Папярэдняя старонка: Пашкевіч Алесь

Рамуальд Зямкевіч - гісторык беларускай літаратуры, калекцыянер, канфідэнт ІІ аддзела Генеральнага штаба 


Аўтар: Пашкевіч Алесь, Чарнякевіч Андрэй,
Дадана: 04-09-2014,
Крыніца: pawet.net.



Новыя матэрыялы з фондаў польскай контрвыведкі

Да апошняга часу амаль выключны прыярытэт у вывучэнні матэрыялаў з фондаў Цэнтральнага вайсковага архіва ў Рэмбертаве (Польшча) заставаўся за гісторыкамі гэтай краіны. Вартасць многіх дакументаў, якія там знаходзяцца, цяжка пераацаніць, аднак нават сярод іх па зместу і ступені канцэнтрацыі інфармацыі вылучаюцца матэрыялы польскай контрвыведкі міжваеннага часу - ІІ аддзелаў Галоўнага камандавання, Генеральнага штаба і міністэрства вайсковых спраў.

Склад дакументаў фондаў польскай контрвыведкі ў дачыненні да беларускага руху разнастайны. Тут ёсць і агульныя агляды гэтага руху, і шматлікія справаздачы ІІ аддзелаў за пэўныя перыяды часу (гадавыя, паўгадавыя, квартальныя, месячныя, тыднёвыя і г. д.). Значны комплекс складаюць першасныя матэрыялы, на аснове якіх пасля складаліся абагульняючыя дакументы (даклады і рапарты розных устаноў і службовых асоб, службовая і прыватная перапіска і інш.). Як характэрную рысу практычна ўсіх матэрыялаў выведкі можна адзначыць даволі глыбокі аналіз агульнай сітуацыі, і, што не менш істотна, грунтоўнае веданне фактычнага боку справы [1]. Гэта апошняе ў значнай ступені дасягалася за кошт выкарыстання шырокай сеткі інфарматараў, у тым ліку - з асяроддзя найбольш аўтарытэтных беларускіх палітыкаў. Сярод найбольш вядомых інфарматараў дэфензівы можна ўзгадаць Я.Ладнова, Я.Міткевіча, В.Адамовіча (Дзергача), аднак у сувязях з ІІ аддзелам знаходзіліся і іншыя беларускія дзеячы. Асабістыя данясенні многіх з іх з'яўляюцца адной з найбольш інфарматыўных частак архіўных фондаў польскай выведкі міжваеннага часу. Матэрыялы аднаго з інфарматараў, В. Адамовіча (Дзергача), былі ўведзеныя аўтарамі ў навуковы зварот раней [2]. Прадметам жа гэтай публікацыі з'яўляюцца рапарты аўтарства яшчэ аднаго чалавека, імя якога сустракаецца на старонках беларускіх энцыклапедыяў і даведнікаў як аднаго з энтузіястаў і піянераў беларускага культурнага адраджэння - Рамуальда Зямкевіча.

Постаць Зямкевіча сярод даследчыкаў даволі вядомая. Бібліяфіл, бібліёграф, публіцыст, гісторык беларускай літаратуры, краязнаўца, перакладчык - ён зрабіў даволі шмат у справе папулярызацыі ідэяў беларускасці і фармавання падстаў для развіцця беларускай культуры. Па прафесіі Р.Зямкевіч - інжынер-механік, нарадзіўся 7 лютага 1881 года ў Варшаве ў сям'і ўраджэнца Случчыны. Вучыўся ў Кіеве і Пецярбурзе, аднак большую частку свайго жыцця правёў у Варшаве. У 1920-я гады займаў кіраўнічую пасаду ў польскай Вышэйшай кантрольнай палаце. Рабіў частыя экспедыцыі з мэтай збірання калекцыйных матэрыялаў, у выніку чаго сабраў унікальную бібліятэку беларускіх выданняў. У яго жонкі Л.Дунін-Баркоўскай захоўваўся архіў Беларускай сацыялістычнай грамады. Быў сябрам шматлікіх беларускіх асветніцкіх арганізацыяў. Адзін з выкладчыкаў першых беларускіх настаўніцкіх курсаў у Мінску ў канцы 1918 года. Пачынаючы з 1909 года, друкаваў літаратуразнаўчыя артыкулы ў "Нашай ніве", у тым ліку апублікаваў невядомыя рукапісы М.Багдановіча, К.Каганца, Я.Лучыны. Аўтар навуковых прац "Адам Ганоры Кіркор (біяграфічна-бібліяграфічны нарыс у 25-летнюю гадавіну смерці)" і "Ян Баршчэўскі, першы беларускі пісьменнік ХІХ сталецця" (абедзьве выйшлі ў 1911 годзе асобнымі брашурамі ). Пазней друкаваўся па асветніцкай тэматыцы ў газетах "Вольная Беларусь", "Беларуская думка", "Беларусь", "Новае жыццё", часопісах "Родныя гоні", "Калосьсях", зборніку "Заходняя Беларусь", і нават у 1942-1943 гадах выступаў з сатырычнымі вершамі на старонках Беластоцкай газеты "Новая дарога". У пачатку 1920-х гадоў працаваў над кнігай па гісторыі "Зялёнага дуба" (паводле Н.І.Стужынскай, Р.Зямкевіч з'яўляўся і сам сябрам гэтай арганізацыі) [3] і арміі генерала С. Булак-Балаховіча. Адзначыўся Р.Зямкевіч і як палітычны дзеяч - у 1917 годзе ён удзельнічаў у з'ездзе беларускіх нацыянальных арганізацыяў і І Усебеларускім з'ездзе ў Мінску. Пазней, ужо ў міжваеннай Польшчы, праз яго адбывалася канспіратыўная сувязь паміж сябрамі Беларускага пасольскага клуба ў польскім парламенце і прадстаўнікамі з правінцыі. Асабліва прагучала імя Р. Зямкевіча падчас "працэса 45-ці" ў Беластоку ў 1923 годзе, калі ён выступіў у якасці сведкі абароны на баку беларускага пасла С.Якавюка, што абвінавачваўся ў антыдзяржаўнай дзейнасці.

Зараз, пасля працы з матэрыяламі ЦВА, зусім упэўнена можна сцвярджаць, што на працягу 1920-х гадоў Р.Зямкевіч з'яўляўся яшчэ і агентам польскай дэфензівы, аб чым, дарэчы, некаторыя з беларускіх дзеячоў здагадваліся [4]. Большасць рапартаў звычайна падпісваліся ім уласным прозвішчам, некаторыя - псеўданімамі Шэршань і Дземяновіч. Пры гэтым, аднак, трэба заўважыць, што сам факт ягонага супрацоўніцтва з ІІ аддзелам патрабуе асобнага грунтоўнага аналізу і шматбаковай ацэнкі - як з фактычнага, так і з псіхалагічнага пункту гледжання. Ніжэй падаюцца некаторыя з данясенняў "агента Р.Зямкевіча" як прыклад спецыфічнай крыніцы па гісторыі беларускага руху - рапартаў канфідэнта ІІ аддзела польскага Генштаба.

У дадзеную публікацыю ўключаныя рапарты, якія былі пададзеныя Р. Зямкевічам у лістападзе-снежні 1922 г., адразу пасля заканчэння паспяховых для беларусаў парламенцкіх выбараў. Асноўным іх зместам з'яўляецца характарыстыка беларускіх дзеячоў, якія былі выбраныя ў парламент. Аднак патрэбна адзначыць, што публікуемыя матэрыялы - гэта толькі невялікая частка выяўленых публікатарамі рапартаў гэтага дзеяча. Усяго на дадзены момант, акрамя публікуемых, вядомыя яшчэ 23 рапарты аўтарства Рамуальда Зямкевіча. 2 з іх адносяцца да 1922 года, 19 - да 1923, па 1 - да 1924 і 1925. У іх знайшлі адлюстраванне многія закулісныя працэсы, якія адбываліся ўнутры беларускіх арганізацыяў і не выносіліся на агульнае абмеркаванне. Зямкевіч дакладваў пра спробы ўплыву на заходнебеларускіх палітыкаў з боку савецкіх, літоўскіх і нямецкіх эмісараў, пра развіццё беларуска-ўкраінскіх узаемадачыненняў, пра рознагалоссі ўнутры Беларускага пасольскага клуба і Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні. Вельмі падрабязна канфідэнт ІІ аддзела апісвае агульную атмасферу падчас правядзення "працэса 45-ці". Не засталіся па-за ўвагай і тыя агульныя настроі, якія панавалі ў той час сярод насельніцтва Заходняй Беларусі. Таму пры ўсёй суб'ектыўнасці ацэнак гэтыя матэрыялы, безумоўна, здольныя пашырыць нашыя веды пра беларускі палітычны рух у міжваеннай Польшчы ў пачатку 20-х гадоў ХХ ст. і ў пэўнай ступені праліць святло на некаторыя з'явы і факты, пра якія гісторыкі маглі раней толькі здагадвацца.

Усе дакументы друкуюцца паводле рукапісных арыгіналаў, якія захоўваюцца ў Цэнтральным вайсковым архіве ў Рэмбертаве (Польшча) (фонд ІІ аддзела Генеральнага штаба Польскага войска, сігнатура I.303.4.2664, падтэчка 1, аркушы ў справе не пранумараваныя), у перакладзе на беларускую мову. Рапарт з кароткай характарыстыкай усіх беларускіх дэпутатаў у польскі парламент не падпісаны і не датаваны, рапарты з падрабязнай характарыстыкай дэпутатаў С. Баранава і В. Рагулі падпісаныя псеўданімам Дземяновіч. Аўтарства Зямкевіча ва ўсіх выпадках устаноўленае па почырку, дата прыблізна вызначаная па зместу.

Публікацыя

А. В. Пашкевіча і А. М. Чарнякевіча

Рапарт Рамуальда Зямкевіча ў ІІ аддзел Генеральнага штаба аб плане дзейнасці выбраных беларускіх дэпутатаў у польскі сейм

Варшава, 24 лістапада 1922 г.


Беларуская справа, якую збіраюцца закрануць у сейме толькі што выбраныя паслы-беларусы, выглядае на сённяшні дзень сур'ёзна.

Паводле зусім пэўных і верагодных звестак, яны збіраюцца адразу ж закрануць у сейме наступныя справы:

1)Справа падкідвання на выбарчым участку (Вільня, вул. Віленская 12) пачка пракламацыяў Беларускага камуністычнага камітэта. Гэтую справу ўжо абскардзіў у віленскай паліцыі беларус Валэйша [1]. Гэтую аферу прыпісваюць ІІ аддзелу Генеральнага штаба, або партыі "Зялёны дуб" [2].

2)Справа перашкодаў пры выбарах з боку польскай адміністрацыі, а таксама інтрыг і тэрору з боку ІІ аддзела Генеральнага штаба (у асобе ген. Балаховіча [3] і яго жаўнераў, нанятым штабам у якасці баявых дружын) і яго функцыянераў.

3)Справа "далучэння да Айчыны" Віленшчыны, а разам з ёю і крэсаў, насуперак волі і жаданням насельніцтва, якое ў асноўнай сваёй масе як безумоўная мясцовая большасць праз ашуканства спіхаецца да ролі меншасці, не хацела ці прынамсі не хоча "польскага апякунства", якое так добра адчула ў перыяд 1919-1922 гадоў. Беларусы безумоўна байкатавалі сейм у Вільні [4], які, нягледзячы на гэта, насуперак беларуска-літоўскай большасці, бяспраўна абвясціў рашэнне толькі нязначнай польскай меншасці.

4)Справа зачыненых беларускіх школ насланымі з Усходняй Галіччыны "выпрабаванымі дзеячамі"-паланізатарамі, якія планава размяшчаюцца адміністрацыяй Начальніка Пілсудскага [5], нібыта вялікага аматара Крэсаў і прыхільніка фразы "Вольныя з вольнымі, роўныя з роўнымі".

5)Справа зачыненых і расколатых беларускіх спажывецкіх кааператываў, працуючы ў якіх, беларуская інтэлігенцыя мела кавалак хлеба. Цяпер жа яна гэтага абсалютна пазбаўленая.

6)Справа бязвінна зняволеных на працягу цэлых гадоў беларусаў, у апошні час вызваленых па прычыне абсалютнай адсутнасці віны. Пытанне кампенсацыі ім панесеных страт з бюджэту той дзяржавы, якая так легкадумна і бяспраўна знішчае здароўе і маёмасць грамадзян.

7)Справа беларускіх выданняў, пазачыняных за пісанне праўды, непрыемнай для прысланай польскай адміністрацыі.

8)Справа планавых ашуканстваў у друку, прызначаных як для замежжа, так і для атуманьвання польскага грамадства. Да іх прылічваюцца фальшывы і тэндэнцыйны перапіс насельніцтва, фальшывыя карты нацыянальнага становішча на крэсах, цэлы шэраг брашур, кніг і планаў з фальсіфікацыяй маёмаснага стану і дзейнасці Крэсовай Стражы [6]. Усё гэта аж залішне выразна і дакладна нагадвае прускі гакатызм [7], які ператварыўся ў Польшчы ў "польскі гакатызм", што талеруецца і фінансава падтрымоўваецца польскім урадам.

9)Безумоўнае патрабаванне тэрытарыяльнай (у этнаграфічных межах) аўтаноміі Беларусі з асобным сеймам у Вільні, з прадстаўнікамі мясцовага насельніцтва, выбранымі на адміністрацыйныя пасады ў колькасна-працэнтных суадносінах да ўсіх нацыянальнасцяў крэсаў, а таксама безумоўнае выдаленне чужынцаў, асабліва галічан.

Усе згаданыя тэзісы, захоўваючы ўсю іх яскравую задзірлівасць і нахабнасць, ніжэй падпісаны стараўся правільна і дакладна скрышталізаваць і накрэсліць на аснове размоў з беларусамі.

У размовах беларусы сцвярджаюць, што нічога і нікога цяпер не баяцца, у польскі сейм не вераць, a размаўляць будуць … з Лігай нацый [8].

Маё асабістае ўражанне, паводле добра мне вядомага невысокага інтэлекту выбраных паслоў-беларусаў, якія зусім не адзначаюцца веданнем усяго беларускага пытання і свайго руху, такое, што тут поўным ходам дзейнічае чужы ўплыў, гэта значыць літоўскі, а можа і схаваны нямецкі. З размоў я пераканаўся, што кантакт з віленскімі літоўцамі цесны, але трэба было б праверыць, наколькі такі кантакт падтрымоўваецца з Коўнам, Берлінам і Мінскам. Па Вільні ходзяць пагалоскі, што ранейшы вораг беларускага руху пасол Васіль Рагуля [9] быў пастаўлены на спіс па патрабаванні Мінска.

Лічу, што па прычыне гэтых даволі пагражальных на будучыню намераў пажадана было б звярнуць асабліва пільную ўвагу на асобу Антона Луцкевіча [10] ў Вільні і пільна сачыць, хто і дзе з ім кантактуе, бо гэта можа даць каштоўны абцяжальны матэрыял. Тайныя агенты, якія сочаць у Вільні сёння, павінныя быць усе змененыя, бо беларусы іх залішне добра ведаюць.

Беларускі камітэт у Варшаве [11] (Шпітальная, 12) панове паслы вырашылі ўзяць у свае рукі і зрабіць там свой штаб і клуб. Трэба было б гэта таксама выкарыстаць і падумаць наконт плана.

Лічу пажаданым, каб нехта цяпер паехаў у Вільню і зблізку прасачыў намеры паслоў-беларусаў перад іх прыездам у Варшаву, бо цяпер там без перапынку ідуць нарады і пасяджэнні.

На заканчэнне сведчу, што за сапраўднасць пададзеных тут звестак безумоўна бяру на сябе поўную адказнасць.

інж. Рамуальд Зямкевіч

Еду ў Вільню з мэтай збору больш поўнай інфармацыі, рапарт паводле яе падам як мага хутчэй.

інж. Рамуальд Зямкевіч


Centralne Archiwum Wojskowe (CAW) w Rembertowie, sygn. I.303.4.2664, podteczka 1.

Рапарт Рамуальда Зямкевіча ў ІІ аддзел Генеральнага штаба з кароткімі характарыстыкамі дэпутатаў у сейм і сенат беларускай нацыянальнасці

Варшава, [лістапад 1922 г.]


1. Кс. Адам Станкевіч [12], сын селяніна з вёскі Арляняты Ашмянскага павета. Стойкі, энергічны, свядомы барацьбіт, мае адукацыю Духоўнай акадэміі ў Пецярбургу, вядомы як дзеяч, які адпольшчвае касцёл на Беларусі. Гэта лічаць ягонай заслугай, асабліва праваслаўныя. Быў і ёсць рэдактарам і кіраўніком антыпольскай народніцкай газеткі ў каталіцкім духу "Krynica" [13]. Належыць да партыі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі.

2. Міхал Кахановіч [14], сын папа. Скончыў універсітэт у Харкаве, быў настаўнікам гімназіі. Родам, здаецца, з Магілёўшчыны, хоць цяпер сцвярджае, што нарадзіўся ў Наваградскім ваяводстве. У Магілёве выдаваў выразна антыпольскія газеты : "Могилевскiя Губернскiя Ведомости" і "Могилевскія Епархiальныя Ведомости>" [15]. Заўсёды быў маскалём, у 1918 годзе па-беларуску не мог яшчэ склеіць двух сказаў. Дзеля быту і кар'еры стаў беларусам, хоць і да цяперашняга часу па-беларуску гаворыць вельмі слаба. Зацяты вораг палякаў, інтрыган сярод беларусаў, беларусаў-каталікоў ненавідзіць. Быў дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі, з гэтай пасады за інтрыгі і злоўжыванні з грашыма, атрыманымі з Ковенскай Літвы, паніжаны да звычайнага настаўніка. Літоўскі і нямецкі агент, увогуле агент кожнага, хто добра плаціць. Закончаны п'яніца.

Сярэдніх здольнасцяў, слабы прамоўца. Сацыяліст-рэвалюцыянер.

3. Фабіян Ярэміч [16], родам з Віленшчыны, тэхнік. Літоўска-нямецкі агент. Часта ездзіў за мяжу па грошы. Па характару ўпарты і імпульсіўны. Сядзеў у турме за палітыку. Перакананы вораг палякаў. Сацыял-дэмакрат выразна бальшавіцкай афарбоўкі.

4. Васіль Рагуля. Селянін родам з Наваградскага ваяводства. Былы народны настаўнік. У 1917 годзе ў Мінску на з'ездзе настаўнікаў-беларусаў клеймаваў беларускі рух як польскую інтрыгу, прапагандуючы расейскія мову і нацыянальнасць. У 1917 г., у снежні, разганяў Усебеларускі кангрэс, выкрыкваючы: "Хай жыве бальшавізм!". У 1918 годзе разбіў і раскалоў беларускі з'езд у Смаленску. Незразумела, чаму такі антыбеларус і сапраўдны камуніст быў прыняты беларусамі і пастаўлены імі на спіс. Ходзяць чуткі, што гэтага патрабавалі камуністы ў Мінску, абяцаючы фінансавую дапамогу для выбарчай агітацыі. Рагуля па-беларуску не ведае ані слова, мае намер у сейме гаварыць толькі па-расейску. Вельмі верагодна, што гэта савецкі агент і схаваны камуніст.

5. Браніслаў Тарашкевіч [17], сын селяніна з Віленшчыны, дацэнт філалогіі Пецярбургскага ўніверсітэта. Выхаванне атрымаў у Вільні ў польскім духу. Чалавек вельмі слабога характару, заўсёды гатовы перакінуцца на бок таго, хто больш дасць. Быў на літоўскім утрыманні, падобна на тое, што выкарыстоўваў і польскую дэфензіву. Неакрэсленых палітычных перакананняў. Аднак лічыцца сацыял-дэмакратам.

6. Сымон Рак-Міхайлоўскі [18], сын селяніна з-пад Радашковіч. Народны настаўнік. Разумовыя здольнасці пасрэдныя, затое нерастрачаная энергія. Гэта ён арганізаваў у Мінску Беларускую вайсковую раду [19] ў 1917 годзе, у 1918 годзе за нямецкія грошы арганізаваў 10-месячныя настаўніцкія курсы. Быў рэдактарам газеты "Беларускае слова" ў Гродне [20]. У Барунах Ашмянскага павета адчыніў і кіраваў беларускай настаўніцкай семінарыяй, зачыненай уладамі ў 1921 годзе. Памяркоўных перакананняў, незалежны сацыяліст.

7. Сяргей Баранаў [21], сын начальніка турмы ў Гродне. Маскаль, народжаны ў Гродне. Гімназійная адукацыя. Народны настаўнік. У 1920 годзе падчас акупацыі Гродна бальшавікамі быў бальшавіцкім камісарам з юрыдычнага аддзела. Здаецца, што з-за яго былі расстраляныя двое грамадзян-палякаў, якія засталіся ў фальварках. Баранаў быццам бы мог сваім меркаваннем да гэтага спрычыніцца. Быў зняволены ў 1920 і 1921 гг. у Гродне. Польскія ўлады маюць пра яго самае найгоршае меркаванне. Быў старшынёй Беларускай рады ў Гродне [22]. Па перакананнях сацыяліст-рэвалюцянер. Закончаны какаініст.

8. Антон Аўсянік [23], родам з Вілейскага павета. Адукацыя невядомая. Падае сябе як інжынера, але гэта несумненны падман, бо падчас вайны быў толькі канторшчыкам у інжынера. Быў старшынёй Беларускай рады ў Бабруйску. Як нямецкі агент даносіў на Доўбар-Мусніцкага [24], які загадаў Аўсяніка арыштаваць, аднак ён уцёк. Сябар вядомага нямецкага шпіёна з часоў акупацыі Мінска - Зузэміля [25]. У 1919, 1920 i 1921 гадах прывозіў грошы, здаецца, толькі літоўскія, з Коўна на беларускія мэты. Вельмі небяспечная асоба. Сацыял-дэмакрат.

9. Пятро Мятла [26], селянін з-пад Дзісны. Народны настаўнік. Кааператар дэмакратычных перакананняў, беспартыйны. У беларускім руху малавядомы.

10. Назарэўскі [27]. Маскаль. Уладальнік дома і сада ў Баранавічах. Толькі цяпер пачынае вучыцца размаўляць па-беларуску. Рэпутацыяй сярод сваіх братоў-маскалёў у Баранавічах карыстаецца не асабліва добрай. Кажуць пра яго: жулик, мазурик [28]. Несумленны ў грашовых справах. У беларускім руху абсалютна невядомы.

Здаецца, па перакананнях расейскі манархіст.


Centralne Archiwum Wojskowe (CAW) w Rembertowie, sygn. I.303.4.2664, podteczka 1.

Рапарт Рамуальда Зямкевіча ў ІІ аддзел Генеральнага штаба з характарыстыкай беларускага дэпутата Сяргея Баранава

Варшава, 30 лістапада 1922 г.


Сяргей Баранаў, беларускі пасол у сейм

Сяргей Баранаў паходзіць з Гродзенскай зямлі. Як беларус выступіў у 1919 годзе. Актыўна кантактаваў у 1919 i 1920 гадах з Коўнам, адкуль атрымоўваў грошы на супрацьпольскую аітацыю і куды нават у 1919 г. асабіста ездзіў.

Беларускай мовай валодае вельмі слаба, што, аднак, не перашкодзіла яму стаць старшынёй Беларускага камітэта.

Цікавую дзейнасць ён разгарнуў у 1920 г. Калі Гродна 19 ліпеня 1920 г. было ўзятае бальшавікамі, ён не хаваў сваёй радасці. На сходзе Беларускага камітэта ў садзе жаночага праваслаўнага манастыра ён востра сутыкнуўся з інж. Зямкевічам, які раіў яму быць асцярожным і не ўлазіць у бальшавіцкія справы, зазначаючы, што Гродна, якое знаходзіцца на самай этнаграфічнай мяжы Польшчы, можа быць адабранае, і тады ўлады прыціснуць супрацоўнікоў і прыхільнікаў Саветаў. Тады ён здзекліва выгукнуў: "Польская сволач ужо ніколі не увідзіць Гродна!" . Інжынера Зямкевіча ён пастаянна пераследаваў і высмейваў за ягонае паланафільства. Да бальшавікоў пайшоў добраахвотна, папрасіўшыся сам, і стаў камісарам прававога аддзела. Яму, здаецца, прыпісваюць віну за расстрэл двух грамадзян-палякаў, дробных сялян з-пад Гродна. Трэба дадаць, што з-за сваёй слабой дзейнасці і тупой галавы быў арыштаваны бальшавікамі. Вобыск, зроблены ў яго, паказаў, што ён з'яўляецца старшынёй "Нацыянальнага" Беларускага камітэта. Так Баранава аддалі Чразвычайцы разам з сакратаром гэтага самага камітэта Якавюком [29] Пры ўцёках з Гродна бальшавікоў Чразвычайка забрала з сабой Баранава і Якавюка. Па дарозе, калі іх гналі пехатой, яны змаглі ўцячы і вярнуліся дахаты.

Польскія ўлады арыштавалі абодвух і трымалі ў турме. Гэтыя ўлады, безумоўна, маюць больш матэрыялаў пра Баранава, які вельмі добра вядомы Гродну як вораг Польшчы.

Дземяновіч

Centralne Archiwum Wojskowe (CAW) w Rembertowie, sygn. I.303.4.2664, podteczka 1.


Рапарт Рамуальда Зямкевіча з характарыстыкай беларускага дэпутата Васіля Рагулі

Варшава, 30 лістапада 1922 г.


Дадзеныя пра беларускага пасла Васіля Рагулю

Васіль Рагуля, б. народны настаўнік, родам з Наваградскага павета, ў 1917 годзе, адразу ж пасля рэвалюцыі, у выніку абвешчанай свабоды з'явіўся на з'езд настаўнікаў-беларусаў у Мінск ў траўні месяцы.

З'езд быў скліканы беларускімі дзеячамі, каб скансалідаваць беларускія сілы і распачаць энергічную нацыянальную працу ў новых, спрыяльных умовах.

Гэты з'езд, аднак, праявіў няздольнасць да такой працы, бо ўсе гэтыя беларусы-настаўнікі, з малымі выключэннямі, аказаліся настолькі зрусіфікаванымі, што іх варожыя адносіны да беларускага народа не давалі ніякай надзеі на працу ў арганізацыі, задуманай патрыётамі-нацыяналамі. Рагуля ў той час выступаў нечувана азартна і варожа ў дачыненні да беларускай ідэі. На Аркадзя Смоліча [30] ён накінуўся, што той падтрымоўвае і пашырае гэту польскую інтрыгу, якой з'яўляецца ўздыманне і падпітванне беларускага руху. Беларускую мову ён называў жаргонам, сумессю польскай, літоўскай і габрэйскай i даводзіў, што злачынствам з'яўляецца адкіданне дзяржаўнай расейскай мовы, такой развітай і багатай, з цудоўнай літаратурай агульнасусветнага значэння.

Не дапамагло прафесійнае абвяржэнне Рагулі прысутным там інж. Зямкевічам, які апеляваў да аўтарытэту прафесара і акадэміка Карскага [31]. Рагуля, нягледзячы на публічнае выяўленне яго некампетэнтнасці ў гэтых справах, застаўся пры сваёй думцы, павёў за сабою рэшту сваіх таварышаў-настаўнікаў і гэтым давёў з'езд да расколу і заканчэння пасяджэнняў без рэзалюцыяў.

Дзейнасць Рагулі падчас Беларускага кангрэса ў Мінску [32] была надзвычай правакацыйная і раскольніцкая. Ён свістаў і крычаў, калі выступалі па-беларуску, злаваўся і шалеў, бо ў выніку вялікай нацыянальнай агітацыі з дапамогай прамоў, выключна добрых і раскошна зробленых беларускіх пастановак у тэатры, канцэртаў і дэкламацый, уся аўдыторыя, пачаткова варожая беларусам-нацыяналам, безумоўна перайшла на іх бок. Пачуцці настолькі ўзялі верх, што ў вылучаную Беларускую раду [33] былі выбраныя беларускія свядомыя элементы, якія валодалі беларускай мовай.

Перамога беларусаў-нацыяналаў, нягледзячы на перашкоды і правакацыі з боку дзяржаўніцка настроеных бальшавікоў - маскалёў, латышоў і армян, бо з такіх розных элементаў складаўся тагачасны (у снежні 1917 г.) Мінскі рэўком, павінная была разгневаць і занепакоіць бальшавікоў, прыхільнікаў інтэрнацыяналу і ворагаў нацыяналістаў.

Роля кангрэса скончылася. Беларуская рада павінная была быць разбітая. Кангрэс разам з новастворанай Радай Беларусі было вырашана разагнаць сілай. На гэтую ролю галоўны бальшавіцкі камісар Ландэр [34] (латыш) прызначыў Мяснікова [35], Рэзаускага [36] i Рагулю. Гэта тройка вырашыла выклікаць разлад (произвести брожение) i разагнаць кангрэс. Якраз гэта было і зроблена. Рагуля з вінтоўкай у руцэ крычаў: Да здравствует Интернационал ! Да здравствует единый рабоче-революционный фронт ! Долой контрреволюционных националистов белоруссов !

Пры разгоне Кангрэса білі прыкладамі. Удар у шыю ад Рагулі атрымалі інж. Р. Зямкевіч і Ладноў [37], Рак-Міхайлоўскі і Варонка [38] ад латыша Рэзаускага. На цынічную прапанову, зробленую армянінам Мясніковым беларусцы-настаўніцы, апошняя адказала гучнай поўхай, пасля чаго яе арыштавалі.

Кангрэс быў разбіты і разагнаны. Рагуля, як адзіны і галоўны натхняльнік разгрому, трыўмфаваў. Беларуская рада з гэтага часу пачала дзейнічаць канспірацыйна.

Пасля ўзяцця Мінска немцамі аказалася, што Рагуля збег у Смаленск. У Смаленску ў ліпені 1918 года павінен быў быць скліканы з'езд беларусаў. Калі ўсе з'ехаліся на з'езд і ледзь толькі распачалі выбары яго прэзідыўма, як з-пад зямлі з'явіўся Рагуля, крычучы: Да здравствует Коммуна ! Долой у крытых контрреволюционеров и врагов Интернационала ! , і з дапамогай зброі разагнаў з'езд.

Пастаўленне Рагулі на спісе Блока [39] здзівіла многіх беларусаў, якія ведалі пра тую ролю, якую Рагуля адыгрываў у дачыненні да руху. Вусныя пратэсты і выкрыцці ніяк не дапамаглі, а антыблокавыя газеты нічога пра Рагулю не падавалі, таму Рагуля застаўся на спісе, горача баронены пры самых малых атаках на яго.

Сёння зразумелым і абсалютна дакладным з'яўляецца тое, што Рагуля быў змешчаны на спісе па патрабаванні Мінска. Так сцвярджаюць у Вільні, дзе беларусы незадаволеныя кандыдатурамі некаторых паслоў, ніколі раней невядомых грамадскасці.

Рагуля падчас агітацыі на крэсах, карыстаючыся выключна расейскай мовай, бо беларускай не ведае, нападаў на ўрад, чыноўнікаў і Начальніка дзяржавы.

Дзіўным выглядае нерэагаванне на гэта адміністрацыі і паліцыі. Падаецца, што паліцыя на Крэсах расейскай мовы не разумела, бо інакш яе пасіўнасць і абыякавасць патлумачыць немагчыма.

Дземяновіч

Centralne Archiwum Wojskowe (CAW) w Rembertowie, sygn. I.303.4.2664, podteczka 1.


Рапарт Рамуальда Зямкевіча ў ІІ аддзел Генеральнага штаба аб размове з беларускім дэпутатам Фабіянам Ярэмічам

Варшава, 6 снежня 1922 г.


3 снежня, у нядзелю, ніжэй падпісаны меў размову з беларускім паслом Ярэмічам пра беларускія справы. Падчас размовы ў кавярні прысутнічаў і Я. Ладноў.

Пасля агульных нараканняў на нашу палітычную блізарукасць і шкоду, якую мы гэтым прынеслі руху, пасол Ярэміч меў ласку заявіць, што нашыя віны ўжо прабачаныя і мы ізноў прынятыя ў лона святога руху Беларусі.

Пры гэтым ён зазначыў, што не адныя мы апякліся, спрабуючы нешта зрабіць у кантакце з дэфензівай ІІ аддзела, бо і такія людзі, як Тарашкевіч, Смоліч, Дубейкаўскі [40], ды нават і Аляксюк [41] былі ашуканыя, здыскрэдытаваныя, выціснутыя як лімоны і выкінутыя на сметнік. Найспрытнейшым аказаўся Аляксюк, бо надурыў дэфензіву, Бельведэр [42], міністэрствы і ваяводаў на буйныя сумы, нічога добрага палякам не зрабіў і кпіць сабе з іх, добра ведаючы, што нічога яны яму не зробяць, бо ў выпадку суда была б залішне вялікая Панама [43], на што ніхто ніколі не пойдзе.

Ворагамі беларускага руху Ярэміч лічыць ІІ аддзел у асобах маёра Чарноцкага [44] i паручніка Блонскага [45]. Гэтыя двое, асабліва першы, з усіх сілаў стрымоўвалі ўсялякія, нават самыя дробныя палёгкі і абяцанні для беларусаў. У гэтай двудушнасці, у салодка-гліцэрынавых абяцанках, якія кідаюцца на вецер і нідзе ніколі нават не спрабуюцца ўводзіцца ў жыццё, пераканаліся ўсе сумленныя беларусы і сёння ўжо не маюць ніякіх ілюзіяў. Яны лічаць, што самымі найпадлейшымі і найнікчэмнейшымі ў свеце з'яўляюцца палякі, якія ніколі не выконваюць абяцанняў, легкадумныя ў самых важных для сябе справах, арыстакраты па форме і паводзінах, якія не шануюць ні ўлады, ні аўтарытэту і абсалютна не здольныя да прыняцця ідэалаў дэмакратызму. Польшча ідзе да краху і заняпаду. Нічога іншага палякі не вартыя. Пад Люцыферам у пекле беларусам не было б горш, чым цяпер у Польшчы. Ніхто так не душыць беларускай асветы, як палякі. Маскалі, латышы, літоўцы, ды нават чэхі і немцы давалі і даюць беларусам асвету на сваёй мове, бо не з'яўляюцца ворагамі беднага люду. Не можа і не хоча гэтага даць нікчэмная Польшча, якая так трубіць пра свабоду, цярпімасць і сваю вялікадушнасць. Паслы-беларусы, як абаронцы пакрыўджанага, няшчаснага беларускага народа, ні на што ў сейме не спадзяюцца, аднак будуць у ім і па-за ім пратэставаць на ўвесь свет супраць крыўды народа.

Маёру Чарноцкаму, пар. Блонскаму, Бельведэру яны ніколі не даруюць сваіх крыўдаў, будуць іх біць, біць без перапынку, не даючы ім часу нават на тое, каб заплакаць.

Тут пасол Ярэміч дадаў: "Гэтыя хлапчукі не маюць паняцця пра дэфензіву. Мы маем лепшую дэфензіву і лепшыя матэрыялы пра іх. Нам гэтага хопіць для іх поўнага знішчэння. Мы добра ведаем пра іх камбінацыі ў Белавежскай пушчы, пра хадайніцтвы аб канцэсіях у Лясным дэпартаменце, пра фірму Балаховіча. На гэта мы маем і копіі дакументаў, і таму перашкодзім гэтым замахам на багацці беларускай зямлі. Скончацца панскія зладзействы. Спяшаюцца панове палякі, бо адчуваюць, што на крэсах у іх хістацца грунт пад нагамі, ужо трашчыць на крэсах, а што іх далей чакае? Пачакаем, мы цярплівыя - таму пабачым.

А тая знакамітая "невялічкая кумпанія, хоць і чэсная" , складзеная з нашых апекуноў, дачакаецца свайго суда і даўно заслужанай узнагароды".

Уся размова пасла Ярэміча была напоўненая жывёльнай, бязмежнай нянавісцю да палякаў, была нечувана вострай па сваёй форме і зместу і надзвычай непарламенцкай у выразах.

Ладнову быў запрапанаваны выезд у Латвію і палітычная праца, паабяцана выдзеліць на гэта грошы. Ніжэй падпісанаму пакуль ніякіх функцыяў не вызначылі, зазначаючы, што Нацыянальная рада ў Вільні [46] гэта разгледзіць і вырашыць.

Вось такі вынік маёй выведкі, які я тут старанна і дакладна намагаўся апісаць!

інж. Рамуальд Зямкевіч


Centralne Archiwum Wojskowe (CAW) w Rembertowie, sygn. I.303.4.2664, podteczka 1.




[1] Прыкладам чаго можа служыць напісаны афіцэрамі ІІ аддзела ў 1928 г. "Krótki zarys zagadnienia białoruskiego", які стаў адной з асноўных крыніц па гісторыі беларускага руху для цэлага пакалення даследчыкаў.

[2] Пашкевіч А. В., Чарнякевіч А. М. Атаман Дзяргач: невядомыя старонкі біяграфіі, ці Да гісторыі палітычнага авантурызму ў беларускім нацыянальным руху // Берасцейскі хранограф. - 2004. - Вып. 4. - С. 314-334.

[3] Стужынская Н. І. Беларусь мяцежная: з гісторыі ўзброенага антысавецкага супраціву: 20-я гг. ХХ ст. - Вільня, 2000. - C. 89.

[4] Так, Іван Цвікевіч у сваім лісце да Вацлава Ластоўскага 2 студзеня 1923 г. пісаў: "Што да Зенкевіча (так у дакуменце - А. П., А. Ч. ), то з яго пісем чуецца штось склізкае […] Зьвязь з ім парываць ня трэба, бо праз яго магчыма дастаць патрэбныя дакумэнты і матар'ялы. […] Барані Божа толькі авансавацца перад ім! Ніякіх абяцанак, ніякіх асобых праў на выступленьня перад грамадзянствам" (Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. T. 1. Кн. 2. - Вільня-Mенск-Нью-Йорк-Прага, 1998. - С. 1373).



[1] Валэйша Станіслаў - беларускі грамадскі дзеяч, старшыня Беларускага грамадзянскага сходу.

[2] "Зялёны дуб" - беларуская сялянская партыя паланафільскай арыентацыі, на выбарах 1922 г. выставіла асобны спіс, які канкураваў з Блокам нацыянальных меншасцяў.

[3] Булак-Булаховіч Станіслаў (1883-1939) - генерал-маёр, камандуючы вайсковымі фармаваннямі пад беларускім сцягам падчас польска-савецкай вайны 1920 г.

[4] Выбары ў Віленскі сейм адбыліся 8 студзеня 1922 г.

[5] Пілсудскі Юзэф (1867-1935) - польскі палітык, у 1918-1922 гг. Начальнік польскай дзяржавы.

[6] Таварыства Стражы Крэсовай - грамадска-палітычная арганізацыя ў Польшчы ў 1920-х гг., створаная з мэтай абароны польскіх інтарэсаў на Усходніх Крэсах.

[7] Гакатызм - асіміляцыйная палітыка, паходзіць ад назвы нямецкай шавіністычнай арганізацыі «Гаката», што дзейнічала ў канцы ХІХ-пачатку ХХ стст. і ставіла сабе за мэту германізацыю этнічна польскіх земляў у складзе кайзераўскай Германіі.

[8] Тут і далей падкрэсленні зробленыя Р. Зямкевічам.

[9] Рагуля Васіль (1879-1955) - беларускі палітык, пасол польскага сейма (1922-1927), сенатар (1928-1930).

[10] Луцкевіч Антон (1884-1942) - беларускі дзеяч, нефармальны кіраўнік заходнебеларускага руху ў пачатку 20-х гадоў.

[11] Беларускі камітэт у Варшаве - створаны ў 1919 г., у значнай ступені знаходзіўся пад уплывам ІІ аддзела Генеральнага штаба.

[12] Станкевіч Адам (1892-1949) - беларускі палітык, каталіцкі ксёндз, пасол польскага сейма (1922-1927)

[13] "Krynica" - беларуская газета ў 1917-1925 гадах, орган Беларускай хрысціянскай дэмакратыі.

[14] Кахановіч Міхал (1882-1934) - беларускі палітык, пасол польскага сейма (1922-1925).

[15] "Могилевскія Губернскія Ведомости" -афіцыйная газета, выдаваная ў Магілёве ў 1838-1917; "Могилевскiя Епархіальныя Ведомости" - штотыднёвік праваслаўнай кансісторыі ў Магілёве, выдаваны ў 1883-1917 гг. Факт рэдагавання Кахановічам гэтых двух выданняў не ўстаноўлены, але апошні рэдагаваў у 1917 г. газету "Могилевскiя Ізвестія".

[16] Ярэміч Фабіян (1891-1958) - беларускі палітык, пасол польскага сейма (1922-1935).

[17] Тарашкевіч Браніслаў (1892-1938) - беларускі палітык, пасол польскага сейма (1922-1927).

[18] Рак-Міхайлоўскі Сымон (1885-1938) - беларускі палітык, пасол польскага сейма (1922-1927).

[19] Цэнтральная беларуская вайсковая рада - беларуская арганізацыя, створаная ў кастрычніку 1917 г. на з'ездзе вайскоўцаў-беларусаў.

[20] "Беларускае слова"- беларуская газета, якая выходзіла ў Гродне з кастрычніка 1920 да студзеня 1921 г.

[21] Баранаў Сяргей (1897-1937?) - беларускі палітык, пасол польскага сейма (1922-1927)

[22] Беларуская рада ў Гродне - маецца на ўвазе Беларускі нацыянальны камітэт у Гродне, прадстаўнічы орган гродзенскіх беларускіх нацыянальных арганізацый, існаваў у 1918-1919 i 1920-1921 гг.

[23] Аўсянік Антон (1888-1933?) - беларускі палітык, пасол польскага сейма (1922-1927).

[24] Доўбар-Мусніцкі Юзэф (1867-1937) - польскі вайсковы дзеяч, камандуючы выступленнем супраць Савецкай Расіі ў 1918 г.

[25] Зузэміль Эдмунд - нямецкі агент, падчас І сусветнай вайны цэнзар беларускай газеты "Homan".

[26] Мятла Пятро (1890-1936) - беларускі палітык, пасол польскага сейма (1922-1927).

[27] Назарэўскі Аляксей (1881-?) - беларускі палітык, сенатар (1922-1927).

[28] Тут і далей вызначаныя курсівам словы і выразы ў дакуменце напісаныя на мове арыгінала.

[29] Якавюк Сымон (1881-1973) - беларускі палітык, пасол польскага сейма (1922-1925), з 1923 г. ў эміграцыі ў Літве.

[30] Смоліч Аркадзь (1891-1938) - беларускі грамадскі і палітычны дзеяч, навуковец, сябар ураду БНР, з 1922 г. ў Савецкай Беларусі.

[31] Карскі Яўхім (1861-1931) - мовазнаўца, фалькларыст, аўтар працы "Беларусы".

[32] Беларускі кангрэс у Мінску - маецца на ўвазе І Усебеларускі з'езд, які адбыўся 5-17 снежня 1917 г. ў Мінску.

[33] Беларуская рада (Рада Усебеларускага з'езду) - выканаўчы орган створаны падчас Усебеларускага з'езду.

[34] Ландэр Карл (1883-1937) - савецкі дзеяч, у 1917-1918 гадах старшыня Савета народных камісараў (СНК) Заходняй вобласці і фронту.

[35] Мяснікоў Аляксандр (1886-1925) - савецкі дзеяч, у 1917 г. старшыня Абласнога выканаўчага камітэта Заходняй вобласці і фронту.

[36] Рэзаускі Людвіг (1887-1980) - савецкі дзеяч, у 1917 г. - народны камісар народнай асветы і ўнутраных спраў у СНК Заходняй вобласці і фронту.

[37] Ладноў Яўген - беларускі палітык, сярод іншага старшыня беларускай дэлегацыі на Парыжскай мірнай канферэнцыі.

[38] Варонка Язэп (1891-1952) - беларускі грамадскі і палітычны дзеяч, першы старшыня ўраду БНР.

[39] Маецца на ўвазе Блок нацыянальных меншасцяў, створаны падчас парламенцкіх выбараў у 1922 г.

[40] Дубейкаўскі Лявон (1867-1940) - беларускі дзеяч, старшыня Беларускага камітэта ў Варшаве.

[41] Аляксюк Павел (1892-?) - беларускі дзеяч паланафільскай плыні, старшыня шэрагу прапольскіх арганізацыяў.

[42] Бельведэр - Бельведэрскі палац у Варшаве, у міжваеннай Польшчы рэзідэнцыя кіраўніка дзяржавы.

[43] Панама - махлярская афера пры пабудове Панамскага канала ў канцы ХІХ ст., у якую аказаліся ўцягнутыя многія высокапастаўленыя асобы Францыі. Тут слова ўжыта для падкрэслення маштабу алексюкоўскіх махінацыяў.

[44] Чарноцкі Віктар (1886-1925) - кіраўнік нацыянальнага сектара ІІ Аддзела Генеральнага штаба.

[45] Блонскі-Ліс Станіслаў (1890-1939) - адзін з кіраўнікоў ІІ аддзела Генеральнага штаба.

[46] Нацыянальная рада ў Вільні - хутчэй за ўсё, маецца на ўвазе Віленскі Беларускі нацыянальны камітэт, галоўны прадстаўнічы орган беларускіх арганізацыяў у Польшчы.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX