Папярэдняя старонка: Трусаў А.А.

Сядзіба Агінскіх у Залессі 


Аўтар: Трусаў Алег,
Дадана: 23-10-2015,
Крыніца: Трусаў Алег. Сядзіба Агінскіх у Залессі // НАША СЛОВА № 42 (1245), 21 кастрычніка 2015 г.



Вёска (былое мястэчка) Залессе з'явілася на картах Беларусі ў канцы XV стагоддзя як невялікі прыватны фальварак. З XVIII стагоддзя яно становіцца ўласнасцю вядомага беларускага магнацкага роду Агінскіх. Спачатку Залессем валодаў віцебскі ваявода Марціян Міхал Агінскі, а пазней - яго жонка і дзеці. У першай палове XVIII стагоддзя тут быў збудаваны выдатны палацава-паркавы ансамбль у стылі барока.

Феадальныя сядзібы XVIII - першай паловы XIX ст. у сельскай мясцовасці мелі свае адметныя рысы. Перад тым як пачаць будаўніцтва, архітэктар стараўся ўлічыць усе асаблівасці краявіду, прычым нястача тых ці іншых яго элементаў дапаўнялася штучна: выкопваліся ставы, рабіліся роўныя тэрасы, пракладваліся прамавугольныя трасы прысадаў, разбіваліся газоны.

Каб падпарадкаваць невысокую драўляную забудову вёскі перспектыве мураванага ансамбля рэзідэнцыі, сялян нярэдка вымушалі сяліцца "ў адну вуліцу". Калі вясковая вуліца вяла да панскага палаца ці сядзібы, то атрымліваўся своеасаблівы прасторавы падыход, які ўзмацняў параднасць велічнай двух - альбо трохпавярховай пабудовы.

Адначасова з палацамі ўзводзіліся вясковыя бажніцы - касцёлы ці цэрквы, прыдарожныя капліцы, фамільныя спачывальні, якія з'яўляліся дадатковымі дамінантамі паміж забудовай вёскі і сядзібным ансамблем.

Вучоныя вылучаюць тры асноўныя тыпы палацаў і сядзібных будынкаў, што будаваліся на Беларусі ў XIX ст. Адны з іх у плане нагадваюць літару П, другія - падкову, а трэція маюць акрамя асноўнага корпуса асобныя флігелі. Агульным для ўсіх з'яўляецца парадны двор, які злучае сядзібу з вуліцай або пад'язной алеяй.

Сядзіба Агінскіх у Залессі размяшчалася ў глыбіні шырокага рэгулярнага французскага парку, які меў форму прастакутніка. Яго цэнтральная частка ўяўляла сабою так званы "зялёны партэр" са складаным геаметрычным узорам, створаным з арыгінальна падстрыжаных траўнікаў, хмызнякоў і невысокіх дрэў. Па баках размяшчаліся цяністыя ліпавыя алеі. Сядзібны дом быў драўляны і амаль квадратны ў плане. Яго атынкаваныя і пабеленыя сцены прыемна гарманавалі з чырвонай дахоўкай на страсе. Арыгінальны выгляд будынку надавалі восем бакавых алькежэй (асобная частка будынка, якая выступае за агульны перыметр сцен і накрытая уласным дахам) - па два на кожным фасадзе. Высокі дах дазваляў мець на другім "мансардавым" паверсе шэраг жылых памяшканняў. Цэнтр галоўнага фасада быў выдзелены невялікім рызалітам з параднай двухпралетнай лесвіцай. На тыльным баку палаца знаходзілася прасторная галерэя. Сядзібны дом вылучаўся вялікай "бальнай" залай, хатняй капліцай з прыгожым разьбяным алтаром, густоўна абстаўленымі кабінетамі, спальнямі, курыльнымі і іншымі памяшканнямі Па баках ад асноўнага будынка размяшчаліся два асобна стаячыя невялікія аднапавярховыя Г-падобныя павільёны. Паміж сядзібай і невялікім возерам знаходзіліся розныя гаспадарчыя пабудовы. Яны былі акружаны плотам, а ад вачэй гасцей іх яшчэ і хавалі густа пасаджаныя па перыметры дрэвы. На жаль, да нашых дзён гэты ансамбль XVIII стагоддзя не захаваўся Цяпер на яго месцы звычайнае калгаснае поле. Але ўжо існуе досыць рэальны праект поўнага аднаўлення гэтага цудоўнага помніка архітэктуры, што дазваляе нам яшчэ спадзявацца ўбачыць яго ў ранейшай прыгажосці.

У 1984 г. падмуркі палаца XVIII ст. даследавалі археолагі. Аляксандр Кушнярэвіч ускрыў плошчу памерам 100 кв. м. Глыбіня культурнага пласта вагалася ад 40 см да 1 м. На глыбіні 1-1,3 м знайшлі падмуркі драўлянага палаца. Яны зроблены з валуноў, пакладзены ў падмуркавы роў глыбінёй 30-40 см "насуха" без вапнавай росшчыны. Былі знойдзены кавалкі пячной кафлі, як рэльефнай так і з роўнай паверхняй, а таксама паліванага, фаянсавага і фарфоравага посуду XVIII - пачатку XIX ст. Цікавасць для рэстаўратараў уяўлялі каваныя дэталі былых аконных рамаў.

Да пачатку XIX стагоддзя залеская сядзіба была звычайным шляхецкім маёнткам, якіх у тыя часы ў Беларусі было мноства. Тым часам яго гаспадаром быў былы кухмайстар літоўскі граф Францішак Ксаверы Агінскі. Не маючы ўласных дзяцей, сваім спадчыннікам ён абраў пляменніка Міхала Клеафаса. Неабходна адзначыць, што на той час апошні ўжо быў вядомай асобай. У Рэчы Паспалітай ён здолеў даслужыцца да пасады падскарбія літоўскага (намеснік міністра фінансаў Вялікага Княства Літоўскага), а падчас паўстання Тадэвуша Касцюшкі на свае грошы стварыў батальён конных падлоўчых у 500 чалавек і двойчы спрабаваў з ім захапіць Менск. Пасля далучэння Беларусі да Расійскай імперыі ўся яго маёмасць была канфіскавана, а сам ён эміграваў у Заходнюю Еўропу. Аднак пазасталыя на Радзіме ўплывовыя сябры дапамаглі яму хутка вярнуцца дахаты. У 1802 годзе ў Гародні ён прынёс прысягу на службу Аляксандру II і атрымаў найвысокі дазвол пасяліцца ў Беларусі. У сувязі з гэтым Францішак Агінскі падарыў пляменніку фальварак Залессе, а сам пераехаў ва ўласны палац у Маладзечна. Новы малады гаспадар запрашае вядомага віленскага архітэктара прафесара архітэктуры Міхала Шульца і пачынае перабудову. Капітальна перабудоўваецца стары палац і рэканструюецца парк. Парк разбіваецца на дакладныя геаметрычныя ўчасткі і засаджваецца садовымі дрэвамі. Дарогі, што вялі да палаца, абсаджваюцца цяністымі прыгожымі піхтамі, якія рэгулярна падстрыгаюцца і добра даглядаюцца.

Побач са старым будуецца новы мураваны палац. Яго цэнтральная двухпавярховая частка ўпрыгожваецца порцікам з чатырма калонамі і завяршаецца невялікай вежачкай з гадзіннікам. Непадалёку будуюцца двухпавярховы мураваны млын, аднапавярховыя будынкі аранжарэй і цяпліц і невялікая капліца. Асабліва прывабліваў вандроўнікаў і гасцей Агінскага новы парк з павільёнамі, масткамі і памятнымі камянямі. Адзін з іх быў прысвечаны Тадэвушу Касцюшку. Побач з паркам знаходзіліся два звярынцы, дзе ўтрымліваліся дзікія жывёлы. Вочы разбягаліся ад мноства разнастайных кветак, што раслі на клумбах у розных мясцінах сядзібы. Для адпачынку і роздуму існавалі дзве альтанкі. Адна, мураваная, паўкруглая, стаяла на пагорку, другая, "кітайская", круглая з драўлянай галерэяй, дазваляла назіраць жыццё дзікіх жывёл у звярынцы.

Першапачаткова планавалася, што новы палац будзе мець сіметрычную кампазіцыю: цэнтральны двухпавярховы корпус павінен быў злучацца аднапавярховымі аб'ёмамі з бакавымі двухпавярховымі павільёнамі. Аднак па жаданні М. Агінскага збоку да будынка прыбудавалі выцягнутую ў плане аранжарэю ў выглядзе аркады з вялікімі аркавымі вокнамі. Пазней да гэтай аранжарэі перпендыкулярна дабудавалі яшчэ адну - "амерыканскую", якая з сонечнага боку была цалкам зашклёная. Гэта дазволіла архітэктарам стварыць утульны, закрыты з трох бакоў пабудовамі, невялікі панадворак, дзе быў ім пасаджаны фруктовы сад. Памеры новага палаца, будаўніцтва якога было завершана да 1805 году, былі вялікімі - 160 на 50 метраў. Вонкавы дэкор яго пры гэтым быў даволі лаканічным. Галоўныя ўпрыгожванні будынка - класічны чатырохкалонны дарыйскі порцік перад парадным уваходам, а таксама высокая вежачка з гадзіннікам-курантамі, завершаная шарам са звонам, над цэнтральным корпусам.

Планоўка будынка мела традыцыйную анфіладную сістэму. Праз парадны ўваход наведвальнік трапляў у прасторны вестыбюль з арнаментальнымі фрэскавымі размалёўкамі, адкуль праз адкрытыя дзверы адкрываўся перспектыўны выгляд на музычны салон, ружовую гасціную, більярдавую, сталовую і іншыя памяшканні. На другі паверх вялі каваныя вітыя лесвіцы. Там размяшчаліся жылыя пакоі, а таксама выдатна абстаўленая бібліятэка з меладычным венскім раялем аздобленая панэлямі з чырвонага дрэва і шматлікімі шафамі з кнігамі.

Побач з палацам знаходзілася капліца, пабудаваная ў стылі класіцызму. Гэта невялікі зальны храм з прастакутнымі вокнамі і адной апсідай, дзе быў змесцаваны разьбяны двух'ярусны алтар. Над высокім вальмовым дахам узвышалася вежачка з шатровым купалам. Для ілюзорнага павелічэння ўнутранай прасторы сцены капліцы былі распісаны фрэскамі на архітэктурныя матывы.

Варта адзначыць, што старыя пабудовы XVIII стагоддзя захаваліся і сталі арганічным дадаткам новага архітэктурна-паркавага ансамблю. Так усходняя ліпавая алея рэгулярнага парку стала галоўнай пад'язной дарогай да новага палаца. Пры гэтым яна праходзіла ўздоўж яго заходняга павільёна, аранжарэі і вяла да возера. Французскі рэгулярны парк таксама захаваўся, але побач з ім яшчэ адзін віленскі архітэктар і дэкаратар Пеўзнер разбівае пейзажны парк у ангельскіх традыцыях. Збудаванне дамбы са шлюзамі дазваляе павялічыць возера да двух гектараў і стварыць некалькі выспачак для лодкавых пагулянак. Тут жа будуецца і двухпавярховы вадзяны млын, сваім вонкавым строем больш падобны на паркавы павільён. Побач размяшчаўся батанічны сад з экзатычнымі еўрапейскімі і амерыканскімі раслінамі. Адмыслова пакінутая роўная пляцоўка на зіму залівалася пад шырокую коўзанку. У самім жа парку тэрасныя насаджэнні ліп і вязаў падзяляліся палянамі з прыгожымі кветнікамі. За возерам у лесе знаходзіўся звярынец, дзе былі прасторныя вальеры для дзікіх жывёл, а таксама аглядныя алеі для гасцей.

Адчуваецца ў новай Залескай сядзібе і ўплыў моднага тады рамантызму, які ў першую чаргу выявіўся ў розных так званых "малых архітэктурных формах", раскіданых па ўсёй тэрыторыі комплексу. Залескі перыяд творчасці М. Агінскага надзвычай багаты і разнастайны. Безумоўна, вялікую частку свайго часу ён аддаваў музыцы. Акрамя знакамітага паланезу "Развітанне з Радзімай", прэм'ера якога як раз тут і адбылася, тут былі створаны разнастайныя фартэпіянныя п'есы, мазуркі, маршы, менуэты, рамансы і вальсы, выдадзеныя ў двух тамах у Вільні ў 1816 годзе. Але ў 1822 годзе М. Агінскі назаўжды пакідае Залессе і пераязджае ў Італію. Гэты радыкальны крок быў выкліканы яго расчараваннем у магчымасці стварэння аўтаномнага Вялікага герцагства Літоўскага і пачаткам русіфікацыі Беларусі. Вынікам гэтага стаў паступовы заняпад маёнтка, які хутка страціў сваё культурна-асветніцкае значэнне, бо яго дзеці і ўнукі пераехалі ў заходнюю Літву, куды і перамясцілася галоўная рэзідэнцыя старажытнага роду. Сам жа Агінскі ў 1833 годзе памірае ў Фларэнцыі.

Значныя страты сядзібе прынесла Першая сусветная вайна. Недалёка ад маёнтка праходзіла лінія фронту, і Залессе, акупаванае немцамі, не раз падвяргалася артылерыйскім абстрэлам. Менавіта яны цалкам знішчылі барочны комплекс XVIII стагоддзя і сур'ёзна пашкодзілі парк.

Пасля Рыжскай дамовы 1921 года Залессе трапіла ў склад адноўленай польскай дзяржавы, і фальварак да 1927 года належаў нашчадкам Агінскага. Потым сядзібу набылі новыя гаспадары Жаброўскія. Марыя Жаброўская зрабіла рамонт палаца і нават спрабавала ўшанаваць памяць Агінскага. У гады ж Вялікай Айчыннай вайны ў палацы знаходзіўся нямецкі штаб, а ў памяшканні былой аранжарэі дзейнічала пачатковая школа. У 1953 годзе палац і парк узялі пад ахову дзяржавы. У паваенны перыяд тэрыторыя былой Залескай сядзібы была перададзена ў распараджэнне вытворчага аб'яднання "Сморгоньсіліката-бетон", а ў памяшканнях палаца знаходзіўся дом для састарэлых. У 80-х гадах мінулага стагоддзя вырашылі аднавіць гэты комплекс і размясціць тут спецыялізаваную навучальную ўстанову з мастацка-музычным ухілам. Пры гэтым частку памяшканняў планавалі аддаць пад музей М. Агінскага. У прасторных гасцёўнях палаца прапанавалі праводзіць музычна-літаратурныя вечары і навуковыя канферэнцыі. З 1989 года ў Залессі жыве традыцыя - адзначаць дзень нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага. У гэты дзень тут гучыць музыка, маладыя паэты чытаюць свае вершы, выступаюць і мэтры паэтычнага слова. У 1996 годзе гэту сядзібу перадалі Міністэрству культуры як філіял літаратурнага музея, у 2000 годзе - філіял музея гісторыі і музычнай культуры.

250-гадовы юбілей з дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага не прайшоў незаўважаным. Гэта дата была ўключана ў спіс памятных дат ЮНЕСКА. У Залессі для наведвальнікаў быў адкрыты адрэстаўраваны палац, а ў цэнтры Менска побач з былым Кафедральным саборам Святога Духу на плошчы Свабоды ўсталявалі музычную лаўку ў гонар нашага славутага суайчынніка. З дапамогай спецыяльных навушнікаў можна пачуць паланез "Развітанне з Радзімай".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX