Папярэдняя старонка: Пашкевіч Алесь

Праблема беларусізацыі каталіцкай царквы ў дзейнасці беларускіх прадстаўнікоў у парламенце міжваеннай Польшчы (1922-1930) 


Аўтар: Пашкевіч А.,
Дадана: 05-05-2011,
Крыніца: Пашкевіч А. В. Праблема беларусізацыі каталіцкай царквы ў дзейнасці беларускіх прадстаўнікоў у парламенце міжваеннай Польшчы (1922-1930) // Канфесіі на Беларусі: гісторыя, сучаснасць: зб. матэрыялаў міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі (Брэст, 7-8 кастрычніка 2004 г.). – Брэст: Выд-ва БрДУ, 2005. – С. 63-67.



УДК [947.6+328 (438=826)+282 (476-15) (091)] "1922/1930"
Рэспубліка Беларусь, г. Мінск, Інстытут гісторыі НАНБ

У лістападзе 1922 годзе на ўсёй тэрыторыі Польшчы адбыліся парламенцкія выбары, у якіх упершыню ўзялі ўдзел беларускія нацыянальныя арганізацыі. Створаны пасля выбараў Беларускі пасольскі клуб (БПК) адразу стаў адным з цэнтраў беларускага руху ў Польшчы.

Каталіцкая царква ў польскай дзяржаве займала прывілеяванае становішча. Таму неабходнасці ў абароне яе асноўных правоў з боку беларусаў не ўзнікала, у адрозненне ад царквы праваслаўнай. Таму звычайна ў сваіх выступленнях беларускія паслы і сенатары падымалі пытанні менавіта дыскрымінацыйнай палітыкі ў дачыненні да праваслаўя. Зместам многіх інтэрпеляцыяў з'яўляецца пратэст супраць забірання царкоўных будынкаў пад каталіцкія касцёлы [1, 47-48, 51-52, 100-103].

Аднак каталіцтва не было чыста польскай нацыянальнай рэлігіяй. Многія беларусы вызнавалі гэтую веру, некаторыя каталіцкія ксяндзы беларускага паходжання былі актыўнымі ўдзельнікамі беларускага нацыянальнага руху, праводзячы ў сваіх парафіях набажэнствы на беларускай мове і займаючыся асветніцкай дзейнасцю. Польскім уладам такое становішча не падабалася, таму беларускія ксяндзы падвяргаліся пастаянным ганенням.

Справа ўціску польскімі ўладамі беларускіх каталіцкіх святароў усплыла ўжо ў першым выступленні старшыні клуба Б. Тарашкевіча з сеймавай трыбуны 23 студзеня 1923 г. Выставіўшы праграмны пастулат неўмяшання адміністрацыйных улад у рэлігійнае жыццё, ён зазначыў: "Калі ксёндз - паляк, то яму дазваляецца ў касцёле праводзіць усялякую агітацыю, калі ж ксёндз беларускі, то рэвіровы (участковы паліцэйскі - А. П.) […] забараняе яму гаварыць казанні на беларускай мове" [2, X/39-40]. Падобныя матывы гучалі і ў выступленнях іншых беларускіх паслоў.

Калі ў справе абароны праваслаўнай царквы асноўную працу сярод беларускіх парламентарыяў узяў на сябе цесна з ёю звязаны сенатар В.Багдановіч, то ў дачыненні да каталіцкага касцёла на падобную ролю натуральна вылучыўся ксёндз А. Станкевіч. Ён практычна ў кожнай сваёй прамове закранаў тэму пераследу беларускіх ксяндзоў. Пад яго публічную крытыку патрапілі дзеянні адміністрацыі ў дачыненні да ксяндзоў Шутовіча, Семашкевіча, Рамейкі і іншых [2, CLXVIII/28; CXCVIII/16].

Самай, аднак, гучнай і скандальнай справай, у якой узялі чынны ўдзел беларускія паслы, стала справа ксяндза з Жодзішак Свянцянскага павета Вінцэнта Гадлеўскага. Гадлеўскі з верасня 1924 г. увёў у сваёй парафіі казанні па-беларуску. Гэта не спадабалася мясцовым палякам, якія выступілі са скаргамі на адрас як духоўных, так і свецкіх уладаў. Гадлеўскі абвінавачваўся сярод іншага ў тым, што "ўчыніў з амбона трыбуну, з якой пачаў шырыць нянавісць да палякаў, да ўсяго, што польскае, распаляць і ўзбуджаць нянавісць да ўраду, да ўладальнікаў буйной уласнасці, заклікаючы да брання ўдзелу ў беларускім руху" [3, 129]. Беларускае ж насельніцтва ўспрыняло ініцыятыву Гадлеўскага пазітыўна, на яго казанні заўсёды збіралася шмат народу. Вясною 1925 г. віленскі біскуп Матулевіч накіраваў у Жодзішкі камісію, якая павінная была расследаваць моўную сітуацыю ў парафіі. 26 красавіка 1925 г. пры спробе падзяліць сабраны натоўп паводле моўных прыхільнасцяў дайшло нават да бойкі паміж беларускімі і польскімі прыхажанамі. У рэшце рэшт ксёндз Гадлеўскі быў нават 22 чэрвеня 1925 г. на кароткі час арыштаваны [4, 127-129].

Канфлікт у Жодзішках быў выкарыстаны беларускімі дзеячамі як яскравы прыклад парушэння рэлігійных правоў беларускіх каталікоў. Беларускія дэпутаты прымянілі ўсе даступныя ім сродкі, каб распаўсюдзіць інфармацыю аб гэтым інцыдэнце наколькі магчыма шырэй. 26 чэрвеня 1925 г. імі была пададзеная інтэрпеляцыя да міністра ўнутраных спраў, поўнасцю прысвечаная жодзішскім падзеям. Таксама былі складзеныя інтэрпеляцыі па фактах канфіскацыі нумароў газеты "Krynica" з артыкуламі ў абарону Гадлеўскага [1, 285-289, 298-299]. Тэксты артыкулаў, поўнасцю прыведзеныя ў гэтых інтэрпеляцыях, набывалі такім чынам імунітэт, дзякуючы чаму маглі свабодна распаўсюджвацца. Падымалася жодзішская праблема і ў выступленні А. Станкевіча на паседжанні Сейма 22 кастрычніка 1925 г [2, CCXLIV/67].

Трэба, аднак, адзначыць, што ўсе гэтыя дзеянні мелі практычнае значэнне толькі ў агітацыйным плане. Паслы атрымалі ў адказ на інтэрпеляцыю сцвярджэнне міністра ўнутраных спраў, што "адміністрацыйныя і паліцэйскія ўлады ў рэлігійныя справы любых вызнанняў зусім не ўмешваюцца - а выступленне ў Жодзішках было прадыктаванае выключна патрэбай вяртання парушанага спакою і грамадскай бяспекі" [5, 164]. Увогуле, надыходзілі іншыя часы, і нават непарушны раней імунітэт парламенцкіх інтэрпеляцыяў пачынаў парушацца. Так, нумар "Biełaruskaj Krynicy" ад 20 кастрычніка 1925 г. з вершам Казіміра Сваяка "Званіца ў Жодзішках" быў канфіскаваны паўторна, нягледзячы на тое, што верш ішоў у друк у складзе інтэрпеляцыі. Замена ў жніўні 1925 г. на пасадзе віленскага біскупа Ежы Матулевіча Рамуальдам Ялбжыкоўскім яшчэ больш паслабіла пазіцыі беларусаў. Ялбжыкоўскі пачаў адкрытую барацьбу з беларускім нацыянальным рухам у каталіцкім касцёле, адным з вынікаў чаго была выдадзеная 12 красавіка 1927 г. забарона беларускаму паслу ксяндзу Адаму Станкевічу займацца палітычнай дзейнасцю [4, 149]. Ксёндз жа Гадлеўскі быў хутка арыштаваны паўторна і засуджаны на 2 гады крэпасці.

У новы парламент, выбраны ў сакавіку 1928 г., прайшлі двое сяброў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі (БХД) - А.Стэповіч і П.Каруза. Праблемы беларусізацыі каталіцкага касцёла імі падымаліся, аднак магчымасці яны мелі яшчэ больш абмежаваныя, чым у папярэднікаў. Не ў апошнюю чаргу гэта адбывалася па прычыне агульнага змяншэння ролі парламента ў Польшчы. Ялбжыкоўскі тым часам выдаў 10 снежня 1928 г. пастырскі ліст з забаронай каталікам належаць да БХД і чытаць яе друкаваны орган - газету "Biełaruskaja Krynica". Гэтая забарона стала аб'ектам вострай крытыкі з боку Стэповіча падчас яго сеймавай прамовы ад 7 лютага 1929 г [6, XLVII/47-48].

Не маючы ўжо, аднак, ніякай надзеі прымусіць польскія свецкія і царкоўныя ўлады змяніць свае адносіны да беларускіх каталікоў уласнымі сіламі, беларускія парламентарыі спрабавалі звярнуць на парушэнне іх правоў увагу Апостальскай сталіцы і ўсёй міжнароднай супольнасці. Першыя падобныя спробы былі зробленыя яшчэ беларускімі пасламі І склікання. Так, ужо 15 сакавіка 1923 г. беларускія паслы каталіцкага вызнання падалі апостальскаму нунцыю ў Варшаве першы мемарыял аб жыцці беларусаў-каталікоў у Польшчы і іх рэлігійных патрэбах. 1 кастрычніка 1925 г. яны ж накіравалі нунцыю мемарыял аб пазбаўленні беларускага ксяндза Язэпа Рэшаця выкладчыцкай пасады ў Віленскай духоўнай семінарыі. Яшчэ перад гэтым, у сакавіку 1925 г., беларускае каталіцкае святарства падало нунцыю мемарыял у справе падрыхтоўкі Канкардату паміж Апостальскай сталіцай і Польшчай, умовы якога былі неспрыяльныя для каталікоў-непалякаў. А.Станкевіч ў сувязі з гэтым меў і асабістую сустрэчу з папскім прадстаўніком [7, 221-223].

У новым жа парламенце 22 студзеня 1929 г. А. Стэповіч і П. Каруза падалі папскаму нунцыю мемарыял і праграму БХД у сувязі з вышэйзгаданай забаронай Ялбжыкоўскага. Нунцый абяцаў паслам перадаць гэтыя матэрыялы самому пантыфіку, аднак ніякага пазітыўнага для сябе выніку беларусы так і не дачакаліся [7, 225].

Тады 15 жніўня 1929 г. паслы і сенатары з БПК выслалі ў Лігу нацый мемарыял-скаргу. Мемарыял насіў агульны характар, аднак праблема рэлігійнага ўціску беларусаў-каталікоў палякамі заняла ў ім значнае месца. У асноўным польскім свецкім і царкоўным уладам закідаліся паліцэйскія рэпрэсіі супраць беларускіх ксяндзоў, апанаванне ўсіх кіраўнічых пасад у біскупствах на тэрыторыі Заходняй Беларусі зацятымі польскімі шавіністамі, прызначэнне ксяндзоў-беларусаў у парафіі на тэрыторыі карэннай Польшчы, а палякаў - у беларускія парафіі, пастырскі ліст Ялбжыкоўскага ад 10 снежня 1928 г [8, 6-7].

Гэты мемарыял выклікаў вельмі негатыўную рэакцыю з боку польскіх уладаў, таму што міжнародная арганізацыя адрэагавала на яго і запатрабавала тлумачэнняў. Аднак рэальных рычагоў уплыву на нацыянальныя ўрады Ліга нацый не мела, што дазволіла палякам пасля доўгай перапіскі абмежавацца стандартнай "адпіскай", тым больш што канчаткова гэтая справа разглядалася ўжо ў зусім іншай палітычнай сітуацыі, пасля роспуску Ю. Пілсудскім парламента ў 1930 г[9, 172-235].

Такім чынам, праблемы беларусізацыі каталіцкага касцёла на тэрыторыі Заходняй Беларусі знайшлі адлюстраванне ў дзейнасці беларускіх паслоў і сенатараў, хаця асноўная ўвага і надавалася барацьбе супраць дыскрымінацыі праваслаўнай царквы. Варта, аднак, адзначыць, што для пашырэння беларускай нацыянальнай ідэі ў грамадстве дзейнасць беларускіх парламентарыяў у гэтым накірунку мела большае значэнне, таму што тут ішла гаворка менавіта пра беларусізацыю касцёла, тады як у выпадку праваслаўя барацьба вялася хутчэй за захаванне расійскага характару царквы.


Спіс літаратуры

1. Інтэрпэляцыі беларускіх паслоў у польскі сойм. 1922-1926. - Мн., 1927.

2. Sejm Rzeczypospolitej Polskiej. Sprawozdania stenograficzne z posiedzeń. Okres I (1922-1927).

3. Zatarg o język kazań w Żodziszkach, cd. (dokumenty wybrała i opracowała M. Moroz) // Białoruskie Zeszyty Historyczne. - 1998. - Nr.10.

4. Moroz M. "Krynica": Ideologia i przywódcy białoruskiego katolicyzmu. - Białystok, 2001.

5. Zatarg o język kazań w Żodziszkach w kwietniu 1925 roku (dokumenty wybrał i opracował J. Tomaszewski) // Białoruskie Zeszyty Historyczne. - 1996. - Nr.1(5).

6. Sejm Rzeczypospolitej Polskiej. Sprawozdania stenograficzne z posiedzeń. Okres II (1928-1930).

7. Stankievič A. Biełaruski Chryścijanski Ruch (histaryczny narys). - Vilnia, 1939.

8. Мэморыял Беларускага Пасольскаго Клюбу ў Лігу Народаў у справе палажэньня Беларускага Народу ў межах Польскай Рэспублікі, пададзены 15 жніўня 1929 году. - Вільня, б. д.

9. Archiwum Akt Nowych (ААN) w Warszawie. Ministerstwo Spraw Zagranicznych (MSZ) 1918-1939. Sygn. 1270.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX