Папярэдняя старонка: Смалянчук A.Ф.

'Homo Sovieticus' і беларуская постсавецкая гістарыяграфія 


Аўтар: Смалянчук Аляксандр,
Дадана: 10-01-2013,
Крыніца: Смалянчук Аляксандр. 'Homo Sovieticus' і беларуская постсавецкая гістарыяграфія // Історіографічні дослідження в Украіні. Випуск 22. Доповіді та матеріали Міжнародної наукової конференції 'Інститут історії України на зламі епох, у світлі традицій та перетворень. 75 роківінституціонального буття' (20-21 жовтня 2011 р., м. Київ). Кіів: Iнститут історіі Украіни, 2012. С. 189-200.

Спампаваць




Гісторыя Савецкага Саюзу не закончылася разам з яго распадам у 1991 г. Сацыяльнае развіццё постсавецкага рэгіёну ўсё яшчэ знаходзіцца пад моцным уздзеяннем эканамічнай, палітычнай і культурнай спадчыны былой камуністычнай дзяржавы. «Савецкасць» як соцыякультурны феномен (сукупнасць культурных стэрэатыпаў, сацыяльных і культурных паводзінаў) аказалася значна мацнейшай, чым тая палітычная структура, якая яе канчаткова сфармавала.
Апроч таго "беларускі выпадак" дадаткова вызначаецца двума вельмі актуальнымі фактарамі. Па-першае, усё развіццё Беларусі пасля 1994 г. можна трактаваць як захаванне і аднаўленне савецкіх нормаў у новых умовах, а па-другое, моц "савецкасці" ў сучаснай Беларусі трымаецца на захаванай старой сістэме дзяржаўнай адукацыі і выхавання. Малады грамадзянін Беларусі з пункту гледзішча адукацыі не шмат чым адрозніваецца ад колішняга выпускніка савецкай школы.
Што наогул характэрна для "савецкасці"? Першыя спробы аналізу гэтага феномена мелі месца яшчэ падчас існавання СССР. Філосаф Аляксандр Зіноўеў у 80-я гг. ХХ ст. увёў нават тэрмін «Homo Sovieticus» для пазначэння пэўнага ідэальнага тыпу, а псіхолаг Аляксандр Асмолаў ужо ў 90-я гг. выявіў такія ягоныя рысы як вера ва ўсемагутнасць Улады, якая ўсё разумее і за ўсё адказвае; пастаянны пошук Ворага, які ва ўсім вінаваты; нянавісць да свабоды выбару і дэлегіраванне ўласнай адказнасці Старэйшаму брату, Правадыру1.
Традыцыйна савецкі чалавек характарызаваўся як цалкам лаяльны і давяраючы ўладзе, задаволены сваім становішчам і ўпэўнены ў светлай будучыні. Расійскі сацыёлаг Юры Левада, які на працягу 15 гадоў займаўся даследаваннем «Homo Sovieticus», адзначаў, што ў выніку савецкага эксперыменту ўзнік не татальна новы чалавечы тып, а чалавек, які татальна прыстасаваўся да савецкай рэчаіснасці і прыняў яе як безальтэрнатыўную дадзенасць. У закрытым савецкім грамадстве вырасталі пакаленні, што не мелі ніякага ўяўлення пра іншы лад жыцця. Усеагульнае прыстасаванне станавілася звычкай…2
Юры Левада сфармуляваў некалькі характэрных рысаў "Homo Sovieticus". У першую чаргу ён адзначыў знешнюю і "ўнутраную", прасторавую і часавую ізаляванасць3(Чалавек ізаляваны); безальтэрнатыўнасць, асабліва ў адносінах да сацыяльна-палітычнай сістэмы (Чалавек без выбару); прастату і сціпласць, якія суправаджаліся поўнай падпарадкаванасцю ўладзе і імкненнем "быць як усе" (Чалавек сціплы), пастаянны страх перад магутнай дзяржаўнай сістэмай, які ўвайшоў у падсвядомасць; хітраванне4, а дакладней, дэманстратыўную лаяльнасць дзеля самазахавання, прычым "карыснае" становіцца больш важным, чым "ісціннае" (Чалавек хітры); мабілізаванасць, г.зн. падпарадкаванне жыцця і дзейнасці звонку навязанай мэце, і пастаяннае змаганне з унутранымі і знешнімі ворагамі (Чалавек мабілізаваны)5.
Гэты партрэт важны для разумення лёсу як савецкай, так і постсавецкай гістарыяграфіі ў Беларусі. «Homo Sovieticus» стаўся найбольш рэальным дасягненнем савецкай улады. Іншы тып чалавека не меў шанцаў паспяхова прайсці сацыялізацыю і зрабіць пэўную кар'еру ў савецкай дзяржаве, асабліва ў галіне гуманітарных і сацыяльных навук. Адпаведна рэальнымі стваральнікамі савецкай гістарыяграфіі былі, за рэдкім выключэннем, тыповыя прадстаўнікі "савецкага народу". З іншага боку, сама савецкая гістарыяграфія адыгрывала велізарную ролю якраз у працэсе фармавання і ўзнаўлення "савецкага чалавека".
Звычайны "Homo Sovieticus" быў ізаляваны не толькі ад іншай ("чужой") рэчаіснасці, але таксама ад уласнай гісторыі. Асабліва відавочным гэта было ў Беларусі і на іншых ускраінах СССР. Беларуская мінуўшчына, фактычна, падмянялася гісторыяй Расіі з пэўнымі мясцовымі прыкладамі. Апошнія толькі ўмацоўвалі канцэпцыю "беларускага рэгіяналізму" ў адносінах да расійскага "Цэнтра". Усё, што адбывалася да кастрычніка 1917 г., выглядала як падрыхтоўка "Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі". Менавіта гэтай падзеяй заканчваўся перыяд "перадгісторыі" і распачыналася ўласна гісторыя СССР (Расіі) і, як яе складовага элемента, беларускага народу. Але нават для распрацоўкі такога варыянта беларускай гісторыі спатрэбілася 37 гадоў. Толькі ў 1954 г. пасля адпаведнай гісторыка-партыйнай цэнзуры Масквы выйшаў з друку першы том "Гісторыі Беларускай ССР"6. Другі том быў апублікаваны ў 1958 г. Цяжкасці падрыхтоўкі падобнага выдання не ў апошнюю чаргу былі абумоўленыя тым, што за фасадным інтэрнацыяналізмам савецкай ідэалогіі хаваўся вялікадзяржаўны шавінізм.
"Савецкая гістарыяграфія" (і яе беларускі варыянт) адыгрывала надзвычай важную ролю ва ўмацаванні "савецкасці" і выхаванні "Homo Sovieticus". Вядомы расейскі гісторык Юры Афанасьеў ахарактарызаваў яе як "навукова-палітычны феномен, упісаны ў сістэму таталітарнай дзяржавы і накіраваны на абслугоўванне яе ідэйна-палітычных патрэбаў"7. Адной з галоўных рысаў савецкай гістарыяграфіі з'яўлялася яе сувязь з таталітарнай уладай, якая прымушала арыентавацца не на інтарэсы навукі, а на палітычную кан'юнктуру.
Савецкая таталітарная сістэма не дапускала свабоды навуковага даследавання. І ў першую чаргу гэта датычыла гістарычнай навукі, якая, між іншым, вывучае змяненні палітычных сістэмаў і рэжымаў. А кожная ўлада, і асабліва таталітарная, імкнецца да стабільнасці, да свайго роду палітычнай вечнасці... Як заўважыў ужо згаданы Ю.Афанасьеў, "партыі і савецкай дзяржаве былі патрэбныя гісторыкі, для якіх палітычная мэтазгоднасць была крытэрыем <…> больш важным, чым гістарычная праўда. Прычым гэтае патрабаванне закладвалася ў падмурак і прафесійнай адукацыі, і фарміравання маральных якасцяў асобы. Гісторык мог лічыцца прафесіяналам толькі ў той меры, у якой ён з'яўляўся "байцом партыі"8.
У гісторыкаў забралі права аналізаваць і разважаць над тэарэтычнымі праблемамі. Партыйныя чыноўнікі былі ўпэўненыя, што гісторыя пішацца не ў архівах і бібліятэках, а на Пленумах ЦК і на семінарах "партыйнага і камсамольскага актыву". Але адначасна партыйнае кіраўніцтва зрабіла гісторыю прывілеяванай дысцыплінай. Менавіта гістарычныя факультэты рыхтавалі кадры для сістэмы камсамольскай і партыйнай улады. Улада і гісторыкі прыйшлі да двухбаковага паразумення: улада імкнулася ўсё падпарадкаваць сабе, а гісторыкі імкнуліся падпарадкоўвацца ўладзе. Але існуючыя ўмовы жыцця і дзейнасці нярэдка прыводзілі да прафесійнай і маральнай дэфармацыі і дэградацыі навукоўцаў. Захаваць высокі прафесіяналізм здолелі адзінкі. Сярод іх некалькі разоў арыштаваны беларускі гісторык Мікола Улашчык, якому так і не знайшлося працоўнага месца ў Беларусі, археолаг Міхась Чарняўскі, медыевіст Мікола Ермаловіч; украінскія даследчыкі Яраслаў Ісаевіч, Мікола Кавальскі, Фёдар Шаўчэнка; расейскія навукоўцы Аляксандр Зімін, Арон Гурэвіч, Юры Бяссмертны, Ганна Харашкевіч.
Паступова адбылося спалучэнне "адзіна правільнай метадалогіі" з расійскай вялікадзяржаўнай канцэпцыяй. Гэты метадалагічны гібрыд канчаткова аформіўся ў пасляваенныя дзесяцігоддзі і цалкам адпавядаў устаноўкам ідэолагаў КПСС на выхаванне ў камуністычна-імперскім духу рускамоўнага "савецкага народу" як "новай гістарычнай супольнасці". Характарызуючы сітуацыю ў беларускай савецкай гістарыяграфіі, вядомы даследчык Міхась Біч слушна заўважыў, што "нацыянальныя гістарычныя каштоўнасці і арыенціры былі амаль цалкам выкінутыя з беларускай гісторыі. Спробы аб'ектыўнай навуковай ацэнкі з'яваў і дзеячаў нацыянальнай гісторыі заканчваліся палітычнымі абвінавачваннямі і рэпрэсіямі"9.
Беларуская савецкая гістарыяграфія была рэпрэсаванай навукай. Падвяргаліся рэпрэсіям навукоўцы, выданні, ідэі і канцэпцыі, нарэшце, гістарычныя дакументы (зачыняліся архівы). Варта прыгадаць лёс Истории Белоруссии Мітрафана ДоўнарЗапольскага10і манаграфіі Аляксандра Цвікевіча, прысвечанай "заходнерусізму"11. Першая з іх была падрыхтаваная да друку яшчэ ў 1926 г. Аднак пасля рэцэнзіі партыйнага чыноўніка Віталя Сербента яе выданне было забаронена. Аўтар павінен быў пакінуць Беларусь, каб пазбегнуць рэпрэсій. Такі ж лёс напаткаў і кнігу А.Цвікевіча. Для свайго часу гэта было вельмі грунтоўнае даследаванне феномену "заходнерусізму", якое мела надзвычай актуальны характар. Рэцыдывы "заходнерускай ідэалогіі" выразна назіраліся ў сацыяльным і культурным жыцці міжваеннай БССР. Магчыма, якраз гэта і перашкодзіла своечасоваму выданню кнігі, напісанай у 1928 г. Аўтар быў расстраляны ў Мінску ў 1937 г. Ахвярамі рэпрэсій сталі такія вядомыя гісторыкі, як У.Пічэта і У.Ігнатоўскі, аўтар першай працы па гісторыі беларускага мастацтва Юры Шчакаціхін… Пералік можна працягваць. Многія гісторыкі міжваеннага пакалення выжывалі толькі коштам чалавечай і навуковай годнасці. Аднак трэба адзначыць, што беларуская савецкая гістарыяграфія ў пэўны момант сама ператварылася ў рэпрэсіўную сістэму, мэтаю якой была фальсіфікацыя гістарычных ведаў і дэфармацыя свядомасці.
Прыкладам рэпрэсій супраць канцэпцый і гіпотэз можна лічыць забарону ў 1973 г. правядзення ў Мінску канферэнцыі, прысвечанай этнагенезу раннебеларускага этнасу. Яна супала з чарговай хваляй барацьбы з "нацыяналістамі" ў асяроддзі беларускай інтэлігенцыі, у якой актыўны ўдзел прыняў першы сакратар ЦК КПБ Пятро Машэраў. "Барацьба" абярнулася звальненнем з працы шэрагу супрацоўнікаў Акадэміі навук. Сярод іншых страцілі працу гісторыкі Міхась Чарняўскі і Зянон Пазняк.
Гістарычная навука ўспрымалася партыйнымі кіраўнікамі і пераважнай большасцю гісторыкаў, у першую чаргу, "гісторыкамі на пасадах" як неад'емная частка камуністычнай ідэалогіі і сродак ідэалагічнай барацьбы з "буржуазнымі фальсіфікатарамі", якія ў Беларусі, звычайна, выступалі як "буржуазныя нацыяналісты".
Адпаведна, адна з галоўных праблем беларускай савецкай гістарыяграфіі заключалася ў тым, што месца навуковага аб'ектывізму займала палітычная мэтазгоднасць, якая не мела нічога агульнага з навуковым пошукам ісціны.
У першай палове 90-х гг. ХХ ст. беларуская гістарыяграфія зрабіла значны крок па пераадоленню спадчыны савецкай ідэалогіі. Мінулае Беларусі губляла навязаную ў савецкі час перыферыйнасць. Беларусь станавілася самастойным аб'ектам гістарычных даследаванняў. Ставілася праблема ўласнай адказнасці за ўласны гістарычны лёс, а г.зн., што распачалося асэнсаванне Беларусі як суб'екта гістарычнага працэсу. Навукоўцы імкнуліся стварыць цэласную карціну мінулага, падкрэслівалі гістарычны кантынуітэт у развіцці беларускай дзяржаўнасці і фармаванні нацыі. Пры гэтым многія падзеі трактаваліся не столькі з навуковага, колькі з рамантычнага пункту гледзішча. Беларускія поспехі і беларускія няўдачы здаваліся чымсьці выключным у гісторыі. Зрэшты, гэта было характэрна для ўсёй гістарыяграфіі ўсяго постсавецкага рэгіёну.
Сітуацыя ў беларускай гістарычнай навуцы пачала істотна змяняцца пасля абрання прэзідэнтам краіны летам 1994 г. Аляксандра Лукашэнкі. Разам з ім да ўлады прыйшлі прадстаўнікі тых палітычных сіл, якія марылі пра адраджэнне імперыі. Нямецкі даследчык Райнер Лінднер меў усе падставы ў 1999 г. ахарактарызаваць сітуацыю ў беларускай гістарычнай навуцы як "выключны выпадак" у постсавецкім свеце. Паводле Р.Лінднера, "з сярэдзіны 1995 г. у гістарыяграфіі, фактычна, пачалася кампанія "дэнацыяналізацыі" беларускага мінулага"12.
Што характэрна для сучаснага беларускага варыянту "дырэктыўнай гістарыяграфіі"?
У першую чаргу трэба адзначыць адсутнасць сапраўднай свабоды гістарычнага даследавання. Нормай жыцця стаў выразны ідэалагічны ціск, які ўсё часцей абарочваецца адміністратыўнымі пакараннямі, пагрозамі аб звальненні і звальненнем з працы. Прыняцце на пачатку ХХІ ст. пэўнага канону ідэалогіі беларускай дзяржавы вызначыла межы дазволенага гісторыку13. Аднаўленне колішніх ідэалагічных структураў пры цэнтральных і мясцовых органах улады стварыла групу чыноўнікаў (пераважна з гістарычнай адукацыяй), якія сталі галоўнымі экспертамі "навуковасці" гістарычнага даследавання. Сур'ёзную дапамогу гэтым чыноўнікам аказвае адміністрацыя вышэйшых навучальных устаноў. У практыку універсітэтаў і інстытутаў увайшлі забароны выкладчыкам удзельнічаць у міжнародных (і не толькі) канферэнцыях, праверка прарэктарамі на навуцы (ці дэканамі факультэтаў) тэзісаў навуковага рэферату, ідэалагічныя "настаўленні" маладым навукоўцам.
Пэўным узорам гістарычнай памяці беларусаў павінны былі стаць працы выкладчыка Магілёўскага універсітэту Якава Трашчанка, колішняга настаўніка А.Р.Лукашэнкі. Падобна, што менавіта яму была адведзена роля стваральніка ўласна гістарычнага канону. Я.Трашчанок за кароткі час выдаў некалькі падручнікаў па гісторыі Беларусі для вышэйшай і сярэдняй школы14. У гэтых выданнях відавочная спроба мадэрнізаваць гістарыяграфічную савецкасць з дапамогай канцэпцыі "заходнерусізму" (апошняя трэць ХІХ - пачатак ХХ ст.), дапоўненай добрай дозай праваслаўнага празелітызму. Адраджаецца канцэпцыя "древнерусской народности". Пры чым "решающим фактором этнического сплочения восточных славян, консолидации древнерусской народности" абвяшчаецца праваслаўе15. Сцвярджаецца, што адыход ад праваслаўя непазбежна абарочваўся "культурной, языковой, этнической ассимиляцией"16.
Дзеячы беларускага нацыянальнага руху асуджаюцца не толькі як "антинародная сила" (традыцыі савецкага часу), але таксама як "антироссийская сила". Менавіта "националисты" трактуюцца як вораг № 1 беларускай гісторыі. Сваю жывучасць дэманструе таксама традыцыйны савецкі вобраз "польскага ворага". Яго ролю адыгрываюць пераважна польскія памешчыкі і каталіцкае духавенства.
Гісторыя Беларусі ізноў тлумачыцца пераважна, як поле дзеяння розных чужародных сіл. Беларусам у чарговы раз адмаўляюць права быць суб'ектам гістарычнага працэсу. Улады прыкладаюць вялікія намаганні, каб навязаць краіне падобную трактоўку яе мінуўшчыны, але пакуль не вельмі атрымліваецца. Стваральнікам новага канону выразна не хапае інтэлектуальнага патэнцыялу.
Затое ёсць сэнс паразважаць над "феноменам Трашчанка", галоўнай рысай якога з'яўляецца згода гісторыка ідэалагічна абслугоўваць правячы палітычны рэжым. Старанна выхоўваецца (і не без поспеху!) тып гісторыка-канфарміста. Дарэчы, для кадравай палітыкі апошніх гадоў ў галіне гістарычнай адукацыі і навукі характэрна прызначэнне на кіруючыя пасады прадстаўнікоў маладога пакалення. Відавочна, што лягчэй пераканаць у каштоўнасці "дзяржаўнай ідэалогіі" тых, у каго толькі выпрацоўваецца ўласная пазіцыя чалавека, грамадзяніна і навукоўца.
І тут варта яшчэ раз прыгадаць характэрныя рысы «Homo Sovieticus». Безумоўна, гэты сацыяльны тып аказаўся значна больш устойлівым, здольным прыстасавацца да новых умоваў, чым гэта здавалася 20 гадоў таму. Чалавек, які вызвалены распадам СССР ад старога палітычнага і ідэалагічнага адзення, застаўся ў палоне старых традыцый і стэрэатыпаў савецкага і даса вецкага паходжання. Такія рысы «Homo Sovieticus», як уяўленне пра ўласную выключнасць, супрацьстаўленне сябе ўсяму свету, пакланенне сіле, боязь улады і рабалепства перад ёй, непавага да асобы і г.д. захаваліся пасля краху савецкіх інстытутаў, магчыма, таму, што маюць больш глыбокія карані ў гісторыі і псіхалогіі. Можна цалкам пагадзіцца з высновамі расійскага філосафа Максіма Папова, які ў даследаванні антрапалогіі савецкасці на прыкладзе сучаснай Расіі прыйшоў да высновы, што "сцвярджэнне пра поўную гібель савецкай ідэнтычнасці ў сучасных… соцыякультурных і сацыяльна-палітычных рэаліях не адпавядае рэчаіснасці"17.
Сёння канфармізм і прыстасавальніцтва ўсё часцей ператвараюцца ў галоўны прынцып існавання. Не прафесійны абавязак і чалавечая годнасць, а страх (свядомы і несвядомы) часцяком становіцца галоўным матывам паводзінаў выкладчыкаў і гісторыкаў, што працуюць у дзяржаўных установах. Паралельна адбываюцца "кадравыя зачысткі". За апошнія 3-4 гады працу ў дзяржаўных установах страцілі такія вядомыя гісторыкі, як Генадзь Сагановіч, Андрэй Кіштымаў, Яўген Анішчанка, Язэп Янушкевіч ды інш. На некаторых іншых даследчыкаў (напрыклад, А.Краўцэвіч) дзейнічае неафіцыйная забарона працаваць у дзяржаўных установах. Ізноў гістарычная навука і дыдактыка становяцца як аб'ектам рэпрэсій, так і іх інструментам.
Асабліва важную ролю ў рэсаветызацыі навукі адыгрывае беларуская Вышэйшая атэстацыйная камісія (ВАК). Звычайнай з'явай стала не зацвярджэнне вынікаў паспяховай абароны дысертацый па гістарычным навукам. Адпаведна аспіранты разам з навуковымі кіраўнікамі імкнуцца сфармуляваць такую тэму дысертацыйнага даследавання, якая б не выклікала сумнення ў ідэалагічных цэнзараў. Актуальнасць навуковай праблематыкі і яе адпаведнасць сучасным тэндэнцыям сусветнай навукі істотным фактарам ужо не з'яўляецца. Дарэчы, за апошняе дзесяцігоддзе ў Беларусі амаль адсутнічаюць дысертацыйныя даследаванні па праблемах метадалогіі гісторыі. Затое можна казаць пра выразнае спрыянне абароне тых працаў, у якіх адчувальны дух неўміручай дактрыны "заходнерусізму". Зацверджаны ВАКаўскі спіс выданняў, публікацыі ў якіх улічваюцца пры абароне дысертацый, праігнараваў Беларускі гістарычны агляд (рэдактар Г.Сагановіч) і Гістарычны альманах (рэдактар А.Краўцэвіч), вядомыя сваім высокім навуковым узроўнем у Беларусі і за яе межамі. Можна сцвярджаць, што пазіцыя ВАК і тых, хто сёння рэалізуе гістарычную палітыку выводзіць беларускую гістарыяграфію паза кантэкст сусветнай гістарычнай навукі.
"Савецкасць" выразна праяўляецца ў дыскусіях, прадметам якіх усё часцей становяцца падзеі і дзеячы эпохі беларускага нацыянальнага руху або яго папярэднікі. Як і ў савецкія часы, некаторыя ўдзельнікі дыскусій перакананыя ў тым, што праўда заўсёды адна. Адпаведна выказанае меркаванне можа быць альбо навуковым альбо ненавуковым. З апошнім трэба змагацца… Ізноў танальнасць дыскусійных матэрыялаў часцяком выходзіць за рамкі прафесійнай этыкі і чалавечай годнасці. Другі варыянт - ігнараванне іншай думкі. Апошняе, між іншым, праяўляецца ў тым, што працы ідэалагічна "няправільных" выдаляюцца з бібліятэкаў і кабінетаў гісторыі беларускіх універсітэтаў, ігнаруюцца пры напісанні гістарыяграфічных аглядаў18, у т.л. нават у дысертацыйных даследаваннях. Гэтыя ж гісторыкі пазбаўленыя не толькі права на працу ў дзяржаўных універсітэтах, але нават магчымасці "легальна" выступаць перад іх студэнтамі.
Гісторык Павел Увараў, аналізуючы стан сучаснай расійскай гістарыяграфіі, адзначыў слабасць інстытуцыянальных асноў функцыянавання навуковай супольнасці19. У Беларусі гэтыя асновы таксама не паспелі сфармавацца. У выніку навуковая супольнасць вельмі кепска ажыццяўляе функцыю карпаратыўнага самакантролю. Адпаведна існуюць вялікія праблемы з тым, што можна назваць карпаратыўнай салідарнасцю. Адзіная, але вельмі яркая яе праява, мела месца ўвесну 2008 г. Пасля таго як па ініцыятыве адміністрацыі факультэта і мясцовых чыноўнікаў з спісу ўдзельнікаў міжнароднай канферэнцыі ў Гродзенскім універсітэце былі выключаныя гісторыкі, якія актыўна працавалі ў грамадскай кампаніі ў абарону помнікаў гістарычнага цэнтра Гродна, каля 40 (!) удзельнікаў канферэнцыі абвясцілі яе байкот. Пераважна гэта былі выкладчыкі Гродзенскага універсітэту, а таксама сябры Беларускага гістарычнага таварыства і выкладчыкі Еўрапейскага гуманітарнага універсітэту (Вільня).
Менавіта свабодныя ад дзяржаўнага кантролю навуковыя цэнтры сёння з'яўляюцца альтэрнатывай пашырэння рэлікта "савецкасці" ў асяродку беларускіх гісторыкаў. Якраз з гэтымі цэнтрамі звязаныя рэальныя поспехі беларускай гістарычнай навукі апошняга дзесяцігоддзя і пэўныя праявы карпаратыўнай салідарнасці. Відавочна, што апошняя павінна грунтавацца на высокім навуковым узроўні даследаванняў, на разуменні сацыяльнага значэння гісторыі і веданні тых працэсаў, якія адбываюцца ў сусветнай гістарыяграфіі, нарэшце, на непрыняцці кан'юнктуршчыны ні ў якіх формах. Урэшце рэшт, адстойваць незалежнасць навуковай ісціны для гісторыка значыць адстойваць уласную чалавечую годнасць.
Сітуацыя ў беларускай гістарыяграфіі красамоўна сведчыць, што дзеля прафесійнага поспеху гісторыкам трэба не толькі дасканала авалодаць даследчыцкім інструментарыем. Патрэбны свайго роду "кодэкс гонару гісторыка", галоўным параграфам якога з'яўляецца безумоўны прыярытэт НАВУКІ. Гісторыкі павінны навучыцца прымаць адзін аднаго такімі, якія яны ёсць, паважаючы адметнасць поглядаў. Але гэтая павага не павінна распаўсюджвацца на тых, хто ўласнае прызначэнне бачыць толькі ў ідэалагічным абслугоўванні палітычнай улады.



1. Цыт. па: Пронкевич О. Рогатый заяц постсоветского высшего образования // osvita.org.ua/articles (доступ 16.12.2009)
2. Левада Ю. Homo Post-Sovieticus // Общественные науки и современность. 2000, № 6. С. 5
3. "Фармаваўся "чалавек просты" і зразумелы, якім нескладана кіраваць. Заканамерны вынік…прымусова ізаляванага на працягу дзесяцігоддзяў існавання - чалавек, унутранна ў сваіх устаноўках і звычках ізаляваны ад свету звонку. Унутраная ізаляцыя больш глыбокая і ўстойлівая, чым усе прымусова навязаныя абмежаванні. Гэта не толькі забарона на інфармацыю звонку, гэта страх інфармацыі, нежаданне яе атрымліваць, адсутнасць умення яе зразумець, нарэшце, гатоўнасць успрымаць усе новыя веды з дапамогай "старых", традыцыйных стэрэатыпаў" (Левада Ю. "Человек советский": проблема реконструкции исходных форм // Мониторинг общественного мнения. 2001 № 2 (52). С. 8)
4. Юры Левада гаворыць пра феномен «двоемыслия». Гэты тэрмін вельмі складана перакласці на беларускую мову.
5. Левада Ю. "Человек советский": проблема реконструкции исходных форм // Мониторинг общественного мнения. 2001 № 2 (52).
6. История БССР. Ч. 1 / Под ред. В.Перцева, К.Шабуни, Л.Абецедарского. Минск, 1954.
7. Афанасьев Ю. Феномен советской историографии. М.: РГГУ, 1996. С. 37
8. Тамсама. С. 25
9. Біч М. Аб нацыянальнай канцэпцыі гісторыі і гістарычнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь // Беларускі гістарычны часопіс. 1993, № 1.
10. Доўнар-Запольскі М. Гісторыя Беларусі. - Мн.: Беларуская энцыклапедыя імя П.Броўкі, 1994.
11. Цьвікевіч А. "Западно-руссизм". Нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў ХІХ і пачатку ХХ в. - Менск: Навука і тэхніка, 1993.
12. Лінднер Р. Нацыянальныя і "прыдворныя" гісторыкі "лукашэнкаўскай" Беларусі // Гістарычны альманах. 2001. № 4. С. 199.
13. Напр., Лукашенко А.Г. О состоянии идеологической работы и мерах по ее совершенствованию. Доклад Президента Республики Беларусь на постоянно действующем семинаре руководящих работников республиканских и местных государственных органов 27 марта 2003г. // О состоянии идеологической работы и мерах по ее совершенствованию: Материалы постоянно действующего семинара республиканских и местных государственных органов. Мн., 2003; Основы идеологии белорусского государства: История и теория. Учебное пособие для студентов учреждений, обеспечивающих получение высшего образования; 2-ое изд./ С.Н.Князев и др. Мн., 2006; Яскевич Я.С. Основы идеологии белорусского государства. Мн., 2004.
14. Напр., История Беларуси. В двух частях. Часть 2. Под редакцией Я.И.Трещенка. Могилев: МГУ, 2005; Трашчанок Я., Вараб'ёў А., Валжанкоў В. Гісторыя Беларусі са старажытных часоў да кастрычніка 1917 г. Вучэбны дапаможнік для 10 класа агульнаадукацыйных устаноў з беларускай мовай навучання. Пад рэд. Я.І. Трашчанка. Мінск: Адукацыя і выхаванне, 2008.
15. Трощенок Я.И. История Беларуси. Часть 1. Досоветский период. Учебное пособие. Могилев: МГУ имени А.А. Кулешова, 2003. С. 67. Існаванне "старажытнарускай народнасці" ў форме "мэтаэтнічнай супольнасці" адстойвае іншы гісторык з Магілёва Ігар Марзалюк. Ён таксама спрабуе падвесці канфесійны (праваслаўны) падмурак пад працэс нацыянальнага фармавання беларусаў. Цалкам у духу "заходнерусізму" постаці каталіцкага веравызнання асуджаюцца як "палякі", а "паланізацыя" становіцца сінонімам "каталізацыі" (Марзалюк І. Людзі даўняй Беларусі: этнаканфесійныя і сацыякультурныя стэрэатыпы (X-XVII ст.). Магілёў, 2003. С. 30-31, 104 ды інш.)
16. Тамсама. С. 10.
17. Попов М. Антропология советскости: философский анализ. Диссертация… кандидата философских наук. Москва: РГБ, 2005. С. 149.
18. Прыкладам можна лічыць кнігу Віктара Белазаровіча Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік. Гродна: ГрДУ, 2006
19. Свобода у историков пока есть. Во всяком случае - есть от чего бежать. Беседа Кирилла Кобрина с Павлом Уваровым // Неприкосновенный запас. 2007, № 5(55) (/magazines.russ.ru/nz/2007/55/sb5.html. доступ 16.12.2009)
 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX