Папярэдняя старонка: Марозава С.В.

Хто спаліў Хатынь 


Аўтар: Марозава С.В.,
Дадана: 13-07-2013,
Крыніца: Звязда, 21.03.2013.



Расплата не абмінула карнікаў

Хто спаліў Хатынь, устанавілі гродзенскія следчыя

Жалобна і трывожна б'юць званы Хатыні - ціхай нічым не прыкметнай беларускай вёскачкі ў тры дзесяткі хат, хто калісь жыла між лясістых пагоркаў Лагойшчыны. Страшная трагедыя разыгралася тут 70 гадоў таму. Вёсачкі не стала. Зараз на яе месцы - велічны мемарыял, узведзены ў 1969 г., да 25-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэты мемарыял - сімвал усіх 186 нашых Хатыняў, што былі знішчаны акупантамі на Беларусі ў гады апошняй вайны разам з людзьмі і не змаглі адрадзіцца па вайне.

На месцы кожнай хатынскай хаты - бетонны вянок зруба, унутры якога - такі ж бетонны комін-абеліск. Звон, якія вянчае абеліск час ад часу падае журботны сігнал. Перагукванне сімвалічных хатынскіх хат - як вечны напамін жывым аб жахлівай трагедыі якая тут здарылася 22 сакавіка 1943 г. А яшчэ - як несціханы, заўсёдны праклён фашысцкім катам і іх прыслужнікам за ўчыненыя злачынствы.

На Вянку Памяці ў Хатыні ўвекавечаны словы загінуўшых у полымі хатынцаў, звернутыя да жывых, - словы, пачутыя і ўзноўленыя іх земляком-паэтам: «Людзі добрыя, помніце, мы любілі жыццё, і Радзіму нашу, і Вас, дарагія. Мы згарэлі жывымі ў агні. Наша просьба да ўсіх: хай жалоба і смутак абернуцца ў мужнасць і сілу, каб змаглі ўвекавечыць Вы мір і спакой на Зямлі. Каб нідзе і ніколі ў віхуры пажара жыццё не ўмірала!» Гэты наказ мёртвых жывым сустракае і апякае душу і сэрца кожнага, хто прыходзіць сюды. Ад усяго гэтага сціскаецца, пачынае неспакойна біцца сэрца, на вочы набягае няпрошаная сляза…

22 сакавіка стаў у Беларусі днём жалобы. Хатынь увайшла ў чорную кнігу трагедый гісторыі чалавецтва і вядома ўсяму свету. Але нават у нас у краіне мала хто ведае, што рэканструкцыя многіх раней невядомых абставін хатынскай трагедыі, выяўленне катаў Хатыні і ўстанаўленне ролі кожнага з іх у расправе з вяскоўцамі, а таксама заслужанае пакаранне карнікаў, сталі магчымымі, дзякуючы карпатлівай рабоце гродзенскіх следчых. Праз дзесяткі гадоў адплата насцігла семярых злачынцаў, якія, перапрануўшыся ў авечую скуру, жылі сабе ў СССР.

У СССР да расследавання хатынскай трагедыі прыступілі толькі праз 30 гадоў. Чаму?

У канцы 60-х г., па прашэсці чвэрці стагоддзя пасля заканчэння Другой сусветнай вайны, немцамі Федэратыўнай Рэспублікі Германія было ўзнята пытанне спыніць прыцягненне да крымінальнай адказнасці нацыстаў па сканчэнні тэрміну даўнасці. Прадстаўнік бундэстага ФРГ агучыў гэтыя настроі на генеральнай сесіі ААН. Міністр замежных справаў СССР Андрэй Грамыка, спаслаўшыся на Нюрнберг, заявіў тады, што фашысцім зладзействам няма прабачэння. Тая сесія прыняла рашэнне ўсім еўрапейскім дзяржавам падрыхтаваць афіцыйныя дакументы, якія пацвярджаюць факты злачынстваў нацыстаў. Савецкі ўрад даручыў тады пракуратуры і Камітэту дзяржаўнай бяспекі заняцца выяўленнем канкрэтных фактаў масавага знішчэння мірнага насельніцтва.

Так у 1972 г. Упраўленне КДБ па Гродзенскай вобласці атрымала ад Юрыя Андропава, старшыні КДБ СССР, асабліва важнае заданне - расследаваць зладзействы, учыненыя ў гады нямецка-фашысцкай акупацыі карнікамі 118-га паліцэйскага батальёна, на рахунку якога была Хатынь і шмат іншых злачынстваў, што не змываюцца часам. Чаму менавіта гродзенскія следчыя атрымалі гэта заданне? 118-ы батальён, сфарміраваны ў 1942 г. у Кіеве з калабарацыяністаў-афіцэраў і чырвонаармейцаў, якія былі захоплены ў палон або самі добраахвотна здаліся нямецкаму войску, у лістападзе таго года быў перадыслацыраваны ў Беларусь, і ў снежні 1942 - ліпені 1943 г. узельнічаў у карных аперацыях супраць с партызан і мірнага насельніцтва на тэрыторыі Мінскай вобласці, а ў ліпені 1943 - ліпені 1944 г. - на тэрыторыі Гродзенскай вобласці.

Так гродзенскія следчыя заселі ў беларускія архівы, рабілі запыты ў архівы іншых рэспублік. Даследавалі матэрыялы Надзвычайных камісій па расследаванню злачынстваў гітлераўцаў. Вывучалі трафейныя дакументы на нямецкай мове. Аналізавалі крымінальныя і фільтрацыйныя справы на людзей, што служылі ў карных фарміраваннях гітлераўцаў, з мэтай выяўлення тых з іх, якія самі служылі або нешта ведалі пра 118 батальён. Дапытвалі былі паліцэйскіх гэтага батальёна, якія ўжо былі прыцягнуты да крымінальнай адказнасці па абвінавачванню ў здрадзе Радзіме і службе фашыстам. Апытвалі жыхароў населеных пунктаў, дзе дыслацыраваліся падраздзяленні 118 батальёна.

У аператыўна-пошукавай групе, якая вяла гэту работу, працаваў следчы Яўгеній Мікалаевіч Далідовіч, ветэран Вялікай Айчыннай вайны. Пазней, у 1990-я - 2000-я г., ён працаваў выкладчыкам кафедры крымінальнага права, працэса і крыміналістыкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, загадчыкам лабараторыі тэхніка-крыміналістычных сродкаў, намеснік дэкана юрыдычнага факультэта. Цяпер Яўгеній Мікалаевіч - ганаровы член ветэранскай арганізацыі ўніверсіта.

Яўгеній Мікалаевіч не па фільмах ведае жорсткі твар вайны, яна апаліла дзяцінства будучага юрыста. Яго вёска Блашчытнікі (цяпер у Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці) знаходзілася ў зоне партызанскага руху. Партызанам патрэбна была майстэрня па рамонту зброі. Узяцца за такую няпростую справу даручылі Мікалаю Далідовічу, бацьку Яўгенія. Майстэрню ён уладкаваў на ўскраіне вёскі ў мураваным з каменю склепе. Пад покрывам ночы разам са сваімі сынамі - старэйшым Георгіем і малодшым Яўгеніем - на конных павозках тайна звозіў ён у сваю лясную майстэрню кузнечна-слясарны інструмент з мясцовых машынна-трактарных станцый, Пухавіцкай і Пакрышаўскай. Разам яны рамантавалі зброю, выраблялі выбуховыя прыстасаванні для рэйкавай вайны, падкоўвалі коней, акоўвалі сёдля для кавалерыі. Працы было шмат - часта працавалі і днём, і ноччу.

З мая 1943 г. да канца вайны Яўгеній быў сувязным партызанскага атрада імя Шчорса 3-й Мінскай брыгады імя Будзённага. Бацьку ў ліпені 1944 г. з партызанскага атрада прызвалі на фронт. Ён загінуў у баі на тэрыторыі Польшчы. Гэты была самая страшная з падзей у жыцці Яўгенія. Імя Мікалая Далідовіча ўнесена ў спіс польскай кнігі "Памяць".

Пасля вайны Яўгеній сумяшчаў вучобу ў школе з працай у калгасе кавалём і памочнікам механіка па сельгастэхніцы. Дапытлівы да навук, ён услед за старэйшым братам падаўся ў беларускую сталіцу за адукацыяй. Паступіў у статыстычны тэхнікум. Жыў бедна. Каб дапамагчы хлопцу, адзін з былых партызан Алесь Матусевіч, усю сям'ю якога ў вайну знішчыла гестапа і які працаваў камендантам у Дзяржаўным архіве Мінскай вобласці, прапанаваў юнаку работу … грузчыка. Тады з Польшчы, Чэхіі, Германіі паступалі ў Мінск цэлыя вагоны нямецкіх трафейных дакументаў, створаных у працэсе дзейнасці акупацыйных уладаў на тэрыорыі Беларусі. Фашысты, адступаючы, вывозілі свае архівы, але тыя былі захоплены перадавымі часцямі Савецкай арміі. Цяпер цэлыя эшалоны з гэтымі дакументамі прыбывалі ў Мінск. Яўгеній хадзіў на разгрузку вагонаў - выгрузку цюкаў дакументаў у архіў. У хуткім часе той жа Алесь Матусевіч прапанаваў яму працу архіварыуса ў аддзеле нямецкіх трафейных дакументаў Дзяржаўнага архіва Мінскай вобласці. Архівы тады знаходзіліся ў ведамстве Міністэрства ўнутраных спраў. Таму і першы запіс у працоўнай кніжцы маладога чалавека, датаваны 9 снежня 1948 г., наступны: «Принят на работу в органы МВД Минской области».

Архіварыусам Яўгеній працаваў у першую палову дня. У другую - вучыўся ў тэхнікуме, на яго вячэрнім патоку з 18 да 24 гадзін. Дакументаў у аддзел Яўгенія паступала вельмі шмат - разбірацца ў іх змесце тады не было часу. Канешне, тады ён і падумаць не мог, што пазней адзін з гэтых дакументаў - справаздача з данясеннем Плешчаніцкага куста (аддзела) жандармерыі Барысаўскаму акруговаму гебітскамісарыяту аб акцыях супраць партызан і мясцовага насельніцтва, праведзеных паліцыяй, гестапа, СД і жандармерыяй на тэрыторыі Плешчаніцкага і суседніх раёнаў у першай палове 1943 г., - дапаможа раскрыць адну са страшных таямніц беларускай гісторыі часоў апошняй вайны - даказаць факт спалення Хатыні 118-м украінскім паліцэйскім батальёнам .

Між тым, ведаў, набытых у тэхнікуме статыстыкі, задвалася мала, і жыццёвыя шляхі ў 1950 г. павялі Яўгенія за вышэйшай адукацыяй у Мінскі юрыдычны інстытут. Стажыроўка ў 1954 г., пасля заканчэння інстытута, у Капыльскім народным судзе Мінскай вобласці была вельмі важнай у прафесійным станаўленні юрыста. Тут ён займаўся доказам (устанаўленнем, пацвярджэннем) фактаў, што таксама патрабавала працы з архіўнымі дакументамі, і выпрацавала выключную адказнасць у стаўленні да яго вялікасці факта.

Потым, у 1954 - 1957 г., працаваў народным следчым у пракуратуры Плешчаніцкага раёна і старшым следчым Бягомльскай межрайпракуратуры Мінскай вобласці, гэта значыць, у тых мясцінах, дзе трохі больш за дзесяцігоддзе да таго лютаваў 118-ты карны батальён. Не аднойчы з Плешчаніц хадзіў у Хатынь, бачыў заросшыя рэшткі папялішча, напаўразбураныя трубы пячэй, якія сіратліва ўзвышаліся над бур'яном. Зноў-такі, малады следчы не мог тады прадбачыць, што яму выпадзе лёс вышукваць хатынскіх катаў і даказваць факты іх злачынстваў, збіраць паказанні сведкаў і ахвяраў гэтай трагедыі, у тым ліку самога Камінскага, чый трагічны вобраз увекавечаны у архітэктурна-скульптурным ансамблі «Хатынь».

У 1972 - 1973 г. аператыўна-пошукавая група і ў яе складзе следчы маёр, а потым падпалкоўнік Я. М. Далідовіч вяла па намечанаму плану расследаванне справы хатынскіх карнікаў. Разам з ім працавалі старшыя следчыя па асабліва важных справах Упраўлення КДБ па Гродзенскай вобласці Віктар Філіпавіч Макарчыкаў, а таксама Фёдар Фадзеевіч Драздоў, які пазней, у 1994 - 1998 г., таксама быў выкладчыкам кафедры грамадзянскага права і працэса Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

Спачатку здавалася, як успамінае Я. М. Далідовіч, што іх следчая работа не магла мець судовай перспектывы. Шмат хто з паліцэйскіх, пацярпелых, сведкаў ужо памёрлі. Тыя, хто засталіся ў жывых, наўрад ці маглі праз 25 з лішкам гадоў пасля вайны дакладна аднавіць у памяці падзеі мінулага, хай сабе і такія, што цяжка запамятаваць. Аднак доўгая і старанная праца следчых - яна доўжылася больш за год - дала вынік.

Следства рэканструявала па днях, а часам і па гадзінах гісторыю і шлях па Беларусі карнікаў 118 паліцэйскага батальёна, вяхамі якога былі трупы і папялішчы. Устанавілі, што 118-ты батальён быў сфарміраваны нямецка-фашысцкімі акупантамі ў пачатку красавіка 1942 г. у Кіеве на базе 115 украінскага паліцэйскага батальёна і асобнай паліцэйскай роты, што дыслацыравалася ў г. Шпола (Чаркаская вобласць. Асабісты састаў 118 батальёна фарміраваўся з ліку добраахвотнікаў, у асноўным ураджэнцаў і жыхароў Букавіны і іншых заходніх абласцей Украіны, а таксама з ліку здрадзіўшых Радзіме ваеннапалонных, што значыліся па дакументах як асобы ўкраінскага паходжання. Усе яны прынялі прысягу на вернасць фашысцкай Германіі, атрымалі зброю, а таксама ваенную форму рыжага колеру з запасаў арміі буржуазнай Латвіі. Батальён быў створаны з мэтай вядзення ўзброенай барацьбы з савецкімі патрыётамі і партызанамі. Яго арганізатарам і камандзірам з'яўляўся нацыст, маёр ахоўнай паліцыі Эрых Кёрнер, што якраз тады прыбыў у Кіеў.

Батальён складаўся з трох стралковых рот па 150 - 160 чалавек у кожнай. Да кожнай роты дадаваўся ўзвод станкавых і ручных кулямётаў, мінамётнае падраздзяленне, а таксама разлік гармат. Камандны састаў складаўся з немцаў, якія ажыццяўлялі шэфства над паступіўшымі на службу да акупантаў здраднікамі Радзімы. Ад апошніх загады Кёрнера па камандаванню батальёнам падчас карных аперацый выконвалі маёр паліцыі Смоўскі і начальнік штаба (са снежня 1942 г.) Васюра, абодва - ўкраінцы па нацыянальнасці.

17 кастрычніка 1942 г. батальён разам з іншымі нямецкімі фарміраваннямі ўдзельнічаў у карнай аперацыі супраць савецкіх партызан у Мінінскім, Шчорсаўскім і Галаднянскім раёнах Чарнігаўскай вобласці, а ў канцы лістапада быў перадыслацыраваны ў Беларусь.

Гродзенскія следчыя раскрылі жахлівыя падрабязнасці дзейнасці 118 батальёна, яго удзел у карных аперацыях «Котбус» на тэрыторыі Докшыцкага, Лагойскага і Барысаўскага раёнаў, «Герман» у Налібокскай пушчы на тэрыторыі Навагрудскага, іўеўскага і Карэліцкага раёнаў Гродзенскай вобласці, Стаўпцоўскага і Валожынскага раёнаў Мінскай вобласці, «Вандсберг» у Ліпічанскай пушчы на тэрыторыі Мастоўскага, Ваўкавыскага, Слонімскага і Дзятлаўскага раёнаў Гродзенскай вобласці.

Працуючы ў складзе групы следчых па асоба важных справах, Я.М.Далідовіч шмат зрабіў для расследавання дзейнасці 118 батальёна, устанаўлення яго ўдзельнікаў, найперш з ліку грамадзян СССР, і іх месцазнаходжання. Па крупінках збіраў ён доказы, аднаўляючы ва ўсіх падрабязнасцях карціну зверстваў, здзейсненых здраднікамі. Вось тады, прапрацаваўшы масу дакументаў, ён і выйшаў на згаданае вышэй данясенне Плешчаніцкай жандармерыі Барысаўскаму гебітскамісарыяту аб сваёй дзейнасці за студзень - май 1943 г. Нямецкая мова, гатычны шрыфт. Але выразна чыталася: 22 сакавіка, Хатынь, 118-ты шуцманшафтбаталь. Так быў устаноўлены, даказаны факт яго ўдзелу ў спаленні вёскі.

Адно за адным органамі дзяржбяспекі выяўляліся імёны ваенных злачынцаў, якія пазбеглі пакарання. Іх выкрывалі паказаннямі сведкаў, якія з'яўляліся відавочцамі злачынстваў, пратаколамі агляду месцаў масавага знішчэння людзей, актамі надзвычайных камісій па раследаванню зладзеянняў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іншымі матэрыяламі трох шматтамовых крымінальных спраў: 49 тамоў («Справа Лакусты"), 12 ("Справа Мялешкі") і 9 ("Справа Васюры").

У 1973 г. на лаву падсудных селі пяцёра карнікаў са 118 батальёна.

У працэсе следства высветлілася яшчэ адно імя ваеннага злачынцы - Мялешкі, які служыў у 118-м карным батальёне на камандных пасадах. Зноў пачаліся доўгія росшукі гродзенскіх следчых. У лістападзе - снежні 1986 г. ваенны трыбунал Беларусі разглядаў справу па абвінавачванню здрадніка Мялешкі. Яшчэ адзін паліцай атрымаў заслужанае пакаранне.

Апошняй была ўстаноўлена асоба аднаго з галоўных катаў Хатыні Грыгорыя Васюры. Былы афіцэр Чырвонай арміі, які добраахвотна перайшоў на службу да фашыстаў, займаў са снежня 1942 г. па ліпень 1944 г. пасаду начальніка штаба 118-га паліцэйскга абатальёна. Менавіта Васюра разам з шэфам батальёна гітлераўскім афіцэрам Кёрнерам, разгарнуўшы ў ланцуг 300 карнікаў, кіраваў акружэннем Хатыні і расправай над яе жыхарамі. Гэта ён разам з Мялешкам давалі падпарадкаваным карнікам каманды знішчаць вёску Хатынь і яе 149 жыхароў, з якіх палова (75) былі дзеці.

На лаве падсудных у 1986 г. сядзеў 70-гадовы стары. Пасля вайны Васюра папаў у фільтрацыйны лагер. У 1952 г. за супрацоўніцтва з фашыстамі быў асуджаны трыбуналам Кіеўскай ваеннай акругі да 25 гадоў пазбаўлення волі. Праз 3 гады выйшаў на волю па амністыі. Пра сваю карную дзейнасць ён тады ўтаіў.

Вярнуўся дахаты ў Кіеўскую вобласць, працаваў аграномам, потым намеснікам дырэктара саўгаса. Рэгулярна атрымліваў граматы за вытворчыя поспехі, быў паважаны начальствам. Штогод мясцовыя піянеры віншавалі «ветэрана" Вялікай Айчыннай вайны з Днём Перамогі. Кіеўскае інжынернае вучылішча запісала свайго даваеннага выпускніка ў ганаровыя курсанты.

Людзі, якія зрадзілі Радзіме ў самы цяжкі для яе час, верай і праўдай служылі яе заклятым ворагам, абагрылі свае рукі ў крыві соцен ні ў чым не вінаватых людзей. Імем СССР, імем соцень замучаных беларусаў - старых, жанчын і дзяцей, імем усіх жывучых трыбунал Беларускай ваеннай акругі прысудзіў іх да вышэйшай меры пакарання - смяртнай кары.

Тады, у 86-м годзе, «хатынская справа» мела эффект выбуху бомбы, бо дзесяткі гадоў спаленая вёска была сімвалам зладзействаў фашыстаў на терыторыі Беларусі. Праўду аб трагедыі Хатыні тады нават пабаяліся абнародаваць. Нягледзячы на перабудову, яе схавалі «по политическим и национальным соображениям». Праўда пра Хатынь стала вядомай толькі пасля распаду СССР.

Ідуць гады. Але не сціраецца з народнай памяці трагедыя Хатыні. У імя справядлівасці і сёння працягваецца розшук злачынцаў, якія чынілі зладзействы на беларускай зямлі.

Хутка міне 69 год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў; 27 год, як панёс заслужанае пакаранне хатынскі кат. Так хацелася бы напісаць: апошні хатынскі кат. … На жаль, не…

Адзін з іх, Уладзімір Катрук, і сёння жыве ў Канадзе, мае 91 год, разводзіць пчол. Яго ў 2012 г. вылічыў Цэнтр Сімона Візенталя, якія займаецца розшукам па ўсяму свету засталых у жывых нацысцкіх злачынцаў. Задача камандзіра ўзвода 118-га паліцэйскага батальёна У. Катрука падчас карнай акцыі ў Хатыні заключалася ў ліквідацыі вяскоўцаў, якія намагаліся ўцячы ад немінучай смерці. Разам з 118-м батальёнам У. Катрук у 1944 г. быў перакінуты ў Францыю. Адтуль у 1951 г. эміграваў у Канаду, заявіўшы, што не мае дачынення да нацыстаў. У 1999 г. мясцовыя ўлады, даведаўшыся пра яго мінулае, пазбавілі былога калабарацыяніста канадскага грамадзянства. Аднак у 2010 г. федэральны апеляцыйны суд афіцыйна вярнуў яму грамадзянства. Сёння канадскі філіял яўрэйскай грамадскай арганізацыі Бней-Брыт звярнуўся да канадскіх уладаў з просьбай зноў пазбавіць Катрука грамадзянства. А праваабаронцы з цэнтра Візенталя заклікаюць экстрадзіраваць яго ў Еўропу, дзе ён можа прадстаць перад судом.

Боль зямлі беларускай Хатынь. Самыя маленькія яе жыхары былі немаўлятамі. Сёння дзецям Хатыні было б па 70 - 80 гадоў. Іх безабароннае жыццё абарвала рука ката…


Пры падрыхтоўцы артыкула былі выкарыстаны матэрыялы, прадстаўленыя палкоўнікам у адстаўцы Я.М.Далідовічам, за што аўтар выказвае яму вялікую падзяку.

С.В. Марозава, доктар гістарычных навук, прафесар (ГрДУ імя Я.Купалы)

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX