Папярэдняя старонка: Смалянчук A.Ф.

Антон Луцкевіч аб жыцці і дзейнасці Зыгмунта Нагродскага (1865-1937) 


Аўтар: Смалянчук Алесь,
Дадана: 07-11-2022,
Крыніца: Смалянчук Алесь. Антон Луцкевіч аб жыцці і дзейнасці Зыгмунта Нагродскага (1865-1937) // Гістарычны Альманах. 1999. № 02. С. 72-77.



У Цэнтральным Дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва ў Менску захоўваецца рукапіс выступлення Антона Іванавіча Луцкевіча на паседжанні Літаратурна-мастацкай секцыі Беларускага навуковага таварыства 4 красавіка 1937 г. (фонд 3, воп. 1, ад.з.272, арк.1-7адв.). Выступленне было прысвечана памяці аднаго з віленскіх краёўцаў Зыгмунта Нагродскага.

Зыгмунт Нагродскі нарадзіўся ў вёсцы Зулава Свянцянскага ўезду Віленскай губ. Ужо ў маладосці далучыўся да польскага грамадска-палітычнага руху. У 1883 г. разам з братамі Браніславам і Юзафам Пілсудскімі арганізаваў у Вільні тайную вучнёўскую бібліятэку. У далейшым ён даволі ўдала спалучаў нелегальную польскую асветніцкую працу з прадпрымальніцтвам і гаспадарчай дзейнасцю. На пачатку 20 ст. менавіта Зыгмунт Нагродскі з'яўляўся фактычным кіраўніком сістэмы тайнага польскага школьнага навучання на Віленшчыне. Аказваў фінансавую падтрымку польскім і беларускім культурна-асветніцкім праектам. Належаў да краёўцаў. Уваходзіў у віленскія масонскія ложы "Лучнасць" (1910) і "Літва" (1911), якія аб'ядноўвалі мясцовых дзеячаў дэмакратычна-ліберальнай арыентацыі. Актыўна ўдзельнічаў у палітычным жыцці 1919-1921 гг. Быў абраны дэпутам сейма т.з. "Сярэдняй Літвы" (1921). Паступова адышоў ад палітычнай дзейнасці. Не прыняў асноўныя прынцыпы нацыянальнай палітыкі ІІ Рэчы Паспалітай.

Тэкст Антона Луцкевіча дае магчымасць яшчэ раз звярнуць увагу на феномен краёвасці ў беларускай і літоўскай гісторыі. Ён жа знаёміць нас з узаемаадносінамі паміж дзеячамі беларускага Адраджэння і Зыгмунтам Нагродскім, распавядае пра сяброўства паміж апошнім і славутым беларускім паэтам Францішкам Багушэвічам. Апроч гэтага тэкст выступлення выдатна перадае атмасферу другой паловы 30-ых г. 20 ст.

Тэкст друкуецца ўпершыню. Усе асаблівасці арыгіналу захаваныя.

Алесь Смалянчук.

Зыгмунт Нагродзкі і яго адносіны да беларусаў.

Пасьмертныя ўспаміны.

25 сакавіка - у дзень беларускага нацыянальнага сьвята, абход якога пад Польшчай сёлета быў забаронены, - зыйшоў з гэтага свету, Зыгмунт Нагродзкі, пражыўшы 71 год. Сьмерць яго іменна ў гэты дзень мае ў сабе нешта сымбалічнае: людзі тыпу Зыгмунта Нагродзкага ў сучаснай Польшчы, аблічча якой так ярка выявілася ў сказанай забароне нам сьвяткаваць 19-ыя ўгодкі абвяшчэньня незалежнасці Беларусі, запраўды ж прадстаўляюцца, як нейкі анахранізм, і ў новых будаўнічых дзяржаўнага ладу не маюць сімпатыі… Цяпер яны ў Польшчы - лішнія!

Нагродзкі жыў і працаваў на грамадзкай ніве ў тыя часы, калі польскі лёзунг "Za waszą i naszą wolność" меў яшчэ істотнае значэньне і ня служыў, як цяпер, дзеля цынічных аблыжных заяваў польскіх палітыкаў аб "традыцыйнай толеранцыі" да душаных грубай сілай беларусаў і іншых "mniejszości". Пакаленьне, да якога належыў Зыгмунт Нагродзкі, ішло запраўды рука аб руку з беларусамі, вядучы барацьбу з варожай да абодвух бакоў Расеяй.

Але і паміма ўплыву панаваўшай тады ў сферы, да якой належаў Нагродзкі, ідэалогіі памяркоўнасці дзеяч меў глыбокі сэнтымент да беларусаў, да іх працы над нацыянальным адраджэньнем. Сын пахтара ў Зулаве - у Пілсудскіх - Зыгмунт Нагродзкі ад першых дзён жыцця ўзрастаў у беларускай атмасферы, сябруючы ня толькі з "панічамі", але і з сялянскімі дзяцьмі - сваімі равеснікамі. І мовы польская - мова двара, і мова беларуская - мова вёскі, былі роўна блізкія і родныя для яго. У беларускім селяніне бачыў ён свайго брата і за лепшую долю для яго змагаўся тым шляхам, які - на яго погляд - вёў найпрасцей да мэты: шляхам адбудовы колішняй польскай дзяржавы, якая тады прадстаўлялася яму, як ідэал сужыцьця народаў і адначасна ідэал сацыяльнае справядлівасці. - Як жа горка разчаравала яго ў гэтай наіўнай веры адбудаваная Польшча!…

Нагродзкі вельмі любіў беларускія народныя песьні і казкі ды сквапна лавіў кожын вершык беларускі, які ці то выходзіў у сьвет у друку, ці пераказваўся ў жывым слове. Але да 80-х г. - па-за творамі Дуніна-Марцінкевіча - блізу нічога ў беларускай мове не друкавалася.

У 1893 ці 94 г. атрымаў Нагродзкі, які жыў тады ў Вільні, першае выданьне вершаў Багушэвіча "Дудка беларуская". Кніжачка выйшла за граніцай і прыходзіла ў Вільню канспірацыйнай дарогай. "Дудку" прынёс Нагродзкаму Язэп Пілсудскі. Кніжка зрабіла на Нагродзкага велізарнае ўражаньне. Яму ўдалося хутка пазнаёміцца і з аўтарам яе, Багушэвічам, каторы ўжо жыў тады ў Вільні і працаваў, як адвакат. З паэтам Нагродзкі вельмі здружыўся, і яны бачыліся прынамсі раз у тыдзень.

Ідэі Багушэвіча знайшлі ў душы Нагродзкага гарачы водгук. У гутарках прыяцелі абменьваліся думкамі аб літаратурнай творчасці Багушэвіча, і Нагродзкі часам падаваў яму тэмы дзеля вершаў ці апавяданняў у прозе ("Дзядзіна", "Сьведка" і інш.). "Дудку" Нагродзкі пашыраў сярод сялян, якія прыязжалі па тавары ў Вільню да кааператывы (на Татарскай вуліцы), дзе Нагродзкі працаваў. Калі-ж першае выданьне "Дудкі" разышлося, Нагродзкі даў сваіх сто рублёў, каб яе перавыдаць, што і было зроблена ў Кракаве. Вершы Багушэвіча Нагродзкі часта дэклямаваў на рамесніцкіх вечарынах у Вільні і пры гэтым выступаў у беларускай сялянскай сьвітцы.

Багушэвіч, як ведама, нядоўга ўжыўся ў Вільні. Тут паміж ім і польскім грамадзянствам, перад усім - польскай адвакатурай узьняліся даволі вострыя канфлікты на ідэйным груньце, і беларускі паэта пакінуў места, ды перабраўся ў свой двор у Кушляны, у Ашмяншчыне. Вільня хутка забылася аб ім, але не забываўся аб паэце Нагродзкі і ад часу да часу заглядаў у Кушляны. Тут некалькі разоў фатаграфаваўся разам з сям'ёй Багушэвіча. Часта карэспандаваў з паэтам, які горка жаліўся яму на сваю самотнасьць, на забыцьцё ўсімі віленскімі знаёмымі і прыяцелямі. Калі ж Багушэвіч памёр (у 1900 г.), Нагродзкі, які сам не мог паехаць на пахаваньне прыяцеля, зарганізаваў дэлегацыю ад віленскіх рамеснікаў (у гэтай сферы Нагродзкі найбольш працаваў культурна і палітычна), каторыя завезлі на труну Багушэвіча вянок з беларускім надпісам - адрыўкам вершу паэты: "Змоўклі песні тыя, што іграў на дудцы…"

Хутка пасля гэтага (у 1901 г.) Нагродзкі быў арыштаваны і сядзеў у "прэдварылцы" ("Дом прэдварыцельнага заключэння") у Пецярбурзе. Адарваны ад роднае зямлі, Нагродзкі, відаць, балюча перажываў гэтую разлуку, і ў яго зьявілася ахвота пісаць па-беларуску. Ён тады напісаў гэткі вершык - пад загалоўкам "Да жонкі маёй у Вільні":

Перастань тужыць, бабулька,

Што мужык твой гіне,

Бо калі Бог не апусьціць,

То не зьядуць сьвіньні.


Яшчэ вырвуся з іх когцяў,

Вярнуся ў хату,

З табой разам ім за гэта

Абдумаць заплату.


І так доўга жыці будзем

У шчаслівай долі,

Аж галоўкі стануць белы,

Як той сьнег у полі.

Верш падпісаны імем Нагродзкага: Зыгмяль - і датованы: "Пецярбург. Прэдварылка. 1901 год."

Спадзяваньні Нагродзкага хутка здзейсніліся, і ён неўзабаве выйшаў на волю, ды далей вёў сваю працу. А вершык гэты не быў адзіным беларускім творам яго. Калі ў Барэйкаўшчыне ў … годзе (так у рукапісу.-А.С.) было адкрыццё памятніка Сыракомлі, у гэтай урачыстасьці прыняў учасьце і Нагродзкі. Апрануўшыся ў беларускую сьвітку, ён сказаў гэткі вершык па-беларуску - уласны свой твор:

Пастароньцеся, братцы мае,

Дайце-ж прыступіцца,

Дайце-ж і мне, хоць у сермязе,

Яму пакланіцца.


Бо і нашым ён быў братам,

І нас любіў шчыра,

І для нас лілася песьня,

Грала яго ліра.


Дайце-ж глянуць на то мейсца,

Адкуль з яго грудзі

Раздаваўся голас вешчы:

"Мілуйцеся, людзі!"


Патуль зваў ён, патуль клікаў

З усёй сваёй сілы,

Аж пакуль не надарваўся,

Ня лёг да магілы.


Закапалі яго людцы,

Глыбай прывалілі,

"Вечны пакой дай му Пане"

У Бога прасілі.


А ён кліча із магілы

І не перастане,

Пакуль усе не абаймуцца,

Міласць не настане.

Вершык гэты вельмі характэрны для ягонага аўтара: тут сфармуляваньне ўсяго грамадскага сьветапогляду Нагродзкага, для цяперашніх часоў у Польшчы запраўды-ж анахранічнага ў вуснах чалавека, які ўсё жыццё сваё працаваў для ідэальнай (тут і далей падкрэслена ў рукапісу.-А.С.) Польшчы і так глыбока быў расчараваны рэальнай.

Гэнтая жменька інфармацый аб Зыгмуньце Нагродзкім і адносінах ягоных да беларусаў абаперта на асабістых апавяданьнях яго, якія ўсяго год назад чуў я з ягоных уласных вуснаў, не спадзеючыся, што гэтка хутка прыдзецца пісаць аб Нагродзкім, як аб ценю мінулага… Далей буду адзначаць толькі тое, што сам ведаю, назіраючы над працай Нагродзкага ад 1904 г.

Першы раз спаткаўся я з Нагродзкім на канспіратыўным зьездзе краёвае інтэлігенцыі, які адбыўся ў Вільні ў 1904 г. На гэтым зьездзе апрача групы віленскіх беларусаў, былі і прадстаўнікі Менску: мой брат Іван і я. Іван пазнаёміў мяне з Нагродзкім, з каторым быў ужо знаёмы раней. Але ад першага спатканьня - апрача самога факту яго - у памяці маёй ад Нагродзкага не асталося нічога. Бліжэйшае знаёмства наладзілася толькі ў 1906 г., калі брат і я мусілі пакінуць Менск, уцякаючы ад арышту, і пасяліцца нелегальна, пад выдуманымі прозьвішчамі, у Вільні. Нагродзкі меў ужо тады свой склад гаспадарскіх прыладаў на Завальнай вуліцы і жыў побач, а улетку перабіраўся з жонкай на Бельмонт - на дачу Кадэнацы. Іван вельмі дружыўся з ім і часта заглядаў да яго ў горадзе, а часамі вандраваў і на гэную дачу. З ім і я пару разоў быў у Нагродзкага, дзе прыймалі нас заўсёды вельмі сымпатычна. І як ні ярка выступаў Нагродзкі як барацьбіт за польскую справу, ён вельмі цікавіўся справамі беларускага адраджэнскага руху, спагадаў нам у нашай рабоце і даваў доказы спогаду.

Увосень 1906 г. распачалі мы выдаваньне першага легальнага часопісу ў беларускай мове - "Нашае Долі", якую хутка замянілі "Нашай Нівай". Нагродзкі быў адным з першых падпішчыкаў іх і даваў добра платныя абвесткі аб сваім складзе і прадаваных машынах і гаспадарчых прыладах, чым значна дапамагаў выдавецтву. Безумоўна, і для прадпрымальніка Нагродзкага было карысна рэклямавацца ў часопісе, які ішоў на вёску па ўсім нашым краі ў тысячах экзэмплярах. Але гэта была, бадай, ці не адзіная польская фірма, якая карысталася беларускай газэтай, а ад часу да часу друкавала па-беларуску ўкладныя лісткі з рэклямай. Ахвотна даваў нам Нагродзкі і клішэ рысункаў да папулярных брашурак, што пры нашым безграшоўі мела так сама пэўную вагу. Але найважней было тое, што Нагродзкі быў для нас свайго роду "безпрацэнтным банкірам": у цяжкія мамэнты ён ніколі не адмаўляўся пазычыць на нашыя выдавецтвы колькі сот рублёў, якія мы, ведама, з падзякай варочалі яму ў назначаны тэрмін. Вельмі здружыўся з Нагродзкім такжа Уласаў, які ад пачатку 1907 г. асеў у Вільні дзеля працы ў "Нашай Ніве" і падпісваў яе, як адказны рэдактар.

У 1906 г. у Пецярбурзе зарганізавалася беларуская выдавецкая суполка "Загляне сонца і ў нашае ваконцэ". Суполка пастанавіла ў першы чарод перавыдаць творы беларускіх пісьменнікаў ХІХ ст. - Дуніна-Марцінкевіча і Багушэвіча, а пасля ўжо друкаваць новых нашых паэтаў. У перагаворах з сямьёй Багушэвіча аб прадажы права на перадрук суполкай "Дудкі" і "Смыка" шмат дапамог Нагродзкі. Ён жа памагаў пры ўкладаньні яшчэ аднаго - недрукаванага раней - зборніку вершаў Багушэвіча пад назвай "Беларуская скрыпачка", якую мелася гэтак сама выдаць "Суполка", даставаў опісы не хапаючых вершаў і г.д. З вялікім піетызмам перахоўваў Нагродзкі пісьмы і ўсякія рукапісы Багушэвіча, якія, на вялікі жаль, пазней счэзьлі з яго кватэры - падчас пастою чырвонаармейцаў. Усё гэта было зложана ў асобную папку. Дык магчыма, што чырвонаармеяц-беларус (?) (так у рукапісу.-А.С.) узяў яе з мэтай адвезці ў Менск, дзе яна мо і апынулася. У папцы быў і нязвычайна рэдкі экзэмпляр зборнічку вершаў Багушэвіча, т.н. "Тралялёначка".

Трудна пералічыць, бо-ж і ўспомніць немагчыма, тыя дробныя часта ўслугі, якія аказваў Нагродзкі беларускім прадстаўнікам-адраджэнцам (прыкладам, пры арганізацыі тэатру) і якія так ярка выяўлялі яго нязьменна прыхільныя адносіны да нашае справы - навет у мамэнты асабліво вострых напасцяў польскае прэсы на беларускі рух і яго павадыроў. Нагродзкі ведаў людзей нашых і не даваў веры ўсякім нягодным паклёпам, якімі закідалі нас нашыя ворагі розных масьцяў і розных нацыянальнасьцяў.

Урэшце прыйшлі гады вялікае вайны, пасьля - зьменаў улады на нашай зямлі. Нагродзкі то пакідаў Вільню, то ізноў сюды варочаўся, ідэйна працуючы для справы адбудовы Польшчы, але адначасна стараючыся ўсюды адзначаць асаблівасці нашага краю і падтрымліваючы федэрацыйную канцэпцыю. Доўга мы з ім ня гутарылі, абменьваючыся толькі паклонамі на вуліцы. Праўду кажучы, мне і не хацелася з ім гутарыць: я баяўся, атуманены неспадзяваным трыўмфам польскае справы, [ён] забыўся аб сваіх колішніх краёвых настроях. Але ў апошнія гады перад сьмерцю Нагродзкага даведаўся я, што ён бываў на беларускіх нацыянальных абходах і ўжо гэты факт зрабіў на мяне добрае ўражаньне.

Год назад я пачаў працаваць над выясьненьнем некаторых цёмных для мяне мамэнтаў у жыцьці Багушэвіча і, ведаючы аб блізкіх адносінах да паэта Зыгмунта Нагродзкага з тым большай надзеяй, надумаўся зьвярнуцца аб інфармацыі да апошняга. Мушу сказаць, што свайго кроку я не пашкадаваў. Нагродзкі сустрэў мяне так, як быццам гэта было дваццаць гадоў назад. Больш таго, з кожнага ягонага слова відаць было горкае разчараваньне. "Ці-ж аб такой Польшчы мы лятуцелі? Ці на тое падстаўлялі свае галовы пад усялякія ўдары, каб быць цяпер сьведкамі новае няволі, у якой апынуліся "меньшасці" - казаў Нагродзкі. Расчараваўся ён і ў Пілсудскім. Не без горычы расказаў мне гэта адданы некалі "Зюку" конспіратар, гатовы жыцьцё сваё паставіць на карту па слову свайго павадыра, што ў першыя гады пасьля ўскрашэньня Польшчы Пілсудскі, прыяжджаючы ў Вільню, заўсёды адведываў яго, бываў у яго на абедзе. Але пасьля - "забыўся" аб ім. "Забыўся", бо забыўся і аб тых ідэалах, за якія некалі змагаўся, бо ад мінулага застаўся толькі адзін "фетыш" нязьменны: прыбраны некалі ў паступовую і сацыялістычную вопратку, а цяпер ужо нічым не прыкрыты польскі нацыяналізм. Забыўся Пілсудскі і аб нашым краю, і - аб лёзунгу "równi z równymi, wolni z wolnymi", "Za naszą i waszą wolność"… Але Нагродзкі заўсёды быў джэнтэльменам і такім астаўся і ў адносінах да свайго колішняга павадыра: беспасрэдне аб ім нічога благога не гаварыў.

Нагродзкі даў мне вычарпаючыі інфармацыі аб сваіх адносінах з Багушэвічам, даў магчымасць перапісаць некалькі неапублікаваных дагэтуль вершаў Багушэвіча - беларускіх і польскіх, пазычыў цікаўныя фатаграфіі дзеля выкарыстаньня. Некаторыя рэчы мусіў спецыяльна даставаць для мяне; на некаторыя пункты даваў адказ, абдумаўшы колькі дзён. Адным словам, рабіў усё магчымае, каб дапамагчы мне адтварыць праўдзівы воблік беларускага паэты, так часта і так няслушна залічанага беларускім грамадзянствам да палякаў. Тры разы меў я з ім доўгія гутаркі на тэмы, зьвязаныя з асобай Багушэвіча, запісваючы точна ўсё, што ён гаварыў мне, і пасьля разам з ім, правяраючы точнасць запісаў.

Нагродзкі ў 1936 г. паказаўся мне зусім такім самым, як і ў 1906, калі я з ім пачаў больш спатыкацца. Як і тады быў ён усё жыцьцё сваё сябрам тэй даваеннай духовай эліты, каторая ў аснову сваёй ідэалёгіі паклала пашану да чалавека, шчыра імкнулася да зьдзесненьня высокіх ідэалаў Вялікай Французскай рэвалюцыі і за сваё найсьвяцейшае заданьне лічыла працу над памнажаньнем і пашырэньнем у масах народных скарбаў культуры.

За гэта чэсць памяці яго!

Вільня. Вялікдзень. 1937.

Антон Луцкевіч.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX