У кастрычніку 1866 г. знаходзячыся ў г. Нараўчат Пензенскай губ. Адам Быхавец у сваім чарговым звароце да вышэйшых уладаў прасіў іх (між іншым) дазволіць яму выезд у Санкт-Пецярбург " для перамоў з консулам Амерыканскіх Злучаных Штатаў спадаром Глеям па справе наконт спадчыны маёй зямлі і капіталаў, што засталіся пасля сваяка майго Тадэвуша Касцюшкі. Спадчына гэта была прызнана Вашынгтонскім Вышэйшым судом і адпаведны дэкрэт быў перададзены мне МЗС" [1]. Гэты ліст выклікае шмат пытанняў: Хто такі А. Быхавец? Якое дачыненне ён мае да Т. Касцюшкі? Аб якой спадчыне тут ідзе гаворка? і г.д.
Пачнем з апошняга пытання. Сёння, калі мы вядзем размову аб спадчыне Т. Касцюшкі, мы ў першую чаргу маем на ўвазе яе духоўны складнік. У гэтым выпадку тое, што пакінуў пасля сябе гэты чалавек не паддаецца простаму матэрыяльнаму вымярэнню. Тыя ідэалы, служэнню якім ён прысвяціў значную частку свайго жыцця, на працягу стагоддзяў і пасля яго смерці з'яўляюцца падставай агульначалавечай сістэмы каштоўнасцяў. Яго постаць стала легендарнай ужо пры яго жыцці. Яго імя мемарыялізавана ў тысячах геаграфічных і ганаровых назвах у розных краінах на розных кантынентах. Але гэты пласт спадчыны, што застаўся нашчадкам па Т. Касцюшцы, не падлягае юрысдыкцыі Вашынгтонскага ці яшчэ якога іншага суда. Аб'ектам судовых баталій першай паловы ХІХ ст. былі рэчы цалкам матэрыяльныя - грашовыя капіталы і зямельныя валоданні, што засталіся пасля смерці героя.
На сённяшні дзень вядомы пяць тэстаментаў Т. Касцюшкі. Першы з іх быў складзены ў 1798 г. у ЗША. У ім ён прадпісваў свайму сябру і даверанай асобе Т. Джэферсану выкарастаць усю тую маёмасць, што засталася па ім у гэтай краіне на выкуп і навучанне цёмнаскурых нявольнікаў. Другі дакумент падобнага кшталту датуецца 1806 г. і таксама тычыцца амерыканскіх капіталаў генерала. Насуперак папярэдняй волі, гэтым актам спадкаберцам Т. Касцюшкі ў ЗША быў прызначаны яго хросны сын - Касцюшка-Армстранг [2]. Тры наступныя тэстаменты былі складзены ў Швейцарыі, дзе былы кіраўнік паўстання правёў свае апошнія гады. Два з іх, ад 4-га чэрвеня 1816 г. і 10-га кастрычніка 1817 г. былі аформлены бездакорна і пасля смерці Тадэвуша выкананы без нейкіх перашкод і цяганіны. Яшчэ адзін спадчынны дакумент ад 2-га красавіка 1817 г. тычыўся яго родавага маёнтку Сяхновічаў. Але ў адрозненні ад дзвюх папярэдніх, гэтая воля генерала ніколі рэалізавана не была. На шляху па яе ажыццяўленню сцяной сталі крэўныя Касцюшкі. Больш за тое, адбіўшы ўсе спробы накіраваныя на правядзенне дадзенага тэстамента ў жыццё, яны самі ў хуткім часе перайшлі ў дружны наступ у барацьбе за спадчыну іх знакамітага сваяка.
Некаторыя факты, звязаныя з гэтай барацьбой адлюставаны ў беларускай гістарычнай літаратуры, дзякуючы работам Б. Клейна і А. Бізенчука [3]. Але разам з тым, у гэтай справе застаюцца шмат белых плямаў. Паспрабуем, па меры магчымасцяў (якія, нажаль, абмежаваны недахопам крыніц) прасачыць, зазірнуць унутр гэтага працэсу змагання за спадчыну Т. Касцюшкі.
Пачатак гэтай справы быў пакладзены публікацыяй у 27-ым нумары "Сельскай газеты" ("Gazeta wieska") за 1817 г. тэстамента Касцюшкі ад 2-га красавіка 1817 г. "… пераконваючыся, што асабісты прыгон не адпавядае натуральнаму закону і дабрабыту сялян … Вызваляю сім ад прыгону … як цяперашніх сялян маіх так і іх спадчыннікаў у маім маёнтку Сяхновічах…" [4]. Як гэта не дзіўна, але першымі адрэагавалі на гэтую публікацыю гарадзенскія губернскія ўлады. Больш за тое, губернская адміністрацыя рашуча выступіла за выкананне волі Т. Касцюшкі - гэта азначае за вызваленне сяхновіцкіх сялян. Выпадак для тых часоў абсалютна нехарактэрны - улады бароняць прыгонных насуперак інтарэсам землеўладальнікаў! У тую эпоху куды больш распаўсюджаны былі іншыя прыклады, калі супраць сялян, якія шукалі волі, па просьбам памешчыкаў начальства накіроўвала вайсковыя атрады.
Падобная пастава губернскага кіраўніцтва ў дадзеным канкрэтным выпадку становіцца больш зразумелай, калі даведацца, хто з'яўляўся гарадзенскім губернатарам у той час. У 1816-1817 г. гэтую пасаду займаў Станіслаў Урсын-Нямцэвіч. Не цяжка здагадацца, што ён знаходзіўся ў блізкіх сваяцкіх адносінах з Юльнам Урсын-Нямцэвічам, вядомым пісьменнікам, сакратаром і адданым таварышам Т. Касцюшкі. Таму і стаўленне мясцовых уладаў да волі славутага земляка было асаблівым.
Супраць выканання тэстамента рашуча выступілі крэўныя Касцюшкі. Як высветлілася падчас разбіральніцтва, маёнтак Сяхновічы ў гэты час ужо не з'яўляўся ўласнасцю Тадэвуша. У 1775 г. ён па закладному праву перадаў гэтае зямельнае валоданне сваёй роднай сястры Ганне і яе мужу Пятру Эстку. Гэтая здзелка была яшчэ раз пацверджана ў 1792 г. Але ў 1818 г. ні Пятра ні Ганны ўжо не было ўжывых. Акрамя таго ў 1813 г. загінуў іх сын Тадэвуш, да якога Сяхновічы перайшлі па спадчыне. А таму галоўным адказчыкам у гэтай справе выступала жонка апошняга ўладара маёнтка Кацярына Эстка (з роду Ляхоўскіх). Разбіральніцтва тэстамента пайшло па розных інстанцыях і трапіла да міністра ўнутраных спраў В. Качубея. Складваецца ўражанне, што расійскія ўлады па-просту не ведалі, што ім рабіць з гэтым дакументам-маніфестам. "Падклалі саломы ў агонь" і сяхновіцкія сяляне, якія ў пісьмовай форме звярнуліся непасрэдна да імператара зразумела з просьбай аб іх хутчэйшым вызваленні [5].
Але лёс справы быў і без таго перадвырашаны. Закон быў не на баку Т. Касцюшкі і прыгонных. Тым не менш, памяць аб гэтых падзеях яшчэ доўга жыла ў Сяхновічах. Нават праз тры пакаленні (у 80-я гады ХІХ ст) мясцовыя жыхары з удзячнасцю ўзгадвалі Касцюшку і яго спробу вызвалення сялян ад прыгону [6].
Разабраўшыся з адным тэстаментам Т. Касцюшкі, яго крэўныя ў хуткім часе самі распачалі наступ на яго спадчыну. Аказалася, што яны былі не блага дасведчаны ў фінансавых справах знакамітага сваяка. " Як з партыкулярных чутак прасбітка даведалася, рэшта (маёмасці Касцюшкі ) складаецца з рухомай маёмасці і капіталаў, што знаходзяцца ў доме банкіраў Цэльтняраў у Салюры Швейцарскага кантона" [7]. З газетных паведамленняў Кацярына Эстка таксама ведала і аб тых грошах, якія былі падараваны генералу імператарам Паўлам, што захоўваліся ў адным з лонданскіх банкаў. І таму смерць Т. Касцюшкі ў 1818 г. для мясцовай шляхты, якая мела з ім хоць якую ступень сваяцтва азначала толькі адное - магчымасць уступіць у змаганне за яго грошы. Пры гэтым не выпадае сумняваццва, што яны цудоўна ўсведамлялі, што Т. Касцюшка з'яўляецца нацыянальным героем, імя якога паўсюль глыбока шанавалася ўжо і ў той час. Аб гэтым, між іншым, сведчыць факт арганізацыі мясцовай шляхтай (праз дваранскі дэпутацкі сход) урачыстай імшы ў памяць аб былым кіраўніку паўстання з нагоды яго смерці ў суседняй беласточчыне [8]. Але калі справа тычылася маёмасных адносін, патрыятызм і адданасць нейкім ідэалам у мясцовай шляхты зазвычай адыходзілі на другі план. Культ і слава героя па-просту блякнулі перад магчымасцю ўзбагаціцца за яго кошт.
Верагодна, першыя прэтэнзіі да касцюшкаўскай спадчыны з боку Кацярыны Эсткі тычыліся той маёмасці, што знаходзілася ў Швейцарыі і Англіі. Але ў гэтым выпадку тэстаменты генерала былі складзены юрыдычна бездакорна і не давалі ёй нават летуценнай надзеі на рэалізацыю сваіх памкненняў. І тады позірк Эстак скіраваўся за акіян, у ЗША.
На першапачатковым этапе свайго змагання за спадчыну Т. Касцюшкі, спадкаемцы дзейнічалі выкарыстоўваючы ўрадавы апарат суседняга Каралеўства Польскага [9]. Па яго каналах яны атрымалі інфармацыю аб капіталах, што засталіся пасля генерала ў гэтай краіне, а таксама аб прэтэнзіях на гэтыя сродкі з боку іншых асоб. У 1825 г. падчас праезду праз землі Беларусі Аляксандра І, Кацярына Эстка дабілася асабістай сустрэчы з манархам. Падчас гэтай аўдыенцыі, што адбылася ў Пружанах, імператар паабяцаў ёй аказаць садзейнічанне ў вырашэнні гэтага пытання [10]. З гэтага часу вядзенне справы аб амерыканскай спадчыне Т. Касцюшкі выходзіць на якасна новы ўзровень. Да яе вырашэння былі падключаны Міністэрства замежных сувязяў, а таксама расейская амбасада ў ЗША. Асноўным істцом у гэтым працэсе на яго першых этапах з'яўлялася Кацярына Эстка, якая таксама выступала ад імя сваіх дзяцей Рамана, Людвікі і Мартыны. Чамусці ў гэтым спісе першапачаткова адсутнічала імя яшчэ аднаго яе сына Іпаліта. Магчыма, што ўжо ў гэты час да барацьбы далучыўся і Адам Восіпавіч Быхавец.
Паколькі ў далейшым А. Быхавец будзе з'яўляцца адным з галоўных фігурантаў дадзенай справы, хацелася б спыніцца на гэтай асобе больш падрабязна. Тым больш, што пра гэтую постаць у нас амаль нічога невядома, а яна варта дадатковай увагі. Адам Ян Віктар Быхавец нарадзіўся і быў ахрышчаны ў снежні 1796 г. [11] Гэта быў тыповы прадстаўнік сваёй эпохі і таго асяроддзя адкуль ён паходзіў. У ім абсалютна натуральна спалучаліся такія на першы погляд несумяшчальныя рэчы як патрыятызм і ахвярнасць ідэям незалежнасці Айчыны разам з канфармізмам і адданасцю службе ў адміністрацыйным апараце той краіны, якая большасцю мясцовай шляхецкай супольнасці ўспрымалася як захопніца. Яго першыя дзве якасці знайшлі сваё ўвасабленне ў тым, што ён двойчы абвінавачваўся расейскімі ўладамі ва ўдзеле ў паўстаннях 1831 і 1863 г. Што тычыцца 1831 г. дакладна ўстанавіць ці прымаў ён у ім асабісты ўдзел не ўдалося. Але вядома, што ў 30-я гады ХІХ ст. Адам знаходзіўся пад сталым паліцэйскім наглядам з фармуліроўкай "за тайнае садзейнічанне ў замыслах мяцежнікаў" [12]. Хутчэй за ўсё па гэтых прычынах ён у гэты час быў пазбаўлены пасады ваўкавыскага земскага суддзі. У 1848 годзе яго прозвішча фігуруе ў спісе асоб, якім было забаронена (з-за прыналежнасць да паўстання) паступаць на службу [13]. Яго маёнтак Юзафполь на пачатку 30-х гадоў быў секвестраваны, але да канчатковай канфіскацыі справа не дайшла. Сітуацыя амальшто цалкам паўтарылася ў 1863 г. Улады зноў абвінавацілі Быхаўца ў аказанні дапамогі паўстанцам (на гэты раз ён быў западозраны ў тым, што пастаўляў паўстанцам харчаванне), зноў секвестравалі яго маёнткі, а яго самога, нягледзячы на досыць сталы ўзрост (каля 70-і год) і вельмі слабы стан здароўя выслалі ў Пензенскую губ.
Разам з тым, у біяграфіі А. Быхаўца ёсць факты, якія характарызуюць гэтую асобу з іншага боку. Гэта менавіта ён дапамагаў царызму ў выкрыцці дзейнасці тайных таварыстваў на землях Беларусі. Вядома, што Адам у 1823 г. узначаліў адмысловую "следчую камісію … аб вучнях губернскай гімназіі пятага класа" у Свіслачы, якая, фактычна выйшла на след арганізацыі "Заран". У спісе навучэнцаў, што выклікалі ў А. Быхаўца найбольшае падазрэнне, былі прозвішчы А. Казмінскага, Н. Орды і інш [14]. У свой час царскія ўлады ледзь не пазбавілі яго маёмасці ў 30-я гады ХІХ ст., але гэта не перашкаджала яму звяртацца да тых жа самых уладаў за пазыкай пад заклад сваіх сялян [15].
Як і ўся шляхта А. Быхавец меў вялікую схільнасць да вядзення рознага кшталту судовых спрэчак. Але ў Адама падобная схільнасць выявілася ў гіпертрафаванай форме: у гэтым кампаненце з ім мала хто мог параўнацца. Ён веў судовыя разборкі з суседзямі з-за лугоў, з рымска-каталіцкай духоўнай кансісторыяй з-за нявыплаты пакляшторных плацяжоў, з аканомам маёнтка Сялец з-за спойванне сялян, са святаром Рудніцкай царквы з-за грашовага доўга, з жыдамі, якія на яго думку скралі ў яго 700 вёдзер спірту і многімі іншымі асобамі па самых разнастайных прычынах. Было ў гэтага чалавека і яшчэ адное вельмі папулярнае ў тыя часы хобі - пісанне скаргаў у розныя інстанцыі. І ў гэтай справе ён быў адным з лепшых, аб чым, напрыклад, сведчаць " пададзеныя мною ў даволі непрацяглы час 80 (!) прашэнняў Вышэйшаму начальству" (у тым ліку 5 міністру юстыцыі, 5 міністру ўнутраных спраў і г.д.) [16] Такая няўтомная энергія мела свой плён: праз падобную актыўнасць А. Быхаўцу ўдалося пакінуць свой які-ніякі след у гісторыі. І сёння, шмат у чым дзякуючы азначаным "талантам" гэтай асобы, мы маем магчымасць аднавіць многія дэталі, што спадарожнічалі працэсу па справе аб спадчыне Т. Касцюшкі.
Нягледзячы на тое, што А. Быхавец быў адным з самых актыўных фігурантаў вышэй узгаданага працэса, аказалася досыць складанай справай устанавіць ступень яго сваяцтва з Т. Касцюшкам. Гэтая сувязь не прасочваецца па прамой лініі, бо бацькі Адама - Юзаф Янавіч (камергер караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага) і Разалія (з роду Біспінгаў) Быхаўцы ў крэўных адносінах з Касцюшкамі не састаялі. З матэрыялаў Нацыянальнага гістарычнага архіва ў Гродне вынікае, што А. Быхавец быў жанаты на Соф'е з Булгарынаў, але тая " маючы ад яго сына Іахіма і не пражыўшы з мужам і года памерла … і сын у некалькі месяцаў памёр." [17] У 1838 г. ён бярэ шлюб з Ізабелай Людвігаўнай з графаў Ельскіх і ў іх у 1840 г. нараджаецца сын Здзіслаў. Дарэчы, падчас заключэння шлюбнага кантракта, Адам перапісаў адзін са сваіх маёнткаў Адампаль сваёй жонцы, што ў будучым, пасля паўстання 1863 г., дазволіла захаваць гэтае зямельнае валоданне, у адрозненні ад іншых, ва ўласнасці гэтай сям'і.
Такім чынам, з прадстаўленых звестак вынікае, што ні праз бацькоў, ні праз дзве свае жонкі А. Быхавец у сваяцтве з Касцюшкам не састаяў. Разам з тым, у гістарычнай літаратуры можна знайсці сцвярджэнне, што праз дачку Яна Жалкоўскага, Касцюшкі парадніліся з Быхаўцамі [18]. У сувязі з прыведзенымі фактамі найбольш аўтарытэтны айчынны спецыяліст у галіне геніялогіі А. Шаланда выказаў здагадку, што хутчэй за ўсё Адам першым шлюбам быў жанаты на адной з Жалкоўскіх імя, якой, на жаль, застолася невядомым. Тым самым ён мог цалкам прэтэндаваць на маёмасць Касцюшкі, бо судовы працэс пачаўся яшчэ пры яе жыцці, а скончыўся ўжо пасля яе смерці. З усяго гэтага вынікае, што А. Быхавец лічыў сябе спадкаберцам нацыянальнага героя таму, што адная з трох яго жонак была ўнучкай роднай сястры Тадэвуша. Гэты факт знаходзіць свае пацверджанне ў лістах амерыканскіх адвакатаў. У адным з іх яны паведамляюць, што справа не будзе мець станоўчага вырашэння пакуль " мы не атрымаем прадпісанне, якім Джон (Ян) Жалкоўскі адпісвае сваю частку (спадчыны) спадару Быхаўцу " [19].
Пасля той сустрэчы з імператарам, якая адбылася ў 1825 г. працэс зносін спадкаберцаў з Вашынгтонам ажыццяўляўся па новых дыпламатычных каналах. Як аказалася, крэўныя, што пражывалі на тэрыторыі Беларусі, былі не адзінымі прэтэндэнтамі на спадчыну, што засталася па Касцюшцы ў гэтай краіне. На яе прад'явіў свае правы амерыканскі хроснік Тадэвуша - Касцюшка-Армстранг. Былі і іншыя маёмасныя позвы з Еўропы і ЗША. У падобнай сітуацыі справа не магла не дайсці да судовага разбіральніцтва. Натуральна, што расейская амбасада, праз якую сваякі вялі справу, не магла ўдзельнічаць у судовых паседжаннях. Дзеля гэтага патрэбны быў спрактыкаваны юрыст, знаёмы з мясцовымі законамі і сістэмай у цэлым. Вось чаму міністр замежных спраў К. Несельродэ ўжо ў 1825 г. запатрабаваў ад сваякоў Т. Касцюшкі прадставіць " фармулярную даверанасць на імя нашага пасланіка ў амерыканскіх абласцях барона Тэйля, з правам перадаць яе адвакату па выбару яго …" [20]. Расейская місія спыніла свой выбар на адвакаце Сване, які прыцягнуў у якасці кампан'ёна свайго калегу Сампсана. Першапачаткова было вырашана, што ў выпадку станоўчага вырашэння гэтай справы, іх інтарэс будзе складаць 10% ад сумы, якую атрымаюць спадкаберцы, плюс аплата ўсіх расходаў юрыстаў.
Судовае разбіральніцтва па гэтай справе зацягнулася на дзесяцігоддзі. Складана вылучыць нейкую адную галоўную прычыну, якая паўплывала на такую працягласць працэсу. Тут сваю ролю адыграла сукупнасць розных фактараў: значная адлегласць, адсутнасць адзінства сярод саміх прэтэндэнтаў, змена адвакатаў, новыя позвы з боку іншых асоб, неабходнасць выканання ўсіх фармальнасцяў, што патрабаваліся амерыканскім судом і г.д. Але на першае месца сярод мноства прычын трэба мусіць усё ж паставіць бяздзейнасць саміх праўнікаў. Як пазней адзначаў адзін з удзельнікаў гэтага працэсу Каспар Тохман: " На працягу 23 гадоў, што мінулі, нічога не рабілася, каб забяспечыць маёмасць памерлага Касцюшкі" [21].
Канечне падобная заява была відавочным перабольшваннем. Усё ж нейкія падзеі вакол амерыканскай спадчыны ў 20-30-я гады адбываліся. Пасля таго як Т. Джэферсан адмовіўся ад выканання волі Т. Касцюшкі, ён перадаў яго грашовы капітал на захаванне свайму сябру генералу Коку, а той, у сваю чаргу, палкоўніку Бамфорду. Змяніўся за гэты адрэзак часу і склад юрыстаў, што былі ўпаўнаважаны расейскай амбасадай для абароны інтарэсаў спадкаберцаў. Замест памерлых Свана і Сампсана ліцэнзіі на ажыццяўленне гэтай дзейнасці ад імперскай дыпламатычнай місіі атрымалі Фендаль і Брадлей. Змяніліся і ўмовы, на якіх яны працавалі: замест звыклых у такіх выпадках 10%, плата за іх паслугі вырасла ўдвая [22]. Галоўнай заслугай амерыканскіх праўнікаў у гэты перыяд можна лічыць забеспячэнне спадчыны Тадэвуша ад прэтэнзій з боку Армстрангаў, якім нават удалося атрымаць перамогу ў судзе ніжэйшай інстанцыі. Не сядзела ў гэты час склаўшы рукі і сям'я Эсткаў. Пэўна ж па патрабаванні тых жа адвакатаў яны сабралі сведчанні старых асоб, якія асабіста ведалі ўсю сям'ю Касцюшкаў, а таксама для складання сямейнага дрэва спадкаберцаў прыцягнулі Геральдычную камісію.
Пасля досыць зацішных 20-30-х гадоў, у наступнае дзесяцігоддзе адбываецца сапраўдны "выбух" актыўнасці вакол азначанай справы. У першую чаргу гэта было звязана са з'яўленнем на сцэне новых гульцоў. Былі сярод іх і своеасаблівыя "дзеці лейтэнанта Шмідта" таго часу. Напрыклад нейкі Клімкевіч, які выдаваў сябе за блізкага сваяка Эсткаў. Таксама да ліку падобных асоб першапачаткова быў залічаны і Ігнат Хуткоўскі. Раейская амбасада ў 1845 г. паведамляла, што нейкі "польскі выхадзец Хуткоўскі, які выдае сябе за стрыечнага брата спадароў Эсткаў" таксама перадаў даверанасць з правам бараніць яго інтарэсы амерыканскім адвакатам" [23]. Але пасля досыць працяглай перапіскі Эсткі прызналі яго "сваім" і нават пераслалі яму даручэнне з правам бараніць іх інтарэсы. Аднак усё ж такі ключавую ролю ў гэтым працэсе было наканавана адыграць Каспару Тохману - палітычнаму эмігранту, які ў сярэдзіне 30-х гадоў ХІХ ст. перабраўся ў ЗША з Францыі. У лістападзе 1845 г. ён быў наняты Брадлеям у якасці кампан'ёна для вядзення азначанай справы.
Менавіта Тохман звярнуў увагу на тое, што дыпламатычнай (і, адпаведна, юрыдычнай) падтрымкай карыстаецца выключна адна з галін спадкаберцаў - Эсткі, у той час як іншае адгалінаванне роду - Жалкоўскія ў гэтым плане дыскрымінавалася. Апошнія знаходзіліся ў такой жа ступені роднасных сувязяў да Т. Касцюшкі як і Эсткі: іх маці Караліна была роднай сястрой Тадэвуша. Такім чынам у афіцыйную перапіску, што здзяйснялася па каналах міністэрства замежных сувязяў Расейскай імперыі, у сярэдзіне 40-х г. ХІХ ст. дадаліся імёны Жалкоўскіх Івана (Яна), Караліны, Брыгіды, Ганны, Алёны, А. Быхаўца, а таксама Уладзіслава і Іпаліта Ваньковічаў і Міхайлы Шырмы. Браты Ваньковічы былі сынамі Ігната Жалкоўскага, якога на той час ужо не было ўжывых. Міхайла Шырма меў сваю маці таксама па гэтай лініі. Дарэчы, пра яго вядома, што ён меў ступень кандыдата права, у свой час арыштоўваўся па справе тайных таварыстваў у Віленскім універсітэце, прымаў удзел у паўстанні 1831 г [24].
Факт такога позняга з'яўлення ва ўрадавых паперах вышэй пералічаных імёнаў, на нашу думку, ні ў якім разе не з'яўляецца сведчаннем таго, што яны толькі зараз, на гэтым этапе, уключыліся ў гонку за спадчыну свайго знакамітага сваяка. Верагодней за ўсё яны і да гэтага моманту былі "ў справе", але вялі яе па іншых, неафіцыйных каналах, праз сваіх прадстаўнікоў. Той жа К. Тохман зазначаў, што " Жалкоўскія не маюць ні адваката, ні дарадцы ў гэтай краіне і, што … ён прыняў адказнасць на сябе бараніць іх правы" [25]. Таксама трэба адзначыць факт з'яўлення ў гэты час у спісе прэтэндэнтаў яшчэ аднаго з Эсткаў - Іпаліта, сына Кацярыны, які пражываў у Галіцыі (частка Аўстра-Вянгерскай імперыі). Заслуга К. Тохмана заключаецца ў тым, што ён першы звярнуў увагу на неабходнасць аб'яднаць высілкі двух адгалінаванняў з мэтай атрымання большых выгод і мабільнасці пры разглядзе іх прэтэнзій.
Але тут у справу зноў умяшалася расейская амбасада. Справа ў тым, што асоба К. Тохмана для выканання функцый праўніка пад пратэктаратам гэтай установы ні ў якім разе яе не ўстройвала. Больш за тое, дыпмісія распачала сапраўдную вайну супраць гэтага імігранта. На працягу кароткага адрэзку часу дайшло да трох судовых разбіральніцтваў паміж былымі партнёрамі Брадлей vs Тохман (чытай дэ Бадзіска (расейскі амбасадар) vs Тохман). Больш за тое, імперскія дыпламаты патрабавалі ад амерыканскіх уладаў выслаць ці ў які іншы спосаб пакараць гэтую асобу. На адрасы Эсткаў і Жалкоўскіх паляцелі гняўлівыя патрабаванні тэрмінова адклікаць свае даверанасці, што былі выдадзены на імя гэтага чалавека і перапісаць іх на карысць юрыстаў, што былі ўпаўнаважаны расейскай місіяй. Вось прыклад аднаго з эпісталярных пасланняў, якім афіцыйныя ўлады страшылі спадкаберцаў: "… Уладзіслаў Ваньковіч зыйшоўшыся з адмысловай асобай абсалютна неблаганадзейнай (К. Тохманам), даверыў яму вядзенне гэтай справы, перапыніўшы разам з тым паўнамоцтвы нададзеныя адвакатам Фендалю і Брадлею. Гэты крок Ваньковіча непрыстойны як у адносінах да адвакатаў, так і самой місіі … і таму неабходна, каб яны тэрмінова выслалі як мага хутчэй новыя даручэнні на імя вашынгтонскіх адвакатаў…" [26].
Чым жа выклікаў такую антыпатыю да сябе не раз узгаданы тут Каспар Тохман? Прычыны падобных адносін да гэтай асобы з боку расейскіх уладаў знаходзяцца ў сферы палітычнай. Маёр Тохман, былы падданы Расейскай імперыі, з'яўляўся актыўным удзельнікам паўстання 1830-1831 г., пасля якога ён быў вымушаны эміграваць, а яго маёмасць на радзіме была гэтымі ж уладамі канфіскавана. Як у Францыі, так і ў ЗША ён прымаў самы актыўны ўдзел у дзейнасці розных таварыстваў Вялікай эміграцыі. Таму і адносіны імперскіх афіцыйных устаноў былі да яго як да палітычнага злачынцы. Калі ўзгадаць, што расейскім падданым у той час пад страхам розных пакаранняў забаранялася нават перапіска са сваімі сваякамі-эмігрантамі, то канчаткова стане зразумелай нежаданне расейскай амбасады дапусціць спадкаберцаў да нейкіх адносінаў з гэтай асобай.
Не на жарт распаліліся жарсці ў гэты час і ў асяроддзі сваякоў Касцюшкі. Адной з галоўных дзеючых асоб па гэты бок акіяна выступаў А. Быхавец. Менавіта праз яго, дзве сям'і спадчыннікаў доўгі час не маглі паразумецца. Справа ў тым, што паддаўшыся настойлівым просьбам новых амерыканскіх праўнікаў, Эсткі і Жалкоўскія нарэшце вырашылі падаць агульную, сумесную позву і тым самым аб'яднаць агульныя намаганні ў барацьбе за спадчыну. Ад кожных з гэтых кланаў была абрана найбольш, пэўна, прадстаўнічая асоба (Раман Эстка і Адам Быхавец адпаведна) на імя якой кожны з прадстаўнікоў роду напісаў сваю даверанасць. Гэтыя ўпаўнаважаныя павінны былі ў далейшым даставіць азначаныя дакументы ў сталіцу, адпаведным чынам заверыць іх там і далей накіраваць у Вашынгтон.
Але тут высветлілася нечаканыя супярэчнасці. Выканаўшы першую частку неабходнай працэдуры ў 1844 г. бакі не здолелі дамовіцца па асобе, што павінна была бараніць іх інтарэсы ў ЗША. Адам настойваў на кандыдатуры свайго зяця Яўстаха Ельскага (магчыма ён і раней прадстаўляў яго інтарэсы ў гэтай справе), у той час як Эсткі аформілі свае даручэнні на імя І. Хуткоўскага. Нежаданне бачыць апошняга ў якасці абаронцы інтарэсаў Жалкоўскіх, Іпаліт Эстка тлумачыў подступамі афіцыйных уладаў, якія страшылі Быхаўца тым, што той з'яўляецца палітычным эмігрантам і з тае прычыны не будзе мець упаўнаважання на сваю дзейнасць з боку амбасады. " Тут мой кузен (А. Быхавец) зразумеў сваю памылку і зараз прыкладае новыя высілкі, каб атрымаць новыя дакументы на свае імя… Ты не можаш уявіць сябе ў якія расходы мы ўвайшлі з-за такіх неразважлівых паводзінаў сп. Быхаўца. Мой кузен (А. Быхавец) выдаткаваў і выдаў авансам некалькі соцен дукатаў!", - скардзіўся на Адама ў адным са сваіх лістоў у Амерыку Іпаліт Эстка [27].
Здаецца, у далейшым ім усё ж такі удалося прыйсці да кампрамісу. У 1845 г. Раман Эстка атрымаў ад Адама неабходныя паперы " для выканання ў Санкт-Пецярбургу прысягі, якая вымагаецца амерыканскімі законамі" [28]. Але гэтае паразуменне аказалася не вельмі трывалым. 20-га ліпеня 1847 г. у ваўкавыскім уездным судзе Адам Быхавец і Міхайла Шырма афармляюць даверчы ліст на імя Уладзіслава Ваньковіча " для хадатайніцтва па справе аб спадчыне, што засталася пасля генерала Т. Касцюшкі" [29]. Як сведчаць іншыя крыніцы ніводзін з іншых прэтэндэнтаў, нават родны брат Уладзіслава - Іпаліт Ваньковіч ніякіх упаўнаважанняў на яго імя не давалі. Такім чынам, у дасягнутым ужо была адзінстве ізноў была ўчыніна прабоіна. Уладзіслаў быў адзіным з ліку спадкаберцаў, які за доўгія гады судовых змаганняў выбраўся ў Амерыку. Чаму іншыя прэтэндэнты праігнаравалі яго і такую магчымасць, нам застаецца толькі здагадвацца.
Вядома, што ў ЗША У. Ваньковіч разарваў ранейшыя даверанасці з афіцыйнымі адвакатамі, даверыўшы вядзенне справы К. Тохману. Таксама вядома, што падобным чынам паступілі і іншыя спадкаберцы. Нажаль на гэтым ланцужок даступных нам фактаў у гэтай амальшто дэтэктыўнай гісторыі перарываецца. Застаецца толькі спаслацца на іншага даследчыка гэтай справы В. Казлоўскага, які ў сваёй брашуры лаканічна заўважыў, што: " амерыканская доля спадчыны па Т. Касцюшцы была сумленна сплочана яго спадкаберцам" [30].
Нягледзячы на вядомы вынік , кропку ў гэтай справе ставіць яшчэ рана. У ёй засталося шмат пытанняў, якія вымагаюць далейшага працягу расследавання. Сярод іншага, нам так і не ўдалося выявіць дакладнай даты завяршэння гэтай цяжбы. У лістах-прашэннях А. Быхаўца ёсць узгадка, што гэта адбылося " у цяперашняе панаванне Вялікага Манарха нашага" [31], а гэта значыць у часы Аляксандра ІІ. Адсутнічаюць у дакументах і ўказанні дакладнай сумы, якую ўрэшце, удалося атрымаць прэтэндэнтам. Няма згоды на гэты конт і сярод даследчыкаў (агульная канчатковая лічба вагаецца ад 32 да 50 тыс. даляраў). Невядома, хто з спадкаберцаў дажыў да гэтага часу і якім чынам грашовыя сродкі патрапілі да іх? У сувязі з прашэннем А. Быхаўца, датаваным 1867 г., аб дазволе выезду ў ЗША, " дзе я меў бы магчымасць уступіць у свае правы адносна спадчыны, што мне тут дасталася" [32], узнікае пытанне, ці ўдалося ўсім удзельнікам гэтага працэсу атрымаць тое, за што яны змагаліся столькі гадоў? Чаму Адам, маючы замежны пашпарт у 1861 г. (ездзіў у Карлсбад) не скарыстаўся з магчымасці скончыць свае амерыканскія справы? Таксама не зразумела выкарыстанне ім у сваіх прашэннях фармулёўкі " памешчык Гродзенскай губ. і Злучаных Амерыканскіх Штатаў". Вядома, што тыя 500 акраў зямлі, што былі прызначаны Т. Касцюшцы Кангрэсам у штаце Агаё былі прададзены ў 1802 г. [33] Пытанняў набралося сапраўды шмат.
Некаторыя з адказаў на гэтыя загадкі могуць стаць вынікам далейшага даследавання жыцця і дзейнасці А. Быхаўца. Яго лёс, у цэлым, склаўся досыць трагічна. У 1864 г. па канфірмацыі М. Мураўёва ён быў высланы ў г. Нараўчат Пензенскай губ. Яго маёнткі Зельзін і Юзафполь, што ў ваўкавыскім уездзе, былі секвестраваны і, нягледзячы на тытанічныя высілкі Адама вярнуць іх, падвергнуты абавязковаму продажу асобам "рускага паходжання". У снежні 1867 г. іх уладаром за суму ў 26500 руб. стаў капітан Віктар Іваноў [34]. Яшчэ адно зямельнае валоданне Адампаль, Быхаўцам удалося захаваць, бо яно было запісана на жонку Адама - Ізабелу.
Ніводнае з яго 80-і просьбаў-прашэнняў не прынесла станоўчага выніку. Адам памірае ў ссылцы ўноч з 20 на 21 студзеня 1868 г. У гэтых жа лістах Быхаўца мы знаходзім досыць цікавую трактоўку тых падзей, што адбыліся з ім у апошнія гады яго жыцця. Напрыклад, у адным з такіх дакументаў, датаваных 1866 г. на імя віленскага генерал-губернатара ён сцвярджае, што "ваенны суд прызнаў мяне абсалютна бязвінным, … а Начальнік Паўночна-Заходняга краю (М.М. Мураўёў) сентэнцыю гэтую зацвердзіў". І далей ён пераконвае, што М. Мураўёў дазволіў яму застацца ў Гродна, " але я баючыся ізноў быць падвергнуты паклёпу … наважыўся ехаць у Пензу сам". І за ўсё гэта " я шчыра ўдзячны Яго Светласці (М. Мураўёву)" [35]. Знаёмства з арыгіналам ваенна-суднай справы сведчыць аб надзвычайнай вольнасці, якую дазволіў сябе Адам у інтэрпрэтацыі многіх фактаў. Гэтыя і іншыя прыклады непраўдзівасці тых звестак, што трапілі ў дакументы ад рукі гэтай асобы, ставяць пад сумненне ўсю тую інфармацыю, якая тычылася ўдзелу А. Быхаўца ў працэсе супраць тэстамента Т. Касцюшкі. А можа ўсе гэтыя факты, якія ўласнаручна аўтар пакінуў у гістарычных крыніцах ёсць вялікая містыфікацыя Адама Яна Віктара?
Завяршаючы даследванне дваіснай сутнасці Адама, спалучэнні ў яго асобе тыповых рыс свайго часу і ўласцівых толькі яму адметнасцяў, хацелася б звярнуць увагу яшчэ на адзін момант. Унікальнасць А. Быхаўца, між іншым, заключаецца ў тым, што гэта была, пэўна, адзіная асоба, жыццёвы лёс якой знітаваў у сябе эпоху трох паўстанняў. Пакараны царызмам за прыналежнасць да нацыянальна-вызвольнай барацьбы 1831 і 1863 г., ён судзіўся за спадчыну, супраць апошняй волі кіраўніка паўстання 1794 г. Спалучаныя агульнай ідэяй барацьбы за незалежнасць сваёй айчыны Адам і Тадэвуш праз хцівасць аднаго да іншага ўрэшце апынуліся па розныя бакі судовых распраў.
[1] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 31, спр. 132, арк. 13.
[2] Kozłowski W.M. Spadki po Kościuszce i jego testamentu (na podstawie niewydanych z archiwów amerykańskich). - Poznań, b.r. S.26.
[3]Клейн Б. Найдено в архиве. Мн, 1968. С. 192; Бензярук А. Касцюшкі-Сяхновіцкія: Гісторыя старадаўняга роду. Брэст: Издательство "Академия", 2006. С. 132.
[4] НГАБ у Гродне. Ф.1, воп. 1, спр. 893. арк. 1.
[5] НГАБ у Гродне. Ф.1, воп. 1, спр. 893. арк. 25.
[6] Чаропка В. Мерачоўшчына-Сяхновічы // БГЧ. 2004. №12. С. 35.
[7] НГАБ у Гродне. Ф.1, воп. 1, спр. 893. арк. 50.
[8] НГАБ у Гродне. Ф. 320, воп. 1, спр. 1416.
[9] Kozłowski W.M. Spadki po Kościuszce … S. 32.
[10] LVIA. Ф. 378 а/а, воп. 33, спр. 327, арк. 1.
[11] НГАБ у Гродне. Ф. 1664, воп. 1, спр. 1, арк. 1.
[12] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 19, спр. 898, арк. 12-13.
[13] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 27, спр. 877, арк. 12.
[14] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 2, спр. 246, арк. 63, 102; НГАБ у Гродне. Ф.1, воп. 2, спр. 255, арк. 2.
[15] НГАБ у Гродне. Ф. 2, воп. 36, спр. 2088, арк. 22, 33.
[16] НГАБ у Гродне Ф. 1, воп. 31, спр. 132, арк. 7.
[17] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 2, спр. 1397, арк. 12.
[18] Федорук А. Усадьбы Брестейчины. Мінск. 2004. С. 152-153; Несцярчук Л. Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка: вяртанне героя на радзіму. Брэст, 2006. С. 102.
[19] To the Honorable, the Senate and House of Representatives of the United States. Supplemental petition of major G. Tochman, attorney and counsel of the next or kin and heirs at law of general Thadeus Kosciusko, containing a rejoinder to the answers of Joseph H. Bradley, Esq., "Counsellor, employed by the Imperial Russian Legation,"- published in a pamphlet, entitled " G. Tochman." January, 1848. P. 43.
[20] НГАБ у Гродне Ф. 1, воп. 2, спр. 946, арк. 1.
[21] To the Honorable, the Senate and House of Representatives … p. 36.
[22] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 12, спр. 123, арк. 6.
[23] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 12, спр. 123, арк. 5.
[24] НГАБ у Гродне. Ф.1, воп. 2, спр. 255, арк. 24; Ф. 1, воп. 19, спр. 898, арк. 13.
[25] An expose of the conduct Joseph H. Bradley of Washington D.C. Counsellor "employed by the Imperial Russian Legation", towards Major G. Tochman, New York, counsellor of the next or kin and heirs at law of Gen. Thadeus Kosciusko. December, 1847. P. 5.
[26] LVIA. Ф. 381, воп. 19, спр. 1093, арк. 24.
[27] An expose of the conduct Joseph H. Bradley of Washington D.C. … p. 20.
[28] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 12, спр. 123, арк. 2.
[29] НГАБ у Гродне. Ф. 1, воп. 13, спр. 1176, арк. 1.
[30] Kozłowski W.M. Spadki po Kościuszce … s. 35.
[31] НГАБ у Гродне Ф. 1, воп. 31, спр. 132, арк. 13.
[32] НГАБ у Гродне Ф. 1, воп. 14, спр. 479, арк. 5.
[33] Несцярчук Л.М. Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка : вяртанне героя на радзіму. Брэст, 2006. С. 131.
[34] НГАБ у Гродне Ф. 1, воп. 14, спр. 479, арк. 3.
[35] НГАБ у Гродне Ф. 1, воп. 31, спр. 132, арк. 8, Ф. 1, воп. 14, спр. 479, арк. 4.