектуальным ядром.
У 2000-х гг. на кафедры гісторыі Беларусі фарміруецца ўжо трэцяе пакаленне даследчыкаў канфесійнай гісторыі - «вучні вучняў» прафесара Я.Н.Мараша: абаронены 4 кандыдацкія дысертацыі: "Каталіцкі касцёл на Беларусі ў складзе Расійскай імперыі. 1772 - 1830 гг." (выпускніком факультэта І.Г.Ганчаруком, навуковы кіраўнік - доктар гістарычных навук С.Я.Сяльверстава, вучаніца Я.Н.Мараша) [7], "Деятельность римско-католического костела по сохранению позиций католицизма на территории Беларуси (1864 - 1905 гг.)" (выпускніком аспірантуры пры кафедры А.І.Ганчаром, навуковы кіраўнік - доктар гістарычных навук С.Я.Сяльверстава) [5], "Этнаканфесійная палітыка польскіх улад у Заходняй Беларусі (1921 - 1939 гг.)" (выпускніком аспірантуры А.М.Загідуліным, навуковы кіраўнік - кандыдат гістарычных навук, прафесар І.П.Крэнь) [10], "Дысідэнцкае пытанне на Беларусі ў кантэксце міжнародных адносін (1660 - 1768 гг.)" (аспіранткай Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы Н.А.Поляк, навуковы кіраўнік - доктар гістарычных навук С.В.Марозава) [22].
У гэтым праблемным полі сёння таксама вядуць даследаванні і рыхтуюць кандыдацкія дысертацыі выкладчык-стажор А.Паўшок (навуковы кіраўнік - кандыдат гістарычных навук Э.С.Ярмусік), аспіранты М.Пятраускас, А.Барташэвіч, А.Каламійцаў (навуковы кіраўнік - доктар гістарычных навук С.В.Марозава). Па ёй выконваюцца на кафедры гісторыі Беларусі таксама магістэрскія дысертацыі, шматлікія курсавыя і дыпломныя работы.
2000-я гады далі значны плён у гісторыка-канфесійных даследаваннях, якія вядуцца на кафедры гісторыі Беларусі. Абаронены 2 доктарскія дысертацыі [18; 30; 33], 4 вышэй названыя кандыдацкія, 4 магістэрскія дысертацыі. Выдадзена 8 манаграфій: [2; 6; 9; 19 (20 - рэцэнзія); 24; 25; 31 (8 - рэцэнзія); 32] і 2 вучэбныя дапаможнікі [11; 17]. Нягледзячы на невялікі наклад гэтых кніг, яны аказаліся запатрабаванымі навуковай супольнасцю, царкоўнымі коламі Беларусі і замежжа і зрабілі іх аўтараў пазнавальнымі як спецыялістаў па царкоўна-рэлігійнай гісторыі Беларусі.
Сваімі даследаваннямі навукоўцы кафедры ахопліваюць гісторыю асноўных хрыціянскіх культавых інстытутаў на Беларусі ў ХVI - ХХ ст. і іх ролю ў духоўна-культурным, этнанацыянальным, грамадска-палітычным жыцці беларускага народа і яго дзяржавы. Даследаванне праводзіцца па наступных асноўных напрамках: гісторыя уніяцкай царквы на Беларусі (1596 - 1839 г.), этноканфесійная палітыка польскіх уладаў у Заходняй Беларусі (1921 - 1939 г.), дзейнасць праваслаўнай царквы ў гады Вялікай Айчыннай вайны, становішча рымска-каталіцкага касцёла ў 1939 - 1991 г. Адбываецца перагляд гістарыяграфічнай традыцыі, пошук у архівах нашай і суседніх краін і ўвядзенне ў навуковы ўжытак новых гістарычных крыніц, рэканструкцыя невядомых фактаў, вяртанне ў гістарычную памяць забытых імёнаў, удакладненне ведаў пра ўжо даследаваныя працэсы і з'явы, урэшце, - канцэптуальнае пераасэнсаванне ўсёй канфесійнай гісторыі Беларусі, яе найбольш балючых пытанняў і трывае ўвядзенне яе ў кантэкст грамадзянскай гісторыі краіны. Кафедрай праведзена серыя навуковых канферэнцый "Хрысціянства ў гістарычным лёсе беларускага народа" [27 - 29]. Вынікі навуковых даследаванняў ляглі ў аснову арыгінальных аўтарскіх спецкурсаў: "Хрысціянскія канфесіі на Беларусі ў ХХ ст." (Э.С.Ярмусік), "Праваслаўная царква ў Беларусі ў канцы XVIII - ХХ ст.", "Праваслаўная царква Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны", "Праваслаўная культура Беларусі" (С.У.Сілава), "Берасцейская царкоўная унія 1596 г. ў гісторыі Усходняй Еўропы (канец XVI - ХІХ ст.)" (С.В.Марозава).
Навукова-педагагічная школа прафесара Я.Н.Мараш найбольш вядомая сваімі даследаваннямі ў галіне гісторыі рэлігіі і царквы на Беларусі. Але было бы несправядлівым яе абмежаваць толькі гэтай праблематыкай. Усяго вучоны падрыхтаваў 10 кандыдатаў навук, чацвёра з якіх (Л.Беленькая, Л.Анціпенка, І.Мараш, С.Сяльверстава) распрацоўваюць іншыя праблемы беларускай гісторыі. Але відавочна тое, што большасць вучняў прафесара, якімі бы навуковымі праблемамі яны не займаліся, атрымаўшы ад свайго настаўніка магутную даследчую загартоўку, і сёння актыўна прысутнічаюць у навуцы і ў ёй пазнавальныя.
З канца 1990-х гг. традыцыя гісторыка-канфесійных даследаванняў набыла на гістарычным факультэце новае жыццё і выйшла за межы кафедры гісторыі Беларусі. Цэлая група факультэцкіх выкладчыкаў сёння прафесійна працуе ў гэтым праблемным полі. З цікавасцю бяруцца за яго студэнты і магістранты.
Такім чынам, вучоны і педагог Я.Н.Мараш у сярэдзіне 1950-х г. заклаў на гістарычным факультэце Гродзенскага педагагічнага інстытута традыцыю распрацоўкі беларускай гісторыка-канфесійнай праблематыкі. З канца 1970 - першай паловы 1980-х г. бярэ свой пачатак заснаваная прафесарам навуковая школа даследавання канфесійнай гісторыі Беларусі, і яе тэматыка становіцца адным з даследчых прыярытэтаў кафедры гісторыі Беларусі. З гэтай школы выйшлі 1 доктар і 6 кандыдатаў гістарычных навук, якія ўжо фарміруюць новае пакаленне даследчыкаў гісторыі рэлігіі і царквы ў Беларусі. 2000-я г. узмацнілі аўтарытэт гэтай навуковай школы. Сваімі даследаваннямі вучоныя кафедры ўзбагацілі карціну айчыннай канфесійнай гісторыі, запатрабаваны грамадствам і атрымалі прызнанне ў навуковым свеце.
Спіс крыніц і літаратуры
1. Белозорович, В.А. Концепция католической церкви в работах профессора Я.Н. Мараша // Хрысціянства ў гістарычным лёсе беларускага народа: зб. навук. арт. / М-ва адукацыі Рэсп. Беларусь, ГрДУ імя Я.Купалы, Ін-т гіст. НАНБ; рэдкал.: С.В.Марозава [і інш.]. - Гродна : ГрДУ, 2008. - С. 32 - 36.
2. Блинова Т.Б. Иезуиты в Беларуси. Роль иезуитов в образовании и просвещении / Т.Б.Блинова. - Гродно: ГрГУ, 2002. - 425 с.
3. Блинова, Т.Б. Иезуиты в Белоруссии / Т.Б.Блинова. - Минск: Беларусь, 1990. - 110 с.
4. Выкладчыкі Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы: бібліяграфічны даведнік / Пад рэд. В.М.Чарапіцы. - Гродна: ГрДУ, 1999. - 595 с.
5. Ганчар, А.И. Деятельность римско-католического костела по сохранению позиций католицизма на территории Беларуси (1864 - 1905 гг.): автореф. дис. ... канд. ист. наук: 07.00.02 / А.И. Ганчар; НАН Беларуси. Гос. науч. учреждение «Институт Истории». - Минск: 2007. - 21 с.
6. Ганчар, А.И. Римско-католический костел в Беларуси (1864-1905 гг.): монография / А.И. Ганчар. - Гродно, 2008. - 275 с.
7. Ганчарук, І.Г. Каталіцкі касцёл на Беларусі ў складзе Расійскай імперыі. 1772 - 1830 гг.: автореф. дис. ... канд. ист. наук: 07.00.02 / І.Г. Ганчарук; НАН Беларусі. Дзярж. навук. установа «Інстытут гісторыі». - Мінск: 2005. - 21 с.
8. Дзванкоўскі, Р. Цярпенне і надзеі каталіцкага Касцёла ў Беларусі / Р. Дзванкоўскі // Беларускі гістарычны часопіс. - 2007. - № …. - С. 68 - 70.
9. Загідулін, А.М. Беларускае пытанне ў польскай нацыянальнай і канфесійнай палітыцы ў Заходняй Беларусі (1921 - 1939 гг.): манаграфія. - Гродна: ГрДУ, 2010. - 183 с.
10. Загідулін, А.М. Этнаканфесійная палітыка польскіх улад у Заходняй Беларусі (1921 - 1939 гг.): аўтарэф. дыс. … канд. гіст. навук: 07.00.02 / А.М.Загідулін; …. - Мінск, 2003. - 18 с.
11. Загідулін, А.М. Этнаканфесійная палітыка польскіх улад у Заходняй Беларусі (1921 - 1939 гг.): дапаможнік / А.М.Загідулін. - Гродна: ГрДУ, 2007. - 71 с.
12. Мараш, Я.Н. Агрессия католицизма и Ватикана в Литве и Белоруссии во второй половине ХVІ - начале ХVІІ в.: автореф. дис. … канд.ист.наук: 07.00.02 / Я.Н.Мараш; Бел. гос. ун-т . - Минск., 1954. - 20 с.
13. Мараш, Я.Н. Ватикан и Белоруссия: Очерки истории экспансии католической церкви в Белоруссии (1569-1795): автореф. дис. … докт. ист. наук: 07.00.02 / Я.Н.Мараш; Бел. гос. ун-т. - Минск, 1968. - 48 c.
14. Мараш, Я.Н. Ватикан и католическая церковь в Белоруссии (1569-1795) / Я.Н.Мараш. - Минск: Вышэйшая школа, 1971. - 272 с.
15. Мараш, Я.Н. Из истории борьбы народных масс Белоруссии против экспансии католической церкви / Я.Н.Мараш. - Минск: Вышэйшая школа, 1969. - 220 с.
16. Мараш, Я.Н. Очерки истории экспансии католической церкви в Белоруссии ХVІІІ века / Я.Н.Мараш. - Минск: Вышэйшая школа, 1974. - 288 с.
17. Марозава, С.В. Берасцейская царкоўная унія 1596 г. у беларускай гістарыяграфіі: Вучэбны дапаможнік / С.В.Марозава - Гродна: ГрДУ, 2002. - 132 c.
18. Марозава, С.В. Уніяцкая царква ў этнакультурным развіцці Беларусі (1596-1839 гады): аўтарэф. дыс. …докт. гіст. навук: 07.00.02 / С.В. Марозава; Інстытут гісторыі НАН Беларусі. - Мінск, 2002. - 46 с.
19. Марозава, С.В. Уніяцкая царква ў этнакультурным развіцці Беларусі (1596 - 1839 гады) / С.В.Марозава // Пад навук. рэд. У.М.Конана. - Гродна: ГрДУ, 2001. - 352 с.
20. Падокшын, С.А. С.В.Марозава, Уніяцкая царква ў этнакультурным развіцці Беларусі (1596 - 1839 гады), пад навуковай рэдакцыяй У.М.Конана, Гродна 2001, сс 352 / С.А.Падокшын // Białoruskie Zeszyty Historyczne. - № 17. - Białystok, 2002. - S. 273 - 278.
21. Полуцкая, С.В. Брестская церковная уния 1596 года и борьба народных масс Белоруссии против национально-религиозного гнета (1596 - 1667 гг.): автореф. дис. …канд. ист. наук.: 07.00.02 / С.В.Полуцкая; Белорус. гос. ун-т им. В.И.Ленина. - Минск, 1983. - 24 с.
22. Поляк, Н.А. Дысідэнцкае пытанне на Беларусі ў кантэксце міжнародных адносін (1660 - 1768 гг.): аўтарэф.дыс. …канд. гіст. навук: 07.00.02 / Н.А.Поляк; Беларус. дзярж. пед. ун-т імя М.Танка. - Мінск, 2007. - 18 с .
23. Прафесары Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы. 1940 - 2010: біябібліяграфічны слоўнік / рэдкал.: Я.А.Роўба (адк. рэд.) [і інш.]. - Баранавічы: Ф-л № 1 ААТ "Чырв. зорка", 2010. - 128 с.
24. Силова, С.В. Крестный путь: Белорусская Православная Церковь в период немецкой оккупации 1941 - 1944 гг.) / С.В.Силова. - Мн.: Белорусский экзархат, 2005. - 72 с.
25. Силова, С.В. Православная церковь в Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (1941 - 1945 гг.): Монография / С.В.Силова. - Гродно: ГрГУ, 2003. - 105 с.
26. Федоров, И. О. Униатская политика Ватикана в Западной Беларуси в довоенные годы (1919 - 1939): автореф. дис. … канд. ист. наук: 07.00.02 / И.О. Федоров; Белорус. гос. ун-т им. В.И.Ленина. - Минск, 1985. - 23 с.
27. Хрысціянства у гістарычным лёсе беларускага народа: зб. навук. арт. / М-ва адукацыі Рэсп. Беларусь, ГрДУ імя Я. Купалы, Ін-т гіст НАНБ; рэдкал. С.В. Марозава [і інш.]. - Гродна: ГрДУ, 2008. - 503 с.
28. Хрысціянства ў гістарычным лёсе беларускага народа: зб. навук. арт.: у 2 ч. Ч.1 / ГрДУ імя Я. Купалы; рэдкал.: С.В. Марозава [і інш.]. - Гродна: ГрДУ, 2009. - 385 с.
29. Хрысціянства ў гістарычным лёсе беларускага народа: зб. навук. арт.: у 2 ч. Ч.2 / ГрДУ імя Я. Купалы; рэдкал.: Э.С. Ярмусік [і інш.]. - Гродна: ГрДУ, 2009. - 349 с.
30. Ярмусик Э.С. Католическая Церковь в Беларуси в 1939-1941 гг: ): автореф. дис. …докт. ист. наук: 07.00.02 / Э.Я.Ярмусик; Інститут истории НАН Беларуси. - Минск, 2009. - 46 с.
31. Ярмусик, Э.С. Католический Костёл в Беларуси в 1945-1990 годах: монография / Э.С.Ярмусик. - Гродно: ГрГУ, 2006. - 568 с.
32. Ярмусик, Э.С. Католический Костёл в Беларуси в годы Второй мировой войны (1939 - 1945): монография / Э.С.Ярмусик. - Гродно: ГрГУ, 2002. - 240 с.
33. Marozawa, S. Cerkiew unicka w etnokulturowym rozwoju Białorusi (1596 - 1839) / S. Marozawa // Biuletyn Historii Pogranicza. - № 3. - Białystok, 2002. - S. 47 - 68.
Святлана Валянцінаўна Марозава, доктар гістарычных навук, прафесар, загадчык кафедры гісторыі Беларусі Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы; даследуе гісторыю Брэсцкай царкоўнай уніі 1596 г. і уніяцкай царквы.
УДК 908
А.П. Госцеў (Гродна)
КРАЯЗНАЎСТВА ЯК НАВУКА АЛЬБО ЎВОДЗІНЫ Ў АЗБУКУ КРАЯЗНАЎЦЫ
Определение краеведения как познание родного края дополняется приоритетностью в этом процессе самопознания с выходом на краесозидание, а также философской («инь-ян») и математической («лист Мёбиуса») моделями бытия как совечности материи и информации, диалектической по своей изначальной логике. В связи с этим осмысливается сущность краеведения как науки культурологической, изучающей родной край (согласно краеведческой диаграмме) целостно, через синтез всевозможных научных дисциплин. Такой подход к краеведению оптимизирует процессы воспитания и самовоспитания личности. Приводятся принципы краеведения и даётся представление об «Азбуке краеведа», усвоение которых является необходимым условием успешной самореализации через краеведение. Причём, осознание сущности краеведения как науки и усвоение его принципов является введением в эту «Азбуку».
Калі Фалеса Мілетскага (6 ст.да н.э.) запыталіся: "Што на свеце цяжка?", то ў адказ пачулі: «Спазнаць сябе» [1, с. 65]. За тысячагоддзі, што прайшлі з таго часу, чалавецтва выпрацавала нямала сродкаў самапазнання. Краязнаўства - адно з самых аптымальных спосабаў на гэтым шляху. Толькi спасцiгнуўшы свае ўласныя каранi i вытокi, чалавек здольны знайсцi сваё месца ў жыццi, валодаць сабой, эфектыўна cамаўдасканальвацца i самарэалізоўвацца, аказваць станоўчы ўплыў на iншых. Умоўна гэта рэалізуецца так званым "ствалом радаводнага дрэва":
Папярэчны разрэз "Радаводнага дрэва» |
Прадольны разрэз "Радаводнага дрэва» |
Я |
Спалучэнне самапазнання з пазнаннем роднага краю ёмка і прыгожа зазначыў А.С. Пушкін: "Два чувства дивно близки нам - /В них обретает сердце пищу -/ Любовь к родному пепелищу, /Любовь к отеческим гробам. /На этом зиждется от века, /По воле Бога самого, /Самостоянье человека ,/Залог величия его" [2, с. 245; 3]. Такім чынам, асэнсаванне распаўсюджанага разумення краязнаўства як ведання роднага краю [8, с. 7] з дапамогай нашых вялікіх папярэднікаў выводзіць на наступнае: краязнаўства як навука складаецца з дзвух асноўных частак: веданне самога сябе (самапазнанне) і веданне свайго краю (прычым кожная частка мае неад'емны ствараючы кампанент: "самастварэнне" = самавыхаванне і краестварэнне). А ўсё разам з'яўляецца неабходным момантам самарэалізацыі асобы.
Актыўная дзейнасць асобы па самапазнанню і пазнанню роднага краю выходзіць на рэгіяналістыку. А гэта значна шырэй за рэгіянальную ці лакальную гісторыю. Тут справа тычыцца культуралогіі ў дачыненні да канкрэтнага краю, бо па сённяшняй сістэматызацыі навук краязнаўства адносіцца да прыкладной культуралогіі [11, с. 247]. У шырокiм сэнсе пад краязнаўствам разумеецца комплекснае даследаванне краю як нейкай цэласнасцi .
Краязнаўства як сінтэз навук. Метады краязнаўства. Асноўныя метады краязнаўча-даследчай працы: сінтэз інфармацыі з максімальна магчымай колькасці разнастайных крыніц, параўнальны аналiз і пошук аналагаў у лiтаратуры. Інтэграцыя ведаў - метадычная сутнасць краязнаўства як навукі. Гэты метад выяўляе сваю эфектыўнасць толькі тады, калі свядома выкарыстоўваецца здольнасць інфармацыі інтэгравацца да поўнага супадзення - да рэзанансу. Цэнтральны момант краязнаўчай дзейнасці - як гэта бачна ў "Краязназнаўчай дыяграме" - "факусаванне" энергii разнастайных ведаў. Гэта патрабуе ведання сістэмы дапаможных дысцыплінаў і знаёмства з асновамі семіётыкі. Дапаможныя дысцыпліны: крыніцазнаўства (у тым ліку і археалогія), храналогія, генеалогія і г.д., якія базуюцца на семіётыцы (яна даследуе знак і сімвал з выхадам на міф і міфалогію) - гэта хлеб краязнаўцы. Іх сувязь, як і ў асноўных навук: геаграфіі, гісторыі, філасофіі і г.д., з краязнаўствам двухбаковая.
Эфектыўнасць краязнаўства значна павялiчваецца пры арганічным спалучэннi ведаў (навукi), пачуццяў (мастацтва), веры i эмоцыяў (якiя непарыўна звязаны з навукай, мастацтвам i рэлігіяй). |
Краязнаўчая дыяграма |
Калі спалучыць радаводную ( самапазнанне) і краязнаўчую ( пазнанне роднага краю) дыяграмы, атрымліваецца выхад на краязнаўства як на цэласнае
даследаванне роднага краю. Што як раз адпавядае так званай Гегелеўскай трыядзе - філасофскай сутнасці дыялектыкі Прыроды і дыялектычнага метаду пазнання Прыроды: самапазнанне - тэзіс, краепазнанне - антытэзіс, краязнаўства, як цэласнае даследаванне краю - сінтэз.
Відавочна, што краязнаўства " бярэ" ад канкрэтнай навукі. А што яно ёй " дае"? 1. Канкрэтыку на мясцовым узроўні . Любая навука як сістэма ведаў імкнецца да абагульненняў . І тут, як мінімум, патрэбна тое, што падлягае абагульненню . Напрыклад, для семіётыкі ёсць магчымасць узбагачэння знакавых сістэм ці сэнсавых адценняў таго ці іншага сімвала на мясцовым матэрыяле. 2. Дзякуючы метаду інтэграцыі ведаў краязнаўства "размыкае" вузкае кола любой з гэтых навук , "састыкоўвае" яе з іншымі навукамі і дае імпульс для яе далейшага развіцця. Навуцы гісторыі, напрыклад, краязнаўства, у прыватнасці, дапамагае асэнсаваць дыялектыку факта . Прадмет вывучэння гісторыі - тое, чаго ўжо няма ў наяўнасці, засталіся толькі адбіткі, " сляды падзеі ". Таму факт "як паветра даследчыка" ( Іван Паўлаў ) [10, с. 8] ў гісторыі натуральна падзяляецца на факт аб'ектыўны - факт гісторыі , і факт суб'ектыўны - гісторыі факт ці факт гістарычны [9, с. 19]. Апошні і ёсць " след " ад падзеі, які адлюстраваны ў самых разнастайных крыніцах - рэчавых і пісьмовых. Як толькі краязнавец засяроджваецца на нейкай лакальнай з'яве, што адбылася (нават толькі што), ён сутыкаецца з неабходнасцю адрозніваць факт гісторыі ад факта гістарычнага . У выніку краязнаўства "дапамагае" гісторыі як навуцы набліжаць факт гістарычны да факта гісторыі . Бо гісторыя сама па сабе не ў стане пазбавіцца ад рэгіянальных "белых плямаў". А краязнаўства, дзякуючы свайму метаду інтэграцыі разнастайных ведаў, размыкае адносна вузкія межы гісторыі і асэнсоўвае лакальную падзею з розных бакоў, што ў рэшты рэшт дазваляе рэстаўраваць мінулае з максімальнай даставернасцю. Паколькі творчы і даследчы пошук немагчымы без фантазіі і інтуіцыі , краязнавец ў сваіх навуковых даследаваннях павінен кіравацца дэвізам: " Няхай віецца вакол жалезнай логікі фактаў срэбраная стужка фантазіі!" . Але карыстацца дэвізам трэба ўмела, бо, паводле Альберта Эйнштэйна: любая навуковая тэорыя павінна адпавядаць крытэрыю унутранай дасканаласці (быць прыгожай) і крытэрыю знешняга апраўдання - адпавядаць усёй сукупнасці фактаў.
Прывядзём тут філасофскую мадэль быцця, якая структурна вызначаецца спалучэннем дзвух супрацьлегласцяў матэрыі і інфармацыі ("інь" і "ян" [4]; алегорыя: два пітоны праглынулі адзін аднаго з хвастоў ). А філасофскай мадэлі адпавядае ліст Мёбіўса (прасторавая, замкнёная на самой сябе фігура з аднабаковай паверхняй) [5] , як матэматычная мадэль быцця.
Матэрыя-філасофская катэгорыя для пазначэння рэальнасці, аб'ектыўнай па зместу, суб'ектыўнай па форме, якая праяўляецца ва ўзаемадзеянні (узаемаўспрыманні) сінергетычных сістэмаў. Інфармацыя - філасофская катэгорыя для пазначэння рэальнасці, аб'ектыўнай па форме, суб'ектыўнай па зместу; якая вызначае структуру і дынаміку (паводзіны) сінергетычных сістэмаў [6, с. 38; 7, с. 43]. Менавіта з гэтай нагоды гарадзенскі мастак, педагог і краязнавец Аляксандр Ларыёнаў яшчэ ў 1981 годзе выказаўся так: "Материя и информация совечны».
Мэта краязнаўства і прынцыпы краязнаўства як навукі . Мэта краязнаўства - высвятленне адметнасцяў, своеасаблiвасцяў асобнага рэгiёну разам з выяўленнем таго агульнага, што спалучае гэты рэгiён з усім чалавецтвам і выводзіць яго на ўзровень Сусвету. Гэта дасягаецца праз прынцыпы навуковых даследаванняў : 1. У праявах рэчаiснасцi няма дробязяў, тут усё icтотна , нiшто не павiнна заставацца па-за ўвагай . У сё з усiм узаемазвязана. 2. Любая з'ява разгледжваецца ўсебакова, з разнастайных пунктаў погляду : разнастайнасць - падмурак трываласцi. 3. Даходзiць да сутнасцi, нястомна шукаючы прычыну любой з'явы . 4. Адрознiваць тое, што эпоха думае аб самой сябе, i тое, што яна на самой справе робiць . 5. Улiчваць фактар кантэксту: разумным лiчыцца не той, хто можа разабраць тэкст, а той, хто iнтэрпрэтуе падтэкст . 6. Давер толькi першакрынiцы, на якой бы мове яна нi была створана . Давер не абсалютны ! Трэба ўлічваць суб'ектыўны фактар крыніцы, бо ў ёй "сабраны" не факты гісторыі , а іх "сляды" - гістарычныя факты .
Тое, што тут выкладзена - ўводзіны ў Азбуку краязнаўцы - базавыя ( знакавыя , як літары ў звычайнай азбуцы) веды аб родным горадзе ці роднай мясцовасці: імя горада, яго герб, дата яго заснавання, генеалогія першых гарадзенскіх князёў (у прыватнасці паняцце ізгойства ), асноўныя пласты яго гісторыі і да т.п. Без засваення гэтай Азбукі проста немагчыма адэкватнае спасціжэнне гісторыі, культуры, эканомікі, палітыкі і г.д. роднага краю. Але распрацоўка і засваенне Азбукі краязнаўцы патрабуе асэнсаванага спасціжэння навуковых прынцыпаў і методыкі краязнаўства. Бо на сённяшні дзень, напрыклад, па «літарах» Магдэбургскае права і Герб Гродна не дастаткова фактаў гісторыі і нават гістарычных фактаў : дасюль невядомы сапраўдныя прывілеі Ягайлы, Казіміра і Аляксандра, няма афіцыйнага апісання гербу Горадзена XVI ст. І ўсім нам яшчэ належыць працягнуць працу па стварэнню Азбукі краязнаўцы.
Спіс крыніц і літаратуры
1. Диоген Лаэртский. О жизни, учениях и изречениях знаменитых философов. / Диоген Лаэртский.- М.: Мысль, 1986.- 571 с.
2. Пушкин, А.С. Собрание сочинений в шести томах. Т.2. /А.С. Пушкин.- М.: Правда, 1963.- 495 с.
3. ЗАО «Газета «Новые Известия» [Электронный ресурс] / ЗАО «Газета «Новые Известия».- Москва, 2005. - Режим доступа: http:// newizv.ru/news/2004-07-19/8157/&grade=1. - Дата доступа: 19.07.2004.
4. Инь и ян // Материал из Википедии - свободной энциклопедии (Перенаправлено с Лян-и) [Электронный ресурс] / Инь и ян.- Москва, 2010. - Режим доступа: ru.wikipedia.org/wiki/Лян-и. - Дата доступа: 07.06.2010.
5. Лист Мёбиуса//Материал из Википедии - свободной энциклопедии [Электронный ресурс] / Лист Мёбиуса.- Москва, 2010. - Режим доступа: ru.wikipedia.org/wiki/Лист Мёбиуса. - Дата доступа: 07.06.2010.
6. Госцеў, А. П. Фiласофская мадэль сусвету: педагагiчны аспект /А.П. Госцеў //Тринадцатые республиканские чтения "Великие преобразователи естествознания: П.А. Флоренский" (тезисы докладов, прозвучавших 26 ноября 1997 г. - Минск, 1997.- с.37-39.
7. Госцеў, А. П. Адзіная выхаваўчая прастора і краязнаўства /А. П. Госцеў //Гісторыя: праблемы выкладання.- №3. - 2000.- с.47-62.
8. Госцеў, А. П. Каранi i вытокi, або магчымасцi школьнага краязнаўства /А. П. Госцеў //Мiнулае Гродзеншчыны. Навукова-метадычны дапаможнiк для настаўнiкаў гiсторыi i геаграфii. Вып.5/ Пад рэд. Смаленчука А.Ф. - Гродна: ГАIПКПКРСА, 1998.- с.3-31.
9. Госцеў, А. П. Калі быў заснаваны горад Гродна і якое ён меў імя ў летапісны перыяд (матэрыялы для метадычнай распрацоўкі краязнаўчых заняткаў) /А. П. Госцеў //Мiнулае Гродзеншчыны. Выпуск 9. Навукова-метадычны дапаможнiк для настаўнiкаў гiсторыi i геаграфii /пад рэд. В.В.Шведа.- Гродна: Гродзенскi IПК, 2002.- С.17-27.
10. Гродназнаўства. Дапаможнік па курсе «Краязнаўства» для студэнтаў гуманітарных спецыяльнасцяў. / Госцеў А. [і інш.]; пад рэд. В.В. Шведа і В.Р. Карнелюка.- Гродна: ГрГУ, 2009.- 219 с.
11. Флиер, А. Я. Культурологические науки / А. Я. Флиер //Культурология. 20 век. Словарь. - СПБ, 1997. - С. 241-246.
Аляксандр (Алесь) Пятровіч Госцеў (нар. у 1948 г. у Калінінградзе, РФ), краязнавец. Жыве ў Гродне, настаўнік астраноміі і выкладчык факультатыўнага курса «Гродназнаўства» ДУА «Ліцэй №1 г. Гродна", кіраўнік ліцэйскага музея "Гісторыя педагогікі Гарадзеншчыны ХІІ - ХХІ стст.". Аўтар-складальнік "Гродна на старых паштоўках" (1991). Сааўтар кніг: «Кронан. Летапіс горада на Нёмане (1116-1990)» (1993), серыі «Мой горад» (1996, 1997), «Королевский город Гродно», (2006, 2008).
УДК: 94 (476) (092 М.П. КАСЦЮК)
Н.Л. Ягнешка (Гродна)
ВЫПУСКНІК ГІСТАРЫЧНАГА ФАКУЛЬТЭТА
І ГІСТОРЫКА-КРАЯЗНАЎЧАГА ГУРТКА:
МІХАІЛ ПАЎЛАВІЧ КАСЦЮК
Раскрывается жизненный и профессиональный путь одного из видных белорусских ученых-историков М.П. Костюка.
Адным з найбольш вядомых выпускнікоў гістарычнага факультэта і гісторыка-краязнаўчага гуртка Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы з'яўляецца доктар гістарычных навук, прафесар, акадэмік Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі Міхаіл Паўлавіч Касцюк.
Міхаіл Паўлавіч нарадзіўся 26 сакавіка 1940 г. у вёсцы Масцішча Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці ў сялянскай сям'і. Паспяхова скончыў школу, затым Навагрудскае педагагічнае вучылішча. Наваградская зямля, багатая гістарычнымі традыцыямі, аказала значны ўплыў на станаўленне характару і выбар жыццёвага шляху юнака. Неадольным стала імкненне набыць больш грунтоўныя веды па роднай мове, гісторыі Беларусі. У 1958 г. ён паступае на гісторыка-філалагічны факультэт Гродзенскага педагагічнага інстытута праз пяць гадоў атрымлівае дыплом з адзнакай. Інтэлектуальны патэнцыял і арганізатарскія здольнасці маладога спецыяліста, якія праявіліся ў час навучання ў інстытуце, былі рашаючымі пры накіраванні яго на пасаду дырэктара Касадворскай васьмігадовай школы ў в. Баярская Навагрудскага раёна. У 1964 - 1965 гг. М.П. Касцюк праходзіў вайсковую службу. Пасля дэмабілізацыі некаторы час працаваў сакратаром камітэта камсамола Гродзенскага педагагічнага інстытута.
У 1966 г. Міхаіл Паўлавіч звязаў свой лёс з Інстытутам гісторыі Акадэміі Навук БССР, паступіўшы ў снежні ў аспірантуру дадзенай навуковай установы. Настойлівыя пошукі, скрупулёзнае, уважлівае вывучэнне і выкарыстанне архіўных крыніц дазволілі маладому даследчыку пад кіраўніцтвам Івана Сяргеевіча Краўчанкі падрыхтаваць кандыдацкую дысертацыю па складанай праблеме працоўнай актыўнасці калгаснага сялянства Беларусі ў 1933-1940 гг. і паспяхова абараніць яе ў 1969 г.
У 1970 г. перспектыўны малады вучоны быў прызначаны на адказную пасаду вучонага сакратара Інстытута гісторыі АН БССР. У 1975 - 1981 гг. на аналагічную пасаду ён займаў у Інстытуце гісторыі партыі пры ЦК КПБ. У час працы на гэтых пасадах праяўляюцца як выдатныя арганізатарскія здольнасці Міхаіла Паўлавіча, так і лепшыя чалавечыя якасці - добразычлівасць, уважлівыя і чулыя адносіны да сваіх калег па працы.
Міхаіл Паўлавіч працягваў актыўна займацца навукова-даследчай дзейнасцю. Высокая працаздольнасць у спалучэнні з творчым пошукам даюць свой плён, і ў снежні 1979 г. ён паспяхова абараняе доктарскую дысертацыю «Деятельность Компартии Белоруссии по идейно-политическому воспитанию крестьянства в период строительства социализма».
У ліпені 1981 г. малады доктар гістарычных навук вярнуўся на працу ў Інстытут гісторыі АН БССР, дзе стаў намеснікам дырэктара па навуковай рабоце, а ў пачатку 1988 г. - выконваючым абавязкі дырэктара. Добрае веданне людзей, іх праблем і магчымасцей, інтэлігентнасць, шырокі дыяпазон ведаў, уменне выдзеліць галоўнае ў шматграннай працы і давесці пачатае да лагічнага канца прынеслі М.П. Касцюку павагу калектыва. У 1989 − 1999 г. вучоны паспяхова кіраваў навуковым калектывам, спалучаючы арганізацыйна-адміністрацыйную работу з грунтоўнымі і глыбокімі навуковымі даследаваннямі.
На пачатковым этапе навукова-даследчай працы М.П.Касцюка асноўнае месца займалі пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі, у першую чаргу, гісторыя сялянства. У той час з друку выйшлі 4 манаграфіі: «Идейно-политическое воспитание крестьянства. Из опыта работы Компартии Белоруссии в период строительства социализма (1926 - 1937 гг.)» (Минск, 1979), «Победа колхозного строя в Белорусской ССР» (Минск, 1981), «Трудовой вклад крестьянства в победу и упрочение социализма (на материалах БССР)» (Минск, 1986), «Социалистические ценности тружеников села: история, современность, перспективы» (Минск, 1989). Гэтыя працы вызначаюць месца беларускага сялянства ў грамадска-палітычным жыцці рэспублікі, аналізуюць працэс яго пераўтварэння ў адну з асноўных вытворчых сіл на шляху сацыяльна-эканамічных і культурных пераўтварэнняў. Гэтым жа праблемам прысвечаны шэраг напісаных М.П. Касцюком раздзелаў у калектыўных працах, як, напрыклад, «Гісторыя Беларускай ССР» (т. 4).
Вялікую цікавасць навуковай грамадскасці не толькі Беларусі, але і Расіі выклікала манаграфія акадэміка М.П. Касцюка «Бальшавіцкая сістэма ўлады на Беларусі» (Мінск, 2001), перавыдадзеная ў 2002 г. Інстытутам гісторыі Расійскай акадэміі навук. На багатым фактычным матэрыяле аўтар раскрыў сутнасць бальшавіцкай сістэмы кіравання, даследаваў прычыны яе ўзнікнення і механізм функцыянавання, а таксама асаблівасці, характэрныя для Беларусі.
Шырокі дыяпазон ведаў, смелы творчы падыход да разгляду складаных пытанняў гісторыі і ўменне засяродзіць увагу на галоўных аспектах даследуемай праблемы дазволілі вучонаму не толькі ствараць уласныя грунтоўныя манаграфічныя даследаванні, але і на высокім узроўні выступаць у якасці навуковага рэдактара шэрагу выданняў. Так, ён з'яўляўся галоўным рэдактарам і адным з аўтараў «Нарысаў гісторыі Беларусі» у дзвюх частках, якія выйшлі ў 1994 - 1995 гг. Яго пяру належаць звароты да чытача і заключэнне, раздзелы, прысвечаныя аналізу грамадска-палітычнага жыцця Беларусі ў 20 -30-я гады ХХ ст.
Пад кіраўніцтвам М.П. Касцюка падрыхтавана фундаментальная калектыўная праца «Гісторыя сялянства Беларусі». Акрамя гэтага выпушчаны калектыўныя працы «Археалогія Беларусі», «Гісторыя Мінска» (Мінск, 2006), «Беларусь у сацыяльна-эканамічных і грамадска-палітычных працэсах 1946 -2006 гг.» (Мінск, 2007). Яго пяру належаць чатыры параграфы калектыўнай працы «Нарыс гісторыі беларускай дзяржаўнасці», апублікаванай у 2008 г. М.П. Касцюк з'яўляецца галоўным рэдактарам новага акадэмічнага выдання - фундаментальнай шасцітомнай «Гісторыі Беларусі».
Вучоны і арганізатар навукі, ён узбагаціў беларускую гістарыяграфію арыгінальнымі даследаваннямі, якія атрымалі шырокае прызнанне ў навуковым свеце рэспублікі і замежжа. Яго навуковым інтарэсам уласцівы смелы творчы падыход да асвятлення складаных праблем гісторыі, імкненне аб'ектыўна прасачыць агульныя заканамернасці і асаблівасці з мінулага беларускага народа з улікам шматгранных момантаў, якія ўплывалі на гэтыя падзеі. Важнай асаблівасцю творчай дзейнасці М.П. Касцюка з'яўляецца яе шырокі дыяпазон, разнастайнасць і грамадска-палітычная значнасць навуковых даследаванняў. Яго пяру належаць больш за 250 навуковых прац, якія прысвечаны праблемам сацыяльна-эканамічнага, грамадска-палітычнага, культурнага развіцця Беларусі пераважна ХХ ст.; гісторыі сялянства, рабочых, інтэлігенцыі; нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва; грамадска-палітычнага жыцця, ідэалагічным працэсам, развіцця культуры; праблемам гістарыяграфіі, крыніцазнаўства.
Шмат увагі М.П. Касцюк надае падрыхтоўцы кваліфікаваных кадраў, дапамагае іх творчаму росту. Пад яго кіраўніцтвам былі паспяхова абаронены 2 доктарскія і 19 кандыдацкіх дысертацый.
Паспяховая рознабаковая дзейнасць М.П. Касцюка, вялікі ўклад у развіццё гістарычнай навукі атрымалі прызнанне навуковай грамадскасці. У 1989 г. ён быў абраны членам-карэспандэнтам, а ў 1996 г. акадэмікам НАН Беларусі. У 1998 г. М.П. Касцюк абраны акадэмікам Цэнтральнай Еўрапейскай Акадэміі навук і мастацтва. У 1999, 2002, 2005, 2006, 2007 гг. ён быў прызнаны Амерыканскім біяграфічным інстытутам Чалавекам года і ўключаны ў склад Міжнароднага камітэта па прысваенню такога статуса іншым асобам. У 2009 г. быў занесены ў Кнігу славы Навагрудскага раёна.
Ва ўсёй шматграннай творчай дзейнасці акадэміка М.П. Касцюка галоўным з'яўляецца імкненне заўсёды «кіравацца праўдай гісторыі». Незалежна ад таго, на якой пасадзе знаходзіцца Міхаіл Паўлавіч, ён адрозніваецца добразычлівасцю, паважлівымі адносінамі да людзей.
Спіс крыніц і літаратуры
1. Ігнаценка, І. Таленавіты вучоны і арганізатар навукі (Да 60-годдзя з дня нараджэння Міхаіла Паўлавіча Касцюка) / І.Ігнаценка, У.Навіцкі, В.Кушнер // Беларускі гістарычны часопіс. - 2000. - № 1. - С. 41-42.
2. Ігнаценка, І.М. Міхаіл Паўлавіч Касцюк (Да 60-годдзя з дня нараджэння) / І.М. Ігнаценка, У.І. Навіцкі, Л.М. Лыч, Н.У. Васілеўская // Весці НАНБ. Серыя гуман. навук. - 2000. − № 1. - С. 153-154.
3. Каваленя, А. Кіравацца праўдай гісторыі (Да 70-годдзя з дня нараджэння Міхаіла Паўлавіча Касцюка) / А. Каваленя, В. Мазец // Беларускі гістарычны часопіс. - 2010. - № 3. - С. 34-36.
4. Каспер, Ю. Выпускнікі факультэта: Міхаіл Касцюк / Ю. Каспер // Подготовка педагогических и научных кадров историков и развитие исторической науки в Беларуси: материалы респ. науч.-практ. конф., посвящ. 50-летию ист. фак. ГрГУ им. Я. Купалы, Гродно, 30 сент. 2004 г. / Грод. гос. ун-т; под ред. Е.А. Ровбы, А.Н. Нечухрина, И.П. Креня. - Гродно, 2005. - С. 90 -93.
5. Касцюк Міхаіл Паўлавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. - Мінск, 1997. - Т. 4. - С. 143.
6. Корзенко, Г.В. Историки Беларуси в начале ХХI столетия: биобиблиогр. справ. / Г.В. Корзенко. - Минск: Белорус. наука, 2007. - 470 с.
7. Костюк Михаил Павлович // Национальная Академия наук Беларуси. Персональный состав. 1928-2003 / Редкол.: Н.А. Борисевич [и др.]. - 3-е изд., доп. и переработ. - Минск: БелЭН, 2003. - С. 86.
8. Навіцкі, У. «Працы гісторыкаў павінны адпавядаць менталітэту беларускага народа» (Да 65-годдзя з дня нараджэння акадэміка Міхаіла Паўлавіча Касцюка) / У.Навіцкі, Л.Лыч, Н.Васілеўская, В.Мазец // Беларускі гістарычны часопіс. - 2005. − № 3. - С. 53-54.
9. Навіцкі У.І., Лыч Л.М., Васілеўская Н.У., Мазец В.Г. Міхаіл Паўлавіч Касцюк (Да 65-годдзя з дня нараджэння) // Весці НАНБ. Серыя гуман. навук. - 2005. - № 1. - С. 121-123.
10. Национальная Академия наук Беларуси / Члены Академии / Академики / Академик Костюк Михаил Павлович [Электронный ресурс]. - Режим доступа: nasb.gov.by/rus/members/academicians/kostyuk.php. − Дата доступа: 17.03.2009.
11. Смяховіч, М. Творчы даследчык гістарычнай навукі / М. Смяховіч, В. Мазец, М. Несцяровіч // Гісторыя: праблемы выкладання. - 2010. − № 3. - С.60-62.
Наталля Ягнешка, лабарант вучэбна-метадычнага кабінета гісторыі і сацыялогіі ГрДУ імя Я.Купалы, даследуе праблему падрыхтоўкі педагагічных і навуковых кадраў гісторыкаў у РБ у 1990 - 2000-я гады.
УДК 930(476.6):378.4
І.В. Соркіна (Гродна)
ЛАКАЛЬНАЯ ГІСТОРЫЯ Ў ПРАЦАХ ГУРТКОЎЦАЎ КАНЦА 1980-х - ПАЧАТКУ 2000-х ГАДОЎ
В статье приводится краткий обзор исследований локальной истории выпускниками студенческого научно-исследовательского историко-краеведческого кружка при кафедре истории Беларуси ГрГУ имени Янки Купалы. Рассматриваются исследования только тех кружковцев, которые были студентами в конце 1980-х - начале 2000-х годов и которые сегодня не работают на факультете истории и социологии ГрГУ.
Актыўнае развіццё даследаванняў лакальнай гісторыі ў Беларусі стала адметнай з'явай апошніх двух дзесяцігоддзяў. Лакальная гісторыя набывае навуковы характар, паўаматарскае краязнаўства ператвараецца ў прафесійную рэгіяналістыку. Пра гэта сведчыць шэраг прац, выдадзеных у апошнія гады ў Беларусі, дзе мікрагісторыя канкрэтных мясцовасцей створаная на падставе грунтоўнага фундаменту гістарычных крыніц, новых метадалагічных падыходаў, дазваляе выявіць на лакальным узроўні дзеянне працэсаў, што вызначаюць развіццё грамадства на макраўзроўні. Прыкладамі могуць служыць даследаванні пра асобныя гарады: Юры Гардзеева пра Гародню, Захара Шыбека пра Мінск, Ігара Марзалюка пра Магілёў, Алега Дзярновіча і Максіма Макарава пра гарады Падзвіння, Германа Брэгера пра Ашмяншчыну і інш. [1]. Створаныя цікавейшыя гістарычныя нарысы шэрагу мястэчак [2].
Значны ўклад у развіццё лакальнай гісторыі ўносяць і выпускнікі навукова-даследчага гісторыка-краязнаўчага гуртка пры кафедры гісторыі Беларусі ГрДУ імя Я.Купалы. Узгадаем некаторых з іх (наколькі дазволіць аб'ём дадзенага артыкула), апусціўшы інфармацыю пра сённяшніх выкладчыкаў нашага факультэта. Сярод комплексу фактараў, якія паўплывалі на фарміраванне асобаў і накірункаў даследаванняў названых ніжэй гісторыкаў, быў і ўдзел у працы гуртка.
У другой палове 1980-х гг. актывісткаю студэнцкага навуковага таварыства і гісторыка-краязнаўчага гуртка з'яўлялася Ларыса Бандарчук . Пад кіраўніцтвам прафесара Якава Навумавіча Мараша яна займалася даследаваннем гісторыі Скідзеля (дыпломны праект па гэтай праблеме быў абаронены ў 1988 г.). Сёння Ларыса Бандарчук жыве ў Канадзе, рыхтуецца да абароны доктарскай ступені * ва Універсітэце McGill у Манрэале, які ўваходзіць у дзесятку найлепшых універсітэтаў свету.
У прывітальным лісце да ўдзельнікаў канферэнцыі, прысвечанай 55-годдзю студэнцкага гісторыка-краязнаўчага гуртка пры кафедры гісторыі Беларусі ГрДУ імя Янкі Купалы, Ларыса Бандарчук напісала: "Очень радостно сознавать, что кружок продолжает жить, что новые поколения студентов продолжают важное дело, начатое Яковом Наумовичем Марашем. Именно в кружке нам, студентам, были даны первые навыки научно-исследовательской работы. Именно благодаря неустанной поддержке и мудрой помощи Профессора Мараша, я научилась писать статьи, связанные с моим дипломным проектом «Историко-экономический очерк Скиделя». Очень часто и с большой теплотой я вспоминаю нашу Альма Матер, я с гордостью включаю в свое резюме строку об образовании, полученном в Гродненском Университете. За это хочу поблагодарить от всего сердца наших преподавателей и вспомнить теплым словом тех, кого уже нет…».
За межамі Беларусі сёння жыве і працуе вядомая даследчыца лакальнай гісторыі кнігі Лілія Коўкель , якая займалася ў гуртку з 1986 па 1990 гады, была яго старастай. Яна таксама даслала прывітальны ліст да ўдзельнікаў канферэнцыі, у якім адзначыла: «Пра студэнцкія даследчыя працы ведала яшчэ з аповедаў майго бацькі - Коўкеля Івана Іванавіча, які таксама быў гурткоўцам у часы сваёй вучобы ў Гродзенскім педагагічным інстытуце. Як і раней, у 80-я гады XX ст. гуртком кіраваў прафесар Якаў Навумавіч Мараш, які і "выправіў" шмат каго з нас у навуку, а ўсіх гурткоўцаў назаўсёды зацікавіў гістарычным краязнаўствам. Менавіта ў студэнцкія гады мы пазнавалі падставы працы з гістарычнымі крыніцамі, выязджалі ў архівы Беларусі і Літвы, удзельнічалі ў нашых першых студэнцкіх навуковых канферэнцыях».
Шлях у навуку Ліліі Коўкель не быў прамалінeйны. Пасля вучобы ў ГрДУ яна працавала ў Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі ў новаўтвораным Аддзеле рэдкіх кніг і старадрукаў, зацікавілася новай галіной на памежжы гісторыі і іншых дысцыплін - гісторыяй кнігі. Гэта і вызначыла накірунак далейшых даследаванняў. Пасля аспірантуры ў Педагагічнай Акадэміі ў Кракаве і абароны ў 2000 годзе доктарскай дысертацыі па тэме «Прыватныя кнігазборы на Гродзеншчыне і іх лёсы (1795 - 1863)» Ліліі запрапанавалі працу на Факультэце навуковай інфармацыі і бібліятэказнаўства гэтага ВНУ. Сёння яна працуе ў Педагагічным Універсітэце ў Кракаве, кіруе студэнцкім гуртком «Бібліёлаг», даследуе гісторыю кніжнай культуры беларуска-літоўскіх зямель у XIX ст. Па гэтай праблеме выйшлі манаграфія [3] і каля 25 артыкулаў на польскай і беларускай мовах.
З 1987 па 1991 гады гурток наведваў Уладзімір Канановіч , які акрамя ГрДУ імя Я.Купалы, скончыў Цэнтральнаеўрапейскі універсітэт у Будапешце (1996), дзе атрымаў ступень магістра мастацтваў, неаднойчы стажыраваўся ў Францыі па запрашэнню Фонда «Цэнтр навук пра чалавека», а таксама Германіі, Польшчы. З 1991 г. - у Інстытуце гісторыі НАН РБ. У 1997 г. Уладзімір абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму: «Дыпламатыя Вялікага княства Літоўскага ў 1480 - першай чвэрці XVI ст. (Адносіны з Вялікім княствам Маскоўскім і Крымскім ханствам)». Сёння працуе дацэнтам кафедры тэорыі і гісторыі культуры ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя М.Танка. Даследуе палітычную гісторыю ВКЛ, сярэднявечную дыпламатыю, гісторыю ідэй і ўяўленняў у сярэдневякоўі, праблемы гістарычнай антрапалогіі (духоўны свет еўрапейскіх эліт у позняе сярэдневякоўе). Мае больш за 30 навуковых публікацый. Са студэнцкіх гадоў Уладзіміра цікавіць гісторыя роднага Клецка, пабачылі свет некалькі артыкулаў [4], падрыхтаваная да выдання яго кніга пра славутую Клецкую бітву.
У 1990-х гадах сярод гурткоўцаў было сапраўднае сузор'е таленавітых даследчыкаў: Сяргей Данскіх, Віталь Галубовіч, Вольга Сабалеўская, Наталля Сліж, Сяргей Салей, Андрэй Чарнякевіч і іншыя. Сферы іх навуковай зацікаўленасці вельмі розныя.
Кандыдат культуралогіі, дацэнт кафедры культуралогіі ГрДУ Сяргей Данскіх займаецца метадалагічнымі праблемамі рэгіяналістыкі, вывучэннем рэгіянальных культур ва ўмовах глабалізацыі. Сярод шматлікіх навуковых публікацый Сяргея вылучаюцца яго даследаванні па гісторыі Шчучына. Яны характарызуюцца наватарскім падыходам да гістарычна-краязнаўчых даследаванняў: аўтар стварае «дынамічна-экзістэнцыяльна-антрапалагічную» мадэль развіцця Шчучына [5]. Сутнасць свайго метадалагічнага падыходу аўтар патлумачыў наступным чынам. Даследчыка павінны цікавіць не асобныя падзеі, а працэсы, якія абумовілі галоўныя тэндэнцыі ў развіцці мінулага ў яго ўзаемасувязі з сучасным. У гэтым «дынамічнасць» прапанаванага падыходу. Трэба вылучаць і аналізаваць тыя працэсы, якія паўплывалі на сучасны стан паселішча з усімі яго адмоўнымі і станоўчымі рысамі. У гэтым «экзістэнцыяльнасць» прапанаванага падыходу. Толькі такім чынам даследаваная гісторыя становіцца зразумелай, блізкай і роднай для чытача, набывае якасць сапраўды «яго асабістай гісторыі». У гэтым «антрапалагізм» новага падыходу. Гістарычнае развіццё Шчучына Сяргей Данскіх паспрабаваў «раскласці» паводле схемы: дэтэрмінанты - дамінанты - падзеі. Вельмі патрэбнай стала і кніга Сяргея па гісторыі Шчучына, максімальна набліжаная да школьнай праграмы па «Гісторыі Беларусі», што дае магчымасці шырокага яе выкарыстання ў вучэбна-выхаваўчым працэсе адукацыйных устаноў Шчучыншчыны [6].
Лакальная гісторыя знайшла адлюстраванне і ў манаграфіі Сяргея Данскіх, напісанай у сааўтарстве з прафесарам Вячаславам Шведам, у якой даследуецца комплекс пытанняў, звязаных з заходнім рэгіёнам Беларусі ў часы напалеонаўскіх войнаў (1805 - 1815): дэмаграфічныя і гаспадарчыя змены, планы Французскай і Расійскай імперый і іх саюзнікаў у дачыненні да заходнебеларускіх земляў, баявыя дзеянні падчас вайны 1812 года, удзел насельніцтва заходняга рэгіёну Беларусі ў «напалеонаўскай эпапеі» і інш. [7].
Сярод выпускнікоў гуртка ёсць яшчэ адзін кандыдат культуралогіі - Вольга Сабалеўская. У 1996 г. яе дыпломная праца стала лепшай у краіне, атрымаўшы максімальную адзнаку - 100 балаў. У 1999 г. Вольга абараніла кандыдацкую дысертацыю на тэму: «Яўрэі Беларусі ў канцы XVIII - першай палове ХІХ ст.: лад жыцця і культура». Вынікі даследаванняў Вольгі па праблемах гісторыі і культуры яўрэяў Усходняй Еўропы, гістарычнай культуралогіі, міжэтнічных узаемадзеянняў адлюстраваныя ў 60 публікацыях, у тым ліку двух манаграфіях, прысвечаных гісторыі яўрэяў Гродна і Гродзеншчыны [8].
У галіне гендэрных даследаванняў, гісторыі шляхецкай сям'і і шлюбу ў ВКЛ, гісторыі Гродна плённа працуе кандыдат гістарычных навук (2002), дацэнт Беларускага інстытуту правазнаўства Наталля Сліж , аўтарка каля 80 навуковых публікацый, адна з арганізатараў шэрагу міжнародных канферэнцыі і іншых навуковых праектаў, у тым ліку і праекту «Гарадзенскі палімпсест», мэта якога - прачытаць знішчаныя часам і людзьмі старонкі гарадзенскага мінулага [9].
Сяргей Салей , выпускнік гістфака ГрДУ і гуртка пры ім 1995 года, магістр медыявістыкі (Цэнтральна-Еўрапейскі універсітэт, г.Будапешт), старшыня праўлення Гродзенскага абласнога грамадскага аб'яднання маладых навукоўцаў «ВІТ», даследуе палітычную гісторыю Вялікага княства Літоўскага ў другой палове XVI ст. Адна з яго апошніх публікацый па лакальнай гісторыі датычыць адлюстравання гісторыі Гродна на гравюры Адэльгаўзэра/Цюндта [10].
Сацыяльна-палітычнай гісторыяй ВКЛ у канцы XVI - XVII стст. займаецца кандыдат гістарычных навук (2003), дацэнт кафедры грамадскіх навук Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага універсітэта Віталь Галубовіч . Шмат артыкулаў Віталя дазваляюць прасачыць, як на лакальным узроўні праяўлялася дзеянне працэсаў, што адбываліся на макраўзроўні. Да такіх адносіцца, напрыклад, даследаванне пра соймік Гарадзенскага павета ў XVI - XVII стст. [11].
Багатую творчую біяграфію мае выпускнік гуртка 1996 г., кандыдат гістарычных навук (2001), дацэнт кафедры эканамічнай тэорыі ГрДУ імя Я.Купалы Андрэй Чарнякевіч . Сферамі яго навуковай зацікаўленасці з'яўляюцца гісторыя беларускага нацыянальнага руху, у тым ліку на Гродзеншчыне; польска-беларускія адносіны; гісторыя Гродна ў 1919 - 1939 гг.; гісторыя гарадской тапанімікі; гістарыяграфія праваслаўнай царквы на Беларусі. Андрэй з'яўляецца аўтарам і сааўтарам некалькіх дзесяткаў публікацый, у тым ліку шэрагу кніг [12]. У 2003 г. пабачыў свет складзены ім грунтоўны бібліяграфічны даведнік «Постаці беларускага нацыянальнага руху ў Гродне 1909 - 1939 гг.». Андрэй актыўна займаецца асветніцкай дзейнасцю, папулярызацыяй гісторыі Гродна, змяшчае свае артыкулы па краязнаўчай тэматыцы ў мясцовым і рэспубліканскім перыядычным друку, з'яўляецца сааўтарам вучэбнага дапаможніка «Гродназнаўства», гісторыка-архітэктурнага энцыклапедычнага даведніка «Ад Каложы да фартоў», дзе змешчана каля 600 паведамленняў аб гістарычных будынках нашага горада.
Шырокі дыяпазон навуковых інтарэсаў і значныя вынікі навукова-даследчай працы мае і супрацоўнік Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея Андрэй Вашкевіч (у гуртку з 2000 па 2004 г.). Андрэй скончыў аспірантуру пры Інстытуце гісторыі НАН Беларусі (2008), навучаўся ў Вроцлаўскім універсітэце па праграме маладых навукоўцаў. Даследуе гісторыю беларускага хрысціянска-дэмакратычнага руху. Рыхтуецца да абароны кандыдацкай дысертацыі па тэме: «Беларускія хрысціянска-дэмакратычныя партыі і арганізацыі ў міжваеннай Польшчы». У сферу зацікаўленасцяў Андрэя ўваходзяць: гістарычная біяграфістыка (Адам Станкевіч, Пётр Сяўрук, Вінцэнт Гадлеўскі, Вацлаў Пануцэвіч, Сымон Якавюк, Аляксей Карпюк і інш.); этнаканфесійная гісторыя беларуска-літоўска-польскага памежжа; гісторыя беларускага нацыянальна-вызваленчага руху 1920 - 1930-х гг., у тым ліку беларуска-літоўскія палітычныя ўзаемадачыненні ў міжваенныя гады, дзейнасць Беларускай хрысціянскай дэмакратыі ў 1920 - 1930 гг. на тэрыторыі Віленскага краю і ўсёй Заходняй Беларусі.
Андрэй Вашкевіч мае ўжо больш за 60 навуковых і навукова-папулярных публікацый, дзякуючы яму пабачылі свет некалькі кніг [13]. Адным з цікавых даследаванняў лакальнай гісторыі з'яўляецца манаграфія Андрэя Вашкевіча (напісаная ў сааўтарстве з Дзянісам Нарэлем) «Паміж Ласоснай і Чорнай Ганчай: гісторыя каталіцкіх парафій у паўднёва-усходняй частцы Аўгустоўскай пушчы». Тут на прыкладзе Сапоцкінскага краю паказаны працэс масавай дэфармацыі этнічнай свядомасці беларускага насельніцтва, які выразіўся ў замацаванні саманазвы «паляк». Пры ўдзеле Андрэя выйшла напісаная на шырокай крыніцазнаўчай базе праца, прысвечаная 500-гадовай гісторыі Скідзеля. Андрэй Вашкевіч, як і яго сябар Андрэй Чарнякевіч, шмат намаганняў і часу прысвячае нашаму гораду, піша артыкулы па гісторыі Гродна, яго архітэктурнай спадчыны.
Напрыканцы хочацца ўзгадаць адну з важнейшых навінак літаратуры па лакальнай гісторыі, створаную з удзелам былых гурткоўцаў. Выйшла грунтоўная публікацыя па гісторыі нашага горада - спецыяльны выпуск часопіса «ARCHE» (№ 1-2. - 2010. - 721 с.), які названы «Другая Гародня». Даследаванне Наталлі Сліж знаёміць з малавядомымі старонкамі Фарнага (паезуіцкага) касцёла; Вольга Сабалеўская запрашае ў незвычайнае філасофска-гістарычнае падарожжа ў мінулае гарадзенскіх яўрэяў; Андрэй Вашкевіч і Андрэй Чарнякевіч стварылі цікавы нарыс нацыянальна-культурнай трансфармацыі Гродна ў міжваенны перыяд (1919 - 1939 гг.) [14].
Такім чынам, нават кароткі разгляд укладу ў даследаванні лакальнай гісторыі Беларусі гурткоўцаў канца 1980-х - пачатку 2000-х гадоў паказвае, што такія выпускнікі з'яўляюцца гонарам нашага факультэта.
* Тэма доктарскай дысертацыі Ларысы звязаная з гісторыяй рускай літаратуры: "Tolstoy and Medicine: Realist vs. Patient".
Спіс крыніц і літаратуры
1. Гардзееў, Ю. Магдэбургская Гародня (сацыяльная тапаграфія і маёмасныя адносіны ў XVI - XVIII ст.) / Ю.Гардзееў. - Гародня - Wrocіaw, 2008; Шыбека, З. Мінск 100 гадоў таму / З.Шыбека. - Мінск, 2008; Марзалюк, І. Магілёў у ХІІ - XVIII ст./ І.Марзалюк. - Мінск, 1998; Брэгер, Г. Хацюкова. Гісторыя невялікага паселішча. - Мінск, 2001; Макараў, М. Ад пасада да магдэбургіі: прававое становішча насельніцтва местаў Беларускага Падзвіння ў XIV - першай палове XVII ст. / М.Макараў. - Мінск, 2008; і інш.
2. Скобла, М. Дзярэчынскі дыярыюш / М.Скобла. - Мінск, 1999; Камінскі, А. Пад хвалямі Крэўскага мора / А.Камінскі. - Маладэчна, 2002; і інш.
3. Kowkiel, L. Prywatne ksiкgozbiory na Grodzieсszczyџnie w pierwszej poіowie XIX wieku / L.Kowkiel. - Krakуw, 2005.
4. Канановіч, У. Клецкія Радзівілы / У.Канановіч // Беларуская мінуўшчына. - 1994. - № 4.- С. 10 - 14; Канановіч, У. Клецкая бітва 1506 года ў гістарычнай памяці Вялікага Княства Літоўскага XVI ст. / У.Канановіч // Клецк у гісторыі Беларусі. - Мінск, 2007. - С. 68 - 76.
5. Данскіх, С.У. Наш Шчучын / С.У.Данскіх. - Гродна, 2001.
6. Данскіх, С.У. Стагоддзі і падзеі Шчучынскай зямлі. - Баранавічы, 2007.
7. Швед, В., Данскіх, С. Заходні рэгіён Беларусі ў часы напалеонаўскіх войнаў / В.Швед, С.Данскіх. - Гродна, 2006.
8. Сабалеўская, В. Спрадвечныя іншаземцы: старонкі гісторыі гарадзенскіх яўрэяў / В.Сабалеўская. - Гародня, 2000; Соболевская, О., Гончаров, В. Евреи Гродненщины: жизнь до Катастрофы / О.Соболевская, В.Гончаров. - Донецк, 2005.
9. Гарадзенскі палімпсест. ХІІ - ХХ стст. Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі (Горадня, 7 лістапада 2008 г.) / Пад рэдакцыяй А.Ф.Смаленчука, Н.У.Сліж.- Горадня-Беласток, 2008; Гарадзенскі палімпсест. 2009. Дзяржаўныя ўстановы і палітычнае жыццё. ХV - ХХ ст. Пад рэдакцыяй А.Ф.Смаленчука, Н.У.Сліж. - Гародня, 2009.
10. Салей, С. Гравюра Адэльгаўзэра/Цюндта "VERA DESIGNATIO URBIS IN LITTAVIA GRODNAE" як крыніца па гісторыі Гародні: сучасны стан і перспектывы вывучэння / С.Салей. // Гістарыяграфія і крыніцы па гісторыі гарадоў і працэсаў урбанізацыі ў Беларусі: зборнік навуковых артыкулаў / ГрДУ імя Я.Купалы; рэдкал.: В.В.Даніловіч, І.П.Крэнь, І.В.Соркіна, Г.А.Хацкевіч (адк. рэдактары) [і інш.]. - Гродна, 2009. - С. 189 - 194.
11. Галубович, В. Соймик Гарадзенскага павета ў XVI - XVII стст. / В.Галубовіч // Гарадзенскі палімпсест. 2009. Дзяржаўныя ўстановы і палітычнае жыццё. ХV - ХХ ст. Пад рэдакцыяй А.Ф.Смаленчука, Н.У.Сліж. - Гародня, 2009. - С. 152 - 178.
12. Чарнякевіч, А. Гарадзенскія апосталы. Беларускі нацыянальны рух у Гродна ў 1918-1920 гг. / А.Чарнякевіч. - Гродна, 1999; Чарнякевіч, А. Постаці беларускага нацыянальнага руху ў Гродне 1909-1939: біяграфічны даведнік / А.Чарнякевіч / пад рэд. І.Коўкеля. - Мінск, 2003; Ад Каложы да фартоў: гістарычная спадчына Гродна: гісторыка-архітэктурны энцыклапедычны даведнік / Янка Лялевіч, Ігар Трусаў, Андрэй Чарнякевіч. - Мінск, 2008; Чернякевич А., при участии И.Трусова. «Новый Свет» и его окрестности. - Минск, 2009; Кароткі нарыс беларускага пытаньня / Рэдактары: А. Вашкевіч, А. Пашкевіч, А. Чарнякевіч. - Мінск, 2009; Чарнякевіч, А. Паміж грызнёй і барацьбой: беларускі палітычны нацыяналізм у Горадні (канец 1918 - пачатак 1921 г.г. ) / А. Чарнякевіч // Arche. - 2009. - № 3. - С. 329-410; Гродназнаўства: дапам. / А.П. Госцеў [і інш. ]; пад агул. рэд. В.В. Шведа, В.Р. Карнелюка. - Гродна, 2009. (А.Чарнякевіч - С. 132-154); і інш.
13. Вашкевіч, А., Нарэль, Д. Паміж Ласоснай і Чорнай Ганчай: Гісторыя каталіцкіх парафій у паўднёва-усходняй частцы Аўгустоўскай пушчы / А.Вашкевіч, Д.Нарэль. - Мінск, 2006; Сяўрук, П. Небыцця не існуе. Невядомыя старонкі беларускага нацыянальнага руху / П.Сяўрук / Укладанне, уступныя тэксты, каментары А.Вашкевіча, С.Токця. - Гародня - Wrocіaw, 2008; Адам Станкевіч. З богам да Беларусі: Збор твораў. / Укладанне, навуковая рэдактура, прадмова, каментары А.Вашкевіч, А.Пашкевіч. - Вільня, 2008; Скідзель. 500 год гісторыі / І.Барысаў, М.Дзелянкоўскі, А.Вашкевіч, Д.Люцік, Я.Лялевіч, З.Сямашка, С.Токць. - Гродна, 2008; і інш.
14. Сьліж, Н. Лава ў капліцы Маці Божай Студэнцкай у фарным касцёле Гародні / Н.Сліж // ARCHE. - № 1-2. - 2010. - С. 66 - 97; Сабалеўская, В. Габрэйска-хрысьціянскі дыялёг у Гародні. ХІХ - пачатак ХХ стст. / В.Сабалеўская // ARCHE. - № 1-2. - 2010. - С. 120 - 150; Вашкевіч, А., Чарнякевіч А. Польскі Гродна: эвалюцыя гораду ў міжваенны час (1919 - 1939 гг.) / А.Вашкевіч, А.Чарнякевіч // ARCHE. - № 1-2. - 2010. - С. 306 - 384.
Іна Соркіна , кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры гісторыі Беларусі ГрДУ імя Я.Купалы; навуковыя інтарэсы звязаныя з гістарычнай урбаністыкай; даследуе гісторыю мястэчак Беларусі.
УДК 9(476)
П.С. Гедройць, Д.Г. Кіенка, С.А. Піваварчык (Гродна)
З ВОПЫТУ ДЗЕЙНАСЦІ СТУДЭНЦКАГА ТАВАРЫСТВА
ВАЙСКОВАЙ АРХЕАЛОГІІ І ГІСТОРЫІ "РУБОН"
Рассматриваются цель, задачи и направления деятельности студенческого научного общества военной археологии и истории «Рубон», которое действует при кафедре археологии и этнологии ГрГУ имени Янки Купалы.
Адным з эфектыўных шляхоў фармавання спецыялістаў з'яўляецца пазааўдыторная работа студэнтаў у рознага роду гуртках, таварыствах, аб'яднаннях. У мэтах якаснай падрыхтоўкі спецыяліста-гісторыка пры кафедры археалогіі і этналогіі дзейнічае студэнцкае навуковае таварыства вайсковай археалогіі і гісторыі "Рубон". Яго задачы: паглыбіць веды студэнтаў па археалогіі, сусветнай гісторыі і гісторыі Беларусі; азнаёміць з сучаснымі тэхналогіямі і методыкамі археалагічных даследаванняў у Беларусі і за мяжой; пашырыць навыкі працы з архіўнымі і пісьмовымі крыніцамі; спрыяць фармаванню ў студэнтаў пачуцця патрыятызму; актывізаваць намаганні па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі; прымаць актыўны ўдзел у навукова-папулярызатарскай дзейнасці праз удзел у канферэнцыях, выступленні ў айчынных і замежных сродках масавай інфармацыі, супрацоўніцтва з музейнымі ўстановамі.
Адзін з накірункаў дзейнасці таварыства - палявыя даследаванні на тэрыторыі Гродзенскай вобласці. Сябры таварыства даследавалі помнікі Гродзенскай фартыфікацыі - фарты і іншыя збудаванні гродзенскай крэпасці (1887 - 1915 гг.) і доўгачасовыя "кропкі" 68-га гродзенскага ўмацаванага раёна. Не менш увагі было ўдзелена месцам баёў першай і другой сусветных войнаў у Шчучынскім, Мастоўскім, Дзятлаўскім, Гродзенскім, Ваўкавыскім раёнах. Дзякуючы гэтай працы, былі знойдзены рэшткі двух чырвонаармейцаў, загінуўшых у чэрвені 1941 г. і да цяперашняга часу лічыўшыхся прапаўшымі бяз звестак. Нам удалося ўстанавіць прозвішчы загінуўшых і знайсці родзічаў аднаго з іх. У кастрычніку 2003 г. адбылося перазахаванне рэшткаў салдат на могілках у в.Чарлёна. На акцыю перазахавання былі запрошаны сябры "Рубона". У маі 2010 г. сябры таварыства знайшлі рэшткі яшчэ шасці савецкіх салдат, якія загінулі напачатку Вялікай Айчыннай вайны на Аўгустоўскім канале. Інфармацыя перададзена ва Упраўленне па ўвекавечанні памяці загінуўшых Міністэрства абароны РБ. Восенню 2010 г. чакаецца сумесная экспедыцыя з 52-ім спецыялізаваным пошукавым батальёнам МА па эксгумацыі знойдзеных рэшткаў.
У 2008 г. студэнцкае таварыства прымала ўдзел у пошуках базы яўрэйскага партызанскага атрада братоў Бельскіх у Налібоцкай пушчы. Вынікі былі паспяховымі - удалося лакалізаваць месца размяшчэння лагера ў 1942-1944 гг. Знойдзеныя падчас археалагічных даследаванняў артэфакты знайшлі сваё месца ў экспазіцыі музея Навагрудскага гета, а таксама ў музеях ЗША.
Другі важны накірунак нашай дзейнасці - арганізацыя канферэнцый і экспедыцый за межы Гродзеншчыны. У лістападзе 2002 г. таварыства "Рубон" было ініцыятарам і арганізатарам міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай 90-годдзю Гродзенскай крэпасці. У канферэнцыі прынялі ўдзел не толькі студэнты факультэта гісторыі і сацыялогіі, але і вучні ліцэя, гімназіі і некаторых школ г.Гродна.
Вельмі цікавымі і карыснымі атрымаліся экспедыцыі ў Польшчу і Полацк. У першым выпадку, дзякуючы калегам з Таварыства польскіх фартыфікатараў, мы наведалі архітэктурныя комплексы, якія характарызуюць фартыфікацыйныя школы: расійскую (царскую) - крэпасць Асавец і крэпасць Ломжа, польскую - умацаванні 1939 г. у раёне Глініскі-Проміскі, Ганёндз, Візна, Ломжа, Навагруд; савецкую - умацаванні 1940-41 гг. у раёне Ліпска, Вансоша, Кольна і нямецкую, прадстаўленую апорнымі пунктамі Пагранічнай пазіцыі 1940-1941 гг. у раёне Еже, Збуйна, Просткі. У Полацку сябры таварыства наведалі старажытныя помнікі горада і правялі даследаванні Полацкага ўмацаванага раёна. У маі 2010 г. сябры гуртка наведалі музей гета ў Навагрудку і партызанскія мясціны ў Налібоцкай пушчы.
Вынікі сваіх даследаванняў і розную інфармацыю "Рубон" размяшчае на сайце ў Інтэрнеце, які створаны дзякуючы намаганням яго сяброў пры тэхнічнай падтрымцы Адзела інфармацыйных тэхналогій ГрДУ.
Мэты дадзенага праекта наступныя: папулярызацыя гісторыі Беларусі і Гродзенскага рэгіёна; захаванне і выкарыстанне помнікаў вайсковай гісторыі ў выхаваўчай працы з моладзю; публікацыя у Інтэрнеце вынікаў навуковых даследаванняў выкладчыкаў і студэнтаў Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта.
Матэрыялы, размешчаныя на старонках рэсурсу, павінны знайсці сваё практычнае прымяненне ў вывучэнні і захаванні гісторыка-культурных каштоўнасцей на тэрыторыі Гродзеншчыны; у вучэбна-адукацыйным працэсе пры распрацоўкі курсаў і спецкурсаў для студэнтаў ВНУ і ўрокаў у сярэдніх навучальных установах, фарміраванні ў студэнтаў навыкаў і ўменняў навукова-даследчыцкай дзейнасці; музейнай і краязнаўчай працы; у патрыятычным выхаванні моладзі; у навуковых і навукова-папулярных даследаваннях, прысвечаных гістарычным працэсам на тэрыторыі рэгіёна.
Тэматычны матэрыял збіраецца выкладчыкамі кафедры археалогіі, студэнтамі, сябрамі таварыства "Рубон", айчыннымі і замежнымі арганізацыямі і асобнымі спецыялістамі, з якімі "Рубон" падтрымлівае партнёрскія адносіны.
Рэсурс складаецца з асноўных раздзелаў:
Навіны : інфармацыя аб праведзеных мерапрыемствах, пасяджэннях, сустрэчах, паездках.
Персаналія : бібліяграфічныя звесткі аб асобах, якія прымаюць удзел у дзейнасці ў таварыстве «Рубон», а таксама даследчыках, прысвяціўшых свае работы вайсковай гісторыі Гродзенскага рэгіёна.
Публікацыі : навуковыя публікацыі выкладчыкаў і студэнтаў універсітэта, а таксама найбольш цікавыя матэрыялы па вайсковай гісторыі і археалогіі Гродзеншчыны і сумежных тэрыторый.
Фартыфікацыя Гродзеншчыны: эвалюцыя ўнікальнай гістарычнай з'явы - гродзенскай фартыфікацыі ад старажытных форм да фартыфікацыі навейшага часу: старажытныя абарончыя збудаванні (гарадзішчы), сярэднявечныя замкі, фарты гродзенскай крэпасці ХІХ - ХХ стст, вайскова-інжынерныя аб'екты Першай сусветнай вайны, умацаванні 30-х гадоў XX ст. часоў другой Рэчы Паспалітай, збудаванні 68-га Гродзенскага ўмацаванага раёна 1940 - 1941 гг.
Вайсковая гісторыя ў асобах і падзеях: біяграмы ваеначальнікаў розных армій, ураджэнцаў Гродзеншчыны, гісторыя вайсковых адзінак, якія дыслацыраваліся на тэрыторыі Гродзеншчыны ў розныя часы, апісанне знамянальных вайскова-палітычных падзей, звязаных з гісторыяй рэгіёна.
Museum : інфармацыя аб музеях вайскова-гістарычнага накірунку ў Беларусі і рэгіёне, навукова-гістарычныя пашпарты на канкрэтныя прадметы вайскова-археалагічнага характару і навукова-метадычныя рэкамендацыі па пытанням іх аднаўлення, кансервацыі, захаванню і музеяфікацыі.
Я памятую…: публікацыя успамінаў удзельнікаў баявых дзеянняў на Гродзеншчыне з розных крыніц - неапублікаваныя успаміны, запісаныя падчас палявых даследаванняў; успаміны, якія былі апублікаваны ў перыядычным друку, малатыражных выданнях і літаратуры, што стала бібліяграфічнай рэдкасцю; успаміны, якія захоўваюцца ў фондах архіваў і музеяў.
In memoriam: (памяці…): гісторыя войнаў у асобах сваякоў, якія прымалі ўдзел у баявых дзеяннях, сямейная гісторыя.
Картаграфічныя матэрыялы: публікацыя тапаграфічных планаў, карт і схем гарадскіх і сельскіх пасяленняў Гродзеншчыны розных храналагічных перыядаў; значных стратэгічных аперацый на тэрыторыі Гродзеншчыны; асобных тактычных аперацый і баёў, месцаў правядзення экспедыцый і паходаў, турысцкіх маршрутаў вайскова-гістарычнага характару.
Фотагалерэя : фотасправаздачы аб праведзеных мерапрыемствах; фотаздымкі вайскова-гістарычных помнікаў і збудаванняў, тэхнікі, прадметаў вайсковага рыштунку і абмундзіравання; тэматычныя фотавыставы, прысвечаныя памятным гістарычным падзеям.
Пры распрацоўкі Інтэрнет-рэсурсу былі ўлічаны перавагі і недахопы аналагічных праектаў. Аналіз Інтэрнет-старонак па дадзенай тэматыцы паказаў, што сайтаў, прысвечаных вайсковай археалогіі існуе не так многа. У Сеці можна знайсці сайты, прысвечаныя вайсковай археалогіі некаторых асобных рэгіёнаў Расіі, напрыклад: pokln.spedia.net, karel-val.narod.ru - старонка, прысвечаная лініі Манергейма ў Карэліі, klad.hobby.ru/milarch.ru - сайт, які прысвечаны методыцы правядзення пошукавых работ і калекцыяніраванню. Неабходна адзначыць адну агульную для многіх сайтаў характэрную асаблівасць - яны не абнаўляюцца на працягу доўгага часу, таму цікавасць да іх значна зніжаная. Другі важны недахоп - многія сайты не ахопліваюць шырокага кола вайскова-гістарычных накірункаў, узровень сайтаў не дазваляе задаволіць запыты многіх катэгорый карыстальнікаў Інтэрнетам.
Інтэрнет-рэсурс студэнцкага таварыства вайсковай археалогіі і гісторыі "Рубон" з'яўляецца пакуль адзіным у Сусветнай Сетцы, які прадстаўляе дадзеную тэматыку на базе вышэйшай навучальнай установы, таму мае добрую перспектыву развіцця. Аналіз статыстыкі выкарыстання Інтэрнет-рэсурса "Рубона" паказаў, што за 30 дзён ім карыстаюцца у сярэднім наведвальнікі з 16 краін.
Сяргей Піваварчык , доктар гістарычных навук, дацэнт, загадчык кафедрай археалогіі і этналогіі ГрДу імя Янкі Купалы;
Дзмітрый Кіенка , аспірант кафедры археалогіі і этналогіі ГрДу імя Янкі Купалы;
Павел Гедройць , студэнт факультэта гісторыі і сацыялогіі ГрДу імя Янкі Купалы