Упачатку кастрычніка 1939 г. ва ўрочышчы «Корань» паблізу вёскі
Парэчча на Піншчыне быў забіты Раман Скірмунт, былы дэпутат
Дзяржаўнай Думы і сябра Дзяржаўнай Рады Расійскай імперыі,
колішні кіраўнік Беларускага нацыянальнага камітэта і прэм'ер-міністр Беларускай Народнай Рэспублікі, сябра Канстытуцыйнай камісіі Сената міжваеннай Польшчы. У суседнім Моладаве прыблізна ў той самы час каля Змяінага возера
былі замучаныя і забітыя кампазітар і паэт Генрык Скірмунт і ягоная сястра
Марыя... 1
Савецкае «вызваленне ад панскага прыгнёту», пра якое і сёння патэтычна
гавораць дзяржаўныя чыноўнікі разам з часткаю беларускай культурніцкай
эліты 2, сярод іншага абярнулася фізічным вынішчэннем усіх мужчынаў з роду
Скірмунтаў, высылкаю дзяцей і жанчын у Казахстан і Сібір. Пасля 1939-1940 гг.
Скірмунты зніклі з далягляду беларускай гісторыі ХХ ст. А калісці ўсё было
інакш...
Паводле легенды XVI ст. пра патрыцыя Палямона і перасяленне рымскай
арыстакратыі на берагі Нёмана ў час імператара Нярона, род Скірмунтаў пачынаецца ад вялікага князя наваградскага Скірмунта (Скірманта), які быў унукам вялікага князя наваградскага Эрдзівіла, які, у сваю чаргу, даводзіўся праўнукам
cамому Палямону. У XVII ст. гэтую легенду пераказаў Войцех Віюк-Каяловіч
у «Herbarzu rycerstwa W. X. Litewskiego» 3. Таксама легендарны характар мела
сцверджанне вядомага польскага публіцыста, грамадскага і рэлігійнага дзеяча
ХХ ст. Валяр'яна Мэйштовіча, які звязваў паходжанне Скірмунтаў з яцвягамі 4.
Апошняе меркаванне, хоць і не мела дакументальнага пацверджання, было
даволі распаўсюджанае ў асяродку «літоўскіх палякаў» ХІХ - пачатку ХХ ст.
Архівісты і гісторыкі прапануюць уласную «дакументаваную» версію жамойцкага
паходжання Скірмунтаў. На думку Уладзіслава Вяроўкіна-Шэлюты, яны паходзілі
з Упіцкага павета. Гэты ж даследчык лічыць пачынальнікам палескай лініі роду
Богуша Скірманта, які быў давыд-гарадоцкім падстарастам і ў 1552 г. атрымаў ад
каралевы Боны маёнтак Плотніца ў Пінскім павеце5. Нашчадкі Богуша Скірмунта
праз куплю і шлюбныя пасагі значна пашырылі родавыя ўладанні на Піншчыне.
Доўгі час род Скірмунтаў нічым асаблівым з палітычнай эліты Вялікага
Княства Літоўскага не вылучаўся. Скірмунты не належалі да арыстакратыі ды
магнатэрыі, гэта быў сярэднезаможны шляхецкі род. Ягоны ўздым пачаўся напрыканцы XVIII ст. Адным з найбольш вядомых тагачасных прадстаўнікоў роду
быў Адам Скірмунт, дэпутат соймаў Рэчы Паспалітай 1773-1775 гг. і 1793 г.,
сябра Пастаяннай Рады Рэчы Паспалітай (з 1794 г.), які да таго ж меў непасрэднае
дачыненне да будаўніцтва канала Агінскага. Таксама тут трэба згадаць ягонага
сына Аляксандра, які займаў пасады пінскага харужага і маршалка, адначасова
з'яўляючыся лаўнікам Мінскага галоўнага суда і Мінскай палаты крымінальнага
суда. Брат Аляксандра Адам (нар. 25 жніўня 1793 г.) скончыў Віленскі ўніверсітэт,
стаў кандыдатам філасофіі, а пазней займаў пасады пінскага выводнага дэпутата і маршалка. Вартая ўвагі даследчыкаў таксама асоба дэпутата Трыбунала ВКЛ, дэпутата на Чатырохгадовы сейм 1788-1792 гг. Сымона Скірмунта (нар.
у 1751 г.), які якраз і набыў у Агінскіх маёнткі Моладава і Парэчча. З гэтымі
ўладаннямі непарыўна звязаны лёс Скірмунтаў у найноўшай гісторыі.
Найбольш прыкметны след у гісторыі пакінулі Скірмунты ХІХ-ХХ стст.,
жыццё якіх было звязана з Піншчынай, а дакладней - з маёнткамі Парэчча
Пінскага павета Мінскай губерні і Моладава Кобрынскага павета Гарадзенскай
губерні. Калі Сымон Скірмунт іх выкупіў, яны не толькі не прыносілі прыбытку, але былі абцяжараныя даўгамі. Аднак Сымонаў сын Аляксандр Ізідар Скірмунт (1799-1870) здолеў ператварыць гэтыя землі ў сапраўдны плацдарм
прамысловасці індустрыяльнай эпохі ў Беларусі. Асабліва праславілася суконная
фабрыка ў Парэччы.
Сямейнае жыццё таксама давала надзею на будучы росквіт роду. У шлюбе
з Канстанцыяй Сулістроўскай у Аляксандра Ізідара нарадзілася 11 дзяцей6 Казімір (1824-1880), які ўдзельнічаў у паўстанні 1863 г. і быў высланы ў Сібір; Канстанцін (нар. у 1828), што валодаў маёнткам Шэметаўшчына (Шэметава) у
Свянцянскім павеце, дзе заснаваў крэдытную суполку з удзелам сялян; Аляксандр
(1830-1909); Сымон (1835-1902), уладальнік маёнтка Клетня, мастак; Генрык
(нар. у 1836), уладальнік Моладава; Зыгмунт (нар. у 1839); дочкі Караліна (нар.
у 1824), Антаніна (нар. у 1825), Эмілія (нар. у 1833), Канстанцыя і Гартэнзія,
якая памерла ў маладосці.
З гэтых Скірмунтаў варта адзначыць асобу Аляксандра, які валодаў маёнткам
Парэчча, дзе з поспехам працягваў прадпрымальніцкую ініцыятыву бацькі.
Падчас адмены прыгону ён займаў пасаду міравога суддзі ды вёў актыўную
грамадскую дзейнасць, за што здабыў павагу навакольнага сялянства. У шлюбе з Тэафілай Любанскай у яго нарадзілася 9 дзяцей, адным з якіх і быў ужо згаданы Раман Мар'ян Скірмунт (1868-1939), адзін з ідэолагаў краёвасці ў
пачатку ХХ ст., а пазней дзеяч беларускага руху і самы вядомы прадстаўнік роду
ў беларускай гісторыі. Разам з ім у маёнтку Парэчча выхоўваліся ягоныя браты
Аляксандр, Вацлаў, Зянон і сёстры Тэафіла, Браніслава, Ванда, Феліцыя і Алена7.
У суседнім Моладаве ў шлюбе Генрыка Скірмунта з Марыяй Твардоўскай
нарадзіліся чацвёра дзяцей - Канстанцін, Генрык, Марыя і Ядвіга. Канстанцін
Скірмунт з 1909 да 1917 г. быў сябрам Дзяржаўнай Рады Расійскай імперыі,
а ў 1917 г. стаў адным з заснавальнікаў Польскага нацыянальнага камітэта і
ягоным прадстаўніком у Рыме. У 1919-1921 гг. Канстанцін выконваў абавязкі
польскага пасла ў Італіі, у наступныя два гады быў міністрам замежных спраў,
а пазней (да 1934 г.) - паслом Польшчы ў Вялікабрытаніі. Ягоны брат Генрык
(1868-1939) увайшоў у польскія энцыклапедыі яе паэт і кампазітар.
Сярод іншых вядомых прадстаўнікоў роду перыяду ХІХ-ХХ стст. трэба назваць мастака і скульптара Галену Скірмунт (1827-1874), якая ўдзельнічала
ў паўстанні 1863 г. і была выслана ў Сібір, і яе дачку - вядомую грамадскую
дзяячку, публіцыстку і гісторыка Канстанцыю Скірмунт (1852-1934). Сын
уладальніка Шэметава Канстанціна Скірмунта і Габрыелы Умястоўскай Казімір
(1861-1931) стаў вядомым юрыстам і рэлігійным дзеячом, які ў пачатку ХХ ст.
выступіў пасярэднікам паміж польскім епіскапатам і Апостальскай сталіцай, а
ў 1919 г. заняў пасаду кананічнага дарадцы пасольства Польшчы ў Ватыкане8.
Гісторыя палескай галіны гэтага роду, фактычна, заканчваецца ў Другую
сусветную вайну фізічным знішчэннем амаль усіх прадстаўнікоў мужчынскай
часткі роду, якія не паспелі ці не пажадалі пакінуць родных мясцінаў, трапіўшых
пад савецкую акупацыю. Аднавіць трагічныя падзеі 1939 г. дапамаглі палескія
экспедыцыі па вуснай гісторыі, якія праводзіліся ў 2000-2008 гг. Іхнымі
ўдзельнікамі былі беларускія навукоўцы, студэнты, а ў апошнія гады - студэнты і выкладчыкі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта. Экспедыцыі
былі прысвечаныя постаці Рамана Скірмунта ды іншых прадстаўнікоў роду і
працавалі ў Парэччы і Моладаве, а таксама ў вёсках Табулкі, Чамярын, Рудка,
Ахова, Палтаранавічы, Кашавічы, Бакінічы, Юзэфінь, Церабень, Моталь, былое
Альбрэхтава ды інш. (цяпер Пінскі і Іванаўскі раёны Берасцейскай вобласці)9.
Акрамя таго, былі выкарыстаныя публікацыі пінскага журналіста Вячаслава
Ільянкова, вусныя ўспаміны вядомага польскага даследчыка Анджэя Цеханавецкага, а таксама сведкі падзеяў 1939 г. Г. Жаброўскага, апублікаваныя ў
1966 г. у польскім эмігранцкім часопісе «Wiadomości» (№ 1079). Матэрыялы
вуснай гісторыі былі дапоўненыя аналізам польскай гістарычнай літаратуры і
дакументаў Дзяржаўнага архіва Берасцейскай вобласці.
Найбольш цікавыя вынікі экспедыцый былі звязаныя з постаццю Рамана
Скірмунта і звесткамі пра штодзённае жыццё Парэчча і Моладава ў 20-30-я гг.
ХХ ст., якія захавала памяць мясцовага насельніцтва.
Паводле аповедаў, да сялян Раман Скірмунт ставіўся вельмі добра. Так, Павел Рак (1917 г. н.) казаў, што «Скірмунт заўсёды дапамагаў людзям». Рыгор Цудзіла (1915 г. н.): «Харошы быў чалавек. Я яго цалую ў руку, а ён мяне - у
галаву». Мікалай Куцко (1911 г. н.): «Скірмунт быў добры чалавек. Ён пахаваў
у сваім маёнтку пляменніка Генрыка. Той быў самагубцам праз дзяўчыну, а
моладаўскі Генрык Скірмунт… не дазволіў хаваць у Моладаве». Людзі згадвалі,
што Раман часта вітаўся першы, аказваў дапамогу, асабліва пры будаўніцтве,
дазваляў касіць траву («даваў сенакос»), рабіў падарункі на святы, «пагэтаму
людзям вельмі падабалася ў яго працаваць, і яны ніколі ад яго не ўходзілі»
(Марыя Нікалайчык, 1920 г. н.).
Цікава, што стаўленне Рамана Скірмунта да сялян часта параўноўвалася
суразмоўцамі з паводзінамі «моладаўскага пана». Параўнанне заўсёды было
на карысць Рамана: «У Моладаве быў худшы пан. Бывае, і сабакамі нацкуе»
(Рыгор Цярэшка, 1932 г. н.). «Моладаўскі пан лесу не даваў, нават пагарэльцам.
Казаў, што знарок хату спалілі» (Хведар Лукашык, 1922 г. н.). Моладаўскім
маёнткам напрыканцы 1930-х гг. кіраваў Генрык Скірмунт. У маёнтку таксама
жыў Канстанцін Скірмунт, былы міністр замежных спраў Польшчы, але ён часта
хварэў і ў справы маёнтка не ўмешваўся.
«Трапіць да пана Скірмунта было проста, - распавядаў Рыгор Цярэшка. Пагрукаемся і зойдзем. Не тое, што цяпер. Не дабрацца да якога «прадсядацеля». А тады: «Паночку, так і так, дзела ёсць». І ён дапамагаў. Ён апошні час мо нешта адчуваў, хацеў раздаць мужыкам зямлю. Аказваецца, не дала яму гэта зрабіць новая ўлада». Версію пра зямлю пацвердзіла Настасся Вакульчык (1911 г. н.),
якая прыгадала, што напрыканцы 1930-х гг. Раман Скірмунт пачаў надзяляць
сялян зямлёю. Часта гэта рабілася ў якасці шлюбнага падарунку маладым.
Старэйшае пакаленне парачанаў пераканана, што Р. Скірмунт збіраўся ўсю
сваю зямлю аддаць сялянам, і за гэта яго моцна не любілі ў Варшаве. Павел
Клімовіч (1925 г. н.) казаў: «У Варшаве яго хацелі забіць, бо раздаваў зямлю
сялянам». Яўгенія Цудзіла (1915 г. н.) заявіла, што Скірмунта ў Сенаце хацелі
скінуць з гаўбца за тое, што збіраўся раздаць зямлю сялянам. Дарэчы, пра сенатарства Р. Скірмунта ведалі ўсе. Хведар Хвісюк (1912 г. н.): «Ён быў сенатар, але не за грошы, а проста так, бо разумны».
Апошнюю паслугу жыхарам Парэчча Р. Скірмунт аказаў у верасні 1939 г., калі
ўжо ішла вайна. Людзі распавядалі, што група парэцкіх мужыкоў, убачыўшы
здалёк браняваны цягнік з салдатамі, пайшла іх сустракаць з чырвоным сцягам.
Але аказалася, што гэта быў польскі атрад, які распачаў страляніну па «ветлівых»
гаспадарах. Мужыкі разбегліся. Некалькі чалавек было паранена. Расправы
з вёскай не дапусціў Раман Скірмунт, які пераканаў камандзіра атрада, што
парэцкія мужыкі такога зрабіць не маглі: «Не трогайце паріччан!» (Марыя Кучынская, 1919 г. н.); «Кажа: Гэта маі людзі. Оні гэтаго не рабілі» (Н. Вакульчык).
Праз некалькі дзён прыйшла савецкая ўлада. Раман Скірмунт разам з Баляславам Скірмунтам (мужам сястры Алены) быў арыштаваны. Дапамогі ад людзей
ён не дачакаўся. На пытанне, чаму ж Раман Скірмунт не з'ехаў, Марыя Кучынская адказала: «Быў пэўны на свой народ, бо він яго не обіжаў. Ён мог уцячы, але думаў, што прыйдуць Саветы і разбяруцца». Яна ж распавяла, як паводзіў
сябе Скірмунт пасля арышту: «Ён хацеў так: «Я ведаю, што ўжо не памешчык,
такі ж рабочы, як і ўсе. Я буду рабіці, але трэба, каб прыйшло начальства… Ну,
ідзіце, забірайце ўсё маё багацце. Но работайце. А я пасматру, як вы будзеце
рабіць. Маладнякі шчэ ж вы, ніц не знаеце». Спадзяванне Рамана Скірмунта
на з'яўленне высокага начальства, ягоныя надзеі на сустрэчу і размову з гэтым
начальствам пацвердзілі і іншыя суразмоўцы. Але гэтага спаткання не адбылося.
«Начальства» (камісары Холадаў, Кавалёў і Маскалёў) сапраўды з'явіліся, але
сустракацца з Р. Скірмунтам не збіраліся. Падобна на тое, што менавіта яны
(часцей суразмоўцы згадвалі Холадава) і загадалі забіць уладальніка маёнтка
(Хведар Хвісюк, 1912 г. н., Н. Вакульчык).
Забойству папярэднічаў агульны сход. Пра яго распавёў Мікалай Куцко:
У 39-м годзе Саветы сабралі суд: Што будзем рабіць са Скірмунтам? Некаторыя вяскоўцы казалі: няхай ён ідзе да сваіх лакеяў на калонію, і няхай яны яго кормяць. Другія казалі, што трэба выдзяліць яму пакой у палацы. Няхай
там і жыве. Ніхто не хацеў забіваць. Тады выступіў камісар Холадаў: «Вы не
знаете, что такое помещик, а мы знаем. Он и конюхом работать может, но
возьмёт хлев закроет, подпалит, телёнка на плечи, бежит и кричит «Спасайте!». По-моему, таким, как Скирмунт, не должно быть места на земле».
Сярод парачанаў знайшліся людзі, якія выканалі злачынны загад. Суразмоўцы
асуджалі іх: «А між людзьмі ўсякі ёсць. Е падхалімы такі» (Р. Цярэшка); «Людзі,
што забілі Скірмунта, былі гулякамі, любілі выпіць, пагуляць» (Х. Хвісюк). Калі
Рамана і Баляслава Скірмунтаў вялі на смерць, нехта з парачанаў паспрабаваў
заступіцца: «Што вы робіце? Куды вы яго ведзяце?» І пачуў у адказ: «Маўчы,
бо і табе гэта будзе шчэ!» (Н. Вакульчык). Марыя Нікалайчык згадала, што
калі Р. Скірмунта вялі забіваць, то мясцовыя жыхары плакалі, а «пан» казаў:
«Я з вамі развітваюся назаўсёды. Спадзяюся, што нікому не зрабіў кепскага». У
адказ на пытанне, чаму ж вы не абаранілі чалавека, людзі разводзілі рукамі ды
адказвалі прыблізна так: «А як жа абароніш? Нічога не зробіш!» (М. Кучынская).
Кажуць, што перад смерцю Раману Скірмунту загадалі адвярнуцца ад
забойцаў. Ён адмовіўся: «Я ад людзей адварочвацца не буду». І нібыта дадаў: «Я
б вам не раіў гэтага рабіць, бо вы маладыя. Я ўжо аджыў свае гады». У аднаго з
забойцаў (Ткачук) нават стрэльба з рук выпала (Н. Вакульчык). Але камісарскі
загад быў выкананы. Адным з выканаўцаў быў Сільвестр Лукашык (мянушка
«Салавей»). Пасля забойства ён зняў з рукі Р. Скірмунта залаты гадзіннік і доўга насіў яго.
А вось як пераказаў успаміны Хрысціны Цярлецкай пра гэтую трагічную падзею Вячаслаў Ільянкоў:
Однажды я свидетельницей была, как Селивестр Лукашик подвыпил и
рассказывал: «Завели мы их и заставили яму копать. Роман отказался: «Я
не заслужил себе могилу рыть». Болеслав помоложе был, сразу струсил, потерялся. Заметил это Скирмунт, обоперся на сук - тяжело стоять, шли
долго - и просит: «Быстрей делайте, что решили». «Повернись», - говорю
ему. А он смотрит на меня: «Я ничего плохого людям не делал». Ударил его,
а он говорит: «Не думайте, что прошусь, свое прожил, но вы не берите грех
на душу». Цудило винтовку кинул, Пархомчук тоже побежал. Пришлось мне кончать 10.
Адбылося гэта 7 кастрычніка 1939 г. Пасля смерці Р. Скірмунта людзі адразу адчулі страту: «І нашто забілі пана? Нашто? Ён бы прадсядацелем быў бы
ў нас. Ён быў звязаны з Масквой, з усімі. Прыйдзеш да яго, няма ў цябе чаго,
што папросіш - дасць. Ён не адказваў. Жэнішся - і поля троху ўрэжа» (М. Кучынская). Паводле Р. Цудзілы, людзі плакалі, калі даведаліся пра забойства.
Пазней, ужо ў час нямецкай акупацыі, прах Рамана і Баляслава Скірмунтаў
быў перазахаваны. З месца забойства целы забітых перавезлі ў парэцкі парк,
дзе і пахавалі: «Было ўрачыстае пахаванне, але людзі баяліся выходзіць з дому.
Глядзелі праз акенца. Ужо потым усе хадзілі да магілы» (М. Кучынская).
Яшчэ раней, у верасні 1939 г., побач у Моладаве ўзброены атрад «партызанаў»
напаў на палац Скірмунтаў. Генрыка Скірмунта і ягоную сястру Марыю забілі. Ніна Шаталава (1927 г. н.) распавядала, што перад смерцю Генрык звярнуўся
да забойцаў: «Мяне ўбівайце, мяне ёсць за што… А яна ж (Марыя. - А. С.) была
добрая да вас». Людзі сапраўды згадвалі, што паважалі Марыю, хадзілі да яе па
лекі. Яна дапамагала і грашыма. Але забойцы не мелі літасці. Жывы застаўся
толькі стары гаспадар Моладаўскага маёнтка Канстанцін Скірмунт. У гэты
момант ён быў цяжка хворы, прыкуты да ложка. Відаць, забойцы вырашылі,
што гэты «пан» неўзабаве памрэ сам.
А вось што згадаў Анджэй Цеханавецкі, які з волі лёсу ў гэты дзень знаходзіўся
ў Моладаве:
18 верасня прыйшоў з Моталя «рэвалюцыйны камітэт» з патрабаваннем
«здаць зброю». Аддалі паляўнічыя стрэльбы, а Генрык Скірмунт даў слова,
што іншай зброі ў палацы няма. Аднак праз некалькі гадзінаў «рэвалюцыйны
камітэт» знайшоў у гумне зброю, якую схаваў там атрад паліцыі з Беластока. Пры звестках пра Чырвоную Армію паліцэйскія збеглі з Моладава, нікому
не сказаўшы пра зброю. Знаходка абярнулася арыштамі Генрыка і Марыі.
Хворага Канстанціна пакінулі. Арыштаваных завезлі ў Моталь. Усіх гасцей
моладаўскага палаца зачынілі ў падвале «да распараджэння савецкай улады».
Уначы на 19 верасня Моладава было занята атрадам Войска Польскага,
які адступаў. Але польскіх жаўнераў было няшмат, і вельмі хутка палац быў
аточаны добра ўзброеным і камуністычна разагітаваным натоўпам мясцовых
сялян. Аблога са стралянінай цягнулася да сярэдзіны дня. Выратаваў іншы
атрад Войска Польскага, які адступаў па шашы на Янаў-Палескі. Разам з
гэтым атрадам і мы пакінулі Моладава і накіраваліся ў Янаў. Нягледзячы
на нашыя просьбы нічога не рабіць, каб не пагоршыць стану арыштаваных,
пачалася пацыфікацыя вёскі. Як вынік, амаль уся вёска, у якой пражывалі
каля 3 тысяч чалавек, была спалена. Былі расстраляныя сяляне, якія не збеглі
ў лес. Іх было няшмат, але адну экзекуцыю бачыў сам. Як апавядалі, у адказ
Скірмунтаў прывезлі ў Моладава і расстралялі перад палацам 11.
Успаміны Г. Жаброўскага, апублікаваныя на старонках польскага эміграцыйнага
выдання «Wiadomości» (1966), дапаўняюць карціну моладаўскай трагедыі:
Я таксама сведка тых падзеяў, хоць і назіраў за ўсім з адлегласці ў адзін
кіламетр з доміка лесніка. У канцы верасня разам з жонкаю я апынуўся ў самой
вёсцы. У Моладава я трапіў пад канвоем на допыт НКУС, які знаходзіўся ў
доме мясцовага бацюшкі (таксама расстралянага) на ўскрайку спаленай вёскі.
Распытвалі пра мае дачыненні са Скірмунтамі. Калі б даказалі, што
я меў нейкія сувязі, то маглі б расстраляць. Следчыя лічылі, што Генрык
Скірмунт па тэлефоне выклікаў знаёмага афіцэра Корпуса аховы памежжа, які з'явіўся з атрадам, каб вызваліць палац. (Я тады не ведаў, што Генрык і
Марыя Скірмунты былі вывезеныя ў Моталь, і падчас прыходу Войска Польскага іх не было ў вёсцы. Думаў, што іх схапілі падчас адступлення.) Камісар, які вёў допыт, сказаў, што гэта яны расстралялі Скірмунтаў, а паколькі ён
прывёў некалькі падрабязнасцяў расправы, я паверыў. Энкавэдысты, падобна,
былі мясцовымі жыхарамі, якія здаўна знаходзіліся на савецкай службе. Скураныя курткі ды бандыцкія твары... Галоўным віноўнікам смерці Генрыка
Скірмунта і шматлікіх польскіх асаднікаў лічу камандзіра атрада Войска
Польскага, які загадаў правесці пацыфікацыю Моладава. Яго трэба аддаць
пад палявы суд. Думаю, што нельга называць тое, што адбылося ў Моладаве,
пацыфікацыяй. Падчас пацыфікацыяў 30-х гг. Войска Польскае не паліла
вёсак і не расстрэльвала людзей 12.
У 1939 г. пачаліся рабункі скірмунтаўскіх маёнткаў. Архіў і бібліятэка
Скірмунтаў з Парэцкага палаца, у якой, паводле словаў М. Куцко, былі тысячы кніг, знікла. Высветліць яе лёс падчас экспедыцый не атрымалася. Ніхто
нічога не ведаў. Толькі М. Куцко прызнаўся, што падчас рабунку прынёс дахаты
некалькі кніжак. Амаль усе яны загінулі, калі новы гаспадар пасля забойства
Р. Скірмунта закапаў іх у зямлю. Адзіную захаваную кнігу (М. Грушевский. Киевская Русь. Т. І. - Санкт-Петербург, 1901) ён паказаў не без сур'ёзных ваганняў.
У Моладаве апроч палаца разрабавалі ды знішчылі родавыя могілкі. Ніна
Шаталава згадала, што гэта рабілі не мясцовыя жыхары, а зняволеныя, якіх
прывезлі з усходу Беларусі дзеля будаўніцтва вайсковага аэрадрома. Паводле
яе ўспамінаў, менавіта яны разбівалі помнікі, раскопвалі магілы, шукаючы
«скарбаў». Пасля вайны гэтую справу працягваў... дырэктар мясцовай школы (!?): «А пасля наш дырэктар… Разам з вучнямі выкапалі маладую жанчыну
ды каля касцёла паставілі. Дык я нават хадзіла, сварылася… То яе назад потым
паклалі» (Н. Шаталава).
Пасля рабунку ў Моладаўскім палацы зрабілі калгасную сядзібу, а ў касцёле краму. Канчаткова Моладаўскі ды Парэцкі палацы былі зруйнаваныя падчас
ваенных дзеянняў савецка-германскай вайны. Пры гэтым у 1943 г. партызаны ў
Парэччы забілі апошнюю ўладальніцу маёнтка, сястру Рамана Алену Скірмунт.
Напад адбыўся ўначы. Пасля працяглага бою (у палацы апроч уладальніцы
знаходзіліся чацвёра нямецкіх леснікоў) партызаны ўварваліся ў палац. Алену
Скірмунт і немцаў захапілі ды пасля страшэнных здзекаў забілі. Паводле Яўгеніі
Балакіравай (1930 г. н.), Алена Скірмунт прыняла пакутніцкую смерць.
Лёс распарадзіўся гэтак, што практычна ніхто з парэцкіх і моладаўскіх
Скірмунтаў не меў дзяцей. Забойствы 1939 і 1942 гг. фактычна перарвалі гэтую
лінію роду Скірмунтаў.
Экспедыцыі ў іншыя «скірмунтаўскія» вёскі Піншчыны пераканалі, што
«савецкія вызваліцелі» мелі адмысловы загад вынішчыць усіх прадстаўнікоў роду. Нехта загінуў на сваёй зямлі, іншых (напрыклад, Скірмунтаў з вёсак Бакінічы, Кашавічы, Ганькавічы) арыштавалі, а сем'і вывезлі ў Казахстан або ў Сібір. Жыхары Бакінічаў згадвалі, што людзі спрабавалі абараніць Станіслава Скірмунта, але той, баючыся кровапраліцця, папрасіў іх разысціся. Цяпер на месцы колішняга сядзібнага дома ў Бакінічах - катлаван (амаль як у Платонава?!) і сціплы помнік з надпісам: «Тут жыў, працаваў і любіў гэтую зямлю род Скірмунтаў у 1740-1940 гг.».
У 1990-я гг. быў пастаўлены помнік на магіле Скірмунтаў у парэцкім парку жалезны крыж з надпісам па-польску... Ужо ў ХХІ ст. на адлегласці 30 метраў ад яго з'явіўся драўляны крыж з надпісам па-беларуску...
Гэтыя дзве магілы аднаго чалавека зноў прымушаюць задумацца над
спецыфікай нашай гістарычнай памяці. Што б ні казалі патрыёты «савецкага
вызвалення», але гэта зусім не па-людску - апраўдваць забойствы нібыта
«нацыянальнымі» інтарэсамі. Скірмунты, у рэшце рэшт, толькі падзялілі лёс
соцень тысяч жыхароў беларускай зямлі...
Алесь Смалянчук - гісторык, доктар гістарычных навук. Прафэсар Эўрапейскага
гуманітарнага ўнівэрсытэту, дырэктар Інстытуту гістарычных дасьледаваньняў
Беларусі пры ЭГУ, рэдактар гадавіка антрапалягічнай гісторыі «Homo Historicus».
Аўтар манаграфіі «Паміж краёвасьцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх
і літоўскіх землях. 1864-1917» (Санкт-Пецярбург, 2004). Неаднаразова друкаваўся ў
«ARCHE», апошняя публікацыя - «Гарадзенскія «мяцежнікі»» (12/2010).
1. Ильенков В. Трагедия Скирмунтов // Пінскі веснік. 1992. 25 сакавіка. № 23. С. 2.; Ильенков В. Скирмунты // Пінскі веснік. 1993. 27 студзеня. № 7. С. 3.; Сідлярэвіч А., Смалянчук А. «Добры быў пан...»: Раман Скірмунт у вусных успамінах жыхароў вёскі Парэчча Пінскага раёну // Спадчына. 2000. № 5-6. С. 96-103; Арлоў У. Раман Скірмунт // Імёны свабоды. Менск, 2007. С. 93; Дзікавіцкі А. Помнік над катлаванам // Наша Ніва. 2001. 23 ліпеня. № 30. С. 6; Смалянчук А. Успамін пра Рамана Скірмунта // Наша Ніва. 2000. 18 сьнежня. № 51. С. 3; Смалянчук А. «Сфінкс» беларускай гісторыі? // Биржа информации. 1999. 10 июня. № 23. С. 4.
2. Якавенка В. Усё ж 17 верасня - сапраўднае беларускае свята // Народная воля. 2009. 25-28 верасня. № 149-150. С. 3; Богдан С. Нацыянальны абсурд, або Настальгія па чужынскай уладзе // Наша Ніва. 2009. 28 кастрычніка. № 40. С. 7. Пры гэтым у найгоршых традыцыях беларускай палемікі іншае гледзішча, якое грунтуецца на перакананні, што верасень 1939 г. быў трагедыяй як палякаў, так і беларусаў, абвяшчаецца «прапольскім», а ягоныя прыхільнікі - людзьмі, што жывуць з настальгіяй па «чужынскай уладзе» (?!).
3. Ks. Wojciecha Wijuka Kojałowicza S. J. Herbarz rycerstwa W. X. Litewskiego tak zwany Compendium czyli o klejnotach albo Herbach których familie stanu rycerskiego w prowincyach Wielkiego Xięstwa Litewskiego zażywają. - Kraków, 1897.
4. Meysztowicz W. Poszło z dymem. Gawędy o czasach i ludziach. Londyn, 1973. S. 114-115.
5. Вяроўкін-Шэлюта У. Скірмунты // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 6. Кн. 1. Мінск, 2001. С. 321.
6. Konarski St. Skirmunt Aleksander (1798-1870) // Polski Słownik Biograficzny. T. XXXVIII/2. Z. 158. Kraków, 1996. S. 175.
7. Złota ksiéga szlachty polskiej przez T. żychlińskiego. Rocznik pierwszy. Poznań, 1879. S. 284-285.
8. Fokciński H. Skirmunt Kazimierz (1861-1931) // Polski Słownik Biograficzny. T. XXXVIII/2. Z. 158. S. 177-178.
9. Аўдыёзапісы ўспамінаў жыхароў вёсак захоўваюцца ў архіве аўтара. С. 10.
11. Вусныя ўспаміны А. Цеханавецкага былі запісаныя прафесарам Эльжбетай Смулковай увесну 2005 г. Тады ж яна перадала іх аўтару гэтых радкоў. Пераклад успамінаў з польскай мовы А. Смаленчука.
12. Żabrowski G. Kto rozstrzelał Henryka i Marię Skirmunt // Wiadomości. 1966. № 1079.
Палескія Скірмунты: трагедыя восені 1939 года
Аўтар: Смалянчук Алесь,
Дадана: 10-01-2013,
Крыніца: Смалянчук Алесь. Палескія Скірмунты: трагедыя восені 1939 года // Arche № 12 - 2010. С. 8-16.
Дадана: 10-01-2013,
Крыніца: Смалянчук Алесь. Палескія Скірмунты: трагедыя восені 1939 года // Arche № 12 - 2010. С. 8-16.