Папярэдняя старонка: Пашкевіч Алесь

Рэцэнзія на кнігу Грыбоўскага Ю. 'Беларусы ў польскіх рэгулярных вайсковых фармаваннях 1918-1945' 


Аўтар: Пашкевіч Алесь,
Дадана: 04-07-2012,
Крыніца: Пашкевіч А. Планка для беларускіх гісторыкаў новага пакалення? // Arche Пачатак. 2008. № 4. С. 78-96.



Планка для беларускіх гісторыкаў новага пакалення?

Грыбоўскі Ю. Беларусы ў польскіх рэгулярных вайсковых фармаваннях 1918-1945. - Санкт-Пецярбург: Неўскі Прасцяг, 2006. - 832 с.

Разгляданая ў дадзенай рэцэнзіі манаграфія выйшла ў свет у самым канцы ўжо пазамінулага 2006 г. і выклікала відавочную зацікаўленасць у беларускім грамадстве. Увесь яе 500-асобнікавы наклад (а гэта ва ўмовах сучаснай Беларусі для выразна навуковага выдання не так ужо і мала) цалкам разышоўся ўжо праз паўгода. Тым больш дзіўным у такой сітуацыі было доўгае фактычнае маўчанне з нагоды выхаду кнігі беларускай навуковай супольнасці. Парадаксальна, але за цэлы год у беларускай гістарычнай перыёдыцы (што праўда, на сённяшні дзень зусім колькасна нешматлікай) на гэтую працу не з'явілася аніводнай сур'ёзнай навуковай рэцэнзіі, калі не браць пад увагу некалькіх невялікіх паводле аб'ёму газетных публікацый.

Часткова патлумачыць такую сітуацыю можна тым, што даследаваная ў межах разгляданай працы тэма - абсалютна для Беларусі новая і на сур'ёзным навуковым узроўні ў беларускай гістарыяграфіі да Юрыя Грыбоўскага бадай што і не закраналася. Каб у гэтым пераканацца, дастаткова проста зазірнуць на с. 609-613 манаграфіі, дзе пералічваюцца выкарыстаныя пры яе напісанні працы беларускіх аўтараў. У асноўным гэтыя працы - агульнага характару і датычаць тэматыкі даследавання толькі ўскосна. Тое ж нешматлікае, што датычыць тэмы непасрэдна - перадусім кароткія артыкулы, найчасцей публіцыстычнай скіраванасці, друкаваныя ў розны час на старонках перыядычнага друку. Дзеля таго даследаванне Ю Грыбоўскага крытычна разглядаць вельмі цяжка, у тым ліку і з маральнага пункту погляду: супрацьпаставіць яму па-сутнасці няма чаго. Тым не менш, было б відавочна несправядлівым пакінуць гэтую несумненна грунтоўную працу ўвогуле без водгуку з боку беларускай гістарычнай навукі, тым больш што гэта - адна з першых манаграфій, выдадзеных беларускімі гісторыкамі новага пакалення, чыё фармаванне як навукоўцаў ад самага пачатку праходзіла ўжо ва ўмовах суверэннай Беларусі.

Структурна манаграфія складаецца з аб'ёмнага ўступу, чатырох раздзелаў і заключэння. Ва ўступе аўтар, апрача вызначэння асноўных прынцыпаў, якімі ён кіраваўся пры падрыхтоўцы манаграфіі, дае грунтоўны аналіз папярэдняга стану вывучэння праблемы і робіць апісанне і характарыстыку асноўных крыніц даследавання. Першы раздзел манаграфіі мае агульную назву "Беларусы на службе ва Ўзброеных сілах ІІ Рэчы Паспалітай (1918-1939)". У першым яго параграфе аўтар разглядае пытанне ўдзелу беларусаў у польска-савецкай вайне на баку польскіх войскаў ў 1919-1920 гг., а ў пяці наступных - розныя аспекты службы вайскоўцаў беларускага паходжання ў польскім войску ў мірны час - у 1921-1939 гг. Тры наступныя раздзелы прысвечаны пытанням беларуска-польскага вайсковага супрацоўніцтва на працягу шасці гадоў Другой сусветнай вайны. Другі раздзел мае назву "У Войску Польскім на пачатку Другой сусветнай вайны" і храналагічна ахоплівае перыяд з верасня 1939 па чэрвень 1941 г., хоць адзін з параграфаў, у якім ідзе гаворка пра знаходжанне жаўнераў-беларусаў Войска Польскага ў нямецкім палоне, даводзіцца ажно да 1945 г., што адлюстравана нават у ягонай назве. Апрача гэтага аспекту, у асобныя блокі аўтар вылучыў тут разгляд пытанняў аб службе жаўнераў-беларусаў у шэрагах Войска Польскага ў часе т. зв. вераснёвай кампаніі 1939 г., аб становішчы польскіх афіцэраў і жаўнераў беларускай нацыянальнасці, інтэрнаваных на тэрыторыі СССР і іншых краін, а таксама аб стаўленні тагачаснай беларускай эміграцыі да стварэння Войска Польскага ў Францыі ў верасні 1939 - пачатку 1940 гг. У апошніх двух раздзелах падрабязна разглядаецца ўдзел беларусаў у Войску Польскім на новым этапе Другой сусветнай вайны, які распачаўся ў чэрвені 1941 г. пасля пачатку вайны паміж дзвюма таталітарнымі дзяржавамі - нацысцкай Германіяй і бальшавіцкім СССР. Трэці раздзел называецца "У складзе Польскіх узброеных сілаў на Захадзе (1940-1947), а чацвёрты - "У шэрагах Войска Польскага на Ўсходнім фронце (1943-1945 гг.). Як вынікае з саміх назваў, у першым выпадку ідзе гаворка пра ўдзел беларусаў у вайсковых фармаваннях, арганізаваных і падпарадкаваных польскаму эмігранцкаму ўраду ў Лондане, а ў другім - у фармаваннях, арганізаваных у СССР і падпарадкаваных польскім камуністам. Дапаўняюць кнігу 57 разнастайных дадаткаў (табліцы, біяграфічныя даведкі, архіўныя дакументы і інш.) і каля 200 (!) ілюстрацыйных матэрыялаў, пераважная большасць якіх публікуюцца ўпершыню.

Манаграфія Ю. Грыбоўскага мае, такім чынам, шырокія храналагічныя межы і фактычна ахоплівае 3 узаемна звязаныя і пераемныя, але ў той жа час вельмі розныя перыяды гісторыі Польшчы ХХ ст., цесна пераплеценыя з гісторыяй Беларусі: 1918-1921 гг. - перыяд т. зв. "змагання за межы", 1921-1939 гг. - мірны міжваенны перыяд і 1939-1945 гг. - час Другой сусветнай вайны. У манаграфіі разгляду гэтых перыядаў, нягледзячы на іх насычанасць важнымі для беларуска-польскіх узаемааадносін падзеямі, у тым ліку і ў вайсковай галіне, прысвечана зусім не аднолькавая колькасць месца. Амаль што 4/5 агульнага тэксту працы (с. 156-594) аддадзена пад разгляд беларускай прысутнасці ў польскіх вайсковых фармаваннях у гады Другой сусветнай вайны (храналагічна гэта - усяго 6 гадоў з 27), у той час як аналіз аналагічных працэсаў, якія адбываліся на працягу 21 папярэдняга года, змясціўся ўсяго на 120 старонках. Такая дыспрапорцыя надае першаму раздзелу характар хутчэй аб'ёмістых і грунтоўных уводзінаў (трэба прызнаць, зусім не лішніх) у асноўную праблему, якой для самога аўтара несумненна з'яўляецца "ўдзел беларусаў у рэгулярных вайсковых фармаваннях у гады Другой сусветнай вайны" - менавіта так, без згадкі іншых перыядаў, акрэсліваецца тэматыка кнігі на апошняй старонцы вокладкі.

Пазітыўных бакоў у кніжцы можна адзначыць вельмі шмат, але што ўражвае ў першую чаргу, ужо пры самым першым і павярхоўным праглядзе выдання -шырыня крыніцавай базы даследавання. Цяжка прыгадаць увогуле хоць бы якую працу беларускай гістарыяграфіі, пры напісанні якой былі б выкарыстаны дакументальныя матэрыялы з фондаў 30 (!) архіўных і музейных устаноў з 5 краін (Беларусі, Польшчы, Вялікабрытаніі, Літвы і Расіі). Пры гэтым Ю. Грыбоўскі, скарыстаўшыся з матэрыялаў агульнавядомых у навуковым асяроддзі буйных архіваў і музеяў (да якіх можна залічыць Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь, Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, Дзяржаўныя архівы Берасцейскай, Гарадзенскай і Менскай вобласцяў, Архіў новых актаў у Варшаве і Цэнтральны вайсковы архіў у Рэмбертаве, Архіў Польскага інстытута і музея імя генерала Сікорскага ў Лондане і Беларуская бібліятэка імя Францішка Скарыны ў Лондане, Літоўскі цэнтральны дзяржаўны архіў і Архіў вонкавай палітыкі Расійскай Федэрацыі), дабраўся таксама да тых архіўных сховішчаў, нават пра само існаванне якіх, не кажучы ўжо пра непасрэдную працу з фондамі, ведае далёка не кожны гісторык (напрыклад, архівы інфармацыйна-аналітычных цэнтраў пры Віцебскім і Менскім аблвыканкамах, Архіў Дэпартамента па справах ветэранаў і рэпрэсаваных Рэспублікі Польшча, Архіў Цэнтральнага музея ваеннапалонных у Ламбіновічах-Аполі (Польшча), Архіў Польскага Чырвонага Крыжа і інш. У спісе наведаных аўтарам устаноў фігуруе нават музей ХІІІ Агульнаадукацыйнага ліцэя імя Герояў Монтэ-Касіна ў горадзе Шчэцін (!)). Акрамя таго, кажучы пра крыніцавую базу даследавання, немагчыма не згадаць пра 57 пазіцый польскіх і беларускіх выданняў, змешчаных у рубрыцы "Апублікаваныя крыніцы". Тое, як аўтару ўдалося атрымаць доступ да ўсіх гэтых расцярушаных па свеце матэрыялаў, Ю.Грыбоўскі сам высветліў у прадмове, адзначыўшы, што "напісанне гэтай працы было б немагчымым без падтрымкі Згуртавання беларусаў у Вялікай Брытаніі, Нямецкага гістарычнага інстытута ў Варшаве, Фундацыі імя Робэрта Боша (Варшава), Фундацыі падтрымкі навукі Каса імя Юзафа Мяноўскага (Варшава), Міністэрства адукацыі і спорту Рэспублікі Польшча, польскай дабрачыннай фундацыі Polonia Aid Fundation Trust (Лондан), а таксама Усходнееўрапейскага дэмакратычнага цэнтра" (с. 4). Менавіта дзякуючы дапамозе ўсіх гэтых устаноў стала магчымай праца аўтара з неабходнымі яму крыніцамі у архіўна-музейных установах Вялікабрытаніі і Польшчы. Гэта сведчыць пра тое, што сёння беларускія даследчыкі, нягледзячы нават на вядомую спецыфіку працэсу развіцця беларускай гістарычнай навукі на сучасным этапе, усё ж маюць, пры ўмове адпаведнай уласнай актыўнасці, дастаткова рэальныя магчымасці для падрыхтоўкі грунтоўных даследаванняў, карыстаючыся з падтрымкі шматлікіх міжнародных навуковых фундацый. Кніга Грыбоўскага ў тым выглядзе, у якім яна існуе - яскравы прыклад умелага і сумленнага такіх магчымасцяў выкарыстання.

Відавочна няма сэнсу падрабязна пераказваць увесь змест кнігі Ю. Грыбоўскага. Нават простае пералічэнне ўсіх закранутых ім буйных і дробных пытанняў заняло б некалькі старонак, бо аўтар імкнуўся ў межах адной манаграфіі разгледзець праблему службы жаўнераў-беларусаў у польскім войску ў першай палове ХХ ст. шырока і комплексна, закрануўшы не толькі мілітарныя і агульна-палітычныя, але і чыста побытавыя аспекты. Таму ў гэтай рэцэнзіі мы звернем увагу толькі на тое, як праз прызму дастаткова вузкага вайсковага аспекту бачацца Ю. Грыбоўскаму агульныя праблемы супольнай гісторыі Беларусі і Польшчы, якія і сёння з'яўляюцца дыскусійнымі як у беларускай, так і польскай гістарыяграфіі. Адна з такіх складаных праблем, якую Грыбоўскі аніяк не мог абысці, бо мусіў так ці іначай канкрэтна вызначаць сам прадмет сваёй працы - гэта нацыянальны склад насельніцтва ў заходняй частцы Беларусі (а менавіта выхадцы з гэтай тэрыторыі з'яўляюцца ў пераважнай большасці героямі разгляданай працы) ў першай палове ХХ ст.

Працэс фармавання сучаснай беларускай нацыі ў канцы ХІХ - пачатку ХХ ст. ішоў, як вядома, дастаткова складана і відавочна адставаў у параўнанні з аналагічнымі працэсамі ў суседніх народаў: палякаў, расейцаў, літоўцаў, украінцаў, габрэяў. Да пачатку Першай сусветнай вайны гэты працэс быў яшчэ вельмі далёкі да свайго завяршэння, і пераважная большасць вясковага насельніцтва заходняй часткі Беларусі не мела скрышталізаванай і ўстойлівай свядомасці ўласнай прыналежнасці да таго ці іншага народа. У выніку гэтага за душы мясцовых, у асноўным беларускамоўных, але неаднародных з канфесійнага пункту гледжання сялян увесь час ішло няспыннае і зацятае змаганне паміж польскім, расейскім, беларускім, а часткова нават украінскім і літоўскім нацыянальнымі рухамі. Кожны з пералічаных рухаў меў у гэтым змаганні пэўныя поспехі, але ў цэлым заходнебеларускае сялянства на працягу ўсёй першай паловы ХХ ст. заставалася інэртнай у нацыянальных адносінах масай, асобныя выхадцы з якой маглі афіцыйна змяняць сваю нацыянальнасць нават і некалькі разоў на працягу жыцця, асабліва ўлічваючы тыя часамі кардынальныя палітычныя змены, якія давялося перажыць гэтаму пакаленню. Дзеля таго і пытанне нацыянальнай структуры насельніцтва Заходняй Беларусі перад Другой сусветнай вайной - надта неадназначнае і здаўна з'яўляецца прадметам сур'ёзных навуковых (а часам, на жаль, і не зусім навуковых) дыскусій, у асноўным паміж прадстаўнікамі польскай і беларускай гістарычных школаў.

Дадзеная спецыфіка вымагае ад любога аўтара, прадметам даследавання якога з'яўляюцца не нейкія агульныя грамадска-палітычныя і сацыяльна-эканамічныя працэсы на пэўнай тэрыторыі, але ўдзел у гэтых працэсах прадстаўнікоў дакладна акрэсленай нацыянальнасці, адразу ж перад пачаткам працы над даследаваннем вызначыцца з крытэрыямі, паводле якіх ён далучае тых ці іншых асобаў да той або іншай канкрэтнай нацыянальнай супольнасці. Дзеля гэтага і Юры Грыбоўскі мусіў ужо ва ўступе да кніжкі даволі падрабязна растлумачыць - каго з жаўнераў розных польскіх фармаванняў ён лічыць беларусамі і чаму. Натуральна, што аўтар працы не меў магчымасці даследавання радаводу кожнага паасобнага жаўнера і таму так ці інакш вымушаны быў застасоўваць нейкія больш-менш агульныя падыходы, выкарыстоўваючы "ўзаемадапаўняльныя крытэрыі, як веравызнанне, месца нараджэння, сталае жыхарства, родная мова і самасвядомасць" (с. 10).

Такім чынам, аўтар кнігі безумоўна залічвае да беларусаў "ураджэнцаў паўночна-ўсходніх ваяводстваў 2-й Рэчы Паспалітай праваслаўнага веравызнання, незалежна ад пададзенай імі нацыянальнай прыналежнасці", зрабіўшы выключэнне толькі для "нязначнай колькасці расейцаў, пераважная большасць якіх мела выкрышталізаваную нацыянальную самасвядомасць і якіх магчыма ідэнтыфікаваць па прозвішчах і лакалізацыі кампактнага пражывання" (с. 11). Распаўсюджанае ў міжваеннай Польшчы паняцце "праваслаўны паляк" аўтар ацэньвае як "у значнай ступені штучную з'яву" (с. 90). У дачыненні да куды больш складанай у тагачасных умовах праблемы вылучэння беларусаў з агульнай масы жаўнераў польскага войска рыма-каталіцкага веравызнання Ю. Грыбоўскі выказвае думку, што "нельга залічваць да крэсавых палякаў тых каталікоў, якія ў штодзённым жыцці карысталіся беларускай мовай, а па-польску размаўлялі толькі ў касцёлах і ўрадавых установах (школах, гмінах, войску і інш.)", пры гэтым абгрунтаваўшы сваё меркаванне спасылкамі не толькі на беларускіх (А. Смалянчук), але і на польскіх даследчыкаў (Е. Тамашэўскага, П. Эберхардта, Ю. Зарэмбу і З. Сямашку) (с. 11).

Можна прадбачыць, што дадзеныя крытэрыі вызначэння нацыянальнай прыналежнасці асобных жаўнераў Войска Польскага не будуць адназначна станоўча і без пярэчанняў прынятыя ўсімі без выключэння навукоўцамі, асабліва прадстаўнікамі польскай гістарыяграфічнай школы. Аднак жа належыць аб'ектыўна прызнаць, што праблема вызначэння нацыянальнай прыналежнасці насельніцтва паўночна-ўсходніх ваяводстваў міжваеннай Польшчы ў любым выпадку належыць да ліку вечна дыскусійных і канчаткова не вырашальных, улічваючы ўжо згаданую вышэй практычную адсутнасць выразна акрэсленай нацыянальнай свядомасці у пераважнай большасці насельніцтва дадзеных тэрыторыяў і, мякка кажучы, спрэчнасць афіцыйных вынікаў усеагульных перапісаў насельніцтва, якія праводзіліся на тэрыторыі Польшчы ў 1921 і 1931 гг. Несумненная тэндэнцыйнасць вынікаў апошніх пацвярджаецца тым, што яны, паводле Ю. Грыбоўскага, прызнаваліся нязгоднымі з рэчаіснасцю нават вайсковымі ўладамі ў міжваеннай Польшчы (с. 62-63). Вайсковае камандаванне ў большай ступені, чым цывільная ўлада, усведамляла, якую патэнцыйную небяспеку ў будучыні можа несці фактычнае ўвядзенне саміх сябе ў зман занадта аптымістычнай афіцыйнай нацыянальнай статыстыкай, таму імкнуліся па меры магчымасці ў сваёй унутранай дакументацыі адлюстроўваць рэальную, а не ілюзорную сітуацыю ў дадзенай сферы. Найбольш характэрнай праявай гэтага можна лічыць наяўнасць у дакументах павятовых камендатураў у дачыненні да кожнага прызыўніка дзвюх графаў: "нацыянальнасць, пададзеная прызыўніком" і "фактычная нацыянальнасць". Пры гэтым Міністэрства вайсковых спраў (і тут ягоная тагачасная пазыцыя абсалютна не рознілася ад сённяшняга погляду аўтара рэцэнзаванай кнігі) наўпрост прадпісвала лічыць беларусамі ўсіх без вынятку праваслаўных, якія нарадзіліся і пражывалі на тэрыторыі 3-й (з цэнтрам у Горадні) і 9-й (з цэнтрам у Берасці) вайсковых акругаў, незалежна ад таго, якую нацыянальнасць яны самі падавалі (с. 64). Цікава, што прынцыпова не разыходзілася пазіцыя міжваенных польскіх вайсковых уладаў ад меркавання Ю. Грыбоўскага і ў дачыненні да нацыянальнай прыналежнасці т. зв. "крэсовых" каталікоў. Так, даследчык прыводзіць выпадкі, калі такіх каталікоў, якія самі сябе перад прызыўной камісіяй акрэслівалі палякамі, функцыянеры мясцовай вайсковай камендатуры ў графе "фактычная нацыянальнасць" запісвалі беларусамі, і адзначае, што падобных выпадкаў было "мноства" (с. 65). Прыводзяцца таксама канкрэтныя факты, якія пацвярджаюць агульную думку аўтара манаграфіі пра недасканаласць і супярэчнасць польскай афіцыйнай нацыянальнай статыстыкі, сярод якіх заслугоўвае ўвагі, напрыклад, прыведзеная на с. 70 інфармацыя пра адначасовае фігураванне ў дакументацыі Баранавіцкай вайсковай камендатуры прызыўніка Хведара Кісяля ў якасці "паляка" і "беларускага нацыяналіста".

Увогуле, нягледзячы на разгледжаныя вышэй прынятыя аўтарам агульныя прынцыпы вызначэння нацыянальнасці жаўнераў, дадзенае пытанне ўсё ж не вырашаецца ім канчаткова з самага пачатку і зноў узнікае на працягу ўсёй працы фактычна кожны раз, калі аўтар прыводзіць тую ці іншую лічбу, якая датычыць вайсковых стратаў ці колькасці жаўнераў беларускага паходжання ў тым ці іншым польскім вайсковым фармаванні. Як правіла, Ю. Грыбоўскі, разгледзеўшы ўсе даступныя яму статыстычныя звесткі, ва ўсіх выпадках вызначае толькі мінімальную колькасць жаўнераў у кожным з разгляданых ім фармаванняў, у якую ўключае выключна тых вайскоўцаў, наконт беларускасці якіх ніякіх сумневаў няма, усе ж астатнія лічбы падаюцца аўтарам як дастаткова верагодныя, але ў той жа час і дыскусійныя. Натуральна, такі асцярожны і ўзважаны, сапраўды навуковы падыход да вельмі далікатнай праблемы ў дадзеным выпадку можна толькі вітаць. Усё ж такі ад часу тых падзеяў, якія сталі аб'ектам увагі аўтара манаграфіі, прайшло ўжо дастаткова шмат гадоў і відавочна прыспеў час наколькі магчыма аб'ектыўнага асэнсавання іх вынікаў, без бясконцага ўліку палітычна-ідэалагічнай мэтазгоднасці сённяшняга дня.

Акрамя агульных крытэрыяў, пра якія ішла гаворка вышэй, аўтар лічыць патрэбным у некаторых выпадках ужываць пры вызначэнні нацыянальнасці жаўнераў шэраг крытэрыяў дадатковых. З мэтазгоднасцю выкарыстання аднаго з іх, а менавіта факту ўдзелу таго ці іншага жаўнера ў беларускім руху ўжо пасля дэмабілізацыі з польскага войска, нягледзячы на нібыта польскую нацыянальнасць, занатаваную ў афіцыйных дакументах падчас службы (с. 175, 239, 300-301), можна цалкам пагадзіцца. У той жа час дастаткова сумнеўнай з навуковага пункту погляду ўяўляецца часам ужываная аўтарам методыка вызначэння нацыянальнасці таго ці іншага жаўнера, абапіраючыся перадусім на ягонае прозвішча. Так, напрыклад, як ужо згадвалася вышэй, вылучыць з агульнай масы праваслаўных жаўнераў польскага войска этнічных расейцаў магчыма, паводле Ю. Грыбоўскага, апроч усяго іншага "па прозвішчах і лакалізацыі кампактнага пражывання" (с. 11). Але варта звярнуць увагу, што ў той жа самы час жаўнер 2-га Польскага корпуса ў Італіі Цімафей Іваноў самім Ю. Грыбоўскім адназначна акрэсліваецца ў кнізе як "беларус", хоць ягонае відавочна небеларускае прозвішча і месца нараджэння (Браслаўшчына) хутчэй сведчаць пра тое, што гэты жаўнер быў расейцам-стараверам. Вядома, нельга выключаць, што аўтар манаграфіі меў, акрамя прозвішча і месца нараджэння, нейкія дадатковыя, не выкладзеныя на яе старонках звесткі пра Ц. Іванова, якія далі яму падставы адназначна далучыць апошняга да беларусаў. Аднак жа ў любым выпадку той факт, што Іваноў з Браслаўшчыны усё ж такі мог быць беларусам, сведчыць пра відавочную хісткасць і спрэчнасць выкарыстання "прозвішчавага" крытэрыю. У апраўданне аўтара можна, праўда, сказаць, што ў цэлым ён згаданым крытэрыем не злоўжывае, звяртаючыся да яго толькі час ад часу ў найбольш складаных сітуацыях, калі інакшым шляхам колькасць беларусаў вызначыць немагчыма нават прыблізна пры несумненнасці, аднак, самога факту іх наяўнасці (с. 175, 244-245).

Для канкрэтнай ілюстрацыі таго, наколькі складаная і часам увогуле невырашальная задача стаяла перад аўтарам пры вызначэнні нацыянальнага паходжання паасобных жаўнераў, можна згадаць прыведзены на с. 301 выпадак з жаўнерам Сяргеем Чарнабаем, які "адразу быў запісаны беларусам, аднак праз нейкі час па ўласным жаданні яму выкраслілі ранейшую нацыянальнасць і занатавалі палякам". Пры гэтым Чарнабай "належаў да рэлігійнай плыні старавераў і ў паўсядзённым жыцці размаўляў па-беларуску". Пазней, згодна з успамінамі саслужыўцаў-палякаў, "ён канчаткова спаланізаваўся… пасля вайны жыў у Англіі і падтрымліваў кантакты з польскімі камбатантамі, у той час як з беларусамі не меў аніякай сувязі". Як вядома, прыналежнасць да рэлігійнай плыні старавераў гаворыць хутчэй за тое, што чалавек меў паходжанне не беларускае, а расейскае, у той час як родная беларуская мова, наадварот, сведчыць нібыта пра ягоную беларускасць. Сам жа жаўнер у дадзеным выпадку, як вынікае, не выказваў жадання мець нічога агульнага ані з расейцамі, ані з беларусамі і хіліўся, нягледзячы на відавочна няпольскае паходжанне, да польскасці (не факт, што з ідэйных меркаванняў, зусім магчыма, што і з чыста прагматычных). Прозвішча ж ягонае не можна залічыць ані да тыпова расейскіх, ані да тыпова беларускіх. Можна меркаваць, што падобны выпадак быў далёка не адзіны. Пытанне, ці магчыма ўвогуле ў такіх выпадках з поўнай дакладнасцю і аб'ектыўнасцю прыняць рашэнне аб залічэнні ці незалічэнні такіх жаўнераў да акрэсленай нацыянальнасці, выглядае рытарычным.

Акрамя таго, Ю. Грыбоўскі ў сваёй манаграфіі чамусьці ўвогуле не згадаў і яшчэ пра адну праблему, звязаную з нацыянальным пытаннем у Заходняй Беларусі: пра беларуска-ўкраінскія супярэчнасці на Заходнім Палессі. Сутнасць гэтай праблемы - у тым, што насельніцтва некалькіх паветаў былога Палескага ваяводства, якія на сённяшні дзень уваходзяць у склад Рэспублікі Беларусь (у першую чаргу Берасцейскага, Кобрынскага і Драгічынскага), у міжваенны перыяд не мела фактычна ніякай нацыянальнай свядомасці, апроч "тутэйшай", і размаўляла на дыялекце, набліжаным больш да ўкраінскай, чым да беларускай мовы. Пад уплывам палітычнага размежавання, якое адбылося ў пасляваенны час, насельніцтва згаданых тэрыторый да сённяшняга дня ў цэлым прызнала сябе часткай беларускага народа, але наколькі можна яго адназначна залічваць да гэтага народа ў часы, разгляданыя ў манаграфіі - пытанне далёка не адназначнае і не бясспрэчнае. Падаецца, праўда, што ні Ю. Грыбоўскі, ні любы іншы аўтар не здолеў бы ў гэтым выпадку даць сабе рады з выпрацоўкай нейкіх аб'ектыўных крытэрыяў, таму самае большае, што можна было б аўтару тут закінуць - што ён пра існаванне гэтай праблемы ўвогуле не згадвае.

Трэба адзначыць, што аўтар зусім не ставіць пад сумнеў тое, што вайскоўцы несумненна беларускага паходжання падавалі сваю нацыянальнасць як "польскую" звычайна цалкам добраахвотна, але імкнецца знайсці гэтым нярэдкім фактам тлумачэнне. Так, ён лічыць, што адной з прычын называння сябе палякамі з боку жаўнераў-беларусаў у міжваенны перыяд было сярод іншага натуральнае імкненне служыць бліжэй да дому, бо дзеля цалкам зразумелых стратэгічных інтарэсаў польскае вайсковае камандаванне імкнулася забяспечваць вайсковыя фармаванні, размешчаныя на т. зв. "крэсах усходніх", кадрамі польскага паходжання, у той час як прадстаўнікі нацыянальных меншасцяў па магчымасці накіроўваліся ў этнаграфічныя польскія землі (с. 76). Акрамя таго, вялікае значэнне тут мела тое, што да жаўнераў і афіцэраў няпольскай нацыянальнасці ўлады, нягледзячы на ўсе дэкларацыі аб адваротным, усё ж такі так ці іначай мелі засцярогі, і таму кар'ерны рост такіх асобаў быў значна абцяжараным у параўнанні з жаўнерамі і афіцэрамі - палякамі (с. 79, 95, 101, 103). У выніку ад свайго беларускага паходжання пад пагрозай звальнення з войска ў міжваенны перыяд часам адхрышчваліся нават тыя асобы, якія да 1920 г. служылі ў складзе Беларускай вайсковай камісіі, як гэта сталася, напрыклад з палкоўнікам А. Чуніхіным-Кавэцкім у 1922 г. (с. 99). Асаблівы выпадак - калі дэманстратыўна рабіліся палякамі людзі несумненна беларускага паходжання, якія пацярпелі ад савецкай улады пасля яе прыходу на заходнебеларускія землі ў 1939 г. Савецкая ўлада ўсе свае мерапрыемствы ў Заходняй Беларусі, у тым ліку і рэпрэсіўныя, здзяйсняла "ад імя беларускага народа", таму многія з тых беларусаў, якіх бальшавіцкія рэпрэсіі непасрэдна зачапілі, свядома прынялі польскасць у якасці своеасаблівага пратэсту. Найбольш характэрным і яскравым падобным прыкладам з'яўляецца прыведзены Ю. Грыбоўскім на с. 302 выпадак з праваслаўным беларусам Мікалаем Міклашэвічам, родным братам вядомай беларускай паэткі Ларысы Геніюш, які ў 1941 г. уступіў у шэрагі Польскай арміі ў СССР і катэгарычна адмовіўся ад свайго беларускага паходжання, дэкларуючы, што беларусы - гэта тыя, хто ў 1940 г. дэпартаваў ягоную сям'ю ў Сібір. Вернасць польскасці ён захаваў да канца свайго жыцця. Ягоная ж сястра, напоўніцу зведаўшы ўсе жахі сталінскіх лагераў, аж да самай сваёй смерці ў 1983 г. цярпела сапраўдныя здзекі з боку той жа самай нібыта "беларускай" улады за сваю апантаную, амаль фанатычную вернасць беларускай нацыянальнай ідэі. Такая вось іронія лёсу.

Пра прагматычныя падставы польскасці некаторых беларусаў вельмі яскрава сведчыць прыведзены Ю. Грыбоўскім прыклад з беларусам-палешуком Лявонам Марозам, які ў 1939 г. выпрасіў у знаёмага супрацоўніка Лунінецкай павятовай вайсковай камендатуры, каб той запісаў яго палякам, не хаваючы ад яго сваіх чыста кар'ерных памкненняў, а пасля прыходу на гэтыя землі Чырвонай арміі зноў афіцыйна вярнуўся да беларускай нацыянальнасці, якая нечакана, пасля змены палітычных умоваў, стала больш прэстыжнай (с. 107). Другі прыклад падобнага кшталту- калі ўжо пасля пачатку Другой сусветнай вайны частка польскіх жаўнераў беларускага паходжання апынулася ў нямецкім палоне, выдаваная ў Берліне беларуская газета "Раніца" ў 1940 г. паведамляла, што "некаторыя беларусы, якія ўжо запісаліся беларусамі, каб хутчэй звольніцца з лагера, зараз просяць перапісаць іх палякамі, матывуючы гэта тым, што быццам палякаў ужо звальняюць на волю, а беларусаў - не" (с. 209).

Другое важнае і неадназначнае пытанне, ад разгляду якога аўтар манаграфіі аніяк не мог ухіліцца: ці можна адназначна ўспрымаць беларусаў, якія ў міжваенны час з'яўляліся грамадзянамі Польшчы, як перакананых саветафілаў, камуністаў і адпаведна зацятых ворагаў польскай дзяржавы, да чаго нас прывучыла ранейшае даследаванне гісторыі беларускіх земляў у складзе міжваеннай Польшчы пераважна праз прызму дзейнасці Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі і іншых леварадыкальных арганізацый? Які ўплыў мелі палітычныя погляды на ход службы жаўнераў-беларусаў у польскім войску і як гэта адбівалася на іх узаемаадносінах з жаўнерамі польскай нацыянальнасці? У кнізе Грыбоўскага дадзенае пытанне, як і папярэдняе, з той ці іншай ступенню вастрыні паўстае практычна ў кожным раздзеле, і агульная выснова аўтара - насуперак замацаваным стэрэатыпам жаўнеры-беларусы заўсёды, у тым ліку і ў ці не найбольш складаны і супярэчлівы для беларуска-польскіх міжнацыянальных узаемадачыненняў міжваенны перыяд, былі дастаткова лаяльнымі да польскай дзяржавы, а калі канфлікты паміж імі і жаўнерамі-палякамі ўсё ж такі здараліся, то звычайна не па палітычных прычынах. Адлюстроўвае гэта хоць бы такі паказчык, як памеры дэзертырства беларусаў з польскага войска, асабліва ў лёсавызначальныя для польскай дзяржавы часы. Так, на с. 109 Ю. Грыбоўскі, прааналізаваўшы польскую афіцыйную статыстыку па дэзертырству сярод жаўнераў міжваеннага польскага войска розных нацыянальнасцяў, высветліў, што толькі 5% выпадкаў дэзертырства сярод беларусаў прадыктаваныя палітычнымі матывамі. У асноўным жаўнеры-беларусы, якія збольшага мелі сялянскае паходжанне і нізкі ўзровень адукацыі, імкнуліся дахаты, успрымаючы службу ў войску як "цяжкую жыццёвую дакуту" і імкнучыся дапамагчы сваякам падчас сельскагаспадарчых працаў. Тое ж датычыць і выпадкаў уцёкаў жаўнераў-беларусаў у СССР - звычайна падставай для гэтага былі чыста эканамічныя меркаванні. Увогуле Ю. Грыбоўскі, прааналізаваўшы афіцыйныя польскія крыніцы, не знайшоў асаблівых падстаў для таго, каб сцвярджаць, што нейкая этнічная група ў міжваенны перыяд вылучалася празмернай схільнасцю да дэзертырства ў параўнанні з іншай (с. 108). Пасля пачатку ж Другой сусветнай вайны, у якой беларусы-заходнікі бралі ўдзел з самага першага дня, яны сталі актыўна дэзертаваць з польскага войска толькі пасля 17 верасня 1939 г., бо гэты дзень "падарваў веру і сэнс далейшага змагання ўсіх (вылучэнне маё - А. П.) польскіх жаўнераў". Пры гэтым гаварыць пра масавае дэзертырства можна ў дачыненні толькі да тых жаўнераў-беларусаў, чые вайсковыя часткі знаходзіліся тады на тэрыторыі Заходняй Беларусі, г. зн. у непасрэднай блізіні ад месца жыхарства (с. 180), у той час як у цэнтральных і заходніх рэгіёнах Польшчы больш дэзертавалі польскія жаўнеры, бо было блізка да дому ім (с. 179). Здараліся выпадкі дэзертырства сярод беларусаў Войска Польскага з адначасовым пераходам да саветаў і на заключным этапе Другой сусветнай вайны, але і гэтыя людзі, як сцвярджае аўтар, "не былі перакананымі камуністамі альбо зацятымі прыхільнікамі Савецкага Саюза, а само дэзертырства не з'яўлялася вынікам варожага стаўлення беларусаў да Войска Польскага". Найбольш верагоднымі прычынамі дэзертырства Ю. Грыбоўскаму бачацца тут "абставіны, звязаныя з паўсядзённым жыццём жаўнераў", бо "асноўнай іх праблемай быў непакой за сваю будучыню, лёс сямей" (с. 339).

Варта падкрэсліць, што Ю. Грыбоўскі, адзначаючы такую характэрную якасць беларусаў, як "лаяльнасць да інстытута дзяржавы ўвогуле" (с. 190), стаўленне жаўнераў-беларусаў да Польшчы ў той жа час і не ідэалізуе, сцвярджаючы і пацвярджаючы сваю думку канкрэтнымі фактамі, што ў першую чаргу матывы ўступлення большасці з іх у польскія вайсковыя фармаванні (калі дадзенае ўступленне адбывалася добрааахвотна) былі, як правіла, чыста практычныя, але амаль ніколі не ідэалістычныя. Так, калі ў 1941 г. беларусы, перад гэтым разам з палякамі дэпартаваныя з заходніх абласцей Беларусі, уступалі ў шэрагі фармаванай на тэрыторыі СССР польскую армію пад камандаваннем Уладзіслава Андэрса, то іх станоўчае стаўленне да гэтай арміі тлумачылася тым, што "большасць з іх убачылі ва ўступленні ў польскія аддзелы адзіны шлях канчаткова пазбавіцца савецкага пераследу" (с. 288), а ў 1944 г. у Заходняй Еўропе для беларусаў - былых жаўнераў пранямецкіх фармаванняў "дэклараванне сябе польскімі грамадзянамі і ўступленне ў Войска Польскае было адзіным шляхам уратавання ад рэпатрыяцыі ў "савецкі рай", дзе іх чакала непазбежная смерць", "рабілі яны гэта без вялікага маральнага задавальнення і разглядалі гэты крок выключна як неабходнасць" (с. 345).

Што тычыцца пытання, наколькі жаўнеры беларускага паходжання былі скамунізаваныя, то і тут Ю. Грыбоўскі, увогуле не аспрэчваючы таго відавочнага факту, што ўплыў камуністычнай партыі на пэўную частку гэтых жаўнераў меў месца, зусім не схільны ацэньваць гэтую з'яву як масавую і прыходзіць да высновы, што ў міжваенны перыяд большасць жаўнераў-беларусаў ўвогуле мала цікавіліся ідэямі і лозунгамі, якія прапагандавалі камуністы (с. 135). Самі камуністы, як вядома, таксама ў сваёй прапагандзе рабілі асноўны акцэнт на раздзьмухванне класавых супярэчнасцяў, а не нацыянальных, таму пад іх уплыў патраплялі далёка не адныя толькі беларусы. Так, у 1936 г. было адзначана 104 выпадкі шпіянажу на карысць СССР, і толькі ў 21 з іх былі задзейнічаны беларусы (с. 126). Падтрымка камуністаў у асяроддзі жаўнераў-беларусаў, калі яна ўсё ж здаралася, мела ў першую чаргу не ідэйную, а сацыяльна-эканамічную аснову. Такая асаблівасць беларускага светапогляду яскрава праявілася ў 1939 г., калі беларускае насельніцтва напярэдадні вайны выразна негатыўна ставілася да адначасовай з жаўнерамі мабілізацыі ў войска гаспадарчых элементаў - коней, вазоў і г. д. і да самой неабходнасці адлучацца з дому падчас жніва, у той час як выпадкі ігнаравання мабілізацыі па палітычных матывах былі рэдкія (с. 165, 171). Пэўныя сімпатыі да камуністаў грунтаваліся ў першую чаргу на перакананні, што ў СССР у параўнанні ў Польшчы лепшыя ўмовы для жыцця "працоўнага чалавека", якія хутка развеяліся пасля сутыкнення з жорсткай рэчаіснасцю. Падчас знаходжання жаўнераў былога польскага войска ў савецкім палоне ў 1939-1940 гг. "у першыя месяцы савецкага палону даходзіла да адкрытых сварак паміж палякамі - з аднаго боку, беларусамі і габрэямі - з другога. Падчас гэтых непаразуменняў ваеннапалонныя-беларусы абражалі польскую справу, цешыліся з паразы Польшчы і інш." (с. 224-225), але, паводле сведчанняў ваеннапалонных-палякаў, "ужо праз месяц пасля знаходжання ў палоне беларусы пачалі нават адкрыта выказвацца супраць савецкай палітыкі, выступалі ў ролі завадатараў антысавецкіх выступаў" (с. 236).

Пасля прачытання ўсёй кнігі Ю. Грыбоўскага ва ўяўленні чытача складаецца пэўны зборны вобраз жаўнера-беларуса ў польскім войску ў 1-ай палове ХХ ст. Гэты жаўнер вызначаўся стараннасцю, рахманасцю, паслухмянасцю, непатрабавальнасцю, фізічным здароўем. Ён па-магчымасці стараўся не вылучацца сярод іншых, дзеля чаго ахвотна прымаў польскую мову ў якасці размоўнай аж да такой ступені, што пачынаў гутарыць на ёй з землякамі. Жаўнер-беларус вызначаўся найніжэйшым узроўнем нацыянальнай свядомасці у параўнанні з усімі іншымі нацыянальнымі меншасцямі, мала цікавіўся палітыкай. У данясеннях свайго камандавання такі жаўнер атрымліваў звычайна больш станоўчых характарыстык, чым адмоўных. Цікава, што прыблізна гэткія ж ацэнкі і характарыстыкі атрымлівалі ў пазнейшы час жаўнеры беларускага паходжання і ў савецкім войску, і гэта сведчыць пра абумоўленасць падобных паводзінаў беларусаў нічым іншым, як асаблівасцямі нацыянальнага менталітэту. Вядома, нельга абсалютна ўсіх жаўнераў-беларусаў (як і жаўнераў любога іншага паходжання) падагнаць пад адзін строгі шаблон, і на старонках кнігі Ю. Грыбоўскага прыводзіцца дастатковая колькасць фактаў, якія не зусім укладаюцца ў агульную схему. Аднак жа выключэнні, як вядома, толькі пацвярджаюць правілы.

Навуковая каштоўнасць манаграфіі Ю. Грыбоўскага, прытым не толькі для беларускай навукі - несумненная. Сведчаннем гэтага можа быць хоць бы тое, што ўсяго праз паўгода пасля выхаду кнігі ў Беларусі з'явіўся і яе польскамоўны варыянт [1]. Выданне працы ажыццявіла вядомае і прэстыжнае варшаўскае выдавецтва "Рытм", прытым манаграфія выйшла ў т. зв. "Усходняй серыі" гістарычных даследаванняў, сярод заснавальнікаў якой фігуруюць у тым ліку такія заслужаныя і аўтарытэтныя навуковыя установы, як Польская акадэмія навук і Гістарычны інстытут Варшаўскага ўніверсітэта. Немалаважна, што Ю. Грыбоўскі стаў першым замежным аўтарам, праца якога была апублікавана ў гэтай серыі. А напрыканцы мінулага года высокі ўзровень выканання даследавання быў прызнаны ўсёй польскай навуковай супольнасцю, што ўвасобілася ў прысуджэнні яе аўтару найбольш прэстыжнай для гісторыкаў у Польшчы штогадовай прэміяй "Кліо" ў намінацыі "Навуковыя манаграфіі".

Аднак жа пры ўсім пры гэтым агульнавядома, што абсалютна ідэальных навуковых прац на свеце не бывае, і некаторыя заўвагі аўтару, у межах уласнай кампетэнцыі (аўтар рэцэнзіі не з'яўляецца прафесійным вайсковым гісторыкам) і ў дачыненні выключна да беларускага выдання выказаць усё ж такі можна.

Так, на нашу думку, далёка не бездакорная сама структура працы Ю. Грыбоўскага, асабліва што датычыць першага яе раздзела - "Беларусы на службе ва Ўзброеных сілах ІІ Рэчы Паспалітай (1918-1939)". Сумнеў выклікае мэтазгоднасць спалучэння ў межах аднаго гэтага раздзелу разгляду пытанняў пра ўдзел беларусаў у польска-савецкай вайне на баку польскіх войскаў у 1919-1920 гг. і пра службу жаўнераў беларускага паходжання ў Войску Польскім у мірны перыяд - у 1921-1939 гг. Усё ж такі служба жаўнера падчас вайны і служба ў мірны час вельмі паміж сабой розняцца, таму падаецца, што ўдзел беларусаў у баявых дзеяннях на польскім баку ў польска-савецкай вайне заслугоўваў бы вылучэння ў асобны раздзел, хоць бы і невялікі паводле аб'ёму. У такім выпадку добрым агульным найменнем для наступнага раздзелу была б назва "У Войску Польскім у мірны перыяд (1921-1939)", якую ў аўтарскай версіі мае другі параграф першага разделу. У гэтым параграфе аўтар дастаткова падрабязна раскрывае пытанні агульнай структуры польскага войска на тэрыторыі Заходняй Беларусі, сістэмы агульнага прызыву (у аўтарскай моўнай версіі закліку) ў гэтае войска і яго спецыфіцы ў дачыненні да прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў, спрабуе вызначыць агульную колькасьць жаўнераў-беларусаў у міжваенным польскім войску, асаблівасці стаўлення да іх з боку непасрэдных камандзіраў і вышэйшых вайсковых уладаў, а таксама адносіны саміх беларусаў да самой неабходнасці службы ў войску і выканання сваіх службовых абавязкаў. У той жа час прадметам разгляду наступных параграфаў першага раздзела, нягледзячы на надзвычай шырокую і, можна сказаць, усеахопную назву вышэйзгаданага другога параграфа, Ю. Грыбоўскі вырашыў вынесці такія праблемы, як "Спробы паланізацыі беларусаў у Польскім Войску", "Афіцэры і падафіцэры беларускай нацыянальнасці ва Ўзброеных сілах ІІ Рэчы Паспалітай", "Дэзертырства" і "Дзейнасць палітычных партыяў сярод вайскоўцаў-беларусаў (1921-1939). Увогуле наконт мэтазгоднасці асобнага разгляду гэтых праблемаў аніякіх сумневаў не ўзнікае, бо аўтар сабраў па кожнай з іх вялікі аб'ём цікавага і арыгінальнага матэрыялу - пытанні тут выклікае, як ужо адзначалася, толькі занадта агульная назва другога параграфу. Падаецца, што ў дадзеным выпадку мы маем месца з відавочным недаглядам як з боку самога аўтара, так і з боку навуковага рэдактара кнігі. Тое ж самае можна сказаць у дачыненні да таго, што ў шэрагу выпадкаў храналагічныя межы ў назвах асобных параграфаў і раздзелаў не супадаюць з храналагічнымі межамі самой працы: ёсць дзве назвы параграфаў з крайнім 1946 годам, назвы аднаго раздзела і аднаго параграфа з крайнім 1947 годам і нават назва аднаго параграфа з крайнім 1948 годам.

Калі ўжо ўсё адно закранута праблема навуковай рэдакцыі манаграфіі, то варта тут яшчэ адзначыць, што не надта выданне ўпрыгожвае паўтарэнне ў розных месцах працы адных і тых жа дастаткова аб'ёмных цытат (як гэта мае месца, напрыклад, на с. 70 і 85, 407 і 415). Няўважлівасцю як аўтара, так і рэдактара можна растлумачыць таксама некаторыя супярэчнасці факталагічнага характару, якія захаваліся дзе-нідзе ў тэксце. Так, напрыклад, на с. 101 спачатку сцвярджаецца, што "ў 1930 г. ва ўсім Войску Польскім было зафіксавана толькі 6 беларусаў-афіцэраў", а далей у тым жа самым абзацы пішацца пра тое, што "ў 1930 г. колькасць афіцэраў праваслаўнага веравызнання склала толькі 6 чал." з адначасовым адзначэннем, што "безумоўна, далёка не ўсе праваслаўныя былі беларусамі". На с. 136 адзначаецца, што "па сутнасці БСРГ была інспіраваная камуністамі і ўяўляла сабой легальную плынь КПЗБ", але "дзеячы БСРГ заклікалі сваіх прыхільнікаў ухіляцца ад вайсковае службы", у той час як "КПЗБ не заклікала заходнебеларускую моладзь ухіляцца ад вайсковай службы, наадварот - асуджала прызыўнікоў, якія не жадалі ісці ў армію" (с. 128). З аднаго боку, "Грамада не мела спецыяльнай праграмы ў адносінах да войска" (с. 144), а з другога - "Грамада мела сваю пазіцыю ў адносінах да ўзброеных сілаў" (с. 136). На с. 90-91 сустракаецца сцверджанне, што "справы праваслаўнага веравызнання ў войску непасрэдным чынам датычыліся выключна вайскоўцаў беларускай нацыянальнасці", у той час як у іншых месцах сам аўтар зусім слушна заўважае, што ў міжваеннай Польшчы да праваслаўнага веравызнання належалі таксама расейцы і ўкраінцы.

На с. 116 сцвярджаецца, што Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ) уваходзіла ў склад Камінтэрну. На самой справе КПЗБ, як і Камуністычная партыя Заходняй Украіны (КПЗУ) з'яўлялася аўтаномнай часткай Камуністычнай партыі Польшчы (КПП), а ўжо апошняя прадстаўляла Польшчу ў Камінтэрне. На с. 128 газета "Чырвоны сьцяг" фігуруе як орган Камуністычнага саюза моладзі Заходняй Беларусі (КСМЗБ), у той час як гэта выданне паралельна з газетай "Большевик" было падпольным друкаваным органам КПЗБ.

Пры ўвогуле аб'ектыўным характары выкладання матэрыялу ў кнізе, пра што ўжо неаднаразова згадвалася вышэй, дзе-нідзе аўтару можна ўсё ж такі закінуць недастаткова крытычнае стаўленне да крыніц. Так, на с. 52 аўтар як пра неаспрэчны факт апавядае пра апанаванне Беларускай вайсковай камісіі сябрамі Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПСР), спасылаючыся пры гэтым выключна на сцверджанне далёка не заўсёды аб'ектыўных аўтараў падрыхтаванай у 1928 г. аналітычнай працы ІІ аддзела Генеральнага штаба Войска Польскага пад назвай "Кароткі нарыс беларускага пытання" (дарэчы, у спасылках і ў спісе літаратуры ў аўтара некалькі разоў праходзіць нязгодная з арыгіналам польскамоўная назва гэтай працы - "Krótki zarys kwestii białoruskiej" замест "Krótki zarys zagadnienia białoruskiego" (c. 146, 618)). У той жа час крыніцай для апісання дзейнасці ў міжваенным польскім войску найбольш масавай тагачаснай беларускай арганізацыі - Беларускай сялянска-работніцкай грамады, паслужыў фактычна толькі адзін дакумент - стэнаграма працэсу над кіраўнікамі гэтай партыі, які адбываўся ў Вільні ў 1928 г. Сама важнасць гэтага дакумента як гістарычнай крыніцы, праўда, сумневу не выклікае, аднак жа пажадана ўсё ж было б дзеля большай аб'ектыўнасці гэтую спецыфічную інфармацыю "разбавіць" таксама сведчаннямі з крыніц іншага паходжання (с. 137-141).

Надта неверагоднай выглядае інфармацыя, нібыта пры вылучэнні беларускіх жаўнераў з агульнай масы ў адным з нямецкіх лагераў для ваеннапалонных пры адсутнасці асабістых дакументаў для вызначэння нацыянальнасці палонных "прымушалі чытаць пацеры на беларускай мове, каб такім чынам яны пацвердзілі сваё нацыянальнае паходжанне" (с. 195). Улічваючы тое, што ўжыванне беларускай мовы ў практыцы як Праваслаўнай царквы, так і Каталіцкага касцёла ў тыя часы было зусім не правілам, а толькі дастаткова рэдкім выключэннем, няведанне жаўнерам беларускамоўных пацераў аніякім чынам не магло сведчыць пра ягоную небеларускую нацыянальную прыналежнасць. Наўрад ці пра гэта маглі не ведаць тыя асобы, якія праводзілі вылучэнне беларускага элементу, тым больш настолькі абазнаныя ў праблеме, што былі ў стане адрозніць адну славянскую мову ад даволі падобнай на яе іншай.

Аднак усе вышэйпералічаныя надакладнасці і супярэчнасці, выяўленыя пры чытанні манаграфіі Ю. Грыбоўскага - дастаткова дробныя і прынцыпова ні на што не ўплываюць. Іх прысутнасць у тэксце - вынік у першую чаргу банальнай няўважлівасці аўтара і навуковага рэдактара працы. Да месца будзе сказаць, што пры выданні польскамоўнай версіі манаграфіі большасць адзначаных хібаў рэдакцыйнага характару была выпраўлена. У той жа час у манаграфіі ёсць і некалькі дастаткова сур'ёзных факталагічных памылак, якія лічу патрэбным разгледзець больш падрабязна дзеля таго, каб прадухіліць іх магчымае паўтарэнне са спасылкай на Ю. Грыбоўскага ў будучых навуковых выданнях [2].

На с. 11 і 94 былы пасол польскага сейма ў 1930-1938 гг. Генадзь Шыманоўскі называецца "айцом" і "праваслаўным святаром". Аднак жа, хоць гэты дзеяч і сапраўды падчас выканання пасольскіх абавязкаў сваю актыўнасць скіроўваў перадусім на справу абароны інтарэсаў Праваслаўнай царквы ў Польшчы, сам ён святарскага сану ніколі не меў. Да таго ж згаданага Шыманоўскага, як і іншага міжваеннага сеймавага пасла Фелікса Галавача, хіба што толькі з вялікай нацяжкай можна залічыць да "вядомых грамадска-палітычных і культурных дзеячоў беларускага нацыянальнага руху ў міжваеннай Польшчы", як аўтар гэта робіць на с. 277. Як пазначае сам Ю. Грыбоўскі на с. 94, Генадзь Шыманоўскі "у перыяд сваёй дзейнасці ў 2-ой Рэчы Паспалітай лічыў сябе палякам", а ў сейм як у 1930, так і ў 1935 г. ён прайшоў са спісу праўрадавага Беспартыйнага блока супрацоўніцтва з урадам (ББСУ), стаўленне да якога з боку прыхільнікаў беларускага нацыянальнага руху было, мякка кажучы, стрыманым. У той жа час Галавач, хоць не адмаўляў свайго беларускага паходжання і нават пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. некаторы час браў удзел у працы Беларускай сацыялістычнай грамады, у 1922-1927 гг. быў паслом сейма зусім не ад беларускай меншасці, а ад Польскай народнай партыі "Вызваленне", у пасольскі клуб якой да 1924 г. уваходзіў (Ю. Грыбоўскі сам пра гэта згадвае на с. 457), а пасля (да свайго арышту разам з 4-ма пасламі Беларускай сялянска-работніцкай грамады ў студзені 1927 г.) быў адным з лідэраў таксама не беларускай Незалежнай сялянскай партыі. Непасрэдна ж у беларускім руху за ўвесь міжваенны перыяд гэты дзеяч не адзначыўся ніколі.

На с. 47 аўтар у якасці прыкладу змагання свядомых беларусаў у складзе Літоўска-Беларускай дывізіі згадвае пра тое, што "ў шэрагах Беластоцкага пяхотнага палка з 4 красавіка 1919 па 17 ліпеня 1920 г. шарагоўцам служыў Фабіян Ярэміч, які ў пазнейшы час прадстаўляў інтарэсы беларускай нацыянальнай меншасці ў Сойме 2-й Рэчы Паспалітай". Інфармацыю пра гэта Ю. Грыбоўскі ўзяў з персанальнай справы Фабіяна Ярэміча, якая сёння захоўваецца ў Цэнтральным вайсковым архіве ў Рэмбертаве (Варшава). У гэтай справе (са зместам якой аўтара гэтай рэцэнзіі у свой час пазнаёміў сам Ю.Грыбоўскі, за што той яму вельмі ўдзячны), знаходзіцца заява, з якой згаданы Ярэміч у 1932 г. звяртаецца ў польскае Міністэрства вайсковых спраў і просіць аб "залічэнні мяне да ліку кандыдатаў на бясплатнае надзяленне зямлёй і перакваліфікавання мне зямлі, якую я атрымаў па ўмовах зямельнай рэформы ў асадзе Вялікая Свенціца Мсцібаўскай гміны Ваўкавыскага павета памерам 7,16 га". Такім чынам, Фабіян Ярэміч, атрымаўшы зямельны надзел на Ваўкавышчыне, за які павінен быў паводле тагачаснага польскага заканадаўства заплаціць пэўны выкуп, імкнуўся займець яшчэ дадаткова і статус вайсковага асадніка, каб атрымаць такім чынам права на валоданне тым жа самым кавалкам зямлі, але ўжо абсалютна бясплатна. Дзеля пацверджання свайго права на статус асадніка Ярэміч прадставіў і адпаведную даведку з 79 палка пяхоты (які з'яўляўся пераемнікам колішняга Беластоцкага стралецкага палка), у якой якраз і называліся прыведзеныя ў манаграфіі Ю. Грыбоўскага даты службы Ярэміча ў ягоных шэрагах [3].

Ю. Грыбоўскі ўвёў вышэйзгаданыя дакументы ў навуковы ўжытак не ўпершыню. Яшчэ перад ім гэта зрабіла складальніца біяграфічнага слоўніка "Паслы і сенатары Польскай Рэспублікі 1919-1939 гг." Малгажата Смагажэўска, якая таксама ўспрыняла выкладзеную ў выяўленых ёй архіўных дакументах інфармацыю бескрытычна і ўнесла яе ў прысвечаны Ярэмічу біяграфічны артыкул як бясспрэчны факт [4]. Аднак жа, хоць грунтоўнае даследаванне, у якім знайшлі б адлюстраванне ўсе перыпетыі жыццёвага шляху гэтага вядомага і заслужанага беларускага дзеяча (адзінага, дарэчы, беларуса, які выбіраўся ў міжваенны польскі парламент ажно трох скліканняў), пакуль беларускімі гісторыкамі не напісана, нават тая інфармацыя, якую мы маем на сённяшні дзень, дазваляе паставіцца да гэтых новых фактаў ягонай біяграфіі як мінімум крытычна. Пры гэтым гаворка ў дадзеным выпадку ідзе ні ў якім разе не пра адмаўленне сапраўднасці і аўтэнтычнасці выяўленых архіўных дакументаў, але толькі пра магчымую неідэнтычнасць асобы Фабіяна Ярэміча - былога жаўнера польскага войска і Фабіяна Ярэміча - беларускага нацыянальнага дзеяча. Коратка выкладзем аргументы на карысць гэтай версіі.

Як вядома, у 1919-1920 гг. Фабіян Ярэміч жыў у Вільні (гэтая інфармацыя, дарэчы, фігуруе і ў вышэйзгаданым біяграфічным слоўніку М. Смагажэўскай), займаў дастаткова адказную пасаду начальніка віленскай тэлефоннай станцыі і адначасова з вясны 1920 г. з'яўляўся старшынёй Віленскага Беларускага нацыянальнага камітэта. Паводле зборніка дакументаў "Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі", у Літоўскім цэнтральным дзяржаўным архіве на сённяшні дзень захоўваюцца дзве грашовыя распіскі Фабіяна Ярэміча, напісаныя ім у якасці старшыні Віленскага БНК у Менску 3 траўня 1920 г., згодна з якімі ён атрымаў пэўныя грашовыя сумы ў польскіх марках ад Беларускай Школьнай Рады дзеля наступнай выплаты іх віленскім беларускім адукацыйным установам і асобным беларускім настаўнікам [5]. Магчымасць таго, што чынны жаўнер польскага войска мог займацца актыўнай грамадска-палітычнай дзейнасцю на карысць няпольскага нацыянальнага руху з раз'ездамі па справах гэтага руху, ды яшчэ падчас вядзення баявых дзеянняў, падаецца не проста сумнеўнай, але нават зусім неверагоднай. Да таго ж наўрад ці можна лічыць выпадковым, што настолькі важны факт біяграфіі сеймавага пасла, як больш чым гадавая служба ў польскім войску, быў цалкам праігнараваны складальнікамі афіцыйнага выдання, выдадзенага неўзабаве пасля заканчэння паўнамоцтваў польскага парламента І склікання [6].

Дарэчы, гэткай жа неверагоднай выглядае і магчымасць хадайніцтва Ярэміча перад уладамі за атрыманне статусу вайсковага асадніка ў 1932 г., бо ў той час ён яшчэ выконваў (да 1935 г.) абавязкі пасла ад беларускай нацыянальнай меншасці ў польскім сейме, і настолькі відавочная здрада ўласным прынцыпам (а вайсковае асадніцтва - гэта тая з'ява, у дачыненні да якой усе беларускія палітыкі ў міжваенны перыяд выказваліся выключна негатыўна) несумненна мела б водгалас на старонках друкаваных органаў ягоных шматлікіх палітычных апанентаў. Між тым анічога падобнага адзначана ў той час не было, хоць увогуле нельга сказаць, каб Фабіян Ярэміч карыстаўся ў тагачасных беларускіх асяродках бездакорнай рэпутацыяй. Такім чынам, з усяго вышэйсказанага напрошваецца выснова, што колішні жаўнер польскага войска Фабіян Ярэміч і беларускі грамадска-палітычны дзеяч Фабіян Ярэміч - поўныя аднайменнікі і нават землякі (Ярэміч-палітык паходзіў з вёскі Дуляўцы Ваўкавыскага павета), але не больш таго.

Фабіян Ярэміч фігуруе ў манаграфіі Ю. Грыбоўскага і яшчэ ў адной якасці - чалавека, кандыдатуру якога ў 1940 г. польскія ўлады ў Францыі разглядалі "як прадстаўніка беларускай меншасці ў Радзе Нарадовай". Аўтар сам адзначае, што падае гэтую інфармацыю "паводле непацверджаных дадзеных", аднак не ўдакладняе, адкуль канкрэтна гэтая непацверджаная інфармацыя атрымана. Падобна, аднак, што крыніцай тут паслужыў усё той жа біяграфічны слоўнік "Паслы і сенатары Польскай Рэспублікі 1919-1939 гг.", у якім гэтая інфармацыя таксама прысутнічае. Аднак жа незразумела, якім чынам Ярэміч у 1940 г. мог апынуцца ў Францыі, ды калі і чаму вярнуўся адтуль назад на Беларусь: дакладна вядома, што падчас нямецка-савецкай вайны ён знаходзіўся менавіта тут і цесна супрацоўнічаў з нямецкімі акупацыйнымі ўладамі, займаючы пасаду бургамістра Барысава. У наяўных на сённяшні дзень беларускіх даведачных выданнях перыяд 1939-1941 гг. у біяграфіі Фабіяна Ярэміча ўвогуле выпадае [7], а Ю. Грыбоўскі на с. 277 сваёй манаграфіі згадвае ягонае прозвішча сярод "вядомых грамадска-палітычных і культурных дзеячаў беларускага нацыянальнага руху ў міжваеннай Польшчы", якія арыштоўваліся ў гэты час бальшавікамі. Відавочна, што прынамсі адно з гэтых двух супярэчных самім сабе сцверджанняў аўтара не адпавядае рэчаіснасці.

Завяршаючы рэцэнзію, немагчыма не закрануць справу самой якасці выдання манаграфіі. Маецца на ўвазе не паліграфічны ўзровень выдання (ён якраз такі даволі прыстойны), але ўзровень падрыхтоўкі манаграфіі да друку. На жаль, гэты аспект стаўся той самай лыжкай дзёгацю, якая бочку мёду цалкам сапсаваць не можа, але не зусім прыемнае ўражанне ўсё ж такі пакідае. Рэдка калі даводзілася бачыць настолькі элементарна нявычытанае выданне. У кнізе засталіся нявыпраўленымі велізарная колькасць відавочных паланізмаў (у прысутнасці якіх у першапачатковым тэксце працы, па вялікім рахунку, няма чаго дзівіцца, улічваючы польскамоўнасць большай часткі выкарыстаных аўтарам крыніц), арфаграфічных памылак і нават элементарных апісак (некаторыя з якіх нават дзе-нідзе сказілі змест, як, напрыклад, напісанне прозвішча дастаткова вядомага беларускага дзеяча "Карачаб" замест належнага "Карабач" (с. 110) ці выраз "падгаландскія стральцы" замест "падгалянскія стральцы" (с. 255). Такі стан надрукаванага тэксту здзіўляе тым больш, што, згодна з выходнымі звесткамі, змешчанымі на апошняй старонцы манаграфіі, выданне мела не толькі навуковага, але і звычайнага рэдактара - Ігара Войніча. У чым знайшла сваё ўвасабленне рэдактарская праца апошняга, асабіста для мяне - вялікая загадка.

Але ў любым выпадку, нягледзячы на адзначаны выдавецкі недахоп, Юры Грыбоўскі заслугоўвае павагі за свой несумненна важкі ўнёсак у вывучэнне айчыннай гісторыі. Праўда, мяркуючы па млявай рэакцыі на выхад ягонай кніжкі з боку беларускай навуковай супольнасці, наўрад ці можна спадзявацца, што выхад ягонага даследавання значна спрычыніцца да змены агульнага дастаткова складанага стану сучаснай беларускай гістарычнай навукі (у галіне даследавання гісторыі найноўшага часу) і ўздыму ў найбліжэйшы час ейнага ўнутранага і міжнароднага аўтарытэту. Аднак жа планка для беларускіх гісторыкаў новага пакалення пастаўлена. Хочацца верыць, што ахвотнікі яе пераадолець усё ж такі знойдуцца, і іх будзе нямала.



[1] Grzybowski J. Białorusini w polskich regularnych formacjach wojskowych w latach 1918-1945. Warszawa, 2007.

[2] Пры падрыхтоўцы польскамоўнага выдання манаграфіі большасць з фактаграфічных недакладнасцяў, якія будуць адзначаны ніжэй, былі Ю. Грыбоўскім выпраўлены, сярод іншага і пад уплывам вусных заўваг, зробленых аўтарам гэтай рэцэнзіі.

[3] Centralne Archiwum Wojskowe (CAW). Akta personalne. Sygn. 3922 (Fabian Jeremicz).

[4] Posłowie i senatorowie Rzeczypospolizej Polskiej 1919-1939: Słownik biograficzny. T. II. Warszawa, 2000. S. 323.

[5] Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. Т. 1. Кн. 1. Вільня-Mенск-Нью-Йорк-Прага, 1998. С. 742-743.

[6] Parlament Rzeczypospolitej Polskiej 1919-1928 / Pod. red. H. Mościckiego i W. Dzwonkowskiego. Warszawa, 1928. S. 342.

[7] Пяткевіч А. Людзі культуры з Гродзеншчыны: Даведнік. Мінск, 2000. С. 352; Ліс А. Ярэміч Фабіян // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 6. Кн. 2. Мінск, 2003. С. 306; Маракоў Л. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. 1794-1991: Энцыклапедычны даведнік: У 3 т. Т. 2. Лавіцкі-Ятаўт. Мінск, 2003. С. 374; Чарнякевіч А. Постаці беларускага нацыянальнага руху ў Гродне 1909-1939 гг. (біяграфічны даведнік). Мінск, 2003. С. 289-290.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX