Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч (3.9.1731-1.12.1826) - беларускі палітычны і царкоўны дзеяч, вучоны-славіст, пісьменнік, мецэнат. Нарадзіўся ў вёсцы Занкі Ваўкавыскага павета Навагрудскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага (цяпер у Свіслацкім раёне Гродзенскай вобласці). Паходзіў ён са шляхецкай сям'і, дзе бацька быў пратэстанцкага, а маці - каталіцкага веравызнання. Быў дзядзькам беларускага пісьменніка-драматурга Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.
Вучыўся ў кальвінісцкай школе ў Кейданах (Літва), пасля чаго непрацяглы час служыў у прускім войску, у гусарскім палку князя Леапольда Анхальт-Дэсау. У 1746 г. стаў студэнтам берлінскай гімназіі, потым штудзіраваў філасофію ў Франкфуртскім універсітэце. Шэсць гадоў жыцця ў Германіі значна пашырылі інтэлектуальны кругагляд вясковага шляхціца. Ён авалодаў некалькімі замежнымі мовамі. У 1751 г., паводле адных звестак, вярнуўся ў родавы маёнтак, паводле другіх, працягваў навучанне ва універсітэтах Амстэрдама, Лондана.
У другой палове 1750-х г. сватаўся да заможнай панны каталіцкага веравызання і нават прыняў яе веру, але шлюб так і не адбыўся. Тады вырашыў зрабіць вайсковую кар'еру і даслужыўся да звання харунжага, а потым і капітана Літоўскай гвардыі. Пасля выхаду ў адстаўку ў 1761 г. працаваў хатнім настаўнікам у князёў Радзівілаў. Адначасова рабіў першыя літаратурна-навуковыя спробы.
Добрае выхаванне, валоданне замежнымі мовамі, абаяльнасць Станіслава прыцягнулі ўвагу віленскага біскупа Ігнація Масальскага, па рэкамендацыі якога ён паступіў у Галоўную школу піяраў у Варшаве. Пасля яе заканчэння ў 1763 г. быў пасвечаны ў духоўны сан і працаваў настаяцелем у Гомелі і Бабруйску, канонікам у Вільні. Разумовыя і маральныя якасці забяспечылі яму хуткую духоўную кар'еру.
Падарожнічаў па Францыі. У 1772 г. сустрэўся ў Вільні з расійскім паслом Сальдэрнам, які пасвяціў яго ў свае планы стварэння каталіцкага біскупства на землях, набытых Расіяй пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай. У 1773 г. па настойлівых рэкамендацыях караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, Ігнація Масальскага і Сальдэрна Богуш-Сестранцэвіч быў прызначаны віленскім біскупам-суфраганам (гэта значыць, без епархіі).
Новы этап кар'еры і грамадскай дзейнасці Станіслава пачаўся з яго візіта ў Пецярбург. Расійская імператрыца Кацярына ІІ прыхільна паставілася да праблем беларускіх католікаў і прызначыла Богуша-Сестранцэвіча біскупам беларускім з рэзідэнцыяй у Магілёве, у 1782 г. - архібіскупам, кіраўніком Магілёўскай каталіцкай епархіі.Умяшанне венцаноснай асобы ў духоўныя справы выклікала канфлікт з папствам, якое прызнала паўнамоцтвы Богуша-Сестранцэвіча толькі праз 3 гады. Кацярына ІІ дамагалася для яго ад папы рымскага нават правоў на знак кардынала. Абапіраючыся на яе падтрымку, магілёўскі архібіскуп процідзейнічаў уплыву Ватыкана на славянскім усходзе і імкнуўся да максімальнай незалежнасці ад папы.
Вясной 1783 г. Богуш-Сестранцэвіч падарожнічаў у свіце Грыгорыя Пацёмкіна ў Крым. З уражанняў ад паездкі нарадзілася вершаваная трагедыя "Гіцыя ў Таўрыдзе" і двухтомная навуковая праца "Гісторыя Таўрыды". У 1793 г. ён выдаў у Магілёве, у заснаванай ім друкарні, сваю гісторыка-краязнаўчую працу "Аб Заходняй Расіі", у якой разглядаў праблему паходжання беларусаў, украінцаў і рускіх.
Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 г.) біскуп Станіслаў распаўсюдзіў сваю юрысдыкцыю на новадалучаныя да Расіі землі. І хоць ён спачуваў паўстанню пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі, Кацярына ІІ аддавала яму ўсё большую перавагу перад езуітамі. Гэтак жа міласціва паставіўся да Богуша-Сестранцэвіча ў пачатку царавання і Павел І: у 1798 г. прызначыў мітрапалітам усіх рымска-каталіцкіх цэркваў Расійскай імперыі, узвёў у званне камандора Вялікага Крыжа св. Іаана Іерусалімскага. Папа рымскі прызнаў за мітрапалітам права на знак кардынальскай годнасці (права насіць пурпуровае кардынальскае адзенне, акрамя шапкі), чаго дамагалася для Богуша-Сестранцэвіча яшчэ Кацярына ІІ.
Мітрапаліт быў праціўнікам езуітаў. Пад іх уплывам неўраўнаважаны Павел І у 1800 г. выслаў яго з Санкт-Пецярбурга. Але праз год, ужо пры Аляксандры І, ён вярнуўся, быў прызначаны старшынёй Духоўнай рымска-каталіцкай калегіі і папскім прымасам і з 1801 г. да канца сваіх дзён жыў у Пецярбургу.
Высокія рангі і саны ў царкоўнай іерархіі не перашкаджалі мітрапаліту быць прыхільнікам ідэй гуманізму і асветніцтва, выступаць супраць разумовага прыгнёту і схаластыцы ў навуцы. Свой аўтарытэт, высокія пасады і сродкі часта выкарыстоўваў на пашырэнне асветы. Спрыяў адкрыццю школ на Беларусі, развіццю кнігавыдавецкай справы. Заснаваў друкарню ў Магілёве. За час дзеяння (1774-1797 г.) у ёй было выдадзена больш за 50 назваў кніг.
Богуш-Сестранцэвіч быў шырока адукаваным чалавекам, апекаваўся навукай і сам працаваў у галіне гісторыі, філалогіі, медыцыны і інш. Займаўся даследаваннем многіх гуманітарных праблем. Аўтар навуковых прац "Аб Заходняй Расіі" (Магілёў, 1793 г.), "Гісторыя Таўрыды" (Брауншвейг, 1800; рускі пераклад СПб., 1806), чатырохтомнай "Гісторыі сарматаў і славян" (СПб., 1812), "Даследаванне аб паходжанні рускага народа" (СПб., 1818), "Літоўская граматыка" (мелася на ўвазе граматыка беларускай мовы; не выдадзена) і інш. Мітрапаліт-творца пакінуў таксама дзённік.
Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч выбіраўся членам Расійскай акадэміі навук, Маскоўскага універсітэта, Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі, таварыства сяброў навук у Рызе, Лонданскага сельскагаспадарчага таварыства, Кракаўскага навуковага таварыства. З 1813 г. - прэзідэнт Вольнага эканамічнага таварыства. Быў членам яшчэ многіх навуковых і літаратурных таварыстваў. Працы мітрапаліта публікаваліся таксама ў расійскай і польскай прэсе. Акрамя таго, ён пісаў вершы, драматычныя творы, казанні і іншыя дыдактычныя працы. Пераклаў з еўрапейскіх моў і выдаў значную колькасць твораў. Захапляўся вывучэннем помнікаў старажытнасці, збіраў манускрыпты. Спадчыну С.Богуш-Сестранцэвіча часткова выдаў у 1872 г. А.Вярыга-Дарэўскі.
Быў мецэнатам: заснаваў стыпендыі для бедных юнакоў і дзяўчат, завяшчаў для гімназіі ўласны дом у Пецярбургу, аказваў фінансавую падтрымку Таварыству дабрачыннасці ў Вільні, членам якога з'яўляўся. За свой кошт пабудаваў у Пецярбургу касцёл св. Станіслава, у якім і быў пахаваны ў 1826 г.