Міжнародная навуковая канферэнцыя "Насілле ўлады супраць свабоды сумлення рэпрэсіўная палітыка Савецкай дзяржавы супраць хрысціянскіх цэркваў і веруючых (ідэйныя асновы, механізм рэалізацыі, гістарычныя наступствы (Кіеў)
Рэпрэсіраваная царква
Украінская грэка-каталіцкая царква (УГКЦ, да 1774 г. называлася уніяцкай царквой) - буйнейшая ў свеце каталіцкая царква ўсходняй традыцыі. Яна прызнае асноўныя каталіцкія догматы і духоўную ўладу папы рымскага пры захаванні праваслаўнага богаслужэння і абрадаў і карыстаецца ўкраінскай мовай. Узнікла на аснове праваслаўнай царквы ў выніку заключэння ў 1596 г. паўнамоцнымі прадстаўнікамі кіраўніцтва Кіеўскай мітраполіі з папствам Берасцейскай уніі.
На працягу ХVII-XVIII ст. уніяцкая царква істотна пацясніла пазіцыі "мацнейшых" рэлігій (праваслаўя і рыма-каталіцызма) і стала важным фактарам грамадска-палітычнага і духоўна-культурнага жыцця беларускіх і ўкраінскіх зямель. Напярэдадні падзелаў Рэчы Паспалітай яна мела на тэрыторыі Украіны, Беларусі, Літвы і Польшчы 8 епархій з 9300 парафіямі, 10300 святарамі, 4,5 мільёнамі вернікаў і 172 кляштары з 1458 манахамі, ў той час як праваслаўная царква мела толькі 2 епархіі (мітрапалічая і Беларуская) з 400 парафіямі, 54 манастырамі і 0,5 млн. паствы [1, с. 50-51]. На тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага ў канцы ХVIII ст. пражывала, па падліках літоўскіх даследчыкаў, прыблізна 39% уніятаў (ад агульнай колькасці насельніцтва), 38 % католікаў, 6,5 % праваслаўных, 4 % старавераў, 1,6% пратэстантаў [2, с. 5].
У 1772-1795 г. уніяцкая царква апынуліся пад расійскай, аўстрыйскай і прускай уладамі. У 1794-1795, 1839 і 1875 г. яна была ліквідавана на тэрыторыі адпаведна Украіны, Беларусі і Польшчы, што апынулася пад панаваннем дому Раманавых. Уніяты аказалі тады масавы супраціў знішчэнню іх царквы. У 1874 г. у вёсках Дрэлёва і Пратулін (Холмская епархія) былі растраляны сяляне, якія абаранялі свае храмы ад пераварочвання ў пануючую веру.
Пасля ліквідацыі уніяцкай царквы ў Расійскай імперыі яна засталася толькі на тэрыторыі Заходняй Украіны, што апынулася пад уладай Габсбургаў (Пярэмышльская, Львоўская і частка Холмскай епархіі). Там яна атрымала роўныя правы з рымска-каталіцкай царквой і ў ХІХ - пачатку ХХ ст. паспрыяла "нацыянальнаму выспяванню" ўкраінцаў. У 1910 г. ва Усходняй Галіцыі пражывала амаль 3,3 млн. грэка-католікаў, што складала 61,7 % ад агульнай колькасці насельніцтва.
Амаль паўвекавая дзейнасць рашучага рэфарматара мітрапаліта Андрэя Шаптыцкага (1900-1944) як ніколі да таго аздаравіла і ўзмацніла царкву, спрыяла фарміраванню ідэалогіі нацыянальнай кансалідацыі ўкраінскага народа і дзяржаватварэння. А.Шаптыцкі спыніў працэс лацінізацыі (упадаблення да рыма-каталіцызма).
Са смерцю А.Шаптыцкага, які карыстаўся вялікім аўтарытэтам на Украіне, у час вайны асуджаў крывавыя злачынствы фашысцкіх улад (у 1942 г. звярнуўся да самога Гітлера з рэзкім асуджэннем знішчэння яўрэяў), распачалася масіраваная атака на УГКЦ з боку партыйных і дзяржаўных савецкіх структур, якія выкарысталі ў сваіх мэтах кіраўніцтва Рускай праваслаўнай царквы. Знішчаючы адну няўгодную ёй царкву, савецкая ўлада яшчэ й перасварыла хрысціян Заходняй Украіны паміж сабой.
У 40-80-я г. УГКЦ, якая займала антысавецкія і антыкамуністычныя пазіцыі, перажыла драматычны перыяд сваёй гісторыі. Зімой 1944-1945 г. пачалася кампанія яе шальмавання, дыскрэдытацыі яе гісторыі. Ватыкан, якому падпарадкоўвалася царква, падаваўся цэнтрам антысавецкага шпіёнства і агітацыі. 11 красавіка 1945 г. у СССР былі арыштаваны ўсе іерархі УГКЦ. Пазней, абвінавачаныя ў супрацоўніцтве з фашысцкімі акупантамі, яны былі замучаны у камерах пытак НКУС або прыгавораны да шматгадовага турэмнага зняволеня. Сам мітрапаліт Іосіф Сліпы адбыў 18 гадоў у турме і высылцы ў Сібіры. На працягу 1945 г. падвергліся арышту многія царкоўныя кіраўнікі, святары, багасловы.
Гэта адкрыла магчымасць "Ініцыятыўнай групе" на чале з Гаўрылам Касцельнікам, прызнанай савецкай уладай паўнамоцным органам абезгалоўленай УГКЦ, падрыхтаваць скасаванне уніі на Украіне і падпарадкаваць УГКЦ Маскоўскаму патрыярхату. Большасць шэраговых святароў пад ціскам, пагрозамі і ідэалагічнай апрацоўкай вымушаны былі даць на гэта згоду. Арганізаваны па ўказанню Сталіна 8-10 сакавіка 1946 г. Львоўскі царкоўны сабор "павярнуў кола гісторыі" - пастанавіў ануляваць Брэсцкую унію, разарваць сувязь з Рымам і ўвайсці ў склад Рускай праваслаўнай царквы. У распараджэнне РПЦ было перададзена амаль 3000 прыходаў.
Пераход на праваслаўе тады афіцыйна падпісала 1111 святароў. Многія пайшлі на гэта з-за боязі высылкі ў савецкія лагеры. Але засталося прыкладна поўмільёна грэка-католікаў. На тых, хто не прызнаў саборныя рашэнні, абрынуліся рэпрэсіі. Верныя уніі святары і вернікі пачалі праводзіць катакомбнае рэлігійнае жыццё і душпастырства. Прыкладна 200 святароў пайшлі ў падполле. Украінская інтэлігенцыя ў значнай колькасці салідарызавалася з катакомбнай царквой. Грамадскай жа думцы была прадстаўлена версія самаліквідацыі УГКЦ.
Нягледзячы на пераслед, УГКЦ змагла зберагчы сваю іерархічную структуру, святарскі корпус і адданасць вернікаў. У эміграцыі яна дзейнічала адкрыта, развівалася і аказвала дапамогу аднаверцам на Украіне.
Пасля смерці Сталіна, па амністыі 1955 г., у Заходнюю Украіну вярнулася некалькі соцень грэка-каталіцкіх святароў і 2 епіскапы, якія прайшлі праз суды, турмы і лагеры. Большасць з іх уключылася ў тайнае дышпастырства. На працягу 1955-1970 г. епіскапы тайна пасвяцілі сабе пераемнікаў і каля 300 грэка-каталіцкіх святароў, якія дзейнічалі неафіцыйна.
Па хадайніцтву папы рымскага Іаана ХХІІІ у 1963 г. быў вызвалены са зняволення і выехаў у Рым, дзе атрымаў званне кардынала, мітрапаліт Іосіф Сліпый, пасля чаго актывізавалася дзейнасць замежных асяродкаў УГКЦ. У 70-я г. на Украіне пачалі раздавацца галасы на карысць легалізацыі УГКЦ. У 1983 г. сабраныя з усяго свету на сабор у Рыме грэка-каталіцкія епіскапы прызналі неправамоцнымі пастановы Львоўскага сабора, які адобрыў рашэнне пра самаліквідацыю УГКЦ. У 1985 г. пераемнік І.Сліпага мітрапаліт Міраслаў Любачыўскі ў радыёзвароце заклікаў сусветную грамадскасць стаць на абарону вернікаў - прыхільнікаў УГКЦ.
Атэізацыя, арышты і дэпартацыя зменшылі колькасць паслядоўнікаў УГКЦ. З пачаткам перабудовы яна пачала дзейнічаць адкрыта. Ватыкан выставіў патрабаванне, што легалізацыя УГКЦ з'яўляецца ўмовай нармалізацыі адносін папства з Масквой. Паразуменне паміж кіраўніком СССР М.Гарбачовым і Янам Паўлам ІІ у снежні 1989 г. адкрыла шлях да легалізацыі і развіцця УГКЦ.
У пачатку 1990-х г. яна цалкам выйшла з падполля і запатрабавала вярнуць усе храмы і маёмасць, у яе забраныя, што прывяло да міжканфесійнай канфрантацыі на Украіне. Тады царква мела 4-5 мільёнаў вернікаў У 1993 г. яна аднавіла сваю епархіяльную структуру і іерархію. У 1990 г. дэпутаты Львоўскага абласнога савета на сваім пасяджэнні прызналі незаконнымі і амаральнымі дзейнасць органаў улады на тэрыторыі Львоўскай вобласці па ліквідацыі УГКЦ у 1946 г. і пераследу яе вернікаў і духавенства. Нармалізацыі жыцця УГКЦ паспрыяў сабор 1992 г. у Львове, на якім ішоў пошук новых форм дзейнасці царквы ў незалежнай Украіне. Святкаванне 400-годдзя Берасцейскай царкоўнай уніі прыцягнула ўвагу сусветнай грамадскасці да УГКЦ і ў кантэксце сучаснага экуменічнага руху набыло міжародную вагу. Усё гэта, разам узятае, абудзіла цікавасць навуковых колаў да гісторыі УГКЦ.
***
Гадавіне значнай, але сумнай падзеі ўкраінскай гісторыі, якой з'яўляецца ліквідацыя ў 1946 г. грэка-каталіцкай царквы, была прысвечана міжнародная навуковая канферэнцыя "Насілле ўлады супраць свабоды сумлення: рэпрэсіўная палітыка Савецкай дзяржавы супраць хрысціянскіх цэркваў і веруючых (ідэйныя асновы, механізм рэалізацыі, гістарычныя наступствы)", што нядаўна адбылася ў Кіеве. Яе ладзілі Нацыянальны універсітэт "Кіева-Магілянская Акадэмія" (Кіеў) і Украінскі каталіцкі універсітэт (Львоў). Канферэнцыя адбывалася ў адным з будынкаў знакамітай Кіева-Магілянскай акадэміі, заснаванай у першай палове ХVII праваслаўным кіеўскім мітрапалітам Пятром Магілай. Сённяшнія магілянцы з гонарам гавораць пра сваю ўстанову: "Час хуткаплынны, а Кіева-Магілянская акадэмія вечная".
Арганізатары канферэнцыі ставілі яе галоўнай задачай высвятленне гістарычнай абумоўленасці царкоўна-дзяржаўных узаемаадносін у мінулым, што абярнуліся брутальнай знявагай свабоды сумлення і жорсткім пераследам за веру, трагічныя наступствы якіх адчуваюцца і сёння.
Да ўдзелу ў канферэнцыі былі запрошаны вядомыя гісторыкі, багасловы, філосафы і палітолагі, а таксама прадстаўнікі Цэркваў (архімандрыт Сяргей Гаек, харкаўскі архіепіскап Ігар Ісачэнка, мітрапаліт Любамір Гузар і інш.), палітыкі і дзяржаўныя службоўцы. Яны прадстаўлялі чатыры краіны: Украіну, Беларусь, Расію і Польшчу. Разам са слухачамі - людзьмі, зацікаўленымі ў тым, каб грамадскае і духоўнае жыццё ва Украінскай дзяржаве грунтавалася на падмурках праўды і справядлівасці, а трагедыя мінулага ніколі не паўтарылася, - колькасць удзельнікаў канферэнцыі складала да 80-100 чалавек.
На працягу двух дзён яны слухалі і абмяркоўвалі даклады, якіх было прачытана 24. Секцый на канферэнцыі не было. Прайшло 5 сесій: 1) Рэлігійныя аспекты дзяржаўнай палітыкі царскай Расіі на Украіне; 2) Ліквідацыя уніі на ўкраінска-беларускіх землях пасля падзелаў Рэчы Паспалітай; 3) Атэістычная ідэалогія і барацьба таталітарнага рэжыму з рэлігіяй у 1917-1939 г.; 4) Савецкая рэлігійная палітыка на Украіне падчас Другой сусветнай вайны; 5) Дзяржаўная "ліківідацыя" уніі ў Галічыне і Закарпацці ў 1946-1949 г.
На сесіі заслухоўвалася па 3-4 рэфераты, а потым адбывалася іх зацікаўленае абмеркаванне. Дыскусію "заводзілі" папярэдне "замоўленыя" па кожнай праблеме "навуковыя правакатары" з ліку вядомых даследчыкаў канфесійнай гісторыі. Потым у ёй удзельнічалі ўсе жадаючыя. "Утаймаваць" разыйшоўшыхся дыскутантаў кожны раз, як трэба было завяршаць сесію, з'яўлялася справай нялёгкай.
Грунтоўныя даклады расійскіх даследчыкаў - Алены Беляковай з Масквы і Міхаіла Шкароўскага з Санкт-Пецярбурга - раскрылі той прававы і палітычны фон, на якім адбывалася ліквідацыя грэка-каталіцкай царквы адпаведна ў ХІХ ст. ў Расійскай імперыі і ў ХХ ст. у СССР.
Інкарпараваная ў дзяржаўную сістэму Расійскай імперыі і выконваўшая шэраг ускладзеных на яе задач, праваслаўная царква, як адзначала А.Белякова, выпрацавала досвед барацьбы супраць заканадаўча непрызнаных імперскай уладай цэркваў на стараабрадцах. Як і стараабрадніцтва, уніяцтва разглядалася царызмам народнай верай. Ва уніятах афіцыйны Пецярбург бачыў не самастойную царкву, а падманутых, "отторженных" ад праваслаўя, і па праву гаспадара ў сваёй дзяржаве лічыў неабходным уніяцкую царкву знішчыць, далучыўшы яе або да праваслаўнай царквы, або да рыма-каталіцкай. Асноўная роля ў ганеннях на уніятаў належала чыноўнікам Міністэрства ўнутраных спраў, якія з рэлігіяй нічога агульнага не мелі і якія з 1827 г. сталі радзіць справамі уніятаў. Непрызнанне юрыдычнага статуса уніяцкай царквы грунтавалася на непрыязні да гэтай канфесіі. Асаблівая ўвага, паводле даследчыцы, была ўдзелена фарміраванню добранадзейнага духавенства. З'явіліся тры градацыі святароў: добранадзейныя, пакорныя і сумнеўныя. Нязгода ўз'яднацца разглядалася як непакора начальству. Пакуль у Пецярбургу "изображали" мірнае "безмятежное торжество" ўз'яднання, турмы Украіны і Беларусі папаўняліся арыштантамі. Народную стойкасць у абароне веры падтрымлівала інтэлігенцыя. Дакладчыца згадала знакамітага юрыста А.Ф.Коні, які назваў афіцыйна створаную бачнасць добраахвотнасці і масавасці уз'яднання уніятаў "административным миражом", за якім стаяла насілле. Савецкая свабода сумлення, па словах А.Беляковай, пераўтварылася ў гэткі ж адміністрацыйны міраж, за якім стаяў крывавы пераслед.
Цікавыя падлікі, факты і назіранні з іх прагучалі ў выступленні вядомага вучонага Мар'яна Радвана. Даследуючы стаўленне царскай улады да рыма-каталіцкай царквы ў так званых заходніх губернях, ён устанавіў імёны 800 каталіцкіх святароў, высланых адтуль у Сібір на працягу 1863-1870 г. Тады ж былі зачынены 202 касцёлы. Адной са стратэгічных ліній урадавай палітыкі вучоны назваў паралізацыю дзейнасці вышэйшай іерархіі, куды прызначалі старых, слабых і недзеяздольных асоб, якім было лёгка навязваць сваю волю. Царскі ўрад правільна разлічыў - трэба ўдарыць там, дзе пазіцыі рыма-каталіцкай царквы былі найбольш моцныя. Такой была Віленская епархія, кіраўнікоў якой увесь час заключалі ў турмы, высылалі.
Рэфераты даследчыкаў Ігара Скочыляса са Львова "Падзенне Калоса: культурныя і палітычныя абставіны "хуткай" ліквідацыі уніі на Падоллі ў канцы XVIII ст." і Алы Кірыдон з Палтавы "Украінская праваслаўная царква (1921-1936) у кантэксце дзяржаўна-царкоўных адносін у Савецкай Украіне" выклікалі асаблівую цікавасць удзельнікаў канферэнцыі акцэнтам на тэарэтыка-метадалагічныя падыходы да асвятлення праблемы.
Ад Беларусі з дакладам выступаў аўтар гэтых радкоў, які расказаў пра прычыны, механізмы ліквідацыі уніяцкай царквы на Беларусі ў 1780-1839 г. і рэакцыю на яе грамадства.
Савецкая ўлада, як адзначалася на канферэнцыі, унаследавала механізмы сваёй рэпрэсіўнай палітыкі ад царскага рэжыму і ў 20-30-я г. ХХ ст. апрабіравала іх на ўсіх без выключэння цэрквах і іх верніках: на праваслаўных, католіках, пратэстантах і інш. Некалькі пакаленняў людзей былі пазбаўлены свабоды веравызнання, што прывяло да згасання векавых традыцый веры, прагрэсіруючай бездухоўнасці і дэмаралізацыі грамадства.
Высокая ступень рэлігійнасці і нацыянальнай свядомасці насельніцтва далучаных у 1939 г. да СССР тэрыторый, як падкрэсліў у сваім дакладзе даследчык Аляксандр Лысенка з Кіева, непакоіла Крэмль - ён зведваў страх перад непараўнальна мацнейшым праціўнікам, якім была Царква. Уладзе не ўдалося хутка расхістаць УГКЦ, якая карысталася аўтарытэтам, мела падтрымку інтэлігенцыі. Тады вырашылі выкарыстаць "метад Аляксандра Македонскага".
На канферэнцыі аналізаваліся прычыны ліквідацыі УГКЦ, сярод якіх называліся яе нацыянальны характар, апазіцыйнасць існуючаму рэжым і альтэрнатыўнасць таталітарнай ідэалогіі, падпарадкаванасць Ватыкану.
Сярод праслуханых на канферэнцыі рэфератаў, з якіх адзін здаваўся цікавейшы за другі, мяне найбольш уразіла выступленне даследчыка з Пецярбурга, аўтара шэрагу кніг па праблематыцы канферэнцыі Міхаіла Шкароўскага "Ганенні на Рускую Праваслаўную Царкву і Украінскую Грэка-Каталіцкую Царкву ў кантэксце савецкай рэлігійнай палітыкі другой паловы 40-х гадоў ХХ ст.".
Пярэдадзень Вялікай Айчыннай вайны, як адзначаў дакладчык, вызначаўся ганеннямі савецкай улады на ўсе канфесіі і спыненнем іх легальнага існавання. Разам з тым меў месца моцны царкоўны супраціў. Адраджэнне рэлігійнага жыцця на акупаванай фашыстамі тэрыторыі паўплывала на змену савецкай палітыкі адносна Царквы. Прыкладна з сярэдзіны 1942 г. наступае адліга, якая, аднак, закранула, не ўсе Цэрквы.
Вясной 1943 г., пасля значных перамог у вайне, калі Сталін пачаў распрацоўваць планы перадзелу свету, ён карэнным чынам змяніў адносіны да царквы. Паводле М.Шкароўскага, ён выношваў планы зацвярджэння першынства Маскоўскага патрыярхата ў праваслаўным свеце, стварэння "маскоўскага Ватыкана". З восені 1943 г., пасля прыёму яе іерархаў Сталіным, Маскоўская пытрыярхія актывізавалася. Але яе выкарыстанне ў знешнепалітычных планах Сталіна, якое нярэдка насіла авантурны характар, было нядоўгім. З канца 40-х г. "благоволение" Сталіна да Маскоўскага патрыярхата закончылася. Ад палітыкі асцярожнага прызнання РПЦ ён пераходзіць да палітыкі яе выцяснення з усіх сфер жыцця. Зноў пачаліся рэпрэсіі, новы віток якіх прайшоўся на хрушчоўскі час.
Ахвярай той камуністычнай палітыкі стала УГКЦ. Новадалучаныя да СССР у 1939 г. тэрыторыі, як падкрэсліў у сваім дакладзе даследчык Аляксандр Лысенка з Кіева, характарызаваліся высокай ступенню рэлігійнасці і нацыянальнай свядомасці насельніцтва. Крэмль не выпускаў з поля зроку рэлігійнага жыцця на гэтых тэрыторыях. Ён зведваў страх перад непараўнальна мацнейшым праціўнікам, якой была Царква. У планах Сталіна ператварэння РПЦ у дзяржаўную Царкву УГКЦ была асуджана на знішчэнне. Высокі маральны аўтарытэт грэка-каталіцкай Царквы не дазволіў уладзе хутка яе расхістаць. Існавала моцная пагроза масавага супраціву духавенства і веруючых. Тады быў выкарыстаны "метад Аляксандра Македонскага".
На канферэнцыі былі ўсебакова разгледжаны абставіны афіцыйнай ліквідацыі савецкай уладай Украінскай грэка-каталіцкай царквы. Агаворвалася роля ў тых падзеях Сталіна і старшыні Савета народных камісараў Украінскай ССР Хрушчова. Была звернутая ўвага на неабходнасць урэшце адкінуць гістарычныя фальсіфікацыі пра добраахвотнасць "уз'яднання" грэка-католікаў Украіны і гераізм Ініцыятыўнай групы Г.Касцельніка. Разглядаўся працэс руйнавання структур УГКЦ.
Абмяркоўваліся мадэлі паводзін людзей, якім прыйшлося выбіраць паміж адмовы ад сваёй веры і асуджэннем за "контррэвалюцыйную дзейнасць". Адзначалася, што дзяржава ставіла людзей у сітуацыю, у якой ім не было выбару, а на афіцыйным узроўні сцвярджалася, што гэта іх выбар.
Гісторыя ліквідацыі УГКЦ разглядалася як найперш гісторыя мужнага супраціву, нязломнасці духа і вялікай сілы веры, якая была адзінай зброяй соцен безыменных пакутнікаў за веру і спаведнікаў грэка-каталіцкай веры. Такім чынам, даследаванне праблемы набыло на канферэнцыі новае гучанне - адбыўся выхад на антрапалагічны падыход.
У працэсе работы канферэнцыі ў навуковы абарот быў уключаны каласальны эмпірычны матэрыял, да таго ж грунтоўна інтэрпрэтаваны. Праблематыку высвятлялі з розных гістарычных перспектыў, а на круглым стале "Досвед гісторыі і праблемы ды перспектывы дзяржаўна-царкоўных адносін на Украіне", які завяршаў канферэнцыю, - з погляду сучаснасці: з дзяржаўна-палітычнага, юрыдычна-прававога пункту погляду, зыходзячы з грамадскай і царкоўнай перспектывы. Шмат гаварылася пра ўрокі, якія трэба зрабіць з мінулага.
Спроба ўдзельнікаў канферэнцыі разглядзець падзеі 1946 г. у шырокім гістарычным кантэксце і разабрацца ў механізмах насілля ўдалася. Наколькі ўдалася іх другая мэта - быць пачутымі - пакажа час.
У актавай зале Кіева-Магілянскай акадэміі, дзе праходзіла канферэнцыя, Львоўскі музей гісторыі рэлігіі спецыяльна арганізаваў выставу, якая так і называлася "Рэпрэсіраваная Царква". На выставе былі прадстаўлены унікальныя экспанаты з фондаў музея: прапагандысцкія антырэлігійныя плакаты 20-30-х г. ХХ ст.; дакументы аб падрыхтоўцы і правядзенні Львоўскага царкоўнага сабора і ролі ў гэтым дзяржаўнай улады; здымкі з сабора; партрэты арыштаваных епіскапаў; карта СССР з пазначанымі на ёй канцлагерамі; некаторыя асабістыя рэчы рэпрэсіраваных іерархаў і вернікаў; вышытыя на ткані абразы, якія выкарыстоўваліся ў набажэнстве сасланымі ў Сібір грэка-католікамі; і інш. Стэнды выставы адлюстроўвалі таксама "катакомбны" перыяд існавання Украінскай грэка-каталіцкай царквы (перыяд падпольнай дзейнасці на Украіне ў 1946-1989 г.), яе легалізацыю і адраджэнне ў 1989-1990 г.
Адбылася таксама прэзентацыя выданняў Украінскага каталіцкага універсітэта, чыя навуковая прадукцыя вядомая высокім навуковым узроўнем (на Беларусі найбольш вядомыя матэрыялы "Берасцейскіх чытанняў"). Асабліва цікавай здалася заснаваная на багатай базе крыніц кніга Багдана Бацюркава "Украінська Греко-Католіцька Церква і Радянська держава (1939-1950). (Львів, 2005. - 268 с.), якая ўтрымлівае сюжэты і па гісторыі уніяцкай царквы Беларусі.
Литература:
1. Dylągowa H. Dzieje Unii Brzeskiej (1596-1918). - Warszawa-Olsztyn: Wydawnictwo Interlibro, Warmińskie wydawnictwo dyecezjalne, 1996. - 228 s.
2. Канфесіі на Беларусі (канец ХVІІІ - ХХ ст.) / В.В.Грыгор'ева, У.М.Завальнюк, У.І.Навіцкі, А.М.Філатава; Навук. рэд. У.І.Навіцкі. - Мінск: ВП «Экаперспектыва», 1998. - 340 с.