Папярэдняя старонка: Радзюк Алесь

Дзейнасць гродзенскай следчай камісіі 1831-1834 гг. 


Аўтар: Радзюк Аляксандр,
Дадана: 15-07-2013,
Крыніца: Гістарычны альманах ― 2008. ― Т.14. ― С.112―130.

Спампаваць




Паражэнне нацыянальна-вызваленч паўстання 1831 г. на землях Беларусі, Літвы і Украіны мела значныя наступствы для ўсяго рэгіёна. Гэта быў той рубеж, калі з боку царызму адбываецца карэляцыя ранейшых падыходаў у дачыненні да гэтых зямель. З аднаго боку, гэта была доўгатэрміновая палітыка, разлічаная на паступовую ўніфікацыю сацыяльных, палітычных, культурных і рэлігійных асаблівасцяў гэтых тэрыторый з цэнтральнымі губернямі імперыі. З іншага боку, на некаторы час адразу пасля задушэння ўзброенай барацьбы, асноўнай дамінантай урадавых дзеянняў становяцца рэпрэсіі, мэтай якіх было не толькі пакаранне непасрэдных удзельнікаў паўстання, але і запалохванне ўсіх іншых жыхароў краю. Адным з галоўных праваднікоў рэпрэсіўнай палітыкі царскіх улад на тэрыторыі так званых заходніх губеняў у 1831-1834 гг. становяцца губернскія камісіі для "вызначэння ступені віны мяцежнікаў, секвестра і канфіскацыі іх маёнткаў".

Падобныя камісіі ў адпаведнасці з указам ад 17 ліпеня 1831 г. былі ўтвораны ў Віленскай, Гродзенскай, Мінскай, Кіеўскай, Валынскай, Падольскай губернях і Беластоцкай вобласці. У той жа час, у некаторых з гэтых губерняў (Мінскай, Віленскай) працэс па стварэнню адмысловых следчых органаў над удзельнікамі паўстання папярэднічаў прававому вызначэнню іх статуса і функцыянальных абавязкаў. Нягледзячы на тое, што правілы ад 17 ліпеня ўводзілі агульны парадак дзейнасці следчых органаў у адносінах да паўстанцаў і іх маёмасці, у працы кожнай з камісій былі свае асаблівасці. Некаторыя з гэтых спецыфічных рыс, якія тычацца дзейнасці Мінскай і Віленскай камісій былі выяўлены ў працах польскіх даваенных даследчыкаў С. Дангеля, С. Росяка, а таксама сучаснага беларускага гісторыка В. Гарбачовай [1]. Функцыянаванне ж гродзенскага аналагічнага следчага органа не было прадметам асобай увагі ні ў айчыннай, ні ў польскай гістарыяграфіі. Разам з тым, у працах вышэйузгаданых даследчыкаў не былі закрануты шэраг істотных палажэнняў, якія характарызуюць асноўныя накірункі, мэты і парадак дзейнасці падобных камісій.

Адкрыццё гродзенскай губернскай следчай камісіі "для вызначэння ступені віны мяцежнікаў, секвестра і канфіскацыі маёнткаў" (далей - ГГСК), адбылося пазней за ўсе іншыя аналагічныя органы. Прычына гэтага, хутчэй за ўсё, у тым, што ГГСК стваралася як філіял віленскай камісіі для разбору спраў паўстанцаў з мэтай аблягчэння яе працы [2]. Залежны стан ГГСК, у параўнанні хаця б з мінскай камісіяй, выявіўся ў неабходнасці зацвярджэння ўсіх вырашаных спраў аб былых паўстанцах у Вільні, а таксама ў тым, што першапачатковым этапе працы яе старшыня быў прызначаны непасрэдна генерал-губернатарам М.А. Далгарукавым.

Працэс станаўлення ГГСК расцягнуўся на некалькі месяцаў - з лістапада 1831 г. па сакавік 1832 г. Яе першае паседжанне адбылося 28 лістапада 1831г. У адпаведнасці з правіламі ад 17 ліпеня, у склад камісіі павінны былі ўваходзіць ваенны губернатар (альбо іншая асоба ад ваеннага ведамства), цывільны губернатар, віцэ-губернатар, губернскі маршалак дваранства, старшыні першага і другога дэпартаментаў суда. У працы мог таксама браць удзел і губернскі пракурор [3]. Склад ГГСК на першым паседжанні ў значным ступені не адпавядаў гэтым патрабаванням. Паколькі, ранейшы губернатар (М. Бабяцінскі) быў адхілены ад сваёй пасады, а новы (М.М. Мураўёў) не прыбыў да месца прызначэння, абавязкі старшыні былі ўскладзены на "ваеннага начальніка Гродзенскага пункта" генерал-лейтэнанта Ляховіча. На ўстановачным паседжанні таксама прысутнічалі віцэ-губернатар Хадалей, маршалак дваранства кн. Чацвярцінскі, старшыня гродзенскай палаты крымінальнага суда Заленскі. Звыш таго, у склад камісіі быў кааптаваны палкоўнік корпуса жандараў Уласаў [4]. У падобным складзе ГГСК правяла толькі адно пасяджэнне.

У снежні 1831 г. да выканання сваіх абавязкаў прыступае новы цывільны губернатар М. Мураўёў і 18 чысла гэтага ж месяца ён узначальвае камісію. Літаральна на наступны дзень віленскі аналагічны орган перадае ў Гродна 61 справу аб асобах, якія прымалі ўдзел у паўстанні на тэрыторыі Гродзенскай губерні. Але нават і пасля гэтага ГГСК на працягу яшчэ дзвух месяцаў бяздзейнічала. Прычына падобнай пасіўнасці следчай камісіі крыецца ў тым, што пасля прыбыцця на месца прызначэння М. Мураўёў накіраваўся ў даволі працяглую рэвізію губерні. Адначасова з ад'ездам губернатара ў самім губернскім цэнтры былі зроблены захады па адабранню допытаў з вязняў, якія ўтрымліваліся ў турме за прыналежнасць да паўстання. У выніку сумесных дзеянняў улад імі на працягу гэтых дзвух месяцаў было заведзена дас'е амаль што на 400 асоб, якія мелі непасрэднае дачыненне да паўстання ў губерні і да гэтага часу не пакінулі яе межаў [5]. Іншым вынікам паездкі М. Мураўёва можна лічыць яго нататку аб "саслоўным складзе губерні", у якой ён выклаў свае прапановы "аб спосабах ачышчэння гэтага краю ад элементаў мецяжу", а таксама аб насаджэнні расійскага землеўладання і рэарганізацыі ўніяцкіх цэркваў. Нататка губернатара разам з справаздачай аб стане губерні (у якой была дадзена вельмі нізкая ацэнка амаль што ўсім мясцовым органам улады) была перададзена на разгляд у Камітэт па справах заходніх губерняў [6]. Частка з гэтых прапаноў, атрымаўшы вышэйшае адабрэнне, была прынята ў якасці інструкцыі да дзеянняў на тэрыторыі ўсіх заходніх губерняў імперыі.

Датай пачатку практычнай дзейнасці ГГСК можна лічыць 15 сакавіка 1832 г., калі камісія ў адноўленым складзе сабралася на сваё другое пасяджэнне. У адпаведнасці з указам ад 17 ліпеня прыярытэтным напрамкам дзейнасці гэтага органа павінен быў стаць разбор спраў былых паўстанцаў і вызначэнне ступені іх "віны". Правіламі было вызначана тры катэгорыі віны за ўдзел у паўстанні. Да першай прадпісвалася адносіць кіраўнікоў паўстання, да другой - тых, хто прымаў удзел у дзеяннях супраць расійскіх войск і "увогуле супраць законнай улады", да трэцяй - тых, хто непасрэднага ўдзелу ў паўстанні не прымаў, але меў да яго нейкае дачыненне. У адносінах да асоб, якія былі аднесены да першай і другой катэгорый, магла быць выкарыстана высылка ў аддаленыя рэгіёны імперыі, аддача ў дзеючую армію (часцей за ўсё на Каўказ), сібірскія лінейныя батальёны альбо ў кантаністы, турэмнае зняволенне ці іншы адпаведны від пакарання. Акрамя асабістых, у дачыненні да гэтых асоб былі прадугледжаны і маёмасныя меры ўздзеяння, а менавіта секвестр і канфіскацыя іх рухомай і нерухомай маёмасці.

У гэтым жа ўказе былі выкладзены і правілы пераводу маёнткаў з ліку прыватнаўласніцкіх у казённае ведамства. Яны вельмі дэталёва акрэслівалі ўвесь механізм гэтага працэсу. Ён, як і ўся тагачасная бюракратычная машына Расійскай імперыі, быў досыць складаным і нязграбным. Першым этапам на шляху да канфіскацыі маёнтка было вызначэнне ступені "віны" яго ўладальніка. Пры ўмове, калі тая ці іншая асоба была аднесена да першай ці другой катэгорыі, аўтаматычна распачынаўся пошук яе маёмасці. У гэтай справе дзейсную дапамогу камісіям павінны былі аказваць губернскія ваенныя і цывільныя ўлады. Самі камісіі непасрэдна не займаліся выкананнем пастаноў аб секвестры. Адпаведныя пастановы накіроўваліся ў ведамства губернскага кіравання і казённых палат. Тыя, у сваю чаргу, вызначалі чыноўнікаў (якія таксама маглі паходзіць з іншага ведамства) для прыёму і вопісу маёнтка, адносна якога камісіяй было прынята адпаведнае рашэнне. І толькі пасля апісання, вылічэння даходаў, вызначэння спосабу загаспадарання, маёнтак лічыўся асеквестраваным. Пасля аднясення камісіяй асобы да той ці іншай катэгорыі, звесткі аб прынятым прысудзе з кароткай нататкай аб маёмасці адсылаліся ў вышэйшыя інстанцыі для канчатковай канфірмацыі, а таксама ў іншыя заходнія губерні імперыі для пошуку маёмасці і там [7].

Такая сістэма, нягледзячы на вонкавую ўсёвызначанасць, спарадзіла шмат блытаніны, непаразуменняў і бюракратычнай перапіскі. Акрамя таго, яна стала прычынай многіх памылак у вызначэнні колькасці канчаткова канфіскаваных маёнткаў. Справа ў тым, што разглядаючы справу той ці іншай асобы (а ў большасці выпадках гэта рабілася завочна), члены камісіі прымалі пастанову аб налажэнні секвестра ці канфіскацыі на яго маёмасць, не маючы звестак, ці такая маёмасць увогуле ў абвінавачанага ёсць. Таму і спісы аб пазбаўленні розных асоб маёмасці за ўдзел у паўстанні, якія друкаваліся ў наступныя гады як у расійскай, так і замежнай прэсе, утрымлівалі, у асноўным, прозвішчы тых паўстанцаў, па чыіх справах адбыліся пастановы камісій аб канфіскацыі, а не тых асоб, чые маёнткі рэальна перайшлі ў казённае ведамства. Так, аналіз 682 прозвішчаў, якія прыведзены ў "Літоўскім кур'еры" у 1834 г. дэманструе, што 87% асоб, чые імёны былі ўнесены ў спісы "былых уладальнікаў, маёнткі якіх паўторна канфіскаваны" ніякай маёмасці за сабой не мелі [8]. Акрамя таго, друкаванне гэтых спісаў адбывалася ў той час, калі працэс амністыі былых паўстанцаў не быў цалкам прыпынены. Звяртае на сябе ўвагу і той факт, што ў падобныя спісы ўлады наўмысна не ўносілі асоб нешляхецкага паходжання. Сярод 277 чалавек з Гродзенскай губерні, аб канфіскацыі чыіх маёнткаў прыгаворы былі зацверджаны вышэйшым начальствам, 71,5% складалі памешчыкі, шляхта, служачыя, студэнты, мяшчанне і ваенныя, сацыяльнае паходжанне рэшты невядома. Аналіз спісаў асоб, якія былі прыгавораны да канфіскацыі маёмасці, дае падставу сцвярджаць, што менавіта беззямельная шляхта складала большасць у гэтай сацыяльнай групе.

Абапіраючыся на газетныя дадзеныя будавалі свае разлікі адносна пасляпаўстанскіх канфіскацый даваенныя гісторыкі - А. Гілер, І. Івашкевіч, І. Качкоўскі, С. Дангель і інш [9]. Аднак, некаторыя з гэтых даследчыкаў пры падліку асоб, што пазбавіліся маёмасці пасля паўстання 1830-1831 гг., у сваіх працах не бачылі розніцы паміж тымі, хто быў прысуджаны да пазбаўлення маёмасці і тымі, хто яе рэальна пазбавіўся. Як адзначалася вышэй, у прэсе ўтрымліваліся прозвішчы тых асоб, адносна якіх адбыліся пастановы аб пазбаўленні іх маёмасці. Аднак гэта зусім не азначала, што падобная маёмасць у іх была. Нават і ў сучасных абагульняючых працах па гісторыі Польшчы некаторыя аўтары паўтараюць памылкі даваенных гісторыкаў [10].

Рэальная лічба маёнткаў, якія канчаткова перайшлі да казны за ўдзел іх уладароў у паўстанні значна меншая за прынятую ў польскай гістарычнай літаратуры. У выніку канфіскацый па Гродзенскай губерні 56 асоб пазбавіліся 76 зямельных валоданняў і 4 дамоў. Паколькі ўладамі ў лік гэтых прыватнаўласніцкіх зямельных валоданняў былі ўключаны 4 маёнткі, якія былі адабраны ў Бярозаўскага кляштара картэзіянцаў і Дзярэчынскага дамініканскага, то агульная лічба канфіскаваных маёнткаў па губерні ўзрастае да 80 [дадатак № 1].

І ўсё ж такі галоўным накірункам дзейнасці ГГСК заставаўся разгляд спраў удзельнікаў паўстання. Дзеля больш аператыўнага збору інфармацыі і з мэтай аказання дапамогі ГГСК у Гродна была заснавана адмысловая камісія для допытаў паўстанцаў пад старшынствам губернскага пракурора [11]. У асобную групу былі вылучаны крымінальныя справы (напады на пошты, транспарты, вайсковыя пікеты, забойствы расійскіх афіцэраў, некаторых памешчыкаў і яўрэяў) аб дзеяннях паўстанцаў у Белавежскай пушчы, для раследвання якіх быў утвораны яшчэ адзін следчы орган [12]. Дзейсную дапамогу ГГСК таксама аказвалі ўездныя земскія суды і паліцыя, да якіх камісія звярталася з прадпісаннямі зняць альбо ўдакладніць паказанні той ці іншай асобы на месцы. Што тычыцца непасрэдна ГГСК, то ў сваёй следча-пашуковай дзейнасці яна таксама шырока выкарыстоўвала допыты (не толькі з мэтай вырашэння справы асобы, ад якой гэтыя паказанні браліся, але таксама для збору матэрыялаў і на іншых інсургентаў), вочныя стаўкі, угаворы каталіцкіх, уніяцкіх і праваслаўных святароў. Пры гэтым, калі абвінавачаны пагаджаўся на актыўнае супрацоўніцтва са следствам (як гэта было ў выпадку са шляхціцам Запольскім, які "уличал много кого с усердием"), то ён мог разлічваць на ласку з боку камісіі ці, у абыход усіх існуючых правілаў, нават на дараванне вышэйшага начальства [13].

На працягу больш чым месяца пасля аднаўлення сваёй дзейнасці ГГСК абмяжоўвалася разглядам уваходзячай карэспандэнцыі (цыркуляраў, прадпісанняў, загадаў, інструкцый і г.д.) ад вышэйшых органаў, а таксама допытам асоб выключна сялянскага паходжання. Падобны недавер у дачыненні да асоб вышэйшага саслоўя з боку М. Мураўёва найбольш выразна выявіцца падчас задушэння паўстання 1863-1864 гг., калі супрацьпастаўленне шляхецкага і сялянскага слаёў грамадства стане адной з сацыяльных дамінант яго палітыкі на землях Беларусі і Літвы. Разам з адабраннем паказанняў аб удзеле ў нацыянальна-вызваленчым руху асобных людзей, камісія адначасова займалася зборам звестак аб агульным ходзе паўстання па губерні ў 1831 г., дзеянямі аб розных атрадах, іх колькасным і сацыяльным складзе [14]. Першае рашэнне аб аднясенні былых паўстанцаў да пэўнай катэгорыі віны было прынята камісіяй толькі 18 красавіка 1832 г. [15] У гэты ж час было вызначана, што пасяджэнні камісіі будуць адбывацца два разы на тыдзень - па серадах і суботах. Аналіз пратакалоў ГГСК падцвярджае, што камісія ў асноўным прытрымлівалася гэтага графіка, хаця ў некаторых выпадках нарады адбываліся нават і ў нядзелю.

Калі ў сакавіку 1832 г. адбылося адно пасяджанне ГГСК, у красавіку ніводнага, у маі - адно, то, пачынаючы з чэрвеня, нарады пачынаюць набываць больш ці менш рэгулярны характар. Пры гэтым у працы камісіі выразна вылучаюцца два тыпы пасяджэнняў. На адных, асноўных нарадах ГГСК збіралася ў поўным складзе і выконвала свае непасрэдныя абавязкі - разглядала справы паўстанцаў і адносіла іх да пэўных катэгорый. У справаводстве камісіі гэты тып нарад меў назву "пратаколы пасяджэнняў і рашэнняў". Так, у адпаведнасці з гэтай крыніцай у 1832 г. адбылося 21 падобнае пасяджэнне, у 1833 г. - 11, у 1834 толькі 8 [16]. Зніжэнне актыўнасці камісіі ў 1832-1833 гг. можна растлумачыць тым, што найбольш "гучныя" справы былі разгледжаны ёю ў папярэдні год, а таксама забаронай (на аснове ўказа ад 4 кастрычніка 1832 г.) распачынаць следства па новых фактах. Але быў і другі тып пасяджэнняў, які значна адрозніваўся ад першага. На падобных нарадах члены камісіі ў асноўным займаліся дапаможнай дзейнасцю: зняццем допытаў, разборам уваходзячых папер, арганізацыйнымі пытаннямі. У адрозненні ад першага тыпу пасяджэнняў, разгляд спраў паўстанцаў тут абмяжоўваўся выключна тымі асобамі, якія прымалі ўдзел у паўстанні ў найменшай ступені. Такія асобы звычайна не ўносіліся ні ў водную з катэгорый і рашэннем камісіі накіроўваліся на месца іх сталага жыхарства. Такія нарады адбываліся значна часцей (у 1832 г. - 62 нарады, у 1833 - 45) [17], на іх непатрэбна была прысутнасць усіх членаў следчага органа (ёсць выпадкі, калі яны адбываліся пры ўдзеле аднаго толькі М. Мураўёва), пратаколы ўносіліся ў "журнал гродзенскай губернскай камісіі".

Нягледзячы на тое, што асноўныя пасяджэнні ГГСК адбываліся з перыядычнасцю два разы на тыдзень (і тое не заўсёды), ужо да сярэдзіны лістапада 1832 г. яе праца вызначалася высокай "прадукцыйнасцю". Так, ужо да сярэдзіны лістапада 1832 г. ёю былі ўнесены ў першую катэгорыю "віны" 9 асоб, у другую - 269 і 28 у трэцяю [18]. Падобны плённы характар працы ГГСК можна растлумачыць тым, што даволі часта на яе пасяджэннях разглядаліся справы аб дзейнасці цэлых паўстанскіх атрадаў. У такіх выпадках, усе вядомыя асобы, якія ўваходзілі ў яго склад, па прынцыпу калектыўнай адказнасці, адносіліся да пэўнай катэгорыі (найбольш часта да другой). Разбор справы таго ці іншага паўстанца ў камісіі заўсёды пачынаўся з разгляду вусных ці пісьмовых сведчанняў гэтай асобы. Затым яго паказанні супастаўляліся з дадзенымі з іншых крыніц. Абавязковым элементам перад вынясеннем канчатковага рашэння з'яўляўся зварот да літары закона (указаў, якія рэгламентавалі судовы працэс над паўстанцамі). Далей пастановы камісіі накіроўваліся для іх канчатковага зацверджання на імя віленскага генерал-губернатара М. Далгарукава [19]. Сама камісія не была надзелена паўнамоцтвамі вызначаць ступень пакарання асоб, якія былі ёю аднесены да першай ці другой катэгорый. У адпаведнасці з прадпісаннем галоўнакамандуючага першай рускай арміяй вырашэнне падобных пытанняў знаходзілася ў кампетэнцыі ваенна-палявых судоў [20]. Такім чынам, камісія атрымлівала права распараджацца лёсам толькі тых паўстанцаў, якія ўдзельнічалі ў паўстанні ў найменшай ступені. У адносінах да асоб, якія былі аднесены да трэцяй катэгорыі, ГГСК часта практыкавала аддачу ў дзеючую рускую армію. Аднак пасля выхаду ўказа ад 4 кастрычніка 1832 г. і гэта група былых паўстанцаў была выведзена з-пад яе юрысдыкцыі, паколькі гэтае вышэйшае распараджэнне загадвала падобным асобам "абвесціць дараванне" [21]. Тым не менш, нават пасля з'яўлення падобнага ўказа, у 1833-1834 г. з тэрыторыі Гродзенскай губерні ў сібірскія і архангельскія лінейныя батальёны, у расійскую армію на Каўказ былі высланы дзесяткі асоб. Агульная лічба падобных ссыльных склала 77 чалавек [22]. У абсалютнай большасці выпадкаў гэта былі выхадцы з ніжэйшых саслоўяў, якія адпраўляліся на ўсход па рашэнню ГГСК без іх унясення ў тую ці іншую катэгорыю.

Увогуле, у параўнанні з іншымі губернскімі следчымі камісіямі ГГСК вызначалася большай жорсткасцю ў вырашэнні спраў паўстанцаў. Прычына гэтай з'явы крыецца ў асобе мясцовага губернатара М. Мураўёва, з імем якога на пачатку 1830-х гадоў звязаны найбольш радыкальныя праекты па пераўтварэнню Заходняга краю. Нават амністыі ў 1832-1833 гг., сярод якіх найбольш вядомай з'яўляецца так званая "амністыя 43-х", адбываліся ў губерні не па ініцыятыве мясцовага начальства, а па прапанове кн. М. Даўгарукага, і разглядаліся яны не гродзенскай, а віленскай следчай камісіяй. Падобная неадпаведнасць у рашэннях адносна вызначэння ступені "віны" і пакарання паўстанцаў у Гродзенскай губерні стала нават прадметам асобнага разбіральніцтва Камітэта па справах заходніх губерняў. Увесну 1833 г. па ініцыятыве віленскага генерал-губернатара ў Камітэт паступіла скарга на дзеянні гродзенскай камісіі, у якой адзначалася, што два аналагічныя органы "Віленскай і Гродзенскай губерні не аднолькава разумеюць правілы і пастановы адносна мяцежнікаў, якія з'ехалі за мяжу...". У рашэнні, якое было прынята па выніках гэтага пасяджэння, указвалася на неадпаведнасць пастаноў ГГСК у стасунку да 83 былых паўстанцаў, што знаходзіліся ў Прусіі. Таксама ў ім утрымлівалася прадпісанне адносіць падобных асоб да трэцяй, а не другой катэгорыі "віны" (што аўтаматычна вызваляла іх ад пакарання пазбаўленнем маёмасці і ваенна-палявога суда) і даваць ім дазвол на вяртанне ў межы імперыі [23].

У адрозненні ад гродзенскай губерні ў іншых рэгіёнах праводзілася больш лагодная палітыка ў адносінах да былых інсургентаў. Тут можна ўзгадаць выпадкі прабачэння камандуючым першай арміяй В. Сакенам асоб, якія былі ўключаны галоўнакамандуючым дзеючай арміяй І. Дзібічам у лік "галоўных удзельнікаў бунта". У Віленскай губерні вядомы прыклады, калі амністыю атрымоўвалі паўстанцы, што былі аднымі з "галоўных удзельнікаў бунта, ... належылі да Часовага Рэвалюцыйнага праўлення, ... падпісвалі розныя супраць законнай улады паперы", а гэта значыць, што за падобныя дзеянні павінны былі быць аднесены да першага разраду "віны" [24]. Вясной 1832 г. у Камітэт па справах заходніх губерняў паступіла нататка мінскага ваеннага губернатара. Асноўны сэнс выкладзеных у ёй прапаноў зводзіўся да абмежавання выкарыстання канфіскацыі толькі ў дачыненні да асоб, якія былі аднесены да першай катэгорыі і вызвалення ад падобнай меры пакарання паўстанцаў, якія былі аднесены да другой катэгорыі [25]. Прыхільнікі больш лагоднай палітыкі ў адносінах да былых паўстанцаў былі і ў ГГСК. Аб гэтым сведчаць асабістыя меркаванні з прапановамі змяншэння ступені "віны" ці вызвалення ад пераслядоўвання, якія неаднаразова падаваліся па асобных справах губернскім (кн. Чацвярцінскім) і ўездным маршалкамі дваранства (К. Баржэнскім) і іншымі яе членамі (М. Вольскім) [26]. Гэтыя меркаванні тычыліся як буйных землеўладальнікаў (Л. Пац, Т. Тышкевіч, Ц. Пуслоўскі, І. Палубінскі), так і беззямельнай шляхты. Тым не менш, за старшынёй (у дадзеным выпадку М. Мураўёвым) заўсёды заставалася права рашаючага голаса. Таму не дзіва, што ніводная з гэтых думак так і не была зацверджана [27]. Магчыма менавіта гэта стала прычынай асабістага канфлікту паміж кн. Чацвярцінскім і М. Мураўёвым, рэзананс аб якім дасягнуў Санкт-Пецярбурга [28].

Асабісты склад камісіі быў досыць нясталы. Асаблівасцю ГГСК было тое, што ў яе працы прымалі ўдзел асобы, якія не былі вызначаны дзеля гэтага правіламі 17 ліпеня. У цэлым, за час існавання ГГСК у яе працы прынялі ўдзел 17 чалавек [дадатак 2]. Звяртае на сабе ўвагу асоба віцэ-губернатара Г. Лашкарава, які займаў аналагічную пасаду пры М. Мураўеве падчас яго магілёўскага губернатарства. Як відаць, ужо ў тыя часы выявілася рыса тагачаснага гродзенскага губернатара падбіраць сабе людзей, якія б вызначалія асабістай яму адданасцю. Сын віцэ-губернатара - генерал-маёр Лашкараў у 1863 г. па жаданню М. Мураўёва будзе пераведзены ў Вільна, дзе займе адно з ключавых месцаў у апараце генерал-губернатара [29].

Як і любая бюракратычная машына, камісія патрабавала выдаткі на сваё ўтрыманне. Фінансавыя сродкі, а гэта 650 р. штомесяц, спаганяліся з маёнткаў, якія знаходзіліся пад секвестрам [30], а гэта значыць належылі асобам, што былі пакараны гэтым следчым органам.

Па матэрыялах працы камісіі быў складзены "Алфавітны спіс удзельнікаў паўстання" па губерні. Гэты спіс утрымлівае 474 прозвішчы [31]. Канечне ж, гэта далёка не поўны пералік усіх удзельнікаў нацыянальна-вызваленчага руху, бо праз ГГСК прайшло ў некалькі разоў больш спраў былых паўстанцаў. Тым не менш, менавіта дзякуючы гэтым алфавітным спісам, мы маем магчымасць удакладніць асабісты і сацыяльны склад удзельнікаў паўстання [32], прасачыць за дзейнасцю асобных партызанскіх атрадаў, выявіць механізм канфіскацыі маёмасці. Нягледзячы на сваё нядоўгае існаванне, (камісія была зачынена на моц указа ад 4 кастрычніка 1834 г.) ГГСК аказала значны ўплыў на сацыяльна-палітычную сітуацыю ў гродзенскім рэгіёне.

Дадатак № 1.

Пералік канфіскаваных маёнткаў пасля паўстання 1830-1831 гг. па Гродзенскай губ.

Імя гаспадара

Назва

маёнтка

Уезд

Колькасць душ *

Антусевіч А.

дом

г.Гродна

без сялян

Арамовіч А.

Міранім

Слонімскі

28

Барэйша Н.

Лясковічы

Пружанскі

171

Барэйша Н.

Крываблоты

Пружанскі

Булгак А.

Сергяевічы

Слонімскі

43

Булгарын А.

Татаршчызна

Ваўкавыскі

16

Бялькевічы Ф. і М.

Навіны

Навагрудскі

10

Бялькевічы Ф. і М.

Баравікі

Слонімскі

2

Бярозаўскі кляштар картэзіянцаў

Бусяж

Слонімскі

849

Бярозаўскі кляштар картэзіянцаў

Рынкевічы

Слонімскі

Бярозаўскі кляштар картэзіянцаў

Бераза

Пружанскі

1018

Валовіч К.

Яловікі

Слонімскі

101

Валовіч К.

Гарадзішча

Слонімскі

Валовіч М.

Парэчча

Слонімскі

223

Гарайны Ф. і М.

Калона

Ваўкавыскі

173

Гарэцкі А.

Біскупцы

Лідскі

88

Гацыцкі Я.

Перасекі

Навагрудскі

11

Глебавіч В.

Глебавічы

Гродзенскі

без сялян

Гоўвальд К.

Лукі

Ваўкавыскі

87

Грабоўскі М.

Гімбуты

Лідскі

53

Дзярэчанскі дамініканскі кляштар

Старая Весь

Слонімскі

120

Жылінскі І.

Навасёлкі

Ваўкавыскі

73

Залескі М.

Купілава

Навагрудскі

14

Калупайла Л.

Геруцава

Ваўкавыскі

64

Каржанеўскі А.

Сапунцы

Лідскі

27

Кашыц Я.

Ятра

Навагрудскі

594

Коркуць Д.

Цяцянкі

Лідскі

без сялян

Кржываблоцкі І.

Стан

Пружанскі

7

Круповіч Г.

Яновічы

Лідскі

без сялян

Лейка Ф.

Крупаўшчызна

Лідскі

2

Лейка Ф.

Курпы

Лідскі

3

Макоўскі А.

дом

г.Гродна

без сялян

Маркевіч Д.

дом

г.Навагрудак

без сялян

Мержыеўскі М.

Несуцічы

Навагрудскі

245

Мержыеўскі М.

Вержбевічы

Навагрудскі

227

Мержыеўскі М.

Задвеі

Навагрудскі

2

Мікульскі І.

Вензавец

Слонімскі

431

Міхалоўскі А.

Астравок

Лідскі

3

Міхалоўскі А.

Пяржховічы

Слонімскі

111

Міхалоўскі А.

Іванковічы

Слонімскі

Міхалоўскі А.

Льнянікі

Слонімскі

65

Міцкевіч Ф.

дом

г.Навагрудак

без сялян

Незабітоўскі С.

Пясчанка

Навагрудскі

58

Незабітоўскі С.

Янаўшчызна

Слонімскі

306

Незабітоўскія Г. і К.

Кавеўчыцы

Навагрудскі

21

Незабітоўскія Г. і К.

Горкі

Слонімскі

88

Нямцэвіч К.

Чэравачыцы

Кобрынскі

772

Нямцэвіч К.

Кленікі

Брэсцкі

66

Нямцэвіч К.

Скокі

Брэсцкі

222

Орда Н.

Варацэвічы

Кобрынскі

386

Падчасны Р.

Галаўчыцы

Брэсцкі

29

Палубінскі І.

Курчаўцы

Гродзенскі

26

Палубінскі І.

Грыўда

Слонімскі

225

Парчэўскі К.

Жыдомля

Гродзенскі

938

Пац Л.

Ражанка

Лідскі

1351

Пац Л.

Гарадзішча

Навагрудскі

611

Пац Л.

Рудня

Слонімскі

28

Пржацлаўскі Л.

Льваўшчызна

Слонімскі

143

Пуслоўскі Ф.

Гарадзечна

Пружанскі

377

Пуслоўскі Ф.

Радзівіновічы

Гродзенскі

299

Пуслоўскі Ф.

Лібія

Пружанскі

198

Пуслоўскі Ф.

Лявошкі

Пружанскі

130

Пуслоўскі Ф.

Дарнава

Кобрынскі

574

Пуслоўскі Ф.

Імянін

Кобрынскі

244

Пуслоўскі Ф.

Волчын

Брэсцкі

341

Пуслоўскі Ф.

Востраў

Брэсцкі

93

Сапега Я.

Новая Мыш

Навагрудскі

519

Сапега Я.

Дзярэчын

Слонімскі

3849

Сапега Я.

Ружаны

Слонімскі

945

Сапега Я.

Зэльва

Ваўкавыскі

1117

Солтан А.

Здзенцыёл

Слонімскі

1055

Стампкоўскі

Божы Дар

Кобрынскі

3

Стыпалкоўскі Л.

Бяла

Навагрудскі

без сялян

Сяклюцкія А. і К.

Ухань

Слонімскі

21

Сяклюцкія А. і К.

Ятвезь

Слонімскі

11

Тышкевіч Т.

Свіслач

Ваўкавыскі

2472

Хадаровіч М.

Малыя Косічы

Навагрудскі

без сялян

Чарнышэвіч Я.

Пржэвлакі

Навагрудскі

40

Эйсмант І.

Іванковічы

Слонімскі

без сялян

Эйсмант Н.

Утвянь

Лідскі

2

Юроўскі І.

Юрэвічы

Гродзенскі

без сялян

Язерскі Ц.

Зубнава

Навагрудскі

без сялян

Язерскі Ц.

Чомбрава

Навагрудскі

без сялян

Яновіч А.

Гневаўшчызна

Навагрудскі

29

* Усяго сялян у маёнтку да выдзелу часткі ў казну.

Дадатак № 2.

Асабісты склад ГГСК 1831-1834 гг.

1. Баржэнцкі К. - маршалак гродзенскага ўезднага дваранства, выконваючы абавязкі губернскага маршалка дваранства.

2. Батарулаў П. -палкоўнік, прадстаўнік ваеннай улады.

3. Вольскі М. - старшыня грамадзянскай палаты.

4. Грабоўскі Ст. - маршалак ваўкавыскага ўезднага дваранства, выконваючы абавязкі губернскага маршалка дваранства.

5. Давыдаў С. - віцэ-губернатар.

6. Заленскі - старшыня палаты крымінальнага суда (удзельнічаў толькі ў першым пасяджэнні).

7. Карпіловіч П. - старшыня палаты крымінальнай палаты.

8. Лашкараў Г. - віцэ-губернатар.

9. Ляховіч - старшыня камісіі, начальнік Гродзенскага ваеннага пункта (удзельнічаў толькі ў першым пасяджэнні).

10. Мураўёў М. - старшыня камісіі, цывільны губернатар.

11. Папоў - падпалкоўнік корпуса жандараў.

12. Сардзі М. - выконваючы абавязкі віцэ-губернатара.

13. Стычынскі В. - выконваючы абавязкі віцэ-губернатара.

14. Трубачоў - палкоўнік, прадстаўнік ваеннай улады.

15. Уласаў - палкоўнік корпуса жандараў.

16. Хадалей - віцэ-губернатар (удзельнічаў толькі ў першым пасяджэнні).

17. Чацвярцінскі - губернскі маршалак дваранства.



[1] Dangel S. Rok 1831 w Mińszczyźne. - Warszawa, 1925. - T.II. - 189 s.; Rosiak S. Wileńska komisja śledcza (1831-1834) // Księga pamiątkowa kola historyków słuchaczy Uniwersytety S. Batorego. - Wilno, 1933. - S. 250-268.; Гарбачова В.В. Паўстанне 1830-1831 гадоў на Беларусі. - Мінск: БДУ, 2001. - 184 с.

[2] Rosiak S. Wileńska komisja śledcza (1831-1834) // Księga pamiątkowa kola historyków słuchaczy Uniwersytety S. Batorego. - Wilno, 1933. - S. 257.

[3] ПСЗРИ (собр. второе). - Т. VI, №. 4711.

[4] НГАБ у Гродна ф.4, воп.1, спр. 80, а. 1.

[5] Там жа, а. 6.

[6] РДГА ф.1266, воп. 1, спр.11, а. 65-72, 100-122.

[7] ПСЗРИ (собр. второе). - Т. VI, №. 4711.

[8] Список лицам Виленской губернии имения коих вновь конфискованы // Kuryer Litewski. - 1834. - 20 serpnia. - S. 6-7.

[9] Giller A. Historia powstania narodu polskiego. - Cz. 2.: Rzut oka na czasy po upadku powstania listopadowego. - Paryz, 1772. - s. 206; Iwaszkiewicz J. Wykaz dóbr ziemskich skonfiskowanych przez rząndy zaborcze w latach 1773-1867. - Warszawa, 1929. - s. 8; Kaczkowski J. Konfiskaty na ziemiach polskich pod zaborem rosyjskim po powstaniach roku 1831 i 1863. - Warszawa, 1918. - s 281; Dangel S. Rok 1831 w Mińszczyźne. - Warszawa, 1925. - T.II. - s. 181.

[10] Gierowski J. Historia Polski: 1764-1864. - Warszawa: PWN, 1989. - s. 219; Kieniewicz S. Historia Polski 1795-1918. - Warszawa: PWN, 1987. - s. 279.

[11] НГАБ у Гродна ф. 1, воп. 4, спр. 80, а. 7.

[12] Там жа, спр. 64, а. 8.

[13] Там жа, спр. 65, а. 316.

[14] Там жа, ф.1, воп. 27, спр. 64, а. 244-307.

[15] Там жа, ф. 4, воп. 1, спр. 65, а 70.

[16] Там жа, ф. 4, воп. 1, спр. 64, 197, 207.

[17] Там жа, ф. 4, воп. 1, спр. 65, 193.

[18] Там жа, ф. 4, воп. 1, спр.177, а.4-5.

[19] Там жа, ф. 4, воп. 1, спр. 80, а. 9.

[20] Там жа, ф. 4, воп. 1, спр. 64, а. 15.

[21] ПСЗРИ (собр. второе). - Т. VIІ, №. 5637.

[22] Гарбачова В.В. Паўстанне 1830-1831 гадоў на Беларусі. - Мінск: БДУ, 2001. - С. 157.

[23] НГАБ у Гродна ф. 4, воп. 1, спр. 193, а. 185.

[24] ДГА Літвы ф. 523, воп. 1, спр.374, ч. 2, а. 94.

[25] РДГА ф. 1266, воп. 1, спр. 9, а. 52.

[26] НГАБ у Гродна ф. 4. воп. 1, спр. 64, а. 26, 67, 69; спр. 65. а.70, 289, 301, 332.

[27] Там жа, ф. 4, воп. 1, спр. 193, а. 481-482.

[28] Справа "Аб асабістых незадавальненнях, якія ўзніклі паміж Гродзенскім губернатарам Мураўёвым і губернскім маршалкам дваранства Чацвярцінскім" , нажаль, выбыла з РДГА.

[29] Комзолова А.А. Политика самодержавия в Северо-Западном крае в эпоху Великих реформ. - М: Наука, 2005. - С.54, 69.

[30] НГАБ у Гродна ф. 4. воп. 2, спр. 80, а. 23.

[31] Там жа ф. 4, воп. 1, спр. 191.

[32] Дьяков В.А., Зайцев В.М., ОбушенковаЛ.А. Социальный состав участников восстания 1830-1831 гг. (по материалом западных губерний Российской империи) // Историко-социологические исследования. - М.: Наука, 1970. С. 16-168; Гарбачова В.В. Паўстанне 1830-1831 гадоў на Беларусі. - Мінск: БДУ, 2001. - С. 119.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX