Падобна на тое, што пасля закрыцця Беларускага музея ў 1945 г. пры вырашэнню лёсу ягоных экспанатаў і дакументаў іх частка, якая між іншым датычыла гісторыі "Нашай Нівы", Беларускай Народнай рэспублікі, Беларускай Сялянска-работніцкай Грамады, Таварыства беларускай школы, Беларускага навуковага таварыства, самога Музея ды іншых арганізацый, была надзейна схаваная ў адным з пакояў літоўскага архіва. Зразумела, што гэта не магло адбыцца без санкцыі савецкіх спецслужбаў.
Вяртанне гэтых дакументаў даследчыкам адбылося дзякуючы ініцыятыве дырэктара Інстытута гісторыі Літвы др Рімантаса Мікніса, якую падтрымаў дырэктар ЛЦДА др Далюс Жыжыс. Архівістка Людміла Фунікава выканала асноўную працу па сістэматызацыі, апісанню і каталагізацыі гістарычных дакументаў. Падчас гэтай вельмі няпростай працэдуры кансультацыйную дапамогу аказвалі беларускія гісторыкі Юры Юркевіч, Андрэй Вашкевіч, Алесь Смалянчук, Андрэй Чарнякевіч, Вольга Іванова, Алесь Пашкевіч. Ю.Юркевіч разам з Л.Фунікавай падрыхтавалі адмысловую выставу дакументаў "Невядомая БНР", адкрыццё якой адбылося ў будынку ЛЦДА 24 сакавіка 2012 г. Аднак, вялікай зацікаўленасці з боку беларускіх гісторыкаў гэтая падзея чамусьці не выклікала. Прынамсі сёння нельга казаць пра масавы наплыў даследчыкаў з Беларусі ў Вільню дзеля вывучэння без перабольшвання ўнікальных дакументаў.
"У рэдакцыю як да сонца"
Кароткі агляд распачну з матэрыялаў рэдакцый беларускіх газет (фонд 368). Найбольшую цікавасць выклікаюць дакументы рэдакцыі "Нашай Нівы". Захавалася частка яе архіва за 1909 г., якая дазваляе аднавіць свайго роду "штодзённае жыццё" рэдакцыі. Сярод матэрыялаў перапіскі знаходзяцца два лісты Максіма Багдановіча з просьбай даслаць яму пэўныя нумары "Нашай Нівы". Вартая асаблівай увагі перапіска з шматлікімі "агентамі" газеты, якая дазваляе ўявіць геаграфію яе распаўсюду і ўплываў. Дарэчы, найбольш адрасатаў захаванай перапіскі пражывала ў Мінскай губ. Даволі шмат лістоў прыходзіла з Віленшчыны і Гарадзеншчыны. Сустракаюцца таксама лісты з Ковенскай і Віцебскай губ., Данской вобл., з Яраслаўля (Генадзь Васільевіч Багдановіч) і нават з Уладзівастоку.Фабіян Шантыр (Слуцак), даючы згоду быць "агентам" газеты, заўважыў: "Маю вялікую надзею, што кажды чалавек, прачытаўшы шчырыя словы Вашэй газэты, на роднаі мове, аднаідзе вяліку ахоту для адраджэня гэтаі мовы у родным краі. Я ж прылажу усе сілы, каб Ваша вяліка-патрэбная праца і ў нашым углу пусціла свае карэня, вырасла і расцвяла цудным цвятком надзеі". Антон Лявіцкі (Ядвігін Ш.) паведамляў пра свой прыезд у Вільню і зрабіў прыпіску: "У рэдакцыю як да сонца". А гарадзенец Павел Аляксюк пазначыў свой зваротны адрас наступным чынам: Belaru?, Hrodno…
Шанс на больш грунтоўнае знаёмства з "агентамі" і падпісчыкамі газеты даюць захаваныя адпаведныя алфавітныя спісы.
Сваіх даследчыкаў чакаюць таксама дакументы рэдакцый рускамоўнай "Вечерней газеты" (1912-1914), якую патаемна рэдагаваў Антон Луцкевіч, газетаў "Гоман" (1916-1918), "Беларускія ведамасці" (1921), "Народная справа" (1926-1927), часопісаў "Крывіч" (1925-1926) і "Хрысціянская думка" (1926-1929) ды інш.
"На моцы ухвалы Рады Беларускае Народнае Рэспублікі..."
У 1998 г. выйшаў з друку двухтомнік Архіваў БНР, дзе была апублікаваная значная частка дакументаў фонду 582 ("Рада міністраў Беларускай Народнай рэспублікі") ЛЦДА. Укладальнік Сяргей Шупа зрабіў надзвычай важную справу для ўсіх даследчыкаў гісторыі беларускай дзяржаўнасці. Але, зразумела, што гэтым праблема выяўлення і вывучэння дакументаў першай беларускай дзяржавы ў ХХ ст. не была закрытая. Частка матэрыялаў дзейнасці БНР захоўваецца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь (фонд 325), частка лічыцца страчанай.Знойдзеныя ў Вільні дакументы па гісторыі БНР утварылі вопіс 2 фонду 582. Яны здольныя запоўніць пэўныя лакуны крыніцавай базы даследавання існавання Беларускай Народнай рэспублікі.У прыватнасці, гэта дакументы асабістага архіва Антона Луцкевіча за перыяд з верасня 1918 па чэрвень 1920 г. , у т.л. ягоны дыпламатычны пашпарт, выдадзены ў Горадні ў красавіку 1919 г. дзеля ўдзелу ў Парыжскай мірнай канферэнцыі; матэрыялы, якія дазваляюць больш дэталёва рэканструяваць карціну расколу беларускага рухуў снежні 1919 г. і ўтварэння Найвышэйшай Рады БНР на чале з А.Луцкевічам; пратаколы сходаў гэтай Рады (1919-1920); шматлікія (120 аркушаў!) пасведчанні, анкеты і спісы служачых Народнага сакратарыяту і сяброў Рады БНР; дакументы, звязаныя з перамовамі з Цэнтральнай Радай УНР і ўрадам гетмана Скарападскага наконт ўсталявання беларуска-ўкраінскай мяжы і развіцця стасункаў паміж двума рэспублікамі. Захаваліся таксама пратаколы сустрэчаў дэлегацыі Канвенту старэйшынаў Рады БНР (Я.Лёсік, А.Смоліч, А.Аўсянік, М.Шыло, Я.Мамонька, А.Прушыньскі, кс. Абрантовіч) з Юзафам Пілсудскім і камісарам "Цывільнага ўпраўлення Усходнімі землямі" Ежы Асмалоўскім 19 верасня 1919 г.
Вялікую каштоўнасць таксама маюць дакументы дзейнасці Беларускай вайсковай камісіі, Беларускага прэс-бюро ў Капенгагене (1920), матэрыялы фінансавай дзейнасці Рады БНР ды інш.
"Мудрай прамовы мёд залацісты,/ поўныя соты/ мне даспадобы..."
Радкі М.Багдановіча, вынесеныя ў падзагаловак, сталі эпіграфам кнігі пратаколаў пасяджэнняў Беларускага навуковага таварыства (БНТ), якое ўзнікла ў апошні дзень працы Віленскай Беларускай канферэнцыі (студзень 1918 г.). Матэрыялы БНТ і звязанага з ім Беларускага музея імя Івана Луцкевіча дапоўнілі фонд 281 ("Беларускі музей імя І.Луцкевіча", вопіс 2). Не будзе перабольшваннем сцвярджэнне, што дакументы гэтага фонду разам з матэрыяламі Аддзела рукапісаў Бібліятэкі імя Урублеўскіх Акадэміі навук Літвы і Беларускага Дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (фонд 3)ствараюць рэальную магчымасць грунтоўнага даследавання як дзейнасці БНТ, так і Беларускага музея. На жаль, па сённяшні дзень гэтыя выключна важныя і цікавыя старонкі Адраджэння не атрымалі належнага навуковага асвятлення.
Дзякуючы віленскім знаходкам, нарэшце, з'явілася магчымасць аналізу рознабаковай дзейнасці БНТ, шырокіх навуковых кантактаў Таварыства з даследчыкамі з БССР (Этнаграфічная кафедра Інбелкульта), Украіны (Украінскі навуковы інстытут у Берліне), Польшчы (Кафедра этналогіі Універсітэту Ст.Баторыя, Габрэйскі навуковы інстытут у Вільні), Чэхаславакіі, Нямеччыны ды інш. Шмат цікавай інфармацыі могуць даць адозвы і звароты, пратаколы агульных сходаў, планы дзейнасці БНТ, тэксты навуковых артыкулаў, спісы сяброў. Дарэчы, нават павярхоўнае знаёмства з матэрыяламі сведчыць пра высокі навуковы ўзровень даследаванняў сяброў БНТ, асабліва, у галіне этнаграфіі, мовазнаўства і гісторыі.
Дакументы, што датычаць дзейнасці Беларускага музея, дазваляюць зазірнуць у яго гісторыю падчас Другой сусветнай вайны (напр., Даведка пра арганізацыю музея і колькасць яго экспанатаў ад 18 снежня 1940 г.).
У гэты ж фонд трапілі асабістыя дакументы Івана і Антона Луцкевічаў, у т.л. рукапіс манаграфіі апошняга па гісторыі беларускага руху (93 аркушы, 1916?), лісты Юліяны Мэнке (Вітан-Дубейкаўскай), якая суправаджала Івана Луцкевіча ў яго апошнім падарожжы ў Закапанэ, матэрыялы Віленскай Беларускай канферэнцыі (1918), дакументы Цэнтральнай Беларускай рады Віленшчыны і Гарадзеншчыны (1919-1920).
"...у цяперашні час можэ быць лягчэй... ісці разам адным шляхам для паднясення культуры і асветы ў нашым гаротным народзе" (Янка Лось з Косаўшчыны. З ліста ў ТБШ. 1936 г.)
У асобным фондзе (ф. 365) змешчаныя дакументы Беларускай Сялянска- работніцкай Грамады (БСРГ) і беларускіх пасольскіх клубаў 20 - пачатку 30-х гг. У прыватнасці, гэта спісы гурткоў БСРГ, перапіска яе Цэнтральнага сакратарыяту, партыйныя білеты і пасведчанні. Асаблівую цікавасць уяўляюць матэрыялы дзейнасці гурткоў Грамады, якія дазваляюць зразумець яе рэальныя ўплывы. Захаваліся дакументы пра дзейнасць гурткоў Пінскага, Валожынскага, Ваўкавыскага, Вілейскага, Нясвіжскага, Лунінецкага, Лідскага, Гарадзенскага, Берасцейскага паветаў ды інш. Невядомым шляхам у былы архіў Беларускага музея імя І.Луцкевіча трапілі рэчавыя доказы "віны" грамадоўцаў, у т.л. датычныя асобы С.Рак-Міхайлоўскага, а таксама Фабіяна Акінчыца і Радаслава Астроўскага.Матэрыялы дзейнасці пасольскіх клубаў уключаюць дакументы выбарчых кампаній, заявы паслоў, тэксты прамоваў (Б.Тарашкевіч ды інш.), пратаколы сходаў Беларускага пасольскага клуба (1922-1924), просьбы і скаргі беларускіх выбаршчыкаў, адказы польскіх урадавых установаў на інтэрпеляцыі беларускіх паслоў БСРГ. Даволі шмат матэрыялаў адлюстроўваюць дзейнасць пасольскага клуба "Змаганьне", у прыватнасці, гэта лісты Паўла Валошына і Браніслава Тарашкевіча, перапіска з акруговымі выбарчымі камітэтамі (1930), дакументы дзейнасці пасла Паўла Крынчыка, артыкулы карэспандэнтаў клуба "Змаганьне".
Таксама зараз з'явілася магчымасць грунтоўнага даследавання дзейнасці Грамады беларускай моладзі ў Вільні (1919-1920) (ф. 372), Беларускага кааператыўнага банка (ф. 375), Беларускага Інстытуту гаспадаркі і культуры (1926-1936), Беларускага выдавецкага таварыства, Таварыства дапамогі ахвярам сусветнай вайны (1914-1918), Таварыства беларускай школы (1919-1938) (усе ф. 361). Асабліва шмат захавалася дакументаў пра дзейнасць ТБШ. У прыватнасці, гэта спісы жыхароў, якія патрабавалі навучання па-беларуску для сваіх дзяцей, дакументы пра адкрыццё беларускіх школ, дзейнасць гурткоў ТБШ і спісы іх сяброў, пратэсты беларусаў супраць закрыцця школаў, а таксама пратаколы пасяджэнняў Галоўнай управы ТБШ і агульных сходаў. Даследчыкі маюць рэдкую магчымасць пазнаёміцца з лістамі, якія з розных рэгіёнаў ішлі ў Галоўную управу ТБШ і адлюстроўвалі настроі і пажаданні яго шараговых сяброў...
Гэты агляд "віленскіх скарбаў" вельмі павярхоўны, але спадзяюся, што ён усё ж такі заахвоціць беларускіх гісторыкаў да больш актыўнай даследчай працы ў архівах Вільні. P.S. Падчас прагляду гэтых матэрыялаў узнікла ідэя падрыхтаваць адмысловы Даведнік па знойдзеных дакументах. Дырэктар Далюс Жыжыс падтрымаў гэтую ідэю і паабяцаў дапамогу. Даведнік, які б уключаў не толькі апісанне асноўных фондаў "беларускіх матэрыялаў", але таксама публікацыю найбольш цікавых дакументаў, можна было б зрабіць на працягу гэтага году і выдаць да 95-годдзя абвяшчэння БНР. Яго ёсць каму зрабіць, патрэбныя толькі фундатар і выдавец...