Памяць мая аб Мітр. Шэптыцкім сягае часаў сусьветнай вайны, калі ён, падчас заняцьця расейскім войскам мітрапалічай уніяцкай сталіцы Львова, на загаду расейскага ўраду, быў вывезены ў глыб Расеі.
У той час, будучы студэнтам Духоўнай Каталіцкай Акадэміі ў Петраградзе, я а такжа й той кружок студэнтаў беларусаў, да якога я належыў, дужа цікавіўся беларускай справай наагул, а гэтым самым гісторыяй Беларусі, гісторыяй беларускай культуры і, што з гэтым зьвязана, гісторыяй рэлігійнай Уніі на Беларусі і яе гісторычным значэньнем як для мінуўшчыны, так і для сучаснасьці Беларусі.
Дык нічога дзіўнага, што асоба Мітр. А. Шэптыцкага, як асяродка, каля каторага істнуе ў наш час рэлігійная Унія і каля каторага гуртуецца, так блізкае нам, народнае украінскае жыцьцё, - была нам - беларускай студэнскай духоўнай моладзі дужа блізкай і дарагой. У нашым кружку аб Мітр. Шэптыцкім з вуснаў у вусны пераходзіла многа розных легендаў, а сярод іх, пэўня-ж, і апавяданьняў праўдзівых, як аб царскім нявольніку, як аб асілку вялікіх ідэяў рэлігійных і народных. У працы нашай асоба Мітр. Шэптыцкага была для нас падпорай і зарою праводнай.
У 1917. г. у сакавіку месяцы няволя Мітрапаліта скончылася. Асвабадзіла яго расейская рэвалюцыя, перэвярнуўшы стаўпы царскага дэспотызму.
Ніколі не забудуся тэй часіны, калі Мітр. Шэптыцкі, ужо не як нявольнік, а як магутны волат ідэі, з цэнтру Расеі прыбыў у Петраград. Украінцы і беларусы, бяз розьніцы веры і пракананьняў, агулам, са сьлязамі на вачох, спатыкалі яго на вакзале і шчыра віталі.
Ад імя беларусаў вітаў тады Мітрапаліта наш праф. Бр. Эпімах-Шыпілла.
Аказалася, што наша любоў да Мітрапаліта, ня бачыўшы раней яго ніколі ў вочы, была ўзаемнай. Пасяліўшыся ў Петраградзе (здаецца ў арцыбіскупскім палацы на Фантанцы) і ведаючы, як пасьля казаў, што ў Акадэміі ёсьць беларусы, пажадаў з намі пабачыцца. Пабываў тады ў Мітрапаліта цяперашні а. В. Гадлеўскі і вёў з ім гутарку аб Уніі на Беларусі і аб беларускім народным адраджэньні, заахвочваючы праз Гадлеўскага нас усіх да вытрывалай і творчай працы на роднай беларускай ніве.
Помню таксама, як такжа бегалі да Мітрапаліта сэмінарысты беларусы з Петраградскай Духоўнай Каталіцкай Сэмінарыі і як Мітрапаліт так-жа і іх паддзержаваў у уніяцкіх і беларускіх народных пракананьнях, заахвочваючы да працы ў гэтым кірунку і разьвяваючы розныя іх сумнівы.
Гэта больш-менш асталося ў маей памяці аб сьветлай асобе Мітрапаліта А. Шэптыцкага, падчас прабываньня яго ў Расеі.
а. А. Станкевіч