Папярэдняя старонка: Смалянчук A.Ф.

Краёвае становішчэ 


Аўтар: Луцкевіч Антон,
Дадана: 25-08-2011,
Крыніца: Спадчына № 1-1996 С. 48-52.



Працуючы ў аддзеле рукапісаў бібліятэкі АН Літвы, я знайшоў рукапіс артыкула Антона Луцкевіча «Краёвае становішчэ» (1914 г.). Наколькі ўдалося вызначыць, гэты рукаniс так i ня быў надрукаваны. Між тым ён дазваляе даволі глыбока зазірнуць у сутнасьць нацыянальнай пазыцыі аднаго з кіраўнікоў беларускага руху. Акрамя гэтага, i сваім зьместам артыкул застаецца актуальным.

Сыгнатура рукапісу: БАН Літвы, аддз. рукап. F 21, 334.

Алесь СМАЛЯНЧУК


КРАЁВАЕ СТАНОВІШЧЭ

Соткі гадоў жывем мы тутака разам - на аднэй Зямлі - беларусы i літвіны, палякі i жыды. Нейкі гістарычны прымус, дужэйшы, чым жаданьня мільёнаў людзей, звязаў нас усіх i разам далучыў да дзержавы Расейскай.

Нельга думаць, каб нам калі-небудзь давялося разыйсьціся ў розные бакі i разсяліцца. Нельга думаць, бо Край гэты стаў родным роўна для ўсіх: i для адвечных жыхароў яго - беларусоў i літвіноў, i для «прымакоў» колішніх палякаў i жыдоў. 3 гэтай Зямлёй звязана наша мінуўшчына i будучына. На ёй спазналі мы многа ropa i бед - i лепшай долі тутака дажджэмся.

Але гэту долю павінны мы здабыць усе разам: мэты ў нас тые самые, i тые-ж перашкоды спатыкалі мы ўсе на дарозі сваёй.

Чаму гібее народ беларускі? Бо цёмны, а дарога да развіцьця сваёй культуры для яго зачынена, ды нават у школі заместа прасьветы суляць яму «абрусеньне». Бо бедны, а ўсялгікая грамадская праца дзеля стварэньня экономічнай сілы натыкаецца на паліцэйскі окліч: «Стой! Ані кроку ўпярод!» Бо раздзелен балотамі, лесамі ды абшарамі чужых зямель; бо брата проці брата іншай веры цкуюць яго ворагі; бо ня ведае нават, хто ён... Ці-ж у такіх варунках жыцьцё народу можэ цячы вольна i шырока?!

Тые-ж ненормальные варункі спыняюць развіцьцё літвіноў, прымушаючы ix кожную драбніцу здабываць страшэнне вялікай цаной. Тые-ж варункі спарадзілі ў тутэйшых палякаў нейкі хворы націоналізм, каторы не дае ім бачыць навакол сябе братоў іншых націй, што цяжка змагаюцца «За нашу i вашу волю». I гэтые самые варункі, гэтае-ж безпраўнае палажэньне адрывае ад жыдоўскага народу яго інтэлігенцію, прымушае яе перарабляцца ў расейцоў i аддаваць усе сілы свае на працу дзеля развіцьця расейскай культуры, забываючы аб мільённай грамадзе цёмнаго, галоднаго, загнанаго жыдоўскага «дэмоса», духоўнае багацьце катораго змешчаецца ў хедэры i сынагозе.

Дзесяткі гадоў жыве наша старонка ненормальным жыцьцём. Гэта рэзультат так званай «окраіннай» палітыкі ураду, каторы сваей мэтай на «окраінах» паставіў дэнаціоналізацію «інородцоў» - у тым ліку й беларусоў. Ня кажучы аб агранічэньнях правоў кожнай націі па асобку, адмецім, што i экономічнае жыцьцё нашага краю, ад катораго залежыць доля ўсіх націй, спатыкае тутака страшэнные перашкоды. Агранічэньня права куплі-прадажы зямлі задзержываюць пераход дворных абшароў да сялян. Колонізація Літвы i Беларусі вялікарускімі сялянамі (стараверамі) прымушае лепшые мейсцовые сілы шукаць спосабу да працы ажно за акіанам - у Амерыцы; тут, дома літвін ці беларус, калі ён каталік, дакупіцца ня можэ,- ды нават праваслаўным беларусам банк прадае зямлю тады, калі астаецца лішэк пасьля прывозных расейскіх колоністаў. Праз дзесяткі гадоў ніхто не рупіўся аб селянскай гаспадарцы, не даваў нашым хлебаробам падмогі ні навукай, ні грашмі (таннага крэдыту i цяпер німа ў вёсцы), a ўселякіе сялянскіе хаўрусы - банчкі, крамы хаўрусные i т. п.- зацьверджаюць у нас вельмі неахвотна. У трох губернях - Віленскай, Гродзенскай i Ковенскай, дзе народ найбольш культурны, дагэтуль не заводзяць земства, i ўсім жыцьцём вёскі найчасьцей кіруюць тутака людзі, прысланыя с чужой стараны, незнаемые с тутэйшым жыцьцём, с тутэйшымі патрэбамі. У таргоўлі гэтак сама бачым уселякіе агранічэньні некаторых націй (права свабодна жыць усюды), а фабрычные промыслы часта-густа не маглі развівацца затым, што ўстаноўлены былі для нашаго краю надта невыгодныя для нас прывозные тарыфы. Урэшці тут, на нашай зямлі урад ні за што не дазваляе аткрыць універсытэту, без катораго мы ніколі не будзем мець даволі культурных работнікоў, патрэбных для развіцьця краёваго жыцьця.

Усё гэта вельмі цяжка адбіваецца на жыцьці кожнай асобнай націі, кожнай кляссы, кожнаго стану. Гэткая «аўтаномія in minus» задзержывае ўсестаронняе развіцьцё Г краю i яго жыхароў. I кожын павінен ведаць, што першая справа, дзеля каторай с чыстым сумёньнем могуць i павінны працаваць поруч беларусы i літвіны, палякі, жыды i іншые, гэта - адвярнуць тую «аўтаномію наадварот».

Гэтак бачым, што ўсе тутэйшые націі звязаны ня толькі тым, што на аднэй зямлі жывуць: нас злучае ў вадну вялікую сямью, у вадно брацтво наша доля-нядоля, нашы беды i жаданьня, наша супольная палітычная думка. С тэй думкі творыцца краевая програма, павэдлуг каторай усе мы павінны змагацца за шчасьце краю.

Ня ўсе прыстаюць на гэта. У кожнай націі ёсць людзі, каторым i цяпер жывецца добра, каторые патрапілі накінуць уласьць сваю на шыю тых слабейшых, чым яны, i жы­вуць ix працай крывавай... У ix свая асобная мэта. Так сама ёсьць людзі, каторые ня хочуць працаваць дзеля нашай ста- ронкі затым, што для ix яна чужая: адны працуюць дзеля Польшчы, другіе шукаюць бацькоўшчыны ў Палестыне, трэйціх сэрцэ цягне ў Маскву. Тут - у нас - яны быццам госьці дачэсные. Яны хаваюць свае сілы, сваю здольнасць дзеля іншай зямелькі, каторую лічаць сваёй бацькоўшчынай. Гэта не грамадзяне нашага краю, a колоністы. Яны заўсёды астануцца для нас чужымі. Для ix краевая ідэя ня мае ніякай цаны.

Найгоршы вораг краёвай ідэі - гэта націоналізм. Націоналізм - гэта хворае пачуцьцё сваёй національнай асобнасці. Націоналісты - усё роўна, якой націі - апрача сваіх, сваёй націі сьвету ня бачуць. Для ix німа нічога важнаго, цэннаго, калі гэта стварыў чужы народ. У ix вачах вялікія сусьветныя ідэалы адыходзяць на другі плян. Жадаючы волі для свайго народу, націоналісты ня бачуць, што іншые націі гібеюць у няволі, ды самі гатовы ціснуць i зневажаць слабейшую націю, калі маюць над ею ўласьць. Здзек i ўціск, кажуць яны, благі тады, калі яго пераносіць ix народ; калі-ж іншы - гэта ix ре цікавіць. Націоналісты гавораць павэдлуг асноў этыкі людаедоў: «Калі вораг забіў i з'еў маю жонку,-- гэта дрэнна; калі-ж я гэтак сама зраблю з жонкай ворага, то будзе добра». Ня дзіва, што i ў нашым краю людзі, каторых захапіў націоналістычны шал, ня могуць жыць у згодзі, ня могуць згаварыцца аб супольнай працы дзеля супольнай карысьці ўсяе зямлі нашай: тутака больш, чым дзе-небудзь, уселякіх національных спорак, i ў ненор­мальных палітычных варунках яны вырастаюць у вялікі пажар національнаго змаганьня ўсіх з усімі. Націоналісты асьвячаюць гэтае змаганьне, ставяць яго сваёй мэтай. Сьляпые: яны ня хочуць ці ня могуць зразумець, што карабель, плывучы ў буру па бязмерным акіані, напэўне пайшоў-бы на дно, калі-б кожын матрос думаў аб сабе, забыўшыся аб караблі!

Націоналізм дужэ пашырэн у нас. Ен пануе ў польскім грамадзянстве, захапіў багата літвіноў i жыдоў, агарнуў безмала ўсіх тутэйшых расейцаў, асабліваж пераробленых з беларусоў. Не сягоньня, дык заўтра можна спадзевацца, што гэта хвароба не абміне i беларусоў, нясучы з сабой ненавісьць да іншых націй, каторай дагэтуль у нас не было i німа, кіруючы сілы нашаго народу не на творчэскую дарогу, а на дарогу змаганьня з нашымі братамі, звязанымі з намі гісторыей краю i супольнай нядоляй. Ад яе павінны мы бараніць наш народ, пакуль ня позна, пакуль яна не ўелася ў душу яго. I ў гэтым змаганьні з націоналізмам нам пададуць руку ўсе шчырые дэмакраты іншых націй, каторым i мы павінны, чым мага, памагаць у ix рабоці. Мы павінны цьвёрда памятаць, што ў дэмакратоў усіх націй ёсьць адна супольная дарога, адны ідэалы - агульна-людзкія ідэалы волі, роўнасьці i брацтва, каторые абыймаюць i ўсе нашые, беларускіе паТрэбы, нясуць i нам вызваленьне. Шчыры дэмократызм, ваюючы за спаўненьне гэтых ідэалоў, роўна бароніць ад здзеку i ўціску беларуса i літвіна, паляка i жыда.

Дэмократызм - гэта жаданьне вызваліць з палітычнаго i экономічнаго ўціску тую вялікую, многамільённую грамаду народу, што працай сваёй корміць уселькі сьвет, а за гэта сама падчас галодна, што сваімі рукамі будуе фундамент для высокай культуры, а сама жыве ў цемнаце, што бароніць дзержавы ад ворагоў, а сама гібее ў безпраўі. Мы, беларусы, гэта йшчэ бадай чыста мужыцкі народ, i нгма ў нас дагэтуль станоў i клясс, каторым бы жылося вольна. Мы, беларусы, гэта прыродные дэмократы. I затым-то ў той момэнт, калі ідэалы дэмократызму заваююць сабе пачэснае мейсца ў жыцьці, настане мінута вызваленьня i беларускаго народу. 3 дэмократамі ўсіх націй мы можэм i павінны ісьці поруч, нага ў нагу: толькі між імі знойдзем мы таварышоў у змаганьні за нашу волю, за нашэ шчасце. На грунці ўеднаньня дэмократычных элементоў усіх тутэйшых націй здолеем мы стварыць вялікую сілу, здолеем вясьці выразную політычную лінію, карысную для ўсяго краю, усіх жыхароў яго.

Гэтак вырысовываецца палітычнае становішчэ беларусоў у нашых краевых справах становішчэ дэмократычна-краёвае. Яно - i толькі яно адно - дае нам можносць абмінуць ці хаця-бы зменшыць, колькі можна, тые національные сварKi, каторые што-болей развіваюцца ў нашай старонцы, марнуючы безкарысна падчас найлепшые сілы народу. Яно пазваляе нам усю творчэскую сілу збудзіўшагося ад векавога сну народу накіраваць да спакойнай культурна-національнай работы, да працы дзеля ўзмацаваньня^нашаго грамадзянства, да вызваленьня народу з экономічных путаў, да ўсестароньняго адраджэньня яго.

Вільня, I/IV 1914 г. Ант. НОВІНА.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX