Папярэдняя старонка: Трусаў А.А.

Гісторыя сярэднявечнай Еўропы (V-XV стагоддзі) 


Аўтар: Трусаў Алег,
Дадана: 12-12-2017,
Крыніца: Трусаў, А. Гісторыя сярэднявечнай Еўропы V - XV ст.ст. / Алег Трусаў. - Мінск, 2016. - 356 с.



УВОДЗІНЫ

ЧАСТКА I. ЕЎРОПА Ў РАННІМ СЯРЭДНЯВЕЧЧЫ (V-ІХ стст.)

РАЗДЗЕЛ I. НАРОДЫ ЗАХОДНЯЙ I ПАЎНОЧНАЙ ЕЎРОПЫ. РОЛЯ ЗАХОДНЯЙ ЦАРКВЫ

1. Заходняя Еўропа ў V-VІІІ стст.

2. Дзяржава франкаў. Імперыя Карла Вялікага

3. Заходняе хрысціянства

4. Народы Скандынавіі ў VІІ-ІХ стст.

5. Плямёны балтаў і фіна-уграў

6. Яўрэі (габрэі) і іх рассяленне ў Еўропе

7. Складванне феадальных адносін

РАЗДЗЕЛ II. ВІЗАНТЫЙСКАЯ ЦЫВІЛІЗАЦЫЯ

1. Стварэнне Візантыйскай дзяржавы

2. Росквіт Візантыі ў V-VІІ стст.

3. Роля хрысціянства ў візантыйскім грамадстве

4. Візантыйскае мастацтва і літаратура

5. Візантыйскае войска. Войны з арабамі і славянамі

6. Візантыя ў VІІІ-ІХ стст.

РАЗДЗЕЛ IV. СЛАВЯНЕ I КАЧЭЎНІКІ ПАЎДНЁВАЙ ЕЎРОПЫ

1. З'яўленне славян на палітычнай карце Еўропы

2. Аварскі каганат

3. Утварэнне Першага Балгарскага царства

4. Хазарскі каганат

5. Усходнія славяне ў VII-VIII стст.

6. Вялікая Маравія (833-907 гг.)

7. Дзейнасць Кірыла і Мяфодзія

8. Заходнія славяне ў VІІІ-ІХ стст.

9. Узнікненне Кіеўскай Русі

ЧАСТКА II. ВЫСОКАЕ СЯРЭДНЯВЕЧЧА (Х-ХІІІ стст.)

РАЗДЗЕЛ V. СЯРЭДНЯВЕЧНЫ ГОРАД. РОСКВІТ ГАРАДСКОГА САМАКІРАВАННЯ

I. Заходнееўрапейскі горад у V-VІІ стст.

2. Горадабудаўніцтва ў Еўропе ў IX ст.

3. Феадальная ўрбанізацыя Еўропы Х-ХІІІ стст.

4. Гарады ўсходніх і заходніх славян

5. Магдэбургскае права

6. Візантыйскія гарады

РАЗДЗЕЛ VI. ПРАЦЯГ ХРЫСЦІЯНІЗАЦЫІ ЕЎРОПЫ

1. Пашырэнне хрысціянства ў Еўропе ў Х-ХІІІ стст.

2. Роля царквы ў адукацыі і асвеце

3. Царкоўны раскол 1054 г. і ўзмацненне каталіцкай царквы ў Заходняй Еўропе

4. Крыжовыя паходы

5. Рух альбігойцаў (катарызм). Стварэнне інквізіцыі

РАЗДЗЕЛ VII. КРАІНЫ ЗАХОДНЯЙ ЕЎРОПЫ Ў Х-ХІІІ стст.

1. Феадальнае грамадства Заходняй Еўропы

2. Штодзённае жыццё

3. Францыя ў Х-ХІІІ стст.

4. Германія ў Х-ХІІІ стст. Стварэнне Свяшчэннай Рымскай імнерыі нямецкага народа

5. Англія

6. Гарады-дзяржавы Італіі

7. Стварэнне саслоўна-прадстаўнічых манархій

РАЗДЗЕЛ VIII. КРАІНЫ ПАЎНОЧНАЙ I ЦЭНТРАЛЬНАЙ ЕЎРОПЫ ў Х-ХІІІ стст.

I. Гісторыя народаў Скандынавіі ў Х-ХІІІ стст.

2. Паўночная імперыя

3. Палабскія славяне

4. Узнікненне Польскай дзяржавы

5. Стварэнне Чэшскага каралеўства

6. Прыход венграў (мадзьяраў) у Цэнтральную Еўропу

РАЗДЗЕЛ IX. ВІЗАНТЫЯ I ПАЎДНЁВЫЯ СЛАВЯНЕ Ў Х-ХІІІ стст.

1. Візантыя ў Х-ХІІІ стст.

2. Першае Балгарскае царства: працяг гісторыі

3. Другое Балгарскае царства

4. Утварэнне Сербскай дзяржавы

РАЗДЗЕЛ X. КІЕЎСКАЯ РУСЬ I ЎСХОДНЕСЛАВЯНСКІЯ КНЯСТВЫ X - ПАЧАТКУ XIII СТСТ.

1. Кіеўская Русь у Х-ХІ стст.

2. Першая беларуская дзяржава - Полацкая зямля

3. Смаленская зямля

4. Чарнігаўская зямля

5. Турава-Пінская зямля

6. Уладзіміра-Суздальская зямля

7. Галіцка-Валынская зямля

8. Узнікненне Ноўгарадскай Рэспублікі

РАЗДЗЕЛ XI. КАЧЭЎНІКІ ПАЎДНЁВАЙ ЕЎРОПЫ X - XII стст. З'ЯЎЛЕННЕ Ў ЕЎРОПЕ МАНГОЛА-ТАТАРАЎ I СТВАРЭННЕ ЗАЛАТОЙ АРДЫ

1. Печанегі

2. Полаўцы

3. Сярэднявечны Крым. Гісторыя Херсанеса

4. Тмутаракань

5. Волжская Булгарыя

6. Стварэнне Залатой Арды

РАЗДЗЕЛ XII. ТЭЎТОНСКІ ОРДЭН I ЗАВАЯВАННЕ НАРОДАЎ ПРЫБАЛТЫКІ. УТВАРЭННЕ ВКЛ

I. Балцкія і фіна-ўгорскія плямёны Прыбалтыкі ў ІХ-ХІІ стст.

2. Славянская каланізацыя. Гарадзенскае княства

3. З'яўленне крыжакоў на землях Латвіі і Эстоніі. Ордэн мечаносцаў

4. Тэўтонскі ордэн у XIII ст.

5. Утварэнне ВКЛ. Старажытны Наваградак

6. Княжанне Віценя (1295-1316)

РАЗДЗЕЛ XIII. КУЛЬТУРА СЯРЭДНЯВЕЧЧА

1. Раманскі стыль (ХІ-ХІІ стст.)

2. Еўрапейская готыка XII-XIII стст.

3. Уплыў асноўных рэлігій на ўжыванне ежы і напояў

4. Адзенне еўрапейцаў

5. Штодзённае жыццё еўрапейцаў

6. Сістэма адукацыі і развіцця навукі

ЧАСТКА III. ПОЗНЯЕ СЯРЭДНЯВЕЧЧА (ХІV-ХV стст.)

РАЗДЗЕЛ XIV. ГАРАДЬІ - ДЗЯРЖАВЫ ІТАЛІІ

1. Перадумовы Рэнесансу ў гарадах-дзяржавах Італіі

2. Венецыя

3. Генуя

4. Фларэнцыя

5. Мілан

6. Рым

7. Паўднёвая Італія

РАЗДЗЕЛ XV. ФРАНЦЫЯ I АНГЛІЯ

1. Стагадовая вайна

2. Паўстанне Жакерыя

3. Паўстанне Уота Тайлера

4. Міжусобная вайна XV ст. у Англіі

5. Герцагства Бургундыя

6. Завяршэнне аб'яднання Францыі

РАЗДЗЕЛ XVI. СВЯШЧЭННАЯ РЫМСКАЯ ІМПЕРЫЯ. ГУСІЦКІЯ ВОЙНЫ

1. Палітычная сітуацыя ў Свяшчэннай Рымскай імперыі

2. "Залатая була"

3. Ганзейскі саюз гарадоў

4. Тэўтонскі і Лівонскі ордэны ў XIV-XV стст.

5. Швейцарыя

6. Венгрыя

7. Чэхія

8. Гусіцкія войны

РАЗДЗЕЛ XVII. ПОЛЬШЧА Ў ХІV-ХV стст.

1. Польшча ў часы Ўладзіслава Лакетка (1320-1333)

2. Уладаранне Казіміра Вялікага (1333-1370)

2. Людовік Венгерскі і яго дачка Ядзвіга

4. Польшча ў часы дынастыі Ягелонаў

РАЗДЗЕЛ XVIII. ВКЛ У ХІV-ХV стст.

1. Уладаранне Гедыміна (1316-1341)

2. ВКЛ у часы Альгерда і Кейстута

3. Вялікі князь Вітаўт і яго княжанне

4. ВКЛ пад уладай Казіміра Ягелончыка (1440-1492)

РАЗДЗЕЛ XIX. ЗАЛАТАЯ АРДА. ВЯЛІКАЕ КНЯСТВА МАСКОЎСКАЕ - УЛУС ЗАЛАТОЙ АРДЫ

1. Залатая Арда ў XIV-XV стст.

2. Узнікненне Масквы. Палітыка маскоўскага князя Івана I (Каліты)

3. Вялікае Княства Маскоўскае ў другой палове XIV - першай палове XV стст.

4. Вызваленне ад улады Залатой Арды. Палітыка князя Івана III.

РАЗДЗЕЛ XX. УСХОДНЕСЛАВЯНСКІЯ ДЗЯРЖАВЫ ХІV -ХV стст.: НАЎГАРОДСКАЯ I ПСКОЎСКАЯ РЭСПУБЛІКІ. ВЯЛІКІЯ КНЯСТВЫ СМАЛЕНСКАЕ, ЦВЯРСКОЕ I РАЗАНСКАЕ

1. Наўгародская рэспубліка ў XIV-XV стст.

2. Пскоўская рэспубліка

3. Вялікае Княства Смаленскае

4. Вялікае княства Цвярское

5. Вялікае Княства Разанскае

РАЗДЗЕЛ XXI. ДАЦКАЕ КАРАЛЕЎСТВА. КАЛЬМАРСКАЯ УНІЯ. ШВЕЦЫЯ, НАРВЕГІЯ I ФІНЛЯНДЫЯ Ў ХІV-ХV стст.

1. Данія

2. Нарвегія

3. Швецыя і Фінляндыя

РАЗДЗЕЛ XXII. ЗАХОП ТУРКАМІ ВІЗАНТЫІ I ПАЎДНЁВА-СЛАВЯНСКІХ ДЗЯРЖАЎ

1. Візантыя ў ХІV-ХV стст.

2. Узнікненне дзяржавы Асманаў

3. Балгарыя і Сербія ў XIV ст.

4. Аблога і штурм Канстанцінопаля

РАЗДЗЕЛ XXIII. КАТАЛІЦКАЯ ЦАРКВА Ў ХІV-ХV стст.

1. Каталіцкая царква на мяжы XIII і XIV стст.

2. Авіньёнскі палон папаў (1309-1377 гг.)

3. "Вялікі раскол" (1378-1417 гг.)

4. Канстанцкі сабор (1414-1418 гг.) і саборны рух

РАЗДЗЕЛ XXIV. СТВАРЭННЕ ІСПАНСКАЙ ІМПЕРЫІ I ПАРТУГАЛЬСКАЕ КАРАЛЕЎСТВА. ПАЧАТАК ВЯЛІКІХ ГЕАГРАФІЧНЫХ АДКРЫЦЦЯЎ

1. Кастыльскае каралеўства

2. Каралеўства Арагон

3. Узнікненне Іспаніі

4. Партугалія

5. Пачатак геаграфічных адкрыццяў у XV ст.

РАЗДЗЕЛ XXV. МАСТАЦТВА ЗАХОДНЯЙ ЕЎРОПЫ. РАЗВІЦЦЁ НАВУКІ I ТЭХНІКІ Ў ХІV-ХV стст.

1. Феномен італьянскага Адраджэння і яго этапы

2. Пачатак Паўночнага Рэнесансу

3. Змена ў архітэктуры Еўропы ў ХІV-ХV стст.

4. Развіццё навукі і тэхнікі

5. Узнікненне ўсходнеславянскай і еўразійскай цывілізацый (замест заключэння)

НАЙВАЖНЕЙШЫЯ ПАДЗЕІ


УВОДЗІНЫ

Гісторыя - гэта навука аб развіцці чалавечага грамадства, якая вывучае мінулае чалавецтва ва ўсёй яго канкрэтнасці і разнастайнасці. У сувязі з гэтым гісторыя складаецца з сусветнай (усеагульнай) гісторыі і гісторыі асобных краін, а таксама асобных кантынентаў. У адпаведнасці з паступовым развіццём гістарычнага працэсу і агульнапрынятай перыядызацыяй гісторыя чалавецтва падзяляецца на гісторыю Першабытнага грамадства, гісторыю Старажытнага свету, гісторыю Сярэднявечча (Сярэдніх вякоў), Новую і Навейшую (Найноўшую) гісторыю.

Трусаў, А. Гісторыя сярэднявечнай Еўропы V - XV ст.ст. / Алег Трусаў. - Мінск, 2016. - 356 с.

Гістарычная навука мае сваё тэрміналагічнае кола, якое складаецца з канкрэтных вызначэнняў, з дапамогай якіх даецца апісанне гістарычных працэсаў. Адным з базавых вызначэнняў гісторыі з'яўляецца паняцце "цывілізацыя" . Гэты тэрмін прапанавалі французскія пісьменнікі ў другой палове XVIII ст. для абазначэння грамадства, або людской супольнасці, заснаванай на пачатках розуму і справядлівасці. Такое грамадства супрацьпастаўлялася "прыроднаму", прымітыўнаму, або неразвітому ці "варварскаму".

Сучасная гісторыя і філасофія распрацавалі некалькі розных вызначэнняў гэтага тэрміна. Гэта - зямная цывілізацыя, якая адрозніваецца ад магчымых незямных цывілізацый, або цывілізацыя як пэўная стадыя ў развіцці культуры чалавецтва. Сучасныя гісторыкі прапануюць такі тэрмін як "лакальная цывілізацыя" . Асноўнымі прыкметамі такой цывілізацыі з'яўляюцца наяўнасць дзяржавы, пісьмовасці, манументальнай архітэктуры, адзінай культурна-гістарычнай агульнасці, якая мае адноснае адзінства духоўнага (рэлігійнага), грамадска-палітычнага і гаспадарчага жыцця. Першыя лакальныя цывілізацыі ўзніклі ў Афрыцы і Азіі тады, калі мясцовае насельніцтва гэтых кантынентаў ва ўмовах спрыяльнага клімату пачало пераходзіць ад ручнога земляробства да ворыўнага, а таксама ад племяннога грамадства да пачатковых формаў дзяржаўнасці. Усяго разам вучоныя налічваюць больш за дваццаць цывілізацый, якія займалі і займаюць вялізныя культурныя рэгіёны з некалькімі, ці нават многімі, дзяржавамі.

Важную ролю ў стварэнні і развіцці розных цывілізацый адыгралі рэлігіі, асабліва сусветныя, такія як хрысціянства, іслам і некаторыя іншыя. Наша кніга прысвечана еўрапейскім цывілізацыям Сярэднявечча, якія або былі спадкаемцамі антычнай цывілізацыі, або склаліся менавіта ў гэтую гістарычную эпоху.

У сярэднявечнай Еўропе пытанне аб сэнсе гісторыі разглядалася праз прызму рэлігіі. Жыхары Еўропы, якія былі хрысціянскімі вернікамі, лічылі, што ходам гістарычнага працэсу кіруе Бог і ўсё залежыць толькі ад яго. У падмурку гэтай канцэпцыі ляжыць погляд на гісторыю хрысціянскага філосафа Аўрэлія Аўгусціна ( Блажэннага , 354-430), які лічыў, што людзі толькі выканаўцы Боскага плану. Змест гісторыі ён бачыў у набліжэнні чалавецтва да Царства Боскага, дзе для праведных існуе гармонія і несмяротнасць. У адзінага Бога, які ўсё вырашае, верылі і мусульмане, якія з'явіліся на поўдні Еўропы ў VIII ст.

Галіна гістарычнай навукі, якая вывучае гісторыю Сярэднявечча, прычым пераважна Еўропы, мае назву "медыявістыка" . Гэты тэрмін паходзіць ад двух лацінскіх слоў: "medius" (сярэдні) і "аеvum" (век, эпоха). Гісторыкі Cярэднявечча, якія пісалі хронікі, ці "гісторыі", пачыналі свае аповеды ад стварэння свету і даводзілі іх да апісання будучага Страшнага суда. Аднак ужо ў познім Сярэднявеччы з'яўляліся хронікі, прысвечаныя асобным значным падзеям, гісторыям асобных гарадоў або кароткіх гістарычных перыядаў.

Сам тэрмін "сярэднія вякі" прыдумалі ў ХV-ХVІ стст. італьянскія гуманісты, якія ўпершыню вылучылі гісторыю сярэдніх вякоў у асобны перыяд. Яны звярнулі ўвагу на сістэму феодаў і палітычную раздробленасць у гэтыя часы. Гісторыкі эпохі Асветніцтва ў XVIII ст. першымі сфармулявалі такое вызначэнне, як "феадалізм", - грамадскі лад, што панаваў у сярэднявечнай Еўропе. У XIX ст. французскія гісторыкі падзялілі сярэднявечнае грамадства на класы (станы) і апісвалі барацьбу гэтых груп людзей паміж сабою. У гэты час былі надрукаваныя і ўведзеныя ў шырокі навуковы ўжытак шматлікія першакрыніцы эпохі Сярэднявечча.

У XIX ст. склаліся нацыянальныя гістарычныя школы , якія разглядалі праблемы гісторыі Сярэднявечча ў адпаведнасці са сваімі нацыянальнымі поглядамі. Так, нямецкія гісторыкі бачылі ў германскіх плямёнах заснавальнікаў заходнееўрапейскай (каталіцкай) цывілізацыі. З імі спрачаліся французскія даследчыкі, якія бачылі ў фарміраванні тагачаснага еўрапейскага грамадства рымскія, антычныя карані.

У першай палове XIX ст. медыявістыка склалася як навука і ў Расійскай імперыі. Тут ішлі спрэчкі паміж "нарманістамі", якія лічылі, што ў аснове феадальнай Расіі ляжаць варажскія, "нарманскія" карані, і іх супернікамі, якія стварылі "панславізм" - ідэю аб'яднання ўсіх славян у межах Расійскай імперыі.

У Віленскім універсітэце ў канцы XVIII ст. была створана кафедра ўсеагульнай гісторыі, дзе перыяд Сярэднявечча выкладалі ў розныя часы Ёахім Лялевель, Тамаш Гусажэўскі і Ігнат Анацэвіч . Наш зямляк Францішак Папроцкі яшчэ ў 1756 г. выдаў гістарычную працу "Еўропа з найстаражытнейшых часоў", якая некалькі разоў перавыдавалася. Аляксандр Здановіч , выкладчык Віленскага шляхецкага інстытута, у сярэдзіне XIX ст. надрукаваў "Нарыс усеагульнай гісторыі", дзе таксама ішла гаворка пра эпоху Сярэднявечча. У XIX ст. у Германіі ўзнік марксізм , палітычная плынь, якая разглядала Сярэднявечча як час панавання феадалізму. Рухальнай сілай гісторыі марксісты лічылі класавую барацьбу паміж феадаламі і прыгоннымі сялянамі. Падмуркам феадалізму, на іх думку, была феадальная зямельная ўласнасць. У XX ст. у СССР і ў краінах "сацыялістычнага лагера" панаваў дыктат марксісцкага погляду на гісторыю. Вывучэнню паўстанняў сялян і гараджан надавалася асаблівая ўвага, бо гэта сведчыла пра "галоўны стрыжань гісторыі" - класавую барацьбу.

У Францыі навукоўцы Марк Блок і Люсьен Фэўр у 1929 г. пачалі выдаваць часопіс "Аналы", вакол якога склалася гістарычная школа "Аналаў". Прадстаўнікі гэтай школы пачалі вывучаць светапогляд чалавека адпаведнай эпохі, яго духоўны свет і ментальнасць, і асабліва побыт простага чалавека, прадстаўніка так званай "маўклівай большасці".

Для гісторыі Беларусі эпоха Сярэднявечча надзвычай важная. Так, у перыяд ранняга Сярэднявечча на гістарычную сцэну Еўропы выходзяць нашыя далёкія продкі-славяне, якія паступова засяляюць тэрыторыю сённяшняй Беларусі, дзе да іх прыходу жылі плямёны балтаў. Менавіта тут узнікаюць першыя ўсходнеславянскія дзяржаўныя ўтварэнні, спачатку княствы, а потым - у XII ст. - землі. Менавіта ў XII ст., дзякуючы візантыйскаму ўплыву (хрысціянства, пісьмовасць і манументальнае дойлідства), пачынае фармавацца сённяшні беларускі народ, які ў XIII ст. стварыў разам з суседнімі балцкімі плямёнамі адну з найбуйнейшых еўрапейскіх краін - Вялікае Княства Літоўскае, росквіт якога прыпадае на XV ст.

Сучасная медыявістыка падзяляе Сярэднявечча Еўропы на тры этапы:

VІ-ІХ стст. - ранняе Сярэднявечча.

X-XIII стст. - высокае Сярэднявечча.

ХІV-ХV стст. - позняе Сярэднявечча.

Беларускія гісторыкі на тэрыторыі нашай краіны таксама традыцыйна вылучаюць тры перыяды Сярэднявечча:

VI (VII) - IX стст. - перыяд дафеадальнага грамадства.

Х-ХІІІ стст. - час усталявання феадальных адносін.

ХІV-ХV стст. - час росквіту феадальных адносін у ВКЛ.

У гэтай кнізе сцісла і паслядоўна разглядаюцца асноўныя моманты гісторыі Еўропы на ўсёй яе тэрыторыі, прычым значная ўвага накіраваная менавіта на Беларусь як складовую частку еўрапейскай цывілізацыі. У канцы кожнай тэмы раскрываюцца асноўныя тэрміны, выкладаецца храналогія падзей. Кнігай могуць карыстацца ўсе, хто цікавіцца еўрапейскай медыявістыкай.

Аўтар выказвае сваю падзяку Алене Анісім за спрыянне ў падрыхтоўцы рукапісу кнігі.


ЧАСТКА I. ЕЎРОПА Ў РАННІМ СЯРЭДНЯВЕЧЧЫ (V-ІХ стст.)

РАЗДЗЕЛ I. НАРОДЫ ЗАХОДНЯЙ I ПАЎНОЧНАЙ ЕЎРОПЫ. РОЛЯ ЗАХОДНЯЙ ЦАРКВЫ

1. Заходняя Еўропа ў V-VІІІ стст.

Канец адзінай Рымскай імперыі. Рымская імперыя пасля заваявання кельцкіх плямёнаў у Галіі выйшла на мяжу са шматлікімі германскімі плямёнамі, што насялялі Паўночную і частку Цэнтральнай Еўропы. Доўгі час абарончыя ўмацаванні рымлян, размешчаныя на берагах Рэйна і Дуная, стрымлівалі набегі германцаў. Аднак у IV - пачатку V ст. германскія плямёны рассяліліся на большай частцы тэрыторыі Заходняй Рымскай імперыі. Яны прызнавалі ўладу рымскіх імператараў, неслі вайсковую службу і абаранялі імперыю ад нападаў іншых плямёнаў. Пры гэтым германскія плямёны нярэдка ваявалі і паміж сабою. Жылі германцы паводле правілаў "ваеннай дэмакратыі", калі большасць важных пытанняў жыцця племені вырашалі на сваіх сходах узброеныя ваяры. Паступова ўзнікла праслойка багатых германцаў, з асяроддзя якіх абіраліся правадыры плямёнаў. Тыя, у сваю чаргу, пазней ператвараліся ў незалежных кіраўнікоў-каралёў, якія стваралі свае незалежныя дзяржавы, так званыя "варварскія каралеўствы". Заняўшы значныя тэрыторыі Заходняй Рымскай імперыі, германскія плямёны фактычна прывялі іх да заняпаду. Большасць гарадоў, у тым ліку Рым, былі разбураныя, а іх насельніцтва значна скарацілася. Заваёўнікі разбуралі храмы-святыні, палацы і тэатры, знішчалі скульптуры ды іншыя творы антычнага мастацтва. Найбольш актыўна гэтым займалася германскае племя вандалаў, найперш пры захопе імі Рыма. Прычым рабілі вандалы гэта з нейкай асаблівай асалодай і таму ўвайшлі ў гісторыю як актыўныя разбуральнікі аб'ектаў культуры і мастацтва. Цяпер "вандаламі" называюць людзей, якія свядома разбураюць або знішчаюць гістарычныя ці культурныя помнікі, творы мастацтва. Аднак простыя германцы, якія трапілі на ўраджайныя землі Рымскай імперыі, пачалі актыўна займацца сельскай гаспадаркай, у першую чаргу земляробствам ці жывёлагадоўляй. Кожная сям'я мела свой уласны надзел ворнай зямлі, які самі апрацоўвалі. Лясамі, рэкамі, азёрамі і лугамі карысталіся супольна ўсе жыхары германскай вёскі. Заможныя германцы пачалі выкарыстоўваць дзеля свайго дабрабыту захопленых мясцовых жыхароў імперыі, асабліва былых нявольнікаў і калонаў. Кожны з іх атрымаў у карыстанне асобны ўчастак зямлі. За гэта ён аддаваў новаму гаспадару пэўную долю сабранага ўраджаю.

Новых гаспадароў было няшмат. Яны складалі толькі каля 5 % ад усіх жыхароў заваяваных імі тэрыторый. Склалася новая сістэма агульнага пражывання. Рымляне жылі паводле сваіх старых законаў, а германцы - па звычаях сваіх плямёнаў. Падаткі ўладам плацілі толькі рымляне, а вось у войску служылі толькі германцы. Рымляне ў асноўным былі хрысціянамі, а германцы - язычнікамі (паганцамі), і таму правадыры плямёнаў пачалі масава прымаць розныя формы хрысціянства і пераводзіць у новую рэлігію сваіх супляменнікаў. Пасля пераходу новых гаспадароў у хрысціянства розніца паміж германцамі і рымлянамі пачала знікаць. Забарона ўступаць у шлюбы паміж рымлянамі і германцамі была паступова скасаваная. Германцы пачалі плаціць падаткі, а рымляне - служыць у войску. У выніку гэтага мясцовае рымскае насельніцтва асімілявала шматлікія германскія плямёны, і ў Еўропе ўзніклі новыя народы з агульнай мовай, рэлігіяй, культурай і ўладай.

Дзяржава Адаакра. У жніўні 476 г. правадыр германскіх плямёнаў, што жылі ў паўночнай Італіі, Адаакр падняў паўстанне і скінуў з трона апошняга імператара Ромула Аўгустула . Узнікла дзяржава Адаакра.

Мясцовы рымскі Сенат прызнаў уладу Адаакра, і з гэтым пагадзіўся імператар Усходняй Рымскай імперыі (Візантыі) Зянон . Ён прызначыў Адаакра сваім прадстаўніком на Захадзе і надаў яму годнасць патрыцыя. Новая дзяржава фармальна прызнавала ўладу Візантыі, але праводзіла незалежную ўнутраную палітыку.

Германцы атрымалі 1/3 частку ўсіх земляў, а кароль забраў сабе землі, якімі непасрэдна валодаў рымскі імператар. Галоўнай працоўнай сілай засталіся рабы і калоны, а рымскі Сенат працягваў выконваць свае функцыі. Рымляне таксама служылі ў войску і ўваходзілі ў склад дзяржаўнай рады пры каралі. Адаакр заключыў пагадненне з каралеўствам вандалаў, якія засялілі паўночную Афрыку, і ўмацаваў паўночныя межы каралеўства, а таксама надаў свайму сыну тытул цэзара. У адпаведнасці з рымскімі законамі цэзар мог з цягам часу стаць аўгустам (імператарам). Гэта вельмі не спадабалася Візантыі, і яна вырашыла знішчыць дзяржаву Адаакра рукамі моцнага германскага племені готаў. У пачатку н. э. готы жылі на поўначы Еўропы, у Скандынавіі, але потым пачалі рухацца на поўдзень і нават некалькі стагоддзяў жылі часткова і на тэрыторыі Беларусі (некаторыя раёны Брэсцкай вобласці). Пазней яны захапілі частку Крыма і выйшлі на мяжу з Візантыяй. У ІV-V стст. готы падзяліліся на дзве вялікія групы: заходніх і ўсходніх готаў.

Правадыр остготаў (усходніх готаў) Тэадорых пачаў пагражаць сталіцы Візантыі - Канстанцінопалю. Але візантыйцы здолелі з ім дамовіцца і накіраваць войска ост-готаў на захоп Італіі. У 490 г. пачалася вайна остготаў з Адаакрам, падчас якой войска апошняга было разбіта, а сам ён, пасля таго як здаў Тэадорыху сваю сталіцу Равену, быў вераломна забіты ў 493 г.

Остгоцкае каралеўства. Тэадорых, які пазней атрымаў імя Тэадорых Вялікі (493-526), стаў першым каралём новай дзяржавы. Яго ўладу ў Італіі прызнаў імператар Візантыі Зянон, а потым яго наступнік - Юстыніян . Тэадорых праводзіў актыўную знешнюю палітыку. У выніку працяглай вайны ён падпарадкаваў сабе вестготаў (заходніх готаў) і пасля 511 г. на працягу 15 гадоў фактычна ўладарыў у гэтым каралеўстве на Пірэнейскім паўвостраве.

Пасля рассялення ў паўночнай Італіі готы атрымалі 1/ 3 частку ўсіх земляў, у першую чаргу тых, якімі ўжо валодалі германцы Адаакра. Узнікла шмат дробных землеўладанняў, вольных сялян-абшчыннікаў, якіх падтрымлівала каралеўская ўлада. Тэадорых запрасіў з Паўночнай Афрыкі інжынераў-меліяратараў, якія ўвялі ў гаспадарчае абарачэнне шмат забалочанай зямлі. Італія цалкам забяспечыла сябе харчаваннем і нават пачала прадаваць збожжа за мяжу. Актыўна будаваліся гарадскія ўмацаванні, масты, дарогі, водаправоды ў Рыме і Равене. Непадалёк ад Равены быў пабудаваны маўзалей Тэадорыха, узор дараманскага мастацтва, які захаваўся да нашага часу.

Гэты маўзалей збудаваны з вапняку і мае два дзесяцігранныя ярусы (паверхі), накрытыя дзесяціметровым купалам, зробленым з суцэльнага 300-тоннага каменя. Паколькі магчымасці падняць гэтую цяжкую пліту ў готаў не было, яны засыпалі маўзалей зямлёю па самы верх, потым зацягнулі купал на верх будынка, а зямлю выдалілі. На верхнім ярусе знаходзіцца саркафаг Тэадорыха, зроблены з парфірнага каменю. Унутранае памяшканне яруса пабудавана ў форме крыжа. Святло трапляе ўнутр праз шэсць невялікіх вокнаў, размешчаных па перыметры.

Актыўна развіваліся гандаль і рамёствы. Дзейнічалі дзяржаўныя манетныя двары, быў створаны вялікі марскі флот. Прававая сістэма каралеўства грунтавалася на выдадзеным каля 500 г. "Эдыкце Тэадорыха", зборніку законаў са 155 артыкулаў. Каралеўская рада складалася з прадстаўнікоў гоцкай знаці і рымскай арыстакратыі, і дзейнічаў Сенат Рыма. Узніклі гоцкія магнаты, якія мелі дружыну з двух-трох тысяч ваяроў, і таму каралеўская ўлада страціла былую моц. Пасля смерці Тэадорыха ў 526 г., каралём абралі яго малалетняга ўнука Атапарыха (526-534), але краінай практычна кіравала яго дачка, маці маладога караля Амаласунта . Каралева пачала патаемныя перамовы з Візантыяй, каб атрымаць адтуль падтрымку. У гэты час памірае яе сын, і да ўлады прыходзіць яе стрыечны брат Тэадахад , які ў выніку і арганізаваў забойства былой каралевы.

У 534 г. войскі Візантыі пачалі вайну з остготамі. У 536 г. яны захапілі Рым, а ў 540 г. - Равену. Готы яшчэ доўга супраціўляліся на поўначы Італіі, але ў 553 г. былі канчаткова разбітыя, і іх дзяржава спыніла сваё існаванне.

Каралеўства лангабардаў. Лангабарды прыйшлі ў Італію з Дуная ў 568 г. і пачалі заваяванне Апенінскага паўвострава. Яны захапілі частку Усходняй Галіі, а таксама Паўночную і Сярэднюю Італію. Узнікла каралеўства лангабардаў. Новыя заваёўнікі вельмі жорстка ставіліся да мясцовага рымскага насельніцтва і рассяляліся кроўнародавымі грамадамі (фарамі), якія паступова пераўтвараліся ў суседскія абшчыны. Рымскія землеўласнікі або гвалтоўна зганяліся са сваёй зямлі, або плацілі заваёўнікам 1/ 3 частку ўсіх сваіх прыбыткаў.

У лангабардаў існавала двайная сістэма ўлады - каралеўская і герцагская (улада мясцовых магнатаў). У VIII ст. герцагі зрабіліся кіраўнікамі адміністрацыйных акруг і разам з каралеўскімі чыноўнікамі склалі пласт вышэйшых службовых асоб. У сярэдзіне VIII ст. была праведзена вайсковая рэформа, у выніку якой маламаёмныя сяляне вызваляліся ад вайсковай службы, больш багатыя служылі ў пяхоце, самыя заможныя - у кавалерыі. Аднак у 774 г. каралеўства лангабардаў, апошняе варварскае каралеўства ў Еўропе, заваявалі франкі.

Каралеўства свеваў узнікла ў сярэдзіне - другой палове V ст. на тэрыторыі Пірэнейскага паўвострава, займала тэрыторыі сучаснай Галісіі і паўночную частку Лузітаніі. Мясцовае іспана-рымскае насельніцтва жыло па сваіх рымскіх законах, і два народы існавалі на адной тэрыторыі паралельна.

У 468 г. на тэрыторыю Пірэнеяў прыйшло войска вестготаў, якія за некалькі гадоў захапілі амаль увесь паўвостраў і частку Галіі. Так пачало сваё існаванне Каралеўства вестготаў . Заваёўнікі ў 506 г. прынялі спецыяльны звод законаў, "Брэвіярый Аларыха" .

Была захавана прыватная ўласнасць на зямлю, падзел людзей на вольных і нявольнікаў, пэўныя прывілеі для мясцовых сенатараў і муніцыпальны лад гарадоў.

У пачатку VI ст. пачаліся войны з франкамі. У 507 г. франкі захапілі землі вест-готаў у Галіі. Але ў 532 г. вест-готы разбілі франкаў пад Сарагосай і захавалі сваю незалежнасць. У 585 г. яны захапілі Каралеўства свеваў, выйгралі вайну з Візантыяй і занялі ўвесь Пірэнейскі паўвостраў. Паступова былі адменены забароны на шлюбы германцаў і іспанарымлян, і ў краіне перамагла Заходняя царква. Біскупы гэтай царквы сталі складовай часткай дзяржаўнага апарату, пачаўся пераслед яўрэяў. Германцы пачалі плаціць падаткі, а іспана-рымляне - служыць у войску.

У 677 г. пачаліся войны з арабамі, якія да 714 г. заваявалі амаль увесь Пірэнейскі паўвостраў. Рэшткі вестготаў замацаваліся толькі ў гарах на поўначы Пірэнеяў. У 718 г. яны здолелі разбіць арабскі атрад і захавалі незалежнасць. З гэтага часу пачалася Рэканкіста, якая скончылася перамогай хрысціян над мусульманамі ў 1492 г.

Германскія дзяржавы Брытаніі . У пачатку V ст. рымскія войскі пакінулі Брытанію, і мясцовае кельцкае насельніцтва непасрэдна сутыкнулася з варварамі. Кельты звярнуліся па дапамогу да германскіх плямёнаў англаў, саксаў і ютаў. Германскія плямёны, якія паступова рассяліліся на тэрыторыі сучаснай Англіі, стварылі шмат дробных каралеўстваў, якія часам называюць "племяннымі каралеўствамі". У VII ст. існавала сем германскіх каралеўстваў. Тры з іх стварылі англы ў цэнтральнай і паўночна-ўсходняй Англіі, тры - саксы на поўдні вострава, а юты мелі каралеўства Кент на паўднёвым усходзе Брытаніі. Кельты (сённяшнія валійцы) стварылі сваю дзяржаву - Уэльс. Існавалі дзяржаўныя ўтварэнні і на тэрыторыі сённяшняй Шатландыі і Ірландыі, дзе жылі таксама кельты. Менавіта ірландцы сталі першымі хрысціянамі на поўначы Еўропы, і іх місіянеры прынеслі хрысціянства заходняга абраду ў германскія каралеўствы на Брытанскіх астравах. Да канца VII ст. хрысціянства стала пануючай рэлігіяй ва ўсіх англасаксонскіх дзяржавах, і іх каралі замацавалі гэта ў сваіх законах.

Падзеі старадаўняй гісторыі англасаксаў знайшлі сваё ўвасабленне ў міфалагічна-гераічным эпасе, паэме "Бэўвульф", створанай прыкладна ў VIII ст. невядомым аўтарам (сёння вядомы рукапіс, запісаны каля 1000 г.).

2. Дзяржава франкаў. Імперыя Карла Вялікага

У V ст. розныя германскія плямёны рассяліліся на тэрыторыі Галіі і паступова пачалі ствараць тут свае варварскія каралеўствы.

У сярэдзіне V ст. узнікла каралеўства бургундаў са сталіцай Ліёне. Бургунды былі падзелены на тры станы: вышэйшы - знаць, дружыннікі караля і біскупы; сярэдні (асноўны) стан - вольныя ваяры -земляробы; ніжэйшы - вольныя беззямельныя сяляне. Ніжэй стаялі нявольнікі. Шлюбы паміж рымлянамі, якія жылі паводле сваіх законаў, і германцамі, былі забароненыя.

Аднак у VI ст. у Галіі перамаглі франкі. Разбіўшы вестготаў і захапіўшы ў 507 г. іх сталіцу ў Тулузе, франкі ў 534 г. заваявалі каралеўства бургундаў. Лідарам франкаў стаў кароль Хлодвіг , які нарадзіўся каля 465 г. У 497 г. яго войскі разбілі атрады алеманаў , потым занялі тэрыторыі вестготаў і бургундаў. У 508 г. яго ўладу прызнала Візантыя. Менавіта Хлодвіг прыняў хрысціянства, што спыніла варожасць паміж рымлянамі і франкамі і забяспечыла яго падтрымку мясцовага духавенства. Пасля ягонай смерці ў 511 г. да ўлады прыйшлі яго сыны ды іх нашчадкі. Да сярэдзіны VI ст. франкі заваявалі землі баварцаў, цюрынгаў і алеманаў. Дынастыя каралёў франкаў, якая паходзіла ад Хлодвіга, атрымала назву Меравінгскай і кіравала краінай да сярэдзіны VIII ст.

Паступова вольныя сяляне-землеўласнікі пачалі залежаць ад багатых землеўласнікаў. Гэтая залежнасць атрымала назву камендацыя . У гэтую залежнасць вольныя сяляне траплялі тады, калі прасілі абараніць сябе і сваю маёмасць у свецкага ці духоўнага магната. Даволі часта яны атрымлівалі ад яго і зямельны надзел. Вольнасць селяніна захоўвалася, але калі ён адмаўляўся ад падтрымкі свайго патрона, то губляў сваю маёмасць і зямельны надзел. Пра гэта сведчыць збор законаў франкаў, што атрымаў назву "Салічная праўда".

Кароль франкаў меў амаль неабмежаваную ўладу і перадаваў яе сваім нашчадкам. Усё насельніцтва каралеўства, якое дасягала ўзросту 12 гадоў, прыносіла прысягу вернасці каралю, калі ён займаў трон. Любое парушэнне загадаў караля каралася аж да вынясення выраку смерці. Кароль выдаваў свае законы, якія называліся эдыктамі, ці дэкрэтамі. Паступова вакол караля ўзнік каралеўскі двор, які стаў цэнтральным апаратам кіравання. Узніклі пасады міністраў, якія кіравалі слугамі і нявольнікамі. Першы, галоўны міністр караля, меў тытул маярдома .

Франкская дзяржава складалася з асобных адміністрацыйных адзінак - графстваў . Імі кіравалі графы, якія прызначаліся каралём. З пачатку VII ст. графамі прызначалі толькі магнатаў. Уся ўлада ў графстве належала графу, які меў узброены атрад. Сабраныя падаткі і штрафы граф пасылаў у каралеўскую казну, пакідаючы сабе трэцюю частку ад усіх прыбыткаў. На базе графства ўтвараліся і большыя адміністрацыйныя адзінкі - герцагствы на чале з герцагамі, якія кіравалі вайсковымі атрадамі графаў падчас вайны. Самі графствы дзяліліся на сотні . Сотнікаў прызначаў кароль ці граф.

У VIII ст. дзяржава франкаў паступова распалася на амаль незалежныя дзяржавы, прычым рэальную ўладу там мелі не каралі, а іх маярдомы. Паступова маярдомы пачалі перадаваць сваю ўладу ў спадчыну і нават прызначаць каралёў. Сярод самых уплывовых маярдомаў франкаў вызначыўся Піпін . Яго сын Піпін ІІ пачаў аб'ядноўваць асобныя дзяржаўныя ўтварэнні франкаў у адзінае каралеўства. Гэтую нялёгкую працу завяршыў сын апошняга Карл Мартэл (ад франц. "молат"). Менавіта ён у 732 г. разбіў войска арабаў каля Пуацье. Карл Мартэл здзейсніў бенефіцыяльную рэформу з мэтай стварэння моцнага коннага войска. З мэтай умацавання сваёй улады кароль пачаў раздаваць свае землі слугам не ў прыватную ўласнасць, як гэта было раней, а ва ўмоўнае і часовае ўладанне ў выглядзе бенефіцыя . Калі ўладальнік бенефіцыя паміраў, яго зямля вярталася каралю, і той мог перадаць яе іншаму слузе. Такім чынам пачала складацца класічная феадальная сістэма. Пасля смерці Карла Мартэла ў 741 г. да ўлады прыйшоў яго сын Піпін III , з мянушкай " Кароткі " (меў маленькі рост). У 751 г. ён абвясціў сябе каралём, што пацвердзіў Рымскі Папа ў 754 г. Так была юрыдычна аформлена новая каралеўская дынастыя - Каралінгаў .

У 768 г. Піпін III памірае. З 768 па 814 г. каралеўствам кіруе яго сын Карл Вялікі . Гэта быў адукаваны чалавек, які ведаў лаціну і крыху грэцкую мову, вучыўся рыторыцы, матэматыцы і граматыцы. Рэзідэнцыяй свайго двара ён зрабіў горад Ахен . Карл Вялікі правёў шмат паспяховых паходаў. Ён заваяваў землі язычнікаў-саксаў і змусіў іх прыняць хрысціянства. У 796 г. яго войскі разбілі армію качэўнікаў-авараў, а таксама захапілі дзяржаву лангабардаў у паўночнай Італіі. На поўдні ён адваяваў у арабаў частку Пірэнейскага паўвострава. Гэтая тэрыторыя атрымала назву "Іспанская марка" . Стварыўшы вялікую дзяржаву, Карл Вялікі з дапамогай Рымскага Папы Льва III 25 снежня 800 г. у Рыме быў каранаваны Папам як "імператар рымлян". У 812 г. імператар Візантыі назваў Карла "імператарам франкаў".

У краіне была праведзена адміністрацыйная рэформа. Амаль усе герцагствы былі ліквідаваныя. Краіна была падзеленая на графствы і сотні на чале з графамі (іх намеснікамі - вікарыямі) і сотнікамі. На ўскраінах дзяржавы былі створаны спецыяльныя вайскова-адміністрацыйныя акругі - маркі, на чале з маркграфамі . Існаваў інстытут каралеўскіх пасланнікаў, якія кантралявалі дзейнасць графаў, прызначаных каралём.

Карл Вялікі вялікае значэнне надаваў адукацыі і развіццю культуры, адвёўшы пры гэтым галоўную ролю царкве заходняга абраду. Афіцыйнай мовай дзяржавы стала лацінская. Да каралеўскага двара было запрошана шмат навукоўцаў з розных краін Еўропы, якія стварылі школу інтэлектуалаў і асяродак падрыхтоўкі каралеўскіх чыноўнікаў. У 798 г. у Ахене пачалі будаваць мураваную святыню, якая была асвечана ў 805 г. як Палацавы храм . Будынак добра захаваўся і ўяўляе сабою шаснаццацівугольны ў плане аб'ём, у які ўпісана васьмівугольная ў плане ўнутраная зала, аздобленая шматлікімі мазаікамі. Пасля смерці (814 г.) Карл Вялікі быў пахаваны ў гэтым храме. Мармуровы магільны склеп з яго мошчамі і цяпер знаходзіцца тут. Чэрап імператара быў умураваны ў залаты бюст Карла Вялікага, што захоўваецца ў скарбніцы цяперашняга Ахенскага сабора. Эпоха Карла Вялікага і яго паплечнікаў, звязаная з іх цікавасцю да антычнай культуры, атрымала назву "Каралінгскае адраджэнне" .

Аднак вялікая імперыя Каралінгаў, якая складалася з мноства народаў, не была трывалай і неўзабаве распалася. Пасля смерці Карла ягоным спадкаемцам стаў яго сын Людовік Набожны" (814-840 гг.). Ён пры жыцці падзяліў дзяржаву паміж сваімі сынамі, якія, урэшце, паўсталі супраць бацькі, разбілі яго войскі і ўзялі яго ў палон. Пазней ён, аднак, зноў вярнуўся да ўлады. У 843 г. у Вердэне браты падзялілі імперыю бацькі на тры часткі. На абломках гэтай дзяржавы склаліся такія краіны, як Германія, Францыя і Італія . Паміж імі існавалі каралеўствы Бургундыя, Праванс і Латарынгія .

3. Заходняе хрысціянства

У канцы IV ст. у Рымскай імперыі хрысціянства было абвешчана адзінай афіцыйнай рэлігіяй. Язычніцтва ва ўсіх яго праявах было забаронена. Таксама забаранілі і тыя плыні хрысціянства ( ерасі) , якія не прызнавалі некаторых догматаў афіцыйнага хрысціянства.

Самым моцным ерэтычным рухам у ІV-ХІ стст. было арыянства . Яго заснаваў александрыйскі святар Арый у IV ст. Ён лічыў, што Хрыстос не сапраўдны Бог, а толькі ўвасабленне Бога-Айца. На Нікейскім саборы ў 325 г. Арыя адлучылі ад царквы, а яго прыхільнікаў абвясцілі ерэтыкамі.

ІІІмат якія варварскія плямёны, што прыйшлі на тэрыторыю Рымскай імперыі, прынеслі туды спачатку менавіта арыянства. Таму ў варварскіх каралеўствах суіснавалі дзве хрысціянскія царквы: арыянская - германцаў і традыцыйная (пазней каталіцкая) - мясцовага рымскага насельніцтва. Арыянамі кіравалі каралі, яны ж прызначалі біскупаў. Арыянскае духавенства выкарыстоўвала родную мову германцаў, на ёй жа чыталася і Біблія. Гоцкі прапаведнік, біскуп Вульфіла ў IV ст. пераклаў Біблію на гоцкую мову.

Аднак на працягу V ст. значная частка варварскіх каралёў у палітычных мэтах перайшла ў традыцыйную (пазней - каталіцкую) веру. Апошнімі арыянамі заставаліся вандалы ў Афрыцы да той пары, пакуль іх не знішчылі візантыйцы. Вялікую ролю ў пашырэнні традыцыйнага хрысціянства адыгралі франкі, якія адразу ад язычніцтва перайшлі ў гэтую веру. Хрысціянамі заходняга абраду з часоў Рымскай імперыі зрабіліся і кельты, асабліва ірландцы. Сярод іх галоўным місіянерам стаў св. Патрык (390-460). Зрабіўшыся біскупам, Патрык узначаліў ірландскую царкву. Ірландскія манахі сталі місіянерамі і распаўсюдзілі хрысціянства заходняга ўзору ў VII ст. у Шатландыі і Англіі.

Усталяванне вяршэнства рымскіх папаў у заходнім хрысціянстве. Першыя хрысціяне лічылі, што самым першым біскупам Рыма быў вучань Хрыста, апостал Пётр, і таму пасада рымскага біскупа была вельмі шанаванай. Менавіта біскупа Рыма пачалі называць Папам (Айцом ). Пачынаючы з канца III ст., Рым паступова страціў значэнне сталіцы імперыі. З 330 г. сталіцай Рымскай імперыі стаў горад Канстанцінопаль . Пасля падзелу імперыі на Заходнюю і Усходнюю імператары Заходняга Рыма мелі сваю рэзідэнцыю ў горадзе Равене. У сувязі з гэтым рымскія біскупы зрабіліся першымі асобамі ў Рыме: яны вялі перамовы з варварамі, баранілі насельніцтва горада ад іх гвалту. Пасля прыходу лангабардаў становішча Рыма зрабілася вельмі небяспечным. У гэты час Папа Рыгор I (Вялікі) стаў першым сапраўдным кіраўніком Рыма, і яго ўладу прызналі хрысціяне не толькі Італіі, але Сіцыліі і нават Галіі.

Вельмі істотна ўмацавалася ўлада рымскіх папаў пасля іх альянсу з франкамі. Пасля таго як Рымскі Папа Стэфан II правёў абрад каранацыі Піпіна Кароткага, той у 756 г. разбіў лангабардаў і перадаў іх землі ва ўласнасць Рымскага Папы. Так узнікла папская дзяржава ў цэнтры Італіі, дзе Папа быў адначасова і духоўным лідарам заходніх хрысціян, і свецкім уладаром. Аднак сваю ўладу Папа не мог перадаць у спадчыну, бо не меў права мець сям'ю і дзяцей (абрад цэлібату ). Таму новага Папу абіралі найвышэйшыя святары (кардыналы) .

Пасля таго як у 800 г. Рымскі Папа каранаваў Карла Вялікага як імператара, Заходняя (будучая каталіцкая) царква стала цэнтралізаванай арганізацыяй на чале з Рымскім Папам, які кіраваў ёю як сапраўдны манарх. Для кіравання царквою ў Рыме была створана бюракратычная структура - курыя . Галоўную ролю ў ёй адыгрывалі кардыналы, асноўныя паплечнікі і радцы Папы. Кардыналы з'явіліся ў VI ст., калі папы пачалі запрашаць на набажэнствы біскупаў з суседніх гарадоў. Далей за Папам і кардыналамі ішлі архібіскупы, біскупы, прэсвітары і дыяканы . Архібіскупы і біскупы кіравалі дыяцэзіямі (тэрыторыямі) заходніх хрысціянскіх краін. Прэсвітары кіравалі асобнымі царкоўнымі адзінкамі вернікаў - прыходамі (парафіямі) . Ім дапамагалі дыяканы. Для мясцовага духавенства абавязковымі былі не толькі загады Папы, але і яго пасланнікаў - легатаў .

Манаства ў Заходняй Еўропе. Першыя манахі з'явіліся ў Егіпце і на Блізкім Усходзе на мяжы III-IV стст. Слова "манах" на старагрэцкай мове абазначала "адзінокі" . Спачатку гэта былі пустэльнікі, якія асобна і вельмі аскетычна жылі на бязлюддзі: яны ўвесь час маліліся і думалі пра Бога. Некаторыя з іх замуроўвалі сябе ў пячорах або будынках ці сяліліся ў драўляных калонах, з якіх гадамі не выходзілі. Іх называлі стоўпнікамі ("слупнікамі"), бо яны жылі на слупах (паміж небам і зямлёю).

Некаторыя манахі пачалі жыць супольна, групамі пад кіраўніцтвам больш сталага манаха, якога звалі абатам (ад старагабр. "абба" - "бацька"). Першы такі манастыр узнік у Егіпце ў 328 г. Неўзабаве ўзніклі і жаночыя манастыры, але пустэльніцтва было выключна мужчынскай справаю. У V ст. манастыры (кляштары) з'явіліся і ў Заходняй Еўропе. Кожны вернік мог стаць манахам. Але дзеля гэтага ён павінен быў даць тры зарокі: жабрацтва, жыццё без шлюбу, паслушэнства абатам. Манахі павінны былі працаваць і забяспечваць саміх сябе ўсім неабходным.

Кожны манастыр меў ўласныя правілы, запісаныя ў статутах. Манахі тых манастыроў, што жылі паводле аднолькавых статутаў, аб'ядноўваліся ў манаскі ордэн. Адным з першых быў створаны ордэн бенедыктынцаў , што дзейнічаў паводле статута, напісанага Бенедыктам Нурсійскім (V-VI стст.).

Роля царквы і манаства ў эканамічным і культурным жыцці Заходняй Еўропы. Шмат якія манахі і святары зрабіліся хрысціянскімі прапаведнікамі ( місіянерамі ): яны праводзілі агітацыю сярод язычнікаў, каб пераканаць іх прыняць хрысціянства. Прапаведнікі сцвярджалі, што ўсякая ўлада дадзена Богам і людзі павінны падпарадкоўвацца сваім уладарам. Гэта прываблівала да хрысціянства каралёў варварскіх дзяржаў, і таму адным са шляхоў пашырэння хрысціянства ў Сярэднявеччы было прымусовае насаджэнне яго дзяржаўнай уладай. Распаўсюджвалася хрысціянства і сілаю зброі, калі ў ходзе частых войнаў пераможцы-хрысціяне прымушалі прымаць сваю рэлігію тых, каго яны заваявалі.

Асабліва важным было прыняцце хрысціянства франкамі Заваяваўшы большую частку Заходняй Еўропы, франкі садзейнічалі ўмацаванню там хрысціянскай рэлігіі.

Неўзабаве манастыры зрабіліся багатымі землеўласнікамі. Зямлю ім дарылі вернікі-хрысціяне з надзеяй, што манахі будуць за іх маліцца і іхнія душы патрапяць пасля смерці ў рай. Таксама шмат зямлі атрымала і духавенства, асабліва біскупы. Заходняя царква мела таксама дзесяціну - спецыяльны падатак у выглядзе дзясятай часткі ад усіх даходаў верніка, які ён абавязкова плаціў царкве. Ужо ў Раннім Сярэднявеччы царква ў Заходняй Еўропе мела каля трэцяй часткі ўсіх земляў, якія ўраблялі залежныя ад яе сяляне.

Вызваленыя ад цяжкай фізічнай працы, святары і манахі пачалі займацца адукацыяй, навукай, літаратурай і мастацтвам. Пры кожным кляштары (манастыры) былі школы, дзе вучылі дзяцей. Міжнароднай мовай асветы і царкоўнай службы зрабілася лацінская мова, якую ведалі ўсе святары, незалежна ад сваёй нацыянальнасці. Цікава адзначыць, што радзімай царкоўнай лаціны была Паўночная Афрыка, а яе стваральнікамі - біскупы Карфагена. Адтуль паходзілі такія знакамітыя дзеячы царквы, як Тэртуліян, Кіпрыян, вышэйзгаданы Аўрэлій Аўгусцін і інш. Але арабскае заваяванне практычна знішчыла карфагенскую царкву.

Манахі чыталі і перапісвалі кнігі, пры гэтым прыгожа іх размалёўвалі. Асноўным матэрыялам для пісьма быў пергамент. У раннім Сярэднявеччы яго часта фарбавалі, асабліва ў пурпур, пісалі літары не толькі чарнілам, але золатам і срэбрам. Выраблялі пергамент таксама кляштары. Паколькі пергамент быў дарагі, часта выкарыстоўвалі стары пергамент (палімпсест), з якога саскрабалі стары тэкст і пісалі новы. Так было знішчана шмат каштоўных, у першую чаргу антычных, тэкстаў. Пісалі звычайна птушынымі пёрамі, а чарніла выраблялі з дубовых нарастаў (чорных арэхаў), сульфату медзі і гуміарабіку. Рукапісныя кнігі мелі ілюстрацыі ды іншыя дэкаратыўныя элементы і таму каштавалі вельмі дорага. Ілюстрацыі да кніг называюць мініяцюрамі. Часта іх малявалі адмыслова навучаныя мастакі. Майстэрні пры кляштарах, дзе пісалі кнігі, атрымалі назву скрыпторыі. Дзякуючы адукацыі і маючы кнігі і бібліятэкі, кляштары сталі асяродкамі, дзе жылі і працавалі пісьменнікі, навукоўцы і багасловы. Пры гэтым амаль усе сяляне заставаліся непісьменнымі. Шмат непісьменных людзей было і сярод феадалаў, асабліва варварскага паходжання.

У асяроддзі манахаў з'яўляецца і новая архітэктура . Напрыканцы існавання Рымскай імперыі, калі хрысціянства стала адзінай дзяржаўнай рэлігіяй, хрысціяне выйшлі са сваіх таемных храмаў, якія былі пад зямлёй, у катакомбах, шахтах, дзе здабывалі камень-вапняк, для будаўніцтва, занялі язычніцкія храмы-базілікі. Пасля варварскага разгрому Заходняй Рымскай імперыі мураванае будаўніцтва там надоўга спынілася. Таму доўгі час новыя хрысціянскія храмы былі драўлянымі, але сваёй формай нагадвалі мураваныя базілікі. Склаліся цэлыя манастырскія комплексы, дзе побач з кляштарным храмам былі жылыя і гаспадарчыя будынкі манахаў.

На грунце паганскага культу багоў і герояў у раннім Сярэднявеччы ўзнікае пашыраны культ святых, сярод якіх былі як міфічныя, так і рэальныя асобы. Да святых адносілі выбітных царкоўных іерархаў, заснавальнікаў манастыроў і свецкіх уладароў. У мастацкай літаратуры развіваецца гераічна-рыцарская тэма, дзе гаворка ідзе пра побыт, норавы і гераічныя ўчынкі германскіх і французскіх рыцараў.

Вялікія змены адбыліся і ў музычнай сферы. На грунце спеваў раннехрысціянскіх грамадаў узнікае грыгарыянскі харал (названы так у гонар Папы Рыгора I). Свайго росквіту грыгарыянскі харал дасягнуў у часы Карла Вялікага. Веліч і дасканаласць грыгарыянскіх харалаў вядомая нам не ў апошнюю чаргу дзякуючы дзейнасці італьянскага музыканта і музычнага тэарэтыка Гвіда д'Арэца , які ў першай палове XI ст. распрацаваў першасную форму нотнага запісу музыкі.

4. Народы Скандынавіі ў VІІ-ІХ стст.

На поўначы Еўропы на Скандынаўскім паўвостраве, на востраве Готланд і на тэрыторыі сённяшняй Даніі жылі германскія плямёны. Сярод іх найбольш магутнымі былі даны і свіёны. Сябе яны называлі вікінгамі. Жылі яны на берагах халоднага мора, а таксама ў гарах, парослых густымі лясамі. Ворнай зямлі было вельмі мала, і таму асноўнымі заняткамі вікінгаў былі рыбалоўства і кітабойны промысел . Жылі вікінгі не суседскімі грамадамі, а хутарамі - асобнымі гаспадаркамі, якія былі на значнай адлегласці адна ад адной. Вікінгі былі добрымі мараплаўцамі і смелымі ваярамі і таму любілі займацца пірацтвам. Таксама сярод іх былі і гандляры, якія мянялі сушаную рыбу і футра каштоўных звяроў на збожжа, сукно ды зброю.

У V-VІ стст. у вікінгаў з'яўляюцца племянныя саюзы, якімі кіравалі конунгі . Паступова ўзнікаюць раннія дзяржавы: Данія, Швецыя і Нарвегія . Вярхоўная ўлада ў кожнай з іх належала каралю, які лічыўся сынам Бога. Карона пераходзіла ў спадчыну ў межах каралеўскага роду, але караля выбіралі на сходах ваяроў. Пры каралі існавала рада з багатых ваяроў. Асноўная эканамічная адзінка ў народаў Скандынавіі, - одаль , спадчыннае ўладанне вялікай сям'і. Зямля спачатку належала племені, а потым - каралю.

У VIII ст. назіраецца развіццё земляробства і рамёстваў. Здабываюць жалезную руду, пашыраецца кавальства, з'яўляюцца асобныя протагарадскія паселішчы ( вікі ), дзе жылі гандляры і рамеснікі. Самае вядомае з іх - вік Бірка ў Швецыі. Гэта паселішча існавала з 800 да 975 г. Паселішча мела земляныя ўмацаванні (валы) і побач - вялікі могільнік. Археолагі падчас раскопак Біркі знайшлі кітайскі шоўк, егіпецкае шкло, упрыгожванні з Візантыі, Сярэдняй Азіі і Кіеўскай дзяржавы.

Скандынаўскае грамадства складалася з вольных сялян-ваяроў. Таксама былі хатнія нявольнікі і залежныя людзі з ваеннапалонных. Імі кіравала радавая знаць ( эрлы ) на чале з конунгамі. Кожны конунг меў пры сабе служылых людзей (дружыннікаў).

Паходы вікінгаў. У канцы VIII ст. вікінгі пачалі ваенныя паходы на краіны і плямёны Заходняй і Усходняй Еўропы. Яны стваралі дасканалыя караблі, якія маглі плыць як па рэках, так і ў адкрытым моры. Карабель вікінгаў ( дракен ) меў мачту з ветразем, а таксама хадзіў і на вёслах. Даўжыня карабля - да 23 м, шырыня - да 5 м. Нос упрыгожвала галава змяі або цмока. Карабельная каманда мела 60-100 добра ўзброеных ваяроў. На карабель грузілі коней, запасы вады і харчавання. Ваенным паходам, які складаўся з некалькі дзясяткаў, ці нават сотняў дракенаў, кіраваў кароль. Пачатак паходаў на Захад - гэта чэрвень 793 г., калі вікінгі захапілі кляштар св. Куберта на востраве каля берагоў Англіі.

Жыхары Заходняй Еўропы называлі нападнікаў нарманамі (паўночнымі людзьмі) . У 795 г. пачалося заваяванне Ірландыі, якое закончылася ў 30-я гг. IX ст.Каля 800 г. даны напалі на дзяржаву франкаў. У 809 г. іх караблі з'яіліся ў Ла-Маншы Ад іх шгогадовых нападаў пацярпелі шматлікія гарады і кляштары Германіі і Францыі. У 845 г. быў абрабаваны Парыж. У 844 г. нарманы аблажылі Лісабон і потым дабраліся да італьянскага горада Пізы. У 60-я гг. IX ст. на Заходнюю Еўропу напала "Вялікая армія" вікінгаў. У 865 г. іх войскі захапілі некалькі англійскіх каралеўстваў на ўсходзе вострава. У 885-886 гг. каля 40 тысяч ваяроў на 700 караблях спрабавалі захапіць Парыж, аднак гэта ім не ўдалося. У пачатку X ст. узнікла Нармандыя, тэрыторыя на поўначы Францыі, захопленая нарманамі. У 874 г. нарвежскія вікінгі адкрылі Ісландыю і пачалі яе засяляць. Першае іх паселішча атрымала назву Рэйк'явік. Неўзабаве нарвежскі вікінг Эйрык Рыжы адкрыў вялікі востраў Грэнландыю. Яго сын Лейв Эйрык Шчаслівы каля 1000 г. даплыў да ўсходняга ўзбярэжжа Паўночнай Амерыкі і назваў краіну Вінланд (край дзікага вінаграду) .

Доўгі час вікінгі былі язычнікамі і вельмі варожа ставіліся да хрысціян. Захавалася апісанне іх святыні ў Старой Упсале , што існавала з VI да XI ст. Храм быў аздоблены золатам і меў статуі трох галоўных багоў Тора, Водана і Фрыга . Тор кіраваў громам і маланкай, дажджом, надвор'ем і ўрадлівасцю. Водан - бог вайны, а Фрыг - бог міру і асалоды. Доўгі час праца хрысціянскіх місіянераў сярод нарманаў вялікага плёну не мела, і толькі пасля 830 г. яны змаглі збудаваць першы касцёл у Бірцы , аднак язычнікі неўзабаве яго спалілі. Храм быў адноўлены толькі ў 852 г. Таму можна лічыць дзейнасць католікоў-місіянераў да канца IX ст. наогул малаэфектыўнай.

Вікінгі на Усходзе. Стварэнне шпяху варагаў у грэкі". З'яўленне вікінгаў на абшарах Усходняй Еўропы мела свае асаблівасці. На паўднёвых берагах Балтыйскага мора жылі шматлікія плямёны балтаў, фіна-уграў і славян. Прычым эпоха вікінгаў гістарычна супала з шырокім рассяленнем славян, якія занялі былыя германскія землі на ўсходзе сённяшняй Германіі (заходнія славяне) і рассяліліся сярод балцкіх і фіна-ўгорскіх плямёнаў (усходнія славяне). Славяне называлі вікінгаў варагамі . Такая назва спачатку адносілася да скандынаўскіх ваяроў з наёмнай варты візантыйскіх імператараў, а потым яна распаўсюдзілася на ўсіх вікінгаў, якія кантактавалі са славянамі. Балтыйскае мора славяне называлі Варажскім.

У VII ст. шведскія вікінгі напалі на балцкае племя куршаў, якія жылі на ўсходнім беразе Балтыйскага мора. Яны заснавалі на землях куршаў свае ўмацаваныя паселішчы непадалёк ад сённяшняга латышскага горада Ліепаі. Гэтая база вікінгаў існавала каля 200 гадоў, аж пакуль куршы не знішчылі яе. У сваю чаргу куршы рабілі набегі на востраў Готланд і Данію. У IX ст. вялікае войска датчан напала на куршаў, але тыя разбілі заваёўнікаў і захапілі палову іх караблёў.

У 854 г. на землі куршаў напаў шведскі конунг Улаф і прымусіў іх плаціць яму даніну. Але неўзабаве куршы адмовіліся ад гэтага.

Падобная сітуацыя была і з заходнімі славянамі, якія жылі на берагах Балтыйскага мора. Яны таксама аказвалі моцны супраціў вікінгам і не раз самі нападалі на іх паселішчы ў Скандынавіі. У стасунках з усходнімі славянамі і фіна-уграмі дачыненні былі іншымі, бо варагі павінны былі разам з імі пракладаць транскантынентальныя гандлёвыя шляхі, у тым ліку і Вялікі Волжскі шлях , а таксама "шлях з варагаў у грэкі" . Варагі разам з мясцовым насельніцтвам заклалі першыя раннегарадскія цэнтры як апорныя базы на вышэйзгаданых гандлёвых шляхах. Гэта - Старая Ладага, Рурыкава гарадзішча пад Ноўгарадам, Гнёздава каля Смаленска, Кіеў і інш. Паасобныя конунгі вікінгаў пачалі кіраваць некаторымі мясцовымі плямёнамі. Так у 862 г. вараг Рурык быў запрошаны на княжанне славянскімі і фінскімі плямёнамі.

Прысутнасць варагаў на Беларусі зафіксавана ў пісьмовых крыніцах і пацверджана археолагамі. Першы вядомы з пісьмовых крыніцаў полацкі князь Рагвалод таксама мог быць варагам, бо "прыйшоў з замор'я". Назва горада Полацка ( "Палтэск'я" ) згадваецца ў скандынаўскім эпасе - сагах ; у геаграфічных творах. Пра варагаў сведчаць і пісьмовыя крыніцы скандынаваў - рунічныя надпісы на манетах і некаторых рэчах. Археолагі не раз знаходзілі на тэрыторыі Беларусі варажскую зброю і ювелірныя аздобы. Гэта каралінгскія мячы, наканечнікі дзідаў і стрэлаў. Сярод ювелірных скандынаўскіх вырабаў знойдзены арнаментальныя падвескі, шыйныя грыўні, бранзалеты і рэшткі пояса.

У 1984 г. на Ніжнім замку ў Полацку знайшлі скарб з залатых бранзалетаў, якія маюць паўночна-еўрапейскія аналогіі. На арабскіх манетах з некаторых скарбаў, знойдзеных на Беларусі, ёсць выявы ў выглядзе рун і рунападобных знакаў. Цэлы комплекс костак (больш за 120) з рунічнымі надпісамі і малюнкамі знойдзены на гарадзішчы Маскаўцы ў Віцебскай вобласці. Гульнявая костка варагаў ( астрагал ) з рунічнымі знакамі знойдзена пры раскопках у Полацку.

Руны - гэта знакі старажытнага германскага алфавіту, што высякаліся на дрэве, косці, камені і метале. У II-VII стст. агульнагерманскі рунічны алфавіт меў 24 знакі. У варагаў быў свой варыянт рунічнага алфавіту. На тэрыторыі Швецыі захавалася шмат памятных каменных стэлаў з рунічнымі надпісамі.

Рака Заходняя Дзвіна ў ІХ-Х стст. стала часткай міжнароднага гандлёвага шляху са Скандынавіі ў Візантыю і Арабскі халіфат. На тэрыторыі Беларусі злучаліся два кірункі гэтага шляху. Першы кірунак ішоў па Дзвіне да Дняпра, а другі - праз рэкі Няву, Волхаў, возера Ільмень і раку Ловаць таксама да Дняпра. Па Дняпры варагі траплялі ў Візантыю, а па Волзе - у Арабскі халіфат. Улетку 2016 г. беларускія археолагі на тэрыторыі сённяшняга Шумілінскага раёна (Віцебшчына) адкрылі паселішча ІХ-Х стст. Кардон , дзе было знойдзена каля 600 рэчаў (а ртэфактаў ) выразна скандынаўскага паходжання.

Варагі-нарманы паспрыялі завяршэнню працэсу ўтварэння ранне-феадальных дзяржаў ва ўсходніх славян, умацавалі з дапамогай конунгаў і наёмнага войска (дружыннікаў) апарат княжацкай улады і паскорылі працэс утварэння гарадоў. Нават тэрмін "Русь" - як назву палітычнай супольнасці ўсходніх славян і яе тэрыторыі, супольнасці невялікіх дзяржаў-княстваў - славяне запазычылі ў скандынаваў. Еўрапейскія гісторыкі лічаць канцом эпохі вікінгаў 1066 год, калі герцаг Нармандыі Вільгельм пачаў заваяванне Англіі.

5. Плямёны балтаў і фіна-уграў

Балты. Да іх навукоўцы адносяць групу індаеўра-пейскіх плямёнаў і народаў, якія гаварылі, або і цяпер гавораць, на балтыйскіх мовах ці іх дыялектах. Цяпер гэта сучасныя літоўцы і латышы. Упершыню тэрмін "балты" ўвёў у навуковы ўжытак нямецкі вучоны Генрых Фердынанд Нэсельман у 1845 г. Балцкія плямёны сфармаваліся ў эпоху позняга неаліту і бронзы. Яны займалі басейны рэк Віслы, Нёмана, Заходняй Дзвіны , верхняга Дняпра , вярхоўе Волгі і Акі . Гэтыя плямёны з антычных часоў здабывалі і прадавалі рымлянам, бурштын. У раннім Сярэднявеччы балты займаліся жывёлагадоўляй і рыбалоўствам. Паступова развівалася і земляробства. Асноўным тыпам пасяленняў у іх былі ўмацаваныя гарадзішчы, а пазней і вёскі, дзе жыло некалькі сем'яў. Тагачасныя балты падзяляліся на заходніх (прусы, яцвягі, куршы, галінды, скальвы), усходніх (латгалы, селы, земгалы, жэмайты і інш.) і дняпроўскіх (племя голядзь і іншыя невядомыя з летапісных крыніц плямёны), пазней асіміляваныя славянамі. Да VII ст. балты насялялі большую частку сённяшняй Беларусі і суседняй з ёю Смаленшчыны. Асіміляцыя балтаў славянамі на нашай тэрыторыі працягвалася да ХІІ-ХІІІ стст., а на захадзе Беларусі і пазней.

Заходнія балты. Да іх належалі прусы - група заходнебалцкіх плямёнаў, якія жылі на тэрыторыі сённяшніх Польшчы (Мазурскае Паазер'е) і Калініградскай вобласці Расіі. Гэта былі вельмі ваяўнічыя плямёны, якія рабілі набегі на сваіх суседзяў. Прусы хавалі сваіх ваяроў разам з іхнімі коньмі, што зрабілася іх этнічнай прыкметай. У V ст. прусы занялі паўвостраў Самбію , вусце Нёмана, а пазней і тэрыторыі Верхняга Панямоння. У пахаваннях прусаў археолагі знаходзяць шмат узбраення (мячы, дзіды, сякеры, рэшткі драўляных шчытоў), аздобаў з металу, бурштыну і шкла.

Суседзямі прусаў былі роднасныя да іх яцвягі , якія занялі суседнюю з прусамі тэрыторыю: заходнюю частку Мазурскага Паазер'я і басейн сярэдняга і верхняга Нёмана. Племя, якое жыло на правым беразе Нёмана, мела назву дайнова , а жыхары левага берага пазываліся яцвягамі. Сваіх нябожчыкаў яцвягі спальвалі, а іх парэшткі хавалі ў каменных курганах, калі на земляным пагорку над рэшткамі спаленага нябожчыка ляжалі камяні. Найбольш яцвягаў жыло на тэрыторыі сённяшняй Польшчы і Гродзенскай вобласці Беларусі. Куршы жылі на берагах Балтыйскага мора. У IX ст. яны мелі пяць асобных племянных тэрыторый - земляў. У куршаў быў добры флот, іх ведалі ў скандынаўскіх краінах.

Усходнія балты . На аснове даўніх усходнебалцкіх плямёнаў узніклі сённяшнія літоўцы і латышы. Да латышскіх плямёнаў адносіліся латгалы, селы і земгалы . Латгалы мелі чатыры зямлі - племянныя тэрыторыі. Суседнія славяне называлі гэты народ латыгола . Латгалы засялілі правы бераг Дзвіны; яны займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй. Была развіта апрацоўка жалеза і каляровых металаў. Латгалы жылі ва ўмацаваных паселішчах, а таксама мелі паселішчы на драўляных насцілах сярод азёр. Земгалы мелі сем зямель, яны жылі на левым беразе Дзвіны побач з куршамі і селамі.

Да IX ст. латышскія плямёны складаліся з асобных родаў. Пазней роды падзяліліся на вялікія сем'і, а тыя - на малыя. Такім чынам узніклі суседскія грамады-вёскі . Некаторыя моцныя сем'і сяліліся асобна, на хутарах. Большай тэрыторыяй быў пагост . Некалькі пагостаў складалі зямлю, або акругу, цэнтрам якой быў умацаваны замак кіраўніка акругі .

Побач з драўляным замкам існаваў пасад - тэрыторыя, дзе жылі рамеснікі; умацаванняў там не было. Кіраўнік замка меў баявую дружыну, якая ахоўвала жыхароў акругі, а таксама рабіла набегі на суседзяў. Такім чынам узнікалі протагарады .

Побач з латышскімі плямёнамі жылі літоўскія ( жамойты, аўкштайты ). Жамойты займалі правы бераг ніжняга Нёмана і займаліся жывёлага-доўляй, паляваннем і збіральніцтвам. Для іх уласцівыя грунтавыя могільнікі, у якіх знаходзяць зброю і ювелірныя вырабы. Суседнія аўкштайты займалі басейны рэчак Нявежы і Віліі (Нярыса) . Яны жылі ў неўмацаваных паселішчах, а суседнія з імі гарадзішчы былі толькі сховішчамі ў ваенны час. У Х-ХІІІ стст. побач з нябожчыкамі хавалі няспаленых коней (да дзесяці і болей жывёл) з усім конскім рыштункам.

Усе балты былі язычнікамі, шмат якія з іх у якасці татэмных жывёл мелі вужа або змяю. Змяіны культ прасочваецца ў ювелірным - мастацтве балтаў, калі канцы бранзалетаў аздабляюць змяінымі галоўкамі. Некаторыя плямёны мелі свяшчэннае дрэва - дуб, а галоўным богам лічылі Пяркунаса , бога маланкі і грому. У латышоў і літоўцаў захаваліся старажытныя народныя песні- дайны , якія ўзніклі ў эпоху Сярэднявечча, яшчэ ў язычніцкі перыяд.

Фіна-угры . Гэтая гру-па плямёнаў даўней засяляла лясную зону Усходняй Еўропы і Заўралля, басейн верхняй і сярэдняй Волгі, Акі і Камы. Паступова яна падзялілася на фінаў і уграў. Старажытныя угры - гэта продкі венграў, хантаў і мансі .

Сярод фінаў вылучаюць паволжскіх, прыбалтыйскіх і пермскіх фінаў. Да паволжскіх адносяць сённяшніх мардву і марыйцаў , якія жывуць на Волзе. Да пермскіх фінаў - такія народы, як комі , комі-пермякі і ўдмурты . Прыбалтыйскія фіны падзяляюцца на ўсходніх і заходніх. Усходнія прыбалтыйскія фіны - гэта плямёны суомі, хама (ем, ям) і карэла . У IX ст. у іх узік першы гандлёвы цэнтр на месцы цяперашняга горада Турку. Да іх таксама адносіліся такія плямёны, як водзь, весь, чудзь і іншыя, якія мелі цесныя кантакты са славянамі. Да заходніх, прыбалтыйскіх фінаў можна аднесці ліваў і эстаў .

Лівы жылі на беразе Фінскага заліва, у басейнах рэк Дзвіны і Гаўі і на Курземскім паўвостраве . Яны займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй, былі добрымі ваярамі і мелі чатыры племянныя акругі-землі. Самыя галоўныя ў іх былі ваяры-дружыннікі - знаць , або баяры . Большасць вольных сялян мелі назву людзі . Былі халопы-нявольнікі накшталт рабоў, захопленых некалі ў палон. Іх называлі нелюдзі . Існавалі народныя сходы , на якіх вырашаліся галоўныя пытанні акругі. Славяне называлі суседніх ліваў "ліб'ю" .

Эстамі ( эсціямі, айстамі ) спачатку, у VI ст., назы-валі прусаў, а пазней, у IX ст. - фіна-ўгорскія плямёны, продкаў сённяшніх эстонцаў. Славяне называлі эстаў як племя "чудзь"; адсюль назва гідроніма Чудскае возера . Эсты спачатку займаліся рыбалоўствам і жывёлагадоўляй, а пазней засвоілі і земляробства. Сябе яны называлі "народам зямлі" . Сляды фіна-ўгорскага насельніцтва прасочваюцца на поўначы Беларусі, асабліва ў Гарадоцкім і Аршанскім раёнах Віцебскай вобласці. Пры раскопках гарадоў Полацкай зямлі знойдзена шмат знаходак, якія сведчаць пра цесныя сувязі мясцовых жыхароў з фінскімі плямёнамі.

6. Яўрэі (габрэі) і іх рассяленне ў Еўропе

У 313 г. рымскі імператар Канстанцін выдаў у Мілане ўказ аб тым, што ўсе рэлігіі ў Рымскай імперыі роўныя. Аднак пазней, у 325 г. ён склікаў Нікейскі сабор , на якім вырашылі, што хрысціяне не павінны святкаваць сваю Пасху адначасова з яўрэямі.

З гэтага часу хрысціянская рэлігія пачала ўсё болей адрознівацца ад веры яўрэяў. Наступнік Канстанціна імператар Канстанцый II забараніў шлюбы яўрэяў і хрысціян. У раннім Сярэднявеччы асноўная маса яўрэяў жыла ў Азіі і паўночнай Афрыцы. Пасля раздзелу Рымскай імперыі ў 395 г. на дзве самастойныя дзяржавы яўрэі жылі як у Італіі, так і ў Візантыі. Першыя рымскія папы яўрэяў не пераследавалі, але намагаліся зрабіць іх хрысціянамі. Папа Рыгор Вялікі ў 590 г. дазволіў яўрэям жыць па сваіх законах і звычаях. Тым жа, хто пераходзіў у хрысціянства, даваліся розныя ільготы. Але такіх было не шмат. Добра жылося ім і ў імперыі Карла Вялікага ў VIII-IX стст. Імператар падтрымліваў іх як арганізатараў міжнароднага гандлю. Вялікія яўрэйскія грамады ўтвараліся ў Рыме, Венецыі, Неапалі і на востраве Сіцылія. Найлепей ім жылося ў Рыме, дзе рымскія папы іх не чапалі, а некаторыя нават давалі ім прывілеі.

У Візантыйскай імперыі ім жылося значна горш. Візантыйскія імператары гвалтам прымушалі іх пераходзіць у хрысціянства. У 723 г. імператар Леў ІІІ Ісаўр загадаў, каб усе яўрэі сталі хрысціянамі. Шмат хто з гэтым мусіў пагадзіцца, астатнія перасяліліся ў Крым і Таўрыду. Аднак пазней сітуацыя палепшала, і яўрэі займелі вялікія калоніі ў Канстанцінопалі, Салоніках ды іншых візантыйскіх гарадах на Балканах. Яны займаліся тут рознымі рамёствамі, асабліва вырабам шаўковых і пурпурных тканін. Яўрэйскія грамады кіраваліся сваімі выбарнымі старшынямі "эфорамі" .

Моцна пераследавалі яўрэяў вестготы, якія стварылі сваю дзяржаву на Пірэнейскім паўвостраве. Каралі вестготаў прымушалі іх або прымаць. хрысціянства, або пакінуць краіну. Калі ў 711 г. на Пірэнеях з'явіліся войскі арабаў, яўрэі сустрэлі іх як сяброў і дапамагалі ваяваць з вестготамі. Арабскія халіфы далі ім самакіраванне і свабоду веравызнання. Менавіта тут іх рэлігія расквітнела і дасягнула высокага ўзроўню.

У асновее іўдаізму - рэлігіі яўрэяў - ляжыць вера ў адзінага бога Ягве, "богаабранасці" яўрэйскага народа, вера ў нябеснага збаўцу (месію) і ў святыя кнігі яўрэяў - Стары Запавет і Талмуд . Канчаткова талмуд як зборнік святых тэкстаў, склаўся ў V ст. У Сярэднявеччы ў яўрэяў узнікла містычнае вучэнне Кабала , дзе былі выкладзены пачаткі іўдаізму, якія спалучаліся з элементамі хрысціянскага светапогляду, а таксама ісламу. У гэты час склаўся орган духоўнага кіраўніцтва яўрэяў - равінат , які тлумачыў рэлігійныя абрады і 613 запаведзяў, выкладзеных у Старым Запавеце. Іўдзейская рэлігійная грамада на чале са святаром ( равінам ) атрымала назву сінагога. Таксама сінагогай называецца і будынак яўрэйскага храма. У сінагогах чытаюць Тору - першыя пяць кніг Старога Запавету, якія, паводле падання, напісаў Майсей са слоў бога Ягве.

У часы Рымскай імперыі яўрэі з'явіліся на тэрыторыі Францыі і Германіі. Іх калоніі былі ў Марселі, Арлеане, Клермоне, Парыжы, Кёльне ды іншых гарадах. У Франкскай дзяржаве ў эпоху Меравінгаў царкоўныя саборы ў Армане (533-541 гг.) забаранілі шлюбы паміж хрысціянамі і яўрэямі, і пачаўся пераслед апошніх. Аднак у часы Карла Вялікага яны атрымалі шмат прывілеяў і нават былі дыпламатамі пры каралеўскім двары. У нямецкіх гарадах яўрэі жылі асобнымі грамадамі на чале з равінамі і старэйшынамі. Тут існавалі талмудычныя школы і жылі вядомыя яўрэйскія навукоўцы.

У VIII ст. (каля 730 г.) іўдаізм як дзяржаўную рэлігію прынялі хазары , якія мелі сваю дзяржаву ў паўднёвай частцы Усходняй Еўропы. У сталіцы хазараў горадзе Іцілі на Волзе (каля Астрахані) будаваліся сінагогі. Сюды запрашалі з іншых краін яўрэйскіх багасловаў і навукоўцаў. Аднак у X ст. кіеўскі князь Святаслаў знішчыў іх гарады на Волзе, і дзяржава хазараў распалася. У X ст. яўрэі з'явіліся ў Кіеве і Польшчы, асабліва пасля таго, як там прынялі хрысціянства.

7. Складванне феадальных адносін

Заходнееўрапейскае грамадства X-XIII стст. вызначаецца як феадальнае. У шы-рокім сэнсе слова феадалізм аз-начае сістэму ўлады, заснаваную на перадачы за выкананне пэўнай службы зямельнага на-дзела ( феода ) ў спадчыннае трыманне, што такім чынам аб'ядноўвала вышэйшыя слаі тагачаснага грамадства.

Аснову заходнееўрапейскай эканомікі ў гэтыя часы складала аграрная вытворчасць - земляробства, жывёлагадоўля, хатнія промыслы, а таксама рыбалоўства і паля-ванне. Эканоміка развівалася экстэнсіўна, праз пашырэнне плошчы ўрабляных зямель падчас унутранай каланізацыі. Сярэднія і малодшыя сыны сялян, якія не мелі права на спадчыну, асвойвалі новыя землі, высякалі лясы, асушалі балоты і засноўвалі новыя вёскі. Ініцы-ятыва перасялення на новае месца магла сыходзіць ад караля ці магната. Новыя вёскі ў такім разе станавіліся вайсковымі пасяленнямі, жыхары якіх абаранялі межы феадальных уладанняў і гандлёвыя шляхі. У якасці апорных пунктаў унутранай каланізацыі выступалі і кляштары.

Натуральная гаспадарка. Да канца IX ст. у краі-нах Заходняй Еўропы не заста-лося вольных земляў, прыдатных да апрацоўкі. Усе былыя вольныя сяляне, за выняткам дзяржаў Скандынавіі, сталі залежнымі ад феадалаў. Землі ў адной мясцовасці, якія належалі феадалу, складалі яго маёнтак. Сяляне забяспечвалі сябе і сям'ю феадалаў харчамі ды пітвом, ткалі палатно, шылі вопратку і абутак. Рамеснікі ў маёнткавых майстэрнях кавалі жалеза, рабілі зброю і розныя прылады працы. Жыхары тако-га маёнтка амаль нічога, акрамя солі і некаторых металаў, не ку-плялі. Таму такая гаспадарка і называлася натуральнай . Феадалы хацелі вырошчваць усе сельскагаспадарчыя культуры, якія маглі б ім спатрэбіцца. Таму ніякай спецыялізацыі не было, і ўраджаі былі дрэннымі. У якасці ўгнаення выкарыстоўваўся толькі попел ад спаленых дрэў і кустоў на месцы ворыўнай зямлі.

Феадалы і сяляне. Да IX ст. знешні выгляд феадалаў і сялян не вельмі розніўся, бо апраналіся яны амаль аднолькава. Аднак паступова феадалы пачалі лічыць сябе элітай, "высакароднымі" людзьмі і імкнуліся заключаць шлюбы толькі паміж сем'ямі феадалаў. Феадалы пачалі лепш апранацца, выкарыстоўваць ювелірныя вырабы са срэбра і золата, ужываць дарагія віны, розныя мясныя стравы. Але ўсё гэта патрабавала грошай, бо натуральная гаспадарка не магла забяспечыць новыя патрэбы феадалаў. Таму феадалы пачалі прадаваць частку прадуктаў, забраных у сялян, і на атрыманыя грошы купляць розныя замежныя тавары, асабліва візантыйскія ці арабскія. Каб атрымліваць стабільныя прыбыткі, зямля маёнтка была па-дзелена на дзве часткі. Большая частка, дзе землі былі больш ураджайныя, складалі панскія палі, і ўвесь ураджай з іх належаў феадалу. Меншая частка складала сялянскія надзелы, з якіх карміліся сяляне. Таму залежнасць сялян ад феадалаў павялічылася і складалася з двух абавязкаў. Першы - гэта паншчына , калі сяляне павінны былі працаваць некалькі дзён у тыдзень на панскіх палетках. Другі называўся аброкам - калі сяляне аддавалі феадалу пэўную колькасць прадуктаў са сваіх земляў, а таксама некаторыя вырабы са сваёй гаспадаркі. Паступова сяляне страцілі сваю асабістую свабоду і не маглі без дазволу феадала пакінуць сваю вёску ці хутар.

У IX, і асабліва ў X ст., у Заходняй Еўропе склалася феадальная іерархія . Найбольш выразна гэта выявілася ў Францыі, якая стала ўзорным прыкладам феадальнай сістэмы. На чале краіны стаяў кароль, якому фармальна належалі ўсе землі краіны. Аднак за вайсковую службу частку зямель у якасці феодаў каралі раздавалі магнатам (герцагам, графам і г.д.). Тыя раздавалі частку гэтых земляў за службу іншым, драбнейшым феадалам. Феадал, які даваў феод, пачаў называцца сеньёрам , а той, хто яго атрымаў - васалам . Калі васал атрымліваў феод, ён даваў прысягу вернасці свайму сеньёру і павінен быў выконваць яго загады. Сеньёр, у сваю чаргу, павінен быў бараніць маёмасць і жыццё сваіх васалаў. Таму васал прызнаваў у першую чаргу ўладу свайго сеньёра, а загады вышэйшых феадалаў, нават караля, для яго не былі абавязковыя. Для таго каб пракарміцца, каралі мелі свае ўласныя землі з сялянамі, што называліся даменам . Усе набыткі з іх непасрэдна ішлі каралю.

Паступова некаторыя буйныя магнаты, якія мелі шмат васалаў, зрабіліся багацейшымі за караля, займелі свае замкі, войска і судовую ўладу. Усё часцей буйныя феадалы ваявалі паміж сабою і нават вы-ступалі супраць караля. Такія войны называліся міжусобнымі і моцна падрывалі эканоміку краіны.

У выніку большая частка заходнееўрапейскіх краін распалася на невялікія дзяржаўныя ўтварэнні са сваімі кіраўнікамі. Пачынаючы з X ст. распаўсюджанай з'явай стала феадальная раздробленасць.

АСНОЎНЫЯ ТЭРМІНЫ

Абат - настаяцель каталіцкага манастыра.

Архіепіскап (архібіскуп) - галоўны епіскап (біскуп), які ўзначальваў царкоўную акругу.

Асабістая залежнасць - страта чалавекам асабістай свабоды і пераход у падпарадкаванне іншаму чалавеку.

Базіліка (ад грэцк. Ваsіlіkе - царскі дом) - тып антычнага, потым сярэднявечнага будынка, прамавугольнага ў плане, падзеленага ўздоўж шэрагамі калон на некалькі (звычайна - 3, радзей - 5) частак (так званых караблёў або нефаў). Сярэдні неф, завершаны апсідай, вышэйшы і шырэйшы за бакавыя.

Дамен - уладанне буйнога феадала, якое перадавалася ў спадчыну.

Дагмат - асноўнае палажэнне рэлігійнага веравучэння, якое лічыцца вечным і нязменным.

Дынастыя - каралі, прадстаўнікі аднаго і таго ж роду, якія змяняюць адзін аднаго на троне паводле права спадчыны.

Евангелле - свяшчэнная кніга, у якой апісваецца зямное жыццё Ісуса Хрыста і выказаны асноўныя палажэнні хрысціянства.

Епіскап (біскуп) - галава царкоўнай акругі.

Ерэтык - чалавек, які не пагаджаецца з вучэннем царквы.

Замак - умацаванне, пабудаванае на непрыступных скалах, узгорках ці астравах, месца жыхарства феадалаў.

Кароль - уладар каралеўства, каралеўскі тытул быў другім па значнасці пасля імператарскага.

Кляштар - комплекс збудаванняў, дзе жыве грамада каталіцкіх манахаў.

Конунг - вайсковы правадыр у скандынаўскіх народаў.

Натуральная гаспадарка - гаспадарка, у якой выраблялася амаль усё, патрэбнае для жыцця, і спажывалася амаль усё, што выраблялася.

Папа Рымскі - галава Заходняй (каталіцкай) царквы.

Рабін - духоўны кіраўнік вернікаў у яўрэйскай рэлігійнай грамадзе.

Сінагога - яўрэйскі малітоўны дом.

Скрыпторый - месца, дзе перапісваліся сярэднявечныя кнігі.

Талмуд - збор рэлігійных, бытавых, прававых прадпісанняў іудзейства, заснаваны на адпаведным тлумачэнні кніг Старога Запавету.

Феадал - уладальнік феода.

Феадальная залежнасць - залежнасць, пры якой сяляне і іх дзеці прымацаваны да надзелу і павінны выконваць паншчыну ды выплачваць аброк.

Феод - надзел зямлі, які даваўся за выкананне службы, у асноўным вайсковай.

Шэрыф - каралеўскі намеснік у Англіі.

Эпас - літаратурны твор, у якім паказаны пераломныя падзеі ў гісторыі існавання пэўнага народа.

НАЙВАЖНЕЙШЫЯ ПАДЗЕІ

476 г. - звяржэнне Ромула Аўгуста Адаакрам. Фармальны канец Заходняй Рымскай імперыі

481-511 гг. - уладаранне Хлодвіга, правадыра і караля франкаў.

493-526 гг. - уладаранне Тэадорыха Вялікага, остгоцкага караля.

493-555 гг. - Каралеўства остготаў у Італіі.

VI ст. - "Салічная праўда" (Франкская дзяржава).

Каля 500 г. - прыняцце франкамі хрысціянства пры Хлодвігу.

Каля500 г. - "Эдыкт Тэадорыха" (Остгоцкае каралеўства).

568-774 гг. - Каралеўства лангабардаў у Італіі.

585 г . - заваяванне вестготамі Свеўскага каралеўства.

590-604 гг. - Пантыфікат Папы Рыгора I Вялікага.

597 г. - Першая рымска-хрысціянская місія ў Брытаніі.

675-754 гг. - Св. Баніфацый.

VIII ст. - стварэнне англасаксонскай эпічнай паэмы "Бэўвульф" (запісаная каля 1000 г.).

715-741 гг. - уладаранне Карла Мартэла, франкскага маярдома.

741-768 гг. - уладаранне Піпіна Кароткага, маярдома (з 751 г. - кароль Франкскай дзяржавы).

751-843 гг. - уладаранне дынастыі Каралінгаў у адзінай Франкскай дзяржаве.

756 г. - утварэнне свецкай дзяржавы рымскіх пап.

768-814 гг. - уладаранне Карла Вялікага.

774 г. - франкскае заваяванне каралеўства лангабардаў.

793 г. - першы напад вікінгаў на Брытанскія астравы.

800 г. - каранаванне Карла Вялікага імператарскай каронай. Аб'яднанне англасаксонскіх дзяржаў у адзінае каралеўства Англію.

843 г. - падзел імперыі франкаў, пачатак фарміравання каралеўстваў Францыі, Германіі, Італіі

858-867 гг. - пантыфікат Папы Мікалая I.

865-896 гг. - "Вялікая армія" вікінгаў.

871-899 гг. уладаранне Альфрэда Вялікага, караля Уэсэкса.

872-900 гг. - аб'яднанне нарвежскіх зямель пад уладай Харальда I Прыгожавалосага.

874 г. - пачатак каланізацыі Ісландыі.

IX ст. - узнікненне паэзіі скальдаў.

ІХ-ХІІІ стст. - стварэнне скандынаўскага гераічнага эпасу - "Эды".

IX ст. - з'яўленне першых замкаў у Еўропе.

РАЗДЗЕЛ II. ВІЗАНТЫЙСКАЯ ЦЫВІЛІЗАЦЫЯ

1. Стварэнне Візантыйскай дзяржавы.

2. Росквіт Візантыі ў V-VI стст.

3. Роля хрысціянства ў візантыйскім грамадстве.

4. Візантыйскае мастацтва і літаратура.

5. Візантыйскае войска. Войны з арабамі і славянамі.

6. Візантыя ў VІІІ-ІХ стст.

1. Стварэнне Візантыйскай дзяржавы

Візантыя стала адзінай спадчынніцай Рымскай імперыі пасля знішчэння германцамі Заходняй Рымскай імперыі ў 476 г. Трэба адзначыць, што ўжываная цяпер назва краіны - Візантыя - узнікла толькі ў XIV ст. і канчаткова замацавалася ў літаратуры ў XVI - ХVІІ стст. Самі жыхары дзяржавы называлі яе Рымскай (Рамей-скай) імперыяй , а сябе незалежна ад этнічнага паходжання - рымлянамі ( рамеямі ). Сталіцай дзяржавы стаў старажытны грэцкі горад Візантый, які ўзнік прыкладна ў 660 г. да н.э. на паўвостраве ў Мармуровым моры. У 330 г. імператар Рымскай імперыі перанёс сюды з Рыма сталіцу і назваў яе Новы Рым. Пасля яго смерці горад назвалі ў яго гонар Канстанцінопалем. Горад стаяў на перакрыжаванні двух важных гандлёвых шляхоў, наземнага, з Еўропы (Балканы) у Малую Азію і марскога - з Міжземнага праз Мармуровае ў Чорнае мора. Імператар Візантыі называў сябе " васілеўс " (што ў перакладзе з грэцкай мовы азначае "цар"). Кіраваў дзяржавай велізарны бюракратычны апарат, падзелены на асобныя структуры (ведамствы). Кожнай такой структурай кіраваў чыноўнік вышэйшага рангу, якога прызначаў імператар. Дзяржава мела вялікае сухапутнае войска і флот. Дзяржаўнай рэлігіяй было хрысціянства, якое паступова набыло формы ўсходняга абраду (пазнейшага праваслаўя). На чале візантыйскай царквы стаяў канстанцінопапьскі патрыярх , які залежаў ад імператара і павінен быў яго падтрымліваць. Святары не плацілі падаткаў. Царква мела вялікія зямельныя ўладанні (у тым ліку і манастыры), а таксама майстэрні і гандлёвыя крамы ў гарадах. Пасля падзелу Рымскай імперыі на дзве незалежныя дзяржавы ў 395 г. першым імператарам Усходняй (Візантыйскай) імперыі стаў Аркадзій (395-408). Дзяржава валодала Балканамі, астравамі Эгейскага мора, Малой Азіяй, Сірыяй, Палесцінай, Егіптам, часткай Месапатаміі і Арменіі, Паўднёвым Крымам ды іншымі тэрыторыямі на беразе Чорнага мора.

Гэтая тэрыторыя складала больш за 750 тыс. кв. км. Насельніцтва імперыі мела высокую земляробчую культуру. Тут вырошчвалі збожжа (пшаніцу, авёс і ячмень), разводзілі аліўкі і вінаград, а таксама фінікавыя пальмы і фісташкі. У Егіпце вырошчвалі лён, а на Балканах здаўна займаліся пчалярствам. У VI ст. з Кітая завезлі чарвякоў-шаўкапрадаў і пачалі вырабляць шоўк. Жыхары Візантыі таксама актыўна займаліся жывёлагадоўляй. Яны гадавалі буйную і дробную рагатую жывёлу, аслоў, коней, вярблюдаў і свіней. Шмат лавілі марской і рачной рыбы. Імперыя мела багатыя радовішчы жалеза, медзі, золата і срэбра, а таксама мармуру і будаўнічага каменю. Егіпет пастаўляў матэрыял для пісьма - папірус, а Фінікія - пурпуровую фарбу для дарагіх тканін.

Значную частку насельніцтва складалі грэкі, і таму дзяржаўнай мовай замест латыні неўзабаве стала грэцкая. Акрамя грэкаў у дзяржаве жыло шмат народаў, якія захоўвалі свае звычаі, мову і рэлігію. Аднак грэкі былі пануючым этнасам, а грэцкая мова - мовай царквы і дзяржавы. Насельніцтва Візантыі ў V-VІІ стст. складала ад 50 да 65 млн. чалавек.

2. Росквіт Візантыі ў V-VІІ стст.

У часы гібелі Заходняй Рымскай імперыі Візантыяй кіраваў вышэйзгаданы імператар Зянон (474-491). Ён стабілізаваў сітуацыю ў краіне, здушыў паўстанні сепаратыстаў у Малой Азіі і накіраваў армію остготаў у Італію, каб яны не напалі на яго краіну. А наступны імператар, Анастасій, праводзіў паспяховую эканамічную палітыку, але прайграў вайну з суседняй Персіяй і страціў некаторыя гарады і тэрыторыі.

Найбольшы росквіт дзяржавы звязаны з уладараннем былога вайскоўца, камандзіра палацавай гвардыі Юстына (518-527) і яго пераемніка. Ён умацаваў пазіцыі артадаксальнай хрысціянскай царквы, выдаў эдыкі супраць арыян, палепшыў адносіны з рымскімі папамі. Яго палітыку паспяхова прадоўжыў Юстыніян (527-565).

Эпоха Юстыніяна. Галоўнай мэтай яго жыцця было аднаўленне былой моцы Рымскай імперыі. Вельмі адукаваны, энергічны і працавіты чалавек, ініцыятар розных рэформаў, ён жорстка душыў народныя паўстанні, пераследаваў ерэтыкоў і жорсткай рукой кіраваў мясцовай арыстакратыяй. Яго дарадцай і памочніцай была яго жонка Феадора , былая актрыса, вельмі прыгожая і разумная жанчына. Яна дапамагала кіраваць краінай, займалася дыпламатыяй, прымала замежных паслоў. Выявы Юстыніяна і Феадоры адлюстрананыя ў творах візантыйскага мастацтва.

Юстыніян стварыў моцную армію і пачаў паспяховыя войны ў Еўропе і Афрыцы. Спачатку, у 533-534 гг. ён захапіў каралеўства вандалаў у Паўночнай Афрыцы, дзе быў створаны Карфагенскі экзархат пад уладай Візантыі. Потым войскі імператара прыйшлі ў Італію, дзе знішчылі каралеўства остготаў (535-555 гг.). Былі захоплены і далучаны да Візантыі Паўночная Італія з цэнтрам у Равене, горад Рым, уся Паўднёвая Італія і Сіцылія. У 554 г. візантыйцы захапілі паўднёвую частку Пірэнейскага паўвострава. У выніку гэтых войнаў тэрыторыя Візантыі павялічылася амаль што ў два разы. Была зроблена адміністрацыйная рэформа. Краіну падзялілі на дзве часткі ( прэфектуры ), а тыя ў сваю чаргу на дыяцэзіі (7) і правінцыі (больш за 50). Грамадзянская ўлада была аддзелена ад вайсковай. Кожны чыноўнік, кіраўнік адміністрацыйнай адзінкі, меў вялікую адміністрацыйную і судовую ўладу, збіраў падаткі і адказваў за будаўніцтва і паштовую сувязь. Канстанцінопаль стаў асобнай адміністрацыйнай адзінкай на чале з прэфектам горада ( эпархам ).

Візантыйскае войска складалася з памежных і мабільных атрадаў, у якія ўваходзілі як рэкруты з мясцовага насельніцтва, так і найміты-варвары, а таксама з вялікага флоту. Колькасць войска ў V-VІІ стст. дасягала 550 тысяч чалавек.

Пры імператары дзейнічаў дарадчы орган - сенат ( сінкліт ), у склад якога ўваходзілі прадстаўнікі старой рымскай арыстакратыі. Дзякуючы Юстыніяну быў створаны "Звод грамадзянскага права" , у якім праводзілася ідэя моцнай імператарскай улады ў цесным звязе з хрысціянскай (праваслаўнай) царквой. Значнае месца займае ахова прыватнай уласнасці, што ўмацавала эканоміку краіны.

Візантыйскі горад і вёска. Характэрнай рысай Візантыі было існаванне вялікіх гарадоў - такіх, як Александрыя, Бейрут, Трапезунд, Тыр, Антыёхія, Херсанес, Равена і інш. Самы вялікі горад Канстанцінопаль пры Юстыніяне налічваў больш за 300 тысяч жыхароў. Значную частку насельніцтва вялікіх гарадоў і асабліва сталіцы склаў і гарад скі плебс, які складаўся з вольных людзей: дробных рамеснікаў і гандляроў, наёмных работнікаў, сезонных рабочых, будаўнікоў. Каб задаволіць іх побыт і заняць вольны час, у гарадах будаваліся цыркі і асабліва іпадромы, дзе адбываліся конныя спаборніцтвы. Гарадскі плебс паступова падзяліўся на розныя вялікія групы спартовых заўзятараў, якія з цягам часу ператвараліся ў своеасаблівыя партыі ( дзімы ). Урэшце іх узначалілі арыстакраты, і з дзімамі пачала лічыцца ўлада. Дзімы атрымалі некаторыя правы: крытыкаваць ці падтрымліваць асобных чыноўнікаў падчас цыркавых спаборніцтваў, насіць зброю, складаць атрады гарадской міліцыі і нават удзельнічаць у выбарах імператара.

Дарэчы, у Візантыі ўлада не перадавалася ў спадчыну, а новага імператара выбіралі сенат, кіраўнікі войска з удзелам простага народа. Часам дзімы выступалі і супраць улады і нават падымалі паўстанні. Самае вялікае паўстанне адбылося ў Канстанцінопалі ў 532 г. і атрымала назву "Ніка" ("Перамагай!"). Паўстанцы разграмілі ўладныя будынкі, разрабавалі і падпалілі горад. Аднак Юстыніян з дапамогай жонкі здолеў жорстка задушыць паўстанне вайсковай сілай. Загінула каля 35 тысяч яго ўдзельнікаў. Трэба адзначыць, што ў ранняй Візантыі даволі доўга існавала нявольніцтва, асабліва ў гарадах. Шмат нявольнікаў было ў прыватных і дзяржаўных майстэрнях, а таксама ў гаспадарках землеўласнікаў.

Візантыйскія гарады мелі тратуары (ходнікі), начное асвятленне, шмат прыгожых мураваных храмаў і палацаў, моцныя гарадскія ўмацаванні (мураваныя вежы і сцены). Багатыя людзі жылі ў вялікіх палацах, а бедныя - у розных халупках. У палацавых пакоях стаяла шыкоўная мэбля, аздобленая рознакаляровай эмаллю, роспісамі, пазалотай і каштоўнымі камянямі. У арнаментах шырока выкарыстоўваліся хрысціянскія матывы: манаграма Хрыста, выявы рыб, галубоў, гронак вінаграду, лаўровых і пальмавых лістоў. На адзенне візантыйцаў аказала моцны ўплыў антычная традыцыя: верхняе адзенне - тога, ніжняе - туніка. Хатні посуд быў металічны (у тым ліку і сярэбраны), шкляны і керамічны. Па-ранейшаму вырабляліся амфары, у якіх перавозілі віно і алей.

Вясковае грамадства складалася з сялян. Шмат хто з іх меў зямлю ў якасці прыватнай уласнасці. Уласнікі маёмасці праводзілі сходы, дзе прымалі розныя рашэнні, у тым ліку выбіралі асоб для кіравання вёскай. Таксама існавалі вялікія латыфундыі , дзе працавалі залежныя ад уласніка людзі, спачатку нявольнікі і калоны - потым беззямельныя сяляне. Існаваў і вялікі дзяржаўны зямельны фонд, які належаў імператару. Гэтыя землі або здаваліся ў арэнду, або пуставалі. Існавалі зямельныя ўладанні цэркваў і манастыроў.

3. Роля хрысціянства ў візантыйскім грамадстве

Нягледзячы на тое што з IV ст. хрысціянства ў Візантыі стала дзяржаўнай рэлігіяй, сярод мясцовага насельніцтва, асабліва сялянства, існавалі старыя язычніцкія традыцыі. Таму хрысціяне не раз знішчалі язычніцкія помнікі. Так, у канцы IV ст. у егіпецкай Александрыі разбурылі цэнтр язычніцкага культу "Серапіум", а так-сама спалілі знакамітую бібліятэку. Пасля Нікейскага сабору 325 г. хрысціяне пачалі будаваць свае храмы і святкаваць свае рэлігійныя святы - Божае Нараджэнне і Хрышчэнне, Нараджэнне Багародзіцы, Тройцу, дні святых і інш. Узніклі і царкоўныя таінствы: хрышчэнне, пакаянне, прычашчэнне і вянчанне. Хрысціянскія вернікі падзяліліся на клір (святароў) і простых вернікаў - міран . У IV ст. з'явілася манаства. Аднак існавала шмат розных сектаў і плыняў, якія варожа ставіліся да іншых. Ужо ў 301 г. выдзелілася самастойная нацыянальная армянская царква , якая існуе і цяпер.

У Візантыі артадаксальнае хрысціянства доўга змагалася з арыянамі і монафізітамі, якія прызнавалі толькі адну - боскую - прыроду Хрыста. У 529 г. Юстыніян зачыніў Афінскую філасофскую школу. У той жа час, у V-VІ стст. складаецца новая хрысціянская візантыйская філасофія , якая змяніла язычніцкі неаплантанізм. Яскравымі прадстаўнікамі новай філасофіі сталі Максім Спаведнік і Іаан Дамаскін (каля 675 - каля 749). Апошні нарадзіўся ў Дамаску, дзе і стаў манахам. Ён актыўна выступаў за шанаванне абразоў і напісаў грунтоўную працу "Крыніца ведаў" .

У Візантыі існавала і хрысціянская сістэма адукацыі. Так, у манастырскіх школах навучаліся маладыя манахі, а ў патрыяршай школе святароў вучылі тэалогіі і рыторыцы. З VI ст. мовай навучання замест лаціны стала грэцкая.

Перыяд іконаборства. У VI ст. у Візантыі пашырыўся рух іконаборцаў , якія выступалі супраць шанавання абразоў (ікон) і лічылі гэта ідалапаклонствам. Імператар Леў III (717-741) падтрымаў гэты рух і ў 726 г. абвясціў іканаборства сваёй афіцыйнай палітыкай, а ў 730 г. шанаванне ікон афіцыйна забаранілі. Леў III канфіскаваў частку маёмасці царквы, а таксама ліквідаваў частку царкоўных прывілеяў. Атрыманыя сродкі ён накіраваў на падтрымку арміі. У 754 г. адбыўся Іканаборскі сабор , які падтрымаў палітыку імператара па гэтым пытанні. Аднак прыхільнікі абразоў не змірыліся, і ў 787 г. на VII Сусветным саборы ў Нікеі яны дамагліся шанавання абразоў. Канчаткова іконашанаванне было вернутае як дзяржаўная палітыка імператрыцай Феадорай у 843 г., але землі, сканфіскаваныя ў царквы, дзяржава так і не вярнула.

4. Візантыйскае мастацтва і літаратура

У адрозненне ад Заходняй Еўропы, дзе манументальнае дойлідства практычна спыніла сваё існаванне, у Візантыі яно актыўна працягвалася. У будаўніцтве, акрамя каменю, актыўна выкарыстоўвалася і абпаленая цэгла. Гэтая цэгла мела квадратную ці амаль квадратную форму і невялікую таўшчыню (4-5 см). Сцены храмаў распісвалі фрэскамі і аздаблялі мазаікамі . Падлога была з каменных пліт або з керамічных плітак, а купалы накрываліся свінцовымі, радзей меднымі лістамі, часам з пазалотай. Першыя храмы мелі вялікія памеры і ў плане нагадвалі рымскія базілікі. У VI ст. (532-537 гг.) архітэктарамі Анфіміем з Тралаў і Ісідорам з Мілета быў збудаваны Сафійскі Сабор у Канстанцінопалі. Гэтыя дойліды мелі вялікую тэарэтычную падрыхтоўку, былі выкладчыкамі геаметрыі і матэматыкі, аўтарамі навуковых трактатаў. Гэта велізарная базіліка, дзе адначасова магла маліцца не адна тысяча вернікаў. Над галоўным чатырохвугольным будынкам быў зроблены велізарны купал. Сорак вокнаў зроблена па перыметры будынка каля асновы купала. Яны асвятляюць сярэдзіну вялізнай залы ў цэнтры будынка. Асноўны купал будынка абапіраецца на два ніжэйшыя падкупалы, як бы вырастаючы з іх. Увесь купал быў аздоблены мазаікамі. Гэта была выява вялікага крыжа пасярод зорнага неба. Інтэр'ер будынка аздоблены двума ярусамі мармуровых каланад. Некаторыя навукоўцы лічылі гэты храм самай галоўнай хрысціянскай святыняй у свеце.

Да іншых шэдэўраў ранняга візантыйскага дойлідства адносяцца храм Дванаццаці апосталаў у Канстанцінопалі, храм св. Дзімітрыя ў Салоніках і царква св. Віталія (Сан-Вітале) ў італьянскай Равене. Храм у Равене і цяпер здзіўляе наведнікаў выключнасцю архітэктурных формаў, прыгажосцю і чысцінёй іх ліній. У гэтыя часы збудаваны абарончыя муры і вежы Канстанцінопаля, складаная сістэма акведукаў і цыстэрнаў для забеспячэння горада вадой. На беразе Мармуровага мора вырас Вялікі імператарскі палац - комплекс разнастайных архітэктурных будынкаў рознага прызначэння. Сцены і падлогі палацаў і храмаў былі аздоблены мазаікамі, зробленымі або з рознакаляровых каменьчыкаў, або з каляровых шкляных кубікаў (смальты). Захаваліся ўнікальныя мазаікі з выявамі Юстыніяна і Феадоры ў атачэнні прыдворных у храме Сан-Вітале ў Равене.

Візантыйскія дойліды ў V-VІІ стст. стварылі новыя ўзоры планіроўкі візантыйскіх гарадоў. У цэнтры горада знаходзілася вялікая плошча ад яе ў розныя кірункі разыходзіліся шырокія вуліцы.

З ІV ст. у хрысціянстве пашырыўся культ абраза (іконы) , які напачатку панаваў у Візантыі. Таму ў выяўленчым мастацтве гэтай краіны пераважаў жывапіс . Абсалютная перавага надавалася выявам Бога, Багародзіцы, імператараў і асобных знакамітых людзей, а пазней і святых. На візантыйскіх абразах пераважалі вобразы Ісуса Хрыста і Божай Маці. Творы мастакоў былі плоскія і мелі залацістую афарбоўку. Святыя ўгоднікі, імператары мелі вакол галавы німб - залатое свячэнне.

Рэлігійны характар мела візантыйская музыка . Менавіта тут узнік такі музычна-паэтычны жанр, як кандак , які складаўся з некалькіх дзясяткаў строф- трапароў . Найбольш вядомымі складальнікамі кандакоў былі Яфрэм Сірын (IV ст.), Раман Міласпеўны (VI ст.). Аўтарамі разнастайных гімнаў і канонаў , у сваю чаргу, былі кампазітары і паэты VІІ-ІХ стст. Андрэй Крыцкі, Феадор Студыт, Касія. Вышэйзгаданы Іаан Дамаскін склаў са сваіх гімнаў знакаміты звод "Актоіх" .

Паступова склалася візантыйская хрысціянская літаратура . Гэта агіяграфія, ці жыційная літаратура, - апісанне жыцця і дзейнасці святых і духоўныя гімны - у галіне паэзіі. У IV ст. з'явіліся "кодэксы" - рукапісныя кнігі, якія чыталі святары падчас літургіі ў храме, напісаныя на асобных пергаментных старонках. У V ст. пашырыліся "пурпуровыя кодэксы" - шыкоўныя кнігі, напісаныя на пергаменце пурпуровага колеру. Тэкст у іх часам быў напісаны срэбрам ці золатам.

Адзін з такіх кодэксаў - гэта Венская Біблія , якую, магчыма, напісалі ў Антыёхіі ў сярэдзіне VI ст. У XI ст. кнігі ў Візантыі пачалі пісаць на паперы.

5. Візантыйскае войска. Войны з арабамі і славянамі

У канцы VI ст. знешняя сітуацыя Візантыі значна пагоршылася. З поўначы нападалі протабалгары і славяне, на ўсходзе абвастрыліся адносіны з Персіяй, значную частку Італіі захапілі лангабарды. У пачатку VII ст. пачаліся ваенныя сутычкі з аварамі, а ў 608 г. паўстаў карфагенскі экзархат і да ўлады прыйшоў сын карфагенскага экзарха Іраклій (610-641). Менавіта ён правёў вайсковую рэформу ў краіне. Былі створаны вялікія вайсковыя акругі ( фемы ), дзе стаялі вайсковыя атрады. На чале фемаў былі стратыгі , якія мелі ўсю ўладу на тэрыторыі фема: вайсковую і грамадзянскую. Аснову войска складалі сяляне, якія за службу атрымалі зямельныя надзелы: іх яны маглі перадаваць у спадчыну і былі вызвалены ад усіх падаткаў. Для вайсковай падрыхтоўкі рэгулярна праводзіліся вайсковыя зборы і практыкаванні. Першыя фемы з'явіліся ў Малой Азіі і хутка распаўсюдзіліся па ўсёй дзяржаве.

У VII ст. грэцкі архітэктар з Сірыі Калінік прыдумаў новую зброю - "грэцкі агонь" . Яе вытворчасць была ў глыбокай таямніцы. Аснова зброі - запальная сумесь смалы і іншых гаручых рэчываў. Гэтая сумесь гарэла нават на вадзе. Яе выкідвалі на ворага з дапамогай спецыяльных медных труб і агнямётаў, якія былі зроблены ў выглядзе бронзавых ці жалезных пачвараў з адкрытымі пашчамі і стаялі на носе ваенных караблёў. Таксама гэтую зброю ўжывалі пры абароне і аблозе цвердзяў і гарадоў. Ваенныя дзеянні візантыйцаў апісаў у сваіх кнігах былы ваяр, гісторык VI ст. Пракопій Кесарыйскі .

У 638 г. войскі персаў былі разбітыя, але ў гэты час з'явіўся новы вораг - арабы. Спачатку яны захапілі Сірыю, потым Іерусалім і Антыёхію, Месапатамію і Арменію. У 641 г. без бою яны захапілі Егіпет, потым і Карфаген. У 681 г. на Балканах узнікла Першае Балгарскае царства . Тэрыторыя імперыі зменшылася на 2/3. Аднак у 674-678 гг. пры марской аблозе арабамі Канстанцінопаля з дапамогай "грэцкага агню" візантыйцы спалілі іх флот, а потым выгналі славян з Фракіі і Македоніі. У 717 г. яны ледзь адбіліся ад новага ўварвання арабаў, калі тыя акружалі сталіцу імперыі і з мора, і з сушы.

Аднак візантыйцы знайшлі сабе новага ваеннага саюзніка - хазараў - і спынілі арабскае войска.

6. Візантыя ў VІІІ-ІХ стст.

У 787 г. візантыйцы наладзілі добрыя адносіны з франкамі. У пачатку IX ст. балгарскае войска захапіла некалькі гарадоў і падышло да Канстанцінопаля. Аднак цар балгараў Крум раптоўна памёр, і візантыйцы здолелі падпісаць мір з балгарамі. У 870 г. балгарскі цар Барыс прыняў хрысціянства.

Адначасна зноў актывізаваліся арабы, якія ў 826-827 гг. захапілі Крыт, а потым пачалі заваёўваць Сіцылію. У выніку шматлікіх войнаў шмат якія гарады Візантыі заняпалі і ператварыліся або ў аграрныя гандлёвыя пасяленні, або ў ваенныя цвердзі. Акрамя галоўнага горада-сталіцы буйнымі гарадамі засталіся Салонікі, Нікея, Эфес і Трапезунд. Усе сяляне былі абкладзены вялікімі падаткамі, а таксама працавалі на прымусовых працах: будаўніцтве цвердзяў, мастоў і дарог.

З сярэдзіны IX ст. адбываецца адраджэнне царкоўнай архітэктуры i мазаікі. Візантыйскія майстры распрацавалі новую крыжова-купальную мадэль хрысціянскага праваслаўнага храма і будавалі храмы па ўсёй імперыі. Храмы ўзніклі на Сіцыліі, а таксама ў Венецыі. Мазаікі адлюстроўвалі постаці імператараў і Хрыста ў асабліва велічнай форме. Былі выпадкі, калі Ісус Хрыстос быў выяўлены ў вобразе імператара, які, апрануты ў вайсковае адзенне, трымае ў руках крыж і кнігу, а нагамі топча льва і змяю.

У VIII-IX стст. Візантыя ў часы Ісаўрыйскай дынастыі, калі кіравалі вышэйзгаданы імператар Леў III (717-741) і Канстанцін V (741-775), здолела выстаяць у змаганні з рознымі ворагамі і зноў адрадзіць сваю магутнасць у Х-ХІІ стст.

З ІХ ст. вышэйшая адукацыя сканцэнтравалася ў сталіцы імперыі. У гэтыя часы становіцца вядомым знакаміты навуковец-энцыклапедыст - Леў Матэматык (Філосаф) . Ён цікавіўся таксама медыцынай і астраноміяй. Леў Матэматык вырашыў выкарыстоўваць літары як арыфметычныя сімвалы і такім чынам стварыў падмурак асноў алгебры. Дзякуючы яму быў адноўлены Канстанцінопальскі ўніверсітэт, вышэйшая свецкая школа. Для заняткаў выдзелілі асобную залу палаца - Магнаўру . Там выкладалі граматыку, рыторыку і філасофію. Сярод выкладчыкаў быў і патрыярх Фоцій . Вялікіх поспехаў дасягнулі візантыйскія географы, якія ўмелі рабіць дакладныя марскія карты і планы гарадоў.

У IX ст. да ўлады прыходзяць імператары Македонскай дынастыі. Іх уладаранне называюць "залатым векам" візантыйскай дзяржаўнасці. Пры іх зацвярджаецца шыкоўны этыкет візантыйскага двара, строгі цырыманіял прыёму замежных амбасадараў; з'яўляецца інстытут сукіраўнікоў. Сутнасць яго палягала ў тым, што імператар рабіў свайго сына сукіраўніком імперыі, і потым той кіраваў краінай пасля смерці бацькі. Гэта было зроблена падчас уладарання Льва ІV Разумнага (886-912).

АСНОЎНЬІЯ ТЭРМІНЫ

Апсіда, абсіда (ад грэцк. Нарsіdоs - скляпенне) - паўкруглая, прамавугольная або гранёная частка бажніцы, якая выступае за межы сцяны і мае ўласнае перакрыццё. У апсідзе знаходзяцца алтар, клір, месцы для вышэйшых духоўных і свецкіх асоб, культавыя рэліквіі ды інш.

Ікона (абраз) - рэльефная або жывапісная выява багоў ці святых, якая служыць прадметам рэлігійнага пакланення.

Крыжова-купальная сістэма - архітэктурная сістэма (кампазіцыя), у якой да падкупальнай прасторы ў цэнтры храма звернутыя цыліндрычныя скляпенні галін крыжа, якія ў цэлым ствараюць крыжападобную структуру.

Літургія - набажэнства, у якім адлюстроўваецца сутнасць асноўных ідэй хрысціянскага светапогляду. Мазаіка - від жывапісу з выкарыстаннем каляровых камянёў, эмаляў і інш.

Манархія - асабістая ўлада аднаго чалавека (караля, халіфа, султана, шаха) у краіне; звычайна перадаецца ў спадчыну.

Манастыр - комплекс збудаванняў, дзе жыве грамада манахаў.

Мітрапапіт - вышэйшае царкоўнае званне і пасада (пасля патрыярха), галава царкоўнай акругі - мітраполіі.

Патрыярх - галава праваслаўнай царквы.

Сабор - 1) галоўны храм горада; 2) з'езд вышэйшага духавенства для вырашэння найбольш важных спраў дзейнасці царквы.

Смальта - каляровыя непразрыстыя шкляныя кубікі ці пласціны для выкладвання мазаік.

Фрэска - каляровы малюнак, карціна, выкананыя на свежым тынку.

НАЙВАЖНЕЙШЫЯ ПАДЗЕІ

527-565 гг. - Юстыніян I, візантыйскі імператар.

528-534 гг. - складанне "Збору грамадзянскага права" пры Юстыніяне І.

532 г. - паўстанне Ніка ў Канстанцінопалі.

532-537 гг. - будаўніцтва храма св. Сафіі ў Канстанцінопалі.

534-554 гг. - остгоцка-візантыйская вайна.

582-602 гг. - уладаранне Маўрыкія, візантыйскага імператара.

602-610 гг. - уладаранне Фокі, візантыйскага імператара.

610-641 гг. - уладаранне Іраклія, візантыйскага імператара.

634 г. - пачатак арабскай экспансіі на візантыйскія землі.

717-741 гг . - уладаранне Льва III Ісаўра, візантыйскага імператара.

726 г. - узвядзенне іканаборства ў ранг афіцыйнай рэлігійнай палітыкі Візантыі.

717-802 гг. - уладаранне Ісаўрыйскай дынастыі ў Візантыі.

787 г. - кананічнае асуджэнне іканаборства Сёмым Усяленскім саборам.

Канец VIII ст. - каля 869 г. - Леў Матэматык.

855 г. - адкрыццё Магнаўрскай вышэйшай школы ў Канстанцінопалі.

867-1056 гг. - уладаранне Македонскай дынастыі ў Візантыі.

РАЗДЗЕЛ IV. СЛАВЯНЕ I КАЧЭЎНІКІ ПАЎДНЁВАЙ ЕЎРОПЫ

1. З ' яўленне славян на палітычнай карце Еўропы.

2. Аварскі каганат.

3. Утварэнне Першага Балгарскага царства.

4. Хазарскі каганат.

5. Усходнія славяне ў VІІ-VІІІ стст.

6. Вялікая Маравія.

7. Дзейнасць Кірыла і Мяфодзія.

8. Усходнія славяне ў VІІІ-ІХ стст.

9. Узнікненне Кіеўскай Русі.

1. З'яўленне славян на палітычнай карце Еўропы

Славяне з'явіліся ў пісьмовых крыніцах у VI ст. як склавіны . Аўтары таго часу лічылі іх сваякамі антаў і нашчадкамі венетаў (венедаў) і пісалі, што славяне жылі на левым беразе Ніжняга Дуная і далей на поўнач да вярхоўяў Віслы.

У часы ІОстыніяна I славяне пачалі свае набегі на балканскія правінцыі Візантыі. Таксама некаторыя з іх служылі ў візантыйскім войску. Трэба сказаць, што на беларускім Палессі славянскія паселішчы з'явіліся ў V-VІ стст. Самае дасканалае з іх, Хотамель , знаходзіцца ў Столінскім раёне і датуецца VII ст. У другой палове VI ст. частка славян была заваявана аварамі .

З VII ст. славяне вядомыя на паўднёвым беразе Балтыйскага мора, на Эльбе, каля Альпаў і на Балканах. Некаторую частку славян у 688 г. імператар Візантыі Юстыніян II перасяліўу Малую Азію. У VII ст. у славям пачалі стварацца першыя дзяржаўныя ўтварэні: так, група славянскіх плямёнаў на чале з франкскім купцом Сама ўтварыла дзяржаву Сама , якая паспяхова ваявала з аварамі.

Пасля 670 г. некаторыя славяне з ніжняга Дуная ўвайшлі ў склад Балгарскага царства . Некаторыя славянскія плямёны, у тым ліку і беларускае племя радзімічаў, з 730-х гадоў плацілі даніну хазарам. У канцы VIII - пачатку IX ст. славяне стварылі магутную дзяржаву Вялікую Маравію , з якой звязана дзейнасць Кірыла і Мяфодзія .

Пасля VII ст. славяне займаюць вялікія абшары Усходняй Еўропы і падзяляюцца на тры вялікія групы - заходнюю, усходнюю і паўднёвую.

2. Аварскі каганат

Авары, старажытны - магчыма, цюркамоўны - народ, некалі жылі ў Цэнтральнай Азіі, недалёка ад Кітая, дзе ў сярэдзіне V ст. стварылі сваю дзяржаву. Аднак у 552-555 гг. яе разграмілі войскі Цюркскага каганата. Рэшткі авараў рушылі на захад і ў 558 г. з'явіліся ў Паўночным Прычарнамор'і, дзе падпарадкавалі сабе мясцовыя плямёны качэўнікаў.

Аварскія ваяры былі добра ўзброеныя. Археолагі знаходзяць металічныя наканечнікі (у тым ліку і на тэрыторыі Беларусі) аварскіх стрэлаў і самі аварскія стрэлы. Авары першымі ў Еўропе выкарыстоўвалі жалезныя страмёны для кіравання канём, асабліва падчас бою. Авары ваявалі з франкамі, разам з лангабардамі разграмілі і занялі тэрыторыю германскага каралеўства гепіда ў на рацэ Цісе - прытоку Дуная. Захапілі яны і частку славянскіх земляў на правым беразе Дуная. У 568 г. быў створаны Аварскі каганат на чале з каганам Баянам . Авары ваявалі з Візантыяй і захапілі некаторыя гарады гэтай імперыі. У авараў была свая пісьмовасць ( аварскія руны ). У 623 г. славяне, якія ўзнялі паўстанне на чале з князем Сама, нанеслі паразу атрадам авараў, а ў 626 г. войскі авараў былі разбітыя пад сценамі Канстанцінопаля. У канцы VII ст. авары займалі тэрыторыю паміж Карпатамі і Дунаем. У іх з'явіліся моцныя ворагі, франкі на чалез Карлам Вялікім, і балгары на чале з ханам Крумам. У выніку вайны з франкамі з 791 па 803 г. дзяржава авараў была знішчаная. Апошні раз авары (славяне называлі іх обрамі ) згадваюцца ў пісьмовых крыніцах пад 822 г. Частка аварскіх земляў увайшла ў склад балгарскага царства.

3. Утварэнне Першага Балгарскага царства

Старажытныя балгары (гісторыкі яшчэ называюць іх протабалгарамі) - гэта плямёны цюркскага паходжання. Іх гістарычная радзіма - Прыазоўе, дзе ў 635 г. быў створаны балгарскі племянны саюз на чале з ханам Кубрытам , а першай балгарскай сталіцай стаў горад Фанагорыя . Займаліся протабалгары жывёлагадоўляй і былі качэўнікамі. У VII ст. яны пачалі захопліваць розныя тэрыторыі ва Усходняй і Паўднёвай Еўропе. Адна вялікая група (арда) протабалгараў пайшла на поўнач на чале з ханам Катрагам і засяліла тэрыторыі на сярэдняй Волзе і Каме, падначаліўшы сабе мясцовыя фіна-ўгорскія плямёны. Пазней тут узнікне дзяржава Волжская Булгарыя .

Другая протабалгарская арда на чале з ханам Аспарухам у канцы VII ст. з'явілася на Балканах, дзе ўжо былі прыдунайскія славяне, і падпарадкавала іх сабе. У выніку паўстала магутная дзяржава, якая атрымала пазней назву Першага Балгарскага царства Качэўнікі-протабалгары перайшлі да земляробства і паступова былі асіміляванымі славянамі, засвоілі іх мову і культуру. Так утварыўся новы паўднёваславянскі народ пад назвай балгары, а іх краіна і цяпер завецца Балгарыя. Да сярэдзіны IX ст. у Балгарыі існавала язычніцкая рэлігія. Балгарскія ханы праводзілі актыўную міжнародную палітыку і мелі цесныя кантакты з Візантыяй.

Так, балгарскі хан Тэрвал дапамог вярнуць уладу візантыйскаму імператару Юстыніяну II. На тэрыторыі Балгарыі каля скалы Мадара (непадалёк ад горада Шумена ) існуе скульптурная выява гэтага хана, зробленая ў пачатку VIII ст. Яна мае назву " Мадарскі вершнік" На каменнай скале памерам 2,6x3,1 м на вышыні 2,3 м высечаны вершнік натуральных памераў, які дзідай забівае льва. Ззаду за ім бяжыць сабака. Унізе ёсць надпіс на грэцкай мове, у якім ідзе гаворка аб адносінах Балгарыі і Візантыі ў VIII-IX стст. пры ханах Тэрвале, Круме і Амуртагу. "Мадарскі вершнік" - гэта адзіны ў Еўропе скальны рэльеф і ўнікальны помнік ранне-балгарскай культуры.

У 864 г. пры хане Барысе балгары прынялі ўсходняе хрысціянства (праваслаўе) ад Візантыі. З гэтых часоў хан пачаў звацца князем, а потым і царом. Прыняцце хрысціянства ўмацавала міжнароднае становішча Балгарыі, паскорыла развіццё яе культуры, а балгары сталі першым хрысціянскім славянскім народам.

4. Хазарскі каганат

Хазары - гэта напалову качавы народ цюркскага паходжання. Гістарычная радзіма хазараў - прыкаспійскія стэпы і Паўночны Каўказ, дзе хазары жылі побач з аланамі. У VII ст. хазары стварылі сваю дзяржаву са сталіцай у горадзе Семендэры (цяпер тэрыторыя Дагестана). Пасля разгрому хазараў арабамі ў 735 г. яны перасяліліся на Ніжнюю Волгу, і новай сталіцай іх дзяржавы стаў вышэйзгаданы горад Іціль на Волзе. Таксама хазары захапілі Таманскі паўвостраў і тэрыторыю Паўночнага Крыма. На Тамані ім належаў горад Самкерц (пазней Тмутаракань ), а на Доне - гарады Саркел i Белая Вежа .

Росквіт хазарскай дзяржавы прыпадае на VIII-IX стст. У канцы VIIІ пачатку IX ст. язычнікі-хазары прымаюць ад яўрэяў іўдаізм. Хазары мелі добрае войска, былі добрымі гандлярамі, мелі цесныя кантакты з Візантыяй. Ім плацілі даніну шмат якія плямёны, у тым ліку і беларускае племя радзімічаў. Менавіта ад хазараў і арабаў славяне запазычылі шахматы. Археолагі раскапалі руіны хазарскага Саркела, які знаходзіўся на штучным востраве каля левага берага Дона. Горад меў умацаванні, цагляныя тоўстыя муры з абарончымі вежамі ў форме чатырохвугольніка (200x130 м). Горад быў заснаваны ў 40-х гг. IX ст. і загінуў у 965 г. падчас штурму кіеўскага князя Святаслава. Археолагі знайшлі шмат зброі, аздобаў, рознага керамічнага посуду і прыладаў працы. Вуліц у горадзе не было, жытлы - юрты, хаты-мазанкі і паўзямлянкі - стаялі хаатычна. Качэўнікі-хазары жылі ў юртах на тэрыторыі цвердзі, а славяне - у паўднёва-заходняй частцы горада. Каган меў будынкі, зробленыя з абпаленай цэглы. Археолагі высветлілі, што на поўдні хазарскай дзяржавы, у стэпах, жылі качэўнікі, а на поўначы, у лесастэпе, - земляробы.

Феадалы-хазары мелі ўмацаваныя замкі, а гарадамі кіраваў каган праз сваіх прадстаўнікоў. У гарадах актыўна развіваліся розныя рамёствы: ганчарнае, жалезнаробчае, ювелірнае і г.д. Праз прыморскія гарады Крыма і Тамані ішоў гандаль з Візантыяй, паўднёвыя дарогі вялі ў Арабскі халіфат, а па Волзе праходзіў гандлёвы шлях "з варагаў у грэкі". Багатых феадалаў хазары хавалі ў курганах, дзе археолагі знаходзяць шмат унікальных знаходак. Часам нябожчыка хавалі разам з канём, таксама ў магілу клалі і забітых бараноў. Загінуў хазарскі каганат у выніку нападу на яго кіеўскага князя Святаслава ў X ст.

5. Усходнія славяне ў VII-VIII стст.

У VII ст. пачалося вялікае рассяленне славян на землях балтаў і фіна-уграў . Славяне рухаліся па берагах вялікіх рэчак, і паступова асімілявалі мясцовае насельніцтва. Перайшоўшы цераз Прыпяць, славянскія плямёны рухаліся ўверх па Дняпры і па цячэнні Дзвіны ў напрамку Балтыйскага мора. Сярод іх былі і непасрэдныя продкі беларусаў. Самым вялікім і моцным племем, ці нават племянным саюзам, былі крывічы . Першая хваля крывічоў заняла цэнтральную і паўночную Беларусь. Разам з мясцовымі балтамі крывічы стваралі археалагічную культуру доўгіх курганоў . Доўгія курганы былі месцам пахавання вялікай патрыярхальнай сям'і, і кожны курган меў некалькі такіх пахаванняў. Пры раскопках гэтых курганоў, акрамя славянскіх рэчаў, знаходзяць і балцкія, што сведчаць аб змешаным насельніцтве.

Другая хваля крывічоў у VІІІ-ІХ стст. заняла ўсё Верхняе Падняпроўе, басейн Заходняй Дзвіны і нават дасягнула Верхняй Волгі (раён Цверы) і Чудскага возера. Паўднёвую частку Беларусі занялі дрыгавічы . Апошнімі ў VIII ст. на тэрыторыю Беларусі з Захаду (тэрыторыя Польшчы) прыйшлі радзімічы , якія занялі басейн ракі Сожа. Іх пахавальны абрад вельмі адрозніваўся ад суседзяў, бо яны не мелі курганоў, а спаленых нябожчыкаў з рэчамі клалі ў гліняныя гаршчкі (урны) і ставілі іх, як сведчыць летапісец, на прыдарожных слупах Побач з радзімічамі жылі севяране (басейн ракі Дзясны). На поўдні Беларусі, каля паселішчаў дрыгавічоў, жылі валыняне і драўляне .

На тэрыторыі Цэнтральнай Украіны жылі паляне , якія мелі непасрэдныя кантакты з качэўнікамі, а ў фіна-ўгорскіх землях з'явіліся ільменскія славяне і вяцічы , якія прыйшлі разам з радзімічамі з тэрыторыі Польшчы. У VIII ст. усе яны мелі шчыльныя кантакты з варагамі і разам з імі хадзілі ў ваенныя набегі на Візантыю. У сярэдзіне IX ст. варажскія конунгі рознымі шляхамі прыйшлі да ўлады ў першых усходнеславянскіх гарадах: Ноўгарадзе, Полацку, Тураве, Белавозеры, Растове, а крыху пазней - у Кіеве.

Славяне прынеслі з сабою падсечнае і плужнае земляробства, а таксама жывёлагадоўлю. Яны таксама актыўна займаліся паляваннем, рыбалоўствам і бортніцтвам, кавальскай і ліцейнай справай. Паводле веравызнання яны былі язычнікамі, сваіх памерлых спальвалі на вогнішчах і іх парэшткі хавалі ў курганах. Кожнае племя мела свае этнічныя прыкметы, якія найбольш выяўляліся ў элементах жаночага адзення і прычоскі. Для пакланення шматлікім багам славяне мелі спецыяльныя месцы - свяцілішчы , ці капішчы . Тут гарэў свяшчэнны агонь і прыносіліся ахвяры. Кіравалі рытуальнымі абрадамі людзі- вешчуны .

6. Вялікая Маравія (833-907 гг.)

Гэта была дзяржава заходніх славян ( мараваў ) у басейне Сярэдняга Дуная. Заснаваў яе ў 833 г. князь Маймір , які ў 836 г. далучыў да Маравіі суседняе Нітранскае княства . Сталіцай дзяржавы быў горад Велеград , але ёсць і іншае меркаванне, што сталіцай быў горад Нітра .

Упершыню назва Маравія сустракаецца ў заходніх крыніцах пад 822 г., калі паслы мараваў прыбылі да двара караля франкаў Людовіка I. У 829 г. кароль Баварыі Людвіг II вырашыў ахрысціць мараваў і паслаў туды сваіх місіянераў. Заснавальнік дзяржавы Маймір прыняў у 831 г. хрысціянства ад нямецкіх біскупаў. Аднак у 846 г. Людвіг II адхіліў Майміра ад пасады і зрабіў князем яго пляменніка Расціслава . Кароль спадзяваўся, што Расціслаў будзе яго васалам, але той пачаў умацоўваць сваю ўладу, будаваць цвердзі, усталяваў добрыя адносіны з Балгарскім царствам і Візантыяй, У 855 г. войскі Людвіга II напалі на тэрыторыю Маравіі, але іх разбілі, і вайна перайшла на тэрыторыю Баварыі. Каб канчаткова стаць незалежным, Расціслаў выгнаў з Маравіі баварскіх ксяндзоў і запрасіў з Візантыі вышэйзгаданых Кірыла і Мяфодзія, якія ўсталявалі тут праваслаўную царкву. У 870 г. Расціслаў перадаў частку Маравіі Нітранскае княства свайму пляменніку Святаполку . Пазней яны пасварыліся, і Святаполк узяў яго ў палон і перадаў франкам. Тыя асляпілі Расціслава, і ён неўзабаве памёр у манастыры, куды яго перад тым выслалі. Пазней немцы схапілі ў палон Святаполка. Князем Маравіі выбралі Славаміра . Ён узначаліў паўстанне супраць немцаў, разбіў іх і перадаў уладу зноў Святаполку. Святаполк паспяхова ваяваў з немцамі і ў 874 г. заключыў з Людвігам II мір, прызнаўшы фармальна ягоў ладу. Потым ён значна пашырыў тэрыторыю Маравіі. Памёр Святаполк у 894 г., а перад гэтым падзяліў сваю краіну паміж| сынамі Маймірам II і Святаполкам II . Аднак ужо ў наступным 895 г. браты пачалі міжусобную вайну, што істотна аслабіла Маравію. У гэтай вайне перамог Маймір II. У 896 г. да Маравіі падышлі венгры, якія пачалі засяляць частку Маравіі ўздоўж Цісы, а потым перайшлі Дунай і занялі яго правы бераг. На працягу 902-906 гг. маравы адбівалі набегі венграў, часам з дапамогай баварцаў. Але ў 907 г. кіраўнікі Маравіі загінулі ў бітве з прыхаднямі, і Вялікая Маравія спыніла сваё існаванне.

Культура Маравіі адчувала вялікі ўплыў Візантыі. Пасля атрымання дазволу Рымскага Папы ў краіне пачалі праводзіць набажэнствы на славянскай мове, пачала развівацца славянская літаратура. Археолагі знайшлі на тэрыторыі Вялікай Маравіі рэшткі 20 храмаў, зробленых з каменных блокаў і аздобленых унутры каляровымі фрэскамі. Значная частка гэтых храмаў была пабудаваная яшчэ да прыходу сюды Кірыла і Мяфодзія.

Храмы мелі акруглую форму і адносіліся да ратондаў . У мастацтве мараваў адчуваўся ўплыў арабскіх і персідскіх майстроў. Мясцовыя ювеліры выраблялі дасканалыя жаночыя ўпрыгожанні, якія траплялі нават да крывічоў. У свае найлепшыя часы Маравія займала тэрыторыі сённяшніх Венгрыі, Чэхіі, Славакіі, паўднёвай Польшчы, частку Сілезіі і Украіны. Краіна моцна паўплывала на развіццё ўсяго славянскага свету, бо ў ёй упершыню ў Еўропе з 863 г. пачала ўжывацца славянская пісьмовасць, а набажэнствы ў храмах загучалі на збольшага зразумелай для ўсіх славян стараславянскай мове.

7. Дзейнасць Кірыла і Мяфодзія

Каля вытокаў культуры паўднёвых, а потым і ўсходніх, славян стаяць вышэйзгаданыя візантыйскія навукоўцы і асветнікі браты Кірыл (827-869) і Мяфодзій (825-885), якія нарадзіліся ў горадзе Салуні (Салоніках) на поўначы Грэцыі. Абодва яны мелі бліскучую адукацыю і ведалі некалькі замежных моў.

У 861 г. яны былі накіраваны спачатку ў Херсанес, а потым, з дыпламатычнай місіяй, у Хазарскі каганат. Каб вольна размаўляць з хазарамі, папярэдне браты вывучылі хазарскую і яўрэйскую мовы, а таксама пазнаёміліся са славянамі, што жылі ў Херсанесе. Там яны пабачылі Евангелле і Псалтыр, "рускімі пісьмёнамі пісаныя". Што гэта за пісьмовасць, мы не ведаем, але ёсць версія, што гэта былі гоцкія ці скандынаўскія руны. Ёсць звесткі, што Кірыл знайшоў чалавека, які ведаў славянскую мову, і размаўляў з ім. Гэта дапамагло яму скласці славянскі алфавіт. Адзін са славянскіх летапісцаў ХV ст. пісаў што "Гасподзь дараваў у Корсуні (Херсанесе) азбуку". Потым Кірыла накіравалі ў заходнеславянскую краіну - Вялікую Маравію, дзе жылі язычнікі, каб прапаведаваць ім хрысціянства. Кірыл ужо меў створаны ім на базе грэцкай мовы алфавіт для запісу тагачаснай славянскай мовы. Потым разам з Мяфодзіем ён пераклаў на стараславянкую мову кнігі для набажэнства: "Евангеллі", "Дзеі Апосталаў" і "Псалтыры". У 884 г. Мяфодзій ды яго вучні пераклалі і ўсю Біблію.

У 862 г. уладар славянскай Вялікай Маравіі вышэйзгаданы Расціслаў звярнуўся да імператара Візантыі Міхаіла III з просьбай прыслаць прапаведнікаў для прыняцця ўсходняга хрысціянства. Імператар адправіў у Маравію Кірыла і Мяфодзія, якія прабылі ў гэтай краіне да 866 г. і стварылі там незалежную ад нямецкіх біскупаў славянскую царкву. Пасля гэтага іх выклікалі ў Рым, дзе ў 880 г. выйшла папская була, якая дазваляла чытаць Евангелле на стараславянскай мове і карыстацца новым алфавітам. Наступнм кіраўнік Маравіі князь Святаполк даверыў Мяфодзію клопат пра ўсе храмы ў гарадах. У гэтыя часы дзейнасць наступнікаў і вучняў Кірыла і Мяфодзія пашырылася і ў Балгарыі, якая на той час ужо была хрысціянскай дзяржавай.

8. Заходнія славяне ў VІІІ-ІХ стст.

Як ужо казалася, у першай палове VII ст. адбылося аб'яднанмс часткі заходніх і паўднёвых славян у першую славянскую дзяржаву - княства Сама. Яно займала тэрыторыю Чэхіі, Маравіі і Славакіі, Але пасля смерці ўладара дзяржава распалася. Этнічныя межы рассялення заходніх славян канчаткова вызначыліся ў VIII-IX стст., Землі паміж рэкамі Одэрам (Одрай) і Эльбай (Лабай) насялялі палабска-паморскія славяне ( абадрыты, люцічы, палабскія сербы, велеты, памаране і інш.). Усе яны пазней былі заваяваны, знішчаны або асіміляваны германцамі. Да нашых дзён захаваліся толькі дзве невялічкія этнічныя групы славян. Гэта сербы-лужычане (Усходнян Германія) і кашубы (Польшча). Яны здолелі ў германскім асяроддзі захаваць сваю мову і культуру.

З VI ст. існуюць чэшскія плямёны , якія пасяліліся ў вярхоўяхі ракі Лабы і басейне ракі Влтавы. Далей, у басейне ракі Маравы жыло вялікае племя мараваў, або мараванаў , якія пазней стварыліі Вялікую Маравію. Поўдзень Цэнтральнай Еўропы занялі славакі , якія межавалі з паўднёвымі славянамі - славенцамі і балгарамі Продкі сучасных палякаў (плямёны палян, віслян, мазаўшан і інш. жылі ў басейнах рэк Варты, Віслы і Одры. Племя мазаўшан было суседам беларускіх плямёнаў дрыгавічоў і крывічоў, а так-сама заходніх балтаў - прусаў і яцвягаў.

У VII ст. адначасова з дзяржавай Сама ўзнікла дзяржава паўднёвых славян-славенцаў - Карантанія , а таксама племянныя саюзы сербскіх і харвацкіх плямёнаў. У 681 г. побач з імі ўзнікла Першае Балгарскае царства. Першыя дзяржавы і паўднёвых, і заходніх славян былі слабымі, часта мянялі свае межы і доўга не існавалі. Выняткам была толькі Балгарыя.

9. Узнікненне Кіеўскай Русі

У VIII і асабліва ў IX ст. на ўсходніх славян пачаў імкліва пашырацца так званы "варажскі ўплыў" . Варагі паспрыялі завяршэнню працэсу фарміравання першых дзяржаўных утварэнняў усходніх славян - княстваў; стваралі з дапамогай сваіх лідараў-конунгаў і іх баявых дружын апарат княжацкай улады, які адпавядаў тагачасным умовам.

У пачатку IX ст. землі ўсходніх славян і іх суседзяў балтаў і фіна-ўграў залежалі ад трох моцных палітычных і эканамічных уплываў. Паўднёвыя і ўсходнія тэрыторыі (у тым ліку і беларускае Пасожжа былі даннікамі Хазарскага каганата, а таксама знаходзіліся ў залежнасці ад Візантыі, якая валодала паўднёвым Крымам. Паўднёвыя і заходнія землі ўсходніх славян трапілі ў зону палітычных інтарэсаў варагаў (нарманаў). Разам з варагамі баявыя атрады славян на чале з нарманскімі дружынамі пачалі называцца "русамі" або "руссю" і рабіць набегі на Візантыю.

Пачаткам утварэння будучай дзяржавы Кіеўскай Русі лічыцца 862 г., калі два славянскія племені, ільменскія славяне і крывічы, і два фінскія племені,чудзь і весь, запрасілі варага на пасаду князя. Атрымаўшы запрашэнне, у горад Старую Ладагу з-за мора прыплыў з дружынай вышэйзгаданы напалову легендарны конунг (князь) Рурык, які пазней перабраўся ў Ноўгарад. Ён стаў правадыром у ільменскіх славян, крывічоў, весі і чудзі, а потым далучыў да свайго княства фінскія плямёны меру і мураму . Ён жа заснаваў дынастыю Рурыкавічаў , якая, калі верыць расійскім гісторыкам, кіравала Расіяй з 862 па 1598 г. Рурык кіраваў Наўгародскім княствам з 862 па 879 г. і быў пахаваны на бера Ладажскага возера (ваколіцы цяперашняга горада Прыазёрск Ленінградскай вобласці). У 1862 г. на загад расійскага імператар Аляксандра II беларускі скульптар Міхайла Мікешын зрабіў вялікі помнік "Тысячагоддзю Расіі" ў гістарычным цэнтры Ноўгарада. Большасць сучасных расійскіх гісторыкаў лічыць 862 г. пунктам адліку расійскай дзяржаўнасці.

Цікава, што наш горад Полацк вядомы таксама з 862 г., але ў дзяржаву Рурыка ён не ўваходзіў і меў уласнага князя. Такім чынам і мы, як і нашы суседзі, можам лічыць 862 г. годам пачатку нашай дзяржаўнасці (Полацкае княства часова ўвайшло ў Кіеўскую дзяржаву толькі напрыканцы X ст.).

Трэба сказаць, што ў IX ст. племянны саюз крывічоў падзяліўся на тры вялікія групы: полацкія крывічы (палачане), смаленскія крывічы і пскоўскія крывічы. Таму, відаць, Рурыка запрашалі на княжанне толькі пскоўскія крывічы, сябры і саюзнікі ільменскіх славян. Полацкія і смаленскія крывічы ў дзяржаву Рурыка ніколі не ўваходзілі.

У расійскай гісторыі існуюць некалькі версій стварэння Расійскаіі дзяржавы, звязанай з прыходам на княжанне Рурыка. У XVIII створана нарманская тэорыя з дапамогай нямецкіх навукоўцаў, якія працавалі ў Расіі. Адпаведна ёй Руская (старажытна-руская) дзяржава заснавана варагамі, або нарманамі. З XVIII ст. існавалі і вучоныя антынарманісты , на чале з Міхайлам Ламаносавым , якія сцвярджалі што славяне самі стварылі сваю дзяржаву, а варагі вялікай ролі тут не мелі. У СССР, у часы Сталіна, у сярэдзіне XX ст., была распрацавана канцэпцыя існавання асобнай "старажытнарускай" народнасці, якая жыла ў дзяржаве з назвай "Старажытная", або "Кіеўская" Русь. Галоўным прыхільнікам антынарманскай тэорыі ў СССР быў знакаміты савецкі археолаг, акадэмік Барыс Рыбакоў , які сваю навуковую кар'еру пачынаў у Беларусі. Сучасны расійскігісторык Паранін вылучыў новую, "карэльскую", тэорыю паходжання Кіеўскай Русі. Ён лічыць, што першая дзяржава ўсходніх славян у VI-VIII стст. існавала на тэрыторыі Карэльскага перашыйка (на поўнач ад цяперашняга Санкт- Пецярбурга). Паводле яго, гэтае месца і ёсць востраў Рус , які згадваецца ў візантыйскіх, арабскіх і іншых пісьмовых крыніцах. Сталіцай гэтага дзяржаўнага ўтварэння была Старая Ладага, дзе і жыў яго кіраўнік ( хакан ). Менавіта сюды прыйшоў легендарны Рурык Адначасова з дзяржавай Рурыка і Полацкай дзяржавай у 30-я - 40-я гг. ІХст. існавала і дзяржава палян на Сярэднім Дняпры са сталіцай у Кіеве. Кіраваў ёю хакан (князь). Вядомыя два кіеўскія князі, Аскольд і Дзір . Паміж Ноўгарадам і Кіевам узнік канфлікт за магчымасць кантраляваць гандлёвы шлях "з варагаў у грэкі". На гэтым шляху было яшчэ адно княства крывічоў - Смаленскае . У IX ст. тут узнікаюць першыя гарадскія паселішчы. Гэта вышэйзгаданае Гнёздава на Дняпры, а пазней і Смаленск, на адлегласці 12 км на ўсход ад Гнёздава. Некаторыя даследчыкі лічаць, што жыхары Гнёздава і перасяліліся пазней на месца Смаленска. Вакол Гнёздава знаходзіцца вялізны курганны могільнік. Яго раскопкі выявілі ўнікальныя ўпрыгожанні, што належалі славянам, варагам і фіна-ўграм. Аднак у пачатку IX ст. значная частка жыхароў пакінула Гнёздава, і на першае месца выходзіць Смаленск, які ўпершыню згадваецца ў летапісе пад 863 г. Назву горада некаторыя даследчыкі тлумачаць, што яна паходзіць ад слова "смаліць" - рамантаваць, апрацоўваць смалою днішчы і карпусы гандлёвых караблёў, якія плылі па Дняпры ў Чорнае мора. Паводле іншай версіі, гэтая назва мае скандынаўскае паходжанне ("горад на малой зямлі"). У 863 г. кіеўскія князі-варагі Аскольд і Дзір хацелі захапіць Смаленск, але не здолелі гэта зрабіць.

Пасля смерці Рурыка ў 879 г. кіраваць Ноўгарадам пачаў яго сваяк Алег, які быў апекуном малога сына Рурыка - Ігара . У 882 г. ён захапіў Смаленск, пасля падманам завалодаў Кіевам, а кіеўскіх князёў забіў. Такім чынам у яго руках апынуўся ўвесь шлях з "варагаў у грэкі", а дакладней, яго дняпроўская частка. Потым Алег прымусіў плаціць яму даніну плямёны драўлян і севяран і вызваліў беларускае племя радзімічаў ад хазарскай даніны. Так пад яго кіраўніцтвам у Еўропе і ўзнікла новая вялікая дзяржава, якая пазней у гісторыі атрымала назву Кіеўская Русь . Спачатку ў яе ўваходзілі кіеўскія, смаленскія і ноўгарадскія тэрыторыі.

Трэба адзначыць, што сучасныя ўкраінскія гісторыкі лічаць Кіеўскую Русь сваёй, а не Рускай (Расійскай) дзяржавай, а яе заснавальніка Рурыка - не варагам, а заходнім славянінам (венедам). На іх думку, родавы знак ( татэм ) Рурыка, выява сокала, які падае на сваю здабычу, цяпер - дзяржаўны сімвал Украіны, і выглядае як тызуб.

Кіеўскі князь стаў вялікім князем, гаспадаром усіх земляў у краіне. Усе племянныя князі зрабіліся яго васаламі, а іх падданыя - простыя людзі мусілі плаціць кіеўскаму князю адмысловую даніну - "палюддзе". Таксама вайсковыя дружыны племянных князёў удзельнічалі ў ваенных паходах кіеўскіх князёў на Хазарскі каганат і Візантыю.

Полацкае княства ў IX ст. захоўвала сваю незалежнасць і ў Кіеўскую дзяржаву не ўваходзіла. Яно валодала часткай гандлёвага шляху "з варагаў у грэкі", што праходзіла па Заходняй Дзвіне, і кантралявала "волакі" - шляхі з Заходняй Дзвіны ў Дняпро. Таму кіеўскія князі прызнавалі полацкіх князёў за роўных сабе і заключалі з імі ваенныя саюзы. Так, у 907 г. Полацк разам з кіеўскім князем Алегам удзельнічаў у ваенным паходзе на Візантыю. У выніку перамогі Візантыя мусіла плаціць даніну не толькі Кіеву, але і Полацку.

АСНОЎНЫЯ ТЭРМІНЫ

Авары (обры) - саюз качавых мангола- і цюркамоўных плямёнаў.

Быліна - народны эпічны твор (песня) ў усходніх славян аб важнейшых падзеях і асобах іх гісторыі.

Вешчуны - язычніцкія жрацы ў усходніх славян.

Капішча - язычніцкае свяцілішча ў славян.

Палюддзе - аб'езд князем і яго дружынай падуладных тэрыторый і плямёнаў Кіеўскай Русі дзеля збору даніны.

Протабалгары - цюркскія качавыя плямёны, якія прыйшлі з Волгі на Балканы ў VII ст.

Хазары - напалову качавы народ, які ў VII ст. стварыў сваю дзяржаву Хазарскі каганат.

Хан - кіраўнік першай Балгарскай дзяржавы.

Язычнік (паганец) - чалавек, які верыць у мноства багоў.

НАЙВАЖНЕЙШЫЯ ПАДЗЕІ

568 г. - стварэнне Аварскага каганата.

681 г. - утварэнне Першага Балгарскага царства.

791-803 гг. - вайна авараў з франкамі.

VII ст. - стварэнне Хазарскага каганата.

820-885 гг. - св. Мяфодзій.

827-869 гг. - св. Кірыл.

830-906 гг. - Вялікамараўская дзяржава.

864 г. - прыняцце балгарамі хрысціянства.

Сярэдзіна IX ст. - стварэнне славянскай азбукі Кірылам і Мяфодзіем.

Сярэдзіна IX ст. - фарміраванне дзяржаўных утварэнняў вакол Ноўгарада, Кіева, Смаленска і Полацка.


ЧАСТКА II. ВЫСОКАЕ СЯРЭДНЯВЕЧЧА (Х-ХІІІ стст.)

РАЗДЗЕЛ V. СЯРЭДНЯВЕЧНЫ ГОРАД. РОСКВІТ ГАРАДСКОГА САМАКІРАВАННЯ

1. Заходнееўрапейскі горад у V-VII стст.

2. Горадабудаўніцтва ў Еўропе ў IX ст.

3. Федальная ўрбанізацыя Заходняй Еўропы Х-ХПІ стст.

4. Гарады ўсходніх і заходніх славян.

5. Магдэбургскае права.

6. Візантыйскія гарады.

I. Заходнееўрапейскі горад у V-VІІ стст.

Пасля захопу Заходняй Рымскай імперыі германцы ды іншыя плямёны разбуралі былыя рымскія гарады і знішчалі храмы, палацы, тэатры, каб узяць каменне на ўласныя патрэбы. Аднак некаторыя з іх, разрабаваныя і спустошаныя, тым не менш ацалелі. Сярод іх былі Рым, Мілан, Фларэнцыя, Балоння, Неапаль, Парыж, Кёльн, Майнц, Страсбург, Аўгсбург, Вена, Лондан, Трыр і інш. Шмат якія з іх страцілі ролю гандлёва-рамесных цэнтраў і сталі рэзідэнцыямі біскупаў каралёў ды свецкіх магнатаў. Толькі ў Візантыі, Італіі і арабскай Іспаніі гарады заставаліся цэнтрамі гандлю, найперш з краінамі Усходу. У той частцы Еўропы, дзе не было антычных традыцый, паселішчы гарадскога тыпу былі невялікія, маланаселеныя і не мелі істотнага эканамічнага значэння.

2. Горадабудаўніцтва ў Еўропе ў IX ст.

Аднак у IX ст., і асабліва ў X ст., сітуацыя ў Заходняй Еўропе змямілася. Дзяржава і царква пачалі спрыяць развіццю гарадоў новага феадальнага тыпу як цэнтраў рамяства і гандлю. Насельніцтва гарадоў павялічвалася за кошт сялян і рамеснікаў, якія ўцякалі ад феадалаў і сяліліся каля ўмацаваных рэзідэнцый каралёў, князёў, арцыбіскупаў, цэнтраў адміністрацыйнага кіраванння цвердзяў і вялікіх кляштароў. Часта сяляне сяліліся разамі з купцамі на скрыжаваннях гандлёвых сухапутных шляхоў і водных магістраляў, там, дзе былі добрыя парты для абслугоўвання караблёў. У Італіі гэтыя працэсы адбываліся раней, ужо ў VIII-IX стст. Да ліку такіх гарадоў можна аднесці Венецыю, Геную, Пізу, Неапаль і інш.

Асобнае месца займае "вечны горад" Рым, які пачаў актыўна развівацца пасля таго, як у 756 г. стаў сталіцай Папскай вобласці, атрымаўшы статус царкоўна-палітычнага цэнтра Заходняй (будучайі каталіцкай) Еўропы.

У Х-ХІ стст. масава ўзнікаюць феадальныя гарады ў Паўночнай Францыі, Германіі, Нідэрландах і Англіі. Прычым, нямецкія гарады на Рэйне і Дунаі ўзніклі раней за іншыя. У Скандынавіі і Ірландыі гарады з'яўляюцца толькі ў XII-XIII стст.

3. Феадальная ўрбанізацыя Еўропы Х-ХІІІ стст.

Гарады ствараліся на землях феадала, які станавіўся сеньёрам для ўсіх гараджан. З апошніх бралі аброк рамеснымі вырабамі, шматлікія мыты і штрафы. Феадал судзіў гараджан. Таму гараджане змагаліся за свае правы.

Камунальны рух. Барацьбу гарадоў са сваімі сеньёрамі з X - XIII стст. называюць камунальным рухам. Спачатку гарады дамагаліся; скарачэння падаткаў, а потым набывалі самакіраванне і адпаведныя правы ды своеасаблівы палітычны лад. Першымі атрымалі незалежнасць ад сваіх сеньёраў у XI-XIII стст. гарады Паўночнай і Сярэдняй Італіі. У першую чаргу гэта былі Венецыя, Генуя, Мілан, Фларэнцыя і Балоння. У ХІІІ ст. яны падпарадкавалі сабе суседнія сельскія вобласці і маленькія гарады. Так узніклі гарады-дзяржавы , прычым некаторыя атрымалі агульнаеўрапейскае значэнне. У Германіі ў ХІІ і асабліва ў XIII ст. узніклі так званыя імперскія гарады , якія фармальна залежалі ад імператара, але сталі фактычна незалежнымі гарадскімі рэспублікамі. Гэта - Любек, Гамбург, Кёльн, Нюрнберг, Аўгсбург і інш. Яны мелі сваё войска, самастойна абвяшчалі вайну ці заключалі мір і нават чаканілі свае грошы.

У ХІІ ст. гарады паўднёвай Францыі атрымалі кансулат - кіраванне консулаў (выбарных асоб ад шляхты, гандляроў і рамеснікаў). Побач з кансулатам у гарадах існавалі Вялікія рады , якія складаліся з прадстаўнікоў гараджан. Гарадская камуна зрабілася, па сутнасці, калектыўным сеньёрам. Яна мела зямельныя ўладанні і залежных сялян, свой суд, фінансы і войскі. Камуна магла заключаць саюзы, падпісваць мірныя дамовы і ўступаць у дыпламатычныя зносіны. Вярхоўным органам кіравання стала гарадская рада , якая абіралася гараджанамі. Кіраўнік рады ў Англіі і Францыі называўся мэрам , а ў Германіі - бургамістрам . У выніку еўрапейскага камунальнага руху гараджане паступова вызваліліся ад асабістай залежнасці. У Заходняй Еўропе ўсталявалася правіла: калі селянін уцёк ад свайго феадала ў горад і пражыў там год і адзін дзень, то ён рабіўся вольным. Таму і ўзнікла наступная прыказка: "Гарадское паветра робіць свабодным" .

Гарадскі выгляд і насельніцтва гарадоў. Пасля набегаў нарманаў заходнееўрапейскія гарады пачалі будаваць мураваныя ўмацаванні вакол цэнтральнай, асноўнай часткі горада ў выглядзе абарончых муроў і вежаў. Жылыя дамы спачатку былі драўляныя, але ў XII-XIII стст. большасць з іх пачалі будаваць з каменю або цэглы. Вуліцы былі крывыя і вузкія. Шырыня галоўных вуліц не перавышала сем-восем метраў. Маленькія вуліцы і завулкі мелі шырыню не болей за два метры, а некаторыя і да аднаго метра. Так, адна з вуліц Бруселя мела назву "Вуліца аднаго чалавека" . Па вуліцах, акрамя людзей, рухаліся жывёлы, вершнікі і павозкі. Дамы ў гарадах не мелі нумароў, але мелі свае адзнакі - розныя скульптурныя выявы. На перакрыжаваннях часта стаялі вялікія крыжы. У італьянскіх і французскіх гарадах на плошчах былі фантаны. На вуліцах было брудна, бо смецце скідвалі ў рэкі ці бліжэйшыя канавы. Доўгі час вуліцы не мелі ходнікаў. У Парыжы першыя каменныя брукаванкі з'явіліся ў канцы XII ст. Да XIV ст. ужо ўсе вуліцы французскіх гарадоў былі забрукаваныя. Рашэнне брукаваць вуліцы ў Празе прынялі ў 1331 г. У нямецкіх гарадах брукаванкі з'явіліся пазней. Першая брукаваная вуліца ў багатым горадзе Аўгсбургу з'явілася ў пачатку XV ст. Толькі ў вялікіх гарадах у ХІV-ХV стст. з'яўляюцца на вуліцах вадасцёкавыя канавы. Гарады складаліся з розных частак (кварталаў). Так, у XI ст. горад Рэймс меў тры часткі: царкоўную, каралеўскую і купецкую.

У Парыжы ў ХV-ХVІ стст. існавала ўніверсітэцкая частка горада.

Кварталы, дзе жылі гандляры, звычайна знаходзіліся каля мастоў і гарадскіх брамаў. Асобна жылі рамеснікі са сваёй вытворчасцю, былі асобныя кварталы, дзе жылі яўрэі, славяне, прадстаўнікі іншых краін. Галоўнымі грамадскімі пабудовамі былі храмы, асабліва гарадскія саборы. Часам іх будавалі доўга, нават некалькі стагоддзяў. Званіцы касцёлаў былі асноўнымі гарадскімі дамінантамі. Пазней пачалі будаваць новыя грамадскія будынкі - ратушы і гандлёвыя цэнтры, бальніцы, каледжы, будынкі ўніверсітэтаў і інтэрнаты для студэнтаў. Гарады мелі невялікую колькасць насельніцтва. Да прыкладу, такія вялікія гарады,як Любек і Гамбург, у XIV-ХV стст. мелі каля 20 тысяч жыхароў. Сярэдні горад насяляла каля 10 тысяч чалавек, а малы - толькі дзве-тры тысячы.

Гарадскі стан (саслоўе). Дзякуючы развіццю гарадоў (местаў) у Еўропе акрамя стану феадалаў і сялян сфармаваўся трэці, асобны стан насельніцтва - гараджане. Іх эканамічная аснова - гэта гандлёва-рамесная дзейнасць і ўласнасць, заснаваная на вытворчасці і абмене. Гараджане мелі і свае правы: асабістую свабоду, права выбіраць і быць абранымі ў органы мясцовага самакіравання, а таксама і абавязак - удзельнічаць у гарадскім войску (апалчэнні) і быць пасуднымі свайму гарадскому суду.

У ХІІ-ХІІІ стст. гараджане атрымалі свае назвы. У Германіі "бюргеры" , а ў славян - "месцічы" , або "мяшчане" . Гарадскі стан паступова падзяліўся на патрыцыят, рамеснікаў і гандляроў , а таксама гарадскі плебс (вольнанаёмных гараджан, абмежаваных у сваіх правах).

Усе гарадскія рамеснікі адной спецыяльнасці аб'ядноўваліся ў саюзы, якія называліся цэхамі. У цэхі ўваходзілі толькі тыя рамеснікі, якія валодалі майстэрнямі, дзе выраблялася пэўная прадукцыя. Іх звалі майстрамі . Яны на сваім агульным сходзе прымалі статут, які рэгууляваў усе бакі жыцця сяброў цэха. Там была канкрэтна вызначана колькасць вырабаў, што маглі быць выкананыя; матэрыялы, з якіх яны павінны быць зроблены; памеры і вага вырабаў ды іх якасць. За няякасныя вырабы штрафавалі і нават маглі арыштаваць. Кожны цэх узначальваў выбарны старшыня . Майстар, які валодаў майстэрняй, сам купляў неабходную сыравіну для вырабу тавараў, браў заказы, кантраляваў увесь працэс вытворчасці і браў у ёй непасрэдны ўдзел, а потым гандляваў гатовай прадукцыяй.

У майстэрні разам з майстрам працавалі яго вучні , падлеткі і маладзёны, якіх ён браў на вучобу. Яны жылі і харчаваліся ў майстра, але грошы за сваю вучобу не атрымлівалі. Пасля пэўнага тэрміну вучань станавіўся падмайстрам , які ўжо меў заробак. Яго маглі накіраваць на вучобу ў іншы горад, а па вяртанні ён здаваў дасведчаным майстрам іспыт. Калі іспыт быў здадзены, ён станавіўся майстрам, купляў майстэрню і запрашаў на працу сваіх вучняў.

Першыя цэхі ўзніклі ў Італіі ўжо ў X ст., а ў Францыі, Англіі і Германіі - у XI - пачатку XII стст. На Беларусі цэхі з'явіліся значна пазней, толькі ў XVI ст. (раней аб'яднанні беларускіх рамеснікаў называліся сотнямі і брацтвамі ). Тэрмін вучнёўства ў залежнасці ад складанасці рамяства доўжыўся ад 2 да 7 гадоў, а ў асобных цэхах - да 10 і нават 12 гадоў. Цэх таксама быў і вайсковай арганізацыяй. Падчас вайны кожны цэх быў асобнай вайсковай адзінкай гарадскога апалчэння. Цэх меў і свайго святога-апекуна, дзень якога ўрачыста святкаваў, і сваю царкву ці капліцу. Свае аб'яднанні ў гарадах мелі купцы ( гільдыі ), медыкі і юрысты.

Дзякуючы развіццю заходнееўрапейскіх гарадоў змянілася і заходнееўрапейская эканоміка. Цяпер сяляне выраблялі прадукты не толькі для сябе і феадала, але і для продажу на гарадскім рынку Тут жа аканомы феадалаў прадавалі прадукты з феадальнага маёнтка і частку сялянскага аброку. Рамеснікі прадавалі сялянам і феадалам свае тавары. Такім чынам, розныя групы насельніцтва выраблялі тавары. За свае тавары ўсе ўдзельнікі рынку атрымлівалі грошы. Такім чынам, у XIII ст. натуральную гаспадарку ў Заходняй Еўропе паступова замяняе таварна-грашовая гаспадарка.

4. Гарады ўсходніх і заходніх славян

У Х ст. заходнія славяне, якія прынялі хрысціянства, трапілі пад моцны германскі ўплыў, і іх гарады набылі рысы гарадоў Германіі, асабліва гарады Чэхіі. Сярод рамеснікаў і гандляроў было шмат немцаў, а пазней з'явіліся і яўрэі.

Адным з самых прыгожых гарадоў стала Прага . У 996 г. арабскія пісьмовыя крыніцы ўпершыню згадалі пра Кракаў. Палабскія славяне, якія засталіся язычнікамі, гарадоў не мелі, і на месцы іх паселішчаў пасля з'явіліся нямецкія гарады. Сярод іх Любек і Берлін.

Першыя гарады ў усходніх славян узнікаюць у IX ст. Гэта - Кіеў, Ноўгарад, Полацк, Смаленск і Старая Ладага. У якасці прыкладу развіцця ўсходнеславянскага горада разгледзім эвалюцыю беларускага горада.

Пачаткі горадабудаўніцтва на Беларусі сягаюць у IX ст. За сваю тысячагадовую гісторыю развіцця беларускі горад прайшоў некалькі этапаў. Першы этап беларускага горадабудаўніцтва можна назваць як дагарадскі і раннегарадскі. Ён датуецца ІХ-ХІ стст.

У гэты час гарады вырастаюць з родаплемянных цэнтраў (Полацк, Гомель, Віцебск) або з памежных абарончых цэнтраў (Берасце, Менск). Горад уяўляе сабою ўмацаванае (агароджанае, адсюль назва "град", "горад") паселішча, якое нярэдка ўзнікала на месцах гарадзішчаў жалезнага веку (Полацк, Менск). У матэрыяльнай культуры горада захоўваюцца пляменныя этнавызначальныя рысы. Сярод іх - спецыфічныя ўпрыгожванні крывічоў (скроневыя кольцы - Полацк, Віцебск), радзімічаў (скроневыя кольцы - Гомель) дрыгавічоў (скроневыя кольцы і пацеркі - Берасце, Гародня).

Шмат якія гарады з'яўляліся гандлёвымі і рэлігійнымі цэнтрамі, асабліва пасля прыняцця хрысціянства. Тут, часам на месцы былых паганскіх капішчаў, узнікалі першыя спачатку драўляныя, а потым і мураваныя храмы. Ядром горада было ўмацаванне, дзядзінец, найчасцей размешчаны на ўзвышаным месцы, нярэдка на скрыжаванні гандлёвых шляхоў, на беразе ракі або возера, якія выкарыстоўваліся як транспартныя магістралі. Усходне-славянскія гарады мелі агульныя рысы: дрэваземляныя ўмацаванні, драўляную жылую забудову і агульны тып рамесніцкіх і прамысловых прыладаў працы, тыповы набор рэчаў хатняга ўжытку.

Сярод заможных слаёў насельніцтва паступова разам з хрысціянствам пашыраўся візантыйскі ўплыў (архітэктура, пісьмовасць і рэчы хрысціянскага культу, манеты і ўпрыгожванні). Таксама ў ІХ-Х стст. прасочваюцца арабскія і скандынаўскія ўплывы (арабскія грошы, вырабы са шкла, скандынаўская зброя, рунічныя надпісы, упрыгожванні). У гэты час узніклі Полацк (IX ст.), Заслаўе, Віцебск і Тураў (X ст.), Берасце (Брэст), Лагойск, Менск, Пінск (XI ст.).

У XI ст. у беларускіх гарадах пачалі будаваць першыя хрысціянскін храмы. Спачатку яны былі драўляныя, а потым і мураваныя.

Другі этап беларускага горадабудаўніцтва прыпадае на XII-XIII стст. і звязаны з часам існавання самастойных ці ўдзельных княстваў. На гэтым этапе гарады ўзніклі найчасцей як гандлёва-рамесныя цэнтры сярод вясковай акругі (Слуцк, Клецк і інш.). Утварылася складаная тапаграфічная структура: дзядзінец (іншы раз асобным княскім дваром - Гародня, Смаленск, Полацк, Віцебск), пасад - вакольны горад (таксама ўмацаваны), прадмесце, гарадскі курганны някропаль, загарадныя манастыры і сельская акруга .

Гарады развіваліся на аснове радыяльна-кальцовай і радыяльна-веернай планіроўкі . Колькасць гарадоў дасягнула 35. Сярод гараджап пашыралася пісьмовасць, пра што сведчаць графіці і берасцяныя граматы (Віцебск, Мсціслаў, Смаленск). У гарадах пераважна развівалася кавальства, а таксама ювелірнае, шавецкае, кравецкае, гарбарнае, касцярэзнае, ганчарнае, шкларобчае і бандарнае рамёствы.

Самым вялікім горадам на ўсходнеславянскіх землях быў Кіеў. Гэта быў і адзін з самых прыгожых і вялікіх гарадоў усёй Еўропы. Насельніцтва Кіева дасягала 40-50 тысяч чалавек. Вялікі ўдар па ўсходнеславянскіх гарадах нанеслі мангола-татары ў XIII ст., якія спачатку знішчылі шмат гарадоў на ўсходне-славянскіх землях, а потым захапілі Кракаў і некаторыя іншыя польскія і венгерскія гарады. Беларускія гарады захаваліся; таксама свайго росквіту дасягнулі Ноўгарад і Пскоў. Усе жылыя дамы ў гарадах былі драўляныя. Яны арыентаваліся паводле кірунку вуліц; дамы мелі агароджаныя плотам двары з дапаможнымі і гаспадарчымі памяшканнямі.

Праходы паміж асобнымі будынкамі выкладаліся дошкамі, з якіх рабілі насцілы. Усе вуліцы ў гарадах мелі драўляныя грэблі-маставыя. Іх папярэчныя насцілы клаліся з шырокіх і тоўстых сасновых дошак. Насцілы вуліц абапіраліся на дзве ці тры лагі, якія былі пакладзеныя ўздоўж вуліц. Пад лагі падводзілі бярвенні-падкладкі. Праз пэўны час, калі насціл вуліцы заносіўся брудам і смеццем, зверху клалі новы вулічны насціл.

Ацяпляліся жылыя будынкі XII-XIII стст. глінабітнымі печамі на слупавых апечках. Большасць печак палілася "па-чорнаму": комінаў не было, і дым ішоў цераз адтуліну ў даху будынка, які не меў столі.

Аднак дамы вельмі багатых людзей у XII-XIII стст. ужо мелі печы з комінамі. Самыя багатыя дамы знойдзены падчас раскопак у Наваградку. Яны былі вялікія, драўляна-глінабітныя, двухкамерныя плошчай 70-75 кв. м і нават 120 кв. м. Іх вокны мелі шкляныя шыбы дыскападобнай формы дыяметрам 20-22 см. Падчас будаўніцтва гэтых будынкаў, акрамя дрэва, выкарыстоўвалі камень-вапняк і цэглу. У кутах будынкаў ці каля сцен стаялі печы. Сцены адной з пабудоў XII ст. былі атынкаваныя і распісаныя фрэскамі. У гэтых дамах жылі наваградскія баяры, а побач з імі рамеснікі-ювеліры. Паводле свайго багацця і колькасці імпартных прывезеных рэчаў Наваградак не мае сабе роўных не толькі на тэрыторыі Беларусі, але і ва ўсёй Усходняй Еўропе.

Таму не выпадкова, што ў XIII ст. Наваградак стаў першай сталіцай новай еўрапейскай дзяржавы - Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ). Важным элементам палітычнага жыцця ўсходнеславянскага горада (асабліва ў Ноўгарадзе і Пскове) было веча - агульны сход гараджан (мужчын), на якім вырашаліся важныя пытанні, у тым ліку запрашэнне ці вызваленне ад пасады князя - кіраўніка не толькі горада, але і цэлай зямлі (феадальнай краіны).

5. Магдэбургскае права

Магдэбургскае (майдэборскае) права ўзнікла ва ўсходненямецкімі горадзе Магдэбургу ў ХІІІ ст. і было зводам правоў і прывілеяў жыхароў еўрапейскага феадальнага горада. Замацаваныя ў магдэбургскім праве юрыдычныя нормы спрыялі развіццю грамадска-палітычнайі і, асабліва, эканамічнай дзейнасці гараджан, вызначалі іх стан і маёмасныя правы. Потым яно распаўсюдзілася на розныя гарады Паўночнай Еўропы і Прыбалтыкі, паступова прыйшоўшы на тэрыторыю Польшчы і ВКЛ.

Першым з сённяшніх беларускіх гарадоў магдэбургскае права атрымала старажытнае Бярэсце (1390 г.). За некалькі гадоў да гэтай падзеі, у 1387 г., Ягайла адпаведным прывілеем надаў магдэбургскае права сталіцы ВКЛ гораду Вільні.

У XVI - першай палове XVII ст. яго мелі ўсе вялікія, сярэднія і большая частка дробных беларускіх гарадоў. Магдэбургскае права забяспечвала гарадам развіццё рамяства і гандлю, вызначала месца і стан гараджан у феадальным грамадстве, бараніла іх ад уціску шляхты і вялікакняскай адміністрацыі, спрыяла саслоўнаму адзінству.

Горад, які атрымліваў магдэбургскае права, меў магчымасць ствараць выбарны орган самакіравання - магістрат . У склад магістрата ўваходзілі заможныя гандляры і рамеснікі. Магістрат кіраваў усім жыццём у горадзе і звычайна размяшчаўся ў спецыяльным будынку ратушы . Ратуша ў перакладзе з нямецкага азначае "дом радаў". Першыя такія "дамы" з'явіліся ў Заходняй Еўропе ў XII ст. і з часам набывалі ўсё больш манументальныя формы. Будынак ратушы, звычайна прамавугольнай формы, будаваўся ў цэнтры горада, пасярэдіне плошчы, дзе адбываліся кірмашы. Ратушу амаль заўсёды ўпрыгожвала вежа, якая выконвала ролю назіральнай вышкі (у выпадку пажару або варожага нападу). Галоўным памяшканнем ратушы была зала паседжанняў магістрата на другім паверсе асноўнага будынка. Вакол ратушы мясціліся гандлёвыя рады і крамы.

К канцу XVI ст. усе вялікія беларускія гарады мелі ратушы, у асноўным драўляныя. У час шматлікіх пажараў яны часта гарэлі, і таму там, дзе магістраты мелі значныя сродкі, ставіліся мураваныя будынкі.

6. Візантыйскія гарады

З Х ст. у візантыйскіх гарадах пачалі абкладаць падаткам нерухомую маёмасць, спаганяць гандлёвыя зборы з рамеснікаў і гандляроў, а так-сама зборы з гандлёвых здзелак.

У XI ст., у выніку развіцця шаўкаткацтва, пачалі развівацца некаторыя правінцыйныя гарады ( Афіны, Фівы, Карынф ). Рост сталіцы прыпыніўся. У XII ст. у гарадскую эканоміку прыйшлі італьянцы, што спрыяла развіццю рамёстваў. Аднак уздым эканомікі быў нядоўгі, бо італьянскія тавары былі больш танныя, чым візантыйскія, і мясцовыя рамеснікі не вытрымалі канкурэнцыі з італьянцамі. Пасля захопу крыжаносцамі ў 1204 г. сталіцы Канстанцінопаля гарады Візантыі паступова заняпалі. Тым не менш, Канстанцінопаль заставаўся найважнейшым цэнтрам гандлю на шляху паміж Еўропай і краінамі Ўсходу. Другім паводле велічыні горадам Візантыі былі Салонікі важны гандлёвы пункт паміж паўднёваславянскімі краінамі, Заходняй Еўропай і Ўсходам.

АСНОЎНЫЯ ТЭРМІНЫ

Бургамістр - выбарная асоба, якая ўзначальвала мясцовае самакіраванне ў сярэдневяковых гарадах, у якіх дзейнічала магдэбургскае права. У феадальных гарадах (местах) Беларусі называўся "бурмістрам".

Веча (гарадское) - агульны сход жыхароў усходне-славянскага горада, на якім вырашаліся дзяржаўныя і грамадскія справы.

Гарадская (месцкая) рада - орган гарадскога самакіравання.

Гільдыя - аб'яднанне гарадскіх купцоў.

Горад (град, места) - умацаванне паселішча з пастаянным гандлёва-рамесным насельніцтвам, цэнтр рэлігійнага жыцця.

Замак - умацаванне, пабудаванае як у горадзе, так і ў вясковай мясцовасці, месца пражывання феадалаў.

Камуна - у сярэдневяковай Заходняй Еўропе гарадская грамада, якая дамаглася правоў самакіравання.

Магістрат - орган гарадскога самакіравання ў гарадах заходняй і цэнтральнай Еўропы і на тэрыторыі Беларусі.

Магдэбургскае права (майдэборскае права) - феадальнае гарадское права. Склалася ў г. Магдэбургу ў XII-XIII стст.

Ратуша - будынак, дзе знаходзіўся магістрат.

Тавар - рэчы і прадукты, вырабленыя спецыяльна на продаж.

Цэх - аб'яднанне гарадскіх рамеснікаў адной прафесіі.

НАЙВАЖНЕЙШЫЯ ПАДЗЕІ

756 г. - Рым - сталіца Папскай вобласці, царкоўна-палітычны цэнтр Заходняй Еўропы.

805 г. - заснаваны г. Магдэбург. З 968 г. - цэнтр Магдэбургскага арцыбіскупства.

862 г. - першая згадка ў пісьмовых крыніцах пра г. Полацк.

996 г. - першае згадванне г. Кракава арабскім падарожнікам Ібрагімам ібн-Якубам.

1067 г. - першая згадка ў пісьмовых крыніцах Мінска (Менска).

1147 г. - першае згадванне ў летапісе г. Масквы.

1201 г. - першае згадванне г. Рыгі як горада і галоўнай апоры нямецкай каланізацыі ў Прыбалтыцы.

1203 г. - узнікненне з двух паселішчаў горада Берліна.

1323 г. - першая згадка ў пісьмовых крыніцах пра г. Вільню. Вільня стала сталіцай ВКЛ.

1387 г. - Вільня атрымала Магдэбургскае права.

1453 г. - захоп туркамі-асманамі Канстанцінопаля.

РАЗДЗЕЛ VI. ПРАЦЯГ ХРЫСЦІЯНІЗАЦЫІ ЕЎРОПЫ

1. Пашырэнне хрысціянства ў Еўропе ў Х-ХІІІ стст.

2. Роля царквы ў адукацыі і асвеце.

3. Царкоўны раскол 1054 г. і ўзмацненне каталіцкай царквы ў Заходняй Еўропе.

4. Крыжовыя паходы.

5. Рух альбігойцаў (катарызм). Стварэнне інквізіцыі.

1. Пашырэнне хрысціянства ў Еўропе ў Х-ХІІІ стст.

З мэтай пашырэння свайго ўплыву, а таксама атрымання немалых прыбыткаў з новых вернікаўу ІХ-Х стст. як заходняе, так і ўсходняе хрысціянства актыўна пашырала свой уплыў у Паўночнай і Ўсходннй Еўропе і мірным, і ваенным шляхам.

Перадавым атрадам Заходняй царквы былі нямецкія каралі (імператары) і біскупы, якія пачалі захопліваць землі заходніх славян, якія былі язычнікамі. Гэта быў так званы "Паход на Ўсход" , у выніку якога нямецкія і дацкія рыцары захапілі землі палабскіх славян, знішчылі іх самабытную культуру і гвалтам ахрысцілі заваяваныя народы, якія былі анямечаныя. На месцы былых капішчаў паўсталі касцёлы. У 966 г. польскі князь Мешка I добраахвотна прыняў хрысціянства заходняга ўзору, каб умацаваць сваю ўладу. У IX ст. пачалося змаганне паміж рымскімі папамі і канстанцінопальскімі патрыярхамі за хрышчэнне чэхаў і мараванаў. Спачатку перамагала Візантыя, якая, як ужо гаварылася раней, паслала ў Вялікую Маравію сваіх місіянераў Кірыла і Мяфодзія. Яны прынеслі сюды стараславянскую пісьмовую мову, новы алфавіт і набажэнства на зразумелай славянам мове. Прычым сваю дзейнасць яны здолелі ўзгадніць з Рымам. Аднак, у пачатку X ст. качэўнікі-язычнікі венгры (угры) знішчылі Вялікую Маравію, засялілі заваяваную тэрыторыю і прынялі хрысціянства заходняга абраду. Таксама хрысціянамі, будучымі каталікамі, сталі чэхі, славакі, славенцы і харваты.

Візантыя захавала свой рэлігійны ўплыў сярод балгараў і сербаў. З цягам часу зрабіліся хрысціянамі і ваяўнічыя нарманы, якія спачатку вельмі варожа ставіліся да хрысціян. Але паступова яны, у залежнасці ад свайго месцазнаходжання, яшчэ ў IX стагоддзі сталі або каталікамі, або праваслаўнымі. Да XII ст. канчаткова сталі каталікамі і жыхары Скандынавіі.

У 988 г. кіеўскі князь Уладзімір прымае ўсходняе хрысціянства ад Візантыі і распаўсюджвае яго сярод славянскіх і фіна-ўгорскіх плямёнаў, якія ўваходзілі ў склад Кіеўскай Русі.

На мяжы XII-XIII стст. нямецкія святары і рыцары з'явіліся ў землях Прыбалтыкі, гвалтам ахрысцілі мясцовых балтаў і фіна-ўграў і стварылі тут дзяржавы, якія непасрэдна прызнавалі ўладу Рымскага Папы. На Пірэнейскім паўвостраве працягвалася Рэканкіста, і землі, занятыя арабамі, паступова станавіліся хрысціянскімі.

2. Роля царквы ў адукацыі і асвеце

Асноўная асаблівасць сярэднявечнай культуры - гэта яе рэлігійнасць, або "тэацэнтрызм" : светапогляд, у якім галоўную ўвагу звяртаюць толькі на Бога. Асноўнымі рысамі тагачаснай культуры былі сімвалізм і алегорыя (іншасказальнасць), а таксама ананімнасць большасці твораў мастацтва. У грамадстве існавалі і нават супернічалі дзве плыні: адна - царкоўная, вучоная, афіцыйная, а другая - народная, якая захоўвала шмат элементаў былога язычніцтва. У гарадах народная плынь мела асаблівыя, карнавальныя, нават гумарыстычныя формы. На скрыжаваннях дарог, кірмашах, а так-сама падчас усеагульных рэлігійных святаў можна было бачыць вандроўных актораў- гістрыёнаў (у франкамоўных краінах іх найчасцей называлі жанглёрамі , у германамоўных - шпільманамі , у славянамоўных - скамарохамі ), якія дэманстравалі сваё мастацтва ў самых розных жанрах, ад фокусаў і практыкаванняў з вучонымі жывёламі да паказу спектакляў-фарсаў. Літаратары, найчасцей ананімныя, сачынялі вершаваныя і празаічныя творы ( лэ, фабльё, шванкі ), у якіх высмейваліся заганы ў тым ліку царкоўных служак.

У хрысціянскай царкве за асноўныя пастулаты выдаваліся "сакрамэнты" , асобныя рэлігійныц таямніцы, такія як хрышчэнне, прычашчэнне, свяшчэнства. Актыўна выкарыстоўваліся і "сакрамэнталіі" - асвечаная (святая) вада, хлеб (аблаткі) і свечкі. Хрысціянства адмаўляла антычную (язычніцкуні) мастацкую культуру і нават знішчала яе. Галоўная мэта хрысціянства ў Сярэднявеччы - гэта пабудова Града Божага на Зямлі - такой духоўнай супольнасці, дзе пануе любоў да Бога. Важным элементам хрысціянства стала манаства. Асаблівую ролю яно мела ў заходнім (каталіцкім) хрысціянстве, дзе існавалі каталіцкія ордэны.

У сферы дзяржаўнага будаўніцтва існаваў адзіны прынцып: уся ўлада паходзіць толькі ад Бога. Калі ж улада была дрэннай, то яе называлі "Біч Божы" і лічылі пакараннем за грахі. Таму ў Заходняй Еўропе ішла барацьба за вяршэнства паміж свецкай і духоўнай (царкоўнай) уладамі. Вядомыя заходнія багасловы і філосафы. вышэйзгаданы Аўрэлій Аўгусцін і Фама (Тамаш) Аквінскі даказвалі, што духоўная ўлада павінна быць вышэйшай за свецкую. У раннім і высокім Сярэднявеччы існавала і "царкоўнае права", або Божы суд, калі чалавека выпрабоўвалі агнём, халоднай вадою ці кіпнем, або і гарачым жалезам.

Той чалавек, які праходзіў праз катаванні і вытрымліваў іх, лічыўся апраўданым, а хто не вытрымліваў - вінаватым. Толькі ў 1215 г. Латэранскі сабор гэтую практыку забараніў.

Цэнтрамі адукацыі і культуры былі ў раннім Сярэднявеччы толькі цэрквы, кляштары (манастыры) і манастырскія школы. Пры манастырах існавалі бібліятэкі і майстэрні па перапісванні кніг - "скрыпторыі". Тут адукаваныя манахі перапісвалі біблійныя тэксты, творы старажытных філорсафаў і паэтаў.

У манастырскіх і прыходскіх школах вучылі хлопчыкаў ва ўзросце ад сямі гадоў. Тэрмін вучобы - 7 або 8 гадоў. Тут выкладалі пісьмо, чытанне, спевы, лацінскую мову, арыфметыку, тэалогію, астраномію і тэорыю музыкі (гармонію). Пазней у гарадах узніклі і свецкія школы на чале са свецкімі настаўнікамі (магістрамі). Некаторыя вучні нават ездзілі з горада ў горад, каб паслухаць лекцыі найбольш вядомых настаўнікаў. Такіх вучняў называлі "вандроўнымі шкалярамі".

У ХІ -XII стст. у вялікіх гарадах узніклі новыя навучальныя ўстановы - універсітэты . Першы з іх адкрыўся ў XI ст. у горадзе Балоні (Італія). Выкладанне ў ім ішло на мове каталіцкай царквы - лаціне. Сярод факультэтаў самым прэстыжным быў багаслоўскі (тэалагічны) факультэт, дзе вучылі будучых святароў i філосафаў. Асноўная форма навучання - лекцыі і дыспуты, сумесныя абмеркаванні складаных і спрэчных пытанняў пераважна багаслоўска-тэалагічнага характару.

У Х-ХІ стст. значна ўмацоўваецца ўплыў царквы і ў Візантыі. Склаўся трывалы хаўрус царквы і дзяржавы, прычым, у адрозненне ад Заходняй Еўропы, царква тут залежала ад свецкай улады. Выбары патрыярха непасрэдна залежалі ад імператара. Шмат у Візантыі было і манастыроў, якія мелі вялікія зямельныя ўладанні. Некаторыя буйыя манастыры былі значнай палітычнай сілай, і таму на працягу X ст. імператары спрабавалі абмежаваць рост манастырскага землеўладання. Афіцыйнай мовай царквы ў Візантыі была грэцкая, але дзякуючы Кірылу і Мяфодзію славянскія народы, якія былі праваслаўнымі, карысталіся стараславянскай мовай у набажэнстве і кірылічным алфавітам, што значна пашырыла культурны ўплыў хрысціянства сярод славянскіх народаў.

3. Царкоўны раскол 1054 г. і ўзмацненне каталіцкай царквы ў Заходняй Еўропе

Царкоўны раскол 1054 г. Пачатак падзелу хрысціянства на дзве плыні - усходнюю і заходнюю - пачаўся пасля падзелу адзінай Рымскай імперыі на дзве. Усходняй (візантыйскай) царквой кіраваў канстанцінопальскі патрыярх, які залежаў ад імператара. Ён таксама быў першаіерархам новых хрысціянскіх цэркваў, што ўзніклі на тэрыторыях, дзе жылі ўсходнія і часткова паўднёвыя славяне. Але не ўсе ўсходнія хрысціяне падпарадкоўваліся Канстанцінопалю. Існавалі і іншыя незалежныя ўсходнія (праваслаўныя) цэрквы, якія называліся "аўтакефальнымі" , на чале са сваімі патрыярхамі. З цягам часу іх колькасць павялічвалася і цяпер дасягнула 15. Ужо ў IV ст. існавалі, акрамя Канстанцінопальскай, Александрыйская, Антыяхійская і Іерусалімская цэрквы.

У Заходняй Еўропе хрысціян узначалілі рымскія папы, якія ў меншай ступені залежалі ад каралеўскай улады, мелі сваю незалежную дзяржаву і праводзілі самастойную палітыку, асабліва ў часы феадальнай раздробленасці. У IX і X стст. паміж рымскімі папамі і канстанцінопальскімі патрыярхамі пачалося змаганне за душы тых жыхароў Еўропы на Поўначы і Ўсходзе, якія прынялі хрысціянства. Канфлікт закончыўся тым, што ў 1054 г. Рымскі Папа і канстанцінопальскі патрыярх праклялі і адлучылі ад царквы адзін аднаго. За заходняй царквой канчаткова замацавалася назва "каталіцкая" , што азначае "сусветная", а за ўсходняй - "праваслаўная" , што значыць "царква правільнай веры", або "артадаксальная". Даволі часта каталікі называлі праваслаўных "схізматыкамі" (ерэтыкамі). Узніклі і замацаваліся і пэўныя адрозненні паміж гэтымі плынямі.

Так, каталікі лічаць, што Святы Дух сыходзіць адначасова ад Бога-Айца і Бога-Сына (Хрыста), а праваслаўныя - што толькі ад Бога-Айца. У каталіцызме ёсць догмат пра чысцец (чысцілішча) , а ў праваслаўі яго няма. Каталікі лічаць свайго лідара - Рымскага Папу - цалкам непагрэшным у пытаннях веры і маюць толькі адзін рэлігійны цэнтр - Ватыкан . У праваслаўных няма адзінага кіраўніка і адзінай духоўнай Сталіцы. Каталіцкія святары не маюць права мець сям'ю і ўступаць у шлюб (цэлібат), а праваслаўныя святары (за выняткам "чорнага" манаства) сям'ю маюць. У каталікоў ёсць каталіцкія манаскія ордэны і моцны культ Багародзіцы, а праваслаўныя гэтага не маюць. У касцёле няма іканастаса, але ёсць шмат скульптур, чаго не скажаш пра праваслаўную царкву. У каталіцкіх храмах гучыць арган, людзі сядзяць на лаўках, часам стаяць і моляцца на каленях. Людзі ў праваслаўнай царкве звычайна стаяць, і тут спявае царкоўны хор, але музычны інструмент не гучыць. Як святары, так і манахі маюць адрозныя царкоўныя (касцельныя) строі.

Узмацненне каталіцкай царквы ў ХІІ-ХІІІ стст. Вялікую ролю ў гэтым адыграў Папа Інакенцій ІІІ (1198-1216). Ён здолеў падпарадкаваць сабе шмат якіх еўрапейскіх манархаў. Непакорлівых ён адлучаў ад царквы, забараняў праводзіць набажэнствы на тэрыторыі іх краіны. Васаламі Рымскага Папы прызналі сябе каралі Даніі, Англіі, Польшчы, Венгрыі, Кастыліі і Арагона. Папа пачаў называць сябе "намеснікам Бога" на зямлі. Яму цалавалі пантофлі ўсе, хто прыходзіў да яго на аўдыенцыю. У сваёй краіне, горадзе Рыме і ваколіцах, ім быў створаны бюракратычны апарат з вялікай колькасцю духавенства Багацце каталіцкай царквы дасягала велізарных аб'ёмаў. Волю Папы даводзілі да вернікаў не толькі святары, але і манаскія ордэны.

4. Крыжовыя паходы

Крыжовымі паходамі называюць ваенныя паходы заходнееўрапейскіх хрысціян з мэтай забраць у мусульман галоўныя хрысціянскія святыні ў Святой Зямлі (Палесціне). Іх удзельнікі нашывалі на свае плашчы крыжы - сімвалы хрысціянства. Арганізатарамі крыжовых паходаў былі рымскія папы.

Пачатак крыжовых паходаў адлічваюць з 1096 г. (пачатак першага паходу), а заканчваюць або ў 1270 г. (апошні восьмы паход), або ў 1291 г., калі мусульмане захапілі апошнюю крыжацкую цвердзь на Усходзе - горад Акру . Рымскія папы таксама арганізоўвалі крыжовыя паходы супраць ерэтыкоў і нават супраць непакорных ім каралёў. У XIV і XV стст. адбываліся крыжовыя паходы і супраць туркаў-асманаў.

Пачалося ўсё ў французскім горадзе Клермоне ў лістападзе 1095 г., дзе перад натоўпам вернікаў пасля царкоўнага сабора выступіў Рымскі Папа Урбан II . Ён заклікаў прысутных дапамагчы Візантыі, "на якую напалі падступныя мусульмане" , і вызваліць ад іх хрысціянскія святыні ў Палесціне. Усім удзельнікам ён паабяцаў вызваленне ад грахоў, а тым, хто загіне - вечнае жыццё ў раі. Яго ідэю ўсе падтрымалі і вырашылі ісці ў паход.

Вясной 1096 г. тысячы сялян, узброеных сякерамі, кіямі і косамі, рушылі ў паход, па дарозе рабуючы мясцовых жыхароў, бо не мелі з сабою харчоў. Калі яны дабраліся да Канстанцінопаля, візантыйцы перавезлі іх у Малую Азію. Мясцовыя войскі мусульман іх або перабілі, або забралі ў палон.

Тады рушылі на вайну добра ўзброеныя феадалы, малодшыя сыны ўласнікаў феодаў, якія не мелі права на спадчыну бацькі, каб захапіць сабе ўласнасць у заваяваным краі. Імператар Візантыі Апяксей Комнін прымусіў іх даць яму прысягу вернасці і толькі тады перавёз іх у Малую Азію. У 1097 г. крыжаносцы разам з візантыйцамі захапілі Нікею, якая зноў пачала належаць Візантыі. Пасля войска крыжаносцаў прыйшло ў Кілікікію , дзе жылі хрысціяне і хутка захапіла яе Потым крыжаносцы падзяліліся на два атрады, якія пайшлі ў розныя бакі: адны на Эдэсу , другія - на Антыёхію ў Сірыі. Эдэсу, дзе жылі армяне, занялі без бою, і тут узнікла першая дзяржава крыжаносцаў - графства Эдэскае.

Антыёхія абаранялася больш за сем месяцаў; яе захапілі ў чэрвені 1098 г. у выніку здрады некаторых абаронцаў горада. Тут узнікла другая крыжацкая дзяржава - Антыяхійскае княства . Частка крыжаносцаў на чале з Раймондам Тулузскім пайшла далей - на Iерусалім. 7 чэрвеня 1099 г. горад быў абложаны, а 15 ліпеня - узяты штурмам. Пераможцы забілі ўсіх мусульман і іўдзеяў. Толькі ў мячэці Амара было забіта каля 10 тысяч чалавек. Узнікла трэцяя, самая галоўная крыжацкая дзяржава - Іерусалімскае каралеўства на чале з Готфрыдам Булонскім . Пазней крыжаносцы з дапамогай Венецыі захапілі прыбярэжныя ліванскія гарады і стварылі чацвёртую дзяржаву - Трыпальскае графства . Валоданні крыжаносцаў выцягнуліся вузкай паласой па берагах Міжземнага мора працягласцю каля 1200 км. Галоўным кіраўніком тут лічыўся іерусалімскі кароль, якому прысягнулі на вернасць астатнія кіраўнікі, але гэта было ў асноўным фармальна. Заваёўнікаў было няшмат, толькі 2-3% ад агульнай колькасці насельніцтва; астатнія былі сяляне - мусульмане, армяне і яўрэі. Галоўнай сілай у каралеўстве стала каталіцкая царква. Каталіцкі іерусалімскі патрыярх, архібіскупы, біскупы, абаты кляштароў сталі буйнымі землеўласнікамі. Яны атрымалі землі, якія раней належалі мусульманскаму і часткова праваслаўнаму духавенству, а таксама зямельныя падарункі ад свецкіх сеньёраў.

Каб умацаваць сваю ўладу ў новых землях, рымскія папы ў пачатку XII ст. стварылі духоўна-рыцарскія ордэны . Гэтыя ордэны мелі статуты, зацверджаныя Рымскім Папам, і падпарадкоўваліся толькі яму. На новых землях існавалі ордэны тампліераў, іанітаў (шпітальераў), тэўтонаў і Святой Гасподняй дамавіны . Самым моцным быў ордэн тампліераў, які меў 18 уласных крэпасцяў-цвярдыняў. У гарадах, што належалі крыжаносцам, пераважала хрысціянскае насельніцтва розных веравызнанняў. Шмат тут было італьянскіх купцоў, асабліваз Венецыі і Генуі. У пачатку XII ст. веніцыянцы мелі па адным квартале ў кожным горадзе Іерусалімскага каралеўства. Італьянцы прывозілі з Еўропы хлеб, будаўнічае дрэва, металы, коней і вопратку. У Еўропу везлі шоўк і бавоўну, цукар, віно, спецыі, фарбавальнікі, слановую косць, каштоўныя камяні і шкляны посуд. Адчуваўся ўздым міжземнаморскага гандлю.

Аднак у другой палове XII ст. сітуацыя для крыжаносцаў на Ўсходзе вельмі пагоршылася. Другі крыжовы паход (1147-1149 гг.) не прынёс хрысціянскім уладарам на чале з французскім каралём Людовікам VII жаданых вынікаў. А ў 80-я гады XII ст. мусульманскія землі, якія межавалі з крыжацкімі дзяржавамі, трапілі пад уладу егіпецкага султана Салах-ад-Дзінн (Саладзіна) . Яго войска 3 ліпепя 1187 г. разбіла войска крыжаносцаў і ўзяло ў палон іерусалімскага караля, якога давялося выкупляць за вялікія грошы. 2 кастрычніка 1187 г, войска Саладзіна ўвайшло ў Іерусалім, які капітуляваў.

Чарговы, трэці, паход прывёў да таго, што па дарозе англічане захапілі востраў Кіпр, а ў ліпені 1191 г. - горад Акру, якая і стала сталіцай Іерусалімскага каралеўства, бо выгнаць Саладзіна з Іерусаліма не атрымалася.

Пасля смерці Саладзіна ў 1193 г. Папа Інакенцій ІІІ арганізаваў наступны (чацвёрты) паход. Дзякуючы венецыянскаму флоту ў 1202 г. крыжаносцы спачатку захапілі венгерскі горад Задар і перадалі яго Венецыі, а потым, 13 красавіка 1204 г., вераломна захапілі Канстанцінопаль і цалкам яго разрабавалі. Заваёўнікі заснавалі тут сваю дзяржаву - Лацінскую імперыю .

Толькі ў 1225 г. нямецкі кароль Фрыдрых II здолеў дамовіцца з егіпецкім султанам, вярнуў крыжаносцам Іерусалім, Назарэт і Віфлеем і стаў адначасова іерусалімскім каралём. Аднак ужо ў 1244 г. Іерусалім зноў захапілі мусульмане, прычым цяпер на доўгія стагоддзі.

Сёмы крыжовы паход (1248-1254 гг.) узначаліў французскі кароль Людовік IX . Яго войскі высадзіліся ў Егіпце ў 1249 г. і спачатку захапілі некалькі гарадоў. Але потым яны пацярпелі паразу, і кароль разам з тысячамі крыжаносцаў трапіў у палон. Францыя мусіла выкупіць свайго караля і яго рыцараў з палону. У 1268 г. егіпцяне захапілі Антыёхію, і ў крыжаносцаўзасталася толькі Акра. Тады Людовік IX у 1270 г. арганізаваў аношні (восьмы) крыжовы наход. Французы і англічане высадзіліся ў Тунісе і захапілі Карфагенскую крэпасць . Але ў лагеры крыжаносцаў пачалася эпідэмія чумы, і Людовік IX памёр. Неўзабаве ў 1291 г. мусульмане захапілі апошні крыжацкі горад Акру, і эпоха крыжовых паходаў скончылася.

Крыжовыя паходы сталі няўдалым вынікам заходнееўрапейскай знешняй каланізацыі. На заваяваных землях амаль не было заходнееўрапейскіх сялян; ды і феадалаў, якія стала пасяліліся тут, было не шмат. Крыжовыя паходы ўзмацнілі варожасць паміж хрысціянамі і мусульманамі, а таксама выклікалі непрыязь да каталікоў з боку праваслаўных візантыйцаў і мясцовых іўдзеяў. Раскол паміж каталікамі і праваслаўнымі значна паглыбіўся. Крыжаносцы знішчылі ў Палесціне шмат помнікаў архітэктуры і мастацтва, вялікую колькасць кніжных збораў. Галоўны адмоўны вынік крыжовых паходаў - гэта крывавае забойства многіх тысяч людзей, пераважна некаталіцкай веры. Асноўная рэлігійная мэта паходаў - вяртанне хрысціянам іх святынь у Палесціне - у канчатковым выніку так і не была дасягнутая.

5. Рух альбігойцаў (катарызм). Стварэнне інквізіцыі

У 1143-1155 гг. жыхары Рыма на чале з Арнольдам з Брэшыі паднялі паўстанне супраць Папы, выгналі яго з горада і абвясцілі рэспубліку. Толькі з дапамогай германскага імператара Фрыдрыха Барбаросы паўстанне здушылі, і Папа здолеў вярнуць сабе ўладу.

Вялікую небяспеку для афіцыйнай каталіцкай царквы ўяўляў рух альбігойцаў . Так называлі дзве ерэтычныя плыні катараў і вальдэнсаў , якія жылі на поўдні Францыі. Адным з іх цэнтраў пыў горад Альбі . Катары (чыстыя) існавалі, пачынаючы з XI ст. не толькі ў Францыі, але і ў Італіі. Яны лічылі, што Сусвет мае два пачаткі: Дабро (Бог) і Зло (сатана). Матэрыяльны свет для іх быў стварэннем сатаны. Таму каталіцкую царкву яны лічылі д'ябальскай і не прызнавалі яе і каталіцкія догматы. Яны стварылі сваю царкву і мелі ўнутры яе строгую іерархію. Катарамі былі рамеснікі, гандляры, сяляне і некаторыя феадалы, якія выступалі супраць караля і прагнулі захапіць маёмасць каталіцкай царквы.

Лідарам вальдэнсаў быў купец з Ліёна Пётр Вальдо , які ў 70-я гг. XII ст. адмовіўся ад сваёй маёмасці, лічачы, што трэба жыць у галечы, і сабраў вакол сябе шмат прыхільнікаў. Папы забаранілі яго пропаведзі і адлучылі вальдэнсаў ад царквы. Рух вальдэнсаў складалі сяляне і рамеснікі. Яны давалі зарок беднасці і цноты, адмаўлялі каталіцкую царкву і стварылі сваю арганізацыю, якой кіравалі абраныя імі біскупы. Яны не хрысціліся і не пакланяліся абразам. Супраць альбігойцаў III Латэранскі сабор у 1179 г. абвясціў крыжовы паход, аднак ён выніку не прынёс. Другі паход пачаўся з ініцыятывы Папы Інакенція III у 1209 г. Крыжаносцы ўварваліся ў паўднёвую Францыю і забілі тысячы людзей. Гэтым скарыстаўся кароль Францыі Людовік IX і да 1229 г. здолеў далучыць землі альбігойцаў да свайго дамена. Апошні замак альбігойцаў Мансегюр быў захоплены толькі ў 1244 г. Каб змагацца з ерэтыкамі, Папа Рыгор IX у першай палове XIII ст. стварыў спецыяльныя царкоўныя суды інквізіцыі . Інквізіцын на лаціне абазначае "расследаванне". Суды інквізіцыі выяўляпі ды каралі ерэтыкоў і падпарадкоўваліся толькі Папу. Займацца інквізіцыяй Папа даручыў ордэну дамініканцаў, які жорстка караў, як правіла, зусім не вінаватых людзей, асабліва калі на іх паступалі даносы ад іх ворагаў. Іх моцна катавалі, прымушалі прызнацца ва ўсіх грахах, а потым перадавалі свецкім уладам, якія публічна спальвалі ерэтыкоў на вогнішчы. Асабліва цярпелі жанчыны: тых, якіх лічылі вядзьмаркамі, жорстка забівалі. Акрамя дамініканцаў, папы абапіраліся і на тыя крыжацкія ордэны, што пасля крыжовых паходаў вярнуліся ў Еўропу.

Тампліеры мелі свае цэнтры ў Парыжы і Лондане, дзе актыўна займаліся ліхвярствам. Іааніты спачатку жылі на востраве Радосе, а потым на Мальце, дзе мелі сваю незалежную дзяржаву. Нямецкі (Тэўтонскі) ордэн у XIII ст. апынуўся ва Усходняй Прыбалтыцы, дзе на заваяваных балцкіх землях стварыў вялікую і моцную дзяржаву, з якой беларусам давялося доўга ваяваць. У ХІІ-ХІІІ стст. рымскія папы прыдумалі спецыяльныя граматы - індульгенцыі, якія манахі прадавалі тым людзям, што хацелі пазбавіцца ад сваіх грахоў. Гэта вельмі абурала тагачасную адукаваную частку грамадства.

АСНОЎНЫЯ ТЭРМІНЫ

Альбігойцы (катары) - ерэтычны рух XII-XII стст. у Францыі, накіраваны супраць каталіцкай царквы.

Дзесяціна - дзясятая частка ўраджаю або іншых прыбыткаў, якія вернікі аддаюць на ўтрыманне царквы.

Iндульгенцыя - спецыяльная царкоўная грамата аб дараванні грахоў, якую можна было набыць.

Інквізіцыя - спецыяльны суд каталіцкай царквы над людзьмі, якія выступалі супраць царквы і веры.

Кляштар - каталіцкі манастыр.

Лацінкая імперыя - дзяржава, створаная крыжаносцамі на тэрыторыі Візантыі, пасля захопу імі Канстанцінопаля.

Мітрапаліт - кіраўнік царкоўнай акругі-мітраполіі, якога прызначаў іерарх.

Патрыярх - галава (памеснай) Праваслаўнай царквы.

Ордэн манаскі - аб'яднанне каталіцкіх манахаў, якія жывуць і дзейнічаюць у адпаведнасці з правіламі, якія запісаны ў статуце свайго аб'яднання.

НАЙВАЖНЕЙШЫЯ ПАДЗЕІ

966 г. - князь Польшчы Мешка I прыняў хрысціянства.

988 г. - хрышчэнне князем Уладзімірам жыхароў Кіева.

1054 г. - канчатковы падзел хрысціян Еўропы на каталікоў і праваслаўных.

1096 - 1099 гг. - першы крыжовы паход.

1099 г. - захоп крыжаносцамі Іерусаліма.

1098 - 1216 гг . - пантыфікат Папы Інакенція III.

1204 г. - захоп крыжаносцамі Канстанцінопаля.

1291 г. - мусульмане захапілі апошнюю крыжацкую крэпасць у Палесціне.

РАЗДЗЕЛ VII. КРАІНЫ ЗАХОДНЯЙ ЕЎРОПЫ Ў Х-ХІІІ стст.

1. Феадальнае грамадства Заходняй Еўропы.

2. Штодзённае жыццё.

3. Францыя ў Х-ХІІІ стст.

4. Германія ў Х-ХІІІ стст. Стварэнне Свяшчэннай Рымскай імперыі нямецкага народа.

5. Англія.

6. Гарады-дзяржавы Італіі.

7. Стварэнне саслоўна-прадстаўнічых манархій.

1. Феадальнае грамадства Заходняй Еўропы

У IX ст. распалася вялізная імперыя франкаў. У тых дзяржавах, якія былі яе наступнікамі, ужо мела месца феадальная раздробленасць. Так было і ў іншых еўрапейскіх краінах, бо іх эканамічнай асновай была натуральная гаспадарка. У гэтых дзяржавах захоўвалася каралеўская ўлада, але рэальнай сілы яна ўжо не мела. Каралі практычна не маглі спыніць міжусобныя войны паміж феадаламі свайго каралеўства. Часам феадалы ваявалі нават са сваім каралём. Каралеўствы таго часу былі сукупнасцю магнацкіх даменаў. У сваіх даменах магнаты - герцагі, графы, бароны і іншыя буйныя феадалы - усталёўвалі сваё адзінаўладства. Яны раздавалі частку сваіх вялізных уладанняў сярэднім феадалам у якасці феода, а тыя маглі перадаць частку атрыманых земляў дробным феадалам.

У кожным каралеўстве існавала свая феадальная лесвіца, якая абапіралася на ўзаемадзеянне паміж каралём, сеньёрамі і васаламі. Да X ст. амаль усе сяляне краін Заходняй Еўропы сталі феадальна-залежнымі, яны павінны былі выконваць за карыстанне феадальнай зямлёй ( алодам ) прымусовыя абавязкі (павіннасці): паншчыну і аброк. Сяляне не маглі без дазволу свайго феадала пакідаць яго маёнтак і таму былі пазбаўленыя асабістай свабоды. Таму тысячы сялян і рушылі ў крыжовыя паходы, каб стаць асабіста незалежнымі. Таксама селянін мог уцячы ад феадала ў горад, дзе, пражыўшы пэўны тэрмін, таксама набываў асабістую свабоду. З гэтых прычын феадальная ўрбанізацыя Еўропы, калі былыя сяляне станавіліся гараджанамі (бюргерамі), набірала сілу.

2. Штодзённае жыццё

Асноўную масу насельніцтва Еўропы складалі сяляне. Яны жылі ў вёсках, у маленькіх брудных хацінах, часта галадалі і хварэлі, Феадалы ўвесь час здзекаваліся з іх, асабліва з дзяўчат і маладых жанчын, і абражалі іх людскую годнасць. Таму сяляне ўцякалі ад сваіх феадалаў або вялі з імі барацьбу падчас сялянскіх паўстанняў. Прыгнятала сялян і каталіцкая царква, якой яны мусілі плаціць дзесяціну. Таму некаторыя сяляне далучаліся да розных ерэтычных рухаў і траплялі ў рукі інквізіцыі.

Феадалы жылі асобна ад сялян у сваіх умацаваных замках, збудаваных у цяжкадаступных месцах. Працай на зямлі, заняткамі гандлем ці рамяством яны пагарджалі і лічылі, што адзіны сапраўдны занятак высакароднага чалавека - гэта вайна або паляванне. Сваіх сыноў яны з малых гадоў рыхтавалі да вайсковай службы: добра ездзіць на кані і добра валодаць рознай зброяй. Мара кожнага хлопчыка - сына феадала - было стаць рыцарам - цяжкаўзброеным вершнікам, закутым у цяжкія даспехі. Пасвячалі маладых феадалаў у рыцары за ваенныя заслугі каралі ці буйныя феадалы. Большасць рыцараў не любіла вучыцца: яны часта былі непісьменнымі.

У мірныя часы феадалы займаліся паляваннем, пасля якога наладжвалі баль. На ім яны шмат елі і яшчэ больш пілі алкагольныя напоі - брагу, мёд і віно. Падчас балю іх забаўлялі камедыянты і вандроўныя спевакі. Часта адбываліся і рыцарскія турніры - спаборніцтвы ў вайсковым майстэрстве. Іх праводзілі каралі ды іншыя буйныя феадалы з розных нагодаў: вяселле, пасвячэнне сына ў рыцары, заканчэнне вайны ці проста жаданне паказаць свой асабісты спрыт і смеласць. Для турніраў выбіралі роўны луг каля замка абносілі яго агароджай, рабілі арэну і месца для знаці. Быў спецыяльны трон для дамы, якую лічылі каралевай прыгажосці і аб'ектам рыцарскага кахання. Рыцар, які перамагаў, забіраў сабе ў якасці ўзнагароды каня і зброю пераможанага суперніка. Рыцар, які рамог усіх удзельнікаў турніру, меў права абіраць сярод прысутных жанчын даму-каралеву прыгажосці, і яна ўрачыста займала свой трон.

Гараджане мелі сваё жыццё, адрознае ад сялян і феадалаў. Жылі яны ў невялікіх дамах, драўляных ці мураваных, якія шчыльна абступалі вузкія і брудныя гарадскія вуліцы. З нрычыны паўсюднага бруду гараджане часта хварэлі і паміралі ад розных эпідэмій, і таму яны жылі не так доўга, як сяляне ці феадалы. У гарадах часта адбываліся пажары, калі выгаралі цэлыя гарадскія кварталы. Але гараджане былі асабіста вольнымі людзьмі, і таму яны часта ладзілі розныя гарадскія святы ды кірмашы ў цэнтральнай частцы горада, дзе стаяў галоўны гарадскі сабор. Тут была вялікая гарадская плошча ( рынак ), і часта стаяла гарадская ратуша, дзе знаходзіўся магістрат. На гарадской плошчы гандлявалі і тут жа публічна каралі злачынцаў. У гарадах было шмат беднякоў, якія выконвалі самую брудную і цяжкую працу. Сярод іх было нямала жабракоў і злачынцаў. Гарадская бядота час ад часу ўздымала ўзброеныя паўстанні, і тады багатыя гараджане прасілі ўзброеную дапамогу ў сваіх сеньёраў-феадалаў.

Асобную групу насельніцтва складала каталіцкае духавенства. Гэта былі святары розных узроўняў, феадалы-рыцары каталіцкіх ордэнаў і іх слугі, шматлікія манахі кляштараў, а таксама розныя чыноўнікі Рымскага Папы.

Трэба адзначыць, што ў феадальным грамадстве Заходняй Еўропы існаваў патрыярхат на ўсіх яго ўзроўнях, і жанчыны ніякіх правоў не мелі. Больш за тое, іх маглі звінаваціць у вядзьмарстве і аддаць у рукі інквізіцыі. Сярод мужчын на першым месцы былі старэйшыя сыны, бо яны былі галоўнымі спадчыннікамі як у феадалаў, так і ў сялян ці гараджан. Таму шмат малодшых сыноў ішло ў манахі ці брала актыўны ўдзел у войнах або крыжовых паходах.

3. Францыя ў Х-ХІІІ стст.

У X ст. у Францыі за каралеўскую ўладу змагаліся дзве феадальныя групоўкі. Гэта былі нашчадкі Карла Вялікага, або Каралінгі, і нашчадкі графа Эдо , які ў канцы IX ст. быў французскім каралём. У змаганні паміж імі перамаглі прыхільнікі з групы Эдо. З іх кола каралём Францыі абралі Гуга Капета , які заснаваў новую каралеўскую дынастыю Капетынгаў . Феадалы, якія абралі Капета каралём, не прынеслі яму феадальную прысягу вернасці, і таму яго ўлада была фармальнай. Нават у каралеўскім дамене васалы не заўжды слухаліся свайго караля, і з гэтай прычыны першыя Капетынгі мусілі ваяваць са сваімі васаламі, падпарадкоўваць іх сабе.

Каб умацаваць сваю ўладу, каралі і іншыя буйныя феадалы абапіраліся на падтрымку гарадоў. Гараджане давалі ім грошы, каб тыя забяспечылі для рамеснікаў і купцоў бяспечныя гандлёвыя шляхі і ўнутраны парадак у краіне. З мэтай дапамогі гараджанам кароль ці іншы магнат будаваў на скрыжаванні гандлёвых шляхоў мураваныя замкі, дзе былі рыцарскія атрады, што абаранялі мясцовых жыхароў ад рабаўнікоў і злачынцаў.

У сярэдзіне ХІІ ст. кароль Людовік VI навёў поўны парадак у сваім дамене і пачаў пашыраць свае валоданні за кошт іншых феадалаў - суседзяў. Але на шляху аб'яднання Францыі галоўнай перашкодай сталі англійскія каралі з дынастыі Плантагенетаў. Рэч у тым, што ў сярэдзіне XII ст. буйны французскі магнат Генрых Плантагенет стаў каралём Англіі, а яго французскі дамен быў большы за дамен Людовіка VI. Аднак аб'яднанне Францыі, якая складалася з 14 даменаў, у пачатку XIII ст. завяршыў кароль Філіп II Аўгуст з дынастыі Капетынгаў. Ён спачатку павялічыў свой дамен, а потым захапіў і французскія землі Плантагенетаў. У руках англійскіх каралёў засталася толькі частка французскага ўзбярэжжа на поўначы краіны. У пачатку XIV ст. французскія каралі валодалі трыма чвэрцямі сучаснай тэрыторыі Францыі.

4. Германія ў Х-ХІІІ стст. Стварэнне Свяшчэннай Рымскай імнерыі нямецкага народа

У пачатку X ст. сітуацыя ў Германіі была вельмі складанай. На германскія землі на поўначы нападалі нарманы, на ўсходзе - палабскія славяне, на паўднёвым усходзе - венгры. Самымі спусташальнымі набегамі былі венгерскія.

З 900 па 911 г. каралём Германіі быў Людовік Дзіцяня , які не карыстаўся аўтарытэтам і не меў моцнай улады. На першае месца ў краіне выйшлі мясцовыя магнаты-герцагі. У пачатку X ст. іх улада зрабілася спадчыннай, а ўнутры герцагстваў склалася свая васальная сістэма. У X ст. на поўначы і ўсходзе краіны адчуваўся ўплыў язычніцтва і існавалі рэшткі былых племянных структур. Гарады былі толькі на захадзе, на берагах Рэйна. Асноўную масу насельніцтва яшчэ складалі вольныя людзі. Кожны селянін меў свой алод. Сярод буйных племянных герцагстваў былі: Саксонія, Франконія, Швабія (Алеманія) і Баварыя . Самым моцным герцагствам стала Саксонія, якая мела сваю дынастыю ўладароў. Пасля смерці апошняга прадстаўніка дынастыі Каралінгаў Людовіка IV і міжусобнай вайны да ўлады прыйшоў герцаг Саксоніі Генрых I Птушкалоў (919-936), які заснаваў новую, Саксонскую дынастыю (919-1024 гг.) германскіх каралёў. У сваім змаганні з герцагамі ён абапіраўся на каталіцкую царкву, якая была зацікаўлена ў моцнай уладзе. Ён стварыў моцнае коннае рыцарскае войска і збудаваў на памежных тэрыторыях сістэму ўмацаваных цвердзяў - бургаў . Пазней на базе бургаў узнікне шмат нямецкіх гарадоў. Ён таксама адабраў у Французскага караля Латарынгію, захапіў землі палабскіх славян, а ў 933 г. разбіў венгерскае войска і спыніў яго наступ ў глыбіню краіны. Адзінай сталіцы ў Германіі тады не было, і кароль кіраваў дзяржавай з дапамогай свайго двара. Раз на год склікаліся сходы герцагаў, дзе вырашаліся важныя дзяржаўныя справы. Нямецкія каралі не мелі пастаяннага дамена, каралеўскім быў дамен таго князя, якога выбіралі каралём.

У 1024 г. у Германіі адбылася змена дынастыі. Да ўлады прыйшла чарговая, Франконская , дынастыя (1024-1123 гг.). Росквіт Германіі якраз і адбыўся пры першых каралях гэтай дынастыі - Конрадзе ІІ і Генрыху III . Яны праводзілі актыўную знешнюю палітыку. У 1034 г. да імперыі было далучана Бургундскае каралеўства, і была праведзена вайсковая рэформа; з часам узмацніліся гарады. У ХІІ-ХІІІ стст. ішоў працэс германскай каланізацыі на Ўсходзе: немцы захапілі землі палабскіх славян за Эльбаю і на поўдні, у Карынтыі і Штырыі. На былых славянскіх землях і ўзнік горад Берлін, які ўпершыню згадваецца ў 1237 г. На мяжы XII і XIII стст. немцы праніклі і ў Прыбалтыку, дзе заснавалі горад Рыгу. Пры гэтым улада мясцовых герцагаў істотна павялічылася. Яны маглі чаканіць сваю манету, засноўваць гарады і спаганяць падаткі. Практычна яны сталі самастойнымі кіраўнікамі і не былі зацікаўлены ў імператарскай уладзе. Так пачаўся перыяд Вялікага Міжцаравання (1254-1273 гг.), калі не было імператара наогул. Толькі пагроза з боку моцнай Францыі змусіла князёў абраць новага імператара, але цяпер ён ужо не мог перадаваць сваю ўладу ў спадчыну.

5. Англія

Доўгі час у Брытаніі існавала шмат малых каралеўстваў, якія ваявалі паміж сабою. Аднак у 829 г. адзін з саксонскіх каралёў Экбер т здолеў аб'яднаць пад сваёй уладай большую частку вострава. Узнікла новая дзяржава - Англія . У канцы IX ст. амаль палову Англіі заваявала Данія, і сюды перасяліліся дацкія сяляне, якія не прызнавалі ўладу англійскага караля і жылі па сваіх законах. Гэтую тэрыторыю, дзе яны жылі, назвалі Дэнло (ці вобласць дацкага права). Жыхары гэтай зоны ўвесь час нападалі на англічан. Толькі ў сярэдзіне XI ст. англічане здолелі вярнуць сабе гэтыя землі.

Нармандскае заваяванне . У 1066 г. на Англію напаў герцаг Нармандыі, якая знаходзілася на поўначы Францыі, Вільгельм. Яго рыцары-вершнікі ў бітве пры Гастынгсе разбілі пяхоту англійскага караля, і герцаг Нармандыі стаў каралём Англіі. Яго назвалі Вільгельмам Заваёўнікам . Ён адразу забраў сабе сёмую частку ворных земляў краіны, амаль усе лясы і стаў самым моцным феадалам у дзяржаве. Усе насельнікі каралеўства павінны былі скласці яму васальскую прысягу. Потым быў праведзены перапіс насельніцтва, і вольныя сяляне сталі феадальна-залежнымі. Сяляне пачалі ўцякаць у лясы і нападаць на прадстаўнікоў новай улады, найперш на прадстаўнікоў караля ( шэрыфаў ). Простыя людзі іх падтрымлівалі і складалі пра іх гераічныя песні ( балады ). Самым улюбёным героем балад стаў адзін з камандзіраў атрада паўстанцаў Робін Гуд . Заваёўнікі размаўлялі на дыялекце французскай мовы і не разумелі мовы англасаксаў, якой яны пагарджалі. Французская мова ў Англіі фактычна была дзяржаўнай аж да XIV ст. За некалькі стагоддзяў заваёўнікі змяшаліся з мясцовым людам, і прыкладна ў XIV ст. утварылася новая англійская мова , якая - з пэўнымі змяненнямі - існуе і цяпер. У самым пачатку XIV ст. англічане захапілі дзяржаву валійцаў - Уэльс, які пачаў непасрэдна належаць старэйшаму сыну англійскага караля. Таму і цяпер спадкаемца англійскага трона носіць з гонарам тытул "прынца Уэльскага" . Пазней англійскія войскі высадзіліся ў Ірландыі, дзе захапілі невялічкую частку вострава і засялілі яго англійскімі сялянамі. На поўначы Брытаніі існавала незалежнае Шатландскае каралеўства, якое таксама марылі захапіць англічане. У канцы XIII ст. войскі Англіі акупавалі амаль усю шатландскую тэрыторыю, але шатландцы вялі з захопнікамі партызанскую вайну, і тыя мусілі ў 1328 г. прызнаць незалежнасць ІІІатландыі.

Пасля таго як у пачатку XIII ст. французскі кароль захапіў амаль усе землі ў Францыі, што належалі англійскім каралям з роду Плантагенетаў, якія змянілі на троне нармандскую дынастыю, кароль Англіі Джон (Іаан) атрымаў здзеклівую мянушку Беззямельны . Ён аб'явіў вайну Францыі, але выйграць яе не здолеў, што абурала англійскіх феадалаў і гараджан. Яны аб'ядналіся і ўзнялі паўстанне супраць караля. Падчас паўстання ў 1265 г. адбыўся сход прадстаўнікоў паўстанцаў, які атрымаў назву "парламент" . На ім былі абмеркаваныя найважнейшыя справы жыцця краіны, у тым ліку і памеры падаткаў. Кароль мусіў пагадзіцца з існаваннем парламента, каб пазбегнуць новых паўстанняў. Спачатку парламент працаваў на французскай мове, і таму яго назва паходзіць з французскай мовы ("parler" - "гаварыць").

6. Гарады-дзяржавы Італіі

У Сярэднявеччы ніколі не існавала адзінай італьянскай дзяржаны У XI ст. на поўдні Італіі, якая перад гэтым належала Візантыі, нарманы стварылі сваю дзяржаву - Сіцылійскае каралеўства . Сярэдняя частка Італіі ўваходзіла ў Папскую краіну, якая з 962 г. разам з Паўночнай Італіяй уваходзіла ў склад Свяшчэннай Рымскай імперыі. У 1274 г. імперыя прызнала незалежнасць Папскай вобласці (Рым і яго ваколіцы). Рымскі Папа стаў не толькі першаіерархам каталіц кай царквы, але і буйным свецкім феадалам. Гарады Паўночнай Італіі вялі няспынную барацьбу са сваімі сеньёрамі і германскімі імператарамі. У выніку з'явіліся гарады-дзяржавы з рэспубліканскай формай кіравання.

Кожны горад меў прыналежнае да яго наваколле ў выглядзе кола радыусам 10-15 км. Вярхоўная ўлада ў ім належала агульнаму сходу гараджан. Яго рашэнні выконвалі спецыяльныя людзі, якіх абіралі на пэўны тэрмін (звычайна на адзін год). Самымі значнымі з такіх гарадоў сталі Мілан, Фларэнцыя, Венецыя і Генуя . Прычым, Венецыя і Генуя былі вечнымі супернікамі і нават ваявалі паміж сабою.

У канцы XIII ст. на базе гарадоў-камун у паўночнай і сярэдняй частках Італіі існавала каля 70 гарадоў-дзяржаў рэспубліканскага тыпу.

7. Стварэнне саслоўна-прадстаўнічых манархій

У Высокім і асабліваў Познім Сярэднявеччы ў заходнееўрапейскіх дзяржавах складваецца саслоўна-прадстаўнічая манархія, у якой з'яўляецца яшчэ адзін орган кіравання - сход прадстаўнікоў феадальных станаў (саслоўяў), на які павінна была абапірацца каралеўская ўлада. Псршым такім органам стаў англійскі парламент, які меў дзве палаты.

Першая палата ( палата лордаў ) - буйных свецкіх і духоўных феадалаў. Другая палата ( палата грамадаў ці абшчын ) складалася з прадстаўнікоў рыцараў і гараджан. У Францыі існавалі Генеральныя штаты . Яны мелі тры палаты - палату духавенства, палату дваранства і палату гараджан. Пры галасаванні кожная палата мела адзін голас. Прадстаўнічы орган хрысціянскіх каралеўстваў на тэрыторыі Пірэнейскага паўвострава называўся картэсамі .

АСНОЎНЫЯ ТЭРМІНЫ

Аброк - плата сялян за карыстанне зямельнымі надзеламі прадуктамі сваёй гаспадаркі або грашыма.

Алод - зямельны надзел, выдзелены феадалам сялянскай сям'і ў поўнае распараджэнне.

Бенефіцый - зямельнае падараванне караля сваім дружыннікам, а потым рыцарам за пастаянную вайсковую службу.

Бюргер - свабодны жыхар заходнееўрапейскага горада.

Васал - феадал, які атрымліваў феод ад сеньёра.

Генеральныя штаты - орган саслоўнага прадстаўніцтва ў Францыі.

Граф - кіраўнік графства (адміністрацыйнай адзінкі), прызначаны каралём пры ўмове асобнай прысягі. Пасада графа магла перадавацца ў спадчыну.

Дофін - спадкаемца французскага трона.

Дынастыя - каралі, або князі, прадстаўнікі аднаго і таго ж роду, якія змяняюць адзін аднаго на троне паводле права спадчыны.

Картэсы - орган саслоўнага прадстаўніцтва ў каралеўствах Пірэнейскага паўвострава.

Паншчына - адпрацоўка сялянамі пэўнай колькасці дзён на панскіх (феадальных) палях за права карыстання сваім зямельным надзелам.

Парламент - орган саслоўнага прадстаўніцтва ў Англіі.

Саслоўе (стан) - асобная вялікая група насельніцтва ў краіне, якая адрознівалася ад іншых наборам правоў.

Сеньёр - феадал, які даваў феод васалу.

НАЙВАЖНЕЙШЫЯ ПАДЗЕІ

829 г. - аб'яднанне англасаксонскіх дзяржаў ў адзінае каралеўства Англію.

843 г. - падзел імперыі франкаў, пачатак фармавання каралеўстваў Францыі, Германіі, Італіі.

962 г. - стварэнне на германскіх і італьянскіх землях Свяшчэннай Рымскай імперыі.

1066 г. - заваяванне Англіі Вільгельмам Нармандскім.

1265 г. - першы парламент у Англіі.

1302 г. - першыя Генеральныя штаты ў Францыі.

РАЗДЗЕЛ VIII. КРАІНЫ ПАЎНОЧНАЙ I ЦЭНТРАЛЬНАЙ ЕЎРОПЫ ў Х-ХІІІ стст.

1. Гісторыя народаў Скандынавіі.

2. Паўночная імперыя.

3. Палабскія славяне.

4. Узнікненне Польскай дзяржавы.

5. Стварэнне Чэшскага каралеўства.

6. Прыход венграў (мадзьяраў) у Цэнтральную Еўропу.

I. Гісторыя народаў Скандынавіі ў Х-ХІІІ стст.

У X ст. набегі вікінгаў на Заходнюю Еўропу спыніліся, і на тэрыторыі Скандынавіі пачалі ўтварацца нацыянальныя дзяржавы. Аб'яднанне Даніі ў адзінае каралеўства адбылося пры каралі Харальдзе , які ў 960 г. прыняў хрысціянства. У гэты час ствараецца і Нарвежскае каралеўства , якое ў 970 г. пачало вайну з Даніяй. У вайне кароль Нарвегіі загінуў, і Нарвегія на 25 год трапіла пад дацкі кантроль. Аднак у 995 г. адбылося народнае паўстанне, і да ўлады прыйшоў нарвежскі кароль Олаф (995-1000), які праводзіў актыўную хрысціянізацыю краіны. Каля 1000 г. утварылася Швецыя , і тут з'явіліся першыя каталіцкія місіянеры.

2. Паўночная імперыя

Пачатак узмацнення Даніі ў рэгіёне звязаны з каралём Свенам Вілабародым . Ён разам са шведамі каля 1000 г. разбіў нарвежскі флот і падзяліў разам са Швецыяй нарвежскія землі. Найбольш знакаміты яго сын - Канут Вялікі , які спачатку стаў англійскім каралём, а потым адначасова дацкім і нарвежскім. Яго вялізная краіна пачала называцца Паўночнай імперыяй, але пасля смерці Канута ў 1035 г. распалася на асобныя краіны.

Чарговы росквіт Даніі пачынаецца ў другой палове XII ст., калі да ўлады прыйшоў Вальдэмар I Вялікі (1157-1182) і яго сыны: Канут ІV (1182-1202) і Вальдэмар ІІ (1202-1241). Дацкія каралі вядуць войны, каб скончыць са славянскімі нападамі на іх землі. Спачатку былі знішчаны піраты- венды (заходнія славяне), а потым у 1169 г. Вальдэмар I захапіў іх галоўную базу - востраў Руген . У 1184 г. кароль Канут IV знішчыў у марской бітве флот Памераніі. Князь Памераніі прызнаў уладу Даніі. У 1201 г. дацкія войскі захапілі некалькі нямецкіх земляў, у тым ліку княства Гальштэйн з горадам Гамбургам. На прапанову Рымскага Папы Інакенція III датчане правялі крыжовы паход супраць эстаў і ў 1219 г. захапілі паўночную Эстонію з горадам Рэвелем (цяпер Талін ).

Пасля распаду Паўночнай імперыі Нарвегія зноў зрабілася незалежнай. Кароль Магнус III (1093-1103) захапіў Аркнейскія і Гебрыдскія астравы, а таксама востраў Мэн. У краіне канчаткова ўсталявалася хрысціянства, і была ўведзена дзесяціна. У 1174 г. у краіне паўсталі сяляне, якія мелі мянушку "біркенбейнеры" . Паўстанне перайшло ў грамадзянскую вайну паміж сялянамі і прыхільнікамі караля - баглерамі.

Пасля вайны да ўлады прыйшоў кароль Хокан IV (1217-1263), з якім звязваюць росквіт краіны. Ён стварыў каралеўскую канцылярыю. Таксама актыўна дзейнічала Каралеўская рада . У 1262 г. Ісландыя, а потым і Грэнландыя прызналі ўладу караля Нарвегіі. Нарвежцы пачалі каланізацыю Фінляндыі і Кольскага паўвострава.

У другой палове XI ст. Швецыя канчаткова становіцца хрысціянскай краінай. У XII ст. сітуацыя ў краіне вельмі нестабільная, якая паправілася пры каралі Кануце І Эрыксане (1168-1199), які заснаваў горад Стакгольм. Пасля яго смерці зноў пачалася міжусобная барацьба, якая спынілася ў сярэдзіне XIII ст. У Швецыі з'явілася агульнадзяржаўнае заканадаўства, з'явіліся пасады канцлера, казначэя і суддзі. Існавала рада знаці , якую складалі магнаты і кіраўнікі мясцовай царквы. У 1252 г. Стакгольм атрымаў статус горада. Пачынаючы з 1157 г. шведы наладзілі некалькі крыжовых паходаў у Фінляндыю і здолелі спачатку захапіць яе цэнтральную частку (1249-1250 гг.), а пазней і Заходнюю Карэлію (1291-1300 гг.). Ваявалі шведы і з Наўгародскай рэспублікай, але вялікіх поспехаў у гэтым не мелі.

Большую частку насельніцтва Скандынавіі складалі вольныя сяляне, якія трымалі на сваіх плячах амаль усю гаспадарку.

Сяляне таксама мелі адпаведную зброю і ваявалі як пяхота ў апалчэнні. У XIII ст. з'явіліся рыцары і рыцарская конніца, асабліва ў Даніі. У гэты самы час пачалі актыўна будавацца мураваныя замкі, якія кантралявамі каралеўскія намеснікі ( ярлы ).

3. Палабскія славяне

Продкі палабскіх славян у V-VІІ стст. рассяліліся на прасторы ад Эльбы да Одэра, а таксама на тэрыторыі сучаснай заходняй Польшчы. На гэтай тэрыторыі ўтварылася пяць вялікіх славянскіх групаў: сорбская (міжрэчча Эльбы і Зале); абадрыцкая (Заходні Мекленбург і Ўсходні Гальштэйн); вільчанская (Мекленбург) група з некалькіх плямёнаў у раёне ІІІпрэі (Шпрэ) і Гафеля; лужыцкая і одэрская групы (заходнепольскія плямёны). Іх мовы, палабская і памеранская, разам з іншымі складалі вялікую колькасць славянскіх моваў, што не дайшлі да нашых дзён. Апошнія носьбіты палабскай мовы, якія жылі на ніжняй Эльбе, памерлі яшчэ ў сярэдзіне XVIII ст.

Ад памеранскай моўнай групы захавалася толькі мова кашубаў , народа, які цяпер жыве на тэрыторыі Польшчы ў раёне Гданьска і налічвае каля 200 тысяч чалавек.

На тэрыторыі Цэнтральнай Германіі захавалася каля 150 тыс. чалавек, якія гавораць на сорбскай ( сербалужыцкай ) мове.

У ІХ-Х стст. палабскія славяне ўжо былі на стадыі стварэннм сваіх дзяржаў (княстваў). Прадстаўнікоў вайсковай арыстакратыі, якія служылі князю на кані, называлі "віцязямі" . Вольных сялян яны называлі, як і ўсходнія славяне, "смердамі" . У канцы VIII - пачатку ІХ ст. яны будуюць умацаваныя паселішчы або на пагорках, або каля іх. З усходняга боку ўмацаванні мелі высокія земляныя валы з драўлянымі зрубамі. Ніжнія часткі валоў умацоўваліся камянямі. На тэрыторыі ўмацаванага паселішча жылі князі і дружыннікі, а таксама знаходзіліся язычніцкія святыні.

Палабскія славяне, якія жылі на берагах Балтыйскага мора, былі добрымі мараплаўцамі, і, гэтак сама як вікінгі, займаліся разбоем і пірацтвам. Яны нападалі на нямецкія, дацкія і нават шведскія землі. Былі спробы стварыць і свае незалежныя дзяржавы. Так, лідар племені бодрычаў Готшальк (1031-1066) для вайны з немцамі аб'яднаў бодрычаў і люцічаў і стварыў вендскую дзяржаву, дзе пачаў распаўсюджваць хрысціянства і будаваць кляштары. Аднак прыхільнікі язычніцтва паднялі паўстанне і забілі яго.

Падчас другога крыжовага паходу войскі немцаў і датчан напалі на Палаб'е. Герцаг Саксонскі Генрых Леў заваяваў землі бодрычаў. Альбрэхт Мядзведзь знішчыў рэшткі дзяржавы вендаў і на іх тэрыторыі стварыў Брандэнбургскае маркграфства. На месцах знішчаных славянскіх паселішчаў атабарыліся нямецкія каланісты.

Нямецкія біскупы, якія знішчалі храмы і ідалаў заваяваных славян, пакінулі іх апісанні. Таксама захавалася апісанне язычніцкага храма ў паселішчы Аркона на востраве Руген, зробленае ў 1208 г. Нямецкія археолагі ў 1921 г. правялі раскопкі рэшткаў храма. Храм быў прысвечаны богу Святавіту і стаяў на ўмацаваным гарадзішчы ў паўночнай частцы вострава. У плане гэта быў квадрат, плошчай больш за 20 квадратных метраў. Дах абапіраўся на чатыры калоны, а сцены былі зроблены з вертыкальных плітаў і мелі адзіныя дзверы, аздобленыя разным арнаментам. Дах і сцены храма былі афарбаваныя чырвонай фарбай. Сцены ўнутры былі аздобленыя арнаментам і завешаныя тканінамі. Слупы аздаблялі рогі жывёл. У сярэдзіне святыні, на мураваным падмурку, стаяў ідал бога Святавіта. Ён нагадваў чалавека, які трымаў у правай руцэ рог для піцця. Святы рог напаўнялі віном, каб вызначыць ураджай наступнага года. Чым вышэй паднімалася віноў рогу, тым большы павінен быў быць ураджай. На загад дацкага караля Вальдэмара ў 1168 г. храм разбурылі. Да пачатку XIII ст. усе землі палабскіх славян былі заваяваны іх суседзямі.

4. Узнікненне Польскай дзяржавы

У сярэдзіне IX ст. існавала больш за дзесяць польскіх плямёнаў, якія засялялі басейны Віслы і Одэра. Сярод іх былі паляне, гапляне, памаране, мазаўшане, вісляне і ляндзяне . Як і паморскія славяне, у IX ст. яны будуюць умацаваныя паселішчы. У гэты час найбольшага гаспадарчага развіцця дасягнулі вісляне. Але неўзабаве яны спачатку трапілі ў склад Вялікамараўскай дзяржавы, а потым, да канца X ст. былі залежнымі ад Чэхіі.

У гэты час на тэрыторыі Вялікапольшчы актывізавалася племя палян на чале з князямі з дынастыі Пястаў . Паляне пачалі аб'яднанне польскіх плямёнаў у адзіную дзяржаву з адпаведным адміністрацыйным апаратам. Гэтую дзяржаву ўзначаліў князь Мешка 1, які ў 965 г. ажаніўся з чэшскай князёўнай-хрысціянкай Добравай , а ў 966 г. сам прыняў хрысціянства. Гэты год лічаць датай заснавання Польшчы як еўрапейскай хрысціянскай дзяржавы.

Мешка I далучыў да Польшчы спачатку Заходняе Памор'е, а потым, пасля вайны з Чэхіяй - Малапольшчу і Сілезію. Каб выйсці з залежнасці ад германскай імперыі, Мешка пераходзіць пад непасрэдную апеку Рымскага Папы і плаціць яму спецыяльную даніну ("грош св. Пятра"). Яго палітыку грунтоўна прадаўжаў яго сын Баляслаў I Харобры (992-1025). Баляслаў пашырыў тэрыторыю Польшчы і нават часова далучыў да яе Маравію. У 1000 г ён дамогся права мець польскую царкоўную мітраполію, незалежную ад Германіі. У горадзе Гнезне заснавалі арцыбіскупства. У 1025 г. Баляслаў I стаў першым польскім каралём, але неўзабаве памёр.

Аднак сын Баляслава Мешка ІІ не здолеў утрымаць заваёвы бацькі, страціў некаторыя тэрыторыі і ў 1032 г. прыняў васальную прысягу нямецкаму імператару Конраду II ды страціў каралеўскую карону. У 1037-1039 гг. у Польшчы адбылося народнае паўстанне, бо людзі хацелі вярнуцца да язычніцтва. Сітуацыя ў краіне палепшылася, калі яе ўзначаліў Казімір I Адноўца (1038-1054). Ён здолеў вярнуць страчаныя землі, а сталіцу дзяржавы з Гнезна перанёс у горад Кракаў. Яго сын Баляслаў II Смелы пайшоў далей за бацьку і ў 1076 г. вярнуў Польшчы каралеўскую карону, аднак неўзабаве, у 1079 г. яе страціў і мусіў пакінуць краіну. У выніку ваеннага паходу ў 1121-1122 гг. польскія войскі занялі Заходняе Памор'е і захапілі горад Шчэцін . Мясцовы князь прызнаў уладу Польшчы, і Памор'е стала хрысціянскім.

У 1133 г. уладар Польшчы Баляслаў III увёў прынцып сеньярату і падзяліў дзяржаву паміж сваімі сынамі. Вышэйшую ўладу меў старэйшы брат - сеньёр, які ў якасці дамена меў Кракаў і Памор'е. Палітычнае значэнне Польшчы аслабела, і яна ўступіла ў перыяд феадальнай раздробленасці. У 1226 г. князь Конрад I Мазавецкі запрасіў крыжаносцаў для змагання з прусамі, і Польшча надоўга займела моцнага ворага - Тэўтонскі (Нямецкі) ордэн. У 1241 г. на Польшчу напалі мангола-татары, якія захапілі гарады Кракаў, і Сандамір і Ўроцлаў. Іх чарговыя набегі адбыліся ў 1259 і 1287 гг. У пачатку XIV ст. Польшчай кіравалі чэшскія каралі.

5. Стварэнне Чэшскага каралеўства

Да пачатку X ст. землі сённяшніх Чэхіі і Славакіі ўваходзілі склад Вялікай Маравіі. Пасля яе падзення мясцовыя славяне прызналі ўладу племені чэхаў, якія жылі на рацэ Влтаве. Калі верыць паданню, Чэхам звалі іх старадаўняга правадыра. На чале чэхаў сталі князі з роду Пржэмыславічаў. Князь Вацлаў (920-я гады - 935) стаў хрысціянінам і стараўся распаўсюдзіць новую веру сярод супляменнікаў. Ён заснаваў у Празе галоўны храм краіны, сабор св. Віта , і знаходзіўся пад уплывам усходняга хрысціянства, якое прынеслі ў Маравію Кірыл і Мяфодзій. Аднак родны брат, прыхільнік язычнікаў, па-зладзейску забіў князя. Потым Вацлава ў Чэхіі пачалі лічыць нацыянальным святым і заснавальнікам чэшскай дзяржавы. Палітыку Вацлава праводзіў яго наступнік Баляслаў I (935-972). Менавіта пры ім сталіцай стаў горад Прага, які ператварыўся ў буйны гандлёвы цэнтр. У 973 г. у Празе ўзнікае біскупства, і чэхі канчаткон.і прымаюць гэтым разам ужо заходняе хрысціянства. У 982 г. біскупам Прагі становіцца багаты чэх Войцех , які пры хросце прыняў імя Адальберт . Ён закончыў школу місіянераў у Магдэбургу і потым паехаў распаўсюджваць хрысціянства ў Польшчу, а потым у Прусію, дзе быў забіты язычніцкім святаром. Цяпер Войцех - адзін з самых знакамітых святых у Чэхіі і Польшчы. У 1041 г. князь Бржэціслаў І прысягнуў як васал нямецкаму імператару, і Чэхія ўвайшла ў склад нямецкай імперыі. У XI ст. Чэхія далучыла да сябе суседнюю Маравію. У 1085 г. імператар Генрых IV каранаваў чэшскага князя Враціслава II , і Чэхія стала каралеўствам. Чэшскія каралі фармальна прызнавалі ўладу нямецкіх імператараў, але былі амаль цалкам самастойныя і праводзілі незалежную палітыку. У XIII ст. Чэхія зрабілася адной з самых моцных краін Еўропы, якая ў 1241 г. адбіла напад мангола-тататараў. Уладар Чэхіі Пржэмысл II (1253-1278) захапіў Аўстрыю, Штырыю, Карынцію і Крайну і выйшаў да Андрыятычнага мора. У канцы XIII ст. кароль Вацлаў ІІ (1278-1305) захапіў Польшчу і ў 1300 г. стаў польскім каралём.

Суседзі чэхаў славакі да пачатку X ст. уваходзілі ў Вялікую Маравію. У XI ст. за Славакію ішло змаганне паміж Чэхіяй, Польшчай і Венгрыяй. Перамаглі венгры, і Славакія ўвайшла ў склад Венгерскага каралеўства. У 1241-1242 гг. значная частка Славакіі была разбурана нападам мангола-татараў.

6. Прыход венграў (мадзьяраў) у Цэнтральную Еўропу

У канцы IX ст. у Заходняй Еўропе з'явіліся новыя заваёўнікі, мадзьяры (венгры). Гэтыя ваяўнічыя плямёны-жывёлаводы прыйшлі з Паўночнага Урала. Іх былыя суседзі і далёкія сваякі, народы ханты і мансі, там жывуць і цяпер (басейн ракі Обі). Яны прыйшлі на сярэдні Дунай і знішчылі магутную славянскую краіну - Вялікую Маравію. Iх коннае войска рабіла штогадовыя набегі на суседнія народы і нават даходзіла да Атлантычнага акіяна. Але найбольш ад венграў пацярпелі нямецкія землі. Каб абараніцца ад ваяўнічых качэўнікаў, кароль Генрых I на мяжы з венграмі збудаваў шмат невялікіх умацананняўбургаў, дзе былі вайсковыя гарнізоны. Генрых і яго сын Атон I Вялікі стварылі моцнае нямецкае коннае рыцарскае войска і з дапамогай бургаў пачалі паспяхова ваяваць з венграмі. У 955 г. у Баварыі на рэчцы Леху войска венграў было разбіта, і яны спынілі свае крывавыя набегі. Венгры змяшаліся з карэнным насельніцтвам, славянамі, і пачалі таксама займацца земляробствам. Паступова ўзніклі венгерскія магнаты, якія ўступілі ў барацьбу за ўладу ў новай краіне. Адны заставаліся язычнікамі, другія шукалі падтрымкі ў Візантыі, а трэція - у германскіх імператараў. Да ўлады прыйшоў род Арпадаў . Адзін з князёў гэтага роду прыняў ад візантыйцаў усходняе хрысціянства, але каля 995 г. у Венгрыю з Прагі прыехаў біскуп Адальберт-Войцех і паўторна ахрысціў венгерскага князя, ужо ў заходняе хрысціянства, надаўшы яму новае імя - Стэфан (венгерскі варыянт - Іштван ). Каб умацаваць хрысціянства, Стэфан запрасіў з Германіі нямецкіх рыцараў, і яны гвалтам пачалі хрысціць венграў і мясцовых славян. За гэта Папа Сільвестр ІІ даслаў Стэфану каралеўскую карону, і каля 1000 г. Стэфан стаў каралём. Пасля смерці за заслугі перад каталіцызмам яго абвясцілі святым, а цяпер шануюць як нябеснага заступніка Венгрыі.

Галоўнай святыняй венгерскай дзяржавы стала карона Св. Стэфана , якая складаецца з двух вянцоў: адзін, заходні - ад Папы Сільвестра II, а другі, усходні - ад імператара Візантыі. Карона зрабілася самастойным аб'ектам шанавання феадальнай Венгрыі, мела свой прыдворны штат, свае палацы і землі, і яе ахоўвала ганаровая варта. Усе прэтэндэнты на каралеўскі пасад хацелі ёю авалодаць. Шмат разоў карону выкрадалі і хавалі, нават вывозілі з краіны, але яна зноў знаходзілася і вярталася на радзіму.

У канцы XI ст., калі ўплыў Германіі на Венгрыю зменшыўся, адзін з венгерскіх феадалаў, які не любіў немцаў, захапіў уладу ў краіне, папрасіў новую карону ад візантыйскага імператара і атрымаў яе Таму і складаецца каралеўская карона Венгрыі з двух злучаных паміж сабою вянцоў. У канцы XII ст. у Венгрыі канчаткова перамог каталіцкі ўплыў. Кароль Стэфан падзяліў сваю краіну на 45 каралеўскіх акругаў - камітатаў, якімі кіравалі графы ( ішпаны ) Ён ажаніўся з баварскай прынцэсай, і ў Венгрыю, асабліва ў гарады, пачалі перасяляцца нямецкія каланісты. У сярэдзіне XII ст. колькасць камітатаў павялічылася да 70. Пры венгерскім каралі існавала Каралеўская рада і была пасада каралеўскага намесніка. Кіраўнік венгерскай царквы з XIII ст. займаў пасаду каралеўскага канцлера. Пасля смерці першага караля ў Венгрыі з 1039 па 1070 г. змянілася 7 каралёў. У канцы XI - пачатку XII стст. венгры далучылі да свайго каралеўства славянскія землі - Славенію, Харватыю і Славонію, а пазней і Далмацыю. У 1136 г. кароль Бэла II Сляпы аб'явіў сябе каралём Босніі. Таксама венгры ў ХІ-ХІІ стст. вялі войны з усходнімі славянамі за Галіцыю.

Пры каралі Андрашы II (1205-1235) узмацнілася ўлада венгерскіх магнатаў. У 1222 г. прывілеі венгерскай шляхты былі замацаваны каралеўскай "Залатой булай". З 1235 па 1270 г. Венгрыяй кіраваў кароль Бэла IV . 11 красавіка 1241 г. у бітве каля в. Мохі на поўначы Венгрыі войскі караля былі разбітыя ордамі хана Батыя, а сам кароль уцёк у Далмацыю. Аднак летам 1242 г. мангола-татары пакінулі Венгрыю і вярнуліся на Волгу, дзе заснавалі сваю дзяржаву. Бэла IV пачаў будаваць мураваныя замкі і ўмацаваныя гарады, дзе жыло шмат немцаў.

АСНОЎНЫЯ ТЭРМІНЫ

Варагі - славянская назва жыхароў Скандынавіі.

" Варажскае мора" - Балтыйскае мора.

Вікінгі - саманазва скандынаўскіх германскіх плямёнаў данаў і свіёнаў.

Вінланд - "краіна дзікага вінаграду" - усходняе ўзбярэжжа Паўночнай Амерыкі, адкрытае вікінгамі.

Хутары - асобна размешчаныя на значнай адлегласці адна ад адной сялянскія гаспадаркі.

Шлях "з варагаў у грэкі" - тэрмін, якім у "Аповесці мінулых гадоў" названы гандлёвы шлях па рэках ад Балтыйскага да Чорнага мора.

НАЙВАЖНЕЙШЫЯ ПАДЗЕІ

872 - 900 гг. - аб'яднанне нарвежскіх зямель.

874 г. - пачатак каланізацыі Ісландыі.

972 г. - разгром нямецкіх нападнікаў польскім князем Мешкам І.

983 г. - агульнае паўстанне палабскіх славян.

980-я гг. - адкрыццё Грэнландыі і астравоў Паўночнай Амерыкі нарвежцамі і ісландцамі.

Каля 1000 г. - аб'яднанне Швецыі.

1017-1035 гг. - уладаранне Канута Вялікам, караля Англіі, Даніі і Нарвегіі.

1025 г. - каранаванне кіраўніка Польшчы Баляслава І Харобрага.

1061-1091 гг. - адваяванне Сіцыліі ў арабаў нарманамі.

1130 г. - утварэнне Сіцылійскага каралеўства.

1241-1242 гг. - напад манголаў на Польшчу і Венгрыю.

РАЗДЗЕЛ IX. ВІЗАНТЫЯ I ПАЎДНЁВЫЯ СЛАВЯНЕ Ў Х-ХІІІ стст.

1. Візантыя ў Х - XIII стст.

2. Першае Балгарскае царства: працяг гісторыі.

3. Другое Балгарсхас царства.

4. Утварэнне Сербскай дзяржавы.

1. Візантыя ў Х-ХІІІ стст.

У першай палове X ст. Візантыя была ў цяжкім становішчы. У 902 г. арабы канчаткова захапілі Сіцылію. Апорнай базай арабскіх піратаў стаў востраў Крыт. У 911 г. яны напалі на горад Салонікі і істотна пашкодзілі яго. Толькі ў 961 г. візантыйскія войскі вярнулі Крыт у склад імперыі. Яшчэ адной праблемай былі напады славян, як паўднёвых так і ўсходніх. Войскі кіеўскага князя Ігара двойчы падыходзілі да муроў візантыйскай сталіцы. Аднак у 957 г. удава Ігара княгіня Вольга прыняла хрысціянства, і ў Кіеў прыехалі місіянеры з Візантыі.

У 963 г. імператарам стаў Нікіфар II Фока . Ён абмежаваў уласнасць праваслаўнай царквы, забараніў стваварэнне новых манастыроў і пачаў вайсковую рэформу. Было створана цяжкаўзброенае войска з вялікай колькасцю вершнікаў. Новал армія разбіла арабаў і вярнула Візантыі Кілікію, Кіпр і паўночную Сірыю. Наступны імператар Іаан Цымісхій працягваў палітыку папярэдніка. Ён захапіў паўночную Балгарыю, усю Сірыю і Палесціну.

Далсйшы росквіт імперыі звязаны з імператарам Васіліем II , які пасля заваявання Балгарыі атрымаў прозвішча Балгарабойца . Ён максімальна пашырыў межы сваёй імперыі і кіраваў ёю з 976 па 1025 гг. Акрамя Балгарыі, былі далучаны Грузія і часткова Арменія, а Ссрбія і Харватыя сталі васаламі Візантыі. Пасля яго смерці, а дзяцей у Васілія II не было, Візантыя страціла былую сілу. У 1051 г. яна канчаткова пасварылася з папскім Рымам, а ў 1071 г. страціла апошні італьянскі горад - Бары , які захапілі нарманы. У гэтым жа годзе армію імперыі разбілі войскі новага ворага - туркаў-сельджукаў, якія ў выніку захапілі значную частку Малой Азіі. Сітуацыя змянілася да лепшага пасля прыходу да ўлады вышэйзгаданага Аляксея I Комніна.

Эпоха Комнінаў (1081-1180 гг.). Імператар Аляксей I разбіў у 1091 г. армію печанегаў і знайшоў сабе саюзніка ў Заходняй Еўропе - Веніцыянскую рэспубліку. Венецыянскія купцы атрымалі значныя прывілеі на тэрыторыі імперыі. Імператар прыхільна паставіўся да крыжаносцаў, якія пачалі крыжовыя паходы ў Азію, і з іх дапамогай у 1097 г. вярнуў Нікею. Яго пераемнікі - сын Іаан II і ўнук Мануіл І - паспяхова прадаўжалі палітыку ўмацавання Візантыі. Пад кантроль імперыі перайшлі Сербія і Венгрыя (1164 г.). Каб аслабіць уплыў Венецыі, візантыйцы падпісалі гандлёвыя дамовы з Генуяй (1169 г.) і Пізай (1170 г.). У 1171 г. у Канстанцінопалі ўспыхнула народнае паўстанне супраць венецыянцаў, а іх маёмасць канфіскавалі.

Аднак пасля смерці Мануіла I Візантыя значна аслабела. Яна страціла ўплыў на Сербію і Венгрыю, зноў стала незалежнай Балгарыя, і ад дзяржавы аддзяліўся Кіпр, які абвясціў незалежнасць, а потым быў захоплены англійскім каралём.

Таксама новыя візантыйскія імператары вярнулі Венецыі былыя прывілеі і канчаткова аслабілі свой айчынны гандаль. На аслабелую імперыю нечакана напалі крыжаносцы і ў красавіку 1204 г. захапілі яе сталіцу. На кавалках былой дзяржавы ўзніклі Лацінская імперыя і незалежныя грэцкія дзяржавы: Нікейская імперыя, Трапезундская імперыя і Эпірская дзяржава .

Лацінская імперыя (Раманія) . Першы лацінскі імператар Балдуін І (былы граф Фландрыі) захапіў чацвёртую частку былых зямель Візантыі. Акрамя Канстанцінопаля яму на васальных умовах належалі Фракія, Салонікі, Афіны і Марэя. Яго ўладу абмяжоўвала рада з уплывовых магнатаў і прадстаўнікоў Венецыі. Аднак новая дзяржава не была моцнай. У 1205 г. крыжаносцаў разбіла балгарскае войска, а ў 1225 г. іх перамагла армія Нікейскай імперыі.

У 1235 - 1236 гг. нікейцы разам з балгарамі захапілі большую частку Фракіі, а 25 ліпеня 1261 г. нікейская армія заняла практычна без бою Канстанцінопаль. Апошні кіраўнік Лацінскай імперыі БалдуінІІ уцёк у Італію, а венецыянцы зноў страцілі ўсю сваю маёмасць. У жніўні 1261 г. Міхаіл VIII Палеолаг каранаваўся і аднавіў Візантыю юрыдычна. Аднак яго ўладу не прызналі Эпір, Фесалія і Трапезунд.

Візантыя ў другой палове XIII ст. Імператар Міхаіл VIII (1261- 1282), каб адрадзіць эканоміку, даў прывілеі італьянскім купцам. Каля сталіцы ў Галаце заснавалі генуэзскую гандлёвую калонію. Каб прадухіліць чарговы напад крыжаносцаў, Міхаіл VIII прапанаваў падпарадкаваць канстанцінопальскую царкву Рыму. На Ліёнскім саборы ў 1274 г. візантыйская дэлегацыя ад імя свайго імператара выказала сваю падпарадкаванасць Папу Рыгору X. Гэта выклікала вялікае абурэнне жыхароў Візантыі. У 1281 г. на Візантыю напалі войскі Карла Анжуйскага , але візантыйцы здолелі спыніць іх і на сушы, і на моры. У 1282 г. на Сіцыліі, якой кіраваў Карл Анжуйскі, адбылося паўстанне, і востраў захапілі войскі пірэнейскага каралеўства Арагона . Неўзабаве Міхаіл VIII памёр, а падданыя назвалі яго ерэтыком і здраднікам.

Сістэма кіравання і сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны ў Х - ХІІІ стст. УХ ст. улада імператара дасягнула найбольшай моцы. Сінкліт (дарадчая рада) з чыноўнікаў і знаці меў толькі дарадчую функцыю, а патрыярхі былі імператарскімі стаўленікамі. Дзяржавай кіраваў велізарны бюракратычны апарат, што складаўся з 18 класаў і 5 разрадаў. Кожны чыноўнік мог рабіць кар'еру і падымацца ўверх па бюракратычнай лесвіцы. Таксама можна было купляць і пажыццёвыя тытулы і потым мець з іх штогадовы прыбытак.

Вялікі бюракратычны апарат патрабаваў шмат грошай, і таму ўсіх сялян і рамеснікаў абклалі вялікімі падаткамі. Асаблівы падатак спаганялі на карысць царквы. У гарадах падаткам абкладалі нерухомую маёмасць, спаганялі гандлёвыя зборы з рамеснікаў і гандляроў, а таксама асобныя зборы з кожнай гандлёвай аперацыі.

У XII ст. назіраецца росквіт земляробства. У гарады Паўночнай Італіі з Візантыі завозяць збожжа, віно, алей, садавіну і гародніму.

У Х-ХІ стст. склаліся асноўныя катэгорыі насельніцтва. Сяляне падзяліліся на містыі і парыкі . Першыя былі наёмнымі работнікамі і сваёй зямлі не мелі. Другія мелі свой зямельны надзел, які можна было перадаваць у спадчыну, але зямля была ўласнасцю феадала, і селянін павінен быў плаціць яму за карыстанне гэтай зямлёй. Былі і дзяржаўныя парыкі, якія забяспечвалі харчаваннем імператарскі двор. Заставалася невялікая колькасць вольных сялян, якія жылі грамадою. Частка бедных сялян уцякала ад феадалаў у манастыры, якіх у пачатку XV ст. было каля сямі тысяч.

Клас феадалаў складалі конныя вершнікі - аснова візантыйскага войска. Візантыйскія магнаты вельмі залежалі ад імператара, і іх уласная маёмасць была не вельмі вялікай, а асноўны прыбытак ішоў за службу з дзяржаўнай казны.

Культура Візантыі ў Х-ХІІІ стст. У Х-ХІ стст. Візантыя заставалася марской дзяржавай, якая, дзякуючы "грэцкаму агню" і скосаму ветразю, мела вялікі ваенны і гандлёвы флот і таму займала пануючае становішча ў басейне Міжмор'я. Візантыйская залатая манета мела функцыі міжнароднай валюты на ўсіх рынках ад Еўфрата да Гібралтара. Канстанцінопаль да канца XII ст. заставаўся цэнтрам праваслаўя і захавальнікам антычнай культуры. Шматлікія рамеснікі выраблялі тут прадметы раскошы, якія шырока расходзіліся па ўсёй Еўропе. Расквітнелі і іншыя гарады, асабліва Салонікі і Трапезунд, якія праводзілі вялікія кірмашы. Аднак, пачынаючы з другой паловы XII ст., эканоміка візантыйскіх гарадоў прыходзіць да заняпаду.

Вельмі высокага ўзроўню ў Візантыі дасягнула літаратура. У Х ст. былі складзены энцыклапедыі па гісторыі, сельскай гаспадарцы і медыцыне. Вялікую папулярнасць набылі трактаты імператара Канстанціна Парфірагенета (913-959). У X ст. быў напісаны слоўнік "Лексікон Суды" , дзе быў сабраны розны матэрыял па гісторыі, літаратуры, граматыцы і філасофіі. У XI ст. у Канстанцінопалі адрадзіўся ўніверсітэт, дзе каля 1045 г. быў створаны юрыдычны факультэт. Вельмі вядомым быў і філасофскі факультэт, дзе вывучалі працы антычных аўтараў, логіку і рыторыку. Універсітэт існаваў да 1209 г. і быў адным з самых вядомых навуковых цэнтраў тагачаснага свету, разам з Парыжам і Багдадам. Існаваў універсітэт за дзяржаўны кошт і меў моцны дзяржаўны кантроль. На мяжы XI-XII стст. вышэйшыя школы з'яўлюцца і ў іншых гарадах краіны, напрыклад, у Салоніках.

Вельмі цікавую працу пра жыццё і дзейнасць імператара Аляксея I Комніна напісала яго дачка Ганна, якую яна назвала "Алексіяда" , на ўзор "Іліяды" Гамера. Цікавы гістарычны твор "Гісторыя рамеяў" , у якім апісаны захоп крыжаносцамі сталіцы імперыі ў 1204 г., напісаў гісторык Нікіта Акамінат з Хонаў.

У царкоўнай архітэктуры, замест базілікі, візантыйскія дойліды распрацавалі дасканалую мадэль крыжова-купальнага храма, які быў аздоблены мазаікамі са смальты і прыгожымі фрэскамі. Палацы магнатаў і багатых гараджан будаваліся па ўсёй імперыі. Іх будавалі з чэсанага каменю і аздаблялі калонамі і мазаікай. Да ХІІІ ст. візантыйскае дойлідства было адным з самых дасканалых у тагачасным свеце і вельмі паўплывала на архітэктуру Балгарыі, Сербіі, Кіеўскай Русі і, вядома, Беларусі.

У Х-ХІІ стст. расквітнела дэкаратыўна-ўжытковае мастацтва Візантыі. Гэта візантыйскія тарэўтыка-мастацкія вырабы з золата, срэбра, бронзы і іншых металаў. Сярод іх шмат культавых рэчаў, розны срэбны і залаты посуд. Рамеснікі Візантыі выраблялі прыгожы керамічны паліваны посуд, аздоблены рознымі малюнкамі. За межамі краіны добра ведалі і візантыйскае шкло: лямпы, лампады, свецкі і царкоўны посуд, розныя пацеркі і бранзалеты. Вырабы з візантыйскага шкла археолагі Беларусі знаходзяць пры раскопках курганоў і гарадскіх паселішчаў.

Візантыйскія ткачы выраблялі розныя шаўковыя, ваўняныя і парчовыя тканіны, а таксама золататканыя тканіны, з якіх шылі адзенне для імператарскага двара і вышэйшага духавенства.

У XI-XII стст. візантыйскае мастацтва шырока вядома і ў Італіі, асабліва на востраве Сіцылія, дзе спалучаецца антычнае, візантыйскае, арабскае і нармандскае мастацтва. Так, храмы ў Палерма маюць рысы трох культур: візантыйскай, раманскай і арабскай Асабліва гэта праявілася ў архітэктуры царквы св. Іаана (1132 г.), Візантыйскі ўплыў можна прасачыць сярод мазаік і фрэсак галоўнага храма Венецыі - сабора Сан-Марка , а таксама мазаік апсіды сабора ў Трыесце і сабора ў Тарчэла .

2. Першае Балгарскае царства: працяг гісторыі

Да X ст. завяршылася асіміляцыя цюркамоўных балгараў славянамі, якія пакінулі сабе назву асіміляванага народа. У ІХ-Х стст. назіраецца росквіт першай балгарскай дзяржавы, якая, акрамя тэрыторыі сённяшняй Балгарыі, часткова займала частку Румыніі і Венгрыі. Найбольш умацавалася балгарская дзяржава пры цары Сімяоне Вялікім (893-927). Яго войскі захапілі Македонію і хадзілі на Канстанцінопаль. Сталіцай краіны спачатку быў горад Пліска , а потым Прэслаў .

У гэтым горадзе стварыўся буйны культурны цэнтр паўднёвага славянства, дзе перакладаліся на стараславянскую мову грэцкія кнігі і пісаліся новыя. Да пачатку XI ст. у Балгарыі сфармаваліся два асноўныя грамадскія станы. Гэта - феадалы, якія валодалі зямлёй, і залежныя ад іх парыкі. Але большасць насельніцтва складалася з вольных сялян і гараджан. Існаваў вялікі фонд дзяржаўных земляў, якія кіраўнікі краіны раздавалі за службу феадалам- балярам . У краіне па-ранейшаму пераважала дробнае сялянскае землеўладанне. Актыўна развівалася агародніцтва, вінаградарства, ільнаводства і жывёлагадоўля. Галоўнай цяглавай жывёлай у гаспадарцы быў буйвал. Балгарскія рамеснікі займаліся апрацоўкай жалеза, ганчарствам і рознымі будаўнічымі рамёствамі (вытворчасцю цэглы і апрацоўкай каменю). Актыўна развіваўся гандаль, асабліва з Венгрыяй, Чэхіяй і Кіеўскай Руссю.

Аднак у другой палове X ст. у выніку феадальнай раздробленасці і сялянскіх паўстанняў краіна пачала страчваць былую сілу і славу. Гэтым скарысталіся імператары Візантыі, якія пачалі заваяванне Балгарыі. У 1014 г. у вырашальнай бітве каля гары Беласіцы армія Балгарыі была цалкам разбітая, і ў палон трапіла больш за 14 тысяч балгараў. На загад імператара Візантыі Васілія II іх амаль усіх асляпілі, пакінуўшы на кожныя 100 чалавек, аднаго аднавокага правадыра і адпусцілі, каб напалохаць іншых. У 1018 г. візантыйцы захапілі ўсю тэрыторыю Балгарыі і ўключылі яе ў сваю імперыю.

3. Другое Балгарскае царства

Вольналюбны балгарскі народ не раз уздымаў паўстанні супраць захопнікаў. Самае вялікае паўстанне пачалося ў 1185 г. у горадзе Тырнаве і ахапіла значную частку краіны. Паўстанцаў узначалілі двое баляраў - браты Асень і Пётр . У 1187 г. паўстанцы перамаглі, і Балгарыя зноў зрабілася незалежнай. Сталіцай краіны стала Тырнава, а царом - вышэйзгаданы Асень ( Іван Асень I ). Другое Балгарскае царства існавала з 1187 па 1396 гг. Пры цары існавала балярская рада, а мясцовую праваслаўную царкву ўзначальваў незалежны ад Візантыі патрыярх. Візантыйскую знаць замянілі мясцовыя феадалы, якія падзяліліся на "вялікіх" і "малых" баляраў, і ўсе яны падпарадкоўваліся цэнтральнай царскай уладзе. Павялічылася колькасць залежных сялян, але да XV ст. існавала яшчэ значная колькасць вольных сялян, якія плацілі падаткі непасрэдна ў царскую казну. Былі і прыгонныя сяляне: халопы, пастухі і іншыя. Раслі балгарскія гарады, якія залежалі ад буйных феадалаў. У краіне склаўся моцны бюракратычны апарат (намеснікі цара ў правінцыях, кіраўнікі гарадоў, чыноўнікі, старасты ў вёсках і гэтак далей). Уплывовую сілу складала і балгарскае духавенства. Актыўна развіваўся гандаль. Балгарскія купцы гандлявалі збожжам, мясам, воўнай, скурамі, мёдам, воскам і абуткам, а таксама ганчарнымі вырабамі. Найбольшы росквіт краіны назіраецца пры цары Іване Асені ІІ (1218-1241). Яго войскі захапілі Македонію, Фракію і Паўночную Грэцыю, а таксама Албанію.

Істотную шкоду Балгарыі нанеслі мангола-татары ў сярэдзіне XIII ст. У 1227-1280 гг. адбылося сялянскае паўстанне супраць татараў, і незалежнасць Балгарыі аднавілася. У канцы XIII ст. балгары нават захапілі Бялград.

4. Утварэнне Сербскай дзяржавы

Першая сербская дзяржава ўзнікла пры князі Ўладзіміры (836 - 843). У другой палове IX ст. сербы прымаюць ўсходняе хрысціянства, дзякуючы місіянерскай дзейнасці Кірыла і Мяфодзія. Аднак пазней сербы на доўгі час трапілі ў залежнасць ад Візантыі і прызнавалі яе ўладу. Паўторна сербская дзяржава адрадзілася пры князі Стэфане Нямане (1168-1196). Сербія вызвалілася ад візантыйскага прыгнёту і ў 1217 г. стала каралеўствам. Брат караля Сава стаў архіепіскапам на чале самастойнай праваслаўнай царквы са службай на стараславянскай мове. Сербія атрымала выхад да мора, і ў яе склад з 1186 і на правах вольнага горада ўвайшоў марскі порт Котар . Унікальным помнікам сербскай архітэктуры з'яўляецца манастыр у Студзёніцы , каля горада Кралева ў паўднёвай частцы краіны. Ён быў заснаваны ў 1183 г. князем Стэфанам Няманем, а потым дабудоўваўся яго сынамі. Манастыр стаў някропалем дынастыі Няманічаў і шмат стагоддзяў быў нацыянальнай святыняй Сербіі. Самы галоўны храм манастыра - мураваная царква Успення Багародзіцы (1183 - 1196 гг.). У архітэктуры храма спалучаюцца візантыйскія і раманскія традыцыі, а інтэр'ер аздабляюць фрэскі, напісаныя ў 1209 г. Росквіт Сербіі прыпадае на XIV ст.

АСНОЎНЫЯ ТЭРМІНЫ

Мазаіка - від жывапісу з выкарыстаннем каляровых камянёў, смальты, эмаляў і інш.

Парыкі - балгарскія і візантыйскія залежныя сяляне - трымальнікі чужой (панскай ці дзяржаўнай) зямлі, за якую выконвалі розныя павіннасці.

Туркі - сельджукі - качавы народ, які ў XI ст. стварыў у Малой Азіі і Туркменістане вялікую дзяржаву.

НАЙВАЖНЕЙШЫЯ ПАДЗЕІ

1014 г. - разгром балгарскай арміі візантыйскім імператарам Васіліем II.

1018 г. - заваяванне Візантыяй Першага Балгарскага царства.

1185 - 1187 гг. - паўстанне балгараў супраць Візантыі.

1187 г. - утварэнне Другога Балгарскага царства.

60-я гады XII ст. - стварэнне Сербскай дзяржавы.

1261 г. - аднаўленне Візантыйскай імперыі.

РАЗДЗЕЛ X. КІЕЎСКАЯ РУСЬ I ЎСХОДНЕСЛАВЯНСКІЯ КНЯСТВЫ X - ПАЧАТКУ XIII СТСТ.

1. Кіеўская Русь у Х-ХІ стст.

2. Першая бепаруская дзяржава - Полацкая зямля.

3. Смаленская зямля.

4. Чарнігаўская зямля.

5 Турава - Пінская зямля.

6. Галіцка - Валынская зямля.

7. Узнікненне Наўгародскай рэспублікі.

1. Кіеўская Русь у Х-ХІ стст.

Паходы Алега. Першы князь Кіеўскай Русі, захапіўшы ўладу, пачаў назынаць сябе "вялікім князем". У 907 г. Алег, сабраўшы вялікае войска (каля 80 тысяч) з розных славянскіх і фінскіх плямёнаў, пайшоў на Канстанцінопаль, які славяне называлі Царградам . Візантыя, каб заключыць мір, мусіла заплаціць вялікую кантрыбуцыю - па 12 грыўнаў на кожнага ваяра, а таксама даніну князям-васалам Алега. Наступная дамова была заключана ў 911 г., і кіеўскія купцы займелі права гандлю ў Візантыі.

Другі паход Алега быў накіраваны на Усход. У 909-910 гг. кіеўскае войска на 500 караблях паднялося ўверх па Доне, потым праз волак трапіла спачатку ў Волгу, а потым і ў Каспійскае мора. З нарабаваным дабром захопнікі вярталіся ў Кіеў, але па дарозе на іх напалі хазары і разбілі войскі Кіева.

Князь, Ігар і княгіня Вольга . Пасля смерці Алега вялікім князем стаў Ігар (912-945). У гэты час супраць улады Кіева паўсталі драўляне, і Ігар, перамогшы іх, абклаў утрая большай данінай. Потым тры гады Ігар ваяваў з племенем улічаў , разбіў іх і захапіў іх сталіцу, горад Перасечэнь . У 941 г. войска Ігара напала на Візантыю, але візантыйскі флот дзякуючы "грэцкаму агню" спаліў большасць славянскіх караблёў. У 944 г. паход на Візантыю паўтарыўся, і была заключана новая дамова. Кіеў пагадзіўся не пускаць балгараў у Крым, дзе былі візантыйскія калоніі, і не нападаць на іх. У 943 г. кіеўскія войскі зноў напалі на берагі Каспійскага мора. Яны захапілі горад Дэрбент і некаторыя іншыя гарады. Паколькі Ігар абклаў вялікай данінай драўлянаў, яны ў 945 г. паднялі паўстанне і забілі яго. Жонка Ігара, Вольга, пачала кіраваць дзяржавай і жорстка здушыла паўстанне, пры гэтым уся драўлянская знаць была забітая. Пазней Вольга наведала з візітам Канстанцінопаль і мела асабістую сустрэчу з імператарам Канстанцінам Багранародным. У 959 г. пасольства Вольгі было накіравана да германскага імператара Атона. У 961 г. у Кіеў у адказ прыехала нямецкая дэлегацыя місіянераў на чале з біскупам Адальбертам, якія хацелі ахрысціць жыхароў Кіеўскай Русі ў заходняе хрысціянства. Але Вольга прыняла ўсходняе хрысціянства, бо саюз з Візантыяй для яе быў больш важны.

Княжанне Святаслава. У 965 г. кіеўскім князем стаў сын Ігара і Вольгі Святаслаў, які ў 964 г. прымусіў племя вяцічаў плаціць нму даніну. Паколькі раней вяцічы плацілі даніну хазарам, у 965 г. войскі кіеўскага князя напалі на Хазарскую дзяржаву. Яны спачатку захапілі горад Саркел і на гэтым месцы паставілі сваю цвердзь, Белую Вежу , потым захапілі і горад Тмутаракань на Тамані. У 968 г. на Кіеў напалі печанегі, але захапіць яго не здолелі. У 969 г. войскі Святаслава захапілі і знішчылі галоўныя хазарскія гарады Самандар і Іціль. Хазарская дзяржава, якая стрымлівала орды качэўнікаў, была знішчана. Пад сценамі Кіева апынуліся печанегі, якія перарэзалі гандлёвыя шляхі на арабскі Ўсход. Яны не раз рабілі засады і на дняпроўскім шляху ў Візантыю. У 967 г. імператар Візантыі прапанаваў Святаславу напасці на Балгарыю, моцнага ворага імперыі.

У 968 г. вялікае войска Кіева ўварвалася ў Балгарыю, разбіла войскі балгараў і захапіла шмат гарадоў. Святаслаў зрабіў сваёй базай горад Пераяславец на Дунаі і нават хацеў перанесці ў гэты горад сталіцу з Кіева. У гэты час вялікае войска печанегаў аблажыла Кіеў, дзе заставалася княгіня Вольга з малой дружынай, але захапіць яго не здолела. У 969 г. Святаслаў уступіў у саюз з балгарамі супраць Візантыі. Аб'яднанае войска разбіла атрады візантыйцаў і захапіла Македонію і, часткова, Фракію. У 971 г. новае войска Візантыі разам з балгарскім царом Барысам II напала на армію Святаслава, які мусіў падпісаць з Візантыяй дамову аб міры. Святаслаў пачаў вяртацца з войскам на радзіму, але па дарозе, вясной 972 г., яго забілі печанегі.

Першыя міжусобіцы. Яраполк і Уладзімір. Кіеўскі пасад заняў старэйшы сын Святаслава, князь Яраполк (973-980). Меншыя сыны Святаслава з гэтым не пагадзіліся і пачалі вайну з Яраполкам. У гэтай барацьбе перамог ноўгарадскі князь Уладзімір, які з наёмнай варажскай дружынай захапіў Полацкую дзяржаву, што да таго часу не ўваходзіла у Кіеўскую Русь, гвалтам узяў за жонку беларускую князёўну Рагнеду , а потым захапіў Кіеў і забіў Яраполка. Яго ўлада доўжылася і 980 па 1015 г. Спачатку новы князь у 981 г. абклаў данінай вяцічаў, у 983 г. - яцвягаў, а ў 984 г. - радзімічаў. Такім чынам, у канцы X ст. беларускія землі часова трапілі ў склад Кіеўскай дзяржавы. У 988 г. была зроблена адміністрацыйная рэформа. Былі ліквідаваны мясцовыя "племянныя" княжанні, дзяржаву падзялілі на вобласці вакол вялікіх гарадоў. Замест мясцовых князёў у самыя вялікія гарады Уладзімір прызначыў сваіх сыноў, а ў меншыя гарады - сваіх пасаднікаў. На межах краіны кіеўскі князь пачаў будаваць новыя гарады і цвердзі. Фактычна, уся ўлада ў краіне апынулася ў руках аднаго княжацкага роду.

Уладзімір пачаў і рэформы ў галіне ідэалогіі. Афіцыйнай рэлігіяй Кіеўскай Русі напачатку было язычніцтва. Кожнае племя мела сваіх мясцовых багоў, а агульнага пантэону для ўсёй краіны не было. Уладзімір вырашыў з гэтым разабрацца.

У Кіеве на пагорку каля свайго палаца князь зрабіў капішча і рознымі выявамі багоў, на чале з Перуном, богам маланкі і грому. Аднак неўзабаве, у 988 г. Уладзімір вырашае прыняць хрысціянства ўсходняга абраду, запазычыўшы яго ў Візантыі. Усе ідалы былі скінутыя, а на іх месцы пачалі будаваць спачатку драўляныя, а потым і мураваныя храмы. У 989-996 гг. у Кіеве была пабудавана першая мураваная царква "Дзесяцінная" . Яе пабудавалі візантыйскпі дойліды.

Кіеўскае дойлідства. Грэцкія дойліды былі знакамітымі ва ўсім хрысціянскім свеце. Яны прынеслі на Русь ужо распрацаваную сістэму крыжова-купальнага храма. Такі храм змяніў уяўленне аб сусвеце, які раней успрымаўся ў даволі абстрактных структурах - кола, сіметрыя, дрэва жыцця і г. д., стаўшы яго сімвалічным цэн трам, які ўвасабляўся ў алтары. Адпаведна з гэтым "размяркоўваліся" ўсе часткі храма. Ніжняя суадносілася з Зямлёю, верхняя прастора з Небам, Неба падзялялася на "ніжняе" і "верхняе".

Новае светаўспрыманне прынесла гістарычнае ўсведамленне часу. Вядома, гэта адбілася і ў архітэктуры. Чатыры фасады храма маюць свой пачатак, сярэдзіну і канец. Адпаведна літургіі, кірунак іх развіваўся з захаду на ўсход. Заходняя частка (нартэкс) абазначала зямлю, цэнтральная (карабель, або неф) бачнае неба, усходняя (алтар) - трон бога. Складаная сімволіка абумовіла такі ж складаны архітэктурны вобраз Дзесяціннай царквы: разгалінаваная трохнефавая частка, кругавыя галерэі, шматлікія галовы з купаламі.

У першай палове XI ст. пры сыне Уладзіміра Яраславе быў пабудаваны галоўны храм Кіеўскай Русі - Сафійскі сабор , які павінен быў увасабляць моц і веліч дзяржавы, стаць не толькі культавым, але і культурна-палітычным цэнтрам Кіева. Але пасля смерці Яраслава адзінства і магутнасць дзяржавы пахіснулася.

Разам з уздымам эканамічнага і культурнага жыцця ў асобных княствах, далёкіх ад Кіева, пачалося мураванае будаўніцтва.

Першыя мураваныя храмы, падобныя да Кіеўскай Сафіі, якія таксама атрымалі назву "Сафія", былі пабудаваны ў Ноўгарадзе і Полацку ў сярэдзіне XI ст. Гэтым ноўгарадцы і палачане хацелі падкрэсліць сваю незалежнасць ад Кіева, даказаць, што іх гарады не горшыя.

Цяжкасці хрысціянізацыі ўсходніх славян. Аднак хрысціянства сярод усходніх славян і суседскіх балцкіх і фіна-ўгорскіх народаў, асабліва на вёсцы, распаўсюджвалася вельмі павольна. Аб гэтым сведчаць і змены ў пахавальным абрадзе. Славяне-язычнікі сваіх нябожчыкаў спальвалі на вогнішчы, і потым клалі парэшткі ў гліняныя гаршчкі-урны і закопвалі ў курганах. Пад уплывам хрысціянства абрад крэмацыі быў забаронены, але курганы, куды клалі цела памерлага з наборам розных рэчаў, існавалі да пачатку XIII ст. У аддаленых ад гарадоў мясцінах людзі яшчэ ў ХІV-ХV стст. і нават пазней прыносілі ахвяры мясцовым багам ды іх сімвалам - стодам, святым камяням, крыніцам і дрэвам.

Працяг міжусобіц. У 1014 г. Ноўгарад перастаў плаціць даніну Кіеву, і Ўладзімір у 1015 г. пачаў рыхтаваць войска для паходу на Ноўгарад, але раптоўна памёр. Уладу пераняў яго старэйшы сын Святапопк . Каб умацаваць сваю ўладу ён забіў траіх сваіх братоў і выступіў супраць ноўгарадскага кінязя Яраслава . Але ў бітве пры Любечы ў 1016 г. яго войска было разбіта ноўгарадцамі, Святаполк уцёк у Польшчу, а Яраслаў заняў Кіеўскі пасад. Святаполк разам з польскім каралём Баляславам Харобрым выступіў супраць войск Яраслава і ў 1018 г. разбіў іх на рацэ Заходні Буг. Яраслаў вярнуўся ў Ноўгарад, а Святаполк з Баляславам - у Кіеў. Аднак Яраслаў з новым ноўгарадскім войскам у бітве на рацэ Альце каля Пераяслава ў 1019 г. разбіў Святаполка і яго хаўруспікаў печанегаў. Полацкі князь Брачыслаў, які аднавіў незалежнасць ад Кіева, у 1021 г. напаў на Ноўгарад і абрабаваў яго. Ды на сёмы дзень яго дружыну нагналі кіяўляне і змусілі вярнуць нарабаванае. У 1023 г. супраць Яраслава выступіў яго брат Мсціслаў Тмутараканскі . У 1024 г. пад Чарнігавам Мсціслаў разбіў дружыну Яраслава, і той прызнаў уладу Мсціслава ў Чарнігаве. Але пасля смерці Мсціслава ў 1036 г. Яраслаў зноў стаў адзіным уладаром Кіеўскай Русі. У 1051 г. упершыню мітрапалітам у Кіеве стаў не грэк, а мясцовы святар, Іларыён. У 1054 г. князь Яраслаў памёр, і дзяржаву падзялілі паміж яго сынамі і пляменнікамі.

Вялікім кіеўскім князем стаў старэйшы сын Яраслава Ізяслаў, але ён не змог адзін кіраваць вялізнай краінай. Уладу ён мусіў падзяліць з двума братамі - Святаславам (чарнігаўскі князь) і Ўсеваладам (пераяслаўскі князь). Гэты трыумвірат супольна кіраваў краінай 15 гадоў. У 1068 г. на дзяржаву напалі полаўцы, якія на рацэ Альце разбілі аб'яднанае войска братоў, і трыумвірат распаўся. У дзяржаве пачаліся міжусобныя войны, у якіх удзельнічалі і польскія войскі, разам з полаўцамі. У выніку кіеўскі сталец пасля Ізяслава заняў Святаслаў, потым Усевалад, а пазней - зноў Ізяслаў, які загінуў у 1078 г.

Княжанне Уладзіміра Манамаха. У канцы XI ст. кіеўскім князем стаў сын Усевалада Ўладзімір Манамах. Ён пачаў праводзіць сумесныя з'езды князёў ( снемы ), на якіх абмяркоўваліся пытанні як знешняй, так і ўнутранай палітыкі. Самым галоўным быў снем у Любечы , які адбыўся ў 1097 г. На ім фактычна быў зафіксаваны падзел Кіеўскай Русі на асобныя самастойныя княствы, якімі паводле спадчыннага права кіравалі мясцовыя князі. Князі дамовіліся не нападаць адзін на аднаго і разам ваяваць з полаўцамі. Аднак гэтае рашэнне не было рэалізаванае, і канфлікты паміж князямі не спыняліся. У 1100 і 1103 гг. адбыліся яшчэ два снемы, дзе падымаліся тыя самыя пытанні, што ў Любечы. Апошні ўздым Кіеўскай дзяржавы адбыўся пры ўладзе Ўладзіміра Манамаха (1113-1125) і яго сына Мсціслава Вялікага (1125-1132). Яны паспяхова трымалі ўладу і паспяхова ваявалі з Полацкай дзяржавай. Так, у 1119 г. у Глеба Менскага адабралі яго ўдзельнае княства, а потым князь Мсціслаў адолеў і полацкіх князёў ды выслаў іх у Візантыю.

Феадальная раздробленасць і мангола-татарская пагроза . Пасля смерці князя Мсціслава ў 1132 г. Кіеўская дзяржава канчаткова распалася на асобныя самастойныя княствы-землі. Аднак мясцовыя князі, з выняткам полацкіх, увесь час змагаліся паміж сабою за ўладу ў Кіеве, каб хоць фармальна называцца вялікім кіеўскім князем. Часам князі арганізоўвалі сумесныя паходы супраць полаўцаў. Так, у 1183 г. аб'яднаныя дружыны дзевяці князёў на рацэ Арэлі разбілі вялізнае палавецкае войска. Шмат палавецкіх ханаў трапіла ў палон і мусіла плаціць вялікі выкуп, а галоўнага хана Кабяка ўзялі ў палон і забілі ў Кіеве. Пра гэтую бітву паведамляе невядомы аўтар "Слова пра паход Ігаравы".

У першай палове XIII ст. з'явіўся новы вораг - мангола-татары. У бітве з імі на р. Калцы ў 1223 г. удзельнічала аб'яднанае войска розных князёў, але яны былі разбітыя. Кіеў страціў каля 10 тысяч чалавек і свайго князя Мсціслава Раманавіча . У 1240 г. горад захапіла і інішчыла войска вышэйзгаданага хана Батыя.

Гаспадарчае жыццё і сацыяльная структура Кіеўскай Русі. Асновай гаспадаркі краіны было земляробства. Сяляне вырошчвалі збожжавыя культуры, асабліва жыта, гарох, боб, лён, каноплі, разводзілі сады і агароды. Але агратэхніка была прымітыўнай. Зямлю аралі з дапамогай плуга і сахі. Ворыўнае земляробства было або падсечна-агнявым, або лясной аблогай. Таксама была папарная сістэма і двухпольны ці трохпольны севазварот. На другім месцы ў гаспадарцы была жывёлагадоўля. Асабліва шанаваліся коні і валы, якія былі асноўнай цяглавай сілай. Па-ранейшаму развівалася паляванне і рыбалоўства, а таксама бортніцтва, бо ў тыя часы мёд замяняў цукар. У той час панавала натуральная гаспадарка, і людзі самі рабілі ўсё неабходнае. Доўгі час вясковае насельніцтва ва ўсходніх славян называлася проста "людзьмі" . Таму і даніна з іх мела назву "палюддзе". Аднак у IX-XII стст. раней вольныя сяляне падзяліліся на наступныя групы: чэлядзь - слугі ў феадалаў; халопы - у становішчы нявольнікаў, якія былі маёмасцю феадала; радовічы і закупы - сяляне, якія мусілі працаваць за даўгі ў гаспадарцы феадала. Захоўвалася і вялікая група адносна вольных сялян-земляробаў, якія мелі назву смерды .

У XIII ст. у пісьмовых крыніцах узнікае тэрмін "крэсцьянцы" , што значыць хрысціянін. Гэта сведчыць пра тое, што тады хрысціянства канчаткова запанавала і на вёсцы.

Сяляне жылі разам, вялікімі групамі - грамадою , або абшчынай . Грамада валодала агульнай зямлёю (выганы для жывёлы, пакосы, рыбныя лоўлі і іншае), а зямля, якую абраблялі сялянскія сем'і, замацоўвалася за імі і была іх надзелам. Памеры надзелаў былі розныя і залежалі ад розных чыннікаў.

Гарадское насельніцтва прызнавала ўладу або вялікага, кіеўскага князя, або князя мясцовага. Гараджане мелі і сваё самакіраванне - рады гарадской знаці ( "старцы гарадскія" і народныя сходы мужчын-гараджан - "вечы"). Асноўнымі заняткамі гараджан былі рамёствы і гандаль, але існавала і земляробства ў гарадскіх ваколіцах. Кіравалі гарадамі прызначаныя князем ці абраныя чыноўнікі: пасаднікі, агнішчане, цівуны і інш. Да феадалаў адносіліся вялікія князі, мясцовыя князі і іх дружыннікі, якія паступова сталі баярамі . Яны валодалі ўсімі правамі на зямлю і маглі перадаваць яе ў спадчыну. У XI-XIII стст. асобную катэгорыю насельніцтва складалі святары і манахі , прадстаўнікі праваслаўнага духавенства. Значная частка духавенства жыла ў гарадах ці ў прыгарадных манастырах. Так, у Ноўгарадзе ў XI-XII стст. было 17 манастыроў, а ў Кіеве - некалькі дзясяткаў мураваных храмаў. Асобную групу насельніцтва складалі купцы, якіх звалі " госці ". Госці былі заможнымі людзьмі і займаліся міжнародным гандлем; яны ўтваралі свае прафесійныя карпарацыі. Так, у Ноўгарадзе ў XII ст. была карпарацыя пад назваю "Іванскае сто" . Яна мела свой статут, казну, старастаў і нават царкву-заступніцу, збудаваную за свае грошы.

Культура Кіеўскай Русі. Вялікую ролю ў развіцці мясцовай культуры адыграла ўсходняе хрысціянства, запазычанае ў Візантыі. З Візантыі прыехалі не толькі святары і манахі, але і дойліды, мастакі-іканапісцы і іншыя высокаадукаваныя людзі. Сярод іх былі не толькі грэкі, але і славяне, асабліва балгары.

Дзякуючы ім мясцовая эліта навучылася чытаць і пісаць, узніклі першыя школы для святароў і дзяцей знаці. Росквіт культуры звязаны з імем князя Яраслава, які за сваю схільнасць да адукацыі нават атрымаў мянушку "Мудры". Пры збудаваным ім у Кіеве Сафійскім саборы былі створаны буйны літаратурны цэнтр і вялікая бібліятэка. Мясцовыя пісьменнікі перакладалі на стараславянскую мову творы розных грэцкіх аўтараў. Яшчэ адзін цэнтр культуры Кіеўскай Русі - Кіева-Пячорскі манастыр , дзе жыў і працаваў знакаміты летапісец манах Нестар , які ўпачатку XII ст. напісаў унікальны твор "Аповесць мінулых гадоў" . Яраслаў Мудры ўвёў у дзеянне і звод пісьмовых законаў - "Рускую праўду" . Тут былі названыя ўсе катэгорыі феадальна-залежнага насельніцтва і вызначаны юрыдычныя адносіны паміж імі.

Цікавым літаратурным творам, прысвечаным падзеям XII ст. на тэрыторыі Кіеўскай Русі, з'яўляецца "Слова пра паход Ігаравы". Арыгінал гэтага твора не захаваўся, а адзіны вядомы нам яго спіс XVI ст. згарэў падчас пажару Масквы ў 1812 г. Невядомы таксама і яго аўтар. На гэты конт існуюць розныя меркаванні. Так, савецкі акадэмік, археолаг Барыс Рыбакоў лічыў, што гэтую працу напісаў кіеўскі баярын Пётр Барыславіч. Некаторыя лічаць, што твор мог напісаць іншы чалавек, які дарэчы добра ведаў і тагачасную Беларусь, асабліва Гародню. Расійскі даследчык Аляксандр Зімін, шэраг заходніх вучоных наогул адносяць стварэнне вядомага нам тэксту гэтага твора да канца XVIII ст. Так ці іначай, асноўная тэма "Слова" - няўдалы паход на полаўцаў у 1185 г. ноўгарад-северскага князя Ігара , яго параза і палон. Таксама аўтар заклікае князёў спыніць міжусобіцы і разам бараніцца ад агульнага ворага.

У пачатку XIII ст. у Кіеве быў складзены "Кіева-Пячэрскі пацярык" . У ім ідзе гаворка пра жыццё манаха ў Пячорскім манастыры, пра будаўніцтва вялікага манастырскага храма і пра ўзаемаадносіны манастыра са свецкімі ўладамі Кіева.

У адрозненне ад Заходняй Еўропы, гарадское насельніцтва краіны было больш пісьменнае.

Пра гэта сведчаць знаходкі берасцяных грамат, якія пісалі адзін аднаму простыя людзі, што не належалі да феадальнай знаці. Сам Кіеў быў адным з самых вялікіх еўрапейскіх гарадоў. У 1037 г. горад быў істотна перабудаваны і павялічаны ў сваіх памерах князем Яраславам Мудрым. Кіеўскі дзядзінец атрымаў ўмацаванні працягласцю 3,5 км. Вышыня вала складала 11 м, шырыня (ўнізе) - 30 м. Вышыня вала разам з драўлянымі сценамі наверсе дасягала вышыні 16 м. Галоўны ўваход у горад абараняла вялікая мураваная вежа-брама "Залатыя вароты" . Памеры вежы 10,5х17,65 м і вышыня каля 15 м.

Уверсе ад брамы стаяла царква Дабравешчання . Акрамя дзядзінца, іншыя раёны Кіева - Капылоў канец і Падол - таксама мелі ўмацаванні, што складаліся з валоў, равоў і драўляных сцен-гародняў. Галоўным храмам горада быў Сафійскі сабор. Да нашых дзён з тых часоў захаваліся Кірылаўская царква і Выдубіцкі храм св. Міхаіла . Інтэр'еры Сафійскага сабора аздоблены ўнікальнымі мазаікамі і фрэскамі. Шырока вядомымі былі таксама вырабы кіеўскіх ювеліраў, якія выраблялі шэдэўры як свецкага, так і царкоўнага дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва: розныя бранзалеты, крыжы, царкоўны посуд, жаночыя аздобы (колты) і пярсцёнкі, а таксама княжацкія дыядэмы.

Сярод мастацкіх вырабаў старажытнага Кіева трэба адзначыць разьбу па камені і мармуры. Захаваліся разныя саркафагі, вырабленыя з мяккага чырвонага каменю (шыферу): магчыма, княгіні Вольгі, а таксама саркафаг Яраслава Мудрага, зроблены з белага мармуру. Ёсць меркаванне, што ён быў выраблены дзесьці ў Візантыі, а затым у XI ст. прывезены ў Кіеў. Шырока вядомыя і каменныя рэльефы XI ст. з Дзмітрыеўскага і Міхайлаўскага манастыроў з выявамі ўзброеных святых вершнікаў, якія едуць насустрач адзін другому.

2. Першая беларуская дзяржава - Полацкая зямля

Полацкае княства ўзнікла яшчэ да стварэння Кіеўскай Русі, было яе канкурэнтам і амаль увесь час захоўвала сваю самастойнасць. Пачатковы росквіт нашай першай дзяржавы адзначаецца ў другой палове X ст., калі ёй кіраваў князь Рагвалод, які "прыйшоў з-за мора" . Адны даследчыкі лічаць, што радзіма Рагвалода - сярэдняя Швецыя, другія называюць Данію і землі палабскіх славян. Саюз з Полацкам, які кантраляваў важную частку воднага шляху " з варагаў у грэкі" , адначасова шукалі кіеўскі князь Яраполк і ноўгарадскі князь Уладзімір у перыяд 975 і 978 гадоў. Летапісец піша, што вышэйзгаданыя князі пасваталіся да дачкі князя Рагвалода - Рагнеды. Яна адмовіла ў зняважлівай форме Ўладзіміру (назвала яго сынам рабыні) і выбрала Яраполка. Тады Ўладзімір з моцнай варажскай дружынай знянацку напаў на Полацк, захапіў яго, знішчыў княжацкую сям'ю, а Рагнеду гвалтоўна ўзяў у жонкі. Пазней ён забіў Яраполка і тады 20 гадоў адначасова валодаў Ноўгарадскім, Кіеўскім і Полацкім княствамі.

Але пасля спробы замаху Рагнеды на яго жыццё Ўладзімір па нарадзе з кіеўскімі баярамі вяртае пасля 988 г. Рагнедзе яе вотчыну і адпраўляе з сынам у горад Ізяслаўль на Полаччыне (цяпер Заслауе ў Менскім раёне). Пазней полацкае веча запрасіла маладога князя Ізяслава на княжанне, і ўлада полацкай дынастыі была адноўленая Гэтая дынастыя атрымала назву Рагвалодавічаў . Другі сын Рагнеды стаў кіеўскім князем Яраславам Мудрым, а яго нашчадкі склалі дынастыю Яраславічаў .

Полацкія і кіеўскія князі лічылі сябе незалежнымі і вялі шматгадовае змаганне за кантроль над асноўнымі гандлёвымі шляхамі. Адначасова полацкія князі ваявалі з Ноўгарадам, які быў васалам кіеўскіх князёў. Сын Ізяслава князь Брачыслаў (1003-1044) паспяхова ваяваў з Ноўгарадам за волакі. Як ужо згадвалася, у 1021 г. войска Брачыслава захапіла і абрабавала Ноўгарад, але па дарозе назад яго здабычу адабраў кіеўскі князь Яраслаў. У выніку Полацк і Кіеў заключылі саюз, у адпаведнасці з якім да Полацкай дзяржавы далучыліся гарады Віцебск і Ўсвяты , а таксама волакі паміж Заходняй Дзвіной і Дняпром.

Усяслаў Чарадзей . Найбольшага росквіту Полацкая дзяржава дасягнула пры князі Усяславе (мянушка - Чарадзей; 1044-1101). Каб паказаць сваю значнасць, ён будуе новы дзядзінец Полацка на беразе Дзвіны і на ім ставіць першы мураваны храм на Беларусі - Сафійскі сабор. Прычым, пасля паспяховага нападу на Ноўгарад ён здымае званы з Ноўгарадскай Сафіі і прывозіць іх у Полацк для свайго храма.

На працягу 1065-1078 гг. ішла вайна паміж Полацкам і Кіевам. Самай жорсткай бітвай у гэтай вайне была бітва на рацэ Нямізе каля Менска ў 1067 г. Бітву гэтую Ўсяслаў прайграў, і пераможцы знішчылі Менск. Пасля адыходу Ўсяслава з рэшткамі сваёй дружыны да Дняпра кіяўляне ўступілі з ім у перамовы і падманам захапілі ў палон. Больш за год сядзеў ён у кіеўскай турме ("порубе"), адкуль яго вызваліў народ, які паўстаў і абраў яго вялікім кіеўскім князем. Аднак неўзабаве Ўсяслаў пакінуў Кіеў і вярнуўся ў родны Полацк. У 1097 г. князі роду Рурыкавічаў на сваім з'ездзе ў Любечы падзялілі землі Кіеўскай Русі паміж сабою. Аднак Усяслава туды не запрашалі і, такім чынам, цалкам прызналі незалежнасць яго дзяржавы. Полацкая зямля межавала з Наўгародскай зямлёй на поўначы, са Смаленскай - на ўсходзе, з Тураўскай - на поўдні. На захадзе жылі розныя балцкія народы, якія трапілі ў залежнасць ад полацкіх князёў. Так, на Заходняй Дзвіне на землях, дзе жылі латгалы, былі створаны два васальныя княствы Герцыке і Кукенойс . Плаціў даніну Полацку і фіна-ўгорскі народ ліваў, якія нават служылі ў полацкім войску. У XII ст. палачане на балцкіх землях заснавалі г. Вільню, якая тады называлася Крывічгорадам. Апорным пунктам Полацка на захадзе быў горад Браслаў , заснаваны як памежная цвердзь. Насельніцтва дзяржавы называла сябе крывічы-палачане і адрознівала сябе ад іншых славян. Беларускія гісторыкі вызначаюць спосаб кіравання ў Полацкай дзяржаве як княжацка-вечавы лад . Полацкае веча - агульны сход мужчын гараджан - мела вялікія паўнамоцтвы. Яно запрашала князя і магло яго прагнаць, вызначала падаткі, абвяшчала вайну і заключала мір.

Полацкі князь кіраваў войскам, збіраў падаткі і клапаціўся пра абарону краіны. Даследчыкі падлічылі, што ў канцы XI-XIII стст. Полацкую дзяржаву насяляла 270-350 тысяч чалавек, з іх 68-70 тысяч было баяздольных мужчын. Князь меў вялікую дружыну (вершнікаў) колькасцю 3,4-3,5 тысяч чалавек, якую складалі прафесійныя ваяры. Падчас вялікай вайны далучалася і пяхота - народнае апалчэнне ў колькасці 17-17,5 тысяч чалавек, а таксама атрады саюзнікаў ліваў і летапіснай літвы, колькасцю ад некалькіх сотняў да 15 тысяч чалавек. Насельніцтва плаціла князю даніну натуральнымі прадуктамі. Разам з Кіевам палачане прынялі хрысціянства, а Рагнеда стала манашкай і заснавала ў Заслаўі адзін з першых манастыроў. Пасля смерці Ўсяслава ў 1101 г. Полацкая дзяржава была падзелена яго нашчадкамі на 6 удзельных княстваў: Полацкае, Друцкае, Віцебскае, Менскае, Лагойскае і Ізяслаўскае . Адным з самых моцных стаў Менскі ўдзел. Яго князь Глеб Усяслававіч праводзіў актыўную знешнюю палітыку, запрасіў майстроў з Польшчы, якія пачалі будаваць на Менскім замчышчы мураваную царкву. Аднак гэта не спадабалася кіеўскім князям, якія напалі на яго ў 1119 г., захапілі ў палон і пасадзілі ў кіеўскую турму, дзе ён і памёр. Новы паход кіеўскіх князёў на Полацк адбыўся ў 1127 г. У 1129 г. некаторых полацкіх князёў Кіеў выслаў у Візантыю, а ў Полацку паставіў свайго князя.

Аднак у 1132 г. жыхары Полацка ўзнялі паўстанне і на вечы прынялі рашэнне вярнуць да ўлады сваіх былых князёў з Візантыі. У 1158 г. адмовіўся плаціць даніну Кіеву і тураўскі князь Юрый , які адбіў напад варожага войска. Так Тураўская зямля зрабілася незалежнай.

Першым хрысціянскім князем Полацка стаў сын Рагнеды і Ўладзіміра князь Ізяслаў , які быў вельмі набожны і ўмеў чытаць богаслужэбныя кнігі. У 992 г. узнікла Полацкая епархія са сваім епіскапам, якога звалі Міна .

Культура Полацкай зямлі . У першай палове - сярздзіне XII ст. у Полацку склалася самастойная архітэктурная школа . Полацкія дойліды выпрацавалі сваю будаўнічую тэхніку і форму будынка. Яны захавалі старадаўнюю муроўку са "схаваным радам", хаця ўсе суседнія княствы ад яе на той час ужо адмовіліся. Была выпрацавана падоўжная форма плана, цікава вырашалася і алтарная частка. Звонку выступала толькі адна галоўная апсіда, а дзве бакавыя, як правіла, былі схаваны ў тоўшчы ўсходняга муру. Адметнай рысай полацкай школы з'яўляецца своеасаблівае рашэнне верхняй часткі культавых пабудоў.

Асноўныя рысы, выпрацаваныя полацкімі дойлідамі, увасабляе адзіны цяпер у Полацку помнік XII ст. - Спаса-Праабражэнская царква Ефрасіннеўскага манастыра. Храм знаходзіцца на высокім беразе ракі Палаты за 2,5 км ад Верхняга замка, дзе была пабудавана Полацкая Сафія.

Гісторыя данесла да нас імя дойліда, які пабудаваў Спаса-Праабражэнскую царкву. Ім быў манах Іаан , або Іван, "приставник над делатели церковными" (г. зн., кіраўнік арцелі полацкіх рамеснікаў-будаўнікоў). Некаторыя даследчыкі не без падстаў лічаць, што менавіта ён збудаваў некалькі храмаў у Бельчыцах - загараднай рэзідэнцыі полацкіх князёў.

Вялікі досвед будаўнікоў і добрая арганізацыя працы дазволілі Івану пабудаваць Спаса-Праабражэнскі сабор за 30 тыдняў. Пра гэта гаворыцца ў "Жыціі Ефрасінні Полацкай" , напісаным, хутчэй за ўсё, у XIII ст. Менавіта Ефрасіння Полацкая, якая шмат зрабілн для развіцця пісьменнасці ў Полацку, і была ініцыятарам будаўніцтва гэтай царквы.

Храм мае невялікія памеры: 9,8x18,2 м. Яго бакавыя нефы вельмі вузкія, бо ўвесь цяжар асновы барабана прыпадае на шэсць падкупальных слупоў. Сабор мае толькі адну выступную апсіду і дзве бакавыя, не надта вялікія. Інтэр'еры храма захавалі ўнікальныя фрэскі XII ст. На адной з іх ёсць выява св. Ефрасінні, якая трымае ў руках мадэль будучага храма. У 2015 г. археолагі знайшлі рэшткі былой галерэі вакол гэтага храма, а таксама свінцовую пячатку Ефрасінні Полацкай.

Вядомыя 10 мураваных храмаў, збудаваных у Полацку старажытнымі дойлідамі. Знойдзены рэшткі мураванага княскага палаца , пабудаванага ў XII ст. на Верхнім замку непадалёк ад Сафіі. Але, пачынаючы з 80-х гадоў XII ст., у выніку розных знешніх і ўнутраных акалічнасцяў культурнае жыццё ў Полацку пачала занепадаць. Будаўніцтва ў горадзе спынілася. Менавіта на гэты перыяд прыпадае ўдзел полацкіх дойлідаў у будаўніцтве Смаленска і Ноўгарада.

Акрамя Полацка, у першай палове - сярэдзіне XII ст. мураванае будаўніцтва вялося і ў іншых гарадах Полацкай зямлі, якія імкнуліся адасобіцца ад Полацка. Тады была пабудавана царква Дабравешчання ў Віцебску. Будынак мае падоўжаную форму (11x21 м). Усярэдзіне ён падзяляецца шасцю апорнымі слупамі на тры доўгія нефы, а з усходу канчаецца масіўнай апсідай. Дзве бакавыя апсіды звонку нічым не вылучаюцца і схаваны ў вуглавых частках усходняй сцяны. Сцены будынка былі складзены з абчасаных блокаў мясцовага жаўтаватага вапняку. Паміж іх гарызантальных радоў - па два-тры рады плінфы. Такі тып муроўкі, акрамя Беларусі, не быў вядомы ва Ўсходняй Еўропе. Спалучэнне абчасаных блокаў з пракладкамі плінфы ўласціва для будаўніцтва Візантыі і Балканаў. Таму можна пагадзіцца з тымі даследчыкамі, якія лічаць, што гэтую царкву будаваў візантыйскі дойлід. У час даследаванняў на Верхнім замку Віцебска археолагі знайшлі кавалкі плінфы і паліваныя пліткі падлогі (дзве стрэлападобныя і адну трохвугольную). Калі ўлічыць, што падлога ў царкве Дабравешчання выкладзена з дробных кавалкаў абчасаных камянёў, то несумненна, што ў Віцебску існавала яшчэ адна мураваная бажніца.

У астатніх гарадах Полацкай зямлі ўся забудова была драўляная, у тым ліку і цэрквы. Некаторыя з іх, напрыклад, у Лагойску і Друцку, мелі падлогу з паліваных керамічных плітак.

Роля вышэйзгаданай Ефрасінні Полацкай (каля 1120-1173) у нашай гісторыі вельмі вялікая. Яна заснавала ў Полацку жаночы і мужчынскі манастыры, адкрыла школу і бібліятэку, перапісвала багаслоўскія кнігі. На яе замову ў 1161 г. полацкі ювелір Лазар Богша стварыў своеасаблівы сімвал нашай дзяржавы - крыж Ефрасінні Полацкай. Менавіта выява гэтага крыжа адлюстравана на першай паштовай марцы Рэспублікі Беларусь. Ефрасіння Полацкая была вядомай асобай і за мяжой, яе ўрачыста прымалі пры двары візантыйскага імператара падчас яе падарожжа ў Ерусалім да "Гасподняй дамавіны", дзе яна і памерла 23 траўня 1173 г. Пазней яе кананізавалі і ўключылі ў лік святых беларускай зямлі праваслаўная царква і каталіцкі касцёл. Мошчы Ефрасінні Полацкай захоўваюцца ў Спаса-Праабражэнскай царкве Ефрасінеўскага манастыра ў Полацку.

У XII ст. былі напісаны таксама першыя вядомыя нам творы беларускай хрысціянскай музыкі - "Песняспевы ў гонар Ефрасінні Полацкай", якія ўяўляюць сабою збор харавых і сольных рэлігійных гімнаў.

3. Смаленская зямля

На загад кіеўскага князя Ўладзіміра, пасля 988 г. смаленскія крывічы прынялі хрысціянства, а кіраваў імі ажно 40 гадоў сын Уладзіміра князь Станіслаў . Жыў ён у Гнёздаве. Але з цягам часу мясцовыя князі перабраліся ў Смаленск і зрабілі сваю рэзідэнцыю на дзядзінцы, на Саборнай гары. Тут, дарэчы, жыў сын Яраслава Мудрага Вячаслаў , які стаў смаленскім князем у 1054 г.

Пасля знікнення Кіеўскай Русі Смаленск належаў кіеўскаму князю Ўладзіміру Манамаху і яго нашчадкам. У 1101 г. Манамах збудаваў першы мураваны храм у Смаленску - Успенскі сабор . Ён таксама далучыў да Смаленскага княства землі вяцічаў і землі балцкага племені голядзі . У 1116 г. Манамах напаў на Полацкую дзяржаву і разам са смалянамі зрабіў паход на Менск, а таксама далучыў да Смаленскага княства полацкі горад Копысь.

Памёр Уладзімір Манамах у 1125 г. Смаленскае княства ўзначаліў яго ўнук Расціслаў Мсціслававіч , які і заснаваў дынастыю незалежных смаленскіх князёў. На мапе сярэднявечнай Еўропы з'явілася новая крывіцкая дзяржава. Расціслаў заснаваў таксама смаленскае епіскапства. Пры ім з'явіўся і першы заканадаўчы дакумент "Устаў Расціслава" , які адлюстраваў эканамічную і палітычную структуру новай дзяржавы. Наступным смаленскім князем стаў яго старэйшы сын Раман . Пры ім узмацнілася роля смаленскага веча, умацавалася мясцовае баярства, узніклі ўдзельныя княствы. Першым стварылася ўдзельнае княства на поўначы Смаленшчыны з цэнтрам у горадзе Тарапцы. Тут князем стаў малодшы сын Рамана - Мсціслаў .

На месцы Рамана апынуўся яго брат Давыд . Ён у 1187 г. задушыў паўстанне гараджан, справакаванае галодным годам, і пакараў смерцю шмат знакамітых баяр. Давыд меў магутную наёмную дружыну, захапіў полацкія землі на Заходняй Дзвіне і актыўна гандляваў з краінамі Заходняй Еўропы.

У ХІІ ст. тэрыторыя Смаленскага княства істотна павялічылася. Пасля захопу полацкага Копыся князь Расціслаў адабраў у чарнігаўскіх князёў землі паўночных радзімічаў. У XII ст. тут узніклі буйныя гарады Мсціслаў, Рослаў , Крэчут (цяпер Крычаў ) і Прупой (цяпер Слаўгарад ). На ўсходзе Смаленшчыны з'явіліся ў гэты час Дарагабуж і Ельня . Шлях з Дняпра на Волгу кантраляваў горад Вязьма .

У пачатку XIII ст. вусце Заходняй Дзвіны захапілі крыжаносцы, таму ўплыў Смаленска на полацкія землі значна павялічыўся: пад яго патрапілі Віцебскае і Друцкае княствы. У 1229 г. была падпісана гандлёвая дамова паміж немцамі і Смаленскам, Полацкам і Віцебскам аб гандлі па Заходняй Дзвіне. Нямецкія купцы з'явіліся ў Смаленску і нават збудавалі сабе мураваны храм круглай формы (ратонду).

Аднак у 1230 г. Смаленск напаткалі адразу некалькі трагедый: землятрус, неўрадлівы год, голад і эпідэмія чумы, ад якой памерлі тысячы чалавек, у тым ліку смаленскі князь. Неўзабаве да Смаленшчыны ў 1238 г. наблізіліся войскі хана Батыя. Аб змаганні смалян з мангола-татарамі распавядае "Аповесць пра Меркурыя Смаленскакага" . Смаляне выстаялі, аднак, пачынаючы з 60-х гг. XIII ст., мусілі плаціць даніну Залатой Ардзе.

Культура Смаленскага княства. У канцы XII ст. у Смаленск з Полацка прыязджае будаўнічая арцель, і пачынаецца будаўніцтва мураваных храмаў і княжацкага палаца. Узнікае смаленская школа дойлідства. Храмы мелі звонку аздабленне ў выглядзе двухпрыступкавых плоскіх пілястраў з тонкімі паўкалонкамі, унутры былі распісаны фрэскамі і мелі падлогі з керамічных рознакаляровых паліваных плітак. З іх найболын захавалася ў Смаленску царква Міхаіла Арханёла , збудаваная ў канцы XII ст. Вышыня храма складае 35 м. Былі мураваныя храмы і ў некаторых іншых гарадах, напрыклад, у Рославе.

У XII-XIII стст. Смаленскае княства робіцца адной і найбуйнейшых культурных земляў сярод іншых старабеларускіх княстваў. У адным з гнёздаўскіх курганоў знайшлі вялікае глінянае начынне - карчагу-амфару з надпісам "Гороушна" . Так тады называлі гарчыцу. Навукоўцы датуюць гэты надпіс сярэдзінай X ст. і адносяць да аднаго з самых першых усходнеславянскіх надпісаў зробленых кірылічным алфавітам.

У XII ст. пры князі Расціславе і яго сынах Смаленск робіцца значным культурным і адукацыйным цэнтрам. Князь Раман стварыў тут гарадскія вучэльні, дзе выкладалі настаўнікі, запрошаныя з Візантыі і краін Заходняй Еўропы. Вельмі адукаванымі былі і мясцовыя святары Рыгор і Фама . Са Смаленска паходзіць кіеўскі мітрапаліт Клімент . Умелі чытаць і пісаць таксама простыя людзі, жыхары Смаленска. Пра гэта сведчаць знаходкі археолагамі берасцяных грамат у культурнмм пласце горада. Таксама маюцца і надпісы, выдрапаныя на сценах смаленскіх храмаў. Існаваў і Смаленскі летапіс , які складаўся з XІІІ да пачатку XV ст. Гэты твор прасякнуты ідэяй захавання і ўмацавапнм незалежнасці Смаленскай зямлі.

4. Чарнігаўская зямля

Гэтае княства ўзнікла спачатку на землях вышэйзгаданага славянскага племені севяран. Севяране ў VIII-X стст. жылі ў басейнах рэк Дзясны, Сейма, Сулы, Ворсклы і Пслы. На захадзе ямы межавалі з палянамі і дрыгавічамі, на поўначы з радзімічамі і вяцічамі, а на ўсходзе і поўдні - з качавымі плямёнамі цюркска паходжання. У 907 г. яны ўдзельнічалі разам з князем Алегам у паходзе на Візантыю. У ХІ-ХІІ стст. севяране складалі значную частку насельніцтва Чарнігаўскага княства.

Сталіца княства горад Чарнігаў упершыню згаданы ў дамове паміж Кіеўскай Руссю і Візантыяй у 907 г. У Х-ХІІ стст. ён стаў другім паводле сваіх памераў і значэння пасля Кіева горадам Сярэдняга Падняпроўя. Горад быў збудаваны на высокім правым беразе ракі Дзясны праз сістэму дробных рэчак і азёраў быў звязаны водным шляхам з горадам Любечам на Дняпры. Гэта дазваляла Чарнігаву ўласны гандаль, абыходзячы Кіеў, а таксама па рэках Сейме, Дзясне і Ацэ - непасрэдна з усходнімі краінамі. Таму ўжо ў пачатку Х ст. гэта быў вялікі горад з добрымі ўмацаваннямі і вялікім курганным могільнікам. Побач было язычніцкае капішча, пра што сведчыць знаходка ў 1700 г. срэбнага ідала. Вялікую цікавасць чарнігаўцаў выклікае і вялізны курган X ст., які ў народзе мае назву "Чорная магіла". Вышыня яго больш за 10 м, а дыяметр унізе складае 125 м. У выніку раскопак у кургане знойдзена багатае пахаванне чарнігаўскага князя, якое датуецца 60-мі гг. X ст. Пра гэта сведчаць такія знаходкі, як невялікі бронзавы ідал, дзве залатыя візантыйскія манеты і два турыныя рагі, аздобленыя срэбнымі акоўкамі з пазалотай.

У канцы Х ст. кіеўскі князь Уладзімір правёў рэканструкцыю чарнігаўскага дзядзінца, які дасягнуў плошчы каля 11 гектараў. Унізе, пад мурамі цвердзі, быў пасад - чарнігаўскі падол , які таксама быў умацаваны валам з драўлянымі канструкцыямі.

Першым вядомым нам чарнігаўскім князем быў сын Уладзіміра - Мсціслаў, які памёр у 1036 г., не пакінуўшы нашчадкаў. З 1024 г. пасля перамогі войска севяран над князем Яраславам Мудрым, Чарнігаў стаў сталіцай вялікага княства са значнай аўтаноміяй у складзе Кіеўскай Русі. Пасля Мсціслава другім чарнігаўскім князем стаў сын Яраслава Мудрага Святаслаў (1027-1076), які ў 1054 г. атрымаў паводле тастаманта бацькі кіеўскага князя Яраслава Мудрага чарнігаўскую зямлю ў спадчыну. Першы чарнігаўскі князь Мсціслаў зрабіў другую лінію гарадскіх умацаванняў, заклаў новы княскі двор і на яго тэрыторыі збудаваў мураваны Спаскі сабор.

У XII ст. плошча дзядзінца павялічылася да 16 га, а плошча вакольнага горада дасягнула 40 га. Існавала і трэцяя ўмацаваная гарадская частка з уласнымі ўмацаваннямі, якая мела назву "Трацяк".

Нашчадкі другога чарнігаўскага князя склалі ўласную княскую дынастыю Ольгавічаў , якія кіравалі ўсімі ўдзельнымі княствамі Чарнігаўскай зямлі і не раз прэтэндавалі на ўладу ў Кіеве. Праўнук Святаслава, вышэйзгаданы князь Ігар стаў галоўным героем "Слова пра паход Ігаравы".

У XI ст. у склад Чарнігаўскага княства ўваходзяць Гомель, Чачэрск і Рэчыца , прычым з 1160 г. Гомель (тады яго называлі Гомій ) стаў цэнтрам удзельнага княства. Першы раз гэты горад згадваецца ў летапісе пад 1142 г. Гомель узнік на месцы паселішча радзімічаў, якое існавала на беразе Сажа ў VIII-X стст. На мяжы Х-ХІ стст. гэта ўжо быў сапраўдны горад з умацаваным дзядзінцам і пасадам плошчаю да 15 га. У XII ст. дзядзінец павялічваецца да 1,4 га, а ў пачатку XIII ст. ён атрымаў дадатковыя ўмацаванні. Другі горад радзімічаў Чачэрск вядомы з 1152 г. Захавалася старажытнае гарадзішча "Замкавая гара" на беразе ракі Чачоры, там, дзе яна ўпадае ў Сож. У X ст. з'яўляецца ўмацаванае паселішча, якое ў XI ст. становіцца горадам з дзядзінцам і пасадам.

У сярэдзіне XII ст. чарнігаўскія князі нават валодалі Слуцкам, Клецкам і Рагачовам. Паўночныя землі радзімічаў адышлі да Смаленскага княства. Пазней там узнікла ўдзельнае Мсціслаўскае княства, як складовая частка Вялікага княства Смаленскага. У складзе Чарнігаўскага княства паступова склалася Ноўгарад-Северскае княства .

Яно ўзнікае на землях севяран і часткова вяцічаў у 1096-1097 гг. Першым яго князем быў Алег Святаслававіч . У другой палове ХІІ ст. жыхары княства вядуць вайну з полаўцамі. Няўдалы паход 1185 г. князя Ігара і склаў сюжэт "Слова пра паход Ігаравы", у якім маюцца і звесткі пра старажытную Беларусь. З 1238 г. Ноўгарад-Северскае княства уваходзіць у склад Бранскага княства.

Горад Бранск як славянскае паселішча ўзнікае ў 985 г. на беразе рэчкі Дзясны. Спачатку меў назву Брынь , потым Дзябранск . У летапісе як горад Чарнігаўскага княства згадваецца пад 1146 г.

У Чарнігаве ў XII - пачатку ХIIІ стст. вядзецца інтэнсіўнае мураванае будаўніцтва. У канцы ХI - пачатку XII стст. будуецца цагляны княжацкі палац ( хорам ) памерам 7,5x7,5 м. У XII ст. будуюцца парадная вежа-брама - галоўны ўваход у горад (8x8 м), а таксама Барысаглебскі сабор .

У Елецкім манастыры ў канцы XI - пачатку XII стст. пабудаваны Успенскі сабор . Шадэўрам архітэктуры з'яўляецца і Пятніцкая царква- помнік мураванага дойлідства пачатку XIII ст.

Доўгі час Чарнігаўскае княства валодала міжнародным горадам-портам Тмутараканню (Таманню) каля Керчанскага праліва. Аднак у сярэдзіне XII ст. яго захапілі полаўцы. З 1199 г. у Чарнігаве існавала ўласнае летапісанне. У 1239 г. Чарнігаўскую зямлю захапілі мангола-татары. Пасля таго як яны разбурылі і знішчылі Чарнігаў, ацалелы чарнігаўскі князь Раман у 1246 г. пераносіць у Бранск сталіцу з Чарнігава. Неўзабаве, у XIII ст., бранскія князі адначасова мелі і тытуул князёў чарнігаўскіх. У Бранску тады знаходзілася рэзідэнцыя чарнігаўскіх епіскапаў. Але ў 1285-1297 гг. бранскія князі пераходзяць пад уладу смаленскіх князёў.

5. Турава-Пінская зямля

Тураўскае княства склалася ў X ст. у басейне ракі Прыпяці на аснове племяннога саюза дрыгавічоў. Першая сталіца княства горад Тураў згадваецца пад 980 г. Першым вядомым князем быў Тур . Княства мела выгаднае геаграфічнае становішча і магло весці міжнародны гандаль з рознымі краінамі, у т. л. з Візантыяй і Польшчай. Спачатку княства было незалежным, але ў канцы X ст. яно трапіла ў склад Кіеўскай Русі. Кіеўскі князь Уладзімір паставіў кіраваць васальным княствам свайго сына Святаполка. Таму тураўскія князі атрымалі права на кіеўскі сталец. У такім выпадку ў Тураў прысылалі княжацкага намесніка-пасадніка. Горадам і акругай кіравала веча, якое нават магло абіраць епіскапа. Тураўская епархія была заснавана ў 1005 г. Аднак сваёй кіроўнай дынастыі ў княстве не было, і яно паступова губляла свае тэрыторыі. У 1143 г. яно страціла гарады Берасце, Драгічын, Клецк, Рагачоў, а ў 1155 г. - Мазыр. Аўтаномнай часткай дзяржавы да сярэдзіны XII ст. была Берасцейская зямля , якая ў другой палове XII ст. трапіла ў залежнасць ад галіцка-валынскіх князёў. Сталіцай княства ў XII ст. стаў горад Пінск.

Як ужо згадвалася, у 1158 г. тураўскі князь Юрый Яраславіч адмовіўся плаціць даніну Кіеву і стаў незалежным. Але пасля яго смерці княства на ўдзелы падзялілі яго сыны. Узніклі спачагку ўдзельныя Тураўскае, Пінскае і Дубровіцкае княствы, а пазней - Клецкае, Берасцейскае і Драгічынскае .

Гарадзішча старажытнага Турава вельмі добра захавалася. Яно знаходзіцца на мысе ракі Язды , што ўпадае ў прыток Прыпяці Струмень , мае трохкутную форму і ўмацавана валамі і равамі. Асобным валам гарадзішча падзяляецца на дзядзінец і вакольны горад. На тэрыторыі вакольнага горада кіеўскія майстры ў XII ст. збудавалі вялікі храм, які меў плошчу, большую за Сафійскі сабор у Полацку. Храм загінуў падчас землятрусу 1230 г., і яго руіны цяпер раскапаны археолагамі. У цяперашні час над падмуркамі храма зроблены музейны павільён. На Тураўскім гарадзішчы пастаўлены вялікі помнік знакамітаму беларускаму дзеячу XII ст. Кірылу Тураўскаму (каля 1130 - каля 1182). У 1158 г. ён стаў тураўскім епіскапам. Захаваліся яго пісьмовыя казані - "словы", прысвечаныя розным біблійным святам. Таксама ён актыўна пашыраў хрысціянства і змагаўся з рэшткамі язычніцтва, быў знакамітым прапаведнікам. Яшчэ пры жыцці яго менавалі Залатавусным .

6. Уладзіміра-Суздальская зямля

Доўгі час міжрэчча Волгі і Акі было заселена рознымі фіна-ўгорскімі плямёнамі. Так, на Волзе жыло племя мера, а на Ацэ - мурама, з якога паходзіць былінны рускі багатыр - Ілья Мурамец . Славянскае насельніцтва тут было спачатку невялікім і жыло ў гарадскіх паселішчах. Выхадцы з Ноўгарада ў Х-ХІ стст. заснавалі тут гарады Белавозера, Растоў і Суздаль . Потым узніклі гарады Мурам, Уладзімір і Яраслаў . Да канца XI ст. гэтыя землі былі глухой правінцыяй Кіеўскай Русі.

Пасля з'езду 1097 г. у Любечы тут узнікае самастойнае Суздальскае княства пад кіраўніцтвам сына Манамаха - Юрыя Далгарукага, які заснаваў гарады Маскву і Юр'еў Польскі . Масква была заснавана ў 1147 г., на землях, дзе жылі вяцічы. Спачатку гэта быў невялікі ўмацаваны горад на рацэ Маскве, але ўжо на мяжы XII-XIII стст. гэта адносна вялікі горад Ўладзіміра-Суздальскага княства .

Істотную ролю ў стварэнні вялікай дзяржавы на гэтых землях адыграў князь Андрэй Багалюбскі , сын Юрыя Далгарукага. Ён заснаваў новыя гарады: Цвер, Кастраму і Галіч Мерскі . У той час колькасць славян на гэтых землях значна павялічылася, бо гэта былі ўцекачы з поўдню, якія моцна цярпелі ад набегаў полаўцаў.

Ішла актыўная асіміляцыя і хрысціянізацыя мясцовых фіна-ўгорскіх плямёнаў, і на іх базе пачаў складацца вялікарускі народ, які цяпер называецца проста рускім. Ворных земляў тут было мала, большасць зямлі займаў вялікі лес. Таму мясцовыя жыхары актыўна займаліся бортніцтвам, паляваннем, вырабам адзення, лыка і мачала.

Гарадоў было мала, але існавала шмат невялікіх пасёлкаў. Асноўныя шляхі праходзілі па рэках. У адрозненне ад іншых земляў у Суздальскім княстве, а потым і ў Уладзіміра-Суздальскім, уся зямля адразу належала князю, а гарадскога веча практычна не было. Князь Юрый, каб арганізаваць будаўніцтва мураваных храмаў, запрасіў майстроў з Галіча, якія збудавалі з белага мясцовага каменю (цэглы тут не было) сабор у Пераяслаўлі Залескім і царкву Барыса і Глеба ў Кідэкшы (пад Суздалем). Царква ў Кідэкшы - гэта першы белакаменны храм на тэрыторыі княства, які датуецца 1152 г. Сын Юрыя ад палавецкай князёўны Андрэй быў моцным і вядомым палітыкам і дыпламатам, які абапіраўся на простых гарадскіх і пасадскіх людзей і з іх дапамогай разабраўся з растоўскімі і суздальскімі баярамі. Яго войскі нават захапілі і разрабавалі Кіеў. Але Андрэй не застаўся ў Кіеве, а вярнуўся на радзіму і сталіцай сваёй вотчыны зрабіў горад Уладзімір на рацэ Клязьме.

Горад быў умацаваны валамі і драўлянымі сценамі, а галоўны ўваход у яго ішоў праз мураваную вежу - браму, збудаваную ў 1164 г. Гэтая вежа атрымала назву Залатыя вароты Ўладзіміра . На супрацьлеглым канцы горада стаялі такія ж магутныя і белакаменныя Срэбныя вароты . У цэнтры горада быў пабудаваны Ўспенскі сабор (1158 -1161 гг.). На яго будоўлю князь Андрэй выдзеліў дзясятую частку ўсіх сваіх даходаў. У саборы знаходзіўся абраз Уладзімірскай Божай Маці , прывезены з Візантыі. На запрашэнне Андрэя Багалюбскага прыбылі нямецкія майстры з імперыі Фрыдрыха Барбаросы, якія дасканала валодалі майстэрствам каменнай разьбы. У сваёй загараднай рэзідэнцыі, сяле Багалюбаве, князь Андрэй збудаваў храм Раства Багародзіцы і мураваны палац. У 1166 г. збудавана царква Пакрова-на-Нярлі за 1 км ад Багалюбава. Царква пастаўлена на каменным цокалі вышынёй 4 м і выдатна глядзіцца ў пойме лугавіны.

У часы панавання наступнага князя, Усевалада , брата Андрэя, які атрымаў мянушку "Вялікае Гняздо" , Уладзіміра-Суздальская зямля дасягае свайго найбольшага росквіту. Пры ім ва Ўладзіміры збудаваны Дзмітрыеўскі сабор (1194-1197 гг.). Храмы Ўладзіміра і іншых гарадоў княства адрозніваюцца сваёй унікальнай белакаменнай разьбой. У 1230 - 1234 гг. збудаваны апошні храм Уладзіміра-Суздальскай ахітэктурнай школы - Георгіеўскі сабор у горадзе Юр'еве Польскім. Княжацкая ўлада тут абапіралася на сярэдніх і малых феадалаў, якія за сваю службу атрымоўвалі зямлю разам з сёламі і сялянамі. Аднак зімой 1238 г. войскі хана Батыя захапілі Ўладзімір. Дзясяткі іншых гарадоў княства, у тым ліку і Масква, былі абрабаваныя і спаленыя. Тысячы людзей трапілі ў палон, загінулі ўнікальныя помнікі культуры і мастацтва.

7. Галіцка-Валынская зямля

Пасля распаду Кіеўскай Русі на тэрыторыі сённяшняй Украіны існавала пяць самастойных княстваў: Кіеўскае, Чарнігава-Северскае, Галіцкае, Валынскае і Пераяслаўскае. Менавіта Пераяслаўская зямля якая межавала з палавецкімі землямі, у 1187 г. у летапісе была названа як Украіна (ускраінная зямля славянскага свету). У 1240 г. Пераяслаўскую зямлю цалкам знішчылі мангола-татары, і яна знікла як самастойная адзінка.

Кожнай з гэтых земляў кіраваў вялікі князь: яму падпарадкоўваліся малыя ўдзельныя князі, якія мелі свае княжацкія воласці . Воласці складаліся з пагостаўскіх акругаў . Вакол вялікага князя групавалася рада ці дума , што складалася з найвышэйшых дружыннікаў, баяр і епіскапаў. У вялікіх гарадах існавала веча з вялікімі паўнамоцтвамі. Вялікую ролю ў кіраванні княствамі мелі і мясцовыя баяры. Самымі моцнымі з пералічаных вышэй княстваў былі Галіцкае і Валынскае .

Галіцкае княства займала паўночна-ўсходнія схілы Карпацкіх гор, а таксама басейн рэк Днястра, Прута і Серэта. На паўночным захадзе княства межавала з Польшчай, а на поўдні - з Венгрыяй, якая ў ХІ - XII стст. захапіла Закарпацце. Галіцкая зямля знаходзілася ў добрых прыродных умовах. Тут былі пладародныя землі, краблеходныя рэкі і добрыя радовішчы солі, якая тады была стратэгічным таварам. У княства масава перасяляліся сяляне, якія хаваліся ад набегаў полаўцаў на Прыдняпроўе. Актыўна развіваліся гандлёвыя стасункі з Заходняй Еўропай і Дунайскімі краінамі. Галіцкія купцы гандлявалі футрам, мёдам, воскам і хатнімі жывёламі, асабліва быкамі. Ад улады Кіева Галіч пачаў адасабляцца ў канцы XI - пачатку XII стст. Князь Уладзімірка Валадаравіч (1145-1152) аб'яднаў мясцовыя ўдзельныя княствы ў адзіную моцную дзяржаву са сталіцай у Галічы. Пры яго сыне Яраславе Асмамысле (1152-1187) назіраўся далейшы рост краіны. З дапамогай заходніх майстроў, якія прынеслі раманскую будаўнічую тэхніку ў вёсцы Крылосе (Стары Галіч), быў у 1187 г. збудаваны Ўспенскі сабор . Будынак складаецца з вялікіх каменных блокаў (памерам 58x40 см), змацаваных гіпсавай рошчынай. Падлога выкладзена паліванымі керамічнымі пліткамі з арнаментам. Пасля смерці князя Яраслава краіна пачала прыходзіць у заняпад, і ў 1188 г. Галіч захапілі венгры.

Першым самастойным князем на Валыні быў сын нашай князёўны Рагнеды і кіеўскага князя Ўладзіміра Ўсевалад . Ён заснаваў сталіцу княства, горад Уладзімір-Валынскі . Росквіт Валынскага княства назіраецца ў канцы XII ст. Валынскі князь Раман Мсціслававіч у 1199 г. разбіў венграў, завалодаў Галіцкім княствам і аб'яднаў яго з Валынскім. Так узнікла вялікая і моцная Галіцка-Валынская дзяржава , у якую ўваходзіла і Берасцейская зямля з гарадамі Берасцем, Кобрынам і Камянцом. Князь Раман вёў паспяховыя войны з полаўцамі і летапіснай літвой, а таксама прэтэндаваў на ўладу ў Кіеве. Аднак падчас вайны з Польшчай у 1205 г. ён загінуў. У краіне пачалася грамадзянская вайна, і частка мясцовых баяр запрасіла на дапамогу венграў. У 1214 г. Польшча і Венгрыя падзялілі паміж сабою землі Галіцкага княства і пачалі пераводзіць мясцовае насельніцтва ў каталіцтва. Выбухнула паўстанне гараджан у Галічы. Ім на дапамогу з Ноўгарада з дружынай прыйшоў князь Мсціслаў Удалы . У 1214 г. яго войска разбіла венграў і вызваліла Галіч. У 1228 г. пасля смерці князя Мсціслава да ўлады прыйшоў яго сын Даніла Галіцкі . Ён меў вялікае войска і паспяхова ваяваў з суседзямі. У 1240 г. ён стаў адначасова і кіеўскім князем. Сваім намеснікам у Кіеве ён прызначыў ваяводу Дзмітрыя, які мужна бараніў горад ад войск хана Батыя. Пасля таго як Дзмітрый трапіў у палон, яго за асабістую мужнасць хан Батый адпусціў на волю.

Галіцка-Валынская зямля была адзінай дзяржавай на тэрыторыі сённяшняй Украіны, якая не была знішчана мангола-татарамі і заставалася моцнай еўрапейскай дзяржавай. У 1245-1246 гг. Данііл Раманавіч прызнаў уладу хана Батыя і атрымаў ярлык на вялікае княжанне. Ён заваяваў і далучыў да свайго княства землі яцвягаў на Заходнім Бугу. Ён заснаваў горад Львоў , а ў Камянцы, на Беларусі, у другой палове XIII ст. была збудавана Камянецкая вежа . Такая самая вежа была і ў Берасці. Князь выступаў за царкоўную унію з Рымам і таму ў 1253 г. ад Рымскага Папы атрымаў каралеўскую карону. Памёр у 1264 г.

8. Узнікненне Ноўгарадскай Рэспублікі

Старажытны Ноўгарад быў размешчаны на абодвух берагах ракі Волхава за 4 км ад упадзення яе ў возера Ільмень. У летапісах горад упершыню згадваецца пад 859 г. у сувязі з паданнем аб пакліканні ў горад князя Рурыка. Археолагі лічаць, што магчымай рэзідэнцыяй яго было Гарадзішча, якое знаходзіцца на правым беразе Волхава, за 3 км на поўдзень ад сучаснага Ноўгарада. Самыя старажытныя пласты ў горадзе, добра вывучаныя археолагамі, датуюцца пачаткам Х ст. Першая драўляная грэбля-маставая і стабільная забудова гарадскіх вуліц адносяцца да 40-х гадоў X ст. Ужо ў X ст. горад складаўся з трох кварталаў (канцоў), якія мелі назвы Славенскі, Людзін і Нярэўскі . У творы візантыйскага імператара Канстанціна "Аб кіраванні дзяржавай" , напісаным у 948-952 гг., ёсць звесткі пра Ноўгарад. Згадваюць пра яго і скандынаўскія сагі (пад назвай Хольмгард ).

Ужо ў X ст. горад займаў даволі вялікую тэрыторыю і быў значным рамесна-гандлёвым цэнтрам. Археолагі знайшлі пры раскопках шмат усходніх манет X ст., што сведчыць пра актыўныя гандлёвыя сувязі гараджан. Каля горада, там, дзе Волхаў выцякае з возера Ільмені, знаходзіцца пагорак Пярынь , дзе было капішча бога Перуна. У 1951-1952 гг. яно было раскапана археолагамі пад кіраўніцтвам Валянціна Сядова.

У цэнтры капішча была круглая пляцоўка дыяметрам 21 м, абмежаваная ровам шырынёй да 7 м і глыбінёй больш за 1 м. У цэнтры пляцоўкі знайшлі яму ад драўлянага слупа дыяметрам 0,6 м. Тут стаяў стод Перуна, які ў 988 г. ссеклі ды скінулі ў Волхаў. Перад ідалам быў ахвярнік - кола, выкладзенае з камянёў. Роў, выкапаны вакол капішча, меў звонку 8 акруглых выступаў і таму зверху капішча нагадвала вялікую кветку з васьмю пялёсткамі. У кожным з іх гарэў ахвярны агонь, які запальвалі падчас святаў. У XII-XIII стст. склаўся гістарычны цэнтр Ноўгарада. На пагорку, на левым беразе Волхава знаходзіўся ўмацаваны дзядзінец (крэмль), у якім у 1045-50 гг. быў збудаваны Сафійскі сабор. Таму гэтая частка горада называлася "Сафійскай стараною" . На правым беразе ракі знаходзілася "Гандлёвая старана" з торгам і Яраслававым дварышчам, дзе збіралася гарадское веча. У пачатку XI ст. абедзве часткі горада злучылі драўляным мостам.

Горад быў забудаваны двухпавярховымі драўлянымі дамамі. Людзі жылі на высокім другім паверсе, які абапіраўся на слупы. На першым паверсе былі склады, тут таксама трымалі птушак і дробную рагатую жывёлу. Дамы былі аздоблены разьбою, а вокны мелі шыбы, зробленыя са слюды. Горад меў драўляны водаправод і драўляныя маставыя. Археолагі вызначылі, што з X па XVI ст. яны налічылі 30 драўляных ярусаў, налепленых адзін на адным.

Абвяшчэнне незалежнасці Ноўгарада. Да другой чвэрці XII ст. Ноўгарадская зямля належала кіеўскаму князю, які пасылаў туды княжыць або сына, або бліжэйшага сваяка. З 1126 г. ноўгарадцы пачалі выбіраць пасадніка - прадстаўніка горада перад князем, а потым і тысяцкага - кіраўніка мясцовага апалчэння. У 1136 г. ноўгарадцы адмовіліся падпарадкоўвацца вялікаму кіеўскаму князю і абвясцілі незалежнасць. Сваю дзяржаву да канца XV ст. яны з гонарам называлі "Гаспадар Вялікі Ноўгарад". Межы дзяржавы даходзілі аж да Белага мора і астравоў у Ледавітым акіяне. З 1156 г. ноўгарадцы на вечы з ліку мясцовага духавенства выбіралі таксама свайго епіскапа. Для кіравання войскам (дружынай) яны запрашалі служылага князя, якому за службу добра плацілі, але ў любы момант маглі звольніць з гэтай пасады. З часоў Яраслава Мудрага князі жылі ў цэнтры горада, на тэрыторыі, што мела назву "Яраславава дварышча" . Пасля 1136 г. князям было забаронена жыць у горадзе, а на месцы, дзе стаяў іх палац, зрабілі плошчу для гарадскога веча. Археолагі ўстанавілі, што плошча для веча мела суцэльны драўляны насціл, які рэгулярна падмятаўся і быў чыстым, бо тут збіраліся тысячы чалавек.

Гарадскім судом кіравалі служылы князь і пасаднік - выбраны кіраўнік дзяржавы. Горад дзяліўся на сотні. Кожная сотня мела сваё мясцовае веча і выбарнага кіраўніка - соцкага . У сваю чаргу, сотня дзялілася на вуліцы, якімі кіравалі вуліцкія старасты. Вялікія кварталы горада - канцы, якія складаліся з сотняў і вуліц, мелі канчанскага старасту , канчанскае веча і канчанскую ўправу .

Агульнае веча збіраў князь, тысяцкі або пасаднік. Пра гэта званілі ў вечавы звон. На веча запрашаліся прадстаўнікі з Пскова і Ладагі, гарадоў, што ўваходзілі ў дзяржаву.

Пскоў. Другім паводле велічыні і значэння горадам, які да XIV ст. уваходзіў у Наўгародскую зямлю, быў Пскоў, заснаваны крывічамі. На тэрыторыі сённяшняй Пскоўскай вобласці крывічы з'явіліся ў VІІ - VIII стст. і дайшлі аж да паўднёвых берагоў Чудскога возера. Яны ўвесь час кантактавалі з мясцовымі фіна-ўгорскімі плямёнамі і таму склалі асобную групу пскоўскіх крывічоў, якія мелі пэўны тып жаночых аздобаў. Упершыню пскоўскія крывічы згадваюцца ў "Аповесці мінулых часоў" пад 859 г. у сувязі з іх сумесным паходам на Візантыю ў складзе войска кіеўскіх князёў Алега і Ігара. Пад 862 г. у летапісе згадваецца вараг Трувар , што пасяліўся сярод пскоўскіх крывічоў на гарадзішчы, якое ў яго гонар названа Труваравым. Пазней, у 1329 г. тут будуецца мураваная цвярдыня, што дайшла да нашых дзён і ўзнікае горад Ізборск , які ў канцы XIV - пачатку XV ст. меў пасады і гарадскі могільнік.

У VIII ст. узнікае гарадское паселішча пад назвай Пскоў, на высокай скале ў сутоцы рэчак Вялікай і Пскавы. Археолагі знайшлі ў гістарычнай частцы горада шматлікія рэшткі дахрысціянскіх ахвярнікаў, што стаялі цэлымі шарэнгамі. Яны мелі авальную форму, былі складзены з чыстага рачнога пяску і абкладзены па перыметры каменнымі плітамі. Побач ляжалі шкілеты коней, прынесеных у ахвяру. Такім чынам, горад быў буйным рэлігійным цэнтрам у крывіцкіх землях.

Першы раз у летапісе Пскоў згадваецца пад 903 г. З X ст. ён у складзе Кіеўскай Русі, а з XII ст. належыць Наўгародскай дзяржаве. У 1240 г. горад захапілі крыжакі, але ў 1242 г. яго вызвалілі войскі Ноўгарадскага князя Аляксандра Неўскага .

Самай старажытнай часткай горада з'яўляецца дзядзінец, што спачатку меў драўляныя, а потым (з XIII ст.) мураваныя ўмацаванні і атрымаў назву Пскоўскі Крэмль , або Кром . У плане гэта няправільны шматграннік, абнесены мурамі з вежамі, складзенымі з вапняковых пліт шэрага колеру. У сярэдзіне XIII ст. зрабілі мураваную паўднёвую частку сцяны Крома, так званыя Першы , ці Персі . Сцяна выходзіць на раку Вялікую, адкуль пачынаюцца ўмацаванні іншых гарадскіх кварталаў.

Раскапаныя археолагамі рэшткі першых дамоў гараджан уяўлялі сабою паўзямлянкі чатырохвугольнай формы памерам 3x3,5 м, заглыбленыя ў зямлю на 30-40 см. Сцены пабудоў былі абмазаныя глінай, яны ацяпляліся вогнішчамі, абкладзенымі камянямі.

У канцы XII ст. за рэчкай Вялікай, на адлегласці 1,5 км ад дзядзінца быў пабудаваны першы мураваны Спаса-Мірожскі сабор . Храм быў зроблены ў тэхніцы мяшанай муроўкі, дзе чаргаваліся рады тонкавй цэглы - плінфы і каменных пліт. Сабор быў распісаны ўнікальнмі фрэскамі. Яшчэ адзін прыгожы сабор, Раства Багародзіцы , быў пабудаваны ў 1310 г. у Снетагорскім манастыры. Храм быў складзены з каменных плітаў і меў шыкоўны фрэскавы роспіс.

Першым ноўгарадскім загарадным манастыром быў Юр'еў, дзе ў 1119 г. збудавалі Георгіеўскі сабор , які захаваўся да нашых дзён. З сярэдзіны XII ст. складаецца самастойная ноўгарадская будаўнічая школа. Ноўгарадскія дойліды будавалі невялікія чатырохслуповыя храмы. Заказчыкамі іх былі багатыя баяры ці жыхары асобнык канцоў ці вуліц. Храмы будавалі з мясцовага вапняку, а інтэр'еры распісвалі фрэскамі. Сярод іх вызначаецца ўнікальны храм Спаса-на-Нярэдзіцы (1198-1199 гг.).

У другой палове XII ст. дзве мураваныя царквы збудаваны ў горадзе Ладазе, які належаў Ноўгараду. Унікальныя фрэскавыя роспісы царквы Спаса-на-Нярэдзіцы, некаторых іншых ноўгарадскіх храмаў, а таксама царква св. Георгія ў Ладазе сведчаць аб існаванні самастойнай ноўгарадскай мастацкай школы манументальнага жывапісу . Аднак пасля 1240 г. да канца XIII ст. мураванае будаўніцтва ў Ноўгарадзе спыняецца. У 1951 г. археолагі знайшлі пры раскопках у Ноўгарадзе першую берасцяную грамату на маставой-грэблі XIV ст. Цяпер такіх грамат знойдзена болей за тысячу, і не толькі ў Ноўгарадзе, але і ў іншых гарадах, у тым ліку і на Беларусі. Гэта сведчыць пра тое, што жыхары ўсходнеславянскіх гарадоў, простыя рамеснікі ці купцы, умелі добра чытаць і пісаць і, пачынаючы з XII ст., выкарыстоўвалі для пісьма бяросту.

АСНОЎНЫЯ ТЭРМІНЫ

Агнішчанін - княжацкі дружыннік, які кіраваў дваром і слугамі.

Аркатура, аркатурны пояс (фрыз) (ням. Аrkatur) - рытмічны шэраг дэкаратыўных несапраўдных арак на фасадах будынкаў або на сценах унутры памяшканняў.

Волакі - назва месца найболынага збліжэння дзвюх суседніх рэк, якія ўпадалі ў розныя водныя сістэмы, па якому караблі перацягвалі (валаклі) з адной рэчкі ў другую або перавозілі грузы.

Даніна - натуральны аброк. На землях усходніх славян вядомы з ІX ст. як асноўны падатак насельніцтва на карысць дзяржавы, а тасама як падатак з заваяваных народаў.

Зямля - дзяржаўнае ўтварэнне ўсходніх славян ў XII-XIII стст.

Какошнік - паўкруглая ці кілепадобная архітэктурная дэталь, якая размяшчаецца (даволі часта ярусамі) каля асновы шатроў і барабанаў купалаў культавых будынкаў. Ужывалася таксама ў аздабленні фасадаў грамадскіх будынкаў у канцы XIX - пачатку XX стагоддзя.

Крыжова купапьная сістэма - архітэктурная сістэма (кампазіцыя), у якой да падкупальнай прасторы ў цэнтры храма звернутыя цыліндрычныя скляпенні галін крыжа, якія ў цэлым ствараюць крыжападобную структуру.

Літургія - набажэнства, у якім выкладаецца сутнасць асноўных ідэй хрысціянскага светапогляду.

Летапіс - гістарычны твор з апісаннем падзей па гадах.

Пасаднік - вышэйшая дзяржаўная пасада ў Ноўгарадзе.

Пісала - жалезная ці касцяная прылада для пісьма на бяросце.

Смерд - адносна вольны працаўнік-земляроб.

Смердзій халоп - паднявольны чалавек, які выконваў простую работу ў гаспадарцы феадала.

Снем - рада або з'езд усходнеславянскіх князёў.

Цівун - кіраўнік гаспадаркі феадала.

Чынш - грашовая рэнта.

НАЙВАЖНЕЙШЫЯ ПАДЗЕІ

882 г. - ноўгарадскі князь Алег захапіў Кіеў і стварыў Кіеўскую Русь.

968-969 гг. - кіеўскі князь Святаслаў знішчыў Хазарскі каганат.

988 г. - кіеўскі князь Уладзімір прыняў хрысціянства.

992 г. - утварэнне епархіі ў Полацку.

1005 г. - заснаванне Тураўскай епархіі.

1019-1054 гг. - княжанне Яраслава Мудрага ў Кіеве (пры ім была складзена "Русская Правда").

1037 г. - будаўніцтва Сафійскага сабора ў Кіеве.

Сярэдзіна XI ст. - будаўніцтва Полацкага і Ноўгарадскага Сафійскіх сабораў.

1044-1101 гг. - княжанне ў Полацку Ўсяслава Брачыславіча (Чарадзея).

1113-1125 гг. - княжанне ў Кіеве Ўладзіміра Манамаха.

1136 г. - утварэнне Ноўгарадскай феадальнай рэспублікі.

1199 г. - стварэнне Галіцка-Валынскага княства.

1253 г. - абвяшчэнне Рымскім Папам князя Галіцка-Валынскага княства Данілы Раманавіча каралём.

РАЗДЗЕЛ XI. КАЧЭЎНІКІ ПАЎДНЁВАЙ ЕЎРОПЫ X - XII стст. З'ЯЎЛЕННЕ Ў ЕЎРОПЕ МАНГОЛА-ТАТАРАЎ I СТВАРЭННЕ ЗАЛАТОЙ АРДЫ

1. Печанегі.

2. Полаўцы.

3. Сярэднявечны Крым. Гісторыя Херсанеса.

4. Тмутаракань.

5. Волжская Булгарыя.

6. Стварэнне Залатой Арды.

1. Печанегі

Печанегі - саюз качавых плямёнаў цюркскага паходжання ўтварыўся ў VIII-ІХ стст. У Еўропе печанегі з'явіліся ў другой палове IX ст. Каля 882 г. яны дайшлі да Крыма, а потым уступілі ў канфлікт з кіеўскімі князямі. Пасля разгрому хазарскай дзяржавы ў 965 г. печанегі занялі ўсе стэпы на захад ад Волгі. Гэта была вялікая тэрыторыя паміж Кіеўскай Руссю, Венгрыяй і Дунайскай Балгарыяй. Печанегі знішчылі паселішчы земляробаў: прыднястроўскіх славян (ціверцаў) і данскіх аланаў . У 968 г. яны аблажылі Кіеў, але былі разбітыя пад яго мурамі. У 972 г. хан печанегаў Кура каля дняпроўскіх парогаў знянацку напаў на вялікага князя Святаслава, забіў яго, а з яго чэрапа печанегі зрабілі чашу для віна. Кіеўскі князь Уладзімір ваяваў з печанегамі з пераменным поспехам. Ён збудаваў на стэпавай мяжы з печанегамі шэраг умацаваных паселішчаў, з якіх павінны былі своечасова паведамляць Кіеву пра набегі ворага.

У ХІ ст. печанегі мелі 13 плямёнаў і качавалі паміж Дунаем і Дняпром. Частка печанегаў каля 1009 г. прыняла іслам, а два заходнія племені колькасцю каля 20 тысяч чалавек, перайшлі Дунай, прызналі ўладу візантыйскага імператара і прынялі ўсходняе хрысціянства. Пазней каля 1048 г., вялікая група печанегаў да 80 тысяч чалавек на чале з ханам Цірахам перайшла Дунай і напала на балгарскія правінцыі Візантыі.

Некаторыя плямёны печанегаў удзельнічалі ў міжусобных войнах кіеўскіх князёў. У 1036 г. яны апошні раз аблажылі Кіеў, але былі разбітыя войскамі Яраслава Мудрага. Рэшткі былых печанегаў склалі новы качавы народ - берандзеяў , або чорных клабукоў .

Чорныя клабукі прызнавалі ўладу кіеўскіх князёў, жылі на поўдні Кіеўскай Русі і баранілі яе ад набегаў іншых качэўнікаў. Частка заходніх печанегаў пасля войнаў з Візантыяй прызнала яе ўладу і паступіла на вайсковую службу імперыі. Некаторыя плямёны печанегаў пачалі несці памежную службу пад загадам венгерскага караля. Пахаванні печанегаў знойдзены археолагамі на тэрыторыі Малдовы, Украіны і Валгаградскай вобласці Расіі. Гэта - невысокія курганы. Нябожчыка клалі галавою на захад. У магілах знаходзяць рэшткі галавы і ног каня, страмёны, шаблі, наканечнікі стрэлаў, падвескі ў выглядзе птушак, срэбныя бляшкі для ўпрыгожвання конскай вупражы, залатыя візантыйскія манеты. Захаваліся пісьмовыя сведчанні пра знешні выгляд печанегаў. Яны былі невысокага росту, мелі маленькія вочы, вузкі твар і цёмныя валасы. Мужчыны галілі свае бароды. Некаторыя даследчыкі лічаць, што нашчадкамі печанегаў з'яўляецца невялікі народ гагаузы , які жыве ў Малдове.

2. Полаўцы

Гэта вялікі качавы народ цюркскага паходжання. Арабы і персы называлі іх кыпчакамі , а візантыйцы - куманамі . У пачатку XI ст. полаўцы з-за Волгі прыйшлі ў прычарнаморскі стэп, адкуль выгналі печанегаў і яшчэ адных качэўнікаў - торкаў . Потым яны перайшлі за Днепр дайшлі да дэльты Дуная. Іх землі ішлі ад Дуная да Іртыша ў Сібіры. Палавецкля зямля ў кіеўкіх крыніцах завецца "поле Палавецкае" . У 1055 г. іх атрады ўпершыню з'явіліся каля межаў Кіеўскай Русі. У 1061 г. яны разбілі дружыну князя Ўсевалада Яраславіча і разрабавалі Пераяслаўскую зямлю. У 1068 г. іх войскі на Альце разбілі аб'яднанае войска Яраславічаў, а ў 1078 г. забілі кіеўскага князя Ізяслава. Полаўцы часта бралі ўдзел у міжусобных войнах мясцовых князёў, якія часта запрашалі іх у саюзнікі і нават бралі шлюб з дочкамі палавецкіх ханаў.

У пачатку XII ст. частка полаўцаў перасялілася на Каўказ, за Волгу і Дон. Полаўцы пайшлі на службу да грузінскага цара Давіда і дапамаглі яму выгнаць з краіны туркаў-сельджукаў. Аднак пасля смерці Ўладзіміра Манамаха полаўцы зноў актыўна ўдзельнічаюць у міжусобных войнах кіеўскіх князёў і прымаюць удзел у разгромах Кіева ў 1169 і 1203 гг. Некаторыя палавецкія ханы нават прымаюць хрысціянства.

У 1091 г. полаўцы разам з князем Васількам дапамаглі Візантыі разбіць і знішчыць арду печанегаў, а потым прынялі ўдзел у міжусобнай вайне на тэрыторыі Візантыі, але былі разбітыя і вярнуліся ў свой стэп.

Полаўцы, пачынаючы з 1186 г., дапамагалі балгарам атрымаць незалежнасць ад Візантыі і былі часткаю войска цара Івана Асеня І. Яны займалі высокія пасады ў Другім Балгарскім царстве і служылі ў балгарскім войску. У бітве пад Андрыянопалем яны разбілі войскі IV Крыжовага паходу і ўзялі ў палон імператара Лацінскай імперыі. Аднак у ХШ ст. полаўцаў разбілі войскі мангола-татараў, спачатку на Доне, потым на рэчцы Калцы і ў 1229 г. на Урале.

Пасля еўрапейскага паходу хана Батыя (1236-1242 гг.) полаўцы страцілі сваю незалежнасць і ўвайшлі ў склад новай дзяржавы - Залатой Арды. Некаторыя з іх нават дабраліся да Егіпта і служылі ў егіпецкім войску.

Шматлікія палавецкія плямёны аб'ядноўваліся ў вялікія племянныя саюзы са сваімі прымітыўнымі гарадамі, дзе яны зімавалі. У канцы XI ст. гэтыя саюзы ўтварылі асобныя орды. Арда дзялілася на курані - аб'яднанні блізкіх і далёкіх сваякоў. Курэнь меў сваю тэрыторыю, дзе яго насельнікі зімавалі і качавалі летам. Насельніцтва арды складала каля 100 тысяч чалавек. У першай палове XII ст. існавала ад 12 да 15 палавецкіх ордаў. Некаторыя орды аб'ядноўваліся ў саюзы на чале з каганам , які меў вялікую ўладу. У полаўцаў ужо былі свае феадалы, простыя качэўнікі (пастухі) і нявольнікі (ваеннапалонныя). Некаторыя пастухі траплялі таксама ў феадальную залежнасць ад мясцовай знаці і гублялі асабістую свабоду. Асновай гаспадаркі полаўцаў была жывёлагадоўля. Яны разводзілі буйную рагатую жываёлу, авечак, коней і вярблюдаў. Мелі яны і прымітыўныя гарады, дзе зімавалі. Адзін такі горад, Шарукань, знаходзіўся на месцы сённяшняга Харкава і быў сталіцай заходніх полаўцаў. У ежу яны ўжывалі мяса, малако і проса, а іх улюбёным напоем быў кумыс . Апраналіся яны ў кашулі, кафтаны і скураныя штаны. Хатнімі справамі займаліся жанчыны.

Полаўцы мелі культ Тэнгры - хана ( Вечнага Сіняга Неба ). Галоўнай багіняй была Умай - багіня-Зямля. Галоўная татэмная жывёла, як і ў крывічаў - воўк. Іх святары былі шаманы, якіх яны называлі словам "Кам" (адсюль паходзіць слова "камланне"). Шаманы лекавалі людзей, гадалі і былі ў вялікай пашане.

Захавалася шмат палавецкіх курганоў XII-XIIІ стст. Курганы часта абкладаліся камянямі. Побач з нябожчыкам часта клалі і яго каня з сядлом і конскай збруяй. Цікавым помнікам палавецкага мастацтва з'яўляюцца скульптуры, "каменныя бабы" , выявы полаўцаў - як мужчын, так і жанчын. Іх ставілі на высокіч пагорках ці курганах каля стэпавых дарог. Гэта былі выявы ханаў, бекаў і іх жонак. Гэтым стодам прыносілі ахвяры. У музеях Расіі маецца больш за 700 такіх скульптур.

У палавецкім войску служылі ўсе мужчыны, якія маглі ваяваць. Гэта былі вершнікі, узброеныя крывымі шаблямі, дроцікамі і лукамі. Яны насілі вопратку з авечых шкурак і мелі па некалькі коней. Таксама на ўзбраенні ў іх былі арканы і дзіды. Ханы кіравалі дружынамі, якія складалі цяжкаўзброеныя вершнікі ў кальчугах, панцырах і шаломах. За войскам ішлі вялікія абозы. Прычым некаторыя павозкі былі прыстасаваныя для абароны і мелі арбалеты.

Полаўцы спрычыніліся да фармавання такіх народаў, як казахі, татары, крымскія татары, кіргізы, узбекі, нагайцы, башкіры і інш.

3. Сярэднявечны Крым. Гісторыя Херсанеса

Пасля распаду Рымскай імперыі паўднёвая частка Крыма з горадам Херсанесам апынулася ў складзе Візантыі. Ужо ў III ст. н. э. большую частку Крыма захапілі готы, але Херсанес ацалеў. У V ст. н. э. візантыйскі імператар Зянон пазбавіў Херсанес феадальнай незалежнасці і непасрэдна ўключыў яго ў склад сваёй імперыі і ўжо ў 489 г. загадаў адрамантаваць гарадскія ўмацаванні.

У сярэдзіне VI ст. у горадзе збудавалі прыморскую абарончую сцяну і некалькі новых хрысціянскіх храмаў-базілік. З V ст. у візантыйскіх крыніцах замест назвы Херсанес пачынае ўжывацца назва Херсон . Войскі Візантыі вярнулі ў сваю дзяржаву ўвесь паўднёвы Крым - ад Херсона да Керчанскага праліва. Жыхары Херсона займаліся рамёствамі, промысламі і транзітным гандлем. З імперыі прывозілі на рынкі Херсона шоўк, парфуму, дарагі посуд і ювелірныя вырабы. Усё гэта з задавальненнем куплялі суседзі - качэўнікі, якія прывозілі на продаж футра, скуры, хатніх жывёл і палонных у якасці нявольнікаў. Жыхары Херсона здабывалі сoль і таксама выгадна яе прадавалі. Ганчары выраблялі цэглу і дахоўку, керамічныя трубы для вадаправодаў, гліняныя бочкі ( піфасы ) і тарны посуд ( амфары ).

Горад быў чыстым і прыгожым, добра працавалі лазні, каналізацыя і вадаправод. Мураваныя дамы былі накрытыя дахоўкай, некаторыя з іх мелі разны мураваны дэкор. Гараджане былі пісьменнымі і нават мелі бібліятэкі, што складаліся з рукапісных пергаментных кніг. Сюды даволі часта з Канстанцінопаля імператары адпраўлялі ў высылку сваіх ворагаў - як свецкіх, так і духоўных.

У VII ст. значную частку Крыма засялілі протабалгары. Іхнія паселішчы археолагі знайшлі ў Горным Крыме, на Керчанскім паўвостраве і ў іншых месцах. Балгары, якія ў другой палове VII ст. прыйшлі ў Крым з Прыазоўя, прынеслі свой тып жытла - паўзямлянку з купаладобным дахам . У VIII ст. у Крым пераехала шмат грэкаў з Малой Азіі. У першай палове VIII ст. яны заснавалі горад Сугдэю - вялікі марскі порт, праз які ішоў гандаль віном, разлітым у амфары мясцовай вытворчасці. Гэтыя амфары траплялі далёка на Поўнач, нават даходзілі да Гнёздава.

У 861 г. у Херсон прыехалі з дыпламатычнай місіяй браты Кірыл і Мяфодзій, якія павінны былі наведаць Хазарскі каганат. Каб мець зносіны з хазарамі браты вывучалі хазарскую і яўрэйскую мовы, а таксама пазнаёміліся са славянскай грамадой Херсона. Тут яны пабачылі евангелле і Псалтыр "рускімі пісьмёнамі пісаныя", аднак што гэта за "пісьмёны", цяпер невядома.

У 987 г. у Візантыі пачаўся рокаш супраць імператара Васілія II, і паўстанцы захапілі значную частку краіны. Тады імператар папрасіў дапамогі ў кіеўскага князя Ўладзіміра і за гэта паабяцаў выдаць за яго сваю сястру Ганну. Дзякуючы дапамозе Ўладзіміра Васілій II перамог і захаваў сваю ўладу, а Ўладзімір пакінуў сваю жонку полацкую князёўну Рагнеду, ад якой меў шмат сыноў. АлеВасілій II забыўся на сваё абяцанне, і тады Ўладзімір вырашыў захапіць Херсон, які славяне называлі Корсунь. Пасля доўгай аблогі (дзевяць месяцаў) горад быў захоплены, і Ўладзімір зноў запатрабаваў у Васілія шлюбу з ягонай сястрой. Той тады прапанаваў Уладзіміру ахрысціцца, і ён з гэтым пагадзіўся. Ганна прыехала ў Херсон, Уладзімір узяў хрост і павянчаўся з прынцэсай. З Херсона ён забраў у Кіеў хрысціяінскія рэліквіі і нават антычныя скульптуры, якія потым паставіў у Кіеве. Пазней у Крым прыйшлі спачатку печанегі, а потым полаўцы, але Херсона яны не чапалі і актыўна гандлявалі з яго насельнікамі У XIII ст. у Крым прыйшлі мангола-татары, якія не раз рабавалі і Херсон. У 1350 г. Херсон трапіў пад уладу генуэзцаў і прыйшоў у заняпад. Канчаткова горад апусцеў у сярэдзіне XV ст.

4. Тмутаракань

Горад быў заснаваны на Таманскім паўвостраве грэкамі з вострава Лесбаса ў VI ст. н. э. і спачатку меў назву Германаса. Потым ён увайшоў у склад Баспорскага царства. У VI ст. Баспор стаў часткай Візантыйскай імперыі. Неўзабавае горад захапілі войскі Цюркскага каганата, і ён атрымаў назву Тументархан . У ІХ-Х стст. ён стаў хазарскім і часам меў назву Самкерц. Горад быў добра ўмацаваны, і тут жылі грэкі, армяне, хазары і аланы. Сярод іх былі хрысціяне, іўдзеі і язычнікі. Жыхары ў асноўным займаліся гандлем, а таксама вінаробствам.

Пасля разгрому Хазарыі горад перайшоў пад уладу Кіева, стаў сталіцай Тмутараканскага княства і пачаў называцца Тмутаракань. Княства існавала з другой паловы X і ў XI стст. У яго тэрыторыю акрамя Таманскага паўвострава ўваходзіла і частка паўднёвага Крыма з горадам Керчу, які славяне называлі Корчаў . Горад меў добры порт, і праз яго ішоў гандаль Кіева з Візантыяй і народамі Паўночнага Каўказа. З 988 па 1036 гг. княствам кіраваў сын полацкай Рагнеды Мсціслаў Уладзіміравіч, які ў 1022 г. збудаваў у Тмутаракані царкву Багародзіцы . Княства было самастойнай дзяржавай пры князі Расціславе з 1064 па 1066 гг. У 1068 г. князь Глеб змерыў адлегласць ад Тмутаракані да Корчава, пра што сведчыць надпіс на Тмутараканскім камені. З 1083 па 1094 г. горад быў пад кантролем Візантыі, пра што сведчаць надпісы на пячатках чарнігаўскага князя Алега. Пасля 1094 г. пра Тмутаракань кіеўскія летапісцы ўжо не згадваюць.

У візантыйскіх крыніцах XII ст. горад як візантыйскае ўладанне мае назву Таматарха . Візантыі ён належаў да 1204 г. У ХІІІ-ХV стст. гэта - калонія Генуі, якая называецца Матрэга . Адначасова з Генуяй горадам кіруюць адыгейскія князі. У 1475 г. горад захапілі туркі.

5. Волжская Булгарыя

У 965 г. пасля знішчэння Хазарскага каганата падначаленая яму Булгарыя стала незалежнай краінай. У 922 г. булгары прымаюць іслам, а іх кіраўнік прымае тытул эміра . У 1006 г. Кіеў заключыў з Волжскай Булгарыяй гандлёвую дамову, у адпаведнасці з якою булгарскія купцы маглі вольна гандляваць на Ацэ і Волзе, а кіеўскія - у Булгарыі. У ХІ - пачатку ХІІІ стст. булгары з пераменным поспехам ваююць з суздальскімі і ўладзімірскімі князямі. У 1223 г., калі войскі мангола-татараў пасля перамогі над Кіевам і полаўцамі ішлі праз землі булгар, яны былі разбітыя іх войскам. Аднак ужо ў 1229 г. булгары і полаўцы атрымалі паразу ад мангола-татараў на рэчцы Ўрале.

У 1236 г. армія манголаў на чале з Субэдэем разграміла ўсю краіну, спаліла іх гарады і забіла шмат людзей. Пасля чарговых паходаў манголаў у 1239 і 1240 гг. уся тэрыторыя Волжскай Булгарыі увайшла ў склад Залатой Арды. Аднак у XV ст. булгары аднавілі сваю дзяржаўнасць у выглядзе Казанскага ханства са сталіцай у г. Казань.

Першай сталіцай Булгарыі быў горад Булгар , сённяшні горад Болгар у Татарстане. У XII ст. сталіцай стаў Біляр .

Згодна з падлікамі навукоўцаў насельніцтва краіны складала 1,5 - 2 млн. чалавек. Волжскія булгары сталі продкамі сучасных казанскіх татараў і чувашоў.

6. Стварэнне Залатой Арды

Назва краіны "Залатая Арда" ўпершыню згадваецца ў 1566 г. у рускім творы "Казанская гісторыя" . У персідскіх ці золатаардынскіх крыніцах краіна называецца "Ўлус" . Слова "арда" тут мае значэнне як стаўка ці парадны лагер кіраўніка краіны. У славян "ардой" спачатку называлі войска, але на мяжы ХІІІ-ХІV стст. гэта ўжо краіна. Заходнееўрапейскія крыніцы гэтую краіну ведалі пад назвай "краіна татар", "зямля татар" або проста "Татарыя". Кітайцы далі манголам назву "татары", або "тартар". Пачатак стварэння Залатой Арды гісторыкі адносяць да 1224 г., калі Чынгісхісхан падзяліў сваю імперыю паміж сынамі. У гонар сына Чынгісхана Джучы яго краіну пачалі называць Улус Джучы . Пасля заходняга паходу (1236-1242 гг.) сына Джучы Бату (Батыя) Улус Джучы пашырыўся на захад, і яго цэнтрам стала Ніжняя Волга.

Пасля смерці Бату правадыром імперыі стаў яго брат Берке (1257-1266), які яшчэ ў маладосці прыняў іслам. Гэта дапамагло яму атрымаць падтрымку ўплывовых мусульманскіх колаў Волжскай Булгарыі і Сярэдняй Азіі. Шмат якія адукаваныя мусульмане зрабіліся дзяржаўнымі чыноўнікамі, што ўмацавала новую дзяржаву. У ардынскіх гарадах будуюць мячэці і мінарэты, медрэсэ і караван-сараі. Сталіцай дзяржавы стаў горад Сарай-Бату , каля Астрахані. Пазней сталіцай быў Сарай-Берке (магчыма, гэта быў той самы горад). Берке запрасіў з Персіі і Егіпта навукоўцаў, багасловаў і паэтаў, а з Харэзма - рамеснікаў і купцоў. У часы ўладарання наступнага хана, Менгу-Цімура (1266-1282), Улус Джучы канчаткова стаў незалежным ад цэнтральнага ўрада ў Манголіі. Адбылося гэта ў 1269 г. Пасля смерці Менгу-Цімура і міжусобнай барацьбы паміж рознымі кланамі да ўлады ў 1299 г. канчаткова прыйшоў хан Тахта . Да 1240 года мангола-татары ўключылі ў склад Залатой Арды паўночна-ўсходнія і паўднёвыя землі былой Кіеўскай Русі. Найбольш пацярпелі землі будучай Расійскай дзяржавы, дзе з 1240 па 1480 гг. устанавілася панаванне, ці іга мангола-татараў - вялікіх ханаў Залатой Арды. Каб лягчэй было кіраваць, вялікія ханы Залатой Арды падзялілі захопленыя землі на невялікія ўдзельныя княствы, якія былі золатаардынскімі васаламі Каб распараджацца сваім удзелам, удзельны князь павінен быў прасіць у вялікага хана дазвол на кіраванне сваім княствам. Гэты дазвол у выглядзе спецыяльнай дазвольнай граматы меў назву ярлык . Галоўны ярлык хан даваў Уладзімірскаму князю, які ў сваю чаргу меў уладу над іншымі ўдзельнымі князямі. Ярлык на вялікае Ўладзімірскае княжанне даваў дазвол на збор даніны з мясцовага насельніцтва ў казну Залатой Арды. Гэтая даніна мела назву "выхад" . Непасрэднымі прадстаўнікамі хана Залатой Арды былі яго намеснікі - баскакі , якія мелі карныя вайсковыя атрады дзеля кантролю за зборам даніны. Татары перапісалі ўсё насельніцтва і ўстанавілі памер даніны для кожнага чалавека. Першы ярлык на вялікае княжанне атрымаў Аляксандр Неўскі, які на той час быў пераяслаўскім князем.

АСНОЎНЫЯ ТЭРМІНЫ

Амфара - таўстасценная гліняная пасудзіна з высокім вузкім горлам і дзвюмя ручкамі, прызначаная для транспартавання і захоўвання віна, алею, іншых вадкасцей. На тэрыторыю Беларусі амфары прывозіліся ў асноўным з грэцкіх калоній у Крыме.

Арда - 1) Дзяржава, саюз плямёнаў у старажытных цюркскіх народаў. 2) Цюркскае войска, якое нападала на славянскія землі.

Кальчуга - від засцерагальнага ўзбраення. Уяўляе сабой сплеценую з металічных кольцаў кашулю.

Каменная баба - скульптурная выява палавецкіх язычніцкіх багоў.

Курэнь - аб'яднанне некалькіх сваяцкіх сем'яў у полаўцаў, балгар і іншых качавых народаў.

Печанегі - саюз качавых плямёнаў, які склаўся ў VIII-IX стст.

Полаўцы (кыпчакі, куманы) - качавы народ цюркскага паходжання.

Улус - 1) Аўтаномная частка мангольскай імперыі, дзяржава. 2) Пасяленне, стойбішча ў народаў Цэнтральнай і Сярэдняй Азіі, Сібіры.

Хан - тытул феадальнага правіцеля ў народаў Усходу ў эпоху Сярэднявечча, а таксама асоба, якая мела гэты тытул.

Чорныя клабукі - мірныя цюркі, народ, які жыў на паўднёвых межах Кіеўскай Русі і служыў у войску кіеўскіх князёў.

НАЙВАЖНЕЙШЫЯ ПАДЗЕІ

882 г. - печанегі дайшлі да Крыма.

968 г. - аблога Кіева войскам печанегаў.

972 г. - забойства печанегамі кіеўскага князя Святаслава.

988 г. - кіеўскі князь Уладзімір захапіў у Крыме візантыйскі горад Херсанес (Корсунь).

1010 г. - частка печанегаў прыняла іслам, а другая частка - праваслаўе ад Візантыі.

1036 г. - аблога печанегамі Кіева і іх разгром князем Яраславам Мудрым.

1046-1047 г. - уварванне печанегаў у Балгарыю і вайна з Візантыяй.

1055 г. - з'яўленне полаўцаў каля межаў Кіеўскай Русі.

1185 г. - няўдалы паход кіеўскага князя Ігара Святаслававіча на полаўцаў.

1186 г. - з'яўленне полаўцаў у Балгарыі.

1223 г. - бітва на р. Калцы.

1236-1242 гг. - еўрапейскі паход хана Батыя.

1240 г. - спусташэнне Кіева войскамі Батыя.

1266 г. - утварэнне Залатой Арды.

РАЗДЗЕЛ XII. ТЭЎТОНСКІ ОРДЭН I ЗАВАЯВАННЕ НАРОДАЎ ПРЫБАЛТЫКІ. УТВАРЭННЕ ВКЛ

1. Балцкія і фіна-ўгорскія плямёны Прыбалтыкі ў ІХ-ХІІ стст.

2. Славянская каланізацыя. Гарадзенскае княства.

3. З'яўленне крыжакоў на землях Латвіі і Эстоніі. Ордэн мечаносцаў.

4. Тэўтонскі ордэн ў XIII ст.

5. Утнарэнне ВКЛ. Старажытны Наваградак.

6. Княжанне Віценя.

I. Балцкія і фіна-ўгорскія плямёны Прыбалтыкі ў ІХ-ХІІ стст.

На тэрыторыі сённяшняй Эстоніі ў Высокім Сярэднявеччы жылі фіна-ўгорскія плямёны, у асноўным гэта продкі сённяшніх эстонцаў. Уздоўж Рыжскага заліва жылі лівы - таксама фіна-ўгорскі народ. На тэрыторыі Латвіі былі паселішчы вялікіх балцкіх плямёнаў куршаў, зямгалаў, селаў. Іншыя балцкія плямёны насялялі тэрыторыю Прусіі і Літвы - гэта прусы, жэмайты (жмудзь), аўкштайты, галінды, куршы і яцвягі. На тэрыторыі Беларусі жылі балцкія плямёны яцвягаў, летапіснай літвы і дайнавы. Усе вышэйзгаданыя народы і плямёны ў Х-ХІІ стст. былі язычнікамі і верылі ў розных багоў, а таксама пакланяліся розным прыродным з'явам. Так, у нямецкіх крыніцах ХVІ-ХVІІ стст. захаваліся звесткі пра прускіх багоў. Пад свяшчэннымі дубамі ў прусаў стаялі ідалы (стоды). Сярод іх галоўнымі былі бог падземнага свету - Пакулас , бог маланак і грому - Пяркунас і бог збожжа - Патрымпас . Абслугоўвалі святыя месцы прусаў святаркі- вайдэлоткі . Галіцка-Валынскі (Іпацьеўскі) летапіс пад 1252 г. згадвае пра чатырох балцкіх багоў. Пра дахрысціянскія традыцыі сведчаць латышскія і літоўскія народныя песні-дайны. Продкі латышоў, якія былі земляробамі, верылі ў нябеснага айца, або Божаньку. Яго ўяўлялі як добрага дзядулю, які ходзіць па зямлі, дапамагае добрым людзям і карае злосных. Верылі таксама ў Юміса - бога ўраджаю, і ў Маці-зямлю - багіню падземнага свету. У лясоў была Маці лесу , а ў мора - Маці мора . Пакланяліся Сонцу, заступніку сіротаў, і Месяцу, богу вайны. Лёс чалавека вызначала багіня Лайма . Народным летнім святам было "Ліга" , якое адпавядае беларускаму Куплллю. У Х-ХІІ стст. прыбалтыйскія народы актыўна ўдзельнічалі ў міжнародным гандлі. У якасці грошай выкарыстоўваліся срэбныя зліткі, арабскія і заходне-еўрапейскія манеты. Народы, якія жылі на берагах Балтыйскага мора, былі добрымі мараплаўцамі і мелі свае караблі. Яны гандлявалі бурштынам, воскам, мёдам і футрам. З бурштыну ў Заходняй Еўропе выраблялі ўпрыгожванні, а з воску - свечкі, неабходныя ў часы набажэнства. Таксама славіліся мячы, якія выраблялі куршы. У XII ст. шмат якія прыбалтыйскія народы былі ў стадыі пераходу ад першабытнага ладу да феадальнай дзяржавы. Яны ўжо падзяляліся на багатых і бедных, мелі протагарады - умацаваныя гарадзішчы, дзе жылі іх князі і племянная знаць. Князі мелі свас вайсковыя дружыны, з якімі яны нападалі на суседзяў, у тым ліку і на славянскія землі. Самымі ваяўнічымі з іх былі эсты, куршы, прусы і летапісная літва.

2. Славянская каланізацыя. Гарадзенскае княства

У ІХ-Х стст. суседзямі прыбалтыйскіх народаў сталі славяне, як заходнія, так і ўсходнія. Актыўную ролю ў славянізацыі Прыбалтыкі адыграў ноўгарадскі, а потым кіеўскі князь Яраслаў Мудры. Каля 1030 г. ён далучыў да Кіеўскай Русі частку земляў паўднёвай чудзі (эстаў) і заснаваў тут сваю калонію, горад Юр'еў (цяпер Тарту). Таксама ён ажыццявіў паход супраць яцвягаў і ў 1044 г., калі верыць летапісу, заснаваў горад Наваградак. Гандлёвы шлях па Заходняй Дзвіне кантралявалі полацкія князі, якія заснавалі тут два васальныя княствы Гсрцыке і Кукенойс, а пазнсй, у басейне Нёмана Крывічгорад - будучую Вільню. З поўдня ў басейн Нёмана прыйшлі дрыгавічы і валыняне. Як сведчаць археолагі, у канцы X - пачатку XI стст. славяне ў Верхнім Панямонні заснаналі чатыры вялікія гарады: Гародню, Услонім (Слонім), Ваўкавыск і Наваградак. У XII ст. тут узнікае новае Гарадзенскае княства , якое карыстаецца падтрымкай кіеўскіх князёў. Першым самастойным гарадзенскім князем быў Усевалодка (1116-1141). які ў 1127 г. браў удзел разам з кіеўскімі князямі ў паходзе на Полацк. Сталіцай новай дзяржавы стаў славянскі горад, які атрымаў назву Горадзень , ці Гародня (сучаснае Гродна). Спачатку гэта быў драўляны дзядзінец, з XII ст. узнікае пасад, а пад 1128 г. у летапісе Гародню ўжо называюць горадам. Неўзабаве яна стала цэнтрам удзельнага княства.

Акрамя драўлянага, у Гародні вядзецца і мураванае будаўніцтва. У цэнтры дзядзінца ў другой палове XIІ ст. будуецца мураваная царква, якую цяпср называюць Ніжняй. Рэшткі яе муроў выяўлены падчас археалагічпых пошукаў у 30-я - 40-я гг. XX ст. Пазней былі збудаваныя і іншыя храмы, княжацкі палац (хорам) і мураваныя абарончыя збудаванні на гарадзенскім дзядзінцы. З іх да нашага часу дайшла славутая Барысаглебская (Каложская) царква XII ст.

Вельмі вялікую ўвагу гарадзенскія дойліды надавалі ўпрыгожанню фасадаў. Вонкавая паверхня муроў Ніжняй царквы з чырвонай плінфы аздоблена ўмураванымі шліфаванымі камянямі, паліванымі пліткамі і керамічнымі чашамі. Асабліва старанна падабраны гранітныя або гнейсавыя валуны розных колераў і адценняў - ад шэравата ружовых да чырванавата фіялетавых. З першага погляду размешчаныя нібыта хаатычна, яны ў сапраўднасці старанна падабраныя паводле колеру, формы і велічыні. Аздоба ў выглядзс крыжоў ці ромбаў выканана з паліваных керамічных плітак зялёнага і карычневага колсру.

Спалучэнне чырвонага фону цаглянай муроўкі з рознакаляровымі керамічнымі пліткамі і паліраванымі камянямі шматлікіх адценняў надавала будынкам храмаў і княжацкага палаца асаблівую прыгажосць. Такая сістэма аздобы фасадаў, упершыню распрацаваная гарадзенскімі дойлідамі, стала адной з адмстных рысаў самастойнай архітэктурнай школы , што склалася ў Гарадзенскім княстве.

Акрамя Гародні, гарадзенскія майстры, відаць, ставілі збудаванні і ў іншых гарадах княства. Археолагамі знойдзены рэшткі недабудаванага храма XII ст. у Ваўкавыску. Зроблены толькі падмурак бажніцы, якая мелася быць з шасцю слупамі і трыма апсідамі Каля падмурка знойдзена шмат вялікіх гранітных камянёў самага рознага колеру і адценняў з адпаліраванай паверхняй. Будаўнікі, відаць, меркавалі аздобіць камянямі фасады храма накшталт Каложскай, або Ніжняй, царквы. Чаму будоўля была раптоўна спынена, можна толькі здагадвацца.

Гарадзенскія майстры будавалі не толькі бажніцы. Яны паставілі мураваны княскі палац , рэшткі якога захаваліся на Замкавай гары ў Гародні. Хутчэй за ўсё ён быў двухпавярховы, фасады аздабляліся ў традыцыях гарадзенскай архітэктурнай школы валунамі і маёлікай.

Аўтарам кнігі падчас раскопак у 80-я гг. мінулага стагоддзя на замкавым дзядзінцы ўдалося знайсці рэшткі абарончага мура, зробленага з цэглы (плінфы). Даўжыня мура магла дасягаць 45 м пры вышыні 5-6 м і шырыні 1,5 м. Аналагаў ёй цяпер у краіне фактычна няма. Вядомыя толькі летапісныя звесткі, што падобны мур існаваў на пачатку XIII ст. у ваколіцах Кіева - у Выдубіцкім манастыры. Цяпер цяжка з пэўнасцю казаць аб канкрэтным выкарыстанні велічнага збудавання, але, несумненна, яно было шматфункцыянальным і (акрамя абарончага прызначэння) ўнесла своеасаблівасць у непаўторны архітэктурны ансамбль дзядзінца.

3. З'яўленне крыжакоў на землях Латвіі і Эстоніі. Ордэн мечаносцаў

У канцы XII ст. нямецкія купцы актыўна гандлявалі з лівамі і мават мелі свае паселішчы ў вусці Дзвіны. Напрыканцы XII ст. сюды разам з купцамі прыехаў каталіцкі місіянер Мейнхард . Аднак лівы плацілі даніну полацкаму князю. Місіянер атрымаў у полацкага князя Ўладзіміра дазвол пасяліцца ў паселішчы Ікшкілі . Пасля атрымання дазволу місіянер збудаваў тут мураваны замак. За гэта Рымскі Папа надаў яму сан біскупа на землях ліваў. Пасля смерці Мейнхарда біскупам стаў Бертальд , які арганізаваў крыжовы паход супраць ліваў. Аднак лівы яго забілі. Наступны біскуп Альберт прынёз з сабою шмат крыжаносцаў і прымусіў ліваў прымаць хрост. На месцы паселішча ліваў у 1201 г. і быў заснаваны горад Рыга.

У 1202 г. быў створаны новы крыжацкі Ордэн мечаносцаў начале з магістрам. Захапіўшы землі ліваў, Альберт з крыжаносцамі напаў на селаў і аблажыў іх галоўную цвердзь Селпілс . Пасля доўгай абароны селы здаліся і паабяцалі хрысціцца і плаціць падаткі. Потым настала чарга і латгалаў. Крыжаносцы напалі і на полацкія калоніі, спачатку на Кукенойс, а потым - на Герцыке. Князь Кукенойса Вячка спачатку разбіў крыжаносцаў, а потым са сваімі людзьмі адступіў у зямлю эстаў у горад Юр'еў. Там ён гераічна загінуў пры абароне горада. У 1209 г. крыжаносцы захапілі і Герцыке, забраўшы сабе землі і гэтага княства. Пасля доўгага супраціву ў 1214 г. латгалы здаліся. Тады Альберт дамовіўся з каралём Даніі, каб той напаў на суседніх эстаў з поўпачм а сам ударыў па іх з поўдню. Такім чынам была захоплена і зямля эстаў. Актыўны супраціў крыжаносцам аказалі куршы. У 1210 г. караблі куршаў напалі на караблі крыжаносцаў і разбілі іх у марской бітве, потым яны пайшлі на Рыгу, але захапіць моцную цвердзь не здолелі. Доўга ваявалі з крыжаносцамі і зямгалы. У 1228 г. яны разам з куршамі зноў напалі на Рыгу, але зноў безвынікова. У 1236 г. у Рыгу прыплылі атрады новых крыжаносцаў-крыжакоў, якія напалі на жмудзінаў. Аднак тыя ў ваколіцах Шаўляя ноччу атакавалі крыжацкі лагер і знішчылі заваёўнікаў. Пасля гэтай паразы Ордэн мечаносцау быў ліквідаваны, а яго рэшткі пад назовам Лівонскі ордэн сталі васаламі іншага, Тэўтонскага ордэна. У 1242 г. войскі Ноўгарада разбілі лівонцаў на Чудскім возеры і спынілі іх наступ у свае земні. Зямгалы і куршы яшчэ доўга біліся з крыжакамі. Першымі ў 1267 г. канчаткова здаліся куршы. У 1290 г. зямгалы пакінулі сваё апошняе ўмацаванае гарадзішча і адступілі на тэрыторыю ВКЛ.

Заваяваныя крыжакамі землі атрымалі назву Лівонія . Яны былі падзеленыя паміж біскупамі і Лівонскім ордэнам. Рыцары ордэна давалі прысягу не браць шлюб, не мець маёмасці і ваявацьз язычнікамі. У склад ордэна ўваходзілі сапраўдныя браты - знатныя рыцары, якія мелі права насіць белую накідку з чорным крыжам, іх слугі - паўбраты , якія мелі шэрыя накідкі, і святары . Былі і найміты - ратнікі . Кіраўніком ордэна быў магістр , якога абіралі пажыццёва Рэзідэнцыямі магістра былі замкі ў Рызе ці ў Цэсісе. Памочнікам магістра і кіраўніком войск быў маршал, які жыў у замку Сігулды. Ордэн меў 60 замкаў, у якіх былі ордэнскія браты з ратнікамі. Замкамі кіравалі комтуры ці фогты Кожны замак быў цэнтрам вясковай акругі. Невялікія зямельныя надзелы за службу ордэн даваў у карыстанне і мясцовым жыхарам, якіх звалі лейманамі . За атрыманую ў карыстанне зямлю лейман павінен быў са сваім канём і ўласнай зброяй ісці ў вайсковыя паходы разам з крыжакамі. Біскупы не мелі свайго войска, і таму ўсю сваю зямлю на васальных умовах яны раздавалі рыцарам, якія збіралі падаткі і судзілі мясцовых сялян. На загад біскупа рыцары са сваімі атрадамі павінны былі ісці на вайну.

4. Тэўтонскі ордэн у XIII ст.

Вытокі ордэна сягаюць у 1129 г., калі ў Ерусаліме ўзніклі шпіталь і капліца пры ім у гонар св. Панны Марыі. Паступова вакол гэтага шпіталя ўзнікла рыцарскае аб'яднанне, якое ў 1190 г., падчас аблогі крыжаносцамі горада Акры з дапамогай швабскага князя Фрыдрыха ІІ стварыла новы, Тэўтонскі (або Нямецкі), ордэн. Неўзабаве Рымскі Папа зацвердзіў яго статут, складзены на аснове статутаў ордэнаў іанітаў і тампліераў. Сябры новага ордэна насілі белую рызу з чорным крыжам. Новых сяброў у ордэн бралі толькі з нямецкай шляхты даўняга роду.

У 1192 г. Папа Цэлесцін III і германскі імператар Генрых VI канчаткова зацвердзілі ордэн, які ў якасці духоўных патронаў абраў панну Марыю і св. Юрыя. Ордэн меў права валодаць усімі землямі, якія здабудзе ў няверных. Першым магістрам Ордэна стаў Генрых Вальпот . Ордэн складаўся з трох катэгорый сяброў: рыцараў-шляхціцаў, апранутых у чорную туніку і белы плашч з чорным крыжам на левым плячы; святароў-ксяндзоў, якія даглядалі хворых, вялі набажэнствы і былі капеланамі ў войску, і службовых братоў, якія насілі шэрыя плашчы з выявай "паўкрыжа" (у выглядзе літары Т). Службовыя браты былі збраяносцамі рыцараў ці наёмнымі жаўнерамі, у войску мелі функцыі падафіцэраў. Таксама яны кіравалі гаспадаркай Ордэна (кузнямі, стайнямі, фальваркамі і шпіталямі).

Войска Ордэна мела дысцыплінаваныя вайсковыя адзінкі, што складаліся з прафесійных ваяроў. Крыжакі мелі добрую выведку і ўмелі будаваць і здабываць мураваныя замкі. Кіраваў Ордэнам вялікі магістр (гохмайстар) , якога выбірала пажыццёва ордэнская рада (капітупа) . Капітула складалася з краёвых магістраў (ландмайстраў) , чыноў Ордэна і сяброў сталічнага канвента . Канвент - гэта орган мясцовага кіравання, у які ўваходзілі рыцары, святары і службовыя браты. Дзяржава Тэўтонскага ордэна дзялілася на акругі - камтурыі , на чале з комтурамі, якія мелі вялікую ўладу і самастойнасць.

У пачатку XIII ст. Ордэн запрасілі ў Еўропу, каб ваяваць з язычнікамі. Спачатку, у 1211 г. гэта зрабіў венгерскі кароль у Сяміградзе, каб ваяваць з качэўнікамі. Рыцары адбілі напады качэўнікаў, але потым венгерскі кароль адабраў у іх падараваныя землі, і Ордэн мусіў з Венгрыі сысці. Наступным, хто звярнуўся па дапамогу да крыжаносцаў, стаў мазавецкі князь Конрад, на землі якога ўвесь час нападалі ваяўнічыя прусы. За дапамогу ён абяцаў Ордэну Хэльмінскую зямлю і ўсе іншыя землі, якія ордэнцы адбяруць у язычнікаў-прусаў. На славянскіх землях крыжаносцаў пачалі называць крыжакамі.

У 1226 г. імператар Фрыдрых II пацвердзіў сваім актам абяцанні Конрада. Гістарычную Прусію складала 12 вобласцяў, населеных рознымі балцкімі плямёнамі. Акрамя прусаў, тут жылі скальвы , ламаты і яцвягі . Але іншыя плямёны прызнавалі панаванне на гэтых землях прусаў як больш моцнага племені. Глебы ў Прусіі былі ўрадлівыя, тут было шмат лясоў, дзе вадзіліся туры, ласі і буйвалы. Прусы актыўна гандлявалі бурштынам і футрам. З 1230 года крыжакі грунтоўна пасяліліся на новым месцы. Першы свой замак яны збудавалі з дапамогай Конрада на высокай гары на левым беразе Віслы і назвалі яго Фогельзангам . У 1231 г. крыжакі на месцы прускага капішча, дзе стаяў святы дуб, заклалі замак і горад Торунь . У 1237 з'явіўся Эльбланг , у 1239 - Балга , і г. д. У XIII ст. крыжакі спачатку будавалі драўляна-земляныя замкі, а пазней - у XIV ст. - мураваныя. Прусы зацята абараняліся, аднак спыніць павольны, але няспынны наступ крыжакоў на свае землі не змаглі.

У 1254 г. крыжакі захапілі яшчэ адну прускую зямлю Самбію, дзе ў 1255 г. збудавалі замак Кёнігсберг . Аднак у верасні 1260 г. прусы паўсталі. Яны палілі касцёлы, капліцы, дамы хрысціян, забівалі святароў. Некаторых палонных прыносілі ў ахвяру сваім багам. Так яны спалілі разам з канём у поўным узбраенні палоннага рыцара крыжака. Сабраўшы вялікую дапамогу ў Германіі, крыжакі на працягу 14 гадоў паступова здушылі паўстанне прусаў. Шмат прусаў уцякло з сем'ямі на Беларусь і пасялілася ў ваколіцах Гародні. Апошняй у 1283 г. крыжакамі была заваявана Судовія .

Забраныя землі засялялі нямецкія каланісты, але мясцовыя жыхары, якія прымусова сталі каталікамі, яшчэ да XVI ст. захоўвалі элементы паганства і прускую мову. Заваяваных балтаў падзялілі на дзве групы: вольныя і нявольныя. Тыя, якія не здрадзілі крыжакам падчас паўстання, мелі больш правоў і маглі жыць у гарадах. Былыя паўстанцы зрабіліся нявольнымі халопамі, жылі толькі ў вёсках і працавалі на нямецкіх паноў, якія да 1350 г. актыўна засялялі прускія землі.

Да 1410 г. Прусія ўжо мела 93 гарады і каля 1400 новых вёсак. Захапіўшы Прусію, крыжакі напалі на Літву, але ў 1259 г. ля возера Дурбе былі разбітыя. Узмацніўшыся пасля 1283 г. яны аб'явілі вайну новай дзяржаве ВКЛ і пасля смерці князя Войшалка прад'явілі прэтэнзіі на беларускія землі. Неўзабаве яны зруйнавалі Гародню. У 1291 г. крыжаносцы страцілі апошні горад у Палесціне, Акру, і Тэўтонскі ордэн канчаткова перабраўся ў Прусію. Сталіцай Прусіі ў 1303 г. стаў горад і замак Марыенбург (Мальбарк).

5. Утварэнне ВКЛ. Старажытны Наваградак

Гісторыю ВКЛ трэба пачынаць з гісторыі Наваградка, які ў другoй палове XII - пачатку XIII стст. зрабіўся буйным гандлёвым і рамесным цэнтрам і на пачатку XIII ст. стаў сталіцай асобнага ўдзельнага княства. Цікава, што гэта адзіны вялікі беларускі горад, які не стаіць на рацэ. Ад Наваградка да Нёмана адлегласць складае каля 20 км. Горад узнік у канцы X - пачатку XI стст. і ў XII ст. складаўся з дзядзінца на сённяшняй Замкавай Гары, вакольнага горада (на ўзвышшы Малы замак), пасада і курганнага магільніка ў ваколіцах горада. Археолагі раскапалі рэшткі вялікіх дамоў драўляна-глінабітнай канструкцыі плошчай 70 -100 м 2. Пры іх пабудове выкарыстоўвалі камень-вапняк і цэглу. Унікальная з'ява для беларускага горада - гэта зашклёныя вокны, аналагічныя вокнам тагачасных храмаў. Сцены адной з пабудоў XII ст. былі атынкаваныя знутры і распісаныя фрэскамі. Значыць, тут жылі вельмі багатыя людзі і, магчыма, мясцовыя князі. Пры раскопках Наваградка сабралі ўнікальную калекцыю візантыйскага і ўсходняга шклянога посуду з розных мусульманскіх краін, зробленага у майстэрнях Сірыі і Ірана. Паводле колькасці прывазных імпартных рэчаў (шоўк, бурштын, ювелірныя вырабы), Наваградак не мае сабе роўных не толькі сярод беларускіх гарадоў, але і шмат якіх гарадоў усёй былой Кіеўскай Русі. У горадзе таксама захавалася Барысаглебская царква XII ст., у будаўніцтве якой прынялі ўдзел віцебскія і полацкія будаўнікі. Таму не выпадкова, што менавіта вакол Наваградка пачало ўзнікаць новае дзяржаўнае ўтварэнне, якое спачатку мела розныя назвы: "Літва"( "Літоўскае княства", "княства Літоўскае і Наваградскае" і нават "Вялікае княства Наваградскае". У XX ст. у сувязі з рознай палітычнай кан'юктурай было шмат спрэчак аб месцазнаходжанні і лакалізацыі "летапіснай Літвы" . Тэрмін "Літва" ўпершыню згадваецца ў нямецкіх пісьмовых крыніцах пад 1009 г. Большасць беларускіх даследчыкаў, пачынаючы з Міколы Ермаловіча, лічаць, што племя "літва" і яго тэрыторыя была на балцка-славянскім памежжы і займала паўночны захад сучаснай Беларусі і паўднёвы ўсход сучаснай Літвы. Прычым кожны гісторык па-рознаму вызначаў межы гэтага балцкага этнасу. У 40-я гг. XIII ст. наваградскія баяры запрашаюць на пасаду князя Міндоўга, які быў адным з князёў суседняй Літвы.

У 1235 г. летапіс пісаў пра "Літву Міндоўга" . У 1246 г. ён прымае праваслаўную веру, каб стаць наваградскім князем, і далучае да наваградскай зямлі землі свайго племені. Так і ўзнікла на мапе Еўропы Вялікае Княства Літоўскае .

А цяпер пагаворым пра сталіцу ВКЛ. Беларускія і польскія гісторыкі лічаць першай сталіцай ВКЛ Наваградак ( Навагрудак ). Літоўскія даследчыкі імкнуцца пра Наваградак у сваіх працах не згадваць. У адной са сваіх калектыўных прац па гісторыі Літвы, перакладзенай на розныя замежныя мовы, у тым ліку на беларускую, яны пішуць, што ў 1219 г. Літва была яшчэ не дзяржавай, а толькі канфедэрацыяй земляў, якая не мела аднаго валадара. У гэты час Міндоўг быў толькі чацвёртым сярод старэйшых князёў. Літоўская дзяржава на чале з Міндоўгам утварылася, на іх думку, каля 1240 г. Каб замацаваць сваю ўладу, у 1251 г. ён пахрысціўся, аддаўшы крыжакам за гэта вялікую частку Жамойці, і 6 ліпеня 1253 г. стаў каралём. У 1264 г. гаспадаром Літвы стаў сын Міндоўга Войшалк, які прыняў праваслаўную веру, а землі (у гэтым выпадку Наваградак, куды Войшалка пасадзіў бацька) далучыліся да Літоўскай дзяржавы.

На мапе Старадаўняй Літвы яны паказваюць аб'яднаныя Міндоўгам землі балтаў, дзе пазначана Вільня, а потым, далучаную Міндоўгам Чорную Русь, але Наваградак тут не пазначаны зусім,

Беларускі даследчык Мікола Ермаловіч лічыў, што Міндоўг фактычна не быў стваральнікам ВКЛ, і не ён зрабіў сваёй сталіцай Наваградак (Новагародак), а сам Наваградак выбраў яго сваім князем. Ермаловіч аспрэчвае сцверджанне тых гісторыкаў, якія лічаць, што сталіцай Міндоўга была Вільня, а не Наваградак. Даследчык прыводзіць на карысць першай сталіцы ВКЛ Наваградка і тапанімічныя звесткі. У Наваградку ёсць гара Міндоўга і гай Міндоўга.

Маладая дзяржава сутыкнулася з моцным супернікам, які таксама меў планы на Панямонне, а менавіта з Галіцка-Валынскім княствам. У 1248 г. валынцы напалі на Наваградскую зямлю і спустошылі яе. Каб адбіць нападнікаў, Міндоўг мусіў заключыць ваенны саюз з Лівонскім ордэнам, прыняць каталіцтва і ў 1252 ці ў 1253 г. стаў каралём, атрымаўшы карону ад Рымскага Папы. Аднак сярод літоўскай знаці ўзнікла змова супраць Міндоўга, і адзін з іх, Даўмонт, забіў Міндоўга, а потым з дружынай уцёк у Пскоў, дзе стаў служылым князем і прыняў праваслаўе.

Уладу ў Наваградку пераняў сын Міндоўга Войшалк, які быў праваслаўным і заснаваў у ваколіцах горада Лаўрышаўскі манастыр Кіраваў ён дзяржавай нядоўга - з 1264 па 1267 год. Заключыўшы саюз з галіцка-валынскімі князямі, ён у 1267 г. перадаў уладу свайму сваяку, галіцкаму князю Шварну (1267-1270), але неўзабаве быў забіты другім галіцка-валынскім князем, братам Шварна, Львом Данілавічам, які быў абураны, што Войшалк перадаў уладу не яму.

Пазней, пасля смерці Шварна, князем ВКЛ стаў Трайдэн (Трайдзень) (1270-1282). Ён адмовіўся ад саюзу з галіцка-валынскімі князямі і даў прытулак уцекачам ад нападаў крыжакоў з Прусіі Гэта не спадабалася крыжакам, і яны пачалі вайну з ВКЛ, што доўжылася болей за сто гадоў. У канцы XIII ст. згадваюцца наступнын князі ВКЛ: Будзікід, потым яго брат Будзівід, а яшчэ пазней - яго сын Віцень.

6. Княжанне Віценя (1295-1316)

Дзякуючы Віценю ў 1296 г. быў прыняты гістарычны герб Беларусі - славутая Пагоня . Віцень значна пашырыў межы ВКЛ. У 1307 г. было далучана на правах аўтаноміі Полацкае княства, а ў 1315 г. - Берасцейская зямля. Віцень праводзіў актыўную знешнюю палітыку, ваяваў з палякамі і крыжакамі. Віцень распачаў будаўніцтва мураваных замкаў у ВКЛ, як перашкоду і абарону ад крыжацкіх нападаў. Магчыма, што менавіта ён на мяжы XIII і XIV стст. збудаваў Медніцкі і Крэўскі замкі. Паводле летапісных крыніц вялікі князь Віцень загінуў ад удару маланкі. Менавіта пры ім працэс станаўлення і ўмацавання ВКЛ стаў незваротным.

АСНОЎНЫЯ ТЭРМІНЫ

Вітынгі - вольныя прускія сяляне на службе ў ордэнскім замку.

Канвент - рада, якая складалася з 12 ордэнскіх рыцараў пад кіраўніцтвам комтура.

Комтур - ордэнскі чыноўнік высокага рангу. Кіраўнік комтурства, адміністрацыйнай адзінкі крыжацкага ордэна.

Комтурскі замак , або замак канвента - галоўны замак комтурства, рэзідэнцыя комтура і канвента.

Крыжак - удзельнік крыжовых паходаў заходнееў-рапейскіх рыцараў у ХІІІ-ХV стст. на славянскія і балцкія землі

Латгалы - усходнебалцкае племя, якое жыло побач з крывічамі.

Лівонія - зямля ліваў. Пазней - назва тэрыторый Латвіі і Эстоніі, заваяваных крыжаносцамі-крыжакамі.

Лівы - племя фіна-ўгорскага паходжання, якое плаціла даніну Полацку.

Магістр - кіраўнік ордэна, які выбіраўся пажыццёва.

Ратнікі (альбо кнехты) - наёмныя ваяры ордэна.

Прусы - група плямён, народ заходнебалцкай моўнай групы.

Фогт - кіраўнік замка.

НАЙВАЖНЕЙІІІЫЯ ПАДЗЕІ

1009 г . - першая згадка пра Літву ў пісьмовых крыніцах.

1201 г. - заснаванне г. Рыгі.

1202 г. - стварэнне ордэна мечаносцаў.

1209 г. - крыжаносцы захапілі г. Герцыке - калонію Полацка.

1230 г . - з'яўленне Тэўтонскага ордэна на мяжы Мазовіі і Прусіі.

1236 г. - Рымскі Папа абвясціў крыжовы паход супраць балцкіх плямёнаў.

1235 г. - бітва пад Саўле, разгром крыжакоў.

1237 г. - ордэн мечаносцаў стаў васалам Тэўтонскага Ордэна.

1253 г. - каранацыя князя ВКЛ Міндоўга ў Наваградку.

1255 г. - заснаванне г. Кёнігсберга.

1264 г. - забойства Міндоўга - пачатак княжання яго сына Войшалка.

1270 г. - заснаванне замка Марыенбург (будучая сталіца Ордэна).

1295-1315 гг. - уладаранне ў ВКЛ князя Віценя.

1296 г. - князь Віцень зацвердзіў дзяржаўны герб ВКЛ "Пагоню".

РАЗДЗЕЛ XIII. КУЛЬТУРА СЯРЭДНЯВЕЧЧА

1. Раманскі стыль (ХІ-ХІІ стст.).

2. Еўрапейская готыка XII-XIII стст.

3. Уплыў асноўных рэлігій на ўжыванне ежы і напояў.

4. Адзенне еўрапейцаў.

5. Штодзённае жыццё еўрапейцаў.

6. Сістэма адукацыі і развіццё навукі.

1. Раманскі стыль (ХІ-ХІІ стст.)

Раманскі стыль як стыль заходнееўрапейскага мастацтва (каля 950-1250 гг.) прыйшоў на змену каралінгскаму мастацтву. Спачатку гэта была тэрыторыя паўночнай Італіі, Францыі і Заходняй Германіі. Пазней гэты стыль распаўсюдзіўся і на іншыя еўрапейскія краіны і нават дайшоў да краін Усходняй Еўропы. Грунтам гэтага стылю былі антычныя, візантыйскія, мусульманскія і французскія культурныя традыцыі. У Беларусь раманскі стыль пранікаў праз кантакты з Польшчай і Галіцка-Валынскім княствам. Назва гэтага стылю паходзіць ад лацінскага слова Rоmа - Рым, бо абрысы раманскіх помнікаў дойлідства нагадвалі антычныя рымскія будынкі. Раманскія будынкі мелі тоўстыя муры, вузкія вокны і базілікальную планіроўку.

Базілікі раманскай эпохі мелі паўцыркульныя арачныя скляпенні, цяжар якіх пераходзіў на сцены. Часам гэтыя сцены ўмацоўваліся слупамі - контрфорсамі. Галоўны ўваход храма (партал) знаходзіўся ў заходняй сцяне храма, а насупраць яго быў алтар. Ад раннехрысціянскай базілікі раманскі храм запазычыў такія элементы дэкору, як мазаіку (Італія) і насценны жывапіс (Германія і Францыя). Самыя элегантныя раманскія будынкі знаходзіліся ў Італіі. Гэта, напрыклад, капліца, сабор і "падаючая" вежа ў горадзе Пізе. Асноўным заказчыкам і апекуном раманскага стылю стала каталіцкая царква, асабліва шматлікія манаскія ордэны. Найлепшыя будаўнікі, муляры, дойліды, рэзчыкі па камені, скульптары, пазалотчыкі і перапісчыкі кніг былі манахамі. Толькі ў XI ст. з'явіліся гарадскія свецкія вандроўныя будаўнічыя арцелі, а заказчыкамі ў іх найчасцей была царква. Мураваныя будынкі кляштараў будаваліся ў асноўным у вясковнй мясцовасці, пераважна на ўзгорках каля ракі. Яны панавалі над ваколіцай і былі бачныя здалёк. Адным з такіх комплексаў было знакамітае абацтва Клюні. Другім відам раманскага будынка быў мураваны рыцарскі замак з высокай вежай (данжонам), які быў добра ўпісаны ў прыродны рэльеф. Усе будынкі будаваліся з добра апрацаваных каменных блокаў.

Пры аздабленні храмаў выкарыстоўвалі вітражы . Яны ўстаўляліся або ў звычайныя ваконныя праёмы, або ў круглае акно - ружу, якое знаходзілася над галоўным парталам. У аснове канструкцыі раманскага храма былі магутныя тоўстыя муры, якія падтрымліваліся аркамі і слупамі, а таксама іншымі архітэктурнымі дэталямі, што выконвалі апорныя функцыі. Дзеля большай трываласці будынка дойліды павялічвалі таўшчыню і моц муроў: менавіта на іх канцэнтравалася асноўная ўвага. Унутры некаторых раманскіх храмаў будаваліся падземныя памяшканні "крыпты", якія ўяўлялі сабою капліцу пад алтарнай часткай храма. Там знаходзіліся пахаванні святых пакутнікаў і свецкіх магнатаў, у тым ліку і каралёў.

У раманскім стылі выконваліся творы жывапісу і скульптуры. Асноўная тэма раманскага мастацтва - розныя біблійныя сюжэты і асабліва выявы Ісуса Хрыста. Асноўны від раманскай скульптуры - гэта рэльеф (разьба па камені). Асноўным відам жывапісу была фрэска.

Раманскае мастацтва на ўсходнеспавянскіх землях. Напрыканцы XI ст. менскі князь Глеб Усяславіч вырашыў збудаваць першы мураваны храм у Менску. Паколькі ён не вельмі сябраваў з Кіевам і нават Полацкам, яму давялося запрасіць будаўнікоў не з гэтых гарадоў, а з Польшчы. Замежныя майстры пачалі будаваць на гарадскім дзядзінцы невялікі крыжова-купальны храм з трыма апсідамі і чатырма ўнутранымі слупамі. Сцены храма таўшчынёй 1,5 м былі зроблены з абчасаных камянёў на вышыню больш за 1 м. Аднак будоўля не была скончана, і Менск яшчэ доўгі час заставаўся без мураванага храма. Варожыя адносіны з Кіевам былі і ў князя невялікага Перамышльскага княства Валадара . Ён таксама звярнуўся да польскіх майстроў, якія каля 1119 года пабудавалі ў горадзе Перамышлі царкву Іаана Хрысціцеля . Пазней, у 40-я гг. XII ст., у горадзе Галічы ўзнікла цэлая архітэктурная школа, заснаваная на раманскай будаўнічай традыцыі. Так, галоўны храм, Галіча, Успенскі сабор , быў аздоблены каменнай разьбой антрапаморфнага і зааморфнага характару. Акрамя крыжова-купальных храмаў, у ваколіцах Галіча будаваліся храмы цэнтрычнага тыпу - ратонды (круглыя ў плане) і квадрыфоліі (чатырохпялёсткавыя ў плане). Падобныя храмы існавалі ў Венгрыі, суседняй краіне Галіцкай дзяржавы.

У 40-я гг. XII ст. раманскія будаўнічыя традыцыі з'яўляюцца ў паўночна-ўсходніх славянскіх княствах. Князь Юрый Даўгарукі, які варагаваў з Кіевам, запрасіў у сваё княства галіцкіх майстроў. Яны збудавалі сабор у горадзе Пераяслаўлі-Залескім і царкву Барыса і Глеба ў ваколіцах Суздаля. Пабудовы выкананы ў цудоўнай белакаменнай тэхніцы з разнымі дэталямі. Наступны князь, Андрэй Багалюбскі, у дадатак да мясцовых будаўнікоў папрасіў імператара Фрыдрыха Барбаросу даслаць раманскіх дойлідаў, і яны прыехалі ва Ўладзімір ажно з Паўднёвай Германіі або з Паўночнай Італіі. Так у 60-я гг. XII ст. ва Ўладзіміра-Суздальскай зямлі склалася ўнікальная будаўнічая арганізацыя, у якой разам працавалі заходнееўрапейскія, галіцкія і мясцовыя майстры.

2. Еўрапейская готыка XII-XIII стст.

Готыка - мастацкі стыль, характэрны для Заходняй, Цэнтральнай і часткова Ўсходняй Еўропы ХІІ-ХVІ стст. Ён знайшоў увасабленне ў многіх сферах тагачаснага культурнага жыцця і, у першую чаргу, у архітэктуры і выяўленчым мастацтве. Гатычнае мастацтва адлюстравала шэраг змен тагачаснага еўрапейскага грамадства: буйны рост і эканамічную моц гарадоў, іх цягу да незалежнасці, узнікненне цэнтралізаваных дзяржаў, высокі ўзровень будаўнічай тэхнікі і рамёстваў. Асноўным элементам гатычнай канструкцыі быў каркас з каменю , які пазбаўляў пабудову грувасткасці збудаванняў раманскага стылю. Разам з тым шмат якія будынкі, што будаваліся на працягу доўгага часу, спалучалі ў сабе рысы раманскага стылю і готыкі - як, напрыклад, знакаміты Домскі сабор у Рызе .

Творцы готыкі зрабілі сапраўдную рэвалюцыю ў тагачасннай архітэктуры, настолькі ўдасканаліўшы апорную сістэму будынка, што яна атрымала поўную самастойнасць. Цяжар і распор скляпення праз вонкавыя паўаркі-аркбутаны перадаваліся на спецыялыныя апорныя (часта шматступенныя) слупы-контрфорсы. Гатычныя саборы былі вельмі высокія і мелі добрае асвятленне, дзякуючы вялікім і выцягнутым угору спічастым вокнам.

Калі вышыня сярэдняга нефа аднаго з самых першых помнікаў готыкі - Сабора Парыжскаіі Божай маці - была 35 м, то ў Рэймскім саборы яна дасягнула 38 м, а ў Ам'енскім - 42 м. Усе ўнутранныя, слупы гатычных храмаў у выглядзе пучка тонкіх калон уверсе пераходзілі ў спічастыя аркі нясучых рэбраў ( нярвюраў ) вельмі тонкага крыжовага скляпення.

Узнікшы ў Францыі, гатычны стыль распаўсюдзіўся і на іншыя еўрапейскія краіны, асаблівага росквіту дасягнуўшы ў Германіі і Скандынавіі. У XVIII ст. гатычнае мастацтва разглядалася ўжо як прымітыўнае, "варварскае" і проціпастаўлялася італьянскаму рэнесансу. Толькі ў XIX ст. вучоныя і мастацтвазнаўцы цалкам перагледзелі стаўленне да яго, бо готыка была сапраўднай раніцай еўрапейскай цывілізацыі, прадвеснем і асновай пазнейшага рэнесансу.

Калі на поўдні, асабліва ў Францыі, гатычныя будынкі будаваліся з абчасаных камянёў амаль без ужывання цэглы, то на ўзбярэжжы Балтыйскага мора, дзе не было запасаў будаўнічага каменю, яны былі цалкам цагляныя. Цагляная готыка больш, чым мураваная, увабрала мясцовыя будаўнічыя традыцыі і таму праіснавала даўжэй, нарадзіўшы да XV ст. у кожнай краіне нацыянальную плынь.

Яскравым прыкладам ранняй готыкі на беларускіх землях з'яўляецца Камянецкая вежа , збудаваная ў другой палове XIII ст. Пры яе будаўніцтве дойліды ўпершыню ў Беларусі выкарысталі элементы цаглянай готыкі: спічасты праём, нервюрнае скляпенне з кранштэйнамі на пятым паверсе, тынкаваную нішу, пояс з пакладзеных "на вугал" цаглін. Акрамя храмаў і абарончых збудаванняў у стылі готыкі будаваліся жылыя дамы, ратушы, гарадскія вежы і гандлёвыя будынкі. У XIII ст. назіраецца росквіт гатычнага мастацтва. У першую чаргу гэта вітражы, рэльефная разьба і скульптура. Акрамя традыцыйных біблійных сюжэтаў у храмавым дэкоры можна пабачыць сцэнкі з гарадскога жыцця, выявы рыцараў і каралёў ды казачных жывёлаў.

У эпоху готыкі ў заходнееўрапейскай царкоўнай музыцы пачалі адчувацца новыя павевы. Набажэнствы з часам усё часцей суправаджаліся спевамі аднаго ці некалькіх хароў, нярэдка пад акампанемент фісгармоніі , а пазней і аргана . Узнікла самая ранняя форма еўрапейскай шматгалоснай музыкі пад назвай арганум . Першымі вядомымі аўтарамі арганумаў былі французскія кампазітары і выканаўцы Леанін і Ператын , якія жылі і тварылі ў другой палове XII - пачатку XIII стст.

Англійскі кампазітар і музычны тэарэтык Джон Данстэйбн (каля 1380-1453) быў аўтарам шэрагу духоўных кампазіцый, найперш у жанры трохгалоснага матэта .

У сваю чаргу, паэт і кампазітар, канонік Рэймскага сабора Гіём дэ Машо (каля 1300-1377) стварыў жанр шматгапоснай свецкай балады , спалучыўшы ў ёй партыі спевакоў з музычным акампанементам.

3. Уплыў асноўных рэлігій на ўжыванне ежы і напояў

Колькасць насельніцтва Еўропы пасля рэзкага спаду V-VІІ стст. павялічвалася марудна. Навукоўцы лічаць, што да XI ст. на Брытанскіх астравах жыло каля 2 млн. чалавек, у Італіі і Фрапцыі - па 6 млн, на Пірэнейскім паўвостраве - больш за 4 млн, у краінах Скандынавіі - 1 млн, у Германіі - 3,5 млн, на Балканах - 2-4 млн чалавек. На мяжы X і XI стст. колькасць насельніцтва, дзякуючы пэўнай эканамічнай і палітычнай стабільнасці, павялічылася на 20-40 %. Да канца XIII ст. насельніцтва Еўропы, асабліва Заходняй, працягвала павялічвацца. Тым не менш голад быў звычайнай з'явай. Так, нават ва ўрадлівай даліне Рэйна неўраджаі і голад паўтараліся кожныя 3-4 гады. У XI ст. у розных раёнах Германіі было да 62 галодных гадоў. Людзі вельмі залежалі ад прыроды і любое стыхійнае бедства прыводзіла да голаду. Сярэдняя працягласць жыцця складала каля 40-50 гадоў для мужчын і 35 гадоў для жанчын. Траціна дзяцей не дажывала да 12-15 гадоў. Да 50 гадоў дажывала толькі чвэрць людзей, у асноўным з заможных пластоў грамадства. Каля паловы мужчын па розных прычынах не ўступалі ў шлюб. Гэта былі вайскоўцы, асабліва рыцары крыжаносцы, манахі, святары, работнікі і вучні цэхаў і г. д. У гэты час у Заходняй Еўропе склалася малая індывідуальная сям'я. Гэта бацькі і нежанатыя дзеці, у сярэднім да 5 чалавек. Гаспадарка вялася пераважна малымі сем'ямі, а родзічы дапамагалі ў выключных выпадках. У шлюб людзі ўступалі рана, асабліва ў вёсках. Шлюбны ўзрост для дзяўчат пачынаўся з 12 гадоў, для хлопцаў - з 14-15 гадоў. Харчаванне розных пластоў грамадства было розным. Сяляне ўжывалі мяса толькі па святочных днях, а звычайна елі хлеб, розныя кашы, сыры, яйкі, садавіну і гародніну. На поўначы Еўропы багатыя людзі ўжывалі сметанковае масла, а на поўдні - аліўкавы алей. Шмат ужывалі рыбы, асабліва ў прыморскіх вёсках. Замест цукру ўжывалі мёд. З зерня варылі піва і шмат яго ўжывалі; з яблыкаў рабілі сідр. Было шмат таннага віна, але доўга захоўваць яго не ўмелі. Стратэгічным таварам была соль, якую мусілі купляць усе пласты насельніцтва.

Вялікі ўплыў на харчаванне еўрапейскіх народаў аказвалі сусветныя рэлігіі, якія ўводзілі для сваіх вернікаў строгую сістэму пастоў. Пост - гэта рэлігійная забарона на ежу наогул або на некаторыя яе віды. Так, праваслаўная царква практыкуе шматдзённыя і аднадзённыя пасты, якія складаюць больш за 200 дзён у год. Самыя доўгія пасты - гэта вялікі пост перад Вялікаднем (17 тыдняў) і перад Божым Нараджэннем (6 тыдняў). Аднадзённыя пасты - гэта кожныя серада і пятніца . У гэтыя дні забаранялася любая мясная ежа і нават малочная. Каталіцкая царква дазваляе ўжываць малочныя прадукты падчас посту.

Яшчэ большыя абмежаванні ў ежы мелі каталіцкія манахі. Да XIII ст. ім (акрамя цяжкахворых) забаранялася есці мяса чатырохногіх жывёлін". Таму палову дзён у годзе каталікі павінны былі замест мяса есці рыбу. Так, каталіцкая царква Англіі забараняла па пятніцах і да позняга вечара па суботах і серадах есці мяса, яйкі і нават малочныя прадукты. Адзінай прыправай да ежы, якая прывозілася ў Еўропу з Азіі, быў перац , які шырока ўжываўся. Iўдзеі не мелі права, як і мусульмане, ужываць у ежу свініну. Таксама іўдзеі мелі як агульныя грамадскія пасты, якія павінны былі адначасова выконваць усе яўрэі, так і індывідуальныя (паводле зароку і ў дзень гадавіны смерці бацькоў). У ісламе галоўны пост - Ураза , які адбываецца на працягу месяца рамадана . Есці і піць у гэты месяц можна толькі ноччу. Выключэнне - толькі хворыя, малыя дзеці і цяжарныя жанчыны. Вандроўнікі і вайскоўцы мелі права перанесці гэты пост на іншы месяц. Іслам забараняе сваім вернікам ужываць віно ды іншыя алкагольныя напоі.

4. Адзенне еўрапейцаў

Пад уплывам рэлігіі ў перыяд Сярэднявечча склаўся новы эстэтычны ідэал чалавека як аскета , які адмовіўся ад багацця і розных патрэб зямнога жыцця. Тым не менш, у ХІ-ХІІ стст. у Заходняй Еўропе склаўся рыцарскі культ "прыгожай" ці нават "прыўкраснай" , дамы, жанчыны, якая мае доўгія залацістыя валасы, зялёныя ці блакітныя вочы, вясёлыя вусны з усмешкай, падобныя на свежы персік. Самай моднай кветкай робіцца ружа. Ружамі аздаблялі абедзенныя сталы, пялёсткі ружаў плавалі ў кубках з віном, у модзе былі вянкі з ружаў, якія насіла моладзь. Аднак прымітыўная вопратка, што склалася яшчэ ў антычных традыцыях, панавала ў шырокіх народных масах аж да XII ст. У XI-XII стст. адзенне падзяляецца на мужчынскае і жаночае, якія істотна адрозніваюцца паміж сабой. У XII - першай палове XIV стст. мужчынскае і жаночае адзенне мае доўгія, аблягальныя формы.

Адзенне багатых людзей аздаблялі футрам гарнастая, ласкі або куніцы. Таксама выкарыстоўвалася спалучэнне ў вопратцы яркіх кантрасных колераў (зялёных, чырвоных, сініх і жоўтых). Тканіну аздаблялі залатымі і срэбранымі званочкамі. Старажытная хроніка, напрыклад, паведамляла, што на адным турніры адзенне ў аднаго рыцара аздабляла аж 500 званочкаў, якія гучна званілі. Пачынаючы з XI ст. форма мужчынскага касцюма адпавядае формам рыцарскіх даспехаў. Таму мужчынскае адзенне становіцца кароткім і разнастайным. З'яўляюцца шосы - вузкія штаны-панчохі, зробленыя з эластычнага сукна. Уверсе яны прымацоўваліся шнурком да пояса. У XIII ст. адзенне багатых феадалаў аздабляецца іх гербавымі знакамі. У Х-ХІІ стст. змяніўся і жаночы строй. З'явіўся кароткі гарсэт, які падтрымлівае жаночыя грудзі і мае прыгожае аздабленне. Жаночыя паясы ўпрыгожваюцца металічнымі пласцінкамі. Багатыя пані маюць шыкоўныя плашчы-мантыі на падкладцы з футра гарнастая ці бабра. Жанчыны носяць доўгія распушчаныя валасы або косы, пераплеценыя парчовымі стужкамі.

Візантыйскія ўборы. Асноўнымі відамі мужчынскага адзення ў Візантыі былі туніка, штаны, далматык, пенум і лорум . Туніка была падобная на рымскую туніку з доўгімі рукавамі. Штаны, запазычаныя ў народаў Усходу, прымацоўваліся шнуркамі да пояса і мелі розную даўжыню: да каленяў і да лытак. Пачынаючы з VII ст., візантыйскія імператары мелі як элемент адзення лорум - шырокі доўгі шалік, зроблены з залатой парчы і аздоблены каштоўнымі камянямі. Шырыня яго складала ад 5 да 35 см, а даўжыня - ад 4 да 11 м. Вялікую ролю адыгрываў і каўнер - аплечча - шырокі круглы ці фігурна выразаны і аздоблены золатам і каштоўнасцямі. Абутак візантыйцаў - боты, падвязаныя вузкімі раменьчыкамі і мяккія чаравікі. На галаве насілі востраканечныя каўпакі. Асноўныя віды жаночага адзення - туніка, стола , далматык, пенула і плашч-мантыя .

Адзенне ўсходніх славян. Асноўны від вопраткі мужчын - гэта кашуля і штаны. Пасля прыняцця хрысціянства ў адзенні князёў, дружыннікаў і баяр паўтараюцца візантыйскія формы. Гэта плашчы і тунікі з дарагіх візантыйскіх тканін. Пачынаючы з XI ст. усе мужчыны, ад сялян да князёў, насілі шапкі. Сяляне насілі каўпакі з лямцу і тоўстага сукна, багатыя людзі - з тонкага сукна ці аксаміту, а баяры і князі - з аксаміту ці парчы з аздобамі са срэбра, золата, каштоўных камянёў і падбітыя футрам. Багатыя ноўгарадскія баяры насілі спецыяльныя ноўгарадскія футры, абшытыя яркай шаўковай ці аксамітнай тканінай з вялікім каўняром і доўгімі рукавамі. Багатыя мужчыны маглі насіць двое штаноў: споднія - палатняныя і верхнія шаўковыя ці суконныя. Унізе штаны запраўлялі ў скураныя боты або ў анучы - кавалкі тканіны, якой унізе абгортвалі ногі.

Бедныя людзі насілі скураныя лапці-поршні, якія прывязвалі да нагі спецыяльнымі завязкамі - аборамі. Да касцюма таксама належалі рукавіцы і сумка-каліта, якую прывязвалі да пояса. Дружыннікі часта паўзверх адзення насілі кальчугу.

Жаночае адзенне - гэта доўгая да пятак кашуля з белага палатна ці шоўку, якую насілі з поясам. На кашулю апраналі панёву -спадніцу, зробленую з тканіны з рамбавідным ці клятчатым арнаментпм, Верхнім адзеннем таксама былі запона і нагруднік, якія насілі зверху кашулі. Баярыні і князёўны насілі візантыйскія формы адзення: тунікі, далматыкі і плашчы. Абутак - гэта мяккія скураныя боты без абцасаў і вышытыя спераду чаравікі. Сялянкі насілі лапці з анучамі, Дзяўчаты мелі доўгія валасы або косы. Замужнія жанчыны хавалі валасы пад наміткай , якая была доўгім кавалкам тканіны. Паўзверх багатыя жанчыны насілі яшчэ і шапкі, падбітыя футрам.

5. Штодзённае жыццё еўрапейцаў

Людзі эпохі Сярэднявечча вельмі моцна залежалі ад прыроды і працягласці светлавога дня. Летам у іх дамах яшчэ было адносна светла, а вось зімою святла не хапала. Таму ўсе працы рабіліся каля вогнішча, якое давала не толькі цяпло, але і святло. Каб было святлей працаваць, у агонь час ад часу падкідвалі крыху саломы. Больш багатыя людзі мелі свяцільнікі, у якіх гарэў алей. Але яны давалі смурод, і копаць ад іх асядала на сценах жытла. Лепей давалі святло свечкі, якія рабілі з сала. Васковымі свечкамі, якія шмат каштавалі, карысталіся толькі царква і феадалы.

Каб мець пітную ваду, капалі студні або бралі яе з гарадскіх фантанаў. На поўдні, у Італіі, збіралі дажджавую ваду ў спецыяльныя цыстэрны, якія стаялі на гарышчах і дахах будынкаў.

Вялікай праблемай была санітарыя. Каналізацыі ў гарадах практычна не было, туалетаў таксама. Усе брудныя вадкія і цвёрдыя адкіды вылівалі ў спецыяльныя ямы, якія час ад часу вычышчалі. Лазняў да XIII ст. у гарадах не было. Толькі ў некаторых кляштарах былі памяшканні-ўмывальні. Так, у Клюнійскім абацтве ўжо ў XI ст. былі спецыяльныя драўляныя закуткі, дзе манахі маглі памыцца. Але ў XIII ст. сітуацыя змянілася да лепшага. У 1292 г. у Парыжы было ўжо 26 грамадскіх лазняў, дзе меліся парыльні і працавалі цырульнікі. Людзі часта хварэлі і паміралі ад заразных хвароб, сярод якіх самая страшная была чума. Ад яе памірала 77-97 % ад усёй колькасці хворых. Шпіталі былі пры храмах і кляштарах. Там не толькі лекавалі хворых: у іх жылі жабракі, спыняліся на начлег вандроўнікі і пілігрымы. З XIII ст. з'яўляюцца таксама свецкія шпіталі, якія будаваліся гарадскімі сеньёрамі і багатымі гараджанамі.

У ХІ-ХІІІ стст. дасягае свайго росквіту рыцарская культура . Яе прыкмета - стварэнне вершаваных паэм, дзе апавядаецца пра станоўчы вобраз рыцара - мужнага, справядлівага, добрага і храбрага ваяра. Самая вядомая рыцарская паэма гэтага часу, напісаная ў Францыі ў пачатку XII ст. - "Песня пра Раланда" . Французскіх рыцараў, якія самі складалі вершы і маглі іх праспяваць, называлі трубадурамі (у Правансе) і трувэрамі , а нямецкіх - мінезінгерамі . Трубадуры Бертран дэ Борн, Арнаўт Даніэль, Гіраўт дэ Барнэль , мінезінгеры Кюрэнберг , Вальтэр фон дэр Фогельвэйдэ і інш. сачынялі да сваіх твораў музыку і фактычна сталі пачынальнікамі еўрапейскага свецкага музычнага мастацтва . У Еўропе таксама вельмі шанаваліся раманы пра легендарнага караля Артура і яго рыцараў, што збіраліся за круглым сталом.

У XII-XIII стст. развіваецца і гарадская культура . Гараджане ў вершах і казках апавядалі пра хітрых і разумных гараджан і сялян, якія маглі абдурыць і рыцара, і манаха. Большасць людзей у эпоху Сярэднявечча, асабліва сяляне, жылі і паміралі на адным месцы, і далёка ад сваёй вёскі ці горада ніколі не былі. Аднак знаходзіліся асобныя людзі, гандляры і місіянеры, якія любілі вандраваць і потым расказваць пра ўбачанае. Так, жыхар Венецыі Марка Пола ў 1271-1295 гг. дабраўся да Мангольскай імперыі ў цэнтры Азіі, а партугальцы - да берагоў паўднёвай Афрыкі. Крыжаносцы змаглі пабачыць зусім іншую, арабскую, цывілізацыю, шмат у чым вышэйшую за тагачасную заходнееўрапейскую. Пастаяннымі вандроўнікамі былі і шкаляры, якія хадзілі з горада ў горад, з аднаго ўніверсітэта ў другі. Адзінымі вымярэннямі адлегласці былі чалавечы крок і колькасць дзён у дарозе. На думку царкоўных навукоўцаў, Зямля была акружнасцю, над якой была сістэма сфер (ад 3 да 55, бо кожны аўтар называў сваю лічбу).

Вымярэнне часу. Суткі дзялілі на чатыры часткі: раніцу, дзень, вечар і ноч. Больш дакладнай адзінкай вымярэння еўрапейскага часу была гадзіна. Адзначаліся гадзіны біццём званоў. Царква кантралявала не толькі сутачны час, але і гадавы. Належным арыенцірам часу былі штогадовыя каталіцкія святы.

Гістарычны час чалавецтва царква вымярала лінейна: ад стварэння Свету і да яго канца (Страшнага суду). Гэтага канца свету людзі баяліся і думалі, што ён хутка настане, што прыводзіла да масавага пакаяння тысяч людзей, асабліва манахаў.

6. Сістэма адукацыі і развіцця навукі

У XI-XII стст. неабходнасць у адукаваных, пісьменных людзей ва ўсіх еўрапейскіх краінах узрасла. Рамёствы, і асабліва гандаль, патрабавалі такіх людзей. Тым больш у Еўропе існавалі мовы, якія трэба было абавязкова ведаць. У краінах каталіцкай Еўропы мовай адукацыі была лаціна, на поўдні Пірэнейскага паўвострава - арабская, на тэрыторыі Візантыі - грэцкая, а ў краінах усходніх і часткова паўднёвых славян - стараславянская (старабалгарская, ці старамакедонская) мова. Таму ў XII-XIII стст. у гарадах пачалі адкрывацца свецкія школы, дзе вучыліся дзеці гараджан, рыцараў і нават сялян. Гэтыя школы былі або прыватныя, або іх фінансавалі органы мясцовага самакіравання. Вядома, тут таксама, як і ў царкоўных школах, вывучалі малітвы, але дзяцей, апроч таго, вучылі чытаць, пісаць, лічыць і давалі пэўныя звесткі па прыродазнаўстве.

У XII ст. ствараюцца карпарацыі (аб'яднанні) магістраў (настаўнікаў) і шкадяроў (вучняў) і выпрацоўваюцца некаторыя стандарты адукацыі. Узнікаюць і вышэйшыя навучальныя ўстановы - універсітэты. Ужо адзначалася, першы з іх узнік у 1119 г. у італьянскай Балонні. У 1209 г. заснаваны славуты Кембрыджскі ўніверсітэт . Універсітэты мелі некалькі (у асноўным - чатыры) факультэтаў: артыстычны (падрыхтоўчы), багаслоўскі (тэалогіі), медыцынскі і юрыдычны (права). На артыстычным факультэце вывучалі сем вольных мастацтваў: граматыку, рыторыку, дыялектыку, арыфметыку, геаметрыю, астраномію і музыку. Пасля падрыхтоўчага факультэта студэнт выбіраў адзін з трох асноўных факультэтаў і праз два гады навучання пасля іспытаў мог атрымаць спачатку званне бакалаўра , а яшчэ праз два гады - і магістра . Самыя таленавітыя магістры пасля абароны сваіх ідэй у выглядзе тэзісаў перад навукоўцамі маглі атрымаць званне доктара . Доктар быў вельмі ўплывовай асобай. Ён меў права як рыцар насіць меч, уваходзіў у склад органаў гарадскога самакіравання і меў магчымасць стаць рэктарам (кіраўніком) універсітэта.

Навучэнцы ўніверсітэтаў атрымалі назву студэнты (што на латыні азначае, той, хто старанна вучыцца) і былі абавязаны да паступлення ва ўніверсітэт добра ведаць лаціну, бо навучанне ва ўсіх еўрапейскіх універсітэтах было на гэтай мове. Дзеля абароны сваіх інтарэсаў студэнты з адной краіны (а навучаліся ў адным універсітэце навучэнцы з розных дзяржаў) стваралі асобныя групы - зямляцтвы , якія тады называлі "нацыямі". Некалькі такіх нацый стваралі адзіную супольнасць, якую на латыні і назвалі "ўніверсітэт" . Асноўны від заняткаў меў назву лекцыя (што на лаціне абазначае "чытанне"). Выкладчык, якога называлі "прафесар", чытаў уголас кнігу нейкага царкоўнага ці свецкага аўтара і тлумачыў яе змест. Студэнты запісвалі лекцыі або сачылі за чытаннем па кнігах. Кнігі былі рукапісныя і напісаныя на пергаменце. Кнігі былі вельмі дарагімі і таму захоўваліся ва ўніверсітэцкіх бібліятэках. Акрамя лекцый студэнты ўдзельнічалі ў дыспутах - навуковых спрэчках, дзе кожны з удзсльнікаў павінен быў абгрунтаваць сваю думку або выказванне. Пры ўніверсітэтах пачалі ўзнікаць навуковыя цэнтры, дзе з'явіліся свецкія навукоўцы.

Адным з такіх даследчыкаў быў англійскі мысляр XIII ст. Роджар Бэкан . Ён вучыў, што свет і прыроду можна вывучаць шляхам доследу і назіранняў. Ён быў выпускніком Оксфардскага ўніверсітэта і вучнем канцлера гэтай навучальнай установы Роберта Тросетэста . Навукоўцы лічылі, што пачаткам працэсу вывучэння прыроды з'яўляецца дослед , наступны крок - аналіз і фармулёўка адпаведнага тэзісу, які атрымаў назву гіпотэза . Апошні крок у працэсе вывучэння - гэта праверка гіпотэзы на практыцы. Такім чынам, вышэйзгаданыя навукоўцы заснавалі эксперыментальны падыход у навуцы . Актыўна развілася і хрысціянская філасофія.

Найбуйнейшым каталіцкім філосафам і тэолагам быў вышэйзгаданы Фама (Тамаш) Аквінскі (1225-1274). Ён атрымаў добрую адукацыю ў Парыжы і Кёльне, быў манахам ордэна дамініканцаў, а потым выкладчыкам тэалогіі. Ён напісаў два буйныя філасофскія творы "Сума тэалогіі" і "Сума супраць язычнікаў". Асноўны прынцып яго філасофіі - гармонія веры і розуму. Розум, на яго думку, можа рацыянальна даказаць існаванне Бога. Самым выдатным тварэннем Бога з'яўляецца чалавек, і таму развіццё чалавечага розуму будзе спрыяць павслічэнню славы Бога. Ён таксама абгрунтаваў ідэю вяршэнства Папы Рымскага як намссніка Бога на зямлі і лічыў уладу манарха свяшчэннай. У 1323 г. ён быў кананізаваны, што значыць прылічэнне яго да ліку "святых". У 1879 г. Папа Леў XIII абвясціў вучэнне Фамы Аквінскага афіцыйнай філасофіяй каталіцызму ў свеце.

АСНОЎНЫЯ ТЭРМІНЫ

Амбон (ад грэц. Аmbon - узвышэнне) - узвышанае месца перад алтаром у бажніцы (царкве ці касцёле), звычайна багата аздобленае, адкуль чытаюць тэксты з Бібліі, прамаўляюць казанні падчас набажэнства. Паводле падання, амбом сімвалізуе Ноеў каўчэг (карабель). Будаваўся ён з натуральнага ці штучнага каменю, дрэва і металу. Часта мае форму трыбуны з парапетам.

Бергфрыд - галоўная всжа замка, апошняе месца абароны.

Галерэя (франц. galerie, aд італ. galleria) - 1) бакавыя памяшканні з вокнамі, прыбудавамыя да асноўнага аб'ёма храма ХІ-ХІІ статоддзяў; 2) доўгае крытае светлае памяшканне, у якім адну вонкавую падоўжную сцяну замяняе каланада; 3) спецыяльныя зальныя памяшканні ў палацах. асветленыя суцэльнымі шэрагамі вялікіх вокнаў; 4) калідор з суцэльнымі ваконнымі праёмамі на адным з падоўжных бакоў будынка. У Беларусі ў XVI-XVIII стагоддзях існавалі ў манастырах і кляштарах.

Гзымс (карніз) - гарызантальны выступ, які завяршае сцяну будынка, аконныя і дзвярныя праёмы, падтрымлівае дах і ахоўвае сцяну ад сцёку вады, падзяляе фасад на асобныя ярусы і завяршае цокаль.

Данжон - абарончая вежа, прыстасаваная да жылля.

Контрфорс (ад соntre-forсе - процідзейнан сіла) - у архітэктуры папярэчная сценка, вертыкальны слуп або выступ ці рабро для ўмацавання апорнай канструкцыі (пераважна сцяны). Рабіліся ўздоўж сцен і на кутах будынка.

Нервюра (франц. nervurе, ад лац. nervus - жыла, сухажылле) - арка з абчасаных клінападобных камянёў або спецыяльных фігурных цаглін, якая ўмацоўвае рэбры крыжовага, сеткавага, зорчатага і іншых формаў скляпення.

Раманскі стыль - стыль сярэднявечнага заходне-еўрапейскага мастацтва Х-ХІІ стагоддзяў. Збудаванні вызначаліся манументальнасцю, масіўнасцю канструкцый, аздабляліся абстрактна-геаметрычным арнаментам і скульптурай. Спачатку будынкі мелі плоскія драўляныя перакрыцці, пазней - цыліндрычныя, нарэшце - крыжовыя.

Скляпенне - апорная прасторавая канструкцыя для перакрыцця ці накрыцця збудаванняў, якая мае крывалінейны абрыс. Скляпенне бывае розных формаў: цыліндрычнае, крыжовае, люстраное. Разнавіднасць скляпення - купал.

Фасад - вонкавы бок пабудовы. Адрозніваюць фасады: галоўны, бакавыя, дваровы, вулічны, паркавы ды інш.

НАЙВАЖНЕЙШЫЯ ПАДЗЕІ

1163 г. - пачатак будаўніцтва Сабора Божай маці ў Парыжы.

XIII ст. - узнікненне грамадскіх лазняў у Заходняй Еўропе.

1209 г. - заснаванне Кембрыджскага ўніверсітэта.

Каля 1214 г. - каля 1292 г. - Роджар Бэкан.

1225-1274 гг . - Фама (Тамаш) Аквінскі.

1248 г. - пачатак будаўніцтва Кёльнскага сабора.


ЧАСТКА III. ПОЗНЯЕ СЯРЭДНЯВЕЧЧА (ХІV-ХV стст.)

РАЗДЗЕЛ XIV. ГАРАДЬІ - ДЗЯРЖАВЫ ІТАЛІІ

1. Перадумовы Рэнесансу ў гарадах-дзяржавах Італіі.

2. Венецыя.

3. Гснуя.

4. Фларэнцыя.

5. Мілан.

6. Рым.

7. Паўднёвая Італія.

1. Перадумовы Рэнесансу ў гарадах-дзяржавах Італіі

Паняцце "Рэнесанс". Тэрмін "Адраджэнне", або "Рэнесанс", узнік у XVI ст. Упершыню яго ўжыў знакаміты італьянскі мастак i гістарыёграф Джорджа Вазары ў сваёй кнізе "Жыццяпісы найбольш знакамітых мастакоў, скульптараў і дойлідаў" , якая была надрукавана ў 1550 г. Вытокі Рэнесансу праглядаюцца ў Паўночнай Італіі сярэдзіны XIII - першай паловы XIV стст. Гэты перыяд звычайна называюць Протарэнесансам . Сам Рэнесанс падзяляюць на тры этапы: Ранні (другая палова (ХІV-ХV стст.), Высокі (канец XV - пачатак XVI стст.) і Позні (XVI - першая палова XVII стст.). Пасля Італіі Рэнесанс пашырыўся і ў іншых краінах Еўропы. Так, на Беларусі Рэнесанс набірае моц у другой чвэрці і сярэдзіне XVI ст.

Рэнесанс - гэта адраджэнне антычнай культуры і мастацтва. Мснавіта ў Італіі захаваліся такія элементы антычнай культуры як мова (лаціна вучоных людзей), помнікі архітэктуры, старажытныя рукапісы антычных аўтараў. Частку гэтых рукапісаў прывезлі ў Італію грэцкія навукоўцы пасля захопу Візантыі туркамі. Само слова "Рэнесанс" мае французскае паходжанне і азначае адмаўленне ад сярэднявечнай культуры ды вяртанне антычнай мастацкай спадчыны.

Адна з самых яскравых рысаў культуры Адраджэння - гэта гуманізм , новы светапогляд чалавека на жыццё і свет. Гуманізм прызнаваў найвышэйшую каштоўнасць чалавека як унікальнай асобы, якая мае права на выказванне сваіх думак, свабоднае развіццё сваіх творчых здольнасцяў, на дасягненне матэрыяльнага дабрабыту і асабістага шчасця.

Той стан рэчаў, калі мастацтва ў першую чаргу адлюстроўвае не рэлігійныя аспекты, а прыгажосць чалавека, яго цела і думак, атрымаў назву антропацэнтрызм . Галоўнымі выразнікамі культуры Адраджэння былі прадстаўнікі новай, свецкай інтэлігенцыі, вядомыя палітычныя і грамадскія дзеячы.

Мануфактурная вытворчасць. У XIV - першай палове ХV стст. эканоміка Паўночнай Італіі пачала імкліва развівацца. Гэта, у першую чаргу, здарылася дзякуючы рамяству і гандлю. Цэхавая вытворчасць заходнееўра-пейскіх гарадоў абмяжоўвала выпуск тавараў большай колькасці і лепшай якасці, бо гэта забараняў статут цэха. У сваю чаргу, цэхавую сістэму бараніла каралеўская ўлада. Гарадскія камуны Паўночнай Італіі, якія не мелі залежнасці ад каралеўскай улады, скасавалі цэхавыя абмежаванні, і італьянскія майстры маглі працаваць ва ўмовах поўнай канкурэнцыі, што штурхала наперад эканоміку гарадоў-дзяржаў Італіі. Каб вырабляць больш якасных тавараў, рамеснікі Італіі ўвялі падзел працы ў межах адной майстэрні. Калі раней адзін і той жа рамеснік вырабляў нейкую рэч сам, ад пачатку яе вытворчасці і да заканчэння, то цяпер вытворчы працэс падзяляўся на вялікую колькасць (да 20-25-ці) асобных аперацый Кожную такую аперацыю выконвала асобная група майстроў. Так, пры вырабе сукна адны толькі мылі воўну, другія - сушылі, трэція - часалі, чацвёртыя - фарбавалі і г. д. Такім чынам рамесныя майстэрні ператварыліся ў мануфактуры , дзе працавала шмат наёмных працаўнікоў. Мануфактура - гэта прадпрыемства, дзе існуе падзел працы і ручной рамеснай тэхнікі. Уласнік мануфактуры толькі закупляў сыравіну і прадаваў гатовыя вырабы. За працай сачыў асобны наглядчык, які залежаў ад уласніка. Працаўнікі працавалі за грошы і былі непасрэдна зацікаўленыя ў вырабе як найбольшай колькасці якаснай прадукцыі. Найбуйнейшыя мануфактуры знаходзіліся ў Фларэнцыі.

Грамадскі лад і палітычная раздробленасць Паўночнай і Цэнтральнай Італіі. У сувязі з развіццём мануфактурнай вытворчасці ў гарадах склалася эліта з вельмі багатых людзей, якія належалі да вялікіх сем'яў. Прадстаўнікі гэтых сем'яў і захапілі ўладу ў сваіх гарадах, прычым яны імкнуліся свае пасады перадаваць у спадчыну. Яны пачалі рознымі шляхамі набываць шляхецкія тытулы і рабіцца герцагамі, графамі і маркізамі. Былыя гарадскія камуны пачалі ператварацца ў герцагствы і графствы. Так, вялікую ролю ў Паўночнай Італіі набыло Міланскае герцагства . Гарады-дзяржавы Італіі багацелі за кошт гандлю з далёкімі краінамі і не мелі трывалых эканамічных і сувязяў паміж сабою. Больш за тое, яны былі канкурэнтамі і таму вялі паміж сабою міжусобныя войны, асабліва Венецыя і Генуя. Асобную пазіцыю займаў Рым, дзе галоўным феадалам быў Рымскі Папа. У канцы XIII ст. войскі Генуі перамаглі Венецыю, і пасля гэтага амаль сто гадоў генуэзцы панавалі на гандлёвых шляхах Міжземнамор'я. Але ў канцы XIV ст. у выніку чарговай вайны перамагла Венецыя.

Архітэктура і скульптура. Італьянскія архітэктары распрацавалі новыя кірункі ў гісторыі архітэктуры. Гэта ўрбаністыка - навука пра тое, як рэгулярна забудоўваць гарады ці будаваць новыя, і садова-паркавая архітэктура . У Італіі прыдумалі новыя тыпы будынкаў - палацы, вілы (загарадныя дамы з паркам і садам), шпіталі і фантаны. Была вернутая антычная ордарная сістэма , з'явіліся вялікія вокны ў жылых будынках і балконы перад імі. Пачынальнікам архітэктуры Рэнесансу быў італьянскі архітэктар, навуковец і скульптар Філіпа Брунэлескі (1377-1446). Ён здолеў зрабіць адзін з самых вялікіх купалаў у Еўропе (да 42 м у дыяметры) у саборы Санта-Марыя дэль Ф'ёрэ ў Фларэнцыі. Таксама ён збудаваў капліцу Пацы ў Фларэнцыі, фасад якой упрыгожыў шасцікалонны карынфскі порцік.

У XV ст. у Італіі назіраецца росквіт манументальнай скульптуры. Самым знакамітым скульптарам у гэты час тут быў Данатэла (1386-1466). Ён стварыў новы тып круглай скульптуры, не звязанай з архітэктурай; распрацаваў скульптурны партрэт-бюст (што нагадваў рымскія бюсты), быў аўтарам першага коннага манумента ў эпоху Рэнесансу. Ён таксама адрадзіў мастацтва выяўлення аголенага чалавечага цела.

У першай палове XV ст. у Італіі на аснове геаметрыі і оптыкі мастакі стварылі навуковую тэорыю лінейнай перспектывы . Яны навучаліся будаваць на плоскасці трохмерныя выявы, арыентаваныя на вока гледача.

Актыўна развівалася і вайсковая справа. У XV ст. быў прыдуманы лафет, спецыяльная павозка двух колах, на якую клалі бронзавую гармату. Так з'явілася палявая артылерыя. Італьянскія інжынеры прыдумалі новы тып замка - бастыённы, дзе асноўныя ўмацаванні былі ў выглядзе земляных валоў, насыпаных у выглядзе розных геаметрычных фігур (бастыёнаў).

2. Венецыя

Гэты горад узнік у V ст. і да X ст. належаў Візантыі. У IX-XIII стст. ён заняў выспы, якія былі аддзелены пралівам шырынёй 4 км ад мацерыка. У горадзе не было набярэжных, дамы і завулкі выходзілі да вады, і людзі перасоўваліся на вузкіх і вяртлявых лодках- гандолах . У 1063 г. пачалі будаваць самы галоўны храм Венецыі - базіліку Святога Марка , які скончылі толькі ў XVI ст. Будынак мае пяць купалаў і каля пяцісот калон, прывезеных з розных месцаў. Інтэр'ер храма аздоблены пазалотай і мазаікамі з каляровага шкла-смальты. У ХІІ-ХVІ стст. перад саборам узнікла вялікая плошча

Пачынаючы з 1204 г., існавала венецыянская марская дзяржава , у якую ўваходзілі востраў Крыт і некаторыя гарады Грэцыі, а з XV ст. - і востраў Кіпр. Венецыянцы мелі вялікі гандлёвы і ваенны флот. У іх былі караблі, якія рухаліся з дапамогай вёслаў ( галеры ) і караблі пад ветразямі - навы і кокі .

Палітычны ладам краіны была алігархічная рэспубліка. У канцы XIII - пачатку XIV стст. уладу захапілі багатыя сем'і горада. Iх імёны былі запісаны ў "Залатую кнігу", і толькі з іх ліку выбіралася кіраўніцтва краіны. Паўнапраўнымі грамадзянамі рэспублікі зрабіліся каля 2000 багатых сем'яў. З іх кола абіралася Вялікая рада ў колькасці 480 чалавек. Рада выбірала кіраўніка краіны, дожа , які кіраваў Венецыяй пажыццёва. Пры дожу быў і выканаўчы орган кіравання - Малая рада , або Сіньярыя .

У канцы ХІV-ХV стст. Венецыя захапіла значную частку Паўночнай Італіі з гарадамі Веронай, Падуяй, Равенай і інш. Колькасць жыхароў дзяржавы складала 200 тысяч чалавек. У XV ст. краіна ўкладала ў свае дзелавыя аперацыі 10 млн. дукатаў (залатых манет), якія прыносілі прыбытак у памеры 4 млн. дукатаў. Венецыя мела 3345 караблёў і 36 тысяч маракоў. 16 тысяч венецыянскіх майстроў выраблялі шаўковыя, ваўняныя і баваўняныя тканіны. Вельмі славіліся і вырабы са шкла, асабліва люстэркі.

3. Генуя

Горад знаходзіцца на беразе Генуэзскай бухты ў Лігурыйскім моры (частка Міжземнага мора). Росквіт Генуі пачаўся ў X ст., калі, пасля набегу арабаў у 934 г., былі збудаваны гарадскія ўмацаванні і вялікі флот. У XII ст. Генуя - гэта незалежная дзяржава, якой кіравала рада выбарных консулаў , якія прадстаўлялі гандлёвыя інтарэсы розных купецкіх гільдый. У часы крыжовых паходаў Генуя - багатая і ўплывовая краіна з насельніцтвам 100 000 чалавек, з развітым гандлем, вялікім флотам і ўласнай банкаўскай сістэмай. Генуя мела разгалінавую сетку калоній. Гэта былі як асобныя будынкі (гандлёвыя факторыі ), так і гарадскія прадмесці (напрыклад, Галата пад Канстанцінопалем). Часам генуэзцы захоплівалі цэлыя выспы і ўзбярэжжы, ім належаў востраў Корсіка, паўночная частка Сардзініі, некаторыя гарады і цвердзі ў Крыме. У канцы XIII ст. Генуя перамагла свайго важнага гандлёвага канкурэнта Пізу. Увесь час ішло змаганне з Венецыяй. Пасля аднаўлення ў 1261 г. Візантыйскай імперыі генуэзцам за іх дапамогу аддалі ўсе прывілеі, якія мелі веніцыянцы, а таксама два прадмесці каля сталіцы - Перу і Галату. У 1139 г. частка мясцовых купцоў здзейсніла дзяржаўны пераварот, і яны абралі першага пажыццёвага дожа Генуі. Пры дожах існавала Рада старэйшых . У 1407 г. быў заснаваны банк Святога Георгія, які з другой паловы XV ст. стаў найбуйнейшым банкам Еўропы і часта даваў крэдыты каралям. Аднак у 1380 г. генуэзскі флот разбілі венецыянцы, і роля Генуі аслабла. Пасля захопу Візантыі туркамі Генуя страціла свае калоніі ў Крыме. У 1451 г. у Генуі нарадзіўся будучы знакаміты падарожнік Хрыстафор Калумб.

4. Фларэнцыя

Назва горада паходзіць ад лацінскага слова "квітнеючая". Горад знаходзіцца ў Сярэдняй (Цэнтральнай) Італіі. Росквіт горада пачаўся ў XII ст. У 1250 г. тут была прынятая першая ў гісторыі гарадскіх рэспублік Італіі мясцовая канстытуцыя. У 1252 г. Фларэнцыя пачала выпускаць сваю залатую манету - фларэнтыйскі фларын . У сярэдзіне XIV ст. тут налічвалася 200 мануфактур па вырабе сукна. Таксама фларэнтыйцы выраблялі шоўк, апрацоўвалі футра, славіліся сваімі ювелірнымі вырабамі. Да чумы 1348 г. у краіне жыло 125 тысяч чалавек. У XIV ст. улада ў горадзе належала Сіньярыі - радзе з дзевяці прадстаўнікоў найбольш уплывовых цэхаў. Кіраўніком Сіньярыі быў ганфаланьер (сцяганосец) правасуддзя (справядлівасці), і ён меў значныя паўнамоцтвы, нават кіраваў апалчэннем Фларэнцыі падчас вайны. Яго выбіралі тэрмінам на два месяцы. Фларэнтыйскія банкіры выступалі ў Еўропе як зборшчыкі даходаў Рымскага Папы і таму маглі пазычаць грошы магнатам і нават каралям.

З 1434 г. у Фларэнцыі фактычную ўладу захапіла багатая купецкая сям'я Медычы. Прадстаўнікі гэтага роду сталі некараванымі каралямі Фларэнцыі, прытым фармальна рэспубліканскія структуры захоўваліся. Медычы былі самым магутным банкірскім домам Фларэнцыі і часта выступалі ў ролі мецэнатаў мастацтваў. У горадзе пачалося вялікае будаўніцтва, сюды запрашаліся найлепшыя архітэктары, мастакі і пісьменнікі Італіі. Найбольшай магутнасці Медычы дабіліся пры кіраванні Ларэнца Пышнага (1469-1492). Ларэнца быў вельмі адукаваным чалавекам, валодаў грэцкай мовай і збіраў творы мастацтва. У яго былі банкірскія канторы ў розных буйных гарадах Еўропы, і праз іх ён мог уплываць на палітычнае жыццё шмат якіх еўрапейскіх краін. Аднак 10 лістапада 1494 г. у Фларэнцыю ўварваліся французскія войскі, і апошні кіраўнік з роду Медычы П'ер мусіў уцякаць з горада. У горадзе была адноўленая рэспубліка на чале з Джыралама Саванаролам . Ён быў аскетам і фанатыкам, загадваў паліць карціны, знішчаць кнігі ды музычныя інструменты. У 1498 г. яго, на загад Папы, схапілі і павесілі, а цела потым спалілі.

5. Мілан

Горад быў заснаваны кельтамі ў 600 г. да н. э. Потым яго заваявалі рымляне (каля 222 г. да н. э.) і назвалі "Медыяланум" . У IV ст. Мілан пэўны час быў сталіцай Заходняй Рымскай імперыі. У XI ст. назіраецца росквіт горада. Падчас чумы 1349 г. Мілан пазбегнуў гэтай пандэміі і пачаў развівацца даволі хутка. Міланам кіравалі герціпі сямействаў Вісконці і Сфорцаў , пры двары якіх працавалі славутыя італьянскія мастакі.

Мілан хацеў стаць галоўным горадам італьянскай Ламбардыі, і тут ён павінен быў уступіць у канфлікт з Венецыяй. У Таскане , іншай італьянскай вобласці, Мілан меў спрэчкі за панаванне над гэтай тэрыторыяй з Фларэнцыяй. Велічны міланскі сабор св. Марыі - чацвёрты паводле велічыні гатычны храм у свеце. Яго пачалі будаваць у XIV ст., а скончылі толькі ў XIX ст.

Самая прыгожая царква горада, Санта Марыя дэла Грацыя , была пабудаваная ў XV ст. Да яе муроў далучаны кляштар, у былой трапезнай якога знаходзіцца знакамітая фрэска Леанарда да Вінчы "Таемная вячэра". У Мілане захаваўся і замак кіраўніка краіны герцага Франчэска Сфорцы , збудаваны ім у пачатку XV ст. З роду Сфорцаў паходзіць наша каралева і вялікая княгіня ВКЛ Бона , якая ў ХVІ ст. збудавала сабе замак у Рагачове ў рэнесансавым стылі. У XV ст. Мілан быў захоплены Францыяй, а потым, у пачатку XVI ст. - Іспаніяй.

6. Рым

У апошняй чвэрці XIII ст. рымскія папы захапілі шмат гарадоў Сярэдняй Італіі - такія, як Балоння, Перуджа, Ферара, Урбіна і інш. У параўнанні з Паўночнай Італіяй Папская вобласць была даволі адсталая. Тут панавалі феадальныя адносіны, а гарады не мелі самастойнасці. У Рыме панавала феадальная знаць - бароны , якія змагаліся за папскі трон. У 1294 г. Рымскім Папам стаў Баніфацый VIII , які ўступіў у канфлікт з каралём Францыі. Перамога была на баку Францыі, і папская курыя мусіла пераехаць з Рыма ў Авіньён. У 1347 г. у Рыме пачалося паўстанне пад кіраўніцтвам Кола дзі Рыенцы . 20 мая 1347 г. ён захапіў горад, абвясціў Рым рэспублікай і пачаў рэформы. Аднак неўзабаве мясцовыя феадалы здолелі аб'яднацца, і ў канцы 1347 г. Кола дзі Рыенца ўцёк, а потым усё ж такі трапіў у турму. Але з дапамогай Папы Інакенція VI ён адтуль выйшаў і зноў у 1354 г. захапіў уладу ў Рыме. Пасля таго як ён падвысіў падаткі, рымляне паўсталі і забілі яго. У 1357 г. прадстаўнік Папы кардынал Альбарнос зрабіў адміністратыўную рэформу. Ён падзяліў папскую дзяржаву на сем правінцый, на чале кожнай стаяў рэктар, прызначаны Рымскім Папам. У 1377 г. папскі сталец зноў вярнуўся ў "вечны горад". Рымскія папы ў той час актыўна займаліся непатызмам - раздачай розных пасад і прывілеяў сваім сваякам. У XV ст. шмат якія папы былі вялікімі мецэнатамі, фундатарамі і пабудавалі ў цэнтры Рыма шмат шыкоўных палацаў. Але на гэта былі патрэбныя грошы, і папы зараблялі іх на продажы індульгенцый, а таксама праз увядзенне новых падаткаў.

7. Паўднёвая Італія

На поўдні Італіі знаходзілася Неапалітанскае каралеўства . Улада караля была слабая, краіна практычна распалася на дробныя феадальныя ўладанні. Мануфактур тут не было, увесь гандаль быў у руках купцоў з Паўночнай Італіі. Пасля паўстання ў Палерма ў 1282 г. каралеўства распалася, і ўлада Анжуйскай дынастыі спынілася. З 1302 г. Сіцылія ўвайшла ў склад пірэнейскага каралеўства Арагон . Астатняя частка каралеўства засталася ў руках Анжуйскай дынастыі са сталіцаю ў Неапалі. Эканоміка краіны прыйшла ў поўны заняпад. Неапалітанскія каралі праводзілі жыццё ў баляванні, марнатраўстве ў змаганні за трон паміж блізкімі сваякамі. У XV ст. на ўладу пачаў прэтэндаваць кароль Арагона і Сіцыліі Альфонс I . Пасля доўгага змагання з неапалітанскім каралём і яго саюзнікам, герцагам Мілана ў 1442 г. каралеўства перайшло пад уладу Альфонса I.

У канцы XV ст. Францыя вырашыла захапіць італьянскія гарады-дзяржавы. У 1494 г. вялікае французскае войска (каля 50 тысяч чалавек) уварвалася на Апенінскі паўвостраў. Паміж Фрамцыяй і Іспаніяй пачаліся т. зв. "італьянскія войны" за ўладу, якія доўжыліся ў 1494 да 1559 г.

АСНОЎНЫЯ ТЭРМІНЫ

Антропацэнтрызм - светапогляд, у адпаведнасці з якім канчатковай мэтай і цэнтрам Сусвету з'яўляецца чалавек.

Вялікая рада - найвышэйшы орган улады ў Венецыі.

Дож - кіраўнік Венецыі, якога пажыццёва абірала на пасаду Вялікая рада.

"Залатая" кніга - спіс самых знакамітых сем'яў Венецыі, з прадстаўнікоў якіх абіралася Вялікая рада.

Інтэлігенцыя - асобая група людзей, якая займаліся разумовай працай.

"Італьянскія войны" - войны паміж Францыяй і Іспаніяй за валоданне Італіяй.

Мануфактура - прадпрыемства, заснаванае на падзеле працы і ручной рамеснай тэхніцы.

Урбаністыка - горадабудаўніцтва, адзін з раздзелаў архітэктуры навукі пра пабудову і планіроўку гарадоў.

НАЙВАЖНЕЙШЫЯ ПАДЗЕІ

1407 г. - заснаванне банка св. Георгія ў Генуі.

1420-1436 гг. - стварэнне архітэктарам Ф. Брунэлескі купала сабора Санта Марыя дэль Ф'ёрэ ў Фларэнцыі.

1434 г. - усталяванне ўлады сям'і Медычы ў Фларэнцыі.

1451 - 1506 гг. - Хрыстафор Калумб.

1451 - 1519 гг. - Джыралама Саванарола.

1494 - 1498 гг. - рэспубліка ў Фларэнцыі на чале з Саванаролам.

РАЗДЗЕЛ XV. ФРАНЦЫЯ I АНГЛІЯ

1. Стагадовая вайна.

2. Паўстанне Жакерыя.

3. Паўстанне Уота Тайлера.

4. Міжусобная вайна ў XV ст. у Англіі.

5. Герцагства Бургундыя.

6. Завяршэнне аб'яднання Францыі.

1. Стагадовая вайна

Доўгая вайна паміж Францыяй і Англіяй, якую ў XIX ст. пачалі называць Стагадовай, адбывалася з пэўнымі перапынкамі ў прамежку часу ад 1337 да 1453 гг. Вытокі гэтага канфлікту ў XI і XII стагоддзі. Як ужо згадвалася, у 1066 г. герцаг Нармандыі Вільгельм захапіў Англію, стаў там каралём і заснаваў Нармандскую дынастыю, але адначасова па-ранейшаму валодаў і Нармандыяй у Паўночнай Францыі. У 1152 г. будучы кароль Англіі Генрых ІІ заснавальнік дынастыі Плантагенетаў, ажаніўся з Аліянорай Аквітанскай і далучыў да англійскіх земляў і Нармандыі яшчэ і Аквітанію, вялікую тэрыторыю на паўднёвым захадзе Францыі. Такім чынам, каля паловы французскіх земляў пачало належаць англійскім каралям. Зачэпкай для вайны стала смерць караля Францыі Карла IV , які не меў сыноў і таму быў апошнім прадстаўніком дынастыі Капетынгаў.

На карону караля Францыі адначасова прэтэндавалі стрыечны брат Карла IV - Філіп Валуа і яго пляменнік, кароль Англіі, Эдуард III Плантагенет. Французскія феадалы пагадзіліся з тым, каб каралём іх краіны стаў і, такім чынам, заснаваў новую дынастыю Філіп Валуа. Незадаволены англійскі кароль Эдуард III пасля грунтоўнай падрыхтоўкі ў 1337 г. пачаў вайну. У 1340 г. англічане знішчылі марскі флот Францыі (амаль 200 караблёў) каля берагоў Фландрыі а потым, у 1346 г., выйгралі сухаземную бітву пад Крэс і. Рыцарскую конніцу французаў амаль ва ўпор расстралялі англійскія лучнікі. Пасля 11-месячнай аблогі англічане захапілі важны марскі порт на поўначы Францыі, горад Кале . Наступны кароль Францыі, Іаан II Добры , быў вымушаны працягваць вайну, што разгарэлася ў Аквітаніі. 19 верасня 1356 г. адбылася вялікая бітва пры Пуацце, дзе французы страцілі ад 5 да 6 тысяч чалавек, прычым палова з іх былі рыцары, а сам кароль трапіў у палон і быў адпраўлены ў Лондан. Французы мусілі заплаціць за яго вялізны выкуп, падпісаць перамір'е і прызнаць усе заваёвы англічан. У кастрычніку 1356 г. улада перайшла да сына караля, дафіна Карла. Ён павінен быў тэрмінова склікаць Генельныя штаты, каб знайсці грошы на працяг вайны. Аднак дэлегаты пачалі крытыкаваць уладу, і дафін штаты распусціў. Тады ў Парыжы пачаліся народныя хваляванні, і ў 1357 г. дафін зноў склікаў штаты, якія абмежавалі ўладу Карла і пачалі самі збірацца некалькі разоў на год без дазволу дафіна. Фактычна ўлада ў краіне перайшла ў рукі асобнай камісіі (34 чалавекі), прызначанай французскім парламентам. У лютым 1358 г. у Парыжы адбылося паўстанне гараджан, і дафін уцёк у горад Камп'ен на поўначы Францыі. Перачакаўшы сялянскае паўстанне Жакерыя , у ліпені 1358 г. дафін вяртаецца ў Парыж і адмяняе ўсе рэформы Генеральных штатаў. Пасля смерці ў англійскім палоне французскага караля (бо на яго выкуп французы грошай не сабралі) дафін Карл стаў новым каралём Францыі пад імем Карла V (1364-1380). Ён правёў карэнную вайсковую рэформу, феадальнае рыцарскае апалчэнне замянілі прафесійным наёмным войскам пад адзіным камандаваннем канетабпя. У войсках з'явіліся гарматы, якія стралялі каменнымі ядрамі, і атрады лучнікаў ды арбалетчыкаў. Карлу V ўдалося таксама аднавіць ваенны флот. У 1369 г. кароль аднавіў вайну з Англіяй і здолеў выгнаць захопнікаў амаль з усёй французскай тэрыторыі. Але ў руках Англіі засталіся 5 важных марскіх портаў, у тым ліку Кале і Бардо. У 1380 г. кароль памёр, і трон заняў яго малагадовы сын Карл VI. Ён быў слабы і хворы. Францыю скаланалі феадальныя спрэчкі і сялянскія паўстанні, а цэнтральная ўлада практычна перастала існаваць. У 1413 г. адбылося чарговае паўстанне гараджан у Парыжы, якое з цяжкасцю змаглі здушыць.

Пачалася і міжусобная вайна паміж герцагамі Бургундыі і Арлеана. У 1413 г. у Англіі з'явіўся новы кароль, Генрых V Ланкастарскі . У жніўні 1415 г. ён з вялікім войскам напаў на Францыю. У 1416 г. да яго далучыўся герцаг Бургундыі са сваім войскам. У кастрычніку 1415 г. адбылася вялікая бітва каля вёскі Азенкур на поўначы Францыі. Французы былі разбітыя. Англічане паступова захапілі ўсю поўнач Францыі, у тым ліку і Парыж.

21 траўня 1420 г. у Труа бакі падпісалі мірную дамову, паводле якой пасля смерці караля Францыі Карла VI каралём краіны станавіўся Генрых V. Сын Карла VI дафін Карл губляў свае спадчынныя правы на французскую карону. Аднак дафін Карл з гэтым не пагадзіўся і аб'явіў дамову ў Труа незаконнай. У 1422 г. амаль адначасова паміраюць Генрых V (у яго застаўся 9-месячны спадкаемца Генрых VII), і Карл VІ. Дафін Карл паехаў на поўдзень Францыі і ў Пуацце быў абвешчаны каралём Карлам VII . Аднаку Еўропе яго каралём не прызналі, бо ён не змог паводле традыцыі каранавацца ў Рэймскім саборы.

Францыя распалася на тры часткі: Паўночную, дзе знаходзіліся англічане, Бургундыю - саюзніка Англіі, і Цэнтральную, разам з паўднёвай часткай (тэрыторыя на поўдзень ад Луары), дзе прызнавалі ўладу Карла VII.

Вайна паміж аглічанамі і французамі працягвалася. У кастрычніку 1428 г. войскі англічан аблажылі буйны горад і цвердзь Арлеан, які меў важнае стратэгічнае значэнне. Здавалася, выратаваць яго мог толькі цуд. I такі цуд здарыўся ў 1429 г.

Жанна д'Арк. Нягледзячы на доўгія паразы ў вайне з Англіяй у французскім народзе існавала надзея на цуд, які выратуе здрапежаную краіну ад захопнікаў. Было распаўсюджана павер'е, што з дубовага лесу, які знаходзіцца на мяжы з Латарынгіяй, з'явіцца Дзева - вызваліцельніца Францыі. I вось у 1429 г. цуд здарыўся ў выглядзе Жанны д'Арк, якую назавуць спачатку Латарынгскай , а потым Арлеанскай дзевай.

Гэтая дзяўчына нарадзілася ў 1412 г. у вёсцы Дамрэмі, на мяжы Латарынгіі і Шампані, у сялянскай сям'і. Дзяўчынка расла вельмі ўразлівай і была рэлігійна-экзальтаванай асобай. У 15 гадоў яна і яе сям'я сутыкнуліся з жахамі вайны. Жанне падчас малітваў пачалі з'яўляцца прывіды і чуцца галасы, якія намаўлялі яе выратаваць дафіна Францыі і вярнуць яму каралеўскі трон. Жанна вырашыла, што менавіта яна абраная Богам стаць выратавальніцай роднай краіны. З вялікімі цяжкасцямі і прыгодамі яна дабралася да замка Шынона (каля горада Буржа ) і дамаглася сустрэчы з дафінам Карлам. Яна пераканала яго ў сваёй богаабранасці і прапанавала накіраваць яе разам з войскам на дапамогу Арлеану, які быў у варожай аблозе. Дафін дазволіў ёй далучыцца да войска і фармальна яго ўзначаліць. У сапраўднасці ім, вядома, кіравалі дасведчаныя камандзіры-прафесіяналы. Жанна надзела рыцарскія даспехі і прыняла непасрэдны ўдзел у баях. 8 траўня аблога Арлеана была знятая, і англічане адступілі.

Папулярнасць Жанны ў краіне вырасла, і яна настаяла, каб дафін прабіўся праз варожае атачэнне ў горад Рэймс, каб там афіцыйна каранавацца паводле старадаўняга звычаю. Вытрымаўшы некалькі бітваў з англічанамі, Карл разам з Жаннай у ліпені 1429 г. увайшлі ў Рэймс, дзе ў прысутнасці Жанны адбылася каранацыя Карла.

Жанна вырашыла вызваліць ад англічан сталіцу Францыі Парыж, але яе атрад не здолеў гэта зрабіць. Вайна працягвалася. У траўні 1430 г. пры аблозе горада Камп'ена Жанна трапіла ў палон да бургундцаў. Яны за вялікія грошы перадалі яе ў рукі англічан. Потым у Нармандыі ў горадзе Руане яе судзілі судом інквізіцыі, абвінавацілі ў вядзьмарстве і 30 траўня 1431 г. спалілі на вогнішчы. Праз 25 гадоў справу Жанны перагледзелі і адмянілі руанскі прысуд.

(У 1909 папа Пій X абвясціў Жанну дабраславёнай, а 16 траўня 1920 года папа Бенедыкт XV кананізаваў яе. Дзень памяці - 30 траўня. У наш час практычна ў кожным каталіцкім храме Францыі ёсць статуя святой Жанны д'Арк. Арлеанская дзева падаецца ў мужчынскім косцюме, з мячом у руцэ. Рэд. )

Пасля смерці Жанны англічане пачалі цярпець паразы. У 1435 г. герцаг Бургундыі Філіп ІІІ замірыўся з Карлам VII, і англічане страцілі моцнага ваеннага саюзніка. У 1436 г. іх выгналі з Парыжа, а потым у чэрвені 1451 г. - з горада Бардо і правінцыі Гасконь. Восенню 1452 г. войскі Англіі зноў захапілі гэты горад. Аднак французы на чале з Карлам VII 16 ліпеня 1453 г. разбілі ворага ў бітве каля Шатыёна. 19 кастрычніка 1453 г. здаўся англійскі гарнізон у Бардо. Стагадовая вайна скончылася. У англічан застаўся толькі горад Кале.

2. Паўстанне Жакерыя

Гэта было адно з самых масавых паўстанняў французскіх сялян у эпоху Сярэднявечча. Паўстанне пачалося ў 1358 г. падчас Стагадовай вайны. Назва паўстання паходзіць ад крыху здзеклівага слова "жак", што прыблізна адпавядае нашаму слову "мужык". "Жакамі" французскія феадалы зняважліва называлі сваіх сялян.

Прычын паўстання было шмат. У 1348 г. у Францыі лютавала эпідэмія чумы, падчас якой трэцяя частка жыхароў краіны памерла. Вядома, што ў першую чаргу пацярпелі сяляне-беднякі. Падчас вайны сялян абклалі вялікімі падаткамі, а іх вёскі рабавалі як англійскія, так і французскія салдаты-наёмнікі. Непасрэднай прычынай паўстаня было рашэнне дафіна Карла сялянскімі рукамі ўмацоўваць замкі вакол Парыжа. Таксама сяляне былі павінны забяспечыць гарнізоны гэтых замкаў харчамі. Паўстанне пачалося 28 траўня 1358 г. Паўстанне ахапіла ўсю цэнтральную Францыю. Узначаліў яго селянін Гіём Каль (ці Карль ). Колькасць паўстанцаў дасягнула амаль ста тысяч чалавек. Яны палілі і рабавалі феадальныя замкі і мелі на мэце пазабіваць усіх феадалаў-прыгнятальнікаў. Пры гэтым яны не выступалі супраць манархіі і нават мелі на сваіх сцягах выяву лілеі - герб дынастыі Валуа. Спачатку французская шляхта разгубілася, але потым запрасіла на дапамогу караля Навары (суседкі Францыі на поўдні) Карла Злога , які прэтэндаваў і на французскую карону. Ён сабраў войска, каля тысячы французскіх і англійскіх рыцараў, і рушыў на паўстанцау Войска паўстанцаў, значна большае, чым армія феадалаў, выйшла насустрач. 8 чэрвеня войскі сустрэліся каля вёскі Мэло . Хітры Карл Злы прапанаваў перамір'е і перамовы. Сяляне пагадзіліся, а калі іх лідар Гіём Каль з'явіўся для перамоваў, ён быў вераломна схоплены, пасля чаго рыцары знянацку напалі на сялян. Застаўшыся без камандзіра, сялянскае войска атрымала паразу, а іх лідара пасля жахлівых катаванняў забілі. Пераможцы два месяцы пераследавалі паўстанцаў і знішчылі каля 20 тысяч чалавек.

3. Паўстанне Уота Тайлера

У 60-я - 70-я гг. XIV ст. у Англіі пачаўся антыкаталіцкі рух, які доўжыўся больш за 100 гадоў. Ён быў звязаны з тым, што рымскія папы трапілі пад уплыў Францыі. Лідарам гэтага руху стаў Джон Уікліф (1320-1386) - святар, багаслоў, прафесар Оксфардскага ўніверсітэта. Ён лічыў, што духоўная ўлада павінна быць падначаленая свецкай уладзе, а царква мусіла адмовіцца ад зямельнай маёмасці. Менавіта ён пераклаў Біблію з лацінскай на англійскую мову. Спачатку ён набыў вялікую папулярнасць у краіне, але пасля сялянскага паўстання 1381 г. улады пачалі баяцца ўплыву яго ідэй на просты народ і перасталі яго падтрымліваць. Уікліф пакінуў Оксфард і неўзабаве памёр.

Але засталіся яго вучні, бедныя святары-прапаведнікі. Іх дзейнасць пераследавалася афіцыйнай каталіцкай царквой, а гэтыя людзі атрымалі назву лоларды . Адзін з гэтых святароў, Джон Бол , стаў адным з правадыроў сялянскага паўстання. Ён прапаведаваў сацыяльную роўнасць усіх людзей у краіне. Падставай для сялянскага паўстання быў усеагульны падатак на вайну, уведзены ў 1380 г. Калі ў наступным годзе пачалі збіраць гэты падатак, сяляне паўсталі. Найбольш паўстанцаў было ў графствах Кент і Эсэкс , на паўднёвым захадзе Англіі. Сярод іх вялі актыўную дзейнасць прапаведнікі лоларды на чале з Джонам Болам і селянінам Уотам Тайлерам . Паўстанцы грамілі маёнткі і кляштары, знішчалі дакументы, у якіх былі запісаны іх павіннасці. Іх падтрымалі дробныя рыцары і гараджане. Атрады паўстанцаў падышлі да Лондана. Ноччу бедныя гараджане адчынілі гарадскія брамы, паўстанцы ўвайшлі ў горад і разрабавалі каралеўскі палац. Малагадовы кароль з дваром схаваліся ў замку Таўэр. 14 ліпеня ў лонданскім прыгарадзе кароль Рычард ІІ сустрэўся з паўстанцамі-сялянамі, якія горача яго віталі, бо лічылі вінаватымі толькі яго дрэнных дарадцаў. Рычард II пагадзіўся з патрабаваннямі паўстанцаў, але прыгоннае права пакінуў без зменаў. Адначасова паўстанцы ўварваліся ў каралеўскі замак Таўэр і жорстка расправіліся з атачэннем караля, якое і было, на іх думку, ва ўсім вінаватым. Большая частка паўстанцаў, задаволеная абяцаннямі караля, пакінула Лондан. Але тыя, хто застаўся, на чале з Уотам Тайлерам, запатрабавалі новай сустрэчы з каралём. Падчас перамоваў мэр Лондана забіў Уота Тайлера. Кароль Рычард выехаў да паўстанцаў, зноў шмат чаго ім паабяцаў, і тыя таксама пакінулі сталіцу Англіі. Англійскі парламент прыняў закон, паводле якога пераслед большасці паўстанцаў быў спынены. У выніку прыгонная залежнасць сялянства аслабла і паступова знікла.

4. Міжусобная вайна XV ст. у Англіі

Пасля паразы Англіі ў Стагадовай вайне ў краіне пачалася доўгая міжусобная вайна паміж дзвюмя ўплывовымі феадалыіммі групоўкамі, што змагаліся за ўладу. Гэта вайна ў гісторыі атрымала прыгожую назву "вайна Чырвонай і Белай ружы" . Чырвоная ружа аздабляла герб роду Ланкастараў , а белая ружа - складовая частка герба роду Ёркаў . Каралеўская ўлада моцна падупала, а ўлада вялікіх феадалаў узмацнілася. Вельмі збяднела дробнае рыцарства, якое пасля вайны з Францыяй вярнулася ў краіну, поўніла войскі варагуючых бакоў. Першым свае прэтэнзіі на каралеўскі трон выказаў герцаг Рычард Ёрк . У 1455 г. яго войска разбіла армію караля Эдуарда III. Аднак неўзабаве ён дасягнуў кампрамісу з каралём, і вайна часова спынілася. У 1459 г. войскі Ланкастараў умацаваліся і ў 1460 г. разбілі атрады Рычарда Ёрка, а ён у гэтай бітве загінуў. Аднак яго сын Эдуард Ёрк у дзвюх бітвах у 1461 г. разбіў войскі Ланкастараў, і іх камандзір Генрых VI уцёк у Шатландыю. Эдуард Ёрк стаў каралём, умацаваў сваю ўладу. У 1464 г. ён зноў разбіў войскі Генрыха VI і ўзяў яго ў палон. Але частка Ёркаў, не задаволеная яго кіраваннем, перайшла ў варожы лагер, захапіла Лондан, вызваліла Генрыха VI і зноў абвясціла яго каралём. Эдуард IV Ёрк уцёк у Галандыю, атрымаў там падтрымку Бургундыі, потым, у 1471 г., вярнуўся ў Англію, захапіў Лондан, зноў пасадзіў Генрыха VI у турму, дзе той і памёр.

Канец яго ўлады прайшоў спакойна. У Англіі назіраўся эканамічны пад'ём аж да яго смерці ў 1483 г. Зноў узнавілася міжусобная вайна, у якой загінулі амаль усе ўплывовыя Ёркі і Ланкастары. У выніку да ўлады ў 1485 г. прыйшоў кароль Генрых VII , далёкі сваяк роду Ланкастараў, які заснаваў новую дынастыю Цюдараў .

У канцы XV ст. феадальная сістэма Англіі амаль цалкам разбурылася. Лендлорды адмовіліся ад земляробства ў сваіх маёнтках, пачалі на сваіх землях пасвіць і разводзіць авечак, а залежных сялян выганяць у гарады. Пачаўся т. зв. працэс "абгароджвання" , які набярэ сілу пазней, у ХVІ ст. Пасля паўстання 1381 г. знікла прыгонная залежнасць сялян. Сяляне падзяліліся на вольных сялян, ёўменаў , і беднякоў, якія не мелі зямлі і зрабіліся батракамі. Ёўмены служылі ў англійскай арміі, мелі дома баявыя лукі і былі элітай англійскай арміі падчас Стагадовай вайны.

Калі англійскія купцы асвоілі далёкія марскія шляхі, вельмі актывізаваўся марскі гандаль Англіі. А кароль Генрых VII Цюдар (1485-1509) зрабіў Англію краінай з моцнай каралеўскай уладай, квітнеючай эканомікай, магутнай арміяй і флотам.

5. Герцагства Бургундыя

Росквіт гэтай дзяржавы прыпадае на XV ст. У пачатку стагоддзя гэта была вялікая краіна з вялізнай арміяй. Герцагі Бургундыі далучылі да сваіх земляў Бургундскае графства (якое належала Свяшчэннай Рымскай імперыі), значную частку Нідэрландаў (Фландрыя, Брабант) і Люксембург. З 1416 па 1435 г. Бургундыя была саюзнікам Англіі і ваявала з Францыяй. Чарговы росквіт краіны звязаны з герцагам Карлам Смелым (1467-1477). Ён не жадаў падпарадкоўвацца каралю Францыі і хацеў ператварыць сваю дзяржаву, у якую ўваходзілі некалькі герцагстваў і графстваў, у самастойнае каралеўства. У другой палове XV ст. Бургундыя мела вялікую армію і зрабілася адной з самых моцных краін Заходняй Еўропы. Тэрыторыя Бургундыі ахоплівала паўколам Францыю на паўночным усходзе. Карл Смелы здолеў утварыць і ўзначаліць кааліцыю прынцаў каралеўскай крыві, якую назвалі Лігай грамадскага дабра . Аднак кароль Францыі здолеў рознымі спосабамі разваліць яе. Карл Смелы валодаў дзвюмя не злучанымі паміж сабою тэрыторыямі, Нідэрландамі і Бургундыяй і хацеў іх аб'яднаць. Таму ён увесь час ваяваў з герцагам Латарынгіі і Швейцарыяй. Французскі кароль даваў фінансавую дапамогу ворагам Бургундыі. У 1477 г. паміж войскамі Бургундыі і арміяй Латарынгіі і Швейцарыі адбылася вялікая бітва пры горадзе Нансі . Людовік ХІ, кароль Францыі, падкупіў наёмнікаў, якія і забілі падчас бітвы герцага Карла Смелага. Пасля гэтага французы захапілі заходнюю частку Бургундыі, якую кароль Людовік XI адразу далучыў да свайго дамена. Таксама ў Францыю ўвайшла і частка Нідэрландаў. Астатняя частка Бургундыі ўвайшла ў імперыю Габсбурга. Так закончыла сваё існаванне вялікая еўрапейская краіна.

6. Завяршэнне аб'яднання Францыі

Пасля заканчэння Стагадовай вайны Карл VII зрабіў удалую вайсковую рэформу. Ён стварыў рэгулярную армію з розных родаў войскаў: кавалерыю (дзе служыла дваранства); інфантэрыю (пяхота, дзе служылі сяляне і гараджане); артылерыю (якая дапамагала штурмаваць варожыя замкі і гарады). У 1438 г. у Францыі абмежавалі папскую ўладу, пачалі самі выбіраць біскупаў і абатаў, зменшылі правы Папы на розныя плацяжы і абмежавалі правы папскага суда. Каб умацаваць сваю ўладу, у другой палове XV ст. французскія каралі пачалі надаваць дваранства людзям, якія паходзілі з сялян і гараджан. Сярод іх было шмат фінансавых чыноўнікаў і суддзяў.

Далейшае ўмацаванне краіны адбылося пры вышэйзгаданым каралі Людовіку XI (1461-1483). Кароль быў кволым і згорбленым, невысокага росту, з непрыгожым тварам. Але пры гэтым ён быў вельмі хітры і добра разбіраўся ў дыпламатыі. Ён не любіў багатых сеньёраў і браў на службу толькі адданых яму людзей, нягледзячы на іх на паходжанне. Ваяваць ён не любіў і дзейнічаў подкупам, дыпламатычным шляхам і рознымі хітрыкамі. Людовік XI здолеў без вайны знішчыць галоўнага ворага, Бургундыю, а потым у 1481 г. далучыць да краіны Праванс разам з Марселем , які раней знаходзіўся ў Свяшчэннай Рымскай імперыі.

У краіне Людовік XI падтрымліваў гарады, прамысловасць і гандаль. Ён даваў ільготы і прывілеі рамеснікам і купцам, спрыяў узнікненню нацыянальнай буржуазіі. У Ліёне ён дамогся выпуску шаўковых тканін і правядзення вялікіх кірмашоў. Таксама ён спрыяў развіццю металургіі, кнігадрукавання і шкларобства.

Пасля смерці Людовіка ў 1483 г. каралём стаў яго непаўнагадовы сын Карл VIII . Пакуль ён быў малы, краінай кіравала яго старэйшая сястра. У 1484 г. яна склікала Генеральныя штаты ў горадзе Туры , на якіх дэпутаты прасілі знізіць падаткі і абмежаваць каралеўскую ўладу. Аднак улады з гэтым фактычна не пагадзіліся, распусцілі парламент і не збіралі яго аж 75 гадоў. У 1491 г. Карл VIII ажаніўся з Ганнай Брэтонскай . Год далучэння да Францыі Брэтані, дзе жыў кельцкі народ брэтонцаў, лічыцца датай канчатковага аб'яднання Французскага каралеўства.

АСНОЎНЫЯ ТЭРМІНЫ

Арлеанская дзева (Латарынгская дзева) - так французы называлі Жанну д'Арк.

"Вайна Чырвонай і Белай ружы" - міжусобная вайна ў Англіі ў XV ст.

Валуа - дынастыя французскіх каралёў.

Жакерыя - сялянскае паўстанне ў Францыі ў XIV ст.

Плантагенеты - дынастыя англійскіх каралёў.

Цюдары - дынастыя англійскіх каралёў.

НАЙВАЖНЕЙШЫЯ ПАДЗЕІ

1337 г. - пачатак Стагадовай вайны.

1346 г. - бітва пры Крэсі, захоп англічанам г. Кале.

1356 г . - бітва пры Пуацце.

1358 г. - сялянскае паўстанне Жакерыя.

1381 г. - сялянскае паўстанне Уота Тайлера ў Англіі.

1412-1431 гг. - Жанна д'Арк.

1415 г. - бітва пры Азенкуры (Стагадовая вайна).

1429 г. - зняцце аблогі з Арлеана (Стагадовая вайна).

1453 г. - канец Стагадовай вайны.

1485 г. - да ўлады ў Англіі прыйшоў Генрых VII, заснавальнік дыннастыі Цюдараў.

РАЗДЗЕЛ XVI. СВЯШЧЭННАЯ РЫМСКАЯ ІМПЕРЫЯ. ГУСІЦКІЯ ВОЙНЫ

1. Палітычная сітуацыя ў Свяшчэннай Рымскай імперыі.

2. "Залатая була".

3. Ганзейскі саюз гарадоў.

4. Тэўтонскі і Лівонскі ордэны ў ХІV-ХV стст.

5. ІІІвейцарыя.

6. Венгрыя.

7. Чэхія.

8. Гусіцкія войны.

1. Палітычная сітуацыя ў Свяшчэннай Рымскай імперыі

З 1298 па 1308 г. імператарам дзяржавы быў Альбрэхт І Аўстрыйскі з дому Габсбургаў, які марна спрабаваў пашыраць уладанні свайго дамену. З 1308 г. да ўлады ў імперыі прыйшла дынастыя Люксембургаў, якія былі нязначнымі князямі Германіі, але імкнуліся пашыраць свае валоданні, і гэта ў іх атрымалася. Генрых VII Люксембургскі ажаніў свайго сына з дачкой чэшскага караля, і Люксембургі сталі яшчэ і чэшскімі каралямі. Пасля смерці Генрыха ў выніку міжусобнай спрэчкі да ўлады прыйшоў Людвіг IV Баварац (1314-1346), які выступіў за абмежаванне фінансавых палітычных прэтэнзій Рымскага Папы ў Германіі. Яго падтрырымалі бюргеры і, часткова, духавенства. Папа Іаан XXII адлучыў Людвіга ад царквы, але той абвясціў Папу ерэтыком, і яго войскі занялі Рым. Там абралі новага Папу, Мікалая V , які каранаваў Людвіга імператарскай каронай. Аднак у 1328 г. у Людвіга скончыліся грошы, каб плаціць наёмнаму войску, і ён разам з Мікалаем V мусіў пакінуць Рым. Яшчэ пры яго жыцці нямецкія князі выбралі новага кіраўніка, чэшскага караля Карла IV (1346-1378). Неўзабаве Людвіг Баварац памёр.

2. "Залатая була"

Карл IV, які атрымаў у Францыі добрую адукацыю, у першую чаргу дбаў пра Чэхію і зрабіў яе цэнтрам Свяшчэннай Рымскай імперыі, а горад Прагу - яе неафіцыйнай сталіцай. Ён збудаваў у Празе славуты Карлаў мост , а ў 1348 г. заснаваў Пражскі (ці Карлаў ) універсітэт - першы ў імперыі. Карл IV запрасіў у Чэхію шмат нямецкіх перасяленцаў-каланістаў, якія прынеслі з сабою нямецкую мову і культуру. У 1356 г. ён выдаў дакумент, т. зв. "Залатую булу" , у якой прызнаў поўную самастойнасць курфюрстаў Германіі і адмовіўся ад умяшання ў іх унутраныя справы.

Было пацверджана, што нямецкага караля выбіраюць 7 курфюрстаў без ухвалення Рымскага Папы, але толькі Папа мог каранаваць караля імператарскай каронай. Выбранне адбывалася ў горадзе Франкфурце-на-Майне большасцю галасоў курфюрстаў. Такі парадак выбараў імператара існаваў аж да 1806 г. Курфюрсты атрымалі правы на свой вышэйшы суд, распрацоўку зямных нетраў, чаканку манеты і самастойнае збіранне мыта. Яны нават маглі паміж сабою ваяваць, калі вайна "законна аб'яўлена" за тры дні да пачатку ваенных дзеянняў. Тэкст дакумента пераплялі ў прыгожую вокладку, да якой прымацавалі залатую пячатку (ці булу). Таму гэты дакумент спачатку назвалі "Кнігай з залатой булай", а потым - проста "Залатой булай".

Такім чынам, на чале дзяржавы быў імператар, які адначасова быў і германскім каралём. Пры ім быў спецыяльны орган кіравання, у які ўваходзілі буйныя свецкія і духоўныя феадалы ды прадстаўнікі гарадоў. Гэтая ўстанова называлася рэйхстагам , аднак значнай рэаальнай улады яна не мела. У XV ст. вялікая краіна пачала распадацца. Так, пасля Грунвальскай бітвы 1410 г. Тэўтонскі ордэн страціў шмат земляў і ператварыўся ў васала польскага караля, а Лівонскі ордэн стаў самастойным. У другой палове XV ст. са складу імперыі выйшлі Чэхія, Венгрыя і Швейцарыя.

3. Ганзейскі саюз гарадоў

У XIV-XV стст. назіраецца росквіт нямецкіх гарадоў. Іх было каля 3500, і жыло ў іх у той час ад 13 да 15 млн. чалавек. Паступова склаліся тры зоны канцэнтрацыі гарадскога жыцця са сваімі эканамічнымі інтарэсамі.

1. Гарады паўночнай Германіі (Брэмен, Гамбург, Любек, Ростак, Вісмар і інш.), якія знаходзіліся на ўзбярэжжы Паўночнага і Балтыйскага мораў. Яны гандлявалі з Лонданам, Ноўгарадам, Полацкам, Віцебскам, Смаленскам, Бруге і інш.

2. Гарады Паўднёвай Германіі (Аўгсбург, Нюрнберг, Ульм, Базель, Вена і інш.). Яны пераважна гандлявалі з Італіяй (Мілан, Венецыя, Генуя) і з прыдунайскімі землямі.

3. Гарады, якія стаялі на Рэйне - ад Кёльна да Страсбурга. Яны ўзялі пад кантроль гандлёвыя шляхі з паўночнай у паўднёвую Еўропу. Паступова пачалі складацца згуртаванні гарадоў, якія мелі назву ганзы . Самым моцным з іх стала паўночна-нямецкая Ганза, ці Вялікая нямецкая Ганза . Спачатку, у XII ст. гэта было аб'яднанне асобных нямецкіх купцоў, потым - у XIII ст. - гэта хаўрус купецкіх сем'яў, а з канца ХІІІ па сярэдзіну XIV стст. - гэта ўжо саюз гарадоў. Яго ядро - гэта саюз паміж Любекам і Гамбургам , падпісаны ў 1241 г. Канчаткова Ганза (або Ганзея ) склалася ў 1356 г., калі яе і пачалі называць "Нямецкай (Вялікай) Ганзай" . Акрамя нямецкіх гарадоў Гамбурга, Брэмена і Любека, у яе ўвайшлі Данцыг, Кёнігсберг, Рыга, Рэвель, Дэрпт, горад Вісбю на востраве Готланд і шэраг нідэрландскіх гарадоў. Пачынаючы з XIII ст., ганзейцы актыўна гандлявалі з Полацкам, Віцебскам і Смаленскам, дзе мелі свае дамы, а ў Полацку і Смаленску - нават мураваныя касцёлы. Шмат у якіх гарадах яны мелі свае кварталы (двары) , як гэта мела месца ў Ноўгарадзе. Яны прывозілі ў Германію з балтыйскіх краін, ВКЛ, Ноўгарада, Пскова розную сыравіну і прадукты. Стратэгічным таварам Ганзы бымі селядцы, якімі яна забяспечвала амаль усю Еўропу, у тым ліку і Беларусь. У абмен на прадукты і сыравіну ганзейцы прывозілі ў краіны Ўсходняй Еўропы сукно, вырабы з металу, віно, лекі і ўсходнія тавары, асабліва вострыя прыправы.

Ганзейскі звяз канчаткова аформіўся ў другой палове XIV ст. Сталіцай стаў горад Любек, дзе адбываліся з'езды ( ганзатагі ) прадстаўнікоў усіх ганзейскіх гарадоў, дзе і вырашаліся бягучын пытанні. Ганза мела сваё войска, асабліва флот і не раз ваявала. Так з 1368 па 1369 г. ішла вайна з Даніяй, сур'ёзным канкурэнтам Ганзы. Войскі Ганзы захапілі Капенгаген, і Данія была пераможана. Росквіт Ганзы прыпадае на XIV - першую палову XV стст., калі ў яе ўваходзіла каля 160 гарадоў. У другой палове XV ст. з'явіліся моцныя канкурэнты, купцы з Англіі, Нідэрландаў і зноў Даніі. Свой уплыў Ганзейскі саюз страціў пасля вялікіх геаграфічных адкрыццяў, калі кардынальна змяніліся кірункі асноўных гандлёвых шляхоў. Але фармальна Ганза існавала да 1669 г.

4. Тэўтонскі і Лівонскі ордэны ў XIV-XV стст.

Войны Тэўтонскага ордэна. У пачатку XIV ст. Тэўтонскі ордэн стаў вялікай дзяржавай. Яму належалі Прусы, Курляндыя, Семігалія частка Лівоніі і некалькі паветаў Жмудзі. У Ордэн ахвотна ўступалі як буйныя нямецкія феадалы, так і звычайная шляхта. Не спыняючы вайны з ВКЛ, Ордэн распачаў доўгую вайну з Польшчай за Памор'е (1309-1343 гг.). Крыжакі ўжо не змагаліся з язычнікамі, а пайшлі на сваіх каталіцкіх братоў, каб злучыцца з астатняй Германіяй па сухім (беразе Балтыйскага мора). Але на Памор'е, акрамя мясцовых князёў прэтэндавалі яшчэ польскія каралі і брандэнбургскія маркграфы. У 1294 г. польскі кароль захапіў Памор'е, але праз два гады яго забілі брандэрбургцы. У 1295 г. яны атрымалі ад германскага імператара прывілеі на валоданне Памор'ем. Каб вярнуць сабе гэтую тэрыторыю, іншы польскі кароль Уладзіслаў Лакетак звярнуўся па дапамогу да Ордэна і дамовіўся, што крыжакі будуць бараніць замак у Гданьску. Адбіўшы наступ на Гданьск, крыжакі за службу запатрабавалі грошы. Але грошай у палякаў не было. Тады крыжакі знянацку захапілі Гданьск і выкупілі ў Брандэрбурга правы на валоданне Памор'ем.Усё гэта ў 1311 г. пацвердзіў германскі імператар. Ордэн вельмі хутка захапіў у Польшчы астатнія паморскія замкі і заняў абодва берагі Віслы да ўпадзення яе ў Балтыйскае мора. Паралельна ішла вайна і з ВКЛ, прычым ішла яна з пераменным поспехам, і канца гэтай вайне не было.

Уладзіслаў Лакетак ажаніў свайго сына Казіміра з дачкой вялікага князя Гедыміна Альдонай, і яны з Гедымінам выступілі разам супраць крыжакоў. У 1326 г. саюзнікі спустошылі ваколіцы Франкфурта-на-Одэры. У 1341 г. крыжакі падчас аблогі аднаго з іхніх замкаў з гарматы забілі Гедыміна, але вайну з імі працягвалі Альгерд і Кейстут.

З 1340 па 1410 гг. крыжакі здзейснілі 97 паходаў на землі ВКЛ. Асабліва пацярпелі Жмудзь, Гародня, Вільня, Берасце, Наваградак, Трокі і Ліда. У адказ войскі ВКЛ зрабілі каля 55 паходаў на ордэнскія землі. У 1360 г. крыжакі захапілі ў палон Кейстута, але той здолеў уцячы. У канцы 1379 г. Кейстут і Ягайла (сын яго брата Альгерда, які памёр у 1377 г.) у Троках падпісалі мір на 10 гадоў з крыжакамі. Аднак Ягайла, які вырашыў аднаасобна кіраваць ВКЛ, уступіў з крыжакамі ў таемную змову супраць Кейстута. У 1381 г., не чакаючы войскаў Ягайлы, крыжакі напалі на Жмудзь, якая належала Ксйстуту. У выніку канфлікту паміж Ягайлам і Кейстутам, Ягайла падманным шляхам схапіў у палон Кейстута і Вітаўта. Кейстута адвезлі ў Крэўскі замак, дзе і забілі. Потым туды прывезлі і Вітаўта, але той з дапамогай сваёй жонкі Ганны здолеў адтуль уцячы. Вітаўт уступіў у хаўрус з Ордэнам, а Ягайла ў 1385 г. стаў польскім каралём і працягваў змаганне з Вітаўтам за ўладу ў ВКЛ. У 1392 г. ён падпісаў пагадненне з Вітаўтам, што перадае яму ВКЛ да канца ягонага жыцця, а сам застаецца толькі каралём Польшчы.

Пасля гэтага Польшча і ВКЛ аб'ядналіся ў змаганні з крыжакамі, якія любым коштам хацелі захапіць Жмудзь, каб злучыць свае землі з Лівоніяй. У 1401 г. Жмудзь паўстала супраць Ордэна і ВКЛ іх падтрымала. У 1404 г. Польшча дамовілася аб тым, што яна выкупіць у крыжакоў Добжынскую зямлю, а тыя пакінуць сабе Жмудзь. У 1398 г. крыжакі з дапамогай марскога дэсанта захапілі востраў Готланд у Балтыйскім моры, а ў 1407 г. вялікім магістрам Ордэна быў абраны Ульрых фон Юнгінген , які праводзіў актыўную палітыку па пашырэнні ўплыву Ордэна на ўсходзе. 31 траўня 1409 г. Жмудзь зноў паўстала, а ў жніўні 1409 г. Ордэн пісьмова аб'явіў вайну Польшчы і захапіў некаторыя польскія замкі і гарады. Але Вітаўт злучыў свае атрады з паўстанцамі-жмудзінамі: яны нават захапілі горад Мемель (Клайпеду), акрамя замка. У верасні польскія войскі выгналі крыжакоў з Быдгашча, і ў кастрычніку Ягайла заключыў перамір'е з Ордэнам да чэрвеня 1410 г. Скончыўся першы этап Вялікай вайны з Ордэнам (1409-1411 гг.).

Вайна крыжакоў з Вітаўтам працягвалася. Так, 16 сакавіка 1410 г. яны раптоўна напалі на Ваўкавыск, спалілі яго і забілі шмат людзей, якія сабраліся на набажэнства. Але ў траўні Ордэн замірыўся і з Вітаўтам (да 24 чэрвеня), як і з Ягайлам. Крыжакі вельмі спадзяваліся на свайго васала, Лівонскі ордэн, які мог ударыць па Вітаўце адначасова з асноўнымі сіламі крыжакоў. Аднак гэтага не здарылася, бо ў 1409 г. Вітаўт наладзіў добрыя стасункі з Псковам і Ноўгарадам, і лівонцы спалохаліся гэтага сяброўства.

Пасля мабілізацыі Ордэн прывёў на Грунвальдскае поле каля 33 тысяч чалавек, з іх 21 тысячу вершнікаў, 6 тысяч пяхоты і 5 тысяч дапаможнага войска. Частка крыжакоў засталася ў замках; на левым беразе Віслы былі рэзервы, а Лівонскі ордэн наогул на бітву не з'явіўся. Вітаўт прывёў 10-11 тысяч вершнікаў і 500 чалавек пяхоты, а Ягайла - 18 тысяч вершнікаў і каля 2 тысяч пяхоты. Разам аб'яднанае войска мела 31500 ваяроў, да якіх трэба дадаць пару тысяч татараў на чале з ханам Джэлал-ад-Дзінам , саюзнікам Вітаўта. Польскі гісторык Ян Длугаш, які праз 40 з нечым гадоў першы апісаў Грунвальдскую бітву ў ліпені 1410 г., згадвае 48 харугваў ВКЛ і 50 харугваў Польшчы. Таму не выпадкова Грунвальдскую бітву называюць бітвай народаў. На ўзбраенні абодвух войскаў былі гарматы, у асноўным бамбарды, што стралялі каменнымі ядрамі. Пакуль доўжылася перамір'е, Вітаўт нечакана для крыжакоў прывёў сваё войска ў Польшчу. Аб'яднаная армія перайшла цераз Віслу і рушыла ў прускія землі на Мальбарк. Сама бітва на Грунвальдскім полі доўжылася ад 12 да 19 гадзін і скончылася перад заходам сонца поўнай паразай крыжакоў. Разам з вялікім магістрам загінулі амаль усе саноўнікі Тэўтонскага ордэна. Загінула каля 18 тысяч чалавек, каля 14 тысяч трапіла ў палон, каля 1,5 тысячы ўцякло. Ужо 17 ліпеня пераможцы рушылі на крыжацкую сталіцу. Большая частка гарадоў і замкаў здавалася без бою, некаторыя гараджане і шляхта нападалі на ордэнскія замкі і перадавалі іх саюзнікам.

25 ліпеня войскі Ягайлы і Вітаўта ўжо былі пад мурамі Мальбарка. Аднак камандзір крыжацкага рэзерву Генрых фон Плаўэн , які не браў удзел у бітве, здолеў прывесці свой атрад у горад раней, 18 ліпеня, і добра падрыхтаваў яго да абароны. Залога замка складала 2,5 тысячы чалавек, яна была добра ўзброеная і мела харчаванне на некалькі тыдняў. Мальбаркскі замак быў адным з найлепшых умацаванняў у Еўропе, і ўзяць яго саюзнікі не змаглі. У гэты час у Кёнігсберг прыбылі вайсковыя адзінкі Лівонскага ордэна. Таму ў верасні Вітаўт і Ягайла знялі аблогу і з вялікай здабычай вярнуліся дадому. Пасля іх адыходу прускія гарады і замкі зноў перабеглі пад уладу Ордэна, знішчылі ці ўзялі ў палон польскія гарнізоны.

У палякаў засталося некалькі замкаў і гарады Стары Торунь ды Гданьск. 9 лістапада 1410 г. Генрыха фон Плаўэна абралі вялікім магістрам (гохмайстрам), і той пасля доўгіх перамоваў у лютым 1411 г. падпісаў Торуньскую мірную дамову . Жмудзь перадавалася Вітаўту, а Добжынская зямля - Ягайлу. Астатнія землі засталіся за Ордэнам. Пасля гэтай вайны Ордэн паступова прыйшоў да заняпаду і зрабіўся васалам польскага караля.

Лівонскі ордэн. У ХІV-ХV стст. Лівонія складалася з пяці амаль незалежных краін, якія фармальна прызвалі ўладу германскага імператара. Большая частка тэрыторыі належала непасрэдна Лівонскаму ордэну. На поўначы Лівоніі (цяпер гэта тэрыторыя Эстоніі) знаходзілася Дэрпцкае і Эзельскае біскупствы, на захадзе - Курляндскае біскупства, а ў цэнтры - вольны горад Рыга і Рыжскае біскупства.

Спачатку горад Рыга залежаў ад улады архібіскупа, але Лівонскі ордэн хацеў так-сама трымаць гэтае вялікае места пад сваім кантролем. Рыжскім купцам гэта не падабалася, асабліва пасля таго як Ордэн набыў кляштар каля рыжскага порту і пачаў спаганяць з іх мыта. Гараджане ўзнялі паўстанне і захапілі, а потым разбурылі Рыжскі замак - апору Ордэна. Тады рыцары абклалі горад і ў 1330 г. прымусілі яго прызнаць уладу Ордэна. Але гэта не спадабалася рыжскаму біскупу; пэўны час Рыга мусіла плаціць падаткі абодвум сеньёрам і паступова атрымала ад іх значную незалежнасць. Роля Рыгі ўзрасла пасля ўступлення горада ў Вялікую Ганзу. Акрамя немцаў, у Рызе жыло і шмат мясцовых жыхароў: ліваў, земгалаў, куршаў і латгалаў. У канцы XIV ст. немцы пачалі абмяжоўваць іх правы. Ім забаранілі купляць дамы, гандляваць, уступаць у цэхі. Яны зрабіліся транспартнымі рабочымі, а таксама стварылі свае брацтвы (напрыклад, разносчыкаў піва ці вытворцаў зашпілек). Галоўнымі людзьмі ў Рызе былі купцы. Яны былі аб'яднаныя ў Вялікую гільдзію. Брацтвы рамеснікаў стварылі Малую гільдзію. Замежныя халастыя гандляры ўваходзілі ў брацтвы Чорнагаловых . Горадам кіравала рада (ням. "рат"). Яе складалі ратманы - самыя багатыя людзі, якія мелі дамы і землі за межамі Рыгі. Галоўную пасаду ў радзе займаў бургамістр . Астатнія гарады Лівоніі ствараліся каля ордэнскіх і біскупскіх замкаў і цалкам залежалі ад сваіх сеньёраў. Мясцовыя рамеснікі абслугоўвалі ў асноўным жыхароў замка, але гандлявалі і з навакольнымі сялянамі. Феадалы Лівоніі былі нямецкага паходжання і жылі ў замках. Яны збіралі падаткі і судзілі мясцовых сялян, тутэйшых жыхароў. Сяляне былі павінны апрацоўваць іх землі пад прымусам як паншчыну. Мясцовыя паны жадалі ўдзельнічаць у кіраванні краінамі, дзе яны жылі. Таму пры біскупах былі створаныя зямельныя рады , дзе прадстаўнікі паноў і багатых гараджан прымалі найбольш важныя рашэнні. З 1419 г. у Лівоніі была створана рада ўсіх феадалаў краіны - ландтаг. Яго маглі склікаць магістр Ордэна і рыжскі архібіскуп. У пачатку XV ст. ландтаг прыняў рашэнне, што феадалы павінны або вяртаць збеглых да іх сялян іх пану, або выплаціць яму ўсе пазыкі гэтага селяніна. Так у Лівоніі з'явілася прыгоннае права. Акрамя сялян, якія мелі свае зямельныя надзелы, існавалі беззямельныя батракі, якія маглі мяняць месца жыхарства і наймацца на працу да тых людзей, што мелі свой двор і зямлю. Некаторыя сяляне працавалі слугамі ў феадалаў і маглі за службу атрымаць у карыстанне дом і зямлю. Дробная нямецкая шляхта мела пяць ці шэсць сялянскіх двароў, а вялікія паны валодалі сотнямі.

На мяжы ХV-ХVІ стст. з розных балцкіх і ліўскіх плямёнаў на тэрыторыі паўднёвай і цэнтральнай Лівоніі склаўся латышскі народ . Поўнач Лівоніі насялялі эсты (чудзь) - продкі сённяшніх эстонцаў. Іх сталіца - горад Талін - узнікла на паўднёвым беразе Фінскага заліва. Упершыню гэты горад згадваюць арабскія географы пад 1154 г. Славяне называлі яго Калывань . У 1219 г. горад захапілі датчане і назвалі яго Рэвель , але эстонцы заўсёды называлі яго Талін (дацкі горад). У 1285 г. горад далучыўся да Ганзы і стаў вялікім гандлёвым асяродкам. У 1346 г. Данія прадала гэты горад і землі Паўночнай Эстоніі, якія ёй належалі, Тэўтонскаму ордэну, а потым яны ўвайшлі ў склад Лівонскага ордэна.

5. Швейцарыя

Землі будучай краіны-канфедэрацыі ўваходзілі ў эпоху Сярэднявечча ў склад Свяшчэннай Рымскай імперыі. Гэта былі асобныя валоданні свецкіх і духоўных феадалаў ( лены ), вясковыя грамады ( лясныя кантоны ) і аўтаномныя гарады ( гарадскія кантоны ). Самымі буйнымі феадаламі тут былі графы Савойскія, Кібургі і Габсбургі .

У 1273 г. Габсбургам пачалі непасрэдна належаць тры лясныя кантоны Уры, Швіц і Унтэрвальдэн . Жыхары гэтых кантонаў у жніўні 1291 г. стварылі "Саюз трох" і падпісалі пагадненне пра ўзаемную падтрымку. 16 кастрычніка да іх далучыўся горад Цюрых, і аб'яднанне пачало называцца Ліга . Супраць іх выступіла армія аўстрыйскага герцага Леапольда I . 15 лістапада 1315 г. адбылася бітва, у якой сяляне знянацку напалі на аўстрыйцаў і забілі каля 1500 чалавек. Назва кантона Швіца, які найбольш праявіў сябе на полі бітвы, легла ў аснову назвы новай краіны.

Пасля бітвы 9 снежня 1315 г. пераможцы падпісалі новае пагадненне ў горадзе Брунене , дзе дамовіліся праводзіць узгодненую знешнюю палітыку. 16 сакавіка 1316 г. уся маёмасць Габсбургаў перайшла фармальна да імператара, а фактычна - да аб'яднаных кантонаў. Такім чынам, у цэнтры Еўропы ўтварылася новая дзяржава - Швейцарскі саюз . На працягу XIV ст. да яго далучылася яшчэ пяць кантонаў, сярод якіх былі гарады Цюрых і Берн. У 1370 г. была прынятая "Хартыя пра святароў" , у якой атрымалі значныя прывілеі мясцовыя і транзітныя купцы, забаранялася дзейнасць замежных святароў і ўпершыню быў выкарыстаны тэрмін "канфедэрацыя". У 1380 г. адбылася новая вайна з Габсбургамі, у якой зноў перамаглі ў дзвюх бітвах швейцарцы. Габсбургі мусілі юрыдычна прызнаць існаванне Швейцарыі. У XV ст. Швейцарыя павялічылася за кошт земляў Габсбургаў і міланскага герцага. У другой палове XV ст. Швейцарыя пачала вайну з Бургундыяй. Вайна пачалася ў 1474 г. Пакуль герцаг Бургундскі Карл Смелы ваяваў у Латарынгіі, швейцарцы напалі на Савою і захапілі там 14 гарадоў і 43 замкі. У 1476 г. войскі Бургундыі ўварваліся ў Швейцарыю і захапілі горад Грансон, аднак 2 сакавіка 1476 г. швейцарцы разбілі бургундцаў і захапілі ўсю іх артылерыю. 22 траўня яны зноў атрымалі перамогу над Бургундыяй у бітве пры Муртэне , дзе страты ворага склалі каля сямі тысяч чалавек. 5 студзеня 1477 г. бургундцы пры Нансі былі канчаткова разбітыя, а іх герцаг Карл Смелы загінуў у баі. Пасля гэтай перамогі швейцарскае войска стала адным з найлепшых у Заходняй Еўропе. У 1499 г. адбылася апошняя і зноў пераможная Швабская вайна Швейцарыі з германскім імператарам Максіміліянам І . 22 верасня 1499 г. быў падпісаны Базельскі мір, паводле якога Свяшчэнная Рымская імперыя канчаткова прызнала незалежнасць Швабскай канфедэрацыі. У склад дзяржавы ўваходзілі 10 кантонаў: 5 гарадскіх і 5 вясковых, а таксама саюзныя землі і фогцтвы - землі, заваяваныя Швейцарыяй. Кожны кантон праводзіў самастойную ўнутраную палітыку, агульныя пытанні вырашаліся на соймах. Лясныя кантоны насялялі вольныя сяляне, якія жылі грамадамі. Гарады займаліся гандлем і рамяством. Выраблялі на продаж тканіны і скураныя вырабы, а таксама шоўк і ювелірныя вырабы. Крэдытная справа была ў руках яўрэяў. У выніку лішку мужчынскага вясковага і гарадскога насельніцтва з'явілася чыста швейцарская з'ява - вялікая колькасць швейцарскіх наймітаў, якія за грошы служылі ў войску розных еўрапейскіх краін.

6. Венгрыя

З 1310 па 1382 г. Венгрыяй кіравалі каралі Анжуйскай дынастыі Карл Роберт (1310-1342) і яго сын Лаяш I Вялікі (1342-1382). У 1335 г. Венгрыя заключыла вайсковы і гандлёвы саюз з Чэхіяй і ІІольшчай. Была зроблена грашовая рэформа, уведзена залатая манета - фларын, і падаткі з сялян пачалі браць грашыма. У XIV ст. сталіцай краіны стаў горад Буда на Дунаі. Развівалася жывёлагадоўля і вінаградарства. Па ўсёй краіне ўзніклі гандлёвыя вёскі-мястэчкі. Іх стала каля 800. Актыўна развівалася эканоміка Трансільваніі - усходняй Венгрыі. Тут пасялілася шмат немцаў-каланістаў з Саксоніі. Таксама пэўныя прывілеі атрымала і мясцовае насельніцтва - волахі ( улахі) , нягледзячы на тое, што яны былі праваслаўнымі. Каралі Анжуйскай дынастыі ліквідавалі незалежныя ўладанні славацкіх магнатаў, бо праводзілі палітыку цэнтралізацыі. У ХІІІ-ХІV стст. у Славакію прыехала шмат нямецкіх каланістаў, а ў сярэдзіне XIV ст. узмацнілася феадальная залежнасць славацкага сялянства. З 1387 па 1437 г. венгерскім каралём быў Сігізмунд Люксембург , які ў 1411 г. адначасова стаў каралём Германіі, з 1433 г. - і імператарам Рымскай імперыі. У 1421 г. ён выдаў сваю дачку замуж за Альбрэхта V Габсбурга : апошні з 1437 г. стаў каралём Венгрыі. У 1396 г. Сігізмунд пры падтрымцы Венецыі ўзначаліў крыжовы паход супраць туркаў. Але тыя разбілі яго войска ў тым жа годзе пад Нікапалем .

Новая вайна з туркамі пачалася ў 1443 г. Венгерскі палкаводзец Янаш Хуньядзі пры падтрымцы Рымскага Папы і Венецыі сабраў новую крыжацкую армію (каля 30 тыс. чалавек) і выправіўся за Дунай. Туркі былі разбітыя, і Венгрыя падпісала з імі выгодную для сябе дамову. Аднак у лістападзе 1444 г. армія турэцкага султана разбіла крыжаносцаў пад Варнай і ўсталявала свой кантроль над Еўропай, на поўдзень ад Дуная. У 1456 г. войска Венгрыі на чале з Хуньядзі разбіла турэцкую армію пад Бялградам , і Венгрыя была на 70 гадоў пазбаўлена ад турэцкай агрэсіі. У 1473 г. у Венгрыі ўзнік парламент і Дзяржаўны сход , у які ўваходзілі бароны, святары і шляхта. З 1475 г. да іх дадаліся і прадстаўнікі гарадоў.

Чарговы росквіт Венгрыі звязаны з каралём Мацьяшам I Корвінам (1458-1490). Гэта быў вельмі папулярны ў Венгрыі чалавек, народны герой і персанаж шматлікіх казак і паданняў. Ён стварыў магутнае наёмнае войска, у склад якога ўваходзіла кавалерыя, пяхота, баявыя вазы, артылерыя і Дунайскі флот. Ён захапіў Маравію і Сілезію, у 1485 г. - Вену, якую зрабіў сваёй сталіцай, і марыў стварыць незалежную Дунайскую імперыю. З 1490 г. каралём Венгрыі стаў Ласла II Ягелон , прадстаўнік новай дынастыі.

7. Чэхія

У XIV ст. Чэхія была самай багатай і прамыслова развітай часткай Свяшчэннай Рымскай імперыі. З сярэдзіны XIV ст. у краіне назіраецца гаспадарчы ўздым. У краіне здабываюць шмат срэбра, з якога вырабляюць якасную срэбную манету, працуе шмат майстэрняў па вырабе сукна і палатна, актыўна развіваецца сельская гаспадарка, і хутка растуць гарады. Прага са сваім універсітэтам стала буйнейшым, навуковым і рамесным цэнтрам Еўропы. Аднак у гэтыя часы ў Чэхію пераехала шмат немцаў, якія захапілі ўладу ў гарадах і праводзілі палітыку анямечвання мясцовага насельніцтва. Таксама ў краіну з Германіі перасялілася шмат нямецкіх каталіцкіх святароў і манахаў. Пражскі архібіскуп прызнаваў уладу толькі Рымскага Папы. Сам ён меў ва ўласнасці 900 вёсак і шмат гарадоў. Каталіцкая царква таксама актыўна гандлявала індульгенцыямі.

У пачатку XV ст. у Чэхіі пачаўся масавы народны рух супраць засілля каталіцкай царквы начале з Янам Гусам (1370-1415). Апошні паходзіў з простай сялянскай сям'і з Паўднёвай Чэхіі. Будучы вельмі здольным, ён атрымаў цудоўную адукацыю, скончыў Пражскі ўніверсітэт, стаў спачатку яго прафесарам, апотым і рэктарам, першым чэхам на такой высокай пасадзе. Ён часта выступаў з прамовамі, у якіх крытыкаваў духавенства, абураўся іх паводзінамі, асабліва рымскіх папаў, а потым прапанаваў рэфармаваць царкву ў Чэхіі і падпарадкаваць яе не Папу, а каралю. Таксама ён прапанаваў забраць у царквы зямлю і іншую маёмасць і забараніць продаж індульгенцый. Гус змагаўся таксама за адраджэнне чэшскай мовы і культуры, ён выступаў з казанямі на роднай мове, пісаў на ёй і пераклаў на чэшскую мову Біблію. Супраць яго выступілі ўлады імперыі. Яму забаранілі чытаць казані, яго пракляў пражскі арцыбіскуп і загадаў спаліць усе яго кнігі. Тады Гус выехаў з Прагі на сваю малую Радзіму і там далей прапаведаваў сярод сялян. У 1414 г. яго выклікалі на царкоўны сабор у горадзе Канстанцы, на поўдні Германіі, дзе абвінавацілі ў ерасі і 6 ліпеня 1415 г. спалілі на вогнішчы.

8. Гусіцкія войны

Пасля пакарання Гуса яго прыхільнікі аб'ядналіся і пачалі называць сябе ў яго гонар гусітамі . У 1419 г. яны паўсталі, захапілі Прагу, пасля паўстанне ахапіла ўсю Чэхію. Так пачаліся гусіцкія войны (1419-1434 гг.). Паўстанцы-гусіты падзяліліся на дзве ўплывовыя плыні. Першая плынь, да якой належалі феадалы, рыцары і бюргеры, называліся чашнікамі , або памяркоўнымі . Яны выступалі за змены ў каталіцкім абрадзе прычашчэння ( эўхарыстыі ), калі людзей прычашчалі толькі хлебам, а святароў - віном. Яны хацелі, каб усіх вернікаў прычашчалі і хлебам, і віном (з адной чашы). Адсюль і іх назва. Чашнікі хацелі выгнаць з Чэхіі немцаў і забраць землі у каталіцкай царквы.

Другую плынь складалі радыкальныя элементы - сяляне, дробныя рамеснікі і глрадская бедната. Яны зрабілі свой умацаваны лагер на гары Табар на поўдні Чэхіі і пачалі называцца табарытамі .

Табарыты выступалі за стварэнне грамадства роўных, гэта значыць, за поўны перадзел ўласнасці, чаго не хацелі багатыя чэхі. У 1420 г. Рымскі Папа абвясціў крыжовы паход супраць гусітаў (усяго крыжовых паходаў было пяць, з 1420 па 1431 гг.). У Чэхію ўварвалася статысячнае войска, якое знішчала ўсё на сваім шляху. Аднак гусіты пад Прагай разбілі крыжакоў. Паразай скончыліся і наступныя чатыры крыжовыя паходы. Галоўную вайсковую сілу паўстанцаў склалі табарыты на чале з бліскучым палкаводцнм Янам Жыжкам . Ён стварыў практычна новы тып еўрапейскага войска: гэта была мабільная пяхота, якая хутка рухалася на баявых вазах. Баявы воз быў вайсковай адзінкай у колькасці 10 чалавек: гэта - вазніца, кіроўца коньмі, чатыры чалавекі з баявымі цапамі, грознай збронй супраць рыцараў, і ваяры, узброеныя арбалетамі, лукамі і аркебузамі Таксама на вазах былі і невялікія гарматы, якія білі простай наводкай па ворагу на ўзроўні грудзіны каня.

Ян Жыжка прыдумаў новую сістэму абароны вагенбург - умацаваннне з баявых вазоў у выглядзе чатурохкутніка, кола або паўкола, якое магло дадаткова ўмацоўвацца равамі ці іншымі перашкодамі Таму рыцарская нямецкая конніца нічога не магла зрабіць з такімі ўмацаваннямі табарытаў. Пакуль табарыты паспяхова ваявалі, чашнікі захапілі ўладу ў гарадах, адабралі землі ў каталіцкай царкнм, пасля чаго яны вырашылі выступіць супраць табарытаў. У 1434 і адбылася бітва пры Ліпанах , у якой табарыты пацярпелі паразу.

У выніку гусіцкіх войнаў улада каталіцкай царквы была істотна абмежаваная: ёй перасталі плаціць дзесяціну, адбыўся росквіт чэшскай культуры. Чэшская мова набыла статус дзяржаўнай разам з нямецкай.

АСНОЎНЫЯ ТЭРМІНЫ

Ганза - гандлёвы саюз паўночных гарадоў Свяшчэннай Рымскай імперыі.

Гусіты - паслядоўнікі Яна Гуса.

Кантон - аўтаномная частка Швейцарыі.

Курфюрст - князь у Свяшчэннай Рымскай імперыі, кіраўнік вялікай аўтаномнай часткі краіны, феадал, які мог выбіраць імператара.

Памяркоўныя - частка гусітаў, да якой належалі чэшскія феадалы і бюргеры.

Рэйхстаг - саслоўна-прадстаўнічая ўстанова, спецыяльны орган кіравання пры нямецкім імператары.

Табарыты - частка гусітаў, да якой належалі сяляне і дробныя гарадскія рамеснікі.

Царкоўны сабор - вышэйшы орган каталіцкай царквы.

НАЙВАЖНЕЙШЫЯ ПАДЗЕІ

1356 г. - зацвярджэнне "Залатой булы".

1410 г. - Грунвальдская бітва.

1370-1415 гг . - Ян Гус.

1414-1418 гг . - Канстанцкі сабор.

1419 г. - паўстанне ў Празе.

1420 г. - першы крыжовы паход супраць гусітаў.

1434 г. - бітва пры Ліпанах.

1444 г. - параза крыжаносцаў ад туркаў пад Варнай.

1448 г . - перамога туркаў над венграмі на Косавым полі.

1499 г. - Базельскі мір паміж Швейцарыяй і Свяшчэннай Рымскай імперыяй.

РАЗДЗЕЛ XVII. ПОЛЬШЧА Ў ХІV-ХV стст.

1. Польшча ў часы Ўладзіслава Лакетка.

2. Уладаранне Казіміра Вялікага.

3. Людовік Венгерскі і яго дачка Ядзвіга.

4. Польшча ў часы дынастыі Ягелонаў.

1. Польшча ў часы Ўладзіслава Лакетка (1320-1333)

У першай палове XIV ст. у Польшчы пачаўся працэс аб'яднання розных асобных земляў. Гэтаму спрыяла і эканоміка краіны, бо развіваліся сельская гаспадарка, гандаль і рамёствы, а таксама раслі гарады. Лідарам аб'яднання краіны стаў вышэйзгаданы Ўладзіслаў Лакетак, які ў 1320 г. аднавіў каралеўскі тытул. Лакетак павінен быў увесь час ваяваць з суседзямі: Брандэнбургам, Тэўтонскім ордэнамм, а таксама з Янам Люксембургам, каралём Чэхіі. Крыжакі шмат разоў займалі Гданьскае Памор'е, Дабжынскую зямлю і Куявію. Ян Люксембургскі падпарадкаваў сабе большасць сілезскіх княстваў. Аднак Лакетак разбіў крыжакоў у бітве пад Плоўцамі (1331 г.), а потым наладзіў добрыя стасункі з Венгрыяй і ВКЛ.

У гэты ж час у Польшчы пашыраецца адукацыя і культура. Пры кафедральных саборах і кляштарах узнікае сетка парафіяльных школ. Актыўна дзейнічалі манахі з ордэнаў св. Францыска і св. Дамініка. Яны вучылі чытаць і пісаць на лацінскай мове, а таксама навучалі граматыцы, рыторыцы, музыцы і дыялектыцы. Ва ўдзельных польскіх княствах пашыраецца канцылярская справа. У гэтыя часы была створана знакамітая "Багародзіца" , славутая царкоўная песня і адначасова ваярскі рыцарскі гімн (першаўзор, хутчэй за ўсё, паходзіць з Беларусі). Кракаўскі біскуп Вінцэнт Кадлубак напісаў "Польскую хроніку" - своеасаблівы летапісны твор.

2. Уладаранне Казіміра Вялікага (1333-1370)

Кароль Казімір быў апошнім прадстаўніком дынастыі Пястаў на каралеўскім троне Польшчы. Тая Польшча, якую ён атрымаў у спадчыну ад папярэдніка, была невялікай і складалася з дзвюх частак - Вялікапольшчы і Малапольшчы. Спачатку Казімір замірыўся з Янам Люксембургскім, аддаў яму захопленыя ім сілезскія землі, а той у сваю чаргу, адмовіўся ад прэтэнзій на польскую карону. Казімір выменяў у Ордэна Куявію і Дабжынскую зямлю на Гданьскае Памор'е. Асноўным напрамкам яго міжнароднай дзейнасці быў Усход. Вялікі князь Галіцка-Ўладзімірскі Баляслаў з дынастыі мазавецкіх Пястаў адпісаў Казіміру сваю дзяржаву ў спадчыну.

Пасля яго смерці Казімір захапіў Львоў і разам з венграмі заняў Перамышльскую і Саноцкую землі. У 1349 г. ён заняў і ўсю Галіцкую Русь. Але тут узнікла спрэчка за Валынь з ВКЛ. У выніку некалі вялікую дзяржаву падзялілі. ВКЛ атрымала Валынь і Падляссе (сённяшняя Беласточчына), а астатняя тэрыторыя адышла да Польшчы.

У 1351 г. Казімір далучыў да сваіх земляў некалькі суседніх незалежных польскіх княстнаў, а Мазовія стала яго васалам. Казімір прыняў асобныя судовыя законы (статуты) для Малой і Вялікай Польшчы, якія зрабілі шляхту асобным станам. Пры Казіміры ў польскіх гарадах з Германіі пасяліліся яўрэі, якія атрымалі асобныя прывілеі. Ён заснаваў шмат новых гарадоў, надаў ім Магдэбургскае права. Старыя гарады ён умацаваў мурамі, а таксама збудаваў шмат мураваных замкаў, касцёлаў і жылых дамоў у гарадах Ён стварыў дзяржаўнае казначэйства ("скарб"), куды ішлі падаткі ад дзейнасці саляных копій і яго асабістых земляў, а таксама мытныя зборы і зямельныя падаткі. Пры ім актыўна дзейнічаў транзітны і гандлёвы шлях Уроцлаў - Кракаў - Львоў - Чорнае мора, а таксама шлях з Венгрыі праз Кракаў у Гданьск. У Кракаве кароль у 1364 г. заснаваў Кракаўскую акадэмію - другую пасля Прагі вышэйшую навучальную ўстанову на славянскіх землях. У часы Казіміра ў Польшчы запанавала готыка. Будаваліся высокія трохнефавыя касцёлы з вялікімі вокнамі, аздобленыя вітражамі. Пры касцёлах існавала шмат парафіяльных школаў.

2. Людовік Венгерскі і яго дачка Ядзвіга

Пасля смерці апошняга Пяста ў Польшчы пачала кіраваць Анжуйская дынастыя (1370-1386 гг.). Першым каралём гэтай дынастыі стаў унук Лакетка - кароль Людовік Венгерскі (1370-1382). Паколькі Казімір не пакінуў прамых нашчадкаў, каб стаць каралём, Людовік ныў павінен атрымаць згоду польскай шляхты, пагатоў сыноў у яго не было. У 1374 г. Людовік дамовіўся са шляхтай, што польскі трон пяройдзе яго дочкам. За гэта шляхта атрымала ад яго Кошыцкі прывілей, які амаль што вызваляў шляхту ад падаткаў. Новыя падаткі кароль таксама быў павінен узгадняць са шляхтай. Шляхта, каб абараняць Польшчу ад ворагаў, павінна была ўдзельнічаць у паспалітым рушэнні (народным апалчэнні). Большую частку свайго ўладарання Людовік жыў у Венгрыі і польскімі справамі займаўся мала. З гэтай пайперш прычыны Польшча страціла Галіцкую Русь і некалькі памежных замкаў у Вялікапольшчы. У 1384 г. пасля смерці Людовіка польскія феадалы абралі каралевай (а афіцыйна - "каралём Польшчы"!) яго малагадовую дачку Ядзвігу. Каб умацаваць пазіцыі Польшчы ў змаганні з крыжакамі, польскія магнаты вырашылі аддаць Ядзвігу за вялікага князя літоўскага Ягайлу і, такім чынам, аб'яднаць войскі абедзвюх краін. Ягайла вельмі хацеў атрымаць польскую карону, таму пагадзіўся з польскімі ўмовамі шлюбу, падпісаў у Крэўскім замку (1385 г.) адпаведную унію і ў 1386 г. ажаніўся з Ядзвігай, прыняў каталіцтва і стаў каралём Уладзіславам II.

Аднак і пасля гэтага Ядзвіга захавала свае каралеўскія правы і палітычны статус. Яе двор стаў вялікім рэлігійным і культурным цэнтрам. Ядзвіга імкнулася вярнуць Галіцыю з Венгрыі ў Польшчу.

У 1390 г. яна аднаўляе Кракаўскую акадэмію і перадае ёй значную частку сваёй маёмасці. Але ў 1399 г. каралева заўчасна памірае.

4. Польшча ў часы дынастыі Ягелонаў

Дынастыя Ягелонаў, якая мела літоўска-беларускае паходжанне, кіравала Польшчай на працягу двух стагоддзяў. У XV ст. Ягелоны адначасова займалі венгерскі і чэшскі троны. Парадніўшыся са шматлікімі еўрапейскімі манархамі, Ягелоны сталі разам з Габсбургамі адной з наймагутнейшых каралеўскіх дынастый у Еўропе.

Уладзіслаў II Ягайла (1336-1434). Узамен за атрыманне права стаць польскім каралём Ягайла ў Крэве паабяцаў палякам ахрысціць усіх сваіх падданых на тэрыторыі ВКЛ, далучыць ВКЛ да Польшчы і вярнуць Польшчы страчаныя землі (Памор'е і Сілезію). Аднак магнаты ВКЛ не захацелі далучацца да Польшчы і зрабілі сваім кіраўніком стрыечнага брата Ягайлы - Вітаўта. Пасля розных канфліктаў паміж сабою Ягайла і Вітаўт у 1401 г. падпісалі Віленска-Радамскую унію . Паводле яе Вітаўт пажыццёва кіраваў ВКЛ, ён даваў Ягайлу васальную прысягу як вялікаму князю. Пасля смерці Вітаўта Ягайла зноў атрымліваў ВКЛ пад непасрэднае ўладаранне. Гэта задаволіла абодвух, і яны разам пачалі рыхтавацца да Вялікай вайны з Ордэнам, якую паспяхова выйгралі. Але Польшча ў выніку атрымала мала - фактычна толькі Дабжынскую зямлю. Некалькі наступных войнаў з крыжакамі на працягу 1414-1432 гг. поспехаў не прынеслі.

У 1413 г. Ягайла і Вітаўт падпісалі чарговую, Гарадзельскую унію, якая ўвяла асобны інстытут вялікага князя для ВКЛ, але выбірацца ён павінен быў пры ўдзеле польскіх магнатаў. У ВКЛ на польскі ўзoр з'явіліся ваяводствы, а 47 самых буйных баярскіх родаў ВКЛ былі далучаныя да польскіх гербаў і атрымалі прывілеі, як у польскай шляхты.

Да Люблінскай уніі Гарадзельская унія была юрыдычнай падставай афіцыйных зносін ВКЛ і Польшчы. Ягайла дапамагаў Вітаўту ў атрыманні каралеўскай кароны, каб потым перадаць трон у спадчыну сваім сынам. Аднак Вітаўт каралём так і не стаў.

Ягайла падчас свайго ўладарання здолеў павялічыць тэрыторыю Польшчы. Пасля смерці Вітаўта ў 1430 г. ён забраў у ВКЛ частку Падолля і разам з горадам Камянцом-Падольскім перадаў яе Польшчы як каронны лен. У 1432 г. быў далучаны да краіны і Спіш на мяжы і Аўстрыяй. Ягайла не шкадаваў грошай на дзейнасць Кракаўскай акадэміі, якая ў пазнейшыя часы атрымала назву Ягелонскага ўніверсітэта. Разам з Ягайлам з Беларусі і Ўкраіны прыехала шмат вядомых майстроў і мастакоў. Дарэчы, двор Ягайлы, і сам ён зносіліся на старабеларускай мове, якая была адзінай дзяржаўнай мовай у ВКЛ. У той час двор Ядзвігі размаўляў на латыні або на нямецкай мове, а польская мова ў пашане не была. Калі польская шляхта пачула вельмі зразумелую для іх мову Ягайлы і яго атачэння, то сярод іх узняўся польскі патрыятызм, і пры Ягелонах расквітнела мова і культура, менавіта польская, і практыка анямечвання польскай шляхты, якая ажыццяўлялася з часоў Казіміра, спынілася.

Уплыў усходнеславянскай культуры павялічыўся, калі Ягайла чарговы раз ажаніўся, гэтым разам з маладой беларускай князёўнай, пляменніцай Вітаўта, Соф'яй (Сонькай) Гальшанскай , якая нарадзіла яму двух сыноў, Уладзіслава і Казіміра. У 1418 г. на загад Ягайлы майстрамі, прывезенымі з ВКЛ, была распісана фрэскамі капліца Св. Тройцы ў Люблінскім замку. Фрэскавы роспіс даволі добра захаваўся, і мы можам тут убачыць выяву самога Ягайлы ў вобразе ваяра на белым кані. Дзякуючы Ягайлу шмат гатычных польскіх касцёлаў былі аздобленыя фрэскамі ў візантыйскім стылі. Да нашых дзён дайшлі іх фрагменты ў касцёле св. Марыі ў Вісліцы , у касцёле св. Марыі ў Сандаміры і ў капліцы Святпога Крыжа кафедральнага касцёла на Вавельскім замку ў Кракаве. Кракаўскія фрэскі адносяць да перыяду ўладарання сына Ягайлы Казіміра (каля 1470 г.).

Пахаваны Ягайла ў крыпце Вавельскага касцёла. На яго надмагіллі высечана самая старажытная з вядомых нам выява герба ВКЛ "Пагоні" .

Прычым, на шчыце вершніка змешчана выява "патрыяршага крыжа ( "крыжа Еўфрасінні Полацкай" ), што яшчэ раз сведчыць аб беларускім паходжанні дынастыі Ягелонаў. Дарэчы, менавіта гэтая выява "Пагоні" лягла ў аснову першага дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь, прынятага 19 верасня 1991 г.

Уладзіслаў III Варненчык (1434-1444). Старэйшы сын Ягайнм і яго беларускай жонкі Соф'і Гальшанскай стаў каралём у 9 гадоў. Яго вылучылі на польскі трон магнаты Малапольшчы на чале з кракаўскім біскупам і кардыналам Збігневам Алясніцкім, які і кіраваў краінай ад імя непаўнагадовага караля. Пасля смерці венгерскага караля Альбрэхта II у 1440 г. Уладзіслаў адначасова становіцца таксама венгерскім каралём і актыўна займаецца венгерскімі справамі. У 1443 г. ён з дапамогай Рымскага Папы арганізаваў крыжовы паход супраць Турцыі. У яго войска ўваходзілі венгры і польскія добраахвотнікі. У Сербіі кароль атрымаў перамогу і нават заняў Сафію. Аднак другі паход, падтрыманы Рымскім Папам і венецыянскімі купцамі, скончыўся яго поўнай паразай. 10 верасня 1441 г. у бітве пад Варнай туркі разбілі хрысціян, а кароль загінуў, атрымаўшы пасмяротную мянушку "Варненчык".

Казімір IV Ягелончык (1447-1492). Малодшы сын Ягайлы Казімір у 1440 г. стаў вялікім літоўскім князем. У 1447 г. пасля смерці брата ён пагадзіўся стаць адначасова і польскім каралём, але пры ўмове раўнапраўя абедзвюх краін. Ён ажаніўся з Альжбетай , дачкою Альбрэхта II Габсбурга , і меў з ёю шэсць сыноў, прычым чацвёра з іх сталі каралямі Венгрыі, Чэхіі і Польшчы. Малодшыя сыны сталі духоўнымі асобамі. Казімір стаў духоўным патронам Літвы, а Фрыдэрык - кардыналам і прымасам Польшчы. У 1454 г. Казімір IV уключае ў склад Польшчы Прусію і абвяшчае вайну Ордэну. У 1457 г. польскія войскі захапілі Мальбарк. Вайна доўжылася 13 гадоў і закончылася перамогай Польшчы. У 1466 г. падпісаны другі Торуньскі мір . Польшча забрала Гданьскае Памор'е, Мальбарк, Эльбланг і іншыя тэрыторыі. Гэтая былая частка Ордэна атрымала назву: Каралеўская Прусія . Вармінскае біскупства стала польскім дамініёнам. Рэшткі Ордэна са сталіцай у Круляўцы (Кёнігсбергу) зрабіліся васалам Польшчы.

У 1456 г. Казімір купіў Асвенцімскае княства , а потым далучыў да Польшчы частку Мазовіі. У 1485 г. малдаўскі гаспадар Стафан III Вялікі стаў польскім васалам, і Польшча атрымала выхад у Чорнае мора. Аднак у 1476 г. туркі захапілі ў Крыме генуэзскую калонію Кафа , што была пад пратэктаратам Казіміра, а таксама падпарадкавалі сабе Крымскае ханства. З гэтых часоў пачалося шматвекавое змаганне Польшчы і Асманскай імперыі.

У часы Казіміра актыўна развіваецца польская навука, літаратура і мастацтва. Вялікі ўнёсак у польскую гістарычную навуку зрабіў Ян Длугаш , выпускнік Кракаўскага ўніверсітэта, які напісаў "Гісторыю Польшчы да 1480 года" . Ён быў першым еўрапейскім гісторыкам, які падрабязна апісаў Грунвальдскую бітву. Пасля з'яўлення ў Еўропе друкаванай кнігі (каля 1455 г.) яна неўзабаве (1473 г.) з'явілася і ў Польшчы. Пачала друкавацца мастацкая літаратура на польскай мове. У Польшчы ў XV ст. працавала шмат замежных майстроў.

У Польшчы разьбяр Віт Ствош з Нюрберга ў Кракаўскім касцёле Дзевы Марыі стварыў унікальны рухомы разьблёны алтар.

Ян I Ольбрахт (1492-1501). У яго часы канчаткова склаўся польскі сейм, дзе поруч з Сенатам з'явілася дэпутацкая палата - Пасольская ізба . Новы кароль рабіў стаўку на падтрымку гарадоў.

У 1495 г. пасля смерці бяздзетнага князя да Польшчы далучылі Плоцкае княства . Ян Ольбрахт арганізаваў ваенны паход супраць Малдовы, якая перад тым перайшла на турэцкі бок. Аднак сталіцу Малдовы, горад Сучаву , палякі ўзяць не змаглі, а ў 1497 г. былі разбітыя пад Козьмінам на Букавіне. У 1499 г. у Вільні падпісалі чарговую унію з ВКЛ, у якой абяцалі падтрымліваць супрацоўніцтва у барацьбе са знешнімі ворагамі. Каб умацаваць сваю пазіцыю ў краіне, Ян Ольбрахт раздаў частку каралеўскай маёмасці магнатам. Праз гэта яны маглі аказваць вельмі значны ўплыў на ўладу ў краіне.

АСНОЎНЫЯ ТЭРМІНЫ

Вялікая вайна - вайна Польшчы і ВКЛ супраць Тэўтонскага ордэна 1409-1411 гг.

Ваяводства - буйная адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў Польшчы і ВКЛ.

Гетман - кіраўнік войска ў Польшчы і ВКЛ.

Кашталян - камендант замка.

Талер - срэбная манета (першапачаткова чаканілася ў Нямеччыне як "ёахімсталер"); у ХІІ-ХVІІ стст. была срэбным грашовым стандартам у Еўропе.

НАЙВАЖНЕЙШЫЯ ПАДЗЕІ

1300 г. - каранацыя ў Гнезне Ўладзіслава Лакетка.

1 333-1370 гг. - гады ўладарання Казіміра I Вялікага.

1366 г. - Казімір Вялікі захапіў Валынь і Падолію.

1364 г. - заснаванне Кракаўскага ўніверсітэта.

1370 г. - канец дынастыі Пястаў.

1370-1382 гг. - польская карона перайшла да Людовіка Венгерскага.

1384 г. - каранацыя Ядзвігі ў Кракаве.

1385 г. - Крэўская унія.

1386 г. - шлюб Ядзвігі і Ягайлы - вялікага князя ВКЛ; пачатак дынастыі Ягелонаў.

1410 г. - бітва пад Грунвальдам.

1413 г. - Гарадзельская унія.

1444 г. - бітва з туркамі пад Варнай, у якой загінуў кароль Польшчы і Венгрыі Ўладзіслаў Варненчык.

1447-1492 гг. - уладаранне Казіміра Ягелончыка.

1460 г. - другі Торуньскі мір. Вяртанне Польшчы Гданьскага памор'я.

1473 г. - узнікненне першай друкарні ў Кракаве.

1492-1501 гг. - уладаранне караля Яна Ольбрахта.

РАЗДЗЕЛ XVIII. ВКЛ У ХІV-ХV стст.

1. Уладаранне Гедыміна.

2. ВКЛ у часы Альгерда і Кейстута.

3. Вялікі князь Вітаўт і яго княжанне.

4. ВКЛ пад уладай Казіміра Ягелончыка.

1. Уладаранне Гедыміна (1316-1341)

У часы Гедыміна ў ВКЛ увайшлі беларускія землі аж да Дняпра, прычым мірным шляхам, праз дынастычныя саюзы. Гэта былі: Віцебскае княства (1320 г.), Менскае (1326 г.), а пазней Тураўскае і Пінскае. Актыўныя ваенныя дзеянні Гедымін вёў на захадзе з крыжакамі. Напачатку княжання Гедыміна сталіцай ВКЛ заставаўся Наваградак.

На працягу XIII і ў пачатку XIV стст. Наваградак заставаўся сталіцай ВКЛ яшчэ і таму, што ён не толькі асацыяваўся з вялікакняжацкай уладай, але і быў абраны рэзідэнцыяй для літоўскага мітрапаліта Канстанцінопальскай праваслаўнай царквы , суфраганамі якога сталі тураўскі і полацкі епіскапы.

На 1323 г. у ВКЛ існавалі толькі тры каталіцкія храмы - з іх два ў Вільні і адзін у Наваградку. Пасля стварэння ў 1316 г. Літоўскай мітраполіі Наваградак на два стагоддзі становіцца царкоўна-рэлігійным цэнтрам ВКЛ. Праваслаўны храм, асабліва ў часы Альгерда, мог быць і ў Крэве, дзе жыло шмат славянскага насельніцтва.

Магчыма, праваслаўная капліца магла існаваць і ў Крэўскім замку гэтаксама, як і ў Лідскім.

Пра ролю Наваградка ў XIV ст. сведчыць таксама пабудова на тэрыторыі Наваградскага замка мураванага палаца і праваслаўнай царквы. Некаторыя археолагі лічаць, што царква была пабудавана ў першай палове XIV ст., а двухпавярховы палац - у сярэдзіне ці другой палове XIV ст. Не выключана, што ініцыятарам гэтага будаўніцтва быў вялікі князь Альгерд, які спрыяў пашырэнню праваслаўя на тэрыторыі ВКЛ. Магчыма, што пасля пераносу сталіцы ВКЛ Гедымінам у 1323 г. у Вільню, Наваградак яшчэ доўга заставаўся другім сталічным горадам ВКЛ.

Даследчыкі называюць Вільню "старым крывіцкім горадам", які ўзнік у XI-XII стст. Мікола Ермаловіч лічыў, што віленскі ўдзел Полацкага княства быў створаны на пачатку XII ст. Першым вілеінскім князем ён называе Давіла (магчыма, Давіда ) і ад яго выводзіць радавод князёў ВКЛ Гердзеня , Віценя і Гедыміна.

Гісторык-даследчык ВКЛ Аляксандр Краўцэвіч лічыць, што перанос сталіцы ў Вільню быў стратэгічным разлікам Гедыміна, (бо адсюль было больш зручна кіраваць найважнейшым заходнім вектарам замежнай палітыкі ВКЛ.

На былой Крывой гары Гедымін будуе Верхні мураваны замак . У 1321 г. у Вільні былі касцёлы дамініканцаў і францысканаў, а таксама праваслаўная Міхайлаўская царква . Было тут і язычніцкае капішча , побач са свяшчэнным дубам (недалёка ад сённяшняй Вострай Брамы).

Гедымін таксама звярнуў сваю ўвагу на старажытнае паселішча Трокі (цяпер Тракай), якое знаходзіцца недалёка ад Вільні.Тут на беразе возера Гальве ён будуе мураваны замак, які стаў адной і вялікакняжацкіх рэзідэнцый.

У другой палове XIV ст. тут ужо быў горад Старыя Трокі. Яшчэ адзін вялікі замак у 1323 г. Гедымін пачынае будаваць у Лідзе (за 90 км ад Вільні) побач са старажытным славянскім паселішчам ХІ-ХІІІ стст.

Дзякуючы Гедыміну на мяжы з Ордэнам узнікла лінія мураваных гатычных замкаў Трокі - Вільня - Меднікі - Крэва - Ліда - Наваградак. Вялікую ролю ў змаганні з крыжакамі адыграў сваяк Гедыміна налкаводзец Давід Гарадзенскі (1283-1326). Атрад Давіда не толькі адбіваў крыжацкія напады, але і рабіў глыбокія рэйды на варожую тэрыторыю. Падчас аднаго з такіх паходаў у нямецкую зямлю Брандэнбург у 1326 г. ён быў па-здрадніцку забіты мазавецкім рыцарам (паход адбываўся разам з войскам мазавецкага князя), падкупленым крыжакамі. Паводле беларускага падання, героя прывезлі на радзіму і ўрачыста пахавалі каля Каложскай царквы ў Гародні. Сам Гедымін таксама загінуўу баі з крыжакамі ў 1341 г. У часы Гедыміна старабеларуская мова і культура канчаткова запанавалі ў ВКЛ. Па-беларуску працавала дзяржаўная канцылярыя, суды і іншыя дзяржаўныя ўстановы. Таму невыпадкова гісторыкі называюць ВКЛ "Беларуска-літоўскім гаспадарствам" .

2. ВКЛ у часы Альгерда і Кейстута

Сваім пераемнікам Гедымін прызначыў аднаго з малодшых сыноў Яўнуція, але таго ў 1345 г. пазбавілі ўлады старэйшыя браты Альгерд і Кейстут. Фармальна вялікім князем стаў Альгерд (1345-1377), але фактычна ў краіне склалася двоеўладдзе. Альгерд кіраваў усходняй часткай дзяржавы са сталіцай у Вільні, а Кейстут - заходняй, з рэзідэнцыяй у Троках, дзе Кейстут збудаваў сабе новы замак на востраве пасярод возера Гальве. Тут стварылася новае паселішча Новыя Трокі. Замак Гедыміна ў Старых Троках быў разбураны ў 1391 г.

Пасля таго як уладу ў ВКЛ падзялілі паміж сабою сыны Гедыміна Кейстут і Альгерд, у ВКЛ, несумненна, існавала некалькі вялікакняжацкіх рэзідэнцый. У Кейстута гэта былі Трокі і Наваградак, у Альгерда - Крэва (яго вялікакняжацкі дамен) і Віцебск.

Дзякуючы Альгерду Крэўскі замак з адмысловай Княжацкай вежай, аздобленай фрэскавым роспісам, стаў адным з самы" прадстаўнічых у ВКЛ - і таму сын Альгерда Ягайла выбраў для падпісання уніі з Польшчай не Вільню, якая магла спачуваць яго ворагу Кейстуту, а менавіта Крэва, дамен яго бацькі Альгерда і яго спадчынны замак. Менавіта Альгерд зрабіў Крэўскі замак сваёй рэзідэнцыяй і, магчыма, істотна яго перабудаваў Другой яго рэзідэнцыяй стаў пасля шлюбу з Віцебскай княгіняй горад Віцебск, дзе ён пабудаваў мураваны замак і палац. У часы Альгерда разбудавалася і Вільня. Дзякуючы яго праваслаўнай жонцы ў сталіцы з'яўляюцца Прачысценская, Святадухаўская і Пятніцкая цэрквы, а таксама Траецкая царква на Верхнім замку Дзякуючы Альгерду да ВКЛ далучаецца Валынь (1362 г.), Браншчына (1355 г.) і частка Смаленшчыны (1357 г.). Войска Альгерда ў бітве з татарамі на Сініх Водах у 1362 г. атрымала перамогу, і ў склад ВКЛ увайшлі Кіеўшчына, Падолле і Чарнігава-Северская зямля . Такім чынам, 9/10 тэрыторыі ВКЛ сталі ўсходнеславянскімі, 4/5 насельніцтва былі праваслаўнымі беларусамі і ўкраінцамі. У той час гэтыя землі называлі "рускімі", а насельніцтва - "руссю", а мову і алфавіт (кірыліцу) - таксама рускімі. Суседнюю краіну на ўсходзе тады называлі Масковіяй, а яе жыхароў - "масквой", "маскалямі" або "маскавітамі".

Пасля смерці першай жонкі, віцебскай князёўны, Альгерд ажаніўся з Ульянай, дачкою цверскага князя, які тады быў галоўным ворагам маскоўскіх князёў. Каб дапамагчы свайму цесцю, Альгерд здзейсніў тры паспяховыя паходы на Маскву ў 1368, 1370 і 1372 гг. Маскоўскі князь мусіў выканаць умовы Альгерда і спыніць напады на Цвер. Усходняя мяжа ВКЛ была ўстаноўлена каля Мажайска і Каломны.

3. Вялікі князь Вітаўт і яго княжанне

Пасля смерці Альгерда пачалася барацьба за ўладу. Альгерд пакінуў спадкаемцам не старэйшага сына ад першай жонкі Андрэя Полацкага, а сына ад другой жонкі, цверскай князёўны - Ягайлу. Гэта не спадабалася Кейстуту і ягонаму сыну Вітаўту. У 1382 г, Кейстута на загад Ягайлы забілі, а з Вітаўтам барацьба ішла далей Часова перамог Ягайла, а Вітаўт атрымаў толькі Берасце і Гародню. У гэты час напады крыжакоў на ВКЛ узмацніліся, і Ягайла пачаў шукаць сабе саюзнікаў праз удалы шлюб. Ён меў два варыянты: або ажаніцца з польскай каралевай Ядзвігай, або з дачкою маскоўскага князя Дзмітрыя Данскога, чыё войска ў 1380 г. перамагло татараў на Куліковым полі. Ягайла выбраў саюз з Польшчай і далучыў ВКЛ да заходняй хрысціянскай цывілізацыі.

14 жніўня 1385 г. Ягайла падпісаў Крэўскую ўнію, прыняў каталіцтва, загадаў ахрысціць у каталіцтва мясцовых балтаў, асабліва Жмудзь і ажаніўся з Ядзвігай. У 1387 г. ён даў значныя прывілеі ўсім феадалам-каталікам ВКЛ, а праваслаўных пакінуў на другім месцы, хоць іх было значна болей. Яны выступілі супраць, і іх лідарам стаў Вітаўт.

Пасля трохгадовага змагання бакі ў 1392 г. падпісалі Востраўскае пагадненне , згодна з якім Вітаўт атрымаў уладу ў ВКЛ, але фармальна лічыўся васалам Ягайлы. Каб умацаваць сваю ўладу Вітаўт пасяліў у Лідзе збеглага хана Залатой Арды Тахтамыша і ў 1398 г. заключыў саюз з Ордэнам. Аднак у 1399 г. войска Вітаўта ў бітве на рацэ Ворскле (на тэрыторыі сённяшняй Украіны) ушчэнт разбілі татары, а ён ледзь уцёк з поля бітвы. Яго ўлада ў краіне істотна аслабела.

Тады ён у 1401 г. заключыў унію з Ягайлам (Віленска-Радамскую) і падпісаў такую ўмову, што пасля яго смерці ўлада ў ВКЛ пяройдзе да Ягайлы ці яго нашчадкаў. Галоўным пунктам уніі стаў вайсковы саюз дзвюх краін супраць крыжакоў. Саюзнікі выйгралі Вялікую вайну 1409-1411 гг. супраць Ордэна і разбілі яго асноўныя сілы 15 ліпеня 1410 г. на Грунвальдскім полі.

Вітаўт атрымаў ва ўладу Жмудзь і выхад да Балтыйскага мора. Тэрыторыя ВКЛ пад яго кіраўніцтвам склала каля 960 тыс. кв. км. Але Ягайла рабіў захады да аднаўлення уніі з ВКЛ. У кастрычніку 1413 г. у Гарадзельскім замку над Бугам польскія феадалы і каталікі-феадалы ВКЛ падпісалі новую дамову, якая складалася з трох асноўных частак: 1) Асноўныя пасады ў ВКЛ маглі займаць толькі каталікі. 2) Каб зблізіць магнатаў Польшчы і ВКЛ, польская шляхта дазволіла 47 феадалам ВКЛ карыстацца іх гербамі. 3) Праваслаўная шляхта ВКЛ, якая складала большасць у краіне, ніякіх прывілеяў не атрымала.

Каб падтрымаць праваслаўных, Вітаўт у 1415 г. стварае самастойную праваслаўную мітраполію ў Наваградку , а таксама прапануе заключыць у ВКЛ унію паміж каталікамі і праваслаўнммі. У 20-я гады XV ст. Вітаўт стаў палітычным лідарам Усходняй Еўропы. Ён меў моцны ўплыў у Залатой Ардзе, а праз яе - і ў Маскоўскім княстве. У пачатку XV ст. ён канчаткова далучыў да ВКЛ Смаленскае княства і паставіў у Смаленску свайго намесніка. Больш за тое, ён дамовіўся з Рымскім Папам аб сваёй каранацыі, але гэтым планам перашкодзіла яго смерць.

У канцы XIV - пачатку XV стст. Вітаўт ліквідаваў вялікія ўдзельныя княствы ў ВКЛ і паставіў у Полацку, Віцебску, Кіеве і Наваградку сваіх намеснікаў. На працягу XV ст. намесніцтвы пачалі называцца староствамі ці паветамі . У 1413 г. узніклі і два ваяводствы - Віленскае і Трокскае . Дзякуючы Ягайлу і Вітаўту ў гарады ВКЛ з Германіі прыйшло Магдэбургскае права. Як ужо казалася, першым горадам у ВКЛ з такім правам стала ў 1387 г. Вільня, а потым Берасце (1390). Таксама Вітаўт запрасіў у ВКЛ на вечнае пасяленне яўрэяў і татараў . Першыя яўрэйскія грамадм ( кагалы ) з'явіліся ў Гародні і Берасці, а потым пашырыліся па ўсёй тэрыторыі ВКЛ. Татары былі запрошаныя для нясення вайсковай службы і пасяліліся ў заходняй і цэнтральнай частцы ВКЛ у невялікіх гарадах і мястэчках.

Пасля смерці Вітаўта ў 1430 г. магнаты ў Вільні абралі вялікім князем малодшага брата Ягайлы - Свідрыгайлу , які зрабіў стаўку на праваслаўную шляхту. Гэта не спадабалася каталіцкім феадалам, і яны 1 верасня 1432 г. вырашылі забіць Свідрыгайлу, аднак той здолеў уцячы ў Полацк. Змоўшчыкі ў Вільні абралі новага князя, брата Вітаўта - Жыгімонта , якога прызналі ў некаторых землях ВКЛ. Пачалася грамадзянская вайна , якая доўжылася з 1432 па 1436.г. Жыгімонт у 1432 і 1434 г. выдаў два прывілеі, у якіх праваслаўная шляхта атрымала аднолькавыя правы з каталіцкай, акрамя сяброўства ў вялікакняскай Радзе. Пасля гэтага частка праваслаўных баяр перайшла ў лагер Жыгімонта, і ў верасні 1435 г. Свідрыгайла быў разбіты пад Вількамірам і ўцёк на Валынь. Аднак і Жыгімонт нядоўга пакіраваў ВКЛ. Падчас змовы яго ў сакавіку 1440 г. забілі ў Трокскім замку.

4. ВКЛ пад уладай Казіміра Ягелончыка (1440-1492)

У 1440 г. вялікім князем ВКЛ стаў малодшы сын Ягайлы Казімір . У 1447 г. пасля смерці старэйшага брата яго абралі таксама каралём Польшчы. У 1447 г. ён выдаў прывілей, які замацаваў суверэнітэт ВКЛ, бо дзяржаўныя пасады і землі маглі займаць і атрымліваць толькі ўраджэнцы ВКЛ. Казімір садзейнічаў будаўніцтву праваслаўных храмаў і манастыроў. Дзякуючы яму ў 1458 г. праваслаўная царква ў краіне канчаткова вызвалілася ад ўлады маскоўскага мітрапаліта і падпарадкавалася непасрэдна канстанцінопальскаму патрыярху .

У 1468 г. на старабеларускай мове з'явіўся першы крымінальны кодэкс у ВКЛ - "Судзебнік 1468 г." Аднак Казімір хацеў перадаць Польшчы Падолле і Валынь, што выклікала змову супраць яго ў 1481 г. сярод праваслаўных феадалаў. Змова, аднак, была выкрытая, а яе ўдзельнікаў пакаралі смерцю. Заняты войнамі з крыжакамі, Казімір не праводзіў на Ўсходзе актыўнай палітыкі, што прывяло да ўзмацнення Вялікага Княства Маскоўскага , якое здолела захапіць двух асноўных саюзнікаў ВКЛ на Ўсходзе - Цвер і Ноўгарад. У 1492 г. да ўлады ў краіне прыйшоў сын Казіміра Аляксандр (1492-1506). Ён выдаў прывілей, паводле якога правы вялікага князя абмяжоўваліся і павялічваліся правы дарадчага органа пры вялікім князі - Паноў-рады . Больш за тое, пастановы, прынятыя Панамірадай большасцю галасоў, павінны былі выконвацца вялікім князем. Таксама ў XV ст. пачаў у ВКЛ збірацца і вальны сойм - орган саслоўна-прадстаўнічай дэмакратыі.

У XV ст. істотна пагоршылася становішча сялян. Згодна з "Судзебнікам 1468 г.", іх пазбавілі права вольна пераходзіць ад аднаго феадала да другога, а феадалам яшчэ ў 1447 г. было забаронена прымаць "чужых" (збеглых) сялян. У самым канцы XV ст. Вялікае Княства Маскоўскае пачало рэгулярна захопліваць землі ВКЛ на Ўсходзе. Спачатку яно захапіла Вязьму і Дарагабуж , а ў 1500 г. - вяліы горад Бранск. Малалікае войска ВКЛ не здолела супрацьстаяць вялізнай маскоўскай арміі. Па ўсёй краіне пачалі будаваць новыя і рамантаваць старыя ўмацаванні. У 1498 г. пачалі ставіць муры таксама вакол Вільні. Спачатку збудавалі 5 мураваных вежаў-брамаў, праз якія можна было трапіць у горад, а крыху пазней - яшчэ пяць. У 1517 г. Вільня дасягнула памераў Кракава. У 1492 г. тут былі заснаваныя Віленскі манетны двор і першая аптэка (зельня) .

АСНОЎНЫЯ ТЭРМІНЫ

Баяры (шляхта) - вайскова-службовыя людзі ў ВКЛ.

Гвалты - пільныя, неадкладныя работы, выкліканыя стыхійнымі бедствамі, пажарамі, войнамі, паводкамі і г.д.

Магнаты (паны) - прадстаўнікі радавітай арыстакратыі, якія мелі княжацкія тытулы.

"Места" - назва горада ў ВКЛ.

"Месцічы", мяшчане - жыхары гарадоў і мястэчак.

Мула (імам) - духоўны кіраўнік у татараў у ВКЛ.

Муэдзін - памочнік мулы, чалавек, які заклікае мусульман да малітны (намазу).

Мястэчка - невялікае паселішча гарадскога тыпу.

Кагал - яўрэйская грамада.

Паны-рада - Рада ВКЛ - дарадчы орган пры вялікім князі.

Равін - духоўны кіраўнік у габрэйскай грамадзе, якога выбіраў кагал.

Староствы - дзяржаўныя маёнткі ў ВКЛ, якія вялікі князь даваў феадалам у часовае карыстанне за службу.

Шарваркі - работы па рамонце і будаўніцтве дарог і мастоў.

НАЙВАЖНЕЙШЬІЯ ПАДЗЕІ

1323 г. - перанос Гедымінам сталіцы ВКЛ у Вільню.

1362 г. - перамога вялікага князя Альгерда над татарамі ў бітве на Сініх водах.

1368, 1370 і 1372 гг. - паспяховыя паходы Альгерда на Маскву.

1382 г. - забойства вялікага князя Кейстута на загад Ягайлы.

1392 г. - Востраўскае пагадненне Ягайлы і Вітаўта.

І399 г. - параза войскаў Вітаўта ў бітве на Ворскле.

1401 г . - Віленска-Радамская унія Ягайлы і Вітаўта.

1410 г. - актыўны ўдзел харугваў ВКЛ на чале з Вітаўтам у Грунвальдскай бітве.

1415 г. - заснаванне Вітаўтам праваслаўнай мітраполіі ў Наваградку.

1430 г. - смерць вялікага князя Вітаўта.

1432-1436 гг. - грамадзянская вайна ў ВКЛ.

1440-1492 гг. - уладаранне ў ВКЛ Казіміра Ягелончыка.

1468 г. - "Судзебнік Казіміра Ягелончыка".

1492 г. - першая вайна Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ.

1492-1506 гг. - уладаранне ў ВКЛ Аляксандра Ягелончыка.

РАЗДЗЕЛ XIX. ЗАЛАТАЯ АРДА. ВЯЛІКАЕ КНЯСТВА МАСКОЎСКАЕ - УЛУС ЗАЛАТОЙ АРДЫ

1. Залатая Арда ў ХІV-ХV стст.

2. Узнікненне Масквы. Палітыка маскоўскага князя Івана I (Каліты).

3. Вялікае княства Маскоўскае ў другой палове XIV - першай палове XV стст.

4. Вызваленне ад улады Залатой Арды. Палітыка князя Івана III.

1. Залатая Арда ў XIV-XV стст.

У першай палове XIV ст. назіраецца росквіт Залатой Арды, асабліва падчас уладарання ў ёй хана Узбека (1313-1341) і яго сына Джанібека (1342-1357). У пачатку 1320-х гадоў Узбек абвясціў іслам адзінай дзяржаўнай рэлігіяй у краіне. Прыхільнікаў язычніцтва ён жорстка караў і быў вельмі жорсткім кіраўніком. Маскоўскія і цверскія князі, якія мусілі прасіць у яго права на кіраванне сваімі княствамі, вельмі яго баяліся і перад паездкамі ў сталіцу Арды пакідалі духоўніцы (духоўныя тэстаманты) і наказы сваім дзецям, на выпадак сваёй смерці, што і здаралася час ад часу. Хан Узбек збудаваў новы горад-сталіцу Сарай аль-Джэдзід ("Новы палац", непадалёк ад сучаснага Валгаграда) і шмат увагі прысвячаў караваннаму гандлю. Арда актыўна гандлявала з краінамі Заходняй Еўропы, Малой Азіі, Егіптам, Індыяй і Кітаем.

У пачатку XIV ст. Узбек зрабіў у краіне адміністратыўна - тэрытарыяльную рэформу. Былі створаны чатыры вялікія ўлусы Сарай, Харэзм, Крым і Дэшт-і-Кыпчак. Начале іх хан паставіў эміраў (улус-бекаў) . Галоўнага ўлусбека, намесніка хана, называлі бек-лярбекам . Наступным паводле пасады быў візір . Чатыры згаданыя ўлусы дзяліліся на 70 дробных уладанняў ( туменаў ) на чале з цемнікамі ( тумэн-башы ). Пасля цемніка ішлі пасады тысячніка, сотніка і дзясятніка . Як ужо казалася, у часы Батыя сталіцай Арды быў горад Сарай-Бату пазней - Сарай-Берке. Наогул жа, у Залатой Ардзе было шмат гарадоў: іх колькасць дасягала 150. Самымі вялікімі былі Сарай-Бату, Сарай-Берке, Булгар, Казань, Азык (Азоў), Ургенч і інш.

Для міжнароднага гандлю Арда выкарыстоўвала гандлёвыя калоніі генуэзцаў у Крыме і вусці Дона. Гандлявалі сукном, рознымі тканінамі, зброяй, ювелірнымі аздобамі, каштоўнымі камянямі, футрам, скурай, мёдам, воскам, соллю, збожжам, лесам, рыбай, аліўкавым алеем і рабамі. Галоўнай гандлёвай ракой была Волга. Залатая Арда выпускала свае манеты, срэбныя дырхемы і медныя пулы і сумы.

Арда мела вялікае войска, у асноўным гэта былі вершнікі. Ардынцы вельмі добра валодалі шабляй і добра стралялі з лукаў. З XIV ст. яны насілі кальчугі і даспехі з кольцаў і пласцін. У канцы XIV ст. у войску з'явіліся арбалеты і гарматы. Значную частку насельніцтва Арды складалі шматлікія цюркскія народы, у асноўным качэўнікі. Таксама тут жылі славяне, фіна-ўгорскія і паўночна-каўказскія народы. У канцы XIV - пачатку XV стст. качэўнікі Залатой Арды атрымалі агульную назву (этнонім) татары. Менавіта з іх выдзеліліся ў XV ст. волжскія і сібірскія татары. Ад народаў усходняй часткі залатой Арды паходзяць і сучасныя казахі, каракалпакі і нагайцы.

Асаблівыя адносіны склаліся ў ханаў Залатой Арды з заваяванымі імі ў XIII ст. усходнеславянскімі княствамі. Самыя вялікія з іх, Уладзіміра-Суздальская, Мурамская, Разанская землі, прызналі ўладу вялікага хана Залатой Арды і зрабіліся яго васаламі. Яны мусілі прасіць у яго ярлык на кіраванне сваімі тэрыторыямі.

Заваёўнікі перапісалі ўсё насельніцтва ў гэтых княствах і абклалі яго грашовым падаткам "выхадам" у памеры паловы грыўні з кожнай сахі. Спачатку ў складзе сахі было двое мужчын-аратых, а пазней сахой пачалі называць пэўную колькасць ворнай зямлі, з якой і плацілі "пасошны падатак" . Акрамя "выхаду", або "царскай даніны", было і шмат іншых пабораў. Напрыклад, "ям" і "падводы" - удзел у перавозках і паштовай службе, "мыт" і "тамга" - гандлёвыя зборы; "корм" - для прыезджых ардынцаў і г. д.

Паколькі ўсю залатую і срэбную манету ардынцы забіралі, на заваяваных імі славянскіх землях наступіў "безманетны перыяд" . У якасці дробных плацёжных адзінак выкарыстоўвалі шкуркі звяроў, шыферныя праселкі, шкляныя пацеркі і старыя манеты. Эканоміка была ў доўгім заняпадзе. Аднак у адносінах да праваслаўнай царквы дзейнічала "Яса Чынгісхана" , закон, паводле якога манастыры і святары не плацілі данін і падаткаў, калі маліліся за хана і яго сям'ю.

Пасля Узбека Ардой кіраваў яго сын, вышэйзгаданы Джанібек, якога славянскія летапісы называлі "добрым". Пасля Джанібека на сталец прыйшоў яго сын Бердыбек , якога неўзабаве ў 1359 г. забілі, і дынастыя Батуідаў закончылася. Пасля гэтага ў Залатой Ардзе пачаліся міжусобіцы. З 1359 па 1380 г. на ханскім троне змянілася больш за 25 ханаў, і некаторыя ўлусы імкнуліся стаць незалежнымі. Гэтаму перыяду маскоўскія летапісцы далі назву "Вялікая замятня" . У гэтыя часы на палітычнай арэне Залатой Арды з'явіўся цемнік Мамай , які стварыў уласны ўлус у заходняй частцы Арды. Аднак, не будучы нашчадкам Чынгіс-хана, ён не мог стаць вялікім ханам Залатой Арды і таму меў пасаду беклярбека пры тых ханах, якія часта змяняліся на пасадзе ўладара Арды. Арда ўгэты час працягвала развальвацца на асобныя ўлусы, якія варагавалі паміж сабою.

Мамай пачаў персанальную вайну з маскоўскім князем Дзмітрыем і спачатку ў 1378 г. прайграў бітву на рацэ Вожы , а потым у 1380 г. - на Кулікоўскім полі . Пакуль ішоў узброены канфлікт на Захадзе, у Ардзе да ўлады прыйшоў хан Тахтамыш (1380 - 1395). Перад гэтым ён спыніў сепаратныя выступы кіраўнікоў розных улусаў у Ардзе і на рэчцы Калцы, разграміў рэшткі войск Мамая, які іх зноў сабраў пасля Кулікоўскай бітвы. У 1382 г. Тахтамыш захапіў і спаліў Маскву, пасля чаго прымусіў князя Дзмітрыя зноў плаціць даніну Ардзе. Аднак у 1391 г. на Арду напалі войскі Тамерлана , які прыйшоў з Сярэдняй Азіі. У выніку вайны 1391-1396 гг. войскі Тахтамыша былі разбітыя, а паволжскія гарады, у тым ліку і сталіца Арды, былі разбураныя. Потым Тамерлан абрабаваў і гарады Крыма. Пасля гэтага Залатая Арда прыйшла ў заняпад. У першай палове XV ст. яна пачала распадацца на асобныя, незалежныя дзяржавы. У пачатку 1420-х гадоў узнікла Сібірскае ханства , у 1428 г. - Узбекскае ханства , потым - Казанскае (1438 г.), Крымскае (1441 г.) ханствы, Нагайская Арда (1440-я гады) і Казахскае ханства (1465 г.). Галоўнай дзяржавай сярод гэтых новых дзяржаўных утварэнняў лічылася Вялікая Арда . У 1480 г. яе хан Ахмат зрабіў паход на маскоўскага князя Івана III , але мусіў адступіць без бою, а Іван III адмовіўся плаціць яму даніну і пачаў кіраваць з 1480 г. незалежнай дзяржавай - Вялікім Княствам Маскоўскім . У пачатку 1481 г. Ахмата забілі войскі Сібірскага ханства і Нагайскай Арды. У самым пачатку XVI ст. пры дзецях хана Ахмата Залатая Арда канчаткова спыніла сваё існаванне.

2. Узнікненне Масквы. Палітыка маскоўскага князя Івана I (Каліты)

Узнікненне Маскоўскага княства. Першы ярлык на вялікае княжанне ханаў Залатой Арды атрымаў вышэйзгаданы пераяслаўскі князь Аляксандр Неўскі. Пры ім татары накіравалі ў заваяваныя гарады сваіх карнікаў на чале з баскакамі (намеснікамі хана), якія зрабілі перапіс заваяванага насельніцтва і абклалі яго данінай. Потым даніну даручылі збіраць і прывозіць у Арду таму князю, які меў ханскі ярлык. Вядома, кожны князь, збіраючы даніну, не забываўся і пра сябе. Таму за права атрымаць ярлык паміж князямі ішлі вялікія спрэчкі і нават бойкі. У выніку гэтых спрэчак паступова на першае месца выйшлі маскоўскія і цверскія князі, што не раз прыводзіла іх да міжусобных войнаў. Але Масква паступова ў іх перамагала.

Асобнае Маскоўскае княства ўзнікла ў другой палове ХІІІ ст. Першым удзельным маскоўскім князем стаў малодшы сын Аляксандра Неўскага Даніла . Масква мела вельмі выгоднае геаграфічнае становішча, бо стаяла на перакрыжаванні гандлёвых шляхоў з поўдня на поўнач і з Ноўгарада ў Разань. Перасяленцы з поўдня, якія мусілі ратавацца ад татараў, сяліліся вакол Масквы, бо тут, у лясах, татары іх значна менш турбавалі.

Даволі вялікая рака Масква злучала вярхоўі Волгі і сярэднюю Аку. Па гэтым водным шляху ноўгарадцы везлі сабе з Разанскай зямлі хлеб, воск і мёд, а маскоўскія князі бралі з іх за гэта немалое мыта. Першыя маскоўскія князі Даніла і яго сын Юрый здолелі прыўлашчыць усё цячэнне Масквы-ракі і захапіць у разанскага князя Каломну , а ў смаленскага князя - Мажайск . Таксама князь Даніла атрымаў у спадчыну горад Пераяслаў-Залескі.

Адчуўшы сваю моц, маскоўскі князь Юрый захацеў атрымаць ярлык на вялікае княжанне Ўладзімірскае і пачаў змаганне за яго са сваім сваяком цверскім князем Міхаілам. Скончылася гэта тым, што ў Ардзе забілі абодвух князёў, а ярлык атрымаў сын Міхаіла Аляксандр Цверскі . Маскоўскім князем стаў брат Юрыя Іван з мянушкай Каліта (кашэль). Гады яго ўладарання - 1328-1340. Ён праводзіў праардынскую палітыку, чым моцна спадабаўся вялікаму хану (якому ён заўсёды прывозіў, акрамя даніны, і хабар). З 1328 г. ён здолеў адабраць у Цверы ярлык на вялікае княжанне і практычна стаў адзіным прадстаўніком хана на паняволеных татарамі землях. Дзякуючы яму хан адмяніў сістэму баскакаў і вывеў у Арду карныя татарскія атрады. Усю даніну збіраў і адвозіў у Арду толькі князь Іван. Калі ж мясцовыя ўдзельныя князі былі не ў змозе заплаціць сваю частку даніны, Каліта за гэта забіраў іх землі сабе.

Сабраўшы вялікія грошы, Іван распачаў у Маскве вялікае будаўніцтва. Менавіта ён збудаваў з дубовага бярвення першы Маскоўскі крэмль , а на яго тэрыторыі - пяць мураваных (белакаменных) храмаў, у тым ліку славуты Ўспенскі сабор. Тут быў пахаваны першаіерарх праваслаўнай Русі мітрапаліт Пётр, які з Уладзіміра пераехаў жыць у Маскву, а пазней быў далучаны да ліку святых.

Так Масква зрабілася галоўным рэлігійным цэнтрам паўночна-ўсходніх славянскіх земляў . З прычыны, што татары не бралі даніны з праваслаўнай царквы, яе матэрыяльнае становішча палепшала. У гэтыя часы былі заснаваныя Тройца-Сергіеўскі і Кірыла-Белаазёрскі манастыры . Іншы крамлёўскі сабор, св. Архангела Міхаіла , стаў храмам-пахавальняй маскоўскіх князёў. У ім і пахавалі Івана Каліту.

3. Вялікае Княства Маскоўскае ў другой палове XIV - першай палове XV стст.

Сыны Івана Каліты - Сямён Ганарлівы (1340-1353) і Іван Красны (1353-1359) умацавалі і памножылі бацькоўскую спадчыну. Вакол іх сфармавалася кіроўная маскоўская эліта - удзельныя князі і баяры, а таксама мясцовыя святары. Так, фактычным кіраўніком Масквы ў гады княжання Івана Краснага і яго малагадовага сына Дзмітрыя быў маскоўскі мітрапаліт Алексій , які паходзіў з багатай баярскай сям'і. Ён меў таксама вялікую падтрымку і ў Залатой Ардзе, бо здолеў вылечыць ад цяжкай хваробы вачэй Тайдулу , жонку вялікага хана. Пазней яго таксама пачалі лічыць святым. Другім вядомым Маскоўскім святаром быў манах Сергій , які заснаваў славуты Троіца-Сергіеўскі манастыр непадалёк ад Масквы. Да другой паловы XIV ст. у Маскоўскае княства ўвайшлі новыя ўдзелы: Дзмітрыеўскі, Галіцкі, Угліцкі , землі Ўладзімірскага і часткова Разанскага княстваў.

Варта адзначыць, што сыны Івана Каліты доўга не жылі. Сямён Ганарлівы памёр ад чумы і дзяцей не меў. Яго брат Іван пакінуў толькі двух сыноў і памёр у 31 год. Таму Маскоўскую зямлю не разабралі на ўдзелы сваякі і дзеці вялікіх князёў, што спрыяла яе ўмацаванню. Аднак пасля раптоўнай смерці Івана ярлык на вялікае княжанне атрымалі суздальскія князі.

Але мітрапаліт Алексій і маскоўскія баяры, якія фактычна кіравалі краінай (князь Дзмітрый меў толькі 10 гадоў), здолелі праз два гады вярнуць ярлык, і Масква яго ўжо больш ніколі не губляла...

Стаўшы дарослым, князь Дзмітрый стварыў вялікае войска і ў міжусобных войнах перамог разанскага і цверскага князёў, а потым наважыўся ўпершыню пачаць вайну з татарамі. У гэты час у Ардзе ішло змаганне за ўладу і тыя сілы, якія ваявалі паміж сабою, каб умацавацца пачалі рабіць без дазволу вялікіх ханаў набегі на славянскія землі. У 1377 г. вялікі татарскі атрад разбіў атрады мясцовых князёў на рацэ П'яне і разрабаваў Разань і Ніжні Ноўгарад. Потым прыйшлі войскі аднаго з кіраўнікоў Арды Мамая. Ён спаліў Ніжні Ноўгарад, і ад яго ж пацярпела Разань. Пазней ён пайшоў у маскоўскія землі, але на рацэ Вожы (1378 г.) быў разбіты князем Дзмітрыем. Каб заваяваць Маскву, Мамай сабраў вялікую армію і дамовіўся аб дапамозе з князем ВКЛ Ягайлам і разанскім князем Алегам.

Добра падрыхтаваўся да вайны і маскоўскі князь. 8 верасня 1380 г. каля вусця рэчкі Няпрадвы, дзе яна ўпадае ў Дон, на Кулікоўскім полі адбылася бітва, у якой Мамай быў разбіты і ўцёк з поля бою. Ягайла і разанскі князь на дапамогу Мамаю не прыйшлі, а князю Дзмітрыю дапамаглі беларускія войскі з Полацка ды Бранска і ўкраінскія - з Валыні. У гонар гэтай перамогі князь Дзмітрый атрымаў прозвішча Данскі . Аднак замацаваць гэтую перамогу Масква не змагла. Як ужо згадвалася, у 1382 г. армія хана Тахтамыша захапіла і спаліла Маскву ды іншыя гарады, а Дзмітрый Данскі мусіў зноў плаціць даніну Ардзе і аддаў Тахтамышу ў закладнікі свайго сына Васіля. Варта адзначыць што пасля вялікага пажару 1365 г. князь Дзмітрый збудаваў, замест драўлянага, мураваны Крэмль , пры гэтым павялічыўшы яго памеры. Паколькі муры будавалі з белага каменю, Маскву пачалі на называць "белакаменнай".

Пасля смерці Дзмітрыя вялікім князем стаў яго сын Васіль (1389-1425). Ён здолеў захапіць у суздальскіх князёў важны гапдлёвы цэнтр на Волзе, Ніжні Ноўгарад . У 1408 г. на Маскоўскую дзяржаву раптоўна напаў татарскі мурза (князь) Едыгей , які моцна разрабаваў краіну і аблажыў Маскву. Васіль мусіў заплаціць яму вялікую даніну, і той з трыумфам вярнуўся ў Арду. Значныя тэрыторыі далучыла да сябе і ВКЛ. Васіль маскоўскі ажаніўся з дачкою князя Вітаўта Соф'яй і мусіў прызнаць за мяжу з ВКЛ рэчку Угру , левы прыток Акі. Пасля яго смерці вялікім князем маскоўскім у 10-гадовым узросце стаў яго сын, таксама Васіль (1425-1462). Аднак яго дзядзька Юрый, удзельны князь Галіча, гэтага не прызнаў і пачаў змагацца за ўладу ў Маскве. Пачалася доўгая міжусобная вайна, якая ішла з пераменным поспехам каля 20 гадоў (1430-1450). Падчас вайны князь Васіль часова трапіў у палон, і ворагі пазбавілі яго зроку, за што ён атрымаў мянушку Цёмны (што абазначала "сляпы").

У гэтыя самыя часы ідзе міжусобіца і ў Ардзе, якая распадаецца на асобныя часткі. Так, хан Улу-Махмет стварыў на Волзе сваю дзяржаву - Казанскае ханства - і пачаў рабіць набегі на Маскву. Войскі князя Васіля выйшлі супраць казанскага хана, але ў 1445 г. пад Суздалем 6ылі разбітыя, а сам князь Васіль трапіў у палон. За яго давялося заплаціць вялікі выкуп. Калі Васіль вярнуўся ў Маскву, ён прывёў з Арды шмат татараў, якіх узяў сабе на службу, што выклікала незадавальненне мясцовага насельніцтва.

У часы яго праўлення маскоўскі мітрапаліт грэк Ісідар наведаў Італію і далучыўся да Фларэнтыйскай уніі , падпісанай у 1439 г. паміж Рымскім Папам і Візантыяй. У 1441 г. ён вярнуўся ў Маскву і пачаў прасоўваць ідэю уніі. За гэта яго арыштавалі, але ён уцёк спачатку ў ВКЛ, а потым і ў Італію. Тады маскоўскім мітрапалітам стаў разанскі епіскап Іона , і ў Маскве вырашылі аддзяліцца ад Канстанцінопальскага патрыярха і выбіраць сабе мітрапаліта на сваім саборы з ліку мясцовых святароў.

4. Вызваленне ад улады Залатой Арды. Палітыка князя Івана III.

Іван III пачаў кіраваць Маскоўскай дзяржавай яшчэ пры сваім бацьку, які зрабіў яго суправіцелем, бо сам быў сляпы. З 1462 па 1505 г. ён адзін кіруе Маскоўскай дзяржавай і стварае вялікае войска. Спачатку ён падпарадкоўвае сабе Яраслаўскае і Растоўскае княствы, а потым вырашае заваяваць Ноўгарад і Цвер. Пасля таго як Ноўгарад у 1471 г. заключыў саюз з ВКЛ, Іван распачынае вайну. Спачатку ноўгарадцы былі разбітыя на паўднёвым беразе возера Ільмені , а потым - на рацэ Шэлоні . Кіраўнік ноўгарадскага войска баярын Барэцкі трапіў у палон, а потым быў забіты. ВКЛ не дапамагло Ноўгараду, які, у выніку, здаўся, адмовіўся ад саюза з ВКЛ і заплаціў велізарную даніну.

У 1475 г. Іван III прыехаў у горад і сам судзіў непакорных мясцовых баяр. Аднойчы ноўгарадцы ў адным са сваіх зваротаў да маскоўскага князя назвалі яго не "гаспадзінам", а "гасударом", гэта значыць, "уладаром", але потым ад гэтага адмовіліся. Тады Іван зноў прывёў сваю армію і аблажыу Ноўгарад. Ноўгарадцы здаліся і ў студзені 1478 г. прызналі поўную ўладу Масквы. Пераможцы забаранілі веча, вечавы звон вывезлі ў Маскву, а ноўгарадскіх баяр адправілі ў далёкую высылку. У 1489 г. маскоўскія войскі захапілі апошнюю калонію Ноўгарада - горад Вятку . Таксама Іван III выгнаў з Ноўгарада нямецкіх купцоў, і гандаль з Захадам неўзабаве спыніўся. У 1480 і пасля вышэйзгаданага няўдалага паходу на Маскву татарскага хана Ахмата, якому на дапамогу зноў жа не прыйшлі войскі ВКЛ, Вялікае Княства Маскоўскае атрымала незалежнасць.

Пасля смерці першай жонкі ў 1467 г. Іван ІІІ ажаніўся з пляменніцай апошняга візантыйскага імператара Зояй-Соф'яй Палеалог , якая жыла ў Італіі. Шлюб адбыўся ў 1467 г.

У 1485 г. войскі Івана III выступілі супраць Цверы і аблажылі горад. Пасля таго як здраднікі адкрылі гарадскую браму, апошні цверскі князь уцёк у ВКЛ, і Цверская дзяржава спыніла сваё існаванне, а Пскоў і Разань ператварыліся ў паслухмяных васалаў Масквы. З таго часу Іван III ва ўсіх афіцыйных паперах пачаў ужываць новы тытул: "Государь всея Русы і велыкый князь" .

Культура Маскоўскай дзяржавы. Разам з Соф'яй Палеалог у Маскву прыехала шмат італьянцаў і грэкаў. Іван III высока ацэньваў іх прафесіяналізм і даручаў ім будаваць цвердзі, храмы і палацы, чаканіць манеты і вырабляць гарматы. Часам іх рабілі і дыпламатамі. У Маскве італьянцаў называлі "фразінамі" ад слова "фраг" ці "франк", і таму майстроў з Італіі называлі: Іван Фразін, Марк Фразін, Антоні Фразін і гэтак далей. Пры двары Івана III былі і немцы, найперш лекары.

Самым вядомым італьянскім дойлідам быў Арыстоцель Ф'яраванці , які і збудаваў у Маскве новы цагляны Крэмль з элементамі позняй італьянскай готыкі. Дарэчы, італьянцы навучылі маскоўскіх рамеснікаў вырабляць тоўстую чырвоную цэглу, бо раней у Маскоўскай дзяржаве будавалі толькі з дрэва ці абчасанага каменю. Будаўніцтва новага Крамля пачалі ў 1485 г. Адначасова Ф'яраванці збудаваў на тэрыторыі Крамля новы Ўспенскі сабор на месцы старога будынка (1475-1479 гг.). Пасля яго смерці будаўніцтва Крамля працягвалі Антон Фразін і Марк Фразін, а з 1490 г. - П'етра Антоніа Салары . Менавіта, ён збудаваў славутую Спаскую вежу Крамля . У 1499 г. будаўніцтва Крамля было скончана. Перыметр крамлёўскіх муроў склаў больш за 2 км. У канцы XIV-XV стст. у Маскоўскай дзяржаве сфармавалася выдатная мастацкая школа іканапісцаў і майстроў фрэскавага роспісу. На мяжы XIV і XV стст. жылі і працавалі Андрэй Рублёў і Феафан Грэк . Манах Андрэй Рублёў распісаў фрэскамі інтэр'еры храмаў Уладзіміра, Звянігарада, Масквы і іншых гарадоў. Таксама ён напісаў шмат абразоў, сярод іх і знакамітая "Тройца" . Феафан Грэк прыехаў у Масковію з Канстанцінопаля ў XIV ст. Спачатку ён працаваў у Ноўгарадзе, а потым у Маскве і падмаскоўных гарадах. Разам з Рублёвым ён распісваў і храмы Маскоўскага Крамля. У канцы XV ст. у Маскве зрабілася знакамітаю сям'я мастакоў: Дыянісій -іконнік і яго сыны Ўладзімір і Феадосій . Яны распісалі храмы Ферапонтавага манастыра і некаторыя пабудовы ў Маскоўскім Крамлі.

У канцы XIV ці ў першай палове XV ст. быў напісаны эпічны твор "Задоншчына" , прысвечаны перамозе князя Дзмітрыя Данскога над татарскім правадыром Мамаем у Кулікоўскай бітве. Яго аўтарам мог быць разанскі святар Сафоній .

"Судзебнік". У 1497 г. у Маскоўскай дзяржаве быў прыняты вялікі юрыдычны дакумент, "Судзебнік" , які меў агульнадзяржаўнае значэнне як юрыдычная аснова новага ўтварэння, якое пазней назавуць Расіяй . У гэтым дакуменце адлюстравана пачатковая стадыя прыгоннага становішча сялян. У "Судзебніку" ўпершыню выкарыстаны тэрмін "памесце" - асобная форма зямельнай уласнасці, якая давалася за выкананне дзяржаўнай службы. Сяляне маглі пераходзіць ад аднаго памешчыка (які валодаў памесцем) да другога толькі за тыдзень да 26 лістапада (Юр'евага дня) або на тыдзень пазней за гэтую дату. Прытым селянін павінен быў заплаціць памешчыку грошы за карыстанне яго зямлёй - "пажылое" .

Вельмі цяжкія былі пакаранні. Акрамя смяротнага пакарання, ужываліся: "гандлёвая кара" (калі сцябалі пугай на гандлёвай плошчы), адразанне вушэй і языка, а таксама клеймаванне гарачым жалезам. Усе сяляне падзяліліся на дзяржаўных (чарнасошных) , якія працавалі на "чорных" (дзяржаўных) землях , і прыватнаўласніцкіх , якія працавалі на землях баяр і памешчыкаў. Таксама былі манастырскія сяляне і сяляне-каланісты ( "сваяземцы" ), якія жылі на межах краіны і засялялі новыя землі, якія лічылі сваёй уласнасцю.

АСНОЎНЫЯ ТЭРМІНЫ

Баскак - ханскі намеснік, кіраўнік карнага атрада для збору даніны.

Беклярбек - намеснік кіраўніка (хана) Залатой Арды.

Вотчына - зямельная ўласнасць, якую меў феадал пры ўмове абавязковай службы вялікаму князю. Яна заставалася спадчыннай маёмасцю феадала, яе можна было дзяліць сярод спадчыннікаў і прадаваць.

Вялікая Арда - цэнтральная (аўтаномная) частка Залатой Арды ў другой палове XV ст.

"Выхад" - права вялікага князя збіраць з мясцовага насельніцтва даніну для Залатой Арды.

Памесце - зямельная ўласнасць, якая часова давалася феадалу за дзяржаўную службу. Пасля смерці ўласніка гэтую ўласнасць забірала дзяржава.

Памешчык (дваранін) - феадал, які атрымліваў "памесце", пакуль знаходзіўся на дзяржаўнай службе.

"Чорныя землі" - землі, якія належалі толькі дзяржаве.

Чарнасошныя сяляне - сяляне, якія працавалі на чорных землях і плацілі падаткі толькі дзяржаве.

Ярлык - грамата, якую атрымлівалі вялікія князі ад хана Залатой Арды на права трымаць уладу.

"Яса Чынгісхана" - татара-мангольскі закон, які абараняў праваслаўную царкву і вызваляў манастыры і святароў ад усіх данін і падаткаў пры ўмове маліцца за хана і яго сям'ю.

НАЙВАЖНЕЙШЫЯ ПАДЗЕІ

1313-1341 гг . - уладаранне хана Ўзбека.

1320-я гады - абвяшчэнне ісламу дзяржаўнай рэлігіяй Залатой Арды.

1325-1340 гг. - уладаранне маскоўскага князя Івана I Каліты.

1342-1357 гг. - уладаранне хана Джанібека.

1359-1380 гг. - "Вялікая замятня" - аслабленне Залатой Арды.

1380 г. - Кулікоўская бітва.

1380-1395 гг. - уладаранне хана Тахтамыша.

1382 г. - захоп Тахтамышам Масквы; аднаўленне выплаты даніны маскоўскім князем.

1391-1396 гг. - паходы Тамерлана, разгром Залатой Арды.

1420-я гады - пачатак распаду Залатой Арды.

1425-1453 гг. - міжусобная вайна ў Маскоўскім княстве.

1438 г. - стварэнне Казанскага ханства.

1441 г. - стварэнне Крымскага ханства.

1462-1505 гг. - уладаранне Івана III Васільевіча.

1480 г. - атрыманне незалежнасці Вялікім Княствам Маскоўскім.

1497 г. - з'явіўся агульнарасійскі Судзебнік, узнікла новая дзяржава - Расія.

РАЗДЗЕЛ XX. УСХОДНЕСЛАВЯНСКІЯ ДЗЯРЖАВЫ ХІV -ХV стст.: НАЎГАРОДСКАЯ I ПСКОЎСКАЯ РЭСПУБЛІКІ. ВЯЛІКІЯ КНЯСТВЫ СМАЛЕНСКАЕ, ЦВЯРСКОЕ I РАЗАНСКАЕ

1. Наўгародская рэспубліка ў ХІV-ХV стст.

2. Пскоўская дзяржава.

3. Вялікае Княства Смаленскае.

4. Вялікае Княства Цвярское.

5. Вялікае Княства Разанскае.

1. Наўгародская рэспубліка ў XIV-XV стст.

XIV ст. было эпохай чарговага росквіту Наўгародскай дзяржавы. Уся тэрыторыя краіны дзялілася на пяціны і воласці . Каля Фінскага заліва была Водзьская пяціна, бо там жыло фінскае племя водзь. Паміж рэкамі Мста і Лаваць знаходзілася Дзярэўская пяціна, на рацэ Шалоні - Шалонская, а каля Цверы - Бежацкая. На поўначы была воласць Завалочча, або Д звінская зямля , побач - Пермская зямля, Югра (Урал) і Пячора . Да сярэдзіны XIV ст. у Наўгародскую дзяржаву на правах аўтаноміі ўваходзіў Пскоў, але потым ён набыў самастойнасць. З іншых гарадоў у Наўгародскай зямлі былі: Ладага, Волак-Ламскі, Вялікія Лукі, Таржок, Ржэў і Вятка. З канца XIII ст. у Ноўгарадзе зноў пачалося мураванае будаўніцтва. Першай у 1292 г. збудавалі царкву Міколы-на-Ліпне , пазней - царкву Ўспення на Волатавым полі. У ХІV-ХV стст. склаўся класічны тып багата аздобленага ноўгарадскага храма. У якасці аздобы выкарыстоўваліся выступы на фасадах ( лапаткі ), розныя нішы, броўкі, паўвалікі і дэкаратыўныя крыжы . Пры будаўніцтве выкарыстоўвалі і тоўстую брусковую цэглу.

Большасць жыхароў горада былі адукаванымі і пісьменнымі людзьмі, пра што сведчаць знойдзеныя археолагамі берасцяныя граматы, прытым большасць з іх датуецца XIV ст. Літары на бяросту наносілі касцяным вастрыём. Граматы напісаныя простай размоўнай мовай і распавядаюць пра штодзённае жыццё ноўгарадцаў.

Археолагі раскапалі рэшткі гарадскіх умацаванняў, збудаваных у 1335 г. Таўшчыня муру складала каля 3 м. У гэтым годзе і быў збудаваны Ноўгарадскі крэмль , які захаваўся да нашых дзён; вышыня яго муроў, абкладзеных цэглай, складала 8-10 м, таўшчыня ўнізе - да 4 м. У XV ст. каля Ноўгарадскай Сафіі збудавалі ансамбль двара Ўладыкі (Епіскапа) Ноўгарада з Гранавітай палатай , якая мае вялікую залу, перакрытую дэкаратыўнымі скляпеннямі. У палаце збіралася "рада паноў", ладзіліся прыёмы для замежных паслоў і знакамітых гасцей. Побач стаіць дазорная вежа "Часазвоня" , збудаваная ў 1443 г. У 20-я - 30-я гг. XV ст. ноўгарадцы заснавалі славуты Салавецкі манастыр на астравах у Белым моры.

Пачынаючы з XIII ст. у Ноўгарадзе існаваў культ Міколы Цудатворца , а ў XV ст. склалася ноўгарадская школа іканапісу. Для яе характэрныя выявы св. Георгія-пераможцы.

У самым канцы 70-х гг. XIV ст. Феафан Грэк, які прыехаў сюды з Візантыі, распісаў фрэскамі царкву Спаса-Праабражэння, збудаваную ў 1378 г.

Крызіс у дзяржаве. Паступова, аднак, палітычнае жыццё і сістэма кіравання ў Наўгародскай рэспубліцы пачалі занепадаць. Да 1354 г. у Ноўгарадзе быў адзін пасаднік, але ў 1354 г. з'явілася калегія пасаднікаў з шасці чалавек і кожны з іх толькі год па чарзе мог кіраваць краінай. У 1417 г. калегія ўжо мела да 12 чалавек, а з 1423 г. - да 24 чалавек. З іх кола прызначаўся пасаднік толькі на паўгода кіравання, і ў сувязі з гэтым паступова пачаўся крызіс дзяржаўнай улады. З 1420 г. Ноўгарад мае свае манеты з выявай Святой Сафіі. Гербам горада ў XV ст. стала выява "вечавай сцепені" (прыступкавае збудаванне, трыбуна веча), а таксама, уздоўж яе, выява жазла пасадніка.

Насельніцтва краіны складалася з эліты - баяр, "жытніх людзей" - буйных землеўласнікаў, дробных баяр і купцоў. Асноўная маса гараджан - гэта дробныя рамеснікі (чорныя людзі). На вёсках жылі сяляне-палоўнікі, на прыватных баярскіх землях, і смерды - на дзяржаўных землях. Былі яшчэ і сяляне-земцы, якія мелі ўласную зямлю, але апрацоўвалі яе разам з суседзямі, грамадою. Некаторыя гараджане мелі сваю зямлю за горадам, і таму яны атрымалі мянушку "лутшые" людзі . Самых знатных баяр у Ноўгарадзе было каля 50 чалавек. Фактычна яны і кіравалі краінай.

Пасля таго як маскоўскі князь Іван III пачаў называць Ноўгарад сваёй вотчынай, ноўгарадцы вырашылі прасіць дапамогі ў ВКЛ. Склалася антымаскоўская партыя на чале з удав ой ноўгарадскага пасадніка Марфай Барэцкай і яе сынамі. У 1470 г. ноўгарадцы запрасілі на пасаду служылага князя праўнука Альгерда Міхайлу Алелькавіча. У 1471 г. урад краіны накіраваў да князя ВКЛ Казіміра паслоў з просьбаю далучыцца да ВКЛ на правах аўтаноміі. Гэта вельмі не спадабалася Маскве, яна пачала вайну і разбіла вялікае, але слабое з вайсковага гледзішча, войска ноўгарадцаў на чале з сынам Марфы Дзмітрыем Барэцкім на рацэ Шалоні. Маскоўцы забілі некалькі дзясяткаў тысяч чалавек, а некаторых забралі ў палон.

Наўгародская эліта была або знішчана фізічна, або адпраўлена ў маскоўскія турмы. Усю іх маёмасць забраў маскоўскі князь. Такім чынам, у 1478-1479 гг. Наўгародская рэспубліка канчаткова спыніла сваё існаванне.

2. Пскоўская рэспубліка

Росквіт Пскова пачаўся ў XIII ст. Пра гэта сведчаць яго абарончыя збудаванні. З XIII ст. да Крома быў прыбудаваны яшчэ адзін умацаваны гарадскі квартал, які атрымаў назву Даўмонтаў горад . На працягу XIV-XV стст. тут паставілі шэсць мураваных храмаў і мураваныя палаты. Археолагі знайшлі рэшткі гэтых будынкаў, а таксама сляды старажытных вуліц, вымашчаных драўлянымі плахамі на лагах. Шырыня іх вагалася ад 3 да 3,15 м, а паабапал стаялі платы з абчасаных бярвёнаў дыяметрам ад 8 да 12 см. Быў знойдзены і драўляны вадаправод у выглядзе труб, што складаліся з двух жалабоў, абгорнутых бяростай. Гараджане ў гэты час жылі ў драўляных хатах плошчай у сярэднім 20-25 м 2.

У 1309 г. будуюць трэцяе кола гарадскіх муроў, і з'яўляецца ўмацаваны Сярэдні горад . У канцы XIV - пачатку XV стст. гарадскія муры дабудавалі і павялічылі іх таўшчыню да 4 м, а таксама паставілі шэсць вежаў з байніцамі. У другой палове XIV ст. будуюцца новы мураваны сабор св. Тройцы , 20 іншых мураваных храмаў у розных частках горада і чацвёртае кола гарадскіх муроў, абнесенае глыбокім ровам. Асобны раён горада называўся Запскоўскім і знаходзіўся на другім беразе рэчкі Пскавы .

З XIV ст. склалася самастойная пскоўская будаўнічая школа , адрозная ад ноўгарадскай. Пскоўскія дойліды стварылі аднакупальную, трохапсідную кубічную кампазіцыю храма, а таксама асобны тып бесслуповага храма з сістэмай прыступкавых скляпенняў. Плоскія пабеленыя сцены падзялялі плоскімі лапаткамі на тры часткі, з паўкруглымі аркамі ў завяршэнні храма. У якасці прыкладу можім прывесці царкву Ўспення ў Мялятаве (1463 г.). Адной з адметных рысаў пскоўскай школы былі высокія шматпралётныя званіцы.

У ХІV-ХV стст. расквітнела і пскоўская школа жывапісу . Творы вылучаюцца павышанай экспрэсіяй вобразаў, падкрэсленасцю блікаў і выразнасцю мазка пэндзля. Гэта - фрэскі вышэйзгаданых сабора Раства Багародзіцы і царквы Ўспення. Да другой паловы XIV ст. адносяцца ўнікальныя абразы: "Сабор Маці Божай" і "Параскева Пятніца, Варвара і Ўльяна" .

У XV ст. узнікае славуты Пскоўска-Пячорскі манастыр у мясцовасці Пячора, які меў абароннае значэнне. У 1473 г. збудавалі першую падземную пячорную Ўспенскую царкву . У XVI ст. вакол манастыра ўзнікае пасад, які абнеслі разам з манастыром мурам з 9-цю вежамі. Уваход ішоў праз Святыя вароты з вежай . Падземныя пячоры маюць даўжыню каля 200 м. У XVI ст. у манастыры зрабілі шматпралётную двух'ярусную вежу-званіцу з гадзіннікам. У ХVІ-ХVІІ стст. тут будуюць 4 цэрквы, якія дайшлі да нашых дзён.

У 1465 г. узнікае пятае кола гарадскіх муроў Пскова. Горад дзяліўся на 7 канцоў , з іх два - у Запскоўі. Канцы падзяляліся на сотні . За межамі горада з'явіліся рамесныя слабоды. У цэнтрах канцоў, або спабод, пачалі будаваць храмы, якія адначасова былі і складамі зброі.

У XVI ст. гарадскія муры мелі даўжыню 9 км, уздоўж іх мясціліся 37 вежаў, з якіх вылучалася вежа Грымячая , збудаваная ў 1524 г.

Пскоўская дзяржава была невялікай і займала тэрыторыю ўздоўж рэк Вялікай і Наровы . З поўдня на поўнач яна мела даўжыню каля 300 км пры шырыні каля 100 км. Акрамя рэчак, Пскоўская зямля мела і два буйныя возеры - Чудскае і Пскоўскае.

Найвышэйшым органам улады Пскоўскай рэспублікі было народнае веча, якое выбірала спачатку аднаго, а потым з 1420 г. - двух пасаднікаў, канчанскіх старастаў і соцкіх . Існавала ўрадавая рада на чале з запрошаным (наёмным) князем, які кіраваў баявой дружынай і служыў за грошы ( корм ). Была і судовая калегія - гаспода, у якую ўваходзілі выбарныя чальцы з ліку баяр.

Пскоўскае грамадства складалася з баяр (але не вельмі багатых), купцоў, рамеснікаў і вольных сялян, якіх звалі земцамі , або сябрамі . Бедныя сяляне браді зямлю ў арэнду і называліся ізорнікамі . А халопаў тут не было.

Княжанне Даўмонта. Вялікі ўклад у атрыманне Псковам незалежнасці ад Ноўгарада зрабіў князь Даўмонт . Гэты нальшчанскі князь у 1263 г. забіў Міндоўга, заснавальніка ВКЛ, і ў 1265 г. з дружынай колькасцю 300 чалавек уцёк у Пскоў, ратуючыся ад войска сына Міндоўга - Войшалка. У 1266 г. ён прымае хрысціянства і імя Цімафей ды абіраецца князем. Доўгі час ён ваюе з крыжакамі, а таксама з Полацкам і нават забівае полацкага князя Гердзеня. Пасля смерці князя кананізавалі як Святога Цімафея - абаронцу Пскова, а яго меч лічыўся сімвалам незалежнасці.

У часы Гедыміна Пскоў хацеў канчаткова вызваліцца з залежнасці ад Ноўгарада, і таму яго адносіны з ВКЛ значна палепшыліся. Актыўна дапамагаў пскоўцам зяць Гедыміна, вышэйзгаданы Давыд Гарадзенскі. Калі крыжакі ў 1323 г. аблажылі Пскоў, ён адагнаў іх лд горада і знішчыў сценабітныя машыны крыжакоў.

У 1341 г. пскоўцы звярнуліся па падтрымку да Альгерда, і ён прыйшоў ім на дапамогу разам з Кейстутам. Сын Альгерда Андрэй быў ахрышчаны і стаў пскоўскім князем з 1342 па 1345 г. Яго намеснікам быў таксама выхадзец з ВКЛ - Юрый Вітаўтавіч . У 1342 г. пры абароне Пскова ад крыжакоў загінуў сын полацкага князя Воіна - Любка .

Атрыманне незалежнасці Псковам. У 1348 г., пасля падпісання з Ноўгарадам Болатаўскай дамовы Пскоўская дзяржава канчаткова зрабілася незалежнай. Аднак духоўная ўлада засталася ў руках ноўгарадскага ўладыкі, які раз у тры гады прыязджаў у Пскоў і здзяйсняў царкоўны суд.

У XV ст. эканоміка Пскова знаходзілася на ўздыме. Сяляне вырошчвалі шмат жыта, а таксама пшаніцу, авёс, ячмень. На гародах збіралі добрыя ўраджаі рэпы, цыбулі і капусты. Пскоўскі лён актыўна вывозіўся ў краіны Прыбалтыкі. Актыўна развівалася рыбалоўства, вырабляліся вялікія лодкі - учаны . Славіліся і мясцовыя рамеснікі, якія шылі адзенне, апрацоўвалі металы і скуры, выраблялі солад і малолі муку. Пскоўскія муляры запрашаліся на працу ў Масковію ды іншыя краіны Ўсходняй Еўропы. У Пскове таксама квітнеў выраб званоў. Актыўна развіваўся і гандаль з суседзямі - Цверскай дзяржавай, Ноўгарадам, Разанню, ВКЛ, а таксама з нямецкімі краінамі З 1424 г. Пскоў наладзіў чаканку ўласнай срэбнай манеты з выявай рысі - герба горада.

У XV ст. Пскоў пачаў праводзіць прамаскоўскую палітыку і спадзяваўся такім чынам захаваць сваю незалежнасць. Ён падтрымліваў Масковію ў войнах з Ноўгарадам і ВКЛ, асабліва падчас вайны 1500-1503 гг. Але гэта не дапамагло пскоўцам, бо Масковія не хацела мець побач з сабою незалежную рэспубліку.

Наступ Масквы. 13 студзеня 1510 г. маскоўскае войска ўвайшло ў Пскоў, быў спушчаны са званіцы вечавы звон як сімвал волі і незалежнасці. Трыста самых багатых сем'яў пскоўскіх баяр і купцоў адправілі ў высылку. Прычым ім усім дазвалялі ўзяць з сабою толькі тое, што яны мелі як вопратку на сваім целе. Таму на дзяцей апраналі па двое-трое футраў, хавалі залатыя манеты ў жаночую бялізну. Як жа раскулачванне ў сталінскія гады нагадвала даўнюю практыку маскоўскіх уладароў!

Да сённяшняга часу захаваліся пскоўскія летапісы ХІV-ХVІІ стст. у колькасці 25 спісаў. Найбольш цікавы - летапісны збор 1450-х - 1460-х гг., які вёўся пры Траецкім манастыры .

3. Вялікае Княства Смаленскае

На захадзе суседам Вялікага Княства Смаленскага ў XIV стагоддзі становіцца Вялікае Княства Літоўскае, а на ўсходзе - Вялікае Княства Маскоўскае, улус Залатой Арды. На мяжы ХІІІ-ХІV стст. Мажайскае ўдзельнае княства захапілі маскоўскія ваяры. Аднак тады ж смаленскія князі бяруць пад часовы кантроль бранскія землі. Пасля шлюбу з віцебскай князёўнай вялікі князь Альгерд далучае да ВКЛ Віцебскае княства і выходзіць на межы са Смаленскім. Смаленскі князь Іван прызнае Гедыміна напрыканцы 1320-х гадоў "сваім старэйшым братам" з мэтай захаваць гандлёвы шлях па Заходняй Дзвіне з ганзейскімі гарадамі.

У 1331 і 1333 гг. маскоўскія войскі робяць два напады на Смаленск, але ён адбіваецца і спыняе выплату даніны Залатой Ардзе. Смаленск становіцца саюзнікам ВКЛ, і ў 1348 г.: смаленскія войскі ўдзельнічаюць у бітве з крыжакамі на рацэ Страве на баку ВКЛ, прычым адзін са смаленскіх князёў гіне ў гэтай бітве.

У 1352 г. на Смаленшчыну з Заходняй Еўропы прыходзіць эпідэмія чумы. Шмат людзей у розных смаленскіх гарадах памерла, і дзяржава падупала. Скарыстаўшыся гэтым, князь Альгерд далучае да ВКЛ Мсціслаў, Крычаў і Рослаў. Але потым ён падпісвае саюзніцкую дамову са смаленскім князем Святаславам, і яны разам робяць паход на Маскву. Пасля таго як Ягайла ў 1385 г. становіцца польскім каралём, яго старэйшы брат, полацкі князь Андрэй, вырашас з дапамогай крыжакоў і смаленскага князя Святаслава захапіць уладу ў ВКЛ. Святаслаў спачатку паспрабаваў захапіць Віцебск і Воршу, а потым аблажыў Мсціслаў, каб вярнуць сабе Мсціслаўскае княства Аднак войскі Ягайлы 7 траўня 1386 года разбілі пад Мсціславам смалян, забілі князя Святаслава і аблажылі Смаленск. Смаленскас веча заплаціла вялікі выкуп, і князем стаў сын Святаслава Юрый . Ён мусіў прысягнуць на вернасць Ягайлу і стаць яго васалам.

У гэты час да ўлады ў ВКЛ прыходзіць князь Вітаўт, жанаты з дачкою смаленскага князя Святаслава - Ганнай. Ён вырашае далучыць Смаленшчыну да ВКЛ. У 1395 г. ён бярэ ў палон смаленскіх князёў, ліквідуе Вялікае Княства Смаленскае і садзіць тут свайго намесніка. Аднак князь Юрый здолеў пазбегнуць палону і ўцёк. Пасля паразы Вітаўта ў 1399 г. у вайне з Залатой Ардой (бітва на Ворскле) Юрый захапіў Смаленск і кіраваў ім да 1403 года, калі Вітаўт зноў, і ўжо канчаткова, заняў горад і княства. У 1410 г. тры смаленскія палкі ўзялі чынны ўдзел у знакамітай Грунвальдскай бітве: гэта былі палкі з Воршы, Мсціслава і Смаленска. Аднак у рускіх і савецкіх падручніках іх упарта называюць "тры рускія смаленскія палкі". I гэта не выпадкова, бо менавіта смаленскія палкі фактычна выратавалі сітуацыю ў цэнтры баявога шыхту саюзных войскаў і стрымалі крыжацкі наступ, нягледзячы на вялізныя страты.

У красавіку 1440 г. жыхары Смаленска паднялі ўзброенае паўстанне супраць намесніка вялікага князя ВКЛ ваяводы Андрэя, і смаленскім князем стаў мсціслаўскі князь Юрый Сямёнавіч . Да яго далучыліся жыхары Віцебска і Полацка. Новы князь ВКЛ Казімір восенню 1440 г. выступіў супраць паўстанцаў. Юрый уцёк у Ноўгарад, а войскі Казіміра ўзялі Смаленск ды іншыя гарады. Паўстанне згасла.

У XV ст. назіраецца росквіт Смаленска. Смаленскай зямлёй кірус намеснік вялікага князя, прадстаўнік мясцовых феадалаў у Сойме і Радзе ВКЛ. Існавала і смаленскае веча , якое вырашала надзённыя пытанні жыцця горада і вясковага наваколля. Намеснік меў і мясцовую раду . У яе ўваходзілі смаленскі епіскап, маршалак ды іншыя гарадскія службовыя асобы. Мяшчане Смаленска абіралі сабе свайго прадстаўніка - старасту . Смаленскія землі падзяліліся на воласці, якімі кіравалі цівуны . Прывілеі жахароў Смаленска былі зафіксаваныя ў вялікакняскіх граматах 1402, 1404, 1505 гадоў. Побач са Смаленскай зямлёй існавалі аўтаномныя Мсціслаўскае, Вяземскае і Дарагабужскае княствы.

На землях цэнтральнай Смаленшчыны з 1404 г. існуе Смаленскае ваяводства . У гэты час Смаленск робіцца адным з найбуйнейшых старабеларускіх культурных цэнтраў, дзе квітнее летапісанне і духоўная літаратура. Існаваў смаленскі летапіс , які складаўся з XII да пачатку XV стст., твор прасякнуты ідэяй захавання і ўмацавання незалежнасці Смаленскай дзяржавы.

У канцы XIV ст. у Пустынскім Успенскім манастыры пад Мсціславам Лука Смалянін стварае славуты Смаленскі псалтыр , напісаны на пергаменце, аздоблены мініяцюрамі, 22-ма застаўкамі. 150-цю ініцыяламі з выявамі людзей, жывёл, розных фантастычных істот і складаным плеценым арнаментам. Пры аздабленні тэксту была выкарыстана фарба сіняга, зялёнага і чырвонага колеру, а таксама золата. У 1657 г. на загад патрыярха Нікана падчас маскоўскай акупацыі Смаленскі псалтыр вывезены на востраў Кій Анежскай губы Белага мора. Цяпер ён знаходзіцца ў Маскве, у Гістарычным музеі.

У XV ст. у Смаленску напісана Смаленская хроніка - старажытны беларускі літаратурны твор, а таксама такія гістарычна-літаратурныя творы як "Пахвала Вітаўту" і "Беларуска-Літоўскі летапіс" , дзе апісаны розныя падзеі на тэрыторыі Смаленшчыны і ВКЛ, а таксама сумежных землях.

У канцы XV ст. пры двары смаленскіх епіскапаў манах Аўраамка склаў вялікі летапісны зборнік памерам 450 старонак. Ён атрымаў назву "Летапіс Аўраамкі". Даследчыкі лічаць, што менавіта ў Смаленску ў XV ст. быў напісаны Радзівілаўскі летапіс , які пазней быў ва ўласнасці Януша Радзівіла. Потым рукапіс трапіў у Кёнігсберг, а пазней, у XVIII ст. - у Санкт-Пецярбург, дзе знаходзіцца і цяпер. Летапіс мае каля 600 малых каляровых малюнкаў, якімі ў наш час ілюструюць падручнікі і энцыклапедыі.

Свайго часу вядомасць набылі смаляне-вандроўнікі : архімандрыт Аграфіст , які апісаў сваю вандроўку ў Палесціну ў 1370 г., і смаленскі духоўнік Ігнат . Апошні суправаджаў мітрапаліта Пімена ў 1389 г. у паездцы ў Канстанцінопаль і пакінуў літаратурны твор, прысвечаны гэтай падзеі. Выдатным беларускім помнікам прыгожага пісьменства першай паловы XV ст. з'яўляецца летапісная "Аповесць пра паўстанне ў Смаленску" . Даследчыкі вызначаюць высокі мастацкі ўзровень гэтага твора і яго выдатную старабеларускую мову.

Аднак у канцы XV ст. мірнае жыццё Смаленшчыны скончылася. Маскоўскі князь Іван III абвясціў сябе "Гасударом усяе Русі" і вырашыў захапіць беларускія землі, пачынаючы са Смаленшчыны. Спачатку былі невялікія набегі на памежнае Вяземскае княства. Вялікая вайна пачалася ў 1492 г. Зімой 1493 г. маскоўскія войскі захапілі Вязьму, а ў чэрвені 1500 г. - Дарагабуж. 25 ліпеня 1500 г. на рацэ Ведрашы пад Дарагабужам войска ВКЛ на чале з гетманам Канстанцінам Астрожскім было разбіта вялікім маскоўскім войскам, а Астрожскі трапіў у маскоўскі палон.

У 1501 г. маскоўцы аблажылі Смаленск, але ўзяць яго не здолелі і адступілі. Новая вайна пачалася ў 1512 г. Летам 1514 г. 80 тысяч маскоўскіх ваяроў на чале з Васілём III маючы 300 гармат з усіх бакоў абклалі Смаленск і распачалі штурм. Горад быў захоплены. Аднак пасля перамогі Канстанціна Астрожскага ў верасні пад Воршай смаляне на чале са смаленскім епіскапам Варсанофіем пачалі рыхтаваць паўстанне. Але іх выдаў здраднік. Кіраўнікоў паўстання забілі, епіскапа выслалі ў манастыр. Смаленскіх баяр і мяшчан гвалтам перасялілі пад Маскву, а Смаленск засялілі маскоўцамі. ВКЛ, між тым, не прызнала захопу Смаленска.

Новая ўлада зрабіла большасць смаленскіх зямель дзяржаўнымі і засяліла іх сялянамі з глыбіні Маскоўскай дзяржавы. Таксама будаваліся праваслаўныя манастыры, якія былі адначасова пунктамі абароны падчас вайны.

4. Вялікае княства Цвярское

Гэта была ўнікальная дзяржава, на тэрыторыі якой бярэ пачатак найбуйнейшая рака Еўропы Волга і велізарным сапфірам блішчыць возера Селігер .

Узнікла гэтая краіна на землях, заселеных смаленскімі крывічамі, у XIII ст. і існавала амаль да канца XV ст. Горад Цвер узнік у XII ст. і спачатку належаў Ноўгараду, а з 1209 г. перайшоў пад уладу Ўладзіміра-Суздальскага княства. Яго росквіт прыпадае на XIII-XV стст., калі ён стаў буйным культурным і рамесным цэнтрам. Цверскія купцы гандлявалі з гарадамі Прыбалтыкі і Каўказа, Блізкага Ўсходу і Сярэдняй Азіі. Найбольш вядомы з іх - Афанасій Нікіцін , першы еўрапеец, які ў 1466-1472 гг. здзейсніў вандроўку ў сярэднявечную Індыю. Гэта быў адукаваны чалавек, які валодаў арабскай, татарскай і персідскай мовамі. Спачатку па Волзе ён дабраўся да горада Дэрбента , адтуль пераехаў у Баку і Персію . З Персіі трапіў у арабскі порт Армуз, а потым па моры дабраўся да Індыі. Назад ён вяртаўся праз Персію і горад Трапезунд - порт на Чорным моры. Пераплыўшы праз Чорнае мора, высадзіўся ў Крыме ў горадзе Кафе (цяпер Феадосія). Пераадолеўшы доўгі шлях з Крыма, ён крыху не даехаў да дому і восенню 1472 г. памёр пад Смаленскам. Шмат разоў выдаваліся яго ўспаміны "Хождение за три моря". У 1955 г. у Цверы землякі паставілі Нікіціну помнік, зроблены з бронзы і граніту.

У пачатку XIII ст. Цвер - гэта цэнтр Пераяслаў-Залескага княства . Але пасля разгрому Ўладзіміра-Суздальскай зямлі мангола-татарамі Цвер атрымлівае ў 1247 г. незалежнасць пры князі Яраславе Яраславічы , родным браце Аляксандра Неўскага. З 1264 г. ён становіцца вялікім князем уладзімірскім. У наступным годзе ў Цверы ўзнікае епіскапская кафедра, якую ўзначаліў былы полацкі епіскап Сімяон . Другім цверскім епіскапам у 1289-1316 гг. быў Андрэй , сын полацкага князя Гердзеня.

Сталіца новай дзяржавы, як некалі і Полацк, не магла існаваць без мураванага сабора. I ён быў закладзены ў 1285 г. князем Міхаілам Яраславічам , яго маці княгіняй Аксінняй і епіскапам Сімяонам. Паколькі будаўніцтва храма ішло доўга, у ім усярэдзіне зрабілі часовую драўляную царкву, якая дзейнічала падчас будаўніцтва. Асвяціў храм у імя святога Спаса Прэабражэнскага епіскап Андрэй у 1290 г.

Як бачым, нават назва храма была сугучная назве знакамітай Спаса-Праабражэнскай царквы, пабудаванай у XII ст. Ефрасінняй Полацкай. Праз два гады храм распісалі фрэскамі, і ён стаў кафедральмым, галоўным храмам новай краіны. Неўзабаве да яго прыбудавалі два малыя храмы ( прыдзелы ). У адным з іх у 1323 г. і быў пахаваны епіскап Андрэй. У 1399 г. князь Міхаіл Аляксандравіч капітальна адрамантаваў царкву. Спаскі сабор стаў першым мураваным храмам на тэрыторыі Паўночна-Ўсходняй Русі пасля татарскага разгрому 1238 г. Такім чынам, Цвер істотна апярэдзіла Маскву ў галіне мурананага будаўніцтва. У XVII ст. царкву некалькі разоў перабудоўвалі, а ў 1935 г. яна загінула. Храм быў зроблены з белага каменю і, магчыма, быў аздоблены разьбою. У 1992 г. на месцы храма быў знойдзены кавалак белакаменнай разьбы ў выглядзе пляцёнкі.

Яшчэ адну мураваную царкву пачалі будаваць цверцы ў 1323 г. у Фёдараўскім манастыры . Збудаваў храм у імя святога Фёдара ігумен манастыра Іван Цараградзец . Гэта таксама быў белакаменны храм, які знішчылі ў 1773 г. Падчас раскопак на месцы храма археолагі знайшлі шмат кавалкаў белакаменных блокаў (у тым ліку адзін разны) і вялікапамернай цэглы.

У XIV ст. у Цверы на беразе Волгі стаяў яіпчэ адзін храм Міхаіла Архангела. Даследчыкі лічаць, што яго збудаваў камандзір цверскага войска тысяцкі Міхаіл Шатэн, і потым тут адбываліся пахаванні цверскіх тысяцкіх. Аднак невядома, ці гэта быў драўляны, ці мураваны будынак.

У 1369 г. князь Міхаіл Аляксандравіч умацаваў Цвер драўляным крамлём, а ў 1372 г. узвёў вакол земляны вал. Цяпер культурны слой Цверскага крамля мае таўшчыню ад 4 да 5,6 см, у ім добра захоўваюцца арганіка і асабліва вырабы са скуры.

Вельмі актыўна развівалася ў Цверы выяўленчае мастацтва. Мясцовыя мастакі ў ХІІІ-ХV стст. мелі ўласную жывапісную школу. Найбольш вядомыя абразы і мініяцюры да рукапісаў. Яны вылуча юцца экспрэсіяй вобразаў і лінейнасцю пісьма.

Таксама ў Цверы вяліся ўласныя летапісы, а некаторыя рукапісныя шэдэўры дайшлі да нашых дзён. Сярод іх вылучаецца пераклад візантыйскай "Хронікі Георгія Амартола" .

Да буйных цверскіх гарадоў можна аднесці Кашын, Ксняцін, Зубцоў, Старыцу (дзе здабывалі белы камень для будаўніцтва), Холм, Мікулін і Дарагабуж . На мяжы ВКЛ, Вялікага Ноўгарада, Маскоўскай дзяржавы і Цверы стаяў горад Ржэў , дзе беларуская прысутнасць была зафіксавана яшчэ на этнаграфічных картах XIX - пачатку XX ст. Пэўны час Ржэвам адначасова валодалі і ВКЛ, і Ноўгарад, а жыхары горада сваю даніну дзялілі напалову паміж двума вышэйзгаданымі ўладальнікамі.

У XIV ст. змаганне паміж цверскімі і маскоўскімі князямі за ярлык на вялікае ўладзімірскае княжанне ўзма-цнілася. Як напісаў адзін сучасны рускі гісторык, на баку цверскіх князёў былі правы старшынства, асабістае геройства, юрыдычныя і маральныя сродкі; на баку маскоўскіх - грошы і майстэрства прыстасоўвацца да абставін. У гэты час Цвер наладзіла сяброўскія адносіны з ВКЛ. У 1320 г. дачка Гедыміна Марыя выйшла замуж за цверскага князя Міхаіла, а неўзабаве дачка Кейстута выйшла за князя Івана Міхайлавіча. Досыць часта палкі Цверы ваявалі разам з войскамі ВКЛ супраць крыжакоў. У змаганні з цверскімі князямі маскоўскія ўвесь час абапіраліся на Арду і татарскія войскі. Так, маскоўскі князь Юрый Міхайлавіч знішчыў у Ардзе свайго сваяка Міхаіла Цверскага, але неўзабаве быў сам забіты ягоным сынам.

У 1327 г. Цвер узначаліла паўстанне супраць Арды. У горадзе быў забіты татарскі пасланнік і знішчаны ягоны атрад. Тады залата-ардынскі хан даручыў маскоўскаму князю Івану Каліце пакараць цверцаў. Каліта ўзначаліў татарскае войска, стлуміў паўстанцаў і дашчэнту разрабаваў Цверскую дзяржаву. За гэта ў 1328 г. ён атрымаў тытул вялікага князя.

Аднак Цвер паступова адрадзілася і з дапамогай вялікага князя літоўскага Альгерда, які ў 1347 г. ажаніўся з цверскай князёўнай Юльянай, працягвала змагацца з Масквою. У лістападзе 1368 г. Альгерд падтрымаў цверцаў, пайшоў на Маскву, аблажыў яе і тры дні стаяў пад сценамі горада, аж пакуль не атрымаў выкуп.

У 1370 г. маскоўскі князь Дзмітрый зноў нападае на Цвер. Альгерд робіць другі паход на Маскву і бярэ яе ў аблогу 6 снежня 1370 г. У гэты час цверскі князь атрымлівае ў Ардзе ярлык на валоданне Ўладзімірскім княствам.

У 1372 г. войскі ВКЛ на чале з Вітаўтам і Кейстутам зноў уварваліся ў Масковію, каб падтрымаць свайго саюзніка. У 1375 г. маскоўскі князь Дзмітрый арганізаваў своеасаблівы "крыжовы паход" на Цвер, змабілізаваўшы вайсковыя дружыны дзевятнаццаці ўдзельных князёў. Цверскі князь Міхаіл мужна абараняўся, аблога Цверы доўжылася 5 тыдняў, але горад не здаваўся. Тады захопнікі разбурылі і знішчылі іншыя паселішчы вакол горада. Князь Міхаіл прапанаваў замірыцца, што і было зроблена.

У 1385 г. цверскі князь Васіль Міхайлавіч ажаніўся з дачкой кіеўскага князя Ўладзіміра Альгердавіча, і сувязі з дынастыяй Гедымінавічаў зноў узмацніліся. Гэтаму спрыяла і тое, што сын вялікага князя Альгерда і цверскай князёўны Ягайла ў 1386 г. стаў польскім каралём. У 1430 г. вялікі князь Вітаўт разам з маскоўскім князем Васілём Васілевічам запрасіў на сваю каранацыю таксама цверскага князя Барыса Аляксандравіча. Шэсць тыдняў балявалі госці ў князя Вітаўта, але каранацыя не адбылася, бо па дарозе праз Польшчу карону скралі, а сам Вітаўт неўзабаве памёр. Аднак сувязі цверскіх князёў і Гедымінавічаў засталіся моцнымі, бо ад Альгерда цверская князёўна нарадзіла, акрамя знакамітага Ягайлы, яшчэ сем сыноў.

Найбольшы росквіт эканомікі і культуры Цверскай дзяржавы прыпадае на першыя дзве трэці XV ст., калі ў Масковіі ішлі доўгія грамадзянскія войны і набегі на Цвер спыніліся. У пачатку XV ст. цверскі князь Іван Міхайлавіч чаканіць свае грошы. Шырокая слава ішла пра цверскіх гарматнікаў як самых лепшых на Русі. У сярэдзіне XV ст. у пісьмовых крыніцах згадваецца імя знакамітага майстра-гарматніка Мікулы Крачэтнікава.

Апошні росквіт дзяржавы адбываецца пры князі Барысе Аляксандравічы. Вядомая яго асабістая зброя - рагаціна (від дзіды) з надпісам, што гэта рагаціна вялікага князя Барыса Аляксандравіча. Рукаяць яе абкладзена срэбрам і мае шмат гравіровак. Сярод іх - сцэны барацьбы, палявання, гутаркі, мыцця ў лазні, частавання і г. д.

Аднак пры Іване III Масковія зноў узмацнілася, вызвалілася ад ардынскай залежнасці і захапіла землі Ноўгарада. Наступіла чарга і Цверы. Спачатку тут, як у Ноўгарадзе, Пскове альбо Разані, была створана сярод баяр свая "пятая калона", якую Масква падкупіла грашыма. Вялікі князь літоўскі Казімір, стаўшы адначасова і польскім каралём, не захацеў падтрымаць ані Ноўгарад, ані Цвер. У верасні 1485 г. войскі Івана III узялі ў аблогу Цвер. Праз некалькі дзён падкупленыя баяры перайшлі на бок Масквы, і цверскі князь Міхаіл Барысавіч з невялікай дружынай здолеў дабрацца да межаў ВКЛ, а яго маці, князёўну Настассю, узялі ў палон і вывезлі ў Маскву. "I так скончылася Вялікае Княства Цвярское", - сумна адзначыў летапісец у Валынскім кароткім летапісе.

5. Вялікае Княства Разанскае

Разанскае княства ўзнікла ў 1129 г. і займала тэрыторыю Сярэдняіі Акі ды вярхоўе Дона. Да прыходу татара-манголаў тут жылі: славянскае племя вяцічаў і шмат мясцовых фіна-ўгорскіх народаў, што былі асіміляваныя славянамі. Другім пасля Разані ў княстве быў горад Пронск, які стаў удзельным княствам яшчэ ў 1180 г. Гэтае княства ўваходзіла ў склад Разанскай зямлі да 1483 г. У 1237 г. войскі хана Батыя знішчылі сталіцу дзяржавы ў такой ступені, што горад не здолеў адрадзіцца, і людзі яго пакінулі. Цяпер гэта тэрыторыя называецца Старая Разань і ўяўляе сабою вялікае гарадзішча, а побач ёсць сляды былога пасада. Археолагі вывучаюць Старую Разань пачынаючы з XIX ст. і зрабілі тут шмат унікальных адкрыццяў. Разанская зямля стала васалам Залатой Арды і мусіла плаціць ардынцам даніну, а князі - прасіць у ханаў ярлык на сваё княжанне. Новай сталіцай дзяржавы стаў горад Пераяслаў-Разанскі (з 1778 г. яго пачалі называць Разанню). Такім чынам, сённяшняя Разань знаходзіцца на адлегласці 50 км ад Старой Разані. Доўгі час разанскія князі мелі канфлікты з суседзямі, Масквою і ВКЛ. Ужо ў 1300 г. маскоўскія князі забралі ў Разані горад Каломну. У 1381 г. мяжа з Масквою пачала праходзіць па Ацэ. Росквіт Разані адбыўся падчас княжання Алега Іванавіча (1356-1402). У 1395 г. войскі Разані нападалі на блізкія да іх землі ВКЛ. У адказ князь Вітаўт разбіў разанскіх князёў (1395-1396 г.). Тым не менш, дружына Алега ў 1401 г. хадзіла на Смаленск, а ў 1402 г. - і на Бранск. Аднак пасля 1427 г. Разанская зямля на нейкі час стала васалам ВКЛ. У 1430 г. разанскі князь Іван Фёдаравіч прысягнуў як васал Вітаўту і быў у яго на з'ездзе ў Луцку, дзе чакалі каралеўскую карону. Пра эканамічную моц княства сведчыць той факт, што з часоў княжання Алега Іванавіча Разань выпускала сваю манету. Але з сярэдзіны XV ст. Разань становіцца васалам Масквы, і ў Разані з'яўляецца маскоўскі намеснік. У 1516 г. пасадзілі ў маскоўскую турму апошняга разанскага князя Івана Іванавіча, але той здолеў потым уцячы ў ВКЛ. Канчаткова ліквідавалі Разанскае княства ў 1521 г.

АСНОЎНЫЯ ТЭРМІНЫ

Берасцяная грамата - пісьмовы помнік ХІІ-ХІV стст., надпіс на бяросце.

Болатаўская дамова 1348 г. - Пскоў атрымаў поўную незалежнасць ад Ноўгарада.

Вечавы звон - сімвал незалежнасці Наўгародскай і Пскоўскай дзяржаў.

"Вывад" - прымусовае перасяленне багатых жыхароў Ноўгарада і Пскова ў іншыя гарады Маскоўскай краіны.

Гаспода - найвышэйшая рада пскоўскіх баяр.

"Касцёр" - мураваная вежа пскоўскіх умацаванняў.

Кром - пскоўскі крэмль.

Насад (учан) - вялікі карабель, на якім, акрамя тавараў, перавозілі войскі.

"Персі" - муры пскоўскіх умацаванняў.

Прыгарады - умацаваныя пункты (гарады), якія ахоўвалі межы і падыходы да Ноўгарада.

Пяціна - адміністрацыйная адзінка ў Наўгародскай дзяржаве.

Уладыка - першаіерарх праваслаўнай царквы ў Ноўгарадзе і Пскове.

НАЙВАЖНЕЙШЫЯ ПАДЗЕІ

1327 г. - народнае паўстанне ў Цверы супраць татараў.

1371 г. - вайна Маскоўскага і Разанскага княстваў.

Пачатак XV ст. - Цвер выпускае ўласныя манеты

1424 г. - чаканка пскоўскай манеты.

1456 г. - перамога Маскоўскага княства над Ноўгарадам.

1466-1472 гг. - вандроўка Афанасія Нікіціна ў Індыю.

1471 г. - бітва на р. Шэлоні.

1478 г. - канчатковы захоп Масквою Ноўгарада.

1479 г. - захоп Масквою Вяткі - наўгародскай калоніі.

1485 г. - далучэнне Цверскага княства да Маскоўскага.

1510 г. - канчатковае далучэнне Пскова да Маскоўскай дзяржавы.

1521 г. - канчатковае далучэнне Разанскага княства да Маскоўскай дзяржавы.

РАЗДЗЕЛ XXI. ДАЦКАЕ КАРАЛЕЎСТВА. КАЛЬМАРСКАЯ УНІЯ. ШВЕЦЫЯ, НАРВЕГІЯ I ФІНЛЯНДЫЯ Ў ХІV-ХV стст.

1. Данія.

2. Нарвегія.

3. Швецыя і Фінляндыя.

1. Данія

У пачатку XIV ст. каралём Даніі два разы быў Крыстафер II (1319-1326 і 1330-1332 гг.). Новы кароль вызваліў дацкіх магнатаў ад падаткаў і мытных збораў, а таксама перадаў некаторыя свае паўнамоцтвы рыгсроду (радзе магнатаў) Даніі. Тым не менш, магнаты з пераменным поспехам змагаліся супраць караля, пры гэтым абодва бакі шукалі падтрымкі за мяжой, у Нямеччыне. У 1330 г. кароль, які ў 1326 г. мусіў уцячы з краіны, пры дапамозе Любека вярнуў сабе ўладу, але яна зрабілася намінальнай, у выніку чаго Данія распалася на асобныя магнацкія ўладанні. Частка дацкай тэрыторыі трапіла пад уладу Швецыі.

З 1340 па 1375 гг. Даніяй кіраваў сын Крыстафера Вадьдэмар IV Атэрдаг . Ён праводзіў актыўную палітыку па ўз'яднанні краіны, сканфіскаваў многія магнацкія маёнткі, а ў 1360 г. кардынальна змяніў сістэму кіравання краіны. Была зроблена рэформа нацыянальнай рады (рыгсроду), куды ўваходзілі архібіскупы, біскупы і феадалы з асноўных замкаў Даніі. Рыгсрод стаў галоўным судом у дзяржаве. Пасля таго як войскі Даніі захапілі востраў Готланд з горадам Вісбю, у 1361 г. пачалася вайна з Ганзай, Швецыяй і некаторымі нямецкімі землямі (1367-1370 гг.). У выніку мірнай дамовы 1370 г. Ганза, якая перамагла ў гэтай вайне, атрымала значныя прывілеі на тэрыторыі Даніі і нават магла ўплываць на выбары новага дацкага караля.

У 1363 г. Вальдэмар IV аддаў сваю дачку Маргарыту за шведскага прынца Хокана , які пазней стаў каралём Нарвегіі. У выніку ўзнікла дацка-нарвежская унія, якая існавала з 1380 па 1814 год. Пасля смерці Вальдэмара IV карону магнаты Даніі перадалі пяцігадоваму сыну Маргарыты і Хокана Олафу , які пасля смерці бацькі з 1380 г. стаў адначасова каралём Нарвегіі і спадчыннікам шведскай кароны. Пры гэтым фактычная ўлада была ў руках яго маці, каралевы Маргарыты.

Кальмарская унія. У 1397 г. у горадзе Кальмары , на паўднёвым усходзе Швецыі, адбыўся сумесны сход магнатаў і дзяржаўных рад Даніі, Швецыі і Нарвегіі, якія 17 чэрвеня таго ж года абралі адзінага караля і падпісалі сумесную унію.

Паводле гэтай дамовы сын караля пасля смерці бацькі абіраўся ва ўсіх трох краінах. Калі сына не было, стваралася супольная камісія для выбараў новага караля. Падчас вайны ўсе тры дзяржавы ваявалі разам супраць ворага. У мірныя часы кожная краіна жыла паводле сваіх законаў. Стваралася агульная магнацкая рада ў складзе 112 рыцараў з трох краін. Існавала Кальмарская унія да XVI ст. У 1523 г. з яе выйшла Швецыя; у 1536 г. Нарвегія страціла статус каралеўства і ператварылася ў дацкую правінцыю. Фактычным кіраўніком краін, што падпісалі унію, да сваёй смерці ў 1412 г. заставалася каралева Маргарыта Дацкая. Пасля смерці Маргарыты агульным каралём стаў Эрык Памяранскі (да 1439 г.). Ён ваяваўз Ганзай і Галштыніяй (Гольштайнам) і імкнуўся паставіць датчан на галоўныя пасады ў Нарвегіі і Швецыі. У 1434 г. блакада Ганзай партоў Швецыі спыніла імпарт з краіны медзі і жалеза і выклікала паўстанне шведскіх гарнякоў, якіх падтрымалі сяляне, царква і магнаты. У выніку паўстання, якое атрымала паразу, надзвычайныя падаткі былі паніжаны на 30 %. Наступным агульным каралём паводле кальмарскай уніі быў Крыстафер ІІІ Баварскі (1439-1448). Пасля яго смерці абраць агульнага караля трох краін іх магнатам не ўдалося, што прывяло да дацка - шведскай вайны. У 1471 г. шведы перамаглі датчан і вярнулі сабе былую незалежнасць, але надалей фармальна яшчэ прызнавалі ўладу дацка-нарвежскага караля.

Зноў агульны кароль у падпісантаў Кальмарскай уніі з'явіўся толькі ў 1497 г. Ім стаў Ханс , які ўжо быў дацка-нарвежскім каралём з 1483 г.

2. Нарвегія

У пачатку XIV ст., калі краінай кіраваў кароль Хокан V (1299-1319), Нарвегія была моцнай і заможнай краінай. Кароль умацаваў сваю ўладу, абмежаваў правы магнатаў і ў 1308 г. скасаваў баронскі тытул. Ён збудаваў некалькі новых замкаў і падтрымліваў стасункі з Ганзай, асабліва ў дачыненні да Англіі. Аднак сына ў караля не было, і ён пакінуў карону Нарвегіі сыну сваёй дачкі і шведскага прынца Магнусу . Такім чынам, Магнус стаў адначасова каралём і Нарвегіі, і Швецыі, што можа сведчыць пра існаванне нефармальнай уніі дзвюх краін. Магнус, у першую чаргу, займаўся шведскімі справамі і ў 1355 г. перадаў карону Нарвегіі свайму сыну Хокану VI (1355-1380). У часы яго ўладарання ў Нарвегію прыйшла эпідэмія чумы, ад якой памерла шмат людзей, у тым ліку і амаль усе магнаты краіны. У выніку іх месцы занялі магнаты з Даніі і Швецыі.

Пасля смерці Хокана VI і яго сына Олафа ў 1387 г. улада канчаткова перайшла да каралевы Даніі Маргарыты. Пачаўся доўгі этап уплыву дацкай культуры на нарвежскую ва ўсіх сферах жыцця, асабліва ў моўным пытанні. Аднак за незалежнасць краіны актыўна змагаліся вышэйзгаданыя баглеры, якіх падтрымлівалі простыя людзі.

3. Швецыя і Фінляндыя

У пачатку XIV ст. у Швецыі ішла міжусобная вайна паміж, з аднаго боку, сваякамі караля Біргера І , яго малодшымі братамі герцагамі Эрыкам і Вальдэмарам , і, з другога боку, самім каралём. У 1310 г. краіна распалася на дзве часткі, каралеўскую і герцагскую, але вайна працягвалася доўга, і пераможцаў у ёй не было. У 1319 г. магнаты Швецыі перадалі карону нарвежскаму каралю Магнусу ІІ Эрыксану (1319-1363). Пры гэтым яны абмежавалі яго правы і падпісалі з ім "Вольную грамату" , у якой замацавалі свае прывілеі і права выбіраць караля. Права караля на распараджэнне падаткамі абмяжюўвала дзяржаўная рада ( рыксрод ). У 1323 г. была ўсталявана дзяржаўная мяжа паміж Фінляндыяй - калоніяй Швецыі - і Наўгародскай рэспублікай.

У 1347 г. у горадзе Эрэбру быў прыняты першы агульнашведскі збор законаў. У 1356 г. старэйшы сын Магнуса Эрык атрымаў пад сваё ўладаранне Фінляндыю і востраў Готланд, але праз два гады ён памёр, і зноў уся краіна аб'ядналася пад кіраўніцтвам караля Магнуса.

У 60-я гг. XIV ст. пачалася вайна Швецыі з Даніяй. У 1363 г. караля Магнуса пазбавілі кароны і на яго месца абралі немца, сына герцага Мекленбурга, Альбрэхта І (1363-1389). Канфлікт з Даніяй не заціхаў, і кароль хацеў аслабіць пазіцыі шведскіх магнатаў. Тыя звярнуліся па дапамогу да дацкай каралевы Маргарыты, і яе войска ў 1389 г. разбіла армію караля Швецыі, які пасля паразы быў пазбаўлены кароны. У 1396 г. яе атрымала Маргарыта. Яна вярнула сабе землі, раздзеленыя папярэднікамі як падарункі розным магнатам, і забараніла іх набываць асобам, звязаным з выплатай дзяржаўных падаткаў. У 1397 г. Швецыя падпісала Кальмарскую унію. Пасля паўстання 1457 г. кіраўнік Швецыі (рэгент) Стэн Стурэ ўмацаваў пазіцыі мясцовых гараджан і нацыянальныя інстытуты ўлады. У 1477 г. ён атрымаў дазвол рымскага Папы Сікста IV на заснаванне ў Упсале першага на тэрыторыі Скандынавіі ўніверсітэта. У 1413 г. у Швецыі склалі падатковы спіс усіх катэгорый сялян, дзе былі пазначаны іх маёмасць і сума падаткаў. Каб умацаваць шведскае сялянства, стварылі сістэму ёрдаў , пры якой падаткі пачалі плаціць разам групы людзей. Спачатку ў такую групу ўваходзілі 4 чалавекі (два багатыя і два бедныя), а потым - 6 чалавек. Такім чынам сяляне маглі пазбегнуць галечы і захаваць сваю маёмасць.

Скандынаўскія гарады былі малымі і напалову аграрнымі. Самыя вялікія - Капенгаген і Стакгольм - мелі 10 і 9 тысяч жыхароў адпаведна. У гарадах дамінавалі нямецкія перасяленцы, якія ўзялі ў свае рукі гандаль і гарадское самакіраванне.

Самай эканамічна развітой тэрыторыяй Швецыі быў Бергсладэн . Тут здабывалі медную і жалезную руду, выплаўлялі з яе метал, а таксама выраблялі драўнінны вугаль. У XIV ст. шведы вывозілі адсюль на продаж медзь, у XV ст. - жалеза, а ў канцы XV ст. - больш за дзесяць відаў каляровых (чорных) металаў, у тым ліку сталь і чыгун.

У 1495 г. адбыўся ваенны канфлікт Швецыі з Маскоўскай дзяржавай , калі войска Івана III уварвалася ў Фінляндыю, але поспеху там не атрымала.

АСНОЎНЫЯ ТЭРМІНЫ

Баглеры ("пасошнікі") - аб'яднанне (партыя) нарвежскіх сялян, гараджан і дробнай шляхты, якія змагаліся за незалежнасць краіны.

Одальнае права - перавага сваякоў на куплю зямлі, што належала сялянам.

Рыксдаг - шведскі парламент.

Рыгсрод - дзяржаўная рада Даніі, што складалася з буйных феадалаў.

НАЙВАЖНЕЙШЫЯ ПАДЗЕІ

1310 г . - распад Швецыі на дзве часткі.

1326-1330 гг. - уладаранне караля Даніі Вальдэмара III.

1340-1375 гг. - уладаранне караля Даніі Вальдэмара IV.

1359 г. - скліканы першы шведскі парламент.

1380-1814 гг. - дацка-нарвежская унія.

17 чэрвеня 1397 г . - падпісана Кальмарская унія.

1477 г. - адкрыццё ўніверсітэта ў Упсале (першага ў Скандынавіі).

РАЗДЗЕЛ XXII. ЗАХОП ТУРКАМІ ВІЗАНТЫІ I ПАЎДНЁВА-СЛАВЯНСКІХ ДЗЯРЖАЎ

1. Візантыя ў ХІV - ХV стст.

2. Узнікненне дзяржавы Асманаў.

3. Балгарыя і Сербія ў XIV ст.

4. Абпога і штурм Канстанцінопаля.

1. Візантыя ў ХІV-ХV стст.

У гэты час, з выняткам невялікага перапынку, калі ўладу захапіў Іаан VI Кантакузен (1347-1354), у краіне ўладарыла вышэйзгаданая дынастыя Палеолагаў (1261-1453 гг.). Пачынаючы з імператара Андраніка II (1282-1328), Візантыя ўвесь час знаходзілася ў пасіўнай абароне, паступова губляючы свае землі як у Азіі, так і ў Еўропе. Улада імператараў падупала: на Балканах імперыі пагражалі сербы, а ў Азіі - туркі-асманы. Пасля захопу крыжносцамі сталіцы насельніцтва краіны з недаверам ставілася да каталіцкай Еўропы і рашуча выступала супраць царкоўнай уніі з Рымам. Частка феадалаў і купцоў мела цесныя сувязі з Венецыяй і Генуяй, але іх тавары падрывалі дабрабыт мясцовых рамеснікаў. У краіне адбываліся грамадзянскія войны, якія яе моцна аслаблялі. Самая вялікая вайна праходзілаз 1341 па 1355 гг., калі з аднаго боку ваявалі прыхільнікі малагадовага імператара Іаана V Палеолага, яго маці і канстанцінопальскага патрыярха, а з другога - мясцовыя феадалы з правінцыі на чале з рэгентам пры малым імператары - Іаанам Кантакузенам. У вайну ўцягнулі суседзяў: туркаў, сербаў і балгараў. У 1342 г. супраць Кантакузена паўсталі жыхары вялікага горада Салонікаў. У 1345 г. да ўлады ў горадзе прыйшлі зілоты , радыкальная групоўка бедных гараджан і маракоў. У 1347 г. Кантакузен захапіў уладу ў сталіцы і дзяржаве. Але, прайграўшы вайну з генуэзцамі ў 1354 г., ён быў змушаны адмовіцца ад трона і сысці ў манастыр. Краіна пачала развальвацца на асобныя часткі. Туркі ўвесь час наступалі і забіралі адну тэрыторыю за другой. Апошнія імператары Візантыі шукалі паратунак ад туркаў на Захадзе. Рым арганізаваў два крыжовыя паходы супраць туркаў, у 1396 і 1444 гг., але тыя два разы разбілі крыжаносцаў.

Каб пазбегнуць турэцкай агрэсіі, імператар Візантыі Іаан VIII Палеолаг і канстанцінопальскі патрыярх прыйшлі ў 1439 г. на Ферара-Фларэнтыйскі сабор, дзе сабраліся кіраўнікі каталіцкай царквы, і падпісалі унію, у якой візантыйцы прызнавалі ўладу Рымскага Папы і асноўныя каталіцкія дагматы . Аднак насельніцтва і святары Візантыі, а таксама лідары іншых праваслаўных цэркваў унію не прызналі. Візантыйскі феадалізм адрозніваўся ад заходнееўрапейскага, бо тут васалаў не было, а сеньёр быў толькі адзін, імператар. Апошні даваў феадалам землі ў карыстанне, але іх рэдка можна было перадаць у спадчыну. Таму феадал у Візантыі толькі пажыццёва распараджаўся зямлёй, а пасля яго смерці імператар мог гэтую зямлю забраць.

Вялікія вотчыны ў краіне мелі толькі імператарская сям'я, буйныя чыноўнікі і манастыры. Галоўную частку сялян складалі парыкі, якія былі замацаваныя за ўласнікамі зямлі. Парыкі былі прыватна-ўласніцкімі і дзяржаўнымі, але ўсе плацілі дзяржаўныя падаткі. Значная частка сялян была беднаю і мела малую маёмасць. У гарадах Візантыі не было такога самакіравання, як у Заходняй Еўропе. Галоўная ўлада тут была ў руках або дзяржаўных чыноўнікаў, або буйных феадалаў. Таксама ў Візантыі не было мануфактур, і таму мясцовыя рамеснікі не маглі быць канкурэнтамі італьянцам. У XV ст. пачынаўся поўны заняпад гарадскога жыцця.

2. Узнікненне дзяржавы Асманаў

Асманская імперыя - гэта велізарная шматнацыянальная дзяржава, якая займала тэрыторыю на трох кантынентах (Азія, Афрыка і Еўропа) і існавала з 1299 па 1923 гг. У Еўропе яе называлі Атаманскай імперыяй, Высокай Портай ці проста Портай .

У Малую Азію продкі сучасных туркаў прыйшлі з Сярэдняй Азіі. Арабскія халіфы запрашалі цюркскія плямёны на вайсковую службу дзеля змагання з Візантыяй. У XI ст. частка гэтых плямёнаў паводле імя іх кіраўніка Сельджука пачала называцца туркамі-сельджукамі .

Менавіта з іх асяродку з'явіўся заснавальнік новай мусульманскай дзяржавы Асман I (1299-1324), які кіраваў невялікім княствам ( бейлікам ) на тэрыторыі Малой Азіі. У час яго ўладарання бейлік быў пераўтвораны ў султанат, а сам Асман стаў султанам .

Паводле формы кіравання яго дзяржава была дэспатыяй , калі ўся ўлада належала аднаму чалавеку, спадчыннаму манарху, які ўладарыў дзякуючы складанаму ваенна-бюракратычнаму апарату. Яго ўлада была неабмежаванай, а воля лічылася законам.

Туркі мелі вялікае войска. Яго аснову складала пяхота, якую стварылі янычары, маладыя хлопцы ў асноўным хрысціянскага паходжання. Іх у малым узросце бралі ў палон, аддавалі на выхаванне ў турэцкія сем'і, дзе яны рабіліся ісламскімі фанатыкамі і аддана служылі султану. За гэта яны мелі розныя прывілеі. Другая частка войска - феадальнае апалчэнне, ваенныя атрады мясцовых феадалаў. Трэцюю частку складалі кавалерыя, вайсковыя адзінкі качэўнікаў. Пазней у туркаў з'явілася артылерыя і марскі флот.

Турэцкія ваяры атрымоўвалі за сваю службу ў спадчыннае валоданне землі з мясцовымі сялянамі - цімары . Але спадчыннае валоданне было толькі ў тым выпадку, калі дзеці і ўнукі ўласнікаў цімараў не мелі сваёй панскай гаспадаркі і не маглі павялічыць памер падаткаў са сваіх сялян (які дакладна вызначаўся дзяржавай). Таксама яны не маглі самі судзіць сваіх сялян. Гэта рабілі суддзі, прызначаныя ўладамі. Вайскоўцы ( аскеры ) таксама выконвалі і адміністрацыйныя функцыі. Сяляне ( рая ), рамеснікі, гандляры плацілі дзяржаўныя падаткі, падаткі на нерухомасць, жывёлу, ваду і г.д. Султан лічыўся халіфам - лідарам ісламу. Ён прызначаў візіра і шэйх-уль-іслама , кіраўніка ўлемы - карпарацыі вышэйшага духавенства. Вялікую ролю ў турэцкім грамадстве мелі муфціі (юрысты), кадзі (суддзі) і імамы (духоўныя настаўнікі). Усе яны мелі спецыяльную адукацыю і вучыліся ў медрэсэ , навучальных установах пры мячэцях. Дзяржаўнай рэлігіяй быў іслам суніцкага кірунку. Усе немусульмане плацілі большыя падаткі, чым ісламскія вернікі, і не маглі займаць кіроўныя пасады ў дзяржаве. Напачатку туркі-асманы пашыралі сваё панаванне ў Малой Азіі. У 1326 г. яны захапілі Прусу (Бурсу) , 1330 г. - Нікею, у 1337 г. - Нікамедыю і выйшлі да ўсходняга ўзбярэжжа Мармуровага мора, што ўжо было блізка да сталіцы Візантыі. Спачатку туркі былі саюзнікамі візантыйцаў у іх міжусобных войнах, удзельнічалі ў паходах на Сербію і Балгарыю. У 1352 г. у якасці ўзнагароды яны атрымалі ад Візантыі цвердзь Цымле на паўвостраве Галіпалі, на другім беразе Мармуровага мора. У 1359 г. туркі ўпершыню наважыліся напасці на Канстанцінопаль, але пацярпелі паразу. Затое ў 1361 г. яны захапілі горад Андрыянопаль , а ў наступным годзе - Філіпаль (сённяшні Плоўдзіў ).

Асманская дзяржава ўмацавалася ў часы ўладарання султана Мурада I (1360-1389). З дапамогай генуэзскага флоту армія туркаў у 1376 г. пераправілася з Азіі на Балканы. За 30 гадоў асманы захапілі амаль усе еўрапейскія землі Візантыі, Сербію і Балгарыю і перанеслі сваю сталіцу ў горад Андрыянопаль. У 1394 г. імі быў здабыты другі паводле велічыні візантыйскі горад, Салонікі.

Імператар Візантыі Іаан V Палеолаг пачаў прасіць дапамогі ў Рыма, той накіраваў на туркаў крыжаносцаў. Асноўная бітва адбылася ў Балгарыі ў верасні 1396 г. каля горада Нікапаля . Крыжаносцаў разбілі і ўзялі ў палон каля 10 тысяч рыцараў. Потым ім амаль усім на загад султана адсеклі галовы. Туркі аблажылі Канстанцінопаль, трымалі яго некалькі гадоў у аблозе, але спроба штурму горада ў 1400 г. зноў была няўдалай.

I тут візантыйцы атрымалі нечаканую дапамогу з Усходу. У 1402 г. у Малую Азію ўварвалася з Сярэдняй Азіі армія вышэйзгаданага Тамерлана (Цімура). У бітве каля Анкары туркаў разбілі, а султана ўзялі ў палон, дзе ён і памёр.

Каб аслабіць Асманскую дзяржаву, Цімур падзяліў яе на чатыры невялікія дзяржавы на чале з сынамі былога султана, і тыя пачалі міжусобную вайну. Аднак туркі здолелі аб'яднацца, у 1444 г. разбілі новых крыжаносцаў пад Варнай, а потым ў 1448 г. - венгерскае войска. Лёс Канстанцінопаля стаў прадвызначаны.

3. Балгарыя і Сербія ў XIV ст.

У ХІV-ХV стст. у паўднёвых славян адбылося грамадскае раздзяленне працы. Значную частку сялян складалі волахі, якія займаліся жывёлагадоўляй. Іх пасяленні і горныя пашы былі ўласнасцю феадалаў, але падаткі яны мелі меншыя, чым у земляробаў. Значная частка насельніцтва (сасы) займалася горнаруднай справай і плаціла падаткі адразу ў каралеўскую казну. Асобны статус быў у гарадоў Андрыятыкі - Дуброўніка, Котара, Спліта і інш. Гэта былі гарады рэспублікі са сваім кіраваннем і эканамічным статусам.

Балгарыя. У 1235 г. у Балгарыі была адноўлена патрыярхія. Балгарскі цар зацвярджаў патрыярха ў яго сане. Царква мела значнае месца ў ідэалагічным і культурным жыцці краіны. Уся служба тут ішла на балгарскай мове. Пасля турэцкага заваявання балгарскую царкву падпарадкавалі канстанцінопальскаму патрыярху, і той загадаў весці набажэнствы на грэцкай мове. У 1371 г. Балгарыя распалася на два незалежныя царствы, Тырнаўскае і Відзінскае . У 20-х гадах XIV ст. на Балгарыю напалі туркі. У пачатку 60-х гадоў яны захапілі Фракію, у 1393 г. - Тырнаўскае, а ў 1396 г. - і Відзінскае царствы. Усе мужчыны-хрысціяне мусілі плаціць султану асобныя падаткі - джыззе і харадж . Самым жахлівым падаткам для балгар быў падатак "крыві" (" дэўшырме "), калі маленькіх хлопчыкаў забіралі ў янычары.

Сербія. Росквіт Сербіі адбыўся пры каралі Стэфане Душане (1331-1355). Ён стварыў вялікае войска і захапіў у Візантыі Албанію, Македонію, Эпір і Фесалію . У 1345 г. яго абвясцілі "царом сербаў і грэкаў". У 1349 г. на сербскім саборы быў прыняты звод законаў "Законнік Стэфана Душана" . Ён узаконіў прывілеі сербскіх феадалаў і становішча залежных сялянаў. Актыўна развівалася і сербская праваслаўная царква. У 1345 г. сербскі архіепіскап стаў патрыярхам. У гэты час будуюцца вялікія мураваныя храмы, распісаныя фрэскамі, закладаюцца новыя манастыры. Аднак пасля смерці караля Душана Сербія распалася на шэраг самастойных уладанняў, якія ўвесь час варагавалі міжсобку. У гэтыя часы ўзнікла Чарнагорыя як самастойная частка Сербскага каралеўства.

У другой палове XIV ст. пачалася вайна з туркамі-асманамі. Турэцкі султан даслаў сербам ультыматум, каб яны прызналі яго ўладу, здалі ўсе гарады і заплацілі даніну на сем гадоў наперад. Аднак сербы вырашылі прыняць бой. 15 чэрвеня 1389 г. на Косавым полі адбылася галоўная бітва. Нягледзячы, што сербаў было значна менш, чым туркаў, яны зацята біліся і нават забілі турэцкага султана. Але сілы былі ўсё ж няроўныя, сербы прайгралі, і іх краіна была змушаная стаць васалам Асманскай імперыі. Аднак неўзабаве, пасля разгрому туркаў Тамерланам у 1402 г. сербы часова вызваліліся ад турэцкай залежнасці. Пасля доўгай вайны ў 1459 г. туркі канчаткова захапілі Сербію. Частка сербаў і ўсе албанцы пад турэцкім уплывам сталі мусульманамі. Як і ў Балгарыі, пасада патрыярха Сербіі была скасаваная, сербаў падначалілі патрыярху Канстанцінопаля, а той адразу перавёў набажэнствы на грэцкую мову. Значна пазней, у 1557 г., сербы, аднак, здолелі аднавіць сербскую патрыярхію.

4. Аблога і штурм Канстанцінопаля

Канстанцінопаль абараняў апошні імператар Візантыі Канстанцін IX Палеолаг (1449-1453). Супраць яго ваяваў турэцкі султан Мехмед II. У 1451 г. ён збудаваў дзве цвердзі на абодвух берагах Басфорскага праліва і адрэзаў сталіцу Візантыі ад шляхоў з Чорнага мора. Для штурму горада ён сабраў велізарнае войска, ад 150 да 200 тысяч чалавек, з артылерыяй і вялікім флотам (каля 400 караблёў).

Аблога пачалася 6 красавіка і доўжылася 53 дні. Сілы абаронцаў былі малыя: 7-10 тысяч чалавек, з якіх 3-4 тысячы складалі італьянскія наёмнікі. Еўрапейцы, за выняткам Венецыі і Генуі, не дапамаглі братам-хрысціянам. Аднак горад меў вельмі сур'ёзныя ўмацаванні, і туркі адразу іх узяць не змаглі. Дух абаронцаў узняла выйграная марская бітва каля ўвахода ў бухту Залаты Рог, калі чатыры генуэзскія і адзін візантыйскі караблі разагналі і патапілі турэцкі флот, што меў паўтары сотні караблёў. Тады Мехмед II вырашыў напасці на горад з таго боку, дзе яго не чакалі. Ноччу 22 красавіка туркі перацягнулі 30 сваіх караблёў у бухту Залатога Рога па драўляным насціле, збудавалі плывучы мост і падвялі яго да муроў горада ў самым небяспечным месцы.

На досвітку 29 траўня 1453 г. пачаўся галоўны штурм. На муры Канстанцінопаля султан накіраваў каля 15 тысяч янычараў, і тыя ўрэшце ўварваліся ў горад. Пры штурме загінуў і імператар Канстанцін. Султан загадаў адсячы яму галаву, якую тут жа выставілі ў цэнтры горада. Людзі пабеглі ратавацда ў галоўны храм горада, Сабор Святой Сафіі, але туркі ўварваліся туды і ўсіх пазабівалі. Тых, хто ацалеў, аддалі ў няволю або прадалі за выкуп. Неўзабаве туркі захапілі апошнія рэшткі візантыйскіх уладанняў, у тым ліку паўднёвы Крым. Крымскі хан стаў турэцкім васалам.

Мехмед II назваў Канстанцінопаль Стамбулам і перанёс сюды сталіцу сваёй дзяржавы. У турэцкай прапагандзе з'явіўся лозунг "Стамбул - трэці Рым". Але пачуўся адказ з Масквы, якая абвясціла сябе пераемнікам Візантыі і заявіла, што "трэці Рым - гэта Масква". Руска-турэцкі канфлікт ішоў некалькі стагоддзяў і скончыўся пасля паразы абедзвюх імперый у Першай сусветнай вайне. Адна з іх - Расійская - знікла з мапы свету ў 1917 г., а Асманская - у 1923 г.

АСНОЎНЫЯ ТЭРМІНЫ

Бейлік - невялікае турэцкае княства.

Газават (джыхад) - свяшчэнная вайна з нявернымі за іслам.

Дэнарый - сярэднявечная залатая візантыйская манета.

Дукат - сярэднявечная залатая італьянская манета.

Зілоты - радыкальная антыарыстакратычная групоўка гараджан у Візантыі.

Крымскае ханств а - стэпавая татарская дзяржава, з 1475 г. васал Асманскай імперыі.

Сарацыны - адзін з сярэднявечных назоваў мусульманскіх воінаў, што ваявалі з крыжаносцамі.

Ферара-Фпарэнтыйскі сабор - месца, дзе найвышэйшае каталіцкае духавенства і візантыйская дэлегацыя заключылі царкоўную унію.

Цімар - у Асманскай імперыі - права ваяроў збіраць падаткі з земляробаў на пэўнай тэрыторыі.

НАЙВАЖНЕЙШЫЯ ПАДЗЕІ

1341-1355 гг. - грамадзянская вайнаў Візантыі.

1389 г. - разгром туркамі сербаў на Косавым полі.

1396 г. - Нікапальскі крыжовы паход.

1402 г. - разгром Цімурам (Тамерланам) асманскага войска каля Анкары.

1438-1445 гг. - Ферара-Фларэнтыйскі сабор.

1439 г. - Фларэнтыйская царкоўная унія.

1444 г. - туркі разбілі крыжацкае войска пад Варнай.

1448 г. - перамога туркаў над венграмі

29 траўня 1453 г . - узяцце туркамі Канстанцінопаля.

РАЗДЗЕЛ XXIII. КАТАЛІЦКАЯ ЦАРКВА Ў ХІV-ХV стст.

1. Катапіцкая царква на мяжы XIII і XIV стст.

2. Авіньёнскі палон папаў.

3. "Вялікі раскол".

4. Канстанцкі сабор і саборны рух.

1. Каталіцкая царква на мяжы XIII і XIV стст.

У XIII ст. рымскія папы ўсталявалі фактычна манархічную ўладу, мелі моцны бюракратычны апарат кіравання царквою, і фактычна гэты апарат быў недзяржаўным. Менавіта з яго дапамогай папы маглі дыктаваць сваю волю свецкім уладарам еўрапейскіх каталіцкіх краін. Узмацненне каралеўскай улады і ўзнікненне цэнтралізаваных краін якраз і прывяло да канфлікту Рыма і еўрапейскіх свецкіх уладароў.

Ініцыятарам такога канфлікту была Францыя. У канцы XIII ст. паміж Францыяй і Англіяй узніклі вялікія праблемы, звязаныя з уладаннямі англійскіх каралёў на французскай тэрыторыі, пра што гаворка ішла вышэй. Таму каралі абедзвюх краін увялі новыя падаткі і ў тым ліку на каталіцкае духавенства. У 1296 г. супраць гэтага выступіў у рэзкай форме вышэйзгаданы Папа Баніфацый VIII. Ён пагражаў адлучэннем ад царквы як феадалам, якія хацелі браць падаткі з духоўных асоб, так і святарам, якія пагадзіліся іх плаціць.

Тады англійскі кароль адмовіў сваім падданым-святарам у праве звяртацца ў каралеўскія суды па абарону сваёй асобы і маёмасці. Гэта вельмі напалохала мясцовае духавенства, а пазіцыю караля падтрымаў англійскі парламент. У сваю чаргу, кароль Францыі Філіп IV забараніў вывозіць з Францыі золата, срэбра і іншыя каштоўнасці, што істотна зменшыла паступленні ў папскую казну. Потым, у 1301 г. на загад караля, арыштавалі і абвясцілі здраднікам аднаго з французскіх біскупаў. Яго дапыталі і пасадзілі ў турму, а звяртацца па данамогу да Папы забаранілі.

У адказ у 1302 г. Баніфацый VIII абнародаваў булу, у якой абвясціў вяршэнства Папы над свецкімі манархамі, і асудзіў паводзіны французскага караля. Філіп IV загадаў дапісаць да тэксту булы сказы, дзе былі абразы гонару караля і ў яго асобе ўсіх французаў, ды распаўсюдзіць фальшывую булу ў сваёй краіне. Караля падтрымалі Генеральныя штаты і даслалі ў Рым афіцыйны пратэст. У 1303 г. французскае духавенства са згоды караля сабралася на свой царкоўны сабор і на ім абвінаваціла Папу ў ерасі. Яны вырашылі судзіць Папу як ерэтыка і загадалі дарадцу караля Францыі захапіць Папу ў яго замку, што ён і зрабіў. Два дні Папу трымалі ў няволі, пры гэтым яго моцна збілі. Вывезці Папу ў Францыю не дазволілі мясцовыя жыхары, якія вызвалілі яго з няволі. Праз месяц Баніфацый VIII памёр. Кароль Францыі запатрабаваў пасмяротна асудзіць Баніфацыя VIII. Італьянскія кардыналы абралі Папам Бенедыкта XI, які адмовіўся ад патрабаванняў Філіпа IV. Неўзабаве і ён памёр: магчыма, яго атруцілі.

2. Авіньёнскі палон папаў (1309-1377 гг.)

У 1305 г. Папам пад уплывам Францыі абралі французскага кардынала, які ўзяў сабе імя Клімент V . Ён не захацеў жыць у Рыме і спачатку пасяліўся ў Ліёне, а потым у 1309 г. - у горадзе Авіньёне, на мяжы з Францыяй. Авіньён знаходзіўся ў складзе Свяшчэннай Рымскай імперыі і належаў графам Праванса. Такім чынам, з 1309 па 1377 г. папы жылі не ў Рыме, а ў Авіньёне. Папскі замак-палац быў добра ўмацаваны, а бяспеку папам гарантавалі каралі Францыі.

Дзякуючы выказванню паэта Франчэска Петраркі, які параўнаў знаходжанне Папы з біблейскім вавілонскім палонам, час знаходжання папаў у Авіньёне назвалі "авіньёнскім палонам". З ініцыятывы Папы Клімента V у складзе калегіі кардыналаў, якія маглі абіраць новага Папу, большасць пачалі складаць не італьянцы, а французы. Такім чынам усталяваўся трывалы саюз паміж каралямі Францыі і папамі, якія таксама былі французамі. Клімент V падтрымаў Філіпа IV, які знішчыў ордэн тампліераў і забраў сабе іх багацці.

Падчас Стагадовай вайны папы былі на баку Францыі, што абурала Англію і яе хаўруснікаў. Авіньёнскія папы былі вельмі багатымі, бо ўсе архібіскупы, біскупы і абаты мусілі плаціць ім за прызначэнне на свае пасады трэцюю частку даходаў са сваіх бенефіцыяў. Аднак вернікі былі абураныя тым, што папы не жылі ў Рыме і патрабавалі вяртання іх у сваю дзяржаву. Урэшце, у 1377 г. Папа Рыгор XI вярнуўся ў Рым.

3. "Вялікі раскол" (1378-1417 гг.)

Праз год, у 1378 г. Рыгор XI, француз з паходжання, памёр. Пад ціскам жыхароў Рыма Папам абралі італьянца Урбана VI . Ён адразу пачаў выдаляць з калегіі кардыналаў французаў і ўводзіць туды італьянцаў. Французскі кароль разам з французскімі кардыналамі запатрабавалі ад Урбана VI вярнуцца ў Авіньён. Калі ён адмовіўся, кардыналы неітальянскага паходжання абралі новага Папу, Клімента VII . Але ў Рыме яго не прынялі, і ён пасяліўся ў Авіньёне. Такім чынам, у Еўропе адначасова пачалі існаваць два папы, адзін у Рыме, другі - у Авіньёне. Кожны папа лічыў толькі сябе законным правадыром каталікоў усяго свету, а другога называў самазванцам. Такая сітуацыя доўжылася з 1378 па 1417 гг. і атрымала назву "вялікага расколу", бо царкву адначасова ўзначальвалі два (а з 1409 г. ажно тры) папы. Авіньёнскага Папу прызнавалі Францыя, Шатландыя, Неапалітанскае каралеўства, Кастылія і частка князёў Нямеччыны. На баку Рымскага Папы былі Англія, Фландрыя, Партугалія, Венгрыя і некаторыя іншыя краіны. Асобныя дзяржавы былі нейтральнымі, а некаторыя, у залежнасці ад абставін, мянялі сваю прыхільнасць. Аднак авіньёнскія папы ў той час былі мацнейшымі, і іх войскі часта гаспадарылі ў Рыме. Папа Урбан VI нават мусіў уцякаць з Рыма ў Геную.

Каталіцкі раскол вельмі непакоіў вернікаў - як простых людзей, гэтак і феадалаў. Тыя заклікалі папаў замірыцца, разам пайсці ў адстаўку і потым выбраць новага, адзінага Папу. Французскі кароль у пачатку XV ст. абвясціў пра свой нейтралітэт і адмовіўся ад падтрымкі Авіньёна. Яго падтрымалі кіраўнікі Чэхіі, Венгрыі і Навары. Кардыналы абодвух папаў пачалі паміж сабою перамовы аб аб'яднанні і склікалі ў 1409 г. у Пізе сабор, куды прыехалі не толькі духоўныя іерархі, але і прадстаўнікі свецкіх уладаў, асобных гарадоў і ўніверсітэтаў. Сабор пазбавіў пасад папаў як у Рыме, так і ў Авіньёне і абраў агульнага Папу Аляксандра V . Але папы не пайшлі ў адстаўку, і на свеце стала тры папы (трэці - Аляксандр Пізанскі). Пасля смерці Аляксандра V трэцім папам стаў Іаан XXIII.

4. Канстанцкі сабор (1414-1418 гг.) і саборны рух

Ініцыятарам склікання Канстанцкага сабора стаў імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі Сігізмунд. Ён настаяў, каб гэты сабор склікаў Папа Іаан XХIII, які і прысутнічаў на гэтым саборы. Рымскі Папа Рыгор XII прыслаў ліст аб сваім адрачэнні і атрымаў званне кардынала. Бенедыкт XIII - па-па з Авіньёна - адмовіўся адракацца, і яго пазбавіў пасады Канстанцкі сабор. Ён не пагадзіўся з гэтым, алс мусіў з Авіньёна ўцячы ў Іспанію, дзе і памёр. Іаана ХХІІІ таксама адправілі ў адстаўку. Новым, адзіным Папам у 1417 г. сабор абраў Марціна V . Так урэшце было адноўлена адзінства каталіцкай царквы.

У часы "вялікага расколу" ў каталіцкай царкве некаторыя дзеячы выступілі за абмежаванне манархічнай улады Папы. Яны лічылі, што найвышэйшым органам улады ў каталіцкай царкве павінен быць сабор, а яго рашэнні мусяць быць абавязковымі і для Папы. Таму гэты рух і атрымаў назву " саборнага ". Прыхільнікамі "саборнага руху" былі розныя людзі, сярод іх і прадстаўнікі вышэйшага духавенства, і ўніверсітэцкія прафесары, і багасловы, і некаторыя свецкія кіраўнікі. Яны падзяліліся на памяркоўных і радыкалаў.

Памяркоўныя прызнавалі ўсяленскі сабор як найвышэйшую інстанцыю ў каталіцкай царкве, якая можа адправіць у адстаўку Рымскага Папу.

Але ў штодзённым духоўным жыцці каталікоў іх кіраўніком па-ранейшаму заставаўся Папа. Радыкалы ішлі далей і патрабавалі зрабіць дэмакратычным усё кіраванне царквою, а Папа меўся быць толькі галоўным царкоўным чыноўнікам, якім кіруе сабор.

На Канстанцкім саборы прыхільнікі саборнага руху дасягнулі пэўных поспехаў. Было пастаноўлена абвясціць Канстанцкі сабор усяленскім, а выкананне яго рашэнняў - абавязковым для ўсіх. Апроч таго, удзельнікі дамовіліся аб скліканні наступных усяленскіх сабораў і вызначылі канкрэтныя даты іх правядзення. Аднак гэтыя тэрміны выкананыя не былі. Эпідэмія чумы перашкодзіла правесці чарговы сабор у 1422 г., і наступны сабор быў скліканы Папам толькі ў 1431 г. у Базелі.

Спачатку на Базельскім саборы мелі перавагу прыхільнікі саборнага руху. Гэта, відавочна, не спадабалася Папу Яўгену IV , і ён распусціў сабор. Аднак удзельнікі сабору Папу не паслухаліся і праводзілі пасяджэнні далей без яго. Яны стварылі некалькі камісій, якія істотна абмяжоўвалі ўладу Папы і бралі ў свае рукі асноўныя прыбыткі царквы. Папу пакідалі толькі даходы ад яго ўласнай дзяржавы.

Аднак Папа Яўген IV і яго пераемнікі выступілі супраць гэтых рашэнняў і выконваць іх не збіраліся. Яны пачалі шукаць дапамогі ў буйнейшых манархаў Еўропы, а за гэта далі ім магчымасць умешвацца ў царкоўныя справы на сваіх тэрыторыях. Каб умацаваць свае пазіцыі, Яўген IV скарыстаўся просьбаю аб дапамозе супраць туркаў візантыйскага імператара, які прасіў яе не ў сабора, а непасрэдна ў Рымскага Папы. Яўген IV запрасіў удзельнікаў сабора спачатку пераехаць у Ферару, а потым і ў Фларэнцыю, каб правесці перамовы з Візантыяй аб заключэнні царкоўнай уніі. Значная частка біскупаў паслухалася Папу і спачатку ў 1438 г. прыехала ў Ферару, а потым, у 1439 г., - і ў Фларэнцыю. Але сем біскупаў, якія не паслухалі Папу і засталіся ў Базелі, у 1438 г. абвясцілі пра адстаўку Яўгена IV і абралі новага Папу Фелікса V. Аднак яны зрабілі дзве істотныя памылкі, што прывяло іх да паразы. Па-першае, новы Папа быў свецкай асобай, савойскім герцагам, і духоўнага звання раней не меў, а гэта парушала кананічнае права. Па-другое, у такой малой колькасці (толькі сем чалавек) яны не мелі права абвяшчаць пра адстаўку Яўгена IV.

У той час на пасяджэннях Ферара-Фларэнтыйскага сабора была вялікая візантыйская дэлегацыя (каля 700 чалавек) на чале з імператарам і патрыярхам. Пасля працяглых дыскусій 6 ліпеня 1439 г. быў падпісаны дакумент аб аб'яднанні (уніі) дзвюх цэркваў - каталіцкай і праваслаўнай. Візантыйцы прызналі вяршэнства Папы і прынялі некаторыя каталіцкія догматы веры. На працягу наступных шасці гадоў былі падпісаны падобныя уніі з маранітамі і егіпецкімі коптамі. Аднак насельніцтва Візантыі і іншых праваслаўных краін унію не прызнала. У 1443 г. у Іерусаліме тры праваслаўныя патрыярхі, іерусалімскі, александрыйскі і антыяхійскі, асудзілі унію і таксама заклікалі вернікаў яе не прызнаваць.

Паступова саборны рух аслабеў. У 1460 г. Папа Пій II у сваёй буле асудзіў яго як з'яву і пацвердзіў ранейшы пастулат, што ўлада ў царкве належыць не сабору, а толькі Рымскаму Папу як пераемніку апостала Пятра. Гэтая була фактычна забараніла саборны рух у каталіцкай царкве.

Пасля ліквідацыі туркамі Візантыі сітуацыя ў хрысціянскім свеце раптоўна змянілася, бо змяніўся і сам каталіцкі свет. У рамках адзінай каталіцкай царквы ў асобных дзяржавах пачынаюць узнікаць мясцовыя нацыянальныя цэрквы. Іх духавенства - і, галоўнае, вернікі - у першую чаргу лічылі сябе падданымі свайго караля і толькі потым - папскага стальца. Нацыянальна-дзяржаўныя цэрквы раней за іншых узніклі ў Англіі і Францыі. Першымі сваю аўтаномію ў межах адзінай каталіцкай царквы абвясцілі французы ў 1438 г. на саборы французскага духавенства. Кароль Карл VII падтрымаў іх і сваім распараджэннем надаў гэтаму рашэнню сілу дзяржаўнага закона. Улада Рымскага Папы ў краіне была абмежавана, а роля караля ў духоўных справах павялічылася, бо кароль цяпер мог даваць свае рэкамендацыі пры выбарах духоўных асоб рознага рангу. У Англіі яшчэ ў 1351 г. папам было забаронена прызначаць духоўных асоб і даваць апошнім бенефіцыі ў выпадку, калі тыя былі іншаземцамі. У 1398 г. англійскі кароль Рычард II падпісаў канкардат з Рымскім Папам, паводле якога ўсе вышэйшыя духоўныя пасады ў краіне маглі займаць толькі жыхары Англіі.

Пасля ўзнікнення Іспаніі яе каралі падпарадкавалі сабе мясцовую царкву і ўзялі ў свае рукі інквізіцыю, як зброю супраць іншадумцаў і іншаверцаў. З крытыкай каталіцкай царквы - найбуйнейшага землеўласніка ў Еўропе - выступалі вядомыя багасловы і вальнадумцы. Сярод іх былі вышэйзгаданыя прафесар тэалогіі Оксфардскага ўніверсітэта Джон Уікліф, рэктар Пражскага ўніверсітэта Ян Гус, італьянскі рэлігійны рэфарматар Джыралама Саванарола. На жаль, іх лёсы склаліся трагічна, але менавіта яны заклалі духоўныя падмуркі рэфармацыі ў XVI ст. Некаторыя рэфарматары ў розных краінах выступалі таксама за адмену цэлібату і продажу індульгенцый, якія паскаралі (за грошы, вядома) хуткі пераход душы нябожчыка з чыстца ў рай.

АСНОЎНЫЯ ТЭРМІНЫ

Була - пасланне, зварот Рымскага Папы, змацаваная круглай пячаткай.

Дамініканцы - сябры манаскага каталіцкага ордэна, заснаванага ў XIII ст. манахам Дамінікам дзеля змагання з ерэтыкамі. Дамініканцы кіравалі інквізіцыяй.

Канклаў - сход кардыналаў, на якім выбіраюць новага Папу.

Канкардат - дамова паміж кіраўніцтвам пэўнай дзяржавы і Рымскім Папам аб прынцыпах дзейнасці каталіцкай царквы на тэрыторыі гэтай дзяржавы.

Легат - пасланец Рымскага Папы з асобым даручэннем у пэўную краіну.

Нунцый - пастаянны дыпламатычны прадстаўнік Рымскага Папы пры ўрадзе якой-небудзь дзяржавы.

Цэлібат - забарона каталіцкім святарам уступаць у шлюб. Існуе з XI ст.

Чысцец - дагмат каталіцкай цэрквы, уведзены ў 1439 г. Паводле яго, месца, дзе душа нябожчыка знаходзіцца перад тым, каб трапіць у рай, праходзіць ачышчэнне.

НАЙВАЖНЕЙШЫЯ ПАДЗЕІ

1300 г. - першы юбілейны год каталіцкай царквы.

1309-1377 гг. - Авіньёнскі палон папаў.

1312 г. - ліквідацыя ордэна тампліераў.

1320-1384 гг. - Джон Уікліф.

1347 г . - паўстанне ў Рыме на чале з Кола дзі Рыенца.

1378-1417 гг. - "Вялікі раскол" у каталіцкай царкве.

1414-1417 гг . - Канстанцкі сабор.

1438-1445 гг. - Ферара-Фларэнтыйскі сабор.

1439 г. - Фларэнтыйская царкоўная унія.

1452-1498 гг. - Джыралама Саванарола.

РАЗДЗЕЛ XXIV. СТВАРЭННЕ ІСПАНСКАЙ ІМПЕРЫІ I ПАРТУГАЛЬСКАЕ КАРАЛЕЎСТВА. ПАЧАТАК ВЯЛІКІХ ГЕАГРАФІЧНЫХ АДКРЫЦЦЯЎ

1. Кастыльскае каралеўства.

2. Каралеўства Арагон.

3. Узнікненне Іспаніі.

4. Партугалія.

5. Пачатак геаграфічных адкрыццяў у XV ст.

1. Кастыльскае каралеўства

У пачатку XIV ст. на Пірэнеях існавала пяць краін: каралеўствы хрысціян-каталікоў Навара, Арагон, Кастылія і Партугалія , а таксама мусульманскі Гранадскі халіфат . Аднак Навара і Гранада не былі ўплывовымі краінамі, а Арагон меў свае інтарэсы ў Італіі. Таму за гегемонію на паўвостраве вялі змаганне Кастылія і Партугалія.

У пачатку XIV ст. у Кастыліі ішло змаганне за ўладу паміж рознымі прыдворнымі групоўкамі. Аднак, калі малады кароль Альфонс XI пачаў самастойна кіраваць краінай, сітуацыя ў ёй палепшылася. Кароль перамог магнатаў з апазіцыі з дапамогай картэсаў і сярэдніх феадалаў. Ён таксама ў 1340 г. разбіў войскі мараканскіх арабаў, якія хацелі замацавацца на Пірэнеях. Пасля смерці Альфонса XI каралём стаў яго адзіны законны сын Педра І (1350-1369). Але супраць яго выступілі яго пазашлюбныя браты ад іншай жанчыны, каханкі караля. У 1369 г. караля забілі, і да ўлады прыйшла іншая дынастыя на чале з каралём Энрыке II (1369-1379). Пачынаючы з 1387 г., у Кастыліі вялікую ролю займела каралеўская рада, якою кіравалі магнаты. У канцы XIV - першай паловеХV стст. каралі Кастыліі ўвесь час варагавалі са сваімі магнатамі. Так, кароль Энрыке IV у 1468 г. назваў сваю зводную сястру Ісабелу пераемніцай каралеўскай улады ў Кастыліі. Але яна, без яго згоды, у 1469 г. выйшла замуж за сына і спадчынніка караля Арагона Фердынанда . Пасля смерці Энрыке IV у 1474 г. Ісабела абвясціла сябе каралевай Кастыліі і ў 1479 г., пасля выгнання партугальцаў, стала сапраўднай уладаркай Кастыліі. У тым жа годзе яе муж Фердынамд пасля смерці свайго бацькі стаў каралём Арагона.

Такім чынам, аформілася унія дзвюх суседніх хрысціянскіх дзяржаў. Эканоміка Кастыліі актыўна развівалася. Кастыльцы пачалі разводзіць танкарунных авечак мерыносаў, воўну з якіх везлі на продаж у Італію, Англію і Францыю. У 1480 г. колькасць авечага статку ў краіне дасягнула 5 млн. галоў. Вельмі хутка ў краіне развівалася аліўкаводства. Рамеснікі Кастыліі выраблялі на продаж сукно, аліўкавы алей, жалеза, будавалі добрыя караблі. Жыхары Кастыліі плацілі два віды падаткаў. Адны падаткі прызначаліся картэсамі, а другія - непасрэдна каралём. Вялікім падаткам была алькабала - падатак на гандлёвыя аперацыі, звязаныя з продажам маёмасці. Спачатку гэты падатак складаў 5 % ад кошту аперацыі, а потым вырас ажно да 20 %. Цікавым падаткам была траціна . Гэта - дзявятыя часткі царкоўнай дзесяціны, якія з дазволу Папы ішлі ў каралеўскую казну. Сярод феадалаў было шмат вайскоўцаў, якія ўдзельнічалі ў войнах з Партугаліяй або ў міжусобных канфліктах. Кастыльскія магнаты складалі групу грандаў , а сярэднія феадалы ў XIV ст. запазычылі ад французаў тытулы герцагаў, маркізаў і віконтаў.

2. Каралеўства Арагон

Каралі Арагона ў канцы XIII - пачатку XIV стст. праводзілі актыўную знешнюю палітыку ў краінах Міжземнага мора. У 1302 г. каралі Арагона канчаткова далучылі да сваёй дзяржавы Сіцылію.

З 1326 па 1387 г. васалам Арагона было Афінскае герцагства на Балканах. У першай палове XIV ст. да Арагона былі далучаны Сардзінія і Маёрка. Таксама ў склад Арагона вярнуліся Балеарскія астравы і Русільён. Кароль Арагона Педра IV (1336-1387) пачаў доўгую вайну з Кастыліяй (1356-1366 гг.), але поспехаў у ёй не дасягнуў. У XV ст. Арагон значна ўзмацніўся, асабліва пры каралі Альфонсе V (1416-1458).

У 1442 г. Арагон далучыў да сябе Неапалітанскае каралеўства , і сталіцай Арагона стаў італьянскі горад Неапаль. Аднак пасля смерці Альфонса V у Арагоне пачаўся міжусобны канфлікт паміж яго сваякамі. У гэты самы час пачалася грамадзянская вайна ў Каталоніі , аўтаномнай частцы Арагона, але ў 1472 г. Каталонія зноў прысягнула каралю Арагона Хуану II . Пасля яго смерці сын караля Фердынанд стаў каралём Арагона, а яго дачка Элеанора - каралевай Навары. У адрозненне ад Кастыліі, дзе сяляне мелі больш незалежнасці ад феадалаў, у Арагоне яны былі амаль цалкам прыгоннымі, асабліва ў Каталоніі. У 1381 г. феадалы атрымалі права караць сялян рознымі карамі (голадам, холадам, смагай), ад якіх тыя маглі памерці.

3. Узнікненне Іспаніі

Як ужо згадвалася, у 1474 г. у выніку шлюбу каралевы Кастыліі Ісабелы і караля Арагона Фердынанда была аформлена унія двух каралеўстваў. Аб'яднаная краіна пачала называцца Іспаніяй , але спачатку абодва каралеўствы вялі сваю ўнутраную палітыку і мелі сваю эканоміку.

Каб кіраваць разам, Фердынанд і Ісабела стварылі некалькі агульных для сваіх каралеўстваў радаў. У 1480 г. былі аб'яднаныя фінансы, у 1483 г. уведзена інквізіцыя і прыняты агульныя законы.

У 1480 г., паводле пастановы картэсаў, магнатам забаранілі чаканіць свае манеты і будаваць новыя замкі. Усе духоўныя рыцарскія ордэны пераходзілі пад кантроль караля. Змянілася структура каралеўскай рады: яна стала колькасна невялікай і цалкам падкантрольнай каралю. Сяляне атрымалі права пакідаць сваіх сеньёраў.

У 1481 г. армія Гранадскага эмірата напала на Кастылію, аднак кастыльцы разбілі арабаў, да канца 1490 г. занялі большую частку іх тэрыторыі, а ў пачатку 1492 г. захапілі іх сталіцу і, урэшце, знішчылі эмірат. Так завяршылася Рэканкіста. Спачатку ніякіх рэпрэсій супраць мясцовых мусульман ( маўраў ) не было. Аднак у 1502 г. усіх мусульман, якія адмовіліся прыняць хрысціянства, выгналі з Іспаніі. Засталіся толькі тыя, хто пагадзіўся гэта зрабіць. Іспанцы называлі іх марыскамі . У 1497 г. у Іспаніі была праведзена грашовая рэформа. Быў адчаканены залаты дукат (3,54 г золата) і вызначаны стабільныя суадносіны залатых, срэбных і медных манет. Срэбныя манеты называліся рэаламі і мелі распаўсюджванне разам з дукатамі ў розных еўрапейскіх краінах.

4. Партугалія

У пачатку XIV ст. краіна дасягнула значных поспехаў у сваім развіцці. У 1312 г. пасля забароны і ліквідацыі ў заходнееўрапейскіх краінах ордэна тампліераў партугальцы захавалі яго філію ў сваёй краіне пад назвай "ордэн Хрыста". У наступныя дзесяцігоддзі, аднак, краіна перажывае розныя крызісы і разбурэнні. Яе даймаюць голад і неўраджаі, эпідэмія чумы, войны з Кастыліяй і грамадзянская вайна (1384-1387 гг.). У выніку грамадзянскай вайны паміж паўночнай і паўднёвай часткамі краіны да ўлады прыйшла Авіская дынастыя , заснаваная каралём Жуанам І (1385-1433). У 1431 г. быў падпісаны вечны мір з Кастыліяй.

Наступны кароль Партугаліі Дуартэ І (1433-1438) быў вядомым пісьменнікам, які ўнёс значны ўклад у развіццё літаратурнай партугальскай мовы. Аднак неўзабаве ён памёр ад чумы, пакінуўшы шасцігадовага сына Афонсу V Афрыканскага (1438-1481), які пасля шлюбу з дачкой караля Кастыліі заявіў прэтэнзіі на кастыльскую карону, але беспаспяхова. Яшчэ пры жыцці Афонсу да ўлады ў краіне прыйшоў яго сын Жуан II Дасканалы (1481-1495). Ён пачаў бязлітасную барацьбу з мясцовымі магнатамі. Некалькі дзясяткаў магнатаў загінула, а іх землі забраў сабе кароль. Усё пятнаццатае стагоддзе партугальцы вялі актыўную замежную палітыку, асабліва на афрыканскай тэрыторыі, што істотна пашырыла іх уплыў не толькі ў Еўропе, але і ў цэлым свеце.

У партугальскім грамадстве, акрамя феадалаў і сялян, склалася моцная праслойка купцоў-гандляроў з ліку "прыстойных гараджан". Сярод іх з'явілася шляхта, якая мела вялікія марскія караблі і займалася гуртавым гандлем. Трывалыя гандлёвыя сувязі партугальцы ўстанавілі з Фландрыяй і Бургундыяй.

Партугальскія сяляне былі асабіста вольнымі дробнымі землеўласнікамі і арандатарамі, а землі феадалаў апрацоўваліся наёмнымі работнікамі. Партугалія мела два эканамічныя раёны - гарадскі, на марскім узбярэжжы, і ўнутраны, аграрны. Акрамя земляробства, у краіне актыўна развівалася авечкагадоўля. У XV ст. партугальцы праводзілі актыўную каланіяльную палітыку. У 1424-1425 гг. яны засялілі востраў Мадэйру , адкуль у краіну пачалі вывозіць да 3,5 тысяч тон збожжа штогод. Тут былі закладзеныя плантацыі цукровага трыснягу, і партугальцы не толькі мелі ўласны танны цукар, але і вывозілі яго на экспарт. Акрамя цукру, у краіну з калоній пастаўлялі золата, прыправы, каштоўную драўніну і слановую косць. У 1441 г. сюды была прывезена і першая партыя афрыканскіх нявольнікаў.

У 1443 г. была заснавана першая ў свеце кампанія па заморскім гандлі і марскіх падарожжах. Кіравалі краінай кароль і картэсы. На працягу ХІV-ХV стст. каралеўская ўлада ўзмацнілася, а ў картэсах вырас уплыў дэпутатаў ад гарадоў. З 1331 г. гарадскія дэпутаты праводзілі свае пасяджэнні асобна. Каралі Партугаліі падтрымлівалі гарады. Так, кароль Жуан I даў права гарадам Лісабону і Порту пасылаць у картэсы па чатыры дэлегаты ад кожнага горада замест ранейшых двух. Картэсы ў краіне склікаліся значна часцей, чым у суседзяў. Напрыклад, кароль Жуан I склікаў парламент 25 разоў, а Афонсу V - 20.

5. Пачатак геаграфічных адкрыццяў у XV ст.

Піянерамі ў гэтай справе былі партугальцы. У 1415 г. яны захапілі афрыканскі горад Сеўту , а ў 1418 г. адкрылі і потым засялілі востраў Мадэйру. Першым ініцыятарам марскіх вандровак партугальцаў і іх фундатарам стаў з 1420 г. магістр ордэна Хрыста, трэці сын караля Жуана I прынц Энрыке . У 1418 г. ён заснаваў школу мараходства ды абсерваторыю і пачаў будаўніцтва (з 1440 г.) новых вялікіх марскіх караблёў - каравел . У 1432-1435 гг. партугальцы адкрылі Азорскія астравы . У Афрыцы - Зялёны мыс (Каба-Вердэ) з астравамі, рэкі Сенегал і Гамбію , а ў 1460 г. - узбярэжжа Сьера-Леонэ ў Гвінейскім заліве. Войскі Партугаліі здзейснілі тры марскія экспедыцыі супраць арабскага Марока і захапілі горад Танжэр . У 1488 г. партугальцы дасягнулі мыса Добрай Надзеі і ўзялі пад свой кантроль увесь заходні бераг Афрыкі, дзе былі збудаваны апорныя гандлёвыя і ваенныя базы. У 1498 г. адмірал Васка да Гама даплыў да 1ндыі, а ў 1500 г. партугальцы ў Новым Свеце адкрылі ўзбярэжжа Бразіліі .

Галоўнымі канкурэнтамі Партугаліі ў справе геаграфічных адкрыццяў выступіла спачатку Кастылія, а потым - аб'яднаная Іспанія. Канфлікт з Кастыліяй працягваўся з 1449 па 1453 гг. Партугальцы напалі на Канарскія выспы, а кастыльцы - на базы Партугаліі ў Афрыцы. Ворагаў замірыла була Папы Мікалая V, у якой Канары дасталіся Кастыліі, а афрыканскае ўзбярэжжа - Партугаліі. Аднак хутка сітуацыя пагоршылася. У 1476 г. Ісабела Кастыльская забараніла сваім падданым гандляваць з Партугаліяй на Канарах, а потым арганізавала тры экспедыцыі ў афрыканскую Гвінею. Але потым Партугалія адмовілася ад прэтэнзій на карону Кастыліі, а тая прызнала выключнае права Партугаліі ў каланізацыі Афрыкі. Пасля ўтварэння аб'яднанай дзяржавы іспанцы вырашылі прадоўжыць сваю марскую экспансію. Яны запрасілі на службу вышэйзгаданага генуэзца Хрыстафора Калумба (1451-1506), які за іспанскія грошы, з мэтай пошуку самай кароткай дарогі ў Індыю ў перыяд з 1442 па 1504 гг. здзейсніў чатыры марскія экспедыцыі. У 1492 г. Калумб, ведаючы кірункі ветру ( ружы вятроў ) на трох каравелах дасягнуў берагоў Амерыкі. Спачатку, 12 жніўня 1492 г., ён даплыў да Канарскіх астравоў, а восенню, 12 кастрычніка, дабраўся да Багамскіх выспаў. За час сваіх экспедыцый Калумб адкрыў для еўраейцаў Саргасава і Карыбскае моры, Вялікія Антыльскія і частку Малых Антыльскіх астравоў, а таксама дасягнуў берагоў Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыкі.

Другі першаадкрывальнік, галоўны штурман Іспаніі, Амерыга Веспучы ў 1499-1500 гг. дасягнуў паўночных і ўсходніх берагоў Паўднёвай Амерыкі, дзе знайшоў і апісаў дэльту ракі Амазонкі . Ён прапанаваў назваць новыя землі Новым Светам . Аднак у 1507 г. картограф з Латарынгіі Вальдэмюлер назваў гэты мацярык Амерыкай у гонар самога Веспучы. З 1538 г. гэтая назва распаўсюдзілася і на Паўночную Амерыку. Першае сваё пасяленне іспанцы заснавалі на востраве Гаіці і назвалі яго Эспаньёла .

Каб спыніць канфлікт паміж іспанцамі і партугальцамі, Рымскі Папа Аляксандр VI у 1495 г. выдаў булу, у якой пазначыў лінію падзелу свету ад полюса да полюса на адлегласці 100 ліг ад астравоў Зялёнага мыса. Усе землі на захад ад гэтай лініі, вядомыя і невядомыя належалі Іспаніі, а на ўсход ад яе - Партугаліі. У 1494 г. паводле Тардэсільянскай дамовы , лінію падзелу свету перанеслі яшчэ на 270 ліг, і яна прайшла паміж 48° і 49° заходняй даўгаты. Такім чынам адбыўся першы падзел свету, і канчаткова ўтварыліся дзве марскія імперыі, Іспанская і Партугальская.

АСНОЎНЫЯ ТЭРМІНЫ

Алькабала - падатак на здзелкі, звязаныя з адчужэннем нерухомасці.

Гранд - магнат, багаты феадал.

Ідальга - іспанскі шляхціц, які служыў у караля, ці багатага феадала.

Інквізіцыйны трыбунал - іспанская інквізіцыя, якая вяла пераслед габрэяў, мусульман і ерэтыкоў.

Маўр - мусульманін, жыхар Гранадскага эмірата.

Марыск - мусульманін, які перайшоў у хрысціянства.

Каравела - марскі карабель, які ў XV ст. меў дзве або тры мачты і даўжыню ад 20 да 25 м.

Картэсы - орган саслоўнага прадстаўніцтва ў каралеўствах Пірэнейскага паўвострава.

Факторыя - гандлёвы пасёлак еўрапейскіх купцоў у каланіяльных краінах.

Эльдарада - міфічная краіна, багатая на золата і каштоўныя камяні, якую шукалі на тэрыторыі Лацінскай Амерыкі іспанскія заваёўнікі.

НАЙВАЖНЕЙШЫЯ ПАДЗЕІ

1385-1433 гг. - уладаранне Жуана I, партугальскага караля.

1415 г. - захоп партугальцамі Сеўты.

1451-1506 гг. - Хрыстафор Калумб.

1469 г. - шлюб Фердынанда Арагонскага і Ізабелы Кастыльскай. Утварэнне Іспаніі.

1479 г. - Кастыльска-Арагонская унія.

1480 г. - стварэнне інквізіцыйнага трыбунала ў Іспаніі на чале з Тарквемадам.

1488 г. - адкрыццё партугальцамі мыса Добрай Надзеі.

1492 г. - падзенне Гранадскага эмірата і завяршэнне Рэканкісты.

1492-1503 гг. - чатыры экспедыцыі Калумба, адкрыццё Амерыкі.

1498 г. - адкрыццё марскога шляху з Еўропы ў Індыю Васка да Гамам.

1500 г. - адкрыццё партугальцамі Бразіліі.

РАЗДЗЕЛ XXV. МАСТАЦТВА ЗАХОДНЯЙ ЕЎРОПЫ. РАЗВІЦЦЁ НАВУКІ I ТЭХНІКІ Ў ХІV-ХV стст.

1. Феномен італьянскага Адраджэння і яго этапы.

2. Пачатак Паўночнага Рэнесансу.

3. Змены ў архітэктуры Еўропы ў ХІV-ХV стст.

4. Развіццё навукі і тэхнікі.

5. Узнікненне ўсходнеспавянскай і еўразійскай цывілізацый (замест заключэння).

1. Феномен італьянскага Адраджэння і яго этапы

Да пачынальнікаў культуры Адраджэння, або Рэнесансу, адносяць італьянскіх дзеячаў культуры і мастацтва. У першую чаргу, гэта пісьменнікі Дантэ, Петрарка, Бакача і мастак Джота.

Дантэ Аліг'еры (1265-1321) паходзіў са шляхецкай сям'і, быў паэтам і палітычным дзеячам, стваральнікам сучаснай літаратурнай італьянскай мовы. Ён напісаў унікальную паэму з трох частак (100 песень), "Пекла", "Чысцец" і "Рай", якая мела назву "Камедыя", ці "Боская камедыя". У галіне палітыкі ён імкнуўся да аб'яднання Італіі і адстойваў незалежнасць свецкай улады ад улады Папы.

Франчэска Петрарка (1304-1374) нарадзіўся ў сям'і юрыста (натарыуса), атрымаў духоўны сан. Быў таленавітым лірычным паэтам, пісаў не толькі на лаціне, але і па-італьянску. Асноўны твор жыцця - "Кніга песень", што складаецца з 317 санетаў і іншых паэтычных твораў. Як і Дантэ, ён заклікаў да міру і еднасці Італіі.

Джавані Бакача (1313-1375) паходзіў з купецкай сям'і. Стварыў класічны тып рэалістычнай італьянскай навелы. Асноўны яго твор - "Дэкамерон" складаецца са ста навел, героі якіх - простыя і багатыя людзі Італіі, ад каралёў і рыцараў да сялян і рамеснікаў.

Джота дзі Банданэ (1266-1337) - мастак, папярэднік рэалізму ў італьянскім жывапісе. Галоўная праца яго жыцця - роспіс Капэлы дэль Арэна ў Падуі (1304-1306 гг.). Ён паўнавартасна ўвёўу жывапіс інтэр'ер і ўмела выяўляў трохмерную прастору.

Эпоху, калі жылі і працавалі вышэйзгаданыя асобы, называюць Протарэнесансам , ці Перададраджэннем . Уласна Рэнесанс падзяляюць на тры этапы: Ранні (другая палова ХІV-ХV стст.), Высокі (канец XV - пачатак XVI стст.) і Позні (XVI - першая палова XVII стст.).

Сандра Батычэлі (каля 1445-1510) стварыў алегарычныя палотны з глыбінным гуманістычным сэнсам, "Вясна" (1482 г.) і "Нараджэнне Венеры" (1485 г.). Да найбуйнейшых геніяў Рэнесансу адносяць Леанарда да Вінчы і Мікеланджэла Буанароці . Самым універсальным геніем у гісторыі чалавецтва прынята лічыць Леанарда да Вінчы (1452-1519), які праявіў сябе ў розных сферах мастацтва, навукі, музыкі, астраноміі і механікі. Леанарда жыў у розных італьянскіх гарадах (Фларэнцыі, Мілане, Венецыі і Рыме), а скончыў сваё жыццё ў Францыі. Пасля сябе ён пакінуў мноства праектаў розных тэхнічных прыладаў і механізмаў, у тым ліку падводнай лодкі, танка, лятальных апаратаў, вадалазнага касцюма і парашута. З маладых гадоў Леанарда актыўна займаўся жывапісам, і яго карціны сёння можна ўбачыць у розных музеях свету.

У 1498 г. ён намаляваў вялізную фрэску "Тайная вячэра" для рэфекторыя (тра пезнай) міланскага дамініканскага кляштара, а ў 1503 г. стварыў свой галоўны шэдэўр, партрэт "Мона Ліза" ("Джаконда"). Кароль Францыі Францыск I лічыў яго першым каралеўскім мастаком, архітэктарам і інжынерам. Леанарда да Вінчы лічыцца заснавальнікам "Высокага Адраджэння", які пакінуў пасля сябе групу вучняў, што склала т. зв. "Ламбардскую школу".

Яшчэ адзін геній Рэнесансу - Мікеланджэла Буанароці (1475-1564), скульптар, мастак, архітэктар і паэт. У маладыя гады ён засведчыў сябе як выдатны разьбяр дзякуючы такім кампазіцыям, як "Бахус" і "П'ета".

2. Пачатак Паўночнага Рэнесансу

Паўночным Адраджэннем называюць рэнесансавую культуру XV - пачатку XVII стст. у краінах Еўропы, што знаходзяцца на поўнач ад Італіі. Гэтая культурніцкая з'ява ўзнікла на сто гадоў пазней, чым у Італіі, але была больш разнастайнай. Яна спалучалася з сярэднявечнымі традыцыямі і магутнымі рэлігійнымі (рэфарматарскімі) і нацыянальнымі рухамі.

Як і ў Італіі, у культуры паўночных краін сярод розных мастацкіх накірункаў пераважаў жывапіс . Найбольш яскрава гэта праявілася ў Нідэрландах і Нямеччыне . У мастацтве Поўначы адчуваецца моцны ўплыў готыкі і яе эвалюцыя ў бок свецкай культуры. Мастакі Нідэрландаў і Нямеччыны першымі ў Еўропе пачалі карыстацца алейнымі фарбамі.

Славутым майстрам і пачынальнікам нідэрландскай нацыянальнай школы быў мастак Ян ван Эйк (1390/1400-1441). Менавіта яму прыпісваюць вынаходніцтва тэхнікі алейнага жывапісу. Тагачасныя мастакі самі рабілі розныя фарбы з рэчываў расліннага ці мінеральнага паходжання. Адным з кампанентаў такіх фарбаў было курынае яйка. Такія фарбы мелі назву "тэмперы" і мелі істотны недахоп: яны хутка высыхалі. Ян ван Эйк замяніў яйка алеем, і яго фарбы далі магчымасць працаваць павольна і прамалёўваць па некалькі разоў усе дэталі малюнка. У XV ст. тэхніка алейнага жывапісу з Нідэрландаў прыйшла ў Германію і Францыю, а потым і ў Італію. З 1425 г. Ян ван Эйк працуе і жыве ў Бургундыі, а з 1431 г. і да самай смерці - у фламандскім горадзе Бруге. Самы яго славуты твор, выкананы на пару са старэйшым братам Гюбертам, гэта "Генцкі алтар" - шмат'ярусная кампазіцыя дваццаці шасці карцін з выявамі 258 чалавечых фігур. Ян ван Эйк - адзін з першых у Еўропе стваральнік свецкага жывапіснага партрэта. У 1432 г. ён намаляваў першы ў Заходняй Еўропе парны партрэт - мужа і жонкі Арнальфіні (сям'я багатага італьянскага купца і банкіра).

Агульнаеўрапейскую вядомасць набыў нямецкі мастак, тэарэтык мастацтва Альбрэхт Дзюрэр (1471-1528). У яго творах шмат фантастычных вобразаў і алегорый.

У першую чаргу гэта серыя гравюр "Апакаліпсіс" , створаных ў 1498 г. Вялізным дасягненнем сусветнай графікі з'яўляюцца некалькі сотняў гравюр Дзюрэра. Вядомы ён і сваімі жывапіснымі палотнамі.

Стваральнікамі нідэрландскай школы рэнесансавай музыкі былі кампазітары Ян Окегем (каля 1420-1495), Якаб Обрэхт (каля 1450-1505), Жаскен Дэпрэ (каля 1450-1521) - аўтары месаў і песень, майстры поліфаніі, у творах якіх адчуваўся ўплыў народнай харавой культуры.

3. Змена ў архітэктуры Еўропы ў ХІV-ХV стст.

З XIV ст. у гарадах мураванае будаўніцтва выходзіць на пярэдні план. З каменю і цэглы пачынаюць будаваць жылыя дамы, што, безумоўна, было прагрэсам, асабліва з улікам тады шматлікіх гарадскіх пажараў. Ужо ў XV ст. у Фларэнцыі мураваныя дамы пераважалі над драўлянымі. Шмат мураваных будынкаў у гэты час з'явілася і ў Парыжы. А вось у Лондане цаглянае будаўніцтва пашырылася толькі ў XVI ст. У ХІV-ХV стст. у Еўропе пачала ўжываццая дахоўка, новы матэрыял для накрыцця дахаў, які не баяўся ні агню, ні вільгаці. Паколькі зямля ў гарадах была вельмі дарагою, то там будаваліся дамы на некалькі паверхаў з глыбокімі сутарэннямі пад домам. Падлогі дамоў на першым паверсе былі земляныя. Узімку іх засцілалі сенам, а ўлетку - духмянай травою. На верхніх паверхах падлога была драўлянаю, але, пачынаючы з XIV ст., у багатых палацах з'явіўся паркет . Пакоі аздаблялі дыванамі, якія вешалі на сцены або сцялілі на сядзенні. У XV ст. у гарадах Італіі дываны з'явіліся і на падлозе.

У XV ст. з'явіліся шпалерныя тканіны , якімі аздаблялі інтэр'еры будынкаў. Гэта былі аксаміт, шоўк, атлас, адамашак, парча і ціснёная скура. У Фландрыі ў гэты час з'явіліся габелены, на якіх асноўнымі сюжэтамі былі сцэны з антычнай і біблійнай міфалогіі ды розныя гістарычныя падзеі. Існавалі і тканевыя шпалеры (мільфлёры ) з маляўнічымі сцэнкамі з жыцця сеньёраў і сялян. У багатых дамах у вокнах з'явіліся рамы, якія складаліся са шкляных шыбак рознай формы, устаўленых у свінцовыя абоймы. Самым лепшым асвятленнем былі васковыя свечкі, якія каштавалі ў той час дорага. З сярэдзіны XV ст. у Германіі і іншых паўночных краінах у дамах з'явіліся вялікія кафляныя печы , аблямаваныя кафляй, пакрытай глазурай. На вонкавых пласцінах гэтай кафлі былі рэльефныя выявы расліннага і геаметрычнага арнаментаў, а таксама розныя сюжэтныя кампазіцыі і гербы ўладальнікаў дома. Водаправод і каналізацыя ў дамах адсутнічалі. Ваду ў асноўным бралі з калодзежаў, выкапаных у дварах. З XIII ст. у гарадах з'явіліся грамадскія лазні, дзе мужчыны і жанчыны часта мыліся разам. Мэбля была вельмі простай - сталы, лавы ці ўслоны, і куфры. Гаспадар дома меў асобнае крэсла, што падкрэслівала яго асаблівы стан у сям'і. Галоўны элемент інтэр'еру - гэта ложак, які ў багатых дамах меў шырыню да 4 метраў. Зверху ложак закрываў балдахін , што абапіраўся на калонкі. У XV ст. на вуліцах Фларэнцыі з'явіліся першыя ліхтары .

Пачынальнікам рэнесансавай архітэктуры быў вышэйзгаданы архітэктар Філіпа Брунэлескі, які дэталёва распрацаваў законы лінейнай перспектывы . Брунэлескі ў сваім будаўніцтве вярнуў ва ўжытак такія элементы антычнай спадчыны, як калоны, пілястры і аркі (выгбы).

У другой палове XV ст. адным з найбуйнейшых італьянскіх дойлідаў эпохі Рэнесансу быў Леон Батыста Альберці (1404-1472). У сваіх праектах ён знайшоў кампраміс паміж ужо існуючымі традыцыямі звычайнай гарадской забудовы і новымі архітэктурнымі прыёмамі, што вынайшаў Брунэлескі.

У архітэктуры збудаваных ім палацаў адсутнічаюць калоны і паўкалоны, але вобраз антычнай архітэктуры ўвасоблены праз рэльефы плоскіх пілястраў і антаблементаў . Таксама Альберці ўпершыню выкарыстоўваў чляненне трох ярусаў фасада палаца Ручэлі ў Фларэнцыі пілястрамі розных ордараў. У канцы XV ст. рэнесансныя тыпы будынкаў - гарадскія палацы і загарадныя вілы з'яўляюцца ў розных абласцях Італіі. Вылучаецца сваёй асаблівасцю архітэктура Венецыі, дзе гатычныя традыцыі спалучаны з рысамі Рэнесансу.

У дойлідстве паўночных краін Еўропы ў XIV-XV стст. панавала гатычная архітэктура, якая дасягнула свайго росквіту і атрымала прыгожую назву "полымная" . У гэты час былі дабудаваны шмат якія гатычныя саборы, у тым ліку і вышэйзгаданы славуты сабор Парыжскай Божай маці.

Пэўную асаблівасць мела іспанская готыка , якая ў XIV-XV стст. была насычана элементамі маўрытанскага стылю. Іспанскія касцёлы часта перабудоўваліся з мячэцяў. Напрыклад, званіца сабора ў Севільі - гэта перабудаваны мінарэт. Тут існаваў асобны архітэктурны стыль "мудэхар" (мусульманскі), калі архітэктары-арабы будавалі з цэглы касцёлы з маўрытанскімі скляпеннямі.

Сваю нацыянальную асаблівасць атрымала і гатычная архітэктура Вялікага Княства Літоўскага. У другой палове XV - пачатку XVI стст. склалася беларуская готыка, якая мела свае асаблівасці. Гэта - шырокае ўжыванне вялікамернай цэглы-пальчаткі , арыгінальная планіроўка замкавых вежаў - васьмігранныя верхнія паверхі пастаўлены на прамавугольныя ніжнія, арнаментальныя матывы на сценах будынкаў, выкладзеныя з цёмнай (перапаленай) цэглы-клінкера і існаванне абарончых храмаў-цвердзяў. На тэрыторыі Беларусі ў гатычным стылі будаваліся і праваслаўныя храмы, што вылучае праваслаўную беларускую архітэктуру з ліку іншых адпаведных напрамкаў у Еўропе. Традыцыйная готыка знайшла таксама сваё ўвасабленне, найперш у знакамітым касцёле св. Ганны ў Вільні , якому прысвяціў свой вядомы верш класік нашай паэзіі Максім Багдановіч.

У гэты час, асабліва ў другой палове XV ст., традыцыі позняй заходнееўрапейскай готыкі можна прасачыць у Ноўгарадзе і Маскве, куды былі запрошаныя архітэктары і будаўнікі з Італіі ды іншых краін.

4. Развіццё навукі і тэхнікі

У эпоху Адраджэння філасофія і навука паступова адыходзяць ад тэалогіі і схаластыкі. Узнікаюць такія плыні, як "філасофская антрапалогія" - вучэнне пра чалавека, яго сутнасць і прызначэнне ў свеце, і "філасофія гуманізму" , у якой чалавек разглядаецца як найвышэйшая каштоўнасць. У гэты час, акрамя грамадзянскага гуманізму, узнікае і другі яго напрамак - эпікурэйскі . Яго стваральнікам у першай палове XV ст. быў Ларэнца Вала . Ён жыў і працаваў у Мілане, Неапалі, Павіі і Рыме, дзе быў сакратаром папскай курыі. Ён крытыкаваў існаванне манаства і лічыў свецкую культуру і хрысціянскую рэлігію незалежнымі сферамі. Мараль Ларэнца Валы несла свецкі і антыаскетычны характар, апраўдвала чалавечыя радасці жыцця і супярэчыла прынцыпам афіцыйнай каталіцкай маралі. Гэта вельмі не падабалася клерыкам, і ў 1444 г. Валу прыцягнулі да суда інквізіцыі, ад прысуду якой яго, аднак, вызваліў кароль Неапаля.

Яшчэ адна філасофская плынь атрымала назву "пантэізм" . У ёй Бог - гэта прырода, і ён не можа існаваць за яе межамі. Выдатным мысляром эпохі Рэнесансу быў Мікола Кузанскі (1401-1464), нямецкі філосаф, тэолаг і палітычны дзеяч. Ён стаяў на пазіцыях "пантэізму", першы склаў геаграфічную карту Еўропы і прапанаваў рэформу юліянскага календара .

У ХІV-ХV стст. царква паступова страчвае сваю манаполію ў духоўным жыцці, а ўніверсітэты робяцца цэнтрамі інтэлектуальнага жыцця. У канцы XV ст. у Еўропе працавала 69 універсітэтаў. Выкладанне ў іх ішло на лацінскай мове, што рабіла адукацыю з'явай універсальнай. Сярод студэнтаў пераважалі людзі сярэдніх пластоў грамадства, збольшага дзеці гараджан. Пры ўніверсітэтах ствараліся бібліятэкі, і была наладжана сістэма перапісвання кніг. Так, бібліятэка Сарбоны ў Парыжы ў сярэдзіне XIV ст. мела 1720 тамоў рукапісных кніг. У XV ст. з'явілася кнігадрукаванне, што выклікала істотныя змены ў адукацыі. У 1423 г. галандзец Костэр прыдумаў шрыфт для друкавання кніг з драўляных літар, але гэта не было эфектыўна. У 1445 г. нямецкі майстар-ювелір Ёган Гутэнберг прыдумаў металічны наборны шрыфт і неўзабаве запусціў друкарскі варштат.

Да 1500 г. друкарні існавалі ўжо ў 260 гарадах Еўропы, іх колькасць складала 1050. З іх 532 друкарні знаходзіліся ў Італіі. Усе кнігі, надрукаваныя ў Еўропе да 1500 г. называюцца інкунабуламі . Цяпер вядома каля 40 тысяч назваў такіх выданняў. Англійскі філосаф Рэнесансу Фрэнсіс Бэкан аднёс вынаходніцтва кнігадрукавання, пораху і компаса да найлепшых дасягненняў тагачаснага чалавецтва.

У сялянскім побыце да XIV ст. пераважаў драўляны і алавяны посуд. У краінах усходняй і паўднёвай Еўропы - гліняны (керамічны). У XIII-XIV стст. пачынаецца масавы выраб шклянога начыння. Самы знакаміты посуд выраблялі венецыянцы. Яны ж першымі пачалі вырабляць і прадаваць шкляныя люстэркі . У XV ст. з'явіўся фаянсавы посуд, названы ў гонар горада Фаэнцы ў Італіі, дзе яго выраблялі ўпершыню ў Еўропе. У XV ст. у Фларэнцыі з'явіліся ва ўжытку першыя чатырохзубыя відэльцы. У гэтыя часы ў Еўропе з'яўляюцца таверны, корчмы і заезныя дамы , дзе людзі маглі весела правесці свой вольны час, у тым ліку падчас падарожжа.

У ХІV-ХV стст. еўрапейцы вынайшлі агняпальную зброю , дзякуючы якой здолелі захапіць увесь свет. У першую чаргу - гэта гарматы розных відаў і калібраў. У другой палове XIV ст. з'явіліся бамбарды. Іх ствалы спачатку былі драўляныя, змацаваныя абручамі, а потым іх рабілі з жалезных палосак, змацаваных ужо металічнымі кольцамі. Яны стралялі каменнымі ядрамі вагою да 330 кг на адлегласць да 700 м. Даўжыня бамбарды з драўляным станком дасягала да 15 м, а вага - да 1000 пудоў. У канцы XV ст. у арміі французскага караля Карла VIII з'явіліся гарматы на лафеце, якія перавозіліся на конях. Выкарыстанне ж самай першай гарматы ў Еўропе зафіксавана ў Фландрыі ў 1314 г. Неўзабаве гарматы з'явіліся на ўзбраенні крыжацкага Тэўтонскага ордэна: крыжакі менавіта з гарматы здолелі забіць вялікага князя Гедыміна.

Агняпальную зброю для бліжняга бою - пісталет - прыдумалі ў XV ст у горадзе Пістоя , каля Фларэнцыі, і назвалі ў гонар гэтага горада. Для хуткасці стральбы ў XV ст. прыдумалі кнотавы замок, з дапамогай якога хуткасць стральбы гармат і іншай агняпальнай зброі істотна павялічылася.

5. Узнікненне ўсходнеславянскай і еўразійскай цывілізацый (замест заключэння)

Да канца XV ст. канчаткова сфармавалася еўрапейская цывілізацыя , якая грунтуецца на антычнай спадчыне. Еўрапейская адукацыя будавалася на вывучэнні старажытных грэцкіх і лацінскіх аўтараў. Асноўныя тэрміны палітычнай еўрапейскай культуры - такія, як дэмакратыя, рэспубліка, дэспатыя і імперыя - грэцкага альбо лацінскага паходжання. Сам тэрмін "культура " паходзіць з лацінскай мовы.

Хрысціянская рэлігія вырасла таксама на антычнай глебе. Яе да XV ст. успрынялі праз Рым і Візантыю амаль усе народы Еўропы. Хрысціянства зрабілася важнай складовай часткай еўрапейскага свету. Падзел на каталіцкую і праваслаўную цэрквы істотна адбіўся на лёсах Еўропы. Да канца XII ст. у Еўропе захоўвалася пэўная раўнавага паміж каталіцызмам і праваслаўем. Пры гэтым значную частку Іспаніі займалі мусульмане, а на поўдні і поўначы жылі народы, якія былі язычнікамі.

У XIII ст. сітуацыя ў Еўропе кардынальна змянілася. Спачатку немцы з'явіліся ў Прыбалтыцы і Прусіі. Адначасова, падчас чацвёртага крыжовага паходу, крыжаносцы захапілі Канстанцінопаль і стварылі Лацінскую імперыю. Бітва на рацэ Калцы распачала вялізную экспансію ў Еўропу язычнікаў - мангола-татараў. У выніку іх заваяванняў частку Еўропы заняла Залатая Арда, якая ў XIV ст. прыняла іслам.

У цэнтры Еўропы ўзнікла новая дзяржава - Вялікае Княства Літоўскае, першая краіна на кантыненце, дзе напачатку існавалі адначасова дзве дзяржаўныя рэлігіі - язычніцтва і праваслаўе. Толькі ў нашай сталіцы Вільні ў XIV ст. (да Крэўскай уніі) можна было пабачыць праваслаўную царкву, каталіцкі касцёл і язычніцкае капішча са святым дубам і ахвярным агнём. Менавіта адсюль ідуць вытокі нашай рэлігійнай талерантнасці, якую не здолеў пераадолець Ягайла, затое ўмацаваў Вітаўт, які запрасіў на пастаяннае жыхарства ў ВКЛ іўдзеяў і мусульман-сунітаў.

Як адзначаюць мовазнаўцы, ужо ў Дагаворнай грамаце смаленскага князя Мсціслава Давыданіча з Рыгай і Гоцкім берагам (1229 г.) выразна праглядаюцца рысы жывой беларускай мовы, істотна адрознай ад пісьмовай царкоўнаславянскай.

У гэты самы час у праваслаўных храмах суседняй Масковіі ўсе мусілі маліцца за здароўе ханаў Залатой Арды ды іх сем'яў. ВКЛ у ХІІІ-ХV стст. стала фарпостам хрысціянскай еўрапейскай цывілізацыі на мяжы з мусульманскай еўразійскай цывілізацыяй Залатой Арды. Пачалося змаганне за землі былой Кіеўскай Русі, якое ішло з пераменным поспехам. У часы Альгерда, пасля бітвы на Сініх Водах, значная частка Ўкраіны разам з Кіевам увайшла ў склад ВКЛ, а Вітаўт, далучыўшы да сваёй дзяржавы Вялікае Княства Смаленскае і іншыя невялікія княствы, максімальна пашырыў на Усход межы хрысціянскай цывілізацыі.

На тэрыторыі ВКЛ сфармавалася ўсходнеславянская хрысціянская цывілізацыя , дзе суіснавалі каталіцкая і праваслаўная царква, дзейнічала ў якасці адзінай дзяржаўнай старабеларуская (яна ж стараўкраінская) мова з кірылічным алфавітам і высокай мастацкай культурай. Навукоўцы лічаць, што гэтая цывілізацыя існуе больш за васемсот гадоў, прычым тэрыторыя рассялення славян тут істотна не змянілася, а суадносіны славянскіх народаў да іншых этнічных групаў на Беларусі знаходзяцца ў прапорцыі 30:1, а на тэрыторыі Украіны - 24:1. Суадносіны вернікаў-хрысціян да вернікаў-мусульман на Беларусі складаюць 90:1, а на Украіне - 27:1.

Пасля 1480 г., пасля канчатковага выхаду са складу Залатой Арды Вялікага Княства Маскоўскага сітуацыя на ўсходзе Еўропы кардынальна змянілася. Узнікла новая хрысціянская дзяржава, якая пачала імкліва пашыраць свой уплыў на былыя землі Залатой Арды, населеныя мусульманамі. Дайшоўшы да Ціхага акіяна і захапіўшы Аляску, Расія (існуе з 1497 г.) з'яўляецца велізарнай еўразійскай цывілізацыяй , што мае за сабою пяць стагоддзяў развіцця. За гэтыя часы яе тэрыторыя павялічылася ў дзясяткі разоў, і на ёй жыве вялікая колькасць неславянскіх народаў фіна-ўгорскага і цюркскага паходжання. Суадносіны славян і неславян на тэрыторыі Расіі, паводле стану на 2010 г. выглядаюць як 4,8:1 (славяне - 82,7 %, іншыя - 17,3 %). Пад уздзеяннем дэмаграфічнага фактару за апошнія гады колькасць неславянскага насельніцтва Расіі павялічваеца ў параўнанні са славянскім.

Суадносіны вернікаў-хрысціян Расіі і вернікаў-мусульман - 7:1, што няможна параўнаць з Беларуссю і Ўкраінай. У сучаснай Расіі аднавілася еўразійская ідэалогія, вытокі якой сягаюць у XIX ст. Рускі гісторык Мікалай Данілеўскі разглядаў Расію як асобную цывілізацыю, якая павінна асіміляваць Еўропу; заклікаў славян вызваліцца з-пад турэцкага і германскага ўплываў і ўтварыць Славянскую імперыю. Жаданне захапіць Басфор і Дарданелы разам з Канстанцінопалем уцягнула Расійскую імперыю ў Першую сусветную вайну, якую яна прайграла і знікла з карты Еўропы.

Аднак ідэалогію еўразіянізму ў першай палове XX ст. працягвалі развіваць рускія эмігранты на Захадзе і некаторыя сучасныя савецкія і сённяшнія расійскія навукоўцы. Так, вядомы гісторык-этнолаг Леў Гумілёў сцвярджаў, што "ваенны і палітычны досвед Чынгісхана, які злучыўся з рускім праваслаўем, у XIV ст. даў жыццё Маскоўскай Русі".

Трэба сказаць, што большасць расійскіх навукоўцаў розных палітычных поглядаў разглядалі Кіеў і Кіеўскую Русь як сваю гістарычную вотчыну. Узнікненне незалежнай Украіны са сваім поглядам на гісторыю прыводзіць да думкі, што сучасная Расія не мае ніякага дачынення да Кіеўскай Русі, бо належыць да іншай, еўразійскай, а не ўсходнееўрапейскай цывілізацыі. I, вывучаючы гісторыю еўрапейскага Сярэднявечча, пра гэта трэба заўсёды памятаць.

АСНОЎНЬІЯ ТЭРМІНЫ

Банк - установа, дзе ажыццяўляюцца грашовыя аперацыі, аперацыі з золатам, замежнай валютай.

Буржуазія - пануючы клас капіталістычнага грамадства, які валодае сродкамі вытворчасці і выкарыстоўвае наёмную працу.

Інтэлігенцыя - асобная група людзей, якія займаюцца разумовай працай.

Лафет - станок, на якім умацоўваецца ствол гарматы.

Рэнесанс (Адраджэнне) - 1) Эпоха Адраджэння (ХІV-ХVІ стст.), час росквіту навук і мастацтваў, які прыйшоў у Еўропе на змену Сярэднявеччу. 2) Архітэктурны стыль эпохі Адраджэння.

Санет - лірычны верш з 14 радкоў, атрымаў распаўсюджанне ў эпоху Адраджэння.

НАЙВАЖНЕЙШЫЯ ПАДЗЕІ

1304-1374 гг. - Франчэска Петрарка.

1313-1375 гг. - Джавані Бакача.

1377-1446 гг. - Філіпа Брунэлескі.

XVст. - з'яўленне вулічнага асвятлення (Фларэнцыя), фаянсавага посуду ў Еўропе.

1404-1472 гг. - Леон Батыста Альберці.

1407-1457 гг. - Ларэнца Вала.

Каля 1445 г. - з'яўленне друкарскага станка Ёгана Гутэнберга, пачатак кнігадрукавання.

1452-1519 гг. - Леанарда да Вінчы.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX